Вярнуцца: 2018

№ 40 (1399)


Дадана: 04-10-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 40 (1399), 3 кастрычніка 2018 г.

Лідскі ультрамарафон

28 - 30 верасня ў Лідзе прайшоў другі этап Міжнароднага фестывалю-ультрамарафону "Самапераадоленне". Ідэолагам і асноўным арганізатарам Лідскага ультрамарафону выступае старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ, рэкардсмен Беларусі Лявон Анацка. Актыўны ўдзел бяруць Лідскі спорткамітэт Лідская дзіцячая спартыўная школа № 2.

Месцам правядзення другога этапу стала лыжаро-лерная траса ля Кургана Неўміручасці. 28 верасня ў 12 гадзін стартавалі тыя, хто прыняў рашэнне бегчы 24 і 48 гадзін. І такіх аказалася 15 чалавек. Гэта прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Украіны. У іх ліку і двое лідзян: Леанід Анацка і Алег Салянік.

Нягледзячы на не вельмі спрыяльнае для бегу надвор'е, удзельнікі ультрамарафону выйшлі на старт з добрым настроем. Як яны самі растлумачылі, для бегу дрэнных умоў не бывае.

Яшчэ пяць ультрамарафонцаў далучыліся ў дзевяць гадзін вечара 29 верасня. Яны беглі 12 гадзін.

Першы этап Міжнароднага фестывалю-ультрамарафону "Самапераадоленне" быў праведзены ў Лідзе на пачатку сакавіка. Тады яго ўдзельнікамі сталі каля 20 чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Польшчы.

На момант здачы газеты ў друк удалося атрымаць папярэднія вынікі.

У забегу на 48 гадзін першае месца заняў Пётр Рагойша з Беларусі з вынікам 288, 853 км. На другім месцы - Лявон Анацка з Ліды з вынікам 261, 989 км. На трэцім месцы - Барыс Дзюкін з Расіі з вынікам 261, 204 км. У забегу на 24 гадзіны першае месца заняў Юрый Чарнашэй з Рэчыцы з вынікам 184, 190 км.

Паводле Лідскага ТБ. Здымкі Лідскага ТБ.

290 гадоў з дня нараджэння Марціна Пачобут-Адляніцкага

Марцін ПАЧОБУТ-АДЛЯНІЦКІ (30 кастрычніка 1728 г., Саломенка Гарадзенскага павета - 20 лютага 1810 г., Дзвінск Віцебскай губерні) - астраном, асветнік. Рэктар Віленскай акадэміі (1780-1799, з 1781 г. - Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага, член-карэспандэнт Лонданскага каралеўскага таварыства (1771) і Французскай акадэміі навук (1778). Кавалер ордэнаў Святога Станіслава (1785) і Белага Арла (1793).

Каласальную працу Марціна Пачобута-Адляніцкага сучаснікі адзначылі медалём з ягоным партрэтам (1775), у 1919 г. імем М. Пачобута-Адляніцкага назвалі адзін з будынкаў (абсерваторыю) адноўленага ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні ("Дзядзінец Пачобута"), таксама імя вядомага астранома носіць адзін з кратэраў на Месяцы.

Прадстаўнік шляхецкага роду Пачобутаў-Адляніцкіх гербу "Малая Пагоня", сын Казіміра, абознага гарадзенскага, і Алены з Глябовічаў. Навучаўся ў Гарадзенскім езуіцкім калегіюме (1738-1745), па сканчэнні якога насуперак волі бацькоў уступіў у ордэн езуітаў і адбыў у Вільні двухгадовы навіцыят. Потым навучаўся на педагагічным курсе ў Слуцку, вывучаў філасофію ў Полацкім езуіцкім калегіюме, дзе таксама выкладаў у пачатковых класах.

Атрымаў перавод у Вільню на пасаду выкладчыка ў класе сінтаксісу, слухаў матэматычныя лекцыі Т. Жаброўскага. У 1754 г. выехаў ў Прагу для ўдасканалення ў матэматыцы, грэцкай і лацінскай мовах. З 1757 г. выслухаў 4-гадовы курс тэалогіі ў Віленскай акадэміі.

Атрымаўшы ў 1761 г. ступень бакалаўра тэалогіі, зноў выехаў за мяжу для працягу адукацыі. Праходзіў астранамічную практыку ў абсерваторыях Марселя, Авіньёна і Неапаля. Вынікі першых астранамічных назіранняў М. Пачобута-Адляніцкага часткова апублікаваў французскі астраном Э. А. Паліян у кнізе "Мірная дамова паміж Дэкартам і Ньютанам" (Авіньён, 1763).

Па вяртанні ў Вільню, у 1764 атрымаў тытул магістра філасофіі і свабодных навук і зрабіўся арганізатарам і першым дырэктарам (1765-1807) Віленскай астранамічнай абсерваторыі. З 1764 г. працаваў прафесарам Віленскай езуіцкай акадэміі, якую ў 1780 рэарганізаваў у Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага (Віленскай акадэміі) і быў яе рэктарам (1780-1803).

Вітаў прыняцце Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. Падтрымаў паўстанне Т. Касцюшкі (1794), ахвяраваў значныя сродкі на патрэбы войска.

Па апошнім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) аўтарытэт М. Пачобута-Адляніцкага дапамагаў яму на некаторы час захаваць без кардынальных зменаў становішча ў адукацыйных справах, але пагаршэнне адносінаў з расейскімі ўладамі прывяло ў 1799 г. да адстаўкі М. Пачобута-Адляніцкага з пасады рэктара.

Вікіпедыя.

80 гадоў Мечыславу Грыбу

Мечыслаў Іванавіч ГРЫБ (нарадзіўся 25 верасня 1938 года ў вёсцы Савічы, Наваградскага ваяводства, цяпер Дзятлаўскі раён Гарадзенскай вобласці) - другі старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

У 1959 г. скончыў Львоўскаю пажарна-тэхнічную вучэльню. У 1967 г. - Беларускі дзяржаўны ўнівэрсітэт.

З 1959 г. - інспектар міліцыі Аддзела ўнутраных спраў Пліскага райвыканкама Віцебскай вобласці. У 1962-1981 гг. - на розных пасадах у органах унутраных справаў Віцебску і Віцебскай вобласці. З 1981 года начальнік Упраўлення аховы грамадскага парадку МУС БССР. З 1985 года начальнік Упраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама.

У 1990 годзе стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Член Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета, старшыня сталай Камісіі па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю.

У 1995 г. - пераабраны народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь.

Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (студзень 1994 - студзень 1995). Змяніў на гэтай пасадзе Станіслава Шушкевіча. Старшыня Камісіі па правах чалавека пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета. Пад старшынствам Грыба Вярхоўны Савет 15 сакавіка 1994 года прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Пасля сыходу з пасады кіраўніка Вярхоўнага Савета ўладкаваўся на працу ў Менскую калегію адвакатаў. Адпрацаваў толькі 6 месяцаў - пазбавілі ліцэнзіі за ўдзел у шэсці, прысвечаным трэцяй гадавіне прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Затым уладкаваўся выкладчыкам у Інстытут правазнаўства, але скора быў звольнены. Улады папярэдзілі кіраўніцтва інстытута, што калі Грыба не звольняць, ВНУ закрыюць.

Сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) у 1996-2001 гадах.

У 2004 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу трэцяга склікання ў Менску, але саступіў.

Вікіпедыя.

Крыху пра трасянку

Харошы дзядзька Міхась Скобла.

Разумны, прыгожы, дасціпны, вершы піша, у розных газетах друкуецца, падабаецца жанчынам і дзецям. Нядаўна ў "Народнай Волі" (гл. № 76 ад 25 верасня) чарговы артыкул напісаў, аж цэлых 100 радкоў і назву цікавую прыдумаў "Шашаль мовы - трасянка". Палымяны публіцыст сп. Міхась выступіў у абарону роднай мовы ў яе найчысцейшым варыянце, праўда, не сказаўшы, які з існых яе варыянтаў яму даспадобы, "тарашкевіца" ці "наркамаўка". Прамаўчаў і пра ўлюбёны алфавіт, бо іх у нас два - "кірыліца" і "лацінка".

Прааналізаваўшы мову артыкула сп. Скоблы, сціпла назавём яе "скаблянка", тым больш што "трусянка" ўжо ёсць. Спадзяюся, што ў яго пярэчанняў з гэтай нагоды не будзе. Шырокае кола носьбітаў "трасянкі" абмаляваў "народаволец" дзядзька Міхась. Гэта экскурсаводы розных музеяў, аўтары прыдарожных шыльдаў, вядомыя спевакі і гумарысты і асабліва маладыя паэты. Трапіў у гэты ганаровы шэраг і я. Праўда, песні і вершы я не пішу, і спеўнага таленту не маю, але - былы старшыня ТБМ і, самае галоўнае, амаль рэктар і "цяперашні арганізатар Нацыянальнага ўніверсітэта".

Можа, тут якраз і "закапаны сабака", бо хто толькі зараз на мяне не нападае з нагоды заснавання і дзейнасці ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Вось і Міхась Скобла далучыўся да такіх дзяржаўных выданняў як "СБ" і "Лідская газета", незалежнага сайта ЗБС "Бацькаўшчына", выпускнікоў ЕГУ і іншых змагароў за "дэмакратыю і справядлівасць".

Але з гісторыяй у сп. Міхася ёсць крыху праблемаў. Так, ён піша, што трасянка "далася беларусам у знакі яшчэ на самым пачатку сталінскага тэрору". Не, шаноўны сп. Скобла, з'явілася яна ў нас значна раней, яшчэ ў 17 ст., у часы Рэчы Паспалітай, і была яна польска-беларускай, прычым ахапіла спярша нашых магнатаў і шляхту. Дастаткова прыгадаць знакамітую "Прамову Мялешкі". Але размаўляючы па-польску, наша эліта пра трасянку не забывалася, за што ёй вялікі дзякуй. Напрыклад, наш зямляк Адам Міцкевіч уключыў у свае творы столькі беларускіх слоў, што палякі зараз цэлыя дысертацыі пішуць на гэтую тэму, накшталт "Беларусізмы ў творах Адама Міцкевіча". Ды і наш класік Янка Купала трасянкі не цураўся, прычым карыстаўся яе двума варыянтамі, як польска-беларускім, так і беларуска-рускім. Дарэчы, і свае першыя вершы спрабаваў пісаць па-польску.

У савецкія часы беларуская трасянка жорстка выкаранялася, асабліва ў войску. Дастаткова вясковаму беларусу сказаць некалькі родных слоўцаў альбо прамаўляць рускія словы на свой капыл, адразу чуліся кпіны і здзекі з боку "таварышчаў афіцэраў".

Таму трасянка ў нас зараз не шашаль, а апошні бастыён абароны перад шалёным наступам "русского мира".

Напрыклад, прыедзе ў Маскву вядомы нам усім беларус, прачытае па паперцы прамову на "великом и могучем", а потым адкладзе яе ўбок і скажа толькі адно слова "гвалт" і ўсё, ён ужо не "рускі са знакам якасці".

Вялікую ролю носьбіты трасянкі, а гэта большасць насельніцтва Беларусі, могуць адыграць у наступным годзе, падчас чарговага Перапісу насельніцтва.

Я заклікаю ўсіх, хто яшчэ не перайшоў канчаткова на літаратурную мову суседняй дзяржавы, ва ўсіх графах падпіснога ліста пісаць толькі адну мову - беларускую.

Хай трасянка замацуе нашу незалежнасць, а потым, калі па-беларуску загаворыць наша ўлада, можна спакойна, без вялікага ўціску і гвалту засвоіць і "скаблянку".

Ганаровы старшыня ТБМ, в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў.



Чарговыя заняткі курсаў "Мова нанова" ў Лідзе пройдуць 4 кастрычніка ў арт-прасторы "Ga11ery" па адрасе: Міцкевіча, 31. Уваход вольны.

Году 2019-му быць Годам беларускай мовы

З чыёсьці лёгкай рукі ў нас увайшло ў практыку кожны чарговы год прысвячаць чаму-небудзь такому, ад якога шмат што залежыць у лёсе беларускага народа. Ужо мы правялі Год культуры і Год навукі. Сёлета абвешчаны і адзначаецца Год малой радзімы. Сказаць, што правядзеннем такіх гадоў мы дамагаемся якога-небудзь незвычайнага поспеху, ніяк не выпадае. Асабліва калі летась адзначалі Год культуры. Можа колькасна і больш адбылося мерапрыемстваў культурнага характару, але роля нацыянальнага фактару ў іх ніколькі не ўзнялася. А нам жа, улічваючы непамерна высокую ступень зрусіфікаванасці духоўнай сферы, важна развіваць не проста культуру, а культуру нацыянальную, у поўным сэнсе слова беларускую, якой так востра не стае.

Пэўныя заўвагі ёсць і на адрас сёлетняга Года малой радзімы. У нас яна - гэта пераважна вёска, якую некалі з поўнай падставай з вялікім гонарам называлі калыскай беларускай нацыі. Нашую ж спрадвечную аж да сярэдзіны ХХ стагоддзя вёску смела можна называць Вялікай Радзімай, бо ў ёй стагоддзямі ўзгадоўвалася, прыстойна жыла паводле сваіх прыродных этнакультурных, моўных традыцый беларуская нацыя, не жадаючы трапіць пад негатыўны ўплыў урбанізацыйных працэсаў з характэрным для іх моцным русіфікатарскім пачаткам. Бедная, усё ж трапіла пад іх магутны прэс, перастала быць жывой, гаючай крыніцай беларускага этнасу. У выніку яго вёска з Вялікай Радзімы трасфармавалася ў Малую радзіму, няздольную пазітыўна ўплываць на нацыянальна-культурныя, моўныя працэсы, якім такую вялікую пагрозу прынесла і нясе няспынная дзяржаўная русіфікатарская палітыка.

Вось у нас і ўзнікла, зацвердзілася думка, што гэтыя страшэннай моцы руйнавальныя працэсы можа хоць трохі ўдасца спыніць добрай арганізацыяй, з масавым удзелам народа ў правядзенні Года беларускай мовы. Ён настойліва просіцца на парадак дня не толькі яе сацыяльным запусценнем, у чым галоўная віна найперш саміх уладаў, а яшчэ і юбілеямі моўнага парадку, што прыпадаюць на 2019 год і найперш заснаванае Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Міністэрствам адукацыі БССР, Міністэрствам культуры БССР, Інстытутам мовазнаўства і літаратуры Акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўным камітэтам БССР па друку, Беларускім фондам культуры, Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй БССР, рэдакцыяй газеты "Радзіма", Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Сёння ж Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны не мае аніякай падтрымкі ад дзяржавы, жыве за кошт фінансавай дапамогі грамадства. Такая пазіцыя дзяржавы тлумачыцца яе абыякавым стаўленнем да сваёй першай дзяржаўнай беларускай мовы, што прывяло яе амаль да поўнага камунікатыўнага заняпаду.

Прагрэсіўную, цалка адпаведную нацыянальным інтарэсам пазіцыю па найважнейшых аспектах моўнай палітыкі займаў утвораны 19 кастрычніка 1988 года Беларускі народны фронт "Адраджэньне". Ён першым з усіх грамадскіх арганізацый абгрунтаваў думку аб неабходнасці надання беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у краіне, што затым было увасоблена ў прынятым 26 студзеня 1990 года Законе "Аб мовах у Беларускай ССР" і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Сучасны жахлівы стан беларускай мовы вымушае ўлады карэнным чынам змяніць сваё стаўленне як да яе, так і ТБМ імя Ф. Скарыны. Апошняе павінна стаць правай рукой дзяржавы ў правядзенні ўсіх неабходных захадаў па выратаванні мовы з заняпаду, вяртанні яе да нармальнага жыцця. ТБМ імя Ф. Скарыны павінна быць, калі не цалкам, дык напалову дзяржаўнай арганізацыяй. Сёння ў яе хапае высокай эрудыцыі кадраў, каб стаць сапраўдным мазгавым цэнтрам генеравання ідэй культурнамоўнага адраджэння беларускага народа. Дзеля гэтага ўладам неабходна таксама паклапаціцца пра паляпшэнне ўмоў працы рэдакцыі друкаванага органа Таварыства газеты "Наша слова". Ужо не першы год для інтарэсаў беларускай мовы яна адна ў разы больш робіць, чым усе дзяржаўныя газеты з беларускамоўнымі загалоўкамі, разам узятыя.

Мы да крайнасці здзіўляем свет, што маючы такія багатыя навукова-тэарэтычныя напрацоўкі па моўнай праблеме, не можам (а хутчэй за ўсё не жадаем) забяспечыць базавай мове беларускай зямлі нармальнае функцыянаванне ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека, г.зн. зрабіць рэальна дзяржаўнай. Хранічная зацыкленасць уладаў на рускай мове проста зашкальвае, не мае межаў. Можа з усім гэтым мы хоць трохі расправімся пры належным правядзенні ў 2019 годзе Года беларускай мовы.

Як усё гэта павінна адбывацца, нашыя высокай эрудыцыі палітыкі, ідэолагі, інтэлектуалы ведаюць лепш за аўтараў дадзенай публікацыі. Галоўнае тут мець шчырае жаданне, якое ў афіцыйных колах і больш як за дваццаць гадоў ніколі не ўзнікла. Першае, як нам думаецца, уладам трэба звярнуцца да ўсіх людзей з салідным Маніфестам, грунтоўна паказаўшы сучасны халопскі стан моўнага жыцця тытульнай нацыі і давесці масам, што нас чакае, калі кардынальным чынам не змяніць яго на карысць беларускай мовы.

Хаця за чвэртку стагоддзя дзяржаўны чыноўніцкі апарат татальна адрынуўся ад беларускай мовы, яе трэба, не баючыся ніякіх цяжкасцяў, паступова ўводзіць у афіцыйнае жыццё. І пачаць з таго, што ўжо са студзеня 2019 года адзін дзень на тыдзень уся Прэзідэнцкая вертыкаль зверху да нізу, а таксама ўсе адміністрацыйна-гаспадарчыя службы, прадпрыемствы і ўстановы працуюць на беларускай мове. З гэтага правіла нельга рабіць выключэння нават і для самога Прэзідэнта краіны, як ідэолага, ініцыятара ўвядзення ў практыку афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. У гэты па-свойму выпрабавальны для ўсіх нас дзень асабліва высокія патрабаванні неабходна ставіць перад афіцыйнымі электроннымі СМІ, не пускаючы ў эфір так абрыдлых беларуска-рускамоўных дыялогаў.

На працягу Года беларускай мовы нам неабходна пастарацца стварыць хаця б па адным раёне на кожную вобласць, у якім мясцовыя ўлады ўсю сваю працу з насельніцтвам вялі б па-беларуску. Той раён, які пажадае ўзяць на сябе такую пачэсную патрыятычную нацыянальна-адраджэнцкую місію, павінен мець ад дзяржавы неабходную падтрымку, у тым ліку і фінансавую. Аднаму з аўтараў гэтага матэрыялу (Л. Лычу) вельмі хацелася б, каб у Менскай вобласці такім авангардным у нацыянальна-адраджэнцкім руху стаў яго родны Уздзенскі раён.

У Год беларускай мовы мы павінны па-сур'ёзнаму паклапаціцца пра вывядзенне з поўнага нацыянальнага запусцення нашай франтальна рускамоўнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школы. Жыццё добра пераканала, што такія ўстановы не могуць даць краіне сапраўдных нацыянальных патрыётаў, папоўніць інтэлектуальны пласт грамадства маладой беларускамоўнай зменай, у чым у нас узнікне вялікая патрэба, калі толькі мы па-сур'ёзнаму пажадаем засцерагчы беларускі народ ад пагібелі ў асіміляцыйным пекле. У нацыянальным плане беларусізацыя гэтых тыпаў навучальных устаноў вельмі станоўча адаб'ецца на агульнаадукацыйнай школе, ураз здыме праблему пераводу іх у беларускамоўныя, якія толькі і неабходныя краіне, каб нарэшце пакончыць з русіфікацыяй свайго народа. І палітыкі, і кіраўнікі сферы адукацыі істотна перабольшваюць цяжкасці з пераводам сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў з рускай мовы на беларускую. Сцвярджаем так, сыходзячы з уласнага вопыту, бо самі дзясяткі гадоў працавалі ў ВНУ. Варта толькі на 20 - 25 працэнтаў павысіць аплату працы беларускамоўных педагогаў, даць пэўныя сацыяльныя выгоды студэнтам, што вучацца на беларускамоўных аддзяленнях, як справа імгненна палепшыцца карэнным чынам. У многім гэтаму можа паспрыяць і ўладкаванне беларускамоўных выпускнікоў на працу з улікам іх выбару.

Мы, як ініцыятары абвяшчэння 2019 года Годам беларускай мовы, ёсць людзі з багатым жыццёвым досведам. Шмат што бачылі на сваім вяку. Галоўную прычыну поўнага развалу беларускага нацыянальнага жыцця тлумачым толькі тым, што за апошнюю чвэртку стагоддзя дзяржава і пальцам не паварушыла, каб навесці ў ім парадак. Яна непараўнальна больш увагі надавала ўмацаванню рускага пачатку на беларускім абшары, чым забеспячэнню тут умоў для прыстойнага нацыянальна-культурнага жыцця тытульнага насельніцтва. Час канчаць з такой шкоднай антынацыянальнай палітыкай. Годзе здзіўляць ёю ўвесь цывілізаваны свет. Нацыянальна-культурнае жыццё ў Рэспубліцы Беларусь павінна так адпавядаць яе карэнным інтарэсам, як гэта характэрна ўсім перадавым краінам планеты Зямля. Прэч на сметнік усялякія выдумкі, што руская культура, руская мова - гэта таксама нацыянальная духоўныя каштоўнасці нашай краіны, што паміж беларусамі і рускімі можна ставіць знак роўнасці, таму няма ніякай бяды, калі першыя будуць жыць стандартамі іншых. Вялікая недарэчнасць! Беларусы - гэта цалкам самабытная, адметная ад усіх сваіх суседзяў, у тым ліку і рускіх, нацыя, таму яе духоўная сфера не можа інакш развівацца, як толькі ў згодзе з уласнымі культурнамоўнымі канонамі. Няхай Год беларускай мовы нарэшце стане шчаслівым пачаткам нашага буйнамаштабнага нацыянальна-культурнага адраджэння, стабільнага дынамічнага духоўнага росквіту ў будучыні, якую з паглыбленнем працэсаў глабалізацыі, у тым ліку і яе ўсходняга вектару, ніяк нельга ўяўляць у ружовых колерах.

Леанід Міхайлавіч Лыч, прафесар, Мікай Іванавіч Савіцкі, прафесар.

Унёсак у нацыянальную гістарычную канцэпцыю

Творчая вечарына вядомага гарадзенскага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча адбылася ў Менскай кавярні "Грай". Юбіляра павіншаваў Глеб Лабадзенка і наведвальнікі курсаў "Мова нанова", а таксама знаныя беларускія паэты і пісьменнікі, сябры ТБМ.

На вечарыне спадар Алесь распавёў пра яркія эпізоды сваёй маладосці, студэнцкага жыцця і прадэманстраваў здымкі з уласнага архіва. Алесь Канстанцінавіч Краўцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў 1958 годзе.

У 1976 годзе закончыў тэхнікум фізкультуры, у які ён пайшоў, каб загартавацца перад кар'ерай ваеннага марака. Юнак захапляўся кніжкамі беларускага марыніста Аляксандра Міронава, вывучаў сігналізацыю флажкамі: фок-мачта, грос-мачта, бізань- мачта і марскія назвы.

- За тры гады я вырашыў, што вайсковая вучэльня - не самая рамантычная арганізацыя, таму пасля тэхнікума я пайшоў на гістфак. Нараджаліся мары пра афіцэрскія пагоны, эліту, але ні разу ў жыцці я потым не апрануў афіцэрскую форму, якая мне так падабалася ў дзяцінстве! - узгадвае з самаіроніяй спадар Алесь.

У 1979-80 гадах будучаму гісторыку давялося працаваць на будаўніцтве БАМа. На станцыі Залацінка хлопцы пракопвалі траншэю для телефоннага кабеля, а вакол раскінулася тайга. Студэнта Краўцэвіча ўразіла самабытнасць укладу жыцця якутаў, якую міжвольна прыходзілася парушаць будаўніцтвам дарогі.

У 1981 годзе Алесь Краўцэвіч скончыў БДУ, у 1981-1984 гадах ён вучыўся ў Маскоўскай аспірантуры Інстытута археалогіі АН СССР. На здымку таго перыяду - зарослы мажны барадач.

- Гэта была самая моцная школа ў маім жыцці, - узгадвае прафесар Краўцэвіч. - Маім навуковым кіраўніком быў акадэмік Барыс Рыбакоў. Тры гады я слухаў лекцыі выдатных спецыялістаў па культуры Сярэднявечнай Еўропы. У 1983 годзе пачыналіся раскопкі Мірскага замка. Навукоўцы і студэнты Гарадзенскага гістфака працавалі там. Гэта былі шчаслівыя гады майго жыцця! Мы жылі там па тры месяцы і размаўлялі толькі па-беларуску.

Паступова Алесь Краўцэвіч перайшоў да аповеду пра свае кнігі, прысвечаныя старажытным забудовам і знакамітым асобам.

Першая кніжка пра экспедыцыі і знаходкі "Мастак - наш продак" выходзіла ў выдавецтве "Народная асвета" ў 1990 годзе.

У 1988 годзе Алесь Краўцэвіч абараніў кандыдацкую дысертацыю. Даследванне "Гарады і замкі беларускага Панямоння 14-18 стст.: Планіроўка, культурны слой" выйшла асобнай кнігай. Працуючы над кнігамі ў канцы 80-х, пачатку 90-тых гадоў, Алесь Краўцэвіч у сваіх працах праводзіў думку і даказваў праз раскопкі, што Беларусь - неад'емная частка Еўропы.

У 1994-1995 гадах А. Краўцэвіч займаў пасаду першага прарэктара Гарадзенскага ўніверсітэта.

Кніжка "Стары Мір" адлюстравала цікавыя факты з раскопак і знаходак, і выходзіла ў суаўтарстве з Якшук Г. М. Цікавай была ў 1993 годзе праца над даследваннем "Тэўтонскі Ордэн. Ад Ерусаліма да Грунвальда." Кніжачку "Гарадзенскі замак" спадар Алесь пісаў для сваёй старэйшай дачкі, якая падрастала ў тыя часы. Ілюстрацыі для яе рабіў Сяргей Харэўскі, які працаваў мастаком-тэхнікам.

"Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка" выйшла па парадзе і з дапамогай Алега Трусава. Наступнай была кніга "Вялікі князь Вітаўт".

- Навуковая літаратура патрабуе ад гісторыка дакладнай аргументацыі і вялікай асцярожнасці. Не хапае паўнаты крыніцаў, мы маем толькі частку комплексу фактаў. Варыянты падзеяў, пра якія мы не ведаем, маглі быць рознымі. У папулярнай кнізе можна даць волю ўяўленням і інтуіцыі.

Пра князя Вітаўта напісана больш за 15 манаграфій, выдадзены два тамы яго дакументаў на польскай і нямецкай мовах. Калі ўвесь час думаеш пра свайго гістарычнага героя, узнікае эфект знаёмства, ведаеш шмат дэталяў пра яго: добры ён ці злы, скупы ці гаваркі. Таму мне ўдалося рэканструяваць падзеі і прадставіць сваю версію. На маю думку, лепшым гістарычным пісьменнікам быў Кастусь Тарасаў, які неверагодна моцна адчуваў гістарычны матэрыял. Нам не хапае абагульняльных прац сінтэзу, бо раней яны былі прэрагатывай Пецярбурга і Масквы. Я адчуў, што мой абавязак - напісаць працу сінтэзу па Вялікім Княстве Літоўскім.

Вельмі плённым для А. Краўцэвіча было супрацоўніцтва з мастаком высокага ўзроўню Паўлам Татарнікавым, вельмі ўважлівым да дэталяў. Калі Павел маляваў рыцарскія панцыры, ён заходзіў на сайт Венгерскага гістарычнага музея. Каб намаляваць, як крыжакі пераходзяць лёд Нёмана, Павел Татарнікаў рабіў шмат фотаздымкаў маста праз Нёман.

Важным для прафесара Краўцэвіча быў выпуск кнігі "Гедымін (1316-1341). Каралеўства Літвы і Русі"" пры дапамозе гарадзенскіх прыватных асобаў. У 2013 годзе спадар Алесь атрымаў за кнігу прэмію імя Ф. Багушэвіча.

Працай жыцця і галоўнай кнігай прафесар лічыць "Гісторыю Вялікага Княства Літоўскага 1248-1377." Над гэтай тэмай прафесар працаваў 10 гадоў, і яна стала тэмай доктарскай дысертацыі, якую ён абараніў 4 снежня 1998 года ў інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Кніга чатыры разы перавыдавалася і з году ў год прываблівае студэнтаў гістфака.

Паўтары гады А. Краўцэвіч знаходзіўся на стажыроўцы ў Ягелонскім універсітэце. Калі ў 2013 годзе з Гарадзенскага ўніверсітэта звольнілі частку прафесароў, ім дапамаглі былы консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч і прафесар Ян Маліцкі. Пры Студыюме Еўропы Усходняй Варшаўскага ўніверсітэта была створана адмысловая структура - Цэнтр беларускіх даследванняў. Кіраўніком навуковай і дыдактычнай адзінкі быў абраны прафесар Алесь Краўцэвіч. Цяпер ён ездзіць з Гародні ў Варшаву і чытае лекцыі студэнтам.

Госці вечарыны сардэчна падзякавалі Алесю Краўцэвічу за шматгадовую працу ў галіне айчыннай гісторыяграфіі, за развіццё нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі.

Э. Дзвінская, На фота аўтара: на вечарыне ў кавярні " Грай".

Курсы "Мова нанова" ў Лідзе

У Лідзе распачынаюцца курсы "Мова нанова". Яны буду праводзіцца ў арт-прасторы Ga11ery.

Лідзяне ўжо не першы год планавалі распачаць такія курсы ў сваім горадзе, але адной з перашкод была адсутнасць зручнай пляцоўкі для іх правядзення. Зараз такое месца знойдзена, дзе ўжо і прайшоў першы ўводны занятак, гасцямі якога сталі адміністратар курсаў Ева Гілевіч, музыка Сяржук Доўгушаў і асноўны ідэолаг Глеб Лабадзенка. Па яго словах, Ліда гэта ўжо 19-ы горад, дзе будуць праводзіцца курсы "Мова нанова".

- Мы даўно гэтага чакалі. Не маглі знайсці памяшкання. І вось нарэшце гаспадар прасторы Ga11ery, Міцкевіча, 31, спадар Павел пагадзіўся даць нам гэтае памяшканне. Ліда для нас была вельмі важным горадам таму, што гэта гістарычны горад. У нас ёсць курсы ў Менску і Гародні, а Ліда роўна пасярэдзіне. Так што мы вельмі спадзяваліся нарэшце што ўдасца тут гэта зрабіць. І я рады, што ўдалося.

Заняткі вялі Глеб Лабадзенка і Ева Гілевіч. Першай тэмай заняткаў былі абраны "Сваякі". Ілюстрацыяй да тэмы быў род Радзівілаў з іх шматлікімі сваякамі. Другая тэма "Несупадзення роду назоўнікаў" у беларускай і рускай мовах.

Курсы "Мова нанова" ў Лідзе далей будуць праводзіцца кожны чацвер, а 18-й гадзіне, у арт-прасторы Ga11ery, па адрасе вул. Міцкевіча, 31.

Наступныя заняткі пройдуць 4 кастрычніка 2018 г. Выкладаць будуць ініцыятары лідскіх курсаў Марыя Ганчар і Валянціна Пігулеўская.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.

Алег Трусаў: "Супраць універсітэта імя Ніла Гілевіча змагаюцца і прыхільнікі "русского мира", і групоўка ЕГУ"

27 верасня 2017 года менскія ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас першага беларускамоўнага ўніверсітэта, які ў сакавіку 2018 года атрымаў імя Ніла Гілевіча. Цяпер універсітэт размяшчаецца ў Партызанскім раёне сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32.

24 верасня пачаліся заняткі на Падрыхтоўчых курсах. Свабода папрасіла выканаўцу абавязкаў рэктара ўніверсітэта Алега Трусава расказаць пра цяперашні стан і найбліжэйшыя планы новай ВНУ.

- На якім этапе цяпер знаходзіцца працэс арганізацыі ўніверсітэта?

- У панядзелак 24 верасня афіцыйна пачалі працу Падрыхтоўчыя курсы ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча. Па панядзелках у нас будуць адбывацца так званыя майстар-класы, а самі заняткі на курсах будуць праходзіць па выхадных днях. Першы майстар-клас правёў наш вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў.

На падрыхтоўчых курсах будуць займацца слухачы трох катэгорый. Першая катэгорыя - старэйшыя школьнікі. Другая - студэнты, якія хочуць атрымаць дадатковую адукацыю. Трэцяя - усе астатнія людзі ўсіх узростаў, у тым ліку сярэдняга і сталага веку.

На курсах прапануюцца розныя прадметы. Для дзяцей і студэнтаў прапануюцца па-беларуску хімія, фізіка, матэматыка і некалькі замежных моваў, сярод якіх ангельская, нямецкая, польская. Таксама гэта родная беларуская мова і гісторыя Беларусі.

Калі ж мова ідзе пра людзей сталага веку, дык гэта два прадметы - беларуская мова і гісторыя Беларусі, іх найбольш просяць. Ёсць шмат людзей, якія хочуць вывучаць польскую мову.

Такім чынам цяпер ідзе працэс набору навучэнцаў, людзі пішуць заявы. Аплата невялікая, за 72 гадзіны заняткаў - усяго 200 рублёў.

Курсы будуць трохмесячныя і шасцімесячныя. Асаблівасць такая, што на заняткі па выхадных будуць прыходзіць слухачы курсаў, а на майстар-класы па панядзелках могуць прыходзіць усе ахвочыя розных узростаў. На сустрэчы з Арловым былі людзі цэлымі сем'ямі.

Наступны майстар-клас будзе ў панядзелак 1 кастрычніка. Прыйдзе Андрэй Дынько і раскажа пра новы часопіс "Наша гісторыя", які вельмі папулярны. Наступнаю прыйдзе Святлана Калінкіна, якая раскажа пра беларускую мову ў сродках масавай інфармацыі. Таксама ў планах Андрусь Такінданг, які раскажа пра беларускую мову ў нашай музычнай прасторы і два паэты - Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін, рэдактар часопіса "Верасень".

- Калі пачнецца праца ўласна курсаў?

- Першыя сапраўдныя заняткі на Падрыхтоўчых курсах пачнуцца з дзіцячай групай у нядзелю 30 верасня. Так што заняткі будуць па суботах, ня-дзелях і шырокія майстар-класы па панядзелках.

Я лічу, што справа нацыянальнага беларускамоўнага ўніверсітэта ідзе вельмі добра. Год назад мы атрымалі юрыдычны адрас, а шэсць месяцаў назад былі зарэгістраваныя як установа адукацыі. Усё гэта было вельмі не проста. Трэба было знайсці грошы і на арэнду памяшкання.

- Для кожнай установы адукацыі вельмі важнаю з'яўляецца свая навуковая бібліятэка. Ці мае ўжо сваю бібліятэку ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча?

- Так, мае. Мы знайшлі спонсараў, закупілі падручнікі, дапаможнікі, слоўнікі ў Польшчы, цяпер закупляем у Беларусі. Таксама вельмі добра, што многія людзі проста ахвяруюць нам свае бібліятэкі. Таксама пераводзяць і нясуць ахвяраванні.

Я з поўным правам магу сказаць, што ідэя нацыянальнага ўніверсітэта падхоплена і падтрымана беларусамі.

- Ці ёсць нейкі супраціў вашай дзейнасці?

- На жаль, ёсць. Супраць нас выступае шмат нядобразычліўцаў. З аднаго боку, гэта прыхільнікі "русского мира", якія вядуць з намі шырокую вайну ў СМІ, пачынаючы ад "СБ" і канчаючы раённымі газетамі.

І яшчэ ёсць групоўка ЕГУ, бо яны бачаць у нас канкурэнта і вядуць супраць нас шалёную агітацыю на самых розных платформах у інтэрнэце ўжо пад выглядам дэмакратаў. Але мы ўдзячныя і тым, і другім. Дзякуючы ім, усе ведаюць, што ёсць такі ўніверсітэт імя Гілевіча.

- Адзін з супрацоўнікаў вашага ўніверсітэта паведаміў, што да вас звярнулася вельмі шмат выкладчыкаў і навукоўцаў з просьбай прыняць іх на працу ў беларускамоўны ўніверсітэт. Як цяпер выглядае база выкладчыкаў новай ВНУ?

- Ужо падалі заявы каля 100 чалавек, большасць з якіх маюць навуковыя ступені дактароў і кандыдатаў навук.

Цяпер працэс прыёму выглядае наступным чынам. Чалавек піша рэзюмэ. Мы заносім яго ў наш банк дадзеных, і калі атрымаем ліцэнзію, то некаторых адразу будзем запрашаць для выкладання.

А іншыя цяпер будуць выкладаць на курсах. Так што за час, які застаўся да выдання ліцэнзіі, мы зможам ацаніць узровень многіх кандыдатаў.

Тым, хто ўжо выкладае, мы плацім невялікія заробкі.

Так што выкладчыцкі патэнцыял створаны. Гэта не толькі людзі з Беларусі, але і тыя, хто цяпер жыве ў Польшчы, Літве, Нямеччыне і іншых краінах.

- Калі вы мяркуеце атрымаць ліцэнзію на навучанне студэнтаў?

- Цяпер, паводле статуту, мы можам рабіць любыя дзеянні, апрача навучання студэнтаў. Таму мы і пачалі з Падрыхтоўчых курсаў. А атрыманне ліцэнзіі на падрыхтоўку дыпламаваных спецыялістаў - гэта вельмі складаны і доўгі працэс.

Трэба здаць навучальныя праграмы па кожным прадмеце, падаць спісы выкладчыкаў, паказаць, што мы забяспечаныя літаратурай, што ў нас ёсць памяшканні для навучання студэнтаў і так далей. Гэтым цяпер займаецца цэлая група намеснікаў рэктара ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, асабліва прарэктар Павел Церашковіч, які адказны за ліцэнзіі.

Мы думаем падаць дакументы на атрыманне ліцэнзіі ў канцы года. Тэрмін маем да 15 сакавіка наступнага года, калі мы былі афіцыйна зарэгістраваныя.

І вось калі да 15 сакавіка мы атрымаем пэўную колькасць ліцэнзій на пэўную колькасць спецыяльнасцяў, то з верасня 2019 года зможам афіцыйна набраць студэнтаў і магістрантаў на дзённае аддзяленне. Мы хочам адразу пачаць падрыхтоўку магістраў, якія потым пачнуць выкладаць у нашым універсітэце.

- Які фінансавы стан універсітэта на цяперашні момант?

- Мы маем грошы, атрыманыя як ахвяраванні, на сваю мінімальную дзейнасць да канца года. Ахвяраванні ідуць кожны дзень, вось і сёння я атрымаў пэўную суму.

Калі ж мы атрымаем ліцэнзію, то зможам падаваць заяўкі на вялікія гранты, як мясцовыя, так і замежныя. Бо пакуль няма ліцэнзіі, разважаць пра вялікае фінансаванне нельга.

І заробкі мы паклалі сабе мінімальныя, сімвалічныя. Самы вялікі ў мяне - 100 рублёў. Пакуль ўніверсітэт працуе, фактычна, на грамадскіх пачатках, але нейкі заробак мы мусім плаціць паводле закону. Таму мы плацім мінімальныя заробкі.

Сёння большыя сродкі мы выдаткоўваем на арэнду, на камунальныя паслугі, на бібліятэку, без якой таксама ліцэнзію атрымаць немагчыма. Таму на кнігі былі патрачаны вялікія грошы. Так што праца паспяхова разгортваецца па розных кірунках.

- Ці плануеце вы прымаць абароны дысертацый?

- Вядома, плануем. У статуце гэта ўсё ёсць. Як у любога ўніверсітэта. Спачатку мы плануем абарону магістарскіх дысертацый, а ў перспектыве - кандыдацкіх і доктарскіх.

Пакуль што мэта - пачаць навучанне студэнтаў і магістраў. Паводле беларускіх законаў, званне магістра дае права выкладаць у любым універсітэце. Таму мы хочам спачатку пачаць падрыхтоўку магістраў.

Гутарыў Сяргей Абламейка.

КАБ ВЕДАЦЬ ГІСТОРЫЮ РОДНАГА ГОРАДА

Старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны спадар Алег Дзьячкоў правёў на грамадскай аснове пешую экскурсію па цэнтральнай частцы горада для сяброў літаратурнага клуба "Святліца" ДУДА "Цэнр творчасці дзяцей і моладзі "Агат" г. Магілёва", якім кіруе сябра СБП Тамара Аўсяннікава.

У Магілёве восень. Залатой назваць яе яшчэ нельга, бо дрэвы толькі-толькі збіраюцца змяніць свой зялёны ўбор на барвова-жоўты. Вячэрні Магілёў цешыць вока, і прыемна прайсціся па горадзе не проста так, а з карысцю. Спадар Алег Дзьячкоў цікава распавядае пра старажытныя мясціны горада і архітэктурныя помнікі.

Прыгожай стала Плошча Славы на якой узвышаецца саракасямімятровая (са шпілем) ратуша - сімвал гарадскога самакіравання Магілёва. За пяць стагоддзяў яна некалькі разоў разбуралася і толькі ў 2008 годзе адбылося яе святочнае адкрыццё. Плошча закладзена ў 16 стагоддзі і служыла месцам для гандлю і правядзення сходаў. Сучасны воблік плошчы склаўся ў пачатку 80-х гадоў 20 стагоддзя.

Мы спыняліся на месцах існых гістарычных помнікаў і тых, што не захаваліся. Пачулі імёны знакамітых беларусаў, звязаных з гэтымі помнікамі і мясцінамі. Багатая гісторыя нашага горада.

Яркі след у гісторыі нашага горада пакінуў Георгій Каніскі (1717 - 1795), архіепіскап Магілёўскі, Мсціслўскі і Аршанскі. Нашчадак старажытнага казацкага роду Георгій Каніскі праславіўся як адзін з таленавітых філосафаў, педагогаў і грамадскіх дзеячаў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Змагаўся за раўнапраўе грамадзян Рэчы Паспалітай, прыналежных да розных канфесій. Клапаціўся аб асвеце. У 1757 годзе адкрыў у Магілёве духоўную семінарыю і арганізаваў друкарню пры архіепіскапскім доме. Пісаў вершы і п'есы. Пахаваны ў Магілёве ў Спаскай царкве. З 1993 года ў ліку святых Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.

Было цікава даведацца, што адным з першых беларускіх падручнікаў з'яўляецца "Букваръ" магіляўчаніна Спірыдона Собаля, які ён выдаў у Воршы ў 1631 годзе. Кніга ўтрымлівала звесткі па граматыцы, а таксама малітвы і павучальныя тэксты з Бібліі. Вядомы толькі адзін экзэмпляр гэтага ўнікальнага выдання, і захоўваецца ён не ў Беларусі, а ў Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва. У 2014 годзе ў Воршы на тэрыторыі Кцеінскага Свята-Багаяўленскага мужчынскага манастыра адкрыты памятны знак у гонар Буквара Спірыдона Собаля.

Экскурсія пачалася на Замкавай гары і завяршылася на вуліцы Ленінскай. На працягу двух гадзін мы, дзякуючы экскурсаводу Алегу Уладзіміравічу, змаглі далучыцца да гістарычнага мінулага нашага горада. Сябры літаратурнага клуба "Святліца" выказваюць шчырую падзяку спадару Алегу Дзьячкову, які не шкадуе сіл і свайго часу, каб магіляўчане ведалі сваю гісторыю, ганарыліся ёю і не забывалі родную мову, бо экскурсія вялася па-беларуску.

Лаліта ЯКУЦІНА, сябра літаратурнага клуба "Святліца".

НОВАЯ КНІГА МІКАЛАЯ НІКАЛАЕВА

Мікалай Віктаравіч Нікалаеў - беларускі і расійскі гісторык, кнігазнавец, краязнавец, мастацтвазнавец. Жыве у Пецярбургу, працуе загадчыкам аддзела рэдкіх кніг Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі. Ён аўтар шматлікіх выданняў, у тым ліку кніг, прысвечаных гісторыі нашага краю. Яго сур'ёзная зацікаўленасць гісторыяй Наваградчыны яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У юнацтве Мікалай Віктаравіч удзельнічаў у раскопках наваградскага замка, якія праводзіла Фрыда Гурэвіч, археолаг з Ленінграда. Гэта стала вызначальным для яго лёсу.

25 верасня ў Наваградскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Мікалая Нікалаева "Наваградак за царства Аляксандра II, 1855-1881". Яна прысвечана гісторыі нашага горада - былога ваяводскага цэнтра Вялікага Княства Літоўскага - у час яго знаходжання ў складзе Расійскай імперыі. На прэзентацыю прыйшлі настаўнікі гісторыі, музейныя і бібліятэчныя работнікі, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, прэса. Аўтар расказаў пра факты і дакументы з наваградскай гісторыі, адказаў на пытанні прысутных. Кніга дапаможа чытачам знайсці любую інфармацыю за адзначаныя гады, у тым ліку статыстычныя звесткі, чарцяжы будынкаў, зацверджаны Аляксандрам II план горада. Выданне змяшчае вялікую колькасць ілюстрацый, што робіць яе яшчэ больш пазнавальнай.

Два экзэмпляры кнігі з аўтографам аўтар падарыў раённай бібліятэцы, таму запрашаем наваградчан і ўсіх зацікаўленых да нас у бібліятэку. Упэўнены, кніга вам будзе вельмі цікавай.

Наваградская РБ. by admin.

Фундаментальная праца групы гісторыкаў

Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Андрусь Унучак распавёў пра калектыўную працу "Грамадска - палітычнае жыццё ў Беларусі ў 1772-1917 гг.", якая выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве "Беларуская навука" да 100-годдзя БНР. Яна аднаўляе малавядомыя старонкі мінуўшчыны.

У кнігу ўвайшлі даследванні А.У. Унучака, І.Г. Гушчынскага, М.А. Сакаловай, А.М. Філатавай, С.А. Талмачовай і шэрагу іншых навукоўцаў. У кнізе прадстаўлены вынікі навуковага асэнсавання палітычнага становішча нашых зямель у перыяд з 1772 па 1917 год.

Андрэй Уладзіміравіч Унучак прааналізаваў развіццё беларускага народнага руху, яго арганізацыйныя структуры і ідэалогію на мяжы ХIX і XX стагоддзяў, зрабіў агляд польскага і яўрэйскага руху ў гэты перыяд.

- Наша кніга - калектыўная манаграфія, якая асвятляе асноўныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця ў нашай краіне ў той час, калі мы не мелі сваёй дзяржаўнасці, але знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі, - адначыў А. Унучак. - Даследчыкі з Акадэміі Навук і з БДУ прышлі да высновы, што галоўнай задачай грамадства беларуска-літоўскіх зямель у той час было вяртанне дзяржаўнасці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Асноўнай мэтай Расійскай імперыі была ўніфікацыя з расійскімі губернямі. Нашы землі былі падзелены. Гэта прыводзіла да жорсткай канфрантацыі, якая пераходзіла ў паўстанні.

Праца складаецца з 6 раздзелаў, якія пісалі розныя людзі ў межах адной тэмы. Мы стваралі даследванне менавіта як агульную кніжку. Тэмы габрэйскага і польскага руху я даследваў у сувязі з беларускім грамадскім рухам. Наш беларускі нацыянальны рух не існаваў у вакууме, адначасова існаваў моцны польскі і габрэйскі рух. Таму з 2011 года я пачаў даследаваць іх ў адным кантэксце.

У пасляслоўі да кнігі аўтар зрабіў высновы: "У той момант, калі на тэрыторыі Беларусі былі пераможаны асноўныя элементы грамадска-палітычнага ладу былой Рэчы Паспалітай і грамадства краю было ўключана ў расійскія палітычныя працэсы, перад уладамі Расійскай імперыі паўстала "беларускае пытанне", на якое ў рамках імперскай ідэалогіі не было адэкватнага адказу.

З'яўленне на гістарычнай авансцэне беларускага нацыянальнага руху было нечаканым і непажаданым для ўлад Расійскай імперыі, якія не прызнавалі самога факта існавання асобнага беларускага народа. Але, нягледзячы на гэта, лідары беларускага руху здолелі акумуляваць ідэю асобнасці краю ў палітычную ідэю стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, якая рэалізавалася ў ХХ стагоддзі."

Выданне можна набыць у менскай краме "Акадэмкніга".

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымку: Андрусь Унучак.

Майстры Манпарнаса з беларускіх мястэчак

21 верасня 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Майстры Манпарнаса з беларускіх мястэчак", якая прадстаўляе прыватныя калекцыі, у якіх захоўваюцца творы сусветна вядомых беларускіх мастакоў Парыжскай школы: Марка Шагала, Шрага Царфіна, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Раберта Геніна, Яўгена Зака, Міхаіла Кікоіна і Пінхуса Крэменя. Некаторыя работы ўпершыню ў публічным доступе...

Да творчасці майстроў Манпарнаса пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя калекцыянеры выяўляюць сталую зацікаўленасць на працягу 100 гадоў, пачынаючы ад канца Першай сусветнай вайны. У гэты час іх творы ў Парыжы пачалі набываць "маршаны", якія адыгрывалі заўважную ролю на "рынку мастацтва" на пачатку ХХ стагоддзя і дзякуючы якім у тыя гады сталі вядомымі імёны многіх цяпер знакамітых мастакоў.

Творчасць майстроў Парыжскай школы, яднаючы краіны і народы, іх мастацкія традыцыі, наглядна сведчаць пра значнасць месца, якое займае наша краіна ў агульнаеўрапейскай культуры. Выстава з'явіцца магчымасцю не толькі ўбачыць работы, што захоўваюцца ў прыватных калекцыях, але зразумець сувязь паміж сучасным еўрапейскім мастацтвам і мастацкімі працэсамі пачатку ХХ стагоддзя.

У экспазіцыі глядач убачыць 100 твораў розных жанраў, якія датуюцца часам ад 1915 па 70-я гады мінулага стагоддзя і якія выкананы ў розных тэхніках жывапісу і графікі. Іх прыналежнасць да прыватных калекцый гарантуе знаўцам высокі мастацкі ўзровень прадстаўленых работ.

Для больш глыбокага разумення экспазіцыі наведвальнікам прапанавана ўнікальная адукацыйная праграма з лекцый беларускіх і замежных спецыялістаў - даследчыкаў Парыжскай школы, а таксама цыкл дакументальных фільмаў пра мастакоў.

Перад прысутнымі на мерапрыемстве выступілі Павел Сапоцька, Барыс Крэпак, Уладзімір Шчасны, Ала Зміева, Юры Абдурахманаў (Смілавічы), Мішэль Ле Брэн Франзаролі (Францыя)...

Наведвальнікам будзе прадстаўлены шырокі дыяпазон кірункаў класічнага мадэрнізму ХХ стагоддзя: фавізм, кубізм, экспрэсіянізм... Факт вяртання творчасці мастакоў Парыжскай школы на Радзіму працягваецца, дзякуючы цікавасці да іх работ з боку калекцыянераў. Выстава зацікавіць грамадскасць Менска.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Беларуска-германскі энергетычны форум пройдзе 8 кастрычніка ў Менску

Навіны Германіі

VI Беларуска-германскі энергетычны форум пройдзе 8 кастрычніка ў Менску, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі. Эксперты абмяркуюць пытанні лічбавай трансфармацыі энергетыкі, сеткавай інфраструктуры, устойлівага гарадскога энергазабеспячэння і экалогіі, стварэння і развіцця "разумных гарадоў", павышэння энергаэфектыўнасці, развіцця аднаўляльнай энергетыкі. Праграмай форуму запланаваны панэльныя дыскусіі "Новая энергетычная палітыка ў гарадах", "Тэхналогіі назапашвання энергіі і зліццё сектараў", "Дыгіталізацыя і кіраванне сеткамі", "Магчымасці фінансавання праектаў у сферы аднаўляльных крыніц энергіі і энергаэфектыўнасці". "Форум накіраваны на ўмацаванне ўзаемавыгаднага і доўгатэрміновага супрацоўніцтва беларускіх прадпрыемстваў і нямецкіх кампаній, укараненне найноўшых тэхналогій, асваенне вытворчасці інавацыйнай прадукцыі і прыцягненне ў Беларусь замежных інвестыцый", - адзначылі ў прэс-службе.

zviazda.by.

Праграма Тыдняў Германіі ў Беларусі

Менск

3.10, серада - 19.30.

Архікафедральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі, пл. Свабоды, 9, г. Менск.

Канцэрт аркестра "CollegiumMusicum" і камернага хора царквы св. Міхаіла (Ена, Германія).

Дазвольце сабе атрымаць асалоду ад гучання твораў Георга Фрыдрыха Гендэля (1685-1759), Ёгана Себасцяна Баха (1685-1750), Антоніа Вівальдзі (1678-1741) і Каміля Сен-Санса (1835-1921). Канцэрт адбудзецца пад кіраўніцтвам дырэктара царкоўнай музыкі Марціна Маера.

Уваход вольны.

БДУ. Факультэт міжнародных адносін. Аўд. 1201, вул. Ленінградская, 20.

"Shorts at Moonlight" - фестываль кароткаметражных фільмаў з Майнца ў Менску.

З 2010 года Таварыства дружбы Майнц-Менск дэманструе ў рамках Тыдняў Германіі ў Беларусі кароткаметражныя фільмы нямецкага фестывалю "Shorts at Moon-light". З больш чым 100 прагледжаных стужак былі адабраны лепшыя фільмы, якія будуць прадстаўлены менскай публіцы на працягу двух вечароў.

Таварыства дружбы Майнц-Менск было заснавана ў 1995 г. і з таго часу актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі розных мерапрыемстваў у Беларусі.

На нямецкай мове.

Уваход вольны.

4.10, чацвер.

БДУ. Факультэт міжнародных адносін. Аўд. 601, вул. Ленінградская, 20.

"Shorts at Moonlight" - фестываль кароткаметражных фільмаў з Майнца ў Менску.

5.10, пятніца, 18.00.

Гістарычная майстэрня імя Л. Левіна, вул. Сухая, 25, Менск.

Прэм'ера фільма "Так, Андрэй Іванавіч" (Ja, Andrei Iwanowitsch).

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна запрашае на прэм'еру фільма "Так, Андрэй Іванавіч" (Ja, Andrei Iwanowitsch). Ён прысвечаны сучаснаму жыццю аднаго з апошніх беларускіх вязняў Бухенвальда Андрэя Іванавіча Маісеенкі. Чалавека, чый трагічны лёс і цяперашнія жыццёвыя абставіны не змаглі пазбавіць годнасці і жыццярадаснасці. Чалавека, які не згубіў веры ў сябе і ў лепшае.

Напрыканцы фільма адбудзецца размова з рэжысёрам Ханесам Фарлокам (Hannes Farlock) і самім галоўным героем фільма.

Мова фільма: руская з нямецкімі субтытрамі.

Працягласць: 70 хвілін.

Уваход вольны.

Да 6.10. 12.00-20.00.

Галерэя "Ў" вул. Кастрычніцкая, 19. Менск.

Фотавыстава "Кволая сіла: Кветкі ў сучаснай фатаграфіі"

Прыгажосць і мінучасць, каханне і смерць. У якасці сімвалаў кветкі выкарыстоўваюцца часцей за любыя іншыя жывыя стварэнні. З пункту гледжання гісторыі мастацтва гісторыя адлюстравання кветкі - адна з самых супярэчлівых і складаных.

Адкрыццё адбылося 6 верасня.

9-10.10, 09.00-19.00.

Атэль Renaissance. Пр. Дзяржынскага, 1Е, Менск.

Канферэнцыя "Аднаўляльныя крыніцы энергіі і дэгіталізацыя".

У рамках канферэнцыі эксперты і маладыя навукоўцы з Германіі і Беларусі выступяць з дакладамі на тэмы аднаўляльнай энергіі і дэгіталізацыі і абмяняюцца думкамі аб бягучай рэальнай сітуацыі ў Беларусі. Канферэнцыя арганізавана Нацыянальнай Акадэміяй навук Беларусі, Германскай службай акадэмічных абменаў (DAAD) і Федэральным міністэрствам адукацыі і навукі (BMBF).

Па запрашэнні.

10.10, серада, 19.00.

Інстытут імя Гётэ, вул. Веры Харужай, 25/3, Менск.

Менскі ўрбаністычны форум: лекцыя і майстар-клас Інстытута прыкладной урбаністыкі з Берліна

Менскі ўрбаністычны форум збірае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, супрацоўнікаў гарадскіх адміністрацый і інстытутаў гарадскога планавання для абмеркавання будучыні нашых гарадоў. У межах "Школы гарадскога актывіста" ўдзельнікі форуму змогуць распрацаваць планы развіцця тэрыторыі ў раёне Трактарнага завода. Берлінскае архітэктурнае бюро ifau (Інстытут прыкладной урбаністыкі) 10-га кастрычніка а 19-й гадзіне прадставіць свае праекты развіцця гарадоў і працу з гарадскімі актывістамі ў Берліне і Гамбургу. З 11-га кастрычніка эксперты з Берліна будуць працаваць з групай "Школы гарадскога актывіста".

Гародня

6.10, субота, 17.00.

Евангельска-Лютаранская царква св. Іаана, вул. Акадэмічная, 7a, Гародня.

Канцэрт аркестра "CollegiumMusicum" і камернага хора царквы св. Міхаіла (Ена, Германія)

Дазвольце сабе атрымаць асалоду ад гучання твораў Георга Фрыдрыха Гендэля (1685-1759), Ёгана Себасцьяна Баха (1685-1750), Антоніа Вівальдзі (1678-1741) і Каміля Сен-Санса (1835-1921). Канцэрт адбудзецца пад кіраўніцтвам дырэктара царкоўнай музыкі Марціна Маера.

Уваход вольны.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Зыгмунта дзён колькі трымалі ў цёмным лёху для змякчэння гонару. "Паглядзім як тая птушка будзе спяваць пасля выхаду з цёмнай клеткі, жывучы на хлебе і вадзе!" - адазваўся Арлоў.


Жаданага выніку ІІІ аддзел не дасягнуў. Прадставілі справу цару, той асудзіў Зыгмунта ў арыштанцкія роты ў Арэнбургу 181. (Паводле сцвярджэнняў палкоўніка Люткевіча, які служыў у Арэнбургскіх батальёнах.) Жандарм, які экскартаваў Зыгмунта, уручыў Абручэнцаву даручэнне размясціць вязня 182 ў як найбольш бязлюдным, пустынным месцы. Таму прызначылі Зыгмунта ў 1-шы батальён, які стаяў ва Уральску 183 і ў роту, якая складала гарнізон будаваўшайся ў той час новай цвердзі на ўсходнім беразе Каспійскага мора, на паўвостраве Мангышлак 184, якая называлася Новапятроўскам 185.

У канцы жніўня 1848 года прыбыў Зыгмунт на месца прызначэння. Была гэта абсалютная пустыня, пазбаўленая ўсякай расліннасці. Збожжа, сена і ўсякія прадукты мусілі дастаўляць з-за мора. Фартэчка на невялікім узгорку, тры вярсты ад мора, не мела ніякіх краявідаў апрача раскіданых кіргізскіх магіл і салёных азёраў. Без ніякіх слядоў чалавечага жыцця, ані гарадоў, ані вёсак. На працягу двух летніх месяцаў што два тыдні прыбываў паравы карабель з Гур'ева 186. Зімой з-за замерзлых берагоў перарывалася і тая камунікацыя са светам. Ніякага іншага таварыства акрамя сотні казакаў і роты салдат. Ніякіх вестак, ніякіх лістоў, ні газет пра падзеі, што трэслі ўсю Еўропу.

Няшчасны выгнанец шукаў паратунку ў працы і знайшоўшы чатырнаццацігадовага хлопца, нашчадка ссыльнага з 1831 года, пасвяціў яму ўсе свае вольныя хвіліны і з такім запалам і хуткасцю аддаўся навуцы таго хлопца, што сам пазней жартаваў з сябе і дзівіўся, што яму галава не лопнула, так хацеў у яе ўсё адразу ўпакаваць.

Да побыту ў Новапятроўску адносіцца анекдот пра Серакоўскага, як выкладчыка салдацкай літаратуры. Абавязаны быў вучыць ёй тых, хто не ўмеў чытаць. Трэба было сказаць фразу, а некалькі дзясяткаў салдат за ім паўтарала. І так бяздумна вучылі фразу за фразай, чым хутчэй, чым невыразней, тым лепей. У адным з тых мудрых настаўленняў сказана: "Ад салдата патрабуецца няшмат: любіць імператара, Бога і Бацькаўшчыну". Серакоўскі перанёс знак прыпынку і засталося ў Новапятроўску, напэўна, па сённяшні дзень настаўленне, якое абавязвае, што ад салдата патрабуецца "няшмат любіць імператара".

Другі анекдот адносіцца да побыту ва Уральску, дзе маёр Міхайлаў цёмны, грубых звычаяў пераэкзаменоўваў новапрыбылых, у іх ліку быў і Зыгмунт. Загадалі яму прадэкламаваць пункцікі: "Солдат есть имя общее знаменитое; первейший генерал и последний рядовой называется солдатом"187. Зыгмунт гаворыць павольна, робячы акцэнт на выразе "Первейший генерал и последний рядовой называется солдатом".

- Скверно! Скверно! 188 - крычыць Міхайлаў.

Клічуць фельфебеля, каб паказаў 189, як трэба гаварыць. Той у такі цудоўны спосаб патрафіў вярцець языком, што ні адзін выраз, ні адну думку не ўдалося ўхапіць.

- Вот так-то нужно говорить 190.

На другі дзень кліча Зыгмунта. Паўтараецца тая ж сцэна. Міхайлаў пеніцца, крычыць. Таварышы, палякі, прысутныя пры тым, глядзяць з трывогай; а калі той дзікі сатрап загадае біць непаслушнага? Не дазволяць таго, хоць бы іх усіх вымардаваць мелі.

Раптам Міхайлаў сярод крыкаў, праходзячы каля Зыгмунта шэпча:

- Прийди завтра ко мне на чай 191.

Зыгмунт не верыць сваім вушам. Аднак на наступны дзень іде да Міхайлава. Той найперш праганяе дзяжурнага: "Поді вон" 192, пасля чаго замыкнуўшы дзверы на ключ, набліжаецца дам Зыгмунта з салодкай усмешкай і гаворыць, як умее, найдалікатней:

- Послушай, ты - студент, умный человек, поймёшь, что нельзя говорить: "Первейший генерал и последний рядовой называется солдатом", - видишь - когда я ему в рожу, так и он мне в рожу 193.

Зыгмунт мусіў ужыць усё сваё красамоўства, каб пераканаць Міхайлава, што "образованный человек" 194 не можа так бяздумна перакручваць язык, як бедны непісьменны салдат. У канцы паўстала ўмова, што Міхайлоў ужо ніколі не выкліча палякаў на публічнае выступленне, але хоча, каб Серакоўскі прыходзіў да яго штодзень на чай. Той чай з цёмным звычайным п'яніцам быў для Зыгмунта сапраўдным мучэннем, але хадзіў, бо дабіўся многіх зменаў. Міхайлаў з гэтага часу не біў па твары шарагоўцаў за не досыць вясёлы выгляд, не загадваў у манежы двум шараговым салдатам, узброеным розгамі біць маршыруючага пасярэдзіне за няўмеласць рухаў і шмат іншых зменаў патрафіў дамагчыся ад Міхайлава.

"Пан маёр не мог зразумець, што за такі мудрённый народ195ёсць сасланым пад яго каманду. Зыгмунт вучыў новапрыбылых, каб адказвалі, што "за намаганні з мэтай пад'ёму нацыі". Міхайлаў гэтага не разумеў, таму тым большага ўяўлення набраўся пра народ, дзе кожны салдат так высока выказваецца.

З Уральска Зыгмунт быў прыкамандзіраваны да 2-га батальёна, які пастаянна кватараваў у Арэнбургу196. Тут ён застаў большае кола палякаў, як: Фішара, Браніслава Залескага, двух братоў Пятроўскіх, Эдварда Пажарскага, д-ра Круневіча, Станевіча і шмат іншых, асуджаных у арыштанцкія роты. Змена месца знаходжання была ўдалай. Арэнбург быў цэнтрам кіравання абшырных правінцый; большы доступ да кніжак, газет і што найважнейшай было рэччу для ссумаванага выгнанца, весткі з краю. Становішча Зыгмунта палепшылася, калі пасля Абручова заняў месца генерал Аляксей Пяроўскі197, чалавек вялікай шляхетнасці і вышэйшых думак, пры якім198польскія выгнанцы маглі спадзявацца на лепшае абыходжанне і ацэнку".

Да першых дзён прыбыцця Пяроўскага адносіцца аповесць палкоўніка Люткевіча. Мела гэта месца ў час манёўраў. Пасля розных паваротаў прайшла перад генералам пяхота, пасля чаго па камандзе мела раздзяліцца на два крылы правае і левае, пакідаючы пляц вольным для імчаўшай конніцы.

У апошніх шэрагах пяхоты пастаўлены былі свежа далучаныя аддзелы, у іх ліку быў бледны, хілы яўрэйчык з Вільні ці з Гародні. "Заўсёды дзівіўся, - гаварыў пан Люткевіч, - чаму той бядак быў залічаны на вайсковую службу? Кураня мацнейшым і трывалейшым магло быць за яго, а сёння ўпаў, шынель, цяжкі ранец. Цягнуўся гэты бядак, не ведаю ўжо якім высілкам. Пры хуткім павароце направа, налева, дыхання яму, відочна, забракла - упаў самлелы.

А тут кавалерыя гоніць, аж зямля стогне. Раздушыць, здратуе. Раптам з шарэнгаў нейкі салдат вырываецца. Бяжыць і проста з пад капытоў вырывае ахвяру. Струпянеў - гэта Серакоўскі. Паварочваю ўражаныя вочы на Пяроўскага. Але стаўся сапраўдны цуд - Пяроўскі апусціў вочы і, не падымаючы іх, павярнуў каня ў бок. Гэта азначала для нас - можам не бачыць таго, што сталася.

Не буду пералічваць усіх таксама грозных для яго жыцця выпадкаў у час вайсковай службы, але тое толькі скажу, - гаварыў далей пан Люткевіч, што не меў ані я, ані яго таварышы моцы ўстрымаць яго, калі ішлося пра аказанне дапамогі няшчасным.

Праўда, што ва ўсім нашым батальёне, не выключаючы нашага генерала, мы ўсе яго пасля бліжэйшага знаёмства горача любілі, быў ён у тым нашым бязлюдным пустынным жыцці промнем, які разаграваў і асвятляў нас. Было ў ім нешта накшталт іскры з неба, якая запаляла ў нашых душах гарачэйшыя, шляхетнейшыя пачуцці і румяніла твары перад здзяйсненнем у яго прысутнасці якога-небудзь брыдкага ўчынку.

Другі памятны мне выпадак таго ж роду здарыўся ў першыя дні нашага побыту над Сыр-Дар'ёй199. Зыгмунт стаяў на варце. Сярод ночы выпала мне абысці цвердзь, для праверкі, ці ўсё ў парадку.

Ноч была светлая, месяц у поўні далёка асвятляў стэп спакойны, аднастайны, дазваляючы адрозніць найдрабнейшую дэталь. Мусілі быць вельмі чуйнымі. Какандцы200кружылі, чакаючы на прыдатную хвілю для захопу цвердзі.

Ведаў, што ў тую ноч Зыгмунт стаяў на варце каля скалы ля падножжа гары. Ноч была незвычайна марозная. Прызнаюся - быў трохі неспакойны, як таксама нашыя палякі вытрымаюць той холад? Набліжаюся ціха - гляджу - стаіць бедны наш Зыгмунт, здаецца быццам зусім не чуйны да марозу, які праймае да мазгоў касцей. Дзе ён ёсць думкай? Ці на Літве? Ці на Украіне? Ці ў Пецярбургу ў коле сваіх таварышаў? Ледзве ў мяне тая думка праскочыла, пачуўся ля ног нашых слабы балесны чалавечы енк.

Пэўна, папярэдняя варта падстрэліла дазорнага кіргіза. Абадрала яго і пакінула лёсу. Пакуль я меў што падумаць і сказаць. Зыгмунт пакідае пляцоўку, спускаецца па схіле, і я нябачны пасоўваюся асцярожна. Гляджу - скідае з сябе шынель, зрывае з сябе кашулю, прыкленчвае, расцірае параненаму рукі, ногі і грудзі, бінтуе раны і паставіўшы яго на ногі гаворыць па-татарску: "Уцякай няшчасны, бо загінеш ці ад рук нашых, ці ад холаду". Пасля чаго Зыгмунт спяшаецца на сваё месца, і я цішком аддаляюся, каб ён мяне не ўбачыў і каб як найхутчэй змяніць яго з варты, бо, стоячы ў адным шынялі, змёрз бы.

З'явіўся. Я адаслаў дзяжурнага, непатрэбнага тут сведку і камандую рэзкім голасам: "Cнять шинель!" Зыгмунт стаіць, не ўздрыгне, толькі пільна глядзіць мне ў вочы. Яшчэ раз камандую грозна: "Снять сейчас же шинель!"201

Замест усякага адказу Зыгмунт кідаецца да мяне, хапае мяне за плечы і, смеючыся, весела гукае:

- Ах ты стары абманшчык! Шпігуеш за мной і яшчэ разыгрываеш! Не сыдзе табе гэта бяскарна. Давай мне тут зараз жа сваю кашулю! Давай, бо будзе табе кепска! Паскарджуся, што бачыў усё, а не застрэліў мяне, ані аддаў пад суд!

Не было рады - жыццё мілейшае, чым кашуля. Апрануў, напаіў азяблага гарбатай і адправіў у казармы непапраўнага грэшніка".

Пан Люткевіч разумеў Зыгмунта, любіў яго, бо сам быў рэдкім тыпам чэснага чалавека, чулага і літасцівага сэрца.


Апавядаў у сваіх успамінах пра Зыгмунта Браніслаў Залескі. "Перад узяццем Ак-Мячэці202батальёны, у якіх знаходзіліся нашы выгнанцы стаялі доўгі час у Арэнбургу. Тут, як усюды, Зыгмунт стаўся душой кола, у якім мусіў жыць. Прыцягваў. прывязваў да сябе і з часам, маючы ўжо выбітае ў мясцовых уладаў становішча, патрафіў уплываць на лёс не аднаго са сваіх таварышаў. Сходзіліся да яго паслухаць агністых, буйным ўяўленнем і гарачымі пачуццямі напоўненых апавяданняў, або дысертацый. Сходкі тыя называў на ўласцівай яму мове "Вялікім малаком", бо бедны салдат гасцям сваім, якія збіраліся ў казармах, нічога больш акрамя малака ахвяраваць не мог".

Усё, што рабілася на свеце, жыва яго займала, газеты чытаў прагна і для сваіх калегаў быў крыніцай усякіх палітычных паведамленняў. Пошта прыходзіла два разы на тыдзень, але восенню і вясной часта ў непрывычныя гадзіны. Зыгмунт пільнаваў прыбыццё кур'ера і праводзіў цэлыя гадзіны за чытаннем газет. Ноч, слота, замяць, нічога яго стрымаць не магло. У фельдфебеля заўсёды патрафляў атрымаць сабе дазвол, а калегам, якія яго ўгаворвалі, каб адклаў на заўтра, звычайна адказваў: "А калі ноччу памру, а Пан Бог спытаецца, што робіцца на свеце, і акажацца, што не ведаю, скажа мне, што быў дурнем і не меў сумленнай і неабходнай цікавасці, бо былі ж сродкі даведацца".

(Працяг у наст. нумары.)


181 Арэнбург, губернскі горад, пры ўпадзенні ракі Оры ў Урал. Быў гэта адзін з найбольшых гарадоў на так званай Арэнбургскай лініі, ці лініі вайсковых цвердзяў ад Уральска да Троіцка. Серакоўскі быў прыгавораны на бестэрміновую службу ў штрафным Арэнбургскім корпусе за "падазрэнне ў намеры ўцячы за мяжу". Царскім рашэннем накіраваны шарагоўцам у Спецыяльны вайсковы корпус. Была гэта частка з астрожнымі ўмовамі службы, у якую траплялі палітычныя, асуджаныя галоўным чынам у 33-40-х гадах ХІХ ст.

182 Серакоўскі прыбыў у Арэнбург 31.V.1848 г.

183 Уральск, горад на Сібірскім тракце да Уладзівастока. Серакоўскі знаходзіўся там ад 30.VIII.1849 да 30. VIII.1852 г., служыў у 1-ай роце 1-га батальёна.

184 Мангышлак, паўвостраў на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Каспійскага мора.

185 Новапятроўск (цяпер форт Шаўчэнка), застава на паўв. Мангышлак, 800 км ад Арэнбурга. Серакоўскі правёў тут 9 месяцаў, адасланы як шараговец у 2-гі паўбатальён 1-га Арэнбургскага лінейнага батальёна.

186 Гур'еў, горад над Каспійскім морам.

187 Салдат - гэта імя агульна слаўнае: найпершы генерал і апошні шараговец называецца салдатам.

188 Найпершы генерал і апошні шараговец называецца салдатам. Кепска! Кепска!

189 Фельдфебель - вышэйшая сяржанцкая ступень, ці ў роце найстарэйшы з сяржантаў (старшына).

190 Вось так трэба гаварыць.

191 Прыйдзі заўтра да мяне на гарбату.

192 Пайшоў вон!

193 Паслухай, ты - студэнт, разумны чалавек, зразумееш, што нельга гаварыць: "Найпершы генерал і апошні шараговец называецца салдатам", - бачыш - калі я яму ў морду, то і ён мне ў морду.

194 Адукаваны чалавек.

195 Дзіўны народ.

196 Серакоўскі знаходзіўся ў Арэнбургу ад 1.ІХ.1852 да 6.VI.1854 г.

197 Не Аляксей, а Васіль Пяроўскі.

198Тут у канцы с. 52 рукапісу на палях старонкі з левага боку вертыкальна алоўкам упісана: "Сын Міхайлава сасланы ў Сібір у 1863 годзе за палітыку, а Абручова - у 1862 годзе за ўдзел у выдавецтве "Зямлі і волі". Дачушка плямянніка Пяроўскага павешана ў Пецярбургу за замах на жыццё Аляксандра ІІ.

199 Серакоўскі знаходзіўся ў форце Ак-Мячэць ад ІХ.1853 г., заняты на разбудоўванні ўмацаванняў.

200 Какандцы - жыхары Какандскага (Каканд) ханства, якое межавала з Расіяй уздоўж Сыр-Дар'і.

201 Зняць шынель. Зняць зараз жа шынель.

202 Ак-Мячэць (цяпер Кызыл-Арда), пабудавана ў 20-х гадах ХІХ ст., найдалей на поўнач высунатая цвердзь Какандскага ханства, на правым беразе Сыр-Дар'і, на скрыжаванні караванных шляхоў з Ташкента, Бухары і Хівы ў Заходнюю Сібір. Мела велізарнае гаспадарчае і стратэгічнае значэнне. Расейцы ўзялі яе ў 1853 г. Перайменавана ў Пяроўск. Серакоўскі ўдзельнічаў у яе ўзяцці.

НЕВЯДОМАЯ НЯСВІЖЧЫНА

Скажаце, такой не існуе, бо ёсць Нясвіж - з Палацам, музеямі, пейзажным паркам... Але акурат Нясвіж і зацміў сваім бляскам тое, што за яго межамі. Гістарычна-краязнаўчы патэнцыял раёна застаецца далёка ўбаку, у большасці, на жаль, няўважаны і занядбаны.

Днямі актывісты мясцовай суполкі ТБМ зладзілі першую экскурсію для турыстаў з Менска менавіта пад гэткаю назвай - "Невядомая Нясвіжчына". Прапанавалі тры напаўзабытыя і амаль недасяжныя воку турыста аб'екты для знаёмстваў і адкрыццяў - Завушша (тут захаваліся рэшткі сядзібы Ігната і Тэафіліі Мараўскіх, ХVIII cт.), Вялікая Ліпа (сядзібны двор Абуховічаў, ХVІІ - ХІХ ст.) і помнік прыроды Дуб Якуб у Казлах.

Што да першых двух, сёння яны крычаць аб паратунку, патрабуюць сталага догляду. Напрыклад, у Завушшы захаваўся цудоўны вадзяны млын, непадалёку - мураваная каплічка. Абодва будынкі псуюцца і зарастаюць. Тут жа маляўнічая сажалка і рэшткі ацалелага парка. Хоць відаць, што дзесяцігоддзі пакінулі разбуральны след, аднак грунтоўна заснаваны асяродак яшчэ трывае, чакае падтрымкі на аднаўленне і вяртанне. Турыстаў уразіў і драўляны амбар, які, нягледзячы на ахоўную шыльду Мінкульта, актыўна эксплуатуецца гаспадаркай і не стаў пакуль аб'ектам актыўнай культуры. А што такое лядоўня, наведнікі даведаліся, калі прыпыніліся ля глыбокіх мураваных сцен, напалову засыпаных смеццем.

Наступным пунктам "Невядомай Нясвіжчыны" была сядзіба Абуховічаў у Вялікай Ліпе. Тут ацалеў цэлы комплекс аб'ектаў для агляду і знаёмства: уязная брама, архітэктурна спалучаная з прымкнутай стайняй на два крылы, свіран з галерэяй дасканала выбудаваных склепаў і афіцына - месца, дзе размяшчаліся службы эканома, архіў і бібліятэка. Выбіраючы сцяжыну між крапівы, наведнікі дэталёва знаёміліся з рэшткамі сядзібнай спадчыны, шмат фатаграфаваліся і задавалі пытанні.

Вялі экскурсію Наталля Плакса і Валер Дранчук.

- Нашымі гасцямі былі супрацоўнікі менскай айтышнай фірмы, - кажа Наталля. - Група з 28 чалавек, пераважна маладых. Мы адчулі і ўвагу, і агульнае шкадаванне, што будынкі і шляхотнае асяроддзе занепадаюць, не маюць належнай падтрымкі ні з боку дзяржавы, ні грамадства. Але не было абыякавых, была заклапочанасць і гатоўнасць разам думаць над перспектывай помнікаў. Нам пасля перадалі з Менска, што па вяртанні хто-ніхто з удзельнікаў загаварыў на працы па-беларуску, а на інфармацыйным стэндзе з'явіліся беларускамоўныя абвесткі. Нам давялі, што гэта наўпрост уплыў экскурсіі.

Цікава і тое, што ў Нясвіж госці з Менска патрапілі па дарозе ў Ліду, дзе іх чакала больш "лёгкая" вячэрняя праграма. Аднак для ўзбагачэння ўражанняў загадзя пагадзіліся на экскурсію з наведаннем цікавых мясцін у Нясвіжскім раёне.

Адам Ружыцкі. На фота: 1. Падчас экскурсіі ў Завушшы; 2. Вялікая Ліпа. Уязная брама на сядзібе Абуховічаў; 3. Афіцына. Да 1967 тут размяшчалася школа; 4. Каля Дуба Якуба ў Казлах. Каб абняць, не хапіла пяцёх.

У музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

23 верасня 2018 года, у нядзелю, Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ладзіла экскурсію ў музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі на выставу "Калі мы былі дзецьмі". Праводзіла экскурсію дырэктар музея спадарыня Святлана Строгіна.

Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі знаходзіца на пешаходнай вуліцы горада. Гэта двухпавярховы мураваны асабняк у стылі позняга барока і ранняга класіцызму, які з'яўляецца помнікам архітэктуры канца XVII стагоддзя - адзін з найстарэйшых ў Магілёве. Чатыры гады на вуліцы Ленінскай за каванай металічнай агароджай ішла праца, і вось 1 верасеня 2018 года адчыніліся дзверы будынка, запрашаючы наведвальнікаў. Пачаў працу музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Будынак атрымаў не толькі новае аблічча, але і новую гаспадыню. Гэта Святлана Строгіна, былы намеснік дырэктара абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава.

Стыльны і ўрачысты на выгляд, гэты дом ведае шмат таямніц. Дакладна вядома, што ён пэўны час належаў купцам Аношкам, а потым хто ім толькі не карыстаўся. Краязнаўцы звязваюць з ім эпахальныя падзеі. Кажуць, што тут у розныя часы кватаравалі першыя асобы розных дзяржаў. Захаваліся звесткі, што менавіта ў гэтым доме ў траўні 1780 года спыняўся імператар Аўстра-Венгрыі Іосіф II. У савецкі час будынак выкарыстоўваўся ў розных мэтах. Таму, дзякуй Богу, і захаваўся да нашых дзён.

У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя яго рэканструявалі для музейных патрэбаў і надбудавалі трэці мансардны паверх. А ў снежні 1982 года ў ім адкрыўся музей славутага ўраджэнца Магілёўшчыны Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі. На сённяшні дзень ён з'яўляецца адным з трох філіялаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Пасля апошняй рэканструкцыі будынак перажыў сваё другое нараджэнне. Былі ўмацаваны нясучыя канструкцыі, змяніліся дах, вокны, зроблены новыя інжынерныя сеткі і шмат чаго іншага. Старыя сцены і сучасныя тэхналогіі - такім стаў музей пасля капрамонту. У залах з'явіліся аўтаномныя кандыцыянеры і паветраачышчальнікі, сістэма пылазбору, усе ноу-хау па ІР-сістэмах, сістэма кліматычнага кантролю.

Да капрамонту трэці паверх выкарыстоўваўся для правядзення часовых выстаў. Каб падняцца на яго, трэба было пераадолець некалькі пралётаў вельмі стромкай старадаўняй лесвіцы. Яна - адна з галоўных славутасцяў асабняка. Трэба асцярожна падымацца па прыступках трохвугольнай формы. А яшчэ тут падвалы цікавай скляпеністай формы. Былы ўладар дома гандляваў вострымі прыправамі і захоўваў іх там у вялікай колькасці. Цяпер у падвале размясціўся гардэроб.

Пасля капрамонту планіроўка цалкам памянялася. Выставы будуць праходзіць на першым паверсе. Зараз тут разгарнулася выстава "Калі мы былі дзецьмі", на якой прадстаўлена больш за 70 твораў графікі, жывапісу і скульптуры. Спадчыне Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі цалкам прысвечаны другі паверх: адноўлена дзейная экспазіцыя мемарыяльнага раздзела музея. Там жа сваё месца, як і ў ранейшыя часы, займае раяль, каб адрадзіць традыцыю рамантычных музычных вечароў. А на трэцім размясціліся кабінеты для працаўнікоў і лекцыйная зала, пляцоўка для правядзення інтэрактыўных мерапрыемстваў.

У фондах Нацыянальнага мастацкага музея захоўваецца багатая творчая спадчына акадэміка жывапісу Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Яна збіралася на працягу многіх гадоў і была перададзена музею ўдавой мастака Аленай Аляксееўнай. У магілёўскім музеі экспануюцца творы, якія характарызуюць розныя этапы дзейнасці майстра. Яго дарэвалюцыйная і паслярэвалюцыйная творчасць істотна мянялася, мела свае фарбы.

У Беларусі захоўваецца ўсяго 460 работ Бялыніцкага-Бірулі, уключаючы эцюды. Святлана Строгіна паведаміла, што будзе магчымасць убачыць іх усе праз інфакіёск. Плюс яшчэ тыя, што захоўваюцца ў музеях іншых краін. У тым ліку інтэр'еры дачы-музея "Чайка", дзе жыў мастак.

Магілёўскі музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі сэрдэчна запрашая пабачыць усё на свае вочы.

Наталля Шамянкова, г. Магілёў.

Сплаў па Нёмане, прысвечаны 100-годдзю БНР, паспяхова завершаны

Завяршылася экспедыцыя па Нёмане ў гонар стагоддзя БНР, якую зладзілі актывісты з Лідчыны. На працягу сямі дзён было пераадолена больш за пяцьдзясят кіламетраў. Вандроўка праходзіла па маршруце: в. Агароднікі, в. Ганцавічы, в. Сялец, в. Беліца, в. Збляны, в. Панямонцы, в. Пескаўцы, в Моцевічы і завяршылася ў в. Орля.

Цягам васьмі дзён два плыты пад назваю "25 сакавіка" і "27 ліпеня" прайшлі Нёманам па тэрыторыі Лідскага, Наваградскага, Дзятлаўскага і Шчучынскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.

Цягам маршруту да экспедыцыі далучаліся актывісты з Бярозаўкі, Беліцы, Ліды, Гародні і Менска. Мэтаю яе правядзення было чарговы раз нагадаць жыхарам прылеглых да Нёмана населенных пунктаў аб важнай у гісторыі Беларусі даце - 100-годдзі БНР, зазначыў каардынатар абласной грамадскай ініцыятывы "Спадчына" Сяргей Трафімчык.

- Выбралі такі фармат - прайсціся па Нёмане з нашымі нацыянальнымі сцягамі, на бартах плытоў у нас былі банеры "100 гадоў БНР".

Адзін з удзельнікаў Вітольд Ашурак адзначае, што на працягу маршруту траплялася не так шмат рыбакоў, але некаторыя з іх віталі падарожнікаў воклічам: "Жыве Беларусь!".

Нажаль, моцны сустрэчны вецер не дазволіў прайсці ўвесь запланаваны маршрут, а гэта амаль сто кіламетраў, але арганізатары не адчайваюца і плануюць зрабіць падобныя сплавы традыцыйнымі.

Па факту час сплаву абмежаваўся не ветрам і не надвор'ем, а транспартам, які быў замоўлены, каб вярнуць плыты ў Беліцу, у "порт прыпіскі".

Таму сёлетні сплаў атрымаўся як бы тэставым. Стала зразумела:

- што рабіць сплаў трэба на месяц-два раней;

- што дайсці да Лунна за 7-8 дзён не атрымоўваецца;

- што не ўсе людзі вытрымліваюць поўны маршрут, таму ў экіпажах павінна быць запланаваная пастаянная ратацыя, павінен быць спіс і графік папаўнення экіпажаў;

- павінны быць прадуманы і арганізаваны сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, канцэрты пры кастры на месцах стаянак і г.д.

Аднак пачатак зроблены.

Наступны сплаў можа быць прысвечаны нейкай іншай даце, але першы прайшоў пад сцягам 100-годдзя БНР, за што ўдзельнікам - гонар і слава!

Андрусь Панямонаў,Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара і ўдзельнікаў сплаву.

Абдымаю думкай родны край

Мар'ян Даргель

(Натхненне паланэзам)

Абдымаю думкай родны край,

Малітвы шлю ад сэрца небу,

Прашу я ласкі на спакой і ўраджай,

Дай, Божа, нам спакою, удачы, хлеба!


Ляціць над краем мая мара,

Над роднай беларускаю зямлёй:

Адхілі, о, Божа! злую хмару,

Каб рэкі нашы не пацяклі крывёй!


Зрабі, каб сонца ласку нам давала,

І каб ураджайныя дажджы ішлі,

Каб гора Беларусь ніколі не спазнала,

Каб надалей шчаслівыя гады плылі.


Каб братэрская любоў запанавала,

Каб дзеткі ўсе здаровымі раслі,

Каб супольнасць свету

Беларусь пазнала,

І з ёй шчасліва мы ў будучнасць ішлі!

Гартаю жыцця старонкі

Жыцця свайго кніжку…

няспешна гартаю,

Кожны дзень адгортваю старонку,

На ноч - закрываю.

Чытаю адказна,

чытаю ўважна, не спешна.

Раней жа спяшыў,

нават не звяртаў

на знакі прыпынку ўвагі,

Цікавая кніжка - жыццё!

У кожнага свой непаўторны раман:

Адыходзіць штось у небыццё,

Іншае ж у душы, нібы талісман…


Як жа зрабіць, каб заставалася штось?

Каб зробленае як вада ў ступе

не стаўклося?

Мусіць і старацца трэба больш -

Каб зробленае і пасля цябе

іншым прыдалося!

Званы і званочкі

Звоняць на храмах званы:

Бом…бом… бом,

Ім падпяваюць званочкі:

Дзынь… дзынь…дзынь.

Што ж хочуць нам сказаць яны?

Аб чым папярздзіць,

чым сэрца напоўніць?

А можа звон дапаможа

падняць жыццёвы настрой?,

Аб векапомным напомніць.

Ляціць да неба меладычны звон,

Будзіць душу і лечыць цела,

Каб аб вечным дбала душа,

каб да неба імкнуцца хацела,

каб думку і сэрца грэла.

Злавіць хачу ўдачу

Хачу злавіць сабе ўдачу,

Усё жыццё за ёй ганяюся,

Яна ж, нібы вавёрка, скача,

У рукі не даецца, як я ні стараюся.


Вось, вось здаецца прыручыў,

Ісці з сабою побач дазваляе,

Але ж нібы дзяўчына тая,

без прычыны,

Твар ад пацалунку адхіляе.


Але ж надзеі я ніколі не губляю,

Калі-нібудзь яе я зацугляю,

Тады і ў мяне на вуліцы

настане свята,

І зажыву, браточкі, я

шчасліва і багата!

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX