Вярнуцца: 2018

№ 08 (1367)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 8 (1367), 21 лютага 2018 г.


21 лютага - Міжнарод дзень роднай мовы

Найперш гэта помнік сапраўднаму дзяржаўнаму дзеячу

Сумесная праца скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава стала пераможцай конкурсу эскізаў помніка князю Гедыміну ў Лідзе, што ладзіў райвыканкам. У ім бралі ўдзел 28 эскізаў. Скульптуру маюць устанавіць у скверы на скрыжаванні вуліц Грунвальдскай і Замкавай, каля паўночнай сцяны Лідскага замка.

Вольга Нячай - мастак, скульптар, дызайнер, магістр мастацтвазнаўства.

Сяргей Аганаў - мастак, скульптар. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе.

Наш кар.


Ультрамарафон у Лідзе

З ініцыятывы старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Лявона Анацкі 2-4 сакавіка 2018 года ў Лідзе пройдзе стартавы этап першага ў Беларусі Міжнароднага фэсту - ультрамарафону "Самавызначэнне".

Плануецца, што спартоўцы будуць спаборнічаць адзін з адным бесперапынна на працягу двух сутак. Месца правядзення ультрамарафону - паркавая зона ля Палаца Культуры. Вынікі спаборніцтваў будуць падводзіцца пасля трох этапаў, першы з іх якраз-такі і запланаваны на 2-4 сакавіка. Другі пройдзе 28-30 верасня, трэці - 29-31 снежня бягучага года.

Да ўдзелу ў спаборніцтвах дапускаюцца ўсе ахвотныя ва ўзросце ад 18 гадоў і старэй, якія выканалі ўмовы палажэння спаборніцтваў. Будучы удзельнік пацвярджае, што рэгулярна праходзіць медыцынскія абследаванні, не мае якіх-небудзь медыцынскіх ці іншых абмежаванняў па здароўі, што могуць падвергнуць небяспецы ці абмежаваць яго ўдзел у забегу...

Наш кар.


140 гадоў з дня нараджэння Казіміра Малевіча

Казімір Севярынавіч МАЛЕВІЧ (23 лютага 1878 , Кіеў - 15 траўня 1935, Ленінград), беларускі мастак-авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму - кірунку ў абстрактным мастацтве.

Вучыўся жывапісу, скульптуры і дойлідству ў студыі Ф. Рэрберга ў Маскве (1905-10). У 1919-22 выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску. У 1923-27 дырэктар Ленінградскага інстытута мастацкай культуры.

На мяжы 1900-10-х г. імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909; «Станцыя без прыпынку», 1911). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх поўнасцю адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з'яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў («Чорны квадрат», 1915; «Палёт аэраплана», 1915; «Чырвоны квадрат», 1917 і інш.). У 1920-я г. з дапамогай прасторавых кампазіцый («архітэктонаў») вывучаў фармальную мову пластычных мастацтваў, ствараў праекты побытавых рэчаў, малюнкі для тэкстылю і інш. У 1918 стварыў афармленне першай пастаноўкі «Містэрыі-буф» У. Маякоўскага. У пачатку 1930-х г. рабіў спробы вярнуцца да выяўленчасці ў жывапісе і перайсці да савецкай тэматыкі («Дзяўчына з чырвоным дрэўкам», 1932).

Аўтар мастацтвазнаўчых прац «Ад кубізму да супрэматызму» (1916), «Супрэматызм» (1920) і інш.

Cамая дарагая карціна ў гісторыі («Супрэматычная кампазіцыя») аўтарства мастака, звязанага з Беларуссю, была напісаная Малевічам.

Вікіпедыя.


90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дамашэвіча

Уладзімір Максімавіч ДАМАШЭВІЧ (17 лютага 1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага раёна - 30 красавіка 2014, Менск) - беларускі пісьменнік, празаік, нарысіст. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1992). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1992).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1953). У 1953-1967 гадах працаваў у выдавецтвах "Народная асвета" і "Беларусь", у 1965 годзе - на Беларускім радыё, у 1967-1972 гадах - літсупрацоўнікам часопіса "Полымя", у 1973-1977, 1978-1988 - загадчыкам аддзела прозы часопіса "Маладосць", у 1977 - рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1962).

Пахаваны на Заходніх могілках у Менску.

Дэбютаваў аповесцю "Трэці лішні" (1958) у часопісе "Маладосць". Аўтар кніг "Заклінаю ад кулі" (1960), "Між двух агнёў" (1963), "Абуджэнне" (1968), "Порахам пахла зямля" (аповесць-хроніка) (1975), "Выбранае" (1977), "У лабірынце вуліц" (1979), нарыса "Каб радзіла зямля" (1972), аповесцей "Кожны чацвёрты" (1983), "Першым заўсёды цяжка" (разам з У. Сазановічам, 1986), рамана "Камень з гары" (1990). У 1988 годзе выйшлі Выбраныя творы.

У перыядычным друку апублікаваны раман "Не праспі сваю долю" (1993), аповесці і апавяданні "Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў" ("Маладосць", 1998), "Крайняя авечка" ("Полымя", 2004), "Доля - пустацвет" ("Маладосць", 2004), "На мяжы цярпення" ("Полымя", 2007), "Дзённікавыя нататкі" ("Маладосць", 2007). Творы У. М. Дамашэвіча паракладзены на некалькі моў.

Займаўся рэдактурай і перакладам з рускай, польскай, азербайджанскай, армянскай і іншых моў. Сярод яго перакладаў раман Е. Путраманта "Верасень", перакладзены з польскай разам з Я. Міско.

Вікіпедыя.



Сябры лідскіх арганізацый ТБМ, хто па нейкай прычыне не трапіў на Агульнанацыянальную дыктоўку ў іншых месцах, запрашаюцца на дыктоўку 4 лютага ў 11.00 у 3-ці бібліятэчны філіял (мр-н Маладзёжны).


Алена Анісім: Некаторыя ва ўладзе гатовыя служыць чужой краіне, але не гатовыя працаваць на сваю

14 лютага ў "Інтэрвію тыдня" Радыё Свабода дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім адказала на пытанні Віталя Цыганкова.

- Якія пачуцці пераважаюць у вас пасля паўтара года працы ў Палаце прадстаўнікоў? Няма адчування, што вы чакалі трошкі іншага? Няма адчування, што вы б'яцеся аб нейкую нябачную сцяну? Ці бываюць моманты аптымізму і задавальнення ад вынікаў?

- У значнай ступені я адчуваю больш аптымізму, чым расчаравання. З той простай прычыны, што дэпутацкая дзейнасць у значнай ступені палягае ў кантактах з людзьмі - з розных слаёў і сфераў грамадства. Калі сутыкаешся з людзьмі пазітыўнымі і актыўнымі (а я бачу, што з кожным днём актыўнасць людзей падвышаецца) - гэта дае ўсведамленне, што ты працуеш не дарэмна. У тым ліку, калі дзякуючы размовам, сустрэчам з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў улады дамагаешся нейкіх канкрэтных крокаў у паляпшэнні жыцця людзей.

Хаця час ад часу, як, напрыклад, з узгадненнем назвы нацыянальнага ўніверсітэта ці з заканадаўствам па-беларуску - я сустракаюся з сур'ёзнымі праблемамі. Таму я разумею адно: трэба працаваць, і чым больш працуеш, тым лепшы будзе вынік.

- Вы казалі пра сустрэчы з людзьмі, але давайце пагаворым больш канкрэтна пра вашых калегаў - дэпутатаў. Вы калісьці казалі, што ў кулуарах, у буфеце, вобразна кажучы, многія дэпутаты вас падтрымліваюць. Выступаюць за тыя прапановы, якія вы вылучаеце. Але ці не выходзіць так, што гэтая падтрымка толькі буфетам і заканчваецца?

- Часам яна так і застаецца дэкляратыўнай. Мы ж разумеем, што людзі прыйшлі ў Палату з рознымі перакананнямі. Для кагосьці свабоднае ўжыванне беларускай мовы ў розных сферах не з'яўляецца прыярытэтам. Людзі калісьці перайшлі на расейскую мову, і яна іх адна задавальняе. Таму ёсць такія дэпутаты, якія мяне не падтрымаюць.

Але ёсць і тыя, хто перажывае за лёс культуры, мовы. Бо яны разумеюць, што беларуская мова - гэта элемент, які ўмацоўвае нашу нацыянальную ідэнтычнасць, нашу дзяржаўнасць і незалежнасць, і падвышае ўзровень нацыянальнай бяспекі. Я працую над тым, каб людзі разумелі ролю беларускай мовы, і працую дзеля таго моманту, калі гэта будзе падтрымана большасцю дэпутатаў. Я ў гэтым не сумняваюся.

- Гэта светлая будучыня, а пакуль дэпутаты і юрыдычныя парламенцкія структуры не ідуць вам насустрач у справе беларусізацыі заканадаўства. Ад былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў я чуў, што ўлады фактычна ніколі не падтрымліваюць прапановы, якія патрабуюць дадатковага фінансавання. Можа, вашы намаганні па прыняцці заканадаўства на дзвюх дзяржаўных мовах не падтрымліваюць толькі з гэтай банальнай фінансавай прычыны?

- Гэта ідзе перш за ўсё ад неразумення таго, навошта гэта трэба рабіць. Калі мы паставім пытанне ў іншым ракурсе і патлумачым, што гэта не толькі канстытуцыйнае права, а гэта трэба разглядаць як інвестыцыі ва ўмацаванне дзяржаўнасці, незалежнасці, нацыянальнай бяспекі, і калі мы пад гэтым ракурсам паглядзім на пашырэнне беларускай мовы, то мы зразумеем, што гэта інвестыцыі ў будучыню.

- У нядаўнім інтэрв'ю Валер Варанецкі, былы дыпламат, а цяпер старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў, намаляваў даволі аптымістычную карціну. Маўляў, большасць чыноўнікаў - патрыёты і падтрымліваюць нацыянальныя каштоўнасці. Вы падзяляеце такі погляд?

- Цалкам падзяляю. У большасці сваёй чыноўнікі - гэта людзі, якія сябе сфармавалі і зрабілі кар'еру ў Беларусі. І яны даражаць тым поспехам, якога дасягнулі. Тут і праяўляецца, хто з чыноўнікаў - сапраўдны дзяржаўны чыноўнік, а хто працуе супраць Беларусі. Я лічу, што абсалютная большасць чыноўнікаў - гэта беларускія патрыёты.

Зразумела, што не заўсёды на месцах яны адкрытыя да людзей, але ў тым і задача зараз - павярнуць іх да людзей, каб зададзены зверху трэнд паважных адносінаў да чалавека запанаваў у краіне. Тады людзі пачнуць цаніць больш тое, што мы маем сваю краіну.

- Вы сказалі такую фразу, якую я адразу занатаваў у галаве - "зададзены зверху трэнд паважных адносінаў да чалавека". Я думаю, у гэтым месцы многія захочуць з вамі паспрачацца. Мяркую, што многія людзі з апазіцыйнымі і нацыянальна арыентаванымі поглядамі такога трэнду ніяк не бачаць.

- Я кажу пра трэнд, які зададзены з самага верху. Было агучана - "улічвайце патрэбы людзей, прыслухоўвайцеся да таго, што іх хвалюе". Таму нашая задача, каб гэты вектар выконваўся. Задача дэпутатаў - гаварыць пра тыя праблемы, якія ёсць, і спрабаваць знайсці іх вырашэнне.

- А з вашых назіранняў, ці ёсць ва ўладзе, умоўна кажучы, дзве фракцыі - прарасейская і прабеларуская? Ці гэта сапраўды існуе на ўзроўні нейкіх з'яднаных ідэалогіяй груповак, ці гэта зручны для грамадства міф?

- Такі падзел ёсць. Іншая справа, я не ведаю, наколькі ён згрупаваны, з'яднаны і скансалідаваны. Прыхільнікі "русского мира" ў нас ёсць. Але праблема не ў тым, што людзі аддаюць даніну павагі чужой краіне. Праблема ў тым, што людзі гатовыя служыць чужой краіне, але не гатовыя працаваць на сваю краіну. Гэта асноўная праблема, якая ёсць не толькі ў дзяржаўных органах улады, але і ў грамадстве.

- Прыватны чалавек мае права мець розныя падыходы. Але калі, напрыклад, дзяржаўны чыноўнік, як вы кажаце, "гатовы служыць чужой краіне" - няўжо няма ніякіх механізмаў, каб яго зняць з ягонай пасады?

- Механізмы павінны быць. Напрыклад, у заканадаўстве Расіі прадугледжана адказнасць, калі чалавек выказваецца супраць дзяржаўнасці. У нас у гэтым плане ў заканадаўстве ёсць пэўны прабел. Таму тут трэба падумаць, бо ўмацаванне дзяржаўнасці павінна адбывацца і на заканадаўчым узроўні.

Што тычыцца "зняць з пасады" - дык тут гэты чыноўнік павінен зрабіць нейкія такія дзеянні, каб былі падставы яго адхіліць, паставіць пад сумнеў выкананне ім службовых абавязкаў. Але гэтыя тэндэнцыі падрыхтаваныя існаваннем "саюзнай дзяржавы", ЕўрАзЭС. Людзі не да канца разумеюць сутнасць гэтых утварэнняў і паддаюцца на хісткія нюансы, што датычыць дзяржаўнасці.

- Ваша імя таксама звязваецца ў грамадкай думцы са стварэннем Нацыянальнага ўніверсітэта. Вы на пачатку размовы ўзгадалі, што часам не знаходзіце агульнай мовы з чыноўнікамі нават па назве гэтага ўніверсітэта. У якой стадыі цяпер гэтая ідэя?

- Ідэя знаходзіцца на стадыі практычнага ўвасаблення. Але ёсць, відаць, устаноўка блакаваць на гэтым этапе назву ўніверсітэта.

- Якая назва не падабаецца?

- Практычна ўсе назвы адхіляюцца паводле адной стандартнай фармулёўкі. Першае, што мы падавалі - "Альбарутэнія" - заблакавалі, бо ёсць фірма ў Воршы і яшчэ нейкае таварыства з такой назвай. І таму, маўляў, універсітэт не можа рэгістравацца з такой назвай, бо трэба ўзгадняць з гэтымі фірмамі. Другая назва ў нас была - "Альбарутэніка". Але нам сказалі, што яна сугучная, і адмовілі ва ўзгадненні і гэтай назвы. І на іншыя нашы прапановы ішоў адказ, што гэта сугучна, што гэта зарэгістравана ў рэестры. Між тым там можа быць зарэгістравана 15 фірмаў з сугучнымі назвамі.

Таму мы разглядаем гэтыя падыходы Менскай управы юстыцыі так, што гэта проста адгаворка, адпіска, каб не даць нам рухацца далей. Але я думаю, мы гэтую сцяну пераадолеем, праб'ём, мы не збіраемся спыняцца. І даб'ёмся ўзгаднення назвы.


ГОЛАСНА КАЗАЦЬ ПА-СВОЙМУ!

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

За днём Святога Валянціна, які адсвяткавалі нядаўна і ад якога заўсёды большае душэўнай цеплыні і пяшчоты, прыходзіць не менш чалавечнае свята - Сусветны дзень роднай мовы. Не будзем і тут забывацца на кветкі і віншаванні, успомнім людзей, якія вучылі нас моўным правілам, далікатнасці ў слове, самавыяўленню ў моўнай традыцыі - шануй сваё, ведай і ганарыся! Яшчэ Алаіза Пашкевіч (Цётка), пісьменніца глыбокіх ведаў і надзвычайнай шляхетнасці, амаль сто гадоў таму напісала як запавет нашчадкам: "Майце сілу і адвагу трымацца роднага слова. Майце смеласць усюды голасна казаць па-свойму". Скарбам вечным называла яна беларускую мову. Хіба не след сёння нам прыслухацца, зразумець гэты высокі покліч беларускай душы!

Свята было заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года. ЮНЕСКА мае намер стварыць сістэму адсочвання стану моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і садзейнічаць паляпшэнню становішча. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы і заклікала дзяржавы, якія ўваходзяць у ААН, садзейнічаць яго выкананню.

Як бачым, Дзень роднай, матчынай мовы - свята маладое, лічы, юнацкі ўзрост. А для Беларусі, не выключаючы Нясвіжчыну, гэты ўзрост пагатоў малады: адзначаць на арганізацыйным узроўні мы ўзяліся апошнія гады, пераважна дзякуючы ініцыятывам грамадства, у прыватнасці, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), а таксама раённым культурна-адукацыйным установам.

Акурат цяпер, з пачатку 2018 года, на Нясвіжчыне ўзнаўляецца дзейнасць раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы". І клопат, і гонар усіх неабыякавых - зрабіць так, каб арганізацыя стала шматлікай і дзейснай, каб мова, дзякуючы агульным намаганням, набывала новыя прыярытэты ў грамадстве, заставалася "адзежай душы" і сродкам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Нам пашчасціла жыць у гістарычна адметнай, культурна багатай, гаспадарча паспяховай мясціне беларускай зямлі. Бачна імкненне ва ўсіх накірунках жыццядзейнасці трымаць лідарскія пазіцыі. Дык што замінае, каб гэтак жа было і з роднай, тытульнай мовай нацыі, яе ганаровым месцам у нашым доме? Нясвіж - горад беларускага першадруку, своеасаблівая "культурная сталіца" краіны, якая вабіць гасцей і турыстаў. Гэта яшчэ больш абавязвае жыхароў горада і раёна быць прыкладам у мовакарыстанні, ісці паперадзе ў адраджэнні і развіцці роднай мовы.

Тут ёсць і радасці, і засмучэнні. Апошнія насцярожваюць, прымушаюць задумацца. У многіх сем'ях, нават вясковых, беларуская мова перастае быць роднай, "матчынай", хіба толькі застаецца мовай папярэднікаў, хай сабе і блізкіх, - дзядуль і бабуль. Але не бацькоў. Нядаўна загадчыца аднаго з дзіцячых садкоў была нечакана ўзрушана, як яе маленькія выхаванцы, пачуўшы чыстую беларускую гаворку, дружна занепакоіліся і нават паскардзіліся: анічога не зразумелі!

Ці ж натуральна, калі родная мова ўспрымаецца як замежная, у нас на вачах робіцца незапатрабаванай, чужой?!

Апошнім часам выбар беларускамоўнай прыхільнасці менш ды менш заўважаеш у асяродках настаўніцтва, а таму, зразумела ж, і школьніцтва. Нават у школах з беларускай мовай навучання (ведаю гэта са сваіх шматгадовых педагагічных назіранняў) нярэдкія выпадкі правядзення выхаваўчых, інфармацыйных гадзін, школьных лінеек, святочных мерапрыемстваў, вечароў і ранішнікаў, бацькоўскіх сходаў не на мове, прадугледжанай статутам установы.

Зусім слушнае меркаванне, што адносіны да мовы выхоўвае не толькі сям'я, садок, школа, але і вуліца, асяроддзе. У сувязі з гэтым прыгадаю сумны жарт-загадку аднаго знаёмага. "Кватэру маю ў доме па вуліцы Клары Цэткін, - казаў ён, - ваджу дачушку ў садок на вуліцы Курчатава, сына-першакласніка - у школу на вуліцы Бакінскіх камісараў, а далей кірую па Кастрычніцкай у сваё ДРУ, што ў канцы вуліцы Розы Люксембург. Дзе я жыву?". Падобную загадку мог бы скласці і бацька-нясвіжац ды засумнявацца: ці спрыяе такое асяроддзе патрыятычнаму самапачуванню?

Але ж усё ў рэшце рэшт залежыць ад нас саміх і нашага добрага прыкладу: гавары па-беларуску, голасна кажы па-свойму! Некалькі добрых прыкладаў.

Працуючы на прыватным прадпрыемстве сферы паслуг Міхаіл Мікалаевіч Асмыковіч вядзе перамовы з кліентамі па-беларуску, гэтак жа, на роднай мове, без цяжкасці можа аформіць тэхнічную дакументацыю, пісьмовыя дамовы з заказчыкамі.

Станіслава Георгіеўна Вальчык - выдатная знаўца роднай мовы, адораная шматлікімі здольнасцямі, зараджаная на самаўдасканаленне, штодзённае самападвышэнне - з ахвотай узялася праводзіць заняткі "Роднае слоўка" з маленькімі гадаванцамі дзіцячага садка, дзе выхоўваюцца яе ўнукі.

Яшчэ адна прыемная агульнабеларуская навіна. Днямі ў Менску перапахаваны (пасля вяртання на радзіму) парэшткі Магдалены Радзівіл. Светлы беларускі след не цьмее праз стагоддзі, час вяртае годную памяць. Магчыма, не ўсе і ўяўляюць, як шмат рабіла гэтая жанчына для пашырэння беларускай мовы. Мецэнатка і культурны дзеяч, княгіня Магдалена ў свой час аказвала фінансавую падтрымку выдавецтву "Загляне сонца і ў наша аконца", газеце "Беларус", Максіму Багдановічу (выданне зборніка "Вянок"). Дзякуючы яе намаганням, былі адкрыты беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Мецэнатка плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала там беларускую бібліятэку.

Якім разуменнем значэння мовы як сродку самавыяўлення народа трэба было валодаць больш за сто гадоў таму, каб гэта рабіць, ахвяруючы ўласнымі грашыма! Нездарма імя княгіні Магдалены і яе справа так дарагія нам сёння, калі краіна ўмацоўвае сваю незалежнасць, імкнецца да адметнага вобліку, пазнавальнасці ў свеце.

Не варта забываць пра сённяшнюю пазіцыю вышэйшага кіраўніцтва. А яна як ніколі спрыяльная для развіцця беларускамоўнай камунікацыі - было б жаданне. Набыўшы беларускі голас, беларускамоўны воблік, наша Нясвіжчына і горад-помнік Нясвіж стануць яшчэ больш прывабнымі.

Першая і найбліжэйшая справа адноўленай арганізацыі і яе суполак - 11-я агульнанацыянальная беларуская дыктоўка. Яна падрыхтавана па адмысловых тэкстах нясвіжскай тэматыкі, якія цікава будзе пачуць і напісаць. Запрашаем на сустрэчы з родным словам!

Наталля Плакса, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовыімя Ф. Скарыны".


Юрыю Жыгамонту - 50

Юры Жыгамонт - беларускі актор і журналіст. Вядовец тэлепраекту "Новыя падарожжы дылетанта" на тэлеканале "СТВ". Па выніках галасавання, праведзенага газетай "Комсомольская правда в Белоруссии" прызнаны любімым тэлевядоўцам на тэлеканале "СТВ" 2010 года.

Юры Жыгамонт нарадзіўся на Палессі 11 лютага 1968 г. (вёска Дзямідаў, Нараўлянскі раён, Гомельская вобласць). Яго прапрабабуля была дачкою войта і, паводле звестак, пражыла больш за сто гадоў. Яго дзед, Пётр Мацвеевіч Жыгамонт, быў расстраляны ў Горкім , яго забралі ў 1937-м, а расстралялі ў 1938 годзе.

Юры яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць - старэйшы брат яго заўсёды браў з сабою, калі кудысьці ехаў.

Скончыў ПТВ па спецыяльнасці "Кіроўца вежавых кранаў". У 1994 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Падчас навучання ў БДТМІ вырашыў вывучыць Беларусь. На вакацыях шукаў на мапе нейкае мястэчка, набываў квіток і ехаў туды. Хадзіў па вуліцах, глядзеў на старажытныя дамы, палацы, паркі. А наступнай раніцай ехаў ужо ў іншае мястэчка. Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму "Новая зямля" Якуба Коласа.

Вікіпедыя.


Падарожжы Дылетанта

Прысвячэнне Юрыю Жыгамонту

Узгадайма, як некалі, неспадзявана

На прасторы айчыйнага тэлеэкрана

Гэты дзіўны ўвасобіўся персанаж:

Капялюш, паліто, парасон, акуляры,

Старасвецкі, пацёрты ў руках, сакваяж...

Падзабыты, нязвыклы ўжо сёння, тыпаж -

Бы з альбомаў старых, ці з нязбыўнае мары.

Даўніной апантаны, яе пекнатой,

Па бясконцых вандруе шляхах пехатой.

У дарозе - гады! Леты, зімы і вёсны...

Абхадзіў гарады, і мястэчкі, і вёскі.

Не зважае на век, новы час і прагрэс,

Бо шукае свайго, мае свой інтарэс,

Што не лічыць трызненнем, забавай пустою,

І ў шуканні-імкненні не мае прастою.

Ён нястомны, як тыя - на вечных шляхах -

Дон Кіхот, Вечны Жыд, або Чорны Манах ...

Праз магічны крышталь - праз свае акуляры -

Сузірае ён даўняй краіны абшары.

Бачыць постаці, твары забытай красы,

Чуе змоўклыя гукі, людзей галасы,

Што гамоняць ледзь чутна за часу сцяной

Тою ж мовай, што й сёння мы лічым сваёй...

Старасветчыны плынь, нібы рэчка цячэ

Праз ягоную памяць, жывая яшчэ...

Святлана Багданкевіч.


Паседжанне абласной рады ТБМ у Віцебску

11 лютага ў Віцебску адбылося чарговае паседжанне абласной рады. Сярод іншых важных пытанняў была абмеркавана дата правядзення справаздачна-выбарнай канферэнцыі абласной арганізацыі. Рада прыняла наступную пастанову.

ПАСТАНОВА

Віцебскай абласной рады ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны" аб правядзенні ХІ справаздачна-выбарнай канферэнцыі Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ

Віцебск, 11 лютага 2018 года

Віцебская абласная рада ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" пастанавіла:

1. Правесці ХІ справаздачна-выбарную канферэнцыю Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ 18 сакавіка 2018 года ў Віцебску.

2. Зацвердзіць наступнае прадстаўніцтва гарадскіх і раённых суполак:

1 дэлегат ад 20 сяброў ТБМ. Дэлегаты выбіраюцца на раённых і гарадскіх сходах і канферэнцыях. Пратаколы сходаў і канферэнцый даслаць у абласную раду да 10 сакавіка 2018 года. Сябры рэспубліканскай і абласной рады і рэвізійнай камісіі з'яўляюцца дэлегатамі канферэнцыі.

3. Прапанаваць канферэнцыі разгледзець наступныя пытанні:

- Справаздача рады Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ;

- Справаздача рэвізійнай камісіі;

- Выбары новага складу рады;

- Выбары кіраўніцтва рады і рэвізійнай камісіі;

- Зацвярджэнне плану дзейнасці рады на 2018 - 2020 гг.

Старшыня рады - Юрась Бабіч.

Сакратар - Алена Сакалова.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папяр. нум..)

1255. Тышко (Леанід) - народна-гутарковы варыянт ад Ціхан (параўн. балг. Тишко) - Цішка, Цішко, рус. Тишко) набыў ролю прозвішча.

1256. Тышчанка (Валянцін) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Тышка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тышч(к/ч)анка. ФП: Ціхан (імя -грэч. tychon 'удача, поспех') - Тышка (1539 г. - народна-гутар. форма) - Тышка (мянушка, потым прозвішча) - Тышчанка.

1257. Убарэвіч (Іеранім) - другасная форма, першасная Губарэвіч - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Губар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Губарэвіч. ФП: губар ('губаты, губос') - Губар (мянушка, потым прозвішча) - Губаровіч - Убарэвіч (для адмежавання ад апелятыва).

1258. Уклейка (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва уклейка 'тое, што ўклеена'.

1259. Уласенка (Валянціна) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Улас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Уласенка. ФП: Улас (імя, з мовы грэкаў 'вялы, просты') - Улас (празванне, потым прозвішча) - Уласенка.

1260. Улаховіч (Мікалай) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Улах і значэннем 'нашчадак названай асобы': Улаховіч. Магчыма (рус.) Влахович (< волах 'юшка', 'накрыўка на пасудзіне').

1261. Улейчык (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва улейчык (рус. улейчык) 'невялікі вулей (для пчол)'.

1262. Ульянаў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Ульяна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ульянаў. ФП: Ульяна (імя) - Ульянаў.

1263. Унук (Лілея) - семантычны вытвор ад апелятыва унук 'сын сына або дачкі'.

1264. Урублеўскі / Врублеўскі (Валерый / Адам) - вытвор з фармантам -скі/-оўскі ад тапоніма Урублі / Врублі ці Урублеўка / Врублеўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Урублеўскі / Врублеўскі, Урублеў(к)скі / Врублеў(к)скі. ФП: урубель / врубель (польск. wrobel 'верабей') - Урубель / Врубель (мянушка, потым прозвішча - Урублі / Врублі ('мясцовасць з прозвішчамі Урубель / Врубель') - Урублеўка / Врублеўка (тапонім) - Урублеўскі / Врублеўскі. Або прэстыжная форма ад Врубель (польск.) wrobel).

1265. Усанава (Людміла) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Усан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Усанава. ФП: усан (рус.) 'вусач - той, хто мае вусы' (Даль) - Усан (мянушка, потым прозвішча) - Усанава.

1266. Усаніна (Алена) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Усан і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Усаніна. ФП: усан ((рэг. і рус.) 'вусаты, вусач') - Усан (мянушка, потым прозвішча) - Усаніна.

1267. Усцюшэнка (Уладзімір) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Усцюш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Усцюшэнка. ФП: Усцін (імя <лац. Justionus < justus 'справядлівы') - Усцюш - Усцюшэнка.

1268. Ушанаў (Леанід) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Ушан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ушанаў. ФП: ушан (рус. ушан 'чалавек ці жывёла з вялікімі вушамі', 'кажан' (Даль)) - Ушан (мянушка, потым прозвішча) - Ушанаў.

1269. Ушарэнка (Сяргей) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Ушар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ушарэнка. ФП: ушар рус. ('з вялікімі вушамі', фармант -ар) - Ушар (мянушка, потым прозвішча) - Ушарэнка.

1270. Ушкевіч (Рыма) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Ушка / Ушко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ушкевіч. ФП: уха (ст.-бел. 'вуха', вуха 'орган слуху, а таксама вонкавая частка яго ў форме ракавіны') - ушко (памянш.-ласк. форма, фармант -ка) - Ушка / Ушко (мянушка, 'вушасты чалавек') - Ушко (прозвішча) - Ушкевіч.

1271. Фалееў (Сідар) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Фалей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Фалейеў. ФП: Фалалей (імя, з мовы грэкаў, з семантыкай 'расліна, што цвіце') - Фалей (народная форма) - Фалей (мянушка, потым прозвішча) - Фалееў.

1272. Фалей (Алесь) - народна-гутарковая форма ад Фалалей (імя, з мовы грэкаў 'цвіце масліна') набыла ролю прозвішча.

1273. Федзін (Канстанцін) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Федзя і значэннем 'нашчадак названай асобы': Федзін. ФП: Федар (імя <грэч. 'дар Божы') - Федзя (нар.-гут. варыян) - Федзя (празванне, потым прозвішча) - Федзін.

1274. Федуценка (Алег) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Фядута і значэннем 'нашчадак названай асобы': Федуценка. ФП: Фёдар (імя <з мовы грэкаў 'богаў дарунак') - Фядута (разм. форма) - Фядута (прозвішча) - Фяд уценка - Федуц енка.

1275. Феміна (Вера) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Фема і значэннем 'нашчадак названай асобы': Феміна. ФП: Фемістока (імя <грэч. 'справядлівая, законная слава') - Фема (народна-гутарк. форма) - Фема (празванне, потым прозвішча) - Феміна.

1276. Фень (Аляксандр) - варыянт (скарочаны) імя Фенікс (<грэч. 'казачная птушка') стаў прозвішчам.

1275. Філяніна (Карына) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Філеня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Філеніна. ФП: Філімон (імя, з мовы грэкаў 'той, хто любіць') - Філя, Філян (народныя варыянты) - Філяна (празванне, потым прозвішча) - Філяніна.

1276. Фірыновіч (Анастасія) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад анрапоніма Фірын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Фірыновіч. ФП: Фірмос (ст. рэдк. імя <лац. Tirmus 'моцны, цвёрды') - Фіра (варыянт імя) - Фіра (мянушка, потым прозвішча) - Фірын ('нашчадак Фіры, фармант -ын') - Фірыновіч.

1277. Франкцэвіч (Люцына) - другасная форма, першасная Францкевіч (перастаноўка графем к - ц) з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -евіч (-эвіч) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Франкцэвіч. ФП: Франц (старагерм. Frank 'вольны, адкрыты') - Францэк - Францкевіч.

1278. Фролкіна (Вольга) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Фролка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Фролкіна. ФП: Фрол (імя <лац. Florus 'кветка') - Фролка (памянш.-ласк. форма) - Флорка (мянушка, потым прозвішча) - Флоркіна.

1279. Фядуценя (Аксана) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Фядута і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Фядуценя. ФП: Федар - Фядута (разм. форма) - Фядута (прозвішча) - Фядуценя.

1280. Хадоскі (Ігар) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ходасы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Хадосскі - Хадоскі. ФП: Феадосій (імя <грэч. 'дадзены Богам') - Ходас / Хадос (нар.-гутарк. форма) - Ходас / Хадос (мянушка, потым прозвішча) - Ходасы / Хадосы (тапонім) - Хадоскі.

1281. Халікаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Халік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Халікаў. ФП: Фалалей (імя, з мовы грэкаў 'цвіце масліна') - Халей, Халік (народна-гутарк. формы) - Халік (празванне, потым прозвішча) - Халікаў.

1282. Хаменя (Жана) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Хама і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хаменя. ФП: Фама (імя <ст.-яўр. 'блізня') - Хама (гутар. форма) - Хама (мянушка, потым прозвішча) - Хаменя.

1283. Хаміцкі (Алег) - вытвор з суфіксам -цкі (<скі) ад тапоніма Хамічы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Хамічскі- Хаміцкі. ФП: Хама (<ст.-яўр. 'блізня') - Хома (1528) - Хаміч ('нашчадак Хамы') - Хамічы (тапонім) - Хаміцкі.

1284. Хамрэнка (Ірына) - другасная форма, першасная Хмарэнка - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Хмара і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хмарэнка. ФП: хмара ('вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, снег, град', (перан.) 'мноства, рухомая маса') - Хмара (мянушка, потым прозвішча) - Хмарэнка - Хамрэнка (перастаноўка гукаў (літар).

1285. Хатынская (Ніна) - вытвор з фармантам -ская / -ынская ад тапоніма Хатынь / Хаты і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Хатынская / Хатынская.

1286. Хацкевіч (Аляксандр) - вытвор з фармантам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Хацько і значэннем 'нашчадак названай асобы'. Хацкевіч. ФП: хацько ('той, хто хоча': хацець - хацько) - Хацько (мянушка, потым прозвішча) - Хацькевіч - Хацкевіч.

1287. Хварастоўскі (Андрэй) - вытвор з фармантам -оўскі ад антрапоніма Хвораст і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хворастоўскі. ФП: хвораст ('сухія галінкі, апаўшыя з дрэў або хмызняку') - Хвораст (мянушка, потым прозвішча) - Хварастоўскі.

(Працяг у наступным нумары.)


11-я Агульнанацыянальная дыктоўка пачалася

Беларускі дзень у школе Кірыла і Мяфодзія

У Непублічнай школе імя Святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку прайшоў Беларускі дзень, прымеркаваны да Дня роднай мовы. З гэтай нагоды ўвесь дзень тут праходзяць мерапрыемствы, дзе няспынна гучыць беларуская мова. Беларускі дзень у школе пачаўся з дыктоўкі, у якой узялі ўдзел каля 50 вучняў. Настаўніца Людміла Сегень сказала:

- Сёлета стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі, я таксама падрыхтавала тэкст, абапіраючыся на нейкія звесткі з "Нівы". А для малодшых класаў быў тэкст Івана Шамякіна, класічны тэкст. Усё ж такі мне здаецца, што класіка заўсёды добра гучыць.

Да святкавання Беларускага дня ў Непублічнай праваслаўнай школе ў Беластоку далучыліся таксама вучні гімназіі №7 у Беластоку, а таксама дзеці са школы ў Нарве.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя.


11-я Агульнанацыянальная дыктоўка стартавала на Лідчыне

Мінойты

Па традыцыі апошніх гадоў чарговая Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне пачалася з Мінойтаў. У Мінойтаўскай бібліятэцы дыктоўка праходзіла ў трэці раз. Бралі ўдзел і дарослыя, і вучні мясцовай школы. Прысутныя з энтузіязмам сустрэлі вестку, што ў Беларусі яны пачынаюць дыктоўку першымі і зусім не расстроіліся на інфармацыю, што першыя беларускія дыктоўкі ў Польшчы ўжо прайшлі.

У дыктоўцы ўзялі ўдзел 15 чалавек. Пісалі тэкст "Малюнкі прыроды" паводле Петруся Броўкі. Чытала дыктоўку, як і ўсе папярэднія гады, настаўніца Мінойтаўскай школы Ганна Чаславаўна Енка.

Уразіў высокі ўзровень ведаў па беларускай мове. З 15 чалавек 6 удзельнікаў - 4 вучні і двое дарослых - атрымалі дзясяткі. Гэта такія вучні, як Гур'ян Анастасія, Юшкевіч Вольга, Навагран Паліна, Сазонава Анастасія, а таксама Бойка Аляксандр Дзмітрыевіч і Багуслаўская Ірына Віктараўна.

На дыктоўцы прысутнічаў намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік.

Пераможцы атрымалі ад ТБМ невялікія падарункі: часопісы "Лідскі летапісец" і календары на 2018 год. Беларуская мова ў Мінойтах жыве.

Наш кар.

Бярозаўка

У Бярозаўскай бібліятэцы сёлета дыктоўка праходзіла ў дзясяты раз.

За гэтыя гады многае тут пабачылі, і, мабыць, трохі спаў энтузіязм, трохі ўмяшаліся жыццёвыя абставіны, бо на дыктоўку прыйшлі толькі чатыры актывісты ТБМ. Тым не менш, дыктоўка адбылася. Пісалі "Трэцюю ўстаўную грамату Беларускай Народнай Рэспублікі". Чытаў дыктоўку намеснік старшыні ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Тэкс велікаваты, але граматычна не цяжкі, памылак было не шмат. Сёлета найлепшы вынік паказаў старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА БНФ "Адраджэньне" Сяргей Пантус.

Наш кар.


Выстава ў музеі Вялікай Айчыннай вайны

100 гадоў з дня нараджэння П.М. Машэрава

Хроніка жыцця - у фотаздымках і партрэтах

13 лютага ў музеі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася экспазіцыя "Пётр Машэраў: яго сэрца білася для людзей", прысвечаная выбітнаму дзяржаўнаму дзеячу Беларусі.

Шэраг унікальных фотаздымкаў раскрывае рознабаковую дзейнасць Пятра Машэрава на дзяржаўнай пасадзе: наведванне прадпрыемстваў, гарадоў і вёсак, сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, моладдзю, ветэранамі, урачыстае адкрыццё мемарыяльных комплексаў "Хатынь", Берасцейскай цвердзі - героя, Кургана Славы. Кадры хронікі пакінулі памяць пра спатканні з замежнымі лідарамі - Рычардам Ніксанам, Фідэлем Кастра, Рамэшам Чандрам. Два алейныя партрэты пэндзля Міхаіла Савіцкага і Івана Ціхановіча перадаюць прыцягальнасць асобы Машэрава.

Запамінальнымі засталіся моманты сустрэч Пятра Машэрава з Міхасём Лыньковым, Максімам Танкам, Пятрусём Броўкам, Рыгорам Шырмам, Заірам Азгурам і Міхаілам Савіцкім. На выставе размешчаны вырабы Аршанскага ільнокамбіната - вышыванка і абрус, падораныя Пятру Міронавічу на 60-гадовы юбілей. Пётр Машэраў працаваў штодня з душой і сэрцам, не шкадуючы сіл для народа.

На адкрыццё выставы прыбыла дачка Пятра Міронавіча - Наталля і іншыя члены сям' і Машэравых, музей наведалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і менскія гісторыкі. Выстава будзе працаваць да 13 жніўня.

Э. Дзвінская, фота аўтара 1. Пётр Машэраў пасля заканчэння Віцебскага педінстытута; 2. Пётр Машэраў узнагароджаны зоркай Героя Савецкага Саюза ў 1944 годзе; 3. Наталля Машэрава сярод наведвальнікаў выставы.


Кіраўнік, які заваяваў народнае прызнанне

100 гадоў з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава (1918-2000) адзначалася 13 лютага. І тут ёсць пытанні да нашых гісторыкаў і музейшчыкаў. Справа ў тым, што ў лютым 1918 года не было 13 дня. Люты ў гэтым годзе пачынаўся з 14-га. Таму, калі Машэрава і запісалі па старым стылі 13-га, то 100-годдзе яго - 26 лютага. Але гэта - вышэйшая матэматыка...

Тэматычная кніжная экспазіцыя, прысвечаная былому кіраўніку ЦК Кампартыі Беларусі, разгорнута ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У ёй - больш за 30 кніг і часопісаў з артыкуламі, прысвечанымі Пятру Міронавічу Машэраву. Сярод іх найбольш цікавыя - зборнік артыкулаў "Сын беларускага народа. Пётр Машэраў" (2013), мастацка-дакументальная аповесць Пятра Якутава "Пётр Машэраў" і аднаіменны гістарычны раман Славаміра Антановіча (2011).

Каб зразумець месца Пятра Машэрава ў айчыннай гісторыі, варта перагартаць прапанаваную бібліёграфамі кнігу прафесара Эмануіла Рыгоравіча Іофэ "От Мясникова до Малофеева. Кто руководил БССР" (2008). У ёй чытач знойдзе нарысы пра Аляксандра Мяснікова, Яна Гамарніка, Панцеляймона Панамарэнку, Кірылу Мазурава, Ціхана Кісялёва, Мікалая Слюнькова, і, у тым ліку, пра Пятра Машэрава. Адказ на пытанне: чаму ураджэнец Віцебшчыны быў адным з любімых і незабыўных кіраўнікоў, чытач знойдзе ў кнізе Пятра Якутава.

Таленавіты партыйны і дзяржаўны дзеяч заслужыў усенародную любоў і пашану як адзін з кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, як чалавек, удастоены дзвюх Залатых Зорак - Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы.

Пятро Машэраў нарадзіўся ў вёсцы Шыркі Сененскага раёна Віцебской вобласці ў сям'і сялян - Мірона Васільевіча Машэрава і Дар'і Пятроўны Ляхоўскай. Імя хлопчыку далі ў гонар дзеда. Калі яго хрысцілі, святар прамовіў: "Міласцю Божай будзе вялікім чалавекам". Матуля, шчырая праваслаўная верніца, захавала ў сэрцы гэтыя словы. З васьмярых дзяцей, якія нарадзіліся, у жывых засталіся пяцёра - тры дзяўчынкі: Матрона, Вольга і Надзея, і два хлопчыкі - Павел і Пётр. Іх бацька ўдзельнічаў у першай імперыялістычнай вайне, але вярнуўся жывым. У сям'і працавітых і дабразычлівых сялян сыны і дочкі раслі спагадлівымі да людзей, сумленнымі. Павел вучыўся ў сямігодцы, а Пётр хадзіў пешшу ў Машканскую няпоўную сярэднюю школу. Пятро прабягаў на лыжах па 18 кіламетраў у дзень.

Працавіты і гаспадарлівы Мірон Васільевіч стаў вясковым актывістам: разам з іншымі стварыў мясцовы кааператыў, які спрыяў у атрыманні крэдытаў і набыцці сельскагаспадарчай тэхнікі. Але ў 1937 годзе ён быў арыштаваны і ў 1938 годзе памёр у зняволенні. У 1939 годзе Пётр Міронавіч скончыў аддзяленне фізікі фізмата Віцебскага педінстытута і стаў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Расонскім раёне. Ён марыў паступіць у аспірантуру і займацца навуковай працай. Але ўсе планы перакрэсліла вайна. Замест заявы ў аспірантуру настаўнік накіраваў ліст ў ваенкамат. У хуткім часе ў Расонах быў створаны знішчальны атрад. Пятро з групай байцоў каля вёскі Пустошкі патрапіў у палон. Яго з хлопцамі збіраліся вывезці ў Германію, але ён разбіў шкло ў вагоне, выскачыў з цягніка і ўцёк. І надалей ён праяўляў надзвычайную адвагу.

Машэраў вярнуўся дадому, арганізаваў камсамольска-маладзёжнае падполле, дзе ён атрымаў канспіратыўнае прозвішча "Дубняк", і наладжваў сувязь з падпольнымі групамі Расонскага раёна. У 1942 годзе гестапа натрапіла на след падпольшчыкаў. Яны сышлі з вёскі і стварылі партызанскі атрад, які да ліпеня 1942 года меў назву "Дубняк".

У 1943 годзе баявы камандзір Пётр Машэраў быў прызначаны кіраўніком партызанскай брыгады імя Ракасоўскага, адной з самых баяздольных на тэрыторыі Беларусі. Званне героя Савецкага Саюза ён атрымаў за дзёрзкую аперацыю па падрыве моста ў Верхнядзвінску. Пятро Машэраў з партызанамі паспяхова выбіў немцаў і ўзарваў мост. У ліпені 1944 года Машэраў стаў першым сакратаром Маладзечанскага абкама партыі, а з 1946-га года - сакратаром ЦК ЛКСМБ. На пасту кіраўніка камсамолу рэспублікі П.М. Машэраў хутка здабыў аўтарытэт. У ліпені 1954 года ён быў абраны 2-м сакратаром Менскага абкама партыі. З сакавіка 1965 года да кастрычніка 1980 г. Пятро Машэраў быў першым сакратаром ЦК Кампартыі БССР. У гэты перыяд у рэспубліцы ў некалькі разоў вырас нацыянальный даход, адбывалася актыўнае развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Прастата, зацікаўленасць у размове, шчырасць і задушэўнасць прыцягвалі да яго і стваралі атмасферу ўзаемнага даверу і павагі, натхнялі людзей. Машэраў сустракаўся з архітэктарамі, пісьменнікамі, мастакамі, радаваўся, поспехам беларускіх артыстаў і ўсіх таленавітых асобаў, наведваў тэатральныя спектаклі, шмат чытаў. Ён надаваў увагу архітэктурнаму вобліку і забудове Менска, падтрымліваў будаўніцтва Дома літаратара, развіццё Вілейска-Менскай воднай сістэмы і водна-зялёнага дабраўпарадкавання сталіцы. Менавіта П.М. Машэраў пераканаў Л.І. Брэжнева распачаць будаўніцтва беларускага метрапалітэна.

Але разам з тым, нельга забываць, што ён, як кіраўнік Кампартыі, марыў пра пабудову камунізму і пра выхаванне новага савецкага чалавека, што прыніжала значэнне ролі нацыянальнай культуры і мовы.

Пра смутны дзень 4 кастрычніка 1980 года піша ў сваёй кнізе "Бесядзь цячэ ў акіян" Леанід Левановіч. Калі трагічны выпадак на Маскоўскай шашы абарваў жыццё вялікага па розуме, таленце і душэўным абаянні чалавека, многіх турбавалі пытанні, чаму так сталася.

Чаму за некалькі дзён да трагедыі замянілі начальніка асабістай аховы Машэрава, чаму магутны браніраваны машэраўскі "ЗІЛ" адправілі на рамонт, а Пётр Міронавіч паехаў на "Чайцы"? Чаму, маючы нарад везці буракі, шафёр самазвала загрузіў у кузаў бульбу і выехаў на Маскоўскую шашу? Адказ аўтар кнігі бачыў у тым, што 21 кастрычніка 1980 года на пленуме ЦК у Маскве Пётр Міронавіч мог замяніць на пасадзе Аляксея Касыгіна.

Імя Пятра Машэрава прысвоена ў 1998 годзе Віцебскаму педуніверстэту, Рэспубліканскаму шпіталю ветэранаў і інвалідаў вайны, у 2002 годзе - Менскаму заводу аўтаматычных ліній. Імя яго носіць агульнаадукацыйная школа ў Расонах, дзе П.М. Машэраў выкладаў.

Э. Дзвінская.


У Ташкенце ўсталявалі барэльеф Якуба Коласа

Ва Узбекістане паэт з жонкай і двума сынамі жыў у эвакуацыі. Барэльеф і адноўленую мемарыяльную дошку можна пабачыць на фасадзе будынка праектнага інстытута "Цяжпрам" на вуліцы Пушкіна.

У тым будынку ў Ташкенце падчас вайны размяшчаліся многія эвакуяваныя літаратары, у тым ліку са жніўня 1941 па лістапад 1943 года - і Якуб Колас.

Мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніка вісела там і раней, аднак падчас рэканструкцыі вонкавых частак будынка была знятая. На месца вярнулася толькі цяпер - ужо разам з устаноўкай і барэльефа, які, з удзячнасцю ўдакладніла дырэктар Коласаўскага музея ў Менску Зінаіда Камароўская, быў выкананы адмыслова да гэтай падзеі загадчыцай кафедры дызайну Ташкенцкага архітэктурна-будаўнічага інстытута Марынай Барадзіной.

Паводле sb.by.


Прах Магдалены Радзівіл пахавалі ў Менску

Прах Магдалены Радзівіл з роду Завішаў пахавалі ў Менску. Урачыстая цырымонія пахавання прайшла ў касцёле Святой Тройцы на Залатой Горцы. На пачатку дваццатага стагоддзя мецэнатка Магдалена Радзівіл фінансавала беларускі рух. Гаворыць беларускі пісьменнік і гісторык У. Арлоў:

- У гісторыі Магдалена Радзівіл застаецца, як выдатная мецэнатка, якая падтрымлівала беларускія выдавецтвы, якая фундавала першыя кнігі нашых класікаў. Вось уявім сабе, што не выйшаў "Вянок" Максіма Багдановіча, фундатаркай якога была Магдалена Радзівіл, як бы склаўся далей лёс нашай літаратуры.

Магдалена Радзівіл памерла ў Швейцарыі ў 1945 годзе, яе апошняй воляй было знайсці вечны спачын у роднай Беларусі. Працягвае гісторык мастацтва, культуролаг Сяргей Харэўскі:

- Гэткая была яе ўласная воля. Яна хацела быць пахаваная менавіта ў Менску, які стаў сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі. Да яе стварэння не ў малой ступені спрычынілася Магдалена, бо яна спансавала многія акцыі беларушчыны. Яе постаць і яе дом былі бастыёнамі, апірышчам беларушчыны. Магдалена Радзівіл фінансавала выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца", каталіцкую газету "Беларус", а таксама выданне першых кніг Канстанцыі Буйло і Максіма Багдановіча.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Менск. Фота аўтара.


З падзей 2017 года

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Красавік

1 красавіка. У ЗША памёр рускі паэт Яўген Еўтушэнка, які меў беларускія карані.

2 красавіка. Рэкордная для вясны тэмпература ў Беларусі. У Берасці было + 23,7 С, Гомелі - +22,1 С, Гародні - + 22,6 С, Магілёве - +21,8 С, Віцебску - +20,6 С градусаў цяпла. Гэта 9 - 13 градусаў вышэй кліматычнай нормы.

3 красавіка. У Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча прэзідэнтаў А. Лукашэнкі і У. Пуціна. Лукашэнка прызнаў доўг Беларусі за газ, а Пуцін дае крэдыты для выплаты доўгу Расіі за газ. У Санкт-Пецярбургу адбыўся выбух у метро. Загінулі 11 чалавек і каля 45 паранена. Адна параненая беларуска трапіла там у бальніцу.

6 красавіка. У Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША) памёр беларускі паэт Міхась Кавыль (сапр. Язэп Лешчанка), які нарадзіўся 1 снежня 1915 г. на Случчыне.

7 красавіка З караблёў ЗША, якія знаходзіліся ў Міжземным моры, наснесены ракетны ўдар па вайсковым аэрадроме ў Сірыі. Загінуў там генерал і некалькі вайскоўцаў.

8 красавіка. Каля Масквы цягнік Масква-Брэст сутыкнуўся з электрычкай. Шмат паранена пасажыраў.

13 красавіка. Памёр Юрый Мікалаевіч Бохан, доктар гістарычных навук, прафесар.

16 красавіка. Сёлета католікі і праваслаўныя ў адну нядзелю святкуюць Вялікдзень, а іудзеі ў гэты час - Песах. У Вілейцы і Віцебску выпаў снег. Увечары тэмпература каля 0 градусаў. Удзень холадна: +5 і + 6 градусаў цяпла.

17 красавіка. У Віцебску снежнае покрыва - 9 см і сярэднясутачная тэмпература -1,6 С (раней быў рэкорд - 1,2 С градусаў). У Менску выпаў снег.

21 красавіка. Выступленне А.Р. Лукашэнкі на паседжанні Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь са Зваротам да народу Беларусі.

22 красавіка. У Гародні каля 25 камуністаў КПБ выйшлі на мітынг да помніка Леніну. З кожным годам іх становіцца меней.

На пярэдадні гэтай даты ў в. Малеч Бярозаўскага р-на былы настаўнік гісторыі Віталь Шылінец абліў чырвонай фарбай помнік Леніну. За гэты ўчынак ён атрымаў 1 год папраўчых работ з вылічэннем 15 % з яго заробку.

22 красавіка. У Менску памёр Анатоль Мяльгуй, музычны крытык, журналіст, які пражыў 59 гадоў.

24 красавіка. Ноччу ў Крычаве, у хаце на вул. Піянерская, згарэлі 6 чалавек.

25 красавіка. Вялікі пажар на заводзе гумовых вырабаў у Магілёве. Пажарнікі тушылі агонь некалькі гадзін.

26 красавіка. 31-я гадавіна Чарнобыльскай трагедыі. У Менску адбылася традыцыйная дэманстрацыя ад кінатэатра "Кастрычнік" да пл. Бангалор.

У гэты ж дзень Прэзідэнт П. Парашэнка сустрэў А. Лукашэнку ў г. Прыпяць, пабылі на Чарнобыльскай АЭС, затым у аграгарадку Ляскавічы на беларускай тэрыторыі.

28 красавіка. На 5 сутак арыштаваны Мікалай Статкевіч, які заклікаў прыйсці на мітынг на Кастрычніцкую плошчу 1 траўня.

Травень

1 траўня. У Менску адбыўся мітынг і дэманстрацыя. Былі затрыманні актывістаў. Павел Севярынец атрымаў 15 сутак арышту. У Берасці 4 чалавекі выйшлі на плошчу з чыстымі аркушамі паперы, і за гэта іх затрымала міліцыя. У Гомелі актывіст АГП Васіль Палякоў быў арыштаваны на 15 сутак за тое, што разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг на дазволеным мітынгу.

7 траўня. Памёр паэт Алесь Рыбак.

8 траўня. У Менску памёр Мікола Якубавіч Аўрамчык, паэт, суаўтар паэмы "Сказ пра Лысую гару". Пражыў 97 гадоў.

Ноччу з 9 на 10 траўня ў Бярэзінскім запаведніку тэмпература паветра была 4,5 градуса марозу.

9 траўня. Дэманстрацыя і мітынг у Берасцейскай цвердзі. Там міліцыя затрымала Аляксандра Сахарука за тое, што ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг.

13 - 14 траўня. А. Лукашэнка знаходзіўся ў Пекіне, дзе абмяркоўвалася пытанне Вялікага шаўковага шляху.

13 траўня. У Менску праводзіўся 6-ы (травенскі) пленум ЦК КПБ. Ігар Васільевіч Карпенка (міністр адукацыі Беларусі) вызвалены ад абавязкаў Першага сакратара ЦК КПБ па ягонай просьбе. Гэтую ён пасаду займаў з кастрычніка 2012 г. Першым сакратаром ЦК КПБ выбраны Аляксей Мікалаевіч Сокал, які нарадзіўся ў Менску ў 1973 г. Другім сакратаром ЦК КПБ выбраны Гергій Пятровіч Атаманаў. Пленум ЦК КПБ вёўся на рускай мове.

18 - 19 траўня. У Менску праводзілася міжнародная канферэнцыя "25 гадоў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь". Яна адбылася пры падтрымцы Фонда Конрада Адэнаўэра.

24 траўня. Указам Прэзідэнта вызвалены ад пасады старшыні Менскага абласнога выканкама Сямён Барысавіч Шапіра.

Травень. Больш за 10 кіраўнікоў медыцынскіх устаноў арыштавана за карупцыю. Завышалі цэны на медыцынскія тавары.

Чэрвень

3 чэрвеня. Касманаўт Алег Навіцкі прызямліўся ў Казахстане. У космасе знаходзіўся 197 сутак (з 11 лістапада 2016 г.).

6 чэрвеня. Вярхоўны суд разгледзеў скаргу судовага "працэсу 17" (аб наркотыках). Кіраўнік злачыннай групы Канстанцін Вілюга (мянушка Кот) атрымаў 20 гадоў зняволення, а іншыя ўдельнікі - па 15 і 14 гадоў.

7 - 8 чэрвеня. У Астане (Казахстан) праходзіла паседжанне Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Беларусь удзельнічае як назіральніца з 10 ліпеня 2015 года. На паседжанні прысутнічаў А. Лукашэнка.

11 чэрвеня.Пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым паміж Украінай і ЕС.

14 чэрвеня. Прэзідэнт ЗША Трамп прадоўжыў эканамічныя санкцыі супраць беларускіх прадпрымальнікаў і некаторых асоб.

15 чэрвеня. Бацькі Міхаіла Жызнеўскага вярнуліся з Кіева, дзе ім Прэзідэнт П. Парашэнка ўручыў ордэн Героя Украіны, якім узнагароджаны іх сын.

15 чэрвеня. на вуліцах у Гародні адбылося свята Божага Цела і Крыві - Алтарыкі. Яно бывае ў католікаў у чацвер, на 60-ы дзень пасля Вялікадня.

18 чэрвеня. У Менску адбыўся ХІ з'езд Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ. Удзельнічаў у з'ездзе 101 дэлегат. Старшынём партыі выбраны Зянон Пазьняк, в.а. старшыні Юрась Беленькі, а намеснікам старшыні - Сяргей Папкоў.

25 чэрвеня. Міністр замежных спраў У. Макей правёў Дзень беларускай вышыванкі, на які запрасіў паслоў замежных краін у Беларусі з сем'ямі.

26 - 27 чэрвеня. Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг знаходзіўся ў Менску і правёў перамовы з А. Лукашэнкам.

27 чэрвеня. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя двухтомнай кнігі аўстрыйскага вучонага славіста, беларусіста Германа Бідэра "Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка. Вільня, 1916".

30 чэрвеня. У Маскве праводзіцца 4-ы форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які наведалі прэзідэнты У. Пуцін і А. Лукашэнка.

30 чэрвеня. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь выпусціў на волю ўсіх патрыётаў былога "Белага легіёна". Сёння выйшлі апошнія з іх Віктар Мароз і Мечыслаў Лазоўскі. Аднак крымінальную справу не закрылі і хлопцаў адпусцілі пад падпіску "аб не выездзе за межы Беларусі". Справу спынілі толькі 27 лістапада 2017 года, бо не знайшлі злачынства. А патрыёты былі арыштаваны ў сакавіку, яшчэ да Дня Волі.

30 чэрвеня. Ужо паўгода працуе ў тэставым рэжыме Полацкая ГЭС на Заходняй Дзвіне. Сёння яна ўведзена ў эксплуатацыю. Вызначаная магутнасць - 21,66 МВт. Планаваная сярэднегадавая выпрацоўка электраэнергіі - 110 млн кВт/гадзін, што дастаткова для забеспячэння чатырох раёнаў - Лепельскага, Ушацкага, Чашніцкага і Расонскага. Кошт яе будаўніцтва 100 млн. долараў ЗША.

Ліпень

1ліпеня. За першае паўгоддзе гэтага года насельніцтва Беларусі скарацілася на 9 500 чалавек.

2ліпеня. Моладзь БРСМ у Менску, каля Палаца спорту, правяла мерапрыемства "Дзень вышыванкі".

3 ліпеня. У Менску адбыўся парад войск і дэманстрацыя ў гонар Дня Незалежнасці. Увечары быў салют.

4 ліпеня. Указам Прэзідэнта Анатоль Міхайлавіч Ісачэнка (1966 г. нар.) прызначаны старшынём Менскага абласнога выканкама.

6 ліпеня. Свой першы візіт за мяжу новы прэзідэнт ЗША Трамп здзейсніў у Варшаву. Выступіў там з прамовай аб значэнні Польшчы і палякаў у Еўропе. Гэта яго першае выступленне ў Еўропе.

6 ліпеня. Святкаванне Купалля праводзілася ў Менску, у Лошыцкім парку, а ў Слоніме - на канале Агінскага.

5 - 9 ліпеня. У Менску праводзіліся пасяджэнні 26-й штогадовай летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. На ёй выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. У ёй прымалі ўдзел каля 700 замежных парламентарыяў і палітыкаў з 56 краін. У гэтай сесіі ўдзельнічалі і прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

8 ліпеня. У сувязі з тым, што на тэрыторыі Беларусі праводзяцца сумесныя вучэнні расійскіх і беларускіх войскаў "Захад-2017", у Менску, на плошчы Кастрычніцкай, некалькі дзясяткаў чалавек пратэставалі з плакатам "Рускі салдат, ідзі дамоў!", выступалі супраць ваеннага саюзу з Расіяй.

10 ліпеня. Святара-спартсмена з Гатава Менскага раёна Канстанціна Бурыкіна суд Заводскага раёна Менска прызнаў вінаватым у незаконным захоўванні зброі і боезапасаў і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі. У свой час ён быў духоўным настаўнікам менскага РНЕ і захапляўся свастыкай.

12 ліпеня. У Менску адкрыўся Сусветны кангрэс рускай прэсы, на якім выступіў А. Лукашэнка. Ён заявіў: "Русский язык - это наше национальное достояние".

12 ліпеня. Суд г. Маладзечна пакараў дзвюх настаўніц сярэдняй школы № 11 Вольгу Завадскую і Ірыну Апанасевіч за смерць вучаніцы Вікторыі Папчэні па неасцярожнасці ў час капання бульбы 29 верасня 2016 года. Ім абмежавалі волю на 2 гады, без накіравання ў калонію.

13 ліпеня. У выніку навальніцы менскія вуліцы былі затоплены і на іх плавалі легкавыя аўтамашыны.

13 ліпеня. Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон знаходзіўся з візітам у Менску.

13 - 17 ліпеня. У Віцебску праводзіўся традыцыйны фестываль эстраднай песні "Славянскі базар".

14 ліпеня. У Інстытуце гісторыі НАНБ віншавалі доктара гістарычных навук, прафесара Г. В. Штыхава з 90-годдзем з дня нараджэння.

15-16 ліпеня. У Менску адбыўся VII з'езд беларусаў свету. На з'ездзе было больш за 250 дэлегатаў, з іх палова з 18 краін свету. Ад імя ўраду выступіў міністр замежных спраў У.У. Макей. На з'ездзе Алена Макоўская зноў выбрана старшынёй арганізацыі, а Ніна Шыдлоўская - старшынёй Рады Міжнароднага грамадскага аб'яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

16 ліпеня. Праўнукі княгіні Магдалены Радзівіл прывезлі з Швейцарыі, з г. Фрысбург, прах сваёй бабулі і часова памясцілі ў Чырвоным касцёле ў Менску.

Ноччу з 20 на 21 ліпеня.У раёне Эгейскага мора быў землятрус 7 балаў. У Турцыі і Грэцыі ёсць пацярпелыя.

20 - 21 ліпеня. Адбыўся афіцыйны візіт А. Лукашэнкі ў Кіеў. Беларускія дабраахвотнікі з АТА нала-дзілі пікет з бел-чырвона-белымі сцягамі каля Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны.

20 - 23 ліпеня. 24-ы чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў праходзіў на Алімпійскім стадыёне імя Карла Дзекіні ў Грасета (Італія). Беларуская каманда заваявала 7 медалёў. Беларускі лёгкаатлет Максім Новасекаў скочыў у вышыню на 2,33 м. і заваяваў залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы. Наша спартсменка Віялета Скварцова таксама заваявала залаты медаль. Калі зайгралі ў яе гонар Дзяржаўны гімн чужой краіны, яна пакінула п'едэстал.

25 ліпеня. Увечары была навальніца. Лівень быў такой сілы, што былі затоплены вуліцы ў Менску, Баранавічах і Берасці.

26 ліпеня. У г. Сочы паліцыя затрымала каранаванага беларускага злодзея "ў законе" Кушнера Гомельскага (Аляксандра Кушнерава).

27 ліпеня. Актывіст руху "Разам" Вячаслаў Сіўчык арганізаваў ускладанне кветак на Усходніх і Кальварыйскіх могілках на магілы тых асоб, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі на пачатку 1990-х гадоў.

27 ліпеня. Указам Прэзідэнта № 259 знята ахоўная зона Палескага радыяцыйнага запаведніка.

30 ліпеня. У Берасці адбыліся свята і "парад блізнятаў", у якім удзельнічалі болей за 100 параў.

30 ліпеня. Памёр Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля (нар. 24.05.1927 г.), які кіраваў калгасам "Савецкая Беларусь" 50 гадоў (1956-2006 гг.), двойчы Герой Сацыялістычнай Працы.

Ліпень.Ад ледавіка Ларсена ў Антарктыдзе ў сувязі з пацяпленнем клімату адкалоўся самы вялікі айсберг плошчай 6 тыс. кв. км., вышынёй 200 м і вагой 1 трлн. т. Яго плошча пераўзыходзіць плошчу Менска ў 17 разоў.

Для ДАІ Менска ў Нямеччыне набыты 28 матацыклаў за 500 тысяч долараў.

Студэнты Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам дацэнта Аляксандра Башкова каля в. Панасавічы Сялецкага с/с Бярозаўскага р-на Берасцейскай вобл. у лесе раскапалі могілкі ХІ ст. Ім пашанцавала знайсці булаву, якой больш за тысячу гадоў.

У канцы ліпеня ў польскім горадзе Уроцлаў адбыліся Сусветныя гульні, які праводзяцца адзін раз за 4 гады па тых відах спорту, якія не ўваходзяць у Алімпійскую праграму. Беларускія спартсмены ва Уроцлаве заваявалі 12 медалёў, з іх - 4 залатыя. Беларуская каманда па колькасці атрыманых ёю медалёў аказалася на 14-м месцы.

Жнівень

2 жніўня. Навальнічная бура ў Вілейцы прычыніла шмат шкоды. Паваліла дрэва на мікрааўтобус, у якім забіла дзяўчынку. Зрывала стрэхі з дамоў.

3 жніўня.Прэзідэнт ЗША Трамп падпісаў Закон Кангрэса ЗША, які ўзмацняе эканамічныя санкцыі супраць Расіі, Ірана і КНДР (Паўночная Карэя).

3 ліпеня. У Менску былі часова затрыманы актывісты незалежнага прафсаюза Фядыніч і Ярашук па прычыне нявыплаты падатку.

3 жніўня. У Віцебску міліцыя арыштавала расійскага святара Мікалая Кірыева, які хацеў вывезці ў Санкт-Пецярбург дзвюх жанчын для занятку там прастытуцыяй.

4 - 6 жніўня ў Менску праводзіліся спаборніцтвы Кубка свету БСБ Банка па мастацкай гімнастыцы. Беларускі атрымалі 10 медалёў (2 залатыя, 5 сярэбраных і 3 бронзавыя).

7 жніўня. У Магілёве аб'яўлены прыгавор абласнога суда 4 рэалтарам, якія нажываліся на чужых кватэрах і загубілі 6 чалавек. Двух злачынцаў прыгаварылі да смяротнага пакарання, двум далі пазбаўлення волі на 20 і 22 гады.

8 жніўня. Менскі абласны суд вынес прыгавор 16 мытнікам Ашмянскай мытні. Усе атрымалі штрафы і пазбаўленне волі да 11 гадоў.

12 жніўня. У Беларусі тэмпература паветра была вышэй за кліматычную норму на 4 -9 градусаў. У Менску было ўдзень +32 градусы.

12 - 13 жніўня. У Менску адбыўся чарговы з'езд Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Кіраўніком гэтай партыі зноў абраны 63-гадовы Сяргей Гайдукевіч, а яго намеснікам - яго сын Алег Гайдукевіч.

13 жніўня. Пісьменніца Святлана Алексіевіч сустрэлася са сваімі аднакласнікамі ў школе вёскі Капаткевічы Петрыкаўскага раёна, дзе яна некалі вучылася. Але сустрэча была неафіцыйная, а яна там была як прыватная асоба.

15 - 16 жніўня. невядомымі было развешана шмат плакатаў супраць расійскай арміі.

16 жніўня.У Калумбіі закончылася грамадзянская вайна, якая доўжылася 50 гадоў.

16 жніўня. А. Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці прыняў касманаўта Алега Навіцкага, які нарадзіўся ў Чэрвені.

16 жніўня. Следчы Камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу за жорсткія адносіны да жывёл супроць мужчыны, які па п'янцы з жорсткасцю забіў кацянё.

17 жніўня. У Менску, на бульвары У. Мулявіна, адкрыты помнік кіраўніку ансамбля "Песняры" Уладзіміру Мулявіну.

17 жніўня. У Глыбокім, на вул. Леніна (былой Віленскай) сёлета вішні заквітнелі другі раз у гэтым годзе.

19 і 20 жніўня. У Браславе два дні быў фэст у храме Маці Божай Браслаўскай Каралевы азёр. На свята прыехалі тысячы пілігрымаў, 5 беларускіх каталіцкіх біскупаў і апостальскі нунцый Габор Пінтар.

19 жніўня. Студэнт Беларускай акадэміі сувязі Станіслаў Кулецкі (родам з Малой Рыты) атрымаў кубак, медаль і грамату на міжнародным музычным конкурсе-фестывалі "Венскі зоркапад - 2017" за праспяваныя ім песні.

20 жніўня. У в. Грушаўка Ляхавіцкага раёна праведзены фестываль сучаснага мастацтва "Дах", прысвечаны памяці народнага героя Тадэвуша Рэйтана. Тут ён ужо праводзіцца ў пяты раз.

22 жніўня. Аб'яданы інстытут машынабудавання НАНБ паказаў выраблены першы беларускі электрааўтамабіль.

23 - 24 жніўня. У Менску праведзены Рэспубліканскі педагагічны савет, у якім удзельнічалі звыш 800 чалавек. На гэтай сустрэчы на другі дзень выступіў з прамовай А. Лукашэнка.

23 жніўня. У Берасцейскай цвердзі нехта павесіў партрэты Гітлера і Сталіна з сімволікай іх дзяржаў (паміж свастыкай і сярпом з молатам пастаўлены знак роўнасці). Такім вось спосабам напамінае нехта аб пакце Молатава-Рыбентропа ад 23 жніўня 1939 года.

24 жніўня. Намеснік Старшыні Вярхонага Суда Рэспублікі Беларусь Р.Г. Аніскевіч адмовіў у рэабілітацыі Ларысы Геніюш, бо яна ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны здзейсніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 66 і 76 КК БССР (у рэдакцыі 1928 г.). Гэта варожая дзейнасць супраць СССР і дапамога міжнароднай буржуазіі.

25 жніўня. У парку на дрэвах горада Оршы вывешаны бел-чырвона-белыя сцягі як напамін аб даце 25 жніўня 1991 года, калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

25 жніўня. У Оршы адкрыты аэрадром для міжнародных палётаў самалётаў.

25 жніўня. На аўтамагістралі Менск-Магілёў спынены рух аўтатранспарту, бо на ёй садзяцца беларускія і расійскія вайсковыя самалёты ў час вайсковых вучэнняў.

28 жніўня. Падпісаны Указ Прэзідэнта аб упаўнаважаных прадстаўніках Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у абласцях і сталіцы краіны.

28 жніўня. Аршанскія актывісты штогод у гэты дзень ускладаюць кветкі да помніка касінерам 1863 года каля вёскі Пагасішча Лёзненскага раёна. Там царскія войскі 26 красавіка 1863 года разбілі Аршанскі паўстанцкі аддзел пад камандаваннем паручніка Ігната Мартынавіча Будзіловіча. Камандзір аддзела быў пакараны 28 жніўня 1863 г. у Оршы.

28 - 29 жніўня польскі плывец 26-гадовы Себасцян Карась пераплыў уплаў Балтыйскае мора (ад польскага горада Калабжэг да дацкага вострава Борнхольм каля 100 км.) за 28,5 гадзін пры тэмпературы вады каля +20 градусаў.

Жнівень. У вёску Лусцічы Докшыцкага раёна прыйшоў мядзведзь па ласункі. Пераскочыў цераз плот вышынёй 1,5 метра і апустошыў самы поўны вулей мёду (каля 10 кг). Ён не паленаваўся і прыйшоў сюды з Бярэзінскага біясфернага запаведніка за 12 км.

Жнівень.На Украіне завяршылася дэкамунізацыя. Знесена 2389 помнікаў, з іх 1320 помнікаў У. Леніну. Украіна атрымала першыя пастаўкі каменнага вугалю са ЗША.

Верасень

7 верасня. У Смаленскай вобл. адбылося сутыкненне мікрааўтобуса з двума грузавікамі. Загінулі 5 жыхароў Беларусі.

7 - 8 верасня. ў Менску праводзілася навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі Менска.

8 верасня. Дзень беларускай вайсковай славы. М. Статкевіч і У. Някляеў арганізавалі і правялі мітынг і дэманстрацыю.

8 верасня. ў Лідзе прайшоў 2-гі фестываль патрыятычнай песні "1514".

8 верасня. ў Беларускай філармоніі правялі ІІІ Міжнародны фестываль мастацтваў беларусаў свету. У ім прынялі ўдзел больш за 200 прадстаўнікоў беларускай дыяспары з-за межаў Беларусі (былі з Еўропы, Азіі і Амерыкі).

8 верасняў Ціхім акіяне каля Мексікі быў землятрус магнітудай 8,2 бала, і тады загінула больш за 90 чалавек.

8 - 10 верасня. Горад Менск святкаваў юбілей свайго горада, якому 950 гадоў.

9 верасня. У Лідзе адбыўся фестываль "Лідскае піва".

10 верасня. У Менску правялі паўмарафон. На ім 28-гадовы Уладзіслаў Сташкевіч усю дыстанцыю прабег з нацыянальным сцягам. Яму крычалі: "Жыве Беларусь!". Ён адказваў: "Жыве вечна!"

11 - 12 верасня. Беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з А. Лукашэнкам знаходзілася ў Індыі. Там праводзіліся перамовы з кіраўніцтвам гэтай дзяржавы.

14 - 20 верасня. Вайсковыя вучэнні войск Расіі і Беларусі праводзіліся на палігонах абедзвюх дзяржаў пад камандаваннем сваіх прэзідэнтаў. У. Пуцін у Беларусь на вучэнні не прыехаў.

15 - 17 верасня. У Варшаве прайшоў Сёмы міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, у якім удзельнічалі каля 600 чалавек.

16 верасня. У Сынкавіцкай царкве-цвердзі Зэльвенскага раёна адзначылі 610-ю гадавіну гэтага храма.

19 верасня. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пакінуў у сіле прысуд 16-гадоваму менскаму гімназісту Данату Скакуну - пазбаўленне волі на 8 гадоў - за напад на настаўніцу 23 траўня 2016 года.

19 верасня У Мексіцы адбыўся землятрус магутнай сілы, магнітудай 7 балаў. Загінулі 226 чалавек.

23 верасня. У Менску, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, адбыўся Пленум Цэнтральнага Савета Саюза Камуністычных партый. На ім былі прадстаўнікі 17 кампартый свету. У ім прымаў удзел Першы сакратар ЦК КПРФ Генадзь Зюганаў.

23 верасня. Адкрыты музей Менскага трактарнага завода.

24 верасня. ў Мажэйкаве Лідскага раёна прайшоў 1-шы фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага.

25 верасня. А. Лукашэнка ў Менску прыняў Прэзідэнта Чачні Рамзана Кадырава.

28 верасня. Вызвалены ад пасады міністра культуры Беларусі Барыс Святлоў. На пасаду міністра культуры прызначаны Юрый Паўлавіч Бондар.

Адпраўлена ў адстаўку міністр інфармацыі Лілея Ананіч. На пасаду міністра інфармацыі прызначаны Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч.

Андрэй Кароль прызначаны на пасаду рэктара БДУ.

28 верасня. У Барысаве на матчы групавога этапу Лігі Еўропы паміж "Батэ" і "Арсеналам" заўзятар 26-гадовы дзяцюк Аляксандр Вянгерскі выбег на футбольнае поле ў майцы з выявай герба"Пагоня" і бела-чырвона-белым сцягам. Быў пакараны на 10 сутак арышту за дробнае хуліганства.

28 верасня. Пераможцам Рэспубліканскага конкурсу "Настаўнік года - 2017" стала Святлана Румянцава (Раманенка, 1971 г. н.), настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 г. Наваполацка. Яна атрымала "Крыштальнага жураўля" і ключы ад легкавіка.

30 верасня. У Палацы мастацтваў у Менску праведзены з'езд Партыі БНФ, на якім старшынём партыі выбраны Рыгор Костусёў, а яго намеснікам Сяргей Януковіч. Удзельнічалі ў галасаванні 163 дэлегаты.

Верасень. У Барысаве на пабудаваным кітайцамі заводзе выпушчана першая партыя легкавых аўтамашын "Джылі" (220 штук) кітайскай вытворчасці.

Сёлета добры ўраджай на грыбы.

У сярэдняй школе аграгарадка Медна Берасцейскага раёна настаўнікам гісторыі тутэйшы сляпы Мікалай Васілевіч Апановіч. Ён страціў зрок у 1998 годзе, калі яму было 15 гадоў. Закончыў сярэднюю школу і гістарычны факультэт Берасцейскага ўніверсітэта. Яго ўзяў на работу дырэктар школы Зміцер Валер'евіч Растаргуеў.

Кастрычнік

3 кастрычніка. Знайшлі павешаным у ваенным гарадку Печы Барысаўскага раёна салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Там жа 31 сакавіка сёлета павесіўся Арцём Басцюк. Прычына самагубства - "дзедаўшчына" ў беларускай арміі. Гэтая крымінальная справа атрымала шырокі розгалас і яе нельга было схаваць.

5 кастрычніка. У Менску знаходзіўся з візітам прэзідэнт Венесуэлы Ніколас Мадура. На сусрэчы з ім А. Лукашэнка абяцаў Венесуэле эканамічную дапамогу.

5 кастрычніка. У музеі Янкі Купалы адкрыта выстава "Хочацца ўкленчыць і перахрысціцца", якая прысвечана 80-годдзю Вялікага тэрору ў Беларусі.Яе арганізаваў Павел Каралёў, старшы навуковы супрацоўнік Купалаўскага музея.

7 кастрычніка. Тэлевізійны канал "Белсат", які вядзе перадачы на беларускай мове з Польшчы, адзначыў свой юбілей - 10 гадоў. Рэдакцыю гэтага канала павіншаваў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. У гэты ж дзень каля аднаго мільёна палякаў маліліся "за мір" дома і каля дзяржаўных межаў Польшчы.

9 кастрычніка. У судзе Вілейскага раёна судзілі Аляксандра Вінярскага за тое, што ён 8 верасня прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу і трымаў транспарант, на якім было напісана: "Рускі жаўнер, ідзі дамоў! Гарэлкі няма". Суд аштрафаваў яго на суму 460 рублёў (230 долараў).

14 кастрычніка. У Печах у вайсковым вучэбным пункце вызвалены ад займаных пасад 5 вайскоўцаў.

16 кастрычніка. У НАН Беларусі абрана 5 новых акадэмікаў: Аляксандр Лукашанец, Аляксандр Бялецкі, Уладзімір Кульчыцкі, Аляксандр Кульчэўскі, Іван Голуб. Таксама выбраны 22 члены-карэспандэнты НАН Беларусі.

17 кастрычніка. Следчы Камітэт Рэспублікі Беларусь завёў 10 крымінальных спраў на вайскоўцаў у Печах.

20 - 21 кастрычніка. У Вільні прайшоў ІV Беларускі праваабарончы форум, на якім былі прадстаўлены 29 арганізацый.

21 кастрычніка, у суботу, Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык сабралі некалькі сот абураных грамадзян на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і прайшлі з нацыянальнымі сцягамі на плошчу Незалежнасці.

21 кастрычніка. Беларусы ў Швейцарыі за свой кошт паставілі помнік Тадэвушу Касцюшку.

29 кастрычніка. У Менску адбыўся ХІІІ з'езд ТБМ. Старшынёй Рэспубліканскай Рады ТБМ абрана Алена Анісім, а першым намеснікам старшыні - Уладзімір Колас.

29 кастрычніка. Памёр Георгій Георгіевіч Паплаўскі, народны мастак, акадэмік НАН Беларусі.

29 кастрычніка. Днём у Курапатах была паніхіда і мітынг з нагоды таго, што тут 80 гадоў таму было масавае забойства людзей. Тут жа ноччу на 30 кастрычніка па ініцыятыве Змітры Дашкевіча пад праліўным дажджом каля ста чалавек чыталі вершы і творы забітых тут пісьменнікаў.

Увечары 29 кастрычніка. Каля 20 неабыякавых людзей стаялі з запаленымі свечкамі каля будынка КДБ у Менску.

31 кастрычніка. У Кіеве праходзіць Парламенцкая Асамблея краін-удзельніц "Усходняга партнёрства". Прадстаўнікоў беларускага парламента туды не запрасілі, бо ЕС не прызнаў праведзеныя мінулыя парламенцкія выбары ў Беларусі. Туды запрасілі прадстаўнікоў ад беларускай апазіцыі: У. Някляева, Т. Караткевіч, А. Дабравольскага, В. Рымашэўскага, І. Вештард, С. Янукевіча, С. Калякіна. Дэпутат Ганна Канапацкая прыехала туды сама. Туды не даехаў М. Статкевіч, бо яго арыштавалі.

31 кастрычніка. Каля вёскі Малое Ольшава Лідскага раёна адкрыты помнік з надпісам на валуне "Невядомым паўстанцам 1863". Тут пахаваны паўстанцы аддзела Кастуся Кашыца, тутэйшага абшарніка і цывільнага паўстанцкага начальніка Наваградскага павета.

Лістапад

З 1 лістапада. Сярэдняя пенсія па ўзросце - 316 руб. Талон на праезд у гарадскім транспарце ў Менску падаражаў на 5 капеек і будзе каштаваць 60 капеек, а жэтон у метро - 65 капеек.

2 лістапада. А. Лукашэнка знаходзіўся ў Арабскіх Эміратах. Там адбылася яго сустртэча з прэзідэнтам Украіны П. Парашэнкам.

5 лістапада. Адбылося традыцыйнае шэсце "Дзяды" ад Менскага гадзіннікавага завода ў Курапаты.

У першы тыдзень лістапада. У Оршы і Рэчыцы апазіцыянеры сарвалі выступленне расійскака спевака, які праслаўляе сепаратысцкія ДНР і ЛНР.

12 лістапада. Суд Першамайскага раёна Менска пазбавіў волі на 9 гадоў Мікалая Петрамовіча намесніка кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Менска, былога камуніста, за махлярства ў 2008 - 2016 гадах, калі абмануў 30 чалавек і прысвоіў сабе звыш 1 млн. руб. чужых грошай.

17 лістапада. Першы беларускі легкавы аўтамабіль сышоў з канвеера завода "БелДжы". Завод пабудаваны кітайцамі паміж Барысавам і Жодзінам.

17 лістапада. У Менску А. Лукашэнка прыняў віца-канцлера Германіі Зігмара Габрыэля.

24 лістапада. У Бруселі праводзіўся саміт "Усходняе партнёрства", у якім браў удзел міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.У. Макей.

24 лістапада. У Варшаве прайшла навуковая канферэнцыя вучоных-гісторыкаў "Беларуская Народная Рэспубліка і стварэнне дзяржаўнасці".

25 лістапада. Менскія актывісты на двух аўтобусах прыехалі ў Грозава і Слуцк для ўскладання кветак да помнікаў слуцкім паўстанцам 1920 года.

25 лістапада. У Барселоне праводзілася паседжанне Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу. На ім выступіў беларускі сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч.

26 лістапада. У Жабінцы памёр паэт Алесь Каско.

27 лістапада. Стала вядома, што закрыта крымінальная справа "Белага легіёна", якая была пачата 23 сакавіка сёлета.

29 лістапада. Прэзідэнт Казахстана Насултан Назарбаеў прыехаў з афіцыйным візітам у Беларусь і хваліў нашую сельскую гаспадарку.

30 лістапада. У Палацы Незалежнасці ў Менску адбыўся саміт (нарада) кіраўнікоў дзяржаў АКБ і міністраў абароны АКБ.

30 лістапада - 1 снежня. У Менску адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя "Падзеі 1917 года ў гістарычных лёсах Беларусі". Прэзідэнт А. Лукашэнка прыслаў прывітанне ўдзельнікам і гасцям гэтай канферэнцыі. Ён адзначыў, што "падзеі 1917 года спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме".

Снежань

1 снежня. А. Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці прыняў Прэзідэнта Таджыкістана Эмоналі Рахмона.

2 лістапада. У Менску праводзіўся Х з'езд асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў". Існуе з 1993 года. На ім былі 54 дэлегаты. 37 галасамі на новы тэрмін ужо ў шосты раз выбраны старшыня кангрэсу Аляксандр Ярашук.

5 лістапрада. У сядзібе ТБМ у Менску адбылася прэзентацыя кнігі "Іх звала Беларусь святая" (пра І Усеберускі з'езд 1917 года).

12 - 13 снежня. У Менску адбыўся ІІ з'езд вучоных Беларусі, на якім было 2500 удзельнікаў, з іх - 500 госці. (І з'езд вучоных адбыўся 1-2 лістапада 2007 года, і тады ў ім удзельнічалі 1987 дэлегатаў.)

21 снежня.У Гаазе закончыў сваю работу Міжнародны трыбунал, які 24 гады разглядаў справу аб генацыдзе ў Югаславіі. Абвіняўся 161 чалавек, з іх 90 асуджаны на розныя тэрміны зняволення. На судовым працэсе было 5 бакоў з народаў Югаславіі.

22 снежня. А. Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканлмікі".

25 снежня. У вёсцы Якімава Слабада Светлагорскага раёна каля 200 жыхароў яе правялі мітынг супраць смуроду, які ідзе з нядаўна пабуданага кітайцамі завода, што выпускае сульфатную белую цэлюлозу. Завод дзейнічае з 1 лістапада 2017 года. Ружа вятроў ад завода ідзе на вёску.

25 снежня. Каталіцкія Каляды. У гэты дзень тэмпература паветра была +9 градусаў цяпла. Раней тут рэкордная тэмпература на гэты дзень была +8 градусаў.

29 снежня. У Беларусі цёпла. Каля Гародні нехта ў лесе назбіраў грыбоў лісічак. У Берасці ў садзе сям'і Лах заквітнела вішня. Тэмпература ў Менску +6,6 градусаў. Пабіты рэкорд, гэта на 1,5 градуса вышэй, чым тут была 43 гады таму.

31 снежня. Новы год сустракалі без снегу. Тэмпература ў Менску +1 градус цяпла.

Снежань. У Светлагорскім раёне на аснове "Хутар-Агра" створаны працоўны лагер МУС для былых зэкаў. Туды будуць накіроўваць тых, хто выйшаў з турмы і не мае куды ехаць.

У Менску кідаецца ў вочы, што большасць жанчын носіць не спадніцы, а порткі і джынсы. На вуліцах шмат курцоў сярод мужчын і жанчын. Ужо амаль зіма, а зімовых шапак-вушанак (апроч вайсковых курсантаў) ніхто не носіці. Замест шапак мужчыны і жанчыны замест хустак носяць на галаве вязаныя шапачкі. Ніхто не апранае кажух, паўкажушок і нават паліто. Нікога не ўбачыш і ў валёнках. Клімат змяняецца і, напэўна, уплывае і на моду адзення.

У 2017 годзе

Сёлетні год па клімаце быў параўнальны цёплы. Зіма ў снежні да Новага года так і не прыйшла.

Агульныя пасяўныя плошчы ўсіх сельскагаспадарчых культур розных катэгорый гаспадарак Беларусі ў 2017 годзе склалі 5 834,3 тысячы гектараў, з іх сельскагаспадарчыя арганізацыі - 90,8 %, фермерскія - 2 %, гаспадаркі насельніцтва - 7,2 %.

У Беларусі ў 2017 г. сабралі збожжавых і бабовых культур 8 млн. т пры сярэдняй ураджайнасці 33,2 ц/га. У Менскай вобласці намалацілі найболей - 1,9 млн. т, што складае 24,4% ад агульнага збору па краіне. Бульбы накапалі 6,4 млн. т. Яе сярэдняя ўраджайнасць склала 232 ц/га. Гародніны сабралі 2 млн. т пры сярэдняй ураджайнасці 296 ц/га (у 2015 г. была 245 ц/га). Цукровых буракоў сабралі 4,9 млн. т пры ўраджайнасці 493 ц/га (у 2015 г.-330 ц/га). Вытворчасць ільновалакна склала 42,3 тыс. т.

Польскія консульствы ў нашай краіне выдалі за год больш за 35 тысяч працоўных віз.

У Беларусі аседла жыве (паводле слоў цыганскага барона Віктара Іванавіча Главацкага, які жыве ў Калодзішчах) каля 60 тысяч цыганоў.

За гэты год у Беларусі суды прыгаварылі да смяротнага пакарання 5 злачынцаў, а да пажыццёвага зняволення - трох.

За злачынствы карупцыйнай накіраванасці ў Беларусі асуджана 694 чалавекі, што на 569 асоб болей, чым у 2016 годзе.

Сярэдняя месячная заработная плата за лістапад склала 836,9 рублёў.

Сярэдняя працоўная пенсія ў снежні (апрача пенсіянераў вайсковых, КДБ, МНС і органаў МУС) - каля 315,74 рублёў.

Члены-ккарэспандэнты НАН Беларусі (і пенсіянеры) атрымліваюць за гэта званне 396 руб. (12 тарыфных ставак па 33 руб.) дадаткова штомесяц да зарплаты ці пенсіі, а акадэмікі НАН Беларусі - 462 рублі (14 тарыфных ставак) дадаткова да зарплаты ці пенсіі.

Базавая велічыня ў канцы 2017 года была 23 беларускія рублі. Тарыфная стаўка 33 рублі.

У абменных пунктах у канцы снежня ў Менску 1 долар можна было купіць за 2 бел. руб., 1 еўра - за 2,4 бел. руб., 100 рас. руб. - за 3,51 бел. руб.

За снежань месяц у Менску плата за камунальныя паслугі (апрача элекраэнергіі і тэлефона) прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м., у якой пражывае адзін чалавек, склала 31 руб.

У снежні кошт электраэнергіі за адну кВт-гадзіну для гараджан, якія карыстаюцца газавай плітой, да 150 кВт/гадзін - па 0,1188 руб., ад 150 да 300 кВт/гадзін - па 0,1673 руб., вышэй 300 кВт/гадзін - 0,19 руб. і для гараджан, якія карыстаюцца электраплітой, да 250 кВт/гадзін - па 0,1094 руб., пасля 250 да 400 кВт/гадзін - па 0,1422 руб., вышэй 400 кВт/гадзін - 0,19 руб. Для жыхароў без цэнтралізаванага водазабяспячэння, без газавага забеспячэння і электрапліт кошт адной кілават-гадзіны - 0,1287 руб. за расход элекраэнергіі да 300 кВт/гадзін і 0,1673 руб. пасля 300 кВт/гадзін.

У снежні праезд у гарадскім транспарце Менска каштаваў у тралейбусе, аўтобусе і трамваі адна паездка 0,60 рубля, у метро - 0, 65 рубля, у аўтобусе-экспрэсе - 0,75 руб.

У канцы снежня кошты тавараў у менскіх магазінах былі наступныя:

Хлеб "Нарачанскі" (1,2 кг) - 1,88 руб.

Хлеб "Водар" (860 г) - 1,34 руб.

Батон "Сталіца" (400 г.) - 1,13 руб.

Батон "Хатні" (450 г) - 0,89 руб.

Смятана 26 % (400 г) - 2,0 руб.

Малако 2% (0,9 л) - 1,15 руб.

Сыр "Расійскі" 50 % (1 кг) - 13,59 руб.

Тварог 9 % (200 г) - 1,29 руб.

Масла сметанковае "Сялянскае" 72,5 % (200 г) - 3,03 руб.

Кефір 3,2 % (0,9 л) - 1,25 руб.

Алей сланечнікавы (1 л) - 2,19 - 2,39 руб.

Свініна (1 кг) 2-й кат. І гат. - 5,75 руб.

Свіная грудзінка (1кг) - 10,9 руб.

Мяса свіное (1кг) - 13,0 -14,29 руб.

Каўбаса вараная "Руская" (1 кг) - 7,59 руб.

Селядцы антлантычныя (1 кг) - 4,29 руб.

Салака (1кг) - 5,96 руб.

Бульба (1кг) - 0,59 - 0,70 руб.

Капуста (1кг) - 0,49 руб.

Буракі (1 кг) - 0,59 руб.

Цыбуля (1кг) - 0,69 руб.

Мука пшанічная (1кг) - 1,09 руб.

Крупы грэцкія (0,8 кг) -1,89-2,39 руб.

Крупы ячменныя (1 кг) - 0,99 руб.

Крупы рысавыя (800 г) - 1,59-1,75 руб.

Аўсяныя шматкі (400 г) - 0,59 руб.

Фасоля (500 г) - 2,7 руб.

Гарох (800 г) - 1,19 руб.

Гарэлка 40 % (0,5 л) - 7,59 - 7,95 руб.

Гарэлка "Брэст-Літоўск" 40 % (0,5 л) - 7,75 руб.

Віно "Кагор 10 - 11 %" (0,75 л) - 4,35 - 5, 29 руб.

Піва "Жыгулёўскае" (0,5 л) --1,35 руб.

Віно пладова-ягаднае 17 % (0,5 л.) - 2,80 - 3,99 руб.

Цукар (1кг) - 1,39 -1,53 руб.

Яйкі (10 штук) - 1,59 руб.

Соль харчовая (1 кг) - 0,49 - 0,59 руб.

Запалкі (1 пачак) - 0,06 руб.

Мыла гаспадарчае 72 %" (200 г) - 0,62 руб.


Памяці Рыгора Фарманяна

Сорак дзён споўнілася з дня смерці актывіста Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, краязнаўца Рыгора Фарманяна.

Сябры Скідзельскай суполкі Таварыства беларускай мовы сабраліся ў мясцовай царкве, дзе ўдзельнічалі ў памінальнай службе. Затым наведалі месца яго спачыну на Юр'еўскіх могілках Скідзеля.

Усё сваё жыццё Рыгор Фарманян прысвяціў вывучэнню гісторыі нашага краю, славутых людзей Гарадзеншчыны і Скідзельшчыны. Сваімі напрацоўкамі з радасцю дзяліўся з тымі, хто быў зацікаўлены ў гэтым. У кнігах "Скідзель. 500 год гісторыі" і "Скідзель і яго ваколіцы" змешчаны многія яго матэрыялы.

У апошні час актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізоўваліся мясцовай суполкай ТБМ. Быў адданым прыхільнікам роднай беларускай мовы.

Памяць пра сапраўднага патрыёта Беларусі, якая стала для яго другой радзімай, назаўсёды застанецца ў сэрцах тых, хто яго ведаў.

Сябры Скідзельскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны.


Персанальная выстава

6 лютага 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы 60 твораў жывапісу Ганны Конанавай "Сонечная вяршыня".

Ганна Уладзіміраўна нарадзілася ў Магілёве ў 1986 годзе. У 2005 годзе скончыла Рэспубліканскі мастацкі комплекс "Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка", а ў 2011 годзе - установу "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў".

У Акадэміі вучылася ў вядомых мастакоў і педагогаў М. Данцыга, В. Тоўсціка, Н. Кірэева. У 2011 годзе залічана ў сябры ГА "Беларускі саюз мастакоў". З 2012 года выкладала на кафедры малюнка, жывапісу, скульптуры ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў", з 2018 - дацэнт кафедры жывапісу БДАМ. З 2017 года - дэкан мастацкага факультэта БДАМ. У 2015 годзе скончыла аспірантуру дзяржаўнай навуковай установы "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Стыпендыят (2004), лаўрэат (2009) і дыпламант (2010) Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. З'яўляецца лаўрэатам стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам на 2015 год. У 2016 годзе А. Конанавай была абаронена дысертацыя на тэму "Функцыі святла ў станковым жывапісе Беларусі ХХ - пачатку ХХI стагоддзя", і ёй прысуджана навуковая ступень кандыдата мастацтвазнаўства. Творы знаходзяцца ў фондах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, установы культуры "Музей гісторыі Магілёва", галерэі "Stopka" (г. Ломжа, Польшча), галерэі аб'яднання "Slikarski uranak" (г. Будва, Чарнагорыя), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чарнагорыі, Сербіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, В'етнама.

Ганна Конанава з'яўляецца танцоркай фламенка. Вучылася ў такіх зорак як Ла Трук, Наталля Конь, Пэдра Кордоба, Марына Клаўдыё, Ёланда Эрэдыя, Пепа Малін, Уршуля Марэна, Кармэн Ла Талегона, Чыкі дэ Херас і іншых. У 2014-м годзе Ганна стала ўладальніцай сярэбранай прэміі Інстытута фламенка Ла Трук на VI Міжнародным конкурсе фламенка ў Мадрыдзе.

Трэба адзначыць, што шмат цёплых слоў пра асобу мастачкі сказалі яе калегі, сярод якіх быў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхась Баразна.

Выстава будзе працаваць па 25 лютага ўключна!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX