Папярэдняя старонка: 2018

№ 48 (1407) 


Дадана: 29-11-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 48 (1407), 28 лістапада 2018 г.

У Слуцку адбыліся ўрачыстасці ў гонар збройнага чыну 1920 года

Амаль 80 чалавек узялі ўдзел 24 лістапада ў Слуцку (Менская вобласць) у шэсці і мітынгу з нагоды 98-й гадавіны збройнага чыну.

Паўстанне 1920 года было спробай абараніць незалежнасць Беларусі. На працягу месяца, у лістападзе-снежні, вайсковыя аддзелы, сфармаваныя на Случчыне пераважна з мясцовых вяскоўцаў, аказвалі супраціў войскам Саветаў

Шэсце, мітынг і святочны канцэрт дазволілі мясцовыя ўлады. У Слуцк прыбыў аўтобус з удзельнікамі з Менска. Перад пачаткам актывісты з Менска, узялі ўдзел у экскурсіі па месцах, звязаных з дзеяннямі паўстанцаў. Потым усе ўдзельнікі акцыі сабраліся ў 11.00 каля гарадскога стадыёна, далей адбылося шэсце да гарадскога парку, у якім з 11.45 да 12.30 запланаваны мітынг. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябар Партыі БНФ Павел Батуеў, сябар Партыі БНФ і каардынатар руху "За Свабоду" па Менскай вобласці Віталь Амяльковіч і прадстаўнік руху салідарнасці "Разам" Генадзь Драздоў.

Як і летась, улады змянілі маршрут дэманстрацыі, не дазволіўшы заяўнікам правесці калону па галоўнай вуліцы Слуцка.

Выступаючы на мітынгу, старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч выказаў падзяку тым, хто кожны год збіраецца ў Слуцку, каб ушанаваць памяць герояў паўстання.

- Гэта азначае, што памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за вольную і незалежную Беларусь, - існуе, яна ў нашых сэрцах, - сказаў ён. Палітык адзначыў, што пагрозы незалежнасці Беларусі не зніклі, і яны зыходзяць ад імперскай Расіі. - Сённяшнія ўлады наўрад ці можна назваць гарантам незалежнасці Беларусі, уся надзея - на беларускае грамадства, - падкрэсліў ён.

Адзін са стваральнікаў руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што ва ўладзе знаходзяцца людзі, якія не любяць Беларусь і беларусаў.

- Нас чакаюць досыць цяжкія падзеі. Таму трэба аб'ядноўваць беларусаў, якія трымаюцца каштоўнасцяў незалежнасці і свабоды. Тады ўсё будзе добра, - лічыць ён.

Скончыўся мітынг малебнам па загінулых героях і выкананнем гімна "Магутны Божа".

Традыцыйна перад удзельнікамі мерапрыемства ўрачыста прынялі прысягу новыя сябры Маладога Фронту.

Святочныя мерапрыемствы працягнуліся ў 14.00 двухгадзінным канцэртам "За Случчыну!" у Доме культуры з удзелам рок-музыканта Лявона Вольскага, паэта Андрэя Хадановіча, гуртоў Zanzibar (Менск) і "Харачакра" (Салігорск).

belapan.by.

Ля помніка ахвярам Галадамору гарэла свечка і ад Беларусі

24 лістапада старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім была ў Кіеве, дзе прымала ўдзел у Міжнародным форуме, прысвечаным 85-м угодкам Галадамору. Спадарыня Алена знаходзілася там па запрашэнні Пасольства Украіны і Міністэрства замежных спраў Украіны. Усе нашы суседзі, Літва, Латвія, Польшча і іншыя краіны афіцыйна прымалі ўдзел і былі прадстаўлены на высокім дзяржаўным узроўні, у тым ліку і на прэзідэнцкім

Тое, што з беларускага боку не было на афіцыйным узроўні дзяржаўных асобаў, сведчыць пра тое, што мы пакуль што ніяк не адмяжуемся ад сталінскіх метадаў кіравання, ніяк не адмовімся ад гэтай не самай лепшай, мякка кажучы, спадчыны.

Спадарыня Алена прысутнічала падчас выступаў з удзелам Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, а таксама прымала ўдзел у шэсці і запальванні свечак да помніка ахвярам Галадамору. Дзякуючы яе прысутнасці, свечка ад Беларусі там таксама была запалена.

Наш кар.

На магіле першага старшыні ТБМ, Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча адкрылі помнік

На менскай Кальварыі луналі бел-чырвона-белыя сцягі, там адбылося адкрыццё помніка на магіле першага старшыні ТБМ, народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Гаворыць брат паэта літаратар Мікола Гіль:

- Калі ўжо брат цяжка хварэў, ён гаварыў, што на яго магіле хацеў бы бачыць звычайны беларускі валун. І сёння мы бачым, што гэта яго жаданне і воля спраўдзіліся. На магіле пастаўлены не проста валун, а валун з нашай Лагойшчыны, нават больш - з наваколля нашай Слабады. Ніл Гілевіч сышоў з жыцця ў 2016 годзе. Пасля яго сыходу ў краіне больш не засталося пісьменнікаў уганараваных дзяржавай званнем Народнага паэта Беларусі.

Паэт Сяргей Законнікаў распавядае:

- Наколькі нашая ўлада абыякава ставіцца да такіх асобаў. Я разумею, чаму яна так ставіцца. Таму што гэтыя асобы будзілі ў грамадстве не толькі нейкія эстэтычныя пачуцці. Яны будзілі прагу волі, свабоды, прагу таго, што заўсёды жыве ў народзе.

- Пасля бацькі засталіся зберажэнні. Яны невялікія, і іх якраз хапіла. Гэта так званыя, як у народзе кажуць, "грабавыя грошы". Сказаў: "Вось грошы, а з помнікам ты разбярэшся". Калі Нілу Гілевічу 30 верасня споўнілася 75, а потым і 80, то ні па адным тэлеканале не было сказана пра гэта ані слова. Мы прывыклі абыходзіцца без дапамогі дзяржавы, - кажа сын Ніла Гілевіча Сяргей Гілевіч.

Беларускае Радыё Рацыя, belsat.eu.

"Нясвіжскія каеты" - новае выданне ТБМ

24 лістапада 2018 года ў Нясвіжы на сходзе нацыянальнай грамады, ядро якой на сёння стварае Нясвіжская раённая арганізацыя ТБМ, абвешчана аб заснаванні чарговага выдання ТБМ - гістарычна-краязнаўчага часопіса "Нясвіжскія каеты". Што за "каеты", адкуль яны ўзяліся?

Слова "кает" бытавала на Нясвіжчыне да 60-х гадоў 20-га стагоддзя і абазначала просты сшытак. Паступова школьныя словы "сшытак" і "тетрадь" выцеснілі "кает", і слова пачало забывацца. У памяці жыхароў вёскі Сейлавічы захавалася сцэнка з жыцця, калі бабка прыйшло ў сяльмаг і папрасіла "кает". Маладая і ўжо "вучоная" магазіншчыца слова такога не ведала, а прысутны народ падказваць не спяшаўся, чакаючы, што з таго цырку выйдзе. Кает бабка ўсё-такі купіла, а нясвіжскія краязнаўцы паміж словамі "хроніка", "аналы", "запісы" выбралі слова "каеты", каб вярнуць яго з небыцця. Слова "кает" у польскай мове пазначана як састарэлае і больш не ўжываецца. Паходзіць яно недзе з італьянскай ці французскай мовы.

Назва вызначыла і форму часопіса. Форма самая простая - без усякай тэматычнай прывязкі і строгіх рубрык. Якія матэрыялы ўдасца падрыхтаваць, тыя і ідуць у нумар. Зрэшты, ёсць у Польшчы "Zeszyty historyczne" ("Гістарычныя сшыткі"). Але ў нас будуць "каеты".

Часопіс спланаваны як электронны, канцавы прадукт будзе выходзіць у рэжыме ПДФ адзін раз на квартал. Кожны зможа сам раздрукаваць сабе папяровую версію.

Вызначана рэдкалегія:

Дранчук Валер, журналіст, пратэстны эколаг, сябар ТБМ; заснавальнік і выдавец газеты "Белавежская пушча" (1995 - 2001); аўтар каляндарнай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына", кніг і праектаў па захаванні культурнай спадчыны і прыроднага асяроддзя; лаурэат міжнароднай прэміі Генры Форда (1999) і прэміі Пэн-цэнтра імя Алеся Адамовіча. Жыве ў Нясвіжы.

Качановіч Леанід, гісторык, педагог, сябар ТБМ; адзін з укладальнікаў кнігі гістарычнай хронікі "Гарадзея", памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім. Жыве ў Гарадзеі.

Плакса Наталля, школьны педагог, краязнаўца, старшыня раённай арганізацыі ТБМ; аўтар культурна-гістарычных выпускаў раённага радыёвяшчання па Менскай вобласці; суаўтар каляндарнай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" ("Невядомая Нясвіжчына"). Жыве ў Карцэвічах Нясвіжскага раёна.

Суднік Станіслаў, рэдактар газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец", намеснік старшыні ТБМ.

Першы нумар "Нясвіжскіх каетаў" мае выйсці пад канец сакавіка 2019 г.

Яраслаў Грынкевіч.

"Слоўнік беларускай мовы" - гэта пераканаўчы аргумент на карысць існавання ў цэнтры Еўропы самабытнай і багатай беларускай мовы, а адпаведна і беларускага народа

17 лістапада 2018 г. Мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і ТБМ імя Ф. Скарыны правялі імпрэзу, прымеркаваную да 230-годдзя Івана Насовіча - беларускага мовазнаўцы, лексікографа, фалькларыста, этнографа. Шаноўным госцем быў настаяцель праваслаўнага Свята-Петрапаўлаўскага храма-помніка ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна, дацэнт Менскай духоўнай семінарыі пратаіерэй Георгій Сакалоў. Мерапрыемства адбылося перадусім дзякуючы дапамозе загадчыка музея, даўняга сябра нашай арганізацыі, Строгінай Святланы Вікенцьеўны. Супрацоўнікі абласной бібліятэкі падрыхтавалі змястоўную выставу з кнігамі і фотаздымкамі, прысвечаную І. Насовічу.

Айцец Георгій Сакалоў распавёў гісторыю жыцця і дзейнасці Івана Іванавіча Насовіча. Цяжка пераацаніць значэнне Насовіча ў гісторыі беларускай філалогіі, фалькларыстыкі і этнаграфіі. Ён займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў культуры ХІХ ст. Яго называюць "беларускім Далем", супастаўляючы дзве слынныя працы У.І. Даля з кнігамі І.І. Насовіча, хоць слушна было б Даля назваць "рускім Насовічам", таму што слоўнік Даля выдалі праз 10 год пасля выдання "Слоўніка беларускай мовы" (у арыгінале "Словарь белорусского наречия") і "Зборніка беларускіх прыказак".

Асноўнае месца ў навуковай спадчыне І.І. Насовіча займае тлумачальна-перакладны "Слоўнік беларускай мовы". Гэта навукова-лінгвістычны летапіс народа і часу, самы поўны на той час збор лексікі і фразеалогіі жывой беларускай мовы, які ахоплівае больш за 30 тысяч слоў. У гэтым арыгінальным і непаўторным творы засведчаны стан і ўзровень развіцця беларускай мовы сярэдзіны 19 ст., данесены нашчадкам лексічныя скарбы і фразеалагічнае багацце нацыянальнай мовы. Матэрыялы для слоўніка Насовіч чэрпаў з гаворак Магілёўшчыны, Меншчыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны, некаторых паветаў Прывіленскага краю, гэта значыць, з усяго моўнага ландшафту тагачаснай Беларусі. Беларуская мова ў тыя часы афіцыйнымі ўладамі не прызнавалася як самастойная, лічылася "наречием русского языка", і Насовіч уключаў у свой "Слоўнік…" далёка не ўсё, што было ў жывым маўленні беларусаў, а толькі тое, што не супадала з засведчанымі ў даведніках фактамі рускай мовы. Таму ў ягоным "Слоўніку…" няма многіх тысячаў такіх, напрыклад, вядомых кожнаму беларусу шырокаўжывальных слоў, як агонь, вада, вішня, зямля, нага, сын, хлеб і гэтак далей. Дарэчы, у тыя часы, як пісаў І.І. Насовіч ва "Успамінах майго жыцця", па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў.

Для пацвярджэння ўжывальнасці слоў і дакладнасці тлумачэння І.Насовіч выкарыстоўваў народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Многія словы ўзяты са старабеларускіх пісьмовых помнікаў. Такім чынам, у "Слоўніку..." шырока выкарыстана жывое народнае беларускае слова. Да гэтага часу ён з'яўляецца ўнікальным творам у беларускай лексікаграфіі. Калі Насовіч складаў свой слоўнік, яшчэ і гаворкі не было пра фразеалагізмы, не было ні ў рускай, ні ў замежнай лексікаграфіі ўзораў. Насовіч ішоў самастойным шляхам і даў такія ўзоры распрацоўкі фразеалагізмаў.

Гэты слоўнік па сваёй будове і прынцыпах раскрыцця лексічнага значэння лічаць тлумачальна-перакладным беларуска-рускім даведнікам. У ім апісана больш як 30 тысяч слоў. У многіх выпадках беларускае слова тлумачыцца рускім адпаведнікам, усюды даецца граматычная, а пры неабходнасці і стылістычная характарыстыка слова, прыводзіцца ілюстрацыйны матэрыял з жывой народнай гаворкі.

У 1863 г. рукапіс "Слоўніка…", пасля 16-гадовай напружанай працы па яго складанні, быў пададзены ў Акадэмію навук. Рукапіс атрымаў высокую ацэнку ("як праца надзвычай важная"). Аўтару была прысуджана Дзямідаўская прэмія (714 рублёў), а ў 1870 г. "Слоўнік…" выйшаў з друку. Акадэмічнае выданне "Филологические записки" ацаніла гэты слоўнік як "помнік, які можа служыць найлепшым упрыгожаннем рускай вучонай літаратуры".

Другая праца І.І. Насовіча, істотная для беларускай філалогіі і фалькларыстыкі - "Зборнік беларускіх прыказак". Аўтар сціпла назваў яе зборнікам прыказак, а між тым гэта быў першы ў гісторыі ўсходнеславянскага мовазнаўства тлумачальны слоўнік прыказак. Збіранню, асэнсаванню і вытлумачэнню прыказак Насовіч аддаў больш за дваццаць гадоў жыцця. Публікацыя гэтых матэрыялаў мае сваю гісторыю. Першая тысяча прыказак была надрукавана ў 1852 г.

Значэнне зборніка не толькі ў тым, што яго аўтар упершыню занатаваў каля чатырох тысяч прыказак і прымавак. Выдатны знаўца беларускай народнай творчасці, Насовіч упершыню ва ўсходнеславянскай фалькларыстыцы зрабіў спробу патлумачыць сэнс нашых прыказак і прымавак, адзначыць асаблівасці функцыянавання, параўнаць іх з прыказкамі і прымаўкамі з іншых моў. Звяртаючы ўважлівы погляд на беларускія народныя прыказкі, Насовіч сцвярджаў, што яны складаюць для простага народа маральна практычную філасофію, якую ён, безумоўна, цудоўна ведаў, што дае падставы назваць даследчыка энцыклапедыстам беларускага жыцця.

Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін твор, напісаны, але не надрукаваны. Насовіч ва "Успамінах майго жыцця" прыгадвае: калі ён упершыню глядзеў на свой толькі што выдадзены "Слоўнік беларускай мовы", то ўбачыў, што, на жаль, замест ягонай вялікай прадмовы да "Слоўніка…", якая каштавала яму "многіх бяссонных начэй на працягу цэлага года", далі кароткую рэдакцыйную прадмову з некаторымі высновамі, супрацьлеглымі поглядам аўтара. У ягонай прадмове даваліся, у прыватнасці, гістарычныя звесткі пра беларускую гаворку "як гаворку старажытнага племені крывічоў ад вярхоўя Заходняй Дзвіны, Дняпра і Волгі", гаворку, сляды якой "і цяпер яшчэ відаць у Пскоўскай, Смаленскай і Цвярской губернях".

Насовіч напісаў і яшчэ некаторыя лінгвістычныя працы, а таксама апублікаваў шэраг фальклорных зборнікаў з беларускімі песнямі.

За некалькі гадоў да адыходу ў іншы свет І.І. Насовіч напісаў "Успаміны майго жыцця". Рукапіс захоўваўся ў ягонай унучкі, якая жыла ў Паўночнай Асеціі, і ў пачатку 1950-х гадоў быў набыты акадэмічным Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. А ўпершыню прыкладна палова гэтай мемуарнай працы надрукавана ў трох нумарах часопіса "Нёман".

Насовіч нарадзіўся ў в. Гразівец Быхаўскага павета (цяпер Чавускі раён) у сям'і дзяка 26 верасня (7 кастрычніка) 1788 года. Мінула толькі 16 гадоў, як гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, і грамадскае жыццё знаходзілася яшчэ пад уплывам прагрэсіўных ідэй Асветніцтва. Скончыўшы Магілёўскую гімназію, Магілёўскую духоўную семінарыю, быў настаўнікам, інспектарам Аршанскага духоўнага вучылішча, Мсціслаўскага духоўнага вучылішча, а пасля быў і рэктарам апошняга. З 1822 года працуе ў сістэме Міністэрства народнай асветы: загадчык, наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі. Заслугі ў галіне адукацыі Насовіча былі адзначаныя ордэнам св. Станіслава ІІІ ступені.

У 1843 г. Насовіч выходзіць у адстаўку, атрымлівае вялікую пенсію (на ўзроўні генерала) і пасля вяртання ў Мсціслаў займаецца навуковай дзейнасцю, супрацоўнічаючы з Археаграфічнай камісіяй, этнаграфічным аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства, аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук.

Няўрымслівы пенсіянер стварыў унікальны гістарычны слоўнік. Іван Іванавіч Насовіч здолеў паказаць, што сусвет беларусаў бязмерны, а жыццё багатае і разнастайнае, даў магчымасць глыбей даследаваць гэты сусвет, што было немалаважна для развіцця нацыянальнай самасвядомасці. Вядома, што таўшчэзны слоўнік Насовіча быў настольнай кнігай у Максіма Багдановіча, па якой паэт вывучаў родную мову.

Слоўнік - гэта пераканаўчы аргумент на карысць існавання ў цэнтры Еўропы самабытнай і багатай беларускай мовы, а адпаведна і беларускага народа.

Нарадзіўшыся ў канцы XVIII ст., перажыўшы і наступленне французаў, і паўстанні, і змену цароў, ён, апантаны і працавіты, адукаваны і дапытлівы, нібыта пражыў некалькі жыццяў: і жыццё так званага грамадска карыснага чалавека (калі працаваў у сферы адукацыі), і жыццё навукоўца (калі выйшаў на пенсію і амаль увесь час даказваў, што яшчэ не стары і можа быць патрэбны навуцы). Якая сіла духу, прага жыцця і дзейнасці павінна быць у чалавека, які першыя даследчыцкія працы прадстаўляе на суд навуковай грамадскасці ў 62 гады, а "Слоўнік..."завяршае к 75!

Але яго смерць 25 ліпеня 1877 г. засталася незаўважанай грамадскасцю: чалавека, што так многа зрабіў для роднага краю і на карысць дзяржавы, вернападданым якой быў, пахавалі ціха на могілках Тупічэўскага манастыра ў Мсціславе.

Адзначаючы сёлета 230-годдзе з дня нараджэння Івана Іванавіча Насовіча, будзем і надалей помніць пра ягоны навуковы подзвіг у гісторыі нашага народа і яго духоўнай культуры.

Наталля Шэмянкова, г. Магілёў.

Новы атлас ахоплівае ўсю гісторыю Беларусі

21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшла прэзентацыя чатырохтомнага выдання "Вялікі гістарычны атлас Беларусі".

У старажытнагрэцкай міфалогіі Атласам (або Атлантам) называлі вялізнага магутнага тытана, які трымае на сваіх плячах небасхіл. Атлас, які быў прэзентаваны ў бібліятэцы, не саступае яму ў маштабах - больш за 10 гадоў картографы, гісторыкі, карэктары і іншыя спецыялісты працавалі над стварэннем першага ў Беларусі найбольш поўнага гісторыка-картаграфічнага выдання, якое ахоплівае перыяд ад з'яўлення першабытнага чалавека на беларускіх землях да нашага часу.

Госці мерапрыемства пазнаёміліся са зместам усіх чатырох тамоў, даведаліся пра асаблівасці падрыхтоўкі карт і каштоўнасць "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі" ў культурным кантэксце.

На прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы сабраліся прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытута гісторыі НАН Беларусі на чале з В.В. Даніловічам, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў замежных спраў, культуры, інфармацыі і адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белкартаграфія", а таксама дыпламаты, навуковыя дзеячы і журналісты. Ва ўрачыстай абстаноўцы поўны камплект атласа быў перададзены ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Ініцыятарам праекта па стварэнні атласа стала РУП "Белкартаграфія". Дырэктар арганізацыі Іна Шлык адзначыла, што работа над такім буйным выданнем стала новым этапам у развіцці айчыннай картаграфіі.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі падзякаваў аўтарскаму калектыву за шматгадовую працу над аўтарытэтным выданнем і запэўніў, што 4 тамы атласа зоймуць годнае месца ў галоўнай кніжнай скарбніцы краіны.

Першы том "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі" выйшаў у 2009 годзе, апошні - у кастрычніку 2018-га. Тэматычныя раздзелы кніг прысвечаны ваенна-палітычным падзеям, адміністрацыйным пераўтварэнням, сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю, духоўнаму жыццю грамадства. На старонках атласа чытач знойдзе больш за 400 унікальных карт. У аснове кожнай - арыгінал-крыніца. Кожны том атласа дапаўняюць генеральныя карты, на якіх паказаны ўсе больш-менш значныя населеныя пункты адпаведнага часу з пазначэннем прыналежнасці. Геаграфічны паказальнік знаёміць чытача з гістарычнымі і сучаснымі назвамі ўсіх населеных пунктаў, размешчаных на генеральнай карце, прыналежнасцю да паветаў і маёнткаў, часам першай згадкі ў крыніцах, варыянтамі і зменамі назваў.

У распрацоўцы выдання, акрамя супрацоўнікаў прадпрыемства "Белкартаграфія", удзельнічалі таксама вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі, спецыялісты Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых навучальных устаноў, а таксама розных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.

Падрыхтавала Э. Дзвінская, фота nlb.by.

Слоўнік-даведнік лекавых раслін

У выдавецтве Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта надрукаваны першы ў гісторыі беларускай лексікаграфіі "Руска-беларускі слоўнік-даведнік лекавых раслін". Аўтары выдання старшы выкладчык ГрДМУ Віктар Варанец і ўрач-псіхіятр-нарколаг Арцём Варанец. Слоўнік змяшчае 500 назваў раслін і дае інфармацыю пра іх лекавыя ўласцівасці. Да кожнага наймення падаецца каляровы здымак расліны. Кніга будзе цікавай як для прыхільнікаў народнай медыцыны, так і для ўсіх аматараў беларускага слова.

В. Варанец.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

154. Добрык (Арнольд) - вытвор з суфіксам - ык ад антрароніма Добры: Добрык (параўн. Худык, Хворык і пад.). Гл. Дабрук.

155. Дробаў (Кастусь) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Дроб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дробаў.Утваральнае слова ад апелятыва дроб 'кавалачак чаго-н., драбок'; 'лік, прадстаўлены ў выглядзе частак адзінкі'.

156. Дрылёнак (Тамара) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Дрыль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дрылёнак. ФП: дрыль ('інструмент для свідравання дзірак у метале, дрэве і пад.') - Дрыль (мянушка, потым прозвішча) - Дрылёнак.

157. Дрэма (Рыта) - семантычны вытвор ад апелятыва дрэма (ад драмаць - нуль-суфіксавы дэрыват) 'той, хто дрэмле, засынае'.

158. Дубатоўка (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва дубатоўка, які мае два значэнні: 1) 'прылада для атрымання рошчыны пры дубленні шкуры (таўкач, мяла, якім таўкуць дубовую кару': дубатоўка ( Дубатоўка)); 2) 'асоба, якая выконвае названую работу' - гарбар (работнік гарбарнай вытворчасці).

159. Дудзінскі (Дзяніс) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Дудзіна і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Дудзінскі. ФП: дуда ('музычны інструмент') - Дуда ('прозвішча чалавека, які іграе на дудзе') - Дудзіна ('уладанне асобы з прозвішчам Дуда', тапонім) - Дудзінскі.

160. Дудзіч (Таццяна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Дуда і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Дудзіч. ФП: дуд а ('беларускі духавы народны музычны інструмент у дзвюх і больш трубак, устаўленых у скураны мяшок, які надзімаецца праз трубку') - Дуд а (мянушка, потым прозвішча) - Дудзіч.

161. Дудзько (Анастасія) - семантычны вытвор ад апелятыва дудка 'народны духавы музычны інструмент з трыснягу або дрэва ў выглядзе трубкі з дзірачкамі'. Форма Дудзько - для адмежавання ад апелятыва і як мода на фінальнае "о" (гл. Бузо < буза), Лазо < лаза і пад.

162. Дудко (Аксана) - другасная форма, першасная Дудка - семантычны вытвор ад апелятыва дудка (1) народны духавы музычны інструмент з трыснягу або з дрэва ў выглядзе трубкі з дзірачкамі; 2) 'круглае, звычайна пустое ўнутры сцябло чаго-н. (разм.); форма з канцавым "о" - Дудко - для адмежавання ад апелятыва').

163. Дучэнка (Сяргей) - вытвор з фармантам -энка (-енка) ад антрапоніма Дука і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дукенка - Дуч(к/ч) энка. ФП: дука (укр., рус.) 'знатны чалавек, багаты, багатыр' (Даль, Грынч.) - Дука (мя-нушка, потым прозвішча) - Дучэнка.

164. Ёрш (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва ёрш 'невялікая прэснаводная касцістая рыба сямейства акунёвых з калючымі плаўнікамі', а таксама 'шчотка для мыцця бутэлек, посуду і пад.'.

165. Жалезкая (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва жалезка (разм. устар.) 'чыгунка' (пераважна ў мове партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг., ТСБМ, т. 2, с. 249) - Жалезка (мянушка, пазней прозвішча) - Жалезкая - пераафармленне ў жаночую форму прыметніка (з фінальным сегментам -ая).

166. Жаўнерык (Настасся) - вытвор з суфіксам - ык ад антрапоніма Жаўнер і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асообы': Жаўнерык. Параўн. Карпік (Карп), Данілік (Даніла). ФП: жаўнер ('салдат польскай арміі'(уст.)) - Жаўнер (мянушка, пазней прозвішча) - Жаўнерык.

167. Жаўняк (Базыль) - семантычны вытвор ад апелятыва жаўняк 'гуз' ('жаўлак ад удару або нараст на целе чалавека, жывёлы; увогуле пукатая няроўнасць' (СБГПЗБ, т. 2, с. 144)).

168. Жубр (Алег) - семантычны вытвор ад старабеларускага жубр 'зубр' ("Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі", Мінск, 2013, т. 1-2).

169. Жукевіч-Дзівота (Вікторыя) - састаўное найменне, першы кампанент Жукевіч - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Жук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жукевіч. Утваральнае слова ад апелятыва жук ('насякомае з жорсткім надкрыллем', перан. 'Пра хітрага пранырлівага чалавека' (разм., неадабр)). Дзівота - семантычны вытвор ад апелятыва дзівота (разм.) 'тое, што і дзіва (што выклівае здзіўленне, цуд)' (ТСБМ, т. 2, с. 173).

170. Жыбуль (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва жыбуль (літ. zibulis 'тое, што блішчыць'; 'блішчак' ('частка мінералаў' ТСБМ - 2016, с. 114)).

171. Жылец (Андрэй) - семантычны вытвор ад ст.-бел. жылец 'жыхар' (ПГССЛ).

172. Жылюк (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Жыла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жылюк. ФП: жыла (апелятыў мае розныя значэнні 1) назва крывяносных судзін; 2) тое, што і сухажылле; 3) трэшчына ў зямной кары, напоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне; 4) багністае месца з падземнай крыніцай; 5) асобны провад кабелю) - Жыла (мянушка, потым прозвішча) - Жылюк.

173. Жыравец (Ігнат) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Жырава і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Жыравец.

174. Жыраў (Антон) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Жыр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жыраў. ФП: жыр ('зялёны корм' - Фасмер, ЭСРЯ, т. 2, с. 56), жыр ('кармленне жывёл' (ТСБМ), літ. zyras 'кармленне жывёл' - ЭСБМ, т. 3, с. 265) - жыр ((перан.) 'той, хто корміць') - Жыр ('мянушка асобы-кармільца, потым прозвішча') - Жыраў.

175. Жыровіцкі (Андрэй) - вытвор з суфіксам -скі(-цкі) ад тапоніма Жыровічы і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Жыровічскі - Жыровіцкі. Гл. Жыровіч.

176. Жыровіч (Іван) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Жыр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жыровіч. (Гл. Жыраў). Форма мн. ліку ад Жыровіч набыла ролю тапоніма Жыровічы (паселішча): параўн. Жыровічы манастырскія.

177. Жэрабаў (Ігнат) - форма прыналежнага прыменіка з суфіксам -аў ад антрапоніма Жэраб з значэннем 'нашчадак названай асобы': Жэрабаў. Утваральнае слова ад апелятыва жэраб укр. жереб 'жарабя', 'жарабец' (Грынч.).

178. Забэйда-Суміцкі (Міхаіл) - састаўное прозвішча, першы кампанент Забэйда - ад жаночага татарскага імя Зубейда, адаптаваны да мясцовага маўлення (Свіслацкі р-н Гродз.), другі Суміцкі - адтапанімічны з фарманта -скі(-цкі) ад Сумікі: Сумікскі - Суміцкі.

179. Залацілін (Віктар) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Залаціла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Залацілін. ФП: залаціць ('пакрываць золатам, пазалотай'; 'асвятляючы, надаваць чаму-н. залацісты колер') - залаціла ('той, хто залоціць', суфікс -ла/-іл-а) - Залаціла (мянушка, потым прозвішча) - Залацілін.

180. Залуцкі (Іосіф) - вытвор з суфіксам -скі(-цкі) ад тапоніма Залукі (за Лукай) і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Залукскі - Залуцкі.

(Працяг у наст. нумары.)

Вяртанне да Скарынаўскай тэмы ў музыцы

Ужо другі год з моманту слаўнага юбілею 500-годдзя беларускага кнігадрукавання жыццё Францішка Скарыны ўздымае хвалю культурных імпрэз і надае энергію творцам.

Новы маштабны музычны твор "Скарына. Вяртанне" ў выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам дырыжора Міхаіла Казінца, хору і саліста прагучаў на сцэне Белдзяржфілармоніі.

Да Скарынаўскай тэмы звярнуліся кампазітар Ларыса Сімаковіч і Барыс Жанчак. На прэм'еры прысутнічалі многія дзеячы культуры Беларусі і сябры ТБМ на чале з Аленай Анісім.

У сямі частках музычнага твору адлюстравана жыццё Францішка Скарыны: яго нараджэнне на полацкай зямлі, студэнцтва ў Кракаве, маладосць у Падуі, віленская дзейнасць і каханне, праца ў Празе і смерць на чужыне.

Праз музыку паказана полацкая зямля, дзе росныя травы гучаць песнямі, мудрыя пчолы гудуць лірамі, зямля, асвечаная Сонцам і Месяцам, якая нараджае геніяў. Кракаўскае шчаслівае студэнцтва, дыспуты магістраў вызваленых навук перададзены ў шматгалоссі нацыянальных моваў. Карнавальная плошча Падуі загучала віланэламі і мадрыгаламі, канцонамі і бергамаскамі. Віленскія гады Скарыны паказаны ў велічы яго дасягненняў і горычы яго страт. Святло адзіноты і росныя ружы нагадваюць пра пражскі каралеўскі сад, дзе пан Францішак гадаваў кветкі тугі.

Памяць пра яго вяртаецца ў Полацк, туды, дзе раяцца пчолы і гучыць росная трава, дзе звініць бомамі глыбокае неба, а "ўскормленыя суць па Бозе да той зямлі вялікую ласку маюць".

- З вялікім задавальненнем я выконваў гэты твор, - распавёў саліст Ян Жанчак. - Мне было цікава пражыць скарынаўскае жыццё, асабліва мне спадабаўся фінал, дзе можна было больш спяваць. Мой бацька Барыс Жанчак напісаў вершы, а маці Ларыса Сімаковіч стварыла музыку, усе мы сустрэліся на сцэне. Сёняшняя імпрэза была вельмі ўдалая! - прызнаўся малады артыст.

Канцэрт працягнуў серыю выступленняў старэйшага з беларускіх дырыжораў, народнага артыста БССР, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне", прафесара Міхаіла Казінца.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Адчуць сябе цемрашалкай

З вялікай прыемнасцю паглядзела пастаноўку ў Купалаўскім тэатры "Сон у Купальскую ноч". Вельмі хачу падзяліцца з вамі сваімі перажываннямі.

Ад пачатку была ўражанна новым канструктыўным рашэннем расстаноўкі крэслаў у зале. Для мяне тэатр - заўсёды Храм мастацтва, нават, калі гэта вулічная пляцоўка ці маленькі пакойчык арэндаванай кватэры. Геніяльнай задумай было падкрэсліць боскі пачатак тэатра праз арганізацыю прасторы. Сцэна ў цэнтры як алтар, публіка размешчана на чатыры бакі ад сцэны - гэта фактычна класічная крыжова-купальная пабудова храма, што адразу пераключае гледача на ўспрыманне сакральнасці дзейства. Шкляны куб, які ўмоўна фармуе сцэну ёсць адначасова і заслона і дэкарацыя: на ягоную паверхню праектуюцца літары-словы арабескамі розных моваў і шрыфтоў, фактычна яны ствараюць кінематагра-фічную плынь, кіно паслугуе тэатру! Акторы ўзнікаюць праз незаўважныя дзверы побач з табой, праходзяць праз глядачоў, знікаюць у супрацьлеглым кірунку або падаюць у бездань (падлога сцэны хавае ніжні паверх).

Я хвалявалася, у якой стопні будзе захаваны шыкоўны тэкст Алеся Разанава. Але мяне так захапіла дзейства, што я забылася на свае страхі. Настолькі гарманічным было асвятленне, музычнае суправаджэнне і каларыстычнае рашэнне спектакля.

Музычнае суправаджэнне варта адзначыць асобна. Размаітасць стыляў і формаў сплятаецца ў дзіўны фантазійны клубок, я не бяруся нават аналізаваць. Магу сказаць толькі, што ўражанне цэльнасці зачароўвае. Я выпадкова падслухала размову гуртка маладзёнаў пасля спектакля. Яны размаўлялі толькі пра музыку і асаблівасці аранжыроўкі, відавочна, музыка ўразіла іх больш за ўсё.

Узмацненне роляў Тытаніі і Абярона ад другасных персанажаў у Шэкспіра да галоўных ў пастаноўцы Купалаўскага дадае трагічную нотку ў па-сутнасці камедыйную п'есу. Яны праз непаразуменне ледзь не страцілі сваё каханне, няўжо недарэчная выпадковасць можа цалкам змяніць лёс чалавека! Таму з заміраннем сэрца мы сочым за развіццём сюжэту. Маналог Абярона са слязьмі на вачах неверагодна пранікнёны. Кульмінацыя гісторыі кахання - ягоная песня, песня кахання караля-трубадура. Ён адзіны з усіх герояў спачатку выязджае з-пад сцэны, а потым узвышаецца над ёй, як бы моцай свайго пачуцця падымаецца над штодзённасцю. Драматызм падкрэсліваюць і касцюмы герояў: у першай частцы спектакля яны ў чорным, у другой - у белым. Танец Тытаніі і Абярона ў белых строях служыць прыгожым завяршэннем сюжэту. Магчыма, мне падалося (я сядзела не ў першым радзе!), Абягон да моманту танцу паспеў не толькі пераапрануцца, але яшчэ і пагаліцца. Магчыма мне гэта прымроілася, тады хай застаецца ў маім уяўленні. Як па мне, гэтая дробная рысачка здольная падсвядома яшчэ раз падкрэсліць урачыстасць моманту. Агулам каларыстычнае рашэнне касцюмаў (стрыманае ў чорна-белай гаме) канцэптуальна злучае мінулае з сучасным, робіць вечную тэму бліжэй да нас.

Вось толькі мне як творчаму чалавеку шчыра не хапіла фарбаў! Цягам усяго спектакля мне карцела дадаць яскравых колераў усім персанажам. Чаму было не асвятліць характар дзяўчат пяшчотна-ружовым ці рамантычна-ліловым? Ці могуць эльфы выходзіць на сцэну ў белых спартовых касцюмах і круглых шапачках, якія робяць іх падобнымі да пэўных расходных матэрыялаў? Я адчула сябе страшэннай цемрашалкай. Мне хацелася бачыць іх матылькамі з празрыстымі вясёлкавымі крыльцамі, птушкамі ў стракатых пёрках, настолькі яскравымі, наколькі мусяць быць фантастычныя істоты ў тэатры (Храме мастацтва!) і ў маім уяўленні. Напэўна, гэта цудоўна!

Анэля Камбалава.

ЗАЦІКАВІЦЬ "НАШЫМ СЛОВАМ"

На чарговым пасе-джанні Рады ТБМ зноў узнікла пытанне пра газету. Як падняць падпіску? Гучалі парады: падпісваць сяброў як падарунак ім, сабраць грошы са знаёмых і пайсці на пошту зрабіць падпіску, бо людзі шкадуюць часу, ім лягчэй грошы аддаць… Прапанова аднаго з сяброў, што трэба зрабіць газету больш цікавай, неяк толькі слізганула па паверхні думак радцаў і знікла. На погляд аўтара гэтых радкоў менавіта на гэтым варта было б засяродзіцца.

Газета стала занадта "акадэмічнай", ёй не хапае матэрыялаў лёгкага жанру. Адна справа, калі такія матэрыялы не паступаюць у газету, іншая справа, калі паступаюць, але на старонкі газеты не трапляюць.

Дзяды (А. Трусаў, С. Суднік ды іншыя аксакалы, што маюць дачыненне да стварэння газеты), мабыць, забылі, што любілі чытаць у маладосці. І цяпер з насупленымі тварамі друкуюць вытрымкі з Вікіпедыі да таго ці іншага юбілею. Юбілеі адзначаць трэба, гэта нават пазначаецца ў планах Таварыства. Але варта загадзя даць каму-небудзь дасведчанаму даручэнне падрыхтаваць матэрыял пра юбіляра для газеты, матэрыял, з якога будзе бачны чалавек, а не высушаная кветачка гербарыя.

Асобна хацелася б сказаць пра тэксты, у якіх часткова сустракаецца руская мова (кшталту першых старонак "Вайны і міру" А. Талстога, насычаных французскай мовай з перакладамі ў зносках). Напрыклад, быў матэрыял, дзе жанчына і мужчына размаўляюць, у тым ліку пра мову, мужчына - па-беларуску, жанчына - па-расійску. Тэкст не патрапіў на старонку "НС" менавіта з-за таго, што значная частка была не беларускамоўнай. Але пры перадачы слоў жанчыны нашай мовай ён шмат страціў бы і стаў бы менш цікавым.

Хацелася б, каб чытачы выказаліся наконт вартасці публікацыі такіх тэкстаў (маецца на ўвазе з частковым выкарыстаннем расійскай мовы, калі гэта адпавядае нейкай задуме аўтара тэкста).

Міхась Булавацкі, сябар Рады ТБМ.

"Наша слова" для "маладых"

Некалькі месяцаў ужо працуе сайт " Наша слова штодзень" ( nslowa.by). Калі ласка, велізарны аб'ём інфармацыі нацыянальнай скіраванасці. Але сайт паўнавартасна зможа функцыяваць толькі тады, калі будзе аснова - папяровая версія "Нашага слова".

Чытайце "Наша слова" ў інтэрнэце і на паперы, толькі чытайце! Пішыце па-беларуску, гаварыце па-беларуску. Толькі не маўчыце!

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2019 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана змянілася нязначна. У 2019 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

27 лістапада споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння вядомага яўрэйскага савецкага пісьменніка, ураджэнца Жлобіншчыны Майсея Шапшалевіча ЛЯХАВІЦКАГА (1893-1991).

Яўрэі жылі на Жлобіншчыне здаўна. Але ў масавым парадку сяліцца тут яны пачалі ў XIX стагоддзі, калі ў Расійскай імперыі была ўзаконена так званая мяжа яўрэйскай аседласці, за якой апошнія не мелі права сяліцца. У выніку яўрэйскія кагалы складалі значны працэнт насельніцтва Жлобіна, Карпілаўкі, Стрэшына, іншых мясцовых населеных пунктаў. А што тычыцца мястэчка Шчадрын, дзе і нарадзіўся М. Ляхавіцкі, дык яно, наогул, было чыста яўрэйскім.

Будучы пісьменнік з юнацтва прагнуў ведаў. Таму ён з'ехаў з родных мясцін у Екацерынаслаў, на Украіну. Тут у 1917 годзе Майсей Ляхавіцкі экстэрнам вытрымаў курс гімназіі. Уцягнуўся ў палітыку, быў членам партыі "Паалей Цыён", якая прытрымлівалася сацыял-дэмакратычных пазіцый.

У савецкі перыяд адышоў ад палітыкі. У 1921 годзе пераехаў у Маскву з мэтай атрымаць вышэйшую адукацыю. Стаў інжынерам-энергетыкам, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Таксама зарэгістраваў шматлікія вынаходствы, за што нашага земляка ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

Пісаць Майсей Ляхавіцкі пачаў пасля таго, як пайшоў на пенсію, у 78 гадоў. Пісаў на ідыш. Друкаваўся ў часопісе "Савеціш Геймланд". Напісаў чатыры аповесці, збіраў фальклор. Але для нас найбольшую цікавасць ўяўляе яго летапіс пра малую радзіму - "Сто гадоў існавання яўрэйскага мястэчка Шчадрына", упершыню надрукавана на ідыш у 1981 г. на старонках згаданага вышэй часопіса, потым - у рускамoўным яўрэйскім часопісе "Родник" (1993 г.).

Як сведчыць аўтар летапісу, яўрэі ў Шчадрыне з'явіліся не выпадкова. У адпаведнасці з "Положением о евреях" (1835 г.), у згаданай ужо намі паласе аседласці яўрэям было дазволена набываць зямлю для стварэння сельскагаспадарчых паселішчаў. Для перасяленцаў былі ўстаноўлены і пэўныя льготы. У прыватнасці, яўрэйскія сем'і, якія сталі земляробамі, вызваляліся ад пастаўкі рэкрутаў. Але яўрэі і на новым месцы засталіся верныя сабе. Праца на зямлі іх асабліва не цікавіла. І калі ў Расіі ў другой палове XIX стагоддзя адносна хуткімі тэмпамі пачалі развівацца капіталістычныя адносіны, яўрэі з мястэчка Шчадрын праявілі сябе як гандляры лесам. Акрамя гэтага, на мяжы XIX і XX стагоддзяў у Шчадрыне дзейнічала 71 крама, а таксама - аптэка і заезны дом.

Хутка расло і насельніцтва Шчадрына. Калі ў 1897 годзе тут пражывала 4022 чалавекі, дык ў 1909-м - ужо 5600 (Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, ф. 1290, воп. 11, спр. 1294, арк. 393). Але хутка яўрэйская моладзь у масавым парадку пачала эміграваць у Амерыку. У выніку (па перапісу 1931 г.) у мястэчку засталося ўсяго нямногім болей за 2000 жыхароў. Тыя, хто застаўся дома, шчыра віталі савецкую ўладу. Яна ім дала роўныя грамадзянскія правы. У 1919 годзе тут адкрылася чатырохкласная школа, дзе заняткі вяліся на ідыш. Гэта была адна з першых падобных школ на Беларусі. А ў канцы 20-х гадоў у Шчадрыне адным з першых у Беларусі быў арганізаваны яўрэйскі калгас. Трагедыя здарылася ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Аб гэтым Майсей Ляхавіцкі расказвае так: "У суседніх з Шчадрынам мястэчках фашысты хутка расправіліся з яўрэйскім насельніцтвам. Шчадрынцаў яны першыя часы не забівалі, вырашылі выкарыстаць іх працу для патрэбы сваёй арміі. Усіх яўрэяў перасялілі на адну маленькую вуліцу і прымусілі працаваць у наспех арганізаваных механічных майстэрнях. Прыгожых дзяўчат сагналі ў адзін з дамоў і адкрылі там публічны дом. Многіх шчадрынцаў забілі. Жыццё шчадрынскага гета доўжылася каля васьмі месяцаў. Восьмага сакавіка 1942 года фашысты вывелі застаўшыхся шчадрынцаў да могілак. Тут ужо быў выкапаны роў, у які заганялі людзей, расстрэльвалі і засыпалі зямлёй. Толькі некалькім шчадрынцам, якія паспелі збегчы ў лес і дабрацца да партызанаў, пашчасціла пазбегчы гэтай долі. Усё астатняе яўрэйскае насельніцтва мястэчка - каля 1500 чалавек, у асноўным жанчыны, старыя і дзеці, было знішчана ў той дзень. Так знікла з Зямлі яўрэйская земляробчая калонія Шчадрын".

…Пахаваны пісьменнік у Маскве на Востракоўскіх могілках.

Мікалай ШУКАНАЎ. На здымку: помнік ахвярам генацыду ў Шчадрыне. Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Нямецкі інвестар адкрыў у Івацэвічах мэблевую фабрыку

Навіны Германіі

У Івацэвічах (Берасцейская вобласць) пачала працу мэблевая фабрыка, адкрытая нямецкім інвестарам, паведаміла прэс-служба канцэрна "Беллеспаперпром".

Нямецкая кампанія "Поліпол Прадукцыёнс Фервальтунгс ГМБХ" 20 жніўня падпісала з "Беллеспаперпрамам" інвестыцыйны праект па стварэнні ў гэтым раённым цэнтры мэблевай вытворчасці.

У планах кампаніі будаўніцтва фабрыкі з аб'ёмам вытворчасці да 2020-га 8,5 тыс. канап і да 2027-га - каля 27 тыс. адзінак мяккай мэблі.

Чакаецца, што на прадпрыемстве будзе працаваць каля 1,2 тыс. чалавек, а агульны аб'ём інвестыцый складзе 20 млн еўра.

- Мэта праекта - развіццё апрацоўчай прамысловасці як прыярытэтнага віду дзейнасці для ажыццяўлення інвестыцый і аб'яднання магчымасцяў па вытворчасці мэблі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пашырэнне рынкаў збыту, - адзначылі ў прэс-службе.

На арандаванай плошчы ў ААТ "Івацэвічдрэў" кампанія адкрыла першы цэх па вытворчасці канап. Ужо выпушчаны першыя ўзоры прадукцыі. Мэблю вырабляюць беларускія спецыялісты, якія прайшлі адмысловае навучанне на заводах "Поліпол Прадукцыёнс Фервальтунгс ГМБХ" у Польшчы. Да сакавіка 2019-га плануецца выпусціць каля 1 тысячы канап.

Вырабленая мэбля будзе пастаўляцца на еўрапейскі рынак.

ПЦ "Беллеспаперпрам". Фота pixabay.com.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Кунцэвіч Уладзя - 20 р.

2. Рымша Алесь - 20 р.

3. Кулік Анатоль - 10 р.

4. Мельнікаў Алесь - 10 р.

5. Пісарэнка Алесь - 10 р.

6. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.

7. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

8. Паўловіч Віктар - 10 р.

9. Мудроў Алег -10 р.

10. Гняткоў Валеры - 10 р.

11. Фарнэль Кастусь - 5 р.

12. Сідараў Сяргей - 5 р.

13. Недзялкоў Яраслаў - 10 р.

14. Мельнікаў Юрась - 10 р.

15. Гацкі Уладзімір - 15 р.

Усе Наваполацк.

16. Янучок Н.І. - 20 р.

17. Краўчанка А. - 50 р.

18. Сарманты - 11 р., пас. Бальшавік

19. Шалахоўскі Аляксей - 57 р., г. Менск

20. 2hSU - 2 р., г. Менск

21. Шабанава Наталля - 5,59 р., г. Менск

22. Птушка С.І. - 5 р., г. Менск

23. Лягушаў Алег - 10 р., ст. Ясень

24. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

25. Ягораў Мікалай - 2 р., г. Менск

26. Вяргейчык - 15 р., г. Барысаў

27. Нагорны Юры - 15 р., г. Орша

28. Гарэцкі - 20 р., г. Менск

29. Навуліч І.Н. - 30 р., г. Менск

30. Кулікоўскіх Ірына - 5 р., г. Менск

31. Пташынскі - 20 р., г. Менск

32. Чайкоўскі Павел - 18,50 р., г. Менск

33. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

34. Мандрукевіч - 1 р., г. Менск

35. Ляўшун - 21 р., г. Менск

36. Антановіч Тамара - 25 р., Менскі р-н

37. Ляскоўскі Уладз. - 100 р., Шаркоўшчына

38. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

39. Ралько Леанід - 20 р., г. Баранавічы

40. Кунцэвіч Уладзімір - 100 р., г. Наваполацк

41.Кукавенка Іван - 25 р., г. Менск

42. Жыдаль Дз.У. - 30 р., г. Менск

43. Бойса І.Б. - 25 р., г. Ліда

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

"9/12 лістапада Алж[ыр], каля поўначы.

Я лішне нецярплівы, патрабавальны?! Ці ж няпраўда? Можа - не ведаю.

Але слухай, Польцю, што табе скажу: ні адна жанчына не была болей, а бадай не была так каханай, як ты каханая. У сярэднія вякі гаварылі, што не гадзіцца так любіць стварэнне, што толькі Тварца гадзіцца так любіць.

Не ведаю - можа, можна адарвана палюбіць усёй душой невядомую прыгажосць, дабро і праўду, але гэта пэўна, што лепей ўкласці ўсё каханне ў бачны прадмет, у бачную істоту. Я не саромеюся і не шкадую аб гэтым каханні. Я пакахаў цябе ў імя таго, што святое - у імя прыгажосці, дабра і кахання. Праўда, што я ўсё непасрэдна да цябе адношу, у табе свет бачу. Але я ў табе пакахаў і хачу кахаць крыніцу прыгажосці, дабра і праўды. Бо такое каханне не можа быць грахом, як сцвярджалі сярэднявечныя людзі). Праўда, што ў табе сабраўся ўвесь свет, усё жыццё. Я верыў і хачу верыць, што ты можаш быць для мяне анёлам-ахоўнікам, што ты можаш, што ты захочаш клапаціцца аб тым, каб развейваць у нас і наўкола нас найсвяцейшую тройцу: прыгажосць, дабро і праўду.

Жанчына! Ёсць гэта тлумачэнне, так, гэта тлумачэнне, бо ані ты не магла б мяне, ані я не мог бы цябе шанаваць, каб усё забыў для цябе. Не - я нічога не забыў, але толькі кожная думка, кожнае пачуццё, цэлы свет адбіваецца для мяне ў табе. Ты ёсць прызма, праз якую я гляджу на свет.

Не спужаўся смерці, падаючы табе руку (а думаў пра смерць), не спужаўся, бо меў надзею, што праз цябе, у табе буду чэрпаць сілы для жыцця і смерці прыгожай. Не саромеюся і не шкдую таго, веру, што гэта мажліва, веру, што гэта можа быць сілай, а не слабасцю.

Але пабач вынік таго, які мой стан: Прачынаюся з рання - першая думка пра цябе, іду на спачынак - апошняя думка пра цябе. Гавару, раблю што і адначасова думаю, ці добра гэта? Ці Полька была б радая гэтаму?

Гляджу на прыгожы пейзаж, на прыгожага чалавека і думаю, чаму тут Полькі няма, і адразу другая думка - трэба з Полькай падзяліцца. І так нават у найдрабнейшых дэталях жыцця.

Я працую і хачу працаваць нават мацней, чым раней, для таго, каб мець права перад уласным сумленнем прысвяціць потым гадзіну пісанню да цябе, на размову з табой. І таму, бачыш, я маю права дамагацца, каб ты хвіліну часу прысвячала мне штодзень. Я прагну толькі іскры ўзаемнасці.

Польцю! Карыстайма з хвілін, у якія можам дзяліцца думкамі і пачуццямі."


"Алжыр. 19 на 20 лістапада 1862 года.

Мілая мая, дарагая мая, найяснейша пані мая!

Сёння мне добра. Адчуваю, што Польця мяне кахае, што не можа мяне не кахаць. Маю сёння самаспазнанне сілы, магутнасці і неацэнных скарбаў, якія ў табе маю. Доўга сёння пра тое думаў.

Слухай, Польцю! Сёння быў у вельмі шматлікім таварыстве дома ў маршала. Размаўлялі пра гісторыю. Я гаварыў пра неабходнасць ахвярнасці і, гаворачы гэта, адчуваў, якое гэта шчасце быць багатым, быць так м[оцна] багатым, якім я сёння ёсць. Якое гэта шчасце мець цябе - мець столькім ахвяраваць. Што ж ахвяруе той, каму жыццё абрыдла? Я маю бязмернае шчасце ахвяраваць - я маю цябе. Пачуццё гэтае дае сілу, дае павагу, дае годнасць словам і дае годнасць чынам. Цешуся, Польцю, я сёння добра гаварыў, а яшчэ лепей адчуваў.

Слухай далей: гаварыў табе, што будучы шкаляром, думаў толькі аб тым, каб быць першым, ва ўніверсітэце пазбыўся гэтага цалкам, хацеў быць толькі добрым. Але потым у жыцці, бачачы столькі тых кепскіх і дурных людзей, якія займаюць высокія пасады, адчуваючы сваю моц і сілу, зноў не раз прагнуў узнясення сябе, прагнуў яго pro publico bono (у такім разе, гэта нават варта пахвалы), але прагнуў яшчэ і для самога сябе. Ведаеш, што на версе, на вярхах свабодней дыхаецца. Нават навакольным пропасцям горы надаюць прыгажосці. Не дастаткова гэтага. Ведаў з гісторыі, што так званая вялікасць не дае шчасця - прагнуў яе, не здаючы сабе справы - напэўна думаў: іншым гэта не дало шчасця, бо нічога, апрача сябе, не любілі, таму мне можа - дасць. (Чалавек, між іншым, заўсёды марыць пра шчасце).

Цяпер, наколькі вялікасць адносіцца да мяне самога, страціла яна для мяне ўсю прыгажосць. Напэўна, прагнуў заўсёды заняць становішча такое, на якім мог бы карысць найвялікшую, мажлівую прынесці, прагнуў заняць становішча толькі тады, калі думаў пра абавязкі чалавека і грамадзяніна. Але калі думаю, калі мару пра шчасце асабістае, цяпер - прысягаю табе - нічога больш не прагну - толькі, каб жыць з табой, каб глядзець у ясныя твае вочы, на прыгожую галаву, глядзець на цябе - і думаць разам з табой і адчуваць разам з табой. І веру, што з табой магу многія рэчы давесці, адшукаць, пра якія сам ніколі б не даведаўся, ніколі б не знайшоў і не дабіўся. Хто ведае? Можа разам з табой, мой анёле, зразумеем лепей вечнасць, і будучыню, і праўду. Бачыш, Польцю, які я шчаслівы."


"Парыж, 6 снежня/24 лістапада 1862 года.

Мая мілая, каханая дзяціна! Ведаеш ужо з апошняга ліста, што па прыездзе ў Парыж атрымаў твае тры лісты. Наймілейшы, напісаны 17 лістапада. Была цяжка хворая. Пішаш, што ўжо ўстала. што добра табе. Дзяціна наймілейшая! Будзь ты здаровая!

Дзіўная рэч, як за чатыры месяцы ты стала мне неабходнай. На працягу майго побыту ў Афрыцы цэлая драма разыгралася ў маёй душы.

1 студзеня (1863 года) / 20 снежня (1862 года) маю надзею быць з табой. Праз тыдзень 1/13 снежня выязджаю з Парыжа; 8/20 снежня буду ў Берліне, 13/25 снежня буду ў Варшаве. Няхай сабе Ясь гаворыць, што хоча, я там быць павінен абавязкова, каб пабачыцца з сваякамі261 , табе ўжо знаёмымі і іхнімі прыяцелямі, мушу яшчэ быць у Бруселі, у Гельдэльбергу. Маю яшчэ шмат зрабіць. Прасі Бога, каб выканаў усё шчасліва і добра. Чакай і маліся.

Усе інтарэсы ты залатвіла разумна і добра. Лісты твае дасканалыя; чытаў іх усе тут разам з захапленнем.

Уладзя Міл[овіч] і Браніслаў [Залескі]: цалуюць твае ручкі. (Лаеш мяне, а чаму нічога мне не пісала пра сваю хваробу?)

Твой на векі вякоў Зыгмунт."


"Варшава. Ноч 27/15 снежня.

Польця мая! Найперш паведамляю: інтарэсы службовыя, а хутчэй кодэксавыя, ідуць дасканала. В[ялікі] князь [Канстанцін], генерал Рамсай, начальнік штаба262 і г.д. Усе, каму чытаў маю працу, вельмі ёй задаволены і маюць пра тое пісаць ваеннаму міністру.

Сёння, ад дзявятай з раніцы да дзясятай вечарам не здымаў мундзіра. Рана В[ялікі] князь прыняў мяне вельмі ласкава, цікавіўся ўсім, што чуў пра Алжыр і пра Францыю; у генерала Рамсая быў на абедзе, у начальніка штаба на гарбаце.

Я вельмі рады, што праца мая так добра прынята.

Сёння якраз можна сказаць, закончыў дзяржаўныя інтарэсы. Але В[ялікі] князь зажадаў, каб перапісалі яшчэ ў штабе некаторыя з маіх прац і нататак. Маю гэта за адзін дзень скончыць.

Паведаміў ужо ўсім, што выязджаю ў нядзелю. У панядзелак паміж другой і трэцяй буду ў Вільні."


"Пецярбург, 24-7, 1863 года. (Урывак з ліста.)

Мая мілая! Сёння быў у міністра263 і ва ўсіх маіх начальнікаў. За працу маю быў шчодра ўзнагароджаны вельмі прыветлівым, прыязным і сардэчным прыёмам. Міністр гаварыў, што вельмі рады, што я ўжо вярнуўся. Усе мне гавораць, што быў неабходны ў тыя менавіта [часы?]."

[Зыгмунт Серакоўскі ў студзеньскім паўстанні]

Пасля вяртання з Алжыра Зыгмунт пасля некалькідзённага побыту ў Вільні выехаў у Пецярбург, каб злажыць у міністэрстве справаздачу са свайго падарожжа і арганізаваць жыллё. Сардэчныя прыяцелі ўжо пра тое падумалі, таму што, калі ён прыбыў, усё ўжо было зробленым, так што на Новы год сабралася ў Зыгмунта найбліжэйшае колка, каб са мной пазнаёміцца і прывітаць у дзень прыезду.

Наша дарагая маці баялася, што Зыгмунт лішне мяне песціць, дагаджае, адгадвае мае думкі і жаданні, а што ж бы яна сказала на тое, бачачы, як яго тут усе цэняць, любяць, хапаюць і запрашаюць. Натуральна, што многа з тых адзнак зычлівасці сплывала і на мяне, бо ведалі, што ўсякая, аказаная мне зычлівасць, робіць яму вялікую прыемнасць.

Неўзабаве пазнаёмілася з усімі найвыдатнейшымі людзьмі з польскага таварыства. Расіян і вайскоўцаў Зыгмунт не запрашаў дадому, апрача Рахнеўскага, з якім я пазнаёмілася перад выездам з Пецярбурга.

Зыгмунт усе дні праводзіў у міністэрстве. Спяшаўся скончыць распачатыя дзяржаўныя работы. Хацеў, сыходзячы адтуль назаўсёды (бо з агульнага настрою ў краі бачыў неабходнасць падрыхтоўкі да гэтай хвілі), хацеў пакінуць пасля сябе карысную спадчыну ў зацверджаных найпільнейшых рэформах.

Я тут бачыла і чула шмат рэчаў для сябе новых, пра якія ніхто ў нас у Вільні не здагадваўся, хіба толькі Францішак ведаў пра іх ад Зыгмунта. Кіраваліся прынцыпам - Літва не ведае і не мяшаецца ў справы і працу дзеячаў у Пецярбургу і ў Расіі, як таксама і Пецярбург - да працы на Літве, за выключэннем у выпадку патрэбы на дапамогу і параду.

Вечары мы праводзілі найчасцей на сходах і прыёмах, якія давалі на нашае прывітанне, але і тут, так як і ў нас у краі, усіх займала адно, весткі з Бацькаўшчыны, весткі з міністэрства і з-за мяжы - заўсёды толькі нашая справа.

На тых усіх прыёмах уражвалі мяне: пышнасць і смаката, адным словам, лішак, тым больш, што мне сядзела ў памяці прынятая на Літве стрыманасць у ядзе, у вопратцы і ў напоях. Нават папяросы і цыгары былі забаронены. Прыпамінаю сабе, як у адзін з вечароў забавіў нас усіх Вітольд Аскерка, калі заскочыў з раздутымі ноздрамі, гукаючы: "Што гэта? Чую выразна на лесвіцы пах папяросаў! Нехта тут курыў? Безумоўна, курыў!" Сапраўдная зайздрасць малявалася на яго твары. Супакоіўся, чуючы, што гэта цэнзар Аўэр, праходзячы да свайго жылля, здзейсніў тое злачынства, за якое не можа быць прыцягнуты да адказнасці.

Ашчаджаныя грошы накіроўвалі на краёвыя справы.


Нягледзячы на прыёмы, візіты і пачастункі, думка, што неўзабаве можа прыйсці Зыгмунту просьба аб дапамозе з Вільні, атручвала мне кожную хвіліну жыцця. Не гаварыла яму пра тое, але дранцвела на гук званка ў нязвыклы час, на выгляд з'явіўшайся нейкай асобы, мне невядомай, з лістом, на ўручаную Зыгмунту тэлеграму, бо не ведала, калі, праз каго і ў які час яна можа прыйсці з Вільні.

Аднойчы дзіўным чынам нікога з чужых не было ў нас вечарам. Мы сядзелі ў салоніку. Я ўселася зручна ў кутку сафы. Зыгмунт выцягнуўся на ёй з галавой на маіх каленях. Вочы меў заплюшчаныя. Візітку, якая ляжала на стале, я рвала на драбнюткія частачкі, клала іх яму на лоб, пасля чаго лёгенька здзьмухвала. Паперкі беглі па твары, вусах, барадзе - твар варушыўся, торгаўся, але вочы не расплюшчваў, сам не варушыўся. Праз хвілю падняўся, узяў мае рукі, меў выраз спакойны, сур'ёзны. Гаварыў доўга, прыпамінаў мне перадшлюбную размову. У той час мы не гаварылі пра шчасце, пра дарогу жыцця, усланую ружамі, але пра заўтра страшнае, крывавае, роспачнае, пра слёзы, пра сіроцтва і бадзянні. Запытвалі ў той час сябе, ці будзем мець сілы цярпець без скаргі? Ці, нягледзячы на ўсю жудасць, не зрабіць замах на сваё жыццё? Гаварыў, што няма жыцця без мэты. Найгоршая істота ёсць атамам нябачным, нічога нязначным асобна ўзятая, але ў тым слаўным ланцугу, які з'ядноўвае Сусвет, можа ёсць дробным, нябачным, а, аднак, нязгасным агнём. Ці чалавек, як атам, які належыць да ланцуга ў Сусвеце мае права з эгаістычнай думкай сысці з гэтага свету? Не! - мусіць жыць, мусіць напоўніць да дна келіх горычы, калі ён яму прызначаны, але для нас, палякаў - гэта не келіх горычы, гэта святая камунія!

Ці Зыгмунт у той дзень застаўся дома ў чаканнні, можа, абяцанага пасланца з Вільні і пачаў гэтую размову, каб мяне падрыхтаваць да весткі, якую чакаў з такой трывогай - не ведаю, але якраз у той час слуга паведаміў, і амаль адначасова з яго словамі ўвайшоў Аляксандр Аскерка (чалец Літоўскага аддзела, прыяцель і калега Зыгмунта з універсітэцкіх часоў).

Зыгмун падняўся. Хвілю стаялі, углядаючыся адзін у другога. Зыгмунт прамовіў першы:

- Ты прынёс мне смяротны прыгавор!

Дамовіліся захоўваць як наймацней таямніцу адносна мэты выезду Зыгмунта. Прызналі неабходным прасіць на падставе ўяўнай хваробы жонкі вывезці яе неадкладна за мяжу264. Просьба пра адстаўку мела быць высланай з Вільні, пададзеная цяпер, ацаліла б праўдападобна жыццё Зыгмунту. Па якой-небудзь прычыне яго зняволілі б, не дапусцілі б таго, каб ён стаў на чале паўстання на Літве, ён, які ведаў так добра Расію, яе слабыя бакі і яе сілу, ён, які рабіў на іх такі вялікі ўплыў, а што ж цяпер, думаў бы - на сваіх.


Перад выездам з Пецярбурга гаварыў мне:

- Пайдзі я ў гэтую хвілю ў адстаўку, ацаліў бы сябе, г.зн. прадоўжыў бы сваё жыццё, але не выканаў бы абавязку з погляду Бацькаўшчыны, з погляду сваіх субраццяў, якія клічуць мяне ў сваёй патрэбе. З тым сведчаннем жыць бы не мог, не хацеў бы, нават з табой. І ты мной пагарджала б, бо ты таго, якога кахала, у якога верыла, ужо ўва мне не знайшла б. Давай, будзем мець веру, давай, будзем мець надзею, але калі нам не пашанцуе, не трацьма духу, дабраславім хвілю, якая нам дадзена, цярпець і памерці за Бацькаўшчыну. Смерць на шыбеніцы не ёсць ганьбай для паляка. Гэта крыж для хрысціяніна. З часам шыбеніца стане сімвалам пакутніцкіх часоў Польшчы.

Калі пазней, калі мяне ўжо не будзе, пачуеш галасы, што загінуў як ахвяра націску, маральнага прымусу - запратэстуй, я іду па ўласнай маёй волі, па маім уласным перакананні, нічым не прымушаны.


Зыгмунт. вяртаючыся з Алжыра, на некалькі дзён затрымаўся ў Вільні, тут у губернатара Назімава атрымаў загад ад імператара (сам пра тое прасіў) на агляд цвердзяў, турмаў і на праслухванне вайсковых судоў.

(Працяг у наступным нумары.)


261 Над словам дапісана "Rz[ad] N[arodowy]" ("Нацыянальны ўрад").

262 Гаворка ідзе пра Аляксандра Мінквітза.

263 Гаворка ідзе пра Мілюціна - міністра вайсковых спраў, начальніка Серакоўскага.

264 Серакоўскі атрымаў 28 дзён водпуску на лячэнне жонкі за мяжой.

З гутарак з Янкам Саламевічам

Сяргей Чыгрын

29 кастрычніка пісьменніку, літаратуразнаўцу, крытыку, бібліёграфу, фалькларысту, энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Саламевічу (1938-2012) споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння.

Я шмат гадоў са сваім земляком сябраваў і не мог наталіцца ягонымі ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З ім гутарыць можна было бясконца. З ім цікава было бываць на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселллях, сустрэчах. Ён мог так развесяліць грамаду, што людзі проста "рвалі" жываты ад смеху, бо выдатна ведаў беларускі гумар, фальклор. Ён умеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з вёскі Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, ён мог распавядаць бясконца.

Янка Саламевіч часта прыгадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад тэлевізарам і дзяўбла носам, казаў: "О, ужэ жыдоў возіць!". А пра сучасную моладзь яго бацька казаў: "Вянец пад плотам, а вяселё потым". А мама загадвала малым такую загадку: "Суну-пасуну, Трахім смяецца". Ніхто з дзяцей не адгадваў. Потым яна тлумачыла: "Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!". Ён заўсёды памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (г. зн. злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.

Янка Саламевіч у свой час скончыў Белдзяржуніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працаваў у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя", спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі.

У 1972 годзе з друку выйшла яго манаграфія "Міхал Федароўскі", прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам. У кнізе ён разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты.

Потым з друку выйшаў першы ў Беларусі "Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стагоддзяў". Ён хацеў яго дапоўніць і выпусціць слоўнік з друку ў двух тамах. Потым былі іншыя кнігі, якія ён напісаў, склаў, падрыхтаваў. Тысячы яго артыкулаў змешчаны ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах.

Пры жыцці Янкі Саламевіча я запісаў з ім дзясяткі інтэрв'ю. Гутарылі мы і пра беларускі дзіцячы фальклор. Урывак з гэтай гутаркі прапаную чытачам "Нашага слова".

- Спадар Янка, вы даследавалі беларускі дзіцячы фальклор - гэты дзіўны феномен беларускай традыцыйнай культуры. Але ён таксама не выдадзены асобнымі выданнямі так, як ён таго заслугоўвае. Том "Дзіцячы фальклор" (1972), які выйшаў у серыі "Беларуская народная творчасць", не ахапіў шмат тэкстаў, асабліва варыянтаў з многіх рэгіёнаў Беларусі. Зразумела, што адзін том і ёсць адзін. Хаця дзіцячы фальклор у нас багацейшы, чым у суседзяў, хоць рускія і ўкраінцы таксама нараджалі дзяцей, гадавалі іх, мусілі ім нешта спяваць, расказваць. А падросшы, дзеці самі нешта прыдумвалі, асабліва ў гульнях (жмуркі, гульня "у ножыка", "у каменьчыка", у лапту і г. д.), лічылках (каб выбраць вядоўцу), загадках, пасля ў жанры страшылак, якія цяпер вельмі папулярныя, скажам, у рускіх, (мо пад уплывам фільмаў жахаў). Што вы можаце сказаць і расказаць, як даследчык фальклору, пра нашу вуснапаэтычную творчасць для дзяцей?

-Калі гаварыць пра нашу вуснапаэтычную творчасць для дзяцей і створанае самімі дзецьмі, бачым, колькі ў нас яшчэ не сабрана, колькі не апублікавана. З дзяцінства памятаю, як мама нам спявала:

Цілі-бом, цілі-бом,

Загарэўся кошчын дом.

Бяжыць курачка з вядром,

Залівае кошчын дом.

Дзіцячая фантазія адразу малявала і гэтую кошку (шкада яе было), і яе пышны дом, і пажар, і курачку з вядром, якая яго тушыць. Ці ёсць гэты тэкст у томе "Дзіцячы фальклор"? Па-мойму, няма.

А вось непрыстойныя тэксты. Іх увогуле саромеліся друкаваць. Але ж яны ёсць.

Ці такое, якім спынялі, падмацоўвалі малых, якія надта ўжо прычэпліваліся, каб ім расказвалі казку:

- Расказаць казку?

- Раскажы, раскажы.

- Наклаў кот у вязку,

Нёс, нёс каля калёс

І - тыц табе пад нос.

Усе прыклады, якія я тут прыводжу і буду прыводзіць, з галавы, з нашае Слонімшчыны, з мае Малое Кракоткі, ад маці і ад бабы Наталлі.

- Давайце пачнём з калыханак.

- Давай з калыханак у раздзеле пазаабрадавай бытавой лірыкі. У нас многа варыянтаў (гэта ж адна з спецыфічных асаблівасцей фальклору), менавіта варыянтаў, вядомых па ўсёй Беларусі, песенек. Прывяду некалькі прыкладаў гэтых даступных зместам і формаю, наіўнай займальнасцю, выразнасцю паэтычнага малюнка, прастатой кампазіцыі, абавязковай рыфмай - каб "складно было". А як яны развівалі дзіцячую фантазію, як спрыялі мысленню вобразамі:

Люлі, люлі, люлі,

Прыляцелі куры.

Селі на варотах,

У чырвоных ботах.

Куры пазляталі,

Боты паспадалі.

* * *

Люлі, люлі, люлі,

Пашоў кот па дулі,

Памарозіў лапкі,

Скочыў на палаткі.

Сталі лапкі грэцца,

Німа дзе катку дзецца.

Як пасля такога не будзе ажыўляцца і працаваць дзіцячае ўяўленне?! Дарэчы, кот, і гэта ўсім вядома, - самы любімы персанаж нашых калыханак. Гэта і зразумела, ён быў у кожнай хаце, праз яго найперш малыя знаёміліся з жывёльным светам. Чаго толькі не прасілі ў ката ў калыханках (успомні цудоўную і па мелодыі калыханку Міхася Забэйды-Суміцкага) - укласці малога ў люльку, пазабаўляць яго. Каб хутчэй заснуў, прынесці паясок, пайсці на таржок, каб купіць малому піражок, на вулку, каб купіць булку і г. д.

А гайчуканкі? У нас гайчукаць - падкідаць дзіця на калене, каб не плакала, пагуляць з ім. Некалі мая баба Наталля спявала нам такую гай-чуканку:

Гоп, камень-валун,

За каменем горка.

Пасеяла буракі,

А вырасла моркаў.

Малое само пачынае думаць і ўяўляць: як так, пасеяла буракі, а вырасла морква. Відаць, недарэка пераблытала насенне. Што яна не бачыла, што сее? Ці што?!

А вось гульні з пальчыкамі, ножкамі малышні, прыгаворкі-забаўлянкі пра іх. Іх тысячы:

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку.

Дарожка крывенька,

Кабылка сляпенька.

Жарэбятко пад мосцік,

А Вася цап-царап

яго за хвосцік.

* * *

Кацюты, кацюты,

Ладу, ладу, ладкі.

Дзе былі?

У бабкі.

Што рабілі?

Муку малолі.

Дзе падзелі?

Мышкі з'елі.

Куды панеслі?

Сюды, сюды, сюды (у рукаў).

Па-мойму, такія варыянты, калі не мыляюся, у нашых фалькларыстаў, у хрэстаматыях не трапляліся. Ці забаўлянкі пра казу рагатую:

Ішла каза рагатая,

Барола дзіця пузатае,

Калі, калі, калі (двума пальцамі паказвае малому, як каза барола яго ў жывоцік).

Ці наша "Сарока-варона". Па-мойму, нашы варыянты арыгінальныя. Мяркуй сам:

Сарока-варона

Дзеткам кашку варыла.

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала.

А гэтаму чык -

Галоўку адцяла.

* * *

Сарока-варона

Дзеткам кашку варыла.

После ўсіх лічыла.

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Чацвертаму дала.

А гэты малы гультай:

Круп ні драў,

Хлеба ні мясіў,

Вады ні насіў.

Яму кашка на паліцы,

У чарапіцы.

- Адным з жанраў дзіцячага фальклору з'яўляюцца лічылкі. Даволі папулярныя былі ў маё маленства, ды і зараз.

- Лічылкі вельмі простыя па змесце і форме, часам нават без усялякага сэнсу, абы складна было:

Анцы, цванцы,

Трычы, рычы,

Эны, бэны,

Мэны-вэк.

* * *

Кацілася торба

З высокага горба.

А ў той торбі

Хлеб, пшаніца.

З кім ты хочаш

Падзяліцца?

* * *

Міхась, Сцяпан,

Падай стакан.

Падай лімон,

Выходзь вон.

Ёсць яшчэ заклічкі, прыгаворкі. Нашых варыянтаў, па-мойму, у друку не было:

Дожджык, дожджык,

Секані.

Я паеду на кані.

Богу маліцца,

Хрысту хрысціцца.

* * *

Дожджык, дожджык,

Перастань.

Я паеду на Растань.

Богу маліцца,

Хрысту хрысціцца.

* * *

Ядзерка, ядзерка

(божая кароўка)

Паляці на неба,

Прынясі нам хлеба.

Песенька ці лепш прыпеўка пра бусла, якую апрацаваў некалі наш слонімскі паэт Кандрат Лейка:

Бусел, бусел, клекатун,

Узяў бабу за каўдун.

Валачыў, валачыў,

Ды ў карыце намачыў.

- А ў Кандрата Лейкі верш гучыць так, напісаны ажно ў 1883 годзе:

Бусел, бусел, галяндач,

Пашоў жыта аглядаць.

Яшчэ жыта зеляно,

Буслу ногу адняло,

Скача бусел на кію,

Кляне доленьку сваю.

- Дарэчы, акрамя прыпевак беларускі дзіцячы фальклор багаты на загадкі. У 1989 годзе вы склалі і выдалі цэлую кніжку беларускіх загадак.

- Да вайны на Палессі ад 16-гадовай дзяўчынкі руская фалькларыстка Рыбакова запісала больш за 100 загадак. Яны ў том "Беларускай народнай творчасці" не ўвайшлі. У нас іх безліч. Вось некалькі. "Дзед на бабі рыпаў, рыпаў, пакуль з яе кіндзюк выпаў" (баба і журавель у калодзежы). "Авечка ў карові" (нага ў шкарпэтцы з авечай воўны ў чаравіку, які зроблены са шкуры каровы). Ці многа такіх у кніжках фальклору?

- А скарагаворкі?

- Гэта ж скарб для любога лагапеда (беларускамоўнага найхутчэй не знойдзеш). Паспрабуй сказаць, вымавіць спалучэнне нялёгкіх літар ці складоў хутка, каб не зблытацца. Напрыклад: "Дзе цётчынаму дзядзьку дзецца?". Дарэчы, я сам гэта прыдумаў. Па-мойму, у чытанні для дзяцей іх трэба ўключыць паболей. Ці многа іх выдавалася асобнымі кніжкамі? Я ведаю толькі пакуль сваю кніжку "Мама мышка сушыла шышкі". У такія чытанкі, відаць, трэба ўключаць і аўтарскія творы. Многія нашы паэты спрабуюць іх пісаць. Гэта ж гульня са словам, выпрабаванне яго эўфанічных магчымасцей.

- Цяпер сталі папулярнымі страшылкі. Рускія нават пішуць пра іх навуковыя даследаванні.

- Я да іх адношуся неяк кансерватыўна. Лічу, што яны нічому добраму дзяцей не навучаць. Але дзеці любяць страшылкі. Асабліва сучасныя. Калі я чытаў лекцыі па беларускім фальклоры (1988-1997), прасіў студэнтаў даваць мне праклёны і страшылкі. І быў здзіўлены, калі адна студэнтка-мінчанка, якая працавала ў дзіцячым садку, дала мне тэксты на беларускай мове. Ну, ці не цікавыя сваёй незвычайнасцю такая страшылка (а можа проста гумарэска):

Дзедка старэнькі

Пайшоў у лясок,

Дзедка старэнькі

Прысеў на пянёк.

Выбух!

Доўга над лесам

Ляталі штаны -

Гэта праклятае

Рэха вайны.

Каб спыніць тых малых, якія разышліся не на жарты, у нас казалі:

Мышка здохла,

Хвост аблез.

Хто прамовіць,

Той і з'есць.

Ніхто не хацеў есці здохлую мыш, таму адразу замаўкалі.

Мяне заўсёды расчульвалі песенькі ў казках. Яны нейкія вельмі сентыментальныя, быццам разлічаны, каб малое пашкадавала персанажаў, што трапілі ў бяду. Вось як жаласна пеўнік, якога ліса схапіла, абдурыўшы, просіць катка:

Коце, браце,

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы.

Па барах, па каменні,

Па ўсялякім зеллі.

Ратуй, братка, мяне,

Адбяры мяне ў яе.

У казцы каза просіцца ў сваіх казлянят, каб адчынілі:

Дзетачкі, казлятачкі,

Я ваша мама.

Чуць дадому прышла,

Малачка прынясла.

Поўны цыцы малачыцы.

Слухаючы казку, перачытваючы за персанажаў, малая ўнучка з вочкамі, поўнымі слёз, прыціскаецца да цябе, ёй страшна, яна іх шкадуе, гатовая вось-вось заплакаць.

Цепяху, лепяху,

Сем вёрст па маху.

Плыве па балоце змей.

Малая перажывае, што гэтая пачвара можа паесці галоўных герояў, якія робяць дабро людзям. Думаю, што тут болей спагаднасці, дабрыні, светлых пачуццяў, чым у рускіх страшылках:

Маленький мальчик

Нашёл пулемёт,

Больше в деревне

Никто не живёт.

* * *

Мальчик на кухне

Варил холодец,

Рядом валялся

Безногий отец.

Ну, скажы праўду, чаму могуць навучыць такія "творы"? Думаю, што нічаму добраму і гуманнаму. Не так сабе на радзінах беларусы жадаюць немаўляці тры долі ўзяці: хлебавую, салявую, здаровейкую. Толькі калі змалку ў душу дзіцяці будзе закладзена тое, што вучыць яго добраму, светламу, спагаднаму, у будучым народзіць Чалавека, народзіць тую асобу, якая будзе думаць не толькі пра сябе, а і пра іншых. Усяму гэтаму выдатна вучыць наш дзіцячы фальклор. Таму і кажу, што лепшыя ўзоры трэба збіраць, друкаваць, каб выхаванне маладога пакалення ішло на высокім педагагічным узроўні, каб яно расло здаровае, вясёлае, радаснае, каб любіла бацькоў сваіх, суседзяў, усіх добрых людзей, каб думала, як не перашкаджаць жыць іншым, як дапамагаць слабейшым, як шкадаваць усё жывое на зямлі.

Сяргей ЧЫГРЫН. Ад рэдакцыі. Тэкст пададзены з некаторымі скарачэннямі, прыбраны фізіялагізмы.)

СУЗОР'Е ТАЛЕНТАЎ

Край мой любы, на свеце адзіны!

Сэрца б'ецца мацней і мацней,

Не знайсці мне за морам Айчыны,

Каб была за цябе даражэй.

(З верша Алы Ярмак "Край мой любы".)

Аўтар верша родам з Беларусі, жыве ў Менску, а жыццё складвалася так, што давялося быць у Літве і Расіі. Але незабыўныя сцежкі маленства, бацькоўскі абраз у родным доме заўжды суправаджалі яе ў дарозе. А нядаўна яны прывялі творчага чалавека ў Нясвіж, разам з ёй прыехалі паэты Тамара Кавальчук і Мікалай Герасімаў, усе яны з'яўляюцца сябрамі Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Гасцей сустракала старшыня Нясвіжскай гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы, вядомы ў райцэнтры і за яго межамі празаік і паэт Зоя Кулік. А прынялі іх гасцінна ў Доме палякаў. За салодкім сталом адбылася зацікаўленая размова з людзьмі слова, прысутныя паслухалі іх вершы. Спачатку азнаёміліся з біяграфіямі гасцей, а яны даволі своеасаблівыя. У прыватнасці, бацька Алы Ярмак родам з Заходняй Беларусі, быў прыхільнікам Польшчы, але свой народ не забываў. Дачка засталася вернай роднай мове, хаця маці яе была з Сібіры. Ала вучылася ў Віленскім універсітэце, выкладала потым у школе рускую мову і літаратуру. Таму творчасць яе можна сказаць дзвюхмоўная, што ніколькі не змяншае яе таленавітасці і прыгажосці. Асабліва кранальна прагучалі вершы пра маму, пра няспынны бег гадоў. А на верш "Гады - журавы" Светлагорскі кампазітар Аляксей Сушанкоў напісаў песню.

Не менш цікавай аказалася жыццёвая і творчая сцяжына Мікалая Герасімава, які нарадзіўся ў Наваградку, рана застаўся без бацькоў, жыў у прытулку, пераадолеў усе цяжкасці. Служыў на ваенна-марскім флоце, на Кубе, блізка бачыў Фідэля Кастра, што зрабіла на яго незабыўнае ўражанне. А ў 1957 годзе паехаў у Маскву, на Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў убачыў юнакоў з вострава Свабоды і падбег да іх павітацца. Для беларуса гэты шчаслівы момант застаўся ўспамінам на ўсё жыццё. Давялося жыць у Літве, дзе ствараўся творчы альманах на рускай, літоўскай і польскай мовах. Пазней выйшаў зборнік "Сузор'е", у які ўвайшлі паэтычныя і празаічныя творы дваццаці аўтараў з Беларусі і Літвы. А ў другім альманаху геаграфія пашырылася: 33 аўтары з розных краін, у тым ліку з Амерыкі, Ізраіля, Польшчы і іншых. Яго выдаўцы - Мікалай Герасімаў, яго жонка Ала і паэтка Тамара Кавальчук. Усе затраты яны ўзялі на сябе. Вось што значыць бескарысны энтузіязм адданых творчасці людзей. Цяпер рыхтуецца да выпуску кніга "Легенды і рэаліі ВКЛ" у садружнасці з краязнаўцай Зояй Кулік.

Тамара Кавальчук ужо другі раз наведала наш Нясвіж, была ў СШ № 4, яна - аўтар шасці кніг. Родам з Нароўлі, маці - полька, бацька - украінец, а дачка ў пашпарце беларуска. Палюбіла ўсёй душой свой родны край і яго мілагучную мову, піша і на рускай. Падрыхтавала творы для кнігі ўсіх узростаў "Буслік", якая хутка выйдзе ў свет. Лірыка паэткі кранае душу, а яшчэ яна напісала верш пра каханне Барбары і Аўгуста, натхнёная наведваннем замка Радзівілаў і яго легендамі. Тамара Кавальчук з'яўляецца і прыхільніцай Полацкага аб'яднання паэтаў. Яна знаходзіць цудоўныя вобразы і параўнанні, таму з-пад пяра выходзяць выдатныя радкі. Сёлета яна перадала адзін зборнік у райбібліятэку, другі - у Дом палякаў.

Трое творчых людзей пастаянна сустракаюцца з чытачамі. Сёлета , напрыклад, іх было 30. Пабывалі ў гімназіі №1 г. Менска, у Мар'інай Горцы, Чэрвені, бібліятэках Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Наваградку з нагоды дня нараджэння Адама Міцкевіча і ў іншых месцах. І ўсюды адчувалі зацікаўленасць слухачоў, чулі словы шчырай удзячнасці за прыемныя моманты сустрэч. А ў сярэдзіне кастрычніка іх чакала цікавая паездка ў Коўню, на 6-ы Міжнародны фестываль духоўнай паэзіі. Запрасіла іх туды доктар гуманітарных навук Эляна Суодзене. На гэтай імпрэзе была магчымасць выказацца ўсім, праходзіла свята ў праваслаўным храме. Затым будзе выдадзены зборнік "Акіян надзеі". Паэты заўжды ў дарозе, і, несумненна, стане цікавай чарговае падарожжа - на прэзентацыю альманаха "Ступені" ў Вільні. Наперадзе іх чакаюць новыя творчыя здабыткі і цікавыя падарожжы, без якіх нельга ўявіць жыццё інтэлектуальных таленавітых энтузіястаў.

Раіса Хвір, г. Нясвіж.

ЯГО СЛАВЯНСКАЯ ВЯЛІКАСЦЬ

Напрыканцы гэтага года спаўняецца 220 гадоў ад нараджэння заснавальніка славянскага рамантызму Адама Міцкевіча, што нарадзіўся на Наваградчыне, бліз возера Свіцязь, і любіў беларускую Літву як сваю дарагую радзіму. Даводзілася сустракаць меркаванні некаторых літаратуразнаўцаў, што Міцкевіч мог гасцяваць ў нашым Снове, бо сябраваў з тагачасным гаспадаром Сноўскага палаца Рдултоўскім. Так гэта ці не - дакладна невядома, а вось тое, што кнігі Міцкевіча часта гасцявалі ў сялянскай хаце нашага таты - юшавіцкага паэта Івана Гурбана - несумненна. Чытаў-перачытваў ён "Крымскія санеты" рамантыка з-над Свіцязі, чытаў пра яго ўспаміны сучаснікаў, добра ведаў яго жыццёвыя дарогі.

Сёння, хай і праз 20 гадоў пасля напісання, ужо пад 220-годдзе Адама Міцкевіча, хай бы спраўдзілася татава жаданне, каб людзі, якія шануюць роднае слова, паэзію і вялікага песняра, што "з Навагрудскага двара", пачыталі тыя ўдзячныя радкі вясковага паэта з нясвіжскіх Юшавіч.

Варта згадаць і тое, што наш тата ў юныя гады быў вучнем Пятра Біталя - перакладчыка на беларускую мову твораў Міцкевіча (у першую чаргу паэмы "Пан Тадэвуш"). Таму і не дзіўна, што з такой пашанай ставіўся ён да творчай спадчыны Адама Міцкевіча, пісаў вершы ў яго гонар. Было тое ў 1998 годзе, калі адзначалася 200-годдзе Міцкевіча. Два вершы былі падрыхтаваны да друку ў раённай газеце. Але здарылася так, што тата надоўга трапіў у бальніцу. Менш, чым праз год, яго не стала. Так і не дайшлі тыя вершы да нясвіжскага чытача.

Некалькі радкоў з верша-прысвячэння "Адаму Міцкевічу", які тата напісаў у 1998 годзе:

Шануе люд твае тамы,

Зямны паклон табе, паэту,

Твой яркі талент любім мы,

Чытаем "Крымскія санеты".


Любіў ты Свіцязь,

Нёман наш…

Ты заслужыў, магутны, права,

Каб паэтычны твой багаж

Звінеў над Менскам,

над Варшавай.


Бальзам твой воблік захаваў,

І даў прытулак вечны Вавель.

А ты ў кут родны завітаў

Спачыць душой -

тут больш цікава.


Твой тэрыкон натхняе нас,

Цябе на славу любім клікаць,

А ты сусвету напаказ

Нясеш Славянскую вялікасць.


Вось яшчэ адзін, што мае назву "Тэрыкон Адама Міцкевіча":

Паэтаў шмат, маладняка -

Усходзіць сонца і заходзіць -

Але такога песняра,

Што з Навагрудскага двара,

Паэззі зыркай мастака,

Высокаўзнёслага арла

У два стагоддзі

Аднаго

Бог людзям родзіць.

Людміла Асоева,

Ларыса Ратомская,

(дочкі паэта Івана Гурбана),

Нясвіж.

Паклон Айчыне ад Алеся Цыркунова

18 лістапада на Жлобіншчыне, у Чырвонабярэжскім старажытным палацы Козел-Паклеўскіх, адкрылася персанальная выстава карцін сябра Саюза мастакоў Беларусі Алеся ЦЫРКУНОВА - "Паклон адроджанай Айчыне".

Алесь Цыркуноў - вядомы ў Беларусі жывапісец. Яго творы знаходзяцца ў музеях Менска, Наваполацка, Гародні, Віцебска, Жлобіна, іншых гарадоў, у прыватных зборах. Пасля Чарнобыльскай аварыі аўтар кардынальна змяніў свае погляды на месца мастака і мастацтва ў грамадстве: сюжэты яго работ набылі нацыянальную тэматыку. Мастак звяртаецца да знакавых падзей у гісторыі Беларусі, стварае партрэты вядомых суайчыннікаў: князя Вітаўта, святой Еўфрасінні Полацкай, першадрукара Францішка Скарыны, іншых. Не апошняе месца ў творчасці Алеся Цыркунова займае тэма малой радзімы. Пра гэта сведчаць яго карціны, прысвечаныя маці, земляку са Жлобіншчыны, пісьменніку Уладзіміру Содалю, іншыя (усе гэтыя работы прадстаўлены на выстаўцы).

Дарэчы, да Года малой радзімы мастак і прымеркаваў сваю выстаўку. А яшчэ - у гонар адроджанай Айчыны: сёлета беларусы адзначаюць 75-годдзе пачатку вызвалення роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ёсць і яшчэ адна падстава для гэтай творчай справаздачы: 70-годдзе самога аўтара. З гэтым юбілеем мастака падчас адкрыцця выстаўкі павіншавалі і падзяліліся сваімі ўражаннямі наконт яго творчасці дырэктар Жлобінскага гістарычна-краязнаўчага музея Ніна Шрэйтар, мастакі Леанід Вялічка, Уладзімір Слесараў і Уладзімір Скрыганаў, аўтар гэтых радкоў. А сам Алесь Цыркуноў выказаў падзяку аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за аказанае садзейнічанне ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства (карціны трэба было даставіць з Менска, падрыхтаваць памяшканне). Потым мастак правёў экскурсію па выставачнай зале.

Мікалай ШУКАНАЎ, краязнавец. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX