Pawet: № 29 (1388)
Вярнуцца: 2018

№ 29 (1388)


Дадана: 11-07-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1388), 18 ліпеня 2018 г.


У Нью-Ёрку прайшоў марш паняволеных народаў

У нядзелю, 15 ліпеня, беларусы Нью-Ёрка і Філадэльфіі ўзялі ўдзел у маршы паняволеных народаў - штогадовай акцыі салідарнасці з народамі, якія апынуліся пад таталітарным прыгнётам, што традыцыйна ладзіцца з 1959 года. Удзельнікі маршу ўзялі ўдзел у імшы па паняволеных народах у катэдры Св. Патрыка і прайшліся маршам да плошчы Калумба, дзе і адбылося адкрыццё Тыдня паняволеных народаў. Сёлета беларусаў было каля 95 чалавек. Яны скандавалі лозунгі салідарнасці з народамі Кубы, Паўночнай Карэі, Зімбабвэ, Узбекістана і неслі плакаты з заклікамі супраць адкрыцця рэстарана ў Курапатах.

Віктар Дудараў, Радыё Свабода.

Завершана рэканструкцыя мемарыялу невядомым паўстанцам 1863 г. у Лідскім раёне

Паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы ў Лідскім раёне на месцы пахавання паўстанцаў 1863 года актывісты ўстанавілі мемарыяльны знак. Мемарыял зроблены рукамі сяброў грамадскіх арганізацый Лідскага раёна.

Да валуноў з надпісам "Невядомым паўстанцам" днямі дадалі косы і сахор, якімі былі ўзброеныя беларускія паўстанцы супраць Расейскай імперыі.

Кіраўнік Лідскай раённай арганізацыі БНФ Сяргей Пантус сказаў Свабодзе, што мемарыял яны цалкам зрабілі сваімі рукамі.

- І ідэя праекту, і матэрыялы - усё зроблена намі самімі, мы не звярталіся ні да архітэктараў, ні да іншых адмыслоўцаў, - кажа Пантус. - А таму гэта і ёсць сапраўдны народны мемарыял у гонар тых, хто аддаў свае жыцці за нашу свабоду.

Лідскія ўлады аб'явілі, што плануюць правесці ў гэтым месцы раскопкі з тым, каб пераканацца, ці сапраўды там пахаваныя паўстанцы. Актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак сказаў Свабодзе, што ён супраць падобных раскопак, паколькі ўсе мясцовыя людзі добра ведаюць, што там пахаваныя менавіта паўстанцы.

- Нам людзі расказалі, якія памятаюць, што ў міжваенны час уладальнік фальварка Шчытнікі паставіў у гонар паўстанцаў крыж, - згадвае Ашурак. - І людзі пераказвалі гэта з пакалення ў пакаленне, і туды заўсёды прыходзілі мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць паўстанцаў.

Радыё Свабода.

Аляксандру Місцюкевічу - 75

Гісторыку, краязнаўцу, гарадзенскаму культурна-грамадскаму дзеячу, шчыраму беларусу Аляксандру Місцюкевічу 14 ліпеня споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння. Аляксандр Іванавіч - мой зямляк. Нарадзіўся ён на Слонімшчыне ў вёсцы Піронім. Усё жыццё ён адпрацаваў на пасадах, звязаных далёка не з краязнаўствам, гісторыяй, філалогіяй. У свой час ён закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Працу пачаў электраманцёрам і даслужыўся да намесніка дырэктара вучэбнага цэнтра РУП Гроднаэнерга. Разам з тым, Аляксандр Місцюкевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, цікавіўся гісторыяй сваёй сям'і, гісторыяй роднага краю. У 1999 годзе яго абіраюць кіраўніком Гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. І дзевяць гадоў разам з іншымі землякамі ён адраджаў беларускую мову на Гарадзеншчыне - вяртаў яе ў школы, на прадпрыемствы і ў арганізацыі. У 2002 годзе мне трапіў у рукі маленькі па памерах, але ладненькі зборнічак "Спявайце, братцы, спявайце". Гэта быў кішэнны фармат беларускага спеўніка, у які сабраны песні рознага жанру. Яго склалі гарадзенскі паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч і Аляксандр Місцюкевіч. Час ішоў, і спадар Місцюкевіч сур'ёзна захапіўся гісторыяй сваёй роднай вёскі Піронім на Слонімшчыне. Пачаў збіраць пра яе розныя звесткі: ад успамінаў да архіўных матэрыялаў. І сабралася іх шмат. Ён пачаў пісаць асобныя артыкулы, зрэд часу друкуючы іх на старонках "Газеты Слонімскай". Так адтрымалася і кніга "Падарожжы па родных мясцінах", якая пабачыла свет у гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" у 2016 годзе. У "Падарожжах па родных мясцінах" Аляксандр Місцюкевіч вельмі цікава распавёў не толькі пра родную вёску Піронім, але і пра асоб, якія некалі мелі дачыненне да вёскі, былі яе гаспадарамі. Найперш шмат новых архіўных звестак аўтар знайшоў пра шляхцічаў Бронскіх. Дзякуючы Бронскім у Піроніме ў XIX стагоддзі была адкрыта суконная фабрыка на якой працавалі 75 чалавек. Апісваючы гісторыю Піроніма, аўтар кнігі даследуе і іншыя вёскі і хутары Слонімшчыны, асабліва тыя, якія суседнічаюць ці суседнічалі з Піронімам. Таму што лёс роднай вёскі краязнаўца Місцюкевіча падобны на лёс іншых слонімскіх вёсак. Не абмінула іх і паўстанне 1863 года, розныя войны, у тым ліку Першая і Другая сусветныя, рэпрэсіі і калектывізацыя. Сотні землякоў праходзяць праз старонкі кнігі Аляксандра Місцюкевіча, якія змагаліся з ворагамі, прымалі ўдзел у паўстаннях, загінулі за Бацькаўшчыну і на франтах, былі сасланыя ў Сібір ці закатаваныя, а таксама тыя, хто застаўся жыць і працаваць на роднай зямельцы, перажыўшы многія войны, рэпрэсіі і калектывізацыю. Шмат у кнізе друкуецца архіўных дакументаў, спасылак на архіўныя знаходкі, царкоўныя дакументы. Хораша апісаў аўтар і тыя падзеі, сведкам якіх ён ужо быў сам. Дарэчы, Аляксандр Місцюкевіч шмат пазнаходзіў у архівах прозвішчаў слонімцаў, якія прымалі ўдзел у паўстанні 1863 года. Аляксандр Місцюкевіч шмат гадоў жыве ў Гародні. Яго заўсёды можна бачыць на розных мерапрыемствах, сустрэчах, прэзентацыях. Ён па-ранейшаму ў пошуках, ён там, дзе дзе жыве роднае слова, гісторыя, краязнаўства. Таму гэтаму шчыраму і таленавітаму чалавеку хочацца пажадаць здароўя і новых творчых адкрыццяў.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.

У Баранавічах працягваецца змаганне за беларускія класы

10 бацькоў у Баранавічах змагаюцца за адкрыццё беларускага першага класа ў самай лепшай школьнай установе ў цэнтры гораду - гімназіі № 4. Па гэтым пытанні адбыўся бацькоўскі сход. На сходзе акрамя бацькоў прысутнічалі старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, сябры Баранавіцкага аддзялення Таварыства беларускай мовы, выконваючая абавязкі кіраўніка аддзела адукацыі Вера Вайцяхоўская, дырэктар гімназіі Вадзім Шчарбакоў і дырэктар сярэдняй школы №16 Вячаслаў Дзяўго. Вера Вайцяхоўская агучыла ўмовы, пры якіх клас мог трапіць у гімназію:

- Калі паступае 27 заяваў, якія ўваходзяць у рамкі нашага заканадаўства, то бок патрабаванне аб прыёме навучэнцаў у вучэбную ўстанову, канешне, усё магчыма.

Паводле Алены Анісім, жаданне бацькоў вучыць дзяцей на роднай мове ў найлепшай установе можна зразумець:

- Паколькі ўжо ёсць класы з беларускай мовай навучання, якія функцыянуюць у 4-й гімназіі, то яны лічаць, што гэта дастаткова важна і магло бы быць працягам і пераемнасцю.

Анісім лічыць, што ў бліжэйшай будучыні гімназія магла б стаць цалкам з беларускамоўным навучаннем. Бацькі не вельмі задаволены сходам і прапановай стварыць клас у сярэдняй школе №16, дзе сам дырэктар не валодае беларускай мовай. Бацькі намераны змагацца за гімназію № 4. Мікалай Падгайскі і бацькі вельмі ўдзячны Алене Анісім за дапамогу.

Беларускае Радыё Рацыя.

ЧАЦВЁРТАЯ ЗАГАДКАВАЯ МОВА ШВЕЙЦАРЫІ

Хоць раманш /іншая назва рэта-раманская мова, перакл./ адна з чатырох нацыянальных моў Швейцарыі - меней за 0,5 адсотка швейцарцаў могуць адказаць на гэтае пытанне - ці гаворыш ты па-раманску? - станоўча.

Раманш - гэта раманская мова, карэнная ў найбольшым Швейцарскім кантоне Граўбюндэне, размешчаным у паўдзённа-ўсходнім куточку краіны. За мінулае стагоддзе колькасць раманшамоўных упала на 50%, да нейкіх 60.000 асоб. Прыезджыя ў кантон усё яшчэ могуць убачыць раманш на дарожных знаках або пачуць яго ў рэстаранах, дзе іх павітаюць "Allegra!" ("Cардэчна запрашаем!"). Але амаль 40% раманша-моўных паехалі з гэтага краю, шукаючы лепшых магчымасцей працаўладкавання ў такіх месцах як Цюрых, і па-за кантонам рэдка можна пабачыць ці пачуць раманш. Ці можа ў такой маленькай краіне выжыць мова, на якой размаўляе толькі жменька насельніцтва альбо ёй наканавана знікнуць як дыназаўрам ці птушцы дадо?

Мяркуецца, што раманш узнік каля 15 г. н.э. калі рымляне заваявалі Рэцыю, цяперашні Граўбюндэн. Раманш - гэта вынік спалучэння народнай лаціны салдат і каланістаў і рэцкай мовы мясцовага насельніцтва. Гэтая новая гібрыдная мова стала галоўнай мовай гэтага краю да 15 стагоддзя, калі кантон упершыню далучыўся да вольнай канфедэрацыі, вядомай як Вольная Дзяржава Трох Ліг.

Ліга карысталася пераважна нямецкай мовай і з-за таго, што тутэйшыя вёскі існавалі ізалявана ў 150 горных далінах, раманш разбіўся на пяць трошкі адрозных дыялектаў, кожны са сваёй пісьмовай мовай. Адсутнасць аднастайнай нормы зашкодзіла раманшу развіцца ў краіне гэтак жа, як гэта ўдалося нямецкай ці французскай. Штораз болей немцы пранікалі на гэтую тэрыторыю і да 19 стагоддзя кантон заахвочваў сваіх раманшамоўных жыхароў навучацца нямецкай мове. Сёння нямецкая зайае паноўнае становішча ў Граўбюндэне.

Можна было б падумаць, што гэта канец раманша, але швейцарцы ганарацца сваёй культурай і ў 1938 годзе болей за 90% жыхароў краіны прагаласавала за тое, каб надаць раманшу статус афіцыйнай нацыянальнай мовы. Швейцарскі ўрад штогод выдаткоўвае каля 7,6 мільёна швейцарскіх франкаў дзеля падтрымкі і захавання раманшу.

Меркаванні эканомікі і практычнасці паказалі нязручнасць мець афіцыйную мову з пяццю гаворкамі, і ў 1982 годзе Хайнрых Шміт, мовавед з цюрыхскага ўніверсітэта і Ліа Руманча, непрыбытковая арганізацыя, якая апекуецца культурай і захаваннем мовы раманш, распрацавалі штучную аб'яднаную версію раманша - руманч-грышун. Ад 1996 года ўніфікаваны раманш выкарыстоўваецца як адміністратыўная мова, але насельнікі Граўбюндэна не захацелі адцурацца ад роднага дыялекту на карысць агульнага варыянту.

- Кожны паасобку лічыць уніфікацыю вялікай пагрозай свайму ўласнаму адметнаму дыялекту ці гаворцы, - тлумачыць Даніель Тэлі, які ўзначальвае аддзел Лінгва /Мова/ ў Лія Руманча. - Людзі часта разглядаюць уніфікаваную мову як штучную, тады як варыянт, на якім яны гавораць - гэта мова душы".

Без мовы прападзе шмат чаго з культуры

Мова існуе для перадачы культуры народа наступнаму пакаленню, таму зразумела, што кожны абшар становіцца ахоўным для свайго адметнага дыялекту. Калі свет губляе нейкую мову, як тое адбываецца кожныя два тыдні, мы ўсе пазбаўляемся ведаў мінулых пакаленняў.

- Мова - самая яскравая і важная праява культурнай своеасаблівасці, і без мовы прападзе багата чаго з культуры, - кажа доктар Грэгары Андэрсан, дырэктар Інстытута жывых моў па мовах, якім пагражае знікненне.

Без мовы раманш, хто возьмецца сказаць, ці застанецца звычай Халандамарц, старадаўняе свята, якое ладзіцца кожны год першага сакавіка, каб адзначыць канец зімы і надыход вясны ў даліне Энгадзіна або, ці не будзе забыты традыцыйныя мясцовы рэцэпт як цапун - вермішэлькі з мясам, заверчаныя ў зеляніну.

Пяць дыялектаў раманшу

Дыялекты падзяляюцца на рэйнскія з большым нямецкім уплывам і энгадзінскія з большым італьянскім уплывам.

Рэйнскія:

Сурсінвальскі: самы распаўсюджаны з дыялектаў бытуе ў краі Сурсельва ў Перадрэйнскай даліне. Каля 60% насельніцтва лічыць яго сваёй роднай мовай.

Сутсільванскі: Усяго невялікая доля з 1.000 чалавек у Зарэйнскай даліне ўсё яшчэ размаўляе на сваім дыялекце раманшу. На гэтым дыялекце гаворыць найменей людзей.

Сурміранскі: на гэтым варыянце размаўляюць у даліне Альбула і на тэрыторыі Вац/ Обервац.

Энгадзінскія:

Путэр: На ім гавораць у даліне Верхняя Энгадзіна, гэта родная мова 30% жыхароў гэтага кутка.

Валадэр: На ім гавораць у даліне Ніжняя Энгадзіна; гэта другі па распаўсюджанасці дыялект і амаль 80% тамтэйшага насельніцтва лічаць яго роднай мовай.

- Раманш па-свойму робіць унёсак у шматмоўную Швейцарыю, - кажа Тэлі. - А з другога боку прапажа якой-небудзь мовы азначае страту ўнікальнага спосабу бачання і апісання свету.

Але колькасць раманша-моўных працягвае змяншацца, бо жыхары Граўбюндэна надаюць болей каштоўнасці шырэй распаўсюджаным мовам. У багата якіх школах Граўбюндэна галоўная мова навучання - нямецкая і толькі жменька дробных вёсак працягвае навучанне на сумесі свайго роднага дыялекту і ўніфікаванага раманшу. Большасць школ прапануюць урокі мовы раманш, але гэта не абавязковы прадмет. Мая Гартман, адмысловец па сувязях з грамадскасцю, жывучы ў Граўбюндэне замест гэтага выбрала для вывучэння французскую, італьянскую і англійскую, мовы, якія зробяць яе больш запатрабаванай [на рынку працы] у глабалізаванай эканоміцы.

Аднак на даляглядзе праглядае надзея: у апошнія гады назіраецца лёгкі рост цікавасці да раманшу, што можа дапамагчы адрадзіць мову.

Як ні дзіўна, моцны штуршок гэтаму можа надаць глабалізацыя.

- Былі часы, калі ніхто не хацеў нічога, што было традыцыйна швейцарскім, але зараз людзям абрыдзела адно і тое ж усюды. Лічыцца модным і галагуцкім вярнуцца да сваіх каранёў і быць болей тутэйшым, чым глабальным, - кажа Гартман. - Цяпер людзі з гонарам гавораць на раманшы, бо гэта адметнае і рэдкае, а ўсё, што рэдкае і выключнае сёння цікавае.

Прапажа мовы цягне за сабою страту ўнікальнага спосабу бачання і апісання свету

На раманшы існуюць тэле- і радыёстанцыя і газета на раманшы, усе яны выкарыстоваюць сумесь уніфікаванай мовы і розных дыялектаў, а таксама кнігарні як Правіні іль Паланцін, у якой адзін з найбуйнейшых выбараў кніг на раманшы ва ўсім кантоне. Нават ёсць група хіп-хопу, якая спявае рэп на раманшы.

- Усе ў нашай групе выраслі ў Грызоне (Граўбюндэне), - кажа Ёханес Юст, чалец групы "Лірыкас Аналас". - Мова ў рэпе - гэта прылада для выражэння і калі ты не спяваеш рэп на роднай мове, ты больш засяроджаны на ўжыванні гэтай прылады, чым на вольным выказванні думак і ідэй. Мы ніколі не ставілі мэту спрыяць мове нашай музычнай дзейнасцю, але калі мы можам унесці нашу долю [cпрыяння раманшу], то гэта трэба толькі вітаць.

Тэхналогія дапамагае ўваскрэсіць заняпалыя мовы, як раманш. Мова жыве на вэбсайтах і ў блогах, анлайн апс, як Мемрайз, дапамагае навучаць мове; анлайнавыя перакладчыкі як раманш-англійскі перакладчык АПК можа дппамагчы ў зносінах, а сайты сацыяльных медыяў дазваляюць раманшамоўным наладжваць сувязі, асабліва між моладзі. Тэхналагічны гігант Гугл распачаў праект "Мовы пад агрозай", каб захаваць мовы свету, што ў найбольшай небяспецы, між іх і раманш.

Радок з верша "Народу раманша" паэта 19 стагоддзя Г'яхена Каспара Муота заклікаў народ: "Узніміцеся на абарону сваёй старажытнай мовы, раманшы!"

Застаецца пабачыць ці дастаткова ў жыхароў кантона веры ў тое, што захаванне гістарычнай культуры і мовы свайго краю - штосьці вартае таго, каб здзейсніць гэта ў 21 стагоддзі.

Тэкст узяты з сайта БіБіСі заўчора. Перайначыў з англійскай Мікалай Бусел.

Прайшлі першыя заняткі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

На першую лекцыю "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым на тэму "Старажытны Менск", якая прайшла 11 ліпеня ў офісе ТБМ, прыйшло больш за 20 чалавек, сярод якіх былі людзі рознага ўзросту, рускамоўныя і беларускамоўныя. На лекцыі быў паказаны фільм тэлеканала Белсат з серыі "Загадкі беларускай гісторыі" "Паміж Менкай і Нямігай", былі паказаны ўнікальныя здымкі Алега Трусава, зробленыя на раскопках Менска ў 70-80-х гадах мінулага стагоддзя.

На другую лекцыю "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым на тэму "Менск і Мінск у ХІХ-ХХ стст.", якая прайшла 12 ліпеня ў офісе ТБМ, прыйшло за 30 чалавек (змясцілі ўсіх!). На лекцыі былі паказаны фільмы Алеся Краўцэвіча для тэлеканала Белсат з серыі "Загадкі беларускай гісторыі" "Менск. Ад "Пляцу Волі" да "Плошчы Свабоды" і "БНР і Менск. Нараджэнне новай сталіцы", былі паказаны ўнікальныя здымкі Алега Трусава, зробленыя на вуліцах Менска ў канцы 70-80-х гадах мінулага стагоддзя.

Наступныя лекцыі будуць прысвечаныя Лідзе на тэмы "Ліда. Горад" і "Ліда. Замак". Яны пройдуць 8 і 9 жніўня з 17:30 да 19:00.

Адрас: офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13).

Уваход вольны.

Наш кар.

Будслаўскі рытм

У Лідскай друкарні надрукаваны спеўнік пілігрыма Ліда-Будслаў "Будслаўскі рытм".

Спеўнік кішэннага фармату, 158 старонак.

Спеўнік утрымоўвае набор малітваў, 217 песень і іншую інфармацыю, неабходную для пілігрыма.

Малітвы ўсе на беларускай мове.

Песні на чатырох мовах. Асноўная маса - па-беларуску, недзе трэць - па-расейску, трохі - па-польску, адна - па-ўкраінску. Песні рэлігійныя і свецкія. Цікава, што сярод свецкіх ёсць "Гісторыя майго жыцця", "Касіў Ясь...", "Простыя словы", "Тры чарапахі"...

Безумоўна, зроблена рэч духоўная і карысная для выхавання шчырых католікаў і патрыётаў Беларусі адначасова. Ідучы ў Будслаў з гэтым спеўнікам пілігрымы ідуць і да Беларусі.

Яраслаў Грынкевіч.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

1729. Немчыноўская (Ніна) - вытвор з суфіксам - оўская / -ская ад антрапоніма Немчын і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Немчыноўская. Або ад тапоніма Немчынава з суфіксам -ская і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Немчыновская - Немчыноўская. ФП: немчын (ст.-бел. 'немец': ПГССЛ) - Немчын (мянушка, потым прозвішча) - Немчынова ('паселішча, што належыць Немчыну') - Немчыноўская.

1730. Онацкі (Януш) - варыянт ад Анацка ( Онацко, 1568). Гл. вышэй.

1731. Пагарэлка (Ядвіга) - семантычны вытвор ад апелятыва пагарэлка 'тая, што пагарэла' ( пагарэлка).

1732. Пагарэльскі (Сяргей) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Пагарэлае і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Пагарэлскі - Пагарэльскі.

1733. Падліпская (Аліна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Падліпы / Падліпцы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Падліпская, Падліпская; Падліпцкая - Падліпцская - Падліпская. ФП: ліпа (дрэва) - Падліпы (тапонім) - Падліпец (< мянушка, прозвішча 'жыхар паселішча Падліпы', суфікс -ец) - Падліпцы ('паселішча з прозвішчамі Падліпец') - Падліпская.

1734. Паклонскі (М.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Паклонная (гара) і значэннем 'з мясціны Паклонная': Паклонскі.

1735. Палтаўчанка (Антон) - вытвор з суфіксам - анка (-енка) ад антрапоніма Палтаўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Палтаўкенка - Палтаўч(к/ч)анка. ФП: Палтава (геаграфічная назва) - палтаўчанка ('жыхарка г. Палтава') - Палтаўчанка (мянушка) - Палтаўчанка.

1736. Панцюхоў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Панцюх і значэннем 'нашчадак названай асобы': Панцюхоў. ФП: Панцеляймон (імя, з мовы грэкаў 'дасканаласць') - Панцюх (народны варыянт) - Панцюх (празванне, потым прозвішча) - Панцюхоў.

1737. Папко (Вольга) - другасная форма ад першаснай Попка - семантычны вытвор ад апелятыва попка 'святарка' (падаецца "Падручным гістарычным слоўнікам субстантыўнай лексікі" - Мінск, 2013, т. 1-2). Форма з фінальным ( Папко) для адмежавання ад апелятыва ( попка).

1738. Парэчына (Зінаіда) - семантычны вытвор ад апелятыва парэчына 'адна ягада парэчак', 'кустовая ягадная расліна з ядомымі кісла-салодкімі ягадамі, а таксама самі гэтыя ягады'.

1739. Пастаялка (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва пастаялка 'адстоеная смятана' (Матэр., 77): пастая(ць)лка (слова падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 700).

1740. Пасюкевіч (Ірына) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Пасюк з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Пасюкевіч. ФП: Пасикрат (рэканструяванае імя) і яго формы: Пасій, Пас, Пасюк (Бірыла) - Пасюк (празванне, потым прозвішча) - Пасюкевіч.

1741. Паўлік (Конрад) - вытвор з антрапафармантам -ік ад антрапоніма ПавелПаўло, Паўла) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Паўлік. Або памянш.-ласк. ад імя Павел, што стала прозвішчам.

1742. Паўтарак (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва паўтарак (разм.) 'які-небудзь прадмет паўтарачнага памеру' (ТСБМ, т. 4, с. 124). Утварэнне з суфіксам - ак ад паўтара ('першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: памерам у паўтары якія-небудзь адзінкі'): паўтарак. Слова вядомае і іншым славянскім мовам: укр. півторак (Беларуска-ўкраінскі слоўнік, 2006, с. 375).

1743. Пахолак (Марыя) - семантычны вытвор ад апелятыва пахолак 'парабак, слуга' (Даль), 'сялянскі хлопец' (у мове шляхты) (Нас.).

1744. Пацюк (Мікола) - вытвор з суфіксам -юк (<-ук) ад антрапоніма Пацей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пацейук - Пацеюк > Пацюк (спрашчэнне асновы). Або ад Пацук ( Пацук (1556) з змякчэннем асновы - Пацюк дзеля адмежавання ад апелятыва пацук ('шкодны грызун сямейства мышападобных з доўгім хвастом').

1745. Печанава (Інга) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Печаны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Печанава. ФП: печаны ('прыгатаваны пячэннем') - Печаны (мянушка, потым прозвішча) - Печанава.

1746. Пілатовіч (Леў) - акцэнтаваная форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Пілат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пілатавіч - Пілатовіч. ФП: Пілат (імя <лац. Pilatus < pilatus 'узброены дроцікамі') - Пілат (празванне, потым прозвішча) - Пілатовіч.

1747. Платонча (Ігар) - вытвор з фармантам -ча ад антрапоніма Платон з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Платонча. ФП: Платон (імя <грэч. Platon < platys 'шыракаплечы, здаравяк') - Платонча 'дачка ці жонка Платона', суфікс -ч-а (Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 176) - Платонча (мянушка) - Платонча (прозвішча). Звычайна такія назвы абазначаюць асоб жаночага полу (часцей жонку, радзей дачку), названых уласным асабовым імем мужчыны. Пашыранымі такія найменні былі на Зэльвеншчыне, Слонімшчыне. Сустракаюцца яны і на Нясвіжчыне, Стаўпеччыне (Стаўбцоўшчыне). Такое ўтварэнне зафіксавана ў "Новай зямлі" Якуба Коласа ( Міхасьча) "Народнае словаўтварэнне" / "Беларуская мова: Энцыклапедыя" 1994, с. 375).

1748. Плешавеня (Аляксандр) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Плешавы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Плешавеня. ФП: плеш ('месца на галаве, дзе не выраслі або вылезлі валасы', а таксама 'голае месца сярод збажыны, лесу і пад.') - плешавы ('з лысінай', 'з голым месцам (у збажыне, лесе і пад.)') - Плешавы (мянушка, потым прозвішча) - Плешавеня.

1749. Портнік (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва портнік (рус. портник) 'кравец, швец'.

1750. Праневіч (Генадзь) вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Проня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Проневіч - Праневіч. ФП: Францішак (імя <ст.-герм. frank 'вольны, адкрыты') - Проня (1541) - народны варыянт) - Проня (празванне, потым прозвішча) - Праневіч.

1751. Прануза (Паўлюк) - народны варыянт (з "П" на месцы "Ф") імя Францішак (ст.-герм. frank 'вольны, адкрыты') з фармантам -уза: Пран (1597) + -уза, набыў ролю прозвішча.

1752. Праявенка (Лізавета) - вытвор з фартмантам -енка ад антрапоніма Праява і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Праявенка. ФП: праява ('незвычайнае здарэнне', 'з'ява, праяўленне') - Праява (мянушка, пазней прозвішча) - Праявенка.

1753. Прышчыц (Лізавета) - другасная форма, першасная Прышчыч - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч ад антрапоніма Прышч і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прышчыч ( > Прышчыц, дысіміляцыя: чч>чц). ФП: прышч ('невялікі запалёны бугарок на скуры') - Прышч (мянушка) - Прышчыч (бацькайменне) - Прышчыц.

1754. Пукшынскі (Андрэй) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Пукшына і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Пукшынскі.

(Працяг у наступным нумары.)

100 гадоў Беларускаму ўніверсітэту

Роўна 100 гадоў назад, у гэты дзень - 11 ліпеня 1918 г. - адкрыўся Беларускі Народны Універсітэт. Гэтая падзея абумовіла далейшае развіццё вышэйшай адукацыі ў Беларусі, аднак памяць пра яе амаль забытая.

Адкрыццё Беларускага ўніверсітэта адбылося 11 ліпеня 1918 г. у Маскве! Справа ў тым, што Менск (як і амаль уся тэрыторыя Беларусі) у той час знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У гэты дзень у памяшканні Маскоўскага Педагагічнага інстытута імя П. Шалапуціна адбыўся не толькі ўрачысты сход з нагоды адкрыцця Універсітэта, на якім выступаў загадчык культурна-асветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята Фёдар Турук, але і першыя лекцыі. Гэта былі лекцыі па раннім перыядзе гісторыі Беларусі, прачытаныя прафесарам Уладзімірам Пічэтам. Пра гэта мы чытаем на старонках газеты "Дзяннiца", якая з'яўлялася афіцыйным органам Беларускага нацыянальнага камісарыяту.

Пытанне аб стварэнні Беларускага ўніверсітэта востра паўстала ў канцы 1917 г. пасля I Усебеларускага з'езда, дзе знакаміты беларускі навуковец Яўхім Карскі выказаў неабходнасць яго стварэння. Гэтым пытаннем у далейшым актыўна займаўся ва ўмовах ваенных дзеянняў Кабінет Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Народны сакратар асветы Аркадзь Смоліч ініцыяваў стварэнне рабочай групы па стварэнні Беларускага ўніверсітэта. Камісія працавала ўсю вясну і лета 1918 г. у Менску, аднак завяршыць працу не здолела.

Больш паспяховай аказалася рэалізацыя альтэрнатыўнага праекту - адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Маскве. Справа ў тым, што Масква была на той момант цэнтрам палітычнага, культурна-асветніцкага жыцця, сюды эмігравалі многія вядомыя навукоўцы, у тым ліку і беларускія. Тут жа, у Маскве, быў сфармаваны Беларускі Нацыянальны Камісарыят, а пры ім - культурна-асветніцкі аддзел.

Яшчэ вясной 1918 г. на старонках "Дзяннiцы" мы бачым заклікі да стварэння ўніверсітэта. У № 16 "Дзяннiцы" ад 22 чэрвеня 1918 г. можна прачытаць наступнае: "Культурна-асветніцкі аддзел Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту адкрывае ў горадзе Маскве 1 ліпеня н. с. беларускі народны ўніверсітэт. На летнім семестры (з 1 ліпеня па 1 верасня) будуць прачытаныя цыклы лекцый па пытаннях: 1) беларусазнаўства (мова і літаратура беларусаў, гісторыя беларускага народа, бел. этнаграфія і геаграфія, народная гаспадарка Бел., гісторыя нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху ў Бел. і т. п.). 2) Сацыяльна-палітычных… 3) Агульнапедагагічных… 4) Прыродазнаўчых (філасофія, прыродазнаўства, асновы астраноміі, геалогіі, біялогіі і інш.). У лік студэнтаў прымаюцца: 1) Настаўнікі і настаўніцы народнай і сярэдняй школы Беларусі. 2) Прадстаўнікі ад аддзелаў народнай адукацыі пры саветах Р. і С. Дэпутатаў Беларусі. 3) Члены беларускіх культурна-асветных арганізацый, а таксама ўсе асобы, якія цікавяцца беларускай народнасцю і культурай. Заняткі будуць праходзіць штодня, у вячэрнія гадзіны (не менш за 4 гадзіны ў дзень). Слуханне лекцый бясплатнае".

Універсітэт быў адкрыты са спазненнем - 11 ліпеня, аднак навучальны працэс цалкам паспяхова пачаўся. Хоць гэты ўніверсітэт не меў уласнага будынка, паўнавартаснага кадравага і метадычнага забеспячэння, тым не менш сваю дзейнасць ён пачаў. З падобных лакальна прачытаных, але пры гэтым сістэмна арганізаваных курсаў пачыналася праца большасці еўрапейскіх універсітэтаў. Аднак гэтая дата сёння афіцыйна не лічыцца датай заснавання БДУ. Хоць у гэты ж дзень, але праз тры гады - 11 ліпеня 1921 г. у Клубе Карла Маркса (сёння - Купалаўскі тэатр) было праведзена "ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае адкрыццю Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта".

Пасля абвяшчэння ССРБ 1 студзеня 1919 г. цалкам відавочным было меркаваць, што Беларускі ўніверсітэт павінен сваю дзейнасць праводзіць у Менску - сталіцы адпаведнай рэспублікі. Адным з першых дэкрэтаў рабоча-сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў БССР было прынята рашэнне ад 25 лютага 1919 г. аб стварэнні Беларускага ўніверсітэта. І ў 1919 г. універсітэт сапраўды пачаў сваю дзейнасць у Менску: былі вылучаныя грошы, будынак, пачалі функцыянаваць курсы. Аднак чамусьці і гэтая дата сёння не лічыцца днём заснавання ўніверсітэта.

Паўнавартасныя заняткі першага курса ва ўніверсітэце пачаліся толькі 31 кастрычніка 1921 г. Менавіта гэты (і папярэдні яму) дзень сёння прынята лічыць днём нараджэння БДУ. Для нас некалькі дзіўна, што пры гэтым забываецца або зусім не ўспамінаецца больш ранні перыяд дзейнасці ўніверсітэта. Пры гэтым мы бачым самую непасрэдную ўзаемасувязь Беларускага Народнага Універсітэта і БДУ. Заснавальнікамі гэтай установы былі беларускія бальшавікі, якія ў 1918 г. канцэнтраваліся ў Маскве, а пасля сваёй сталіцай абралі Менск. Як у 1918, так і ў 1919 і 1921 гг. стварэнне ўніверсітэта цалкам праходзіла пад кантролем уладаў з Масквы. Большасць выкладчыкаў БДУ першых гадоў яго дзейнасці пераехала ў Менск з Масквы. Прафесар У. Пічэта, які чытаў лекцыі ў першы дзень працы ўніверсітэта ў Маскве, у далейшым стаў першым рэктарам БДУ, а Ф. Турук стаў членам першага Праўлення БДУ.

Такім чынам, 100 гадоў таму быў зроблены важны крок у гісторыі вышэйшай адукацыі Беларусі - заснаваны Беларускі Народны Універсітэт, які ў далейшым трансфармаваўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт - галоўны ўніверсітэт нашай краіны.

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Светлай памяці Вінцэнта Гадлеўскага

Ужо мінула 30 гадоў калі мне ўпершыню трапіла пазнаёміцца з асобай выдатнага дзеяча Беларусі мінулага стагоддзя, ксендза Вінцэнта Гадлеўскага. Мяне, як мастака, надзвычай шмат што ў ім неверагодна прыцягвае і зараз. Ягоную асобу мне давялося выявіць у некалькіх творах жывапісу. Таксама мною, сумесна з актывістамі клуба Спадчына ў сярэдзіне 1990-х быў усталяваны крыж у Трасцянцы на месцы яго верагоднай гібелі. Пазней выканаў арыгінальную мемарыяльную кампазіцыю з дубу, сумесна з Ю. Камандзірчыкам, якую змясцілі ля хаты, дзе ён нарадзіўся. Нягледзячы на гэта, цікаўнасць да ягонай постаці ніяк не зменшылася. Наадварот, мяне дужа цікавіць і хвалюе кожная новая сустрэча з ім, ці то будзе мастацкі твор, ці артыкул, ці тым больш кніга.

Нечакана, у адной з кнігарняў Менска трапіла ўгледзець новую кніжыцу пра гэтага невераготна мужнага і мудрага дзеяча, як і пра адданага барацьбіта за адраджэнне нашага народа. Аўтар яе Андрэй Вашкевіч у серыі "Беларускія жыццяпісы" яскрава, выразна і займальна прадстаўляе гэтую асобу. Ён паслядоўна раскрывае кругі ягонага пакручастага жыцця, напоўненага як спасціжэннем нацыянальнай ідэі, так і яе ўвасабленнем. Ці тое тычыцца рэлігійнай, ці культурніцкай, ці грамадзянскай дзейнасці. Дзіву даешся, дзе ён ужо знаходзіў той энергіі і вытрымкі, каб у непахіснасці супрацьстаяць усяму шаленству цемрашалаў як з Захаду, так і з Усходу. Нават, дзівосным чынам, здолець выкарыстаць патэнцыял германскай гідры для рэалізацыі тых высакародных памкненняў!

Асаблівую ўвагу аўтар кнігі "Вінцэнт Гадлеўскі" надае вызначэнню трагічнай гібелі гэтай пакутніцкай асобы, што на сённяшні дзень з'яўляецца надзвычай актуальным. Даволі падрабязна прадстаўляюцца ім сем версіяў, разам з недарэчнай С. Горбіка (міфічнай асобы), але ніводная з іх цалкам не можа быць прынятай.

У сувязі з гэтым мушу прапанаваць як чытачам, так і аўтару кнігі, яшчэ адну, даволі пераканаўчую версію. Няхай яна будзе дадаткам да сямі папярэдніх, што спадзяюся дапаможа паставіць "кропку" і закрыць пытанне. Так, у кнізе Лявона Юрэвіча "Шматгалосы эпісталярыум" (кніга 20 серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны"), у раздзеле "Ліставанне К. Акулы і В. Чабатарэвіча" на старонках 254-257 прадстаўлена даволі канкрэтнае, калі не вычарпальнае, тлумачэнне трагічнай гібелі гэтага бездакорнага і нязломнага патрыёта нашага народа.

Згодна з гэтым лістом Чабатарэвіча вынікае, што ксендза выдаў гестапа менскі настаўнік Пётра Кісель, які належаў да давераных людзей Гадлеўскага, але адначасна быў савецкім партызанам і ад іх меў загад знішчыць Гадлеўскага нямецкімі рукамі. Пазней ён быў расстраляны тым жа гестапам за сувязь з савецкім падполлем. Аўтар ліста прапануе звярнуцца да артыкула А. Пякарскага "Сумная гадавіна" ў газеце Бацькаўшчына за №51-52 (130-131) за 25.12.1952 г.

Усё гэта дужа цяжка чытаць, усведамляючы тую вірлівую рэчаіснасць, але, што зробіш - яна, як Праўда, такая - яе не схаваеш!

Алесь Цыркуноў, мастак, сябар суполкі "Пагоня".

Што павінен умець нямецкі першаклашка?

Навіны Германіі

Мая дачка пойдзе ў нямецкую школу толькі праз год, але я ўжо цяпер пачынаю рыхтавацца да гэтага важнага моманту. Я дагэтуль памятаю свае ўступныя выпрабаванні ў Расіі: мяне, шасцігадовую дзяўчынку, прасілі намаляваць постаці па клетачках, правесці лініі, потым гутарылі са мной, - адным словам, правяралі маю гатоўнасць да школы. А што павінна ўмець і ведаць нямецкае дзіця, каб быць "гатовым"? Перш за ўсё я звярнулася з гэтым пытаннем да выхавальнікаў маёй дачкі ў дзіцячым садку і іх адказ мяне, мякка кажучы, здзівіў.

- Вы не павінны яе вучыць чытаць ці пісаць! Навошта? Гэтаму навучаць у школе, - выклікнула адна з выхавальніц. - Па-першае, дзіця будзе сумаваць на ўроку, а па-другое, вы можаце яго няправільна навучыць, потым давядзецца перавучваць.

Што ж рабіць? Я прывыкла, што дзеці ў Расіі прыходзяць у школу і ўжо ўмеюць не толькі чытаць, лічыць да 100, але і ведаюць на памяць некалькі вершаў! А як рыхтавацца да школы ў Германіі? Аказваецца, на гэты конт існуе шэраг рэкамендацый, але ўсе яны накіраваны, на псіхалагічны і маральны стан дзіцяці, а не на яго ўзровень інтэлекту.

Вучымся гуляючы

Нямецкія педагогі лічаць, што дзіця адмыслова рыхтаваць да школы не трэба! У дашкольным узросце яно вучыцца праз гульню, перайманне, эксперымент. Бацькі могуць з дзецьмі маляваць, чытаць услых, гуляць у настольныя гульні, выразаць з паперы, штосьці будаваць… Карысныя гульні на ўважлівасць і на развіццё памяці, напрыклад, гульня "Ich packe in meinen Koffer" ("Я кладу ў сваю валізку…").

Правілы вышэй за ўсё

У нямецкім дзіцячым садку дзіця вучыцца таму, што так неабходна ў школе: прытрымлівацца правіл, мець зносіны з іншымі дзецьмі, праяўляць спачуванне. Яно павінна умець выказаць сваё меркаванне і прымаць іншае меркаванне, сказаць "не" і паважаць чужое "не". Вялікая ўвага надаецца здольнасці да эмпатыі, дашкольнік павінен таксама ўмець правільна ўспрымаць і апрацоўваць інфармацыю.

"Дзеці не складаюцца толькі толькі з ведаў"

Добра, калі дашкольнік можа палічыць да 10. Для навучання рахунку выхавальніца мне параіла гуляць у пальчыкавыя гульні, у гульні з прадметамі, даваць дзіцяці заданні палічыць прыступкі ці крокі, і не больш за тое. У Германіі лічыцца, што асобныя разрозненыя веды не маюць сэнсу: што толку ў тым, што дзіця можа злічыць да 100, але не можа правільна сказаць, колькі талерак трэба паставіць на стол для чатырох чалавек. Добрай трэніроўкай у матэматыку, па меркаванні немцаў, служыць гульня ў "Лего".

Навучанне пісьму і чытанню - гэта цалкам задача пачатковай школы, а не бацькоў! Адзінае, чаму неабходна навучыць дзіця да школы, - гэта пісаць сваё імя. Алфавіт лічыцца вельмі складаным для дашкольніка, настойлівае навучанне яму можа адбіць у таго ўсякае жаданне навучыцца чытаць. Нямецкія педагогі прапануюць бацькам дашкалят толькі гуляць з гукамі, напрыклад, "Знайдзі ў пакоі прадметы, якія пачынаюцца на "О"".

А што яшчэ?

Сайт family.de пералічыў некаторыя ўменні, якімі павінен валодаць будучы першакласнік:

-чысціць зубы;

- ведаць сваё імя і адрас;

- катацца на ровары ці самакаце;

- маляваць "партрэт" (твар) чалавека;

- кідаць і лавіць мяч;

- складаць гісторыі;

- самастойна апранацца і распранацца, завязваць шнуркі;

- праводзіць час у адзіноце (без кампутараў, відэапрыставак і без "Мама, мне сумна!").

Аўтары артыкула дадаюць, што амаль усе неабходныя веды і ўменні дзеці набываюць у дзіцячым садзе: самастойна ісці ў клас, працаваць у групе, слухаць і распавядаць пра тое, што пачуў - больш у школе нічога і не запатрабуецца!

У школу - з радасцю!

Па меркаванні нямецкіх педагогаў, прайшлі тыя часы, калі дзеці павінны былі да вызначанага моманту ведаць увесь алфавіт, умець лічыць і да т. п. Цяпер у нямецкай пачатковай школе вялікая ўвага надаецца таму, як дзіця ўмее самастойна вырашаць тыя ці іншыя задачы. Кожнаму асобнаму школьніку на гэта патрабуецца розны час, таму ў Германіі няма нічога ганебнага ў тым, што дзіця застанецца на другі год, ці, як тут кажуць, "паўторыць навучальны год". У Германіі заўсёды падкрэсліваецца, што дзіця - асоба, важна не тое, што яно ўмее ці не ўмее да першага класа, а тое, што ў яго ёсць жаданне вучыцца: "Калі дзіця ідзе ў школу дапытлівым, адкрытым і натхнёным, значыць бацькі ўсё зрабілі правільна!"

А як вы рыхтавалі сваіх дзяцей да школы?

Вікторыя Наўхацкая.Фота: Deposit Photos.

Алена Анісім удзельнічала ў круглым стале, дзе абмеркавалі сітуацыю вакол Курапатаў

12 ліпеня ў сядзібе Партыі БНФ прайшоў круглы стол, дзе абаронцы Курапатаў і прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці абмеркавалі вынікі курапацкай варты і свае далейшыя планы, а таксама прынялі рэзалюцыю.

Круглы стол, мадэратарам якога выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, распачаўся з кароткіх прамоў удзельнікаў. Амаль усе казалі пра тое, што перамовы з рэстаратарамі магчымыя толькі пры ўмове закрыцьця іх установы і калі ніводзін абаронца Курапатаў не будзе за кратамі. Разышліся ў тэрміне закрыцьця: ці то каб установа не працавала зусім, ці некалькі тыдняў, ці адзін дзень - паведамляе газэта "Новы Час".

Абмяркоўвалася пытанне фармату далейшай абароны Курапатаў. Павел Севярынец распавёў, што прыкладна палова машын, атрымаўшы звесткі пра расстрэлы, з'язджае. Вакол кальцавой у раёне рэстарана назіраецца дзіўная актыўнасць па добраўпарадкаванні, якой не было нават перад візітам замежных дэлегацый 29 чэрвеня. У "Поедем, поедим" яўна чакаюць нейкую вельмі важную персону.

Дэпутат Алена Анісім выказалася супраць гвалтоўных метадаў абароны і заклікала да спробы легалізаваць пікет. Старшыня руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч прапаноўваў шукаць для вахты крэатыўныя рашэнні, напрыклад, прынесці калонкі і прайграваць для наведвальнікаў пахавальны марш Шапэна.

Старшыня Менскай раённай арганізацыі БНФ Ілля Дабратвор заклікаў абаронцаў паводзіць сябе прыстойна, не рэагаваць на правакацыі, памятаць, што ў 2020-м годзе ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары, і ўсё відэа, знятае ў Курапатах, улады могуць выкарыстаць для дыскрэдытацыі апазіцыі. Да таго ж кампанія па абароне Курапатаў мусіць стаць урокам для бізнесу, што дзейнічае ў краіне, на будучыню. Вольга Мікалайчык заклікала партыі прымаць больш актыўны ўдзел у варце. Сустаршыня руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык бачыць у будоўлі і функцыянаванні "Поедем, поедим" руку Лубянкі і стаіць на радыкальных пазіцыях не пускаць транспарт у рэстаран. Версію пра Лубянку, як заўважыў Сіўчык, нельга ні пацвердзіць, на абвергнуць. Як высветлілася ў апошнім расследаванні Дзяніса Івашына, у будоўлі "Поедем, поедим" ангажаваны і расійскі капітал. Дзяніс Урбановіч нагадаў, што за кратамі застаюцца абаронцы Курапатаў Максім Вінярскі і Аляксей Туровіч і адмовіўся, пакуль яны ў зняволеньні, выказваць сваё меркаванне пра вахту.

Дэбаты выклікала пытанне мемарыялізацыі Курапатаў. Ёсць думка, што мемарыялізацыя ўжо адбылася спантанна, і народны мемарыял павінны такім, які ён ёсць, быць легалізаваны. Выказваліся меркаванні, што дзяржава павінная паставіць у Курапатах нейкі помнік, асудзіўшы такім чынам, хаця б ускосна, рэпрэсіі.

Прадстаўнік менскага філіяла міжнароднага таварыства "Мемарыял" Уладзімір Раманоўскі распавёў, як у 2015-м годзе яны разам з пісьменьнікам Васілём Якавенкам аглядалі непрацоўны рэстаран, які тады зваўся "Бульбаш-хол", і думалі пра музей у гэтых будынках. Потым спадару Раманоўскаму паступалі тэлефанаванні з пытаннямі, ці не хоча грамадзянская супольнасць выкупіць рэстаран. Пытанне застаецца актуальным і цяпер. На круглым стале сышліся на думцы, што выкупляць незаконна пабудаванае не варта, ды і складана будзе сабраць такія вялізныя сродкі. Пракуратура дасюль не адказала ні на адзін з высланых абаронцамі зваротаў.

Абаронцы Курапатаў, якія выступілі супраць адкрыцця рэстарацыі побач з гэтым мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсій, атрымалі маральную перамогу ў грамадстве, - лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім:

- Зараз вельмі важна замацаваць гэтую перамогу, каб ніхто не сумняваўся ў тым, што Курапаты - не месца для нейкіх забаўляльных установаў. Курапаты - гэта сімвал нацыянальнай трагедыі, якія мы перажылі ў ХХ стагоддзі. І пра гэта трэба памятаць. Там ляжаць нашыя людзі, якія ў свой час рабілі ўсё, каб Беларусь утварылася як дзяржава. Таму вельмі важна гэтую маральную перамогу, якая была атрыманая, а гэтаму сведчаць выказванні многіх вядомых людзей адносна быць ці не быць рэстарацыі ў Курапатах, яе трэба замацаваць - сказала дэпутат парламента па выніках круглага стала ў размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя.

Як расказаў Радыё Свабода старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, па выніках круглага стала была прынятая рэзалюцыя, за якую прагаласавалі 18 чалавек, адзін устрымаўся. Дакумент змяшчае тры пункты.

Абаронцы Курапатаў гатовыя размаўляць з уласнікамі рэстарацыі "Поедем поедим" і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў пры ўмове спынення працы ўстановы.

На момант перамоваў за кратамі не павінна заставацца абаронцаў, якія нясуць штодзённыя вахты пры ўездзе на тэрыторыю рэстарацыі.

Удзельнікі круглага стала выступілі супраць бальшавізму, нацызму, антысемітызму, патрабуючы публічнага на дзяржаўным узроўні асуджэння гэтых злачынных ідэалогій, і настойваюць на шырокім грамадскімабмеркаванні далейшага лёсу мемарыялізацыі Курапатаў.

Пад рэзалюцыяй падпісаліся: Алена Анісім, Ігар Барысаў, Наталля Гарачка, Юрась Губарэвіч, Ілля Дабртвор, Ганна Канапацкая, Зміцер Каспяровіч, Рыгор Кастусёў, Леанід Кулакоў, Юрась Меляшкевіч, Вольга Мікалайчык, Васіль Палякоў, Уладзімір Раманоўскі, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Дзяніс Урбановіч, Ганна Шапуцька, Аляксей Янукевіч.

narodny.by.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

У с п а м і н ы

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Францішка затрымалі і пасля двух гадоў вязненне асудзілі на дваццаць гадоў цяжкіх работ 69 на падставе: "Так как слухи говорят. что он был членом Жонду Народовего, так как яго шурин был Сераковский и так как он уж был прежде осуждён на 15 лет" и да т.п. 70 Такі ж лёс спаткаў абедзвюх манашак, прыяцелек і таварышак у дзіцячых гадах нашай дарагой маці.


Тэкля 10 ліпеня ў дзень зняволення Францішка вярталася з урока музыкі дадому без ніякіх кепскіх прадчуванняў. Ёй насустрач выбегла Ксавера з перапужаным тварыкам:

- Тэкля не ідзі дадому! Уцякай! Уцякай куды-небудзь, схавайся - шукаюць цябе. Францішак, Аня, Анеля арыштаваныя. Гаеўскі быў шпіёнам, засланым паліцыяй!

Тэкля затрымалася як бы скамянелая. У яе галаве праляталі думкі, куды пайсці? Што рабіць? Столькі маем сяброў! А, аднак, у тую хвілю як жа свет ёй падаўся пустым! Нікога ў думках не бачыла і нідзе не магла схавацца. Несвядома звярнула ў бакавую вуліцу і ішла ўздоўж наперад і таксама несвядома стала перад мурам Бакшты 71, даўнім жыллём братоў, дзе ў 1848 годзе іх адведвала. Ах так! Тут сёння жывуць (прыгадала сабе) старыя сібіракі, сям'я Тамаша Булгака ў ніжніх пакоях, дзе некалі жыла сям'я Ходзькаў. Адчыніла брамку, прайшла ўвесь сад з адной думкай, якая білася ў мазгах, што скажу? Як буду тлумачыць, калі зняволяць, каб не заплакаць, не пагубіць іншых? Ані ў адну хвілю не падумала пра сябе. Запірацца? Ці прызнавацца? Ён адзін толькі пакутаваць будзе. Але тут Францішак, Ганна, Анеля, знойдзеныя паперы. Што ў іх было? Можа згуба для многіх!

Пані Тарэса выйшла ёй насустрач. На словы жалю, трывогі адказала пацалункамі, абдымкамі знямоглай. Завяла яе ў бакавы пакой. палажыла спаць. Тэкля спаць не магла. Была ўвесь час з думкамі, а хутчэй з адной, што скажа. каб не размінуцца з прызнаннямі брата і манашак.

Пані Тарэса не спала таксама. Яна разумела Тэклю, праходзіла ўжо цяжкую дарогу, зняволенне, двухкратна Сібір 78. Пасярод ночы стала над ложкам Тэклі. Высокая, худая, звыкла бледная, з дабразычлівым разумным выразам твару. У адной руцэ трымала свечку, у другой разгорнутую "Біблію".

- Не спіш Тэкля? Трывожныя думкі сон табе ад вачэй адганяюць, і я заснуць не магу. Думала пра цябе, пра вас. Адгарнула Біблію, што яна табе варожыць? Глядзі! "На бурах, муцы і трывозе даплывеш да спакойнай даліны!" Супакойся, даверся Богу. Ён нас не пакіне. Прышле табе натхненне. Вяртайся дадому, там цябе павінны застаць - унікнеш новых высвятленняў, дзе была? з кім? або ў каго? У любым выпадку цябе знойдуць і зняволяць. Дзе ж бы ты, бедная, доўга магла хавацца?


Тэклю пасадзілі таксама як Францішка і сясцёр міласэрнасці ў цытадэлі. За ўваходам у лёх ударыла яе застаялае, гнілое паветра, цемната амаль поўная, бо слабое святло, якое прабівалася праз вузкае, коса выбітае ў тоўстым муры акенца, не магло прабрацца ўнутр. Ступіла некалькі крокаў далей - стаяла нешта збітае з дошак, што мела ўдаваць ложка са змятай непрыкрытай саломай, столік і крэселка. Дрыжала як у ліхаманцы з холаду? ці з трывогі? Першы погляд вока паказаў ёй усю жудасць становішча. Магчыма, тут у гэтай халоднай, вільготнай цямніцы будзе праводзіць яна дні, тыдні, а можа цэлыя гады? Але заміж адказу запанавала адна і тая ж самая страшная думка над усім, што перад тым адчувала. Што сказаш? Як тлумачыць будзеш, каб ад тваёй віны ніхто не пацярпеў?

На працягу некалькіх дзён не выклікалі яе на камісію. Тыя першыя дні для вязняў ёсць сапраўднай мукай, з-за пастаянна паўтаранага ў думках пытання, якое турбавала нашую бедную сястру. На трэці дзень, калі праходзіла калідор, нехта ўсунуў ёй у руку паперку са словамі: "Гавары, што па просьбе сястры Анелі схіліла брата, каб яе кузіна Гаеўскага пазнаёміў з горадам і яго ваколіцамі. Так гавораць Францішак і абедзве сястры". Новая трывога, ці гэта не подступ камісіі? Атрымала неўзабаве другую цыдулку тога ж самага зместу, а таксама параду, каб пасля папярэдняга допыту прасілася пра перавод у шпіталь з-за нездароўя, г.зн., ёй будзе лепей і здаравей. Цыдулка была падпісана літарай F. Ужо не сумнявалася. Гэта пісаў і раіў брат Францішак (меў адметны, уласцівы яму спосаб пісьма).


Тэкля прабыла ў цытадэлі больш за год. У той час у выніку здрады доктара Дзічкоўскага зняволілі Цітуса Далеўскага 73, Канстанціна Каліноўскага 74, Тэклю Зяновіч і Сыракомліху. Дзічкоўскі сказаў камісіі, дзе і ў які час можна застаць Цітуса. Не ведаў толькі, пад якім прозвішчам Цітус хаваўся, тую паслугу аказала паліцыі Сыракомліха, з'явіўшыся ў хвілю, калі ў яе жыллі арыштавалі Цітуса і Зяновіч, якая ў яе жыла. Гэтая апошняя была вядомая сваім высакародствам, гераізмам і патрыятызмам. На другі дзень пасля зняволення высакародная Тэкля Зяновіч прыслала цыдулку Сыракомлісе, каб не выдавала на пэўную смерць Цітуса, адзінага ўжо з той усёй шматлікай сям'і: каб адклікала свае першыя прызнанні, тлумачачы вялікім падабенствам Маеўскага (пад гэтым прозвішчам у той дзень хаваўся) да Цітуса, якога ведала шмат гадоў назад. Сыракомліха на пацвярджэнне сваіх прызнанняў і тую запіску перадала ў рукі камісіі.

Калі Цітус, прыведзены з падземнага лёха, з вачыма, якія іскрыліся з голаду і мукі, выпацканы ў гразі і пяску, стаў для астатняй з ёй вочнай стаўкі, падбегла. крычучы: "Што ж гэта ўчарнеў пан у надзеі, што не пазнаю. О, пазнаю і я, і дзеці мае. Скажыце, ці ведаеце гэтага пана? Дзеці адказвалі нават па-расейску (Цітус і Каліноўскі па чарзе прыстройвалі іх у школы, у памяць пра іхняга бацьку). "Тит Далевский", - а праз дзесяць дзён таксама сведчылі: Константин Калиновский", - пацвердзілі, што скарысталіся з урокаў расейскай мовы. Дзеці малыя, нявінныя - ішлі бедныя за злым прыкладам маці.

Бог добры, справядлівы забраў нашага шляхетнага сардэчнага Людвіка [Сыракомлю] перад той ганебнай хвіляй. Няшчасная гэтая кабета выдала на смерць нашага брата, а праз усе гады жыцця з мужам была яго з'ядаю і пагружала яго тым у хваробу, якая прыспешыла яго смерць.


Дня 31/12 1863 года - яўрэйчык, выкліканы ў шпіталь для рамонту разбітага акна, павернуты плячамі да зняволеных напаўгаворачы, напаўмармычучы, без павароту галавы сказаў: "Сумная вестка. Сёння а восьмай расстралялі Цітуса Далеўскага" 73.

Словы гэтыя ўвагналі Тэклю ў доўгую, цяжкую хваробу, была блізкая да вар'яцтва.

Пад канец другога года зняволення, пасля заканчэння допытаў перавялі яе ў памісіянарскія муры 74. Як жа добра былі яны ёй знаёмыя. Якім жа неміласэрным ёсць людскі лёс.

Муры гэтыя ў перадпаўстанцкія часы служылі майстэрняй для мастакоўжывапісцаў. Найдаўжэй там жыў стары Адам Шэмеш (згаданы Фелінскай у запісках) 75 і Эльвіра Андрыёлі.


Вільня ўтыя часы была такой жа ахвярнай, як і Варшава. Былі там адзінкі гатовыя да вялікіх ахвяраў, але наогул у 1858-1859 [гадах] паводзіла сябе абыякава, не спяшалася з хлебам і соллю прыняць бадзягаў, якія вярталіся з Сібіры. Маладзенькі ў той час Андрыёлі, заўсёды кампанейскі і гарачых пачуццяў, ламаў сабе галаву, як запабегчы бядзе, не звяртаючыся да ласкі грамадства, якое само з уласнай ініцыятывы не пачувалася абавязаным спяшацца на ратунак. Прыйшоў у канцы да смутна-арыгінальнай думкі. (Была гэта сапраўдная насмешка лёсу з тых бедных пакутнікаў). Задумку тую выконваў у вялікай таямніцы для ашчаджэння ім болю і змірэння. У ліку вернутых выгнаннікаў былі такія, чые крэўныя вызначаліся вялікай заможнасцю.

У тыя часы Вільня рыхтавалася да дэманстрацыйнага прыёму цара. Абвешчаны конкурс на падрыхтоўчыя работы, як то: маляванне транспарантаў, двухгаловых арлоў і да т.п. рэчаў. Нягледзячы на сорам і прыніжэнне, што такі першаразрадны мастак бярэцца за такія пасрэдныя работы, у сакрэце перад нашай сям'ёй і перад усімі, Андрыёлі прыняў удзел у конкурсе і атрымаў працу. (Ссыльныя апавядалі нам пра тое пазней).

Андрыёлі, паставіўшы кублы з фарбай чорнай, белай, жоўтай і чырвонай пасярэдзіне велізарных залаў узброіў сібіракоў пэндзлямі, сам узяўся за накіды двухгаловых арлоў, каб яны маглі пацягнуць іх адпаведнымі фарбамі. Тым спосабам зарабілі каля некалькіх тысяч рублёў.


Бедная Тэкля, ці ўваходзячы ў тыя муры стаялі перад вачыма яе вобразы і вясёлыя хвілі, там так нядаўна праведзеныя, калі наш любімы стары Шэмеш арганізоўваў там для нашага адпачынку пры дапамозе Эльвірыя Анд[рыёлі] жывыя карціны з твораў Сыракомлі і тацавальныя забавы з "Вяселля ў Айцове" 76, дзе, як арганіст Сыракомля выступаў у першай пары з нашай сястрой Юліяй Беркман, а Беркман, Карловіч, Лыка і Маркоўскі складалі наш аркестр. Кракаўскія строі, прыпеўкі, шчаслівая моладзь, развясёленая (у тым ліку нашыя дарагія браты Канстанцін, і Цітус, і Аляксандр з дабратой і паблажлівасцю прыглядаліся да нашай забавы), дасціпныя імправізацыі з нагоды Сыракомлі і поўныя дасціпу Міхала Беркмана. Тут ўзнік зварот да песенькі:

Узлез коцік на плоцік

і мурлыкае.

Прыгожая песня і невялікая.

Мы таму хітраму коціку

самі паможам мурлыкаць

на плоціку.

і г.д."85


І тая апошняя прыгожая мазурка, дзе Эльвіра Андрыёлі ў першай пары з Ксаверай. Як жа яны абое прыгожа выглядалі! Андрыёлі - гэта італьянскі тып, з палымянымі вачыма, у кракаўскім строі і гэтая, нашая, прыгожая, ружовая бландыначка ў вяночку з палявых ружаў, напалову шчаслівая, напалову засаромленая тым, што ўсе спынілі танец, каб на іх паглядзець і абдарыць воплескамі.


Некалькігадовае зняволенне і страшныя этапы адабралі ў Тэклі здароўе на ўсё жыццё. Пад Вялікдзень 1865 года выправілі з Вільні некалькі вялікіх партый у Сібір, у тым ліку былі Францішак Далеўскі, Тэкля і абедзве сястры міласэрнасці Ганна Дамброўская і Анеля Гаеўская, а апрача іх таксама шмат прыяцеляў і знаёмых нашай сям'і. Пасля прыбыцця ў Маскву з-за перапоўненых этапаў сагналі вязняў на вялікі, адкрыты пляц, дзе мусілі чакаць - стаяць, сядзець або ляжаць на вільготнай зямлі ад раніцы да ночы без ніякай кармёжкі.

Перад ноччу пасля вызвалення Цітаўскіх казармаў 78, сказалі партыі перайсці праз падворак, які меў такі жудасны выгляд, што Дантэ нават нічога падобнага не намаляваў у сваім пекле. Партыю загналі ў лёхі пад казармамі. Пры слабым мігатлівым асвятленні паражаў зрок шэраг калон, якія падпіралі скляпенне, пры кожнай калоне стаяў кубел для нечыстот. Паветра жудаснае, нары наўкола.

Тэкля здранцвела са стомы пасля дарогі, пасля нядаўна адбытай хваробы і пасля страшнага ўдара (смерць Цітуса), упала на нары ў нейкім найглыбейшым куце, закрыўшы вочы абедзвюмя рукамі палажыла галаву на падарожны клуначак. Адно толькі мела жаданне: нічога не бачыць, нічога не чуць, нічога не адчуваць.

Было ўжо каля паўночы. Кожны лёг, дзе мог, не думаючы ані пра тое, дзе знайходзіцца, ані пра тое, куды ідзе, не памятаючы пра час і месца.

Раптам нейкі прыцішаны шолах, рух, потым пасяродку казарменнага падзямелля разлягаецца цудоўны, скіраваны ў неба хор жмудзінаў: "Вясёлы нам сёння дзень настаў". Людзі тыя святыя, выгнаныя з сядзіб сваіх папаленых, зраўнаваных з зямлёю, пазбаўленыя ўсяго, якія неслі на руках бледных, змучаных немаўлят, падтрымлівалі хворых старых - сёння гэтыя людзі адны не забылі пра Бога, не забыліся ўшанаваць Хрыста словамі "Алялюя"! Сабраныя ў грамадку, укленчыўшыя, з рукамі і вачыма ўзнесенымі да неба. Усе без розніцы веры мужчыны і жанчыны выбухнулі адным вялікім плачам.


Партыя прабыла ў Ціткоўскіх казармах каля чатырох месяцаў. Тэлеграмы адусюль паведамлялі, што паўсюдна этапы былі перапоўненыя, трэба чакаць іхняга апусцення.

Таму, што Тэкля перажыла і ператрывала тыя цяжкія выпрабаванні, удзячныя мы сардэчнай, спачувальнай апецы і клапатлівасці пані Кяльчэўскай, якая ў той жа час была выслана з усёй сям'ёй. Сваякі Зяновіча, сям'я губер[натра] мас[коўскага] - Тучковы, а менавіта Абаленскія паведамленыя шаноўным князем Суворавым, што ў этапе знаходзіцца Далеўская, якой сястра была жонкай Серакоўскага, адведвалі яе часта, прысылалі са сваёй ліўрэйнай службай прысмакі на прыгожых падносах, якія хворая Тэкля есці не хацела, але была радая, што яе таварышы па падарожжы маглі паесці. Князю Абаленскаму ўдзячныя былі палёгцы, што далейшая дарога магла адбывацца коньмі. З той палёгкі скарысталіся шаснаццаць жанчын, а было гэта для іх вялікім шчасцем, бо калі для мужчын этап быў мукай, то чым жа ён быў для жанчын? Яны праходзілі дантаўскае пекла ў найагіднейшых формах і вобразах.

(Працяг у наступным нумары.)


69 Часовы палявы суд прыгаварыў Францішка да 12 гадоў катаргі, але Мураўёў падвысіў яму, як рэцыдывісту, пакаранне да 20 гадоў.

70 Паколькі чуткі гавораць, што ён быў чальцом Нац[ыянальнага] Ур[аду], паколькі яго швагер быў Серакоўскі і паколькі ён ужо раней быў асуджаны на 15 гадоў.

71 Бакшта (літ. Boksto), вуліца ў Вільні на Старым Месце.

72 Булгак была сасланая ў другі раз у 1863 г., а г.зн. пасля гэтай сустрэчы.

73 Цітус быў расстраляны 30.ХІІ.1863 / 11.І.1864 г. на Лукішскім пляцы ў Вільні.

74 Кляштарныя будынкі кс. місіянараў (паўлінаў) пры касцёле Унебаўзяцця Божага , размешчаныя па-за даўнімі гарадскімі мурамі (сёння вул. Subaciaus), якія разам з касцёлам зачынілі па загаду расейскіх уладаў (1844). Шматразова змянялася прызначэнне, была тут м.ін. турма, школа для дзяўчат (1856), псіхіятрычны шпіталь (1859).

75 E. Felinska, Wspomnienia z podrozy do Syberii, pobytu w Berezowie i Saratowie. Вільня, 1847. Шэмеш быў зяцем Фелінскай, наведваў яе з жонкай у Саратаве (1842), дзе знаходзілася ў высылцы.

76 "Вяселле ў Айцове" - папулярны балет Юзафа Дамса і Караля Карпінскага.

77 Версія Сыракомлі папулярнай песні. У 1855 г. Віктар Кажынскі напісаў да тых слоў (тры страфы) Сыракомлі песню для голаса з фартэпіяна. Раней у 1849 г. Манюшка на спатканні з прыяцелямі напісаў трохгалосны канон да папулярнай песні (варшаўскай) "Узлез коцік на плоцік".

78 Цітаўскія казармы - казармы на маскоўскім прадмесці Цітава, у 60-я гады ХІХ ст. пераробленыя на арыштанцкую.

79 Wesoly nam dzis dzien nastal - папулярная вялікодная песня, словы і музыка якой вядомыя з ХVI ст.

Пашкадуйце мяне, кропелькі

Валер Санько

Апавяданне

(Працяг. Пачатак у папяр.. нумары.)

Вартаўнік. Пенсія сто рублёў. Трэцяя група. Зарплату атрымлівае. Нястрыманы з усімі, як астатнія. Перад выпіскаю з бальніцы вітаецца з медыкамі. У хворых усё мацней давер'е медыкам і падзячнасць да іх. Славесныя папрокі Бадановіча пайшлі лаяншчыкам на карысць. Рабацягі - недурныя ў прынцыпе людзі, засвойваюць правілы этыкі сходу. Інтэлігенты, як рабацягі і выпівохі, з большага ўжо ведаюцца між сабою. Паводзіны, пераказы рэплік - усё на карысць хворым, кароткасць мовы таксама.


У палаце кніг не чытаюць, не прыносяць прэсу ім родзічы. Любую газетную апазіцыйнасць не бачаць дзяржаўнікі і апазіцыянеры. Пераліваюцца тыя ж гісторыі, тымі ж словамі. Не дзіва, што жанкі косяць налева і направа ад коснаязычных і піўнушных. Старасць зморшчыкі хворым дае, і раўняе.


- Таблеткі п'еш, усе?

- Усе.

- Махлярыш? - не здаецца Ядзя.

- Некаторыя не дакусваю, трошкі адкусваю.

- Не трошкі, палову.

- Падзакусіце. З дачы. Чужой. Сваёй няма, як і ў вас, - частуе сусед. - Смаката ягады. Не выдзяквайцеся, ешце.


- Чаму вы кінулі курыць? - пад'ехаў Бадановіч да прыгажулі пад трыццаць.

- Цяпер палю рэдка.

- Байкі мне не трэба.

- Дзіцё трэба. Піць, курыць нельга, ці тры тысячы долараў выкідаць. - Маладуха два разы на дзень зацягвалася гадамі, перастала сама, змусіла грамадзянскага кінуць. Дапетрылася абаім, без дзіцяці сталаму чалавеку, як без бацькоў. Рыхтуюць арганізмы.

Назаўтра маладуха дадала: выпівоха ў яе раней быў мужык, адправіла.

- Правільна зрабілі.

- Позна дацямілася. Усё адной дзіцё гадаваць, дык няхай не блытаецца гора пад нагамі. Горла п'яніцы ніколі не натоліш. Праз дзесяць-пятнаццаць гадоў пачне сюсюкаць і вяўкаць пра бацькоўства: хлопчык, я твой татка, пашкадуйце мяне.


Жанчына затульваецца ў апранаху, не выскоквае цераз дарогу ці ў хмыззё, паліць у калідоры. Боязна. Пакурвае. У яе трагедыя, калгасніца палатніца накрычала, саб'е курыльку, калі хоць раз тая прыйдзе ў палату накураная.

- Холадна. Не магу болей у калідоры. А тая ведзьма выганяе. Хоць вешайся.

З палаты грубая мова на адказ:

- Ты ўсім у кватэры пераела вантробы. Гадамі. Дзіцё цяпер калечыш. Мужыкоў нічым не прыцягваеш. Гніда. - Спаведніца пачакала секунду. - Сваю інтэлігентнасць і адукацыю заткні сабе і мне ніжэй пояса. Зараз устану, вырву з цябе валасню, сходу закукарэкаеш. Заткніся, каму сказала!

Курыльцы пад сорак, кеміць сваю хібнасць. Мажэцца спачування ад мужчын-курцоў, атрымлівае злыя словы, ад усіх, некурцоў таксама.

- Прасіся ў чацвёртую палату. Годзе ўсіх гароціць, - не супыняюцца паўкрыкі з яе палаты.

Прыйшла доктар, прапанавала курыльцы ложак у калідоры. Не згадзілася, холадна.

- Сэрца здыхае, а смаліць будзе, - падводзіць базу жаночым крыўдам сястра-гаспадыня, тоўстая вясковая бабуля, дабрачніца і лагодніца.

Пад вечар з першай палаты перадалі: курэлька не паддобрывалася, адмовілася ад курэння. Бяда вучыць розуму.


Суседка з палаты заявіла наведніцы-нявестцы: жывіце ў мяне, або знімайце кватэру, дымагарам дыхаць не буду. І што вы думаеце, дзеўкі, кінула курыць. Не дарэмна сын упіліў жонцы пару разоў у грызла.

Дожджык стаў сапраўдным дажджылам. Вецер разгойтваў лісце і галлё, трос вішні. Дзюркі ў камлытных віхравых хмарах. З гонты і бляхавых лістоў ужо не бягуць, а цугам цвірчаць вадзяныя цуркі.


Курцы пасля абеду ў засцені за дзвярыма цэнтра рэабілітацыі, блізка лесу.

- Чаго вы ўсе тут? - доктар не ведае, чаму кураць усе чатыры чалавекі.

- За кампанію. Дваім у палаце сумна.

Ігар Бадановіч пазнаёміўся з аматарам песні з Вясеі, спадабалася яго фанетыка, словы. Думалася, трэба абмяняцца адрасамі. Цікавы чалавек, хлебаробам працуе, у вясковым хоры ўдзельнічае. Ураніцу запісаны адрас нікому не мог аддаць, учора вечарам вясейскі механізатар выпісаўся з бальніцы, далікатны грузчык пасаромеўся назаляцца глебазнаўцу са сваімі песнямі.


Мова аднавілася. Нейкія заіканскія словы па два-тры разы яшчэ трэба вымаўляць, але, хвала Богу, павольна мовіцца класна. Правае плячо аднавілася, не баліць. Трохі рука не ўтрымлівае поўную міску, а калі няпоўная - усё ладком.

У неўпрыкмецці правая нага не выдае, што ёсць праблемы з прыкульгваннем. Правае плячо амаль не чуваць.

Пісьмо не аднавілася, асобныя літары не выводзяцца, выводзіць іх патрэбна павольненька, гэта блага.

Галава не баліць, удзень мультановую шапку нашу, уночы шапка на галаве ўсю ноч. Галава кружыцца перыядамі.

Мазгі заварушыліся, настрой ёсць.


Сухмень восем дзён. Потым дажджыла. Ветравей хістае травы, кустоўе, дрэвы. Насякомыя затаіліся, як людзі ў кватэрныя норы. Людзі зноў чакаюць цяпла, спадзяюцца на неба і справу рук.

Нясі хмарка стрыманасць, восьвосьны навальнічны напор дасць хворым і прыродзе цярпенне, адвагу, лёгкасць.

Воблакі над перасохлымі палеткамі божая ласка, яны ўсё здольнае разумеюць, шкадуюць. Літасць полю ад хмары - слёзы маці, радасць за прыйшлага раскаянага грэшніка.


Трапляюцца кадры - пашукаць.

Чалавек галавасты, рукі, ногі на месцы, а нічога не сэнсіць. Можа сумоўе перавесці ў выццё ваўка ў зімовую калядную ноч.

Мізэрнасцю, ледзь жывой істоткай за месяц стала рухавая жаноччына. Другая перапужалася інсульту, стогнаў і ўласных просьбаў да рэдкіх кропелек.

З флакона ў ампулу, з ампулы ў танюсенькую пластмасавую нітку. У такі ж стогн ішлі вышэпты ледзь жывога Ігара Бадановіча. Не пакідайце ж мяне кропелькі, маліўся ён. Па два-тры разы аднаўляюцца ягоныя заіканьскія просьбы да Бога і ўхвалы Яму.


Сучаснікі цяперашніх Астапаў Бэндараў знаходзяць мноства спосабаў дапамагчы бедным жыхарам горада і вёскі Беларусі. Не ўсім, хто сам хоча вытрасці з кішэні рублі і капейкі. Прапануюць тэлефоннымі званкамі, аб'явамі на сценах і дзвярах - дапамогу ў праверцы фільтраў вады, рамонту пыласосаў, прафілактыкай шклопакетаў, ноутбукаў.

Прапануюць бясплатна атрымаць нечакана табою выйграныя грошы ад латарэі, перавод знаёмага земляка з суседняй дзяржавы. Неабходна адна драбяза - аплаціць паштовыя расходы, выслаць зусім маленькія капейкі на ўказаны адрас. Тэлефонныя памочнікі, пераканаўчы жаночы ці мужчынскі голас, раіць не валакіціць з адпраўкаю фінансаў.

У суседняй палаце дружна зубаскалілі за ўдачу замежных ці беларускіх прахіндзеяў - атрымалі нямалыя грошы з здавалася б нармальнага кемкага слуццака. Паверыў у дабразычлівасць невядомага, адазваўся, перавёў грошы, чакаў слясарны інструмент з самой Германіі.

- Прасцякоў і лапухоў на наш век хопіць, - іржалі хворыя і аздаравелыя з Арцёма. - Падумаць толькі, не праверыў, хто звоніць, адкуль, паімчаў аплачваць удалы гешэфт. Лахатронства будзе існаваць доўга ў нас.


Развітанне з палатай нумар тры неўралогіі Слуцкай раённай бальніцы. Пераезд у неўралогію ў Маладзечна. Хоць бы далі палату на аднаго ці двух чалавек, каб сусед не хроп. З храпуцькамі жыць складана.

У суседа сагнутая ў крук спіна, бандаж на спіне.

Наведаліся маладзенькія практыканткі-дзяўчаткі, стракочуць пра школу. Салідная дактарэса салідна вучыць іх не звяртаць увагу на зрэдкія енкі бамжатных хворых.

Адну цяжка хворую з палаты забірае маці, яе ўжо не могуць лячыць уколы і таблеткі.


Пушко Валянцін Антонавіч, вартаўнік, родам з вёскі Гардзейцы, каля Вавёркі, вёску завуць Вавёрка, хаця ўладнікі на польскі манер ставяць націск: Ваверка.

- Прыемнага апетыту, ядзім дасыта, хлеб і соль, ядзім адкрыта, ядзім сваё, - дэкламуе верш Валянцін Пушко.

Бадановіч слухае роўню:

- Чаго вас рана выпраўляюць?

- Не рана, дзявяты дзень. Такі парадак, - вясёлы Пушко рады гаманіць з інтэлігентнымі палатнікамі.

- Вы трапілі ў рэабілітацыю. Пасля інсульту?

- Алкаголікаў сюды не бяруць. Бытавых хворых усяго два дні ў цэнтры мазгавых інсультаў трымаюць.

- Чаму?

- Будзеце ў сем'ях разборкі п'яныя наладжваць, сінякамі сябе і жонак меціць, а бальніца павінна разбірацца, - у доктаркі цэнтра агульных ацэначных словаў няма. Была б яе воля, усіх алкаголікаў, курцоў належна павыганяла б. Для чаго трываць іх слоўнае і фізічнае смуроддзе.

- Калі не паліць і не піць, навошта жыць, - геройнічае Косцік.

- Вам сорак два?

- На тры меней, - хаця выглядае за пяцьдзясят. Бязмозглы дзед фасуецца, што і такія гадзяцца баб абнімаць, ніхто належна яго не ўспрымае. Старэчая пахвальба:

- Трэба абавязкі выконваць, але абнімаць не баб, а бабу, адну, - удакладняе Пушко. - Выпівохі на працы гультаі і ў быце папіхайлы, хмыры, іх гнаць паўсюдна трэба. З-за такіх дочкі і сыны няўдачнікі.

Праз дзень сіваваты падыходзіць да Бадановіча, радасна паведамляе: з-за пазаўчарашняга абламошвання два дні не курыць. Слова, ва ўсіх праверце, слова, мацней чакае адабрэння:

- Цяпер радзей мат і курава.

- А піўцо? Дзве бутлі на тыдзень і ўсё, за год такі імпот на семдзесят працэнтаў. Цвярозыя мужыкі нармальна мысліце. Дык не паліце і не хлябайце піўную гарань.

Жывуць вяскоўцы і вайскоўцы павярхоўна, усіх хочуць вучыць жыць па паказаным праз тэлевізары. Наіўна глядзець, як дарослыя вучаць падрост паводзіцца - ад выпадку да выпадку, суцэльнасці ў паводзінскай сістэме няма.


Неўрапатолаг правярае. Што вы згодны на выпіску, добра. Заплюшчыце вочы, дакраніцеся да носа, звядзіце ўказальныя пальцы. Не атрымліваецца ў вас нічога. Пераліваць растворы трэба. Ідзіце ў палату, нікому нічога не кажыце, здароўе хваліць не трэба, не абзывайцеся, што здаровы. Вам яшчэ правіцца ды правіцца.


Адзін балезны мычыць уночы на ўвесь калідор. Жанчына ўночы размаўляе на малдаўскай. Малітвы правяць адзінкі. Няпраўдзіць Ігар Бадановіч, вымалітоўваюцца многія, чуваць шэпты, стогны.


Асобныя зайздросцяць, Бадановіча могуць не выпісаць. Неўролаг зноў тое ж: заплюшчыце вочы, пальцам адным і другім да носа, не адрываць. Малаточкам па каленях. Не атрымліваецца вам звесці ўказальныя пальцы. Вывад: ідзіце ў палату, нікому не абзывайцеся пра дужасць.

Дзе мае кроплі, кропелькі мае, скарэй вылечвайце мяне, хутчэй.

Якая мілотнасць і сціхоцце ў лесе.

Гулы машын раздражняюць.


Прашу мае кропелькі, будзьце са мною. Няхай вашы цурачкі-канацікі ідуць на карысць маёй вечна занятай галаве.

Кроплі зрываюцца, зрываюцца. Зрываюцца, не зшалепваюцца. З аднаго флакона перацякаюць у другі, за адной бурбалкаю цячэ трэцяя, пузырыцца восьмая, дваццатая. Пухіркі праз вадкасць увінчваюцца ўверх, а фактычна падаюць уніз. Ім не будзе канца, як рэчцы. Кроплямі, ціхмянымі, дружнымі - у вену.

Кап-кап-кап. Гуку няма. Гук у ампуле зараджаецца і гасне. Гук дастае шкляначкі сістэмы. Праз секунду за ім выпульсоўвае кропля. Адна за другою, роўненька, ціхамуд-ранька. Так капала па трубках непадобная пунсовая жыццёвая вільгаць - кроў, - калі Ігар Бадановіч адхайваўся ад болю і труны, ратаваўся ад шчасця палётаў над радзінаю, вёскаю. У дваццаць чатыры гады зведваў насалодзь палётаў да іскроўнага струменю, трэба ўзгадваць яхантавую плынь.


Малітву грэшнага працаголіка, нават самому няясную, Бадановіч выдыхвае сотні, тысячы разоў. Паўтарае амшарам і садам: любіце мяне, ратуйце. Як я вас крэўнаю любасцю. Памагацьму і далей як-можна пазначаным душэўнасцю. Памагайце і вы мне, беларускія ўзлескі, нябёсы. Усяляйце ў мяне аксамітную ядвабнасць і мяккую пекнату явы.

Кропелькі трох рэштных флаконаў чуюць мае стогны. Не выцыганьваюся, не ілгу, прашу вас. Чарговы раз у багачасці пажыўнай прыроды, пажыўнасці вільгаці, у якой сорак восем працэнтаў душы, прашу: мяняйцеся, заменьвайцеся, зганяйце згоннае, зношанае з майго храма.

- Пашкадуйце мяне кропелькі, - хітруе ці сапраўды не можа ўзгадаць словы высокай малітвы Небу і Беларусі Ігар Адамавіч Бадановіч.


Дождж шумеў. Ніколі не скончыцца. Прынамсі да ночы.

Пасля навальнічных утрамбаваных пылам узмежкаў лёгка тупаецца.

Па аксамітавым каверкоце трава яшчэ не разносіць пыл, не ўбівае мядовая ў зямлю, трывае на сабе.

Закурадыміла пакошаная, месцамі ажарсцвелая трава пад першымі промнямі. Хвалістае паветра парыць знізу і зверху. Срэбнаю слюдою блішчыць лісце клёнаў, ліп, вербаў. Ствалы бяроз выбельваюць карычневую вохру хваін. Рудыя кармінныя яліны ўзносяцца навыперадкі з хваінамі.

Чэрвень, ні аднаго правіслага ўпалага лісточка. Ядранае купалле малітоўна ўладарыць па збуялай зелянве. Сівое неба люстрыць бель алюмініевых і шыферных дахаў высокіх перыстых воблакаў.

Цімафееўка радасніць на ўзмежках і на канавах. Сакавіты фіялетавы лубін усміхаецца чэрвені баярышніку, бліжэй туліцца да яго куста.

Сонца цалуе малачай і пырнік, абсвістанае да галізны задуманае верхавінне перастарэлых хваінаў.

Прасветы ў ствалах дрэваў. Мяккая пшаніца хваліста варушыцца, закрасавалая ярыца прыцягвае да сябе пчолы, шмялёў.

Змакрэль вербалозу суседнічае з рапушкамі, каростаю, застоем вадзянога калыхання. Вецце пад уздыхамі вятрыску цалуе вадзяную парнасць.


Занятасць, на шчасце занятасць у чатырох сяброў-інтэлігентаў, з'яднаных сусветнаю радыяцыйнаю катастрофаю - чарнобыльскай. Чатыры ліквідатары асабліва запрыяцельнічалі пасля другога ліквідатарскага з'езду, 2006 года.

(Працяг у наступным нумары.)

На жаль, гадзіннік не схацеў спыніцца...

Вясновае

Я навекі з радзімай старонкаю -

I ў радасць, у смутку, у сне.

Мілы сэрцу яе песні звонкія.

Пах паветра, зямлі любы мне.


Мне тут люба маёваю раніцай

Клапатлівыя чуць галасы.

А ці можна, скажыце, пазбавіцца

Ад палону дзявочай красы?


Клічуць, вабяць дарогі нязнаныя -

Адлюблю, адгарую, памру.

Будзе вечна вясною чаканаю

Ў шчодрым полі зялёная рунь.


Заіскрышся, наш край, славай новаю.

Бо з табой і юнак, і паэт.

Светлай песняй і роднаю моваю

Здзіўляць будзеш узрушаны свет.


Не змаўкайце, душы струны звонкія.

Сэрца ўперад, бо нельга назад!

Хай ліецца над нашай старонкаю

Ачышчальным дажджом зарапад...


Падарожны

Жанчынам ТБМ


Каму служыць?

Чаго баяцца?

Каго любіць?

З кім цалавацца?

Адказаў - больш за аднаго.

Ці абыйсціся тут без працы,

Сур'ёзнай, розуму свайго?

...Шукаў дарадцаў, знаўцаў слынных,

Чакаў прарокаў доўга ён,

Сустрэчаў меў бясплодна-дзіўных,

Ды з усяго - мізэрны плён.

Рашучым быў той падарожны.

Як узнялася рунь ў палях,

Узяў з сабой мех не парожны,

Адправіўся ў нялёгкі шлях.

"Нясе свой сцяг, - казалі людзі, -

I крыж ўзваліў, бы ў даўніну,

Хай браў бы лепш сабе на грудзі,

Пашкадаваў бы лепш спіну. "

Ён ўсё ж пайшоў, пад віск і рогат.

Ішоў, стаміўся, занямог.

(Далёка быў вялікі горад,

Высока дзесь магутны Бог.)

Прысеў пад дубам ля дарогі,

Лагодны ветрык нёс вясну.

Каб адпачылі крышку ногі,

Прылёг; здарожаны, заснуў.

I сніць: прыгожая князёўна,

Ды вось няведама чаму,

З усмешкай мілаю, чароўнай,

Руку працягвае яму.

Сама-краса, якіх нямнога,

Вянок з валошкі ў валасах,

Трымае на руках малога

Як вечнага жыцця працяг.

"Ўставай, спадар, прыстаў ты, мусіць.

Пайшлі далей - лягчэй дваім.

Спярша дайсці б да Беларусі,

А потым рушым на Алімп."

I асвяцілася дарога!

I распачаўся зарапад!

Сышла на землю міласць Бога.

I шляху не было назад.


Сустрэча


Перон сустрэў бялюткім

першым снегам,

А плошча звыкла бегла і гула.

Ты падышла:

"Ах, добры дзень, калега",

I мне руку рашуча падала.


Твой поціск быў

пяшчотна - нечаканым;

Пагляд вачэй - чысцей святой вады. Ачараваны тваім спрытным станам, Я стаў якімсь нясмела - маладым!


Ты не была даўно мне незнаёмкай,

Ды, мусіць, Бог не зблізіў нам шляхі.

Чыёй жа стала - хачу ведаць - жонкай?

Не напаткаў бы цябе лёс ліхі!


Была раней маёй ты вучаніцай,

І мне тады ж - крыху за дваццаць год...

На жаль, гадзіннік не схацеў спыніцца,

I на пасадку паспяшаў народ.


... I з таго дня (бываў нямала дзе я),

Не да спадобы мне вакзальны тлум,

Жыве ўва мне нязбыўная надзея,

Душу вярэдзіць невыказны сум.


Гаварыце кампліменты...


Гаварыце кампліменты

Родным і чужым.

Мець будзеце дывідэнды

Ў жыцці сваім.


Атуляйце ласкай, словам

Дзетак, што ўкруг вас.

Усіх - хто ў садок яшчэ ходзіць,

Ці ўжо ў школьны клас.


Калі ўчуеш ад падлетка

Словы-мацюкі,

Скажы яму: "Мой ты, дзетка,

Здольны ты які".


Закаханым пажадайце,

Каб сярод гасцей

У іхняй новай светлай хаце

Бусел быў часцей...


Не цурайся, браце, мовы,

На ёй размаўляй.

З ёй надыдзе час наш новы,

Квітнець стане край.


...Раздавайце кампліменты!

I ў наш вірлівы час

У цане не толькі працэнты,

Што з банкаўскіх кас.

Г. Шундрык, г. Дзятлава.

Час збіраць камяні

На Стаўпеччыне пішуць гісторыю на валунах

Стаўпеччына: жыхары Рубяжэвічаў і навакольных вёсак стварылі карту роднай мясцовасці. На ёй населеныя пункты - некаторыя з іх ужо зніклі назаўсёды - пазначаны шматкілаграмовымі валунамі.

Ансамбль "Памяць у камені" быў створаны дванаццаць год таму. Яго ўрачыстае адкрыццё прымеркавалі да значнай мясцовай падзеі - 100-годдзя закладкі першага каменя пад будаўніцтва касцёла Святога Юзафа ў мястэчку.

- Наша пакаленне таксама хацела пакінуць пасля сябе нейкі памятны знак. Параіліся з парафіянамі, са святаром - яны падтрымалі ідэю, сутнасць якой была ў наступным. На той момант ля Рубяжэвічаў былі 43 вёскі, якія належалі да парафіі касцёла Святога Юзафа. Мы прапанавалі, каб кожная вёска прывезла ад сябе камень. Людзі дужа стараліся. Калі дастаўлены валун падаваўся ім не вельмі прыгожым - забіралі, прывозілі іншы. Камяні расставілі так, як размешчаны вёскі на карце, - расказвае адна з ідэйных натхняльніц праекту, мясцовая настаўніца рускай мовы і літаратуры Рамуальда Сабалеўская.

Валуны знаходзяцца на невялікім пляцы цераз дарогу ад касцёла.

- На камянях пачалі выбіваць назвы вёсак. Людзі ўзважана ставіліся да напісання назвы свайго населенага пункта, - працягвае Рамуальда Ігнацеўна. - Вось, напрыклад, камень - вёска Васілеўшчына. А называлася яна калісьці Жыдавічы. Таму жыхары старэйшага ўзросту хваляваліся - што ж выбраць? Каб не было крыўдна, вырашылі: няхай будуць адразу дзве назвы.

Навакольныя вёскі звязаны паміж сабой рознымі пуцявінамі - брукаванка, гравейка, асфальт. Сімвалічныя вёскі-камяні таксама злучылі ў адпаведнасці з картай - усе дарожкі высыпалі пяском. Ля кожнага валуна ёсць сцежка, якая вядзе да цэнтральнай. А тая ў сваю чаргу - да сімвала хрысціянскай веры - крыжа. Ён таксама выкладзены з каменю. Як і арка. Яна зроблена накшалт той, што пры ўваходзе у касцёл. Людзі не хацелі, каб тут было штосьці іншае, акрамя каменю. Каталіцкая святыня ў Рубяжэвічах цалкам пабудавана з часаных камянёў.

- Было ўрачыстае адкрыццё памятнага знака. Мы запрасілі духоўныя, свецкія ўлады - ніхто не адмовіў, усе завіталі. Кожная вёска сабрала нават тых, хто ўжо даўно перасяліўся адтуль. Усе яны папрыязджалі: нехта здалёк, нехта бліжэй. І такі каляровы людскі дыван упрыгожыў усю гэтую тэрыторыю, - з хваляваннем дзеліцца ўспамінамі настаўніца. - Адбылася наша прыгожая ўрачыстасць. Але, як часта бывае паміж людзьмі, пачаліся размовы: патрэбна было гэта ці не? Мы былі цярплівымі. Ведалі: толькі час скажа праўду і дасць самы справядлівы адказ. Мінула некалькі год, і ўсе пераканаліся: добрую справу зрабілі.

Ляжыць камень - вёска Ліхачы. У 2006 годзе тут яшчэ жыў адзін чалавек - Юра Сіман. Не стала Юры. А затым хтосьці спаліў і яго хату ў полі. І следу не засталося ад гэтай вёскі. Калгас сее, калгас жне. Нават дарога, якая калісьці збочвала да Ліхачоў, з кожным годам робіцца карацейшай: дзесьці зарастае лесам, дзесьці яе прыаралі. Але ў людской памяці вёска не знікла - толькі трошкі змяніла лакацыю.

На вялікія ўрачыстасці, асабліва 2 лістапада - на Дзяды, калі католікі ўспамінаюць сваіх памерлых, людзі заўсёды прыходзяць да гэтых камянёў. Быццам на талаку ў сваёй вёсцы…

- Іншым разам праходзіш сярод валуноў і бачыш: дзесьці трымціць запалены зніч, дзесьці кветкі ляжаць - людзі прыходзілі ў сваю вёску сцяжынкамі памяці, - заўважае Рамуальда Ігнацеўна.

На жаль, з цягам часу лёс Ліхачоў напаткаў яшчэ два населеныя пункты. Зніклі вёскі Грань і Місалі. Нямым дакорам ляжаць камяні з іх назвамі…

Паблізу памятнага знака вернікі выкапалі штучнае азярцо, якое перыядычна запаўняюць вадой. Паставілі ўмоўны калодзеж-журавель - родны вобраз дзедавай хаты… Побач паклалі чатыры вялікія камяні, на іх выбіты словы: "Вёска жыве з верай, надзеяй і любоўю".

- Моцна верым у тое, што вёска будзе жыць. Зразумела, Рубяжэвічы ўжо не стануць тым мястэчкам, якім былі да Вялікай Айчыннай вайны, калі там пражывала тры тысячы насельніцтва: беларусы, палякі, рускія, але большасць жыхароў - дзве тысячы - складалі яўрэі. Менавіта яны заснавалі гэтае мястэчка прыкладна ў 1530 годзе. Тут былі дзве сінагогі - зімовая і летняя, два каталіцкія касцёлы - Святога Антонія і Святога Юзафа, праваслаўны храм Мікалая Цудатворца. Нягледзячы на сваю шматканфесійнасць, вяскоўцы, паводле аповедаў старажылаў, жылі досыць згуртавана і дружна, - падкрэслівае Рамуальда Сабалеўская.

Сёння ў мястэчку толькі каля 150 жыхароў. Гэта людзі ў асноўным пажылыя.

- Калі хтосьці з іх памірае, хаваем як свайго роднага, - кажа настаўніца. Гарэніць расстанне, моцна шкадуем, бо разумеем: адгэтуль штосьці страчваюць і наша гісторыя, самабытнасць, культура. Стараемся як найчасцей сустракацца з нашымі жыхарамі, бо пры кожнай размове - нейкі ўспамін, альбо фотаздымак, альбо рэч на памяць: нематэрыяльная і матэрыяльная гісторыя нашага мястэчка.

Ростань не адужаць, не адсланіць. Скончыўся час - адыходзяць вяскоўцы ў невядомыя далі. А за імі ланцужок слядоў - валуноў, знітаваных паміж сабой людской памяццю. Так, па каменьчыку, будуюць нашы землякі храм надзеі і веры…

Алена Пашкевіч, Mlyn.by. фота: Святлана Курэйчык.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX