Папярэдняя старонка: 2019

№ 1 (1412) 


Дадана: 03-01-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1412), 2 студзеня 2019 г.

З Калядамі, дарагія беларусы!

100 гадоў таму назад была абвешчана ССРБ

25 сакавіка 1918 года прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху абвясцілі пра стварэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Пасля паразы Германіі ў Першай сусветнай вайне і эвакуацыі германскіх войскаў у снежні 1918 года вялікая частка тэрыторыі БНР была занята Чырвонай Арміяй РСФСР, урад БНР пераехаў у Гародню, пасля эміграваў. Але ідэя самастойнай беларускай дзяржавы нікуды не эмігравала.

У канцы 1918 года беларускія палітычныя і грамадскія структуры ўжо на тэрыторыі, падкантрольнай бальшавікам, звярнуліся да гэтай ідэі. Яны прытрымваліся розных поглядаў на пытанне беларускай дзяржаўнасці. Аблвыканкам Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах) і Паўночна-заходні абласны камітэт РКП(б) былі праціўнікамі яе стварэння, у той час як этнічныя беларусы-бежанцы ў Петраградзе, Маскве і іншых гарадах стварылі ўласныя ўплывовыя грамадска-палітычныя арганізацыі і настойвалі на самавызначэнні.

Да снежня 1918 года савецкае партыйнае кіраўніцтва не мела вызначанай пазіцыі па пытанні пра беларускую савецкую дзяржаўнасць. У снежні ад Аблвыканкамзаху УЦВК РСФСР была накіравана тэлеграма, якая змяшчае такі тэкст: "будзіравалі вакол пытання пра так званую Беларусь, а таксама ў сувязі з актыўнай дзейнасцю Рады БНР у адносінах яе міжнароднага прызнання". У сувязі са зменай ваенна-палітычнага становішча рашэнне наспела. Адмысловую ўвагу ЦК РКП(б) прыцягнулі рашэнні канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б), у якіх пастанаўлялася стварыць часавы рабоча-сялянскі ўрад, склікаць Усебеларускі з'езд камуністаў і стварыць нацыянальны партыйны цэнтр. 24 снежня пытанне пра стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці абмяркоўвалася на паседжанні ЦК РКП(б). 25 снежня наркам па справах нацыянальнасцяў Іосіф Сталін правёў перамовы са Зміцерам Жылуновічам і Аляксандрам Мясніковым і паведаміў ім пра рашэнне ЦК РКП(б) падтрымаць стварэнне ССРБ. Прычыны такога рашэння Сталін, аднак, не паведаміў, сказаўшы толькі, што ЦК прыняў рашэнне "па многіх меркаваннях, пра якія зараз гаварыць не даводзіцца, пагадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускай савецкай рэспублікі". 27 снежня на апошніх перамовах у Маскве з удзелам Сталіна была пазначана тэрыторыя будучай дзяржавы (Гарадзенская, Менская, Магілёўская, Смаленская, Віцебская губерні).

30 снежня 1918 года ў Смаленску ў цяперашнім будынку філармоніі пачала працу VI канферэнцыя арганізацый РСДРП(б) Паўночна-заходняй вобласці. У адпаведнасці з рашэннем ЦК РКП(б) у павестку дня было пастаўлена пытанне пра стварэнне Беларускай савецкай рэспублікі. Рэзалюцыя пра стварэнне Беларускай савецкай рэспублікі на базе Заходняй камуны была прынята аднагалосна пры пяці ўстрымаўшыхся.

Пастанова пра межы новай дзяржавы была прынята ў той жа дзень. Менская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гарадзенская губерні, а таксама некалькі паветаў Сувалкаўскай, Чарнігаўскай, Віленскай і Ковенскай губерняў за выключэннем некалькіх паветаў Смаленскай і Віцебскай губерняў былі прызнаны "асноўным ядром Беларускай Рэспублікі".

30-31 снежня вялося стварэнне часавага ўрада. У гэтыя дні паміж Жылуновічам і Мясніковым адбыўся канфлікт, звязаны з жаданнем Жылуновіча займець большасць месцаў у часовым урадзе для прадстаўнікоў Белнацкама і Цэнтральнага бюро беларускіх камуністычных секцый, але канфлікт быў вычарпаны дзякуючы ўмяшанню Сталіна. У выніку, Белнацкам і ЦБ беларускіх секцый атрымалі 7 месцаў у часовым урадзе, у той час як прадстаўнікі Аблвыканкамзаху і Паўночна-заходняга абкама - 9. Пры гэтым старшынём часовага ўрада быў прызначаны Жылуновіч.

Увечар 1 студзеня 1919 года па радыё быў зачытаны Маніфест Часавага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі ("Маніхвэст часовага работніча-селянскаго савецкага правіцяльства Беларусі"). Маніфест быў складзены ў спешцы, і толькі пяццю чальцамі ўрада (Жылуновіч, Чарвякоў, Мяснікоў, Іваноў, Рейнгольд). Гэтая дата лічыцца датай абвяшчэння Савецкай Беларусі.

3 студзеня 1919 года аблвыканкам Заходняй вобласці і фронта самараспусціўся, перадаўшы ўладу часоваму ўраду ССР Беларусі. 5 студзеня 1919 года ўрад ССРБ пераехаў са Смаленска ў Менск.

16 студзеня на пленуме ЦК РКП(б) было прынята рашэнне пра вылучэнне "з Беларускай Рэспублікі губерняў Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай, пакідаючы ў складзе Беларусі дзве губерні - Менскую і Гарадзенскую".

Пастанова ЦК РКП(б) было адмоўна сустрэта большасцю ў ЦВК ССР Беларусі, аднак у сувязі з тэлеграмай старшыні УЦВК Я.М. Свярдлова, дзе ўтрымоўвалася прадпісанне "правесці праз мясцовыя Саветы, а затым праз з'езд Беларусі" гэтае рашэнне, пастанова была ўрэшце ўхвалена на губернскіх партканферэнцыях. У знак пратэсту супраць дырэктыўнай змены тэрыторыі рэспублікі тры наркамы выйшлі са складу ўрада. Акрамя таго, падобныя дзеянні былі непапулярнымі і на месцах - так, Невельская павятовая канферэнцыя 21 галасамі супраць 2 прыняла рэзалюцыю супраць перадачы Віцебскай губерні ў непасрэднае падначаленне РСФСР.

31 студзеня 1919 года незалежнасць ССР Беларусі прызнаў УЦВК РСФСР. 2 лютага 1919 года ў Менску пачаткаў працу I Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які прыняў 3 лютага Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.

Вікіпедыя.

Навагодні творчы вечар Баранавіцкага ТБМ

У пятніцу, 28 снежня, на сядзібе ў Русінах Баранавіцкага раёна адбыўся Навагодні творчы вечар. Яго зладзілі актывісты Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Гэта была цудоўная імпрэза з танцамі, песнямі, вершамі. Адной з першых прагучала "Навагодняя песня" (словы Сержука Сокалава-Воюша, музыка Таццяны Грыневіч).

…I радасна на свяце,

I весела - да слёз! -

Калі у цёплай хаце

Гасцюе Дзед Мароз.

І сапраўды у нашай хаце было цёпла, весела і ўтульна. Запрошаная госця Таццяна Грыневіч заваражыла ўсіх сваім голасам і цудоўным выкананнем песень. Асабліва ўразілі "Бэсамэ мучо" на беларускай мове ў перакладзе Сержука Сокалава-Воюша і кранальнае выкананне паланэза "Развітанне з Радзімай" (музыка Міхала Клеафаса Агінскага).

Сэрца напаўнялася шчасцем і дабрынёй, калі свае вершы чыталі таленавітыя паэты, на якіх шчодрая наша баранавіцкая зямля. Аляксей Белы прапанаваў вершы з новай кнігі "Жыві, дзе ўдосталь ветру…", якія натхняюць вандраваць, памятаць пра свае карані і кахаць. Выклікалі добрую ўсмешку і радасны настрой вершы Алеся Бакача, асабліва верш "Паркур" з кнігі вершаў "Ну-ля-Вы-я".

Ну і, канешне ж, танцы… Шчырыя, дынамічныя, жыццярадасныя гульні, карагоды, танцы, якімі заўсёды суправаджаліся ўсе святы і народныя абрады беларусаў. Закружылі ў парах ці тройках усе госці. "Падыспань", "Полька", "Кракавяк", "Базар" пад акампанемент музыкі Аляксея Крукоўскага і Таццяны Грыневіч нікога не пакінулі абыякавымі.

Сапраўды кажуць, хто ўмее добра працаваць, той ўмее і добра адпачываць. Напярэдадні Новага Года гэта цудоўная сустрэча аднадумцаў, сяброў, творчых асоб надала натхнення, веры ў свае сілы і ў тое, што наступны год будзе яшчэ цікавейшым і багацейшым на падзеі.

Жадаем Вам шчасця, здароўя, кахання, поспехаў у справах і асабістым жыцці, шчырых сяброў і ўвагі з боку родных. Няхай здзейсняцца Вашы жаданні і мары! Вясёлых святаў!

М. Падгайскі, г. Баранавічы.

Юбілейныя і памятныя даты 2019 года

СТУДЗЕНЬ

1 студзеня - 100 гадоў з дня ўтварэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (пазней БССР).

1 студзеня - 100 гадоў з дня заснавання Беларускай гімназіі ў Вільні.

1 студзеня - 90 гадоў з часу адкрыцця Беларускай Акадэміі навук (цяпер Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі).

3 студзеня - 75 гадоў з дня нараджэння Міхася Раманюка, вядомага беларускага мастацтвазнаўца і этнографа.

4 студзеня - 290 гадоў з дня нараджэння Іяхіма Ігнація Храптовіча (Ігнацій Юзаф Літавор, 1729-1812), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, філосафа, публіцыста, паэта.

12 студзеня - 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Хомчанкі, беларускага празаіка, сцэнарыста.

12 студзеня - 10 гадоў таму на Менскім аўтазаводзе выпушчаны першы камфартабельны аўтобус "МАЗ" для міжнародных перавозак.

14 студзеня - 125 гадоў з дня нараджэння Пятра Юргялевіча, беларускага мовазнаўца.

14 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння Васіля Шаранговіча, народнага мастака Беларусі.

16 студзеня - 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Алоўнікава (1919-1996), кампазітара і грамадскага дзеяча, народнага артыста Беларусі.

17 студзеня - 150 гадоў з дня нараджэння Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага, 1869-1922), пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў беларускай прозы.

24 студзеня - 100 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Кузняцова (1919-1986), беларускага кампазітара.

24 студзеня - 80 гадоў з дня заснавання (1939) Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

25 студзеня - 150 гадоў з дня нараджэння Адама Гурыновіча (1869-04.02.1894) паэта-дэмакрата, фалькларыста.

28 студзеня - 130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Мамонькі (1889-1937), беларускага палітычнага дзеяча і публіцыста.

29 студзеня - 190 гадоў таму была створана Беларуская навучальная акруга.

29 студзеня - 135 гадоў з дня нараджэння Антона Іванавіча Луцкевіча (1884-1942), гісторыка, публіцыста, палітычнага і грамадскага дзеяча.

31 студзеня - 90 гадоў з дня нараджэння Анатоля Пятровіча Грыцкевіча, доктара гістарычных навук, прафесара.

Студзень - 60 гадоў таму назад у Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР пачала працаваць першая ў Беларусі ЭВМ "Урал-1", якая паклала пачатак выкарыстанню ЭВМ у навуковых даследаваннях.

ЛЮТЫ

2 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння Леаніда Міхайлавіча Лыча, доктара гістарычных навук, прафесара.

3 лютага - 100 гадоў таму 1 Усебеларскі з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, зацвердзіў герб і сцяг ССРБ.

14 лютага - 220 гадоў з дня нараджэння Валенція Ваньковіча (1799-1842), беларускага жывапісца.

15 лютага - 30 гадоў таму (1989 г.) закончаны вывад савецкіх войскаў з Афганістана.

16 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння А.Д. Гарэліка (1929-1996), скрыпача, народнага артыста Беларусі.

16 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Чэслава Немана (Юліюш Выдрыцкі), выбітнага музыкі, кампазітара, спявака.

17 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Мечыслава Курыловіча, беларускага паэта.

18 лютага - 90 гадоў таму пачала дзейнічаць першая ў Беларусі Койданаўская (з 1932 г. - Дзяржынская) машынна-трактарная станцыя (МТС).

18 лютага - 75 гадоў з дня нараджэння Яўгена Будзінаса, беларускага празаіка, нарысіста.

21 лютага - 20 гадоў з часу заснавання Міжнароднага дня роднай мовы.

22 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння (1938) - Уладзіміра Андрэевіча Бабкова гісторыка, і палітолага, члена-карэспандэнта НАН Беларусі.

22 лютага - 130 гадоў з дня нараджэння М.Я. Байкова (1889-1941), педагога, лінгвіста, літаратуразнаўца.

25 лютага - 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Дарожнага (сапр. Сяргей Міхайлавіч Серада, 1909-1943), паэта.

26 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння Г.Д. Коласа (1929-1994), бел. крытыка, кінадраматурга, публіцыста.

САКАВІК

1 сакавіка - 90 гадоў з дня нараджэння Еўдакіі Лось (1929-1977), паэтэсы.

3 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Міколы Татура, беларускага перакладчыка, паэта, крытыка.

4 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Міколы Лупсякова, беларускага празаіка, дзіцячага пісьменніка, перакладчыка.

6 сакавіка - 120 гадоў з дня нараджэння Пятра Самцэвіча, беларускага лінгвіста, фалькларыста.

10 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пігулеўскага, беларускага грамадска-культурнага дзеяча, пісьменніка.

18 сакавіка - 125 гадоў з дня нараджэння Альбіна Стаповіча, беларускага грамадска-культурнага дзеяча, кампазітара, музычнага педагога.

18 сакавіка - 110 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Міхайлавіча Палікарповіча (1889-1963), гісторыка, археолага.

19 сакавіка - 110 гадоў з дня нараджэння Браніслава Сільвестравіча Смольскага (1909-2005), музыказнаўца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

20 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Эмануіла Рыгоравіча Ёфэ, доктара гістарычных навук, журналіста.

20 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Часлава Родзевіча (1889-1942), тэатральнага і грамадскага дзеяча.

21 сакавіка - 120 гадоў з дня нараджэння Міколы Ільінскага, беларускага драматурга, празаіка, акцёра.

22 сакавіка - дзень памяці Кастуся Каліноўскага (02.02.1838 - 22.03.1864), кіраўніка нацыянальна-вызвольнага руху, публіцыста, паэта. Заканчэнне паўстання на Літве і Беларусі.

27 сакавіка - 520 гадоў з часу надання гораду Менску самакіравання паводле Магдэбургскага права.

27 сакавіка - 110 гадоў з дня нараджэння Валерыя Дзмітрыевіча Маракова (1909-29.10.1937), паэта.

28 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Веры Палтаран (па мужу Ляпенскай, 1919 - 1989), беларускага празаіка, нарысіста.

31 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Зігфрыда Натанавіча Левіта, беларускага мовазнаўца.

Сакавік - 35 гадоў таму ў Менску створаны культурна-асветніцкі клуб "Спадчына".

КРАСАВІК

3 красавіка - 40 гадоў Быхаўскаму гістарычна-краязнаўчаму музею.

8 красавіка - 440 гадоў таму (1579 г.) мястэчка Мір атрымала Магдэбургскае права.

13 красавіка - 225 гадоў таму (1794 г.) пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

13 красавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Лісіцына, беларускага паэта.

17 красавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іосіфавіча Валахановіча, гісторыка, журналіста, пісьменніка.

18 красавіка - 125 гадоў з дня нараджэння Кастуся Пуроўскага, беларускага фалькларыста, спевака.

20 красавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Яўгена Лецкі, беларускага літаратуразнаўца, пісьменніка, краязнаўца, кандыдата філалагічных навук.

22 красавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Валерыя Атрашкевіча, беларускага літаратуразнаўца.

23 красавіка - 225 гадоў таму (1794 г.) у Вільні ўтвораны паўстанцкі ўрад ВКЛ - Найвышэйшая рада літоўскага народа.

24 красавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Зянона Пазьняка, беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, тэатразнаўца, археолага, публіцыста, паэта, кандыдата мастацтвазнаўства.

24 красавіка - 60 гадоў таму (1959 г.) адкрыты Лідскі краязнаўчы музей.

26 красавіка - 120 гадоў з дня нараджэння Ільі Гурскага, беларускага празаіка, драматурга.

27 красавіка - 180 гадоў з дня нараджэння Мсціслава Адамавіча Камінскага (1839-1868), этнографа, фалькларыста, публіцыста.

28 красавіка - 80 гадоў з дня нараджэння (1939 г.) Зінаіды Александраўны Бандарэнкі, дыктара тэлебачання, народнай артысткі Беларусі.

ТРАВЕНЬ

1 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння (1939 г.) Наталлі Віктараўны Гайды, спявачкі, народнай артысткі Беларусі.

1 траўня - 50 гадоў таму ў Гомелі заснаваны ўніверсітэт на аснове педагагічнага інстытута (з 1988 г. - Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францішка Скарыны).

2 траўня - 75 гадоў з часу заснавання (1944 г.) у Менску Літаратурнага музея Янкі Купалы.

4 траўня - 200 гадоў з дня нараджэння Фларыяна Станіслава Міладоўскага, кампазітара, піяніста, педагога.

5 траўня - 200 гадоў з дня нараджэння Станіслава Манюшкі (1819-1872), беларускага кампазітара. дырыжора і педагога.

9 траўня - 170 гадоў з дня нараджэння Вітольда Карлавіча Цэраскага (1849-1925), астранома, педагога.

11 траўня - 75 гадоў з дня нараджэння Марыі Шаўчонак, беларускай паэткі, журналісткі.

12 траўня - 65 гадоў таму (1954 г.) БССР прынята ў ЮНЕСКА.

15 траўня - 40 гадоў з дня адкрыцця Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ.

16 траўня - 130 гадоў з часу першай публікацыі паэмы "Тарас на Парнасе".

21 траўня - 150 гадоў з дня нараджэння Мікалая Чуркіна, беларускага кампазітара, фалькларыста.

25 траўня - 100 гадоў з дня заснавання (1919 г.) Беларускага дзяржаўнага музея. Існаваў да 1942 г.

30 траўня - 420 г. таму (1599 г.) заснаваны Мірскі Мікалаеўскі касцёл.

30 траўня - 20 гадоў таму ў Менску ў пераходзе станцыі метро "Няміга" ў выніку панікі загінула 53 чалавекі.

ЧЭРВЕНЬ

8-14 чэрвеня - 85 гадоў таму (1934 г.) адбыўся І Усебеларускі з'езд пісьменнікаў.

10 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння Хведара Чэрні, беларускага паэта.

13 чэрвеня - 160 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Горскага, скрыпача, кампазітара, педагога.

15 чэрвеня - 40 гадоў таму (1979 г.) заснавана Чырвоная кніга Беларусі - спіс рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін.

16 чэрвеня - 430 гадоў з дня нараджэння Альбрыхта Радзівіла, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

19 чэрвеня - 95 гадоў з дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча Быкава (1924-2003г.), народнага пісьменніка, Беларусі, грамадскага дзеяча.

20 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння Валерыя Мікалаевіча Раеўскага, галоўнага рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

24-25 чэрвеня - 30 гадоў таму ў Вільні адбыўся Устаноўчы з'езд Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне".

25 чэрвеня - 225 гадоў таму (1794 г.) паўстанцкія войскі ВКЛ пацярпелі паражэнне ад расійскіх войск каля мястэчка Солы.

25 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння Варлена Бечыка, беларускага крытыка, літаратуразнаўца.

26 чэрвеня - 45 гадоў таму (1974 г.) г. Менску прысвоена ганаровае званне "Горад-герой". Л.І. Брэжнеў уручыў ордэн Леніна і медаль "Залатая Зорка" г. Менску толькі ў 1978 г.

27 чэрвеня - 30 гадоў з дня Устаноўчага з'езда Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Канец чэрвеня - 75 гадоў з часу правядзеня ІІ Усебеларускаму кангрэса.

ЛІПЕНЬ

1 ліпеня - 450 гадоў Люблінскай уніі (1569 г.) - урачыстае абвяшчэнне пра аб'яднанне на аснове роўнасці Каралеўства Польскага (Карона) і Вялікага Княства Літоўскага (Княства) у федэратыўную дзяржаву - Рэч Паспалітую.

3 ліпеня - 70 гадоў вызвалення Менска ў выніку аперацыі Баграціён.

5 ліпеня - 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Каранеўскага, беларускага краязнаўца, журналіста.

6 ліпеня - 25 гадоў таму (1989 г.) у Беларусі ўрачыста адзначалася Купалле. З таго часу адзачаецца яно штогод.

9 ліпеня - 60 гадоў таму (1959 г.) у Маладзечне заснаваны Менскі абласны краязнаўчы музей (адкрыты 26 красавіка 1964 г.)

17 ліпеня - 75 гадоў з дня нараджэння Зінаіды Данільчык, беларускага мовазнаўца.

19 ліпеня - 150 гадоў з дня нараджэння Лявона Вітан-Дубекаўскага, паэта, архітэктара, палітычнага дзеяча.

23 ліпеня - 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Кірвеля, беларускага пісьменніка.

23 ліпеня - 70 гадоў таму (1949 г.) заснаваны Менская цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы.

28 ліпеня - 70 гадоў таму (1944 г.) войскі І-га Беларускага фронту вызвалілі г. Берасце ад нямецка-нацысцкіх акупантаў. Завершана вызваленне Беларусі ад акупацыі.

31 ліпеня - 370 гадоў таму (1649 г.) адбылася бітва пад Лоевам паміж аб'яднанымі казацкімі атрадамі на чале з Міхаілам Крычаўскім і войскам Вялікага Княства Літоўскага.

Ліпень. 30 гадоў таму адноўлены Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр у Полацку.

ЖНІВЕНЬ

2 жніўня - 470 гадоў з дня нараджэння Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі (1549-1616), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча ВКЛ

3 жніўня - 35 гадоў таму (1984 г.) уведзены ў эксплуатацыю ўчастак першай лініі Менскага метрапалітэна.

4 жніўня - 75 гадоў таму заснаваны Менскі аўтамабільны завод.

7 жніўня - 140 гадоў з дня нараджэння Пятра Антонавіча Крачэўскага (1879-1928), палітычнага дзеяча, гісторыка, паэта, драматурга.

7 жніўня - 65 гадоў з дня нараджэння Алега Анатольевіча Трусава, ганаровага старшыні ТБМ, кандыдата гістарычных навук.

10 жніўня - 90 гадоў з дня нараджэння Алеся Ставера, паэта.

12 жніўня - 620 гадоў таму (1399 г.) адбылася бітва на р. Ворскла, у час якой загінуў князь Андрэй Полацкі.

12 жніўня - 15 гадоў таму ў Інтэрнэт-энцыклапедыі "Вікіпедыя" з'явіўся беларускамоўны раздзел (беларуская энцыклапедыя).

14 жніўня - 225 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Ігнатавіча Балінскага (1794-22.12.1883 г.), гісторыка і публіцыста.

16 жніўня - 610 гадоў з пачатку "Вялікай вайны" (1409-1411 гг.) Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага супраць Тэўтонскага ордэна. Закончылася Торунскім мірам 1411 г. Жамойць перадавалася ВКЛ.

17 жніўня - 80 гадоў з дня нараджэння Яўгена Канстанцінавіча Новіка, доктара гістарычных навук, прафесара.

19 жніўня - 350 гадоў таму (1669 г.) у Заслаўі адкрыта аптэка.

22 жніўня - 450 гадоў таму (1569 г.) мястэчку Дзісна нададзена Магдэбургскае права.

28 жніўня - 70 гадоў з дня нараджэня Алега Рыгоравіча Бухаўца, доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры паліталогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта.

29 жніўня - 110 гадоў з дня нараджэння Валянціна Мікалаевіча Ціхановіча (1909-1978 г.), графіка.

29 жніўня - 110 гадоў таму лётчыку Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909-1939) упершыню ў СССР другі раз прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

31 жніўня - 460 гадоў таму (1559 г.) Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага.

ВЕРАСЕНЬ

1 верасня - 80 гадоў з дня пачатку Другой сусветнай вайны. Германія напала на Польшчу.

1 верасня - 15 гадоў таму адкрыты Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

2 верасня - 130 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Шапялевіча, беларускага мовазнаўца, педагога.

4 верасня - 160 гадоў з дня нараджэння Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы (1859-1934), дзеяча беларускай культуры, выдаўца і мовазнаўца.

9 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Шурпы, беларускага паэта, педагога, журналіста.

10 верасня - 90 гадоў з дня нараджэння Яўгена Аляксандравіча Глебава (1929-2000), кампазітара, педагога, народнага артыста Беларусі і СССР.

12 верасня - 90 гадоў з дня нараджэння М.Я. Матукоўскага (1929-2001 г). драматурга журналіста, заслужанага работніка культуры Беларусі.

13 верасня - 45 гадоў таму (1974 г.) Беларуская рэспубліканская студыя тэлебачання пачала каляровыя перадачы.

15 верасня - 90 гадоў з дня нараджэння Арлена Кашкурэвіча (1929 - 2013), беларускага графіка, Народнага мастака Беларусі.

17 верасня - 225 гадоў таму (1794 г.) адбыўся Крупчыцкі бой каля в. Крупчыцы (цяпер Жабінкаўскі раён) паўстанцаў на чале з К. Серакоўскім з расійскімі войскамі на чале з А. В. Суворавым.

17 верасня - 110 гадоў з дня нараджэння Лукаша Калюгі (сапр. Вашына Канстанцін Пятровіч, 1909-1937 г.), пісьменніка.

17 верасня - 80 гадоў уз'яднання Заходняй Беларусі з Усходняй.

17 верасня - 70 гадоў з дня нараджэння Генадзя Дзмітравіча Карпенкі (1949-1999), палітычнага і дзяржаўнага дзеяча.

19 верасня - 200 гадоў з дня нараджэння Руфа Ігнаццева (1819 - 1886), этнографа, гісторыка, археолага музыканта.

20 верасня - 90 гадоў таму (1929 г.) па ініцыятыве краязнаўца І.У. Стаброўскага адкрыты Слонімскі краязнаўчы музей.

21 верасня - 225 гадоў з дня нараджэння Кандрація Іванавіча Грум-Гржымайлы (1794-1874), вучонага ў галіне хірургіі.

21 верасня - 100 гадоў з дня нараджэння Пятра Раманоўскага (1919 - 1977), беларускага жывапісца.

26 верасня - 400 гадоў з дня нараджэння Ігнація Іяўлевіча (Яўлевіча, 1619 - 1686), беларускага педагога, пісьменніка, асветніка, царкоўнага дзеяча.

26 верасня - 390 гадоў таму падпісана перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй, гэтым перамір'ем закончылася вайна (1600-1629 гг.).

29 верасня - 490 гадоў Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1529 г.

Верасень:

210 гадоў таму ў в. Жодзішкі (цяпер Смаргонскі раён) езуіты заснавалі калегіюм (сярэдняя навучальная ўстанова), якая дзейнічала да 1773 г.

110 гадоў з дня заснавання настаўніцкай семінарыі ў Рагачове. Існавала да 1919 г.

КАСТРЫЧНІК

1 кастрычніка - 60 гадоў з дня нараджэння Веніяміна Аркадзьевіча Космача, доктара гістарычных навук, прафесара.

2 кастрычніка - 200 гадоў з дня нараджэння А. Незабытоўскага (1619-1849),. пісьменніка, філосафа, гісторыка.

4 кастрычніка - 270 гадоў з дня нараджэння Францішка Дыянізы Князьніна (1749 - 1807), беларускага паэта, драматурга, перакладчыка.

7 кастрычніка - 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Паўлавіча Благіна, лётчыка-выпрабавальніка.

10 кастрычніка - 80 гадоў таму (1939 г.) падпісаны дагавор паміж СССР і Літвой. Літве перадавалася большая палова Віленскага ваяводства і г. Вільня.

13 кастрычніка - 120 гадоў з дня нараджэння М. Жыркевіча (1899-1984), педагога, аўтара школьных падручнікаў па беларускай мове.

13 кастрычніка - 60 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Іванавіча Мянькоўскага, доктара гістарычных навук, прафесара.

15 кастрычніка - 90 гадоў таму (1929 г.) створаны Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

19 кастрычніка - 90 гадоў з дня пуску першага трамвая ў Менску.

21 кастрычніка - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Іосіфасіча Навіцкага, доктара гістарычных навук.

Кастрычнік - 30 гадоў таму ўтвораны Беларускі экзархат - Беларуская праваслаўная царква.

ЛІСТАПАД

7 лістапада - 75 гадоў таму (1944 г.) ў Менску адкрыты Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны. Гэта быў першы ў СССР музей, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

7 лістапада - 70 гадоў з дня нараджэння Міхася Мельніка, паэта, першага старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

10 лістапада - 270 гадоў з дня нарадээння Мацея Радзівіла (1749-1800), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, драматурга, кампазітара, удзельніка паўстання 1794.

11 лістапада - 110 гадоў з дня нараджэння Георгія Уладзіміравіча Заборскага (1909-1999), народнага архітэктара СССР, аўтара Манумента Перамогі ў Менску.

11 лістапада - 20 гадоў таму адкрыты Старадарожскі мастацкі музей (фонд А.Я. Белага).

13 лістапада - 525 гадоў таму горад Высокае атрымаў Магдэбургскае права.

14 лістапада - 100 гадоў таму (1919 г.) адкрыты Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

14 лістапада - 80 гадоў таму 3-я (нечарговая) сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР прыняла закон "Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". У выніку насельніцтва Беларусі павялічылася да 11 млн. чалавек.

21 лістапада - 150 гадоў з дня нараджэння Казіміра Стаброўскага (1869-1929), жывапісца, педагога.

26 лістапада - 60 гадоў таму (1959 г.) у Менску адкрыты Літаратурны музей Якуба Коласа.

29 лістапада - 160 гадоў з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Янчука (1859-1921), пісьменніка, этнографа.

30 лістапада - 120 гадоў з дня нараджэння Міхася Лынькова (Міхася Ціханавіча, 1899-1975), пісьменніка літаратуразнаўца, Народнага пісьменніка Беларусі.

30 лістапада - 80 гадоў таму (1939 г.) пачалася савецка-фінляндская вайна, якая доўжылася да 12 сакавіка 1940 г.

СНЕЖАНЬ

1 снежня - 30 гадоў з дня правядзення ў Гародні гарадской устаноўчай канферэнцыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

4 снежня - 80 гадоў таму на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі існавалі 10 абласцей.

9 снежня - 450 гадоў таму (1569 г.) Радашковічы атрымалі Магдэбургскае права.

10 снежня - 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Белага, беларускага грамадска-культурнага дзеяча, кіраўніка клуба "Спадчына", стваральніка Старадарожскага мастацкага музея.

14 снежня - 80 гадоў таму Ліга Нацый выключыла СССР з ліку сваіх членаў за агрэзію супраць Фінляндыі.

16 снежня - 80 гадоў з дня нараджэння (1939 г.) Зьніча (сапр. А.А. Бембель), паэта, публіцыста, філосафа.

16 снежня - 30 гадоў таму назад утворана Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны.

25 снежня - 80 гадоў таму пастановай СНК БССР арганізаваны дзяржаўны запаведнік "Белавежская пушча".

27 снежня - 100 гадоў з дня нараджэння Галіны Макаравай, народнай артысткі Беларусі і СССР.

28 снежня - 100 гадоў з дня нараджэння Іларыёна Мяфодзьевіча Ігнаценкі (1919-2002 ), гісторыка, акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

28 снежня - 30 гадоў таму (1989 г.) створана Беларускае краязнаўчае таварыства.

У 2019 годзе

1045 гадоў гораду Віцебску.

1010 гадоў з часу першага ўпамінання пра Літву ў "Аповесці мінулых гадоў".

1000 гадоў таму (1019 г.) з часу першага ўпамінання ў летапісе пра Бярэсце.

975 гадоў таму назад - пачатак княжання ў Полацку Усяслава Чарадзея.

975 гадоў з часу першых пісьмовых звестак пра горад Навагародак.

960 гадоў (1059 г.) з першага ўпамінання ў летапісе пра Копысь (цяпер гарадскі пасёлак ў Аршанскім раёне).

900 гадоў таму кіеўскі князь Уладзімір Манамах захапіў Менск, узяў у палон Глеба Усяславіча.

890 гадоў таму кіеўскі князь Мсціслаў саслаў полацкіх князёў з жонкамі і дзецьмі ў Візантыю за адмову падпарадкавацца яго ўладзе.

860 гадоў з часу першых летапісных звестак пра Чачэрск. Вядомы 500 гадоў як мястэчка.

790 гадоў гандлёвай дамове Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з горадам Рыгаю, востравам Готланд і нямецкімі гарадамі, які вядомы пад назваю "Смоленская торговая правда".

635 гадоў таму (1384 г.) герб "Пагоня" стаў дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага.

620 гадоў (1399 г.) гандлёваму дагавору Полацка з горадам Рыгаю.

525 гадоў таму назад Высокае атрымала Магдэбургскае права (1494).

490 гадоў таму (1529 г.) пабудаваны Мікалаеўскі касцёл у вёсцы Геранёны Іўеўскага раёна.

470 гадоў таму (1539 г.) быў пабудаваны Аўгустоўскі канал, які злучыў рэкі Неман і Бебжа (басейн Віслы). Будаўніцтва пачалося ў 1524 г., адноўлены ў 2007 г.

450 гадоў з дня нараджэння Яна Пётры Сапегі (1569-1611), гетмана, вайсковага дзеяча ВКЛ.

450 гадоў таму назад І. Фёдараў і П. Мсціславец выдалі сваю першую кнігу ў Беларусі (1569).

450 гадоў таму назад Радашковічы, Крынкі, Сураж і Дзісна атрымалі Магдэбургскае права (1569).

440 гадоў таму (1579 г.) Віленская езуіцкая акадэмія ператворана ў Віленскі ўніверсітэт - першы ўніверсітэт ва Усходняй Еўропе.

420 гадоў гораду Вілейка. У 1599 г. упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах як цэнтр староства.

410 гадоў з часу ўтварэння Трыбунала скарбовага ВКЛ. Дзейнічаў да 1726 г.

410 гадоў з дня нараджэння Паўла Яна Сапегі (1609-1665), гетмана вялікага ВКЛ.

410 гадоў таму (1609 г.) беларуска-літоўскія войскі на чале з гетманам Янам Хадкевічам перамаглі шведаў пад Рыгай і занялі Пярну.

390 гадоў з дня нараджэння Сімяёна Полацкага (Пятроўскі-Сітняновіч Самуіл Гаўрылавіч, 1629-1680 г.), паэта, драматурга, перакладчыка, педагога, рэлігійнага і грамадскага дзеяча.

250 гадоў таму (1769 г.) пачаў дзейнасць у Гародні тэатр Антонія Тызенгаўза.

225 гадоў з дня нараджэння Яна Баршчэўскага.

150 гадоў з дня нараджэння А.Р. Пшчолкі (1869-1943), пісьменніка, публіцыста, этнографа.

110 гадоў таму распачата публікацыя зборнікаў дакументаў навуковых прац па гісторыі Беларусі - "Полоцко-Витебской старины", "Минской старины".

30 гадоў таму 1989 г. заснаваны ілюстраваны гісторыка-культурны часопіс "Спадчына"

Укладальнікі Сымон Барыс, Станіслаў Суднік.

75 гадоў з дня нараджэння Міхася Раманюка

Міхась Фёдаравіч Раманюк (3 студзеня 1944, в. Кавалі, Брагінскі раён, Гомельская вобласць - 4 верасня 1997, Менск, Беларусь) - беларускі мастацтвазнаўца і этнограф.

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Старынкі Койданаўскага раёна. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Заснаваў часопіс "Мастацтва Беларусі" і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. За ўласныя грошы правёў дзясяткі этнаграфічных экспедыцый, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцый традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў Міхася Раманюка налічвае больш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; падарожныя дзённікі складаюць дзясяткі тамоў. Важная частка шматгадовай творчай дзейнасці Міхася Раманюка - артыкулы і ілюстрацыі ў энцыклапедыях: "Беларуская савецкая энцыклапедыя", "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі", "Этнаграфія Беларусі"… Памёр ва ўзросце 53 гадоў ад анкалагічнай хваробы.

У 1981 годзе выдаў альбом "Беларускае народнае адзенне", што складаецца з архіўных фатаздымкаў ды фатаздымкаў, зробленых аўтарам падчас экспедыцый 1967-1980 гадоў. Строі вызначаны аўтарам згодна вылучаным ім этнаграфічным рэгіёнам Беларусі:

Заходняе Палессе;

Усходняе Палессе;

Прыдняпроўе;

Цэнтральная Беларусь;

Панямонне і Наддзвінне.

Вікіпедыя.

Гарадзенскі каляндар

Выйшаў "Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2019 год (па матэрыяле Гродзеншчыны). Гэта ўжо 10-ты выпуск.

Як і раней, складальнік календара Аляксей Пяткевіч, рэдактар Станіслаў Суднік.

Наш кар.

Літаратурны вобраз кіраўніка першага ўрада БССР

Да 100-годдзя БССР

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч. Ён жа - Капылянін, Сымон Друк, Авадзень, Цішка Гартны. Некаторым сучаснікам здавалася, што вядомы грамадскі дзеяч Жылуновіч - гэта іншы чалавек, які да публіцыста дачынення не мае. Мастацкі вобраз аўтара "Маніхвэста Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі", абвешчанага 1 студзеня 1919 года, стварыў у сваёй дакументальнай аповесці "Без эпітафіі" (1989) Эрнест Ялугін. Пісьменнік распавёў пра сваю працу над біяграфіяй кіраўніка першага ўрада БССР.

- Эрнест Васільевіч, Зміцер Жылуновіч блізкі Вам як публіцыст, рэдактар газеты і часопіса. Што падштрухнула Вас даследваць яго жыццё і дзейнасць? Якія абставіны і асобы паспрыялі Вам у стварэнні кнігі пра яго?

- У канцы 80-тых гадоў я працаваў адказным сакратаром часопіса "Нёман". Чытачоў зацікавілі мае эсэ пра Мікалая Ўлашчыка і Адама Мальдзіса, і мне даручылі напісаць пра Жылуновіча. Мне паспрыяў Аляксей Кароль, які працаваў у Інстытуце гісторыі партыі, падзяліўся сваімі знаходкамі Віталь Скалабан.

Калі я збіраў матэрыял, рабіць усё было даволі складана, бо яшчэ дзейнічала КПСС. Але перабудова задавала свой тэмп. Шмат матэрыялаў я здабыў у архівах, я сустракаўся з удзельнікамі падзей.

У свой час, калі Ніл Гілевіч і Алег Трусаў запрасілі мяне да рэдактарства "Нашым словам", я зразумеў, якой важнай з'яўляецца газета як калектыўны арганізатар і натхняльнік у дзейнасці ТБМ. Сам я быў адказным сакратаром у чатырох рэдакцыях, пачынаючы з Мсціслаўскай раённай газеты.

Першы варыянт кнігі на рускай мове быў надрукаваны ў часопісе "Нёман" пад назвай "После небытия". Мне важна было паказаць, што зрабіў Зміцер Жылуновіч як дзяржаўны дзеяч. Кніга выходзіла ў СССР вялікім накладам. Калі ўтварылася Рэспубліка Беларусь з ідэяй незалежнасці, узнятая тэма стала яшчэ больш актуальнай. Маю кнігу чыталі дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

- З кім Вам давялося сустрэцца падчас працы?

- Вялікую дапамогу аказала Галіна Жылуновіч, якая падрабязна распавяла пра бацьку і пазнаёміла з пісьмамі і сямейнымі рэліквіямі, дапамаглі В.У. Скалабан - аўтар дысертацыі пра дзейнасць Белнацкама і У.Д. Якутаў, - аўтар прац пра Аляксандра Чарвякова. Багаты гістарычна-літаратурны і чалавеказнаўчы матэрыял быў сабраны ў кнізе "Успаміны пра Цішку Гартнага", укладальнікам якога была дачка пісьменніка, кандыдат філалагічных навук Г.З. Жылуновіч і вядомы зямляк Гартнага, доктар гістарычных навук, прафесар С.Х. Александровіч.

Акрамя таго, я знайшоў месца, дзе пахаваны Жылуновіч.

- Як гэта адбылося?

- Я тройчы наведваў Магілёўскую псіхалякарню, дзе знаходзіўся Жылуновіч у 1937 годзе. Я знайшоў трох сведак, якія распавялі мне пра падзеі 1937 года: урача і дзвюх санітарак шпіталя. Адна з санітарак па прозвішчы Звяркова была маладой дзяўчынай у той час. Яна трапіла туды за сваім бацькам, таму што сям'ю раскулачылі і бацька звар'яцеў ад роспачы, а маці і маленькае дзіця выкінулі на вуліцу, і ніхто не даваў ім прытулку. Старэйшая дзяўчынка прабілася да свайго бацькі і працавала ў шпіталі санітаркай.

Урэшце, бацька Звярковай памёр, і яго пахавалі ў той яме, дзе і Змітра Жылуновіча. Яна прыходзіла туды наведваць свайго бацьку. Яна паказала мне гэтае месца, бо выдатна яго ведала. Калі я быў удзельнікам здымачнай групы дакументальнага фільма па маёй кніжцы "Без эпітафіі", то сведкаў знялі на кінакамеру. Сведкі паведамілі, што былі там і бачылі мёртвага Жылуновіча. У іх у той час была ўзята падпіска пра неразгалошванне. Афіцыйнай версіяй лекараў была гангрэна лёгкіх, але ёсць меркаванне, што гэта было самагубства.

Жылуновічу спецыяльна дазвалялася прыходзіць у кантору і чытаць газеты. Калі ён даведаўся, што ў Маскве ідзе суд над нацдэмамі, ён зразумеў, што яго можа чакаць такі лёс. Каб пазбегнуць магчымых катаванняў, ён пайшоў на мужны ўчынак, бо не хацеў патрапіць сведкам на працэс і не хацеў, каб знішчылі яго сям'ю. Жонку Надзею Сцяпанаўну, сына і дачку як сям'ю ворага народа проста выслалі з Беларусі і не дазволілі ім жыць у вялікіх гарадах. У другое выданне кнігі, падрыхтаванае для "Мастацкай літаратуры", я дадаў усе новыя звесткі. Але яно, на жаль, не выйшла.

- У кнізе Вы паказалі Жылуновіча маладым гарбаром з Капыля, потым - карэспандэнтам "Нашай Нівы", рэдактарам "Дзянніцы", сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэта, кіраўніком першага ўрада БССР.

- У мяне была задача не зрабіць гістарычную бухгалтэрыю, а стварыць вобраз. Я шукаю сацыяльныя і псіхалагічныя прычыны кожнай з'явы ў гісторыі. Я натхніў Генрыха Далідовіча, і ён у сваіх публікацыях развіў гэтую тэму, быў маім пераемнікам.

- Жылуновіч быў схіліўся да бальшавікоў? Чаму так здарылася?

- Калі прачытаць іх праграму, яны абяцалі перадаць зямлю рабочым і сялянам, запэўнівалі, што рабочыя на заводах будуць самі выбіраць сваё кіраўніцтва і частку прыбытку размяркоўваць паміж сабой. Бальшавікам удалося пераканаць народ, што яны зробяць лепшым жыццё. У той жа час дзеячы БНР не маглі згуртавацца, спрачаліся паміж сабой.

- У БССР не было ніводнай поўнай праўдзівай публікацыі пра лёс кіраўніка яе першага ўрада да выхаду Вашай кнігі. Гэта сведчыць пра тое, што дзяржава была камуністычнай і рэпрэсіўнай сістэмай?

- Калі не ўдалося рэалізаваць ідэю БНР, Жылуновіч і Чарвякоў думалі пра тое, што трэба падтрымаць БССР, таму што незалежнай была абвешчана не толькі асобная вобласць яе, а ўся краіна, хаця і ў форме савецкай рэспублікі. Інстынктыўна яны разумелі, што ні адна імперыя не ўтрымліваецца вельмі доўга, у іх было спадзяванне, што наперадзе будзе нешта лепшае, як пісалі: "Загляне сонца і ў наша ваконца".

Жылуновіч спадзяваўся, што калі абвешчана нацыянальная рэспубліка, то з цягам часу пачнуць выкладаць усе прадметы на беларускай мове ў школах, будзе працаваць у кожным горадзе нацыянальны тэатр, возьмецца за культурную справу інтэлігенцыя і будзе створаны нацыянальны друк.

У 1925 годзе Жылуновіч вязе ў Берлін дзвесці тысяч марак і два пуды рукапісаў, каб выпусціць у свет падручнікі на беларускай мове і некалькі томікаў беларускага прыгожага пісьменства. Жылуновіч узначальвае Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, актывізуе выдавецкую працу, рупіцца пра паліграфічнае забеспячэнне.

- Вы стварылі рознапланавы партрэт Цішкі Гартнага.

- Ён заўсёды сачыў за сваім знешнім выглядам, любіў прыгожа апранацца. Як толькі дазволілі ўмовы, купіў шэры франтаваты касцюм-тройку. Насіў белыя накрухмаленыя каўнерыкі, гальштук-мушку, вялюравы капялюш з вузкімі палямі, прывезены з Германіі. У Капыль ён прыязжаў заўсёды ў самым лепшым касцюме, падарункі прывозіў не толькі радні, але і суседзям, дзяцей частаваў цукеркамі, пернікамі. Многім гэта падабалася. А нехта цішком зайздросціў. Так з'явіўся данос у ЦК. На першым плане фігуравала, што Жылуновіч прымаў удзел у пахаванні свайго швагра з царкоўнымі ўшанаваннямі, а следам - што быў апрануты па-буржуйску, нават пачапіў гальштук. У чэрвені 1924-га яго на год выключаць з партыі - "за адарванасць ад мас і абывацельскую псіхалогію".

У 1928 годзе ён становіцца правадзейным членам Інбелкульта. У 1934-1936 працуе ў Інстытуце гісторыі БелАН, чытае лекцыі па гісторыі Беларусі. У сваю кніжку я ўключыў вершы Змітра Жылуновіча.

- Чаму народ з глыбокай хрысціянскай гісторыяй паддаўся агітацыі бальшавікоў і так лёгка згадзіўся на разбурэнне і рабаванне храмаў?

- Калі хрысціянская вера становіцца дзяржаўнай, яна зрастаецца з кіруючай ўладай. Для значнай часткі людзей вера асцыявалася з царскім самадзяржаўем. Бальшавікі абяцалі адабраць маёмасць цэркваў і манастыроў і аддаць сялянам. Прапаганда дзейнічала актыўна. Яны заклікалі рабаваць храмы і знішчаць святароў, бо святары, быццам бы, падтрымлівалі белую армію.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Эрнест Ялугін; 2. Кніга " Без эпітафіі".

Пад зоркай Купалы

Гэты артыкул прысвячаецца 70-годдзю беларускага паэта і журналіста Уладзіміра Барысенкі. Яго цікавыя і пазнавальныя аповеды пра нашу багатую гістарычна-культурную спадчыну ўжо колькі год упрыгожваюць старонкі ведамаснай газеты МУС "На страже" і, хочацца верыць, спрыяюць абуджэнню ў праваахоўнікаў незалежнай Беларусі патрыятычных пачуццяў і нацыянальнай самасвядомасці.

Прапанаваны тут матэрыял грунтуецца на цалкам праўдзівай гісторыі, што адбылася 5 снежня 2018 года, акурат за месяц да юбілею Уладзіміра Уладзіміравіча. У той дзень па папярэдняй дамоўленасці мы сустрэліся з ім каля старажытнага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора на Нямізе. Падставай для сяброўскай сустрэчы якраз і стала мая задума напісаць артыкул у гонар творцы і свайго калегі па пяры - Уладзіміра Барысенкі, з якім, між іншым, таварышуем не першы год.

Я прапанаваў зайсці ў кавярню і пагаманіць за кубкам гарбаты, але спачатку папрасіў разам завітаць у выдавецтва "Беларусь", што месціцца непадалёк на Машэрава (дасюль не магу звыкнуцца да, мякка кажучы, незразумелага перайменавання гэтай вядомай гарадской артэрыіі ў праспект Пераможцаў і з сябрамі зазвычай ужываю яе ранейшы назоў - "Машэрава"). У "Беларусі" чакаў сігнальны асобнік маёй "Старасвецкай Лошыцы" з невядомым тэкстам Купалы, які сёлета пашчасціла знайсці ў архіве.

З захапленнем паведаміў пра тое спадару Уладзіміру, а ён пры ўзгадванні імя нашага Песняра ажывіўся і з не меншым запалам пачаў распавядаць пра "свайго" Купалу (родныя У. Барысенкі блізка ведалі Янку Купалу; на жаль, пра гэта ў беларускім друку толькі тры! малавядомыя публікацыі). Але я папрасіў тады Уладзіміра Уладзіміравіча прыхаваць свае ўспаміны на халодным паветры і вярнуцца да іх праз колькі хвіляў у цеплыні і па-за гарадскім шумам.

Пасля прагляду свежай "…Лошыцы" абодва ўсцешаныя паліграфічным афармленнем кнігі, мы прадоўжылі размову за гарбатай у гандлёвым цэнтры Galleria Minsk на Машэрава (сучаснаму - Пераможцаў), 9.

Найперш мяне цікавіла, як Уладзімір Барысенка пачаў пісаць па-беларуску (першая яго кніга вершаў "Рельсы судьбы" выйшла на рускай мове ў 1994 годзе ў Оршы, калі аўтар меў ужо багаты досвед журналісцкай дзейнасці). На што спадар Уладзімір распавёў наступнае.

- Мала хто ведае, але маёй першай кнігай была рускамоўная кніга нарысаў "Прописан на этой земле". У сярэдзіне 1970-х яна ляжала падрыхтаванай да друку ў выдавецтве "Ураджай", але так і не пабачыла свет. Кніга паспяхова прайшла тагачасную абавязковую партыйную цэнзуру (па правілах кожнае выданне зацвярджалі ў ЦК КПБ), але "для страхоўкі" яе яшчэ далі пачытаць аднаму крытыку. Як мне казалі, яму не вельмі спадабаўся мой вольны моўны стыль, якім я распавядаў пра "славных тружеников сельского хозяйства". І ягоны вердыкт стаў вырашальным… Цікава, што ўсе нарысы з гэтай маёй першай кнігі былі пазней надрукаваны ў калектыўных зборніках "Гвардейцы хлебной нивы" (1978), "Битва за урожай" (1979), "Верность земле" (1984), "Набат из будущего" (1990).

Адзначу, я заўсёды імкнуўся пісаць вольна, нязмушана, пазбягаючы савецкіх ідэалагічных штампаў. За 43-гадовае журналісцкае жыццё давялося папрацаваць у розных рэспубліканскіх выданнях - "Знамя юности", "Сельской газете", "Белорусской ниве", "На страже", часопісе "Беларуская думка". Сярод маіх калег у гэтых калектывах былі такія вядомыя творцы, як Марыя Вайцяшонак, Уладзімір Глушакоў, Васіль Жуковіч, Браніслаў Спрынчан (1928 - 2008), Віктар Супрунчук, Мікола Федзюковіч (1943 - 1997), Васіль Шырко, Яўгенія Янішчыц (1948 - 1988), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.

А пісаць вершы я сапраўды пачынаў па-руску, у сёмым класе, калі закахаўся ў Сонечку Захараву; на той час яна вучылася ў дзясятым і вельмі нагадвала сваім вабным тварыкам артыстку Настассю Вярцінскую. Дарэчы, пра гэта згадаў у парадмове да сваёй кнігі "Вірус адзіноты" (2000). Ніводнага "твора" (вядома ж, пра каханне) не захавалася. Не захаваліся і сшыткі з сачыненнямі, якія часцяком заканчваў вершаванымі радкамі.

А як перайшоў на беларускую?

Мае даўнія сябры - вядомыя літаратары Генрых Далідовіч і Казімір Камейша. Неўзабаве пасля выхаду сваіх "Рельсов судьбы" я завітаў у рэдакцыю "Маладосці", дзе яны ў той час працавалі. Заўважу, Г. Далідовіч у 1990-х быў галоўным рэдактарам гэтага часопіса. Сябры пазітыўна ацанілі мой першы паэтычны зборнік, але Генрых Далідовіч прынцыпова сказаў тады: "Уладзімір, ты ўсё-такі не забывай, што ты беларус, заканчвай па-расейску пісаць вершы…". Яго падтрымаў К. Камейша. Калі шчыра, я пісаў па-беларуску, але, каб падмацаваць мяне ў здольнасці і неабходнасці рабіць гэта заўсёды і адмыслова, відаць, патрэбен быў пэўны штуршок-падтрымка… Як кажуць, хочаце - верце, хочаце - не, але словы сяброў канчаткова і скіравалі мяне на "беларускую дарогу".

Дарэчы, яшчэ раней, 11 ліпеня 1984 года - дакладна памятаю дату, падобную параду пачуў і з вуснаў Максіма Танка. Тады разам з сваім калегам і сябрам Рыгорам Кадзетам былі ад "Сельской газеты" у камандзіроўцы на радзіме паэта - Мядзельшчыне (рыхтваўся выпуск, прысвечаны працаўнікам гэтага раёна). Наведалі Яўгена Іванавіча, які адпачываў на Нарачы пасля перанесенага інфаркту. Калі падчас той незабыўнай сустрэчы я сказаў яму, што пішу вершы па-руску, Максім Танк зазначыў: "Ніхто вас за гэта асуджаць не будзе, ды і не павінен гэта рабіць. Але ж вы - беларус? Ну, вось. Трэба спрабаваць на роднай мове, і адчуеце самі зусім іншы настрой, зусім іншую музыку. Адчуеце і дасце адчуць іншым сваё, роднае, без якога і дыхаць на поўныя грудзі немагчыма. А я адчуваю, што ў вас атрымаецца. Размаўляеце і думаеце вы добра. Так што пішыце ўсё-ткі па-беларуску, а потым хай перакладаюць"...".

І ўжо ў другім зборніку Уладзіміра Барысенкі "Запаленне душы" (1996) разам з рускамоўнымі з'явіліся вершы па-беларуску. Варта адзначыць, што прадмову да яго напісаў слынны беларускі пісьменнік і перакладчык Янка Сіпакоў (1936 - 2011). На мой погляд, у літаратурнай крытыцы - гэта адзін з лепшых водгукаў на паэзію аўтара. Прапаноўваю чытачам вытрымкі з узгаданай прадмовы.

"Першая кніжка вершаў Уладзіміра Барысенкі, майго земляка з Аршаншчыны, выйшла два гады таму. Мне ж знаёмства з яго арыгінальнай, своеасаблівай, усхваляванай паззіяй давялося пачынаць якраз з другога зборніка.

У ім мяне ўразіў першы ж верш - "Пачынаю спачатку":

Пачынаю спачатку,

нават з мінус нуля пачынаю...

З роднай мовы

я другое жыццё пачынаю...

З верша гэтага

адраджэнне сваё пачынаю...

Я здзівіўся: маючы цэлую кнігу вершаў, пачынаць усё спачатку, з нуля? А потым зразумеў - першы зборнік быў напісаны па-руску, а цяпер паэта моцна паклікала родная матчына мова, якой ён і спавядаецца ў новым зборніку - хоць у частцы вершаў.

А змяніць мову, вярнуцца да вытокаў - гэта і праўда як усё роўна змяніць жыццё, пачаць сваё адраджэнне і ачышчэнне. I адразу стала відаць, як чакала родная мова звароту да сябе. Як засвяціліся словы, якой цішынёй і спакоем запаланілі яны душу: першаснеззе, троххвойе, першахата, дубы-неабдымы, дзень леціць...

У паэзіі Ул. Барысенкі ўсё нечакана, усё не так, як у іншых - свежа і па-новаму. У яго свае адносіны да слова і да вобраза.

…Паэт уважлівы і зоркі на позірк: ён бачыць, "як цалуецца вецер з вятрынкай".

Ён ведае, як "грэе холад па начах".

…I ўвогуле вершы Ул. Барысенкі - не спакойнае выкладанне нейкіх падзей, фактаў, настрояў, думак. Маўляў, нешта адбываецца. То няхай сабе і адбываецца. Вершы паэта крычаць, ім баліць несправядлівасць, у іх невылечны клопат пра тое, каб людзі не трапілі ў той поезд, "што зноў паляціць пад адхон".

Паэт глядзіць на свет сэрцам і глыбока перажывае за ўсё сваёй чулай і вельмі ранімай душою: "Я вскрытой веной чувствовал вас, люди... ".

Адсюль - "Запаленне душы". Запаленне сэрца. Адсюль і такое шчырае хваляванне слова, якое шукае дабра і справядлівасці".

Калі паэт вяртаецца да роднай мовы, дык, значыцца, ён вяртаецца да мовы сваёй нацыі. А нацыянальная самасвядомасць для чалавека пачынаецца з маці, з яе першых слоў, першых песняў… Нездарма нашу беларускую мову мы паважліва і ласкава называем матчынай, па трапна-вобразным азначэнні Уладзіміра Дубоўкі - "матчын дарунак ад самай калыскі".

І ў час размовы са спадаром Уладзімірам я лагічна спытаў у яго: "Ці не першым "штуршком" да роднай мовы была яго маці, якая ведала Янку Купалу?".

І вось які цікавы аповед пачуў з вуснаў паэта.

- Сапраўды, для мяне родная мова - матчына. Маці - Настасся Іллінічна (1924 - 2007) - вельмі добра ведала беларускую мову і расказвала мне на ёй у дзяцінстве розныя паданні. Я і сёння магу дакладна ўспомніць, напрыклад, вялікі расповед пра "сапраўднага" ведзьмака Грышку, якога ўсе ў наваколлі ведалі і да якога прыслухоўваліся. Упэўнены - сваю любоў да ўсяго нашага, беларускага, матуля прыдбала і захавала не без дапамогі Купалы…

Каб гэта ўявіць, мушу пачаць, як кажуць, з самага пачатку…

Я нарадзіўся 5 студзеня 1949 года ў Фабрычным пасёлку, ад якога застаўся стары парк ды некалькі дамоў, блізу вёскі Якаўлевічы на Аршанчыне. Тэрыторыяй валодаў некалі барон Корф - прадстаўнік вядомага нямецкага дваранскага роду ў Расійскай імперыі. Тут дзейнічала яго суконная фабрыка, якая працавала пры Саветах да самага пачатку Вялікай Айчыннай. У бальнічцы, што абслугоўвала вакольныя вёскі, каля паўстагоддзя шчыравала медсястрой пасля вайны мая мама. Я ніколі не чуў, каб яе называлі не інакш, як прыязна, - Іллінічна. Хачу адзначыць, мама была вельмі адукаванай, у 1940 годзе паступіла на факультэт замежных моў Менскага педінстытута (валодала добра нямецкай), але з-за цяжкіх матэрыяльных умоў, на жаль, вымушана была кінуць вучобу.

У Фабрычным нарадзіўся і мой бацька - Уладзімір Лукіч (1924 - 1987).

У свае няпоўныя 18 ён добраахвотнікам пайшоў на фронт. З разлікам легендарнай "Кацюшы" прайшоў Сталінград і Курскую дугу, вайну скончыў у Кенігсбергу. Пасля вяртання працаваў у падсобнай (на тэрыторыі пасёлка) гаспадарцы Аршанскага ільнокамбіната брыгадзірам, потым у мясцовых калгасах імя Леніна і імя Дзяржынскага трактарыстам-камбайнёрам. Я заўсёды ганарыўся і працягваю ганарыцца ім і ягонымі баявымі ўзнагародамі, якія ў дні святаў ён мацаваў на чорным бастонавым пінжаку ды ішоў з суседам-франтавіком Восіпам Івановым да ўсталяванага ля нашай Якаўлевіцкай СШ помніка загінулым землякам.

Якаўлевічы, не сказаць, каб самая глыбінка Беларусі, да якой два дні пёхам, ды ўсё лясамі і балотамі. Не. Недалёка да шашэйкі "Віцебск - Магілёў - Адэса". А галоўнае - недалёка да купалаўскіх Ляўкоў. Да іх ад майго Фабрычнага - не болей за дванаццаць кіламетраў. Чатыры - да Магіілёўскае шашы і восем - ад павароткі на цэнтр сельсавета Зубава, куды сёлета "пераехала" родная школа, якую пасля 90 гадоў існавання зачынілі, і якая падзяліла лёс яшчэ сямі школ раёна.

А яшчэ бліжэй да Ляўкоў (рукой падаць - 3 км) знаходзіцца старажытнае мястэчка Копысь (вядомы цэнтр керамічнага рамяства, гэтак званай "копыскай кафлі").У Копысі, на самым беразе Дняпра, стаяла хата майго дзеда па маці Іллі Нічыпаравіча Ігнаценкі.

У той час, калі Купала прыязджаў адпачываць у Ляўкі, дзед працаваў майстрам-хлебапёкам на Копыскай хлебапякарні. Часам з маёй матуляй, а часцей адзін, прывозіў на купалаўскую дачу духмяныя і яшчэ цёплыя боханы хлеба.

Як Ляўкі сталі купалаўскімі - даволі вядомы факт. Упершыню Іван Дамінікавіч аказаўся ў мястэчку ў красавіку 1935 года падчас сваёй чарговай творчай камандзіроўкі. Ён настолькі ўразіўся і вёскай, і наваколлем, што пражыў тут у сям'і тутэйшага ляснічага Мікалая Шыманскага цэлае лета. Мясцовасць так яму спадабалася, што пасля пастановы аб будаўніцтве ўрадам дачы ў гонар яго 30-гадовай творчай дзейнасці, на пытанне "дзе?", адказаў - "толькі тут!".

Мой дзед моцна сябраваў з Шыманскім, які і пазнаёміў яго з Купалам.

А нагода была не зусім звычайная. Паэт прыхварэў на твар, і яму тэрмінова спатрэбіліся піўныя дрожджы. І Шыманскі прывёз Івана Дамінікавіча да свайго будучага "лекара" летам 1935 года. "Быў ён сярэдняга росту, з кіёчкам і ў каляровай цюбецеечцы", - расказваў дзед. - Гаварыў мала, пытаўся, хто, як у акрузе жыве, колькі зарабляюць, колькі ў школе дзяцей. Такі прыемны, сціплы, светлы чалавек", - падкрэсліваў дзед потым неаднаразова.

Наступным разам, гэта ўжо восенню 1935 года, Купала прыехаў са сваімі падарункамі. Дзеду прывёз пляшку асабістай "зуброўкі", а маме - цукеркі і кніжку на беларускай мове.

Калі Купала быў заняты, па "лекі" наведвалася яго жонка Уладзіслава Францаўна. І тады "загадваць лекамі" пачынала мая бабка Марыя Антонаўна. Так яны сталі сапраўднымі сяброўкамі. Толькі аднойчы пакрыўдзілася цётка Уладзя: Маруся не сказала ёй, што ў яе адсутнасць Іван Дамінікавіч гуляў ноччу на дачы не толькі з сябрамі-паэтамі, але і з дзяўчатамі. Пасля давялося яму нанава шкліць вокны на сваім лецішчы!

У чарговы раз дзед сустракаўся з паэтам падчас наведвання ім Копыскай сярэдняй школы, дзе мама вучылася тады ў сёмым класе. Яна распавядала, што Купала быў у іх школе некалькі разоў. Асабліва запомніла, як ён прыязджаў у 1938-м разам, здаецца, з Пятрусём Броўкам. "Настаўніца Ганна Якаўлеўна Барадзінцава, - узгадвала мама, - запрасіла яго, як мы, малодшыя, даведаліся, на выпускны вечар. Прыйшоў Купала, нельга было не звярнуць увагу, у прыгожым шэрым касцюме з белай сарочкай і гальштукам, і быў вельмі прыгожа, акуратна пастрыжаны. Сабраліся ўсе - і вучні, і выкладчыкі, і хто на той момант у школе аказаўся. Такі прыемны, сціплы, светлы, ён больш цікавіўся мясцовымі справамі, чым распавядаў пра сябе. Пытаўся, колькі выпускнікоў, куды збіраюцца ўладкоўвацца, хто застаецца вучыцца, дзе працуюць бацькі, што неадкладна патрэбна школе, ці піша хто вершы. Сам жа прачытаў пра тое, як бацька кліча сыноў і запытвае, чым яны будуць займацца". Заўважу, гэта быў верш "Сыны" - першы, напісаны паэтам у Ляўках.

Дарэчы, маёй першай кніжкай, якую я пры дапамозе мамы з захапленнем прачытаў, калі мне было няпоўных шэсць гадоў, стала, як цяпер помню, "Песьня будаўніцтву". Купала асабіста падарыў выданне школе, дзе маці вучылася. Яна ўзяла яе пачытаць ды, як кажуць, і "зачыталася"… Сярод іншых у той кніжцы быў, гэтаксама напісаны ў Ляўках, верш "Хлопчык і лётчык". Пра гісторыю яго з'яўлення я даведаўся значна пазней.

Купала ішоў з таварышам па вясковай вуліцы. Яны так захапіліся сваёй гутаркай, што забыліся пра ўсё на свеце. Раптам з брамы, насустрач ім, выбег хлопчык. Загарэлы, з белымі ільнянымі валасамі. Ад неспадзеўкі яны спыніліся. Хлопчык бег, кружачы перад сабой рукамі, і гудзеў, падрабляючыся голасам на гук самалёта. Ён быў так захоплены сваёй гульнёй, што не звярнуў на сустрэчных ніякай увагі, і, як страла, прамчаўся міма. Твар у яго быў сур'ёзны, сабраны на адной думцы. Гэта вельмі ўразіла Купалу, і ён наўздагон крыкнуў малому: "Кім быць хочаш?". Той, не спыняючыся, звонка крыкнуў: "Лётчыкам!".

Няма сёння ў Ляўках ні хлопчыкаў, ні лётчыкаў… А вось мне пашчасціла ўпрасіць лётчыка сельгасавіяцыі, які добра ведаў бацьку, "узяць з сабою" і праляцець на яго "кукурузніку" над Ляўкоўскім полем. Было тое ў 1961-м, калі вучыўся ў 6 класе.

А вось яшчэ два купалаўскія эпізоды з майго жыцця.

У канторы падсобнай гаспадаркі, якую ўзгадваў раней, для мясцовай дзятвы штогод ладзілі навагоднія ранішнікі. Намеснік дырэктара Касцюкоў (як мы называлі, дзядзька Касцючок) распарадзіўся: хто перад упрыгожанай ялінкай прачытае верш менавіта па-беларуску, атрымае падарунак бясплатна, а хто не хоча ці не можа, - за грошы (зразумела, бацькоўскія). Але ж людзі жылі бедна… Дык вось, чытаў я вершы і за сябе, і за двух сваіх сябрукоў-аднакласнікаў, каб і яны не засталіся без падарункаў на свята. Гаворачы па-сучаснаму, аказваў гуманітарную дапамогу. Пры гэтым чытаў менавіта Купалу, найперш, ягонага "Хлопчыка і лётчыка".

Летам 1972-га на Цэнтральнай плошчы ў Менску ладзілі ў гонар выпускнікоў школ гарадское свята - "Выпускны баль": з песнямі, конкурсамі, танцамі… Для ўсіх ахвочых (не толькі выпускнікоў) абвясцілі конкурс на лепшае выкананне верша, праз мікрафон з устаноўленай на плошчы сцэны. У той дзень я быў на гэтым свяце (якраз скончыў два курсы журфака БДУ). Праціснуўся праз натоўп і са сцэны замілавана прадэкламаваў купалаўскае:

Ой, не раз удваёчку

Пад шырокай вярбой,

У зялёным садочку,

Мы сядзелі з табой.

Друг на дружку глядзелі,

Па днях цэлых, даўгіх,

Салаўі песні пелі,

А мы слухалі іх...

У выніку, як лепшы выканаўца, атрымаў прыз - карычневы драўляны грыб-парасон.

Увогуле ў маладосці меў добрую памяць: ведаў шмат чаго з Коласа, Куляшова, Броўкі, Пушкіна, Лерманатва, Ясеніна, Маякоўскага, Твардоўскага... Але найбольш - з Купалы, якога неаднойчы чытаў сваім універсітэцкім аднакашнікам Уладзіміру Саламаху, Хведару Пратасені, Міхасю Шубічу ды іншым у нашым інтэрнаце на Машэрава (тады - Паркавай магістралі).

На апошняй фразе я спыніў спадара Уладзіміра і заўважыў, што мы размаўляем з ім у будынку Galleria, які якраз знаходзіцца на месцы колішняга інтэрната БДУ… Гэтая знакавасць амаль імгнена набыла для мяне акрэсленыя рысы… - шляхетныя рысы твару Купалы. Не, Купала не памёр. Ён жывы, бо жыве яго Паэзія. Яна напаўняе светлай марай душу дзіцяці, падтрымлівае лёгкакрылае юначае парыванне, асвятляе дарогу на спрадвечнае і святое… Падзяліўся сваім уяўленнем-асэнсаваннем з Уладзімірам Уладзіміравічам. А ён ва ўнісон адказаў.

- Штодня адчуваю прысутнасць Купалы, бо маю завядзёнку - пастаянна перачытваць і аднаўляць у памяці ягоныя неўміручыя творы. Купалаўскія пранікнёныя радкі дапамагаюць мне жыць і тварыць.

І калі поўнасцю на "беларускую дарогу" ў паэзіі мяне скіравалі нашыя вядомыя пісьменнік Генрых Далідовіч і паэт Казімір Камейша, а крыху раней і Максім Танк, дык увогуле беларускасцю запаліў, безумоўна, Янка Купала.

Для мяне Паэзія - прабачэнне. Я прашу яго і ў тых, хто не нарадзіўся, і ў народжаных, якім я, хай і выпадкова, зрабіў балюча. Гэта мая абарона ад смерці, а, значыць, абарона іншых, хоць ад часовага пакутніцтва. Гэта паталагічная сарамлівасць за тое, што камусьці горш, чым табе. Гэта штодзённае адчуванне чужога болю.

Быць паэтам у Беларусі і не пісаць на беларускай мове - гэта злачынства перад Бацькаўшчынай.

Мяне хвалюе, як будуць развівацца наша культура і мова. Прыняць у гэтых працэсах актыўны ўдзел - мой абавязак і гонар".

У творчым набытку Уладзіміра Барысенкі - сотні публікацый у розных перыядычных выданнях і калектыўных зборніках, кнігі вершаў і эсэ "Рельсы судьбы" (1994), "Запаленне душы" (1996), "Вірус адзіноты" (2000), "Калінавы лес" (2003).

Натхнёны Купалам, Уладзімір Уладзіміравіч працягвае плённа працаваць у паэзіі і публіцыстыцы. На 2019 год ён запланаваў свой чарговы зборнік.

Юры Кур'яновіч.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Маскоўскія газеты апісвалі, што маскалі адступілі з-за набліжаўшайся ночы, але Даленга бачыў, што адступілі яны пад напорам касінераў, не далі выбіць - утрымаліся на сваіх пазіцыях, нягледзячы на трохкратна мацнейшага ворага. Поле бою ўслана іхнімі трупамі. Як бы нашыя беззбройныя хлопцы цешыліся і трыумфавалі, каб не страшная вестка, што камандзір смяртэльна паранены каля 5 1/2 гадзін. Даленга, прашыты куляй, далей камандаваць не мог, лежачы на мураве прызваў касінераў, якія ў гэты дзень найбольш вызначыліся, дзякаваў ім за мужнасць, здаў камандаванне Ляскоўскаму, развітаўся з атачаўшымі, запэўніваючы, што хутка вернецца.


Пасля адступлення непрыяцельскіх войскаў Даленга пакладзены на возе ў таварыстве верных шараговых і траіх яму найбліжэйшых: ад'ютанта Касакоўскага, камісара Касцялкоўскага і д-ра Траскоўскага пад заслонай ночы быў адвезены ў блізкі фальварак Камароўскіх Скробішкі, размешчаны ў глыбокай пушчы.

Дворык быў зусім пусты. Пасля агляду раны Зыгмунт, калі застаўся адзін, не заснуў, нягледзячы на стому і цяжкія раны, але піша - запаўняе алоўкам кніжачку. Быў там пераказ усёй яго дзейнасці на Літве, апісанне і прычыны Біржанскай паразы, думкі яго пра паўстанне і ўсю дзейнасць на Літве, сардэчныя словы развітання для краю з нязломнай верай у лепшую будучыню.

Недалёка ад Скробішак камісар Юзаф Касцялкоўскі меў роднага брата Ільдэфонса, да яго паслаў па воз і коней для параненага камандзіра, калі адмовілі, паехаў сам і сілай іх забраў. Не ведаю, пад уплывам якіх пачуццяў няшчасная жонка Ільдэфонса Касцялкоўскага падалася да мясцовага спраўніка Баляславя Сясіцкага і расказала яму ў хвілю, калі там быў Ганецкі, пра месца знаходжання Даленгі. Каля восьмай прыбыў воз. Яраслаў Касакоўскі, калі ўвайшоўшы ў пакой застаў Зыгмунта спячым, праняты літасцю, стаяў з паўгадзіны, чакаючы, каб сам прачнуўся. Так, Зыгмунт прачнуўся, але ў той час, калі маскалі акружылі двор.

Паведамлены жонкай Ільдэфонса Касцялкоўскага, дзе знайходзіцца Даленга, Ганецкі выслаў Вангаса ў Скробішкі, адкуль вязняў у колькасці дзесяці чалавек перавезлі ў штаб, які размяшчаўся ў Мядэйках.

Хлуслівае апісанне Цылава, як роўна і аўтара "Гісторыі двух гадоў", сцэн і размоў, якія вялі маскалі з Зыгмунтам у Скробішках, у Мядэйках і па дарозе ў Вільню. Зыгмунт меў патрушчаныя рэбры, сядзець, крычаць і дыспутаваць не мог, не быў у стане з-за гарачкі і стану непрытомнасці. Везлі яго ў Вільню ноччу. Ранены пад Гудзішкамі 26 красавіка/8 траўня. У бітве пад Шнуркішкамі 292 9 траўня, калі падышоў кс. Мацкевіч, Зыгмунт ужо не быў (нават Цылаў гэта пацвярджае); у лісце, напісаным мне з вязніцы пытаўся мяне пра тое, ці кс. Антоні - з Ігнасем?

Быў прывезены ў Вільню ранішнім экспрэсам 11 траўня/29 красавіка. Вільня ўжо ведала пра паразу, натоўпы маліліся ў Вострай браме, вязняў везлі не праз горад, а вакольнай дарогай у шпіталь св. Якуба.

Ганецкі пасля бітвы пад Шнуркішкамі 9 траўня/27 красавіка з вязнямі ў колькасці 40 чалавек і з параненымі расейцамі прыбыў 12 траўня, увайшоў праз Вострую браму з музыкай, але ніякіх польскіх штандараў не было. І гэтым разам вязняў везлі акольнай дарогай. Параненых расейцаў было больш, чым нашых. На наступны дзень хавалі з вялікай пышнасцю нейкага забітага маскоўскага палкоўніка.

Хлуснёй ёсць роўна і тое, што гаворыць Ганецкі, што бачыў праз акенца вязніцы Зыгмунта, які сядзеў пры акне. Няшчасны не мог паварушыцца. Гарачка не адступала на працягу некалькіх тыдяў. Каб мог хадзіць, выкралі б яго з вязніцы, што было б справай няцяжкай пры вялікай сімпатыі да вязня ўсяго шпітальнага кіраўніцтва, дактароў (і ў расійскіх колах, паколькі па задумцы Назімава і Вяткіна выдзелілі памяшканне для параненага ўнізе для аблягчэння яму ўцёкаў) 293. Нават пры Мураўёве палкавыя дактары Маеўскі, Гарадкоў і асабісты лекар Мураўёва Фавелін, а таксама салдаты абслугі шпіталя былі адданыя Зыгмунту, менавіта пры пасярэдніцтве вышэй названых вялася перапіска з вязнем.

Пасля першай аперацыі рана здавалася блізкай да загаення, але дзіўна балела, пасля даследвання аказалася, што другое рабро было раструшчана, костка выходзіла часткамі пры пастаяннай гарачцы, асабліва начамі, таму ўсе праекты віленцаў па выратаванні параненага адпадалі, на іх і сам Зыгмунт не згаджаўся 294.

Пасля кожнай ночы, праведзенай у моцнай гарачцы, калі пад раніцу змучаны засынаў, з'яўляўся нехта адзін або некалькі з Камісіі, будзілі яго пад выглядам клопату пра здароўе і пачыналі допыт, заўсёды ў форме гутаркм. Гэта ўсё было для параненага вязня сапраўдным катаваннем. Колькі самавалодання, колькі сілы патрабавалася няшчаснаму, каб не кінуць у гарачцы нейкага выразу, які зможа зашкодзіць справе або людзям, якія стаяць ля стырна ў Каралеўстве, у Вільні або ў Пецярбургу, а якраз таго і чакалі. Найнікчэмней, найбольш па-здрадніцку паступіў князь Шахаўской, калега [з] універсітэта і акадэміі - прапагандыст у сваёй супольнасці прынцыпаў вольнасцевых, канстутыцыйных.

На аснове словаў Зыгмунта (калі прыйшоў яго адведаць , як калега, прыяцель) - "Калі б хацеў, мог бы ўцячы з вязніцы - больш табе нічога не скажу", Шахаўской прызнаў за неабходнае паставіць па загадзе свайго дзядзі 295 шэсць салдат у пакоі, дзе быў Зыгмунт і столькі ж на лесвіцы.


Змяшчаю некалькі лісткоў, ацалелых з часоў мураўёўскіх праверак:

"Вайсковы лекар Гарадкоў з Пецярбурга, мой ардынатар, што раз больш асвойваецца з маскоўскімі пагрозамі. Сёння вельмі добра выступаў, гаворачы пра імператара, пра сітуацыю ў Расіі. Калі б перарвалася перапіска, маю дзвюх пасланак, родных сясцёр, Адна з іх у шпіталі "кашталянка", мужам адной з іх ёсці Мачульскі, прыстаўлены пры шпіталі.

Чуў сёння ад Прыгожага, 296 ягамосць імператар вельмі клапатліва і няблага, г.зн, без закідаў хлусні распытваўся пра маё здароўе і раны".


"Анёле! быў у мяне сёння зноў Шах[аўской] з даручэнне Мур[аўёва].

(Найперш, каб не забыць - напісаў цераз яго да цябе лісток, просячы пашукаць маю запіску "Польского вопроса" 297. Шах[оўскі]: абяцаў што сам у цябе будзе сёння або заўтра. Трэба, каб аднак у цябе нічога болей не было, менавіта лістоў маіх. (Мур[аўёў] хоча мець гэтую запіску). Трэба будзе паслаць каго-небудзь у Пецяр[бург]. Даў адну Міл[юціну], трэба ўзяць ад яго і пасля гэтага пашлеш Шах[оўскаму].

Найперш паведаміў мне Шах[аўской], што ўчора і пазаўчора траіх расстралялі . Двух ксяндзоў і абывацеля (толькі не трывожся. (Ці ж смерць страшная?). Потым, што Мур[аўёў] мае вялікую ахвоту і мяне, як найхутчэй расстраляць, хоць бы хворага.

Учора рана разлютаваўся супраць мяне - вечарам прызваў Шах[аўскога] і сказаў яму ехаць да мяне з настпнымі прапановамі: "Si Mr. Serakowski aime son pays, s`il veut conjurer le malheur, le carnage, qui ruine de meme la Pologne que la Russie, qu`il ecrit ce memoire sur la situation du pays, sur ce qu`il y a faire. Je lirai ce memoire et je l`enverrai a l`empereur" 298 (Шах[аўской] дадаў: тады пераканаўся, што Веляпольскі - здраднік, што і кс. Канстанцін [слова нечытэльнае] не шчыры)".


Да Тэклі Далеўскай.

"1) Мая дарагая! мушу шпіёніць за маім анёлкам, скажы мне, ці яна сапраўды досыць здаровая і моцная? скажы праўду!

2) Ці ведае яна, што трэба быць вельмі асцярожнай, асабліва ў стасунках з Міл[юціным] і з Нітх[елем] (Мілюцін і Нітхель пры ангельскім пасольстве (сакратар), іначай могуць яе затрымаць, а гэта было б фатальна. Калі думаеш, што яна не досыць памятае пра гэта (можа заўтра хто паедзе), трэба было б ёй напомніць.

3) Маё здароўе, як звыкла. На ноч гарачка ўзмацняецца, трызню, зноў прытомнасць і г.д. Найлепш мне па паўдні, паміж трэцяй і шостай.

4) Трэцяя костка з крыжа зламана, выходзіць часткова. Спрабаваў аднак сёння хадзіць, вельмі цяжка.

5) Поля пісала, што дзеці 299 мае жмудскія сумуюць па мне. Дзе яны цяпер знаходзяцца? Напішы, калі можаш, дзе Ігнась? 300, ці здаровы? Толькі памятай, агульнымі фразамі. Ці Антась 301 з ім?"

(Працяг у наст. нумары.)


292 Шнуркішкі, тут разыграўся трэці дзень так зв. бітвы пад Біржамі (27.IV./9.V.1863).

293 На левых палях ад паловы тэксту надпіс алоўкам рукой Анелі Якубоўскай: "Д-р Сатурнін Якубоўскі, якога везлі ў адным купэ з Серакоўскім у Вільню таксама сцвярджае, што Серакоўскі быў так цяжка хворы, што ў ніякія размовы не ўдаваўся".

294 Віленская арганізацыя рыхтавала ўцёкі і выезд Серакоўскага за мяжу, паколькі не быў ужо здольны кіраваць ваеннымі дзеяннямі. Падобна, калі напісалі яму, што ўсё гатова адпісаў: "La Raine d`Angleterre pense a moi" ("Ангельская каралева думае пра мяне"). Быў прадстаўлены ёй падчас лонданскага кангрэса. Успаміны пра Літву невядомага аўтара з 1855-1867 гадоў, Biblioteka Polska w Paryzu, nr akc. 3564, k. 132-133.

295 Мураўёва.

296 Гаворка пра Аляксандра Вяткіна.

297 "Польский вопрос" - праект дэмакратычных рэформ у Польшчы і Імперыі, напісаны Серакоўскім восенню 1862 г. Тэкст апублікаваны ў "Русской старине", 1884, nr 1, s. 48-60 (j. ros.); J. Sawicki, Ludzie i wypadki z 1861-1865, Lwow, 1906, s. 76-96 (j. pol.), s. 147-160; B. Dybowski, Pamieci Zygmunta Sierakowskiego, Lwow, 1906, s. 76-96 9j. pol.)

298 "Калі пан Серакоўскі любіць свой край, хоча быць для яго карысным, хоча пазбавіць яго ад няшчасця, разні, якая зруйнуе роўна Польшчу, як і Расію, і піша тую запіску аб сітуацыі ў краі, пра тое што трэба зрабіць. Прачытаю запіску і перашлю яе імператару" (франц.).

299 Дапісана: "Аддзелы".

300 Дапісана над імем: "Ляскоўскі".

301 Дапісана над імем: "кс. Мацкевіч".

Светлы прытулак

Напрыканцы кастрычніка гэтага года адбылося чарговае паседжанне літаратурнага аб'яднання "Літаратурны экватар" у бібліятэцы № 14 імя Францішка Багушэвіча горада Менска. Гэтым разам на "Экватары" адбывалася прэзентацыя новых паэтычных кніг Мікалая Іваноўскага - аўтара з Гарадзеншчыны (Ваўкавыскі раён, вёска Пачуйкі, дзе апошнім часам жыве і плённа працуе на літаратурнай ніве паэт. Тут яго малая радзіма). Да вяртання ў родны кут Мікалай Іваноўскі працаваў у абласным цэнтры, апошнія 30 (трыццаць) гадоў да выхаду на пенсію, яго працоўная дзейнасць была звязана з "Азотам" там жа.

Сябрам літаратурнага аб'яднання і іншым прысутным былі прадстаўлены дзве кніжкі "Сцяжынка дзяцінства" і "Загадкі на ўсе выпадкі". Адразу адзначылі, што паэт робіць шчырую заяўку наконт уласнай ролі і асабістага месца ў краіне паэзіі:

Гукаць паэтам - Бога голас.

Я ж не Купала і не Колас.

У адрозненне ад многіх за-бранзавелых і не зусім забранзавелых гэта заяўка Мікалая Іваноўскага - зусім не поза, не какетства. Ён добра ведае і ўсведамляе свой статус як паэта, ён сябе не пераацэньвае. Але ў шчырасці і чысціні сваіх эстэтычна-маральных пасылаў няўхільна імкнецца быць у рэчышчы паэтыкі нашых слынных песняроў. Сама назва зборнікаў, кожны іх верш і амаль кожны радок характарызуюцца непасрэднасцю, дзіцячай чысцінёй, часам добрай наіўнасцю. Дарэчы, гэтымі сваімі кніжкамі паэт адрасуецца ў асноўным да дзяцей, аб чым сведчыць гэтае сцверджанне:

Смехам дзетвары

Поўняцца двары.

Як дзяцей няма -

На душы зіма.

А цяпер колькі слоў па кожнай кніжцы. Змест "Сцяжынкі дзяцінства" пранізаны замілаваннем і любоўю да акаляючага прыроднага асяроддзя (флора, фаўна і інш.) яго родных Пачуек, Ваўкавышчыны і ўсёй Беларусі і ўвогуле іх людзей. Таму лагічна, што змест твораў паэта пабудаваны на беларускім матэрыяле. Пяшчотай напоўнены ўсе вершы зборніка, ды і самі назвы большасці вершаў сведчаць аб гэтым (напрыклад, "Паклон мой краю", "Рэчанька", "Маё гняздзечка", "Акенцы хаты", "Баразёнкі дзяцінства", "Вясновы дожджык", "Лісточкі восені", "Зімовы дзянёк", "Хітрыя жабкі" і інш.

Завяршаюць зборнік некалькі паэтычных жартаў і баек, у якіх не зусім традыцыйным, своеасаблівым, можна сказаць, арыгінальным ходам канцоўкі кожнага твора па-простаму мудра, у дабраце і справядліва падаецца развязка некаторых жыццёвых сітуацый (гл. "Экватар", "Не выстаўляй сваё "Я", "Зразумеў па-свойму", "Шчупак і Чарвяк", "Хвалько" і інш.).

Пра вытокі свайго жыццёвага ўкладу і вяртання да іх яскрава перададзена вершам "Вёска - мой прытулак":

Жыць, кахаць і верыць -

Сцежка з палынамі.

Чым мне шлях памераць

Пройдзены гадамі?


Чым суняць мне смутак,

Нёс, што за плячамі,

І таптаў абутак,

І не спаў начамі?


Вёска - мой куточак

І радні прыпынак,

Звон пчалы ў ляточку,

Бляск-бурштын расінак.


Утаймую думкі,

Заспакою сэрца,

Распакую клункі

І змагу сагрэцца.


Боль зямелька зніме

Мне ракою ўранні,

А трава абдыме

І залечыць раны.


Скардзіцца не гожа

Мне на лёс цярновы.

Вёска дамаможа -

Буду жыць нанова.

Другая кніжка "Загадкі на ўсе выпадкі" прысвечана ў асноўным дзецям - узросту ад старэйшых груп дзіцячых садкоў да школьнікаў малодшых класаў. Павінна сказаць, што змест "Загадак…" будзе цікавым і для дарослага чытача. Для абуджэння і кемлівасці.

Асаблівасцю гэтага выдання з'яўляецца размяшчэнне яго матэрыялу згодна з беларускім алфавітам. Многа ў кнізе паэтычных вынаходніцтваў, цікавостак, нават адкрыццяў, што сведчыць аб выключнай назіральнасці аўтара як за матэрыяльным светам, так і за ўнутраным зместам чалавека. Вось некаторыя загадкі, якія не могуць не зачапіць адрасата:

Маю кепскія я справы:

Быў прыгожы, кучаравы -

Пямяняў мне вецер рысы:

Як падзьмуў - зрабіўся лысы.

(Дзьмухавец.)


Хто капае спрытна, лоўка?

Усім знаёмая…

(рыдлёўка.)


У слана ў ягоны рост -

Спераду чароўны хвост.

Ім працуе, нібы робат,

То не хвост зусім, а…

(хобат.)


На адной назе стаю я,

А другая круг малюе.

(Цыркуль.)

У завяршэнне ацэнкі названых кніг неабходна дадаць, што зместу кожнай з іх папярэднічаюць аб'ектыўныя, дабразычлівыя ўступныя артыкулы прафесіяналаў: паэта, пісьменніка, журналіста Вячаслава Корбута (ён жа і кіраўнік аб'яднання "Літаратурны экватар") і паэткі, пісьменніцы, журналісткі Інгі Вінарскай. І яшчэ. Адна і другая кніжкі змястоўна і з густам праілюстраваны; на годным узроўні - літаратурнае рэдагаванне, тэхнічнае афармленне і паліграфічнае выкананне. Выйшлі кнігі ў сталічным выдавецтве "Ковчег". Віншуем усіх, хто спрычыніўся да гэтых выданняў і, у першую чаргу, іх чытачоў са светлым набыткам і прытулкам для душы!

Яўген Гучок.

Каб душы адчулі пяшчоту і гармонію

У белай зале Чырвонага касцёла, упрыгожанай белымі зоркамі і блакітнымі званочкамі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, адкрыў сваім дабраславеннем выстаўку карцін Уладзіміра Ісачанкі "Там дзе жыве душа", прысвечаную Божаму Нараджэнню.

- Усё, што стварыў Госпад на добрае, на радасць нам мастак перадае ў фарбах. Ён адчувае сэрцам жыццё і дыханне прыроды, перадае яе прыгажосць, паказвае хараство чалавека. Глыбокая тэматыка яго карцін датычыцца падзей Новага Запавету. Дабраслаў, Божа, рукам майстра і яго сям'і! - сказаў ксёндз-пробачш.

Уладзімір Паўлавіч Ісачанка нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Касцюкоўка на Гомельшчыне. "Маё дзяцінства прайшло на рацэ, якая ўпадае ў Сож. Увесь час дзецьмі мы бавілі на рыбалцы. Бацькі працавалі на шклозаводзе імя Ламаносава бліз Гомеля",- успамінае мастак.

У 1975 годзе Уладзімір скончыў Менскае мастацкае вучылішча імя Глебава, а ў 1983 годзе - Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Ён вучыўся ў Г. Ігнаценкі, А. Малішэўскага, У. Тоўсціка. Спадар Уладзімір працуе ў станкавым жывапісе, жанры пейзажу, нацюрморта, партрэта, кніжнай графікі. Мастак жыве ў вёсцы Вялікі Трасцянец, назірае за прыродай, робіць эцюды і замалёўкі з натуры. Знакавымі вобразамі для яго нацюрмортаў становяцца каштаны, яблыкі, бульба.

- Усе мае карціны - розныя, - кажа мастак.- Аднойчы я захапіўся цеплынёй адносін паміж мамай і дачушкай, і хутка перанёс сюжэт на палатно. Так нарадзілася карціна "Чысты чацвер". Іншы раз мы з сынам Паўлам каталіся на лыжах па садзе і нечакана ўбачылі зайца. Вушасціка я вырашыў пакінуць на карціне.

- У пейзажах Уладзіміра Ісачанкі адчуваецца пяшчота і гармонія, увага да навакольнага свету, - сказаў госць выставы, мастак Васіль Касцючэнка. - Добры, светлы, неабыякавы Уладзімір перадаў цішыню рэк Беларусі.

Улюбёная тэма Уладзіміра Ісачанкі - святыя крыніцы. Некалькі падобных прац, якія адлюстроўваюць чысціню і спакой водных багаццяў Беларусі, прадстаўлены ў белай зале Чырвонага касцёла.

- Я люблю падарожнічаць, спыняцца ў святых месцах, ля крыніц. Уражанне ад убачаннага я ў хуткім часе наношу на паперу. У маім жыцці так здарылася, што некалькі гадоў я пражыў у праваслаўным манастыры ў Чарнігаве па рэкамендацыі мітрапаліта Філарэта. Я убачыў зусім іншы, Божы свет, займаўся рэстаўрацыяй. Гэты перыяд дапамог мне перажыць цяжкасці і выстаяць. Зараз я з вялікай радасцю ў душы пішу выявы Маці Божай. З 60-ці абразоў і карцін на духоўную тэматыку я ўпершыню прадставіў сёння 8 прац.

Адна з карцін майстра называецца "Адпачынак у Егіпце". Незвычайная па кампазіцыі карціна прымушае гледача паразважаць над тым, у якіх умовах знаходзілася святая сям'я падчас уцёкаў у Егіпет. Рэалістычны партрэт апостала Паўла паказвае яго стомленым і натруджаным місіянерскімі падарожжамі. Вобразы святых пакутнікаў напоўнены містыцызмам і адвечным духоўным святлом. Апошнія гады мастак працуе пераважна над стварэннем праваслаўных абразоў.


У мастацкім асяроддзі Уладзімір Ісачанка лічыцца адным з лепшых малявальшчыкаў. Яго творы, выкананыя ў рэалістычных традыцыях, адпавядаюць высокаму узроўню ў перадачы навакольнай рэчаіснасці. У.П. Ісачанка з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Вячаслаў Якімаў: "Усе напісанае ў кнізе пачута ад тых, хто сам гэта бачыў, ці быў непасрэдна ўдзельнікам падзей".

- Я нарадзіўся ў першы пасляваенны год, і таму першыя свядомыя дзіцячыя ўспаміны - гэта гармата, прыцягнутая некім з жыхароў на металалом. Зараз на гэтым месцы ў Езярышчы - брацкія могілкі. Памятаю танк "Тыгр" ва ўрочышчы Папова пропасць, агароджы ля дамоў з калючага дроту, часткі рознай зброі і патроны, непераводныя ў старэйшых хлапчукоў, медалі і ордэны, якія бацькі, прыйшоўшы з вайны, давалі дзецям на цацкі. Таму мая кніга ўспамінаў і мае назву "Успаміны аб вайне, пасля якой я нарадзіўся".

Так распачаў "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь" Вячаслаў Васільевіч Якімаў сваю сустрэчу з чытачамі ў Цэнтры выхаваўчай працы дзяцей і моладзі Верхнядзвінскага раёна, на якую прыйшлі людзі, што перажылі вайну ў дзіцячыя гады, настаўнікі і вучні школ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, а таксама кіраўнікі мясцовай ўлады.

На сустрэчу мы запрасілі таксама і былога намесніка старшыні выканкама Уладзіміра Яфімавіча Якаўлева, аднагодка і земляка Вячаслава Якімава, які таксама ўзгадаў свае дзіцячыя пасляваенныя гады.

- Наша сустрэча праходзіць якраз ў тыя дні, калі распачыналася Гарадоцкая наступальная аперацыя 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем І.Х. Баграмяна. І каб прыпыніць наступ савецкіх войскаў, гітлераўскае камандаванне перакінула пад Віцебск новае падмацаванне - дзве пяхотныя дывізіі. На подступах да Гарадка былі створаны тры рубяжы абароны, - распавядае пра падзеі 1943 года Уладзімір Яфімавіч.

- Галоўныя падзеі разгарнуліся 23 снежня 1943 года, а 24 снежня Гарадок быў ўзяты савецкімі войскамі. Пра гэта нам распавядалі настаўнікі ў школах, нашы бацькі, а таксама тыя мясцовыя жыхары, якія былі непасрэднымі ўдзельнікамі вайсковай аперацыі. А мы, дзеці, яшчэ доўгі час адшуквалі ў мясцовых лясах ваенную зброю, якая для нас была, як цацкі, і мы не ў поўнай меры адчувалі, якую небяспеку яна несла нашым жыццям.

- З таго дня, як адгрымелі апошнія ваенныя залпы, прайшло 75 гадоў. На працягу свайго жыцця, - кажа В.Якімаў, - я назіраў як па-рознаму, у залежнасці ад змены ўлад, адлюстроўваліся падзеі ваеннага часу, як не любілі расказваць пра вайну франтавікі. Так, быў час, калі не вылучалі ветэранаў вайны, а былі франтавікі і тылавікі, партызаны і проста людзі, якія перажылі акупацыю. Пра іх, пакінутых "у набытак" ворагу, безабаронных і абяздоленых, ад якіх саміх не залежала, застануцца яны ў жывых ці не, я і вяду аповед у сваёй кнізе.

Я нарадзіўся на гэтай зямлі і таму лічу сваім абавязкам расказаць пра тое, што бачыў сам, і захаваць пачутае ад тых, хто перажыў ваенны час. Бо і сёння неспакойна ў свеце.

Часта задаюся пытаннем: як зразумець тое, чаму забіваюць людзей, якія нікому не зрабілі дрэннага і мірна жывуць на сваёй зямлі? Як назваць тых, хто лепшыя дасягненні чалавечай думкі накіроўвае на тое, каб ствараць сродкі для забойства людзей? І забівае, забівае сотнямі, тысячамі да гэтага часу.

Ён верыць не таму Богу - забі яго! Ён хоча жыць на сваёй зямлі так, як сам жадае, а не так, як яму гавораць, - забі яго! Ён не прызнае нашай дэмакратыі - забі яго! Няўжо нам мала мінулай крывавай навукі?

На сустрэчы сяброўка жаночай арганізацыі Тамара Фёдараўна Кецкіна прачытала ўрывак з кнігі В. Якімава, дзіцячымі ўспамінамі аб вайне падзяліўся Аляксандр Мядзюта, які цудам уратаваўся падчас карнай аперацыі "Зімовае хараство" ў тым жа 1943 годзе, калі фашысты практычна зруйнавалі цэлы Асвейскі раён. І зараз кожны год у лютым месяцы, калі якраз і распачылася гэтая карная аперацыя, у Верхнядзвінскім раёне ладзяцца жалобныя мерапрыемствы, якія Сяргей Панізьнік назваў "Асвейскай трагедыяй", выдаўшы аднайменную кнігу жахлівых успамінаў жыхароў Асвейшчыны.

Некалькі кніг з дарчымі надпісамі Вячаслаў Васільевіч Якімаў перадаў удзельнікам сустрэчы, вучням школ, якія прысутнічалі на імпрэзе, а таксама Цэнтру выхаваўчай працы дзяцей і моладзі, адказаў на пытанні прысутных.

Зараз ён завяршыў працу над другой кнігай, якая звязана з гістарычнымі падзеямі ў нашай мясцовасці і знаходзіцца ў выдавецтве.

Ад імя раённай арганізацыі ГАТБМ удзельнікам імпрэзы былі ўручана кнігі вядомых беларускіх аўтараў - Р. Гарэцкага, П. Мурзёнка, а Цэнтру выхаваўчай працы перададзены цэлы набор дапаможных матэрылаў экалагічнай скіраванасці.

Парнёрам у рэалізацыі праекту па арганізацыі цікавых сустрэч з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, музыкантамі, а таксама мясцовымі цікавымі і таленавітымі асобамі выступае абласное грамадскае аб'яднанне "Самакіраванне і грамадства".

Ю. Бабіч.

Калекцыянерка з Ліды сабрала больш за тры тысячы ёлачных цацак

У калекцыі Марыны Яцко - савецкія ракеты, героі казкі "Руслан і Людміла", цацка з партрэтамі Леніна і Сталіна і ўнікальная гірлянда, якая працуе з 60-х гадоў.

Разглядаць савецкія цацкі - гэта як заглыбіцца ў мінулае, асабліва для тых, хто памятае шкляныя шары і алюміневыя агуркі на ёлцы і яшчэ, як сам з'ядаў па начах павешаныя цукеркі, акуратна загортваючы потым пусты фанцік.

Марына Яцко жыве ў Лідзе і працуе на самай звычайнай працы - страхавым агентам. А вось хобі ў яе не самае звычайнае: яна калекцыянуе цацкі часоў Савецкага Саюза. Захапілася пяць гадоў назад, калі вырашыла ўпрыгожыць ёлку нечым арыгінальным:

- Убачыла ў інтэрнэце аб'яву пра продаж шкляных ружовых шароў. Хацела купіць адзін, а вярнулася дахаты з цэлай скрынкай, - распавядае лідзянка.

Марына села вывучаць, што яшчэ цікавенькага прадаюць на барахолках… і адкрыла для сябе новы свет. Многія цацкі даводзілася шукаць не на форумах, а ў вёсках. Адзін з рэдкіх набораў упрыгожванняў для ёлкі аддала бабуля мужа:

- У 1958 годзе яна купіла гэты набор, і потым не завешвала вокны - усе хадзілі і глядзелі на яе ёлку, - усміхаецца Марына.

Каб зразумець, чаму калекцыянеры вядуць паляванне за кожным асобнікам цацак з СССР, паспрабуйце ўспомніць, як вы пазбавіліся ад іх у дзяцінстве. Далікатныя ўпрыгожванні патрабуюць асцярожнага догляду: на многіх размалёўка змываецца нават вадой. Захоўваць іх трэба без трымальнікаў-вусікаў: яны шкодзяць шкло знутры.

Марына распавядае, што некаторыя цацкі з часам парэпаліся ці страцілі фарбу:

- Але рука не паднімаецца падфарбаваць ці заляпіць, баюся, зраблю горш, - кажа яна.

Цяпер яе калекцыя налічвае больш за тры тысячы цацак. Захоўваюцца гэтыя скарбы ў адмысловых цяжкіх скрынях тых жа часоў, асцярожна рассартаваныя па тэмах: садавіна і гародніна, жывёлы, казкі…

Дапамагаюць у нялёгкай справе дзве энцыклапедыі цацак - у іх апісаны ўсе калекцыі, які выходзілі, і прыкладныя цэны на іх. Дастаць такую кнігу таксама нялёгка: кожную выпускалі ўсяго тысячай асобнікаў.

Хвілін праз дваццаць гутаркі пачынаю заўважаць у самых нечаканых месцах пары вачэй. Аказваецца, Дзяды Марозы так трывала мімікравалі пад светлы пакой, што іх проста амаль нерэальна знайсці. Колькі іх у кватэры, складана сказаць нават самой гаспадыні:

- Дзядуляў у мяне шмат, а вось са Снягуркамі заўсёды праблема. Унучку Дзеду Марозу прыдумалі толькі ў 1930-х, каб дзеці яго не баяліся, і выпускалі невялікімі партыямі, таму цяпер яны каштуюць нямала - па 200-300 рублёў і даражэй. У мяне ёсць адна Снягурка 1938 года. А гэты Дзед Мароз з рогам багацця - мой любімы! - калекцыянерка абдымае любімую цацку, як дзіця.

Зацвердзіць дызайн цацкі ў часы СССР было вельмі складана:

- Каб цацка выйшла ў свет, на фабрыцы збіраўся кансіліум, які абмяркоўваў эскізы мастака. Кожная цацка павінна была несці ідэалагічную нагрузку, патрыятычна выхоўваць дзяцей. Мода таксама ўплывала на дызайн: Сталіну падабаўся фільм "Цырк" - выйшла цыркавая серыя, прыйшоў да ўлады Хрушчоў - з'явіліся катахі кукурузы. Пасля палёту ў космас выйшла серыя са спадарожнікамі і касманаўтамі… Выходзіла і абаронная серыя з танкаў, самалётаў і нават паравозаў з надпісам "Сталін", - распавядае Марына.

Самая дарагая цацка ў яе калекцыі - як раз блазан Вяткін з цыркавой серыі, у камплекце з якім ідзе сабачка Манюня. У адрозненне ад блазна, цэны на якога стартуюць ад 250 рублёў, Манюні выпусцілі куды больш, таму і каштуе сабачка ў 10 разоў танней.

Марына дастае скрынкі з асцярожна спакаванымі наборамі цацак і з бляскам у вачах распавядае пра кожную: вось Руслан і Людміла, вось Машанька і мачаха з "Марозка", а вось - адвакат Гарох і сабака Трымай-Хапай з "Чыпаліна"...

А вось самі ёлкі былі наогул забаронены да 1937 года, пакуль улада не распавяла народу, што гэта свята шчаслівага дзяцінства, пра якое клапоціцца асабіста таварыш Сталін. Так ёлкі і апынуліся ў хатах. А мініялінкі з маленькімі цацкамі пачалі выпускаць у 1960-я гады, калі многія жылі ў маленькіх камунальных кватэрах.

"Камсамольская праўда", lida.info.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX