Вярнуцца: 2018

№ 39 (1398)


Дадана: 27-09-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 39 (1398), 26 верасня 2018 г.

26 верасня - Еўрапейскі дзень моў

Папа Францішак на зямлі ВКЛ

22 верасня ў 10.35 па мясцовым часе самалёт з Папам Францішкам на борце прызямліўся ў аэрапорце Вільні. Прывітаць Пантыфіка прыбыла прэзідэнт Летувы Даля Грыбаўскайтэ. Былі выкананы гімны Святога Пасаду і Летувіскай Рэспублікі. З боку Каталіцкага Касцёла Святога Айца прывітаў старшыня каталіцкіх біскупаў у Літве мітрапаліт віленскі арцыбіскуп Гінтарас Грушас.

Пасля прывітальнай цырымоніі Папа праехаў вуліцамі Вільні ў прэзідэнцкі палац, дзе правёў сустрэчу з Даляй Грыбаўскайтэ.

На сустрэчу з Пантыфікам у старажытную сталіцу ВКЛ 22 верасня прыбыло каля 30 тысяч чалавек, з якіх больш за паўтысячы - з Беларусі.

Пасля малітвы ў Вострай браме Папа прыехаў на плошчу перад Віленскай катэдрай. Моладзь сустракала Святога Айца гімнам «Езус Хрыстус - мая надзея», напісаным спецыяльна да гэтай падзеі. Пасля перад Пантыфікам выступілі прадстаўнікі моладзі.

23 верасня Папа Рымскі прыбыў у Коўню, дзе цэлебраваў св. Імшу для сабраных у парку Сантакос. Прывітаць Пантыфіка сабралася каля 100 тысяч чалавек, сярод якіх і больш за 800 святароў.

Святую Імшу канцэлебравалі арцыбіскуп Ліангінас Вірбалас, біскуп Каўнаса, і арцыбіскуп Гінтарас Грушас, старшыня літоўскага епіскапату, больш за 30 біскупаў з Літвы і прылеглых краін, а таксама больш за 800 святароў з Літвы, Польшчы, Беларусі, Латвіі, Расіі, Ісландыі і інш.

Апошнім пунктам, падарожжа Папы па Летуве было наведванне Музея акупацыі і барацьбы за свабоду, які размяшчаецца ў даўняй сядзібе КДБ у Вільні.

catolic.by.

Вячку Целешу - 80

Вячка ЦЕЛЕШ (нар. 25 верасня 1938, п. Краснасельскі) - беларускі мастак, гісторык і пісьменнік у Латвіі. Сябра Саюза мастакоў Беларусі і Латвіі.

Нарадзіўся на Ваўкавышчыне. У 1961 навучаўся ў мастацкай вучэльні. У 1961-1964 служыў ў савецкім войску ў Вільні. Пад час службы працягваў наведваць мастацкую студыю Палаца чыгуначнікаў. У 1975 скончыў жывапісна-педагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў імя Т. Залькална.

Удзельнічаў у болей за 100 выставаў.

На яго карцінах выбітныя беларускія і латышскія дзеячы: Францішак Скарына, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Яніс Райніс. Ён стваральнік серыі экслібрысаў выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры - Зоська Верас, Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс.

Яго карціны маюцца ў музеях і прыватных зборах Беларусі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Канады, Кітая, Латвіі, Партугаліі, Расіі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі.

Працуе дацэнтам кафедры культуры і мастацтва Інстытута менеджменту інфармацыйных сістэмаў.

У 2006 годзе ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвіі - Ордэнам Трох Зорак.

Вікіпедыя.

60 гадоў Сяргею Чыгрыну

24 верасня адзначыў свой 60-гадовы юбілей Сяргей ЧЫГРЫН, беларускі краязнавец, літаратар, журналіст, тэатрал. Сяргей Чыгрын нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна. Скончыў Хадзявіцкую няпоўную сярэднюю школу (1974), тэатральнае аддзяленне Магілёўскай культасветвучэльні і філалагічны факультэт БДУ (1985 год). Працаваў загадчыкам аддзела культуры і спадчыны "Газеты Слонімскай", працуе загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра.

Дэбютаваў вершам "Свеціць сонейка" у часопісе "Бярозка" (1975). Аўтар зборнікаў паэзіі "Шчырая Шчара" (1993), "Горад без цябе" (1999), "Лірыка" (2007), "Камень Міндоўга" (2009), кнігаў гістарычна-краязнаўчых артыкулаў "Янка Купала і Слонімшчына" (1993), "Родам са Слонімшчыны" (2003), "Пакліканыя на родны парог" (2005), "Чамяры і чамяроўцы" (2006), "У пошуках слонімскіх скарбаў" (2007), "Беларуская Беласточчына" (2008), "Тэатар у Слоніме" (2008), "З беластоцкай зямлі" (2008), "Мастак Антон Карніцкі" (2009), "Жыў роднай песняй" (2010), "Альбярцін. Гісторыка-краязнаўчы нарыс" (2011), "Па слядах Купалы і Коласа" (2012), "Такі іх лёс" (2012), "Слонімскія падмуркі (2012), "Сярод сваіх людзей" (2012), "Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны" (2013), "Слонімскі буквар" (2013), "Легенды і паданні Слонімшчыны" (2013), "Іншых шляхоў не было" (2013), "Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950) (2014), "Слонім і ваколіцы" (2014), "Шляхамі Беласточчыны" (2015), "Мора Віктара Шведа" (2015), "125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны" (2015), "На радзіме Ігната Дварчаніна. З краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне", "Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны. 1916-2016" (у суаўтарстве з Сяргеем Яршом, 2016), "Каляндар Слонімшчыны" (у суаўтарстве з Уладзімірам Хільмановічам, 2018), ды іншых. Агулам выдаў больш за 50 кніг. Сяргей Чыгрын стварыў па-сутнасці сапраўдную гістарычна-краязнаўчую энцыклапедыю Слонімшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя.

125 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі

Нарадзілася Паўліна Мядзёлка 24 верасня 1893 г. у мястэчку Будслаў Віленскага павета. Бацька, Вінцэнт Мядзёлка, касцельны арганіст. У 1898 сям'я пераехала ў Глыбокае. Тут Паўліна Мядзёлка скончыла Глыбоцкую царкоўна-прыходскую вучэльню. З 1907 г. - у Рызе, вучылася на вечаровых курсах для дарослых. З 1909 г. у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер. Пазнаёмілася з Янкам Купалам, А. Бурбісам, Ядвігіным Ш., Цёткай, З. Бядулем, К. Каганцом, стала ўдзельніцай сацыялістычных гурткоў. Увосень 1912 г., пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914 г.

У 1913 г. выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм'еры п'есы Я. Купалы.

Падчас 1-ай Сусветнай вайны - у эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 г. - у Петраградзе, сакратар Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 г. працавала ў Кіеве ў "Саюзе гарадоў", у аддзеле дапамогі ахвярам вайны па арганізацыі дзіцячых прытулкаў. У кастрычніку 1917 г. па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў вёсцы Жорнаўка Ігуменскага павета. Пасля таго, як у сакавіку 1918 г. школа была закрыта, перабралася ў Менск.

Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гародню. З 1918 г. выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919 г. - інспектар беларускіх школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гародні. 20 ліпеня 1919 г. арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты "Родны край" (Гародня), дзе, дарэчы, і друкавалася.

З пачатку 1920 г. у Менску, кіравала беларускай жаночай школай. Зноў арыштавана разам з мужам Т. Грыбам польскімі ўладамі ў траўні 1920 г. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Вронкі на Познаньшчыне. Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на "ўсходнія крэсы". Па падробных дакументах выехала ў Вільню, потым (у лютым 1921 г.) трапіла ў Летуву.

У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газеце "Сялянская доля". З восені 1921 г. па прапанове Ц. Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне. У 1922 г. пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). 10 сакавіка 1924 г. тэатральная група Дзвінскай беларускай гімназіі была запрошана Я. Райнісам для выступлення ў Латышскім Нацыянальным тэатры. І пастаноўку "Паўлінкі", і выступленне хору высока ацаніў дырэктар тэатра Яніс Райніс. "У часе антракту і пасля канцэрту, - як згадвала П. Мядзёлка, - Я. Райніс заходзіў на сцэну, каб пахваліць і падзякаваць за ўдалы спектакль і харавыя спевы".

У траўні 1924 г. арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у красавіку 1925 г.

22 траўня 1925 г. разам з братам Зыгмусем прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульту. У 1927-1930 гг. выкладала беларускую мову ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Арыштавана ГПУ БССР 18 ліпеня 1930 г. па справе "Саюза вызвалення Беларусі"; выслана ў Казань. З восені 1932 г. выкладала расейскую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ.

Улетку 1947 г. пераехала ў Будслаў. Да 1958 г. працавала настаўніцай. У Будславе напісала свой найбольш значны твор - мемуары "Сцежкамі жыцця", якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 г. (асобным выданнем выйшлі ў 1974; ч. 2 надрукавана ў 1993 г.). Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1966).

Вікіпедыя.



Навуковая канферэнцыя -- ХVІ Архіўныя чытанні да 125-годдзя артысткі, педагога, мемуарысткі, Заслу-жанага дзеяча культуры Беларусі Паўліны Мядзёлкі (1892 - 1974) адбудуцца 4.Х.2018 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску.

Беларусь глыбей пазнае гісторыю Бібліі

Важная падзея з'яўляецца працягам святкавання 500-годдзя беларускай Бібліі - упершыню ў нашу краіну прыбылі каштоўныя рарытэты сусветнага значэння: каля 200 унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў кніжнай культуры, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння, распаўсюджвання і захавання Бібліі.

20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распачала дзейнасць міжнародная выстава "Беларусь і Біблія", прысвечаная самай вядомай і ўплывовай кнізе. Галоўная кніга чалавецтва становіцца на пачэснае месца ў айчыннай культуры, як гэта было спрадвеку. Біблія Скарыны, якая ляжыць як на алтары ў Музеі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы, як у храме кніг, прыцягвае да сябе, а разам з ёй - найбольш старажытныя асобнікі Святога Пісьма з розных краін.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі адзначыў, што асноўнай місіяй асветніцкай установы з'яўляецца захоўванне духоўнай спадчыны і дэманстраванне агульначалавечых здабыткаў, якія перамяняюць свет да лепшага. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі Каталіцкага касцёла, Праваслаўнай царквы, пратэстанцкіх супольнасцяў, святары і пастары, габрэйскія духоўныя кіраўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных структур. Цудоўная музыка і спевы суправаджалі адкрыццё выставы і напаўнялі сэрцы прысутных радасцю.

- Біблія з'яўляецца дзейсным Словам Божым, дадзеным нам для духоўнага перамянення. Выстаўка будзе спрыяць міжканфесійнаму дыялогу, - запэўніў Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Дабраслаўленне важнаму мерапрыемству ад Мітрапаліта Паўла перадаў пратаіерэй Сергій Гардун, член Біблейскай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

- Выстава непаўторная тым, што ўпершыню яна дэманструе ўсю гісторыю стварэння і распаўсюджвання Бібліі. Падобная экспазіцыя разгортвалася да гэтага толькі ў Ганконгу. І вось выбар выпаў менавіта на Беларусь, таму што наша краіна адзначала ў мінулым годзе 500-годдзе беларускай Бібліі, - паведаміў супрацоўнік інстытыта гісторыі НАН Андрусь Унучак.

Дзейнасць выставы стала магчымай дзякуючы дзелавым кантактам, якія ўсталяваліся паміж бібліятэкай і амерыканскімі даследчыкамі падчас дэманстравання ў ЗША факсімільнага ўзнаўлення "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны" ў юбілейным 2017 годзе.

Арганізатарамі выставы выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і "Група даследвання рукапісаў" (ЗША).

У яе падрыхтоўцы прынялі ўдзел дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, намеснік дырэктара Аляксандр Суша, дырэктар арганізацыі "Група даследванняў рукапісаў" Скот Кэрал, выканаўчы дырэктар праекту "Inspired" Дэвід Эдзінгтан, арганізатар праекту Павел Дзячэнка, а таксама прадстаўнікі навуковых і грамадскіх арганізацый.

На выставе можна ўбачыць выданні Бібліі розных канфесій на розных мовах свету - помнікі сусветнага значэння, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Вялікую цікавасць прадстаўляюць Паліглоты - шматмоўныя Бібліі. Лонданская Паліглота 1653-1656 года ўтрымлівае адначасова тэксты на іўрыце, сірыйскай, арамейскай і іншых мовах.

Адзін з тэматычных раздзелаў выставы прысвечаны гісторыі Бібліі на беларускіх землях. Дасягненні айчыннай кніжна-пісьмовай культуры прадстаўлены як неад'емная частка агульнасусветнай культуры і духоўнай спадчыны. Кніжны фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дазволіў прадэманстраваць рукапісныя Торы, Слуцкае і Тураўскае Евангеллі, Апосталы XVІ-XXІ стагоддзяў, выданні Францішка Скарыны і яго паслядоўнікаў, шэдэўры выдавецкага мастацтва знакамітых друкароў, пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую і еўрапейскія мовы, а таксама прыклады мастацкага афармлення Святога Пісання лепшымі майстрамі XVІ-XXІ стст.

- Беларуская кніжная традыцыя грунтуецца на Бібліі, - адзначыў Алесь Аляксандравіч Суша. - Біблія - самая доўгажывучая і найбольш перапісваная кніга. Таму мы збіраем яе асобнікі і знаёмім з імі наведвальнікаў.

Археолаг і гісторык доктар Скот Кэрал і яго жонка Дэніс прыбылі са штата Мічыган (ЗША). У сужанцаў - 4 дзяцей і 4 унукаў. Доктар Скот з'яўляецца дырэктарам даследчага цэнтра, вывучае старажытныя рукапісы, працуе са студэнтамі. Ён праводзіў раскопкі ў Егіпце і іншых краінах свету.

Доктар Скот паведаміў, што выстаўка будзе дэманстравацца восенню і зімой у Эрмітажы ў С. Пецярбургу і памяшканні Дзяржаўнай Думы ў Маскве.

Для наведвальнікаў малодшага ўзросту прадугледжана шматфункцыйная інтэрактыўная пляцоўка з дзеючым друкавальным варштатам і мультымедыйным абсталяваннем, арыентаваным на дзяцей.

Беларусь атрымала ўнікальную магчымасць і вялікае дабраславенне ў больш глыбокім пазнанні Бібліі.

- Нам даецца магчымасць напоўніць сябе Духам Святым, паглыбіць нашу веру і веды ў гісторыі найбольш уплывовай кнігі чалавецтва, - адзначыў адзін з праваслаўных святароў.

Выстава працягне дзейнасць да 21 кастрычніка.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. А. Суша, Раман Матульскі, Дэвід Эдзінгтан, Скот Кэрал; 2-3. На выставе.

Біблія ў літаратурнай традыцыі народаў

"Шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго."

(Лукі II)

Унікальная міжнародная выстаўка "Беларусь і Біблія" праходзіць у Менску з 20 верасня да 21 кастрычніка.

Змест Святога Пісання цягам тысячагоддзяў вывучалі святыя айцы Царквы: Іаан Залатавуст, Іеранім Стрыдонскі, Аўгустын, Рыгор Багаслоў, Леў Вялікі, Кірыл Ерусалімскі, Васіль Кесарыйскі і іншыя.

Беларускія пісьменнікі і паэты на працягу стагоддзяў звярталіся да біблейскіх тэм і сюжэтаў, паглыбляліся ў радкі Бібліі і вобразна перастваралі іх, каб наблізіць да сучаснікаў сэнс і змест.

Францішак Скарына і Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч і Янка Купала, Вінцук Адважны, Рыгор Барадулін і Алесь Разанаў, Мар'ян Дукса і Фелікс Баторын чэрпалі вобразы ў Старым і Новым Запаветах.

Янка Купала ў дакастрычніцкай творчасці звяртаўся да Боскіх тэмаў у вершах "Малітва" (1906), " Вялікдзень" ( 1909)," Мая малітва" ( 1912).

Максім Багдановіч пісаў у вершы "Кніга" ў 1910 годзе:

"Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,

Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,

Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай

І воску з ладанам прыемны пах пачуў."

Народны адвакат і паэт Францішак Багушэвіч набыў Біблію ў 1875 годзе на Украіне і не расставаўся з ёй да канца жыцця, чэрпаючы ў ёй суцяшэнне і маральную апору. Гэта адзіная кніга з яго бібліятэкі, якая ацалела да сённяшніх дзён і захоўваецца ў акадэмічнай бібліятэцы Летувы.

Вінцук Адважны, які служыў з айцамі-марыянамі ў Друі, выязджаў на місію ў Кітай, цярпеў пакуты ў сталінскіх лагерах, а пасля вайны працягваў літаратурную дзейнасць і служэнне для беларусаў Вялікабрытаніі, звяртаўся да біблейскіх тэкстаў у вершах: "Прарок", "Прамудрасць Саламона", "Фарысей і мытнік", "Малітва да Св. Тройцы".

"Аднак казаць я праўду буду

Да цвёрдых сэрцаў свайго люду.

Святы мой Бог - святы навекі!" - пісаў ён.

Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін стварыў кнігі духоўнай паэзіі "Ксты", пераасэнсоўваў кнігу "Псальмаў", перастварыў па-беларуску "Песнь над песнямі", напісаў цыклы вершаў: "Следам Эклезіяста", "Следам прыпавесцяў Саламонавых", "Следам Апостала Паўла".

Мар'ян Дукса ў вершах "Пасля споведзі", "Без цябе, Езус", "Твая цярплівасць" імкнуўся выявіць чалавечы вопыт спасціжэння Бога, які з'ўяляецца крыніцай ісціны, мудрасці, этыкі.

Праз сваіх лепшых мысліцеляў, паэтаў і пісьменнікаў, навукоўцаў і даследчыкаў беларускі народ мае магчымасць глыбей усвядоміць змест Бібліі.

"Гісторыя ўсё ведае пра нас.

Яна была і ёсць жывая сведка

Таго, як адбываецца ўвесь час

Паразуменне Бога і чалавека.

Яно, паразуменне, існуе,

Альбо яго няма ці надта мала,

Яно нам сілы плённыя дае,

Яно аберагае ад навалы." - напісаў Мар'ян Дукса


У ЗША, адкуль прыбылі арганізатары міжнароднай выстаўкі "Беларусь і Біблія", біблейская традыцыя не перарывалася часамі атэізму. На біблейскае права абапіраліся першыя заканадаўцы ЗША. У 19-тым стагоддзі цікавасць да Святога Пісьма мела літаратурны характар. Вобразы і тэмы з Бібліі былі адлюстраваны ў творчасці Г. Лангфэла і Дж. Г. Уіц'ера. Біблейская сімволіка пранізвае раман Мелвіла "Мобі Дзік".

У 20-ым стагоддзі біблейскія матывы выкарыстоўваліся ў амерыканскай літаратуры часцей, чым у 19-ым стагоддзі. Літаратары пераасэнсоўвалі лёс біблейскіх персанажаў адпаведна праблематыцы свайго часу.

Э. Оліна.

Мова, якую забаранялі французы

Бібі Бахрамі

Насуперак намаганням, што цягнуцца стагоддзямі, зрабіць стандартызаваную французскую мову мовай усёй Францыі, аксітанская мова, неадрыўна спалучаная з мясцовай культурай, не паддалася гвалту.

Дзевяць год таму золкім зімовым вечарам я брыў па халодным вулічным бруку пад моцным ветрам у спіну, у сярэднявечны горад Сарлатла-Канеда ў дэпартаменце Дардонь на паўдзённым захаде Францыі. Гэты край славуты сваімі дагістарычнымі пячорамі, сярэднявечнымі замкамі і труфелямі. Але я быў тут зусім з іншае прычыны. Тут павінен быў адбыцца мой першы ўдзел у сходзе "Кафэ Ок", штомесячным гутарковым гуртку ў кавярні "Ла Люн Пуаўр", дзе тутэйшыя жыхары збіраюцца, каб папрактыкаваца ў аксітанскай мове, мове тутэйшага краю.

Хоць багата людзей нічога не чулі пра аксітанскую, вядомую таксама як лянг д'ок - мова ок - гэта адна з некалькіх раманскіх моў, што ўтварыліся з народнае лаціны і на шасці ейных буйных дыялектах усё яшчэ размаўляюць у паўдзённай Францыі, а таксама ў некаторых раёнах паўночна-заходняй Італіі і паўночнай Іспаніі. З думкамі пра тое, як стрэнуць мяне, чужынца, але замілаванага мовай і культурай, і спадзеючыся даведацца болей, я расчыніў дзверы і падрыхтаваўся даваць тлумачэнні. На мяне абрынулася, як цёплае паветра з вострым пахам падагрэтага віна з прыправамі, гэтак і ўсеагульнае вітанне.

- Benvenguda a Cafе Oc, - (Вітаем вас у "Кафэ Ок") - выгукнулі 10 чалавек, усе веку 60 год і старэй, па-аксітанску. Я назваў сябе па-французску, і яны запэўнілі мяне ў сваёй прыязнасці. Як доказ таго, адна з жанчын села злева да мяне і ціхім шэптам перакладала мне размову па-французску. Іхняя цеплыня, ейная прыязнасць і гамонка ў той вечар павялічылі маё замілаванне гэтай старадаўняй зямлёй Перыгор, ранейшая назва Дардоні, якая таксама ўключае частку вобласці Лот-эт-Гарон на поўдзень ад Дардоні. Гэты край вабіў да сябе людзей цягам 400.000 год.

У той вечар у "Кафэ Ок" прысутныя, усе знітаваныя з зямлёй і традыцыямі, гаманілі багата пра што. Яны расказвалі пра гадаванне, вырошчванне і выраб усяго таго, чым кормяцца іхнія сем'і, як збіраць баравікі; пра сярэднявечны шлях пілігрымкі, што праходзіць праз іхнюю мясцовасць да Сант'яга дэ Кампастэла, пра збор і продаж труфеляў на Каляды і пра маляўнічых фальклорных герояў, самы вядомы з якіх "леберу", перыгорскі кшталт істоты-ваўкалака.

Я даведаўся, што некалі аксітанская мова была лінгвай франка поўдню Францыі, і яна славутая як мова, на якой пяялі трубадуры. Але ў 1539 годзе кароль Франсуа І падпісаў эдыкт, ператвораны ў закон, Ардананс Вілер-Катрэ ( Ordo-nnance de Villers-Cotterеts), які ператварыў франс'ен, паўночны французскі дыялект Парыжа і Іль-дэ-Франса, у афіцыйную мову ўсяе краіны.

Аднак па-за афіцыйнымі справамі і пісьмовымі дакументамі, гэткімі, як пасведчанні пра шлюбы, смерці і нараджэнні, будзённае жыццё цякло далёка ад афіцыйнага, і аксітанская мова заставалася моваю хаты, поля і сям'і. Грэм Роб у сваёй гістарычнай геаграфіі "Адкрыццё Францыі" адзначыў, што нягледзячы на трохсотгадовыя намаганні зрабіць стандартызаваную французскую мову мовай усёй Францыі, у 1863 годзе на поўдні краіны больш за палову насельніцтва заставалася не франкамоўнымі. У Дардоні ягоная колькасць была нават вышэйшая, бо болей за 90% насельніцтва была пераважна аксітанамоўная.

Але трохі болей за 100 год таму, на перагіне 20 стагоддзя, цэнтральны ўрад пачаў агрэсіўную кампанію па выкараненні любой мовы, якая не была стандартызаванай французскай. Аксітанскую мову забаранілі выкладаць у школах, і дзяцей каралі за карыстанне роднай мовай, і тое багата ў каго выклікала глыбокі сорам. Багата старых людзей у Дардоні ўсё яшчэ расказваюць, як іх прыніжалі ў школе за маўленне па-аксітанску.

Дардонскі край багаты рэкамі, што глыбока прарэзалі ў мяккім залацістым вапняку пячоры і крутыя стромы, гэта край урадлівых далін і ўзвышаных раўнін з пагоркамі.

Гэта земляробчы і жывёлагадоўчы край з традыцыйнымі невялікімі земляробчымі і жывёлагадоўчымі гаспадаркамі. Цяпер поруч з турызмам сродкі да існавання ў Перыгоры наўпрост звязаны са старажытнай зямлёй, дзе мінуўшчына непарыўна перацякае ў цяпершчыну.

Неўзабаве пасля майго першага ўдзелу ў сходзе ў "Кафе Ок" я далучыўся да Бруна Элюэра і Беатрыс Малярэ, тутэйшых праваднікоў і сузаснавальнікаў мясцовай турыстычнай кампаніі "Дардонь Фэлаў Трэвалэ" ў штотыднёвых вандроўках з наведаннем пячор, замкаў і лясных абшараў. Мне быў цікавы іхні досвед аксітанскай мовы. Здавалася, што, нягледзячы на ўзгадаванне франкамоўнымі, гэтая мова глыбока запала ў іхнія сэрцы.

- Аксітанская мова - частка маіх самых ранніх успамінаў, - сказаў мне Элюэр. - Андрэа, работніца маёй дваюроднай бабулі, звычайна звала мяне moun cacalou ( мой арэшак), і гэта ператварылася ў маю першую мянушку.

Малярэ працягнула гутарку, патлумачыўшы, што мова ад прыроды знітавана з культурай Перыгора і як аксітанская пранікнёна перадае лад тутэйшага жыцця, падрабязнасці, што прападаюць, калі іх выкласці па-французску ці якія папросту не маюць французскіх слоў.

- Яна - аксітанская - ад прыроды злучана з зямлёю, з дваром, са звычаямі і паданнямі, - кажа Беатрыс. - Пэўныя паняткі, датычныя жывёл і раслін, вядомыя толькі на ранейшай мове. У Дардоні le cluzeau (выдзеўбаць скалу ці пячорнае сховішча), le cingle (пакручастая сцяжынка), le tеchou (па-рсюк) заўсёды вымаўляюцца па-аксітанску.

- Мне надта падабаецца паэтычнасць некаторых адмысловых слоў, незразумелых іным, залежна ад мясцовасці, - працягвае яна. - Проста едучы з Дардоні да Лоту, усяго некалькі кіламетраў, я часам сустракаю розныя выразы, розныя варыянты назваў той самай птушкі, такога ж самага дрэва, мне падабаецца, што кожны імкнецца засвоіць рэальнасць па-свойму.

Цесная, знітаваная да драбніц сувязь паміж моваю і зямлёю яшчэ выразней выявілася падчас шпацыраў у адзіноце па наваколлі, якія я ўпадабаў рабіць і што раблю амаль штогод ад таго часу, калі я ўпершыню прыехаў сюды дзевяць год таму.

Аднойчы я спаткаў мужчыну, які стаяў між сваіх вінаградных лазін і па-аксітанску шаптаў ім замову заахвочання расці і буяць. Ягоныя вочы былі заплюшчаныя, пальцы лашчылі лісце, а далоні былі павернуты да неба, - рытуал, як ён пазней патлумачыў мне, быў гэткі ж важны, як дождж, зямля і абрэзка галін.

Мне даспадобы, што кожны імкнецца засвоіць рэальнасць па-свойму.

Іншым разам я праходзіў паўз чалавека, які палоў свой агарод і паставіў побач невялікую пасудзіну з вадою, каб мясцовыя гілі, вядомыя прынамсі пад трыма назвамі ў аксітанскай мове, у залежнасці ад таго, у каго ты пытаеш, ( barbarоs, papachrоs and rigal), здолелі зляцець уніз у госці.

Я таксама гутарыў з фермерам, які расказаў мне, што кожны год пасля арання поля, выварочваюцца новыя каменныя прылады, некаторыя неандэртальскія, іншыя ад краманьёнцаў. Я даведаўся, што сама назва краманьён аксітанская. Cro значыць па-аксітанску "дзірка", "пустата", ( creux на французскай), а Маньён было прозвішча гаспадароў, у чыіх уладаннях у вёсцы Ле Эйзі работнікі ў 1868 годзе знайшлі пяць шкілетаў узростам 27.000 год.

Тое, што мова так перавіта з культурай, пэўна, тлумачыць, чаму яна ніколі не прападала цалкам. Нягледзячы на тое, што ЮНЕСКА вызначыла яе як "у надзвычай небяспечным стане", мова выжыла ў традыцыйных асяродках: дома, у казках дзеткам нанач, у полі падчас сяўбы ці збору ўраджаю, на пашы і на перагонах жывёлы з летніх на зімовыя пашы, у лясах, падчас палявання, у музыцы і паэзіі. Яна вельмі выразна чуецца ў прыгаворках, што натуральным чынам злятаюць з языка, такіх як 'se la barba donava de sen, totas las cabras serіan doctors' "калі б барада дадавала розуму, то кожная каза была б доктарам" альбо 'l'aiga va totjorn d'aval' "вада заўжды цячэ ўніз" - "такое жыццё, так ужо заведзена"

Ад 1950-х гадоў аксітанская і іншыя мовы рэгіянальных мяншынь у Францыі - такія, як брэтонская, баская, фламандская і эльзаская - вярнуліся да шырэйшага публічнага ўжытку і набіраюць станоўчыя асацыяцыі, адкідаючы прэч адмоўныя адценні, навязаныя ім цэнтральным урадам 100 год таму. У 1993 годзе ўрад Францыі паведаміў настаўнікам па ўсёй краіне, каб рыхтаваліся выкладаць па дзвюхмоўнай праграме ў мясцовасцях, дзе існуюць рэгіянальныя мовы.

Больш не забароненая зараз аксітанская мова перажывае невялікае, але здаровае адраджэнне. Па ацэнках Акадэміі Бардо, якая ёсць часткай міністэрства адукацыі, прыкладна тры мільёны людзей гавораць на ёй у паўднёвым абшары Францыі. У некаторых школах - але не ва ўсіх - аксітанскую мову можна выбраць як факультатыўную; некаторыя школы ў Дардоні маюць дзвюхмоўную праграму навучання. Людзям усіх узростаў мясцовыя моўныя групы прапануюць лекцыі, канцэрты на аксітанскай мове і размоўныя гурткі, гэткія, як "Кафэ Ок".

Французская мова яшчэ займае паноўнае месца па ўсім краі, але, калі вы прыслухаецеся да людзей на базары ці да размоў у кавярнях, вы пачуеце мілагучныя гукі аксітанскай заміж французскай, альбо спалучэнне абедзвюх моў.

Нядаўна, у канцы траўня, неяк адвячоркам я прыслухаўся да жаласнай мелодыі адзінокай жалейкі з аўтастаянкі ў Сарлаце, вядомай як "Гранд Рыгадзі". У той вечар месца ператварылі ў танцавальную пляцоўку на час двухдзённага веснавога свята Ла Рынгета, на якім пануе сарлацкая і перыгорская аксітанская культура з традыцыйнымі гульнямі - такімі, як "Дзевяць калкоў", перацягванне каната, кіданне колцаў, а таксама - дзвюхмоўныя заняткі і класы па рамёствах.

Таксама ладзіцца вялікі грамадскі пачастунак, часта гусь альбо свініна, смажаная цэлы дзень на адкрытым жары, і свята завяршаецца народным танцам "Бал трад". Прываблены музыкай, я ўвайшоў на аўтастаянку: дрэвы былі ўвешаныя мудрагелістымі ліхтарыкамі, народ адпачываў па краях ці пазіраў на пары танцораў, што кружыліся пад гарачую музыку ў рытме вальса. Калі жалейка скончыла сваю жальбу, яе шумнай мелодыяй змянілі гітара і акардэон. Пары рассыпаліся і ўтварылі вялікае кола, да яго, трымаючыся за рукі і захапіўшы і мяне, далучыліся людзі рознага веку. Зрабіўшы некалькі мудрагелістых крокаў налева, а потым направа, мы рухаліся ў ап'яняльным карагодзе еднасці.

Да таго моманту я ніколі не адчуваў культуру Перыгора такой жывой. Шчыльна ўплецены ў кола, я адчуў сапраўдную глыбіню гэтай культуры і тое, чаму яна і ейная мова не згінулі.

Тэкст узяты з сайта БіБіСі.

Перастварыў з англійскай на беларускую Мікола Бусел.

Беларусь прадаўжае адзначаць 100-годдзе БНР

Вальжына Цярэшчанка спявала ў гонар 100-годдзя БНР

У Гомелі адбыўся канцэрт барда Вальжыны Цярэшчанкі, прысвечаны 100-годдзю БНР. Гэта быў першы яе сольны выступ за апошнія 15 год. Вальжына Цярэшчанка адзначае, што кожны неабыякавы чалавек павінен адзначыць 100-годдзе абвяшчэння БНР.

- Буду спяваць сёння песні на вершы тых, хто чакаў на тое, каб Беларусь зажыла сваім жыццём, каб яна была не пад кім. На жаль, гэта не адбылося, і мы ведаем, што было потым, напрыканцы 20-х - у 30-ыя гады. Усе ідэалы БНР былі разбіты. Але праз 100 год мы спяваем на вершы тых людзей, дзякуючы якім сёння мы гаворым пра гэтае свята, і цешым надзею, што будзе ў будучыні і 150 год БНР.

Арганізатар канцэрту - грамадскі актывіст Уладзімір Кацора - нагадвае, што гэты год праходзіць пад знакам 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

- Гэта выніковы ўжо канцэрт. Мне падавалася, што лепш чым Вальжына ніхто такі вынік нашай працы не падвядзе. Два тыдні назад тут зрабіў канцэрт да гадавіны Аршанскай бітвы Андрэй Мельнікаў. Таксама неблагая імпрэза атрымалася і таксама праходзіла пад знакам святкавання 100-годдзя БНР.

Падчас канцэрту гучалі песні на беларускай, польскай, украінскай мовах. Напрыканцы мерапрыемста адбыліся паказальныя баі рыцараў.

Беларускае Радыё Рацыя.

БХД, Ганна Канапацкая і Алена Анісім накіравалі ў парламент праект Закона аб ахове бел-чырвона-белага сцяга

У межах падрыхтоўкі да ўнясення на сесію Палаты прадстаўнікоў Беларуская хрысціянская дэмакратыя 18 верасня разам з дэпутатамі Ганнай Канапацкай і Аленай Анісім накіравалі Праект Закона "Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь" і абгрунтаванне да яго ў Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў.


Разам з праектам Закона ў міністэрствы былі накіраваны подпісы грамадзян у яго падтрымку, паведаміла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Дадзены Закон рэгулюе прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы бел-чырвона-белага сцяга, які з'яўляўся першым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і які мае асаблівае гістарычнае і духоўнамаральнае значэнне для нашай краіны.

- Дзякуй усім за падтрымку і ўдзел у кампаніі "За бел-чырвона-белы сцяг". Мы будзем і далей праводзіць шэраг мерапрыемстваў у межах кампаніі, каб прыцягваць увагу і дзяржавы, і грамадства да гэтай тэмы. І я веру, што разам мы зможам дамагчыся шанавання нашага дзяржаўнага сімвалу з боку дзяржавы і свабоднага яго выкарыстання, - заявіла Вольга Кавалькова.

Радыё Рацыя.

Сплаў па Нёмане, прысвечаны 100-годдзю БНР

Стагоддзе БНР - падзея, пра якую варта нагадваць і нагадваць.

Патрыёты з Лідчыны, Бярозаўкі, Менска, Гародні адправіліся 21 верасня Нёманам у 100-кіламетровае падарожжа на зробленых уласнымі рукамі плытах у гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Плыты «25 сакавіка» (дзень абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі) і «27 ліпеня» (дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР) майстравалі амаль месяц, а само падарожжа па Нёмане зойме каля тыдня. Мэта падарожжа не толькі ўшанаваць, але і адукаваць.

- Гэтую экспедыцыю мы задумалі яшчэ напрыканцы мінулага года. Пачынаем ад Бярозаўкі і канцавы прыпынак дзесьці ў раене мястэчка Лунна. Там, непадалёк ад мястэчка, ля вёскі Багатырэвічы магіла паўстанцаў 1863 года. Мусім яе наведаць і ўшанаваць памяць змагароў за незалежнасць, - распавёў адзін з ініцыятараў экспедыцыі, сябар сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак.

Па ягоных словах, падчас маршруту плануецца спыняцца ў вёсках Беліца, Пескаўцы, Моцевічы, Орля, Дубна, Лунна, і ў горадзе Масты, зразумела.

- Мэта экспедыцыі - папулярызацыя беларускай гісторыі сярод шырокіх колаў беларускага грамадства. З гэтай нагоды рыхтуюцца інфармацыйнныя буклеты "БНР-100", прызначаныя для распаўсюду сярод вяскоўцаў, банеры "БНР-100" для пэўнай візуалізацыі, - заключыў Ашурак.

Правесці плыты прыехала не так шмат народу, але тут былі кіраўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк, які прэзентаваў дзве песні, напісаныя з нагоды сплаву, а практычна ўсе ўдзельнікі сплаву - сябры ТБМ.

Сем футаў пад кілем!

Паводле СМІ.

Габрэйскі нумар часопіса "ПрайдзіСвет"

11 верасня ў кнігарні "ЛогвінаЎ" прайшла вялікая "афлайнавая" прэзентацыя "Габрэйскага акцэнту" - новага нумару часопіса перакладной літаратуры"ПрайдзіСвет" Гэты нумар прысвечаны народу, мове і творам, якія раней былі вельмі важнай часткай нашай гісторыі і культуры.

Багатая ідышамоўная спадчына Беларусі, якую мы лічым нашай, як і рускамоўную, і польскамоўную, з большага невядомая чытачу, і задача нумара пазнаёміць людзей.

Надвор'е было вельмі цёплым, нават спякотным, нягледзячы на месяц верасень. Таму прэзентацыя праводзілася на свежым паветры, на прыступках кнігарні. Імпрэзу вёў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. З уступным словам выступіў пісьменнік, перакладчык і блогер рэсурсу belisrael. info Вольф Рубінчык. Спадарыня Ганна Янкута чытала ў сваім перакладзе з ідышу верш Ганны Марголін, паэт Андрэй Хадановіч - пераклады Мойшэ Кульбака.

Вельмі ўражліва і захапляльна выступалі Сяргей Шупа, Юля Цімафеева, Кацярына Маціеўская, Павел Касцюкевіч, Ігар Крэбс, Таня Скарынкіна, Аксана Данільчык, Інэса Ганкіна, Валер Гапееў.

Паэт Віктар Жыбуль распавядаў пра Вульфа Сосенскага, чалавека, які своечасова пазнаёміў свайго земляка, юнага Самуіла Плаўніка, будучага Змітрака Бядулю з газетай "Наша Ніва" .

Сярод ключавых перакладных тэкстаў нумара - урывак з ненадрукаванага рамана Мойшэ Кульбака "Панядзелак", а таксама ягоныя вершы, урывак з паэмы Юлія Таўбіна "Таўрыда", фрагменты з "Яўрэйскай дзяржавы" Тэадора Герцля, успаміны Бэлы Шагал (пра Віцебск), Аўрома Рэйзена (пра сваё койданаўскае дзяцінства), Ісруэла-Шые Зінгера (пра Менск 1920-х), Іты Еліны (пра Магілёў канца ХІХ ст.). Упершыню друкуюцца габрэйскія народныя апавяданні і жарты са збору Вульфа Сосенскага, падрыхтаваныя Віктарам Жыбулем.

У нумары ёсць перакладаная паэзія Хаіма Нахмана Бяліка, Генрыха Гайнэ, Паўля Цэлана, Ганны Марголін, Эмы Лазарус, Умберта Сабы, Баляслава Лесьмяна, Кшыштафа Каміля Бачыньскага, Тадэвуша Ружэвіча, Эльзы Ласкер-Шулер, а таксама падборкай песень у перакладзе з ідышу.

Прадстаўлена таксама ў часопісе і сучасная габрэйская літаратура: апавяданні Узі Вайля (Ізраіль), Давіда Шульмана (Барысаў-Эйлат); паэзія Іллі Камінскага (ЗША), Барыса Штэрна (Ізраіль) і Інэсы Ганкінай (Беларусь).

Для вокладкі часопіса была выкарыстана карціна Алеся Сурава "Местачковы раманс. Ружа".

Вечарыну ўпрыгожыў паэт і таленавіты бард з Віцебска Міхаіл Рубін, які выканаў уласныя кампазіцыі на вершы беларускіх габрэйскіх паэтаў.

Арганізатары падрыхтавалі для гасцей пачастункі ў навагодніх габрэйскіх традыцыях: яблыкі, гранаты і мёд. Было вельмі цікава і па-сямейнаму ўтульна і цёпла.

Усе тэксты нумара ёсць у свабодным доступе на сайце: www.prajdzisvet.org HYPERLINK .

Аляксей Шалахоўскі.

Тыдні Германіі пройдуць у 11 гарадах Беларусі

Навіны Германіі

Тыдні Германіі будуць праходзіць з 23 верасня па 18 лістапада ў адзінаццаці гарадах Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на сайце пасольства ФРГ у Менску. Мерапрыемствы (іх налічваецца больш як 90) будуць арганізаваны ў Менску, Баранавічах, Барысаве, Берасці, Віцебску, Гомелі, Гародні, Магілёве, Маладэчне, Пінску і Полацку. Тыдні Германіі ў Беларусі будуць праводзіцца пятнаццаты раз. Іх арганізатарамі з'яўляюцца пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія і Інстытут імя Гётэ, прадстаўнікі нямецкіх культурных арганізацый сумесна з беларускімі партнёрамі. Праграмай прадугледжана нямала канцэртаў, разлічаных як на аматараў класікі, так і року. Упершыню ў Менску адбудзецца фестываль XJAZZ. Паклоннікаў кінамастацтва таксама чакае шмат цікавых паказаў, у прыватнасці, сучаснае кароткаметражнае кіно, арыгінальныя нямецкія версіі ігравых фільмаў з субтытрамі на рускай мове, а таксама дакументалістыка. Будзе паказаны нямы фільм "Насферату" (1921 год) Фрыдрыха Вільгельма Мурнаў, які будзе дэманстравацца з жывым музычным суправаджэннем - прагучыць музыка Вольгі Падгайскай, выступіць калектыў Five-storey-ensemble. Акрамя таго, будуць арганізаваны цікавыя фотавыстаўкі, віктарыны, майстар-класы баварскай кухні, лекцыі, сустрэчы з германскімі дзеячамі культуры і мастацтва. У час Тыдняў запланаваны таксама канферэнцыя па аднаўляльнай энергетыцы і Менскі ўрбаністычны форум.

zviazda.by.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

2. Дарэўскі А.В. - 5 р., г. Менск

3. Рабека Мікалай - 50 р., г. Менск

4. Ляўшун - 15 р., г. Менск

5. Неабыякавы - 25 р., г. Менск

6. Драздоў Ю.Р. - 100 р., г. Менск

7. Птушка С.І. - 10 р., в. Хільчыцы

8. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск

9. Амяльковіч Андрэй - 100 р., г. Менск

10. Літвінава Людміла - 10 р., г. Менск

11. Лапацкая Алена - 15 р., Шаркаўшчын. р-н.

12. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда

13. Рыбачонак Алесь -25 р., в. Міханавічы

14. Кукавенка Іван - 40 р., г. Менск

15. Жыдаль Дз. - 20 р., г. Менск

16. Касяк - 13 р., г. Менск

17. Кузьмук З.Г. - 20 р., г. Берасце

18. Самарын Вадзім - 20 р., г. Менск

19. Вяргейчык В.П. - 15 р., г. Барысаў

20. Булецкі Павел - 50 р., г. Менск

21. Макуленка Барыс - 5 р., г Менск

22. Рабека Мікалай - 50 р., г. Менск

23. Галай Аркадзь - 10 р., г. Менск

24. Жыгалкоўская І.Ул. - 20 р.

25. Бакіноўскі Валянцін - 20 р., г. Менск

26. Кароткі Мікалай - 20 р., г. Менск

27. Салавей В. - 10 р.

28. Курава Т. - 10 р.

28. Крыўко - 5 р., г. Наваполацк

29. Спадаровіч Віктар - 1 р., г. Менск

30. Раўнейка В.І. - 5 р., г. Пінск

31. Сячко Зміцер - 10 р., в. Грыбоўка

32. Ляскоўскі Уладз. - 60 р., г. Шаркаўшчына

33. Чыгір Яўген - 20 р., г. Менск

34. Ніжанкоўская - 20 р., г. Менск

35. ЖСВ - 3 р., г. Менск

36. Пажарскі Яўген - 20 р., г. Менск

37. Вяргей Валянціна - 100 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Зыгмунт зблізіўся найперш з Агрызкам, Ал. Фалевічам 173, Ал[яксандрам] Аскеркам і многімі іншымі, якіх я не ведаю.

Маладую агністую душу Серакоўскага занялі выключна стасункі з моладдзю. За кароткі час ён стаўся яе душой, ажывіў і падняў сваім запалам, згуртаваў любоўю і разаграваў да вышэйшых мэтаў. Бацькаўшчына была заўсёды мэтай усіх яго думак, дзеянняў і мараў.


Дом Куроўскіх у Каталоўшчыне 174 ў ваколіцах Вільні стаў у час іх жыцця ў Пецярбургу пунктам, дзе засяроджваліся ўсе найшляхетнейшыя паняцці і імкненні. Зыгмунт сябраваў з іхнімі дзвюмя плямяннікамі Зяновічамі, з якіх старэйшы ў 1848 годзе быў асуджаны на Сібір, а пазней прызначаны Табольскім губернатарам (парадніўся з Тучковымі і Абаленскімі).

Моладзь, прыведзеная да Куроўскіх Зыгмунтам, знаходзіла адпачынак пасля працы і магчымасць паразумецца ў пытаннях, якія цікавілі ўсіх. Збіралася яна тут з верай у гарачае спачуванене гэтай сям'і, пранятай духам чыста нацыянальным, свойскім.

Лозунг супольнай працы ў імя праўды, справядлівасць і любові да бліжняга пачалі пашырацца пад канец верасня 1846 года, а правадной зоркай для ўсёй моладзі быў Зыгмунт, які, звязваючы тую моладзь штораз большай супольнасцю імкненняў, рыхтаваў як бы сетку будучых працаўнікоў на роднай ніве 175.

Зыгмунт зросся з гэтай моладдзю, прагнучы заўсёды пазнаёміцца з краем, скарыстоўваў канікулы на адведзіны дамоў некалькіх калегаў. У такіх выцечках знаёміўся з Валынню, Украінай і Літвой, тут нават даўжэй забавіўся, аддаючыся амаль выключна вясковаму люду, будзячы ў іх пачуццё годнасці і імкненне да лепшай будучыні. Умеў ён ад першых гадоў маладосці з'ядноўваць у сабе простыя сэрцы. Натоўп заўсёды яго прыцягваў і як бы электрызаваў і ў той час здабываліся з яго душы іскры, якія глыбока западалі ў сэрцы слухачоў. Універсітэта не хапала для той пастаянна пылаючай душы, бачачы там ужо моладзь, згрупаваную і разбуджаную, хацеў яшчэ дайсці і да той, якую ўрад у вайсковых карпусах і ў навуковых установах выхоўваў на сваіх слуг і як свой інструмент.

І не адно польскае сэрца, ад немаўляцтва замкнутае, пад уплывам яго слоў станавілася тым, чым яго Бог стварыў, забілася любоўю да Бацькаўшчыны назаўсёды. Не адзін чалавек з тых, якія вызначыліся ў барацьбе ў 1863 годзе, прызнаўся потым, што спатканне з Серакоўскім складала эпоху ў яго жыцці.

Зыгмунт, верачы ў Божы элемент, прышчэплены ў душы кожнага чалавека, перанёс сваю дзейнасць і на расійскую моладзь, пашыраючы шляхетныя асновы, якія падымалі дух да свабоды. Моладзь расійская узрушаная навізной дарог, якія вядуць да мэты, кінулася да працы з яшчэ большым запалам, чым моладзь польская. Урад іх у тым не падтрымлівае, не бачыць, не разумее. Многія, шукаючы праўды, справядлівасці і неабходнасці адплаты за крыўды, пераходзяць у запале межы карыснасці. Талстой, лічачы мужыка за брата, заміж таго, каб яго падняць, сам абмужычваецца. Князь Д. 176 будуе гмах паводле ўсіх еўрапейскіх патрабаванняў для бяздомнай дзятвы, якую атачае княскім дастаткам, чым заміж карысці прыносіць маральную страту, бо далейшае жыццё не можа даць ім падобных дастаткаў на шляху сумленнай працы. Прызначана гадавая зарплата пану Фердынанду Рэз. 10 тысяч.

Калі кандыдат на гэтую пасаду прыслаў адказ, што асновы філантрапіі не павінны даваць кіраўнікам лішкаў, што пры поўным утрыманні лічыць 30 рублёў у месяц за зусім дастатковыя, атрымаў ліст, які мне пан Рэз. паказваў, праз некалькі месяцаў, пан Дэм. піша: "Хачу мець за дырэктара чалавека разумнага, а не вар'ята, які, калі яму даюць 10 тысяч, задавальняецца 30 рублямі на месяц".

(Такіх прыклдаў у тым новым грамадстве на шляху развіцця паняццяў хрысціянскіх, этычных магла бы працытаваць шмат, але ў кожным разе ёсць надзея, што праўда і справядлівасць з часам і там трыумфаваць будуць. Ці будуць? Божа, як гучна голас сумнення, векавога досведу гукае - не!)

Эдвард Жалігоўскі (Сава) апавядаў свае ўражанні маёй сям'і пра апошнія канікулы, праведзеныя з Зыгмунтам у панства Крукоўскіх у Каталоўшчыне, дзе застаў шматлікую згрупаваную моладзь з Вільні, з Пецярбурга і з суседства. (Была там у той час Тэкля Далеўская).

Першыя тыдні сплылі ў звычайных вясковых забавах, як: прагулкі, купанне, плаванне на чоўне па ставе, паездкі і да т.п. Усё гэта ў канцы надакучыла ўсяму таварыству сваёй манатоннасцю. Пачалі штораз даўжэй заседжвацца ў пакоях, штораз часцей засядаць за стол для спажывання вясковых прысмакаў, і гэта ўсё для разнастайвання часу.

Аднаго дня, праведзенага падобным чынам, пані Куроўская паведаміла нашаму таварыству вестку пра хуткае прыбыццё Зыгмунта і пра высланне па яго брычкі ў Вільню

Пасля абеду, калі ўсё таварыства сабралася на верандзе насупраць уязной брамы, вочы ўсіх павярнуліся ў бок набліжаўшайся брычкі.

Але што сталася? Брычка заміж таго, каб спыніцца перад ганкам, накіравалася ў бок стайні. Пан Куроўскі паклікаў фурмана.

- Што ж не прывёз паніча? - спытаў.

- Прывёз, але паніч застаўся на лугах. Спазніўся, бо паніч не хацеў у брычку, гаворачы, што грэх ёсць дабраахвотна згаджацца на заключэнне ў чатырох сценах і пазбаўляць сябе віду прыгожага свету Божага. Сеў пры мне на козлах і то не на доўга. Як толькі ўехалі ў Панарскія горы 177, паніч саскочыў і адтуль бег або ішоў краем лесу, услухваючыся ў песні птушак і людзей. Сказаў нават аратаму ў полі паўтарыць яму песню:

"Ой, валы мае, два паловыя,

Чаму ж вы не арыце?

Ой, гады мае маладзецкія,

Чаму ж вы марна гінеце?"

і г.д.


Дзівіўся вазніца, што паніча магла заняць песенька такая старая і такая сумная.

- А калі ўжо выехалі, - гаварыў далей, - на дарогу цераз лугі, і забрынчалі косы, паніч скочыў у той бок, а потым загукаў, павярнуўшыся да мяне: "Браце - едзь у двор, праз хвілю там буду!" А калі хлопцы на лузе ўбачылі паніча, такі паўстаў крык, воклічы: "Паніч, наш добры паніч прыехаў!" 178. Кінулі косы, абступілі колам, віталі, і паніч застаўся з імі. Пэўна, няхутка адтуль вырвецца.

Не скончыў гаварыць, як на дарозе паказаліся вазы з сенам, а на адным з іх вясёлы, разрадаваны твар Зыгмунта, які свяціўся жыццём і маладосцю. Саскочыў - убег на веранду - ужо вітаецца, абдымаецца.

Пан Жалігоўскі пытаецца, ці дасягнуў мэты, для якой надаўжэй затрымаўся ў Вільні? Ці бачыўся з братамі Далеўскімі?

- Быў на Бакшце - размаўляў з Францішкам. Аляксандра не бачыў. Гаварылі мне, што ён год знаходзіцца на вёсцы. Вяртаючыся з Бакшты, сустрэў працэсію, гэта мяне даўжэй затрымала.

- Ах, дык гэта пан быў, - адазваўся нехта з прыбылых з Вільні, - тым студэнтам, які ішоў у шэрагах цахавікоў, а потым сваёй прамовай так праняў, такога дадаў энтузіязму нашым рамеснікам, што як апавядаюць у Вільні, мог бы іх пан павесці за сабой у агонь?

- Быў узрушаны іхнім сардэчным, поўным даверу прыёмам. Пазнаёміўся з сям'ёй Тамашэвіча - нажаўшчыка, Будрэвіча - шаўца і многіх іншых. Шчыры, сардэчны гэта народ.

Гэтая размова накіравала на больш агульную пра падзеі ў краі і за мяжой, аб арыштах у Казанскім універсітэце, аб рамесніках на Літве, якія рваліся да бою, аб немагчымасці ўздзейнічаць на іх заспакойвальна, пакуль не высветліцца, як выглядае справа ва ўсім Краі і за мяжой, г.зн. у Галіцыі і ў Венгрыі.

Прыезд Зыгмунта быў накшталт яснага промню ў пахмурныя, слотныя дні, ажывіў нас усіх, разварушыў. Нават звычайныя вясковыя заняткі, жарты і забавы страцілі сваю банальную афарбоўку. Кожны перажыты дзень пакінуў нешта для будучых успамінаў. Аднаго дня - апавядаў пан Эдвард, вяртаючыся з хаты, размешчанай на канцы вёскі, сеў адпачыць пад прыдарожнай грушай, адкуль мог чуць размовы ў прылеглых хатах, не будучы сам бачным. Да яго вушэй даляцеў дрыготкі, пераплецены з кашлем голас з бліжняга падворка. "О, мой залаты, ясны панічу. Мабыць, Бог паслаў цябе на зямлю для таго толькі, каб нёс дапамогу і ўцеху няшчасным. Я маліўся да Бога, каб хутчэй забраў мяне, старога, з гэтага свету. Ой, цяжка, цяжка жыць старому! Калі сяду да агульнай місы за стол, вочы сына гавораць: для чаго ты тут? Працаваць не можаш, у цягасць нам, месца займаеш! Нявестка зневажае, крыўдзіць. выганяе. Але ад часу, як на цябе гляджу, як чую, што гаворыш, думаю сабе - не ўсе яшчэ на тым божым свеце пагарджаюць старым. Неяк мне весялей на душы ад часу, як мой сын, нявестка і ўся вёска бачаць цябе - мой ты ясны панічку - сядзячым вось, як зараз, на адным зэдліку, або ў полі на снапку, не смеюць кпіць з мяне і мяне адганяць. А калі ты прыйшоў да нас на малако і не хацеў сесці за стол, пакуль я, стары, не займу месца - еў са мной, размаўляў, называў бацькам, дзеці мае сталі для мяне іншымі. Ці цябе, мой залаты, баяцца? Ці Бога? Бо сказаў ты тады: "Каму Бог захаваў да позняй старасці: бацьку, маці. дзядоў, таму даў довад сваёй вялікай ласкі і дабраславенства свайго". Мой ты залаты, панічу, ты нават не ведаеш, колькі ты мне, старому, зрабіў добрага! Лягчэй мне жыць і смерці ўжо не клічу".

Не чуў пан Жалігоўскі далейшай размовы. Адышоў, бачачы гаспадароў, набліжаўшыхся з поля.


Калі дзяліўся з таварышамі пачутай размовай у хаце, пані Куроўская пыталася: ці ён памятае казанне тры тыдні назад агалошанае пробашчам, які з натуры ёсць ні дурным, ні пазбаўленым адукацыі, але несказана лянівы і чэрствы. Праўдападобна, выцягнуў з нейкай адвечнай папкі, або перапісаў адно з часоў панавання Сасаў. Плёў нам , апранутым у сціплыя, чорныя сукенкі пра жанчын дэкальтаваных, абвешаных золатам і дарагімі каменнямі. Заклікаў з пафасам, каб закрылі аголенае цела перад алтаром, які прадстаўляе пакуты Божыя. Адны, слухаючы гэтае казанне, смяяліся, іншыя, абураныя, выйшлі з касцёла, а мужычок наш бедны на працягу некалькіх нядзель разглядаўся па касцёле, шукаючы вінаватага, аголенага, абвешанага золатам. Зыгмунт слухаў тое казанне, стаяў спакойна да канца. Калі мы выходзілі з касцёла, знік нам з вачэй. Не паехаў з намі. Паведаміў толькі цераз касцельнага служку, што вернецца пеша цераз лес.

Мы здагадаліся - застаўся, каб паразмаўляць з пробашчам. Што яму гаварыў? Як на яго паўплываў? Не ведаем, але ведаем, што прабыў на пробстве некалькі гадзін, што ў наступныя дні таварышаваў пробашчу пры наглядзе за палявымі работамі і на пробстве ў вольныя хвілі ад капланскіх заняткаў, дайшоў да яго, разбудзіў яму душу, змяніў яго цалкам. Параўнай, пан, апошняе казанне з даўнімі. Ці звярнуў, пан, увагу на выраз твару нашага люду? Узрушаны, заслуханы ў словы, скіраваныя да яго, да яго паняццяў і патрэбаў.

- Пробашч наш. пасля знаёмства з Зыгмунтам склікае вясковую дзятву на навуку рэлігіі, размаўляе з іхнімі бацькамі. Толькі цяпер знаёміцца з імі. Гэта ўсё, дзякуючы Зыгмунту, - гаварыла далей пані Куроўская. - Бачылі і чулі, што робіцца кепска, але ніхто з нас не задаў сабе працы, каб бараніць тых бедных простых людзей, якія заставаліся датуль пад такім нядбалым кіраўніцтвам. Зыгмунт узяў братэрскай сардэчнасцю зачарствелую душу, навярнуў, пераканаў пра неабходнасць жыцця і дзейнасці іначай, а перад намі не ўспамінаў ані адным словам, што зрабіў.

- Тую размову мы праводзілі, - закончыў пан Жалігоўскі, - пры канцы нашых канікулаў. Расстаёмся. Ці яшчэ спаткаемся? Дзе? і калі? Мы задавалі сабе праз некалькі дзён пазней пытанне, на той жа самай верандзе, дзе месяц назад віталі прамяніўшыся шчасцем і маладосцю твар Зыгмунта. Для многіх з нас там сабраных набліжаўся грозны 1848 год.


У 1848 годзе Еўропа ўзрушылася, а весткі, якія адтуль ішлі страсянулі польскую моладзь, якую больш разважным удалося з цяжкасцю ўстрымаць ад неадкладнага пакідання курсаў у Пецярбургу. У час святаў Вялікадня, у дзень разурэкцыі, сабраныя студэнты ўсіх факультэтаў, афіцэры і кадэты пад уплывам гарачых слоў Зыгмунта, узнесеныя запалам, упалі на калені для адспявання гімну "Божа, што ж Польшча", гімну так пазней вядомага ў нашым краі. Пасля заканчэння малітвы, пасля адспявання "Яшчэ Польшча не загінула" папрысягалі ўсё сваё жыццё прысвяціць Бацькаўшчыне. Датрымалі прысягу - большасць з іх аддала сваё жыццё ў 1863 годзе.

1848 год застаў Зыгмунта пры канцы навучання ва ўніверсітэце. Зыгмунт вырашыў падацца за мяжу для вывучэння стану рэчаў. Пры пераездзе мяжы быў арыштаваны і дастаўлены спачатку ў Кіеў, адтуль пазней у Пецярбург у ІІІ аддзел Імператарскай канцылярыі 179.

Пастаўлены перад камісіяй, у якой засядаў генерал Дубэльт і гр. Арлоў, Зыгмунт, падхоплены маладым запалам, прасякнуты верай, што праўда мусіць пранікнуць у сэрца найвялікшага ворага і бандыта, заклікаў да справядлівасці, разбіваў і выкрываў памылкі і шкоду, якія наносіліся самой Расіі правядзеннем палітыкі пераследу. Гаварыў пра неабходнасць гістарычнага вызвалення Польшчы і жыцця з ёю ў стасунках братэрскага суседа, што прынесла б большую карысць, чым мець унутры дзяржавы ворага, якога самі сваёй згубнай ганебнай палітыкай ствараюць. Арлоў і Дубэльт, якія засядалі ў камісіі. слухалі са здзіўленнем смелыя гарачыя вывады, бачылі, як з кожным днём словы вязня паглыбляюць цяжкасць яго становішча. Дубэльт, які не таіўся з вялікай да Зыгмунта сімпатыяй, называў яго сынам, летуценнікам, паэтам, рад быў бы яго апраўдаць, вызваліць. Не раз сам, слухаючы словы ўзнёслага ў запале маладзёна, забываўся да такой ступені, што слухаючы крытыку цёмнага дэспатызму ўраду, выразіўся; "З тым справіцца лёгка, для чаго ёсць шалік імператара Паўла!" 180

(Працяг у наст. нумары.)

173 Хутчэй гаворка ідзе пра Караля Фалевіча.

174 Каталоўшчына або Каталова (літ. Katiliai, р-н Троцкі), маёнтак над ракой Салаўкай.

175 Серакоўскі стварыў колка (Пецярбургская група) студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, якія паходзілі з Літвы і Беларусі, і падтрымліваў кантакты з чальцамі Братняга звязу.

176 Князь Д. і Фердынанд Рэз. - постаці не ідэнтыфікаваныя.

177 Панарскія горы - узгоркі на на заходніх прадмесцях Вільні.

178 У Далеўскай гэтая фраза пададзена амаль чыста па-беларуску - з канцавым "у" у слове "прыехаў" ( Перакл.).

179 У канцы 1848 г. Серакоўскі ўзяў чатырохтыднёвы водпуск з вучэльні і выехаў у Херсонскую губ. па справах спадчыны. 21.ІV быў арыштаваны ў Пачаеве (Крамянецкі пав., Валынская губ.) нібыта за намер пераходу мяжы з Галіцыяй. Пасля затрымання яго ў Крамянцы і Жытоміры прывезлі яго ў Пецярбург, дзе следства праводзіў ІІІ аддзел асабістай канцылярыі Яго Імператарскай Вялікасці.

180 Алюзія да смерці Паўла І, якога, як кажуць, задушылі шалікам.

Іваноўскія і Валейкі

Леанід Лаўрэш

Думаю, нам трэба паступова напісаць пра ўсіх - вядомых і невядомых, знакамітых і незнакамітых людзей, якія з канца XIX ст. пачалі беларускае адраджэнне. Па меры магчымасці, па Лідчыне, я раблю гэтую справу. Зараз, займаючыся Лябёдкай Іваноўскіх, атрымаў цікавую інфармацыю пра іх суседзяў - Валеек, якія таксама пакінулі свой след у беларускай гісторыі.

Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі (сын адваката Станіслава і ўнук Леанарда Іваноўскіх з маёнтка Лябёдка Лідскага павета) пісаў пра сваю сям'ю: "Сям'я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў, і кожны з іх быў рознай нацыянальнасці. Самы старэйшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі - Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай політэхнікі, быў беларусам. Трэці - Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ і асаблівай адзнакай сям'і Іваноўскіх было не гэта, а тое, што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца - такога больш ні ў кога не было"1.

Вацлаў Іваноўскі (1880-1943) быў не толькі прафесарам-хімікам, але і адным з заснавальнікаў Беларускага руху - яго заслугі перад Беларуссю агульнавядомыя.

На пачатку XX ст. Ежы, Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія вучыліся ў Пецярбурзе. Усе браты знайшлі сабе сяброўскія колы для самарэалізацыі. Ежы стаў дзеячам польскага Кола народнай асветы і ППС (Польскай Партыі Сацыялістычнай) і нават прыняў удзел у вызваленні Юзафа Пілсудскага з Пецярбургскага турэмнага шпіталя. Тадэвуш знайшоў кантакт з летувіскімі дзеячамі і пачаў вучыць летувіскую мову, вывучыў ён яе дзесьці да 1905 г. І толькі Вацлаў не мог далучыцца да беларускай арганізацыі, бо гэткай проста не існавала, і менавіта яго заслугай стала стварэнне Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі (БРП), што паклала пачатак развіццю беларускага нацыянальнага руху.

У 1902 г. БРП распачала выдавецкую дзейнасць. Мецэнатаў не было, таму Вацлаў Іваноўскі купіў гектограф на свой заробак са студэнцкай практыкі. Першай публікацыяй БРП, надрукаванай на гэтым гектографе, стала адозва "Да інтэлігенцыі", яна выйшла ўвосень 1902 г.

Наступнай ініцыятывай Вацлава Іваноўскага стала спроба нелегальна выдаць часопіс "Свабода". Да ліку самых блізкіх і давераных паплечнікаў Іваноўскага належаў пецярбургскі гімназіст Вінцэнт Валейка з суседняга для Іваноўскіх фальварка Галавічполе. Маладыя людзі заняліся выданнем першага нумара "Свабоды". Ручную матрыцу "Свабоды" на восем старонак падрыхтавалі Мілер (член ППС, зрабіў першую старонку) і Вінцэнт Валейка (зрабіў усе астатнія старонкі). Усё гэта яны перавезлі ў Лябёдку, дзе падчас калядных вакацый 1902 г. Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія, а таксама Вінцэнт Валейка з братамі Антонам і Станіславам надрукавалі газету на гектографе накладам 200 асобнікаў. На тытульным аркушы часопіса значылася: "Свабода, № 1, 1903 г.". Такім чынам, першая беларуская газета XX-га ст. была надрукавана на Лідчыне.

Газета мела нешчаслівы лёс - большая частка накладу "Свабоды" была знішчана і не дайшла да чытача. У студзені 1903 г., падчас ператрусу ў варшаўскай кватэры Ежы Іваноўскага быў сканфіскаваны толькі адзін асобнік газеты, і таму гісторык Юры Туронак лічыць, што хутчэй за ўсё "Свабоду" прымусіў знішчыць бацька - Леанард Іваноўскі, які прыехаў у Лябёдку на свята Божага Нараджэння і ўтаймаваў рэвалюцыйныя парывы сыноў 2.

У 1905 г. Вінцэнт Валейка разам з Вацлавам Іваноўскім быў адным з сямёх сяброўзакладчыкаў беларускай выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца".


Таму, думаю, Вінцэнт Валейка і Валейкі наогул, заслугоўваюць нашай памяці.

Ранейшым уладальнікам Галавічполя 3 быў стары Губарэвіч, ён меў дзвюх дачок - Станіславу, якая стала трэцяй жонкай Станіслава Іваноўскага - дзеда Вацлава Іваноўскага, і Юстыну, якая выйшла замуж за Яна Валейку. У Юстыны і Яна Валейкі нарадзіліся тры сыны - Вінцэнт, Антон і Станіслаў. Такім чынам, фальварак Галавічполе падзялілі паміж сабой Іваноўскія і Валейкі.

Пра Яна Валейку пісаў брат Вацлава, летувіс Тадэвуш Іваноўскі: "Пазычаючы грошы панам, яўрэі маглі калі-нікалі і ашукаць. Напрыклад, сусед Іваноўскіх Валейка на вэксаль атрымаў у пазыку ад аднаго з мясцовых яўрэяў немалую суму грошай. Калі надышоў час плаціць, яўрэй прадставіў дакумент, і Валейка заплаціў. Тады яўрэй прынёс яшчэ адзін вэксаль на гэткую ж суму. Наш сусед адмовіўся плаціць і атрымаў судовы працэс. У судзе стала вядома, што вэксаль і подпіс Валейкі сапраўдныя. Аказалася, што падробленым вэксалем быў першы, але Валейка гэтага не ўбачыў і заплаціў па ім"4.

Цікавую інфармацыю пра Валейкаў падае тагачасны ўладальнік суседняга маёнтка Ішчална Караль Лясковіч у мемуарах, якія захоўваюцца ва Уроцлаўскай бібліятэцы імя Асалінскіх: "... у 1921 г. ... маёнтак Голдава з 1 500 - 2 000 га ўспадкаваў уладальнік маёнтка Табарышкі з Віленшчыны Юзаф Скарбак-Важынскі і тры браты Валейкі. У якіх суадносінах падзялілі маёнтак Скарбак-Важынскі і Валейкі, не памятаю. Мне толькі вядома, што Важынскі сваю частку атрымаў лесам і ніколі ў Голдаве не жыў. З братоў Валейкаў Голдава атрымаў Антон і таму мусіў пабудаваць тут жылы дом. Таксама ў Голдаве сваю долю атрымаў і Вінцэнт Валейка. Станіслаў успадкаваў фальварак Галавічполе ў Васілішскай гміне і лясы. Горны інжынер Вінцэнт меў дваіх дзяцей: сына Вітольда і дачку Ядвігу, наколькі я ведаю, яны абое зараз жывуць у Варшаве (гэта ў 1971 г. - Л.Л.)" 5.

Дачка ўладальніка суседняга з Голдавым маёнтка Стрэльніца Яніна Бурак успамінала: "Уладальнікам Голдава быў Антон Валейка, арыштаваны бальшавікамі 2 лістапада 1939 г. а пад Боркамі гаспадарыў інжынер Вінцэнт Валейка, які выкладаў у Дамброве Горнай"6. Трэба заўважыць, што ў тым месцы Лідчыны няма населенага пункта Боркі, таму, верагодна, Яніна Бурак мела на ўвазе нейкае ўрочышча каля Голдава.

Уладальнік Голдава, Антон Валейка ў міжваенны час быў членам управы павятовага Звязу землеўладальнікаў, узначальваў рэвізійную камісію Шчучынскага павятовага аддзела, быў членам рады Лябёдскай гміны і кіраўніком рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Дзікушках. У 1939 г. яго арыштавалі і выслалі ўглыб Расіі. Далейшы лёс невядомы 7.


Пасля падзелу маёмасці паміж братамі ў Галавічполі гаспадарыў адзін з былых друкароў газеты "Свабода" Станіслаў Валейка. Гэты быў грузны, абсалютна лысы мужчына з поўным ротам залатых зубоў. Увесь час сядзеў на гаспадарцы, бо не давяраў эканомам, і ў яго ўсё выдатна атрымлівалася - своечасова плаціў падаткі. Станіслава Валейку добра характарызаваў яўрэй-кравец з Васілішак Абрам, які сябраваў з Іваноўскімі. Неяк яго запыталі, што новага чутна ў ваколіцы. Абрам падрабязна расказаў пра ўсе навіны і закончыў гэтак:

- А пан Валейка дапамагае іншым наракаць на цяжкі час.

Станіслаў Валейка нейкі час быў удаўцом, але потым ён паўторна ажаніўся. Яго другая жонка працавала настаўніцай дзесьці на Валыні і наведвала мужа толькі падчас вакацый. Была гэта энергічная жанчына з рубенсаўскімі формамі ва ўзросце каля сарака гадоў. Валейкі да канца 1930-х гг. заставаліся сябрамі Іваноўскіх. Пляменнік Вацлава Іваноўскага Казімір успамінаў такую гісторыю: "… у нашай ваколіцы гаспадарыў далёкі кузэн нашай мамы Фэлек Аскерка, былы капітан польскага войска. Меў ён вельмі маладую і прыгожую жонку - гэта была самая маладая з нашых цётак. Як заўсёды, 15 жніўня мы адзначалі імяніны нашай мамы, і, як заўсёды, з'язджаліся сваякі, суседзі і сябры. Мы ўжо сядзелі за традыцыйным пірагом з капустай, калі пачулі, што адчыніліся дзверы і нехта з ганку ўвайшоў у хату. Шляхетны Лех (старэйшы брат Казіміра - Л.Л.), які ў гэты час вучыўся ў выпускным класе, вырашыўшы, што прыехала цёця Аскерка, кінуўся ў цёмны прадпакой, каб выказаць свае гарачыя пачуцці сваякам і ў цемры моцна ўзяўся за пацалункі. Калі ўнеслі святло, дык аказалася, што спазніліся Валейкі. Пан Станіслаў быў не ў захапленні ад гэткай сардэчнасці, але яго жонка не пратэставала".

Станіслаў Валейка меў дзяцей толькі ад першага шлюбу, былі гэта Вітак і Дзюня. Дзюня перад самай вайной выйшла замуж за маладога афіцэра з рэдкім прозвішчам Вайнікініс, потым ён загінуў на вайне. Вітак пасля заканчэння курса права Віленскага ўніверсітэта адбываў стажыроўку юрыстам. Жыў у Вільні, быў заўзятым філатэлістам і ўражваў сяброў сваімі калекцыямі 8.

Станіслаў Валейка быў членам Васілішскай гміннай рады, у 1939 г. яго арыштавалі і вывезлі ўглыб Расіі. Далейшы лёс невядомы 9.


Пра Вінцэнта Валейку вядома няшмат. Нарадзіўся 23 студзеня 1883 г. у фальварку Галавічполе, у 1903 г. скончыў Трэцюю рэальную гімназію ў Пецярбургу, а потым стаў студэнтам сталічнага Горнага інстытута. Увосень 1910 г. пасля заканчэння Горнага інстытута выехаў з Пецярбурга і 15.11.1910 г. пачаў працаваць горным інжынерам у Шчарбінаўскай шахце на Данбасе. З 1921 г. жыў у Дамброве Горнай у Польшчы, спачатку працаваў у шахтах, вядома, што ў 1923 г. займаў пасаду галоўнага інжынера, а потым працаваў дырэктарам Дзяржаўнай горна-металургічнай школы імя Станіслава Сташыца.

Юры Туронак піша, што Вінцэнта Валейку ў траўні 1940 г. арыштавала гестапа і 18.10.1940 г. ён памёр у канцлагеры Заксенгаўзен. Але захаваліся ўспаміны вязня лагера Дахаў Францішка Шоты, які быў вучнем Валейкі і напісаў пра лёс свайго настаўніка: "Трошкі ўспамінаў пра дырэктара інжынера Валейку. Як праз сон памятаю доўгія кашмарныя дні побыту ў гітлераўскіх лагерах смерці Дахаў і Араніенбург у адным бараку з інжынерам Валейкам, апошнім дырэктарам горна-металургічнай школы. Лагерныя вопыт - цяжкі жыццёвы груз, не магу пазбыцца яго і сёння. Лагер вяртаецца ў фантомных снах, чакае над ложкам у выглядзе пакутлівых і жахлівых прывідаў. Калі я ўзгадваю тыя гады, дык у думках вяртаецца да мяне вобраз майго лагернага калегі інжынера Валейкі, які прайшоў тут праз пякельныя пакуты. Ён быў ужо стары, але гітлераўцы адчулі ў ім высокую душу, і ўсё самае дрэннае яго не абмінула. Біты і абшуканы пры кожнай магчымасці (а гэткіх хапала), працаваў на самых цяжкіх працах, але духоўна не зламаўся і заахвочваў жыць іншых. Быў сябрам усіх вязняў без розніцы ўзросту, нацыянальнасці і расы, хто ж яго не ведаў? Яго сэрца было адчынена для ўсіх, і вязні цягнуліся да яго па добрую параду, апеку і дапамогу, па яго аптымізм і веру ў блізкую волю. Няма яго паміж намі. Спрацаваны, збіты і хворы, ён упаў на пляцы падчас шасцігадзіннага стаяння без руху - гэтак пакаралі ўвесь лагер з-за спробы аднаго з вязняў збегчы. Здранцвелага ад холаду, яго прынеслі ў лазарэт, адкуль ужо не вярнуўся. Ніколі не забуду яго слоў, якія мне сказаў, калі яго адносілі санітары: "Я ўжо сыходжу, і смерць для мяне не будзе страшнай, але сэрца сціскае боль, што маё цела застанецца на варожай зямлі"10.

Сябар і сусед Вацлава Іваноўскага Вінцэнт Валейка быў закатаваны ў нацысцкіх лагерах Дахаў ці Араніенбург.


1 Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej mlodosci. Bydgoszcz, 1995. S. 6.

2 Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. С. 32-40.

3 Мясцовая легенда кажа, што назва Галавічполе пахолзіла ад нейкага шведскага правадыра Галавіча, які быў тут забіты. Зразумела, што імя шведа было моцна аславянена. Але гэта толькі легенда.

4 Ivanauskas Tadas. As apsisprendziu. Wilno, 2010. P. 100.

5 Karol Laskowicz: (Kresowy dwor i jego sasiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnien. // Biblioteka Zakladu Narodowego im. Ossolinskich we Wroclawiu, sygn. 15480/II. S. 84.

6 Lida i okolice we wspomnienach pani Janiny Burakowej // Ziemia Lidzka. 1994. № 13.

7 Karol Laskowicz: (Kresowy dwor i jego sasiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnien. S. 139.

8 Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej mlodosci. S. 6.

9 Karol Laskowicz: (Kresowy dwor i jego sasiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnien. S. 138.

10 Szota Franciszek. O dyrektorze inz. Wincentym Wollejko // XI Zjazd absolwentow Dabrowskiej sztygarki im. Stanislawa Staszica i 200 lat najstarszej szkoly gorniczej w Polsce. Dabrowa, 2016. S. 22.

Да вытокаў!

Надзея Саўчук-Германовіч

Надзея Саўчук-Германовіч нарадзілася ў 1983 годзе ў Гародні Адукацыю атрымала ў Менску ў МДЛУ - лінгвіст. Мае два зборнікі паэзіі і прозы, працуе над трэцім.

Па загаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2018 год названы Годам малой радзімы.

А час ідзе, грукоча па каменнях,

Ужо мінула палова сцежкі той,

Я азірнуся, хоць заўважыш,

што "дарэмна",

Пабачу дом, цябе, сваіх бацькоў.


Вяртанне на радзіму - знатны цуд!

Няма нічога простага за леты:

Вандроўка ж у мінулае - прысуд,

Размова з тым, хто ведае найлепей.


Усё было там, у былым жыцці:

Крыніца, дрэва, мова, нараджэнне,

Мінула апалова -

час другой прыйсці,

Чакаю я эпоху адраджэння!


Я толькі не шкадую, што жыву!

Што дыхаю, гляджу і мару!

І верую, я цуд усё ж знайду

Калі вярнуся ў родныя абшары.


І колькі б не мінула дзён,

І колькі б тыдняў не намроіў вецер,-

Мы - дрэўцы той зямлі сваёй

Адкуль бяруць вытокі нашы сэрцы!!!

Каложа

Каложа старая панура пануе,

Глядзіць на раку ды паціху сумуе

Пра доўгія леты бязвер'я, нядолі,

Калі мы забылі пра Бога і волю.


У парку старым, бы жывая легенда

Пра раннія смерці Барыса і Глеба,

Пра тое, каб людзі часцей спаміналі

Пра сонца і веру, ды іх гартавалі.


Прыгожая цэрква над Нёман ступае,

Вачыма старэйшых вакол паглядае,

Як камень да вежы,

князёўна да ежы,

За верай ідзе, і яе не губляе.


Царква векавуе

і сэрцу даруе

Парады,

Каб людзям больш веры не страціць

Не знаць каб крыві ды зларадства.

Каменні маўчаць,

але гучна крычаць

Нам гракі, бы стагоддзяў дарадцы.

БЕЛАРУСЬ РЫЦАРСКАЯ

"Меч Лідскага замка" і не толькі

Адным з самых відовішчных мерапрыемстваў у рамках святкавання 695-годдзя Ліды стаў рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка", арганізаваны ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" аддзела культуры Лідскага райвыканкама і народнай студыяй рыцарскіх мастацтваў "Dies Magna", якая дзейнічае пры названым цэнтры. Жыхары і госці горада, якія ў гэты святочны дзень наведалі замак, змаглі стаць сведкамі і ўдзельнікамі рэканструкцыі яркіх гістарычных падзей, паглядзець на майстэрства конных рыцараў і баі пешых, бліжэй пазнаёміцца з сярэднявечнымі мастацтвамі, акунуцца ў атмасферу сярэднявечча. У пешых турнірах удзельнічалі рыцары з клубаў гістарычнай рэканструкцыі Беларусі і Расіі, конныя прадстаўленні і шоў паказвалі гледачам удзельнікі менскага конна-гістарычнага клуба "Залатая шпора", свае забавы для наведвальнікаў замка ладзілі і рэканструктары з клуба "Шатландская пяхота" (Маладзечна)… Але аб усім па парадку…

Ва ўрачыстым адкрыцці турніру прынялі ўдзел гурт "Hardwood", тэатр гістарычнага танцу "Soleil" (абодва калектывы - з Менска), тэатр агню "Flash Lights" (Гомель). Турнір, як звычайна, быў падзелены на тры часткі, кожная з іх мела штосьці агульнае, а таксама мела свае асаблівасці.

Новаўвядзеннем турніру ў гэтым годзе стала "Бітва двароў" - масавыя бугурты (камандныя баі) рыцарскіх клубаў па асаблівых правілах. Гледачы ўбачылі сапраўднае рыцарскае шоў - захапляльныя поўнакантактныя баі на рысталішчы з удзелам беларускіх рыцарскіх клубаў "Белы тур", "Паходня", "Шляхецкая застава", "Дружына Патрыка", расійскага клуба "Кайзер". Ладзілі пешыя рыцары таксама індывідуальны пешы турнір "Меч-бастард". Меч-бастард - паўтараручны меч, якім можна біцца, трымаючы яго абедзвюма рукамі. Шчыты ў двубоях на мячах-бастардах не выкарыстоўваюцца, таму баі гэтыя заўсёды праходзяць актыўна (за шчытом тут не схаваешся).

Трэці год запар упрыгажэннем фестывалю з'яўляецца выступленне конных рыцараў клуба "Залатая шпора" з Менска. На гэты раз конна-гістарычным клубам была прадстаўлена новая анімацыйна-гістарычная праграма "Чароўныя коні Вялікага Княства Літоўскага", якая з поспехам прайшла на многіх фестывальных пляцоўках Беларусі. Гледачы бліжэй пазнаёміліся з грацыёзнымі, натрэніраванымі конямі ўдзельнікаў клуба, даведаліся аб іх мянушках і пародах, а таксама аб тым, што Вялікае Княства Літоўскае лічылася адной з лепшых кавалерыйскіх дзяржаў у свеце, вершнікі княства атрымлівалі шэраг перамог у гістарычна значных бітвах. "Вершнік павінен паважаць свайго каня, па-сяброўску ставіцца да яго - і конь адкажа яму тым жа", - гаварыў кіраўнік клуба Павел Калінкоў (пан Павел Заслаўскі).

* * *

У рамках турніру "Меч Лідскага замка" выступалі гурт "Hardwood", тэатр сярэднявечнага танцу "Soleil" з Менска. На працягу ўсяго мерапрыемства ў замку праводзіліся майстар-класы па сярэднявечных і побытавых танцах, музыкальныя выступленні. Ахвочыя мелі магчымасць пакатацца на конях.

Дарэчы, гэта ўжо пяты рыцарскі турнір у Лідзе, на якім выступае менскі ансамбль сярэднявечнай музыкі "Hardwood" ("Цяжкое дрэва"). Увогуле, як адзначылі ўдзельнікі ансамбля, Ліда для іх месца знакавае. Менавіта ў Лідзе шэсць гадоў назад калектыў даў свой першы канцэрт. Што тычыцца творчасці ансамбля, сярэднявечныя кампазіцыі яго музыканты робяць блізкімі да сучасных, выкарыстоўваючы ўдарную ўстаноўку, барабаны, бас-гітары, каб сярэднявечная музыка была больш блізкай сучаснаму слухачу.

Таксама ў праграме турніру было прадугледжана нямала інтэрактыўных мерапрыемстваў. Парадавала гледачоў выступленне клуба "Шатландская пяхота" з Маладзечна, які прадставіў сваю ўражальную анімацыю як у замку, так і ля яго муроў.

- Мы, адзіныя ў Беларусі, рэканструюем побыт шатландскіх наёмнікаў XVI стагоддзя, якія ваявалі ў Еўропе, - расказвае кіраўнік клуба "Шатландская пяхота" Аляксандр Шоць. - Дарэчы, яны маюць дачыненне і да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, у асабістай гвардыі Радзівілаў былі шатландцы. Наш клуб выступае па ўсёй Беларусі, удзельнічае ў розных фестывалях. У шэрагах "Шатландскай пяхоты" налічваецца чалавек пятнаццаць, у тым ліку мая жонка і малодшы сын. У турніры "Меч Лідскага замка" мы ўдзельнічаем другі раз.

* * *

Праграма рыцарскага турніру "Меч Лідскага замка" цягнулася да позняга вечара. Самым насычаным і яркім стала вячэрняе дзвюхгадзіннае прадстаўленне, у рамках якога адбыліся фіналы групавога і індывідуальнага турніраў. Перамогу ў турніры "Бітва двароў" падзялілі каманды рыцарскіх клубаў "Белы тур" (Менск) і "Кайзер" (Масква), а па выніках індывідуальнага турніру найлепшым з найлепшых байцоў быў прызнаны пан Кшыштаф, прадстаўлены як таямнічы рыцар з Менска. Тут жа, у замку, адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.

Вечар - гэта яшчэ і час інтэрактыўнага коннага рыцарскага шоў ад клуба "Залатая шпора". На гэты раз гледачы сталі сведкамі індывідуальнага і групавога конных турніраў. У фінале індывідуальнага турніру сышліся з дзідамі на конях кіраўнік клуба пан Павел Заслаўскі і пан Вацлаў Мсціслаўскі. Кожны рыцар абраў сабе даму сэрца сярод гледачоў-жанчын. Дама сэрца таго рыцара, які перамог (а перамог пан Павел), была абвешчана каралевай турніру і атрымала ўнікальную магчымасць праехацца з ваяром-пераможцам на кані.

У заканчэнне турніру з яркімі фаер-шоў і піратэхнічным прадстаўленнем выступілі адпаведна лідская студыя агню "ZHARA" і фаер-каманда "Flash Lights" з Гомеля. Спецыяльна для турніру ў Лідзе фаершчыкі падрыхтавалі яркія, маштабныя вогненныя нумары з выкарыстаннем вялікай колькасці складанага рэквізіту і піратэхнікі.

Але на гэтым забавы ў Лідскім замку не скончыліся - ахвочых патанчыць чакала начная супердыскатэка "ZAMOK DANCE".

* * *

Па Беларусі пашыраецца мода на ўстаноўку так званых "садовых скульптур" у выглядзе рыцараў. Першай і доўгі час самотнай скульптурай на адрэзку Ліда - Нясвіж была скульптура "Рыцар" у Наваградку, якую ўсе называюць Міндоўгам.

Нядаўна рыцар з'явіўся на АЗС у Нясвіжы з боку Гарадзеі, а ў Лідзе да сёлетняга свята горада паставілі "Дон-Кіхота". Таксама рыцар і з усімі атрыбутамі.

Паводле тэксту Аляксандр Мацулевіча і фота Вольгі Мацешы з "Лідскай газеты" ды Станіслава Судніка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX