Папярэдняя старонка: 2018

№ 32 (1391) 


Дадана: 08-08-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 32 (1391), 8 жніўня 2018 г.

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

5 жніўня ў былым фальварку Шчытнікі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы адбылося ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года.

Сёлета споўнілася 155 гадоў ад пачатку паўстання, да гэтай даты актывісты лідскіх грамадскіх арганізацый закончылі афармленне мемарыялу "Невядомым паўстанцам", паколькі дакладна вядома, што тут пахаваны паўстанцы, а вось, хто, выявіць не ўдалося.

Сабраліся людзі з многіх месцаў Беларусі: з Менска, Слоніма, Дзятлава, нават Гомеля, ну і, канешне, з Лідчыны.

Фэст-рэквіем пачаўся з чытання спіскаў паўстанцаў Лідскага павета. На сёння ў гэтых спісках 424 імені. Гонар чытаць спісы быў аказаны ад Лідскага раёна старшыні Ёдкаўскай суполкі ТБМ Валерыю Мінцу, ад Ліды - сябру Лідскай гарадской рады ТБМ Алегу Лазоўскаму, ад г. Бярозаўкі - кіраўніку Бярозаўскай суполкі Партыі БНФ Вітольду Ашурку.

Чытанне спіскаў доўжылася амаль гадзіну. За гэты час паспеў пайсці і перастаць летні дождж. Як сказаў прысутны тут старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў само неба заплакала над трагічнымі лёсамі ўдзельнікаў паўстання і ўсяго нашага народа.

Пасля чытання спісаў адбылася памінальная служба, акую адправілі святары Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцы Леанід Акаловіч і Вікенцій Кавалькоў. Яны ж асвяцілі камень мемарыялу і крыжы пасля рэстаўрацыі.

Пасля малітвы прагучалі патрыятычныя песні ў выкананні слынных беларускіх бардаў Андрэя Мельнікава, Таццяны Матафонавай, Зміцера Захарэвіча і Сержука Чарняка. Алег Лазоўскі прачытаў верш Станіслава Судніка "Кроў Франціішка", памяці паўстанца Францішка Багушэвіча, які ваяваў і быў паранены на Лідчыне.

Фэст-рэквіем прайшоў з дазволу лідскіх уладаў. Цяпер ад іхняй добрай волі залежыць унесці мемарыял у спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў раёна.

Яраслаў Грынкевіч.

Ігару Лучанку - 80

Ігар Міхайлавіч ЛУЧАНОК (нар. 6 жніўня 1938; Менск) - беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973), народны артыст Беларусі (1982) і СССР (1987), заслужаны дзеяч культуры Польшчы. Прафесар. Ганаровы грамадзянін Мар'інай Горкі, Менска і Сальска (Растоўская вобласць, Расія).

Нарадзіўся ў Менску ў сям'і лекара Міхаіла Лукіча Лучанка і настаўніцы Аляксандры Герасімаўны, якія пабраліся шлюбам у 1931 годзе. Жылі ў здымным пакоі ў доме па Ігуменскім тракце (цяпер вул. Маякоўскага). Праз 38 дзён пасля народзінаў сям'я пераехала ў пасёлак Пячэрск (Магілёўскі раён), бо бацька атрымаў накіраванне на працу ў Магілёўскую псіхіятрычную лякарню. Да атрымання адукацыі лекара ў Беларускім медычным інстытуце бацька з 20 лютага 1926 г. працаваў скрыпачом у Беларускім вандроўным тэатры пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка. Маці была родам з Бабруйска, паходзіла са шляхецкага роду Жукоў і скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Хімія і біялогія". З лета 1940 г. да канца чэрвеня 1941 г. сям'я жыла ў Магілёве, у доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. З пачаткам Нямецка-савецкай вайны бацьку адправілі вайсковым лекарам 3-га рангу ў Гомель у складзе самаходнай лятучкі № 710 для ратавання параненых. Потым выехаў з сям'ёй у Сальск (Растоўская вобласць), куды бацьку накіравалі служыць вайсковым лекарам. Там пайшоў у 1-шы клас чыгуначнай школы № 9.

На пачатку жніўня 1946 г. вярнуўся з сям'ёй у таварным вагоне ў Беларусь, дзе бацька Міхаіл Лукіч пачаў працаваць лекарам у чыгуначнай амбулаторыі на станцыі Пухавічы і атрымаў жытло. У жніўні 1950 г. пераехаў на наёмную кватэру ў Менск, дзе паступіў у 6-ты клас па цымбалах музычнай школы пры Дзяржаўным тэатры оперы і балету Беларусі.

У 1961 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класах кампазіцыі яе рэктара Анатоля Багатырова і піяніна Рыгора Шаршэўскага. У 1963 г. на прапанову рэктара Беларускай кансерваторыі Уладзіміра Алоўнікава здаў іспыты ў Леніградскую кансерваторыю Дзмітрыю Шастаковічу. У 1965 г. скончыў асістэнтуру-стажыроўку Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Вадзіма Салманава і ўступіў у Саюз кампазітараў Беларусі. У кастрычніку 1967 г. пакінуў выкладанне на кафедры кампазіцыі Беларускай кансерваторыі і паступіў у аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі. У 1970 г. скончыў аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ціхана Хрэннікава.

З 1980 г. старшыня Беларускага саюза кампазітараў. У 1982-1986 гг. рэктар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. У 1985 г. песня "Майскі вальс" на ягоную музыку і словы Міхаіла Ясеня прагучала ў выкананні Яраслава Еўдакімава на Усесаюзным тэлефестывалі "Песня году". У лютым 1985 г. стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1989 г. - дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. У 1993 г. выступіў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Удзельнічаў у 3-х Сусветных фестывалях моладзі і студэнтаў у Берліне (ГДР), Гаване (Куба) і Маскве. На Кубе сустракаўся з Фідэлем і Раулем Кастра. Да 2012 г. правёў 20 сольных канцэртаў у Маскве паводле сваіх твораў.

Сваімі галоўнымі творамі Ігар Лучанок лічыць песні "Мой родны кут" і "Спадчына", як і "Польку беларускую".

Таксама Лучанок стварыў шэраг значных акадэмічных твораў, а яго "Песню пра Менск" штодня адбіваюць куранты на Менскай ратушы.

Ігар Лучанок - аўтар адной з першых рок-опер у СССР. Гэта "Гусляр", на словы Купалы, напісаны супольна з "Песнярамі".

Жонка - Аляксандра (у дзявоцтве Чэканава), супрацоўніца музычнай школы. Дачка - Святлана, музыка. Сын - Андрэй, юрыст.

Вікіпедыя.

Запрашаем да супрацы

На ліпеньскім паседжанні сакратарыята ТБМ было прынята некалькі важных рашэнняў, якія датычаць дзейнасці арганізацыі ў звязку з правядзеннем Еўрапейскіх гульняў і Перапісам насельніцтва ў 2019 г., а таксама пра падпіску на "Наша слова".

І. Для таго, каб падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў наша краіна была прэзентавана як адметная сваёй культурай (у тым ліку і мовай,) гісторыяй, цікавымі мясцінамі, месцамі адпачынку, ёсць прапанова стварыць сіламі краязнаўцаў па ўсіх раёнах Беларусі буклеты на беларускай мове па наступным прыкладным узоры.

1. Кароткая гістарычная даведка пра раён і яго цэнтр.

2. Мясцовыя культурныя ўстановы (музеі і інш.).

3. Помнікі гісторыі (замкі, палацы, храмы).

4. Месцы адпачынку: сядзібы, гасцініцы, кавярні і г.д.

Некалькі адпаведных фотаздымкаў, па магчымасці - карта праезду ад сталіцы і маршрут па саміх мясцінах. Буклеты плануем рабіць дзвюхмоўнымі: беларуска-англійскі, -французскі, -іспанскі, -польскі, -літоўскі, -нямецкі, -італьянскі. Галоўнае - мець на першым этапе беларускі тэкст. Такія буклеты можна было б прапанаваць для размяшчэння па гасцініцах сталіцы ў якасці інфармацыйных матэрыялаў для замежных турыстаў.

ІІ. Для правядзення кампаніі па Перапісе някепска было б мець аргкамітэт з удзелам зацікаўленых асоб з розных арганізацый. У межах такой кампаніі можна было б правесці шэраг публікацый у СМІ, распрацаваць і выпусціць прадукцыю ў выглядзе налепак, буклетаў, абвестак, надпісаў на майках, відэа-ролікаў і інш. Калі такая супраца кагосьці зацікавіць, то напачатку верасня можна сабрацца для складання сумеснага плану дзейнасці.

ІІІ. Для таго, каб мець лепшыя камунікацыі ўнутры арганізацыі і даваць інфармацыю пра нашыя справы шырэй, прапануем нашым структурным арганізацыям павялічыць падпіску на газету "Наша слова" на 50%. Гэта дазволіць распавядаць пра нашыя справы не "на пальцах", а праз публікацыі і тым самым паспрыяе пашырэнню кола нашых прыхільнікаў, чытачоў і чальцоў.

Далучайцеся!

Пра падзею падрабязна

Арт-рэзідэнцыя ў Слоніме чакае гасцей

Днямі на культурнай карце Гарадзеншчыны з'явілася яшчэ адна кропка, да ўзнікнення якой спрычынілія сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Гэта творчая галерэя "АртБУШ", якую адкрылі ў Слоніме, у сваім альбярцінскім доме каля бору, Мікола і Святлана Бушчыкі, нядаўнія менчукі, а зараз - даўншыфтары, што пакінулі сталіцу і вярнуліся на малую радзіму з мэтай абудзіць тут мастацкае жыццё і з марай зрабіць Слонімскі край больш прыцягальным для ўсіх, хто шануе прыгажосць. Дом сям'і Бушчыкаў яшчэ раней стаў "штаб-кватэрай" слонімскай арганізацыі ТБМ, а новаствораная галерэя мае зрабіцца сапраўднай цікавосткай горада і краю: варта зазначыць, што ўжо зараз тут захоўваецца некалькі сотняў карцін гаспадара, знанага беларускага мастака Міколы Бушчыка. Прыехаўшы ў Слонім на сталае месца жыхарства напрыканцы мінулага года, маэстра адразу зладзіў гучную персанальную выставу ў раённым цэнтры культуры (выстава працуе дагэтуль і адкрыта для наведнікаў), прыняў чынны ўдзел у мастацкім праекце Слонімскага краязнаўчага музея да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, двойчы прадстаўляў Слонім на арт-дыпламатычнай сустрэчы і міжнародным пленэры ў Сергіевым Пасадзе (Расія).

Да першай сустрэчы ў гасцёўні галерэі "АртБУШ" гаспадары наладзілі прадстаўнічую экспазіцыю палотнаў Міколы Бушчыка, якая без слоў расказала пра непаўторны талент майстра, яго самабытнасць і непадобнасць на іншых сучасных мастакоў, філасофскі погляд на рэчаіснасць, глыбокі сімвалічны сэнс твораў. Словы ж гучалі пазней: першым госцем галерэі, героем першай сустрэчы-гутаркі стаў паэт і краязнавец, літаратуразнавец, журналіст і перакладчык, сябар ТБМ Сяргей Чыгрын. У цэнтры ўвагі гэтым разам былі яго літаратурныя, дакладней - паэтычныя здабыткі. Паэт чытаў вершы, рабіў да іх дасціпныя каментары, аздабляў расповед цікавымі ўспамінамі. Уласныя вершы прысвяцілі Сяргею Чыгрыну слонімскі паэт, былы настаўнік Уладзімір Лабко і мастак Аляксандр Стацэнка. Сярод слухачоў былі слонімскія літаратары і журналісты, мастакі і грамадскія дзечы, аматары паэзіі і мастацтва.

Па словах стваральнікаў, галерэя "АртБУШ" станецца месцам сустрэч для ўсіх, каму неабыякавыя беларускае мастацкае слова - у паэзіі, жывапісе, музыцы, скульптуры. Тут таксама чакаюць беларусаў, захопленых краязнаўствам і літаратуразнаўствам, беларускай даўніной, захаваннем гістарычнай і мастацкай спадчыны. Тут чакаюць цікавых творчых людзей з Беларусі і замежжа, аматараў прыгожага і сапраўднага мастацтва. Фармат сустрэч будзе таксама самы розны: ад паэтычных чытанняў (як сустрэча з С. Чыгрыном) - да тэатральных спектакляў і музычных вечарын, прэзентацый літаратурных, музычных, жывапісных твораў, персанальных ці калектыўных выстаў і г.д. Нязменным застанецца адно: цікавыя госці, гасціннасць гаспадароў, смачныя кава ды гарбата. Гаспадары галерэі плануюць, што камерныя сустрэчы ў "АртБУШ" стануць рэгулярнымі, і ўжо зараз вядома: у жніўні тут будзе прэзентавана ўнікальнае выданне - штодзённы краязнаўчы калянадар Слонімшчыны, які склалі Сяргей Чыгрын і Уладзімір Хільмановіч. Чакаецца, што на прэзентацыю завітаюць літаратары і барды Гарадзеншчыны. Далучыцца да праектаў галерэі і наведаць яе першую экспазіцыю ахвотныя могуць у любы час, дамовіўшыся з гаспадарамі па тэлефонах: 8029-266-34-36 і 8029-164-82-98.

Альбярцінская арт-рэзідэнцыя адкрытая да супрацоўніцтва і чакае гасцей!

Святлана Адамовіч, г. Слонім.

Немец вывучыў беларускую і рамантуе школу пад Ракавам

Навіны Германіі

Адкуль такая матывацыя?

- Гэта вынік маёй цікавасці да Беларусі, дзе я апынуўся выпадкова, - тлумачыць Бэньямін Гаўзнер.

Пасля заканчэння школы ў 2013-м ён не хацеў адразу паступаць ва ўніверсітэт, каб папрацаваць валанцёрам у іншай краіне. Знайшоў такую магчымасць у Беларусі і падумаў, што гэта будзе цікавы досвед, таму што гэта - "невядомая краіна", якая знаходзіцца зусім недалёка ад Германіі. Бэн валанцёрыў 10 месяцаў.

- Гэта быў цудоўны час, і краіна мяне вельмі ўразіла. Упершыню я пачуў беларускую мову (калі не ў метро) на культурным імпрэзе ў Менску. Тады я нічога не разумеў, таму што вучыў толькі расейскую, - узгадвае Бэн.

Два гады таму ён зноў наведаў Беларусь, тады і вырашыў вывучыць мову, каб лепш разумець краіну:

- Купіў падручнік у Менску і, як толькі прыехаў дадому, пачаў.

Бэн вучыўся ў Польшчы і Літве, а цяпер вывучае сацыялінгвістыку ў Германіі. У свае 23 ён валодае 8-мю мовамі, у тым ліку літоўскаю, польскаю ды расейскаю. Ён цікавіцца сувяззю паміж імі, а таксама тапонімамі нашага рэгіёна.

- У беларускай мове ёсць значны ўплыў іншых моваў, што бачна і ў тапонімах. Шмат якія беларускія тапонімы маюць балтыйскае паходжанне, напрыклад, Жодзішкі або Ашмяны. Да таго ж, мне проста падабаецца, як тапонімы гучаць. Напрыклад Шышчыцы, Іўе, - тлумачыць ён.

- Ці ведаеш, што беларусаў называюць славянскімі немцамі? - пытаю.

- Не, але я насамрэч сам часам так гавару. Я быў у суседніх з Беларуссю краінах і лічу, што беларусы спакайнейшыя і сціплейшыя, чым, напрыклад, украінцы ці расейцы. Такія рысы характару асацыююць звычайна і з немцамі. Парадак і добрая інфраструктура ў Беларусі напамінаюць мне таксама пра маю радзіму.

Гэтым летам Бэн зноў прыехаў у Беларусь, каб рамантаваць школу на Меншчыне.

Інга Астраўцова, belsat.eu.

Перамога ў Баранавічах

У Баранавічах першы беларускі клас з 10 чалавек будзе навучацца ў гімназіі № 4 у цэнтры горада. Гэта адна з найлепшых навучальных устаноў у горадзе. Але за яе бацькі першакласнікаў змагаліся два гады. Ім прапаноўвалі іншыя школы, у якія было складана дабірацца. Прыйшлося нават накіраваць зварот у Міністэрства асветы, кажа маці адной з вучаніц Таццяна Малашчанка:

- Вельмі цяжка нам далася гэтая перамога. Гэтага не павінна быць. Усё павінна быць па Канстытуцыі і па законах. Але прыйшлося пазмагацца. Можна сказаць, сем колаў пекла прыйшлося прайсці. Для іншых гэта было б вельмі складана. Многія проста адмоліся б і не сталі змагацца. Яны не разумелі б, чаму, калі яны захацелі аддаць у першы клас дзіця вучыцца па-беларуску, трэба некуды ісці, нешта прасіць, патрабаваць.

Таццяна Малашчанка лічыць, што ў будучым такога не павінна быць. Беларуская мова - гэта першая дзяржаўная мова, мова этнічнай нацыі. Для яе павінны быць створаны самыя лепшыя ўмовы і самыя лепшыя месцы.

Беларускае Радыё Рацыя, г. Баранавічы.

Валеры Петрыкевіч узначаліў Дзятлаўскую раённую арганізацыю ТБМ

Новым старшынём Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны стаў Валеры Петрыкевіч. Сход прайшоў падчас другога Гарадзенскага абласнога свята мовы і паэзіі 4-га жніўня. Былая старшыняАлена Абрамчык папрасілася ў адстаўку, і яе просьбу задаволілі. Валеры Петрыкевіч да таго быў намеснікам, ён з даўніх часоў вядзе актыўную працу ў ТБМ.

Намеснікам старшыні Дзятлаўскай раённай суполкі ТБМ выбрана Наталля Ляўкевіч - старшыня найбуйнейшай суполкі ТБМ з вёскі Дварэц. Суполцы ў Дварцы штогод удаецца падпісваць 10-12 асобнікаў газеты "Наша слова".

На сходзе раённай арганізацыі прысутнічалі намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік, старшыня Гарадзенскай абласной рады ТБМ Віктар Парфёненка.

Задача, якая стаіць у найбліжэйшы час: прыцягненне да працы ў ТБМ моладзі. Яе істотна бракуе ва ўсіх структурах Таварыства: ад раёнаў да сталіцы.

Беларускае Радыё Рацыя.

Імперскі наступ на нацыянальныя мовы

З канца 1980-х гадоў народам, якія дагэтуль знаходзяцца ў палоне Расейскай імперыі, удалося дасягнуць значных перамог у змаганні за свае мову, культуру і традыцыю. Нябачаны з 1917-18 гадоў уздым грамадска-палітычнай актыўнасці меў вынікам заваёву пазіцый, якія здаваліся назаўжды страчанымі пасля знішчэння маскоўскімі акупантамі нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1930-40-я гады і палітыкі татальнай русіфікацыі на працягу ўсяго доўгага перыяду каланіяльнай залежнасці ад Масквы. Намаганнямі многіх тысяч энтузіястаў і нават многіх прадстаўнікоў нацыянальнай адміністрацыі пачалося выратаванне і адраджэнне роднай мовы, культуры і школы татарамі, башкірамі, марыйцамі, чувашамі, калмыкамі і іншымі народамі. Паўсюль утвараліся нацыянальныя ансамблі песні і танцаў, тэатральныя калектывы, творчыя клубы і цэнтры.

Нацыянальныя святы прыйшлі ў самыя далёкія і кантужаныя русіфікацыяй раёны аўтаномій, актывізавалася жыццё нацыянальных дыяспар. Да сваёй мовы вярнуліся вялікія колькасці людзей, вярнуўся нацыянальны гонар і сэнс паўнавартаснага жыцця ў сваёй традыцыі. Размаўляць на роднай мове, насіць нацыянальны строй, прытрымлівацца традыцыі стала прэстыжным сярод моладзі. З пачатку 1990-х гадоў (калі Масква вымушана была "даць рэспублікам столькі суверэнітэту, колькі яны здольныя ўзяць") вырасла ўжо цэлае пакаленне народаў РФ, якое не ведае, як выглядала мутнае існаванне ў СССР. Шматтысячныя дэманстрацыі з народнымі патрабаваннямі пераканалі Крэмль, што без саступак не абысціся. Быў значна (у параўнанні з папярэднім часам) павялічаны аб'ём навучання на нацыянальных мовах у школах (спрэс расейскіх па РФ) нацыянальных рэспублік. Пры чым вывучалі нацыянальныя мовы аўтаномій усе дзеці, незалежна ад этнічнага паходжання. Цікава, што за амаль 30 гадоў гэтай практыкі не назіралася якіх-кольвечы пратэстаў так званых "русскоязычных" з гэтай нагоды.

Вяртанне да роднага не выклікала ў аўтаноміях РФ ніякага абвастрэння міжэтнічных канфліктаў. Наадварот, гэта паспрыяла ўсталяванню культурнай раўнавагі і міжэтнічнай стабільнасці ўнутры лакальных грамадстваў. Людзей (незалежна ад нацыянальнага паходжання) хвалююць агульныя для ўсіх эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя пытанні. Міжэтнічнай нянавісці, якой вечна палохала народы камуністычная прапаганда, не ўзнікла. Зразумела, што аўтаноміі Паўночнага Каўказа - спецыфічны рэгіён у гэтым сэнсе. Масква, баючыся страціць гэты рэгіён, вяла там дзве знішчальныя вайны, праводзіла адкрытую палітыку генацыду. Бальшыня "русскоязычных" проста ўцякла з рэгіёна (то бок прычынай уцёкаў неаўтахтоннага насельніцтва стала менавіта агрэсіўная, антычалавечая палітыка імперскага цэнтру).

У апошнія гады Масква прыступіла да рэстаўрацыі акупацыйных парадкаў савецкага і царскага часоў. У Крамлі разумеюць, што гарманічнае развіццё культуры і мовы паднявольных народаў стварае пагрозу для расейскай імперыі. Народы дзякуючы існаванню ў роднай культуры і мове не проста не губляюць тоеснасць, але ідуць да фармавання сваіх нацыянальных дзяржаваў - імперыя становіцца для іх усё больш чужой і непатрэбнай. Спробы правакацый у нацыянальных рэспубліках (абвінавачванні лідэраў нацыянальнага адраджэння ў рэлігійным і палітычным экстрэмізме, фальшывая прапаганда) праваліліся. Правакацыі не былі падтрыманы мясцовым неаўтахтонным ("русскоязычным") насельніцтвам. Тады за справу ўзяліся засланыя ў рэспублікі "расейскія актывісты", якія пачалі заяўляць пра "ўціск русскоязычных з боку нярускіх". Нічога не выйшла і з гэтага, крыклівых дзялкоў не падтрымалі мясцовыя нетатары і нечувашы.

Крэмль прыступіў да "канчатковага вырашэння татарскага, башкірскага і іншых пытанняў" непасрэдна ў імперскім цэнтры. Дзярждума прыняла закон пра неабавязкавае вывучэнне нацыянальных моваў у аўтаномных рэспубліках. Цяпер, каб вывучаць прадмет, напрыклад, "татарская мова", бацькі вучня павінны пісаць адпаведную заяву (якраз, як цяпер у Беларусі). Быў рэзка зніжаны да мінімуму (2 гадзіны ў тыдзень) аб'ём вывучэння нацыянальнай мовы і літаратуры. Беларусам добра вядомыя гэтыя маніпуляцыі. Нетатары і небашкіры збольшага не будуць пісаць такія заявы, яны ўпэўнены, што пражывуць і так (ім пра гэта настойліва нагадвае маскоўская прапаганда). Вывучэнне роднай мовы ператворыцца ў працэс павярхоўнага азнаямлення з ёю на фоне нічым не абмежаванага панавання расейшчыны. Пры чым "знаёміцца" з ёю ўжо не будзе вялікая частка насельніцтва нацыянальных рэспублік.

Такім чынам, грамадства брутальна падзяляецца на дзве часткі, якія a priori не будуць разумець адна адну. Масква пастараецца запоўніць гэтую шчаліну паміж людзьмі, што жывуць на адной зямлі, і вядома чым: недаверам, нецярпімасцю, падазрэннем. Сацыяльная сегрэгацыя заўжды прыводзіць да канфліктаў і нічым добрым не заканчваецца. Зразумела, што Масква імкнецца дэстабілізаваць сітуацыю ў нацыянальных рэспубліках, а потым "навесці парадак" жалезнай рукой. Апошнім часам каланіяльная адміністрацыя забараніла ўсе легальныя дэманстрацыі ў падтрымку роднай мовы. Сцяўшы зубы, народы прымаюць гэты ўдар і не паддаюцца на правакацыі. Адэкватныя нацыянальныя лідэры заклікаюць да самаарганізацыі грамадства і стварэння незалежнай ад імперыі народнай сістэмы адукацыі дзяцей і моладзі ў сваёй мове.

Развіццё падзей, уся статыстыка расейскай эканомікі паказвае, што імперыя імкліва набліжаецца да калапсу і свайго канчатковага распаду. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: калі абваліцца імперыя, што будуць рабіць у новых нацыянальных дзяржавах тыя, хто з лёгкасцю адмахнуўся ад вывучэння мовы народа, на зямлі якога яны жывуць? Яны ж нават не зразумеюць, што адбываецца вакол іх, з імі і што ўсё значыць. Не зразумеюць ні слова! Імперская маніпуляцыя ў чарговы раз робіць расейскіх асаднікаў закладнікамі антынароднай палітыкі. Ім прыйдзецца проста пакінуць новыя нацыянальныя краіны, дзе яны не знайшлі ды і не шукалі свайго надзейнага месца ў чужым доме іншага народа.

Кур'ёзна, што наступ на нацыянальныя мовы ў РФ супаў з правакацыямі Масквы на тэрыторыі Латвіі, дзе расейская агентура арганізоўвае шумныя выступы "за рускую школу, я хочу учиться на русском языке, я тоже гражданин Латвии". Шызафрэнічная амбівалентнасць такой палітыкі не павінна нікога здзіўляць. І там, і там імперыя робіць нядобрую паслугу расейцам, якія акажуцца глуханямымі, калі паваліцца імперыя зла.

У дзень 28-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (27 ліпеня 1990 г.) мы, беларусы, павінны ацаніць вялікую важнасць гэтай падзеі, што прывяла да заваявання дзяржаўнай незалежнасці нашай краіны ў 1991 годзе. Калі б, крый Божа, мы б патрапілі ў склад маскоўскай імперыі на правах "саюзнай аўтаноміі", то працэсы разгрому нашай культуры, мовы і школы былі б значна больш глыбокімі. Рэжым "унутранай акупацыі" і маскоўскага васалітэту не вечны. Існаванне сваёй нацыянальнай дзяржавы дае нам перспектыву развіцця, абрання нацыянальнага патрыятычнага кіраўніцтва і вяртання да паўнавартаснага існавання ў сваёй мове і культуры.

Але сама сабой гармонія не настане, сваё не вернецца. Народы разумеюць, што за свой духоўны свет, за сваю душу трэба весці палітычнае змаганне і асветніцкую працу. Калі народы абароняць і захаваюць свае мову і культуру, то імперыя не забярэ і іхнія тэрыторыю і багацці. Русіфікацыя - гэта шлях да недаразвітасці і пагібелі.

Народная Перамога.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

1806. Сніцар (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва сніцар (укр.) 'разбяр, скульптар, каляснік, карэтнік' (Грынч.).

1807. Сняжко (Ірына) - другасная форма ад Снежка, што ад апелятыва снежка (семантычны вытвор) 'невялікі тугі камяк, злеплены з снегу'. Форма з канцавым о ( Сняжко) для адмежавання ад апелятыва.

1808. Солтыс (Іон) - семантычны вытвор ад апелятыва солтыс < польск. soltys 'сельскі стараста'.

1809. Сончык (Сцяпан) - вытвор з суфіксам -ік (>- ык) ад антрапоніма Сонца з значэннем 'нашчадак названай асобы': Сонч(ц/ч)ык - Сончык. ФП: сонца ('святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам') - Сонца (мянушка, потым прозвішча) - Сончык (Бірыла).

1810. Сосна (Кацярына) - семантычны акцэнтаваны вытвор ад апелятыва сасна 'хваёвае вечназялёнае дрэва з доўгімі іголкамі і акруглымі шышкамі'; форма Сосна для адмежавання ад апелятыва сасна.

1811. Спіцын (Алесь) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -ын (-ін) ад антрапоніма Спіца і значэннем 'нашчадак названай асобы': Спіцын. ФП: спіца ('адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам', 'драўляны або металічны стрыжань рознага прызначэння', 'шыла для пляцення лапцяў', 'тонкі драцяны стрыжань для вязання') - Спіца (мянушка, потым прозвішча) - Спіцын.

1812. Спрытніч (Алена) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Спрытны і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Спрытніч. ФП: спрытны ('якому ўласцівы фізічны спрыт; лоўкі, умелы, паваротлівы ў рабоце'; 'які знаходзіць выхад з любога становішча, прадпрымальны, кемлівы, знаходлівы'; 'зграбны, прыгожага аблічча, стройнага складу'; 'зручны для карыстання (пра рэчы, прылады; разм.)') - Спрытны (мянушка, а потым прозвішча) - Спрытніч.

1813. Сталярэнка (Алена) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Сталяр і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сталярэнка. ФП: сталяр ('рабочы, спецыяліст па апрацоўцы дрэва і вырабаў з яго') - Сталяр (мянушка, потым прозвішча) - Сталярэнка.

1814. Старыкевіч (Леанід) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Старык і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Старыкевіч. ФП: старык ('старое рэчышча, старыца'. - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 946) - Старык (антрапонім) - Старыкевіч.

1815. Старычэўскі (Іван) - вытвор з фармантам - эўскі ад тапоніма Старык і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Старыкэўскі - Старычэўскі.

1816. Стрыжак (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва стрыжак / стрыж 'невялікая птушка сямейства стрыжоў з доўгімі вострымі крыламі'.

1817. Стэпук/ Сцяпук (Іван) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Стэпа/ Сцёпа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Стэпук, Сцёпук - Сцяпук. ФП: Сцяпан (імя <грэч. stephanas 'вянок', 'вянец, карона') - Стец (1528), Стэфан (1588) (народныя варыянты) - Стэпук, Сцяпук, (рус. Степук).

1818. Суравы (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва суравы 'грубы, нябелены (пра тканіну, ніткі)'.

1819. Суранок (Адам) - вытвор з суфіксам -анок ад антрапоніма Сура і значэннем 'нашчадак названай асобы': Суранок. ФП: сура ('раздзел Карана' - ТСБЛМ, 2016, с. 799) - Сура (мянушка, а потым прозвішча) - Суранок.

1820. Сурмач (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва сурмач (укр.) 'трубач' (ад сурма 'труба').

1821. Суслаў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сусла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Суслаў. ФП: сусла ('адвар крухмалістых і цукрыстых рэчываў у стане браджэння, з якога вырабляюць піва і квас', а таксама 'сок адціснутага вінаграду') - Сусла (мянушка, потым прозвішча) - Суслаў.

1822. Сцяшковіч (Таццяна) - вытвор з суфіксам -овіч ад антрапоніма Сцяшко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сцяшковіч. ФП: Сцяпан (імя <грэч. stephanos 'вянок') - Сцяпан (1610 г.) - Сцяшко (народны экспрэсіўны варыянт) - Сцяшко (пра-званне, потым прозвішча) - Сцяшковіч.

1823. Таранцей (Віктар) народная форма ад Цярэнцій (< лац. terere 'церці, расціраць, малаціць'), з XVI ст. як Терентий (1629), потым Тарэнць (польск. Terencjan, Terencjusz) набыла ролю прозвішча. Бытуе і ў форме Церанцей. Некаторыя даследчыкі расшыфроўваюць як 'гладзенькі', 'вытанчаны', 'вельмі разумны', 'прыгожы', 'мяккі' ( Трійняк, І.І. Словник украінських имен. - Киіів, 2005).

1824. Татусь (Кастусь) - семантычны вытвор ад апелятыва татусь (рэг.) <польск. tatus - ласк. 'татка, татачка'.

1825. Ткацэвіч (Георгій) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Ткач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ткачэвіч - Ткацэвіч (дысіміляцыя чч>цч). ФП: ткач ('майстар, рабочы, які вырабляе тканіну на ткацкім станку') - Ткач (мянушка, пазней прозвішча) - Ткацэвіч.

1826. Трацяк (Іван, Янка) - семантычны вытвор ад апелятыва трацяк, які мае тры значэнні: 1) 'цяля, жарабя ва ўзросце трох гадоў'; 2) 'траціна ў надзеле зямлёю'; 3) 'трэцяя частка чаго-небудзь' (ураджаю, намалоту і пад.). Утварэнне ад лічэбніка трэці: трэцяк - трацяк. У антрапаніміі сустракаецца памылковая форма Траццяк - перанос рас. Третьяк, напісанага беларускай графікай: Трацjак > Траццяк (з асіміляцыяй[ j], які пераходзіць у [ ц]. Адсюль і ненарматыўныя беларускія формы вытвораў Траццяковіч, Траццякевіч і пад.

1827. Трыбухан (Галіна) - семантычны вытвор ад апелятыва з суфіксам -ан трыбухан (падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова (с. 990) 'пра чалавека з вялікім трыбухом'; тое, што і трыбухач.

1828. Трыгалас (Дар'я) - ад словаспалучэння " тры + галасы", якое стала адным словам з націскам на пачатковым складзе: тр ыгалас і набыло ролю празвання, а пазней прозвішча. Своеасаблівы сінонім да нарматыўнага трыа ('музычны твор' і 'ансамбль').

1829. Турчак (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва турчак (рэг.) 'цвыркун' (насякомае атрада прастакрылых, якое трэннем крыл утварае строкат - "турчыць": турчак).

1830. Умрэйка (Сафія) - семантычны вытвор ад апелятыва умрэйка (рэг.) 'нябожчык' (Зэльва). Параўн. польск. umrzyk 'мярцвяк, нябожчык'.

1831. Фалінскі (Юрый) - вытвор з фармантам -інскі ад антрапоніма Фаля і значэннем 'нашчадак названай асобы': Фалінскі. ФП: Фаласей (імя <грэч. 'марскі') - Фаля (народная форма) - Фаля (празванне, потым прозвішча) - Фалінскі.

1832. Фент (Ілья) - народная форма канан. імя Іафет, Яфет (<ст.-яўр. 'пашырэнне, павелічэнне', 'Бог распаўсюдзіць' (яўр.)) набыла ролю прозвішча.

1833. Філінская (Ларыса) - вытвор з фармантам - ская ад антрапоніма Філін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Філінская. Або прэстыжная форма ад антрапоніма Філін. ФП: Філімон (імя <грэч. philemon < phileo'любіць') - Філін (народны варыянт) - Філінскі (-ая). Ці ад апелятыва філін ('драпежная начная птушка атрада соў') шляхам антрапанімізацыі.

(Працяг у наступным нумары.)

Голас з мінулага - запавет, як любіць Бацькаўшчыну

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адбылася запамінальная сустрэча-рэквіем прыхільнікаў творчасці краязнаўцы, публіцыста, паэта - Генадзя Антонавіча Равінскага (15.07.1933 - 25.06.1999), з нагоды яго 85-ці гадовага юбілею.

Эпафіёзам культурніцкай акцыі быў зварот-прамова Генадзя Равінскага, зафіксаваная супрацоўнікамі музея ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя на магнітафонную стужку.

Ягоны натуральны голас, са знаёмымі адценнямі і нюансамі тэмбру, гучаў на пачатку імпрэзы больш за гадзіну, выклікаючы настальгічныя асацыяцыі і эфект прысутнасці самога юбіляра ў мурах музея.

Развярэджаныя ўспамінамі, прысутныя шчыра апавядалі аб чалавеку, які быў у свой час аўтарытэтнай асобаю не толькі для жыхароў Валожыншчыны, але і ў асяродку творчай інтэлегенцыі Беларусі.

У 2004 годзе, праз пяць гадоў пасля смерці, у выдавецстве "Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены", дзякуючы намаганням сяброў прыхільнікаў, пабачыла свет унікальная для нашага рэгіёна кніга Генадзя Равінскага "Млын жыцця". У кнізе, стаўшай ужо бібліяграфічнай рэдкасцю (наклад 500 экз.), сабраны артыкулы, апавяданні, вершы, прысвечаныя гісторыі Валожыншчыны, славутым дзеячам культуры і літаратуры: В. Дуніну-Марцінкевічу, Кастусю Каліноўскаму, Уладзіславе Луцэвіч, Канстанцыі Буйло, Старому Уласу, Канстанціну Паплаўскаму і інш., жыццё якіх было знітавана з гэтым краем. Літаратурная спадчына Г. Равінскага не толькі дае багатую інфармацыю. Яна прасякнута вялікай любоўю да Бацькаўшчыны, клопатам пра яе будучыню.

На вечарыне гучалі вершы Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Градоўкіна, Івана Асіпацкага, Дмітрыя Краскоўскага, прысвечаныя ў розныя часы юбіляру. Адзначалася яго грамадская дзейнасць як дэпутата Івянецкага сельсавета, дэлегата ІІ і ІІІ з`ездаў Таварыства беларускай мовы і асабліва яго асветная дзейнасць на пасадзе дырэктара Шакуцёўскай школы.

Чым больш мінае часу, тым больш творчасць патрыёта Беларусі набывае актуальную запатрабаванасць у грамадстве.

Алег Раманоўскі, г.п. Івянец.

ПА КАЛЕНДАРЫ ХВЕДАРА ВІНІЦКАГА

Прэзентацыя календара "Ідыліі мастака Хведара Вініцкага" дала штуршок аднаўленню дзейнасці ТБМ на Нясвіжчыне. Чарговае выданне са шматгадовай серыі Валерыя Дранчука "Маляўнічая Бацькаўшчына" прысвечана 100-годдзю БНР. Настаўнік, мастак-самавук з нясвіжскага Малева Хведар Вініцкі і яго брат Алесь - заснавальнік першай беларускамоўнай гімназіі на тэрыторыі паваеннай Нямеччыны - людзі, узгадаваныя той гістарычнай падзеяй. Нядаўняя сустрэча ў Альхоўцы сталася працягам зімовай прэзентацыі, сяброўскім спатканнем тых, хто жыве па календары Вініцкіх.

Альхоўка - суседка Малева, у якім жыў і ствараў на даматканым палатне свае ідыліі Хведар Вініцкі. Любіў мастак наведвацца да суседзяў, меў тут сяброў-прыяцеляў, падабаўся яму нораў смелых, зухаватых альхоўцаў. Тут, у альхоўскіх хатах, яшчэ захоўваюцца яго жывапісныя творы. Не дзіўна, што менавіта альхоўцы сталі актыўнымі спонсарамі календара.

Сябры Карцэвіцкай суполкі ТБМ прывезлі ў Альхоўку некалькі невядомых палотнаў Вініцкага. Гадзіны дзве на вясковай вуліцы дзейнічала выстава імправізаванага музея. Маладая сям'я з Карцэвіч, аднафамільцы мастака Аксана і Яўген Вініцкія, паказалі тры работы малеўскага самавука. Трапілі яны ў іхнюю хату выпадкова: Яўгену ўдалося ўратаваць іх ад занядбання. Дэманстраваўся на выставе і падвойны абраз работы Вініцкага.

У плыні гаворкі мінулае і сучаснасць, падзеі стогадавай даўніны і сённяшняга дня неяк вельмі ж нязмушана паядноўваліся, ператвараючы размову ў суцэльны маналог пра нас, нашых продкаў і наступнікаў на шляхах гісторыі.

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

"Беларусь - мая Радзіма, Лідчына - мой родны кут!"

Праблема патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў Год малой радзімы - адна з актуальных. Сёння перад дарослымі стаіць складаная задача: раскрыць у дзіцяці непаўторнасць, багацце і хараство роднага краю, узрасціць у дзіцячай душы насенне любові да роднай прыроды, гісторыі і культуры краіны, створанай працай родных і блізкіх людзей, супрацоўнікаў.

Чым больш змястоўнымі будуць веды аб родным краі, яго людзях, мінулым і сучасным, тым больш эфектыўна будзе вырашацца задача выхавання грамадзяніна-патрыёта.

У Дзяржаўнай ўстанове адукацыі "Лідскі спецыяльны яслі-сад №16 для дзяцей з парушэннямі зроку" педагогі вялікую ўвагу ўдзяляюць далучэнню дзяцей да багацця беларускай мовы, выхаванню ў іх пачуцця любові да роднай Лідчыны і гонару за яе. Так, з мэтай маўленчага і эстэтычнага развіцця дашкольнікаў ў спецыяльнай дашкольнай установе рашэннем педагагічнай нарады адзін дзень ў тыдзень (серада) прызнаны беларускамоўным.

Эфектыўным сродкам вырашэння гэтых задач з'яўляецца выкарыстаннне прадметна-прасторавага асяроддзя як сродку выхавання гонару і павагі да гісторыі і культуры роднага горада. Летні перыяд спрыяе арганізацыі падарожжаў і экскурсій па родным горадзе, якія садзейнічаюць фарміраванню ў выхаванцаў уяўленняў пра выдатныя мясціны і помнікі архітэктуры Лідчыны, выхаванню пачуцця любові да роднай прыроды, культурнай спадчыны свайго народа.

У межах правядзення Дзён беларускай мовы з выхаванцамі спецыяльнай дашкольнай установы арганізаваны штотыднёвыя гульні-падарожжы па родным горадзе на тэму "Беларусь - мая Радзіма, Лідчына-мой родны кут!", падчас якіх педагогі разам з дзецьмі наведалі Лідскі замак, Лідскі гістарычна-мастацкі музей, прынялі ўдзел у тэатралізаванай пастаноўцы народнага лялечнага тэатра "Батлейка", азнаёміліся з вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў, раслінным і жывёльным светам Лідскага краю.

З мэтай фарміравання ўяўленняў аб выдатных мясцінах горада Ліды арганізаваны пешыя прагулкі з выхаванцамі да помнікаў Ф. Скарыну, А. Міцкевічу "Па старонках гісторыі", да аб'ектаў малых архітэктурных форм: "Сонечны гадзіннік", "Ключы ад горада", дзе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі шмат цікавых ўражанняў.

У ліпені нашы выхаванцы наведалі ўтульныя пакоі Дома Валянціна Таўлая па вуліцы Замкавай, дзе навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун правёў з дзецьмі вельмі цікавы інтэрактыўны музейны занятак "Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам".

У выніку праведзеных мерапрыемстваў можна зрабіць высновы аб іх эфектыўнасці: у выхаванцаў узрасла цікавасць да гісторыі і культуры Лідчыны, значна пашырыўся слоўнікавы запас, дзеці пачынаюць усведамляць сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

І самае галоўнае, ім падабаецца знаёміцца з прыгажосцю родных краявідаў і пазнаваць свет малой Радзімы.

Будзем вандраваць разам і вывучаць родную мову!

Ала Васільеўна Ганчар, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні

Адамін Іван Гусаім Святлана Феадос. Вайноўскі Міхаіл Валатоўскі Вячаслаў Валянцін. Варапееў Уладзімір Васіляўскайце Таццяна Васько Яніна Мікалаеўна Ваўранюк Ірына Ільінічна Войніч Станіслаў Эдуардавіч Воўк Яўген Вуек Ул. Ул. Вырвіч Барыс Іванавіч Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Габец Ягор Валер'евіч Галавіна Клаўдзія Іванаўна Галаўнёў Мікалай Іванавіч Галоцік Ірына Пятроўна Галубовіч Ксенія Леанідаўна Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Гапоненка Алег Паўлавіч Гаравая Ніна Віктараўна Гарэлікаў Уладзімір Марат. Глазырын Сяргей Грудніцкая Тамара Грыгенча Вераніка Грынюк Вольга Віктараўна Грышуніна Наталля Губскі Уладзімір Гудкова Вольга Уладзіміраўна Гундар Марына Юр'еўна Гедрэвіч Валянціна Дабравольскі Андрусь Дабрадзей Алеся Пятроўна Дакурна Генрых Фабіянавіч Дарафяюк Міхаіл Дваранчук Юры Яўгенавіч Дзергачова Любоў Рыгораўна Дзешчыц Алена Аляксандр. Дзьячкова Ларыса Дзянісік Алена Догелева Ала Доўгі Уладзімір Драздоў Юры Другакоў Уладзімір Пятровіч Дрыгайла Зміцер Ісаакавіч Дычок Сяргей Уладзіміравіч Ерашэня Раман Віктаравіч Жаркоў Аляксандр Іванавіч Жаўрыд Марына Аляксандр. Жукоўская Алеся Іванаўна Забенька Сяргей Аляксандр. Зайка Аляксандр Фаміч Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Зверава Тамара Зуева Валянціна Дзмітрыеўна Зянько Аляксей Андрэевіч Іваноў Мікалай Аляксеевіч Іскарцкая Марына Каваленка Анастасія Уладзім. Кавалеўскі Яўген Міхайлавіч Кажарская Эліна Сяргееўна Казак Алег Казмірук Аліна Вітальеўна Камарова Алена Аляксандр. Камароўскі Мікалай Міхайл. Камароўскі Мікола Іванавіч Камбалава Анжаліка Набіл. Камянецкая Ірына Кананенка Тамара Міхайлаўна Канкаловіч Вера Кануннікава Ніна Паўлаўна Капціловіч Тамара Карабельнікава Алена Карніенка Мінай Лявонавіч Кароль Алег Карпекін Канстанцін Рыгор. Карповіч Андрэй Уладзімір. Касаты Людвіг Канстанцінавіч Касьяненка Антон Кірвель Юзаф Юзафавіч Князева Часлава Вячаславаўна Коваль Альвіна Козіч Ганна Леанідаўна Колесень Ірына Копыл Ілля Піліпавіч Корбут Аляксандр Іванавіч Косінец Анатоль Краснік Вольга Краснова Наталля Красюк Фёдар Краўцоў Генадзь Сямёнавіч Краўчанка Пётр Кузьміч Крокас Ірына Круглая Марына Віктараўна Кручонак Ігар Мікалаевіч Кузьміч Леанід Пятровіч Кузьмянкоў Зміцер Уладзімір. Куксар Наталля Куль Дзмітры Кунцэвіч Святлана Віктараўна Купава Вітаўт Мікалаевіч Куплевіч Віталь Эдуардавіч Курловіч Аляксандр Адамавіч Кушаль Глафіра Васільеўна Леановіч Алена Георгіеўна Лемеш Яўген Вікенцевіч Лепяшко Аляксандр Віктар. Лойка Тамара Лук'янава Марыя Рыгораўна Ляскоўскі Уладзіслаў Канстан. Ляўкевіч Наталля Міхайлаўна Ляшкевіч Таццяна Маёрава Вольга Уладзімір. Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Малашчанка Уладлена Алег. Малей Кацярына Маліноўскі Макар Яўгенавіч Мальдзіс Адам Восіпавіч Мандрык Наталля Мандрыкін Раман Аляксанд. Марцінкевіч Андрэй Андр. Марчанка Дзяніс Васільевіч Марчык Віктар Машчэнская Алена Мілевіч Ларыса Васільеўна Мінчук Уладзімір Міхайлоўская Анастасія Вяч. Міхайлоўская Таццяна Васіл. Міцкевіч Марыя Міхайлаўна Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Мудроў Алег Л. Муха Анатоль Міхайлавіч Муха Барыс Ібрагімавіч Мыслівец Андрэй Аляксандр. Мялешка Аляксей Аляксеевіч Мясніковіч Юры Навумец Яўген Часлававіч Наліўка Лідзія Вячаславаўна Неткачава Валянціна Алякс. Нікіценка Мікалай Оліна Эла Ігараўна Пабірушка Надзея Палівода Святаслаў Мікітавіч Панамарова Жанна Сцяпан. Папова Варвара Сяргееўна Пархімчык Святлана Мікал. Патапчук Леанід Паўловіч Іван Іванавіч Пацёмкін Уладзімір Леанідавіч Петухоў Алесь Піваварчык Сяргей Аркадз. Плявака Валеры Сцяпанавіч Плотнікаў Уладзімір Правалінскі Віталь Пухоўская Юлія Аляксандр. Пучынскі Уладзімір Станісл. Пушкін Аляксандр Мікал. Пшэннік Тамара Францаўна Пятровіч Ева Іванаўна Рагачэўская Валянціна Пятр. Раманава Юльяна Ігараўна Раманчык Надзея Дзмітрыеўна Рамук Андрэй Раткевіч Лілея Рачко Віктар Русакевіч Юры Яўгенавіч Руснак Ганна Вітальеўна Рынкевіч В. У. Рысявец Уладзімір Аляксандр. Рэйда Святлана Юр'еўна Сабаленка Аляксандр Міхайл. Сабінін Сяргей Юр'евіч Савіцкая Ірына Канстанцінаўна Савосценка Ігар Садаўнічы Дзмітры В. Садоўская Анастасія Раман. Сак Міхал Міхалавіч Салодкіна Святлана Самайлюк Тамара Андрэеўна Самусенка Кім Андрэевіч Санько Валер Аляксеевіч Сармант Сяргей Аляксандр. Саўко Марыя Сафонава Вольга Віктараўна Сека Васіль Сенькавец Ганна Сідарэвіч Наталля Скрыган Ігар Генадзевіч Скрыпаль Аляксей Сяргеевіч Смаленкін Іван Анатольевіч Сом Алена Уладзіміраўна Стамінок Наталля Стаціўка Алесь Канстанцінавіч Сташкевіч Яна Ігараўна Стукала Алена Субоцін Аляксандр Аляксан. Супрановіч Віталь Канстанцін. Сушчэўскі Алесь Аляксандр. Сцефановіч Здзіслаў Уладзіс. Сцяцэнка Наталля Валер'еўна Сырапеня Пётр Андрэевіч Сямашка Я. І. Торап Аляксандр Валер'евіч Тоўсцік Святлана Сяргееўна Трафімчык Дамініка Сярг. Трубач Таццяна Георгіеўна Трусаў Алег Анатольевіч Трухановіч Ларыса Трухановіч Леанід Мікалаевіч Тупянец Дзмітры Валянцін. Туронак Людміла Данатаўна Тэжык Ірына Утачкіна Людміла Фёдарава Таццяна Дзмітр. Федуковіч Васіль Філімонава Іна Уладзіміраўна Філіпчык Васіль Іванавіч Форнэль Кастусь Іванавіч Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Хітрун Алесь Часлававіч Царук Вольга Іванаўна Цвірко Іван Яўгенавіч Цімашэвіч Уладзімір Максім. Цыганкова Анастасія Дзмітр. Чабанава Таццяна Аляксандр. Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Чэчат Алесь Віктаравіч Шаўчук Ігар Іванавіч Шкель Ульяна Андрэеўна Шумскі Андрэй Мікалаевіч Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Шыла Святлана Іванаўна Шымко Лілея Канстанцінаўна Юч Галіна Ярмоленка Тамара Іосіфаўна Ясюк Іван Вітальевіч Яцкоўская Святлана Анатол.

Азбука дзядулі Кастуся ўсім даспадобы

Нядаўна пабачыла свет новая папяровая версія вершаванай азбукі віцебскага паэта, журналіста і перакладчыка Кастуся Севярынца.

Лета коціцца з гары.

Вось і восень на двары,

Вучым азбуку, сябры!

Гэта азбука свая

Бо яна ад А да Я,

Наша БЕЛАРУСКАЯ!

На кожную літарку складзены вершыкі пра жывёлак і птушак: коціка, лася і мядзведзя, пра саву і чаплю, і ўпрыгожаны дзіцячымі малюнкамі.

Зубр глядзіць па-гаспадарску,

Пачуваецца па-царску,

Зубр - не проста мажны бык:

Белавежы вартаўнік.


Канстанцін Паўлавіч выпусціў у 2016 годзе беларускую хрысціянскую азбуку. Новая "Свая азбука" выйшла ў 2018 годзе накладам 800 асобнікаў і праілюстравана навучэнцамі Акадэміі творчасці TALENT: Ульянай Амбражэй, Альбінай Дашкевіч, Лізаветай Лаўрышавай, Палінай Панчанка і іншымі.

Парады аўтару пры складанні азбукі давалі доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота і кандыдат філалагічных навук Мікалай Антропаў. Вершыкі можна знайсці ў інтэрнэце ў агучцы Паўла Харланчыка і Ганны Хітрык і на сайце tbm-mova.by.

У добрага дзядулі сямёра ўнукаў. Улетку ён любіць адпачываць з імі на Дняпры ў роднай вёсцы Унорыцы.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымку: паэт Канстанцін Севярынец.

Чарговыя заняткі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

Чарговыя лекцыі ў "Гістарычнай школе" Алега Трусава будуць прачытаны на тэмы "Ліда. Горад" і "Ліда. Замак". Яны пройдуць 8 і 9 жніўня з 17:30 да 19:00.

Адрас: офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13).

Уваход вольны.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

5/17 красавіка прыбыў Колышка з аддзелам каля сямідзесяці чалавек, за ім - кс. Мацкевіч з пяцюдзесяццю парафіянамі з Ляўды 109. З аддзелам Даленгі, які вырас пасля выхаду з Шат да ста дваццаці, было ў той час пад яго камандай наогул не больш за дзвесце сорак чалавек.

Рухаючыся якраз у Трускоўскія лясы Колышка ўвёў у зман маскалёў дэманстратыўным маршам, прабраўся паміж войскамі непрыяцеля, пасля чаго злучыўся з Даленгам, за што атрымаў публічную пахвалу перад усім войскам.

Канстанцін у перасланых лістках дзеліцца з намі атрыманым уражаннем пры сустрэчы даводцаў і аддзелаў ў глыбокай пушчы, пры прыняцці прысягі, пры электрызуючай прамове Серакоўскага да камандзіраў і да аддзелаў. Далей апісвае набажэнства і дабраславенства злучаных войскаў, прыбыццё засцянковай шляхты, бліжэйшых зелеўладальнікаў і сястры Юліі Беркман з Кейдан з лістамі з Вільні. У канцы - паход у Андроніскую 110 пушчу, бітву пад Генетамі 111, недалёка ад Рогава 112, выдатную перамогу, узяцце лагера і смерць блізкіх яму, менавіта Баляслава Гейштара, які вяртаўся з распараджэннямі з Вільні ад Аддзела, куды быў пасланы з рапартам і просьбай даць зброі.

Няпраўду гаворыць аўтар "Гісторыі двух гадоў". што Длускі распусціў свой аддзел па загаду Літоўскага аддзела, што быццам бы гэта спрычынілася для змарнавання людзей і часу. Пасля выбуху паўстання Длускі быў адным з першых, як чалец партыі руху. сабраў аддзел і распачаў партызанку, неўзабаве, аднак, распусціў свой аддзел па загаду той жа партыі руху, якая прызначыла яго камісарам Ковенскай губер[ні]. Зыгмунт даручыў яму, аддаючы пад яго камандаванне найлепшую моладзь, накіравацца ў бок мора (Палангі) 113.

Па дарозе да Тэрасбору далучыўся Люткевіч з пяццюдзесяццю чалавекамі, узброенымі цапамі. Касакоўскі з малым аддзельчыкам, але ўзброеным, прыбыў з Вількамірскага [павета] ў Тэрасбор (Кнэбе), дзе ўжо чакалі Станішэўскі, Дамінік Малецкі і Захоўскі. Малым аддзельчыкам, як Кушлейца, якому ў пачатку здаў свой аддзел Длускі, Шылінга і іншым загадана было затрымацца па паветах, у той час, калі шляхі калоны Даленгі, Колышкі і кс. Мацкевіча з Тэрасбору накіраваліся на поўнач.


Ведаю сёння, што Канстанцін дзяліўся з намі толькі тымі ўражаннямі, дзе не было болю, мукі, падставы, каб нас засмуціць, аднак змяшчаю яшчэ адзін урывак з асобных лісткоў, прысланых нам з Парыжа.

"Ці памятаеш, што я табе пісаў пра нашае ляжанне пад лёгкай пуховай снежнай пярынай у Шатах? У той час Зыгмунт жартаваў, але я бачыў таемны смутак і тугу на яго твары. Ён не пагодзіцца з лёсам, які яму дастаўся ва ўдзел, з-за недахопу зброі марна гуляць з маскоўцамі ў ката і мышку па нашых пушчах! Гэта добра для мяне, для кожнага з нас - тут ні мудрасці, ні энергіі не трэба, толькі мужыцкі спрыт і шмат бравурнасці. Паб'ю, ці мяне паб'юць - малая шкода і малы прыбытак; знайдзецца хутка той, хто мяне заменіць. Не для таго Серакоўскі выракся і кінуў усё, у што верыў, што добрае і карыснае. Ён дзеяч і здзейсніць мусіць нешта, што сапраўды будзе карысным для краю. Так я ў той час думаў - бачыў, што мае нейкія планы, што кожная хвіля бяздзейна, бяспланава праведзена нецярплівіць яго, але што тут пачаць? Што значаць мэты і планы ў вайне без зброі! Каб жа ж яна нам як найхутчэй прыбыла! (Сёння ведаю, што мы чакалі таго, што не мела ніколі прыбыць!)

Шэпт кружыць па нашых аддзелах, што ў выпадку неабходнасці, што да зброі, пахапаўшы прыватную, дастаўленую з ваколіцы Бірж, Бенедыктам Тышкевічам, у роспачы пойдзем з ёй па больш (у Дынабургскую фартэцу) 114

Апавядаюць рухаўцы, прыбылыя з разбітай партыі Звяждоўскага, што і ён меў намер напасці на Дынабург пры дапамозе работнікаў, засланых унутр. Тое, што тут у нас шэпчуць паміж сваімі падаецца мне пры ўплывах і стасунках Зыгмунта за рэч зусім мажлівую. (Ведаеш, напэўна, пра што гавару?)

Першае ўражанне пасля прыбыцця ў Тэрасбор было чыста жывёльнай натуры, есці і спаць як найболей. Мы ўжо тры дні не нюхалі паху мяса, не здымалі з ног ботаў, не засыналі спакойна. Толькі сёння наеліся. Забілі некалькі валоў для ўшанавання дня прыбыцця ў лагер нашага ваяводы. Што за рух! Што за гоман! Пастаянна сустракаеш каго-небудзь неспадзяванага. Пастаянныя выгукі:

- Што? І ты тут?

- А ты што думаў? Што без мяне Польшчу адваюеш!

Смех, жарты, вяселле. Што за рознароднасць постацяў! Старэйшыя, маладыя, ксяндзы, вайскоўцы, студэнты яшчэ ў сваіх мундзірах, чыноўнікі, бацькі з сынамі і г.д. Бачыў інжынера, 70-гадовага старога з сівой галавой і з 25-гадовым сынам, прыбылі з глыбокай Расіі.

На ноч нашая старшына размяшчаецца ў лямусах 115 , свірнах і адрынах 116 . У дворыку размяшчаецца нашая сёння ўсяўладная майстэрня зброі і фабрыка боепрыпасаў. Мы шэрыя размяшчаемся, дзе хто можа. Я на ўскрайку лесу ўпаў на землю, як камень, ботаў зняць не магу, ногі маю апухшыя да калень, а разразаць боты шкада. Нягледзячы на жудасную змучанасць заснуць не магу.

Каб быў жанчынай, плакаў бы ў тую хвілю голасна. Гэты вялікі мурашнік, бачаны хвілю назад. Гэта ўсе свае. Тут няма ворага. Адно вялікае пачуццё ажыўляе тут усіх - супольныя для ўсіх вера і надзея!

Ноч цудоўна прыгожая, шум дрэваў, месяц узбіўся высока над намі. Здаецца, што яго вясёлы ўсмешлівы твар гаворыць: "Бачу вас, сачу за вамі, павяду вас дарогай збавення!" Думка мая адарвалася ад атачэння і павандравала далёка ў нашую дзяціных гадоў Рудніцкую пушчу 117 і Салечнікі 118 (Туды, дзе нядаўна Нарбут змагаўся з верай і надзеяй! Сумны канец).

Хвілю назад я бачыў некалькі постацяў, якія кіруюцца ў бок лесу, дзе стаяць пікеты 119 . Гэта быў Зыгмунт - яшчэ не спіць - ішоў з некім мне незнаёмым, напэўна, каб праверыць, ці ўсё ў парадку. Ад часу нашага сюды прыбыцця што хвіля прыводзяць то адзіночных людзей, то грамадкі моладзі. Лічба пастаянна расце. Заўтра пачнецца нашая школа. Так мне пільна патрэбна тая навука, што быў бы рады яе сёння пасля ночы пачаць.

Прыпамінаў сабе тваю просьбу, перасланую мне праз Беркмана: "Зыгмунт. ведаю, будзе клапаціцца пра вас; клапаціся і ты пра яго". Не такя гэта латвая рэч, як табе можа падасца. Па-першае, я трымаюся далёка ад галоўнага штабу, каб не думалі, што Зыгмунт атачаецца сваімі; па-другое, не паслухае мяне і з таго пункта погляду мае поўную рацыю. Раз паспрабаваў. На маю просьбу, каб бярогся, каб выбраў паміж намі такіх, на якіх цалкам мог бы абаперціся, і паставіў іх на варту, а сам спачыў з верай, што ўсё выканана , як павінна быць, бо такіх, як мы, тут усюды поўна ў Краі, але калі яго сярод нас не стане, прападзе ўся справа і мы з ёю разам. Абняў мяне сардэчна, смяяўся, гаворачы: "Дух хоча, але цела млее". Жыццё аддасце, але на доўгатэрміновую пільнасць і дакладнае выкананне абавязкаў сёння гэтая ўся моладзь не здольная - з часам, г.зн. праз пару тыдняў загартуецца."


У першы дзень пасля прыбыцця Зыгмунт зноў выслаў рапарт з патрабаванне зброі ў Вільню, у Пецярбург (ці не прыйшла зброя, якую чакалі, цераз Кранштадт) і ў Парыж. Ва ўсім нашым лагеры было ледзьве трохі больш за дзесяць пісталетаў, якія належалі выключна камандзірам.

Зыгмунт нецярплівіўся, рваўся да поспеху, да дзейнасці, пакуль непрыяцель не апамятаўся ад першай хвілі адпору, пакуль не сцягнуў на нашую зямлю сваіх большых сілаў, звычайна расцярушаных, г.зн. раскіданых па вялікіх прасторах.

Канстанцін запытаны Зыгмунтам, да чаго адчувае сябе найбольш здольным як партызан, адказаў з уласцівай яму праматой: "Зброі не маю і валодаць ёй добра не ўмею, з ваенным мастацтвам не знаёмы. Магу ў гэтую хвілю як найлепей прыдасца, як просты шараговец, касінер, бо рукі маю моцныя, а зрок слабы, таму мушу мець непрыяцеля блізка, пад рукой". Аднак пазней, калі ўжо здабыў сабе зброю, служыў у стральцах пад камандай палкоўніка Антаневіча. У сваіх лістах да сясцёр жаліўся на смутны лёс партызанкі, пераможац ці пераможаны, партызан заўсёды мусіць адступаць. Рапарты, аднак, гаварылі, што заўсёды адступаў апошнім, каб хоць пад градам куль збіраць зброю па палеглых, або выносіць параненых.


Быў звычай у нашых родзічаў два разы на год прыводзіць патрэбных рамеснікаў для задавальнення патрэб усяго двара. У той час у якасці ўзнагароды і забавы можна было нашым малым брацікам прыглядацца і вучыцца, што аказалася неацэнным досведам у лагерным жыцці.

У перапынках партызанскай барацьбы, у лясных трушчобах мацнейшыя вучыліся жаўнерскай спраўнасці, лілі кулі, рамантавалі зброю і вопратку, вастрылі і насаджалі косы. Слабейшыя лячыліся і адпачывалі. А трэба было карыстацца з кожнай хвілі, бо гэтыя адпачынкі былі кароткія.

"З усіх рамеснікаў, - пісаў да нас Канстанцін, - у нашым лагеры найбольш ліслівасці і падлізвання атрымоўвалі шаўцы, бо ад іх ласкі і спешнасці залежыць наш абутак, а я прыйшоў да ўсведамлення, што лягчэй прызвычаіцца да ўсякай нястачы, чым да маршыравання басанож, або ў парваным боце".


У лістах сваіх гаворыць, што нягледзячы на часты вялікі недахоп найнеабходнейшых рэчаў, нягледзячы на няпэўнасць лёсу паўстання, нягледзячы на голад і холад, лічыць за сваё найшчасліўшае жыццё тыя хвілі з часоў паўстання, якія правёў пад кіраўніцтвам Даленгі.

"Мы перамагалі, - піша, - пераследавалі не раз трохкратна мацнейшага непрыяцеля на адлеглаць цэлых вёрст, бралі палонных, адбівалі вязняў і боепрыпасы".


Канстанцін верыў у перамогу нават пад Біржамі 120, калі б прыбыў у час кс. Мацкевіч і не цяжкая рана Зыгмунта, а з-за таго неабходнасць яго аддалення з лагера.

"Хвілі, - піша Канстанцін, - якія я перажыў пад яго кіраўніцтвам, былі хвілямі трыумфу польскага духу над гвалтам, былі шчасцем, упаеннем. Люд дабраслаўляў нас з плачам, абдымаў, цалаваў, а перад Зыгмунтам кленчыў. Маці роўна як з двароў, так і з вёсак самі прыводзілі і аддавалі сыноў сваіх, а шэрыя сукманы так нас дэмакратызавалі, так нас збраталі, што сапраўды адчувалася глыбока ў душы, што ўсе мы сыны адной маці.

Зыгмунт мучыўся думкай пра бязмэтавае, бяздзейнае пражыванне дзён, калі, паводле яго, кожная хвіля плаціць крывёй і будучай нядоляй краю, а я гледзячы на тую дзіўную з'яву, пра якую датуль не меў паняцця, сяўбы шляхетных, узнёслых думак, пачуццяў і неабходнасці выканання абавязкаў, думаў, што тое, што ён сёння сее ў душах соцень ідучых за ім, ёсць дастатковая праца для чалавека ў кароткія дні яго жыцця. Сяўба тая павінна даць багатыя плёны ў душах унукаў і праўнукаў . Больш вартая адна хвіля такога жыцця, чым жыццё без следу доўгія гады да сівых валасоў.

Бачачы той дзіўны ўплыў, які рабіў на цэлыя грамады, пытаўся не раз са здзіўленнем, пад уздзееннем якой сілы ёсць гэтая з'ява? Магнетызм? Іскры генія? Ці іскры Божай? Ведаеш, калі яго ўбачыў у першы раз у дзень твайго шлюбу, жаль меў да цябе, што выходзіла не за таго, каго табе ў сваіх думках прызначаў. Дзівіўся, што бачачы яго наледзве тры разы, адважылася выйсці за яго. Сёння не дзіўлюся ўжо нічаму, разумею цябе. Прабач мне, што ва ўспамінах маіх звяртаю мае словы да тваіх асабістых пачуццяў".


Пасля выхаду з Тэрасбору пад Латвелямі 122 непрыяцель пераважнымі сіламі акружыў нашыя аддзелы. Зацятая бітва трывала да ночы. Пад Зыгмунтам конь забіты, шапка прастрэлена. З наступленнем ночы непрыяцель адступіў. Мы ўтрымаліся на нашых пазіцыях, падабралі зброю. Нягледзячы на безумоўную перамогу, Даленга, прадбачачы напад наступнага дня, пасунуў аддзелы глыбей у бок маршу кс. Мацкевіча. Раз'ездны камісар Гружэўскі, родам з той ваколіцы, ведаючы яе дасканала, пераважна заселеную кальвіністамі, сам таго ж вызнання, указаў двух праваднікоў: лесніка і селяніна, якія ведалі дасканала кожную сцяжынку ў тых пушчах. Яны, па пераходу, вядомаму толькі ім самім і найбліжэйшым жыхарам, правялі нашыя аддзелы на невялікае ўзвышша, не надта густа парослае дрэвамі, а за ўзгоркам цягнулася бездарожная пушча. Гружэўскі, як я чуў, пасля прызначэння праваднікоў рушыў у бок кс. Мацкевіча для таго, каб прымусіць яго паспяшацца.

(Працяг у наступным нумары.)


109 Ляўда (літ. Liaude) тэрыторыя ў Паневежскім і Ковенскім паветах над ракой Ляўдай (прытокам Нявежы), заселеная дробнай шляхтай.

110 Андроніская пушча (літ. Andrioniskio miskas, Анікшцкі р-н).

111 Генеты (літ. Genetiniai) мясцовасць у Вількамірскім павеце. Бітва 6.IV.1863), выйграная аддзелам Серакоўскага.

112 Рогаў або Рогава (літ. Raguva), мястэчка над Нявежай (Вількамірскі пав.) пры тракце з Вількаміра ў Панявежу. У ваколіцы найбольшыя ў павеце лясы, у якіх арганізаваўся аддзел Серакоўскага.

113 Паланга (літ. Palanga), горад у паўднёвай Курляндыі, недалёка ад мяжы з Прусіяй, які належаў у той час гр. Юзафу Тышкевічу.

114 Дынабург (латв. Daugavpils), павятовы горад і цвердзь у Віцебскай губерні (Польскія Інфлянты) над Дзвіной.

115 Лямус - склад, дом звычайна мураваны і асобны для захоўвання розных рэчаў, забяспечаны ад агню.

116 Адрына - гумно, стадола для сена.

117 Рудніцкая пушча (літ. Rudninku giria, Панявежскі р-н) расцягнулася паміж вёскай Руднікі і Нёманам у Троцкім пав.

118 Салечніцкая пушча расцягнулася ў Віленскім павеце, галоўнае мястэчка Салечнікі (літ. Salcininkai, Салечніцкі р-н).

119 Пікет - малы аддзел жаўнераў, які стаіць на пасту або паблізу варты.

120 Найвялікшая бітва (25-27.IV.1863), праведзеная групоўкай Серакоўскага, закончылася разбіццём і рассейваннем аддзела.

121 Аддзел Мацкевіча дабраўся на другі дзень вечарам.

122 Латвелі (літ. Latveliai, Біржанскі р-н), вёска ў Панявежскім пав., на поўнач ад Біржаў, недалёка ад Мядэяк.

"Вецер удачы" ў Нясвіжы

Малаверагодна, што на свеце ёсць больш цікавы музычны жанр для ўсіх пластоў насельніцтва, чым шансон.

Але не той шансон, які ўвайшоў у моду на пачатку 20-га стагоддзя - "басяцкі", альбо так званы "рваны жанр", выкліканы цікавасцю грамадства таго часу да людзей свету "адрынутых", ахвяр сацыяльнай няроўнасці, бунтарскага духу. І як лічыць адзін з самых знакамітых рускіх шансанье Вярцінскі, шансон - тэатр аднаго акцёра, дзе і песні, і словы, і музыка, і выканавец часта адзін таленавіты чалавек.

Шансон у перакладзе з французскай мовы (shanson) азначае народная песня.

Так, яшчэ з эпохі сярэднявечча, менавіта французскія менестрэлі даравалі на дарогах і ў замках Еўропы ўдзячным слухачам свае балады і рандо, якія раскладаліся на галасы і сталі продкамі сучаснай аднагалоснай бардаўскай песні.

Сёння песні шансон, у адрозненні ад песень сумнеўнай якасці, гэта песні любімых выканаўцаў Шарэза Азнавура і Джо Дасена, Акуджавы і Высоцкага, Візбара і Галіча, Эдзіт Піаф і Патрысіі Каас, Лешчанкі і Шафуцінскага.

З задавальненнем, наведваючы так званы музычны "тэатр аднаго акцёра", мы павінны добра разумець, што кожны таленавіты спявак мусіць мець усё ж сваю школу, падтрымку, нацыянальную самаіндэнтычнасць. І ўрэшце рэшт фестывалі шансону, якія праходзяць у нашых суседзяў даюць магчымасць маладым выканаўцам аўтарскай песні мець сваё кола зносін, удасканальваць майстэрства і заслужана атрымліваць прызнанне. Патрэбна і нам паклапаціцца аб сваіх выканаўцах. А іх шмат.

Чаму мы павінны толькі слухаць "чос" ужо неаднаразова праслаўленых спевакоў гэтага жанру?! Таму ІІ Міжнародны фестываль аўтарскай песні і самадзейных паэтаў "Вецер удачы", які прайшоў на Нясвіжчыне 28 ліпеня паспрабаваў пачаць вырашаць задачы прапаганды і распаўсюджвання аўтарскай песні, твораў пачынаючых паэтаў-песеннікаў.

Фестываль, у рамках якога прайшоў конкурс аўтарскай песні і верша, прысвячаўся Году малой радзімы, і вельмі прыемна было, што бардаўская песня і верш часта гучалі на беларускай роднай мове, што мясцовыя творцы заслужана сталі побач з вядомымі паэтамі і выканаўцамі замежжа - Ізраіля, Расіі, Украіны, Казахстана.

З вялікім задавальненнем журы і ўдзельнікі, гледачы конкурсу аўтарскай песні і самадзейнай паэтычнай творчасці сустракалі маленькіх несвіжан, выхаванцаў дзяржаўнай установы адукацыі "Дзіцячы сад № 4 г. Нясвіжа", якія прывіталі прысутных на добрай беларускай мове, уручылі старшыні журы, заслужанаму паэту і сябру Саюза пісьменнікаў Расіі Андрэю Ліхачову беларускі каравай. Выхаванцы дзяржаўнай установы адукацыі "Путчанскі вучэбна-педагагічны комплекс" парадавалі прысутных цікавымі вырабамі беларускіх народных рамёстваў, выкананых сваімі рукамі.

Знакамітае журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі краін-удзельніц: вядомы беларускі паэт-публіцыст Ф. Баравы (сябар Саюза пісьменнікаў Расіі і Рэспублікі Беларусь), паэт-песеннік, скульптар А. Пракарына, паэтка, пісьменніца, сябра творчага аб'яднання "Валошкі" і літаратурна-музычнага аб'яднання "Мір" г. Вільні Зоя Капуста (ад Рэспублікі Беларусь); вэб-дызайнер, член саюза творчых педагогаў, спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях Наталля Кулік, аўтар, выканаўца, паэт-песеннік, неаднаразовы лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў песні шансон Міхаіл Бурляш (ад Украіны); спявак, неаднаразовы лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў Расіі, Ізраіля, Германіі Анатоль Гураў (ад Ізраіля); паэт-песеннік, аўтар, выканаўца, неаднаразовы лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, дыпламант, уладальнік Гран-пры міжнароднага фестывалю "Казачье нашествие", уладальнік медаля "400 год Дома Раманавых" і нагруднага крыжа ІІ ступені "Заслуги перед Казачеством" Арман Алмаацінскі (ад Казахстана) - было задаволена ўзроўнем выступлення канкурсантаў. Адзначана прафесійнасць і падрыхтаванасць выканаўцаў, паэтаў, высокая літаратурная якасць выбраных твораў для конкурсу як музычных, так і паэтычных. Творы мелі патрыятычную, ваенную, лірычную тэматыку, прадстаўленыя ў розных жанрах гарадскога рамансу, лірычнай і бардаўскай песні, балад.

Вельмі прыемна, што арганізатарам і прадусарам ІІ Міжнароднага фестывалю аўтарскай песні і самадзейных паэтаў "Вецер удачы" стала вядомая спявачка Наталля Калеснікава, неаднаразовы прызёр, дыпламант, лаўрэат міжнародных фестываляў песні шансон.

Дыпломы фестывалю і падарункі атрымалі:

Гран-пры - Ігар Аксёнаў (Масква);

І месца - Вольга Грын (Менск);

ІІ месца - Міхаіл Радж (Гародня)

ІІІ месца - Сяргей Пракоф'еў (Нясвіж) і Вадзім Круг (Клецк).

У намінацыі "Патрыятычная песня" І месца прысуджана Мікалаю Зіміну (Валгаград).

У намінацыі "Дуэты" - В. Грын і М. Радж.

Прыз сімпатыі гледачоў атрымаў Мікалай Галаўко (Масква).

Сярод паэтаў-песеннікаў першае месца аддадзена аднагалосна Мікалаю Майсюку (літаратурнае аб'яднанне "Вясёлка", Капыль). Вершам і выкананню конкурсных твораў на беларускай мове Мікалаем Майсюком старшыня журы Ліхачоў А.Ю. даў вельмі высокую адзнаку. Другое месца атрымалі вершы С. Пракоф'ева (Нясвіж), ІІІ месца - вершы Т. Спасюк (Слонім).

Міжнародны фестываль і конкурс выканаўцаў аўтарскай песні і самадзейных паэтаў "Вецер удачы" стаў пачатковай вехай для развіцця бардаўскай творчасці ў нашай краіне, цікавым спалучэннем вопыту для аўтараў-пачаткоўцаў і настаўніцтвам ім ад знакамітых выканаўцаў, упэўненасці для далейшых творчых здзяйсненняў і прызнанння ад тых, каму і прызначаны гэты цікавы жанр шансону, бардаўскай песні, які ўжо шмат стагоддзяў будзіць думкі, праймае сэрца, распавядае таямніцы пакутлівых душ чалавечых.

Аб чым плача, з чаго смяецца песня шансон?! Абавязкова даведаемся!

Чакаем ІІІ Міжнародны фестываль аўтарскай песні і самадзейных паэтаў "Вецер удачы".

Зоя Кулік, Нясвіж. Фота С. Польскіх.

Памятная шыльда ў гонар заснавальніка Дзятлаўскага музея

4 жніўня адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды на фасадзе будынка Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея яго заснавальніку і першаму дырэктару Міхаілу Петрыкевічу (1913-1999). Ды і нагода была: сёлета Міхасю Петрыкевічу спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння. У гэты дзень сабраліся людзі, якія захоўваюць гістарычную памяць малой радзімы. У Дзятлава прыехалі на ўрачыстасць пісьменнікі і краязнаўцы з іншых рэгіёнаў Беларусі. А свята распачала дырэктар музея Дзінара Харошка і супрацоўнік ідэалагічнага аддзела Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько. Выступоўцы адзначылі вялікі ўклад Міхася Петрыкевіча ў гісторыю Дзятлаўскай зямлі і ў тое, што ён пакінуў Дзятлаву добры музей. Калі б не Петрыкевіч, то Дзятлаўшчына не мела б такога ўнікальнага музея, які ёсць сёння. Словы падзякі за памяць пра бацьку сказаў сын Міхася Петрыкевіча Валер Петрыкевіч. Сяргей Чыгрын прачытаў верш, прысвечаны Петрыкевічам. А барды Таццяна Матафонава з Менска, Міла Ражкова з Масквы і Сяргей Чарняк з Ліды выканалі некалькі песень на словы беларускіх паэтаў. Мемарыяльную шыльду Міхасю Петрыкевіча ўрачыста адкрылі сын і ўнучка Міхася Петрыкевіча. А потым у выставачнай зале музея адбылася невялікая імпрэза памяці заснавальніка музея. Яго супрацоўнікі распавядалі пра жыццёвы шлях Міхася Петрыкевіча, паказалі шмат слайдаў з яго дзейнасці, прыгадалі шчырымі словамі гэтага апантанага і зацікаўленага ў музейнай справе чалавека, які зусім нядаўна жыў на Дзятлаўшчыне.

Згадвае яго сын Валеры Петрыкевіч, які і сам вялікія намаганні прыклаў да развіцця беларускага краязнаўчага руху на Дзятлаўшчыне.

- Бацька вагаўся: ехаць ці не ехаць, усё ж за 50 гадоў, хутка на пенсію. І ўсё-такі ў 54-гадовым узросце ён прыехаў сюды і апантана за год і тры месяцы з нуля сабраў амаль 6 тысяч экспанатаў. Сабраць іх - гэта адна справа. Трэба ж было яшчэ аформіць залы, адкрыць экспазіцыю, скончыць рамонт будынка. Было вельмі складана, ён спаў па 4 гадзіны, не болей. У 6 гадзін ён ужо быў на нагах. А колькі ён аб'ездзіў ды абхадзіў…

Арганізатары свята спадзяваліся, што, апрача мемарыяльнай дошкі на мурах Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, гэтая культурная ўстанова таксама будзе насіць імя Міхася Петрыкевіча. Але гэтага не адбылося.

Беларускае Радыё Рацыя.

У Зачэпічах адбылося другое свята паэзіі Гарадзеншчыны

У суботу, 4 жніўня, у вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна адбылося другое Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі. Арганізатарамі культурніцкага мерапрыемства сталі Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы і Дзятлаўскі гістарычна-краязнаўчы музей. Мерапрыемства было ўзгоднена з мясцовымі раённымі ўладамі. Вёска Зачэпічы на Дзятлаўшчыне - гэта радзіма трох заходнебеларускіх паэтаў Пятруся Граніта, Гарасіма Праменя і Васіля Струменя. Два гады таму грамадскія актывісты Дзятлаўшчыны начале з Валерыем Петрыкевічам устанавілі мемарыяльны камень памяці гэтых паэтаў. Тады і было вырашана штогод праводзіць абласное свята беларускай паэзіі. Сёлета на свята прыехалі літаратары з Гародні, Ліды, Наваградка, Слоніма, Дзятлава. Свята адкрыў і вёў пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын. Ён пачаў з паэтычных радкоў:

Прамень, Граніт і Струмень

Збіраюць нас на сустрэчы…

Каб вершы, хоць раз у дзень, Паслухалі нашы Зачэпічы…

Потым выступалі і чыталі свае паэтычныя творы Ала Петрушкевіч, Ала Нікіпорчык, Юрка Голуб, Мікола Канановіч, Станіслаў Суднік, Алена Абрамчык і іншыя паэты Гарадзеншчыны. Барды Таццяна Матафонава, Сяргей Чарняк, Міхась Зюзюк, аздаблялі паэзію беларускімі песнямі. Асабліва шчыра віталі ўсе прыгожую і таленавітую спявачку з Масквы Мілу Ражкову, якая цудоўна выканала "Паланез Агінскага" на словы Сяржука Сокалава-Воюша, песню "Цячэ вада ў ярок…" і песні расейскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову Алы Петрушкевіч. Шчырыя словы ў адрас гасцей і тых, хто завітаў на свята, казалі яго арганізатар - дзятлаўскі грамадскі актывіст Валеры Петрыкевіч, прафесар з Гародні Аляксей Пяткевіч, кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.

Як ніколі моцна былі прадстаўлены на свяце навакольныя арганізацыі ТБМ. Прысутнічалі: старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксей Пяткевіч, намеснік старшыні ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, старшыня Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ Святлана Бушчык, старшыня Дварэцкай суполкі ТБМ Наталля Ляўкевіч, былая і новы старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Алена Абрамчык і Валеры Петрыкевіч, намеснік старшыні Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ Сяргей Чыгрын, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Чарняк, а таксама шмат шараговых сяброў Таварыства.

У гэты самы дзень удзельнікі свята наведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваныя Пятрусь Граніт і Гарасім Прамень, каб ускласці кветкі на іх магілы.

Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён.

Вершы з Дзятлаўскага блакнота

Сяргей ЧЫГРЫН

Дзятлава

Будаваў драўляны замак гетман

Слаўны сын, вялікі наш Астрожскі,

Тут байніцы размаўлялі з ветрам,

Тут збіраў вялікі гетман войска.


Солтанаў сляды тут і Сапегаў,

Храмы ім пяюць на святы гімны.

Пад дажджом, пад лёгкім белым снегам

Горад наш прыгожы і адзіны.


Тут хадзіў Дамейка і Дварчанін,

І кружылі ў вальсах Радзівілы.

Бо зямля тут смела і адчайна

Надавала волі ім і сілы.


Каб сабраць ў адзін музей дабро -

Петрыкевіч жыў сваім музеем,

Каб цікава людзям тут было,

Каб не страціць веры і надзеі.


Слаўны шлях ад Здзенцела да сёння,

Горад наш прайшоў усе вякі…

Каб над Дзятлаўкай заўсёды вольна

Ў неба узляталі жаўрукі.

На беразе Моўчадзі

Валерыю Міхайлавічу Петрыкевічу, грамадскаму актывісту з Дзятлава

На беразе Моўчадзі прыгадваем з вамі Дамейку,

І вашага бацьку таксама прыгадваем мы.

Ад успамінаў нам радасць маленькаю жменькай

Сыпне ад траўня да самай халоднай зімы.

Слаўны Міхалыч - наш беларускі вандроўнік,

Кожную сцежку прайшоў пехатой па зямлі.

Потам прапахлі заплечнік яго і ватоўкі,

Што ў падарожжах надзейныя побач былі.

Моўчадзі хвалі спяшаюцца як на спатканне,

Іх не стрымаць, не абняць, нікуды не вярнуць.

Хвалі здымаюць дзённае ў нас хваляванне,

Хвалі, як мы, і пяюць, і бягуць, і жывуць.

Мудры Міхалыч з шырокай, як Моўчадзь, душою,

Ён для сяброў даражэй на зямлі і радней.

Зычыць ён нам і Радзіме заўсёды спакою,

Сілы свае аддае ён для добрых людзей.

Моўчадзь бяжыць, даганяючы хвалю за хваляй,

Моўчадзь вяртацца ніколі не будзе назад…

Моўчадзь надзеі, як сонца на хвалях трымае,

Як спелыя яблыкі трымае Міхалыча сад.

Зачэпічы*

Сюды прыехаць хочацца,

Вады жураўлём зачэрпаць.

Тут сонца па хатах коціцца -

Зачэпічы.


На самай вузенькай вуліцы,

Дзе бэз нам казыча плечы,

Дзе месяц да комінаў туліцца -

Зачэпічы.


Тут вершы пісалі у Вільню

Пры лямпе хлопцы штовечар,

За імі сачылі тут пільна

Зачэпічы.


Прамень, Граніт і Струмень

Збіраюць нас на сустрэчы…

Каб вершы, хоць раз у дзень,

Паслухалі нашы Зачэпічы.

* Вёска ў Дзятлаўскім раёне, дзе нарадзіліся заходнебеларускія паэты Гарасім Прамень, Пятрусь Граніт і Васіль Струмень. У гэтай вёсцы штогод адбываецца Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX