Вярнуцца: 2018

№ 16 (1375)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1375), 18 красавіка 2018 г.


Прэзідэнт Ірландыі выйшаў на марш, каб падтрымаць дзяржаўную мову

Тысячы людзей прыйшлі на марш і вулічны фестываль у сталіцы Ірландыі, Дубліне, каб падтрымаць ірландскую мову.

Прэзідэнт Ірландыі Майкл Гігінс быў адным з выступоўцаў, якія звярнуліся да наведнікаў акцыі. Сярод іншага, ён сказаў, што ірландскамоўная супольнасць застаецца актыўнай, а дзяржава павінна падтрымліваць ірландскую мову.

Асноўнай мовай зносін у Ірландыі застаецца ангельская. Афіцыйныя дакументы выдаюцца на дзвюх мовах, гэтак жа, як на дзвюх мовах часта выкананы надпісы на шыльдах, дарожных паказальніках. Ірландскую вывучаюць у школах, на ёй вядуцца некаторыя перадачы на радыё і тэлебачанні, існуе ірландскамоўны канал TG4. Аднак сітуацыя з ірландскай мовай ці не горшая, чым у нас з беларускай, таксама дзяржаўнай. Ірландская, дакладней - гэльская, мова вельмі моцна адрозніваецца ад ангельскай, і большасць насельніцтва Ірландыі яе проста не разумее.

Паводле Радыё Свабода.


"Мова Нанова" ў Лідзе

У Лідзе ўпершыню прайшлі курсы "Мова нанова". Моўныя заняткі прайшлі ў арт-пляцоўцы GA11ERY, што месціцца на бульвары Гедыміна. Першы занятак у Лідзе правялі выкладчыкі курсаў з Гародні Эмілія Комар і Вераніка Парманчук. А спецыяльным госцем курсаў быў ультрамарафонец, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Лявон Анацка. Наведвальнікі ўдзельнічалі ў інтэрактыўных гульнях і віктарынах. Выкладчык курсаў Эмілія Комар спадзяецца, што заняткі "Мова Нанова" стануць у Лідзе рэгулярнымі.

- Мы вельмі спадзяёмся, што тут збярэцца каманда. Мы бачылі, што шмат ахвотных, і філолагаў, і арганізатараў. Калі каманда будзе, з памяшканнем ужо дамоўлена, і курсы адкрыюцца ў верасні. Галоўнае, каб спрацавала каманда.

Год таму ўжо была спроба арганізаваць курсы "Мова нанова" ў Лідзе. Але тады арганізатары не змаглі знайсці агульную мову з уладамі. На гэты раз яны спадзяюцца, што курсы "Мова нанова" ў Лідзе ўсё ж такі будуць.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда. Фота аўтара.


260 гадоў з дня нараджэння Язафата Булгака

Язафат БУЛГАК (20 красавіка 1758, Слонімскі павет - 25 лютага 1838) - беларускі царкоўны дзяяч. Япіскап тураўскі (1790-1795) і берасцейскі (1798-1828), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і усяе Русі (з 1817), архіяпіскап полацкі (з 1833). Доктар тэалогіі і кананічнага права (1785). Супрацьстаяў уладам Расейскай імперыі ў справе ліквідацыі Грэка-Каталіцкай Царквы. Ягоная смерць зняла апошнюю перашкоду для скасавання Берасцейскай уніі (1596).

Прадстаўнік шляхецкага роду Булгакаў гербу "Сыракомля". Меў кузена Юрыя Булгака, япіскапа пінскага і тураўскага, з якім яго нярэдка блыталі.

Навучаўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763-1774), працягваў адукацыю ў Рыме (1782-1785).

У 1774 уступіў у ордэн базылянаў. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы (цяпер Глыбоцкі раён) і Жыровічах. Быў япіскапам тураўскім і каад'ютарам Пінскай япархіі. За часамі Паўла I спрыяў вяртанню да Уніі парафіяў, якія расейскія ўлады гвалтоўна перавялі ў праваслаўе. У 1797 г. даслаў папскаму нунцыю ў Расейскай імперыі Л. Літу запіскі пра ўціск уніятаў у Кіеўскай і Пінскай япархіях. У 1798 г. атрымаў прызначэнне япіскапам берас-цейскім, ягоная рэзідэнцыя спачатку месцілася ў Наваградку, потым з 1810 г. - у Жыровічах. Будучы грэкака-таліцкім мітрапалітам, адначасна з 1818 быў старшынём 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу (з 1828 - асобнай Грэка-каталіцкай калегіі). Імкнуўся ўзвысіць значэнне базылянаў у царкве (прызначэнне іх прадстаўніка ў чальцы 2-га дэпартамента ў 1819 г., праект аб'яднання Літоўскай і Беларускай правінцыяў ордэна і інш.).

Узмацненне ва ўнутранай палітыцы царызму расейскіх нацыяналістычных тэндэнцыяў з сярэдзіны 1820-х прывяло да змяншэння ролі ўніяцкай япархіі і асабіста Я. Булгака. У агоным атачэнні з'явіліся маладыя дзеячы (І. Сямашка, А. Зубко, В. Лужынскі і інш.) - прыхільнікі збліжэння, а потым і аб'яднання з праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату.

Вікіпедыя.


180 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Дыбоўскага

Уладзіслаў Іванавіч ДЫБОЎСКІ (18 красавіка 1838, маёнтак Адамарын, Вілейскі павет, цяпер Валожынскі раён - 27 ліпеня 1910) - беларускі заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук (1878). Брат Бенедыкта Дыбоўскага.

Нарадзіўся ў былым маёнтку Адамарын Вілейскага павета Менскай губерні. Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Дыбоўскіх з Менскага павета ВКЛ.

Скончыў у 1862 годзе Дэрпцкі ўніверсітэт. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў прыгавораны да турэмнага зняволення. З 1871 года працаваў у Дэрпцкім універсітэце. У 1878 пераехаў на Наваградчыну. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Наваградчыны i іншых частак Расійскай імперыі.

Збіраў беларускі фальклор. У штогодніку "Zbiоr Wiadomosci do Antropologii Krajowej" ("Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі") апублікаваў "Беларускія прыказкі з Наваградскага павета" (т. 5, 1881, 768 тэкстаў), "Беларускія загадкі з Менскай губерні" (т. 10, 1886, 112 тэкстаў).

Памёр 27 ліпеня 1910 года. Пахаваны ў в. Войнава (Наваградскі раён).

Вікіпедыя.


Шукаем будучых першакласнікаў для стварэння беларускамоўнага класа ў Фаніпалі

Невялікая колькасць навучэнцаў, асобная ўвага да кожнага дзіцяці і, адпаведна, высокі ўзровень навучання - тыя магчымасці, якія адкрывае для будучых першакласнікаў клас з беларускай мовай навучання.

Для стварэння беларускамоўнага класа ў сярэдняй школе № 1 г. Фаніпаля трэба набраць адпаведную колькасць будучых першакласнікаў.

Зацікаўленых бацькоў просім звяртацца па тэлефоне +375-29-504-32-06 (МТС), Яніна.


Чыстае сумленне Барыса Кіта

У цыкле літаратурных сустрэч у менскай сядзібе ТБМ 11 красавіка адбылася вечарына, нрысвечаная памяці Барыса Уладзіміравіча Кіта (1910-2018). З успамінамі пра слыннага беларуса выступілі літарагуразнаўца, прафесар Лідзія Савік, журналіст і пісьменнік Валер Каліноўскі, даследчыца дзейнасці беларусаў замежжа, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка. У момант правядзення вечарыны ў зале сярод іншых прац дэманстраваўся партрэт выбітнага навукоўца, зроблены мастаком Алесем Цыркуновым.

- Такія людзі нясуць святло нацыі, грамадзянскі чын, імкнуцца да ідэалу ва ўсім. Такія велічныя асобы ідуць шляхам пастаяннага самаразвіцця, самаўдасканалення, росту. Прафесіяналізм у жыцці Барыса Кіта спалучаўся з чалавечнасцю. Вялікая ўдзячнасць і наша светлая памяць такім людзям за тое, што яны жылі для Беларусі, для ўсіх нас! - прамовіла старшыня ТБМ, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў спадарыня Алена Анісім.

Пра Барыса Кіта пісалі нарысы і кнігі Васіль Быкаў, Вольга Іпатава, Адам Мальдзіс і Васіль Якавенка, яму прысвячалі вершы Рыгор Барадулін, Васіль Жуковіч і іншыя, але галоўным сваім біёграфам Барыс Уладзіміравіч лічыў Лідзію Сымонаўну Савік.

- У 90-тыя гады мы з Ірынай Багдановіч працавалі ў архівах КДБ і знайшлі там творы рэпрэсаваных пісьменнікаў, якія з'ехалі за мяжу. З архіваў мы ведалі імёны тых, якія вырваліся ў вольны свет. У тыя гады Акадэмія Навук камандзіравала мяне як літаратуразнаўцу ў ЗША дзеля таго, каб я сабрала матэрыял пра беларускіх пісьменнікаў замежжа. Адчувалася эйфарыя 90-тых гадоў, калі ўсім верылася, што будзе жыць наша мова і наша гісторыя. Я апынулася ў Масея Сяднёва, найвыдатнага беларускага паэта і празаіка. Да яго прыехаў Барыс Уладзіміравіч Кіт. Ён прыйшоў у дом Масея Сяднёва і загаварыў на чысцюткай выдатнай беларускай мове.

У Франфурце Барыс Кіт выкладаў фізіку ў Гайдэльбергскім універсітэце і кожны год прыязджаў да сыноў і ўнукаў у Амерыку. Ён быў прафесарам Мэрыленскага Вашынгтонскага ўніверсітэта і чытаў лекцыі ў Еўропе. Выбітны беларус стаў чалавекам, які дапамог Амерыцы паляцець на Месяц, які разлічваў траекторыю палётаў, быў адным з вынаходнікаў касмічнага паліва, уваходзіў у эліту амерыканскіх вучоных. Гэта гонар нашай нацыі, з якога ўсе могуць браць прыклад.

Барыс Кіт пазней запрасіў Лідзію Савік у Франкфурт, дзе шмат распавядаў ёй пра свае жыццё. Яна захапілася яго асобай і пачала друкаваць нарысы пра яго ў "Голасе Радзімы", а потым выйшлі кніжкі "Космас беларуса", "Грамадзянін свету", "Зорны шлях" да юбілеяў Барыса Уладзіміравіча. Паспяховы ў сусветным маштабе чалавек, ён не забываў пра Беларусь, некалькі разоў прыязджаў у Наваградак, ўдзельнічаў у мерапрыемствах, прыходзіў на магілу маці.

- Я ўсё жыццё быў настаўнікам. Я нікому не зрабіў нічога дрэннага, таму Бог так доўга трымае мяне на зямлі, - прызнаўся Барыс Уладзіміравіч у адным з апошніх інтэрв'ю, Яго іпастась педагога мела вялікае значэнне. Важнай была яго дзейнасць у якасці дырэктара Віленскай, Наваградскай і Пастаўскай гімназій. Ён прытрымліваўся думкі, што дзяцей трэба вучыць нават у цяжкі ваенны перыяд. Але ён бараніў сваіх вучняў і не дазволіў фашыстам выкарыстоўваць падлеткаў у дзеяннях карнікаў, за што і патрапіў на некалькі месяцаў у турму.

Калі б ён не выехаў у эміграцыю пасля вайны, яго відавочна, чакаў бы ГУЛАГ. Барыс Кіт дапамог іншым суайчыннікам і, у тым ліку, прадстаўнікам навуковай інтэлігенцыі, пераехаць у ЗША і пасяліцца ў Саўт-Рыверы, дзе стварылася вялікая калонія беларусаў.

Валер Каліноўскі распавёў пра свае апошнія сустрэчы з Барысам Кітам у Франкфурце ў доме састарэлых. Запавет вялікага беларуса быў запісаны на відэа і размешчаны на сайце Радыё Свабода. Спадар Валер прысутнічаў на пахаванні Барыса Уладзіміравіча. Ён пражыў 108 гадоў без двух месяцаў.

Вечарына была прасякнутая журботнымі ўспамінамі пра гісторыю светлага кахання Барыса Кіта і Тамары Казевіч.

Наступныя літаратурныя сустрэчы на сядзібе ТБМ пройдуць 18 і 25 красавіка. На іх выступяць Пятро Васючэнка з прэзентацыяй новай кнігі і паэт Яўген Гучок. Пачатак мерапрыемстваў - у 18.45.

Эла Дзвінская. На здымках: 1. Наталля Гардзіснка, Лілзін Савік, Уладзімір Азёма; 2. Падчас імпрэзы.


БОЛЬ БЕЛАРУСІ - АКІЯННЫ...

"Чалавек - гэта сад..."

Валерыю Маракову(27.03.1909-29.10.1937) - паэту, які "... вызначаецца лірычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваіх вершаў" (М. Гарэцкі).

28-гадовы сын Дзмітрыя расстраляны ў Менску карнікамі НКУС як контррэвалюцыянер, нацыянал-фашыст разам з дваццацю двума беларускімі літаратарамі.

Чарнявым будзь, блакітнавокім,

ці залатавалосым будзь -

напіша Бэндэ, грымнуць крокі,

і ў Курапатах крывасмокі

ўсіх за Беларусь заб'юць.

"Наш край да ленінскае мэты"

вялі расстрэльна хіжакі,

і - у патыліцу - паэты

прымалі кулі-запаветы

ад пралетарскае рукі.

"Цяпер ў грудзях другія словы..."

"Я рад за юных і жывых..."

Ды зноў паэт русагаловы

за кратамі нахмурыў бровы,

бо самі "сведкі" б'юць пад дых.

Пялёсткі Маракова, цені

кружляюць... Бог, дапамажы

невінаватым у збавенні...

"Упаў срабрысты месяц на калені,

стаў цалаваць маўклівыя крыжы",

Сяргей Панізьнік

1997 г.


Вершнік

Леаніду Уладзіміравічу Маракову(15.04.1958 - 17.12.2016) - пісьменніку, энцыклапедысту, даследчыку гісторыі рэпрэсій савецкіх уладаў на Беларусі. Аднавіў біяграфіі больш як 20 тысяч ахвяраў сталінскага генацыду.

У Маракова ёсць ахова -

яго нямігаўскі паверх.

У Маракова ёсць падкова:

дзве дужкі звернутыя ўверх.

I там не шчасце, а слязіны

ахвяраў сталінскіх акоў...

Іх тысячы, а ён адзіны

ахоўнік душаў - Маракоў.

Імёны катаў акаяных

на свет выводзіць Леанід.

Боль Беларусі - акіянны...

I ён раскалыхнуў граніт,

а потым змог сарваць супоні

са схронаў: - З намі праўды ніць!

... Яго напорыстай пагоні

цяпер нікому не спыніць.

8.09. 2007 г.

На здымку: Леанід Маракоў у кватэры дома на Нямізе. 7.10.2007 г. Фота С. Панізьніка.


У Гародні прайшла імпрэза, прысвечаная Яўгену Петрашэвічу

У Гародні прайшла імпрэза, прысвечаная песняру гарадзенскай зямлі Яўгену Петрашэвічу, які летась памёр на 87-м годзе жыцця. У зале абласной бібліятэкі быў аншлаг. Ад моладзі, да старэйшых людзей, што разам працавалі, сябравалі і стваралі беларускі мастацкі свет, якому Яўген Петрашэвіч прысвяціў сваё жыццё. Якім запомніўся Яўген Петрашэвіч, кажа прафесар Аляксей Пяткевіч:

- Ён быў працаўніком музычнай нівы. Прычым працаўніком, які мала гаварыў, але вельмі многа рабіў. Абсяг ягонай культурнай дзейнасці на музычнай пляцоўцы быў вельмі шырокі, ён працаваў у самых розных жанрах, ён напісаў некалькі соцень песень. Прычым на тэксты пераважна мясцовых паэтаў. Гэта таксама многа значыць.

Яўген Петрашэвіч актыўна супрацоўнічаў з многімі гарадзенскімі інструментальнымі і харавымі калектывамі, пісаў вершы, карбаваў камень, і выразаў дрэва. Шмат твораў яго маюць характар грамадзянскай лірыкі, глыбока патрыятычнай. Кажа Марк Коп, у мінулым дырэктар абласнога метадычнага цэнтра:

- Я дагэтуль рады таму, што мы з дачкой у 2010 годзе выдалі вялікі ягоны зборнік "Беларускі вясёлкавы край", куды змясцілі найлепшыя ягоныя творы. Ягоны ўнёсак бясцэнны і тым, што ён падрыхтаваў вялікую колькасць удзельнікаў мастацкай самадзейнасці ў прафесійных музыкантаў, кампазітараў. Да прыкладу Леанід Захлеўны і Віктар Войцік - гэта вядучыя і дагэтуль кампазітары нашай Беларусі.

Цёплымі словамі згадваюць Яўгена Петрашэвіча ягоныя ўдзельнікі народнага калектыву "Гарадзенскія Дударыкі", дзе маэстра праявіў сябе не толькі як выдатны кіраўнік калектыву, але таксама як і руплівы педагог. Падчас імпрэзы фонды абласной бібліятэкі папоўніліся нотамі з творчай спадчыны Яўгена Петрашэвіча ад удзельнікаў, якія перадалі каштоўныя матэрыялы ў дар.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.


Гiстарычныя ўрокi для беларусаў

Сымон Барыс

Беларусы маюць шматвяковую гісторыю. Яна гераічная і трагічная. Але галоўнае ў тым, што мы захаваліся ў свеце і мелі сваю дзяржаву (Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае). Беларускі народ - самастойная нацыя, якая сёння мае сваю дзяржаву. У гэтым заслуга нашых продкаў - дзяржаўных дзеячаў і вучоных. Мы зрабілі свой адметны ўклад у развіццё сусветнай навукі і культуры. Мы ўзбагацілі Еўропу сярэдявечным правам, развітым фальклорам, непаўторным народным мастацтвам. У гісторыі назаўсёды застануцца такія імёны, як У. Чарадзей, К. Тураўскі, Е. Полацкая, Ф. Скарына, К. Семяновіч, І. Капіевіч, Леў Сапега і іншыя.

Вялікае Княства Літоўскае развівалася ў рэчышчы Еўропы. Яго закранула Рэфармацыя царквы, і тут была Асвета. Згадайма, што ў Беларусі ў ХVІ стагоддзі дзейнічала 18 друкарняў (былі ў гарадах Ашмяны, Вільня, Берасце, Бялынічы, Буйнічы, Еўе, Заслаўе, Заблудаў, Куцейна, Лоск, Любча, Магілёў, Менск, Нясвіж, Пінск, Полацк, Супрасль, Цяпіна. Менавіта беларускія друкары Іван Фёдараў (Федаровіч) і Пётр Мсціславец сталі першымі друкарамі і ў Масковіі.

Мы маем такую гісторыю, якой могуць пазайздросціць многія народы. Але калі не пазайздросціць, то перапісаць ці прысвоіць сабе. Так адбылося з гісторыяй ВКЛ, якую практычна прысвоілі сабе нашы суседзі - літоўцы. Так здарылася і з нашай гісторыяй у нашых суседзяў - Расіі. Яе спачатку перапісалі, а затым перайначылі і часткова прысвоілі сабе. Потым навязалі нам жа. Бо гісторыю пішуць пераможцы. Далучыўшы Беларусь да Расіі, заслугі нашага народа былі прызнаны і прыпісаны да Расіі. Вось толькі такі прыклад. У 1862 г. у Расіі ўрачыста адзначылі тысячагадовае існаванне Русі, на якую маюць больш правоў Украіна і Беларусь ды Наўгародская зямля. Таму і помнік з гэтай нагоды паставілі не ў Маскве, а ў Ноўгарадзе Вялікім, які вядомы з 859 г. Усе ведаюць, што былі ў Сярэднявеччы тры незалежныя дзяржавы-пабрацімы Кіеўская Русь, Ноўгародская зямля (Вялікі Ноўгарад, Наўгародская рэспубліка) і Полацкая зямля (Белая Русь). Такім чынам, Масковія (што ў канцы ХV названая Расіяй) - гэта пазнейшая Русь. Старажытная Русь - гэта ў ХІІ - ХІV стст. у першую чаргу Кіеўская Русь, Вялікі Ноўгарад ды Белая Русь. Белая Русь і Кіеўская Русь былі дабраахвотна далучаны да Літвы (са сталіцай Наваградак), і сталі арганічнай часткай Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Жамойты і ліцвіны не заваёўвалі Русь, як сцвярджалі маскоўскія палітыкі. Гэта Іван ІІІ, жаніўшыся з грачанкай Соф'яй Фамінічнай Палеалог (пляменніца апошняга візантыйскага імператара Канстанціна ХІ), назваў сваю дзяржаву Расія (грэцкая назва Русі) і рашыў стаць збіральнікам рускіх зямель, назваўшы сябе "гасударом усёй Русі". Заваяваў Ноўгарад Вялікі і нават ваяваў са сваім зяцем вялікім князем літоўскім Аляксандрам Казіміравічам, жонка якога Алена Іванаўна папракала бацьку, чаму ён нападае на літоўскія ўсходнія землі. Расійскую імперыю ўтварылі Іван ІІІ, Іван ІV ды Пётр І. Былі і ў ВКЛ вялікія князі Альгерд, Вітаўт, Стэфан Баторый ды Ян ІІІ Сабескі, дзяржаву якіх па плошчы і міжнародным значэнні можна параўнаць з імперыяй. Нагадаем чытачу, што Ноўгарад Вялікі быў прымусова далучаны да Масковіі Іванам ІІІ у выніку бітвы на Шалоні ў 1471 г. Маскоўска-наўгародскія войны вяліся ў 1456 г., 1471 г. і 1477-1478 гг. (Прыгадаем таксама несупынныя войны, якія вяла наша дзяржава ў ХVІ - ХVІІ стст. з усходнім суседам.) Затым Вялікі Ноўгарад быў разбураны Іванам ІV у выніку шасцітыднёвай крывавай расправы з наўгародцамі зімой 1569/1570 гг. Іван Грозны ў выніку пагрому і рабавання знішчыў некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў Ноўгарада. Лепшыя людзі (баяры, купцы і майстры) былі вывезены з Ноўгарада ў Масковію. Аб гэтым напісана ў гісторыі Расіі і ў гісторыі Ноўгарада Вялікага. У выніку практычна загінуў яшчэ адзін усходнеславянскі народ - наўгародцы (ільменьскія славене), які меў надзвычай адметную, багатую гісторыю і культуру. Узгадаем у сваю чаргу, што адбылося на нашых землях у часы крывавых нашэсцяў Івана ІV і праз стагоддзе Аляксея Міхайлавіча. Чым тая ж "трубяцкая разня" ў Мсціславе і падобныя дзікунствы ў многіх іншых мясцінах нашай краіны не падобныя да "наўгародскай разні"!? Але пэўныя адрозненні ўсё ж ёсць: мы выстаялі і захаваліся як народ ад поўнага знішчэння і асіміляцыі, а наўгародцы - не, бо мы на той момант захавалі сваю дзяржаўнасць. Больш жахлівыя наступствы наступяць для нас пазней. Вось першы важны гістарычны ўрок!

8 (20) верасня 1862 г. у Ноўгарадзе быў адкрыты помнік "Тычагоддзе Расіі", на якім ёсць 6 скульптур нашых землякоў - епіскап беларускі Георгі Каніскі, вялікія князі літоўскія Гедзімін, Альгерд, Вітаўт, трокскі і жамойцкі князь Кейстут, пскоўскі князь Даўмонт. Зразумела, там не хапае тых славутых асоб, якія мной былі названы напачатку. Трэба і нам паставіць аналагічны помнік тысячагадовай дзяржаўнасці ў Полацку. Дарэчы, да згаданага наўгародскага помніка меў дачыненне і наш зямляк скульптар Міхаіл Мікешын.

У беларускай гісторыі назаўсёды застануцца і такія імёны асобаў, якія прычынілі шмат шкоды беларускай дзяржаўнасці, а значыць і беларускаму народу. Гэта Уладзімір Святаславіч, Уладзімір Манамах, Уладзіслаў Ягайла, Аляксей Міхайлавіч Раманаў, Кацярына ІІ, Аляксандр Сувораў, Іосіф Сямашка і Міхаіл Мураўёў, Барыс Берман і Аляксей Наседкін, Адольф Гітлер.

Уніяцкі мітрапаліт Іосіф Сямашка скасаваў Беларускую ўніяцкую царкву, якую Кастусь Каліноўскі слушна называў нацыянальнай царквой нашага народа. Тады ж быў знішчаны значны пласт ўніяцкай культуры. На жаль, мы Беларускую нацыянальную ўніяцкую царкву так і не адрадзілі, бо існаванне некалькіх парафій у буйных гарадах - гэта не нацыянальная царква.

Сапраўдную гісторыю Беларусі наш народ ведае слаба. За царскім часам і савецкім нам яе расказвалі з пазіцый Расіі, а ў той жа час свой погляд на Беларусь навязвалі палякі. У выніку гэтага пра 4 вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім у ХVІ ст. за беларускія землі і пра 13-гадовую вайну (1654-1667 гг.) Рэчы Паспалітай і Маскоўскага царства мы нават і не ведалі, а між іншым тая вайна гадамі вялася на беларускай зямлі і ў выніку яе мы страцілі палову свайго насельніцтва. Яшчэ была вайна на нашай зямлі з Маскоўскім царствам у 1492-1494 гг. і войны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1609-1618 гг. і Смаленская 1632-1634 гг. Больш за 5 гадоў (1704-1709) доўжылася ў Беларусі і Паўночная вайна, у выніку якой насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. чалавек да 1,5 млн. Загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны. На нашай зямлі вяліся баі ў Першую і ў Другую сусветныя войны. У апошнюю Беларусь страціла кожнага чацвёртага, а недзе і кожнага трэцяга свайго жыхара.

Звычайна войны пачынаюць не салдаты, а дуракаватыя кіраўнікі дзяржаў, якія хлуснёй адурачваюць свой народ і аддаюць злачынныя загады сваім салдатам. Гэта можна падцвердзіць прыкладамі з гісторыі мінулага стагоддзя. Падумайце, хто і чаму тады пачынаў войны. Толькі не просты народ, бо і немцам, і рускім вайна прынесла толькі ахвяры, голад, пажары і разбурэнні.

У 1920-1930-х гадах Беларусь аказалася, нібы збожжа ў жорнах паміж двух паставоў (камянёў). У Заходняй Беларусі беларускіх патрыётаў пераследавала польская дэфензыва і кідала іх у турмы, а ў БССР такіх жа патрыётаў, аб'яўлялі нацдэмамі і польскімі шпіёнамі, арыштоўвалі і высылалі ў лепшым выпадку ў лагеры на Поўнач і ў Сібір, а ў горшым - расстрэльвалі. У 1930-х гадах у Савецкім Саюзе органы НКВД фактычна развязалі тэрор супраць свайго народа, нават па падазрэнні, а не за віну. У Заходняй Беларусі судзілі хоць за пэўную віну і быў адкрыты суд. У БССР судзілі закрытым судом "тройкі", якія выконвалі план па знішчэнні "ворагаў народа". А пры допыце прымяняліся катаванні, і выбітыя прымусовыя прызнанні і былі асновай для прысуду. Такім чынам, тут зняволілі без віны былых кіраўнікоў БНР Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Цвікевіча, Антона Луцкевіча, Янку Сераду, Язэпа Лёсіка і знішчылі іх. Сёлета 100-я ўгодкі абвяшчэння БНР, а названыя асобы аніяк не ўшанаваныя. Але затое тут увекавечаны праціўнікі незалежнасці Беларусі - Калінін, Сталін, Мяснікоў, Кнорын і Ландэр. Вось такое стаўленне сучаснай улады да беларускай спадчыны і да незалежнасці сваёй дзяржавы.

Нам неабходна было напісаць гісторыю Беларусі такой, як яе бачаць самі беларускія гісторыкі. І гэта нам ужо ўдалося зрабіць у 1980-1990-х гадах.Тут заслуга належыць Генадзю Каханоўскаму, Міхасю Ткачову, Міколу Ермаловічу, Анатолю Грыцкевічу і Захару Шыбеку, а на пачатку ХХІ ст. іх справу прадоўжылі Генадзь Сагановіч, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Аляксандр Смалянчук і іншыя. А нашы гісторыкі-краязнаўцы Фёдар Шкляраў, Алесь Белакоз, Анатоль Белы і Анатоль Рогач стварылі мясцовыя краязнаўчыя музеі або паставілі шэраг гістарычных помнікаў сваім землякам. Яны бралі прыклад з такіх энтузіястаў мінулага, як браты Тышкевічы, Еўдакім Раманаў і Язэп Стаброўскі.

Нельга гісторыю палітызаваць. Яна павінна быць нейтральнай, а пра падзеі ў ёй павінна расказвацца праўдзіва. Кепска, што сёння нашы лепшыя гісторыкі (дактары і кандыты гістарычных навук) працуюць не ў Беларусі, а ва ўніверсітэтах у Вільні, Варшаве і ў Ізраілі.

Гiсторыя беларускага народа, як i гiсторыя нашых суседзяў, шмат у чым павучальная для новых пакаленняў. I трэба ўмець з адмоўнага i станоўчага досведу нашых продкаў зрабiць неабходныя i правiльныя высновы. На жаль, калi прааналiзаваць сучаснае палiтычнае i мiжнароднае становiшча Беларусi, мы не зрабiлi належны вывад, працягваем наступаць на адныя i тыя ж граблi i не хочам заўважаць свае гiстарычныя памылкi. Чаму ж так здарылася?

Беларусь здаўна аказалася на стыку дзвюх цывiлiзацый - усходняй i заходняй - i на стыку дзвюх плыняў хрысцiянства - каталiцызму i праваслаўя. Гэта ўсё паўплывала на менталiтэт беларускага народа, з яго спагадлiвасцю i памяркоўнасцю. I каранi яго iдуць у V стагоддзе, калi на тэрыторыi Беларусi адбывалася славянiзацыя балтаў. Уменне жыць у згодзе i мiры з суседзямi мела як станоўчы, так i адмоўны бакi, што iншы раз у сваiх iнтарэсах выкарыстоўвалi суседзi, калi яны мелi ваяўнiчых кiраўнiкоў. I наадварот, нашы слаўныя князi, выдатныя палкаводцы Усяслаў Чарадзей i Вiтаўт Вялiкi, якiя вялi ваяўнiчую палiтыку i ўмацоўвалi дзяржаўнасць на сваiх землях, здабылi ў гiсторыi славу для свайго народа i свайго гаспадарства. Мiнулi стагоддзi, змянiлася шмат пакаленняў, а яны засталiся ў гiсторыi як асобы, якiя здабылi гонар нашаму народу.

З далёкiх часоў Сярэднявечча ў нашых продкаў лiцвiнаў i русiнаў цягнецца адна загана, якая захавалася ў беларусаў нават цяпер. Гэтая загана - зайздрасць, якая выклiкае супернiцтва i варожасць. Супернiцтва i варожасць узнiкла сярод культурна-адмiнiстратыўных цэнтраў усходнiх славян: спачатку памiж Кiевам, Ноўгарадам i Полацкам, затым памiж Полацкам i Смаленскам, Полацкам i Менскам, Наваградкам i Уладзiмiрам Валынскiм, яшчэ пазней памiж Полацкам i Вiльняй, а ў канцы Сярэднявечча i на пачатку Новага часу - памiж Масквой i Вiльняй.

Варожасць памiж князямi ўзнiкала ў вынiку змагання за пасад, за ўладанне, за жанчын. У вынiку барацьбы князёў за ўладу пралiта шмат крывi i загублена жыццяў. Дамаганнi менскага князя Глеба Усяславiча на полацкiя землi прывялi да першай хатняй вайны на крывiцкiх землях. Да найбольш значнай хатняй вайны на тэрыторыi Крывii трэба аднесцi паходы друцкага i полацкага князя Рагвалода Барысавiча на горад Менск i аблога яго ў 1159 г., 1160 г. i 1161 гадах. У 1161 г. менскi князь Валадар Глебавiч каля Гарадца разбiў войска полацкага князя. Барацьба за полацкi трон вялася ў 1167 г. памiж менскiм князем Валадаром Глебавiчам, полацкiм князем Усяславам Васiлькавiчам i вiцебскiм князем Давыдам Расцiславiчам. Перамогу атрымаў полацкi князь Усяслаў Васiлькавiч. У вынiку ўпартай барацьбы Давыд Расцiславiч вытрымаў у 1167 г. аблогу менскага князя Валадара Глебавiча, але па нейкiх прычынах пазбавiўся Вiцебскага княства. У XII ст. прадаўжалася драбленне Полацкага i Тураўскага княства на асобныя ўдзелы, а гэта прыводзiла да частай варажнечы памiж удзельнымi князямi. Аднак варта звярнуць асаблiвую ўвагу, што сярод крывiцкiх князёў не было забойстваў супернiкаў, што назiралася ў XIII ст. у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. Яны будуць спынены толькi Востраўскiм пагадненнем памiж Ягайлам i Вiтаўтам.

У Высокiм сярэднявеччы сапернiцтва памiж Полацкам i Кiевам, Полацкам i Ноўгарадам, затым сапернiцтва памiж Полацкам i Смаленскам, Полацкам i Менскам аслабляла ваенную магутнасць славянскiх зямель, што прыцягвала ўвагу крыжакоў, полаўцаў, печанегаў, а затым яны сталі лёгкай здабычай мангола-татараў. I нават тады, калi iснавала яўная пагроза з паўночнага захаду i паўднёвага ўсходу, не сцiхала варажнеча на лiтоўскiх i славянскiх землях.

Узнiкла супернiцтва памiж дзвюмя буйнымi дзяржавамi XIII ст. - Галiцка-Валынскiм каралеўствам i Каралеўствам Лiтоўскiм. Гэта не зусiм звычайная назва ў гiстарыяграфii, больш звыклая не каралеўства, а княства, але так іх назваць я маю падставы. Менавiта ў 1254 г. князь Раман Данiлавiч Галiцкi i ў 1253 г. князь лiтоўскi Мiндоўг каранавалiся на каралёў, i iх каранацыя была ўхвалена Папам рымскiм Iнакенцiем IV. Iншая справа, што лiтоўскi i галiцкi каралi потым адмовiлiся ад гэтага тытула. Аднак доўгi час Уладзiмiр Валынскi i Наваградак заставалiся супернiкамi ў справе аб'яднання вакол сваiх цэнтраў славянскiх зямель. Падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы iншы раз узнiкалi ў вынiку шлюбаў памiж прадстаўнікамі княскіх сямей, што давала магчымасць патрабаваць спадчыну на правах сваяцтва.

Перанос сталiцы Гедзімінам з Наваградка ў Вiльню не спынiў мiжусобiц. Яны ўзнiкалi памiж Кейстутам i Ягайлам, Ягайлам i Вiтаўтам. I Ягайла, i Вiтаўт звярталiся па дапамогу да крыжаносцаў Тэўтонскага ордэна. I захопнiкi спусташалi землi нашых продкаў. З часоў Альгерда Вiльня супернiчае з Масквой за ролю цэнтра ў аб'яднаннi славянскiх зямель. Пасля заключэння Крэўскай унii пачалося акаталiчванне насельнiцтва Вялiкага Княства Лiтоўскага. Жыхары на тэыторыi Беларусi сталi вызнаваць або праваслаўную, або каталiцкую веру. Паколькi вялiкiя князi лiтоўскiя, пачынаючы з Ягайлы, былi католiкамi, дык i каталiцкая вера ў ВКЛ заняла пануючае становiшча.

Праваслаўныя магнаты i шляхцiцы былi абмежаваны ў правах, а гэта вяло да нестабiльнасцi ў краiне. На баку пакрыўджаных праваслаўных у ВКЛ была праваслаўная Масква. Каталiцкая шляхта ВКЛ заўсёды мела падтрымку ў польскага караля. Узнiкла супрацьстаянне памiж Варшавай i Масквой. Варта не забываць, што і ў ВКЛ было некалькі грамадзянскіх войнаў.

Першая з іх адбылася пасля смерці Вітаўта, калі праваслаўны Свідрыгайла паспрабаваў знайсці хаўруснікоў супраць былой хаўрусніцы Польшчы. Свідрыгайлу падтрымала Полацкая зямля, але астатнія былі супраць яго. У пазнейшы час ваявалі паміж сабой магнаты Сапегі, Радзівілы, Вішнявецкія,Чартарыйскія. І не эдарма ўзнікла прымаўка "Паны б'юцца, а ў мужыкоў чубы трасуцца". Усяго ў гiсторыi Беларусi было каля 10 грамадзянскiх войнаў. Гэтыя войны (і знешнія, і асабліва ўнутраныя) прыносілі няшчасце простаму народу.

(Працяг у наст. нумары.)


ПАРЦЭЛЫ

Алесь Макрацоў

***

Беларускі люд…

"Упрыгожаны" рускамоўем…

***

Вяртанне ў родную вёску,

Якой…

Насамрэч няма?

***

Ласкавы…

Бэзавы дзень

Нараджэння

Ў паэта…

***

Галубка дзікая

Прылятала…

Надзею і пёрка

Падаравала…

***

Пчаліны

Гімн…

Вэлюму

Яблыні…

***

Дух

Мой -

Дзіця

Божае?..

***

Савецкага

Часу…

Нялітасныя

Дажынкі…

***

У хатах

Печы…

З цэглы

Царквы?..

***

Паснулі

Касцы…

На лузе

Лазы копы.

***

Кляны…

Каля загінутай

Хаты…

Трох сыноў?

***

Поле

Жыцця…

Зарасло

Гадамі…

***

Матуліны

Сны…

На плячы

ў сына…

***

Чырвонае

Пужала…

На суседскім

Падворку…

***

Ніводнага

Зуба…

У майго

Аднакашніка…

***

Жыццё…

Як ці заварка

Гарбаты

Пакеціка…

***

Здзічэлага

Саду…

Драпежная

Лапа…

***

Раскрытая

Пашча…

Балотнага

Вываратня…

***

Залатым

Ядром…

Праляцела

Маланка…

***

Даўгавухі…

Даў лататы

З грады…

Шкодны заяц!..

***

Гародны

Дэльфін…

Кабачок крутабокі…

***

Бур'ян…

Не заглушыў

Святаяннік.

Сонечна…

***

Сівога

Дзяцінства

Жнівеньскія

Аблокі…

***

Капа…

Працяжнікаў

Складзеная.

Мурашкі…

***

Дзялянка

У лесе…

Сумны

Падсвечнік…

***

Шыпенне

Гадзюкі…

Бы шыны

Прабітай…

***

Рыпенне

Ботаў…

Нібыта

Вупражы…

***

Гаюча…

Пахне

Смалой

Падтопа…

***

Спагеці…

На забытай

У пограбе

Бульбе…

***

Юшку…

Забыў адкрыць.

Дымна ў хаце

І горка…

***

Цёплы…

Кастрычнік.

Лета

Прысак…

***

Роднай

Хаты…

Дзедавы

Вочы…

***

Душа…

Кантужанага

Вайной

бацькі…

***

Восені

Золата…

На магілцы

Матулі…


Красавіцкія вернісажы

5 красавіка 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася сумесная выстава скульптара Сяргея Аганава (1974 г.н.) і мастака-графіка Ігара Гардзіёнка "На адным полі ваяры". Экспазіцыя ўключае больш за 30 твораў.

Аганаў Сяргей Львовіч скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці "скульптура". Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 2001 года, сябар грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў". З 2005 г. працуе ў галіне станкавай манументальнай скульптуры. Сярод творчых дасягненняў помнік па-геройску загінуламу курсанту Зміцеру Гвішыяні (Менск 2004), брама ў храме-помніку Усіх Святых (сумесна з Андрэем Хацяноўскім, Менск, 2013-2017), мемарыяльная дошка Янку Купалу (сумесна з В. Нячай, Вільня, Літва), скульптурная кампазіцыя "Войт", прысвечаная атрыманню Менскам Магдэбургскага права (2014 г.), помнік князёўне Анастасіі Слуцкай (Слуцк, 2016 г.), помнік Давыду Гарадзенскаму (Гародня, 2017 г.). Перамога ў конкурсе на помнік "Гедымін - заснавальнік Лідскага замка" (сумесна з В. Нячай, Ліда, 2018 г.).

Асабіста мне на выставе спадабаліся творы: "Гедымін", "Лікі продкаў", "Няміга", "Грунвальд"...

Гардзіёнак Ігар Леанідавіч скончыў Беларускую Дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыялнасці "графіка". Удзельнік мастацкіх выстаў з 1992 года, сябар грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" з 1997 года. Працуе ў станкавай і кніжнай графіцы, жывапісе і дызайне. У Беларускай Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў працуе з 2004 г. У 2011-2017 гг. загадчык кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры, дацэнт кафедры малюнка. Сярод творчых прац ў кніжнай графіцы вылучаюцца: трыпціх "Шлях на Грунвальд" (2010), "Гедзімін. Каралеўства Літвы і Русі" (выдавец Татарнікаў С.Ю., Менск, 2012 г.), ілюстрацыі да кніг Ю. Мазго "Адвечныя скарбы Радзімы" (выдавецкі дом "Звязда", Менск, 2013 г.), М. Мятліцкага "Скарб бяздонны. Легенды і паданні" (выдавецкі дом "Звязда", Менск, 2016 г.).

Выстава будзе працаваць па 30 красавіка.

А вось 6 красавіка 2018 года мастацкая галерэя "Беларт" грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" запрасіла на адкрыццё выставы жывапісу Юліі Мацуры "Водгук святла". Мастачка нарадзілася 27 лютага 1984 г. у Менску. У 2002 годзе скончыла Менскі каледж мастацтваў, а ў 2008 - Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (кафедра графікі). З 2008 г. - сябра Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў тэхніцы афорту, літаграфіі і жывапісу. Працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Кітая, Іспаніі, Нямеччыны, Швецыі, Фінляндыі, ЗША, Расіі, Ізраіля...

У 2005 годзе дзяўчына атрымала Гран-пры пленеру экслібрыса ў г. Крыжова (Польшча). Спадарыня Юлія з'яўляецца стыпендыяткай прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. З 2002 года актыўна удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах.

У 2010 г. - удзельніца другога беларускага біенале жывапісу, графікі і скульптуры; удзельніца выставы краявідаў (Палац Мастацтваў)

У 2012 годзе - удзельніца рэспубліканскай мастацкай выставы "Тастамант" трэцяга беларускага біенале жывапісу, графікі і скульптуры (таксама Палац Мастацтваў). Таксама ўдзельніца выставы, прысвечанай юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельніца міжнароднага біенале акварэлі (г. Петразаводск, Расія). Удзельнічала ў выставе віцебскіх мастакоў "Партрэт горада", таксама ў міжнародным біенале акварэлі "Вада + фарба".

У 2016 годзе творчая асоба ўдзельнічае ў персанальнай выставе жывапісу і графікі "Засталася цішыня" ў мастацкай галерэі "Беларт" ГА БСМ і іншых мерапрыемствах...

На адкрыцці выставы выступілі Ларыса Фількінштэйн,Уладзімір Савіч, Юры Падолін, Юры Хілько і іншыя асобы. Было цікава. Карціны ў галерэі даступныя для прагляду па 30 красавіка.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Першы раённы Велікодны фестываль у Нясвіжы

… я жыву - між "няможна" і "хочацца"…

я тужу - між "няхочацца" й "трэба"…

як на ручкі дзіцёнак просіцца,

малю Бога: - … вазьмі на Неба!..

- слухай спевы спрадвечнага ладу …

чуй - якая ў іх сіла й краса…

Неба ў сэрцы тваім, маё чада …

толькі ты не сыходзь з яго сам…

Алег Бембель.

Свята Вялікадня падабаецца ўсім без выключэння, яно аб'ядноўвае, запрашае да сумоўя людзей розных канфесій і званняў. Пацвярджэнне гэтым словам - першы Велікодны фестываль, які адбыўся ў Нясвіжы 15 красавіка бягучага года. У ім прынялі ўдзел святары Нясвіжскага дабрачыння, манахіня рыма-каталіцкай парафіі Божага цела ў Нясвіжы сястра Людміла, наведвальнікі нядзельных школ, прадстаўнікі духоўна-асветніцкага цэнтра "Існасць", што працуе пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, аматарскія калектывы Нясвіжчыны.

Фестываль распачалі вядоўцы Раман Грышын і Кацярына Кастурбай вершам Алега Бембеля (манаха Іаана) "Я жыву між "няможна" і "хочацца". А першыя акорды фестывалю прагучалі ў выкананні хору храма Узнясення Гасподняга пад кіраўніцтвам Ірыны Чысцяковай. Вельмі стараліся падтрымаць святочны настрой ва ўсіх, хто сабраўся на свята, і ўдзельнікі дзіцячага хору храма Георгія Пераможца г. Нясвіжа пад кіраўніцтвам Хрысціны Пятрэнкі, юныя прадстаўнікі брацтва Прэабражэння Гасподняга Троіцкага храма вёскі Салтанаўшчына (кіраўнік Алег Абрамовіч), наведвальнікі тэатральнага гуртка "Агеньчык" СШ № 4 горада Нясвіжа.

Да іх далучыліся народны ансамбль песні "Млечны шлях" пад кіраўніцтвам Таццяны Казловай, вакалісты вакальнай студыі "МІКСТ" Злата Верамчук і Юлія Шчарбакова, танцавальныя калектывы "Вясёлка" (кіраўнік Настасся Стульба), "Пугаўкі", "Кропелька" (кіраўнік Алена Капуста), народны ансамбль песні "Лянок", народны ансамбль песні "Забава" Гарадзейскага цэнтра культуры" (кіраўнік Вольга Александровіч), народны ансамбль песні "Згода" (кіраўнік Іна Філіпава), народны ансамбль песні "Ланская бяседа" (кіраўнік Таццяна Мароз) і многія іншыя.

Вельмі спадабаліся несвіжанам велікодныя акцыі "Дрэва", пад час якой усе ахвочыя змаглі ўпрыгожыць Велікоднае дрэва самаробнымі яйкамі і "Велікоднае свята - размалюем свята разам", дзе маленькія нясвіжцы паспрабавалі стварыць пісанку.

Падчас фестывалю былі падведзены вынікі дзясятай раённай Велікоднай выставы "Яечак сёлета багата - мы шчыра сустракаем свята", якія агучыла старшыня журы Марына Пятроўна Канавалава.

Несвіжанам у гэты дзень былі прапанаваны і майстар-класы ад народныў умельцаў Алены Хоміч і Ганны Міхайлік (саломапляценне), Вольгі Пастуховіч і Таццяны Бутрымовіч (вышыўка), Кацярыны Мяленькі (роспіс па дрэве), Святланы Мартас (бісерапляценне).

Усе ўдзельнікі свята былі адзначаны падзякамі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама, Нясвіжскага РК ГА "БРСМ".

У свяце прынялі ўдзел і наведвальнікі сямейнага клуба "Згода", што працуе пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Сем'і Таццяны і Аляксандра Высоцкіх (пяцёра іх дзетак з шасці ўваходзяць у тэатральны гурток "Агеньчык"), Таццяны і Уладзіміра Бутрымовічаў, Сяргея і Наталлі Каладзінскіх, Аляксандра і Надзеі Нялюбіных, Анатоля і Алены Франчукоў, якія не раз дапамагалі ў арганізацыі мерапрыемстваў духоўнага плану ў Нясвіжы, таксама былі адзначаны падзякамі.

Ініцыятарам правядзення фестывалю стала дырэктар ДУК "Нясвіжскі цэнтр культуры" Ганна Дзмітраўна Віннічак. Яе ініцыятыву падтрымалі ўсе супрацоўнікі ўстановы, якую яна ўзначальвае, кіраўніцтва раёна ў асобе старшыні райвыканкама Генадзя Міхайлавіча Салаўя, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Віктаравіч Круглік, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама Алена Уладзіміраўна Клішэвіч, Нясвіжскага РК ГА "БРСМ" Хрысціна Літвінава, дырэктар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Людміла Вітко, дабрачынны Нясвіжсмкай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка, ксёндз рыма-каталіцкай парафіі Божага Цела ў Нясвіжы дэкан Нясвіжскага дэканата Віталь Скрыга і многія іншыя несвіжане, неабыякавыя да спраў духоўнасці.

Бог дорыць усім нам любоў, спакой і радасць. Нясе гэтыя каштоўнасці ў кожны дом, пасяляе ў кожную душу. А нам застаецца толькі прыняць Яго падарункі з удзячнасцю. І памятаць не толькі пра зямлю, якая ў нас пад нагамі, але калі-нікалі ўглядацца ў бязмежныя прасторы неба. Таму ёсць надзея, што добрае пачынанне, распачатае на Нясвіжчыне, абавязкова будзе мець працяг.

Валянціна Шчарбакова.


Калі падымаешся вышэй, бачыш дзівосную прыгажосць!

Году малой радзімы прысвяціў новую выстаўку мастацкіх фотаздымкаў "Нечаканая Беларусь" вядомы фотамайстар Сяргей Плыткевіч, дырэктар выдавецтва "Рыф-тур" і Фонду надтрымкі жывой прыроды "Чырвоны бор". Аўтар шматлікіх фотаальбомаў, турыстычных даведнікаў, збораў паштовак на працягу дзесяцігоддзяў дзеліцца з гледачамі сваім унікальным бачаннем хараства нашай зямлі.

З вышыні птушынага палёту ён адпюстраваў разліў Прыпяці, убачыў Полацк, Віцебск, Гярвяты, Ашмяны, Менск. Паказаў, як выгінаюцца дугой блакітныя стужкі рэчак, як пераліваюцца рознымі колерамі лясы і рассыпаюцца бісерам маленькія купінкі і выспачкі сярод вялікіх балот, Яго кнігі "Беларуская экзотыка", "Нечаканая Беларусь", "Планета Беларусь", "Дзікая прырода ў цэнтры Еўропы", "Ад Полацка пачаўся свет" і шэраг іншых - люстэрка нашай краіны для замежнікаў. Выставы фотаздымкаў Сяргея Плыткевіча праходзілі ва Уроцлаве, Кракаве, Варшаве, Маскве, Празе, Вільні, Таўрагу, Абу Дабі.

Сяргей Міхайлавіч нарадзіўся 7 жніўня 1963 года ў вёсцы Ванюжычы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Фатаграфаваць ён пачаў з чатырнаццаці гадоў. Усё пачынанася з рамантыкі, з турысцкіх паходаў, з жадання здымаць, і адчуўшы гэта, маці падарыла хлопцу фотаапарат "Вілія", які набыла на 13-тую зарплату. Полацкі лясны тэхнікум паглыбіў повязь юнака з прыродай і прыхільнасць да ўсіх дзівосных лясных істот, А факультэт журналістыкі, на які Сяргей паступіў у 1982 годзе, дапамог адшліфаваць майстэрства фатаграфіі, даў досвед працы ў студэнцкім перыядычным друку, а таксама - будатрадаўскі досвед. Яго ідэалам у журналістыцы былі Васіль Пяскоў і Юрый Рост.

Сяргею давялося папрацаваць у студэнцкім атрадзе, які разбіраў завалы пасля землятрусу ў Арменіі. З калегам Сяргеем Брушко ён рабіў здымкі ў Чарнобыльскай зоне. На стужцы засталіся сляды радыяцыі... Ён аб'ехаў усю Беларусь, здымаў Налібоцкую і Белавежскую пушчу, Браслаўшчыну. На пытанне, як пачалі стварацца здымкі з вышыні, вядомы фотамайсгар адказаў:

- Хацелася знайсці незвычайны ракурс. Я ўбачыў кніжку аднаго французскага фатографа, які зняў увесь свет. Я вырашыў зрабіць так пра Беларусь. Дапамаглі сябры з Полацкага ляснога тэхнікума. У нас была спецыялізацыя лётчык- назіральнік, той які фіксуе пажары і паведамляе ў Міністэрства надзвычайных здарэнняў. Выпускнікі Полацкага ляснога тэхнікума працавалі па ўсёй Беларусі. Яны пачалі браць мяне з сабой, з імі я рабіў цікавыя панарамныя здымкі. Спачатку я лятаў з "Беллесавія", а потым мы маглі самі замаўляць вергалёт. Цяпер я набыў квадракоптар і падымаюся на ім у неба.

Калі ты ўздымаешся ў вышыню, то бачыш усю Беларусь, якая была 20, 30 і 100 гадоў таму. Ёсць такія мясціны, якія абсалютна не змяніліся. Такімі іх будуць бачыць нашы дзеці і ўнукі. Існуе тэрмін: мора Герадота або Палеская Амазонка. У праўдзівасці яго пераконваешся на вышыні. Мяне як паляшука ўражвае разліў Прыпяці.

Калі пралятаеш над купалам Сафійскага сабора і бачыш, як Палата ўпадае ў Заходнюю Дзвіну - адчуваеш, што гэта калыска нашай беларускай цывілізацыі. Адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі. У нас з Уладзімірам Арловым выходзіла кніга "Ад Полацка пачаўся свет". Пісьменнік напісаў цудоўныя тэксты, а я імкнуўся адпаведна сфатаграфаваць. Полацк - радзіма Уладзіміра Арлова, і для мяне гэты горад стаў другой радзімай, бо там я вучыўся ў тэхнікуме.

Прадстаўляючы фотаздымкі з новай зкспазіцыі, Сяргей Плыткевіч распавёў пра запаведныя і маляўнічыя мясціны Беларусі.

- Прыродны комплекс "Чырвоны бор" ахоплівае два заказнікі на тэрыторыі Верхнедзвінскага і Расонскага раёнаў. Уявіце: 300 метраў - балаціна, а пасля адразу ж - гара, потым - сасновы бор, альшаннік, рака, шмат азёр... Верхавое балота Ельня на думку спецыялістаў з'яўляеца самым вялікім ў Еўропе. Калі падымаешся вышэй, бачыш дзівосную прыгажосць. На гэтым балоце ёсць возера Ельня, возера Плоскае, казачнае возера Курганістае. А на азёрах - мноства фантастычных астравоў!

На падсумаванне Сяргей Міхайлавіч падзяліўся навіной пра адкрыццё новага інтэрнет-рэсурса planeta belarus.by

- Перспектыва - за новымі тэхналогіямі. На гэтым тыдні мы адкрываем маштабны інтэрнет-праект "Планета Беларусь", які я рабіў два апошнія гады. На ім будуць прадстаўлены ўсе цікавосткі, турыстычныя марштруты, сядзібы, звязаныя з дзейнасцю пісьменнікаў. Праз сайт можна будзе выбраць маршруты і месцы для адпачынку, замовіць і аплаціць іх. У будучыні гэты праект будзе знакавым для нашай Беларусі. Апошнія 25 гадоў я займаюся прафесійным турызмам і ведаю, як важны для краіны добры імідж. Можна будзе набраць на сайце любы аб'ект: царква ў Расонах, касцёл у Вушачах, возера Ізубрыца - і пачытаць гісторыю будынка, пабачыць, як ён зараз выглядае і знайсці, якія дарогі туды вядуць, дзе можна побач спыніцца. Вельмі сучасны рэсурс. Тэксты стваралі аўтары нашага краязнаўчага выдавецтва, напрыклад, з раённага цэнтра Бяроза пісала Валянціна Казловіч. якая родам з гэтых мясцін.

Пра сваю сям'ю спадар Сяргей распавёў:

- Мая жонка Наталля з'яўляецца рэдактарам сайта "Дзікая прырода". У нас - сын і дачка. Дачка стала мастаком і робіць жаночыя капялюшыкі. Мы вырашаем еўрапейскую праблему, наш зяць - курд з Ірака.

Выстаўка "Нечаканая Беларусь" дэманструецца ў мастацкай галерэі "Атрыўм" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Эла Дзвінская, фота Сяргея Плыткевіча.


З успамінаў Вандаліна Шукевіча1

Голас з Рудніцкай пушчы

Адзін з эпілогаў паўстання

Дзякуючы Юзафу Шукевічу - пляменніку Вандаліна Шукевіча, мы атрымалі магчымасць надрукаваць фрагмент тэксту аб падзеях паўстання 1863 г., напісаны праз гады Вандалінам Шукеічам на падставе ўласных успамінаў дзяцінства.

(Рэд. "Віленскага Кур'ера").


У памятным для кожнага мясцовага чалавека студзені 1863-га года амаль што не было зімы. Толькі трохі закранула яна сваім снежным крылом нашу краіну і ўмацавалася дзесь далёка за Дзвіной і Дняпром, пакінуўшы зямлю голай і бруднай, але не замарожанай, а загорнутай у шэрыя туманы, якія час ад часу разрывала яркае сонца, якое дасылала зямлі свае гарачыя пацалункі. Старэйшыя людзі не памяталі такога цяпла ў гэтую пару і прыпісвалі такую з'яву ласцы Пана Бога, які злітаваўся над тымі, хто пакінуў свае сямейныя агмені і самае дарагое ў жыцці, хто туляўся па лясах і ваяваў на баку святла пры гэтым цэлымі тыднямі не меў даху над галавой.

У красавіку вясна была ўжо ў самым росквіце, яна рассявала па зямлі, якая ўжо прачнулася ад зімовага сну, свае чарадзейныя дары і напаўняла людскія сэрцы надзеяй.

Надзея! Хто тады не меў яе ў нашым краі? Каму не мроіліся вялікія планы адбудовы сваёй дзяржавы? Бо, хто не марыў - той не меў веры ...

"Гэтая труна, якая стаіць падпёртая рукой гіганцкага ката, разломіцца"2. Хто не чакаў уваскрашэння! Але іншыя былі планы Ўсявышняга! Гром праходзіў за громам, героі гінулі за ідэю і пакідалі пасля сабе пустату, якую нельга было запоўніць. Нягледзячы на вялізныя высілкі герояў, Святая справа не перамагла.

Адна з першых сцэн гэтай гістарычнай трагедыі разыгралася ў Лідскім павеце. Галоўным акцёрам драмы быў Людвік Нарбут, сын Тэадора, знанага гісторыка Літвы. І трэба сказаць, што Людвік выканаў даручаную яму ролю па-майстэрску. Згодна з меркаваннямі спецыялістаў, ягоная тактыка вайны была настолькі дасканалай, што яе потым вывучалі ў вайсковых школах як узор партызанкі. Быў ён тут майстрам, загартаваўся ў агні вайны на Каўказе, куды быў сасланы з віленскай гімназіі ў 1848 г. і 11 гадоў служыў шараговым жаўнерам, удзельнічаў у больш, чым у 90 сутычках і вялікіх бітвах. Вярнуўся дамоў, бо кроўю заслужыў афіцэрскі чын. Ледзь паспеў адпачыць ад небяспечных вайсковых спраў і прызвычаіцца да цяпла хатняга агменя, як Айчына, якая пачала ўставаць з труны, паклікала яго да зброі. Прызначаны кіраваць збройным паўстаннем на Лідчыне ён збірае людзей і на Грамніцы, выконваючы свой абавязак, выступае з групай байцоў. Але я не маю намер пісаць гісторыю партызанскага руху, якім на працягу больш двух месяцаў кіраваў Нарбут. Хацеў бы толькі дзеля памяці нашага героя і яго сяброў падаць некалькі ўспамінаў з тых бурлівых дзён, якія засталіся нават у маёй дзіцячай памяці.

Людская памяць ненадзейная. Асабліва ў памяці дзіцячых гадоў часта нават дробныя дэталі могуць мець вялікую вагу, заціраючы больш значныя эпізоды і такім чынам ствараць невыразнае хаатычнае цэлае з якога час ад часу усплываюць розныя факты і фактыкі. У маёй памяці, перад усім, захавалася адчуванне напружанасці, якое ахоплівала мяне, калі я здалёк бачыў жаўнерскую масу якая сунулася па дарозе ад чыгункі 3. Гэтая жаўнерская маса рабіла ўражанне гіганцкай змяі, у якой зіхацяць на сонцы жалезныя шыпы - багнеты.

Я ведаў, што гэтая змяя паўзе, каб знішчыць нас, і страх ахопліваў маю дзіцячую душу, як быццам я бачыў постаць самой смерці! І дзіўная рэчы - не думалася пра пагрозу сябе асабіста, хоць пагроза не раз была вельмі блізка бо паўстанцы не абміналі наш дом. Але я адчуваў што шэрая маса на дарозе - гэта смерць нашых братоў, а бляск багнетаў гэта маланкі накіраваныя ў нашых герояў, якія змагаліся за волю. Далей памятаю агідныя ўражанні выкліканыя гукам стрэлаў бітвы ў Лакштунцах 4, потым глухія весткі пра паразу і рассеянне паўстанцаў, пра смерць Нарбута пад Дубічамі і нарэшце пра пахаванне ахвяр, енкі роспачы ўсіх дарослых.

Страчана надзея, цемра без променю агню, пекла.

Гэтыя ўспаміны мінулага, нібы пералётныя птушкі, абселі мой розум. За ўвесь час не забылася гора аб забітых Злом, гэтым горам жылі старэйшыя пакаленні, гора, таму што столькі сіл і энергіі, столькі гераізму пайшло марна! Бо колькі было неабходна гераізму, каб пайсці на смяротную справу, не маючы надзеі, што нават асабістая смерць створыць умовы для жыцця наступных пакаленняў. Такой надзеі Нарбут не мог мець, бо як прафесійны вайсковец добра ведаў моц абодвух бакоў. Бачыў, што паўстанне не толькі не пашыраецца, але нават наадварот - гасне з кожным днём, што сілы з кожным днём змяншаюцца, а дапамога, якую чакалі, не прыходзіць. Але пры гэтым не падаў духам, змагаўся да апошняй кроплі крыві і аддаў сваё жыццё за Бацькаўшчыну. Сутычка ў Лакштунцах, гукі якой так адбіліся ў маёй дзіцячай душы, была адносна паспяховай. Бо толькі не ўтрымаліся і адступілі перад рэгулярным войскамі, якія значна пераважалі, мелі нават гармату. Але ваявалі спраўна і значна прарэдзілі шэрагі рускіх. Таму іх не пераследавалі, і паўстанцы маглі адступіць ў балоты рэк Котры і Пелясы на поўдзень ад Дубічаў. Тут Нарбут, адчуваючы сябе ў адноснай небяспецы, дазволіў трохі адпачнуць пасля доўгіх і цяжкіх пераходаў, чакаў папаўнення з Троцкага павета. Не дачакаўся, бо 4 траўня выбухнула другая бітва, апошняя ў яго жыцці. Бітву пад Дубічамі добра не памятаю, ведаю толькі, што палкоўнік Цімафееў, высланы супраць Нарбута на чале аддзелаў гвардыі, стаяў каля Начы, а потым пайшоў у Дубічы, дзе ён нейкі час затрымаўся перад ударам па паўстанцах, якія атабарыліся паміж рэкамі і балотамі. Гэта прамаруджанне тлумачылася па-рознаму: адны даводзілі, што яго трымаў страх няўдачы, бо не ведаў, якія сілы мае Нарбут і чакаў дапамогі, іншыя тлумачылі прамаруджанне міралюбнасцю Цімафеева, які не жадаў дарэмна ліць кроў сваіх жаўнераў і таму цягнуў час, каб даць Нарбуту час адступіць у бяспечнае месца Гарадзенскай пушчы. За апошнюю версію кажа факт, з якога пачаўся бой: пасля трох ці чатырох дзён бяздзеяння некалькі афіцэраў, лічачы, што паўстанцы далёка, выбраліся на лодках на паляванне і праз некалькі вёрст уніз па рацэ неспадзявана наткнуліся на паўстанца. Той выстраліў і пабег да сваіх, а афіцэры як хутчэй вярнуліся ў Дубічы 5. Адразу пасля гэтага рускае войска выйшла з Дубіч шукаць паўстанцаў. Пры пераправе цераз раку каля Дубіч па вузкай кладцы ім ніхто не перашкаджаў. Жаўнераў праводзіў знаёмымі сцежкамі сярод балот селянін Базыль 6 (павешаны потым паўстанцамі з атрада Віславуха) 7. Так салдаты дайшлі да паўстанцкага лагера. Бой быў кароткім. Пасля першых стрэлаў Нарбут быў паранены ў нагу. Паплечнікі згрудзіліся каля яго і спрабавалі вынесці з прастрэльванага месца. На гэта звярнуў увагу непрыяцель і менавіта на гэтай групе сканцэнтраваўся агонь салдатаў, амаль што ўсе паплечнікі Нарбута былі забітыя (менавіта гэты момант намаляваны ў Андрыёлі) 8. Загінуў Нарбут, якога неслі на руках, загінулі Леан Краінскі з Грышанішак, Францішак і Аляксандр Бразоўскія з Гурнофеля, што пад Васілішкамі, Уладзіслаў Жукоўскі з Лацка, Губарэвіч, Пётр Янкоўскі, Пакемпіновіч, Скірмунт з Піншчыны, Ёдка з Петрашунцаў, Лукашэвіч з ваколіцы Меканцы, селянін Грэмза з вёскі Ліпканцы і іншыя 9. Рэшта паўстанцаў рассеялася па лясах і часткова патрапіла ў рукі ворага, часткова памерла ад ран і голаду, часткова далучалася да іншых паўстанцкіх аддзелаў. Але аддзел Нарбута перастаў існаваць.

Пасля разгрому паўстанцаў, палкоўнік Цімафееў вярнуўся ў Дубічы і даў дазвол пахаваць палеглых з набажэнствам. Гэты, для таго часу, людскі ўчынак прынёс яму сімпатыю. Па лесе былі падабраныя трупы паўстанцаў, перанесеныя да мясцовага касцёла і зложаныя ў бабінцы.

Страшны, грозны, а таксама балючы быў выгляд пакутнікаў за свабоду, распранутых да кашуляў і ляжаўшых ў рад, нібы зжатыя смерцю снапы. Такая невымерная павага, такая веліч адчувалася ў гэтых постацях, што мы глядзелі на іх, як на святых, як на найлепшую частку нашага народа, якую страцілі назаўжды і з якой назаўжды будуць пахаваныя нашы надзеі і самыя прыгожыя мары.

Вестка пра дазвол пахаваць герояў разышлася хутка і кожны паспяшыў да касцёла, і кожны прывёз усё неабходнае для цырымоніі пахавання. Людзей было так шмат, што яны запоўнілі не толькі касцёл, але і ўсе могілкі, і адусюль да нябёс уздымаліся малітвы. Чуліся енкі і крыкі роспачы, гэтыя гукі плылі па хвалях блізкага возера, шумелі бурай у блізкай пушчы і агромністай скаргай уздымаліся да скляпення нябёсаў, клічучы да помсты і ратунку народа, які гінуў. Усе ціснуліся ў натоўпе, каб хоць здалёк пабачыць чорную панурую піраміду з нябожчыкаў, якая танула ў зелені, затопленая плынямі святла і дыму ад кадзільніц. Кожны стараўся назаўжды запомніць бледныя і змярцвелыя дарагія рысы, якія яшчэ зусім нядаўна жылі з запалам і любоўю да Айчыны. І прыняла іх парэшткі маці-зямля, якую яны так любілі, а людзі сваімі далонямі засыпалі іх вялікі, як народная крыўда, дол. Толькі скончыўся балючы абрад, толькі раз'ехаліся апошнія ўдзельнікі пахавання, як прыйшоў іншы вайсковы аддзел з казакамі, каб разагнаць сабраўшыхся тутэйшых. Але спазніліся і таму, каб сцерці з паверхні зямлі след "бунтовщиков", толькі зруйнавалі курган над магілай. Некаторыя з мясцовага люду апавядалі яшчэ горшыя рэчы, а менавіта, што ўначы труны былі выкапаныя і кінутыя пасярод возера. Зараз месца, дзе магіла герояў, адзначана доўгай упадзінай з каменем, на якім надпіс "Леан Краінскі, 1863", пасярэдзіне 10. Пуста і глуха зараз у гэтым закінутым кутку нашай Радзімы, нічога не напамінае трагедыі, якая тут адбылася раней, і нават людская памяць гэтыя светлыя вобразы нашай гісторыі захавала ў выцвілых барвах ...


Ці былі высілкі герояў марнымі?

Для паўнаты разумення падзей у Лідскім павеце, дазволю сабе дадаць яшчэ адзін эпізод, які адбыўся пры канцы бою пад Дубічамі. Адзін з удзельнікаў быў паранены ў нагу, страціў шмат крыві, і перамагаючы боль краўся ў бок мястэчка Забалаць. Паўстанец прылёг у лесе, каб набрацца сіл і пабачыў вайсковы аддзел з афіцэрам на чале, які ішоў у яго бок. Ні хвіліны не марудзячы, не думаючы пра наступствы, ён выстраліў у афіцэра з пісталета і забіў яго. Жаўнеры кінуліся да паўстанца і літаральна ўзнялі яго на багнеты, пасля чаго вырашылі, што герой загінуў і таму пакінулі ў лесе, а цела афіцэра панеслі з сабой. Аднак, атрымаўшы шаснаццаць ран, паўстанец не памёр, яго знайшлі і перанеслі ў бліжні маёнтак. Ён выжыў, цалкам выздаравеў і зараз ранамі, якія пакрываюць яго цела, можа засведчыць праўдзівасць сваёй гісторыі 11. Гэта адзін з шматлікіх фактаў, якія паказваюць баявы дух, што жыў у мужных сэрцах нашых ваяроў за свабоду і ўздымаў іх да вышыняў сапраўднага гераізму. Наша павага ім за пралітую кроў, за ахвяры якія яны панеслі дзеля Бацькаўшчыны. Павага да пакутнікаў якія загінулі з-за любві да свабоды. Хай памяць пра іх застанецца ў наступных пакаленнях, а пралітая кроў, нібы вясеннія плыні, хай угноіць глебу нашага духу, якая страціла ўрадлівасць пад цяжарам няволі і падрыхтуе яе да прыняцця божага пасеву.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


1 Kurjer Wilenski № 22 (2912), 24 stycznia 1934.

2 "Ze grob ten peknie, co stoi wsrоd swiata przyparty reke olbrzymiego kata" - радок Зыгмунта Красінскага (Zygmunt Krasinski).

3 У 1860-1862 гадах праз паўночна-заходні ўчастак Лідскага павета была пракладзена чыгуначная лінія Санкт-Пецярбург-Варшава праз Вільню, на якой былі пабудаваны станцыі Вільня, Ландвараў, Руднікі, Алькенікі, Араны, Марцінканцы, Парэчча і Гародня. Гэтая чыгунка актыўна выкарыстоўвалася ўладамі для перавозкі войск.

4 Ва ўрочышчы Лакштунцы адбываліся фінальныя падзеі бітвы пад Кавалькамі 20 красавіка 1863 г. Удзельнік паўстання Міхал Эльвіра Андрыёлі пісаў пра гэта: "Акружаныя і заціснутыя маскалямі, якія мелі за справу гонару разбіццё аднаго аддзела, што меў славу на Літве, цэлую ноч адступалі без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскі, Краінскі, Нарбут і праваднік са свечкаю ў руках шукаюць дарогі па пушчы. Мы парамі, хістаючыся ад стомы і сплючы на маршы, чапляючыся за калоды і вываратні, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвіліны, што нашы праваднікі губляюцца ў вялізарнай пушчы, кажуць аддзелам спыніцца, а самі разыходзяцца шукаць слядоў дарогі: тады адны стоячы, другія прысеўшы, іншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткім сном. Зноў каманда: "Руш", - і цягнецца сонная, змучаная дружына.

Пад раніцу, пераканаўшыся, што кружым вакол, кідаем асцярожнасць і галодныя спыняемся недалёка ад хаты лесніка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазіцыі няма гаворкі. Бо мы думаем, што маскалі, збітыя нашым начным бадзяннем, пакінуць нас у спакоі. Затрымаліся ў сярэдзіне вялізнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вачамі невялікую прасеку, цераз якую вілася сцежка да лесніка. Сонца пачынае прыпякаць, пад адзінаццаць раніцы становіцца горача. Кожны размясціўся, як мог, захоўваючы, аднак, баявую лінію, павернутую фронтам да прасекі. Адны спяць, другія ядуць, іншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кніжкі альбо лісты.

Каля другой пазіцыі ад паўдня зменены пікеты, цішыня ў лагеры нечуваная, чуцён піск мух і камароў. Нарбут на хвіліну адышоў за зараснік, звыклая пільнасць на гэты раз аслабла, цяпло і стома апанавалі ўсімі.

Раптам стрэл здалёку, а за ім два іншыя: "За зброю, за зброю!". Нарбут ужо паміж намі. Забурліла, як у катле, падхопліваюцца задрамаўшыя... пытанні, неспакой, замяшанне. Толькі начальнік спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў і заняць баявую лінію па трое ўздоўж краю лесу і прасекі.

Пераканаліся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе, хвіліну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалі прызначанае сабе месца. Касінеры з афіцэрам у баявой калоне залеглі праз 200 крокаў за стралкамі. Тыя ж, хаваючыся за пнямі і ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой і пальцам на спуску, чакалі каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралі маскоўскія трубы баявы сігнал: "Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!" Знаёмы той сігнал дагэтуль гучыць у вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе ніколі нельга палічыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькі ён і некалькі бліжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы і рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усіх бакоў - вайсковая труба робіць немалое ўражанне. "Пане Пілецкі, - гукае Нарбут, - вазьмі 10 чалавек і руш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвіліну: - Калі ласка, не рызыкуй". Пілецкі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, смелы, талковы, разважлівы, а прытым ветлівы і далікатны хлопец, быў улюбёнцам усяго аддзела. Яму то Нарбут давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што той з іх смела і разважліва выйдзе.

Пасля адходу Пілецкага наступіла ціша, якой нават маскоўская труба не прарывала. Толькі сэрцы біліся хутчэй. Нарбут перабягае ўздоўж усёй лініі з шашкай у адной і шапкай у другой руцэ, спыняецца, слухае і зноў выглядае, ці ўсе на месцы.

Страшную цішу неспадзявана разрываюць гукі некалькіх стрэлаў, загралі трубы, і даляцела: "Ура-Ура", якое лес падхапіў і на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелі кусты, і з стрэльбамі, якія яшчэ дыміліся, выскачылі нашы рэкагнасцыроўшыкі. Твары белыя, дыханне прыспешанае: "Пане начальнік! Ідуць шасцёркамі, лінія велізарная, займаюць крылы!" - "Добра! На месца! Ціха... ніякіх галасоў! Хто крыкне - расстраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне ніхто не піскнуў!" А ад стрэлаў маскоўскіх здавалася, што ломіць лес, кулі капаюць зямлю. Ужо сям-там чуваць: "Езус, Марыя! Правядзіце мяне на воз!" Але загадана не страляць. І кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.

Гулка грыміць лес. Стрэлы і крыкі ў 100 раз гусцейшыя і бліжэйшыя, ломяцца галіны, чуваць рух цяжкай масы. Праз хвіліну ўбачым маскоўцаў, а перад намі прасека, ціхая, аблітая сонцам.

Замігалі шэрыя шынялі, бліснула зброя і белыя акруглыя аблочкі на фоне лесу. Маскалі займаюць супрацьлеглы край прасекі. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афіцэраў, не рухаюцца. Відаць, іх непакоіць ціш з нашага боку. Нарэшце з трэскам і стрэламі рухаюцца шасцёркамі. Была то хвіліна збавення, сэрцы біліся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў і вытнуць у штыкі, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: "Агонь, хлопцы, усёй лініяй!" І ад канца да канца праляцеў выбух больш сотні стрэлаў, а потым ціша і дым.

Не граюць трубы, маўчыць "Ура!".

- Добра, добра, спраўна, набіць зброю, востра, хлопцы! - гукае расчырванелы Нарбут, абабягаючы ўсю лінію.

Зноўку граюць трубы, і чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы і: "Ура, вперёд, ребята!". Ломяцца кусты. Прымушаныя, гнаныя сілай паслушэнства, кідаюцца маскалі галавою ўніз з штыкамі наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвіліна - і ўсе кінемся наўцёкі. Але на выгук: "Агонь, прыцэльна!" запаляюцца 150 стрэльбаў на нашай лініі. Воблака дыму закрывае ўсё, уціхае трэск, чуваць толькі енкі параненых і канаючых з абодвух бакоў.

Але не доўга трывае цішыня, падходзіць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкі, паніка... Даём агню некалькі разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае націскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кідаемся направа, за малое балотца, дзе ўсё фармуецца вакол начальніка. ...Агонь аддаляецца, чуваць толькі адзіночныя стрэлы, галасы ціхнуць, лес замаўкае, ціша, але як яна адрозніваецца ад ранейшай. Бітва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзіць да нас глухі шум размоў, водгалас трубы і ад часу да часу далёкі стрэл. Ноч..." - Цыт. па Суднік Станіслаў. Людвік Нарбут // Наша слова № 37 (1084) 12 верасня 2012 г.

5 Па рускай версіі, для пошуку паўстанцаў, быў пасланы на другі бераг выведнік. Вярнуўшыся, ён расказаў, што за ракой ёсць пікет паўстанцаў. Выведніку з мясцовых не асабліва давяралі, і таму штабс-капітан Рэнвальд, камандзір 1-й стралковай роты, вызваўся праверыць гэтае данясенне. Пераапрануты паляўнічым, ён ўзяў з сабой стрэльбу і сабаку і, сеўшы ў човен, загадаў двум веслярам, таксама ўзброеным стрэльбамі, плыць уніз па рацэ. Пад'ехаўшы да таго месца, дзе першы выведнік бачыў пікет, афіцэр выйшаў з лодкі і пачаў аглядаць процілеглы бераг, быццам бы адшукваючы дзічыну, і неўзабаве ўбачыў пікет інсургентаў. Складзеныя ў сошкі стрэльбы з развешанай на іх бялізнай даказвалі, што паўстанцы не чакалі з'яўлення выведніка. Аднак вартавы заўважыў Рэнвальда і прыцэліўся ў яго, тады афіцэр хутка знік з берага, дабег да чоўна і паплыў да сваіх. - Гл: па История Лейб-гвардии Павловского полка. СПб., 1890. С. 418.

6 Па іншай версіі - Адам Карповіч. Менавіта з дапамогай падкупленых сялян Адама Карповіча і Антона Талікоўскага (ці Талочкі), былі знойдзены сляды інсургентаў і потым здраднік Адам Карповіч ад сялян дазнаўся, што аддзел Нарбута знаходзіцца ў Дубіцкай пушчы каля возера Пеляса і данёс Цімафееву - Гл. Karbowski W. Ludwik Narbutt. Zyciorys wodza w powstaniu styczniowem na Litwie. 1935. S. 111-119.

71 чэрвеня па прысудзе Нацыянальнага Ўраду ў вёсцы Мантаты быў павешаны Адам Карповіч. Потым былі запісаны апошнія словы Карповіча, і мы ведаем на якой мове паўстанцы размаўлялі паміж сабой. Калі інсургенты шукалі вяроўку, каб павесіць здрадніка, ён сказаў ім літаральна наступнае: "Паны, нашто шукаеце вяроўку, я маю дзяжку, тай павесьце", у польскім тэксце кнігі за гэтымі словамі, запісанымі лацінкай, ідзе пераклад на польскую мову. Здраднік вісеў два тыдні перад хатай Баневіча ў Мантатах, пакуль яго не знялі рускія салдаты. - Гл. Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 128-130.

8 Вакол Нарбута сабралася групка самых верных байцоў. Яны адыходзілі, падтрымліваючы камандзіра і адстрэльваючыся. На гэтую групку быў накіраваны агонь большай часткі салдатаў. Амаль што ўсе, хто быў разам з Нарбутам, былі забіты. Апошнімі да палкоўніка падбеглі Уладзіслаў Клімантовіч і Севярын Якубоўскі, яны і пачулі яго апошнія словы: "Dulce est pro patria mori" ( "Салодка памерці за Радзіму").

9 Паўстанцы, загінуўшыя пад Дубічамі:

1. Нарбут Людвік, 32 гады;

2. Бразоўскі Аляксандр, 32 гады, лекар з Гурнофеля;

3. Бразоўскі Францішак, 35 гадоў, жыхар Гурнофеля;

4. Грэмза Казімір, 25 гадоў, селянін з Ліпкунцаў;

5. Губарэвіч Стэфан, 35 гадоў, жыхар Галавічполя;

6. Ёдка Станіслаў Ян, 22 гады, жыхар Петрашунцаў;

7. Краінскі Леан, 35 гадоў, жыхар Грышанішак;

8. Пакемпіновіч Юзаф, 22 гады, студэнт Кракаўскага ўніверсітэта;

9. Паплаўскі Уладзімір, 28 гадоў, жыхар Капцюха;

10. Скірмунт Тамаш, 30 гадоў, з Піншчыны.

11. Тарашкевіч Ігнат, 38 гадоў, фельчар з Ліды;

12. Жукоўскі Уладзіслаў Вандалін, 27 гадоў, жыхар Лацка.

13. Адам, прозвішча невядомае, сябар Нарбута.

10 Успаміны напісаны да 1914 г. 70 гадоў магіла паўстанцаў выдзялялася толькі адным каменем з надпісам "Ляан Краінскі, 1863", які ўсталявала сям'я аднаго з 13 пахаваных тут паўстанцаў. У 1933 годзе, па ініцыятыве жаўнераў і афіцэраў 76-га Лідскага палка пяхоты ў Дубічах паставілі помнік памяці Людвіка Нарбута і палеглых паўстанцаў. Сродкі на яго пабудову былі сабраны спецыяльным Камітэтам Лідчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы. Праект помніка выканаў Фердынанд Рушчыц. У падножжа помніка закапаны пастамент помніка Мураўёву - Вешальніку, які быў пастаўлены расейскімі ўладамі ў Вільні ў 1888 годзе да 25 угодкаў задушэння паўстання. Сам помнік быў вывезены з Вільні расейцамі ў 1915 годзе перад наступленнем нямецкіх войскаў, а пастамент тырчаў на пляцы Напалеона ў Вільні да 1933 года.

11 Верагодна, гаворка ідзе пра Пятра Паплаўскага, пра яго - у наступных мемуарах.


Свецяць сонца і прыкметы

Валер Санько

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Маскоўскае княства стала царствам, за пяцьсот гадоў бесперапыннай экспансіі заваявала і русіфікавала мноства народаў і плямён Залатой Арды - фінаў, якутаў, буратаў, тувінцаў, чувашоў, мардвы, комі… Усе яны належаць розным чалавечым расам. Да іх усіх паняцце старажытнарускай народнасці не адносіцца, а для беларусаў і ўкраінцаў адносіцца. Чаму? Адказу няма.

Варагі - дружыны фрызаў, готаў, заходніх славян - стварылі Варажскую Русь. Некалькі стагоддзяў пасля Вялікае Княства Уладзімірскае, створанае варажскімі князямі Кіева, стала перацягваць на сябе назву русіны, русічы. Што раней называлася ардынскім пачалі называць цяпер рускім. Масква была улусам Арды, а не Руссю, як усё часцей яе называлі рускія карамзіны.

У нашых продкаў былі паняцці ліцвін, жмудзін, русін, маскавіт. Паняццяў літовец, украінец, беларус, рускі наогул не існавала. Выдумалі адзінае рускае племя, нібыта існавалае да заваёвы Уладзіміра-Суздальскае княства, хаця да 1772-1795 гадоў так званыя рускія ніколі не былі ў складзе Масковіі. У ліцвінаў былі свае княствы - Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае...

Па словах вялікіх гісторыкаў Мікалая Карамзіна і Уладзіміра Ключэўскага, Сяргея Салаўёва, у цэнтральнай і паўночнай Расіі рускіх у той час абсалютна не было. У дыялектах рускага племені былі: у беларусаў балцкі, у рускіх - фінскі, у ўкраінцаў - сармацкі, у чэхаў - кельцкі, у балгар - цюркскі, у ляхаў і славакаў - сармацкі, у лужычцаў і мазураў - балцкі субстрат. Толькі нязнакі купляюцца на пустаквецце доказаў рускай праваслаўнай царквы, што іх царкоўнаславянская мова старажытнаруская. Гэта вымерлы салонскі дыялект (VIIІ-XI ст.) Македоніі. Ніколі Руссю Македонія не была. У Румыніі, Малдавіі старажытнаславянская мова ніколі не была рускаю. На славянскую мову могуць перайсці Казахстан і Туркменістан, але іх цывілізацыя ніколі не была рускаю, ніхто не спрачаецца. Даўнейшасць трэба ўсебакова вывучаць.

Чалавек абавязаны памятаць мінулае сям'і мінімум да шасці пакаленняў, як кожны жывы абавязаны даглядаць магілы родных.

Паўторы ў Аляксея Бялько, непазбежныя паўторы. Этрускі ўнеслі вялікія змены ў Свет-Першакраю. Іх мова стала асноваю санскрыту, каторы паводле выказаў мноства еўрапейскіх вучоных, стаў прамаці індаеўрапейскіх моваў.

Мы, этрускі, дапамаглі ўстанавіцца кушанам і шумерам, магутнай цывілізацыі шумерскага царства. Багі этрускаў не проста падпарадкоўваліся Сонцу, іх салярнае кола прызналі ўсе народы. Прата-грэцкія плямёны - пелазгі - называлі ліцвінскі хлеб паляніцамі. Менавіта этрускі памаглі ўкараніцца Венедыі і Этрурыі нашмат раней за Рым. Паўсюдзілі служэнне волі, сілы, здольнасці магутнага Сонца на вакольных.

Людзі поўначы, блакітнавокія, праманосыя, лабастыя, русявыя - хадзілі ў вялікія марскія паходы, будавалі храмы. Іх тонкіх вышыванак і хуткіх лодак баяліся грэкі і візантыйцы. Этрускаў, венедаў і скіфаў шырока наймалі ў войска. Менавіта яны ішлі ў першых калонахлініях войск вялікага Аляксандра. Яны трапілі ў гістарычныя хронікі, у тым ліку ў Біблію пад назваю марскіх народаў. Захапляе іх веліч і гераізм, праца і вынаходлівасць, магутнасць распаўсюджання.

Шкада, тысячагоддзямі пласты гісторыі даследуюцца слаба, асабліва гісторыя этрускаў, арыяў, венедаў, жыхароў культуры Трыполля. Нас прызнавала мноства самастойных плямёнаў і родаў - пелазгі, лялягі, далянцы, бодрычы, попелі, македонцы, венеды, обрычы, траянцы, парусы... Мы трымалі ў еднасці і тамтэйшай гістарычнай культуры многія народы.

У сеяве вякоў і тысячагоддзяў з дапатопных часоў высвечваецца народ з дванаццаці тысячагадовай гісторыяй - этрускі, гіпербарэйцы.

Чаму мы пра гэта не крычым на ўвесь свет?

Мы ўсе асцярожнічаем, злуе доктар Аляксей Бялько.

Так, у яго не строгая навуковая выверанасць фактуры, але пра ўласнае былое, нават дамысленную гісторыю, ён гаворыць.

Хто быў у сярэдзіне клубка народаў?

Паўтару - мы! Ліцвіны, укры падтрымлівалі стваральнікаў вялікай Веденіі, Венецыі, Этрурыі, папярэднікаў Рымскай імперыі, нашыя продкі давалі ўсім літары, грамату, кола.

Некалі цяперашнія чэхі, палякі, ліцвіны (не літоўцы) былі адным брацкім народам. Колішнія ўгра-фіны і татары, заснавальнікі Масковіі, пазычылі ў гэтых народаў назву, праз Македонскую культуру - старацаркоўную мову.

Энергетыку язычніцкіх плямёнаў і родаў хрысціянства не змагло адрынуць, пераплавіла, хрышчэнне памагло даўніну прысабечыць. Менавіта таму далёкія манахі і князі сталі доктару Аляксею Бялько нашмат бліжэй, чым многія цяперашнія так званыя барацьбіты за волю, якія не вядуць барацьбу з гістарычнай павярхоўнасцю, за яднанне беларусаў, за іх рэдкія яхантавыя вогнікі - словы, родную мову.

Крыжаносцы нішчылі аплот хрысціянства, Візантыю, двойчы рабавалі Канстанцінопаль з грабежніцкага хапуну і падтатурквання рымскіх папаў, а ў выніку знішчылі сябе, магутную і асветную палову хрысціянства - Візантыю - спарадзілі, а пасля ўмацавалі мусульманскую канфесію.

Не забудзем, татарская арда ў Азіі і на Волзе не была спярша ісламскаю, як не былі мусульманскімі Егіпет, Ірак, Лівія.

Любая вайна ў сярэднія вякі пакрывалася рэлігійным флёрам.

У ВКЛ галоўны дэвіз - роўнасць, вольнасць, незалежнасць, у Кароне Польскай - вольнасць, роўнасць, незалежнасць. Быццам усё блізка і ясна, хаця паводле Францішка Скарыны, ліцвінаў будуць аднолькава моцна душыць паралельна нашмат меншая Карона і яшчэ меншае Маскавіцкае Княства. Яны нахапаліся ліцвінскай/беларускай зямлі, гарадоў, прыкмет, песняў, фальклору і ўсё мала. Усё вучаць нас, прынамсі хочуць вучыць.

На Беларусі у 15-18 стагоддзях шляхты 12%, у іншых краінах Еўропы 1-2%, асабліва мала ў Расіі. Менавіта таму тапталася беларускае дваранства, маскавітамі ўсяляк прыцяснялася пасля сілавога далучэння ВКЛ да Расіі (1795).

19.10.1831 быў царскі Указ пра даказванне дваранства. Кожны абавязаны прадаставіць арыгінал дакумента пра атрыманае шляхецтва. Копіі, пасведчанні сведкаў, рашэнні павятовых соймікаў не прымаліся. Пачалі ўжывацца тэрміны: "Не принадлежащие в крестьянство", "Недоказанные дворяне", "Внесословные", "Однодворцы", "Мещане", "Хлебопашцы". Такія станы людзей асабліва закранулі Беларусь, Украіну.

Прыезджыя рускія святары і мясцовыя беларускія заходнерусісты пад апраўданне рускіх гістарычных культурных рэлігійных абставінаў прапаведуюць: Беларусь - гэта расійская цывілізацыйная прастора. Абвяргаць іх няма сэнсу. У людзей абсалютна розныя ўяўленні пра Айчыну. Для заходнерусістаў айчына - Расійская імперыя, СССР, РФ. Многія адукаваныя беларусы, хоць тут нарадзіліся самі і бацькі іхнія, пад націскам агульнай павярхоўнай прапаганды Маскоўшчыны і ўласных заходнерусістаў зачастую пачуваюцца чужынцамі. Як раней пры царах іхнія дзяды не мелі тут сваёй радзімы, так цяпер іхнім праўнукам на школьных і студэнцкіх партах даводзяць, што тут у іх усяго малая радзіма. Талкуюць пра сапраўдную айчыну, Маскоўшчыну, а не Беларусь.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)


Па Віцебшчыне са слынным краязнаўцам

Радзімазнаўства - мудрая навука,

Радзімазнаўства, як у забыцці,

Ідзе, каб сцежку ісціны знайсці.

(Рыгор Барадулін.)

У Год малом радзімы мы сустрэліся з нястомным даследчыкам роднага краю - спадаром Міколам Піваварам, які жыве ў мястэчку Лужасна пад Віцебскам.

Мікалай Васільевіч больш за 20 гадоў комнлексна даследуе Віцебшчыну, аддаючы перавагу гісторыі і культуры краю, экалагічнаму стану і ахоўваным тэрыторыям, жыццю і дзейнасці землякоў, распрацоўцы турыстычна-краязнаўчых маршрутаў у наваколлях Віцебска.

ГА "Гісторыка" не аднойчы запрашала ўсіх ахвотных адправіцца з вядомым краязнаўцам па захапляльным маршруце: Віцебск - Астроўна - Бешанковічы - Дабрыгоры - Двор Нізгалава - Свяча - Бачэйкава - Іванск - Чашнікі - Цяпіна - Лукомль - Новалукомль - Чарэя - Белая Царква - Сялява - Віцебск.

А ў іншы раз падарожнікі аглядалі разам са спадаром Міколам замчышчы ў Друцку, Копысі, Оршы, Смалянах, даведваліся, якім быў Віцебск у XII стагоддзі ды ў іншыя часы.

За апошнія гады Мікалай Васільевіч праявіў сябе як аўтар больш за 40 артыкулаў у міжнародным, рэспубліканскім, рэгіянальным навуковым друку, 50 артыкулаў на краязнаўчую тэматыку ў "Краязнаўчай газеце", "Народным слове", ''Віцьбічах", " Віцебскім рабочым".

Спадар Мікола прымаў удзел у стварэнні гістарычнай экспазіцыі выставачнага цэнтра ў Віцебску "Духаўскі круглік", За гэта яго ў горадэе любяць і шануюць. Ён - аўтар перасоўных выстаў "Наш край" (1999, Лужаснянская гімназія), "Нечаканыя ваколіцы" (2009, "Задзвінне" ВРГКМ), "Гонар і слава Прыдзвінскага краю". Кандыдат гістарычных навук, настаўнік Віцебскага кадэцкага вучылішча і выкладчык Віцебскага педуніверсітэта імя Машэрава Мікалай Півавар распрацаваў і выдаў больш за 10 буклетаў, прысвечаных наваколлям горада над Дзвіной. I стаў распрацоўшчыкам і стваральнікам сайта "Наш край: наваколлі Віцебска" (www.kraj. vitebsk.net,1999, 2003). Ён стварыў базу звестак, якая ўтрымлівае гісторыю пра помнікі даўніны, славутых землякоў, пісьмовыя гістарычныя крыніцы, персаналіі краязнаўцаў Віцебшчыны.

- Мікалай Ваальевіч, раскажыце, калі ласка, трошкі пра сябе. Вы нарадзіліся ў Лужасне ў 1971 годзе?

- Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Я вырас у сям'і настаўнікаў і з маленства вельмі любіў чытаць, асновай майго інтэлектуальнага багажа быў часопіс "Наука и жизнь". У нашай сям'і ён захоўваўся з 1969 года. З дзяцінства я праводзіў шмат часу ў лесе і ў полі. Ведаў назвы ўсіх раслін і склаў слоўнік на розных мовах. У школе я вельмі любіў геаграфію і гісторыю. 10 клас заканчваў у Мазалава ў 1988 годзе. У 1993 годзе скончыў гістфак з замежнай мовай Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Горкага. Пачаў працаваць у Лужаснянскай гімназіі і зноў вярнуўся туды ж пасля службы ў войску, у 103-й асобнай гвардзейскай брыгадзе.

- У Вашых вучняў з Лужаснянскай гімназіі для таленавітых і адораных дзяцей з Віцебскай вобласці быў вельмі высокі рэйтынг паступлення ў навучальныя ўстановы Беларусі і Расіі.

- У мяне было сем пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. Класы матэматыкаў (народнага настаўніка Міхаіла Волкава) і біёлагаў былі вельмі моцныя. Калі дзеці вучыліея ў гімназіі, з маіх вынускнікоў шмат хто пайшоў на гістфак БДУ.

Я паўжартам выдзяляю чатыры дэфініцыі краязнаўства: навуковая дысцыпліна, грамадскі рух, школьнае краязнаўства, і апошняе - занятак у вясковай школе з дзецьмі, каб не спіцца. Дзецям заўсёды хочацца дазнацца, што дзесьці па суседству ёсць царква, дзесьці - курганы, камень кахання, радзіма герояў. I аказваецца, што памятных мясцін значна больш. Мне запомніўся адзін такі паход на вёску, калі мы знайшлі самую старажытную, вялікую хвою на Беларусі вышынёй 28 метраў і ўзростам у 200 гадоў. Для нас гэта быў незвычайны помнік прыроды, а для кагосьці ён значыў усяго два прычэпы дроў (і я з гэтага абураўся). Першая кніжка выйшла ў мяне саматужна ў 2002 годзе і называлася "Турысцкія экскурсіі і паходы ў наваколлях Віцебска".

- Вы даглядалі і аспісвалі Лужаснянскі дэндрапарк, непаўторную прырадную тэрыторыю.

- У наваколлях Лужасна растуць расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Дэндрапарк займае плошчу 8,8 гектараў, ён знаходзіцца ў міжрэччы Заходняй Дзвіны і вусцевай часткі заходняга берага рэчкі Лужаснянкі. У парку сабрана жывая калекцыя дрэваў і кустоў: цягнуцца кляновыя, ліпавыя, бярозавыя і ясеневыя алеі, растуць манчжурскі, грэцкі і чорны арэх, белая піхта, бук. "Хросным бацькам" дэндрапарку быў М.Т. Ражкоў, выкладчык Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума.

- Вы адшукалі і паказалі сваіч вучням шмат помнікаў прыроды Віцебшчыны.

- Сапраўды, у цэнтральным парку Бешанковічаў расце старадаўні дуб, якому больш за 300 гадоў. Па архіўных звсетках, пад ім адпачываў Напапеон Банапарт. А ў вёсцы Мазалава ёсць цэлая алея дубоў-волатаў і высачэзных таполяў, якім больш за 150 гадоў.

- У кнізе "Краязнаўцы Віцебшчыны" Вы сабралі звесткі пра сучасных даследчыкаў гісторыі і культуры роднага краю, Вашых аднадумцаў: Георгія Штыхава, Аду і Міхася Райчонкаў, Уладзіміра Скрабатуна, Алеся Мемуса і іншых.

- Гэта кніжка пісалася дзесяць гадоў, быў ахоплены даследваннямі 21 раён. Аднойчы я спытаў у незнаёмага чалавека пра расліну: ці гэта кураслеп лясны, ці дуброўны? Аказалася, што сустрэты мной чалавек быў эколаг і краязнавец, кандыдат біялагічных навук Анатоль Максімавіч Дарафееў, першы міністр экалогіі незалежнай Беларусі, аўтар Чырвонаіі кнігі Віцебскай вобласці. Потым ён параіў мне паступаць у аспірантуру.

Аднойчы я прыехаў да Полацкага краязнаўца Уладзіміра Глушкова. Ён з братам і праўнучкай Івана Хруцкага выявіў месца пахавання вядомага мастака і браў удзел у яго добраўпарадкаванні. А Георгі Штыхаў прыязжаў да нас у Лужасна на раскопкі Гарадзішча.

Бацькам сучаснага беларускага краязнаўства можна лічыць гісторыка, археолага, музеязнаўца і фалькларыста Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага (1936-1994). Ён працаваў дырэктарам Менскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне ў 1964-1981 гадах, навуковым супрацоўнікам інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1981-91), у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны. (1991). Быў ініцыятарам стварэння і старшынём беларускага краязнаўчага таварыства (1989). Ён сустракаўся з Уладзімірам Дубоўкам, Канстанцыяй Буйло, Мікалаем Улашчыкам. З-за сваёй патрыятычнай пазіцыі ў канцы 1960-тых гадах ён быў абвінавачаны ў нацыяналізме, звольнены з працы. Толькі дзякуючы ўмяшанню Генадзя Бураўкіна, Янкі Брыля і Міхася Ткачова, ён быў адноўлены на працы.

Мая дысертацыя называлася "Краязнаўства Беларусі з 1961 па 1991 год". Кніга выйшла ў форме манаграфіі. Цяпер краязнаўства страціла цэнзуру, ідэалагічную абмежаванасць. Да абароны маёй працы я напісаў кніжку "Даследчыкі Полацка-Віцебскай даўніны XVI стагоддзя - 1944 г.". Аказалася, што існавала вялікая колькасць такіх асобаў. Мне захацелаея працягнуць гэтую працу. Я бы пісаў яе і зараз, бо пра кожнага чалавека можна скласці больш за дзесяць старонак. Я ведаў, што ў Полацку ёсць цікавейшы даследчык Сяргей Мікалаевіч Глушкоў і я прыехаў да яго. Гэта фенаменальнейшая асоба, выслухаўшы яго, я прапусціў адзін і другі цягнік, і застаўся на наступны дзень, Ен праводзіць росшукі і вывучэнне каменных крыжоў, сакральных валуноў, капішчаў, збірае легенды, паданні, вывучае тапаніміку горада і ваколіц. Папулярызуе звесткі пра землякоў і выдатных асоб, звязаных з Полаччынай, вывучае геалагічныя помнікі прыроды.

Пры падрыхтоўцы адной з кніг важнай для мяне была дапамога Віталя Скалабана. Калі матэрыял быў ужо звярстаны, ён параіў мне з новай кнігай пайсці ў друкарню. Такім чынам, кніжка аказалася больш дасканалай.

Важным для мяне было знаёмства з Алегам Васільевічам Куржалавым. Ён вучыўся на гістфаку БДУ разам з Уладзімірам Арловым і працаваў на пасадах, звязаных з краязнаўствам з 1979 года. У першай налове 1980-тых гадоў з пачаткам руйнавання старой забудовы Віцебска, ён выказваўся супраць знішчэння ахоўваных аб'ектаў, у 1984 удзельнічаў у працы па выратаванні Віцебскай Пакроўскай царквы.

На працягу 1990-пачатку XXI стагоддзя ён стаў арганізагарам школьнага кразнаўства ў Віцебскай вобласці, распрацоўшчыкам шматлікіх ідэй і праекгаў: экспедыцый, віктарын, конкурсаў-аглядаў музеяў, конкурсаў лігаратурных твораў, прысвечаных роднаму краю і іншых. Ён стварыў сістэму пазітыўнай канкурэнцыі, праводзіў канферэнцыі, на якіх кожны даследчык імкнуўся паказаць, як ён вырас за год. Гарадзеншчына слаўная сваім гістарычным краязнаўствам, на Берасцейшчыне пераважае геаграфічны і літаратурны кірунак, а Віцебшчына багатая школьным краязнаўствам. Мы выдалі кніжку "Віцебскі раён. Краязнаўчыя нарысы".

- Спадар Мікалай, адна з Вашых апошніх кніжак прысвечана музеям Віцебска. Яе прэзеншдцыя паспяхова прайшла ў горадзе.

- Нарэшце, мне захацелася палічыць, колькі ў нас ёсць музеяў. Аказалася, што - 128. У кніжку ўвайшлі 50 (з ведамственнымі і школьнымі), а дзяржаўных музеяў усяго шэсць.

Яны павінны адпавядаць пэўным патрабаванням. Ёсць музеі пажарнай бяспекі, міліцыі, разнастайныя школьныя музеі. Мне прапанавалі напісаць кнігу не навуковай мовай, а літаратурнай, даступнай для турысгаў. Галоўнай ідэяй была прапаганда нашага гістарычна-культурнага патэнцыялу. Цікава было прасачыць, як мянялася пазіцыя кіраўніцгва горада. Зараз у нас ёсць Дом-музей Шагала і ёсць мастацкі цэнтр Марка Шагала, музей віцебскай мастацкай школы, Арт-прастора і іншыя.

У 2007 годзе мне прапанавалі пайсці экскурсаводам, і я вёў экскурсіі на беларускай і польскай мове. Прыклаў руку да стварэння экспазіцыі выставачнага цэнтра "Духаўскі круглік". Я б хацеў напісаць яшчэ 70 кніг. Калі ўлічыць, што на кніжку ідзе ад 2 да 10 гадоў, жыць мне прыдзецца доўга.

- Сярод маладых краязнаўцаў, нанэўна, ёсць Вашыя паслядоўнікі?

- Аднойчы ў 2006 годзе я павёз дзяцей на алімпіяду і сярод дзесяціклаенікаў сустрэў Кастуся Шыталя. Мы пачалі размаўляць, і я здзівіўся глыбокім ведам юнака з Докшыцаў. Яго першы артыкул быў надрукаваны ў газеце "Родныя вытокі" ў 1999 годзе, а потым ён друкаваўся ў "Вольным Глыбокім" і ў "Нашай Ніве", што для мяне было паказчыкам высокай эрудыцыі. Ён выдаваў газету "Прамень" у 2007-2009 гадах з сацыяльнай і краязнаўчай тэматыкай, супрацоўнічаў з сайтам radzima. оrg. Я вельмі задаволены, што ёсць такія сур'ёзныя і зацікаўленыя хлопцы.

Э. Дзвінская, фота аўтара і з сайта kraj.vitebsk.net.

На здымках: 1. Мікалай Півавар у Віцебскай абласной бібліятэцы. 2. Самая вялікая хвоя на Беларусі каля в. Сушчова Віцебскай вобласці. 3. Валун каля вёскі Мазалава.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX