Вярнуцца: 2018

№ 50 (1409)


Дадана: 13-12-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1409), 12 снежня 2018 г.

Алесь Краўцэвіч на курсах "Мова нанова" ў Лідзе

Выдатныя занятакі курсаў беларускай мовы "Мова нанова" прайшлі 5-га снежня ў Цэнтры сучаснага мастацтва Ga11ery ў г. Лідзе! Сустрэча з прафесарам варшаўскага ўніверсітэта, гісторыкам і археолагам сп. Алесем Краўцэвічам уразіла ўсіх прысутных захапляльнымі ведамі пра нашу спадчыну і мінулае - Вялікае Княства Літоўскае - прамымі нашчадкамі якога мы, беларусы, з'яўляемся.

Цудоўная вядоўца Наталля Тананушка адкрыла занятак словамі беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча: "Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта - чалавек ці народ".

Прафесар Алесь Краўцэвіч праз тлумачэнне кожнага слова са слоўніка, прысвечанага тэме заняткаў, дапамог прысутным уявіць карціну пра час нашай вольнай Дзяржавы, чым і пашырыў веды ў вывучэнні роднай мовы.

Усіх таксама ўразілі пэўныя адказы ў веданні значэння слоў самага юнага слухача курсаў "Мова нанова" Кастуся Буйніча, якому за добрыя веды сп. Алесь Краўцэвіч прэзентаваў сваю кнігу "ГЕДЫМІН".

Добры практычны занятак правяла Ірына Струмскіс, праз які слухачы курсаў таксама даведаліся пра цікавыя значэнні слоў.

Лепшыя вучні заняткаў - Кастусь Буйніч і сп. Павел (прозвішча назваць забыўся), атрымалі ад курсаў "Мова нанова" памятныя значкі.

Без падарунка не пакінулі і шаноўнага госця сп. Алеся Краўцэвіча, якому ад Лідскіх курсаў "Мова нанова" шчыра падзячылі за сустрэчу памятным значком "Мова нанова", апошнім нумарам часопіса "Лідскі летапісец" і апошнімі нумарамі штотыднёвай газеты "Наша слова". Прымаючы падарункі, сп. Алесь Краўцэвіч, шчыра дзякуючы, прызнаўся, што газету "Наша слова" выпісвае, а часопісы "Лідскі летапісец" з задавальненнем збірае ў асабістую падшыўку.

Усе слухачы курсаў таксама атрымалі новыя нумары газеты "Наша слова" і маглі набыць кнігі прафесара з памятным аўтографам.

Шчыра дзякуем усіх хто падтрымлівае інфармацыйна Лідскія курсы беларускай мовы "Мова нанова" - штотыднёвай газеце "Наша слова", газеце "Принеманские вести", Таварыству беларускай мовы імя Ф. Скарыны г. Ліды, SAY.BY, Ga11ery. І таксама за дапамогу ў распаўсюдзе кішэнных афішаў (flyer) кавярням - "Добрая кава", "Central Coffee House" і кавярні хуткага харчавання "Тутака".

Алег Лазоўскі. Фота: Алег Лазоўскі, Павел Мацылевіч.

Прэзентацыя беларускамоўнага Новага Запавету ў Наваградку

У Цэнтральнай раённай бібліятэцы ў Наваградку было прэзентавана Евангелле на беларускай мове. Першы поўны афіцыйны рыма-каталіцкі пераклад Новага Запавету быў падрыхтаваны Cекцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў пры Каталіцкім касцёле Беларусі. Першая прэзентацыя Новага Запавету на беларускай мове адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску, а пасля ў шэрагу іншых гарадоў Беларусі. У Наваградак Евангелле прывёз мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

- Гэтая падзея вельмі важная, важная для горада. Тым больш, тут нарадзіўся вялікі чалавек слова Адам Міцкевіч, які казаў: "Чалавек, ты верыш, што Бог нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні, але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы". А нараджаеца Бог у сэрцы чалавека найперш праз Божае слова, бо вера ад слуху, як вучыць святы апостал Павел. Таму ў шэрагу гэтых месцаў, дзе адбывалася прэзентацыя, вельмі важны таксама і Наваградак.

Нароўні з каталіцкім духавенствам у прэзентацыі перакладу Новага Запавету ў Наваградку бралі ўдзел і прадстаўнікі мясцовай свецкай улады. А пасля мерапрыемстваў у Цэнтральнай бібліятэцы Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў імшу ў мясцовым касцёле святога Міхала Арханёла.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак. Фота аўтара.

100 гадоў з дня нараджэння Кастуся Кірэенкі

Кастусь КІРЭЕНКА (Канстанцін Ціханавіч), (12 снежня 1918, в. Гайшын, Слаўгарадскі раён - 15 верасня 1988) - беларускі паэт, перакладчык, журналіст і рэдактар.

Скончыў Гомельскі педагагічны інстытут у 1940 годзе. Пасля некалькіх месяцаў працы ў школе быў прызваны ў Савецкую Армію. Падчас Вялікай Айчыннай вайны - вежавы стралок танка, потым карэспандэнт армейскай газеты на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Пасля дэмабілізацыі працаваў у часопісах "Беларусь" (1945-1962), галоўным рэдактарам часопісаў "Бярозка" (1962-1972) і "Полымя" (1972-1986). У 1980-1984 гадах з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Друкаваўся з 1939 года. Аўтар зборнікаў паэзіі "Ранак ідзе" (1945), "Пасля навальніцы" (1947), "Мая рэспубліка" (1949), "Маякі" (1952), "Родны свет" (1952), "Любоў і дружба" (1955), "Светлая хваля" (1959), "Антонавы грахі" (вершаваныя фельетоны, 1960), "Слаўся, юнацтва" (1961), "Вернасць" (1961), "Смага" (1962), "Жывыя ідуць наперад" (1964), "Цёплая радуга" (1966), "Кніга ста песень" (1971), "Слухайце ластавак" (1974), "Сіні вырай" (1976), "Вёсны веснаваць" (1979), "Дэкрэтам сэрца" (1983), "Калыска вятроў" (1985), "Надзея" (1985). Для дзяцей выйшлі паэма "Алёнчына школа" (1951), кніжкі вершаў "Зялёнае рэха" (1953), "Вясна-красна" (1956), "Сад піянерскі" (1960), "Урачыстая песня" (1965), "Прысяга" (1969), вершаў і паэм "Размова з капітанамі" (1987). У 1969 і 1978 гадах выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1986-1988 гг. - Збор твораў у 3 тамах.

Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў для дзяцей "Сум і радасць дзеда Рэпкі" (1967), "Ручаіны шукаюць ракі" (1967), "Алесева кніжка" (1972), "Вандроўнае шчасце: Рыбацкая паэма" (1977) і інш.

Вікіпедыя.

План дзейнасці рамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2019 год

Праект

1. Асветніцкая і педагагічна-псіхалагічная праца:

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2019-2020 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства;

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў: збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, з Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

4.Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5.Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

6. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час ", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

7.Правядзенне літаратурных сустрэч.

8.Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы. Правядзенне круглых сталоў, сустрэч з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі). Першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага, 2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап - 25 сакавіка.

9.Забеспячэнне дзейнасці інтэрнэт-партала ТБМ.

10. Кампанія па актывізацыі грамадзян да беларускай мовы з нагоды Перапісу

11. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

12.Адзначыць Дзень беларускай школы.

13.Падаць праект Закона Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Палату прадстаўнікоў

14. Правядзенне курсаў для школьнікаў па гісторыі, беларускай мове

15. Выдаць чарговую кнігу "Летапіс ТБМ" за апошнія 5 гадоў

16. Адзначыць наступныя даты:

1000 - Першыя летапісныя звесткі пра Берасце (1019)

975 - Пачатак княжання ў Полацку Усяслава Чарадзея (1044)

525 - Высокае атрымала магдэбургскае права (1494)

450 - Люблінская ўнія (1569, 1 ліпеня)

450 - І. Фёдараў і П. Мсціславец выдалі сваю першую кнігу ў Беларусі (1569)

450 - Радашкавічы, Крынкі, Сураж і Дзісна атрымалі Магдэбургскае права (1569)

440 гадоў таму назад (1579) мяст. Мір атрымала Магдэбургскае права (няпоўнае).

425 - Заснаванне Бельскага брацтва (1594)

275 - Міхал Карповіч (1744 - 1803), асветнік

225 - Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (1794)

225 - Ян Баршчэўскі (1794 - 1851)

225 - Ігнат Ходзька (1794 - 1861)

200 - Фларыян Міладоўскі (1819 - 1889), кампазітар

200 - Браніслаў Залескі (1819 ці 1820 - 1880), мастак

200 - Станіслаў Манюшка (1819 - 1872)

175 - Іван Яркоўскі (1844 - 1902), фізік

150, 125 - Адам Гурыновіч (1869 - 1894)

150 - Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1869 - 1927), мастак

150 - Казімір Стаброўскі (1869 - 1929)

125 - Альбін Стэповіч (1894 - 1934)

125 - Мікола Галадзед (1894 - 1937)

125 - Сцяпан Булат (1894 - 1921)

100 - Заснаванне Беларускай гімназіі ў Вільні (1919, 1 студзеня)

100 - Вера Палтаран (Ляпеская) (1919)

100 - Утварэнне Беларускай ССР (1919, 1 студзеня)

100 - Смерць Івана Луцкевіча (1919)

80 - Уз'яднанне беларускага этнасу ў рамках БССР у ходзе 2-й Сусветнай вайны

75 - Знішчэнне Супраслеўскай бажніцы абарончага тыпу (1944)

75 - Скасаванне Беластоцкай вобласці ў сувязі з перадачай яе тэрыторыі ПНР (1944)

30 гадоў утварэння ТБМ імя Ф. Скарыны

30 гадоў устаноўчай канферэнцыі Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ

30 гадоў устаноўчай канферэнцыі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ

17. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ: 70 гадоў з дня нараджэння Міхася Мельніка, першага старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ

Паважанае спадарства, аматары гісторыі нашай краіны!

На падрыхтоўчых курсах Прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" з панядзелка 3 снежня ў 17:30 пачынаецца курс лекцый па гісторыі Беларусі.

Лектар - вядомы вучоны, доктар гістарычных навук, прафесар Валянцін Голубеў.

Курс уключае ў сябе 36 гадзін лекцый.

Заняткі праводзяцца адзін раз на тыдзень.

Чакаем усіх неабыякавых да сваёй гісторыі сяброў!

Па пытаннях наведвання курса і аплаты звяртацца па тэл: +375 29 6383359, сп. Эліна.

Даследаванне пра мяшчан

У сталічнай краме "Акадэмкніга" набыў кнігу маладой аўтаркі Ксеніі Сяргееўны Церашковай пад назвай "Мяшчане ў сацыяльна-эканамічным развіцці беларуска-літоўскіх губерняў (1861-1914)". Кніга з'явілася ў выдавецтве "Беларуская навука" і мае наклад 150 асобнікаў.

Даследаванне прысвечана выяўленню спецыфікі сацыяльна-прававога і эканамічнага становішча мяшчан беларуска-літоўскіх губерняў ва ўмовах мадэрнізацыйных працэсаў і пераходу ад традыцыйнага грамадства да індустрыяльнага. Структура працы абумоўлена выбарам прадмета даследавання,якім з'яўляецца сацыяльна-прававы статус і гаспадарча-эканамічная дзейнасць мяшчан беларуска-літоўскіх губерняў ад 60 гадоў ХІХ ст. да пачатку ХХ ст.

Асноўнымі кірункамі гістарычнага аналізу вызначаны наступныя праблемы: вызначэнне характару ўрадавай палітыкі ў фарміраванні і трансфармацыі прававога статусу мяшчан, устанаўленне дынамікі колькасці мяшчан, выяўленне крыніц іх папаўнення і этнаканфесійнага складу; вылучэнне асноўных напрамкаў сацыяльнай мабільнасці мяшчан, вызначэнне вядучых кірункаў развіцця гандлёвай дзейнасці мяшчан; устанаўленне асноўных форм і галіновай структуры мяшчанскага прамысловага прадпрымальніцтва і іх эвалюцыі на працягу 60-х гадоў XІX - пачатку XX стагоддзя.

Рэцэнзентамі манаграфіі з'яўляюцца: доктар гістарычных навук, дацэнт Н.І. Плятаева і кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.В. Яноўская.

Навукова-папулярнае выданне насычана добрымі фатаграфіямі, табліцамі і іншымі дадаткамі... Геаграфічныя межы даследавання (такая спецыфіка тэмы) ахопліваюць тэрыторыю крыху большую за сучасныя межы Беларусі. Манаграфія зацікавіць даследчыкаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй. Кнігу мажліва набыць усяго за 13 рублёў.

Спяшайцеся!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Графіка і паэзія Рыгора Сітніцы

Хай сабе для натоўпу слова маё - пустое.

Ды, калі выйдзе тэрмін зямное візы,

Ведацьму, хоць да неба я не дастаў, затое

Жыў ля яго паблізу. (Р.С.)

Выстаўка графікі старшыні Саюза беларускіх мастакоў Рыгора Сітніцы дэманструецца ў Дзяржаўным мастацкім музеі. Яна мае каштоўнасны сэнс, бо выяўляе знакавыя моманты ў архітэктуры, манументальных помніках, матэрыяльнай культуры.

Нядаўна на адкрыцці выставы свайго калегі Рыгор Сітніца сказаў:

- У нашым саюзе прадстаўлена як акадэмічнае, так і канцэптуальнае мастацтва. Паводле дыплома і прафесіі мастацтва не заўсёды адбываецца. Для мастака і творчай асобы заўсёды важна ісці за ідэяй, якой ён служыць. Мастак паводле сутнасці сваёй рухаецца да канца, спазнаючы Сусвет і інтэлектуальны досвед папярэднікаў.

Улюбёны матыў спадара Рыгора - беларуская манументальная культура, помнікі дойлідства, хаты з груба абчасаных бярвенняў, насечаныя дровы, штакетнік зімой, побытавыя прадметы. Цёплыя пачуцці выклікаюць плеценыя косы цыбулі, кошык з кукурузнымі пачаткамі.

У працах праяўляецца настальгія па традыцыйных вясковых вобразах, якія закладзены ў свядомасць многіх людзей з дзяцінства. Мастак трывала замацоўвае свет вобразаў свайго маленства, каб гэты свет працягваў існаваць.

- Простыя рэчы я раблю простымі матэрыяламі, выводжу з банальнага кантэксту і ўздымаю на ўзровень высокага мастацтва. Я спрабую паказаць маладым людзям, як з бульбы, цэглы, шыферу зрабіць сучасны арт-аб'ект. Я рэалістычны мастак, але часам спалучаю канструктывісцкія і супрэматычныя кампазіцыі. Я ствараю мастацкі вобраз, які становіцца новай рэальнасцю, - пракаментаваў сваю выставу Рыгор Сямёнавіч Сітніца.

У дакументальных адбітках ён бачыць магчымасць захаваць нацыянальную культурную спадчыну. Творамі Рыгора Сітніцы можна выдатна ўпрыгожваць сядзібы, кавярні, турыстычныя аб'екты.

Аглядаючы творы на выставе, пачула мяркаванне аднаго з гледачоў, які палічыў графіку Рыгора Сітніцы безэмацыйнай і сухой.

Каб паглыбіць знаёмства з вядомай творчай асобай, зазірнула ў кнігу вершаў Рыгора Сітніцы "Ток", што выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве "Чатыры чвэрці", і пераканалася, што яго паэзія, як і ўся творчасць, - поўная эмацыйных вобразаў і глыбокіх пачуццяў. Што недагаварыў графік-Сітніца, тое цудоўна выразіў Сітніца-паэт.

Пра што гаворыць птушыны клінапіс

На снезе белым нібы пергамент?

Пра што яліны крэсляць галінамі,

Даверыўшы воблаку тэстамент?

- У вершах Рыгора Сітніцы - раскутасць і ашчаднасць, аратайнасць і панавітасць, апантанасць і роздумнасць, прыпар шчодрадайнасці і прысмерк смутку, баляванне гуку і раскоша майстэрства, - пісаў пра свайго сябра народны паэт Рыгор Барадулін.

У паэзіі Рыгора Сітніцы шмат музычных вобразаў, у вершы ўплятаецца блюз начнога дажджу і сола для вулічнага саксафона, срэбра флейтаў і золата труб, настальгічны водар мелодыі, які аплятае смуткам прысады.

Паэт цудоўна перадае прыгажосць хвілінаў пары яснавокай, восені, і апісвае вэлюм белы каляднай завеі. Хвалюе яго душу і вясновы настрой:

Маладым капяжам расхінуўшы душу і вакно,

Сакавіцкім блакітам паштоўку

табе напішу я,

І нібыта з абноўкаю,

з небам вясновым цябе павіншую -

Да блакіту вачэй тваіх дужа пасуе яно.

У многіх вершах Рыгора Сітніцы гучыць настальгія па разбураных гарадскіх забудовах, чуецца імкненне захаваць каштоўнае мастацкае і культурнае асяроддзе. Сум па адышоўшых сябрах навявае смутак, нараджаюцца радкі наўздагон Сяргею Цімохаву і іншым творцам. Цыкл вершаў "Трысвечнік" сугучны барадулінскаму "Трыкірыю".

Стрыманасць і патрабавальнасць нараджаюцца ў душы паэта, калі ён сустракаецца з вялікай чалавечай бядой.У вершы "Вочы бяды" паэт піша, што адчувае чалавек, які наведвае дзіцячы хоспіс у Бараўлянах:

"Ці вы ашуканы каханак, ці тлумных багем

Заўсёднік натомлены,

ці барацьбіт з ветракамі,

Ці прага пажадная цісне душу, нібы камень…

Ды глянуўшы ў вочы вялікай Бядзе і Журбе,

Спытайцеся ў сябе:

Які гэта клопат вам соладка спаць не дае?

Чаго вашым душам ў гэтым жыцці не стае?

Ці мала вам хлеба,

ці свет гэты стаўся вам цесны?

Даруй нам, Бацька Нябесны…"

Герой паэмы Рыгора Сітніцы "Знак перасцярогі" перажывае драматычную барацьбу з анкалагічным дыягназам.У пошуках падтрымкі і паратунку ён з усёй моцай пачуццяў звяртаецца да Вышэйшых сілаў. І апошні прыстанак юдолі, шпіталь ў Бараўлянах, адыходзіць на задні план, а канцавым прыпынкам надзеі становіцца Царква Багародзіцы ў Бараўлянах. Лёс-канваір вяртае героя зноў на святло. Перажыўшы разам з героем паэмы яго выпрабаванні, чытач адчувае ачышчэнне душы і вызваленне з палону тысячы непатрэбных дробязяў, клопатаў, турбот.

Паэма была створана аўтарам у 2011-13 гадах, а ў 2012 годзе Рыгор Сітніца стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і ў той жа перыяд быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Э. Дзвінская, На здымках: Рыгор Сітніца і яго працы.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

209. Калымага (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва калымага (разм. неадабр.) 'пра нязграбныя калёсы, павозку, машыну'.

210. Калянковіч (Уладзімір) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Калянка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Калянковіч. Утваральнае слова ад апелятыва калянка 'скрылік (каўбасы, морквіны, яблыка; мае форму круга (кола))' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" П. Сцяцко, с. 56).

211. Канашэнкаў (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Канашэнка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Канашэнкаў. ФП: Конан (імя <грэч. 'які працуе, служыць, спяшаецца') - Конон (1555 г.), Конаш (1577) - Конаш (празванне, потым прозвішча) - Канашэнка ('нашчадак Конаша', суфікс, -энка) - Канашэнкаў.

212. Каплуновіч (Алег) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Каплун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Каплуновіч. ФП: каплун ('пакладаны певень, якога адкормліваюць на мяса') - Каплун (мянушка, потым прозвішча) - Каплуновіч.

213. Капц юг (Ірына) - другасная форма ад Капцюх - семантычны вытвор ад апелятыва капцюх (устар.) 1) светач; 2) курная хата (СБГПЗБ, т. 2, с. 409). Форма Капцюг для адмежавання ад апелятыва капцюх.

214. Капчук (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва капчук (памянш. да капец 'курган, надмагільны насып' (СБГПЗБ, т. 2, с. 404)).

215. Капыльская (Ларыса) - вытвор з суфіксам - ская ад тапоніма Капыль і значэннем 'нараджэнка названага паселішча, жыхарка яго': Капыльская.

216. Капытка (Алена) - другасная форма ад Капыток - семантычны вытвор ад апелятыва капыток, памянш. (суфікс -ок) ад капыт 'рагавое ўтварэнне на канцы ног у некаторых млекакормячых'. Форма Капытка для адмежавання ад апелятыва.

217. Каразей (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва каразей - утварэнне ад прыметніка каразійны з выкарыстаннем суфікса -ей: караз(-ійн-)-ей. ФП: карозія (спец.) ('разбурэнне металаў пад уздзеяннем асяроддзя-вільгаці, хімічных рэчываў і пад.') - каразійны ('які мае адносіны да карозіі') - карозей (субстантыў) - Каразей (мянушка асобы) - Каразей.

218. Караленка (Уладзімір) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -енка ад антрапоніма Кароль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кароленка - Караленка. ФП: Карл (імя <ням. 'асілак, мужны чалавек') - Кароль (1630 г.) - Кароль (празванне, потым прозвішча) - Караленка.

219. Караняка (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва караняка 'вялікі корань' ці як экспрэсіўны варыянт лексемы ' корань' ('падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчы'; 'пачатак, аснова, крыніца чаго-н.' і інш.).

220. Каратаеў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Каратай з значэннем 'нашчадак названай асобы': Каратайеў. ФП: рус. коротай 'кароткі кафтанчык', 'чалавек у кароткім адзенні' (Даль), цюрк. кара 'чорны' і тай 'жарабя' (Фасм.) - Каратай (мянушка, потым прозвішча) - Каратаеў.

221. Каржанеўскі (Эдвард) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -еўскі ад антрапоніма Коржань і значэннем 'нашчадак названай асобы' - Коржанеўскі. ФП: коржань (польск. korzеn 'корань') - Коржэнь (палітарная перадача польск. Кorzеn) - Коржань (мянушка, потым прозвішча) - Коржанеўскі - Каржанеўскі.

222. Карэўскі (Аляксандр) - вытвор з суфіксам - скі ад тапоніма Карэва і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Карэвскі - Карэўскі. Або прэстыжная форма (з суфіксам -эўскі) ад антрапоніма Кары - семантычнага дэрывата ад апелятыва-прыметніка кары 'карычневы (пра колер вачэй)'. ФП: кары ('колер') - Кары (антрапонім, прозвішча) - Карэва (тапонім) - Карэўскі.

223. Касаты (Людвіг) - семантычны вытвор ад апелятыва касаты 'з касой на галаве' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 428).

224. Каспяровіч (Павел) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Каспер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Касперовіч. ФП: Каспер (імя <серб., польск. 'вартаўнік скарбаў'; грэч. gaspares <санск. gataspa 'майстар, настаўнік') - Каспер (празванне, потым прозвішча) - Каспяровіч.

225. Кастузік (Вольга) - другасная форма, першасная Кастусік - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Кастусь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кастусьік - Кастусік. ФП: Канстанцін (імя <лац. 'цвёрды, стойкі, пастаянны') - Константин (1635 г.), Косця (1556), Костусь (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Кастусік - Кастузік (мена парных па звонкасці-глухасці гукаў с - з).

226. Касцень (Алесь) - народны варыянт з фінальным -ень ад імя Канстанцін набыў ролю прозвішча. Гл. Касцюніна.

227. Касцюкоўскі (Аляксей) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Касцюкоўка і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны': Касцюкоў(ка)скі. Або ад антрапоніма Касцюк з суфіксам шляхетнасці -оўскі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Касцюкоўскі. ФП: Канстанцін (імя <лац. 'цвёрды, стойкі, пастаянны') - Костюк (1558 г.) - (празванне, потым прозвішча) - Касцюкоўка (тапонім) - Касцюкоўскі.

228. Касцюніна (Ульяна) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -ін-а ад антрапоніма Касцюня і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Касцюніна. ФП: Канстанцін (імя <лац. 'цвёрды, стойкі, пастаянны') - Косця (1556) - Касцюня (народны варыянт, потым прозвішча) - Касцюніна.

229. Кацур (Юрый) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва кацур 'самец качкі' (пры змене ц/ч, як цярэшня 'чарэшня' (СБГПЗБ, т. 2, с. 444)). Або ад ст. бел. кацер 'ерэтык' ("Беларуская антрапанімія" М. Бірылы, 1989, с. 194). Ці вытвор з -ур ад Кац (1589) < Канстанцін <лац. 'цвёрды, стойкі, пастаянны' з нарошчаным -ур (параўн. Сцяпан - Сцяпур).

230. Кацянкоў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Кацянок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кацянок (род. Кацянка) - Кацянкоў. ФП: кацянок (рэг.) 'кацяня' - Кацянок (мянушка, потым прозвішча) - Кацянкоў.

231. Кеда (Альжбета) - семантычны вытвор ад апелятыва-слова кеда, якое з старабеларускага кгеда, дзе дыграф (спалучэнне дзвюх літар) кг абазначаў выбуховы гук [ g, =к] <першаснае геда < літ. geda 'сарамлівасць' < gedytis 'саромецца', літара К, што абазначала толькі адметнасць выбуховага гука [ г], затым замяніла і гук, лексема стала перадавацца на пісьме: кеда < геда.

232. Келбік (Сымон) - семантычны вытвор ад апелятыва келбік - памянш.-ласк. ад келб 'пячкур'. Гл. Кіблоў < Келбоў. Або вытвор ад антрапоніма Келб з суфіксам -ік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Келбік; як Адамік, Лукашык.

233. Кібалка (Зінаіда) - семантычны вытвор ад апелятыва кібалка 'жаночы галаўны ўтвор - шапачка пад падвязку' (Даль).

(Працяг у наступным нумары.)

Усебеларускае 70-годдзе Яўгеніі Янішчыц

Палесся мілае дзіця

Яны даўно былі гатовы

Ажыццявіць "святы" парыў -

Ліквідаваць дарэшты мову,

Якой Купала гаварыў.


Але назло іх крыку: "Знішчыць!"

З глыбінь народнага жыцця

Увысь ірвалася Янішчыц -

Палесся мілае дзіця.

(Ніл Гілевіч, "Сказ пра Лысую гару".)

20 лістапада 2018 года творчая грамадскасць г. Менска адзначыла юбілей Яўгеніі Янішчыц, якая трагічна загінула ў 1988 годзе.

Мерапрыемства адбылося ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Прысутных прывітаў новы кіраўнік музея спадар Міхась Леанідавіч Рыбакоў.

Потым перад прысутнымі выступалі пісьменікі: Анатоль Бутэвіч, Васіль Жуковіч, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Генрых Далідовіч, Аляксандра Грыцкевіч... У зале прысутнічалі Хрысціна Лялько, Антаніна Хатэнка, Анатоль Верабей, Ірына Багдановіч, Святлана Багданкевіч і іншыя асобы.

Супрацоўнікі БТ былых часоў прэзентавалі вельмі цікавы фільм пра геніяльную паэтку, які меў назву "Палесся мілае дзіця..." Гучала музыка славутай Таццяны Беланогай. Мне вельмі спадабалася, як чытала вершы Яўгеніі Янішчыц супрацоўніца музея Аксана Жыльбіч.Цікава было паслухаць журналістаў Валянціну Гумілёўскую і Уладзіміра Субата. Вечарына працягвалася тры гадзіны. Прысутныя не хацелі разыходзіцца, бо было сапраўды цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Мы чуем тваю жаўруковую песню

Палессе нарадзіла паэтэсу

Кожны народ мае паэтаў-пісьменнікаў, якія праславілі свой край. На Пінскім Палессі такой з'яўляецца Яўгенія Янішчыц.

Лістапад 1948 года... У палескай вёсачцы Рудка з Божай ласкі нараджаецца дзяўчынка, якой наканавана стаць таленавітай паэткай.

Яўгенія Янішчыц - гонар нашага краю, нашага Палесся.

Рудка, Велясніца, Мерчыцы, Парэчча - гэта вёскі, дзе нарадзілася Жэня, дзе прайшлі дзіцячыя гады, дзе прайшло яе школьнае юнацтва. Тут яна расла, вучылася, сталела, тут яна спрабавала стаць на паэтычнае крыло, адсюль яна паляцела ў новае жыццё.

Вучоба ва ўніверсітэце адкрыла шырокія магчымасці развіць свае паэтычныя здольнасці. Тут яна трапіла ў кола настаўнікаў-паэтаў: Ніла Гілевіча, Алега Лойкі, Генадзя Бураўкіна, Васіля Жуковіча, пасябравала з Валянцінай Коўтун, Раісай Баравіковай, Вольгай Іпатавай. Тут яна і выдала свой першы зборнік паэзіі "Снежныя грамніцы", які засведчыў, што ў паэзію прыйшла таленавітая асоба, яркая самабытная. I пайшлі з друку адзін за другім "Дзень вечаровы", "Ясельда", "На беразе пляча", "Пара любові і жалю", "Каліна зімы". Але, на жаль, лёс адмераў ёй толькі сорак гадкоў і ... столькі ж веснаў і зім.

У гэтым лістападзе Палессе адзначыла сямідзесяцігадовы юбілей нашай знакамітай зямлячкі паэтэсы.

Спеў душы Яўгеніі Янішчыц

Пад такім загалоўкам-дэвізам прайшло свята Яўгеніі Янішчыц, яе сямідзесяцігадовы юбілей з дня нараджэння. Свята пачалося ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, якая носіць яе імя.

Аўторак 20 лістапада, дзесяць гадзін раніцы...

У чытальную залу раённай бібліятэкі сабраліся госці прыхільнікі паэзіі Яўгеніі Янішчыц, каб адсвяткаваць юбілей паэтэсы.

Па-святочнаму выглядае зала: у цэнтры - партрэт Яўгеніі Янішчыц, які ўпрыгожаны гронкамі каліны. Тут кніжна-ілюстраваная выстава "Паэтэса палескага краю", якая аформлена чатырма раздзеламі: "Палессе нарадзіла паэтку", "Увысь ірвалася Янішчыц", "Літаратурная спадчына Я. Янішчыц" і "У вянок Я. Янішчыц". У другім канцы залы выстава "Голас палескай душы".

На экране відэакліп і гучыць музыка, у залу выходзіць дзяўчына, якая чытае верш Я. Янішчыц "Я вас люблю".

Раптам залу запаўняе мелодыя песні на словы Я. Янішчыц і музыку З. Еўтуховіча "Старана мая азёрная". Яе змяняе тэатралізаванае прадстаўленне вершаў "У калыханку сыну".

З замілаваннем зала сустракае тэтралізаванае выкананне вершаў паэтэсы "Пралескі" і "Ты пакліч мяне. Пазаві".

Удзел у свяце прынялі сын Я. Янішчыц Андрэй, яго жонка і ўкладальніца чатырохтомніка "Я. Янішчыц. Жыццяпіс" Т. Аўсяннікава. Яны прэзентавалі 2-гі том гэтага энцыклапедычнага выдання.

Найбольшую зацікаўленасць праявілі гледачы да тэатралізаванага выканання верша "Маці", які артыстычна прачыталі прадстаўніцы Бобрыкаўскай бібліятэкі.

Амаль у завяршэнне мерпрыемства залу ўзарвала выкананне народных напеваў Сухаверхай Таццяны, Быковіч Жанны і Міхалевіч Алены.

Вядоўца пад гукі песні "Да сустрэчы" жадае ўдзельнікам свята поспехаў і шчасця. А святкаванне працягваецца ў в. Рудка ля хаты, дзе нарадзілася паэтка, і ў музеі яе імя ў Парэцкай школе.

Уладзімір Гук.

У Магілёве адзначылі юбілей Яўгеніі Янішчыц (20.11.1948 - 25.11.1988)

Яўгенія Янішчыц - адна з самых яркіх і таленавітых беларускіх паэтак, адна з самых чытаных і запатрабаваных. Мо таму, што ў яе паэзіі столькі чысціні і шчырасці, столькі святла і любові:

"Прымі святло,

Што льецца з-пад пяра

І вырастае

ў сонца пад рукамі…",

"Мой боль -

На вышыні святла,

Таму і ноччу мне світае".

Натуральна, што ў юбілейныя гады цікавасць да яе творчасці і жыцця павялічваецца. У лістападзе на радзіме паэткі, у Пінску і ў Парэччы, ушанавалі памяць знакамітай зямлячкі. Адзначылі 70-гадовы юбілей Яўгеніі Янішчыц і ў Магілёве - тут яе помняць і памяць аб ёй зберагаюць. Горад яна наведвала двойчы: у 1976 і ў 1981 гг. У першы прыезд Яўгенію Янішчыц сустракаў Аляксей Пысін, у другі - Віктар Арцем'еў. У 1976 годзе яна вымушана была затрымацца ў горадзе амаль на тры месяцы, бо трапіла ў аварыю пры пераходзе праспекта Міру насупраць гасцініцы "Магілёў". Я падтрымлівала яе, як магла, насіла ў гарадскую бальніцу хуткай дапамогі падсілкаванне, паперу, канверты. Мы, аднакурсніцы, чатыры гады жылі разам у адным інтэрнацкім пакоі. І пасля вучобы ліставаліся, сустракаліся, тэлефанавалі адна адной. А зараз, у імя нашага сяброўства, я разам з кандыдатам філалагічных навук Святланай Калядкай пры падтрымцы сына Андрэя, а таксама Сяргея Панізьніка працуем над чатырохтомным выданнем "Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі". Сын дазволіў карыстацца сямейным архівам, а Сяргей Панізьнік даслаў рэдкія фотаздымкі Жэні, аўтарам якіх з'яўляецца сам, і перадаў сыну лісты Жэні да яго, якія ашчадна захоўваў на працягу 50 гадоў. Удзячнасць яму вялікая ад укладальнікаў выдання і ад чытачоў. Выдадзена ўжо два тамы. Праца пасоўваецца не так хутка, як хацелася б, бо на грамадскай аснове. Прэзентацыя 1 тома прайшла ў Магілёўскім ліцэі № 1 і ў Магілёўскай бібліятэцы імя Я. Купалы. Другі том прэзентавалі ў Магілёўскай абласной бібліятэцы і бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. І, канешне, на Піншчыне. Дарэчы, "Беларуская навука" за выданне 1 тома атрымала дыплом другой ступені на Міжнародным конкурсе кнігі ў намінацыі "Літфармат" за 2016 г.

28 лістапада гэтага года супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнайчай літаратуры Магілёўскай абласной бібліятэкі, загадчык аддзела Наталля Багданава і Інга Шайдакова, разам з літаратурным клубам "Святліца" ГУДО "Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі "Агат" г. Магілёва" правялі імпрэзу "Мая адзіная песня". Мерапрыемства наведалі студэнты гістарычна-філалагічнага факультэта МДУ імя А.А. Куляшова, навучэнцы УА "Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж", сябры ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" начале з старшынём Алегам Дзьячковым.

Прысутныя пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам паэткі. У ходзе літаратурна-музычнай кампазіцыі прагучалі ўрыўкі з лістоў паэткі да Панізьніка і вершы, якія школьніца Жэня, а потым студэнтка дасылала разам з лістамі свайму каханаму. Вершы чыталі ўдзельнікі літаратурнага клуба "Святліца" Настасся Аўчыннікава, Мілада Паўлава, Лаліта Якуціна, Ната Драздова, Ганна Сурта, Паліна Заенчык, Лізавета Сідарава, Кацярына Шындзікава, Валерый Папкоў. Ужо сёмы навучальны год клубам кіруе аўтар гэтых радкоў.

Адзін з вершаў Я. Янішчыц прагучаў напрыканцы ў выкананні Ядвігі Піменавай, госці мерапрыемства. Затым усе ахвочыя наведалі аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры і пазнаёміліся з кніжнай выставай "Гарчынка песні недапетай", арганізаванай да юбілею паэткі.

1 снежня ў Магілёўскай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна прайшла імпрэза "У вянок памяці Яўгеніі Янішчыц", якую праводзілі супрацоўнікі чытальнай залы Валянціна Сяліцкая і Наталля Андрэева разам з літаратурным клубам "Святліца". Тут прысутнічалі ўжо чытачы старэйшага пакалення. У імпрэзе прыняў удзел старшыня Магілёўскага аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Мікола Яцкоў, які хораша сказаў аб працы паэта ўвогуле і аб паэзіі Я. Янішчыц, на вершы якой ён напісаў дзесяць песень. Чатыры з іх аўтар выканаў і быў цёпла прыняты аўдыторыяй. Было многа пытанняў да мяне як сяброўкі і як да аднаго з укладальнікоў чатырохтомнага выдання.

Напрыканцы слова папрасіў чытач бібліятэкі Мікалай Асіповіч, які працаваў у трэсце № 12 горада Магілёва і ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя дасылаў нататкі аб працоўнай дзейнасці калектыва ў перыядычныя выданні. Спрабаваў пісаць ён і вершы. Мікалай Савельевіч узгадаў, што якраз ад Яўгеніі Янішчыц на афіцыйных лістах зусім неафіцыйнага зместу атрымліваў ён рэцэнзіі на свае вершы. Па-добраму, каб не пакрыўдзіць аўтара, паэтка тлумачыла, што не так у вершах і чаму яны не могуць быць надрукаванымі. Ён не пакрыўдзіўся, бо разумеў, што вершы слабыя, але пісаць не перастаў. Мікалай Савельевіч не ўтрымаўся і ўсё ж прачытаў два вершы, з тых ненадрукаваных, а таксама новы, да 70-годдзя Я. Янішчыц. На жаль, лісты аўтар не захаваў, аб чым выказаў шкадаванне.

А задавальненне магілёўцам прынесла школа гарадскіх ініцыятыў, якая аздабляе пустуючыя сцены беларускімі вершамі. Першымі з'явіліся радкі з верша Яўгеніі Янішчыц "Ты пакліч мяне. Пазаві…" у двары дома № 18 на праспекце Міру ў 2017 годзе. Маладая магілёўская мастачка Юлія Раткіна падзялілася сваім бачаннем гэтых радкоў.

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма,

Пачынаецца ўсё з любві,

А інакш і жыць не магчыма.

Паэзія Яўгеніі Янішчыц будзе жыць, пакуль мы будзем чытаць і перачытваць яе творы. А хто дакранаецца да творчасці паэткі, той назаўсёды застаецца яе прыхільнікам.

Тамара АЎСЯННІКАВА.

Аўтографы праз жыццё прафесара

У Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі-альбома аўтографаў, якія захоўваюцца ў асабістай бібліятэцы Аляксея Пяткевіча, прафесара, сябра ТБМ. У кнізе чытач знойдзе аўтографы 577 чалавек, многія аўтары аўтографаў пакінулі значны след у беларускай літаратуры. Гэта пазнакі Уладзіміра Караткевіча, Зоські Верас, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна ды іншых. Збор аўтографаў Аляксея Пяткевіча выйшаў у выдавецтве "ЮрсаПрынт" і мае назву: "Аўтографы-разам". У зборы адлюстравала ўсё яго жыццё, ад 50-х гадоў да пачатка 21-га стагоддзя.

- Калісьці я не задумваўся пра каштоўнасць аўтографа, у маладосці, калі яго пісалі на кніжцы і даравалі мне. - кажа Аляксей Пяткевіч. - Ну вось пакінуў след пра сябе чалавек на сваёй кнізе, і ўсё! Прыемна глянуць і толькі.

Такі падарунак, дзеліцца Аляксей Пяткевіч, успрымаў чыста эмацыйна. Першыя аўтографы ў хатняй бібліятэцы, заўважае аўтар кнігі "Аўтографы-разам", пачалі з'яўляцца з пяцідзесятых гадоў, ад студэнцтва.

І вось цяпер, ужо па прашэсці дзясяткаў гадоў, ён бачыць, наколькі гэты "след рукі чалавека" важны. На думку прафесара, аўтограф - гэта сваеасаблівы дакумент, адбітак душы чалавека, які рабіў яго, гэта - пэўны след часу, і гісторыя, і - нейкі летапіс літаратуры. Кніга, якая фактычна стала альбомам аўтографаў літаратуры, бо ў зборах Аляксея Пяткевіча пераважаюць пісьменніцкія аўтографы. Таму аўтограф для аўтара кнігі стаўся шматзначнай рэччу.

Вячаслаў Рагойша пісьменьнік і тэарэтык казаў, што аўтограф - гэта як курган: у якім нешта закладзена, нейкія вялікія таямніцы, а сказаць дакладна - цяжка. І прывёў вобраз з Янкі Купалы: "Курганы шмат чаго нам гавораць".

- Вось так і аўтограф, - падвёў Аляксей Пяткевіч.

- Я разглядаю, як спецыяліст, выданне падобнай кнігі і як элементы і дэталь, якая ў ёй раскрываецца. Аўтограф, менавіта з такога боку, што пад падобным паняткам хаваецца паўнавартасны, класічны і старадаўняга часу паходжання жанр. А як кожны жанр, ён мае свае каноны, мае свае законы, і мае сваю каштоўнасць. Найперш, гэта - маленькі мастацкі твор. Таму што падобныя элементы. маюць ярка афарбаваны творчы выгляд. Тым больш, калі яны робяцца людзьмі яркімі, запамінальнымі, каларытнымі. Я сама маю калекцыю такіх цікавых запісаў, і ганаруся імі не толькі як памяццю. А менавіта спосабам, яшчэ раз паглядзець, як мысліў паэт. Як ён разглядаў нават такую элементарную з'яву, як звычайныя чалавечыя і творчыя стасункі. Так што панятак "аўтограф" далёка не другасны. Наадварот, ён патрабуе і мастацкага вывучэння, і адмысловага даследвання. Прычым з розных галінаў, не толькі літаратуразнаўчых, мовазнаўчых (спецыфіка мовы), ну і, можа, графалагічных. Гэта спецыфіка почырку, самавыяўлення чалавека, што пакінуў запіс, - сказала пра кнігу Святлана Тарасава, выкладчык Гарадзенскага Купалаўскага ўніверсітэта.

А дачка Аляксея Пяткевіча, Марыя Загідуліна памятае, як ставіліся некаторыя аўтографы літаратарамі, якія былі ў гасцях у яе бацькі:

- Аўтографы, гэта - не проста подпісы. Гэта перш за ўсё людзі, якія стаяць за гэтымі подпісамі, якія ішлі па жыцці, можа быць, разам, ці сустракаліся. Часта, можа, нават і выпадкова. Але пакінулі свой след. І якіх я, многіх з якіх - памятаю. З часоў яшчэ дзяцінства. Многія з якіх, былі ў нас дома.

Такая вялікая колькасць аўтографаў у бібліятэцы Аляксея Пяткевіча не звязаная з захапленнем калекцыянера. Іх ў яго больш, як 700. Доўгае жыццё прафесара дало, відавочна, магчымасць перасякацца яго лёсу з лёсамі многіх творчых людзей, якія хацелі пакінуць адзнаку памяці.

- Ну я проста не ініцыяваў такой практыкі, не прапаноўваў камусьці нешта напісаць. Скажам, на паштоўцы. Іншая справа, што калекцыянеры, яны самі ініцыююць гэтую справу. Я гэтым не займаўся. ( Смяецца). Неяк не прыходзіла мне да галавы. Канешне, гэта таксама спосаб пакінуць памяць пра сябе, пра сваю прафесію, пра свой час. - сказаў Аляксей Пяткевіч.

Аўтограф пакінуты камусьці Святлана Тарасава разглядае, як давер, і як выключную блізкасць чалавека: духоўную, творчую... Гэта кранае, і гэта, па сутнасці, звязвае. Бо існуе часам пэўная доля пераемнасці ў аўтографе, калі старэйшыя пакідаюць яго малодшым, малодшыя - старэйшым. Каму і хто, што запавядае і на што звяртае непасрэдную ўвагу.

Цяпер кнігу можна знайсці на паліцы абласной бібліятэкі імя акадэміка Карскага, але можна і набыць у выдавецтве "ЮрсаПрынт".

Віктар Парфененка.

Пераемніцай Меркель стала прыхільніца жорсткай антыпуцінскай лініі

Навіны Германіі

Выбары ў Хрысціянска-дэмакратычным саюзе скончыліся перамогай 56-гадовай Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр. Яна ўзначаліць партыю, а праз тры гады мае стаць кандыдаткай ад партыі ў канцлеры Германіі. Раней яна кіравала заходняй зямлёй Саар і толькі нядаўна пераехала ў Берлін.

- Так, я ведаю, што маё прозвішча цяжка вымавіць, - жартуе яна.

Нямецкая прэса называе яе проста: АКК.

Меркель была дачкой пратэстанцкага пастара, Крамп-Карэнбаўэр - каталічка. Па поглядах яна блізкая да Меркель - як у эканоміцы, так і ў маральных пытаннях, а таксама ў поглядах на Еўрапейскі Саюз і ролю Германіі ў свеце. Яе лічаць здольнай да пошуку кампрамісаў. У Саары яна кіравала ў кааліцыі з "зялёнымі" і лібераламі.

Меркель праславілася сваёй здатнасцю кіраваць бесканфліктна і прыслухоўвацца да розных сілаў. Падчас доўгага кіравання Меркель Германія стала безумоўнай лідаркай Еўрасаюза, а Еўрасаюз упершыню стаў успрымацца як сусветны цэнтр сілы. ЕС удалося істотна падняць эканамічны патэнцыял і дабрабыт новых членаў на ўсходзе Еўропы. Узровень жыцця ў Польшчы, Балтыі, Славаччыне наблізіўся да сярэднееўрапейскага, хоць гэта выклікала нараканні ў краінах "старой Еўропы", бо бізнэс масава пераносіў вытворчасць на ўсход.

На з'ездзе ХДС Крамп-Карэнбаўэр атрымала 517 галасоў з 999 у другім туры выбараў.

Новая кіраўніца хрысціянскіх дэмакратаў вядомая як валявы палітык. У Саары яна спачатку ўзначальвала Міністэрства ўнутраных спраў. Адзначылася яна і цвёрдай лініяй у адносінах да рэжыму Пуціна. Пасля нападу на ўкраінскія караблі ў Керчанскай пратоцы яна прапанавала заблакаваць еўрапейскія порты для расійскага флота.

Сяргей Гезгала; фота Ройтэрз.

"Куточак мой мой родны - мая маленькая радзіма"

30 лістапада адбыўся справаздачны канцэрт "Куточак мой мой родны - мая маленькая Радзіма" Сейлавіцкага сельскага клуба Нясвіжскага р-на (загадчыца - Сіняўская Марына Іванаўна).

На свята былі запрошаны:

Кувалдзін Гелена Міхайлаўна - старэйшая жыхарка вёскі;

Станкевіч Валянціна Аляксандраўна - настаўніца рускай мовы і літаратуры. 30 гадоў прысвяціла адукацыі дзяцей;

Казубоўскі Валерый Антонавіч - дырэктар Дзяржаўнай ўстановы адукацыі "Сейлавіцкі навучальна- педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа" (з 1993 года);

Лукашэнка Ігар Альфрэдавіч - з 1987 года узначальвае Сейлавіцкую амбулаторыю;

Суднік Станіслаў Вацлававіч, рэдактар "Нашага слова", родам з гэтай вёскі;

прадстаўнікі ўлады, школьнікі і жыхары вёскі.

Рэй вёў ансамбль песні "Раздолле" Сейлавіцкага сельскага клуба. Назва вельмі правільная. Яшчэ больш за 400 гадоў назад Сейлавічы першы раз трапілі ў пісьмовыя крыніцы як "сейлавіцкія валокі".

Валок тых не паменшала, таму зусім натуральна гучалі словы падзякі ў адрас Бутрымовіч Ніны Уладзіміраўна, якая 40 гадоў адпрацавала галоўным заатэхнікам, і ў адрас тых, хто працуе цяпер: Хвіцькі Вячаслава Канстанцінавіча, Любкі Генадзя Генадзевіча, Праневіча Уладзіміра Іванавіча, Кісуна Мікалая Мікалаевіча, Зубовіча Юрыя Дзмітрыевіча.

Праграма была на беларускай мове. Гучалі песні і вершы, у тым ліку і пра Сейлавічы аўтарства Станіслава Судніка. Адным з сімвалаў вечарыны стала Люцыянава таполя, якая адна засталася на месцы велізарнага хутарнога масіву вакол Сейлавіч. Таполя стаіць у адзіночку ўжо звыш 50 гадоў, а сейлаўцы глядзяць на яе, і не забываюць ні дня са свайго мінулага, і ўпэўнены ў будучыні. Сёння тут аграгарадок, цэнтр сельсавета і раздолле палёў. Толькі жыві.

Я. Грынкевіч.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

... Перамога сёння ў нашых умовах ёсць в[ельмі] цяжкай справай, хіба толькі пры дастатковым узбраенні, беручы на ўлік наш вялікі запал, агульную ахвярнасць, адкідванне асабістых мэт, як таксама разлік на слабыя бакі нашых непрыяцеляў, якія стаяць пры ўладзе, г. зн. брак сумлення, брак патрыятычных пачуццяў і вялікая апатычнасць у арміі - аднак у кожным разе паўстанне зараз без неабходнай падрыхтоўкі будзе полем крывавых Фермапілаў, з якіх не выйдзе ніхто, каб даць сведчанне праўды.


Перад выездам за мяжу ў 1862 годзе Зыгмунт адведаў Літву, Падолле, Украіну, паразмаўляў станоўча з Цэнт[ральным] Літ[оўскім] Камітэтам 267 і ў Варшаве прадставіў Нац[ыянальнаму] Ур[аду] 268 ўсю страшную заўчаснасць паўстання. Паслаў у Лондан (на колькі памятаю) Нікаровіча з даручэннямі да ўплывовых асоб. Бачыўся пры пасярэдніцтве князя Напалеона з імператрыцай Яўгеніяй і імператарам Напалеонам. Усюды чуе адно: не час, трэба чакаць. Нягледзячы на запэўніванні Нацыянальнага Ураду ў Варшаве, што паўстанне будзе адкладзена на год або два, аблічыў, прадбачыў, што паводле агульнага настрою ў Краі, таго роспачлівага парыву да свабоды, Нац[ыянальны] Ур[ад] не будзе мець моцы ані стрымаць, ані пакіраваць паўстаннем.

На Літве не было такога вялікага разлому ў народзе, як у Каралеўстве, нягледзячы на назвы партый "Белай" і "Чырвонай", была там адна патрыятычная партыя, якая дагэтуль не выходзіла з-пад агульнага кіраўніцтва. Абывацелі, сяляне ўнутраных губерній, рамеснікі, універсітэцкая і школьная моладзь ахвотна падпарадкоўваліся кіраўніцтву спачатку Цэнтральнага Камітэта, а потым Літоўс[кага] Аддз[ела] 269.

На Літве надавалі назву партыі "Белай" тым, якія лічылі за неабходную падрыхтоўчую працу, мірную, праз пашырэнне паняццяў працы, ведаў і маральнасці, з'яднання ў памкненнях да супольнай мэты ўсіх слаёў і вызнанняў.

Назву партыі "Чырвонай" ("Руху") надавалі пераважна моладзі, якая рвалася да неадкладнага паўстання, абвінавачвала Літ[оўскі] Ад[дзел] у лішнім шкодным прамаруджванні, у нескарыстанні з агульнага настрою.

Нягледзячы на адзінства і агульную працу на Літве, нягледзячы на перакананне Нац[ыянальнага] Ур[аду] ў Варшаве ў неабходнасці адкладу, Зыгмунт прадбачыў, што парыў Краю можа быць мацнейшым ад волі кіраўнікоў і таму (на колькі я магла бачыць) рабіў за мяжой усё тое, што магло забяспечыць Край ад выбуху ў хвілю нечаканую. З той мэтай ездзіў у Брусель і затрымваўся, вяртаючыся з Алжыра, у Варшаве.

Не будучы цалкам пасвечанай у яго дзейнасць за мяжой, у падрыхтоўку і забеспячэнне, якія там вяліся, хачу пакінуць апісанне тых хвілін лепей за мяне абазнаным ва ўсёй той справе.


Паўстанне выбухнула. Людзі злой волі і маскоўскі ўрад пачалі і на Літве пашыраць анархію. Літва, абапіраючыся на дамовы з Зыгмунтам, мелася яго выклікаць на дапамогу ў выпадку крайняй патрэбы. Пасля склікання арганізацыі Аддзела ў поўным складзе, галасаваннем прызналі патрэбу неадкладна паслаць Аляксандра Аскерку да Зыгмунта 270.

Першыя словы, якія я пачула з вуснаў брата Францішка пасля прыбыцця ў Вільню, былі:

- Бараніў горача жыццё Зыгмунта, такое патрэбнае Краю. Бедная сястра, баронячы яго, не думаў, аднак, у той час, што разам бараню тваё шчасце, а гэта, напэўна, у вачах грамады адняло сілу маіх пераканаўчых слоў. Паддаўся большасці галасоў, якія гукалі, што "Серакоўскі сёння можа толькі сваёй прысутнасцю і ахвярай ацаліць Край ад анархіі, ён адзін можа з'яднаць і пакіраваць паўстаннем". Далейшыя дэталі, якія адносяцца да часу, праведзенага Зыгмунтам у Вільні; да паседжання Літ[оўскага] Аддзела і плану наступных дзеянняў, пададзенага Зыгмунтам як ваяводам ковенскім і віленскім, я змясціла ў нататках з 1863 года.

Пасля некалькіх дзён, праведзеных у Вільні, Зыгмунт Серакоўскі (вядомы ў паўстанні пад імем Даленгі) выехаў начным цягніком з велікоднага вечара ў Коўню ў таварыстве жонкі і яе сястры Зузанны (цяпер Турская) 271. На працягу ўсёй дарогі ніхто не прамовіў ні слова ані пра будучыню, ані пра заўтра, ані пра расстанне. Зыгмунт не спаў, углядваўся ў даль, паглыблены ў думкі, але пагодны, спакойны.

У першы дзень святаў Зыгмунт ноччу пакінуў усіх яму дарагіх, парваў з усім мінулым, каб пайсці на нэндзу. холад, каб быць гнаным ва ўласным Краі, як злачынец, пайсці на спатканне можа з калецтвам, можа са смерцю, несучы з сабою толькі адно вялікае пачуццё, якое кіравала ім і прысвячала яму праз усё жыццё сярод вельмі зменнага чаргавання нядолі і долі - любоў да Бацькаўшчыны, пачуццё святога абавязку ў адносінах да яе.

Абавязак! Страшны гэта выраз, што тыранізуе душу чалавека, які яму надаў, прызнаў права кіраваць сабой.

Я павінна, можа, была шукаць суцяшэння ў думцы, што ў тую хвілю ўвесь Край церпіць, што на парозе ні аднаго двара, хаты або загроды жонкі, маці, дочкі і сёстры сплаканыя праводзяць і дабраслаўляюць сваіх найдаражэйшых. Не - гэта для мяне не магло быць суцяшэннем. Каб жа ўласным цярпеннем магла акупіць слёзы ўсіх тых няшчасных!

Суровая, бязлітасная Бацькаўшчына! Схапіла ў ясны шчаслівы дзень жыцця сваю ахвяру і кінула яе ў чорную ноч на крывавую муку і гаворыць пераносіць пакуту з радасцю, высмоктвае па кроплі кроў з сэрцаў сваіх ахвяр і хоча, каб яе дабраслаўлялі і рыхтавалі і далей сэрцы і душы, гатовыя аддаца ёй на пакуту.

Зыгмунце, пры расстанні не знайшоўся нават на адно слова надзеі, каб даць палёгку няшчаснай, кінуў страшны выраз:

- Абдымі моцна шыю, каб у хвілю, калі пятля сціскацца будзе, мог памятаць поціск тваіх рук! Лягчэй мне будзе паміраць!

(Працяг у наст. нумары.)

267 Серакоўскі сустрэўся ў жніўні 1862 г. у Вільні з прадстаўнікамі лагера "белых" і "чырвоных". Згадзіўся стаць камандзірам збройных сіл на Літве.

268 Серакоўскі сустрэўся з чальцамі Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта, ці тагачаснай улады "чырвоных". Прадставіў стратэгічны план паўстання. Прапаноўваў пачаць паўстанне на Жмудзі, куды марскім шляхам меліся дастаўляць зброю. Далей паўстанне мела пашырыцца на Віленшчыну і Гарадзеншчыну, а таксама здабыць Дынабург - важны камунікацыйны вузел, каб затрымаць хуткае перакідванне расійскіх войск у Каралеўства.

269 Літоўскі Аддзел або Аддзел Кіраўніцтва Правінцыямі Літвы быў утвораны ў Вільні 27.ІІ/11.ІІІ.1863 г. пасля фактычнага распаду Літоўскага Правінцыйнага Камітэта ці Правінцыйнага Часовага Ураду на Літве і Беларусі ў выніку заснавання камітэта "белых" з урадавым камісарам Ду Лаўрэнсам. У яго склад увайшлі чальцы камітэта "белых": Якуб Гейштар, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі, Ігнацы Лапацінскі і Францішак Далеўскі.

270 У І.1863 г. па справе прыняцця пасады галоўнага кіраўніка паўстання на Літве ездзіў да Серакоўскага прадстаўнік Літоўскага Правінцыйнага Камітэта Козел-Паклеўскі. Аскерка паехаў на пачатку сакавіка ад імя Кіраўнічага Аддзела Правінцыямі Літвы, новага ўраду прыхільнікаў "белых".

271 Серакоўскі прыехаў у Вільню 27.ІІІ/7.ІV, пасяліўся ў гатэлі і праз тыдзень з нечым паехаў у паўстанцкі лагер, які паўставаў на Ковеншчыне. Суправаджала яго жонка.

У Магілёве прайшла прэзентацыя навуковай манаграфіі пра Глускі замак

Магілёўская абласная бібліятэка і ТБМ імя Ф. Скарыны запрасілі грамадскасць горада 22 лістапада 2018 г. на прэзентацыю кнігі "Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц". На імпрэзу з аматарамі гісторыі Прыдняпроўскага краю прыехала аўтар кнігі, шаноўная спадарыня Ірына Ганецкая - старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"Глускі замак ніколі не быў такім важным у гісторыі краіны, як Крэўскі, такім бліскучым, як Нясвіжскі. Ён быў адным з многіх, нічым асаблівым не адрозным. За сваё жыццё спазнаў і лепшыя, і горшыя часы. Для нас ён цікавы тым, што з усіх пунктаў гледжання гэта тыповы беларускі замак. Храналагічныя рамкі даследавання вызначаны 16-18 стагоддзямі, што адпавядае часу існавання помніка ў якасці феадальнай рэзідэнцыі", - гаворыцца ва ўступным слове да кнігі.

Ірына Уладзіміраўна распавяла пра цяжкую працу археолагаў і падрабязнасці археалагічнага вывучэння. Яна адзначыла, што Глускі замак даследаваўся з дапамогай мясцовых школьнікаў: у падмурку кнігі - цаглінкі іх працы. Помнік не быў лёгкім для раскопак: то абвал, то зверху залівае, то знізу вада, то адвал адкінуць трэба… І яны, як кураняткі, грэблі сваімі рукамі зямлю. Гэтым хлопчыкам яна бязмерна ўдзячная за іх працу. І, канешне ж, вялікі і шчыры дзякуй усім глушчанам, хто хоць нейкім чынам паўдзельнічаў у раскопках. На працягу трынаццаці археалагічных сезонаў (з 1996 па 2008 год) на тэрыторыі Глускага замчышча праводзіліся раскопкі. За час сістэматычнага комплекснага вывучэння Глускага замка былі праведзены не толькі раскопкі: апрацавана велізарная колькасць археалагічных знаодак, сабрана і вывучана больш за сто пісьмовых дакументаў, планаў, малюнкаў 16-20 стагоддзяў, якія тычацца гісторыі замка. За гэты час пра Глускі замак шмат чаго цікавага дазналіся не толькі непасрэдна ўдзельнікі раскопак, але і звычайныя глушчане: у раённай газеце рэгулярна друкаваліся рэпартажы, як кажуць, з месца падзей, а яшчэ частка знойдзеных артэфактаў размешчана ў экспазіцыі мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Ірына Уладзіміраўна паведаміла, што гэтая праца ад пачатку да выхаду кнігі заняла 22 гады.

У кнізе аналізуюцца як археалагічныя крыніцы, так і пісьмовыя (архіўныя дакументы). Ёсць і вельмі цікавыя, адмысловыя раздзелы, напрыклад: "Вызначэнне рыбінай лускі. Іхтыялагічная калекцыя з раскопак Глускага замка", "Даследаванне рэшткаў раслін, атрыманых у выніку археалагічных раскопак Глускага замка". У цэлым, артэфакты арганічнага паходжання кепска захоўваюцца ў культурным пласце. Рэшткі непасрэдна пладоў ды ягад адносяцца да катэгорыі рэдкіх знаходак. Адным з нямногіх выключэнняў з агульнага правіла стаў Глускі замак, дзе пашчасціла знайсці насенне маліны, бузіны, маку, гарбуза, а таксама амаль цэлую грушу.

Як заявіла аўтар кнігі, манаграфія з'яўляецца выключна навуковым выданнем, але ў той жа час яна можа быць цікавая жыхарам Глуска і тым, хто цікавіцца яго гісторыяй. Ірына Ганецкая прадставіла фотапрэзентацыю праведзеных на месцы замка археалагічных раскопак, выявы знойдзеных артэфактаў, пісьмовых дакументаў аб старажытнай цвердзі, дзе зараз размяшчаецца стадыён. Паводле яе, самыя раннія знаходкі датуюцца пачаткам 16 стагоддзя. На аснове аналізу гэтых археалагічных матэрыялаў і сведчанняў пісьмовых крыніц Глускі замак паказаны як складаная шматфункцыянальная сістэма.

Кніга І. Ганецкай аб'ёмам 415 старонак у цвёрдай вокладцы накладам 300 асобнікаў выдадзена сёлета выдавецтвам "Беларуская навука".

Прэзентацыя выдання ў Магілёве была зладжана Магілёўскай гарадской арганізацыяй "Таварыства беларускай мовы" сумесна з Абласной бібліятэкай г. Магілёва.

Наталля Шэмянкова.Фота Алесь Сабалеўскі. Магілёў, снежань 2018 г.

"Казнить смертью расстрелянием!"

(пра ваеннага начальніка Гарадзенскага павета ў час паўстання 1863 г. А. Лянкевіча)

Іван Буднік

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Вайсковая служба не зрабіла афіцэра Лянкевіча бяздушным салдафонам. Да сарака гадоў жыцця ў яго склаліся цвёрдыя жыццёвы погляды і прынцыпы паводзін. Ён выказаў іх у сваім закліку да паўстання ў маёнтку Талочкі Баляслава Канеўскага. Губернская следчая камісія ў дакладзе генерал-губернатару М. Мураўёву прыводзіць словы А. Лянкевіча, якія характарызуюць мэты, за якія ён ідзе змагацца: "Вся молодёжь Царства Польского, Литвы и Малороссии вышла на поле брани против нашего неприятеля, который заграбил наше отечество и рубит нашу Божию матерь в костёлах. Будем сражаться за отечество, веру исвободу!"4


Звольніўшыся з войска ў званні падпалкоўніка, ён, чалавек нежанаты, жыў у Панюках з сям'ёй памерлага старэйшага брата Антона, прывучаўся да сельскага жыцця, быў апекуном разам з іх маці над малагадовымі дзецьмі і кіраваў усёй гаспадаркай, распараджаўся яе набыткамі. А яна ўсё болей патрабавала ўвагі ў сувязі з пачаўшайся рэформай па скасаванні прыгоннага права, усталяванні новых адносін з былымі залежнымі сялянамі. Як новы памешчык, Аляксандр Лянкевіч наведваў сваіх суседзяў, абнаўляў і заводзіў новыя знаёмствы. Ён пабываў у Закрэўшчыне ў Міхаіла Юроўскага, у маёнтку Талочкі Канеўскага, сустракаўся з шляхтай ваколіц Цыдзікі, Юравічы, Абуховічы, Быльчыцы, з памешчыкамі і чыноўнікамі ў губернскай Гародні. Яго, нядаўна служыўшага ў арміі, ахвотна прымалі суседзі-памешчыкі ў Кашубінцах, Гушчыцах, Галавачах.

З гутарак, з назіранняў і нешматлікай інфармацыі, што даходзіла з Варшавы, ён рабіў высновы аб нарастанні напружанасці ў горадзе і, напэўна, рыхтаваўся да нечага. Іначай нельга зразумець яго дзеянні ў студзені - лютым 1863 года па прадажы ўдаве брата Антона Эміліі, сваёй часткі (паловы) маёнтка Панюкі, акт аб чым яны склалі 14 сакавіка 1863 г. Аднак справа не была даведзена да канца, Эмілія Лянкевіч не была ўведзена ў валоданне ўсім маёнткам, чым пазней і скарысталіся ўлады, прызнаўшы акт куплі-продажу несапраўдным.

А падзеі нарасталі, пашыраліся. Да Гародні даходзілі звесткі аб пачатку паўстання ў Варшаве з 22 на 23 студзеня (па н.ст.) 1863 г. і маніфесце Часовага Нацыянальнага Урада, аб звароце 1 лютага 1863 г. Часовага Правінцыйнага Урада Беларусі і Літвы з заклікам да ўзброенай барацьбы, аб сутычках паўстанцаў з расійскімі войскамі ў Суражы Беластоцкага павета 23 студзеня 1863 г., у Рудаўцы Бельскага павета 30 студзеня, бітве каля мястэчка Сямяцічы Бельскага павета 6-7 лютага. Гэтыя падзеі ўзбуджалі жыхароў Гародні, і шляхта, чыноўнікі, моладзь горада пачалі таемна рыхтавацца да выступлення. І яно адбылося 2 сакавіка нападзеннем на чыгуначны вакзал. Нападаўшыя колькасцю да 150 чалавек планавалі захапіць цягнік і выехаць у Парэчча, каб далучыцца да паўстанцаў. Але выехаць удалося на паравозе 8 чалавекам, астатнія, атакаваныя ротай Калужскага палка, былі схоплены або разбегліся.

Поспех спачатку спадарожнічаў Аляксандру Лянкевічу. Ён быў зацверджаны "нарадовым жондам" (Часовым Урадам Беларусі і Літвы) ваенным начальнікам Гарадзенскага і Ваўкавыскага паветаў, пазней яму нададзены вайсковы чын палкоўніка. У другой палове красавіка ён стварыў невялікі аддзел з шляхты і сялян з навакольных вёсак.

Гарадзенскі земскі спраўнік пацвердзіў гэта, рапартаваўшы 21 красавіка губернатару фон Галеру, што з 19 на 20 красавіка пайшлі ў інсургенты жыхары вёскі Абуховічы Аляксандр Абуховіч, Іван Радзіваноўскі, Фелікс Абуховіч, Франц Пархоўскі, Вікенцій Каланіцкі, Кандрат Абуховіч; у другім рапарце - што з вёскі Талочкі пайшлі "ў шайку 4 дваран, 6 аднадворцаў і 6 сялян"; з суседняй ваколіцы - Эйсмантаў Надтабольскіх - пайшлі 8 чалавек, далучаліся жыхары іншых вёсак 5. Падбіраючы байцоў у свой аддзел, Лянкевіч бачыў іх непадрыхтава-насць і імкнуўся падняць іх баявы дух ідэяй змагання за свабоду Айчыны і веру. Знаходзячыся ў вёсцы Талочкі, ён гаварыў, што вораг "заграбіў нашу айчыну і знішчае нашу Божую маці ў касцёлах", заклікаў "змагацца за Айчыну, веру і свабоду". Раніцай 20 красавіка слабы, дрэнна ўзброены аддзел Лянкевіча з 30 (па словах іншых - з 40) чалавек з'явіўся ў мястэчку Азёры, дзе захапіў у Гарадзенскім лясніцтве і ў ляснічага Дэльпацэ 66 розных ружжаў (дзяржаўных і прыватных), 22 фунты пораху, куль - за 25 фунтаў. Аддзел атрымаў добрую падтрымку ў фальварках графа Леапольда Валіцкага, які выказаў у асабістай сустрэчы з Лянкевічам салідарнасць з паўстанцамі. Паўстанцы атрымалі некалькі вазоў прадуктаў харчавання, 9 коней і авёс для іх. Папоўніўся аддзел і новымі байцамі з ліку дваровых людзей, парабкаў і жыхароў Азёр. 6 (Да гэтых падзей адносіцца і адзінае знойдзенае ў архіве сведчанне аб знешнім выглядзе Аляксандра Лянкевіча. Жыхар мястэчка Азёры Іван Валансовіч, які непрацяглы час знаходзіўся ў аддзеле на Святым Балоце, а потым яго пакінуў, на допыце ў гарадзенскай гарадской паліцыі распавёў: "Апрануты Лянкевіч быў у стацкую адзежу і ваенную шапку, росту сярэдняга, сівы…".

Як чалавек вайсковы, камандзір аддзела разумеў, што з неабучанага, дрэнна ўзброенага паўстанца стойкага, спрактыкаванага ваяра без належнага навучання не атрымаецца, і таму адвёў аддзел у глыб Гарадзенскай пушчы. Гэтае месца - Святое Балота за 12-15 вёрст ад Азёр у бок Астрына, выспа, сухая мясціна, акружаная балотамі, куды сабралася каля 200 чалавек (па інфармацыі губернатара). На працягу трох дзён ва ўмовах трывогі і небяспекі тут праводзілася арганізацыя аддзела, уладкаванне лагера, элементарнае навучанне паводзінам у час бою і стральбе. На наступны дзень было арганізавана прывядзенне паўстанцаў да прысягі, якую прымаў вікарны ксёндз Азёрскага касцёла Янушэвіч у прысутнасці камандзіра аддзела Лянкевіча.

Але нядоўга працягвалася ў лагеры мірнае жыццё: ужо праз два дні тут з'явілася вайсковая каманда падпалкоўніка Мантэйфеля, пасланая з Гародні, у складзе дзвюх рот пяхоты і 30 казакаў і рушыла на лагер. Паўстанцы занялі добрыя пазіцыі на ўзвышшы, акружаным непраходным балотам. Расійскае войска, раздзяліўшыся на дзве часткі, атакавала паўстанцаў, якія былі разбіты і рассеяны. Гераізм паўстанцаў пры недахопе зброі не ўстаяў перад арганізаванай, спрактыкаванай, добра ўзброенай сілай. 23 красавіка 1863 г. (па ст.ст.) губернатар фон Галер дакладаў у Вільню генерал-губернатару Назімаву: "Шайка мятежников в 200 человек под предводительством Линкевича разбита отрядом подполковника Мантейфеля, потеряв убитыми и утонувшими до 40 человек, взято орудие, весь обоз, 40 лошадей. В плен взято 2 человека, провизию для шайки доставлял помещик Валицкий." 7 Падпалкоўнік Мантэйфель устрымаўся ад пераследу паўстанцаў, баючыся непраходных балот.

Адсюль Лянкевіч з рэшткамі свайго аддзела накіраваўся ў Ваўкавыскі павет, пазбягаючы сутычак з трымя ротамі расійскага войска пад Янінам, на злучэнне з паўстанцамі Густава Стравінскага (пс. Млотэк), які фарміраваў атрад у лесе пад Гутай Быхаўца, і затым перайшоў пад Лыскава. Лянкевіч перажываў разгром, але і разумеў, што іначай і быць на магло: надта непадрыхтаваныя яго хлопцы, не знаўшыя ні дысцыпліны, ні паводзін у баі, не меўшыя зброі. Усё гэта трэба тэрмінова выпраўляць. 17 траўня Лянкевіч прыбыў ва ўрочышча Вялікі Вугал, куды дабраліся пасля бою пад Міхалінам абедзве часткі атрада Стравінскага-Акінчыца і пружанскі атрад Влодка (42 чалавекі), і прыняў камандаванне над сабраўшыміся сіламі. Напэўна, у гэтых месцах адбылася сустрэча К. Каліноўскага з А. Лянкевічам і Ф. Юндзілам напярэдадні бітвы пад Мілавідамі, калі ён разам з Э. Заблоцкім прыехаў наладжваць работу паўстанцкіх арганізацый у Ваўкавыскім і Слонімскім паветах, дзе павятовых начальнікаў не стала.

Прыняўшы камандаванне над аддзеламі ў Вялікім Вугле, Лянкевіч накіраваўся праз Новы Двор да Вялікіх Грынак паблізу Белавежскай пушчы, дзе на працягу чатырох дзён займаўся навучаннем паўстанцаў вайсковай справе. Вынікі гэтага навучання праявіліся пры сутычцы з расійскім атрадам у складзе 2-х рот і 15 казакаў каля Савіцкіх корчмаў у час руху агульнага аддзела да Людвінова. Паўстанцы занялі паўкругавую абарону па краі лесу такім чынам, што непрыяцель, пачаўшы атаку, трапіў у паўакружэнне і трапляў пад перакрыжаваны агонь. "...Непрыяцель ударыў на правае крыло паўстанцаў, але хутка пад агнём кінуўся на левае і таксама пад агнём пабег на масток на дарозе, што вяла праз балота, а адтуль нарэшце, трапіўшы пад кругавы агонь, збег да Савіцкіх корчмаў, знішчыўшы па дарозе 3 масткі." У гэтым непрацяглым баі загінулі 12 маскалёў і 2 паўстанцы. Гэты, хоць і невялікі поспех быў выкарыстаны ў новых баях з карнікамі. 8

Важнейшая бітва паміж паўстанцкімі атрадамі Гарадзеншчыны і карнымі расійскімі войскамі адбылася пад Мілавідамі Слонімскага павета (цяпер Баранавіцкі р-н) 22 - 23 траўня (3 - 4 чэрвеня). У папярэднія дні ў Мілавідскіх лясах сабраліся ваўкавыскі аддзел Густава Стравінскага, з ім гарадзенскі Лянкевіча, слонімскі Юндзіла, наваградскі пад камандай Міладоўскага і кс. Лашкевіча, пружанскі Влодка. Усяго сабралася каля 800 паўстанцаў. Камандаванне аб'яднанымі сіламі прыняў паўстанцкі палкоўнік Лянкевіч. "Для разбития и уничтожения шайки инсургентов, скрывающихся в Миловидских лесах," ваенны начальнік г. Слоніма з паветам палкоўнік Клавер 20 траўня паслаў атрад у складзе 3 рот пяхоты, 30-і коннікаў і 4-х гармат пад камандай падпалкоўніка Булгарына. Камандзір паўстанцаў вельмі ўдала выбраў месца для лагера і сустрэчы праціўніка. Пасля бою так апісваў яе Булгарын у сваім рапарце:

"Уся адлегласць ад Мілавід да Чамел і далей надзвычай лясістая, балоцістая, так што шаша ўяўляе сабой вузкае дэфіле, і толькі вельмі зрэдку сустракаюцца палянкі. Там, дзе размясціліся мяцежнікі, на 6 вёрст улева ад дарогі лес надзвычай густы, лісцевы, нерасчышчаны, і мясцовасць топкая, многія дрэвы, вырваныя з коранем, уяўляюць на кожным кроку завалы, вадзяныя ямы яшчэ болей умацоўваюць недаступнасць лагера мяцежнікаў."9 На шашы і па абодва бакі дарогі да лагера Лянкевіч арганізаваў моцную засаду з стралкоў і касінераў. Булгарын выслаў наперад па шашы разведку, якая трапіла ў засаду, пры гэтым 2 радавыя загінулі, паранены унтэр-афіцэр трапіў у палон, а паранены прапаршчык на кані змог выратавацца.

(Заканч. у наст. нумары.)

Дык якая беларуская дуда найстарэйшая?

Віталь Воранаў

Нядаўна мне пашанцавала ўрэшце дабрацца да Вільні і зрабіць дакладныя фотакартачкі глыбоцкай дуды з Верацеяў (колішняя Празароцкая воласць, Дзісенскага павета, Віленскай губерні), што ў палове дарогі паміж Паловіцай і Лужкамі на Глыбоччыне. Дарэчы, "глыбоцкай" дуду можна называць па аналогіі з "лепельскай". "Лепельская" таксама адносіцца не да Лепеля, а да вёскі Верабкі (на Лепельшчыне), як з месцам апошняга вядомага выкарыстання. Глыбоцкая дуда датуецца Нацыянальным музеем Літвы 1849 годам, а гэта азначае што яна старэйшая за лепельскую (1877), якая доўгі час лічылася найстарэйшай, ажно на 28 гадоў! Тут трэба заўважыць што вызначэнне дакладнай даты стварэння дуды з'яўляецца справай даволі спрэчнай і вымагае асобнага тлумачэння.

Пра лепельскую дуду можна прачытаць у часопісе "Дудар". Зміцер Сасноўскі піша наступнае: "Найстарэйшая захаваная беларуская дуда захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Гэта прыклад аднабурдоннай беларускай дуды, уласцівай паўночнабела-рускаму дударскаму рэгіёну. Апошняе месца выкарыстання гэтай дуды - в. Верабкі Лепельскага раёна.

Інструмент быў набыты ў 1877 г. у мясцовых плытагонаў. Апошні ўладар - Іван Міснік, які быў нашчадным дударом, таму ўвесь ягоны род - і дзяды, і сыны мелі мянушку "Дуда". Інструмент быў здадзены ў Лепельскі музей пасля смерці Івана Місніка ў 1968 г. Паводле інфармацыі Уладзіміра Місніка (унука дудара Івана Місніка), дзед граў на вяселлях і хрэсьбінах. Пішчыкі былі выраблены з чароту і захаваліся дагэтуль у працоўным стане". На прыкладзе лепельскай дуды бачна, што вызначыць, колькі гадоў інструменту, немагчыма, адзінае, што можа занатаваць музей пры паступленні экспаната, гэта тое, хто быў апошнім вядомым уласнікам, а таксама, дзе і калі набыў сабе гэты інтрумент. Радавод гэтай дуды сягае 1877 года, калі інструмент быў набыты ў плытагонаў Днепра-Дзвінскага канала - гэта, дарэчы, азначае, што дуда зусім не мусіла быць вырабленая на Лепельшчыне, а ўлічваючы спецыфіку плытагонства - экспанат хутчэй за ўсё зусім іншага радаводу, чым лепельскі...

Глыбоцкая ж дуда была вядомая дударскаму асяроддзю і раней. Дудар і майстар Тодар Кашкурэвіч пісаў пра яе наступнае: "Некаторыя з сучасных дудароў маюць жаданне выкарыстоўваць экзатычны кшталт мяшка - поўсцю навонкі, надаючы інструменту нібыта старажытны выгляд! На жаль ці на шчасце, але мы маем толькі адзін факт існавання такога інструмента, які таксама знаходзіцца ў Віленскім гістарычным музеі. Пры гэтым мяшок тут зроблены з барсука". У гэтым каментары бачна непрыхаваная перадузятасць да канкрэтнага інструмента, нягледзячы на тое, што самім жа аўтарам, у іншых тэкстах адзначаецца наяўнасць іншых прыкладаў інструментаў, зробленых у такой традыцыі. Мяхі поўсцю навонкі з'яўляюцца стандартнымі для шмат якіх іншых еўрапейскіх традыцый (Славакія, Польшча, Чэхія і інш.). Дарэчы, нядаўнія даследванні гукашэрагу беларускай дуды паказалі на блізкасць беларускай дуды менавіта да дуд цэнтральна-еўрапейскіх традыцый. Іншай прычынай нелюбові да гэтай дуды можа быць факт, што інструмент знаходзіцца ў Вільні, а таму не зусім упісваецца ў наратыў пра "беларуска-літоўскі" інструмент, якога асноўным апалагетам і з'яўляецца якраз Тодар Кашкурэвіч. Тым больш, што літоўскія даследчыкі пісалі пра дуду з такім футрам як пра сваю, "Лабанорскую", і на фоне ўсяго гэтага, інструменту з далёкіх не літоўскіх Верацеяў не зусім знаходзілі месца ў такой наўмысна створанай карціне свету. Як яшчэ можна патлумачыць тое, што найстарэйшы інструмент (які ў Літве многімі лічыцца нацыянальным) захоўваецца ў запасным фондзе, а не экспануецца наведвальнікам? Вось такое канцылярскае і штучнае жаданне стандартызацыі, а таксама нейкія прыватныя інтарэсы і прывялі хутчэй за ўсё да таго, што лепельская дуда паўсюль фігуруе ў якасці найстарэйшай.

Афіцыйны і засведчаны радавод глыбоцкай дуды сягае 1849 года, такой датай пазначана стварэнне інструмента. Дуда была выраблена за 80 гадоў да паступлення ў этнаграфічны музей Універсітэту Стэфана Баторыя ў Вільні, у 1929. Глыбоцкая дуда паступіла ў музей на 39 гадоў раней за лепельскую, а ейны радавод больш старажытны на 29 гадоў. Трэба падкрэсліць, што гаворка тут пра тое, што засведчана ў дакументах і ў музейнай інфармацыі датычна гэтых двух канкрэтных інструментаў. Можна спекуляваць, што лепельская дуда была выраблена яшчэ раней за глыбоцкую, але даказаць гэтага на сённяшні дзень немагчыма, хіба што шляхам дарагіх лабараторных даследванняў дрэва або скуры дуды. Калі ўлічваць акадэмічны падыход, то галоўным і адзіным параметрам тут з'яўляецца музейная даціроўка. Калі чыста візуальна, то няўзброеным вокам бачна, што глыбоцкая дуда значна старэй. Некаторыя часткі дуды, як сапель, парахнеюць ужо праз некалькі гадоў актыўнага выкарыстання. Калі б лепельская дуда была старэй за глыбоцкую і выкарыстоўвалася плытагонамі ў вільготных умовах працы, то даўно ўжо б спарахнела ці згніла. А інструмент наадварот выдатна захаваўся. Наогул у розных музеях захавалася каля 20 беларускіх дуд, і многія з іх застаюцца без дакладнай даціроўкі. Адным інструментам пашанцавала больш, іншым менш. Аднак ёсць інструменты дакладна даціраваныя, і на сённяшні дзень, найстарэйшай прыходзіцца лічыць менавіта глыбоцкую (верацейскую) дуду.

Адметнасць нашай дуды на фоне іншых іструментаў у тым, што мех для яе сшыты са скуры барсука, што робіць яго ўнікальным у кантэксце агульнабеларускай дударскай традыцыі. Што цікава, хоць барсук сустракаецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, то месца ягонага пашырэння амаль дакладна супадае з картай пашырэння дуды... Дуда выдатна захавалася. Не хапае толькі пішчыка (унутранага элемента, дзе зараджаецца гук дуды). Дуда знаходзіцца ў запасным фондзе Нацыянальнага музея Літвы, а дакладней у яго этнаграфічнай частцы. Да 1918 года і пасля вайны Вільня была важным культурным цэнтрам Беларусі, таму і не дзіва, што там захавалася некалькі важных для беларускай музычный спадчыны інструментаў. Паштоўка з глыбоцкім дударом, дарэчы, таксама была надрукаваная ў Вільні. Глыбоцкая дуда, на жаль, не выстаўляецца ў сталай экспазіцыі і захоўваецца ў спецыяльным сховішчы разам з некалькімі іншымі беларускімі дудамі. Вымярэнне дуды і якасныя выявы былі зробленыя аўтарам гэтага тэксту ў лістападзе 2018 году, з мэтай вырабу дакладнай копіі дуды, над якой у гэты час паралельна працуюць некалькі майстроў-дудароў. Адзін з гэтых майстроў глыбачанін Дзмітры Дзёмін, які з'яўляецца таксама родным унукам паэта Алеся Дубровіча, бюст якому ўстаноўлены ў Алеі славутых землякоў. Дзмітры Дзёмін, удзельнік двух папярэдніх фэстаў Дударскі Рэй, абяцаў прэзентаваць копію верацейскай дуды ў фонд Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музея да трэцяга фэсту. Сімвалічна, што адноўлены на падставе музейнага экспаната, інструмент будзе выкананы менавіта рукамі нашага земляка.

Загучыць у Лідзе ліра

У Лідзе ідуць арганізацыйныя мерапрыемствы па стварэнні канцэртнай праграмы "Спевы пра даўніх ліцвінаў", што павінна стаць брэндам Лідскага замка. У аснову праграмы пакладзены 55 баладаў Яна Чачота, якія ўяўляюць сабой эпас Беларусі, хоць не такі старажытны як "Іліяда" Гамера ці "Віцязь у тыгравай шкуры" Шата Руставелі, але, як ні круці, эпас. Яму хутка і 200 гадоў будзе. Створаны "Спевы..." на аснове "Кронікі..." Мацея Стрыйкоўскага, якой, ой, колькі гадоў.

Ян Чатот марыў, каб балады спяваліся. Марыў і шмат зрабіў для гэтага ініцыятар вяртання "Спеваў..." беларускаму народу Васіль Ліцвінка. Пераклалі "Спевы..." на беларускую мову Кастусь Цвірка і Станіслаў Суднік.

Было вызначана, што адным з інтрументаў, які павінен аздабляць праграму, будзе колавая ліра або лера.

Для праграмы быў замоўлены абсалютна новы інструмент. Ліра была замоўлена ў Навасібірску, і на сёння гэта самая новая ліра ў Беларусі. Яна зроблена недзе два месяцы назад.

Спецыялісты скажуць: "лідская" ліра адрозніваецца ад звыклай для Беларусі. Адрозніваецца, але па-першае, гэта той самы клас еўрапейскай ліры; па-другое, ніхто нічога тут асабліва не адраджае. У Лідзе ствараецца новая праграма, зроблены новы інструмент. І ўжо вядомы ахвотнікі набыць такі ж.

Сяржук Доўгушаў сяды-тады гаворыць пра рух лірнікаў. То няхай будзе і лідскі элемент у тым руху.

Прэм'ера праграмы "Спевы пра даўніх ліцвінаў" мае адбыцца ў Лідзе падчас адкрыцця другой вежы замка. Што і як атрымаецца, пабачым пасля, а зараз можна толькі вітаць новую лідскую ініцыятыву.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX