Pawet: № 28 (1387)
Вярнуцца: 2018

№ 28 (1387)


Дадана: 11-07-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 28 (1387), 11 ліпеня 2018 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале адбылося чаканае сезоннае падзенне колькасці падпісчыкаў. Падпіска ўпала па ўсіх абласцях, але такога глыбокага падзення ў нас яшчэ не было. Безумоўна, у верасні падпіска вырасце, у кастрычніку вырасце яшчэ, але газета не можа пайсці на летнія канікулы, мы павінны выходзіць і летам, але для каго? Трэба думаць, што рабіць. Спасылкі на глабалізацыю і кампутарызацыю не прымаюцца.

Красавік Ліпень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 18 12

Бяроза р.в. 8 3

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 6 6

Ганцавічы р.в. - -

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 3 3

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 2 2

Ляхавічы р.в. 1 2

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 6 7

Пружаны р.в. 6 5

Столін р.в. - -

Усяго: 55 45


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - -

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 19 15

Віцебск РВПС 1 1

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 8 7

Гарадок р.в. - -

Докшыцы р.в. 3 3

Дуброўна р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 17 17

Орша гор. 8 5

Полацк гор. 4 3

Паставы р.в. 8 6

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 -

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 1

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 8 6

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 91 76


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 2 3

Барысаў гор. 6 4

Вілейка гор. 1 2

Валожын гор. 6 4

Дзяржынск р.в. 7 6

Клецк р.в. - -

Крупкі р.в. 2 3

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 5 5

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 214 174

Менск РВПС 9 11

Маладзечна гор. 10 8

Мядзель р.в. 2 2

Пухавічы РВПС 4 4

Нясвіж р.в. 9 8

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 6 5

Салігорск гор. 6 4

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 4 3

Узда р.в. 3 1

Чэрвень р.в. 2 2

Усяго: 302 253


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 2

Брагін р.в. - 1

Ветка р.в. 1 -

Гомель гор. 23 17

Добруш р.в. 2 2

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 10 17

Жлобін гор. 3 1

Калінкавічы гор. 1 2

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. 1 -

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 55 49


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 2 1

Ваўкавыск гор. 4 4

Воранава р.в. 4 3

Гародня гор. 36 33

Гародня РВПС 15 14

Дзятлава р.в. 9 5

Зэльва р.в. 1 1

Іўе р.в. 2 3

Карэлічы р.в. 2 1

Масты р.в. 3 2

Наваградак гор. 4 4

Астравец р.в. 3 2

Ашмяны р.в. 4 3

Смаргонь гор. 5 6

Слонім гор. 9 8

Свіслач р.в. 3 3

Шчучын р.в. 2 2

Ліда 12 9

Усяго: 118 104


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 2 1

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 1 2

Горкі гор. 2 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. - -

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 2 1

Мсціслаў р.в. 1 1

Магілёў гор. 24 15

Асіповічы гор. 8 8

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 2 2

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 2 -

Усяго 48 35

Усяго на краіне: 669 562

Прарочае слова Янкі Купалы натхняе

8 ліпеня ў Радашковічах пад Менскам пры касцёле Святой Тройцы адбыўся штогадовы Купалаў фэст, арганізаваны парафіяй разам з літаратурным музеем Янкі Купалы. Фэст праходзіць ужо ў пяты раз, і паўдзельнічаць у ім прыбылі госці з розных гарадоў - Менска, Магілёва, Гародні. Важна, што пры адсутнасці дзяржаўнай ініцыятывы менавіта каталіцкі касцёл бярэ на сябе выхаваўчую і асветніцкую фунцыю, працуючы з моладдзю і прапагандуючы скарбы беларускай літаратуры. Праўдзівае беларускае слова нясе грамадзе святар з сімвалічным прозвішчам - Быкаў.

Фэст распачаўся са святой імшы, якую быў запрошаны цэлебраваць дырэктар "Радыё Марыя" на Беларусі ксёндз Аляксандр Улас. Ва ўступным слове ксёндз-пробашч касцёла, дзе быў ахрышчаны Янка Купала, Юры Быкаў распавёў, што ў гэтым годзе - годзе 100-годдзя БНР робіцца спроба спасцігнуць творчасць Купалы як сапраўднага прарока Беларусі.Тэма прарокаў, якія паказвалі народу, як выйсці на шлях праўдзівага жыцця, гучыць у Старым і Новым Запаветах. Гэтая ж тэма пранізвае творчасць народнага песняра Янкі Купалы. У вершы "Прарок" ён пісаў:

"Пара ў рукі браць паходні,

Уставаць, ісці, ноч асвятляць!

Бо што не возьмеце сягоння,

таго і заўтра вам не ўзяць"

- Янка Купала вучыў у сваіх вершах, як належыць любіць Бацькаўшчыну. Любоў да сваёй зямлі павінна быць напоўнена любоўю Божай і натхненнем, - падкрэсліў ксёндз Юры Быкаў.

Удзельнікі свята розных узростаў супольна прачыталі вершы Янкі Купалы: "Над Айчызнай сваёй", "Мая малітва", "Бацькаўшчына", "Песня мая", "Спадчына" і іншыя.

Супрацоўніца дзяржаўнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова распавяла пра малавядомыя факты з біяграфіі паэта і паведаміла пра выставачны праект "Маладая Беларусь", які адбудзецца ў канцы 2018 года ў музеі.

У музычнай частцы фэсту выступілі гурты "Ubi caritas" і "Miareza". Шчырыя парафіянкі пані Марыя, Яніна і Тарэса напяклі пірагоў і частавалі ўсю грамаду.

Удзельнікі фальклорнага гурта "Miareza" Юлія Літвінава і Зміцер Мурашка на касцёльным двары наладзілілі танцы і навучылі гасцей традыцыйным фігурам: кракавяку, полечцы, падэспані, лявонісе. Бацькі і дзеці з задавальненнем вадзілі карагоды і добра праводзілі час у лагодны летні дзень.

Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў у другі раз прывёз сваіх сяброў на свята разам з наведваннем Вязынкі і іншых мемарыяльных Купалаўскіх мясцінаў. Фэст з кожным годам будзе пашыраць колькасць удзельнікаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. У касцёле Святой Тройцы; 2. Супольнае чытанне вершаў Янкі Купалы; 3. Танцы на свяце.

У МЗС і Сейме Польшчы сустрэліся з беларускімі палітыкамі

4 ліпеня дэлегацыя ад беларускіх партый і грамадскіх арганізацый наведала Варшаву.

У той жа дзень прайшлі сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў, а ў міжнароднай камісіі Сейма Польшчы адбыліся слуханні па грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх партый і грамадскіх арганізацый, якія знаходзяцца ў апазіцыі да цяперашніх улад Беларусі, і прадстаўнікоў улад Польшчы адбываюцца ў Варшаве рэгулярна. Гэтым разам у Варшаву прыбылі кіраўнікі вядучых апазіцыйных сіл: ад "Руху "За свабоду" Юры Губарэвіч, ад "Руху салідарнасці "Разам" Ігар Лялькоў, ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, ад арганізацыі "Гавары праўду!" Таццяна Караткевіч, ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзімір Някляеў, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Беларусы на працягу гадзіны вялі размову з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Барташам Ціхоцкім. На гэтай сустрэчы таксама прысутнічалі кіраўнікі дэпартаментаў і аддзелаў міністэрства, якія адказваюць за ўсходнюю палітыку Польшчы.

Апрача сустрэчы ў МЗС адбылося слуханне ў міжнароднай камісіі польскага Сейма. Прысутнічалі члены камісіі, якія прадстаўлялі як кіруючую, так і апазіцыйныя партыі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі беларускіх арганізацый у Варшаве (у прыватнасці, Алесь Зарэмбюк ад фонду "Беларускі дом").

Юры Губарэвіч, кіраўнік "Руху "За свабоду":

- Галоўны тэзіс перагавораў: Беларусь не застанецца без увагі Польшчы, і тыя прынцыпы палітыкі, якія заклаў яшчэ Ежы Гедройць, г. зн. падтрымка незалежнасці суседніх з Польшчай краін, застаюцца актуальнымі і сёння. Польшча хацела б бачыць Беларусь як моцнага суседа, які мае рэальную незалежнасць і суверэнітэт і цвёрда стаіць на нагах у эканамічным плане. На думку польскіх суразмоўцаў, гэта немагчыма ў адрыве ад змены палітычнага клімату, ад рэальнай магчымасці беларусам абіраць сваю ўладу.

У Варшаву планаваўся таксама прыезд двух вядомых беларускіх палітыкаў - старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Мікалая Статкевіча. Аднак напярэдадні візіту яны былі затрыманы беларускай міліцыяй. Іх крэслы на варшаўскіх сустрэчах былі пустыя.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:

- Гэта крок сілавых структур Беларусі, якія традыцыйна выступаюць за міжнародную ізаляцыю Беларусі, за страту беларускай незалежнасці, яны адчуваюць піетэт перад расейцамі. Затрыманне Кастусёва і Статкевіча выклікала негатыўную рэакцыю ў польскім Сейме і не палепшыла міжнародны імідж Беларусі. Гэтыя затрыманні паказваюць сітуацыю ў Беларусі такой, якая яна ёсць на самай справе: брутальнае парушэнне правоў чалавека, адсутнасць у краіне дэмакратычных свабод. Такія выпадкі робяць немагчымым паглыбленне адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю.

На сустрэчы ў Сейме прадстаўнікі ўсіх польскіх партый - і кіруючай і апазыцыйнай - былі аднадушныя ў ацэнцы сітуацыі ў Беларусі. Прадстаўнікі Беларусі звярнуліся да польскіх калег з заклікам праводзіць паслядоўную палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Менска.

Віталь Рымашэўскі:

- Мы казалі пра тое, што Польшчы, Еўрапейскаму саюзу бракуе стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, можа быць, да ўсяго Усходняга партнёрства. І мы заклікалі Польшчу стаць правадніком гэтай стратэгіі, якая б уключала не толькі супрацоўніцтва з беларускімі алігархамі, кіраўніцтвам беларускага рэжыму, але ўключала і ўвесь беларускі народ, грамадзянскую супольнасць, дэмакратычную апазіцыю. І ў гэтым пытанні мы дайшлі да паразумення як у МЗС, так і ў міжнароднай камісіі Сейма. І мы будзем далей працаваць над тым, каб паводзіны Еўрапейскага саюза, Польшчы ў дачыненні да Беларусі не выглядалі мітуслівымі, калі спачатку прымаюцца санкцыі, гучаць жорсткія заклікі, а потым усе патрабаванні здымаюцца і адчыняюцца ўсе дзверы для беларускага рэжыму.

На сустрэчах у Варшаве прадстаўнікі Беларусі паднялі таксама пытанне аб дыскрымінацыі беларускай мовы ў Беларусі. З дакладам на гэтую тэму выступіла Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы. Алена Анісім:

- Падчас сустрэчы я падзякавала польскаму ўраду за тую падтрымку, якую ён аказвае СМІ і іншым праектам грамадзянскай супольнасці, у аснове якіх ляжыць пашырэнне ўжывання беларускай мовы ўнутры Беларусі. І я звярнула ўвагу на тое, што для нас беларуская мова з'яўляецца фактарам нацыянальнай бяспекі. Гэта паказалі і падзеі ва Украіне, і вопыт усіх дзяржаў, якія будуюцца на аснове нацыянальнай мовы і культуры. Гэта той цэмент, які фарміруе нацыю, нацыянальную ідэнтычнасць і забяспечвае ўстойлівае развіццё краіны.

Юры Губарэвіч:

- Нашы польскія калегі разумеюць моўную праблему ў Беларусі. Для іх гучыць натуральным, што асноўная нацыя, якая фарміруе краіну, павінна мець магчымасць карыстацца сваёй мовай, і любыя знешнія ўплывы толькі аслабляюць незалежнасць.

Каб паглыбіць сувязі паміж беларускімі палітыкамі і іх польскімі калегамі ў Варшаве адбылося падпісанне двухбаковага дагавора аб супрацоўніцтве. З беларускага боку дакумент падпісалі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, "Руху "За свабоду", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, з польскага - "Грамадзянская платформа".

Беларусы ў той жа час заявілі аб жаданні больш шчыльнага супрацоўніцтва з кіруючай партыяй "Права і справядлівасць".

Віктар Корбут, Радыё Свабода.

У якасці тыднёвай дэпутацкай справаздачы

Што ні дзень, то падзея, бо пакідае пасля сябе пэўныя эмоцыі і ўражанні. Пачну з мінулай суботы, бо ўпершыню сустракалася з актывістамі кампаніі "Гавары праўду". Сустрэча адбылася ў Стаўбцоўскім раёне, на турбазе "Высокі бераг". Было каля сямідзесяці чалавек. Мне задалі шмат пытанняў: і пра дэпутацкую дзейнасць, і пра адносіны з уладамі, і пра ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, і пра стан беларускай мовы. Радуе тое, што нягледзячы на зачыстку актыўнай грамадзянскай супольнасці, усё роўна знаходзяцца людзі (у тым ліку і маладзейшага пакалення), якія гатовы ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны і працаваць дзеля гэтага штодня. Такое было маё ўражанне. Дзякуй ім за іх пазіцыю! Хочацца пажадаць яшчэ і прафесіяналізму і поспехаў у іх непасрэднай прафесійнай дзейнасці.

У панядзелак брала ўдзел у свяце г. Нясвіжа. Мерапрыемства традыцыйнае, але знакавае. Уражанняў менш, але ж сустрэлася са сваімі выбаршчыкамі, гэта таксама важна: быць і ў будні, і ў святы разам.

Паездка ў Варшаву - тэма асобная. Ездзіла, узяўшы на 4-е ліпеня за свой кошт. Зазначу, што ўзровень, на якім нас прымалі, надзвычай высокі. І калі не толькі ў Беларусі мне дзякуюць выбаршчыкі за дзейнасць у Палаце, але і дэпутаты Польскага сейма падкрэсліваюць важнасць такіх дзеянняў, сілы растуць і хочацца зрабіць яшчэ як мага больш.

Адным з самых пазітыўных момантаў паездкі лічу нашы ўзаемаадносіны з Аняй Канапацкай і Таццянай Караткевіч. Я б іх назвала выдатнымі. Узаемаразуменне і ўзаемападтрымка, салідарнасць у многіх пытаннях, але не перакрыванне, аж да поўнага зліцця. Спадзяюся, так будзе і надалей, і кожная з нас на сваёй дзялянцы зробіць шмат для пазітыўнага развіцця краіны.

А напрыканцы тыдня - увечары ў пятніцу - мне пашчасціла быць на закрытым праглядзе фільма "Кібаргі" ў межах украінскай культуры ў Беларусі. Пра гэта напішу асобна. А калі адным сказам - яго павінны паглядзець УСЕ!

Алена Анісім, старшыня ТБМ.

Запрашаем удасканаліць веды ва ўніверсітэце імя Ніла Гілевіча

Універсітэт імя Ніла Гілевіча з верасня 2018 г. пачынае падрыхтоўчыя курсы для вучняў старэйшых класаў (10, 11 класы), студэнтаў, а таксама для ўсіх, хто хоча ўдасканаліць свае веды і падрыхтавацца да ЦТ і паступлення ў ВНУ, па наступных прадметах: гісторыя Беларусі, матэматыка, фізіка, хімія, беларуская, англійская, нямецкая і (пры наяўнасці попыту) французская мовы.

Выкладчыкі курсаў маюць багаты досвед працы ў школах, ліцэях і ВНУ. Некаторыя з іх кандыдаты і дактары навук, дацэнты і прафесары. Яны рыхтуюць трох- і шасцімесяцовыя курсы. На курсах, якія будуць доўжыцца 3 месяцы, заняткі будуць праходзіць два разы на тыдзень па тры гадзіны на дзень. На курсах працягласцю шэсць месяцаў заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень (па суботах) таксама па тры гадзіны на дзень. Колькасць навучэнцаў у кожнай групе - не больш за 10-12 чалавек.

Кожны курс уключае ў сябе тры прадметы на выбар навучэнца ў любой камбінацыі (гісторыя Беларусі, матэматыка, фізіка, хімія, беларуская, англійская, нямецкая і французская мовы). Кошт любога курса ўсяго 200 BYN (і за трох-, і за шасцімесяцовы курс).

Каб трапіць на курс (абраныя прадметы навучэнцы паведамяць на сумоўі), неабходна да 26 жніўня запоўніць і даслаць заяву (узор дадаецца) на электронны адрас універсітэта nhuniversitet@gmail.com з пазнакай "Заяўка на курсы" ці паштовы адрас офіса ТБМ: 220034, Таварыства беларускай мовы, г. Мінск, вул. Румянцава, 13. Таксама прыкласці да заявы скан ці копію аплаты за курс. Аплату неабходна пералічыць на рахунак Прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" BY49BLBB30150193050167001001 BIC BLBBBY2X (ААТ "Белінвестбанк") з пазнакай "Плата за курсы".

Дамовы з тымі, хто дашле заяву і копію пра аплату, будуць заключаныя на арганізацыйных сустрэчах (сумоўях), якія пройдуць з 27 па 30 жніўня ў офісе Таварыства беларускай мовы (г. Мінск, вул. Румянцава, 13) з 17:00 да 19:00. Для падпісання дамовы неабходна будзе прынесці пашпарт і квітанцыю аб аплаце курсаў.

УЗОР ЗАЯВЫ

в.а. рэктара

ПУА "Універсітэт імя Ніла Гілевіча"

Трусаву А. А.

ад. .

(прозвішча, імя, імя па бацьку)

.

(№ і серыя пашпарта)

. .

адрас рэгістрацыі і сталага месца жыхарства)

. .

(мабільны тэлефон і электронная пошта)

Заява

прашу залічыць мяне на трохмесяцовыя (ці шасцімесяцовыя) падрыхтоўчыя курсы з наступнымі прадметамі:

1.. .


2.. .


3.. .


Дата Подпіс

Чым не дагадзіла беларуская мова "Лідскай газеце"?

Балючым моманта для грамадзянскай супольнасці Лідскага раёна з'яўляецца ігнараванне (часта поўнае) на старонках і ў эфіры лідскіх СМІ дзяржаўнай беларускай мовы. Практычна цалкам адсутнічае мова на Лідскім радыё, мінімальна прысутнічае беларуская мова на Лідскім тэлебачанні, не шмат беларускамоўных матэрыялаў і ў недзяржаўнай газеце "Принеманские вести".

Але далей за ўсіх пайшла дзяржаўная "Лідская газета". Мала таго, што раз за разам выходзяць нумары, дзе па-беларуску толькі назва газеты, дык на яе старонках пачалі рэгулярна з'яўляцца матэрыялы сумніўнай у нацыянальным плане скіраванасці. Апошні з такіх артыкулаў з элементамі абразы беларускай мовы і яе носьбітаў, які з'явіўся 27 чэрвеня за аўтарствам Антона Быстрыцкага, стаў падставай для звароту ў мясцовы РАУС, пракуратуру і Міністэрства інфармацыі аб недапушчальнасці такіх дзеянняў з боку рэдакцыі.

У артыкуле ўчынены "разгром" былому, а сёння ганароваму, старшыні ТБМ Алегу Трусаву за яго намаганні адкрыць універсітэт імя Ніла Гілевіча.

Алег Трусаў напісаў адкрыты ліст у "Лідскую газету з нагоды гэтай публікацыі, але паколькі эксцэс набыў шырокі розгалас, а перспектывы ўбачыць ліст надрукаваным у самой "Лідскай газеце" няясныя, то "Наша слова" публікуе яго.

Дарэчы, у апошніх нумарах "Лідскай газеты" беларускамоўныя артыкулы такі з'явіліся. Хоць пра Купалле напісалі па-беларуску, бо і гэтага магло не быць.

Станіслаў Суднік.

Дзякуем за "рэкламу"

27 чэрвеня 2018 г. у "Лідскай газеце" № 51 выйшла зацемка Антона Быстрыцкага "Интерес в этом деле скорее личный". У сваёй зацемцы спадар Антон нібы ўхваляе тое, што сёлета з 67 тысяч абітурыентаў для здачы тэстаў дзяржаўную беларускую мову абрала толькі 25 тысяч чалавек. У той жа час аўтар упускае, што гэта амаль 40% ад усіх абітурыентаў гэтага года, і такі адсотак ніяк нельга назваць замалым, што цешыць мяне, але чамусьці не спадара Антона. Адразу выкажу падзяку гэтым маладым людзям і іх бацькам за тое, што ва ўмовах шалёнай русіфікацыі, якая ў нашай краіне чарговы раз пачалася ў 1995 г. і доўжыцца да сённяшняга дня, яны абіраюць родную мову і гэтым пацвярджаюць, што яна жыве і жыць будзе.

Газета (дарэчы, мае беларускамоўную назву "Лідская газета", але па-беларуску амаль нічога не друкуе), у якой дадзены артыкул выйшаў, з'яўляецца адным з актыўных "русіфікатараў" на Лідчыне і выходзіць 2 разы на тыдзень накладам 10 тысяч асобнікаў, прычым з'яўляецца дзяржаўнай установай і існуе за грошы беларускіх падаткаплатнікаў, у тым ліку, дзеці якіх і абіраюць беларускую мову для здачы тэстаў.

На жаль, спадар Быстрыцкі ўпусціў дадзеную інфармацыю ў сваім артыкуле, у той жа час, за што выказваю падзяку, падрабязна апісаў, прычым амаль не сказіўшы факты, пачатак працы па стварэнні Прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча", які ТБМ заснавала 15 сакавіка 2018 г. і дзе будзе весціся навучанне на дзяржаўнай беларускай мове. Праўда, аўтар, узяўшы на сябе ролю эксперта (у такім выпадку хочацца даведацца пра яго кампетэнцыі і досвед працы ў сферы вышэйшай адукацыі), не саромеўся рэзкіх выказванняў і негатыўных інтэрпрэтацый адносна ўніверсітэта, што становіцца нормай для прафесіі журналіста, нібы асновы журналістыкі і прафесійнай этыкі забытыя, а меркаванні як мінімум двух-трох экспертаў з розным пунктам погляду ўжо не патрэбныя для напісання якаснага артыкула.

Калі б аўтар выдаткаваў час на напісанне шматбаковага матэрыялу, то даведаўся б, што колькасць беларускамоўнай адукацыі змяншаецца не ад уласна незапатрабаванасці, а таму, што ўлады мэтанакіравана год за годам зачыняюць тое, што было беларускамоўным, а новага не ствараюць. Таксама спадар Быстрыцкі мог бы пацікавіцца колькасцю краін Еўропы, у якіх няма ўніверсітэтаў з навучаннем на роднай мове жыхароў гэтых краін (іх толькі чатыры, сярод іх, на жаль, і Беларусь). У той жа час у гэтых краінах вядзецца актыўная праца па адраджэнні роднай мовы і яе шырокай дзяржаўнай падтрымцы (напрыклад, у Ірландыі). А што ў нас?

У свой час ТБМ сабрала больш за 50 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі з патрабаваннем стварыць Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання (хаця б адзін на ўсю краіну!). Дарэчы, сярод падпісантаў было некалькі тысяч жыхароў Ліды. Прайшло 20 гадоў, але ніводнага дзяржаўнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання няма, хоць ажно 27 універсітэтаў Беларусі могуць ажыццяўляць навучальны працэс па-беларуску, але пастановы на гэта ад Міністэрства адукацыі яны не маюць. Таму патрэба ў стварэнні менавіта прыватнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання выразна наспела, што вымагае вучыць студэнтаў за іх грошы і грошы іх бацькоў, калі іншых варыятнаў дзяржава не прапануе.

З верасня 2018 г. "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" плануе адкрыць падрыхтоўчыя курсы, дзе можна будзе рыхтавацца да паступлення ў ВНУ і паспяховай здачы ЦТ па фізіцы, матэматыцы, гісторыі і іншых прадметах па-беларуску. Асаблівая ўвага будзе нададзена вывучэнню беларускай мовы. Англійская, нямецкая і, магчыма, французская таксама будуць выкладацца беларускамоўнымі выкладчыкамі.

Ганаровы старшыня ТБМ,

в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

1699. Макрэль (Леанід) - семантычны вытвор ад апелятыва макрэль 'тое, што і скумбрыя - невялікая марская прамысловая рыба'.

1700. Маладзецкі (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва маладзецкі 'уласцівы малайцу, удалы, хвацкі'.

1701. Малевіч (Казімір) - вытвор з суфіксам бацькаймення - евіч ад антрапоніма Малей з значэннем 'нашчадак названай асобы': Малейевіч - Малевіч. ФП: Малей (імя, з малі 'малы, маленькі') - Малей (празванне, потым прозвішча) - Малевіч.

1702. Мамедава (Рэната) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Мамед і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мамедава. ФП: Мамед (імя) - Мамед (празванне, потым прозвішча) - Мамедава.

1703. Мардзюкова (Паліна) - вытвор з прыналежным фармантам -ова ад антрапоніма Мардзюк і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Мардзюкова. ФП: морда ('пярэдняя частка галавы ў жывёлы'; 'твар чалавека (разм. груб.)') - Морда (мянушка, потым прозвішча) - Мардзюк ('нашчадак Морды', суфікс -юк) - Мардзюкова.

1704. Марзалюк (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Марзала і значэннем 'нашчадак названай асобы': Марзалюк. ФП: марзаць ('біць па твары, губах' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова (с. 502)) - марз ала ('характарыстыка асобы па схільнасці да гэтага дзеяння, з экспрэсіяй зніжанасці') - Марзала (мянушка, потым прозвішча) - Марзалюк.

1705. Марцін (Майя) - варыянт імя Марцын (1726 г., лац. 'ваяўнічы') набыў ролю прозвішча.

1706. Мась (Ала) - варыянт імя Майсей (<ст.-яўр. Moеsа 'яўрэйскі заканадаўца') набыў ролю прозвішча. Або фаетычны варыянт першаснага Мазь (аглушэнне фіналі "зь") семантычнага вытвору ад мазь 'сумесь тлушчу з лекавымі сродкамі для націрання або намазвання', а таксама 'густое тлустае рэчыва для змазкі чаго-небудзь'.

1707. Матулевіч (Алеся) - вытвор з суфіксам - евіч ад антрапоніма Мат уль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Матулевіч. ФП: Матэвуш ((імя <ст.-яўр. 'божы чалавек') - Матуль (народны варыянт) - Матуль (прозвішча) - Матулевіч.

1708. Матусевіч (Зоя) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Матус і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Матусевіч. ФП: Матэвуш (імя <ст.-яўр. 'божы чалавек') - Матус (1567; імя) - Матус (прозвішча) - Матусевіч.

1709. Мацап ура (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва мацапура (укр.) 'нязграбны, непаваротлівы чалавек' (Грынч.), лаянк. 'чучала, пудзіла' (В. Лемцюгова, Украінска-беларускі слоўнік (с. 331)).

1710. Мацевіч (Кацярына) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Мат і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Матевіч - Мацевіч. ФП: Матэвуш (імя <ст.-яўр. 'дар Яхве (Бога)') - Мат (народная форма) - Мат (празванне, назва прозвішча) - Мацевіч.

1711. Мацура (Юлія) - семантычны вытвор ад апелятыва мацур (мацура) (укр.) 'кот' (Грынч.), жан. мацура 'кошка (котка)'. Або ад уласнага імя Мацур - народны варыянт ад канан. Мацвей (ст.-яўр. 'божы чалавек'), форма з канчаткам для жаночага роду (полу).

1712. Мацько (Ірына) - варыянт імя Мацей (грэч. < Матвей 'божы дар', божы чалавек) - Мацько (1540) набыў ролю прозвішча.

1713. Мацюк (Бажана) - народная форма кананічнага Мацвей (ст.-яўр. 'божы чалавек') набыла ролю прозвішча (праз ступень празвання).

1714. Мацюшэўскі (Васіль) - вытвор з фарманта - эўскі ад антрапоніма Мацюш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мацюшэўскі. ФП: Мацей (імя <ст.-яўр. 'божы чалавек') - Мацюш (народны варыянт) - Мацюш (празванне, пазней прозвішча) - Мацюшэўскі.

1715. Мацяеўскі (Антон) - вытвор з прэстыжным суфіксам -скі ад тапоніма Мацяева (Мацеева) і значэнне 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Мацяевскі. ФП: Мацей - Мацеева - Мацееўскі - Мацяеўскі. Гл. Мацько.

1716. Мацяс (Ігар) - народная форма імя Матэвуш (1528) (<ст.-яўр. 'божы чалавек') набыла ролю прозвішча.

1717. Машэраў (Пётр) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Машэра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Машэраў. ФП: машэра ((рэг.) 'імшара - мохавае балота') - Машэра (мянушка, потым прозвішча) - Машэраў.

1718. Мельнічук (Іван) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Мельнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мельніч(к/ч)ук. ФП: мельнік ('тое, што і млынар' - уладальнік млына або работнік у млыне) - Мельнік (мянушка, потым прозвішча) - Мельнічук. Або памянш.-ласк. ад мельнік і Мельнік. Этымалаг.: малоць - меле - мельнік - Мельнік - Мельнічук.

1719. М ерынава (Алеся) - вытвор з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма М ерын і значэннем 'дачка названай асобы': Мерынава. ФП: м ерын (рус. м ерин 'конь' - РБС, 1993, с. 48) - Мерын (мянушка, потым прозвішча) - Мерынава.

1720. Мініна (Вераніка) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін-а ад антрапоніма М іна і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Мініна. ФП: Міна (імя <грэч. mеna, mеnas 'месяц') - Міна (празванне, потым прозвішча) - Мініна.

1721. Мінковіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам -овіч ад антрапоніма Мінко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мінковіч. ФП: Міна (грэч. mеna, menas 'месяц') - Міна (1614) - Мінко (1541) - Мінковіч.

1722. Міхаленя (Ігар) - вытвор з суфіксам -ен-я ад антрапоніма Міхал і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міхаленя. ФП: Міхал / Міхаіл (імя <ст.-яўр. 'роўны Богу (Яхве)') - Міхал (прозвішча) - Міхаленя.

1723. Мішур (Юльяна) - форма ад імя Міхаіл (яўр. 'роўны Богу'), зафіксаваная ў 1697 г., набыла ролю прозвішча.

1724. Мішчук (Генадзь) - вытвор з суфіксам - (ч)ук ад антрапоніма Міша / Мішк о і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мішчук. ФП: Міхаіл (імя <ст.-яўр. Mikaіl 'роўны Богу Яхве') - Міша (1590, Мишко (1528) - народныя формы) - Мішкук - Мішч(к/ч)ук.

1725. Мочар (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва мочар (укр.) 'багна, твань, дрыгва'.

1726. Мыслівец (Генрых) - семантычны вытвор ад апелятыва мыслівец (рэг.) 'паляўнічы' (<польск. mysliwiec 'паляўнічы'). Або ад мыслівец 'мысляр' шляхам яго антрапанімізацыі.

1727. Нарэйка (Настасся) - вытвор з фармантам -эйка ад антрапоніма Н ара і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Нар(а)эйка. ФП: Нарцыс (імя <грэч. Narcissos < narkа 'аняменне', акамяненне) - Нара (народная форма) - Нара (празванне) - Нарэйка.

1728. Небышынец (Віктар) - вытвор з суфіксам - ец/-енец ад тапоніма Небышына, Небышы і значэннем 'жыхар, нараджэнец названага паселішча': Небышынец, Небышын-ец. ФП: небыш (стараж. рус. 'немагчымы, няісны') - Небыш (мянушка, пазней прозвішча) - Небышына ('уладанне Небыша', суфікс -іна) - Небышынец.

(Працяг у наступным нумары.)

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал. Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатол. Аніскевіч Ганна Уладзіміраўна Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўласевіч Алеся Дзянісаўна Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Бабчанок Марына Сяргееўна Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Бацілава Надзея Мікалаеўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Белы Іван Юр'евіч Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Аляксан. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бразгуноў Алесь Уладзімір. Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Буцко Павел Анісімавіч Быстрык Арцём Аляксандр. Бязрукая Маргарыта Юр'еўна Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Верамоўскі Аляксей Мікалаев. Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галавань Алесь Галай Аркадзь Апанасавіч Гаўрыленка Вольга Герасімовіч Казімір Станісл. Гікс Станіслаў Анатольевіч Гіркін Сяргей Уладзіміравіч Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Сяргеевіч Гоўша Ларыса Аляксандраўна Грузноў Валеры Іосіфавіч Грынько М.У. Гулевіч Пётар Фёдаравіч Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Данілаў Павел Фёдаравіч Даніловіч Мар'яна Даўмантовіч Іван Уладзімір. Дзергачоў Аляксандр Март. Дзянісаў Гальляш Дзяржаўцаў Ян Аляксеевіч Дзяшук Юры Віктаравіч Догіль Андрэй Алегавіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сяргееўна Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вікт. Жук Марына Мікалаеўна Жыгальская Вольга Анатол. Завальнюк Уладзіслаў Мацв. Залацілін Аляксандр Валер. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зылева Святлана Васільеўна Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казак Алеся Дзмітрыеўна Казакоў Ігар Яўгенавіч Казлова Алена Казлова Святлана Мікалаеўна Казляк Любоў Калеева Вераніка Уладзімір. Кальцова Зінаіда Іванаўна Камароў Васіль Васільевіч Карабач Віталь Віктаравіч Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятроўна Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Сяргеевіч Кобер Таіса Копаць Алег Міхайлавіч Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Красноўскі Аляксандр Вікт. Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крукоўскі Вадзім Віктаравіч Крываручанка Ігар Мікал. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Крэнт Зміцер Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузняцоў Ігар Мікалаевіч Кузьміч Алег Андрэевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сяргеевіч Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лява Арцём Лявіцкі Антон Мікалаевіч Ляўчук Вольга Васільеўна Ляўчук Леанід Аляксандравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Паўлаўна Максімава Кацярына Максуць Надзея Віктараўна Маліцкая Кацярына Сяргееўна Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванавіч Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місцюкевіч Аляксандр Іван. Місько Алег Пятровіч Міхалевіч Аляксандр Анатол. Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Муржак Эвеліна Ігараўна Мядзведзеў Кірыл Наварай Уладзімір Ціханавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Нагдаляп Андрэй Мікалаевіч Назаранка Людміла Станісл. Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкоў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Някляеў Уладзімір Пракопавіч Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер'еўна Піліпішын Павел Барысавіч Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзім. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксанд. Радзівонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталій Дзмітрыевіч Рамановіч Станіслаў Канстан. Рамашкевіч Кацярына Уладзім. Рамук Алена Расказава Лізавета Пятроўна Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Савіч Дзмітры Уладзіміравіч Савянкова Таццяна Анатол. Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Саўчанка Андрэй Віктаравіч Сахно Таццяна Анатольеўна Сватко Павел Аляксандравіч Семчык Ганна Аляксандраўна Семяненка Максім Уладзімір. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леанід. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыраваткаў Аляксандр Васіл. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сюбарава Серафіма Іванаўна Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Танкевіч Аляксандр Яўгенавіч Ткачова Вольга Ткачэнка Антон Алегавіч Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Турчак Наталля Уладзіміраўна Уласава Руслана Ігараўна Усцінава Людміла Нікіфараўна Філіповіч Валер Аляксеевіч Хаданёнак Віктар Мамертавіч Хасанаў Ігар З. Храпавіцкая Тамара Аркадз. Хрол Часлаў Часлававіч Цімохін Ілья Вітальевіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзіміравіч Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюшкевіч Сяргей Анатол. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чувахова Алена Уладзіміраўна Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзім. Шалупенка Васіль Іванавіч Шапуцька Ганна Віктараўна Шарашовец Аляксандр Мік. Шафаловіч Аляксандр Пятр. Шкутко Анастасія Эдуардаўна Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктаравіч Шымірка Анатоль Шынкевіч Уладзімір Мікал. Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Святлана Вячасл. Шэмет Антон Аляксандравіч Шэравера Руслан Уладзімір. Юран Антон Ярмац Аляксандр Аляксанд. Яскін Андрэй Алегавіч Яўмен Настасся Мікалаеўна Яўцюшкіна Таццяна Аляксан. Ячычка Віктар

У Нацыянальным санктуарыі ў Будславе

Напярэдадні вайсковага параду ў сталіцы, прысвечанага Дню незалежнасці, парад духоўных сіл адбыўся ў Будславе на штогадовым каталіцкім фэсце. Беларуская мова велічна гучала на ўрачыстасцях з вуснаў іерархаў касцёла, святароў і пілігрымаў. Прадстаўнікі розных парафій краіны прадэманстравалі веру, еднасць, вернасць сямейным традыцыям і культуру ўзаемаадносін.

2662 пілігрымы з усёй Беларусі пешшу і на роварах прыбылі 1 ліпеня ў Будслаў на святкаванне 20-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай. Прыблізна столькі ж наведвальнікаў прыехала на аўтобусах і машынах.

Рэкардсменамі па колькасці пройдзеных кіламетраў сталі пілігрымы з Берасця, якія ў складзе пілігрымкі Берасце - Баранавічы - Будслаў за 16 дзён прайшлі 537 кіламетраў. Яшчэ на шляху ў Будслаў пераадолелі больш за 200 кіламетраў пешыя пілігрымкі Берасце - Баранавічы - Будслаў (537 км), Віцебск - Будслаў (290 км), Ліда - Будслаў (250 км) і Росіца - Будслаў (218 км), а таксама роварныя пілігрымкі з Баранавіч (270 км) і Віцебска (250 км).

Асобным шыхтом у Будслаў прыбылі вернікі на чале з ксяндзамі-салезіянамі (Салезіянская пілігрымка Смаргонь - Будслаў), а таксама адбылася сямейная пілігрымка Equipes Notre-Dame Пузыры - Будслаў, пакутная пілігрымка пакаяння Менск - Будслаў, пілігрымка цвярозасці Бягомль - Будслаў і скаўцкая "Нацыянальная вандроўка правадніц".

Біскуп Юзаф Станеўскі нагадаў, што 2018 год у Каталіцкім касцёле праходзіць пад дэвізам "Моладзь - надзея Касцёла і грамадства".

- З усіх напрамкаў Беларусі, а таксама і з-за мяжы, нібы рачныя плыні, у Будслаў гадамі сцякаліся дзясяткі тысяч пілігрымаў, прапітваючы сваёй малітвай асяроддзе і запрашаючы ўсіх да Каралевы сем'яў - да абраза Маці Божай Будслаўскай, - адзначыў біскуп Станеўскі.

Цэлебрацыю галоўнай св. імшы ў дзень урачыстасці 2 ліпеня ўзначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.

- Я вельмі ўдзячны, што гэты санктуарый застаўся такім, якім і быў: месцам веры і малітвы, месцам аднаўлення, пакаяння, месцам святочных літургій, месцам сустрэчы сяброў і гасціннасці, - зазначыў прадстаўнік Папы.

У праграме фэсту адбылася прэзентацыя праграм Радыё Марыя і прадстаўленне дзейнасці выдавецтва "Про Хрысто", якое выпусціла шэраг новых кніг і часопісаў для сям'і, дзяцей і моладзі. Таксама была прадстаўлена праграма цыклаў "Сужанскіх сустрэч", што існуюць у Ляскоўцы пад Менскам, у Баранавічах і ў Воршы для паляпшэння дыялогу паміж сужонкамі і дзеля памяншэння колькасці разводаў.

Ідзе арганізацыйная праца, каб уключыць Будслаўскі фэст у лік сусветных гістарычна-культурных каштоўнасцяў ЮНЭСКА.

Падрыхтавала Э. Дзвінская,фота аўтара.

Запрашаем на першыя лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

Ужо 11 і 12 ліпеня з 17:30 да 19:00 запрашаем на лекцыі і прагляды дакументальных гістарычных стужак (першыя лекцыі будуць прысвечаны гісторыі Менска) з новым сезонам летняй "Гістарычнай школы" начале з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячом, в.а. абавязкаў рэктара "Універсітэта імя Ніла Гілевіча", Ганаровым старшынём ТБМ.

11 ліпеня Алег Трусаў распавядзе пра археалагічныя раскопкі Зянона Пазняка (Дамініканскі касцёл) і раскопкі Мінскага замчышча. Будуць паказаныя здымкі раскопак 80-х, паказаны дакументальныя фільмы пра гісторыю Менска. Тэма першай лекцыі "Старажытны Менск".

12 ліпеня адбудзецца лекцыя на тэму "Менск і Мінск у ХІХ-ХХ стст."

Адрас: офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13). Уваход вольны.

Прысяга беларускіх скаўтаў

На ўрачыстасцях у Будславе неслі дзяжурства і аказвалі арганізацыйную дапамогу дружыны скаўтаў. Яны выстаўлялі ганаровую варту са сцягам ля святочнага алтара на пляцы, дзе праходзіў фэст.

Пасля шыхтавання ў намётавым мястэчку прадстаніца скаўтаў з Менска Ганна Журко распавяла больш падрабязна пра служэнне сваіх сяброў:

- На Будслаўскі фэст штогод з'язджаюцца ўсе каталіцкія скаўты і скаўткі з розных гарадоў, у тым ліку і ўжо дарослыя, у каго ёсць сем'і. Яны пераапранаюцца ў форму і маюць тут сваё служэнне. У гэтым годзе на свята была арганізавана вандроўка правадніц, старэйшых скаўтаў і шэфаў, якія ўжо скончылі сваю фармацыю. Мы крочылі з Парафіянава, ночылі на прыгожым хутары, урачыста ўвайшлі ў Будслаў і мелі сваё служэнне. Святары разумеюць, што мы можам дапамагчы. Была экстрэмальная ноч, прыехала шмат людзей, ішоў дождж, але мы не разгубіліся і забяспечвалі тэхнічны бок свята.

Звычайна там, дзе мы прысутнічаем, ёсць нашыя сцягі. Мы сведчым пра сваю прысутнасць на імшы. Да скаўтынгу дзяўчынка ці хлопец можа далучыцца ў інтэрвале ад 7 да 8 год. Педагогіка скаўтынгу падзяляецца на тры адгалінаванні. Ёсць адгалінаванне для самых малодшых: 7-8 гадоў, затым ідуць групы ад 12 да 13 гадоў, ёсць сістэма малых груп, якія потым збіраюцца на летнік у лесе ў намётах. З 16-17 гадоў распачынаецца фармацыя маладых вандроўнікаў ці правадніц, калі хлопец ці дзяўчына ідзе ўжо ў іншую структуру - фармацыю дарогі. Гэта пілігрымкі, вандроўкі, рэкалекцыі.

Скаўцкія групы ствараюцца з ініцыятывы бацькоў ці з ініцыятывы душпастыраў, якія бачаць у гэтым патрэбу ў сваіх парафіях. Скаўтынг з'яўляецца дапамогай бацькам у развіцці дзяцей. Мы маем раздзельную педагогіку: займаемся асобна з хлопцамі, асобна з дзяўчатамі. Я працую ў Менску з падлеткамі 15-16 гадоў, з так званым зялёным адгалінаваннем", - распавяла Ганна Журко.

Дзяўчаты супольна агучылі прысягу скаўтак (ці "скаўцкае права"):

- Скаўтка верная сваёй краіне, сваім бацькам і сваім кіраўнікам. Скаўтка служыць свайму бліжняму і дапамагае яму ў дарозе да Бога. Скаўтка сяброўка ўсім і сястра для кожнай іншай скаўткі. Скаўтка ветлівая і высакародная. Яна бачыць у прыродзе Божае стварэнне, яна шануе расліны і жывёлаў. Скаўтка паслухмяная і выконвае кожнае заданне да канца. Скаўтка валодае сабой, яна ўсміхаецца і спявае, нават калі ёй цяжка. Скаўтка ашчадная і абыходзіцца ўважліва з дабром бліжняга. Скаўтка чыстая ў сваіх думках, словах і ўчынках.

Гутарыла Эла Дзвінская,фота аўтара.

"Чалавек года Гарадзеншчыны" зрабіў падручнік прафесійнай лексікі для медыкаў на роднай мове

Ураджэнец Гародні, лексікограф, педагог, намеснік дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Варанец зрабіў падручнік "Беларуская мова. Прафесійная лексіка для медыкаў", паведамляе Белсат.

Праўда, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць толькі 1 экзэмпляр (тыраж 300 шт.) гэтага дапаможніка.

Раней у 2010 годзе Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт надрукаваў 50 асобнікаў дапаможніка па беларускай мове для медыкаў аўтарства Віктара Варанца. Азнаёміцца з ім можна на сайце інтэрнэт-бібліятэкі "Камунікат".

У 2013 годзе Віктар Варанец быў прызнаны "Чалавекам года Гарадзеншчыны".

Белсат.

"Трэба ўсведамляць гістарычную адказнасць"

Пра што гісторыкі дыскутавалі з прэзідэнтам Германіі

Навіны Германіі

29 чэрвеня ў Менскім міжнародным цэнтры імя Ёханеса Раў (ІББ) прайшла канферэнцыя "Памятаць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні". Адкрыць яе павінен быў федэральны прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтар Штайнмайер, але не паспеў: затрымаўся на перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пачаць подыюмную дыскусію з удзелам Штайнмайера планавалася ў 14.45. Прыбыў нямецкі прэзідэнт толькі ў 18.50. Перш за ўсё ён растлумачыў прычыну свайго спазнення і перапрасіў ўдзельнікамі канферэнцыі

- Я рады, што вы ўсё яшчэ радыя [мяне бачыць]. Таму што ведаю, што мы на "пару хвілін" спазніліся, - заўсміхаўся федэральны прэзідэнт.

Абмеркаваць перспектывы развіцця еўрапейскай культуры памяці сабраліся гісторыкі Аляксандр Даўгоўскі (Беларусь), Вікторыя Навуменка (Украіна), Зміцер Аляксееў (Расія), Ханна Драснін (Германія) і, уласна, федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер.

Мадэравалі дыскусію выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Астрыд Нам і кіраўнік аддзела па культуры памяці і адукацыі Народнага звяза Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі Хайке Дэрэнбехер.

Адказваючы на пытанне мадэратара, ці можна лічыць удзел прэзідэнтаў у адкрыцці мемарыяла знакам таго, што ў Аўстрыі, Германіі і Беларусі памятаюць пра ахвяр аднолькава, Аляксандр Даўгоўскі заўважыў, што ўбачыў у гэтым магчымасць фармавання транснацыянальнай культуры памяці.

- Назіраючы за цырымоніяй, я думаў, чаму гэта не было магчыма раней. Задача для маладых гісторыкаў - паспрабаваць дыягнаставаць праблемы, якія былі раней: чаму працавалі нейкія механізмы забыцця - і прыкласці высілкі, каб далей гэта не паўтарылася.

Вікторыя Навуменка распавяла, што апошнія падзеі ва Украіне актуалізавалі ў краіне палітыку памяці, у першую чаргу - пра Другую сусветную вайну.

- Адкрыццё мемарыяльнага комплексу ў Беларусі - добры прыклад для Украіны. Пра ахвяр у Бабіным Яры ведае ўвесь свет, аднак дагэтуль там няма цэласнага мемарыяльнага комплексу.

Зміцер Аляксееў распавёў, што ў Расіі ўсё яшчэ працуе "звыклы гераічны дыскурс" - памяць пра перамогу і вызваленні. І яго ў тым ліку варта ўключаць у агульную транснацыянальную культуру памяці, каб яна была больш зразумелая расійскаму боку і лепш успрымалася.

Ханна Драснін адзначыла, што сённяшняе памятнае мерапрыемства - важны крок для еўрапейскай культуры памяці, які аб'яднаў розных людзей з рознымі бэкграўндамі. Але для гэтага трэба яшчэ больш імпульсаў, і яны павінны зыходзіць не толькі з Беларусі і Германіі.

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер прапанаваў самакрытычна паглядзець на тое, "дзе мы знаходзімся". Ён падкрэсліў, што еўрапейская культура памяці - гэта не застылы стан, а шлях, па якім ідзе грамадства.

- Часта, калі адзін пункт гледжання становіцца дзяржаўнай палітыкай, бракуе гатоўнасці абменьвацца досведам пра гісторыю. Чаму кажу гэта? Таму што бачу рэтраградныя працэсы цяпер, заднім лікам. Я рады, што сёння з раніцы, падчас адкрыцця мемарыялу ў Трасцянцы, усё прайшло ў такіх рамках. У мяне была магчымасць пагаварыць са сваякамі загінулых, і, мяркуючы па ўражаннях ад зносін, гэта былі годныя рамкі для такога мерапрыемства.

Далей Штайнмайер распавёў, што ў гутарцы з ім Лукашэнка пагадзіўся падумаць, як сённяшнюю падзею выкарыстоўваць для таго, каб у Беларусі і Германіі была агульная культура памяці.

- Магчыма, пачаць з таго, каб правесці канферэнцыю з маладымі гісторыкамі, прааналізаваць нашу гісторыю. Верагодна, позняй восенню гэта атрымаецца. <…> Мы разам можам накіраваць наш погляд у мінулае і зрабіць яго больш прафесійным. Я думаю, сёння мы прасунуліся ў гэтым.

Яшчэ федэральны прэзідэнт адзначыў адкрытасць афіцыйнага Менска, якую "пяць, тры, нават два гады назад немагчыма было ўявіць у адносінах да Беларусі".

- У той жа час існуе і іншы досвед. Я не ўпэўнены ў тым, дзе мы цяпер знаходзімся: на шляху ад ці да агульнай еўрапейскай памяці.

Таксама ўдзельнікі дыскусіі абмеркавалі пытанне, як перадаваць памяць пра вайну маладому пакаленню, рабіць яе жывой, калі яе сведкі беззваротна сыходзяць.

Аляксандр Даўгоўскі прапанаваў збіраць успаміны і размяшчаць іх у адкрытым доступе, ствараць педагагічныя методыкі і "спадзявацца, што матэрыялы дапамогуць нам пераадолець "канец эпохі сведак".

Зміцер Аляксееў заўважыў, што інфармацыю пра Другую сусветную вайну цяпер шукаюць сапраўды гэтак жа, як і гісторыю Старажытнага Рыма, да прыкладу.

- Гэта значыць, калі няма сведак падзеі, гэта становіцца чымсьці, што было даўно, у мінулым.

Але выйсце ёсць. І яно агульнае для ўсіх культур, абнадзеіў гісторык з Расіі. Па яго меркаванні, важна папулярызаваць вывучэнне гісторыі сваіх сем'яў.

- Калі кожны з нас у любой краіне - Германіі, Украіне, Беларусі, Расіі - успомніць пра ахвяр, праблемы, якія былі ў іх сваякоў, мы будзем гаварыць на адной мове. Калі мы перажываем боль уласнай сям'і, нам прасцей перажываць і разумець боль іншага чалавека.

Мадэратар дыскусіі Астрыд Нам не пагадзілася: у адносінах да Германіі гэтае сцвярджэнне не зусім справядлівае.

- Ахвяр у кожнай сям'і было не шмат. Але практычна ў кожнай сям'і былі злачынцы.

На што Аляксеяў заўважыў, што гэта не меншы боль для нашчадкаў.

Па меркаванні Астрыд Нам, каб памятаць, важна гаварыць пра асабістыя гісторыі.

- У малым маштабе лягчэй перадаць, што азначалі жахі ў вялікіх маштабах.

Гісторык з Германіі Ханна Драснін пацікавілася ў прэзідэнта, ці могуць новыя медыя, мабільныя дадаткі дапамагчы дастукацца да людзей і ці магчымая з боку палітыкаў падтрымка падобных праектаў.

Штайнмайер адказаў, што гутаркі са сведкамі вайны нельга замяніць нічым.

- Таму нам трэба ўсведамляць гістарычную адказнасць, як мы будзем несці гэтыя веды далей, у наступныя пакаленні. Я цешуся, калі езджу і аглядаю розныя мемарыялы, музеі, цэнтры памяці. Яны гэтую сітуацыю апярэдзілі. Гэта значыць пытанне пра тое, што рабіць, калі сведкі вайны сыдуць, яны задаюць не цяпер, а зрабілі гэта ўжо некалькі гадоў назад. Яны думаюць над тым, як эмацыйна дастукацца да маладога пакалення, у якога не было магчымасці пагаварыць са сведкамі таго часу.

Кажучы пра дадаткі, якія дазваляюць віртуальна апынуцца на ваенных магілах, у мемарыяльных комплексах, Штайнмайер сказаў, што лічыць іх дзейснымі. Таксама ён заўважыў, што вялікае значэнне маюць і адукацыйныя праграмы для моладзі, якая на месцы можа знаёміцца з гісторыяй.

- У чалавека могуць застацца намацнейшыя ўражанні, якія, магчыма, акажуць уплыў на яго жыццё. Я б жадаў, каб такія рэчы прапанаваліся і развіваліся далей. Мы бачым, што ў моладзі ёсць жаданне паехаць за мяжу пасля школы. Калі развіваць гэтую тэму, магчыма, будзе абуджана цікавасць і да такіх тэм.

На гэта Астрыд Нам, выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра, заўважыла, што ІББ гатовы развіваць адукацыйныя паездкі моладзі ў Трасцянец.

- На мінулым тыдні па выпадку адкрыцця мемарыялу ў Благаўшчыне прыехалі тры групы. Можаце быць упэўнены, што мы з задавальненнем скарыстаемся магчымасцю, якая з'явілася.

Любоў Каспяровіч. Фота: Вольга Шукайла.TUT.BY.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Ён умеў з дзіўным, але нейкім суровым паважным цярпеннем сярод збораў рознародных людзей як і пасланнікаў у інтарэсах справы сядзець моўчкі, на выгляд абыякава, спакойна; але слухаў - чуў і аглядаў усё і ўсіх. Рэдка яму здаралася мыляцца ў сваім меркаванні пра чалавека, з якім прабыў кароткую хвілю. Быў ён хцівы да добрых вынікаў працы, не быў пустым і амбітным, не быў хцівым да славы.


Прыпамінаецца мне адна хвіля з тых часоў. Было гэта яшчэ ў часы перад паўстаннем. Мы былі ў досыць вялікім таварыстве, сабраным у нас. Нехта запрапанаваў, каб заміж гульні "ў цэзураванага" 57 кожная з пань падала тэму для дыскусіі. Калі прыйшла чарга да мяне, я выбрала "Шчасце ці слава?" Кожны павінен быў падпісаць сваё прозвішча пад адным ці другім і абгрунтаваць, чаму?

Я выбрала шчасце, бо што ж агульнае са мной магла мець слава? А адчула б горача шчасце ў шчасці народа, але не напісала гэтага, бо выглядала б прэтэнзіянальна, як фраза для выказвання сваёў бескарыслівасці. Падпісала сваё імя пад шчасцем, бо яно - удзел чалавека, які жыве яшчэ тут на зямлі, калі слава найчасцей пасля смерці аздабляе прозвішча, а я не ведаю, ці душы па-за светам мераюць адной з намі меркаю шчасце і славу. Скрытыкавалі мяне жудасна, ніхто не стаў на мой бок. Зыгмунт жартаваў са сваёй практычнай жонкі; Францішак паглядваў на мяне раз за разам. Усе паны старэйшыя і малодшыя падпісалі свае прозвішчы пад славай, апрача Францішка і Зыгмунта, якія амаль у адных і тых жа выразах аб'явілі, што: "Узношу над славай шчасце ўбачыць, хаця б у астатнія хвілі жыцця, ажыццяўленне сваіх ідэалаў і мэтаў усяго жыцця".

Так - Францішак не быў амбітны. Калі зычлівыя да яго людзі з абурэннем гаварылі пра тое, што нехта прысвоіў яго ідэі і задумы і абвяшчае за свае, найспакойней адказваў: "Павінен цешыцца і цешуся, бо гэта довад, што прызнае іх за добрыя, а тым самым лепей імі праймаецца і ўкараняе ў грамадства. Не пра сябе, але пра справу дбаць трэба". Ён верыў у вялікую гармонію і парадак у Сусвеце, што нічога ў ім не робіцца выпадкова. Быў гэта глыбокі мысліцель, у дзеяннях рашучы, спакойны. Коратка, ясна, разумна і пераканаўча ўмеў гаварыць.

Распавядалі мне пра часы побыту Францішка ў Ноўгарадзе 58. На шматлікім сходзе з'явілася нейкая чыноўная фігура (здаецца мне, што Вітэ). Калі мінулі цырыманіяльныя прадстаўленні, гэтая фігура пачала разглядацца па зале. Вочы гэтага пана спыніліся на Францішку, які сядзеў ціха і спакойна глядзеў на атачэнне.

- Кто этот господин? 59, - пытае.

- Далеўскі.

- З Вільні?

- Так з Вільні, вярнуўся з Сібіры.

- Господи помилуй! 60 - усклікнуў - Той Далеўскі, які трос усю Літву?! Хто ж бы гэта падумаў, гледзячы на яго. Дзе ў ім тая моц, тая сіла, якая завалодала ўсёй Літвой?!


Назаву яшчэ некалькіх, якіх ужо няма:

Антоні Яленскі, высакародны, шляхетны, ахвярны. Калі сілай думкі не мог быць наперадзе, то яго гатоўнасць да служэння Бацькаўшчыне, сціплыя меркаванні пра сябе і вялікая ахвярнасць рабілі яго дарагім для Краю. Памятаю яго словы: "Трэба вам скарбніка, які фундушам сваім паручыўся б за сумы, якія паступаюць з краёвых ахвяраванняў. Мяне, як аднаго з найзаможнейшых выбірайце - бяруся - гатовы служыць маёмасцю, жыццём сваім і ўсёй будучыняй сыноў маіх".

Служыў верна, сумленна, на камісіі паводзіў сябе вытрымана. Паводле Францішка і многіх іншых закіды і выдумкі Гейштара на Яленскага несправядлівыя, не падмацаваныя нічым 60.

Аляксандр Аскерка, разумны, спакойны з тактам і годнасцю, сябар Францішка і Зыгмунта. Разумеліся, супольна, згодна дзейнічалі.

Якуб Гейштар, адзін з нарухлівейшых у Ковенскай губерні ў часы мірнай працы. Карыстаўся ўплывам у сваёй ваколіцы. 63


Пасля зняволення Францішка 10 ліпеня 1863 года заканчваецца дзейнасць Кіраўнічага аддзела Літвы, настаюць часы Выканаўчага аддзела, паўсталага з былых дапаможных чальцоў пры першым аддзеле. Найчыннейшымі і найвыбітнейшымі з любога пункту гледжання ў тыя апошнія часы былі Уладзіслаў Малахоўскі, Канстанцін Каліноўскі і Цітус Далеўскі. Не названыя мной былі без закідаў, але і без ініцыятывы.

Пасля прыгавору Дамейку Малахоўскі, як начальнік горада, уцякае. У гэты час Цітус і Канстанцін дамаўляюцца, што каторы з іх дваіх будзе зняволены пазней, той прыме ў вачах [следчай] камісіі ўсю адказнасць на сябе, што ўжо не меў таварышаў, а трымаў дыктатарскую ўладу. (Не было на Літве такой хвілі, якую Мураўёўская камісія прадстаўляе, што дыктатарам быў Каліноўскі, што ўся ўлада была ў яго руках).

У часы Каліноўскага (які ўзяў сабе ўнутраныя справы) было пяць чальцоў і пасля яго смерці было столькі ж.

Мы ведалі Каліноўскага шмат гадоў, быў ён сябрам простага люду - можа нават мужыкаманам, але ніколі не быў ворагам якой-небудзь праслойкі свайго народа. Тое, што прыпісвае камісія пра яго радасць, што шляхта вывезена і вымардавана, магло быць сказаным, каб адвярнуць вочы камісіі і Мураўёва ад шляхты, няшчаснай і змучанай. Ён, які кіраваў унутранымі справамі, не мог гэтага гаварыць, бо ў апошнія часы абапіраліся ўсе інтарэсы згасаючага паўстання на жыхарах. Дзейнічалі між іншым разам з імі: Агінскі Міхал 62, князь Юзаф Тышкевіч, Падбярэзскі, і шмат іншых не шкадавалі ні сябе, ні маёмасці сваёй. Напэўна было многа сярод іх дрэнных, слабых і эгаістаў, але большасць выказала шмат шляхетнасці і ахвярнасці асабістым шчасцем і маёмасцю на патрэбы Бацькаўшчыны. Бенедыкт Тышкевіч, уладальнік Біржаў 64, прывёз на 30 тысяч зброю, акрамя абавязковых складак на тыя ж мэты. 65


Усе высілкі паліцыі аказаліся бясплоднымі для выкрыцця Літоўскага аддзела. Вільня нашая малая, сцесненая, з развітым (трэба прызнаць), як ва ўсіх меншых гарадах, пляткарствам, без добрай волі жыхароў, якія працівіліся ўсякім забегам маскоўскай паліцыі, усе даўно, а дакладней у самых пачатках былі б высачаны, а тым больш Францішак. Горад ведаў, якую ён займае пасаду. У першыя часы ён сам адзін быў галоўнай апорай для грамадства, ён падае думку арганізацыі і супольнай працы ўсяго краю і ўсіх пластоў яго. На працягу ўсяго часу паўстання, г.зн. да рассейвання ўсёй нашай сям'і, дом наш быў поўны людзей, роўна як з белай партыі, так і руху. Вазы вясковыя і гарадскія вечна стаялі перад брамай.

Уся наша сям'я была заўсёды пад наглядам паліцыі. Яшчэ за губернатарствам 66 Назімава 67 доўгі час два жандары стаялі ў сенях, але гэта не ўплывала на ход нашага жыцця. Планіроўка памяшкання была дасканалая. Наставілі шпіёнаў, каб сачыць кожны крок Францішка. Выклікалі яго неаднаразова для адказаў на пытанні, чым займаецца? дзе бывае? каго ведае? і г.д. Адказы Францішка нічога ім не давалі. Жыхары горада ведалі ўсю нашу сям'ю, калі не асабіста, то наглядна, падалі ў той час вялікі довад сваёй да нас зычлівасці. Імя і заслугі Францішка былі яшчэ ў памяці віленцаў, цанілі яго і сачычылі за яго бяспекай. Коль разоў з кола габрэяў, рамеснікаў і нават вулічных хуліганаў прыходзілі перасцярогі і падказкі, якія і дзе высочваюць яго агенты і шпіёны, але і тыя не заўсёды былі вернымі ўраду.

Габрэі найбольш з нядолі, для кавалка хлеба займалі гэтыя ролі, не ведаючы, што за імі самімі пільна назіралі праз іхніх аднаверцаў, якія перасцерагалі Францішка, заўсёды ў час.

Маскоўскі ўрад мусіў сабе даставіць з Расіі, выхаванага імі шпіёна, афіцэра Гаеўскага. (Мелі здраднікаў са страху за ўласнае жыццё, такіх як Парафіновіч, Кушалеўскі, Купсць, доктар Дзічкоўскі і некалькі яшчэ іншых няшчасных, але не мелі шпіёнаў па прафесіі). Гэты Гаеўскі прыбыў у шпіталь сясцёр міласэрнасці 68 як хворы. Прадставіўся сястры Анелі [Гаеўскай] яе плямяннікам, адданым у кадэцкую школу ў дзіцячыя гады, якога яна не ведае. Звярнуўся да яе са слязамі, каб выстаралася яму пропуск у паўстанцкі лагер. Хоча змагацца, хоча памерці для змыцця ганьбы, што датуль служыў ворагам Бацькаўшчыны. Бедная Анеля паверыла.

Сёстры Францішка Юзэфа, Тэкля і нават нашая малая Ксавера звычайна адвозілі ўсялякія паперы сёстрам міласэрнасці Ганне Дамброўскай або Анелі Гаеўскай.

Калі Тэкля прыбыла на вуліцу Савіч да сясцёр, Анеля сумела вымаліць абяцанне, што тая звернецца да Францішка, каб атрымаць тое, пра што прасіў плямяннік. Гэта ўсё падалося Францішку моцна падазроным, адмаўляўся, паддаўся аднак меркаванням, што за столькі ахвярнасці з боку сясцёр, трэба адплаціць узаемным даверам.

У дзень, прызначаны на спатканне Францішка з Гаеўскім, схаваная паліцыя ўжо чакала.

Маскоўскі ўрад патрабаваў доказаў віны, арыштаваўшы Францішка без іх, на прызнанне яго не мог разлічваць (яшчэ з 1848 года ў Вільні быў Галер, які ведаў і памятаў паводзіны Францішка на камісіі), а ў ліку арыштаваных да таго не знайшоўся ні адзін голас, які сведчыў бы супраць Далеўскага, а тым больш абвінавачваў бы яго. Пры ператрусе не знайшлі пропуска, укладзены быў у канверт з фатаграфіяй нарачонай Ф[абіяны] Д[ыбоўскай]. Яна яго аберагла. У рукавічцы было 500 рублёў, прызначаных для Гаеўскага. Грошы забралі, рукавічку кінулі на стол, з канверта вытраслі фатаграфію, пропуск на танюткай паперы прыліп і застаўся ўнутры канверта. Пасля ўступнага допыту і асабістага вобшуку Францішак, выходзячы халаднакроўна пацягнуўся па рукавічку, якая ляжала на канверце. Забраў адно і другое. Пасля выхаду зжаваў і праглынуў пропуск. Таму не меў Мураўёў ніякага доказу яго віны. Сумленныя манашкі не прызналіся, каму належалі знойдзеныя пры ператрусе паперы.

(Працяг у наступным нумары.)

57 Таварысцкая гульня "цэнзараванне" заключалася ў знаходжанні памылак, крытыцы і ацэнцы выказванняў іншых для забавы.

58 Францішак жыў у Ноўгарадзе пад надзорам паліцыі ў 1875 - 1883 гг.

59 Хто гэты спадар?

60 Божа, злітуйся!

61 Пра спрэчку Яленскага з Гейштарам абшырна: W. Sliwowska, Syberia w zyciu i pamieci Gieysztorow - zeslancew postyczniowych. Wilno-Sybir-Wiatka-Warszawa, Варшава. 2000, с. 60-69.

62 Серакоўская, мабыць, блытае асобы. Міхал Агінскі ў 1863 г. меў 15 гадоў. Можа, гаворка ідзе пра яго бацьку Ірэнія, які аднак памёр 18.ІІ. (ст.ст.) 1863 г.

63 У копіі BUW інакш: Мікалай Гедройць.

64 Біржы (літ. Біржай, р-н Біржанскі), гарадок і абшырныя добры ў Панявежскім павеце Ковенскай губ., на памежжы Жмудзі і Курляндыі. Уладальнікам Біржаў быў яго брат, гр. Ян (1802-1862), які ўтварыў Біржанскую ардынацыю (1862), пасля яго бяздзетнай смерці прынятую Міхалам (1828-1897), сынам Юзафа (1800-1845), старшым братам Яна і Бенедыкта Эмануэля.

65 Вышэй названыя пазбеглі смерці, дзякуючы звыклым, але ніколі ў адносінах да расейцаў не надзейным сродкам. Два ацалелі О[скар] В[агнер] і І[гнацы] Л[апацінскі] і свежа абраны К[араль] Ф[алевіч]. На месца арыштаваных выбралі Цітуса Далеўскага, які ад самага пачатку паўстанчага руху, пасля выезду з Масквы бясстомна працаваў і выконваў найцяжэйшыя работы пры Нац[ыянальным] ад[дзеле], Канстанціне Каліноўскім, які ў апошнія часы трымаў адзін усю ўладу Літвы. Абодва былі расстраляны ў [18]63 г. Абодва без дакору, поўныя запалу і ахвярнасці.

66У копіі BUW далей ёсць тэкст (пад лініяй, іншай рукой, цямнейшым чарнілам). Калі Ковенская губерня выбрала сваім дэлегатам Я. Гейштара, які потым быў прызначаны чальцом аддз[ела], Францішак Далеўскі даставіў з Масквы Цітуса. Ужо пасля выкліку Серакоўскага, даючы яму права замяшчэння ва ўсіх найцяжэйшых справах, г.зн. у вайсковай дзейнасці Якуба, якога пабойваліся з нагоды вялікай шматмоўнасці і палітычнай бястактактнасці. Цітус стрымаў абяцанні, не прыняў ніякай пасады ў аддзеле, як чалец не хацеў уцякаць за мяжу і саступіць свае абавязкі некаму іншаму, пакуль Гейштар быў на сваёй пасадзе.

67 Назімаў выконваў функцыі ген.-губернатара ў перыяд 10/22 ХІІ 1855 - 3/15 V 1863.

68 Шпіталь на вуліцы Савіч, кіравалі ім сёстры міласэрнасці.

Пашкадуйце мяне, кропелькі

Валер Санько

Апавяданне

Глебазнавец Ігар Бадановіч упаў у бальніцы з ложка. Спіна не баліць. Няма галавакружэння, мужчына нерухам на падлозе. Думае. Не да твару здароваму покатам вылежвацца доле.

Верылася, дваццаць чатыры гады таму, пасля цяжкага ачынання ад боляў, фактычнага ўтруноўвання, не будзе ў Бадановіча болей нездалэжных аварыяў. Досыць Ігару Бадановічу знаходзіць здарэнні на дарогах, сярод знаёмых.

Дваццаць дзевяць гадоў не знаходзілася навукоўцу выключнае, адметнага бярогся. Нікуды не ўлазіў, усё абыходзіў. Няраз верылася, даўнішні боль не прыдзе, Бадановіч зможа давекаваць у нясконцай радасці навуковых росшукаў. Ціхую сямейную мірнасць парушыў нечаканы слуцкі інсульт, дурны, незразумелы.

Нарэшце хворы ўзабраўся на ложак. Ляжыць, разважае. Што сёння было? Нічога не сказаў жонцы, доктару.

Час - веснавая цяплынь. Той нездалэжны летні выпадак, калі трое п'яных рабацяжных абэлтусаў прычапіліся да яго, збілі, фактычна ўклалі ў труну, дастапомны ўз'ёмамі, узлётамі, начнымі прыходамі маці і Аляксея Бялько, - той выпадак, тыя незабыўныя тры дні жылі ў душы Ігара Бадановіча, вакаёмах, у сэрцы. Пасяліліся навечна.

Як і сёлетні.

Такога не было, не магло быць. Здаровы рухавы чалавек у кватэры звычна ступіў з пакоя ў пакой - і ачуньваецца на бальнічных насілках. Толькі што прывычна сузіраў квадрат тэлевізара - і тут ужо цягнуць яго нейкія мужчыны, хочацца штосьці ім патлумачыць, нічога не памятаеш. Схіленая галава жонкі, просіць суседзяў: асцярожна нясіце, - а ты нічога не сэнсіш.

Дзівішся, чаго ляжыш на насілках. Мазгою кеміцца недарэчнасць сітуацыі. З гайдальных трэба злазіць, а цябе ўсільваюць клапатлівыя рукі жонкі і прыціскаюць яшчэ нечыя чужыя.

Не ўлез у штаны поўнасцю, шкарпэту на левую нагу надзеў, правую ўсё адзяваю. Не памятаю, як апынуўся на насілках слуцкай раённай хуткай дапамогі.

Трэба зсоўвацца з іх, нечага саромецца.

Усё ясна, памылка. Мазгі ўсё ясна петраць. Пачаў адзяваць правую калашыну, на правую нагу, нахіліўся - і бэмц, нічога не памятаю. Хлушу, памятаю, хачу адзець калошу, не магу. Галасы медсястры і жонкі чую, усе ўкладваюць мяне на гойданаўку з хуткай дапамогі. Хочуць везці з кватэры: зараз усё стане лепей, ляжы, не варушыся.

На агульнае пасмешышча выставілі здаровага мужчыну. З калашынай адны непрыемнасці, калашыну на правую нагу ўсё не ўсцягну.

Не сячэ мая кемкая мазгаўня, як з канапы пераклалі на насілкі, хочуць несці.

Што, павязуць некуды? У якую бальніцу, чаго?

Трэба яшчэ адзін памочнік, на клапатлівым твары суседа жаласць. Каму яны хочуць памагаць? Некаму трэба, няхай, але пры чым Бадановіч?

На канапе адзяваюць пінжак. Я ўсё ясна бачу, бачу, на канапе, хачу гаварыць, ніхто не чуе.

Холадна, кашулю трэба цёплую, не магу сам папрасіць. Дагадалася жонка, не адліпала ад мяне на секунду.

А калашына ўсё не ўсцягнена на нагу. Ніхто не здагадаецца пра непарадак са старым звычным гарнітурам. Усё паўтараецца, нагу ніяк не ўздзець.

Усё-такі выносяць мяне з кватэры. Страшны сорам. Мужчына ў пяцьдзясят тры можа самастойна дайсці куды-хочна, а два суседы бервяном яго выносяць. Вялікага і цяжкага спускаюць па ступеньках. Некага прапускаюць да каталкі. Ці замкнулі дзверы кватэры, у паспешцы маглі забыць.

Грузяць у хуткую дапамогу. Не, спярша на другія медыцынскія насілкі. Хацеў сказаць медыкам, як лепей іх ставіць, не змог.

Бальніца. Некага затрымалі, прапусцілі. Хутчэй прапускаюць сардэчнікаў, інсультнікаў, хтосьці кажа збоку. Пра каго размова? Пра якія пропускі гутарка. У маленькім гарадку аказваецца шмат хворых бліз прыёмнай. За нейкія хвіліны прыімчалася трэцяя хуткая.

Дзе мой сшытак і ручкі. Я без іх не магу, няўжо не маглі захапіць. Сардэчніцу прапускаюць раней страўніцы. А ўсё-такі, хто такі інсультнік? Нешта муцяць у прыёмным. Некалькі чалавек адправілі ў палаты, а я ўсё ў калідоры, не могуць разабрацца, куды накіроўваць.

Жанчына з добрым тварам распараджаецца медыкамі і сваякамі. Дасюль жонка ўтрымлівала мяне, галава яе была на маіх грудзях. Цяпер пакорна слухае валявую распарадніцу. Абавязкова любому хвораму прывезці сухую цёплую вопратку, прывезці чым раней.

Валявая дактарэса цвёрдымі мяккімі пальцамі паводзіць па маёй галаве, абмацвае.

Дакратваецца да галавы? Да чаго? Для чаго ўсё.

Распарадніцы не падабаецца нярухнасць маёй правай нагі і правай рукі.

Палаты-адзіночкі няма, ніводнай. Сёння субота. Ваш інсультнік можа заначаваць у калідоры, гавораць жонцы. Яна ўпрошваецца. Быць такога не можа, каб у вялікім раёне ў бальніцы не было палаты для ўдзельніка вайны, начальніка, інваліда першай групы ці другой групы, для прафесара.

- Наша справа даставіць хворага. Мы паехалі. Чуеце выклік, чацвёртая брыгада на выезд.

Мая хуткая ад'язджае.

- Яшчэ вам не падзякавалі за клопат, - ляпеча жонка, сунецца па цукеркі.

- Мы паехалі, не турбуйцеся.

Дзяжурны доктар далей распараджаецца. На ноч гледзячы з дому прывезлі загадчыцу нервовага аддзялення бальніцы, правярала рэфлексы Ігара Бадановіча, кропкі.


Здаровы рухны мужчына спрабуе вызваліцца з-пад вагі цела Ядвігі і медсястры хуткай.

"Не верце маёй нярухнасці. Здаровы як лёд. Дайце ўстаць", - каторы раз мажэцца ўстаць Бадановіч. Яму не даюць.

- Яшчэ адзін укол. Пачакаем, два ўвялі, пачакаем, - галасы зводдалі.

"Чаму ў мяне не мой язык. Заплятаецца ці што..." - Бадановіч сябе не пазнае.

- Паляжыце у палаце, супакоіцеся, пачне язык назад варочацца. Катэ галавы там хутка зробяць.

"Вызначаць мне нічога не трэба".

Нейкую мозгаграму зробяць.

- Не ведаем куды вас пакласці.

"Ядзя, Ядзя, скажы ім, у асобны пакой. У асобны".

- Няма.

"Няма асобнага, дадому адпраўляйце".

- Дома быць шкодна. Упадзеш тут - убачаць, а дома...

"Ядзюся, ты ж у хаце будзеш".

- Выйдзе жанчына ў магазін, хворы без яе закачанее, так у нас было, у многіх.

"Улетку?"

- Летам замярзаюць, у вопратцы.

З медсястрою згаджаецца Ядзя. Вечная праблема яе мужа спіна і ногі, а тут яшчэ звіліны.

Абрадавалася, выслабаняецца ветэранская палата, на дваіх пацыентаў. Іншай пакуль няма.

Пропуск, каму пропуск. У калідоры я ці не. Памятаю залатую жонку. Крыўдна прывезеным у бальніцу без суправаджальных. Адзінокія як згубленыя. Правы мой бок усё болей нямее. У калідоры холадна. Ядзюша адчувае нявыказаную маю просьбу, накідвае сваю куртку мне на ногі. Дагадалася.

Пропуск, пропуск. Чаму на мяне ўзіраецца гэтая камбала. Вешае колбу з сістэмаю. Як хітра называецца? Ага, сістэма пералівання крыві. З верхняй колбы капаюць кропелькі ў маленькую колбу. Чаму кроў празрыстая... З яе капае, капае, капае, паволі, раўнамерна. У новую колбу ці ампулу. Гэтая сістэма напрамую звязана з галавою.

Бадановіч не кеміць, што менавіта гэтыя кроплі жывяць мозг.

- У вас шчаслівы выпадак, шчаслівы.

- Што вы, доктар. Якое шчасце, нежывее і нежывее, - пярэчыць Ядзя.

- Інсульт так не адпускае. Паглядзіце, якіх прывозяць, амаль не варушацца.

Як надзейней - болей укапваць раствору ці меней, цікавіцца Ігар. Мажліва не будзе парэзу, нярухлівасці цела. Каму Ігар выказваецца:

"Я ўсё магу".

- Справіцеся з каталкі перакаціцца на ложак?

"Усё магу".

- Малайчынка, перакаціліся. Вы цяжкі, як большасць старых, а мы, санітаркі і сёстры, не можам лацвей перакаціць. Вы здолелі, ужо і на новым месцы.

- Толькі ведайце, адзіночка для супакою хворага лепш за агульшчыну, а для хваробы адзіночка страшная. Забалела, у грудзях заколе, а вы не зможаце сястру выклікаць.

"Выклікалка, кнопка ёсць".

- Не кажыце, многія да яе не паспеюць дацягнуцца.

- Не шкадуйце ўвагі сабе ад родных. Няхай парупяцца. І не эканомце на ежы.

Назаўтра аналізы, кардыяграма, яшчэ раз катэ галаўнога мозгу. Уколы платныя, дарагія, не беларускія. Згадзіліся, а дзе дзявацца.

Спадзяваўся Бадановіч, мова знову адновіцца, не аднаўляецца, правая рука нямее. Сківіцу падтрымлівае левай рукой. Неўрапатолаг, прафесар Сідаровіч з Мінска запэўніваў, усё нармальна. Вы ў нас шчаслівы. Зацямненне на адной палове паўшара, а на левай ледзь-ледзь закранулася.

"Пісаць змагу?"

- Паможам. - Сідаровіч усміхаецца. - Толькі ці самі разбераце напісанае.

Сусед Іван Юзэфавіч, амаль такая ж клініка. Прадпрымальнік, зміраны з хваробай, рухавы, мажэцца паслугаваць навічку.

Кропля шэпча кроплі: укладваемся разам, барджэй. Нас цэняць пакуль мы не растварыліся. Спаць, спаць.

Ігар Бадановіч любіць ляжаць на жываце і баку, так і мы, кропелькі, укладземся.

Жонка дапазна працуе, прывозіць лекі. Дабаўкі. Усім спаць.


Бадановіч не можа ўсунуць ногі ў тапкі. Чаму ручкі не пішуць, ні адна, сталі ўсе карава пісаць.

Літары і словы не вымаўляюцца, доўга выводзяцца ў радку.

Вільгаці на сценках ампулы і пластмасавых канальчыкаў усё меней. Вілястае дно ампулы абыякава аддае кроплі, яны выцягваюцца ў струменькую вілястую нітачку, зліваюцца, раствараюцца. Раствор нітрат хларыду ў флаконе, ампуле, у правадках разрэджвае кроў.

Кроп-кроп-кроп. Вада дае цёк і жыццядайнасць калодзежам, ручаінам, рэкам, людзям, нават трапілым у жыццёвы пераплёт. Кроплі жыццёвяць траву, зямлю, птушак, жывёл.

Крыніцовая жывіць ваколле, луг і палеткі, так цяперашнія ампулы ажыўляюць нас.

Мужчынская прыбіральня ў канцы калідора. Два фаянсавыя моцныя ўнітазы, побач, кожны вытрымлівае маладога і старога хворага.

- Хлопцы, вы мяне толькі ўскаціце на гаршчок. Высока самому.

Два хадзячыя хворыя падсаджваюць дзеда на ўнітаз, адыходзяцца. Ён просіць памочнікаў адліць ягонай мачы ў слоік, паставіць на падваконнік. Крэкча, цяпер яго не выпішуць з бальніцы, зробіць усе аналізы.

Трэці хворы прынёс старому нездалэгу паперу.

Бадановічу сорамна глядзець на гідотную сцэну гарэтнай нямогнасці і фізічнай прыніжанасці чалавека.

Зайшоў у прыбіральню праз хвілін колькі. Выкарыстаная і невыкарыстаная газета ў куце на падлозе. Дзеда завялі ў палату, ён і там дастае ўсіх просьбамі.

За такімі хворымі павінны даглядаць родныя і спецыяльныя нанятыя санітаркі. Іх няма. У якім брудзе лажыцца на ложак такі хворы, што пакідае пасля сябе, Бадановіч разважаць не можа. Абмочаныя верхнія і ніжнія штаны таго хворага смуродзяць на гэтую і суседнія палаты. Хто яму заменіць вопратку, пераадзене, ніхто ў калідоры не турбуецца.

- Звані жонцы. Хай прывязе што сухое.

- Тут няма сухой, чыстай і дома няма. Адзін.

Праз хвіліну наравісты нездалэга выстогніваецца, ён жыве:

- Жонка прывязе чыстае. Заплачу ёй і санітарцы, упрашу, заплачу рубля, дай яшчэ. Прынадзець апратку ні адна не хоча, аплату зноў давай.

- Жонка з табою жыве? З табою, няма ёй дзе дзявацца, - голас з чатырохложкавай палаты: - Біў жонку, вось і зненавідзела твой смырод, слізоту і фекалій, самога.

Сівы няшчаснік маўчыць. Праз хвіліну-другую горка пакіўвае галавою. Так, здараліся кулакі. Старому гарэтніку не да праўды, мовіць што было.

Удакладняе трэці старонні:

- Не адны кулакі ў цябе былі, і п'янь.

У той палаце два ходкія хворыя. Адзін пайшоў на пост жаліцца доктару. Навошта такога прывезлі ў бальніцу. Сам смуродзіць, ложак смуродзіць. За жыццё ўсім згадзеў, цяпер нам перацірае нервы.

Медсястра абараняе доктара. У бальніцы такія дурныя парадкі. За жыццё сівы гультаіна не зарабіў пенсіі, зарплаты, а медыкі абавязаны з ім вазіцца.

У палату і прыбіральню Бадановіч перадаў газеты, для чыткі і выкарыстання. У абедзвюх палатах з васьмі чалавек праглядвае газеты адзін, астатнім нічога не трэба, нават тэлевізар у калідоры лянуюцца глядзець.

Нямала выпадкаў чалавечнай годнасці і бяздарнасці тропілася Ігару Бадановічу ў раённай бальніцы.

Калі ў палаце грубіяны, нетутэйшы люд, то шмаргатні, сіпення, смыроду на ўсю палату. Такіх хворых узненавіджваюць суседзі, санітаркі, яны самі сябе. Іх трэба пасылаць у асобную палату асобнай бальніцы. Дзяржаўныя расцэнкі догляду па мінімуму не выцерпяць такіх растратаў, бюджэт сямейны таксама.

У жыцці лаецца, дыміць, сабачку ў кватэры трымае, на сямейнікаў гіркае, казырыцца: я, я, я, глядзі мяне, слухай мяне - і раптам сярод хворых, роўні, раптам ён голы думкаю, вопраткаю. Тут ацэнка яму мізэрная, усім бачная. Тхліна з языка і з цела.

Чалавек жыве жывёлаю, пэўніцца - нічога з ім не здарыцца, калі тая балячка прыйдзе… Прыйшла да нядумца і наравісціка, звягліўца і элементарнага неахая, - вось і не ведаюць, што з ім рабіць родзічы, суседзі, медыкі. Пры жыцці сам сябе ўсмыроджвае, укладвае ў гной.

Асабліва такіх шмат у райгарадках, зрэдзь у вёсках. У вялікім гарадскім бядламе тое ж, менавіта такія бяздомнікі прыходзяцца на агульныя ямныя пахаванні.

У пакоі-сталоўцы многія хворыя нос ад талеркі адарваць не могуць, спяшаюцца за сталом, быццам адбяруць талерку, жруць. Хлюпаюць, смокчуць за сталом, як свінні.

Хворы не вітаецца з хворым, нават на вітанне рэдка адказвае. Яны незнаёмыя, на дыпламатычным прыёме іх не пазнаёмілі. Такія ж яны і ў суседзях. Куды мы коцімся?

Перагаварваюцца мужыкі паміж сабою часта лаянкава. Ніха-хуханькі - іх любімая мова.

- Чалавечае слова ведаеце?

- Мы нармальныя, мы свае, на сваіх клычымся.

- Свае адно і тое? І на хутар такіх можна пасылаць?

- Ладна, інтэлігент.

Хамскія адносіны і мова ў іх усюды, нічога нязвычнага не чуюць, не бачаць, ваенныя пенсіянеры - гора такое ж, як і рабацяжнае.

(Працяг у наст. нумары.)

Прэм'ерны спектакль "Бетон"

21 чэрвеня 2018 года я наведаў прэм'еру "Бетон" ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Спектакль ідзе з 28 верасня 2017 года без словаў. У прэм'еры задзейнічаны лепшыя сілы тэатра: Максім Брагінец, Вераніка Буслаева, Гражына Быкава, Зміцер Давідовіч, Марына Здаранкова, Арцём Курэнь, Андрэй Новік, Ганна Сямашка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Сідаркевіч, а таксама Ілля Ясінскі.

Спектакль з'яўляецца эратычным і разлічаны на асоб старэй за 18 год, а ў зале прысутнічалі гледачы на 90 адсоткаў ад 18 да 30 гадоў.

Аўтарам ідэі і рэжысёрам з'яўляецца Яўген Карняг - адзін з самых цікавых маладых беларускіх тэатральных рэжысёраў. Яго пастаноўкі "Не танцы", "Спектакль № 7", "Латэнтныя мужчыны", "Інтэрв'ю з ведзьмамі" добра вядомы не толькі ў Беларусі.

Спадар Яўген закончыў БАДМ па спецыяльнасці "Акцёр тэатра лялек" (майстэрня Аляксея Ляляўскага). Некаторы час працаваў акцёрам. Вучыўся ў рэжысёрскай магістратуры школы-студыі і цэнтра імя Меерхольда (г. Масква). Яўген Карняг з'яўляецца рэжысёрам пластычнага тэатра. Яго пастаноўкі характарызуюцца эксперыментам ва ўсіх яго аспектах: ад гуку і святла, да ідэй і эмоцый. Ён не выкарыстоўвае драматычныя тэксты, а стварае свае пастаноўкі ў сумеснай працы з акцёрамі. Кожны спектакль сп. Яўгена Карняга - гэта аўтарскае выказванне на актуальныя тэмы сучаснасці!

У спектаклі мне спадабалася праца мастака Таццяны Нерсісян, якая працуе галоўным мастаком у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек і з'яўляецца лаўрэатам II нацыянальнай тэатральнай прэміі Рэспублікі Беларусь і плённа супрацоўнічае з іншымі тэатрамі...

Кампазітарам спектакля "Бетон" з'яўляецца Мікіта Залатар, які скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (курс З.В. Белахвосцік) па спецыяльнасці акцёр драматычнага тэатра і кіно. У 2013-2016 гг. працаваў акцёрам і гукарэжысёрам ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Зараз працуе артыстам тэатра Генадзя Гладкова "Тэрыторыя мюзікла". Спектакль "Бетон" - не першы досвед супрацоўніцтва Мікіты Залатара і Яўгена Карняга. Мікіта з'яўляецца аўтарам музыкі да спектакляў "Латэнтныя мужчыны" і "Інтэрв'ю з ведзьмамі", які атрымаў прыз за лепшую музыку на ХІ міжнародным маладзёжным тэатральным форуме!

Спектакль разлічаны на моладзь да 30 гадоў, як мне падалося, моладзі ён і спадабаўся.

Аляксей Шалахоўскі,гісторык культуры

У інтэрнэце збіраюць подпісы за мультфільмы на беларускай мове

Бацькі і дзеці збіраюць подпісы пад петыцыяй за пераклад мультфільмаў у "Калыханцы" на беларускую мову. Тэкст петыцыі:

"Праграма "Калыханка", якая выходзіць штодня на тэлеканале "Беларусь-3", існуе як беларускамоўная ад пачатку. Праграма мае беларускамоўных вядучых, аднак мультфільмы дэманструюцца на расейскай мове, што робіць праграму непрыдатнай ані для беларускамоўнай, ані для расейскамоўнай аўдыторыі. Беларускамоўныя бацькі і дзеці хочуць глядзець "Калыханку" па-беларуску цалкам. Расейскамоўныя бацькі і дзеці, калі яны мэтанакіравана абіраюць беларускамоўную праграму для знаёмства з беларускай мовай, таксама хацелі б чуць яе ад пачатку і да канца праграмы. А расейскамоўныя бацькі і дзеці, якія хочуць глядзець дзіцячыя праграмы па-расейску, маюць для гэтага шмат магчымасцяў: такія праграмы (і нават цэлыя каналы) існуюць і на тэлебачанні, і ў кабельных сетках, і ў інтэрнэце. "Калыханка" - адна з нешматлікіх беларускамоўных праграм на беларускім тэлебачанні на сённяшні дзень, і яна мае быць такой цалкам, а не часткова. Напрыклад, за перыяд з 1 па 30 чэрвеня 2018 года ў "Калыханцы" мультфільмы на расейскай мове дэманстраваліся 30 (трыццаць) разоў, а мультфільмы на беларускай мове 0 (ноль) разоў. З паказаных мультфільмаў толькі 1 быў створаны ў Беларусі (9 чэрвеня).

Патрабуем:

1) неадкладна забяспечыць агучванне ці дубляж на беларускую мову усіх без выключэння мультфільмаў, якія дэманструюцца ў праграме "Калыханка";

2) патлумачыць, якім чынам адбываецца выбар мультфільмаў, якія дэманструюцца ў "Калыханцы", і назваць адказных за выбар асоб;

3) патлумачыць, чаму сярод паказаных мультфільмаў амаль цалкам адсутнічаюць мультфільмы, створаныя ў Беларусі."

Беларускае Радыё Рацыя.

Каляндар народнай лялькі ў дапамогу

Ноу-хау ў адным з дзіцячых садкоў Ліды

У дзіцячым садку №24 прыдумалі незвычайны і дзейсны спосаб вывучэння народных абрадаў і традыцый.

Гэтая дашкольная ўстанова асаблівая - адна з дзвюх у Лідзе, якія маюць этнічную накіраванасць і з'яўляюцца цалкам беларускамоўнымі. Дзеці ў садку №24 паглыблена вывучаюць родную мову, звычаі і абрады сваіх продкаў. Адзначаюць народныя святы і ведаюць беларускія гульні. Больш таго - яны нават займаюцца ручным ткацтвам! У садку працуе музей, які ўвесь час папаўняецца цікавымі экспанатамі. У кожнай групе ёсць этнакуток.

Супрацоўнікі на дасягнутым не спыняюцца. Прыдумваюць усё новыя формы, каб яшчэ больш улюбіць дзяцей у беларускую культуру. Апошнім такім ноу-хау стаў каляндар народнай лялькі.

Яго аўтар - выхавацель Вольга Варошка - народнай лялькай займаецца ўжо больш за 10 год. Вырабляе сама, праводзіць майстар-класы для дарослых і вучыць гэтаму рамяству сваіх выхаванцаў. Менавіта плённая праца з апошнімі і натхніла яе на стварэнне незвычайнага календара.

- У нашых продкаў існавала мноства лялек. Амаль кожная адпавядала нейкай нагодзе - вяселлю і нараджэнню, збору ўраджаю і жніву, Калядам і Вялікадню і г.д., - расказвае Вольга Варошка. - Я заўважыла, што многія з іх адпавядаюць пэўнаму сезону года. Так прыйшла ідэя календара лялькі. Ён створаны па прынцыпе ўсім вядомага календара прыроды: разбіты на чатыры пары года і дванаццаць месяцаў. Для кожнага з іх - свая лялька. Так, лютаму адпавядае масленка дамашняя, траўню - сонечны конь, ліпеню - пакосніца, верасню - зернявушка…

Дзеці спачатку знаёмяцца з назвай і значэннем лялькі. Праз яе - са святамі і абрадамі, звязанымі з адпаведным месяцам. Адначасова выхаванцы замацоўваюць веды аб порах года, назвах месяцаў, прыкметах кожнага сезона.

Такі незвычайны каляндар - аснова і для разнастайных гульняў, як развіваючых, так і звычайных вольных.

Адметна, што ўсе лялькі выраблены старажытным народным спосабам "матанка". Выкарыстоўваліся толькі натуральныя матэрыялы: лён, бавоўна, травы, ніткі, стужкі…

За сваю распрацоўку дзіцячы садок №24 стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод дашкольных устаноў у намінацыі "Лепшая аўтарская гульня, цацка". Хутка каляндар народнай лялькі Вольга Варошка будзе прадстаўляць на рэспубліканскім узроўні.

Таццяна Дудзіч. 0154.by.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX