Вярнуцца: 2018

№ 36 (1395)


Дадана: 05-09-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1395), 5 верасня 2018 г.

1 верасня - Дзень ведаў

Радзіма, Бацькаўшчына, Мова - з гэтымі галоўнымі словамі распачаўся новы навучальны год.

1 верасня на ўрачыстую лінейку ў 23 менскую беларускамоўную гімназію прыбыў павіншаваць навучэнцаў акадэмік НАН Аляксандр Лукашанец.У гімназіі вучацца дзеці прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, лекараў, святароў і ўсіх тых, хто прагне даць нашчадкам грунтоўнае і свядомае выхаванне.

- Сёння адначасова з нашай лінейкай распачынаецца свята беларускага пісьменства і друку ў Іванаве. Няхай роднае слова асвячае ваш шлях па жыцці, натхняе і падтрымлівае вас! - сказаў А.А. Лукашанец.

Дырэктар гімназіі Ірына Леанідаўна Пасюкевіч пажадала вучням быць стараннымі, паспяховымі, упэўненымі ў сабе.

Старшыня апякунскай рады гімназіі спадарыня Крысціна Вітушка перадала пажаданні добрага здароўя і пачуцця гумару, без якога не магчыма адолець усе ступені адукацыі.

- Мы - адзіная сям'я. Наша гімназія - гэта частачка малой радзімы. Будзем любіць і шанаваць яе, і адзін аднаго! - сказала Крысціна Уладзіміраўна.

Самыя маленькія прывіталі новых сяброў і бацькоў вершамі. На свяце гучалі песні на чатырох мовах свету. Старшакласнікі спявалі пра тое, як яны моцнымі ведамі,чыстымі сэрцамі і працай адновяць нашу краіну, а потым выпусцілі ў неба рознакаляровыя балонікі - сімвал іх мараў. У класах дзеці пазнаёміліся з настаўнікамі і атрымалі ў падарунак першую кнігу пра Беларусь.

Э. Оліна, фота аўтара. 1. На ўрачыстай лінейцы; 2. Свята ў 23 гімназіі. 3. С.У. Старыковіч і вучні 1В класа.

Дзень беларускага пісьменства ў старажытным Янаве

Афіцыйная цырымонія адкрыцця ХХV Дня беларускага пісьменства ў г. Іванаве Берасцейскай вобласці адбылася 2 верасня на галоўнай сцэне ў гарадскім парку райцэнтра. Старт мерапрыемству даў сімвалічны перазвон і ўзляцелыя ў неба белыя галубы. Віншаванне Прэзідэнта ўдзельнікам і гасцям імпрэзаў Дня беларускага пісьменства зачытаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

"Паважаныя сябры!

Сардэчна віншую вас з юбілейным, дваццаць пятым Днём беларускага пісьменства, які адзначаецца сёлета на гасціннай Брэсцкай зямлі.

Гэта свята - знакавая падзея ў культурным жыцці краіны, сведчанне красы і сілы беларускай мовы, духоўных традыцый нашага народа.

Многія стагоддзі пісьмовае слова перадае з пакалення ў пакаленне вечныя ідэалы прыгажосці, дабра і справядлівасці, з'яўляецца жыватворнай крыніцай мудрасці і ведаў, надзейным спадарожнікам кожнага чалавека на яго жыццёвым шляху.

Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова.

Продкі пакінулі нам неацэнны скарб - родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з'яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа.

Упэўнены, што, зберагаючы іх спадчыну, сённяшняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць Радзімы.

Жадаю вам здароўя, шчасця, згоды, поспехаў і творчага натхнення.

Аляксандр Лукашэнка".


У рамках ХХV Дня беларускага пісьменства ў Іванаве адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака "Янава слова", усталяванага ў гонар XXV Дня беларускага пісьменства. Скульптурная кампазіцыя размешчана на пешаходнай вуліцы 17-га верасня ў цэнтры Іванава. Над яе стварэннем працаваў аўтарскі калектыў у складзе Алесі Шацілы, Аляксея Сарокіна і Ганны Багаткінай. Памятны знак выкананы ў відзе сонечнага гадзінніка, галоўны элемент якога - замацаванае ў мармуровай чары пяро. Да яе прымацаваны камяні, на якіх выгравіравана назва старажытнага горада, які прыняў свята.

* * *

У Іванава 2 верасня адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія" за творы, напісаныя ў 2017 годзе.

У намінацыі "Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі" пераможцам названы Казімір Камейша за зборнік вершаў "Высокі бераг". У намінацыі "Лепшы твор прозы" адзначаны Васіль Шырко за кнігу "Я нязваны госць". Журы высока ацаніла зборнік п'ес "Святло вышыні" Георгія Марчука, прысудзіўшы яму перамогу ў намінацыі "Лепшы твор драматургіі". Аўтарам лепшага твора публіцыстыкі стала Зінаіда Дудзюк за кнігу "Пара высокага сонца". У намінацыі "Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства" перамогу святкаваў Іван Штэйнер, які напісаў кнігу "Смехъ зъ болъстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя". Таксама ўзнагарода ўручана Вользе Мікольскай у намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" за кнігу "Выкраданне шэдэўра, ці Новыя прыгоды агентаў "Колбафиржик". Перамога ў намінацыі "Лепшы дэбют" прысуджана Юліі Алейчанка за кнігу "Пад чароўным шкельцам". Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і знакі Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Паводле БелТА. (Працяг тэмы ў наступным нумары.)

БНФ выступіў у падтрымку беларускага Універсітэта імя Ніла Гілевіча

Заява Сойма Партыі БНФ

25 жніўня 2018 года

У падтрымку Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта

У апошнія некалькі месяцаў у сродках масавай інфармацыі з'явіўся шэраг публікацыяў, аўтары якіх даюць негатыўную ацэнку грамадскай ініцыятыве па стварэнні беларускамоўнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча, які ўжо атрымаў у народзе нефармальнае, але пачэснае званне "Беларускі нацыянальны ўніверсітэт".

Падобныя публікацыі адзначаныя не толькі на старонках дзяржаўных газет ("Савецкая Беларусь", "Лідская газета" ды інш.), але і на асобных незалежных сайтах.

Партыя БНФ заяўляе рашучую нязгоду з негатыўнымі публікацыямі на адрас навучальнай установы, якая яшчэ толькі распачынае працу. Пад выглядам "дыскусіі" (ў якой, чамусьці, не даецца слова заснавальнікам універсітэта) здзяйсняецца дыскрэдытацыя важнай грамадскай ініцыятывы.

Паслядоўнасць і аднолькавая танальнасць публікацыяў, пры ўсёй іх фактычнай неабгрунтаванасці (падкрэслім - навучальная ўстанова яшчэ толькі-толькі зарэгістраваная і не паспела распачаць навучальны працэс), прымушае падазраваць у іх праяву мэтаскіраванай антыбеларускай кампаніі, нацэленай на недапушчэнне развіцця беларускай мовы ў сістэме нацыянальнай вышэйшай школы.

З улікам выкладзенага, Партыя БНФ:

- Заяўляе рашучы пратэст супраць антыбеларускіх публікацый, скіраваных на ачарненне грамадскай ініцыятывы па стварэнні Універсітэта імя Ніла Гілевіча,

- Заклікае сродкі масавай інфармацыі як дзяржаўныя, так і незалежныя, да аб'ектыўнасці і адлюстравання пазіцый тых установаў, у дачыненні да якіх публікуюцца крытычныя матэрыялы,

- Заклікае грамадскасць Беларусі падтрымаць Універсітэт імя Ніла Гілевіча як найбольш амбітны і песрпектыўны адукацыйны праект, які можа стварыць якасна новую сітуацыю на рынку адукацыйных паслуг Беларусі, а таксама стаць першым крокам па пераадоленні дыскрымінацыі беларускамоўнага насельніцва ў сістэме вышэйшай адукацыі,

- Заклікае бізнэсоўцаў і прыватных ахвярадаўцаў, а таксама дзяржаву, вылучаць фінансавыя сродкі на падтрымку Універсітэта імя Ніла Гілевіча як установы, якая ў перспектыве можа стаць першым беларускамоўным універсітэтам у нашай краіне.

Прыгэтым Беларускі Народны Фронт выступае за безумоўнае развіццё беларускай мовы ў дзяржаўнай сістэме адукацыі, без чаго нацыянальная вышэйшая школа не можа лічыцца сапраўды паўнавартаснай для сучаснай незалежнай дзяржавы.

На цяперашнім этапе ў якасці першачарговых крокаў для змянення дзяржаўнай палітыкі Партыя БНФ выступае за стварэнне на заканадаўчым узроўні дзяржаўнай праграмы развіцця адукацыі на беларускай мове, з павелічэннем дзяржаўнага фінансавання праграмаў па развіцці беларускай культуры, адукацыі і мовы, у тым ліку з выдзяленнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці.

Новыя лекцыі ў Гістарычнай школе

6 (чацвер) і 10 (панядзелак) верасня з 17:30 да 19:00 запрашаем на лекцыі і прагляды дакументальных гістарычных стужак з працягам "Гістарычнай школы" начале з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячом, в.а. абавязкі рэктара "Універсітэта імя Ніла Гілевіча", Ганаровым старшынём ТБМ.

6 верасня Алег Трусаў распавядзе пра "Помнікі архітэктуры старажытнага Наваградка". Будуць паказаны дакументальныя фільмы пра гісторыю Наваградка.

10 верасня адбудзецца лекцыя на тэму "Помнікі архітэктуры Наваградчыны (замак у Любчы, касцёл ва Уселюбе і інш.)"

Адрас: офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13).

Уваход вольны.

Факсімільнае ўзнаўленне каштоўнага рарытэту натхняе да навукі

Напярэдадні новага навучальнага года ў Нацыянальнай бібліятэцы святочна адзначылі выпуск факсімільнага ўзнаўлення першага беларускага Буквара. Кніга выйшла ў трох тамах (арыгінал, даследванне, пераклад) накладам 1000 асобнікаў. Яна паступіць ва ўсе рэгіянальныя і ўніверсітэцкія бібліятэкі краіны. Калектыў аўтараў узначаліў кандыдат культуралогіі Алесь Суша. Над дызайнам рупіўся Канстанцін Вашчанка. Том даследванняў уключае кнігазнаўчыя артыкулы Алены Дзянісавай, Юрыя Казакова, Вольгі Праскаловіч, Рэнэ Сатэрлі, Галіны Ціванавай.

Гэта другі значны асветніцкі праект пасля факсімільнага ўзнаўлення Бібліі Францішка Скарыны, рэалізаванага ў 2017 годзе, які мае духоўныя і патрыятычныя мэты: сведчыць пра глыбокія культурныя традыцыі і традыцыі веры.

- Мы завяршылі даследчы гуманітарны праект, які доўжыўся тры гады. Ён ажыццяўляўся сумесна з такімі партнёрамі, як Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, " Белінвестбанк", пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі. Плённая і цесная праца ішла разам з брытанскімі спецыялістамі і з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў. У даследванні бралі ўдзел гісторыкі, філолагі, - сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша.

- Выданне каштоўна, як грунтоўнае навуковае вывучэнне кніжнай культуры, - адзначыла Валянціна Гінчук. - А таксама як методыка выкладання азбукі ў ХVII cтагоддзі.

- Буквар - для кожнага кніга святая, бо з яе пачынаецца знаёмства дзіцяці з навукай. Гэта кніга тым больш святая, бо яна дайшла да нас з ХVII cтагоддзя, яе выдалі браты кіновіі Віленскай - манастыра Святога Духа, які быў каардынацыйным цэнтрам адукацыйнай дзейнасці. Гэта не проста падручнік, які дапамагае навучыцца чытаць, але і падказка, як трэба жыць.

Буквар уключае Сімвал веры, малітвы, нагадвае пра сем справаў міласэрнасці: галоднага накарміць, засмяглага напаіць, вязня выкупіць, хворага наведаць, падарожніка прыняць, памерлага пахаваць. У кнізе шмат тэкстаў, арыентаваных на юнакоў, на маладых людзей.

У вывучэнні старажытнага тэкста дапамаглі даследчыкі з Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Прафесар Джым Дынглі паспрыяў, каб супрацоўнікі прыватнай бібліятэкі карпарацыі юрыстаў Мідл Тэмпл у Лондане прадаставілі доступ да арыгінала. Дзякуючы падтрымцы МАБ была зроблена лічбавая копія гэтага выдання.

Даследчы артыкул спадара Алеся Сушы захапляе дэталёвымі звесткамі пра аўтара старажытнага Буквара - Мялеція Сматрыцкага, вядомага грамадскага і царкоўнага дзеяча. Ён займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў брацкай школе пры манастыры і вучыў многіх прадстаўнікоў шляхецкіх радоў на Беларусі. Да Буквара меў дачыненне і Лявонці Карповіч. Ён таксама займаўся практыкай выкладання, кіраваў брацкай школай, якая выдала кнігу, ён правёў трансфармацыю манастыра Святога Духа ў кіновію. Выпуск Буквара ў 1618 годзе паўплываў на шырокія слаі свецкага грамадства. Далейшыя выпускі ў Куцейне, Супраслі, Магілёве перанялі назву, змест, структуру выдання. У канцы ХVII стагоддзя на Беларусі выйшла больш буквароў, чым на тэрыторыі Украіны і Расіі разам.

Крыніцай інфармацыі для навуковых пошукаў служылі ўкраінскія, польскія і нямецкія даследванні мінулага стагоддзя. Спадар Алесь Суша з захапленнем працуе і далей над гісторыяй беларускіх буквароў ад старажытнасці да нашых дзён і натхняе сваім прыкладам.

Мерапрыемства стала своеасаблівым дабраславеннем для дзетак, якія ідуць у першы клас. Яны атрымалі асобнікі Буквара з рук дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Сцяпанавіча Матульскага і прадстаўнікоў банкаў, які фундавалі выданне. Факсімільнае ўзнаўленне Буквара прэзентавалася і на Дні пісьменства 2 верасня. Наступнай важнай падзеяй асветніцкай установы стане Міжнародны біблейскі праект 20 верасня.

Эла Дзвінская,фота аўтара.1. А. А. Суша; 2. Раман Сцяпанавіч Матульскі; 3. Дзеці атрымліваюць Буквар у падарунак; 4. Факсімільнае ўзнаўленне.

Школа, якая вучыць любіць Беларусь

Яшчэ летам шмат бацькоў падало заявы ў беларускамоўныя класы. Мы завіталі ў сярэднюю школу №190 у менскім мікрараёне Уручча-3. Тут за тры дзесяцігоддзі сярод палёў і лясных масіваў выраслі новабудоўлі, павялічалася колькасць жыхароў. Школа № 190 стала адным з асяродкоў беларусізацыі на пачатку 90-тых гадоў. Сюды бацькі вязуць дзяцей вучыцца з прыгарадных вёсак: з Калодзішчаў, Гарадзішча, Каралёва Стана, Азярышча і Бараўлянаў. А некаторыя таты дзеля глыбокага вывучэння мовы ездзяць з малымі сваім транспартам з Заводскага раёна Менска.

У наступным годзе навучальная ўстанова адзначыць 30-годдзе. Першым яе дырэктарам была Зоя Яфімаўна Андрухова. Сёння ў школе дзейнічаюць беларускамоўныя класы, па адным у кожнай паралелі. 31 сям'я падала заяву ў першы клас з роднай мовай навучання.

Дырэктар школы Людміла Міхайлаўна Шыцік, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, перад пачаткам навучальнага года правяла па чыстых, адрамантаваных і ўпрыгожаных класах, пазнаёміла з музеем "Спадчына", прадэманстравала лепшыя здабыткі педагагічнага калектыва і вучняў, прадставіла настаўнікаў. Яна згуртавала вакол сябе зацікаўленых аднадумцаў. Людміла Міхайлаўна родам з вёскі Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У перыяд яе вучобы ў Менскім педінстытуце ў 70-тыя гады студэнтаў імкнуліся перайначыць гаварыць у горадзе чыста па-руску. Магчымасць праяўляць свае прыроджаныя ўласцівасці з'явілася ў 90-тыя гады. Людміла Міхайлаўна кіруе ўручанскай школай з 2006 года.

У першым беларускамоўным класе сёння сустракае хлопчыкаў і дзяўчынак маладзенькая настаўніца Анастасія Мікалаеўна Пыжык. У дваццаціпяцігадовага педагога дзве адукацыі, атрыманыя ў БДПУ імя Танка: выхаванне ў пачатковых класах і інтэграванае навучанне, дэфекталогія. Яна ўжо мае чатырохгадовы досвед выкладання, і жэўжыкі з першых дзён знаёмства горнуцца да яе.

- Дзеткі прыходзяць з розным узроўнем падрыхтоўкі, - кажа выкладчыца.- Першыя дваццаць дзён у нас прысвечаны ўводзінам у школьнае жыццё, абагульненню паняццяў прасторы, формы і колеру. Спачатку дзеткі будуць вучыць беларускі алфавіт, а ў другой палове года пяройдуць да рускага. Навыкі маўлення дапамагаюць у далейшым дзецям на занятках па літаратурным чытанні, дзе яны адчуваюць сябе больш упэўненымі.

У групе падоўжанага дня даглядае дзяцей пяшчотная і напрактыкаваная выхавацелька Алена Аляксандраўна Пушкарова. Яна дбае пра захаванне рэжыму дня, пра прагулкі і сон для маленькіх шкаляроў, чытае ім беларускія казкі і арганізуе ў вольны час клубныя заняткі. Спадарыня Алена працуе ў школе на працягу 29 гадоў. Раней яна выкладала музыку і сусветную мастацкую культуру, знаёміла навучэнцаў з беларускім мастацтвам і музыкай, ставіла з імі казачныя спектаклі.

- У пачатку 2000-ых гадоў колькасць дзяцей у нас знізілася з-за памяншэння нараджальнасці, (вучняў было ўсяго 250), а потым зноў стала больш, і зараз іх у нас - 832 чалавекі, - падкрэсліла Алена Аляксандраўна.

Другі беларускамоўны клас вядзе Марына Збыхаўна Пяцэвіч, якая паходзіць з каталіцкага асяродка з Гарадзеншчыны. Яна адданы беларушчыне чалавек. У яе ў класе 22 вучні, і пра кожнага з іх яна дбае як пра асобу, ладзіць дні імяніннікаў з падарункамі і калектыўнымі віншаваннямі.

Ніна Мікалаеўна Чарапок, якая выкладае ў 3-цім класе, заахвочвае вучняў паходамі ў гістарычны музей і музей Ваньковіча, экскурсіямі ў музей тэатральнага мастацтва, паездкамі ў Строчыцы.

- Калі пасля 30 гадоў выкладання па-руску я перайшла на беларускую мову, то заўважыла, што адносіны з дзецьмі сталі больш спакойнымі, лагоднымі, - звяртае ўвагу выкладчыца.

Педагогі памятаюць сваіх лепшых вучняў і ад душы радуюцца іх здзяйсненням.

- У нас паспяхова вучыўся Яўген Лашкоўскі, вядовец праграм АНТ, - кажа Марына Збыхаўна Пяцэвіч.

Алена Леанідаўна Семчанка ганарыцца сваім вучнем Алесем Сушам, які цяпер ўзначальвае Міжнародную асацыяцыю беларусістаў. Прага да навукі нарадзілася ў школьных сценах.

- Мае скарынічы - гэта быў самы лепшы за ўсе гады выпуск! - успамінае настаўніца. - Бацькі ў пачатку 90-тых гадоў настойліва імкнуліся даць дзецям адукацыю на роднай мове. Мы праводзілі разам ранішнікі, дарылі ім галоўныя кнігі, выступалі на тэлебачанні, чыталі казкі і вершы. Дзеці раслі чулымі, уважлівымі і працавітымі, найбольш цікавіліся гісторыяй і літаратурай.

Атмасфера ў школе творчая і яна натхняе.

У 1997 годзе ў школе з'явіўся этнаграфічны музей "Спадчына". Рашэнне стварыць такі асяродак прыйшло перад правядзеннем урокаў па творы У. Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі". Па каштоўнасці экспанатаў ён набліжаецца да Гудзевіцкага музея.

Музей разбіты на тэматычныя зоны, якія дапамагаюць весці экскурсіі па тэмах: "Адкуль бяруцца кашулi?", "Ткацтва. Андаракі, паясы, посцілкі", "Упрыгожванне хаты - выцінанкі, саломапляценне", "Саломапляценне - старадаўняе рамяство на Беларусі", "Куток гаспадыні - без чаго нельга прыгатаваць ежу", "Гаспадарчыя прылады". Настаўнікі раяць дзецям тэмы для пошукавай і даследчай працы.

У музеі сабраны рэчы для гаспадаркі, якія можна было калісьці сустрэць у кожнай сялянскай хаце: рыдлёўкі, сярпы, прасы, свяцільні, кадушкі, шыяны, маслабойкі. Тут знаходзяцца сапраўдныя ўзоры народнага мастацтва ў выглядзе вышыванак, посцілак, ручнікоў, роспісу яек, цацак з саломы, гліны і іншага.

Колькасць экспанатаў паступова павялічылася да 250, пры іх дапамозе можна ўявіць, як жылі і працавалі беларусы 19-20 стагоддзяў. Дырэктар Людміла Міхайлаўна падаравала музею тканыя посцілкі, зробленыя ў яе сям'і. Яна распрацавала экскурсію "Мой дварочак, як вяночак", дзе тлумачыцца сімволіка будаўніцтва хаты на беларускай зямлі.

- Як нашы продкі выбіралі месца пад будаўніцтва хаты? - кажа спадарыня Людміла. - На спрэчнай дзялянцы людзі не маглі пабудавацца ніколі! "Нельга, тут косці", - кажа гісторыя, традыцыі. "А мы хочам супермаркет! А мы хочам забаўляльны комплекс!" Нашы продкі так не рабілі, яны думалі пра будучыню. А нашым сучаснікам бывае ўсяроўна!

Настаўнік фізкультуры Віктар Іванавіч Касаўцаў зрабіў для музея печ. Сярод экспанатаў ёсць карціны, зробленыя ў тэхніцы батыка.

Музей даглядае настаўніца працоўнага навучання Аксана Мікалаеўна Захаранкава. Разам з ёй дзяўчынкі шыюць, гатуюць смачныя стравы, вучацца займацца кансерваваннем гародніны і садавіны. Вучні ўдзельнічаюць у алімпіядным руху па працоўным навучанні.У школе дзейнічае фальклорны тэатр моды: дзяўчаты бавяць час за вышыўкай, ствараюць лялек і абярэгі. Алена Аляксандраўна Тужыліна вядзе гурток саломапляцення. Выкладчыцы ганарацца сваімі юнымі майстрыцамі: вышывальшчыцай Паўлінай Бель і аматаркай вырабаў з бісеру Таццянай Дзямко.

Чацвёра дзяцей са шматдзетнай сям'і Дабратвораў: Сафія, Яўсей, Герман і Марк ходзяць у беларускамоўныя класы і займаюцца музыкай. Музычны накірунак узбагачае і эстэтычна развівае дзяцей. У школе дзейнічаюць ансамбль настаўнікаў "Дабрадзей", дзіцячы аркестр "Крынічка", фальклорны ансамбль вучняў " Забава". Мастацкія калектывы выступаюць на школьных святах, сустракаюць наведвальнікаў у Гасцёўні. Дзеці і іх выкладчыкі дзеляцца сваім майстэрствам на святкаванні Дня Перамогі і Дня Незалежнасці ў парку Чалюскінцаў, віншуюць ветэранаў вайны і былых вязняў канцлагераў. Такія сустрэчы даюць магчымасць вучням пазнаваць жывую гісторыю і сябраваць з людзьмі старэйшых пакаленняў.

30 жніўня настаўнікі правялі нарады і сходы для матуляў і татаў, а 1 верасня дзеці сабраліся на ўрачыстай лінейцы. Калі бацькі праяўляюць імкненне, то родная мова і культура будуць у дзяцей у пашане. Жадаем ім поспехаў!

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Дырэктар СШ №190 Людміла Міхайлаўна Шыцік з экспанатамі музея; 2. Ніна Мікалаеўна Чарапок; 3. Алена Леанідаўна Семчанка; 4. Анастасія Мікалаеўна Пыжык; 5. Аксана Мікалаеўна Захаранкава.

У Беларусі зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая навучальная ўстанова

Напярэдадні новага навучальнага года ў Беларусі была афіцыйна зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая навучальная ўстанова - тэалагічны каледж імя святога Казіміра, які будзе дзейнічаць у Гародні.

28 жніўня Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ўручыў біскупу Гарадзенскаму Аляксандру Кашкевічу Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі "Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра" Гарадзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўнай задачай гэтай духоўнай навучальнай установы з'яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гарадзенскай дыяцэзіі.

У каледжы можна будзе атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцельнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.

Гарадзенскі тэалагічны каледж распачне сваю дзейнасць ужо ў гэтым навучальным годзе, прапануючы навучанне па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса).

catholic.by.

У магілёўскай школе, дзе вучыўся міністар аховы здароўя, набралі беларускамоўны клас з пяці вучняў

Па-беларуску ў першым класе магілёўскай школы № 34 будуць вучыцца пяцёра дзяцей. Для 380-тысячнага горада гэта найбольшая колькасць вучняў, якія сабраліся ў адным класе за 8 гадоў адраджэння беларускага школьніцтва.

У 34 школе на першую лінейку з бацькамі прыйшлі Адаліна Самойленка, Леў Пундзік, Юры Кудакцін, Марыя Валашчук ды Кірыла Чарткоў. Паводле іхняй настаўніцы Вольгі Штукаровай, яшчэ на пачатку жніўня была толькі адна заява на беларускамоўнае навучанне. За месяц да пачатку навучальнага года дадаліся яшчэ чатыры. Педагога не бянтэжыць, што ў класе толькі пяцёра дзетак. Яна спадзяецца, што цягам года вучняў паболее.

Вольга Штукарова раней працавала ў беларускамоўнай школе прыгараднай магілёўскай вёскі Цішоўка. Гэтую школу зачынілі.

- Вельмі добра, што ў гарадах з'яўляюцца класы з беларускай моваю навучання, - адзначае яна. - Беларуская мова цяпер у занядбанні, і такія класы будуць надаваць ёй вагу. У школе дзеткі навучацца гаварыць адзін з адным па-беларуску, і за імі пацягнуцца іншыя.

Паводле педагога, цяперашні стан беларускамоўнага навучання - вынік згортвання практыкі выкладання прадметаў па-беларуску. Цяпер, лічыць яна, каб беларускамоўных класаў станавілася болей, патрэбныя намаганні дзяржавы.

Першакласнікі ведаюць, што іх будуць вучыць на беларускай мове.

- Мы гэтага не баімся, - заявілі разам яны і дадалі, што будуць і бацькоў вучыць беларускай мове.

Першай сёлета падала заяву на беларускае навучанне сям'я Пундзікаў. Тата першакласніка Льва Мікалай лічыць абсурдным пытанне, чаму наважыліся вучыць сына па-беларуску. Нехта мусіць быць першым, кажа ён.

- Цяпер ужо не пачуеш, што беларуская мова "калгасная, - тлумачыць Мікалай. - Яна стала прыкметаю таго, што яе носьбіт - чалавек, які ведае, чаго ён хоча. Восем гадоў таму ў Магілёве адраджэнне беларускамоўнага навучання пачыналася з адной вучаніцы. Цяпер - 13 дзетак вучацца па-беларуску. Прагрэс ёсць. Патрэбны штуршок, каб ён быў шпарчэйшым.

Старшыня гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў кажа, што з'яўленне яшчэ аднаго беларускамоўнага класа ў Магілёве - вынік супольных намаганняў грамадскасці і ўлады. Актывіст адзначыў:

- ТБМ напіша падзяку аддзелу адукацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва, а таксама адміністрацыі 34-й школы за спрыянне ў адкрыцці беларускамоўных класаў, а таксама кіраўніцтву садка № 79, у якім сфармаваная беларускамоўная група з дзевяці дзетак. Разам з тым мы будзе пісаць скаргу ў гарвыканкам на аддзел адукацыі Ленінскага раёна, дзе жадання абмяркоўваць сітуацыю з беларускімі класамі і групамі не было, - заяўляе Алег Дзьячкоў.

Выпускніком школы ў 1983 годзе быў цяперашні міністр аховы здароўя Валеры Малашка. На лінейцы ён звяртаўся да вучняў па-расейску.

Радыё Свабода, г. Магілёў.

Скарынаўская нота ў міжнародным фестывалі

Своеасаблівае ўшанаванне справы беларускага першадрукара адбылося ў жыцці нашай зямлячкі Вікторыі Жукевіч-Дзівоты, якая жыве ў Польшчы.

2 і 3 жніўня ў Польшчы адбыўся ХІХ міжнародны фестываль арганнай музыкі. Упершыню ў яго праграме гучала і беларуская музыка - сюіта Ганны Кароткінай "Францішак Скарына". Выканала яе сярод іншых твораў арганістка Ксенія Пагарэлая, таксама з Беларусі.

Мясцовыя жыхары і турысты, што завіталі гэтымі днямі ў касцёлы двух надбалтыйскіх гарадкоў Мендзыздруй і Свінауйсце, аднолькава горача віталі кампазітара і выканаўцу. Каб адбылося тое свята арганных дзён і вечароў з удзелам нашай краіны, нямала клопатаў мела актывістка праўлення польскага грамадскага аб'яднання несвіжан Вікторыя Жукевіч-Дзівота. Яна ж і яе сяброўкі Зюта Лучак і Марыся Слізень апекавалі беларускіх удзельнікаў падчас фестывалю.

Ганаровая падзячная грамата Саюза кампазітараў Беларусі на імя Вікторыі Жукевіч-Дзівоты за подпісам Ігара Лучанка - прыемная нагода для жыхароў Нясвіжа, сяброў ТБМ павіншаваць рупліўцаў за іх унёсак ва ўмацаванне беларуска - польскіх культурных сувязяў і годнае ўшанаванне імя Францішка Скарыны.

PS. Адно толькі пажаданне шаноўнаму Ігару Міхайлавічу і сакратарыяту СКБ - трымацца мовы Скарыны, тым больш, калі дакументы накіроўваюцца за мяжу і прадстаўляюць нашу краіну.

Наталля Плакса.

Спяваем песні Генадзя Бураўкіна

28 жніўня 2018 г. ТБМ iмя Ф. Скарыны г. Магiлёва адзначыла дзень народзiнаў Генадзя Бураўкiна ў кавярнi "Шпаркi лось". У нас ёсць вельмі добрая традыцыя. Кожны год мы адзначаем дні народзінаў нашых знакамітых паэтаў і кіраўнікоў ТБМ Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна. Летась на дзень народзінаў Генадзя Бураўкіна правялі вечарыну ў "Палацы культуры вобласці" сумесна з клубам "Натхненне".

На гэты раз у аўторак надвячоркам сабраліся ў беларускамоўнай кавярні "Шпаркі лось". Было вельмі весела i смачна. Паглядзелі спачатку відэа сустрэчы з паэтам на сядзібе ў Менску ў 2012-м годзе, калі магілёўцы завіталі да спадара Генадзя. Затым спявалі ўсім добра вядомыя песні: "Калыханка", "Зачараваная", "Матулі", "Конь незацугляны", "Завіруха" ... Паслухалі вельмі цікавыя і малазнаёмыя музычныя творы ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і з альбома "Варанок" (беларускі шансон). А пад песню "Закадычныя сябры" многія не ўседзелі і шпарка танчылі. Пры гэтым мы пачаставаліся дранікамі і прысмакамі. У мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за 20 чалавек. Акрамя нашага актыву, да нас далучыліся і наведвальнікі кавярні. Адна жанчына нават папрасіла напрыканцы нашых спеваў слова і расчулена распавяла, што нарадзілася ў Быхаўскім раёне, але ўсё жыццё пражыла ў Казахстане і заўсёды сумуе па Беларусі. Яна выказала нам падзяку за тое, што адраджаем беларускую мову і нацыянальныя традыцыі.

Вялікі дзякуй усім удзельнікам і арганізатарам!!! Вялікая падзяка спадарыні Далі Аніськовай, Антосю і Наталлі, супрацоўнікам кавярні "Шпаркі лось" і Сержуку Дымкову, які падрыхтаваў і надрукаваў да імпрэзы цікавы спеўнік Генадзя Бураўкіна.

Алег Дзьячкоў.

Свята парафіі св. Язафата

Прыемныя вонкавыя змены адбыліся апошнім часам у парафіі св. Язафата (г. Ліда) Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (Уніяцкай).

Намаганнямі аднаго з мясцовых патрыётаў на будынку з'явіліся новыя прыгожыя каменныя шыльды з назвай Царквы і адрасам. А побач з крыжам, каля яе, усталяваны сваеасаблівы нацыянальны артэ-факт - першы ў свеце помнік-камень у гонар 100-годдзя БНР. Шматгадовага крыж заменены на новы і больш прывабны.

15-га верасня 2018 г., у суботу, у 12 гадзін запрашаем на Парафіяльнае свята "Шануем святога Язафата ў Лідзе разам!" па адрасе: г. Ліда, вул. Каліноўскага, 16.

ПРАГРАМА: Боская Літургія, пасля яе сяброўскі пачастунак і конкурс на лепшую выпечку.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да а. Андрэя Буйніча: +375 29 5662414.

Наш кар.

Скульптуру "Пераемнасць беларускай навукі" адкрылі ў Менску

Скульптурная кампазіцыя "Пераемнасць беларускай навукі" з'явілася ў Менску перад будынкам Прэзідыума НАН Беларусі. Яе адкрыццё адбылося 1 верасня падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага пачатку новага навучальнага года ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў Акадэміі навук.

Звяртаючыся да новых магістрантаў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што ў захаванні пераемнасці і заключаецца вялікі сэнс навукі. Гэта вельмі сімвалічная кампазіцыя: дасведчаны акадэмік запрашае ў Акадэмію навук маладога калегу. nn.by.

У Германіі 300 затрыманых на акцыях пратэсту

Навіны Германіі

У суботу, 1 верасня, у горадзе Хемніц на паўднёвым усходзе Германіі паліцыя затрымала каля 300 прыхільнікаў і праціўнікаў міграцыйнай палітыкі ўрада, паведамляе паліцыя. Паводле выдання Bild, падчас беспарадкаў пацярпелі 11 чалавек. Яны былі шпіталізаваны.

На вуліцы горада выйшлі з маршам больш за 4 тысячы ультраправых, выказваючы сваю пазіцыю супраць прыняцця ўцекачоў у Германіі. Ім супрацьстаялі амаль столькі ж удзельнікаў мітынгу "Сэрца замест нянавісці" - яны заклікалі людзей да талерантнасці ў адносінах да мігрантаў.

Хваляванні ў Хемніцы працягваюцца з 26 жніўня, калі стала вядома пра забойства 35-гадовага немца і пра арышт падазраваных - іракскага і сірыйскага мігрантаў.

У суботу ў горадзе павінен быў прайсці "Марш маўчання" - у памяць пра забітага немца. Але мясцовыя ўлады забаранілі гэтую акцыю і перакрылі доступ да цэнтру горада.

Больш за 1200 паліцэйскіх спрабавалі стрымаць сутыкненні і заклікалі мітынгоўцаў разысціся. На вуліцы вывелі шэсць вадамётаў.

Мясцовыя ўлады лічаць, што гнеў натоўпу падагравалі фальшыўкі з сацыяльных сетак.

Радыё Свабода.

Усталяваны стэлы ў памяць паўстанцаў 1863 года

Прадстаўнікі грамадскай супольнасці, сябры палітычных партый і арганізацый з розных куткоў Гарадзеншчыны, згуртаваўшыся разам, усталёўваюць памятныя стэлы на месцы пахаванняў змагароў за Беларусь. Такая ініцыятыва паўстала некалькі месяцаў таму. Зараз выкананы некалькі памятных драўляных стэлаў. Плануецца, што яны будуць усталяваныя ў тых месцах, якія ніякім чынам не ўшанаваныя, альбо ўшанаваныя дыяспарамі суседніх краін.

Тлумачыць каардынатар гэтай ініцыятывы Вадзім Саранчукоў:

- Атрымліваецца, што мы зараз сабой падмяняем функцыю дзяржавы. Ёсць гістарычныя месцы, звязаныя з паўстаннямі. Нашая беларуская дзяржава, на жаль, увогуле ніякім чынам не адзначае ні падзеі, звязаныя з тымі часамі, ні ўшаноўвае памяць тых людзей, якія змагаліся за незалежнасць, за волю нашага краю. Таму мы вырашылі ў гэтым годзе сабрацца, падрыхтавалі матэрыялы, падрыхтавалі вось гэтыя паўстанцкія калоны, падрыхтавалі памятныя шыльды, не прывязваючыся да нейкіх арганізацый. Ад імя нашай дзяржавы ўшаноўшваем памяць змагароў за яе волю, за яе незалежнасць.

Такім чынам, ужо ўсталяваны памятныя стэлы ў Мастоўскім раёне - ля вёскі Пацавічы, дзе пахаваны 12 паўстанцаў, і ля вёскі Мінявічы, дзе ляжаць 40 паўстанцаў 1863 года. Мэта акцыі - аддаць даніну павагі менавіта ад беларускага народа. І праца ў гэтым кірунку будзе працягвацца.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пасля выхаду Цыркі я наблізілася да акна, каб бачыць, як яна аддаляецца. Якое ж было маё ўражанне, калі ўбачыла аддзел войска, які адначасова атачаў дом, дзе быў Цітус і дзе я жыла. Пасля праверкі ў мяне паспяшыла да акна.

Непрытомным позіркам сачу за выходзячымі з брамы салдатамі. Ці не вядуць Цітуса? Не, я яго сярод іх не бачу. Падымаю вочы да акна, дзе яго звыкла бачыць. О, Божа! Гэта ён. Бляднейшы толькі, але спакойны, усміхаецца - вітае мяне паклонам тут жа над галовамі адыходзячых салдатаў.

Распавядалі яго таварышы. Цітус пасля бяссоннай ночы, бадзяжнай, рана змучаны зайшоў да іх са словамі:

- Тры ночы не спаў, учора мелі праверку. Сёння маю надзею без небяспекі для вас спакойна заснуць.

Адчыніў акно, прывітаў мяне, пасля чаго змучаны ўпаў на ложка. Попел наблізіўся, каб зачыніць акно. Адразу гукае:

- Цітус, войска! Паліцыя перад домам!"

Цітус скочыў з ложка. Кінуўся да дзвярэй суседняга пакоя. пацягнуў іх. Замкнутыя. Цішыня. Ужо войска ідзе. Ужо пад дзвярыма. Цітус адным скокам становіцца пры сцяне з боку, у які адчыняюцца дзверы.

На ўдары прыкладамі Попел дзверы адчыніў. Аддзел з паліцыяй уварваўся. Адчыненыя дзверы затлуміла салдатня. Цітус прыпёрты да муру за дзвярыма. Пасля кароткай праверкі, пасля допыту, чыё паліто ляжыць на крэсле, чыя шапачна на стале - войска з паліцыяй пайшло. Цітуса закрылі дзверы, засланіла салдатня.


У дзве гадзіны з тварам смяртэльна белым з залатвеннем дробных справункаў прыйшла Цырка. Пасля перабытых узрушэнняў з пачуццём, як бы ў яе асобе я ўбачыла ўсіх маіх: маці, братоў і сясцёр, абняла шыю Цыркі з плачам.

- Ці ведаеш, была праверка ў памяшканні, дзе знаходзіўся Цітус. Не знайшлі яго. У цябе, дзякаваць Богу, не было?

- Ой была! Была! Ужо не жыву! Ужо памерла! Уварваліся, ледзьве мела час той паскудны пакунак уціснуць пад маю Сорку ў калысцы. Брыдзіліся беднага дзіцяці, з усёй калыскай перавярнулі. Дзіця выпала на падлогу, на яго - пярынка. На дне калыскі нічога не было. Пярынка закрыла пакунак і дзіця. Бог злітаваўся над намі і над вамі. Пані рабіла з літасці дабро, і я гэта рабіла з літасці над вамі, а Бог у небе быў яшчэ больш літасцівы - ратаваў нас, бо мы дабра хацелі.

30 верасня каля дзявятай гадзіны раніцы, чуючы арганы і спеў "Вітай ,Пане", які з дзяцінства так моцна любіла, што плыў з Вастрабрамскай капліцы, наблізілася да акна, але від шматлікай незвычайна спяшаўшайся на імшу люднасці, а таксама далятаўшыя праз адчыненае акно словы праклёнаў і галосны жаночы плач змусілі мяне выхіліцца з акна. Былі гэта жанчыны з народу. Адна з іх мела вочы, уткнёныя ў нейкі прадмет на рагу дома, у якім я жыла, іншыя, кленчачы, з плачам і нараканнямі абдымалі мур і цалавалі яго. На мой від, падняўшы рукі чынілі знак крыжа. У тую хвілю на другім баку вуліцы ўбачыла Антанёву Зялінскую з тварам смутным, заплаканым, якая ішла ў бок Вострай Брамы, і яна мяне перажагнала.

Уражаная ўбегла ў пярэднюю, прасіла жандара, каб даведаўся, што людзі бачаць на рагу майго дома. Прадчувала нейкае новае, страшнае няшчасце. Прыпамінаўся мне пярэдадзень 15/27 чэрвеня - і ў той час, як сёння, толькі тлумней, люд спяшыў да Вострай Брамы, і ў той час, як і сёння, жагнаў мяне і выказваў свае гарачыя пачуцці. А я не ведала, што было прычынай.

Жандар вярнуўся са словамі:

- Нічога не сталася, толькі прыгаварылі завочна на смерць нейкага Цітуса Далеўскага, і прызначана ўзнагарода таму, хто яго выдасць і пакажа. На рагу гэтага дома і іншых паразлеплены абвесткі.

Я не крыкнула, не заплакала. Вайшла ў свой пакой, замыкаючы дзверы на ключ за сабой. Што рабілася са мной у той дзень, не ведаю, нічога не памятаю. Ачуняла ноччу на зямлі з галавой абапёртай на крэсла. Месяц свяціў ярка мне на твар, напэўна гэта ён мяне апрытомніў. Ці самлела, хочучы маліцца ці ўпасці на крэсла - не ведаю. Не плакала.

На наступны дзень прыбыў кн. Шахаўскі з даручэннем Мураўёва, што хоча са мной бачыцца, пагаварыць, праняты літасцю над маім лёсам. Ён сам заапякуецца над маім дзіцем, калі прыйдзе на свет, аддасць сам на выхаванне, каб яно было лепшым за тое, якое меў яго бацька. Мяне вывезці загадвае ў Расію, "дзе пані будзе лепей, чым сярод сваіх. Край мужа не прабачыць пані пройгрышу, аплюе памяць яго і пані. Лепей пані будзе ў Расіі, маладая, прыстойная, выйдзе пані хутка замуж, а як пані зменіць прозвішча, зможа жыць у Краі. Дзядзя, шкадуючы, загадае выстарацца для пані поўную мужаву пенсію і пашпарт за мяжу або туды, дзе пані спадабаецца пасяліцца, толькі няхай падпіша, што прызнае смерць мужа заслужанай".

Не буду апісваць майго абурэння. З таго, што ў той час пад уражаннем пагрозы выказала, памятаю толькі словы, якія мне праз два гады прыпомнілі ў Пецярбургу:

- Скажы свайму дзядзьку, што ён сёння супраць мяне і Бацькаўшчыны маёй бяссільны, перастаў ужо быць страшным, давёў нас да пачуццяў найвышэйшай нянавісці і пагарды да сваёй асобы. Крыўдаў, нанесеных мне і маёй Бацькаўшчыне, не можа ўжо ані павялічыць, ані паправіць. Жадаю, што да мяне, лепш дзяліць слёзы і пакуты з маім Краем, чым з вамі дастаткі і поспех. Жадаю смерць ад нястачы, чым хлеб з рукі бандыта, якім ёсць Мураўёў, з той рукі, крывёю маіх палітай. Ідзі, пан! Не разумееш мяне, не ў стане зразумець. Мураўёва, той агіды бачыць не хачу, хіба буду сілай змушана. Літва памятае, як па-зверску абышліся з маці Валовіча! 161

- Слоў пані паўтарыць дзядзьку не магу.

- Паўторыш - за гэта спакойная. Ведаю, што сумееш паўтарыць. Яшчэ раз я паўтараю, што я ўжо вас усіх не баюся. Адыдзіся пан!


Што рабілася са мной ад той хвілі, не ўмею распавесці. Пад вечар сказала жандару падрыхтаваць павозку. Паслухаў. Можа, думаў, што выканаю свежа дадзены мне загад. А я, магла быць здольнай на адну толькі прытомную думку, якая гукала: "Да маці, да маці!". Так - туды мяне на фатэлі ўняслі жандары. Ад гэтага часу прытомнасць мяне пакінула, нічога не бачыла, нічога не памятала. Ведаю толькі з апавяданняў маці і сясцёр. Ноч цэлую ніхто не спаў, доктар не адходзіў. Раніцай падаўся да Мураўёва з прадстаўленнем, з пункту свайго прызвання, што высылка ў тым стане здароўя пагражае мне смерцю.

- Тем лучше 162, - адказаў са злосцю.

Пасля доўгага стараннага ўглядвання ў геаграфічную карту вырашыў выбраць за найадпаведнейшую для мяне мясцовасць Белаазёрск 163, паколькі там не было палякаў. На прадстаўленне доктара Фавеліна, што Белаазёрск акружаны балотамі з рэзкімі вятрамі з Валдайскіх высотаў, можа мне кепска адбіцца на плодзе - з яшчэ большым запалам паўтарыў:

- Тем лучше.


Я ў той час, не ведаю, пад уплывам лекаў ці гарачкі падавала выгляд шчасця і спакою. Нічога не чула, нічога не бачыла, ані слёз маці, ані сясцёр, ані прыбыцця палкоўніка Эслінгера, які дагаджаючы жаданням Мураўёва, загадаў жандарам схапіць мяне з ложка (ледзьве бедная маці мела час ахінуць мяне нейкім, ляжаўшым найбліжай ранішнім уборам і накрыць футрам). Гэтага ўсяго не памятаю, расказвалі мне, не памятаю нават, ці мяне маці пажагнала. Была цалкам непрытомная. Адно мне пастаянна снавала па галаве, што памерла, што душа бессмяротная, што мне добра пасля смерці, спакойна, няма нічога з усяго мінулага, што мяне выносяць у труне з дому, бо цела памерла - гэта маё пахаванне!

Калі везлі мяне цераз горад, адно толькі ўдарыла маё ўяўленне ці памяць - сярод тых тлумаў, снуючых па вуліцы, вялікія, чорныя, поўныя смутку і трывогі, упёртыя ў мяне вочы брата Цітуса. Чаму я тыя вочы пастаянна бачыла перад сабой, распавядалі мне потым, што кожнага, хто спыняўся хоць на хвілю на вуліцы, арыштоўвалі. А, аднак, я яго пастаянна бачыла, стаяўшага перад вачыма.

Так мусіў выглядаць наш дарагі брацік праз тры месяцы, калі ішоў на смерць, толькі так гаварылі, у той час ішоў спакойны, з усмешкай на губах. Сёння той усмешкі не было.

У той дзень, ці рэчаіснасць? Ці гарачкавае відзенне? Бачыла яго апошні раз у жыцці.


Не ўсе дні на Літве былі днямі слёз, мукі і смерці. Мела і яна свае хвілі ясныя, прамяністыя, поўныя абяцанняў на будучыню. Тымі днямі быў найперш месяц красавік 164. Кожная добрая вестка з лагера паіла Край радасцю. Пастаянныя перамогі, расійскія войскі даюць драла, управы замыкаюцца, пакідаючы мястэчкі ў руках нашых войск. З усіх бакоў Літвы спяшаліся ў гарады, а менавіта ў Вільню па бліжэйшыя дэталі шчаслівых вестак. З'езд шляхты больш шматлікі, твары ўсіх шчаслівыя разпрамененыя, кожны мае нешта распавесці, або запытаць. Людзі шукаюць адзін аднаго. Сямейныя дамы перапоўнены гасцямі, якія вядуць жывыя размовы пра бягучыя хвілі, якія абяцаюць так многа на заўтра. Ніхто не мае моцы сядзець дома ў самотнасці. Я была ў той час яшчэ вольная, цэлыя дні праводзіла ў маці. І ў нас на Вялікай вуліцы ў доме Ромера шматлюдна. Усе радуюцца! Толькі адзін наш Краёвы аддзел бачыць падняты над Бацькаўшчынай меч пагрозы, пры ўпаяльных шчасцем рапартах, заключаны ў адным выразе: "Зброі! Зброі нам трэба як найспешней. З цэпам і касой нядоўга будуць трываць нашыя трыумфы, згуба блізка, у нашых акалічнасцях кожную страчаную хвілю не ўдасца нагнаць, толькі хуткія дзеянні могуць мець добры вынік. У супраціўным выпадку чакаюць нас страшныя Фермапілы, пасля якіх нікога не застанецца, каб даць сведчанне пра праўду".

Калі ўся Літва радуецца, няшчасны наш Аддзел у сваім бяссіллі адносна зброі, бачыць пераддзень непазбежнай гібелі Краю.

Не раз пазней у дні майго бадзяння па Расіі пыталася сябе, ці разумнейшай, менш легкадумнай пры высылцы Гейштарам тых 75 тысяч на зброю магла быць шчаслівай яе дастаўка? Бачачы нечуваныя цяжкасці пры дастаўцы нават адзіночных штук зброі, думаю, што Літва тую дарогу ніколі не магла б асіліць. Латвей ужо морам, але і гэта бедную Літву падвяло. Немалыя сумы на тую мэту прысвяцілі Ірэні Агінскі і Бенедыкт Тышкевіч - той зброяй толькі і змагаліся. Іншай не было.

Хто быў вінаваты на Літве ў тых перажытых няшчасцях? Ніхто і ўсе. Прыгнечаная Літва, якая доўга цярпела пастаянны ўціск і несправядлівасць, выбухнула роспачлівым намаганнем скінуць з сябе ўдушвальнае ярмо. Хто ж у стане захаваць спакой і згоду з лёсам, калі яму боль угрызаецца ў мазгі і ў сэрца. З цяжкай ганебнай доляй нельга пагадзіцца, і з тым, хто ёсць таму прычынай, не можа быць прымірэння. Скінуць ярмо, а потым гаварыць: роўны з роўным, вольны з вольным жыць можа. Увесь наш край браў удзел у кіраўніцтве, і дзейнасць Аддзела была ў руках з'ездаў з цэлага Краю. Чальцы былі адказныя перад Краем кожны за сваю дзейнасць. Браты мае самі вялі сваю дзейнасць, не даручаючы нікому. Даводзілі, што калі хочаш мець здаровае, дакладнае меркаванне пра рэч, трэба самому да яе прыкласці рукі. Тым больш, што шмат найвыбітнейшых людзей у Краі ў нарызыкоўнейшых выпадках хацела непасрэдна паразумецца з Францішкам, як напр. гэта мела месца з Цітусам і Агрызкам. На прапанову Прыбыльскага праз яго наўпрост, а не праз Літву ўвайсці ў стасункі з Каралеўствам, Агрызка адмовіў. Не спыніў (свае) працы, згоднай з патрэбамі Літвы. Дапамагаў, спачуваў і кантактаваў з ёй толькі праз пасярэдніцтва Цітуса, прадстаўленага яму Зыгмунтам у 1862 годзе.

Цітус ад траўня, ці паловы красавіка (не памятаю) прызначаны таварышам, памочнікам Гейштара. Прымае на сябе абавязкі, якія змушаюць яго да сутыкнення з людзьмі розных слаёў і ступені падрыхтоўкі пры дастаўцы ідучым у паўстанне зброі, грошай, пры інфармацыі аб рухах войск і ўрадавых распараджэннях, пры прыёме рапартоў і г.д. Пасля зняволення Гейштара тую самую дзейнасць праводзіў пры Юзафе Каліноўскім (кс. Рафале).

Ад хвілі прыняцця гэтых абавязкаў смерць Цітуса была непазбежная. А, аднак, о, Божа! як жа нам цяжка было з гэтым згадзіцца. Хвіля тая адцягвалася толькі, дзякуючы шляхетнай і міласэрнай апецы віленцаў.

Мураўёў думаў, што прысутнасць сям'і абцяжарыць яму захоп Цітуса ў свае рукі. Цяпер ужо ніхто з нас не стаяў яму на дарозе, уся сям'я рассеена. Ад той пары, каб каго не аддаць на згубу, некалькі начэй Цітус правёў пад адкрытым небам, на могілках, якія называў сваёй неаспрэчнай пасесіяй. Помнік брату Аляксандру засланяў яго ад вока ворага, а магіла бацькі служыла падушкай.

Не ведаў Мураўёў, не знаў Літву, што з хвілі абвяшчэння выраку смерці і прызначэння цаны за яго галаву, жыхары Вільні стануць апекунамі жыцця Цітуса. Удзячнасць сям'і належыць усім віленцам, а менавіта п[аням]: Радзевіч, Гелене Ямант, якую кахаў і якая была адным ясным праменчыкам у яго роспачлівай долі, апрача іх - сям'і князя М[іхала] Агінскага. Прасілі Цітуса, угаворвалі, каб уцякаў за мяжу. Высакародны, верны сяброўству з Францішкам Фелікс Рымовіч прыслаў яму пашпарт, грошы ад пецяр[бургскай] арганізацыі і ўказанні па арганізацыі ўцёкаў. Цітус не згадзіўся. Ставіў пытанне: "Ці ўжо ўсё зроблена? Ці барацьба з непрыяцелем скончана? Ці, калі я ад'еду, ніхто не зойме майго, як вы кажаце, небяспечнага месца? Калі хто мае загінуць на гэтым месцы, дзе знаходжуся, лепш сам загіну!"

Я ўспамінала ўжо ў нататках з 1863 года, што Парафіновіч, інж. Кушалеўскі (з Коўні) сведчачы супраць Якуба Г[ейштара], што той, будучы старшынём Выканаўчага Аддзела, пасля зняволення чальцоў Кіраўнічага Аддзела 10 ліпеня новага стылю прыкрываўся Цітусам. Д-р Дзічкоўскі назваў, дзе і ў каторыя гадзіны можна было яго знайсці. Дзельны, энергічны доктар Шапіра, яўрэй, прызначаны камісарам у Коўні, некалькіразова прысылаў Цітусу перасцярогу пра грозныя для яго прызнанні вязняў у камісіі ў Коўні.


Паліцыя, арыштоўваючы Цітуса 165 ў Сыракомліхі, не была пэўная ў яго тоеснасці, наўва прозвішча Цітуса перад паліцыяй, а поым на камісіі выдала яго на смерць.

Мой дарагі брацік, як мала я ведаю пра цябе! Чаму цябе так пераследаваў і асудзіў завочна на смерць Мураўёў?

(Працяг у наст. нумары.)


161 Зверху алоўкам рукой Апалоніі дапісана: "Шахаўскі аб'явіў волю Мураў[ёва], каб прыехала асабіста пабачыцца з ім і пагаварыць.

162 Тым лепей.

163 Белаазёрск - павятовы горад у Ноўгарадскай губ.

164 Перыяд кампаніі і поспехаў Серакоўскага.

165 Арыштованы 20.ХІІ.1863 г.

Як пераносіў пана Міхась Васілёк

Сёння ў Беларусі рэдка прыгадваюць Міхася Васілька (Міхася Касцевіча,1905-1960) - заходнебеларускага паэта, публіцыста і журналіста. Ён быў родам з вёскі Баброўня Гарадзенскага павета. У 1920-х-1930-х гадах прымаў актыўны ўдзел грамадска-культурным і палітычным жыцці Заходняй Беларусі. Быў сябрам Беларускай сялянска-работніцай грамады, ТБШ, арганізоўваў гурткі ТБШ, вёў культурна-масавую работу, працаваў сакратаром часопіса "Маланка".

Друкавацца Міхась Васілёк пачаў у 1926 годзе ў віленскіх беларускіх газетах "Народная справа", "Наша праўда", часопісе "Маланка", сябраваў з Валянцінам Таўлаем, Анатолем Іверсам, Максімам Танкам. У Вільні ў 1929 годзе выдаў зборнік вершаў "Шум баравы", які быў канфіскаваны польскімі ўладамі. А ў 1937 годзе выйшаў яго другі паэтычны зборнік "З сялянскіх ніў".

Вельмі папулярнымі ў 1920-х -1950-х гадах былі сатырычныя вершы паэта "Эх, каб грошы…", "Гарэліца" і "Як я пана перанёс". Асабліва беларусы любілі слухаць, як чытаў са сцэны сам Міхась Васілёк свой верш "Як я пана перанёс". Прыгадваецца ўспамін пісьменніка Аляксея Карпюка, як у 1960-м годзе прыехалі яны выступаць у Скідзель у РДК. У зале было шмат людзей. Старшыня выканкама аб'явіў, што першым выступіць пісьменнік Аляксей Карпюк. У гэты час наступіла мёртвая цішыня. Не паспеў Карпюк дайсці да трыбуны, як з залы нехта крыкнуў: "А мы прыехалі не яго слухаць, а Васілька. Васілька нам давай!". А потым уся зала закрычала: "Васілька давай! Мы яго хочам паслухаць! Няхай нам прачытае "Як я пана перанёс!". І Карпюк пакінуў сцэну, а да людзей выйшаў Міхась Васілёк і пачаў чытаць і "Эх, каб грошы…", і "Гарэліцу", і "Як я пана перанёс". І зала ад задавальнення проста гула як вулей.

Верш "Як я пана перанёс!" Міхася Васілька ў Заходняй Беларусі быў самым папулярным сярод простага люду, асабліва на вёсцы. Вяскоўцы гатовы былі яго слухаць штодзень, слухаць і смяяцца бясконца. Ды і самі людзі гэты верш завучвалі на памяць. Ён - сапраўдны ўзор палітычнай лірыкі. Як лічыў Уладзімір Калеснік, у першапачатковай рэдакцыі верш называўся "Як я трапіў у камуністы". Рускі паэт са Смаленшчыны Міхаіл Ісакоўскі пачуў гэты верш ад насельніцтва Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года і пераклаў яго на рускую мову як народны твор.

На думку таго ж Уладзіміра Калесніка, аўтар заслужыў гонару і пахвальбы менавіта ўдала знойдзенымі характарамі вобразаў-антаганістаў, селяніна і паліцыянта (паліцмана), а таксама востраю сатырычнай сітуацыяй, у якой трапна раскрылася істота ўзаемаадносін паміж прыгнечанымі і прыгнятальнікамі ў глухой, забітай правінцыі.

На пытанне паліцмана, як перайсці на другі бераг рэчкі, касец адказвае ветліва:

- Порткі скінь, - кажу, - панок,

І брыдзі паволі,

Тут вады, мой галубок,

Па трыбух, не болей!

Для панскага вуха сялянская гаворка здалася грубаю кпінай. І ён сеў яму на карак і сказаў: нясі на другі бераг. У першапачатковай рэдакцыі верша было напісана, што селянін пакорна нёс паліцэйскага, пакуль не адчуў каля вуха рэвальвера:

Гэткай штукі, далібог,

Я не бачыў зроду:

Сеў ад страху, а панок -

Ды булдых у воду…

(Уладзімір Калеснік. Лёсам пазнанае. Мн., 1982.С.53).

У першай рэдакцыі верша паліцыянт арыштаваў селяніна за наўмысны замах на яго асобу. Верш выкрываў паліцэйскі гвалт над чалавечай годнасцю. Але паэт-сатырык міжвольна прыніжаў і селяніна, трактуючы яго як бедалагу-пакутніка. Селянін з верша Міхася Васілька скардзіцца на здзек, распавядае пра гвалт і ўніжэнне, а значыць - ён горка адчувае няволю, значыць - ён стаіць на парозе духоўнага абнаўлення. Таму гэты верш тады і быў народным творам. Менавіта ён зацікавіў і Міхаіла Ісакоўскага. Але Міхась Васілёк палічыў неабходным яго перапісаць па-іншаму, зрабіць іншы варыянт верша. І гэта яму ўдалося ажыццявіць даволі паспяхова. У новым варыянце верша селянін з напалоханага небаракі стаў дасціпным і смелым чалавекам. Нават патрыётам, які знарок шабулдыхнуў паліцмана ў ваду. Менавіта гэты смелы ўчынак селяніна і радаваў увесь просты люд, які слухаў паэтаў верш. Людзі атрымлівалі задавальненне не так ад самога верша ў цэлым, як ад таго факту, як смелы селянін кінуў паліцэйскага ў ваду. Людзі ўяўлялі гэты малюнак і… ад задавальненя радаваліся і смяяліся.

Прапаную чытачам "Нашага слова" верш Міхася Васілька "Як я пана перанёс" (Міхась Васілёк. Выбраныя вершы. Мн., 1950. С.53-56).

Сяргей ЧЫГРЫН.

Як я пана перанёс

Добра помню - на Іллю

Чорт падбіў грашыці!

Ўзяў касу я ды смалю

За раку касіці.

Вось праз рэчку перабрыў -

Мост вадой пагнала, -

Выняў люльку, закурыў

Ды кашу памалу.

Бачу - паліцман ідзе

(Трэба ж знекуль ўзяцца!)

Ды пытае, як і дзе

Было б перабрацца.

-Порткі скінь, - кажу, - панок,

І брыдзі паволі,

Тут вады, мой галубок,

Па трыбух, не болей!

Здэцца, мовіў, як умеў,

Чым не спадабаўся?

Паліцман мой аж збялеў -

Гэтак узлаваўся.

-Я цябе, - кажа, - ў астрог" -

І кудысь яшчэ там…

Так дзярэцца, хоць, дальбог,

Развітайся з светам.

Лаяў, бэсціў ён мяне

Як толькі папала,

А яшчэ, нарэшце, не, -

І гэтага мала!

Азірнуцца не паспеў

(Каб ты праваліўся!),

Пан на карак мне уссеў,

Як мядзведзь, узбіўся.

- Во, нясі, - крычыць панок, -

На той бераг, хаме!

Ботам штурхае пад бок,

Лаецца "па маме"…

Павалок яго, быка,

Што ж пачнеш рабіці?

Неўпяршынку мужыкам

Панства валачыці.

Вось да пупа і вышэй,

І вышэй займае.

Мой панок аж да вушэй

Ногі задзірае.

Да глыбокага дапёр

І сабраўся з духам:

Будзеш помніць, жывадзёр,

Пачакай, псяюха!..

Гэткай штукі важны пан

Не чакаў ад роду:

Я прысеў, а паліцман -

Шабулдых у воду.

Вось як вам на мужыку

Ездзіць ды глуміцца:

Давядзецца ездаку

Ўрэшце і ўтапіцца!

Міхась Васілёк, 1927 г.

Мілы голас Мілы

Пра падзею падрабязна

Пра тонкасці арт-дыпламатыі, слонімцаў, закаханых у дзіўную масквічку, і нешараговы open-air

На мінулым тыдні па запрашэнні творчай галерэі "АртБУШ" і сяброў Слонімскай суполкі ТБМ горад над Шчарай наведала маскоўская спявачка, кампазітар і аранжыроўшчык Міла Ражкова. Ужо некалькі гадоў запар артыстка з сям'ёй адпачывае на Гарадзеншчыне, упадабаўшы гэты край за адметныя прыродныя і архітэктурныя асаблівасці, багацце гістарычнымі славутасцямі і гасціннасць новых і старых сяброў. Апошняе, відаць, - ці не галоўная прычына прыцягнення ды вяртанняў сюды пасля знаёмства з Беларуссю колькі летаў таму.

За апошнія два тыдні слонімскія ды іншыя сябры нярэдка пыталіся ў мяне: адкуль вы знаёмыя з такой выбітнай, такой дзівоснай і яркай артысткай, як атрымалася, што яна патрапіла ў Слонім? І амаль ніхто не верыў, што мы пазнаёміліся з Мілай зусім нядаўна - дзякуючы зноў жа ТБМ і Гарадзенскаму аддзяленню Саюза беларускіх пісьменнікаў. І адбылося гэта ўсяго толькі на пачатку жніўня ў Дзятлаве - Зачэпічах, на абласным свяце беларускай паэзіі, куды Міла была запрошана з выкананнем сваіх беларускіх песень. Так ужо сталася, што мы адразу "настроіліся" на адну хвалю, і паразумеліся, і пасябравалі… Я адразу адчула душэўнасць і добразычлівасць гэтага прыгожага чалавека, прывабнай, сапраўды мілай дзяўчыны. Трапіўшы аднойчы на Беларусь і пачуўшы нашу мову, яна, расійская спявачка, натхнілася меладыйнасцю гучання беларускай гаворкі, беларускай песні. Чулая душа не засталася абыякавай да пачутага і ўбачанага, і творчым вынікам стала з'яўленне не адной і нават не дзвюх песень: быў запісаны цэлы "Беларускі альбом", а ў дадатак - яшчэ і "Беларускі сінгл". Так і атрымалася, што пачаўшчы выконваць свае беларускія песні на Беларусі, Міла Ражкова папулярызуе беларускую мову сярод беларусаў…

Дамаўляючыся пра сольны канцэрт у Слоніме, мы вырашылі, што прадставім слухачам менавіта "Беларускі альбом" Мілы. Надта ж кранальна гучаць у яе арыгінальнай аранжыроўцы ўключаныя ў альбом народныя песні ды таксама ці не ўсім цяпер вядомы паланэз "Развітанне з Радзімай" Міхала Клеафаса Агінскага на словы Сержука Сокалава-Воюша. Пераважную большасць песень, якія склалі "Беларускі альбом" Мілы Ражковай, пераклала з рускай на беларускую мову гарадзенская паэтка Альжбета Кеда. Тэкстамі песень сталі вершы рускіх паэтаў і вершы самой Мілы.

Падводзячы пэўныя вынікі тых гарачых жнівеньскіх дзён, зараз можна сказаць, што мы разам зрабілі Слоніму гэты падарунак, падарунак-сустрэчу. І сустрэча з артысткай сталася сапраўдным святам чароўнай музыкі і паэзіі для ўсіх, хто быў здольны гэта ацаніць. Нельга сказаць, што слухачоў на пляцоўцы ля драмтэатра, дзе з дапамогай раённага аддзела культуры мы наладзілі канцэрт, было многа. Многа іх не было, але былі тыя, хто прыйшоў менавіта "на Мілу Ражкову" і яе "Беларускі альбом", прыйшоў паслухаць выкананне менавіта такога ўзроўню… (Пра ўзровень: Міла Ражкова - двойчы чэмпіён свету па фальклоры па версіі Сусветнай Асацыяцыі фальклорных фестываляў, лаўрэат і дыпламант мноства міжнародных музычных конкурсаў, выпускніца Ніжагародскай кансерваторыі па класе класічнай гітары). І верце - гэта быў сапраўдны пір… Пятнаццаць выдатнейшых музычных нумароў у стылях фолк, блюз, індзі не пакінулі абыякавымі нават немаўлят, якія прыехалі на канцэрт у вазочках… Спыняліся на наш open-air і мінакі, але, саромеючыся, некаторыя сыходзілі, з чаго мы зрабілі выснову: трэба прывучаць "пазасталічнага" слухача да густоўнай музыкі, выхоўваць яго культуру і - больш таго - смеласць слухаць не тое, што ўсе (але гэта тэма для асобнай гаворкі)… І яшчэ зразумелі: мы сустрэнемся ў Слоніме зноў, а тое, што адбылося (і ўдалося) - гэта рэпетыцыя будучых дзеяў, "дзеяў над Шчарай"… Бо ідэі - спеюць, з'яўляюцца новыя - штодня. Мы ўжо цяпер ведаем, чым на наступны год можам здзівіць гэты гарадок з няпростым характарам, і паспрабуем гэта зрабіць. Зноў і зноў… Таму, Міла, ты абавязкова прыедзеш у Слонім! Тут чакаюць цябе. Гэты горад ужо закаханы ў твой залацісты, аксамітавы голас і вялікае сэрца! І гэта - каханне з першага погляду…

Святлана АДАМОВІЧ, Слонім.



16 верасня ў Мажэйкаве Лідскага раёна пройдзе 2-гі адкрыты фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі". Праграма вельмі насычаная.

Запрашаем.

Сучасная і актуальная Антычнасць

Вякі-стагоддзі, тысячагоддзі пільна ўзіраюцца на егіпецкія піраміды. А яны і не збіраюцца сыходзіць у нябыт. Не развітваецца з чалавецтвам і культура (эпас, архітэктура, скульптура, гісторыяграфія, літаратура і інш.) Антычнасці - матэрыяльная і духоўная прастора Старажытнай Грэцыі і Рыма. Літаратура старажытных грэкаў і рымлян і на сённяшні дзень - узор прыгожага пісьменства. Гэта і яна - "віноўніца" паўстання такой планетарнай з'явы, як Адраджэнне, гэта яна сваімі вытокамі паслужыла і служыць штуршком для творцаў на літаратурных абсягах у пазнейшыя часы і сённяшнія таксама. Не будзь Антычнасці, наўрад ці прыгожае пісьменства Еўропы мела б свае вялікія дасягненні. Менавіта там бяруць пачатак творчыя парывы Дж. Бакачо, Ф. Рабле, М. Сервантаса, Уіл. Шэкспіра і іншых выдатных адраджэнцаў. Як цяжка пералічыць імёны паслядоўнікаў Антычнасці, так не вельмі лёгка вычарпальна назваць імёны творцаў спалучэння Духа і Слова Старажытнай Грэцыі і Рыма.

На вялікую радасць і інтэлектуальна-маральнае задавальненне сённяшні беларускі чытач мае мажлівасць азнаёміцца з творчасцю выдатнага рымскага паэта-эпіграміста Марка Валерыя Марцыяла [каля 40 - каля 104 гг.]. Нарадзіўся паэт у Іспаніі, але большую частку свайго жыцця правёў у Рыме [64-98 гг.] на становішчы кліента - вольнага чалавека, які аддаваўся пад апеку патрона і які знаходзіўся ў залежнасці ад апошняга. Але ўжо будучы матэрыяльна забяспечаным Марцыял не адмовіўся ад гэтай "службы-пасады": яна жывіла яго музу багатым жыццёвым матэрыялам.

Літаратурным зацікаўленнем паэта быў жанр эпіграмы. У гэтай форме ён выдаў 15 (пятнаццаць) кніжак. Апроч трох тэматычна аб'яднаных зборнікаў "Відовішчы", "Падарункі" і "Гасцінцы", 12 (дванаццаць) выпускаў мелі змешаны змест. У сваіх вершах Марцыял хваліць імператараў і знаць і разам з тым малюе жыццё людзей розных сацыяльных пластоў, цяжкае становішча беднага люду. Сам паэт быў доўгі час у такім сацыяльным статусе.

Эпіграмы Марцыяла (пераважна на побытавым матэрыяле) вылучаюцца дасціпнасцю, едкасцю, сцісласцю, парадаксальнай канцоўкай і, канешне, пранікнёным псіхалагізмам, хаця і пазбаўлены сатырычнай сілы, як, скажам, паэзія яго сучасніка і сябра Д. Ювенала. Жыў паэт у складаныя часы, нават пры Нероне, які прымусіў філосафа Сенеку - блізкага Марцыялу чалавека - ускрыць сабе вены за прыналежнасць да антынеронаўскай змовы.

Славу Марцыялу прынеслі эпіграмы, напісаныя ў элегічнай афарбоўцы (двухрадкоўі, халіямбы (кульгаючыя ямбы) і інш.). Яны, эпіграмы (надпісы) для нас нібыта спісаны са з'яў сённяшняга чалавечага жыцця. А прайшло ж ужо з часоў іх напісання амаль дзве тысячы гадоў. І цяпер колькі ўзораў марцыялаўскай паэзіі - яго двухрадкоўяў. Трэба адзначыць, што ўся паэзія (і двухрадкоўі таксама) Марцыяла патрабуюць уважліва-ўдумлівага прачытання.

***

Як цябе вораг мацнейшы адолеў - няслава і толькі.

А як слабейшы - тады ганьба навечна табе.

***

Некалі доктарам быў, а пасля стаў Дыяўл далакопам.

Робіць цяпер далакоп тое, што доктар рабіў.

***

Хочаш даведацца, Лін, што дае мне сядзіба ў Наменце?

Вось, што сядзіба дае: там я не бачу цябе.

***

Пэцкаеш ванну, Заіле, нашто, падмываючы зад свой?

Хочаш, каб большы быў бруд, сунь у ваду галаву.

***

Што ты крыжуеш раба, адцяўшы язык яму, Понтык?

Тое, пра што ён замоўк, зараз на вуснах ва ўсіх.

***

Дзівішся ты: патыхае смуродам у Марыя з вуха.

Нестар, твая тут віна: шэпчаш на вуха яму.

***

Спрытна абжуліў мяне ўчора шэльма шынкар у Равенне:

Чыстага раптам віна без разбаўкі прадаў.

***

Што ні пачне, аніяк да канца не даводзіць Серторый.

З ім і ў каханні, відаць, дзеўцы такая ж бяда.

***

З кім Лікарыда дружыла, усіх, Фабіян, пахавала

Да аднае: вось бы ёй з жонкай маёй падружыць.

***

Мы п'ем са шкла, а ты з муры смакуеш, Понтык. Навошта ж?

Келіх празрысты б ураз іншае выкрыў віно.

***

Хто дэкламуе, ухутаўшы воўнай гарляк свой і карак,

Пэўна ж, не можа ніяк ні гаварыць, ні маўчаць.

***

Пантыліян, чаму я не шлю табе сваіх кніжак?

Каб жа ж і ты мне сваіх, Пантыліян, не паслаў.

***

Ні медзяка ў маім доме. Мне, Рэгул, прадаць застаецца

Тое, што ты падарыў. Купіш ты, можа, у мяне?

***

Тука, ты ўсё вымагаеш, каб я падарыў свае кніжкі.

Не падару: хочаш ты іх прадаваць - не чытаць.

***

Ты гладыятарам стаў, дагэтуль жа быў акулістам.

Як гладыятар цяпер робіш тое, што доктар рабіў.

***

Гаўр, хто табе,багачу-перастарку, усё дорыць дарункі,

Як ты разумны, то ўцям, кажа табе ён: "Памры!".

***

Хочаш за Прыска пайсці? Паўла, бачу: ты не дурная.

Прыск жа не хоча цябе? Што ж - дык і ён не дурны.

***

Вечна цябе ўсе распуснікі, Феб, да стала запрашаюць.

Той, каго кормяць яны, чысты не будзе ва ўсім.

***

Лесбія божыцца: не аддавалася дарма ніколі.

Так, за любошчы яна плоціць заўсёды сама.

Дурніца

Не прытвараецца ён і блазна з сябе ён не строіць.

Хто не пражэцца мудрыць, той і напраўду мудрэц.

Цыцэрон на пергаменце

Гэты пергамент, узяўшы сабе ў спадарожнікі, думай,

Што з Цыцэронам самім ты каратаеш свой шлях.

Эпіграму Марцыяла высока цанілі Г.Э. Лесінг, І. Гётэ, Ф. Шылер, А. Міцкевіч, А. Пушкін і іншыя.

А цяпер застаецца дадаць, што кніжка выбраных эпіграм Марцыяла днямі выйшла ў сталічным выдавецтве "Альфа-кніга". Пераклад з лацінскай мовы належыць Анатолю Клышку. Ён - знакавая фігура ў нашым культурным космасе сённяшнега дня.

Анатоль Канстанцінавіч Клышка - заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнік, мовазнаўца, педагог, перакладчык. Аўтар каля 20 кніг, сярод якіх беларускі "Буквар" (50-годдзе якога адзначаецца сёлета, у год 400-годдзя самага першага беларускага "Буквара", і які ў свой час на Лейпцыгскім кніжным кірмашы атрымаў "Залаты медаль"), а таксама рускага і польскага буквароў, "Францыск Скарына, альбо як да нас прыйшла кніга" (1983, восем перавыданняў), "Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка" (1983), пераклад са старажытнагрэцкай мовы аднаго з першых раманаў пра каханне ў еўрапейскай літаратуры "Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою" Лонга (1991), "Беларуска-польскі размоўнік" (1992), "Прыгаршчы языкаломак" (2011), "Беларускія народныя казкі: Расказваў неяк Міхалка з Данеяк" (2011), "Тысяча арэшкаў: загадкі для дзяцей і дарослых" (2012), пераклад "Новага Запавету" (2014, з грэцкага тэксту паводле найаўтарытэтнейшага штутгацкага выдання) і інш.

Яўген Гучок.



Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г. Менск) і Рускі музей фатаграфіі (г. Ніжні Ноўгарад) запрашаюць на выставу "Максім&Максім", прымеркаваную да 160-годдзя ніжагародскага фатографа М. П. Дзмітрыева

Што аб'ядноўвае класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча і генія рускай фатаграфіі Максіма Дзмітрыева, акрамя імя?

- Гэта горад, які даў прытулак абодвум, - Ніжні Ноўгарад, майстэрня "Новая фотография М. Дмитриева" з'явілася ў Ніжнім у 1886 годзе, сям'я Багдановічаў пераехала ў горад на Волзе на 10 год пазней.

- Гэта талент, які меў кожны з іх: Максім Багдановіч уводзіў новыя формы ў беларускую літаратуру, Максім Дзмітрыеў узняў мастацтва фатаграфіі на якасна новы ўзровень.

Майстэрня М. Дзмітрыева з'яўлялася цэнтрам прыцягнення, зрабіць фатаграфію на памяць прыходзілі вядомыя ніжагародцы і госці горада. Дзякуючы фатографу мы маем унікальныя здымкі к. ХІХ - пач. ХХ стст., на якіх Максім Горкі і яго сям'я, пісьменнік Яўгеній Чырыкаў, бацька паэта Адам Багдановіч, яго родныя - сёстры, пляменнікі і пляменніцы. Гэтыя фатаграфіі з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Рускага музея фатаграфіі будуць прадстаўлены ў межах выставачнага праекту "Максім & Максім".

Адкрыццё выставы

6 верасня 2018 года а 18-й гадзіне.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Менск, вул. М. Багдановіча, 7а;

тэл.: (017) 334 07 61,

(017) 334 42 69.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX