Pawet: № 06 (1365)
Вярнуцца: 2018

№ 06 (1365)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 6 (1365), 7 лютага 2018 г.


Памёр найстарэйшы беларус свету і найстарэйшы сябар ТБМ Барыс Кіт

1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі дзяяч замежжа, грамадзянін ЗША, сябар ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Барыс Кіт. Мы страцілі найстарэйшага сябра нашай арганізацыі. Для ўсіх беларусаў гэта - Чалавек-легенда. Ён быў адданы сваёй радзіме ва ўсе часы, у любой сітуацыі. Ён любіў Беларусь і хацеў, каб яна была свабоднай. Яго няпростае жыццё сведчыць: можна і трэба быць паслядоўным у сваіх поглядах, прынцыпах, незалежна ад абставін.

Яго моцная энергія сілкавала шмат каго, акрыляла і натхняла з-за акіяна аднадумцаў і паплечнікаў. Яго зорка будзе асвятляць шлях кожнаму сапраўднаму беларусу і дапаможа захаваць сістэму сапраўдных каштоўнасцей, у якой найважнейшае месца для яго займала родная беларуская мова.

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Санкт-Пецярбургу ў сям'і беларуса. Пасля рэвалюцыі з'ехаў на радзіму бацькі ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёна, закончыў Наваградскую беларускую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Па адукацыі быў настаўнікам, былы дырэктар Віленскай і Наваградскай гімназій. Па вайне эміграваў у ЗША.

Барыс Кіт - амерыканскі навуковец, які зрабіў значны ўнёсак у сусветную астранаўтыку. Ён з'яўляецца суаўтарам падручніка па ракетным паліве Rocket Propellant Handbook (у суаўтарстве; Boris Kit, Douglas S. Evered), 1st ed. - New York: The Macmillan Company, 1960., якім дасюль карыстаюцца ў амерыканскіх універсітэтах.

Паводле Белстату, сярод мужчын на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь няма людзей, старэйшых за Барыса Кіта.

4 лютага адпяванні Барыса Кіта прайшлі ў Менску і Наваградку.

Светлая памяць і наша бясконцая ўдзячнасць слыннаму сыну Беларусі!


У Менску памаліліся за спачын Барыса Кіта

4 лютага ў менскім Свята-Петрапаўлаўскім саборы была адпраўлена паніхіда за спачын душы вядомага беларускага дзеяча міжваеннай пары і замежжа, слыннага навукоўца Барыса Кіта.

Развітацца і памаліцца за выдатнага беларуса сабраліся некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў інтэлігенцыі, было некалькі былых навучэнцаў Наваградскай гімназіі, дзе Кіт у свой час працаваў настаўнікам матэматыкі.

Айцец Генадзь Буцько правёў службу на беларускай мове, спяваў хор брацтва ў гонар святых Віленскіх пакутнікаў.

Валер Каліноўскі, Радыё Свабода.


150 гадоў з дня нараджэння Каруся Каганца

Карусь КАГАНЕЦ, сапр.: Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі (29 студзеня (10 лютага) 1868, Табольск, Расія - 20 траўня 1918, в. Прымагілле, Менскі павет. (цяпер в. Юцкі, Дзяржынскі раён, Менская вобласць), - беларускі паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч. Карыстаўся і іншымі літаратурнымі псеўданімамі.

Нарадзіўся ў сям'і маянткоўца Караля Самуэлевіча Кастравіцкага (1814-1874) і яго жонкі сярэднезаможнай шляхцянкі Гелены Тадэвушаўны Свентаржэцкай. Бацька Караль удзельнічаў у паўстанні 1863-1864, быў сасланы расійскімі ўладамі ў Табольск, а яго маёнтак Малыя Навасёлкі ў Менскім павеце быў канфіскаваны. Па лініі маці Карусь Каганец быў блізкім сваяком іншага паўстанца - Баляслава Свентаржэцкага (1831-1888).

У 1874 г. Кастравіцкім дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Сям'і не ставала сродкаў для існавання, таму з 6 да 11 гадоў Казік наймаўся пастушком. Вучыўся ў Менскім гарадскім вучылішчы, у 1890-х у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1893 г. У 1890 - пачатку 1900 г. публікаваў апрацоўкі народных паданняў у газетах "Минский листок" і "Северо-Западный край". У 1902-1903 удзельнічаў у стварэнні БСГ, распрацоўцы яе праграмы. Не раз трапляў у царскія турмы.

Супрацоўнічаў з газетай "Наша ніва". Апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка новага часу "Беларускі лемантар, або Першая навука чытання" (СПб., 1906, выд. ананімна); распрацаваў праект адмысловага беларускага алфавіта.

Вікіпедыя.


У Наваградку ўшанавалі памяць Барыса Кіта

У сярэдняй школе № 1 г. Наваградка і Наваградскім гістарычна-краязнаўчым музеі прайшлі памятныя мерапрыемствы, на якіх ушанавалі памяць Ганаровага грамадзяніна Наваградка Барыса Кіта.

Ушанаваць памяць сусветна вядомага беларуса, прафесара Вашынгтонскага ўніверсітэта, доктара філасофіі ў галіне матэматыкі (Рэгенсбург, Германія), акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж, Францыя), акадэміка і віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Еўразіі (Масква), ганаровага члена Брытанскага міжпланетнага таварыства, члена Дырэктарыята нямецкага астранаўтычнага таварыства, ганаровага доктара навук Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ганаровага грамадзяніна Наваградка прыйшлі дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў г. Наваградку Мікалай Гайба, дырэктар сярэдняй школы № 1 Ала Сталярчук, кіраўнік музея Барыса Кіта Уладзімір Буткевіч, дырэктар Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея Марына Ярашук, вучні сярэдніх школ № 1 і № 7 г. Наваградка.

- Учора нам стала вядо-ма пра смерць чалавека, імя якога цесна звязана з нашай школай, - сказала Ала Сталярчук. - Ён вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, якую ў верасні 1939 года ўзначаліў. У гэты час ужо гімназія знаходзілася ў будынку нашай школы. Менавіта тут, яшчэ пры жыцці Барыса Кіта, быў адкрыты яго музей. Сёння мы ўзгадваем пра яго жыццё, неацэнны ўклад у сусветную навуку і яго любоў да Наваградчыны.

Больш падрабязна пра Барыса Кіта расказаў Мікалай Гайба.

- Упершыню з Барысам Кітом я пазнаёміўся ў 1992 годзе. Пазней сустракаліся яшчэ некалькі разоў, - адзначыў Мікалай Гайба. - Барыс Кіт называў сябе наваградчанінам, размаўляў толькі па-беларуску, пры тым што ведаў сем замежных моў. Падчас свайго прыезду на радзіму ён дзяліўся ўспамінамі з дзяцінства, шмат расказваў пра гады вучобы ў гімназіі і бацькоў. Жывучы далёка за мяжой, Барыс Кіт імкнуўся шмат зрабіць для нашага горада. У яго была ідэя адкрыць у Наваградку ўніверсітэт. З 1994 года - Барыс Кіт Ганаровы грамадзянін Наваградка.

У Наваградскім гістарычна-краязнаўчым музеі захоўваецца шмат уласных рэчаў, а таксама дыпломы, рукапісы, перапіска Барыса Кіта. Усяго - 1300 адзінак, частка змешчана ў экспазіцыі, якая прысвечана менавіта нашаму земляку, вядомаму ва ўсім свеце навукоўцу ў галіне астранаўтыкі, аўтару першага ў свеце падручніка па ракетным паліве. Пра ўсё гэта расказала Марына Ярашук на сустрэчы ў гістрычна-краязнаўчым музеі.

Вольга Пісар, "НЖ".


Прэзентацыя ў Доме Дружбы

У Доме Дружбы 24 студзеня адбылася прэзентацыя кнігі "Калоны Славы", падрыхтаванай другім сакратаром Амбасады Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Эльжбетай Інеўскай. Гэта адно з апошніх мерапрыемстваў Амбасадара Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь перад яго ад'ездам на радзіму. На прэзентацыі кнігі з вітальным словам выступіла старшыня ТБМ, дэпутат ПП НС Рэспублікі Беларусь Алена Анісім

Ніжэй прыводзім тэкст яе выступу.

Паважаны спадар Амбасадар!

Шаноўныя госці і прысутныя!

Мы прысутнічаем сёння на чарговай імпрэзе, якая мае значэнне для гісторыі і культуры абодвух народаў: беларускага і польскага.

Так распарадзіўся лёс, што мы жывём побач суседзямі, і жыццё як нашых продкаў, папярэднікаў, так і наша сучаснае жыццё цесна ўзаемазвязана. Яно пераплецена рознымі палітычнымі падзеямі, знітавана па-кручастым лёсам многіх нашых грамадзян. Не ўсё было проста ў мінулым, не так адназначна ўсё ўспрымаецца і сёння. Аднак праз размову і супрацу ў галіне культурнага развіцця мы маем выдатную магчымасць паразумецца і знайсці шляхі вырашэння многіх пытанняў.

Прэзентацыя сённяшняй кнігі - з гэтага шэрагу. Гэта яшчэ і даніна павагі да дзейнасці нашых папярэднікаў, якія дэманстравалі свой узор грамадзянскага чыну. Тое, як паставіліся прадстаўнікі тагачаснай улады да Канстытуцыі 3 траўня (у распрацоўцы якой бралі ўдзел і беларусы), ушаноўваючы яе прыняцце стварэннем адмысловых Калонаў Славы - прыклад для нас сённяшніх. Асаблівае значэнне гэта набывае ў сёлетні 2018 год, які для ўсіх беларусаў праходзіць пад знакам 100-годдзя БНР як сімвала аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Кожны народ жадае жыць у сваёй асобнай краіне, але не кожны мае такую магчымасць. Мы, беларусы, як і палякі, жывём сёння як добрыя суседзі, кожны ў сваёй дзяржаве. Гэта найвялікшая заслуга многіх пакаленняў і найважнейшая палітычная каштоўнасць. Гэта тое, што трэба перадаваць нашым нашчадкам. Дзякуючы такім выданням, як кніга "Калоны Славы", наша гісторыя паўстае перад намі ў канкрэтным абліччы помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны. Спазнаючы гісторыю стварэння такіх помнікаў, мы глядзім у нашу мінуўшчыну, каб зрабіць высновы, на падставе якіх наш рух наперад будзе больш абачлівы і больш паспяховы.

Як старшыня ТБМ, дэпутат, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы я віншую ўсіх з нагоды выхаду гэтай кнігі. Я таксама хачу падзякаваць спадару Амбасадару Паўліку Конраду і ўсім супрацоўнікам Амбасады Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь за падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў, скіраваных на развіццё нашых культурных узаемасувязяў, а таксама за выданне шматлікай літаратуры на беларускай мове. Спадзяюся, што наперадзе нас чакаюць яшчэ і іншыя не менш значныя культурна-грамадскія мерапрыемствы і падзеі.

Алена Анісім.


Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі

Інфармацыйны ліст

Запрашаем прыняць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі: "Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці"

Час правядзення: 15 - 16 сакавіка 2018 г.

Месца правядзення: "Інстытут гісторыі НАН Беларусі"

Праблемнае поле канферэнцыі:

1. Геапалітычнае становішча Беларусі ў 1914 - 1921 гг.

2. Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва.

3. Беларуская Народная Рэспубліка ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі.

4. Беларуская Народная Рэспубліка ў лёсах беларускай эліты.

Па матэрыялах канферэнцыі запланавана выданне зборніка.

Працоўныя мовы: беларуская, руская, англійская.

Заяўкі для ўдзелу ў канферэнцыі і тэзісы дакладаў (па прапанаванай форме) прымаюцца да 15 лютага 2018 г. на адрас аргкамітэта: 220072, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1. Кантактны тэл.: (017) 284-16-10. E-mail: modernhistbel@mail.ru (220072, г. Минск, ул. Академическая, 1. Контактный тел.: +375-17-284-16-10. Каб. № 115. E-mail: modernhistbel@mail.ru).

У заяве паведамляецца імя, імя па бацьку і прозвішча дакладчыка, яго навуковая ступень і званне, назва даклада, назва ўстановы, якую прадстаўляе дакладчык, кантактны тэлефон, e-mail. Студэнтам, магістрантам і аспірантам разам з заяўкай неабходна даслаць тэзісы даклада (да 2000 знакаў) і водгук навуковага кіраўніка. Замежных удзельнікаў просім паведаміць пра неабходнасць атрымання візавай падтрымкі.

Даклад аб'ёмам да 6 (шасці) старонак адзінарным інтэрвалам фармату А4 (210 Х 297 мм) павінен быць набраны ў рэдактары Times New Roman памерам 14 без пераносаў. Палі: верхняе, ніжняе - 20 мм, левае - 30 мм, правае - 10 мм. Першы радок - справа прозвішча (прозвішчы) і ініцыялы аўтара (аўтараў), назва ўстановы (скарочана). Трэці радок - назва матэрыялу малымі літарамі паўтлустым шрыфтам (па цэнтры). Праз радок друкуецца тэкст дакладу.

Запрашэнні для ўдзельнікаў канферэнцыі будуць разасланыя пасля разгляду заявак да 5 сакавіка 2018 г.

Выдаткі, звязаныя са знаходжаннем на канферэнцыі, бярэ на сябе камандзіруючы бок.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору дакладаў.


ТЭКСТЫ ДА 11-й АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЫКТОЎКІ, рэкамендаваныя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

3-я УСТАЎНАЯ ГРАМАТА Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо Расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь, не пытаючыся народа, укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе свайго Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных звязах Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі, якія далі магчымасці чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасці, што забівае на смерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсці ў адносіны з зацікаўленымі бакамі, прапануючы ім перагледзець тую часціну Берасцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць мірную ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ, а ўласна: Магілёўшчыну, беларускія часткі Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднам, Беластокам і інш), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерняў, заселеныя беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка пацвярджае ўсе тыя правы і вольнасць грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дана ў Менску-Беларускім

24 сакавіка 1918 года.

25-ты САКАВІК

Ён прыйдзе, гэты дзень!

Ён не прыйсці не можа!

Ён прыйдзе -

й загудзе вясновы буралом,

пакрышыць, размяце,

раскідае, зніштожыць

усё, што нам шляхі да хаты замяло!


Ці чуеце?

Аб ім

шасціць быльнёг аселіц,

пяюць вятры ў лазе,

і звоніць крыгаў лёд.

Ахвяраю крыві,

а Слова стане Целам,

і ўжо ніколі больш

не ўстане Чорны Год.


Няхай бярэмя він

прыгнула нас, і крылы

апалі,

й хлеб чужы,

нясмачны і важкі,

няхай нас апавіў

тугой агорклы вырай, -

трывайма!

Ён ідзе -

Вялікі Сакавік!

Ідзе…

й пад ногі рунь

яму кладзецца,

таюць снягі,

на паплавох зяленіцца трава…


Радзіма!

Беларусь!

Каханая, святая!

Багаславі нас жыць

і веру захаваць!

Наталля Арсеннева.

НА ПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА

На пачатку было слова.

І слова было ў Бога.

І слова было - "Беларусь".

Не, гэта не святатацтва і не блюзнерства. Гэта праўда. Простая і звычайная. Звыклая, святая і адвечная. Як свет, адвечная праўда.

Бо і сапраўды на пачатку ўсяго нашага, беларускага, было слова "Беларусь".

І словам тады была наша Беларусь. У ім, у слове гэтым, бруіла і пульсавала жыццё. Быў сэнс для жыцця, і было жыццё многіх і многіх людзей і пакаленняў, родаў і асобаў, якія вынікова намагаліся ўвасобіць слова ў справу. І слова тое станавілася жыццядайным промнем, нязгасным знічам у змроку, поклічнай паходняй на шляху з цемрадзі да святла.

І было яно сапраўдным і праўдзівым святлом, якое сваёй усяіснай пранікальнасцю прасвятляе, ажыўляе і перастварае кожнага, хто да яго датыкаецца альбо з ім судакранаецца, хто імкнецца да яго, прагне яго, як здарожаны і знябожаны падарожнік прыпадае да ратавальнай крынічкі, глытком асвяжальнай вады аднаўляе свае сілы - каб далей ужо без святла гэтага не жыць. Каб самому паверыць у стваральную моц слова і захапіць верай іншых, падняць з каленяў, узвысіць да святла і неба сілай ягонай зваблівасці. І, не схіляючы галавы, нястомна ісці на покліч гэтага святла, святлом разганяючы цемру на сваім шляху.

І слова тое станавілася плоццю, увасаблялася, учалавечвалася ў душы людзей. Душа ж людская - несмяротная. Значыць, і слова святое "Беларусь" насычалася несмяротнасцю, станавілася поклічным, уздымным і стваральным. Ад веку і давеку. Ад мінулага праз час сённяшні - да будучыні.

Але на самым пачатку пачаткаў слова гэтае апераджала людзей і справы, і памкненні іхнія, бо было раней за іх, раней за плоць і свядомасць іхнюю. І як Дух насіўся над бясплоднай пустыняй, так і слова, набрынялае існасцю, ускрыленае надзеяй, насілася над светам, пакуль не знайшло прыстанішча свайго, пакуль ад Бога не нарадзілася і не апусцілася на зямлю белакрылай пташкай - і абжыло яе, і духам сваім ажывіла, і адметнасцю сваёю пазначыла.

Калі ж набыло слова жывую плоць - сталася Бацькаўшчынай, Айчынай, калыскай, краем і загонам родным, зямлёю тутэйшай, ператварыла яе ў палетак засеяны, і дагнала тое, што апярэджвала людзей і дзеі іхнія, і пераўвасобіла безыменнасць ягоную ў рэальнасць і дадзенасць з найменнем зразумелым, непаўторным, дарагім і адзіным на ўвесь свет - "Беларусь".

І там, дзе шчырасцю сваёй парупіўся пра справу беларускую і адзін, і другі, і трэці, гурт зычліўцаў і спагаднікаў утварыўся, справа святая паўстала.

Анатоль Бутэвіч.


У КНІГАРНІ

Сённяшняя кнігарня - не толькі будыніна, дзе багата кніжак, якія прадаюцца, купляюцца. Тут - і месца сустрэч са знаёмымі і з тымі незнаёмымі, якія становяцца таксама знаёмымі. Тут - і месца ацэнкі кніжкам, месца крытыкі, а то і, хоць часам, хоць рэдка, самакрытыкі. Тут (калі б пачуў!) - і экзамен аўтару. Тут і пакупец здае сам сабе экзамены на сваю вучоную ці чытацкую сталасць.

У кнігарні нагледзішся, пакуль сам глядзіш, "абмацваеш" кніжку, людзей розных і ўсякіх. За дзень праходзяць сотні каля кожнага прылаўка. Шукальнікі думкі і экзотыкі, праўдалюбцы і "кротусы". Шукальнікі кніжак, з якіх "зробяць" новыя кніжкі. Шукальнікі суровага рэалізму і прыгодніцкіх гісторый.

Балельшчыкі-кніжнікі - зусім іншая аўдыторыя, чым, скажам, наведвальнікі баксёрскіх сустрэч або футбольных гульняў. Балельшчыкі-кніжнікі звычайна скупыя на словы: сказаў слова-два ці адказаў адным-двума словамі - і хто ўткнуўся, хто ўнурыўся ўвесь усім у кніжку, хто разглядае яе, чытае мясціны і сам сабе ўсміхаецца, хто сам сабе нешта скажа, хто з нягодаю і, як лішняе, кладзе кніжку на прылавак.

Фёдар Янкоўскі.


Што з мовай у аэрапорце?

Старшыні Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны

Трусаву А.А.

(просім праінфармаваць

іншых заяўнікаў)

вул. Румянцава, 13

220054, г. Мінск

Аб разглядзе звароту адносна

выкарыстання беларускай мовы

Паважаны Алег Анатолевіч!

У Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Нацыянальны аэрапорт Мінск" (далей - прадпрыемства) разгледжаны Ваш зварот ад 08.01.2018 г. адносна выкарыстання беларускай мовы ў абвестках аэрапорта, на інфармацыйных стэндах, шыльдах, табло, указальніках, размешчаных у аэравакзальным комплексе аэрапорта, а таксама зрабіць беларускамоўную версію інтэрнэт-старонкі на інтэрнэт-сайце прадпрыемства. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

У сваёй дзейнасці па абслугоўванні пасажыраў і гасцей аэрапорта прадпрыемства цалкам кіруецца дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, правіламі і стандартамі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІСАО), распаўсюджанай практыкай дзейнасці іншых міжнародных аэрапортаў.

Інфармацыйныя надпісы, наяўныя на ўказальніках у аэравакзальным комплексе аэрапорта, а таксама гукавая трансляцыя інфармацыі аформлены і ажыццяўляюцца ў поўнай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Артыкул 13 "Мова ў сферы абслугоўвання" Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1990 № 3094-ХІ "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" абвяшчае: "На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мовы, а пры неабходнасці - іншыя мовы".

У адпаведнасці з артыкулам 33 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры грамадзяне Рэспублікі Беларусь у сферы культуры абавязаны паважаць дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь, а таксама паважаць і не парушаць правы іншых асоб у сферы культуры, у тым ліку паважаць культурныя традыцыі і мовы нацыянальных супольнасцей.

Такім чынам, сістэма інфармавання пасажыраў Нацыянальнага аэрапорта Мінск не супярэчыць дзеючаму заканадаўству і ў поўнай меры адпавядае яго патрабаванням, а таксама выконвае сваё прызначэнне.

У цяперашні час на інтэрнэт-сайце прадпрыемства зроблена беларускамоўная інтэрнэт-старонка, завершаны работы па дапрацоўцы праграмнага забеспячэння аўтаматызаванай сістэмы візуальнага інфармавання пасажыраў, у выніку якіх інфармацыя аб рэйсах паветраных суднаў на вылет і прылёт выводзіцца на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах на 145 манітораў і 9 інфармацыйных табло, размешчаных у будынку аэравакзала.

Ажыццяўляецца абнаўленне інтэрнэт-сайта прадпрыемства з магчымасцю прадстаўляць больш інфармацыі на беларускай мове. Выконваюцца работы па перекладзе на беларускую мову інфармацыі для гукавой трансляцыі, а таксама інфармацыйных надпісаў з мэтай выканання наступнага комплексу мерапрыемстваў па вырабу і ўстаноўцы інфармацыйных стэндаў, шыльдаў і паказальнікаў, якія будуць змяшчаць інфармацыю на беларускай мове.

Прадпрыемства дзякуе за Ваш зварот і ўвагу да дзейнасці Нацыянальнага аэрапорта Мінск і дадаткова паведамляе аб тым, што службовыя асобы, якія прымаюць рашэнні і кантралююць сітуацыю ў аэрапорце, з'яўляюцца прафесіяналамі ў галіне грамадзянскай авіяцыі, звяртае ўвагу грамадскасці на тое, што, як і раней, у аэрапорце найбольшая ўвага будзе надавацца прафесійнаму ажыццяўленню дзейнасці ў галіне грамадзянскай авіяцыі і спадарожнаму высакаякаснаму сэрвіснаму абслугоўванню.

Пытанням грамадскасці прадпрыемства надае дастаткова ўвагі, аднак у прыняцці рашэнняў кіруецца дзеючым заканадаўствам і планам развіцця прадпрыемства.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 № 300-3 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў" Вы маеце права абскардзіць рашэнне, прынятае па Вашым звароце, у вышэйстаячы дзяржаўны орган - Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

З павагай, Намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытаннях і рабоце з персаналам В.У. Палей.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папяр. нум..)

1194. Сурскі (Ягор) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Суры і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны': Сурскі.

1195. Сухамлінаў (Фёдар) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сухамлін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сухамлінаў. ФП: сухамлін ((укр.) 'сухі блін') - Сухамлін (мянушка) - Сухамлін (прозвішча) - Сухамлінаў. Нярэдка набывае форму прэстыжнасці Сухамлінскі.

1196. Суханаў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сухан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Суханаў. ФП: сухі ('які мае сухарлявы склад цела, хударлявы', 'пазбаўлены душэўнай цеплыні, дабрыні, неласкавы', 'скупы, лаканічны') - сухан ('вытвор з суфіксам -ан і значэннем 'сухі (чалавек)' - Сухан (мянушка, потым прозвішча) - Суханаў.

1197. Сухарукаў (Павел) - вытвор з суфіксам -аў ад антрапоніма Сухарук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сухарукаў. ФП: сухарукі ('які дрэнна валодае або зусім не валодае рукой (рукамі) у сувязі з атрафіяй мышцаў') - сухарук (субстантыў або сухарукі) - Сухарук (мянушка, потым прозвішча) - Сухарукаў.

1198. Сцепанюк (Вікторыя) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Сцяпан і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сцяпанюк - Сцепанюк. Параўн. Лазарук.

1199. Сцепусь (Анатоль) - экспрэсіўная форма (з суфіксам -усь) ад імя Сцяпан (з мовы грэкаў stephanos 'вянок') набыла ролю прозвішча ( Сцепусь).

1200. Сцяжко (Наталля) - другасная форма, першасная Сцежка - семантычны вытвор ад апелятыва сцежка 'вузкая пратаптаная дарожка', а таксама 'шлях і кірунак працоўнай дзейнасці каго-н., чаго-н.'; [форма з канцавым -о/-ко дзеля адмежавання ад апелятыва, каб быць у рэчышчы сучаснай моды; параўн. Дыро (<рус. дыра), Гачко < гачка, Ліс о < ліса і пад.]. Або форма імя Сцяпан (грэч. stephanos 'вянок') - Сцяшко з азванчэннем гука [ ш].

1201. Сцяпура (Эдуард) - вытвор з фармантам -ура ад антрапоніма Сцёпа і значэннем 'нашчадак названай асобым': Сцяпура. Параўн. снягур (снег) гл. Смагур.

1202. Сцяцэнка (Наталля) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Сцяц і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сцяцэнка. ФП: Сцяпан (імя, з мовы грэкаў 'вянок') - Сцец / Сцяц (скарочаная гутарковая форма) - Сцяц (празванне, потым прозвішча) - Сцяцэнка.

1203. Сырэвіч (Віктар) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Сыр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сырэвіч. ФП: сыр ('харчовы прадукт, які робіцца з малака, заквашанага пэўным чынам') - Сыр (мянушка) - Сыр (прозвішча) - Сырэвіч. Або ад антрапоніма Сыр ы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сырэвіч. ФП: сыр ы ('вільготны, не сухі', 'не да канца апрацаваны, недароблены'; 'недавараны, недапечаны, недасмажаны') - Сыры (мянушка, потым прозвішча) - Сырэвіч. Супадзенне акцэнтуацыі ўтваральнага слова і дэрывата робіць гэтую версію больш абгрунтаванай.

1204. Сытых (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва сытых - формы роднага склону мн. ліку ад сыты 'тлусты, укормлены', 'які наеўся ўдосталь', 'які ўтрымлівае шмат тлушчу', 'які жыве ў дастатку, у роскашы'. Часам форма выкарыстоўваецца для адмежавання ад апелятыва. Сытых < Сыты: для адрознення ад усіх аднавяскоўцаў з прозвішчам Сыты (Зэльвеншчына).

1205. Сычкова (Таццяна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Сычок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сычкова. ФП: сыч ('начная птушка атрада соў', (перан.) 'маўклівы, пануры чалавек') - Сычок (памян.-ласк.-зневаж. да сыч) - Сычок (мянушка, потым прозвішча) - Сычкова.

1206. Сычэўскі (Уладзімір) - вытвор з фармантам -эўскі ад антрапоніма Сыч і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сычэўскі. ФП: сыч ('начная і вячэрняя птушка з бурай афарбоўкай сямейства сапраўдных соў', (перан.) 'маўклівы, пануры чалавек') - Сыч (мянушка, потым прозвішча) - Сычэўскі. Або прэстыжная форма да прозвішча Сыч з семантыкай узвышэння.

1207. Сягоднік (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва сягоднік 'тое, што адбываецца сягодня' (утварэнне сягоднік), 'надзённы, актуальны'; 'сённяшні'.

1208. Сямак (Кацярына) - семантычны вытвор ад апелятыва сямак 'сёмы па ліку', 'які ўключае сем адзінак'.

1209. Сянчук (Алёна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Сянько і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сянч(к/ч)ук. ФП: Сямён (імя) - Сянько (нар.-гут. варыянт) - Сянько (мянушка, потым прозвішча) - Сянчук. Або як экспрэсіўны варыянт, які набыў ролю прозвішча.

1210. Сярдзюк (Вера) - семантычны вытвор ад апелятыва сярдзюк - (утварэння з суфіксам -юк ад сярдзіты) 'схільны сердаваць, злавацца; злосны'.

1211. Сяржанаў (Канстанцін) - вытвор з прыналежным суфіксам - аў ад антрапоніма Сяржан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сяржанаў. ФП: Сяргей (імя) - Сяржук і Сяржан (нар.-гут. варыянты) - Сяржан (мянушка, потым прозвішча) - Сяржанаў.

1212. Тайнова (Анастасія) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Тайны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тайнава. ФП: тайны ('які з'яўляецца тайнай для каго-н., які хаваецца ад іншых, вядомы нямногім', 'загадкавы, таямнічы', 'звязаны з сакрэтнасцю, прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, сакрэтны') - Тайны (мянушка, потым прозвішча) - Тайнова.

1213. Талерчык (Міхаіл) - семантычны вытвор ад апелятыва талерчык - утварэнне памянш.-ласк. суфіксам -чык ад талер 'старажытная нямецкая манета' (ням. Taler). Або вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Талер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Талерчык. ФП: талер (манета) - Талер (мянушка, потым прозвішча) - Талерчык.

1214. Талочка (Сяржук) - семантычны вытвор ад апелятыва талочка - (памянш.-ласк. утварэнне (фармант -ка ад талака 'калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ', 'група людзей')). Або вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Талака і значэннем 'асоба жаночага полу' ('жонка, дачка Талакі').

1215. Тамела (Зоя) - форма імя Таміла (імя ад дзеяслова таміць 'мучыць') набыла ролю прозвішча.

1216. Тамковіч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Томка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Томкавіч - Тамковіч. ФП: Фама (імя -ст.-яўр. 'блізня') - Том і Томка (народна-гутарк. форма) - Томка (празванне, потым прозвішча) - Тамковіч.

1217. Тараненка (Антон) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Таран і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тараненка. ФП: таран (апелятыў з рознымі значэннямі: 'прамысловая рыба, разнавіднасць плоткі'; 'старажытная прылада для разбівання сцяны цвердзі', 'выступ у насавой частцы падводнай лодкі для удару у корпус варожай лодкі' і інш.) - Таран (мянушка) - Таран (прозвішча) - Тараненка.

1218. Таранка (Людміла) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Таран і значэннем 'жонка ці дачка названай асобы': Таранка. Або семантычны вытвор ад апелятыва таранка 'рыбіна ( таран-ка), часцей высушаная'.

1219. Тарантухіна (Таццяна) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Тарантуха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тарантухіна. ФП: тарантас ('чатырохкалёсная гаспадарчая павозка') - таранцець ('тарахцець (пра тарантас)') - таранцей ('той, хто кіруе едучы на тарантасе') - Таранцей (антрапонім) - Тарантуха ('жонка Таранцея', фармант -уха) - Тарантухіна (Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Том 5, с. 88).

1220. Таранцей (Віктар) - семантычны вытвор з суфіксам -ей ад дзеяслова таранцець 'утвараць раскацістыя гукі' і значэннем 'той (тое), што таранціць (павозка, прадмет і пад.)'. Або з украінскага маўлення: таран цей 'таран гэты' - таранцей - Таранцей. Або мажлівы варыянт ад Цярэнцей (лац. terere 'церці, расціраць, малаціць'), яго формы Терентий (1629) і Тарэнць (Бірыла).

1221. Тарасюк (Ірына) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Тарас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тарасюк. ФП: Тарас (імя, з мовы грэкаў 'турбаваць, хваляваць') - Тарас (празванне, потым прозвішча) - Тарасюк.

1222. Тарашкевіч (Браніслаў) - вытвор з суфіксам бацькай-мення -евіч ад антрапоніма Тарашка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тарашкевіч. ФП: Тарах (ст. рэдк. імя) - Тарашка (народна-гутарк. форма) - Тарашкевіч.

1223. Таркоўскі (Вікенцій) - вытвор з фармант -оўскі/-скі ад тапоніма Таркі / Таркоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Таркоўскі, Таркоўскі.

(Працяг у наст. нумары.)


ЦЭНТР ДАСЛЕДАВАННЯЎ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ, МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ НАВУК БЕЛАРУСІ

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа

21 лютага 2018 года праводзяць Міжнародную навуковую канферэнцыю

БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў СФЕРЫ SACRUM: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ

Праблемнае поле канферэнцыі:

- богаслужбовая практыка, асвета і пісьменства як фактары станаўлення і развіцця еўрапейскіх нацыянальных моў;

- функцыянаванне беларускай мовы ў рэлігійнай сферы жыцця сучаснага грамадства і ў літургічнай прасторы;

- гісторыя ўжывання беларускай мовы ў рэлігійнай кніжнасці і практыцы богаслужэння.

Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская

Праезд, пражыванне і харчаванне - за кошт удзельнікаў

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца да 10 лютага 2018 года.

У заяўцы ўказваюцца: прозвішча, імя, месца працы (краіна, установа), пасада, вучоная ступень, вучонае званне, назва даклада, кантактны тэлефон, паштовы і электронны адрасы, неабходнасць браніравання гасцініцы.

Тэкст даклада падаецца ў электронным (фармат RTF) і раздрукаваным выглядзе ў аргкамітэт падчас рэгістрацыі.

Памер даклада - да 20 000 друкаваных знакаў у рэдактары Word for Windows, надрукаваных шрыфтам Times New Roman-14, інтэрвал 1,5. Першы радок справа - прозвішча і ініцыялы аўтара, краіна, горад. Спасылкі на літаратуру афармляюцца ў квадратных дужках згодна з патрабаваннямі ВАК Беларусі і падаюцца ў канцы тэксту ў алфавітным парадку.

Калі ласка, дасылайце заяўкі на адрас: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, вул. Сурганава, 1/2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь, 220072.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору матэрыялаў для публікацыі.

inlinasbel@tut.by hs65_2011@mail.ru Тэл.: +375-17-284-27-18


АДКРЫТЫ ЛІСТ

удзельнікам Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай лінгвістычнай сітуацыі ў рэлігійнай сферы жыцця беларускага грамадства, якая адбудзецца

21 лютага 2018 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Дык вось, аддайце

кесарава кесару,

а Божае Богу

Мф 22, 21.

У сядзібе ТБМ імя Францішка Скарыны 21 студзеня адбылося паседжанне рэспубліканскай Рады. Як заўсёды, разглядаліся надзённыя пытанні стану беларускай мовы, ішлі размовы пра розныя шляхі яе пашырэння ў грамадстве і інш.

У канцы мерапрыемства прыгадаліся і важныя гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў краіне ў мінулым 2017 годзе. Гэта і святкаванне 500-годдзя з дня выхаду Псалтыра і пачатку беларускага і ўсход-неславянскага кнігадрукавання, і прэзентацыі Новага Запавету, выдадзенага Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі на беларускай мове.

Адзначым, што зацікаўленыя філолагі, педагогі пасля заканчэння паседжання Рады доўга не разыходзіліся. Іх хвалявала тая сітуацыя, што ў нашай краіне існуюць розныя правапісныя сістэмы: Праваслаўная Царква Беларусі мае сваю, Каталіцкая Царква - сваю. Адны развіваюць сваю перакладчыцкую дзейнасць пад уплывам рускай мовы, другія - пад уплывам польскай.

Прыгадалі Гасподнюю малітву "Ойча наш". Сталі прагаворваць. Паколькі сярод прысутных былі і католікі, і праваслаўныя, і грэка-католікі, то малітва на беларускай мове гучала па-рознаму. Тэкст адрозніваўся сваімі сінтаксічнымі канструкцыямі. Больш таго, заўважылі, што і імя Сына Божага вымаўляецца і пішацца па-рознаму: Іісус - Езус - Ісус, Баранак - Агнец (Ягнец), а таксама зварот: Іісусе Хрысце - Езу Хрыстэ - Ісусе Хрысце, Пане - Госпадзі. Па-рознаму называюцца і важнейшыя хрысціянскія цэнтры Святой Зямлі: Ерузалем - Іерусалім, Ізраэль - Ізраіль, Бэтлеем - Віфлеем і шмат інш.

Некаторыя могуць сказаць, што існуе выпрацаваная тэрміналогія пэўнага веравызнання. Аднак гэта не так. Цалкам пагаджаюся са сваімі сябрамі па ТБМ, якія сцвярджалі, што гэта элементарнае непадпарадкаванне адзінаму правапісу сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

А вось прыклад парушэння граматычных норм: Збаўца нарадзіўся з Панны Марыі. Або фактычныя памылкі: Мудрацы прынеслі Немаўляці міра, золата і кадзіла (пасудзіну?); і яшчэ: Ніхто не накладае латкі з тканіны суровай на адзежыну старую ( з тканіны суровай - прасякнутай сур'ёзнасцю, вельмі строгай ці суравой - грубай, нябеленай?). У гутарцы называлася шмат іншых яркіх прыкладаў, але ці варта іх прыгадваць.

Адно толькі трэба сказаць, і вельмі істотнае: у Беларусі, як і ва ўсіх нармальных краінах свету, існуе свая сучасная літаратурная мова, мова навукі, навучання, культуры, перыядычнага друку і інш. Наша беларуская мова прайшла праз многія выпрабаванні, выжыла, выстаяла ў розных неспрыяльных умовах. Цяпер у нас існуюць Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, Закон Рэспублікі Беларусь № 420-3 ад 23 ліпеня 2008. А артыкул 2 сцвярджае: "Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы". Вядома, гэта датычыцца і канфесійнай практыкі.

Адкрыты ліст складзены па прапанове галоўнага рэдактара газеты "Наша слова" сп. Станіслава Судніка. Ён прымаў актыўны ўдзел у гутарцы і прапанаваў тэму для артыкула, якая стала эпіграфам - своеасаблівым зваротам да паважаных удзельнікаў канферэнцыі, прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій Беларусі. А з выказванняў Епіскапа Міхаіла ў "Толковом Евангелии от Матфея" (Мн., 2004) і ў працах Іаана Залатавуста значэнне выразу кесарава кесару тлумачыцца намнога шырэй, чым толькі паняцце падаткаў.

Таму да ўдзельнікаў канферэнцыі выказваем нашу вялікую просьбу: стварыць незалежную камісію ў складзе вучоных-мовазнаўцаў з мэтай:

1) выпрацаваць адзіны хрысціянскі іменаслоў і тэрміналогію для перакладу адзінага Святога Пісання для ўсіх канфесій, іншай канфесійнай літаратуры, зыходзячы з асаблівасцей і гісторыі беларускай мовы;

2) распрацаваць патрабаванні да адзінага канфесійнага стылю;

3) прапанаваць Міністэрству адукацыі ўвесці тэму паняцця канфесійнага стылю ў праграмы розных тыпаў адукацыйных устаноў Беларусі;

4) паколькі з асобнымі хрысціянскімі тэмамі навучэнцы знаёмяцца на ўроках гісторыі і літаратуры, рэкамендаваць педагогам у працэсе навучання выкарыстоўваць тыя хрысціянскія выданні, якія цалкам адпавядаюць патрабаванням сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Валянціна Раманцэвіч, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны.


Юбілей паэта Навума Гальпяровіча

25 студзеня 2018 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа,адбылося святкаванне 70-годдзя вядомага паэта, публіцыста і журналіста Навума Якаўлевіча Гальпяровіча і прэзентацыя яго апошняй кнігі вершаў "Час лістападу..."

Творца нарадзіўся 14 студзеня 1948 г. у горадзе Полацку. У 1955 годзе паступіў у першы клас СШ № 9. Працаваў грузчыкам і намотачнікам шклотканіны (1966-1967).

З траўня 1967 - карэктар, а з 1971 па 1977 год - старшы літсупрацоўнік полацкай аб'яднанай газеты "Сцяг камунізму".

У 1967 паступіў завочна на факультэт журналістыкі БДУ (пакінуў у 1970). Закончыў факультэт пачатковых класаў Віцебскага педінстытута ў1979 годзе. У 1980-1981 годзе - карэспандэнт Наваполацкай газеты "Хімік". З 1981 г. - уласны карэспандэнт Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні па Віцебскай вобласці (г. Наваполацк).

Першы верш сп. Навума "Я прыйду на паштамт вельмі рана..." быў надрукаваны ў газеце "Хімік" у 1967 годзе. З 1973 г. пачаў друкавацца на беларускай мове. Паэт размяшчае свае вершы ў калектыўных зборніках "Сцяжына". "Дзень паэзіі", "Каласы роднай мовы..." Аўтар зборнікаў вершаў "Святло ў акне", "Струна", "Сюжэт для вечнасці", "Гэта ўсё для цябе". "Востраў душы". "Шляхі і вяртанні", "На шляху да цябе", "На трапяткім агні", "Насцеж".

Выступае ў друку з літаратурна-кратычнымі артыкуламі па пытаннях нацыянальнаў культуры, мовы і літаратуры, экалогіі.

Аўтар многіх тэле- і радыёперадач. Перакладаў з кітайскай, украінскай і цыганскай моваў.

У 1990-1995 г. - дэпутат Наваполацкага гарадскога савета дэпутатаў, член яго пастаяннай камісіі па пытаннях галоснасці і сродкаў массавай інфармацыі. Намеснік старшыні літаратурнага аб'яднання "Крыніцы" З 1990-х гадоў - сябар ТБМ. Працаваў у часопісе "Вожык". З 2004 года дырэктар радыё "Беларусь".

Кніга "Час лістападу" з'явілася ў выдавецтве "Чатыры чвэрці". Яе наклад 200 асобнікаў. Выйшла ў лістападзе 2017 года. На вокладцы - карціна Сяргея Цімохава.

Юбіляра віншавалі старшыня прафсаюза працаўнікоў адукацыі, культуры і інфармацыі Таццяна Васільеўна Філімонава, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Анатольеўна Стэльмах, дырэктар выдавецтва "Чатыры чвэрці". Ліліяна Фёдараўна Анцух, намеснік БФК Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, акцёр і рэжысёр Алег Вінярскі, старшыня суполкі беларусаў г. Іркуцка Алег Рудакоў...

Усім прысутным спадабаліся спевы ў выкананні барда Андрэя Зыгмантовіча на вершы юбіляра. Таксама ўсіх уразіла музыка славутага кампазітара Валянціны Сярых. У зале прысутнічалі творчыя асобы: Януш Малец, Аляксей Дземідовіч, Анатоль Гармаза. Было вельмі цікава прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


РОЗГАЛАС "САКАВІЦКАГА РЭХА"

Урэшце рэшт Умовы гарадскога конкурсу "Сакавіцкае рэха" ў Магілёве прайшлі ўсе ўзгадненні. Яго арганізатарамі выступілі ГА ТБМ імя Ф. Скарыны (старшыня Алег Дзьячкоў) і ГА абласной філіі СБП (старшыня Мікола Яцкоў) сумесна з гарадской філіялбібліятэкай імя Янкі Купалы (загадчыца Дзіна Сцельчанка). Гэты конкурс мае адрозненне ад звычайных конкурсаў, якія праводзяцца штогод рознымі ўстановамі. Спадар Міхась Булавацкі, мадэратар конкурсу, прапанаваў ладзіць паэтычныя майстроўні "Сакавіцкага рэха" кожную трэцюю нядзелю месяца, пачынаючы з верасня. У канцы сакавіка, да Міжнароднага дня паэзіі, будзе праведзены конкурс выканаўцаў уласных твораў. Лепшыя з іх будуць адзначаны дыпломамі "Сакавіцкага рэха".

Да ўдзелу ў паэтычных майстроўнях запрошаны ўсе словатворцы, незалежна ад узросту, якія спрабуюць займацца вершаскладаннем на беларускай мове. Шмат людзей сёння пішуць вершы. Але ж проста вершы і паэзія вельмі розняцца. Як пачаткоўцам авалодаць мастацкім словам? Дзе знайсці настаўніка? Паэтычная майстроўня "Сакавіцкага рэха" для іх можа стаць добрай пляцоўкай. "Канешне, навучыць паэзіі немагчыма, - адзначыў спадар Міхась Булавацкі. - Аднак нейкія элементы верша-складання засвоіць можна. На нашых сустрэчах у кожнага словартворцы, незалежна ад узросту, будзе магчымасць пачытаць свае творы, паслухаць вершы іншых выканаўцаў, а таксама ўхвалу, заўвагі, парады, прапановы".

І вось 21 студзеня філіял-бібліятэка імя Я. Купалы расчыніла дзверы для таленавітых магілёўцаў. Першая сустрэча была нешматлікай. Свае вершы чыталі Леанід Восіпаў, Алесь Сабалеўскі, Пётр Печанькоў. Паэты магілёўскай філіі СБП Сяргей Украінка, Міхась Булавацкі, Тамара Аўсяннікава падзяліліся сваім досведам, разважаннямі аб вершаскладанні, прачыталі творы сваіх любімых паэтаў, вершы пачынаючых паэтаў, якія няўважліва аднесліся да слова, выказалі парады прысутным паэтам. Тыя, хто хоча ўдасканальваць сваё майстэрства, паэтычныя майстроўні пойдуць на карысць.

Першая цагліна ў фундамент новай справы пакладзена. Хай рэха разнясе вестку як мага большай колькасці аматараў роднага слова. А якімі будуць вынікі - час пакажа.

Калі вы займаецеся вершаскаладаннем на беларускай мове, калі вам хочацца ўдасканальваць сваё майстэрства і ў вас ёсць жаданне прыняць ўдзел ў конкурсе, то паэтычная майстроўня "Сакавіцкае рэха" чакае менавіта вас!

Лізавета ПРАЯВЕНКА, сябра літаратурнага клуба "Святліца".


Самае светлае і радаснае свята

Пашанцавала ракаўчанам, іх дзецям, што ў іхнім мястэчку (в. Ракаў, 30 км ад Менска) ёсць такі асяродак духоўнай культуры, як Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Сюды з задавальненнем ідуць садаўскія дзеці, школьнікі, моладзь. Тут яны не проста бавяць час, а напаўняюць сваё жыццё глыбокім зместам: вывучаюць народныя песні, побытавыя танцы, традыцыйную музыку, ставяць тэатральныя пастаноўкі, вучацца ткаць паясы, займаюцца саломапляценнем, выцінанкай, распісваюць дываны, аздабляюць вышыўкай нацыянальныя касцюмы…

І кожны раз, калі прысутнічаеш на якім-небудзь мерапрыемстве, заўсёды судакранаешся з нечым прыгожым, светлым, чыстым - з сапраўдным мастацтвам. Так было і на гэты раз, 21 студзеня, калі ўстанова трымала справаздачу сваёй працы з дзецьмі і падлеткамі за 2017 год. Справаздача мела своеасаблівую форму, форму каляднай казкі.

Апынуцца ў казцы можна было ўжо ў фае ўстановы, дзе вабілі вока вырабы гурткоўцаў і іх кіраўнікоў-майстроў. У куце, на сапраўдным пасажным куфры размясцілася "вяселле" мушкі і камарыка (лялькі-ўдзельнікі лялечнага тэатральнага прадстаўлення паводле паэмы М. Багдановіча "Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык". Майстар і пастаноўшчык Хрысціна Лямбовіч). Нейкае магічнае ўздзеянне аказвалі на гасцей незвычайныя лялькі, зробленыя ўмелай рукой майстрыхі Ірыны Санько. Яна ж з'яўляецца і спонсарам свята - падрыхтавала падарункі-сувеніры для юных удзельнікаў. Арганізавана была і латарэя, можна было за невялікі кошт выйграць сувенір, зроблены таксама рукамі дзяцей і майстроў.

Тут кожны мог стаць чараўніком і на памяць аб свяце зрабіць цікавыя рэчы - свечку з вашчыны ці калядныя сімвалы з саломкі. Але пры адной умове: прыкласці трошкі намаганняў і старання і прыняць удзел у майстар-класах па саломцы (майстар Святлана Ярашэвіч), па вырабе свечак з вашчыны (сям'я Хаўрук, гаспадары фермерскай гаспадаркі "Мядовая каралева").

Атрымаўшы ўрокі "чарадзейства", з выйграным сувенірам-козачкай, са зробленай сваімі рукамі свечкай іду далей па казачнай сцяжынцы і трапляю … на паказ батлейкі, дзе адбываецца ўсім вядомая народная драма "Цар Ірад". Затаіўшы дыханне, са шчымлівым пачуццём, з чаканнем чагосьці новага, незвычайнага акунаюся ў падзеі даўно мінулага, але такога сучаснага і вечнага…

…Прыглушылі святло, усе сцішыліся, зала напоўнілася асаблівай таямнічасцю… Перад батлейкай-скрыняй раптам з'явіліся "анёлы" - Андрэй Палуйчык (флейта), Ульяна Голуб (цымбалы), ігра якіх кранула да слёз. У іх выкананні прагучала мелодыя каляднай песні "Ціхая ноч", якая гучыць ва ўсім свеце на розных мовах. Праз хвіліну пад гэтую песню, якая выконвалася ў запісе на мове арыгіналу (нямецкай), вадзілі свае нябескія карагоды "анёлкі", выклікаючы ў гледачоў шмат замілавання (малодшая група танц. калектыву "Апельсін". Мастацкі кіраўнік Любоў Комар). Дарэчы зазначыць, гэтая песня ўпершыню прагучала 24 снежня 1818 г. у Аўстрыі, а аўтар яе - выхадзец з Беларусі арганіст і дырыжор Франц Губер.

…А вось і кульмінацыя… Запальваюцца свечкі, дзверцы батлейкі адчыняюцца… і пачынаюцца дзівосы - лялькі ажылі і загаварылі галасамі ўдзельнікаў гуртка "Жаронцы" (мастацкі кіраўнік Хрысціна Лямбовіч). Гэтую таямнічую гісторыю Нараджэння Хрыстова так добра, як сапраўдныя батлейшчыкі, паказалі вучні 6 "В" кл. мясцовай школы: Губашына Валерыя, Казлова Дзіяна, Анісовіч Яўген, Каспарэвіч Віктар, Раманчык Аляксей, Купрыенка Уладзіслаў.

Батлейка на сцэне Ракаўскага цэнтра народнай творчасці - гэта першая спроба сіламі дзяцей у клубнай установе Валожынскага раёна аднавіць традыцыю батлейкі. Дэбют удаўся. Гледачы былі ў захапленні і ад змайстраванай на два ярусы скрыні, і ад па-майстэрску пашытых лялек, і ад ігры актораў, і ад пастаноўкі тэатралізаванага паказу, які існуе на Беларусі з 16 ст., і, верыцца, будзе мець працяг, калі за яе адраджэнне ўзяліся неабыякавыя да творчай спадчыны і народнага мастацтва асобы - дарослыя і дзеці, якія ў згодзе і весела, адной сям'ёй жывуць у гэтай установе культуры.

… Калядную тэму прадоўжыў Узорны дзіцячы калектыў "Вянок" і фальклорны гурт "Чыжыкі" (мастацкі кіраўнік Лізавета Пятроўская), "калядаванне" якіх узбагаціла біблейскую гісторыю і натуральна ўплялося ў сюжэтную канву каляднай казкі, надаўшы ёй больш жывасці, бадзёрасці, што выклікала шмат станоўчых эмоцый у гледачоў. А сакавіты, гарэзлівы "Апельсін" (старэйшая група) сваім яркім, імклівым танцам "Самба" ўнёс трохі экзотыкі ў наша беларускае калядаванне. Добрым дапаўненнем была калядная песня "Место встречи", якую з пачуццём праспявала Марыя Голуб. І напрыканцы - песня "Будзь ваша здароў", якая па традыцыі спявалася на завяршэнне святкавання каляд.

"Эх, каб калядачак нядзель з дз есятак…", - усплываюць у памяці мудрыя словы з песні "Ой, калядачкі…", якую выконвалі юныя батлейшчыкі. І я з надзеяй буду чакаць, калі зноў праз год загарыцца калядная зорка, якая прывядзе мяне на самае светлае і радаснае свята.

Людвіка Таўгень, фота Паўла Бакушава.


Запрасіла "Ялінка"

Па традыцыі пружанскія дзеці прыйшлі на свята ў палацык на пярэдадні Старога Новага года. Вось ужо дзявяты год запар яго арганізоўвае для дзятвы раённая рада Таварыства беларускай мовы начале з Тарэсай Жэгалавай. Сёлета "Пружанская ялінка", у якой узялі ўдзел больш як 70 хлопчыкаў і дзяўчынак, атрымалася асабліва радаснай і ўзнёслай.

Упершыню са сваёй выхавацельніцай прыйшла на свята група з дзіцячага садка па вуліцы Урбановіча. Дзеткі ўжо пачалі вывучаць родную мову і ўмела прадэманстравалі атрыманыя веды, расказваючы Дзеду Марозу і Снягурцы беларускія вершыкі.

Усе прысутныя (а іх ледзьве ўмясціла прасторная зала палацыка), напэўна будуць згодныя са мною, што галоўным упрыгожаннем свята стала батлейка, з якой выступілі дзяўчынкі з Нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскай царквы. Мы з заміраннем сэрца паглядзелі лялечны спектакль на рэлігійную тэму і паслухалі гучныя калядныя песні.

Калядкам з добрымі пажаданнямі на Новы год было прысвечана і выступленне вучняў гімназіі. А вось юныя танцоры харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў парадавалі нас беларускімі танцамі "Козачка" і "Купалінка". У зале не сціхалі шчырыя апладысменты.

Як заўсёды, цікавым і насычаным было выступленне моладзі з царквы хрысціян веры евангельскай. Юнакі і дзяўчаты паказалі сцэнку з нараджэння Хрыста, пранікнёна праспявалі калядныя песні і правялі з дзецьмі вясёлыя гульні.

Сапраўдным гаспадаром на "Ялінцы" быў вясёлы беларускі Зюзя, ролю якога артыстычна выканала сябра рады ТБМ Ларыса Жаўнярчук. Зюзя сам не сумаваў і не даваў гэта рабіць іншым: "замарожваў" дзяцей, загадваў загадкі, вадзіў з імі карагоды, гасцінна частаваў пернікамі.

На развітанне ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падарункі. За гэта вялікі дзякуй нашым спонсарам, якія зрабілі свой унёсак у арганізацыю свята.


Ганна Хадаровіч, сябра Пружанскай арганізацыі ТБМ.


Два лялечныя тэатры аб'ядналіся для сумеснай паездкі ў школы Баранавіцкага раёна

Лялечны тэатр "Вясёлы вожык" СШ № 10 горада Баранавічы з беларускамоўнай пастаноўкай "Калабок" і беларускі лялечны тэатр Баранавіцкай арганізацыі ТБМ з казкай "Каза Манюка" пасля навагодніх і калядных свят, з цяжкасцю ўціснуўшыся ў тры легкавікі пад завіруху, з рызыкай мець непрыемнасці ад ДАІ, прыехалі ў Жамчужненскую сярэднюю школу Баранавіцкага раёна. Там, у актавай зале, ужо збіраліся школьнікі малодшых класаў. Перад пачаткам прадстаўленняў кіраўніца тэатра "Вясёлы вожык", педагог Алена Мікалаеўна Перагуда, расказала вучням пра асновы тэатральнай культуры, як трэба сябе паводзіць у тэатры ў час прадстаўлення. Дарэчы, Алена Мікалаеўна - таленавіты чалавек, энтузіяст тэатральнай справы. Сама робіць лялькі і дэкарацыі, шые касцюмы, падбірае гукавое афармленне пастановак, вучыць сваіх школьнікаў акцёрскаму майстэрству. Усе ролі ў тэары "Вясёлы вожык" выконваюць толькі школьнікі. Вучні Жамчужніцкай школы з цікавасцю праглядзелі пастаноўкі, эмацыйна рэагавалі на дзеянні герояў. Пасля апладысментаў і запрашэнняў прыязджаць яшчэ акцёры аператыўна склалі рэквізіт і пераехалі кіламетраў за дзесяць у вёску Цешаўле. У Цешаўлянскай сярэдняй школе акцёраў сустрэў сам дырэктар Дубейка Васіль Міхайлавіч - вядомы краязнавец, навуковец, даследчык гісторыі роднага краю. У падрыхтаваную для прадстаўленняў залу прыйшлі ўсе школьнікі малодшага ўзросту. Алена Мікалаеўна, як звычайна, спачатку распавяла пра культуру паводзін у тэатры. Затым паказалі казкі "Каза Манюка" і "Калабок". Гледачы і тут эмацыйна рэагавалі на дзеянні герояў. А пасля заканчэння прадстаўленняў фатаграфаваліся з акторамі і з лялькамі. Затым дырэктар школы правёў для гасцей экскурсію па школьным музеі. Цікава было паслухаць такога кампетэнтнага гісторыка, даследчыка роднага краю і пабачыць у школьным музеі не толькі планы лёсавызначальных бітваў, што адбыліся на нашай зямлі, а і экспанаты эпохі неаліту, жалезнага веку, пазнейшага часу, знойдзеныя школьнікамі. Сябры ТБМ зрабілі відэазапіс экскурсіі для размяшчэння яго ў інтэрнэце.

Нягледзячы на мароз і завіруху, дадому ўдзельнікі паездкі вярнуліся задаволеныя выступленнямі і з многімі яркімі ўражаннямі.

Мікалай Падгайскі.


БЕЛАРУСЬ ЖЫВЕ ВЕЧНА!

Сцэнар урачыстага святкавання ў школе 100 гадоў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (100 гадоў БНР)

Месца ўрачыстага мерапрыемства: школа, актавая зала, 10:00.

Працягласць урачыстага мерапрыемства: 45-50 хв.

Мэта:

- акцэнтаваць увагу школьнікаў на важнасці падзеі вялікага гістарычнага дня 25-га сакавіка 1918 г., калі высока быў падняты бел-чырвона-белы сцяг Беларускай дзяржаўнасці і голасна на ўвесь свет прамоўлена пра дзяржаўную незалежнасць новай Беларускай нацыі, якая ўтварылася і вырасла з Вялікага Княства Літоўскага;

- выхаваць патрыятычныя пачуцці - гонар і любоў да сваёй краіны Беларусі, у якой нарадзіліся і жывуць;

- абудзіць цікавасць да гісторыі нашай краіны, памятаць і шанаваць гістарычныя даты і дні нашай незалежнасці;

- стварыць і падтрымліваць станоўчы эмацыйны настрой - святочнае пачуццё Вялікай Перамогі.


Гукаўзмацняльнае абсталяванне:

- гукавое афармленне (радыёгазета) на ганку і ў фае школы;

- у актавай зале неабходнае гукаўзмацняльнае абсталяванне для вакальных спеваў пад фанаграму-мінус, неабходная колькасць мікрафонаў (магчымасць агучыць 2 вядоўцаў (радыё мік.), квартэт салістаў (4-ы мікрафоны на стойках)).

Экспазіцыя.

Уваход у школу аформлены вітальнымі словамі чырвонымі літарамі на белай расцяжцы "НЯХАЙ ЖЫВЕ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ!", з бакаў лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Фае школы ўпрыгожана белымі і чырвонымі балёнікамі. Плакат з вітальнымі словамі "Вітаем Святочную Беларусь!". Гучыць радыёгазета на ганку школы, у фае і калідорах школы (беларускія папулярныя песні вядомых выканаўцаў У. Мулявіна, Данчыка, гурт "Стары Ольса", песні на словы вядомых беларускіх аўтараў. Песні чаргуюцца з вершамі вядомых паэтаў Беларусі. Кожныя 5 хв. гучаць вітальныя і віншавальныя словы ад дырэктара школы, яго намесніка па выхаваўчай працы, прадстаўніка аддзела адукацыі, настаўнікаў і школьнікаў (асабістыя і калектыўныя віншаванні, проза, вершы - на ўласны выбар)). Радыё-газета гучыць на пачатку і да канца дня ў перапынках паміж урокаў.

Фае альбо калідор, каля актавай залы. Сцены ўпрыгожаны фотапартрэтамі ўсіх радных БНР (уключаючы сённяшні дзень) і вядомых беларускіх дзеячоў навукі, адукацыі, культуры і мастацтва ХІХ - ХХ стст. Выстава дзіцячых малюнкаў і вырабаў на тэму "100 гадоў БНР". Каля ўваходу ў залу стаіць на флагштоку вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які вартуюць латныя рыцары, тарчы якіх упрыгожаны гербам Вялікага Княства Літоўскага - "Пагоня". Усім наведвальнікам урачыстага мерапрыемства святочна апранутыя, у стылі эпохі пачатку ХХ ст., дзеці раздаюць бел-чырвона-белыя стужкі і святочныя "паштоўкі". Паштоўкі аформлены: з вонкавага боку выява бел-чырвона-белага сцяга над словамі: "Няхай жыве вольная Беларусь!", а на другім баку "паштоўкі" - на белым фоне чырвонымі літарамі "Вітаем святочную Беларусь!". Віншуюць усіх са святам.

Актавая зала ўпрыгожана бел-чырвона-белымі балёнікамі. На задніку сцэны ў сярэдзіне герб "Пагоня", з бакоў бел-чырвона-белыя сцягі.

Гучаць фанфары.

Тэатралізаваная пастаноўка "Шлях Незалежнасці"

Гучыць эмацыйная, поўная рашучасці музыка, якая настройвае на прагляд адпаведных падзей. На яе фоне адбываецца танец з палотнамі белага і чырвонага колеру.

На сцэне з'яўляецца дзяўчынка ў нацыянальным строі, натхнёная духам свабоды і перамогі, трымае ў руках белую шыльдачку з чырвонымі лічбамі "1794". Спыняецца ў цэнтры, яе паглынаюць палотны, у якіх знікае. Палотны застаюцца і лунаюць хвалямі, уздымаюцца, ствараючы арку. Праз яе на сцэне з'яўляюцца ўзброеная шляхта з касінерамі і спяваюць урывак песні беларускіх жаўнераў:

Шляхта і касінеры

(песня):

Возьмем косы ды янчаркі,

Пойдзем гордыя гнуць каркі.

Няхай маскаль уступае,

Няхай Беларусаў знае.


Ўжо мазуры іх пабілі,

З сваёй зямлі выганілі.

Пойдзем з імі і злучымся,

Маскве, немцам не дадзімся...


Т. Касцюшка: У сапраўдных патрыётаў не можа быць іншай радзімы, апроч той, дзе яны прыйшлі ў гэты свет. На штурм, Літва, мая Айчына, за Наезалежнасць!

Шляхта і касінеры: У Пагоню!

Пад эмацыйны фон музыкі палотны ўздымаюцца ўверх, робячы арку.

Т. Касцюшка знікае са сцэны разам са шляхтай і сялянамі пад ёй.

Гучыць музыка, танец з палотнамі, зноў на сцэне з'яўляецца дзяўчынка ў нацыянальным строі, натхнёная духам свабоды і перамогі, трымае ў руках белую шыльдачку з чырвонымі лічбамі "1863". Спыняецца ў цэнтры, яе паглынаюць палотны, у якіх знікае. Палотны застаюцца і лунаюць хвалямі, уздымаюцца, ствараючы арку. Праз яе на сцэне з'яўляюцца касінеры разам з Кастусём Каліноўскім. Кастусь стаіць у цэнтры, касінеры паўколам за ім.

К. Каліноўскі: Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Але як дзень з ноччу разам не ходзяць, дык не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскаю. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацця і ніякай навукі... На штурм, за Незалежнасць!

Касінеры: У Пагоню!

Эмацыйны фон музыкі, палотны ўздымаюцца ўверх, робячы арку.

Кастусь з касінерамі знікаюць са сцэны пад ёй.

Гучыць музыка, танец з палотнамі, на сцэне з'яўляецца дзяўчынка ў нацыянальным беларускім строі, натхнёная духам свабоды і перамогі, у руках трымае белую шыльдачку з чырвонымі лічбамі "1918". Спыняецца ў цэнтры, яе паглынаюць палотны, у якіх знікае. Палотны застаюцца і лунаюць хвалямі, уздымаюцца, ствараючы арку. Гучыць "Ваярскі марш" . На сцэну выходзяць прадстаўнікі Рады з бел-чырвона-белымі сцягамі. На фоне марша абвяшчаецца Беларуская Народная Рэспубліка - БНР.)

Першы радны Рады БНР: Сёння 25-га сакавіка 1918 года большасцю галасоў Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, абвяшчаем Незалежнасць Беларусі!

Другі радны Рады БНР: Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

Трэці радны Рады БНР: Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай!

Першы радны БНР: Няхай жыве вольная Беларусь!

Другі і трэці радныя БНР: Жыве!

На словах "Жыве" выходзяць усе ўдзельнікі тэатралізацыі. Гучыць святочны музычны фон, выходзяць вядоўцы.

Вядовец: Вітаем святочную Беларусь!

Вядоўца: Са святам!

Усе застаюцца на сцэне. Гучыць гімн Беларусі на словы Н. Арсенневай, муз. М. Равенскага "Магутны Божа". Пасля гімну на сцэне застаюцца вядоўцы.

Гучыць умераны, лёгкі і светлы музычны фон. Вядоўцы чытаюць верш Н. Арсенневай "25-ты Сакавік":


Вядовец:

Ён прыйдзе, гэты дзень!!

Ён не прыйсці не можа!

Ён прыйдзе -

й загудзе вясновы буралом,

пакрышыць, размяце,

раскідае, зніштожыць

усё, што нам шляхі да хаты замяло!


Ці чуеце?

Аб ім

шасціць быльнёг аселіц,

пяюць вятры ў лазе,

і звоніць крыгаў лёд.

Ахвяраю крыві,

а Слова стане Целам,

і ўжо ніколі больш не ўстане Чорны Год.


Вядоўца:

Няхай бярэмя він

прыгнула нас, і крылы

апалі,

й хлеб чужы нясмачны і важкі,

няхай нас апавіў

тугой агорклы вырай, -

трывайма!


Ён ідзе -

Вялікі Сакавік!

Ідзе…

й пад ногі рунь

яму кладзецца,

таюць снягі,

на паплавох зяленіцца трава…


Радзіма!

Беларусь!

Каханая, святая!

Багаславі нас жыць

і веру захаваць!


Вядовец: З віншаваннямі і славамі падзякі да мікрафона запрашаецца (прадстаўнік ад аддзела адукацыі або сам старшыня райвыканкама (Імя)).


Гучаць віншавальныя словы. Узнагароджанне Ганаровымі граматамі ад аддзела адукацыі райвыканкама.

Вядоўца: Калі ласка, вітайце, для вас гучыць песня на словы У. Някляева, муз. З. Вайцюшкевіча "Жыве Беларусь", выконвае (Імя).


Гучыць песьня "Жыве Беларусь"


Вядовец: З віншавальнымі словамі падзякі запрашаецца дырэктар школы (Імя) .

Гучаць віншавальныя словы дырэктара. Узнагароджанне дыпломамі і ганаровымі граматамі ад аддзела адукацыі райвыканкама.


Вядоўца: Харэграфічная замалёўка "Беларусь мая мілая", выконвае (Назва хар. калектыву).


Харэаграфічная замалёўка.


Вядовец: Запрашаем падняцца на сцэну ветэрана нацыянальнага руху канца 20-га стагоддзя (Імя).


Выступ.


Вядоўца: А зараз вашай увазе прапануем праглядзець відэафільм "Дзень волі", калі ласка, увага на экран [https://youtu.be/l3HY6Qst28g ]

Вядовец: З музычным падарункам сустракайце вядомага барда (Імя).


Выступае бард.


Вядовец: На святочную сцэну запрашаюцца спаборнікі Аб'яднання беларускіх скаўтаў з вершам Я. Купалы "А хто там ідзе?" у гонар свята 100-годдзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.


Першы спаборнік:

- А хто там iдзе, а хто там iдзе

У агромнiстай такой грамадзе?

Усе:

- Беларусы.

Друхі спаборнік:

- А што яны нясуць на худых плячах,

На руках у крывi, на нагах у лапцях?

Усе:

- Сваю крыўду.

Трэці спаборнік:

- А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,

А куды ж нясуць напаказ сваю?

Усе:

- На свет цэлы.

Чацвёрты спаборнік:

А хто гэта iх, не адзiн мiльён,

Крыўду несць наўчыў, разбудзiў iх сон?

Усе:

- Бяда, гора.

Пяты спаборнік:

- А чаго ж, чаго захацелась iм,

Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?

Усе:

- Людзьмi звацца.


Вядоўца: Для ўрачыстага прыняцця ў шэрагі Аб'яднання Беларускіх Скаўтаў запрашаецца скаўт-канцлер (Імя).


Адбываецца ўрачыстасць прыняцця ў сябры АБС, урачыстае прачытанне прысягі.


Прысяга скаўтаў:

"На мой гонар прыракаю, што паводле маёй найлепшай волі і старанняў буду верны Богу і Бацькаўшчыне, пільнавацца правоў скаўта, дапамагаць кожнаму чалавеку ва ўсякім часе і штодзённа рабіць добры ўчынак".

Скаўт-канцлер: Жыве Беларусь!

Усе скаўты: Заўсёды!


Гучыць песня "Авэ Марыя" на словы З. Пазьняка, муз. І. Лучанка.


Вядоўца: Для вас гучала песня ў выкананні (Імя) і (Імя) на словы З. Пазьняка, муз. І. Лучанка "Авэ Марыя".

Вядовец: Роўна 100 гадоў таму быў зроблены важны гістарычны крок нашага народа на шляху да стварэння незалежнай Беларускай дзяржавы. Акт 25-га Сакавіка 1918 года вызначыў далейшы палітычны лёс і перспектыву змагання беларускага народа.


Яна завяршылася перамогай Беларускай нацыянальнай ідэі 25 жніўня 1991 года, калі была здабыта дзяржаўная незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Памятайма і шануйма гістарычныя даты і дні нашай Незалежнасці! Жыве Беларусь! Слава Айчыне!


Гучыць гімн "Пагоня" на словы М. Багдановіча.

Адразу пасля песні выходзіць чытач і чытае тэкт гімна БНР "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".


Чытач:

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны свой прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!


Няхай жыве магутны, смелы

Наш беларускі вольны дух.

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрый сабой народны рух!


На бой! За шчасце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі,

На бой - усе да аднаго!


Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й убачыць той,

Хто смее нам нясці прымусы

І першы выкліча на бой.


Браты, да шчасця мы падходзім:

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У крывавых муках мы народзім

Жыццё Рэспублікі сваей!


Вядоўца: Прагучалі гімны - "Пагоня" на словы М. Багдановіча ў выкананні хора (назва хора) і гімн Беларускай Народнай Рэспублікі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" М. Краўцова, для вас чытаў (Імя).

Вядовец: Дзякуючы адвазе і вытрываласці нашых продкаў, незалежнасць Беларусі была абвешчаная, прызнаная суседзямі, і нават бальшавікі не здолелі зноў зрабіць з нас расейскую губерню. Усе мы ведаем, што без БНР не было б БССР і сёння не існавала б незалежная дзяржава - Рэспубліка Беларусь.

Вядоўца: Віншуем святочную Беларусь з Найвялікшым святам для ўсіх беларусаў і жадаем, каб гэты вялікі наш юбілей - 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі - быў для ўсіх нас паспяховым і шчаслівым.

Вядовец: Вялікая Беларуская Ідэя, запаленая 25-га сакавіка 1918 года, хай асвятляе нам шлях! Слава Айчыне! Жыве Беларусь!


КАНЕЦ.


Прыкладны хранаметраж эпізодаў (нумароў):

1. Тэатралізацыя "Шлях да Незалежнасці" - 5 хв.

2. Гімн Н. Арсенневай "Магутны Божа" - 2:15 хв.

3. Верш Наталлі Арсенневай "25-ты Сакавік" - 1:30 хв.

4. Віншавальныя словы ад прадстаўніка - 3 хв.

5. Песня на словы У. Някляева, муз. З. Вайцюшкевіча "Жыве Беларусь" - 2:27 хв.

6. Віншавальныя словы дырэктара - 4 хв.

7. Харэаграфічная замалёўка "Беларусь мая мілая" - 2,5 хв.

8. Выступ ветэрана - 4 хв.

9. Відэафільм "Дзень Волі" - 1:20 хв.

10. Выступ барда - 5 хв.

11. Верш Я. Купалы "А хто там ідзе?" - 1:50 хв.

12. Урачыстае прачытанне прысягі і прыняцце ў АБС - 7 хв.

13. Песня "Авэ Марыя" на словы З. Пазьняка, муз. І. Лучанка - 3:46 хв.

14. Гімн "Пагоня" на словы М. Багдановіча - 5:47 хв.

15. Прачытанне гімна БНР "Мы вый-дзем шчыльнымі радамі" - 2 хв.

16. Вядоўцы - 7 хв.


Аўтар Алег Лазоўскі, г. Ліда .


Тры вёскі ў паўстанні 1863 г.

Міхал Шымялевіч

Дубічы

Вёска Дубічы ў даўнім Лідскім павеце, у блізкім суседстве мяжы былой Літвы (Ковенскай) над возерам Пеляса (цяпер не існуе: выцекла ў 1892-1893 гг.), вядомая ў крыжацкіх хроніках другой паловы XIV ст. Вялікі князь літоўскі Вітаўт збудаваў тут, над возерам Пелясой, паляўнічы замак, у якім быў рады бываць. Тут нават хавалася в. кн. Юліяна, жонка Вітаўта, калі была хворая і якой крыжацкі магістр прысылаў цукры і лекі. Уласна адсюль Вітаўт датаваў некалькі сваіх лістоў (гл. А. Прахазка. Саv. epistol Vitoldi: 28.ІІІ.1397 г., 29.ІІІ.1413 г., 6.ІІІ.1415 г., 26.ІІ.1426 г., 17.ІІІ.1427 г., 15.ІІІ.1430 г.). У сувязі са знаходжаннем тут в. кн. Вітаўта амаль стала на прадвесні можна дапускаць, што якраз тут адбываліся з'езды магнатаў яго ўдзелу (Трок, Жмудзі, Луцка і г.д.). Летам 1854 г. быў тут Адам Кіркор і аглядаў рэшткі гэтага вітаўтавага замка. Пазней Дубічы разам з суседняй Канявай аддаваліся ў дзяржанне скарбам В. К. Літоўскага заслужаным асобам, якія пачаткова (у XV ст. называліся намеснікамі в. кн., пазней дзяржаўцамі, у канцы - аж да разбораў - старастамі дубіцкімі і каняўскімі.

Сама вёска Дубічы, паводле ўхвалы літоўскага сойму 1529 г. мела тытул горада і разам з Канявай, роўна як і горад, павінна была аплачваць на каралеўскае войска 5 коп літоўскіх грошаў. Яшчэ ў люстрацыях 1690 г. Дубічы ўжывалі тытул горада, хоць налічвалі ў сабе ледзьве трохі больш за дзесяць сялянскіх хат.

Парафіяльны касцёл, напэўна, Вітаўтавай фундацыі пасля некалькіразовай перабудовы быў знішчаны ў сувязі з падзеямі 1863 г. У тым касцёле была старажытная статуя п. Езуса Назарэцінскага (Ecce Horno!) невядомага мастака-рэзчыка, вядомая тут у інвентарах 1700 г., якую пасля скасавання касцёла перанеслі ў Начу. Калі ў 1910 г. стараннем парафіян паўстаў у Дубічах новы касцёл, за тую статую паміж парафіянамі дубіцкімі і нацкімі пачалася вострая спрэчка, якая трывала некалькі гадоў. Закончылі спрэчку на тым, што зрабілі копію статуі і кінулі лёсік, які экзэмпляр мае дастацца кожнай парафіі. Цяпер кожная парафія пераканана, што валодае арыгіналам. Статуя заўсёды шырока славілася сваёй цудадзейнасцю.

Парафію каралева Бона каля 1540 г. перанесла ў Радунь, а касцёл у Дубічах застаўся як філія радуньскага. Да гэтага касцёла належала вёска Манталы з падданымі, якую ў 1842 г. расійскі скарб секулірызаваў.

Шаўры

За 10 км на ўсход ад Дубіч размешчаны невялікі фальварак Шаўры, які разам з вёскай Шаўры ў XVIII ст. быў уласнасцю Ёахіма Нарбута, нашчадка аднаго з найстарэйшых шляхецкіх родаў, г. Трубы. Тут нарадзіўся сын Ёахіма Тэадор Нарбут - капітан-інжынер расійскай службы, аўтар 9-ці тоўстых тамоў Гісторыі літоўскага народа (Вільня, 1835-1841 гг.), які памёр у 1864 г. у веку 80 гадоў і пахаваны ў сваёй парафіі Нача.

Сынам Тэадора Нарбута быў Людвік, вучань павятовай школы ў Лідзе, пазней шляхецкай гімназіі ў Вільні. За пэўныя палітычныя выступленні быў выключаны з гімназіі і аддадзены ў салдаты на вечныя часы. Саслалі яго на Каўказ, дзе вызначыўся ў партызанскіх баях з горцамі, за што быў памілаваны і атрымаў годнасць афіцэра расійскай арміі. Маючы афіцэрскае званне, пайшоў у адстаўку і вярнуўся ў родныя краі. За пару кіламетраў ад Шаўроў, бацькоўскага маёнтка, жыла маладая і прыгожая ўдава Седлікоўская, уладальніца фальварка Сербянішак. Неўзабаве Людвік Нарбут пазнаёміўся з Седлікоўскай і ажаніўся з ёй, асеўшы адначасова ў тых Сербянішках.

Нача

Вёска і рапарцаляваны двор, вядомы як уласнасць Косцяў ці Касцевічаў з другой паловы XV ст. У ХІХ ст. двор і вёска Нача былі ўласнасцю сям'і Шукевічаў, з якіх Вандалін, памерлы ў 1920 г., быў вядомым археолагам, аўтарам шматлікіх навуковых прац у вобласці археалогіі, асабліва памежжа паветаў Лідскага і Троцкага.

1863 год

На вестку аб сфармаванні Нацыянальнага ўрада ў Варшаве, паслушны яго закліку, 13 лютага 1863 г. Людвік Нарбут разам з малодшым братам Баляславам і шасцю сялянамі вырушыў з Сербянішак у лясы ў ваколіцах мястэчка Эйшышкі. У гэты ж дзень далучыўся да яго Леан Краінскі з некалькімі чалавекамі і пайшлі разам, і, начуючы ў дварах і ваколіцах, абвяшчалі яны маніфест Нацыянальнага ўрада і вербавалі дабраахвотнікаў у свой аддзел. У Эйшышках далучыўся да іх досыць значны аддзел ксендза Гарбачэўскага, вікарыя Эйшышскай парафіі. Кіраўніцтва над сабранымі добраахвотнікамі прыняў на сябе Людвік Нарбут, пры якім Леан Краінскі стаў ад'ютантам, а кс. Гарбачэўскі - капеланам аддзела. Трохі пазней прыбыло звыш дзясятка добраахвотнікаў з віленскай моладзі пад кіраўніцтвам вядомага мастака Андрыёлі, і партыя Нарбута вырасла да 300 чалавек.

З гэтым аддзелам Нарбут правёў сем пераможных бітваў над маскоўцамі: у ваколіцы Руднікаў, у Рудніцкай пушчы на поўдзень ад Вільні, пад мяст. Новым Дваром, каля Дубічаў і маёнтка Глыбокага, пад Пілоўняй каля Берштаў, каля Лакштуцянаў, пад Кавалькамі і над возерам Думбляй.

Па-за вайсковай кампаніяй у складзе партыі Нарбут дбаў пра добрую арганізацыю даставак харчоў, пра падтрыманне сталай сувязі з цывільнымі ўладамі паўстання і паўсталай часткаю краю. Імя яго было незвычайна папулярнае сярод людзей, і вясковы люд масава ішоў за ім да вызвалення Бацькаўшчыны з-пад улады захопніка-маскаля. Поспехі Нарбута прывялі да таго, што віленскі генерал-губернатар выдаў спецыяльны загад сцягнення найбольш моцных аддзелаў расійскіх войскаў, у прыватнасці лейб-гвардыі Паўлаўскага палка з Пецярбурга, а таксама з Вільні, Гародні і Ліды. Аддзелы тыя атрымалі загад акружэння і разбіцця любой цаной няўлоўнага датуль Нарбута і яго аддзела.

Высочваны, пераследваны і акружаны пераважнымі рэгулярнымі, добра ўзброенымі аддзеламі старых вышкаленых салдат, адносна слабы і амаль не ўзброены аддзел Нарбута, канчаткова, у канцы красавіка 1863 г. асеў у недаступнай мясцовасці на поўдзень ад мястэчка Дубічы і возера Пелясы ў лясах маёнтка Забалаць.

5 траўня (22 красавіка старога стылю) гаёвы дзяржаўных лясоў у тутэйшых ваколіцах Базыль ці Базылевіч Саладуха, знаўца ўсякіх пераходаў і лясных сцежак, навёў непрыяцеля на лагер партыі. У той самы дзень прыбыў з Ліды ў Дубічы моцны аддзел гвардзейскага Паўлаўскага палка разам з казакамі пад агульным камандаваннем капітана гвардыі Цімафеева і, дзякуючы здрадзе Базыля, распачаў акружэнне таго лагера. Нарбут з мэтай абмануць непрыяцеля загадаў узмацніці вогнішчы на месцы згаданага лагера, а сам неадкладна прыступіў да пераводу аддзела на іншыя пазіцыі.

Капітан Цімафееў, праінфармаваны сваім шпіёнам пра манеўр Нарбута, атакаваў партыю з супрацьлеглага боку. Нарбут стараўся сабраць аддзел у вялікім бярэзніку, але падчас пераходу цераз дрыгву пачалі іх раніць кулі непрыяцеля, які, акружыўшы паўколам сядзеў у зараслях. Бой быў зацяты. Нарбут, цяжка паранены ў нагу, падтрымліваны некалькімі найбліжэйшымі таварышамі, кіраваў бітвай да апошняй хвілі, не трацячы раўнавагі духу і падтрымліваў паўстанцаў словамі: "Толькі з годнасцю, панове!" Паранены паўторна ў грудзі Нарбут аслаб. Пакладзены на лясны мох, выпусціў дух.

Разам з камандзірам палегла там дванаццаць паўстанцаў.

На вясковых могілках пры касцёле ў Дубічах пахавалі Нарбута і яго жаўнераў.

Новапрыбылы ў Вільню генерал-губернатар Мураўёў выклікаў да сябе 80-гадовага Тэадора Нарбута, гісторыка, бацьку палеглага Людвіка, камандзіра партыі ў званні палкоўніка і збэсціў глухога, драхлага дзядка апошнімі словамі.

Мураўёў задушыў паўстанне найстрашнейшымі сродкамі: расстрэламі, шыбеніцай, масавымі высяленнямі ў Сібір, канфіскацыяй маёнткаў і г.д.

Маскалі ў 1898 г. паставілі Мураўёву ў Вільні, на пляцы Напалеона, пышны помнік, на якім ён быў прадстаўлены ў велізарнай бронзавай статуі, абапёрты на тоўсты кій. Бачыў асабіста, як у ліпені 1915 г., пры эвакуацыі маскалёў з Вільні, падымалі той помнік з гранітнага пастамента, падвешаны на ланцугах да пастаўленага трохкутніка з тоўстых бетонаў. Потым бачыў тую самую статую ў Пецярбургу пад гмахам Музея артылерыі.


Аддзел Нарбута, часткова ўратаваны з-пад Дубічаў, быў выведзены цераз Берштаўскую пушчу намеснікам палеглага камандзіра, яго братам, маладзенькім Баляславам Нарбутам і пераведзены цераз Нёман на Сувальшчыну, дзе быў аддадзены пад кіраўніцтва капітана Астрогі і ў канцы быў распушчаны.


У 1919 г. у штаце ІІ Літоўска-Беларускай брыгады польскіх войскаў сфармавалі полк стральцоў, якому надалі назву "Лідскі" імя Людвіка Нарбута, № 76.


У бітвах з захопнікамі ў 1863 г. палегла з Лідскага павета некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку двое ці трое Янкоўскіх.

Нашчадак аднаго з іх, Мар'ян Янкоўскі, стараста ў Глыбокім, потым віца-ваявода віленскі, у канцы віца-ваявода беластоцкі, заклапаціўся справай ўшанавання памяці трагедыі пад Дубічамі. І паўстаў на месцы бітвы помнік, паводле праекту прафесара УСБ Фердынанда Рушчыца, стараннем камітэта пад кіраўніцтвам генерала броні Рыдз-Сміглага, коштам абывацеляў Лідскага павета і 76 палка пяхоты (Лідскі полк) мастак-разьбяр, прафесар УСБ Балзукевіч. Помнік з бетону з унутранай каменнай запраўкай. На галоўным баку сімвал Рэчы Паспалітай у бронзе - арол, Пагоня і Св. арханёл Міхаіл, а таксама надпіс: "За волю нашу і вашу". З левага боку дошка са спісам палеглых пад Дубічамі, з правай - тэкст падзякі абывацелям Лідчыны і 76 пп.

Адкрылі 6 жніўня 1933 года.

На аснову помніка прывезлі з Вільні гранітны пастамент помніка Мураўёва, які там, на пляцы Напалеона, тырчаў як агідны ўспамін пра сатрапа.

М. Шымялевіч. 6 снежня 1955 г., Сопат.


Лідскае "Суквецце" ў Наваградку

4 лютага 2018 года адбылася творчая паездка сяброў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" ў першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага слаўны горад Наваградак.

У склад лідскаай дэлегацыі ўваходзілі старшыня літаб'яднання "Суквецце", навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея пісьменнік Алесь Хітрун, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, бард Сяржук Чарняк і намеснік старшыні ТБМ, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслаў Суднік.

Імпрэза адбывалася ў Наваградскім гістарычна-краязнаўчым музеі. З боку гаспадароў бралі ўдзел наваградскія літаратары, сябры ТБМ, у тым ліку старшыня Наваградскай суполкі ТБМ "Узвышша", сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Святлана Абдулаева.

На пачатку прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць вялікага беларуса Барыса Кіта, ганаровага грамадзяніна Наваградка, які днямі пайшоў у лепшы свет.

Затым слова атрымаў Алесь Хітрун. Алесь распавёў пра дзейнасць літаб'яднаня "Суквецце", пра лідскіх аўтараў, пра найбольш знакавыя імпрэзы і публікацыі, прачытаў некалькі сваіх вершаў.

Станіслаў Суднік пачаў свой выступ з верша пра сустрэчу Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі ў Заполлі, якая ці была, ці не, але, запісаная ў вершы, не блага пачуваецца ў літаратурнай прасторы. Прагучалі іншыя вершы.

Сяржук Чарняк пачаў свой выступ з песні на словы наваградскага паэта Самсона Пярловіча. Далей пайшлі і лірычныя, і патрыятычныя творы.

Гаспадары адказалі бліскучымі выступленнямі настаўніцы наваградскай дзіцячай школы мастацтваў, Наталлі Норык і прыхільніка беларускай мовы Аляксандра Абадзінскага з Карэлічаў, які прачытаў свой верш і выканаў песню. А Наталля Норык выконвала глыбока лірычныя песні на словы Святланы Абдулаевай, а таксама шчучынскага паэта Рычарда Бялячыца з Гародні. Асабліва легла на сэрца песня "Маэстра, я чакала Вас", хоць сама Наталля і адмаўляецца называцца кампазітарам ці нават бардам.

- Я проста спяваю вершы, - гаворыць яна.


Маэстра, я чакала Вас

Мяцеліца спраўляла баль

Пад зорным небам

ў чыстым полі

Тым познім вечарам раяль

Гучаў прыгожа, як ніколі.


Яднала музыка гасцей

І ўсім давала шанц сагрэцца,

Нібыта добры чарадзей,

Каханне стукалася ў сэрца.


Адведзены быў свечкам час,

Як сімвалам маёй надзеі.

Маэстра, я чакала Вас!

А Вы

на клавішы глядзелі.

Святлана Абдулаева.


Лідскія творцы былі ў Наваградку першы раз, наваградцы ў Лідзе не выступалі ні разу. І гэта пры тым, што раёны суседнія, ад Ліды да Наваградка - 50 км.

Неўзабаве, 21 сакавіка, майстры і аматары прыгожага пісьменства будуць адзначаць Сусветны дзень паэзіі. Ёсць нагода для арганізацыі буйных паэтычных святаў, а таксама такіх вось творчых паездак.

Закончылася сустрэча агульным выкананнем песні "Колькі ў небе зор" на словы А. Шыдлоўскага. Песня "Простыя рэчы" на словы Міхала Анемпедыстава прагучала ў памяць пра выдатнага паэта і чалавека.

На завяршэнне хочацца адзначыць надзвычай цёплую атмасферу, якую стварылі гаспадары свята.

Яраслаў Грынкевіч.


Кніжная навінка

Днямі мне падаравалі цікавую кнігу Вольгі Колас "Выяўленчае мастацтва і беларуская нацыянальная ідэя", якую выдаў Зміцер Колас у 2016 годзе. Гэтая кніга распавядае пра асаблівасці ўтварэння беларускай нацыі, пра цяжкасці і выпрабаванні, праз якія давялося прайсці беларусам на шляху да заснавання ўласнай дзяржаўнасці, пра галоўныя чыннікі, якія паўплывалі на гэты складаны працэс, таксама пра тую важную ролю, якую адыграла ў ім беларускае выяўленчае мастацтва, дзе адной з найстарэйшых і найбольш папулярных з'яваў была гістарычная тэма.

Гэтая кніга складаецца з трох раздзелаў, У першым аналізуюцца асноўныя этапы гістарычнага шляху беларускага народа і найбольш важныя гістарычныя падзеі ХІХ-ХХІ стагоддзяў, а таксама даецца ацэнка палітыцы лінгвацыду, рэлігійнай нецярпімасці, фальсіфікацыі гісторыі, якія значна замарудзілі працэс усталявання беларускай ідэнтычнасці.

У другой частцы аналізуецца роля выяўленчага мастацтва ХІХ стагоддзя ў захаванні беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны. Распавядаецца, як мастакі беларускага паходжання навучаліся ў Віленскім універсітэце, Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, а таксама ў іншых мастацкіх адукацыйных установах.

Трэцяя частка прысвечана творчай дзейнасці мастакоў ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў...

Асаблівая ўвага надаецца творчасці тых мастакоў, якія ў складанай палітычнай сітуацыі мінулага стагоддзя звярталіся ў сваіх працах да нацыянальных матываў і тым спрыялі адраджэнню і развіццю беларускай культуры! У кнізе на старонцы нумар 7 аўтарка распавядае пра мастака Казіміра Бахматовіча (1808-1837), пра асобу якога я чую ўпершыню.

Наклад кнігі 300 асобнікаў. Навукова-папулярнае выданне мае вялікую колькасць каляровых ілюстрацый. Ддызайн вокладкі зрабіла сама Вольга Колас. Кнігу прачытаў на адным дыханні за тры гадзіны. Раю набыць чытачам газеты.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Бур'ян забыцця

У рэдакцыю газеты "Наша слова"

У адной з нядаўніх перадач Беларускага радыё "Сустрэча з песняй" прагучала песня, у якой ёсць такія словы:

"... лежит под курганом,

обросшим бурьяном,

матрос-партизан Железняк".

Атрымліваецца, песню пра героя-партызана злажылі, а бур'ян не прыбралі.

Аналагічны выпадак мае месца і ў Карэліцкім раёне. Толькі тут пайшлі яшчэ далей - нават курган над магілай камандзіра партызанскага атрада Семянцова Дзмітрыя Іванавіча прыбралі. Застаўся толькі бур'ян. Бур'ян свядомага забыцця.

І нікому да гэтага няма справы: ні мясцовай уладзе, ні ваенкамату, ні камуністам, ні анархістам.

Мала таго, дык яшчэ з прызнанага ваеннай пракуратурай забойцы Семянцова - Дзмітрыя Дзенісенкі лепяць героя.

Жах і беспрасветная абыякавасць!

Алесь Самец, г. п. Карэлічы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX