Папярэдняя старонка: 2018

№ 22 (1381) 


Дадана: 31-05-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1381), 30 траўня 2018 г.


Фарміраванне новых пакаленняў праз веру і слова

20 траўня навучэнцы нядзельнай школы пры менскім Чырвоным касцёле і іх бацькі прынялі ўдзел у свяце першай святой Камуніі. Цягам двух гадоў хлопцы і дзяўчынкі наведвалі катэхетычныя заняткі і ўдзельнічалі ў св. імшы, якую цэлебраваў ксёндз Дзмітрый. У юначых душах выспяваюць лепшыя пачуцці ў светлай атмасферы ля алтара. Некаторыя хлопцы адчуваюць пакліканне служыць міністрантамі ў касцёле.

Заняткі ў нядзельнай школе праводзілі на беларускай мове выкладчыцы: Ірына Адамаўна, Марыя Чаславаўна і Часлава Чаславаўна. Ксёндз Дзмітрый, педагог па адукацыі, кожную нядзелю сустракаўся з дзецьмі, разважаў разам з імі пра змест Евангелля і выслухоўваў іхнія меркаванні. Такім чынам у дзяцей нараджаецца чуласць да словаў Хрыстовых, выпрацоўваецца культура маўлення. Дзеці чуюць асвечаную беларускую мову, якая застаецца ў іх падсвядомасці.

Каб удзяліць св. Камунію дзецям, прыехаў з Пінска біскуп Казімір Вялікаселец. Ён узгадаў сваю першую святую Камунію, у якой удзельнічаў у 1948 годзе. Тады бліжэйшы касцёл быў зачынены і прыходзілася едзіць за 40 кіламетраў пад Кобрын. Ён удзячны бацькам, простым працоўным людзям, што выхавалі яго ў веры.

Пройдзены курс хрысціянскай навукі будзе надзейным падмуркам у фарміраванні асобы падлеткаў. Разам з асновамі веры яны ўдыхаюць водар роднай мовы. Наведваць нядзельную школу - не значыць быць святым, але як добра для кожнай дзіцячай душы знайсці сяброў і настаўнікаў, якія любяць Бога і шануюць родную мову!

На свяце мы сустрэліся з сям'ёй Паўлоўскіх. Мама Ірына Аляксандраўна - музыкант, тата Уладзімір Аляксандравіч мае тэхнічную адукацыю. Дачушкі займаліся два гады ў нядзельнай школе ў Наталлі Уладзіміраўны Лаўрэнка, здавалі экзамен, ішлі да споведзі.

- Мая бабуля і мама былі родам з Віцебскай вобласці і былі верніцамі, - кажа спадарыня Ірына. - Мы шчаслівыя ісці па жыцці з Божай Ласкай!

Бацькі прыклалі намаганні, каб прыводзіць сваіх дзяцей кожную нядзелю ў храм. Яны паказваюць дзецям асабісты прыклад веры.

Юры Данілевіч нарадзіўся і вырас у Скідзелі, за 28 кіламетраў ад Гародні. У сям'і захаваліся каталіцкія традыцыі. Нават і ў савецкія часы спадар Юры з бацькамі наведваў касцёлы, якія працавалі ў вёсцы Каменцы, у Шчучыне і ў Гародні, і прытрымліваўся сямейнай традыцыі. Цяпер разам з жонкай Юліяй і дачкой Аляксандрай спадар Юры ўдзельнічае ў набажэнствах у менскім Чырвоным касцёле. У нядзелю Аляксандра Данілевіч атрымала пасведчанне аб заканчэнні курса катэхетычных заняткаў і аб ўдзеле ў першай св. Камуніі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.


Юбілей Святланы Алексіевіч

Святлана Аляксандраўна АЛЕКСІЕВІЧ (31 траўня 1948, Станіславаў, цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) - беларуская журналістка, пісьменніца. Піша на рускай мове. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015) "за шматгалосую творчасць - помнік пакутам і мужнасці ў наш час".

Нарадзілася ў сям'і вай-скоўца (бацька - беларус, маці - украінка). У 1950-м годзе бацька дэмабілізаваўся, і сям'я пераехала ў Мазыр. Сям'я пе-рыядычна пераязджала разам з новымі месцамі працы бацькі, у 1961 годзе Алексіевічы пера-ехалі ў Петрыкаў. Святлана скончыла Капаткевіцкую ся-рэднюю школу Петрыкаўскага раёна (1965), працавала выха-вальніцай Асавецкай школы-інтэрната, затым настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёна. У 1966 годзе працавала ў раённай газеце "Прыпяцкая праўда" (Нароўля). Скончыла аддзяленне журналістыкі БДУ (1972). Накіравана ў раённую газету "Маяк камунізму" (Бяроза). У 1973-76 гадах працавала ў рэспубліканскай "Сельской газете", у 1976-84 - загадчык аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса "Нёман". Член СП СССР (з 1983). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989 по 2017).

Дэбютавала ў 1966 годзе ў петрыкаўскай раённай газеце "За новыя рубяжы" вершам "Октябрь". У сярэдзіне 1970-х гадоў падрыхтавала да выдання кнігу "Я з'ехаў з вёскі" ("Я уехал из деревни" - маналогі былых вяскоўцаў; кніга не была надрукавана).

Творы Алексіевіч грунтуюцца на сотнях інтэрв'ю з ўдзельнікамі важкіх і балючых падзей, што былі перажыты савецкімі людзьмі ў ХХ стагоддзі.

Першая кніга Святланы Алексіевіч "У вайны не жаночае аблічча" ("У войны - не женское лицо", 1985) грунтуецца на размовах з сотнямі савецкіх жанчын, што бралі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Яна прадстаўляе калектыўны жаночы досвед вайны. У наступнай кнізе "Апошнія сведкі" ("Последние свидетели", 1985) выкарыстоўваюцца ўспаміны дзяцей, якім падчас вайны было ад шасці да дванаццаці гадоў. Кніга сведчыць пра "немагчымасць перажыць успамін пра траўму". У 1990 годзе былі апублікаваныя "Цынкавыя хлопчыкі" ("Цинковые мальчики", часопіс "Дружба народов", 1990), названыя так таму, што целы забітых у Афганістане салдат прывозілі на радзіму ў цынкавых трунах. Паводле кнігі "У войны - не женское лицо" напісала п'есу (пастаўлена ў многіх тэатрах Беларусі і за мяжой) і сцэнарыі аднайменнага цыкла дакументальных фільмаў (1983, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 г. і "Сярэбраным голубам" на міжнародным кінафестывалі ў Лейпцыгу), дакументальных стужак "Бацькоўскі дом", "Партрэт з вяргіняй", "Гэтыя незразумелыя старыя людзі" і інш. Аўтар п'есы "Марутка" (пастаўлена ў 1988). У перыядычным друку С. Алексіевіч выступала з нарысамі і нататкамі; так, у 1992 годзе апублікавала наказ новай мінскай газеце "Авив".

У 1993 выйшла кніга "Зачараваныя смерцю" - апавяданне пра самазабойцаў, якія скончылі ці спрабавалі скончыць з сабой, не вытрымаўшы паражэння камуністычных ідэй у СССР. У 1997 годзе С. Алексіевіч апублікавала дакументальную аповесць "Чарнобыльская малітва", што была напісана на падставе ўспамінаў ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы, родных пажарных, што памерлі ад прамянёвай хваробы, а таксама перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Кніга мае падзагаловак "хроніка будучыні" і апавядае пра адначасовае разгортванне дзвюх катастроф: тэхнагеннай і сацыяльнай, калі "зышоў пад ваду велізарны сацыялістычны мацярык".

Кніга Святланы Алексіевіч "Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)" (2013) закранае маштабныя гістарычныя тэмы: Вялікую Айчынную вайну, Афганістан, Чарнобыль, час "перабудовы" і развал "чырвонай імперыі". У творы даследуецца феномен мыслення савецкага чалавека, феномен сацыялізму і выкладаецца аўтарская канцэпцыя найноўшага часу, які пісьменніца называе "часам сэканд-хэнд". Пункцірна асвятляюцца падзеі, звязаныя з масавым мітынгам 19 снежня 2010 года ў Менску.

Кнігі Светланы Алексіевіч складаюць цыкл, які аўтарка заве "хронікай вялікай Утопіі" і "гісторыяй чырвонага чалавека". Творы Алексіевіч можна разглядаць як "маральную філасофію, спробу абмяркавання этычных пытанняў і пошуку сэнсу перанесеных пакут савецкім, а таксама постсавецкім чалавекам, які апынуўся ва ўмовах велізарнага сацыяльнага зруху".

Сярод моў, на якія былі перакладзены творы Святланы Алексіевіч, - беларуская, англійская, шведская, нямецкая, грузінская, нарвежская, кітайская і іншыя.

Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны". Лаўрэат літаратурных прэмій СП СССР імя М. Астроўскага (1984), імя К. Федзіна (1985) і прэміі Ленінскага камсамолу (1986) за кнігі "У войны - не женское лицо" і "Последние свидетели". Лаўрэат прэміі Курта Тухольскага (1996), прэміі "Трыумф" (Расія, 1997), Ляйпцыгскай кніжнай прэміі (1999), прэміі Гердэра (1999), прэміі Рэмарка (2001), Нацыянальнай прэміі крытыкі (ЗША, 2006). У 2011 годзе атрымала ў Польшчы прэмію імя Рышарда Капусцінскага і прэмію Цэнтральнай і Усходняй Еўропы "Ангелус". У 2013 годзе стала лаўрэатам Міжнароднай прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў, цырымонія ўзнагароджання адбылася 13 кастрычніка ў рамках Франкфурцкага кніжнага кірмаша. Афіцэр Ордэна мастацтваў і літаратуры Францыі (2014).

Сваімі настаўнікамі Святлана Алексіевіч называе Алеся Адамовіча і Васіля Быкава.

Вікіпедыя.


ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЛІСТ

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ

Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры

Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы

Да 90-годдзя НАН Беларусі арганізуюць

Рэспубліканскі круглы стол

АДЛЮСТРАВАННЕ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ Ў МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ,

які адбудзецца 21 чэрвеня 2018 года ў г. Менску

Нацыянальная літаратура з'яўляецца адлюстраваннем менталітэту, культурнай адметнасці, асаблівасцей грамадскага жыцця і гістарычнага шляху беларускага народа. Адзначанае неабходна падкрэсліць і асэнсаваць менавіта да 90-годдзя НАН Беларусі і ў Год малой радзімы таму, што адно з найбольш актуальных пытанняў сучаснасці, якое хвалюе прадстаўнікоў гуманітарнай навукі, - фарміраванне нацыянальнай свядомасці і любові да сваёй краіны на падставе мастацкіх твораў.

Мэта круглага стала: абмеркаванне асноўных дасягненняў прыгожага пісьменства ў адлюстраванні жыцця сучаснай Беларусі і асэнсаванне перспектыў далейшага развіцця мастацкай літаратуры суверэннай Беларусі.

Тэматычныя напрамкі работы круглага стала:

- чалавек і час у сучаснай літаратуры Беларусі;

- надзённае ў літаратурна-мастацкім адлюстраванні сучаснікаў;

- родны кут у творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў;

- экалагічная і ваенная праблематыка беларускай літаратуры трэцяга тысячагоддзя;

- развіццё нацыянальнай літаратуры ў кантэксце сусветнай глабалізацыі;

- сацыяльная адказнасць і выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя;

- родная мова як аснова нацыянальнай культуры і літаратуры;

- нацыянальная літаратура і сучасны стан гуманітарнай навукі і культуры.

Да ўдзелу ў круглым стале запрашаюцца: літаратуразнаўцы і літаратары, мовазнаўцы, фалькларысты, гісторыкі, краязнаўцы, культуролагі, мастацтвазнаўцы, філосафы, музеязнаўцы, бібліятэкары.

Рэгламент круглага стала: даклады - да 10 хвілін, паведамленні і выступленні ў дыскусіях - да 5 хвілін.

Рабочыя мовы круглага стала: беларуская, руская.

Каб стаць удзельнікам круглага стала, неабходна: адправіць заяўку, аформленую ў адпаведнасці з прыкладзенай да інфармацыйнага ліста формай, не пазней за 15 чэрвеня 2018 года на электронны адрас kruhlystol@tut.by

Удзельнікам, выступленні якіх уключаны ў праграму круглага стала, будуць дасланы запрашэнні электронным лістом.

Іншагароднім удзельнікам праезд, пражыванне і харчаванне аплачваюцца камандзіруючым бокам.

Тэксты выступленняў (дакладаў, паведамленняў) удзельнікаў круглага стала будуць уключаны ў рэцэнзуемы электронны зборнік навуковых артыкулаў, выдадзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК Беларусі.

Умовы прадастаўлення тэкстаў выступленняў для публікацыі: тэкст выступлення (даклада, паведамлення) неабходна даслаць на электронны адрас kruhlystol@tut.by не пазней за 30 чэрвеня 2018 года.

Патрабаванні да афармлення матэрыялаў для публікацыі:

- ініцыялы і прозвішча аўтара, у дужках - назва населенага пункта, набраныя паўтлустым шрыфтам, выраўноўванне па правым боку;

- назва даклада (паведамлення) - вялікімі літарамі па цэнтры, набраная паўтлустым шрыфтам;

- тэкст - праз прабел, выраўноўванне тэксту па шырыні, абзац 1,25;

- спасылкі ў тэксце афармляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК Беларусі;

- спіс выкарыстанай літаратуры падаецца пасля асноўнага тэксту праз прабел пад загалоўкам Літаратура, набранага па цэнтры паўтлустым шрыфтам, і афармляецца паводле патрабаванняў ВАК Беларусі;

- аб'ём даклада (паведамлення) разам з малюнкамі, здымкамі і да т.п. не павінен перавышаць 8 старонак тэксту фармату А4, Times New Roman, 14 кегль, адзінарны міжрадковы інтэрвал, тып файла rtf Microsoft Word.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адхіляць матэрыялы, якія не адпавядаюць прад'яўленым патрабаванням і якія не былі агучаны падчас пасяджэння круглага стала.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па электронным адрасе:

kruhlystol@tut.by і тэлефоне +37529 7755572

Заяўка

на ўдзел у Рэспубліканскім круглым стале

Адлюстраванне жыцця сучаснай Беларусі ў нацыянальнай літаратуры

(Мінск, 21 чэрвеня 2018 г.)

Прозвішча, імя, імя па бацьку

Навуковая ступень

Вучонае званне

Месца працы, горад

Пасада

Назва даклада ці паведамлення

Неабходнасць выкарыстання тэхнічных сродкаў (пазначыць якіх)

Кантактны тэлефон з кодам

E-mail

Дата прыезду і ад'езду (для іншагародніх удзельнікаў)

Неабходнасць браніравання гасцініцы (для іншагародніх удзельнікаў)


Этнаграфічная дыктоўка ў Наваградку

Дзень 21 траўня аб'яўлены Сусветным днём культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця. У гэты дзень дзяржавы, арганізацыі сістэмы ААН і няўрадавыя арганізацыі інфармуюць грамадскасць аб багацці і разнастайнасці культур. Арганізатары свята раяць у гэты дзень чытаць творы, слухаць музыку ці глядзець кіно прадстаўнікоў іншых культур. Культурная разнастайнасць - сродак для больш паўнавартаснага інтэлектуальнага, эмацыянальнага, маральнага і духоўнага жыцця.

Да Года малой радзімы і Сусветнага дня культурнай разнастайнасці ў Наваградскай раённай бібліятэцы 18 траўня па прапанове Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі была праведзена этнаграфічная дыктоўка "Збяры ў сваім сэрцы Беларусь". 20 пытанняў датычыліся нацыянальнай традыцыйнай культуры Беларусі і 10 непасрэдна гісторыі Наваградка. Сімвалічна, што дыктоўка такога кшталту прайшла ў бібліятэчным пакоі міні-музея міні-макетаў "Страчаная спадчына" ў адзначаны 18 траўня Міжнародны дзень музеяў.

Міфалогія, народныя традыцыі, абрады, жыллё, пабудовы, народныя ўяўленні беларусаў сталі тэмамі прапанаваных заданняў. Асаблівую цікавасць выклікалі пытанні мясцовага этнаграфічнага характару. Пры падрыхтоўцы іх былі выкарыстаны кнігі з краязнаўчага фонду бібліятэкі. Гэта пытанні аб назвах посуду, аб вопратцы сялян, этнаграфічных звестках аб традыцыйным комплексе беларускага народнага адзення на Панямонні, аб песнях сялян Наваградскага павета. Дарэчы, бібліятэка мае багаты краязнаўчы фонд, які выклікае цікавасць у прыхільнікаў гісторыі свайго краю. Пераможцам былі ўручаны сертыфікаты ўдзельніка дыктоўкі з указанай колькасцю балаў.

Іна Анальеўна Шаўчук, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК "Наваградская раённая бібліятэка".


Біблейскае таварыства ў Беларусі працуе над адзіным перакладам Святога Пісання

Хрысціянскае рэлігійнае брацтва "Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь" вядзе перамовы з прадстаўнікамі розных канфесій аб удзеле ў міжканфесійнай камісіі па падрыхтоўцы адзінага для ўсіх хрысціян перакладу Бібліі, паведаміў выканаўчы дырэктар арганізацыі Ігар Міхайлаў.

- Не ўсё яшчэ далучыліся, пакуль агульнай згоды няма. Але мы працуем над гэтым, пастараемся нешта зрабіць. Думаю, у найбліжэйшыя месяцы ўсё праясніцца, тады ўжо можна будзе сказаць пэўна, хто будзе працаваць над перакладам, - сказаў ён.

Пра намер стварыць адзіны для ўсіх хрысціян пераклад Святога Пісання Міхайлаў упершыню заявіў 20 студзеня ў час экуменічнага набажэнства ў менскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён паведаміў, што ўдзельнічаць у працы міжканфесійнай перакладчыцкай камісіі пагадзіліся католікі, грэка-католікі і баптысты. Апроч іх да працы планавалі падключыць прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, а таксама адвентыстаў і пяцідзясятнікаў.

- У кожнай з канфесій ужо ёсць свае пераклады Новага Запавету, але тэрміналогія часта адрозніваецца. Міжканфесійная камісія будзе рабіць пераклад са старажытнаяўрэйскай мовы і параўноўваць яго з Септуагінтай (Александрыйскі збор перакладаў Старога Запавету на старажытна-грэцкую мову III-I стагоддзяў да нашай эры. - БелаПАН.). Спадзяюся, што з дапамогай дыялогу нам удасца перакласці ўсю Біблію цалкам. Калі ж не, то мы створым хоць каркас, які кожная канфесія зможа выкарыстаць, уставіўшы ў яго сваю тэрміналогію, - заявіў у студзені Міхайлаў.

Біблейскае таварыства было створана ў 1992 годзе. Яго заснавальнікамі выступілі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій: праваслаўныя, католікі і грэка-католікі, евангельскія хрысціяне-баптысты, хрысціяне веры евангельскай, адвентысты сёмага дня. Таварыства займаецца распаўсюджваннем Бібліі, дабрачыннымі праграмамі па забеспячэнні людзей духоўнай літаратурай, асветніцкай і папулярызатарская працай, перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасцю.

belapan.by.


Беларускаму мастаку Міколу Бушчыку - 70

22 траўня беларускаму мастаку, сябру Саюза мастакоў Беларусі Міколу Бушчыку споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння.

З самай раніцы спадара Міколу віншавалі яго сябры і землякі ў Слоніме, куды ён летась пераехаў з сём'ёй на пастаяннае месца жыхарства. Мікола прадаў у Менску кватэру і купіў у родным горадзе вялікі дом. Ды і бацькоўская хата яшчэ стаіць у вёсцы Дзераўная, дзе і нарадзіўся Мікола.

Мікола Бушчык - мастак-экспрэсіяніст. Ён удзельнічаў у больш чым у 200 розных мастацкіх міжнародных і рэспубліканскіх выставах Беларусі, Расеі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Польшчы, Летувы, Германіі, Латвіі і іншых краін. Ён з'яўляецца аўтарам больш чым 500 акварэльных карцін і каля 1000 карцін алеем. Мікола Бушчык плённа працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта і пейзажа. Шмат яго твораў, прысвечаных беларускай вёсцы і прыродзе. Прырода ў творах мастака - гэта эмоцыя душы, палотны - пачуцці Ўсявышняга, а вобразы - думкі Сусвету…

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.


У Зэльве гучала роднае слова

У пятніцу, 25 траўня, Зэльву наведалі сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў - Валянцін Дубатоўка, Юрка Голуб і Сяргей Чыгрын. Сярод гасцей былі таксама гісторык і журналіст з Гародні Васіль Герасімчык і паэт, журналіст са Слоніма Мікола Канановіч. Валянцін Дубатоўка распавёў зэльвенцам пра гарадзенскі альманах-гадавік "Новы замак", які выпускаюць літаратары Гарадзеншчыны, Юрка Голуб пачытаў вершы, прысвечаныя роднай Зэльвеншчыне, Мікола Канановіч знаёміў прысутных са сваімі паэтычнымі радкамі пра жыццё і чалавечыя ўзаемаадносіны, а Сяргей Чыгрын чытаў уласныя лірычныя вершы. Васіль Герасімчык цікава распавёў пра лёс Кастуся Каліноўскага і яго апошнія дні жыцця. Госці адказалі на пытанні зэльвенцаў, якія ўручылі пісьменнікам памятныя сувеніры. Валянцін Дубатоўка адзначыў, што сёлета на Зэльвеншчыне плануецца яшчэ шэраг творчых сустрэч з літаратарамі Гарадзеншчыны і прэзентацый кніг.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва. Фота аўтара.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

1531. Вуячыч (Віктар, Святлана) - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч (-іч) ад антрапоніма Вуяк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вуяч(к/ч)ыч. ФП: вуй (<польск. wuj 'дзядзька', укр. (рэг.) вуй 'дзядзька') - вуйко ('дзядзька, брат маці'; 'старэйшы ўзростам мужчына', (перан.) 'мядзведзь'): В. Лемцюгова. Украінска-беларускі слоўнік, с. 123) - Вуйко (мянушка, потым прозвішча) - Вуячыч.

1532. Вярцінскі (Анатоль) - магчымая другасная форма ад Авярцінскі - вытвор з фармантам -скі ад антрапоніма Авярцін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Авярцінскі. Параўн. Агапон > Гапон (адпаданне пачатковага " А" (як і арабей < варабей)). ФП: Авярцін (імя <лац. 'той, хто апярэджвае') - Авярцін (празванне, потым прозвішча) - Авярцінскі - Вярцінскі.

1533. Вяцкая (Тамара) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Вяцк і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Вяцкская - Вяцская - Вяцкая.

1534. Вячэрская (Алена) - акцэнтаваны вытвор з фармантам -ская ад антрапоніма Вечар і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Вечарская - Вячэрская. Або як прэстыжная форма ад прозвішча Вечар. ФП: вечар ('час сутак ад канца дня да надыходу ночы', 'грамадскі вячэрні сход') - Вечар (мянушка, потым прозвішча) - Вячэрская. Або ад Вячэра - семантычны вытвор ад вячэра 'вячэрняя яда', 'страва для гэтай яды'.

1535. Габрусь (Тамара) - народная форма (з фінальным -усь) ад канан. імя Габрыель (<ст.-яўр. 'мая сіла - Бог') набыла ролю прозвішча (праз ступень празвання).

1536. Гадулька (Васіль) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Гадуль і значэннем 'жанчына (жонка, дачка) названай асобы': Гадулька. ФП: гадаць ('варажыць, даведвацца пра будучае або мінулае па картах ці па якіх-н. прыметах'; 'меркаваць, выказваць здагадкі') - гадуль ('той, хто гадае'; 'варажбіт, меркавальнік') - Гадуль (мянушка, потым прозвішча) - Гадулька. Параўн. аднамадэльныя: маргуль 'маргайла', ківуль 'кульгавы' (<ківацца) (Сцяцко П. Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 67).

1537. Гаёвы (Андрусь) - семантычны вытвор ад апелятыва гаёвы <польск. gajowy 'ляснік, лясны вартаўнік' [ад gaj 'гай' (невялікі, часцей лісцевы лес)].

1538. Галагуцкі (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва галагуцкі 'галандскі' (пра пароду курэй).

1539. Галаўнёў (Яўген) - вытвор з прыналежным суфіксам -ёў ад антрапоніма Галаўня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Галаўнёў. ФП: галаўня ('вялікая галавешка'; 'хвароба хлебных злакаў, выкліканая грыбамі-паразітамі') - Галаўня (мянушка, потым прозвішча) - Галаўнёў.

1540. Галенчанка (Георгій) - вытвор з фармантам - анка ад антрапоніма Галенка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Галенч(к/ч)анка. ФП: галёнка ('частка нагі ад калена да ступні') - Галёнка (мянушка, потым прозвішча) - Галёнчанка - Галенчанка.

1541. Галоўчыц (Дарыя) - вытвор з суфіксам -ыц (< -ыч) ад антрапонім Галоўка з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Галоўч(к/ч)ыц. ФП: галава ('верхняя частка цела чалавека або жывёлы', (перан.) 'розум, свядомасць, развага'; 'кіраўнік, начальнік, старэйшы ў сям'і') - галоўка (памянш. ад галава) - Галоўка (мянушка) - Галоўка (прозвішча) - Галоўчыч (бацькайменне з суфіксам -ыч, параўн. Кузьміч (ад Кузьма)) - Галоўчыц (вынік дысіміляцыі: чч - чц).

1542. Гальпяровіч (Навум) - другасная форма, першасная Альпяровіч - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Альпер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Альперавіч - Альперовіч. ФП: Алфёр (імя <грэч. eleut-heros 'свабодны, вольны') - Алихвер (1726) - Альпер (мянушка, потым прозвішча) - Альперовіч - Альпяровіч - Гальпяровіч (з прыстаўным гукам-літарай г (як і гуліца, гавёс (рэг.).

1543. Ганевіч (Алена) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Ган і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Ганевіч. ФП: ган (рэг.) 'загана, в ада', 'пляма, дрэнны бок чаго-н.' (Нас.); параўн. ганіць 'прызнаваць непрыгодным, дрэнным, даваць нізкую ацэнку, асуджаць, абгаворваць'.

1544. Ганчук (Аляксей) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Ганна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ганнчук - Ганчук. ФП: Ганна (імя <ст.-яўр. Hanna 'міласць') - Ганна (празванне, потым прозвішча) - Ганчук.

1545. Гарадзенскі (Давыд) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка гарадзенскі 'з Гародні' (суч. Гродна), 'гродзенец'.

1546. Гардзеня (Фёдар) - вытвор з фармантам - еня ад антрапоніма Гардзей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гардзейеня - Гардзяеня - Гардзеня (спрашчэнне структуры слова). ФП: Гардзей (імя, грэч. 'грозны, хуткі') - Гардзей (празванне, потым прозвішча) - Гардзеня.

1547. Гардзіенка (Наталля) - вытвор з суфіксам - енка ад антрапоніма Гардзій і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Гардзійенка. ФП: Гардзей (імя <грэч. 'грозны, хуткі') - Гордей (1540 г.) - Гордій (укр.) - Гордзіенка - Гардзіенка.

1548. Герасавіч (Іван) - вытвор з суфіксам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Герас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Герасавіч. ФП: Герасім (імя <грэч. gerasmios 'паважаны') - Гарась (1599) - Герас (празванне, потым прозвішча) - Герасавіч.

1549. Гербік (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Герб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гербік. ФП: герб ('эмблема дзяржавы, горада, дваранскага (шляхетнага) роду і пад., якая змяшчаецца на сцягах, манетах, пячатках, дзяржаўных і іншых афіцыйных дакументах') - Герб (мянушка, пазней прозвішча) - Гербік. Параўн. Лукашык, Данік. Або ад апелятыва гербік ('невялікі герб' ці як ласк. або зневаж. пра герб) - семантычны вытвор.

1550. Герук (Марына) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Гера з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Герук. ФП: Георгій (імя <грэч. georgos 'земляроб') - Гера (народны варыянт) - Гера (празванне, потым прозвішча) - Герук.

1551. Гібок - Гібкоўскі (Алесь) - другасная форма, першасная Гібак - Гібкоўскі - семантычны вытвор ад прыметніка гібкі ў кароткай форме гібак (параўн.: звонкі - звонак) з рознымі значэннямі: 1) 'які лёгка гнецца і разгінаецца; пругкі'; 2) перан. 'багаты адценнямі, выразны (пра голас, характар і пад.)'; 3) перан. 'здольны ўмела і хутка рэагаваць на пэўныя ўмовы, абставіны, прызвычайвацца да іх'. Гібак (мянушка) - Гібок (прозвішча з націскным -ок для адмежавання ад мянушкі (апелятыва)) - Гібок. Другі кампанент Гібкоўскі - вытвор з суфіксам шляхетнасці -оўскі ( Гібкоўскі).

1552. Гігін (Вадзім) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Гіга і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гігін. Гіга - ад літоўск. прозвішча (Бірыла).

1553. Глагоўская (Алена) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Глогі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Глагоўская. ФП: глог ('кустовая або невялікая дрэўная расліна сямейства ружакветных з ядомымі ярка-чырвонымі, аранжавымі і жоўтымі пладамі' (скарыстоўваецца і для стварэння жывой калючай агароджы - ТСБМ, т.2, с.57)). Глог (мянушка, пазней прозвішча) - Глогі ('паселішча з прозвішчамі Глог') - Глагоўская. Або як прэстыжная форма ад прозвішча Глог. ФП: глог (расліна) - Глог (мянушка) - Глагоўская.

1554. Гладышчук (Анатоль) - вытвор з суфіксам -чук/-ук ад антрапоніма Гладыш, Гладышка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гладышчук, Гладышчук. ФП: гладыш і гладышка ('збан без ручкі') - Гладыш і Гладышка (мянушка, пазней прозвішча) - Гладышчук.

1555. Глупыш (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва глупыш 'паўночная марская вадаплаўная птушка, падобная на чайку' (ТСБМ, т. 2, с. 57).

1556. Глушыцкі (Леў) - вытвор з фармантам -скі/ыцкі ад тапоніма Глушыкі, Глуша і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Глушыкскі - Глушыцкі, Глушыцкі - Глушыцкі.

1557. Гнатуля (Алег) - другасная форма, першасная Ігнатуля: ад імя Ігнат (<лац. Ignatius < ignesus 'агнявы') - ласкальны варыянт. Або ад укр. Гнат з фармантам -уля (параўн. татуля, матуля): Гнатуля - Гнатуля.

1558. Гронская (Вольга) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Грона, Гроны і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны': Гронская.

1559. Грыбалёва (Ларыса) - вытвор з прыналежным суфіксам -ёв-а ад антрапоніма Грыбаль і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Грыбалёва. ФП: грыбаль ('назва асобы па занятку, аб'ект ці прадмет якога названы ўтваральным словам': грыбаль 'грыбнік' (Беларускае народнае словаўтварэнне, с.146)) - Грыбаль (мянушка, пазней прозвішча) - Грыбалёва.

1560. Грэбянюк (Вераніка) - вытвор з суфіксам - юк ад антрапоніма Грэбень і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Грэбенюк - Грэбянюк. ФП: грэбень (апелятыў мае некалькі значэнняў: 1) 'пласцінка з радам зубцоў для прычэсвання валасоў або заколвання і замацавання жаночай прычоскі'; 2) 'прыстасаванне такой формы, што ўжываецца ў розных галінах вытворчасці'; 3) 'мясісты нараст на галаве некаторых птушак'; 4) 'вяршыня чаго-небудзь') - Грэбень (мянушка, потым прозвішча) - Грэбянюк.

1561. Гуд (Яўген) - семантычны вытвор ад апелятыва гуд 'тое, што і гудзенне'. Або ад літоўск. gudas 'беларус'.

1562. Гужалоўская (Аляксандра) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Гужалы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Гужалоўская.

(Працяг у наступным нумары.)


Інтуітыўна - пачуццёвая лірыка Алены Ігнацюк закранула слухачоў

Творчая вечарына паэткі і культуролага, дацэнта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата філалагічных навук Алены Ігнацюк з поспехам прайшла 24 траўня ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча менскага Чырвонага касцёла. Гасцямі вечарыны сталі чытачы бібліятэкі, сябры ТБМ імя Ф. Скарыны, на імпрэзе прысутнічаў ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк. Паслухаць літаратарку прыйшлі Міхась Скобла, Вера Буланда, Ядвіга Рай і іншыя вядомыя паэты.

Добра вядомая ў Пінску аўтарка прадставіла сваю творчасць разам са сваімі студэнткамі, якія чыталі яе творы і выконвалі спевы на яе вершы.

Алена Аляксандраўна Ігнацюк нарадзілася 23 лютага 1962 года ў вёсцы Восаўцы Драгічынскага раёна. Яна скончыла філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута імя Пушкіна. Вершы Алены Ігнацюк друкаваліся ў часопісах "Полымя", "Маладосць", "Роднае слова", "Нёман", "Дзеяслоў", "Бярозка", у газеце "Літаратура і мастацтва".

Алена Ігнацюк з'яўляецца аўтаркай кніг паэзіі "Нота "ля", (2000), "Летаргія" (2006), "Будзе ўсё наадварот" (2016) і кнігі прозы "Дыярыюш для дзівалова". Яе творы высока ацэньвалі Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Анатоль Кудравец. Багаты свет фантазіі, мастацкае адчуванне прасторы і часу, эстэтычная насычанасць вылучаюць удумную лірыку Алены Ігнацюк.

- Мая матуля Аляксандра Дарагуш была родам з Меншчыны, - распавяла спадарыня Алена. - Яна была ганаровым доктарам, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, узнагароджана ордэнам Леніна. Яна пабудавала бальніцу ў Восаўцах у свой час. А тата Аляксандр Андрэевіч Ігнацюк быў старшынём мясцовага савета, вельмі таленавітым чалавекам, спяваў, іграў на гітары. Тата перадаў мне дар успрыняцця паэзіі. Дарагой для мяне была няня Фруза, любімая, як другая мама. Яна пражыла сто гадоў і адыходзіла ў той свет як птушка, на Вялікдзень. Паклікалі святара на споведзь, і яна пражыла пасля споведзі яшчэ два гады. Яна паўплывала на мой лёс, пабудавала на зямлі маё шчасце. Тады ў маім жыцці з'явіўся Алесь Іллін, мой муж.

На мой лёс аказаў уплыў вядомы мастак-рэаліст і партрэтыст Іван Якаўлевіч Фяцісаў. Пад яго ўплывам я пачала пісаць вершы. У сваёй дысертацыі "Сінтэз паэзіі і жывапісу" (1992) я займалася жывапісам у паэзіі: на ўяўнае палатно перанесла тэксты беларускіх пісьменнікаў: У. Арлова, Я. Сіпакова, Я. Янішчыц, Л. Дранько-Майсюка. Атрымаўся сінтэтычны малюнак, дзе пісьменнік і чытач становяцца аўтарамі аднаго твора. Тут выявіўся герменеўтычны і канструктыўны метад адначасна.

Гасцям імпрэзы быў прадстаўлены відэафільм 1999 года, ў якім паэт і тэлежурналіст, адзін з заснавальнікаў берасцейскай грамадска-культурнай сябрыны " Край" Мікола Пракаповіч разважаў разам з Аленай Ігнацюк пра вытокі яе паэзіі. Дзякуючы відэафільму чытачам было лягчэй адчуць свет вобразаў самой аўтаркі і вярнуцца ў часы яе маладосці.Частка вершаў Алены напісана на палескім дыялекце. Гэтыя творы ўвайшлі ў кнігу "До тебе, світэ".

"Моя ж мама, голубіця,

Неба ж тількі проясніцца,

Рушнікі пашла сціраты,

Каля мальвавае хаты,

Каля мальвавага неба,

А мяні не многа трэба."

У паэзіі Алены Ігнацюк гучаць светлыя хрысціянскія матывы. На імпрэзе ўзгадваліся вершы розных гадоў: "Свята Ганны", "Такі, як неба", "Барочныя жаданні", прагучалі радкі з паэмы "Вербны коцік". Спадарыня Алена прачытала верш, прысвечаны Чырвонаму касцёлу.

У рэцэнзіі на кнігу Алены Ігнюцюк у часопісе "Дзеяслоў" Уладзімір Сівіцкі адзначаў: " Кніга вершаў "Будзе ўсё наадварот" прадстаўляе новую паэзію Алены Ігнацюк - па-ранейшаму светла-таленавітую, насычана-таямнічую і мэтанакіравана-свабодную, адметную хараством ацалення і ацаляючую лірычнае светаўспрыманне аўтара".

На вечарыне выступіў сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Іванавіч Бельскі:

- Алена нібы птушка-вяснянка завітала ў бібліятэку, каб наладзіць свята паэзіі. Яе эмацыйна-пачуццёвая лірыка перадае высокую красу! Яе паэзія інтуітыўная, медытатыўная, культуралагічная. Па стылі Алену Ігнацюк можна назваць неарамантыкам і імпрэсіяністкай у паэзіі.

Студэнткі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта выканалі вершы Алены Ігнацюк розных гадоў: "Пеўнік мой залаты", "Радзімка", "Несупадзенне", "Размова з Радзімай".

Для сваёй калежанкі пад акампанемент гітары заспявала бард Ала Бяляўская. Музычны падарунак паэтцы перадаў Аляксандр Шукшын, выканаўшы разам з выкладчыцай музыкі Вольгай Воінскай песню Элвіса Прэслі.

Цёплыя словы пра Алену Ігнацюк выказала куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Івуць:

- Я працавала з Аленай у былым Скарынаўскім цэнтры, дзе яна была старэйшым навуковым супрацоўнікам. Яна вельмі сціплы і добры чалавек. Яна - вельмі любіць прыроду, людзей. Я з задавальненнем чытала яе першыя кніжачкі і здзіўлялася: з якім чалавека я працую разам! Зараз яна - сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і аб'ядноўвае ўсіх, хто любіць беларускую паэзію.

Творчая імпрэза пакінула светлае ўражанне ў душах наведвальнікаў бібліятэкі імя А. Міцкевіча.

Эла Дзвінская, фота аўтара.


Размова з Радзімай

Алена Ігнацюк

Мая Радзіма захварэла -

Мо лёгкі вірус… Ці сур'ёзна?

І бачыць новы дзень не захацела…

Мо хто цябе пакінуў - слёзна?

Каб не вярнуцца…

А можа гэтаю зімой

Ты за суседкай не паспела

У нешта лепшае абуцца?

А хочаш пазаві сяброў -

Філосафаў, рамантыкаў-паэтаў…

І ты адчуеш пульс, загарачэе кроў…

Ты прыгадай - як добра было летам!

Як ружамі прапахлі росы!

Табе да твару шоўк блакітны неба…

Але ты захварэла. Вытры слёзы!!!

А мо Радзіма, закахацца табе трэба?

Чаму гаворыш, што няма ў каго?

Ці твой герой, згубіўшы сваё рэха,

Стаў безгалосы, і забыўся пра багоў?

Няўжо цябе туга апанавала?

Духоўную эліту ўсё ж заві!

Хай вып'е за тваё здароўе,

За сілу, дабрабыт сям'і…

Хай птушкі запяюць

на беларускай мове…


Дыктоўка па беларускай мове ад "Лідскага піва"

2 чэрвеня ў Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы ў другі раз пройдзе "Агульная дыктоўка". Праверыць сваю пісьменнасць і напісаць дыктоўку па беларускай мове змогуць усе ахвочыя. Ідэйным арганізатарам мерапрыемства зноў выступіла ААТ "Лідскае піва".

- "Лідскае піва" працягвае падтрымліваць развіццё беларускай мовы. З дапамогай гэтага адукацыйнага праекта, які сабраў у мінулым годзе больш за 170 чалавек, у тым ліку з рэгіёнаў, мы імкнемся натхняць людзей пашыраць ужыванне беларускай мовы, бачыць яе прыгажосць і натхняцца ёю. У гэтым годзе "Агульная дыктоўка" набывае статус нацыянальнай. Для ўсіх, хто захоча праверыць свае веды па беларускай мове, акрамя інтэрнет-трансляцыі будзе арганізавана трансляцыя на Першым канале Нацыянальнага радыё, - сказала менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ "Лiдскае пiва" Наталля Яфімкіна.

Што трэба для ўдзелу?

1. Зарэгістравацца на сайце lidskae.by.

2. Прыйсці не пазней за 11.30 у Нацыянальную бібліятэку Беларусі (уваход з боку рэстарана "Явар" (раней - "Мегаполіс"), 2-гі паверх), пр-т Незалежнасці, 116.

3. Альбо падключыцца да Першага канала Нацыянальнага радыё або інтэрнэт-трансляцыі дома.

Дыктоўка пачнецца ў 12.20 і працягнецца да 13:20. Тэкст абраны адмыслова да 400-годдзя першага беларускага буквара. Чытаць яго будзе Руся - cпявачка, акторка беларускага дубляжу, "голас беларускай чыгункі", трэнерка па пастаноўцы голасу.

Пасля дыктоўкі ўдзельнікаў чакае спецыяльная зона, дзе можна будзе пагуляць у беларускія настольныя гульні і сфатаграфавацца.

Працы мінчан правераць прафесійныя філолагі. Вынікі стануць вядомыя на працягу 5-цi рабочых дзён. Усе ўдзельнікі атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты аб удзеле ў дыктоўцы. Арыгінал тэксту будзе выкладзены на сайце.

Чакаем вас на "Агульнай дыктоўцы"!

2 чэрвеня 2018 года -

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (уваход з боку рэстарана "Явар", 2-гі паверх), пр-т Незалежнасці, 116.

Праграма мерапрыемства:

11.30 - 12.00 - рэгістрацыя ўдзельнікаў;

12.00 - 12.20 - урачыстае адкрыццё;

12.20 - 13.20 - напісанне дыктоўкі.


"Агульная дыктоўка" на Лідчыне

На Лідчыне ў рамках падтрымкі ініцыятывы Лідскага піўзавода "Агульную дыктоўку" праводзіць Ёдкаўская суполка ТБМ на сядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі Лідскага раёна.

Дыктоўка будзе пісацца падчас перадачы Першага канала Нацыянальнага радыё або інтэрнэт-трансляцыі ў залежнасці ад якасці прыёму.

Гатоўнасць да дыктоўкі - 12.00, 2 чэрвеня 2018 г.


Семінар "M100 маладых еўрапейскіх журналістаў (M100YEJ)"

Навіны Германіі

Семінар "M100 маладых еўрапейскіх журналістаў Young European Journalists Workshop" (M100YEJ), які праводзіцца пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі, у 2018 г. арганізуецца па тэме "Журналістыка і палітычная адукацыя ў сацыяльных сетках" 10-19 верасня 2018 г. у Патсдаме.

Падача заявак да 12 чэрвеня 2018 г.

У 2018 г. форум "М100 маладых еўрапейскіх журналістаў" будзе адбывацца ў рамках "M100 Sanssouci Colloquiums" і робіць магчымым для журналісткай моладзі інтэнсіўны трэйнінг і прамыя кантакты з вядучымі медыйнымі спецыялістамі з усёй Еўропы. Майстар-клас накіраваны на маладых журналістаў і маладых рэдактараў ва ўзросце паміж 18 і 26 гадамі з усёй Еўропы, краін Усходняга партнёрства і Расіі. Акрамя перадачы практычных і тэарэтычных навыкаў журналістскай працы дасягаецца сувязь паміж удзельнікамі. Майстар-клас вядзецца па-ангельску. У канцы маладыя журналісты прымуць удзел у Міжнароднай медыя-канферэнцыі "M100 Sanssouci Colloquium" у Патсдаме, якая збірае вядучых рэдактараў, каментатараў і ўладальнікаў медыйных рэсурсаў, а таксама грамадскіх дзеячаў, каб вызначыць ролю і ўплыў СМІ у міжнародных падзеях і выступіць за дэмакратыю, свабоду слова і друку.

У гэтым годзе маладыя журналісты атрымаюць майстар-класы па тэме "Журналістыка і палітычная адукацыя ў сацыяльных сетках". Станаўленне палітычнага меркавання адбываецца ўсё часцей у сацыяльных сетках. З развіццём лічбавых СМІ палітычныя дэбаты ўсё больш пераводзяцца ў аўтаномныя часткі грамадства: у Facebook, Twitter, YouTube & Co. Для таго, каб дайсці да маладых людзей з палітычнымі прапановамі, вельмі важна дзейнічаць у сацыяльных сетках. Але як паспяхова дайсці да моладзі? Як даносяцца адукацыйныя прапановы да аўдыторыі? Часта вырашае глыбіня (ахоп аўдыторыі) і паспяховасць адукацыйных фарматаў. Таму колькасць абанентаў, якіх прывязваюць ютуберы і інфлуенсеры, могуць падштурхнуць ідэі для палітычнай працы з моладзю.

Майстар-клас "Журналістыка і палітычная адукацыя ў сацыяльных сетках" вядзецца ў фармаце вэб-відэа, сацыяльных сеткаў і палітычнай адукацыі з мэтай падштурхнуць праекты палітычнай адукацыі у сацыяльных сетках у Германіі, Еўропе і краінах Усходняга партнёрства. Майстар-клас павінен сабраць асноўных удзельнікаў з абласцей журналістыкі, палітычнай адукацыі, сацыяльных сеткаў і інтэрнэт-відэа. Майстар-клас прадстаўляе актуальныя праекты і распрацоўкі, робіць мажлівай міжнародную і міждысцыплінарную сувязь удзельнікаў і удзельніц і прапануе мажлівасць крэатыўнага развіцця праекта.

Умовы ўдзелу:

Маладыя журналістам ва ўзросце 18-26 год з Еўропы, краін Усходняга партнёрства (Украіна, Малдавія, Грузія, Беларусь, Арменія і Азербайджан) і з Расіі прапануецца дасылаць нам свае заяўкі на ангельскай мове.

Калі ласка дасылайце абгрунтаваныя заяўкі з эсэ, біяграфіяй і матывацыйным лістом.

Мы бы хацелі атрымаць у Вашым эссэ адказы на наступныя пытанні (6000 тысяч знакаў з прабеламі):

Shortly define the term "political education work in the social web". Describe the possibilities and limitations of political education in your country using a concrete case (you can implement your own professional experience in the text) and present some of your own ideas for a political education project that you consider relevant.

Выбранныя спаборцы будуць запрошаны на скайп-інтэрв'ю. Выдаткі на харчаванне, пражыванне і праезд будуць аплачаны.

Калі ласка дасылайце вашыя заяўкі да 12 чэрвеня 2108, 24 гадзін (поўначы) на імя Sophia Wellek, s.wellek@m100potsdam.org

M100YEJ - гэта ініцыятыва горада Патсдам і аб'яднання Potsdam Media International e.V. Фінансуецца міністэрствам замежных спраў і National Endowment for Democracy і адбываецца ў кааперацыі з European Youth Press і MIZ Babelsberg.

pt.de.


Раман года

Параілі набыць раман Сяргея Пясецкага "Яблычак", што я і зрабіў. Гэта першы раман з "Менскай трылогіі" пісьменніка, які з'яўляўся слынным беларускім польскамоўным празаікам. Аўтар з ўласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае, поўнае таямніцаў, зладзейскае асяроддзе г. Менска пачатку ХХ стагоддзя.

Дзеянне ў рамане разгортваецца ранняй вясною 1918 года, калі Першая сусветная вайна пераўтварыла г. Менск у прыфрантавы горад, куды з ўсіх канцоў Еўропы і былой Расійскай імперыі з надзеяй хуткага заробку сцягнуліся злодзеі прастытуткі і махляры... Раман, які спалучае гумар і трагізм, апісвае зладзействы і ўнутраны свет злачынцаў, захапляе з першых старонак, трымаючы ў напружанні да апошняга сказа! У афармленні вокладкі выкарыстана дызайнерская паштоўка з серыі "Прывітанне з Менска" вядомага майстра Уладзіміра Цэслера. Рэдактаркай з'яўляецца Марына Казлоўская, а карэктаркай Настасся Мацяш. Літаратурна - мастацкае выданне дазволена чытаць асобам старэйшым за 16 гадоў. З польскай мовы раман "Яблычак" пераклаў Віктар Шукяловіч. Ён выдадзены дзякуючы дапамозе Польскага інстытута ў Менску ва ўстанове "Логвінаў".

З раманам можна азнаёміцца на сядзібе ТБМ ў Менску. Асабіста я прачытаў раман за адзін дзень.

Спадзяюся што раман "Яблычак" знойдзе свайго чытача і будзе адной з лепшых кніг выдадзеных у 2018 годзе!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Міжнародны фестываль "Паланэз-2018" у Слоніме

У суботу, 26 траўня, у Слоніме прайшоў традыцыйны міжнародны фестываль "Паланэз-2018". У ім узялі ўдзел музычныя і танцавальныя калектывы з розных гарадоў Беларусі, а таксама калектывы з Польшчы і Літвы. Свой старт фестываль узяў на набярэжнай канала Агінскага. А потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па Опернай вуліцы і цэнтральных вуліцах Слоніма да мясцовага Цэнтра культуры, дзе адбылася конкурсная праграма.

Месца фестывалю выбрана было невыпадкова. Менавіта ў Слоніме прайшло дзяцінства кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланэза "Развітанне з радзімай". У горадзе пражываў ягоны сваяк Міхал Казімір Агінскі. Дарэчы, ён жа і стваральнік помніка гідратэхнікі XVIII стагоддзя - канала Агінскага. Побач з каналам Агінскі ў 1775 годзе пабудаваў і славуты на ўсю Еўропу тэатр, для пастановак якога сам жа гетман складаў музыку. Сёння пра Агінскага ў Слоніме нагадвае і канал, і вуліца ў яго гонар, і некалькі будынкаў той эпохі, а таксама мемарыяльная шыльда на будынку Слонімскага драматычнага тэатра.

Аксана Шпак , Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.


Лідская абутковая фабрыка выпусціла бела-чырвона-белыя кеды c гербам ВКЛ

Гэта калабарацыя з брэндам LSTR Adziennie.

- Гэта не жарт, усё сур'ёзна: у нас паўнавартасны колаб з Лідскай абутковай фабрыкай, - напісалі ў інстаграме прадстаўнікі брэнду LSTR Adziennie, які спецыялізуецца на адзенні з нацыянальным каларытам.

На фабрыцы выпусцілі легендарные кеды ЛМ-17, якія ў Беларусі лічацца класікай.

Каштуе новая мадэль 45 рублёў.

Паліна ПАСТАРНАК. lida-info.


Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

У с п а м і н ы

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Аднак, перш за ўсё Серакоўская выступае ў ролі ахоўніцы памяці пра гераізм чальцоў сваёй сям'і. Піша з пафасам. Тэкст момантамі мае агіяграфічны характар. Успамінамі будуе сваім блізкім помнік. Малюе постаці велічныя, бязмежна адданыя Бацькаўшчыне, бескарысныя, бездакорнай пачцівасці і гатоўнасці да самаахвярнасці ў кожнай сітуацыі. Пакутніцтва і смерць не толькі паводле вопісу Серакоўскай, не толькі ўлічаны ў іхняй дзейнасці, але проста пажаданыя. Яна сама з'яўляецца быццам стварэннем рамантычнага ўяўленя. Іграе сваю ролю да канца, за найвялікшы скарб прызнаючы мінулае свае сям'і, злучанае з лёсам Польшчы.

Серакоўская паказвае сваіх братоў і мужа, як правадыроў канспірацыйнай дзейнасці і паўстання на Літве. Побач з тым называе сотні канспіратараў, паўстанцаў, ссыльных, якія, што відаць асабліва ў біяграмах, даюць сведчанне самаадданасці і прынесенай ахвяры, якімі былі смерць, калецтва, высылка, страта маёмасці, зняволенне, эміграцыя.

Гісторыю студзеньскага паўстання распавядаюць, што зразумела, перш за ўсё мужчыны. Не шмат дзённікаў напісаных жанчынамі, хоць іхнія ўдзел і роля ў тых падзеях бясспрэчная 47.

Калі рысай жаночай мемуарыстыкі мела быць дамінацыя матываў эмацыянальных, штодзённых і сямейных, то гэтыя запіскі такіх умоваў не выконваюць. Таксама маці і сёстры выступаюць толькі на столькі, наколькі звязаны з галоўныі героямі апавядання-мужчынамі. Ёсць гэта, напэўна, эфект свядомага выбару, звязанага з вызначанай сабе мэтай пісання, але можа таксама вынікаць з дасведчання Серакоўскай, атачонай з маладосці героямі, у святле дзейнасці якіх яе штодзённае жыццё магло падавацца малазначным. Нягледзячы на гэта чытач даведваецца сёе-тое і пра ціхіх гераінь паўстання і пра цалкам невядомы ў літаратуры ўдзел жанчын у дзейнасці Братняга звязу.

Запіскі Серакоўскай не мелі шчасця ў выдаўцоў. Уладзіслаў Загорскі парыхтаваў тэкст да друку, працу скончыў у жніўні 1926 г. 48 Праўдападобна смерць у 1927 г. спрычынілася да таго, што іх не выдалі. Як каштоўную крыніцу ацаніў успаміны рэдактар серыі: "Студзеньскае паўстанне. Матэрыялы і дакументы" 49. Аб неабходнасці выдання запісак пісала Марыя Янён у лекцыі пра Серакоўскага 50. Фрагменты лістоў шырока цытаваў у сваім артыкуле Бікуліч 51.

Амаль сто гадоў тэкст Серакоўскай праляжаў у рукапісе, але чытаўся гісторыкамі. Перад вайной аўтографам карысталіся даследчыцы змовы братоў Далеўскіх і ўдзелу жанчын у студзеньскім паўстанні - Ганна Буйвід і Марыя Брухнальская 52, а таксама аўтар жыццяапісанняў Далеўскіх для Польскага біяграфічнага слоўніка - Станіслаў Касцялкоўскі. Пасля вайны на запіскі Серакоўскай спасылаліся літоўскія, польскія і расейскія даследчыкі канспірацыйнай дзейнасці Далеўскіх і біёграфы Зыгмунта Серакоўскага, у т.л. Вітаўтас Мэркіс, Давід Файнгаўц, Анатоль Смірноў і Бікуліч 53. Аднак, спасылаючыся на запіскі Серакоўскай, карысталіся з розных пераказаў іх, найчасцей з рэшты копій, не заўсёды інфармуючы пра тое і не здаючы сабе справы з розніцы паміж імі.

У ходзе падрыхтоўкі гэтай рэдакцыі ўспамінаў зіндэнтыфікаваны, побач з аўтографам Серакоўскай, шэсць іншых яго пераказаў. Маем пры гэтым аўтограф, перададзены Загорскаму (Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў у Вільні) 54 і копію ўсяго або часткі віленскага аўтографа, усе напісаныя іншай, не Серакоўскай, рукой:

- "Запіскі Апалоніі Серакоўскай ІІ" (Бібліятэка ўніверсітэта ў Варшаве) 55, гэта копія раздзела: "Пра сям'ю Далеўскіх";

- "Краткие заметки по поводу рапоряжений, изданных центральными органами восстания в Варшаве, для руководства восстанием в Литве в 1863 году - вопоминания" (РГБ в Москве) 56, гэта няпоўная копія "Нататак з 1863 г. і некалькі рапараджэнняў Каралеўства Польскага і Літвы";

- "Запіскі Серакоўскай" (музей літаратуры імя А. Міцкевіча ў Варшаве) 57; гэта копія ўсяго аўтографа, падрыхтаваная да выдання;

- "Запіскі Серакоўскай", (Музей літаратуры імя А. Міцкевіча ў Варшаве) 58, гэта выдавецкая (рэдактарская) копія на падставе віленскага аўтографа;

- "Пра сям'ю Далеўскіх" ("Кур'ер Віленскі") 59; гэта фрагмент успамінаў на падставе тэксту (копіі), які быў у 1929 г. ва ўласнасці Марыі Ардэнгі, плямянніцы Апалоніі Серакоўскай, дачкі Францішка.

Акрамя таго ёсць яшчэ адзін тэкст успамінаў пра Серакоўскага, які, напэўна, не быў перададзены Загорскаму, бо няма яго ў Віленскім рукапісе. Ёсць гэта напісаная рукой Серакоўскай некалькістаронкавая "Рэляцыя аб арганізацыі паўстанцкіх уладаў на Літве ў 1862-1863 гадах і аб дзейнасці Зыгмунта Серакоўскага", будучы дапаўненнем "Кароткіх нататак з 1863 г.". Аўтограф знайходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, быў выдадзены ў 1984 г. у выдавецкай серыі, прысвечанай Студзеньскаму паўстанню 60, мы абмінаем яго ў гэтай рэдакцыі.

Акалічнасці з'яўлення копій, якія знайходзяца ў Варшаве і ў Маскве не былі да канца высветлены. На падставе параўнання тэкстаў нельга катэгарычна сказаць, калі ўзніклі і хто іх зрабіў. Запіскі, якія захоўваюцца ў БВУ трапілі туды ў 1956 г. у выніку пакупкі, быць можа ад нашчадкаў Караля або Юльяна Еніке (разам з двума лістамі Серакоўскай да Караля), а можа ад нашчадкаў Францішка Далеўскага. Яго дачка Марыя Ардэнга была ўласніцай ўспамінаў Серакоўскай, напэўна часткі, якая датычыла братоў Далеўскіх, апублікаванай у "Кур'еры Віленсім". Параўнанне абодвух тэкстаў не дае аднак пэўнасці па прычыне рэдакцыйных зменаў. Праўдападобна, копія ўзнікла ў коле сям'і.

Маскоўская копія не ёсць копіяй цэлых "Кароткіх нататак з 1863 г.", як дагэтуль прызнавалася 61. Загінула сярэдняя частка рукапісу.

У Аддзел рукапісаў РГБ трапіла 23 сакавіка 1953 г. з тамтэйшага Аддзела рэдкіх кніг, дзе ў сваю чаргу аказалася з нейкім кнігазборам. Параўнанне яе з аўтографам паказвае шмат розніц, адны маюць характар моўны, іншыя гэта шмат апушчаных фрагментаў і шмат дапаўненняў. Нехта, напэўна, з кола былых паўстанцаў умяшаўся ў тэкст, далёка выходзячы за межы таго, што можна было б назваць рэдагаваннем.Таму ў пэўным сэнсе ўспаміны Серакоўскай маюць некалькі аўтараў.

Паўстала за тым пытанне, ці ўлічваць копіі ў цяперашняй рэдакцыі і ў якім аб'ёме. Падача розніц (а таксама змен) можа быць каштоўнай для спецыяліста, а таксама для таго, каго цікавяць канкрэтныя факты і ацэнкі, як і таго, хто канцэнтруецца на сферы свядомасці. Кожная з копій, асабліва маскоўская уключае новыя элементы. За ўлік копій гаварыў таксама факт іхняга функцыявання ў навуковым авароце. Таму цяперашняя рэдакцыя ўлічвае копіі БВУ і маскоўскую, хоць на розных падставах (абгаворваюць гэта рэдактарскія заўвагі).

У ходзе работ над падрыхтоўкай цяперашняй рэдакцыі былі знойдзены яшчэ два пераказы ўспамінаў, якія знайходзяцца ў Музеі літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Былі ў 1971 г. набыты (хоць не маюць сувязі з профілем дзейнасці музея) пры аказіі пакупкі лістоў Элізы Ажэшкі, ад дачкі Уладзіслава Загорскага, Галіны Стульгінскай. Гэта два асобнікі (трохі адрозныя) апрацаванага да выдання віленскага аўтографа.

Запіскі, падрыхтаваныя Загорскім утрымоўваюць вельмі шмат рэдакцыйных і стылістычных паправак (перастаноўка слоў, звароты, абзацы, дапіскі і апушчэнні, падзел на меншыя раздзелы, пастаўлены загалоўкі і зроблены змест). Пры яго вывучэнні хвілямі ўзнікае ўражанне стасункаў з іншай крыніцай, а не з арыгінальнымі запіскамі Серакоўскай. Набывае на гэтым чытач, але гісторык траціць аўтэнтычны пераказ. Канешне нельга выключыць, што Серакоўская не мела нічога супраць моўных паправак, а можа нават таго хацела, але сёння яе намераў адгадаць не можам. Схіляе гэта, згодна з абавязковымі на сёння стандартамі ў рэдактарстве, да вяртання да рукапісу, які Серакоўская перадала Бенедыкту Дыбоўскаму. Аддаём на рукі чытачу аўтэнтычны тэкст, апошні запіс аўтаркі.


47 Гл. запіскі Тэадоры Маньчуньскай з Нарбутаў і фрагмент запісак Людвікі Радзевіч з Ямантаў; Іs.L. Rodzievic atsiminimu, у: 1863-1864 metai Lietuvoje Straipsniai ir dokumientai, Каўнас - Швеса, 1991, с 124-126 (гэты фрагмент у першыню быў апублікаваны ў: К. Калиновский, Из печатного и рукописного наследия, Мінск, 1988, с. 163-165; T. Narbutaite-Monciunskiene, Prisiminimai: 1863-juju m. sukilimo 130-osioms metinems, выд. R. Griskaite, "Metai", 1993, № 6, с. 96-113); М. Брухнальская "Ціхія гераіні. Удзел жанчын у студзеньскім паўстанні", т. 1, Места Пястава, 1934.

48 МL., rkps 490 / t. 2, Запіскі Серакоўскай.

49 Рэвалюцыйны рух на Літве і Беларусі, 1861-1862 г., Масква, 1964, с. 217, заўв. 1.

50 М. Янён, Зыгмунт Серакоўскі - Валенрод паўстання на Жмудзі, у выд. Пасмертнае жыццё Конрада Валенрода, Варшава, 1990, с. 457-551.

51 V.B. Bikulic, оp. cіt.

52 Г. Буйвід, Звяз братняй літоўскай моладзі, Вільня, 1934; М. Брухнальская. оp. cіt.

53 В. Мэркус, Dalevskiu seima, Вільня, 1967; Д. Файнгаўц, 1863: Літва і Беларусь, Варшава, 1999 (карыстаўся рукапісам нататак, якія знайходзяцца ў BN і называюцца "Нататкі пра паўстанне 1863 г. на Літве" або "Рэляцыя пра дзейнасць паўстанцкіх уладаў на Літве ў 1863 г.", спасылаецца таксама на запіскі Серакоўскай у Маскве), там жа, Канспірацыйны рух ... (цыт. запіскі ў BUW); А. Смірноў, оp. cіt. (спасылаецца на тэкст у РГБ і BUW).

54 LVIA, zesp. 1135, іnw. 8, vol. 38, k. 1-101.

55 BUW, rkps 2453, аkс. 474, k. 3-57.

56 РГБ, Аддзел рукапісаў, кампл. 218, кардон 401, № 1.

57 ML, rkps 490, t. 1, 2.

58 МL, rkps 491.

59 "Kurier Wilenski", 1929, № 94, 96, 97, 99.

60 BN, rkps ІV.6538, k. 28-29 v. (mkf № 21343); Рэвалюцыйны рух на Літве і Беларусі.... с. 210-217.

61 А. Смірноў, оp. cіt. s. 118; V.B. Bikulic, оp. cіt.

[Пра братоў Францішка і Аляксандра]*

Калі жыццё малодшага сямейства Далеўскіх 1 ішло яшчэ ў спакоі і шчасці пад вокам бацькоў у Кункулцы 2, у тым дарагім для нас вясковым зацішку, ужо старэйшыя браты: Францішак нар[оджаны] ў 1825 годзе ў Рудніках 3, у Віленскай губерні, у Лідскім павеце 4 і Аляксандр на два гады малодшы, [народжаны] ў 1827 годзе ў Кункулцы, у тых жа самых губерні і павеце, пасля атрымання пачатковай адукацыі ў базыльянаў былі пераведзены ў гімназію 5. Тут яны патрапілі з'яднаць любоў і павагу калегаў, а таксама прызнанне выкладчыкаў, як выключна здольныя вучні, натуральна акрамя настаўніка расейскай мовы, які звыкла гаварыў з іроніяй, папраўляючы працы Францішка: "Ну, Далевский, ты что-то горазд много рассуждать, скверный твой будет конец". Пасля напісання працы на тэму "Бойся Бога, не будзешь бояться человека", выкрыкнуў абураны на цэлы клас: "Надо наконец этому орлёнку подрезать крилья!" Здзейсніў пагрозу. Францішак выйшаў з гімназіі без права паступлення ва ўніверсітэт 6. З погляду на асабістую кар'еру страціў, з погляду разумовага развіцця ў аблюбаваным кірунку атрымаў.

З часоў побыту ў гімназіі ў памяці калегаў пазаставаліся хвіліны, калі малы Францішак у час перапынку сядзеў на настаўніцкай кафедры, а хлопцы заслухваліся байкамі, якія ён апавядаў. Аднаго дня настаўнік, занепакоены незвычайнай цішынёй, забег у клас і даведаўшыся, што на гэта ўплывала, прасіў, каб з гэтага часу Францішак што дзень нешта калегам апавядаў. Часамі калегі апавядалі пра Бумбавіча, любімага імі настаўніка матэматыкі, які часта, ці то калі быў змучаны, ці то калі вучні не вельмі разумелі яго выкладанне, прывык звяртацца да Францішка са словамі: "Далеўскі патлумач за мяне гэтым гебесам" 7 або стоячы каля дошкі пытаўся:"Далеўскі, а ў цябе як там?" Пасля выслухвання адказу прызнаваўся з прастатой: " Не ведаў, што яшчэ і тым спосабам можна развязаць, але бачу, што твой спосаб прасцейшы і яснейшы".

Я пыталася некалі ў брата, што паўплывала і калі ўзнікла думка заснавання "Братняга звязу моладзі на Літве"? 8

- Пачатку не бачу. Што паўплывала? Усё. Памятаю, пасля выхаду з дзіцячых гадоў, у вакацыйныя часы, калі з братам Аляксандрам, туляючыся па палях і нашай пушчы, размаўлялі, найчасцейшай тэмай тых размоваў было пытанне: "Што рабіць. каб выгнаць ворага і вызваліць Польшчу?"

Што паўплывала? Усё. Успаміны бацькі і маці, апавяданні дзядулі Наркевіча пра Напалеона і вялікія надзеі, якія на яго ўскладалі, пра спазнаны балючы падман, уласныя ўспаміны пра польскія гуфы ў 1831 годзе 9, няволя Краю, смерць пакутнікаў, катаванні палкамі, вывазкі ў Сібір, віды старой Вільні, яе замка, знакамітых гор, гмаха былога ўнверсітэта, зрабаваных касцёлаў, успаміны пра Міцкевіча і філарэтаў. Адным словам Польшча і ўся Літва, з усім, што перажыла, клікала да свабоды і справядлівасці.

(Працяг у наст. нумары.)


* Пачатак уласна "Успамінаў" Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай.

1 Гл. уступ і генеалагічную схему.

2 Кункулка. засценак, размешчаны на поўдзень ад Вільні, недалёка ад Малых Салечнікаў.

3 Руднікі (літ. Руднінкай. р-н Салечніцкі), вёска, размешчаная на поўдзень ад Вільні.

4 Лідскі павет быў далучаны да Віленскай губерні ў 1843 г., раней належаў да Гарадзенскай губерні. Пасля перасоўвання межаў паветаў Руднікі і Кункулка аказаліся ў Троцкім павеце Віленскай губерні.

5 Хлопцы хадзілі спачатку ў павятовую школу (пачатковую), якую трымаў ордэн базыльянаў у Вільні, а пазней - у першую Віленскую губернскую гімназію, якая ўзнікла ў 1840 г. са школы базыльянаў.

6 Францішак пакінуў школу (1846) з-за недабранадзейнасці перад яе заканчэннем, г. зн. перад заканчэннем VII класа, што выключала спробы паступлення ва ўніверсітэт. Разам з ім гімназію пакінуў і Аляксандр, вучань VI класа.


Успаміны Андрэя Андрэевіча Юшкевіча

28 красавіка 2018 года пайшоў з жыцця Андрэй Андрэевіч Юшкевіч - настаўнік, пчаляр, аматар відэа- і фотаздымкі, лекар, садавод, краязнавец, а самае галоўнае - шчыры беларус, сябар Cкідзельскай суполкі ТБМ.

Андрэй Андрэевіч жыў у вёсцы Галавачы Гарадзенскага раёна, там ён збудаваў свой дом, пасадзіў сад, выгадаваў трох годных сыноў; там настаўнічаў у мясцовай школе, якая станавілася пачаргова базавай - сярэдняй - ізноў базавай. Там гучала з яго вуснаў прыгожая беларуская мова, на якой ён нязменна гаварыў з аднавяскоўцамі, роднымі, сябрамі, гасцямі і ўсімі людзьмі. Там, на могілках, ён паставіў помнік па сваёй жонцы Кацярыне Міхайлаўне, напісаўшы на ім і сваё імя, прадугледзеўшы будучае, - адзіны помнік на ўсе могілкі з надпісам па-беларуску.

Я - вучаніца Андрэя Андрэевіча. Спачатку ён навучаў мяне ў школе матэматыцы і фізіцы. А пасля ўсё жыццё мы падтрымлівалі з ім адносіны, і ён навучаў мяне шмат чаму: весці здаровы лад жыцця, лячыцца мёдам і зёлкамі, прышчапляць садовыя дрэўцы, верыць у Бога, любіць Беларусь. Мы не вельмі часта бачыліся, але ўвесь час зтэлефаноўваліся. Здаецца, і цяпер чую голас Андрэя Андрэевіча па тэлефоне: "Ну як ты, Галечка?" - "Нічога, Андрэй Андрэевіч, больш-менш нармальна". - "А, ну то добра!" Пасля смерці маіх бацькоў і брата, таксама шчырых беларусаў, ён быў апошнім чалавекам у маім жыцці, які называў мяне Галечкай.

Гадоў, можа, з пяць таму назад Андрэй Андрэевіч набыў дыктафон, і мы з ім дамовіліся, што доўгімі зімовымі вечарамі ён будзе "нагаворваць" на яго свой лёс, а я пасля ўсё запісанае перадрукую. Але Андрэй Андрэевіч надыктаваў толькі некалькі артыкулаў, прысвечаных мясцовым падзеям, якія яго зацікавілі і ўразілі, і такім чынам мне на памяць застаўся яго голас - голас сапраўднага дыктара, вельмі падобны да бессмяротнага голасу Левітана. Свой жа лёс ён ніяк не надыктоўваў, а на мае пытанні, чаму, адказваў: "Я ж яшчэ пажыву..." І тады я паехала да яго з ручкай і сшыткам, каб пагаварыць і запісаць усё, што ён распавядзе. Гэта здарылася паміж новым і старым 2018 годам. Мы гутарылі на кухні, дзе палілася пліта і было вельмі цёпленька і ўтульненька. Андрэй Андрэевіч гаварыў, як і вымагае таго беларуская мова, - пявуча, мякка, нягучна.

- Раскажыце, калі ласка, пра сваё дзяцінства, пра сваю бацькоўскую сям'ю.

- Я нарадзіўся ў вёсцы Казінцы, гэта былы Жалудоцкі, а цяпер Шчучынскі раён. Бацька мой быў паэт. Тут тады была Панская Польшча, а да нас да хаты прыходзіла газета "Наша ніва". Бацька пісаў па-беларуску. Помню такія яго радкі:

У куравай цёмнай хаце

Плачуць дзеці, плача маці.

Жаласна галосяць,

Няма хлеба, есці просяць.

Бацька памёр ад сухотаў у 1933 годзе. Я яго зусім не ведаў, бо ў 33-ім толькі нарадзіўся. А мой старэйшы брат Федзя з 1922 года, ён бацьку памятаў. Калі мне было паўгода, а Федзю 11 гадоў, то ён аддаў усе бацькавы вершы польскаму афіцэру. Ён у нашай вёсцы жыў, Арлоўскі, католік. У Казінцах была палова людзей праваслаўных, а палова католікаў. Брат хацеў, каб Арлоўскі пераклаў татавы вершы на польскую мову. Ён так думаў, што Арлоўскі граматны, і зможа гэта зрабіць. Але ж гэта была дурасць. Усе бацькавы вершы прапалі. Я потым іх шукаў у іхняй хаце, лазіў на гару, але не знайшоў. Бацька ў Шчучыне закончыў калегіюм, гэта школа польская так называлася. А пасля працаваў на гаспадарцы.

- Вялікая была ў вас гаспадарка?

- Гаспадарка была малая, бо ад зямлі дзеда Сцяпана нам застаўся толькі шастак. Дзедаў брат, калі была Першая сусветная вайна, потым рэвалюцыя, паехаў у бежанства, і застаўся жыць з жонкай Кацярынай у Маскве. Кацярына была з Кіралёў, што каля Мажэйкава. А мой дзед Сцяпан у бежанства не ездзіў, толькі дзяцей сваіх з дзядзькам адправіў. Так вось мой бацька нейкі час жыў у Маскве ў дзядзькі і бачыў, што Кацярына дрэнна ставілася да мужа. Ён пасля лічыў, што яна яго збаёдала: дзедаў брат прапаў у Маскве, і дакументы яго прапалі. А Кацярына з сынам Мікалаем прыехала, калі тут ужо была Польшча, і адсудзіла ў дзеда Сцяпана палову гаспадаркі. Мікалай скончыў у Варшаве школу сельскагаспадарчую, і гэта ўжо ён заняўся тут, у Казінцах, апрацоўкай зямлі па навуцы. А ў майго бацькі мала зямлі засталося. Кацярына прывезла з Масквы пацефон. У яе збіраліся людзі з нашай і суседніх вёсак - танцавалі, спявалі, трохі і выпівалі. Але мы на гэтыя гулянкі не хадзілі да іх, мы іншым цікавіліся. Мой брат Федзя, братавая Ніна і іншая моладзь адрэпеціравалі і паставілі "Пінскую шляхту" Дуніна-Марцінкевіча ў 1939 годзе. Рэпетыцыі праводзілі ў суседняй з нашай хаце - у халасцяка Ценіна (меў мянушку Кухар); там жа і спектакль адбыўся. Была задумка, што Ценін возьме маю маці. Але ў яго быў багаты брат, побач жыў, і ён адгаварыў, а маёй маме казаў: "Ашпар Андрэя, то не трэба будзе дзяліць зямлю паміж сынамі". Жорсткая парада. Але што ж ты зробіш? У 1944-м г. у вёсцы быў тыф, хварэлі людзі, многа памерла, і Ценін памёр. А наша сям'я выжыла.

Кацярыны з Мікалаем ужо ў вёсцы не было. У 1949-ым г., калі прыйшлі саветы і пачалі арганізоўваць калгасы, то дазволілі ехаць у Польшчу тым, хто хацеў. Кацярына з сынам паехалі ў Польшчу. Там давалі перасяленцам хутары нямецкія - з пабудовамі, жывёлай, зямлёй.

- Вы вучыліся пры Польшчы ў школе?

- У польскую школу я не хадзіў. Школа была ў Гардзееўцах, гэта 1,5 км ад Казінцоў. Цяпер гэта школа Скрыбаўская, бо вёска Гардзееўцы была ўнутры Скрыбаўцаў. Як прыйшлі саветы, я таксама не вучыўся ў школе. Спачатку пайшоў у школу ў Скрыбаўцы. Наш клас быў вялікі, зборны: і старэйшыя, і малодшыя. А я ні чытаць, ні пісаць не ўмеў, і мне было брыдка. З-за гэтага я пакінуў хадзіць у школу і пачаў вучыцца чытаць сам. Тады ў Казінцах людзі былі самавукі, многія ўмелі чытаць па-беларуску. І я вывучыў беларускую мову па буквары. Такі прыгожы быў буквар, я яго і цяпер помню. Быў і рускі буквар у мяне. З Сашам Лаўрукевічам мы залазілі на печ і чыталі тыя буквары. Яго маці - жонка майго дзядзькі па бацьку, дзядзька памёр рана, як і мой бацька. Мы з Сашам жылі ў хаце нашага дзеда Сцяпана: у адной палове - Сашава мама з дзецьмі, у другой - наша. Я тады засвоіў не толькі беларускую мову, але і польскую. У Казінцах быў музыкант Вайцюшкевіч, і ён меў элементаж польскі. Ён мяне вучыў польскай мове па гэтым элементажы. А беларускую і рускую мы з Сашам самі вывучылі. Перад вайной я так вучыўся і ў вайну.

Сашава маці потым выйшла замуж за другога ў вёску Бурцічы. А мая мама выйшла замуж у Скрыбаўцы ў 44-ым годзе, калі прыйшлі нашы і вызвалілі Беларусь. Так мы з Сашам раз'ехаліся з дзедавай хаты.

- Як вам жылося на новым месцы? Ці добры быў у вас айчым?

- Скрыбаўцы і Гардзееўцы згарэлі ў вайну, але хата айчыма захавалася, яна была трохі наводшыбе. Мой айчым Васіль быў удавец, меў многа дзяцей; яго малодшы сын Коля быў мой аднагодак. Мы не сварыліся, сябравалі. Але помню, што мама мяне трохі лепш глядзела, чым Колю: суп нам абодвум забеліць, але мне ўсё ж трошкі лепей. Мой брат Федзя тады быў у арміі ў Варшаве, ахоўваў там улады, бо ён быў вельмі прыгожы і добра ведаў польскую мову. А я ўжо мог пісаць лісты брату на беларускай мове і на рускай. І чытаў маме лісты ад брата, бо мама чытаць і пісаць не ўмела. Лісты былі - трохкутнічкі, адрас - палявая пошта.

- У Скрыбаўцах вы ўжо пайшлі ў савецкую школу?

- У Скрыбаўцах я пайшоў у школу адразу ў 2-гі клас. Мая першая настаўніца была Пасюта Дар'я Лявонцьеўна, вучыла мяне да 4-га класа, я яе любіў і ўдзячны ёй. Вучыўся я ўсё лепей і лепей; выдатнікам, праўда, не быў, было пару чацвёрак. Мне падабалася арганізоўваць у школе вечары на Новы год, на 8 сакавіка і ўсякія іншыя. Фактычна я працаваў як важаты, складаў сцэнар вечара, рыхтаваў нумары да яго. І на ўсіх вечарах я быў вядоўцам. Аднойчы мне падарылі кнігу "Пісьмы беларускага народа вялікаму Сталіну" за тое, што я вельмі добра правёў навагодні вечар. Вельмі любіў літаратуру і таму пасля школы паступаў на рускі літфак у Гародню, гэта было ў 54/55 гадах. Але не паступіў і год быў у Скрыбаўцах. Мае настаўнікі паклапаціліся, каб я меў працу, і я год быў дырэктарам сельскага Дома культуры. Клуб тады быў у хаце мясніка Чаплі. Ён пасля вайны недзе дзеўся (эміграваў, відаць), а ў яго вялікім доме зрабілі клуб. У гэтым клубе я ўжо з 44-га года, калі пераехаў у Скрыбаўцы, пускаў фільмы. Кінамеханік часта быў п'яны, і я яго падмяняў; ён мяне навучыў карыстацца кінаўстаноўкай. А ў 55-ым я стаў дырэктарам гэтага клуба, і ў мяне ўжо была зарплата. Адначасова я цэлы год вучыўся ў культпрасветвучылішчы завочна. Нас вучылі, як паставіць п'есу на сцэне ці танец. Таму потым, калі ўжо працаваў настаўнікам, я мог паставіць з вучнямі любую п'есу; а ў Галавацкай школе нават паставіў адзін танец - музыку падабраў, рухі распрацаваў.

- Чаму вы не закончылі культпрасветвучылішча? Усё ж вырашылі стаць настаўнікам?

- Праз год я пакінуў культпрасветвучылішча і паступіў у Гарадзенскі настаўніцкі інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Там быў меншы конкурс, чым на літфак, а мяне фізіка і матэматыка таксама цікавілі. Вучыўся я ізноў завочна, бо мама не магла мяне ўтрымліваць на стацыянары. Начальнік аддзела культуры ў Жалудку мяне неўзлюбіў, не хацеў, каб я працаваў дырэктарам клуба; казаў, што я заціхі для гэтага. Таму я паехаў да Гуда Уладзіміра Пятровіча, загадчыка райана ў Скідлі, і папрасіў, каб ён мяне прыняў на настаўніцкую работу. Я паехаў да яго, таму што добра яго ведаў: ён быў маім настаўнікам рускай мовы, жыў у Казінцах у доме Ценіна (Кухара) да таго, як стаў загадчыкам райана ў Скідлі; пазней ён дарос аж да працы ў міністэрстве.

- Дзе было першае месца вашай настаўніцкай працы?

- Уладзімір Пятровіч павёз мяне на матацыкле ў Стрыеўку. Ехалі цэлы дзень, бо ён спачатку аб'ехаў школы ў розных вёсках; апошняй перад Стрыеўкай наведалі школу ў Азёрах. У Стрыеўцы была дырэктарам Ардзіна Ніна Самуілаўна. Гуд сказаў ёй: "Вазьміце на працу настаўніка". Мне далі фізкультуру, арыфметыку ў пачатковых класах, а асноўная пасада ў мяне была рахункавод. Я налічваў настаўнікам зарплату, ездзіў у Скідзель, атрымоўваў для іх грошы. Аўтобусаў не было. Была грузатаксі, крытая брызентам, хадзіла па раскладзе. Але часта я дабіраўся да Скідзеля і на спадарожных. Я дрэнна пераносіў грузатаксі, закрытую прастору, выходзіў - і трэсліся ногі. Трэба было адпачыць, перш чым ісці па справах.

У Стрыеўцы я жыў на кватэры адзін. Хатка на рагу, з правага боку, як едзеш у Гародню. Гаспадыня мне напхала сяннік; туды і сена пхалі, і салому. Калі салома або сена саб'юцца, іх мянялі. Падушка была пер'евая. Потым гаспадыня параіла мне перайсці на кватэру да яе радні. Там была дзяўчына Люба, яны думалі, што я з ёю ажанюся. На гэтай, другой, кватэры я купіў сабе прыёмнік "Родзіна". Ён працаваў на батарэйках, а святла яшчэ не было; былі газавыя лямпы.

У Стрыеўскай школе я працаваў да 58-га года. Увесь час удзельнічаў у самадзейнасці: ладзілі спектаклі, чыталі вершы, спявалі; толькі танцаваў я слабавата. Мы ездзілі з канцэртамі ў Бушнева, у Арэхавічы. У Стрыеўцы я пазнаёміўся з Дзмітрыем Дзмітрыевічам і Ларысай Пятроўнай; пазней і я, і яны настаўнічалі ў Галавачах. А найбольш я пасябраваў з Філіпам, братам Ганны Пятроўны, з якой таксама я працаваў потым у Галавацкай школе.

- Дзе вы працавалі пасля Стрыеўкі і чаму вы там надоўга не затрымаліся?

- Настаўнікі Стрыеўскай школы крыўдзіліся, што я забраў у іх гадзіны фізкультуры, і я папрасіў У.П. Гуда пашукаць мне іншае месца працы.

Гуд перавёў мяне ў Гліняны. Тут я ўжо працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі - па спецыяльнасці, а яшчэ (я прасў аб гэтым Гуда) ангельскай мовы. Жонка майго брата Федзі выкладала ангельскую мову ў Гардзееўскай (Скрыбаўскай) школе. І калі мы ішлі з ёю ў школу, то гаварылі па дарозе па-ангельску, таму я нядрэнна яе засвоіў у школе. А пасля працягваў вывучаць у інстытуце.

Аднойчы было метадычнае аб'яднанне настаўнікаў ангельскай мовы Скідзельскага раёна. Ім кіраваў Анацкі, настаўнік Скідзельскай школы, які ведаў мову дасканала. Ён прынёс магнітафон (тады яны толькі ўваходзілі ў моду) і прапанаваў запісаць дыялог. Усе баяліся. Адважыліся толькі маладзенькая настаўніца, якая толькі што закончыла інстытут, і я. Атрымалася прыгожа, нас хвалілі. Я адзін раз памыліўся, мне Анацкі зрабіў заўвагу, і я выправіўся.

- А як вы пазнаёміліся з Кацярынай Міхайлаўнай і калі стварылі сваю сям'ю?

- У Глінянах я пазнаёміўся з Кацяй, і мы зарэгістравалі шлюб у 58-м годзе. Мы разам працавалі і разам выступалі ў самадзейнасці, яна таксама спявала, вершы дэкламавала, у спектаклях удзельнічала. Здымалі пакой у гаспадыні, дзе раней жыла Каця; менавіта яна нас прыняла пасля шлюбу, а не мая гаспадыня.

- Якім чынам вы апынуліся ў Галавачах?

- У Галавачы з Глінян мяне перавёў новы загадчык райана Жукоўскі - дырэктарам тагачаснай 7-гадовай школы. Але я быў дырэктарам нядоўга. Я не люблю несправядлівасці, а трэба было ілгаць, што кожны дзень нешта праводзіцца - даклад, лекцыя... Мне казалі ў райана: "Вы хоць рабіце выгляд". А я не пагадзіўся з гэтым. Прычыну для звальнення знайшлі: мой былы вучань, трактарыст, наехаў на чалавека. У райкаме мне далі выгавар за гэтую падзею, бо я тады быў сакратаром партарганізацыі калгаса, а пазней я стаў весці палітзаняткі. Выгавар вісеў аж тры гады, пакуль яго не знялі. А я сказаў, калі здымалі: "Можаце і не здымаць. Я яго не заслугоўваў". У наступныя гады я выкладаў у Галавацкай школе матэматыку, фізіку, вайсковую падрыхтоўку, хімію.

- Раскажыце, калі ласка, як і калі вы адчулі, што можаце лячыць людзей гіпнозам?

- Аднойчы мы з Філіпам, калі я яшчэ працаваў у Стрыеўцы, трапілі на выступленне гіпнатызёра ў клубе чыгуначнікаў у Гародні. Будынка гэтага клуба ўжо няма, ён быў там, дзе цяпер каталіцкі "Карытас", на вуліцы К. Маркса. Мы тады купілі білеты і патрапілі на выступленне. Гіпнатызёр паказваў методыку ўводу ў гіпноз. Я ўбачыў, як гіпнатызёр адвучваў ад курэння. Чалавек курыць і не можа кінуць, а гіпнатызёр кажа: "Табе дрэнна!" І чалавек потым не змог закурыць. Мяне цікавіла нетрадыцыйная медыцына, і вось тады я падумаў, што змагу дзеля дапамогі людзям прымяняць гіпноз. Рашыў вывучыць методыку ўводу ў гіпноз і вывучаў яе пазней на курсах экстрасэнсаў. Трэба было трэніраваць вочы: глядзець у адну кропку і не маргнуць. Трэба ведаць таксама, як направіць святло на чалавека, каб яго вочы не стаміліся. Я чытаў адпаведную літаратуру, працягваючы самастойна вывучаць гіпноз. Мяне асабліва прыцягвала тое, што я магу адвучыць курыць, піць. Паступова я авалодаў тэхнікай гіпнозу і адвучыў ад курэння некаторых сваіх сяброў.

- Па-мойму, хрысціянства супраць лячэння гіпнозам. Як вы спалучылі гэты свой занятак з вашай верай у Бога?

- У Азёрах быў святар Астроўскі. Я тады з ім цэлы дзень гутарыў у яго доме. Домік стаяў каля старой школы. Бяда ў святара была з жонкай - вельмі яна хварэла на псіхіку. Я прасіў у святара дабраславення на лячэнне людзей гіпнозам. І ён сказаў: "Калі гэта ад Бога, то займайцеся". І дабраславіў мяне. Пазней, калі працаваў у Галавацкай школе, я вельмі хацеў стаць псіхолгам, але на курсы псіхолагаў паслалі іншую настаўніцу. А я лічу сябе народным лекарам. І мне здаецца, што я добры псіхолаг.

У Глінянах я чытаў лекцыі на атэістычныя тэмы, так тады было патрэбна; нічога не занатоўваў, чытаў без паперак. Але пасля я папрасіў за гэта прабачэння ў Бога.

- Калісьці вы казалі мне, што ў вашым жыцці здараліся цуды. Раскажыце аб іх.

- У маім жыцці адбылося шмат цудаў.

1. Я прачытаў на дзвярах сабора, што адбудзецца візіт свяцейшага Патрыярха, і вырашыў яго зняць на камеру. Камеру я купіў даўно: ад простай да складанай паступова засвойваў. Досвед меў даволі вялікі, бо часта здымаў вяселлі - захаваў з дапамогай відэакамеры шмат цікавых народных звычаяў. Гэта ж наша культура, побыт. Увесь час гляджу ў камеру, здымаю, а пасля выберу, што лепшае і зраблю фільм для людзей. Штосьці і сабе пакінуў.

Прыходжу здымаць візіт свяцейшага Патрыярха, а мяне святар не пускае: "Толькі па пратаколе". Я звярнуўся да Бога: "Госпадзі, дапамажы!" І падышоў да мяне чалавек: "Чаго вы так расхваляваліся?" - "Я прыйшоў здымаць, а мне забараняюць". - "А вы звярніцеся да настаяцеля сабора. Вунь там стаіць - айцец Яблонскі. Ён вам дазволіць". Я падышоў да айца Яблонскага: "Дазвольце мне здымаць". Да візіту Патрыярха засталося паўгадзіны. Айцец Яблонскі сказаў: "Здымайце, толькі не круціцеся пад нагамі". Мяне потым яшчэ толькі манашка адна спытала, ці маю я дазвол на здымкі". Я адказаў: "Маю". Зроблены мною фільм ёсць у музеі ГрДУ, у епіскапа і ў мяне. Гэта ж той чалавек, што падышоў да мяне, быў Богам пасланы.

2. Вечарам таго дня павінна была адбыцца сустрэча епіскапа з грамадствам горада Гародні ў драмтэтары, у вялікай зале. Іду здымаць і туды. Але, каб прайсці ў залу, трэба мець дазвол. Кажу: "Госпадзі, дапамажы!" Толькі я звярнуўся да Бога, перада мной з'явіўся святар Няробаў. Ён мне знаёмы па Скрыбаўцах, дзе ён быў адзін час святаром, крыжы там на храм паставіў. Вылечыў аднаго маладога хлопца ад цяжкай хваробы, і той стаў святаром. А пасля перайшоў служыць у Каложскую царкву, лячыў і там людзей. І ён кажа: "Пойдзем разам з маімі прыхаджанамі". І я прайшоў у залу, і зняў сустрэчу з епіскапам. Там тады выступалі Дубко, прадстаўнік каталіцкай царквы. Усе выступленні я запісаў. Потым быў канцэрт духоўнай музыкі, і яго я таксама зняў.

3. На вуху ў мяне з'явілася балячка і не зажывала. А я ў Скідзелі стаю на анкалагічным уліку. Пайшоў да анколага, ён кажа: ома. Адправіў мяне ў Гродна, і я паехаў з сынам Ігарам. Анколаг-хірург драпануў балячку, пайшла кроў, і кажа: "Я ўзяў аналіз, праз паўтары гадзіны прыходзьце". Я пайшоў у царкву св. Лукі, што на тэрыторыі абласной бальніцы, маліўся ўвесь гэты час - гаварыў малітву святых Опцінскіх старцаў. Аналіз аказаўся станоўчы, сказалі, што трэба рабіць 11 абпраменьванняў. Але я паехаў дадому. І праз пару дзён усё заструпела і адвалілася. Я ізноў пайшоў да доктара, і ён здзівіўся. Я кажу: "Звяртаўся да Бога. Вам даць гэтую малітву?" Доктар сказаў: "Дайце!"

4. У 2001 годзе 23 лютага мне зрабілі аперацыю. У мяне было кровацячэнне з жалудка, палову жалудка ўдалілі і прамую кішку - засталася кульця, і вывелі каластому. Каластому можна было ўправіць, але я адмовіўся. Не давяраю медыцыне, хаджу з мяшкамі. Людзі, што са мной ляжалі, ужо ўсе паўміралі. Я звяртаўся да Бога. Малітвы Опцінскіх старцаў я яшчэ тады не ведаў, маліўся сваімі словамі і "Ойча наш" гаварыў. Не ведаю, ці была ў мяне анкалогія, ці я яе перамог. Але, відаць, была, бо на ўлік мяне паставілі.

5. Прызначылі мяне ў Галавацкай школе ваенруком. Трэба было зрабіць ружэйны пакой. Я будаваў цір, многа часу на яго патраціў. Паўгода парабіў, і паехалі мы ў Абухава на спаборніцтвы. І заваявалі 1-е месца. Дырэктар напісаў загад усім вучням аб'явіць падзяку, а мне - не! А гэта ж я вучыў, як цэліцца, як супакойвацца пры стральбе. Першае месца праз паўгода - гэта, я лічу, цуд.

6. Як закрывалі бібліятэку ў Галавачах, мне вельмі хацелася забраць руска-беларускія слоўнікі. Прыехала бібліёграф, загрузілі машыну кнігамі і павезлі. А я спазніўся. Прыходжу ў бібліятэку - ляжаць на акне слоўнікі руска-беларускія. І Таня Савянкова там была, кажа: "Бярыце, Андрэй Андрэевіч". Амаль усе кнігі вывезлі, а гэтыя мне Бог пакінуў. Яшчэ я тады забраў "Жніўныя песні", "Сацыяльна-бытавыя песні", "Гумарэскі, жарты, анекдоты", "Выслоўі".

7. Як я ехаў на Свята беларускага пісьменства ў Шчучын, я таксама звяртаўся да Бога па дапамогу. У Галавачах выйшаў раніцай на дарогу, бо атобус на Скідзель позна ідзе, і мяне адразу падабрала машына, давязла да Скідзеля. А ў Скідзелі на аўтастанцыі сказалі: "Многа аўтобусаў на Шчучын будзе. Даедзеце". Але прыходзіць аўтобус - няма месцаў. Касірка папрасіла кіроўцу: "Вазьміце гэтых людзей, яны едуць на свята". Кіроўца ў мяне спытаў: "Вы паедзеце без месца?" Я кажу: "Паеду!" Зайшоў у аўтобус, а там амаль усе на свята едуць, аўтобус поўны, і адзін чалавек устаў і даў мне месца. Такая вось павага да мяне. А ў Шчучыне іду з вакзала, нясу валізку - напакаваў яе мёдам, фруктамі са свайго саду - даволі цяжкая. Падыходзіць жанчына, трохі малодшая за мяне, і кажа: "Вам, напэўна, цяжка, давайце я вам дапамагу". Узяла і нясе маю валізку. Дайшлі да палаца Друцкіх-Любецкіх, а там я нечакана сустрэўся са сваім сябрам з Менска Алёшам Шалахоўскім, і з ім былі яшчэ два мужчыны, і яны ўсе пачалі мною апекавацца. Насілі гэту сумку маю, Алёша нават на трыбуну не пайшоў дзеля мяне, хоць і было ў яго запрашэнне.

Так пабылі мы і ў палацы Друцкіх-Любецкіх, і ў цэнтры ў касцёле і царкве. Потым мае сябры пачалі збірацца ў дарогу да Менска. А мне Бог падаў думку знайсці купалаўскі ўніверсітэт і даехаць з ім.

Сябры дапамаглі мне знайсці купалаўцаў. Я паглядзеў іх выступленне, сфатаграфаваў іх, пагаварыў з выкладчыкамі. Далі мне жанчынку, якая цяпер мной апекавалася. Яна пасадзіла мяне потым у шыкоўны аўтобус. І яны мяне давезлі да Скідзеля, і я паспеў на свой рэйсавы аўтобус і даехаў дахаты. Так вось з дапамогай Бога я ў 82 гады на 22-ое Свята беларускага пісьменства з'ездзіў.

* * *

Ад сябе хачу дадаць да пералічаных яшчэ адзін цуд.

У Андрэя Андрэевіча расла каля хаты вялізная елка, і ён вырашыў аддаць яе на Новы год у Мількаўшчыну, дзе ў будынку зачыненай школы спадарыня Таццяна Савянкова стварыла музей Элізы Ажэшкі і музей базавай вясковай школы. Таццяна Анатольеўна пашкадавала пілаваць елку. Быў снежань, але без маразоў яшчэ, разам з мужам спадарыня Савянкова выкапала елку з карэннем, выклікала эвакуатар і адвезла дрэва ў Мількаўшчыну. Там яны елку пасадзілі каля былой школы. На тое, што прыжывецца, мала спадзяваліся, елка ж вялізная, але вырашылі зрабіць менавіта так. А елка ўзяла і прыжылася. Цяпер расце ў Мількаўшчыне як памяць пра Андрэя Андрэевіча. Хіба ж не цуд?

На нашым падворку заўсёды стаяў вулей Андрэя Андрэевіча, у які для яго лавіліся пчаліныя раі. Калі Андрэй Андрэевіч пачаў скарачаць сваю пасеку і новыя раі яму больш не былі патрэбныя, ён падарыў гэты вулей мне, а я выкарыстала яго як дэкаратыўны домік. Стаіць пад яблынькай і напамінае мне аб маім настаўніку. А яшчэ на памяць аб ім у нашым садочку растуць прышчэпленыя ім чарэшня, грушка і яблынька.

Андрэй Андрэевіч радаваўся жыццю да апошніх сваіх дзён, нягледзячы на ўзроставую нямогласць і хваробы, і да апошніх дзён хацеў быць патрэбным - сваёй сям'і, аднавяскоўцам, вучням, сябрам, краіне. І, мне так падаецца, што галоўны ягоны запавет усім нам, хто яго ведаў, - любіць жыццё і радавацца яму нават тады, калі яно пасылае нам выпрабаванні; любіць людзей і дапамагаць ім, чым можаш. Светлая яму памяць...

Галіна Самойла.


Крэва запрашае на археалагічны летнік

Жыццё ў намётах, супольны час і галоўнае - археалагічныя раскопкі. Мясцовы дабрачынны фонд "Крэўскі замак" запрашае на чарговы археалагічны летнік у Крэва, які сёлета пройдзе 4-18 ліпеня. Як стаць валанцёрам і ці трэба для гэтага мець прафесійныя навыкі археолага, пра гэта ды іншае размаўляем з арганізатарскай летніка, даследчыцай Вольгай Сямашка.

РР: Археалагічны летнік у Крэве - гэта забава, ці ўсё ж сур'ёзная навуковая дзейнасць?

- Найперш гэта навуковая дзейнасць па даследаванні спадчыны Крэва, таго, што для нас засталося праз стагоддзі. Але мы прадумалі і культурніцкую праграму, каб пасля працы людзі маглі адпачыць, дазнацца нешта пра беларускую культуру, паразумецца з сябрамі.

РР: Кожныя археалагічныя раскопкі патрабуюць навуковага кіраўніка. Хто будзе кіраваць працамі ў Крэве?

- Мы працягнем наша цудоўнае супрацоўніцтва з археолагам Алегам Дзярновічам, які будзе кіраваць раскопамі, паказваць і дапамагаць людзям знаёміцца з працай археолага.

РР: То яшчэ да спраў летніка. Як можна стаць валанцёрам летніка?

- У нас на сайце kreuskizamak.by ёсць спасылка на запаўненне анкеты валанцёра. Ёсць суполкі ў сацыяльных сетках, людзі ўжо запісваюцца, ужо ёсць спіс.

РР: А якія ёсць патрабаванні?

- Патрабаванне можа быць толькі адно: мець для сябе намёт, бо фармат пражывання - гэта намётавы гарадок. На гэты год ёсць падтрымка, таму валанцёры будуць забяспечаны харчаваннем. Яшчэ патрабаванне - гэта пражыванне супольным летнікам, то бок падтрымліванне вогнішча, дзяжурствы па прыгатаванні ежы і гэтык далей. Такія прыемныя дробязі, без якіх не абыдзецца ніводзін летнік.

РР: То бок прафесійнага досведу ў раскопках не абавязкова мець?

- Як паказвае практыка, капаць - гэта генетычная памяць беларусаў. Усе адразу пачынаюць капаць, як прафесійныя археолагі.

Гутарыла Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX