Вярнуцца: 2018

№ 24 (1383)


Дадана: 13-06-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1383), 13 чэрвеня 2018 г.


Выпускныя балі па ўсёй Беларусі

У Беларусі прайшлі выпускныя балі. Амаль 58 000 выпускнікоў развіталіся са школай. 9 і 10 чэрвеня яны атрымалі атэстаты і разам сустрэлі світанне. Але адпачываць пакуль рана. Ужо з панядзелка ў абітурыентаў пачалося централізаванае тэсціраванне.

На здымку Лідскага ТБ: класічны выпускны баль у Лідзе.


"Наша слова" на "Лідскім гасцінцы"

Вось ужо з месяц на "Лідскім гасцінцы" каля Лідскага замка штотыдзень разгортваецца альтанка "Нашага слова". Сёлета яна прыйшла на змену леташняй альтанцы ТБМ. Але па сутнасці нічога не змянілася. Тыя ж людзі, тая ж задача папулярызацыі беларускай мовы і газеты "Наша слова".

Аднак жа ёсць і адрозненне. Сёлета альтанка мае ўласнае моцнае акустычнае абсталяванне, якое працуе ад акумулятара і не абмяжоўвае месца размяшчэння даўжынёй провада. Сёлета новы інфармацыйны банер.

Асноўная ўдарная сіла альтанкі - слынны лідскі бард Сяржук Чарняк, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

10 чэрвеня ў альтанцы ўзяў удзел рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік.

І цікавая заўвага. Як і звыкла на падобных імпрэзах, перад бардам стаіць скарбонка. Дык вось, калі гучаць патрыятычныя песні, капейкі і рублі падаюць у скарбонку часцей, чым пры выканнні лірыкі.

Яраслаў Грынкевіч.


150 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Вярыгі

Уладзіслаў ВЯРЫГА (9 чэрвеня 1868, г. - 27 жніўня 1916) - філосаф і этнограф, збіральнік беларускага фальклору. Доктар філасофіі (1892).

Нарадзіўся ў Пскове, дзе жыла яго сям'я пасля канфіскацыі маёнтка каля Полацка за ўдзел у паўстанні 1863-64 гг. У 8 гадоў страціў бацькоў i застаўся пад апекай бабулі. З 1878 г. вучыўся ў Пскоўскай, потым у Пецярбургскай гімназіі, якую скончыў у 1885 годзе. Некаторы час падарожнічаў па Беларусі i Літве. Вучыўся ва ўніверсітэтах Берліна, Прагі i Берна. У 1892 г. у Берне атрымаў ступень доктара філасофіі. У 1898-1916 гг. быў рэдактарам часопіса "Przeglad filozoficzny" ("Філасофскі агляд"). Пры ўдзеле Вярыгі створаны: у 1900 г. секцыя псіхалогіі на з'ездзе польскіх урачоў у Кракаве, у 1904 г. Польскае філасофскае таварыства ў Львове, у 1907 г. Польскае таварыства псіхолагаў у Варшаве.

У выніку вандровак па Беларусі i Літве напісаў кнігу "Беларускія паданні" (Львоў, 1889), дзе змясціў 32 беларускія народныя казкі з Лідскага павета. У прадмове да яе адзначыў, што "мова беларуская, асабліва песні, паданні, прымаўкі i загадкі народа, які на ёй размаўляе, заслугоўвае нашай павагі". У часопісе "Zbiоr wiadomosci do antropologii krajowej" ("Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі". 1889. Т. 13) апублікавана 45 беларускіх народных песень, запісаных ім у Лідскім павеце, друкаваўся ў часопісе "Wisla" ("Вісла"). Аўтар працы "Латышскія паданні" (1892).

А.М. Філатава.


Анатолю Бутэвічу - 70

Анатоль Іванавіч БУТЭВІЧ (нар. 15 чэрвеня 1948, хут. Язавец, Нясвіжскі раён, Менская вобласць; Псеўданімы: Максім Валошка, Анатоль Баярскі, Міша Алімпік) - беларускі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1956 годзе разам з бацькамі перасяліўся ў в. Баяры таго ж раёна. Вучыўся ў Вяліка-Ліпскай васьмігадовай школе. Скончыў Сноўскую сярэднюю школу Нясвіжскага раёна (1966). Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва (1971-1973), намеснікам рэдактара газеты "Чырвоная змена" (1975-1979), дырэктарам рэспубліканскага выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1986-1987), у ЦК ЛКСМБ (1973-1975, 1979-1980) і ЦК КПБ (1980-1986, 1987-1990). Старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку (1990-1992), міністр інфармацыі (1992-1994), міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994-1996). У 1996-1998 гг. - Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998-2000 гг. - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. У 2001-2009 гг. - дарадца старшыні Банка міжнароднага гандлю і інвестыцый. У студзені-траўні 2009 г. - галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Мае ступень "кандыдата навук у галіне інфармацыйных тэхналогій" ад грамадскага аб'яднання "IAIT - Міжнародная акадэмія інфармацыйных тэхналогій". Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Менску, мае траіх дзяцей.

Працуе ў сферы дзіцячай літаратуры, гістарычнай, публіцыстыкі, крытыкі, у галіне перакладу. Друкавацца пачаў у 1969 годзе. Перакладае з польскай, рускай, украінскай моў на беларускую, з беларускай на рускую. Яго творы перакаладаліся на польскую, румынскую, балгарскую мовы.

Творы:

"Прыгоды лісцікака-рунчыка". Казкі. Мінск, 1997; "Прыгоды памаўзлівай Рыскі". Казкі. Мінск, 1999; "Расстайны пах асоту". Аповесць, апавяданні. Мінск, 2000; "Як акіян з кропелькай барукаўся". Казкі. Мінск, 2003; "Мірскі замак". Мінск, 2003; "Прыгоды віруса Шкодзі". Мінск, 2009.

Серыя "Сем цудаў Беларусі": "У гасцях у вечнасці". Мінск, 2001; "Званы Нямігі". Мінск, 2002; "За наміткай гісторыі". Мінск, 2003; "Адвечны покліч Радзімы". Мінск, 2004; "Славутыя родам сваім". Мінск, 2006; "Перуновага племені дзеці". Мінск, 2008; "На далонях вечнасці" (сумесна з У. Ягоўдзікам). Мінск, 2009; "Пад небам беларускага слова". "Пра пісьменнікаў, літаратуру і не толькі". Мінск, 2007; "Раскіданае гняздо крывіцкай славы". Мінск, 2008; "Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку". Раман. Мінск, 2009; "Таямніцы Мірскага замка. Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам". Мінск, 2011 і інш.

Вікіпедыя.


Гарадзенцы пішуць заявы ў беларускія класы!

З нагоды першага дня падачы заяў у першыя беларускія класы Гароднi мы вырашылі задаць некалькі пытанняў намесніку старшыні Гарадзенскай абласной ГА ТБМ імя Францішка Скарыны Алесю Крою, які шмат гадоў ад ТБМ курыруе папулярызацыю беларускага навучання ў Гародні:

- Спадар Алесь, вы жадаеце звярнуцца да гарадзенскіх бацькоў?

- Так. Шаноўныя бацькі будучых першакласнікаў, з 12 чэрвеня і па 28 жніўня 2018 года Вы маеце канстытуцыйнае права падаваць заявы ў школы для навучання сваіх дзетак па-беларуску. Заявы ў адкрытыя беларускія класы (не толькі ў першыя) можна пісаць гарадзенцам і тым, хто пераехаў у Гародню з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа. Таму пішам заявы ў беларускія класы і разам з дзецьмі, ці на курсах "Мова Нанова" ўдасканальваем сваю беларускую мову. Пазней не будзе сорамна перад нашымі суседзямі за сябе і сваіх дзяцей.

- У гэтым годзе, упершыню ў ХХІ стагоддзі, дзяржавай быў юрыдычна зарэгістраваны Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, дзе прадметы будуць выкладацца найперш па-беларуску. А ці дастаткова вучняў на Гарадзеншыне вучыцца на роднай мове, каб працягваць навучанне па-беларуску ў гэтай ВНУ?

- Толькі ў Гарадзенскай вобласці ў беларускіх класах рускамоўных школ навучаецца каля тысячы дзяцей, прынамсі пару гадоў назад упраўленне адукацыі давала такую інфармацыю. Сёння ўжо толькі ў абласным цэнтры - больш за 60 дзецей. Для 23 тысяч людзей, якія штодня гавораць дома па-беларуску і 120 тыс гарадзенцаў, якія прызналі беларускую мову роднай (перапіс насельніцтва 2009 г.), лічба невялікая, але яна паступова павялічваецца ў горадзе і дзякуючы нашым папулярызатарам ад ТБМ на школьных бацькоўскіх сходах. На Гарадзеншчыне (вобласці) беларускую мову роднай прызнае большая частка насельнітва. Але механізмы выцяснення беларускай мовы, закладзеныя напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя па інэрцыі дзейнічаюць і сёння. Тым не менш, штогод на Гарадзеншчыне ствараюцца новыя беларускія класы. Амаль паўтара дзясятка тысяч вучняў вучацца ў беларускіх школах Гарадзенскай вобласці, нават калі частка з іх толькі фармальна лічыцца беларускімі, вучняў для нацыянальнага беларускага ўніверсітэта пакуль дастаткова шмат. А яшчэ ёсць пяць іншых абласцей Беларусі! Раней працягваць навучанне на роднай мове ў 21 стагоддзі ў Беларусі не было ніякай магчымасці, за выключэннем некалькіх спецыяльнасцей філалагічнага, гістарычнага і журналісцкага профілю. І вы ведаеце чаму. Пасля шматлікіх гадоў цяжкай працы рэспубліканскага ТБМ і адстойвання права беларусаў на любую адукацыю на роднай мове Таварыства беларускай мовы дамаглося дзяржаўнай рэгістрацыі беларускай ВНУ імя Ніла Гілевіча. Таму, магчыма, праз год-два выпускнікі сярэдніх школ змогуць вучыцца там і атрымоўваць адукацыю па-беларуску па розных сучасных спецыяльнасцях. Верагодна, і дзяржаўныя ВНУ будуць вымушаны праз нейкі тэрмін пашыраць навучанне на роднай мове. Павінна быць канкурэнцыя ВНУ і сярод беларускамоўных.

- Вы, як былы настаўнік і сябар ТБМ, які курыраваў папулярызацыю беларускага навучання ў горадзе, адкажыце на простае пытанне: "У якія школы Гародні варта аддаваць вучыцца дзяцей, каб яны добра засвоілі ўсю школьную праграму па-беларуску і маглі ў наступныя гады лёгка паступіць у Беларускі нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча?"

- Ведаеце, напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, каб адказаць на гэтае пытанне, варта было б падумаць, бо каля 80% школ Гародні былі беларускія. Сёння пасля невыканання ініцыятарамі рэферэндуму яго вынікаў аб роўнасці рускай і беларускай моваў я магу пакуль назваць толькі дзве школы ў Гародні, якіх мы разам з бацькамі дамагліся каля 8 гадоў назад. Школа № 32 у Ленінскім раёне (Дзевятоўка) і школа № 34 у Кастрычніцкім раёне (Вішнявец). Там ёсць беларускія класы, добрыя настаўнікі, метадычная база і спрыянне адміністрацый гэтых школ да павелічэння колькасці беларускіх класаў. Чаго не хапае? Рэкламы ў дзяржаўных СМІ, на сайтах і тэлебачанні, яшчэ большай актыўнасці адміністрацый научальных устаноў і простых настаўнікаў. Новы беларускі клас - гэта новыя гадзіны для настаўнікаў школ-адсюль і вышэйшы заробак. У гэтых школах ёсць выкладчыкі беларускай мовы, дзясяткі вучняў якіх былі ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Дастаткова назваць адну такую настаўніцу школы № 32 - Бушэйка Зою Аляксандраўну! А ёсць і шмат іншых!

Не забывайма таксама, што пакуль мы абралі элементы фінскай адукацыйнай сістэмы, адной з лепшых у свеце, дзе элітарных школ фактычна няма.

- Спадар Алесь, дайце, калі ласка, кантакты гэтых школ і аддзелаў адукацыі!

- Калі ласка!


СШ № 32 ("Дзевятоўка", вул. Ліможа,11). Тэлефон сакратара школы № 32: 78-56-01.

Завуч пачатковай школы № 32: працоўны тэл.78-56-08 (Багдановіч Валянціна Іванаўна).

E-mail: Sh32@mail. grodno.by.

Ленінскі аддзел адука-цыі: 72-10-65.

СШ № 34 ("Вішнявец"), вул. Індурская шаша, 14). Тэлефон сакратара школы №34: 33-20-98 (8033 668-33-43 маб. тэл.).

E-mail:sh34oktroo@ yandex.ru.

Завуч пачатковай школы № 34: Карпук Таццяна Міхайлаўна, п.т. 31-40-45.

Е-маіl : Sh34oktroo@ mail.grodno.by.

Кастрычніцкі аддзел адукацыі: 69-71-12, 69-71-10 (Адамовіч Алена Вацлаваўна), 69-71-17 (Іпатава Таццяна Анатольеўна).

Аддзел адукацыі Гарадзенскага гарвыканкама:72-04-02. Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58 (Семанчык Андрэй Антонавіч).


- Вядома, што ў Гародні, дзякуючы актыўным бацькам і агітацыйнай працы ТБМ, паступова расце колькасць ахвочых вучыцца па-беларуску ў садках і школах. Што Вы хочаце напрыканцы сказаць бацькам, якія не гатовы заглянуць у будучыню на гадоў 10-15 наперад?

- Калі Вы сапраўды хочаце каб Вашыя дзеткі праз 10-15 гадоў ведалі нароўні з рускай і беларускую мову і змаглі лёгка паступіць у Беларускі нацыянальны ўніверсітэт, Вы маеце рэальную магчымасць гэта зрабіць, напісаўшы сёння заяву ў першы беларускі клас.

Дамінавання нейкай адной мовы любога суседа ўжо не будзе, а родную мову будзе сорамна не ведаць!

У Гародні таксама ў кожным раёне працуюць садкі, дзе ёсць беларускія групы.


Ленінскі раён: д/с №45 (дзве беларускія групы, каля вул. Горкага, на вул. Сухамбаева, 5, тэл. 43-72-28, Кушнірук Людміла Іванаўна - загадчыца садка). Зараз фармуецца новая аднаўзроставая група з 20 чалавек, 6 чалавек з садка пайшлі ў школу. Другая беларуская група рознаўзроставая фармуецца на 15 чалавек.

Кастрычніцкі раён: д/с № 65 (1 група, вул. Рэпіна,7, тэл. 53-08-97, Прэцкайла Алена Сямёнаўна - загадчыца садка). Сфармавана ў 2017 г. група з 22 чалавек.


- Спадар Алесь, скажыце, а побач з СШ № 32 і СШ № 34 ёсць беларускія групы ў дзіцячых садках?

- У траўні гэтага года ў Гарадзенскі ТБМ звярнуліся бацькі, каб да лета наступнага (2019 г.) мы дапамаглі ім стварыць беларускую групу ў раёне СШ № 32. Мы звярнуліся ў Ленінскі аддзел адукацыі дашкольнага выхавання (Рэкець Наталля Пятроўна, тэл.72-10-65), каб даведацца ў якім садку мікрараёна Дзевятоўка будзе найлепшая магчымасць адкрыць новую беларускую групу. Але, калі бацькі не будуць "спаць у шапку" і будуць больш актыўнымі, то і пытанне з адкрыццём новай групы будзе хутчэй вырашана агульнымі намаганнямі. Трэба браць прыклад ад нашых продкаў, якія былі больш актыўнымі і першымі ў свеце 400 гадоў назад надрукавалі Буквар на роднай мове, а Біблію надрукавалі першымі ва Усходняй Еўропе, па гэтых кнігах вучыліся чытаць і пісаць шмат гадоў не толькі дзеці.

У многіх гарадах Беларусі, дзе бацькі працягваюць праяўляць актыўнасць, іх дзеці ўжо вучацца ў беларускіх садках і класах. Дарэчы, сёння маладыя бацькі, аддаючы дзяцей у беларускія класы, сталі бачыць больш акрэсленую будучыню і дзякуючы зарэгістраванаму Нацыянальнаму ўніверсітэту ў горадзе Менску.

Таму яшчэ раз шчыра запрашаем: гарадзенцы, пішам заявы ў беларускія класы, заканчваем школу і паступаем у Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча.

Нашы кантакты:

Тэлефоны Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ: Вэлкам - 943-58-09 (школы, Крой Аляксандр), МТС-285-93-07 (школы, Буднік Іван), МТС-786-59-89 (садкі, Парфёненка Вітаўт). Эл. пошта: tbm.garodnia@tut.by.

- Дзякуй за гутарку!

Аксана Саваш.


Алена Анісім - пра гендэрную роўнасць

24 траўня ў Менску прайшоў Круглы стол на тэму "Умовы дасягнення гендэрнай роўнасці: роўнасць заканадаўства". Арганізатарамі выступілі Жаночы незалежны дэмакратычны рух, Усходне-еўрапейская школа палітычных даследаванняў, Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку, Цэнтр "Еўрапейскі дыялог", Martens Centre.

У працы ўдзельнічалі эксперты, прадстаўнікі палітычных партый і рухаў, грамадскіх арганізацый, дыпламатычнага корпуса.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім падзялілася з сайтам ucpb.org сваімі ўражаннямі і думкамі па выніках дыскусіі:

- Мне здаецца, што тут ёсць некалькі важных аспектаў, якія мы павінны прымаць да ўвагі, працуючы над гэтай тэмай, - разважае Алена Анісім. - Наколькі ў грамадстве запатрабаваная гэта тэма? Наколькі жанчыны (мужчыны) адчуваюць няроўнасць? У якой сферы гэтая няроўнасць праяўляецца? Што замінае рэалізаваць роўнасць, дэклараваную ў Канстытуцыі? На што павінен быць зроблены акцэнт у законе? Як павінен называцца такі закон?

У Расійскай федэрацыі праект закона мае назву "Аб дзяржаўных гарантыях роўных правоў і свабод мужчын і жанчын і роўных магчымасцей для іх рэалізацыі".

Калі мы пачынаем рыхтаваць нейкі законапраект, то падразумяваем яго наспеласць і неабходнасць прыняць, выкліканую патрэбамі грамадства. Сітуацыя ў нашай краіне склалася такая, што ў асноўным прапановы ў заканадаўства рыхтуе выканаўчая ўлада. Грамадзянская супольнасць, як правіла, бачыць сітуацыю больш дынамічнай і глядзіць на перспектыву, прымаючы пад увагу досвед іншых краін, аднак з улікам уласных патрэбаў.

Агульнае, што аб'ядноўвае бачанне такой праблемы, гэта разуменне, што ў аснове ляжыць стэрэатыпнае мысленне адносна размежавання так бы мовіць сацыяльных функцый мужчын і жанчын. Паводле такіх стэрэатыпаў за жанчынамі і мужчынамі замацоўваецца пэўны (усімі прымальны) тып паводзін, адхіленне ад якога выклікае супраціў значнай часткі грамадства. Аднак сучасны стан развіцця беларускага грамадства значна адрозніваецца ад таго, якім ён быў некалькі дзесяцігоддзяў таму. Жанчыны дэманструюць усё большае жаданне рэалізаваць свае таленты, яны пастаянна падвышаюць свой культурны, інтэлектуальны патэнцыял, прэтэндуючы на самыя высокія пасады і нетрадыцыйныя прафесіі. І сутыкаюцца з наступнымі праблемамі: ніжэйшай аплатай працы, недаверам да ўзроўню прафесійнасці і г.д. Што ў сваю чаргу можа падштурхнуць да дэманстрацыі ў жанчын звышлаяльнасці, ці праяўлення "мужчынскіх" якасцей - жорсткасці ў прыняцці адміністрацыйных рашэнняў і пад.

З іншага боку, сучасныя маладыя мужчыны схільныя праяўляць большую ўвагу да пытанняў сям'і, спрыяць развіццю сваіх жонак, дапамагаць у выкананні хатніх клопатаў.

Некаторыя з гэтых тэндэнцый не патрабуюць асобнага заканадаўчага рэгулявання, дастаткова інфармацыйнай, асветніцкай працы па папулярызацыі такіх паводзін і змены стэрэатыпаў.

Пры падрыхтоўцы такога закона неабходна ўлічыць яшчэ адну акалічнасць. Еўрапейскія краіны значна пасунуліся наперад у разуменні роўнасці правоў чалавека, што не адпавядае менталітэту беларусаў і ўжо сёння выклікае адмоўную рэакцыю.

Аўтар АГП.


Гаротны стан беларускай мовы прыняты да ведама

СТАРШЫНІ ПРАЎЛЕННЯ

ВІЦЕБСКАГА АБЛАСНОГА САВЕТА

СПАЖЫВЕЦКАЙ КААПЕРАЦЫІ

РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

ПУЦЯТУ А.А.

Паважаны Аляксандр Аляксандравіч! Віцебская абласная рада грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" звяртаецца да Вас з наступным.

Нам вядома, што практычна трэцяя частка насельніцтва вобласці штодзённа абслугоўваецца гандлёвымі арганізацыямі Вашай сістэмы. Аўтакрамы райспажыўсаюза раз ці два на тыдзень прыходзяць у сотні малых населеных пунктаў. За апошнія гады таксама пабудаваны ці капітальна адрамантаваны дзясяткі магазінаў, сталовых, кавярняў, у першую чаргу ў аграгарадках. І гэта, безумоўна, добра.

Але ж нас турбуе той факт, што ўсе гэтыя станоўчыя змены не суправаджаюцца ўвагай да беларускай мовы - мовы тытульнай нацыі нашай краіны і першай дзяржаўнай паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пры добраўпарадкаванні аграгарадкоў, раённых цэнтраў, асабліва пры падрыхтоўцы да штогадовага свята "Дажынкі" (Талачынскі, Сенненскі, Дубровенскі раёны) вонкавае візуальнае афармленне выконваецца чамусьці толькі на рускай мове. Па сутнасці забыта гарантаванае Канстытуцыяй раўнапраўе дзвюх дзяржаўных моў. Парушаецца Закон, прыняты ў Беларусі ў 2011 годзе, які патрабуе афармляць назвы ў першую чаргу па-беларуску. Таксама вельмі рэдка ўжываецца беларуская мова на этыкетках прадукцыі прадпрыемстваў аблспажыўсаюза. Большасць падначаленых Вам кіраўнікоў не могуць у аднолькавай ступені добра карыстацца абедзвюмя мовамі.

Улічваючы сказанае вышэй, Віцебская абласная рада грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" просіць Вас, паважаны Аляксандр Аляксандравіч, звярнуць увагу на выкладзеныя ў нашым звароце моўныя праблемы і забяспечыць парытэтнае ўжыванне дзяржаўных моў Беларусі ў дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў сістэмы спажывецкай кааперацыі Віцебскай вобласці.

Зварот прыняты на паседжанні рады 18 сакавіка 2018 года.

Старшыня рады

Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Ю. Бабіч.


Старшыні рады

Віцебскай абласной арганізацыі

ТБМ імя Ф. Скарыны

Бабічу Ю.

Аб разглядзе звароту

Віцебскі абласны саюз спажывецкіх таварыстваў разглядзеў Ваш зварот і паведамляе наступнае.

Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай мовай з'яўляюцца беларуская і руская мова. Справаводства ў дзяржаўных органах Рэспублікі Беларусь, згодна агульнапрынятым нормам, вядзецца на рускай мове.

Віцебскі аблспажыўсаюз паважліва ставіцца да выкарыстання беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь. Назвы гандлёвых аб'ектаў і грамадскага харчавання сістэмы спажывецкай кааперацыі Віцебскай вобласці афармляюцца як на рускай, так і на беларускай мове. Ваша прапанова аб ужыванні беларускай мовы на этыкетках прадукцыі спажывецкай кааперацыі прынята да ведама.

З павагай, Старшыня праўлення А.А. Пуцята.


Дапаможам ТБМ!

Паважаныя сябры і прыхільнікі роднай беларускай мовы!

Мы ўдзячныя ўсім, хто рэгулярна пералічае розныя сумы на дзейнасць ТБМ. Менавіта дзякуючы вашым складкам і ахвяраванням, мы праводзім у сядзібе розныя імпрэзы, бясплатныя курсы для школьнікаў, прэзентацыі кніг, сустрэчы з цікавымі людзьмі, выдаем "Наша слова", утрымліваем сайт, аплочваем арэндную плату і камунальныя паслугі.

Аднак, мясцовая ўлада ў чарговы раз з 1 красавіка павысіла кошты на арэндную плату і камунальныя паслугі. Нашыя намаганні па забеспячэнні стабільнага фінансавання арганізацыі пакуль не прывялі да патрэбнага выніку. Але запачаткаваныя намі справы, асабліва такія як стварэнне ўніверсітэта, не могуць чакаць. Іх трэба рэалізоўваць.

У справе абароны беларускай мовы і дзейнасці нашай арганізацыі ў нас няма спадзяванняў на сённяшнюю ўладу, мы можам разлічваць толькі на нашу агульную салідарнасць і ўзаемападтрымку. Таму мы просім усіх, хто падтрымлівае дзейнасць ТБМ і гатовы на справе садзейнічаць пашырэнню дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця нашай краіны, пералічыць пасільныя сродкі на наш рахунак:

BY91BLBB31350100129705001001

у Аддзяленні па Мінску і Мінскай вобласці № 539 ААТ Белінвестбанк",

г. Мінска, код BLBBBY2X.

Імёны асобаў, якія робяць ахвяраванні на дзейнасць ТБМ, рэгулярна друкуюцца ў газеце "Наша слова", а таксама размяшчаюцца на партале ТБМ. Калі ахвярадаўца паведамляе свае дакладныя звесткі, то мы высылаем паштоўку з удзячнасцю.

Сакратарыят ТБМ.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пач. у папяр. нум.)

1590. Ельцын (Казімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Ельца з значэннем 'нашчадак названай асобы': Ельцын - Ельцын. ФП: еліць ('дакучаць' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 299) - ельца ('той, хто еліць' (дакучае)) - Ельца (мянушка, потым прозвішча) - Ельцын.

1591. Жалудовіч (Мікалай) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Жолуд і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жолудавіч - Жалудовіч. ФП: жолуд ('плод дуба') - Жолуд (мянушка) - Жолуд (прозвішча) - Жалудовіч.

1592. Жарнасек (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва жарнасек 'чалавек, які насякае жорны' (ручны млын з двух гладкіх абчасаных круглых камянёў, пры дапамозе якіх праціраюць зерне на муку).

1593. Жмачынская (Галіна) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -інская ад тапоніма Жмакі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Жмакінская - Жмачынская. ФП: жмакі ('тое, што і жамерыны' - адходы пасля выціскання соку або алею з чаго-небудзь (буракоў, канопляў і пад.)) - Жмакі (тапонім) - Жмачынская. Або як ашляхетненае прозвішча з фармантам -ынская ад Жмак(а). Ці ад Жмачыны (па аналогіі з жамерыны ( Жамерыны)).

1594. Жужаль (Усевалад) - семантычны вытвор ад апелятыва жужаль 'драпежны начны жук (шкоднік азімых культур)'.

1595. Жур (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва жур 'негусты аўсяны кісель'.

1596. Журко (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва журко - памянш. ласк. да жур 'негусты аўсяны кісель'.

1597. Жылуновіч (Зміцер) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Жылун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жылуновіч - Жылуновіч. ФП: жыла (назва крывяносных сасудаў, 'тое, што сухажылле'; 'багністае месца з падземнай крыніцай') - жылун (рэг.) 'жылісты, мускулісты, сухарлявы', 'дужы, вынослівы', а таксама 'жылец' (жыхар) - Жылун (мянушка, пазней прозвішча) - Жылуновіч. Дарэчы, гэтыя якасці адлюстроўваюцца і ў псеўданіме намінанта Гартны ('загартаваны').

1598. Забалоцкі (Міхаіл) - вытвор з фармантам - скі (>цкі) ад тапоніма Забалоцце ( Забалацце) і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Забалоцскі - Забалоцкі. Бытуе і ў форме Заблоцкі (Прымаўка: Зарабіў, як Заблоцкі на мыле.). На польскі ўзор (без поўнагалосся: оло > ло).

1599. Завальнюк (Уладзіслаў) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Завальня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Завальнюк. ФП: завальня (рэг.) ( завалинка (рус.) 'прызба') - Завальня (мянушка, потым прозвішча) - Завальнюк.

1600. Залеўскі (Уладзя) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Залева і семантыкай 'жыхар, народзінец названай мясціны, паселішча': Залевскі - Залеўскі. Або ад антрапоніма Залева і значэннем 'нашчадак названай асобы': Залевскі - Залеўскі. ФП: залева ('лівень') - Залева (мянушка, потым прозвішча) - Залеўскі.

1601. Замкоўскі (Алесь) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Замак і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Замакоўскі - Замкоўскі. ФП: замак ('палац і цвердзь феадала', 'назва некаторых палацаў, турмаў') - Замак (тапонім) - Замкоўскі.

1602. Занкавіч (Ганна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Занка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Занкавіч. ФП: Зянон (імя <грэч. Zеnоn 'Зеўсаў, боскі') - Зан (1539) і Занко (1540) (народныя формы) - Занка (празванне, потым прозвішча) - Занкавіч.

1603. Зарубіцкая (Марыя) - вытвор з фармантам - ская (-цкая) ад тапоніма Зарубічы і значэннем 'народзінка, жыхарка з паселішча Зарубічы': Зарубічская - Зарубіц(ч/с=ц)кая.

1604. Засекіна (Валянціна) - вытвор з фармантам - іна ад антрапоніма Засек і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Засекіна. ФП: засек ('адгароджанае месца ў свірне для ссыпання збожжа, мукі') - Засек (мянушка, пазней прозвішча) - Засекіна.

1605. Засімовіч (Ігар) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Засім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Засімовіч. ФП: Засім (імя <грэч. Zаsimos < zаnnymi 'адзяваць пояс, падпяразвацца, узбройвацца') - Зосим (1592) - Засім (празванне, потым прозвішча) - Засімовіч.

1606. Здараўцова (Кацярына) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Здаравец з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Здаравец - Здараўцова. ФП: здаровы ('які мае добрае здароўе, не хворы') - здаравец ('пра здаровага чалавека', узмацн.) - Здаравец (мянушка, потым прозвішча) - Здараўцова.

1607. Зіноўскі (Улас) - вытвор з фармантам -скі ад антрапоніма Зіновій (імя <грэч. Zіnobios 'жыццё Зеўса') і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зіновскі - Зіноўскі. Або як шляхетная форма ад Зіновій.

1608. Зноска (Казімір) - другасная форма ад Зносак - семантычны вытвор ад апелятыва зносак 'маленькае, звычайна апошняе, курынае яйцо'. Форма Зноска для адмежавання ад апелятыва (паводле ўзору браток > братка, антрапонімаў Бажок > Бажко, Чарток > Чартко).

1609. Івашуціч (Яўгенія) - вытвор з суфіксам -іч ад антрапоніма Івашута і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Івашуц(т/ц)іч. ФП: Іван (імя <ст.-яўр. Іоhаnоn 'Бог мілуе') - Іваш (народны варыянт, 1582) - Івашка (1778) - Івашута (1540) - (празванне, потым прозвішча) - Івашуціч.

1610. Івонка (Леакадзія) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Івон з значэннем 'жанчына (жонка, дачка) названай асобы': Івонка. ФП: Івон (імя, <яўр. 'голуб', ням. 'дрэва цісавае, кап'ё з яго') - Івонка (празванне) - Івонка.

1611. Ігнаценка (Адам) - вытвор з фармантам - енка ад антрапоніма Ігнат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ігнаценка. ФП: Ігнат (імя <лац. Ignatius < ignesus 'агнявы') - Игнат (з 1528 г.) - Ігнат (празванне, потым прозвішча) - Ігнаценка.

1612. Ільючык (Мікола) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Ільюк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ільюкік - Ільюч(к/ч)ык. ФП: Ілья (імя <ст.-яўр. з семантыкай ' Яхве - мой Бог') - Ільюк (вытвор з суфіксам -юк і значэннем 'нашчадак Ільі') - Ільючык.

1613. Іўковіч (Дзяніс) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Іўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Іўковіч. ФП: Іоў (імя <яўр. 'які звяртаецца да Бога, каецца') - Іўко (народны варыянт, празванне) - Іўко (прозвішча) - Іўковіч.

1614. Іўчанкаў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Іўчанка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Іўчанкаў. ФП: Іванна (імя жан. ад Іван <ст.-яўр. 'Бог мілуе'), Іўка (вытворны варыянт ад Іва, фармант - ка) - Іўка (празванне, потым прозвішча) - Іўч(к/ч)анка ('нашчадак Іўкі', фармант -енка) - Іўчанкаў.

1615. Кабяк (Андрэй) - відаць, другасная форма, першасная Камяк, з менай (чаргаваннем) б/м, параўн. блін - млін: ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны", 2005, с. 19: Блін, м. Млын. Да бліна паехаў прыварку змалоць (Грабава)). У такім разе Камяк - семантычны вытвор ад апелятыва камяк 'сціснуты, змяты або злеплены ў адно кавалак якой-н. мяккай, рыхлай масы'. Або ад Кабак - семантычны вытвор ад апелятыва кабак (рус.) 'карчма, шынок', татар.-турэцк. 'гарбуз'; 'прастак'; форма Кабяк - для адмежавання ад апелятыва.

(Працяг у наст. нумары.)


Клумба памяці ад ТБМ

Пад такой назвай у першую летнюю нядзелю сябры ТБМ Нясвіжчыны распачалі працоўную акцыю, якая мае быць шматгадовай і сталай.

Першая "Клумба памяці ад ТБМ" з'явілася на могілках, што за кіламетр ад Нясвіжа ў бок Цімкавіч. Менавіта там пахавана вядомая нясвіжская краязнаўца, пісьменніца Клаўдзія Якаўлеўна Шышыгіна. Прапанавала гэты першы дзейны кірунак Станіслава Вальчык - вучаніца К. Шышыгінай па СШ № 3 г. Нясвіжа. Сябры суполкі ахвотна яе падтрымалі: па-першае, Клаўдзія Якаўлеўна вартая памяці і шанавання як настаўніца, грамадская актывістка, краязнаўца, што пераняла ў 60-80-ыя гады мінулага стагоддзя эстафету ад Уладзіслава Сыракомлі ды Аляксандра Ельскага; па-другое, аддадзеная грамадскай дзейнасці жанчына не мела сваёй сям'і, не пакінула дзяцей і ўнукаў, якія б самі "пасадзілі" і даглядалі дарагую родную градку.

Валер Дранчук, які кантактаваў з пісьменніцай у 90-я гады, адзначыў яе смелы крок у рыначны свет са сваім выдавецкім даробкам:

- Клаўдзія Якаўлеўна, - сказаў ён, - пакінула Нясвіжу выдатную спадчыну, літаратурна-краязнаўчую, педагагічна-грамадскую, але найперш, і пра гэта мала гаворыцца - спадчыну пачынальніка-кнігавыдаўца, папулярызатара і прадпрымальніка, арыентаванага ў тым нашым рыначным асяродку на духоўныя каштоўнасці, на веды і запаветы, на гармонію і экалогію душы. Яна была першай у Нясвіжы жанчынай, хто пачаў рабіць гэта публічна, навідавоку, з адкрытай душой. За продажам сваіх кніг яе можна было сустрэць на вуліцы ў горадзе, каля замка, на паркавых сцежках. Каля яе "прыватнага" прылавачка збіраліся людзі, бывалі цікавыя спрэчкі. Яна мела сваю думку, і не толькі пісала, але пазіцыі краязнаўцы і папулярызатара адстойвала ў кабінетах улады. Сёння яе не хапае Нясвіжу, яе ведаў і памяці, яе мужнасці. Не хапае найперш справе захавання культурна-гістарычнай спадчыны горада.

Удзельнікамі першай "Клумбы…" былі не толькі паплечнікі і вучні, але і тыя, хто ведае Клаўдзію Якаўлеўну па яе кнігах і публікацыях, - мастачка і актывістка з Нясвіжа Наталля Бордак, кіроўца з Менска, уражэнец вёскі Сычы Аляксандр Гнецька.

Эстафету акцыі прымаюць сябры Гарадзейскай суполкі ТБМ.

Наталля Плакса, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ.


Памёр Міхась Мушынскі

Міхась Мушынскі (24 студзеня 1931, в. Мокрае, Быхаўскі раён - 8 чэрвеня 2018, Менск) - крытык, літаратуразнавец. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (1991).

Нарадзіўся ў сям'і службоўца. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1955). Працаваў рэдактарам выдавецтва БДУ (1955-1956). З 1956 г. - у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук (цяпер Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі). Спачатку малодшы навуковы супрацоўнік, з 1968 - старшы навуковы супрацоўнік. Сябар СП СССР (з 1973). Доктар філалагічных навук (1978). Прафесар (2001). У 1979-2002 - загадчык сектара (потым аддзела) выданняў і тэксталогіі. З 2002 года галоўны навуковы супрацоўнік.

Дэбютаваў у жанры крытыкі і літаратуразнаўства ў 1956 г. Выдаў звыш 340 навуковых прац, у тым ліку 12 індывідуальных і 31 калектыўныю манаграфію.

Сярод індывідуальных манаграфій і кніг:

"Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя "Новай зямлі" і "Сымона-музыкі"" (1965),

"Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады" (1975),

"Беларускае савецкае літаратуразнаўства" (1979),

"Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці" (1982),

"Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40-я - першая палавіна 60-х гг." (1985),

"Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перспектывы" (1988),

"І нічога, апроч праўды: Якой быць "Гісторыі беларускай літаратуры"" (1990),

"Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага" (1991), "Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага" (2005) - 2-е выд., дапоўн.,

"Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа" (2007),

"Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага" (2008; 2013 - 2-е выд. - ISBN 978-985-08-1512-5).

"Мае Каласавіны: З вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа" (2010).

"Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа". - Мн.: Беларуская навука, 2012. - 1127 с. - ISBN 978-986-08-1460-9.

Суаўтар манаграфій "Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы" (з Віктарам Каваленкам, Алесем Яскевічам, 1972), "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (1969), "Истории белорусской дооктябрьской литературы" (1977) і "Истории белорусской советской литературы" (1977) і інш.

Як тэкстолаг кіраваў падрыхтоўкай і ажыццяўленнем выдання 13 навукова каментаваных Збораў твораў: Я. Купалы у 7, Я. Коласа у 12, 14 і 20 т., І. Мележа ў 10, М. Лынькова ў 10, М. Гарэцкага ў 4 (і 4-х дадатковых), П. Пестрака ў 5, Зм. Бядулі ў 5, П. Броўкі ў 8, М. Зарэцкага ў 4 тамах, поўных збораў твораў Я. Купалы у 9 т. (10 кн.) і М. Багдановіча у 3 тамах.

Узнагароджаны медалямі, у т.л. "За трудовую доблесть" (1971), бронзавы медаль Галоўнага камітэта ВДНГ СССР (1977).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні "История белорусской дооктябрьской литературы" і "История белорусской советской литературы".

Вечная памяць.


Ушанавалі паўстанцаў пад Мілавідамі

У Мілавідах Баранавіцкага раёна 4 чэрвеня ўшанавалі паўстанцаў, якія змагаліся супраць Расейскай імперыі. Адбылося гэта роўна 155 гадоў таму. З гэтай нагоды ў Мілавіды завіталі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, сябры Партыі БНФ і руху "За Свабоду" з Менска. Прысутныя ў гонар паўстанцаў узнялі бел-чырвона-белыя сцягі і ўсклалі кветкі да помніка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Баранавіцкі раён.


Супольная малітва хрысціянаў асвятліла сталіцу

3 чэрвеня на свята Божага Цела па вуліцах Менска рушыла шматтысячная эўхарыстычная працэсія вернікаў розных канфесій. Шэсце доўжылася тры з паловай гадзіны. На галоўных плошчах горада - пл. Перамогі, Кастрычніцкай, пл. Незалежнасці і пл. Свабоды размяшчаліся алтары, і каталіцкія святары прамаўлялі казанні на беларускай і польскай мовах. Хор касцёла на Залатой горцы і хор "Голас душы" суправаджалі шэсце малітоўнымі спевамі. Працэсія з'яўлялася не вонкавым дэманстраваннем веры, але сумесным глыбокім разважаннем над сэнсам літургіі.

Прамова святара ля Чырвонага касцёла была прысвечана духу еднасці хрысціянаў, неабходнасці ўзаемапаразумення і супрацы хрысціянаў у міжнародным і сусветным маштабе. Еднасць хрысціянаў прыносіць плён, вядзе да скарыстання тых дароў, якія дае Бог, да адкрыцця сэрцаў на іншых людзей, дае мажлівасць прабачэння і быцця ў Богу разам.

Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім удзельнікам працэсіі з розных парафій сталіцы, святарам, моладзі і прадстаўнікам старэйшага пакалення за добрую арганізацыю шэсця.

- Вера з'яўляецца вялікім дарам, - адзначыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. - Важна не пакінуць яе ў сабе, а падзяліцца з іншымі. Новая евангелізацыя з'яўляецца заданнем касцёла ў ХХI cтагоддзі.

У свяце ўзяў удзел апостальскі нунцый Габар Пінтэр.

- Калі мы будзем вернымі вучнямі Езуса, тады ўжо сёння, ад гэтага алтара зможа пачацца глыбокае аднаўленне нашага жыцця і Касцёла ў Беларусі, - сказаў апостальскі нунцый. Па вуліцах горада была пранесена фігура Міхаіла Арханёла, прывезеная з Італіі, з Гаргана. Міхаіл Арханёл з'яўляецца нябесным патронам Беларусі.

- Мы належым да парафіі Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, - сказала ўдзельніца працэсіі Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч. - Служэнне ў нас вядзецца на беларускай мове. Новы касцёл у гонар св. Яна Боска ўжо дабудаваны, набажэнствы там адбываюцца па святах і ў дні прыезду высокіх гасцей.

Актыўнасць на свяце праявілі беларускія скаўты, школьнікі 15-16 гадоў.

- Мы належым да парафіі хрыстусоўцаў св. Евангеліста Яна і св. Максімільяна Кольбэ ў Кунцаўшчыне, - распавяла старэйшая прадстаўніца скаўтаў Ганна.

Э. Дзвінская, фота аўтара.


У Полацку адзначылі Дзень памяці святой Ефрасінні

5 чэрвеня ў Полацку прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя Дню памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай.

belta.by.


Стажыроўка для беларусаў у нямецкім парламенце

Навіны Германіі

Нямецкі парламент (der Deutsche Bundestag) сумесна з Freie Universitаt Berlin, Humboldt-Universitаt (Berlin), а таксама Тэхнічным універсітэтам Берліна прапануе міжнародную парламенцкую стыпендыю.

Калі: 1 сакавіка - 31 ліпеня 2019 года.

Дзе: Берлін, Германія.

Мэта праграмы - падтрымаць стасункі паміж Германіяй і краінай-удзельніцай, паглыбіць разуменне культурнай разнастайнасці і мірнае суіснаванне разам.

У праграме ўдзельнічае 41 краіна, у тым ліку і Беларусь.

Праграма доўжыцца 5 месяцаў і ўяўляе сабой стажыроўку ў Германскім парламенце, а таксама мерапрыемствы і семінары. Перад стажыроўкай удзельнікі наведаюць тры партнёрскія ўніверсітэты, дзе яны атрымаюць уводзіны ў мясцовае акадэмічные жыццё. Таксама яны пазнаёмяцца з дэпутатам, з якім будуць працаваць падчас стажыроўкі.

Практыканты будуць актыўна супрацоўнічаць з бюро дэпутата. Ім будуць даручаць розныя заданні:

- экспертныя распрацоўкі;

- укладанне прамоў, напісанне артыкулаў і лістоў;

- падрыхтоўка паседжанняў;

- рашэнне сакратарскіх абавязкаў.

Да таго ж, практыканты будуць суправаджаць дэпутатаў на паседжаннях камітэтаў, фракцый, нарадаў, у выніку яны атрымаюць уяўленне пра ўнутраныя ўзаемасувязі ў Парламенце, яго функцыі і г.д. Прадугледжана таксама наведванне выбарчай акругі дэпутата.

Патрабаванні да кандыдытаў:

грамадзянства Беларусі (двайное гармадзянства магчыма);

скончаная вучоба ва ўніверсітэце;

добрае валоданне нямецкай мовай (узровень - мінімум В2);

цікавасць да палітычных і грамадскіх узаемаадносінаў, а таксама да гісторыі Германіі;

узрост - да 30 гадоў.

Адбор удзельнікаў адбываецца ў два этапы. Першы - праз амбасаду ў Менску. Абраныя на другую ступень кандыдаты атрымаюць персанальнае запрашэнне на сумоўе восенню/зімой 2018 года.

Каб стаць удзельнікам, неабходна даслаць пералічаныя дакументы:

анкету;

матывацыйны ліст, у якім кандыдат абгрунтуе сваё жаданне стаць практыкантам (не больш за дзве старонкі);

адсканаваны дыплом (арыгінал альбо завераную копію);

падцверджанне валодання мовай (сертыфікат);

дзве рэкамендацыі;

фотаздымак;

копія пашпарта ў фармаце PDF (файл трэба назваць сваім імем і прозвішчам) на е-адрас info@minsk.diplo.de.

Фінансавыя ўмовы

Стыпендыя прадугледжвае штомесяцовыя выплаты ў памеры 500 еўра, бясплатнае пражыванне, медыцынскае страхаванне. Таксама вяртаюцца выдаткі на праезд у Берлін і дадому. Стыпендыя фінансуецца Германскім Парламентам.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце.

Адрас, па якім можна звярнуцца да выпускнікоў праграмы, - ips.belarus@ gmail.com.

Дэдлайн - 30 чэрвеня 2018 года.

diplo.de.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на другое паўгоддзе 2018 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 62. Цана змянілася нязначна. У 2018 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Вызначылі выбух паўстання на дзень рэзурэкцыі, разлічваючы на тое, што пры натоўпах, якія запаўнялі звычайна ў гэты дзень вуліцы горада, лягчэй ім будзе ажыццявіць намер захопу зброі з цытадэлі 13.

Адзін з рамеснікаў, Янкоўскі, здрадзіў 14. Праз два тыдні Далеўскія былі зняволены 15 па прычыне ліста, знойдзенага ў студэнта харкаўскага 16 ўніверсітэта Маўрыцыя Кл[ячкоўскага] i, хаця ліст быў без подпісу, быў у ім адказ на пытанне: "Што мне рабіць? Навучы мяне, падкажы!"

Маці наша ў 1848 годзе страціла бацьку (Наркевіча), у сакавіку - мужа, а ў красавіку таго ж года аплаквала зняволенне двух старэйшых сыноў. Пакінула вёску, каб быць бліжэй да зняволеных і для лепшага выхавання дзяцей. Цяжкая ў яе была доля. Непрывычная да гарадскога жыцця, высакародная і міласэрная па натуры. У штодзённых пілігрымках пад муры вязніцы (Дамініканскія) 17 мусіла глядзець на згараваныя, сплаканыя грамадкі, слухаць нараканні, што гэта яе сыны вінаватыя ў цяжкай іхняй долі і нэндзы, якую мусяць цярпець, будучы пазбаўленыя работнікаў 18. Смутная і спустошаная пасля вяртання дадому запяразвала фартух, каб пры дапамозе слугі і старэйшых дачок браць прывезеныя з вёскі прыпасы і пячы булкі, хлеб, смажыць і гатаваць для тых,хто наракае на яе сыноў пад турэмным мурам j.

Хутка знікалі запасы, разлічаныя пры выездзе з вёскі на доўгі час для ўласнай грамадкі. А зняволенне трывала каля трох гадоў (ад красавіка 1848 19 года да 26 лістапада 1850 года). Маці мусіла звярнуцца да дзядзькоў 20 у Берасцейскім павеце на падставе нявыкананага тастаманту. Тым больш, што невялікая сума, атрыманая пасля сыходу з гаспадаркі не размешчаная на працэнт магла лёгка і хутка вычарпацца. З трох дзядзькоў адзін толькі Ян kДалеўскі (жанаты з Савіцкай дачкой Людвіка, сасланага на цяжкія работы ў часы дзекабрыстаў) k абавязаўся плаціць штогод па 500 рублёў.

Жыццё ў той час было танным, але ў кожным разе гэтай сумы не магло выстарчыць. Трэба было шукаць працу. Тэкля [Енік], якая налічвала ў той час другі дзесятак гадоў узялася за яе, адкінуўшы ўсялякія асабістыя жаданні. lЗнайшла ўрокі музыкі і спеваў, а тая нашая добрая, салодкая, сардэчна любячая малодшае сямейства, Юля (Беркман), ледзь прыбыўшы з пансіёна, дапамагала матцы каля дома і дзятвы l.

У першыя гады не мела нашая сям'я ніякіх звестак ад зняволеных. Ужо ўсе маці карысталіся правам бачыцца з сынамі, акрамя нашай.

У камісіі 21 засядалі, як галоўныя чальцы дэ Раберці m і Чэваці.

Бедная наша маці аднаго дня падалася да таго апошняга з запытаннем, што за прычына, што ёй адной нельга бачыць сыноў?

- Пані пытаецца? Сыны пані нас даводзяць да роспачы. Характар старэйшага ўводзіць нас у здзіўленне. Хрыстус толькі здольны да таго, што ён робіць. Ставім сведкаў, якія яго топяць сваімі прызнаннямі, наўпрост прыгаворваюць да смерці. Пані думае, што ён гневаецца, адхіляецца, адпіхваецца - дзе там, ані адзін мускул не здрыганецца яму на твары. Слухае, глядзіць, маўчыць. І так пастаянна. А бываюць сцэны зусім для нас незразумелыя. Прывезлі з Харкава студэнта Маўрыцыя Кл[ячкоўскага], каб у вочы сыну пані паўтарыў свае прызнанні. Няхай жа пані ўявіць сабе - той заміж прызнанняў падае яму ў ногі з крыкам: "Францішку! Прабач! Прабач! Здрадзіў табе, выдаў цябе, пагубіў цябе!"

Кожны з нас нагой адпіхнуў бы здрадніка. Сын пані нахіліўся, падняў яго, абняў за плечы, цалаваў, суцяшаў. Мы былі ўсе ўзрушаны, але гэта да нічога не вядзе - губіць іншых n і сябе - шкада такога члавека! А чакае яго смерць або ўвязненне ў нейкай з расейскіх цвердзяў. Цяпер з падамініканскіх муроў перавезлі яго ў цытадэль. Гэта кепскі знак! Вельмі кепскі! Пасадзілі яго ў цёмны лёх на хлеб і воду, без змены бялізны (пані гэта разумее?), без пасцелі і г.д. Нам гэта баліць, але мусім тое рабіць, такі наш абавязак. З Пецярбурга шлюць выгавары 22 за нашую апешнасць і бяссілле. Ужо трэці год засядае камісія.

Пані, як маці, полька, разумная кабета, якая любіць і дбае пра будучыню польскай моладзі, магла б сваіх сыноў прывесці да апамятання, што марнуюць сваё жыццё, губяць іншых. Шмат павар'яцела па іхняй віне. Змарнаваная будучыня столькіх маладых людзей ляжыць на сумленні сыноў пані!

Ці не хоча пані з імі пабачыцца? Ці не хоча сказаць, што звернецца да іхняга сумлення, каб пакаяліся перад маці і Айчынай?

- Можаце не заканчваць! Пры такіх умовах не хачу бачыць маіх сыноў! Я выхавала іх у страху перад Богам і ў пачуццях абавязкаў перад бліжнімі. Яны не ведаюць, што такое абман. Мне няма ім чаго сказаць. Калі гавораць, што маюць чыстае сумленне ад усялякай віны - верце ім, або калі маўчаць, то значыць, што не маюць вам што сказаць.

- Вось жа, уласна - операрваў Чэваці о - бачу, што пані не ведае сваіх сыноў; што пані мыляецца ў сваім меркаванні пра іх! Ці пані ведае, як было з малодшым сынам? Старэйшы, Францішак, маўчыць, на нашыя просьбы і грозьбы глухі; а гэты малодшы, Аляксандр з тым сваім сімпатычным р тварам, з шэрымі вачыма - ашукаў нас - ганебна адвёў нас у бок! Так далёка, што мы гатовыя былі вызваліць яго. Паўтараў пастаянна: "Сумленне мне нічога не гаворыць, не адчываю сябе вінаватым. Я не жыў з братам, не магу адказваць за яго дзеянні, пра якія не ведаю. Няхай сам за сябе гаворыць". І такая праўда гучала ў яго голасе, так выглядаў нявінна, што мы паверылі. Аж тут якраз пачынаюць сыпацца прызнанні! Выйшла на яву са слоў людзей, уцягнутых ім, што той нявінны сынок пані, на справе горшы за старэйшага; з той толькі розніцай, што датычна да старэйшага маем яго ўласнаручны q ліст як довад, а датычна малодшага - галаслоўныя прызнанні вязняў. Абодва сядзяць у цямніцы; кожны, натуральна, асобна, а пакоры дагэтуль не відаць. Не можам даць сабе з імі рады.

Аднак знайшлі раду. Губернатар Бібікаў, адной ночы r(перад прыбыццем наступніка трона Аляксандра ў Вільню падчас пераходу з арміяй у Венгрыю) r з'явіўся асабіста ў турэмны лёх, дзе сядзеў Францішак 23. Гаварыў як прагрэсіўны, ліберальны расіянін, які разумее роспачнае становішча палякаў і страшную крыўду ім нанесеную. Доўга дэкламаваў, гаварыў, прадстаўляў, як бы гэта было шляхетна з боку Далеўскіх, калі б для вызвалення таварышаў з вязнення зрабілі нязначныя хоць якія прызнанні, толькі каб даць магчымасць закончыць следства.

Францішак абураны і знецярплівены выгукнуў:

- Пане генерал, калі сапраўды ўдаеш пачцівага чалавека, то павінен ведаць, што калі б нават што і знаў, то не сказаў бы.

- Хопіць і гэтага! Хопіць! - выгукнуў абрадаваны Бібікаў, болей нам не трэба!

Браты ўспаміналі, што з розных пунктаў гледжання, гады даастрожнага вязнення не прайшлі для іх бескарысна. Пятнаццаць гадоў стасункаў з людзьмі на свабодзе ў звычайных умовах жыцця не навучылі б іх і палове пазнання людской душы як з добрага, так і з кепскага боку, што некалькігадовае вязненне. Падсалоджвалі сабе гады няволі складаннем матэматычных задач (Францішак гаварыў, што гэта ратавала яго ад вар'яцтва).

Адзіныя кніжкі, якія дайшлі да іх рук, былі Біблія і "Роздумы пра спадчыну Хрыстуса" 24.

Былі ў вязненні балючыя прыклады, узрушальныя, як напрыклад гісторыя маладога Макрэцкага s. Сын мяшчанкі, калега Далеўскіх, пасвечаны ў іхнія планы. Калі яго маці з'явілася ў паноў з камісіі з просьбай пабачыцца з сынам, прынялі яе натуральна падобна, як нашую маці: гразілі. страшылі, абяцалі, у канцы дазволілі. Няшчасная маці, убачыўшыся з сынам, кінулася да ног свайго адзінага. Навошта адмаўляць, што Далеўскія ўцягнулі яго ў канспірацыйную арганізацыю. Бо тое самае чула ад яго самога.

Макрэцкі звар'яцеў! Перапалоханым поглядам углядаўся ў маці, робячы знак святога крыжа над яе галавой, выгукваў: "У імя Айца, і Сына, і Духа Святога! Ойча наш, які ёсць у небе. Свяціся імя Тваё, прыйдзі каралеўства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі". Былі гэта выразы, якія пастаянна паўтараў.

(Працяг у наступным нумары.)


13 Цытадэль, ці Стары арсенал стваралі ўрадавыя будынкі над Віленкай ля падножжа Замкавай гары, размяшчалася тут вязніца; цяпер Музей прыкладнога мастацтва.

14 Янкоўскі даў прызнанне пасля няўдалай спробы атруціцца. Яны навялі на след кіраўніцтва Звязу.

15 Францішка арыштавалі ў ноч з 9 на 10, а Аляксандра з 11 на 12.IV.1848 г.

iУ копіі BUW адсутнічае.

jУ копіі BUW далей: (раздавала кожную суботу).

k-kУ копіі BUW адсутнічае.

l-lУ копіі BUW іначай: Узяла ўрокі музыкі і спеваў. Голас мела выдатны, меладычнасць добрую. Юлія, ледзь вярнуўшыся з пансіёна, дапамагала маці каля дому і дзяцей. Малодшае сямейства, г.зн. Цітус, Апалонія і Ксавера яшчэ не вучылася.

mУ рукапісе: Дэробчы, у копіі BUW: Дэроберці.

16 Клячкоўскі ў той час вучыўся ў Казані.

17 Змоўцаў пасадзілі ў даўнім кляштары дамініканцаў пры касцёле Святога Духа ў Вільні, які пасля касацыі ордэна (1844) замянілі на вязніцу.

18 Звяз быў папулярны сярод рамесніцкай моладзі, вучняў.

19У рукапісе памылка. Павінна быць 1849 г. Вырак суда зацверджаны 19.ХІ.1850 г., а 26 лістапада гэтага ж года Далеўскія пакінулі Вільню.

20 Гл. генеалагічную табліцу.

21 Спецыяльная следчая камісія склікана 29.ІІІ.1849 г. у Вільні для развязвання справы Братняга Звязу, складалася з чатырох чалавек: Чэваці, дэ Раберці, маёра Данілава і ротмістра Галера.

nУ копіі БВУ няма: іншых і.

о-оУ копіі БВУ няма.

рУ копіі БВУ іншае слова: пачцівым

22 Выгавар - вымова, наганяй.

qУ копіі BUW няма.

r-rУ копіі BUW няма.

sУ рукапісе: Макрыцкі

23 Такая размова мела месца 10/22 VI 1849 г.

24 Tomasz a Kempis, O nasladowaniu Chrystusa, перакл. Т. Матушэвіч, Вільня, 1841.


Гусі-гусі, будзьце мне сведкамі

Валер Санько

Апавяданне

У суд на Бога і лёс не падасі. Праўдзіві ва ўсім, шчыра і шмат працуй, не спатрэбяцца суды, чалавечыя ці нябесныя. Фельчар Іван Іванавіч Самусевіч у Вялікай Ігрушы фельчарыў 48 гадоў. У гэтай вёсцы нарадзіўся, вучыўся, з яе падаўся на вучобу ў фельчарскае вучылішча, тут і згадзіўся. Серафіма Барысаўна Казляк прымхліва баялася сурочыць свайго Іваньку. Жонка і трое іх сыноў радаваліся глыбіні яго парадаў, рознабаковаму засвойванню тонкасцяў прафесіі.

Аўтарытэт і веды, дабрыню і спагадлівасць Івана Самусевіча вяскоўцы цанілі не меней за парады варажбіткі Марты Захарэвіч, асветніцкі досвед настаўнікаў Змітра Васільевіча Пігулеўскага, Ганны Хведараўны Зайцавай, першай настаўніцы Ігара Бадановіча і Аляксея Бялько, Андрэя Дзмітравіча Бялько, Сяргея Хведаравіча Ярашэвіча, Нэлы Леанідаўны Груздзеўскай.

Пасля сыходу ў лепшы свет навекі мілай жоначкі фельчар Самусевіч яшчэ гадоў пяць не выходзіў на пенсію. Забаўка для душы - шавецтва - завалодвала рукамі ўмельца ўсё мацней. У Казловіцкім доме быту, у слуцкіх абутнікаў адмаўляліся рамантаваць якой бабулі нашчэнт зношаны атопак, мадняцкія чаравікі ўнучкі, развітайкі мясцовай звышэканомніцы - Іван Іванавіч нікому не адмаўляў.

Аплату мог не ўзяць. Асабліва калі дабрачны заказчык раптам выяўляў, што забыў грошы, абяцаў вось-вось заплаціць. Праз паўгода забывец ці яго родзіч сунуўся да Івана Самусевіча, пра колішнюю неаплату не ўзгадваў. Фельчар Самусевіч тропіў строгаму жыццёваму правілу: праца і кулітка хлеба патрабуюць аплаты. Не бярэш аплаты - твае рамонты нявартныя. Бяры грошы, хоць якія, бо не стане ўмельства, сілы на рамонты.

Іван Самусевіч адмаўляў трэцяразраднаму даўжніку, не браў у такога ні грошы, ні заказы. З ягоным паганьбаваннем на вёсцы лічыліся.

З гадамі ў садзе дзед пахаджаў меней. Сам і хата абношваліся болей.

Натуральны зыход нармальнага старога прадказваўся ўсімі. Пра смерць мудрыя думаюць зараней, як разумныя пра колер воч дзяцей да вяселля, за абыкаго дзяцей не аддаюць. Адно трывожыла фельчара і шаўца Івана Самусевіча. Надта часта нечакана стала ўсоньвацца раднюсенькая Серафіма, Хрыстом-Богам наказвала не адкрываць нікому ўвечары хату. Бойся, Іване, незнаёмцаў, моцна бойся; не набывай нічога новага ў такіх; бойся чужых грошай, людзей ліхіх. У наказы жонкі ў снах Іван Самусевіч верыў.

Сямідзесяціпяцігадовы Самусевіч не быў размазнёю, бязбожнікам. Даўно набытую стрэльбу паляўнічы змазаў, пераправерыў патроны, трымаў неўздалёк.

Пра пастрахотныя папярэджванні Серафімы дабрак і памярковец у сумоўях з сваякамі, асабліва сынамі, выказваўся адкрыта. З чаго б такое лезла ў мазгі?

Бываляшні старшыня калгаса, далёкі родзіч Івана Самусевіча раіў фельчару і шаўцу пляваць на ўсё. Самы сляпы добра ходзіць па сваёй хаце, ты ў сваёй вёсцы нічога не бойся, грошай не дадуць, агарод узараць пасобяць, у крыўду не ўкінуць.

- Яно так, браце, лёс вядзе, лёс, - згаджаўся фельчар Самусевіч з траюрадным братам. - Але бывае выпадак выбірае.

Не ўмееш асцерагаць сябе, не асцеражэш іншых, расталкоўваюцца родзічы. Сонца адно, зорак плоймы, людзей шмат, лёс у кожнага розны. Калі блізкія памерлыя некага часта папярэджваюць - нездарма, асцярогвацца неабходна.

Да прымхлівага Самусевіча ўжо не хадзілі ў падвячоркі, вечарам, тым болей ноччу. Ведалі, стары Самусевіч выдзяцінеў. Дзверы хаты нікому не адчыняе, спіць побліз стрэльбы.


Іван Самусевіч, як большасць слуццакоў, верыў у прыкметы, шчаслівыя і нешчаслівыя лічбы, дні.

Пачатак працы ў пятніцу Івану Самусевічу не шчаслівы. Тым болей прыпоўзванне Антона Новіка. Сённяшні прыход іграўца, як любую фатумнасць, замяняць не стаў. Лічбы і дні маюць зададзенасць, за імі прыадкрываецца наканаванне, але што будзе, тое будзе. Дзень, які нясе ісціны, не можа змяніць пазбежнасць існасцяў.

Сусветнасць праз час і прастору вымяраецца лічбамі, днямі. Гора чалавеку, калі ў яго на сцяжыне штораз плюсуюцца згусткі адмоўнай матэрыі, асабліва забядоціцца празорнаму, які асягае лічбы, дні і парушае іх.

Іван Самусевіч зпетрыў, дрэннае нясе яму прыход цыгана, рэзкім рухам выгнаць няпрошанца з хаты не можа. Прыродная і набытая інтэлігентнасць не дазвалялі.

- Дзень на тыдзень я магу быць свабодным? Чаго прыйшлі?

На святочныя дні Іван Самусевіч не працаваў, тым болей у рэлігійныя. У такія час і прастора не проста вымяраюцца лічбамі - яднаюцца з матэрыяй. Толькі асобныя кроплі чалавечай існасці - людзі - могуць асягаць нявыразныя.

- У мяне пільная справа. Багі не пакрыўдзяцца на замутненне свята. - Антон Новік паказвае веданне вясковых прымхаў і прыкметаў. - Праўда багоў не крыўдзіць. - Узіраюцца адзін у аднаго нібы першы раз. - Мы не закранаем нікога.

- Так думаеце вы. Слухаю.

Прапускае Іван Самусевіч госця ў хату.

Цыган з суседняга Іграва Антон Новік прывёз практычна новыя буркі, прасіў падшыць лямец, умацаваць падэшвы.

- Кіньце драбноццем займацца. Два кэмэ вы цягнуліся сюды, хаця маглі на аўтобусе падскочыць у Слуцк, - не згаджаўся нават брацца за пустую працу Іван Самусевіч. Узгадкі пра даўняе знаёмства, суседскую вясковую дапамогу на сенакосе пад Працавічамі, сустрэчы ў Нежаўскім гаі не размякчылі шаўца, працу ад цыганскай сям'і не браў.

Яшчэ ў познахрушчоўскія часы на Случчыне пачалі наводзіць парадак з прыезджым калёсным людам. Усім цыганскім сем'ям прапаноўвалі працу, безграшоўным нямоглым сем'ям выдзялялі зямельныя ўчасткі па дваццаць, трыццаць, сорак, пяцьдзясят сотак поруч хаты. Сядзібы былі як правіла з садамі, градамі, ягаднікамі. Пограб, сцёпка, хлеў, барак таксама меліся пры надзеле.

Шматдзетныя цыганскія сем'і маглі сяліцца адна пры адной, калі на хату і сядзібу не засталося родзічаў загінулых вяскоўцаў. Пры ўсім пасляваенным гароцтве і нястачах, пры гадавой разавай аплаце ўсіх працаднёў калгасніка мяшком ці двума мяшкамі зерня цыганская сям'я магла разжывацца лепей за вяскоўцаў. Дапамагалі звычай і ўменне гаспадароў новага селішча займацца возніцтвам і прыробкамі ў ваколішніх вёсках, а цыганак гандлярыць, гадаць, лячыць.

Як ні прыўлашчвалі ўладнікі абыходжваннем цыганскія сем'і, праз год-два ў вёсках Случчыны засталося іх мала - з'ехалі ў Слуцак, Старобін, Старыя Дарогі, Нясвіж, Бабруйск, часцей ад усяго ў Мінск.

У Іграве засталося тры сям'і. Гаспадарка Антона Новіка лічылася адной з моцных. Шорнік быў нарасхват у калгасе, у гаспадароў хатаў, гумнаў.


Пастаўленую госцем на стол пляшку "Вермуту" Самусевіч старанна адсоўваў. Чарнявец і прыгажун саракатрохгадовы Антон Новік сабе наліў вінца поўную шклянку, старому палову.

Размова не атрымлівалася і пасля другога чокання, трэцяга.

Жнівень - не проста спад лета. Зніжаецца тэмпература паветра, уначы халаднее зямля. Более вільготных дзён і ночаў. Воблакі павялічваюцца, апускаюцца ніжэй. Паўсямесна заканчваюцца сенакосы, поўным ходам ідзе жніво. Пшаніцы, ячменю і аўсу добрыя гаспадары не дазваляюць асыпацца.

Мужчыны бегма ператалкавалі пра такія-сякія вясковыя працы. Палова вермутнай вінаркі засталася ў пляшцы.

- Усё, браце-коце, пайду, - паднімаецца Антон Новік.

Ярка-чырвоныя гронкі рабіны шкрэбаюць акно, ваканіцы. Шоргат галля ў ціхі сярэднежнівеньскі вечар кратае гаспадара. Непрыемніцца Самусевічу.

- Паслухайце, Іван Іванавіч, у мяне да вас яшчэ адна просьба, - вяртаецца ад дзвярэй цыган Новік.

- Самая важная, чую, важная. З яе б і пачынаў, - ступае насустрач гаспадар. У ночвах на лаве падварушвае адсырэлыя брусніцы.

- Ведаеце, цяжка калгасніку з капейчынаю. Збіраецца мая студэнтка на заняткі, просіць спартыўны гарнітур. Хоць які, - нясмела, з выбачальнай просьбітнасцю падсаджваецца на лаву госць. Просіць пазычыць грошаў. У вас пенсія ("Якая там пенсія у савецкага фельчара. Пяцьдзясят рублёў"), прырабатак ёсць, выручыце.

Фельчар Самусевіч адмаўляецца. Пазаўчора суседцы не мог дзясятку пазычыць. Унукі і дзеці, здароўя ім, абіраюць дзеда, як шпакі вішні.

- Хоць сотняю рублёў. Прашу.

- Не прасіце, зямляча, нямашака.

У адказ на мяккую сардэчную просьбу пазычыць хоць пяцьдзясят рублёў госць чуе тое ж.

- Не хацеў вам казаць, мушу. Так прыціснула, неўмагату. - Новік дастае кашалёк, выцягвае дзве жоўтыя манеты. Драбнаватыя, але на кожнай акрэслена віднеецца "Пять рублей". Царскія. - Чым везці ў Слуцак да габрэяў, лепей вам прапаную. Слуцкія мянялы змахляраць, загавораць, аблапошаць.

Мужчыны асцярожна круцяць залатыя пяцёркі. Адзін і другі прабуе на зуб.

- Дарэмна адмовіліся ад паездкі ў Слуцак. Жыды разумныя, сходу такое золата купяць, а я не магу. Купіла прытупіла. - Вяртае золата ўладальніку фельчар Самусевіч. Ён адклаў нейкую капейку ўнуку, прыедзе пазаўтра, у суботу, усё роўна не хопіць на манету. - Не-не, не ўгаварвайця. Купіць не можа.

Лета коціць на спад. Нізка над стагамі праплываюць хмары. Ад маладой таполі і старой бярозы кружыць, ападае невясёлае лісцейка.

Па-над лесам попелавае неба падвячэр'я працягнула малінавыя палоскі.

Двое перамаўляюцца весялей, павальней.

- Эх, была-не была! З'эканомлю дзень. Не пацягнуса да Яшкі ці Давыда. - Антон Новік зрэзмахна хлопае далонню ў далонь Івана Самусевіча, па-прыяцельску падцісквае. - Абодва пятакі аддаю вам за паўсотню. - Не дае ачомацца агаломшанаму гаспадару. - Адзін каштуе за сотню, а я абодва - за паўсотню.

Не іскрылася б дабрадушная цыганская жычлівасць на ўсю гасцёўню і перадвітальню, не маячыў бы істотны фінансавы выйгрыш, не хуткакрыліў слоўмі і абыходлівымі жэстамі цыган, якому заўтра спешныя дакоскі атавы, не рыўком налітыя на розвіт шклянкі вермуту - не замалаціліся б у Івана Самусевіча асцярожныя фаталістычныя папярэджанні зарана адыйшлай у Тагасвецце Серафімы. Адмовіўся б ад нечаканага шчаслівага гешэфту з дабрачным іграўцам, цыганом. Адмовіўся б.

- Што з вамі зробіш. Ладна. Ад сэрца адрываю.

- Не ад сэрца. Яно ў вас чулае і адзыўнае. - Шчаслівы Антон Новік не пералічвае грошы, мелькам сузірнуў паперкі, піхае ў запазуссе.


Тканыя восенню танюткія кросны панавешваліся на дрэвы, лётна плылі над зарослым недагледжаным панадворкам. Спявала восень песні ўдзень, ныла водгуллем увечары; на хаўтурнае панурае водгалассе не шманаюць ластаўкі і чорныя стрыжы над Ігрушаўкай. Шматсотневыя чароды варон і шпакоў гайдаюцца па-над вёскаю, палеткамі, рэчкаю.

Аляксей Бялько мінаў ужо хату Івана Самусевіча. Яе гаспадар няраз выказваў маладому доктару карысныя прыкметы. Асабліва запамяталіся лекавыя парады ад яго і мясцовай вядункі Марты Захарэвіч.

- Нешта вы ўзрушаныя, Іван Іванавіч. Госць які растрывожыў. Дапамога трэ'? - падыходзіць да весніцаў.

Фельчар і абутнік Самусевіч з жалем уздыхае. Мабыць тэй нядзелі ён зрабіў памылку. Яснасць неба, цёплая цішыня вечара памагаюць абодвум запыніцца на хвілю, прагаварылі паўгадзіны. Старэйшы ведае пра выратаванне Алёшкам Бялько абнямоглага, ужо ўтруноўленага Ігара Бадановіча. Аляксей прамаўляе спярша незразумелае:

- Што сказалі мёртвыя, трэба выконваць. Папярэджваюць вас прыкметы і жонка нездарма.

Самусевічу не трэба размякаць ад абяцанкаў і шчыроўванняў хцівых, невядомцаў, асабліва ліслівых і разабяцанкіх.

На адыходзе:

- Мабыць сёння я абмыліўса, - хмурыцца Іван Самусевіч.


Людзям элегантнага, мудрага ўзросту, пенсіянерам, заўсёды знойдзецца, пра што перагаварыць. Далікатна звоніць у дзверы Івана Самусевіча, потым на правах здаўняга знаёмца пагруквае Антон Новік.

Іван Самусевіч разаспаўся, лянота і сон у хаце шаўца. Дзверы ў сенцы прыадчынены, у хату гаспадар госця не кліча.

- Вырашым усё за хвіліну.

- Калі пастараемся, - не хоча зусім аддзяляцца ад іграўскага госця гаспадар.

- Ведаеце маю дачку, толькі што трэцяе дзіця нарадзіла.

- Няхай растуць унучкі здаровыя.

Самусевіч не пацікавіўся, хто нарадзіўся, як назвалі, адзначае Антон Новік. Дрэнна, але сыйдзе.

- Пакуль насіла, раз'елася. Зубы паляцелі. Прашу, Іванавіч, выручце, калі ласка, унучку. Зубы трэба.

- Абавязкова залатыя? - іранізуе Самусевіч.

- Цыгану - золата. Хоча роду-заводу - трэба залатыя. У стаматалогіях золата несапраўднае, ведаеце, яны ашукваюць, асабліва цяпер. Паўсюдна ўзважкі, недаважкі. Выручыце мяне толькі вы, Іванавіч, толькі вы. Не можа нармальны чалавек здаць царскую манету. За яе любы гандляр запросіць мільён даляраў, дазвольце вас не лічыць за пустамелю, - цыган ціскае руку Івану Самусевічу, задаволеныя абодва.

Адзін задаволены, абкручваў старога пня, а Самусевіч, што не паверыў, выдумалі пра сябе цыганы.

Як не адбіваўся ад выгаднай здзелкі Іван Самусевіч, згадзіўся на гешэфт. Утрая цыган заплаціў за залатую манету. Шчыра дзякаваў Івану Самусевічу. Прынёс на аддзяку слоічак ляснога мёду. Знаёмец з Валатоў трымае пчол.

- Дубіну вы ведаеце, вось і добра, ешце, калі ласка, лясны мёд здароўе.

Прынесены мядок спадабаўся Івану Самусевічу. Насцярогі жонкі і ўласныя сны адыйшлі далёка.

Блакітная ноч перавязала агатавы ліставей на зямлі, жоўць дрэваў уверсе.

Гэтай ночы анёлы Івана Самусевіча, якія часта жартуюць, зрабілі памылку. Чаму, радня Антона Новіка не ведае.


Іван Самусевіч спяваў, не спяваў - вымармытваў, што ішло на язык, склады, словы, куплеты.

Праз песню і плач свеціцца чалавек. Хто плача ці спявае, таму Бог і людзі памагаюць.

Антон Новік па-свойску ўваходзіць у хату.

- Не чуеш. Ты ўпаў на галаву, ці што? Скора ўпадзеш.

- Не ўпаду. Ногі падводзяць, а так усё норма.

Антон Новік блізіцца, гаспадар не заўважае пагрозы:

- Адбіўся я ад усіх хатніх спраў, сорамна.

Двое гаварылі без матывацыі. Лічылі гэта нормай. Нечакана Антон Новік схапіў Івана Самусевіча за валасы:

- То шыеш, то пораш, так і час бяжыць. А калі, дзед, аддавацьмеш грошы?

(Працяг у наст. нумары.)


"Свята, якое заўсёды з намі"

Так адазваўся пісьменнік Уладзімір Арлоў на працяг скарынаўскай тэмы ў друку. Новая кніга Сяргея Абламейкі "Нечаканы Скарына" выйшла ў серыі "Бібліятэкі Свабоды" і была прэзентавана 29 траўня ў менскім літаратурным музеі імя М. Багдановіча. Інтэлектуальная хваля, узнятая 500-годдзем беларускага кнігадрукавання, працягвае набіраць моц. Пра гэта сведчыць запоўненая зала і вестыбюль музея М. Багдановіча, дзе ледзь змясціліся ўсе ахвотныя патрымаць у руках новае выданне.

- Кніга Сяргея Абламейкі расплаўляе бронзу на п'едэстале Скарыны, - адгукнулася пра кнігу даследчыца Святлана Куль-Сяльверстава.

Новае папулярнае выданне складаецца з 25 эсэ і інтэрв'ю з даследчыкамі спадчыны Скарыны ў розных краінах свету (з Адамам Мальдзісам, Ірынай Будзько, Міхаэлем Мозэрам, Міколам Нікалаевым, Вівіянай Назільяй, Пэтрам Войтам і іншымі). Кніга напісана журналістам "Радыё Свабода" ў захапляльнай форме.

- Скарына яшчэ намі не адрэфлексаваны, не асэнсаваны да канца. Я вырашыў паглядзець на Скарыну з пункту гледжання італьянскага Рэнесансу, з аднаго боку, і з пункту гледжання сучаснай беларускай гуманітарнай думкі - з другога, - прызнаўся аўтар.

Ці можна яго назваць першым беларускім піяр-менеджарам? Ці спрачаўся Скарына з Парацэльсам? Куды вядзе сімволіка яго патрэта? - паставіў пытанні аўтар. Чые партрэты ён зашыфраваў у Бібліі? С. Абламейка звярнуў увагу на выявы Лукі Скарыны і самога маленькага Францішка, якія патрапілі на гравюру "Ісус Навін вядзе людзей ізраілевых праз Ярдан". Гэта тэма раней цікавіла прафесараў Уладзіміра Конана і Віктара Шматава. Даследчык знайшоў партрэты чэшскіх каралёў Людвіка Ягелончыка і Іржы Падэбрада на гравюрах у Бібліі Скарыны.

На імпрэзе выступіў адзін з галоўных скарыназнаўцаў Георгій Якаўлевіч Галенчанка, які спрычыніўся да выпуску шэрагу навуковых выданняў пра першадрукара ў 2017 годзе. Ён распавёў пра новы матэрыял для адкрыццяў, які можна знайсці ў Празе ў сямі дакументах Сімяёна Руса, а таксама пра інфармацыю, якая захоўваецца ў Віленскім касцёльным капітуле.

- Непераўзыдзены ўзор Скарынавага патрыятызму, запавет нашчадкам, генетычны код культуры і нацыянальнага духу, - такую рысу падводзіць пад усім сказаным Сяргей Абламейка.

- Дарога ў будучыню будуецца з самага няўлоўнага і надзейнага матэрыялу ў свеце: цікаўнасці і цярплівасці, дасведчанасці і дасканаласці, захаплення і настойлівасці, - зазначыў стваральнік "Бібліятэкі Свабоды" Аляксандр Лукашук.

Эмацыйныя водгукі пра новую кнігу выказалі публіцыст Сяргей Навумчык, які ездзіў з разам з аўтарам у Падую, мовазнавец Вінцук Вячорка, кандыдат мастацвазнаўства Вячаслаў Ракіцкі, доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая, музыказнаўца Вольга Дадзіёмава. Уладзімір Арлоў на тэму падарожжа ў Італію прачытаў свой верш "Аркады Падуі".

Гасцям імпрэзы і чытачам цікава было больш даведацца пра аўтара. Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску ў 1962 годзе. Ён скончыў гістарычны факультэт БДУ і дактарантуру Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта. Працаваў слесарам на Менскім аўтамабільным заводзе, выкладаў гісторыю ў школе, быў супрацоўнікам Скарынаўскага цэнтра. Ён з'яўляецца аўтарам шэрагу публікацый па гісторыі Беларусі.

З верасня 1990 года Сяргей Абламейка працуе журналістам " Радыё Свабода" у Менску.

- Сяргей заўсёды з маленства цікавіўся гісторыяй старажытнага свету, - распавяла яго маці Алена Васільеўна, якая прысутнічала на вечарыне.

Цёплыя словы пра таленавітага і сціплага сына выказаў Павел Серафімавіч Абламейка. Нядаўна спадар Сяргей абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне гісторыі. Яе тэмай была "Палітыка савецкіх улад адносна старога горада ў Менску ў 1920-1956 гадах".

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Выступае Аляксандр Лукашук; 2. Сяргей Абламейка прадстаўляе новую кнігу.


Алесю Камоцкаму - 60

Нарадзіўся Алесь Камоцкі ў Барысаве 9 чэрвеня 1958 года. Там жа пайшоў у сярэднюю школу №1, якая была недалёка ад хаты. У 1975 годзе паехаў у Маладзечна ў музычную вучэльню, з якой выйшаў вядомы спявак і кампазітар Юры Антонаў. Правучыўся там толькі адзін год, бо забралі ў войска. Служыў у Варонежы. Дзякуючы вучобе ў музвучэльні, адразу трапіў у аркестр. Амаль увесь час граў на пахаваннях вайскоўцаў, якіх там было вельмі багата. Гэтак жа, як і на дэманстрацыях 7 лістапада і 1 траўня.

У 1979 годзе дэмабілізаваўся і вырашыў не працягваць музычную адукацыю. Хацелася вучыцца на больш высокім узроўні. Паступіў на філасофскае аддзяленне гістфака БДУ. Тут па-сапраўднаму адчуў цягу да музыкі і паэзіі Пачаў пісаць вершы.

Граць на гітары пачаў яшчэ падчас універсітэцкай вучобы. Праз яе і пазнаёміўся з будучай жонкай Касяй Чалей. Яна таксама спявала песні пад гітару. Паспрабавалі спяваць разам. Дуэт назвалі "Кася і Алесь". Менавіта такая назва была надрукавана ў адной з газет.

Свой першы магніта-альбом запісаў у 1985 годзе. Тады гэта зрабіць было вельмі цяжка, бо прыватных студыяў яшчэ не існавала. Запісаў яго на беларускім тэлебачанні, але не ў студыі, а на буфетным складзе. Вакол стаялі скрыні з пустымі шклянкамі. Зацягнулі туды пульт, паставілі мікрафоны і пісалі адразу на касетную дэку, бо ніякіх там раздзяленняў не было.

Аўтар многіх альбомаў: "Першы сшытак" (1986), "Зорка спагады" (1999), Псалмы (2000), на вершы Рыгора Барадуліна і інш.

Паводле А. Тамковіча.


Інтэлектуальна-патрыятычнае свята

Скажам без перабольшвання, што мне пашчасціла папрысутнічаць-пабыць на інтэлектуальна-патрыятычным свяце. А адбылося гэта 30 траўня гэтага года ў прэс-клубе, што знаходзіцца на вуліцы Веры Харужай, 3 у Менску. Названае свята праходзіла пад знакам прэзентацыыі карысных і, несумненна, актуальных выданняў. Свае кнігі прэзентавалі выдатны філолаг, паліглот, перакладчык Лявон Баршчэўскі: "Словы і вобразы" (Літаратура і мастацтва ад старажытнасці да канца ХVIII стагоддзя) частка І; беларускі фалькларыст, педагог, старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка: "Беларускі фальклор" і беларускі навуковец, спецыяліст у галіне культурнай антрапалогіі і нацыянальнай геаграфіі Павел Церашковіч: "Глабальныя праблемы чалавецтва" (Нарысы экалагічнай і сацыяльнай геаграфіі сучаснасці). Распарадчыкам і вядоўцам прэзентацыі выступаў Зміцер Колас, ён жа і выдавец і апякун названых кніжных навінак, якія нядаўна выйшлі ў свет і адрасаваны шырокаму колу чытачоў, асабліва вучням і студэнтам, настаўнікам і выкладчыкам адукацыйных устаноў.

Аналізуючы канкрэтныя творы розных часоў і народаў, аўтар "Словаў і вобразаў" разглядае найважнейшыя этапы станаўлення літаратуры і мастацтва ад старажытнасці да канца эпохі Адраджэння - Рэнесансу. У кантэксце такога падыходу як з'ява нацыянальнага праяўлення агульнаеўрапейскага працэсу паказваецца тут беларуская літаратурна-мастацкая традыцыя-прысутнасць. Больш за тое разам з уласнымі ацэнкамі і перакладамі (а Л. Баршчэўскі валодае не адным дзясяткам замежных моваў) тут пададзены і водгукі многіх беларускіх творцаў на тэксты замежных аўтараў. Дзіву даешся, што Лявон Пятровіч сёння толькі кандыдат навук, а не доктар, а то і акадэмік. Ён жа аўтар некаторых падручнікаў, методык, а таксама выдатнага шматмоўнага слоўніка. Але, як казалі лаціняне: "Sapienti sat!" і "O tempera, o mores" ("Разумнаму дастаткова" і "О, часы, о, норавы!"

Што датычна "Беларускага фальклору" А. Лозкі, то гэтае выданне сістэмна падае асноўныя звесткі пра беларускі фальклор, яго жанры і віды (замовы, народны каляндар, каляндарна-абрадавую, сямейна-абрадавую і пазаабрадавую творчасць, празаічны, дзіцячы, тэатральны, матэматычны фальклор і інш. Прадстаўленыя ўзоры народнай творчасці характарызуюцца сваёй папулярнасцю і займальнасцю. З даўніх часоў заўважана, што фальклор, з'яўляючыся папярэднікам прафесійнай творчасці, ніколі не саступаў, не саступае і не саступіць ёй у інтэлектуальна-маральных адпраўленнях пры ацэнцы з'яваў рэчаіснасці. Тым болей у форме лапідарнасці і дасціпнасці. Нездарма кажуць: "Голас народа - голас Бога". У фальклоры мноства такіх сэнсавых пасылаў, якія ў некалькіх словах могуць супернічаць з цэлымі філасофскімі сістэмамі. Ну, напрыклад, возьмем загадку: "Што такое, што вышэй цара і ніжэй Бога". Адказ: "Смерць".

лабальныя праблемы чалавецтва" П. Церашковіча - гэта своеасаблівы "SOS" чалавецтву. Трыццаць гадоў працуючы з літаратурай геаграфічнай тэматыкі, я яшчэ з такім выданнем не сустракаўся. Аголена, трывожна, нетрадыцыйна аўтар асвятляе, ускрывае праблемы як эканамічнага, так і сацыяльнага выклікаў сучаснаму чалавецтву. Гэта ў пэўнай ступені датычна і Беларусі.

Розныя па сваёй тэматыцы, гэтыя тры выданні маюць многа агульнага з гледзішча формы. Усе яны напісаны жывой, агульнадаступнвй мовай. Усе яны маюць шырокі метадычны апарат (напрыклад, пытанні, заданні, рэкамендацыіі, падсумаванні і інш.). Усе тры выданні багата і добра (што называецца - у тэму) праілюстраваны аўтарскімі фотаздымкамі, рэпрадукцыямі розных знакавых карцін, картамі, схемамі і інш. Што датычна мастацка - і тэхнічна-паліграфічнага афармлення і выканання, яно бездакорнае.

Прадстаўляючы свае выданні, аўтары расказалі, што імі рухала пры стварэнні сваіх кніг, як ім працавалася, а ў канцы імпрэзы адказалі на пытанні прысутных. І яшчэ. Свята-прэзентацыя сваім заключным актам мела найцяснейшы кантакт з аўдыторыяй: аўтары падарылі кожнаму з прысутных свае кнігі.

Яўген Гучок.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX