Папярэдняя старонка: 2018

№ 10 (1369) 


Дадана: 21-03-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 10 (1369), 7 сакавіка 2018 г.


9 сакавіка - 100 гадоў таму назад прынята Другая Устаўная грамата да народаў Беларусі


Дарагія нашы беларусачкі, каханыя жанчыны!

Таварыства беларускай мовы віншуе вас са святам Вясны - Міжнародным жаночым Днём!

Вы спрадвеку былі захавальніцамі сапраўдных традыцыйных культурных каштоўнасцей - найперш роднай матчынай мовы. Ваша пяшчота і любоў выхавалі многія пакаленні беларусаў у любові і павазе да сваёй бацькоўскай спадчыны праз спевы калыханкі, чытанне беларускіх кніжак, аповеды пра жыццё прадзедаў. Многія з вас і сёння незалежна ад узросту ахвяруюць свой талент і вольны час для працы з моладдзю, выхоўваючы патрэбу ў роднай беларускай мове.

Мы ўдзячныя вам за вашу пазіцыю і ўзаемападтрымку і жадаем здароўя, моцы, аптымізму, веры і непагаснай надзеі на тое, што роднае слова выведзе наш беларускі народ да нацыянальнага яднання, дабрабыту і дзяржаўнага росквіту.

Сакратарыят ТБМ.


1-шы Лідскі міжнародны ультрамарафон

2-4 сакавіка ў Лідзе праходзіў двухсуткавы ультрамарафон пад назваю "Самапераадоленне". Удзельнікі забегу стартавалі ў трох дыстанцыях - на 12, 24 і 48 гадзін. Пры чым, менавіта ў забегу на двое сутак зарэгістравался найбольшая колькасць удзельнікаў. Нягледзячы на мароз і снежную завею, на старт выйшлі каля двух дзясяткаў атлетаў з Беларусі, Украіны, Расеі і Малдовы. Заяўлены атлет з Польшчы не стартаваў.

Ідэя правядзення першага ў Беларусі ультрамарафону належыць старшыші Лідскай арганізацыі ТБМ Лявону Анацку. Лідскія арганізацыі ТБМ, у першую чаргу Ёдкаўская суполка, падтрымлівалі арганізатараў, сярод якіх дзяржаўныя і недзяржаўныя структуры.

(Падрабязны рэпартаж гл. у наст. нумары.)


130 гадоў з дня нараджэння Яфіма Бялевіча

Яфім БЯЛЕВІЧ (27 лютага 1888, Менск - 13 снежня 1942, Магадан) - дзеяч беларускага нацыянальнага руху.

Вучыўся ў Менскай гімназіі, з якой за ўдзел у вучнёўскіх беспарадках у 1907 г. выключаны і арыштаваны. Хутка вызвалены. Скончыў гімназію экстэрнам. Паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта, скончыў у 1912 годзе.

Падчас Першай сусветнай вайны на фронце - прапаршчык, штабс-капітан. Ад вайскоўцаў-беларусаў абраны дэлегатам на Першы Усебеларускі кангрэс, член яго прэзідыума. Да ліпеня 1918 г. займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце - першым урадзе БНР. Як нязгодны з яго палітыкай, выйшаў у адстаўку.

Пасля - дыпламатычны прадстаўнік ураду БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне. У 1919 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі, але здолеў уцячы з-пад варты.

У 1918 - 1919 сябар Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 г. сябар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з якой у жніўні 1920 выйшаў з-за адмовы лідараў падпісаць Дэкларацыю пра абвяшчэнне незалежнасці БССР ад 31 ліпеня 1920.

У 1920 - 1922 гг. служыў у Гомелі ў чыгуначных частках Чырвонай Арміі. 1 кастрычніка 1920 г. арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па падазрэнні ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці; вызвалены праз 6 месяцаў. У чэрвені 1924 г. удзельнічаў у ліквідацыйным з'ездзе БПС-Р.

Перайшоў на фінансавую работу, у 1925 - 1930 гг. упаўнаважаны Наркамфіну БССР, з 1931 г. у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны 19 сакавіка 1932 г. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Свірскі канцлагер НКВД Ленінградскай вобласці. У зняволенні 27 снежня 1936 г. узяты пад варту. 8 лютага 1937 г. Ленінградскім абласным судом асуджаны да 5 гадоў зняволення і 5 гадоў пазбаўлення правоў.

Загінуў у Магаданскім канцлагеры. Па першым прыгаворы рэабілітаваны прэзідыумам Менскага абласнога суда 16 лістапада 1963 г., па другім - пракуратурай Расейскай Федэрацыі 16 снежня 1992 г.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарняўскага

Міхась ЧАРНЯЎСКІ (7 сакавіка 1938, в. Круці Мядзельскага раёна Менскай вобласці, БССР - 20 студзеня 2013, Менск, Беларусь) - беларускі археолаг, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1971).

У 1960 г. скончыў Менскі педагагічны інстытут, пасля - аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1966-2001 гадах працаваў у Інстытуце гісторыі, у 1990-2001 загадваў аддзелам археалогіі каменнага і бронзавага вякоў.

Разам з Уладзімірам Караткевічам, Зянонам Пазьняком быў удзельнікам клуба вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі "Акадэмічны асяродак", разгромленага ў 1973-74. Быў звольнены з працы, зазнаў пераслед.

У 1988-1989 стаўся адным з заснавальнікаў БНФ "Адраджэнне". Пазней уваходзіў у сацыял-дэмакратычную партыю "Грамада". У 2001 годзе ўвайшоў у аргкамітэт грамадскага аб'яднання "Ветэраны Адраджэньня".

З 2007 г. - дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ.

Вобласць навуковых інтарэсаў - матэрыяльная і духоўная культура плямёнаў каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Беларусі. Вывучаў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясьцінах Беларусі.

Аўтар дзвюх навуковых манаграфіяў, шэрагу навукова-папулярных і публіцыстычных кніг, больш як 170 навуковых і 260 энцыклапедычных артыкулаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы "Гісторыі беларускага мастацтва", "Археалогіі Беларусі" і "Гісторыі Беларусі" ў 6 тамах. Кансультаваў энцыклапедыю "Археалогія і нумізматыка Беларусі" і інш. энцыкл. выданні.

Вікіпедыя.


Віцебск адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы

"І гэта патрэбная ўмова,

Каб свет заставаўся белым -

Няхай беларуская мова

Сябе пачувае смела!"

Яўген Гучок.

21 лютага ў Віцебску, як і па ўсёй краіне, урачыста адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. У якасці асноўных можна вылучыць дзве пляцоўкі: ВДУ імя Машэрава, дакладней, філалагічны факультэт і абласную бібліятэку. Пільныя тэлегледачы маглі ўжо раніцай пабачыць на тэлеканале АНТ невялікі рэпартаж з філфака, дзе ішла падрыхтоўка да пастаноўкі п'есы паводле камедыі Янкі Купалы "Паўлінка". Што цікава: у якасці выканаўцаў былі задзейнічаныя і студэнты з Туркменістана, якія навучаюцца на філалагічным факультэце. Гэтая крэатыўная ідэя належала дэкану факультэта прафесару Сяргею Нікалаенку і была бліскуча ўвасобленая студэнтамі!

А яшчэ з самай раніцы 21 лютага ўсіх - і студэнтаў, і выкладчыкаў - віталі і віншавалі на кожным паверсе галоўнага корпуса ўніверсітэта са святам роднай мовы апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі студэнты. Былі тут і старажытныя беларускія рыцары, і славутыя мастакі і нават сам Францыск Скарына, надзвычай удала ўвасоблены студэнтам-філолагам з такім жа старажытным імем Міраслаў.

У межах святкавання Дня роднай мовы адбылася сустрэча студэнтаў філалагічнага факультэта з актывістамі абласной рады ТБМ. Старшыня рады Юрась Бабіч пазнаёміў прысутных з гісторыяй арганізацыі, асноўнымі напрамкамі працы, акцыямі і праектамі, накіраванымі на пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. Сябра рады Вольга Сянькова распавяла пра дзейнасць моладзевага клуба "Размаўляйка", створанага пры Цэнтры славянскіх моў і культур, і запрасіла ўсіх ахвотных прыходзіць і ўдасканальваць у дружалюбнай, нязмушанай атмасферы свае навыкі ў беларускамоўнай камунікацыі.

Загадчык літаратурна-драматычнай часткі Коласаўскага тэатра Алесь Замкоўскі падзяліўся з прысутнымі некаторымі моўнымі сакрэтамі ў падрыхтоўцы спектакляў, распавёў пра свой шлях да беларускасці.

Студэнты таксама з цікавасцю прагледзелі невялікі фрагмент з відэафільма пра традыцыйныя Літаратурныя чытанні ў Бычках, якія ладзяцца віцебскімі тэбээмаўцамі.

А ўвечары ў абласной бібліятэцы ва ўрачыстай атмасферы сабраліся на Агульнанацыянальную дыктоўку. На самым пачатку гурт "Вясёлка" (педагагічны факультэт ВДУ імя П.М. Машэрава) задаў танцавальны настрой на ўсю сустрэчу. Гледачы з усмешкай падпявалі, а некаторыя і падтанцоўвалі.

На імпрэзу прыйшлі цікавыя людзі, якія прыцягвалі ўвагу сваімі гісторыямі. Напрыклад, Алесь Замкоўскі, загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, сказаў добрыя словы: "Давайце разам з бібліятэкай, тэатрамі, ТБМ, універсітэтамі ісці да яе, да мовы". Сапраўды ёсць над чым паразважаць, ёсць да чаго імкнуцца.

Па добрай традыцыі на сустрэчу завіталі літаратары нашага краю. Сярод старэйшых прадстаўнікоў гэтай плыні быў пастаянны госць - Уладзімір Папковіч. Паэт зачытаў свае вершы, якія краналі сваёй шчырасцю і любоўю да роднай мовы. Літаратурную частку працягвалі маладыя паэты, якія яшчэ толькі пачынаюць свой шлях: Ірына Радзіхоўская і Марк Цыганкоў з'яўляюцца студэнтамі ВДУ імя П.М. Машэрава. Ірына мае свой уласны зборнік вершаў "Ідолта". Студэнты зачыталі свае выбраныя творы і павіншавалі ўсіх са святам.

Зоркамі мерапрыемства сталі госці з Заронава. Загадчыца мясцовага музея Людміла Нікіціна прывезла з сабой экспазіцыю "Музей у чамадане". Маленькія дзяўчаткі-экскурсаводы - Аляксандра Раманькова і Лізавета Семенчукова - у вершаванай форме прадставілі кожную залу свайго музея.

Мікіта Шыбека расказаў гісторыю свайго роду. Дарэчы, у Заронаўскім музеі сабраная шмат звестак пра жыхароў вёскі. Дзеці з цікавасцю складаюць свой радавод і вывучаюць гісторыю сям'і. А яшчэ хлопчык паказаў некалькі экспанатаў, прывезеных з музея, пра прызначэнне некаторых гледачы нават не здагадваліся. Таму, я лічу, варта наведаць музей, каб адкрыць для сябе штосьці новае.

Тэатральным майстэрствам вылучыўся маленькі Аляксандр Дзмітрыеў. Хлопчык зачытаў напамяць усю "Баладу аб чатырох заложніках" Аркадзя Куляшова. Талент маленькага акцёра крануў сэрцы ўсіх прысутных, многія не змаглі стрымаць слёз. І гэта не дзіўна, бо Саша змог перадаць увесь настрой твора, выступіў нібы артыст, у якога за плячыма ўсё тэатральнае жыццё.

Людміла Нікіціна, якая з'яўляецца загадчыцай краязнаўчага музея Заронава, расказала аб яго стварэнні і працы:

- Наш музей працуе ўжо 32 гады. Праз яго прайшло не адно пакаленне заронаўскіх дзетак. Вось цяпер я прывезла дзяцей маіх былых экскурсаводаў. Я пачынала з іх бацькамі працаваць. Дзеткі дужа задаволеныя, таму што мы не толькі праводзім экскурсіі, але і займаемся творчай дзейнасцю. Наш Мікіта, напрыклад, заняў першае месца ў краіне на конкурсе экскурсаводаў. Ганарымся ім! Гэта не ўсе мае экскурсаводы, дзетак займаеца шмат! На дадзены момант рыхтуемся да пяці конкурсаў, самі пачалі шыць касцюмы. Нядаўна вырашылі працаваць з дзеткамі, якія ходзяць у дзіцячы садок. Да нас цягнуцца ўсе!

Напрыканцы гутаркі Людміла Канстанцінаўна пажадала моладзі:

- Як бы ні было, дзе б ты ні быў, куды б цябе ні занесла жыццёвая хваля, заўсёды думай пра тое, адкуль ты прыйшоў у гэты свет, дзе твае карані! Моладзь павінна вяртацца да гэтага, галоўнае - не спазніцца.

Пасля ўрачыстай і цікавай канцэртнай праграмы, па традыцыі ўсе ахвотныя пісалі дыктоўку. У гэтым годзе шэрагі аматараў беларускай мовы значна пашырыліся, удзельнікаў дыктоўкі было істотна больш, чым у мінулым годзе.

На гэты раз прапанавалі ўрывак з тэксту Янкі Скрыгана "Вясновая раніца". Дыктаваў яго старшыня абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч. Па выніках дыктоўкі было выяўлена, што большасць удзельнікаў напісала на выдатна, без памылак! А гэта дужа радуе і сведчыць пра тое, што наша мова прыцягвае да сябе ўвагу людзей розных прафесій.

Трэба размаўляць на матчынай мове, думаць на ёй, берагчы ў сэрцы, каб яна жыла вечна! Толькі пры такой умове будзе існаваць народ!

Крысціна Дайлідзёнак, студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава, сябра ТБМ.


Не стала Валянціны Лемцюговай

3 сакавіка 2018 г. адышла ў лепшы свет вядомы навуковец, доктар філалагічных навук Валянціна Пятроўна Лемцюгова. Яна была актыўным сябрам ТБМ, сапраўднай беларускай патрыёткай. Свой шматгранны навуковы талент Валянціна Пятроўна рэалізоўвала ў многіх накірунках: даследаванні ў галіне тапаніміі, анамастыкі, лексікалогіі. Яна - аўтар першага і пакуль адзінага Украінска-беларускага слоўніка.

Валянціна Пятроўна Лемцюгова ініцыявала распрацоўку і выданне ўнікальнага "Слоўніка мовы "Нашай Нівы" (1906-1915 гг). Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваення назваў геаграфічным аб'ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку, а таксама на іншыя мовы. Дзякуючы яе руплівай працы быў выдадзены нарматыўны Даведнік назваў населеных пунктаў па шасці абласцях. Нават такі кароткі пералік сведчыць пра тое, што свае навуковыя намаганні Валянціна Пятроўна накіроўвала на актуальныя для Беларусі даследаванні. Мы, сябры Таварыства беларускай мовы, смуткуем з прычыны смерці Валянціны Пятроўны Лемцюговай і выказваем шчырыя словы спачування родным і блізкім. Яе імя назаўсёды застанецца ў нашай гісторыі.

Старшыня ТБМ Алена Анісім.


Агульнанацыянальная дыктоўка ў Глыбоцкай ЦРБ

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы. Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. I не саромейся недасканалай гаворкі. Мова - жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на "трасянцы", а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А для пачатку дастаткова зусім мала - проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

Супрацоўнікі Глыбоцкай цэнтральная раённай бібліятэкі вырашылі адзначыць Дзень роднай мовы, далучыўшыся да напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якую Беларусь піша ўжо ў 11-ы раз.

Сёлета дыктоўку вырашана было прысвяціць 80-годдзю з дня заснавання Віцебскай вобласці.

Прыемна, што напісаць дыктоўку пажадалі глыбачане самых розных прафесій і ўзросту.

Сайт Глыбоцкай ЦРБ.


У лідскіх установах адукацыі 11-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі звыш 5 000 чалавек

Вяртанне да вытокаў: з любоўю да роднай мовы

Да дня роднай мовы ў Лідскім каледжы ГрДУ імя Я. Купалы быў прымеркаваны тыдзень цыклавой камісіі філалагічных дысцыплін.

Распачаўся тыдзень відэапрэзентацыяй цыклавой камісіі, фотавернісажам "Мой родны кут", арганізаваным у педагагічным корпусе каледжа, і літаратурна-музычнай кампазіцыяй "Шануйце роднае слова", якую падрыхтавалі навучэнцы 1 курса гуманітарнага аддзялення.

Другі дзень азначыўся экскурсіяй навучэнцаў групы 72 ДА ў Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына", а таксама сустрэчай першакурснікаў з цікавай творчай асобай Лідчыны - бардам Сяржуком Чарняком "Спявайма разам па-беларуску". А вось бадай самай масавай і папулярнай падчас тыдня цыклавой камісіі стала акцыя "Гавары са мной па-беларуску" і ўсеагульная дыктоўка на роднай мове, якую пісалі і навучэнцы, і выкладчыкі каледжа, усяго 32 чалавекі.

Шэраг мерапрыемстваў не пакінуў без удзелу навучэнцаў усіх аддзяленняў - гэта літаратурная віктарына і літаратурны конкурс "Натхненне", у якім навучэнцы і выкладчыкі дзяліліся сваімі спробамі пяра, экскурсіі ў Цэнтральную раённую бібліятэку імя Я. Купалы і ў літаратурны аддзел гістарычна-мастацкага музея - дом, дзе жыў, працаваў паэт Валянцін Таўлай, куратарскія гадзіны на тэму "Лідчына слаўная мая", а таксама кулінарны конкурс традыцыйных беларускіх страў.

Тыдзень цыклавой камісіі філалагічных дысцылін пакінуў шмат прыемных уражанняў, менавіта дзякуючы далучэнню навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа да роднага слова, літаратуры, культуры, вяртання да сваіх вытокаў.

Аліна Яхантава, навучэнка гр. 96 па, 2 курса Лідскага каледжа.


Шэраг мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы прайшоў у Лідскім музычным каледжы. Менавіта ў асноўным сіламі каледжа быў дадзены канцэрт у малой зале Палаца культуры 21 лютага.

Не прайшоў каледж і міма Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Сёлета дыктоўку тут пісалі 34 чалавекі.


У Лідскім раёне 11-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі: школы, гімназіі, ліцэй. Пісалі дыктоўку ў 17 населеных пунктах.

У цэлым у дыктоўцы ўзялі ўдзел 4957 вучняў, што на 51 чалавека менш, чым летась, але сёлета 21 лютага прыпала на перыяд успышкі захворванняў, таму можна лічыць, што ўзровень актыўнасці захаваўся. Хаця па школах прайшло пэўнае пераразмеркаванне.

Напэўна, найбольш актыўны ўдзел у дыктоўцы з лідскіх гарадскіх школ узялі вучні 1-й школы. Тут дыктоўку пісалі 464 чалавекі. Прытым, што школа адносна невялікая, гэта найлепшы паказчык.

Аддзел адукацыі рэкамендаваў школам пісаць дыктоўку, пачынаючы з 2-га класа, але ў некаторых вясковых школах па адным сказе пісалі і самыя малыя.

У школах наогул праводзіўся не Дзень, а Тыдзень беларускай мовы і літаратуры "З любоўю да роднага слова". Кожны дзень вылучаўся сваёй тэматыкай і дэвізам ("Мова родная, пявучая, звонкая…", "Нам засталася спадчына…", "Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску" і нш.). У першы дзень, які прайшоў пад дэвізам "Роднаму слову прызнанне ў каханні", вучні мелі магчымасць прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе "Буслік-2018" і школьнай акцыі "Далучы сваю далонь", пазнаёміцца з кніжнымі выставамі ў школьнай бібліятэцы "Мілагучнае, звонкае роднае слова ", "Час чытаць на роднай мове", а тасама пагартаць (а можа, і з захапленнем прачытаць!) беларускую кнігу, дзякуючы школьнаму буккросінгу "Дакраніся да роднага слова". Прадугледжваліся афармленні беларускамоўных старонак школьных сайтаў, праводзіліся сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, вучні школ удзельнічалі ў мерапрыемствах да Дня роднай мовы, якія праводзілі іншыя ўстановы раёна, напрыклад, бібліятэкі.

Наш кар. На здымках: дыктоўкі ў СШ №17 г. Ліды.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папяр. нум.)

1311. Целянчук (Іна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Цялёнак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Целянч(к/ч)ук. ФП: цялёнак (рус. телёнок 'цяля', рэг. дыял. цялёнак 'тс.') - Цялёнак (мянушка) - Цялёнак (прозвішча) - Целянчук.

1312. Цецяратнікава (Таццяна) - вытвор з фармантам -ава ад антарпоніма Цецяратнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цецяратнік-ава. ФП: цецяратнік ('гадавальнік цецярат', а таксама 'асоба, якая тут працуе') - Цецяратнік (мянушка, потым прозвішча) - Цецяратнікава.

1313. Цімошык (Алег) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Цімох і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цімош(х/ш)ык. ФП: Цімафей (імя, з мовы грэкаў: time 'гонар, павага' і theos 'Бог' = 'які ўслаўляе Бога') - Цімох (з 1651 г. імя) - Цімох (прозвішча) - Цімошык. Як і Лукашык.

1314. Цітарчук (Марыя) - вытвор з суфіксам -чук ад апелятыва Ціторка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цітар(к)чук. ФП: Ціт (імя, лац. 'клапаціцца, абараняць') - Ціток, Ціторка (народныя формы) - Ціторка (мянушка, потым прозвішча) - Цітарчук. Або ад Чытарчук з зменай ч-ц, параўн. на Зэльвеншчыне: цярэшня - чарэшня.

1315. Ціткоўскі (Ігар) - вытвор з фармантам -оўскі/-скі ад тапоніма Ціткі / Цітаўка і значэннем 'жыхар названай мясцовасці': Ціткі / Цітаў(к)скі. ФП: Ціт (імя <лац. tueor 'клапаціцца, абараняць') - Цітко / Ціток (памянш. форма, фармант -ко/-ок) - Цітко (мянушка, потым прозвішча) - Ціткі / Цітаўка (паселішча з прозвішчамі Ціток, Цітка, Цітко) - Ціткоўскі.

1316. Цітовіч (Генадзь) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Ціт і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цітовіч. ФП: Ціт (імя <лац. 'абарона') - Цітавіч (бацькайменне) - Цітовіч.

1317. Ціхановіч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Ціхан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ціхановіч: ФП: Ціхан (імя, з мовы грэкаў 'удача, поспех') - Ціханавіч (бацькайменне) - Ціхановіч.

1318. Ціхіня (Грыгорый) - семантычны вытвор ад празвання Ціхіня, якое ад укр. Тихін 'Ціхан'. Гл. Цэхановіч.

1319. Цішчанка (Яўген) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Цішка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цішч(к/ч)анка. ФП: Ціхан (імя <грэч. 'удача, поспех') - Цішка (народна-гутарк. форма) - Цішка (мянушка, потым прозвішча) - Цішчанка.

1320. Цупранава (Кася) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Цупран і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Цупранава. ФП: Купрыян (імя, з мовы грэкаў 'жыхар Кіпра') - Цупран (гут. форма) - Цупран (прозвішча) - Цупранава.

1321. Цупрыян (Базылік) - варыянт імя Купрыян (грэч. Kyprianos < kyprios 'кіпрскі, жыхар Кіпра'), засведчаны пісьмова 1693 г., набыў ролю прозвішча.

1322. Цуркін (Яўген) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Цурка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цуркін. ФП: цурка ('палачка, шчэпка, трэска') - Цурка (мянушка, потым прозвішча) - Цуркін. Або ад (рэг.) цурка 'дачка' (польск. curka 'дачка').

1323. Цывілька (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва цывілька 'неваенны чалавек' (лац. civilius 'грамадзянскі').

1324. Цыганкова (Ларыса) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Цыганок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цыганкова. ФП: цыган (мн. цыганы 'народ індыйскага паходжання, які жыве пераважна качавымі і паўкачавымі этнічнымі групамі ў розных краінах свету') - цыганок (памянш. ад цыган 'дзіця цыганоў') - Цыганок (мянушка, потым прозвішча) - Цыганкова.

1325. Цылінская (Наталля) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Цыліна і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': (прозвішча) Цылінская. ФП: Цыліна (імя <лац. coelum 'неба') - Цыліна (мясцовасць, паселішча з прозвішчамі Цыліна) - Цылінская.

1326. Цыцка (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва цыцка 'грудзі жанчыны', 'сасок (сысок) у млекакорных'.

1327. Цэдрык (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Цэдра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цэдрык. ФП: цэдра ('вонкавы каляровы слой скуры ў пладоў цытрусавых (лімонаў, апельсінаў і пад.)', 'высушаная апельсінавая або лімонная скурка, якая ўжываецца як вострая прыправа') - Цэдра (мянушка, потым прозвішча) - Цэдрык.

1328. Цэхановіч (Мікіта) - другасная форма, першасная Ціхановіч - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Ціхан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ціхановіч. ФП: Ціхан (імя, з мовы грэкаў tychon 'удача', 'поспех') - Ціхан (празванне, потым прозвішча) - Ціхановіч.

1329. Цялежнікаў (Уладзімір) вытвор з фармантам -аў ад антрапоніма Цялежнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цялежнікаў. ФП: цялежнік (рус. тележник 'той, хто робіць вазы, павозкі' (Даль)) - Цялежнік (мянушка, потым прозвішча) - Цялежнікаў.

1330. Цярэшчанка (Аляксандр) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Цярэшка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цярэшч(ч/к)анка. ФП: Цярэнцій (імя, лац. 'церці, расціраць, малаціць') - Цярэшка (гут. форма) - Цярэшка (прозвішча) - Цярэшчанка.

1331. Цяслюк (Наталля) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Цесля і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цеслюк - Цяслюк. ФП: цесля ('цясляр') - Цесля (мянушка, потым прозвішча) - Цяслюк. Або ад цясла ('цяслярская прылада') - Цясла (мянушка, потым прозвішча) - Цяслюк.

1332. Чабаненка (Ігнат) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Чабан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чабаненка. ФП: чабан ('пастух авечых статкаў') - Чабан (мянушка, потым прозвішча) - Чабаненка.

1333. Чабатар (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва чабатар 'шавец', (утварэнне: чобаты ('боты')+ ар): Чабатар.

(Працяг у наст. нумары.)


Глыбінёю сэрца і думкі

У межах святкавання Дня роднай мовы землякі ўшанавалі імя паэта і верніка, няўтомнага папулярызатара беларускамоўнай Бібліі, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Івана Івашкі. Месцам сустрэчы стала Вішнявецкая бібліятэка, дзе размясцілася адмысловая фотавыстава, прысвечаная яго памяці. На маляўнічых плакатах-кампазіцыях адлюстраваны не толькі эпізоды жыцця Івана Івашкі, але пазначаны яго духоўныя сляды: у кароткіх каментарах чытаем пра вандроўкі па родным краі, сустрэчы з сябрамі і аднадумцамі з чытаннем новых вершаў, клопаты пра свой разгадаваны прысядзібны парк "Явар і каліна" ды абавязкова - пра хвіліны асаблівага ўзвышэння і піетэту, калі ў рукі браў Святое Слова…

Сябра паэта, ініцыятар імпрэзы і вядоўца (ён жа аўтар і памятных фотааркушаў) Валер Дранчук адзначыў ці не галоўную якасць Івана Івашкі: ён быў паслядоўным і адданаахвярным носьбітам беларускасці, мовы Коласа і роднай Стаўпеччыны, сваёй вёскі і яе ваколіц, дзе Мір, Гарадзея, Нясвіж, Мікалаеўшчына…

- Родная мова ў Івана была вельмі чыстая, літаратурная, ні смяцінкі - ці пісаў ён, ці прамаўляў між знаёмых ды незнаёмых. Ён быў тут узорны акуратыст. Гэткі філалагічны выдатнік. Аднак, як майстар і віртуоз роднага слова, Іван мяне ўразіў, калі аднойчы на пагорку прамаўляў малітву за наш мясцовы краявід, яго ацаленне. Гэта была бліскучая імправізацыя!.. Таму адметную ролю паэта я бачу ў папулярызацыі беларускамоўнага Божага слова, разумення яго штодзённай неабходнасці дзеля малітоўнага жыццяладу людзей, - адзначыў В. Дранчук. - І я шчыра захапляўся тым, як Іван год за годам засвойвае Біблію - не толькі энцыклапедычна, але духоўна, глыбінёю сэрца і думкі. У яго ў хаце стаяла адмысловая кафедра, на якой ляжала вечная Кніга. І ён штодня яе чытаў, перачытваў. Паміж старонак я ўбачыў аднойчы, мо, сотню закладак, на якіх дробным почыркам Іван рабіў свае зацемкі, пакідаў увагі, каментары. Часам нараджаліся і вершы, пераважна двух- ці чатырохрадкоўі. Гэтыя ды іншыя практыкі, спадзяюся, з часам знойдуць сваіх даследчыкаў, а цяпер галоўнае - не расцерушыць памяць, сканцэнтравацца на істотным: Іван Івашка не толькі аўтар трох зборнікаў паэзіі, вельмі цікавых і паспяховых, якія выходзілі ў розныя гады, але нераскрыты, нераспазнаны інтэрпрэтатар Святога пісання, аўтар паэтычных малітваў, эсэ, інш. Не выпадкова апошняя кніга, якую ён наважыўся выдаць і, на жаль, не паспеў, так і называецца - "Тэрыторыя веры". Цяпер гэты рукапіс знаходзіцца ў родных паэта, як пераважна і астатняя творчая спадчына, што засталася пасля Івана Івашкі.

Што да фатаграфій, яны былі зроблены ў апошнія дзесяць, дванаццаць гадоў, калі сябры па-суседску сустракаліся на хутары Гавязна.

- Іван заўсёды выглядаў па-вясковаму самабытна, - адзначыў В. Дранчук. - Мне гэта імпанавала ў яго асобе, і я браўся здымаць - у аб'ектыве цудоўна спалучаліся самабытнасць і інтэлект, адухоўленасць і артыстычны парыў. Цяпер фатаграфіі робяць яго жывым і блізкім, а выстава маіх памятных аркушаў будзе час ад часу з'яўляцца ў бібліятэках, школах, у яго роднай хаце…

Суседка паэта Ірына Барысевіч падзялілася не толькі ўспамінамі пра незабыўныя сустрэчы і стасункі, але прыхапіла з сабой сёе-тое з ненадрукаванага, каб пачытаць сябрам і прысутным.

- Мы сябравалі, як кажуць, хатамі. Абменьваліся кнігамі, рэлігійнымі выданнямі. Бывала, без яго дапамогі не маглі справіцца па гаспадарцы, ён ахвотна адгукаўся на першае слова. Любіў бываць у нас, а мы заўсёды радаваліся, калі ён заходзіў у нашу хату, бо з ім было цікава і вельмі душэўна. Мы адчувалі еднасць у нашай любові да беларускай зямлі, да роднага слова, да нашай ціхай затульнай вёскі, да аднавяскоўцаў. І ўсё, што ён напіша ці прачытае, для нас было радасным светлым святам. Апошні час яго запісы ўсё больш напаўняліся багавейлівасцю і ўдзячнасцю, спакоем і раўнавагай, біблейным сэнсам. Стыль іх таксама змяніўся, як і сам наш Янка, - здавалася, ён свяціўся ўсмешкай мудрасці і разумення. Разам з тым заставаўся нязменны ў сваёй ветлівасці і зычлівасці, не браў ніколі чарку і ніколі не брыдкасловіў… Я асабіста глыбока перажываю страту паэта. Няма святла ў вокнах яго хаты насупраць. Але засталіся вершы, добрая памяць. І хутка прыбярэцца ў лістоту, зашуміць ягоны парк.

Сваё слова пра Івана Івашку сказалі таксама Іван Дзявойна (Вязавец), Ала Сяржант (Нясвіж), Аляксей Сачко (Вішнявец), Наталля Плакса (Нясвіж), Раіса Тулейка (Навапольцы). Была выказана прапанова ад імя прысутных звярнуцца да мясцовай улады захаваць парк насупраць паэтавай хаты, агульнымі намаганнямі (з удзелам школы) падтрымліваць тэрыторыю ў належным стане.

Арганізавала памятную імпрэзу Нясвіжская раённая арганізацыя ТБМ сумесна з мясцовай суполкай "Гавязна".

Гэта другое ўшанаванне паэта-земляка. Першае адбылося неўзабаве пасля ягонай смерці (кастрычнік 2017) каля роднай хаты ў вёсцы Вязавец, дзе сябры і аднавяскоўцы чыталі ўлюбёныя радкі, дзяліліся ўспамінамі і планамі па захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны земляка.

Наталля Плакса , старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. На здымках: 1. Іван Івашка, 2010; 2. Верш Івана Івашкі чытае жыхар Вязаўца Іван Канстанцінавіч Дзявойна; 3. Каля імправізаванай фотавыставы: такім ён быў… 4. Падчас імпрэзы


Лідскія арганізацыі БРСМ далучыліся да Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Сёлета да 11-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ўпершыню далучыліся лідскія арганізацыі БРСМ. Пакуль далёка не ўсе, але далучыліся. На момант падрыхтоўкі газеты да друку адрапартавалі сакратары суполак БРСМ Лідскіх электрасетак Уладлена Аўчарова і Лідскага завода харчканцэнтратаў Таццяна Яфрэмава.

На "Харчканцэнтратах" дыктоўку пісалі ІТР у кабінетах і лабараторыях. Пісалі нават у адзіночку, але само мерапрыемства атрымала самы гарачы і станоўчы водгук.

Наш кар. На здымках: дыктоўка на лідскіх "Харчканцэнтратах".


Да Дня роднай мовы

Жывое слова мудрасці духоўнай пачулі вучні СШ №11 г. Ліды падчас сустрэчы з лідскім пісьменнікам Уладзімірам Васько.

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды прайшла сустрэча настаўнікаў і вучняў 5-10 класаў з лідскім пісьменнікам Уладзімірам Гаўрылавічам Васько. З вуснаў паважанага госця дзяўчаты і хлопцы пачулі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка.

Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Гаўрылавіча "Зігзагі лёсу", якая пабачыла свет у 2017 годзе. Бібліятэкар школы Тамара Іосіфаўна Зенюкевіч прачытала вучням павучальныя і прыгожыя вершы пісьменніка, звярнуўшы ўвагу на тое, што піша Уладзімір Васько на самыя розныя актуальныя тэмы.

Шэраг пытанняў задалі ў сваю чаргу вучні паважанаму госцю і пачулі на іх адказы аўтара не аднаго зборніка вершаў і апавяданняў. Усе ахвотныя змаглі ў гэты дзень набыць кнігу Уладзіміра Гаўрылавіча Васько "Зігзагі лёсу" і атрымаць уласны подпіс аўтара і шчырае пажаданне.

Наталля Анашкевіч, педагог СШ № 11 г. Ліды.


"Шэпт пажоўклых старонак" Леаніда Лаўрэша

28 лютага ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі прайшла презентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Шэпт пажоўклых старонак". Чарговае выданне лідскага пісьменніка, краязнаўца і даследчыка змяшчае каля 500 старонак вялікага фармату. Гэта артыкулы, зацемкі, карэспандэнцыі, рэпартажы і фотаздымкі з інфармацыяй пра Лідчыну ці з Лідчыны, якія друкаваліся ў расейскіх, польскіх і беларускіх газетах і часопісах ад 1900-га да 1939-га года. Па словах аўтара, каб сабраць матэр'ял для гэтай кнігі яму прыйшлося на працягу пяці гадоў перагледзець некалькі дзясяткаў тысяч выданняў тых часоў.

- Ёсць такія кнігі, якія я зрабіў, таму што павінен быў зрабіць. Гэта адна з іх. Тэма Заходняй Беларусі, менавіты тых гадоў, пра якія гэта кніга, яна была мне цікавая з дзяцінства, ад бацькоў, ад дзядоў, таму я хацеў гэтую кнігу зрабіць. Шмат гадоў працавалася, было каля 30 тысяч газет прачытана. Архівы, мемуары, была праведзена каласальная праца. Я спадзяюся, што атрымалася. Для мяне, як для аўтара, гэтая кніга вельмі істотная.

Кніга Лявона Лаўрэша "Шэпт пажоўклых старонак" выйшла ў серыі Biblioteka "Ziemi Lidzkiej" і пры падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні. (Выдавецтва "ЮрСаПрынт", Гародня, наклад 70 ас.).

На мерапрыемства быў запрошаны Консул Генеральнага консульства Польшчы ў Гародні Яраслаў Ксёнжак, які выказаў свае ўражанні пра выданне Л. Лаўрэша і прапанаваў Лідскаму музею далейшае супрацоўніцтва.

На прэзентацыі вядома ж прысутнічаў шэф Bibliotekі "Ziemi Lidzkiej", рэдактар адноўленай у 90-я гады газеты "Ziemiа Lidzkа" Аляксандр Колышка.

На імпрэзу прыйшлі жыхары і госці горада, прадстаўнікі гарадскіх уладаў, супрацоўнікі бібліятэкі і музея, краязнаўцы. Падарункам для наведвальнікаў стаў канцэрт народнага ансамбля польскай песні "Крэсовяцы".

У хуткім часе выданне з'явіцца ў вольным доступе на сайтах pawet.net і kamunikat.org.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя. На здымках: слова маюць консул Яраслаў Ксёнжак і аўтар Ленід Лаўрэш..


Памёр археолаг Георгі Штыхаў

Беларускі археолаг, доктар гістарычных навук Георгі Штыхаў памёр 2 сакавіка ва ўзросце 90 гадоў.

Георгі Штыхаў - адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх археолагаў. Ягоныя манаграфіі "Старажытны Полацак" і "Гарады Полацкай зямлі" сталі класікай беларускай археалогіі. Штыхаў займаўся вывучэннем курганных могільнікаў паўночнай і цэнтральнай Беларусі ў раннім сярэднявеччы, кіраваў археалагічнымі экспедыцыямі ў Полацку, Віцебску, Заслаўі, Барысаве, Лукам'і, Лагойску, Копысі. Штыхаў быў першым, хто ў савецкі час прапанаваў весьці адлік гісторыі Беларусі ад Полацкага княства.

Па ягоных падручніках пачынала вучыцца сучасная Беларусь. Быў аўтарам многіх падручнікаў гісторыі Беларусі, якія выходзілі ўжо ў 90-я гады. Ён па-новаму асэнсоўваў гісторыю Беларусі, ужо з пазіцый нашага, беларускага бачання, з пазіцый айчыннай гісторыі. Быў кіраўніком многіх дысертацый і актыўна падтрымліваў моладзь.

Георгі Штыхаў нарадзіўся 14 ліпеня 1927 года ў вёсцы Старая Беліца каля Гомеля. У 1956 годзе Штыхаў скончыў гістарычны факультэт БДУ, у 1993 годзе ўзначаліў аддзел археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У 1991 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Гэта быў чалавек, які ўзначальваў першыя рухі за аднаўленне памяці загінулых рэпрэсаваных. Прафесар Штыхаў быў першым прэзідэнтам Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (1992-1994), а таксама адным з заснавальнікаў дабрачыннага фонду "Памяць ахвяраў сталінізму ў Беларусі". Быў актыўным сябрам ТБМ.

Вечная памяць.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Сябры кінаклуба - 15 р., г. Менск

2. Свярдлоў Аляксандр - 10 р., г. Менск

3. Супіталёў Андрэй - 5 р., г. Менск

4. Саротнік А. - 20 р., г. Менск

5. Клецкі К. - 10 р., г. Менск

6. Зенька Вадзім - 50 р., г. Менск

7. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

8. Птушка С. - 5 р., в. Хільчыцы

9. Рамановіч Раман - 10 р., г. Менск

10. Бабіч Юры - 60 р., г. Віцебск

11. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск

12. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск

13. Дараховіч Андрэй - 5 р., г. Менск

14. Вяргей Валянціна - 25 р., г. Менск

15. Шкуран А.Б. - 7 р., г. Менск

16. Казлоўская Іна - 5 р., г. Менск

17. Савельеў Зміцер - 20 р., г. Менск

18. Спадаровіч Віктар - 5 р., г. Лагойск

19. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск

20. Саўко Міхаіл - 20 р., г. Барысаў

21. Сінажэнскі Мікалай - 15 р., г. Менск

22. Фурс Антон - 10 р., г. Паставы

23. Яніцкая Мая - 10 р., г. Менск

24. Бубен Кастусь - 5 р., г. Менск

25. Жыдаль - 10 р., г. Менск

26. Плакса Уладзімір - 5 р., г. Менск

27. Кукавенка Іван - 20 р., г. Менск

28. Ляўшун Дзяніс - 14 р., г. Менск

29. Барт-Юрэвіч Надзея - 200 еўра, Германія

30. Вяргейчык - 10 р., г. Барысаў

31. Мануленка Барыс - 5 р., г. Менск

32. Анікееў - 15 р., г. Менск

33. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск

34. Чачотка Анатоль - 5 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Да 85-годдзя Міколы Грышана

24 лютага ў Дзятлаўскім краязнаўчым музеі адбылася творчая сустрэча, прысвечаная 85-годдзю мясцовава паэта Мікалая Паўлавіча Грышана.

Мікалай Паўлавіч Грышан пісаў вершы і прозу, а таксама ўсё жыццё размаўляў на роднай беларускай мове. У музеі знаходзіцца зборнік яго вершаў "Вернасць". Паэт родам з Баранавіцкага раёна, але на Дзятлаўшчыне, дзе ён працаваў настаўнікам, прайшла большая частка яго жыцця.

На сустрэчы прысутнічалі госці з Гародні - прафесар А. Пяткевіч, В. Дубатоўка, старшыня абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Ю. Голуб, а таксама ўдзельнікі літаратурнага аб'яднання "Пралеска", членам якога быў і Мікола Паўлавіч. Успамінамі пра паэта падзяліліся Георгій Шундрык, Вера Хрышчановіч, Леанарда Юргілевіч, Валерый Петрыкевіч, а таксама былыя вучні Мікалая Паўлавіча. На сустрэчы гучалі таксама вершы паэта, песні на беларускай мове.

Валерый Петрыкевіч, Дзятлава.


У Дзятлаве пісалі дыктоўку па творах Адамчыка і Янкоўскага

Тры беларускія дыктоўкі былі напісаны ў Дзятлаве на мінулым тыдні. Дыктоўкі пісаліся ў СШ № 1 і СШ № 3, а таксама ў Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі. У школах дыктоўкі пісалі вучні па творах беларускага пісьменніка Фёдара Янкоўскага, а ў музеі - па апавяданні земляка Вячаслава Адамчыка. Пасля напісання дыктовак былі вызначаны пераможцы. Без памылак дыктоўкі напісалі школьнікі Наталля Крывулька, Ангеліна Сяменік, Кацярына Залеўская - усе СШ № 1, а таксама Мікіта Кучынскі, Дзяніс Палховіч і Марэк Дзям'янчык з СШ № 3. Гэтыя вучні атрымалі падарункі ад Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія ўручыў Валянцін Дубатоўка. Сярод дарослых добра беларускія дыктоўкі напісалі дзятлаўчане Кацярына Сарока, Валерый Петрыкевіч, Наталля Ляўкевіч і Лідзія Нічыпар. Напісанне дыктовак жыхары Дзятлава прысвяцілі не толькі Міжнароднаму дню роднай мовы, але і ўсім тым, хто любіць і беражэ родную мову, а таксама сваёй маленькай радзіме. Для дарослых дыктоўку чытала кіраўнік Дзятлаўскай суполкі ТБМ Алена Абрамчык.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава. Фота аўтара.


Слонімцы пісалі дыктоўку і гутарылі пра юбілей БНР

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл 21 лютага адзначылі Міжнародны Дзень роднай мовы. У гэты дзень некалькі чалавек напісалі дыктоўку па кнізе Алеся Краўцэвіча "Альгерд". Дыктоўку чытаў сябра БХД Іван Бедка. Пасля дыктоўкі сябры згуртавання абмеркавалі свой план святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі на Слонімшчыне. Найперш, слонімцы ў сакавіку ўшануюць памяць пра сваіх знакамітых землякоў, правядуць шэраг творчых сустрэч і прэзентацый.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.


Верны мастацка-дакументальнаму метаду даследавання

Васіль Якавенка ўзышоў на вышыню спасціжэння лёсу народа, яго мінулага і будучыні, усведамлення месца беларускай культуры ў Еўрапейскай прасторы, дасягнуў важных сацыяльна-філасофскіх абагульненняў. Яго новы раман "Абярэг" напісаны энергічна, сакавіта, нібыта яго ствараў 45-гадовы чалавек, поўны імкнення ўвасобіць неардынарных герояў мінулага і сучаснасці ў адным палатне апавядання.

Ужо на першых старонках з'яўляецца вобраз-сімвал Дрэва Нацыі, вячыстага вечна-зялёнага дрэва, якое ўзнялося на творах мастацкай літаратуры. У ім сабрана ўсё, што літаратары стварылі вартага пра народ, ягоную гісторыю і культуру. Яно ўвасабляе нацыянальны эпас, а сваімі каранямі сягае ў папярэднія стагоддзі. Самыя моцныя галіны Дрэва Нацыі перапляліся ў адмысловым сімвале, які нашы бабулі вышывалі як абярэг і называлі бесканешнікам, - сімвале сакральнага шляху, бясконцасці, вечнасці.

Магчыма, што падобны вобраз пісьменнік заўважыў у велічным 10-метровым мастацкім пано, якое ўпрыгожвае Нацыянальную бібліятэку. Сюды ён прыходзіў, каб падзяліцца сваімі кнігамі за два дні да свайго адыходу ў апошні шлях…

У рамане пісьменнік застаўся верным свайму мастацка-дакументальнаму метаду адлюстравання рэчаіснасці.Твор складаецца з дзвюх частак: " На хвалі распаду" і " Новы свет". У канву аповеду ён уплятае гісторыі рэальных герояў, з якімі яму даводзілася сустракацца падчас журналісцкіх камандзіровак і расследаванняў - людзей самабытных, незвычайных: Міхаіла Сцяпанавіча Дзяркача, Паўла Букі інш. Асобныя старонкі рамана В. Якавенка прысвячае акадэміку Гаўрыле Іванавічу Гарэцкаму, адначасова шкадуючы, што ў мастацкай прозе няма такога магутнага вобразу, "светлага, ёмістага, багатага на розныя фарбы і адценні і настолькі пасіянарнага".

Ён праводзіць свайго героя Лявона Кавяровіча, якому надае аўтабіяграфічныя рысы, праз выпрабаванне сучаснымі падзеямі: выбухам у менскім метро. Празаік Лявон Кавяровіч, апынуўшыся на бальнічным ложку, узгадвае перапетыі літаратурнага жыцця, дзяржаўныя клопаты, праблемы і сутыкненні.

У першым раздзеле "На хвалі распаду" Лявон Кавяровіч разважае пра лёс творчага саюза пісьменнікаў "Валатоўка": пра страту Дома літаратара, дома адпачынку і бібліятэкі, якую ўпрыгожвалі партрэты класікаў. Чытач лёгка пазнае вядомую асобу ў вобразе Вальжыны Шчырай, "кемлівай, удумлівай, якая перажывала за лёс роднай культуры і мовы, і за страчаную пісьменнікамі нерухомую маёмасць". Лёгка можна пазнаць і іншых асоб, названых умоўнымі прозвішчамі.

Усё, што давялося перажыць на вяку самому аўтару: выпрабаванні, поспехі і дасягненні, выхад рамана-эпапеі " Пакутны век" (у тэксце - Пудовага рамана) і прыняцце яго чытачамі, адлюстравана ў дыялогах яго героя. Паказана, як у крызісныя для пісьменніцкай супольнасці гады рыхтаваўся да друку і выходзіў буйны эпічны твор, які быў успрыняты чытачамі як незвычайны, неардынарны.

У кнізе прыведзены шэраг водгукаў на раман-эпапею, напісаных Алегам Лойкам, Святланай Явар, Яўгенам Гучком і ншымі. Захаваўся водгук Барыса Кіта: "Сваёй кнігай Васіль Цімафеевіч Якавенка дасягнуў вяршынь літаратурнай вартасці. Я лічу, што гэты твор можна прыраўняць да гэтакіх вядомых у свеце твораў, як слынная трылогія Генрыха Сянкевіча "Агнём і мячом", " Патоп"," Пан Валадыеўскі", а таксама Льва Талстога - "Вайна і мір", якія добра адлюстроўваюць гістарычныя эпохі сваіх народаў".

Алег Лойка пазначаў: "Гэты твор - усебеларускі, эпапея драматычнай нацыянальнай гісторыі, даваеннага часу, 1939 года, Другой сусветнай вайны, пасляваенных падзей і характараў. Сутычкі з рэальнымі персанажамі гісторыі энцыклапедызуюць мастацкі твор, робяць яго сапраўдным гістарычным раманам".

Спосабам тэлепартацыі пісьменнік пераносіць свайго героя на касмічную арбіту. Адтуль, з космасу, бачны ўсе глабальныя праблемы: забруджванне зямлі і засмечванне акіяна, духоўная нішчымніца жыхароў зямлі. На касмічнай станцыі Лявон Кавяровіч сустракаецца з нашчадкам Казміра Семяновіча і з вучонай Святланай Новікавай, матэматыкам і кібернетыкам. Даследчыца дзеліцца сваімі думкамі: "Беларуская мова ніколі не загіне ў Свеце, таму што яна - пачатак новага Свету, і брама ў яго, і яго крыніца". Вучоная чытае, як абярэг, малітву: "Божа, адхіні напасці аб Бацькаўшчыны нашай, Беларусі…"

У другім раздзела "Новы свет" аўтар непасрэдна ўдзяляе месца навуковым даследаванням С.І. Новікавай. У 90-ыя гады выхаванка адной з найлепшых матэматычных савецкіх школ - Новасібірскага ўніверсітэта, перайшоўшы працаваць у Менск у грамадскую арганізацыю "Інстытут матэматыкі і кібернетыкі" пачала пісаць матэматычныя працы па-беларуску.

Вучоная, народжаная ў сям'і настаўніка з Магілёва, інтуітыўна адчула, што беларускі тэкст пачаў дапаўняць матэматычны змест. Мова пачала пераходзіць у матэматыку. Новікава напісала шэраг артыкулаў, дзе матэматычныя магчымасці беларускай мовы выкарыстоўваліся мэтанакіравана і свядома. Разгортвалася поле беларускіх паноўленых матэматычных тэкстаў, выпрацоўваўся новы навуковы стыль беларускай мовы. Па даследваннях Новікавай было відавочна, што, калі матэматыка паспрабавала апісваць беларускай мовай кібернетычныя задачы, гэта атрымалася адразу, бо моўныя сродкі даўно існавалі. Беларуская мова ў свой час не толькі кіравала дзяржавай, але і канструявала яе, стварыўшы Статут і прапанаваўшы дэмакратычны лад у дзяржаве.

Васіль Якавенка глыбока цікавіўся навуковымі праблемамі, узнятымі даследчыцай, сустракаўся з яе калегамі па Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі. Ён шкадаваў аб тым, што нягледзячы на тое, што яна ў 1998 годзе разам з паплечнікамі ўдзельнічала ў трох еўрапейскіх канферэнцыях кібернетыкаў у гарадах - Сіная, Патрас, Брэмэн, яе навуковая спадчына занядбаная пасля яе адыходу. Ён разглядаў яе дзейнасць як частку нацыятворчых навуковых даледаванняў.

Не абмінуў пісьменнік у рамане тэму ядзернай бяспекі. З вуснаў яго суразмоўцы Станіслава Федарэнкі гучыць сведчанне пра выпрабаванне ядзернай зброі ў 1954 годзе на Тоцкім артылерыйскім палігоне Арэнбургскай вобласці. У той дзень радыяцыйнае воблака ўзнялося на вышыню 14 кіламетраў над біялагічным лясным запаведнікам. Паверхня зямлі стала непазнавальнаю, месцамі аплаўленаю, дзе былі дрэвы, тырчэлі абпаленыя калкі. У эпіцэнтры выбуху на 2-3 кіламетры цяпер нічога не расце. Публіцысту-эколагу не зразумела, чаму "некаторым уплывовым асобам закарцела пагрэць рукі каля свайго самавара - Беларускай АЭС".

Хвалявала яго іншае пытанне: няўжо кітайскі тэхнапарк у Смілавіцкім раёне праглыне і атруціць сваёй вытворчасцю буйнейшае радовішча прэснай вады і іншыя азёры, рэчкі, безліч прыгожых мясцін! Уплятаючы ў тканіну рамана расследаванне выбуху ў менскім метро, пісьменнік і даследчык не згаджаўся з канчатковымі высновамі суда, звяртаючы ўвагу на шматлікія супярэчнасці.

У апошнія гады пісьменніку былі блізкія працы сучаснага беларускага філосафа Міколы Крукоўскага ( 1923-2013). Міжнародная рэдакцыйная Рада, у якую ўваходзіў пісьменнік, падрыхтавала да друку 5-томны збор твораў знакамітага мысляра. Васіль Якавенка дбаў пра тое, каб памяць пра філосафа жыла. Менавіта ён знайшоў мецэната, які фінансаваў выданне філасофскай спадчыны М. Крукоўскага і перадаў у Нацыянальную бібліятэку вялікую частку тыражу. Праз фонд рэспубліканскага кнігаабмену ён разаслаў кнігі па бібліятэках краіны, каб спадчына філосафа не была забыта, і яго ідэі распаўсюджваліся.

Васіль Цімафеевіч Якавенка таксама даследваў тэму гарманічнага развіцця этнасаў, нацый у сувярэнных дзяржавах. Разам з аднадумцамі ён распрацоўваў такую незвычайную ідэю, як Музей Нацый у Еўропе. На гэтую тэму ён скіроўваў лісты ў Еўрасаюз і ААН.

Перайшоўшы ў вечнасць, нястомны абаронца роднай зямлі і беларускага слова Васіль Якавенка сваім духам застанецца з намі. Але горка і балюча, што больш ніколі не патэлефануе, не запросіць на творчую сустрэчу, не дасць мудрай парады.

Э. Дзвінская. На здымках: Васіль Цімафеевіч Якавенка.


Вялікае сэрца

Яўген Гучок

(Васіль Якавенка: 1936.05.05. - 2018.22.01)

Р э п а р т а ж - э с э

2 сакавіка споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч Якавенка - асоба шырокага інтэлектуальнага маштабу, самадастатковая, самаахвярная, старанны і нястомны падзвіжнік, гарачы патрыёт Беларусі. В. Якавенку сярод многіх іншых вылучалі энцыклапедычнасць ведаў, падмацаваны практыкай пазнання жыццёвы вопыт, сумленнасць, прынцыповасць, вялікія арганізатарскія здольнасці. Гэта быў сын Беларусі - дапытлівы, усюдыісны, якому да ўсяго была справа і шырокая зацікаўленасць.

Маючы дзве адукацыі - геолага і журналіста, ён добра ведаў прыроду Беларусі і псіхалогію беларусаў. Заўсёды і своечасова ён адгукаўся на актуальныя пытанні і праблемы сваёй Радзімы і яе народа. Гэта з яго ініцыятывы былі прыпынены бяздумныя практычныя планы далейшага асушэння Палесся, спрамлення русла Прыпяці. Гэта ім пасля Чарнобыльскай катастрофы быў створаны "Сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль", заснавана газета "Набат", арганізавана аздараўленне дзяцей дома і ў замежжы. Ён стварыў шэраг актуальных публіцыстычных кніг па ўсіх напрамках і праблемах беларускага жыцця ("Пакуль сонца ў зеніце", "Другой зямлі не будзе", "Крушэнне над ростанню", "Прывіды Шанхая над Свіслаччу", "Нечывелле" і інш.). А яго мастацкі раман-трылогія "Пакутны век" займае годнае месца не толькі сярод твораў беларускай, але і сусветнай літаратурнай класікі. Не меншую цікавасць выкліча і яго апошні раман "Абярэг", які выйшаў у свет незадоўга да смерці аўтара.

Родным, блізкім, аднадумцам, прыхільнікам яго таленту, яго роднай Беларусі цяжка змірыцца з нашай агульнай, нацыянальнай стратай.

* * *

Пайшоў у іншы,

Трэба думаць, лепшы свет-аплот -

У Беларусь нябесную

Радзімы сын, яе нязгасны патрыёт.

* * *

Хто ён такі, -

Аб гэтым колькі слоў

Для светлых

І нат затуманеных галоў.

* * *

Да дыхання апошняга,

Да апошніх зямных сіл

За Беларусь і яе неацэнныя скарбы

Стаяў і змагаўся Якавенка Васіль.

* * *

Геолаг, пісьменнік, дзеяч грамадскі,

Ведаў ён змесціва недраў Айчыны,

Як і змесціва душ людскіх

І іх успрымаў, як пасуе брату і сыну.

* * *

Для яго не было, не існавала

Радзімы малой і вялікай;

Яго Беларусь суцэльная і адзіная,

Усё жыццё хвалявала і клікала.

* * *

Ён не імкнуўся сур'ёзныя справы

У словах размазваць,

Ён здольны быў дзеямі

Справы тыя развязваць.

* * *

Да ўсяго яму справа была у Беларусі,

І справы тыя ён ладзіў і вёў,

І далучаў аднадумцаў і патрыётаў -

Роднай зямлі руплівых гаспадароў.

* * *

Ці не таму Якавенка сур'ёзна нагадвае

З Цяпіна Васіля,

Хвалявалі болесна якога

Родны народ і яго зямля.

* * *

А яшчэ ён нагадваў у чымсьці і Дон-Кіхота,

Але рэальна ратаваў Прыпяць, Палессе

І ў сваім "Набаце" свету паведамляў

Праўду Чарнобыля аж ў паднябессе.

* * *

Бывала, жыццём і творчасцю

Ён часам нагадваў штрафбат,

А за ім і над ім за яго праўду

Стаяў, вісеў, зацятваў заградатрад.

* * *

Утульна, бяспечна і творча

Сябе побач з ім пачувалі

Сямейнікі, блізкія і прыяцелі

І хто геаграфічна быў далей.

* * *

Ён здольны быў лёгка адрозніць

Падтрымку ад хітрай падробкі,

Бо не быў на сабе замкнёны, атамізаваны,

Бо цяжка жыць паасобку.


* * *

Ён быў таварыскі і дружалюбны,

Сябе не ўзвышаў ні над кім,

І кожнаму шчыраму беларусу і не беларусу

Быў як сябар і пабрацім.

* * *

І з іх разуменнем, падтрымкай

Стварыў "Экалагічны саюз..." ён,

Які прыдаўся для Бацькаўшчыны

Як ратавальны ад цэзія і іншага парасон.

* * *

Але ўзвышацца над ім жадалі,

Паганілі яго розныя шмэндрыкі, самазванцы,

Якіх называюць проста ў народзе -

Зас..нцы.

* * *

Годным учынкам калегаў, ладным іх тэкстам

Ён не зайздросціў, наадварот, ухваляў

І маркоціўся і журыўся

Ад навакольных розных халяў.

* * *

А дыхаць тады і сілы ў сабе

Нялёгка знаходзіць,

Калі, здавалася б, блізкія

Наўмысна не разумеюць і шкодзяць.

* * *

Кожны па-свойму любіць Айчыну.

Адны - на дабро сабе і рахунак,

Другія, як Якавенка, рупяцца

Пра неабходны ёй паратунак.

* * *

Сведчаць аб гэтым усе яго кнігі,

"Саюз "Чарнобыль" і газета "Набат",

Яны аздараўляюць душы і нават целы,

Яны - і суддзя, і адвакат.

* * *

Быў ён яшчэ і дыпламатам -

З сваім апанентам умеў дамаўляцца,

Затое часам нібыта свае

Яго ўспрымалі зусім не па-брацку.

* * *

Айчыне - вялікае гора,

І немінуча параза,

Калі шляхі яе дзетак -

Толькі паміж халадзільнікам і ўнітазам.

* * *

Было ў яго многа сяброў і прыхільнікаў,

Але і зайздроснікаў - хоць адбаўляй,

Якія пры зручным для іх выпадку

Вар'яцелі і падымалі хай.

* * *

І якое магло быць стаўленне да яго

У п'янтосаў і шкурнікаў ад літаратуры?!.

Вядома, чаго можна чакаць

Ад вытворцаў літаратурнае макулатуры.

* * *

Так, ад гарэлкі - розум мелкі,

А ў дадатак яшчэ - паралюш,

Эй ты, шчалкапёр-выпівоха,

Чым дапаможаш Айчыне, што ёй параіш?!.

* * *

Што ж іх адштурхоўвала

Ад талента і патрыёта?!.

Іх трусасць і зайздрасць,

І, вядома, лянота.

* * *

А ці быў славалюбным Васіль Цімафеевіч,

А калі так, дык якім жа чынам?!.

А каб яго Айчыне пакутнай

Быць дзейсным, адданым сынам!

* * *

А ці хацеў ён прызнання, павагі

За вынікі розных здзейсненых спраў?!.

А хто іх не хоча, хто адмаўляецца,

Той няпраўду сабе і іншым сказаў.

* * *

Нікуды ніяк не схавацца,

Нідзе ніколі не дзецца...

Болей за ўсё хварэе на свеце

Вялікае і шчырае сэрца.

* * *

Хто кніг Васіля Якавенкі

Не ведае, не чытае,

Той да канца запаветную Беларусь

Не спасціг і не знае.

* * *

А кнігі Васіля Цімафеевіча -

Бязлітасная праўда... і да канца,

Таму яны - заўжды развянчанне

Сумніўнага ва ўсіх сэнсах вянца.

* * *

Складаліся, фармаваліся проста

Душы і словаў яго асновы -

Каб тых, ад каго сыходзяць святло і дабро

Заўжды былі жывы і здаровы.

* * *

"Пакутны век" пачынаўся з "Надлому",

Як усё гэта робіцца між людзей...

Роднаму дому, роднаму краю

Спрыяйма ў ходзе жыватворных падзей.

* * *

Скалечаныя душы людскія -

Не скамечаны аркуш паперы;

Іх трэба цярпліва даводзіць

Да рысы і стану надзеі і веры.

* * *

А калі выспяваў і ствараўся

Раман-трылогія "Пакутны век",

Дапамагаў Васілю Цімафеевічу

Не то анёл, не то нябачны звышчалавек.

* * *

Як пісьменніка, грамадскага дзеяча,

Айчыны адданага, самаахвярнага сына,

Знайшла і яго ўзнагарода -

"Медаль Скарыны".

* * *

А за родны край і яго прыродную мову

Трэба цвёрдасць без енкаў,

Як гэта рабіў нязменна

Васіль Цімафеевіч Якавенка.

Люты 2018 г.


Мова - духоўны скарб народа

Да Міжнароднага дня роднай мовы публічнымі бібліятэкамі Лідчыны быў прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў для іх наведвальнікаў (у першую чаргу для дзяцей і моладзі), якія праходзілі з панядзелка па пятніцу. Гэта былі кніжныя выставы беларускамоўных выданняў, літаратурныя ўрокі, гадзіны роднай мовы, конкурсы і інш. Галоўнымі ў шэрагу гэтых мерапрыемстваў сталі агульная дыктоўка і адкрыццё выставы "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", якія прайшлі ў чытальнай зале раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы непасрэдна ў Міжнародны дзень роднай мовы, дыктоўкі ў Мінойтах і Бярозаўцы 17 лютага, а таксама ...

"Роднай мовы ты крынічка" - тэматычная выстава з такой назвай адкрылася ў Лідскай гарадской дзіцячай бібліятэцы.

"Вобразная, вольная, пявучая - мова беларуская мая" - літаратурна-музычная гасцёўня працавала ў Лідскай гарадской бібліятэцы № 6 імя В.Таўлая. Тут традыцыйна ўжо пісалі Агульнанацыянальную дыктоўку.

"Час чытаць кнігі роднай краіны" - літаратурная вечарына прайшла ў Лідскай гарадской бібліятэцы № 4.

"Таямніцы беларускіх слоў" - урок чытання прайшоў у Лідскай гарадской бібліятэцы № 2.

А завяршалі напісанне 11-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Лідзе таксама ўжо традыцыйна ў 3-й гарадской бібліятэцы 24 лютага.

Сёлета тут пісалі ажно дзве дыктоўкі. Першымі на дыктоўку прыйшлі вучні СШ № 13 пад кіраўніцтвам настаўніцы Наталлі Анатольеўны Гурскай. Тэкст "Любімая Радзіма" чытала загадчык бібліятэкі Алена Янаўна Паповіч. Найлепшыя вынікі паказалі Жалевіч Дар'я, Трайго Дар'я, Юруш Ангеліна.

Пасля школьнікаў той самы тэкст пісалі сябры лідскіх арганізацый ТБМ, усяго шэсць чалавек. Тут лепшыя вынікі паказалі Алена Мінец і Станіслаў Суднік. Хаця някепскія вынікі аказаліся і ва ўсіх астатніх удзельнікаў.

Мерапрыемствы да Дня роднай мовы праводзіліся і ў астатніх гарадскіх і сельскіх бібліятэках, але пры такой масавасці на Лідчыне ўжо становіцца лягчэй арганізаваць напісанне дыктоўкі, чым сабраць інфармацыю з усіх пунктаў яе напісання. Тут ужо мы можам у нейкай ступені гаварыць пра правамернасць ужывання тэрміну Агульнанацыянальная дыктоўка.

Наш кар. Здымкі Лідскай ЦРБ.


Да Міжнароднага дня роднай мовы

Яшчэ складаючы план на год, работнікі кожнага філіяла ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" палічылі мэтазгодным уключыць мерапрыемствы да Дня роднай мовы. І трэба сказаць, што яны прайшлі ў кожнай установе.

У філіяле "Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр" ладзілася вечарына "Прызнанне роднай мове", дзе з задавальненнем не толькі ўдзельнікі, але і гледачы чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў, спявалі песні на роднай мове, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі. Па словах мастацкага кіраўніка Інесы Парфенчык, мерапрыемства атрымалася цёплым і вельмі шчырым.

У такім жа фармаце прайшоў літаратурна-музычны вечар "Паэтычная гасцёўня" ў філіяле "Дзітвянскі Дом культуры".

У філіяле "Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу"прайшла конкурсная праграма "Знаўцы беларускай мовы" сярод вучняў 7-9 класаў мясцовай школы.

Для вучняў мясцовай школы правялі гульню-віктарыну работнікі філіяла "Крупаўскі Дом культуры".

Інфармацыйна-пазнавальныя праграмы "Пяшчотная матуліна мова" і "Не цурайцеся ж мовы беларускай" прайшлі ў філіялах: "Ваверскі Дом культуры" і адпаведна "Пескаўскі Дом культуры".

Культарганізатар філіяла "Тарноўскі Дом культуры" Святлана Антонік прапанавала пазнаёміцца вучням пачатковых класаў школы з кніжкай Міколы Маляўкі "Сядзіба, альбо Хата з матчынай душой". Прычым, знаёмства з гэтым творам адбывалася ў этнічным пакоі ўстановы, што было, як кажуць, і да месца, і змястоўна.

А вось у філіяле "Беліцкі Дом культуры" пісалі дыктоўку "Новы дзень" паводле твораў Якуба Коласа. Яны адзіныя выбралі такую форму.

На базе школ праводзілі свае мерапрыемствы філіялы: "Ганчарскі Дом культуры", "Мінойтаўскі КДЦ".

Сумесна з бібліятэкай арганізаваў літаратурныя чытанні філіял "Мажэйкаўскі Дом культуры".

Астатнія філіялы праводзілі віктарыны на веданне роднай мовы.

Асабіста мне прыемна, што работнікі сельскіх устаноў культуры ладзілі гэтыя мерапрыемствы не пад прымусам, а нават з ахвотай. І напрыканцы хочацца пажадаць, каб гімнам гучалі ў нашым жыцці "10 запаведзяў" Віктара Шведа:

Мову родную беражы,

мовай роднай даражы.

Мову родную шануй,

мовай роднай не гандлюй.

Мову родную любі,

мовы роднай не кідай.

Мову дзецям перадай.

Мовы не аддай на здзек -

толькі з ёю жыцця век.

Ганна Некраш, вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". На здымках: 1. Віктарына ў Гудах; 2. Дыктоўка ў Беліцы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX