Вярнуцца: 2018

№ 38 (1397)


Дадана: 19-09-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1397), 19 верасня 2018 г.


Спрэчнае і бясспрэчнае 17 верасня

17 верасня 1939 года згодна з савецка-нямецкім пактам Молатава-Рыбентропа Чырвоная армія пераступіла межы Рэчы Паспалітай. Напад Савецкага Саюза ў Польшчы ацэньваецца адназначна негатыўна, як нож у плечы, для дзяржавы, якая на той час ваявала з гітлераўскай Германіяй. Аднак беларуская гістарыяграфія не так адназначна ацэньвае гэтую падзею. На пытанні Юркі Ляшчынскага адказаў прафесар Валянцін Мазец з Інстытута гісторыі нацыянальнай Акадэміі Навук у Менску.

- Што абазначае 17-га верасня для беларусаў, што - для палякаў? Для беларусаў не толькі як нацыі, але і як для дзяржавы?

Валянцін Мазец:

- Для беларусаў як дзяржавы найперш 17 верасня непарушна звязана з падзеямі 1921 года - заключэннем Рыжскага міру. Менавіта тады без удзелу беларусаў, без удзелу якой-кольвек дэлегацыі ад дзвюх інстытуцый - і Рады БНР і Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь - без іх удзелу, быў заключаны Рыжскі мір. І там інтарэсы Беларусі як дзяржавы не былі ўлічаны. Проста частка тэрыторыі фармальна заставалася незалежнай і ўваходзіла ў склад СССР. Але ў БССР гэта фікцыя была, а не незалежнасць. Рэальнай самастойнасці БССР не мела, каб яна была, то тады б змаглі адбараніць тэрытарыяльную цэласнасць. Што самае паказальнае - калі ў 1919 годзе была маніфестам абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, то тэрытарыяльна яе азначаныя межы супадалі з межамі, якія вызначаліся ў 1918 годзе, калі абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка. І Урад БНР Ластоўскага і Урад Чарвякова безумоўна хацелі адстаяць тэрытарыяльную цэласнасць этнічнай Беларусі, дзяржаўнага ўтварэння, але іх праігнаравалі. Кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах Чычэрын заявіў, што беларусаў дапускаць за перамоўны стол ні ў якім разе нельга, таму што яны сапсуюць усю падрыхтаваную палітычную камбінацыю. Беларусаў як суб'ект міжнароднай палітыкі ніхто пад увагу не браў. Таму для беларускай дзяржавы 17-га верасня было актам гістарычнай справядлівасці. А вось для звычайных людзей, якія жылі на гэтай тэрыторыі… І палякі, і непалякі, якія жылі на гэтай тэрыторыі, пасля гэтага ў значнай частцы сваёй у Заходняй Беларусі зазналі рэпрэсіі, высылкі ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза, у Сібір і іншыя месцы.

- Польшча і палякі ацэньваюць адназначна адмоўна 17-га верасня, як падзел Польшчы паміж фашыстоўскай Германіяй і Савецкім Саюзам. Для беларусаў гэта не ёсць такім адназначным, для беларусаў гэта было ўсё ж уз'яднанне ў адну дзяржаву.

- Гэта было сапраўды ўз'яднанне ў межах адной тэрыторыі. Я сам родам з Заходняй Беларусі, з-пад Ваўкавыска. А вось мае сябры, якія жылі з іншага боку мяжы, з-пад Койданава, прыкладам, яны расказвалі, што пасля 1921 года частка іх сям'і апынулася ў Польшчы, а частка па іншы бок мяжы - у Савецкай Беларусі. І каб схадзіць да сваякоў даводзілася даволі часта прасіць дазволу, гэта была проста недарэчнасць нейкая. У некаторых месцах атрымалася, што мяжа нават падзяліла вёскі на часткі лініяй мяжы.

- Ці межы сённяшняй Беларусі былі б такімі як цяпер, каб не было гэтага акту уз'яднання ў 1939 годзе?

- Нельга абмяжоўвацца толькі той падзеяй. Рэч у тым, што не трэба забывацца, што 17 верасня адбывалася ва ўмовах Другой сусветнай вайны. І толькі ад 17 верасня 1939 года мала што залежала, бо літаральна праз паўтары гады адбыўся напад фашыстоўскай Германіі на Савецкі Саюз. І тут адна несправядлівасць пацягнула за сабой іншую несправядлівасць. Як гэта бывае ў вялікай геапалітычнай гульні, адно чапляе другое і прыводзіць да канфлікту. Яшчэ адна несправядлівасць - культурны і палітычны цэнтр Заходняй Беларусі Вільня кіраўніцтвам СССР была перададзена Літве. Хоць сам Сталін прызнаваў, што ў Вільні і Віленскім краі на момант перадачы тагачасныя літоўцы-летувісы складалі меншасць. Але інтарэсы народаў не браліся ў разлік.

- Многія гісторыкі лічаць, што каб не было гэтага ўз'яднання беларускіх зямель, то сёння пра Беларусь застаўся б толькі ўспамін.

- Гісторыя не можа мець умоўнага ладу. Яна развіваецца па сваіх законах. У нас была цікавая дыскусія ў Інстытуце Польскім, і адзін з прадстаўнікоў польскіх навуковых колаў казаў: калі б усе беларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы, то не было б рэпрэсій 1937-1938 гадоў. На што мае калегі сказалі, што тады б не было і Беларусі. Таму што да моманту 1939 года ў выніку палітыкі асіміляцыі бальшыня беларускіх не толькі палітычных, але і культурна-асветных установаў, у тым ліку і ў школах, ужо перастала існаваць. Адбывалася палітыка цэнтралізацыі і ўніфікацыі ва ўсіх сферах жыцця. Ніякіх гарантый правоў нацыянальных меншасцяў пасля 1921 года не было. Так што з гледзішча дзяржаўных інтарэсаў Беларусі акт 17-га верасня быў справядлівым.

Беларускае Радыё Рацыя.

100 гадоў з дня нараджэння Фёдара Янкоўскага

Фёдар Міхайлавіч ЯНКОЎСКІ нарадзіўся 21 верасня 1918 года ў в. Клетнае Глускага раёна. Доктар філалагічных навук (1970), прафесар (1970), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1972), сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Закончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум (1936), Менскі настаўніцкі інстытут (1939), Гарадзенскі педагагічны інстытут (1948). Пасля заканчэння педтэхнікума працаваў настаўнікам Буцавіцкай школы Менскага раёна. Удзельнік савецка-фінскай вайны 1939-1940 гг. У Вялікую Айчынную вайну - разведчык, начальнік разведкі партызанскага атрада "Грозны" на Меншчыне. Быў цяжка паранены. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў адказным сакратаром рэдакцыі глускай раённай газеты "Сацыялістычная вёска", настаўнікам у Глускай сярэдняй школе, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Радашковіцкай сярэдняй школе, вучыўся ў аспірантуры. З 1953 г. працаваў выкладчыкам, у 1956-1982 гг. - загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер імя М. Танка).

Друкаваўся з 1954 г. У кандыдацкай дысертацыі "Глускія гаворкі" (1954) дэталёва апісаў фанетычную і марфалагічную сістэму глускіх гаворак, растлумачыў узнікненне асобных дэалектычных рыс. Аўтар каля 300 навуковых прац у т.л. "Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы", "Дыялектычны слоўнік", "Крылатыя словы і афарызмы", "Пытанні культуры мовы", "Беларускае літаратурнае вымаўленне", "Гістарычная граматыка беларускай мовы" і інш. Выдаў кнігі навел, апавяданняў, літаратурных мініацюр "Абразкі", "Прыпыніся на часіну", "І за гарою пакланіся", "Радасць і боль", "Само слова гаворыць". Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1 ступені, Чырвонай Зоркі, "Знак пашаны", медалямі.

Памёр у 1989 г.

Вікіпедыя.

Сустрэча Алены Анісім з актывістамі Баранавіцкай арганізацыі ТБМ

Алена Анісім сустрэлася з актывістамі Баранавіцкай арганізацыі ТБМ Алесем Мачульскім, Таццянай Кісель і старшынём Міколам Падгайскім

Падчас размовы спадар Мікола распавёў пра супрацу з іншымі грамадскімі арганізацыямі, агульныя мерапрыемствы на сядзібе ТБМ у Русіна. Ён перадаў ад аўтараў некалькі цікавых кніг у дар ТБМ. У сваю чаргу старшыня ТБМ папрасіла далучыцца да канкрэтнай справы па выданні буклетаў гісторыка-краязнаўчай тэматыкі, прымеркаваных да Еўрапейскіх гульняў, якія павінны адбыцца ў 2019 г. На Баранавічы былі перададзены таксама флаеры пра конкурс для маладых выканаўцаў "Заспявай", у якім наша арганізацыя выступае інфармацыйным партнёрам, а таксама часопіс "Верасень" № 18.

Наш кар.

"Мова нанова" нарэшце і ў Лідзе

26 верасня а 18:00 у г. Лідзе, вул. Міцкевіча - 31 (Ga11ery) распачнуць свае ўрокі бесплатныя курсы беларускай мовы "Мова нанова. Ліда".

Госці першага ўрока Глеб Лабадзенка, выкладчык курсаў "Мова нанова. Менск" і Ева Гілевіч адміністратар курсаў.

Запрашаюцца ўсе.

Выгнанніца

Эсэ разважлівага беларуса

Пад радасныя апладысменты ўладнікаў мы страцілі галовы і адбіваемся ад беларускай мовы, быццам ад нечага страшнага і зусім не патрэбнага. У штодзённай бегатні затаўклі сябе праблемамі і не думаем пра ейнае становішча і дазваляем квэцаць у гразь, выкідаем тую са сваёй галавы і свядомасці. І яна, зацюпаная мова, зразумела, не зможа вытрымаць падобнага хаяння і стрываць, у галашэнні стане хворай і кволай, з часам абяссілена змарнее і растопчацца, нібы выплюнуты стары акурак пад нагамі.

Канаючы цяжка, тая яшчэ часам паспадзяецца на цвярозы розум і добрую нашу душу, таму, чапляючыся за жыццё, будзе кволенька прабівацца да нас і баязліва стукацца ў заледзянелыя халодныя шыбы:

- Вы мяне прыдушылі і размалацілі рукамі і нагамі, быццам непатрэбную!

- Ты нам, мілая сяброўка, не нужна, - злосна кідаюць ёй праз дзверы, нават не дазволіўшы пераступіць парог.

- Чаму ж гэта?

- Січас все гавараць на рускам…Пачытай прэсу ці пасядзі вечарок каля целіка.

- Але да чаго вы дойдзеце?

- Не тваё сабачча дзела! Неяк жа жывём без цябе!

- Я выбілася з сіл і гібею!.. - курчыцца ў болях родная мова. - Ну дапамажыце, Богам малю, будзьце людзьмі!

- Січас всем холадна і мы карчавеем! Фсё дзіка даражэет, газ эканомім, нафту беражом. Грыміт інфляцыя, прэміі зарэзалі, дзенег не дают! - у адказ чуе рэзкі, сіпаты ад холаду і пастаяннага недаядання голас. - Паэтаму січас не да мовы, у галаве адныя мыслі - як бы выжыць!

- Адчыніце для мяне сэрца, малю Богам!

- Пшла вон! Не займай час, БТ пачало навіны.

Акінуць яе позіркам, схуднелую і зусім дабітую, прыгарбелую і знясіленую:

- Целагрэйку выкінуць?

- Ватоўка мне не трэба, яна з Усходу, і яе ненавіджу… Дайце хоць стары кажух, нават рваны ці пагрызены пацукамі! - ад холаду яна трасецца і хукае ў паветра, выціраючы колкую намаразь з барады, моліць у надзеі абудзіць у істот нешта людское.

- Мы самі ходзім у хфуфайках, - бурчаць масы, - трываем, і всім да лампачкі, нікто пра нас не думаець! А ешчо ламай голаву над тваімі праблемамі.

І яна, няшчасная, пасунулася далей. У грудзях сіплым дыханнем булькацела харката, якая не праходзіла другі месяц, драпала наждаком горла, халодны пот ад бяссіля плоці змакрыў патыліцу і рагозамі казытаў спіну. "Няўжо зноў рванула ўверх жара? - трывожна падумала яна. - Тады яўна злягу. Трэба падшукаць нейкую цёплую паветку альбо копку сена пры дарозе, але пад дрэвамі, каб не так працінаў вецер, ды там прылегчы, бо да народу не дастукаешся."

Ісці было цяжка. Пасля ўчарашняй густой завірухі з парывістым ветрам вялікія гурбы выраўняліся з платамі, дарогу занесла, і яна зусім не бачна. Тут, падобна, яшчэ ні разу ніхто не прайшоў, толькі каля нечыйга старога саду выяўна выдзяляліся вялізныя сляды прыблуднага сабакі, які нізам жывата працягнуў за сабой вузенькую сцяжынку. "Яшчэ не хапала, каб і яны накінуліся на мяне і пакусалі!" Няшчасная спынілася каля новага двухпавярховага асабняка з белай цэглы, але не дабудаванага, без вокнаў і дзвярэй, прысела на яшчэ не ўмураваныя настылыя сходцы, роўна выкладзеныя з гладкага марскога каменю. "Зіма са снегам, а тут няма вокнаў, значыць, гаспадар без грошай. Але ж уладнікі ўсё дэталёва прадумалі: людзям няма калі займацца сваёй мовай і любіць мяне, не да таго, ім трэба штодзень забіваць галаву няпростымі бытапраблемамі і думаць пра тое, каб недзе знайсці капейку на харч альбо нейкую збудаванку. Вось у такіх штодзённых патрэбах і пралятаюць адпушчаныя дзянькі, а жыць няма калі".

Знойдзеныя два гады назад пад копкай сена старыя заношаныя валёнкі былі рваныя і без галёшаў, мокрыя знізу, і снег ліпнуў да іх як смаркачы да шарсцістага шаліка. Да таго ж на правым тэпці падэшва спераду адстала і пры кожным кроку ён зяпай расшчэрана чэрпаў снег, быццам тым карцом. Мароз моцна кусаўся за пальцы ног. Прыпынілася каля заросшай трысцём сажалкі з высокім берагам, напэўна, яе нядаўна выкапалі, нягнуткімі пальцамі нарвала сухой леташняй асакі, затым, разуўшыся і босымі нагамі топчучыся па снезе, праз вузенькія халявы запіхнула сухую траву на вусцілку валёнак, разраўняла яе рукой і прыкамячыла, каб было мякчэй знізу і не так стылі ногі. Ніколі не дазваляла сабе неахайнасці што ў думках, тое і ў адзенні, а тут заўважыла, што яе апанавала сухое насенне ваўчкоў: тоненькія ігліцы з двума ўчэпістымі вусікамі густа абляпілі крысы паліто, асабліва наляпіўшыся на грудзі. Да таго ж адзенне нейкае пакамечанае і моцна пакорчанае знізу, таму яна выглядае збоку ну дальбог старой бамжыхай. Памацала світку - у поцемках недзе вырваўся і згубіўся другі ніжні гузік.

"Ат, - нервова патупацела на адным месцы каб неяк сагрэць ногі, як тая бягуння на стадыёне перад самым стартам, - хто зараз пільна за мной цікуе? Каму я трэба? Уладнікі дзіка асцерагаюцца, ледзь не хрысцяцца, каб не чуць, начальнікі, пачуўшы мяне, прыходзяць у дрыжыкі і ўсё думаюць, як адкараскацца і загнаць у цёмны куток. Засталіся самаахвярныя адраджэнцы з культурнай інтэлегенцыяй і простыя масы… Галоўнае, каб народ не страціў сябе і не знік. Выжыву я - застанецца ён, прападу - загіне гэты люд!"

І зноў прыспешыла і выбілася на дарогу.

- Што здарылася з вамі, людзі, дзе ваш розум? - яна бяссільна апусціцца на гнілую лаўку з трыма паламанымі парэнчынамі каля ганачка і падкурчыць пад сябе пасінелыя ад сцюжы ногі, дастане з кішэні старой сярмягі дзве таблеткі аспірыну і глытне пілюлі, зачарпне сухой далонню снег і зажуе, каб у роце не стаяла гаркота.

- Нет указу сверху цібя пускаць! - прызнаюцца смялейшыя, - а ў нас дысцыпліна і парадак.

- Баімся! - гавораць цішэйшым голасам і трошкі больш мякка, прыхаваўшы першапачатковую агрэсіўнасць. - Застукают у кварціры, скажаць, что пусціл на начлег за дзеньгу, значыт, сдаеш в арэнду жыллё, а дазволу на падобную акцыю не атрымаў, паперы не аформіў, падаткі не ўплаціл. Улады, прасці за грубае слова, хрэн праведзёш, ані, сабакі, научылісь красць мільярды даляраў і сталі слішкам хітрыя, как і все прахадзімцы. Ані прыпруць меня к сцяне і нож пад горла - гані штраф у восем базавых за начлег!

- Нельга жыць такімі баязліўцамі! - яна яшчэ не страціла надзеі на чалавечую дабрыню і міласць, - варта заставацца жалезнымі рыцарамі сваёй радзімы, Вялікага Княства Літоўскага, а то вас заездзяць! - самотна папярэджвае няшчасная і горка ўздыхае, адчуваючы блізкі канец гэтаму народу, які страціў свой адметны твар і ператварыўся ў карэлую анучу на сметніцы гісторыі.

- Не малісь, адстань! Не падабаецца недабудаваная хаціна без вокнаў у глухім ляску? Цянісь дальшэ, бліжэ да віру на раке, на гарадзішчы пад хвоямі і прыляжэш! Там паўночнага ветру меньшэ, бо сасонкі выраслі. Могілак не бойся, бо сейчас пачці весь народ жывет у ажыданні блізкага гарадзішча - Чарнобыль заплявал радыяцый, хваробы ядуць усіх падрад, лекаў няма і дзіка дарагія, людзі дохнут срэдзі уліцы, на бамжэй не хапае трунаў і іх штабялямі закапваюць на акраіне могілак, мужыкі не дацягівают да пенсіі і аткідывают капыта.

Паскудны холад поўз знізу і дабраўся да каленяў. Мокрыя валёнкі абляпілі тоўстыя камякі снегу, быццам тыя лыжы ў час адлігі. Гэта замінала хадзьбе - пакутніца з цяжкасцю валаклася. З той самай ашчэранай зяпы правага валёнка касмылямі тырчэла намокшая асака, а след пасля яго заставаўся няроўны і пераламаны пасяродку, быццам пакінуты нейкай страшнай начной пачварай. Спыніўшыся і скасабочыўшыся, зноў разулася і затапталася босымі нагамі, каб пальцамі глыбей занурыць у мяккі снег, бо тады адразу пацяплее. Падняла правы валёнак і засунула руку проста ў халяву. Яна хацела выдзерці зляжалую мокрую асаку, але трава збілася ў трамбаваны посціл, наглуха прыляпіўшыся да вусцілкі. Адчуўшы, што ейныя спробы асуджаны на няўдачу, выбіла абутак аб калена і ачысціла тэпаць ад тоўстага наліпшага снегу, затым абарвала рукой выпіраўшыя касмылі травы каля падэшвы, зноў уступілася ў свае ваўняныя ступачы і пасунулася далей.

Яркая бела-чырвона-белая хусцінка на галаве збілася і спаўзла на шыю, трымаючыся толькі на адным завязаным вузле каля падбародка, густыя чорныя валасы рассыпаліся па каўнерыку, і халадзіна грызла хахалок галавы і мочкі вушэй, але на тое яна не звяртала аніякай увагі. Бо жыла неадольным жаданнем неяк уцалець на сваёй зямлі і застацца, запасці ў душы людзям, каб у жывой форме існаваць разам у бедах і радасцях. Няхай з яе прадажнікі і адурэлыя злыдні рагочуць, што, маўляў, пыльным мяшком выцятая, але ж яна не здрадзіць сваім ідэалам.

- А душа? Ваша душа! Няўжо яна заснула і навекі мяне адцуралася?"

- Ха-ха-ха! Зараз душы в Беларусі, штоб знала, ні ў кога нету, - даводзяць ёй нязгодныя. - Мы выхаваныя на ціорыі дыялектычнага мацірэалізму, таму праваслаўныя атэісты і яшчэ січас всей страной дальшэ строім сацыялізм. Нікто в свеце эцім не занімаіцца, патаму что тупые буржуі завязлі ў праблемах наляцеўшых з Азіі мусульман-эмігрантаў, а мы строім сацыялізм ілі камунізм, хрэн тут паймёш, но што-та грохаем, свет не можэт разабраться! Ну ўсё, досыць тлумачыць, я і так ляпнуў нешта лішняе, не варта было так шчыраваць… Пайшла вон, і не нудзі пад акном, нам трэба хоць выспацца і завтра апяць укалываць! Нада зарабатываць деньгу на аплату газу і энергіі па новых тарыфах!

Тут канчаткова прадэманструем прыклад унутранага апусташэння і не ўпусцім у сваю хаціну закінутую нядольніцу пераначлежыць і пагрэцца, таму завалім наглуха масіўныя дзверы і засунем засувень у коміне, асцерагаючыся, каб толькі дзе не праціснулася праз шчылінку. Схаваемся за каванымі дзвярыма і пстрыкнем знутры вялізным замком, нібы ад таго бандыта, які ноччу ломіцца па назбіраныя баксы!

Як нідзе ў свеце, яна апынецца ў парадаксальнай сітуацыі - выгнанай са штодзённага ўжытку, чужой, зацюпанай і непатрэбнай на сваёй роднай зямлі! У ролі асцярожнага канспіратара-падпольшчыка, што не давярае і баіцца атачэнцаў, каб здрадцы яе не высачылі і не здалі.

І яна ў горкіх слязах знікне, сыйдзе назаўсёды ў беспрасветныя чорныя далі, адкуль вяртання больш не існуе.

Але вакол усё мяняецца. Пройдзе час, пралятуць гады, вы разгледзіцеся навокал, абудзіцеся і пасталееце, і тады адчуеце цяжкі душэўна смутак. Унутраны боль. Бо вам дойдзе, што ўсе народы, вялікія і малыя, што месцяцца ў Еўропе, Азіі і Афрыцы, роднай мовы не страцілі, таму існуюць, мацнеюць і набіраюцца сіл, а вы сваёй самахоць скруцілі рукі і навечна закапалі ў цёмнай магіле. Праўда, зрэдку тая пачне напамінаць пра сябе з'яўленнем у свядомасці асобных мілых слоў, сваіх і гожа беларускіх, быццам да адзінокага старога бабыля ў мройных снах прыходзіць былая каханка-нябожчыца, некалі задушаная яго ўласнымі рукамі. Вось калі зразумееце вар'яцтва свайго страшнага ўчынку і той факт, што вы раней проста ачвурэлі і самахоць адмовіліся ад пяшчотнага голасу роднай матулі і пеўнай мелодыі сваёй Радзімы, якіх ужо больш у сваім жыцці ніколі не пачуеце. Тады вы станеце нема кідацца ў ложку, прагна ў цемры рукамі мацаць паветра і шукаць яе, выгнаную з хаціны мову, нібы жадаючы ўтрымаць за крысо і не даць згінуць, заадно папрасіць прабачэння за сваю памылку, у гарачцы стараючыся прыпомніць родныя сэрцу гукі і асобныя словы, быццам выявы далёкага маленства. Ды ўжо будзе позна і нічога вас не паратуе: загаварыць на роднай мове - ні ў зуб нагой, мілае вымаўленне навек забытае, перакладу на сваю мову з запанаваўшай чужой гаворкі ніколі ўжо не адолееце, як не зможаце пагаварыць на ёй са сваімі блізкімі, дзецьмі і ўнукамі.

Ваша мова прападзе і знікне, як імгненна раствараецца кропелька капнутага дарагога хімічнага элементу ў запоўненай атрутай прабірцы.

Вось тады ноччу ў горкай адзіноце, сярод адчаю, бядноцця і тупіковага існавання падымецеся з пасцелі, паставіце цьмяна хліпкую свечку на нізенькую тумбачку каля ложка, спецыяльна для гэтага рытуалу набытую ўчора ў перапоўненым шапіку з аднымі рускамоўнымі выданнямі, застынеце каля цёмнага вакна і пачнеце рыдаць. Плакаць, адчуваючы вялізную долю ўласнай віны за смерць матулінай мовы. І тады раптам дойдзе, што гэту памінальную начную свечку ты паставіў не толькі па роднай мове, якую дазволіў знявечыць і ўдушыў сваімі ўласнымі рукамі, але і па сабе. Па сваім горкім лёсе, зламаным і нікчэмным, тлуста абведзеным з чатырох бакоў чорнай жалобнай рамкай, бо зараз ён нікога не хвалюе на гэтай халоднай зямлі - тут твая істота стала зусім непатрэбнай і чужой; па забытай роднай Бацькаўшчыне, якую ты фактычна прадаў і якая без мовы канчаткова страціла душу, засохла і завяла, ператварыўшыся ў інтэрнацыянальнае грамадства прыезджых пустых зявак і мясцовых манкуртаў, паяднаных жаданнем "жыць абы жыць", не працівіцца гідотнаму злу і пляваць на духоўнае спусташэнне.

У начной цемры завыеце так голасна, што аж забрэнчуць шыбы ў пластыкавых вокнах, нікога не саромеючыся, бо ўрэшце дацяміце, што за святыню страцілі і аддалі грэшнікам на здзеклівае мучэнне і шкамутанне і як прадбачліва тыя замбіравалі вашу свядомасць, зрабіўшы з насельнікаў краіны статак згаладнелых і алунелых авечак. Тыя пранырлівыя бязбожнікі хітра ператварылі масы ў атару, над кім зверху сядзяць уладыкі з бізунамі і ўважліва сочаць ды пастаянна пералічваюць для таго, каб угаворамі, абяцанкамі і палкамі прымусіць працаваць і з кожнага рваць барышы пад сваю задніцу; згрупавалі з вас авечак, якім нічога ў жыцці не трэба, акрамя прытарна горкага малачаю на закінутай грэблі і збітых са старых парэнчын катухоў. Зразумееце, што подлую духоўную смерць для вас рыхтавалі даўно, подла і ціха, неўпрыкмет, улюляўшы зоркасць і запудрыўшы мазгі. Гледзячы на мігаючыя ў халодным святле свечкі шэрыя сцены вакол сябе, мёртвы горад, ноччу вы пачнеце зазыўна галасіць і сіліцца ўсцешыцца мілым гучаннем хоць аднаго сказа на беларускай мове - але будзе позна, бо ў вас анічога не атрымаецца. Вось калі вас скалатне, быццам праб'е токам ад 380 В, - такая страта раўнасільна смерці самага блізкага чалавека, і тады дацяміце, якую дзікую правакацыю пры вашай маўклівай згодзе ўчынілі прадажнікі разам з правакатарамі на роднай зямлі. Апынуўшыся ў поўнай змрочнай адзіноце, адчуўшы глыбокую душэўную пустэчу нават сярод белага дня, вы ачухаецеся, зразумееце, як вас адурылі. Тады вы ў апошняй надзеі зірнеце ў неба і шалёна закрычыце з апошніх сіл, молячы Госпада вас не ператвараць у духоўны мёртвы труп, але будзе позна - прысуд вы ўжо падпісалі тады, калі адмовіліся ад сваёй маці-мовы! А разам з ім сталі круглай сіратой! Адзінокім пакутнікам, галодным, халодным пілігрымам без сваёй зямлі і душы. Без бацькі і маці, мовы і памяці, жыцця і будучыні.

У бяссонні пройдзе ноч, вы нават не прыляжаце на мокрую ад слёз падушку, затым задзьмеце каля ложка свечку і, каб трошкі супакоіць знявечаную душу, пару разоў прагна нюхнеце калечка водарнага дыму ў жаданні адчуць наркатычнае ўздзеянне ладану, пасля заплаканым і з апухшым тварам ціха выйдзеце на вуліцу і, вяртаючы сваю свядомасць, больш пільна азірнецеся навокал.

Тады ты вернешся ў суровыя рэаліі. І што ўбачыш? Мясцовыя жыхары раз'ехаліся і хто куды пазнікалі, пасля сябе пакінуўшы мёртвую зямлю і вялізныя пустыя палігоны, гарады змярцвелі і апусцелі, вёскі неўпрыкмет вымерлі. Да таго ж магілы продкаў знішчаныя, зраўняныя з зямлёй прыгнанымі трактарамі "Джон Дзір Русь" і мадэрнізаванымі бульдозерамі "Чэтра", крыжы і помнікі на іх спалены, каб ніхто не мог нават у памяці вярнуцца ў былое. Бацькаўшчына знікла, растварылася, разам з панаехаўшымі чужынцамі ператварыўшыся ў халодную абыякавую магму. Радзіма памерла і сканала разам з мовай, бо родная зямля не можа жыць без штодзённага гаючага соку - сваёй мовы. Не, праўда, шэрыя замызганыя абшары захаваліся, але ж апустошаныя, дабітыя, рабураныя і раскрадзеныя, ужо без жыцця і духу. І ты на іх пустэльнік, нейкая бязглуздая мізэрная постаць. Дзівак безгалосы і сляпы, зусім адзін і нікому не патрэбны, як некалі нікому не была патрэбна мова, якая па тваёй віне сканала і згінула.

У шаленстве закруцішся на адным месцы, мітусліва верцячы галавой і ўсё яшчэ не верачы сваім вачам і жадаючы змяніць сітуацыю, у якой апынуўся. "Але ж сапраўды ўсё нібыта наша, тое роднае, былое, ды не наша, нейкае брыдкае на смак і халоднае на ўспрыманне!" Ваколіцы застылі без салаўіных пошчакаў у густых бярозавых гаях, без звонкай веснавой песні жаўрукоў у чыстым небе, бо маленькія жаўрукі не застываюць над галавой і не акропваюць мелодыяй родныя прасторы; некуды прапалі шпакі, і не стрыгуць нябёсы сваімі крыламі лёгкія ластаўкі.

Мёртвае супакаенне і чорнае спусташэнне запанавалі на некалі квітнеючай зямлі. І толькі хмарамі кружаць у паветры, зацьмяючы сонца, пражэрлівыя чароды груганоў з доўгімі дзюбамі і па-звярынаму вытрашчанымі вачыма. Яны ўжо даўно ўсё пераелі вакол сябе і зараз знемагалі з голаду і вышуквалі хоць мізэр здыхляціны, таму жывы чужынец для іх, які заўтра таксама адыйдзе на той свет, - залаты варыянт.

- Дзе нашы айчынныя птушкі? - замітусішся ты. - Куды дзелася наша прыгажосць?! Адкуль вы наляцелі, вашы асобіны раней у Менску абіталі толькі на Усходніх могілках?

- Твае птушкі, таварыш, цю-цю-цю на Варкуцю! Кар-кар-кар! Досыць іхніх песняў, ужо абрыдлі! Будзеш шмат пытаць - пойдзеш услед за імі! Туды, на Вар-ку-цю! Кар-кар-кар!

Чорны груган з адтапыранымі вялізнымі лапішчамі спікіруе над табой, стараючыся ўчапіцца доўгімі кіпцюрамі ў макушку і вырваць кавалак свяжаніны, але цябе паратуе Бог і ты паспееш ухіліцца. Тады драпежнік прысядзе на самую ніжнюю галіну сухой яблыні, нахахліцца і закрычыць як можна мацней, дэманструючы ўладу і сілу на гэтай зямлі.

- Больш сваіх нябесных песняроў, піжон, тут не ўбачыш, не завывай суслікам і вытры смаркачы. А што да гарадзішча…Час мяняецца, варта прывыкнуць, перш мы сапраўды жылі на Усходнім пагосце, але тваім нябожчыкам стала цесна, і таму рэгіён пашырылі, мы тэр-ры-тор-рыю занялі далей на захад і зараз пад валатоўкамі ўся ваша зямля. Кар-кар-кар.

- А мая мова?"

- Твая родная мова? Кар-кар-кар! Бэйбус, ты маеш мазгі?! Пусты чурбан, хочыш надаць жыцця даўно сканаўшаму нябожчыку? Толькі не віні ў гэтым мяне. Яе няма, ты ж сам некалі яе прадаў і ад яе адкараскаўся, як непатрэбнай! Кар-кар-кар! Не пратэстуй і маўкліва пагадзіся з такім становішчам, запомні гэта і запішы сабе на ілбе! Тут цяпер мы кіруем…Ха-ха-ха…

- Каму я такі трэба, чужы, адзінокі і пакінуты, о Божа? - у адчаі залемантуеш ты, але гэта напомніць адчайны крык адзінокага блудніка ў мёртвай пустыні, якому наканавана спаткаць найдзічэйшы смерч, адчуўшы, як гарачы пясок з шалёнай хуткасцю густа залеплівае вочы і вушы, твар і гарляк. А пасля пустэльнік удушыцца і бяссільна зваліцца з ног пад радасныя крыкі клінахвастовых арлоў, што шукаюць здыхляціну.

Вячаслаў Лапцік, Менск.

Да ведама. Гэтае эсэ я напісаў за два гады да выхаду рамана "Мова" Віктара Марціновіча, аднаго з самых таленавітых і глыбокіх празаікаў сучаснай Беларусі. Тоеснасць нашых думак і перажыткаў сведчыць аб тым, што гэтая тэма не пакідае абыякаымі па-сапраўднаму шчырых і разважлівых беларусаў.

Клініка з глыбокімі каранямі

Родная мова, духоўныя і гістарычныя традыцыі становяцца надзейным падмуркам не толькі ў культуры, але і ў медыцыне. Прыемна гэта адчуць, знаходзячыся ў камфортным кабінеце стаматолага, калі доктарка, гаворачы прыемныя словы па-беларуску, напрактыкаванымі рухамі ставіць пломбу, а з дынаміка ў гэты час льецца любімая мелодыя беларускага выканаўцы.

Такая незвычайная стаматалагічная лякарня "Глорыя" з беларускай мовай абслугоўвання дзейнічае ў Менску ў мікрараёне Малінаўка па вуліцы Ясеніна, 6. У ёй працуюць лекары з 1-шай і вышэйшай катэгорый, у тым ліку - два кандыдаты медыцынскіх навук, адзін з іх - дацэнт. Абсталяванне ў клініцы - на сучасным еўрапейскім узроўні, з найлепшымі матэрыяламі, кошты - дэмакратычныя. Наведвальнікі, якія карыстаюцца роднай мовай, атрымліваюць зніжку ў 5%.

Жыхары Малінаўкі са шматлікіх стаматалагічных устаноў раёна могуць выбраць тую, якая ім па душы, але іх прываблівае душэўнае абслугоўванне з прыязнай гаворкай.

Клінікай кіруе дырэктар кампаніі ТАА "ФРАМІЛ" спадар Францішак Жылка. Кампанія існуе ўжо 20 гадоў і аказвае стаматалагічныя паслугі. Лякарня працуе ў новым шматпавярховым будынку па вул. Ясеніна з 2016 года.

- Шыльды і прайскурант у нас заўсёды былі беларускімі, - кажа спадар Францішак. - Размаўляць з кліентамі па-свойску мы пачалі з 2016 года. Адміністратары гавораць з наведвальнікамі і вядуць дакументацыю на роднай мове. Мы перавялі медыцынскія карткі на беларускую мову. Вопытны спецыяліст з БДМУ - Алена Аляксандраўна Клюй, кандыдат медыцынскіх навук, сумяшчае тэорыю выкладання ў медуніверсітэце з практыкай лячэння пацыентаў.

- Беларускамоўнасць прысутнічала ў нас з самага пачатку заснавання кампаніі, - працягвае аповед кіраўнік установы.

Ён упэўнены, што беларусізацыя, якая распачыналася ў 90-я гады, з тымі тэмпамі магла б ахапіць усю краіну да 2000-гадоў, бо загады і пастанаўленні ў цэнтральным апараце ўраду, дзе працаваў сп. Жылка, выдаваліся па-беларуску.

У лякарні абслугоўванне кліентаў суправаджаецца нягучнай беларускай музыкай. Яна стварае вельмі камфортныя псіхалагічныя ўмовы. У клініцы ёсць запісы на 30 гадзін праслухоўвання сучасных папулярных выканаўцаў. З ранку да вечара праз калонкі транслюецца запіс музычных праграм вядомых артыстаў і гуртоў. Ціхая мелодыя супакойвае і надае добры настрой.

Вестыбюль клінікі "Глорыя" ўпрыгожваюць гістарычныя фотаздымкі і шляхецкі герб роду Жылкаў. Спадар Францішак паходзіць са Смаргоншчыны, з мястэчка Жодзішкі. Сям'я камунікуе з касцёлам.

- Наш край - зямля Францішка Багушэвіча і Міхаіла Клеафаса Агінскага, - кажа ён.

На адным з фота асаніста выглядае ягоны дзед у атачэнні жыхароў мястэчка разам з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім падчас адкрыцця малачарні. На іншым здымку - вадзяны млын у аграгарадку Жодзішкі.

У 2003 годзе Францішак Баляслававіч выправіўся ў падарожжа па рацэ Віліі, прытоку Нёмана, са сваім аднадумцам Аляксандрам Касцючэнкам, паклаўшы ў лодку прыпасы і прылады. Сябры любаваліся берагамі, паплавамі і затокамі ракі, бліжэйшымі крыніцамі і старыцамі.

У выніку ў выдавецтве "Мон літара" ў 2012 годзе выйшла яго кніга краязнаўчых нарысаў "Вілія вачыма вандроўніка", дзе ён апісаў срэбную прыгажуню Вілію, якая звілістай стужкай прасціраецца на 510 кіламетраў. Аўтар узгадаў пра ўсю разнастайнасць рыбы, якая вадзілася ў рацэ: шчупакоў і акунёў, плотак і налімаў, бялугаў і жэрахаў, даў чытачу адчуць крыштальную вадзіцу і залаты пясок, па якім гарэзліва бегаюць сонечныя блікі, апісаў лугі, багатыя лекавымі раслінамі і кветкамі.

Вандроўнік распавёў пра маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага, што стаяў у Залессі недалёка ад Віліі, спыніўся на гісторыі Смаргонскага перавозу і найбольш цікава распавёў пра гісторыю Жодзішак, якім у 1774 годзе каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім было нададзена Магдэбургскае права. Напісаў Францішак Жылка ў сваёй кнізе пра касцёл на абрывістым беразе ракі Віліі, пра калегіюм езуітаў, ператвораны ў шпіталь і пра вадзяны млын, заснавы ў адзін час з калегіюмам у ХVIII стагоддзі. Фотаздымак млына, які цяпер ператвораны ў музей, упрыгожвае вестыбюль чыстай і ўтульнай стаматалагічнай лякарні. З замілаваннем распавёў спадар Францішак пра наведванне ў вандроўцы капліцы Маці Божай Смуткуючай, якая знаходзіцца на гарыстым беразе ракі Віліі за 10 кіламетраў ад парафіяльнага касцёла ў Жодзішках, і крыніцы з жыватворнай вадой, якая дапамагае пазбаўляцца ад хвароб.

Вядома, што ў ягонай клініцы не толькі цела аздараўліваецца, але дух і душа сілкуюцца з чыстых спрадвечных крыніц. Пакуль лекары праводзяць медыцынскія працэдуры, пацыенты могуць паразважаць пра гісторыю нашай зямлі, узгадаць пра свае карані, успомніць сваю малую радзіму. А той, каму ў будучыні спатрэбіцца стаматалагічная дапамога, можа знайсці ўсю неабходную інфармацыю на сайце: www.stamliakarnia.by

Э. Дзвінская, фота аўтара.На здымках: 1. Стаматалагічная лякарня " Глорыя" ў Малінаўцы; 2. Францішак Жылка і адміністратар Крысціна Жэлток; 3. Дактары вядуць медынскую дакументацыю па-беларуску.

Гораду-герою ў хвіліну прызнання

Святочная вечарына, прысвечаная 951 гадавіне з дня заснавання Менска, адбылася 16 верасня ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла. У ёй узяла ўдзел навуковая і творчая інтэлігенцыя горада, сябры грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі касцельных рухаў і супольнасцяў, чытачы бібліятэкі. Госці імпрэзы пазнаёміліся з фотавыставай Міхаіла Крыжаноўскага "Такой я бачу Беларусь" і кніжнай выставай пра вялікіх асобаў, якія жылі і дзейнічалі ў Менску. На вечарыне прагучалі жывыя сведчанні з гісторыі горада, сустрэчу аздобілі выдатныя музычныя творы беларускай і сусветнай класікі.

З уступным словам да гасцей звярнуўся ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк.

- Будуючы нашу святыню, фундатар касцёла Эдвард Вайніловіч хацеў, каб на франтоне над горадам як знак абароны захоўваўся герб з выявай Маці Божай у атачэнні анёлаў. Ён быў вялікім захавальнікам гісторыі, архівістам, следапытам. У яго бібліятэцы і архівах захоўваліся дакументы пра ўвесь род Вайніловічаў за 500 гадоў.

Сёння нам адкрываюцца новыя далягляды таксама праз асобу Францішка Скарыны. Мы адкрываем новую старонку яго дзейнасці, не толькі як перакладчыка, філосафа, доктара медыцыны, але і як верніка. Ён прысвяціў Бібліі ўсё сваё жыццё, каб мы, нашчадкі атрымалі гэтае святло не толькі для развіцця інтэлекту, але і для развіцця душы. Праз прадмовы і пасляслоўі мы адкрываем веліч яго духу. З дабраслаўлення мітрапаліта Тадэвуша і адабрэння братоў праваслаўных мы атрымалі з Беластока пераклады прадмоваў і пасляслоўяў на іншыя мовы, у тым ліку, італьянскую, каб падаць на Кангрэс, Кангрэгацыю па справах святых, каб вывучалі яго дзейнасць не толькі як навукоўца, але і як хрысціяніна, і каб ён быў прызнаны слугою Божым, як і Эдвард Вайніловіч.

Тады пра Скарыну будуць гаварыць не толькі на Беларусі, але і на ўсім свеце, на ўсіх кантынентах, ва ўсіх храмах і базыліках! Калі Усяленскі сабор прызнае, што Францішак Скарына быў годным хрысціянінам і пранёс святло праз усё жыццё. І мы адчуваем гэта, бо прайшло 500 гадоў, а веліч яго подзвігу толькі раскрываецца. Жадаю ўсім жыхарам Менска любові Божай і апекі Багародзіцы над дамамі і сем'ямі, і над усёй нашай краінай!

У цёплы нядзельны вечар лірычную праграму для гасцей падрыхтавалі навучэнцы музычнай школы № 6 з педагогам і кампазітарам Вольгай Воінскай. Песню "Мой родны кут, як ты мне мілы" выканала пад акампанемент В. Воінскай вучаніца музычнай школы мастацтваў Валерыя Слінка.

Педагог Віталія Бурцева прадставіла сваіх вучняў: Максіма Лембіеўскага, Валірыю Слінку і Юрыя Няхая, якія выканалі папулярныя класічныя творы.

Акцёр тэатра " Зніч", вядучы майстар сцэны Мікалай Мікалаевіч Лявончык з імпэтам прадэкламаваў урыўкі з вершаванага рамана Ніла Гілевіча "Родныя дзеці", у якіх прагучала тэма прыгажосці роднай зямлі.

Перад гасцямі выступілі лаўрэаты Міжнародных конкурсаў саліст Белдзяржфілармоніі Аляксандр Музыкантаў і салістка Нацыянальнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі Таццяна Глазунова.

Вядовец вечарыны Уладыслаў Трыпуз нагадаў прысутным, што ў гады ваеннага ліхалецця Чырвоны касцёл дзейнічаў. У страшныя часы людзі маліліся ў святыні аб вызваленні ад фашыстаў і ўдзельнічалі ў падпольных групах, якія нанослі значную шкоду нямецкай уладзе падчас акупацыі. Песню з кінафільма "Гадзіннік спыніўся апоўначы", у аснове сюжэта якога ляжала аперацыя ў Менску па ліквідацыі Вільгельма Кубэ, выканаў магістр музыкалогіі, арганіст касцёла Андрэй Міхневіч.

Выдатніца народнай асветы, выкладчыца беларускай літаратуры Валянціна Карлаўна Раманцэвіч выступіла з успамінамі пра ваенныя часы. Старэйшая жыхарка горада распавяла пра вядомых і невядомых герояў абароны і вызвалення Менска.

- Наш горад у 1944 годзе ляжаў у руінах. Нашы вуліцы носяць імёны знакамітых франтавікоў. Першым уварваўся ў Менск Фролікаў, камандзір танкавай брыгады, герой Савецкага Саюза. А хто ж быў апошнім, хто пакінуў Менск у 1941-ым? У кнізе "Вогнены танк" Пампея Беразняка ёсць такі герой Дмітрый Іванавіч Малько. Мне асабіста прыходзілася сустракаць яго з маімі вучнямі і хочацца, каб памяць пра такіх людзей захавалася.

З чытаннем вершаў, прысвечаных Менску, выступілі педагог Людміла Сяргей, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Таіса Іванаўна Трафімава і паэтка Ядвіга Рай. Яны склалі трапяткія радкі, каб уславіць любімы горад.

"Найсветлай Божай

таямніцай

трымаеш нас сваім святлом.

Непераможны, гераічны,

ты маладзееш праз гады.

Табой на век мне ганарыцца

і ўслаўляць цябе заўжды."

На экране прамільгнулі знаёмыя вуліцы і плошчы, праспекты і каналы, знакавыя забудовы і помнікі. Чытачы і госці бібліятэкі з прыемнасцю прагледзелі відэакліп "Мая сталіца" відэааператара Васіля Кулікова з удзелам фатографа Міхаіла Крыжаноўскага. Вечарыну завершыла песня Аляксандра Віслаўскага на верш Рыгора Барадуліна " Маленне за Беларусь".

Супрацоўніцы бібліятэкі Галіна Фёдараўна і Ванда Браніславаўна запрасілі гасцей да шчодрага стала з пірагамі і гарбатай. За бяседай у коле творчых асобаў гаворка ішла пра музыку, мастацтва і духоўныя здабыткі сучасных літаратараў. Цыкл вечарын у бібліятэцы імя А. Міцкевіча будзе прадоўжаны цягам года.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк; 2. Малады флейтыст.

На ўсходзе Германіі адбыўся новы інцыдэнт з імігрантамі

Ва ўсходненямецкім горадзе Кётан (федэральная зямля Саксонія-Анхальт) у выніку вулічнага канфлікту з удзелам мігрантаў з Афганістана памёр 22-гадовы грамадзянін Германіі.

Інцыдэнт адбыўся ў мінулую нядзелю. На адной з дзіцячых пляцовак горада трое ўраджэнцаў Афганістана высвятлялі са сваёй знаёмай, ад каго яна зацяжарала. Да іх падышоў малады немец са сваім братам, які, як піша агенцтва DPA, быў вядомым у Кётане правым экстрэмістам. У выніку бойкі адзін з немцаў упаў на зямлю і пазней памёр у бальніцы.

Два аўганцы-удзельнікі канфлікту затрыманы. Адзін з іх падазраецца ў нанясенні небяспечных цялесных пашкоджанняў, другі - ва ўчыненні траўмы, якая прывяла да смерці. У той жа час, як паведамляе паліцыя, ускрыцце паказала, што малады чалавек памёр ад сардэчнай недастатковасці, а сцвярджэнні, што смерць наступіла з прычыны нанесеных яму ўдараў, пацверджання не знаходзяць.

Увечары ў нядзелю ў Кётане адбылася шматлюдная дэманстрацыя, ініцыяваная правымі групоўкамі. Яна сабрала каля дзвюх з паловай тысяч жыхароў Кётана і нацыяналістаў, якія прыехалі з іншых месцаў. Левыя арганізацыі здолелі сабраць каля 200 чалавек для ўдзелу ў альтэрнатыўнай дэманстрацыі.

Прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Саксонія-Анхальт Райнар Хазалоф заявіў аб недапушчальнасці ператварэння Кётана ў "другі Кемніц". 26 жніўня ў саксонскім горадзе Кемніцы ў бойцы быў забіты 35-гадовы мужчына, паліцыя затрымала двух падазраваных у забойстве, якія падалі ў Германіі запыт на статус уцекачоў. Яшчэ адзін чалавек знаходзіцца ў вышуку. У сувязі з злачынствам у горадзе адбыліся мітынгі і дэманстрацыі як супраць міграцыйнай палітыкі ўладаў, так і супраць ксенафобіі.

Радыё Свабода.

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

У лідскай грэка-каталіцкай парафіі святога Язафата прайшлі ўрачыстасці з нагоды парафіяльнага свята. Гэты асяродак беларускай веры, паводле мовы набажэнстваў і культуры, запрасіў сяброў з грэка-каталіцкіх парафіяў Гародні, Менска, Полацка. Свой візіт на свята ажыццявіў галава Беларускай грэка-каталіцкай царквы, апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек. Парафіі споўнілася 24 гады. Час станаўлення гэтай лідскай суполкі згадвае ксёндз Ігар Лашук, які некаторы час апекаваўся вернікамі.

- Ліда - гэта мае першыя крокі святарства, першыя месяцы святарства, якраз гэтая зямля, парафія, першы год святарства - заўсёды для мяне асаблівым чынам дарагое і прыемнае, бо тут я патрэбу ў святарстве адчуў у поўным сэнсе гэтага слова. У духоўным значэнні, але таксама ў фізічным. У духоўным значэнні - несці гэтае божае слова, а ў фізічным значэнні - як многа людзей патрабуе гэтага божага слова.

Айцец Андрэй Абламейка восем гадоў быў парахам грэка-каталіцкай суполкі ў Лідзе, а таксама памятае першую беларускую літургію, якую адслужыў там нябожчык айцец Ян Матусевіч. Паводле Андрэя Абламейкі, наяўнасць такой невялікай і моцнай суполкі, звязанай узаемадапамогай, дае сэнс хрысціянству.

- Можам дапамагаць адзін аднаму, каб перажыць. Але паверце, што часы ў гісторыі нашай царквы былі розныя: былі горшыя і лепшыя часы. Мы зараз з вамі нягоршыя часы перажываем. І мы маем патэнцыял, каб даваць яшчэ больш і больш пладоў, каб вера нашая перадавалася ў іншыя пакаленні, каб яна закаранілася ў жыццё нашых дзяцей. Гэта вельмі важна.

Пасля акафісту сятога Язафата, Боскай літургіі парафіяне паўдзельнічалі ў конкурсе выпечкі, а таксама ў пасадцы піхты ў двары парафіі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.

Прэзентацыя газеты "Наша слова" ў Менску

27 жніўня рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік прэзентаваў у сядзібе ТБМ газету "Наша слова" ў папяровым варыянце і яе новую электронную версію.

Сябрам Сакратарыяту ТБМ і ўсім прысутным, а іх было нямала, рэдактарам і распрацоўшчыкамі была прадстаўлена ў тым ліку новая версія сайта газеты "Наша слова" ( "Наша слова - штодзень", nslowa.by), якая можа пры патрэбе ператварыцца ў самастойнае электроннае выданне.

Паказана структура сайта, выслуханы заўвагі і пажаданні.

Нагрузка на рэдакцыю "Нашага слова" ўзрастае, але і інфармацыйная плынь ТБМ таксама ўзрастае. Нават калі на першым этапе і будзе пэўны працэнт перапостаў або перадрукаў, то гэта будзе шырокая тэматычная падборка матэрыялаў на карысць беларускай мовы і Беларушчыны наогул, што вельмі важна.

Яраслаў Грынкевіч.

"Гістарычная школа" з Алегам Трусавым

У менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы працягваецца цыкл лекцый гісторыка, археолага Алега Трусава. 10 верасня гаворка ішла пра ваколіцы Наваградка.

- Вы ведаеце, Наваградак далёка ад Нёмана. А Любча стаіць на беразе. Там узнікла мястэчка, вельмі старажытнае, і хутчэй за ўсё там і быў порт Наваградка, калі ён быў сталіцай ВКЛ. Туды прывозілі тавары, там разгружалі, а потым ужо па сушы везлі. І вось там у 16 стагоддзі мясцовыя феадалы Кішкі збудавалі цагляны замак, некалькі вежаў і палац у стылі пераходным.

Ваколіцы Наваградка багатыя і на іншыя знакамітыя месцы. А гістарычная Наваградчына - гэта запаведнік нашай мінуўшчыны, што да помнікаў архітэктуры, што да знакамітых постацяў нашай гісторыі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

"Наша слова - штодзень"

nslowa.by

"Наша слова - штодзень" ( nslowa.by) - электронная версія газеты "Наша слова", распрацаваная ў парадку выканання рашэння апошняга з'езда ТБМ.

Пакуль што электронная версія мае статус сайта папяровай газеты "Наша слова", але ў любы момант можа быць зарэгістравана як самастойнае выданне.

На сёння сайт знаходзіцца ў рэжыме тэставага прагону, інтэнсіўнасць якога пакуль не надта высокая, але ўжо сёння можна бачыць, як гэта будзе выглядаць.

Разам з тым становіцца ўсё больш зразумелым, што адмаўляцца ад папяровай версіі нельга ні ў якім разе.

Цэльнасць інфармацыі пра дзейнасць ТБМ, пра стан беларускай мовы мы сёння можам забяспечыць толькі пры існаванні паўнавартаснай папяровай версіі.

ПДФ-версія папяровага выдання таксама выстаўляецца на сайце, але з затрымкай на тыдзень.

Мы імкнёмся ісці ў ногу з часам, але не хочам траціць нічога з набытага.

Станіслаў Суднік.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на чацвёрты квартал 2018 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 62. Цана не змянілася. У 2018 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пасля варшаўскіх выступленняў 172 адбылася змена ў жыцці Кяйдан. Дом Міхала стаўся пунктам для паразумення ваколіцы. Касцялкоўскі што-раз часцей і на даўжэй выязджаў; Шылінг і Канстанцін Далеўскі закладвалі штораз дальшыя кругі ў сваіх вандроўках па вёсках. Кс. Мацкевіч становіцца штораз больш частым госцем у Міхала. 30 ліпеня/11 жніўня 1862 года выпадкова ў першы раз сустрэўся ён з Серакоўскім у Беркмана ў дзень шлюбу Зыгмунта з Апалоніяй Далеўскай.

Міхал Беркман цалкам адпавядаў пасадзе, якую займаў. Ціхі, просты, сціплы ў ацэнках сябе, заўсёды адсоўваўся ў цень, каб не звяртаць на сябе ўвагі. Таму ён быў сапраўды карысны агулу. Быў усебакова адукаваным і інтэлектуальным чалавекам. Здольны матэматык, прыродазнавец, музыка, паэт, удачлівы і дасціпны імправізатар у розных акалічнасцях. У часе свайго побыту ў Вільні на таварыскіх сходах увязваўся ў спрэчкі з нашым любімым, натхнёным Людвікам Сыракомлем. Той быў заўсёды мілым, дасціпным і сардэчным, калі Міхал умеў быць з'едліва рэзкім, але тая рэзкасць заўсёды была скіравана ў бок тых, каго не шанаваў. У такіх выпадках таварыства з асцярогай глядзела на два агеньчыкі, што загараліся ў яго вачах. Быў музыкам немалой сілы на віаланчэлі і скрыпках, няраз дапамагаў Манюшку ў падборы галасоў у музычных і вакальных калектывах.

Пасля выбуху паўстання Міхал, звольнены ўладамі з Кяйданаўскай гімназіі, быў прызначаны Літ[оўскім] аддз[елам] камісарам у Коўні. Выконваў гэтыя абавязкі пад імем Юліяна Далеўскага, якога пазней так пільна шукаў Мураўёў. У гэты час жонка Юлія была невымерна карыснай памочніцай мужу. Праз два гады абое зняволены, уканцы сасланыя ў Вятку 173.

У гады зняволення ў Коўні Міхал быў для сваіх таварышаў сапраўднай уцехай у смутку і неспакоі. Арганізоўваў харавыя спевы на польскія матывы або канцэрты пры дапамозе грэбеняў, пер'яў і саломак і да т.п. інструментаў. У такія хвілі ўся адміністрацыя вязніцы збіралася ў калідорах, і нават камендант з сям'ёй і з гасцямі сваімі прыходзіў паслухаць тых бедных польскіх музыкаў і сваякоў.

Такога роду забавы былі невядомымі ў турэмных мурах Вільні.

З Вяткі Міхал быў пераселены ў Самару 174, дзе зарабляў на ўтрыманне сваё і жонкі, працуючы ў статыстычным бюро Самарскай губерні пры губернатары Абухове, калегу Зыгмунта. Пасля абвешчанага маніфеста яму дазволілі, а хутчэй загадалі, пасяліцца ў Каралеўстве Польскім без права затрымання хоць бы на пару гадзін на Літве.

Камітэт дапамогі, арганізаваны ў Варшаве, начале якога стаялі: сібірак Стэфан Добрыч, Ігнацы Бараноўскі, Еніке, Матыльда Натансон (Гадэбская), Ружа Сабаньская, жонка Генрыка Краеўскага (дачка эмігранта Лявіцкага, стала жыла з сям'ёй Міцкевіча, да часу вяртання ў Край), жонка Цэльса Лявіцкага, Аляксандра Карвоўская і шмат іншых. Камітэт клапаціўся, каб прыбывалая рэшта (прайшло 22000 чалавек) [атрымала] часовае ўтрыманне і жыллё, пакуль знойдзе сабе адпаведны занятак па гарадах або ў сем'ях па вёсках.

Сям'я наша лічылася шчаслівай, бо магла разлічваць на ўласны працэнт, рэгулярна прысыланыя па 50 рублёў штомесяц. Перад агульнай нядоляй і нэндзай квота гэтая адносілася да ўмоў дастаткавых. Беркман меў на Вялікай вуліцы ў Вільні невялікі дом каля Петрашкевіча (які ацалеў ад увагі Мураўёва), прададзены за 10 тысяч, даў яму сціплыя працэнты. Для здабычы сродкаў для жыцця Міхад даваў урокі ў прыватных дамах спачатку па сорак грошаў за гадзіну, а хадзіў з Наваліпя на Вясковую. Калі яму супольнікі па выгнанні паказвалі бязмэтавасць такой працы, адказваў: "Мяне тут ніхто не ведае, жаданне большай платы за маю працу было б выцягваннем рукі па міласціну, бо тутэйшая супольнасць ведае адно толькі, што я маю патрэбу, а не ведае, што я ўмею, калі мяне спазнаюць, самі ацэняць, ці праца мая вартая больш за 20 капеек".

Першыя ўрокі былі ў пані Вайсенгоф, дзякуючы яе рэкамендацыям - урокі ў Сабаньскіх, Лесераў, Блоха, якія аплачваліся па 3 рублі за гадзіну. Праз некалькі гадоў атрымаў месца ў Тэхнічнай школе Варшаўска-Венскай чыгункі 176.

З-за паважнага веку мусіў яе пакінуць. Жонка Юлія памерла ў першыя часы пасля прыбыцця ў Варшаву. Сёння Міхал Беркман - стары, хворы, бездапаможны, дагарае ў Скярневічах пад апекай роднага брата Юзафа Беркмана, утрымліваецца на малы працэнт у 480 рублёў штогадова.

Пакуль яму хапала сіл і здароўя ў добрай і злой долі быў грамадству карысным. шляхетным, дзейным, няхцівым (таму не нажыў капіталу), любячым працу.


Дэталь адносна Шылінга.

Партыя руху распачала паўстанне на Літве, да яе ліку належаў Шылінг (гарачы патрыёт, адданы бедным, хворым, не толькі лячыў, а часта падтрымліваў уласным грошам бедныя сем'і). Сфармаваў малы аддзел, які пазней пасля прыбыцця Серакоўскага вырас да большай колькасці. Ці быў Шылінг у Тарэсбадзе на вайсковых вучэннях? Не ведаю. Ведаю толькі з данясенняў рапартоў, што быў у ліку аддзелаў, пакінутых па паветах. Пазіцыі займаў у ваколіцах Кяйдан. Нагнаны Ганецкім, ранены ў бітве, упаў з каня, нага засталася ў стрэмені. Верхавы конь са стайні М[ар'яна] Чапскага, панёс няшчаснага, цягнучы і расшарпваючы цела аб парканы, разбіваючы аб каменні, з парэшткамі забітага ўскочыў у стайню.

[Пра Зыгмунта Серакоўскага]

Дэталі і цэлыя абзацы, якія адносяцца да гадоў, праведзеных Зыгмунтам Серакоўскім у арыштанцкіх ротах узяты з успамінаў Браніслава Залескага і Браніслава Люткевіча 177.

Зыгмунт Серакоўскі нарадзіўся 19/31 мая 1827 года 178 на Валыні, у павеце Луцкім у сям'і Ігнацыя і Фартунаты з Мараўскіх Серакоўскіх. Продкі яго на працягу многіх пакаленняў служылі Бацькаўшчыне, а адзін з іх Ян,кашталян бельскі, быў амбасадарам Рэчы Паспалітай у Турцыі. У выніку смутных падзей у сям'і і Краі радавы маёнтак скурчыўся настолькі, што ўжо бацька Зыгмунта мусіў арандаваць зямлю найперш у Луцкім павеце, а потым на Украіне ў ваколіцах Умані 179, дзе таксама арганізоўваў у 1831 годзе паўстанцкія гуфцы, якія аддаў пад кіраўніцтва генерала Колышкі. Ігнацы спраўна змагаўся ў бітвах пад Дашавам 180 і Абадоўкай 181. Загінуў пад Лятычовам 182. У чатырохгадовага дзіцяці застаўся адзін толькі жывы ўспамін пра бацьку, было гэта апошняе развітанне.

У апошні вечар, калі бацька выбіраўся ў паўстанне, дзіця, не могучы заснуць, дамагалася, каб бацька ўласнаручна накрыў, паслухаў дзіця і, прыкрываючы яго коўдрачкай, сказаў фразу, якую Зыгмунт не забыўся да смерці: "Спі цяпер, ад гэтага часу ўласнымі грудзьмі цябе прыкрываць буду!" З той памяццю рос сірата, а ўсё атачэнне пастаянна гаварыла яму пра Бацькаўшчыну. У першыя гады пасля смерці мужа Фартуната Серакоўская з тройкай дробных дзетак правяла пры сваёй маці, удаве па Віктары Мараўскім. таварышы Касцюшкі ў яго бітвах з маскоўцамі. Зыгмунт усё сваё жыццё ўспамінаў з чуласцю і з пашанай гэтую святую жанчыну і вялікую патрыётку. Гэта яна прышчапіла ў сэрцы ўнука найвышэйшыя пачуцці, якімі ён вызначаўся на працягу жыцця.

Пасля яе смерці дзядзька Цэлермант прыгарнуў сіротаў 183, ваяр з-пад Гарохава і Астраленкі 184, абуджаў рыцарскасць у душы хлапчыны. Пасля смерці дзядзькі маці з дачкой Марыяй пасяліліся пры сваяках у каралеўстве Польскім, а Зыгмунт, пакінуты на ўласныя сілы, пракладваў сабе дарогу жыцця вялікімі здольнасцямі, уроджанай шляхетнасцю душы і працай. Галоўнымі рысамі яго характару былі выключная хуткасць думкі, багатае ўяўленне, вялікія спачуванні сэрца да людской нядолі і моцная воля, што ў малым дзіцяці праяўлялася ўпартасцю, якую не ўдавалася зламаць, асабліва, калі вымавіў у такіх выпадках: "Эм".

Апавядала маці пра сваё вялікае ўражанне з той нагоды, калі ўрад дзяцей палеглых паўстанцаў забіраў у вайсковыя карпусы 185.

Маці Зыгмунта для ацалення сына вырашыла прадставіць яго ўраднікам, якія аб'язджалі з гэтай мэтай ваколіцы, як дзяўчынку. У прызначаны дзень прыбрала сынка ў сукенкі сястрычкі, перавязала светлыя валосікі блакітнай стужачкай і аб'явіла яму, што на сёння ён будзе дачушкай Геленкай. Не згаджаўся. Просьбы і цукеркі не дапамагалі. Пасля доўгіх намаганняў у раздражненні сказаў: "Эм". Маці, уражаная, старалася дзіця забавіць, каб забыў пра сваё няшчаснае, а сёння такое грознае "Эм". Усе запабяганні аказаліся марнымі. Калі чыноўнікі прыехалі, маці ўвяла сынка, называючы яго Геленкай. Чыноўнік пацягнуўся па пяро, каб запісаць у кнігу. Бачачы тое, Зыгмусек у перакананні, што, калі запішуць, застанецца назаўсёды дзяўчынкай, падбег, гукаючы: "Я - сын, Зыгмунт Серакоўскі!"

Абурэнне чыноўнікаў на няўдзячнасць палякаў беднай маці ледзьве ўдалося залагодзіць ахвяраваннем рэштак пазасталай маёмасці.

Зыгмунт пачатковае навучанне атрымоўваў у доме Уладзіслава Падгарадэцкага разам з яго сынам. Адтуль перайшоў у трэці клас жытомірскай гімназіі 186, якую закончыў як адзін з найлепшых вучняў.

У 1845 г. паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт 187. Выбраў гэты ўніверсітэт у надзеі, што ў ім застане найбольш сабранай моладзі з Польшчы і з Літвы. Памыліўся. Было яе там менш, чым у Маскве і ў Дэрпце, а і тая ў той час яшчэ неарганізаваная жыла, дзелячыся на групы: ад бацькоў землеўладальнікаў, не землеўладальнікаў, вышэйшых чыноўнікаў і моладзі, якая трымалася на ўласных сілах. Заможнейшыя рэдка наведвалі лекцыі, марнавалі час і грошы на жыццё гуляшчае і свавольнае. Патрыятычныя пачуцці ў большасці грунтаваліся на спевах польскіх песенек і чытанні ў той час сурова забароненых уладамі Красінскага, Славацкага і Міцкевіча. Моладзь, якая абапіралася на ўласныя сілы (да гэтага ліку належаў Агрызка) пільна наведвала лекцыі.

(Працяг у наст. нумары.)


172 У маніфестацыі ў Варшаве 27 лютага 1863 г. загінула 5 чалавек, а 8 красавіка звыш 200. Por. с. 167.

173 Вятка (цяпер Кіраў), губернскі горад, каля 1500 км ад Пецярбурга. Беркманы знаходзіліся ў высылцы ў Макар'еве ў Кастрамской губерні.

174 Самара, губернскі горад на левым беразе Волгі пры ўпадзенні ракі Самары, звыш 1800 км ад Пецярбурга.

175 Сабаньскія, можа, гаворка ідзе пра сям'ю Фелікса Сабаньскага.

176 Прафесійная школа закладзена ў 1871 г.

177 Bronislaw Zaleski, Zygmunt Sierakowski, "Оjczyzna", 1865, nr 27-31. Праца Люткевіча не захавалася.

178 Серакоўскі нарадзіўся 26.V.1826 г. у Лучшах, фальварку, які арандаваў яго бацька. Меў малодшых брата і сястру: Марыю і Ігнацыя.

179 Умань - павятовы горад у Кіеўскай губерні.

180 Дашаў - мястэчка ў Ліпавецкім пав. Бітва паміж Гарадком і Дашавам (2/14.V.1831) закончылася паразай колькасна слабейшых аддзелаў Колышкі.

181 Гаворка ідзе пра Абодна, вёску ў Браслаўскім павеце, месца сутыкнення паўстанцкага войска з войскам расійскім.

182 Лятычоў - павятовы горад у Падольскай губ., месца сутыкнення расійскіх войскаў і паўстанцкага аддзела. Бацька Зыгмунта загінуў пад Майданам 11/23.V (вёска ў Лятычоўскім пав. на мяжы з Літуньскім), дзе ген. Колышка пацярпеў канчатковую паразу ў сутыкненні з расійцамі.

183 Серакоўская з дзецьмі спачатку перабралася ў Жытомір, дзе жыў яе брат Каятан Цэлерман Мараўскі, а потым да маці.

184 Бітвы ў лістападаўскім паўстанні: Альшынка Гарохаўская (25.ІІ.1831), Астраленка (26-29.V.1831).

185 Пасля задушэння лістападаўскага паўстання расейцы стараліся выслаць у закрытыя вайсковыя школы асірацелых дзяцей палеглых паўстанцаў.

186 Была гэта даўняя павятовая шляхецкая школа, пераробленая ў 1832 г. у расійскую губернскую гімназію. Серакоўскі вучыўся там у 1838-1843 гадах. Закончыў навучанне са срэбным медалём. Пазней два гады працаваў рэпетытарам.

187 Найперш вывучаў матэматыку на філасофскім факультэце, праз паўтара гады перайшоў на юрыдычна-дзяржаўны ці юрыдычна-адміністрацыйны факультэт.

РАЗМОВА З ПЕРШЫМ ЧЫТАЧОМ

З нагоды кнігі С. Струменскага "Военачальнікі з Беларусі (ХVІІІ - ХХ стст.)"

Распавёўшы аб военачальніках нашай зямлі, якія верай і праўдай служылі не проста розным дзяржавам, а служылі ВАЙНЕ, аўтар, на першы погляд, нечакана, а на самой справе заканамерна задаецца пытаннем: "Каму патрэбна вайна?" (альбо "Хто хоча вайны?"). Што сама па сабе вайна? Які след войны пакінулі на нашым целе і ў нашай памяці, у нашай гісторыі?

Далей робіцца кароткі экскурс у гісторыю ўдзелу ў войнах Расійскай імперыі і СССР, з якімі было звязана наша супольнае жыццё з канца 18 ст. да 1991 г. Ды і цяпер яшчэ не ўсё так адназначна… Падабраны цікавы матэрыял, які дазваляе паглядзець на наша становішча ў кантэксце сусветнай гісторыі.

Аўтар прымушае чытача звярнуць увагу і на ролю генералаў і іншых ваеначальнікаў у войнах. Многія з іх вымушаны былі служыць іншым дзяржавам, а не сваёй, чаму? І што з гэтага атрымалася? А была б наша дзяржава (свая!), служылі б, безумоўна сваім інтарэсам.

Якой жа вайна была? Не ўсюды і не заўсёды аднолькавай. І якое месца генерала на вайне? Зразумела, ёсць загад, трэба яго выконваць. Але як? І ці заўсёды такі загад законны, а тым больш гуманны? І ці можа ваенны загад быць наогул гуманным? А як наконт таго, каб берагчы салдат? Якімі былі лёсы гэтых ваеначальнікаў, калі ім удавалася (ці не) выконваць пастаўленыя задачы? І ці ўсё ад іх залежала? Як можна было выканаць загад і застацца чалавекам?

Чытач у гэтай кнізе знойдзе адказы на гэтыя і іншыя пытанні. Акрамя таго, цікава, а як генералы ўплывалі на лёсы саміх уладаў, дзяржаў? Нам з дзяцінства ў школе даводзілі, што ёсць войны справядлівыя і несправядлівыя, адна справа захопліваць чужыя землі, іншая - змагацца з ворагам за свабоду сваёй Радзімы. Наколькі справядлівымі былі войны Расіі, якія яна вяла пераважна па-за сваімі межамі, пашыраючы сваю тэрыторыю. Тут пад замес трапілі і мы таксама. Давайце прасочым, сапраўды, акрамя той жа Вялікай Айчыннай, напрыклад, колькі войн вяла вялікая дзяржава СССР за межамі, выконваючы г. зв. "інтэрнацыянальны" доўг? Нам жа гэта важна, бо мы былі часткай гэтай дзяржавы, мы былі ўцягнутыя ў гэтыя падзеі і працэсы. А калі атрымалі сваю незалежную дзяржаву, важна вызначыць сваю пазіцыю (хто свой, а хто вораг), асабліва ва ўмовах новай "халоднай вайны", у якую ўступілі Расія і Захад пасля падзей на Украіне ў 2014 г. Варта ўлічваць, што з таго і другога бакоў нарошчываецца ўзброенннае і ваенная прысутнасць. Ці не варта ў гэтых умовах нам захоўваць нейтралітэт? Чытач знойдзе адказ і на гэтае пытанне, калі прачытае кнігу.

Сапраўды, бедная зямля Беларуская! Колькі ж ты і твой народ перажылі! І што такое вайна для нас, якія прайшлі праз шмат войнаў, разбурэнняў, як ніякі народ у Еўропе? Што такое вайна і для нашых людзей, якія па-за межамі радзімы служылі іншым дзяржавам? Што такое вайна для беларусаў, якія страцілі кожнага трэццяга ў апошняй вайне? І ці хочам мы новай вайны!?. Скажу болей. Самай вялікай заслугай Рэспублікі Беларусь стала тое, што нашы хлопцы больш не ваююць па-за межамі Радзімы. І гэта галоўнае. Для нас няма больш Афганістану ды Сірыі! Ды і не прайшло яшчэ дастаткова часу, каб мы ўпэўнена сталі на ногі. (Прыгадайма, што і цяпер яшчэ не маем колькасці насельніцтва па стане на 1939 г.). Бо што гэта такое 75 ці 100 год, якія прайшлі з часоў Першай і Другой сусветных войнаў? Калі засталося столькі "белых плям", а галоўнае магіл. І вось тут варта задумацца. Трэба памяняць сваё стаўленне да вайны. Адня ставяцца да яе, як гераічнай (нават ура-патрыятычна), другія кажуць аб яе трагічнасці (не перастуючы плакаць аб ахвярах), трэція - ужо не ведаюць (добра гэта ці дрэнна), што такое вайна, нават мала ўяўляюць і не цікавяцца вайной, а могілкі і костачкі непахаваных і праз дзесяцігоддзі застаюцца ляжаць недагледжанымі і неўшанаванымі…

Я яшчэ паставіў бы пытанні: "Якімі былі войны раней? Якія яны цяпер? І што будзе з намі, з нашым народам, калі зноў вайна? Як павядуць сябе простыя беларусы і генералы? Ці выблытаемся мы з гэтага ўсяго? Ці ёсць у нас дастаткова сіл?" А сітуацыя вакол неадназначная. І галоўнае, наколькі мы самі ведаем, пры любой вайне бываюць вялікія страты і нейкія вынікі. Ці зможам мы адказаць на гэтыя пытанні! Бо, калі і пачнецца, не дай Бог, вайна, не мы будзем яе ініцыятарамі.

Такім чынам, аўтар прымушае нас усіх задумацца над гэтымі праблемамі. Яго пасляслоўе - гэта моцны антываенны і гуманістычны маніфест. Дай Бог нам пачуць усё гэтае. Здаецца, гістарычны досвед ужо маем!

І я, як чытач, цяпер шукаю адказы на пастаўленыя пытанні.

Я звярнуўся да аўтара гэтай кнігі Сымона Струменскага: "Ці атрымалася кніга такой, якой ён хацеў яе бачыць?" Атрымаў вось такі адказ.

- Я не збіраўся пісаць такую 300-старонкавую кнігу. Думаў, што абмяжуюся толькі паўтарастамі. А бачыце, што атрымалася. Пра некаторых генералаў і адміралаў я нават і не чуў раней. Так што для мяне гэта было папаўненне ведаў пра нашых землякоў генералаў, адміралаў і маршалаў. Кніга пісалася і дапаўнялася. Тройчы праходзіла праўку. Карэктара не было. За карэктара быў сам рэдактар Сымон Барыс, настаўнік Валера Варганаў (яму я дзякую асабіста) і крыху дапамагла мая зямлячка з Вілейкі Вольга Коласава.

Кніга атрымалася лепшай, чым я хацеў, але я сёння ёй не задаволены, бо не ўсё ў яе трапіла. Пра царскіх военачальнікаў Комаровых (чатырох братоў: Аляксандра, Змітра, Вісарыёна і Канстанціна Вісарыёнавічаў) з Віцебскай губерні, савецкіх генаралаў Васіля Маргелава і Георгія Шпака я даведаўся, калі кніга была ўжо ў друкарні. А таму гэтай кнізе не расказана пра военачальнікаў Камаровых з дваран Віцебшчыны, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Балгарыі ад турэцкага панавання і амаль нічога не сказана пра камандуючых паветрана-дэсантных войскаў СССР і Расійскай Федэрацыі Васіля Маргелава і пра Гергія Шпака. Генерал арміі Васіль Піліпавіч Маргелаў лічыўся ў СССР дэсантнікам № 1, якога называлі Баця. Георгій Іванавіч Шпак (нарадзіўся ў горадзе Асіповічы) быў камандуючым Ваенна-паветранымі войскамі Раійскай Федэрацыі (1996-2003 гг.), потым губернатарам Разанскай вобласці. Генерал-палкоўнік у адстаўцы, доктар педагагічных навук, прафесар.

- А болей нічога не прапусціў? Што варта было б яшчэ напісаць у гэтай кнізе?

- Зразумела, усяго ахапіць нельга, але сёння я шкадую, што ў гэтай кнізе няма чалавека-легенды, лётчыка-аса Рыгора Усцінавіча Дольнікава (1923 - 1996), які нарадзіўся ў вёсцы Сахароўка Горацкага раёна. Гэта ён паслужыў прататыпам для апавядання Міхаіла Шолахава "Лёс чалавека" /"Судьба человека"/. Пасля быў зняты аднайменны кінафільм. Ён стаў першым беларусам, які заслужыў ганаровае званне "Заслужаны ваенны лётчык СССР". Пра Дольнікава, які прайшоў праз пекла нацысцкага палону, паваяваў у партызанскім атрадзе, а пасля зноў ваяваў на амерыканскім самалёце "Аэракобра" і свой дзень нараджэння, калі яму было ўсяго 22 гады, адзначаў 8 мая 1945 года ў Берліне. А пасля быў высланы з Аўстрыі на востраў Сахалін на 8 гадоў. Высланы за тое, што толькі быў ў нямецкім палоне. Гэты лётчык са шчаслівым лёсам. Ён даслужыўся да генерал-палкоўніка, займаў пасаду намесніка камандуючага Ваенна-Паветранымі Сіламі СССР па кадрах у 1981-1987 гадах. Толькі праз 33 гады пасля яго ваенных подзвігаў ён атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Абараніў дысертацыю кандыдата гістарычных навук. А вось на ўвекавечанне яго памяці яму таксама не шанцуе. У кнігу "Памяць. Горацкі раён" ён не трапіў і ў мой зборнік военачальнікаў таксама, хоць матэрыял у мяне пра яго быў у маім архіве. Мяне мая памяць падвяла.

Вось такая атрымалася размова аўтара з першым чытачом яго кнігі Варганавым.

Валерый Варганаў, настаўнік-метадыст Кармянскага раёна.

Свята беларускага пісьменства ў Гародні

У Гародні прайшло Свята беларускага пісьменства, якое зладзіла Гарадзенская епархія Праваслаўнай Царквы. У дзень на руінах Ніжняй Царквы прайшло чытанне акафіста "Найсалодкаму імю Ісуса Хрыста" аўтарства Францішка Скарыны. А ўвечар, у зале пры Пакроўскім Саборы, з малітвай і спевамі гімна "Магутны Божа" архірэйскім хорам пачалася цікавая музычна-асветніцкая імпрэза. Тэма "Свята беларускага пісьменства" і праца прыходу Сабора аказаліся ўзаемазвязанымі паміж сабою, кажа настаяцель храма айцец Георгій Рой:

- Тэма, прысвечаная 400-годдзю беларускага Буквара, мае для нас вельмі важнае значэнне. Адным са стваральнікаў гэтага Буквара меркавана быў прападобны Лявонці Карповіч, Архімандрыт Віленскі. Катэхізічныя курсы пры нашым саборы носяць яго імя. Таму, калі мы даведаліся пра выхад гэтага факсіміле, такую цудоўную знаходку, то, канешне, мы адразу зацікавіліся.

Цэнтральным мерапрыемствам свята стала прэзентацыя першага вядомага ў свеце Буквара, які быў выдадзены беларусамі. Прэзентаваць выданае сёлета факсіміле прыехаў з выступам Алесь Суша, прадстаўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ён расказаў удзельнікам свята пра акалічнасці адшукання Буквара ў адной прыватнай бібліятэцы Лондана. Агулам беларускі першы Буквар захаваўся ў двух асобніках і не ў Беларусі, а ў Даніі і Вялікабрытаніі. Кажа Алесь Суша:

- У выніку ні адзін з Буквароў, напрыклад, 17-га стагоддзя, у Беларусі не захаваўся. А іх было багата. Іх многа выдавалася і вельмі вялікімі тыражамі, у адрозненні ад навуковай ці нават акадэмічнай літаратуры. У Беларусі яны не захаваліся не таму, што іх нехта свядома знішчаў, проста таму, што іх зачыталі да дзірак. Але засталіся яны за мяжой, куды іх людзі ў свой час вывезлі.

Імпрэза была таксама аздобленая выступамі музыкаў і філатэлістычнай выставай калекцыянера Лявона Карповіча з Лунны пад назвай "Біблейская гісторыя, ілюстраваная паштовымі маркамі."

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня. Фота аўтара.

У Лідзе пачнуць вучыць грэцкай мове

Авалодаць новай для нашага рэгіёна замежнай мовай можна будзе ў нядзельнай школе пры Свята-Міхайлаўскім саборы. Цяпер ідзе набор усіх ахвотнікаў.

Курс грэцкай будзе весці інакіня Аляксандра. Некаторы час назад яна прыбыла на Лідчыну з Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай абіцелі. Матухна Аляксандра скончыла багаслоўскі факультэт Афінскага дзяржаўнага ўніверсітэта і вольна валодае мовай.

Падрабязнасці навучання і іншую інфармацыю можна даведацца ў Свята-Міхайлаўскім саборы.

Таццяна Дудзіч.

Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі

16 верасня ў Мажэйкаўскім доме культуры Лідскага раёна прайшоў другі адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары ...ды халодныя ранкі". Сёлетні склад удзельнікаў уражвае - 20 канкурсантаў з чатырох раёнаў Гарадзенскай вобласці:

1. Фальклорны ансамбль "Крынічка" (дзеці 9-13 гадоў) аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты ДУК "Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу";

2. Эльвіра Кепель з філіяла "Дзітвянскі Дом культуры";

3. Народны ансамль бытавых інструментаў "Каханачка" філіяла "Мажэйкаўскі Дом культуры";

4. Наталля Шчалканогава з аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды;

5. Кацярына Каспорская і Алеся Ярунічава з філіяла "Ёдкаўскі Дом культуры";

6. Кацярына Папова з філіял "Першамайскі Дом культуры";

7. Зміцер Сакалоў і Мікалай Сакалоўскі з філіяла "Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр".

8. Цімафей Кулеш з філіяла "Гудскі цэнтр творчасці і дасугу";

9. Вера Дзянішчык з філіяла "Ходараўскі Дом культуры";

10. Надзея Талашка з філіяла "Мацвееўскі Дом культуры" ГДУК "Ваўкавыскі цэнтр культуры і народнай творчасці";

11. Фальклорны ансамбль "Весялуха" аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі ДУК "Іўеўскі цэнтр культуры і народнай творчасці"

12. Фальклорнае аматарскае аб'яднанне Вяртанне да вытокаў" філіяла "Беліцкі Дом культуры";

13. Фальклорны гурт "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды;

14. Фальклорны гурт "Чараўніцы" філіяла "Мацвееўскі Дом культуры" ДУК "Ваўкавыскі цэнтр культуры і народнай творчасці";

15. Фальклорнае аматарскае аб'яднанне "Ульяніца" філіяла "Ганчарскі Дом культуры";

16. Бядуха Тарэса Браніславаўна, 1942 г.н. з філіяла "Мінойтаўскі культурна-дасугавы цэнтр";

17. Забалоцкая Ганна Андрэеўна (82 гады) з філіяла "Мацвееўскі дом культуры" ДУК "Ваўкавыскі цэнтр культуры і народнай творчасці";

18. Ясюкайціс Тарэза Юзэфаўна з філіялф "Ваверскі Дом культуры";

19. Народны фальклорны гурт "Вяргіня" аддзела культуры і дасугу "Ракавіцкі Дом культуры" ДУК "Шчучынскі цэнтр культуры і народнай творчасці";

20. Фальклорны гурт "Вавярэск" філіяла "Ваверскі Дом культуры".

Акрамя таго па-за конкурсам удзел у фестывалі браў заслужаны фальклорны ансамбль "Гасцінец" з мястэчка Ракава Валожынскага раёна Менскай вобласці.

У большасці на фестывалі гучалі песні, запісаныя ў непасрэднай блізасці ад населеных пунктаў, адкуль прыехалі канкурсанты. Гучалі песні і са зборніка Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Feliksowie".

У журы конкурсу акрамя спецыялістаў-фалькларыстаў з Ліды і Гародні ўваходзіў і рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік.

Вызначыцца з пераможцамі было вельмі няпроста, але сябры журы таксама былі не навічкі і бачылі многіх удзельнікаў не першы раз, маглі параўнаць удзельнікаў не толькі паміж сабой, але і зрабіць рэтраперспектыву і параўнаць сённяшняе выступленне з папярэднімі, убачыць навізну ў рэпертуары і рост майсэрства.

У выніку першае месца аддалі Народнаму фальклорнаму гурту "Вяргіня" аддзела культуры і дасугу "Ракавіцкі Дом культуры" ДУК "Шчучынскі цэнтр культуры і народнай творчасці". Другое месца заняў фальклорны гурт "Чараўніцы" філіяла "Мацвееўскі Дом культуры" ДУК "Ваўкавыскі цэнтр культуры і народнай творчасці". Два трэція месцы засталіся на Лідчыне ў Зміцера Сакалова і Мікалая Сакалоўскага з філіяла "Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр" і фальклорнага гурта "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды.

Прызы глядацкіх сімпатый атрымалі носьбіты: Тарэза Юзэфаўна Ясюкайціс з агагарадка Ваверка і Забалоцкая Ганна Андрэеўна з Ваўкавыскага раёна.

Велізарную працу па арганізацыі фестывалю правяла вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Г.М. Некраш. Акрамя ўсяго нялёгка было знайсці спонсараў, але прызы, асабліва пераможцам, былі важкія, а за першае месца, як падняць.

Сярод прызоў быў і буклет, выдадзены рэдакцыяй газеты "Наша слова" па выніках леташняга фестывалю. Зборнік песень Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары … ды халодныя ранкі" пабачыў свет у 1992 годзе, і ў раёне было ўсяго некалькі асобнікаў зборніка, і вось выйшлі буклеты, якія ўключаюць у сябе ўвесь зборнік Земавіта Фядэцкага. Бярыце і спявайце. Зборнікі атрымалі ўсе ўдзельнікі фестывалю. Яны будуць у кожным доме культуры і ў кожнай бібліятэцы Лідскага раёна.

Фестываль стаў доказам любові кожнага ўдзельніка да народнай песні, да сваёй маленькай радзімы, да Бацькаўшчыны, доказам таго, што мы пачалі вучыцца памятаць сваіх продкаў і іх заслугі перад краінай і народам.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX