Вярнуцца: 2018

№ 05 (1364)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 5 (1364), 31 студзеня 2018 г.


155 гадоў таму назад - 1 лютага 1863 г. - Літоўскі правінцыйны камітэт заклікаў усіх ліцвінаў узяцца за зброю, Беларусь паўстала

1 лютага 1863 г. Літоўскі правінцыйны камітэт заклікаў усіх "ліцвінаў" узяцца за зброю і падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Абвяшчаўся Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі.

13 лютага 1863 г. у Шаўры да Людвіка Нарбута прыбыў ганец Вiленскага камiтэта з загадамi, адным з загадаў Людвiк прызначаўся вайсковым начальнiкам Лiдскага павета. Атрымаў ён i загад пра пачатак паўстання.

Нядоўга доўжылася падрыхтоўка да ад'езду, усё ўжо было гатова. Перад ад'ездам сабралася ўся вялiкая сям'я Нарбутаў. Людвiк быў апрануты ў старую камiзэльку, падбiтую аўчынай, i ўзброены рэвальверам, на баку вiсела старая каўказская шабля. Сястра Тэадора ўручыла яму харугву, вышытую ўласнымi рукамi, а ён перадаў ёй манiфест Камiтэта для ксяндза з Начы, каб заўтра прачытаць вернiкам. Людвiк захоўваў поўны спакой i пасля дабраславення бацькамi i развiтання з маладой жонкай i сваякамi, у суправаджэннi брата Баляслава i шасцi блiзкiх паплечнiкаў - сяброў маладосцi i сялян роднага маёнтка - з'ехаў з хаты. Праз некалькi кiламетраў ад хаты, у Салапацiскiм лесе, каля Эйшышскага гасцiнца, аддзел спынiўся - тут было месца збору паўстанцаў.

У першы лагер нарбутаўцаў, заложаны за тры вярсты ад Начы, у ноч з 13 на 14 лютага з групай у сем чалавек прыйшоў Леў Краiнскi з Грышанiшак.

Назаўтра, 14 лютага, сястра Тэадора прыехала да нацкага пробашча ксендза Готаўта i перадала яму манiфест. Готаўт у той жа дзень зачытаў манiфест паўстанцаў.

Паўстанне на землях былога Вялікага Княства Літоўскага перайшло ва ўзброеную фазу.


У Слоніме аднавілі ТБМ

Слонімская арганізацыя Таварыства беларускай мовы была створана ў канцы 1980-х гадоў. Яе ўзначальвалі розныя людзі, і шмат было зроблена добрых спраў на карысць роднай мовы. Але з цягам часу актыўнасць і дзейнасць кіраўнікоў арганізацыі спынілася, а яе сябры па розных прычынах непрыкметна адышлі ад працы ТБМ, хаця да сённяшніх дзён застаюцца прыхільнікамі роднай мовы. Сёлета на газету ТБМ "Наша слова" ў Слоніме, у параўнанні з мінулым годам, колькасць падпісчыкаў павялічыся, хаця ва ўсіх іншых гарадах і вёсках Беларусі яна значна зменшылася. У Слоніме сёння пражывае шмат цікавых людзей, якія актыўна прапагадуюць родную культуру, літаратуру, гісторыю і мову. Таму настаў час аднавіць Слонімскую арганізацыю ТБМ, што і было зроблена ў суботу 27 студзеня. У паседжанні прынялі ўдзел рэдактар газеты "Наша слова", намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік, актывіст ТБМ з Дзятлава Валер Петрыкевіч. Спадар Суднік пазнаёміў прысутных з дзейнасцю Лідскай арганізацыі ТБМ, адказаў на пытанні слонімцаў. Кіраўніком Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ аднагалосна была абрана Святлана Бушчык, намеснікамі - Сяргей Чыгрын са Слоніма і Уладзімір Кавальчук з Жыровічаў.

Святлана Бушчык, закончыла біяфак БДУ, у свой час узначальвала слонімскую арганізацыю "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

Першачарговай задачай з'яўляецца аднаўленне рэгістрацыі арганізацыі ў Слонімскім выканкаме.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтаркі.


180 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага

Кастусь КАЛІНОЎСКІ (Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі; 2 лютага 1838 - 22 сакавіка 1864) - нацыянальны герой Беларусі, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў; рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст, паэт. У наш час К. Каліноўскі лічыцца адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў свеце.

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павета (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы). Ахрышчаны 18 лютага ў Ялоўскім парафіяльным касцёле. У 1847-1852 гадх навучаўся ў Свіслацкай павятовай вучэльні, пасля заканчэння якой (1856) некалькі гадоў пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка (у валоданні Каліноўскіх з 1849 года), дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй.

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступенню кандыдата права.

Улетку 1862 года разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіном і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск "Мужыцкай праўды" - першай у гісторыі газеты на беларускай мове.

У 1862 годзе К. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэта (ЛПК) - цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання ў Літве-Беларусі. А ўвосень таго ж года стаў яго старшынём. Пасля роспуску ЛПК. К. Каліноўскага накіравалі на родную Гарадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.

У чэрвені 1863 года К. Каліноўскі мусіў вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі. У ноч на 29 студзеня 1864 года схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах. Павешаны на Лукішках у Вільні.

Вікіпедыя.


210 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Вінцэнт-Якуб (Вікенцій Іванавіч) ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ (4 лютага 1808, фальв. Панюшкавічы, Бабруйскі павет, Расійская імперыя, цяпер Бабруйскі раён Беларусі - 29 снежня 1884, Люцынка, Менскі павет, Расійская імперыя, цяпер Валожынскі раён Менскай вобласці; псеўданім: Навум Прыгаворка) - беларускі празаік, паэт, драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.

Скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча (1824). С. Богуш-Сестранцэвіч, знаходзячыся на пасадзе мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расійскай імперыі, узяў пляменніка ў Пецярбург, дзе падлетак Вінцэнт жыў у сярэдзіне 1820-х гадоў.

Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце (па іншых звестках - у Віленскам універсітэте) на медыцынскім факультэце, але не мог прызвычаіцца да анатаміравання і пакінуў вучобу.

Падчас паўстання 1863-64 гадоў абвінавачваўся ў распаўсюджванні "шкодных для ўрада" ідэй.

Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Менску, паставіўшы аперэту "Рэкруцкі яўрэйскі набор" (1841) і выканаўшы ў ёй адну з галоўных роляў.

Працаваў у розных літаратурных жанрах. У 1860-я - 1870-я гады напісаў камедыі "Пінская шляхта" і "Залёты".

Арганізаваў тэатральную трупу - першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў 1840-50-я гады...

Вікіпедыя.


План работы на 2018 год

Менскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

1. З бацькамі дзяцей, якія ў 2018/2019 навучальным годзе пойдуць у дзіцячыя сады і першыя класы школ, правесці гутаркі аб навучанні дзяцей на беларускай мове і ад імя рады абласной арганізацыі накіраваць у аддзелы адукацыі райгарвыканкамаў і ўпраўленне адукацыі Менскага аблвыканкама прапановы арганізаваць беларускамоўныя групы ў дзіцячых дашкольных установах і беларускамоўныя класы ў школах.

2. Прадоўжыць работу сярод жыхароў населеных пунктаў вобласці па арганізацыі гурткоў, клубаў, курсаў беларусазнаўства і вывучэння беларускай мовы.

3. Накіраваць прапановы кіраўніцтву Адкрытага акцыянернага таварыства "Мінаблаўтатранс", падраздзяленняў Беларускай чыгункі на тэрыторыі вобласці рабіць на беларускай мове аб'явы аб прыпынках у аўтобусах, дызель-цягніках і электрацягніках і надпісы на шыльдах з раскладам руху аўтобусаў або цягнікоў, а таксама інфармаванне пасажыраў на вакзалах.

4. Накіраваць кіраўнікам прадпрыемстваў розных формаў уласнасці прапановы выкарыстоўваць беларускую мову пры маркіроўцы і афармленні ўпакоўкі выпусканай прадукцыі.

5. Правесці сустрэчы з патэнцыяльнымі падпісчыкамі газеты "Наша слова", у тым ліку з удзелам сяброў рэдакцыйнай калегіі выдання; кожнаму сябру Таварыства беларускай мовы выпісаць газету "Наша слова".

6. Прааналізаваць выкарыстанне беларускай мовы на афіцыйным інтэрнэт-сайце Менскага абласнога выканаўчага камітэта і ў газеце "Мінская праўда"; пры неабходнасці ўнесці адпаведныя прапановы кіраўніцтву аблвыканкама і рэдакцыі газеты.

7. У мэтах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы:

накіраваць віншаванні кіраўнікам абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта, раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў;

ініцыяваць прысвечаныя святу публікацыі ў мясцовых сродках масавай інфармацыі, правядзенне "круглых сталоў" з удзелам журналістаў і пісьменнікаў;

правесці Агульнанацыянальную дыктоўку: першы этап - 21 лютага, другі этап - 15 сакавіка, трэці этап - 25 сакавіка.

8. Унесці прапановы рэдакцыям рэгіянальнага тэлебачання вобласці (Салігорск, Слуцк, Маладзечна, Барысаў) выпускаць у эфір тэлесюжэты на беларускай мове.

9. Адзначыць юбілейныя дні нараджэння беларускіх літаратараў, мовазнаўцаў - ураджэнцаў Мінскай вобласці, ініцыяваць публікацыі аб іх у мясцовым друку і газеце "Наша слова", арганізацыю ў бібліятэках выставак іх твораў, правядзенне сустрэч з чытачамі:

105-годдзе Антона Алешкі;

110-годдзе Станіслава Шушкевіча;

100-годдзе Алеся Бачылы;

70-годдзе Леаніда Якубовіча;

75-годдзе Мар'яна Дуксы;

65-годдзе Валянціны Аксак;

105-годдзе Васіля Івашына;

80-годдзе Івана Канановіча;

80-годдзе Уладзіміра Карызны;

215-годдзе Адольфа Янушкевіча;

70-годдзе Анатоля Бутэвіча;

110-годдзе Сцяпана Майхровіча;

100-годдзе Івана Грамовіча;

100-годдзе Міхася Пянкрата;

115-годдзе Хвядоса Шынклера;

195-годдзе Уладзіслава Сыракомлі;

60-годдзе Адама Глобуса;

115-годдзе Алеся Змагара;

195-годдзе Адама Плуга;

135-годдзе Язэпа Лёсіка;

75-годдзе Казіміра Камейшы ;

80-годдзе Ніны Маеўскай;

105-годдзе Аляксея Кулакоўскага;

225-годдзе Евы Фялінскай.

10. Прадоўжыць удакладненне арганізацыйнай структуры і колькаснага складу абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, перарэгістрацыю сяброў Таварыства, павялічыць іх колькасць.

11. Прыняць удзел у мерапрыемствах з нагоды:

80-годдзя ўтварэння Менскай вобласці;

100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі;

60-годдзя заснавання Салігорска;

630-годдзя першых пісьмовых звестак пра Маладзечна.

Ініцыяваць публікацыі аб гэтых фактах у сродках масавай інфармацыі.

12. Рэгулярна праводзіць сходы суполак, раённых і гарадскіх арганізацый Таварыства беларускай мовы з абмеркаваннем актуальных пытанняў іх дзейнасці з улікам рэгіянальных умоў. Увесці ў практыку планаванне сваёй работы і аналіз выканання гэтых планаў.

13. Развіваць супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі, якія дзейнічаюць у Менскай вобласці.

14. У раёнах вобласці правесці маніторынг моўнай сітуацыі і стану з моўнымі правамі іх жыхароў. Пры выяўленні парушэнняў дзейнага заканадаўства аб мовах накіроўваць прапановы па іх ухіленні ў мясцовыя органы ўлады.

15. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

16. Правесці абласны агляд-конкурс мясцовых сродкаў масавай інфармацыі па выкарыстанні ў іх публікацыях беларускай мовы.

17. Сістэматычна аналізаваць размяшчэнне ў населеных пунктах вобласці шыльдаў і банераў, прапановы аб выкарыстанні на іх беларускай мовы накіроўваць адпаведным установам і арганізацыям.

18. Прыняць удзел у кампаніі "Будзьма" з правядзеннем гістарычных і літаратурных сустрэч.

19. Работу абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы асвятляць на інтэрнэт-сайце Таварыства, у газеце "Наша слова" і мясцовых сродках масавай інфармацыі.

Зацверджаны радай абласной арганізацыі ТБМ 6 студзеня 2018 года.


Справаздача аб рабоце Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны за 2017 год

1. Прэзентацыя мемуарных кніг Міхася Амялішкі (12.01).

2. Вечарына да 25-годдзя гарадзенскага хору "Бацькаўшчына" (15. 01).

3. Прэзентацыя даследавання Івана Будніка пра ваенныя дзеянні на Гарадзеншчыне ў 1944 годзе (2. 02).

4. Творчы вечар гісторыка і пісьменніка Алеся Краўцэвіча (3. 03).

5. Вечарына памяці Міхася Ткачова (10. 03).

6. Вечар паэзіі. Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Маладыя паэты з Гародні (21. 03).

7. Прэзентацыя літаратурнага зборніка "Каложскі дабравест" (22. 03).

8. Абмеркаванне літаратурнага альманаха Гарадзенскага абласнога аддзялення СПБ "Новы замак" № 5 (24. 03).

9. Эліза Ажэшка і яе прыродны свет. Пра асобу і лёс пісьменніцы. Меркаванні чытачоў (28. 03).

10. Невядомае ў лёсах выдатных пісьменнікаў (Уладзімір Караткевіч, Зоська Верас, Ларыса Геніюш і інш.). Сумесна з гістарычным гуртком ГрДУ (12. 04).

11. Рэгіёны Гарадзеншчыны. Агульнае і адметнае (22.04).

12. Абласная краязнаўчая навуковая канферэнцыя школьнікаў. Сумесна з гімназіяй № 30 (22. 04).

13. Вечарына да 60-годдзя Міколы Таранды (11.05).

14. Прэзентацыя кнігі Яна Максімюка "Сто словаў" (12.05).

15. Справаздачна-перавыбарная канферэнцыя гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны (11. 06).

16. Усебеларуская дыктоўка ў Гародні. Тэкст Аляксея Каўкі. Чытаў А. Пяткевіч (6. 07).

17. Прэзентацыя зборніка прозы Валянціна Дубатоўкі "Чужы" (21. 07).

18. Вечарына паэтэсы Іны Снарскай (26. 07).

19. Сустрэча з гісторыкам і паэтэсай Святланай Сяльверставай (Святланай Куль). (29. 08).

20. Вечарына памяці Эдзіка Мазько (30. 08).

21. Візіт у ГарАНА наконт стварэння каардынацыйнай рады па арганізацыі беларускіх класаў (14. 09).

22. Гарадзенскія чытані (сумесна з абласной бібліятэкай). (28. 09).

23. Вечарына, прысвечаная жыццю і творчасці Зоські Верас (4. 10).

24. Вечарына Якуба Коласа (27. 10).

25. Прэзентацыя пасмяротнай кнігі Ігара Жука (28. 10).

26. Прэзентацыя гарадзенскага гістарычнага альманаха "Горад святога Губерта" (10. 11).

27. Да 135-годдзя Якуба Коласа. Вечарына (сумесна з філфакам ГрДУ). (11.11).

28. Прэзентацыя кнігі прозы Альжбеты Кеды "Шчонаўскія абраз'кі" (16. 11).

29. Вечарына памяці літаратуразнаўца Ігара Жука (19.11).

30. Прэзентацыя кніг паэзіі Дануты Бічэль і Андрэя Пяткевіча (10. 12.).

31. Пераднавагодні візіт у дзіцячы сад № 42 (з беларускімі групамі). (22. 12.).

32. Вечарына "Традыцыя гарадзенскіх календароў" (28.12.).

Адсочвалася падпіска на "Наша слова". Сабраны складкі сяброў за 2017 год. Наведваліся сходы бацькоў першакласнікаў. 14 школьнікаў у 2017 годзе пайшлі ў 1-ыя беларускія класы.

Старшыня Гарадзенскай гарадской рады "ТБМ імя Ф. Скарыны" Пяткевіч А.М.


Да 200-годдзя Адама Кіркора

Па прапанове ТБМ, якая была накіравана толькі ў пачатку студзеня, Белпошта вельмі аператыўна выпусціла мастацкі канверт да 200-годдзя Адама Кіркора.


"Дударскі Рэй - 2018" у Глыбокім

Глыбокае запрашае на другі фэст дударскіх рэгіёнаў "Дударскі Рэй - 2018", які сёлета адбудзецца 4-6 траўня. Свята дуды пройдзе пад міжнародны акампаніямент запрошаных гасцей з розных дударскіх рэгіёнаў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Шатландыі, Латвіі, Бельгіі, Сербіі і Харватыі. У адрозненне ад дэбютнага фэсту, сёлета падзея стане ажно трохдзённай і абяцае сабраць шматлікіх прыхільнікаў гэтага старажытнага беларускага інструмента.

Больш пра фэст можна даведацца на старонках:

https://vk.com/dudarskirej

www.facebook.com/DudarskiRej


Публіцыст-эколаг, змагар за родную мову застанецца ў памяці народа

Пайшоў з жыцця Васіль Якавенка, першы старшыня аргкамітэта БНФ

22 студзеня памёр беларускі пісьменнік, эколаг, грамадскі дзеяч Васіль Якавенка. Пра ягоны адыход паведаміў унук пісьменніка Ян Мачульскі.

"Памёр мой любы дзядуля, мой гонар, мой выток, Васіль Цімафеевіч Якавенка. Ён да апошняга быў барацьбітом за праўду і справядлівасць і паклаў сваё жыццё на тое, каб жыла Беларусь. Ён быў тым, хто праз сваю дзейнасць ратаваў нашу зямлю ад наступстваў радыяцыйнай навалы і тым, хто ўратаваў ад новай экалагічнай катастрофы, спыніўшы высушэнне Палесся яшчэ ў сваёй маладосці. Ён быў ахоўнікам нашага народа і нацыі", - напісаў Ян Мачульскі.

Васіль Цімафеевіч Якавенка нарадзіўся 5 траўня 1936 года ў вёсцы Пажыхар (сёння - Светлагорскі раён). Сімвалічна, што дзень яго нараджэння супаў з Днём друку.

У 1956 годзе ён скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці "геолаг", пазней - БДУ. Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах.

В. Якавенка пачаў выступаць у друку ў 1957 годзе, друкаваў літаратурныя нарысы ў часопісе "Полымя" . Яго першая аповесць "Пакуль сонца ў зяніце", была прысвечана былой партызанскай сувязной Марыі Крышталевіч.

Пра пісьменніка гавораць яго творы і шырокая грамадская дзейнасць. Не адно дзесяцігоддзе ён узначальваў Сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль", у гарачы, тлумны і трывожны час пасля выбуху рэактара выпускаў газету "Набат", аздараўляў дзяцей у адкрытым ім разам з японцамі санаторыі пад Менскам. Яшчэ раней у 1980-я гады ён актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекту і выратаваў раку Прыпяць ад спрамлення і знішчэння, а яе пойму - ад ператварэння ў пустыню.

Менавіта Васіль Якавенка ў 1988 годзе быў першым кіраўніком аргкамітэта па стварэнні Беларускага Народнага Фронту. Але літаральна праз некалькі дзён у аргкамітэце адбыліся перавыбары, і яго ўзначаліў Зянон Пазьняк. Сам Якавенка адышоў ад БНФ.

Кнігі публіцыстыкі Васіля Якавенкі "Другой зямлі не будзе", "Крушэнне над ростанню", "Прывіды Шанхая над Свілаччу", " Нячывелле" прысвечаны хвалюючым тэмам: экалогіі, ядзернай бяспецы, захаванню архітэктурнай спадчыны, абароне роднай мовы. Яго пяру належаць публіцыстычныя аповесці, экалагічныя нарысы, п'есы і раман-эпапея "Пакутны век".

Трылогія пісьменніка "Пакутны век" выходзіла ў Менску ў 2006 - 2009 гадах. Крытыкі называлі яе беларускай "Вайной і мірам", па кнізе прайшла міжнародная чытацкая канферэнцыя. У 2015 годзе ў Санкт-Пе-цярбурзе кніга выйшла на рускай мове пад назвай "Надлом. Кручина вековая".

У 2015 годзе В. Якавенка выдаў брашуру "Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве", прысвечаную беларускаму філосафу Мікалаю Крукоўскаму, у якой ён асвятляў умовы, варункі і варыянты сацыяльна-палітычнага і нацыянальнага развіцця ў дзяржаве.

"Галоўны скарб Беларусі - гэта яе жыхары, таленавітыя, добразычлівыя, кемныя, -падкрэсліваў пісьменнік у брашуры. - Мы павінны берагчы сваю культуру, рашуча захоўваць сваю самаідэнтычнасць, развіваць самасвядомасць".

За плён у літаратурнай і грамадскай дзейнасці Васіль Цімафеевіч Якавенка ў 2016 годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У канцы 2017 года выйшла кніга В. Якавенкі "Абярэг", якую ён паспеў перадаць з дарчым надпісам сябрам ТБМ у Менску.

Сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і ТБМ імя Францішка Скарыны выказваюць свае шчырыя спачуванні родным спадара Васіля. Вечная яму памяць!

Пісьменнік быў пахаваны на Заходніх могілках у Менску.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.На здымку: Кнігі В. Якавенкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папяр. нум..)

1161. Соніч (Наталля) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Соня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Соніч. ФП: Софія (імя, <грэч. sophia 'мудрасць') - Соня (народны варыянт) - Соня (празванне, потым прозвішча) - Соніч.

1162. Сотнікаў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сотнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сотнікаў. ФП: сотнік ('начальнік сотні воінаў у Старажытнай Русі', 'у Расіі: афіцэрскі чын у казацкіх войсках', 'асоба з гэтым чынам') - Сотнік (мянушка, потым прозвішча) - Сотнікаў.

1163. Спадабаеў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў (-эў) ад антрапоніма Спадабай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Спадабайэў - Спадабаеў. ФП: спадабацца ('выклікаць пачуццё сімпатыі да сябе', 'выклікаць схільнасць (у асоб іншага полу)', 'атрымаць задавальненне ад чаго-небудзь') і спадабаць ('пакахаць, закахацца', 'прысціся да густу, спадабацца') - спадабай ('той, хто спадабаўся, спадабаў; фармант - ай: спадаб-ай') - Спадабай (мянушка, потым прозвішча) - Спадабаеў.

1164. Спірыдовіч (Алёна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Спірыд і значэннем 'нашчадак названай асобы': Спірыдовіч. ФП: Спірыдон (імя <грэч. Spyridon <лац. Spurius < spurius 'пазашлюбны' (народжаны)) - Спірыд (народная форма) - Свірыд (прозвішча) - Спірыдовіч. Бытуе і ў форме Свірыдовіч (ад Свірыд, з 1577 г.).

1165. Спорыш (Ганна) - акцэнтаваны семантычны вытвор апелятыва спарыш 'два спараныя прадметы' (каласы, плады, арэхі і пад.)', 'два злучаныя гліняныя гаршчочкі з ручкай, у якіх насілі ваду ў час палявых работ'.

1166. Ставер (Алесь) - другасная форма (скарочаная) ад першаснай Старавер - семантычны вытвор ад апелятыва старавер 'чалавек, які трымаецца старой веры, не прымае царкоўнага расколу (17 ст. у Расіі) і варожа адносіцца да афіцыйнай праваслаўнай царквы', а таксама (перан.) 'той, хто трымаецца старых поглядаў, старых звычак (устар., жарт.)'.

1167. Стадольнік (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва стадольнік 'той, хто абслугоўвае стадолу (мае дачыненне да яе) (хлеў, адрыну, гумно, канюшню, (перан.) 'вялікі маёнтак')'.

1168. Стадуб (Іван) - скарочаная форма ад Старадуб (з выняткам ўсярэдзіне сегмента -ра-: Ста(ра)дуб (параўн. Ставер (< Ста(ра)вер, якое ад стары дуб: старадуб).

1169. Стамінок (Наталля), відаць, другасная форма, першасная Стамёнак - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Стома і значэннем 'нашчадак (сын) названай асобы': Стомёнак - Стамінок. ФП: стома ('стомленасць') - Стома (мянушка, потым прозвішча) - Стамёнак - Стамінок (з пераносам націску на апошні склад і заменай "ё" на "і").

1170. Станіслаўскі (Канстанцін) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Станіславова і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Станіслаўскі. ФП: Станіслаў (імя слав. ад асноў "станавіцца" і "слава") - Станіславова ('уладанне Станіслава', тапонім) - Станіслаўскі.

1171. Старавойтаў (Дзмітрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Старавойт і значэннем 'нашчадак названай асобы': Старавойтаў. ФП: старавойт (ад спалучэння стары войт; войт (польск. wojt): у сярэдневяковай Польшчы, Украіне, Беларусі - начальнік гарадскога пасялення; старшыня сельскай грамады) - Войт (мянушка) - Войт (прозвішча) - Стары Войт - Старавойт - Старавойтаў.

1172. Старцава (Яна) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Старац і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Старцава. ФП: старац (апелятыў з рознымі значэннямі: 'тое, што і жабрак'; у вернікаў: манах, духоўны кіраўнік; 'паважаны чалавек'); стары - старац (празванне) - Старац (прозвішча) - Старцава.

1173. Старчанка (Віталь) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Старац і значэннем 'нашчадак названай асобы': Старч(ц/ч)анка. ФП: старац ('тое, што і жабрак'; а таксама 'манах, настаўнік вернікаў') - Старац (мянушка, потым прозвішча) - Старчанка.

1174. Старынская (Таццяна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Старына і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці': Старынская.

1175. Старых (Мікалай) - форма роднага склону множнага ліку ад антрапоніма Стары - семантычны вытвор ад мнагазначнага апелятыва стары: 'які дасягнуў старасці'; 'які даўно ўзнік; існуе доўгі час'; 'якім доўга карыстаюцца, паношаны'; 'мінулы, які даўно прайшоў, не сучасны'; 'які быў раней, папярэднічаў каму-н., чаму-н.'; 'зроблены, створаны даўней і які захоўваўся да цяперашняга часу, даўнейшы', лічыцца, што гэтая форма - Р.мн. - ўзнікла ў Сібіры, дзе існавалі вялікія сем' і з адным прозвішчам. На Беларусі такія прозвішчы часам узнікаюць для адмежавання ад шматлікіх антрапонімаў у форме адзінокага ліку. Так, на Гродзеншчыне (Скідзельшчына) народзінец Сыты (Уладзімір), былы службовец-вайсковец, стаў: Уладзімір Сытых.

1176. Стасько (Ніна) - народна-гутарковая форма канан. імя Станіслаў (слав. 'станавіцца славай'): Стась (з 1528 г.) - набыла ролю прозвішча.

1177. Статкевіч (Мікола) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Статак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Статкевіч. ФП: статак ('чарада якіх-н. звяроў, птушак'; 'жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам') - Статак (мянушка) - Статак (прозвішча) - Статкевіч.

1178. Стаўбунік (Ала) - семантычны вытвор ад апелятыва стаўбунік - памянш. ад стаўбун 'высокі, тонкі' (пра чалавека - СНМЗ).

1179. Сташко (Раман) - народна-гутарк. форма ад Стахій (<грэч. stachys 'колас') набыла ролю прозвішча.

1180. Стральчэня (Віктар) - вытвор з фармантам -эня ад антрапоніма Стралец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Стральч(ц/ч)эня. ФП: стралец (апелятыў, які мае два значэнні: у рускай здяржаве 16-18 стст.: 'службовец асобнага пастаяннага войска'; 'тое, што і стралок') - Стралец (мянушка) - Стралец (прозвішча) - Стральчэня.

1181. Страхар (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва страхар 'рабочы, які крые стрэхі' ( страхар).

1182. Стрыжак (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва стрыжак - варыянт ад стрыж 'невялікая птушка цёмнай афарбоўкі, з кароткай дзюбай і з доўгімі вострымі крыламі'; пар. корч - карчак.

1183. Студзінская (Іна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Студзінка і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Студзін(к)ская.

1184. Ступакевіч (Валерый) - вытвор з суфіксам бацькаймення - евіч ад антрапоніма Ступак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ступакевіч. ФП: ступак ('частка нагі ад костачкі ўніз; ступня; абутак на ступні ног') - Ступак (мянушка, потым прозвішча) - Ступакевіч.

1185. Стэпусь (Васіль) - варыянт імя Стэпан ( Сцяпан <грэч. 'вянок') з экспрэс. суфіксам -усь: Стэпусь. Параўн. Габрыэль - Габрусь, Павел - Паўлусь.

1186. Суворава (Карына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Суворы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Суворава. ФП: суворы ('суровы', 'нелюдзімы, сугней' - Даль), 'упарты чалавек' (Нас.), 'суровы, бурклівы, злосны', 'рабы, васпаваты' (Даль) - Суворы (мянушка, потым прозвішча) - Суворава.

1187. Сугней (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва сугней 'нелюдзімы, дзіклівы, пануры чалавек'.

1188. Сукала (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва сукала 'прылада для сукання нітак на цэўкі'.

1189. Сукманаў (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сукман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сукманаў. ФП: сукман (рэг. 'світка' - Слоўнік… паўночна-зах. Беларусі, т 5, с. 14) - Сукман (мянушка, потым прозвішча) - Сукманаў.

1190. Суконка (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва суконка `кавалак, шматок суконнай тканіны`.

1191. Сулейка (Эдвард) - семантычны вытвор ад апелятыва сулейка 'вялікая бутэлька, бутля'.

1192. Суліменка (Аляксандр) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Суліма і значэннем 'нашчадак названай асобы': Суліменка. ФП: Суліма (імя чэчэнска-інгушскае -араб. Сулейман) - Суліма (мянушка, потым прозвішча) - Суліменка.

1193. Суравіцкі (Віталь) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Суравічы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча' - Суравічскі - Суравіцкі. ФП: суравы ('нябелены, натуральнага колеру пражы (пра палатно, ніткі)') - Суравіч (бацькаймен-не) - Суравічы (тапонім) - Суравіцкі.

(Працяг у наст. нумары.)


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым

Абраменка Эдуард Якаўлевіч Абрамовіч Адэлаіда Паўлаўна Амурак Вольга Іванаўна Андруцэвіч Станіслаў Вячасл. Ануфрыенка Валянціна Арабей Вольга Анатольеўна Аскерка Валянціна Валянцін. Аўкштулевіч Тамара Яўген. Аўсеенкава Кацярына Валер. Ахрамчук Віктар Георгіевіч Ахрэменка Мікалай Аляксан. Бабічаў Антон Вячаслававіч Багдановіч Эвеліна Паўлаўна Багдзевіч А.І. Балбераў Яўген Сяргеевіч Баравік Марыя Якаўлеўна Бардош Іна Анатольеўна Барысік Мікалай Бекешка Вікторыя Сямёнаўна Бельчына Алеся Рыгораўна Блажэвіч Ірына Уладзіміраўна Богуш Мікалай Бодрыкаў Яўген Аляксандр. Болбас Вадзім Іванавіч Болбат Вячаслаў Парфір'евіч Бубен Уладзімір Бублікава Лілія Бубновіч Іна Іванаўна Будзянок Аляксей Пятровіч Бузо Алег Леанідавіч Бязрукая Аксана Юр'еўна Бяліста Марына Бярэзіна Надзея Уладзіміраўна Вабішчэвіч Таццяна Іванаўна Валочка Святлана Анатол. Васючэнка Пятро Васільевіч Ваўрышук Наталля Юр'еўна Вашанка Дзмітры Дзмітрыевіч Вашкевіч Марына Верхачуб Уладзімір Васільевіч Войткун Галіна Вотэхаўна Врублеўская Наталля Вікенц. Вышадкевіч Наталля Алегаўна Вярцейка Алесь Галякевіч Яўген Ціханавіч Гаравы Леанід Антонавіч Гарбацэвіч Валер Аляксандр. Гарнастай Алена Гарэлава Ганна Гарэцкі Іосіф Аляксандравіч Гільвей Вацлаў Голуб Аксана Уладзіміраўна Грык Рыгор Яраслававіч Грынь Сяргей Іванавіч Губарэвіч Настасся Уладзім. Губарэвіч Юрый Іванавіч Гуцалік Галіна Давідовіч Аляксандр Анатол. Дземідовіч Вольга Валер'еўна Дзенісевіч Павел Алегавіч Дзеружынскі Авяр'ян Авяр. Дзмітручына Ганна Мікал. Дзмітрыеў Віктар Аляксандр. Дзюбайла Андрэй Мікалаевіч Дзямідка Генадзь Руфінавіч Добыш Генадзь Канстанцінавіч Драгун Павел Якаўлевіч Драздова Марыя Аркадзьеўна Драка Альбіна Дубіцкі Віктар Сымонавіч Емяльянава Аляксандра Вікт. Жаўняровіч Ганна Дзмітр. Жук Мікалай Жукоўская Л. С. Забаўская Святлана Засім Тамара Заяц Генадзь Мікалаевіч Іваніцкі Павел Яўгенавіч Ігаценка М.І. Іжохіна Надзея Іванаўна Іжохіна Таццяна Мікалаеўна Ільіч Андрэй Іванавіч Кадыка Міхась Аркадзьевіч Калядзінскі Лявон Уладзімір. Калядка Таццяна Рыгораўна Камесніковіч Вольга Камінская Аліна Аляксандр. Канановіч Ірына Канашэнка Рыгор Канецкі Яўген Вітальевіч Канойка Ігар Каноў Уладзіслаў Васільевіч Карбановіч Сяргей Каржанеўская Марына Дзміт. Карнеева Алена Віктараўна Карповіч Лявон Эдвардавіч Карэтка Дар'я Віктараўна Касаржэўскі Віктар Іванавіч Касцючык Валянціна Міхайл. Качура Яўген Кірэеў Антось Мікалаевіч Клімовіч Наталля Клімуць Лада Клімуць Станіслава Клімчык Генадзь Кляшчонак Алена Ковель Уладзімір Корзан Ала Вікеньцеўна Красілава Маргарыта Алякс. Краснабаеў Артур Мікалаевіч Красоўскі Сяргей Уладзімір. Краўчанка Арцём Аляксанд. Крук Алена Крываногава Святлана Крыванос Алеся Крывапуст Дзмітры Валер. Крыстэсіашвілі Сергій Мам. Крысюк Людміла Крэйніна Людміла Міхайлаўна Кузьмініч Ігар Расціслававіч Кузьмянкова Наталля Алег. Купрацэвіч Адам Прохаравіч Курыленка Юлія Кур'ян Астап Андрэевіч Кухаронак Аляксандр Дзміт. Кучаравенка Паліна Уладзім. Кучынскі Віталь Паўлавіч Лабада Анастасія Лагодская Ірына Ладыга Сяргей Паўлавіч Лазарэвіч Аляксандр Лашкоўская Рэгіна В. Леванкова Алена Аляксееўна Леван Вадзім Вайцехавіч Ліс Тамара Літаш Вольга Літвінава Людміла Сямёнаўна Лопух Таццяна Уладзіміраўна Лукашонак Тамара Лукашэвіч Тамара Георгіеўна Лукашэвіч Яўген Фёдаравіч Лыч Леанід Міхайлавіч Лявончыкава Дз. Лягуцкі Анатоль Пятровіч Ляшчынскі Іван Купрыянавіч Мазынскі Валер Яўгенавіч Макарэвіч Алесь Макарэвіч Аляксандр Васіл. Макевіч Настасся Макрыцкая Ніна Міхайлаўна Малашчанка Алег Міхайлавіч Маліноўская Таццяна Рыгор. Марачкін Ігар Аляксеевіч Мартынаў Мікола Рыгоравіч Маслюкова Алена Аляксандр. Матавілава Кацярына Ігараўна Матэлёнак Леанід Аляксандр. Машнюк Таццяна Аляксандр. Мінько Жанна Мірановіч Міхаіл Канстанц. Місуна Раман Мішчанкова Юлія Анатол. Мудроў Максім Мурашка Ігар Мядзведзева Вераніка Мікал. Мянькоў Юры Уладзіміравіч Мяхедка Аляксей Уладзімір. Мяцельскі Мікалай Міхайл. Навоеў Максім Алегавіч Навумовіч Іван Мікалаевіч Надокунева Ірына Наскоў Міхаіл Андрэевіч Нікіценка Таццяна Пятроўна Нікіцін Віталь Новікава Яна Нялепа В. Падашвялёў Дзмітры Алякс. Памецька Ніна Казіміраўна Панізоўцаў Сямён Сямёнавіч Парашчанка Яўгенія Уладзім. Парфёнаў Аляксандр Іванавіч Патоцкая Тамара Антонаўна Паўкштэла Сюзанна Алегаўна Петрашкевіч Аляксандр Ан. Петрашкевіч Часлава Петрушкевіч Ала Мікалаеўна Піўко Юрый Плітко Віктар Васільевіч Працко Святлана Аляксандр. Прыгожын Аркадзь Ілліч Прымака (Кухарэнка) Настас. Пташнік Ларыса Уладзімір. Пухоўская Таццяна Фёдараўна Пяткевіч Марына Пяткевіч Уладзімір Сцяпан. Пятровіч Аксана Іванаўна Пятроўскі Аляксандр Радзюк Аляксандр Рыгоравіч Ражкоў Леанід Мікалаевіч Разумаў Андрэй Томакавіч Ракевіч Мікалай Раманоўская Вольга Парфір. Раманцэвіч Валянціна Карл. Рачко Мікалай Рудніцкая Яніна Ружыцкі Павел Аляксандравіч Русак Андрэй Рымач Мікалай Мікалаевіч Рымко Вольга Рысевец Раіса Рыгораўна Савасцеева Людміла Савіцкая Таццяна Яўгенаўна Савіцкі Мікалай Іванавіч Садоўская Яна Францаўна Сакалова Алена Георгіеўна Сакалоўскі Віктар Міхайлавіч Саколка Анастасія Вацлаваўна Салаўёў Зміцер Віктаравіч Сарока Андрэй Іванавіч Саўчук Ян Васільевіч Сахута Яўген Міхайлавіч Свістун Сяргей Серада Алеся Сяргееўна Сідарук Лілея Мікалаеўна Сіманёнак Людміла Іванаўна Сіплівеня Жанна Сямёнаўна Стадуб Іван Дзям'янавіч Старавойтаў Сяргей Мікал. Старжынскі Андрэй Стома Анастасія Страчук Аляксандр Сяргеевіч Строганаў Вадзім Вячаслав. Стэпановіч Язэп Міхайлавіч Сугойдзь-Зубовіч Кацярына Сухарэбская Кацярына Аляк. Сухоцкі Іван Андрэевіч Сучок Міхась Сцепанішчава Вера Андрэеўна Сцефановіч Галіна Іванаўна Сцяпанава Зоя Анатольеўна Сырыца Таццяна Афраімаўна Сямашка Сяргей Анатольевіч Сяменас Людміла Францаўна Сянкевіч Мікалай Іванавіч Сянькова Вольга Фёдараўна Талстая Алена Уладзіміраўна Тарэлка Міхаіл Уладзіміравіч Татаранка Аляксандр Мікал. Тоўсцік Таццяна Цімафееўна Трубкін Аляксей Анатольевіч Тулько Ірына Уладзіславаўна Тулько Кацярына Уладзімір. Туровіч Алесь Тычына Міхаіл Аляксандравіч Тэрэз Віктар Утохіна Наталля Ушакоў Сяргей Аляксандравіч Філімоненка Марына Віктар. Філіповіч Алена Сяргееўна Філюта Ніна Рыгораўна Хадановіч Яўген Хадневіч Васіль Хацкевіч Анатоль Канстанц. Хмянчук Марыя Іванаўна Ходар Аляксандр Хоміч Марына Уладзіміраўна Цімафеева Ганна Сяргееўна Цімохін Лявон Аляксандравіч Ціткоўскі Ігар Адамавіч Цішакіна Ірына Пятроўна Цэдрык Ганна Васільеўна Цярэнцеў Зміцер Ігаравіч Чарнышова Зоя Чарнякевіч Андрэй Чарняўскі Сцяпан Чыбісаў Мікола Чылек Ніна Аляксандраўна Шалкевіч Віктар Антонавіч Шаўчук Аляксандр Мікал. Шашута Алесь Шпакаў Фелікс Шундрык Георг Шчарбакоў Ян Сяргеевіч Шчасная Марыя Шырвель Андрэй Раманавіч Шыян Яўген Дзімітрыевіч Юхнель Віктар Мікалаевіч Язукевіч Ганна Чаславаўна Яканюк Данат Лявонавіч Янушэўскі Віктар Пятровіч Ярмусік Эдмунд Станіслававіч Яроменка Уладзімір Уладзім. Яшчэня Ірына Яшын Дзмітры Іванавіч


Не маўчы! Не бяздзейнічай!

Напрыканцы 2017 года ў Менску накладам 5000 асобнікаў (большым, чым дзяржаўны "Родны край") выйшаў насценны каляндар для дзяцей "Не маўчы па-беларуску". Каляндар паспяхова разышоўся. Спроба знайсці яго ў студзені прывяла да таго, што ўдалося выявіць два асобнікі толькі ў кнігарні на К. Маркса па цане 8 рублёў з нечым.

Разышоўся каляндар не толькі па Менску. Сябар Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ Віталь Карабач за свае грошы купіў каля двух дзясяткаў асобнікаў календара і раздаў па дзіцячых і проста беларускіх установах горада: у дзіцячую паліклініку, дзіцячаую бальніцу, школу мастацтваў, дом рамёслаў, музычную школу, кавярню "Тутака", Цэнтральную кавярню, школы горада.

Канкрэтны адказ на пытанне, што можа просты сябар ТБМ? Узяў ды падарыў беларускія календары. І хоць мо каму з "рускага свету" той падарунак не да губы, але час, калі беларусы маўчалі, сыходзіць. Няхай прывыкаюць да нашага голасу і да нашай мовы.

Наш кар.На здымку: Віталь Карабач каля кавярні "Тутака".


Нарада ў Дзятлаве

27 студзеня ў Дзятлаве Гарадзенскай вобласці адбылася нарада намесніка старшыні ТБМ Станіслава Судніка з кіраўніцтвам Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

Былі разгледжаны першачарговыя задачы і план дзейнасці на бліжэйшыя два месяцы. Адна з імпрэз будзе праведзена ў памяць былога старшыні арганізацыі М. Грышана.

Наш кар.


Новая выстава

11 студзеня ў гасцёўні Уладзіслава Галубка адкрылася выстава Сняжаны Казіміраўны Віцецкай 1982 года, якая з'яўляецца жыхаркай горада Гародні. У 2002 годзе мастачка скончыла Гарадзенскі Дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці "Дызайн", а ў 2007 годзе Гарадзенскі Дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы па спецыяльнасці "Выяўленчае мастацтва" У 2011-2017 гг. удзельнічала і сама выстаўлялася ў 21 выставах.

Гледачу запомнілася выстава "Горад "Святога Губерта" (галерэя "Крыга" г. Гародня), "Паміж Віслай і Нёманам" (г. Вільня), рэспубліканская выстава "Арт-панарама" (г. Гародня, Новы Замак), выстава "Пан Тадэвуш" (г. Кракаў, Польшча), "Open youth" (г. Менск)... Сваімі настаўнікамі ў мастацтве сп. Сняжана лічыць Вікторыю Ільіну, Сяргея Грыневіча, Валянціну Шобу, Паўла Татарнікава.

Я ўважліва аглядзеў выставу. Мяне вельмі ўразілі творы "Мадонна", "Каляда", "Дзве рыбы", "Хлеб"...

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Рыгор Сітніца: " Служу нацыі і Бацькаўшчыне!"

- Святло і цемра, класіка і сучаснасць, фальклор і мадэрн аб'яднаныя ў графічных працах Рыгора Сітніцы, - адзначыў на адкрыцці творчага вечара вядомага мастака Алег Хаменка, кіраўнік гурта "Палац".

На імпрэзу сабраліся шматлікія сябры і калегі спадара Рыгора па Беларускім саюзе мастакоў і Саюзе беларускіх пісьменнікаў, прыехалі ягоныя родныя і землякі з Гомельшчыны.

"Канцэрт для скрыпкі і завірухі" прагучаў для юбіляра ў выкананні ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі "Класік-Авангард" на чале з Уладзімірам Байдавым. Тонкія мелодыі скрыпкі і віяланчэлі перагукаліся з вершамі:

"Сястрой міласэрнай ахвярнаю

застанься, маленькая скрыпка."

Госці мерапрыемства пазнаёміліся з новым альбомам "Рыгор Сітніца. Простыя рэчы", які выпусціў выдавецкі дом "Звязда". У ім змешчана графіка, паэзія і жывапіс аўтара. У альбом увайшлі 140 рэпрадукцый мастацкіх твораў, каля 50 вершаў, фотаздымкі, творчы жыццяпіс аўтара. Стылю Рыгора Сітніцы ўласціва спалучэнне супрэматычных і канструктывісцкіх прынцыпаў у пабудове кампазіцыі, сімвалічнасць мовы. Яго творчасці характэрна пільная ўвага да гісторыі, этнаграфіі і фальклору, як неад'емных частак агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту.

На вечарыне быў прадстаўлены і новы зборнік вершаў лаўрэата літаратурнай прэміі "Залаты апостраф" Р. Сітніцы - "Ток", выпушчаны менскім выдавецтвам " Чатыры чвэрці".

Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга адзначыла шматгадовую дзейнасць юбіляра як кіраўніка грамадскай арганізацыі і прыкладзеныя ім намаганні дзеля таго, каб найбольш таленавітыя мастакі маглі паспяхова выстаўляць свае працы.

Намеснік старшыні Менгарвыканкама Ігар Юркевіч уручыў спадару Рыгору ганаровую грамату і выказаў падзяку за развіццё нацыянальных каштоўнасцей і ўпрыгожванне горада Менска."Служу і буду служыць нацыі і Бацькаўшчыне!"- прамовіў у адказ Рыгор Сітніца. - "Горад - наш!"

Мы задалі некалькі пытанняў тым асобам, якія прыйшлі прывітаць юбіляра.

- Трэба сказаць пра Сітніцу, што пасля заканчэння Акадэміі ён вырас і стаў знакамітым мастаком, - з задавальненнем канстатаваў яго настаўнік, народны мастак Васіль Пятровіч Шаранговіч, які аказаў на вучня светапоглядны ўплыў. - Рыгор дадаў да прафесіі яшчэ і паэтычны дар. Хачу павіншаваць свайго вучня, які дасягнуў поспехаў у сваёй творчасці!

- Мы са спадаром Рыгорам сустракаліся на мерапрыемствах Саюза мастакоў, - узгадаў праваслаўны святар, айцец Ігар Карасцялёў. - Сёння я паслухаў фенаменальныя вершы і адчуў, які гэта глыбінны талент! Ён - мой бліжэйшы сябра, і я з задавальненнем прыйшоў на імпрэзу! Ён бываў неаднаразова ў нас у прыходзе і быў шчаслівы, што храм Еўфрасінні Полацкай упрыгожвае наш горад.

Алег Хаменка са сваім гуртом энергічна і тэмпераментна выканаў песні: "Шчодры вечар", "Кола" і іншыя.

Вялікае ўражанне пакінулі ў душах прысутных вершы Рыгора Сітніцы. Яны былі для многіх сапраўдным адкрыццём. Выступоўца пачаў з лірычных назіранняў за лістападам ды завірухай і перайшоў да тэмаў, якія сведчаць пра сталенне духу і асобы.

Моцна ўздзельнічаў на аўдыторыю верш "Сола для вулічнага саксафона", прысвечаны рэпрэсаванаму музыку, які вярнуўся з высылкі, і твор " Фотаздымкі Купалы 30-тых гадоў". На заканчэнне аўтар падсумоўвае пройдзенае:

"Перагледзь назбіраны скарб,

Каб на свята прыбраць душу,

Каб валізы не валачы

Па дарозе на страшны суд."

Рыгор Сітніца не аднойчы казаў у прыватнай гутарцы, што хацеў бы напоўніцу выкарыстаць адведзены час на самарэалізацыю, і таму ён імкнецца шукаць паразумення і наладжваць супрацоўніцтва з рознымі ўстановамі культуры, дэманструючы ўраўнаважаную і канструктыўную нацыятворчую лінію. Сведчанне гэтаму - асабістая плённая творчая дзейнасць і выніковая рэалізацыя выставачных праектаў яго калег у рамках Беларускага саюза мастакоў.

"І будзе святло на тварах,

І будзе ў душах надзея! " -

запэўнівае паэт і мастак.

Э. Дзвінская, фота аўтара.На здымках: 1. Рыгор Сітніца, Алег Хаменка і гурт "Палац"; 2. Васіль Шаранговіч; 3. Зборнік вершаў "Ток"; 4. Аўтар падпісвае свае кнігі.


Пайшоў з жыцця паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў

Беларускі дызайнер, графік, фатограф, паэт і перакладчык Міхал Анемпадыстаў памёр ва ўзросце 53 год. Ён у крытычным стане бы дастаўлены ў лякарню пасля таго, як у ноч на 23 студзеня нібыта заснуў за камп'ютарам. Назаўсёды.

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Менску. Дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага ПЭН-клуба. Анемпадыстава называюць адным са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі - ягоныя вершы сталі песнямі N.R.M., "Новага Неба", Змітра Вайцюшкевіча, IQ48 ды іншых. Ён быў аўтарам славутага "Народнага альбома" (прызнанага "Альбомам года" на "Рок-каранацыі-1997"), перакладаў польскія рок-хіты для беларускіх спевакоў. "Чалавек года-2006" па версіі інтэрнэт-партала "Тузін гітоў".

Лявон Вольскі:

- Нечакана, што проста словаў няма. Хацелі заняцца адтэрмінаваным праектам, з песнямі мыслярскімі, рыбацкімі, марскімі. Частка была зроблена. Нядаўна ён мне тэлефанаваў, павінны былі сустрэцца днямі. Не зразумела логіка жыцця - чаму так адбываецца.

Павел Севярынец:

- Яго шэдэўры, такія як "Народны альбом" - гэта вехі найноўшай беларускай культуры. Таму, канешне, страта Міхала Анемпадыстава - гэта вялікая страта для ўсёй Беларусі. Мы ўсе памятаем уздым "Народнага альбома" ў канцы 90-х гадоў, калі проста пераасэнсавалі сябе, Беларусь. "Народны альбом" стаў самастойнай з'явай. Цэлыя спектаклі і вялізныя канцэрты ладзіліся на аснове "Народнага альбома". І гэтая традыцыя будзе працягвацца.

Вінцук Вячорка:

- Міхал для мяне - гэта члавек, які пашырыў прастору беларушчыны, які ў пэўным сэнсе пачаў задаваць ёй, беларушчыне, новыя каардынаты. Усе яго праекты, усе яго задумы былі прарыўныя. Для мяне гэта вялікая нечаканасць. І гэта ўдар па ўсіх, хто яго ведаў, гэта ўдар па беларушчыне.

Паводле Радыё Рацыя.


НЕ СТАЛА СЯБРА, ДОБРАГА ЧАЛАВЕКА І ПАТРЫЁТА БАЦЬКАШЧЫНЫ ВАЛЕРА ШЫЛА

24 студзеня пасля цяжкай хваробы і доўгага змагання з ёю пайшоў ад нас у лепшы свет наш сябра, вядомы ў Баранавічах саксафаніст, грамадскі дзеяч і беларускі патрыёт Валер Шыла.

З Валерам я пазнаёміўся ў 2005 годзе ў інтэрнэт-клубе "SMILE", дзе я тады працаваў. У той час мала ў каго яшчэ дома быў камп'ютар, а тым больш інтэрнэт, таму Валер вечарамі заходзіў у клуб, каб паглядзець у інтэрнэце апошнія навіны. Пасля нашага знаёмства Валер актыўна ўключыўся ў грамадскае жыццё Баранавічаў. Ён быў адным з удзельнікаў баранавіцкай дэлегацыі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі 2 кастрычніка 2005 года. Быў актыўным удзельнікам мірнага пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года. Падчас разгону намётавага мястэчка на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкай плошчы) быў затрыманы і пакараны дзесяццю суткамі арышту, якія адседзеў у Жодзінскай турме. У 2014 годзе, ужо хворы, пасля некалькіх аперацый уласным аўтамабілем два разы ездзіў у Кіеў на апошні Майдан.

Ён быў актыўным удзельнікам беларускага адраджэння, сапраўдным, шчырым беларускім патрыётам, які ўсім сэрцам, усёй душою любіў сваю Бацькаўшчыну і змагаўся за яе лепшую долю як мог. Валер быў светлым, сціплым і таленавітым чалавекам, выдатным музыкам і выкладчыкам.

Светлага Раю табе, Валер, і вечная памяць.

Уладзімір Гундар.


Валер Шыла нарадзіўся 10 студзеня 1970 года ў Баранавічах. Вучыўся ў СШ № 5. У 1994 годзе скончыў РАМ імя Гнесіных. Пасля працягнуў адукацыю ў Германіі.

Працаваў выкладчыкам у гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка ў Менску. Выкладаў у Баранавіцкім дзяржаўным музычным каледжы. Лепшыя яго вучні паступалі ў ВНУ Масквы і Санкт-Пецярбургу.

Апошнія гады, не пакідаючы працы, Валер Шыла змагаўся з хваробай, перанёс некалькі аперацый.


Настаўніца і асветніца Марыя Ясюнас

Ян Драўніцкі

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

Методыку правядзення ўрокаў чыстапісання выкладала Марыя Вікенцеўна, падрабязна тлумачыла, як праводзіць урок. Запомніўся адзін урок методыкі чыстапісання, на якім прысутнічаў дырэктар педвучылішча. Якраз у гэтым 1948 годзе ў Савецкім Саюзе пачалася кампанія супраць "бязродных касмапалітаў". Ад педагогаў патрабавалася матэрыял кожнага ўрока ўвязваць з палітыкай партыі. Марыя Вікенцеўна прапанавала напісаць сказ: "Савецкі народ гнеўна шальмуе бязродных касмапалітаў". Сказ напісалі. Я, прызнацца, сэнсу яго не разумеў. Пытаюся ў суседа па парце Вячаслава Райчонка, хто такія касмапаліты.

- Хто яго знае, - адказаў ён. - Гэта, мабыць, касматыя людзі, вырадкі. У падручніку па анатоміі пісалася пра касматага чалавека.

На наступным уроку Ніна Скарупская запытала, хто такія касмапаліты. Марыя Вікенцеўна растлумачыла значэнне слова і дабавіла:

- Чаму не спытала ў прысутнасці дырэктара. Я планавала іншы сказ з пропісаў, а гэты ўзяла па патрабаванні кіраўніка школы, каб на ўроку мела месца палітычнае выхаванне.

Абсурдам назваць гэта не пасмела: быў 1948 год. Але мы ўсё зразумелі.

Чыстапісанне - лёгкі прадмет, але выводзіць літары па ўсіх правілах было заняткам вельмі карпатлівым для нас студэнтаў, а што гаварыць пра вучняў. Гэта разумела Марыя Вікенцеўна і праводзіла з намі фізкультхвіліны, гутаркі на розныя тэмы, гэта раіла рабіць і нам са сваімі вучнямі. Не ведала Марыя Вікенцеўна, што праз 8 - 10 гадоў прадмет чыстапісанне знікне, ручак з пяром не будзе, іх заменяць "вечныя ручкі" з гумовай піпеткай для чарніла і з такімі пёрамі, якія не даюць валасных ліній. А потым і яны аджывуць свой век, іх заменяць шарыкавыя, а ім на змену прыйдуць гелевыя і капілярныя.

Чыстапісанне знікла, а вобразныя гутаркі, у якіх Марыя Вікенцеўна выказвала свае педагагічныя перакананні, запомніліся. Напрыклад, аб азнаямленні дзяцей з жыццём па ланцужку: сям'я - родная вёска ці горад - малая радзіма - сусвет.

- Кіньце камень у сажалку, - казала яна, - і паназірайце, як пойдуць кругі. Так павінна ісці навучанне і выхаванне дзяцей: малы кружок, большы, большы і так далей. Пераконвала, што нагрузку дзецям патрэбна даваць пасільную. Параўноўвала з дрэнным гаспадаром, які нагрузіць воз і гоніць каня. У выніку сапсуе яго: конь стане наравістым. Так можа здарыцца і са школьнікамі. Марыя Вікенцеўна пераконвала, што самы дзейсны прыём педагогікі - навучанне і выхаванне праз перайманне. Для дзіцяці бацькі і настаўнікі - абраз, на які яны гатовы маліцца і калькаваць усе іх дзеянні. Калі дарослыя нешта робяць не так, але хочуць, каб дзіця рабіла добра, усе прыёмы будуць марнымі. Лічыла абсалютным глупствам з цыгарэтай у руцэ гаварыць дзіцяці аб шкодзе курэння. Раіла праводзіць сходы бацькоў патэнцыяльных вучняў, пераконваць іх, што асновы светаўспрыняцця дзіцяці закладваюцца задоўга да школы, што ў сям'і фарміруецца паняцце пра дабро і зло, пра тое, што правільна і што няправільна. Педагогі ў школе шмат у чым могуць дапамагчы, але і ў школьны перыяд жаданыя вынікі паявяцца толькі тады, калі школа і сям'я будуць працаваць у тандэме.

Дзве рэцэнзіі на падручнікі Марыі Вікенцеўны

Непрыгодны падручнік

Р. Няхай. Непрыгодны падручнік. Аб падручніку для чытання ў 2 класе "Роднае слова". Склала М.В. Ясюнас. ЛіМ, 27 .11 1947.

У 1946 годзе М. В. Ясюнас саставіла падручнік "Роднае слова. Кніга для чытання і развіцця мовы ў 2 класе", які выдала Беларускае дзяржаўнае выдавецтва 300 тысячным тыражом. З прыняццем партыйных пастаноў 1946 - 1948 гг. "Аб часопісах "Звязда" і "Ленінград", "Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні", "Аб кінафільме "Большая жизнь", "Аб оперы "Великая дружба" В. Мурадэлі" на працяглы перыяд усталявалася жорсткае адміністратыўнае кіраўніцтва культурай і адукацыяй. Ва ўмовах канфармісцкай апекі педагогіка перажывала глыбокі ўнутраны крызіс, збівалася на суцэльнае ўсхваленне бясхмарных поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва, шукала канфлікты, ворагаў у афіцыйнай тэме барацьбы дзвюх сацыяльных сістэм. На такім палітычным фоне 27 лістапада 1947 года Р. Няхай у ЛіМе надрукаваў разгромны артыкул на падручнік М. В. Ясюнас "Роднае слова", па якім меліся вучыцца тысячы беларускіх школьнікаў.

У свой час я чуў, што кнігу М. В. Ясюнас "Роднае слова. Кніга для чытання і развіцця мовы ў 2 класе" забаранілі. Сёлета адшукаў у бібліятэцы разгромны артыкул Рыгора Няхая "Непрыгодны падручнік", які датычыць кнігі, уважліва прачытаў яго і дзялюся думкамі з чытачамі, якія заганы знайшоў Р. Няхай у падручніку.

Прапушчу абзацы, дзе Р. Няхай піша пра выступленне камуністычнага ідэолага А. А. Жданава пра задачы савецкай школы, і перайду да крытычных заўваг у адносінах да кнігі.

Першая крытычная заўвага адносіцца да змешчаных у кнізе этнаграфічных замалёвак пра жыхароў Каўказа і Украіны. "Жанчыны ткуць сукно на самаробных станках ("Жыццё горцаў"), ва Украіне "сяляне ў белых світках і шырокіх шараварах, жанчыны ў вышываных кашулях з пацеркамі на грудях". Аўтар сцвярджае, што пададзена "прымітыўнае ўяўленне аб савецкай Украіне, паказана не сучасная індустрыяльна-калгасная савецкая Украіна з фабрыкамі і заводамі." Узнікае пытанне, ці мэтазгодна з другакласнікамі вывучэнне палітычна-эканамічнага становішча такіх вялікіх рэгіёнаў, як Каўказ і Украіна, што дрэннае знайшоў ён у этнаграфічных замалёўках.

Другая заўвага. У артыкуле "Як здабываюць каўчук" "апісваецца жыццё неграў, як яны здабываюць каўчук і для чаго ён патрэбен. І нічога не сказана, што ў Беларусі засяваюць тысячы гектараў кок-сагызам, з якога здабываюць гуму для айчыннай гумавай вытворчасці". А што было казаць? Вясковыя дзеці бачылі, як іх мамы ўручную згорбіўшыся садзілі на балоце кок-сагыз, палівалі, палолі і потым карэньчыкі адпраўлялі на завод. Да кожнага кусціка за сезон патрэбна падыйсці 12 разоў. У Пастаўскай раённай газеце "Светлы шлях" М. Шэрман дае апісанне пра вырошчванне кок-сагызу: "Як толькі зямля адтае на 12-15 см тарфянікі патрэбна ўкатаць каткамі і адразу прыступіць да пасадкі кок-сагызу квадратна-гнездавым спосабам, перагной -пад кожнае гняздо. Праполкі праводзіць 6 разоў ручнымі матыгамі, 3-4 рыхленні, 2 падкормкі. Восенню патрэбна выкапаць і аддзяліць карэнне ад батвы. З 1 га можна атрымаць 60 ц карэння". І за гэта ім нічога не плацілі, ставілі працадні-палачкі. Сумніўна, што на апісанні прымітыўнай тэхналогіі вырошчвання ў Беларусі кок-сагызу можна праводзіць выхаванне. Ды і сама практыка вырошчвання кок-сагызу сябе не апраўдала.

Трэцяя. Р. Няхай крытыкуе артыкул "Балота гарыць", у якім апавядаецца, як пастушкі расклалі вогнішча на балоце і яно загарэлася, людзям прыйшлося яго тушыць. Тут добрая глеба для гутаркі на супрацьпажарную тэму. Р. Няхай гэтага не заўважае і з пафасам піша: "Хіба няма ў беларускай савецкай літаратуры твораў аб асушцы балот, аб асваенні балотных масіваў нашымі калгаснікамі". І робіць выснову: "Толькі безадказнымі адносінамі аўтара да падбору матэрыялу, неразуменнем задач камуністычнага выхавання можна растлумачыць з'яўленне падобнага матэрыялу на старонках кнігі".

Чацвёртая крытычная заўвага. Крытыкуе нарыс М. Камскага "Першая чыгунка". Піша:" Яшчэ больш блытаныя веды дае падручнік у нарысах аб развіцці тэхнікі. У нарысе апісваецца жыццё Г. Стэфенсана, якому прыпісваецца пабудова першага паравоза і першай чыгункі ў 1825 годзе" (сапраўды гэта адбылося ў 1814 годзе, заўвага мая). Р. Няхай ставіць пытанне, чаму не сказана, што Яфім Чарапанаў задумаў пабудаваць "сухапутны паравоз" і пабудаваў яго раней за англічаніна на заводзе купца Дзямідава ў 1821 годзе, сапраўды гэта адбылося ў 1834 годзе на 20 гадоў пазней, калі ў свеце ўжо ездзілі на цягніках. Тут Рыгор Восіпавіч публічна паказаў сваё невуцтва ў адносінах да гісторыі развіцця тэхнікі. Але хто мог адмовіць свайму супрацоўніку газеты апублікаваць такое.

Пятая заўвага. Р. Няхай супраць наяўнасці ў падручніку такіх тэм, як "Ефрасіння Полацкая", "Уладзімір і Рагнеда", "Перапіска кніг". Наконт апошняй усклікае: "А вось якія веды дае артыкул з "Перапіскі кніг" і прыводзіць крамольную цытату: "праца з летапісамі лічылася справай дабрачыннай - карыснай для людзей і прыемнай для Бога". Чаму яму не падабаліся стваральнікі летапісаў, чаму ён супраць, каб дзеці ведалі сваё мінулае? Адказу няма.

Шостае. Прыдраўся да слова "думаюць" у сказе: "Думаюць, што Маскву заснаваў Ю. Даўгарукі". "Гэта ж даўно вядома, а ў кнізе ставіцца пад сумніў", - піша Рыгор Восіпавіч. Вось і ўсе грахі. Кніга атрымала таўро "Непрыгодны падручнік" і больш не выдавалася.

У асноўным нядрэнны падручнік

Лось І. Некалькі заўваг аб падручніку М. В. Ясюнас "Роднае слова". Кніга для чытання ў 1-м класе пачатковай школы, "Настаўніцкая газета" 14. 11. 1952 г.

У 1952 годзе з'явілася рэцэнзія на падручнік Марыі Вікенцеўны Ясюнас "Роднае слова. Кніга для чытання ў 1 класе" І. Лось. Аўтар піша, што пятае перапрацаванае выданне падручніка папоўнена новымі матэрыяламі, якія выкліканы зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краіны, удакладнены і зменены заданні і пытанні да многіх твораў. Ухваляе, што матэрыялы разбіты на спецыяльныя раздзелы, зручныя для работы настаўніка над развіццём сістэмы паняццяў у вучняў, адзначае наяўнасць артыкулаў, якія ўводзяць першакласнікаў у кола школьнага жыцця, знаёмяць з унутрышкольнымі парадкамі, з бібліятэкай, з правіламі асабістай гігіены, што асвятляюцца пытанні дружбы і таварыскасці, што маецца багаты матэрыял, які спрыяе выхаванню высокіх маральных якасцей: смеласці, мужнасці, сілы волі і вытрымкі, геройства. Рэцэнзент адзначае, што лепшыя старонкі твораў рускіх і савецкіх пісьменнікаў прысвечаны маці. І Лось звяртае ўвагу, што маецца ўдзячны матэрыял для прывіцця любові да правадыроў У.I. Леніна і I.В. Сталіна, да сацыялістычнай Радзімы (даніна часу). Лічыць вельмі пахвальным, што аўтар у сваю кніжку для чытання ўнёс даволі многа маленькіх апавяданняў і казак Л. М. Талстога, выдатнага педагога К. Д. Ушынскага, што маюцца артыкулы, якія даюць магчымасць настаўніку пазнаёміць дзяцей з найбольш вядомымі прадстаўнікамі жывёльнага свету, з іх жыццём і павадкамі, значэннем у народнай гаспадарцы.

Падае рэцэнзент некалькі крытычнх заўваг. Ён лічыць неправамерным, што большасць матэрыялаў адлюстроўвае жыццё сялян і мала артыкулаў пра горад, аб жыцці рабочага класа пры капіталізме і ў наш час, няма раздзелаў пра восень і лета. Рэцэнзент рэкамендуе з увагай адносіцца да адбору лексічнага матэрыялу, каб не трапляліся дыялектызмы, лічыць пажаданым, каб былі ў падручніку лепшыя ілюстрацыі, адзначае, што ўказаныя недахопы зніжаюць вартасці ў нядрэннага падручніка. Пасля гэтага па падручніку М.В. Ясюнас беларускія дзеткі вучыліся яшчэ восем гадоў. А ў цэлым па падручніках Марыі Вікенцеўны беларускія дзеткі вучыліся на працягу 20 гадоў.

У дачкі Марыі Вікенцеўны

Каб выведаць пра жыццёвы шлях сваёй настаўніцы Марыі Вікенцеўны Ясюнас па рэкамедацыі аднакурсніка Уладзіміра Міхайлавіча Соўкі таксама вучня Марыі Вікенцеўны, я наведаў яе дачку Людмілу Пятроўну Ясюнас. Жыла яна ў Паставах у сціплым драўляным доміку. Людміла Пятроўна аказалася жыццярадасным, аптымістычным, пазітыўным чалавекам, з якім лёгка наладзіліся кантакты. Да сустрэчы я падрыхтаваў шмат пытанняў, якія датычылі жыцця і працы Марыі Вікенцеўны, на іх Людміла Пятроўна дала вычарпальныя падрабязныя адказы. Мая суразмоўца, як і яе маці - мовавед. Яна працягвала справу сваёй мамы настаўніцы.

Вучаніца Людмілы Пятроўны, настаўніца замежнай мовы І. Зубовіч, ўспамінаючы свае школьныя гады, сказала: "Кожны раз у маі-чэрвені хвалююся, як школьніца перад першым экзаменам па рускай мове і літаратуры, памятаю і перажыванні настаўніцы Людмілы Пятроўны Ясюнас, яна ў нас была і класнай: клапацілася аб кожным, усіх любіла. Наогул, усе вучні паважна адклікаліся аб педагогу, стараліся не падвесці. Дзякучы ёй я палюбіла слова, далучылася да чытання таго, што было далёка за рамкамі школьнай праграмы. Калі яна чытала Пушкіна, "Горе от ума" Грыбаедава, урыўкі з апавяданняў Чэхава, цытаты Салтыкова-Шчадрына, яе моцны голас прымушаў заміраць, у тыя хвіліны, здавалася, шго я ў тэатры і перада мной вялікая актрыса."

Людміла Пятроўна прыгадала цікавы факт, што настаўніца з вёскі Шчокаты Мядзельскага раёна Менскай вобласці Ганна Іосіфаўна Дунец (Пашкевіч) падчас нямецкай акупацыі ў партызанскай зоне ў вёсцы Калееўцы па падручніку "Чырвоныя зорачкі" А. В. Сокалавай і М.В. Ясюнас вучыла дзяцей чытаць.

У свой час я падзяліўся сваімі ўражаннямі аб сустрэчы з Людмілай Пятроўнай з Уладзімірам Міхайлавічам Соўкам, былым загадчыкам Пастаўскага райАНА Ён сказаў, што дзякуючы свайму таленту, прафесійнаму майстэрству, дабрыні і строгасці, патрабавальнасці і спагадзе, адказнасці і любові Людміла Пятроўна карысталася павагай сярод вучняў і бацькоў. Варта было б выдаць альманах настаўнiцкiх дынастый Пастаўшчыны, каб адчуць подых часу, адчуць тых людзей, iх iдэi, тое, чым яны натхнялiся, на чым трымалiся i чым жылi. Ёсць у нас шмат педагогаў, якiя пакiнулi след у жыццi многiх людзей, але пра iх нiхто не ведае. Сутнасць не ў тым, хто якiх вялiкiх людзей выхаваў, вывучыў, а ў тым, што кожны з iх быў асобай i нешта пакiнуў у душах сваiх выхаванцаў. І пачэснае месца ў гэтым альманаху занялі б Ясюнасы.


Генералы БНР

Леанід Лаўрэш

Сёння мы маем адносна поўную інфармацыю пра генерала БНР Кіпрыяна Кандратовіча (зараз я рыхтую другое выданне кніжкі пра яго). Падрабязнай і сістэматызаванай інфармацыі пра іншых беларускіх генералаў мне бачыць не даводзілася. Таму я склаў гэты артыкул, сабраўшы тое, што сёння вядома пра тых людзей.

Генерал Аляксееўскі Канстанцін Аляксеевіч (03.09.1855 - ?). З дваран Віленскай губерні. Адукацыю атрымаў у Полацкай вайсковай гімназіі. Паступіў на службу 10.08.1873 г. У 1875 г. скончыў 2-ю вайсковую Канстанцінаўскую вучэльню. Пасля вучэльні, 04.08.1875 г. атрымаў чын прапаршчыка і выпушчаны ў 27-ю артылерыйскаю брыгаду. З 09.12.1876 г. - падпаручнік, з 24.12.1877 г. - паручнік, 24.12.1881 г. атрымаў чын штабс-капітана. Тады ж 10 месяцаў быў камандзірам роты цвердзевай артылерыі, потым 4 гады і 9 месяцаў служыў намеснікам адказнага за рамонт артылерыі Віленскай вайсковай акругі. 16.12.1890 г. - капітан, 11 гадоў і 3 месяцы служыў начальнікам аддзела Дзвінскага артылерыйскага склада. За выдатную службу 15.05.1899 г. атрымаў чын падпалкоўніка, 5 гадоў і 7 месяцаў служыў камандзірам батарэі. 06.12.1905 г. атрымаў чын палкоўніка, пасля чаго з 31.10.1906 г. камандаваў Уладзівастоцкім цвердзевым 4-м артылерыйскім палком а з 26.10.1908 па 20.12.1911 г. камандаваў 1-й Уладзівастоцкай цвердзевай артылерыйскай брыгадай. 06.12.1909 г. атрымаў чын генерал-маёра. З 20.12.1911 г. служыў камандзірам Свеаборгскай цвердзевай артылерыі. 06.12.1916 г. атрымаў чын генерал-лейтэнанта.

На Усебеларускім з'ездзе 1917 г. абраны ў склад Савета старэйшын. У 1918 г. запрашаўся Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менск для фарміравання беларускай арміі.

Генерал Канстанцін Аляксееўскі - актыўны ўдзельнік Першага Усебеларускага з'езда, які адбыўся ў Менску ў снежні 1917 г.

20-га снежня, калі пасля доўгіх спрэчак было вырашана лічыць з'езд правамоцным, генерал папрасіў слова і сказаў: "Мы працавалі ўсю рэвалюцыю разам з украінцамі: мы адсталі ад іх, але ж ёсць прыказка "апошнія будуць першымі" (апладысменты) тут сабраліся лепшыя людзі Беларусі. Менавіта вы можаце вырашыць лёс Беларусі. Асцерагайцеся, каб не было таго, што ўсё наша багацце паразбіраюць, адбяруць жывёлу, коней, а нам нічога не пакінуць. (Бурныя апладысменты)". Потым Аляксееўскі прапанаваў запрасіць на адкрыццё з'езда "наш беларускі хор" (Белорусская рада, № 6, 8 снежня 1917).

Канец гэтага дня быў азмрочаны "нечуваным нахабствам прадстаўніка, паводле яго слоў, латышскага народа, а дакладней проста нахабнага бальшавіка, які прапанаваў нам, сапраўдным сынам шматпакутнай, але з гэтага часу свабоднай Беларускай нацыі, ён меў дзёрзкасць прапанаваць нам выкінуць наш беларускі сцяг. Якая бульварная дзёрзкасць! Якая абраза ўсяго беларускага народа! Не добрую паслугу аказаў бальшавікам іх прадстаўнік. Крыкі абурэння, узнятыя кулакі, крыкі: "Прэч" і "Далоў" былі адказам на "прывітальную" гаворку". Пасля выступу бальшавіка "наперад выйшлі салдат, матрос і генерал, моцна сцяўшы рукі адзін аднаму, і стары генерал ... Аляксееўскі пацалаваў гэты сцяг, які толькі што быў абсмяяны вар'ятам" (Белорусская рада, № 7, 10 снежня 1917).

Генерал яшчэ шматкроць выступаў на з'ездзе і пакінуў цікавыя ўспаміны пра Першы Усебеларускі з'езд (Гл: Чырвоны шлях. 1918. №1/2.). "З'езд гэты назаўжды застанецца памятны тым, хто на ім прысутнічаў, і хай ён часцей пра яго ўспамінае, і хай раскажа іншым, хто не мог асабіста прысутнічаць, у асаблівасці беларускай моладзі. Такога ўздыму, такога нацыянальнага аб'ядноўваючага беларускага непасрэднага пачуцця нельга забыць да труннай дошкі" - пісаў Аляксееўскі, і далей: "Пачаўся з'езд вяла ... . Патроху справы З'езду сталі наладжвацца. Беларусы, воіны-салдаты і маракі, гэты цвет беларускай моладзі, хутчэй за іншых сталі аб'ядноўвацца, за імі пайшлі і іншыя элементы беларускага народа ... . Уздым народнай, нацыянальнай самасвядомасці адразу пачаў ужо адчувацца; але калі мы пачулі нашу родную беларускую мову, калі пачулася беларуская песня, калі мы пачулі сваіх паэтаў, сваю музыку, убачылі на сцэне свой тэатр і г.д. - мімаволі ўсе сэрцы пачалі аб'ядноўвацца, і патроху мы пачалі адчуваць сябе адзіным беларускім народам ...".

Узнагароды: ордэны Св. Станіслава 3-й ст. (1889 г.), Св. Уладзіміра 3-й ст. (1912 г.); Св. Станіслава 1-й ст. (18.02. 1915 г.); Св. Ганны 1-й ст. (24.11.1915).


Генерал Іосіф Фаміч Пажарскі (02.07.1866-1931). Адукацыю атрымаў у Смаленскай рэальнай вучэльні. На службу паступіў 28.12.1888 г. Скончыў Казанскую пяхотную юнкерскую вучэльню. 01.09. 1891 г. выпушчаны падпаручнікам у Клязмінскі рэзервны батальён. Тут жа ў Клязьме жаніўся з дачкой дзейнага стацкага дарадцы Яўгена Шчарбачова - Соф'яй.

Чын паручніка атрымаў 04.07.1896 г., штабс-капітана 04.07.1900 г., капітана 04.07.1904 г., падпалкоўніка 26.02.1910 г. На 15.05.1913 г. служыў у 176-м пяхотным Перавалачэнскім палку. Чын палкоўніка атрымаў 02.11.1914 г. і тады ж быў прызначаны камандзірам свайго Перавалачэнскага палка.

На пачатку Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені: "За тое, што ў баях з 24 па 30 жніўня 1914 г. паблізу горада Равы-Рускай, асабіста знаходзячыся пад жорсткім агнём цяжкай артылерыі, з мужнасцю і розумам адбіў цэлы шэраг дзённых і начных нападаў больш моцнага праціўніка і тым спрыяў ўзяццю гэтага горада, які прадстаўляе важны вузел чыгунак і грунтовых дарог", а потым узнагароджаны Георгіеўскай зброяй за "За тое, што ў баях на рацэ Сан з 4 па 10 кастрычніка 1914 г. пераправіўся цепраз раку Сан, і заняўшы вёску Новавесь, адбіў усе настойлівыя паўторныя атакі значна больш моцных сіл праціўніка, якому не саступіў свае пазіцыі".

З-за хваробы у траўні 1917 г. адлічаны ў рэзерв чыноў пры штабе Петраградскай вайсковай акругі.

З 16.05.1916 г. прызначаны камандзірам асобнага батальёна для аховы Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага - Георгіеўскага батальёна і 11.10.1916 г. атрымаў чын генерал-маёра.

Падчас лютаўскай рэвалюцыі Георгіеўскі батальён Пажарскага быў прыдадзены атраду генерал-ад'ютанта Мікалая Іванова, якому цар Мікалай II загадаў задушыць рэвалюцыю ў Петраградзе. Місія генерала Іванова сталася няўдалай па многіх прычынах, сярод іх і была адмова генерала Пажарскага даць загад страляць у народ.

Пры Часовым урадзе Пажарскі камандаваў Марской дывізіяй Чарнаморскага флота а з жніўня 1917 г. - 30-й пяхотнай дывізіяй. З 1 верасня 1917 г. па 24 лютага 1918 г. займаў пасаду старшыні Беларускай вайсковай Камісіі пры штабе Румынскага фронту.

Да сярэдзіны снежня 1917 г. Румынскі фронт фактычна спыніў сваё існаванне Штабы фронту і армій, якія ўваходзілі ў яго склад, пераходзілі з рук у рукі ад прадстаўнікоў Цэнтральнай Украінскай Рады да бальшавікоў. Прадстаўнікі нацыянальных партый вялі моцную і паспяховую антыбальшавіцкую прапаганду. 30 кастрычніка (12 лістапада) 1917 г. франтавы камітэт прыняў рашэнне аб непрызнанні савецкай улады. Камандаванне фронту адмовілася падпарадкоўвацца бальшавіку Крыленку, бо мела моцную падтрымку з боку ўкраінскіх узброеных фарміраванняў.

Румыны адразу пасля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе ўзялі ўладу на ўсёй тэрыторыі Румыніі ў свае рукі. Румыны, яшчэ з моманту ўступлення на тэрыторыю гэтай дзяржавы рускіх войск не любілі іх за бесцырымоннае і жорсткае абыходжанне з мясцовымі жыхарамі. Для стабілізацыі сітуацыі ідэя нацыяналізацыі былога рускага Румынскага фронту была падтрымана прадстаўнікамі Антанты і румынскім каралём. Да таго ж нацыяналізацыю арміі было зрабіць дастаткова проста, бо да Першай сусветнай вайны руская армія камплектавалася пераважна па тэрытарыяльным прынцыпе (за выключэннем палкоў, якія стаялі ў Польшчы і Фінляндыі). І, напрыклад у 30-й пяхотнай дывізіі Румынскага фронту амаль што на 90% служылі беларусы, бо менавіта ў Беларусі дывізія дыслакавалася ў мірны час (штаб дывізіі стаяў у Менску). Падчас вайны войскі папаўняліся з сваіх запасных палкоў, куды мабілізаваліся жаўнеры са сваіх жа губерняў. Афіцэрскі склад, вядома ж, быў змяшаным.

Для гэтага ў пачатку студзеня 1918 г. пры штабе Румынскага фронту была створана так званая "Нацыянальна-тэрытарыяльная дэмакратычная арганізацыя фронту", у якую ўвайшлі камісары: ад УНР, армянскі, малдаўскі, польскі, мусульманскі, літоўскі, эстонскі, казачы (данскі), грузінскі, ад БНР (Павел Данатавіч Манцэвіч) і сібірскі. Гэтая арганізацыя падрыхтавала загад аб нацыяналізацыі фронту, а камандуючы фронтам Шчарбачоў яго падпісаў.

Схема нацыяналізацыі арміі была наступнай: з 9-й (Палтаўскай), 14-й (Бесарабскай) або 30-й (Беларусь) і іншых пяхотных дывізій усе рускія салдаты звальняліся ў 2-4-х тыднёвы адпачынак. Пасля водпуску яны павінны былі з'явіцца да воінскіх начальнікаў па месцы жыхарства для прызначэння ў рускія часткі. А салдаты іншых нацыянальнасцяў павінны былі з'явіцца ў свае нацыянальныя часткі. Таму прыблізна на працягу тыдня з усіх нацыянальных дывізій рускія салдаты сышлі дадому, і дывізіі фактычна сталі ўкраінскімі, беларускімі, польскімі, мусульманскімі і г. д. Афіцэры заставаліся на сваіх пасадах, але па жаданні маглі таксама сысці.

Такім чынам, 9 студзеня 1918 г. загадам № 1332 па фронце было абвешчана аб арганізацыі Беларускай Вайсковай Камісіі па арганізацыі беларускіх вайсковых частак на Румынскім фронце. Узначаліў Беларускую камісію генерал-маёр Пажарскі. Былі беларусізаваны 6-ты Таўрагенскі пагранічны конны полк (атрымаў назву Першы Гусарскі Беларускі Нацыянальны полк), 4-ты Армейскі корпус у складзе 30-й i 40-й пяхотных дывізій з артылерыяй, штаб корпуса i ўсе яго дапаможныя часткі i ўстановы, 43-я дывізія з артылерыяй i прыдадзенымі ёй часткамі разам з 26-м аўтабранявым аддзяленнем. Усе беларусы фронту пераводзіліся ў гэтыя вайсковыя злучэнні. Потым былі беларусізаваны 357-я Віцебская i 401-я Менская дружыны.

З гэтых вайсковых частак утварылася вайсковая сіла колькасцю звыш за 100 000 чалавек. Больш паловы ўсёй маёмасці Румынскага фронту перайшла ў распараджэнне Беларускага Камісарыяту. Мелася думка ўсю гэту вайсковую сілу пераправіць на Бацькаўшчыну, што разам змяніла бы сітуацыю ў Беларусі, аднак зрабіць гэта стала немагчымым.

Справа ў тым, што пасля заключэння Берасцейскага міру сітуацыя на ўсходзе Еўропы змянілася. Румыны вымушаныя былі перайсці на бок саюза цэнтральных дзяржаў (Германія і Аўстра-Венгрыя) і былыя рускія войскі ім сталі не патрэбны. Са сваёй тэрыторыі яны выпусцілі толькі тыя нацыянальныя воінскія часткі былога Румынскага фронту, урады якіх прызнала Германія, напрыклад, украінцаў. Што тычыцца палякаў, беларусаў і іншых, каго немцы не прызналі, дык усе яны былі раззброеныя румынамі. У прыватнасці, 4-ты беларускі корпус быў цалкам раззброены ў лютым-сакавіку 1918 г.

Такім чынам, ходам падзей Беларуская Армія ў Румыніі спыніла сваё існаванне. Многамільённая маёмасць Беларускай Арміі (толькі коней больш за 2 000), грузавых i пасажырскіх аўтамабіляў (каля 800), баявых прыпасаў, уніформы, складаў, гармат, ручной зброі i іншага, было здадзена ў дэпазіт Румынскаму ўраду. Народны Сакратарыят БНР рабіў захады, каб на будучыню захаваць для сябе ўсю гэтую маёмасць.

Тагачасны Беларускі Камісар Румынскага фронту П. Манцэвіч атрымаў наступны загад:

"Беларуская Народная Рэспубліка.

Народны Сэкрэтар'ят.

Беларускаму Камісару Румынскага фронту

П. Д. Манцэвічу.

7 красавіка 1918 г.

№ 175.

Знаходзячаяся, на быўшым Румынскім фронце, маетнасьць i аружжа раззброеных беларускіх i беларусізаваных вайсковых часьцей Народны Сэкрэтар'ят Б.Н.Р. мае на мэце выкарыстаць для арганізаваньня на тэрыторыі Беларусі нацыянальных войск, калі варункі пазволяць гэта зрабіць (пасьля зьняцьця акупацыі).

На аснове вышэйпададзенага i згодна пастанове Народнага Сэкрэтар'яту Беларускай Народнай Рэспублікі ад 3 красавіка г. г. даручаецца Вам паведаміць аб гэтым адпаведным органам Румынскага Ураду, на быўшым Румынскім фронце, на той прыпадак, каб вышэйазначаная маетнасьць i аружжа, быўшых беларускіх часьцей, ня было перададзена іншым Урадам ці арганізаціям.

Старшыня Народнага Сэкрэтарьяту i Народны Сэкрэтар

Зьнешніх Спраў Варонка.

Кіраўнік Справамі Народнага Сэкрэтарьяту

Л. Заяц."

Што потым сталася з гэтай маёмасцю - невядома, але найверагодней, яна была перададзена румынскаму войску. Расфармаваныя беларускія войскі ўразброд вярталіся на Бацькаўшчыну, дзе ў тыя часы трымалася нямецкая акупацыя, а немцы, як вядома, не дазвалялі ствараць беларускае войска (Крывіч №2. 1923. С. 41-44.)

Ужо ў красавіку 1918 г. шмат актыўных афіцэраў былога 4-га беларускага корпуса з'явілася ў Кіеве. Генерал Пажарскі асабіста добра ведаў украінскага гетмана Скарападскага і пасля паступіў на службу у войска Украінскай дзяржавы (красавік - снежань 1918 г.). Пасля знаходзіўся рэзерве чыноў Добраахвотніцкага арміі, а потым Рускай арміі барона Ўрангеля. Актыўнасці не выўляў, вядома толькі, што ў лістападзе 1919 г. быў прызначаны камендантам Харкава. Пасля паразы белых, быў эвакуяваны з Севастопаля ў Стамбул на транспарце "Карнілаў". Разам з ім на "Карнілаве" знаходзіліся і два сыны генерала. Першы з іх, палкоўнік Яўген Іосіфавіч Пажарскі, выпускнік Елісаветградскай кавалерыйскай вучэльні, удзельнік Першай сусветнай вайны ў складзе 11-га гусарскага палка, быў кантужаны ў 1915-м, у дзянікінскай арміі камандаваў Кабардзінскім дывізіёнам. Другі - Андрэй Іосіфавіч Пажарскі, былы выхаванец Варшаўскага дзіцячага корпуса і Елісаветградскай кавалерыйскай вучэльні, ротмістр гвардзейскага кавалерыйскага палка, удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскіх войнаў. Лёс трэцяга сына генерала Іосіфа Фаміча Пажарскага - Барыса Пажарскага застаецца невядомым.

Пазней з Турцыі Пажарскі перабраўся ў Югаславію і пасяліўся ў горадзе Белая Царква блізу румынскай мяжы, тут жа і памёр. Магіла генерала на рускіх могілках гэтага горада ацалела да нашага часу.

Узнагароды: ордэны Св. Станіслава 3-й ст. (1906 г.); Св. Ганны 3-й ст. (1912 г.); Св. Станіслава 2-й ст. (1914 г. ); Св. Георгія 4-й ст. (1915 г.); Гео-ргіеўская зброя (1915 г.); Св. Уладзіміра 3-ці ст. з мячамі (1915 г.); Св. Уладзіміра 4-й ст. з мячамі і бантам (1915 г.); мячы да Св. Станіслава 2-й ст. (1916 г.); Св. Ганны 2-й ст. з мячамі (1916 г.)


Яўген фон Гротэ дэ Буко (19.01.1862-1944) паходзіў з аславяненага нямецкага роду праваслаўнага веравызнання, які належаў да дваран Маскоўскай губерні. Быў жанаты з дачкой калежскага дарадцы Свідэрскага - Вольгай Мікалаеўнай (нарадзілася ў 1872 г.). Меў сыноў Уладзіміра (нарадзіўся 13 ліпеня 1891 г.) і Аляксея (нарадзіўся 24 студзеня 1906 г.) і дачку Кацярыну (нарадзілася 4 лістапада 1897 г.). Будучы Лідскі спраўнік адукацыю атрымаў у 4-й Маскоўскай вайсковай гімназіі, а потым у Маскоўскай пяхотнай юнкерскай вучэльні.

31 студзеня 1905 г., загадам № 14 па Віленскім губернскім кіраванні "начальнік земскай варты Навамінскага павета (Мінск-Мазавецкі павет - Л. Л.) капітан фон Гротэ-дэ-Буко, згодна з яго прашэннем, прызначаецца часовым выканаўцам абавязкаў Лідскага павятовага спраўніка". З "Памятных кніжак Віленскай губерні" бачна, што з 1906 г. па пачатак 1915 г. ён узначальваў павятовую паліцыю і Лідскае пажарнае таварыства, г. зн. адказваў за пажарную бяспеку часта гарэўшага горада, а бліжэй да пачатку вайны быў сябрам апякунскай рады Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф.Л. і В. С. Навіцкіх. У "Памятнай кніжцы Віленскай губерні" за 1914 г. напісана: "Павятовы спраўнік - калежскі дарадца Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко". Такім чынам, да 1914 г. Лідскі спраўнік атрымаў ужо чын VI класа, які адпавядаў чыну армейскага палкоўніка. Загадам Віленскага губернатара № 163 ад 6 ліпеня 1914 г. звальняецца ў адстаўку па яго заяве "з-за хваробы ...".

У 1915 г. добраахвотна ідзе на фронт. 9 верасня 1915 г. яго ўзнагародзілі ордэнам Св. Георгія 4-й ст. за асабістую храбрасць. Свечын - камандзір 6-га Фінляндскага палка, у якім служыў Гротэ дэ Буко, пісаў у сваёй кнізе "Мастацтва кіравання палком...": " Афіцэрскі склад у маім палку быўнадзвычай удалы. У мяне было некалькі выдатных памочнікаў у асобах камандзіраў батальёнаў. ... выдатным камандзірам з'яўляўся ... Гротэ дэ Буко. Гэта быў бясхітрасны стары, перад вайной Лідскі спраўнік, які па сваёй добрай волі прамяняў сваю спакойную паліцэйскую пасаду на цяжкую прафесію - спачатку камандзіра роты, потым батальёна. Добрая воля, добразычлівасць, досыць моцныя нервы, а затым сівізна рабілі на салдатаў захапляльнае ўражанне. Салдаты яшчэ не вызваліліся ад кайданоў патрыярхальных уяўленняў, і для іх дзядуля Гротэ з'яўляўся несумнеўным правадыром-старэйшынам; слухалі яны яго з глыбокай павагай і любоўю, і пасля штурму афіцэры 1-га батальёна распавядалі, пра тое, што яны назіралі салдат, якія хапалі дзядулю ў крытычную хвіліну за фалды і хавалі яго ў вырву, салдаты баранілі яго сваімі целамі. Маладосць - сіла, але ў пэўнай абстаноўцы сівая барада, прыстаўленая да добрай галавы, таксама з'яўляецца буйной маральнай сілай пры ўмове непасрэднага судакранання з салдацка-сялянскай масай".

26 сакавіка 1916 г. былы Лідскі спраўнік атрымлівае званне палкоўніка. 9 кастрычніка 1917 г. Яўген Гротэ дэ Буко "за заслугі ў справах ..." атрымлівае званне генерал-маёра.

Лёс фон Гротэ дэ Буко на працягу 2-х гадоў да канца 1918 г. невядомы, але найбольш верагодным горадам, дзе ён мог зблізіцца з дзеячамі беларускага руху, быў Менск. Верагодна, пасля развалу арміі, у 1917 г. былы лідскі спраўнік жыў у гэтым горадзе, але ніякай дакладнай інфармацыі ў мяне няма. З'явіцца ў Лідзе генерал фон Гротэ дэ Буко зноў мог толькі пасля заключэння так званага "Берасцейскага міру", раней ён быў бы неадкладна арыштаваны.

Немцы не маглі вызначыцца, каго прызнаць пасля сябе ўладай у павеце, таму што, апрача палякаў, свае прэтэнзіі на ўладу адначасова выказвалі бальшавікі, беларусы і літоўцы. Польскі дзеяч Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі "Самаабарона Лідскай зямлі" і відавочца тых падзей, пісаў: "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі ... . Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко і той пакінуў шэрагі расіян. .... фон Гротэ дэ Буко пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю".

Такім чынам, генерал узначаліў беларускую палітычную партыю ў горадзе Лідзе і стаў першым лідарам беларускага руху ў нашым горадзе.

Потым генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко ў 1920-х гг. жыў у Вільні. Загінуў у Варшаве ў 1944 г.

Узнагароды: 06.12. 1910 г. ордэн Св. Ганны 3-й ступені. Ордэны Св. Георгія 4-й ст. (09.09.1915 г.); Георгіеўская зброя (21.11.1915 г.); Св. Станіслава 2-й ст. з мячамі (20.10.1916 г.).


Сляды генерала А. Багдановіча, якога ўзгадвае шэраг гісторыкаў (Гл: Латышонак А. Жаўнеры БНР. Беласток, 2009. С. 63.), знайсці пакуль не ўдалося. Падобна, што ў рускай арміі 1917 г. такога генерала не было. Магчыма, генеральскі чын ён атрымаў у 1918 г.


Юбілей Антона Бубалы

75-гадовы юбілей адзначыў наш знакаміты зямляк, краязнаўца, выкладчык, паэт, пісьменнік, журналіст, актыўны ўдзельнік грамадскага і культурнага жыцця Антон Францавіч Бубала.

"Жыць так, каб за табой ішлі: пачэсна, чэсна, светла, годна…" Гэтыя радкі з верша самаго А. Бубалы - яго жыццёвае крэда, якому ён не здрадзіў ніводнага разу.

Нарадзіўся Антон Францавіч у 1942 годзе ў вёсцы Гісялёва былога Асвейскага раёна. Вось як ён піша пра свой родны куточак:

"Мне песняй сэрца напаўняе

Абшар пустэльніцкіх лясоў,

І свежых ветраў

плынь густая,

І шэпат важкіх каласоў

І плёскат быстрае Сар'янкі,

І млявасць жнівеньскіх азёр,

Расою вымытыя ранкі,

І кожны ў квецені бугор."

Наш вядомы паэт, празаік С. Панізнік, працуючы ў архівах Латвіі над кнігай "Асвейская трагедыя", якая стала кнігай-сведкай жудасных падзей ваеннага часу на Асвейшчыне, знайшоў у іх імя шасцімесячнага дзіцяці Антона Бубалы. І ці не тады яшэ лёс распарадзіўся так, што праз столькі год пасля вайны менавіта Антон Бубала стаў укладальнікам двухтомнай гісторыі "Памяць" Верхнядзвінскага раёна:

- Пра вайну ведаю з расказаў матулі. Яна расказвала, што з вёскі, якую падпалілі немцы, прыбег глуханямы, які нічога не мог сказаць. Але ўсе зразумелі, што трэба ратавацца. У матулі, акрамя дваіх дзетак, было яшчэ і немаўля, і маці вырашыла бегчы ў лес, у якім, каб дзіця не змерзла, закапала яго ў цёплы попел. А падчас аднаго з налётаў варожай авіяцыі схавала дзіцянё пад вялікае карчаватае дрэва, а пасля бамбёжкі, з перапалоху, не магла яго знайсці. Памалілася Богу і знайшла дарагое для сябе дзіця. І гэта было не самае страшнае, самае страшнае пачалося тады, калі яна разам з дзецьмі трапіла ў Саласпілскі канцлагер.

Антон Бубала на Верхнядзвіншчыне - асоба самая адметная. Аб гэтым гаварылі яго сябры падчас творай вечарыны, якая сабрала сяброў народных клубаў "Ветэран" і "Сучаснік", грамадскіх актывістаў. Валерый і Ірына Салаўёвы, даўнія сябры Антона Бубалы, зрабілі яму цікавы візуальны падарунак - сабралі фоталетапіс яго актыўнай творчай дзейнасці аб'ёмам аж ў 200 фотаздымкаў. А ў дадатак - яшчэ і цёплую шапку, бо, як сказала Ірына, "…наш Антон заўсёды нешта губляе падчас вандровак".

Вершы для юбіляра чыталі Часлава Петрашкевіч і Аляксандр Мядзюта, песні спяваў хор "Надзея " народнага клуба "Ветэран", у тым ліку і песні, напісаныя А. Бубалам.

Ну, і канешне, калі далі слова юбіляру, то ўдзельнікі вечарыны адпляскалі сабе ўсе далоні, бо гумарыстычныя вершы Антона Бубалы - гэта вышэйшы клас.

Чакалі А. Бубалу і сюрпрызы: раённая бібліятэка да яго юбілею выдала зборнік вершаў "Сэрцам жадаю", шчырыя словы віншавання даслаў Сяргей Панізнік, з якім Антон Бубала даўно сябруе.

Антон Бубала - краязнавец, турыст, гісторык і географ, паэт, і пра ўсе гэтыя грані яго таленту гаварылі сябры падчас сустрэчы.

Ад імя Таварыства беларускай мовы Валянціна Болбат падрыхтавала мультымедыйную прэзентацыю, якая дапоўніла фотаздымкамі, цікавымі фактамі і без таго багатую біяграфію і творчую дзейнасць Антона Бубалы.

А затым прыйшоў час смачнаму юбілейнаму пірагу і "іншым" пачастункам.

В. Болбат.

Гэта кніга Антона Бубалы, вядомага дрысенскага краязнаўцы, доўга чакала свайго часу. "Пуцявінамі роднага краю" - вялікая і шматгадовая праца, якая запланавана аўтарам як падручнік для факультатыву па краязнаўстве. Яна мае 250 старонак тэксту і больш за 300 шыкоўных ілюстрацый па тэме краязнаўства. Выдаць такую сур'ёзную працу за ўласны кошт не выпадала, таму і чакала кніга свайго лепшага часу. На дапамогу прыйшла новая загадчыца аддзела адукацыі райвыканкама С.У. Якаўлева, якая за паўгода працы на сваёй пасадзе змагла зрабіць тое, што ад "цацанак-абяцанак" цягнулася не адзін год. Тыя, хто ўбачыў выданне на свае вочы, у захапленні ад укладзеных матэрыялаў і фотаілюстрацый. Кніга стане важкім дапаможнікам для вучняў школ раёна, а абласная бібліятэка ўжо запрасіла кнігу ў свой фонд. Чакаецца прэзентацыя выдання "Пуцявінамі роднага краю" , А. Бубалы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX