Pawet: № 51 (1358)
Вярнуцца: 2017

№ 51 (1358)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 51 (1358), 20 снежня 2017 г.


З Калядамі і Божым Нараджэннем!

* * *

Каляды. Маленства. Маці.

У ясельках Езус малы.

Так светла ў нашай хаце,

Так блізка да Божай хвалы.


Ялінка зіхціць святочна,

Калядкі спяваем з мамай.

I ў кожным сэрца куточку

Усё для свята прыбрана.


Такая была там казка,

У тым маленстве далёкім!

Дзякуй Богу за ласку,

За зорку ў небе высокім.


Яна й гэты год заззяе

У ціхі святочны вечар...

Ды хата стаіць пустая,

Без тых,

што пайшлі ў вечнасць.

Хрысціна Лялько.


У Берасці адкрылі помнік Берасцейскай Бібліі 1563 года

Помнік славутай Берасцейскай Бібліі адкрылі 15 снежня ў Берасці на скрыжаванні вуліц Кірава і Пушкінскай. Усяго на конкурс было даслана 10 праектаў, перамог праект менчука Антона Нічыпарука.

Берасцейская Біблія гэта другі (пасля каталіцкай Бібліі Леапаліта) поўны пераклад Святога Пісання на польскую мову - літаратурную мову XVI стагоддзя, выдадзены на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе. Выданне стала адным з першых поўных перакладаў новага часу з моў арыгіналу: іўрыта і грэцкай. Берасцейская Біблія - самая вялікая і багата аформленая беларуская друкаваная кніга XVI стагоддзя.

Выканана ў пераплёце са скуры, з прадметным паказальнікам (што было ўпершыню прыменена ў беларускім кнігадрукаванні). Выданне багата ўпрыгожана: акрамя пераплёту маюцца гравіраваныя тытульныя лісты, акцэнт на ініцыялы, арыгінальныя ілюстрацыі ў тэхніцы ксілаграфіі. З вялікім майстэрствам выкананыя застаўкі, віньеткі, вялікія літарыініцыялы.

nn.by.


Казкі старога млына пад Каляды

Турыстычная фірма Генадзя Конана некалькі гадоў таму на аўкцыёне набыла ва ўласнасць незвычайны аб'ект у вёсцы Дворышча Лідскага раёна.

- Гэта млын XIX стагоддзя. Яго галоўная асаблівасць - рака, якая працякае ў склепе і круціць кола вадзянога млына. Зараз вядзецца яго аднаўленне, на працу кола можна будзе паглядзець праз шкляное акно ў падлозе аднаго з залаў, - распавёў Генадзь Конан. - Імкнуліся стварыць такі аб'ект, які арганічна дапоўніў бы турыстычную мапу Лідскага раёна і Гарадзенскай вобласці. Дасягнулі паразумення з мясцовымі ўладамі: усе выдатна разумеюць, што месца прыцягнення турыстаў зможа станоўча адбіцца на развіцці як Дворышча, так і навакольных населеных пунктаў.

Рэканструкцыя яшчэ працягваецца, у перспектыве млын стане своеасаблівым музеем з арыгінальнымі экспазіцыямі. Будынак шырокі, у некалькі паверхаў, таму рознай тэматыцы будуць прысвечаны цэлыя памяшканні. Напрыклад, на другім паверсе ствараецца экспазіцыя на тэму гісторыі ВКЛ: тут размяшчаецца прыватная калекцыя зброі, даспехаў, гербаў розных родаў, а таксама розных гістарычных прадметаў і аксесуараў. Адкрыта і выстава, прысвечаная прыладам катаванняў, якія выкарыстоўваліся ў розныя часы. Работа ў гэтым кірунку вядзецца і далей. У прыватнасці плануецца стварыць экспазіцыю, прысвечаную міфалогіі, прычым грунтавацца яна будзе на рэгіянальным фальклоры. На млыне, гавораць гаспадары, ужо пасяліліся вясёлыя шкоднікі Злыдні. Адпаведна тэматыцы плануецца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

У бліжэйшы час млын стане адным з аб'ектаў унікальнага навагодняга квэсту, які праходзіць на тэрыторыі Лідскага раёна. Дзеці пасля старта ў Лідзе ў пошуках Дзеда Мароза заглянуць і на млын, дзе пазнаёмяцца з яго незвычайнымі насельнікамі.

БелТА.


У Нясвіжы адноўлена дзейнасць раённай арганізацыі ТБМ

16 снежня ў Нясвіжы сход нацыянальнага актыву аднавіў дзейнасць Нясвіжскай раённай арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

У сходзе ўзялі ўдзел каля трыццаці жыхароў раёна з Нясвіжа, Гарадзеі, Малева, Карцэвічаў і інш. Прыехалі нясвіжцы з Новага Свержаня. У сходзе ўзяў удзел таксама намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік.

Падчас сходу быў выказаны вялікі непакой пра стан беларускай мовы ў Беларусі ў цэлым і на Нясвіжчыне ў прыватнасці, а таксама нежаданне з гэтым мірыцца.

Сход аднагалосна абраў старшынёй арганізацыі пісьменніцу і краязнаўца Наталлю Плаксу з Карцэвічаў.

Былі выказаны першыя прапановы ў план дзейнасці арганізацыі, а таксама акрэслены структурныя контуры. Так ужо сёння можна гаварыць пра стварэнне ў межах раённай арганізацыі суполак у самім Нясвіжы, у Гарадзеі і ў Карцэвічах.

Годны дадатак да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў асобна ўзятым Нясвіжы.

Наш кар.


Спалучаць духоўныя і культурныя справы

Напярэдадні Божага Нараджэння - аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў - мы пагутарылі з ксяндзом Юрыем Быкавым, які служыць у Радашковічах.

- Як Вы ацэньваеце значнасць гэтага юбілейнага года?

- Францішак Скарына прынёс святое Божае слова для народа на ягонай мове. Друкаваная кніга на беларускай мове з'явілася адной з першых у свеце. Колькі будзе існаваць Беларусь, гэтая падзея заўсёды будзе важнай. Дзякуючы Ф. Скарыну, мы былі ўнесены ў рэестр самых моцных народаў, якія хутка пераклалі і выдалі святое слова на сваёй мове. Прыемна тое, што Праваслаўная царква і Каталіцкі касцёл выдалі Евангелле на беларускай мове ў гэтым годзе.

- Сёлета пры касцёле Вы ладзілі духоўна-літаратурны фэст да 135-годдзя Янкі Купалы, усёй грамадой чыталі яго вершы.

- Мы хацелі паказаць ўдзельнікам нашага Купалаўскага фэсту хрысціянскую тэматыку паэта. Я зразумеў, што Янка Купала, нават у самыя цяжкія для яго гады, калі ён адчуваў камуністычны прэсінг, усё роўна чэрпаў шмат тэмаў з Бібліі. Вершы яго насычаная рознымі біблійнымі момантамі, фразамі і цытатамі. Вельмі шмат у творах Купалы хрысціянскага. Купалу не далі да канца сябе раскрыць у жудасных умовах той сістэмы, але ён у любы спосаб адстойваў усё беларускае, духоўнае, і, можам казаць, Божае. Таму мы і ладзім пры касцёле Купалаў фэст і раім усім вывучаць і цаніць творчасць Янкі Купалы.

Безумоўна, гэтую тэму можна было б раскрыць больш поўна на занятках і лекцыях у школе і ВНУ. Варта, каб у навучальных установах прысутнічала гэтая тэма, і тады яна будзе прыцягваць увагу вучняў і студэнтаў. Нецікава і нудна, калі мы вучым літаратуру толькі па параграфах. Увогулле, без гуманітарных ведаў немагчыма стаць інтэлегентнай асобай.

- Сёння Каталіцкі касцёл - гэта адна з устаноў, якая падымае на высокі ўзровень у дзяржаве і ў свядомасці чалавека беларускую мову. Як Вы адчуваеце сваю ролю ў гэтым працэсе?

- У маёй парафіі гэта роля выканана на 100 адсоткаў. У касцёле Святой Тройцы, дзе хрысцілі Янку Купалу, кожны дзень літургія гучыць на беларускай мове, усе набажэнствы і імша праходзяць выключна на роднай мове. Працуе нядзельная школа. Бог кожнаму народу даў сваю мову. І нешанаванне Божых дароў - гэта грэх. Мы павінны быць самімі сабой, шанаваць сваю мову і не далеплівацца да сваіх суседзяў. Мы павінны жыць з беларускай мовай, камунікавацца і карыстацца ёй.

- Вы працавалі журналістам у "Белдзяржтэлерадыёкампаніі", вялі каталіцкі накірунак праграмы "Існасць". Ці працягваеце яшчэ працаваць у гэтай галіне?

- Зараз я выконваю толькі святарскія абавязкі. Духоўная ступень служэння - самая высокая. Дзе б чалавек ні шукаў сваіх шляхоў, як казаў святы Аўгустын, пакуль у Богу не спачне душа, яна не знойдзе супакою. І калі мы прыходзім да Бога, мы знаходзім сапраўдны супакой для душы. Тады зусім па-іншаму глядзіш на ўсе праблемы, якія ёсць у жыцці. Праз прызму Божых запаведзяў усё выглядае па-іншаму. Таму я вырашыў рэалізаваць сябе ў Божай справе. У Радашковічах служу ўжо трэцці год, да гэтага 10 гадоў служыў у Бабруйску, 1 год - у Магілёве. Поўню жыцця бачу ў спалучэнні духоўных і культурніцкіх справаў. Што датычыцца хрысціянства, беларускай мовы і культуры - усё гэта можна спалучаць.

24 снежня ў нашым касцёле пройдуць рэкалекцыі і канферэнцыя, у якой возме ўдзел рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, магістр тэалогіі і філасофіі кс. Андрэй Рылка.

- Віншуем Вас і Вашых парафіянаў з надыходзячым святам Божага Нараджэння, жадаем Вам моцнага здароўя і плёну ў дзейнасці!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Ксёндз Юры Быкаў, пробашч касцёла Святой Троіцы; 2. Помнік Я. Купалу ў Радашковічах.


НА ФІЛАЛАГІЧНЫМ ФАКУЛЬТЭЦЕ ВДУ ІМЯ П.М. МАШЭРАВА ПРАЙШОЎ ЧАРГОВЫ ФЕСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАГА СЛОВА

З 4-га па 8-га снежня на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава прайшоў традыцыйны, ужо чацвёрты па ліку Фестываль беларускага слова, у якім самы актыўны ўдзел прынялі сябры ТБМ: і студэнты, і выкладчыкі. Акурат чатыры гады таму адбыўся першы падобны фэст, які ініцыяваў дэкан філфака прафесар Сяргей Нікалаенка. Асноўнай мэтай акцыі ад самага пачатку было выхаванне любові да роднага беларускага слова, знаёмства з цікавымі беларускамоўнымі людзьмі - настаўнікамі-наватарамі, пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі.

Важна адзначыць, што кожны год фестываль праходзіць па-новаму: шукаюцца і знаходзяцца новыя формы, ладзяцца незвычайныя імпрэзы, запрашаюцца цікавыя і крэатыўныя асобы. Вось і сёлета кафедра беларускага мовазнаўства ўніверсітэта прыклала шмат намаганняў, каб тыдзень беларускага слова атрымаўся па-сапраўднаму запамінальным. І так яно, несумненна, сталася!

На перапынках у фае і аўдыторыях гучалі беларускія песні і вершы. На адмыслова падрыхтаванай выставе можна было пабачыць дапаможнікі, падручнікі, метадычныя рэкамендацыі - плён працы выкладчыкаў кафедры, дзе амаль усе спецыялісты з навуковымі ступенямі. Працавала літаратурная гасцёўня "У вянок песняру", дзе студэнты дэкламавалі свае вершы, прысвечаныя класікам нацыянальнай літаратуры. Сугучнай папярэдняй атрымалася і імпрэза пад назвай "Слова - песня, слова - чары" - паэтычная пляцоўка, дзе свой талент маглі прадэманстраваць (і ахвотна гэтым скарысталіся) усе ахвотныя, у тым ліку і замежныя студэнты.

Адбылося паседжанне кінаклуба і прагляд навукова-папулярнага фільма "Я - падарожнік у часе. Якуб Колас: паэт і чалавек", што выклікала непадробную цікавасць першакурснікаў і студэнтаў-нефілолагаў.

Па прапанове дэкана факультэта прафесара Сяргея Нікалаенкі была зладжана сустрэча ў школе з тэатральным ухілам, названая як "Маналогі: пятля часу", дзе майстар-клас далі доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Міхась Краснабаеў.

Пад назвай "У свеце народных традыцый" прайшло сумеснае паседжанне студэнцкага навуковага гуртка кафедры беларускага мовазнаўства і вучняў СШ № 4 г. Віцебска, дзе абмяркоўвалася праблема мовы ў кантэксце культуры.

Сапраўднае захапленне шматлікіх гасцей выклікала імпрэза "Пад гітару па-беларуску" - выступленне самадзейных выканаўцаў беларускіх песняў. І студэнты, і магістранты, і выкладчыкі прадэманстравалі не толькі сваё ўменне віртуознага абыходжання з гітарай, але і паказалі непаўторную прыгажосць роднага беларускага слова, якое яшчэ больш кранае струны душы, калі пакладзена на музыку.

А ў пятніцу, 8 снежня, адбылося ўрачыстае закрыццё фэсту. З удзелам узорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля "Перапёлачка" з віцебскай гімназіі № 3, ансамбля "Вясёлка" з педагагічнага факультэта ВДУ, з выступамі выдатных майстроў-цымбалістаў з Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага, з прафесійна пастаўленымі танцамі, з цудоўнымі беларускімі песнямі ў выкананні студэнтаў розных факультэтаў. Прыгожае беларускае слова захапіла нават замежных грамадзян, якія навучаюцца на філфаку ВДУ. А прачытаныя па-беларуску вершы, практычна без акцэнту, дзвюмя студэнткамі з Туркменістана прымусілі залу проста выбухнуць апладысментамі!

Фестываль беларускага слова закончыўся сімвалічна: выступленнем студэнтаў першага курса - будучых філолагаў-беларусазнаўцаў - з кампазіцыяй "Бывайце здаровы!" І гэтым самым быў дадзены старт падрыхтоўцы да чарговага, ужо пятага фэсту. Можна не сумнявацца, што і выкладчыкі, і студэнты зноў падрыхтуюць сапраўды запамінальныя імпрэзы, на якіх будзе весці рэй Яго Вялікасць Беларускае Слова!

Юрась Бабіч , старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Памяці Рыгора Барадуліна

Ю.П. Бондару,

Міністру культуры.

пр-кт Пераможцаў, 11,

220016, г. Мінск

Аб ушанаванні памяці народнага паэта Рыгора Барадуліна

Шаноўны Юрый Паўлавіч!

Прайшло тры гады, як пайшоў у лепшы свет знакаміты пісьменнік, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. На жаль, пакуль яго імя належным чынам не ўшанавана ў нашай краіне.

У сувязі з гэтым мы прапануем стварыць ва Ўшацкім раёне, месцы, дзе нарадзіўся Барадулін, літаратурны мемарыяльны музей у яго гонар. На тым месцы, дзе некалі стаяла хата, дзе нарадзіўся і вырас Барадулін, ён пазней збудаваў дом, дзе жыў і працаваў у цёплы перыяд года. Дом добра захаваўся, там ёсць шмат асабістых рэчаў знакамітага паэта, але там ніхто не жыве, і ён паступова прыходзіць у заняпад.

Жонка Рыгора Барадуліна згодна прадаць дзяржаве гэты будынак, дзе можна стварыць вышэйзгаданы музей з яе дапамогай.

Мы спадзяемся на Вашую падтрымку ў гэтым пытанні.

З павагай, Старшыня ГА ТБМ Трусаў А.А.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб стварэнні літаратурна-мемарыяльнага музея Рыгора Барадуліна

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Віцебскім аблвыканкамам разгледжаны зварот грамадскага аб'яднання аб стварэнні літаратурна-мемарыяльнага музея народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ў г.п.Ушачы Віцебскай вобласці. Па выніках паведамляем наступнае.

Ушацкі райвыканкам зацікаўлены ў стварэнні дома-музея Рыгора Барадуліна. Аднак, улічваючы, што на сённяшні дзень не аформлены правы ўласнасці на дадзеную нерухомую маёмасць, пытанне перадачы дома ў камунальную ўласнасць Ушацкага раёна можа быць разгледжана з нашчадкамі Рыгора Барадуліна пасля ўрэгулявання маёмасных пытанняў.

Дадзены адказ можа быць абскарджаны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы В.М. Чэрнік.


Збіраліся экскурсаводы і гіды

9 снежня 2017 года ў канферэнц-зале Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбыўся другі з'езд Беларускага грамадскага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў - перакладчыкаў, якім кіруе Мікола Арсеньевіч Чырскі. Перад аўдыторыяй (на мерапрыемстве прысутнічала 120 чалавек) выступіў вядома археолаг, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Леанідавіч Лакіза. Пасля слова браў сп. Чырскі, які паразважаў пра праблемы пра праблемы экскурсійна-пазнавальнага турызму, а таксама пра становішча экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Беларусі ва ўмовах рынку і праблемах ўзаемадзеяння дзяржаўных, грамадскіх і камерцыйных структур па развіцці экскурсійнага бізнесу.

Было зададзена шмат пытанняў дакладчыку! Таксама перад прысутнымі выступілі: Тамара Аркадзеўна Федарцова, Ларыса Анатольеўна Карагодава, Таццяна Аркадзеўна Хвагіна, Сяргей Васільевіч Тарасаў, Сяргей Іванавіч Бусько, Віталь Рыгоравіч Карнялюк, Наталля Алегаўна Сергіенка, Валянціна Міхайлаўна Мятліцкая, Ларыса Рыгораўна Бібік, а таксама Павел Анатольевіч Каралёў.

Асабіста мне вельмі спадабаўся даклад Антаніны Яўгенаўны Хатэнкі, які меў назву "Традыцыйная народная культура як праява этнічнай ідэнтыфікацыі ў кантэксце экскурсійна-пазнавальнага турызму". Сп. Хатэнка заўсёды цікава паслухаць, бо яна не толькі сябра Саюза Беларускіх пісьменнікаў, а яшчэ і этнакукльтуролаг! Усе прысутныя на з'ездзе бясплатна атрымалі кнігу Леаніда Лыча "Краязнаўства - крыніца ведаў і нацыянальнага сталення", якую выдаў "Беларускі фонд культуры" у 2004 годзе.

Было цікава і карысна прысутнічаць на з'ездзе.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

960. Плюцінскі (Уладзімір) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Плюціна і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Плюцінскі. ФП: плюта ('непагода, слота') - Плюта (мянушка, потым прозвішча) - Плюціна ('мясціна, надзел, які належыць Плюце', фармант -іна) - Плюціна (тапонім) - Плюцінскі.

961. Познер (Уладзімір) - другасная форма, дзе на месцы фарманта -як ( -пазняк) ужыты неславянскі - ер: Познер (< Позняк).

962. Поліканіна (Валянціна) - другасная форма, першасная Пеліканіна - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Пелікан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пеліканіна. ФП: пелікан ('вялікая вадаплаўная птушка з доўгай дзюбай і вялікім мяшком пад ёю') - Пелікан (мянушка, потым прозвішча) - Пеліканіна - Поліканіна (для адмежавання ад апелятыва або праз памылку ў напісанні).

963. Попін (Святаслаў) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Поп і значэннем 'нашчадак названай асобы': Попін. ФП: поп (разм. 'святар') - Поп (мянушка, потым прозвішча) - Попін. Або ад попа 'задняя ніжняя частка цела (жывой істоты)'.

964. Попка (Тацяна) - семантычны вытвор ад апелятыва попка 'святарка' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі; утварынне: попка).

965. Портнікаў (Віталь) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Портнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Портнікаў. ФП: порт ('льняная або баваўняная тканіна') - портнік ('шавец', портнік) - Портнік (мянушка, потым прозвішча) - Портнікаў.

966. Прадун (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва прадун 'той, хто прадзе (кудзелю)' ( непахв.).

967. Праташчык (Алёна) - другасная форма, першасная Пратасчык - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Пратас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пратасчык. ФП: Пратас (імя, з мовы грэкаў 'вылучаны, высунуты') - Пратасчык. Або як памянш.-ласк. да Пратас. Форма Праташчык - перадача гучання слова (фанетычны прынцып напісання).

968. Прашчаеў (Кірыл) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў (-эў) ад антрапоніма Прашчай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прашчайэў - Прашчаеў. ФП: прашчай (рус. прощай 'бывай, да пабачэння') - Прашчай (мянушка, потым прозвішча) - Прашчаеў (рус. Прощаев).

967. Прудко (Тацяна) - другасная форма, першасная Прудок - семантычны вытвор ад апелятыва прудок - (памян. ад пруд (саст.) 'млын') 'млынок' 'маленькі млын' (ВСбМ). Або ад прудок (рус 'ставок') шляхам пераходу ў прозвішча.

968. Прус (Міхаіл) - семантычны вытвор ад апелятыва прус 'немец, жыхар, народзінец былой нямецкай правінцыі Прусіі'; 'прусак'.

969. Прусак (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва прусак, які мае дваякую матывацыю: 1) форма адзін. ліку ад прусакі 'народзінцы або жыхары Прусіі; паўночна-ўсходнія немцы'; 2) насякомае прусак 'руды таракан'.

970. Прыбылоў (Дзмітрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Прыбылы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прыбылоў. ФП: прыбылы ('новы чалавек з іншай мясцовасці') - Прыбылы (мянушка, потым прозвішча) - Прыбылоў.

971. Прыбылоўскі (Павел) - вытвор з фармантам -оўскі ад антрапоніма Прыбылы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прыбылоўскі. Або як шляхетная форма да Прыбылы. ФП: прыбылы ('новы чалавек з іншай мясцовасці', структура назвы: прыбы(ць)лы) - Прыбылы (мянушка, потым прозвішча) - Прыбылоўскі.

972. Прыбыш (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва прыбыш 'новы чалавек з іншай мясцовасці' ( прыбыць - прыбыш).

973. Прыбышэўскі (Арнольд) - прэстыжная форма з фармантам -эўскі ад антрапоніма Прыбыш: Прыбышэўскі.

974. Прывалава (Аляксандра) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Прывал і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прывалава. ФП: прывал ('прыпынак у дарозе для адпачынку, а таксама месца прыпынку, прыстань') - Прывал (мянушка) - Прывал (прозвішча) - Прывалава.

975. Прымочанка (Мікіта) - другасная форма, першасная Прымачанка / Прымачэнка - вытвор з фармантам -анка / -энка ад антрапоніма Прымак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прымач(к/ч)энка - Прымачанка. ФП: прымак ('зяць, прыняты ў сям'ю жонкі, які жыве ў доме жонкі') - Прымак (мянушка, потым прозвішча) - Прымачэнка - Прымачанка (памылкова Прымочанка).

976. Пташнікаў (Іван) - вытвор з суфіксам прыналежнага прыметніка -аў ад антрапоніма Пташнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пташнікаў. ФП: пташнік ('той, хто ловіць птушак / пташак') - Пташнік (мянушка) - Пташнік (прозвішча) - Пташнікаў.

977. Пташук (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Птах / Птаха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пташ(х/ш)ук. ФП: птах ('птушка, звычайна вялікая'; птаха 'птушка') - Птах і Птаха ('мянушка, потым прозвішча') - Пташук.

978. Пукава (Святлана) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Пук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пукава. ФП: пук ('звязка, ахапак', 'пукаты, выпуклы' (пра асобу)) - Пук (мянушка, потым прозвішча) - Пукава.

979. Пунько (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва пунька - памянш. ад пуня 'вялікая халодная будыніна для захоўвання сена; адрына'. ФП: пуня ('адрына') - пунька ('адрынка') - Пунька (мянушка) - Пунька (прозвішча) - Пунько (для адмежавання ад апелятыва пунька).

980. Пуранкова (Аксана) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Пуранок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пуранкова. ФП: пура (рэг. 'павозка з высокімі драбінамі для перавозкі сена') - Пура (мянушка, потым прозвішча) - Пуранок ('нашчадак Пуры', суфікс -анок) - Пуранкова.

981. Пуставіт (Вераніка) - семантычны вытвор ад апелятыва пуставіт (укр.) 'пустыя галіны' (Р.мн. 'пустых галін'): пуставіт, Р. мн. ад віта 'галіна' (В.П. Лемцюгова. Украінска-беларускі слоўнік).

982. Пусташыла (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва пусташыла 'той, хто пустошыць, разбурае, руйнце'; або 'той, хто пустое (непатрэбшчыну) - шые'.

983. Пчалінцава (Людміла) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Пчалінец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пчалінецава - Пчалінцава. ФП: пчала ('насякомае, якое перапрацоўвае кветкавы нектар на мёд') - Пчала (мянушка, потым прозвішча) - Пчалін ('нашчадак Пчалы', суфікс -ін) - Пчалінец ('нашчадак Пчаліны') - Пчалінцава.

984. Пчэльнік (Аляксандр) - семантычны вытвор ад пчэльнік (-ст. бел.) пчельник 'пчальнік' - (месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі і спецыяльныя будынкі; пасека). А таксама 'пчаляр' (ст.-белар.).

985. Пшанічная (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва пшанічная - жан. ад пшанічны 'які мае адносіны да пшаніцы, зроблены, прыгатаваны з зерня пшаніцы' (пшанічная мука, пшанічная салома).

986. Пыж (Анна) - семантычны вытвор ад апелятыва пыж, які мае два значэнні: 1) 'шарсцяная, лямцавая ці кардонавая затычка, якой забіваюць зарад у зброі, што зараджаецца з дула'. 2) 'пракладка ў сярэдзіне патрона, якая аддзяляе зарад ад снарада (кулі, шроту) і ўтрымлівае снарад у гільзе'. Або як адваротнае ўтварэнне ад пыжык (адцінанне сегмента -ык) - пыж - 'футра паўночнага аленя (ва ўзросце двух месяцаў)'.

987. Пысін (Аляксей) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Пыса і значэннем 'нашчадак (сын) названай асобы': Пысін. ФП: пыса ('ніжняя частка галавы (з губамі і ноздрамі) у жывёл', а таксама (груб.) 'твар') - Пыса (мянушка) - Пыса (прозвішча) - Пысін.

988. Пыско (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва пыска (рэг.) - дэрывата з фармантам -ка ад пыса 'ніжняя частка галавы (з губамі і ноздрамі) у жывёл', (груб.) 'твар', - форма з канцавым о для адмежавання ад апелятыва.

989. Пярловіч (Самсон) - вытвор з фармантам -овіч ад антрапоніма Перл з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Перлавіч - Пярловіч. ФП: перл (мн. перлы 'тое, што і жэмчуг', перан. 'пра што-небудзь самае выдатнае, цудоўнае па сваіх якасцях') - Перл (мянушка, потым прозвішча) - Пярловіч.

990. Рабаў (Дзмітрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Рабы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рабаў. ФП: рабы ('не адной масці, не аднаго колеру, з плямамі, пярэсты', 'з рабаціннем') - Рабы (мянушка, потым прозвішча) - Рабаў (рус. Рябов).

991. Рабека (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва рабека (утварэнне з суфіксам -ек-а ад рабіць ('працаваць')) 'пра таго, хто робіць што-небудзь, майструе (непасільна)'. (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 37). Або ад рабы ('з рабаціннем') - рабека.

(Працяг у наст. нумары.)


У школу да Цёткі наведаліся вучні з яе малой радзімы

Днямі ў памяшканні літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея (доміка Таўлая) прайшоў апошні занятак з музейна-адукацыйнай праграмы "У школу да Цёткі" ў рамках раённага культурна-асветніцкага праекту "Беларусь - мая мова і песня". Тэма яго гучала так: "У гасцях у класікаў беларускай літаратуры. Цётка, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Канстанцыя Буйло і іншыя прамоўцы - з павагай да роднай мовы". На гэты раз "у школу да Цёткі" былі запрошаны госці з суседняга Шчучынскага раёна - вучні 11-га класа Астрынскай сярэдняй школы імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і кіраўнік адзінага ў Беларусі музея Цёткі, які дзейнічае на базе згаданай школы, Ала Балобан. Карэспандэнт таксама папрысутнічаў на занятку, даведаўся, як у цэлым прайшла гадавая праграма "У школу да Цёткі" і ці будзе працягнута яна ў гэтым цікавым і пазнавальным праекце ў наступным, 2018 годзе.

Гэты занятак, нібы ўрок, як і ўсе папярэднія, прайшоў цікава і крэатыўна. Вёў яго куратар музейна-адукацыйнай праграмы "У школу да Цёткі", навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. Вучні былі раздзелены на дзве каманды - "Васількі" і "Пралескі". Яны адказвалі на пытанні віктарыны, прысвечанай згаданым у назве занятка класікам беларускай літаратуры, а таксама некаторым іншым вядомым паэтам і пісьменнікам, так ці інакш звязаным з Лідчынай, працягвалі беларускія прыказкі і прымаўкі, перакладалі на беларускую мову рускія фразеалагізмы і асобныя словы, разгадвалі крыжаванку і выконвалі іншыя цікавыя заданні.

Акрамя таго, школьнікі праслухалі аўдыёзапіс песні "Люблю наш край" на словы Канстанцыі Буйло, аўдыёзапіс маналогу Кастуся Каліноўскага "Марыська чарнаброва, галубка мая…" у выкананні артыста Паўла Харланчука, паглядзелі выпуск "Падарожжаў дылетанта" пра вёску Дакудава, дакументальны фільм аб паэтэсе Канстанцыі Буйло (125-годдзе з дня нараджэння якой будзе адзначацца ў пачатку новага, 2018 года).

На памяць аб сустрэчы ў доміку Таўлая Алесь Хітрун падарыў гасцям з Астрынскай сярэдняй школы паштоўкі і закладкі з выявай Цёткі.

- У пачатку верасня, а менавіта - у Дзень ведаў, Алесь Хітрун разам з лідскім паэтам Станіславам Суднікам прыязджаў у нашу школу, - гаворыць у гутарцы з карэспандэнтам кіраўнік музея Цёткі Ала Балобан. - Менавіта тады Алесь запрасіў нас у Ліду - наведаць домік Таўлая, паўдзельнічаць у занятках музейна-адукацыйнай праграмы "Ў школу да Цёткі". І вось мы ў доміку Таўлая. Вялікі дзякуй Алесю за экскурсію па ім, за праведзены занятак-урок. Школьнікам было вельмі цікава, яны праз гульню даведаліся шмат новага, занятак быў пазнавальным, змястоўным, інфармацыйна насычаным. Іх трэба праводзіць і далей, яны вельмі дапамагаюць у вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, у прывіцці любові да роднай мовы.

Нагадаем, што заняткі музейна-адукацыйнай праграмы "У школу да Цёткі" праводзіліся ў рамках маштабнага раённага культурна-асветніцкага праекту "Беларусь - мая мова і песня", разлічанага на 2017 год, на рознаўзроставую аўдыторыю і накіраванага на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю беларускай мовы і традыцыйнай культуры. Музейна-адукацыйная праграма "У школу да Цёткі" таксама была разлічана на 2017 год і ўяўляла сабой асобныя заняткі, прысвечаныя беларускай мове і літаратуры, традыцыям і іншым тэмам. Заняткі-ўрокі праводзіліся са студзеня па снежань, раз у месяц, у асноўным у доміку Таўлая, на іх запрашаліся школьнікі, навучэнцы, а таксама дарослыя.

- Ідэя арганізаваць гэтую праграму, - расказвае куратар праекту "Ў школу да Цёткі" Алесь Хітрун, - узнікла ў ліпені 2016 года, падчас падрыхтоўкі да адкрыцця ў доміку Таўлая выставы "Жыве мая ліра нанова", прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Алаіза Пашкевіч родам з той часткі Лідскага павета, якая зараз адносіцца да Шчучынскага раёна. Ёсць меркаванне, што беларуская паэтэса, публіцыст і грамадскі дзеяч арганізавала ў Лідзе ў 1915 годзе першую легальную беларускую школу. І цяперашнія заняткі музейна-адукацыйнай праграмы ў Лідзе - як бы працяг асветніцкай дзейнасці Цёткі. Іх мэты - захаванне, развіццё і папулярызацыя беларускай мовы і культуры, пашырэнне ведаў у галіне нацыянальнай гісторыі, мастацтва і літаратуры, садзейнічанне фарміраванню моўнай культуры, пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў штодзённым жыцці. Матэрыялы для арганізацыі заняткаў браліся мною з падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, кніг па беларускім фальклоры і краязнаўстве і іншых крыніц. Пры правядзенні такіх "урокаў" часта выкарыстоўваліся прадметы з фондаў музея. На заняткі запрашаліся людзі рознага ўзросту - як кажуць, ад малога да вялікага.

Як адзначыў далей Алесь, тэмы заняткаў былі самыя розныя і ўсе праходзілі пад лозунгам: "Мова табе засталася ад продкаў? Запрашаем у школу да Цёткі!" Адны непасрэдна тычыліся беларускай мовы (напрыклад, "Гісторыя першай беларускай школы ў Лідзе", "Ў - адзіная беларуская літара ў свеце: гісторыя ўзнікнення", "Бывайце здаровы! Назвы хвароб па-беларуску", "Вучымся вітацца і звяртацца па-беларуску", "Як на Лідчыне гавораць: лексіка і фразеалогія з нашых вуснаў"). Іншыя тычыліся прыроды Лідчыны, яе кліматычных умоў, беларускай гарадской кватэры 60-х (хрушчоўкі), гарадскога і сельскага побыту і г. д. і, што важна, таксама праводзіліся на беларускай мове. Месцам правядзення заняткаў быў не толькі домік Таўлая. Напрыклад, з прыродай Лідчыны наведвальнікі знаёміліся ў памяшканні аднайменнай экспазіцыі музея, з хрушчоўкай 60-х - таксама наведваючы аднайменную музейна-вобразную залу.

- Апошні занятак "У школу да Цёткі" прайшоў, - адзначае Алесь. - Аднак гэта не значыць, што яны не будуць праводзіцца ў далейшым. Заяўкі на правядзенне любога з дванаццаці заняткаў ахвочыя наведацца "ў школу да Цёткі" могуць падаваць у музей або ў яго літаратурны аддзел. Мерапрыемствы такога характару таксама не закрываюцца, толькі ў іх будзе іншая назва (чарнавы варыянт - "З месяца ў месяц гартаем каляндар") і іншы накірунак. Тут маецца на ўвазе цыкл мерапрыемстваў, якія зноў будуць праходзіць штомесяц і будуць прысвечаны таму ці іншаму святу, знамянальнай даце. Так што сачыце за інфармацыяй у "Лідскай газеце" і на сайце Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


"І д ы л і і"

Нясвіжская "талака" зладзіла свой каляндар

Усе дванаццаць старонак выдання аддадзены творам Хведара Вініцкага, малавядомага самадзейнага мастака першай паловы мінулага стагоддзя, які "дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся". Родам з вёскі Малева, што пад Нясвіжам, Хведар Аляксеевіч пэўны час настаўнічаў, але ў рэшце рэшт мусіў перайсці на творчы хлеб - маляваў што для сябе, што для вясковых інтэр'ераў, зрэдчас аддаваўся іканатворчасці, вобразам святых. Застацца ў школе яму перашкодзіла савецкая ўлада. Настаўнік размаўляў заўсёды па-беларуску, ва ўсім трымаўся патрыётам, а да ўсяго быў родным братам Алеся Вініцкага, выбітнага асветніка, беларускага дзеяча на выгнанні, сябра Рады БНР… У календары штомесяц падаюцца ўспаміны вучняў, родных і аднавяскоўцаў мастака.

Ідэя календара належыць педагогу і краязнаўцу Наталлі Плаксе. Выступаючы на сустрэчы-прэзентацыі, яна не ўтойвала прыемных эмоцый ад таго, што зрабіць каляндар удалося мясцовай талакой, сваімі сіламі і сродкамі.

- Пра задуму я сказала сяброўкам, з якімі працавала ў адной школе, а во, назаўтра яны ўжо нясуць грошы! - падзялілася спадарыня Наталля. - І так пайшло. Прынцып, хто кладзе грошы, той пасля атрымлівае каляндар, цалкам аказаўся прымальны. Людзі нават дзякавалі, мелі за гонар, што іх запрасілі ў складкі. Улетку асобнік з 14-ці старонак фармату А-3 пацягнуў на 10 рублёў. Сталічны фотасалон "Хуткі прынт" даў неблагія зніжкі. Сёння, хто не набыў, набывае за 12. Бо наша талакоўская каса ўжо працуе на наступны каляндар, які, меркавана, будзе прысвечаны выбітным землякам Уладзіміру Жылку ці Новіку-Пяюну… Наогул, тэм і задум хапае - і ў плане краязнаўства, і нашай пейзажнай спадчыны, і юбілейныя даты надыходзяць. Усё вымушае водгуку, каляндарнай рэакцыі, грамадскага руху і клопату.

Дарэчы, і каляндар-2018 можна назваць юбілейным. Сакавіцкая старонка пазначана выразнай 100-гадовай датай БНР, а большая частка накладу мае адмысловае прысвячэнне на першай старонцы.

Ад звыклай назвы мерапрыемства арганізатары свядома адышлі: слова "прэзентацыя" лёгка перайшло ў "каляндарнае свята", якое назвалі "За колам дзён", а прысутных, пераважна ўдзельнікаў праекту, называлі сябрамі календара.

- На наша запрашэнне, - кажа Наталля, - прыйшлі і прыехалі родныя Хведара Вініцкага, ягоныя аднавяскоўцы. Сабралася надзвычай зычлівая публіка, каб разам засведчыць свой поспех, абмеркаваць магчымасці ды вызначыцца на будучыню. Вельмі рады, што завіталі да нас Станіслаў Суднік, які родам з Нясвіжчыны, знаны археолаг, прафесар Міхаіл Гурын, мясцовы літаратар і перакладчык Уладзімір Бруй.

На мультымедыйным экране падчас сустрэчы дэманстраваліся дакументы і фотаздымкі Хв. Вініцкага, якія пракаментавала ўнучатая пляменніца мастака Валянціна Шчарбакова, мелодыяй лёсу гучала песня С. Новіка-Пяюна "Зорачкі".

"Ідыліі" надрукаваны ў каляндарнай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына", якую заснаваў у 2001 годзе публіцыст-эколаг Валер Дранчук.

- Гэта чатырнаццаты каляндар нашай серыі, - кажа Валер. - Я вельмі задаволены, што бюджэт і маркетынг выдання заснаваны на грамадскай фундацыі - "захацелі і выдалі", што валявы пачатак цалкам належыць людзям, якія любяць сваю вёску і берагуць яе славу. Чым мог, паспрыяў і я.

Валянціна Холадава,Новы Свержань - Нясвіж.

На здымках:1. Каляндар "Ідыліі"; 2. Сакавіцкая старонка календара; 3. Валер Дранчук і Наталля Плакса; 4. Падчас імпрэзы.


Германія: праз Адвэнт - да Каляд

Навіны Германіі

Адвэнт - гэты час чакання Нараджэння Хрыстова. Пачынаецца ён за чатыры тыдні да Каляд, у залежнасці ад календара, у нядзельны дзень з 27 лістапада да 3 снежня.

У 2017 годзе першая "адвэнтская" нядзеля прыпала на 3-е снежня.

Адвэнт: падрабязнасці

Advent ад лацінскага "аdventus", што азначае "прыбыццё". Гэта значыць - чаканне нараджэння Ісуса Хрыста. Лічыцца, што перадкалядны час упершыню набыў свой адмысловы статус яшчэ ў чацвёртым стагоддзі, калі ў 380 годзе на Сарагоскім саборы былі ўстаноўлены правілы наведвання набажэнстваў - з 17 снежня да свята Богаяўлення.

У 524 годзе рада каталіцкага духавенства ўстанавіла тэрмін Вялікага Посту ў чатыры тыдні.

У нямецкіх храмах падчас Адвэнту ранняй раніцай служыцца Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Знакам імшы з'яўляецца запаленая свечка, якая асвятляе шлях ідучых у царкву да ўзыходу сонца. І каб свечка не загасла, яе змяшчаюць у адмысловы ліхтарык з празрыстымі акенцамі.

Адвэнт падзяляецца на два каляндарныя этапы. З першай нядзелі да 16 снежня, - ён прысвечаны разважанням пра будучае Другое прышэсце Ісуса Хрыста. З 17 да 24 снежня - гэтыя дні з'яўляюцца непасрэднай падрыхтоўкай да імпрэзы Нараджэння Хрыстова і прысвечаны ўспаміну пра першае прышэсце Ісуса Хрыста ў свет.

На перыяд Адвэнту прыпадае шэраг свят - св. Барбары, св. Мікалая і іншых.

Усе нядзелі Адвэнту прыраўнаваны па сваёй значнасці да вялікіх свят. І калі на нядзелю Адвэнту выпадае якое-небудзь іншае свята, яно пераносіцца на панядзелак.

Як гэта адбываецца ў Германіі

У гэты перадкалядны перыяд Германія змяняецца не толькі ў гарадах, але нават і ў самых маленькіх сёлах. Усюды на вуліцах ставяць высокія хвойныя дрэвы, упрыгожаныя гірляндамі. У крамах, гандлёвых цэнтрах - "прыбраныя" штучныя ёлкі. На падаконніках у дамах, калі сцямнее, размяшчаюць дугі з запаленымі свечкамі. Падсвечнікі ўпрыгожваюць арнаментамі ці малюначкамі на калядную тэматыку.

Цэнтральныя вуліцы сёлаў і гарадоў таксама ўпрыгожваюцца дугамі са светлавымі гірляндамі, ліхтарыкамі, цацкамі.

У гандлёвых цэнтрах, якія працуюць з такой нагоды дапазна, грае вясёлая калядная музыка…

Яркае асвятленне дамоў і вуліц, пах хвоі, ажыўлены гандаль у вячэрні час (кірмашы, шапікі з глінтвейнам, ласункамі і падарункамі) - усё гэта стварае адмысловую, святочную атмасферу.

Адвэнт у нямецкіх сем'ях

Адвэнт - час усеагульнага "палявання" немцаў на калядныя і перадкалядныя падарункі для сяброў і блізкіх.

Прычым, слодычы, ёлачныя ўпрыгожванні, калядныя календары прынята дарыць на працягу ўсіх чатырох тыдняў Адвэнту. А вось падарункі "больш важкія" кладуць пад устаноўленую дома ёлку і дораць менавіта на Каляды, ці прывозяць з сабой, калі едуць сустракаць Каляды да бацькоў або да ўжо дарослых дзяцей.

Традыцыі дарыць калядныя календары - больш 100 гадоў. Календары ўяўляюць сабою 24 пранумараваныя дні-"вочкі". Па сутнасці, яны з'яўляюцца скрынкамі з цукеркамі: у кожным пранумараваным вочку знаходзіцца цукерак ці маленькая шакаладка - шакаладная фігурка.

Перад Калядамі ў нямецкіх сем'ях рыхтуюць "plаtzchen" - печыва (ці - салодкія кексы), і ў кожнай гаспадыні - свой, "каронны" рэцэпт яго падрыхтоўкі, свае "формы" для яго.

"Плятц-хэн" - могуць быць з ваніллю, карыцай ці міндалём; яны пасыпаны зверху шакаладной ці арэхавай крошкай, макам ці цукровай пудрай. У выніку працы нямецкіх гаспадынь і дзяцей, якія дапамагаюць ім, выпечка атрымліваецца не толькі вельмі смачнай, але і разнастайнай па форме: у выглядзе зорачак, анёлачкаў, сэрцайкаў, званкоў, кветак, ялінак, вослікаў, конікаў, падковак…

Акрамя "плятцхэн", у нямецкіх сем'ях у гэтыя святы пякуць пернікі з начынкаю і без яе, садавінавы хлеб, фаршыраваныя арэхамі пірагі… Усё гэта мае месца быць падчас Адвэнту - да вялікай радасці дзяцей і дарослых.

Калі за сталом падчас вячэры збіраецца ўся сям'я, ля каміна ці на падваконніку запальваюцца святочныя свечкі.

Калядны вянок - таксама тыповае для нямецкіх хат упрыгожванне ў перадкалядны час. Ён зроблены з яловых галінак, мае чатыры ўплеценыя ў яго свечкі; яго замацоўваюць дзе-небудзь у пакоі вертыкальна ці ставяць на стол.

У першую з чатырох нядзель Адвэнту на ім запальваецца першая свечка, на наступным тыдні - другая і так - да чацвёртай свечкі.

Немцы любяць упрыгожваць да Каляд сваё жыллё. На вокны, на балконы вешаюцца калядныя зоркі, ставяцца свечкі, фігуркі жывёл… І ўсё гэта зіхаціць, свеціцца!

Многія сем'і 24 снежня ідуць у царкву - паслухаць калядную службу, калядныя песні, паглядзець тэатралізаваны выступ дзяцей.

Ну а калядным вечарам уся сям'я збіраецца разам за агульным сталом: дзеці і бацькі ў гэты дзень заўсёды разам.

А потым пачынаецца "ўзаемнае" ўручэнне падарункаў - кнігі, парфума, карціны, дарагая адзежа… і - ізноў слодычы. Як жа без іх, іх жа ў Германіі так любяць!

"Бабруйскі кур'ер"


ЮБІЛЕЙ ІМПЕРАТРЫЦЫ ТЭАТРА

24 лістапада 2017 года ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з тэатрам "Зніч" азначаўся 70-гадовы юбілей славутай і знакамітай Галіны Дзягілевай!

Тэатральна-канцэртная імпрэза была таксама прысвечана да 80 годдзя Белдзяржфілармоніі і мела назву "Мне светла..."

У першым аддзяленні гледачы пабачылі прэм'ерны монаспектакль "Мама" паводле вершаў Рыгора Барадуліна і п'есы "Маці" Карэла Чапека. Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык, а таксама выканаўца - Галіна Дзягілева. Кампазітар - Алег Залётнеў. Трэба адзначыць, што мастаком-пастаноўшчыкам з'яўляецца знакаміты Андрэй Меранкоў, а памочнікам рэжысёра - Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі.

Спектакль вельмі ўразіў гледача. У зале было каля 600 чалавек. Юбілярка атрымала вялікую колькасць кветак і шчырых, цёплых словаў ад знакамітых людзей Беларусі, сярод якіх былі: старшыня ТБМ і дэпутат Алена Анісім, старшыня БФК Уладзімір Гілеп, доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ермалінская, а таксама старшыня СТД Аляксей Дудараў.

У другім аддзяленні гледачы пабачылі святочны канцэрт, вядоўцам якога быў знакаміты тэатральны рэжысёр Валеры Анісеенка. Удзел у канцэрце бралі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр тэатра студыі кінаакцёра і тэатра "Зніч" Алесь Кашпераў, уладальнік медаля Францыска Скарыны лаўрэат рэспубліканскага конкурсу Наталля Аўдзеева, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай, а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў, салісты філармоніі: Аляксандр Музыкантаў і Святлана Старадзетка. Асабіста мне вельмі спадабалася, як чытаў вершы на сакавітай беларускай мове ўладальнік медаля Францыска Скарыны, акцёр Беларускага тэатра юнага гледача і тэатра "Зніч" Мікола Лявончык.

А вось шкалярам, што былі ў зале вельмі спадабаўся выступ заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь ансамбля танцу "Равеснік", якім самааддана кіруе таленавітая Таццяна Семчанка.

Чырвоны Касцёл на імпрэзе быў прадстаўлены літургічным хорам "Голас душы", які выканаў твор "Беларусь мая".

Фінальным акцёрам канцэрта стала віншаванне ад Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята", і гэта - не выпадковасць, бо саліст ансамбля Вячаслаў Статкевіч ужо 20 год з поспехам выконвае ў тэатры "Зніч" музычна-паэтычны спектакль "У краіне светлай, дзе я ўміраю..." паводле вершаў Максіма Багдановіча.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст фрылансер.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Зылькоў С.П. - 40 р., г. Гародня

2. Кукавенка І.І. - 15 р., г. Менск

3. Жыдаль Дз. І. - 20 р., г. Менск

4. Карабач В. - 10 р., в. Пескі, Лідскі р-н

5. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда

6. Кісляк В.С. - 30 р., г. Менск

7. Ляўшун - 14 р., г. Менск

8. Асіпцова Алена - 7 р., г. Магілёў

9. Асмыковіч Міхась - 5 р., г. Нясвіж

10. Панюціч К.Г. - 20 р., г. Менск

11. Жыдаль Дз.І. - 20 р., г. Менск

12. Казлоўская Е.А. - 10 р., г. Менск

13. Рабека Мікола - 30 р., г. Менск

14. Ралько Леанід - 10 р., г. Баранавічы

15. Асмыковіч Міхась - 5 р., г. Нясвіж

16. Лапенка А.К. - 10 р., 5 р., г. Менск

17. Шымко Л.К - 10 р., г. Менск

18. Козел Л.М. - 5 р., г. Менск

19. Ялугін Эрнест - 5 р., г. Менск

20. Фурс Антон - 10 р., г. Паставы

21. Крыўко - 5 р., г. Наваполацк

22. Філіповіч Тамара - 20 р., г. Менск

23. Котава Іна - 20 р., г. Менск

24. Прыстрэм Наталля - 10 р., г. Менск

25. Крыўко - 5 р., г. Наваполацк

26. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

27. Птушка С. - 5 р., в. Хільчыцы

28. Кот Валерый - 5 р., г. Менск

29. Сячко Зміцер - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Бібліятэка прапануе

Зямля сыноў, зямля бацькоў!

Што даражэй для чалавека!

З усіх вышынь, з усіх бакоў

Яна мілейшая спрадвеку.

Р. Тармола - Мірскі.

У сэрцы кожнага чалавека жыве вялікае і цудоўнае пачуццё любові да сваёй Радзімы. Пачуццё Радзімы шматграннае. У словах "родная зямля", "радзіма", "бацькаўшчына", "айчына" заключаны велізарны сэнс. Айчына - гэта не толькі тая частка зямлі, на якой мы нарадзіліся, выраслі, вучымся і працуем. Гэта людзі, якія жывуць побач з намі, гэта традыцыі народа, яго культура і яго справы.

Выхоўваць у грамадзян жаданне глыбей і рознабакова спазнаць гісторыю роднага краю, культуру, навакольную прыроду, развіць пачуццё патрыятызму і нацыянальнага гонару на аснове любові да родных мясцін - адна з задач краязнаўчай работы бібліятэк ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

На працягу 2017 года ў бібліятэках ладзілася звыш 120 мерапрыемстваў краязнаўчага характару.

Цікава і змястоўна прайшлі творчыя вечарыны з гарадзенскімі паэтамі і пісьменнікамі Г. Скаржынскай-Савіцкай, Алай Кедай (ураджэнкай в. Шчонава Карэліцкага раёна), Ірынай Шатыронак і Мікалаем Сяровым.

Да 100 - годдзя з дня нараджэння Янкі Брыля ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная гадзіна "Насустрач любові людской".

Пачалося мерапрыемства аповедам пра жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля, лёс якога менавіта быў звязаны з Карэліцкай зямлёй.

Сваімі ўспамінамі падзялілася дачка Янкі Брыля Наталля Іванаўна, якая расказала шмат цікавага пра яго, як пра бацьку.

На мерапрыемстве прысутнічала намеснік старшыні Менскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Бажэна Ганушкіна, якая гаварыла пра яго, як пра пісьменніка.

Змястоўнымі выступленнямі парадавалі прысутных чытачы бібліятэкі, якія асабіста ведалі Янку Брыля.

Кніжная выстава "Народны пісьменнік - Янка Брыль" ладзілася на аснове матэрыялаў з фондаў бібліятэкі, дзе экспанавалася мастацкая спадчына Янкі Брыля і даследаванні жыццёвага і творчага шляху славутага земляка.

Гучала мелодыя скрыпкі і цымбал, чыталіся ўрыўкі з апавяданняў і вершы Янкі Брыля, якія напоўнены непаўторнай сонечнай празрыстасцю, жыватворнымі, гаючымі сокамі роднай зямлі - вершы, якія заклікаюць любіць сваю Бацькаўшчыну, свой народ, пявучую беларускую мову.

Таксама ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася краязнаўчая гадзіна "Паэт. Сатырык. Гумарыст.", прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння земляка Анатоля Дзеркача (Зіміёнка) і літаратурная гадзіна "Зорка на небасхіле навукі", прысвечаная юбілею вядомага вучонага з сусветным імем, ураджэнца Карэліцкай зямлі Ігната Дамейкі.

Гістарычны экскурс "Сын зямлі беларускай", прысвечаны Ігнату Дамейку прапанавала сваім чытачам Жухавіцкая сельская бібліятэка. Гучалі ўрыўкі з кнігі І. Дамейкі "Мае падарожжы" і з паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш".

У рамках тыдня роднай мовы бібліятэчныя работнікі прапанавалі сваім чытачам літаратурныя сустрэчы, тэматычныя вечарыны, урокі роднай мовы, літаратурныя гасцёўні, сустрэчы з літаратарамі, а таксама гадзіны цікавай інфармацыі, інфармацыйна - пазнавальныя гадзіны і г.д.

Інфармацыйна-пазнавальная гадзіна "Мілагучнае, звонкае, роднае слова" адбылася ў Райцаўскай сельскай бібліятэцы. Наведвальнікі даведаліся пра гістарычны шлях развіцця беларускай мовы, пра значэнне роднай мовы для чалавека, адгадвалі загадкі, слухалі беларускія народныя песні. Пазнаёміліся з кніжнай паліцай "Чытаем па - беларуску" і выставай "Францыск Скарына і яго час".

У Карэліцкай раённай бібліятэцы прайшоў урок роднай мовы пад назвай "Беларуская мова: старонкі гісторыі", дзе ўвесь час гучалі вершы і лілася цудоўная беларуская музыка. На мерапрыемстве прысутнічаў настаяцель храма Святой вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца, іерэй Аляксей Шышкір, які паразважаў з вучнямі 9 класа аб ужыванні беларускай мовы ў грамадстве і пажадаў усім любіць і шанаваць родную мову.

У межах краязнаўчага тыдня "Гонар зямлі беларускай", які праходзіў з 2 па 8 красавіка 2017 года, бібліятэчныя ўстановы Карэліцкага раёна арганізавалі для сваіх наведвальнікаў кніжныя выставы, тэматычныя паліцы, дзе прадставілі цікавую і змястоўную тэматычную літаратуру з фондаў бібліятэк.

У Аюцавіцкай СБ адбылася літаратурная гадзіна "Чыстыя расінкі пачуцця", дзе размова ішла пра творчасць Вольгі Іпатавай, якая звязана з падзеямі мінулага.

Бібліятэкары Мірскай гарпасялковай бібліятэкі прапанавалі сваім чытачам краязнаўчую гадзіну, на якой чытачы пазнаёміліся з жыццём і творчасцю знакамітых людзей Міршчыны.

Райцаўская СБ запрасіла сваіх аднавяскоўцаў на інфармацыйную гадзіну "Кожны край мае тых, хто яго апявае", дзе даведаліся пра пісьменнікаў - землякоў, якія праслаўляюць наш Карэліцкі край у сваіх творах: І. Вярбіцкага, І. Жука, Г. Калтунову, А. Смалянку, А. Панасенку і пазнаёміліся з іх творамі.

Па старонках творчасці паэтаў Іосіфа Рольніка і У.А. Варавы, а таксама мастака М.А. Стомы паблукалі ўдзельнікі пазнавальнай гадзіны "Мы родам з Жухавіч" у Жухавіцкай СБ.

Надзвычайна цікавай і змястоўнай атрымалася творчая сустрэча з мясцовым мастаком Абадзінскім П.А. "Пра сябе і родныя краявіды" ( Турэцкая СБ) і мясцовай пісьменніцай А.І. Панасенка "З любоўю да роднай вёскі" (Баранавіцкая СБ). Госці сустрэчы расказалі пра сябе, сваё дзяцінства, творчасць, адказалі на пытанні і падзяліліся планамі на будучыню.

У Красненскай СБ адбылася краязнаўчая гадзіна пад назвай "Сэрцу мілы куточак", дзе за аснову ўзята творчасць і старонкі з біяграфіі мясцовага паэта Івана Жука.

Традыцыйным стала правядзенне ў бібліятэках Дня беларускага пісьменства і друку. У гэты дзень уключаюцца самыя разнастайныя па форме і змесце мерапрыемствы.

У год святкавання 500-годдзя кнігадрукавання на Беларусі, з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, літаратуры і культуры, у рамках інфармацыйнага тыдня "Гаворым і чытаем па-беларуску" з 11 па 17 верасня бягучага года, Карэліцкая раённая бібліятэка арганізавала творчую сустрэчу са старшынёй Менскага абласнога Саюза пісьменнікаў Святланай Быкавай. У час сустрэчы Святлана Быкава падрабязна расказала пра сваю творчасць, пра дзейнасць на пасадзе старшыні літаратурнага аб'яднання. Таксама яна прачытала вершы са сваіх зборнікаў "Адлюстраванне", "Веру вясне". Падчас мерапрыемства мясцовыя прыхільнікі паэзіі мелі магчымасць задаць пытанне пісьменніцы.

Да свайго прафесійнага свята Дня бібліятэк супрацоўнікі "ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" арганізавалі "Бібліявячоркі - 2017", якое праходзіла ў рамках інфармацыйнага тыдня "Гаворым і чытаем па - беларуску" і прысвячалася прафесійнаму святу.

Усе пакоі бібліятэкі ладзіліся ў беларускім нацыянальным каларыце.

У чытальнай зале прадстаўлена шыкоўная выстава вышываных карцін і сурвэтак.

На абанеменце - беларуская хата - траўніца, дзе прадстаўлены гаспадарчыя прылады працы і дамашнія рэчы, посуд, а таксама стравы беларускай кухні.

Чытачам прапанаваны майстар - клас і кансультацыя па вырабах з гліны, саломапляценні і вышыўцы стужкай. Таксама наведвальнікі акунуліся ў гісторыю беларускага адзення, як мужчынскага так і жаночага.

Працавала выстава работ майстроў аддзела рамесніцкай дзейнасці "Карэліцкі Дом рамёстваў" і выстава экспазіцыі ДУК "Карэліцкі раённы краязнаўчы музей".

Павіншаваць бібліятэкараў са святам прыйшлі начальнік Аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Санчук І.М., галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Куляка В.В., старшыня Карэліцкага раённага аб'яднання прафсаюза Шэўка Л.М., настаяцель Райцаўскай царквы святой Варвары айцец Аляксей, мясцовыя пісьменнікі - краязнаўцы.

Госці дзяліліся ўражаннямі ад убачанага, успаміналі свае працоўныя будні.

У рамках мерапрыемства лепшыя чытачы бібліятэкі ўзнагароджаны дыпломамі ДУК "Карэліцкая раённая бібліяітэка".

На працягу ўсяго свята паўсюль гучала беларуская музыка і песні, гучала родная мова, такая прыгожая і мілагучная.

Прапагандзе гістарычна-культурнай спадчыны, турызму тычыўся семінар, які адбыўся паміж ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" і ДУК "Ашмянская раённая біліятэка" па тэме "Бібліятэчнае краязнаўства як рэсурс развіцця турызму". У першы дзень рэгіянальнага семінара 26 кастрычніка бібліятэкары Карэліччыны наведалі Ашмянскі раён, дзе пазнаёміліся з работай бібліятэк аграгарадкоў Гальшаны, Баруны, Кальчуны, Ашмянскай дзіцячай бібліятэкай, наведалі музей Дугі Струве, Гальшанскі замак, турыстычны аб'ект "Нявесцін камень".

31 кастрычніка бібліятэкары Ашмяншчыны пабывалі ў Карэліцкім раёне, дзе пазнаёміліся з краязнаўчай дзейнасцю бібліятэчных устаноў раёна. Наведалі Карэліцкую раённую і дзіцячую бібліятэку, Аюцавіцкую сельскую бібліятэку.

У Мірскай гарпасялковай бібліятэцы прысутнічалі на паседжанні аматарскага аб'яднання "Нашчадкі", дзе пачулі інфармацыю, якая суправаджалася прэзентацыяй аб рабоце самаго клуба і аб гістарычных мясцінах Міршчыны. Удзельнікі семінару пазнаёміліся з гістарычна - культурнымі каштоўнасцямі раёна і наведалі Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, дзе прайшліся па пакоях музея і пазнаёміліся з экспазіцыяй, паўдзельнічалі ў майстар - класе па вырабе лялькі з ільняных нітак. У Міры наведалі пярліну сярэднявечча - Мірскі замак, Мірскі касцёл Святога Мікалая і прыватны музей "Мірскі пасад" Віктара Сакеля.

Кожныя два гады на Карэліччыне ладзяцца краязнаўчыя чытанні, якія падкрэсліваюць пільную ўвагу да невялікіх населеных пунктаў, іх гісторыі, якая не менш значная, чым гісторыя ўсёй дзяржавы. Адна з мэтаў чытанняў - папулярызацыя навуковых ведаў, якія не павінны быць здабыткам вузкага кола навукоўцаў.

У гэтым годзе ДУК "Карэліцкая раёная бібліятэка" сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 10 лістапада арганізавалі навукова - практычную канферэнцыю XII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні на тэму "Штодзённасць жыхароў Карэліцкага рэгіёна X-XX стагоддзя". У час мерапрыемства прагучалі даклады навукоўцаў з Менска, Нясвіжа, Берасця, Міра а таксама з Карэліч. Вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Сучко Юліяна падрыхтавала выступленне на тэму "Карэліччына (1965-1970 гг.) у лічбах і фактах: па матэрыялах мясцовай газеты "Полымя".

У рамках мерапрыемства ўсе ахвотныя мелі магчымасць пазнаёміцца з работамі ўдзельнікаў раённага пленэра мастакоў "Шлях да майстэрства", кніжнай выставай "Любы мой Карэліцкі край", выставай малюнкаў навучэнцаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама з сувенірнай прадукцыяй аддзела рамесніцкай дзейнасці дзяржаўнай установы "Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці" і экспазіцыяй "Сялянскі быт пачатку XX стагоддзя" ўстановы культуры "Карэліцкі раённы краязнаўчы музей".

Пры непасрэдным ўдзеле бібліятэкараў на працягу года ладзіліся святы ў аграгарадках: "Ай, да Масленіца" - у г.п. Мір, "Улассе ў Луках" - у агр. Лукі, "Вялікодная радасць" - у агр. Баранавічы, "Свята вады і агню" (Купалле) - агр. Краснае, "Лён - фэст 2017" - у в. Ценявічы, сялянскай гаспадарцы "Белыя лугі", свята кветак "Соlours" - у агр. Аюцавічы, "Яблачны фэст" - у агр. Жухавічы, свята народнай творчасці "Макоша запрашае" - у агр. Райца і інш.

Бібліятэкары разам са сваімі чытачамі праводзяць цыклы мерапрыемтваў, прысвечаных святам і абрадам. Гэтыя мерапрыемствы адпавядаюць чатыром каляндарна-абрадавым цыклам - зімоваму, веснавому, летняму і восеньскаму: абрад "У госці Каляда прыйшла", гадзіну фальклору "Масленіца ідзе", "Спляцём купальскі вянок", "Спас", "Восеньскiя Дзяды - свята, сямейнае".

Інфармацыя і фотаздымкі мерапрыемстваў краязнаўчага характару на працягу года рэгулярна размяшчаліся на афіцыйных сайтах ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка", у рэспубліканскіх газетах "Культура", "Краязнаўчая газета", у раённай газеце "Полымя".

2017 год зыходзіць у нябыт, прыходзіць Новы год - 2018, і я з упэўнасцю лічу, што ў наступным годзе будзе яшчэ шмат цікавых і змястоўных мерапрыемстваў краязнаўчай тэматыкі, якія з вялікім задавальненнем правядуць бібліятэчныя ўстановы Карэліччыны для сваіх чытачоў.

Наталля Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".


Браніслаў Друцкі-Падбярэскі

Леанід Лаўрэш

Крычэў я гучна аб свабодзе,

Урад чародны ганіць сьмеў...

Аб бедным сумаваў Народзе -

І... на Лукішках пасядзеў...1

Пра беларускага літаратара, філолага і палітыка Браніслава 2 Друцкага-Падбярэскага інфармацыі не шмат. У асноўным гэта кароткія біяграмы ў розных выданнях пра Заходнюю Беларусь. У 2007 г. Арсень Ліс падсумаваў ўсё вядомае на той час пра гэтага чалавека ў сваім артыкуле, надрукаваным у "Краязнаўчай газеце" 3. За гэты час нашы веды пра беларускую гісторыю пашырыліся, і я паспрабую трохі больш распавесці пра гэтага чалавека.

Са звестак, падаваных Браніславам Друцкім-Падбярэскім пра самога сябе, вядома, што ён нарадзіўся 6 студзеня 1890 г. у вёсцы Белая Полацкага павета 4. Насамрэч ён быў Сігізмундам Кіпрыянавічам Падбярэскім, паходзіў са шляхты Вілкамірскага павета і жыў у мястэчку Свянцяны 5. Потым, каб падкрэсліць шляхецкае паходжанне, ён далучыў да свайго прозвішча прыстаўку Друцкі і таму "Браніслаў Друцкі-Падбярэскі" - гэта пазнейшае імя ці псеўданім.

Цікавы выбар менавіта гэткага імя ці псеўданіма, бо насамрэч у той час існаваў сапраўдны князь Браніслаў Кіпрыянавіч Друцкі-Падбярэскі (1884 - ?) герба Газдава, сын Кіпрыяна (Цыпрыяна), які ўзяў шлюб з Юзэфай Корсак (1885 - ?), і ў 1905 г. у іх нара-дзіўся сын Юзаф Друцкі-Падбярэскі 6.

Думаю, карэктна будзе выказаць здагадку, што наш Сігізмунд Кіпріянавіч Падбярэскі - пазашлюбны сын князя Кіпрыяна і зводны брат Браніслава Кіпрыянавіча Друцкага-Падбярэскага, які не перажыў бурлівыя часы рэвалюцыі. А пасля яго смерці, магчыма, з дазволу бацькі, імя Браніслава ўзяў Сігізмунд Кіпріянавіч Падбярэскі - беларускі палітык і філолаг.

У 1915 г. Падбярэскі, ратуючыся ад наступаючых немцаў, пераехаў у Менск, дзе працаваў у земскім саюзе 7. У жніўні 1917 г. у Петраградзе пабраўся шлюбам з Аленай Гурскай 8.

У 1920 г. прыехаў у Польшчу і спярша жыў у Варшаве. З ліпеня 1920 г. пасяліўся ў Наваградку 9, дзе ў 1922 г. ўзначаліў выбарчы камітэт. Менавіта як старшыню камітэта падчас выбараў 1922 г. яго ў мемуарах узгадвае Васіль Рагуля: "Назаўтра мы сабраліся ў кабінэце старшыні наваградзкага камітэту - адваката Друцкага-Падбярэскага"10. Калі ў Наваградак з Вільні прыязджалі беларускія палітыкі, дык Падбярэскі прымаў іх і ладзіў сустрэчы з насельніцтвам 11.

Вядома, што і сам Падбярэскі падчас выбараў у Польскі Сейм у 1922 г. быў кандыдатам па Наваградскай акрузе ад спісу № 16. Пасля паразы на выбарах пераехаў у Вільню і спрабаваў заняцця адвакацкай практыкай, але не атрымаў дазволу ад уладаў. Нейкі час працаваў сакратаром пры беларускім пасольскім клубе і юрыстконсулам газеты "Наш сцяг". Магчыма, быў сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Паводле данясення дэфензівы: "Чалавек разумны і вядомы як адзін з адукаваных беларусаў"12.

На пачатку 1920-х гг. быў сябрам Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта (да 1926 г. камітэт меў назву "Часовая беларуская рада" - ЧБР) 13.

У чэрвені 1925 г. беларускі пасол польскага Сейма Аўсянік вёў перамовы з дзеячам ЧБР Падбярэскім, каб той выступіў супраць лідара беларускіх паланафілаў Паўлюкевіча і пераехаў жыць у Гародню (у Гародні планавалася ўтварыць адзін з цэнтраў беларускага руху, распачаць выданне беларускай газеты і інш.). Разам з Друцкім-Падбярэскім у перамовах таксама прымалі ўдзел М. Касцевіч (Макар Краўцоў) і У. Більдзюкевіч - асобы, набліжаныя да ЧБР. Усе гэтыя дзеячы выказвалі незадаволенасць самаўладнымі паводзінамі Паўлюкевіча, які самастойна распараджаўся фінансамі арганізацыі і не выплачваў грошай сваім супрацоўнікам. Нягледзячы на гэта, 18 чэрвеня 1925 г. на паседжанні ЧБР супраць Паўлюкевіча выступілі толькі Касцевіч і Друцкі-Падбярэскі. Як паведамляла паліцыя, Паўлюкевіч, адчуваючы, "што над яго галавой збіраецца бура", папярэдне ўмацаваў свае пазіцыі ў арганізацыі 14.

У траўні 1926 г. Падбярэскі збіраў подпісы выбаршчыкаў у Беларускі пасольскі клуб з патрабаваннем абрання маршала Пілсудскага прэзідэнтам Польшчы. Пілсудскі толькі што арганізаваў так званы "травеньскі пераварот" і меў вялікія сімпатыі з боку нацыянальных меншасцяў і левых партый. Падбярэскі правёў 15 сходаў - амаль на кожным сходзе прымаліся рэзалюцыі "ад імя беларускага народа" ў падтрымку травеньскага перавароту і складаліся тэлеграмы да беларускіх дэпутатаў з патрабаваннем аддаць свой голас за Пілсудскага падчас прэзідэнцкіх выбараў 15. Дзякуючы гэтай кампаніі, былі высланы тэлеграмы ад 140 беларускіх вёсак.

У жніўні 1926 г. лідар беларускіх паланафілаў А. Паўлюкевіч разам з Падбярэскім, Ф. Аляхновічам і іншымі палітыкамі звярнуўся да ўладаў па дазвол на адкрыццё гэтак званага "Беларускага клуба", які мог бы за кошт камерцыйнай дзейнасці прыносіць прыбыткі на выданне газеты. Але пасля рэгістрацыі ўладамі статута арганізацыі сам Паўлюкевіч не быў абраны ва ўправу клуба 16.

Падчас выбараў у Сейм 1928 г. ад спісу паланафілаў № 37 па Лідскай акрузе на першых месцах знаходзіліся М. Іванкевіч і Б. Друцкі-Падбярэскі. Але паланафілы прайгралі выбары, узяўшы ў Лідскай акрузе толькі 826 галасоў 17.

У 1920-х гг. Падбярэскі друкаваўся ў часопісах "Беларуская культура", "Беларускі радны", "Беларуская хата", газетах "Беларускае слова", "Беларускі дзень" 18 - газетах паланафільскай арыентацыі.

Тады ж ён выдаў шэраг кніг: "Байкі", (24 стар. 1926, друкарня "Nowoczesna"), "Пернік": проза; (10 стар., 1000 ас. 1927, друкарня Баеўскага), "Байкі, гумар, сатыра", (64 стар., 1000 ас. 1928, друкарня Клецкіна). Выдатны аналіз літаратурнай творчасці Падбярэскага як байкапісца зрабіў філолаг Уладзімір Каяла 19.

Пэўна, галоўнай працай Падбярэскага стаў "Падручны беларуска-польскі слоўнік", (324 стар. 1929, друкарня Клецкіна). Слоўнік быў адрэдагаваны прафесійным філолагам В. Грышкевічам. Арсень Ліс заўважыў, што абодва суаўтары - укладальнік і навуковы рэдактар - засведчылі добрае веданне беларускай мовы і знаходзілі адэкватныя семантычныя эквіваленты на польскай мове 20.

Для мяне ж самым цікавым з'яўляецца тое, што Падбярэскі займаўся краязнаўчым апісаннем Лідчыны, пра што паведаміў Леанід Маракоў 21. На жаль, краязнаўчыя тэксты яго пакуль не знойдзены.

Падбярэскі быў арыштаваны органамі НКВД восенню 1939 г. у рэдакцыі газеты "Вілейская праўда", куды зайшоў па літаратурных справах. Засведчыў гэты факт журналіст Вульф Сосенскі. Далейшы лёс гэтага чалавека невядомы 22.

Аўтар выказвае вялікую падзяку выдатным беларускім гісторыкам Андрэю Чарнякевічу і Алесю Горнаму, без якіх гэты артыкул не мог бы з'явіцца.

Крыніцы:

1 Друцкі-Падбярэскі Б. Байкі. Гумар. Сатыра. Вільня, 1928. С. 51.

2 У гістарычнай літаратуры яго калі-нікалі чамусьці называюць Баляславам.

3 Гл: Ліс А. І ён шмат мог і жадаў // Краязнаўчая газета. 2007. № 18.

4 Lietuvos centrinis valstybes archyvas (далей - LCVA). F. 53. Ap. 23. B. 597. L. 67.

5 LCVA. F. 53. Ap. 23. B. 597. L. 70.

6 http://genealogia. grocholski.pl/gd/osoba. php?id=066969

7 Там жа. L. 89.

8 Там жа. L. 70.

9 Там жа. L. 89.

10 http://pawet.net/library/history/bel_history/_memoirs/035/Рагуля_ Васіль._Успаміны.html

11 Ліс А. І ён шмат мог і жадаў.

12 Там жа. L. 76.

13 Кароткі нарыс беларускага пытання. Мінск, 2008. С. 298.

14 Горны А. С. "Місія Аўсяніка": да пытання аб палітычнай барацьбе паміж Беларускім пасольскім клубам і Часовай беларускай радай у Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду // VIII Машеровские чтения: материалы международной научно-практической конференции студентов, аспирантов и молодых ученых, Витебск, 16-17 октября 2014 г. Витебск, 2014. С. 91.

15 Горны А. С. Беларускія паланафілы і майскі пераварот у Польшчы 1926 года // Беларусь у ХІХ-ХХІ стагоддзях: праблемы этнакультурнага і нацыянальна-дзяржаўнага развіцця: зб. навук. арт. Гомель, 2013. С. 123.

16 Чарнякевіч Андрэй. Беларускія паланафілы і Грамада. 1925 - пачатак 1927 г. // Гістарычны альманах. Т. 12. 2006. С. 76-77.

17 Горны А. С. Удзел беларускіх паланафілаў у польскіх парламенцкіх выбарах у 1928 г. // Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci : матэрыялы ХХ міжнар. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2014 г.). Мiнск, 2015. С. 255.

18 Кароткі нарыс беларускага пытання. С. 298.

19 Гл: Каяла Уладзімір. Б. Друцкі-Падбярэскі як пісьменнік-сатырык // Творчасць Элізы Ажэшкі і беларуская культура: Зб. навук. прац пад рэд. С. П. Мусіенкі. Гродна, 2002. С. 213-220.

20 Ліс А. І ён шмат мог і жадаў.

21 Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энцыклапедычны даведнік. Т. 1. Мінск, 2003. С. 322-333.

22 Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. С. 322-333.


Пашырэнне культурнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Італіяй

Год культуры Італіі на Беларусі завершыўся панарамай італьянскай музыкі ХVI-ХІХ стагоддзяў у праграме "Bella-Італія"на сцэне Белдзяржфілармоніі.

З нагоды 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Італіяй сёлета ў Менску адбылося 30 мерапрыемстваў у сферы навукі, тэатра і музыкі, моды і кулінарыі.

Пра культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Італіі распавёў перад пачаткам канцэрта амбасадар Італіі Стэфано Б'янкі. У сакавіку 2017 года ў Менску праходзіў Дзень італьянскага дызайну, дзе ішоў абмен ідэямі, праектамі і іннавацыямі. На ХХIV Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў сталіцы выступіў італьянскі пісьменнік і тэлевядовец Карла Лукарэлі.

А на пятым форуме ўлічных тэатраў у Менску прадставіў сваё мастацтва італьянскі артыст Андрэа Федзі і яго шоў. У пастаноўцы оперы Джузэпе Вердзі "Атэла" ў Белдзяржфілармоніі 13 ліпеня ўзялі ўдзел рэжысёр Карла Антоніа дэ Лючыя і вядомы барытон Джузэпе Алматора. У кастрычніку плённа праходзіў ХVII тыдзень італьянскай мовы пад дэвізам " Італьянец у кіно".

Рэтраспектыву італьянскай музыкі прадставіў 5 снежня лаўрэат міжнародных конкурсаў дырыжор Аляксей Фралоў. У выкананні сімфанічнага аркестра "Capella Academia" і Дзяржаўнага камернага хора прагучалі шэдэўры розных эпох: музыка В. Галілеі, Дж. Габрыэлі, арыі са знакамітых опер Дж. Вердзі, Дж. Расіні ў выкананні салістаў - Наталлі Акінінай, Іллі Сільчукова, Аляксандра Міхнюка.

- Музыка Італіі выпраменьвае сонца, нясе месіянскі харызматычны імпульс, - адзначыў ва ўступным слове вядоўца. - Вялікую колькасць мастацкіх талентаў прадстаўляюць розныя эпохі, пачынаючы ад Рэнесансу.

Кіраўнік канцэртнай праграмы ўзгадаў пра сувязі, які звязваюць Беларусь і Італію, прадстаўляючы творы М. К. Агінскага. Дыпламат і кампазітар удасканальваў свае веды ў музыцы ў Італіі ў Джавані Батысты Віёці і быў жанаты з італьянскай спявачкай Марыяй дэ Нэры.

Сеньёр Стэфано Біанкі падзякаваў маэстра Фралову за выдатную падтрыхтоўку праграмы італьянскай музыкі і выказаў упэўненасць у развіцці культурнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі.

Э. Оліна, На фота аўтара: Аляксандр Міхнюк выконвае арыю з оперы Дж. Расіні. Дырыжуе А. Фралоў.


Гутарка з Аляксеем Фраловым

- Спадар Аляксей, Вы правялі шмат мерапрыемстваў у юбілейны год 500-годзя беларускай Бібліі. Плённа працавалі, каб далучыць больш людзей да Скарынаўскай эпохі. Што для Вас было самым галоўным? Якая падзея пакінула найбольшы след у Вашай душы?

- Сам факт, што мы жывём у Год вялікага 500-годдзя, і ёсць галоўным! І мы імкнуліся да таго, каб усе тыя праекты, якія задумваліся з нагоды славутай Даты і рэалізоўваліся, былі галоўнымі, мелі такую значнасць. Мы запланавалі і ажыццявілі вялікую праграму святкаванняў. Гэта быў цыкл мерапрыемстваў. Мы ўцягнулі ў святкаванне тысячы людзей, актуалізавалі для іх тэму і моцна зацікавілі. Першы наш манументальны Скарынаўскі канцэрт на Беларусі "На Пачатку было Слова" прагучаў у Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі 12 лютага з удзелам цудоўных салістаў, Дзяржаўнага камернага хора і сімфанічнага аркестра "Capella Academia". Наступным быў канцэрт Духавога аркестра Акадэміі Музыкі "У Златай Празе", якую мы прысвяцілі чэшска-беларускім сувязям. Дадатковай атракцыяй падчас канцэрта, якая парадавала і чэшскага амбасадара, і ўсю публіку, быў "візіт сярэднявечнага рыцара", які нагадаў пра паход 5-тысячнага айчыннага войска на чале з князем Жыгімонтам Карыбутавічам на дапамогу Чэхіі і яе героям - гусітам, якія змагаліся за Веру і Незалежнасць у XV ст. Сардэчная падзяка пану Юр'ю Усціновічу за рыцарскі даспех з ягонай калекцыі, які так гожа аздобіў гэты наш канцэрт!

Далей на гэтую тэму былі камерныя канцэрты ў Мірскім Замку, у Зале імя Александроўскай Вялікага тэатра Беларусі, у розных навучальных установах. Быў і канцэрт нашага Ансамбля салістаў "Вытокі" ў Палацы Вялікіх князёў літоўскіх у Вільні.

Манументальнае аркестрава-харавое завяршэнне Юбілеяў - 500-годдзя Беларускай Бібліі і кнігадрукавання і 500-годдзя нямецкай і еўрапейскай царкоўнай Рэфармацыі адбылося ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі роўна ў Дзень, калі Марцін Лютар аб'явіў "гораду і Свету" свае славутыя 95 тэзісаў. Праграму "Дзень Лютара" 31 кастрычніка мы прадставілі з тымі ж удзельнікамі, як і самы першы Канцэрт-Адкрыццё, стварыўшы своеасаблівую музычную арку. І ўжо 8 лістапада адбыўся як бы "духавы post scriptum" нашых святкаванняў - канцэрт "Tuba Mirum" у выкананні Духавога аркестра "Няміга", Менскага квартэта трамбаністаў і спецыяльнага госця з Францыі-Швейцарыі - прафесара Жака Мажэ (трамбон). Літаральна кожная праграма ўключала як вядомыя музычныя творы, так і прэм'еры, у тым ліку нашы архіўныя знаходкі. Прыемна, што гэта ўсё збылося і манументальныя планы рэалізаваліся. За ўсё дзякуем Богу. Soli Deo gloria. Калі робіцца важная для краіны справа, гэта павінна быць галоўнай мэтай. Нашы сёлетнія святкаванні праз музыку мелі ў сваёй аснове Скарынавы тэзісы: " Богу ко чти, людям посполитым к научению".

- Вы ажыццявілі шэраг захапляльных падарожжаў з асветніцкімі мэтамі.

- Мы ўключалі ў вандроўкі музычны і навуковы аспекты. У нас была культуралагічная паездка ў Нямеччыну па мясцінах жыцця і дзейнасці Марціна Лютара. Мы пабывалі ва ўнікальных мясцінах! Падобная паездка ў нас адбылася і ў Чэхію, дзе мы агледзелі 10 з 12-ці ЮНЭСКАвых аб'ектаў, пабывалі ў скарынавых мясцінах. Дадалі элемент экспедыцыі ў нашу паездку ў пошуках магілы Скарыны, таму што ёсць такое навуковае дапушчэнне, што Скарына мог быць пахаваны ў Чэшскім Крумлаве, а не ў Празе на Градчанах. Мы знайшлі там пахаванні, датаваныя 1549, 1550-мі гадамі, так блізкімі да часу смерці самога Скарыны. Але яго надмагілля анідзе не было выяўлена, не ўсе загадкі яшчэ пакуль разгаданыя.

- Якую музыку мог слухаць Францішак Скарына ў Венецыі, Падуі? Каго мог чуць з кампазітараў 16-га стагоддзя?

- Гэта эпоха росквіту венецыянскай музыкі. Сюды далятаюць гукі і ідэі Нідэрландскай кампазітарскай школы, усходніх краін. У храмах гучаў грыгарыянскі харал і раннія арганныя творы. Музыка актыўна развівалася і ў Фларэнцыі пры двары Медзічы ўжо XV стагоддзі. Такія культурныя цэнтры, як Фларэнцыя і Венецыя былі светачамі ў Сярэднявеччы і давалі новыя імпульсы, ідэі, жанры для развіцця рэнесанснай ідэі на кантыненце. Яны былі галоўнымі гарадамі ў Эпоху Адраджэння. Летась мы наведвалі гэтыя гарады, калі вандравалі шляхамі Міхала Клеафаса Агінскага і Францішка Скарыны. І наш ансамль "Вытокі" з гэтай мэтай адправіўся ў Падую і Фларэнцыю. У "Санта-Кроча" мы ігралі канцэрт непасрэдна побач з магілай Міхала Клеафаса, а ў Падуанскім універсітэце пасядзелі на тых жа лавах, што і "студыёзус" Францішак, які абараняў свае дактараты.

- Вы папулярызуеце музыку многіх хрысціянскіх кампазітараў, распавядаеце пра малавядомыя творы і факты. На адным з канцэртаў Вы нагадалі пра тое, што і Вівальдзі быў святаром і што яму прыходзілі пад час служэння музычныя ідэі. Дзе вы знаходзіце такія звесткі?

- Цікаўлюся, чытаю, вывучаю… У савецкіх музычных школах, усё, што датычылася царкоўнага жыцця рэтушыравалася. Рабіўся "прыгожы выгляд" класіка. З пункту гледжання савецкай ідэалогіі царкоўнасць кампазітара замінала "прывабнай карціне". Безумоўна, царкоўная культура была спачатку найвышэйшай, а свецкая плыла ў яе фарватары. Але паступова пачаўся працэс узаемадзеяння і ўзаемапранікнення.

- Вы ўзгадвалі з павагай пра Вашых выкладчыкаў па дырыжаванні, якія на вас паўплывалі ў Акадэміі музыкі - пра Барыса Чудакова і Аляксандра Сасноўскага.

- Барыс Чудакоў - выдатнейшы педагог па дырыжыраванні, цудоўны Чалавек, энцыклапедыст, які шчодра дзеліцца з вучнямі сваімі ведамі. Аляксандр Сасноўскі - Майстар, носьбіт вялікай Школы… У Вільні я вучыўся таксама ў прафесара Ёзаса Домаркаса, народнага артыста СССР, легенды літоўскай і еўрапейскай музыкі. Неаднойчы бываў я і на ўнікальных майстар-курсах выдатнага дырыжора сучаснасці - Алпаслана Эрцюнгялпа, які доўгі час працаваў разам з геніяльным Клаўдыё Абадо. Мне пашчасціла параўнаць школы, узяць у кожнага педагога нешта ўнікальнае.

- Які Ваш досвед як верніка?

- Я належу да традыцыйнай Евангелічнай Рэфармацкай царквы. Але я лічу, што мы павінны быць проста хрысціянамі і ісці за Хрыстом.

- Аснову Вашай любові да музыкі заклалі менавіта бацькі. Ці не так?

- Сапраўды, гэта так. Мой бацька - заслужаны артыст Беларусі, адзін з заснавальнікаў ансамбля "Кантабіле", саліст Сімфанічнага аркестра габаіст Валерый Фралоў. Ён перадаў мне гены і імпульс. Па мамінай лініі родныя таксама былі музычна адоранымі. Прадзед па маме граў на скрыпцы, бабуля мела абсалютны музычны слых. Мама з самага ранняга дзяцінства вадзіла мяне ў філармонію, ў Оперны тэатр на сур'ёзную класічную музыку.

- Дзе яшчэ збіраецеся выступаць? Як далучыцца да Вашых вандровак?

- Пажывём - пабачым! Сачыце за абвесткамі…

- Шчыры дзякуй ад усіх слухачоў!

Гутарыла Эла Дзвінская.


БАЛАДА ПРА ЛІТОЎКУ

ці як літоўка ў кутку па справе сумуе

Вытокам стварэння балады мне ўзгадваецца выпадак, калі ў час сенакосу (мне тады было 18 гадоў) да мяне падышоў касец сталага ўзросту і спытаў: "Дай паглядзець, як ходзіць твая літоўка". Я тады ўпершыню пачуў гэтае слова. Яно мне запала назаўжды. Літоўка праяўляе сваю сутнасць у час касавіцы. Калі ж яна ў кутку без касьбы час марнуе, то яна - памірае. Так і наша мова: калі яна народам не скарыстоўваецца, то з цягам часу яна можа страціць не толькі сваю назву, але і сваю сутнасць. І яшчэ: літоўка - нацыянальны атрыбут, і, як гэта ні дзіўна, яна сваёй назвай узгадвае карані паходжання нашай нацыі. Гэта - яшчэ адзін важкі аргумент, што мы не беларусы, а ліцвіны. Бо, як слушна заўважыў ліцвін па паходжанні, які жыве ў Маскве, Аляксей Каўка: "Беларусам не нараджаюцца, ім становяцца".

Неяк раз на царкоўнае свята

Мой дзядуля на прызбе сядзеў

І курыў самакрутку заўзята,

Дым пускаў па сівой барадзе.


Твар свяціўся прыязнай усмешкай -

Значыць дух яго лёс не скарыў,

Бо літоўка ў кутку, недалечка

Ціха працы чакала пары.


Воляй боскай у тую ж хвілінку

Трэ спытаць мне аб явах жыцця:

Як так можна пражыць без упынку

І не страціць надзей на працяг?


Я да дзеда з павагаю чуткай

Быў звярнуўся з пытаннем тады:

- Колькі, дзеду,

ты выкурыў скрутак?

Колькі выпіў ты глякаў вады?


І ад дзеда пачуў я ў навінку -

Думку мудрую прагна лавіў,

Можна веры там даць з палавінку,

Як дзед смагу жыцця наталіў:


- Бачыш, дзетка, той стог ля адрыны -

Столькі высмаліў скрутак махры

І вады, як у той азярыне -

Столькі выпіў, каб дух не змарыць.


Каб душа не растраціла цвердзі,

Я літоўку зрабіў для касьбы.

Хоць яна і была зданяй смерці,

Толькі з ёю жыву без бяды.


Правіць клопат гатова літоўка:

Час марнуе ў кутку - да пары,

Ну а там, ці касіць поплаў лоўка,

Ці ачоліць паўстання парыў...


Мне дзядулеў адказ павучальны

Ў сэрцы одум жывы спарадзіў.

Ён - турботны, але вызначальны,

Стаў парадаю слушнай на ўздзіў:


Каб народа жыццё шчыравала

І краіна свабодна жыла,

Тут літоўка ў кутку не драмала,

А заўжды пад рукою была.

Мікалай Шаравар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX