Папярэдняя старонка: 2018

№ 37 (1396) 


Дадана: 12-09-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 37 (1396), 12 верасня 2018 г.

Дарагія сябры "Нашага слова"!

Ліпень Верасень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 12 14

Бяроза р.в. 3 8

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 6 6

Ганцавічы р.в. - -

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 3 3

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 2 2

Ляхавічы р.в. 2 1

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 7 7

Пружаны р.в. 5 5

Столін р.в. - -

Усяго: 45 51


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - -

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 15 17

Віцебск РВПС 1 1

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 7 7

Гарадок р.в. - -

Докшыцы р.в. 3 3

Дуброўна р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 17 17

Орша гор. 5 5

Полацк гор. 3 3

Паставы р.в. 6 6

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. - 1

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 1 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 6 6

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 76 80


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 4 4

Вілейка гор. 2 2

Валожын гор. 4 6

Дзяржынск р.в. 6 7

Клецк р.в. - 4

Крупкі р.в. 3 3

Капыль р.в. 1 22

Лагойск 5 5

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 174 189

Менск РВПС 11 11

Маладзечна гор. 8 9

Мядзель р.в. 2 2

Пухавічы РВПС 4 4

Нясвіж р.в. 8 30

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 5 5


Салігорск гор. 4 5

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 3 4

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. 2 2

Усяго: 253 321


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 2 2

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. - -

Гомель гор. 17 17

Добруш р.в. 2 2

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 17 13

Жлобін гор. 1 -

Калінкавічы гор. 2 1

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 49 47


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 1 1

Ваўкавыск гор. 4 4

Воранава р.в. 3 18

Гародня гор. 33 36

Гародня РВПС 14 14

Дзятлава р.в. 5 15

Зэльва р.в. 1 1

Іўе р.в. 3 3

Карэлічы р.в. 1 16

Масты р.в. 2 2

Наваградак гор. 4 21

Астравец р.в. 2 2

Ашмяны р.в. 3 3

Смаргонь гор. 6 6

Слонім гор. 8 31

Свіслач р.в. 3 3

Шчучын р.в. 2 3

Ліда 9 44

Усяго: 104 223


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 1 1

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 2 2

Горкі гор. 1 2

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. - -

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 1 1

Магілёў гор. 15 17

Асіповічы гор. 8 10

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 2 3

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. - 1

Усяго 35 42

Усяго на краіне: 562 764

Не дамо прапасці "Нашаму слову"!

Шаноўныя сябры ТБМ.

"Наша слова", як і ўсе недзяржаўныя выданні, перажывае цяжкія часы. Папяровыя СМІ ў Беларусі маюць праблемы ў сувязі з тэндэнцыяй захаплення грамадства электроннымі СМІ. Гэтая з'ява часовая. У заходніх краінах такі шлях ужо пройдзены, і там зноў пачалі расці наклады папяровых СМІ. Але пакуль такое адбудзецца ў нас, найбольш слабыя выданні загінуць. Нават такая магутная структура, як "Наша ніва", не вытрымала і пазбавілася папяровай версіі. Што праўда, "Наша ніва" імкнецца вярнуцца на паперу, выдала першы нумар часопіса "Наша гісторыя". "Наша ніва" справіцца.

"Наша слова" - газета бедная. Калі мы закрыемся, ніякай "Нашай геаграфіі" ці яшчэ чаго больш не выпусцім.

У апошнія гады колькасць падпісчыкаў "Нашага слова" стабільна падае. У сувязі з гэтым газета трапіла ва ўсе даведнікі як тая, якая дэградуе і непазбежна закрыецца. А гэта значыць, што мы не атрымаем ніадкуль ніякай падтрымкі. Спадзявацца на цэнтральны офіс ТБМ не выпадае. Управа занятая ўтрыманнем сядзібы, таму ўсе надзеі на рэгіянальныя арганізацыі. Тут задача простая - 50% сяброў арганізацыі павінны падпісваць газету. І так трэба лічыць колькасць сяброў ТБМ пры выбарах на з'езды і іншыя форумы.

Ёсць у Слуцку пяць падпісчыкаў - значыць сяброў там не больш дзесяці. Падае ў Лідзе падпіска да дзевяці чалавек, значыць і лічыць будзем 18 чалавек на ўсе 10 зарэгістраваных і незарэгістраваных лідскіх структур.

Прадоўжым гуляць у дутыя лічбы - страцім газету, а за ёю і ўсю арганізацыю. А, можа, яшчэ пазмагаемся? Можа, нам яшчэ не ўсё абыякава?

Тады, шаноўныя старшыні арганізацый і суполак, лёс газеты ў вашых руках. Неабходна тэрмінова па ўсёй краіне арганізаваць падпісную кампанію і з месяца ў месяц нарошчваць колькасць падпісчыкаў, каб выйсці на 1000 асобнікаў яшчэ сёлета.

Станіслаў Суднік.

Дзень беларускай вайсковай славы

Паводле традыцыі, якая вядзецца з першых гадоў беларускай незалежнасці, аматары гісторыі сабраліся на Крапівенскім полі, дзе 8 верасня 1514 года адбылася славутая бітва пад Воршай.

Непадалёк ад вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёна, на беразе ракі Крапіўны, увечары 8-га верасня адбылася штогадовая імпрэза ў гонар беларускай вайсковай славы - пераможнай бітвы войска Вялікага Княства Літоўскага з маскоўскім войскам.

Каб адзначыць 504-я ўгодкі гістарычнай падзеі, сюды прыехалі аршанцы, магілёўцы, віцябляне - усяго каля двух дзясяткаў чалавек.

Людзі прывезлі з сабой бел-чырвона-белы сцяг і кветкі, якія ўсклалі да падножжа вялікага крыжа з надпісам "Героям аршанскай перамогі". Тут жа адбыўся невялікі мітынг, дзе прамоўцы згадвалі слаўныя гады беларускай гісторыі.

- Мы ўсе спадзяемся, што прыклад нашых прашчураў будзе натхняць нашчадкаў на добрыя справы яшчэ доўгія гады. І што любоў да Радзімы і яе сімвалаў будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне як найвялікшая каштоўнасць, - сказаў актывіст аршанскай суполкі Таварыства беларускай мовы Юрый Нагорны.

Кветкі ўсклалі і да памятнага каменя на беразе Крапіўны, якім пазначана месца Аршанскай бітвы. І крыж, і камень з'явіліся ў гэтых мясцінах, дзякуючы клопату аршанскіх актывістаў, якія ўсталявалі іх у пачатку 1990-х гадоў.

З таго часу на ўгодкі пераможнай бітвы, якая ўвайшла ў гісторыю, неабыякавыя людзі збіраюцца тут штогод, не зважаючы на міліцэйскія разгоны, якія пачаліся ў 2007-м. Сёння ўвечары міліцыі тут заўважана не было. Нехта з удзельнікаў пасля ўрачыстай імпрэзы скіраваўся дахаты, а нехта вырашыў застацца да раніцы, каб сустрэць світанак каля сяброўскага вогнішча.

Радыё Свабода.

Алесю Краўцэвічу - 60

Аляксандар Канстанцінавіч КРАЎЦЭВІЧ (нар. 13 верасня 1958, вёска Лупачы Мастоўскага раёна) - беларускі гісторык і археолаг. Доктар гістарычных навук (1998), прафесар. Лаўрэат прэміі імя Ф. Багушэвіча, 2013.

Скончыў БДУ (1981). У 1981-1984 гадах навучаўся ў аспірантуры Інстытута археалогіі АН СССР. У 1985-1987 гадах працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У 1988 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме "Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14-17 стст. (планіроўка, культурны слой)" (кіраўнік акадэмік Барыс Рыбакоў). У (1994-1995) гадах займаў пасаду першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэта.

У 1995 годзе паступіў у дактарантуру БДУ (1995-1998). 4 снежня 1998 года ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі абараніў доктарскую дысертацыю па тэме "Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 - пачатку 14 ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах". Ад лютага 2005 года сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар шэрагу кніг.

Даследуе беларускае Сярэднявечча, палітычную гісторыю ВКЛ. Ад чэрвеня 2015 года вядзе цыкл перадач "Загадкі Беларускай гісторыі" на тэлеканале Белсат.

Вікіпедыя.

Універсітэт імя Ніла Гілевіча пачаў набор на падрыхтоўчыя курсы

7-га верасня ў офісе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прайшло першае сумоўе з нагоды адкрыцця падрыхтоўчых курсаў Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Арганізатары плануюць наладзіць падрыхтоўку навучэнцаў па прыкладна дзесяці дысцыплінах.

- Апроч непасрэдна навучання, плануем ладзіць серыю бясплатных майстар-класаў для ўсіх ахвотных, - кажа выканавец абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў, - Самі курсы яшчэ ў тым унікальныя, што яны прызначаны для ўсіх узростаў. Адзін такі кірунак - гэта падрыхтоўка дзяцей да ЦТ. І будуць спецыяльныя выкладчыкі, якія рыхтуюць. Другая катэгорыя - гэта студэнты, якія ўжо вучацца, але хочуць атрымаць дадатковыя веды па беларускай мове, па замежнай, па гісторыі. Трэцяя група - гэта ўсе астатнія. Гэта могуць быць і пенсіянеры, людзі сярэдняга веку. Яны будуць вывучаць у асноўным гісторыю Беларусі і беларускую мову.

Кошт курсаў складае 200 беларускіх рублёў, у якія закладзены 72 гадзіны заняткаў. Працягласць курсаў - тры ці шэсць месяцаў. Кожны студэнт можа выбраць ад адной да трох дысцыплін і сам размеркаваць гадзіны. Афіцыйны пачатак курсаў адбудзецца 24 верасня. Іх распачне майстар-клас Уладзіміра Арлова.

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск.

"КАРАБЕЛЬ" ДА БЕЛАРУСІ

Тыдзень беларускага пісьменства і друку, пачатак навучальнага года - клопатны час і для сяброў ТБМ, каб чарговы год ў навучанні і выхаванні дзяцей і школьніцтва стаў шляхам да роднай мовы і культуры.

1 верасня Раіса Хвір з беларускамоўнымі віншаваннямі выступала на ўрачыстай лінейцы ў Нясвіжскай гімназіі. Зоя Кулік сустрэла Свята першага званка з грамадой вучняў і настаўнікаў СШ № 1 г. Нясвіжа.

Яшчэ раней, 29 жніўня, Станіслава Вальчык праводзіла беларускі адукацыўны майстар-клас у межах раённай жнівеньскай нарады. Даўнія беларускія слоўкі, прыказкі ды загадкі, гульні ды пацешкі - пацяшалі і дарослых. Жывымі ілюстрацыямі падмацоўвала яе культуралагічны аповед Валянціна Аляксандраўна Вальчык з Карцэвіч.

31 жніўня сябры ТБМ віталі вялікую і дружную грамаду дзіцячага садка № 4 "Караблік дзяцінства", разам падсумоўвалі зробленае, абмяркоўвалі новыя праекты.

Адна з адметнасцяў працы кіраўніцтва і выхавацеляў гэтай установы - разнастайнасць падыходаў у засваенні беларусазнаўства, набыткаў матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, найперш - роднай мовы. Беларускае слоўка, трапны народны выраз тут на кожным кроку, куды ні глянь.

Падзеяй свята стала "здача пад ключ" новага выхаваўчага аб'екта - "Альтанкі дзяцінства " - беларускай хаткі з усім яе празаічна-паўсядзённым і духоўна-святочным начыннем (госці да гэтага падарылі яшчэ макацёр на лаўку, капылок пад лаўку ды коціка на лежачок печы). Добрая, амаль казачная задума набыла сваю рэальную канкрэтыку і выхаваўчую нагляднасць. Няма сумнення, "Альтанка" стане гасцінным і ўтульным класам, дзе маленькія выхаванцы атрымаюць урокі памяці, народнай мудрасці і сэнсу. Без гэтага навыку чалавек становіцца ў моры жыцця не трывалым караблём, што кіруе да сваёй мэты, а класічнай трэскай на хвалях.

Загадчыца садка Вольга Пуляк уганаравала сяброў ТБМ падзячнымі лістамі за "актыўны ўдзел у выхаваўчым працэсе з мэтай папулярызацыі роднай мовы і нацыянальнай культуры, метадычную дапамогу падчас рэалізацыі праекта "Альтанка дзяцінства".

Так хочацца, каб новы навучальны год стаў шляхам да Беларусі.

Вольга Карчэўская.

Біблія - кніга для ўсёй сям'і

Сямейнае свята Бібліі прайшло 2 верасня ў менскай царкве "Ласка Божая". Яно было прысвечана 501 гадавіне выдання Францішкам Скарынам самай галоўнай і чытанай кнігі на свеце. Пастар царквы Алег Іванавіч Акуленка прывітаў усіх гасцей і пажадаў дзецям поспехаў у новым навучальным годзе, у тым ліку ў вывучэнні Бібліі.

Свята распачаў дзіцячы хор царквы. Канцэрт працягнулі іншыя музычныя калектывы. Прагучалі песні на вершы Рыгора Барадуліна. У розных кутках на вялікім пляцы былі арганізаваныя аддзяленні з гульнямі, віктарынамі і конкурсамі на біблейскія тэмы.

У адным з куточкаў дзеці праходзілі па геаграфічным шляху Францішка Скарыны, у другім - пісалі пер'ямі ўрыўкі са Старога і Новага Запаветаў, у трэццім - адгадвалі рэбусы з біблійнымі тэкстамі. Цэламу гурту хацелася патрапіць мячом у намаляванага Галіяфа. Дарослыя ў гэты час абменьваліся паміж сабой летнімі ўражаннямі і іншым карысным досведам. Нядзельны вечар быў поўны сонечнай і сяброўскай цеплыні.

Мерапрыемства сведчыць пра тое, што для новых пакаленняў беларусаў Біблія становіцца сямейнай кнігай, з якой можна чэрпаць мудрасць, супакой і лад. Інтэрактыўная форма засваення Кнігі кніг па-беларуску з'яўляецца карыснай і эфектыўнай.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Гістарычнай інфармацыі стане больш

Інтэлектуальнае жыццё сталіцы ажывіў выхад новага навукова-папулярнага выдання. У менскай кнігарні "Акадэмкніга" адбылася прэзентацыя першага нумара часопіса " Наша гісторыя". Рэдактар выдання Андрэй Дынько прадставіў аўтараў. Сярод іх - 4 дактары і 8 кандыдатаў наук. На імпрэзе прысутнічалі Алесь Белы, Зміцер Дрозд, Таццяна Бабкова і іншыя.

Часопіс апавядае пра палітычную мадэль Рэчы Паспалітай, прапануе прыгоды з гісторыі Жабера - замка, які штурмавалі два каралі, нагадвае пра дзейнасць патаемнай групы аршанскай моладзі ў 30-тыя гады. Рубрыка "Наша страва" паведамляе пра канон беларускай кухні, а ў раздзеле "Гаспадарка" пішацца пра панскія цукраварні.

- Гістарычная літаратура карыстаецца попытам, часопісам зацікавіліся чытачы, ён даступны па кошце (5 рублёў), і гэта радуе, - адзначыў спадар Андрэй Дынько. - Першую частку накладу хутка раскупілі. Мы будзем рыхтаваць другі, вераснёўскі нумар".

Часопіс будзе развівацца, яго прынцыпамі будуць аб'ектыўнасць і сістэмнасць. Яго падпісны індэкс на наступны год: 18008.

Эла Дзвінская. На фота аўтара: у кнігарні "Акадэмкніга".

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

У чацвер, 6 верасня, адбылася лекцыя і прагляд дакументальных гістарычных стужак з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячом, в.а. абавязкі рэктара "Універсітэта імя Ніла Гілевіча", Ганаровым старшынём ТБМ на тэму "Помнікі архітэктуры старажытнага Наваградка". На лекцыі быў паказаны белсатаўскі фільм сп. Краўцэвіча "Старажытны Наваградак. Горад славян і балтаў".

У панядзелак, 10 верасня, прайшла лекцыя на тэму "Помнікі архітэктуры Наваградчыны (замак у Любчы, касцёл ва Уселюбе і інш.)"

Наш кар.

Любоў, якая працягвае род Содаляў

13 верасня надыходзіць 81-першая гадавіна з дня народзінаў былога сябра Рады ТБМ літаратуразнаўца Уладзіміра Содаля. Сям'я пісьменніка рыхтуе кнігу ўспамінаў сяброў, калегаў і аднадумцаў пра Уладзіміра Ілліча. Збор мае ўмоўную назву: "Буйніцы і драбніцы з успамінаў пра Уладзіміра Содаля". Удава пісьменніка Клара Барысаўна парадкуе архіў рупліўца беларушчыны, захоўвае асобнікі кніг, перагортвае нататнікі, пераглядае фотаздымкі. У добрай гаспадыні па-ранейшаму ўтульна ў пакоях, прыгатаваны смачны пачастунак.

Калісьці 22-гадовы студэнт педінстытута Уладзя Содаль, сустрэўшы маладзенькую Клару Караткевіч у парку Горкага і ўзяўшы яе за руку, адчуў цяпло і энергію. Менавіта таму ён вырашыў пайсці па жыцці з дзяўчынай з тэхналагічнага інстытута, а філфакаўскія дзяўчаткі крыху раўнавалі.

У Клары Барысаўны цяпер прыемныя навіны: іх унук Сяргей Чылікін, які разам з дзядулям выдаваў свае кніжачкі, па заканчэнні ўніверсітэта працуе ў Кракаве. Там, дзе выдаў "Дудку беларускую" Францішак Багушэвіч і дзе марыў пабываць сам літаратурны даследчык. У Сяргея і Наталлі нарадзіўся сын Багдан. Другі праўнук Уладзіміра Ілліча - Дамінік сёлета пайшоў у першы клас.

У апошнія гады жыцця Уладзімір Ілліч працаваў над сваім радаводам, збіраў звесткі пра родных людзей і дарагія з маленства мясціны. Узгадваў пра дзеда Паўла, які меў паравы млын, і пра дужага прадзеда Несцера, які на паляванні аднойчы барукаўся з медзведзем. А на іншым маленькім аркушыку была занатавана яго размова з цётачкай:

"Цётачка Маня! Вы ў нас засталіся адна на ўсіх. То з кім мне пагаварыць, як не з Вамі. А пагаварыць ёсць пра што. Ну, найперш, якім Вам помніцца даваенны Мормаль? Наша Задзірэўка? Мормальская царква, папоў дом, школа? Ну і багата што. Мой тата Ілля, ягоны млын. Пра ўсё гэта я ў Вас пытаюся, бо Вы мяне няньчылі, вазілі ў самаробнай калясцы. Я тую калясачку трохі помню, там адно калёсіка туды-сюды хадзіла…"

У адной з тэчак знаходзіліся вершы, якія пісьменніку прысвяцілі Аркадзь Нафрановіч, Сяргей Давідовіч, Святлана Багданкевіч. Адзін з вершаў для яго напісаў любы ўнук Сержык.

Клара Барысаўна перадала пажаўцелы блакнот. На адной са старонак у ім занатавана:

"У гэты дзень у мяне адбылася сустрэча з Аляксандрам Сталяровым, колішнім старшынём Беларускага тэлебачання і радыё, зараз - дырэктарам выдавецтва "Беларусь". Не ведаю, што здарылася з ім, але ён быў занадта даверлівы і адкрыты, абдымаў мяне і казаў:

- Вы мой настаўнік! - Казаў гэта мне і сваім падначаленым калегам.

- Глядзіце, што такое выдавецтва " Беларусь" і колькі мы ўсяго навыдавалі! Выбірайце, што хочаце. Хочаце Шаранговіча? Хочаце…

Я быў крануты яго ўвагаю. Трошкі разгубіўся, адмаўляўся ад падарунка, ад гасцінца. Але Сталяроў быў настойлівы:

- Ды кіньце Вы гэтую сціпласць! Вы ж мой настаўнік! Вы мяне вучылі. Мо, я тады не ўсё разумеў, не з усім згодны быў. Але цяпер бачу: ваша была праўда! Я часта вас успамінаю.

Пасля такой эмацыйнай і нечаканай сустрэчы ішоў я і думаў: "Са спадаром Сталяровым пры нагодзе трэба спаткацца і больш глыбока распытацца, у чым ён лічыць мяне сваім настаўнікам. Ён жа быў старшыня Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, а я - усяго толькі кіраўніком студыі "Ліцэй".

Уладзімір Ілліч звязваў нас з літаратарамі мінулага стагоддзя, злучаў з даінтэрнэтаўскай парой, калі лісты ад праўнучкі Францішка Багушэвіча і ад Зоські Верас прыходзілі яму проста ў паштовую скрынку.

У верасні сябры ТБМ разам з краязнаўцам наведалі месца спачыну Уладзіміра Ілліча на могілках за Астрашыцкім Гарадком. Прастор поля і лесу заспакойвае погляд наведвальнікаў. Вецер гайдае высокія травы і дрэвы.

У Астрашыцкім гарадку Уладзімір Содаль працаваў у дзіцячым санаторыі настаўнікам. Там жыла і была пахаваная яго матуля Аляксандра Несцераўна.

Думалася пра тое, як сумна перажываць час, калі паплечнікі становяцца гранітнымі плітамі ці велічнымі шэрымі валунамі. Надпіс на мемарыяльнай пліце пісьменніка складзены па-беларуску і з любоўю, якая не скончылася, а працягваецца:

"Вечная памяць любаму мужу, роднаму тату, незабыўнаму дзядулю. Смуткуем, смуткуем і любім цябе".

Любоў доўжыцца ў дзецях, унуках і праўнуках, ва ўсім родзе Содаляў.

Эла Дзвінская. На здымках: 1. Жонка пісьменніка зберагае яго творы, фота аўтара; 2. Клара Барысаўна і Уладзімір Ілліч Содалі. Фота з сямейнага архіва; 3. Помнік Ул. Содалю, фота аўтара.

Фэст беларускай кнігі і прэсы ў піўной Лідзе

8 верасня Ліда святкавала 695-годдзе з дня заснавання. Тут праходзіў і 4-ты фестываль Lidbeer.

Адзін з высокапастаўленых лідскіх чыноўнікаў, дзелячыся ўражаннямі, сказаў:

- Падалося, што Ліда раптам ўзяла і перанеслася ў іншую краіну.

- А ў якую?

- Ды, мабыць, у Беларусь.

Так адрозна, па-беларуску, выглядала Ліда 8 верасня 2018 года ад Ліды штодзённай, звыклага гарадка Паўночна-заходняга краю.

вае гады, твае стагоддзі - на славу будучых вякоў" - пад такой назвай прайшла ўрачыстая частка святкавання 695-годдзя горада Ліды.

Мерапрыемства адбылося на цэнтральнай плошчы горада па вуліцы Савецкай. Удзельнікамі і гледачамі свята сталі не толькі лідзяне, але і шматлікія госці. Сярод іх намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Міцкевіч, першы намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Іван Жук, намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Наумовіч. Павіншаваць горад са святам таксама прыехалі пасол Рэспублікі Польшча і консул Літоўскай Рэспублікі, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Трокаў, Екабпілса, Салечнікаў і іншых.

Урачыстую імпрэзу з нагоды свята адкрыў старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч. Ён звярнуўся да прысутных з прывітальным словам па-беларуску. Міхаіл Канстанцінавіч падкрэсліў, што свята горада - гэта падзея, якая аб'ядноўвае ўсіх лідзян. Тых, хто нарадзіўся тут, і тых, хто звязаў свой лёс з нашым горадам.

- Сама Ліда з'яўляецца брэндам. Амаль кожнае наша прадпрыемства ў сваёй назве выкарыстоўвае імя роднага горада, тым самым праслаўляе яго, - адзначыў кіраўнік рэгіёна. - Ліда - гэта цэнтр машынабудавання, нафтахімічнай, шкляной, харчовай, лёгкай і тарфяной прамысловасці. Ліда - гэта горад авіятараў.

З кожным годам Ліда расце, будуецца, развіваецца і становіцца яшчэ больш прыгожай. Якасныя змены адбываюцца ў сферах адукацыі і аховы здароўя. Напоўнена яркімі падзеямі духоўнае і спартыўнае жыццё горада.

Міхаіл Карповіч павіншаваў лідзян са святам.

- Шануйце і любіце сваю малую радзіму, ганарыцеся ёю, - зазначыў ён.

Слова было прадастаўлена першаму намесніку старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Івану Жуку. Іван Алёйзавіч зачытаў прывітальны ліст з нагоды 695-годдзя Ліды ад імя Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гарадзенскага аблвыканкама. Таксама Іван Жук уручыў узнагароды абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама і асобным лідзянам.

Віншаванні са святам лідчанам выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Наумовіч.

Да жыхароў Лідчыны з віншаваннямі па-беларуску звярнуўся Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі. Ён перадаў віншавальны ліст ад польскага горада Ломжы, з якім Ліду звязваюць моцныя сяброўскія зносіны.

Тэатралізваная праграма, што была падрыхтавана да свята горада і прадстаўлена прысутным, уражвала сваёй разнастайнасцю, яркасцю і дасканаласцю падрыхтоўкі. Перад прысутнымі адзін за другім змяняліся эпізоды: "Год заснавання Ліды - 1323", "Князь Гедымін і рыцарскае войска", "Легенда пра княжну Лідзію". "Атрыманне Лідай Магдэбургскага права", "Уздоўж па Віленскай…" і іншыя, ажывалі героі гісторыі горада.

Вельмі прыгожым заключным акордам святочнай праграмы стаў вынас палотнішча сцяга горада Ліды. А калі мастацкія калектывы Ліды, вышыхтаваўшыся каля сцэны, пачалі выконваць песню "Слаўся, Ліда!", прысутныя падняліся са сваіх месцаў, каб выказаць такім чынам павагу да старажытнага і маладога горада-юбіляра.

Працягам культурнай часткі стаў Фэст беларускай кнігі і друку. Сёлета ён праходзіў на дзвюх пляцоўках: пляцоўка Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы і пляцоўка газеты "Наша слова".

Пляцоўка каля Лідскай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы ў дзень свята стала месцам сустрэчы сузор'я яркіх музычных талентаў Лідчыны. Тут адбыўся музычны вернісаж.

На імправізаванай сцэне - калектывы і салісты дзіцячых музычных школ мастацтваў. Забіяцкія і вясёлыя юныя таленты выступалі перад жыхарамі і гасцямі горада, дорачы незабыўныя ўражанні і эмоцыі ад творчасці. Адным словам, запальвалі.

Кажуць, добрая песня сагравае душу і абуджае ў сэрцы пяшчоту. А каб станоўчыя эмоцыі ад яе праслухоўвання падвоіліся, непадалёк ад сцэны працавала бібліякавярня "Рацэпты добрага настрою". Дарэчы, асабліва цікава тут было дзецям. Працаўнікі ўстановы падрыхтавалі выставу-экспазіцыю "Краса і гонар Беларусі, зямная Лідчына мая", кветкавую выставу-экспазіцыю "Кветкі любімаму гораду", літаратурны марафон "Я вырас тут, мне горад гэты дарагі" і, вядома ж, вялікая колькасць тэматычных акцый, звязаных з працай бібліятэкі і яе галоўным каштоўным змесцівам - кнігамі.

А побач з бібліятэкай рэдакцыя газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец", сябры Таварыства беларускай мовы і Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў правялі вулічную прэзентацыю часопісаў, газет і кніжак. Жыхары Ліды і госці фэсту на імправізаванай выставе маглі пазнаёміцца з беларускамоўнымі краязнаўчымі і літаратурнымі выданнямі, атрымаць аўтографы некаторых аўтараў. Упершыню была прадстаўлена новая кніга "Сімвал веры" пісьменніка Валянціна Дубатоўкі, кіраўніка абласнога аддзялення СБП. Музычнае суправаджэнне выставы беларускага друкаванага слова забяспечвалі лідскі бард Сяргей Чарняк і гарадзенец Уладзімір Хільмановіч.

Былі вырашаны вельмі важныя для Ліды, Гарадзеншчыны і нават Беларусі арганізацыйныя пытанні:

1. Валянцін Дубатоўка абвесціў загад ад 3 верасня 2018 года аб прызначэнні Станіслава Судніка намеснікам старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў;

2. Прынята рашэнне аб заснаванні кніжнай серыі "Лідскі кнігазбор". Заснавальнікамі выступяць Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў і Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны";

3. Прынята рашэнне аб заснаванні літаратурнай прэміі імя Тодара Нарбута "Нацыя волі". Прэмія будзе ўручацца за найлепшую мастацкую, краязнаўчую, публіцыстычную ці навуковую кнігу, якая ўзвялічвае беларускую нацыю і беларускі народ;

4. Прынята рашэнне аб выданні "Каляндара Лідчыны" па ўзору "Каляндара Слонімшчыны".

Ну, а тыя, хто прайшоў міма кніг піў беларускасць на чарговым піўным фэсце Lidbeer-2018, які сёлета праходзіў пад дэвізам "Давай зробім гучна!". Гасцям Ліды і яе насельнікам на гэты раз прапанавалі надзвычай насычаную і змястоўную праграма, дзе знайшлося месца разнастайным канцэртам, выступам самадзейных артыстаў, вулічных мімаў, рыцарскаму турніру "Меч Лідскага замка". Цэнтральныя вуліцы горада, якія прымыкаюць ці вядуць да замка, былі перакратыя для руху аўтатранспарту. На іх размясціліся шматлікія народныя майстры, умельцы, якія гандлявалі сваімі мастацкімі вырабамі. Былі арганізаваныя разнастайныя выставы, праходзілі квэсты, выступы цыркавых артыстаў. Зроблены пляцоўкі для забавы дзяцей. І, канешне, паўсюль многа месцаў для спажывання піва, рознага кшталту кегляў, бочак і іншых кропак па разліве свежага прахалоднага напою. Над цэнтральнай часткай горада раз-пораз праляталі самалёты і цэлы час кружлялі верталёты. Лідскі фэст па сваёй арганізацыі і афармленні выйшаў на сапраўды еўрапейскі ўзровень. На Lidbeer-2018 прыемна шмат беларускамоўнай рэкламы, аформлены ён з густам і радуе шматлікіх наведнікаў. Асноўная канцэртная праграма адбылася ўвечары. Яе хэдлайнерамі сталі ўкраінскі гурт "Воплі Відоплясова" і расейскі "Ленинград".

Паводле СМІ.

Нямецкі гісторык: Патрэбен агульны помнік палякам, расейцам, беларусам і ўкраінцам

Навіны Германіі

У Германіі абмяркоўваюць стварэнне яшчэ аднаго помніка ахвярам нацыстаў у Другой сусветнай вайне. Ставіць яго толькі ў памяць палякаў ці ўсіх ўсходнееўрапейскіх ахвяр? "Нямецкая хваля" пагутарыла з гісторыкам Марцінам Аўстам.

Мемарыял ахвярам Галакосту быў адкрыты ў Берліне ў 2005 годзе. З тых часоў з'явіліся і іншыя помнікі ў памяць ахвяр нацыянал-сацыялізму: рэпрэсаваным гомасексуалам, цыганам, а таксама забітым у ходзе праграмы гвалтоўнай эўтаназіі. Аднак у Германіі дагэтуль няма помніка ахвярам вайны, якую ва ў Усходняй Еўропе вялі нацысты. У кааліцыйным пагадненні паміж кіруючымі ў Германіі кансерватарамі з блока ХДС / ХСС і сацыял-дэмакратамі зафіксавана, што гэты прабел павінен быць запоўнены. Зрэшты, цяпер у Германіі разгарнулася дыскусія пра тое, як гэта павінна быць рэалізавана.

Прафесар гісторыі Бонскага ўніверсітэта Марцін Аўст (Martin Aust) спецыялізуецца на ўсходнееўрапейскай праблематыцы.

- Спадар прафесар, яшчэ ў 2017 годзе вы падпісалі петыцыю з патрабаваннем усталяваць у Берліне асобны манумент палякам, забітым нацыстамі. Цяпер вы падтрымалі ідэю сумеснага мемарыялу ўсім ахвярам нямецкіх войнаў на знішчэнне ва Усходняй Еўропе. Чаму вы змянілі сваё меркаванне?

- Я нязменна прытрымліваюся думкі, што веды аб пачатку нямецкай вайны на знішчэнне ў Польшчы ў нямецкім грамадстве застаюцца недастатковымі. Таму я дагэтуль прыкладаю намаганні для стварэння ў Германіі заўважнага сімвала памяці аб польскіх ахвярах. Аднак, на маю думку, недастаткова будзе запоўніць прабел толькі ў памяці пра палякаў. Ахвяры нямецкай вайны на знішчэнне ў Савецкім Саюзе таксама з'яўляюцца прабелам ў нямецкай мемарыяльнай тапаграфіі. Шукаючы дарэчную форму памяці ахвяр, мы павінны ўзяць пад увагу ўзаемасувязь падзей у кантэксце вайны ў цэлым і, у прыватнасці, вайны на знішчэнне, якую Германія вяла ва Усходняй Еўропе.

- У кааліцыйным пагадненні нямецкага федэральнага ўрада выказана імкненне "ў дыялогу з усходнееўрапейскімі суседзямі" нагадаць пра "ўсіх ахвяраў нямецкай вайны на знішчэнне на ўсходзе". Чаму такі падыход, з нямецкай перспектывы, выклікае канфлікт з культурамі памяці ў Польшчы, Украіне і Расеі?

- Гэта звязана з тым, што адрозніваюцца мовы, на якіх малююць сябе і іншых злачынцы, ахвяры, а таксама іх нашчадкі. Нацыянал-сацыялісты называлі людзей, якіх яны знішчалі, тэрмінамі, якія адрозніваюцца ад тых, якімі апісваюць іх нашчадкі ахвяраў. Нацысты казалі спачатку пра габрэяў, затым пра палякаў як славян і ўрэшце пераважна пра бальшавікоў і "жыхароў Савецкага Саюза", толькі зрэдку ўспамінаючы расейцаў і ўкраінцаў як славян. Нашчадкі ахвяраў вайны на знішчэнне супраць Савецкага Саюза сёння кажуць пра сябе ў нацыянальных катэгорыях - як пра расейцаў, беларусаў ці ўкраінцаў.

Радыё Свабода.

Язычніцтва старажытных беларусаў

Цікавая кніга пабачыла свет у цудоўным выдавецтве " Харвест". Яна мае назву "Язычніцтва старажытных беларусаў". Кніга прысвечана вераванням старажытных беларусаў у багоў і легендарных герояў. Міфы, паданні, легенды нашых продкаў расказваюць пра іх светаўспрыманне, лад жыцця і духоўны свет, звычаі і абрады, прымхі і забабоны, багоў і легендарных герояў, татэмных жывёл і сакральныя расліны. Чытач даведаецца, якімі амулетамі і абярэгамі карысталіся нашы прадзеды, якія магічныя практыкі выконвалі падчас каляндарных абрадаў і ў штодзённым жыцці.

Сучасніку будзе цікава пазнаёміцца з разнастайнымі духамі жытла, гаспадарчых пабудоў і прыродных абшараў, з ведзьмакамі і чараўніцамі, вешчунамі і пярэваратнямі, ваўкалакамі і іншымі міфічнымі істотамі.

Прадмову да кнігі напісаў Анатоль Тарас, яе наклад 1500 асобнікаў. У кнізе выкарыстаны працы мастакоў М. Андрыёлі, У. Артавіцкага, В. Бачкова, М. Высоцкай, Б. Забірахіна, А. Зіменкі, А. Каждайліса, В. Кульваноўскага, Т. Мясніковай, А. Навіцкага, М. Праснякова, В. Славука, В. Сташчанюка, М. Сухарава.

Аўтаркамі навукова-папулярнага выдання з'яўляюцца цудоўныя жанчыны Дучыц Людміла і Клімковіч Ірына . Кніга разлічана на асоб старэйшых за 16 гадоў. Яе можна набыць у славутай краме "Акадэмкніга" за 12 рублёў. Кніга зацікавіць шырокае кола чытачоў.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст- фрылансер.

"Наша слова" - не толькі газета,

"Наша слова" - апорны пункт Беларушчыны

"Наша слова"

Каб ў хаце гучала родная мова,

І грэла нам душу і сэрца:

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова",

Каб словам бацькоўскім сагрэцца.

Чужых нам ніколі не трэба замоваў,

Чужых не жадаем праклёнаў.

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -

Жывіце прыгожа, натхнёна.

Хай ліўні смяюцца пад гром перуновы,

І ветры гуляюць на волі…

А мы не баімся, бо ёсць "Наша слова" -

І нас не спалохаць ніколі.

Ці сонечным ранкам, ці ў час вечаровы,

Мы з мовай задумы ўсе здзейснім.

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -

Лячыцеся казкай і песняй.

Гасцей сустракаем заўжды адмыслова,

На стол саматканы засцелем абрус…

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -

І жыць будзе тут Беларусь!

Сяргей ЧЫГРЫН, г. Слонім.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на чацвёрты квартал 2018 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 62. Цана не змянілася. У 2018 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Чаму? За што? Былі ж больш вінаватыя за цябе, увесь Аддзел першага складу ацалеў. Гейштар памыляецца, змяшаў справу Цітуса з Каліноўскім. Ты адзін быў без суда на смерць прыгавораны, не Каліноўскі. Праводзіш пры турэмнай браме калег, якія ідуць на смерць. Ты пры экзекуцыі Зыгмунта стаіш найбліжэй і праводзіш няшчаснага, але гэта былі рэчы малыя - рэчы пачуцця, але дзе ж твая віна, якая ўзбудзіла такую страшную нянавісць Мураўёва? Ці, можа, страх за сваё жыццё? Не ведаю і ведаць не буду, а ты ж нам ніколі пра сябе не гаварыў.

Змяшчаю копію ліста да Гэлі Ямант.

"З нагоды здрады доктара Дзічкоўскага быў падасланы шпег да Сыракомліхі. Калі ўвайшоў, уварвалася за мной паліцыя і зняволіла ўсіх, хто знаходзіўся ў памяшканні. Знайшлі пры мне і ў памяшканні паперы, якія моцна мяне кампраментавалі.

Першыя два дні зняволення былі яшчэ зносныя, на трэці дзень адабралі ад мяне ўсё. Застаўся толькі ў бялізне. Перавялі мяне ў цёмны, халодны лёх без падлогі, не далі пасцелі, мусіў спаць на вільготных цаглінах. На працягу трох дзён жыў на хлебе і вадзе.

У суботу, у той дзень, калі мяне сніла, выклікалі мяне ў камісію на так званыя вочныя стаўкі з Сыракомліхай. На яе просьбы і закляцці мусіў падпісаць яе прызнанне, якое канчаткова мяне тапіла. Засведчыў пры тым камісіі, што, калі мне не аблегчаць умовы, раструшчу сабе галаву аб рог мура. Твар мой мусіў быць страшны. Вочы блішчалі з голаду і холаду, твар у гразі, рукі ў пяску і брудзе. Чалец камісіі адскочыў уражаны.

Вярнуўся ў свой лёх з думкай пра самазабойства. Ужо меўся яго здзейсніць, калі прынеслі мне плашч і некалькі збітых дошак. Гэта была раскоша!

Цяпер я карыстаюся правамі, якія належаць усім вязням, бо знаходжуся пад ваенна-палявым судом. У панядзелак ваенна-палявы суд перашле свой вырак па мне Мураўёву. У аўторак або ў наступныя дні буду замардаваны.

У жыцці маім не спазнаў шчасця. Дзяліў з маёй сям'ёй яе вялікую нядолю і ўсялякія маральныя ўдары. Любіў маю Бацькаўшчыну, і для яе міла мне цяпер аддаць жыццё. Пакідаю маю сям'ю пад апеку майго народа, бо з нас братоў ніхто не застанецца жывым.

Праз тры дні свята Божага Нараджэння. Прашу цябе - разламі аплатку ў імя маё. Буду з вамі думкай, пачуццем або духам.

Маці і ты дабраславіце мяне на смерь, ад якой толькі цуд або твае малітвы збавіць мяне могуць. А таму маліся і прасі Бога пра ласку для мяне.

Пытаешся мяне, ці не патрэбна чаго? Таго, што маю, хопіць да маёй смерці. У небе пабачымся. Пакідаю вас назаўсёды.

Дамініканскія муры, 22 [снежня] 1863 года / 3 [студзеня] 1864 года.

Цітус.

Тарэсія.

Падтрымайце ўцехай маю сям'ю".


У канун Новага Года, 30 снежня 1863 / 12 166 студзеня 1864 года вывелі Цітуса на смерць перад расстрэлам з камеры, з якой у 1850 годзе вывелі найстарэйшага брата Францішка ў Сібір. Дзень быў ясны, але марозны. Цітус, выходзячы, абцёр твар хустачкай (якую меў у сябе) і зажадаў плашч і галёшы, гаворачы: "Калі б я дрыжаў ад холаду, вы сказалі б, як пра Зыгмунта Серакоўскага, якога цягнулі на смерць пасля цяжкай аперацыі, зробленай напярэдадні, што ногі дрыжаць пада мной са страху перад смерцю". Тыя, хто яго ў той час бачыў, гавораць, што ішоў з пагоднай усмешкай на вуснах і відавочна падрос у лёху, бо як бы ішоўшыя за ім бачылі яго галаву, якая ўзвышалася над натоўпам.

Памёр - расстраляны на 22 годзе жыцця.


Таварышы Цітусіка пасля вяртання з Сібіры апавядалі нам розныя прыгоды з яго жыцця ў часе вышукаў Мураўёва. Пэўнага дня, калі знаходзіўся ў панства К. 167 у адсутнасць іхняга сына, уварвалася паліцыя, якой данеслі пра тое. Цітус спакойна адчыніў дзверы, пытаючыся, чаго яны сабе хочуць?

- Ці тут жыве пан К.?

- Тут, гэта я.

- Гавораць, што ў пана знаходзіцца Цітус Далеўскі.

- Прашу абшукаць памяшканне і праверыць фальшывы данос.

Пасля праведзенай праверкі Цітус зачыніў дзверы за паліцыяй.

Іншым разам, калі позна вечарам пасля адпраўкі княгіні ў спальню і адпраўкі службы забавіўся размовай з князем М[іхалам] Агінскім, паліцыя пачала званіць і грукаць. Агінскі, які заўсёды вызначаўся фіглярным гумарам, увапхнуў Цітуса ў спальню, сарваў з яго вопратку і абутак, упакаваў у свой ложак, пакінуўшы свае рэчы пры ложку, а Цітусавы ў шафцы, накінуў на плечы вісеўшы ліўрэйны сурдут, босы ў бялізне шэптам пытаў:

- Якое ліха так позна грукае? Княства ўжо спіць.

- Адчыняй! - паліцыя.

- А не магло б панства пачакаць да заўтра, да дня - разбудзіце, панове, княства.

- Глупец! Адчыняй! - Вядзі нас да князя.

- Не смею - спіць.

Пайшлі самі, заглядаючы ў кожны куток, у шафы, пад сталы і ўварваліся ў спальню. Бачаць спячых, адхілілі коўдру - малады брунет. Прабачаюцца, выходзяць. Цітуса нідзе, ні следу. Данос фальшывы. Агінскі зачыніў за імі дзверы, смеючыся весела, свавольна са сплеценага паліцыі фіглю.

Шмат іншых аповесцяў кружыла па Вільні, але нам апавядалі толькі тыя, якія не выказвалі ўсёй мукі такога жыцця. Не хацелі нас засмучаць.


Аляксандр Далеўскі нарадзіўся ў 1827 годзе ў Кункулцы, у Віленскай губерні, у Лідскім павеце. Закончыў Віленскую гімназію без права паступлення ва ўніверсітэт. Сузаснавальнік з братам Францішкам Братняга звязу моладзі на Літве, які імкнуўся да распаўсюду ў краі ведаў, маральнасці, польскасці і дабрабыту, які будзе мірным шляхам весці да жаданай мэты праз з'яднанне ўсіх слаёў грамадства ў Краі. Лозунг: "Праца, праўда і справядлівасць". Пасля трох гадоў зняволення, з якіх два ў падзямеллі, асуджаны на 10 гадоў цяжкіх гадоў у рудніках. Маніфест дазволіў яму вярнуцца пасля сямі гадоў катаргі. Спяшаецца ў Край не столькі для заспакаення пачуцця тугі, наколькі, каб служыць яму на выбраным кірунку. Доўгая дарога яшчэ падоўжылася побытам Аляксандра сярод моладзі ў Казанскім, Харкаўскім, Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах, дзе яго ўсюды сардэчна віталі і праводзілі з надзеяй сумеснай з ім працы ў Краі. У Пецярбургу бачыцца з Зыгмунтам Серакоўскім, які нядаўна вярнуўся з арыштанцкіх рот, той абяцае Аляксандру падтрымку ў цяжкім становішчы Літвы пры займанні пасад сумленнымі людзьмі. Будзіць веру ў лепшыя часы праз магчымасць правядзення неабходных рэформ пры ўдзеле людзей добрай волі, якія атачаюць цара. Дае Аляксандру патрэбныя ўказанні ў развязванні сялянскай праблемы. Паплаўскі, які вёў работы на новабудаванай Пецярбургска-Віленскай каляі, ад гэтага часу меў быць і быў пасярэднікам паміж Вільняй і Пецярбургам.

Так. Аляксандр пасля вяртання ў Край не спачываў. Першым заданнем ў грамадскай вобласці было сабраць, з'яднаць разбэрсаныя вузлы Братняга звязу, пазаймаць у Краі найважнейшыя ўплывовыя пасады людзьмі, якія вызначаюцца цнотай і розумам. У той час па прадстаўленні Аляксандра пані Бучынская выязджае ў Варшаву для знаёмства з філантрапічнымі інстытуцыямі, ужо ўведзенымі ў каралеўстве. На Літве маглі быць толькі таемныя. Кс. Шылейка і кс. Гундзюс дзельна дапамагаюць гэтай высакароднай жанчыне. Заможныя сем'і ахвотна аказваюць дапамогу - менавіта: Ян Тышкевіч, Бенядыкт Тышкевіч, Козелы, Кліманская, Лапацінскія (Вацлаў). З жыхароў Вільні начыннейшымі былі сем'і: Фалевічаў, Прыбыльскіх, Сыракомлі, п[анства?] Шлягер і Тамулевіч, сям'я Пажэрскіх, Севярын Ромер і шмат іншых.

У Ковенскай губерні Дамінік Бацярскі атрымоўвае месца настаўніка ў духоўнай семінарыі ў часы біскупства кс. Валанчэўскага. Корзан - сакратара, зацверджанага ўрадам, пры губернатары Хамінскім.

Ігнацы Хмялеўскі 168 (пазнейшы ваяводскі цывільны [начальнік] Ковенскай губерні пераводзіцца з сынам Конрадам на вышэйшую пасаду ў Коўню. Конрад патрафіў прыцягнуць да сябе агульную сімпатыю, а потым займець і шырокія ўплывы.

Дзіўная рэч, што ў Гарадзенскай губерні першая праява руху адбылася пад уплывам вайскоўцаў, як: інжынер Маліноўскі, Кароль Ельскі, Шумкоўскі; з цывільных Казімір Мітарноўскі, два сібіракі Ануфры і Дыяніз Скаржынскія, Солтан, Юзаф Абламовіч, у Беластоцкім павеце - Старэнскі.

Назва руху спачатку абазначала толькі буджэнне ад спячкі да больш чыннага, карыснага жыцця. Моладзь, якая пазней стала на чале руху, паўсталага да 1861 года, працавала супольна з Аляксандрам. Чатыры гады сышлі пасля вяртання Аляксандра, чатыры гады высілкаў, якія рабіў Край для пад'ёму дабрабыту, маральнасці і пашырэння ведаў, у пазнанні і збліжэнні ўсіх пластоў Краю. Пры пасярэдніцтве Паплаўскага Зыг[мунт] С[еракоўскі] прыбіраў шмат стрымліваючых перашкод. Францішак вярнуўся пасля дзесяці гадоў катаргі.

[Аляксандр] працаваў у французскай кампаніі, якая пракладвала Пецярбургска-Віленскую чыгунку. Памяццю пра яго на Літве ёсць Сантоцкі мост, адзін з найбольшых на Літве.

Памёр за 9 месяцаў перад выбухам паўстання ў красавіку 1862 года.

На пахаванні не было прамоваў, бо не магло быць, толькі Севярын Ромер, калі апускалі цела ў магілу сказаў такія словы: "Быў ён сярод нас, як Ян, які па пушчы пракладваў дарогу Хрысту".

Аляксандр Далеўскі пахаваны на Росах у Вільні.

У выданні эміграцыі ў Раперсвілі 169 "Памятка для польскіх сямей" 170 ёсць мова пра Аляксандра Далеўскага. (Не чытала. таму не магу паўтарыць выказванняў).

Пра Міхала Беркмана

Даты нараджэння Міхала Беркмана дакладна не ведаю. З першага класа ў Віленскай гімназіі сябраваў з Францішкам Далеўскім, таму дапускаю дату, набліжаную да нараджэння таго, г.зн. 1825 або 1824 год. Пасля заканчэння матэматычнага факультэта ў Харкаве быў настаўнікам у Віленскай гімназіі да 1858 г. Быў жанаты з Юліяй Далеўскай.

Вільня ад вяртання выгнанцаў у канцы 1856 года мела шмат людзей здольных, якія разумелі абавязак працы і прысвячэнне асабістых мэтаў для дабра Краю. Правінцыі спалі за выключэннем, якія належалі да Братняга звязу з 1848 года, гэтыя больш актыўныя адзінкі групаваліся па гарадах.

Інжынер Паплаўскі, які кіраваў работамі на новабудаванай Пецярбургска-Віленскай чыгуначнай каляі пасля паразумення Зыгмунта з Аляксандрам (які вяртаўся з Сібіры) быў абраны пасярэднікам паміж Вільняй і Пецярбургам у пытаннях найважнейшых спраў Літвы. (Памяць у Варшаве па Зыгмунце С[еракоўскім] з тых часоў ёсць кансерваторыя, закладзеная Ап[алінарыем] Кутскім (Контскім, перакл.). Прыйшла яму шчаслівая думка праз заснаванне музычнай школы ў Варшаве згрупаваць расцярушаныя па свеце артыстычныя сілы, даць ім сродкі для задавальнення ўласных патрэб і карыснай працы для Краю. Пасля паразумення з Манюшкам, Янотам Станжынскім, Слівінскім і іншымі, падаўся ў Пецярбург, разлічваючы на вядомасць свайго прозвішча і стасункі, там завязаныя, старацца пра дазвол у міністэрстве.

Усюды чуў: "Отказать" 171. Страціўшы надзею пасля месячных безвыніковых захадаў у пярэдадзень пакідання Пецярбурга сустрэўся ў цукерні з Паплаўскім. Той, чуючы скаргі Кутскага на кепскі вынік старанняў, запытаў:

- Ці быў пан у Серакоўскага?

(Паўтараю даслоўна словы Кутскага.)

- А хто такі той Серакоўскі?

- Афіцэр Генеральнага штаба пры ваенным міністры.

- О, дзеля Бога, што ж з маёй школай можа мець агульага ваенны міністр і афіцэр Генеральнага штаба?!

- А, аднак, паслухай, пан, мае рады, ідзі да яго, чаго ніхто не можа, ён адзін патрафіць тое зрабіць. Даў мне адрас. Я застаў Серакоўскага, які збіраўся на выхад. Выслухаў у маўчанні, запытаўся толькі, як доўга яшчэ я затрымаюся ў Пецярбургу? Чуючы, што хачу яшчэ сёння ад'ехаць, сказаў мне прыйсці а чацвёртай. У вызначаную гадзіну без веры і надзеі званю ў кватэру Серакоўскага, пасля таго, як адчынілі чую хуткія крокі за сабой. Пасля прывітання падае мне паперу. О, дзіва! Быў гэта дазвол па ўсёй форме на адкрыццё Кансерваторыі з абавязальніцтвам урада даплачваць 8000 руб. штогод.

Праз удзячную памяць аб Серакоўскім высакародныя настаўнікі, вышэй названыя, сумленнай працай дапамагалі (у час, калі я кіравала таемнай школай з польскай мовай) дзяўчынкам маім, якія ішлі ў настаўніцы, атрымаць патэнты настаўніц музыкі, што ім давала магчымасць працы ў польскіх дамах без гімназічных патэнтаў. (А трэба было працаваць для сябе і сваіх сродзічаў, вярнуўшыхся выгнанцаў з Літвы).

І вось пры пасярэдніцтве таго ж Паплаўскага Міхал Беркман быў пераведзены ў Кяйданы, дзе застаў свайго калегу, высакароднага, шанаванага ўсімі ў ваколіцы даследчыка прыроды, інспектара Міхала Турскага, які пазней ажаніўся з Зузаннай Далеўскай. Неўзабаве прыбылі др. Шылінг і др. Юзаф Касцялкоўскі. Хутка прыйшлі да поўнага паразумення ў коле тых высакародных людзей пры падзеле кірункаў працы, павернутай на дабро Краю. (Спачатку без думкі пра паўстанне.)


Уплывалі на моладзь не толькі агалошваючы добрыя прынцыпы, але вучачы ўласным прыкладным жыццём, сумленнай працай, чэснасцю і справядлівасцю прымяняць тыя прынцыпы ў жыццё.

Беркман, праз сыноў уваходзячы ў стасункі з бацькамі, уплываў на адных і на другіх; Шылінг, як доктар, уздзейнічаў у бліжнім радыусе на жыхароў мястэчка і вёсак; Касцялкоўскі - у дальшым радыусе, як больш знаёмы з ваколіцай; уладальнік Кяйдан Мар'ян Чапскі не шкадаваў ані сябе, ані сродкаў, калі патрэбна была дапамога. Юлія Беркман сябравала з ваколічнымі землеўладальнікамі, дапамагала ўсім, даглядала хворых, вучыла вясковую дзятву ладу і навукам.

(Працяг у наст. нумары.)

166 Павінна быць 11 (розніца паміж календаром юліянскім і грыгарыянскім была 12 дзён).

167 Няма інфармацыі.

168 Не Ігнацы, а Аляксандр Хмялеўскі.

169 У Раперсвілі ў Швейцарыі паўсталі ў 1870 г. польскія музей і бібліятэка, якія збіралі ўспаміны, што датычылі польскай эміграцыі. асяродак праводзіў таксама выдавецкую дзейнасць.

170 А. Nowolecki. Pamiatka dla rodzin polskich: krotkie wiadomosci biograficzne o straconych na rusztowaniach, rozstrzelanych, poleglych na polu boju oraz zmarlych w wiezieniach na tulactwie i na wygnaniu sybieryjskim: 1861 - 1866, ч. 1, Кракаў, 1868.

171 Адмовіць.

Іванава - Слоніму

або Падарожжа ў сталіцу беларускага пісьменства

ХХV Дзень беларускага пісьменства сабраў прыхільнікаў і майстроў прыгожага беларускага слова на Берасцейшчыне ў горадзе Іванаве. Паклікаў у дарогу і нас, лідзян, - мяне (аўтара гэтых радкоў) з жонкай Лілеяй, настаўніцу рускай мовы і літаратуры СШ №11 Наталлю Анашкевіч з мужам Ігарам - нашым кіроўцам.

Як ужо стала традыцыяй, для правядзення такога Свята выбіраюцца гарады з багатай гістарычнай спадчынай, якія маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і дзейнасці славутых дзеячоў Беларусі, а таксама тыя гарады, у якіх зараджалася асвета, культура і кнігадрукаванне. Ужо чацвёрты раз Берасцейшчына прыняла эстафету яго святкавання. Гэты год для Іванава стаў своеасаблівым тым, што яму сёлета споўнілася 595 год, а г.зн. на 100 год ён маладзейшы за наш горад Ліду.

Забягаючы наперад, скажу, што ўсе мерапрыемствы, па зацверджанай праграме прайшлі на высокім узроўні. У гэтым пастараліся самыя гараджане, будаўнікі, якія змянілі воблік горада ў яго ўпарадкаванні. Пляцоўкі, на якіх раскінуліся горад майстроў, атракцыёны, конкурсы і забавы прыцягвалі сваю зацікаўленую аўдыторыю.

Ну і якое свята беларускага пісьменства без літаратуры, а тым больш без яе стваральнікаў!? У гэтай справе пэўных адхіленняў таксама не праглядалася. У гэтым можна было ўпэніцца ва ўрачыстым шэсці з харунгвамі гарадоў, маючых дачыненне да папярэдніх святаў (пісьменнікаў, дзеячоў культуры, прадстаўнікоў дзяржаўных структур і ўлады). Адкрыццё памятнага знака "Янава слова" ў выглядзе сонечнага гадзінніка, на якім замацавана ў мармуровай чарнільніцы пяро, абапал якога выгравіраваны даты і назвы гарадоў, дзе праходзілі такія ж фестывалі, прыўзнялі настрой у жыхароў і гасцей Іванава. Апоўдні на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы гарадскога парка адбылося афіцыйнае адкрыццё свята. Выступленне прадстаўнікоў улады, духавенства, зачытванне віншавальнага ліста ад Прэзідэнта краіны, мастацка-тэатралізаваная дзея "Малой радзіме пакланюся!"… і вось - самы напружаны момант - уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. На сцэну адзін за другім падымаюцца пісьменнікі - лаўрэаты, якія напісалі значныя творы ў 2018 годзе. Так, у намінацыі "Лепшы твор (лепшы зборнік) паэзіі" пераможцам стаў Казімір Камейша, у намінацыі "Лепшы твор прозы" - Васіль Шырко, за "Лепшы твор драматургіі" адзначаны Гергій Марчук, у намінацыі "Лепшы твор публіцыстыкі" - Зінаіда Дудзюк, за "Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства" - Іван Штэйнер, у намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" перамагла Вольга Нікольская, а "Лепшы дэбют" быў у Юліі Алейчанкі. Трэба зазначыць, што на гэтай жа сцэне праз пэўны час адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Слоніму Гарадзенскай вобласці, гораду, які непадалёк суседнічае з Лідай. І як памятаем, у 2015 годзе такое ж свята прайшло таксама ў суседнім Шчучыне.

Прывабнымі пляцоўкамі для аматараў мастацкага слова стала месца фестывалю кнігі і прэсы, дзе раскінуліся павільёны "Кніга і прэса Рэспублікі Беларусь", "Слова пісьменніка", "Добрая кніга - дзецям", "Друкарскі двор ХVІ стагоддзя", выстаўкі выданняў абласных і раённых СМІ Берасцейшчыны, галаграм старадрукаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама значнай выставы "Беларускі буквар: сувязь пакаленняў", прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай "Буквар" і інш. Не абышлі ўвагай сімвалічную справу - гашэнне маркі і паштовага канверта. Адным словам, кожны ахвочы тут, у Іванаве, мог знайсці сабе штось сваё, куды цягнулася душа: ці то паслухаць чытанні вершаў з вуснаў саміх паэтаў - творчай інтэлігенцыі Беларусі і атрымаць ад іх аўтографы, ці то пабываць на новых спартыўных пляцоўках і прыняць там удзел у спаборніцтве.

Трэба зазначыць, што ўжо па традыцыі складовай часткай свята з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй". Як стала вядома з вуснаў саміх удзельнікаў экспедыцыі, у кожным горадзе ці вёсцы, праз якія быў пракладзены маршрут, было пасажана па 25 дрэўцаў. Гэта ж цэлыя сады - Сады Малітваў!

Так, у гэтыя дні, здаецца, усе дарогі вялі ў горад Іванава не толькі беларусаў, але і замежнікаў. Гэты палескі раён багаты на мінуўшчыну, славутымі асобамі, якія сваёй дзейнасцю праславілі яго за межамі нашай краіны. А гэта знакаміты мастак, кампазітар, музыка Напалеон Орда. Лідзяне ведаюць, што ён - і аўтар мастацкай выявы Лідскага замка. Месцам для фотазоны турыстаў тут стаў помнік яму. Непадалёку ад Іванава, у знакамітым Моталі (славіцца каўбасамі) калісьці на свет з'явіўся будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, а яшчэ раней будучая каралева Рэчы Паспалітай Бона Сфорца дала гэтаму мястэчку Магдэбургскае права…

Мне, як кіраўніку літаб'яднання "Суквецце", пашчасціла мець магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі культуры, з творчай інтэлігенцыяй Беларусі, з тымі пісьменнікамі, якія ствараюць сёння беларускую літаратуру, з кіруючымі органамі нашай краіны для пракладвання літаратурных сувязей, у чым атрымліваў толькі станоўчыя адказы.

Напэўна, кожны іванавец ганарыцца вёскай Дастоева, адкуль пачаўся род вялікага класіка рускай літаратуры Ф.М. Дастаеўскага. Менавіта на падворку вясковай школы насупраць Траецкай царквы ўстаноўлены помнік пісьменніку, а школа ганарова носіць яго імя і змяшчае ў сваіх сценах музей класіка. Абмінуць гэты населены пункт не маглі і мы. Пашчасціла нам з вуснаў экскурсавода дазнацца пра тое гістарычнае мінулае з роду Дастаеўскіх, пабачыць цікавыя экспазіцыі.

Свята - гэта святло, гэта радасць. Менавіта яно замацавалася ў нас у Жыровічах, якія наведалі на зваротным шляху. Гаючая вада, як бы той Жыватворны Агонь ад Труны Гасподняй, замацавала ў нас незабыўны маршрут з надзеяй, што наступны 2019 год нас зноў збярэ, на гэты раз на Гарадзеншчыне - у горадзе Слоніме.

Алесь Хітрун, кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце", навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея. Фота прыхільніцы прыгожага пісьменства Наталлі Анашкевіч.

У Ракаве зайграў міжнародны фестываль

Чарговы раз "Ракаўскі фэст" сабраў розных прадстаўнікоў культур. 2 верасня ў невялікае мястэчка ўжо ў трэці раз з'ехаліся шматлікія музыкальныя і харэаграфічныя калектывы і выканаўцы з Беларусі, Польшчы і Літвы.

Урачыстае адкрыццё міжнароднага фестывалю культур адбылося пры ўдзеле паслоў адзначаных краін і вядомых кіраўнікоў і дзеячаў культуры Беларусі.

Праграма фестывалю была насычанай і разнастайнай. Кожны мог знайсці сабе занятак па інтарэсах і бавіць час з задавальненнем.

Як і ў былыя часы, на Ракаўскай плошчы разгарнуўся кірмаш - народныя ўмельцы і майстры прэзентавалі вырабы на розны густ.

На працягу дня была ўнікальная магчымасць пабываць на экскурсіі па старажытным мястэчку і пазнаёміцца з яго гістарычным мінулым, а па дарозе завітаць у касцёл Маці Божай Ружанцовай, Спаса-Праабражэнскую царкву і атрымаць асалоду ад духоўных спеваў хора "Усіхсвятскі" і "Cantus Cordis".

Тэатралізаваны квэст паводле кнігі Сяргея Пясецкага "Каханак Вялікай Мядзведзіцы" дапамог акунуцца ў атмасферу мястэчка Ракаў 1930-х гадоў і прайсці сцежкамі кантрабандыстаў. А пераможцы квэсту атрымалі незвычайны падарунак - некалькі песень ад Піта Паўлава.

Упершыню на фестывалі былі арганізаваны нацыянальныя падворкі з прэзентацыяй традыцыйнай беларускай, польскай, яўрэйскай, літоўскай кухні.

І шмат-шмат іншага чакала жыхароў і гасцей Ракава: можна было паспяваць разам вядомыя песні краін-удзельніц фестывалю, паўдзельнічаць у майстар-класе па традыцыйных танцах, атрымаць свой партрэт ад мастака…

Усе гледачы і ўдзельнікі "Ракаўскага фэсту" атрымалі вялікае задавальненне ад выступлення музыкальных і харэаграфічных калектываў.

Фестываль праходзіць пры падтрымцы пасольства Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь. На святочнай сцэне можна было ўбачыць цэлае суквецце яўрэйскіх выканаўцаў. Яўрэйскі танцавальны калектыў "Гіль Захав" задаў пазітыўны настрой усёй публіцы, здзівіў сваёй эмацыянальнасцю і каларытам. Сваім дасканалым выступленнем і харызмай уразіў сямейны ансамбль "Мішпаха".

Госці фестывалю былі ў захапленні ад выступлення калектываў з Польшчы і Літвы ("Majowy Kwiat", "Va Bank"), якія прадставілі яркія і запамінальныя танцы, меладычныя песні.

Многім даспадобы прыйшлося выступленне гурта "Nevrida". Творчасць фэнтэзі-фолк гурта - гэта эксперымент на тэму: "Што б было, калі б сярэдневяковыя менестрэлі вырашылі паспрабаваць сябе ў якім-небудзь з сучасных музычных стыляў."

Ракаўскія музыкальныя калектывы таксама падрыхтавалі арыгінальную праграму для жыхароў і гасцей фестывалю.

Жыццёвы запал, энергічнасць, маладосць - вось што можна сказаць пра ракаўскі інструментальны ансамбль "Ars Longa". Рэпертуар калектыва разнастайны і шырокі - вядомыя творы беларускіх і замежных кампазітараў, іх крэатыўная апрацоўка і арыгінальная манера выканання.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт "Гасцінец" пазнаёміў гасцей фестывалю з беларускай фальклорнай спадчынай. Аўтэнтычныя беларускія спевы, традыцыйныя танцы ў выкананні калектыва запалі ў душу, разбудзілі найлепшыя эмоцыі.

Хэдлайнерамі фестывалю сталі "Стары Ольса" (Беларусь) і "Kapela ze Wsi Warszawa" (Польшча).

З нецярпеннем усе чакалі наш беларускі знакаміты гурт "Стары Ольса" і яго непаўторнае выступленне, якое акунае ў атмасферу Сярэднявечча. Беларускія народныя балады, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесансу, еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесансу ў выкананні гурта ўсхвалявалі сэрцы гледачоў.

"Kapela ze Wsi Warszawa" - гэта легенда польскай фолк-сцэны, якая мае сусветную вядомасць і найпрэстыжныя ўзнагароды. Гэта старажытная музыка рэгіёну Мазоўша, якая спалучае і элементы трансу з абрадаў вуду, і жорсткасць панк-року, і варыятыўнасць джазу, і душу блюзу.


Сціхлі музыка і спевы, развіталіся госці і ўдзельнікі фестывалю, і пасля яркага феерверка "Ракаўскі фэст" стаў паступова затухаць, каб у наступны раз загарэцца новымі фарбамі.

Лізавета Таўгень, удзельніца фестывалю.

Бульбяны фэст у Германавічах

У прыгожым кутку над Дзясной

Бульбяны фэст мы ладзім, збіраем.

Беларускай вялікай сям'ёй

Мы адметнасць сваю вызначаем.


Завіталі з Дзісны. Ад Дзвіны

Прывітанне ўсім шлюць віцебляне.

Госці з Менска да нас, і яны

Каштаваць у чаргу сталі дранік.


Стромы - вежы ўзвышаюць касцёл ,

І званы, бы людзей бласлаўляюць.

Дуб магутны ўглядаецца ў дол ,

Ён часы даўніны ўспамінае.


Не жылі нашы продкі з нудой,

Адганялі ад хат песняй, танцам.

"Рэхта" з Лепеля скрыпкай, дудой

Майстар - клас пачалі "Падыспанцам".


Не ўсядзіць ні стары, ні малы.

Грай, васілька, з "дудой на рамені"!

Хто мы ёсць, і адкуль мы пайшлі? -

Час прыйшоў усведамляць пакаленням.


"Весялутка, ух, я !" Ты зайграй!

У думках, справах сябрам тут яднацца.

Не забыліся, чуеш, мой край?

Як пясняр заклікаў людзьмі зывацца.

Людміла Ардынская.


16 верасня ў Мажэйкаве Лідскага раёна пройдзе 2-гі адкрыты фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі". Пачатак у 13.00. Праграма вельмі насычаная. Запрашаем.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX