Pawet: № 31 (1390)
Вярнуцца: 2018

№ 31 (1390)


Дадана: 02-08-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 31 (1390), 1 жніўня 2018 г.

Дзень абвяшчэння незалежнасці адзначылі бардаўскім фэстам

Рэгіянальны фэст бардаўскай песні "Пад ліпамі" на аграсядзібе Вайцюшкі сабраў 27-28 ліпеня шчырых прыхільнікаў беларускай песні з Наваградка, Ліды, Бярозаўкі, а таксама з Віцебска і Менска. Арганізатар спеўнага свята і дырэктар фестывалю Зміцер Вайцюшкевіч прадаставіў выдатную магчымасць выступіць на сваёй пляцоўцы як вядомым і папулярным выканаўцам: Віктару Шалкевічу, Алесю Камоцкаму і гурту Dzivasil, Сяржуку Чарняку з Ліды, так і маладым лаўрэатам "Бардаўскай восені": Максіму Знаку і Міхасю Рубіну.

Госці з прыемнацю заўважалі, што за прайшоўшы год на сядзібе стараннямі гаспадыні пашырыліся клубмы з ружамі. Як ў еўрапейскіх гарадках заквітнемі бальзамінкі і пятунні ў вазонах ля вокнаў і ў кошыках на пляцоўцы, з'явіўся новы арт-аб'ект "Гітара" з хваёвых дошак і вялікая скульптурная кампазіцыя Ігара Засімовіча з камянёў.

Адкрыў фестываль ліпеньскім вечарам сам Зміцер Вайцюшкевіч песняй з новага альбома на вершы Уладзіміра Някляева "Зорка дзіва". "Нам усім патрэбна святло, якое б нас натхняла і вяло па жыцці", - сказаў артыст. На ўлонні прыроды, пад вялізнымі старымі ліпамі душэўна прагучалі творы на вершы Адама Русака, Генадзя Бураўкіна, песні з рэпертуара чэшскага спевака Яраміра Нагавіцы.

Сяржук Чарняк з Ліды падбадзёрыў грамаду творамі на вершы Уладзіміра Караткевіча і Станіслава Судніка. Грамада з радасцю заспявала супольна песню "Ліпень":

"А над краем вольным смелым

У Лідзе, Песках, Вайцюшках

Рэе бел-чырвона-белы

Старажытны слаўны сцяг."

Лаўрэат прэміі "За свабоду думкі" Віктар Шалкевіч прыехаў з Гародні і, як заўсёды, падзяліўся вострымі сатырычнымі і іранічнымі куплетамі.

Новым свежым павевам было выступленне таленавітага маладога барда Максіма Знака з Менска, юрыста па адукацыі. Ён выканаў песні, прысвечаныя старажытным беларускім і еўрапейскім гарадам, іх гісторыі: Ракаву, Гародні, Вільні, Празе. Вельмі спадабаліся слухачам яго рамантычныя спевы пра мора - "Лятучы галандзец", "Ветразь" і казачныя матывы: "Беласнежка", "Эліс". У лірыцы маладога аўтара ёсць глыбокія разважанні пра лёсы паэтаў, іх пачуцці і перажыванні. Вельмі прыемна, што Зміцер Вайцюшкевіч як адзін з членаў журы "Бардаўскай восені" адкрывае шырокай публіцы новыя імёны і запрашае на сваю сядзібу.

На другі дзень фестывалю канцэрт распачаўся выступленнем мясцовага баяніста і выкладчыка музыкі Мікалая Васільевіча Шпігаловіча. Потым яшчэ адзін лаўрэат "Бардаўскай восені" Міхась Рубін агучыў мужныя і моцныя радкі вершаў Анатоля Сыса і Віктара Жыбуля. Алесь Камоцкі падзяліўся душэўнай і філасофскай лірыкай, восеньскімі напевамі і рамансамі, а пасля выступленняў госці змаглі атрымаць кнігу яго паэзіі.

Фінальнае выступленне Змітра Вайцюшкевіча было надзвычай яскравым, поўным жыццясцвярждальнай энергетыкі. Песні ляцелі вольна пад хутарам Вайцюшкі, садам, лесам і ракой, і падымаліся пад самыя аблокі. Гучанне іх было мацнейшым, чым у самых вялікіх залах Менска!

рокі шчасця… Ці вучаць нас гэтаму ў школе?" - паставіў рытарычнае пытанне артыст на завяршэнне. Відавочна, што сапраўднае шчасце творчая асоба знаходзіць, калі ад душы дзеліцца сваімі здабыткамі з усім народам: роднымі і крэўнымі, далёкімі і блізкімі, суаўтарамі і сябрамі.

Сярод гасцей свята былі будаўнікі, медыкі, журналісты рэгіянальных СМІ. На чароўныя гукі музыкі паспяшаліся суседзі з вёскі Васілевічы з букетам кветак. Гаспадар сядзібы і яго жонка Галіна частавалі гасцей смачнай кашай і юшкай са шчупака. Іх сын Язэп прапаноўваў наведвальнікам смачны кампот з імправізаванай кавярні "Бярозка", а дачушка Стэфанія дарыла букецікі кветак выканаўцам і ўласнаручна зробленыя паштоўкі. Стэфа ў гэтым годзе пойдзе ў першы клас. На паштоўцы, якую яна падаравала тату, дзяўчынка вывела літаркі: "Ты - зорка!".

На фэсце над Нёманам было прадстаўлена другое выданне кнігі "Беларускае слова ад спеву", прысвечанай 25-годдзю творчай дзейнасці Змітра Вайцюшкевіча, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве "Кнігазбор", і госці сядзібы змаглі яе атрымаць. Кніга паступіла ў бібліятэку Бярозаўскага Дома культуры.

- Я жыву беларускай песняй і творчасцю Змітра, для мяне ўсе яго песні вельмі блізкія і дарагія, - прызнаўся спадар Васіль з Наваградка, які працуе тэрапеўтам. - Я прыязджаю ў Вайцюшкі з самага першага музычнага фэсту.

зякуй за магчымасць адсвяткаваць свята Незалежнасці ў коле сяброў і аднадумцаў!" - пазначыў адзін з удзельнікаў фэстываля ў кнізе водгукаў.

У інтэрв'ю рэгіянальным СМІ спявак адзначыў, што ў год малой радзімы наспела патрэба ва ўвекавечанні ў Бярозаўцы памяці Юліюса Столе, заснавальніка гуты "Нёман". Адзін з прадзедаў Змітра быў дырэктарам знакамітага шклозавода.

Госці свята падзякавалі сям'і Вайцюшкевічаў за выдатныя канцэрты і сардэчны прыём.

Эла Дзвінская, фота аўтара. Выступае арганізатар і дырэктар фестывалю Зміцер Вайцюшкевіч; 2. Спявае Сяржук Чарняк; 3. Максім Знак.

Захару Шыбеку - 70

Захар Васільевіч ШЫБЕКА - беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1998), прафесар (2003).

Нарадзіўся 30 ліпеня 1948 года ў вёсцы Асінаўка Беліцкага сельскага савета Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У 1972 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1977 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1998 годзе - доктарскую. У 2003 годзе атрымаў годнасць прафесара.

Працаваў настаўнікам гісторыі (1972-1974), навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі АН БССР (1974-1991), загадчыкам аддзела беларусазнаўства Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны (1991-1998).

У 1999 годзе - дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі.

З 2000 года - на пасадзе прафесара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кафедра эканамічнай гісторыі.

З верасня 2001 года па верасень 2002 года па сумяшчальніцтве выконваў абавязкі галоўнага рэдактара часопіса "Спадчына".

Даследуе Менск другой паловы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў, гарады Беларусі 1861-1904 гадоў, беларускі нацыянальны рух ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Мае больш за 200 навуковых публікацыяў. Праца па гісторыі Беларусі ХІХ-ХХ стагоддзяў адзначана прэміяй польскага часопіса "Przeglаdu Wschodniego" за 2001 год і прэміяй імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра 2003 года.

Сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускага гістарычнага таварыства. Ад чэрвеня 2012 года жыве ў г. Хайфа (Ізраіль). Працуе ў Цэнтры дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце.

Манаграфіі:

Минск в конце ХІХ - начале ХХ в. Очерк социально-экономического развития. - Мн., 1985. - 136 с.

Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада. 2-е выданне. Мн., 1994. - 341 с. У суаўтарстве з С. Шыбека.

Гарады Беларусі (60-я гады ХIХ-пачатак ХХ стагоддзяў). Мн., 1997. - 320 с.

Historia Bialorusi. 1795-2000. Lublin, 2002. - 571 s.

Нарыс гісторыі Беларусі. 1795-2002. Мінск, 2003. - 490 с.

Мінск сто гадоў таму. Мінск, 2007. - 304 с. і інш.

Вікіпедыя.

Паважаныя грамадзяне Беларусі!

У 2019 годзе адбудзецца чарговы Перапіс насельніцтва нашай краіны. Адно з важных пытанняў датычыцца самаідэнтыфікацыі беларусаў і наўпрост звязанае з нацыянальнай бяспекай краіны. Гэта пытанне пра родную мову. Мы прапануем вам незалежна ад вашых палітычных і рэлігійных поглядаў, а таксама нацыянальнасці падчас правядзенння Перапісу размаўляць з перапісчыкамі на беларускай мове, запаўняць апытальныя лісты на беларускай мове і пазначаць сваю родную мову так: беларуская.

Тым самым вы засведчыце сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашага народа, падтрымаеце беларускую мову і паспрыяеце ўмацаванню незалежнасці і нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

23.07. 2018 г. Сакратарыят ТБМ.

Што маем, павінны зберагчы

Днямі грамадства ўскалыхнула навіна, што на продаж выстаўлены дом Уладзіміра Караткевіча ў Воршы, а ў перспектыве новыя гаспадары могуць яго знесці. Цяпер у доме, дзе захавалася шмат мемарыяльных рэчаў, жывуць кватаранты, якія з павагай ставяцца да спадчыны пісьменніка.

Пасля смерці бацькоў і сястры Уладзіміра Караткевіча ў доме жыла яго пляменніца з мужам. Муж пляменнінцы быў родам з-пад Адэсы - яны пазнаёміліся на спартовых спаборніцтвах. Зараз памерлі і пляменніца, і яе муж, іх дачка Ірына жыве ва Украіне, дом здаецца і выстаўлены на продаж. Дом месціцца ў цэнтры горада на вуліцы імя Уладзіміра Караткевіча, якая ў свой час змяніла шмат назваў, была: і Усевалада Ігнатоўскага, і Варашылава, і Касманаўтаў, а да рэвалюцыі і падчас Другой сусветнай вайны - Піваваранай. У гэтым доме Уладзімір Караткевіч напісаў "Дзікае паляванне Караля Стаха".

Пра гісторыю вуліцы гаворыць журналістка Алена Сцяпанава (Тананана), якая ў 80-ыя гады была актыўнай удзельніцай арганізацыі "Повязь":

- Была цэлая грамадская кампанія! І грамадскасць Воршы патраціла не адзін год, каб гарадскія ўлады пагадзіліся ўшанаваць памяць пісьменніка-земляка, а не касманаўтаў, якія "а што, яны над Воршай праляталі", - так сказаў нехта з "айцоў горада" ў палеміцы з мастацкай інтэлігенцыяй. Некалькі год ішло змаганне за назву гэтай вуліцы, гарвыканкам закідвалі калектыўнымі і індывідуальнымі лістамі. А перайменавалі нарэшце ў 1988-м у дзень народзінаў Караткевіча, і адкрылі адразу шыльлу на рагу вуліцы. Была імпрэза на гэтым месцы, прыязджала сястра Караткевіча і мноства пісьменнікаў, у тым ліку Уладзімір Арлоў. Каб грамадскасць не настояла, не было б ніякага "перайменавалі".

У музея Караткевіча няма грошай, каб выкупіць мемарыяльны дом. А між тым у Воршы няма і незалежнай культурніцкай прасторы для правядзення творчых вечароў, дыскусій і выставаў.

Таму перад беларускай грамадскасцю сёння паўстаў чарговы выклік: ці дамо знесці родны дом таго, хто фармаваў нашую свядомасць на шляху да незалежнасці, сам не дайшоў, але Зямля пад белымі крыламі стала вольнай.

Беларуская грамадскасць сёння мае дастатковы досвед, каб сабраць неабходную колькасць грошай і выкупіць дом, тым больш, што гаспадыня можа пайсці на выплату ў растэрміноўку.

Лідскія арганізацыі ТБМ занепакоены ўзніклай сітуацыяй і гатовыя ўключыцца ў справы, але ад Ліды вельмі ж далёка, а на тым краі Беларусі, ці ёсць яшчэ людзі? Пэўна ж ёсць: і ў Віцебску, і ў самой Воршы, ды і Менск не застанецца ўбаку. І Гародні Караткевіч не чужы.

Усё можна зрабіць.

Нельга толькі папусціць справу, нельга застацца абыякавымі.

Паводле Радыё Рацыя.

"КЛУМБА ПАМЯЦІ АД ТБМ" - 2

17 ліпеня ў гэтым месцы асабліва сумна, скрушна і пакутліва.

Невядома, якім было надвор'е ў гэты дзень 1942 года, - сонечным ці дажджлівым. Але ж лета ёсць лета: кругом зяленілася, духменіў прыдарожны рамонак, сінела высокае неба… А людзей вялі і везлі на пагібель. Усіх як ёсць з яўрэйскіх сем'яў, што ў Гарадзеі і паблізу - перапалоханых дзетак, маўклівых дзядзькоў, зацятых хлопцаў, роспачных бабуль - усіх без аніякай літасці.

Жахлівая лічба - 1137 - выбіта на камені перад уваходам у мемарыял, што размясціўся на ўзгорку на заходнім баку пасёлка Гарадзея. Створаны ён тут у 2004 годзе.

Месца чарговай працоўнай акцыі Нясвіжскай арганізацыі ТБМ прапанаваў кіраўнік Гарадзейскай суполкі Алег Гунько. Падтрымалі ўсе да аднаго сябры-супольнікі, якіх пакуль нямнога. Ахвотна і шчыра далучыўся да ініцыятывы і жыхар вёскі Маляўшчына Адам Скачко.

Краязнавец са Студзёнак Аляксандр Абрамовіч распавёў пра пачутае ад ваколічных старажылаў пра тыя трагічныя дні. Мясцовы гісторык Леанід Качановіч зацікавіў багаццем дэталяў і фактаў, невядомых шырокай грамадскасці. Яго грунтоўная "сяброўская лекцыя" была і пра падзеі сорак другога года, і пра пасляваенны час, калі прадпрымалася спроба перапахавання парэшткаў. Добра вядомы яму і ўсе абставіны стварэння мемарыяла - ад ініцыятывы, задумы да непасрэднага выканання, калі знакаміты Леанід Левін часова пасяліўся ў "Гарадзейскім фальварку", каб кіраваць будаўніцтвам. Мемарыял загінулым яўрэям каля г. п. Гарадзея - значная яго праца з шэрагу твораў аб вайне.

Помнікаў такога высокага мастацкага ўзроўню, такой ўзрушальнай сілы няшмат на Нясвіжчыне. Просты па кампазіцыі і дэталях, ён цалкам адпавядае творчай стылістыцы майстра, які не быў прыхільнікам "каменнага гладкапісу і адпаліраванага граніту". Уражвае, як і заўсёды ў Левіна, глыбіня задумы, моцная, пры сваёй аскетычнасці, сімволіка.

Як няма аднолькавых людзей, так няма і аднолькавых, адзін у адзін, камянёў. Адна тысяча сто трыццаць сем валуноў прывезена сюды з усіх куткоў раёна. Вялікія і меншыя, з завостранымі выступамі і круглявыя, розныя па форме, па колеры і адценнях, яны зліваюцца ў адзін шэра-каменны ланцуг, доўгую звілістую калону, што сімвалізуе апошні шлях ахвяраў-пакутнікаў. А на пагорку - напаўразбураная пустая хата, у якой не засталося нікога і нічога. І кожны, хто сюды завітае, міжволі становіцца героем дзеі - мінулай і сучаснай: прымярае на сябе тую трагедыю, з хаты 42-га ваеннага года глядзіць у сённяшні свет.

На блізкай дарозе, што гудзе машынамі, імклівае жыццё, ставяцца непадалёк новамодныя катэджы, а звілістая каменная дарога ўверх і там, на пагорку, шкілет панявечанай хаты - як суровы напамін і папярэджаннне жывым, усім і кожнаму, незалежна ад таго, немец ты ці яўрэй, беларус ці амерыканец, украінец ці рускі.

Удзельнікі "Клумбы памяці", маючы шмат падстаў з уласнага досведу, абмеркавалі стан краязнаўства ў раёне. Мемарыялы і помнікі не могуць замяніць жывую памяць відавочцаў, якія шмат чаго могуць пасведчыць і, галоўнае, давесці праўдзівую інфармацыю. Таму, пакуль не позна, трэба ісці да такіх людзей, збіраць успаміны, дакументы, забытыя прозвішчы. Неабходна ствараць асяродкі сістэмнага краязнаўства, ладзіць выставы і экспазіцыі, і не дзесьці далёка, а на месцы, у сваёй вёсцы або мястэчку. Пакуль краязнаўчых бюро ў нас няма, гэтыя функцыі маглі б па магчымасці больш шчыльна выконваць суполкі ТБМ.

… Клумба памяці ўяўляе сабой дзве невялічкія па памерах акруглыя градкі. Яны, шчыльна засаджаныя нізкарослай дэкаратыўнай раслінкай цёмна-барвовага колеру - быццам плямкі запечанай крыві на зялёным тле пакутнага гарадзейскага пагорка - і аніколькі не парушаюць задуманай эстэтыкі.

Адно сведчаць, што нехта і сёння смуткуе і помніць.

Старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса.

Саюз палякаў у Беларусі адзначыў 30-гадовы юбілей

Сябры афіцыйна непрызнанай грамадскай арганізацыі прыехалі ў Гародню на святкаванне юбілею. Урачыстасці пачаліся ў найстарэйшай каталіцкай святыні горада - Пабернардзінскім касцёле.

Саюз палякаў у Беларусі паўстаў у 1988 годзе на базе Таварыства імя Адама Міцкевіча. З 2005 года, калі ўлады Беларусі не прызналі вынікі шостага з'езду арганізацыі, дзе на пасаду старшыні абралі Анжаліку Борыс, арганізацыя раскалолася на дзве часткі - неафіцыйную, якую прызнаюць у свеце, і афіцыйную, якую прызнаюць улады Беларусі. Кажа сябар Галоўнай рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў - Анджэй Пачобут:

- Тая прапанова, якую беларускі рэжым мае для палякаў, яна зводзіцца да таго, што трэба адмовіцца ад мовы, адмовіцца ад сваёй гісторыі і г.д. Вядома, што існуе адзіны праўладны так званы Саюз палякаў. Калі мы паглядзім, што ён з сябе ўяўляе, то відавочна, што гэта людзі, якія не ведаюць польскай мовы, якія не цікавяцца польскай культурай, якія фактычна займаюцца абслугоўваннем інтарэсаў улады ў ідэалагічнай сферы.

На ўрачыстаці ў Гародню прыехала дэлегацыя з Польшчы, прадстаўнікі Сойму і Сенату, у тым ліку вядомыя польскія палітыкі - Роберт Тышкевіч, Міхал Дворчык ды іншыя, прадстаўнікі дыпламатычнай службы ў Гародні і Менску. Частку гасцей з Польшчы беларускія памежнікі не прапусцілі, у тым ліку ксяндза Рышарда Уманьскага з Чэнстахова.

У сувязі са святкаваннем юбілею СПБ свае віншавальныя звароты накіравалі прэм'ер-міністр Польшчы Мацей Mаравецкі і старшыня партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качыньскі.

Сярод удзельнікаў урачыстасцяў - кіраўнічка "Белсату" - Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая склала свае віншаванні польскай арганізацыі:

- Перадусім зычу ім вытрымкі, сілы, шмат здароўя, бо яно вельмі патрэбнае. Канешне, адвагі, якая ім пастаянна патрэбная. Разважлівасці, каб умелі аддзяляць адно ад другога, так як прамаўляў сёння ксёндз у казані, як сееш, то трэба адрозніваць зерне і асцюкі, таму яны павінны мець упэўненасць і спакой, каб выйграла тое першае - зерне, каб дасягнуць і рэалізаваць тое, пра што казаў ксёндз.

Пасля урачыстай імшы ўдзельнікі святкавання 30-годдзя ўтварэння Саюза палякаў у Беларусі скіраваліся на Вайсковыя могілкі, дзе ўсклалі кветкі да Катыньскага сімвалічнага крыжа ў памяць загінуўшых польскіх вайскоўцаў.

На святочныя мерапрыемствы завіталі грамадскія дзеячы, якія цягам 30 год дапамагалі Саюзу палякаў ў Беларусі. У Гародню з Менска прыехалі таксама Алена Анісім і Аляксандр Мілінкевіч. Старшыня ТБМ Алена Анісім прамовіла да прысутных:

- Паважаная спадарыня Анжаліка!

Шаноўныя высокія госці!

Паважаныя сябры Саюза палякаў, усе прысутныя!

Дзякуй за гонар прысутнічаць сёння тут на ўрачыстасці, прысвечанай 30-годдзю дзейнасці вашай арганізацыі.

Сімвалічна, што яна адбываецца ў год, калі ўся беларуская дэмакратычная супольнасць адзначае 100-годдзе аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Менавіта 100 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Ідэалы БНР, сфармуляваныя і закладзеныя 100 гадоў таму, застаюцца актуальнымі і сённня. А іх увасабленнне паспрыяла б ажыццяўленню нашых запаветных мараў.

За 30 гадоў вамі зроблена шмат. Як старшыня ТБМ, я ганаруся тым, што сябры нашых арганізацый маюць шмат агульныга ў культурна-адукацыйнай сферы. У нашым сталічным офісе ўжо шмат гадоў праходзяць курсы па навучанні польскай мове праз беларускую, сябры ТБМ бяруць удзел у імпрэзах, якія ладзіць Саюз палякаў у Беларусі. І гэта натуральна, бо мы ўсе грамадзяне Беларусі і зацікаўлены ў тым, каб жыццё кожнага чалавека ў нашай краіне, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання і палітычных поглядаў, было годным.

Шаноўныя сябры!

Ваша адданасць сваім караням, гісторыі і культуры свайго народа, навучанне дзяцей і ўнукаў мове продкаў дзеля захавання традыцый, заслугоўваюць вялікай павагі і выклікаюць захапленнне, служаць прыкладам для кожнага чалавека, як у сённяшніх няпростых геапалітычных умовах захоўваць сваю нацыянальную самаідэнтычнасць, адстойваць права на самавызначэнне.

Я віншую вас з 30-годдзем арганізацыі. Жадаю вам і вашым сем'ям духоўнай і фізічнай моцы, дабрабыту, шчаслівага заможнага жыцця і плёну ў вашай дзейнасці.

Святочныя мерапрыемствы былі працягнуты ў маёнтку Караліно. Тут спявалі польскія хоры з розных рэгіёнаў Беларусі і адбылося ўганараванне аддзелаў Саюза палякаў з розных рэгіёнаў Беларусі. У час мерапрыемства прамаўляла старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс, якая ўзгадала этапы развіцця арганізацыі:

- Гэтыя 30 гадоў можна падзяліць на два этапы дзейнасці: перыяд развіцця ад пачатку - з 1988 года да 2005 года, за гэты час, дзякуючы нашым высілкам, паўсталі польскія школы, асяродкі навучання польскай мовы, арганізаваліся па Беларусі суполкі, з'явілася прэса польскамоўная, таварыствы польскія, клубы, пабудаваны 16 Польскіх дамоў, якія мелі навучаць польскай мове і служыць польскай справе. І перыяд ад 2005 года, калі Саюз страціў гэта.

29 ліпеня, у межах святкавання 30-годдзя Саюза палякаў адбыўся аб'езд польскіх месцаў нацыянальнай памяці на Гарадзеншчыне, і на завяршэнне - супольны пікнік на Аўгустоўскім канале.

Радыё Рацыя.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

1782. Сапега (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва сапега 'хворы на сап'. ФП: сапці ('цяжкадыхаючы, утвараць гукі з прысвістам') - сап (заразная хвароба коней і некаторых іншых жывёл, якая перадаецца чалавеку) - сапега ('хворы на сап', фармант -ега/-га) - Сапега (мянушка хворага чалавека ці асобы з частым выкарыстаннем гэтага імя ў маўленні) - Сапега. Параўн. Чапега ( чап(аць)ега).

1783. Сарокаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сарока і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сарокаў. ФП: сарока ('балбатлівы, шумны чалавек') - Сарока (мянушка, потым прозвішча) - Сарокаў.

1784. Саўчык (Кастусь) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Саўка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Саўч(к/ч)ык. ФП: Сава (імя <арабскае 'праца, няволя, змена') - Сава (прозвішча) - Саўчык. Або 'малады (маленькі) Сава'. Параўн. Лукашык ( Лукашык), Адамік.

1785. Саўчыц (Аляксандр) - другасная форма ад Саўчыч - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч (-іч) ад антрапоніма Саўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Саўкіч - Саўч(к/ч)ыч. ФП: Савелій (ст.-яўр. 'выпрашаны ў Бога') - Саўка (народная форма) - Саўка (празванне, потым прозвішча) - Саўчыч - Саўчыц (дысіміляцыя чч>чц).

1786. Саханенка (Людміла) - вытвор з фармантам - енка ад антрапоніма Сахан з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Саханенка. ФП: саха ('рогі лася') - сахан ('лось сахаты'; параўн.: чубаты - чубан, лабаты - лабан) - Сахан (мянушка, пазней прозвішча) - Саханенка.

1787. Свёкла (Іван). Прозвішча невыразнага паходжання. Яно можа кваліфікавацца як рэгінальная (размоўная) форма імёнаў Пёкла, Хвекла (грэч. 'божая слава'). Або ад апелятыва свёкла (рус.) 'буракі'.

1788. Сеўчанка (Антон) - вытвор з суфіксам -анка ад антрапоніма Сеўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сеўканка - Сеўч(к/ч)анка. ФП: Севасцьян (імя <грэч. sebastianos 'шаноўны, знакаміты') - Сева і Сеўка (народныя формы імёнаў, празванняў) - Сеўка (прозвішча) - Сеўчанка.

1789. Сівіцкая (Людвіка) - вытвор з фармантам шляхетнасці -ская (-іцкая) ад антрапоніма Сівік / Сівы і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сівіцкая. ФП: сівы ('белы, серабрысты, які страціў афарбоўку (пра валасы)'; пасівелы, колер попелу; 'з прымессю белай шэрсці (пра футра)'; (перан.)'які мае адносіны да старажытнасці, далёкага мінулага') - Сівы (мянушка, потым прозвішча) - Сівік ('нашчадак асобы з найменнем Сівы', суфікс -ік (як Адамік - ад Адам) - Сівікскі - Сівіцкі - Сівіцкая.

1790. Сігава (Крысціна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Сіг і семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сігава. ФП: сіг ('паўночная прэснаводная прамысловая рыба сямейства ласасёвых') - Сіг (мянушка, потым прозвішча) - Сігава.

1791. Сідарэйка (Андрэй) - вытвор з суфіксам -эйка ад антрапоніма Сідар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сідарэйка. ФП: Сідар (імя < Ісідар <грэч. 'дар багіні Ісіды, яе культ') - Сідар (празванне, потым прозвішча) - Сідарэйка; як і Адамейка, Барэйка.

1792. Сізараў (Алег) - вытвор з суфіксам прыналежнасці ад антрапоніма Сізар са значэннем 'нашчадак названай асобы': Сізараў. ФП: сізар (рус. сизарь 'дзікі голуб', 'шызы голуб') - Сізар (мянушка, потым прозвішча) - Сізараў.

1793. Сізоў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сізы з значэннем 'нашчадак названай асобы': Сізоў. ФП: сізы (рус. сизый 'шызы') - Сізы (мянушка, потым прозвішча) - Сізоў.

1794. Сіліч (Павел) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Сіла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сіліч. ФП: Сіла (імя <лац. 'маўчанне, спакой', <слав. 'сіла, дужы') - Сіла (мянушка, пазней прозвішча) - Сіліч. [У форме мн. л. Сілічы - тапонім, спортпляцоўка (Мінск. воб.)].

1795. Сініла (Галіна) - семантычны вытвор ад апелятыва сініла 'рэчыва, якім сіняць'; 'сінька' ('сіняя фарба для падсіньвання бялізны, паперы', 'сіняга колеру капіравальная папера').

1796. Сіпакоў (Янка) - вытвор з прыналежным суфіксам - оў ад антрапоніма Сіпак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сіпакоў. ФП: сіпаць ('гаварыць сіплым голасам'), сіпак ('сіплы') - Сіпак (мянушка, потым прозвішча) - Сіпакоў. Або ад апелятыва сіп 'буйная драпежная птушка атрада сокалападобных з бурым апярэннем і белым пухам на галаве і шыі' (з дабаўленнем фіналі -ак ( сіпак) дзеля большай выразнасці наймення асобы мужчынскага полу, параўн. Чыж і Чыжак (Андрэй).

1797. Сірэнка (Віктар) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Сіры і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сірэнка. ФП: сіры (укр. сірий 'шэры' (пра ваўка, зайца) (В. Лемцюгова. Украінска-беларускі слоўнік (с. 561)) - Сіры (мянушка, пазней прозвішча)) - Сірэнка.

1798. Сіўковіч (Валянціна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Сіўко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сіўковіч. ФП: сіўко ('конь сівой масці') - Сіўко (мянушка, пазней прозвішча) - Сіўковіч.

1799. Скібінскі (Баляслаў) - вытвор з фармантам - інскі ад антрапоніма Скіба і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Скібінскі. Або шляхетная форма ад прозвішча Скіба. ФП: скіба ('луста - звычайна: хлеба'; а таксама 'пласт узаранай зямлі') - Скіба (мянушка, потым прозвішча) - Скібінскі. Або ад Скібіна (з суфіксам прыналежнасці -ін-а: Скібіна).

1800. Скорыкаў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Скорык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Скорыкаў. ФП: скоры ('які адбываецца з вялікай скорасцю, у кароткі прамежак часу; які мае вялікую скорасць'; (перан.) 'здольны хутка працаваць, дзейнічаць'; 'схільны спяшацца'; 'які адбываецца ў кароткі час, тэрміна', 'які павінен адбыцца хутка') - Скоры (мянушка, потым прозвішча) - Скорык ('нашчадак Скорага', - суфікс - ык: Скорык (параўн. Худык, Хворык, Лукашык) - Скорыкаў.

1801. Сліж (Тамаш) - семантычны вытвор ад апелятыва сліж (рэг.) 'слімак' - смоўж, які мае ракавіну і вельмі марудна рухаецца, а таксама 'доўгае бервяно ўздоўж маста' (Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны, с. 112). Або ад сліж 'рыба галец' ("Слоўнік Заходняй Беларусі", т. 4, с. 482).

1802. Смольскі (Дзмітрый) - вытвор з фармантам - скі ад тапоніма Смолы / Смоль і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Смольскі.

1803. Смушкевіч (Якаў) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Смушак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смушакевіч - Смушкевіч. ФП: смушак ('шкурка, знятая з новароджанага ягняці некаторых каштоўных парод, а таксама футра такога ягняці') - Смушак (мянушка, пазней прозвішча) - Смушкевіч.

1804. Смяляк (Ягор) - семантычны вытвор ад апелятыва смяляк (утварэння ад смелы (смеляк) - адэквата (слоўнікавага) смяльчак). ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова падае: смяляк, смялека, смял ец, смяляк (с. 928)). ТСБМ змяшчае: смяльчак (разм.) 'смелы чалавек' (т. 5, кн. 1, с. 225).

1805. Снітка (Рыгор) - семантычны вытвор ад апелятыва снітка (ст.-бел. батан.) 'дзягіль'. Бытуе і ў форме Снытка (тое ж Нас., Бяльк.).

(Працяг у наступным нумары.)

Калі б не кніга, не было б і помніка Пятру Мсціслаўцу

У чэрвені сябры ТБМ уздымаліся па пагорках старажытнага Мсціслава, наведвалі замчышча, спыняліся ля помнікаў друкару і пакінулі свае ўражанні на старонках газеты. На публікацыю адазваўся вядомы пісьменнік Эрнест Ялугін. Яго эсэ "Ля жывой вады" было прысвечана старажытнаму гораду над рэчкай Віхрай, а кніга " Мсціслаўцаў посах" паспрыяла прыцягненню ўвагі да постаці Пятра Мсціслаўца.

Прыемна было пагутарыць са старэйшым калегам, які з 1990 па 1997 год быў рэдактарам "Нашага слова", фарміраваў калектыў аўтараў і выпрацоўваў канцэпцыю газеты, пісаў на тэмы гісторыі і культуры.

Эрнест Васільевіч у мінулым - журналіст, карэспандэнт "Знамени юности", "Сельскай газеты" і "Літаратуры і мастацтва", загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Нёман", аўтар выдатных нарысаў і эсэ пра літаратараў і навукоўцаў: В. Быкава, А. Мальдзіса, М. Улашчыка , цікавых апавяданняў і аповесці пра Цішку Гартнага, аўтар сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў і твораў драматургіі. Яго гістарычныя аповесці і раманы "Без эпітафіі", "Мсціслаўцаў посах", "Ідзі і кажы", "Перад патопам", разыходзіліся вялікімі накладамі і карысталіся поспехам у чытачоў. Яго актуальны гістарычны крымінальны раман "Алжырская пастка" (2004) чытачы праглыналі на адным дыханні. Спадар Эрнест падзяліўся ўспамінамі пра плённыя гады літаратурнай працы.

- Эрнест Васільевіч, Вы хадзілі аднымі сцяжынамі з Караткевічам. У эсэ "Ля жывой вады" Вы ўзгадвалі апошняе падарожжа Караткевіча па Мсціславу.

- Караткевіч быў рамантыкам і паэтам. Чытаць яго раман "Дзікае паляванне караля Стаха" - адна асалода! Калі я працаваў у часопісе "Нёман" і быў рэдактарам аддзела літаразнаўства і крытыкі, Валодзя заходзіў да мяне. Ён ставіўся даволі раўніва да тых, хто таксама піша пра гісторыю. Але я быў упэўнены, што толькі ўсе разам мы гэта зробім. Не ведаю, колькі пакаленняў трэба, каб пераасэнсаваць нашу гісторыю ў літаратуры. Сапраўды, я ў нейкай ступені паслядоўнік Караткевіча, бо пра беларускую гісторыю хацеў напісаць цікава.

Паколькі, я па прафесіі - журналіст, першасным для мяне з'яўляецца факт. Мне трэба было пералапаціць безліч фактаў. У мяне захоўваюцца горы летапісаў. Колькі блакнотаў спісана і зроблена канспектаў! У тыя мясціны, пра якія я пісаў, я спецыяльна ездзіў, распытваў людзей і ўжываўся ў тую абстаноўку.

- Як Вы ўпершыню патрапілі ў Мсціслаў?Вашы родныя жылі паблізу гэтых мясцін?

- Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, майго бацьку прызвалі ў армію, маці з трыма дзецьмі дабралася да Крычава і ў хаце бацькавай сястры, знайшла прытулак да самага вызвалення Беларусі. Пасля вайны мае бацькі жылі ў Крычаве. Старажытная вялікая вёска з курганамі, дзе таксама распавядалі пра Мсціслаў. Туды мая мама ішла пешкі, каб набыць парсючка. Сям'я была вялікая, трое дзетак. Жылі мы ў дзедавай хаце. Мяне акружала гісторыя.

Мне пашчасціла, што мяне запрасілі працаваць у Мсціслаўскую раённую газету. Рэдактар Сяргей Дзям'янавіч Хахлоў паслаў мяне паглядзець горад. Там ёсць гара, якая называецца Дзівавай, бо там было старажытнае капішча. Пад такой назвай яна і засталася ў мяне ў рамане.

Слава горада пачалася з праўлення Сямёна Лугвена, якому яго бацька Вялікі князь Альгерд аддаў Мсціслаў з навакольнымі землямі і дабраславіў яго на шлюб з дачкой Дзмітрыя Данскога напярэдадні Кулікоўскай бітвы. Тады ж Лугвен заснаваў за дзевяць вёрст ад Мсціслава Пустынскі манастыр як фарпост абароны. Працавалі ў Мсціславе ганчары і разьбары, кавалі і бондары, хадзілі купецкія стругі па Сажы ўніз, у Дняпро, а ўверх - па Дзвіне ў Полацк, у Лівонію, у Рыгу.

Потым мне давялося вывучаць гісторыю жыцця Пятра Мсціслаўца. Кніга "Апостал", якую выдалі ў Маскве, падпісана двума прозвішчамі: Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец. Да таго, як не было Мсціслаўца ў Маскве,там не было друкарні, не было каму выдаваць кнігі. Толькі тады, калі ён прынёс туды сваё майстэрства, (а магчыма, што ён пераняў яго ад Францішка Скарыны) справа заварушылася і пайшла выдатна.

Я вырашыў, што Пётр пайшоў юнаком з Мсціслава, і ўявіў, як гэта магло быць. Імкнуўся пераканаць сваіх чытачоў, што не Пётр Мсціславец быў падручным Івана Фёдарава, а, наадварот, ён быў яго настаўнікам. Усё гэта вылілася ў кніжку для дзяцей старэйшых класаў, якая называлася "Мсціслаўцаў посах". Нечакана для мяне самога, кніжка была запатрабавана і разышлася вялікім тыражом па ўсім Савецкім Саюзе. Пасля гэтага, я пачаў сустракацца з Мікалаем Улашчыкам і з іншымі навукоўцамі. Спадар Мікола падарыў мне том летапісаў. Мне давялося пісаць пра яго.

Я спрачаўся з маскоўскімі гісторыкамі. Маёй аповесцю для старэйшых класаў зацікавіліся ў райкаме. Мяне падтрымалі іншыя краязнаўцы, пачалі пісаць ў раённую газету, звязаліся з Катушкіным - кіраўніком райкама Мсціскаўскага раёна. Ён запоўніў шафу асобнікамі маёй кнігі, бо імкнуўся зацікавіць людзей мінуўшчынай раёна. Мы ўзнялі грамадскую кампанію за тое, каб паставіць помнік Пятру Мсціслаўцу. Да гэтага падключыўся і Уладзімір Караткевіч. Я бачыў эскізы помніка ў скульптара. Потым значным накладам выйшла кніга на рускай мове "Только камни" .

- Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў пачыналі кнігадрукаване з "Апостала". Да гэтага ў 1525 годзе "Апостал" выдаваў Францішак Скарына ў Вільні.

- "Апостал" быў запатрабаванай кнігай у святароў, быў напрастольнай кнігай для царквы. Па ёй вучыліся, буквара як такога яшчэ не было. Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў зрабілі яе з асаблівым майстэрствам. Асалода была паглядзець! А потым царкоўнікі ўзбунтаваліся і прагналі Мсціслаўца і Фёдарава з Масквы. Яны спалілі друкарню. Першая прычына была ў тым, што Пётр быў для іх чужаком. Другая: ён адразу станавіўся моцным канкурэнтам для тых, хто перапісваў кнігі ад рукі.

- Вы гадаваліся ў савецкай традыцыі. Як Вы адчулі дух "Апостала"?

- Я рос у рускамоўным асяроддзі, бацькі размаўлялі па-руску, але мая савецкасць была фармальнай. Мая цётка Матрона была пабожнай. Яна мяне павяла ў царкву. Я не стаў адразу пабожным, малітоўным, але атрымаў павагу да веры. У дзедавай хаце была старажытная ікона, цётка малілася штодня. Я чуў, як яна звяртаецца да Бога. Калі я пачаў пісаць свае кніжкі, у іх з'явіліся персанажы, звязаныя з царквой. У рамане " Ідзі і кажы" ёсць супрацьпастаўленне маскоўскага бацюшкі і беларускага святара. Я стараўся стылізаваць іх размоўную гутарку. Другая мая цётка, што жыла на станцыі ў Крычаве была заўзятай царкоўніцай, хадзіла на малітвы, спявала ў хоры. Я бачыў, з якой павагай людзі ставіліся да веры.

- Калі кніга "Мсціслаўцаў посах" разышлася, стала папулярнай, была прыцягнута ўвага да асобы Пятра Мсціслаўца і быў пастаўлены яму помнік яшчэ ў 80-тыя гады мінулага стагоддзя?

- Каб не было гэтай кніжкі, не было б там ніякага помніка! Каб не было саміх мсціслаўскіх дзеячаў, хоць яны былі і савецкімі, але хацелі, каб у людзей была добрая душа, каб самі яны былі добрыя! Адно сплавілася з другім. Туды я заахвоціў паехаць Валодзю Караткевіча і іншых.

Часопіс "Нёман" быў важнай крыніцай для беларускіх літаратараў. Маладыя аўтары з Полацка прызнаваліся, што чыталі мае эсэ ў кожным нумары часопіса і былі зарыентаваныя на гістарычнае чытво. Выйшлі мае эсэ пра Васіля Быкава, Адама Мальдзіса і Мікалая Улашчыка. Хаця часопіс друкаваўся спачатку на рускай мове, яго чыталі маскоўскія эліты, і яны ведалі пра Быкава і Мальдзіса. Лазар Лазараў прачытаў пра Васіля Быкава і напісаў мне ліст.

- Эрнест Васільевіч, Вы рэдагавалі "Наша слова"у 90-тыя гады? Якія ў Вас засталіся ўспаміны пра гэты перыяд?

- Завабіў мяне Алег Трусаў, мы многа з ім размаўлялі. Я не адразу пагадзіўся, вагаўся. Мяне запрашаў да сябе Ніл Гілевіч і дабраславіў быць рэдактарам "Нашага слова". Ён мне падараваў сваю кнігу з надпісам: "Сапраўднаму пісьменніку-беларусу, калегу і паплечніку ў вялікім змаганні за лёс народа. З сардэчнай павагай, Ніл Гілевіч."

"Эрнесту Ялугіну, мастаку, рэдактару, сябру з найлепшымі пажаданнямі ў жыцці, журналістыцы і ў літаратуры, у бюро секцыі прозы", - так напісаў Васіль Быкаў. Ён быў старшынём секцыі прозы, а мяне выбраў сваім намеснікам. Такому чалавеку, як Быкаў, трэба было больш прасторы, а я быў маладзейшы і з імпэтам, дапамагаў яму рэцэнзаваць новыя кніжкі.

- Хто пісаў у той час у газету?

- Мне пашанцавала, што ў той час была хоць маленечкая дзяржаўная падтрымка. Ніл Гілевіч і Алег Трусаў былі ўплывовымі дэпутатамі і ўваходзілі ў секцыі. Яны дамагліся таго, каб газета існавала на дзяржаўным балансе. Мне дазволілі набраць невялічкі штат: падабраліся людзі з энтузіазмам. Усіх я вучыў. Сярод іх літсупрацоўнікаў быў Алесь Карлюкевіч. Ірына Крэнь пісала з задавальненнем і вучыла маладых журналістаў публіцыстычнаму стылю. З вялікай павагай я стаўлюся да цяперашняга галоўнага рэдактара газеты Станіслава Судніка.

- Як казалі Вашы калегі, Вы былі глыбокакапальнікам у гісторыі. У Вашых працах Вы цытуеце даследванні вядомых бібліёграфаў: Антаніны Зёрнавай і Яўгена Неміроўскага.

- Гісторыя дае нам навуку выжывання. Я спачатку пісаў свае раманы на рускай мове. Тыражы былі вялікія! Вышыхтоўваліся чэргі і чыталі. Кніга пра Цішку Гартнага называлася "Без эпітафіі". Першы яе варыянт на рускай мове быў надрукаваны ў часопісе "Нёман" пад назвай "После небытия". Мне важна было паказаць, што зрабіў Зміцер Жылуновіч як дзяржаўны дзеяч. Я знайшоў, дзе яго пахавалі, гэта ўсё напісана ў мяне.

Раман "Перад патопам" апісвае канец праўлення Ягелонаў. Прафесар Анатоль Грыцкевіч адзначаў, што "пісьменнік падае зрэз сярэднявечнага грамадства. Эпахальны твор варта прачытаць усім, хто неабыякавы да лёсу Беларусі.""Тое, што гэта цікавае чытво, няма сумневу, - пісаў акадэмік Гарэцкі. - Аўтар выдатна валодае прыгодніцка-дэтэктыўным жанрам і прымушае чытаць нагбом, бо інтрыгуе. Карціць даведацца, што будзе далей, чым скончыцца той ці іншы эпізод. Асобныя эпізоды асветлены нагэтулькі яскрава і дэталёва, што складваецца ўражанне прысутнасці там самога пісьменніка."

Гутарыла Эла Дзвінская. 1. Эрнест Ялугін; 2. Помнік Пятру Мсціслаўцу; 3. Кніга пісьменніка "Мстиславцев посох"; 4. Экспазіцыя мясцовага музея.

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча ўручаны

Паўлу Белавусу за #БНР100

27 ліпеня Партыя БНФ абвесціла сёлетняга лаўрэата памятнага знака імя Віктара Івашкевіча, якім партыя ўганароўвае арганізатараў найбольш значных масавых акцыяў. Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў уручыў памятны знак заснавальніку культурнай пляцоўкі Арт-сядзіба, лідзяніну, Паўлу Белавусу.

Такім чынам была адзначаная роля Паўла Белавуса ў арганізацыі сёлетняй акцыі "Свята Незалежнасці" 25 сакавіка ў Менску, якая была прымеркаваная да стагоддзя абвяшчэння трэцяй устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Перадаючы Паўлу Белавусу памятны знак імя Віктара Івашкевіча, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў:

- Ад імя Партыі БНФ я маю гонар абвесціць, што па выніках галасавання сяброў Сойму Партыі БНФ сёлетні памятны знак імя Віктара Івашкевіча за ўдзел у арганізацыі і правядзенні масавых акцыяў партыя ўручае Паўлу Белавусу, заснавальніку Арт-сядзібы і крамы symbal.by, дзе мы з вамі цяпер знаходзімся.

Такім чынам нашая партыя вырашыла адзначыць ролю Паўла Белавуса як арганізатара масавай акцыі "Свята Незалежнасці " 25 сакавіка ў Менску каля Опернага тэатра ў дзень абвяшчэння Трэцяй ўстаўной граматы БНР, якой была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. З вялікай упэўненасцю магу сказаць, што гэта была адна з самых масавых і самых духоўна моцных акцыяў, якія былі зладжаныя беларускай грамадзянскай супольнасцю за апошнія гады.

Знак імя Віктара Івашкевіча мы ўручаем ужо ў пяты раз. Хачу нагадаць, што крытэрамі для вызначэння асобы, якая будзе ўганаравана знакам, з'яўляецца актуальнасць тэмы акцыі і яе адпаведнасць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, актуальнасць узнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасць і творчы падыход пры планаванні і правядзенні акцыі, грамадскі розгалас і масавасць акцыі, яе ўплыў на грамадства ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі. Па ўсіх гэтых крытэрах сёлетняя акцыя 25 сакавіка стала беспрэцэдэнтнай і паспяховай - і я рады, што такая мая ацэнка аказалася сугучнай ацэнкам іншых сябраў сойму, якія галасавалі па вызначэнні кандыдатуры на уручэнне памятнага знака.

Мушу адзначыць, што мне асабліва прыемна ўручаць памятны знак імя Івашкевіча менавіта Паўлу Белавусу яшчэ з двух прычынаў:

Па-першае, Павел - чалавек наш, фронтаўскі, і я рады што БНФ па-ранейшаму дае старт людзям у рэалізацыі паспяховых грамадскіх праектаў, у тым ліку непалітычнага кшталту.

Па-другое, працуючы ў межах юбілейнага аргкамітэта па адзначэнні 100-годдзя БНР я з упэўненасцю магу сказаць, што роля Паўла ў арганізацыі свята 25 сакавіка ў Менску была вызначальная не толькі як арганізатара ўласна самога мерапрыемства (што таксама вельмі важна), але і як грамадскага дзеяча. Дастаткова прыгадаць паседжанне аргкамітэта акцыі, дзе быў фактычна клінч паміж прыхільнікамі розных фарматаў акцыі - і менавіта аргументаваная, жорсткая і адначасова адкрытая да кампрамісаў пазіцыя, заяўленая Паўлам, якую ўсе маглі бачыць на ютуб-трансляцыі пасяджэння, дазволіла выпрацаваць аптымальны для шырокай грамадскасці фармат Свята Незалежнасці, якое мы з вамі годна адзначылі 25 сакавіка. Такім чынам Павел праявіў сабе не толькі як таленавіты арганізатар, але і як палітык.

Я ўпэўнены, што менавіта заслугамі Паўла і дзесяткаў, калі не сотняў, людзей, валанцёраў, якія шмат працавалі на правядзенне святкавання стагоддзя БНР, мы цяпер маем магчымасць сказаць - мы адсвяткавалі стагоддзе аднаўлення нашай незалежнасці годна, гэтым мерапрыемствам можна ганарыцца. Спадзяюся, наперадзе ў Паўла і ў нас з вамі яшчэ не адна такая паспяховая акцыя будзе ў будучыні.

- Натуральна, мне вельмі прыемна, але тое, што ўдалося правесці сёлета "Свята Незалежнасці" - гэта наша агульная заслуга. Таму прэмія - такая калектыўная ўзнагарода ўсім, хто спрычыніўся. Асаблівая падзяка Партыі БНФ і яе старшыні Рыгору Кастусёву, які дапамагаў у шматлікіх арганізацыйных пытаннях, - сказаў belsat.eu Белавус.

Ён падкрэсліў, што асаблівае значэнне для яго мае памятны знак менавіта імя Віктара Івашкевіча, які стаяў на чале многіх вулічных акцый у 90-я гады.

- Мы ўжо думаем над месцам і фарматам святкавання наступных угодкаў БНР. Шукаем партнёраў і спонсараў. Хочацца правесці свята як мінімум не горш, а нават лепей, чым летась. Формула ўдалага свята для нас простая: максімальная колькасць удзельнікаў і мінімальная - затрыманняў, - падзяліўся планамі Павел Белавус.

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны Партыяй БНФ у памяць пра выбітнага палітыка, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода была ўручана ў пяты раз. Абвяшчэнне лаўрэата памятнага знака традыцыйна прымеркаванае да 27 ліпеня - дня абвяшчэння Дэкларацыі пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі.

Крытэрамі для ўручэння знака з'яўляюцца: актуальнасьць тэмы акцыі і яе адпаведнасць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, актуальнасць узнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасць і творчы падыход пры плянаванні і правядзенні акцыі, грамадскі розгалас і масавасць акцыі, яе ўплыў на грамадства ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі.

Летась памятным знакам імя Віктара Івашкевіча была ўганаравана ветэран нацыянальна-адраджэнцкага руху Ніна Багінская, а да таго знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідару грамадскай арганізацыі "Альтэрнатыва" Алегу Корбану, кінарэжысёрцы і грамадскай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідару "Маладога Фронта" Змітру Дашкевічу.

narodny.by.

Беларусь і Германія ў гэтым годзе могуць выйсці на $3 млрд тавараабароту

Навіны Германіі

Беларусь і Германія ў 2018 годзе могуць выйсці на $3 млрд тавараабароту, заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ФРГ Дзяніс Сідарэнка, паведамляе БЕЛТА.

- У эканамічным плане дынаміка нашых адносін вельмі і вельмі пазітыўная. Мы бачым, што ў гэтым годзе зможам, хутчэй за ўсё, выйсці на ўзровень $3 млрд у гандлі паміж краінамі, - сказаў Дзяніс Сідарэнка.

У ліку беларускіх тавараў, якія шырока вядомы ў Германіі, ён назваў тэхніку Менскага трактарнага завода.

- Традыцыйна ва ўсходніх землях, у невялікіх фермерскіх гаспадарках наш трактар даволі актыўна выкарыстоўваўся і па-ранейшаму мае вельмі добрую рэпутацыю. У нямецкай тэрміналогіі асноўная характарыстыка гучыць як "яго нельга зламаць", - адзначыў пасол, дадаўшы, што менавіта надзейнасць выпусканай прадукцыі ставіцца ў аснову пры пашырэнні беларускіх тавараў на рынак ЕС.

Дыпламат з задавальненнем канстатаваў і значную інтэнсіфікацыю палітычных кантактаў. Так, важнай гістарычнай падзеяй стаў афіцыйны візіт у канцы чэрвеня ў Беларусь Федэральнага Прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера.

БЕЛТА.

Дзіцячы лагер "Брэменскія музыкі"

Навіны Германіі

У лідскай СШ № 1 для дзяцей ад 6 да 14 гадоў у ліпені адчыніў свае дзверы лагер "Брэменскія музыкі". Як сапраўдныя трубадуры, кожны дзень яны вандруюць па незнаёмых вуліцах, бульварах, завулках казачнага горада Брэмена. Хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, а хтосьці навучыўся не засмучацца пры маленькiх няўдачах. Кожны наступны дзень непадобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі. Дзеці сталі ўдзельнікамі пазнавальных і спартыўных мерапрыемстваў, конкурсных, забаўляльных праграм і віктарын.

У лагеры ў выхаванцаў шмат спраў: яны ходзяць на экскурсіі, глядзяць фільмы ў кінатэатры. А таксама малююць, гуляюць у рухомыя і настольныя гульні.

Вялікая ўвага тут надаецца прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, замацаванню Правіл дарожнага руху і пажарнай бяспекі. Усё гэта праходзіць у ненадакучлівай, цікавай і займальнай для дзяцей форме. Кожны дзень праводзіцца хвілінка бяспекі.

Лагер "Брэменскія музыкі" цесна супрацоўнічае з Лідскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, Лідскім раённым экалагічным цэнтрам, Лідакінавідэасеткай, АДАІ Лідскага РАУС, Лідскім раённым аддзелам па НС, Лідскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства, Лідскім раённым цэнтрам тэхнічнай творчасці. Працаўнікі гэтых устаноў праводзяць з выхаванцамі лагера майстар-класы, квэст-гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі, майстэрні, экскурсіі, практыкумы.

Вядома, гатовага рэцэпту выдатнага лета не існуе. Але педагогі школ перакананы, што паразуменне і добры настрой - сакрэт поспеху. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было весела, а кожны дзень стаў незабыўным.

Л. Шаўчук, дырэктар лагера "Брэменскія музыкі".

Чарговыя заняткі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

Чарговыя лекцыі ў "Гістарычнай школе" Алега Трусава будуць прачытаны на тэмы "Ліда. Горад" і "Ліда. Замак". Яны пройдуць 8 і 9 жніўня з 17:30 да 19:00.

Адрас: офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13).

Уваход вольны.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Францішак у час паўторнага побыту ў Сібіры паддаўся перад сілай роспачлівых пакут душы. Сумненне пхала яго да прагнення забыцца ў смерці, пагружала яго ў доўгую, цяжкую хваробу, але ён ніколі не перастаў быць верным мэтам, акрэсленым у маладосці. Ніколі не аслабла яго вялікая любоў да Бацькаўшчыны. Розум, памяць (надзвычайная), хуткае меркаванне пра рэчы, пачуццё праўды і справядлівасці ніколі яго не пакідалі да хвіліны смерці.

Да канца цікавіўся інтэлектуальным рухам сярод нашай моладзі. Любіў яе так, як бы хіба мог любіць уласных сыноў. На іх від твар яго прамяніўся жыццём. Верыў у яе, верыў, што большасць заўсёды імкнецца да добрага, хоць не раз рабіла памылкі, але паводле яго, яна толькі ў стане выправіць тыя памылкі - не сёння, то заўтра. Любіў моладзь, любіў да яе прыслухоўвацца, глядзець на яе.

Хвароба сэрца і астма хутка развіваліся. Што дзень была відна змена ў арганізме. У апошнія гады быў дзіўна заглыблены ў сябе. Пра што думаў? Калі пыталася - смутна ўсміхаўся. Што думаў пра лёсы Краю? Ці пра дзяцей? Ці пра блізкую смерць. Чытаў надзвычай шмат, да апошняй хвілі цікавіўся грамадскімі справамі ў Краі і ўва ўсёй Еўропе.


Смутна глядзець на чалавека, душа якога жыве поўным жыццём, думка ясная, лагічная, пругка рушыць наперад з часам; а цела адстае, паступова замірае, слабне.

Размаўляючы з ім у апошнія часы пра Спасовіча. пра згоднікаў 94, пыталася, што ён думае пра супольнае з Расіяй жыццё?

"Ні сёння, ані праз сто гадоў поўнай супольнасці быць не можа і не будзе. Уся мінуўшчына Польшчы і Расіі будзе таму перашкодай. Сёння не маем паміж сабой нічога агульнага. Праз доўгія гады можа дайсці толькі да побыту федэратыўнага. Кіраўніцтва будзе належаць да найбольш здольнага народа са славян. Якога? Сёння прадказаць цяжка. Польшча не згіне, ператрывае, перацерпіць яшчэ многа, пройдзе, можа, праз доўгія гады выпрабаванняў, але ператрывае, жыць будзе".

У апошнія дні жудасна пакутаваў. Не скардзіўся, не прасіў ратунку. Сядзеў у сваім любімым фатэлі з рукамі сплеценымі, як да малітвы, з выразам адрачэння, як бы размалення душы.

Апошнюю найдаўжэйшую размову, перад смерцю, правёў з п[анам] Міхалам Грыбоўскім, якога высока цаніў, і які пакінуў пакой Францішка ўзрушаны, са словамі на вуснах: "Сапраўдны хрысціянін".

Дзіўнае супадзенне, падобны выраз прамовіў каплан, выходзячы ад Аляксандра ў 1862 годзе.

Францішак памёр 25 красавіка 1904 года каля чацвёртай па паўдні.

Некалькі ўрыўкаў з успамінаў і лістоў маіх братоў Канстанціна і Цітуса Далеўскіх

У выніку пад'ёму сялянскай праблемы 95 думка моладзі, якая вучылася па ўніверсітэтах пачала паварочвацца да практычных заняткаў, каб тым шляхам наблізіцца да народа, эфектыўней над ім працаваць, нішчачы пры тым шкодны, падбухторчы ўплыў ураду.

Канстанцін Далеўскі, студэнт маскоўскага ўніверсітэта, адзін з першых пераходзіць з другога курса матэматычнага факультэта на каморніцтва. У сакавіку 1862 года пасля ўвядзення новага ўлажэння 96 заняў пасаду землямера ў Ковенскай губерні. Разумнасць, трапнасць, справядлівасць і вернасць светлым мэтам руху з'ядналі на ім гарачую любоў і веру люду, а таксама сяброўства і прызнанне аколічных зелеўладальнікаў.

Дзень майго шлюбу 11 жніўня новага стылю 1862 года быў днём, у якім яго ў апошні раз у жыцці бачыла.

Калі Серакоўскі на трэці дзень велікодных святаў прыбыў у Шаты 97 да Фларыяна Даноўскага, Канстанцін стаў каля яго, а сельская моладзь, з якой зжыўся ў час выканання сваіх абавязкаў паспяшыла за ім, як і грамадка блізкай яму моладзі, з якой не расставаўся аж да апошняй хвілі паўстання, менавіта трое Гейштараў 98, сыны Стэфана з Забелішак 99, двое Шэнгельмеераў, Шукшта, Мілашэвіч і некалькі іншых.

З Шатаў Серакоўскі выправіў Яна Жахоўскага з дзясяткам з лішнім маладых людзей у Тарэсбор (Квеле) 100, у фальварак князя ў Андронінскіх лясах 101 для заснавання лагера, а сам у кампаніі Ігнацыя Ляскоўскага, д-ра Траскоўскага і невялікага аддзела (16 чалавек) свежа сабраных накіраваўся да Пашумера 102, маёнтка Генрыка Вялічкі (камісара). (Тут, а не ў Вільні, як няправільна апісвае аўтар "Гісторыі двух гадоў" 103, Зыгмунт змяніў вайсковую форму на цывільную, у якой яго ўбачыў Генрык Вялічка).

Падаю тут некалькі ўрыўкаў з розных лістоў, напісаных да сястры Апалоніі Серакоўскай, і перасланых пры пасярэдніцтве пані Гадэбскай пасля смерці Канстанціна.

"Ледзьве мы аддаліліся ад Шатаў на нейкія некалькі дзясяткаў крокаў па лужку ў бок бору, убачылі маскоўскі аддзел, які сунуўся гасцінцам. Было нас звыш дзясятка, і амаль зусім не ўзброеных. Я меў фузейку, падобную да той, якою (можа памятаеш?) будучы дзяцьмі пужалі вераб'ёў з прыдарожных вішань, з той толькі розніцай, што мая даўняя страляла, а гэтая, якую цяпер меў перавешаную цераз плячо, слухаць мяне не хацела. Таварышы мае мелі стрэльбы ад дзядоў і прадзедаў, дастаныя са схованак, дзе да таго хаваліся, як памяць, ад вока паліцыі. Не адна з іх, роўна як і мая, у гэтую хвілю не была прыдатная для абароны. Гледзячы на шэрагі маршыруючых маскалёў, думаў сабе: пакуль дабяжым да лесу, перастраляюць нас на лузе, як качак. Не ведаю, што думалі мае таварышы. Што да мяне, не адчуваў страху, толькі вельмі было цікава ведаць, што Зыгмунт зробіць у тым становішчы? Сталі ўсе, як укапаныя. Паглядзеў на нас - бачыў - шкода яму нас было. Раптам гукнуў: "Падай на зямлю!" У адзін момант расцягнуліся ўсе на лужку непадалёк дарогі, а снег, які за паўгадзіны пачаў падаць, сыпаў і сыпаў, пакрываючы нас сваім белым пухам.

Масква прамаршыравала тут жа каля нас - нехта, відочна, данёс, што новы аддзел збіраецца ў Шатах. Уварваліся, білі няшчаснага Фларыяна [Даноўскага], надзявалі яму некалькі разоў вяроўку з пятлёю на шыю, дапытваючыся, у які бок пайшлі паўстанцы? А мы так блізка і не ведалі, што там адбываецца. На шчасце пайшлі, а мы ўскочылі ў Шаты ў час, каб уратаваць жыццё высакароднаму Фларыяну".

Даноўскі пасля ўпадку паўстання да позняй старасці жыў у маёнтку Альфрэда Ромера, аточаны добразычлівасцю ўсёй сям'і, і сам да іх быў шчыра прывязаны.

У Пашумер з Коўні прыйшоў запыт, дзе Даленга 104 загадае размяшчацца аддзелам для пераходу пад яго камандаванне. Указаны Трускоўскія 105 лясы ў Крамянецкай пушчы 106, паміж Кейданамі 107 і Сурвілішкамі 108, як найвыгаднейшы пункт для скіраваных з некалькіх бакоў большых аддзелаў, як і з-за патрыятычна настроенай люднасці.

"У Пашумеры, - піша Канстанцін, - прынятыя з гарачымі пачуццямі Вялічкам, затрымаліся аднак коратка, толькі столькі, колькі наш ваявода запатрабаваў часу для паразумення з камісарамі (а было іх шмат, як: губернскі, павятовыя, парафіяльныя, лагерныя, раз'ездныя), натуральна, не ўсе былі тут патрэбныя і прысутныя. (Вышэйшыя па пасадзе ведалі сваіх ніжэйшых, але ніжэйшыя і найніжэйшыя нічога не ведалі пра начальнікаў вышэйшых, якія не былі ў непасрэдным судакрананні з імі). Для нас побыт у Пашумеры быў неабходны, каб пры дапамозе кавалёў направіць як такую нашую зброю, нягледзячы на тое, што перад выхадам кожны з нас з вялікай стараннасцю аглядаў сваю; і асадзіць патрэбную колькасць кос для свежа прыбылых дабраахвотнікаў.

Пакуль мы прыбылі ў Трускоўскія лясы мелі яшчэ адну сустрэчу з непрыяцелем, невялікага значэння для ходу справы, але для нас асабіста велізарнага. Даленга жартаваў з нас, гаворачы, што адчувае ўсю нашую нікчэмнасць супраць сілы ворага, пакорна пападалі ў Шатах перад ім тварам уніз, за тую нашую ганьбу - дадаў - належыць нам сатысфакцыя.

Нядоўга на яе чакалі. Калі мы крочылі краем Трускоўскіх лясоў, дагнала нас вестка, што масква на нашым следзе - даганяе нас. Даленга гукае:

- За крыўду, нанесеную Даноўскаму, за нашую ганьбу і з-за неабходнасці здабыцця хоць жмені зброі тут будзем чакаць і біцца! Адступіць на некалькі дзясяткаў крокаў, каб хто нас не высачыў і не здрадзіў, вынырнуць з лесу і паўзучы на чацвярэньках зблізіцца да дарогі, туды, дзе бачылі, буйна растучы ядловец, расцягнуцца доўгай лініяй: стрэльба - дзве касы, стрэльба - дзве касы..., а калі масква параўняецца з даўжынёй нашай лініі, па камандзе адначасова выстрал, звон у косы і скок на каркі непрыяцелю!

Як сказана, так і зроблена. Было нас у той час каля сямідзесяці пяці чалавек. Па большай частцы прыбылі адначасова з Зыгмунтам з Пецярбурга, Масквы і Вільні, толькі замарудзіліся пры развітанні з сем'ямі.

На неспадзяваны гук стрэльб, звон кос, на крыкі: Бі! Забівай!, як пусцяцца нашы маскалі ўбок цераз равы, цераз палі, лугі, а мы - за імі. Чапляліся, як п'яўкі. Не жыццё іхняе нам было патрэбнае, а іхняя добрая зброя. Якога даганялі, не адпускалі іначай як пасля аскубання найперш багатага пер'я. Дурні не аглянуліся, нават, ані разу, не ведалі, як нас было няшмат.

Наш любімы ваявода свяціўся - рады быў за нас - і мы радаваліся, тулілі да сябе, як прывыклі гаварыць даўнія жаўнеры, здабытую зброю, як каханку (няхай толькі мае сястрычкі не абураюцца такім выразам).

Пасля таго нашага першага хрышчэння, правадыр наш прадказваў нам, калі так далей пойдзе, аднаго партызана хопіць на трох маскоўскіх салдатаў: аднаго пераможа адвага, атрыманая ў спадчыну ад продкаў, другога - любоў да Бацькаўшчыны і тэцяга - абарона ўласнага жыцця.

Расейскі салдат слухае каманды. Калі афіцэр струсіць і ўцякае, нічога не стрымае салдата ад яго прыкладу, а калі падае забіты, салдат лічыць сябе вольным ад усякіх абавязкаў і таксама ўцякае).

Ад гэтай хвілі многія з нас перайшлі як стральцы пад каманду палкоўніка Антаневіча. Не было гэта, аднак, поўным развітаннем з касой, вярталіся да яе не раз, калі нам не хапала боепрыпасаў".


Падрабязнасці тыя з першых дзён пасля прыбыцця Зыгмунта на Ковеншчыну апавядаў мне таксама Уладзіслаў Сыпнеўскі, асістэнт на працягу васьмі гадоў прафесара Красоўскага, слаўнага хірурга ў Пецярбургу. Сыпнеўскі быў ардынатарам адной з хірургічных залаў, потым практыкаваў у Коўне, чалавек ужо з сівымі валасамі не вагаўся кінуць усё, што здабыў працай і здольнасцямі, каб у хвілі краёвай патрэбы стаць як просты жаўнер пад каманду Зыгмунта, а пасля бітвы як хірург лячыць і даглядаць параненых.

(Працяг у наст. нумары.)


94 Згоднікі - прыхільнікі паразумення з Расіяй узамен на нацыянальную канцэсію, асабліва рэпаланізацыю адміністрацыі і школьніцтва.

95 Ад 1856 г. у Расіі ішлі работы над сялянскай рэформай, якая ўключала ліквідацыю прыгону.

96 Пасля ліквідацыі прыгону (улажэнне ад 19.ІІ/3.ІІІ 1861 г.) і ўвядзення для асобных рэгіёнаў асобных улажэнняў, якія датычылі разняволення, распачалі на Літве вясной 1862 г. абмер сялянскіх зямель. Канстанцін працаваў як каморнік пры так зв. пасярэдніку ў Ковенскім пав.

97 Шаты (літ. Seta, кейданскі р-н), мястэчка ў Вількамірскім пав., над ракой Абелай за некалькі кіламетраў ад Кейдан. Даноўскі быў там у той час гмінным пісарам.

98 Гаворка пра Баляслава, Браніслава і Юзава Гейштараў.

99 Забелішкі (літ. Zabieliskis, Кейданаўскі р-н), двор і добры Стэфана Гейштара ў Ковенскім павеце, страчаныя ў выніку паўстання (маёнткі секвестраваны і выстаўлены на продаж).

100 Тарэсбор (літ. Teresboras, Анікшцкі р-н) - фальварак паблізу Кнэбі (Kniebiai) і мястэчка Анікшты ў Вількамірскім павеце. Тут Серакоўскі стварыў лагер і фармаваў рэгулярнае войска. У лагеры было каля 2500 паўстанцаў. Праводзілі вучобу, заснавалі збройную майстэрню, дзе кавалі косы і выраблялі кулі. 21.IV.1863 г. праз тыдзень аддзел пакінуў лагер.

101 Андроніскія лясы, у Вількамірскім пав., у ваколіцы казённага мястэчка Андронішкі (літ. Andrioniskis, Анікшцкі р-н) над ракой Святой.

102 Пашумер (літ. Pasumeris) - двор Вялічкаў у Вількамірскім павеце.

103 Гаворка ідзе пра кнігу Валерыя Прыбароўскага "Historia dwoch lat, 1861-1862" (т. 1-5, Кракаў, 1892-1896), якая з'явілася пад псеўданімам Z.L.S.

104 Псеўданім Зыгмунта Серакоўскага ад гербу Серакоўскіх.

105 Трускоўскія лясы ў Панявежскім павеце; казённае мястэчка Трускаў (літ. Truskava), каля 26 км ад Кейдан.

106 Крэмянцінская пушча (літ. Kremenciskiu vienkiemis), назва паходзіць ад хутара Крэмянцішкі ў Тарэборскіх лясах.

107 Кейданы (літ. Kedainai, Кейданскі р-н) горад у Ковенскім павеце.

108 Сурвілішкі (літ. Surviliskis, Кейданскі р-н), казённае мястэчка ў Ковенскім павеце над Невяжай, на Панявежскім гандлёвым тракце.

Пашкадуйце мяне, кропелькі

Валер Санько

Апавяданне

(Заканчэнне. Пачатак у папяр.. нумарах.)

- Мне няёмка выслухоўваць ваша малітоўства Небу, раствору, медыкам.

- Муж вам так высока гаворыць? - скіроўвае на медсястру вочы Бадановіч.

- Што вы, у яго языка няма. Ён за кашу і боршч, дранікі і блінцы дзякуе адным словам.

- Якім?

- Смачна, ой як смачна.

- Болей нічога?

- Не ведае. Ён шафёр у мяне. Словы мяккія аддае часцей матору, чым дзецям і мне.

- Хваліце мужчынскае маласлоўе. Ён вас і так высока ставіць, вышэй за матор. Радуйцеся.

Твары хворага і медычкі свецяцца. Медсястра: дурныя бабы ў такія хвіліны вераць мужыкам. А вы шэпчаце не нам, раствору, ампулам, кнігам. Несправядліва.

Двое разумеюцца, не поўнасцю.

- Дзяржаўнікі вінаватыя ў агульным. Паўтараю. Школа адну гадзіну ў месяц на лекцыю супраць курава не можа выдзеліць старшакласнікам. Адна гадзіна на месяц. І яшчэ гадзіну супраць лаянкі. А ледзь што - вінаваты народ, сям'я, школа, вуліца, далдоняць дзяржаўцы. Сабаччо ў кватэры вучаць любіць, а здароўе, мараль і лад народа губяць.

Не будзе кропельніцаў - некаторым хворым каюк.

Медсястра няўдзячная пацалаваламу ёй руку хвораму: "Я не жанчына, я медсястра".

Танюткая, як запалка, гнуценькая драцянка. Па яе сценцы збіраецца яшчэ танчэйшая вадкасць. Як нядаўна выкапвала ампула, так цяпер цэдзіцца з неба плафона і бялізны марлі воблакаў імжатныя кроплі. Вадзяныя ніткі яднаюць млявасць набраклага неба, сівізну небакраю.

Доктар Юлія Віктараўна вядзе платны прыём хворых. Медустанова мусіць павышаць рэнтабельнасць. Упраўляецца ў палатах і на платных прыёмах.

- Замучыла запарка, - спачувае ёй Ігар Бадановіч.

- Хворы заплаціць пяць рублёў, абследавацца хоча на дзесяць, а то і дваццаць. Валіць платнік нам сюды неўралогію і тэрапію. Як жа, ён у бальніцы, ён заплаціў. У паліклініцы атрымаў бы дзесяць хвілін у доктара, а тут паўгадзіны, гадзіну. Вось і запарка.

- Чаго рана яго выпраўляюць?

- Восем дзён ён у нас быў. Пракапалі алкаголіка, таблеткі, масаж - і дамоў, на працу.

- Як вы трапілі ў рэабілітацыю? - новаму хвораму цесніцца.

- Тры гады пасля інсульту, вось і палажылі.

Тлумачэнне доктара: тут у асноўным тыя, хто хоча групу атрымаць…

- Якую?

- Трэцюю.

Праз год зноў на ложак, правяраюць, акрыяў ці не. Праз тры гады перэатэстацыя, раённая камісія. Другая група, або знімаем і трэцюю.

Школьныя сябры ў бальніцы бачаць пацыентаў нервовага аддзялення, ім занепадобала, у тым ліку выгляд школьнай сяброўкі. Цяжкая праца, не пойдуць вучыцца ў медкаледж.

Веды ратуюць ад пустых забавак, нейтралізуюць маладзёвую актыўнасць, падкупляюць моладзь ад пафігізму, абыякавасці. Маладыя адзыўлівыя, усюды адзыўлівыя.

Нармальны хворы адрозніваецца ад перапоўненага кропелькамі. І піўцом. Сонны, вялы, усё для яго невыразна ўдзень і ўночы.

Праверку хворых лепей ад усяго рабіць за абедзенным сталом.

Тут выпісваюць хутка, за спазненні, неўжыванне таблетак, парушэнні рэжыму.

Аляксей Бялько праведваў Ігара Бадановіча, ён абавязаны любіць хворых па абавязку лекара і доктара. Да кожнага ставіцца належна. Яны да доктара адносяцца не належна. Я да іх, як да роўні, балазе пасля пяцідзесяцігадовага ўзросту мы ўсе трохі прыпыленыя, а хворыя дурацца, чакаюць клопату адно пра сябе. А самі? Лежні. Нават вядомае, самымі перажытае расказаць не ўмеюць, мовы няма. Сорам у іх ці абсалютная старэчая закарузнасць, цемра. Няўжо яны такія з унукамі?

Вымольванні і дрыжыкі сэрца, фібраванне кожнай клетачкі мозгу далі-такі Бадановічу паскораны вынік. Мова не аднавілася, а дрыжыкі ў руцэ і назе зніклі, замест чатырох-пяці таблетак ураніцы і ўвечары пераключыўся на дзве-тры.

Чатырнаццаць дзён вымольваў "Пашкадуйце мяне кропелькі", не сарвіцеся ў віхурнасць штопара няўдалага прызямлення, не дапускайце аварыі на няроўным і роўным месцах. Дайце перадых абедзвюм паловам галоўкі.

Пустацельству не месца ў маіх нейронах і нейтронах. Мова не становіцца нармальнаю, а нага нармальная, правая, і левая рука.

Дзякую вам, кропелькі, за ласку ўзнёсу з беспамяцтва, за прылёт ў нармальнае зямное існаванне, дзякуй кропелькам за адзыўнасць і шкадобу. Вы жывыя, вы чуеце жывое карыснае, прыгоднае.

Пасля выступлення:

- Я прачытаў вашу кнігу "Эрозіі глебаў будуць шырыцца пакуль жыве чалавек на планеце". Да вас пару пытанняў. Па-першае…

- Першае, так Колас гаварыў і Купала. Не па-першае. Другое пытанне таксама не прамаўляйце.

- Я з добрых пазіцыяў, пахваліць за праблемы вас можна?

- Хваліць акурат не трэба, - звычна лектар ссоўвае ўласныя лісцікі і дасланыя слухачамі ў сінюю пластмасавую вокладку, ласкава раіць дасланыя пытанні дасылаць у міністэрствы, Акадэмію, райвыканкамы.

Бадановіч гадамі збіраў фактуру, трамбаваў па раздзелах, а цяпер гадзіну будзе даказваць разумнаму аспіранту ці настаўніку логіку збораў. Думайце самі.

На выхадзе трое дапытнікаў у роспытах могуцца выхапіць што-нішто з праблемаў эразійнасці. Іранізуюць з сябе, лектара Бадановіча, хмурацца. Скажыце, дзе і калі ваша чарговая лекцыя. І гэта не ведаеце, глебазнавец. Блага, блага.

- Маладыя людзі, чытаць трэба не адну-дзве кнігі аднаго-двух аўтараў, а ўсе кнігі па тэме, ахопней, болей карысці.

Не існуе панацэі ад усіх бед. Неасветнасць, абсалютная неадукаванасць і невуцтва спараджаюць страх, ўсіхны вынік - зласлівасць у рабацяжных да ўсіх. Інтэлігентны чытач сярдуе не на сваё няведанне, а на разумнейшага, падказалага.

У аднаго хворага бліз Ясельды памерла маці. Хлопчык трох гадоў амаль забраўся на труну. Плача, просіць маму: "Маму, маму, уставайце. Паглядзіце, колькі людзей да вас прыйшло. Увесь вечар і дзень шкадуюць нас. Просяць устаць. Маму, хто мне кашульку памые". Гаворыць і смаркаецца, плача.

Хлопчыка жаночыя рукі знімаюць з услончыка, а той упарта мосціцца падлезці, прытуліцца да мамы. Рукі мамы расплеценыя ім, адна з іх укрывае галоўку малечы. Характэрным палескім пінскім дыялектам малы паўтарае "Маму, маму, прашу вас, уставайце". Сабраныя выціраюць вочы.

Каб хто супыняў яго, вучыў не плакаць ці гаварыць, каб недзіцячая горненькая бяда вылівалася наўселюдзь, яго б асадзілі, завялі ў другі пакой, а то малы сам запёк людское чарнобыльскае гора.

Бацька і яго сябры разгубіліся, шкадуюць, што прывезлі жанчыну хаваць на Піншчыну.

Мне шмат трэба зрабіць. Расхваліць не ўсю Случчыну, а хоць свой інстытут, прафесію.

Гатовы я кроплямі расцячыся па сваёй вёсцы і Случчыне, як кроплі бліз сябе. Няхай знікнуць крывацёкі радыяцыйныя.

Ядзя перад выхадам у калідор, з прышэптам: не ўмеюць мужыкі стагнаць, шаптаць, гаварыць не ўмеюць, нічога не ўмеюць.

- А вы ўсё ўмееце? Кожная трэцяя з вас тупіца. Не дарэмна сяброўка прызнала: усяго адно дзіця нарадзіла, мала. Усё ішло і прыйшло да разводу. З кожным месяцам і тыднем усё радзей лятала з мужыком. Толькі нас, мужыкоў, бэсціце, харошыя і ўмелыя... Чаго разумніца дала свайму адстаўку, чаго па чужых лётала?


- Ты пайшла і я згублены. Без цябе адзінокі.

- Яно так. Хто без мяне таблетку дасць. Не пераблытвай іх, не раскісай.

- З працы за дзень мала хто пазвоніць.

- Усе круцяцца. Дысертацыі абедзве праглядзеў? Хоць пару аспіранцкіх артыкулаў асіліў?

Жонка сто разоў наказвала, не трэба выбірацца Бадановічу ў блізкі лес. Грыб знойдзеш, не знойдзеш - упадзеш, ляжацьмеш пад кустом, ніхто не ўбачыць, як бедны Мікалай Ганчароў на вуліцы. Ад ляснога берагу да дзвярэй Мінскага міжраённага цэнтра мазгавых інсультаў нямала, за сто пяцьдзясят метраў.

Не вытрымала душа паэта. Бадановіч паклыпаў не ў лясную гушчу. Поўзае ўскрай. Сыраежкі, ваўнушкі, гаркушы, валуі, радоўкі, бабкі, рыжыкі, маслякі, кабылянкі, рабушкі, мухаморы, сярушкі, падарэшавікі мала каго радуюць з мясцовых людзей, ім падабаюцца баравікі, справядліўцы, падасінавікі, лісічкі, чырвонагаловікі.

Бадановіч збірае ўсе. Аддае жонцы. Замарынаваныя грыбцы - мілата.

Дождж насоўваецца, імжака, церусілаўка. Нарэшце дажджыла, макрэць. Разгойтанае лісце, атрэсваюцца падзёўбаныя шпакамі вішні.

Грыбы вартныя, магу зрэзваць праз адзін, цяжка прысядаць перад любою сыраежкай. З палкай лягчэй хадзіць. Няўжо ўжо старасць, так рана, нечакана.

Цябе чакае праца. Навошта ўзірацца ва ўсе зіхацінкі жыцця. Навогулле ці трэба табе што апрача спраў дзяцей і жонкі. Вось дзве кнігі не закончыў. Шкада.

Нічога справядлівага на свеце. Справядлівыя народзяцца.

- Не кажы так.

Хто плануе Там быць мудрым, можа займець вар'яцтвы Тут, у гэтай плыні і веку.

Ці моцна хваліць Той свет Біблія, зноў трэба спрабаваць разбірацца.

Да гэтага часу практычна не асветлены дыспут Скарыны і Парацэльса. Парацэльс прайграў у Вільні дыспут Скарыну, упершыню ў Еўропе ў полацкага ліцвіна той адчуў сілу і роўную доказнасць. Дзве сустрэчы Скарыны і Марціна Лютэра. У роўных дыскусіях вялікіх шмат пра што можна даведацца.

Наадпачывалася, што пра работу забыла, дзе пачалася, павінна закончыцца.

Не трэба ратаваць чалавецтва, калі суседа не бачыш, памагчы не можаш.

Трывожная нязвычнасць адыходу ад жыцця нядаўняга сябра, аднаго, другога. Мала хто з іх будзе клапатаць пра цябе ў Тагасвецці, калі ты не патурбаваўся пра зямную радню і суседства, сяброў.

Бег цягніка мала розніцца ад вечных знакаў неба.

Хацелі лепей, як бывала атрымлівалася ў савецкіх мысляроў і думнікаў. Суседзі жывуць мірна, лагодзяцца, афіцыйныя замовы на ўзаемную саступку дзесяці-пятнаццаці сантыметраў зямлі ў разоры не заключылі. Не будзем мы дробязнічыцца. Гаспадыні ў суседа не стала, новая памочніца, ведка законаў, пачала плот гарадзіць - адразу няўсміхі паміж суседзямі, напружанасць. Навучыліся, асветліліся, жыццё ў нашай вёсцы становіцца грашоўным. Так многія сем'і, роды, дзяржавы. На роўным месцы платы гародзяць, згрызоты наладжваюць.

Пабылі б яны ў інсультных палатах, з інсультнымі і псіхаванымі, тады цанілі б даванае Богам і жыццём.

У Слоніме адкрылася галерэя "АртБуш"

У вялікім прыватным доме беларускага мастака, сябра Саюза мастакоў Беларусі Міколы Бушчыка ў Слоніме ў мікрараёне Альбярцін адкрылася галерэя "АртБуш". Галерэя створана гаспадарамі дома Міколам Бушчыкам і яго жонкай Святланай Бушчык, якая ўзначальвае Слонімскае ТБМ.

Мэта стварэння галерэі "АртБуш" - сустрэчы з цікавымі і таленавітымі людзьмі Слонімшчыны, Гарадзеншчыны і ўсёй Беларусі, а таксама Еўропы. Па словах Міколы і Святланы Бушчыкаў, у перспектыве ў галерэі "АртБуш" плануюцца таксама выставы мастакоў, знаёмствы з творчасцю таленавітых людзей мастацтва. Адкрыў галерэю "АртБуш" літаратар, гісторык, краязнавец і журналіст Сяргей Чыгрын. Вядомы слонімец пазнаёміў прысутных са сваёй паэтычнай творчасцю. Ён прачытаў вязанку вершаў пра гістарычных асобаў Бацькаўшчыны, лірычныя і сатырычныя вершы, адказаў на пытанні прысутных. Шчырыя словы пра Сяргея Чыгрына і пра добрую задумку стварэння галерэі распавядалі мастак Аляксандр Стацэнка, былы настаўнік, паэт Уладзімір Лабко, іншыя прысутныя госці галерэі "АртБуш". Наступная сустрэча ў галерэі запланавана ў жніўні.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.

Па чыстым Нёмане песня плыве

22 ліпеня ў аграгарадку Беліца адбылося (брэндавае) экалагічнае свята "Па чыстаму Нёману песня плыве"

Аграгарадок Беліца - адзін з самых маляўнічых куточкаў Лідскага раёна, стаіць на беразе Нёмана - буйнейшай ракі ў Еўропе. У чацвёрты раз у Беліцы святкуецца экалагічнае свята "Па чыстаму Нёману песня плыве".

З прывітальнымі словамі ў час адкрыцця свята выступіў старшыня Беліцкага выканаўчага камітэта - Сяргей Станіслававіч Кулеш. Шмат цікавага чакала гледачоў у гэты дзень, а іх, дарэчы, было нямала: і дарослыя, і дзеці завітвалі сюды, каб паслухаць меладычныя песні і паўдзельнічаць у конкурсах і спаборніцтвах. Нават буслы, пачуўшы прыгожыя мелодыі, прыляцелі да сцэны і некалькі хвілін кружылі карагод у небе.

Напярэдадні мерапрыемства быў абвешчаны конкурс на самую вялікую рыбіну, злоўленую дазволеным спосабам - вудай ці спінінгам. Конкурс выклікаў у гледачоў шмат эмоцый. На сцэну выйшлі рыбакі з рыбаю, якую яны злавілі ў Нёмане. Гэта былі, вядома, мужчыны - Вадзім Малец, Анатоль Рудзевіч і Яўген Кракоўскі. Больш за ўсіх "пацягнуў" язь, якога злавіў Вадзім Малец: рыба заважыла 1,3 кг. Рыбак выйграў білет на рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка".

Экалагічная квэст-гульня прыйшлася даспадобы дзіцячай аўдыторыі. Хутчэй за ўсіх выканаў заданне - па прапанаванай карт-схеме знайшоў на геаграфічных пікетах усе літары і склаў зашыфраванае слова "Экалогія" - Аляксей Мілюць, які і стаў пераможцам квэст-гульні. Дарэчы, хлопчык прыехаў на лета да бабулі ў госці. Адпачынак яму запомніцца - Аляксей таксама выйграў білет на рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка".

На імправізаванай святочнай сцэне выступалі ка-лектывы і артысты мастацкай творчасці з Пескаўскага, Ходараўскага, Мажэйкаўскага, Ганчарскага Дамоў культуры.

Народны тэатр "Бераг" Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра прадставіў прэм'ерную мініяцюру "Лялькі-шоў", а Святлана Чайко (кіраўнік тэатра) захапіла гледачоў сваім талентам і аповедам прыгожай старажытнай легенды пра Нёман і Лошу.

На свяце была прадстаўлена выстаўка вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а пасля свята для ўсіх ахвочых была прапанавана экскурсія ў Беліцкі Дом культуры ў этнаграфічны пакой "Вяртанне да вытокаў".

Калектыў Беліцкага Дома культуры з адданасцю рыхтаваў брэндавае мерапрыемства "Па чыстаму Нёману песня плыве", якое ўсім прыйшлося даспадобы і пакінула самыя лепшыя ўражанні.

Падводзячы вынікі свята, неабходна сказаць, што прырода - наш агульны дом, і ў нас з вамі ёсць агульны абавязак - зберагчы яе ў цэласнасці і захаванасці!

Алена Габіс, ДУ ЛЦКНТ.

У Лідскім замку адкрылася карчма "Львiная хата"

Тут можна паспрабаваць шляхецкую кухню, настойку з ядлоўцу ўласнага вырабу, "падыхаць" XIV стагоддзем і прыемна правесці час. Пра ўстанову агульхарчу ўсярэдзіне галоўнай славутасці горада даўно прасілі лідзяне. Пажаданні выказвалі і шматлікія турысты. І вось мара збылася!

Зараз на тэрыторыі замка - у бярвеннай хатцы - знаходзіцца невялікі рэстаранчык. У аб'екта адразу тры сузаснавальнікі - Зміцер Бабарык, Вольга Біга і Ігар Коц. Усе гэтыя людзі маюць досвед працы ў гандлі. Усярэдзіне "Львiная хата" разлічана на 30 чалавек, яшчэ 60 могуць размясціцца на тэрасе.

Пра тэматыку рэстаранчыка разважаць не прыйшлося. Якой яшчэ можа быць тут атмасфера, калі не гістарычнай?! Фармат установы таксама ў стылі мінулага часу - карчма.

А вось з назвай прыйшлося паламаць галаву.

- У нас было каля 50 варыянтаў, - адзначае адзін з уладальнікаў карчмы Зміцер. - У выніку спыніліся на назве "Львіная хата". Леў, як вядома, знак нашага горада.

Дарэчы, на адной са сцен рэстаранчыка мы заўважылі ключы. "А ці не тыя самыя, ад нашага горада, якія па легендзе захоўвае леў? Можа, невыпадкова яны тут?" - мільганула думка.

Ва ўстанове адразу адчуваецца гістарычны дух. Акцэнт на дрэва - з гэтага матэрыялу шырокія сталы і крэслы, паліцы, барная стойка. Усё прадумана да дробязяў: масіўныя кованые жырандолі, свяцільні ў выглядзе падпаленых паходняў, ільняныя занавесы, перавязаныя аборкай, посуд - гліняны і чыгунны, слоікі з хатнімі нарыхтоўкамі і многае іншае.

У "Львiную хату" ўжо сёння з задавальненнем прыходзяць і лідзяне, і турысты. Дарэчы, нядаўна тут абедалі госці з Кубы і Бразіліі. "Вельмі вясёлыя маладзёны, нахвальвалі нашы збанкі з дранікамі, свінінай, грыбамі, вяршкамі і духмянай травой", - адзначаюць у карчме.

Стравы, і праўда, вельмі смачныя. Зрэшты, як і ўся астатняя кухня. Тут вам і мачанка з мясам і блінамі, і вясковая патэльня з каўбасой, і смажаніна з вэнджанай курыцай...

У далейшым асартымент будзе толькі папаўняцца. Акцэнт - на шляхецкую кухню. Яшчэ адна разыначка ўстановы - настойкі ўласнай падрыхтоўкі з розных ягад. З ядлоўцу - ужо ў меню!

У перспектыве - уласная пякарня!

Задумак у гаспадароў карчмы "Львiная хата" шмат. Так, тут можна будзе паспрабаваць дзівосную каву. Ужо набыта італьянскае абсталяванне. А таксама ў планах добрая лінейка вінаў, і, вядома, усе гатункі "Лідскага піва". У па-надворку змесціцца пякарня - свежая выпечка, хлеб уласнага вырабу…

Што больш за ўсё не любяць кліенты? Чакаць! У "Львiной хаце" прадумалі, як прыхарашыць наведвальнікам гэты час. Спачатку аперытыў за кошт установы. А затым невялікая забаўка ў гістарычным стылі.

Цяпер наведаць карчму можна, пакуль адкрыты замак - з 10.00 да 19.00. Аднак плануецца, што ўжо з верасня рэстаранчык будзе працаваць да гадзіны ночы!

Вольга Ніканенка, 0154.by.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX