Вярнуцца: 2018

№ 44 (1403)


Дадана: 30-10-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 44 (1403), 31 кастрычніка 2018 г.

31-я Усебеларускія Дзяды

Дзяды ў Менску

У Менску прайшло традыцыйнае шэсце, прымеркаванае да Дня продкаў. Паводле незалежных назіральнікаў ControlBY, у шэсці ўзялі ўдзел каля 150 чалавек (паводле шэрагу СМІ, да 200 чалавек).

Каля паловы на 15-ю ў Курапатах пачаўся мітынг. Адказны сакратар КХП Алесь Чахольскі зачытаў на мітынгу зварот старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка. Пазьняк піша, што на Курапаты "праходзіць чарговая атака" - так ён называе пабудову (прызнаную незаконнай) і працу рэстарацыі "Поедем поедим" пад самым курапацкім лесам.

Шэсце і мітынг прайшлі без здарэнняў.

Пасля завяршэння мітынгу абаронцы Курапатаў правялі адмысловую нараду, на якой вырашылі, што варта каля рэстарана "Поедем поедим" працягнецца і будзе бестэрміновай, да перамогі, як сказаў Павел Севярынец. Яшчэ адзін з удзельнікаў сёлетніх Дзядоў, шэсця, а потым мітынгу ў Курапатах, мемарыяле ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, - гэта паэт і бард Зміцер Захарэвіч. Ён таксама ўздельнічаў у абароне гэтага мемарыялу ў 2001-2002 гадах, пры пашырэнні кальцавой аўтадарогі, у 2017 годзе, тады ў былой ахоўнай зоне пачалося будаўніцтва офіснага цэнтра і ў 2018 годзе, калі побач з мемарыялам-пахаваннем пачаў працу рэстаранна-забаўляльны комплекс "Поедем поедим". Па словах Змітра Захарэвіча, ён часта бывае ў Курапатах.

- Я прыходжу, каб аддаць даніну памяці. І не толькі тым, хто забіты ў Курапатах, але ўсім нашым продкам. Дзяды - гэта беларускае нацыянальнае свята, і не толькі ахвяры камуністычнага рэжыму ёсць нашымі дзядамі. Нашы дзяды - гэта ўсе крэўнікі нашы: гэта і Вітаўт Вялікі, і Канстанцін Астрожскі, і Канстанцін Каліноўскі. І мы ўсе павінны памятаць не толькі пра ахвяраў, але і пра герояў нашага народа, - упэўнены Зміцер Захарэвіч.

Паводле Бела ПАН. Фота "Нашай Нівы".

Дзяды ў Свіслачы

У Свіслачы і Якушоўцы прайшоў традыцыйны фэст памяці паўстанцаў Каліноўскага 1863-1864. У гэтых мясцінах было радавое гняздо Каліноўскіх, таму грамадскія актывісты Гарадзеншчыны традыцыйна праводзяць агульнабеларускі фестываль "Дзень памяці паўстанцаў 1863 года". Як паведаміў удзельнік мерапрыемства Віктар Сазонаў, прыехала некалькі дзясяткаў удзельнікаў, акцыю фатаграфавалі і здымалі на відэа шматлікія асобы ў цывільным:

- У дванаццаць гадзін усе сабраліся, людзей прыехала не шмат - некалькі дзясяткаў. Было вельмі шмат cцягоў, кожны трэці трымаў сцяг. А дванаццатай гадзіне людзі пайшлі ад касцёла на могілкі да магілы Віктара Каліноўскага, дзе Уладзімір Хільмановіч і Юрась Глебік расказалі гісторыю пахавання.

Пасля гэтага праз усю Свіслач людзі са сцягамі пайшлі да помніка Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту ды да будынка Свіслацкай гімназіі. Усюды ўсклалі кветкі і паставілі знічы.

- Была вельмі цікавая рэакцыя мясцовых людзей, якія з усіх бакоў здымалі гэта ўсё на мабільныя тэлефоны. Гэтая калона машын, гэтыя людзі суправаджаліся супрацоўнікамі ў цывільным, якія здымалі на відэакамеры.

Затым удзельнікі фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага накіраваліся ў Якушоўку, дзе знаходзілася сядзіба сям'і Каліноўскіх, зараз стаіць памятны крыж. Сёлета адзначаецца 155-ая гадавіна з часу пачатку паўстання, лідарам якога на нашых землях быў Кастусь Каліноўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя.

РАДА ТБМ

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыята ад 24 кастрычніка на 7 лістападапрызначана паседжанне Рады ТБМ.Пачатак рэгістрацыі 9.30. Пачатак працы - 11.00.Кошт праезду сябрам Рады кампенсуецца.

Парадак дня Рады ТБМ г. Менск

1. Абмеркаванне праекту Плана дзейнасці ТБМ на 2019 год.

2. Прыняцце Пастановы Рады ГА ТБМ "Аб праекце Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"".

3. Аб заснаванні Берасцейскай абласной арганізацыі ТБМ і правядзенні ўстаноўчай канферэнцыі Берасцейскай абласной арганізацыі ТБМ.

4. Аб Перапісе ў 2019 г.

5. Аб дзейнасці Універсітэта імя Ніла Гілевіча (+ прэзентацыя сайта).

6. Аб падпісцы на "Наша слова".

7. Рознае.

Берасцейскай абласной арганізацыі ТБМ быць!

Паўстане Берасцейская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы. Так вырашылі сябры ТБМ ў Баранавічах на пашыраным паседжанні раённай рады.

У сядзібе Баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы ў Русіна сабраліся сябры таварыства, з Менска прыехала кіраўніцтва: старшыня Алена Анісім, яе намеснік, рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік, ганаровы старшыня Алег Трусаў, дырэктар беларускага ліцэя і першы намеснік старшыні ТБМ Уладзімір Колас і іншыя.

Сустрэча пачалася з хвіліны маўчання ў памяць пра Віктару Сырыцу.

Першай тэмай сустрэчы была прэзентацыя Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Тут слова бралі выканавец абавязкаў рэктара Алег Трусаў, першы прарэктар Уладзімір Колас, прарэктар па навукова-вучэбнай працы Павел Церашковіч.

Другой мэтай вялікай сустрэчы ў Баранавічах было стварэнне аргкамітэта для склікання канферэнцыі па стварэнні Берасцейскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. На Берасцейшчыне ёсць шэраг зарэгістраваных арганізацый ТБМ (Баранавічы, Берасце, Пінск, Пружаны і інш.), але многія раёны не маюць і ніколі не мелі структур ТБМ, хаця там ёсць сябры ТБМ.

Пра мэту стварэння абласной арганізацыі ТБМ гаворыць старшыня ТБМ Алена Анісім:

- Каб актывізаваць, зарганізаваць дзейнасць тых людзей, якія сёння падтрымліваюць Таварыства беларускай мовы, але, на жаль, не маюць вось такой арганізацыі. Таму мы лічым, што трэба ўсіх гэтых людзей згуртаваць і далей рухаць нашыя справы.

У аргкамітэт абраны 5 чалавек. Адказным сакратаром ргкамітэта абраны сябар Баранавіцкай арганізацыі, паэт Аляксей Белы.

Усе юрыдычна неабходныя рашэнні па скліканні ўстаноўчай канферэнцыі Берасцейскай абласной арганізацыі ТБМ прыме Рада ТБМ 7 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя.

Сустрэча з Андрусём Такіндангам прайшла на курсах універсітэта імя Ніла Гілевіча

Майстар-класы для слухачоў падрыхтоўчых курсаў Універсітэта імя Ніла Гілевіча працягваюцца на сталічнай сядзібе ТБМ. Гэтым разам адбылася сустрэча з музыкам Андрусём Такіндангам:

- Рок - гэта было вельмі крута, калі вось ты далучаўся да гэтага року, то, значыць, ты далучаўся да нечага сучаснага. І гэта было для моладзі надзвычай важна, што тваёй мовай размаўляюць і робяць нешта актуальнае. Дзякуючы нашым, беларускім, рокерам у моладзі сфармавалася Беларушчына, нейкі смак да беларускай мовы. Яны зразумелі, што ты не будзеш нейкім там звырадкам, калі будзеш карыстацца беларускай мовай і, што там, гэта будзе цікава і модна.

Андрусь Такінданг - музыка, тэлевядовец, мастак. На сустрэчы са слухачамі ён распавёў пра свой шлях да Беларушчыны ў вырашальныя 1990-я гады.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Гісторыя Расіі

Беларускі пагляд

У Менску ў выдавецтве Зміцера Коласа выйшла "Гісторыя Расіі ад сярэднявечча да сучаснасці: нарысы".

Рэдакцыйны аўтарскі калектыў: кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Трусаў, кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксей Хадыка.

Рэцэнзенты: доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Павел Церашковіч.

Гісторыя Расіі нязменна выклікала цікавасць еўрапейскіх народаў, а найперш суседзяў. Гэтая кніга ўяўляе сабой спробу даць сінтэтычнае асэнсаванне расійскай гісторыі ад Сярэднявечча да нашых дзён, з беларускага гледзішча і на беларускай мове. У аснову кнігі пакладзены вынікі даследаванняў як расійскіх гісторыкаў і археолагаў, так і іх калег з розных краін Еўропы. Выданне забяспечана грунтоўнай бібліяграфіяй на 12 мовах свету. У кнізе таксама змешчана вялікая колькасць ілюстрацый, частка якіх ніколі не публікавалася. Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй.

Уводзіны пачынаюцца наступным чынам:

"Пісаць гісторыю любой імперыі досыць цяжка, бо аўтар сутыкаецца з рознымі міфамі, якія стагоддзямі трывала ляжалі ў падмурку светапогляду большасці насельніцтва імперыі. Расія не з'яўляецца выняткам, пагатоў цяпер назіраецца чарговы ўздым хвалі імперскай ідэалогіі.

Таму ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі мы зрабілі спробу выкласці гісторыю Расіі па-беларуску і з беларускага гледзішча на працэсы гістарычнага развіцця нашага ўсходняга суседа.

У нашай кнізе шмат імён і нрозвішчаў. Чытачу няма неабходнасці запамінаць іх усе. Але мы цудоўна разумеем, што любую гісторыю робяць асобы. I гэта не толькі кіраўнікі дзяржавы ды палкаводцы, але і выбітныя грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, мастакі, архітэктары, скульптары, кампазітары, акторы, а таксама і тыя звычайныя людзі, якія, напрыклад, пакінулі нашчадкам свае неацэнныя ўспаміны пра ўласныя трыумфы і пакуты.

Асноўныя паняцці і тэрміны з расійскай гісторыі, спісы рэкамендаванай літаратуры, якія падаюцца намі ў канцы кожнага раздзела, павінны разглядацца як дадатак да асноўнага тэксту кнігі..."

Наклад кнігі ўсяго 300 асобнікаў, але па ўсёй верагоднасці паўторыцца сітуацыя з папярэднімі кнігамі аўтарства Алега Трусава, будуць і 2-е, і 3-е выданні.

Яраслаў Грынкевіч.

У Цяньцзіньскім універсітэце ёсць спецыяльнасць "Беларуская мова"

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды ў інтэрв'ю ТАСС расказаў, як на сёння развіваюцца культурныя і гуманітарныя сувязі паміж Беларуссю і Кітаем.

- Гэты год мы абвясцілі годам турызму Беларусі ў Кітаі. Пад гэта была ажыццёўлена адмена віз, і, безумоўна, гэта дало пэўны штуршок у колькасці турыстаў. Мы рэгулярна праводзім форумы, - адзначыў пасол.

Паводле яго слоў, наступны год плануецца аб'явіць годам адукацыі, "таму што тыя людзі, якія непасрэдна "працуюць рукамі", прасоўваюць двухбаковае супрацоўніцтва на працоўным узроўні - гэта, як правіла, былыя выпускнікі, хто калісьці вучыўся альбо ў Беларусі, альбо ў Кітаі. Гэта падмурак, і чым больш у нас будзе такіх людзей, тым больш будзе выбар для шматбаковага супрацоўніцтва". Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі таксама распавёў, што КНР адкрывае ў свеце і ў Беларусі інстытуты Канфуцыя і класы Канфуцыя і назваў іх "адным з элементаў распаўсюджвання кітайскай культуры і мовы".

- Для нас гэта магчымасць вучыць сапраўдную кітайскую мову. З іншага боку, мы тут, у Кітаі, ствараем цэнтры вывучэння Беларусі, калі ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях" кітайскія студэнты, выкладчыкі для больш глыбокага пазнання рэгіёну прысвячаюць сябе вывучэнню беларускай мовы.

Кірыл Руды падкрэсліў, што ў некаторых кітайскіх універсітэтах ёсць спецыяльнасць "беларуская мова", напрыклад, у Цяньцзіньскім інстытуце замежных моў.

- 18 верасня мы адкрылі ў Цяньцзіні, у гэтым універсітэце, першы помнік беларусу ў Кітаі - беларускаму паэту Якубу Коласу, - дадаў пасол.

zviazda.by.

Добры гаспадар, бізнэсовец і краязнавец

17 кастрычніка ў клубе "Прамова" на менскай сядзібе ТБМ адбылася сустрэча са спадаром Францішкам Жылкам, правадзейным сябрам Беларускага геаграфічнага таварыства, краязнаўцам, літаратарам і бізнэсоўцам. Ён з'яўляецца дырэктарам кампаніі ТАА ФРАМІЛ і кіраўніком стаматалагічнай лякарні "Глорыя" ў Менску. Яго кампанія ўжо 20 гадоў карыстаецца ў сваёй дзейнасці роднай мовай. Сябры клуба захапіліся аповедам спадара Францішка пра яго родныя мясціны і пра справу яго жыцця.

Францішак Баляслававіч Жылка нарадзіўся 2 снежня 1951 года ў Жодзішках, якія стаяць на рацэ Віліі на Смаргоншыне, і паходзіць са шляхецкага роду. Жодзішкі - старадаўняе мястэчка, якое мела Магдэбурскае права з 1774 года. Кальвінісцкі збор 1612 года быў пазней перабудаваны ў касцёл. Сям'я Жылкаў прытрымлівалася касцёла. Сп. Францішак вывучае генеалогію свайго роду і прасачыў яе ад 1745 года да нашых дзён. Пяць гадоў ён працаваў над радаводным дрэвам.

Дзед спадара Францішка Юры быў знаёмы з Вінцэнтам Гадлеўскім. Ён прыехаў у Жодзішкі з Куранца, узяў у арэнду, а потым выкупіў вадзяны млын, і яго сям'я з 9 чалавек жыла за кошт млына. У 1951 годзе млын забралі ў калгас, а калі ў 1961 годзе з'явілася электрычнасць, млын апынуўся ў заняпадзе. Не было механізмаў, застаўся трохмятровы падмурак з камянёў.

Аднойчы ў мястэчку на фэсце святой Ганны, калі ўся сям'я сабралася разам, тры дзядзькі спадара Францішка пажаліліся, што разбураецца стары млын. Назаўтра пляменнік прыняў рашэнне, што возьмецца аднавіць былую сямейную маёмасць. Спадар Франшішак у 1996 годзе выкупіў млын у калгаса ў занядбаным стане, рэстаўраваў яго, і вось ужо больш за дваццаць гадоў ён меле муку. Давялося падымаць архівы, вывучаць тэхналогію і аднаўляць яе. Больш за 30 млыноў на Беларусі агледзеў Францішак Баляслававіч і сфатаграфаваў, знайшоў тэхналогію ў прыватнай асобы, уклаў сродкі ў абсталяванне, накрыў страху чарапіцай. Цяпер млын - у працоўным стане.

Сябры клуба "Прамова" задалі добраму гаспадару шмат пытанняў, а потым Францішак Жылка прадставіў сваю кнігу "Вілія вачыма вандроўніка" з гістарычнымі і этнаграфічнымі матэрыяламі, а так-сама - збор успамінаў стрыечнага брата яго дзядулі Юліяна - Фелікса Жылкі "Мае ўспаміны". Фелікс Жылка быў намеснікам войта Жодзішак.Яго ўзнагародзілі срэбраным крыжом.

І распавёў пра невялічкую кнігу Збігнева Жакевіча пра Яна Булгака, беларускага і польскага майстра мастацкай і краязнаўчай фатаграфіі, "Краіна дзіцячых гадоў нашых бацькоў і дзядоў".

У другой частцы вечарыны гутарка ішла пра стаматалагічную лякарню "Глорыя" па вул. Ясеніна, 6. Сябры клуба засталіся вельмі задаволеныя сустрэчай з незвычайным чалавекам і пранікліся да яго павагай.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1-2. Сябры клуба "Прамова" і Францішак Жылка.

Памяці Вячаслава Адамчыка

3 лістапада 2018 года, у в. Варакомшчына, Дзятлаўскага раёна, на радзіме Вячаслава Адамчыка адбудзецца адкрыццё мемарыяльнага камня ў гонар 85-годдзя з дня нараджэння гэтага знакамітага беларускага пісьменніка. Святочнае мерапрыемства пачнецца ў 11 гадзін імпрэзай у Круцілавіцкай СШ, а пасля будзе прадоўжана ў в. Варакомшчына, што побач з пасёлкам Наваельня.

Ініцыятарам усталявання мемарыяльнага знака выступіў вялікі энтузіяст беларускай справы настаўнік геаграфіі Круцілавіцкай СШ Каско Сяргей. Яго падтрымалі сябры Дзятлаўскай раённай філіі ТБМ, а фундатарам стала сельская гаспадарка ААТ "Граніт-Агра" і асабліва яе галоўны інжынер Падліпскі Андрэй Пятровіч.

Сардэчна запрашаем усіх неабыякавых людзей ўшанаваць памяць Вячаслава Адамчыка.

Аргкамітэт.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

59. Булыгін (Алег) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Булыга і значэннем 'нашчадак названай асобы': Булыгін. ФП: булыга (рус. 'дубіна, сукаватая палка'; 'валун, круглы камень' (Даль, Мельн.)) - Булыга (мянушка, потым прозвішча) - Булыгін.

60. Булыка (Аляксандр) - семантычны вытвор (з старадаўнім суфіксам -ыка) ад апелятыва булыка 'папскі пасланец'. ФП: була (гіст.) 'папская грамата, папскае пасланне' (лац. bulla) (ТСБМ, т. 1, с. 417) + ыка (фармант); параўн. уладыка 1) тытулаванне архірэя; 2) тое, што і ўладар (хто валодае чым-н., гаспадар чаго-н.), 'той, хто карыстаецца неабмежаванай вярхоўнай уладай, каму ўсё падначальваецца' (ТСБМ - 2016, с. 855).

61. Бургута (Аляксандра) - семантычны вытвор ад апелятыва бурга / бургута рус. бурга 'лука ў сядле', 'шалаш паляўнічых' (СРНГ) або ад літ. burgas 'пазыка' (Фрэнк.).

62. Бурлевіч (Ігар) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Бурло з значэннем 'нашчадак названай асобы': Бурлевіч. ФП: бурло (рус. 'самы вялікі звон на званіцы', 'гарлапан, крыкун', мянушка паўнатварага чалавека (СРНГ, 3); укр. 'лаянка, нараканне' (Грынч.)) - Бурло (мянушка, потым прозвішча) - Бурлевіч.

63. Бутаў (Ілья) - вытвор з прыналежным суфіксам - аў ад антрапоніма Бут і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бутаў. ФП: бут (польск. but 'бот', укр. бут 'бот' (рэг.)) - Бут (мянушка, потым прозвішча) - Бутаў.

64. Буць (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва буць (укр.) 'хлеб, што пры выпечцы не ўдаўся' (Грынч.).

65. Бучкін (Віктар) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Бучка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бучкін. Утваральнае слова ад апелятыва бучка (рус. 'шум, крык, сварка' (Даль)).

66. Буяк (Эла) - семантычны вытвор ад ст.-бел. буяк 'бугай' (ПГССЛ).

67. Буякевіч (Арцём) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Буяк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Буякевіч. ФП: буяк (мн. буякі 'кустовая ягадная расліна сямейства верасовых, а таксама цёмна-сіняя з шызым налётам ягады гэтай расліны') - Буяк (мянушка, затым прозвішча) - Буякевіч.

68. Бычкоўскі (Антон) - вытвор з суфіксам -оўскі ад тапоніма Бычкі (вёска) і значэннем 'нараджэнец названай мясціны, яе жыхар': Бычкоўскі. Або шляхетная форма ад прозвішча Бычок.

69. Бялей (Леанід) - вытвор з суфіксам -ей ад антрапоніма Белы з экспрэсіўным значэннем (непахвальнае). Параўн.: Малы - Малей.

70. Бялінскі (Алесь) - мажлівы вытвор ад антрапоніма Бялей з экспрэсіяй прэстыжнасці: Бялейінскі - Бялінскі (спрашчэнне структуры слова).

71. Бялянскі (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -скі ад антрапоніма Бялян і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бялянскі. Вытворнае слова ад апелятыва бялян 'белай масці, белы'. Або ад тапоніма Бяляны і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Бялянскі.

72. Бялячыц (Рычард) - другасная форма ад Бялячыч - вытвор з суфіксам бацькаймення.

73. Вайноўскі (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Войнава з значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Вайновскі - Вайноўскі.

74. Валадашчык (Віктар) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Валадась з значэннем 'нашчадак названай асобы': Валадасьчык - Валадш(с/ч)чык. ФП: Уладзімір (імя <слав. 'які валодае светам, вялікі, знакаміты') - Володко (1528 г.) - Валадось (народны варыянт (пяшч.)) - Валадошчык - Валадашчык.

75. Валачкова (Анастасія) - вытвор з прыналежным суфіксам -ова ад антрапоніма Валачок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Валачок (род. Валачка) ова: Валачкова. ФП: волак ('участак паміж дзвюмя карабляходнымі рэкамі, цераз які ў даўнія часы перацягвалі волакам караблі для працягу шляху') - волачак (памянш. ад волак, суфікс -ак) - Волачак (мянушка, пазней прозвішча) - Валачкова.

76. Валовая (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка валовы - утварэнне з суфіксам -ов-ы ад вол 'кастрыраваны бык, якога выкарыстоўваюць на сельскагаспадарчых работах'. Адсюль і прозвішча Валовік ('нашчадак асобы з прозвішчам Валовы') ( Валовік).

77. Валуевіч (Андрэй) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Валуй з значэннем 'нашчадак названай асобы': Валуйевіч. ФП: валуй ('жаўтавата-белага колеру з увагнутай шапкай грыб сямейства сыраежкавых') - Валуй (мянушка, пазней прозвішча) - Валуевіч.

78. Валынцаў (Дзяніс) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Валынец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Валынецаў - Валынцаў. ФП: валынец ('з паселішча Валынь') - Валынец (антрапонім-асоба з гэтай мясцовасці, суфікс -ец) - Валынцаў.

79. Вальчык (Станіслава) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Валя з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Вальчык. ФП: Валянцін (імя <лац. valens, valentins 'здаровы, дужы') - Валя (народна-гутарковы варыянт, празванне, пазней прозвішча) - Вальчык; як і Адамчык, Вакульчык.

80. Вапа (Яўген) ад польск. Wapa < першасна Лапа [параўн.: Ваврын, 1567 г. і белар. Лаврын, 1558 г. (Бірыла М. Беларуская антрапанімія, 1966, с. 105), а таксама народнае (в. Грабавы, Зэльв. р-н) школа і сучаснае каталіцкае шкова (< szkola)] семантычны вытвор ад апелятыва лапа 'ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак', 'аб руцэ або назе чалавека (разм.)', 'галіна хвойнага дрэва', 'частка інструмента' і інш.

81. Варапай (Мікалай) - семантычны вытвор ад рэг. апелятыва варапай 'сляпы чалавек' (Нас.).

82. Варыкаш (Алесь) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва варыкаш 'той, хто варыць кашу' (Бірыла).

83. Варэц (Дзмітрый) - семантычны вытвор ад апелятыва варац, варэц 'пра таго, хто варыць ці даглядае за працэсам варкі; кухар, повар'.

84. Васілевіч (Марыя) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -евіч ад імя Васіль (грэч. basileus 'цар') набыла ролю прозвішча: Васілевіч - Васілевіч ["Міс Беларусь" 2018 г.].

85. Ватовіч (Ірына) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Вата з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Ватовіч. ФП: Вата (імя <грэч. 'купіна') - Вата (мянушка, пазней прозвішча) - Ватовіч. Або ад апелятыва вата 'валакністы матэрыял з бавоўны, шэрсці або сінтэтычны, прызначаны для медыцынскіх бытавых і тэхнічных мэт', які семантычна набыў ролю мянушкі чалавека (з частым выкарыстаннем у яго маўленні гэтага слова), а пазней стаў найменнем-прозвішчам.

86. Ваяводская (Алена) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Ваявода / Ваяводы з значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Ваяводская. Або прэстыжная (шляхетная) форма ад прозвішча Ваявода і значэннем 'нашчадак Ваяводы'. ФП: ваявода (у Старажытнай Русі: начальнік войска, кіраўнік горада ці акругі; а таксама: на тэрыторыі Заходняй Беларусі з 1920 да 1939 г. і ў Польшчы: кіраўнік ваяводства) - Ваявода (мянушка, потым прозвішча) - Ваяводскі (Ваяводская).

Вялікаму беларускаму энцыклапедысту споўнілася б 80

29 кастрычніка пісьменніку, літаратуразнаўцу, крытыку, бібліёграфу, фалькларысту, энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Саламевічу (1938-2012) споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння. Так хочацца шчыра павіншаваць спадара Янку з сённяшнім юбілеем і пажадаць яму доўга-доўга пажыць на беларускай зямлі, каб ён паспеў яшчэ выдаць не толькі ў двух тамах слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў, але і шмат іншых цікавых кніг. Але такой мажлівасці ўжо ніколі не будзе, бо яго не стала летам 2012 года. Я шмат гадоў з Янкам Саламевічам сябраваў і не мог наталіцца ягонымі ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З ім гутарыць можна было бясконца. З ім цікава было бываць на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Ён мог так развесяліць грамаду, што людзі проста "рвалі" жываты ад смеху, бо выдатна ведаў беларускі гумар, фальклор. Ён умеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з вёскі Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, ён мог распавядаць бясконца. Янка Саламевіч часта прыгадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Ён заўсёды памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (г. зн. злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д. Янка Саламевіч у свой час скончыў Белдзяржуніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працаваў у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя", спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі. У 1972 годзе з друку выйшла яго манаграфія "Міхал Федароўскі", прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам. У кнізе ён разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты. Потым з друку выйшаў першы ў Беларусі "Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. XVI-XX стагоддзяў". Ён хацеў яго дапоўніць і выпусціць слоўнік з друку ў двух тамах. Потым былі іншыя кнігі, якія ён напісаў, склаў, падрыхтаваў. Тысячы яго артыкулаў змешчаны ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах. Янка Саламевіч напачатку 1980-х гадоў вёў на беларускім тэлебачанні цудоўную перадачу "Роднае слова" і шмат чаго іншага зрабіў гэты таленавіты чалавек.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.

Немец, які любіць Гародню

Навіны Германіі

У Цэнтры гарадскога жыцця адбылася сустрэча з нямецкім даследчыкам, гісторыкам і антраполагам Феліксам Акерманам, аматарам Гародні, аўтарам шэрагу навуковых прац па гісторыі нашага рэгіёна. Пра сваё стаўленне да Гародні кажа Фелікс Акерман:

- Сёння Гародня - гэта ў асноўным людзі, гэта калегі, сябры, гэта кантакт з сучаснасцю, якая робіцца гэтымі людзьмі.

РР:

- Вы вывучалі горад, вывучалі асобаў, што змянілася за апошнія пяць гадоў, пакуль вас не было?

- На самой справе з'явілася шмат новых месцаў, я маю на ўвазе не толькі кавярні, клубы нейкія. Трошкі іншы падыход да публічнай прасторы. Калі яшчэ 10 гадоў таму не было куды пайсці, акрамя крамы, то зараз ёсць.

На думку гарадзенскага краязнаўца Алеся Госцева, Гародня доўгі час чакала такога даследчыка як Фелікс Акерман.

- Для мяне Фелікс Акерман - гэта выключная постаць. Як толькі ён з'явіўся, больш 15 гадоў таму, ён амаль адразу пазнаёміўся са мной. Так атрымалася, што мы з ім пасябравалі. З цягам часу я ўсё больш разумеў, што гэта чалавек незвычайны. Ён невыпадкова абраў менавіта Гародню для сваіх росшукаў. І Гародня заслугоўвае такога даследчыка.

Сустрэча з Феліксам Акерманам адбылася ў форме дыскусіі, якую вёў гісторык Андрэй Чарнякевіч. Ужо ў 2019 годзе кніга Фелікса Акермана "Palimpsest Grodno", пра гісторыю Гародні будзе пераклададзена на беларускую мову і выдадзена часопісам Arche.

Беларускае Радыё Рацыя.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лістападзе

Абрагімовіч Марына Яўген. Аліхвер Людміла Уладзіслав. Амінава Святлана Андрэева Галіна Андрэеўна Андрэйкавец Надзея Дзмітр. Анціфораў Алег Мікалаевіч Анцыповіч Максім Рыгоравіч Асецкі Аркадзь Асмакоўская Алена Атрахімовіч Іосіф Канстанцін. Бабак Вольга Бабкова Ганна Ігараўна Баранаў Аляксандр Геогріевіч Бародка Зміцер Міхайлавіч Бартасевіч Людміла Баўтовіч Міхась Бахвалаў Дзмітры Бекіш Віктар Андрэевіч Белакоз Вера Борын Алег Мікалаевіч Булаш Алена Бусько Сафія Раманаўна Бухавец Пятро Пятровіч Быцкевіч Сяргей Аляксандр. Бяляўская Таццяна Ваданосава Фаіна Аляксандр. Васько Віктар Вячаслававіч Ветчынаў Сяргей Вікторчык Ніна Сяргееўна Віценя Алег Аляксандравіч Вішнеўскі Павел Уладзімір. Волкаў Алег Вярцінскі Анатоль Ільіч Галяшоў Зміцер Ганцэвіч Вольга Мечыслав. Ганчарова Таццяна Гаргун Леанід Ігаравіч Гарлуковіч Яўген Дзмітрыевіч Гівоіна Вольга Міхайлаўна Главацкіх Васіль Б. Глухава Святлана Пятроўна Гнедчык Алег Горбач Аляксандр Клаўдзіевіч Груша Дар'я Уладзіміраўна Грыб Ян Янавіч Грыгаровіч Андрэй Анатол. Губарэвіч Віктар Дзмітрыевіч Губчык Яўген Іванавіч Гур'ян Алена Барысаўна Гучок Яўген Сяргеевіч Дабравольскі Аляксандр Ал. Давыдзька Святлана Данішэвіч Вольга Вячаслав. Даўлюд Наталля Мікалаеўна Дацэнка Аляксандр Кірылавіч Дзербянёва Анжаліка Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Дзядзюля Вера Длатоўская Аліна Аляксандр. Домаш Валянціна Іосіфаўна Досіна Алена Доўнар Аляксандр Андрэевіч Драгун Данута Драздовіч Алена Станіслав. Дрыга Святлана Мікалаеўна Дубко Ганна Міхайлаўна Дубовік Іна Пятроўна Дуброў Алег Анатольевіч Ермакова Аляксандра Мікал. Есьман Рыгор Міхайлавіч Еўсіевіч Наталля Анатольеўна Ефіменка Ганна Сяргееўна Ждановіч Міхаіл Васільевіч Зайкоўскі Эдвард Міхайлавіч Зарэцкая Вера Якаўлеўна Здановіч Уладзімір Васільевіч Зуева Галіна Паўлаўна Ігнатчык Андрэй Валер'евіч Іокша Марыя Мікалаеўна Кавалёва Алена Пятроўна Кавалёў Аляксей Аляксандр. Кавальчук Караліна Кадыш Любоў Кажамякін Генадзь Вячаслав. Казакоў Алесь Казачонак Сяргей Казлоўскі Руслан Канстанц. Калатоўкіна Ларыса Анатол. Калчанаў Алег Аляксеевіч Капойка Уладзімір Карповіч Ірына Іванаўна Касцюк Таццяна Уладзімір. Касцян Альгерд Дзянісавіч Кацяшоў Дзмітры Сяргеевіч Кіеня Уладзімір Уладзіміравіч Кірэева Алена Уладзіміраўна Клікун Таццяна Козел Валеры Козел Галіна Маркаўна Корнеў Алесь Касьянавіч Кошкіна Людміла Чаславаўна Круглік Уладзімір Анатол. Крук Валянціна Іосіфаўна Крыжаноўская Вольга Алякс. Кудзёлка Генадзь Міхайлавіч Кудлацкая Валянціна Кужанава Вольга Кузьма Аляксандр Кузьміч Мікалай Пятровіч Кулакевіч Сяргей Адамавіч Купрэева Таццяна Уладзімір. Курніцкая Яна Іванаўна Кучынская Галіна Лапіцкая Святлана Лапкоўская Браніслава Міх. Левіт Зміцер Лепяцюхіна Ганна Лісіцкая Вольга Мікалаеўна Лісіцын Генадзь Дзям'янавіч Літоўчык Святлана Міхайл. Лойка Алег Паўлавіч Лойка Ніна Сцяпанаўна Лось Дзіяна Іванаўна Лубянава Таццяна Віктараўна Лысова Таіса Ляшук Валерыя Мазур Тамара Міхайлаўна Макарэвіч Наталля Міхайл. Маковіч Дзіна Маліноўская Марфа Яўген. Маліноўскі Віктар Леанідавіч Мараўскі Фелікс Дамінікавіч Марговіч Антон Антонавіч Мароз Жана Мікалаеўна Марозава Святлана Валянцін. Мацкоўская Наталля Васіл. Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Мельнік Міхась Іванавіч Мельнікаў Аляксандр Мельнікаў Андрэй Міхайл. Мельнікаў Юры Сяргеевіч Меляшкевіч Юры Віктаравіч Міжурына Раіса Канстанцін. Мілаш Леакадзія Мілюць Анатоль Іванавіч Міхалевіч Мілана Міхайлаўна Міцкевіч Андрэй Мікалаевіч Моніч Зміцер Мухіна Леанарда Станіслав. Нагін Павел Пятровіч Несцераў Аляксей Нікалаевіч (Палонка) Вольга В. Нікіціна Ліля Нікіціна Людміла Канстанцін. Пагрэбіцкі Алег Падасетнікаў Васіль Паляшчук Таццяна Панюціч Аляксандр Паражынскі Аляксандр Паросава Марына Пашкевіч Валеры Васільевіч Пракаповіч Мікалай Мікал. Пракопчык Марына Міхайл. Прахарэнка Кацярына Валян. Прыбыш Павел Іванавіч Пугаўка Алена Пугачэўскі Аляксандр Вікт. Пыльчанка Яўген Аляксандр. Пячкова Яўгенія Якаўлеўна Рабушко Анастасія Віктараўна Радзівон Ірына Радкоў Генадзь Андрэевіч Радына Данута Аляксандраўна Ражко Ірына Францаўна Ралько Леанід Міхайлавіч Раманюк Наталля Розумаў Анатоль Якаўлевіч Русецкі Марцін Ігаравіч Руткоўская Яўгенія Карпаўна Рыжыкаў Міхаіл Рэзнікава Настасся Уладзімір. Сабалеўскі Уладзіслаў Уладзім. Савіцкая Яніна Іосіфаўна Савіч Аляксандр Аляксандр. Салей Алена Міхайлаўна Салей Ларыса Іванаўна Сарнацкі Ігар Севасцюк Марына Леанідаўна Севасцян Павел Сергіевіч Дзмітры Сімакова Рэгіна Іосіфаўна Сінкевіч Мікалай Сцяпанавіч Сітнікаў Арцём Сяргеевіч Скок Віктар Уладзіміравіч Скрыпнічэнка Георгі Сярг. Скуратовіч Аркадзь Слабадзін Аляксандр Юр'евіч Смаргун Валянцін Васільевіч Сойка Мікалай Уладзіміравіч Солтан Алена Антонаўна Сталярова Вера Станкевіч Ларыса Фёдараўна Стасевіч Яўгенія Валер'еўна Стасюкевіч Дзіна Сурко Анатоль Сцепулёнак Эма Антонаўна Сцямпкоўская Хрысціна Тарасава Святлана Міхайлаўна Таўгень Антон Тозік Эдуард Трафімец Ульяна Святаслав. Трафімчык Алена Веніямін. Турцэвіч Паліна Віктараўна Тыгрыцкая Вольга Аляксанд. Тычына Зміцер Валянцінавіч Тышко Іван Іванавіч Уласава Дар'я Уласевіч Дар'я Федаровіч Кацярына Федаровіч Надзея Фралоў Аляксей Валер'евіч Фядзюшын Ягор Ягоравіч Хамінскі Міхась Аляксандр. Хвошч Галіна Хляба Глеб Ігаравіч Царкоў Мікалай Прохаравіч Цвік Валер Іосіфавіч Цвяткова Алена Мікалаеўна Цехановіч Святлана Цімаховіч Аляксандра Іван. Цярэшчанка Ігар Барысавіч Чарнаморцаў Валер Чаховіч Г. Г. Чашун Уладзімір Чыж Уладзіслаў Аляксандр. Шнітоўскі Міхась Шпак-Рытскі Юрась Шутава Вольга Вікенцеўна Шчурко Галіна Аляксандр. Шчурко Лідзія Іванаўна Шчэрбін Іван Аляксеевіч Шыла Іван Уладзіміравіч Шыманчык Святлана Мікал. Шымкус Рычард Эдуардавіч Ючкавіч Аксана Станіславаўна Якаўцава Людміла Уладзімір. Ялугін Эрнест Васільевіч Яніцкі Міхаіл Іванавіч Яскевіч Аляксей Юр'евіч

У Гомелі ўшанавалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій

Сябры Сафійскай грамады Прэабражэнскага брацтва БПЦ зладзілі паніхіду і прыборку на старасвецкіх могілках у Навабеліцы. У гэтым месцы пахаваныя святары-ахвяры камуністычнага тэрору. Падчас акцыі зачытваліся імёны і звесткі пра рэпрэсаваных гамяльчан. Гамяльчанка Святлана гаворыць, што грамадству трэба зрабіць усё, каб памяць пра бязвінна забітых не згасла.

- Чытаем вось гэтую кнігу памяці. Тут жа і кавалі, і дырэктары заводаў, і службоўцы, і святары. Усе людзі жылі, тварылі, і такі цяжкі лёс выпаў на іх долю, але, я думаю, многія не зламаліся. Гэта добра, што мы зараз аднаўляем памяць пра іх.

Удзельнік жалобнай акцыі Андрэй Скідан заўважае, што мясцовая праваслаўная грамадскасць пачала рабіць прыборкі Навабеліцкіх могілак на Змітраўскія Дзяды гадоў дзесяць таму.

- Якраз канец кастрычніка - пачатак лістапада былі для Гомеля самымі крывавымі днямі 1937 года, і таму мы сканцэнтравалі сваю работу на могілках, прыборцы магіл з памінавеннямі, бо сёння гэтага няма дзе зрабіць. А тут на магілах мы чытаем мартыралог Гомельскай епархіі.

Гомельская грамадскасць у кастрычніку ладзіць некалькі імпрэз, у межах якіх будзе ўзнятая праблема памяці пра ахвяр камуністычнага тэрору. 29 кастрычніка ў Абласной бібліятэцы пройдзе вечар памяці. У той жа вечар на базе грамадска-палітычнага цэнтра Палеская, 52 адбудзецца прэзентацыя кнігі Анатоля Бароўскага "Паўстанец духу" пра аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстання Рыгора Клмовіча.

Беларускае Радыё Рацыя, г. Гомель.

Талака ля крыжа пакут у Баранавічах

На Дзяды сябры Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах правялі талаку ля крыжа пакут, якая стала ўжо традыцыйнай. Яны ўпарадкавалі тэрыторыю, паклалі кветкі, запалілі знічы. Жалобнае мерапрыемства пачалося з паніхіды грэка-каталіцкага святара Яўгена Маліноўскага. Скончылася паніхіда гімнам "Магутны Божа", затым людзі ўспомнілі пра знакамітых, бязвінна забітых камуністычным рэжымам ахвяр, прачыталі іх вершы. Гаворыць сябра таварыства Анэля Камбалава:

- 29 кастрычніка - гэта страшны дзень нашай беларускай гісторыі. Мы памятаем і заўсёды збіраемся на нашым святым месцы - ля крыжа, які ўсталяваны ў гонар ахвяраў тых страшных гадоў. Гэты крыж - сакральнае месца ў Баранавічах. Калісьці тут была турма, дзе катавалі нашых дзядоў, прадзедаў, тут быў і Язэп Маліцкі з вядомых.

Крыж "Ахвярам гвалту 1939-1953 гг." быў усталяваны актывістамі ў 1990 годзе ў цэнтры горада. У тым жа годзе ўлады перавезлі крыж у сквер на скрыжаванні вуліц Крупскай і Смаленскай. Там яго паставілі на новае месца, дзе ён знаходзіцца і цяпер. Крыжам пакут апекуецца толькі дэмакратычная грамадскаць горада.

Беларускае Радыё Рацыя, г. Баранавічы.

Высакародны ўчынак беларускага трэнера па боксу да свята Дзядоў

Каля зусім невялічкай вёсачкі Чараўкі, што схавалася ў лесе каля в. Біскупцы на Лідчыне, давялося бачыць апошнім часам цудоўныя рэчы. На мясцовых амаль закінутых ды зарослых хмызняком і дрэвамі могілках з'явіўся сапраўдны гаспадар, які за даволі кароткі адрэзак часу зрабіў неверагодны аб'ём работ па іх добраўпарадкаванні.

Могілкі набылі прыстойны выгляд. Уся тэрыторыя пачышчана ад густа парослага хмызняку, прыбраны і выкарчаваны звыш 20-ці шматгадовых хвой. Усталявана новая прыгожая агароджа з бетонных секцый у памеры звыш за 200 метраў і з уваходнай брамай. На брамцы два маленькія крыжыкі апавяшчаюць пра шанаванне двух хрысціянскіх веравызнанняў: праваслаўнага і каталіцкага. Да ўсяго стала вядома, што на гэтым работы яшчэ не скончаны і ў планах ёсць упарадкаваць дарожку прыгожай брукаванкаю.

Гэта годная, да таго ж вельмі затратная справа зроблена высілкамі і на сродкі вядомага, і знакамітага на Лідчыне чалавека - трэнера па боксу, Аляксандра Іванавіча Памахі, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы. І ўсе работы выконваліся з непасрэдным фізічным удзелам самаго сп. Памахі.

Аляксандр Іванавіч за 40 год сваёй плённай трэнерскай працы падрыхтаваў шмат паспяховых спартоўцаў. Сярод іх - добрыя майстры спорту і нават удзельнік Алімпійскіх гульняў, майстар спорту міжнароднага класа - сп. Міхась Бярнацкі.

Адметна, што аднавіўшы і ўпарадкаваўшы месца пахавання сваіх бацькоў сп. Аляксандр усталяваў па іх новыя прыгожыя помнікі. А надмагільныя надпісы на іх выкананы на роднай беларускай мове, што, нажаль, яшчэ з'яўляецца даволі рэдкай з'явай у нашым жыцці.

Заўважна і тое, што гэты высакародны ўчынак, які здзейсніў беларускі спартыўны трэнер, якраз прыпаў да беларускага восеньскага свята ў гонар памерлых продкаў - Дзядоў, калі спакон вякоў беларусы ўшаноўвалі памяць сваіх прашчураў.

nslowa.by.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

У першыя дні пасля прыбыцця мы выбраліся ў таварыстве пана Бенядыкта Дыбоўскага ў Шонбрун, дзе меў рэзідэнцыю генерал Штрэфлер, вялікі прыяцель Зыгмунта. Калі мы прыбылі на перон перад палацам, уся сям'я: бацькі, дочкі выбеглі на прывітанне Зыгмунта. Абдымалі, цалавалі, як блізкага, як бы належаўшага да радні. Зыгмунт любіў людзей, таму і яны адплачвалі яму гарачымі пачуццямі.

Мужчыны аддаліліся ў дальшыя пакоі, а пані Штэфлер забаўляла мяне далікатным апавяданнем пра першыя хвілі знаёмства з Зыгмунтам, аб уражаннях, якія выклікалі ў яе мужа вялікі розум, веды і шляхетнасць Зыгмунта, што чалавек такі геніяльны ёсць прызначаны адыграць вялікую ролю ў сваім жыцці, у свеце.

Пасля гарбаты ўсё таварыства накіравалася ў горы для адведвання Звярынца 229 і прыгожых ваколіц, якія атачалі палац.


Пасля наведвання Вены, яе выстаў і ваколіц, пасля частага, амаль штодзённага наведвання венскіх тэатраў мы накіраваліся ў Ліпск, Уроцлаў і іншыя гарады, дзе Зыгмунт меў шмат знаёмай універсітэцкай моладзі. На даўжэй мы затрымаліся ў Познані. Пасля адбытых досыць шматлікіх візітаў у журналістаў і слаўнейшых літаратараў, павозкай, прысланай панам Негалеўскім па аднаго з дэпутатаў, Зыгмунт сабраўся, каб адведаць іх у Мараўніцы (пад Сміглавам).

Чуючы стук набліжаўшайся павозкі, думаючы, што гэта прыязджае чаканы прыяцель, пан Негалеўскі выбег на ганак у папялістай блюзе, падпаясанай шырокім пасам, з тварам вясёлым, усмешлівым, загарэлым, з белымі валасамі ў беспарадку вакол галавы, уяўляў сапраўдны тып польскага шляхціца, земляроба - толькі позірк хуткі, твар поўны жыцця з выразам энергіі дазваляў у ім дадумацца энергічнага, разумнага і пяруннага парламенцкага прамоўцу.

Мужчыны, хочучы зрабіць яму неспадзяванку, схаваліся глыбока ў павозцы, просячы мяне, каб выхілілася цераз акно і вітала гаспадара. Я ахвотна згадзілася, забаўленая гэтай сітуацыяй.

На той від пан Негалеўскі голасна крыкнуў:

- Што гэта? У імя Айца, і Сына, і Духа! Што гэта? Хто гэта?

Мужчыны з галосным смехам выскачылі з павозкі, жартуючы з яго ўражання.

- Мае панове, не ведаю, ці былі б менш за мяне здзіўленыя і ўстрывожаныя метамарфозай. Калі б заміж доўгага носа пана Бянткоўскага і яго чорнай чупрыны і твару, неспадзявана ўбачылі (тут натуральная ветлівасць і галантнасць вымагалі дадаць) маладзенькі, светлы тварык, які ў дадатак смяецца і фіглярна падміргвае?!

Наступілі прадстаўленні і высвятленні. Неўзабаве прыбыла (не памятаю з якой пабожнай пілігрымкі ў групе пань з суседства) пані Негалеўская. Пасля чаго абед, прагулка, агледзелі ў зале бюро з парыжскай выставы, ахвяраванае пану Негалеўскаму з надпісам: "Удзячныя супляменнікі за ацаленне ад задуманай прускім урадам змовы па ўцягненні жыхарства Вялікапольшчы ў рэвалюцыйны рух". (Пан Негал[еўскі] перахапіў карэспандэнцыю ўрадавых агентаў, аселых у Лондане, з берлінскай паліцыяй. Усю тую справу з доказамі на руках выказаў у парламенце, здэмаскаваў нікчэмную інтрыгу).

Пад вечар з'ехалася бліжэйшае суседства і яшчэ некалькі дэпутатаў. З якой жа зацікаўленасцю я прыслухвалася да ішоўшых там размоваў. Якое ж тут іншае бурліла жыццё ад нашага, поўнага таямніцы і пагрозы. Вера ў мажлівасць жыцця з прусакамі (як мне ў той час здавалася) пераважала, апрача Негалеўскага, Кантака і Гутара. Бісмарк у пазнейшы час развіў непрымірымы патрыятызм.

Размова мужчын працягнулася да позняга вечара. З якой зацікаўленасцю ўслухваліся яны ў паведамленне Зыгмунта аб сітуацыі ў Расіі і ў Краі. Гаварыў аднак толькі тое, што мела сувязь з нашай справай.

Чуючы голас некага з дэпутатаў, што парламент для палякаў, гэта ў Прусіі пустая фраза, кепска ці добра гаворым, гэта для нас мае заўсёды адзін вынік выразнае, станоўчае: "Не!".

- То для чаго, панове вы ездзіце на сойм 230? - пытаю.

- Найперш, каб не страціць пляцовак, нам належных, чакаць зручнай хвілі; уключыцца ў барацьбу, не страціць умоў для абароны, шукаць для яе сродкаў, а найчасцей, каб служыць баластам для пад'ёму сваёй справы і паніжэння непрыяцеляў.

- Не, панове, - загукаў горача пан Уладзіслаў - не толькі для гэтага. У 1848 годзе мы бачылі перад сабой два заданні для выканання. Першым ёсць бараніць нашыя правы божыя, святыя нацыянанальныя, гістарычныя і праўна-палітычныя, якія знаходзяцца пад паручыцельствам усёй Еўропы, і гарантаваныя манархамі, якім аддалі нас у дзяржавы. Для забеспячэння міру ў Еўропе створаны ў структуры еўрапейскіх краін асобны зусім стан палітычна-міжнародны з забеспячэннем ўсяму нашаму народу, нягледзячы на падзелы паміж трымя захопніцкім скіпетрамі, павагі полькай нацыі і тэрытарыяльнай супольнасці праз ухваленне асобнай польска-нацыянальнай эканамічна-гандлёва-палітычнай сістэмы з асобнымі консуламі ў кожнай зоне акупацыі ад манархій захопнікаў і еўрапейскіх. Каралі, прымаючы ў дзяржавы даручаную ім частку Польшчы выразна і даходліва прызналі нашую Бацькаўшчыну і абавязаліся шанаваць нашую нацыю, нашую мову як краёвую і свабоду нашага польскага каталіцкага касцёла.

Нашыя дэпутаты ёсць абаронцы ўсяго народа - не частак яго. Абавязкам іх ёсць жадаць выканання ўмоваў належных і адпаведных прысязе. Нашыя дэпутаты для падтрымкі салідарнасці стварылі Польскае Кола 231, ці сойм у сойме. Задачай Кола ёсць дамагацца асобнай канстытуцыі, гарантаванай нам венскімі трактатамі і адозвай караля пры акупацыі ў 1815 годзе, таму Польскае Кола ніколі не ўмешваецца ў справы чыста нямецкія. У міжнародных справах кіруецца прынцыпамі свабоды, роўнасці, справядлівасці і добрасумленнасці. Ва уласных справах бароніць свабоды Касцёла, рэлігіі, дамагаецца вяртання ў школах польскай мовы, а ў справах адміністрацыйна-судовых побач з нямецкай польскай мовы.

Абавязкі згвалчаны, умовы не вытрыманы. Не маем асобнай канстытуцыі не маем сойму ў сябе, падымаем наш пратэстны голас не ў сябе на сваёй зямлі, а ў краі чужым, варожым і на чужой мове, але і гэта нас не стрымвае, не страшыць. Едзем туды, каб заклікаць да справядлівасці і пратэставаць супраць гвалтоўнага парушэння вышэй выражаных абавязкаў, супраць накінутай нам супольнай канстытуцыі, супраць бюджэту для павелічэння арміі, бо яна служыць для павелічэння ўціску польскай нацыі і яшчэ супраць павелічэння падаткаў.

Вось агульны вобраз нашага парламенцкага жыцця і для чаго туды едзем.

Я сардэчна падзякавала за тлумачэнне і паважны адказ, просячы пры тым, каб даў мне на пісьме, як памятку з Мараўніцы

Наступны дзень была гэта субота. Паны прыбылі з Познані, начавалі ў Мараўніцы. Зыгмунт правёў з імі ранішнія гадзіны, а пан Негалеўскі правёў мяне па ўсёй узорна арганізаванай гаспадарцы. Усё тут для мяне было навіною пасля Літвы. Асабліва захапілі мяне жылыя дамкі для работнікаў - ахайныя, белыя, аточаныя дрэўцамі і кветкамі. Унутры чыста, сталы пакрытыя сурвэтамі, а на іх кніжкі з народных выдавецтваў. "Wielkopolanin" 232 амаль у кожнай хаце. Дзятва чыстая, у белых або каляровых кашульках. Такому дворыку не адзін заградовы шляхціц на Літве пазайздросціў бы.

А аднак нягледзячы на тыя ўсе добрыя бачаныя і чутыя рэчы, Вялікапольшча - гэтае гняздо нашай старашля-хетчыны - менш мне падабалася, чым Літва і Каралеўства. Паверхня нізкая, плоская, без узгоркаў і багатых лясоў.


Пасля вяртання ў Берлін мы засталі ўжо ўсіх дэпутатаў з Вялікапольшчы і Заходняй Прусіі сабраных на сойм. Зыгмунт, бачачы маю вялікую зацікаўленасць соймам і жыццём нашых дэпутатаў, дзякуючы запабегам пана Банткоўскага дастаў два білеты на галярэю - гэтая прыемнасць перавысіла ўсе тэатры і канцэрты. Пры падказках і заўвагах, якія рабіў Зыгмунт, магла зарыентавацца і ў канцы сачыць за ходам спрэчак; чула выступ Вальдэцка і бурныя воплескі яму пасыланыя; прыгледзелася да ардынарнай, буйвалаватай постаці Бісмарка; да сутычкі Кантака з нейкім немцам, які яму дзякаваў за вельмі карысны твор напісаны нашым супляменнікам, на што Кантак адказваў больш-менш дакладна такімі словамі: "Працаваў над тым творам, не думаючы пра нямецкую дзяржаву, якая не ёсць маёй Бацькаўшчынай. Я - паляк. Але калі немцам патрэбна скарыстацца з маёй працы, то і няхай - калі ласка!"

Зыгмунт затрымаўся ў Берліне даўжэй з-за вялікага з'езду людзей з розных бакоў Польшчы: дэпутаты, карэспандэнты, вучоныя і да т.п. Раніцой Зыгмунт працуе, пасля снедання выязджаем разам, заўсёды нас нехта суправаджае; на вячэрняй гарбаце збіраемся больш шматлікім колам знаёмых. Найчасцей былі Гутры, Кантак, Лібэльт 233 і Банткоўскі.

Зыгмунт не раз паўтараў: "Хачу, пакуль жыву, каб ты пазнаёмілася з найлепшымі людзьмі і даведалася ўсё, што ёсць найлепшае на зямлі". Так ведала, адчувала яго амаль бязмежнае каханне да мяне, але больш за ўсё кранала мяне яго амаль бацькоўская чуласць і клопат пра мой разумовы і маральны бок. Перад кожнай лекцыяй, перад кожным канцэртам, перад галярэяй карцін або цікавай судовай справай, на якія мяне часамі браў, менавіта ў Францыі, заўсёды знайходзіў час і цярплівасць мяне падрыхтаваць і ўсё растлумачыць. Не магла зразумець, як чалавек ледзь трыццаціпяцігадовы, проста з універсітэта прыгавораны на нуднае, самотнае жыццё ў бязлюдным стэпе ў атачэнні казармаў, салдафонства, а потым прыгавораны на цяжкую працу ў акадэміі, а яшчэ далей у жыцці з вялікім, цяжкім заданнем у душы, увесь ім пранікнуты, спрацованы збіраннем матэрыялаў, патрэбных для ажыццяўлення яго, заняты шуканнем сэрцаў і думак сярод людзей, здольных яго зразумець і падтрымаць тое заданне для правядзення яго ў жыццё - прабягае Еўропу, усюды сочыць, шукае праўды, працуе цяжка, амаль без адпачынку, а ў стасунках з атачаўшымі яго светлы, пагодны, сонечны, просты і натуральны. Запытвалася не раз сябе, як гэты чалавек меў час, сілы і здольнасць адолець гэта ўсё, адукавацца так усебакова, так грунтоўна і глыбока пазнаёміцца нават з эстэтычным бокам цывілізаванага свету.

Як дасканала ведаў ён гісторыю музыкі, жывапісу і архітэктуры. Як умеў адрозніць школы, эпохі і роды з усёй іх нескарыстанай прыгажосцю: літаратуру і гісторыю свету. Гэтага я зразумець не магла. І часта здаралася, калі на канцэртах класічнай музыкі звяртаў маю ўвагу і тлумачыў: я думала са страхам пра яго прыспешанае, падвойнае жыццё, дзе праца на працягу гадзін раўнялася гадам.

Пазней прыпамінала сабе, як у дзень апошняга выезду з Пецярбурга Уладзімір Спасовіч не пайшоў ва ўніверсітэт. Правёў цэлы дзень з Зыгмунтам, які ў сваім кабінеце сартаваў паперы, выняў у той час тоўстую кніжку, апраўленую ў чорнае палатно, падаючы яе Уладзіміру сказаў:

- Вось мая трохмесячная праца па-за дзяржаўнай, знойдзеш тут усе еўрапейскія краі апрача Іспаніі. Не маю і не буду ўжо мець часу там быць. Будзь і скончы. Слухай, Уладзя, ты са мной не пойдзеш, не пойдзеш у паўстанне, бо і марны быў бы з цябе паўстанец, але працаўнік з цябе сумленны, лагічны, веру, калі мяне ўжо не будзе, ты далей будзеш працаваць для дабра Бацькаўшчыны.

Уладзімір, стоячы пры акне адгортваў аркушы паданай яму кніжкі і чытаў.

- Шкода, шкода такой галавы, - гаварыў сам да сябе. - Зыгмунце, што ты выканаў за тры месяцы, для мяне мала было б трох гадоў, - дадаў.


У далейшым падарожжы Зыгмунт часта затрымваўся, і нават збочваў з дарогі толькі, каб паказаць мне нейкую мясцовасць, памятную сутыкненнем народаў у парэвалюцыйных бітвах, або цуды архітэктуры і прыроды. Даўжэй, аднак, у тых месцах, дзе найбольш было польскай моладзі ва ўніверсітэтах, як: Ліпск, Уроцлаў, Гайдэльберг, тут нават патраціў некалькі дзён на наведванне прыгожых ваколіц пад кіраўніцтвам аднаго са студэнтаў, якога Зыгмунт называў Стасем Гайдэльбергскім (пан Станіслаў Крумінскі).

У Нанцы, ці то ў выніку моцныў уражанняў, ці лішняй нагрузкі, я занемагла. Устрывожаны Зыгмунт вёз мяне спешна пад апеку парыжскіх дактароў і шаноўнай, любімай пані Багданавай Залескай, якая ў гэты час дала доказы мацярынскай дабрыні і клапатлівасці.

Уся польская калонія тут была Зыгмунту добра знаёмая, як і моладзь, што вучылася ў навуковых установах 234.

Парыж рабіў ўражанне нейкага польскага горада, сканцэнтраваўшага ўсе нашыя рэгіёны - найбольш, аднак, было прадстаўнікоў з Літвы, нават сустрэла тут калег Зыгмунта з арыштанцкіх рот, як Круневіч і Браніслаў Залескі, пасля пераезду мяжы прадстаўленых мне, і, праўдападобна, едучых тым жа, што і мы, цягніком з Пецярбурга: Зыгмунта Падлеўскага, Яраслава Дамброўскага, Юзафа Галянзоўскага (Галіноўскага) і яшчэ дваіх, чыіх прозвішчаў не памятаю. Уладзіслава Касоўскага Зыгмунт спаткаў бадзяўшымся па Парыжы. Паўгода назад пакінуў ён Пецярбург, каб падацца ў Італію ў ролі інструктара фармаваных там польскіх легіёнаў 235. Італьянскі ўрад не дазволіў гэтага. Легіёны распусціліся. Уладзіслаў Касакоўскі аказаўся ў Парыжы без грошай, без пасады, без мэты, без пашпарта і без магчымасці вяртання. Зыгмунт заняўся яго лёсам. Пабег у кансулят. Што гаварыў, як прадставіў справу - не ведаю, але ведаю, што Касоўскі быў вернуты на ранейшую пасаду і быў пасланы з Парыжа з важнымі паперамі для ўручэння ў рукі цару. У Пецярбургу на станцыі чакала яго дворная карэта з экскортам, якая павезла легіянера ў Зімовы палац 236. Касоўскі пасярэднічаў паміж Вільняй і Пецярбургам і вазіў Францішку пасылкі: шрыфты, зброю і да т. п. рэчы.

(Працяг у наст. нумары.)

229 Найстарэйшы заалагічны сад у свеце, закладзены на тэрыторыі імператарскага палаца Шонбрун у Вене.

230 Трэба разумець - "прускі рэйхстаг".

231 Польскае Кола ў прускім парламенце ўтваралі дэпутаты з Познаньшчыны, Шлёнска, Памор'я і Мазураў.

232 Не мог гэта быць "Wielkopolanin", бо выходзіў ад 1883 г. Негалеўскі выдаваў для "ўсіх станаў" "Gonca Wielkopolskiego", але выданне таксама пачало выходзіць пазней (ад 1877 г.).

233 Іваньскі ўспамінае, што ў снежні 1860 г. разам з Серакоўскім спаткаліся з Лібэльтам у гатэлі Базар у Познані. "Ойча, ты нас вучыш адчуваць і думаць па-польску! - выгукнуў раптоўна Серакоўскі, абдымаючы ўваходзячага патрыёта"; A. Iwanski, op. cit., c. 146.

234 Серакоўскі: "Прабыў таксама даўжэйшы час на парыжскім бруку [...] жыў на Елісейскіх палях, у англійскім пансіянаце, з раніцы залатвяў, як пасланнік мін. Мілюціна, справы службовыя і складаў афіцыйныя візіты, а вечарам не выходзіў з Лацінскага квартала, праводзячы свой час з эмігрантамі і моладдзю; найчыстай вады энтузіястамі, у кожную працу ці размову ўкладваў усю сваю душу, перакананнямі сваімі набліжаўся да радыкальных"; A. Iwanski, op. cit., c 141-142.

235 Гаворка ідзе пра спробу стварэння польскага легіёна ў Італіі, распачатую восенню 1860 г. Людвікам Мераслаўскім. Кароль Віктар Эмунііл ІІ згадзіўся на стварэнне ў Італіі польскай вайсковай школы.

236 Зімовы палац (Зимний дворец) у Пецярбургу, сядзіба цара, сёння музей Эрмітаж.

"Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае - наперадзе"

12 кастрычніка ў Магілёве ўзгадвалі пра творчасць і лёс земляка, паэта і публіцыста Юркі Лявоннага (Лявона Юркевіча). Пры падтрымцы магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы ў цэнтры "Кола" адбылася лекцыя-прэзентацыя, якая была прысвечана памяці рэпрэсаваных у 1930-х беларускіх творцаў. На сустрэчы выступалі кіраўнік праекту "(Не)расстраляныя" Сяргей Будкін і паэт, літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль. Сяргей Будкін расказаў пра сам праект і падрыхтоўку кніжнага выдання з музычным дадаткам пра рэпрэсаваных паэтаў. "(Не)расстраляныя" - працяг праекту, які пакліканы вярнуць імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры ў сучасны дыскурс. Сяргей Будкін распавёў, што рыхтуецца да друку ўнікальнае выданне, у якое ўвойдзе 18 гісторыяў жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, больш за сто абраных твораў ды каля сотні архіўных фотаздымкаў, частка з якіх будзе апублікаваная ўпершыню. Таксама да кнігі будзе далучаны музычны CD-дадатак з песнямі на словы герояў праекту. Аб'ём кнігі - больш за 300 старонак. Аздабленнем выдання займаецца дызайнерка Наста Шастак. Над выданнем працуюць знаныя даследчыкі літаратуры і культуры, якія ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі падрыхтавалі і прачыталі адкрытыя лекцыі пра герояў гэтага праекту.

- Мы хочам, каб творы закатаваных пісьменнікаў ведалі, а іх твары пазнавалі. Перакананы, што, каб дасягнуць такой мэты, варта працаваць на ўсіх узроўнях успрыняцця і рабіць гэта густоўна, прыгожа і па-сучаснаму, - казаў кіраўнік і прадусар праекту Сяргей Будкін.

Летась у першай частцы праекту вершы расстраляных паэтаў праз 80-100 год пасля іх напісання сталі песнямі. Тады ж прайшла канцэртная прэзентацыя праекту і 12 адкрытых лекцый з удзелам музыкаў, а таксама рэалізаваны выдавецкі праект - серыя з 12 "маўклівых кніг" - нататнікаў з выявамі паэтаў і цытатамі з іх твораў. У Facebook створана 12 персанальных старонак паэтаў, куды дадаюцца іх творы, фота і ўспаміны.

Уваскрэсіць з нябыту забытыя імёны вырашыў музычны медыярэсурс TuzinFM у сваім праекце "(Не) расстраляная паэзія". Партал натхнёна прасоўвае айчынную музыку і рэалізуе ўнікальныя музычныя праекты. Каб распавесці пра забытых паэтаў, ён заахвоціў сучасных выканаўцаў стварыць песні на вершы "расстралянага тузіна".

Віктар Жыбуль прэзентаваў зборнік вершаў паэта, упершыню выдадзены пасля доўгага перапынку (апошняе выданне Лявоннага выйшла пасля яго рэабілітацыі ў 60-х гадах). Літаратуразнавец распавёў, што Юрка Лявонны, як чалавек з тонкім густам да слова, да паэтычнай формы, і сам адчуваў, што многія вершы ў яго напісаны павярхоўна, без асаблівага старання, але быў перакананы: "Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае - наперадзе." Па сваёй сутнасці Лявонны быў лірык, тонкі і рамантычны... Але паэт мусіў станавіцца на "горла ўласнай песні". Паэт не ведаў, што чакае яго наперадзе, і, на жаль, напісаць сваё "сапраўднае" так і не паспеў. Але зярняткі таго "сапраўднага" усё ж такі не ў адных, дык у іншых вершах прабіваліся, прарасталі.

Лявонны нарадзіўся ў 1908 годзе ў Чавусах і скончыў Магілёўскі педтэхнікум, а затым Менскі педінстытут, адзін час працаваў у рэдакцыі газеты "Магілёўскі селянін". Першыя вершы Юркі Лявоннага пачалі друкаваць у 1924 годзе, пазней выйшла некалькі зборнікаў паэта, а ў 34-м ён быў прыняты ў сябры Саюза пісьменнікаў БССР. У 1936 г. Ю. Лявонны разам з С. Грахоўскім пераклаў раман Жуля Верна "20 000 лье пад вадой", які ў беларускім варыянце атрымаў назву "80000 кіламетраў пад вадой". Але выйшаў пераклад толькі ў 1937 г. - ужо пасля арышту абодвух перакладчыкаў, таму на тытульным аркушы было пазначана толькі прозвішча рэдактара - Янкі Маўра.

Нягледзячы на тое, што Лявонны, як і шмат іншых тагачасных літаратараў, нямала сваіх твораў прысвячаў "дасягненням" савецкай улады і шчасліваму жыццю, быў абвінавачаны ва ўдзеле ў "шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі" і расстраляны ў "чорную ноч" новай гісторыі Беларусі - 29 кастрычніка 1937...

Магілёўцы змаглі набыць зборнік вершаў Юркі Лявоннага, што быў нядаўна выдадзены пры ўкладанні Віктара Жыбуля.

Адбыўся незвычайны вечар: цiкавая тэма, глыбока прапрацаваная Сергеем Будкіным і Віктарам Жыбулем.

Наталля Шамянкова, г. Магілёў.

Знойдзена яшчэ адно пахаванне паўстанцаў 1863 года

Вядомы лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш, разбіраючы ўспаміны ўладальніка Ішчалны (цяпер Шчучынскі раён) Караля Лясковіча, якія захоўваюцца ў відзе машынапісу ў фондзе Асалінскіх ва Уроцлаве, знайшоў наступны фрагмент:

"На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўночна-ўсходнім накірунку (так у тэксце, рэальна - у паўночна-заходнім накірунку, г.л. карту) знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні - помнік 1863 г. Тут была супольная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі".

Здаўна вядомая капліца на могілках у Станкевічах, якая паводле мясцовай легенды была збудавана паўстанцамі за адну ноч. Некалькі гадоў назад капліца была рэстаўравана, грунтоўна адрамантавана і зараз знаходзіцца ў добрым стане.

21 кастрычніка актывісты лідскіх грамадскіх арганізацый арганізавалі краязнаўчую экспедыцыю ў раён Станкевічаў і Стрэліцы. Згаданы ў запісе курган быў заўважаны са Станкевічаў у раёне былой Стрэліцы за поймай рэчкі Голдаўкі. У раёне кургана, але не на самім кургане, стаіць высокае адзінокае дрэва, якое добра відно з усіх бакоў.

Да кургана вядзе добрая палявая дарога, але сам курган і зямля вакол яго не разараны, мабыць, пра магілу ведалі здаўна. Сёння спытаць асабліва няма каго. На месцы Стрэліцы - нічога. У Станкевічах - адзін чалавек, які крыжа не памятае. У Лясковіча ўспаміны датаваны 1971 годам. Ён недзе равеснік 20-га стагоддзя, таму бачыў крыж хутчэй за ўсё ў часы міжваеннай Польшчы.

Знайсці рэшткі крыжа не ўдалося. Зусім магчыма, што яго знеслі яшчэ ў 1939 годзе, амаль 80 гадоў назад, можа - пазней.

Тым не менш, пахаванне паўстанцаў на кургане, пабудова капліцы даюць магчымасць меркаваць, што поле бою ў той сутычцы засталося за паўстанцамі.

24 кастрычніка Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны звярнулася ў Лідскі райвыканкам з просьбай дазволіць пад Дзяды аднавіць крыж на кургане.

Які будзе адказ, пакуль сказаць цяжка, але асноўная праца зроблена: устаноўлена дакументальна і пацверджана на мясцовасці наяўнасць яшчэ аднаго пахавання паўстанцаў на Лідчыне.

Гісторыя вярнула нам падзею, будзем спадзявацца, што верне і імёны.

Яраслаў Грынкевіч.

На Блакітную крыніцу пад Прапошаскам

Гэтым разам 30 верасня 2018 года Магілёўская філія ТБМ імя Ф. Скарыны выбралася ў краязнаўчую вандроўку па добра знаёмым маршруце: Магілёў - Слаўгарад - Блакітная крыніца - Лясная - Магілёў. На шляху ў бок Слаўгарада, акрамя гістарычнай інфармацыі аб цікавостках нашага маршруту, мы правялі сярод удзельнікаў вандроўкі эрудытлато. Сярод пытанняў было, напрыклад, і такое, хто напісаў верш "Сказка о городе Пропойске". Сярод чатырох прапанаваных адказаў трэба было абраць адзін дакладны. Усяго пытанняў было 10. Гэты цікавы інтэрактыў распрацаваў Сяржук Дымкоў. Пераможцай аказалася спадарыня Наталля Кірылоўская, якая атрымала набор паштовак з выявамі старажытнага Магілёва. Дарога з Магілёва на Слаўгарад вядзе праз мястэчка Гразівец, дзе ў 1788 годзе нарадзіўся вядомы беларускі філолаг, этнограф Іван Насовіч.

У старажытным Прапошаску, так гэты горад называўся да 1945 года, мы адразу накіраваліся да якара, які ўсталяваны на высокай калоне недалёка ад таго месца, дзе зліваюцца дзве ракі: Проня і Сож. З гэтага месца адкрываецца шырокая пойма ракі, якая па вясне на некалькі кіламетраў затапляецца вадой. Варта адзначыць, што па прыгажосці гэтая мясціна адна з самых вартых на Беларусі! Затым паехалі да праваслаўнай царквы, якую напрыканцы 18 стагоддзя фундаваў князь Аляксей Галіцын. Царква Нараджэння Маці Божай пабудавана ў стылі класіцызму і была распісана фрэскавымі роспісамі, якія, на вялікі жаль, збольшага не захаваліся. За некалькіх сот метраў ад царквы, на стромкім беразе Сажа, знаходзіцца Замкавая гара. Калісьці тут быў замак у часы Вялікага Княства, а потым быў пабудаваны палац Галіцына. Да нашага часу нічога не захавалася, і на гэтым прыгожым месцы размяшчаецца мясцовы парк. Сведкам тых даўніх часоў засталася вялізная ліпа на якой, паводле падання, зрабіла надпіс імператрыца Кацярына II, калі знаходзілася ў гасцях у Галіцына ў 1787 годзе. Зусім нядаўна ў парку размясцілі некалькі цікавых малых архітэктурных форм і шыльдаў, якія распавядаюць пра гістарычныя "подзвігі" горада: гэта царская карэта, у якую можа кожны залезці, трон, арэлі, памятная шыльда, прысвечаная візіту расійскай імператрыцы ў Прапошаск, а таксама шыльда з асноўнымі гістарычнымі датамі горада. Надпіс на шыльдзе завяршае ўрывак з верша вядомага тутэйшага паэта, ветэрана вайны, актыўнага сябра ТБМ Фелікса Шкірманкова:

Тут глыбока ў зямлі,

На беразе Сажа-ракі,

Твае, Прупоя, горад мой,

схаваны карані.

Ты моц ад іх і прыгажосць прымаеш,

Працоўным подзвігам

Радзіму праслаўляеш.

А Прапошаску ёсць чым ганарыцца і пра што распавесці. Гэта радзіма Івана Грыгаровіча, таленавітага гісторыка і архівіста. З гэтых мясцінаў кампазітар Іосіф Казлоўскі і паэт Міхась Стральцоў.

За 7 кіламетрах за горадам знаходзіцца помнік прыроды Блакітная крыніца. А каб даехаць да крыніцы, нам прыйшлося пракладаць шлях па пантонным мосце цераз Сож. Новы мост будуецца ўжо некалькі год. На Блакітную крыніцу ў апошнія гады пачалі прыязджаць тысячы турыстаў, асабліва на жнівеньскае свята Макавей. Але разам з турыстычнай увагай прыйшло так званае "облогораживание". Каля самай крыніцы пабудавалі праваслаўную капліцу, паставілі некалькі платоў і лавак. Сталы і іншыя "фішкі" сённяшняга турызму з'явіліся ў апошнія гады. З аднаго боку, гэта, мабыць, і зручна для наведвальнікаў, а з іншага, у мяне складваецца ўражанне, што крыніца як помнік прыроды пачынае губляць свае натуральныя непаўторныя якасці. Капліцу, плот, лаўкі, сталы для турыстаў і ліхтары, якія працуюць на сонечных батарэях(!), можна было б аднесці на пару соцень метраў ад крыніцы.

Вада тут круглы год аднолькавай тэмпературы +5. Пра паходжанне помніка прыроды існуе прыгожая легенда пра прыгажуню Кацярыну і яе няшчаснае каханне. Легенда пра Кацярыну і двух хлопцаў Сцяпана і Марку, запісаная вядомым магілёўскім краязнаўцам Е. Раманавым у 1891 годзе. У паданні фігуруе валатоўна Кацярына, за якую спаборнічаюць два волаты - Сцяпан і Марка. Кацярына кахае Сцяпана, але ён, аднак, быў крыху слабейшы за свайго суперніка. Яна абяцае выйсці за таго, хто далей кіне валун. Марка перамагае і Кацярына, каб не жыць з некаханым, падае з камення, ператвараецца ў ваду і выходзіць з-пад зямлі за 5 вёрст ад Прапойска ў выглядзе крыніцы - гэтую крыніцу назвалі Сіні Калодзеж.

Калі мы нафоткаліся, набралі вады і наглядзеліся на прыгажосць краявідаў, то накіраваліся ў апошні наш пункт у маршруце.


Мястэчка Лясная. Гэтую вёску мы ўсе ведаем яшчэ са школьнай праграмы. Менавіта тут, роўна 310 год таму, маскоўскія войскі на чале з царом Пятром I атрымалі над шведамі першую істотную перамогу ў Паўночнай вайне. І таму тут і была пабудавана адразу пасля некалькіх дзён пасля бітвы драўляная царква. А ў пачатку 20-га стагоддзя да 200-годдзя бітвы быў створаны цэлы мемарыял па ініцыятыве апантанага гісторыка Еўдакіма Раманава. Архітэктурнай дамінантай з'яўляецца мураваная капліца ў гонар Святога Пятра, аздобленая выявамі дзвюх мазаік. У савецкія часы ў храме знаходзіўся музей. Тут жа непадалёк быў створаны помнік: на скале расійскі арол сваімі кіпцюрамі разрывае шведскі сцяг. У гэты дзень, калі мы завіталі ў Лясную, у аграгарадку адзначаўся юбілей бітвы. Была зроблена сцэна з вялізнай выявай маскоўскага цара Пятра I. Але ж агульнавядома, што гэтая вайна нічога добра беларускаму народу не прынесла, акрамя знішчэння нашай зямлі. У дадатак да ўсяго, 310 год таму, у верасні 1708 года па загаду маскоўскага цара быў цалкам спалены наш родны горад Магілёў, які да таго часу быў самым заможным горадам на Беларусі. Ведаючы ўсё гэта, мы загадзя дамовіліся сустрэцца з мясцовым народным гуртом "Вясковачкі", якія прыехалі сюды са сваёй вёскі Васькавічы. Было 5 удзельніц гурта, якія праспявалі для нас вядомыя і невядомыя народныя песні. Многія з магілёўцаў узгадалі, як і іх бацькі і дзяды калісьці спявалі такія мілагучныя творы. Напрыканцы нашага "прыватнага" канцэрту мы гэтым мілым бабулечкам падаравалі прысмакаў: некалькі кіло печыва і вінаграду! І агульнае фота на памяць! Затым наведалі мясцовы краязнаўчы музей, прысвечаны бітве пры Лясной. А пасля ўсе завіталі ў храм да мясцовага святара айца Георгія Сакалова. Айцец Георгій незвычайны чалавек: дасканала валодае беларускай мовай, добра ведае гісторыю Беларусі і нацыянальную культуру. Нават назва выставы пры храме гучыць так: "Духоўная спадчына роднай зямлі". Усім рэкамендую нашага айца Георгія Сакалова! Ён у нас такі разумны, што яго часта запрашаюць чытаць лекцыі ў Жыровіцкую семінарыю. Падзякаваўшы гаспадару храма, мы накіраваліся дадому ў наш Магілёў з добрым настроем і процьмай файных фатаздымкаў.

Алег Дзьячкоў. г. Магілёў.

Шануйма свой скарб

Паважанаму Язэпу Іосіфавічу Навумчыку, шчыраму абаронцу беларушчыны,

з нагоды мінулага юбілею.

Шануйма, сябры,

свой скарб - беларускасць,

Не здавайма роднай мовы на кпіны,

Найгалоўная наша яна адметнасць,

Як маці, яе шанаваць мы павінны.


Смяюцца няхай над словам "бульба",

Курчаць насы "господа" ці "панове",

Але ж Скарына даў славянам Біблію,

Семяновіча ідэі - ракетаў аснова.


Суседзям дзяржавы

грубая сіла мацніла,

Памежныя нівы яны плюндравалі,

Набыткі другіх рабавалі, гвалтавалі,

Нішчылі культуру,

людзей прыгняталі.


Светлы вобраз твой, мая Радзіма,

Хай сілы нам дае ўтрымацца,

Любіць цябе бязмерна, краю мілы,

Каб без цябе, як без бацькоў,

сіротамі не застацца…

З павагай Даргель Мар'ян.

Ладдзя

Надзея Саўчук-Германовіч

Калі адчуеш нешта,

што не збыць ніколі,

Калі ўсе зоркі свету

замігцяць з нябёсаў,

Тады пабачыш свет,

што некалі згубіла,

Тады адчуеш змест і назавеш сама.

Сваё жыццё, Радзіму, памяць, мову,

Ні неяк там, а Роспачы Ладдзёй.

Усё жыццё - гульня,

усё жыццё - тэатр.

І я ў ім, бы ўпэўнены гросмайстар

Жыццё-гульню

праслаўлю перамогай;

Жыццё-тэатр

трымаю аўтарскай рукою.

Аб часе тым, калі я роспаччу была,

Забыўшыся на мову родную плыла,

Я напішу радкі з мелодыяй дажджу…


Ладдзя Любові, ужо не роспачы

Плыве па небасхіле зорным шляхам.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX