Вярнуцца: 2019

№ 2 (1413)


Дадана: 09-01-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 2 (1413), 9 студзеня 2019 г.

Дарагія сябры "Нашага слова"!

У студзені зменшылася сацыяльная падпіска, якая мела месца ў канцы 2018 года, таму агульная колькасць падпісчыкаў упала, але пры гэтым павысілася колькасць чытачоў у многіх раёнах і ў цэлым у Віцебскай і Гомельскай абласцях. Пры тым зусім невытлумачальнае падзенне адбылося ў Магілёскай вобласці, што тычыцца Берасцейшчыны, то тут усё прадказальна.

Кастрычнік Студзень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 15 14

Бяроза р.в. 7 7

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 7 6

Ганцавічы р.в. - 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 4 3

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 2 1

Ляхавічы р.в. 1 1

Маларыта р.в. 1 -

Пінск гор. 7 6

Пружаны р.в. 4 5

Столін р.в. - -

Усяго: 52 48

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - -

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 18 20

Віцебск РВПС 1 -

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 7 6

Гарадок р.в. - 3

Докшыцы р.в. 2 2

Дуброўна р.в. - 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 17 17

Орша гор. 5 6

Полацк гор. 3 4

Паставы р.в. 6 5

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 1

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 3

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 6 6

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 79 85

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 4 2

Барысаў гор. 4 6

Вілейка гор. 2 2

Валожын гор. 23 5

Дзяржынск р.в. 6 6

Клецк р.в. 4 -

Крупкі р.в. 2 2

Капыль р.в. 20 2

Лагойск 4 5

Любань р.в. 1 2

Менск гор. 192 194

Менск РВПС 11 10

Маладзечна гор. 9 10

Мядзель р.в. 1 2

Пухавічы РВПС 4 4

Нясвіж р.в. 33 33

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 5 5

Салігорск гор. 4 3

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 4 3

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. 1 2

Усяго: 337 301

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. - -

Гомель гор. 17 16

Добруш р.в. 2 2

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 6 13

Жлобін гор. - 1

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 41 48

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 1 3

Ваўкавыск гор. 4 4

Воранава р.в. 18 16

Гародня гор. 36 31

Гародня РВПС 14 14

Дзятлава р.в. 18 4

Зэльва р.в. 1 1

Іўе р.в. 2 2

Карэлічы р.в. 16 1

Масты р.в. 2 1

Наваградак гор. 21 4

Астравец р.в. 2 1

Ашмяны р.в. 4 4

Смаргонь гор. 6 8

Слонім гор. 29 9

Свіслач р.в. 3 4

Шчучын р.в. 3 2

Ліда 51 49

Усяго: 231 158

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 1 1

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 2 -

Горкі гор. 2 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. - -

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 1 2

Магілёў гор. 20 14

Асіповічы гор. 11 7

Слаўгарад р.в. 1 2

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 3 1

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 2 2

Усяго 46 34

Усяго на краіне: 786 674

Пытаннямі беларускай дзяржаўнасці заклапочана грамадскасць Віцебска

Канферэнцыя "Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць", якая прайшла ў Віцебску 5 студзеня, узняла пытанні станаўлення беларускай нацыі; утварэння беларускай дзяржаўнасці; перспектываў яе захавання ва ўмовах расійскага эканамічнага і інфармацыйнага ўплыву.

Канферэнцыю арганізавалі прадстаўнікі гарадской дэмакратычнай супольнасці - запрасілі вядомых сталічных навукоўцаў і мясцовых даследчыкаў. Актавая зала абласной бібліятэкі была поўнай: слухачы на канферэнцыю прыехалі нават з рэгіёнаў.

Размове пра беларускую ідэнтычнасць і дзяржаўнасць папярэднічала ўскладанне кветак да помніка вялікаму князю Альгерду, які неаднаразова "прыхіляў дзіду сваю да брамы маскоўскае". У часы яго кіравання сярэднявечны Віцебск дасягнуў найвышэйшага росквіту, і гэтую постаць гараджане лічаць увасабленнем моцы і самабытнасці горада.

Ідэя правесці канферэнцыю, падкрэсліўшы адметнасць Віцебска насуперак распаўсюджаным меркаванням пра тое, што гэта "самы расійскі" з усіх беларускіх гарадоў, з'явілася паўгода таму. Пра гэта распавёў у пачатку імпрэзы яе ініцыятар Хрыстафор Жаляпаў.

- У ліпені, падчас "Славянскага базару", арганізатар "рускіх маршаў" Сяргей Бабурын правёў тут з'езд грамадзянскай ініцыятывы "Саюз" - супольнага ўтварэння расійскіх і беларускіх прыхільнікаў "адзінай дзяржавы". З'езд праходзіў употайкі ад шырокай грамадскасці, але на яго былі запрошаны прадстаўнікі праваслаўнай царквы і віцебскіх прарасійскіх колаў. Калі звесткі пра ініцыятыву "Саюз" трапілі ў прэсу, я чарговы раз адчуў крыўду за імідж горада, які прытуліў удзельнікаў антыбеларускага сходу, - сказаў Жаляпаў.

Падчас канферэнцыі выступоўцы неаднаразова згадвалі і выказванне пра тое, што "Магілёў - больш рускі, чым беларускі", бо за гэтымі словамі праглядаецца і ўмоўная паралель з Віцебскам. Абодва гарады знаходзяцца на памежжы з Расіяй, і абодва ледзве не сталі яе часткай неўзабаве пасля абвяшчэння ССРБ (Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь), якое адбылося ў пачатку студзеня 1919 г. у Смаленску.

Ці было гэта праявай свабоднага волевыяўлення беларускага народа, як пісалі ў савецкіх падручніках, калі стварэнне БССР ініцыявалася "з Крамля"? Якімі былі сапраўдныя мэты расійскіх стваральнікаў "беларускай дзяржаўнасці", што кіраваліся парадай Уладзіміра Леніна пра стварэнне "буфернай рэспублікі" на мяжы с Польшчай? Пра гэта распавяла даследчыца Ніна Стужынская, падкрэсліўшы, што фармулёўка пра "мару беларусаў стацца часткай вялікай сацыялістычнай краіны" выглядае сумнеўнай нават для сучасных беларускіх уладаў.

Невыпадкова 100 год БССР гучна не адзначалася на дзяржаўным узроўні, а дазвол на святкаванне стагоддзя БНР улады ўсё-ткі далі, лічыць даследчыца. Аднак у сучасных падручніках па гісторыі Беларусі, перапрацаваных у канцы 1990-х, паўтараецца прасавецкая версія выкладання падзеяў, канстатавалі слухачы.

З паведамленнямі пра гісторыю гарадоў Віцебшчыны выступілі гісторыкі Сяргей Тарасаў і Ігар Цішкін, краязнаўцы Міхась Баўтовіч і Ігар Казмярчак. Яны казалі пра адметнасці, што сведчаць пра адрознасць лёсаў Віцебска, Полацка і Оршы ад расійскіх гарадоў.

Адметнае архітэктурнае аблічча таго ж Віцебска ў большай частцы страчанае, падкрэсліў Цішкін.

- Віцебск паўставаў як еўрапейскі горад. Але віцебскім уладам заманулася паставіць тут помнік княгіні Вользе, якая нібыта заснавала горад, - паставіць насуперак гістарычным фактам. Кіраўнікі горада не дбаюць пра аднаўленне архітэктуры, страчанай не толькі падчас апошняй вайны, але і знішчанай свядома ў паваенны час. Затое ў нас ёсць помнік Пушкіну і "залатой рыбцы". Нібыта ў культурнай палітыцы ўлады ўвасабляюць колішняе выслоўе Хрушчова - "чым хутчэй мы загаворым па-руску, тым хутчэй збудуем камунізм", - кажа гісторык.

Пра расійскі інфармацыйны ўплыў, у якім патанае Віцебск, дый іншыя беларускія гарады, разважаў мясцовы журналіст Зміцер Казакевіч. З ягоных назіранняў, гэта ўплыў перадусім тэлевізійны - як расійскіх тэлеканалаў, так і мясцовых, што ствараюць пераважна рускамоўны кантэнт. Супрацьпаставіць гэтаму практычна няма чаго: у Віцебску няма ніводнага беларускага класа, тым болей - школы, зазначыў пачэсны сябар абласной рады ТБМ Іосіф Навумчык.

Паводле палітолага Андрэя Ляховіча, Расія можа пазбавіць Беларусь нафтавых датацый, а гэта пацягне за сабой эканамічны спад і збядненне насельніцтва.

Аднак, незалежна ад далейшай хады падзеяў, беларусам варта дбаць пра захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Асабліва тут, у памежных рэгіёнах, дзе ўплыў "рускага свету" найбольш адчувальны. Таму ўдзельнікі канферэнцыі выклалі тэзы, якія варта ўключыць у рэзалюцыю ды накіраваць яе ўладам пасля канчат-ковай дапрацоўкі. Сярод патрабаванняў віцяблянаў - абме-жаванне прапагандысцкіх перадач расійскіх тэлеканалаў, стварэнне беларускамоўных класаў, забарона дзейнасці шэрагу грамадскіх аб'яднанняў і інтэрнэт-паблікаў прарасійскага накірунку.

Але самае істотнае, пагадзіліся ўдзельнікі канферэнцыі, - гэта пашырэнне беларушчыны на ўласным прыкладзе: не быць абыякавымі да праяваў чужога гвалтоўнага ўплыву, паведамляць пра кожны выпадак антыбеларускай агрэсіі ў адпаведныя органы і ў СМІ, і самім "лезці ў скрыню", зважаючы на прапагандысцкія магчымасці тэлебачання.

Паводле Радыё Свабода.

Улады заявілі: "2019 году не быць Годам беларускай мовы!"

Леанід Лыч, Мікола Савіцкі

Адсутнасць нават самай сімвалічнай, элементарнай увагі дзяржавы да праблем захавання этнакультурнай самабытнасці беларускага народа, стрыжнем якой была, ёсць і назаўжды застанецца нашая родная мова, як ніколі да гэтага, выклікае вялікую трывогу ў перадавых колах грамадства нашай краіны. На адрас уладаў яны выказваюць нямала слушных прапаноў па павышэнні сацыяльнай ролі беларускай мовы, што пры іх рэалізацыі дапамагло б нам паставіць з галавы на ногі не толькі нашую датла зрусіфікаваную адукацыю, але і надаць усяму духоўнаму жыццю беларусаў нацыянальнае аблічча, зняць з яго чужародныя напластаванні рускага пачатку.

І аўтары гэтых радкоў таксама пажадалі падаць свой голас у абарону роднага слова, далучыцца да тых, хто заклапочаны яго катастрафічным станам, глабальным выміраннем. Паколькі галоўным віноўнікам такой страшэнна пачварнай бяды з'яўляўся не народ, а заганная дзяржаўная моўная палітыка, мы вырашылі апеляваць менавіта да саміх найвышэйшых уладных структур краіны, свядома абмінаючы яе Прэзідэнта. Сутнасць нашых прапаноў - гэта абвясціць 2019 год Годам беларускай мовы. Мы далі даволі падрабязнае абгрунтаванне сваім прапановам і мелі цвёрдую ўпэўненасць, што да іх абавязкова прыслухаецца высокае чынавенства. Дакуль жа яму з алімпійскім спакоем назіраць, як у суверэннай дзяржаве гіне родная беларуская мова і квітнее, рознымі вятрамі занесеная ў наш край руская мова - адзіная ўжо чвэртку стагоддзя рабочая мова прэзідэнцкай вертыкалі?!

Ніжэй змяшчаюцца адказы ўладных структур на нашу прапанову і даюцца невялікія каментары да іх. Людзі ж павінны ведаць, хто намі кіруе і чаго нам можна чакаць ад іх.

Першым 5 кастрычніка леташняга года прыйшоў адказ з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за подпісам Старшыні Пастаяннай камісіі І.А. Марзалюка, за што вялікі дзякуй, але з заключэннем яго, што ў сувязі з правядзеннем і ў 2019-2020 гадах Года малой радзімы "не з'яўляецца магчымым аб'явіць 2019 год Годам беларускай мовы", мы катэгарычна не пагаджаемся. Не пагаджаемся з прычыны арганічнай, натуральнай блізкасці паміж малой радзімай і беларускай мовай - гэтымі, без перабольшвання, сіямскімі блізнятамі. Пад першай мы найбольш за ўсё разумеем не гарадскія кватэру, дом, вуліцу, квартал, а нашую спрадвечную, мілую вёску, на сёння амаль духоўна змярцвелую з прычыны заганнай нацыянальна-культурнай, моўнай палітыкі царызму, бальшавізму і прэзідэнцкай вертыкалі. Вёска будзе заставацца загубленай, мёртвай да той пары, пакуль яе жыхары зноў не загавораць тут на роднай для гэтай зямлі беларускай мове. Рускамоўныя аграгарадкі не выратуюць малую радзіму, таму пры раўналежным правядзенні ў 2019 годзе Года малой радзімы і Года беларускай мовы мы былі б больш у выйграшы! Раім перадумаць сваё рашэнне.

5.10.2018 № 20-06/293

Савіцкаму М.І. Лычу Л.М.

вул. Маякоўскага, д. 152, кв. 80

220000, г. Мінск

mikola.savicki@gmail.com


Паважаныя Мікалай Іванавіч і Леанід Міхайлавіч!

Па даручэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы разгледжаны ваш электронны зварот, у якім выкладзена прапанова аб аб'яўленні 2019 года Годам беларускай мовы.

Сапраўды, у Рэспубліцы Беларусь у апошнія гады склалася традыцыя праводзіць кожны год пад знакам чагосьці важнага для нашай дзяржавы, для грамадства. Гэта робіцца дзеля таго, каб засяродзіць больш увагі на тых або іншых накірунках грамадскага жыцця, распрацаваць і рэалізаваць план мерапрыемстваў па вырашэнні пытанняў у пэўнай галіне або накірунку дзейнасці.

Не стаў выключэннем і 2018 год. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 чэрвеня 2018 г. № 247 "Аб правядзенні Года малой радзімы" прынята рашэнне ў мэтах стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў насельніцтва, захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны правесці ў Рэспубліцы Беларусь 2018 - 2020 гады пад знакам Года малой радзімы. Як вынікае з дакумента, не толькі 2018, але і 2019, і 2020 гады пройдуць пад гэтым знакам. Па гэтай прычыне не ўяўляецца магчымым аб'явіць 2019 год Годам беларускай мовы.

Старшыня Пастаяннай камісіі І.А. Марзалюк.

Прынцыпова інакш паставіўся да нашай прапановы Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь:


Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь

Пастаянная камісія па адукацыі, навуцы,

культуры і сацыяльным развіцці

08.10.2018 г. № 06/М/3131

Паважаны Леанід Міхайлавіч!

Па выніках разгляду Вашага звароту аб абвяшчэнні 2019 года Годам беларускай мовы, які паступіў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, паведамляем, што ён накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для ўліку пры падрыхтоўцы прапаноў па тэматыцы наступнага года.

Старшыня Пастаяннай камісіі В.І. Сірэнка.


Як вынікае, наш зварот паслалі ў тую высокую ўладную структуру, ад якой у свой час сышла забойнага характару ініцыятыва аб увядзенні ў краіне афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя, што, як і меркавалася зацятымі русіфікатарамі мясцовага паходжання, вывела з прымянення беларускую мову, зрабіла яе "лішняй" для службовай дзейнасці чыноўніцкага апарату. А мова ж, якая не абслугоўвае сферу палітычнага жыцця, з цягам часу становіцца непатрэбнай і на іншых дзялянках дзейнасці чалавека і нарэшце - гіне! Самы свежы доказ - заганная моўная палітыка Прэзідэнцкай вертыкалі Рэспублікі Беларусь.

Як і трэба было чакаць, Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прамаўчала на наш Зварот, не лічачы, што нешта такое трэба рабіць па выратаванні беларускай мовы. Хопіць краіне і адной чужой з суседняй Расійскай Федэрацыі! Вядома ж, што ў Расіі ідзе актыўны працэс вымірання моваў нацыянальных меншасцяў.

У сваіх "бацькоўскіх клопатах" пра беларускую мову ніколькі не ўступае Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь:


26 верасня 2018 г. 15/7-С-1076

Савiцкаму М.I.

mikola.savicki@mail.ru

(для iнфармавання Лыча Л.М.)


Паважаны Мiкалай Iванавiч!

Ваш зварот, якi паступiў у Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, накiраваны для разгляду ў Нацыянальную акадэмiю навук Беларусi з просьбай паведамiць Вам аб вынiках.

Загадчык аддзела па рабоце са зваротамi грамадзян

i юрыдычных асоб галоўнага ўпраўлення

па справах дзяржаўных органаў Апаратy

Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Л.I. Астроўская.


Як бачна, па-ранейшаму дзіўную пазіцыю па моўным пытанні працягвае займаць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Як вядома, у яго кампетэнцыю ўваходзіць забеспячэнне парытэтнага выкарыстання дзвюх дзяржаўных моў: беларускай і рускай ва ўсіх міністэрствах і ведамствах, што падначалены яму. І каб на практыцы такі парытэт захоўваўся - а гэта ж асноўнае патрабаванне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь - сучасны рэальны стан беларускай мовы ў дадзенай сферы не быў бы такім катастрафічным не толькі ў ёй, а нават і ва ўсім афіцыйным жыцці. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь яўна ўхіляецца ад такой крайне неабходнай у інтарэсах беларускага народа нацыястваральнай дзейнасці. Нашую прапанову аб наданні 2019 году статусу Года беларускай мовы ён зусім не стаў разглядаць, а паслаў на адрас Нацыянальнай акадэміі навук у абавязкі якой не ўваходзяць архіважныя па сваім значэнні пытанні моўнага будаўніцтва. Дзякуй, што хоць адгукнуліся.


Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі

9 кастрычніка 2018 г. № 11-21/С-189

На № 15/7-С-1076 ад 26.09.2018

Паважаны Леанід Міхайлавіч!

Па даручэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Ваш зварот разгледжаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2018 № 547 у Рэспубліцы Беларусь 2018 - 2020 гады праходзяць пад знакам Года малой радзімы.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падзяляе Вашу заклапочанасць станам беларускай мовы ў грамадстве, аднак пытанні абвяшчэння 2019 года Годам беларускай мовы не ўваходзяць у кампетэнцыю НАН Беларусі.

У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы маеце права абскардзіць яго ў парадку, прадугледжаным артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

З павагай, Галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.У. Кільчэўскі

У падпісаным ад імя НАН Беларусі яе Галоўным вучоным сакратаром А.У. Кільчэўскім адказе на нашую прапанову звяртаюць на сябе ўвагу такія цалкам адпаведныя рэальнасці радкі: "Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падзяляе Вашу заклапочанасць станам беларускай мовы ў грамадстве…". Вялікі дзякуй, дарагія калегі за такую аб'ектыўную ацэнку нашай трывожнай кабальнай моўнай рэчаіснасці. Думаем, што і бальшыня з Вас, як і аўтары Звароту гэтых радкоў, маюць вялікі гонар, што ў міжваенны перыяд Беларуская акадэмія навук з'яўлялася сапраўдным генератарам ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння, галоўным ідэалагічным цэнтрам дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Сёння такая палітыка з-за страшэннай зрусіфікаванасці краіны ў дзясяткі разоў больш патрэбная, чым у 1920-я - пачатку 1930-х гадоў. І як шкада, што шырокія колы сучаснай генерацыі акадэмічных навукоўцаў практычна застаюцца ў баку ад выпрацоўкі тэарэтычных асноў Беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння.

Па-сур'ёзнаму заклапочаныя і штосьці карыснае робяць у гэтым плане толькі не аб'яднаныя ў якую-небудзь арганізацыйную структуру адзінкі. Магутнага, набатнага голасу Нацыянальная акадэмія краіны ў абарону яе роднай, базавай мовы, як найважнейшага фактару этнакультурнай самабытнасці народа, дзяржаўнага суверэнітэту пакуль што не чуваць.

Намнога больш падрабязны адказ на прапанову абвясціць 2019 год Годам беларускай мовы атрыманы з Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

09.10.2018. № 02-01-2550-Кол-101-0

Паважаныя Леанід Міхайлавіч і Мікалай Іванавіч!

У Міністэрстве адукацыі разгледжаны ваш зварот па пытанні правядзення Года беларускай мовы. У рамках кампетэнцыі паведамляем наступнае.

Аб правядзенні Года беларускай мовы

У мэтах стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў насельніцтва, захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 чэрвеня 2018 г. № 247 "Аб правядзенні Года малой радзімы" абвешчана, што ў Рэспубліцы Беларусь 2018-2020 гады праводзяцца пад знакам Года малой радзімы.

У сувязі з гэтай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад18 ліпеня 2018 г. № 547 зацверджана Рэспубліканская праграма мерапрыемстваў па правядзенні ў Рэспубліцы Беларусь 2018-2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы, рэалізацыя мерапрыемстваў якой разлічана на тры гады (далей - рэспубліканская праграма). У рамках рэспубліканскай праграмы прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, якія накіраваны на забеспячэнне максімальна спрыяльных умоў для стварэння беларускамоўнага камунікатыўнага асяроддзя, далучэння да беларускай нацыянальнай культуры і выхавання павагі да беларускай мовы.

Аб адукацыі па-беларуску

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

Згодна з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі.

Інфармуем таксама, што па пытаннях фарміравання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі краіны па-беларуску быў дадзены адказ Савіцкаму М.І. (для інфармавання зацікаўленых) у лісце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.07.2018 № 02-01-1780-Кол-(0)-0.

Аб аплаце працы педагагічных работнікаў

У цяперашні час Урадам Рэспублікі Беларусь распрацаваны падыходы да паэтапнага павышэння да 2025 года заработнай платы педагагічным работнікам, у тым ліку выкладчыкам, якія забяспечваюць адукацыйны працэс на беларускай мове. Так, за апошні час прыняты пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 07.12.2017 № 942 "Аб павышэнні тарыфных ставак (акладаў) педагагічным работнікам з ліку прафесарска-выкладчыцкага саставу", пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2018 № 632 "Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям працаўнікоў", згодна з якімі павышаны тарыфныя аклады года прафесарска-выкладчыцкага саставу на 30 і 20 працэнтаў адпаведна.

Такім чынам, пытанні павышэння заработнай платы разглядаюцца комплексна і знаходзяцца на пастаянным кантролі Урада Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" адказ Міністэрства адукацыі можа быць абскарджаны ў судзе ў парадку, устаноўленым законадаўствам.

Намеснік Міністра Р.С. Сідарэнка.

Са зместу вышэй прыведзенага адказу вынікае, што Міністэрства адукацыі Беларусі не бачыць аніякай патрэбы падтрымаць нашыя прапановы, тлумачачы гэта тым, што на працягу 2018 - 2020 гг. пад знакам Года малой радзімы праводзіліся і будуць праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя "на забеспячэнне максімальна спрыяльных умоў для стварэння беларускамоўнага камунікатыўнага асяроддзя, далучэння да беларускай нацыянальнай культуры і выхавання павагі да беларускай мовы". Што ж, толькі вялікі дзякуй можна сказаць за аб'ектыўную ацэнку так далёкай ад нацыянальных інтарэсаў сучаснай моўнай сітуацыі, што ў сферы народнай адукацыі ўсё яшчэ толькі будуць стварацца спрыяльныя ўмовы для "выхавання павагі (выдзелена намі - Л.Л і М.С.) да беларускай мовы", гэта значыць толькі павагі, а не для забеспячэння ёй - адзіна базавай, прыроднай на этнічнай тэрыторыі нашага краю - займаць адзінадзяржаўнае становішча ў навучальна-выхаваўчым працэсе, як гэта ўласціва ўсім цывілізаваным, нацыянальна суверэнным народам планеты Зямля.

І дакуль толькі мы будзем біць паклоны, стаяць на каленях перад навязаным нам антынацыянальнымі сіламі дыскрымінацыйным артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь Аб адукацыі, дзе запісана: "Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі". Гэта суперабражальны артыкул для тытульнага народа Рэспублікі Беларусь датычна яе адукацыйнай сферы. Надзяляць татальна зрусіфікаваны народ правам выбіраць мову навучання дый яшчэ пры поўнай адсутнасці беларускай мовы ў афіцыйным жыцці краіны - гэта не толькі найвялікшая несправядлівасць, але і недаравальна ганебны ўчынак адарванай ад нацыянальных інтарэсаў Бацькаўшчыны дзяржаўнага чыноўніцкага апарату. Калі яму ўжо так рупіла ўвесці такі нацыянальна-дыскрымінацыйны артыкул у Кодэкс аб адукацыі, дык трэба было б спачатку вылечыць беларускі народ ад глыбокіх, скразных крывавых ранаў царскай, савецкай, прэзідэнцкай русіфікацыі, забяспечыць на практыцы ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека рэальнае, парытэтнае выкарыстанне беларускай і рускай моваў. А ўвогуле, ці так ужо і патрэбна беларускаму народу выкарыстоўваць дзве мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе? Няўжо яму не хопіць адной сваёй роднай беларускай мовы, як гэта мы назіраем не толькі на этнічнай, але на ўсёй тэрыторыі пражывання рускіх у межах вялізнай паводле сваіх памераў Расійскай Федэрацыі. І чаму мы не вучымся розуму ад рускага народа, як трэба ставіцца да роднай, этнічнай мовы Бацькаўшчыны, да яе абрабаванай чужакамі і сваімі ўладамі нацыянальнай культуры? А? Думаем, спрачаемся і вяртаемся да свайго.

Агульнанацыянальнае пытанне: Чаму ўлады, навукова-педагагічная эліта, увогуле - інтэлектуалы Беларусі так баяцца пазбавіцца сіндрому халопства перад не аднаго стагоддзя русіфікацыяй? Гісторыя пераканаўча засведчыла, што выбар накірунку на Расію - гэта шлях у асіміляцыйную прорву. А ўлады, як на злосць, зацыкліліся на стварэнні нейкай саюзнай дзяржавы і зусім не бачаць, што для беларускага народа шматкроць важней не яна, а захаванне сваёй этнакультурнай адметнасці. А такое, як ні круці, немагчыма пры татальным панаванні ў яго краіне рускай адукацыі - гэтай гіганцкай разбуральніцы нацыянальных асноў жыцця нашай Бацькаўшчыны.

Двухмоўе ў навучальна-выхаваўчым працэсе - каланіяльнае ярмо на шыі навучэнцаў, якое трэба скінуць. Здавалася б аднавіўшы ўласную дзяржаву, мы пачнём па-сапраўднаму будаваць беларускае нацыянальнае жыццё, чаму стагоддзямі перашкаджалі нашыя гістарычныя заваёўнікі. На практыцы атрымалася наадварот.

Шаноўныя палітыкі і педагагічная эліта! Пры развязванні моўнага пытання ў сферы адукацыі не пытайцеся пра гэта ў страшэнна пакалечаных дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі, адарваных мо ў дзесятым пакаленні ад роднай глебы беларусаў, а творча выкарыстоўвайце назапашаны пазітыўны досвед цывілізаваных народаў свету і найперш рускіх. У кожнага вольнага, без комплексаў народа павінна быць толькі адна дзяржаўная мова, толькі адна мова навучання! І такой мовай - выратавальніцай павінна быць толькі яго спадчынная, родная мова, а не тая, якую каланізатарскімі метадамі навязвалі яму суседзі ці дарэшты адарваная ад пупавіны Бацькаўшчыны ўласная палітычная і інтэлектуальная эліта.

Калі ж функцыі мовы дзяржаўнай і мовы навучальна-выхаваўчага працэсу абслугоўваюцца чужой, нават сотні разоў названай другой роднай мовай, такі народ працягвае знаходзіцца ў каланіяльным рабстве, а яго краіна не з'яўляецца суверэннай. Рана ці позна такі гаротны, асірацелы народ сваім інтэлектам і колькасцю будзе толькі папаўняць іншыя нацыі і нарэшце немінуча сыйдзе з гістарычнай сцэны цывілізацыі.

Трансфармацыя рускамоўнай сістэмы адукацыі ў беларускамоўную - гэта працэс не толькі суперважны, лёсавызначальны, але і надзвычай складаны, адказны, патрабуе не аднаго дзесяцігоддзя. Аднак, калі мы не жадаем загубіць беларускі народ у рускай культурна-моўнай стыхіі, то за крайне неабходную трансфармацыю трэба брацца ўсёй грамадой не заўтра, а ўжо сёння. Калі мы выратуемся ад абрыдлай чужой і ўласнай гадоўлі русіфікацыі, увесь цывілізаваны свет падзякуе, палюбіць нас, калі ж у гэтай бядзе апусцім рукі і загінем, ён скажа: "Толькі ў такое пекла ім шлях, бо гэта ёсць іх уласны смяротны выбар".

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

287. Лавачкін (Сяргей) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Лавачка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лавачкін. ФП: лавачка (1) вытвор ад лава (суфікс -ачка), які мае 5 значэнняў: 'прадмет для сядзення', 'вулканічная маса', 'вялікі абшар чаго-н.;', 'баявы парадак конніцы для адначасовай атакі'; 'падземная горная вырабатка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні'); 2) лавача 'пра незаконныя жульніцкія махінацыі, а таксама пра людзей-удзельнікаў такіх махінацый (разм.)' (ТСБМ - 2016) - Лавачка (мянушка, пазней прозвішча) - Лавачкін.

288. Ладуцька (Кандрат) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Ладута і значэннем 'жонка (дачка) названай асобы' ці як памянш.-ласк. ад Ладута: Ладутка - Ладуцька. ФП: Паладзій (імя <грэч. 'апора, ахова') - Ладута (народны варыянт) - Ладута (празванне, пазней прозвішча) - Ладуцька. Або ад імя Лада (ст. рус. 'любімая, мілая').

289. Ладыш (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва ладыш 'частка калодзежа - цэментавы шырокі круг, што ўстаўляецца ў калодзежную яму'; 'збанок-гладыш' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" П. Сцяцко, с. 66).

290. Лаеўская (Таццяна) - семантычны акцэнтаваны вытвор ад субстантываванага прыметніка лоеўская ('з горада Лоеў') - Лаеўская.

291. Лантух (Зінаіда) - семантычны вытвор ад ст.-бел. лантух 'сплецены з вяровак мех' (ПГССЛ).

292. Лапкоўскі (Мікіта) - вытвор з суфіксам -оўскі ад тапоніма Лапкі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Лапкоўскі.

293. Лапчынскі (Леанід) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Лапчына і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Лапчынскі.

294. Ларычаў (Сяргей) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў (-еў) ад антрапоніма Ларык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ларыкеў (-аў) - Ларыч (к/ч)аў. ФП: Іларыён (імя <грэч. 'вясёлы, радасны') - Ларион (1541), Ларык (празванне, потым прозвішча) - Ларычаў.

295. Левіт (Давід) - семантычны вытвор ад ст.-бел. левит 'святар ніжэйшага рангу ў яўрэйскім кульце' (ПГССЛ).

296. Лейка (Ніна) - семантычны вытвор ад народнай формы канан. імя Лея <ст.-яўр. 'антылопа'.

297. Лепнікаў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Лепнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лепнікаў. Утваральнае слова ад апелятыва лепнік 'той, хто лепіць што-н.'; скультар (мастак, які працуе ў галіне скультуры (разм. неадабр)).

298. Лёсік (Язэп) - семантычны вытвор ад апелятыва лёсік 'счастливчик' (БРС - 1925 (1926), с. 158).

299. Лівак (Алена) - семантычны вытвор ад апелятыва укр. лівак - (паліт. разм.) 'лявак' (РУС, Киёв, 1955, с. 220).

300. Ліла (Міхаіл) - скарочаная рэканструяваная форма ад імя Лілія/ Ліліяна (лац. 'лілія') набыла функцыю прозвішча.

301. Ліпай (Алесь) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва ліпай < літоўск. lipai 'клей' (Фрэнк).

302. Ліцвін (Аркадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва літвін 'жыхар Вялікага Княства Літоўскага' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі. - Мінск, 2013, т. 1,2).

303. Лічман (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва личман (ст.-бел.) 'бляшка для злічэння' (ПГССЛ).

304. Лошч (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва лошч 'той, хто наводзіць "лощение" (рус.) - глянцаванне'. ФП: лоск (рус.) 'глянец, бляск, бліскучасць', лоск >лошч (чарг. ск-шч) - лошч ('глянец') - Лошч (мянушка) - Лошч (прозвішча).

305. Лыкаў (Аляксей) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Лыка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лыкаў. Утваральнае слова ад апелятыва лыка 'луб маладой ліпы і некаторых іншых дрэў у выглядзе вузкіх палос, з якіх плятуць лапці'.

306. Лындзін (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Лында і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лындін - Лындзін. Утваральнае слова ад апелятыва лында - утварэння ад лындаць (разм.) 'хадзіць без справы, гультаяваць, бяздзейнічаць' - 'той, хто лындае'; выкарыстоўваецца фразеалагізм з гэтым словам лынды біць (разм.) - 'гультаяваць, бяздзейнічаць, займацца пустымі справамі'. ФП: лындзіць (працэс) - лында (суб'ект, апелятыў) - Лында (мянушка, потым прозвішча) - Лындзін.

307. Люткоўская (Галіна) - вытвор з тапанімічным фармантам -оўская ад назвы паселішча Люткі і значэннем 'жыхарка ці нараджэнка названай мясціны': Люткоўская.

308. Лябедзька (Кастусь) - семантычны вытвор ад ст.-бел. лябедзька 'лебедзь' (ПГССЛ).

309. Лявіцкі (Мяводзій) - магчымы вытвор ад ст.-бел. левица 'левая рука', аформлены з выкарыстаннем суфікса -скі: Лявіцскі - Лявіцкі.

310. Лявоцкая (Тамара) - вытвор ад тапоніма Лявокі з суфіксам -ск-ая ( Лявокская - Лявоцкая) і значэннем 'з паселішча Лявокі'. Мажлівае ўтварэнне ад левавокі (<левае вока) з выпадзеннем аднаго склада (гаплалогія).

311. Лянко (Мікалай) - гутарковая форма імя Леанід (<грэч. 'падобны да льва') набыла ролю прозвішча. Або ад апелятыва лянко - утварэння з -ко ад ляны, лянівы (як нямы - нямко).

312. Ляўковіч (Алена) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антарпоніма Леўка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Леўкавіч - Ляўковіч. Утваральнае слова ад імя Леўкій, Ляўкій <грэч. 'белы, светлы, яркі'.

313. Ляхавіца (Зінаіда) - семантычны вытвор ад апелятыва ляховица 'полька' (ад лях 'паляк') (ПГССЛ). Параўн. Ляхавічы 'найменне паселішча на Брэстчыне'.

314. Ляшэнка (Ігар) - вытвор з суфіксам -энка (-енка) ад антрапоніма Лях і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ляхенка - Ляш(х/ш)энка - Ляшэнка. ФП: лях ('паляк' (Нас.)) - Лях (мянушка, потым прозвішча) - Ляшэнка.

315. Мазур (Дзяніс) - семантычны вытвор ад апелятыва мазур, мн. мазуры 'этнаграфічная група палякаў, якая насяляе паўночна-усходнюю частку Польшчы' (ТСБМ, т. 3, с. 85), укр. мазур 'мазур' і танец 'мазурка'.

316. Максімей (Іван) - варыянт (з сегментам -ей) антрапоніма Максім (імя <лац. 'найвялікшы, самы вялікі'); параўн. Малы - Малей, Красны - Красней.

317. Малаева (Марына) - вытвор з прыналежным суфіксам -ева ад антрапоніма Малай з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Малайева. ФП: Мал (імя <лац. malus 'злы, дурны') - Малай (народны варыянт на ўзор апелятыва малай (< малы)), як галай (голы), даўгай (доўгі) - Малай (празванне, пазней прозвішча) - Малаева. Або ад апелятыва малы ('невялікі') з нарошчваннем суфікса -ай: малай (з значэннем асновы) і яго антрапанімізацыя (пераходу ў прозвішча) з прыналежным суфіксам -ев-а: Малы - Малай - Малай - Малаева.

318. Малашка (Валерый) - варыянт імя Малахія ( Молахия, 1961 г. <яўр. 'пасланец Божы') набыў ролю прозвішча.

319. Малашчонак (Мікалай) - вытвор з суфіксам -онак/-ёнак ад антрапоніма Малашка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Малашкёнак - Малашч(к/ч)онак. ФП: Малахій (імя <яўр. 'пасланец Божы') - Малах (1614) - Малашка (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Малашчонак.

320. Малініна (Ліна) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва малініна 'адно каліва маліны, адна яе штука'. Або вытвор з прыналежным суфіксам -іна ад антрапоніма Маліна (Малініна) з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы'.

321. Мальцава (Кацярына) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Малец з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Малецава - Мальцава. ФП: малец ('падлетак, юнак, хлопец'(ТСБМ, т. 3, с. 96)). Малец (мянушка, пазней прозвішча) - Мальцава.

322. Мандрык (Павел) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Мандры і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мандрык. ФП: польск. mаdry ('мудры, разумны') - Мандры (мянушка чалавека па імені Мандры (< mаdry) - празванне, пазней прозвішча) - Мандрык. Або семантычны вытвор ад апелятыва мандрык 'салодкі сырок' (ПГССЛ).

323. Маргунова (Алена) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ов-а ад антрапоніма Маргун і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Маргунова. Утваральнае слова ад апелятыва маргун (разм.) 'той, хто часта маргае вачыма' (ТСБМ, т. 3, с. 108).

324. Маркавец (Віталь) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Маркава (Маркова) і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча' - Маркавец. ФП: Марк (імя <лац. Markus 'сухі, які вяне'; грэч. 'малаток') - Марк (з 1683 г.) - Марк (прозвішча) - Маркава (тапонім 'уладанне Марка', суфікс -ава) - Маркавец.

325. Марцуль (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва марцуль 'марцовы кавалер' (разм. жарт.) - стары валацуга, які любіць заляцацца да жанчын, кот марцовы - распуснік, блуднік (ад марцаваць 'гулліва паводзіць сябе' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 504).

326. Маршалак (Мар'яна) - семантычны вытвор ад апелятыва маршалак 'вышэйшая службовая асоба ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай', у Беларусі ў 19 ст.: выбраны з ліку шляхты кіраўнік губерні або павета (ТСБЛМ - 2016, с. 420).

327. Масіха (Сяргей) - вытвор з суфіксам -іх-а ад антрапоніма Мас (1541 г.) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Масіха. ФП: Мойсей (1541 г.) <егіп. 'узяты з вады'; Мас (1541) - скарочаная форма <ст.-яўр. Moіsіe 'яўрэйскі заканадаўца' - Масіха - форма жаночага роду з фармантам -іха: Масіха: параўн. Лявоніха.

328. Маслачэнка (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Маслак з значэннем 'нашчадак названай асобы': Маслакенка - Маслач(к/ч)энка. ФП: маслак ((падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с.505) 'той, хто мае адносіны да масла') - Маслачэнка. Або ад апелятыва масляк 'грыб з жоўта-карычневай слізістай шапкай' (шляхам антрапанімізацыі).

(Працяг у наст. нум.)

Беларуска. Патрыётка. Сябра ТБМ

16 снежня 2018 года пайшла з жыцця Раманчык Надзея Дзмітрыеўна, сябра Наваградскай суполкі "Узвышша" Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, шчырая беларуска і патрыётка роднай зямлі. Амаль усё сваё жыццё пражыла ў вёсцы Кудавічы, недалёка ад Наваградка, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе.

Нарадзілася Надзея Дзмітрыеўна ў 1928 годзе на Наваградчыне, у вёсцы Купіск, недалёка ад Любчы. Яе бацькі былі простымі сялянамі, працавалі на сваёй гаспадарцы. Бацька быў граматным чалавекам, у сям'і выпісвалі розныя газеты і часопісы. І таму ўжо да школы ўмела чытаць. Навука давалася лёгка, яна добра вучылася. Любоў да беларускай мовы і ўсяго беларускага ёй прывіла яшчэ школьная настаўніца Хацяновіч Ганна Парфёнаўна. І таму адразу пасля заканчэння вайны Надзя паступіла ў Наваградскае педагагічнае вучылішча. Пасля заканчэння педвучылішча, у 1947 годзе, вучылася на рускім аддзяленні літаратурнага факультэта Баранавіцкага настаўніцкага інстытута, а затым закончыла завочна руска-беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Гарадзенскага педагагічнага інстытута.

У гэтым годзе, 16 жніўня, ёй спойнілася 90 гадоў. Пра Надзею Дзмітрыеўну можна сказаць, што яна прайшла доўгі і шчаслівы жыццёвы шлях. Заўсёды была энэргічным чалавекам, вяла актыўнае жыццё. Па-ранейшаму шмат чытала, цікавілася грамадскім жыццём, пісала пра родныя мясціны, пра людзей, пра сваю вёску. Актыўна супрацоўнічала з Наваградскім гістарычна-краязнаўчым музеем. Вынікам гэтай працы сталі выпускі яе ўспамінаў: "Мой родны Купіск", "Жыццёвыя пуцявіны", "Шлях у навуку", якія выдадзены музеем у серыі "Жывая гісторыя".

Апошняй працай Надзеі Дзмітрыеўны сталі ўспаміны, якія яна назвала "Лён". Яна вельмі хацела, каб сучасная моладзь ведала, як раней жылі і працавалі людзі ў вёсках, пра тое, як вырошчвалі і апрацоўвалі лён. Пра гэта яна помніла яшчэ з маленства. Яна рана пачала працаваць і дапамагала бацькам па гаспадарцы. Дапамагала маме ў апрацоўцы ільну, прала кудзелю, ткала на кроснах посцілкі, дзяружкі, ручнікі. У тыя часы гэтая праца была асновай жыццядзейнасці ў кожнай сялянскай сям'і.

Надзея Дзмітрыеўна заўсёды была вельмі сціплым і светлым чалавекам і таму памяць пра яе таксама будзе светлай.

Галіна Кавальчук, ст.навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, сябра суполкі "Узвышша" ТБМ.

Лён. Вырошчванне і апрацоўка ільну на Наваградчыне

Лён - травяністая расліна, з сцябла

якога атрымліваюць прадзільнае

валакно, з насення - алей.

Тлумачальны слоўнік.

Так лаканічна даюць азначэнне ільну слоўнікі. Здаўна лён адзяваў і карміў беларусаў. Усё адзенне сяляне насілі ільняное, зімой - з дадаткам воўны, толькі па святах прыбіраліся ў "крамнае" (так называлі купленае).

Як ішоў працэс вырошчвання і апрацоўкі ільну? Яшчэ восенню, пасля абмалоту з трасты галовак, адбіралі лепшае, бліскучае насенне (у нас яго, у адрозненні ад другіх відаў культур, называлі "семянё"), прасейвалі, скружвалі пры дапамозе сіта - густога рэшата, затым яшчэ прапускалі на палатне, каб дробнае зелле, асабліва гірса, заставалася на ім, а слізкае насенне ссыпалася ў начоўкі ці "шаснастку". Частку пакідалі для вясенняга пасеву, а з астатняга рабілі алей. Дзесьці за Асташынам, у Басіне, быў спецыяльны заводзік. Яго хапала на ўвесь год. Асаблівым поспехам алей карыстаўся ў час посту: яго перасмажвалі з цыбуляй, затым запраўлялі ежу, частку таўклі ў ступе і абмачалі бульбу. У ваенныя часы, калі не было газы, алей налівалі ў сподачак, клалі на беражок намочаную ў алеі сукнянку, падпальвалі. Самаробны кноцік даваў крыху святла. Мы нават урокі рабілі, чыталі пры такім асвятленні. Так нас, вясковых людзей, карміў, і нават даваў святло лён.

Вясной выбіралі самы лепшы кавалачак зямлі, ведалі час пасеву ільну і сеялі. Калі лянок падрастаў на пядзю вышынёй, яго жанчыны вельмі акуратна, далікатна палолі босыя, прыцягвалі да гэтай работы дзяцей, каб лягчэй лянок уставаў. Вызвалены ад пустазелля, ён рабіўся кучаравенькім і хутка падрастаў.

Неўзабаве загончык вабіў вока блакітам, але кветачкі хутка адцвіталі. Сцяблінкі выцягваліся вышэй - і вось ужо, калі дакранешся, пагладзіш рукой, пачуеш тысячагалоснае шапаценне барашчастых галовак.

Палетак станавіўся светла-жоўтым - пара ўбіраць. Рвалі так: рукой правай абхоплівалі зверху, а леваю - знізу. Нарваўшы добрую жменьку, любаваліся хараством галовак, выцягвалі пустазелле, асабліва гірсу, і роўненькімі радочкамі клалі на зямлю. Ён падсыхаў, збіралі ў снапкі, прывозілі ў гумно і пранікам абівалі галоўкі. Сем'е (насенне) сушылі, а трасту слалі на балоце на пэўны час вылежвацца. Калі ад валакна аддзялялася кастрыца, тады збіралі. Частку ільну мачылі ў затоках ракі, каб атрымаць адразу белы кужаль.

Паднятую трасту звязвалі ў снапы, і лён чакаў свайго часу, пакуль паробяцца ўсе палявыя работы. Дзесьці ў кастрычніку і пазней збіралі трэяў; перад гэтым трэба было іх зарабіць - "зацерці трэю", ці потым адбыць дзень: ты - мне, я - табе. Заказвалі сушню па чарзе. Жанчыны прыносілі свае церніцы з дому, прымацоўвалі злучаныя тры дошкі разам: дзве "шчокі" і адна пасярэдзіне з ручкай - "язык". Стаяла машына мялка: ручкай круцілі два зубчатыя валы, праз якія прапускалі жменю ільну - лягчэй было церці. Работа была цяжкая, брудная. Дома ўжо трапалі лён, збівалася кудзеля - асмычыны, пасля часалі на спецыяльных шчотках, аддзялялася чыстая кудзеля - "зрэбе". Заставаўся чысценькі срабрысты лён, яго пралі і ткалі тоненькае палатно - "кужаль", а кудзеля ішла на тоўстае палатно - зрэбнае. З яго шылі посцілкі, мяшкі, споднікі для мужчын. Паколькі купленыя шпулькавыя ніткі былі вельмі дарагія, жанчыны для паўсядзённага ўжытку жменькі - "ручкі" лепшага ільну расчэсвалі спецыяльнай шчоткай, зробленай з конскага хваста і ўмацаванай смалой, счэсвалі "пачасі" - тоненькую далікатную кудзелю, а тонкі лён пралі на верацяно, трасцілі ў дзве ніткі, клубок кідалі ў ваду і сукалі - звівалі ў левы бок на калаўротку.

Падрыхтоўка нітак для палатна. Сноўніца

Спрадзеныя ніткі з калаўротка ці ручайкі з верацён звівалі на вітушку - "баран", а калі прадзіва падлягала афарбоўцы, тады на большае матавіла. Тады па дзве ніткі накручвалі на сноўніцу: дзве вялікія рамы, прымайстраваныя крыж-накрыж. Так па дзве нітачкі снавалі ў нашай мясцовасці каля Валеўкі. Працэс гэты цягнуўся вельмі марудна. На Любчаншчыне снаванне нітак адбывалася больш складана. Спрадзеныя ніткі маталі на "тальку", матавіла ў выглядзе палкі каля 80 сантыментаў, да канцоў якой прымайстраваны палкі ў выглядзе літары І. Ніткі лічылі: 20 раз махалі і звязвалі ў пасмы. Калі набіралася 25, іншы раз 30 пасмаў, тальку нітак здымалі, прыкручвалі ў маток. Як патрэбна было, то фарбавалі ўсю пражу ці частку. А калі ткалі чыстае палатно, тады замочвалі ў гарачай вадзе з ільняным насеннем, білі пранікам - "перылі", сушылі і навівалі на вялікія шпулі - у залежнасці колькі губак (губіц) ткалі, шпулек было штук 20. Рама - шпуляўніца з вузкіх дошчачак падзялялася на 2 часткі, нанізваліся шпулькі на драты, прыкладна 10 на кожны рад. Пры снаванні ляцела адразу на 20 нітак, кожная з якіх працягвалася цераз дзірачкі ў дошчачцы ў выглядзе вясла з ручкай. Уверсе ўбітую палку абкручвалі, вярталіся ўніз і тут перабіралі па дзве нітачкі. Знімаючы са сноўніцы, пражу рукой прадзявалі ў пятлю, атрымліваўся ланцужок - гэта была аснова.

Ткацкі станок

Ткацкі станок у нас у вёсцы называлі вярстак, або, проста, варстат. Апісаць гэты агрэгат немагчыма завочна, намаляваць - няма таленту. Назаву толькі некаторыя дэталі. Дзве вялікія бакавыя дошкі, якія злучаліся на адлегласці якіх 2-х метраў. Наверсе быў навой, на які накручваліся ніткі асновы, затым нітачкі ўцягваліся ў ільняныя з дзірачкамі-ячэйкамі нічальніцы, затым кручком - у бёрды - мноства пласцінак з чароту ці металічныя. Бёрды ўмацоўваліся ў ляды. Нічальніцы пры дапамозе вяровачак прывязваліся да панажоў, а зверху круціліся драўляныя чапялкі. Берда з ніткамі ўкладвалася ў раму - ляды. Наступалі нагамі папераменна на панажы з вяровачкамі - адна нічальніца спускалася ўніз, утваралася шырокая шчыліна, запускаўся чаўнык з цэўкай, бёрдам стукалі, затым націскаўся другі понаж і зноў пайшоў уток, атрымлівалася палатно. Ткалі і чацвёрныя (у чатыры панажы) і васьмерныя (у восем) панажоў вырабы. Справа бакавой сценкі размяшчаўся жалезны дыск з зубамі. Ткачыха адпускала язычок дыска, палатно нацягвалася ўніз на другі вал і замацоўвала скобкай паміж зубоў.

У гэты час трэба было навіваць цэўкі ў чаўнык. Прыцягваліся да работы і дзеці. Ткалі палатно тонкае і зрэбнае, ручнікі і настольнікі (абрусы) - чацвёрныя і васьмёрныя і ў дзірачкі - "блізны". Выраблялі і шарачок з фарбаваных у сіні ці чорны колер нітак - накшталт цяперашніх джынсаў. З яго шылі порткі мужчынам і спадніцы жанчынам.

Гатовае палатно рэзалі на кавалкі даўжынёй у 10-12 метраў і цэлае лета бялілі: намочвалі ў вадзе (Нёмане) і рассцілалі на поплаве. Гэта быў абавязак дзяцей. Калі палотны высыхалі, збіралі і мачылі зноў. Аберагалі ад гусей, якія пакідалі пасля сябе такія знакі, што потым не адмываліся.

Усе, і дзеці, і мужчыны, і жанчыны - споднюю бялізну насілі толькі ільняную, бо яна была такая прытульная, зімой сагравала, а летам прахалоджвала. І галоўнае: з кожным мыццём станавілася ўсё бялейшай і мякчэйшай.

Надзея Раманчык

Памёр выдатны беларускі гісторык Юры Туронак

2 студзеня ўранку на 90-м годзе жыцця памёр выдатны беларускі гісторык Юры Туронак.

Юры Туронак нарадзіўся ў 1929 г. у Дукштах (сёння гэта Літоўская Рэспубліка). У Дукштах працаваў ягоны бацька, вядомы дзеяч заходнебеларускага руху лекар Браніслаў Туронак. Пры канцы Другой сусветнай вайны маці Ю. Туронка - муж заўчасна памёр у 1938 г. - вырашыла вярнуцца на радзіму бацькоў, на Беласточчыну. А ў 1945 г. потым, як вядома, Сталін аддаў Беласточчыну ПНР. Так Юры Туронак і апынуўся ў Польшчы.

У Варшаве ён скончыў Галоўную школу планавання і статыстыкі.

Працаваў у Польскай замежнагандлёвай палаце, даследаваў кан'юнктуру міжнароднага хімічнага рынку, нават працаваў у Еўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэневе. Паралельна браў актыўны ўдзел у беларускім руху ў Польшчы, узначальваў грамадска-культурнае таварыства. Ад пачатку 1960-х Юры Туронак захапіўся гістарычнымі даследаваннямі.

У цэнтры навуковых зацікаўленняў Ю. Туронка - палітычная і культурная гісторыя Беларусі першай паловы XX ст. Ён вывучаў нацыянальны рух пачатку ХХ ст., беларуска-польскія дачыненні ў ХХ ст., гісторыю рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі.

У 1986 г. у Варшаве абараніў доктарскую дысертацыю "Беларусь пад нямецкай акупацыяй". У 1993 г. кніга выйшла па-беларуску ды зрабілася бестселерам. У 2007 г. яна вытрымала другое выданне, з праўкамі ды ўдакладненнямі аўтара. Юры Туронак таксама аўтар такіх кніг, як "Беларускае школьніцтва на Беласточчыне" (1976), "Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай" (2000), "Беларуская кніга пад нямецкім кантролем" (2002), "Людзі СБМ" (2006).

Свайго роду стрыжнёвай постаццю, вакол якой так ці інакш абарачаюцца многія даследаваныя аўтарам сюжэты, выступае адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, кнігавыдавец, навуковец і педагог Вацлаў Іваноўскі (1880-1943). Паводле сведчання самога даследчыка, вывучэннем гэтага деяча ён заняўся з сярэдзіны 1970-х гадоў. На працягу наступнага дзесяцігоддзя ў польскім друку з'явіліся некалькі прысвечаных яму артыкулаў, якія ўрэшце склаліся ў асобную манаграфію «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», што ўпершыню выйшла па-польску ў Варшаве ў 1992 годзе, а затым была перакладзена на беларускую мову (2007). Дарэчы Іваноўскі таксама быў выдатным хімікам.

У 2006 г. ранейшыя працы Ю. Туронка былі перадрукаваныя ў зборніку пад агульнай назвай "Мадэрная гісторыя Беларусі".

На пенсіі зімы ён праводзіў у Варшаве, у сваёй кватэры каля вуліцы Новы Свет, а лета - на малой радзіме, на Падляшшы. Да апошняга сачыў за ўсім беларускім жыццём, з унукамі размаўляў толькі па-беларуску. Гэта быў адзін з Вялікіх Беларускіх Інтэлігентаў, класікаў.

Паводле СМІ.

100 гадоў з дня нараджэння Васіля Хомчанкі

Васіль Хомчанка (12 студзеня 1919, вёска Канічы, Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці - 4 лістапада 1992) - беларускі пісьменнік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Менскім хіміка-тэхналагічным тэхнікуме (1934-35), на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. 5.4.1937 г. быў рэпрэсаваны (рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР у 1969 г.). Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе, да красавіка 1941 г. у Ніжне-Амурскім лагеры. У 1941-1968 г. - у Савецкай Арміі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях як камандзір мінамётнага звяза. У 1944 г. скончыў Буйнакскае пяхотнае вучылішча, у 1951 - Ваенна-юрыдычную акадэмію ў Маскве. У 1972-85 г. - загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва "Мастацкая літаратура". Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1960 г.

У 1930-я гады выступіў у друку з вершамі (газета "Піянер Беларусі", часопіс "Іскры Ільіча"). Першыя кнігі апавяданняў выйшлі ва Уладзіміры на рускай мове - "Куда исчез гриб" (1957), "Жаворонок" (1958), "Рассказы" (1959). Пісаў пераважна для дзяцей. У Менску на беларускай мове выдаў зборнікі апавяданняў "Наша вячэра" (1959), "Рукавіцы генерала Даватара" (1960), "Аднойчы майскім днём" (1962), "Суседзі" (1962), "Чырвоны мак" (1964), "Верны рыцар" (1965), "Тваё чэснае слова" (1965), "Зімовы дождж" (1968), "Сустрэча з цудам" (1969), "Паляванне на львоў" (гумарэскі, 1970), "Цёплая зямля" (1971), "Я ўжо вялікі" (1972), "Уначы пад сонцам" (1974), "Паклон" (1976), "Лёгкая рука" (гумарэскі, апавяданні, 1979), аповесці "Чырвоныя хвалі" (1968), "Я прынёс вам радасць" (1981). Аповесць "Пры апазнанні - затрымаць" (1983) пра жыццёвы і творчы шлях Ф. Багушэвіча. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў "Бацькава шабля" (1982), "Чэкістам стала вядома" (1985), "Стрэл у акно" (1988) і рамана "Вяртанне ў агонь" (1978). У кнізе аповесцей і апавяданняў "Цар - зэк Сямён Івашкін" (1992) адлюстраваны падзеі перыяду рэпрэсій.

Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма "Ветразі майго дзяцінства" (пастаўлены ў 1982) і тэлевізійнага "Незнаёмая песня" (пастаўлены ў 1983).

Пераклаў на беларускую мову казку Р. Кіплінга "Чаму ў слоніка доўгі нос" (1974), апавяданні латышскіх і літоўскіх пісьменнікаў.

Вікіпедыя.

"НАС НЕ МІНАЙЦЕ!"

Удзельнікі нясвіжскай каляндарнай талакі не толькі гараджане, а і вяскоўцы, людзі сталага веку, часта насельнікі аддаленых ад райцэнтра вёсак. Адзіная тут пацеха-падзея - прыезд два разы на тыдзень аўталаўкі, каб набыць самае неабходнае: малако, крупы, запалкі, пральны парашок. Так і ў Альхоўцы, што пры самым лесе.

Наталля Новік, Ларыса Свірыдовіч, Марыя Вальчык і Наталля Віценчык (на фота) сустракаюцца зазвычай падчас прыезду той крамы на колах. Ёсць ім пра што пагаварыць. Жанчыны маюць багаты жыццёвы досвед, разуменне сённяшняга стану грамадства, крытычны розум. Яны не адсталі ад жыцця - яны паперадзе(!): шануюць звычаі, трымаюць у памяці гістарычную мінуўшчыну сваіх ваколіц, а родная мова ва ўсім багацці яе слоў і выразаў, інтанацый і акцэнтаў гучыць тут напоўніцу, без аніякіх дамешкаў.

- Як гэта, каб не шанаваць сваё!? - здзіўляецца і недаўмявае Наталля Новік.

Памятаю, гадоў сем таму, яшчэ пры жыцці паэта, Ларыса Свірыдовіч пытала: "Дзе гэта Гілевіч? Па тэлевізары - не відаць, у газетах - нідзе вершыка не сустрэнеш. Такі паэт!"

Марыя Вальчык, атрымоўваючы чарговы талакоўскі каляндар, папярэджвае:

- Вы ж глядзіце, калі будзеце зноў што выдаваць, каляндар ці кніжку якую, то нас не мінайце.

А Наталля Віценчык дадае:

- Заўсёды, наколькі можам, гатовы падтрымаць добрую беларускую справу. Мы ж альхоўцы!

Наталля Плакса.Нясвіж.

Праваслаўная царква Украіны атрымала незалежнасць

6 студзеня 2019 г. у саборы Святога Георгія ў Стамбуле Сусветны патрыярх Варфаламей уручыў прадстаяцелю Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ) мітрапаліту Епіфанію томас пра аўтакефалію (грамату пра незалежнасць), тым самым фармальна завяршыўшы працэс стварэння новай царквы - пятнаццатай у сямействе прызнаных памесных праваслаўных цэркваў у свеце.

Праваслаўная царква Украіны (ПЦУ) была створана на Аб'яднальным саборы 15 снежня 2018 года. У саборы ўдзельнічалі ўсе іерархі Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата (УПЦ КП) і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама два епіскапы Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата.

Тады ж яе прадстаяцелем абралі мітрапаліта Епіфанія, які быў епіскапам УПЦ КП і намеснікам патрыярха Філарэта, які ўзначальваў яе.

Рашэнне Канстанцінопальскага патрыярхата дараваць незалежнасць украінскаму праваслаўю і яго рэалізацыя суправаджаліся рэзкай крытыкай з боку Рускай праваслаўнай царквы і прывялі да разрыву адносін паміж РПЦ і Сусветным патрыярхатам Канстанцінопаля.

На фінальны акт па наданні ўкраінскай царквы незалежнасці прыехала даволі шматлікая дэлегацыя з Кіева. У яе ўваходзілі святары новастворанай царквы, чальцы кабінета міністраў, спікер Вярхоўнай рады, а таксама прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Напярэдадні ўсе яны прысутнічалі на ўрачыстай цырымоніі падпісання томаса патрыярхам Варфаламеем у саборы Святога Георгія на тэрыторыі Сусветнай патрыярхіі.

- Набожны ўкраінскі народ чакаў гэтага дабраславёнага дня цэлых сем стагоддзяў… (Сёння) святкуюць з намі князь Уладзімір і святая Вольга разам з усімі святымі нашчадкамі ўслаўленай украінскай зямлі, - заявіў, падпісаўшы грамату пра аўтакефалію, патрыярх Варфаламей.

Пасля заканчэння цырымоніі чальцы ўкраінскай дэлегацыі прама ў храме выканалі традыцыйную калядку "Новая радасць стала". Падпяваў радасным іерархам нядаўна створанай царквы прысутны тут жа прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Менавіта дзякуючы яго шматгадзінным перамовам з патрыярхам Варфаламеем у красавіку мінулага года працэс здабыцця ўкраінскім праваслаўем аўтакефаліі імкліва паскорыўся.


Пакідаючы храм Святога Георгія, многія епіскапы не маглі схаваць хвалявання. Вялікая частка з іх прыбыла ў Сусветную патрыярхію ўпершыню: да стварэння Праваслаўнай царквы Украіны іерархі непрызнаных украінскіх цэркваў былі ізаляваны ад сусветнага праваслаўя.

- Гэта як быццам дзіця нарадзілася, і ты яшчэ не ведаеш, што з ім рабіць, - сказаў у гутарцы з карэспандэнтам Бі-бі-сі мітрапаліт Валынскі Міхаіл, раней які належаў да непрызнанай царквы Кіеўскага патрыярхата.

Уручэнне томаса пра аўтакефалію мітрапаліту Кіеўскаму Епіфанію стала фінальным этапам прызнання незалежнасці ўкраінскай царквы: з гэтага моманту Праваслаўная царква Украіны стала адной з пятнаццаці памесных праваслаўных цэркваў свету, а томас выступае для яе ў якасці свайго роду канстытуцыі.

Гэты дакумент апісвае ключавыя параметры існавання царквы: у прыватнасці, мадэль яе кіравання, узаемаадносіны з матчынай царквой у Канстанцінопалі і іншымі памеснымі цэрквамі.

Асноўная інтрыга на дадзены момант складаецца ў тым, якія памесныя цэрквы прызнаюць новаствораную ўкраінскую царкву, а якія адмовяцца гэта рабіць па тых ці іншых меркаваннях. Дагэтуль у прамой і недвухсэнсоўнай форме пра прызнанне ці непрызнанне новай царквы не заявіла, апроч уласна Канстанцінопаля, ніводная з памесных цэркваў.

Раней у РПЦ заяўлялі, што наданне аўтакефаліі ўкраінскай царкве здольна прывесці да глабальнага расколу ў праваслаўным свеце.

Так ці інакш, ужо ўвечар у нядзелю ўкраінская дэлегацыя пакінула Стамбул, везучы з сабой томас пра аўтакефалію - пергаментный скрутак, напярэдадні падпісаны патрыярхам Варфаламеем.

Пасля каляднай літургіі ў Кіеўскім Сафійскім саборы, якая стала для мітрапаліта Епіфанія першай у якасці паўнапраўнага прадстаяцеля ўкраінскай памеснай праваслаўнай царквы, томас выставілі для агульнага агляду тут жа ў Сафійскім саборы.

BBC News, Руская служба.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

9/12 чэрвеня (ў Аддзел).

"Mes chers amis!

1) Soyez bien sur vos garde - (le Szuwaloff cidevant chef de la 3 eme section est a Vilna, je crois qu`il fait la haute police.

2) On voulait faire l`incision mardi - j`ai prie qu`on at-tende jeudi. Aujord`hui dr Lachowicz etait avec les medecins mil[itares] fon a Azour`e qu`encore nous est prise, je marche a presente la tete en arriere avec grande douleur et difficulte - je ne peux meme me representer estce je pourvais descendre une montagne, ou un escalier - mal avoir des or brises.

Qu`est ce que vous appelez maison d`Ignace? 16 roubels a fait 1500 kopiejki, n`estce pas? Un homme veut un capesk. Je vous embrasse et vos enfantes, que Dieu vous les garde.

Jeudi il faudra faire l`incision je ne pourrai bouger au moins une semaine"302.


На наступны дзень г.зн. 10/22 чэрвеня праведзена цяжкая аперацыя. Ляховіч знайшоў трэцюю патрушчаную костку - дастаў часткі

Таму тры дні не было вестак са шпіталя. Сям'я лічыла гэтае маўчанне за неабходнасць для хворага пазбягаць ўсякага руху і ўзрушанняў, а тым часам там рабіліся рэчы жудасныя, дзікія. Праз два дні, г.зн. 24 чэрвеня з'ехалася камісія. Разлічвалі, што знясілены, збалелы вязень страціць сілу волі, прытомнасць думкі, самавалоданне і будзе вымушаны ў канцы сазнацца, "якія галоўныя асобы кіруюць усім паўстаннем у Каралеўстве і на Літве?" Дзве гадзіны мучылі няшчаснага, у канцы падняты абурэннем закрычаў:

- Дамагаюся суда яўнага і адваката! Нічога не ведаю, але хоць бы і ведаў, то вам не скажу.

Вестка пра тыя здзекі над вязнем і пра сказаныя ім словы на наступны дзень разышлася па ўсім горадзе. Толькі зняволеная жонка нічога пра тое не ведала.

У пятніцу 26/14 чэрвеня паведамілі мне, што а восьмай па паўдні прыедзе паліцмайстар, палкоўнік Эслінгер (давераны Мураўёва) забраць мяне для спаткання з мужам.

Усю дарогу думала пра самавалоданне, пра ўстрыманне ад слёз, каб слязьмі і пакутамі сваімі не пабольшыць яго цяжкай долі, не пагоршыць стану здароўя.

Пры ложку хворага стаяў стол, за якім сядзеў камендант Вяткін і нейкія чальцы камісіі: каля дзвярэй шэсць жаўнераў і столькі ж пры дзвярах у калідоры.

Далі чвэрць гадзіны. З гэтай кароткай чвэрці засталіся ў маёй памяці, запаўшыя на ўсё доўгае цяжкае жыццё, бязмежная змучанасць на твары каханага чалавека - лоб, далоні і шчокі палалі агнём - толькі вочы яснелі шчасцем і вусны радасна ўсміхаліся.

Пры прывітанні, пры першых словах не звяртаў увагі на прысутнасць непрыяцеляў. Здавалася, што іх не бачыць, не ведае пра іх.

Я ўкленчыла пры ложку.

- Польцю, сказаў паўголасам, - учора я падпісаў сабе вырак смерці словамі: "Нічога не ведаю, але хоць бы і ведаў, то вам не скажу".

Што са мной сталася, не ведаю - апошнія словы, якія яшчэ чула, былі:

- Божа! Цябе не падрыхтавалі, цябе не папярэдзілі, што гэта наша апошняе спатканне.

Калі вярнулася да мяне прытомнасць, запэўнілі мяне, што заўтра рана і з таго часу штодзень будзем бачыцца. Вяткін правёў мяне і тое ж самае паўтараў, стоячы каля дрожак.

Доктар Фавелін іначай апавядаў у Пецярбургу тую хвілю. Як бы на словы Зыгмунта пра падпісанне выраку смерці жонка сарвалася з калень, каб прыхіліць галаву да ног пакутніка - сіл не стала - упала самлеўшая. Ці так было? Не ведаю. Памятаю толькі апошнія чутыя словы і што мне гаварылі пасля вяртання прытомнасці.

Вярнулася дадому. Прасядзела цэлую ноч без святла, чакаючы раніцы, каб у любую хвілю быць гатовай ехаць у вязніцу Зыгмунта, калі па мяне прыедуць. Заўтра буду іншай, не засмучу яго недахопам сілы волі і самавалодання.

Шэры, імглісты ранак завітаў нарэшце, а першым гукам будзіўшагася да жыцця горада было глухое буханне на ратушавым пляцы, проста перад маімі вокнамі. Ведала, што гэта магло абазначаць - малілася за таго, які сёння меў расстацца з жыццём 303.

Каля дзявятай з'явіўся Эслінгер. Выбягаю ўжо апранутая для выезду.

- Прыйшоў па загаду генерал-губернатара Мураўёва паведаміць, што н[айяснейшы] п[ан] найміласціва вяртаў мужа пані да сваіх ласк і да чыноў, падтрымкі і становішча пры ўмовах даведзеных г[енерал]-г[убернатарам] Мураўёвым, каб назваў прозвішчы асоб, якія належаць да Нацыянальнага ўрада. Муж пані адапхнуў найвышэйшую ласку, не назваў жаданых прозвішчаў і за гэта ў тую хвілю, калі гавару, гіне нізкай смерцю на шыбеніцы.


Карэспандэныя з Вільні ў кракаўскі "Час" у 1863 годзе.

"Ад раніцы злавесны бубен абвяшчаў гораду новую ахвяру для Масквы, новага пакутніка свабоды. Па дзявятай Серакоўскі атачоны натоўпамі войска з адкрытай галавой, стоячы ў дрожках, абапёрты на плечы ксендза і шпітальнага слугі, нягледзячы на пакуту ад незагоенай раны, са звыклай свабодай на твары, вітаў люд, які ціснуўся пры дарозе. Пасля прыбыцця на пляц даступіўся да яго яшчэ раз нейкі агент Мураўёва і перад шыбеніцай ад імя цара абяцаў поўнае прабачэнне, размяшчэнне пры боку цара і казачны лёс, каб толькі выдаў галоўныя спрунжыны ўраду ў Варшаве і на Літве.

Серакоўскі адказваў гучным смехам і словамі: "Каб твой цар карону мне сваю на галаву ўзлажыў, нічога не даведаецца, жыццё мне забярэ, але подлым не зробіць!"

Прачыталі дэкрэт. Серакоўскі адмовіўся яшчэ раз. Развітаўся з капланам, упаў на зямлю, пацалаваў яе ў апошні раз.

Кат падышоў - Серакоўскі скінуў накінутую на яго кашулю, бо хацеў, каб да астатняй хвілі толькі сіла яго перамагла, хацеў тым пратэставаць супраць гвалтавання ўсякіх правоў.

Забойцы пацягнулі яго да шыбеніцы. Апошнія яго словы былі: "Ойча, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі".

Каплан перажагнаў ужо вісячага.

Герой Літвы ўжо не жыў".


Змяшчаю яшчэ адзін лісток 304 з вязніцы:

"Да пабачэння. Памятай, гавары Мілюціну і Нітчалу (сакратару пры англійскім пасольстве) не толькі пра мяне, але пра тое, што некалькі соцень чалавек знаходзяцца ў падобным, як я, становішчы. Вераснёўскі, паручнік-інжынер, брат Альфа (слугі Веляпольскага), які прыбыў у наш аддзел у палове красавіка, завяраў, што ён - сто дзявяты афіцэр, які выехаў з Пецярбурга,тое ж самае было і з Масквы, і з іншых мейсц. Заб'юць мяне - але ці ж годна, каб усіх забівалі? Гэта ж будзе горш, чым massacre de la Syrie305. Скажы М[ілюціну] і Н[ітчалу], што кроў тая ўпадзе раней ці пазней на іхнія галовы або на дзяцей іх. Вераснёўскі гаварыў, што калі ён і яго калегі падавалі ў адстаўку, сказана ім адкрыта: "З адстаўкай ці без адстаўкі - будзеце расстраляны".


306 (4 ліпеня № 149).

Карэспандэнцыя з Варшавы дня 30 чэрвеня 1863 года ў кракаўскі "Час".

"Дня 27 чэрвеня ў Вільні, Мураўёў загадаў замардаваць на шыбеніцы Зыгмунта Серакоўскага, вядомага кіраўніка паўстання на Жмудзі пад прозвішчам Даленгі. Серакоўскі быў паранены куляй у пазваночную косць, таму не мог ні хадзіць, ні сядзець, то везлі яго і на эшафот узнеслі яго салдаты і знізу на гару на вяроўцы цягнулі: быў гэта жудасны, уражвальны від. Гэтая шляхетная і разумная галава на дзень цэлы ў пятлі павешаная, застанецца ў памяці народа на вякі. Напярэдадні экзекуцыі, на чвэрць гадзіны маладой яго жонцы, якую ўзяў у мінулым годзе, дазволілі адведаць яго, ляжаў у ложку і быў у пастаяннай гарачцы з-за цяжкай хваробы.

Серакоўскі родам з Валыні, з вядомай і шанаванай сям'і: прыгавораны ў маладым веку за патрыятызм да арыштанцкіх ротаў, даслужыўся там да рангу афіцэра. Убачыў у ім вялікія здольнасці, такт і высокую вывучку генерал Пяроўскі - губернатар, і яму дазволілі падацца ў Пецяр [бург] у вайсковую акадэмію. У Пецярбургу паўсюль звяртаў на сябе ўвагу, навучэнцы вайсковай акадэміі лічылі яго за свайго лідара і рэальна быў лідарам у свеце ідэй вольных і прагрэсіўных. Ён зрабіў з вайсковай акадэміі школу шляхетных і вольнадумных людзей у Расіі; ён праз іх больш за Герцана ўплываў на афіцэраў і расійскую армію ў ліберальным кірунку. З другога боку заставаўся ў пастаянных стасунках з польскай эміграцыяй і з родным краем, у якім таксама не раз браў ініцыятыву ў кірунку нацыянальнай працы, якая вядзе да незалежнасці. Ведаў пра ўсё, што робіцца ў краі і добрай парадай уплываў на намаганні патрыётаў. У Пецярбургу да канца быў як бы прарокам для светлых і вольнадумных людзей.

Пасля выпуску з акадэміі як афіцэр Генеральнага штаба застаўся ў Ваенным міністэрстве, дзе неўзабаве пры міністры Мілюціне стаў адной з найбольш значных і ўплывовых фігур. Па яго парадах і ініцыятыве міністр правёў у арміі не адну рэформу. (Асабліва падтрымліваў с[ветлай] п[амяці] Серакоўскі рэформу ў расійскім вайсковым дысцыплінарным праве, намагаючыся правесці адмену ў тым войску цялесных пакаранняў, падтрымліваў гэта прадстаўленнямі зробленымі ў Ваеннае міністэрства, калі два разы быў пасланы ўрадам у Аўстрыю, Прусію, Францыю і Англію для вывучэння вайсковага дысцыплінарнага правапрымянення і вайсковых вязніц. Чулі ад яго, аднак, не раз, як гаварыў, што, калі адменяць палачную дысцыпліну ў расійскім войску, то маскоўскі салдат перастане быць быдлячынай і не будзе сляпой зброяй дэспатызму, і будзе можна з яго нешта зрабіць для справы свабоды.) Пасылалі яго некалькі разоў за мяжу, дзе пазнаёміўся з многімі знакамітымі вайскоўцамі ў Францыі і ў Італіі. Гарыбальдзі прасіў, каб застаўся пры ім начальнікам яго штаба, таму што ўсе бачылі ў ім вялікія вайсковыя здольнасці і велізарныя веды. Яго прадстаўленні, яго старанні і праекты ўплывалі на рэформу вайсковых дысцыплінарных асноў у Расіі, яго праекты, яго праца прывялі да адмены цялесных пакаранняў у расійскім войску. Быў гэта чалавек, які калі за нешта браўся, мусіў гэтага дабіцца, таму датуль грукаўся ў Пецярбургу, датуль укладаў у вушы міністру патрэбу адмены цялесных пакаранняў, пакуль той нарэшце не ўзяўся гэта праводзіць. Але свайго дабрадзея расейскія салдаты ў Вільні павесілі. Павесілі чалавека, у якім пачуцці і паняцці чалавечнасці вялі яго дарогай справядлівасці. Паляк, якіх мала, любіў больш за ўсё край і яго незадлежнасць, не перашкаджала яму гэта аднак імкнуцца да справядлівага ў Расіі прагрэсу, да дабрачыннасці, асветы і ачалавечвання нават непрыяцеляў Бацькаўшчыны. Прыгожае гэта жыццё: у польскай гісторыі як ваяр і пакутнік заняў не простае месца", а ў гісторыі свабоды ў Расіі, якая толькі нараджаецца, будзе згадваны як чалавек найбольш карысны.

Згодны з прынцыпамі Цэнтральнага Камітэта падтрымліваў яго праграму, у якой бачыў ідэю агульнанацыянальную і вышэйшую за ўсе дэмакратычныя ідэі. Паўстанне лічыў заўчасным, аднак, як толькі сталася яно фактам, кінуў Пецярбург, кінуў званне расійскага палкоўніка і вялікую кар'еру, якая яго там чакала і паспяшаўся ў Вільню, адкуль паехаў на Жмудзь, як вайсковы начальнік Ковенскага ваяводства. Не буду паўтараць баёў, якія правёў, перамог, якія атрымаў, скажу толькі, што ён высока падняў жмудскае паўстанне, што ён быў надзеяй усёй Літвы, што ў ім прадбачылі знакамітага камандзіра часткі будучай польскай арміі.

(Працяг у наст. нумары.)

302 Мае дарагія сябры!

1) Будзьце пільныя - (гэты Шувалаў, даўней шэф 3 секцыі ў Вільні, веру што перш за ўсё спрву кантралюе.

2) Хацелі зрабіць надрэз у аўторак - маліўся, каб дачакаць чацвярга. Сёння доктар Ляховіч быў з вайсковымі лекарамі. (Далей незразумела.) Хаджу, адхіляючы галаву назад з вялікім болем і цяжкасцю. (Далей незразумела.) Што называеце домам Ігнацыя? 16 рублёў дае 1500 капеек, ці няпраўда? Цалую вас і вашых дзяцей, няхай Бог мае над імі апеку. У чацвер трэба зрабіць надрэз - дамагаецца пан М[аеўскі], які прыбывае ў чацвер - пасля надрэзу не змагу ляжаць што найменш тыдзень (франц.).

303 Серакоўскі быў павешаны на Лукішскім пляцы. Мураўёў зацвердзіў смяротны вырак, нягледзячы на ўмяшанне многіх асоб.

304 Апублікавана ў "Powstanie na Litwie i Bialorusi, 1863-1864 r., Масква, 1865, с. 19. Ліст быў напісаны на пачатку траўня н.с. (перад 8.V), калі Серакоўская ехала ў Пецярбург з мэтай атрымаць згоду пабачыцца з мужам.

305 "Сірыйская масакра" (франц.) разня хрысціян у Сірыі ў 1860 г., учыненая туркамі.

306 Прыпісана алоўкам: "Крашэўскі".

Мінуў 2018 год - першы Год малой радзімы

Аляксандр Крой, сябар садовага таварыства "Мігова" і сябар абласной Рады ТБМ

М і г о в а

За 18 км ад Гародні ў вёсцы Мігова, незвычайна прыгожых Прынёманскіх мясцінах некалькі стагоддзяў жылі мае продкі, амаль усе там і пахаваны. Народжанаму ў Гародні і маючаму нейкую ўнутраную адказнасць перад сваімі дзядамі і мігоўцамі хочацца падзяліцца з шаноўнымі чытачамі старыміновымі ідэямі валанцёрскай працы ў апошнія гады сяброў нашага садовага таварыства "Мігова" (побач вёскі Мігова, вядомай з 1558 г., Гарадзенскі раён) па папулярызацыі мовы, гісторыі, культуры, турызму, якія цудоўна ўпісаліся ў афіцыйны Год малой радзімы. Магчыма, некаму будзе цікава і карысна, бо кіраўніцтва краіны прадоўжыла Год малой радзімы яшчэ на два гады.

Частка І

Сёння ў садовых таварыствах пакуль не трэба шматлікіх дазволаў як у гарадах, каб нешта вартае зрабіць (павесіць шыльду, назваць вуліцу, аформіць прыпынак, паставіць памятны знак, правесці вечарыну памяці, ці выраўняць дарогу), галоўнае пераканаць садаводаў з кіраўніцтвам таварыства, і талакой можна шмат зрабіць для захавання памяці пра мінулае. Бо штогод знікаюць з геаграфічнай мапы шматлікія населеныя пункты. У тысячах беларускіх вёсак ужо засталіся апошнія жыхары, а колькасць лецішчаў каля вёсак, ці ў вёсках пашыраецца, яны жывуць сваім жыццём. Адбываецца павольны працэс рэурбанізацыі, людзі з горада вяртаюцца на малую радзіму ці мігруюць у сельскую мясцовасць, прыносячы ўжо іншую мову і культуру туды, дзе нядаўна была беларушчына. Хто, як не мы, можам парупіцца і свае краязнаўчыя напрацоўкі практычна выкарыстаць для візуальнага аднаўлення памяці і мовы ў вёсках і на сваіх лецішчах (дачах), калі ў гарадах гэта зрабіць усё складаней. Вывучыць сельскую мясцовасць, знайсці зацікаўленых дачнікаў, павесіць шыльды, зрабіць артаб'екты, назваць вуліцы, паставіць памятныя знакі, прывабіць прыгожым беларускім словам. Сябры ТБМ, якія маюць дачы (лецішчы) ў розных кутках Беларусі могуць выкарыстаць гэтыя ідэі ў бліжэйшыя два гады і зрабіць лепш за нас.

Кароткая перадгісторыя маёнтка Мігова і ваколіцаў

…Шмат людзей ужо добра ведае новае Гарадзенскае вадасховішча (мора) на Нёмане даўжынёй больш за 40 кіламетраў з самай магутнай ў Беларусі ГЭС (пакуль не запусцілі на поўную магутнасць Віцебскую ГЭС на Заходняй Дзвіне). Тут, у даліне ракі па берагах Нёмана і ніжняй часткі Котры, вядомымі беларускімі археолагамі (М. Чарняўскі, В. Лакіза, Г. Семянчук, В. Абухоўскі, А. Матузка, А. Федарук і іншыя) былі знойдзены дзясяткі стаянак і гарадзішчы людзей шматгадовай даўніны. Асабліва актыўныя працы вяліся перад пабудовай Нёманскай ГЭС і затапленнем даліны Нёмана. Вядома, што ў гэтых Прынёманскіх мясцінах знаходзіцца адна з трох стаянак верхняга палеаліту каля в. Кавальцы (сёння Славічы, крэмнеапрацоўчая майстэрня), дзе з'явіліся самыя першыя людзі пасля адыходу ледавіка (Юравічы і Бердыж вядомыя нам са школы -на Гомельшчыне). Той, хто праязжаў па дарозе М-6 (Гародня-Менск) каля Гарадзенскага аэрапорта "Абухава" праз Аляксандрова і Мігова ў старажытнае Коматава, дзе атракцыйная для сплаву рака Котра падзяляе Нёман на верхняе і сярэдняе цячэнне, ведаюць, што насупраць Коматава на Нёмане пачалі будаваць першыя на сённяшняй Гарадзеншчыне паравыя караблі ў 19 стагоддзі, якія прымалі ўдзел у першай Святовай вайне. Якраз перад Коматава, побач вёскі Мігова, за два кіламетры знаходзіцца садовае таварыства "Мігова", якое ўзнікла ў 80-я гады 20 стагоддзя. Карэнныя жыхары вёскі, хто тут пастаянна жыў, усе адышлі ў лепшы свет, а едуць сюды новыя дачнікі і вяртаюцца на малую радзіму мігоўцы, што жылі ў Гародні і іншых неселеных пунктах. Хутка, праз аўкцыёны пашыраецца і катэджная забудова, участкі зямлі тут самыя дарагія ў Гарадзенскім раёне.

Старажытная вёска і маёнтак Мігова маюць доўгую і цікавую ўласную гісторыю. Але пра ўсю гісторыю Мігова іншым разам. Задоўга да панавання Расейскай імперыі, у часы імперыі і да пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя быў на гэтых землях маёнтак Мігова. Напачатку 19 стагоддзя ў склад маёнтка Мігова ўваходзіла нямала земляў -з правага боку Нёмана фальварак Мігова, вёскі Мігова, Александрова, а на левым беразе Нёмана - Віцькі і Пескі. Апошнія пазней сталі таксама маёнткам, бо землі з правага і левага бакоў Нёмана мясцовы гаспадар Іван Абуховіч падзяліў паміж сынам Аляксандрам і дачкой Сафіяй. Вёска Пескі моцна пацярпела ад казацкага набегу ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Толькі ў "Канюхоўскім рове" былі некалькі масавых магіл мясцовых жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей. На геаграфічнай карце вёскі і маёнтка Пескаў сёння ўжо няма, а ў памяць пра мясцовых жыхароў пастаўлены крыж.

Каля аўтобуснага прыпынка садовага таварыства і шашы з адносна маладымі ліпамі ў бок фальварка Мігова, праз дачы, раней праходзіла старая ліпавая алея з дарогай для фурманак, вазоў, верагодна, па ёй часта праязжаў будучы акадэмік Я. Карскі, вывучаючы мясцовыя гаворкі людзей. Па гэтай ліпавай алеі вядомы папулярызатар гісторыі і спецыяліст па садова-паркавым мастацтве Анатоль Фёдарук спрактыкавана адшукаў падмурак сядзібы "Шлегяляў", апошніх гаспадароў маёнтка, спаленыага пад час І Сусветнай вайны. Гаспадары Бросэ-Шлегелі павінны былі даказаць сваё рускае паходжанне, калі атрымоўвалі ад царскай улады маёнтак, пасля валодання ім тутэйшымі да падзей 1863-1864 гг. Апошні свой прытулак Бросэ-Шлегелі знайшлі каля царквы ў Коматава, а іх дзеці з'ехалі за мяжу падчас ІІ Святовай вайны. Ліпавая алея з таго часу захавалася толькі фрагментарна, а адна са старых ліп захавалася якраз на скрыжаванні дарог да садовых участкаў і сядзібы гаспадароў былога маёнтка.

Нараджэнне ідэі па рэстаўрацыі і мастацкім афармленні прыпынка

Каля вялікай старой ліпы на скрыжаванні дарог стаяў прывезены ў 90-я гады ХХ ста-годдзя жалезабетонны прыпынак, у якім некаторыя члены садовага таварыства хаваліся ад дажджу, чакаючы прыезду гандлёвай "лаўкі" ці прыгараднага транспарту. Кожны дзень нехта праходзіў, ці праязжаў каля прыпынка на сваё лецішча, у Мігова, Коматава, вяртаўся назад і не звяртаў увагі на яго занядбаны від, на кінутыя пустыя бутэлькі, што ляжалі вакол яго. Але, заўсёды знойдуцца людзі неабыякавыя і нованароджаную цікавую ідэю аднаго чалавека падхопяць іншыя. У нас такім чалавекам стаў Шалай Мікалай Антонавіч. Яго ідэя ў весну 2018 года па рэстаўрацыі гэтага жалезабетоннага садовага прыпынка і яго мастацкім афармленні за ўласныя грошы была падхоплена старшынём, іншымі сябрамі садовага таварыства і на працягу летняга адпачынку 2018 года - ажыцёўлена, бо старшыня садовага таварыства Радзіваноўскі Віктар Францавіч, чалавек у раёне вядомы і актыўны, ініцыяваў шмат добрых і неабходных спраў для садовага таварыства разам з актывам садаводаў (смеццевыя бакі, стаянкі для аўтамабіляў, ямы для расліннасці, пясчана-жвіровая падсыпка дарог, капрамонт артэзіянскай свідравіны і помпавай сістэмы на беразе Нёмана, індывідуальныя і вулічныя электралічыльнікі, відэаназіранне, вулічныя шлагбаўмы і шмат іншага). Пра яго ініцыятывы ўжо пісалі ў мясцовых газетах, паказвала Гарадзенскае тэлебачанне…

Кароткая гістарычная даведка. У маёнтак Мігова напачатку ХХ стагоддзя прыязджаў адпачываць і працаваць разам са сваёй сям'ёй знакаміты акадэмік Я. Карскі (з Варшавы, Санкт-Пецербурга), ганаровы старшыня Усебеларускага з'езда 1917 года. Ён шмат разоў бываў і жыў на дачы ў маёнтку Мігова разам з сям'ёй. Напрыклад, летам 1901 года Я. Карскі ў маёнтку Мігова адпачываў і працаваў разам з сям'ёй тры месяцы. 21.06.1909 г. рэдактару "Нашай Нівы" А. Уласаву быў адпраўлены ліст. Адсюль ішла карэспандэнцыя вядомымі вучонымі. З маёнтка Мігова ішла аплата за вучобу сыноў Я. Карскага. У Гародні яго імем названа вуліца, абласная бібліятэка, лепшая сярэдняя навучальная ўстанова па выніках 2018 года ў Беларусі - гімназія № 1 носіць таксама імя акадэміка Я. Карскага, у ГрДУ праводзяцца Карскія чытанні. У 2011 годзе, да 150 годдзя Я. Карскага, Гарадзенскае ТБМ разам з музеем Я. Карскага гімназіі №1 імя Я. Карскага, распрацавалі турмаршруты і выпусцілі вялікія каляровыя плакаты, прысвечаныя ім…

Таму мы, садаводы, вырашылі, што акадэмік Я. Карскі, які аб'ехаў многія населеныя пункты Гарадзеншчыны ў пошуках духоўных беларускіх скарбаў, а ў Мігове, жывучы месяцамі на дачы, збіраў матэрыялы і верагодна пісаў старонкі фундаментальнай працы "Беларусы", будзе выдатным брэндам і галоўным тварам нашага мастацкага праекту на прыпынку ў Мігове.

У Гарадзенскім раёне і па краіне вельмі шмат садовых таварыстваў, якія маюць свае прыпынкі, каля якіх ёсць нейкія жалезабетонныя канструкцыі, драўляныя навесы, якія належаць дарожным службам, садовым таварыствам, ці некаму яшчэ..

Ці магчыма нашу ідэю па рэстаўрацыі і мастацкім афармленні прыпынка ажыццявіць у іншых садовых таварыствах за невялікія сродкі, калі гэтага нехта пажадае?

Канешне, калі ёсць прыпынак, які патрабуе аднаўлення " асвяжэння" і знойдуцца неабыякавыя людзі ў любым садовым таварыстве, якія гатовы за ўласныя сродкі, ці за сродкі нейкага фундатара (спонсара) гэта зрабіць.

Які прыкладны алгарытм дзеянняў і адкуль узяць грошы?

Спачатку варта заняцца індывідуальнай асветнай працай, напісаць краязнаўчыя артыкулы пра мясцовых асобаў, даць садаводам пачытаць, кіраўніцтву. Некаму акрамя чаркі і рыбалкі нічога не трэба, іншаму наадварот не хапае духоўных пошукаў і стваральнай працы. Праз нейкі час можна стварыць ініцыятыўную групу і падзяліць запланаваную працу, даведацца, каму належыць канструкцыя прыпынка, ці навес. Дамовіцца з гаспадарамі ўласнасці канструкцыі і зямлі, можа і яны змогуць дапамагчы адрэстаўраваць? Можна рэстаўрацыю зрабіць самім, як зрабілі мы, можна запрасіць за грошы спецыялістаў-будаўнікоў. У нас былі спецыялісты - сябры нашага таварыства. Будаўнічыя матэрыялы можна купіць, ці пашукаць па садовых гаспадарках. Большасць будматэрыялаў і працоўны інструмент мы прынеслі са сваіх дачаў, новыя затраты збольшага пайшлі на фарбы і мастака. Потым неабходна даручыць мясцоваму краязнаўцу-садаводу, гісторыку, географу, распрацаваць праект эскізу на гістарычную тэматыку, прысвечаную, напрыклад, Году малой радзімы, які для добрых спраў кіраўніцтвам краіны прадоўжаны да 2020 года. Засталося гэта толькі ажыццявіць, нічога складанага…

Частка ІІ

Што і як рабілі

…Сябры садовага таварыства, іх родныя, дзеці з дапамогай уласных "балгарак" знялі старую фарбу і тынкоўку са сцен, моцным пыласосам пад вялікім ціскам вады добра адмылі ад пылу і слядоў тынкоўкі сцены. Наклалі клеявы раствор, выраўнялі, адшкурылі, зачысцілі, падрыхтавалі сцены для фарбы-асновы. Пафарбавалі некалькі разоў у светлы колер. На гэта пайшло каля трох тыдняў (рэстаўрацыю рабілі толькі ў выходныя, бо не ўсе былі ў адпачынку).

(Працяг у наст. нумары.)

"Калядная батлейка" ў Полацку

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва ў Полацку ў гэтыя святочныя дні праводзіць незвычайныя заняткі для дзяцей "Калядная батлейка". Нават на фотаздымках усё, што адбываецца выглядае вельмі прыгожа і цікава, пераканайцеся самі.

Запісацца на заняткі і спектакль можна па тэлефоне 42 30 41, распавялі gorod214.by ў музеі. Іх кошт - 25 рублёў на групу да 25 чалавек.

gorod214.by.

Старыя і новыя вуліцы Нясвіжа

Даўняя мара чыноўнікаў Нясвіжскага райвыканкама вярнуць вуліцам старажытнага Нясвіжа старажытныя назвы рэалізавана часткова. Вуліцы пакуль не перайменавалі, але ў пачатку многіх (па факту - увесь цэнтр горада) развешаны шыльды з гістарычнымі і сучаснымі назвамі. Сумненне, канешне, выклікае гістарычная выліца "Студзенчаская", але тут канкрэтна трэба ўнікаць, адкуль і з якіх часоў назва ўзялася. А ў астатнім можна толькі пахваліць нясвіжскія ўлады. Хоць памалу, а нешта робіцца.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX