Папярэдняя старонка: 2018

№ 23 (1382) 


Дадана: 06-06-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1382), 6 чэрвеня 2018 г.


Мітынг-рэквіем у Курапатах

Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як свет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. 3 чэрвеня 1988 году ў газеце "Літаратура і мастацтва" быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты - дарога смерці".

3 чэрвеня 2018 г. у Курапатах прайшоў мітынг-рэквіем "Дзень памяці пра генацыд".

Падчас акцыі была разгорнута выстава здымкаў і дакументаў, прысвечаных расстрэлам у Курапатах; гучалі вершы прысвечаныя Курапатам і паэтаў, якія пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій.

Радыё Свабода.


Асветнікі славян даюць накірунак багаслоўскай думцы ў ХХI cтагоддзі

29-30 траўня ў памяшканні Гарадской ратушы і ў будынку Менскай духоўнай семінарыі праходзілі XXIV Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні на тэму "Хрысціянства як фактар духоўна-грамадскай інтэграцыі чалавецтва".

У цырымоніі адкрыцця і пленарным паседжанні прынялі ўдзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, міністэрстваў і ведамстваў, навуковых установаў Беларусі, рэктары ВНУ, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і сябры ТБМ імя Ф. Скарыны.

Хрысціянства з'яўляецца вышэйшай праявай духоўнай культуры. Яно аказала ўплыў на гісторыю і культуру Еўропы, заклала фундамент каштоўнасцяў. Заходняя і Усходняя традыцыі хрысціянства перапляліся ў архітэктуры і мастацтве еўрапейскіх сталіц. Рэлігія і этыка здаўна прапаноўвалі спосабы мірнага суіснавання народаў, вялі да пошуку сапраўднай мудрасці.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што чытанні ў гонар святых Кірыла і Мефодзія з'яўляюцца пацвярджэннем "нашых сяброўскіх адносін і агульнай адказнасці перад выклікамі часу, калі неабходна захоўваць адзінства, каб своечасова і эфектыўна на іх адказваць". Паводле слоў арцыбіскупа, галоўнай умовай міру, свабоды і стабілізацыі з'яўляецца адзінства на грамадскім, духоўным, эканамічным, маральным і іншых узроўнях.

- Хрысціянства абвяшчае ідэі братэрства, мае сродкі для духоўнага развіцця і дапамагае ўдасканальвацца. Яно захоўвае чалавека перад дэструкцыяй, сапсаванасцю, сумненнем і адчаем. Яно таксама здольнае паказаць свету ясную шкалу каштоўнасцей.

30 траўня праходзіла плённая работа секцый: "Хрысціянскія каштоўнасці ў сістэме адукацыі", " Біблія ў жыцці грамадства", "Багаслоўе культуры", "Хрысціянства і актуальныя праблемы рэлігіязнаўства". Доктар багасловія архімандрыт Сергій Акімаў, рэктар Менскай духоўнай акадэміі, распавёў пра свае новыя даследванні і выпушчаныя ў 2018 годзе кнігі. З дакладамі выступілі студэнты Інстытута тэалогіі БДУ імя св. Мяфодзія і Кірыла.

Мерапрыемства было арганізавана пры ўдзеле МГА "Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя св. Кірыла і Мефодзія", якое ўзначальвае святар Святаслаў Рагальскі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.


Андрэю Майсяёнку - 75

Андрэй МАЙСЯЁНАК нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 года ў горадзе Глыбокае.

Яго прадзед Фёдар Ігнатавіч Майсяёнак перад Першай Сусветнай вайной быў абраны Глыбоцкім валасным старшынём. Дзед, Нікіфар Фёдаравіч, быў шмат гадоў настаяцелем Галубіцкай, а пазней Стэфанпальскай царквы. Бацька, Георгій Нікіфаравіч, у пачатку 1940-х гадоў працаваў лекарам-хірургам у Пліскім і Глыбоцкім раёнах, а пасля вайны - у Шаркоўшчыне і Варапаеве. Маці Андрэя Георгіевіча - Антаніна Фёдараўна Родчанкава паходзіла з вёскі Астаноўка Шаркоўшчынскага раёна, працавала настаўніцай, спачатку ў пачатковай школе, потым выкладала біялогію. Перад Вялікай Айчыннай вайной працавала загадчыцай навучальнай часткі ў Лужкоўскай школе, добра ведала мастака Язэпа Драздовіча, які ў той час выкладаў тут маляванне.

У 1965 годзе Андрэй Майсяёнак скончыў медыцынскі інстытут, потым аспірантуру пры ім. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў кіраўніком лабараторыі клінічнай біяхіміі і асістэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі Гарадзенскага медінстытута. Потым па прапанове акадэміка Ю. М. Астроўскага перайшоў на працу ў Акадэмію Навук БССР. У 1970-х гадах у Гародні быў створаны Аддзел рэгуляцыі і абмену рэчываў Акадэміі Навук БССР, які ў 1985 годзе быў пераўтвораны ў Інстытут біяхіміі. Першым вучоным сакратаром гэтага інстытута і стаў Андрэй Майсяёнак. Потым ён працаваў на пасадах старэйшага навуковага супрацоўніка, загадчыка лабараторыі. З 1992 года А.Г. Майсяёнак стаў намеснікам дырэктара інстытута па навуковай рабоце. Потым ён абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук. З 1998 года - загадчык лабараторыі каферментаў Інстытута біяхіміі, прызнаны аўтарытэт у галіне вітаміналогіі, біяхіміі вітамінаў і каферментаў. Стварае новыя лекі і прафілактычныя сродкі на іх аснове.

За сваю паспяховую навуковую і грамадскую дзейнасць А. Г. Майсяёнак быў узнагароджаны медалём "За працоўную адзнаку". Ён лаўрэат міжнароднай польскай прэміі за беларуска-польскае супрацоўніцтва ў галіне культуры. Да свайго 60-гадовага юбілею атрымаў (адначасова з пісьменніцай Вольгай Іпатавай) прэмію Барыса Кіта, якая была ўручана на юбілейнай вечарыне 30 траўня ў Гародні, у сценах старажытнага замка. А.Г. Майсяёнак атрымаў ганаровае званне міжнароднага біяграфічнага інстытута "Чалавек года - 2003".

Вікіпедыя.


Дапаможам ТБМ!

Паважаныя сябры і прыхільнікі роднай беларускай мовы!

Мы ўдзячныя ўсім, хто рэгулярна пералічае розныя сумы на дзейнасць ТБМ. Менавіта дзякуючы вашым складкам і ахвяраванням, мы праводзім у сядзібе розныя імпрэзы, бясплатныя курсы для школьнікаў, прэзентацыі кніг, сустрэчы з цікавымі людзьмі, выдаем "Наша слова", утрымліваем сайт, аплочваем арэндную плату і камунальныя паслугі.

Аднак, мясцовая ўлада ў чарговы раз з 1 красавіка павысіла кошты на арэндную плату і камунальныя паслугі. Нашыя намаганні па забеспячэнні стабільнага фінансавання арганізацыі пакуль не прывялі да патрэбнага выніку. Але запачаткаваныя намі справы, асабліва такія як стварэнне ўніверсітэта, не могуць чакаць. Іх трэба рэалізоўваць.

У справе абароны беларускай мовы і дзейнасці нашай арганізацыі ў нас няма спадзяванняў на сённяшнюю ўладу, мы можам разлічваць толькі на нашу агульную салідарнасць і ўзаемападтрымку. Таму мы просім усіх, хто падтрымлівае дзейнасць ТБМ і гатовы на справе садзейнічаць пашырэнню дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця нашай краіны, пералічыць пасільныя сродкі на наш рахунак:

BY91BLBB31350100129705001001

у Аддзяленні па Мінску і Мінскай вобласці № 539 ААТ Белінвестбанк",

г. Мінска, код BLBBBY2X.

Імёны асобаў, якія робяць ахвяраванні на дзейнасць ТБМ, рэгулярна друкуюцца ў газеце "Наша слова", а таксама размяшчаюцца на партале ТБМ. Калі ахвярадаўца паведамляе свае дакладныя звесткі, то мы высылаем паштоўку з удзячнасцю.

Сакратарыят ТБМ.


Пастанова Рады ТБМ

Аб памеры штогадовых складак

Устанавіць з 1 ліпеня 2018 г. наступны памер складак:

- для тых, хто працуе - 15 руб. на год;

- для пенсіянераў і беспрацоўных - 7 руб. на год;

- для студэнтаў - 3 руб. на год;

- для школьнікаў - 1 руб. на год.

- для грамадзян РФ - 750 рас. руб., іншых краін - 15 даляраў ці 15 еўра на год.

21.02.2018 г.


Як прайшла "Агульная дыктоўка"

"У некалькіх месцах хацелася падглядзець, як правільна пісаць"

2 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў другі раз прайшла "Агульная дыктоўка". Праверыць сваю пісьменнасць у беларускай мове змаглі ўсе ахвочыя. Ідэйным арганізатарам мерапрыемства зноў, як і летась, выступіла ААТ "Лідскае піва".

Малая зала Нацыянальнай бібліятэкі, дзе праходзіла мерапрыемства, была амаль запоўнена. Па падліках TUT.BY, з 500 месцаў было занята каля чатырох соцень. Многія сачылі за трансляцыяй ў інтэрнэце.

Сярод удзельнікаў пераважала моладзь, некаторыя прыйшлі на мерапрыемства з малымі дзецьмі. Хоць хапала і людзей сталага веку.

У якасці настаўніцы выступіла вядомая спявачка Руся, якая чытала тэкст паводле сучасных тэндэнцый дыктовак. Напрыклад, на экране мелася візуальнае суправаджэнне, якое тлумачыла складанасці тэксту.

- Для мяне вялікі кайф гэты тэкст прадыктаваць. Смакую кожнае слова, якое нібыта песня, - кажа Руся, - гэта не экзамен, гэта агульнае свята.

Дарэчы, у адрозненне ад сапраўднай школы да "навучэнцаў" падыходзілі максімальна лаяльна. Калі ў адным з эпізодаў настаўніца крыху заблыталася і ўзнікла непаразуменне, арганізатары паабяцалі гасцям, што "ўсе памылкі будуць лічыцца ў ваш бок".

Падчас "Агульнай дыктоўкі" прагучаў урывак з неапублікаванага рамана "Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара" пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Гэта ўжо пятая кніга з серыі прыгодніцкіх раманаў, прысвечаных шляхціцам Працішу Вырвічу і Баўтрамею Лёдніку. Дзеянне твораў адбываецца ў XVIII стагоддзі.

Чатыры кнігі цыклу, якія выходзілі раней, набылі вялікую папулярнасць. У 2015-м трэцяя кніга, "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча", стала адным з пераможцаў першай прэміі "Кнігі года".

Паводле слоў Рублеўскай, "Агульная дыктоўка" стала своеасаблівым камінг-аўтам - раней пра існаванне пятай кнігі было невядома.

- Калі распавядаць пра сюжэт, то там ужо ў дзеянне пачынае ўступаць сын Лёдніка, - кажа пісьменніца.

Цікава, што ў дыктоўцы прыняў удзел і муж аўтаркі, галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура", паэт Віктар Шніп. Хоць ён сам не ўпэўнены, што напісаў усё правільна.

- Вядома, я чытаў гэты ўрывак і раней, ведаў, што Людміла яго выбірала, але запомніць знакі прыпынку і як іх правільна расставіць, канешне, цяжкавата. Баюся, што і сам не вельмі добра напісаў. Але ўражанні самыя пазітыўныя, не думаў, што тут будзе столькі людзей.

Пазней Шніп прызнаўся ў фэйсбуку, што "ў некалькіх месцах тэксту хацелася падглядзець, як правільна пісаць, у дзяўчыны, якая сядзела побач. Падглядзець не атрымалася. Без акуляраў нічога не ўбачыў", - напісаў паэт і дадаў, што "не спадзяецца на дзясятку і дзявятку, бо не ўпэўнены ў правільнасці некаторых знакаў прыпынку, якія ставіў. Сямёрка павінна быць".

А вось пісьменніца Ксенія Шталянкова глядзела інтэрнэт-трансляцыю, пісала тэкст дыстанцыйна і ўжо адправіла яго на праверку.

- Я была вельмі ўсхваляваная тым, што чытаўся ўрывак з новай кнігі Людмілы Іванаўны і гэта дазволіла хаця б крышачку ўявіць, што ж будзе з героямі далей. Слова "банда" ў назве вельмі інтрыгуе!

Паводле слоў Наталлі Яфімавай, менеджара па карпаратыўных камунікацыях кампаніі "Лідскае піва", арганізатары плануюць і ў наступным годзе запрасіць на імпрэзу беларускага літаратара, каб дыктаваць навучэнцам яго тэкст. Дарэчы, вынікі "Агульнай дыктоўкі" і атрыманыя адзнакі можна будзе неўзабаве даведацца на сайце "Лідскага". Там жа змешчаны і фрагмент з рамана Людмілы Рублеўскай. Магчыма, нехта з чытачоў прадыктуе гэты фрагмент сваім сваякам ці блізкім людзям.

tut.by.


Лідчына далучылася да "Агульнай дыктоўкі" ад "Лідскага піва"

Больш за два дзясяткі прыхільнікаў беларускай мовы з Ліды, Бярозаўкі і Радуні Воранаўскага раёна далучыліся да ініцыятывы "Агульная дыктоўка" ў рамках сацыяльна-культурнага праекта арганізаваны кампаніяй "Лідскае піва" і накіраваны на падтрымку роднай мовы.

Дыктоўку вырашылі пісаць дыстанцыйна на сядзібе Віталя Карабача "Гасьціна" ў в. Пескі. Інтэрнэт у вёсцы слабаваты, таму вырашылі пісаць па трансляцыі 1-га канала Нацыянальнага радыё. Апаратура была падрыхтавана загадзя, настроена на 1-шы канал, але трансляцыі так і не дачакаліся.

Тым не менш, ведаючы нашую рэчаіснасць знутры, быў падрыхтаваны запасны варыянт. І хоць не пад Русю, але дыктоўка адбылася. Калі ў Нацыянальнай бібліятэцы ўдзельнікі дыктоўкі пісалі тэкст паводле Людмілы Урублеўскай, то на Лідчыне было вырашана пісаць дыктоўку паводле нарыса Уладзіміра Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі". Чытала дыктоўку настаўніца беларускай мовы ліцэя № 1 г. Ліды Валянціна Аляксееўна Валюкевіч.

Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік зазначыў:

- Дыктоўка на Лідчыне была праведзена з мэтай падтрымаць ініцыятыву "Лідскага піва" аб правядзенні агульнай дыктоўкі, якую яны праводзяць другі раз. Разам з тым гэта дало магчымасць яшчэ раз сабрацца актывістам ТБМ пры святочных абставінах, пагаварыць, абмеркаваць некаторыя планы.

Паводле плана мерапрыемства, былі вызначаны пераможцы ў "Агульнай дыктоўцы", якія зрабілі ў тэксце найменш памылак.

Перамагла ІТ-шніца Ганна Янкоўская, другое месца заняў рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік. Тры чалавекі занялі трэцяе месца, астатнім нададзена ганаровае чацвёртае.

Пераможцы атрымалі смачныя падарункі ад гаспадара сядзібы "Гасціна", дзе праводзілася дыктоўка. За першае месца быў уручаны дзясятак курыных яек, за другое і трэцяе - па гусінаму яйку.

У канцы адбылося прадстаўленне новай кнігі Леаніда Лаўрэша "Генерал, які дайшоў да Беларусі", а таксама канцэрт слыннага лідскага барда Сержука Чарняка.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда. Фота аўтара.


Стан беларускай мовы ў 1918 г.

Алег Трусаў

Упершыню дзяржаўнасць беларускай мовы, а таксама беларускі алфавіт (кірыліца, альбо "рускія літары"), былі замацаваныя ў ІІІ Статуце ВКЛ у 1588 г. Пад уплывам палякаў агульны Сойм Рэчы Паспалітай адмовіўся зацвердзіць ІІІ Статут ВКЛ, бо ён, на іх думку, ігнараваў акт Люблінскай ўніі. Каб захаваць пасаду Вялікага князя ВКЛ, кароль РП Жыгімонт ІІІ Ваза зацвердзіў ІІІ Статут ВКЛ сваім прывілеем 28 студзеня 1588 г.

Такім чынам, у Рэчы Паспалітай з'явіліся дзве дзяржаўныя (а дакладней тры) мовы. Дакументацыя ў Польшчы (Кароне) вялася на латыні і польскай мове, а ў ВКЛ - на беларускай. Статут ВКЛ 1588 г. пераважна ў рэдакцыі 1614 г. стаў галоўным пісьмовым зводам на тэрыторыі Украіны, якая тады была часткай Кароны (Польшчы). ІІІ Статут ВКЛ, пачынаючы з XVII ст., быў перакладзены з беларускай на лацінскую, польскую, рускую, украінскую, нямецкую і французскую мовы.

Упершыню на польскай мове ён быў надрукаваны ў Вільні каля 1623 г. (з датай 1619 г.). У 1648 г. польскі пераклад Статута быў надрукаваны і ў Варшаве.

Пераклады на польскую мову беларускамоўнага Статута ВКЛ былі не выпадковыя. Яны сведчылі пра няспынную паланізацыю кіруючай эліты ВКЛ, а потым і ўсёй беларускай шляхты. Гэта прывяло да таго, што 29 жніўня 1696 г. Пастановай Варшаўскай генеральнай канфедэрацыі беларуская мова была канчаткова выключана польскай мовай з адміністратыўнага ўжытку. Аднак некаторыя магістрацкія кнігі ў Беларусі, напрыклад, магілёўскія, яшчэ вяліся па-беларуску і ў пачатку XVIII ст.

Да канца XVIII ст. афіцыйная і літаратурная беларуская мова практычна заняпала і ёй карысталася толькі ў пэўнай сітуацыі ўніяцкая царква.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі на тэрыторыі Беларусі да 1830 г. актыўна дзейнічала паланізацыя, якая паступова змянілася русіфікацыяй, што асабліва набрала моц пасля 1864 г.

Таму не выпадкова, што ў 1917-1918 гг. на розных сходах, з'ездах, канферэнцыях і кангрэсах пры абмеркаванні моўнага пытання заўжды адзначалася роля беларускай мовы на тэрыторыі ВКЛ, асабліва да Люблінскай уніі.

У рэзалюцыі Культурна-прасветнай секцыі Усебеларускага З'езда пра гэта гаворыцца так: "З розных неспрыяльных гістарычных прычынаў наша народная беларуская мова, што ляжыць у аснове той пісьмовай мовы, якая служыла некалі ў Літоўска-Рускай дзяржаве літаратурнай і афіцыйнай мовай і на якой напісана мноства ацалелых літаратурных помнікаў, не магла, аднак, атрымаць належнага развіцьця, літаратурнай апрацоўкі і пашырэньня і на працягу многіх стагодзьдзяў заставалася толькі размоўнай мовай пераважна сельскага насельніцтва…" (цытата з кнігі Сяргея Шупы. Падарожжа ў БНР. Архіўны раман. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) - Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2018. - С. 42).

Першая спроба вярнуць беларускую мову на газетныя старонкі была зроблена Канстанцінам (Кастусём) Каліноўскім, які нелегальна выдаваў на ёй лацінскім шрыфтам газету "Мужыцкая праўда". Толькі праз паўстагоддзя з'явіліся ў Вільні ў пачатку ХХ ст. газеты "Наша доля" і "Наша ніва". У сталіцы Расійскай імперыі пачало дзейнічаць першае беларускае выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца".

Дзякуючы намаганням беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў, расійскія ўлады прызналі існаванне беларускай мовы як цалкам самастойнай і ўключылі адпаведнае пытанне ў апытальныя лісты і табліцы перапісу насельніцтва ў 1897 г. Паводле перапісу, роднай лічылі беларускую мову: 891.903 з 1.591.207 жыхароў Віленскай губерні (56,1%), 788.599 з 1.489.246 жыхароў Віцебскай губерні (53%), 705.045 з 1.141.714 жыхароў Гродзенскай губерні (62%), 1.389.782 з 1.686.760 (82%) жыхароў Магілёўскай губерні. Акрамя таго, роднай беларускую лічылі 50 і болей (да 70) працэнтаў жыхароў Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні, Суражскага павета Чарнігаўскай губерні. Шмат жыхароў Смаленскай губерні і нават чатырох паветаў Цвярской назвалі таксама сваёй роднай мовай беларускую.

Менавіта карта распаўсюду беларускай мовы на тэрыторыі Расійскай імперыі і стала палітычнай картай БНР у 1918 г.

Аднак большая частка носьбітаў беларускай мовы жыла ў вёсках і была непісьменнай, асабліва жанчыны. У гарадах, дзе беларусы складалі колькасна менш за палову жыхароў, значная частка з іх была зрусіфікаваная ці спаланізаваная, і яны прынцыпова не карысталіся роднай мовай.

На гэтую тэму нядаўна ў газеце "Народная воля" напісаў добры артыкул Лявон Баршчэўскі пад назвай "Нялёгкае змаганне за беларускую мову" (№ 39 ад 15.05.2018 г.). Можна цалкам з ім пагадзіцца ў тым, што "Бацькі-стваральнікі БНР ведалі, што абвяшчэнне беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай і абавязковай у краіне ва ўмовах вайны і акупацыі можа сутыкнуцца з супрацівам менавіта адукаванай часткі насельніцтва. І адзіным сапраўдным аргументам, які дазваляў ім бараніць правы беларускай мовы, на той час былі звесткі адзінага поўнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, праведзенага за два дзясяткі гадоў перад гэтым, у 1897 г."

Таму гэта яны рабілі паступова, але настойліва. Спачатку ў пункце 6 Другой устаўной граматы з'явіўся наступны запіс: "У рубяжох Беларускай народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсональную аўтаномію; абвешчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі", а потым 3 красавіка 1918 г. Народны сакратарыят БНР прыняў пастанову, у якой беларуская мова набыла статус дзяржаўнай і абавязковай. Усе акты, дакументы і афіцыйнае ліставанне ўрадавых устаноў павінна было весціся на дзяржаўнай беларускай мове.

Але, як слушна пісаў Сяргей Шупа, " на той час яшчэ не існавала адзінага "афіцыйнага" беларускага правапісу: менская "Вольная Беларусь" друкавалася лёсікаўкай, віленскі "Гоман" - луцкевіцай. "Беларуская граматыка для школ" Браніслава Тарашкевіча зьявіцца ў Менску толькі ў верасні".

Сябры Народнага Сакратарыята БНР адначасова выкарыстоўвалі два алфавіты: "лацінку" і "кірыліцу". Пра гэта сведчыць вялікая круглая пячатка Рады БНР, на якой назва Рады напісана па коле двума шрыфтамі, прычым першы надпіс - на "лацінцы". Не забылася Рада БНР і пра правы нацыянальных меншасцяў. Ім гарантавалася права карыстацца сваімі мовамі (рускай, польскай і мовай "ідыш") у зносінах з дзяржаўнымі ўстановамі.

Дарэчы, на вышэйзгаданых мовах у Менску ў 1918 г. і выходзілі мясцовыя газеты. На рускай мове "Минская газета", "Минский голосъ", "Минская мысль" і "Дело труда"; на польскай - "Dziоnnik Miеski" і на ідыш - "Der Veker". Па-беларуску толькі дзве - "Вольная Беларусь" і "Беларускі шлях".

Сітуацыя з пашырэннем беларускай мовы была рознай у розных частках Беларусі. Лепшая сітуацыя была на захадзе, у зоне нямецкай акупацыі (з восені 1915 г.), дзе дзейнічалі беларускія школы і настаўніцкія курсы.

У цэнтральнай Беларусі (зона новай нямецкай акупацыі з лютага 1918 г.) дзейнічалі актывісты БНР, якія прызнавалі статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Існавала і ўсходняя Беларусь - частка Віцебшчыны і Магілёўшчыны, дзе беларуская мова была ў заняпадзе да абвяшчэння БССР у студзені 1919 г. і да пачатку беларусізацыі ў 1924 г.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

1563. Гузянкова (Таццяна) - вытвор з прыналежным суфіксам -ова ад антрапоніма Гузянок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Гузянкова. ФП: гуз ('пукатасць, нараст на целе чалавека або жывёлы ад удару, запалення і пад.') - Гуз (мянушка, потым прозвішча) - Гузянок ('нашчадак асобы з прозвішчам Гуз', фармант -янок < ёнак) - Гузянкова.

1564. Гумараў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Гумар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гумараў. ФП: гумар ('дабрадушна - жартаўлівая адносіны да чаго-небудзь', 'паказ у мастацтве якой-н. з'явы ў дабрадушна-смешным, камічным выглядзе, а таксама літаратурны твор, заснаваны на гэтым прыёме') - Гумар (мянушка чалавека з частым выкарыстаннем слова "гумар") - Гумар (прозвішча) - Гумараў.

1565. Гурыновіч (Фёдар) - вытвор з суфіксам -овіч ад антрапоніма Гурын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гурыновіч. ФП: Гурый (імя <ст.-яўр. 'малады леў') - Гурын ('сын Гурыя', прыналежны суфікс -ын) - Гурыновіч.

1566. Гусцік (Андрэй) - варыянт імя Густаў (ст.-герм. 'бітва' + 'жазло') набыло ролю прозвішча.

1567. Дадалка (Марыя) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) дадалка 'той, хто адказвае "да-да" (замест "так-так") на пытанне'; утварэнне з фармантам -лка (як і гадалка 'варажбітка'): дадалка.

1568. Дайкала (Андрэй) - народны варыянт кананічнага імя Дэйкола (лац. 'які шануе Бога') набыў ролю прозвішча.

1569. Даманеўскі (Уладзімір) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Даманева і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Даманевскі - Даманеўскі.

1570. Дамарацкі (Яўген) - вытвор з фармантам -скі (-цкі) ад антрапоніма Дамарад і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дамарадскі - Дамарац(д/т+с)кі. ФП: Дамарад (імя <слав. ' дом' + ' рады, здаровы') - Дамарад (празванне, пазней прозвішча) - Дамарацкі.

1571. Дамашэвіч (Уладзімір) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Домаш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Домашэвіч - Дамашэвіч. ФП: Дамінік (імя <лац. 'дзень божы, нядзеля') - Домаш (1539) - Дамаш (празванне, потым прозвішча) - Дамашэвіч.

1572. Дварчанін (Ігнат) - вытвор з суфіксам -анін ад тапоніма Дварэц і семантыкай 'народзінец, жыхар названага паселішча': Дварэц ( Дварца) - Дварч(ц/ч)анін. Як і Мінчанін - ад Мінск.

1573. Дзічэнка (Андрэй) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Дзік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзіч(к/ч)энка. ФП: дзік ('дзікі кабан, вепр') - Дзік (мянушка, потым прозвішча) - Дзічэнка.

1574. Дзявойла (Іван) - варыянт (рэг.) ад апелятыва дзявуля ('пра непаўналетнюю, але рослую мажную дзяўчыну') набыў ролю прозвішча пры антрапанімізацыі.

1575. Дзявойна (Іван) - другасная форма, першасная Дзявойіна - вытвор з прыналежным суфіксам -іна ад антрапоніма Дзявоя (у беларускай міфалогіі: багіня цнатлівасці - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 275) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзявойіна - Дзявойна.

1576. Дожын (Павел) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Дож і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дожын. ФП: дож ('тытул правіцеля Венецыянскай і Генуэзскай рэспублік да канца 18 ст.; асоба з гэтым тытулам') - Дож (мянушка, пазней прозвішча) - Дожын.

1577. Домніч (Эвеліна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Домн і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Домніч. ФП: Домн (імя <лац. dominus 'пан') - Домн (празванне, потым прозвішча) - Домніч.

1578. Драгіна (Ларыса) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Драга і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Драгіна. ФП: драга ('плывучая землечарпальная машына, прызначаная для здабычы карысных выкапняў з дна вадаёмаў, а таксама для паглыблення дна рэк, азёр і пад.', 'прылада для здабывання жывёл і раслін, што жывуць на дне вадаёмаў') - Драга (мянушка, потым прозвішча) - Драгіна.

1579. Дранчук (Валер) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Дранко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дранкук - Дранч(к/ч)ук. ФП: Дрымент (імя) - Дрона (разм.) - Дронка (жаночая форма, фармант -ка) - Дрончук - Дранчук.

1580. Дроцік (Вечаслаў) - семантычны вытвор ад апелятыва дроцік 'старадаўняя кідальная зброя ў выглядзе кап'я на кароткім дрэўку'.

1581. Друцкі (Эдуард) - адтапанімічны вытвор з суфіксам -скі ад геаграфічнай назвы Друцк і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Друцкскі - Друцкі. Або вытвор ад антрапоніма Друт з суфіксам -скі і значэннем 'нашчадак' або семантыкай прэстыжнасці (шляхетнасці): Друтскі - Друцкі. ФП: друт (польск.) drot 'дрот' (металічны выраб у выглядзе гнуткай ніці або тонкага стрыжня) - Друт (мянушка, пазней прозвішча) - Друцкі.

1582. Дрынеўскі (Іван) - вытвор з фармантам - еўскі ад антрапоніма Дрын(ь) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дрынеўскі. ФП: дрын ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 283) (без тлумачэння) - дрын (корань слова дрынкаць 'адзывацца пры трасенні дрыжачым гукам' ці 'ігры на інструменце - выгук') - Дрын (мянушка, потым прозвішча) - Дрынеўскі. Або ад тапоніма Дрыні(ы) з значэннем 'жыхар, народзінец названай мясцовасці'.

1583. Дубіцкі (Сцяпан) - вытвор з фармантам -скі ад Дубікі або -іцкі ад тапоніма Дубы і семантыкай 'жыхар, народзінец названай мясцовасці': Дубіцкі. ФП: дуб ('буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з цвёрдай драўнінай і пладамі-жалудамі', перан. 'Пра высокага, моцнага чалавека або пра неразумнага чалавека') - Дуб (мянушка, потым прозвішча) - Дубы, Дубікі ('мясціна з прозвішчамі Дуб', Дубік - тапонім) - Дубіцкі.

1584. Дубяга (Мацвей) - семантычны вытвор ад апелятыва дубяга 'той, хто дубее, мерзне' (ад дубець: дубяга) або дубяга 'вялікі дубец' ці 'вялікі дуб'.

1585. Дула (Ігнат) - імя (грэч. 'раб, слуга') набыло ролю прозвішча.

1586. Дулько (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва дулька - памянш.-ласк. форма з суфіксам -ка ад дуля 'гатунак летніх груш з вялікімі салодкімі пладамі, а таксама плод гэтага дрэва'. Форма з канцавым -ко для адмежавання ад апелятыва.

1587. Духоўнік (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва духоўнік 'святар, які прымае споведзь'.

1588. Дуцько (Анатоль) - семантычны вытвор ад апелятыва дуцько - утварэнне ад дуцца 'злавацца, крыўдзіцца' (ТСБМ, т. 2, с. 212) - 'той, хто дуецца - злуецца, крыўдзіцца'.

1589. Дэбіш (Анатоль, Васіль) - вытвор з суфіксам - іш ад дэбаць (рэг.) (спагадліва) 'ісці, дыбаць' [От які зь яго хадок, дэбае крышачку кала дому (Грабава): Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны, с.42] 'слабы, нямоглы хадок'. Апелятыў набыў ролю прозвішча шляхам пераходу ў антрапонім. Слова дэбаць падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова (с. 293). Дэрываты на -іш/-ыш "абазначаюць асоб паводле стану, у якім яны знаходзяцца" (Сцяцко П. Беларускае народнае словаўтварэнне… с.76-77).

(Працяг у наступным нумары.)


50-ы дзень нараджэння магілёўскага географа, краязнаўца

Географ, краязнаўца, педагог, член Магілёўскай філіі ТБМ Ігар Мікалаевіч Шаруха нарадзіўся 8 чэрвеня 1968 г. у г. Полацку. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ (1992). Навукова-педагагічную дзейнасць пачаў ў 1988 г. Працаваў настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў СШ №№ 40, 27 г. Віцебска. З 1993 г. працуе ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова. У 1993-1995 гг. працаваў старшым выкладчыкам (з заснавальнікам беларускага пачатковага прыродазнаўства П.А. Лярскім вёў курс "Методыка выкладання прыродазнаўства") педагагічнага факультэта, у 1996-2015 гг. быў старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры геаграфіі і аховы прыроды, намеснікам дэкана факультэта прыродазнаўства па навуковай рабоце (2000-2008), загадчыкам кафедры геаграфіі і аховы прыроды (2008-2012), дэканам факультэта прыродазнаўства (2012-2015), загадчыкам кафедры прыродазнаўства (2015-2016), з лістапада 2016 г. - прафесар кафедры прыродазнаўства факультэта матэматыкі і прыродазнаўста. Кандыдат педагагічных навук (2000; кіраўнік дысертацыі - слынны адраджэнец прафесар С.І. Сідор; праца напісана і абаранялася на беларускай мове), дацэнт па спецыяльнасці "Геаграфія" (2003).

Сфера навуковых зацікаўленняў: геаграфія Беларусі і краязнаўства; праблемы методыкі выкладання геаграфіі; культурная геаграфія і тапаніміка; экскурсазнаўства і геаграфія агра (эка) турызму.

І.М. Шаруха актыўна займаецца грамадскай працай па распаўсюджванні геаграфічных ведаў. Дзейны сябар ГА "Беларускае геаграфічнае таварыства" (з 1988), старшыня (з 2003) Магілёўскага абласнога аддзела, член тапанімічных камісій пры НАНБ і Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэце, адказны рэдактар (з 2001 г.) рэгіянальнага часопіса "Магілёўскі мерыдыян". З'яўляецца старшынём рэвізійнай камісіі Магілёўскай гарадской арганізацыі і намеснікам старшыні рэвізійнай камісіі Магілёўскай абласной арганізацый ТБМ. Член рэдакцыйных калегій шэрагу часопісаў. З'яўляўся членам аргкамітэта (2015) па ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі ў памяць заслужанага работніка культуры БССР В. І. Ермаловіча (1925-2004), старшынём аргкамітэта (2017-2018) па ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі да 100-годдзя з дня нараджэння П.А. Лярскага (1918-2013).

Удзельнік больш за 100 навуковых канферэнцый, у тым ліку больш за 60 міжнародных, з іх больш за 30 замежных. Аўтар больш за 800 (у т.л. у суаўтарстве) навуковых прац, сярод якіх 3 манаграфіі, 24 раздзелы ў манаграфіях, 8 даведачных выданняў, 14 карт, 270 навуковых артыкулаў, 150 артыкулаў у зборніках, 3 навучальныя дапаможнікі з грыфам, 81 раздзел у навучальных дапаможніках, 44 навучальныя дапаможнікі.

Уладзімір Хамякоў, старшыня Магілёўскага гарадскога аддзела ГА "Беларускае геаграфічнае таварыства".


Макей сустрэўся з аналітыкамі нямецкага фонду Кёрбера

Навіны Германіі

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з дэлегацыяй членаў "Знешнепалітычнай сеткі" германскага фонду імя Кёрбера, якія з 30 траўня па 1 чэрвеня здзяйсняюць інфармацыйную паездку ў Беларусь, паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства. Фонд імя Кёрбера з'яўляецца адным з вядучых аналітычных цэнтраў ФРГ у галіне знешняй палітыкі. "Знешнепалітычная сетка", якая функцыянуе ў рамках фонду, аб'ядноўвае маладых прафесіяналаў у міжнароднай сферы. Штогод з 2005 года па лініі фонду арганізуюцца рабочыя паездкі ў краіны, "якія маюць асаблівае значэнне для германскай знешняй палітыкі". У склад дэлегацыі ўвайшлі супрацоўнікі ведамства федэральнага канцлера ФРГ, апарата Бундэстага, федэральных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі аналітычных структур, акрэдытаванага ў Берліне дыпкорпуса. У сустрэчы ў МЗС узяў удзел пасол Германіі Петэр Дэтмар. У сваім выступе Макей "ахарактарызаваў асноўныя прыярытэты знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, падрабязна асвятліў знешнепалітычныя ініцыятывы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на прасоўванне ідэй партнёрства інтэграцыйных аб'яднанняў, абнаўлення агульнаеўрапейскага дыялогу ў сферы бяспекі, закрануў тэматыку ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕЗ і развіцця беларуска-германскіх адносінаў". Кіраўнік МЗС "адказаў на шэраг пытанняў" і "пацвердзіў зацікаўленасць беларускага боку ў працягу канструктыўнага супрацоўніцтва з фондам імя Кёрбера".

belapan.by. Фота МЗС Беларусі.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абакановіч Віталь Феліксавіч Абужынская Ганна Аляксанд. Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васільевіч Алейнікава Антаніна Андр. Алексін Самуіл Арцёмавіч Алёшка Вячаслаў Часлававіч Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Яўген Анташкевіч Канстанцін Андр. Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч Асаёнак Алена Міхайлаўна Асмыковіч Міхась Мікалаевіч Аўраменка Васіль Аляксеевіч Афанасьева Раіса Іванаўна Баеў Дзмітры Уладзіміравіч Баеў Павел Віктаравіч Бажок Юлія Базык Вольга Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барцэвіч Іван Васільевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валян. Бельская Ірына Казіміраўна Бельскі Аляксей Паўлавіч Бігель Дзмітры Анатольевіч Бондараў Сяргей Яўгенавіч Бруевіч Вольга Аляксандр. Бузо Марат Антонавіч Булавінская Марыя Бурачонак Аляксандр Вячас. Бушкова Таццяна Яўгенаўна Бычэнка Алена Аляксандраўна Бязмацерных Дар'я Аляксанд. Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч Валабуеў Аляксей Вітальевіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Таццяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадзеўна Васілевіч Наталля Мікалаеўна Васілеўскі Пётр Пятровіч Васільева Анастасія Вячасл. Вернікоўская Аксана Фёдар. Гайдук Ігар Віктаравіч Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Галушко Вера Віктараўна Гараніна Ганна Гаўрылькова Таццяна Уладз. Гашко Ірына Аляксееўна Герасімюк Ілья Мікалаевіч Глушко Адам Аляксеевіч Глушко Аляксей Віктаравіч Грыбоўскі Васіль Аляксандр. Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Гуркова Алена Валер'еўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзячэнка Алег Віктаравіч Драбышэўская Марына Вікт. Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожжына Ала Леанідаўна Дубінін Андрэй Барысавіч Дубовік Вячаслаў Юр'евіч Дуброўскі Валер Леанідавіч Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Жарнасек Міхась Васільевіч Ждановіч Таццяна Міхайлаўна Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Завадская Алена Аляксандр. Запалянская Вольга Васіл. Золаў Юры Георгіевіч Зуёнак Васіль Васільевіч Зяльвовіч Павел Іванавіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ігнатовіч Яўген Барысавіч Ільіна Анастасія Аляксандр. Ішуціна Таццяна Вікенцеўна Кавалёва Кацярына Кавалеўская Наталля Леанід. Кавалеўская Стэфанія Сярг. Калета Радаслаў Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Карповіч Аліна Аляксандр. Каўко Зміцер Кашуба Мікалай Ануфрыевіч Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандр. Колас Мікалай Мікалаевіч Комар Юры Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Дзмітры Аляксандр. Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзіміравіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандраўна Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Уладзіміраўна Курдо Павел Аляксандравіч Курловіч Ганна Аляксандр. Курчэўскі Іван Люцыянавіч Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Ліціна Фларыда Вакілаўна Лойка Святаслаў Робертавіч Лыскавец Ігар Лясько Аляксандр Аляксанд. Майсяёнак Андрэй Георгіевіч Макарэвіч Іна Макарэвіч Марына Уладзім. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'евіч Малочка Аляксандр Віктар. Маневіч Аляксей Манкевіч Таццяна Пятроўна Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцевіч Марозава Людміла Уладзімір. Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Міхайлоўская Данута Канст. Міхальчук Вераніка Пятроўна Міхноўская Наталля Вячаслав. Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Мысліцкая Галіна Якаўлеўна Насановіч Ларыса Уладзімір. Нікантаў Мікалай Яўгенавіч Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Падгал Марыюш Уладзімір. Палухін Уладзімір Мікалаевіч Пальчэўскі Віталь Юр'евіч Палянскі Алег Алегавіч Палянскі Андрэй Валер'евіч Панкевіч Юлія Аляксандраўна Парчынскі Яўген Паршанкоў Аляксандр Андр. Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Паўловіч Валянціна Іванаўна Паўловіч Карына Георгіеўна Петракова Антаніна Алегаўна Пінчук Аляксандра Анатол. Праневіч Кацярына Генадзеўна Пукель Алена Адамаўна Пятровіч Ігар Канстанцінавіч Рабчэня Таццяна Васільеўна Рагойша Дамініка Пятроўна Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Уладзім. Раеўскі Аляксандр Развянкоў Яўген Аляксандр. Разжалавец Іван Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Уладзіміраўна Рак Вольга Рыгораўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Уладзіл. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Настасся Юр'еўна Русін Алег Дзмітрыевіч Русць Максім Часлававіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Саевіч Павел Вячаслававіч Сазонаў Уладзіслаў Алякс. Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салаўёва Людміла Мікалаеўна Салаш Сяргей Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Самусевіч Уладзімір Алякс. Саўка Юстына Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сівіцкая Наталля Віктараўна Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сідляр Андрэй Сіліч Аляксандр Анатольевіч Сільнова Ніна Сіманаў Канстанцін Яўгенавіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Сітнікава Ядвіга Леанардаўна Славута Ніна Солтан Наталля Антонаўна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Студзінская Інэса Анатольеўна Сухарэбскі Вячаслаў Іванавіч Сцяпура Дзяніс Уладзіміравіч Сямашка Ала Уладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатол. Сяргеева Ірына Аляксандр. Таўгень Людвіка Трухан Людміла Траццяк Дзмітры Вітальевіч Туровіч Ірына Уладзіміраўна Уласевіч Таццяна Леанідаўна Урбан Аляксандр Фадзееў Яўген Мікалаевіч Фаміна Ірына Міхайлаўна Філічонак Ларыса Антонаўна Фурс Юрый Антонавіч Хаванскі Павел Міхайлавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Ханеева Таццяна Яўгенаўна Харужая Вера Харэвіч Васіль Віктаравіч Хашылёва Таццяна Аляксанд. Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядзвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна Ціханаў Аляксандр Валер'евіч Ціхановіч Вольга Віктараўна Цішчанка Віялета Цюленеў Аляксандр Аляксан. Чабатарэўскі Барыс Дзмітр. Чавусаў Юры Віктаравіч Чагаева Ірына Вільданаўна Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Чарнуха Сяргей Анатольевіч Чашчына Вольга Мікалаеўна Шабетнік Алег Васільевіч Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шарыпкін Рыгор Леанідавіч Шаўкун Васіль Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктар. Шубіна Дар'я Алегаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Шыпіла Уладзімір Аляксандр. Шэрэшык Ясенія Віктараўна Юркевіч Сяргей Іванавіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў Юры Генадзевіч Янукевіч Аляксей Антонавіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна


Слова пра фалькларыста, сябра і земляка

Сымон Барыс

28 траўня сёлета ў Беларускай філармоніі быў канцэрт аматарскага танцавальнага ансамбля "Крыжачок", які існуе ў складзе БДУ. Калі вярнуўся з канцэрту хацеў патэлефанаваць свайму земляку і распавесці пра канцэрт і паскардзіцца, што там за паўтары гадзіны на сцэне не прагучала аніводнага беларускага слова. А канцэрт закончылі 25 танцораў у марской форме пад назвай "Одесская кадриль", "Море встречает". Ды яшчэ з сімволікай БДУ. Які сорам! Няўжо рэктарату не сорамна? А нехта з рэктарату на рускай мове нават хваліў мастацкага кіраўніка ансамбля Ігара Музалеўскага. Сапраўды, канцэрт быў някепскі. Але нічога беларускага там не было, апрача касцюмаў і танца "Кругавая".

Вечарам рашыў не трывожыць Арсеня. Патэлефаную заўтра. Раніцай вырашыў абавязкова перагаварыць з Арсенем і расказаць пра незвычайны сон, але ўсё чамусьці адкладваў. А 11-й гадзіне мне патэлефанавала Марына Ліс (жонка Арсеня) і сказала: "Арсеня ўжо няма". Давялося ёй расказаць пра сон у гэтую ноч.

дзём па беразе Нарачанкі па бруднай дарозе. Я і Арсень з нейкім мужчынам, які сюды аднекуль прыехаў. Арсень мне кажа, што ён помнік-камень паклаў у гонар кнігі "Нарачанка і яе берагі". Помніка я не бачу. Арсень з тым мужчынам пайшлі ў лес у бок Кузьмішак і Гануты, а я завярнуў у сваю вёску Касічы. Я вырашыў не шукаць той помнік, можа ён і пажартаваў. Калі той помнік ляжыць, дык нікуды ён не дзенецца. Хай ляжыць".

Сапраўды, Ліс пакінуў помнік для гэтай кнігі. Ён з Міхасём Чарняўскім былі рэцэнзентамі гэтай кнігі. Не думаў я, што мне сёння давядзецца пісаць пра Арсеня Ліса, майго земляка, якога я ведаю, напэўна, з сярэдзіны 1960-х гадоў. А пазнаёміў нас вядомы народны артыст СССР Рыгор Раманавіч Шырма. Так атрымалася, што я ў 1962 годзе стаў карэспандэнтам Р. Шырмы, калі я служыў у Ноўгарадзе і вучыўся на вячэрнім аддзяленні педагагічнага інстытута. Шырма рэкамендаваў мяне ў аспірантуру па спецыяльнасці беларуская фалькларыстыка. Я папрасіў напісаць рэкамендацыю. І ў адказ пачуў:

- Я там у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук не працую, а таму пісаць не буду. А ты ідзі туды, знайдзі Арсеня Ліса і скажы яму, што я прыслаў і прапаную цябе ў аспірантуру. І гэтага хопіць. Калі спатрэбіцца падцвярджэнне, то яны са мной звяжуцца і я скажу, што трэба.

Як адбылося знаёмства з Арсенем - ужо не памятаю. Але я яго знайшоў. А вось знаёмства з Р. Р. Шырмам адбылося ў 1962 годзе ў Вялікім тэатры оперы і балета, памятаю да драбніц.

Улетку 1969 года я наведаў А. Ліса ў Інстытуце. Канкрэтна мы не дамовіліся, толькі на будучыню паспадзяваліся. Аднак, калі вярнуўся ў Ноўгарад, то даведаўся, што рэдакцыю газеты "За рулём", дзе я працую, закрываюць. Тэлефаную А. Лісу і кажу: "Хачу сёлета паступіць у аспірантуру". І чую адказ: "І на стацыянар і нават на завочнае ўжо сёлета набралі. А калі ў цябе так з работай, то прыязджай у Беларусь, і тут будзем разам думаць". У той час дырэктарам гэтага акадэмічнага інстытута быў Пятро Глебка. Я напісаў рэферат аб песнях, запісаных мной у вёсках Нарачанскага краю. Хоць той рэферэт (калі ацаніць яго сёння) быў зусім слабы, але ён быў арыгінальны. Я паказаў, якія я запісаў песні і даў ім ацэнку.

У той год Арсеь Ліс жыў у інтэрнаце Акадэміі навук, па вуліцы Сурганава, а я настаўнічаў у школе Менскага раёна. У канцы снежня 1969 года ў выхадны дзень я прыехаў з вёскі да Ліса і зайшоў ў яго пакой, у якім ён жыў адзін. Тут я не раз заставаўся начаваць. На гэты раз ён мне кажа: "Сямён, я цябе віншую. Ты ўжо аспірант. Залічылі цябе на завочнае адзяленне". Напэўна, я прамаўчаў. "А чаму ты не радуешся?!" - пытаецца ён. "А чаго тут радавацца? Завочна вучыцца, што есці па тэлевізары. Або завочна есці", - адказаў я.

У 1970 годзе, улетку, я разам з групай фалькларыстаў паехаў у экспедыцю збіраць беларускі фальклор. У той час я працаваў над дысертацыяй "Традыцыйная беларуская вясельная паэзія". Першая экспедыцыя была на Мядзельшчыну, Пастаўшчыну. На другое лета мы ездзілі на Гарадзеншчыну (Астравеччына, Ашмяншчына). У нашай групе былі М. Я. Грынблат, народны артыст Г. І. Цітовіч, І. К. Цішчанка і я. Арсень Ліс быў яшчэ дзяцюком і вёў сябе вельмі сціпла. Адначасова ён вучыў мяне, як стаць фалькларыстам. Хоць мы і сябравалі, але мы ні разу не выпівалі. На вечарынку (на танцы) таксама не хадзілі, хоць я не раз прыязджаў у Менск і хадзіў тут на танцы.

Трапіў я і яшчэ адзін раз у навуковую экспедцыю на Віцебшчыну. У тую экспедыцыю з беларускімі фалькларыстамі адправіўся і віленскі кампазітар Павел Каруза з жонкай. Памятаю, што тады ў Верхнедзвінскім раёне мы з Арсенем начавалі ў вёсцы Дзёрнавічы, у гумне. А ён тады збіраўся ўжо ажаніцца і сваю будучую жонку Марыну пакінуў адну ў сваёй нядаўна атрыманай кватэры. Ён за яе хваляваўся, што можа яна там адна баяцца. Тады ж мабільнікаў не было, каб перагаварыць. Хоць яна была за яго маладзей на гадоў можа дзесяць, але Арсень як жаніх быў прыгожы і прывабны, вучоны і кандыдат філалагічных навук. Арсень вучыўся ў мяне сямейнаму досведу, а я ў яго - даследчай рабоце. Аб нашых сумесных вандроўках і пра мяне Арсень нават успомніў ў нарысе "Даўнія песні Наддзвіння", што змешчаны ў кнізе "Gloria victis!" (старонка 667), якую мне падарыў і падпісаў: "Сябру-земляку Сымону Барысу з пажаданнем рэалізаваць свае неардынарныя творчыя задумы, усяго памыслага ў асабістым жыцці. Арсень Ліс. 30.11.2012" . Я стараўся апраўдаць яго зычэнні. І кожны раз, прачытаўшы нейкі мой артыкул у штотыднёвіку "Наша слова", тэлефанаваў мне па гарадскім тэлефоне і хваліў. Можа я іншы раз і хацеў бы пачуць крытыку, але яе не было. Аднак ён ставіўся да мяне заўсёды крытычна. Аднойчы ён мне сказаў, што я сваёй скаргай, што мяне часова не пасялілі ў інтэрнат для працы над дысертацыяй, закрыў сабе дарогу ў Інстытут Акадэміі навук. Фактычна ён выказаў сваё абурэнне. І калі я падарыў яму апошнюю маю кнігу "Каляндар гісторыі Беларусі", то некалькі дзён ён вытрымліваў паўзу, а пасля патэлефанаваў і сказаў мне пра арыгінальнасць кнігі, пра яе значэнне для Беларусі і назваў дзве памылкі (паспадзяваўся на інтэрнэт і пераблытаў дзве фотакарткі Паўліны Мядзёлкі і Сымона Рак-Міхайлоўскага). Давялося тэрмінова іх выпраўляць.

Арсень Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава, што недалёка ад Залесся Смаргонскага раёна (тады гэта ў гміне Беніца Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства). Скончыў філалагічны факультэт БДУ ў 1956 годзе. Пасля заканчэння ўніверсітэта быў накіраваны ў Шаркаўшчыну, дзе працаваў у педагаічным кабінеце РАНА і адначосова вёў урокі беларускай літаратуры ў мясцовай школе. З лета 1957 года быў рэдактарам у рэдакцыі "Мастацкая літаратура" Дзяржкамвыдавецтва БССР. Пісаў дысертацыю пра заходнебеларускіх пісьменнікаў. Карыстаўся апекай Максіма Танка. І гэта зразумела, бо М. Танк - з Заходняй Беларусі. Такім чынам, Рыгор Шырма і Максім Танк дапамагалі яму, як маглі. Аднак ён быў варты таго, каб яго падтрымаць. Працавіты, чуткі да роднага слова, хоць і не піша вершы, але піша па-мастацку. Не курыць і не п'е. Здольны да навукі.

З восені 1959 года А.С. Ліс два гады вучыўся ў аспірантуры, а затым працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфі і фальклору АН БССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю кандыдата філалагічных навук у 1965 годзе, а ў 1997 годзе стаў доктарам філалагічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за 1988 год.

З 2004 па 2008 год быў членам экспертнага савета ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь). Намеснік старшыні вучонага савета па абароне дысертацый па спецыяльнасцях фалькларыстыкі і этнаграфіі.

Арсень Ліс разам з Міхасём Чарняўскім і Анатолем Валахановічам рэкамендавалі мяне ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў у 2008 годзе. Ён жа разам Міхасём Чарняўскім быў рэцэнзентам кнігі С.В. Барыса і А.В. Рогача "Нарачанка і яе берагі". Арсень згадзіўся стаць рэцэнзентам і наступнай нашай кнігі "Нарачанскі край".

Не стала А. Ліса - гэта вялікая страта для беларускай культуры. Ён як ніхто іншы дбаў пра нашу спадчыну і вельмі перажываў за сучасны абыякавы стан беларускай мовы.

Аказваецца Арсень Ліс апякаў не толькі мяне. Вось што пра яго расказала гісторык Ніна Стужынская: "І мне ён быў як родны бацька. Добразычлівы, уважлівы да маіх публікацыяў. Заўсёды спрыяў у кантактах для маёй навуковай тэматыкі, радаваўся маім архіўным знаходкам. Я магла да яго звярнуцца з любым пытаннем, і ён ніколі не адмаўляў у дапамозе, не спасылаўся на занятасць, здароўе ці сямейныя абставіны".

Калі выходзілі яе кнігі ці артыкулы, Арсень Ліс "тэлефанаваў, віншаваў, казаў нешта прыемнае. Гэта вельмі рэдкая якасць у нашым асяроддзі. Калегі сквапныя на добрыя словы. Асабліва цяпер, у такі падазроны і змрочны час для незалежных навукоўцаў", - адзначае Стужынская. Яна называе Арсеня Ліса "апошнім сімвалам эпохі вялікіх беларускіх падзвіжнікаў", якімі былі для яе і Міхась Чарняўскі, і Уладзімір Караткевіч. "Мне яго будзе вельмі не хапаць, і ніхто яго ўжо мне не заменіць. Ягоны адыход - велізарная страта для ўсіх, хто цэніць свабоду, праўду і справядлівасць", - дадае Стужынская.

Магу і я шчыра падпісацца пад усім сказаным гэтай адважнай жанчынай.

Памёр А. С. Ліс 28 траўня 2018 года. Пахавалі майго земляка 31 траўня на могілках у Залессі Смаргонскага раёна.

А. Ліс - аўтар манаграфій "Купальскія песні", "Браніслаў Тарашкевіч", "Мікола Шчакаціхін: хараство непазнанай зямлі", "Пётра Сергіевіч", "Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча", "Пякучай маланкі след: эцюды да партрэта мастака Горыда", "Песня ў спадчыну". У выдавецтве "Беларускі кнігазбор" надрукавана кніга выбраных твораў "Арсень Ліс. Выбранае".


Пры ўскалыхах адвечных званоў - рупліўцы твае, Беларусь

Прысвячаецца валачобніку Арсеню Лісу

Зноў песня прасілася ў свет…

Маланкі пякучае след

свабодзе дарогу прабіла.

Балткрывія Вас палюбіла:

мацнела ад Вашых бясед

у знойдзеных постацях сіла.

Вы, вечны вандроўнік, у руху!

Прысады жыцця - у фальклоры.

Хай Вётхава дасць Вам напругу,

а Gloria victis у творы -

высакароднага духу.

Быць Вам, званару - у нязморы!

------------------------------------------

+ Імя Арсеня Ліса занесена ў беларускую кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь".

+ "Адвечныя званы"- назва сцэнарыя пра Мітрафана Доўнар-Запольскага, 1993.

+ "Песня прасіла ў свет" - твор пра фалькларыста Антона Грыневіча.

+ "Пякучай маланкі след". Эцюды да партрэта мастака Горыда, 1989.

+ "Цяжкая дарога свабоды", 1994.

+ Балткрывія-варыянт латышскага наймення "Беларусь".

+ "Вечны вандроўнік" - пра Я. Драздовіча, 1984.

+ "Прысады жыцця" - пра М. Гарэцкага, 1985.

+ А.С. Ліс - адзін з укладальнікаў акадэмічнага збору "Беларуская народная творчасць"

+ Вётхава - вёска, дзе 4.02.1934 г. нарадзіўся Арсень Сяргеевіч - будучы фалькларыст, літаратуразнаўца, літаратар, доктар філалагічных навук

+ "Gloria victis", 2008.

3-4.02. 2018 г.

Сяргей Панізьнік.


У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Генеалагічная табліца Далеўскіх гербу Круцыні, уступ

Даты нараджэння і смерці чальцоў сям'і розныя ў розных крыніцах.

Даты нараджэння Францішка і Аляксандра не выклікаюць сумнення. Даты нараджэння Канстанціна і Зузанны (блізняты), Апалоніі, Цітуса, а таксама Ксаверы падаюцца паводле метрычных кніг Салечніцкай парафіі і парафіі Св. Яна ў Вільні (LVIA, zesp. 604, іnw. 19, vol. 34, s. 152 v., nr 38; vol. 39, s. 271, nr 53; іnw. 20). Дату нараджэння Тэклі падаём па апісанні ўзросту ў актах следчай камісіі (LVIA, zesp. 438 vol. 1, k. 434). У сваю чаргу Уладзіслаў Загорскі падае даты "каля 1830 г." (LVIA, zesp. 1135, inw. 8, vol. 38, k. 121), а Бенедыкт Дыбоўскі (праўдападобна) - 1829 г. (надпіс на фатаграфіі ў Музеі літаратуры імя А. Міцкевіча ў Варшаве (МЛ), запіс І.06218). Ён таксама занатаваў на фатаграфіі дату нараджэння маці Дамінікі (МЛ, запіс І.60214). Даты нараджэння Юліі запісаў Загорскі ( ibidem), такая самая віднеецца на адвароце фатаграфіі (МЛ, запіс І.06216). Дату нараджэння Юзэфы падаём па апісанні ўзросту ў актах следчай камісіі (LVIA, zesp. 438, ap. 1, b. 434).

Даты смерці Дамінікі, Францішкі і Амеліі, Юліі, Цітуса, Ксаверы 1 відны на надмагіллі сям'і Далеўскіх на Павонзках (гл. К. Віткоўская, Могілкі на Павонзках, дадатак CD да кнігі: eadem, Павонзкі - гаваркія камяні. Надмагільныя надпісы на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве, Кракаў, 2009), а Аляксандра на надмагіллі на Росах. Дату смерці Юзэфы падаём па надпісе на фатаграфіі Ксаверы (МЛ, запіс І.06215), а Апалоніі па некралозе ў "Кур'еры Варшаўскім" (ад 3.І.1919).

1 У некралозе Ксаверы пададзена, што памерла ў веку 46 гадоў. Каб так было, то мусіла б нарадзіцца ў 1854 г., а гэта значыць праз шэсць гадоў пасля смерці Дамініка Далеўскага: "Кур'ер Варшаўскі" ад 30.VII.1900 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Пасля трагічных падзей у Галіцыі ў душах маладых Далеўскіх паўстала датуль невядомая трывога, з якой нарадзілася пытанне, ці ж пасля столькіх цярпенняў, мукаў, ахвяраў і працы нашай супольнасці, справа адраджэння заміж таго, каб ісці наперад, адступае, дае бандыцкія плёны, якія праяўляюцца ў падняцці брата супраць брата? Ці ж духоўнае жыццё нашага люду развіваецца толькі пад уплывамі выпадку, ці краем кіруе злая або добрая сіла? Ці ўласна грамадства нічога супраць тых уплываў зрабіць не ў стане?

Пэўнага дня b Францішак даверыў малодшаму брату Аляксандру свае думкі, планы, жаданні. Аляксандр жывы, гарачых пачуццяў, лягчэй запальны, у якога слова на столькі мела толькі значэнне, на колькі давалася для ўцялення ў дзеянне, выслухаўшы брата з расчырванелым тварам выгукнуў: "Браце! Гэтага не дастаткова, што ты добра думаеш і адчуваеш, гэта не толькі добра, гэта дасканала, тое, што ты тут гаворыш! Трэба гэта адразу распаўсюдзіць сярод нашай маладой браціі і адразу ўзяцца энергічна за работу. Заснуём Братні звяз на жыццё або смерць для дабра Бацькаўшчыны, будзем працаваць без перапынку не зважаючы на ўсялякія цяжкасці і перашкоды да апошняга дыхання, і ўбачыш, браце, што пры Божай дапамозе Польшча і Літва с нашыя, адроджаныя справай, чыстыя, шляхетныя, здэмакратызаваныя, бо справядлівасць патрабуе, каб крыўда, нанесеная люду праз занядбанне яго была ўзнагароджана пад'ёмам яго ў асвеце. Ачышчаны люд са здзіўленнем убачыць святло, зразумее дабро і стане як брат пры шляхце да супольнай працы дзеля вызвалення Бацькаўшчыны ад перавагі ворага, а час і акалічнасці падкажуць хвілю паўстання Польшчы".

Ад гэтага часу існаваў Братні звяз моладзі на Літве. Уплыў, які аказвалі абодва браты Далеўскія ад наймалодшых гадоў жыцця на сваіх калегаў, і стасункі, завязаныя з гэтай моладдзю, ад гэтага часу хутка расшыраліся, дасягаючы ўсякіх пластоў на Літве і па-за Літвой. Францішак вырашыў не пакідаць Вільні, Аляксандр выехаў на вёску, каб быць жывым злучнікам вёскі з горадам.

У новапаўсталай арганізацыі лозунгі былі: "Праз працу, праўду і справядлівасць дажыць да з'яднання і незалежнасці". Той, хто ўступаў у Звяз павінен быў быць гатовым для добрай справы панесці пакутніцкую смерць, не толькі не выдаць сяброў Звяза, але, на колькі гэта акажацца мажлівым, для абароны арганізацыі прыняць на сябе віны іншых. Арыштаванаму можна шукаць сродкаў ацалення без крыўды іншым, але нельга вучыць непрыяцеляў шляхам, якімі Звяз ідзе да мэты. Абапірацца на моладзь, але прытым старацца карыстацца з дасведчанасці старэйшых, бо жыццё - вялікая кніга мудрасці, з якой не раз добра зачарпнуць, прыстасаваць, нешта змяніць або ўнікнуць.

Звяз сягаў да ўсіх навучальных устаноў на Літве і ў Расіі. Заданнем яго было зарганізацыя жыцця моладзі ва ўніверсітэтах, [у] ліцэях, акадэміях і г.д. Уплываць, каб пільна аддавалася навуцы для падрыхтоўкі дзейных, разумных і сур'ёзных дзеячоў на будучыню. Не дажыла арганізацыя да неадкладнага вызвалення Бацькаўшчыны, але спачатку - да яе адраджэння духоўнага праз прышчапленне і распаўсюджанне цнот, ведаў і дабрабыту, выклікаючы нароўна чысціню душы і цела, устрыманне ў ежы і напоях, справядлівасць і павагу нават да ворагаў Бацькаўшчыны і шанаванне чалавека без розніцы веравызнання і нацыянальнасці, так, як бы мы хацелі, каб шанавалі нас, нашых маці, сясцёр і дачок, пашырэнне польскасці праз вывучэнне мовы, гісторыі і літаратуры; апеку над недарослай моладдзю, каб захаваць ад псавання, ад нэндзы роўна як духоўнай, так і матэрыяльнай.

Пачаць рэформы з сябе саміх. Не агалошваць тэорыі, але ўцяляць іх у дзейнасць і шляхетнай дзейнасцю dпрыкладам добрым вучыць і пераконваць, што дабро і справядлівасць павінны d ўсюды і заўсёды екіраваць дзейнасцю чалавека е, роўна як сярод сваёй супольнасці, так і сярод ворагаў на дзяржаўных пасадах. Не дапускаць расіян у польскія сем'і.

Тыя, хто жыве за мяжой або ў Расіі, трацяць права кіраваць лёсам краю, fале ў хвілі патрэбы, выкліканыя сваякамі, павінны паспяшыць краю на дапамогу f. Падзеі ў замежных дзяржавах могуць уплываць на нашую справу толькі на столькі, на колькі пасля падліку ўласных сілаў прызнаем сябе дастаткова моцнымі для апошняга чыну.

Няпраўдай ёсць тое, што падаюць некаторыя, быццам бы ў 1848 годзе Далеўскія хацелі выклікаць збройнае паўстанне на Літве. Нягледзячы на сваю маладосць, яны добра разумелі, як многа спачатку трэба зрабіць, пакуль сонца свабоды ўзыдзе. Для набліжэння да тых шчаслівых дзён, хацелі яны прасвяціць народ, з'яднаць усе пласты і вызнанні ў краі, навучыць прывілегіяваны клас ахвярнасці і адмаўленню ад эгаістычных мэтаў, стварыць пласт людзей годных заняць пасады кіраўнікоў gу хвіліну будучай працы g і ў будучым вольным краі. Далеўскія і іхнія браты па Звязе разлічвалі працу не на некалькі гадоў, а на некалькі пакаленняў.

Узрушаныя гарачыя патрыятычныя пачуцці не далі ўтрымацца ў акрэсленых межах. Падзеі 1848 года страсянулі моладзь на Літве h 12 Асабліва рамеснікі, нягледзячы на апазіцыю кіраўнікоў, рваліся да зброі.

(Працяг у наст. нумары.)


а У копіі BUW няма гэтага слова.

7 Гебес (Hebes, лац.) - туман, тупая, абмежаваная галава, але таксама балбес, сарвігалава.

8 Звяз выступае ў крыніцах і літаратуры пад назвамі: Братні звяз моладзі на Літве, "Братні звяз" польскай моладзі ў Вільні, Братні звяз літоўскай моладзі, а таксама Змова братоў Далеўскіх.

9 У час лістападаўскага паўстання на Літве змагалісядобраахвотныя аддзелы і рэгулярныя часткі польскай арміі.

10 Гаворка ідзе пра бунт - крывавае выступленне мужыкоў супраць шляхты ў 1846 г. у заходняй Галіцыі.

b У копіі BUW далей закрэслена: "на Бакшце".

с У копіі BUW няма слоў: "і Літва".

11 27.ІХ.1846 г. Аляксандр, былы вучань VI класа, атрымаў пасведчанне дырэкцыі школ Віленскай губ., якое дазваляла падрыхтоўваць дзяцей да школы. Вучыў як рэпетытар у Вільні і Берасцейскім павеце Гарадзенскай губ.; у Вільню вярнуўся ў канцы 1848 г.

d-d У копіі BUW адсутнічае.

e-e У копіі BUW адсутнічае.

f-f У копіі BUW адсутнічае.

g-g У копіі BUW адсутнічае.

h У копіі BUW няма слоў "на Літве".

12 Пасля выбуху ў сакавіку 1848 г. рэвалюцыі ў Берліне разлічвалі на вайну паміж Расіяй і Прусіяй, а таксама на ўваход у край аддзелаў пад кіраўніцтвам эмігранта Людвіка Мераслаўскага. Пазней? у сувязі з інтэрвенцыяй расійскіх войскаў у Венгрыю, змоўшчыкі планавалі выклік паўстання як дыверсійных дзеянняў.


Краязнаўца Наталля Плакса: "Продкі далі нам у спадчыну гэтулькі скарбу, што застаецца толькі чэрпаць з багатага вопыту, найперш духоўнага"

раязнаўчым хвілінкам" на Нясвіжскім раённым радыё - дзесяць гадоў. З нагоды першага юбілею наш карэспандэнт пацікавіўся ў вядоўцы, педагога і краязнаўцы, старшыні Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталлі Плаксы, ці склалася з некалькіх сотняў "хвілінак" своеасаблівае рэтра-выбранае, якое можна было б паслухаць або разгарнуць… Але гаворка пачалася задоўга да гэтага пытання.

"Часам на голас пытаюцца, ці не тая самая я…"

- Наталля Васільеўна, а Вам выпадае хвілінка паслухаць сябе раніцай?

- Стараюся, але нават калі прапускаю "сваю пятніцу", а такое здараецца, у тую ж раніцу чую жывы непасрэдны водгук. Ну, думаю, нешта сказала… Але тэлефануюць зычлівыя людзі, шчыра дзеляцца ўражаннем, дзякуюць. Адгукаюцца і сябры, былыя калегі па школе, проста знаёмыя. Настрой падымаюць на ўвесь дзень. З якім жаданнем бяруся за новую тэму! Пераважная мая аўдыторыя - сельскія жыхары, і я асабліва даражу гэтым, бо краязнаўства, нясвіжазнаўства ідзе з глыбінкі, з нашых вёсак, мястэчкаў. Але рада пасведчыць і тое, што перадачу слухае і наша інтэлігенцыя - напрыклад, дактары. Расповяд пра сваё роднае - надзвычай запатрабаваная тэма. І трэба ўлічваць такі момант: перадачы раённага радыё пераважна інфармацыйныя, шмат афіцыйных паведамленняў, таму "Хвілінкі" ажыўляюць мясцовы эфір, яны заўсёды чаканыя. А калі ўдаецца свой голас паслухаць самой, ацаніць сябе збоку, тут экспертыза больш жорсткая. Усё бяру пад увагу. Прызнаюся, часам і сама сябе пахвалю, самой сабе настрой падыму: вось жа якая! Нібыта і не я…

- Вы сказалі пра голас. У Вас ён, дарэчы, адметны, лёгка пазнаць. Вы чытаеце тэкст па-мастацку, часам вельмі ўзнёсла, інтанацыі артыстычныя, не дыктарскія. Сталыя слухачы памятаюць і ваш прыгожы спеў. Заспяваць у студыі - гэта поўны "нестандарт"... А яшчэ ж і добрая літаратурная мова. Можа, выглядае на празмерны камплімент, але ваш голас - своеасаблівы брэнд, Вы агучваеце культурна-гістарычную хроніку раёна, хвілінкі вечнасці. Як самі лічыце?

- Мне прыемна, што гэта заўважаюць слухачы. Кажуць, як пачуем ваш голас, адразу бліжэй да прыёмніка - пазнаюць! Бывае, і ў горадзе, і ў вёсцы рэагуюць на голас, пытаюцца, ці не тая самая… Але голас - толькі інструмент, выкананне, а шчырую я над тэкстам, факталогіяй, зместам, каб было ШТО чытаць. Праўда, выбіраю тэмы, каб яны, нягледзячы на сённяшнія рэаліі жыцця, спакусы грошай і выгадаў, узнімалі чалавека духоўна, давалі надзею і грунт, пачуццё ўласнай годнасці. Мы - нацыя, народ, і нашы продкі, што б мы ні казалі, далі нам у спадчыну гэтулькі скарбу, што застаецца толькі ўмела гэта захоўваць, вучыцца на ўзорах, чэрпаць з багатага вопыту, перш-наперш духоўнага. Я стараюся гэта рабіць, пераважна папулярызаваць наш скарб на разнастайным матэрыяле Нясвіжчыны - этнаграфічным, мовазнаўчым, матэрыяльным, экалагічным, біяграфічным, міжнацыянальным. Багата ўсяго.

У радыёстудыю - з дзецьмі

- Наталля Васільеўна, Вашы хвілінкі нярэдка гучаць і з дзіцячымі галасамі.

- Цяпер менш, я пакінула школу. А раней, калі працавала, гэта былі мае ці не самыя ганаровыя студыі. І такіх не адзін дзясятак. Тут і ўрокі гісторыі, і даследчая, экспедыцыйная дзейнасць, і моцная патрыётыка, і выхаванне з арыентацыяй на будучую прафесію - я вядоўца і педагог, кіраўнік гуртка і нават… аўта-кіроўца. Саджу ў машыну маіх суразмоўцаў і вязу на радыё, а пасля развожу па хатах. Калі рыхтавала эфір, папярэдне шмат рэпеціравалі, дыскутавалі, спрачаліся. Але найперш гэта былі экспедыцыі, каб дзеці на свае вочы ўбачылі, памацалі рукамі. Гэта ўсё вымагала часу, дадатковых намаганняў, затое прыносіла плён, задавальненне, агульную радасць. Заўсёды сама сабе думаю: якія здольныя дзеці, як адгукаюцца на тваю ідэю, калі ім гэта цікава! Ім не толькі радыёэфір - якое хочаш тэлешоу пад сілу. І не абы пра што, а пра нашы адвечныя каштоўнасці.

- А якія "хвілінкі" трымаеце ў памяці як найдаражэйшыя Вам, не прыпомніце?

- Найперш усё тое, што мне перададзена з маміных вуснаў. Ад мамы, Вольгі Андрэеўны, з дому Гацілаў, я навучылася любіць і цаніць сваё, роднае. "Хвілінак", сабраных з маміных успамінаў, з яе, так бы мовіць, вуснай творчасці, сёння ўжо не адзін дзясятак. Я называю гэта "маміным краязнаўствам". Тут не толькі яркі эпізод, крупінкі-россыпы з памяці, але і добрае смачнае слоўка, і прыказка-прымаўка, і песня, і назірк, і роздум. Я любіла маму паслухаць, была яе ўдзячнай слухачкай. Як і тату, вясковага майстра, чалавека, які заўжды цёрся "ў людзях" і пашыраў геаграфію сямейнага досведу, бо "маміна краязнаўства" - гэта Малева і ваколіцы, а татава - больш на поўдзень, дзе Асмолава, Лань, Кіркаўшчына. Мусіць, яны ведалі, тата з мамай, што я моцна праймуся краязнаўствам і буду рабіць свае "хвілінкі" для радыё… Яны і сёння мне спрыяюць, я адчуваю, што яны мяне чуюць. Шкада, я не ўсё даслухала, шмат не распытала, пачуваюся вінаватай. Кажу дзецям, каб не паўтаралі памылак, запісвалі ад бацькоў, бабуляў іх цікавыя гісторыі, успаміны, вялі сямейны дзённік.

Гісторыя пад кантролем

- А ці шмат на Нясвіжчыне людзей "у краязнаўстве"? Хто іх сёння збірае пад сцягі айчыналюбаў або нейкага звязу "па інтарэсах"? Хто аб'ядноўвае, заахвочвае, выдае і г.д.?

- О, тут пытанне - "тры ў адным", ёсць пра што разважааць! Пачну з першага: хто ў краязнаўстве? Калі па колькасці, лёгка набіраецца добры дзясятак імёнаў. Можна смела ствараць раённае бюро краязнаўства (такія існавалі ў часы Інбелкульту - на пачатку ХХ ст.). Грамадства неяк вылучае сваіх прадстаўнікоў - ці то намаганнямі школы, ці то сродкамі прапаганды, ці проста свядомай пазіцыяй асобных людзей. І ў рэшце рэшт ёсць разуменне, што летапіс памяці, біяграфію "малых радзімаў", сваёй бацькаўшчыны трэба рухаць, напаўняць новым зместам. Каб не перасыхалі ручайкі пошуку, жывілі культуру, выяўлялі спадчыну ў яе самабытных і разнастайных формах. Тут я не кажу пра сталыя дзяржаўныя асяродкі - раённы краязнаўчы музей, музей-запаведнік, Радзівілаўскі палац - таксама тыя ж людзі ў краязнаўстве. Але істотна важна, калі нехта рупіцца на сваім мясцовым узроўні. Нядаўна пазнаёмілася з такім чалавекам - Аляксандр Абрамовіч з вёскі Студзёнкі, што побач з Гарадзейскім цукровым камбінатам. Дзякуючы яму, тут гісторыя пад кантролем. Увесь у пошуку, мае сваю адметную "карту памяці", перапіску, фотатэку, марыць пра памяшканне, дзе можна было б размясціць музейную экспазіцыю сваёй вёскі. Што да краязнаўчага таварыства ці бюро, тут пакуль няма чым пахваліцца. Адзіночкі-энтузіясты праблему не вырашаюць. Трэба аб'ядноўвацца, быць разам, навідавоку. Збірацца, прымаць рашэнні, мець сваю стратэгію, праграму дзеянняў. Што да заахвочання, я не бачу пакуль, каб нехта збоку, ці, скажам, з уладных структур нас падбадзёрваў або заахвочваў. Больш на асабістым энтузіязме. Але я задаволена і тым, што сёння маю такую трыбуну - раз на тыдзень рабіць краязнаўчыя перадачы, гаварыць пра нешта важнае. Хай невялічкая, але ўсё ж бруістая, жывая крынічка інфармацыі пра нашу гісторыю, памяць, вытокі. І за гэта дзякуй. Лічу, мы самі павінны больш варушыцца, пакладацца на свае сілы, шукаць сродкі, ладзіць стасункі, кантактаваць з прэсай, будаваць сваю дыпламатыю.

- А Вам, чалавеку на віду і на слыху, не хацелася самой стварыць такую грамадскую арганізацыю на Нясвіжчыне? Як тое ж бюро, таварыства ці нешта падобнае?

- Гэта, лічу, рэальна. І ў гэтым мяне пераконваюць слухачы. Грамадская зацікаўленасць досыць шырокая. І ўжо ёсць пачатак. Сабраны рэдакцыйны партфель краязнаўчага выдання, звярстаны першы нумар. Магу сказаць, што гэта, калі Бог дасць, будзе адметнае змястоўнае выданне, арыентаванае на этнаграфічна-гістарычныя каштоўнасці ў ваколіцах Нясвіжа, якія часам засланяе палацавы бляск. Мы, хто пачаў ствараць часопіс, не хочам, каб Нясвіж, Нясвіжчына выглядалі аднабока. Цяпер шукаем сродкі на друк. Каб зрабіць тыраж, скажам, 500 асобнікаў, неабходны грошы, таму патрэбны спонсары і рэкламадаўцы. А будзе сваё выданне - будзе і "краязнаўчае бюро"!

"Глабалізацыя не страшная, калі ўслаўляць сваё роднае"

- К раязнаўства як супрацьстаянне глабалізацыі - так можа стаяць пытанне?

- Пытанне трапляе ў кропку. Вазьміце харчовую галіну, цяпер гэта шырока абмяркоўваецца. І я скажу: назвы тавараў, фірменных крам, прадпрыемстваў, філіяў і прадстаўніцтваў могуць мець важкі эканамічны эфект, спрыяць іміджу, уразнастайваць і ўпрыгожваць асяродкі, побыт, жыццё. Вядома, тут не менш важны, а нават куды больш, культурны бок - заставацца самабытным, ісці за традыцыямі. Глабалізацыя не страшная, калі ўмела прапагандаваць ды ўслаўляць сваё роднае і непаўторнае.

- С лухаючы Вашы перадачы, Наталля Васільеўна, можна калекцыянаваць словы, вартыя сучаснай рэкламы.

- Толькі адзін прыклад, дару яго нашым абутнікам. Паўгода таму расказала слухачам пра капылок - чуеце, слоўца якое! Гэта было цэлае даследванне ў межах 3-5 хвілін. Дык вось капылок - вельмі годная назва абутковага прадпрыемства, аб'яднання, крамы, кампаніі і гд. Бярыце, карыстайце! А неяк аднойчы да мяне звярнулася прафарганізацыя прадпрыемства - дапамагчы добрай назвай вакальнаму ансамблю. Прапанавала некалькі варыянтаў. І гэта сведчыць, што з кожным годам будзе заяўляць пра сябе практычнае краязнаўства. Такая тэндэнцыя мяне надзвычай абнадзейвае, адпавядае і культурнай, і сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыі! Мяне ў гэтым плане вельмі радуе Ліда. Развіццё рэгіянальнай эканомікі з большай геаграфічнай і этнакультурнай самапазнавальнасцю, самабытным ідэнтытэтам стымулюе і мясцовы "гонар", і ролю краязнаўчай дасведчанасці. Я не кажу пра турызм, гэта асобная тэма, дзе мясцовы каларыт, самабытнасць былі і застаюцца бяспройгрышнай фішкай. Вось прыязджае турыст па дарозе ў Нясвіж на станцыю Гарадзея, і на прывакзальнай плошчы бачыць "супермаркет" пад назвай "Современник". Гэта добра? Па-першае, ігнаруецца моўны элемент як вельмі істотны для каларыту. Другое - безаблічна недарэчная назва. Краязнаўцы прапанавалі б не менш за дзясятак арыгінальных паўнавартасных назваў. Гарадзея, не кажучы пра ваколіцы, надзвычай багатая, каб не здзіўляцца такой жахлівай нікчэмнасці!

Праграма да дзеяння і разумення

- Сёлета Вы ўзначалілі раённую арганізацыю ТБМ. Ці не пасунула гэта ўбок Вашу краязнаўчую дзейнасць?

- "Хвілінкі" застануцца дакладна. Зусім натуральна - паяднаць мову і веды пра свой край, пашырыць моўны грамадскі кантэнт праектамі нясвіжазнаўства. Прыклады ўжо ёсць. Ідзе праца над чарговым календаром "Невядомая Нясвіжчына". Плануецца і добрая эсэістыка, і фотаілюстрацыя, і нечаканыя адрасы. Адзін з адрасоў не ўтрымаюся, назаву - Анёльская гара за Нясвіжам. Стагоддзі таму там стаяў прыгожы касцёл з капліцай. Засталася гара, парослая лесам, а назва, пачутая зрэдчас, сёння ўжо мала каму скажа пра мінулае… Калі хопіць сіл і "людскога рэсурсу", размесцім пад дахам ТБМ і раённае бюро краязнаўства. Дарэчы, наша лютаўская дыктоўка мела цалкам краязнаўчы напрамак - урывак з прадмовы Аляксандра Ельскага да яго артыкула 1907 года пра Нясвіж Радзівілаў. Словы з гэтага цудоўнага тэксту і сёння гучаць як праграма да дзеяння і разумення.

- Як часта ўдаецца збірацца, каб скаардынаваць вашы дзеянні?

- Пакуль няма сталага памяшкання, гэта праблема. Але ёсць сустрэчы больш лакальныя з нагоды нейкага мерапрыемства. Тыя ж дыктоўкі. Або культурніцкія паездкі. Апошняя была ў суседні Капыль. Абмяняліся інфармацыяй, пашырылі сяброўскае кола. І падчас такіх імпрэзаў нараджаецца шмат ідэй, людзі на актыўнай хвалі. Вельмі задаволена нашай першай рэйд-экспедыцыяй у школы з "беларускамоўным статусам" - паглядзець, як гэты "статус" выглядае ў натуры. Аб'ектыўна рэйд паказаў, што беларускіх школ хутка не будзе. Тэндэнцыя край несуцяшальная. Але гэта асобная тэма для размовы. Тым больш, што мае быць працяг, намячаецца чарговая паездка, і сваімі назіраннямі мы абавязкова падзелімся з "Нашым словам".

- Вяртаючыся да вашых "Хвілінак", ці маеце выдаць іх кніжкай?

- Планы такія ёсць.

- Дзякуй за размову.

Гутарыў Яраслаў Грынкевіч.


Любі, браток, родны куток

На літаратурнай ніве нашай краіны працуюць пісьменнікі розных пакаленняў і рознага творчага досведу - ад вядомых майстроў да літаратараў маладзейшага пакалення. І каб ведаць сучасную беларускую кнігу, трэба ведаць яе аўтараў, а гэтаму спрыяюць творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, якія адбываюцца ў бібліятэках.

29 траўня 2018 года да Года малой радзімы ў рамках праекта "Любі, браток, родны куток" дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" сумесна з літаратурным аддзелам ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" - "Дом Валянціна Таўлая" ладзіла творчую сустрэчу з Віктарам Праўдзіным.

Віктар Аляксандравіч - наш зямляк, папулярны беларускі літаратар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх твораў дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру, які нарадзіўся ў г. Лідзе.

Сярод удзельнікаў сустрэчы былі мясцовыя паэты і краязнаўцы, навучэнцы ДУА "Ліцэй № 1 г. Ліды", супрацоўнікі бібліятэкі, чытачы і шматлікія прыхільнікі творчасці пісьменніка. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Марцінкевіч Д.А. пазнаёміла прысутных са старонкамі біяграфіі і творчай дзейнасцю пісьменніка.

Гэта ўжо другая творчая сустрэча знакамітага пісьменніка з лідзянамі. Ёсць сярод літаратурных поспехаў Лідчыны і публікацыя фантасмагарычнай аповесці Віктара Праўдзіна "Дзверы" ў 8-м нумары альманаха "Ад лідскіх муроў", якая пакуль што не была апублікавана нідзе больш.

Віктар Аляксандравіч расказаў аб тым, як ён, маёр міліцыі ў адстаўцы, прыйшоў да літаратурнай творчасці, якія выпадкі з яго жыццёвага шляху натхнілі яго на напісанне твораў. Напрыканцы мерапрыемства ўсе ахвочыя змаглі атрымаць ў падарунак кнігу з асабістым подпісам аўтара.

У Лідзе мала чаго засталося, што нагадвала б пісьменніку пра месца нараджэння, хіба што Свята-Георгіеўская царква, дзе яго хрысцілі. Хоць перабудаваная, але стаіць на тым самым месцы. Тым большую пашану ў лідзян мае гэты знакаміты чалавек, які дзеля паўтарагадзіннай сустрэчы з такімі даўнімі землякамі едзе за 300 кіламетраў аж з Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. А адным з вынікаў сустрэчы можна лічыць абяцанне даць свой твор у чарговы 9-ты альманах "Ад лідскіх муроў", які пачынае фармавацца.

Яраслаў Грынкевіч. Фота Дар'і Марцінкевіч.


Музыкі вітаюць лагоднае лета

25 траўня ў менскай Артсядзібе бард Алесь Камоцкі прадставіў сваю новую кнігу вершаў " Не як так", поўную філасофскай лірыкі, твораў пра каханне, мрояў і сноў, роздуму над сэнсам жыцця.

Гады ідуць, то бачна, то ўпотай,

Ды азірнуцца часу не стае,

Мы са спазненнем бачым незваротнасць,

Ды ўсё часцей залежым ад яе.

Бард нагадаў пра ірланскія алюзіі ў яго музыцы і распавёў пра сваіх рудавалосых унукаў, якімі вельмі цешыцца. Ён выканаў некалькі папулярных песень з дыска "З бацькоўскай кружэлкі" і з альбома ў стылі босанова -"9".

Каханню цесна ў часе па прычыне

Яго несумяшчальнасці ні з чым, -

сцвярджае паэт.

І насамрэч, той хто перажывае сапраўднае каханне, выходзіць за межы часу і жыве ў іншым вымярэнні. Паэты і музыкі знаходзяць адпаведныя выразныя словы для вышэйшых чалавечых перажыванняў. Гэта прыцягвае слухачоў, якія шукаюць шчырых адказаў на жыццёвыя пытанні.

31 траўня спадар Алесь выступіў на сцэне малой залы КЗ "Мінск" разам са Змітром Вайцюшкевічам, Аляксандрам Шувалавым і Андрэем Лабчэўскім у сумесным канцэрце, на якім прагучалі незабыўныя песні з альбома "Паравіны году", які выходзіў у 2003 годзе. Пад душэўны акампанемент баяна і клавішных публіка была рада пачуць песні "Будзе дождж", "Раскажы"," Я ішоў да цябе", якія калісьці трансляваліся на 1-ым канале беларускага радыё ў суправаджэнні каментароў Надзеі Кудрэйкі. І вось ужо нараджаюцца новыя радкі, якія кладуцца на музыку :

Лагодным ліпеньскім дажджом

Вясёлку з неба змыла лета…

Вайцюшкевіч і Камоцкі плённа супрацоўнічаюць з 1997 года. Зміцер выкарыстоўваў у сваім рэпертуары блізкія па духу вершы Алеся Камоцкага, яго пераклады твораў японскіх аўтараў у праекце "Месяц і сонца".

Тодар, які нядаўна гасцяваў у Рыміні, падзяліўся са слухачамі італьянскімі песнямі "Мая Раманья" і "Бэла, чао!". Артыст распавёў пра падрыхтоўку да выпуску новага дыска і выканаў песню-прэм'еру на вершы Уладзіміра Някляева "Зорка Дзіва":

Ты са мною, Зорка Дзіва, Божае святло…

9 чэрвеня Алесь Камоцкі адзначыць сваё 60-годдзе, а 11 чэрвеня а 19 гадзіне бард збярэ ўсіх аматараў сваёй творчасці ў музей Янкі Купалы, на прыступках якога заспявае пад гітару песні і рамансы разам з Касяй Камоцкай.

Э. Дзвінская, На фота аўтара - А. Камоцкі і З. Вайцюшкевіч.


У Вайцюшках прайшоў фестываль "Салаўё"

Традыцыйнае свята мастацтва і літаратуры прайшло на хутары Вайцюшкі, што месціцца на беразе Нёмана на стыку Лідчыны і Наваградчыны. На фестываль "Салаўё" ўжо ў пяты раз з'ехаліся аматары літаратуры. Апошнімі гадамі да іх далучаюцца яшчэ мастакі і скульптары, якія напярэдадні ладзяць тут свае пленэры. А непасрэдна ў дзень фестывалю прэзентавалі гасцям свае апошнія працы. Расказвае гаспадар сядзібы і арганізатара фестывалю "Салаўё" - музыка Зміцер Вайцюшкевіч.

- Я вельмі шчаслівы, бо "Салаўё" багацее не толькі скульптурамі, хаця гэта вельмі важна, я гэтым ганаруся і вельмі рады. Я трошкі хваляваўся, і стомлены, і вельмі шчаслівы, бо сённяшні паэтычны дзень падараваў шмат эмоцый: прыгожых, натхняльных, і шмат што для развагі. І гэта ўсё тут, на маёй зямлі. Гэта вельмі важна. У гэтым сэнсе я бачу перспектыву фестывалю "Салаўё" і спадзяюся, ён будзе жыць вельмі доўга.

Непасрэдна ў музычна-літаратурнай частцы фестывалю сваю творчасць на публіку прадставілі Сяргей Дубавец, Максім Жбанкоў, Алесь Ліпай, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Мацкевіч, а таксама своеасаблівы дэсант з маладых літаратараў - Віталь Рыжкоў, Мікіта Найдзёнаў і іх сябры.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX