Pawet: № 52 (1359)
Вярнуцца: 2017

№ 52 (1359)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 52 (1359), 27 снежня 2017 г.


З Новым 2018 годам!

У нядзелю ў Менску адкрылі памятную дошку Рыгору Барадуліну

Памятную дошку Рыгору Барадуліну ўрачыста адкрылі 24 снежня 2017 года, на доме, дзе ён пражыў 34 гады, па адрасе: Мележа, 4. Ініцыятыва паходзіць ад журналіста Глеба Лабадзенкі, які арганізаваў збор сродкаў.

"Штурхальніку" ідэі журналісту Глебу Лабадзенку і старшыні Саюза мастакоў Беларусі Рыгору Сітніцу аператыўна ўдалося ўзгадніць усе пытанні з гарадскімі ўладамі. На барэльефе пазначана, што ў гэтым доме цягам 1980-2014 гадоў жыў і ствараў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Сабралася шмат людзей - у асноўным, мясцовых жыхароў. Прамаўляла жонка Валянціна Міхайлаўна Барадуліна, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, аўтар дошкі скульптар Ігар Засімовіч, паэты Уладзімір Някляеў і Міхась Скобла, мастак Аляксей Марачкін. Як адзначае Глеб Лабадзенка, "дошка выйшла ладная" - больш за 100 кілаграмаў бронзы памерам 140 на 70 сантыметраў. Аўтар праекту, як і валуна на магіле літаратара на Ушаччыне - скульптар Ігар Засімовіч.

- Справа зробленая - як гара з плеч, асабліва цешуся, што паспелі да Калядаў. Роўна ў гэтыя дні два гады таму мы адкрывалі "валун сівы і крыж на валуне" на магіле дзядзькі Рыгора ва Ушачах. Цяпер трохі спакайней, што ўдалося хоць нешта зрабіць для ягонай памяці, - дадаў ён.

Глеб Лабадзенка таксама выразіў падзяку "тым 145 АСОБАМ, якія ахвяравалі на гэтую дошку праз сайт talaka. by. Гэта МЫ яе павесілі, не наракаючы, што нехта там нам не вешае і не робіць".

Наступнай паводле Г. Лабадзенкі павінна быць дошка В. Быкаву.

Паводле СМІ. На здымках: Адкрыццё дошкі. 2. Глеб Лабадзенка, скульптар Ігар Засімовіч, Валянціна Барадуліна.


Зварот да ўдзельнікаў мясцовых выбараў-2018

Паважаныя сябры!

У лютым наступнага года ў нашай краіне адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Мы падтрымліваем тых кандыдатаў, хто вырашыў прыняць удзел у гэтай выбарнай кампаніі і актыўна выкарыстоўвае дзяржаўную беларускую мову падчас агітацыйных мерапрыемстваў.

Мы прапануем усім удзельнікам выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў ставіць пытанне аб адкрыцці беларускамоўных класаў, школ і гімназій у кожным раённым цэнтры, аб пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў візуальнай прасторы кожнага мястэчка і горада, у інфармацыйным вяшчанні мясцовых СМІ. Бо родная культура і мова - асноўныя чыннікі нацыі і незалежнай дзяржавы.

Сакратарыят ТБМ.

22 снежня 2017 г.


"Верасень" № 17

Выйшаў з друку чарговы, cямнаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Лізаветы Дзеручэнкі, Насці Падрабінкінай, Алены Быкавай, Крысціны Башарымавай, Кацярыны Массэ, Крысціны Баранавай, Надзеі Філон, Таццяны Крэнь, Людмілы Шчэрбы, Святланы Куль, Тамары Аўсяннікавай, Васіля Зуёнка.

Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Сяргея Белаяра, Валянціны Пісарчык, Анатоля Бароўскага.

У раздзеле "Пераклады" друкуюцца вершы Сібілы Алерама, перакладзеныя з італьянскай мовы Аксанай Данільчык.

Раздзел "Крытыка" адкрывае "вясёлкавае" эсэ Васіля Дранько-Майсюка, прысвечанае Марку Шагалу. Аб сваім "шляху да Беларусі" распавядае ў гутарцы з Эдуардам Акуліным старшыня культурніцкага фонду "Вяртанне" Павел Падкарытаў. Працягваюцца друкавацца запісы "з памятнай кніжкі" Леаніда Дранько-Майсюка. Сакрэтамі музычнай творчасці ў гутарцы з Аленай Масцеравай дзеліцца гурт "Haina". "Дыярыуш беларускага падарожніка" прапануе чытачам часопіса Юры Кур'яновіч. Творчы "ціск" маладой беларускай літаратуры замярае ў сваім аналітычным артыкуле літаратуразнавец Эдуард Дубянецкі. З чарговай рэцэнзіяй на новы раман Людмілы Шчэрбы "Урб@н.М: Адзін дзень майго жыцця" выступае крытык Анатоль Трафімчык.

Вокладка нумара - Дар'я Бунеева. Мастацкае афармленне - Валерыя Праслава. Ілюстрацыі - Ігар Свянціцкі.

Пытайце "Верасень" № 17 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas@gmail.com.

Наш кар.


Віктар Марціновіч: Герой года - беларуская мова

Выкажу сваё асабістае меркаванне. Называць кіраўніка Нацыянальнага банка Паўла Калаўра "чалавекам 2017 года" за тое, што ён вярнуў давер да беларускага рубля, - тое самае, што ўзнагароджваць галоўнага рэдактара "СБ. Беларусь сягоння" Паўла Якубовіча за захаванне Курапат. Унёсак у абодвух выпадках праглядаецца, але ні першы, ні другі - не галоўныя. У першым выпадку Кабякоў, Мацюшэўскі, Снапкоў ці нават Лукашэнка выглядалі б больш натуральна. Самай сумленнай была б узнагарода ўсіх, хто рашэнне рыхтаваў, прымаў і нёс адказнасць.

Але герой - гэта не толькі перамога, але і самота. Герояў не можа быць многа на гранітным пастаменце пераможцы. І калі вылучаць толькі аднаго трыумфатара, перавага якога была б неаспрэчнай, трывалай і не пакідала б пачуцця горычы, я б рызыкнуў назваць такім суб'ектам беларускую мову, якая наблізілася ўшчыльную да мяжы, за якой стаіць поўны легалайз.

Прыкметаў гэтага да халеры, і нядаўняя прапанова Ігара Марзалюка выкладаць па-беларуску гуманітарныя дысцыпліны - толькі адна з іх. Не так даўно я натрапіў на смешную перадачу на дзяржаўным тэлеканале, дзе вядоўцы, з цяжкасцю змагаючыся з беларускімі націскамі, прапанавалі гледачам патлумачыць сэнс беларускіх прыказак, такіх як: "Не ўсё кату масленіца" і "Без труда не выцягнеш і рыбку з пруда".

Калі ў мінулым годзе мы радаваліся, пабачыўшы рэдкую беларускамоўную рэкламу Samsung ці сіцілайт "Маё першае слова - "каханне", то цяпер родная гаворка сталася камунікатыўным мэйнстрымам, кшталту чорна-белай моды ў партрэтным фота сярэдзіны нулявых. Зазірніце, калі ласка, на сайт БРСМ і паглядзіце там стужку навінаў. Я не рабіў кантэнт-аналізу, але рускую мову тут хутка давядзецца вышукваць. Мова вяртаецца ў парламент.

Вяртанне мовы - рэч нашмат больш фундаментальная, чым мінулагодняя легалізацыя вышыванкі.

Вышыванка - толькі фрагмент глыбы, якая завецца Беларуссю. Сімвалізуючы ў першую чаргу [вельмі важную для нас] сялянскую культуру, яна не з'ядноўвае так, як гэта робіць мова. Мова - і для сялян, і для магнатаў, якія некалі сялян прыгняталі, і для горада, і для вёскі. Да таго ж вышыванку можна вярнуць, а потым забраць, і ніхто асабліва змены сімволікі дзяржаўных святаў не заўважыць. А вось аднойчы даўшы мову, з ратоў і галоваў яе хутка не выскубеш. Мова адраджаецца павольней, але і затрымліваецца ўчэпіста.

Зразумела, што беларусізацыя Беларусі - вынік працы канкрэтных людзей: тых, хто арганізоўваў моўныя курсы, падвышаў цікаўнасць да роднай літаратуры, вырабляў мабільныя праграмы і зазываў на кінапаказы. І я ўжо чую параўнанне гэтага (якога па ліку!) няпэўнага адраджэння мовы са стабілізацыяй беларускага рубля. Маўляў, проста кан'юнктура склалася так, што "вярхам" мова спатрэбілася, каб адасобіцца ад рускага царства. Але ў гэтым сутнасць любой палітыкі: ёсць энтузіясты, якія робяць тое, у што вераць, не азіраючыся на перспектывы; ёсць political entrepreneurs, якія рыхтуюць рашэнні, ёсць, нарэшце, акно магчымасцяў, якое заўсёды адкрываецца на непрацяглы час. І калі няма тых, хто ладзіў моўныя курсы, вырабляў мабільныя праграмы, выдаваў кнігі і зазываў на кінапаказы, палітычная плынь ідзе ў іншым кірунку. І замест абмеркавання гуманітарных курсаў ва ўніверсітэтах па-беларуску размаўлялі б мы пра шляхі выхавання рускамоўных студэнтаў, якія былі б патрыётамі нашага краю.

І так, усё напісанае вышэй не скасоўвае тэзаў, выкладзеных у маім нядаўнім артыкуле пра мадэрнізацыю беларускай нацыянальнай ідэі. Бо поруч з моўным легалайзам крочаць праблемы, якія пакуль незразумела як вырашыць.

Так, з мовай болей не змагаюцца, яе хочуць вярнуць ва ўніверсітэты, у тэлевізар і парламент, але абсалютная большасць беларусаў застаецца рускадумнай. Афіцыянт у кавярні можа прыгожа і без акцэнту павітацца з вамі, але калі вы запытаецеся, з якіх кампанентаў складаецца крамбамбуля, ён спатыкнецца аб "мажывельнік", і калі ў ягоным Андроідзе не ўсталяваны "Скарнік", пра "ядловец" не ўспомніць.

Палову стагоддзя таму задача была б значна прасцейшай: трэба было, каб большасць, здольная паразумецца па-беларуску, прывучыла да роднай гаворкі меншасць - тых, хто не паходзіў з вёскі, тых, хто пераехаў з іншых саюзных рэспублік, і да т. п.

Цяпер задача адваротная: меншасць мусіць засяліць, засвоіць сваім маўленнем велізарны стылы абшар большасці. Меншасць мусіць уцягнуць за сабой слухачоў "Рускага радыё", гледачоў ТНТ і камедый "Ёлкі".

Зразумела, што з двухмоўнымі (ці толькі беларускімі) законамі, беларускім выкладаннем ва ўніверсітэтах вяртанне беларускай пойдзе хутчэй. Але мова, як было адзначана вышэй, не толькі трымаецца ўчэпіста, яна яшчэ і адраджаецца павольна, з хуткасцю сталення генерацыі, пры якой яе дапусцілі ў ВНУ. І як я ўжо падкрэсліваў, працэс гэты зойме дзесяцігоддзі, і да яго заканчэння наша краіна будзе вымушана рускамоўнай.

Каб не змарнаваць першыя поспехі беларусізацыі Беларусі, дзяржава мусіць умацаваць тыя парасткі самавітай культурнай палітыкі, якія пачалі праглядацца ў 2017-м. Бо мала блакаваць непрыязную для беларусаў прапаганду. Прыбралі з тэлевізара - гледачы, якія не могуць не пырыцца ў якую-небудзь скрыню, пойдуць глядзець "правду про Белоруссию" на Юцьюбе.

Трэба ствараць свой экранны кантэнт, якаснае кіно на беларускай, таленавітыя серыялы, сінопсісы якіх не скапіяваныя з The Big Bang Theory. Трэба заахвочваць выдаўцоў ільготамі на беларускае кнігавыданне, трэба працягваць рабіць бачнымі тых герояў з чорных спісаў, якіх праз дурныя перасцярогі ўжо звольненага чынавенства прыбралі са сцэны, з эфіру, з белага свету.

Спадзяюся, мой тэкст па культурных выніках 2018 года не будзе пачынацца словамі "на жаль".

budzma.by. Фота Сяргея Гудзіліна.


Слова, якое стала Кнігай жыцця

19 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя выдання Новага Запавету, ажыццёўленага Каталіцкім касцёлам.

- Уцелаўлёнае Слова Божае - Езус Хрыстус - сталася кнігай, у якой запісана Яго вучэнне - адзначыў у сваёй прамове Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. - Яшчэ зусім нядаўна, у часы ганенняў, Біблію цяжка было знайсці са свечкай, а сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якая адзначае 95-годдзе свайго заснавання, адбываецца прэзентацыя першага поўнага Рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету. У ім прадстаўлена Слова, якое было напачатку, і якое стала Кнігай жыцця. Мы дзякуем працаўнікам Нацыянальнай бібліятэкі за гэтую магчымасць, што з'яўляецца знакам адкрытасці да ўзаемнага супрацоўніцтва ў імя духоўнага дабра нашага народа.

Першай друкаванай кнігай на славянскіх землях стала кніга не па матэматыцы, не па гісторыі ці па медыцыне, - падкрэсліў прамоўца. - Адна з крыніц нашай веры менавіта - Біблія. Наш зямляк і першадрукар не імкнуўся да зямной славы, а атрыманыя веды скарыстаў, каб падарыць нашаму народу Божае слова на роднай мове, Святое Пісанне, якое мы павінны зразумець, як самае каштоўнае сведчанне пра Бога і пра нашае збаўленне. Галоўным заданнем касцёла на сучасным этапе яго развіцця з'яўляецца новая евангелізацыя - абвяшчэнне дзейснага, заўсёды жывога Божага слова, новымі спосабамі і сучаснай зразумелай мовай.

Паколькі нацыянальныя мовы развіваюцца, то з'яўляюцца і новыя пераклады Евангелля. Усяго вядома каля 30 перакладаў на беларускую мову, ажыццёўленных духоўнымі і свецкімі асобамі. Дзякуючы новаму перакладу, мы дазваляем Езусу прапаведваць сёння, як Ён гэта рабіў 2000 гадоў таму. Кожная эпоха нясе свае культурныя змены. Прэзентаваны пераклад быў здзейснены за 15 гадоў.

Яго Эксэленцыя Мітрапаліт Т. Кандрусевіч падзякаваў секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла за вялікую працу, а таксама выдавецтву "PRO CHRISTO", якое рупіцца пра выпуск кніг з 2000 года.

- Мы з радасцю можам сцвярджаць, што падзей, якія сілкуюць нас духоўна, становіцца ўсё больш. Сведчанне гэтаму - сённяшняя прэзентацыя. Для нас, беларусаў, чыя мова на працягу стагоддзяў была пад ціскам і забаронай, вельмі важна, што мы можам звяртацца да Усявышняга на сваёй роднай мове. Падзея лучыць нас з усімі нашымі папярэднікамі, хто цярпеў і змагаўся за родную зямлю і родную мову. Няхай гэта кніга стане праўдзівай патрэбай для тых, хто прамаўляе Божае слова і для тых, хто шукае яго, - адзначыла старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.

Пра здзейсненую працу распавяла Марына Пашук, доктар біблійнай тэалогіі. Новая кніга выйшла накладам у 2000 асобнікаў у выдавецтве "Pro Christo". Ад іншых выданняў яна адрозніваецца тым, што ў ёй ёсць падзагалоўкі, якія дапамагаюць лепш арыентавацца ў тэксце. Кніга ўключае біблійны слоўнік, храналагічныя табліцы, карты місіянерскіх падарожжаў апосталаў.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі сказаў, што ён вельмі рады, што слову "бібліятэка" вяртаецца яго першапачатковае значэнне, што Новы Запавет папаўняе 9-ці мільённы збор галоўнага кнігасховішча і хочацца, каб слова Божае ўвайшло ў сэрцы людзей і перамяніла іх жыццё да лепшага.

Чытанне Новага Запавету паспрыяе ўмацаванню веры і жыццю ў любові, - на завяршэнне сказаў іерарх Каталіцкага касцёла.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. На прэзентацыі рыма-каталіцкага Новага Запавету; 2. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і Раман Матульскі; 3. У зале - Алена Анісім, Хрысціна Лялько і іншыя.


Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Качанавай Н. I.

вул. К. Маркса,38,

220016, г. Мінск

Шаноўная Наталля Іванаўна!

У нашу арганізацыю звяртаюцца грамадзяне са скаргамі на тое, што іх моўныя правы ў галіне заканадаўства і вядзення судовай практыкі не забяспечаны. У сувязі з гэтым узнікаюць канфліктныя сітуацыі, што вядзе да канфрантацыі і не спрыяе стабільнасці ў грамадстве.

Звяртаем Вашу ўвагу таксама на тое, што ў нашай краіне фактычна адсутнічае механізм і практыка прыняцця законаў на дзвюх дзяржаўных мовах. У свой час прымаліся розныя дакументы, у прыватнасці Пастанова Савета Міністраў у 2010 г., аб пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы, якія не былі рэалізаваны.

У сувязі з гэтым прапануем прыняць Указ аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, у якім прадугледзець не менш, чым 50% фінансавага забеспячэння на функцыянаванне дзяржаўнай беларускай мовы. Такое рашэнне паслужыць пашырэнню ўжывання беларускай мовы, паспрыяе кансалідацыі і стабільнасці ў нашым грамадстве, умацуе аўтарытэт дзяржаўных органаў.

З павагай, Старшыня ГА ТБМ А.М. Анісім.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Анісім А.М.

Аб разглядзе звароту

Паважаная Алена Мікалаеўна!

У Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот аб пашырэнні ўжывання беларускай мовы. Інфармацыя прынята да ведама.

З павагай,

Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце

са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Р.І. Шлык.


Аб ушанаванні памяці Казіміра Семяновіча

Грамадскаму аб'яднанню

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб стварэнні і ўстаноўцы

твора манументальнага мастацтва

Міністэрства культуры, сумесна з зацікаўленымі, разглядзела пісьмо грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па пытанні стварэння і ўстаноўкі помніка Казіміру Семяновічу, які распрацаваў тэорыю ракетнай зброі, і інфармуе.

Выдача Міністэрствам культуры заключэння аб мэгазгоднасці (немэтазгоднасці) стварэння і ўстаноўкі твораў манументальнага мастацтва ажыццяўляецца на падставе прапаноў мясцовых выканаўчых органаў улады з улікам патрабаванняў Палажэння аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372.

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, з улікам таго, шго Цэнтральны сквер з дэкаратыўнай скульптурай "Хлопчык з лебедзем" з'яўляецца аб'ектам аховы гісторыка-культурнай спадчыны другой катэгорыі, мяркуе магчымым прапанаваць устаноўку помніка К. Семяновічу на тэррыторыі ўстановы адукацыі "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь" пры ўмове ўзгаднення гэтай прапановы з кіраўніцтвам установы адукацыі.

Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю стварэння помніка К. Семяновічу і гатова вярнуцца да разгляду дадзенага пытання пасля ўнясення мясцовым выканаўчым і распарадчым органам матэрыялаў ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Разам з тым, пытанне аб устаноўцы помніка К. Семяновічу патрабуе дадатковай прапрацоўкі з вызначэннем месца і крыніц фінансавання.

Першы намеснік Міністра І.У. Дрыга.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

992. Рабкавец (Юлія) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Рабкава і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Рабкавец. ФП: рабко ('рабы', фармант -ко) - Рабко (мянушка, потым прозвішча) - Рабкава ('уладанне асобы з прозвішчам Рабко') - Рабкава (тапонім) - Рабкавец.

993. Рабухіна (Іраіда) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Рабуха і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рабухіна. ФП: рабуха ('пярэстая жывёліна', 'рабая жанчына', а таксама (спец.) 'хвароба тытуню і махоркі, пры якой на лістах утвараецца мноства бледнавата-жоўтых плямаў, ад чаго лісты становяцца дзіравымі') - Рабуха (мянушка, потым прозвішча) - Рабухіна.

994. Рабцэвіч (Валянціна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Рабко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рабц(к/ц)эвіч. ФП: рабко ('пра рабога чалавека', рабко) - Рабко (мянушка, потым прозвішча) - Рабцэвіч.

995. Радзівон (Вікторыя) - імя (з мовы грэкаў Rhodion 'жыхар Радоса') набыло ролю прозвішча (фіксуецца з 1558 г.).

996. Радзюк (Ірына) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Рада і значэннем 'нашчадак названай асобы': Радзюк. ФП: Рада (імя, ад рада 'радасная' (< радавацца)) - Рада (мянушка) - Рада (прозвішча) - Радзюк.

997. Ражко (Ірына) - другасная форма, першасная Ражок ці Ражка. Ражка - семантычны вытвор ад апелятыва ражка 'драўляная пасудзіна ў выглядзе цэбрыка з ручкай, прызначаная для розных гаспадарчых патрэб (зліваць ваду, даваць корм жывёле)'. Ражок - семантычны вытвор ад апелятыва ражок, які мае шмат значэнняў: 'маленькі рог', 'прадмет у выглядзе рога', 'плод ражковага дрэва ў выглядзе струка', 'лапатачка для надзявання абутку', а таксама назва рознага роду музычных інструментаў.

998. Развадоўская (Настасся) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Разводы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Разводаўская - Развадоўская.

999. Разіна (Наталля) - акцэнтаваная форма імя Разіна (<лац. roso 'ружа').

1000. Разумейка (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва разумейка 'той, хто разумее' ( разумейка), 'разумны', 'разумнік'.

1001. Разуменка (Наталля) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Розум і значэннем 'нашчадак названай асобы': Разуменка. ФП: розум ('здольнасць чалавека лагічна і творча думаць (мысліць), абагульняць вынікі пазнання', 'інтэлект (разумовае развіццё)' 'пра чалавека як носьбіта інтэлекту') - розум ('разумны чалавек') - Розум (мянушка) - Розум (прозвішча) - Розуменка > Разуменка.

1002. Райскі (Барыс) - семантычны вытвор ад апелятыва райскі 'які мае адносіны да раю', (перан.) 'прыгожы, чароўны', 'які дае многа радасці, задавальнення'.

1003. Райцаў (Д.Ф.) - вытвор з суфіксам -аў ад антрапоніма Райца і значэннем 'нашчадак названай асобы': Райцаў. ФП: райца ('той, хто раіць, рэкамендуе') - Райца (мянушка, потым прозвішча) - Райцаў. Або вытвор ад антрапоніма Райко (< Радзівон, імя, з мовы грэкаў ' Rhodion жыхар Радоса', Радько (з 1556 г.)).

1004. Райчонак (Ада) - вытвор з суфіксам -онак ад антрапоніма Райка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Райконак - Райч(к/ч)онак. ФП: Раіса (імя <грэч. 'лёгкая, пакорлівая') - Рая (гутарковае імя) - Райка (памяншальна-ласкальная форма) - Райчонак. Або ад антрапоніма Райко (ад апелятыва райко 'той, хто раіць') з суфіксам недаросласці -онак: Райч(к/ч)онак.

1005. Раінчык (Мадэст) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Раіна і значэннем 'сын названай асобы': Раінчык. ФП: Рэгіна (імя <лац. regina 'царыца') - Раіна (1594 г., народная форма) - Раінчык.

1006. Ракітны (Мікола) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка ракітны (дэрывата з суфіксам -н(ы) ад ракіта 'дрэва або вялікі куст сямейства вырбовых') 'які мае адносіны да ракіты, які складаецца з ракіт, зроблены з ракіты; ракітавы'.

1007. Ракоўская (Ларыса) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Ракаў і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Ракаўская - Ракоўская.

1008. Ракчэева (Алёна) - другасная форма, першасная Аракчэева (гл.).

1009. Раманцэвіч (Ірына) - вытвор з фармантам -эвіч ад антрапоніма Раманец і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Раманцэвіч. ФП: Раман (імя) - Раманец ('нашчадак Рамана' фармант -ец) - Раманцэвіч.

1010. Раменнікава (Ірына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Раменнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Раменнікава. ФП: рамень і рэмень ('доўгая палоса вырабленай скуры, моцнай тканіны, якая ўжываецца для звязвання, замацавання чаго-н. у якасці пояса для перадачы руху на шківе', 'дзве злучаныя перамычкай палоскі скуры (або тканіны моцнай заменніка) з спражкамі і ручкай для ўвязвання і пераносу ручнога багажу') - раменнік ('спецыяліст у вырабе рамены / рэменю') - Раменнік (мянушка, потым прозвішча) - Раменнікава.

1011. Рамза (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва рамза - нульсуфіксавага ўтварэння ад рамзаць (рэг.) 'румзаць' (часта і надакучліва плакаць).

1012. Рамук (Вера) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Раман (імя, лац. - Romanus 'рымскі, рымлянін') - Рома (народна-гутарк. форма) - Рома (празванне, потым прозвішча) - Рамук.

1013. Рапецкая (Святлана) - вытвор з фармантам -ецкая ад тапоніма Рапа і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Рапецкая. ФП: рапа (-ропа) 'вада салёных азёраў, марскіх заліваў з высокай канцэнтрацыяй соляў (выкарыстоўваецца дзеля лекаў)' - Рапа ('мясціна з лекавай вадой ропа') - Ропа / Рапа (тапонім) - Рапецкая.

1014. Распуцін (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва распуцін (< распуцен) 'распусны' (<распуста 'палавая разбэшчанасць, распуснае жыццё', 'пра таго, хто разбэсціўся, раздурэў').

1015. Растраповіч (Дзяніс) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Растропа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Растраповіч. ФП: растропа ('неакуратны, непрычасаны, лахматы чалавек; неахайнік') - Растропа (мянушка, потым прозвішча) - Растропавіч - Растраповіч.

1016. Раўгач (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва раўгач 'плакса', яго сінонім іншасуфіксавы аднакаранёвы вытвор роўг-ал-а (СНМЗ).

1017. Раўнапольскі (Максім) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Раўнаполле і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Раўнапольскі.

1018. Раўчук (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва раўчук 'невялікі ручай', 'невялікі равок', 'тое, што і раўчак'.

1019. Рафальскі (Уладзімір) - вытвор з фармантам -скі ад антрапоніма Рафаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рафальскі. ФП: Рафаіл (імя <ст.-яўр. repha`el 'Бог вылечыў') - Рафал (народная форма: 1556 г.) - Рафал (празванне, потым прозвішча) - Рафальскі.

1020. Рахман (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва рахманы 'памяркоўны ў адносінах да іншых, згаворлівы, дабрадушны'. Прыметнікавая форма рэканструявана ў назоўнік.

1021. Рахманенка (Алег) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Рахман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рахманенка. Гл. Рахман.

1022. Рахубік (Іван) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Рахуба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рахубік. ФП: рахуба ('падлікі, разлікі', 'карысць, выгада', 'сэнс') - Рахуба (мянушка, потым прозвішча) - Рахубік.

1023. Рахунок (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва рахунак 'дакумент з указаннем належнай сумы грошай за адпушчаны тавар ці выканую работу', 'разлік даходаў і расходаў'. Форма з о для адмежавання ад апелятыва: Рахунак - Рахунок (акцэнтаванне).

1024. Рачок (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва рачок - пам.-ласк. ад рак 'беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна з вялікімі клюшнямі каля галавы і жывоцікам, якое звычайна называюць шыйкай'.

1025. Рачыцкая (Анастасія) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Рачыкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Рачыкская - Рачыц(к/ц)кая.

1026. Ржэўскі (Браніслаў) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ржэўе і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Ржэўскі. ФП: ржэўе / іржэўе ('зжатае поле, астаткі сцяблоў ад зжатага збожжа'); Ржэўе (тапонім) - Ржэўскі.

1027. Родзік (Надзея) - народна-гутарк. форма імя Радзівон набыла ролю прозвішча.

(Працяг у наступным нумары.)


Гарадзенскі краязнаўчы каляндар

Пад Новы год пабачыў свет чарговы выпуск беларускамоўнага Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. Гэта - дзевяты выпуск

У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

Новы каляндар прысвечаны найгалоўнейшай падзеі ў гісторыі нашай краіны - 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сённяшняя Гарадзеншчына, а тады гэта Гарадзеншчына плюс Віленшчына, унесла выключны ўклад у падрыхтоўку і сам акт абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Таму кожны месяц адзначаны партрэтам аднаго з дзеячаў БНР як непасрэдна 1918 года, так і пазнейшых часоў. Гэта:

Васіль Захарка (в. Дабрасельцы, Зэльвенскі р-н), сябар Сакратарыята БНР (1918), Прэзідэнт Рады БНР (1928 - 1943);

Тамаш Грыб (в. Паляны, Смаргонскі р-н), сябар Рады БНР і яе Выканкама (1918), міністр БНР (1918);

Кіпрыян Кандратовіч (в. Зіневічы, Лідскі р-н), сябар Народнага сакратарыята БНР, міністр ваенных спраў БНР;

Макар Краўцоў (Касцевіч) (в. Баброўня, Гарадзенскі р-н), сябар Рады БНР (1918-1919);

Кс. Вінцэнт Гадлеўскі (в. Шурычы, Свіслацкі р-н), сябар Рады БНР (1918);

Ян Станкевіч (в. Арляняты, Смаргонскі р-н), сябар Рады БНР (1918);

Кс. Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля) (в. Навасады, Ашмянскі р-н), сябар Рады БНР (1918);

Вацлаў Іваноўскі (фальв. Лябёдка, Шчучынскі р-н), Міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918);

Ларыса Геніюш (м. Жлобаўцы, Ваўкавыскі р-н), Генеральны сакратар Урада БНР у эміграцыі (1943);

Язэп Сажыч (в. Гарадзечна, Наваградскі р-н), старшыня Рады БНР (1982-1997);

Ала Орса-Рамана (г. Наваградак), сябар Прэзідыума Рады БНР (наш час);

Хведар Нюнька (в. Алешавічы, Мастоўскі р-н ), сябар Прэзідыума Рады БНР (наш час).

Добра прадстаўлены ў календары і 155-я ўгодкі паўстання 1863 года. На Гарадзеншчыне паўстанне мела шырокі развой і суправаджалася шэрагам трагічных падзей.

Календары на 2010 -2017 гады мелі значны поспех і выклікалі вялікую зацікаўленасць на Гарадзеншчыне, у Менску і ў іншых мясцінах, куды траплялі, што і з'явілася асноўным стымулам для выдання календара на 2018 год.

Укладальнік календара - старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксей Пяткевіч, рэдактар Станіслаў Суднік.

Каляндар з'яўляецца пэўным крокам у развіцці гродзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гародні і рэгіёнаў на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары. Ужо на сёння календары перададзены ва ўстановы культуры Лідскага раёна, і там яны без справы ляжаць не будуць.

Наш кар.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў студзені

Адаська Віктар Акулін Эдуард Акуліч Аляксандр Алейнікаў Мікалай Сідаравіч Алесіна Ганна Міхайлаўна Аліева Марыя Рыгораўна Аляхновіч Мікалай Мікал. Андрасовіч Наталля Валянцін. Андрыш Андрэй Антонавіч Антаноўскі Мікалай Антанюк Ян Ігнатавіч Анціпенка Лявон Міхайлавіч Апейка Марыя Фёдараўна Аскірка Валянцін Фёдаравіч Ашкінадзэ Аляксандра Аляк. Ашуева Вера Яўгенаўна Бабровіч Вера Грыгор'еўна Баброў Яўген Ігаравіч Багданкевіч Святлана Мікал. Багданчык Таццяна Бакіноўскі Валянцін Баркоўская Настасся Баркун Любоў Сяргееўна Барткевіч Таццяна Фёдараўна Барысаў Лявон Аляксеевіч Барысевіч Аляксандр Вітольд. Батуеў Павел Батура Вольга Іванаўна Бахір Алена Белы Павал Аляксандравіч Бельковіч Алена Тадэвушаўна Бернат Міхась Язэпавіч Благачынны Фларыян Мікал. Болбас Данута Вацлаваўна Бохан Аліна Аляксандраўна Булыга Міхаіл Бурбоўская Алена Уладзімір. Бяліцкая Ганна Сцяпанаўна Бяляева Кацярына Уладзімір. Вагапаў Цімур Фанузавіч Варанцоў Міхаіл Ананіевіч Варатынская Галіна Аляксан. Варонька Ніна Адэльфонас. Васілевіч Алена Канстанцін. Віданава Ірына Аляксеўна Вінаградаў Віталь Вісловіч Эдуард Андрэевіч Водзіч Таццяна Водчыц Таццяна Мікалаеўна Выбарнаў Аляксей Анатол. Вярбоўская Надзея Гайдук Марыя Галавач Яўген Галай Вераніка Вячаславаўна Галушко Сяргей Анатольевіч Гапеева Вальжына Міхайлаўна Гаравы Марат Гарадко Галіна Станіславаўна Гарачанкова Юлія Аляксандр. Гарбачова Тамара Валер'еўна Гардзіенка Ала Андрэеўна Гасціловіч Уладзімір Всільевіч Гацак Максім Віктаравіч Гедроіць Аляксандр Генадзев. Герасёва Таццяна Андрэеўна Герман Таццяна Арсенцьеўна Гільвей Валянціна Грышкевіч Лявон Іосіфавіч Грэбенко Аляксей Уладзімір. Грэбень Раіса Гундзер Мацвей Уладзімір. Гуркова Каміла Мсціслава Ал. Гурская Людміла Гусарэвіч Максім Фёдаравіч Данільчык Валянцін Максім. Дашкевіч Віктар Мікалаевіч Дварэцкі Аляксей Вадзімавіч Дварэцкі Андрэй Вадзімавіч Дзям'янаў Аляксандр Улазім. Дзям'яненка Юлія Яўгенаўна Доўнар Павел Віктаравіч Драздоў Уладзімір Дранжкевіч Марыя Дробаў Іван Міхайлавіч Дубовік Ганна Уладзіміраўна Дуброўская Наталля Дудзянкоў Міхаіл Валер'евіч Дунецкі Анатоль Пятровіч Дычок Рэгіна Янаўна Езавіт Т. В. Елісееў Андрэй Ефімовіч Аляксандр Вячасл. Ефімоўская Дана Жарнасек Ірэна Францаўна Жук Аляксандр Мікалаевіч Жылінская Святлана Жынь Канстанцін Уладзімір. Заіка Зоя Міхайлаўна Закрэўская Ніна Зарубава Ганна Уладзіміраўна Захарава Кацярына Алякс. Збароўскі Эдуард Іосіфавіч Здановіч Ніна Іванаўна Землякова Ала Максімаўна Зімніцкая Ганна Ігараўна Зімніцкі Леанід Зорына Любоў Міхайлаўна Зубар Марына Уладзіміраўна Зылеў Уладзіслаў Дзянісавіч Іванковіч Уладзімір Уладзім. Івановіч Кацярына Анатол. Іваноў Віталь Юр'евіч Ігнатчык Алег Уладзіміравіч Іпатава Вольга Міхайлаўна Кабышаў Зміцер Кавальчук Таццяна Юр'еўна Казак Валянціна Казак Галіна Сцяпанаўна Казак Міхась Мікалаевіч Казак Сяргей Іванавіч Казлоўскі Алег Феліксавіч Калесніковіч Максім Калінка Святлана Міхайлаўна Каліноўская Марыя Калоднікава Алена Валянцін. Калядка Іна Канопкіна Таццяна Станіслав. Канус Марыя Іванаўна Капарыха Мікалай Уладзімір. Капуста Алена Міхайлаўна Карабан Станіслаў Вацлававіч Каралёнак Мікалай Мікалаев. Каратчэня Іван Адамавіч Карней Ігар Пятровіч Кароль Вольга Мікалаеўна Карповіч Уладзімір Леанідавіч Картузава Яўгенія Юр'еўна Карэнька Людміла Мікалаеўна Каспяровіч Ілля Алегавіч Касцееў Антон Сяргеевіч Касьян Марыя Віктараўна Кашнікава Кацярына Сярг. Кашчэева Людміла Каяла Уладзімір Іванавіч Кізееў Ігар Кісель Таццяна Аляксандр. Клімашонак Віталь Алегавіч Кліменценка Святлана Ульян. Клімуць Яраслаў Іванавіч Клямята Уладзімір Антонавіч Кніга Галіна Кожан Кліменцій Арсенавіч Козел Алена Аляксандраўна Коласава Алена Аляксандр. Корнеў Павел Іванавіч Котаў Павел Аляксандравіч Красоўская Таццяна Мікал. Красоўскі Лявон (Леанід) Мік. Красоцкі Ян Краўчук Ала Крол Вера Сяргееўна Крывальцэвіч Мікола Крывой Яраслаў Віктаравіч Крыж Сяргей Аляксандравіч Кузьмянкоў Генадзь Адамавіч Кулік Анатоль Міхайлавіч Кулінковіч Алена Анатольеўна Курцова Вераніка Мікалаеўна Курчанава Ларыса Вітальеўна Куцэпаленка Яўген Лабанава Наталля Андрэеўна Лабоха Канстанцін Валянцін. Лагвінец Аляксандр Іванавіч Лаеўскі Дзяніс Уладзіміравіч Лазарэнкаў Валянцін Дзмітр. Лазюк Аляксандр Лакішык Аляксей Рыгоравіч Ларычаў Алег Васільевіч Лашук Алег Пятровіч Ліпскі Канстанцін Аляксеевіч Лісоўскі Дзмітрый Ліцкевіч Наталля Ліцьвінчук Анатоль Лобан Павел Міхайлавіч Лобец Алесь Паўлавіч Лукашэнка Антон Уладзімір. Луцэвіч Аляксандр Сяргеевіч Лысенак Р.В. Лысы Аляксандр Уладзімір. Люліна Алена Канстанцінаўна Лявончык Алена Рыгораўна Магалінскі Ігар Уладзіміравіч Магучава Таццяна Васільеўна Магучая Галіна Малаковіч Надзея Якаўлеўна Маліноўскі Лявон Яўгеньевіч Малышава Людміла Яўгенаўна Малышка Іпаліт Міхайлавіч Малышчыц Ларыса Канстан. Малюк Марына Мікалаеўна Маляўка Марыя Маркоўская Кацярына Мікал. Мароз Аксана Пятроўна Мароз Таццяна Леанідаўна Марцынкевіч Марыя Масакоўскі Генадзь Уладзімір. Мацюшава Яна Аляксандр. Мельнікаў Юры Леанідавіч Мільнова Таццяна Мікалаеўна Мінько Марына Місілевіч Ксенія Аляксандр. Міхалева Варвара Міхалькевіч Людміла Мікал. Міханчык Нэлі Міхно Іна Станіславаўна Міцкевіч Людміла Сямёнаўна Мішкель Станіслаў Мішкоў Яўген Музычэнка Андрэй Мікал. Муша Уладзімір Мікалаевіч Мялешка Віктар Александр. Навагродскі Мечыслаў Аляк. Навахрост Кацярына Навуменка Валянціна Мікал. Нагорны Юры Аляксандравіч Нашчынец Канстанцін Мікал. Нікалаеў Аляксандр Яўгенавіч Нікіцін Аляксандр Аркадз. Новік Міхась Фаміч Норка Алеся Падабед Аляксандр Падгайская (Пярвушына) Г. С. Палубінская З. Г. Панкратава Наталля Сярг. Панчук Арцём Аляксандравіч Паплеўка Юлія Юр'еўна Патаранскі Сяргей Сяргеевіч Паўлючук Антон Пашкевіч Ілона Іосіфаўна Пісарэнка Аляксандр Васіл. Пляхневіч Тамара Пракаповіч Наталля Фёдар. Пракурат Яўген Андрэевіч Пратасаў Мікалай Пратасеня Юрый Аляксандр. Прымака Васіль Дзмітрыевіч Прыхач Віталь Іванавіч Прышчыц Валянціна Сцяпан. Псурцава Галіна Аляксандр. Пясецкі Генадзь Леанідавіч Пячкоўскі Франц Уладзімір. Рабянок Дзяніс Радзюк Міхаіл Міхайлавіч Раковіч Аксана Уладзіміраўна Рамановіч Вераніка Ролік Анісій Нікадзімавіч Роўкач Андрэй Рудзіч Алена Руцкая Алена Вітальеўна Рымша Сяргей Сабініна Лілея Іванаўна Савельеў Зміцер Віктаравіч Савуліч Мікалай Самонаў Алесь Іванавіч Самуйлік Яўген Рыгравіч Сарокін Андрэй Віктаравіч Саскевіч Алена Мікалаеўна Сасковіч Алена Саханчук Сцяпан Савельевіч Свентахоўская Валянціна Міх. Свістунова Алеся Аляксандр. Семянчук Альбіна Сівіцкі Уладзімір Уладзімір. Сіповіч Святаслаў Іосіфавіч Сірота Вінцэнт Уладзіміравіч Сітніца Рыгор Скамейка Сяргей Кузьміч Скрабатун Уладзімір Іванавіч Скрыпко М.А. Снітко Вера Снітко Тамара Стагначоў Уладзімір Фёдар. Судак Вікторыя Суша Тамара Мікалаеўна Сушчэня Анатоль Сцепанчук Надзея Уладзімір. Сытая Таццяна Сяргейчык Аляксей Мікал. Тамашоў Мікалай Васільевіч Тамашэвіч Аляксандр Уладз. Тамашэвіч Тамаш Іосіфавіч Тарасевіч Тамара Сафронаўна Трухін Уладзімір Фёдаравіч Украінка Сяргей Сяргеевіч Фёдарава Вольга Дзмітрыеўна Фёдарава Лілея Федаровіч Святлана Міхайл. Федзюшка Надзея Фядотаў Феакціст Фёдаравіч Хадановіч Маргарыта Міхайл. Хадоркін Мікола Фёдаравіч Хамайда Барыс Ханонавіч Хамец Міхась Дзмітрыевіч Харкова Аляксандра Дзмітр. Хмараў Сяргей Рыгоравіч Хомка Вячаслаў Міхайлавіч Храпавіцкі Станіслаў Іванавіч Царкова Ніна Канстанцінаўна Цітоў Ігар Віктаравіч Ціхачова Ганна Андрэеўна Цыбульская Людміла Віктар. Цяцеркін Мікалай Яўгенавіч Чайка Сяргей Чаркасава Любоў Восіпаўна Чарных Наталля Чарнякова Вольга Чачотка Анатоль Ільіч Чцепанчук Міхаіл Уладзімір. Чылек Міхал Паўлавіч Чырэка Алесь Шаклач Таццяна Шафарэнка Мікалай Мікал. Швец Алена Шкель Аліса Ігараўна Шунько Наталля Фёдараўна Шыбека Аляксандр Сяргеевіч Шыдлоўская Ніна Анатол. Шыман Дзмітрый Валянцін. Шыманец Алена Шышко Вадзім Аляксандравіч Юранкова Марыя Віктараўна Юхневіч Яўген Аляксандравіч Юхнель Мікалай Мікалаевіч Якавенка Яўген Яўгенавіч Якалцэвіч Марыя Антонаўна Якушава Аліна Мікалаеўна Янушкевіч Леанід Ярашук Глеб Алегавіч Ярашэвіч Галіна Андрэеўна Яўмененка Мікалай Алякс. Яўсеенка Жана Яцкевіч Уладзімір Антонавіч


Аб ушанаванні памяці Адама Кіркора

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Анісім А.М.

Аб ушанаванні памяці А. Кіркора

Паважаная Алена Мікалаеўна!

У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2017 г. №10/124-1469 Міністэрства культуры па выніках разгляду на ўзроўні Урада звароту грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб ушанаванні памяці А. Кіркора паведамляе наступнае.

Даведачна:Кіркор Адам-Ганорый Карлавіч (21.01.1818 - 23.11.1886) - гісторык, археолаг, этнограф, выдавец, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў м. Слівень Смаленскай губерні. Вучыўся ў Магілёўскай і Віленскай гімназіях. Служыў у Віленскай казённай палаце (1838-1864). У 1843-1858 гг. выдаваў у Вільна шэраг літаратурна-навуковых альманахаў і часопісаў. З 1849 года - член Віленскага статыстычнага камітэта, рэдактар "Памятнай кніжкі Віленскай губерні" (1850-1854). У 1850-1860 гг. - кіраўнік віленскай суполкі беларускіх, польскіх і літоўскіх літаратараў і дзеячаў культуры. З 1855 года - член археалагічнай камісіі, захавальнік Віленскага музея старажытнасцей, якому перадаў сваю археалагічна-этнаграфічную калекцыю. Член-карэспандэнт Імператарскага археалагічнага таварыства (1856 год), член Рускага геаграфічнага таварыства (1857 год). У 1859-1865 гг, - рэдактар газеты "Віленскі веснік". З 1859 года - уласнік друкарні ў Вільні. У1868-1871 гг. - адзін з выдаўцоў газеты "Новое время " ў Санкт-Пецярбургу. З 1872 года ў г.Кракаве вядзе лекцыі па гісторыі славянскіх літаратур, у тым ліку і беларускай. Праводзіў археалагічныя, краязнаўчыя і этнаграфічныя даследаванні ў Віленскай і Мінскай губерніях, дзе даследаваў каля 1000 курганоў. У сваіх работах адзначаў багацце, самабытнасць духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа, даў этнічную і сацыяльна-бытавую характарыстыку беларусаў. Як даследчык духоўнай культуры беларускага народа і літаратуразнаўца, садзейнічаў станаўленню новай беларускай літаратуры.

Да 200-годдзя з дня нараджэння А. Кіркора дзяржаўнай навуковай установай "Інстытут гісторыі НАН Беларусі" будзе праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 2017 годзе" (24-25 мая 2018 г., г.п. Мір), па выніках якой будзе выдадзены зборнік матэрыялаў.

Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь запланаваны ў студзені 2018 г. выпуск мастацкага маркіраванага канверта, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння А. Кіркора.

Мінскім гарвыканкамам накіравана ў Камісію па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска прапанова грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб прысваенні адной з вуліц г. Мінска імя Адама Кіркора.

Разам з тым, па пытанні прысваення імя Адама Кіркора аднаму з музеяў Беларусі трэба адзначыць, што пры наданні арганізацыі імя выбітнай асобы заснавальнікам арганізацыі ўлічваецца значэнне асобы для Рэспублікі Беларусь і адпаведнага населенага пункта, уклад асобы ў станаўленне і развіццё дадзенай арганізацыі. На практыцы музеі носяць імя той ці іншай вядомай асобы, якая з'яўляецца стваральнікам музея, або музей прысвечаны жыццю і дзейнасці дадзенага грамадскага дзеяча, дзеяча культуры і мастацтва.

Даведачна: Імя братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў - заснавальнікаў у г.Лагойску першага на Беларусі музея, носіць Лагойскі краязнаўчы музей. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей носіць імя Еўдакіма Раманавіча Раманава, аднаго з заснавальнікаў беларускай гуманітарнай навукі, вядомага гісторыка, краязнаўцы, педагога, заснавальніка Магілёўскага царкоўна-археалагічнага музея, фонды якога ў далейшым сталі асновай для стварэння Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Слонімскаму раённаму краязнаўчаму музею нададзена імя заснавальніка музея, археолага і краязнаўцы Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага, прыватная калекцыя якога стала асновай для стварэння Слонімскага музея.

Улічваючы вышэйзгаданае, на сённяшні дзень падстаў для надання імя Адама Кіркора аднаму з беларускіх музеяў не маецца.

Таксама паведамляем, што выпуск памятнай манеты да юбілею Адама Кіркора Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь не плануецца.

Прынятыя па Вашым звароце рашэнні могуць быць абскарджаны ў парадку, вызначаным артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Об обращениях граждан и юридических лиц".

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы В.М. Чэрнік.


Новы Год у Германіі

Навіны Германіі

Новы год (ням. Neujahr) - адно з каляндарных свят Германіі, адзначаецца ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня кожнага года. Пярэдадзень Новага года ў Германіі завуць Сільвестрам (ням. Silvester, радзей Sylvester) у гонар хрысціянскага святога, які сканаў 31 снежня 335 года.

Віншаванні

У Германіі віншуюць з наступленнем Новага года яшчэ да яго надыходу, жадаючы іншым "добрага слізгацення" (ням. Guten Rutsch) у святочныя дні. Слова Rutsch ("слізгаценне") паходзіць ад Рош Ха-Шана ("частка года", "пачатак года"), такім чынам жадаюць прыемнага пачатку года. Пасля наступу новага года, віншаванне змяняецца на Frohes Neues! ("Шчаслівага Новага года!").

Паколькі галоўным зімовым святам у Германіі з'яўляюцца Каляды, якія адзначаюцца 25 снежня, асноўныя віншаванні і падарункі прыпадаюць на Каляды. На Новы год прынята дарыць невялікія дробязі (ці абменьвацца імі), якія павінны прынесці шчасце ў новым годзе: невялікія фігуркі свінні, чатырохлістай канюшыны, камінара, пфеніга.

Імпрэза

У адрозненне ад Каляд, якія з'яўляюцца сямейным святам і спраўляюцца традыцыйна ў коле сям'і, Новы год у Германіі прынята спраўляць у шумнай кампаніі. Асабліва сярод моладзі прынята святкаваць у кампаніі сяброў дома ці ў клубе, на адмыслова арганізаваных вечарынках. Сярод старэйшага пакалення ў пярэдадзень Новага годы вялікім попытам карыстаюцца рэстараны, навагоднія балі, тэатральныя прадстаўленні ці канцэрты.

Варажба на волаве

У выпадку сустрэчы Новага года дома ці ў гасцях, збор гасцей адбываецца ўвечар 31 снежня. Пры гэтым застоллі ў Германіі не настолькі багатыя, як у Беларусі. Звычайна немцы абмяжоўваюцца лёгкімі закускамі, традыцыйнымі стравамі ў Сільвестр лічацца раклет і фандзю. Астатні час да поўначы праводзяць за праглядам традыцыйнага камедыйнага скетча "Вячэра на аднаго" і гульнёй у настольныя гульні. Тыповым заняткам таксама з'яўляецца варажба на волаве (свінцы) - расплаўленае волава выліваюць у халодную ваду і па застылай фігурцы спрабуюць прадказаць, што чакае ўладальніка фігуркі ў новым годзе.

Апоўначы прынята паднімаць куфлі з шампанскім і жадаць адзін аднаму шчасця і поспеху ў новым годзе. Пасля гэтага жыхары Германіі выходзяць на двор, каб паглядзець ці запусціць феерверк, затым працягваюць імпрэзу.

Навагодні стол

Традыцыйнымі стравамі ў пярэдадзень Новага года з'яўляюцца раклет і фандзю, якія настройваюць на працяглую вячэру і гутарку за сталом. Раней у навагоднюю ноч да стала падавалі карпа, але цяпер гэта традыцыя меней распаўсюджана. Існуе меркаванне, што серабрыстая луска карпа прынясе шмат грошай у новым годзе. Таксама папулярныя іншыя рыбныя стравы, напрыклад, чырвоная салата з селядца.

Таксама традыцыйным пачастункам з'яўляюцца берлінскія пончыкі. Часам жартам адзін з пончыкаў напаўняюць гарчыцай ці цыбуляй замест салодкага канфіцюра.

Сярод напояў, апроч шампанскага, распаўсюджаны крушон і пунш. У цэлым, у навагоднюю ноч немцы ўжываюць досыць вялікую колькасць алкаголю.

Феерверк

Важным атрыбутам для святкавання Новага года з'яўляецца феерверк апоўначы. У буйных гарадах феерверкі арганізоўваюць на цэнтральных пляцах, дзе збіраюцца гледачы. Многія прыносяць уласную піратэхніку, якую афіцыйна дазволена запускаць 31 снежня і 1 студзеня асобам старэйшым за 18 гадоў. Продаж піратэхнікі ў гандлёвых прадпрыемствах дапускаецца за тры працоўных дні да 31 снежня. У апошнія гады часта праводзяцца акцыі, пры якіх жыхароў Германіі заклікаюць выдаткаваць грошы на дабрачыннасць замест куплі на іх феерверкаў.

Тэлебачанне

На цэнтральным канале за некалькі гадзін да паўночы праходзіць прамы эфір з самай буйной вечарынкай Германіі ў Берліне ля Брадэнбургскіх варот, на якой штогод збіраюцца каля 1 мільёна чалавек. Таксама за некалькі гадзін да Новага года па тэлебачанні перадаюць Навагодні зварот федэральнага канцлера да народа.

Сярод перадач у пярэдадзень Новага года найболей папулярнымі з'яўляюцца: эпізод "Навагодні пунш" з тэлесерыялу "Адно сэрца і адна душа" і брытанскі камедыйны скетч "Вячэра на аднаго". Акрамя гэтага ў эфір выходзяць забаўляльныя перадачы: хіт-парад мінулага года, навагоднія вечарынкі, сімфанічныя канцэрты.

Вікіпедыя.


"Каложскі дабравест" і "Новы замак" - у Шчучыне

Творчы дэсант у сераду, 20 снежня, у складзе сяброў Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў і праваслаўных святароў Гародні і Шчучына "высадзіўся" у Шчучынскай цэнтральнай бібліятэцы. Бібліятэкары і жыхары Шчучынскага раёна шчыра віталі пісьменнікаў Дануту Бічэль, Юрку Голуба, Рычарда Бялячыца, Галіну Самойла, Валянціна Дубатоўку, а таксама святароў Паўла Каспяровіча з Гарадзенскага Свята-Пакроўскага сабора і айца Аляксандра са Шчучынскага дабрачыння. Дзякуючы сумеснаму праекту Гарадзенскіх Свята-Пакроўскага сабора і аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў літаратары і святары прэзентавалі паэтычны зборнік "Каложскі дабравест" і штогоднік "Новы замак". У гэты вечар ў Шчучынскай цэнтральнай бібліятэцы гучалі вершы гасцей, а бібліятэкі Шчучынскага раёна атрымалі ў падарунак зборнік "Каложскі дабравест" і штогоднік "Новы замак".

Барыс Баль, Радыё Рацыя, Шчучын.


Чалавечае вымярэнне гісторыі

У Менску ў Міжнародным прэс-клубе 19 снежня адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча "Мазаіка жыцця". Гэта ўжо 18-тая па ліку кніга нарысаў і інтэрв'ю журналіста і пісьменніка з героямі найноўшай гісторыі Беларусі. Яна выйшла ў выдавецтве "Медысонт" накладам 500 асобнікаў. У фокусе новага выдання - найбольш яркія дзеячы культуры канца ХХ-пачатку ХХI стагоддзя - Святлана Алексіевіч, Алена Анісім, Ігар Варашкевіч, Адам Глобус, Таццяна Грыневіч, Максім Жбанкоў, Алесь Камоцкі, Іван Кірчук, Віктар Марціновіч і іншыя.

Прадмову да кнігі напісаў праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які прыкмеціў галоўныя рысы творчасці аўтара:

- Ён - нястомны летапісец сёняшняга часу, без намаганняў якога разуменне беларускага свету было б значна бяднейшым. Адметнасць інтэрв'ю, дыялогаў у тым, што Аляксандр дае свайму суразмоўцу выгаварыцца. З кім бы ён ні размаўляў, ён няўлоўным чынам выклікае давер да сябе, і людзі няпростыя, негаваркія, некантактныя, раскрываюцца.

Як вядзецца звычайна на прэзентацыях кніг Аляксандра Тамковіча, большасць герояў прыйшлі на сустрэчу, каб выказаць словы падзякі, падзяліцца ўспамінамі.

- Заўсёды цікава чытаць пра жыццё, якое мы ствараем, - адзначыў адзін з герояў, Анатоль Тарас. - Кожны кладзе сваю цаглінку ў гісторыю краіны.

- Жывая гісторыя - папулярны кірунак у літаратуры, - заўважыла спадарыня Наталля Гардзіенка, якая ўзначальвае секцыю "Нон-фікшн" у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. - Важна занатаваць звесткі пра тых, хто робіць унёсак у сучасную культуру. Кнігі інтэрв'ю могуць выконваць функцыі даведнікаў.

Музыказнаўца Зміцер Падбярэзскі ўхваліў настойлівасць і мэтанакіраванасць аўтара, які выдае кожны год новы зборнік артыкулаў і інтэрв'ю, не зважаючы на эканамічныя крызісы і іншыя абставіны.

Былы старшыня суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў Генадзь Драздоў успрымае кнігу вобразна.

- Мазаіка - гэта кавалкі смальты, якія складаюць агульную карціну. Так і героі кнігі ствараюць агульны вобраз беларускай культуры.

- Мы жывём ў краіне Беларусь, а дзяржавы, якія тут пануюць, мяняюцца, - заўважыла доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая - Аўтар напісаў свае нарысы не пра герояў дзяржавы, а менавіта пра герояў краіны. Дзяржава грэбуе прадстаўнікамі культуры, зневажае сапраўдных творцаў. Але беларуская культура развіваецца па-за рамкамі дзяржавы.

Аляксандр Тамковіч з прафесійнай цікавасцю і чалавечым суперажываннем падыходзіць да асобаў і іх лёсаў, і адну за другой складае свае жывыя энцыклапедыі. Калега і прадаўжальнік справы Святланы Алексеевіч, збіральнік гісторый чалавечых жыццяў, ён запісаў аповед Нобелеўскай лаўрэаткі і ўключыў у сваю кнігу. Ён акрэсліў творчую магістраль пісьменніцы даўжынёй ў 40 гадоў, на якой сустракалася ўсё: забарона на друк, дэманстрацыйнае ігнараванне яе твораў і нават суд за сумленную кнігу пра Афганістан. Пра захапленне словам, веру ў яго моц і пісьменніцкія выпрабаванні падзяліліся думкамі з аўтарам Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч.

Былы вайсковы журналіст не фарбуе рэчаіснасць у ружовыя колеры і не стараецца прыхаваць рашучыя рысы ў характарах, праўдзіва паказвае пераломныя моманты і крызісы, якія даводзілася перажываць яго героям.

Акрамя летапіснай задачы аўтар выконвае важную псіхатэрапеўтычную функцыю - выслухоўвае аповеды людзей, перажыўшых небяспечныя сітуацыі - Чарнобыльскую аварыю, турэмнае зняволенне, кар'ерныя і палітычныя паразы.

На вечарыне паэт Уладзімір Някляеў адзначыў, што па дакументальных нарысах А. Тамковіча пра 19 снежня 2010 года, адлюстраваных у кнізе "Жыццё пасля кратаў", можна будзе калі-небудзь ствараць паўнавартасныя аповесці ці цэлы раман, бо характары ярка прапісаныя і падзеі зафіксаваныя.

Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая палягае ў тым, што мы здольныя недаацэньваць людзей, якія робяць вялікую культурніцкую справу, пры іх жыцці, не цікавімся і не ведаем пра лепшыя праявы нашых літаратараў, музыкаў, мастакоў, бываем абыякавымі да іх у паўсядзённасці, і толькі пасля іх адыходу выяўляюцца каштоўныя рысы творчасці і абставіны жыцця.

Кніга каштоўная тым, што аўтар праз інтэрв'ю паказвае, як яго героі Васіль Шаранговіч, Генадзь Драздоў, Алесь Пушкін і іншыя імкнулся рэалізаваць свае пакліканне ў мастацтве, праз якія церніі яны прабіваліся, якімі няпростымі і пакручастымі былі іх шляхі. Аўтара аб'ядноўвае з яго героямі сапраўдная цікавасць да разнастайных праяў у культуры, акрэсленасць і нязменнасць свайго маральнага выбару.

Да падзеі мастак Алесь Пушкін напісаў партрэт самога Аляксандра Леанідавіча з яго кнігамі. На вечарыне спевамі падзяліся Іван Кірчук, Таццяна Грыневіч і пляменнік спадара Аляксандра - Сяргей з Ашмянаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара На здымку: Зінаіда Бандарэнка, Аляксандр Тамковіч, Уладзімір Някляеў.


Суполка "Варта" ТБМ на гістарычным факультэце БДУ адзначыла 500годнасць беларускага кнігадрукавання!

Група студэнтаў на гістарычным факультэце БДУ з павагай ставіцца да нацыянальных поспехаў, культурных дасягненняў, і імкнецца да захавання і распаўсюджвання сярод моладзі беларускай гаворкі. Іх дзейнасць на факультэце даволі разнастайная: пастаноўкі п'ес на творы беларускіх драматургаў, арганізацыя музычных выступаў, правядзенне конкурсаў, вандроўкі па старажытных месцах краіны. Нядаўна ў суполцы прайшоў паэтычны конкурс "Шляхам Скарыны" прысвечаны 500-годнасці беларускага кнігадрукавання. Па выніках конкурсу пераможцам стаў студэнт 4 курса беларускамоўнай плыні Яўген Бодрыкаў. Другое месца падзялілі студэнт-магістрант Іван Прыстаўка і студэнт 2-га курса Аляксандр Паршанкоў. Ніжэй прадстаўленыя іх конкурсныя працы.


Мы не пакінулі цябе

Яўген Бодрыкаў

Не хвалюйся, не плач, не стагні ад бяссілля.

Беларусь! Я нікому цябе не аддам.

Ты - Айчына мая, ад Дняпра да Павілля,

Ад Асвеі да Піны ты - мой дом і мой храм.


Я такі не адзін, нас як мінімум сотні,

Тваіх верных сыноў, што цябе зберагуць.

Ноччу зімняй ці ў вечар спякотны, суботні

На твой першы кліч прыляцяць, прыбягуць.


Не прадалі цябе, не забылі, Радзіма,

І ад продкаў сваіх перанялі зарок:

Берагчы цябе нам, колькі будзе магчыма,

І варожых салдат не пускаць за парог!


Наша маці! З табой мы ў любыя гадзіны

Панясём Богам дадзены ўласны наш крыж.

Мы напружым і рукі, і ногі, і спіны

І падасць нам Гасподзь сваёй літасці звыш.

***

Ляжыць вакол і ўсё хавае снег

Зіма над Беларуссю ўжо пануе.

З гары чуваць дзяцей вясёлы смех,

І радасць над сталіцаю вандруе.


Снег не спыніць - ён зноў на нас ляціць,

Збялела цалкам доўгая алея…

Як мог зіму без снегу я любіць?

Як той зімой мог дыхаць без цябе я?


І свежае паветра ловіць нос,

Ён так стаміўся без халоднай стылі.

За шчокі нечакана ўзяў мароз…

Што мы з табою ў студзень той зрабілі?


Няхай танцуе сцюжа па дварах,

І снег ідзе бясконцаю чаргою

У нас ва ўсіх на нашых жа вачах…

Галоўнае - што зараз я з табою!

Пражскія студэнты

Сцягнуліся чорныя хмары няволі

Над мірнай краінай, над чыстай зямлёй.

У час той змяніліся даўнія ролі.

Пакрыўджаны помсціў рукою стальной.


Зусім маладая краіна-ахвяра,

Народ яе зноўку ў дзяржаве чужой.

Нязгодных таемна страляюць ля яра,

А армія проста сыходзіць дамоў.


Маўчанне. Здаецца, грамадская згода.

Здаецца, скарылі бяззубы народ.

Але не праходзіць і поўнага года -

Ўздымаюцца хвалі, хістаецца борт.


Студэнты, што ўзросту забітай Радзімы,

Выходзяць на свята пад кулі стралкоў.

Суровыя тварам, як поўначы зімы,

Заціснуты ворагам з розных бакоў.


Яны не зламалі чужога рэжыму,

Яны не спынілі вайну і тэрор.

А сталі за ўласную Маці-Радзіму

Ахвярай забойцы, што ўзнёс свой тапор.

Але яны выйшлі! Не сталі рабамі!

Не сталі маўклівымі сведкамі з'яў!

І тварам у твар, сутыкаліся лбамі

З забойчым рэжымам, што волю забраў.


Студэнты: звычайныя хлопцы, дзяўчаты,

Вы кінулі выклік на жудасны бой.

І хоць разагналі, разбілі вас каты -

Ідэю сваю вы пранеслі з сабой!


Крыві

Іван Прыстаўка

Вады патаемнасць і адданасць да зямлі

Гучным звонам саладзіла паветра.

Пілі з беларускіх крыніц,

што магутныя зубры

Шматвяковыя воіны свету.


Жыццё, што цягнулася ў жылах дубоў,

Белым лісцем шумела ўлетку,

Надавала і кветкам любоў,

Адчыняла з сонцам зімовую клетку.


Крыві не пазбегла радзімы каханне:

Палілі і нішчылі іншыя тут.

Натхніўшыся злосцю няслі пакаранне

Дажджом і крывёю нябёсы і люд.


Шкада, вельмі многа сышло да зямлі,

Ручаі пазбіралі пунсовыя лужы.

Часы… Адрадзілася ўсё: і лясы і палі;

І па венах маіх льюцца спадчыны слёзы.

У хаце

Надвор'е

Благое.

Цемра -

У вочы.

Котка

Прачнулася,

Да рук маіх

Крочыць.

Камін,

Агеньчык -

Цёпла

Ў хаце.

Трэскат

Вуголля,

Гарбата,

Калачык.

Кнігу

Гартаю -

Герой

Выжывае.

Момант

Натхнення -

Я

Засынаю.


Песня прыгнечаных

Аляксандр Паршанкоў

Нас прыгняталі кожны год і дзень,

Масцілі косткамі дарогі.

Ад нас застаўся толькі цень,

Ды й той, як смецечка, убогі.


А з нашых душаў моц і жар

Сышлі пад цяжкаю пятою.

Далі замест нам шчыры дар -

Кайданаў лязганне глухое.


Яно нам песняй у жыцці,

Святлом у ночы надмагільнай,

Адзіным шчасцем у закрыцці

Было, глухім і неадхільным.


Мы выйшлі з цемры да святла,

Ды толькі трапіліся ў пастку,

І зноўку пыльная мятла

Змяла з зямлі нас без астатку.

Мы наступілі на сябе,

І заблукалі ў лесе мар,

У безнадзейнай барацьбе

Не здуўшы з неба цемры хмар.


Замільгацеў прывід дзесь там,

Дзе зоры зыркаюць на нас.

Агеньчык сонца даў вачам

Надзею, і праз момант згас.


ВЕРШЫ ВОСЕНЬСКА - ЗІМНЯЙ ПАРЫ

Ігар Пракаповіч

ВЁСКА, ДЗЕ НЯМА СВЯТЛА

Засыпаюць клёны яркімі лістамі

Ціхія дварышчы апусцелых хат,

І ляціць над вёскай доўгімі начамі

Як салют апошні зыркі зоркапад.


У душы самотна, у душы тужліва.

Бо, здзічэўшы, вёскай

блудзіць цішыня.

У траве высокай даспяваюць слівы,

І паўзе грыбніца па вішнёвых пнях.


Хоць на вокнах дошкі,

ды разбіты дзверы,

І з паўзмроку хаты выглядае печ.

Абразок маленькі, кволы сімвал веры,

Ён у гэтых сценах, як чужая рэч.


Не спяе ўжо комін болей песні палкай,

І сям'я не сядзе снедаць ля стала.

І далёка дзесьці, у гасцях за чаркай

Хтосьці ўспомніць вёску,

дзе няма святла.

***

Самім сабою хочаш быць,

Ды ўсё - не тое… Ўсё - не тое…

Імклівы час кудысьці мчыць,

Ды не за мараю тваёю.


У нейкі тлум, у нейкі шал

Душа штодзённа патрапляе.

Ладдзю жыцця дзявяты вал

То ўздыме ўверх, то ўніз шпурляе.


І здасца, часам, што ладдзі

Ад хваляў тых не ўратавацца:

Не можаш вёсламі грабсці

І сіл не маеш, каб змагацца.


Але знянацку паміж хмар

Праменне сонцава праб'ецца:

І грозны сцішыцца абшар,

І лёгкі ветрык засмяецца.


Раскрые межы далячынь,

Цяплом напоўніцца прастора.

І панясе надзеі плынь

Душу ад мора і да мора.

***

Прыйшла зіма. Завеяй закружыла

Апошні ліст у снежнай мітусні.

У лужыне, што шклянкаю застыла,

Замільгацелі цені і агні.


Наліты цемраю халодны надвячорак

Глядзіць на горад вокам ліхтара.

Святло скупое льецца ў панадворак,

Дзе ў рост рванула снежная гара.


Ну што ж, зіма, пішы свае законы

На шыбах хат, на плынях ручаёў,

І рассылай свае сняжынкі-дроны

На касмадромы вуліц і палёў.


Нам ад цябе нікуды не схавацца.

Мы будзем проста

з табой побач жыць.

Часцей сябрам і сонейку ўсміхацца,

Яшчэ пяшчотней гэты свет любіць…

НА ЛЁДЗЕ

Вецер вее па лёдзе снягі

І жалобна пяе ў трыснягах.

Патанулі ў снягах берагі,

Трыснягі патанулі ў снягах.


Ні прасторы, ні часу няма,

Свет у белай віхуры плыве.

Весяліцца, гуляе зіма,

Трыснягі нетрывалыя рве.


Ты на лёдзе адзін між снягоў.

Белы вэлюм паўсюль і ва ўсім.

Ні пачуццяў, ні думак, ні слоў.

Ты - адзін…


Астравок беларушчыны ў моры забыцця...

24 кастрычніка грамада Магілёўскага ТБМ на чале з Алегам Дзьячковым выправілася ў чарговую вандроўку, як звычайна, вельмі цікавую і насычаную. А пачалі з ускладання кветак на магіле выбітнага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча ў Глушы. У гэтым годзе яму б споўнілася 90 год, на жаль, ён пайшоў з жыцця раней, але ўнёсак, які ён зрабіў у развіцце айчыннай літаратуры цяжка пераацаніць. Нездарма ж надмагілле - гэта вялізны цяжкі камень, такім ён і быў пры жыцці. Не зусім зручны ўладзе, але настолькі вялікі талент, як і яго сябар, Васіль Быкаў, што зрушыць было немагчыма.

Аддаўшы дань памяці, вырашылі прагуляцца па вёсцы. І першапачаткова ідзём да дома, у якім прайшло дзяцінства Адамовіча. Зараз ён не выкарыстоўваецца і пакрысе разбураецца. Ёсць ідэя зрабіць тут музей, але ж, як заўсёды, грошай, каб такім чынам ушанаваць памяць і даць магчымасць беларусам дакрануцца да жыцця і творчасці знакамітага суайчынніка, у дзяржавы няма. Зразумела, гэта не адзіная такая сітуацыя ў нашай краіне, аднак ўсё залежыць і ад нас таксама, створаны дабрачынны рахунак, і ўсе ахвочыя могуць пералічыць грошы на стварэнне музея.

Ёсць у Глушы яшчэ адна цікавостка - музей рамёстваў, які існуе яшчэ з 1980 года і павінен быў быць паўнавартасным этнаграфічным музеем пад адкрытым небам. Хоць зараз ён не працуе, але паглядзець ёсць на што. Адразу ўражвае драўляная царква Святога Панцеляймона 1880 года. Спачатку яна будавалася як стараверская, але ў нашы часы дзейнічае як праваслаўная. Адзінае, што псуе выгляд - бетонная агароджа вакол. Неяк не спалучаецца яна са старым будынкам, робіць яго амаль сучасным. Добра захаваўся і ветраны млын, што стаіць за дрэвамі побач. Прычым не толькі звонку, але і ўнутры. Ёсць усе асноўныя часткі - ад вялікіх колаў, што прыводзілі механізм у рух да жорнаў, якія малолі зярняты ў муку. Гэта стварае асаблівую атмасферу, дазваляе акунуцца ў жыццё канца 19 ст. Можна лёгка ўявіць сабе, як падвозілі на драбінах мяхі са збожжам, як падымалі іх на верх, як натужна, нібы нехаця, круціліся пад уздзеяннем ветру колы, а жорны рабілі сваю справу... Цудоўна, што такія рэчы дзе-нідзе яшчэ сустракаюцца, бо разглядаць малюнкі гэта адно, а пабачыць на свае вочы, зусім іншае. Дапаўняюць экспазіцыю "хата бедняка" і "хата багача". У апошняй размяшчаецца дзейная ганчарная майстэрня. Нажаль, патрапіць у яе мы не здолелі, бо па выходных яна не працуе. Але ўжо тое, што будынкі часткова выкарыстоўваюцца, а тэрыторыя даглядаецца, вельмі добра, бо дае надзею, што гэтыя помнікі драўлянага дойлідства канца 19 ст. не згубяцца ў віры часу і нашы нашчадкі таксама будуць мець магчымасць іх пабачыць.

Наступны пункт нашай вандроўкі - вёска Завалочацы, тут знаходзіцца палац паноў Жылінскіх 19 ст. Гісторыя гэтага палаца хоць і кароткая, але цікавая. Яшчэ ў 1886 годзе, калі Іосіф Жылінскі, геадэзіст, генерал ад інфантэрыіі вырашыў тут абаснавацца, яму спачатку прыйшлося зрабіць меліярацыю, бо значную частку тэрыторыі сучаснай вёскі займала балота. Некаторыя меліяратыўныя і дрэнажныя каналы і дагэтуль дзейнічаюць, а ў стаўку ёсць шлюз, які можна адкрыць і спусціць ваду ў раку. Пры Жылінскіх маёнтак быў драўляны, мураваны ў 1914 пабудавалі ўжо новыя ўладальнікі - Гатоўскія. Пасля рэвалюцыі прызначэнне будынка змянялася шмат разоў, быў тут і клуб, і бібліятэка, і кантора саўгаса, і нямецкая камендатура. Добра, што ніхто з гаспадароў нічога не перарабляў, таму будынак захаваўся ў першапачатковым выглядзе, толькі падчас вайны порцік галоўнага фасада быў зруйнаваны. Ад тых часоў так і стаіць. І гэта, нават, ужо не здзіўляе, колькі напаўразбураных помнікаў архітэктуры раскідана па нашай Радзіме. Але ж гэты палац усё ж вызначаецца сярод іх, бо не ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Чаму? З гэтым пытаннем, на якое наўрад ці ёсць адказ, едзем далей.

А далей нас чакае цэнтральная кропка вандроўкі - той самы астравок беларушчыны ў моры забыцця - музей Анатоля Белага, самы буйны прыватны музей Беларусі, які знаходзіцца ў Старых Дарогах. Дом беларушчыны, месца моцы Беларусі, цэнтр беларускай гісторыі, гістарычная Мека беларусаў - і ўсё гэта пра яго, бо толькі тут можна прасачыць фарміраванне і развіцце беларускай думкі і культуры ад вытокаў да сучаснасці, паўнавартасна адчуць сябе беларусам у Беларусі. Варта забіць толькі адзін крок за плот, і ты, падаецца, трапляеш у мару. Куды не кінь погляд - паўсюль родныя вобразы, ад якіх прыемна сціскае душу. Тут і помнік Ларысе Геніюш, выдатнай паэтцы, якая аддала свае сэрца любай Беларусі. Ды і ўвогуле цэлая Алея выдатных беларусаў з бюстамі бацькі і сына Багдановічаў, помнікам выдатнаму беларускамў гісторыку Міколу Ўлашчыку, Тадэвушу Касцюшку, братам Луцкевічам. На даху злева - адзіная ў Беларусі скульптура ў гонар змагароў Слуцкага паўстання "Тым хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына", а справа - выява кіраўніка паўстання 1863 г. Кастуся Каліноўскага.

А калі трапляеш унутр, то першае, на што падае погляд - карціна, на якой выява, як адчуваецца, прыгнечанай беларускай душы ў белым адзенні з цяжкім крыжом любові да Радзімы ў атачэнні катаў розных масцей і гістарычных перыядаў ад старажытнасці да нашых часоў. Наўмысна вісіць яна перад уваходам, каб адразу зачапіць і так ужо настроеные на неабходны лад струны душы наведвальнікаў. Бо выпадковыя людзі пабачыўшы безліч Пагоні навокал, наўрад ці адважацца зайсці. А паглядзець сапраўды ёсць што, музей змяшчае 8 тэматычных залаў, дзе размешчаны каля 1700 розных экспанатаў, сярод якіх зала гісторыі Беларусі з партрэтамі ўсіх князёў ВКЛ і іх радаводам, экспазіцыяй "Змагарная Беларусь", што сабрала выявы Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Эміліі Плятэр, герояў Слуцкага збройнага чыну. Літаратурны аддзел утрымлівае больш за 400 экспазіцыйных адзінак, прысвечаных Васілю Быкаву. Асобныя экспазіцыі прысвечаны Францішку Скарыну, Ефрасінні Полацкай, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу.

Сярод твораў беларускіх мастакоў, прадстаўленых у музеі, ёсць палотны, графічныя працы Гаўрылы Вашчанкі, Алеся Цыркунова, Аляксея Марачкіна, Леаніда Шчамялёва, Арлена Кашкурэвіча, Генрыха і Яўгена Ціхановічаў, Міколы Селяшчука і іншых мастакоў. Акрамя палотнаў і графічных лістоў сучаснікаў, у музеі прадстаўлены творы Язэпа Драздовіча, Уладзіслава Галубка, Пётры Сергіевіча, Міхася Філіповіча, Віталя Цвіркі, Івонкі Сурвілы. Вялікі збор медальёнаў, самы даўні з якіх каранацыйны медаль караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ 1700 г., рэдкая мапа Вялікага Княства Літоўскага са збору Радзівілаў і шмат-шмат чаго і ншага. Усё пералічыць немагчыма, трэба ехаць і глядзець на ўласныя вочы.

Калі, агледзеўшы па магчымасці ўсе залы, мы ўжо спускаліся на выхад з другога паверха, то міжволі аддалі паклон "Пагоні" (усяму віной нізкая столь), і на думку прыйшлі словы Міхася Стральцова з яго эсэ "Загадка Багдановіча" - "У нас багатая спадчына, паболей бы добрых спадчыннікаў".

Шкада пакідаць гэты цудоўны музей, але час ідзе няўмольна, а ў планах вандроўкі яшчэ адна мясціна - горад Слуцк, і мы едзем далей. Асацыяцыі, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтай назвай ўсім зразумелыя. Слуцкія паясы былі візітовай карткай горада яшчэ з сярэдзіны 18 ст. калі вырабляліся на мануфактуры, створанай у Слуцку вялікім гетманам літоўскім Міхаілам Казімірам Радзівілам. Канешне час моды на паясы даўно прайшоў, але дагэтуль слава слуцкіх паясоў выкарыстоўваецца нашай краінай. Нездарма ў нашыя часы быў створаны вытворча-культурны комплекс, які займаецца вырабам іх копій. Для гэтага спецыяльна ў Германіі стварылі ўнікальны станок, а ўвесь працэс можна пабачыць ужывую, бо цэх аддзелены ад музея, які знаходзіцца тут жа, толькі празрыстым шклом. На жаль, мы былі ў выходны дзень, але ж экскурсавод так цікава і падрабязна распавяла нам, як працуе як старажытнае, так і сучастнае абсталяванне, што мы адчулі сябе ўдзельнікамі падзей.

Ёсць у Слуцку і іншыя цікавосткі. Гэта і будынак былой мужчынскай гімназіі, заснаванай Янушам Радзівілам у 1617 годзе, і помнік Сафіі Слуцкай, заступніцы праваслаўя ў ВКЛ, і капліца святой велікапакутніцы Варвары, на месцы якой, згодна з легендамі болей за 900 год таму быў закладзены горад. Варта ўвагі таксама царква святога Міхаіла пабудаваная ў традыцыях народнага дойлідства з элементамі стыляў барока і позняга класіцызму напрыканцы 18 ст. Тут таксама пахаваны класік беларускай літаратуры Альгерд Абуховіч, магілу якома мы таксама наведалі.

Блукаць па Слуцку можна доўга, але ж цямнее, і мы выпраўляемся ў зваротную дарогу. Вось і скончыўся наш насычаны дзень, у ім было шмат цікавых мясцін і новых ведаў, а яшчэ вельмі шмат эмоцый, але дзеля гэтага мы і здзейснілі нашу вандроўку, таму хоць знясіленыя, але задаволеныя вяртаемся дадому.

Яўгенія Хмуровіч, Магілёў.


КАЛІ ДУША ГАВОРЫЦЬ ВЕРШАМ ДЫ ПІША АЛОЎКАМ СВЯТЛА

У Бабруйску пад назвай "Аловак святла" ўбачыў свет дэбютны зборнік Лілеі Касцян. У прадмове справядліва, на нашу думку, сказана, што вершаваныя творы паэткі з'яўляюцца своеасаблівым прыкладам лірычнайнай паэзіі, гучаць голасам шчырай і неабыякавай да навакольнага свету душы. Яны адметныя тым, што ў цэнтры ўвагі аўтаркі знаходзяцца вечныя пытанні, звязаныя з сэнсам жыцця, набліжэннем чалавека да вечнасці.

Ты стварыў, мой Божа, месяц нам і сонца,

Толькі людзі ў цемры ўсё яшчэ жывуць,

Ды ідуць у пекла чарадой бясконцай,

Злосць, адчай, нявер'е іх, сляпых, вядуць.

***

Ціха на калені ўстану і заплачу,

Кепскага нямала ў сабе я бачу,

Я схілюся долу, Божа, дай мне сілу,

Каб мне з гэткім сэрцам не сыйсці ў магілу.

Навучы, мой Божа, як мне асвяціцца,

Хай душы балючай рана загаіцца,

Каб любоў і радасць напаўнялі сэрца,

Ды каб мог хто іншы ля мяне сагрэцца.

Глыбока кранальнымі падаюцца радкі з апісаннем хараства роднай прыроды, з успамінамі дзяцінства.

ВОСЕНЬ

Маладзіцай на кірмаш прыбралася восень,

З залатых лясоў сукенка, хустка - неба просінь.

Раскідала па балотах завушніцы-журавіны,

Ды гараць на яе шыі цуда-пацеркі рабіны.


Распусціла над зямлёй водар яблык спелых,

Апранула восень світу, усю з туманаў белых.

Яна дбайна працавала ў лесе, полі, садзе.

Сабярэ цяпер тавары, у вазок свой сядзе,


Развітаецца й паедзе ў крышталёвы ранак,

Маразок ужо бярэцца, халадней світанак.

Над зямлёй закружыць снег, ранак пабялее,

Так зіма ідзе да нас і вядзе завеі.

***

Над хатамі дымок бруіць,

Ды пад нагамі снег рыпіць.

Прыгожы маладзік рагаты,

Дарогу свеціць нам да хаты.

Той дзіўнай ночы хараство,

Глыбока ў сэрцы залягло,

Заўжды, як бачу зоркі ноччу,

Па небе я ў дзяцінства крочу.

З глыбокім сардэчным жалем паэтка гаворыць пра заняпалы стан роднай мовы.

Няма беларусаў без роднае мовы…

За здраду прысуд быў заўсёды суровы,

Мы моваю продкаў сваіх пагарджаем,

Чужыя мы ведаем, роднай не знаем.

Яшчэ адным вершам Лілея Касцян выносіць суровы прысуд сучаснікам, а мо нават і некалькім мінулым пакаленням беларусаў:

Сваімі рукамі мы мову забілі,

Чужою для сэрца яе мы зрабілі,

Але пахавалі яе мы дарма,

Бо сталі народам, якога няма.


Няма беларусаў без роднае мовы,

За здраду прысуд быў заўсёды суровы.

Мы моваю продкаў сваіх пагарджаем,

Чужыя мы ведаем, роднай не знаем.


Але яна ў полі і ў лесе гучыць,

Бо мову зямлі немагчыма забіць,

Маліліся моваю продкі за нас,

Што ведалі Божы закон у свой час.


Маліцеся людзі аб роднае мове,

Па нашай зямлі хай пакрочыць у абнове,

Крынічкаю звонкаю хай загучыць,

Як чысты вясновы струмень зазвініць.


Бог птушкам даў мову, яны не мяняюць,

Салоўкі варонамі не заспяваюць,

Уласную мову даў кожнаму Ён,

Каб не будавалі мы зноў Бабілон.

Няма сумневу, што кожны, хто праз "Аловак святла" пазнаёміцца з творчасцю Лілеі Касцян, перажыве прыемныя моманты асабістага дакранання да духоўных вышынь, якія часам хаваюцца за шэрай будзённасцю і кампутарным рацыяналізмам сучаснага жыцця.

Ул. Бруйб сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.


Пра дзядоў не толькі на Дзяды

Зімовым днём Менская суполка імя Станкевіча зладзіла вечарыну-ўспамін пад назвай "Нашы дзяды". Госцем імпрэзы быў пісьменнік, ураджэнец Пастаўшчыны Янусь Малец. Сярод яго творчых набыткаў - дакументальная кніга "Таямніцы Хрыстовы", прысвечаная роднай вёсцы. Іван Вільгельмавіч распавёў гісторыю дзеда і бацькі, падзяліўся эпізодамі з часоў маладосці.

Пра свой радавод распавёў карэнны мінчук Святаслаў Лойка. Цікавыя звесткі пра слуцкага дзеда Сцяпана згадала вядоўца вечарыны, паэтка Галіна Каржанеўская. Прынамсі, што ейны дзед служыў у царскім войску і стаяў на варце ў пакоях Мікалая ІІ. Пасля сваіх згадак аб продках некалькі чуллівых песень праспявалі Уладзімір Еўтух і Сяргей Талстой.

На жаль, не хапіла часу на аповеды ўсіх прысутных. Вырашана прадоўжыць цыкл такіх вечарын на сядзібе ТБМ.

Галіна Зінкевіч.На здымках: Янусь Малец; выканаўцы С. Талстой і У. Еўтух.


Суполка ТБМ у Іркуцку "Крывічы" выдала новыя календары на 2018 год

Беларускі клуб "Крывічы", што функцыянуе ў Іркуцку, выдаў ужо традыцыйныя календары, але гэтым разам акрамя маленькіх кішэнных каляндарыкаў надрукавалі і вялікі насценны перакідны каляндар, у якім акрамя здымкаў з праведзеных самім клубам традыцыйных беларускіх святаў таксама падаецца апісанне гэтых святаў.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX