Вярнуцца: 2018

№ 46 (1405)


Дадана: 15-11-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1405), 14 лістапада 2018 г.

Адказ беларусаў на выклікі ХХІ стагоддзя

У рамках праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Развіццё Кастрычніцкага эканамічнага форума", які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Союза, праведзена апытанне, мэтай якога было вывучэнне каштоўнасцей насельніцтва Беларусі.

Апытанне было праведзена для Даследчага цэнтра ІПМ кампаніяй MIA Research в траўні-чэрвені 2018 г.

Былі апытаны:

Населены пункт Колькасць %

Менск 263 25,9

Менская вобласць 129 12,7

Берасцейская вобласць 146 14,4

Віцебская вобласць 125 12,3

Гомельская вобласць 157 15,5

Гарадзенская вобласць 95 9,4

Магілёўская вобласць 101 9,9

Усяго 1016 100,0

Тып мясцовасці Колькасць %

гарадская мясцовасць 787 77,5

сельская мясцовасць 229 22,5

Усяго 1016 100

Пол Колькасць %

мужчынскі 458 45,1

жаночы 558 54,9

Усяго 1016 100

Узроставыя інтэрвалы Колькасць %

18-29 273 26,9

30-44 267 26,3

45-60 317 31,2

старэй за 61 год 159 15,6

Усяго 1016 100

Сярод іншых былі атрыманы адказы і на наступныя пытанні:

10. Хацелі б вы, каб вашыя Колькасць %

дзеці размаўлялі на беларускай

мове гэтак жа добра, як на

рускай?

Так 667 65,9

Не 345 34,1

Усяго 1012 100

11. Беларуская мова - гэта… Колькасць %

Найважнейшая частка нашай 864 86,1

культуры і павінна захавацца

Мова, якая памірае і павінна 140 13,9

знікнуць

Усяго 1004 100

12. Калі здарыцца вайна, ці Колькасць %

будзеце вы ваяваць за сваю

краіну

Так 865 85,6

Не 145 14,4

Усяго 1010 100

13. Ці ганарыцеся вы Беларуссю Колькасць %

Так 867 85,8

Не 144 14,2

Усяго 1011 100

У апытанні ёсць шмат іншых пытанняў. Ёсць адказы, з якімі цяжка пагадзіцца, маральна цяжка, а не таму, што яны не дакладныя.

Мы размесцім арыгінал апытальнага ліста на сайце nslowa.by. А адказы на гэтыя чатыры пытанні ставяць крыж на развагах пра поўную і так жаданую нашым ворагам дэнацыяналізацыю беларусаў. Беларусы - за Беларусь.

Любое праяўленне антыбеларускасці ёсць пасягальніцтвам на нацыянальную бяспеку краіны

З рэспубліканскай Рады ТБМ

Любое праяўленне антыбеларускасці ёсць пасягальніцтвам на нацыянальную бяспеку краіны.

З такім лейтматывам прайшла 7 лістапада ў Менску Рада ТБМ. Яшчэ да абвяшчэння павесткі дня само па сабе паднялося пытанне пра неадэкватнасць паводзінаў ідэлагічных аддзелаў па ўсёй краіне, якія ў прынцыпе нічога не могуць вырашыць, нічога не могуць зрабіць карыснага, але могуць усё забараніць, што ахвотна робяць.

У парадак дня Рады былі ўнесены наступныя пытанні.

1. Абмеркаванне праекту Плана дзейнасці ТБМ на 2019 год.

2. Прыняцце Пастановы Рады ГА ТБМ "Аб пра-екце Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"".

3. Аб Перапісе ў 2019 годзе.

4. Аб дзейнасці Універсітэта імя Ніла Гілевіча (+ прэзентацыя сайта).

5. Аб справаздачных сходах і канферэнцыях арганізацый ТБМ.

6. Аб заснаванні Берасцейскай абласной арганізацыі ТБМ і правядзенні ўстаноўчай канферэнцыі Берасцейскай абласной арганізацыі ТБМ.

7. Аб падпісцы на "Наша слова".

8. Рознае.

Па першым пытанні была засяроджана ўвага на тым, што ў 2019 годзе - 30-годдзе заснавання ТБМ. Вырашана выдаць "Летапіс ТБМ" за апошнія пяць гадоў.

Па 2-м пытанні намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі далажыў наступнае:

- у распрацаваны ТБМ "Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" ўнесены некаторыя змены, якія скіраваны на тое, каб загадзя прыбраць выяўленыя супярэчнасці з Канстытуцыяй і некаторымі законамі;

- папраўлены праект Закона трэба вынесці на абмеркаванне з тым, каб на наступнай Радзе 20 студзеня зацвердзіць яго цалкам і пачаць вырашаць пытанне з унясеннем на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Праект неўзабаве будзе апублікаваны.

Па пытанні перапісу насельніцтва прыняты зварот да грамадзян Рэспублікі Беларусь:

"Зварот Рады ТБМ да грамадзян Рэспублікі Беларусь з нагоды перапісу 2019 г.

Паважаныя грамадзяне Беларусі!

У 2019 годзе адбудзецца чарговы Перапіс насельніцтва нашай краіны. Некалькі важных пытанняў датычацца самаідэнтыфікацыі беларусаў і наўпрост звязаны з нацыянальнай бяспекай краіны. Гэта пытанні пра родную мову і мову, на якой вы звычайна размаўляеце дома. Не сакрэт, што ў побыце большая частка грамадзян нашай краіны карыстаецца абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Мы прапануем вам незалежна ад вашых палітычных і рэлігійных поглядаў, а таксама нацыянальнасці падчас правядзення Перапісу размаўляць з перапісчыкамі на беларускай мове, запаўняць апытальныя лісты на беларускай мове і пазначаць роднай мовай і мовай стасункаў у першую чаргу беларускую, а таксама іншыя, якімі карыстаецеся.

Тым самым вы засведчыце сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашага народа, падтрымаеце беларускую мову і паспрыяеце ўмацаванню незалежнасці і нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Рада ТБМ."

Па пытанні склікання устаноўчай канферэнцыі Берасцейскай абласной канферэнцыі пастанавілі склікаць яе ў снежні 2018 - студзені 2019 гг.

Ну а па пытанні павелічэння падпіскі на газету "Наша слова" змаглі толькі заклікаць... Да чаго, ясна. Разам з тым праблема застаецца. Пры газеце запрацаваў новы сайт nslowa.by, але пакуль рэдакцыя трымаецца пазіцыі - любой цаной захоўваць і папяровы штотыднёвік. І проста задача вырашаецца. Каб палова сяброў ТБМ падпісалася, то і не стала б праблемы, але дайсці да той паловы яшчэ трэба. Таму дзякуй усім, хто робіць хоць якія захады, каб падняць падпіску.

Наступная Рада ТБМ - 20 студзеня 2019 года.

Наш кар.

135 гадоў з дня нараджэння Вацлава Ластоўскага

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (27 кастрычніка (8 лістапада) 1883, засценак Калеснікаў Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці - 23 студзеня 1938 г., Саратаў, НКУС - беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік АН Беларусі (1928).

У 1902 уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904-1905 слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. З 1906 у Рызе, дзе займаўся самаадукацыяй, далучыўся да мясцовага беларускага руху. У 1906-1908 член БСГ. З сакавіка 1909 у Вільні. У 1909-1914 рэдакцыйны сакратар газеты "Наша ніва". Рэдагаваў часопісы "Саха" (1912), "Беларускі сцяг" (1922), газету "Гоман" (1916-1917). У час Першай сусветнай вайны заставаўся ў Вільні. Кіраваў віленскай "Беларускай кнігарняй" і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі "Хрысціянская злучнасць" (1915). Адзін з аўтараў "Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі", у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (Швейцарыя, 1916). У 1918-19 член Віленскай беларускай рады, у сакавіку 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады БНР. Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР. З 1919 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У снежні 1919 узначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі 17 снежня 1919; вызвалены ў лютым 1920; пераехаў у Рыгу, потым у Коўню. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім, А. Цвікевічам і інш. увайшоў у Камітэт загранічных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху.

У 1923-1927 выдаваў часопіс "Крывіч". У красавіку 1927 пераехаў у БССР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, не маючы нават сярэдняй адукацыі. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Пастановамі СНК БССР 20 лістапада 1929 вызвалены з пасады сакратара Беларускай АН. 21 ліпеня 1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Утрымліваўся ў турмах Масквы і Менска. 6 снежня 1930 пазбаўлены звання акадэміка. Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988; па другім - 16 верасня 1958. Адноўлены ў званні акадэміка АНБ у 1990 г.

Вікіпедыя.

Развагі вакол педагагічнай энцыклапедыі

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

Маю ўвагу, як колішняга настаўніка агульнаадукацыйнай школы, у т. л. і школы-інтэрната, дзіцячай выхаваўчай калоніі, выкладчыка тэхнікума і нарэшце прафесара двух універсітэтаў горада Менска, не магла не прыцягнуць выпадкова заўважаная на кніжнай паліцы Прэзідэнцкай бібліятэкі "Белорусская педагогическая энциклопедия". Адразу падумалася: ну тут то я абавязкова знайду нямала нацыянальных сюжэтаў, якія так рэдка трапляюцца ў публікацыях сучасных аўтараў па розных праблемах адукацыі, прычым і з далёкіх гістарычных часоў. А такія падыходы ніяк нельга апраўдаць, бо калі нашая адукацыя адарвалася ад роднай глебы, працуе паводле педагагічных стандартаў суседняй краіны, не выкарыстоўвае беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе - гэта ўжо з'ява зусім ненармальная, патрабуе тэрміновай, канструктыўнай рэканструкцыі з абавязковым удзелам самой дзяржавы, якая нясе поўную адказнасць за ўзгадаванне такой маладой змены, якая была б здольнай працягваць, узбагачаць, адстойваць ад шкодных знадворных уплываў нацыянальна-культурную самабытнасць беларускага народа. Пасля азнаямлення з першымі пяццюдзесяццю старонкамі энцыклапедыі мне так і не трапілі матэрыялы, у якіх хоць што-небудзь засвяцілася б з нацыянальнага беларускага. Ідуць адзін за адным артыкулы агульнапланетарнага характару, якім так багата насычаныя энцыклапедыі гуманітарнага профілю Расійскай Федэрацыі і ў значнай ступені самой Рэспублікі Беларусь.

Думаў на гэтым завяршаць сваё павярхоўнае знаёмства з "БПЭ". Але мінула некалькі дзён, і зноў з'явілася жаданне ўнікнуць у яе змест, каб публічна выказаць сваё меркаванне па праблеме, якая так моцна хвалюе людзей. Справа ж тычыцца адукацыі, ад якой так шмат залежыць быць ці не быць беларусам у ХХІ стагоддзі беларусамі ці растварыцца ў чужой культурна-моўнай стыхіі, стаць этнічным гноем для якога-небудзь іншага народа са здаровай, не размытай асіміляцыяй нацыянальнай самасвядомасцю.

Ніколькі не шкадую затрачанага на азнаямленне са зместам "БПЭ" часу, бо гэта дапамагло мне яшчэ лепш зразумець усе самыя істотныя хібы нашай сучаснай сістэмы адукацыі. Але ніжэй гаворка будзе весціся не пра іх, а пра само педагагічнае энцыклапедычнае выданне.

Не ў прыклад абсалютнай большасці айчынных энцыклапедый - на вялікую радасць энцыклапедый беларускамоўных - "БПЭ" выйшла на рускай мове. І такое ў пэўнай ступені лагічна, апраўдана: якой па мове ёсць адукацыя, такой павінна быць і выдадзеная па ёй энцыклапедыя. Галоўнае толькі, каб яна аб'ектыўна з належнай паўнатой і глыбінёй раскрывала мінулае і сучаснае гэтай найгалоўнейшай нацыястваральнай сферы, каб пасля азнаямлення з адпаведнымі артыкуламі чытачу стала зразумелым, якую ролю адыгрывала адукацыя на розных гістарычных этапах, калі яна спрыяла фарміраванню беларусаў у самабытны этнас, а калі наадварот разбурала яго этнакультурныя, моўныя асновы, служыла паланізацыі ці русіфікацыі, што прынесла ім не менш бяды за ўсе перажытыя войны, бо апошнія не вялі да страты імі свайго прыроднага нацыянальнага аблічча, а абмяжоўваліся цяжкімі біялагічнымі наступствамі, страшэннымі руйнаваннямі матэрыяльных асноў жыцця нашых далёкіх продкаў.

Што абсалютная бальшыня выдадзеных у нас айчынных энцыклапедый беларускамоўныя - гэта на ўсе сто працэнтаў апраўдана. Нацыянальная эліта разумее, што з-за мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі беларускай мове не забяспечваецца прысутнасць ні ў адной са сфераў грамадскай дзейнасці людзей, і гэта, натуральна, вядзе да скону роднага слова тытульнага народа краіны. Каб не даць здзейсніцца такой нацыянальнай катастрофе, трэба шукаць любыя іншыя шляхі ўжывання беларускай мовы. Паколькі энцыклапедычная літаратура, як правіла, з'яўляецца шматтыражнай, выданне яе на беларускай мове трэба толькі вітаць, бо яна (літаратура) трапіць жа ў рукі вялікай арміі чытачоў і на пэўны час спалучыць іх з родным словам. Не баюся памыліцца напісаўшы: праз "Энцыклапедыю гісторыі Беларусі" не адзін мільён людзей увайшоў і яшчэ ўвойдзе ў кантакт з беларускай мовай, што, як кісларод, патрэбна ёй для выжывання.

Думаю, сказанага пра перавагі выдання энцыклапедый на беларускай мове дастаткова, каб і надалей трымацца такой узважанай нацыянальнай практыкі. А зараз перайду да больш-менш падрабязнага выкладу атрыманых ад азнаямлення з "БПЭ" ўражанняў. Калі пакінуць па-за ўвагай нацыянальны фактар, энцыклапедыя заслугоўвае станоўчай адзнакі, што, мяркую, ужо адзначана ў рэцэнзіях. Але ці можам мы замоўчваць такую з'яву, калі ўся сфера адукацыі апынулася па-за нацыянальным полем, не выкарыстоўвае ў педагагічным працэсе нават роднай мовы тытульнага народа краіны? Сто разоў "Не!". І сродкамі энцыклапедычнага выдання была магчымасць належным чынам раскрыць прычыны гэтай бязглуздзіцы, што дапамагло б нам сёння ў пошуках эфектыўных шляхоў уводу адукацыі ў нацыянальнае, культурнамоўнае рэчышча, без чаго нам ніяк не ўсцерагчы этнічную самабытнасць краіны ад поўнай дэградацыі.

На вялікую бяду, "БПЭ" не можа пахваліцца такога роду пазнавальнага характару артыкуламі. Сярод іх і колькасна, і паводле свайго аб'ёму пераважаюць тыя, што не маюць прамога дачынення да нацыянальнай педагагічнай тэорыі і практыкі, бо яны ў найбольшай ступені прыдатныя для педагагічнай энцыклапедыі любой краіны.

Асабліва шмат спадзяванняў знайсці штосьці з святога нацыянальнага ўскладаў на артыкулы пад літарай "Б". З яе ж пачынаецца назва нашай і дарагой, і гаротнай Бацькаўшчыны. Гаротнай найперш за ўсё таму, што ў ёй нават адсутнічае адукацыя ў роднай мове.

Адпаведна з патрабаваннямі элементарнай логікі ў "БПЭ" сярод артыкулаў на літару "Б" абавязкова павінен быў бы прысутнічаць адзін з іх з такой назвай: "Беларусізацыя ў сферы адукацыі" з досыць грунтоўным асвятленнем гэтай архіпазітыўнай у нашай гісторыі з'явы. Пазітыўнай, як падчас міжваеннай беларусізацыі, так і ў канцы 80-х - пачатку 90-х гг. ХХ ст. Нічога падобнага ў кнізе не знайсці, што трэба прызнаць за вялікую загану. Не сумняваюся ў тым, што такое адбылося свядома, а не выпадкова. Укладальнікі дадзенага тома проста не пажадалі раскрыць сённяшняму чытачу магутную стваральную ролю беларусізацыі ў змаганні перадавых колаў нашага грамадства за нацыянальную школу, асабліва ў міжваенны перыяд, якая (беларусізацыя) сёння так слёзна просіцца ў практыку дадзенай сферы дзейнасці чалавека суверэннай Рэспублікі Беларусь. Рэдакцыя ж "БПЭ" замест артыкула "Беларусізацыя ў сферы адукацыі" абмежавалася толькі раскрыццём самой дэфініцыі "Политика белорусизации", чым вызваліла сябе ад разгляду яе ў кантэксце адукацыі. І з гэтым усё атрымалася на выдатна. Тэкст пад загалоўкам "Политика белорусизации" можна без усялякай перапрацоўкі быць змешчаны ў любой галіновай энцыклапедыі, бо ён і сапраўды датычыць пераважна толькі самой такой палітыкі. Паказу яе ролі ў сферы адукацыі адведзены толькі два сказы дадзенага артыкула. Затое рэдакцыя "БПЭ" не паскупілася з вызначэннем памераў для раскрыцця агульнавядомых тэрмінаў, якія прысутнічаюць на старонках шматлікіх выдадзеных у нас і Расіі энцыклапедый, слоўнікаў: "католицизм", "компетенция", "лекция", "либерализм", "личность"… Некаторым з іх адведзены адна-дзве старонкі, а "самоконтролю" - нават дзве з паловай. Гэта сведчыць, што ён для нас у разы важней за беларусізацыю ў сферы адукацыі.

У самай мізэрнай ступені выкарыстаны ў "БПЭ" рэсурс дэфініцыі "Беларуская мова", хаця яна з'яўляецца кіслародам не якой-небудзь закінутай у наш край жменькі людзей, а самога дзяржаўнага народа краіны, які проста захлынаецца з-за немагчымасці ўдыхаць яго напоўніцу. Цвёрда перакананы: у якім бы страшэнным стане па волі ўладаў не знаходзілася сёння беларуская мова, ёй варта было б даць належнае асвятленне ў "БПЭ", асабліва на працягу тых шчаслівых гадоў, калі яна выконвала важную, а часам і галоўную ролю ў педагагічным працэсе ўсіх тыпаў навучальных устаноў. А вось можа прачытаўшы такое, настаўніцтва хоць трохі задумалася б над яе сучасным сірочым станам і пастаралася б хоць трохі палепшыць яго, нягледзячы на сістэмную буйнамаштабнага плану русіфікатарскую палітыку. Паводле памераў дэфініцыю "Беларуская мова" незаслужана абышлі сотні энцыклапедычных артыкулаў.

Па колькасці знакаў да гэтай святой для кожнага нацыянальна сумленнага беларуса дэфініцыі ледзь не "дацягвае" артыкул "Авторское право", пры адсутнасці якога ў "БПЭ" мала хто палічыў бы такое за сур'ёзны недахоп. Не магу не заўважыць, што наяўнасць гэтай дэфініцыі ніколькі не пашкодзіла стваральнікам "БПЭ" (маю на ўвазе адказную за выпуск яе Соф'ю Самуэль) парушаць маё аўтарскае права. Заказаўшы і своечасова атрымаўшы ад мяне грунтоўны артыкул аб стане адукацыі Беларусі ў час, калі яна знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, С. Самуэль без майго ведама так раскідала яго (артыкул) па розных старонках "БПЭ", што нават не знайшла нідзе месца, каб указаць маё прозвішча. Што да ганарара, дык пра яго гаворкі і не ўзнікала, хаця і абяцала аплаціць. Класічнае разыходжанне паміж словам і справай.

Каб зрабіць нашага настаўніка больш дасведчаным у рускай педагогіцы, выклікаць жаданне працаваць у яе рэчышчы, стваральнікі "БПЭ" пастараліся даць яму як мага больш і артыкулаў адпаведнага характару, хаця з імі ён добра знаёмы ад чытання аналагічнай энцыклапедыі Расійскай Федэрацыі. Дубляваць яе не мелася аніякай патрэбы.

Кожны будзе марна губляць час, калі пажадае ў "БПЭ" знайсці артыкулы "ассимиляция", "полонизация", "русификация". А яны ж мелі і сёння маюць самае непасрэднае дачыненне да беларускай сістэмы адукацыі, праўда, архінегатыўнае. Каб падобная пачварная з'ява абмінула нашую Бацькаўшчыну, яна мела б такую ж прыстойную, нацыянальную, пабудаваную на ўласным гістарычным, культурнамоўным грунце сістэму адукацыі, як гэта пагалоўна ўласціва ўсім еўрапейскім краінам. Раскрыццё рэакцыйнай сутнасці паланізацыі і русіфікацыі, асабліва апошняй, падштурхнула б многіх, у тым ліку і дзяржаўны кіраўнічы апарат, педагагічную эліту да тэрміновых пошукаў шляхоў правядзення так наспелай трансфармацыі адукацыі з рускамоўнай у беларускамоўную, бо без такой ломкі не спыніць этнічную дэградацыю маладых пакаленняў тытульнага народа краіны. Дзеля пазбаўлення яго ўласнага аблічча, ніводная сфера так "плённа" не папрацавала, як рускамоўная адукацыя краіны.

Сур'ёзным, нічым не апраўданым недахопам "БПЭ" з'яўляецца абсалютная адсутнасць у ёй артыкулаў-персаналій. А ў нас жа высокаадукаваных таленавітых майстроў-педагогаў легіён, прычым яшчэ і з цвёрдай нацыянальна-беларускай арыентацыяй. Усё найлепшае, чым толькі можа ганарыцца беларуская нацыянальная сістэма адукацыі, непасрэдна звязана менавіта з дзейнасцю такіх асобаў. Варта было толькі з сярэдзіны 1990-х гадоў парадзець іх шэрагам, як у нас адразу пачала ўсталёўвацца, набіраць моц рускамоўная сістэма адукацыі, бязлітасна руйнуючы на сваім магістральным шляху беларускія нацыянальна-культурныя, моўныя каштоўнасці.

Адсутнічаюць у "БПЭ" педагагічныя асобы з мінулага і сучаснага не толькі беларускай нацыянальнай, але і прарасійскай арыентацыі, на якіх у нас ніколі не было дэфіцыту. Зразумела, выносіць на старонкі энцыклапедыі апошнюю катэгорыю такой пільнай неабходнасці не існуе, як на першую: народ у найбольшай ступені павінен ведаць сваіх айчынных герояў, чым тых, хто перашкаджае яму нармальна жыць і развівацца. Адсутнасць дэфініцый-персаналій, асабліва з апошніх ста гадоў, не магла не адбіцца на попыце чытачоў на "БПЭ", бо многія імкнуліся б набыць яе, ведаючы, што там можна сустрэцца з любімым, высокага прафесіяналізму, шчырай адданасці нацыянальнаму ідэалу педагогам, а мо яшчэ і адшукаць каго-небудзь з радні ці земляка.

Мо такіх сур'ёзных хібаў і ўхілілася б рэдакцыя "БПЭ", каб узяла ў рукі выдадзеную за савецкім часам у Маскве "Театральную энциклопедию". У ёй артыкулы-персаналіі займаюць не менш месца, чым агульнага характару матэрыялы па тэатральным мастацтве, ад чаго названая энцыклапедыя, несумненна, толькі ў выйгрышы. Чалавечы фактар, як творца гісторыі, заўжды павінен быць на першым плане.

Дарэчы, стваральнікам "БПЭ" было ў каго не толькі ў Расіі, але і Беларусі павучыцца, у якіх суадносінах павінны знаходзіцца паміж сабой артыкулы агульнага і нацыянальнага парадку, якое меца ў іх адвесці персаналіям. За пяць гадоў да выдання "БПЭ" выйшла з друку "Ваенная энцыклапедыя Беларусі", дзе зазначаныя адносіны знаходзяцца проста ў ідэальным стане, нават з выразным крэнам на карысць нацыянальных персаналій.

Але не толькі ў гэтым стваральнікі "ВЭБ" "абставілі" сваіх калег з "БПЭ". Першая з'яўляецца беларуска-рускамоўнай, што цалкам лагічна. У ёй забяспечана парытэтнае выкарыстанне беларускай і рускай моваў, хаця гэтага мы не бачым і невядома калі ўбачым у афіцыйным жыцці. Вайскоўцы, за што ім дзякуй, адышлі ад гэтай заганнай, навязанай усімі палітычнымі рэжымамі, акрамя парламенцкага, практыкі. Беларуска-рускамоўная "ВЭБ" стварае вялікі гонар кіраўніцтву Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, сведыць, што яно ў адрозненне ад тых, хто верхаводзіць адукацыяй, інтэгравана ў нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі і хочацца спадзявацца, што і надалей будзе шанаваць яе бясцэннае багацце - родную мову. А войску яна вельмі патрэбная. Яно не павінна абслугоўвацца мовай любой суседняй краіны. Не павінна таму, што ў выніку баявых канфліктаў цывільнае насельніцтва ў цёмныя гадзіны сутак не зможа вызначыць, дзе чужы, а дзе свой салдат.

Для сферы адукацыі такая пагроза не існуе, аднак і яна павінна была даць краіне беларуска-рускамоўную "БПЭ". Выдавалася ж яна не ў Тамбове, Волагдзе, Цюмені..., а ў Беларусі. Якое бессаромнае ігнараванне беларускай мовы. І кім? Міністэрствам адукацыі, якое павінна несці, быць у адказе за яе прысутнасць у асяроддзі моладзі ўсіх навучальных устаноў. Калі ў іх адсутнічае беларуская родная мова, дык увогуле ці патрэбныя такія нашаму народу. Не раз чутае апраўданне, што яго роднай мовай з'яўляецца і руская - гэта блеф, выдумка чужых і ўласных русіфікатараў, якіх апошнім часам так шмат напладзілася на нашай зямлі, у тым ліку і ў педагагічных калектывах усіх тыпаў навучальных устаноў і найперш у самага высокага з іх. У пэўнай ступені нават здзіўляе, як гэта стваральнікі "БПЭ" асмеліліся па-беларуску напісаць назву такіх часопісаў, як "Адукацыя і выхаванне", "Беларуская думка", "Беларуская мова і літаратура". А вось назва самага папулярнага, самага ранняга нашага нацыянальнага энцыклапедычнага выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" пададзена толькі па-руску, што парушае трывала ўсталяваную практыку. Ну ці не здзек гэта з "Беларускай энцыклапедыі імя Пятруся Броўкі"?

Не раз думаў, калі б разгляданы мною энцыклапедычны даведнік, згубіўшы вокладку з назвай "Белоруская педагогическая энциклопедия", трапіў у рукі каму-небудзь з чытачоў, ён, пазнаёміўшыся з ім (даведнікам), не сказаў бы, што апошні прысвечаны Беларусі. Тое, што ў ім сказана менавіта пра яе адукацыю, можа прысутнічаць у педагагічных энцыклапедыях усіх суседніх нам краін, асабліва ў Расійскай Федэрацыі, і, можа, дарэмна мы не паслалі ёй хоць адну тысячу "БПЭ"?

Не адмаўляючы пэўнай тэарэтычнай і практычнай каштоўнасці "БПЭ" як для самой Беларусі, так і Расіі, усё ж лічу, што першая з названых не мае на сёння поўнавартнаснай нацыянальнай педагагічнай энцыклапедыі, хаця патрэба ў гэтым найвялізная. Усё больш і больш людзей разумее, што амаль тоесная з Расіяй рускамоўная адукацыя завяла беларускі народ у этнічны тупік. Яна не дае нават выпускнікам вышэйшай школы столькі тэарэтычных ведаў, практычнага досведу па беларускай мове, каб яны маглі вольна абслугоўвацца ёю пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, падтрымліваць рознабаковыя кантакты на міжасобасным узроўні.

З афіцыйных крыніц мне стала вядома, што ўжо ажыццёўлены пераклад "БПЭ" з рускай мовы на беларускую. Хацелася б парэкамендаваць кіраўніцтву Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь устрымацца ад яе выданна, бо калі яна ў рускай мове выдання не знайшла належнага попыту, дык такога не адбудзецца з беларускамоўным варыянтам. Адзіная цвёрдая гарантыя знайсці чытача палягае ў максімальным насычэнні "БПЭ" беларускім матэрыялам, якога так не стае ў выданні 2015 года. А яго хопіць нават больш, чым на два тамы. А якую вялізную карысць ён можа прынесці справе стварэння ў суверэннай Беларусі сапраўднай нацыянальнай сістэмы адукацыі, якой нам так не стае, якой мы так зачакаліся!

Калі мы ад слоў, абяцанняў выдаць педагагічную энцыклапедыю пяройдзем да справы, дык яе (энцыклапедыю) лагічней назваць не "Беларуская педагагічная энцыклапедыя", а "Педагагічная энцыклапедыя Беларусі", што акурат і будзе абавязваць даваць у ёй больш артыкулаў, непасрэдна звязаных менавіта з нашай Айчынай, а не з краінамі ўсяго свету, хаця і гэта таксама вельмі важна. Мы ніколькі не сумняваемся, што такога характару педагагічнага матэрыялу ў нас дастаткова. І калі ён у максімальна поўным аб'ёме ўвойдзе ў "Педагагічную энцыклапедыю Беларусі", яна будзе толькі ў выйгрышы, абавязкова прыцягне да сябе вялікую колькасць чытачоў, а галоўнае дапаможа разабрацца нам у прычынах сённяшняй нацыянальнай дэградацыі сістэмы адукацыі, прымусіць задумацца не толькі занятых у ёй людзей, але і палітычнае кіраўніцтва, шырокія інтэлектуальныя колы грамадства, як зрабіць сучасную школу дзейсным інструментам падрыхтоўкі ў адначассе і высокаадукаванай, і нацыянальна свядомай маладой змены беларускага народа з абавязковай прысутнасцю на іх вуснах роднай беларускай мовы. Амаль поўная выкліканая сур'ёзнымі хібамі дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі замена яе рускай мовай не дазваляе нашай краіне развівацца ў адпаведнасці з яе прыроднымі культурна-моўнымі традыцыямі, уносіць нават самы мінімальны ўклад у культурную размаітасць планеты Зямля. Пазітыўных вынікаў у гэтым мы не дасягнем без трансфармацыі рускамоўнай адукацыі ў беларускамоўную, а разам з гэтым і самой Беларусі з рускамоўнага абшару, што толькі робіць яе спакуслівым кавалкам для нашай усходняй суседкі, у беларускамоўны. І да якога толькі часу не будуць разумець гэтай азбучнай ісціны нашыя гора-палітыкі, узгадаваныя на чужых культурна-моўных каштоўнасцях нацыянальная эліта?

Зыходзячы з таго, што аняменне беларусаў у сваёй роднай мове (заўважым: не па іх віне) практычна дасягнула апагею, відаць, ёсць сэнс сапраўдную нацыянальную педагагічную энцыклапедыю Беларусі спачатку падрыхтаваць і выдаць на рускай мове (ляг-чэй знайсці кваліфікаваных аўтараў), а не на беларускай. Трэба, каб гэты вытрыманы ў здаровым беларускім нацыянальным духу даведнік прачытала як мага болей людзей і пасля азнаямлення з ім цвёрда зразумела, што надалей у нас не можа функцыянаваць пабудаваная на чужых педагагічных каштоўнасцях, прычым яшчэ і не ў роднай мове сістэма адукацыі. Як у рускіх, яна з'яўляецца рускай паводле формы і зместу, у палякаў - польскай, у немцаў - нямецкай... таксама і ў нас, у беларусаў, яна павінна быць беларускамоўнай. Да якой жа пары мы будзем і па чужой, і па ўласнай волі займацца нацыянальным самаедствам?

Пасля з'яўлення ў свет праўдзівага, адпаведнага нашым нацыянальным інтарэсам першага рускамоўнага тома "ПЭБ" неабходна неадкладна перакласці яго на беларускую мову. Аналагічным чынам ставіцца і да наступных тамоў.

Новая, па-сапраўднаму нацыянальная "Педагагічная энцыклапедыя Беларусі" павінна даць аб'ектыўныя, вычарпальныя адказы на ўсе пытанні, звязаныя з праблемамі фармавання поўнавартаснай беларускасці ў нашых маладых пакаленнях; павінна, калі не ва ўсіх, дык у вялізнай колькасці людзей выклікаць жаданне карэнным чынам змяніць формы і змест існай сістэмы адукацыі, пераўтварыўшы яе са сродку русіфікацыі ў сродак беларусізацыі, што дапаможа тытульнай нацыі краіны захаваць не толькі сваю этнічную адметнасць, але і дзяржаўны суверэнітэт. Народу, татальна адрынутаму цёмнымі сіламі ад бацькоўскай культурна-моўнай спадчыны і вымушанаму гэтымі ж цёмнымі сіламі жыць чужымі духоўнымі ідэаламі, непадуладна быць гаспадаром сваёй краіны, забяспечыць ёй нацыянальны суверэнітэт.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

116. Глод (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва глод 'глог' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 234) або ад польск. glod 'голад'.

117. Гмір (Улляна) - семантычны вытвор ад апелятыва гмыр (гмыра) (рэг.) 'чалавек суровага выгляду', 'той, хто жмурыцца, прыжмурвае вочы' (Нас.). Форма з галосным "і" для адмежавання ад апелятыва.

118. Гогалеў (Ігнат) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Гогаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гогалеў. ФП: гогаль (рэг.) 'смелы, адважны чалавек' (Нас.), рус. 'франт, валакіта' (Даль), 'род дзікай качкі' (Грынч.) - Гогаль (мянушка, пазней прозвішча) - Гогалеў.

119. Гойчык (Станіслаў) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Гой і значэннем 'нашчадак (дзіця) названай асобы': Гойчык. ФП: гой (рэг.) 'высокі, рослы, храбрэц, герой' (Нас.), укр. з яўр. 'неяўрэй, хрысціянін' (Грынч.), польск. goj 'усякі неяўрэй', 'высокі, няскладны чалавек, нязграба' (Карл.) - Гой (мянушка, потым прозвішча) - Гойчык.

120. Голік (Аркадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва голік 'голы' (рэг).

121. Грабянёк (Дарафей) - семантычны вытвор ад апелятыва грабянёк - памянш. з -ёк ад грэбень 'пласцінка з радам зубцоў для расчэсвання валасоў або для замацавання жаночай прычоскі'; 'прыстасаванне да такой формы, ужыв. у розных галінах вытворчасці'; (перан.) 'вяршыня чаго-н.'.

122. Гракун (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -ун ад дзеяслова гракнуць 'кінуць, упусціць што-н. цяжкае з грукатам або утварыць шум, грукат' ці ад гракнуцца 'упасці з моцным грукатам' з значэннем 'той, хто падае з грукатам, шумам ці кідае што-н. цяжкае з грукатам'. ФП: гракун ('прадмет') - Гракун (асоба) - Гракун (антрапонім - прозвішча).

123. Грачышына (Наталля) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ына (-ін-а) ад антрапоніма Грачыха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грачыхіна - Грачыш (х/ш)ына. ФП: грэчка ('травяністая меданосная расліна сямейства грэчкавых, а таксама зерне гэтай расліны, з якога робяць крупы і муку') - Грэчка (мянушка, пазней прозвішча) - Грэчыха (жонка асобы з прозвішчам Грэчка, суфікс - ых-а) - Грачышына.

124. Грашчанкоў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Грашчонак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грашчанок (род. Грашчанка) - Грашчанкоў. ФП: Герасім (імя <грэч. gerasimos 'паважаны; сумленны, чэсны') - Гарасім (1539) - Грасім, Граська (народныя варыянты) - Граська (празванне, потым прозвішча) - Грашчонак (нашчадак асобы Грашча; суфікс -онак) - Грашчанкоў.

125. Грудзінава (Таццяна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Грудзіна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грудзінава. ФП: грудзі ('пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата, а таксама поласць гэтай часткі тулава') - грудзіна ('грудная косць, з якой злучаны пярэднія канцы рэбраў і часткі плечавога пояса') - Грудзіна (мянушка, потым прозвішча) - Грудзінава.

126. Грузд (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва грузд 'ядомы грыб з шырокай белай ці чорнай махнатай шапачкай і кароткай ножкай'.

127. Грыгенча (Вераніка) - вытвор з суфіксам -ча (рэг.) ад антрапоніма Грыген (варыянт канан. Грыгорый (<грэч. 'быць пільным, не спаць') з значэннем 'жонка, дачка названай асобы'): Грыгенча.

128. Грышанава (Ірэна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Грышан і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Грышанава. ФП: Грыгорый (грэч. 'быць пільным') - Грыгор (1577 г. - народны варыянт) - Грыш (1591 г.) - Грышан (празванне, потым прозвішча) - Грышанава.

129. Гугаль (Алена) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) гугаль 'куколь' (аднагадовая травяністая расліна сямейства гваздзікавых - пустазелле з цёмна-ружовымі кветкамі і ядавітым насеннем, якое расце сярод злакаў).

130. Гудачкова (Валянціна) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -ов-а ад антрапоніма Гудачок: Гудачокова - Гудачкова. ФП: гудок ('механічны свісток, які падае сігналы', 'працяжны аднастайны гук свістка ці сірэны') - гудочак (па-мянш. ад гудок, суф. -ак/-оч-ак) - Гудочак (мянушка, потым прозвішча) - Гудачкова. Або ад укр. (рэг.) - гудак 'музыкант, скрыпач' (Грынч): гудак - гудачок (ласк. -ок) - Гудачок - Гудачкова.

131. Гуменюк (Юры) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Гумен з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гуменюк (Гуменюк). ФП: ігумен ('настаяцель праваслаўнага манастыра') - гумен (рэгіянальная форма з адпадзеннем пачатковага ненаціскнога "і", як голка (<іголка)) - Гумен (празванне, потым прозвішча) - Гуменюк (< Ігуменюк).

132. Гундар (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) гундар 'нягоднік, гультай' (Нас.), з нямецк. Hund 'сабака'.

133. Гурло (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва гурло - утварэння ад рус. гурлить 'балбатаць, доўга расказваць, хваліцца' (Даль).

134. Гуткоўская (Святлана) - вытвор з суфіксам - оўская ад антрапоніма Гутко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Гуткоўская. Утваральнае слова - апелятыў гутко, памянш. ад гут <польск. gut 'крывое сукаватае дрэва, непрыгоднае дрэва' (Карл.).

135. Дабрук (Віталь) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Добры і значэннем 'нашчадак названай асобы': Добрук - Дабрук. ФП: добры (у слоўніках 11 значэнняў: 1) чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны; 2) цалкам станоўчы па сваіх якасцях, такі, як патрэбна; 3) заснаваны на жаданні дабра; 4) які карыстаецца славай, слаўны, чысты; 5) умелы, старанны, здольны; 6) удачны, паспяховы) і інш. - Добры (мянушка, потым прозвішча) - Дабрук.

136. Даліда (Ксенія) - імя (<яўр. 'бедная, няшчасная') набыло ролю прозвішча.

137. Даль (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва даль 'далёкі прастор; прасцяг, шыр'; 'далёкае месца'.

138. Данутовіч (Людміла) - форма бацькаймення з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Данута з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Данутавіч. ФП: Данута (імя <грэч. 'добрая воля, зычлівасць') - Данута (празванне, пазней прозвішча) - Данутовіч.

139. Даргель (Мар'ян) - варыянт імя Дарый (перс. 'уладар') з фінальным -гель: Даргель (параўн. Юрый ; Юргель) набыў ролю прозвішча.

140. Дароніна (Таццяна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -іна ад антрапоніма Дарон і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Дароніна. Утваральнае слова-імя Дарон (яўр. 'дар, падарунак').

141. Даўгалёнак (Ігар) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Доўгаль/Даўгаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Доўгалёнак. Утваральнае слова ад апелятыва доўгаль 'высокі чалавек', укр. довгаль 'высокі худы чалавек', 'кавальскі молат з доўгім вострым носам' (Грынч.).

142. Даўжук (Іван) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Даўгі / Доўгі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Даўж(г/ж)ук.

143. Дашук (Вольга) - варыянт імя Дасій (грэц. 'кал-маты') набыў ролю прозвішча: Дасько (1761) - Дашко - Дашук.

144. Дварэцкі (Апалінарый) - семантычны вытвор ад апелятыва дварэцкі (гіст.) 'старшы лакей у панскім доме, які кіраваў хатняй гаспадаркай і прыслугай'. Або ад тапоніма Дварэц: Дварэцскі - Дварэцкі.

145. Дзейкун (Раіса) - семантычны вытвор ад апелятыва дзейка - утварэння з суфіксам -ун.

146. Дзенісенка (Антон) - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Дзяніс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзянісенка - Дзенісенка. Утваральнае слова - Дзяніс <лац. Дзіяніс 'імя Бога жыццёвых сіл, прыроды, віна: пазней яго лічылі Богам урадлівасці, цывілізацыі, шчасця; весялун'.

147. Дзівочка (Эдвард) - акцэнтаваны варыянт апелятыва дзівачка (жан. дзівак 'чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі; арыгінал') набыў ролю прозвішча (семантычны вытвор).

148. Дзіулін (Дзяніс) - другасная форма ад Дзівулін - утварэнне з прыналежным суфіксам -ін ад Дзівуля і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзівулін. ФП: дзіва ('тое, што выклікае здзіўленне, цуд') - дзівуля ('асоба, якая выклівае здзіўленне, суфікс -уля'; параўн. хрыпець - хрыпуля) - Дзівуля (празванне, потым прозвішча) - Дзівулін (Гл. Сцяцко П. "Беларускае народнае словаўтварэнне", с. 67).

149. Дзюбін (Дзмітрый) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Дзюба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзюбін. Утваральнае слова Дзюба - семантычны вытвор ад апелятыва дзюба 'ў птушак: рагавое ўтварэнне з дзвюх падоўжаных бяззубых сквіц'.

150. Дзябёлы (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва дзябёлы 'дужага целаскладу; поўны', а таксама 'тоўсты, грубы, трывалы'. Асоба атрымала такую мянушку, а пазней прозвішча ў выніку выкарыстання гэтай лексемы (слова) у неідэнтычным моўным асяроддзі.

151. Дзясніца (Ірэна) - семантычны вытвор ад ст.-бел. десніца 'правая рука' (ПГССЛ).

152. Дзяцюк (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва дзяцюк (разм.) 'юнак, дарослы хлопец; яшчэ нежанаты малады чалавек'.

153. Дзячэк (Іна) - другасная форма ад Дзячок (семантычны вытвор ад апелятыва дзячок/дзяк) 'ў праваслаўнай царкве ніжэйшы служыцель, які не мае ступені свяшчэнства'.

(Працяг у наст. нумары.)

Прэзентацыя беларускай версіі "Гісторыі Расіі ..."

7 лістапада ў офіс ТБМ на прэзентацыю кнігі "Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да сучаснасці" (аўтары Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў, Аляксей Хадыка) прыйшло каля чатырох дзясяткаў чалавек.

Усе аўтары прысутнічалі на прэзентацыі і распавялі пра свае часткі кнігі.

Як сказаў Алег Трусаў, чым далей рухаўся па гісторыі Расіі, тым больш разумеў, што там зусім іншы ад нас народ, зусім іншыя каштоўнасці, зусім іншая ацэнка падзеяў. У прыватнасці гістарычная тэрміналогія Расіі вельмі адрозніваецца ад тэрміналогіі Еўропы. У Еўропе проста не існавала такіх з'яў, як апрычніна і таму падобнае. У той жа час беларуская гістарычная навука на сёння аперуе ў асноўным еўрапейскімі тэрмінамі. Таму была праблема ў паданні расійскіх з'яваў нашай тэрміналогіяй, каб не разрываўся наш гістарычны лексікон.

Лявон Баршчэўскі пры напісанні сваёй часткі шмат увагі ўдзяляў нацыянальнасці тых ці іншых дзеячоў расейскага гістарычнага і культурнага працэсу. І нейкі не зусім рускі твар у гэтай гісторыі і культуры. Як на вокладцы кнігі, дзе паказаны Сімяён Полацкі, Іван Федаровіч, які, не сакрэт, з Беларусі, Юрый Гагарын са смаленскіх беларусаў, беларус Андрэй Грамыка і дачка беларускіх гастарбайтараў Валянціна Церашкова.

На прэзентацыю сабраліся неабыякавыя людзі, не толькі аматары, але і прафесійныя гісторыкі. Многія задавалі пытанні, дзяліліся ўражаннямі, стаялі ў чарзе па аўтограф да аўтараў.

Прадказанне нашай газеты, зробленае пасля баранавіцкай прэзентацыі, відавочна, збудзецца. Пасля Новага года хутчэй за ўсё будзе выдавацца яшчэ адзін наклад кнігі.

Яраслаў Грынкевіч.

Ці даведаюцца школьнікі ўсю праўду пра беларусаў замежжа?

ЗБС "Бацькаўшчына" атрымала з Нацыянальнага інстытута адукацыі адказ на просьбу ўнесці змены ў змест школьных падручнікаў.

У 2018 годзе на замову "Бацькаўшчыны" было праведзена даследаванне наконт таго, як прадстаўлена дыяспара ў сучасным адукацыйным працэсе ў Беларусі на прыкладзе сярэдняй школы. Вынікі даследавання засмучаюць: культурны і гістарычны ўнёсак беларусаў замежжа ў школьных падручніках амаль што цалкам праігнараваны. Больш за тое, некаторыя падручнікі гуманітарнага і гістарычна-грамадазнаўчага цыклу фармуюць негатыўнае стаўленне да беларускай дыяспары.

Да прыкладу, падручнік па грамадазнаўстве для 10 класа сцвярджае, што "...беларуская нацыя - гэта беларускі народ, які аб'ядноўвае ўсіх грамадзян нашай краіны...", гэтым самым выключаючы з нашага народа 3,5 млн чалавек, якія, жывучы за мяжой і маючы грамадзянства іншых краін, вызнаюць сябе беларусамі. Не адпавядае рэчаіснасці і сцвярджэнне з падручніка па грамадазнаўстве для 9 класа, быццам бы "ў шматнацыянальных калектывах беларусы, як правіла, нясхільныя ўтвараць зямляцкія і нацыянальныя мікрагрупы, таму што цэняць у чалавеку перш за ўсё яго асабістыя якасці, а фактар этнічнай прыналежнасці для іх невырашальны" . І гэта на фоне таго, што ў дваццаці пяці краінах свету працуюць больш за сто арганізацый беларускай дыяспары. Негатыўная ацэнка міграцыі як з'явы - "...людзі, абыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны, гатовыя ў любы момант змяніць яе на іншыя краі, ніяк не могуць лічыцца патрыётамі..." - не здольная патлумачыць, чаму беларусы замежжа пры гэтым працягваюць стваральную працу на карысць нашай краіны.

Такая сітуацыя ідзе ўразрэз не толькі з рэчаіснасцю, але і з Законам "Аб беларусах замежжа", прынятым у 2014 годзе праз актыўнае спрыянне ЗБС "Бацькаўшчына" і беларускіх асяродкаў у свеце (артыкул 17 Закона прадпісвае дзяржаўную палітыку ў дачыненнях з беларусамі замежжа накіроўваць на ўмацаванне сувязяў і выкарыстанне іх патэнцыялу для развіцця беларускай дзяржавы).

Згуртаванне перадало ў Нацыянальны інстытут адукацыі не толькі заўвагі, але і выкладзеныя экспертамі прапановы. Днямі прыйшоў адказ: "Пры карэкціроўцы вучэбных праграм па вучэбных прадметах "Гісторыя Беларусі","Грамадазнаўства" і "Беларуская літаратура" рабочым групам будзе прапанавана разгледзець пытанне аб магчымасці ўключэння інфармацыі пра дзейнасць прадстаўнікоў беларускай дыяспары, ролю і месца беларускай дыяспары ў развіцці грамадства, эканомікі і культуры". Таксама ў лісце паведамляецца, што аўтарскім калектывам, якія рыхтавацьмуць новыя падручнікі па згаданых прадметах, будуць перададзены заўвагі наконт асвятлення пытання пра месца і ролю беларускай дыяспары.

Будзем спадзявацца, што вышэйзгаданыя рабочыя групы знойдуць магчымасць пазбавіць школьныя падручнікі прыкрасцяў і недарэчнасцяў, звязаных з тэмамі "эміграцыі" і "беларускага замежжа". І беларусы з дзяцінства будуць мець магчымасць карыстацца культурнай спадчынай беларускага замежжа, ганарыцца асобамі, якія ўзбагачалі сваім талентам беларускую і замежную культуру, навуку, былі заўважнымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі іншых краін і стваралі пазітыўны імідж Беларусі. Адпаведныя лісты з просьбай спрыяння ў карэкціроўцы навучальнай праграмы паводле вынікаў згаданага даследавання Згуртаванне "Бацькаўшчына" накіравала таксама ў Міністэрства адукацыі, Палату Прадстаўнікоў і Адміністрацыю Прэзідэнта.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Імперыялістычная вайна вачыма пісьменнікаў і бібліёграфаў

11 лістапада большасць еўрапейскіх краін адзначае 100-годдзе завяршэння Першай сусветнай вайны. Гэтай падзеі прысвечана выстаўка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "БЕЛАРУСЬ У ВЯЛІКАЙ ВАЙНЕ 1914-1918 гг." Яна арганізавана бібліятэкай сумесна з Уладзімірам Ліхадзедавым.

На выставе дэманструюцца кнігі, часопісы і газеты часоў Першай сусветнай вайны, ліставанне салдат з абодвух бакоў, рэдкія фотаздымкі, зробленыя нямецкімі жаўнерамі.

Вайна стала адной з самых жахлівых падзей у сусветнай гісторыі: удзел у ёй прынялі каля 40 дзяржаў з агульнай колькасцю насельніцтва звыш 1,5 мільярдаў чалавек, каля 10 мільёнаў загінулі, яшчэ каля 20 мільёнаў вярнуліся з вайны параненымі і скалечанымі. Сучаснікі адразу ж назвалі яе "Вялікай вайной".

Беларусь стала прыфрантавой паласой, і для нашых продкаў вайна зрабілася жахлівым выпрабаваннем. 900 тысяч жыхароў Беларусі былі мабілізаваныя і 70.000 чалавек загінулі, скрацілася прамысловая і сельскагаспадарчая вытворчасць. У 1914 годзе каля Баранавічаў была ўпершыню прыменена хімічная зброя.

У той самы час вайна, якая прывяла да краху вялікіх імперый, стварыла і новыя магчымасці для фарміравання сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

У экспазіцыі прадстаўлены творы беларускіх пісьменнікаў - Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, прысвечаныя Першай сусветнай вайне. Можна прагледзець выпускі газет "Наша Ніва" ( 1914), асобнікі часопісаў " Искры", ( 1915), Гоман ( 1915), пабачыць мапы, гільзы, пісьмовыя прылады байцоў. Фотааб'ектыў нямецкага жаўнера схапіў разбураныя масты і дамы, пажары.

Захавалася сведчанне з іншага боку - адухоўленыя твары сёстраў міласэрнасці ў шпіталі, позірк параненага, у якога ў вачах - спадзяванне.

Прыцягвае ўвагу абраз-складзень з выявай святыні ў Лурдзе, знойдзены на месцы баёў каля возера Нарач.

Бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Таццяна Лаўрык падрыхтавала прэзентацыю, прысвечаную палкаводцам, ураджэнцам - Беларусі, якія праявілі сябе на франтах Першай сусветнай вайны: палкоўніка Васіля Махрава, генерала-лейтэнанта Юліяна Белазора, генерала-лейтэнанта Уладзіміра Май-Маеўскага і іншых.

Чарговы выставачны праект Нацыянальнай бібліятэкі працягвае фарміраваць у сучасных чытачоў культуру гістарычнай памяці.

Эла Дзвінская.

Сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Менску

Навіны Германіі

Сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 31 кастрычніка - 1 лістапада праходзіла ў Менску. У адкрыцці форуму і дыскусійнай сесіі "Адносіны Усход-Захад" прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

На працягу двух дзён кіраўнікі дзяржаў, значныя палітычныя дзеячы, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і акадэмічнай супольнасці, кіраўнікі спецслужбаў і эксперты па пытаннях бяспекі абмяркоўвалі развіццё ўзаемаадносін па лініі Усход-Захад, магчымыя шляхі вырашэння рэгіянальных канфліктаў, эканамічную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, пытанні энергетычнай і транснацыянальнай бяспекі.

Усяго ўдзел у сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы прынялі больш за 100 чалавек. Сярод іх прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян, прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп, міністры замежных спраў Македоніі, Манголіі, Польшчы і Славакіі, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, еўрапейскі камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан, выканаўчы сакратар падрыхтоўчай камісіі Арганізацыі па Дагаворы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зерба.

Па словах старшыні канферэнцыі Вольфганга Ішынгера, "узаемны давер паміж Усходам і Захадам скараціўся да мінімумаў, якія не назіраліся з часоў халоднай вайны". У гэтых рэаліях беларуская знешняя палітыка спрабуе стварыць новыя фарматы даверу і паважлівага дыялогу. І, мяркуючы па міжнародным прызнанні, у Менска гэта атрымліваецца.

Ана Брнабіч, прэм'ер-міністр Сербіі адзначыў:

- Тое, што Мюнхенская канферэнцыя праходзіць у Менску, у Беларусі, вельмі паказальна. Гэта важная канферэнцыя, важная падзея ў частцы рабочай групы бягучай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Беларусь атрымлівае магчымасць быць бачнай для сусветнай супольнасці. І гэта выдатная магчымасць прарэкламаваць сваю краіну, паказаць яе вялізны патэнцыял.

У час міжнароднага форуму праходзілі чатыры дыскусійныя сесіі. Яны былі прысвечаны менскаму працэсу, адносінам паміж Усходам і Захадам, кантролю над узбраеннямі і ўмацаванню даверу, а таксама рэгіянальным канфліктам.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праводзіцца штогод з 1963 года. Першапачаткова мерапрыемства задумвалася як форма дыялогу паміж ФРГ і ЗША па пытаннях палітыкі бяспекі. З цягам часу яно пачало прыцягваць усё больш увагі прадстаўнікоў палітычных і ваенных колаў іншых краін. Цяпер канферэнцыя з'яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных форумаў у свеце па пытаннях палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.

Першая сустрэча Асноўнай групы МКБ адбылася ў 2009 годзе. Форумы праходзяць у фармаце эксклюзіўнага закрытага дыялогу высокага ўзроўню з прыцягненнем шырокага кола ўдзельнікаў. Яны з'яўляюцца прадаўжэннем Мюнхенскай канферэнцыі і ў пэўнай ступені задаюць тон дыскусіі.

У 2018 годзе кіраўніцтва МКБ прапанавала правесці чарговую сустрэчу Асноўнай групы ў Менску, абгрунтаваўшы гэта ўкладам, які ўносіць Беларусь ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне і магчымасцю сабраць на беларускай пляцоўцы ключавых ігракоў.

Прадстаўнікі Беларусі прымаюць удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з 2006 года. Як растлумачылі ў МЗС, пляцоўка выкарыстоўваецца беларускім бокам для прадстаўлення пазіцыі краіны па ключавых аспектах міжнароднай і рэгіянальнай архітэктуры бяспекі, правядзення двухбаковых сустрэч з афіцыйнымі асобамі розных дзяржаў.

Беларусь прапануе зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння.

Дарэчы, ініцыятыва правесці мерапрыемства менавіта ў Менску зыходзіла непасрэдна ад кіраўніцтва Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Галоўны аргумент - Беларусь даўно заваявала рэпутацыю перагаворнай пляцоўкі і ў сусветнай супольнасці мае статус стабільнага і надзейнага партнёра.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння. Аб гэтым ён заявіў на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь знаходзіцца на геаграфічным скрыжаванні Еўропы, фактычна заціснутая паміж геапалітычнымі гігантамі.

- Мы не хочам апынуцца на лініі новага цывілізацыйнага разлому, на вастрыі блокавага процістаяння паміж Усходам і Захадам - гэта галоўнае. Беларусы, як ніхто іншы, ведаюць, што гэта можа ў сабе таіць. З ростам процістаяння нам прадказваюць лёс буфера, або "бастыёна", паміж Расіяй і НАТА. Аб гэтым гавораць і эксперты, і палітыкі, - канстатаваў беларускі лідар. - З аднаго боку, гэта дрэнна. Але з іншага, калі б уладныя людзі прыйшлі да дамоўленасці не цягнуць дзяржавы Усходняй Еўропы ў розныя ваенна-палітычныя блокі, не патрабаваць пацвярджэння лаяльнасці на шкоду іх суверэнным інтарэсам, гэты рэгіён стаў бы трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння...

Паводле слоў Прэзідэнта, на гэты момант з задачай спыніць проціборства на паўднёвым усходзе Украіны ніхто не спраўляецца - ні "нармандская чацвёрка", ні трохбаковая кантактная група АБСЕ, ні Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ ва Украіне, ні фармат Волкер-Суркоў.

Самым жудасным Аляксандр Лукашэнка назваў той факт, што прадаўжаюць гінуць у тым ліку многія прадстаўнікі мірнага насельніцтва - жанчыны і дзеці.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь прыняла 160 тыс. перасяленцаў з Украіны, забяспечыўшы іх усім неабходным, аказаўшы дапамогу ў працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. "Словам, яны атрымалі тут сваю другую радзіму. І нам далося гэта няпроста ў нашай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі", - сказаў ён.

- Беларусь - невялікая дзяржава, але мы гатовы ўносіць сваю лепту ў вырашэнне тых ці іншых канфліктаў. Што мы, у прынцыпе, ужо робім. Але хочам адчуваць нашу большую запатрабаванасць з боку асноўных сусветных ігракоў, - заявіў Прэзідэнт. - Прасцей кажучы, мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай граніцы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з'яўляюцца неад'емнай часткай Украіны, - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле БелТА.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Змяшчаю некалькі ўрыўкаў з лістоў, напісных з падарожжа:

"Афрыка, Алжыр, 3 лістапада/22 кастрычніка 1862 года.

Мая наймілейшая!

(Я не злоўжываю словамі вітанняў.) Вечар цудоўны. Блакітнае мора пазалочана промнямі месяца. Горад Алжыр уздымаецца, надстаіць паўколам над затокай. Ля падножжа майго жылля (Hotel de la Regence, Place du Gouvernement) натоўпы людзей, узвышаюцца апельсіны і пальмы, газавыя свяцільнікі, як ясныя зоркі на зямлі. А людзі? Арабы, маўры, негры з разложыстымі плячыма, геркулесавыя іх ногі і рукі мускулістыя - аголеныя, апаленыя - рэпразентуюць ідэал мускульнай сілы. Але тутэйшыя людзі, прыродныя жыхары гэтай зямлі маюць толькі плечы, рукі і ногі для перамяшчэння цяжараў і ўсё тое няшчаснае племя прыгаворана толькі на тое, каб перамяшчаць-пераносіць цяжары. Але аднак не раз сустракаюцца ў іхніх чорных вачах іскры запалу і выражэнне сілы, але сілы дзікай неабучанай - і адчуваюць вышэйшасць схуднелага, змучанага, але пазначанага думкай твара еўрапейца і слепа паддаюцца загадам той думкі. А еўрапеец што тут парабляе? Гаворыць пра цывілізацыю, а думае перш за ўсё пра сваю карысць. А жанчыны? Бедныя - знак няволі носяць на твары - толькі на вочы пакінута адтуліна, а ўвесь твар закрыты грубай заслонай. А вочы іх - гэта вочы нявольніц - не здаюць сабе справы з таго, што бачаць і чуюць - няма ў іх пачуцця чалавечай годнасці - словам, гэта - нявольніцы.

Французскія афіцэры лепшыя тут, чым у Парыжы. Лагернае жыццё мае сваё абаянне. Яны ў тым лагеры, любяць гэты вялікі лагер, але бачна, што больш любяць нешта большае за той лагер. Любяць Францыю, любяць Бацькаўшчыну.

Такія першыя ўражанні зрабіў на мяне Алжыр. Паўтараю: вечар сённяшні так цудоўна прыгожы, што забываецца, што ўвесь люд той нявольнік, што жанчыны нявольніцы, а бачыцца толькі прыгожае неба - яснае, блакітнае; цёмна-блакітнае, найпрыгажэйшае мора, агні на зямлі. Гоман людзей на плошчы - абаяльнасць ва ўсёй прыродзе."


"Афрыка. Алжыр, 1/13 лістапада 1862 года. Вечар перад поўначчу.

Мая наймілейшая! Мая найдаражэйшая! Прычына ўсіх клопатаў і неспакояў маіх!

І так, атрымаў сёння нарэшце першы ліст ад цябе, першы ліст ад жонкі!

Гэты ліст зрабіў на мяне такое ўражанне, як яда-падсілкаванне для чалавека. што памірае з голаду. Я рады, шчаслівы, але пры тым так узрушаны, што яшчэ не прыйшоў да нармальнага стану. Калі б часта, калі б што дзень пісала лісты, напэўна атрымоўваў бы іх без такога ўзрушэння, як цяпер. Прызвычаіўся б нават да іх, былі б яны для мяне хлебам штодзённым - звычайнай рэччу - як штодзённая малітва. А ўласна лісты жонкі, бадай што, павінны быць такой малітвай, такой штодзённай асалодай і пацехай. Цяпер я не толькі твой муж, які дзеліць усё з табой, хутчэй каханак - я дрыжу ад узрушэння, пастаянна ў стане напружання і чакання. А ты хочаш, каб быў здаровы, моцны і дзейсны. Ад цябе гэта залежыць - давай мне штодзень натхненне - будзь маім анёлам-ахоўнікам - і я буду здаровым. моцным і дзейсным.

Мне міла, мне соладка, калі да цябе хоць некалькі слоў накрэмзаю. Пры гэтым заўсёды маю табе столькі распавесці.

Сёння чытаў некалькі разоў твой ліст, а ўчора атрымаў тэлеграму. Параўноўваў у думках - лічыў дні і гадзіны. Тэлеграма твая выслана да мяне 30 кастрычніка/11 лістапада каля 1/2 да 7. Ведаеш, што было тры месяцы таму назад? Мы ехалі да касцёла, каб прысягнуць жыць і памерці разам! Ці ж не дзіўнае супадзенне. Ані я, ані ты напэўна, высылаючы тэлеграму не думала пра тое!

Тое ўсё, што гаворыш і пішаш пра Польсцю - гэта вельмі міла - вельмі - нават за шыю яе абдымаеш і песціш, і называеш савёй найбліжэйшай! Пішаш, што ніколькі не сумняваешся, што ўбачымся. Мая наймілейшая, і я не сумняваюся. Тры месяцы таму мы абяцаліся самі сабе "не пакінуць аж да смерці" - ужо перад расстаннем у Парыжы - сказалі сабе "не пакінуць і пасля смерці". Бог сведка, так і будзе, Польсця?! Чакае нас прыгожая будучыня. Будучыня належыць нам.

Нягледзячы на ўсякія турботы, і неспакоі, і клопаты гэта добра - кахаць, добра мне з табой, мая прыгожая, мілая, светлая.

Соладка мне думаць і [пра] цябе і пра твае вочкі, і пра твае валосікі і ручкі, пра тваю найчыстую душу і шчырае сэрца і ясную галоўку і здаровую параду, якую ў найважнейшых варунках можна ад цябе атрымаць.

Вучыся ты цяпер ад мамы тых дробных штодзённых навыкаў, веданне якіх ёсць абавязкова патрэбнае. Вучыся гаспадарцы - заглядвай на кухню. Вучыся рабіць парадак у доме. Мама будзе для цябе найлепшым правадніком. Бо гэта не перашкодзіць табе чытаць, граць, спяваць і даваць парады. Крымінальны кодэкс ёсць больш празаічнай і цяжкай рэччу, чым хатняя гаспадарка або падручнае кухарства, а аднак ён у сённяшнім стане грамадства ёсць абавязкова патрэбным - і бачыш - твой Зыгмунт мусіць ім займацца і займаецца."


"3/15 лістапада. (Урывак з ліста.)

Учора зрабіў конную вылазку за 3 мілі ад Алжыра ў кляштар трапістаў246 . (На маё шчасце бедныя прыгавораныя да публічных работ працуюць цяпер у найпрыгажэйшых мясцінах Алжыра - у кляштары трапістаў - у цяснінах Атласа. так званых парогах Хіфы (рэчкі) - Gorges de la Chiffa247 - і нарэшце ў гарах Kabylii Dzurdzura248 . Так, аклядаючы публічныя работы, адведаў я найпрыгажэйшыя мясціны Алжыра).

І так еду ў Staoueli249 - a la Trappe250 . Будзяць мяне перад усходам сонца. Неба пагоднае, хоць вецер досыць пранізлівы, з усходам сонца іду ў горад, дзе наймаю верхавога каня. Божа, прабач алжырскім стайням, дзе наймаюць коней для падарожных! Ёсць гэта па большай частцы старыя клячы - вельмі добрыя з выгляду.

Выязджаем - дарога ўецца пад гару, вельмі стромая, так што ад'ехаўшы амаль мілю, бачым яшчэ горад і мора пад нагамі. Від найпрыгашэйшы, але любавацца тым відам мне перашкаджае мой аргамак, якога крыкам і бічам мушу заахвочваць да галопу або рысі, і які такі цяжкі, што трасуцца ад яго горы Атласу, іначай мой аргамак ідзе паволі, як мул або ослік, на якіх ездзяць вакольныя маўрытане і каланісты. І так некалькі хвілін ваюю з канём, пасля чаго пускаю яго вольна - крокам і любуюся гарамі, і морам, і горадам, белым, узнятым на вельмі крутой гары.

Нарэшце дабіраюся да вяршыні гары, і тут цяпер пачынаецца барацьба з канём, які нарэшце пускаецца цяжкай рыссю і такім жа цяжкім галопам, ад якога, шчыра гавару, трасецца шаша, так праязджаю звыш дзясятка кіламетраў і зноў бачу мора, бачу цясніны Хіфы, якія праразаюць горы Атласу і нарэшце клаштар трапістаў. Над морам бялее вёска Sidi Ferruch251 , дзе высадзіліся ў 1830 годзе французы. Кляштар трапістаў стаіць на месцы, дзе была генеральная бітва, якая адчыніла ім брамы Алжыра.

За вярсту ад кляштара сустракаю прыгавораных да публічных работ, карыстаюся з таго, каб vous derogez a ma dignite du Cavalieri252 адпачыць і прайсціся. Пасылаю каня ў кляштар, а сам паколькі ўжо дзясятая гадзіна - хвіля адпачынку для тых, хто працуе, іду пеша разам з імі ў іхні лагер. Аглядаю ўсё, ем з імі снеданне, знаёмлюся.

Найбольш выклікае спачуванне малады хлопец, de Bertin з дэпартамента de l'Eure. Мае толькі 19 год - маладзенькі, прыгожы, румяны. Пайшоў дабраахвотнікам у войска год таму назад. Прадаў кашулю, і за гэта прыгавораны да работ на цэлы год. Таўчэ і разбівае камяні пры шашы. Суцяшаю яго - прадказваю яму, што можа яшчэ быць Marechal de France253 . Усміхаецца бедны хлапчына. Мы ўжо прыяцелі. Нейкі Veillox - стары жаўнер, падчас чэрвеньскіх дзён у 1848 годзе254 не хацеў змагацца ані супраць народа, ані з народам супраць войска. Тры дні хаваўся ў сваякоў у Парыжы. Вайсковы суд зняволіў яго, але Cavaignac выслаў яго ў Афрыку. Тут стары ваяка, кепска прыняты, кінуўся са зброяй на начальніка, быў прыгавораны на смерць. Потым памілаваны, яшчэ год павінен прабыць на работах, а потым два гады ў войску. Чакае хвілі вызвалення і сумуе па сваёй прыгожай Францыі.

А поўдні іду да трапістаў, гэта тыя ж самыя бяланскія камедулы, толькі больш карысныя, бо камедулы займаюцца выключна сузіраннем і агародам. Тут паны трапісты абрабляюць зямлю і маюць рукадзельныя майстэрні і г.д. Велізарная іхняя ферма - узорная. Трапісты ані слова не прамаўляюць паміж сабой - заручаюцца, што за 20 гадоў не прамовілі адзін да другога. Але айцец, які суправаджае падарожных (pere hotelier255 ) мае права забаўляць падарожных размовай. Усе іншыя, якіх адведваю пры працы, мусяць маўчаць - айцец гатэльнік за іх гаворыць. Я спакушаў пастаянна вялебных айцоў, пытаючыся айца гатэльніка, чаму і іншыя айцы - брацці не маглі б паразмаўляць з вандроўнікам, і накіраваць на добрую дарогу? Айцец гатэльнік даводзіць, што гэта правілы збору, а айцы-работнікі, сапраўдныя французы, канешне rienz dans leurs barbes256 (таму што носяць велізарныя борады) мігамі і жэстамі паказваюць, што не могуць слова прамовіць, хаця відно, што радыя былі б, і, калі б не было айца-гатэльніка, ахвотна занялі б яго месца. Быў паміж імі на працягу двух гадоў адзін паляк, стары жаўнер. Пры абвяшчэнні італьянскай вайны257 скінуў габіт і ўзяўся за зброю. Айцец-гатэльнік паведаміў, што мусілі яго звольніць з кляштара, бо нягледзячы на пасты і малітвы цэлымі начамі чуў гукі труб, ржанне коней, лязгат зброі. Ускокваў начамі і непрытомны аддаваў загады - рыхтаваўся да бою. Рукапаложаны айцец вырашыў, што, відаць, такая воля Божая ці спакуса д'ябальская - і ваяка рушыў у лагер. Пасля вайны, гаварылі, калі вяртаўся ў кляштар, згінуў па дарозе ў Марока.

Айцец-гатэльнік на маё настойванне, каб айцы навярталі вандроўнікаў: "Навяртаць вас, - гаворыць, - павінны грозныя надпісы, размешчаныя на мурах кожнай залы, кожных сенцаў". Вядзе мяне і загадвае чытаць надпіс. "Eternite"258 вялікімі літарамі паўтараецца дзесяць разоў на пачатку і на канцы кожнага верша, а вершы апісваюць, якія раскошы ў небе, якія пакуты ў пекле і як усё ёсць марнасць над марнасцю на гэтым свеце, падоле плачу.

Скончыў чытанне.

- А што праўда, што гэта вельмі страшна? - пытаецца айцец-гатэльнік. - Вечнасць. Ці падумаў вяльможны пан пра тое?

- Не страшна, ойча, але суцяшальна, - адказваю. - Вечнасць, вечнае жыццё, гэта найвялікшая пацеха чалавека.

- Як гэта думка пра вечнасць узбудже ў вяльможнага пана не страх, але пацеху? - пытаецца айцец-гатэльнік.

- Так, ойча, найвялікшую пацеху, з той толькі розніцай, што і дзень сённяшні, што і жыццё на на зямлі ёсць часткай той вечнасці. Таму трэба і на зямлі жыць прыгожа, цудоўна, так, як у вечнасці.

- Гэта непадобна, - адказаў айцец-гатэльнік. А д'ябал, а спакусы яго? Гэта непадобна. Лепей вечна маўчаць, чым штодзённа блюзнерыць.

- Так, напэўна, лепей маўчаць, чым блюзнерыць, лепей гаварыць і рабіць на славу Божую на божай зямлі, чым маўчаць і закапацца пры жыцці ў магілу, - адказаў.

- Гэта непадобна. Свет ці магіла. Вечнасці ці прадонне! Няма для чалавека выбару - адказваю. Бог ці свет! Жадаем Бога, а не вас!

Што ж было далей гаварыць. І так той с[святы?, стары?] манах, як евангелічны фарысей, дзякуе Богу штодзённа, што дазволіў яму быць трапістам, кандыдатам у неба, дзякуе, што не ёсць чалавекам, і ўсіх людзей, якія жывуць на свеце, мае за кандыдатаў у пекла?!

А другой развітаўся з айцамі. А трэцяй развітаўся з вязнямі і рушыў назад у Алжыр. Праліўны дождж і пранізлівы вецер дакучаў мне ўсю дарогу, конь упіраўся - і трэба было найвялікшых намаганняў, каб яго скіраваць на рух прыспешаны. Змучыў руку, махаючы пастаянна дубчыкам, ногі, даючы каню шэнкелі259 і голас ад крыку: "Allons"260 . Праўда гнаў тры мілі галопам або добрай рвссю. Прыехаў у Алжыр, ледзве могучы ўтрымацца на нагах. Пасля гарбаты збіты, змучаны заснуў на канапе. Аб адзінаццатай прачнуўся, яшчэ горш - усе жылы дрыжалі ад стомы. Напіўся яшчэ раз гарбаты, накрыўся коўдрамі. Сёння пачуваюся здаровым, моцным і добрай думкі".


(Урывак з ліста) "з 5 на 6 лістапада. Ноч.

Пазнаёміўся сёння з панам маршалам Pelissierам. Вельмі гэта цікавы чалавек. Усё, што пра яго гавораць, менавіта ў Англіі, поўная фальш, пра яго грубаватасць, пра трубны голас, крыклівы і г.д. - наадварот, гаворыць вельмі ціха, хаця не раз лішне з'едліва, зласліва.

Былі адразу (як у нас гавораць) за панібрата, і не толькі з ім, але і з паняй маршалавай!, вельмі прыгожай іспанкай - маладой, белай, прыгожай, чарнабровай, добрага росту, жывой і прыветлівай. Адным словам, абое вельмі мілыя людзі, даверлівыя, ветлівыя і гасцінныя. Добра і міла з імі і ў іх. З панам маршалам размаўляў самнасам пару гадзін. Была гэта несказана цікавая размова. Больш з яе даведаўся, чым з дзесяці прачытаных кніжак. Цікавая гэта рэч жыццё і людзі.

Бачыў тут і вельмі смутныя рэчы - алжырскія турмы ў плачэўным стане ў параўнанні з французскімі. Здаецца мне, што мог бы некалькі спрычыніцца да іх паляпшэння, дзякуючы пану маршалу. Прашу Бога, каб гэта наступіла і пажадай шчыра ад усёй душы, каб твой муж зрабіў нешта добрае на свеце".

(Працяг у наст нумары.)


246 Трапісты, папулярная назва паслядоўнікаў найбольш дакладных правілаў, Кантэмпляцыйны ордэн.

247 Gorges de la Chiffa, франц. назва перавала Шабат аш-Шыфа ў Алжыры.

248 Dzurdzura, горны пояс з вапнавых скал у Тэльскім Атласе.

249 Staouel, горад на захад ад Алжыра.

250 На ўзор трапістаў (з франц.).

251 Sidi Ferruch, вёска за 35 км ад Алжыра, месца высадкі (14.VI.1830) французскіх жаўнераў, распачаўшая шматгадовае пакарэнне Алжыра.

252 Не паступаючыся маёй годнасцю кавалерыста (франц.).

253 Маршалам Францыі (франц.).

254 Другая пасля лютаўскай рэвалюцыя ў Парыжы ў 1848 г., крывава задушаная войскам ІІ Французскай Рэспублікі.

255 Айцец-гатэльнік (франц.).

256 Пасміхаюцца ў бароды? (франц.).

257 Гаворка ідзе пра вайну П'емонта і Францыі супраць Аўстрыі (1859), якая распачала працэс уз'яднання Італіі.

258 Вечнасць (франц.).

259 Астрогі, шпоры.

260 Пайшоў! (франц.).

Дыспуты паміж уніятамі і праваслаўнымі ў школьных тэатрах першай паловы XVII ст.

Леанід Лаўрэш

У канцы XV ст. ў заходнееўрапейскай літаратуры з'яўляецца новая форма драматычнай творчасці - школьная драма і камедыя. Езуіцкія і піярскія калегіюмы ў Беларусі таксама шырока практыкавалі школьныя тэатры, якія мелі практычныя мэты: палепшыць веданне моладзю лацінскай мовы, прывучыць да рыторыкі ў публічных месцах, навучыць жэстам і патрэбнай міміцы.

Школьныя п'есы мелі моцны рэлігійна-маральны змест. Сюжэты выдумляліся або браліся са свяшчэннай гісторыі, легендаў, жыццяў святых, або свецкай гісторыі (часцей грэцкай ці рымскай). Таму школьная драма часта мела многа супольнага з старажытнымі містэрыямі. П'еса пісалася на лацінскай мове, а яе часткі - пралогі, хоры, эпілогі - на народнай мове. Апрача таго на народнай мове пісаліся інтэрмедыі, якія ставіліся між актамі п'есы, каб даць магчымасць публіцы, зморанай нуднай школьнай драмай крыху пасмяяцца і адпачыць душой, а выкладчыкам і вучням пераставіць дэкарацыі і падрыхтавацца да другога акту. Інтэрмедыі - гэта невялічкія жывыя сцэнкі, змест гэтых вясёлых сцэнак браўся з смешных гісторый, народных анекдотаў ці проста з народнага побыту. Дзейнымі асобамі тут былі ўжо не багі, не каралі, не святыя і не антычныя героі, а - сяляне, цыганы, яўрэі, жаўнеры ды іншыя прадстаўнікі гарадскога або вясковага простага люду.

У Нямеччыне ўжо ў пачатку XVI ст. смешныя сцэнкі на нямецкай мове ўстаўляліся ў лацінскі тэкст школьных п'ес. Езуіты спачатку не дазвалялі рабіць гэткія ўстаўкі на народнай мове, але потым не толькі дапусцілі іх, а нават узаконілі ў сваіх падручніках і пакінулі пасля сябе шмат гэткай літаратуры.

З-за таго, што мовай нашага простага народу была мова беларуская, дык і інтэрмедыі, якія ставіліся ў нашым краі пісаліся галоўным чынам па-беларуску. Тут людзі ніжэйшага стану, як напрыклад селянін, яўрэй, цыган, гаварылі заўсёды па-беларуску, але ролі асоб, якія жылі сярод вышэйшых класаў і ўжо паспелі навучыцца польскай мове напісаны па-польску. Як прадстаўнік больш адукаваных персанажаў з шырокім светапоглядам па-польску вельмі часта размаўляў і чорт1.

Школьныя спектаклі ставіліся ў Вільні ад 1574 г., у Пінску ад 1662 г., у Наваградку ад 1681 г., у Менску ад 1692 г., у Слуцку ад 1715 г., у Нясвіжы ад 1723 г. і г.д.2

Школьныя інтэрмедыі Эўстаха Пылінскага ад 1651 г. з Гародні, якія захаваліся ў рукапісах, вывучаліся вядомымі даследчыкамі П. О. Марозавым, А. Брукнерам і Я. Ф. Карскім. Гэтыя інтэрмедыі даюць унікальную магчымасць непасрэдна, праз крыніцы XVII ст., дакрануцца да спрэчак паміж уніяцкімі і праваслаўнымі нізамі грамадства. Просты беларус Іван ў ёй чалавек неадукаваны, баіцца забабонаў, але хітры і мае добрае пачуццё гумару. У інтэрмедыі сацыяльны стан Івана на латыні вызначаецца як "rusticus" ці "colon".

У камедыі аб Іосіфе "Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis" спектакль пачынаецца з таго, што ў школьную залу ўваходзіць селянін (rusticus) - беларус Іван і, пабачыўшы шмат публікі, здзіўлена пытаецца школьных вартаўнікоў:

- Панове, што за дзела будуць тут дзелаці, ці ня свадзьбу на месцы сём будуць скакаці?

Вартаўнік (aulicus) адказвае яму па-польску:

- Ja wiem, lecz tobie darmo nie powiem, Iwanie3.

Вартаўнік паведамляе Івану, што будзе нешта тлумачыць селяніну толькі тады, калі ён адкажа на некалькі пытанняў. Іван заўважае, што сам ён ведае мала, але яго бацька, быў цівуном, чалавекам шляхетным ( ciwun wielmi zaczny), ведаў усю азбуку, і не толькі "рускую" але і "польскую". Тады вартаўнік пытаецца ў Івана, што ёсць Бог і што ёсць слаўная унія. З адказам на пытанне пра Бога Іван блытаецца, а пра унію кажа, што "унія ёсць Прачыстай родная сястра, так мой бацька, старой веры, казаў". Вартаўнік лаецца і кажа, што унія - гэта злучэнне з сапраўднай верай і пытаецца якая вера лепшая - уніяцкая ці схізматычная? "Добра наша вера уніяцкая, ды такі, праўду мовячы, лепша ляцкая ды й "koniackaia" (каталіцкая - Л. Л.), бо што лях, або "вонят", то й панок, а што "усьмятык" (схізматык), то мужык лядашчо. Ды што-ж, такі й добра: па Сеньку шапка. Мужыком - добрая мужыцкая вера, сабака зьесьць і бяз солі. Старая наша вера, праўда, ды й чорт не малады..." 4. Карскі адзначаў, што Марозаў у сваёй кнізе5, нарабіў памылак пры расчытванні рукапісу і прывёў свой варыянт гэтага тэксту, я цытую менавіта варыянт Карскага6. У варыянце Марозава (менавіта яго цытуе Аляхновіч), апошняя фраза гучыць як "старая наша вера, праўда, ды й свет не малады", і такім чынам Іван як быццам ўзвышае "усьмітыцкую" веру.

У тэксце, прачытаным Карскім, Іван называе унію сваёй верай але, падобна, ён яшчэ вагаецца, паміж двума канфесіямі.

Пасля гэтай інтэрмедыі пачынаецца сама п'еса, у часе якой Іван, седзячы між публікі, голасна робіць свае заўвагі і весяліць слухачоў, якім, верагодна не цікава глядзець нудную маральную лацінскую драму.

Пасля п'есы замест эпілогу пачынаецца другая інтэрмедыя "Intermedium de Schysmatico et Vnito Catholico", напісаная прозай. Уніят пачынае пераконваць схізматыка (гэта ўжо не Іван), каб той перайшоў на уніяцтва.

Уніят кажа:

- Вельмі цябе люблю, мой мілы суседзе, як гарчыца мёд, хачу каб ты быў у небе, гдзе сласно, гдзе хорашо, гдзе мудро; а так "зостань" воніятам, бо уніяцкая вера сьветлая, глыбокая, харошая ...

Схізматык:

- ... Што гаворыш (закрэслена), як казёл на ваду гледзячы, ежэлі ваша вера й высока, й глыбока, а хрэнжа яе дасягнець? Ежэлі сія вера сьветая, то нам грэшным да няе ся не прыступіць.

Уніят:

- Што сяк нізка пан ся на веру смеяў? Зараз цябе пачну кіем тесаці і так соб'ю, как горкае яблоко. Не пляці кашэляў, Гаўрыла-дурніла: вера наша добра, бо Богу любая, людзём спасенная .

Але і гэты аргумент з перспектывай "кіем цесаці на горкае яблыка" "дурніла" не ўспрымае, бо адказвае:

- Нехай будзе Богу хвала, чорту трасця? Я вонятам ня буду, бо бацькі мае не былі, а також хлеб ядалі, півцо півалі с карчмы не бывалі; што-ж мне гэтая прынесець вера? Обороніть мяне од усего злого светы ...

Уніят пачынае пужаць схізматыка пякельнымі мукамі:

- Стой, постой, суседзе, прійдзе на цебе суд Божій, прыйдеть з мёртвых повстаньне, будзеш не раз верашчаті, крычаті, клекаці будзеш крічаті ойе, леле, ойе, леле! ... будеш у пекле еслі схізмы не пакінеш!

- Што-ж - адказвае прастадушна мужык - ды і ў пекле я туды ж пажывлюся: водіцы прынясу, дравец нарубаю, так-такі хлебцем сыт буду ...6

Уніят дасягае мэты, калі, пужаючы селяніна пякелькым агнём, падсоўвае яму запаленую свечку і кажа:

- Вось пакаштуй пальцам, ці смачны вагонь?

Гэты аргумент нарэшце пераконвае мужыка, які крычыць ад болю і згаджаецца на ўсё:

- Ой, леле! Пра-Бог баліць! Да душы-ж баліць! Буду вонятам, есьлі вонья ад пекла бароніць...7


Агульным з'яўляецца меркаванне, што сяляне знаходзіліся ў баку ад рэлігійных спрэчак. Гістарычныя крыніцы паказваюць, што супрастаянне адбывалася паміж пратэстантамі і праваслаўнымі брацтвамі з аднога боку і іерархіяй царквы з другога. Тым каштоўней для нас гэтыя сцэнкі ў інтэрмедыях XVII ст. якія адлюстроўваюць спрэчкі на рэлігійныя тэмы сярод сацыяльных нізоў грамадства. Можна дапусціць, што рэплікі персанажаў спісаны з натуры і, не гледзячы на апрацоўку, перададзены больш-менш дакладна.

Не цяжка заўважыць тое што ў абодвух інтэрмедыях дзейнічаюць розныя асобы - Марозаў чамусьці лічыць што Іван і "схізматык" гэта адна і тая асоба. Іван хоць і "rusticus" ці "colon", але бацька яго быў чалавекам шляхетным, адукаваным і нават цівуном. Сам жа Іван ужо чалавек не пісьменны (ці малапісьменны). Такім чынам аўтар п'есы паказвае заняпад "русінскай" адукацыі - у адукаванага бацькі ўжо непісьменны сын, які тым не менш яшчэ ведае пра каштоўнасць адукацыі і цягнецца да яе.

Гісторыкі кажуць, што пасля заняпаду Заходне-Рымскай імперыі думкі, падобныя на думкі Івана, мелі нашчадкі рымлян. Яны ганарыліся адукаванымі продкамі, але самі ўжо былі непісьменныя. У сваёй папулярнай кнізе "Канец і зноў пачатак" Леў Гумілёў, яўна цытуючы кагосьці з ранейшых гісторыкаў, прыводзіць словы тыповага нашчадка рымлян пра сваіх суседзяў - нашчадкаў варвараў: "Ну што з гэтымі ... размаўляць, дзікі ж народ, адвага ў іх, вядома ж, ёсць, але і мы не з гліны злеплены ... . Іншая справа - я прыйду да сваёй матроны, пагавару з ёй пра Сідонію Апалінарыю ці пра Лукіана, а калі нават я нічога гэтага не ведаю, дык усё адно ў мяне дзед усё гэта ведаў (як шмат хто ў нас цяпер кажуць: "Я французскай мовы не ведаю, але вось бабуля мая ведала добра", а яны прыкладна гэтак жа казалі пра латынь)"8.

І верагодна, беларус Іван таму і ўніят, бо паважае веды і цягнецца да адукацыі. Ён зрабіў свой выбар, і таму яго бессэнсоўна пужаць пякельнымі пакутамі.


1 Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр. Вільня, 1924. С. 23-29.

2 Там жа. С. 24.

3 Там жа. С. 32-33.

4 Карский Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. Ч. 2. Старая западно-русская письменность. Т. 3. Петроград, 1921 г. С. 216-217.

5 Морозовъ П. О. Исторія русского театра. Томъ 1. С.-Петербургъ. 1889. С. 68-69.

6 Морозовъ П. О. Исторія русского театра до половины XVIII столетия. С.-Петербург, 1889. С. 69.

7 Карский Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. Ч. 2. Старая западно-русская письменность. Т. 3. Петроград, 1921 г. С. 219.

8 Гумилёв Лев. Конец и вновь начало. Москва, 2008. С. 130.

Памяці Віктара Сырыцы

Віктару Сырыцу, вядомаму гісторыку, грамадскаму дзеячу, кіраўніку суполкі Руху "За Свабоду" і рады Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах, споўнілася б у гэтым годзе 65 год. Баранавіцкія сябры і паплечнікі Віктара Сырыцы наведалі яго месца пахавання ў чарговую гадавіну смерці. Усклалі ля помніка кветкі, запалілі знічы і прачыталі малітву "Ойча наш". Затым падзяліліся ўспамінамі пра гэтага дарагога ім чалавека:

- Цяжка гаварыць. Гэта самая вялікая страта нашай беларускай грамады ў Баранавічах. Гэта самы паважаны наш чалавек, самы любімы.

- Ведаю, што Віктар Антонавіч не ставіў сабе ніякіх дэвізаў. Але, я думаю, ён жыў па слове Божым. У Бібліі ёсць такія словы: "Змагайся за праўду аж да смерці, і Бог цябе ўратуе".

- Вельмі светлы, адукаваны, выкшталцоны чалавек.

Скончылі прамовы любімым гімнам нябожчыка "Магутны Божа".

Віктар Сырыца раптоўна памёр тры гады таму па дарозе ў Менск па справах Руху "За Свабоду". Яму было 62 гады.

Беларускае Радыё Рацыя.

Вялікі маэстра і таленавіты вучань - на адной сцэне

Цыкл юбілейных канцэртаў, прысвечаных 80-годдзю знанага дырыжора, народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Антонавіча Казінца, распачаўся ў Белдзяржфілармоніі. Яны праходзяць 9, 18 і 23 лістапада.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Міхаіл Казінец з'яўляецца мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча. Ён нарадзіўся ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага раёна 18 траўня 1938 года. Скончыў Дзяржаўную кансерваторыю па класах баяна ( 1965 г.) і оперна-сімфанічнага дырыжыравання (1973 г.).

У 1975 годзе М. Казінец стаў галоўным дырыжорам Нацыянальнага аркестра народных інструментаў, атрымаўшы гэтую пасаду як эстафету з рук самога заснавальніка калектыву - легендарнага Іосіфа Жыновіча.

Малады душой, прагны да працы і закаханы ў музыку, ён выкладае 52 гады ў Акадэміі музыкі. Ён спалучаў клопаты мастацкага кіраўніка сімфанічнага аркестра Акадэміі музыкі "Маладая Беларусь", старшыні Міжнароднага фестывалю "Звіняць цымбалы і гармонік", мастацкага кіраўніка фестывалю "Беларусь - мая песня". Маэстра Казінец стаў першым інтэрпрэтатарам многіх твораў беларускай музыкі.

Сёлета найстарэйшы дырыжор Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і Прэміі прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" выступіў з юбілейным канцэртам у Вілейцы.

- Мне хацелася вярнуцца туды на радзіму не толькі з успамінамі, але і з музыкай на словы нашых нацыянальных паэтаў - Караткевіча, Багдановіча, Купалы, Бураўкіна, Барадуліна і праз такія асобы паказаць яе землякам, - казаў Міхаіл Казінец. - Каб яны пачулі музыку ў выкананні выдатных вакалістаў нашага аркестра - Насці Рачыцкай, Марыны Васілеўскай, Андрэя Коласава, Ігара Задарожнага і запрошанага саліста Яна Жанчака, салістаў-інструмен-талістаў - Галіны Лазовік, Дзяніса Чорнага.

9 лістапада ён запрасіў на сталічную сцэну з Германіі свайго выхаванца, таленавітага маладога скрыпача Арцёма Шышкова. Пад кіраўніцтвам маэстра Казінца ў яго выкананні прагучаў канцэрт для скрыпкі з аркестрам рэ мажор Ёгана Брамса.

Спявала цудоўная скрыпка і яна казала: "Я адрокся ад гэтага свету з яго мітуснёй, каб здабываць чыстыя нябесныя гукі, адлюстроўваць сонечныя блікі на вадзе, бруенне крыштальных крыніцаў, лёгкі подых ветрыка, гойданне сцяблінак кветак, палёт ластавак над зямлёй. Мая душа назаўсёды злучылася са скрыпкай, а мой лёс - з жыццямі кампазітараў, якія жылі і тварылі ў мінулыя стагоддзі".

Арцём першым з беларускіх музыкантаў граў на скрыпцы Страдывары і стаў лаўрэатам прэстыжнага конкурсу каралевы Елізаветы.

Ён нарадзіўся ў Менску і скончыў каледж пры Акадэміі і Дзяржаўную Акадэмію музыкі па класе прафесара Эдуарда Кучынскага, магістратуру, а затым - аспірантуру Універсітэта музыкі і выяўленчага мастацтва ў Вене (Аўстрыя).

Артыст граў на скрыпцы майстра Андрэа Гварнэры 1673 года, якая была набыта пры падтрымцы Міністэрства культуры і Беларускай Акадэміі музыкі.

Пазней малады скрыпач стаў пераможцам престыжных конкурсаў у Беларусі, Аўстрыі, Чэхіі, Германіі, Літве, Польшчы, Расіі і Украіне. У 2012 годзе ён выйграў International Max Rostal Competition.

- З Міхаілам Антонавічам Казінцом у мяне звязана шмат добрых успамінаў, - кажа Арцём. - Тады ён быў рэктарам Беларускай Акадэміі музыкі і кіраваў аркестрам "Маладая Беларусь". Некалькі разоў мы выконвалі з ім канцэрт для скрыпкі Ёгана Брамса ў Менску і ў іншых гарадах краіны. Міхаіл Антонавіч стаяў за дырыжорскім пультам, а я саліраваў. Зараз я выступаю ў Берліне ў розных канцэртных залах.

Э. Дзвінская. На здымках: 1.Міхаіл Казінец; 2. На канцэрце; 3. Арцём Шышкоў, фота аўтара.

МІЖНАРОДНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ

2 лістапада 2018 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася XXXІI навуковая канферэнцыя "Каласавіны-2018", прысвечаная 100-годдзю першага выдання паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка" і 95-годдзю выхаду паэмы "Новая зямля".

Мерапрыемства распачала вучаніца СШ № 196 Соф'я Гарошка, якая чытала вершы класіка. Канферэнцыю віталі даследчыкі і ганаровыя госці з Літвы, Польшчы, Расіі і іншых краін, сярод якіх доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Лакотка, пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага Фонду культуры Анатоль Бутэвіч, паэт Навум Гальпяровіч, дырэктар філіяла "Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы" Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прафесар Іван Саверчанка, старшыня беларускай суполкі "Крыніца" г. Клайпеда (Літоўская Рэспубліка) Логвін Мікалай і намеснік старшыні Таварыства беларускай культурнай спадчыны г. Друскенінкай (Літоўская Рэспубліка) Мудрова Ірына, а таксама дырэктар літаратурна - мастацкага музея Анастасіі і Марыі Цвятаевых г. Аляксандраў (Расія) Леў Готгельф ...

На пленарным паседжанні выступілі намеснік па навуцы, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Яўген Гарадніцкі, а таксама загадчык кафедры тэорыі і гісторыі культуры Сілезскага інстытута ў Катовіцах, прафесар з Польшчы Эва Касоўская.

Асабіста мне спадабаўся даклад Аляксея Ненадаўца пад назвай "Рыбалоўства палешукоў у трылогіі Якуба Коласа "На ростанях".

Пасля кава-паўзы 35 даследчыкаў разышліся працаваць па секцыях. Мяне найбольш уразіў выступ старшыні фонду духоўнага і культурнага адраджэння "Сакавік" Марыі Міхайлаўны Міцкевіч, які меў назву "Якуб Колас і браты Луцкевічы", а таксама даклад дацэнта кафедры беларускай і замежнай літаратур Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдата філалагічных навук Таццяны Хоміч пад назвай "Паэма Якуба Коласа "Сымон Музыка" ў інтэрпрэтацыі Адама Бабарэкі". Пазней адбылося падвядзенне вынікаў канферэнцыі.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX