Вярнуцца: 2019

№ 5 (1416)


Дадана: 31-01-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 5 (1416), 30 студзеня 2019 г.

Рада ТБМ падтрымала ініцыятыву палітычных партый і грамадскіх арганізацый па абвяшчэнні 2019 года Годам беларускай мовы

27 студзеня адбылося планавае паседжанне Рады ТБМ.

Рада заслухала справаздачу Старшыні ТБМ Алены Анісім, абмеркавала і прыняла План дзейнасці арганізацыі на 2019 год, прыняла рашэнні па ўдзеле ў палітычных і грамадскіх кампаніях 2019 года. Рада заслухала паведамленне Алега Трусава пра сітуацыю з універсітэтам імя Ніла Гілевіча і шэраг інфармацый з месцаў пра дзейнасць арганізацый і суполак ТБМ.

У ходзе разгляду Плану дзейнасці асаблівая ўвага была звернута на напісанне ХІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Папярэдне былі названы тэмы: 1. Тэкст з "Мужыцкай праўды" К. Каліноўскага; 2. Тэкст У. Арлова "Незалежнасць - гэта..."; 3. Верш У. Караткевіча "Беларуская песня". Тэксты будуць надрукаваныя ў "Нашым слове". Арганізацыі на месцах вольныя браць свае актуальныя тэксты. Там, дзе дыктоўкі будуць праводзіць уладныя структуры, будуць брацца таксама свае тэксты. Але арганізацыі ТБМ мусяць прыкласці максімум намаганняў, каб дыктоўка прайшла найбольш масава.

Пры разглядзе Плану асаблівая ўвага была звернута на тое, што сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту заснавання ТБМ. У План уключана падрыхтоўка і выданне "Летапісу ТБМ" за апошнія пяць гадоў, адказны С. Суднік.

Не забылі ў Плане і пра 75-годдзе вызвалення Беларусі ў 1944 годзе.

Пры разглядзе ініцыятывы Партыі БНФ і іншых грамадскіх ды палітычных арганізацый па абвяшчэнні 2019 года Годам беларускай мовы пастанавілі:

1. Падтрымаць ініцыятыву палітычных і грамадскіх арганізацый па абвяшчэнні 2019 года Годам беларускай мовы.

2. Сумесна з іншымі палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі распрацаваць "Праграму Года беларускай мовы".

Рада таксама пастанавіла заклікаць палітычныя і грамадскія арганізацыі да ўдзелу ў палітычных і грамадскіх кампаніях з мэтай пашырэння ўжывання беларускай мовы, папулярызацыі здабыткаў беларускай культуры, ідэй незалежнасці і наогул беларушчыны ва ўсіх яе праявах.

Былі ўрычаны падзякі ТБМ юбілярам: Іосіфу Навумчыку, Радзіму Гарэцкаму, Юрыю Нагорнаму, Валянціне Крук, а таксамка Дзянісу Тушынскаму за распрацошку канчатковага варыянту "Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

Наш кар.

Узнагарода НДА ўзняла прэстыж Універсітэта імя Ніла Гілевіча

На чарговай Радзе ТБМ імя Ф. Скарыны 27 студзеня кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў, які выконвае абавязкі рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча, распавёў пра дзейнасць, якую вядзе ТБМ па фарміраванні новай навучальнай установы.

- Пры Таварыстве беларускай мовы зараз дзейнічаюць курсы, на якіх займаюцца 75 наведвальнікаў. Гісторыя Беларусі, хімія, фізіка, матэматыка, польская, англійская і нямецкая мовы вывучаюцца праз беларускую мову. Аплата за курсы размяркоўваецца на арэнду памяшкання і аплату 15 выкладчыкаў, якія ёсць ў штаце. З сакавіка мы набіраем вучняў 10-11 класаў для падтрыхтоўкі да здачы ЦТ. На курсы могуць прыязджаць навучэнцы не толькі з Менска, але і з ваколіц.

Ідзе актыўная праца з мэтай набыцця ліцэнзіі, але для гэтага трэба падрыхтаваць персанальныя праграмы па 6 накірунках навучання, якія мы будзем прапаноўваць студэнтам.Трэба зрабіць падрабязныя навучальныя планы, прадаставіць спісы выкладчыкаў. Каб атрымаць ліцэнзію, трэба прадаставіць у Міністэрства адукацыіі і іншыя структуры больш чым 30 папер. Кожны тыдзень мы праводзім рэктарат і рухаем справу. Калі паспеем атрымаць ліцэнзію ў гэтым годзе, то пачнем набіраць студэнтаў з верасня, калі не - то ў наступным годзе. 70 адсоткаў выкладчыкаў павінны быць уладкаваныя па працоўных кніжках. Але працаваць ва ўніверсітэце ахвотна пагаджаюцца кандыдаты і дактары навук сталага веку, якіх вельмі шмат.

Галоўнае, што Універсітэт ёсць, курсы працуюць, - падкрэсліў Алег Трусаў. - Калі мы ездзілі па Беларусі, то пераканаліся, што цікавасць да Універсітэта вялізарная. Нядаўна, калі мы былі ў Барысаве, мясцовая грамадскасць задавала шмат пытанняў наконт Універсітэта. Ахвочыя вучыцца ёсць. Прыватны Універсітэт дае нашмат больш, чым дзяржаўны. У прыватным універсітэце не трэба ствараць камсамол і браць на працу ідэолага, ёсць свае перавагі. Такіх універсітэтаў у нас у краіне 10, і яны здольныя зарабляць грошы. Самае цяжкае - атрымаць ліцэнзію. Дзяржава, хаця не дае ні капейкі, але зацікаўлена, бо ў бюджэт пойдуць грошы. Навучанне будзе ісці па накірунках: бізнес і кампутарныя тэхналогіі, ахова культурнай спадчыны і турызм, літаратурны і мастацкі пераклад, культуралогія, германістыка, украіназнаўства, паланістыка. На кожны накірунак мы хочам браць па 60 студэнтаў.

Нядаўна хакеры ўзламалі ўніверсітэцкі сайт, што сведчыць пра неабыякавасць да яго. Зараз яго праца аднаўляецца. Мы адкрылі рахункі Універсітэта ў беларускіх і рускіх рублях, у еўра і далярах. Нядаўна ў ад Асамблеі недзяржаўных арганізацый наш Універсітэт атрымаў узнагароду ў намінацыі "Новая ініцыятыва". Гэта ўзняла наш прэстыж ва ўсім свеце, бо ў конкурсе ўдзельнічала 57 намінантаў, а ў журы было 112 грамадскіх лідараў.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Прыватная ўстанова адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" аб'яўляе набор вучняў 10-11 класаў на курсы па праграме падрыхтоўкі да Цэнтралізаванага тэставання па прадметах: беларуская мова, англійская мова, нямецкая мова, польская мова, фізіка, матэматыка, хімія, гісторыя Беларусі.

Заняткі праводзяцца на працягу 3 месяцаў, два разы на тыдзень па 90 хвілін. Пачатак работы курсаў з сакавіка 2019 года па меры фармавання групаў. Аплата за курс па адным прадмеце складае 150 рублёў за 36 гадзін. Па пытаннях залічэння на курсы звяртацца па тэл. 8-029-6283359, сп. Эліна.

Вучоны-энцыклапедыст

31 студзеня 2019 г. знакамітаму гісторыку Анатолю Грыцкевічу споўнілася б 90 гадоў. Шкада, што ён не дажыў да гэтага юбілею. Але памяць пра яго жыве і да гэтага часу.

Я пазнаёміўся з Анатолем Пятровічам яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя праз яго малодшага брата Валянціна, таксама вядомага беларускага гісторыка і краязнаўца. Беларусі часам шанцуе на братоў-гісторыкаў. Варта таксама прыгадаць, напрыклад, братоў Тышкевічаў і братоў Луцкевічаў. У адрозенне ад большасці беларускіх гісторыкаў, якія паходзяць з вёсак, Грыцкевічы нарадзіліся ў Менску і належаць да гарадской інтэлігенцыі, гэта і адбілася на іх дзейнасці.

Іх бацька, Пётр Навумавіч, паходзіў са Случчыны, са шляхецкага роду Грыцкевічаў, які Анатолю Грыцкевічу ўдалося прасачыць з XVI стагоддзя. Пётр Навумавіч меў гістарычную адукацыю, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, потым далучыўся да антыпольскіх партызан, стаў камуністам і ў ліпені 1920 г. далучыўся да А. Чарвякова, выступаў за новае абвяшчэнне БССР. Потым ён апынуўся ў Менску, дзе да 1937 г. узначальваў прафсаюз настаўнікаў, работнікаў вышэйшай школы і навукі. Маці Анатоля Агнеса Львоўна - былая вясковая настаўніца з Рагачоўскага павета, таксама камуністка, стала медыкам, дацэнтам медыцынскага інстытута.

У першы клас Анатоль пайшоў вучыцца ў 25-ую беларускую школу імя Чарвякова. З дзяцінства ён добра ведаў беларускую мову, бо на ёй не толькі вучыўся, але і размаўляў дома, а таксама з бабуляй і дзядулем, якія жылі ў вёсцы. Дома была хатняя бібліятэка, у тым ліку, і "Малая савецкая энцыклапедыя", з якой браты Грыцкевічы набывалі першыя гістарычныя веды.

У жахлівым 1937 г. бацька Анатоля трапіў пад сталінскія рэпрэсіі. Газета "Рабочы" абвінаваціла яго ў тым, што ён не вядзе барацьбу з ворагамі народа ў Наркамасвеце. Яго выключылі з партыі і звольнілі з працы. Цэлы год Пётр Грыцкевіч быў беспрацоўным. Але праз год яго аднавілі ў партыі і прызначылі дырэктарам школы № 5 у Менску, дзе ён выкладаў беларускую мову і літаратуру. Анатоль Грыцкевіч успамінаў, што пасля 1937 г. у яго сям'і перасталі размаўляць па-беларуску, бо баяліся абвінавачванняў у нацыянал-дэмакратызме.

У 1941 г. бацька пайшоў на фронт, дзе камандаваў сапёрным батальёнам і загінуў пад Масквой у кастрычніку таго ж года.

Маці працавала ў палявым шпіталі і разам з дзецьмі пераехала спачатку ў Кіргізію, а потым у г. Яраслаў. У Фрунзе, дзе жыў тады Анатоль, ён у 1943 г. чытаў Клаўзевіца, творы Бісмарка і кнігі пра Першую сусветную вайну, а таксама знакамітую аповесць Якуба Коласа "Дрыгва".

У 1944 г. сям'я Грыцкевічаў вярнулася ў Менск. Маці вельмі хацела, каб сыны сталі медыкамі, і яны абодва скончылі медінстытут. Анатоль скончыў яго ў 1950 г. і пачаў працаваць медыкам, але потым паступіў у Менскі педінстытут замежных моў, які скончыў у 1955 г. са спецыялізацыяй па англійскай мове. Увесь гэты час Анатоль цікавіўся гісторыяй і асабліва працамі М. Доўнар-Запольскага і М. Любаўскага, а таксама творамі Г. Сянкевіча і А. Міцкевіча. Таму ў 1953-1958 гг. Анатоль завочна скончыў гістфак БДУ. Сваю дыпломную працу ён прысвяціў гісторыі Слуцка.

На абароне гэтай дыпломнай работы прысутнічаў беларускі гісторык К. Шабуня, які і запрасіў сп. Анатоля на працу ў свой сектар у Інстытут гісторыі АН БССР. З 1959 г. А. Грыцкевіч малодшы, а з 1965 г. - старэйшы навуковы супрацоўнік. У 1964 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі прыватна-ўласніцкага беларускага горада ў XVI-XVIII стст. на прыкладзе г. Слуцка. Ужо тады погляды Анатоля Грыцкевіча, асабліва пад уплывам Мікалая Улашчыка, на беларускую гісторыю, асабліва ў часы хрушчоўскай і брэжнеўскай русіфікацыі, сталі адрознівацца ад поглядаў тых гісторыкаў, якія бясконца славілі ў сваіх працах партыю, камсамол і прафсаюзы.

І тут яму пашанцавала змяніць месца працы і атрымаць большую самастойнасць у сваёй навуковай дзейнасці. У 1975 г. быў створаны Менскі інстытут культуры, і яго рэктар, чалавек не абыякавы да беларускай культуры, пісьменнік і драматург Аляксандр Петрашкевіч, запрасіў узначаліць кафедру гісторыі СССР і замежных краін і заняцца выкладчыцкай дзейнасцю.

А. Грыцкевіч пагадзіўся і адразу прапанаваў змяніць назву кафедры на "Кафедру гісторыі СССР, БССР і замежных краін". Прапанова была прынятая, і ў БССР з'явілася трэцяя кафедра гісторыі з такой назвай (пасля БДУ і Менскага педінстытута). У 1976 г. Анатоль Грыцкевіч стаў дацэнтам.

Упершыню ў беларускай гістарыяграфіі ён піша пра розныя аспекты існавання і дзейнасці беларускіх гарадоў у часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэта і абарончыя пабудовы, і існаванне Магдэбургскага права, і жыццё месцічаў з іх канфліктамі, і ўдзел у шматлікіх войнах, і пра іх апалчэнні "міліцыйнага" тыпу. Яго працы грунтуюцца на архіўных матэрыялах, якія пярэчаць тагачаснай савецкай гістарыяграфіі, апалагетам якой тады ў БССР быў Лаўрэн Абэцэдарскі.

Яшчэ адна тэма хвалюе А. Грыцкевіча, гэта лёс Беларусі ў 1917-1921 гг. Ён быў першым гісторыкам у БССР, які, нягледзячы на цэнзуру, пачаў вывучаць і друкаваць інфармацыю пра Слуцкае ўзброенае паўстанне беларускіх сялян супраць бальшавікоў у 1920 г.

У 80-90-х гадах ХХ стагоддзя ў БССР, а потым і ў Рэспубліцы Беларусь, пачалі друкавацца розныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі і Анатоль Грыцкевіч напісаў для іх сотні розных гістарычных артыкулаў, асабліва для шасцітомнай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Яго суаўтарамі ў першую чаргу былі Г. Штыхаў, А. Мальдзіс і М. Ермаловіч.

Таксама даследчык здаўна цікавіўся рэлігійнымі пытаннямі. Ён адным з першых беларускіх гісторыкаў пачаў вывучаць гістарыяграфію праваслаўнай царквы ў Беларусі. Таксама яго цікавілі традыцыі каталіцызму і ўніяцтва. Адна з яго прац "Становішча праваслаўнай царквы на Беларусі да Люблінскай уніі 1569 г." выйшла на англійскай мове ў Ватыкане ў 1992 г. Будучы ў Рыме і Ватыкане Анатоль Грыцкевіч тройчы сустракаўся з Янам Паўлам ІІ. Адна з сустрэч адбылася ў мястэчку Кастэль Гандольфа за 30 км ад Рыма на Апіевай дарозе. У сваіх успамінах А. Грыцкевіч адзначае, што Папа да гасцей з Беларусі звяртаўся па-беларуску.

Значную ўвагу даследчык надаваў гісторыі беларускай шляхты і статутам ВКЛ. Генеалогіі беларускіх і літоўскіх магнацкіх і шляхецкіх родаў ён прысвяціў дзясяткі артыкулаў, асабліва энцыклапедычнага характару.

Паколькі далёка не ўсе беларускія навукоўцы і асабліва чыноўнікі падзялялі погляды А. Грыцкевіча на нашу гісторыю абараняць доктарскую дысертацыю пра сацыяльна-эканамічнае развіццё прыватнаўласніцкага горада на тэрыторыі Беларусі і Літвы яму давялося ў Вільні, дзе была больш дэмакратычная навуковая атмасфера. Абарона прайшла паспяхова, і ў 1985 г. А. Грыцкевіч стаў доктарам гістарычных навук, а ў 1987 г. - і прафесарам.

У кастрычніку 1988 г. ён становіцца сябрам Аргкамітэта па стварэнні БНФ, а потым шмат год яго абіраюць у Сойм гэтай патрыятычнай арганізацыі.

Анатоль Грыцкевіч у супрацьвагу Лаўрэну Абэцэдарскаму, грунтуючыся на архіўных матэрыялах, упершыню ў беларускай гістарыяграфіі ўвёў вызначэнне Рэчы Паспалітай як федэрацыі дзвюх раўнапраўных дзяржаў - ВКЛ і Каралеўства Польшчы (Літвы і Кароны). Ён даказаў, што беларускія феадалы займалі важнае месца ў палітычным і эканамічным жыцці ВКЛ, што дае падставы лічыць ВКЛ пасля Люблінскай уніі Беларуска-літоўскім, або Літоўска-беларускім, гаспадарствам. Гэтую канцэпцыю Грыцкевіч паслядоўна адстойваў з 1992 г.

У 1991 г. А. Грыцкевіч разам з іншымі гісторыкамі даў навуковае абгрунтаванне існаванню ў якасці дзяржаўных сімвалаў герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцяга. Ён увайшоў у склад камісіі для выпрацоўкі эталона Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Палажэння аб гербе, узораў пячатак Вярхоўнага Савета, Прэзідыума ВС і нагруднага знака народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь.

У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. А. Грыцкевіч пачаў актыўна займацца такімі праблемамі як гісторыя беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці. Яго цікавяць утварэнне БНР, паход генерала Булак-Булаховіча на Палессе, беларуска-польскія і беларуска-літоўскія дачыненні ў 1919-1920 гг.

На гэтую тэму выходзяць такія працы даследчыка, як "Гісторыя геапалітыкі Беларусі" (1994 г.), "Ідэя незалежнасці Беларусі ў гістарычным аспекце" (1995 г.), "Фальсіфікацыя гісторыі і сучасная прэса" (1996 г.). У 1996 г. у Гродне на польскай мове выйшла публікацыя, прысвечаная генералу Станіславу Булак-Булаховічу. У 2009 г. Грыцкевіч падрыхтаваў да друку на рускай мове кнігу "Западный фронт РСФСР 1918-1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию", якая выйшла ў выдавецтве "Харвест", а ў 2010 г. кніга "Заходні фронт РСФСР у 1919-20 гады" выйшла па-беларуску.

Займаўся Анатоль Грыцкевіч дзейнасцю Францішка Скарыны, пісаў пра беларускае паходжанне Івана Фёдарава, пра гісторыю беларускіх татараў і яўрэяў. Ён кіраваў навуковым калектывам "Славутыя імёны Бацькаўшчыны" пры Беларускім фондзе культуры.

Анатоль Грыцкевіч актыўна прапагандаваў нашу гісторыю на старонках перыядычнага друку, праз радыё і тэлебачанне, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных канферэнцыях у Польшчы, Літве, Расіі, Германіі, Ватыкане, Англіі і іншых краінах. Ён праводзіў вялікую працу з творчай моладзю, чытаў лекцыі акрамя гісторыі Беларусі па такіх тэмах, як гісторыя рэлігіі, генеалогія, гістарычная геаграфія, быў доўгі час старшынём Савета па абароне доктарскіх дысертацый па тэорыі культуры пры Беларускім універсітэце культуры, выступаў у якасці апанента па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, кіраваў падрыхтоўкай шматлікіх дыпломных работ, магістарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Анатоль Грыцкевіч напісаў цікавы артыкул "Арганізацыя аба-роны земскай і бітва пад Оршай 1514 года." Ён даследаваў жыццё і дзейнасць гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага і яго сына, таксама Канстанціна, які быў лідарам праваслаўя ў ВКЛ і магнатам, які ў 1581 г. выдаў першую ва Усходняй Еўропе поўную царкоўна-славянскую Астрожскую біблію.

У нашай краіне і за яе межамі Анатоля Грыцкевіча ведалі як актыўнага і ўплывовага грамадскага дзеяча. Ён быў дырэктарам Беларускага інстытута Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, член-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, сябрам Рады ТБМ, Вучонай Рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, Прэзідыума Беларускага фонда культуры, гістарычнага клуба "Спадчына" і іншых грамадскіх арганізацый. Доўгі час (з 2001 г.) А. Грыцкевіч быў старшынём Міжнароднага грамадскага аб'яднання Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Гэта аўтарытэтная арганізацыя, у якой аб'яднаны прадстаўнікі інтэлігенцыі Беларусі і замежжа. У гэтай працы Анатолю Грыцкевічу актыўна дапамагаў яго малодшы брат Валянцін, які кіраваў з 1988 г. Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Санкт-Пецярбурзе.

Пад рэдакцыяй А. Грыцкевіча ў 2001 г. ЗБС "Бацькаўшчына" выдала грунтоўную гістарычную кнігу "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы". У 2009 г. ЗБС "Бацькаўшчына" падрыхтавала да друку і выдала зборнік артыкулаў А. Грыцкевіча пад назвай "Старонкі нашай мінуўшчыны". Апошняя манаграфія А. Грыцкевіча "Борьба за Украину (1917-1921)" выйшла ў 2011 г., яна і зараз не згубіла сваю актуальнасць, асабліва пасля падзей 2014 г.

Памёр Анатоль Грыцкевіч 20 студзеня 2015 г. на 86 г. жыцця. Але плён яго працы працягвае жыць.

Алег Трусаў, кандыдат гіст. навук.

Віншаванні Валянціне Крук

На чарговай Радзе ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім павіншавала з прайшоўшым юбілеем Валянціну Крук, былую старшыню Полацкай раённай арганізацыі ТБМ, якая ўзначальвала мясцовую суполку на працягу 10 гадоў.

Валянціна Іосіфаўна нарадзілася 9 лістапада 1958 года ў Празароках, на радзіме Ігната Буйніцкага. Адразу пасля заканчэння Празароцкай школы яна паступіла ў Інстытут культуры на бібліятэчны факультэт, а потым працавала ў Менску, Наваполацку. 23 гады ў Верхнядзвінску спадарыня Валянціна была дырэктарам бібліятэкі. У Полацку спадарыні Валянціне давялося працаваць у Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур.

- Рамёствы, якія трэба адраджаць - вялікі пласт у культуры, - кажа яна. - У Беларусі пражывае больш за 120 прадстаўнікоў розных нацый і народнасцяў. У Полацку і іншых гарадах шмат такіх прадстаўнікоў, аб'яднаных у суполкі. Мы рабілі так, каб у іх быў будынак, куды б яны маглі прыходзіць і мець магчымасць праяўляць свае нацыянальныя адметнасці, не забываць сваю культуру і мову. Але перш за ўсё мы дбалі пра сваю родную культуру. З гэтай нагоды я праводзіла шэраг мерапрыемстваў менавіта ў падтрымку беларускай культуры. На паэтычныя і музычныя вечарыны да нас прыязджалі знакамітыя творцы: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Людміла Рублеўская, Леанід Дранько-Майсюк і іншыя літаратары, выступалі Таццяна Матафонава, Сяржук Доўгушаў і гурт " Вурай" . Калі нас наведваў Генадзь Бураўкін, наш аркестр сустрэў яго песняй "Прыязжайце да нас на Полаччыну", і ён быў вельмі ўзрушаны!

Зараз спадарыня Валянціна працуе ў 10-ай Наваполацкай базавай школе з дзецьмі, і гэтая дзейнасць ёй вельмі да спадобы. Яна вядзе гурток для вучняў 3-4 класаў па асабістай праграме, якая аб'ядноўвае школьныя заданні і дадатковыя веды.

- Калі ўсю сябе аддаеш дзецям, бачыш бляск у іх вачах, адчуваеш, што працуеш недарэмна! У займальнай форме мы вывучаем беларускую мову і літаратуру.

Муж спадарыні Валянціны - Аляксандр Мікалаевіч - гісторык па адукацыі, таксама працаваў у сферы культуры, абодва іх сыны Генадзь і Вячаслаў пайшлі па яго слядах і сталі гісторыкамі, і ўнучка Віялета, з якой Валянціна Іосіфаўна шмат займаецца - выдатніца.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

У Баранавіцкай арганізацыі ТБМ

11 лістапада 2018 г. у Баранавічах прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Баранавіцкай гарадской арганізацыі ТБМ. Былі заслуханы справаздачныя даклады Рады ТБМ і Рэвізійнай камісіі.

Абралі новае кіраўніцтва арганізацыі:

Т. Кісель - старшынёй Рады;.

A. Несцярука - першым намеснікам старшыні па кантролі і арганізацыі выканання плана работы і старшынём суполкі № 4 (Заходняй);

М. Падгайскага - намеснікам старшыні;

С. Гоўша - старшынём суполкі № 1 (Паўднёвай);

М. Жук - старшыней суполкі № 2 (Цэнтральнай);

B. Мезяка - старшынём суполкі № 3 (Паўночна-пасялковай);

Р. Макарэвіча - старшынём суполкі № 5 (Палескай);

Т. Патоцкую - старшынёй суполкі № 6 (Усходняй);

В. Данільчыка - старшынём суполкі № 7 (Раённай);

А. Белага - старшынём суполкі № 8 (Творчай);

A. Камбалаву - старшынёй камісіі па культуры;

Б.Тумашчыка - старшынём камісіі па тапаніміцы і гістарычнай памяці;

Т. Малашчанку - старшынёй камісіі па мове і адукацыі;

B. Болбата - дырэктарам тэатра;

В. Іванчык - сакратаром, прэс-сакратаром.

Таццяна Кісель нарадзілася 26 лістапада 1977 годзе ў г.Баранавічы.

У 1995 годзе скончыла сярэднюю школу № 18 г. Баранавічы.

У 2000 годзе скончыла Баранавіцкі дзяржаўны педагагічны каледж па спецыяльнасці "Настаўнік ангельскай мовы; настаўнік рускай мовы і літаратуры".

У 2006 годзе атрымала дыплом магістра палітычных навук Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта.

Працавала настаўнікам, перакладчыкам, кіраўніком невялікага прадпрыемства паліграфічных паслуг.

На дадзены момант працуе настаўнікам ангельскай мовы ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці.

Наш кар.

Прозвішчы Беларусі

Новая серыя. Частка ІІІ

Павел Сцяцко

(Працяг. Пач. у папяр. нум.)

395. Петрышэнка (Ігар) - вытвор з фармантам - энка ад антрапоніма Петрыш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Петрышэнка. ФП: Петр (імя <грэч. 'камень, скала, апора') - Петрыш (народны варыянт; празванне, потым прозвішча) - Петрышэнка.

396. Пікуля (Аляксандр) - форма назоўніка жан. роду ад слоўнікавага пікулі 'прыправа для некаторых страў, прыгатаваная з дробна нарэзанай марынаванай агародніны' як апелятыў, што пераасэнсаваўся ў асабовы назоўнік і набыў ролю прозвішча (семантычны вытвор). ФП: пікулі ('прыправа') - Пікуля (назоўнік, які стаў мянушкай чалавека з частым выкарыстаннем гэтага слова ў сваім маўленні) - Пікуля (прозвішча).

397. Пінчук (Адам, Вячаслаў) - семантычны вытвор ад апелятыва пінчук 'жыхар Пінска'; утварэнне з тапанімічным суфіксам -чук: Пінчук, параўн.: гамяльчук < Гомель.

398. Пласкіна (Віктар) - вытвор з суфіксам -ін-а ад антрапоніма Пласка [відаць, другасная (з перастаноўкай літар) форма ад Плаксіна, што ад апелятыва плакса 'той, хто многа і часта плача (звычайна пра дзяцей)'] і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пласкіна (< Плаксіна).

399. Потка (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва потка (ст.-бел.) 'птушка' (ПГССЛ).

400. Поўны (Фама) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка поўны (мае шмат значэнняў): 'які змясціў у сабе многа каго-, чаго-н.'; 'прасякнуты чым-н.'; 'вычарпальны', 'які дасягнуў найвышэйшага развіцця'; (як назоўнік) 'тоўсты, мажны'.

401. Поця (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва потя (ст.-бел.) 'птушаня' (ПГССЛ). Гл. Потка.

402. Пралюк (Вольга) - вытвор з суфіксам -юк (-ук) ад антрапоніма Праля з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Пралюк. ФП: пралля ('жанчына, якая займаецца ручным прадзеннем') - Пралля (мянушка, потым прозвішча) - Праллюк - Пралюк.

403. Прасянцова (Ірына) - вытвор з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Прасянец і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Прасянцова - Прасянцова. ФП: проса ('збожжавы злак з мяцёлкавым суквеццем, з ачышчанага зерня якога атрымліваюцца крупы') - прасяны (прыметнік ад назоўніка " проса") - Прасяны (мянушка, потым прозвішча) - Прасянец ('нашчадак Прасянага', суфікс -ец) - Прасянцова.

404. Прыкатэнка (Андрэй) - вытвор з фармантам - энка ад антрапоніма Прыкат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прыкатэнка. ФП: прыкаціць ('коцячы, даставіць'; 'тое, што і прыехаць' (звычайна і нечакана, разм.)) - прыкат ('вынік названага дзеяння') - Прыкат (мянушка, пазней прозвішча) - Прыкатэнка.

405. Прылуцкі (Андрэй) - вытвор ад тапоніма Прылукі з суфіксам -скі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Прылукскі - Прылуц(к+с=ц)кі.

406. Прымачэнка (Сяргей) - вытвор з фармантам - энка (-енка) ад антрапоніма Прымак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Прымакенка - Прымач(к/ч)энка. ФП: прымак ('зяць, прыняты ў сям'ю жонкі, які жыве ў доме жонкі') - Прымак (мянушка, потым прозвішча) - Прымачэнка.

407. Пузырэўская (Таццяна) - вытвор з тапанімічным суфіксам -эўская ад Пузыры і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Пузырэўская.

408. Пупех (Аркадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва пупех 'пупышка' (круглы зародак ліста, парастка, кветкі - СНМЗ, с. 99).

409. Пуцята (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва пуцята (рэг.) 'кураняты' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" П. Сцяцко, с. 99).

410. Пушкоў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Пушка з значэннем 'нашчадак названай асобы': Пушкоў. ФП: пушка ('гармата'; 'тое, што і каробка' (у 1 знач.)) - 'невялікая скрынка (з кардону, дрэва, пластмасы і пад.', а таксама такая ж скрынка з якім-н. таварам, наборам якіх-н. прадметаў) - Пушка (мянушка, потым прозвішча) - Пушкоў.

411. Пчэльнік (Якуб) - семантычны вытвор ад ст.-бел. пчельник 'пчаляр' (ПГССЛ).

412. Пыж (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва пыж 'пра нізкарослага хлапчука' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 824).

413. Пыжык (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва пыжык 'цяля паўночнага аленя'; 'птушка'; 'пра тоўсценькае дзіця' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 824).

414. Пятрушкін (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Пятрушка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пятрушкін. Утваральнае слова ад апелятыва пятрушка 'агародная расліна, корань і лісце якой ужываюцца як прыправа да страў'. Або ад рус. петрушка, дзе гэтае слова мае, акрамя адэкватнага з беларускім значэннем 'прыправа' і дадатковае 'марыянетка, лялька' (РБС - 93, т. 2, с. 535). Адпаведна і антрапонімы з іншымі фармантамі ад рус. петрушка II цягнуць за сабой непахвальнае значэнне 'марыянетка' (напрыклад, Петрушэня, Петрушкевіч і пад.).

415. Пячкур (Зоя) - семантычны вытвор ад апелятыва пячкур рыба 'пячкур', рыба 'бычок', а таксама 'пячнік (робіць печкі)' (рэг.).

416. Рабец (Пракоп) - семантычны вытвор ад апелятыва рабец 'назва птушкі' (Даль), укр. робець 'род каршуна' (Грынч.), а таксама 'рабы (васпаваты)' (рэг.).

417. Равінскі (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам -скі ад антрапоніма Равін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Равінскі. ФП: равін (рус. раввин 'рабін' (служыцель культу ў яўрэйскай рэлігійнай грамадзе)) - Равін (мянушка, потым прозвішча) - Равінскі.

418. Рагачук (Андрэй) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Рагач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рагачук. ФП: рагач ('самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл'; 'корань вывернутага дрэва'; 'драўляная саха (уст.)') - Рагач (мянушка, пазней прозвішча) - Рагачук.

419. Раецкая (Кацярына) - вытвор з суфіксам - ская ад тапоніма Райца і значэннем 'нараджэнка названай мясцовасці': Райцская - Раецкая. ФП: раіць ('рэкамендаваць') - раец ('той, хто раіць') - райца (варыянт з суфіксам -ца) - Райца (мянушка, потым прозвішча) - Райца ('мясцовасць, уладанне Райца') - Раецкая.

420. Ражанец (Валянціна) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Ражаная (сучасн. Ружаны) з значэннем 'нараджэнка названай мясцовасці': Ражанец. Або дыялектная форма, варыянт слоўнікавага руж анец: у некаторых хрысціян: 'шнурок з пацеркамі або вузельчыкамі для адлічвання прачытаных малітваў або паклонаў у час малітвы'. Апелятыў ружанец набыў ролю прозвішча (семантычны вытвор). Ці ад ражанец (рэліг.) 'свята, якое адзначаюць у першы тыдзень кастрычніка' ("Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча", т. 4, с. 311), набыло ролю прозвішча пры семантычным пераасэнсаванні.

421. Ракава (Жанна) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Рак і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Ракава. ФП: рак (1) 'пакрытая панцырам прэснаводная або марская жывёліна з клюшнямі і брушкам'; 2) злаякасная пухліна ў арганізме чалавека або жывёлы; 3) хвароба раслін.) - Рак (мянушка, пазней прозвішча) - Ракава.

(Працяг у наст. нумары.)

ДЗЕ Ў БЕЛАРУСІ БОГ ЖЫВЕ

Мікола Даніловіч

Фразеалагізм Бог жыве беларускай мове вядомы здаўна. Пра гэта сведчаць хаця б фальклорна-лінгвістчныя матэрыялы ХІХ ст. Напрыклад, ён занатаваны ў зборніку Е. Раманава: Дзе жывуць тыкаўцы, там і Бог адступіўся, а дзе якаўцы, там Бог жыве; М. Федароўскага: Дзе згода, там Бог жыве.

Сучасныя беларускія гаворкі засведчылі бытаванне яго пераважна ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі - поўнач Гродзеншчыны і Міншчыны, Віцебшчына, Магілёўшчына. Фразеалагізм часцей ужываецца, калі гаворка заходзіць пра лад, парадак, утульнасць у хаце ці іншым памяшканні. У нашым "Дыялектным слоўніку Гродзеншчыны" ён фіксуецца з двума значэннямі - 1) 'усё добра, лад і парадак (у хаце)', 2) 'вельмі цёпла, утульна (у хаце)': Гэто як мірна ў хаце жызьня, ні сварацца, ні б'юцца, то кажуць: вайдзі ў хату, то ў гэтай хаце Бог жыве. Ваўкавічы Навагр. У іхняй хаце ўсё добра, і дзеці добрыя, парадак, Бог жыве. Капцёўка Гродз. У гэтай хаце Бог жывець, а ў тэй такая дубарына. Косцевічы Астр. Фразеалагізм адзначаны і ў сучасных фальклорных выданнях, напрыклад: У гэтай хаце яшчэ жыве Бог 'кажуць, калі ў зімовую сцюжу ў хаце цёпла' (В.Д. Ліцвінка, Л.А. Царанкоў. Слова міма не ляціць: беларускія народныя прыказкі і прымаўкі. Мінск, 1985).

У літаратурным ужытку ён з'явіўся адносна нядаўна, бо ў савецкі час дарогу яму ў творы пісьменнікаў і ў слоўнікі заступала атэістычная цэнзура. Упершыню як нарматыўны ён падаецца ў слоўніку І. Я. Лепешава са значэннем 'дзе-н. вельмі хораша, усё добра'. У якасці ілюстрацый прыводзяцца цытаты з Л. Калюгі, У. Караткевіча, Ю. Свіркі, Р. Барадуліна: - Тут у вас бог жыве, казаў Марка [наконт]таго, што поле на пасёлку вельмі ж блізка: на ганку стаўшы, можна з самае дальшае нівы палуднаваць у хату клікнуць. - Я кажу адно, што вельмі ж хораша ў вас. Л. Калюга; "На Беларусі Бог жыве". І верыць хочацца нязменна, калі яна такой слыве, і ёй жыць вечна, блаславеннай. Ю. Свірка; У хаце ў нас Бог жыве, а на вуліцы такая юга - свету белага не відаць. Р. Барадулін. І.Я. Лепешаў адшукаў і падаў у слоўніку яшчэ адзін вобразна блізкі да гэтага фразеалагізм Бог начуе з аналагічным значэннем: Вялікім дабром стала гарантаваная аплата. Але ўсё роўна сяло, зямля не прываблівае, уцякаюць людзі, хоць у Беларусі яшчэ, як кажуць бог начуе. І. Шамякін. - Хочаце, каб дачка была здаровая, шукайце месца і з'язджайце. - А навошта нам шукаць... Лёня ж, стрыечнік мой, у Віцебску жыве. Няўжо не дапаможа [схаваць дачку ад радыяцыі]? - Шаноўныя бацькі! - засердавала доктарка. - Вы, можа, думаеце, што ў Віцебску дваццаць шостага красавіка восемдзясят шостага года Бог начаваў? В. Кадзетава.

Аўтарстава гэтага фразеалагізма нярэдка прыпісваюць Уладзіміру Караткевічу і звязваюць з вершам паэта "На Беларусі Богжыве", у якім выраз, акрамя загалоўка, ужыты яшчэ тройчы ў якасці рэфрэна: "На Беларусі Бог жыве", - Так кажа мой просты народ. Тую праўду сцвярджае раса ў траве І адвечны зор карагод"; "І тая памяць жыве не ў царкве, А ў кожнай жыве галаве: "На Беларусі Бог жыве…" - І хай сабе жыве"; "І пра тое кожны пяе салавей Росным кветкам у роднай траве: "На Беларусі Бог жыве", - І няхай давек жыве".

Тое, што Уладзімір Караткевіч аўтар фразеалагізма, - гэта, зразумела, перабольшванне. Але несумненная заслуга пісьменніка ў тым, што фразеалагізм у спалучэнні з назвай краіны ўвайшоў у шырокі ўжытак, а сама фраза На (У) Беларусі Бог жыве набыла крылатасць, атрымала сацыяльную значнасць, нацыянальна-сакральную афарбоўку.

Паўстае пытанне, калі Уладзімір Караткевіч сам не ствараў гэты фразеалагізм, то адкуль яго ўзяў. На наш погляд, ён мог пачэрпнуць фразеалагізм з дзвюх крыніц. Першая - помнік старабеларускага пісьменства. Рыхтуючыся да напісання твораў на гістарычную тэматыку, Уладзмір Караткевіч чытаў, вывучаў шэраг твораў на старабеларускай мове. Напэўна, не абышоў ён і "Гістарычныя запіскі" Фёдара Еўлашэўскага (1564-1604), пісара навагрудскага суда. У адным з фрагментаў Запісак Ф. Еўлашэўскі апавядае пра рэлігійную талерантнасць на беларускай зямлі, апісвае канкрэтны выпадак пра тое, як пасланцы Ватыкана, наведаўшы Вільню і ўбачыўшы, што тут суседнічаюць розныя веры і прадстаўнікі розных рэлігій захоўваюць паміж сабой прыязныя адносіны, былі прыемна здзіўленыя гэтым і казалі, што тут Бог жыве. Падамо ўрывак на мове арыгінала: "Помню бовемъ и недавно прешлыхъ часовъ, когды дисейший папежъ Клеменсъ еще кардиналомъ былъ у короля его милости Стефана въ Вилне, седилемъ у столу кнезя Балтромея Недызвицкого, каноника виленского, зъ преднейшыми слугами (влохами) его, тые же се кгды доведали, жемъ евангеликъ, дивовались барзо, яко ме смелъ кнезь каноникъ на обедъ свой взывати, а кгды имъ онъ преложилъ, же въ насъ зъ того жадна ненависть не быва и милуемосе яко зъ добрыми приятылы, хвалили то влохи, мовечи, же ту Богъ живе; а ганили свои домовы права а роднии неснаски".

Другая крыніца, з якой Уладзімір Караткевіч мог узяць фразеалагізм, - гэта беларускія гаворкі. Пісьменнік нарадзіўся і вырас на Віцебшчыне - якраз у тым рэгіёне, што ўваходзіць у арэал бытавання фразеалагізма. Можна меркаваць, што аўтар верша чуў выкарыстанне фразеалагізма ў жывым маўленні.

Цяпер пытанне - як узнік фразеалагізм у жывой народнай мове. Нам падаецца, што крыніцай яго выступае Біблія, вытлумачэнне яе сюжэтаў хрысцянскай канфесіяй. Кожны чалавек на нейкім этапе сваёй біяграфіі задаецца пытаннем: дзе жыве Бог? На гэта Біблія дае адказ, што няправільна было б шукаць Бога ў якім-небудзь адным канкрэтным месцы. Бог жыве ў душы чалавека, калі ён пакланяецца Божай ісціне. Паводле Бібліі, Ісус сказаў: "Дзе двое ці трое сабраны ў імя Маё, там і я пасярод іх" (Мф.18:20). Іншымі словамі, Ісус прыходзіць у любое месца, дзе збіраюцца нават толькі два чалавекі ў імя Яго. І не важна дзе яны збіраюцца. Не абавязкова гэта павінна быць у царкве. Гэта можа быць і на прыродзе, і ў хаце. Галоўнае, каб паміж людзьмі панавала адзінадумства, згода ў імя Яго, і тады Ён прыходзіць туды Святым Духам.

Цікава прасачыць сітуацыйнае выкарыстанне фразеалагізма, да якіх з'яў ён больш за ўсё дастасоўваецца. У дыялектна-побытавым маўленні ён часцей ужываецца тады, калі гаворка ідзе пра сямейную згоду, лад, парадак і ўтульнасць у хаце. З пункту гледжання народнай філасофіі слова Бог з'яўляецца сімвалам добрага, станоўчага, справядлівага. Антанімічным яму сімвалам выступае слова чорт. Нездарма гэтыя два словы часта выкарыстоўваюцца побач ва ўстойлівыых выразах адной мадэлі з супрацьлеглай канатацыяй ці пабудаваных на антытэзе: Бог ведае што - чорт ведае што, Бог з табой - чорт з табой, Бог нясе - чорт нясе, Бог яго ведае - чорт яго ведае; ні Богу свечка ні чорту качарга. Пра тое, што фразеалагізм (у хаце) Бог жыве ў дыялектнай мове замацаваўся досыць трывала, пацвярджаецца развіццём антанімічнай пары, утварэннем фразеалагізма з супрацьлеглым значэннем - чорт жыве 'сваркі, разлад, непарадак (у чыёй-н. хаце)'. Красамоўнай ілюстрацыяй гэтага выступае запісаны намі на Астравеччыне наступны дыялог: - У гэтай хаце заўсёды чорт жывець: крык, шум, сварка, у міры жыць ні могуць. - А чаму чорт? - Ну як чаму… Калі ні Бог, то чорт, дзе німа Бога, там - чорт. Горшавічы Астр.

Часта фразеалагізм выкарыстоўваецца ў дачыненні да краявідаў прыроды, цудоўных прыродных куточкаў, якія абуджаюць захапленне сваёй прыгажосцю.

Незвычайную папулярнасць фразеалагізм набыў пасля верша У. Караткевіча, асабліва ў апошнія дзесяццігоддзі нашага часу. У спалучэнні са словаформай на Беларусі ці у Беларусі ён атрымаў новую якасць і ў такім кантэксце стаў афарызмам, крылатым выразам. Выкарыстоўваюць яго ў самых розных сферах грамадскага-культурнага жыцця.

Паводле матэрыялаў друку і Інтэрнэту, прасочым, у якіх сферах і сітуацыях найбольш часта ўжываюць афарызм На Беларусі Бог жыве.

Вельмі даспадобы прыйшоўся ён канфесійнай супольнасці. Амаль ніводнае значнае каталіцкае ці праваслаўнае мерапрыемства ў Беларусі не праводзіцца без гэтага выразу. Прывядзём некаторыя прыклады.

На Будслаўшыне, Любаншчыне, у іншых рэгіёнах Беларусі пілігрымкі, праваслаўныя велікодныя сустрэчы, псальмяры амаль заўсёды праводзяцца пад лозунгам "На Беларусі Бог жыве!" Святары ў сваіх прамовах любяць заканчваць сваю гаворку гэтым выразам. Напрыклад, на свяце абраза Божай Маці Будслаўскай у 2015 г. архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў месу, якую скончыў такім зваротам да Божай Маці: "Марыя, аберажы нас перад Тваім Сынам, папрасі для нас Божай ласкі звароту і Божай ласкі цуда жыцця па Яго волі, каб мы пастаянна ўдасканальваліся, каб наша вера не слабела, а ўмацоўвалася, і каб наша радзіма Беларусь, сынамі і дочкамі якой мы з'яўляемся, была краінай, дзе пануе Бог, каб мы маглі з радасцю ўсклікнуць: "У Беларусі Бог жыве і Беларусь жыве Богам"".

Падобныя выказванні засведчылі і прадстаўнікі іншых краін, якія дачыніліся да Беларусі. Так, пасланец Ватыкана ў Беларусі Габа Пінтар 1 ліпеня 2017 г. зачытаў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай Акт пасвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі з выпадку 100-годдзя Яе з'яўлення ў Фаціме, абвясціўшы ў завяршэнне сваёй гутаркі тройчы: "На Беларусі Бог жыве". Паўтарылася прыкладна тое, пра што 400 гадоў таму апісаў Фёдар Еўлашэўскі. Ці не сімвалічна?!

Крылатае выслоўе гучыць з вуснаў не толькі святароў, але і ў выступленнях палітыкаў, дзяржаўных дзеячаў. Так, на рэспубліканскім мерапрыемстве "Дажынкі-2013" віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы выказаў жаданне, "каб Бог пастаянна жыў у Беларусі".

Часта фразеалагізм і крылаты выраз выкарыстоўваюць дзеячы культуры, літаратары, прадстаўнікі адукацыі. Некалькі прыкладаў, дзе "На Беларусі Бог жыве" фігуруе ў якасці назвы твора: загаловак карэспандэнцый - газета "7 Дней" (14.06.2007), "Свіслацкая газета" (12.04.2015); загаловак ці эпіграф верша - эпіграф да верша А. Лойкі "Маленне да Уладзіміра Караткевіча"; назва фільма - дакументальны фільм Галіны Адамовіч; назва спектакля - монаспектакль паводле твораў У. Караткевіча ў Купалаўскім тэатры; назвы школьных мерапрыемстваў - сцэнарый вечара-роздуму (часопіс "Беларуская мова і літаратура". 2007. № 1).

Крылаты выраз гучыць і за межамі Беларусі. Так, 27.04.2014 адбывалася кананізацыя двух папаў. Абвешчаны 2 новыя святыя: Ян Павел ІІ і Ян ХХІІІ. Нашы суайчыннікі, якім пашчасціла прысутнічаць на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, віталі новаабвешчаных святых плакатамі з надпісам "На Беларусі Бог жыве!"

Выкарыстоўваючы крылаты выраз "На Беларусі Бог жыве", часцей усвядомлена звязваюць яго з імем стваральніка - У. Караткевіча і робяць спасылку на яго:

"На Беларусі Бог жыве. Гэтыя словы - не тэарэма. Іх ня трэба даказваць. Іх трэба часцей паўтараць - наўслед за Караткевічам" (М. Скобла).

"Ужо традыцыйна напярэдадні Дня беларускага пісьменства адбываецца своеасаблівы праваслаўны паломніцкі ход.

- Гэтая экспедыцыя для мяне - дарога святла, любові, умацавання нашага малавер'я, натхненне на стваральную працу любой прафесіі, - дзеліцца сваім бачаннем каардынатарка "Дарогі да святыняў" [пісьменніца Ніна Загорская]. - Праўду пісаў Уладзімір Караткевіч: "На Беларусі Бог жыве". Ён сапраўды ёсць і ён радуе, апякае нашу блаславёную Айчыну" ("Звязда").

"Больш за 1,38 млн. чалавек наведалі на Вялікдзень праваслаўныя і каталіцкія храмы Беларусі. Агульнае свята, агульная радасць панавала ў мінулыя выхадныя над нашай зямлёй, на якой заўсёды ў згодзе і ладзе жывуць усе канфесіі, пра якую паэт калісьці трапна напісаў: "На Беларусі Бог жыве. І няхай давеку жыве" ("СБ").

Аднак усё часцей ужыванне выразу не звязваецца з імем паэта. Гэта гаворыць пра тое, што крылаты выраз становіцца агульнанародным творам, напрыклад:

"З аднаго боку равучае, халоднае Балтыйскае мора, а з другога - Куршская затока, возера, цішыня. Там вельмі ціха і ўтульна. Ведаеш, ёсць прымаўка - "На Беларусі Бог жыве". Не, там ён жыве, на касе гэтай" (А. Зелянкевіч).

У Інтэрнэце трапілася цікавая інфармацыя, што ў 1996 г. былыя кіраўнікі Краснагорскага раёна Бранскай вобласці РФ звярнуліся з пісьмом да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У ім выказвалася просьба прыняць Краснагорскі раён у склад Рэспублікі Беларусь. Беларускія карэспандэнты аднаго з выданняў паехалі ў гэты раён з мэтай пацікавіцца, што думаюць на гэты конт звычайныя мясцовыя жыхары. У вёсцы Фошнае дзве старыя жанчыны пажадалі беларусам, як адзначаюць карэспандэнты, "берагчы тое, што маем, таму што ў Беларусі, па іх выказванні, Бог жыве".

Выраз настолькі адпавядае беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, што нават у рускамоўным тэксце яго даюць у беларускамоўным арыгінале:

"На Беларусі летам бог жыве - не хочется историей давиться, хочется ее вершить? Ок, да нет проблем: изучайте расписание кислотных транс-вечеринок. На острове, на Браславах. На берегу Вилейского, не важно где - разглядывать росинку на траве, обниматься и в полях валяться. Ездите, смотрите, колесите: на Беларусі летам Бог жыве! Один велосипедный трип с палаткой на три дня - и ты как после Индии, сознанием счищен, светел, почти свят. Гребенщиков заткнут за пояс. Пусть нет пяти звезд, пусть жгут бесвкусицей заборы. Зато на Беларусі летам бог жыве" (знаток белорусской глубинки и глубины озер Дмитрий Новицкий).

Уладзімір Караткевіч напоўніў народны фразеалагізм Бог жыве новым зместам і энергетыкай. Зерне, пасеенае пісьменнікам, упала не на камень, спорна прарасло і дало плён. Беларусі тут вельмі пашанцавала. Напэўна, ніводная іншая краіна не можа пахваліцца наяўнасцю для сябе такога ці падобнага крылатага выразу. А можа і праўда, у Беларусі Бог жыве, і, магчыма, Божай міласцю на Уладзіміра Караткевіча была ўскладзена місія данесці гэта ўсяму свету, каб не страчваліся надзеі, каб узрастала вера ў будучыню, у роскіт роднай краіны, у шчаслівае жыццё кожнага яе грамадзяніна.

Кнігі пра Беларусь і дзіцячыя часопісы павінны быць у кожнай сям'і

Уладзімір Ліпскі - аўтар больш як сямідзесяці кніг прозы, публіцыстыкі, казак для дзяцей, грамадскі дзеяч, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. 40 гадоў пісьменнік ўзначальвае рэдакцыю часопіса "Вясёлка". Гэтай даце была прысвечана літаратурная вечарына, якая адбылася10 студзеня ў Тэатры юнага гледача ў Менску. Выстава твораў пісьменніка і выпускаў "Вясёлкі"за розныя гады разгорнута ў Нацыянальнай бібліятэцы. Уладзімір Ліпскі распавёў пра гісторыю стварэння часопіса.

- Уладзімір Сцяпанавіч, Вы - лаўрэат спецыяльнай узнагароды "За асабісты ўклад у развіццё дзіцячай прэсы" ў 2015 годзе. Раскажыце, калі ласка, як закладаліся традыцыі " Вясёлкі".

- Традыцыі заклаў класік дзіцячай літаратуры Васіль Вітка. У красавіку 1957 года разам з прыроднай вясёлкай з'явілася і зямная. Мы стараемся рознымі яе колерамі ўздзейнічаць на душу дзіцяці, закранаць яго сэрца і розум. Мы ідзём да нашых чытачоў з мастацкім, літаратурным словам. Роднае слова, беларуская мова - вось на чым трымаецца наша "Вясёлачка"! Мы выхоўваем у дзяцей аснову асноў - павагу да сваёй зямлі і любоў да тых людзей, якія за руку вядуць іх па жыцці. Мы хочам зацікавіць дзіцёнка, каб ён ведаў, што было да яго, схіліць да яго радаводу, каб ён навучыўся чытаць, думаць, разважаць, каб ён палюбіў сваю зямлю і людзей, якія робяць яго жыццё шчаслівым. Нам важна паказаць дзецям прыроду, асяроддзе, у якім яны жывуць.

Кароткі час рэдактарам часопіса была Еўдакія Лось, потым яго ўзначальваў Анатоль Грачанікаў, а я - чацвёрты за ўсе 60 гадоў. Мы стараемся друкаваць усё лепшае, што ёсць ў дзіцячай літаратуры. Прэмію імя Васіля Віткі мы прысуджаем за лепшы твор года. За мінулы год яе лаўрэатамі сталі Анатоль Аўласенка і Мар'ян Дукса.

- Напэўна, "Вясёлка" узгадавала не адно пакаленне таленавітых майстроў пяра?

- У нас працавала эліта дзіцячай беларускай літаратуры, пачынаючы ад Сяргея Грахоўскага, Эдзі Агняцвет, Рыгора Барадуліна, Паўла Місько. З часопісам супрацоўнічалі Мікола Чарняўскі і Мікола Маляўка, Раіса Баравікова і Алена Масла, Анатоль Зэкаў. Мы захоўваем у "Вясёлцы" высокую планку літаратурнага майстэрства па сёняшні дзень. З "Вясёлкі" вырастае ўся дзіцячая літаратура. З Раісай Баравіковай мы выдалі кніжку ў выдавецтве "Харвест" пра Бусю, які жыве на Беларусі.

Віка Трэнас - паэтка і выдатны літаратурны рэдактар.Член рэдкалегіі педагог Ірына Буторына распрацавала 50 урокаў, якія бацькі могуць праводзіць па "Вясёлцы". Сяргей Зуёнак, сын паэта, фатаграфуе птушак, мы размяшчаем здымкі і вершы, распавядаем дзецям пра птушак у кожным нумары.

У гэтым годзе мы распачалі новы праект "Я тут жыву". У студзеньскім нумары ёсць цікавая гульня-вандроўка па краіне, дзе звязаны шляхамі ўсе гарады Беларусі ад А да Я. У наступным нумары мы будзем друкаваць гербы розных гарадоў.

Тры гады таму я стварыў часопіс " Буся" для дашкольнікаў, прызначаны для дзіцячых садкоў. Слоўнік, бусява кнігарня, размалёўка - усе рубрыкі цікавыя для дзетак. Будзе лепш, калі часопіс будзе ісці па падпісцы. Тады яго пагартаюць мама і тата, бабуля, старэйшыя дзеці.

Белпошта прапануе 130 выданняў для дзяцей па краіне, у тым ліку, камерцыйных, і амаль усе яны на рускай мове. Беларускамоўнымі з'яўляюцца толькі "Вясёлка", "Буся" і "Бярозка". Таму мы раім іх выпісваць усім бацькам у краіне, якія зацікаўлены ў выхаванні дзяцей з роднай мовай. Разам з выдавецтвам "Адукацыя і выхаванне" мы намецілі выдаць сто кніжак "Вясёлкі". На часопіс працуюць два дзясяткі мастакоў, пачынаючы ад Сяргея Волкава.

- Уладзімір Сцяпанавіч, родная мова перадалася Вам ад бацькоў ці настаўнікаў?

- Наша школа была беларуская, вясковая. Як хораша было вывучаць алгебру і геаметрыю, фізіку па-беларуску! Не ладзілася ў мяне толькі з рускай мовай. Вазьму і напішу дыктоўку па-нашаму, па шоўкаўскаму!

Шоўкавічы - маленькая вёсачка ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, кругом лясы і балоты. У дзяцінстве я ведаў, дзе гняздуецца дрозд, дзе жыве кулік, якое ў птушак пер'е і ў каго ёсць рабацінне на яйках. Наш свет быў там, дзе поўзаюць жучкі і лётаюць стракозы, усе было натуральным і цікавым.

Нядаўна я напісаў апавяданне "Сем цудаў маёй вёскі", і хлопчык на вечарыне чытаў яго. Першы цуд - людзі! Пра кожнага можна напісаць калі не кнігу, то нарыс. Другі цуд - буслянка каля дуба над сажалкай. Буслянаты гадаваліся разам з намі. Яшчэ адзін цуд - наша шоўкаўская дуброва, памерам у 30 гектараў. Яна пачыналася з нашага агарода. Рачулка, якая выцякае з нашых мясцін, праз Сведзь, Бярэзіну і Дняпро аказалася злучанай з Чорным морам! Таксама цуд!

Так шчасліва атрымалася, што хаця ў мяне не было свайго дзяцінства, я ўсё свае жыццё прысвяціў дзецям.

Калі пачылася вайна, мне быў адзін год і адзін месяц. Партызанскі разведчык уляцеў у вёску на кані і загадаў: "Ратуйцеся, ідзе карны атрад!" Мама загарнула мяне ў посцілку, а астатнім загадала: "Чапляйцеся за мяне і пабеглі!" Бацька зняў абраз і ўзяў з печы чыгунок бульбы, ухапіў даёнку, каб падаіць карову, якая недзе пасвіцца, і накарміць увечары дзяцей. Усё астатняе кінулі. Шоўкавічы згарэлі да тла. Мы жылі ў лесе ў зямлянках, куранях ўсю восень, зіму, і толькі вясной вярнуліся на папялішча. Я плакаў, але мне было не шкада ні хаты, ні хлява, але было шкада цацак, якія згарэлі. Мама і бацька жылі для нас, яны былі нашымі выхавальнікамі і педагогамі.

- Узгадайце, калі ласка, як Вы пачалі пісаць апавяданні для дзецей. "Рыгоркавы прыгоды", "Марынчына казка"- пра каго яны?

- Калі нарадзіўся наш сын Ігар, я вёў дзённік. Аднойчы да мяне прыехаў Паўлюк Прануза. - Валодзя, трэба аформіць тэксты ў апавяданні, - параіў ён. Я напісаў апавяданні "Рыгоркавы прыгоды" і аднёс іх Васілю Вітку. Яны былі надрукаваныя і пасля выйшлі асобнай кніжкай. А праз шмат гадоў мой сын Ігар, архітэктар, аформіў маю кніжачку " Залаты домік".

Марынка - мая дачка. Сын і дачка былі першымі чытачамі, а потым я пісаў і для ўнукаў. Кніжка "Антонік-понік" была прысвечана ўнуку. Сем гадоў я пісаў лісты ўнуку ад моманту, як ён нарадзіўся, і да таго, як пайшоў у школу. У іх - выраз любові і пажаданні ад усіх пакаленняў Ліпскіх, каб ён быў чалавекам! З лістоў атрымалася кніжка "Сонца над галавой". Потым пачалі стварацца казкі. Па маіх казках і аповесцях быў пастаўлены спяктакль у Тэатры музычнай камедыі "Прыгоды ў замку Алфавіт". Змей - хапун скраў некалькі літар алфавіту. Каралева-Лянота перашкодзіла дзецям хадзіць у школу. Але, урэшце, літары знайшліся, і прыгоды скончыліся добра.

За мінулы год я выступаў 70 разоў у розных гарадах, у школах, бібліятэках. Я адчуў, што не хапае душэўнай кніжкі пра нашу Радзіму. Такія кніжкі павінны быць у кожнай сям'і, дзе ёсць дзеці, і ў школе. Зямелька наша прапітана слязамі, потам, крывёю. А мы выжылі, жывём і будзем жыць! Апошняя кніга "Мая Беларусь", выдадзеная ў выдавецтве "Адукацыя і выхаванне" ў супрацы з мастаком Віталём Дударэнкам ў 2018 годзе - подых маёй душы. Яна складзена з кароткіх тэкстаў у прозе:

" Мая Беларусь! Бачу цябе на Купаллі. Адчувае цябе ў сваёй малой радзіме. Шукаю ў гаючай ранішняй расе. Грэюся табой пад зоркамі ночы. Давай, дружа, узірацца ў нашу айчынную папараць-кветку ўлюбёнымі вачыма, натхнёным сэрцам, адкрытай насцеж душой, як гэта робяць паэты і рамантыкі, закаханыя і акрыленыя людзі. І тады адчуеш, што жывеш у зямным раі, дыхаеш водарам Айчыны, за якую палегла не адно пакаленне тваіх продкаў…"

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.1. Уладзімір Ліпскі ля выставы яго твораў. 2, Часопіс і кніга.

150 гадоў з дня нараджэння Адама Гурыновіча

Адам Гіляры Каліставіч Гурыновіч (25 студзеня 1869, Кавалькі, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Мядзельскі раён, Менская вобласць - 2 лютага 1894, фальварак Крыстынопаль, Свянцянскага павет, Віленская губерня, цяпер Вілейскі раён, Менская вобласць) - беларускі паэт, фалькларыст, рэвалюцыянер.

Род Гурыновічаў вядомы з XV стагоддзя (герб "Праўдзіц"). Далёкія продкі А. Гурыновіча - па бацькавай лініі - былі выхадцамі з Арабіі, татарамі-мусульманамі і мелі прозвішча Гурын. Маці паходзіла з гетманскага роду Сяняўскіх.

Рана асірацеў (бацька памёр, калі яму было сем гадоў). У 1879-1887 вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Разам з братамі і сёстрамі жыў на Пірамонцкім завулку ў Вільні. У 1887-1893 у Пецярбурскім тэхналагічным інстытуце. Праз хваробу вучоба перапынялася, бо ў снежні 1887 ён захварэў на тыф і знаходзіўся ў Аляксандраўскай гарадской бальніцы. Увосень 1888 пачаў заняткі зноў з першага курса.

Праводзіў фальклёрна-этнаграфічныя зборы. У 1890 пераслаў свае запісы Яну Карловічу ў Варшаву; былі выдадзеныя ў 1893 у Кракаве. Пэўны час узначальваў створаны ў 1889 нелегальны "Гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларасійскай".

Арыштаваны 16 чэрвеня 1893 у Вільні, дзе маніўся спаткацца з Станіславай Пяткевіч, дастаўлены ў Санкт-Пецярбург. Адседзеў некалькі дзён ў доме папярэдняга зняволеньня, затым прасядзеў з паўгоду ў Петрапаўлаўскай цвердзі. З прычыны хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе памёр ад чорнай воспы. Упершыню яго творы апублікаваў Браніслаў Тарашкевіч (з уступным артыкулам) у 1921 у газеце "Беларускі звон".

У паэзіі быў паслядоўнікам Францішка Багушэвіча. Асноўная частка творчасці паэта - беларускія вершы.

Вікіпедыя.

Такі ён, Багрымаў Крашын

Прэзентацыя кнігі былога старшыні Баранавіцкага ТБМ, краязнаўца, гісторыка, дырэктара Цешаўлянскай сярэдняй школы Васіля Дубейкі, якая атрымала назву "Багрымаў Крашын", адбылася 19 студзеня ў крашынскім Доме культуры. У імпрэзе ўзялі ўдзел як мясцовыя жыхары, так і сябры і калегі Васіля Дубейкі з райцэнтра і іншых населеных пунктаў Баранавіцкага раёна.

Гэта ўжо другая кніга Васіля Міхайлавіча, якая пабачыла свет за апошнія месяцы. Зусім нядаўна Васіль Дубейка прадставіў на суд чытачоў яшчэ адну сваю кніжку "На беразе Мышанкі", назва якой гаворыць сама за сябе. Чаму Крашын, не Крошын (назва адміністрацыйнай адзінкі)? Аўтар тлумачыць гэта тым, што мясцовыя жыхары менавіта так называлі раней сваю вёску. Больш таго, на картах 19 стагоддзя афіцэры Генелальнага штаба, якія мелі шчыльныя стасункі з тутэйшымі людзьмі, менавіта так пазначылі яе назву.

Падчас сустрэчы Васіль Дубейка расказаў пра змест новай кнігі, азнаёміў прысутных з яе раздзеламі і ўвогуле расказаў слухачам пра гісторыю нашага краю, якую ён вывучае ўжо больш за трыццаць год, прыехаўшы на працу ў наш раён пасля заканчэння ўніверсітэта. Дарэчы, і кнігі гэтыя былі напісаныя прыкладна дваццаць год таму і проста чакалі свайго часу. Але… Прыдатны час надыходзіць не заўсёды і не для ўсіх. Таму, не дачакаўшыся фінансавай дапамогі ад патэнцыйных фундатараў, Васіль Міхайлавіч, параіўшыся з жонкай Ірынай, якая, дарэчы, таксама выдала ўжо не адну кнігу на гістарычную тэматыку, вырашыў "даць дарогу" сваім зборнікам за ўласныя грошы. Як гаворыць ён сам, рызыкнуў не дзеля таго, каб "наварыцца", а проста, каб, выдаўшы і рэалізаваўшы першую кніжку, за атрыманыя грошы выдаць наступную… Адразу скажам, што кнігі гісторыка Дубейкі разлятаюцца, і ў яго ёсць усе шансы выпусціць і наступныя - пра паходжанне назваў населеных пунктаў нашага раёна, рэлігійнае жыццё ў Баранавіцкім краі, пра Міцкевіцкія мясціны… Прэзентацыя ў Крошыне і аўтографсесія паказалі, што ў Васіля Міхайлавіча ёсць усе шансы рэалізаваць задуманае.

Напрыканцы мерапрыемства Васіль Дубейка адказаў на пытанні прысутных, пасля чаго госці паглядзелі відэафільм пра мястэчка пад песні пра Крошын у выкананні народнага ансамбля песні "Крушына", а для ахвочых была праведзена экскурсія па Доме культуры і музеі ў ім.

Вольга Іванчык, сябра рады Баранавіцкай арганізацыі ТБМ.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Князь Ірэні не меў дружбы са шляхтай, не імкнуўся да папулярнасці. Шляхта не раз чаплялася да яго і псавала работу. Быў патрыётам - умеў ашчаслівіць люд, быў для яго добрым кіраўніком і апекуном, меў абазначаную мэту жыцця і дасягнуў той мэты.


Восенню 1862 года склікалі вялікі з'езд у Вільні з усіх губерняў. Прыбылі: з Гарадзенскай Станіслаў Солтан, Юзаф Замойскі і марш[алак] Старэнскі (Стажэнскі). З Менскай: Ельскі, Магільніцкі і марш[алак] Лапа. З Магілёўскай: Ігнацы Брастоўскі (Бжастоўскі). Акушка і марш[алак] князь Стэфан Любамірскі. З Ковенскай: Жылінскі, марш[алак] Мядэкша, Коньча і інш. З Віленскай: Лапацінскі, Вагнер, Ромер, Рудаміна. Тызенгаўз і марш[алак] Дамейка. Дамейка старшынствуе.

На тым з'ездзе былі прадстаўлены два мемарыялы.

1) Старэнскага (Стажэнскага), які дамагаўся шанавання нацыі пры разумным довадзе немагчымасці выкаранення палякаў.

2) Адрэдагаваны Крывіцкім і прадстаўлены Дамейкам з просьбай пра ўніверсітэт. (Францішак быў за другі, бо не верыў у выніковасць першага, а ўніверсітэт быў пільна патрэбны).

На тым з'ездзе па жаданні ўсёй Літвы выбіраюць пастаянны камітэт у Вільні з наступных чальцоў: Фр[анцішак] Далеўскі, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі, Ігнацы Лапацінскі, Аскар Вагнер і дэлегаваныя з губерній з боку шляхты: Старэнскі (Стажэнскі), Зыберг-Плятар і Якуб Гейштар з Ковенскай [губ.], апрача тых яшчэ з кожнай губерні ад моладзі па адным негаспадары (якія не мелі нерухомай маёмасці).

На тым з'ездзе зацвердзілі яшчэ пры адсутнасці Крэдытнага і Земляробчага т[аварыстваў], адкінутых урадам, прымяніць да земляробчых гаспадарак сістэму колаў і колкаў. Збірацца, раіцца, заводзіць супольныя машыны, арганізоўваць выставы і да т.п. Пры ўвядзенні гэтай сістэмы завязваліся больш цесныя стасункі і пашыраліся прынцыпы і думкі.

Дамейка падпісвае ўставу.323

У лістападзе таго ж года скліканы гэты з'езд дэлегатаў324. Дамейка адмовіўся прысутнічаць. Супраціўляецца падпісанню ў верасні ўхвалы з тым зместам. Згаджаецца толькі на з'езд шляхты і прысутнасць Фр[анцішка] Далеўскага. Што да іншых, даводзіць, што іхняе прыбыццё надало б з'езду канспірацыйны выгляд.

Сабраныя абураныя на Дамейку, абіраюць на яго месца Гячэвіча (вялікіх здольнасцяў). На тым з'ездзе пастанавілі выслаць дэлегацыю на з'езд у Варшаву для прыняцця супольнай праграмы для ўсіх тэрыторый, забраных Масквою, пры ўдзеле дэлегатаў з Галіцыі і з Вялікапольшчы.

З Літвы - Зыберг-Плятар і Станіслаў Старынскі (Стажынскі)325.

З Вялікапольшчы - Гутры і Качароўскі.

З Русі - Баранецкі і Міхал Солтан.

З Каралеўства - Крыжта-порскі і Суфчынскі.

З Галіцыі ніхто не прыехаў

Паседжанне адбылося ў Варшаве ў Кроненберга. Рэальны Нацыянальны ўрад не быў рэпрэзентаваны. Прадстаўнікамі Белай партыі былі: Леапольд Кроненберг, Людвік Горскі і князь Тадэвуш Любамірскі. Побач з Кроненбергам засядалі Гарадзенскі і Юльян Пашкевіч.

Пасля стварэння Цэнтральнага Літоўскага камітэта ў Вільні ў павялічанай колькасці чальцоў, якія рэпрэзентавалі адзінства Краю, паседжанні адбываліся супольна з дэлегатамі ў колькасці васямнаццаці чалавек у Яленскага, які меў адпаведнае абшырнае памяшканне ва ўласным доме, а затым найбяспечней і больш абасоблена - у Аскеркі, а найчасцей - у Далеўскага, толькі ўчацвярых: Далеўскі, Яленскі, Аскерка і Лапацінскі. Гэтая група, якая складалася з некалькіх чалавек, мела амаль заўсёды большасць галасоў за сабой. Збіраліся малым лікам, каб пазбегнуць доўгіх, а часта бясплодных дыскусій. Працавалі ўзмоцнена, згодна з поўнай свядомасцю, чаго хочуць і куды імкнуцца.

Якуб Гейштар спачатку браў удзел як дэлегат Ковенскай губерні, пазней як чалец Камітэта, не бываў амаль ніколі выкліканым на тыя дэтальныя нарады (перашкаджаў у працы). Верылі ў яго добрыя намеры і любоў да краю, але не ўмеў забыць пра сваё "я", пабайваліся яго шматмоўнасці, інтрыговасці, жадання быць бачным, чутым, каб ім захапляліся. Шляхта з яго павета любіла яго за словы адкрытыя, ганарыстыя, хаця часамі грубыя і не канкрэтныя. Не абражаліся. Нікому гэта не магло шкодзіць. Сказаныя ў коле сваіх - шляхты, з якой зналіся, раслі. Але іншая ўжо была рэч у часы так гарачыя, калі адно слова, сказанае чалавекам, стаяўшага ў шэразе людзей, якія кіравалі справамі Краю, слова тое магло стацца целам і прынесці Краю невымерную шкоду.

Гейштар прывык, што ў сваім павеце яго лічылі за асобу выбітную, калі яго лёс паставіў у іншыя акалічнасці і побач з іншымі людзьмі для супольнай працы не мог пагадзіцца з іхбольш высокім становішчам і большым прызнаннем агулу для іншых, чым для яго. Балела яму гэта, раздражняла. І не раз справаджаны нізкімі пачуццямі зайздрасці і пыхлівасці стараўся, калі не панізіць, ачарніць, то прынамсі замаўчаць іхнія заслугі, а сябе высунуць.

Пішу пра тое, бо здарылася мне і чуць яго прамаўляўшага і чытаць тое, што пісаў крыўднымі словамі пра людзей высакародных і заслужаных, таму толькі, што мелі абыякавы погляд на яго. Пыха і жаданне адыгрываць першую ролю былі няраз нагодай з яго боку для фальшывага кроку.

Першы раз праявілася гэта на з'ездзе дэлегатаў з усяго Краю ў Варшаве. Гейштар хацеў быць дэлегаваным, але большасцю галасоў выбралі двух вышэй названых, з якімі ні ў якім разе не мог ехаць з-за сялянскай справы, якая клікала яго ў Коўню. Аднак пасля залатвення свайго абавязку паспяшаўся ў Варшаву пад відам выдання твораў Сыракомлі на карысць сірот.

Прыбыў пасля першага паседжання. Ціснуў на Старынскага (Стажынскага) і на Плятара, каб уступілі яму свой голас, гарантуючы, што ні адным словам не выйдзе з выказанай у Вільні праграмы. У гэты час Літва паведаміла Каралеўству, што ў выпадку паўстання не зможа ў ім узяць удзел. З нагоды немагчымасці дастатковай падрыхтоўкі, бо для з'яднання людзей для ўдзелу патрабуецца праца цэлых гадоў. Дэлегаты мелі выказаць Каралеўству. што сілы на Літве меншыя, чым можа здавацца, як з погляду на людзей, так і на грошы, што жаўнера можна выставіць найвышай з інтэлегенцыі, з класа рамеснікаў і з дваровай службы; выказаць яшчэ пра поўную адсутнасць зброі і вялікую цяжкасць яе дастаўкі; што паўстанне можна выклікаць толькі ў чатырох цэнтральных губернях, дзе народ найпраўдападобней застанецца абыякавым, што да далейшых, дзе мова і вера розныя, спробы выкліку паўстання могуць даць грозныя вынікі. Адным словам абавязкам дэлегатаў было выказаць рэальны стан Літвы. Апрача праблемы паўстання ўлажыць сумесную праграму дзейнасці для ўсіх частак Польшчы і выбраць адно выданне для кіраўніцтва грамадскай думкай Краю.

(Працяг у наст. нумары.)

323 Устава Земскага крэдытнага Таварыства для Літоўскіх губерняў канчаткова была ўхвалена на з'ездзе землеўладальнікаў (ІХ.1861) і перададзена губернскім уладам для атрымання згоды Пецярбурга.

324 На з'ездзе землеўладальнікаў у ХІ.1862 г. была агаворана справа адрасу да імператара з просьбай аб злучэнні Каралеўства Польскага і заходніх губерній. Аднак да адабрэння тэксту шляхтай Віленскай і Ковенскай губерняў справа не дайшла.

325 Памылка, гаворка пра Віктара Старэнскага (Стажэнскага).

З падзей 2018 года

Сымон Барыс

1 студзеня. Насельніцтва Зямлі налічвае каля 7,5 мільярдаў чалавек.

Знешні доўг Беларусі 15,8 млрд. долараў. Золатавалютныя рэзервы Беларусі 7,3 мільярдаў долараў.

Базавая велічыня для разліку фінансаў у Беларусі устаноўлена 24,5 рубля.

1 - 2 студзеня. Даждлівае надвор'е, без снегу.

3 студзеня. У Светлагорску трое хлопчыкаў (ім 3 і 4 гады) уцяклі з дзіцячага сада. Знайшлі іх у прыгарадным цягніку. Дырэктара дзіцячага сада і выхавальніцу звольнілі з работы.

4 студзеня. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў 5 прэмій "За духоўнае адраджэнне" і 10 спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва па выніках 2017 года. Прэміі "За духоўнае адраджэнне" прысуджаны наступным арганізацыям, калектывам і асобам: ГА "Беларускі саюз жанчын" за плённую работу па ўмацаванні інстытута сям'і, ахове мацярынства і дзяцінства, актыўную дабрачынную дзейнасць; калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі за работу па факсімільным узнаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францішка Скарыны; калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава ўдастоены прэміі за значны ўклад ва ўмацаванне ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.

Сярод лаўрэатаў таксама: протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода храма прападобнай Ефрасінні Полацкай у Івянцы Валожынскага раёна Менскай вобласці, за заслугі па арганізацыі сацыяльнай дапамогі дзецям-інвалідам і іншым катэгорыям грамадзян; муфтый мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч удастоены прэміі за значны асабісты ўклад у захаванне духоўных каштоўнасцей і традыцый мусульман Беларусі. Прэміі ўручаў сам Прэзідэнт у Палацы Рэспублікі 9 студзеня.

5 студзеня. У Менску ідзе дождж. Тэмпература паветра + 4 градусы цяпла.

7 студзеня. У Менску як вясной тэмпература паветра каля 0 градусаў. Снегу зусім няма.

1-10 студзеня. Дзённая тэмпература падымалася да +8 градусаў цяпла.

9 студзеня. У Палацы Рэспублікі Прэзідэнт А. Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва па выніках 2017 года.

19 студзеня. У Менску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, адбыўся ІІІ з'езд грамадскага аб'яднання "Белая Русь". Старшынём аб'ядання выбраны Генадзь Браніслававіч Давыдзька.

22 студзеня. Памёр пісьменнік Васіль Якавенка, які незадоўга перад смерцю звярнуўся ў суд на пісьменніка Мікалая Чаргінца за знявагу яго як асобы і яго рамана.

24 студзеня. У Беларусі заблакаваны незалежны сайт навін "Хартыя-97".

25 студзеня. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 у новай рэдакцыі перавыдадзены Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 3 "О предупреждении социального иждивенчества"("Декрет о тунеядстве"). Адменены дэкрэт № 3 аб грашовым зборы з "дармаедаў" і заменены платай за сацыяльныя паслугі.


2 лютага. Памёр Георгій Васільевіч Штыхаў, вядомы археолаг, доктар гістарычных навук.

6 лютага. Адпраўлены ў адстаўку Павел Якубовіч з пасады галоўнага рэдактара "Беларусь сегодня". На гэтую пасаду прызначаны Дзмітрый Аляксандравіч Жук, які нарадзіўся 7 ліпеня 1970 года ў вёсцы Леткаўшчына Слуцкага раёна Менскай вобласці.

6 лютага. Адпраўлены у адстаўку старшыня Беларускай тэлерадыёкампаніі Генадзь Браніслававіч Давыдзька. Пасаду старшыні Беларускай тэлерадыёкампаніі заняў Іван Міхайлавіч Эйсмант.

18 лютага. Выбары ў мясцовыя Саветы. Выбіраліся дэпутаты ў сельскія, раённыя, гарадскія і абласныя Саветы.

З 20 лютага ў Беларусі стала сапраўдная зіма з начнымі марозамі да 20 і болей градусаў. Яна стаяла да 8 сакавіка.

9-25 лютага. ХХІІІ зімовыя Алімпійскія гульні адбыліся ў Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя). У выніковым медальным заліку Алімпіяды-2018 у Пхёнчхане Беларусь заняла 15-е месца з 92 краін. У актыве беларускіх спартсменаў два залатыя і адзін сярэбраны медалі. Узнагароды вышэйшай пробы заваявалі фрыстайлістка Ганна Гуськова ў лыжнай акрабатыцы і біятланісткі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава ў эстафеце, серабро - Дар'я Домрачава ў мас-старце. Пасля трох узнагарод Пхёнчхана-2018 у актыве зборнай Рэспублікі Беларусь стала 18 медалёў зімовых Алімпійскіх гульняў: 8 залатых, 5 сярэбраных, 5 бронзавых.

27 лютага. Суд Заводскага раёна Менска пазбавіў волі былога дырэктара Менскага заапарка Юрыя Рабава на 7 гадоў і яго жонку Элу Рабаву (былога начальніка заатэхнічнага аддзела заапарка) на 4 гады за незаконны продаж жывёл з цырка шляхам махлярства. Апрача таго ім адпаведна прысуджаны штраф 8578 рублёў (350 базавых велічынь) і 7350 рублёў.

З 27 на 28 лютага. Самая халодная зімовая ноч гэтага года была ў Клічаве - 30 градусаў марозу.

1 сакавіка. Менскія гарадскія ўлады далі дазвол усталяваць мемарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

2 сакавіка. На краўдфандынг-пляцоўцы "Талака" неабходныя для вырабу новай дошкі 6000 рублёў сабралі трохі больш як за 3 гадзіны. Кіраваў гэтай акцыяй Глеб Лабадзенка. Да свята была падрыхтавана памятная дошка, якую хацелі павесіць на тым будынку, але дазвол на яе ўстаноўку Менскі гарвыканкам не даў. Такім чынам, яна не павешана да гэтага часу. Дарэчы, не павешана і памятная дошка, якая была падрыхтавана скульптарам Алесем Шатэрнікам да 75 -х угодкаў БНР. Такім чынам, дзве памятныя дошкі ў гонар БНР чакаюць дазволу ўладаў на іх устаноўку.

2 сакавіка. У Менску памерла Валянціна Пятроўна Лемцюгова, доктар філалагічных навук. Пражыла 83 гады.

4 сакавіка. У г. Солсберы (Вялікабрытанія) былі атручаны нервова-паралітычным рэчывам "Навічок" былы палкоўнік ГРУ РФ выведнік Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юля, а таксама паліцэйскі, які праводзіў даследванне. Ахвяраў у бальніцы сумелі выратаваць. Адбыўся дыпламатычны скандал. З Вялікабрытаніі былі высланы 23 расійскія дыпламаты. Іх прыкладу паследавалі іншыя заходнія дзяржавы. Расія выслала са сваёй дзяржавы адпаведную колькасць замежным дыпламатаў.

6 сакавіка. У Менску А. Лукашэнка адкрыў Цэнтр мастацкай гімнастыкі. Яго пабудавалі за 1 год на грошы Менскага гарадскога выканкама (кошт яго 27 млн. долараў).

9-18 сакавіка. У Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя) адбыліся ХІІ зімнія Параалімпійскія гульні. Беларуская каманда (15 атлетаў) заваявала 12 узнагарод ( 4 залатыя, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі). Па колькасці медалёў заняла 8-е месца.

12 сакавіка. Прэзідэнт А. Лукашэнка даручыў міністру абароны Андрэю Раўкову прызваць у армію дзве тысячы ваеннаабавязаных для ваенных вучэнняў.

13 сакавіка. У парку Янкі Купалы ў Менску ўстанавілі памятны знак (мемарыяльную) дошку ў гонар братоў Івана і Антона Луцкевічаў на месцы, дзе ў пачатку ХХ ст. стаяў іх дом. Аўтары памятнага знака - заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, прафесар міжнароднай акадэміі архітэктуры Юры Градаў і скульптар сябар Беларускага саюза мастакоў Канстанцін Селіханаў. Помнік адкрывала стрыечная пляменніца Луцкевічаў, Маргарыта Сяргееўна Пярова.

15 сакавіка. У Менскім гарвыканкаме зарэгістравана прыватная ўстанова адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча ", які будзе працаваць з 2019 года на беларускай мове.

16 сакавіка пачаўся прызыў рэзервістаў у беларускую армію.

20 сакавіка. Прэзідэнт А. Лукашэнка правёў сустрэчу з таленавітай моладдзю. На сустрэчу было запрошана каля 270 чалавек.

25 сакавіка. Прэзідэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Грэцыі Пракопіса Паўлопуласа з нацыянальным святам - Днём Незалежнасці Грэцыі.

25 сакавіка. На плошчы Парыжскай Камуны ў Менску, каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балету, праводзіліся ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя абвяшчэння БНР-мітынг-канцэрт "Свята Незалежнасці". Увесь квартал, дзе праводзілася свята, быў абнесены пераносным металічным плотам, і праз асобныя праходы міліцыянеры з мінашукальнікамі прапускалі людзей. Ляжаў яшчэ снег, але ўжо раставаў, і было шмат лужынаў на плошчы. Удзельнікаў свята павіншавалі Прэзідэнт Польшчы Анджэй Себасцян Дуда, былы першы прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Вітаўтас Ландсбергіс, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, пісьменніца Святлана Алекіевіч, мастачка Івонка Сурвіла і іншыя, якія даслалі свае віншаванні. Вядоўцай на гэтым свяце была Зінаіда Бандарэнка. Выступалі на свяце гісторык Валянцін Голубеў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і іншыя. На дзяржаўным узроўні гэта свята амаль ніяк не адзначалася і віншаванняў не было. Адзіным горадам, дзе святкаванне 25 сакавіка арганізоўвалі дзяржаўныя структуры (ідэалагічны аддзел і гістарычна-мастацкі музей), быў горад Ліда.

Актывісты апазіцыі, якія сабраліся ў гэты дзень на пл. Якуба Коласа, былі разагнаныя міліцыяй або арыштаваныя. Перад гэтым святам былі арыштаваныя 6 палітыкаў, сярод іх - Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя. Увечары 25 сакавіка Міколу Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова, Яўгена Афнагеля і Вячаслава Сіўчыка выпусцілі з-за кратаў.

25 сакавіка. У зале Пражскай ратушы (Чэхія) ў гонар 100-годдзя БНР адбыўся прыём з удзелам 200 чалавек. На ім прысутнічала Старшыны Рады БНР Івонка Сурвіла.

30 сакавіка. Суд Барысаўскага раёна пазбавіў Ігара Хішчанку звання прапаршчыка і зняволіў на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за здзекі над салдатамі і за хабар, які браў у салдата Аляксандра Коржыча.

4 красавіка. У Палацы мастацтваў у Менску адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная 100-й гадавіне абвяшчэння БНР.

У Берасці ў гэты дзень была рэкордная тэмпература +22,1 градуса.

14 красавіка. Под раніцу войскі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі абстралялі ракетамі і бамбілі самалётамі лабараторны цэнтр і скдады хімічнай зброі ў Сірыі - гэта помста за прымяненне хімічных снарадаў сірыйцамі па горадзе паўстанцаў 7 красавіка.

15 красавіка. У Менску паветра днём нагрэлася да +20,9 градусаў. Гэта тэмпературны рэкорд на гэты дзень для сталіцы (у 1961 г. было 19,8 градусы цяпла).

18-19 красавіка. Афіцыйны візіт Прэзідэнта А. Лукашэнкі ў Малдову.

19 красавіка. У Малдове на беларускім трактары "Беларусь" Ігар Дадон (прэзідэнт Малдовы) і А. Лукашэнка засеялі поле пшаніцы і поле кукурузы. А. Лукашэнка падарыў Малдове 5 трактараў "Беларусь" і 2 грузавікі МАЗ. Ігар Дадон у сваю чаргу падарыў А. Лукашэнку некалькі бочак мёду, віна і гарэлкі.

19 красавіка. Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб становішчы ў Беларусі, са сродкамі інфармацыі і палітычнымі зняволенымі.

21 красавіка, субота. Моцны вецер (27 м/сек) нанёс вялікую шкоду будынкам і лініям электраперадач. Былі нават пажары. На дарозе каля Берасця буран перакуліў легкавы аўтамабіль.

23 красавіка. У Ераване (Арменія) на 11-ы дзень дэманстрацый і забастовак прэм'ер-міністр Серж Азатавіч Саргсян адмовіўся ад пасады, бо да дэманстрантаў далучыліся і салдаты. Мірным шляхам улада перайшла да паўстанцаў.

24 красавіка. Выступленне Прэзідэнта А. Лукашэнкі ў Нацыянальнм сходзе Рэспублікі Беларусь "Зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі да беларускага народа і да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь".

26 красавіка. У Менску прайшоў традыцыйны "Чарнобыльскі шлях" (ад кінатэатра "Кастрычнік" да чарнобыльскай капліцы ў Парку дружбы народаў, на вул. Карастаянава). Там каля капліцы незалежныя назіральнікі налічылі 430 удзельнікаў акцыі. Больш людзей звычайна збіраецца каля кінатэатра. У гэты парк шмат хто не хоча ісці, а таму ідучы па дарозе туды, некаторыя паварачваюць дамоў.

У гэты дзень у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася міжнародная выстава "Буквары народаў свету". На ёй паказаны 1400 буквароў на 587 мовах. Першы наш буквар быў надрукаваны ў ВКЛ, у Еўі, у 1618 годзе. Выстава будзе адкрыта да верасня гэтага года.

27 красавіка. У в. Пханмунджом (у дэмілітарызаванай зоне на дзяржаўнай мяжы) адбыліся перамовы прэзідэнта Карэйскай НДР Кім Чэн Ына і прэзідэнта Рэспублікі Карэя Мун Чжэ Іна.

30 красавіка. У Ваўкавыскім раёне быў град памерам 4 - 5 см.

(Працяг у наст. нумары.)

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Адпачынак па-беларуску

З запісак вартаўніка базы адпачынку

Сказаць, што на цябе ўскладзены чыста функцыі вартаўніка ў дадзеным выпадку не выпадае. Тут маецца некалькі азёраў, дзе дазваляецца лоўля рыбы. Некалькі домікаў адпачынку, лазня і іншыя адпаведныя аб'екты. Побач выміраючая вёска і векавы лес. На вартаўніка ўскладзены абавязкі браць ад рыбакоў аплату і назіраць, каб яны не парушалі правілы лоўлі. Прадстаўляць наведвальнікам домікі, рыхтаваць для іх лазню і шмат чаго іншае. Тут адпачываюць беларусы, каму не выпала паехаць на Канары ці Сяйшэлы. Адпачываюць дзень, другі, але адцягваюцца напоўніцу і прыязджаюць сюды зноў. Тут можна пабачыць такія прыгоды адпачыванцаў, што запамінаецца назаўжды.

Мосцік у арэнду

Неяк сярод тыдня на базу завітала пара. Яму і ёй пад трыццаць. Бачна, што не муж і жонка. Замаўляюць домік на чатыры гадзіны. Спякотны летні дзень. Пайшлі прагуляцца па тэрыторыі. Яна села на масток і апусціла ногі ў ваду. Ён побач. Не прайшло і некалькі хвілан, як яны зніклі з далягляду. Глянуў і бінокль, і… усё стала зразумелым. Праз чатыры гадзіны так і не наведаўшыся ў домік адпачыванцы ад'язджаюць. Развітваемся, на тварах неймавернае задавальненне, усмешкі, шчырыя словы падзякі. Адным слова, адпачылі як нельга лепш. На прыканцы я ім кажу: "Калі спадабалася, прыязджайце яшчэ. У нас за адпачынак на мосціку плаціць не трэба". Іх радасці ад такіх слоў не было мяжы.

Лоўля рыбы па-дзятлаўску

Сутачная лоўля рыбы - справа сур'ёзная. Аплата аплатаю. На азёрах рыбаловы таксама могуць адпачыць напоўніцу: развеці вогнішча, павячэраць-паснедаць, пасмажыць шашлыкі ці згатаваць юшку і адцягнуцца: выпіць удосталь. Для многіх тое не толькі галоўнае, але гарантыя паспяховай рыбнай лоўлі.

Неяк на выходныя завіталі на азёры кліенты з Гародні. На суседнім беразе уладкаваліся пастаянныя тры аматары лоўлі з Дзятлава. Загітавалі з сабою двух слонімцаў. Тыя прыехалі ўпершыню. Закінул вуды. Гарадзенцы дазіруюць піва з гарэлкай, слонімцы не п'юць, а дзятлаўцы адцягваюцца напоўніцу. Клёў - дробязь, не болей паўтары кілі карпа. Ды не часта. Дзятлаўчане закінулі вуды і прыняўшы дозу гарэлкі проста на беразе ўпалі ў спячку. Храп на ўсю ваколіцу. Гарадзенцы папераменна спяць. Слонімцы, нягледзячы што морыць сон і ноч, працягваюць лавіць. Апоўначы адна з вудаў дзятлаўцаў агалошвае возера званком. Званок працяглы. Дзятлаўцы яго не чуюць. З суседняга боку возера да калегаў-рыбакоў прыбягаюць слонімцы і гарадзенцы. Насілу дабудзіліся. Агульнымі намаганнямі выцягнулі сямікілаграмовага амура. Калегі пайшлі да сваіх вудаў, а дзятлаўцы супольна абмылі рыбацкае шчасці і… зноў спаць. Праз некаторы час зноў званок вуды. Сітуацыя паўтараецца з дакладнасцю адзін да аднаго. У гэты раз дзятлавец з патугамі выцягнуў дзесяцікілаграмовага карпа.

На наступны дзень начнікі раз'ехаліся. Хоць слонімцы і гарадзенцы не мелі права скардзіцца на ўлоў, але ўсяроўна зайздросцілі дзятлаўцам.

Праз тыдзень слонімцы прыехалі на азёры без дзятлаўцаў. У сваіх паводзінах яны напаміналі калегаў па мінулай лоўлі, і, хоць вынік рыбалкі быў не благі, але не такі як ў мінулы раз у суседзяў. Пры развітанні адзін са слонімцаў зрабіў такую выснову: "Мала прыкупілі".

Прапажа знайшлася пад лаўкай

Пачатак зімы. Наваколле прыцярушыў снег. Замоўлены домік і лазня. Чарговы заезд. Добры дзесятак хлопцаў і дзяўчат прыехалі з сутачным адпачынкам. Адцягваюцца, як кажуць, напоўніцу. Музыка такая, што сабакі не вылазяць з будкаў. Крыкі, енкі ад якіх асыпаецца снег з дрэваў. Брамка выезду на замку. Апоўначы раптам усё сціхае. Уключаецца ўсё асвятлення ля доміка. Чуць воддаль бліскаюць агенчыкі мабільных тэлефонаў. Неўзабаве да вартоўні падыходзіць дэлегацыя. Перапуджаны хлопец пачынае блытанае тлумачэнне. Урэшце высвятляю, што ён з нявестаю парыўся ў лазні. Яна выйшла з парылкі і знікла, пакуль ён прымаў душ. Боты ёсць, апратка ёсць, а чалавека няма. Пошукі прапажы безвыніковыя. Просіць дапамогі. Абышлі наваколле адлегласцю 50 метраў ад пабудоў. Наўкола чысты некрануты снег. Ля лазні і доміка адпачынку босыя сляды, як жаночыя так і мужчынскі. На маё запытанне, што тут адбывалася, адказ шчыры і просты: "Нагалясы адцягваліся па першым снезе". Зразумела, пасля лазні бегалі голыя і босыя. Аднак, справа сур'ёзная. Падобнае здарэнне псуе рэпутацыю зоны адпачынку. Па той прычыне, што могуць распачацца разборкі - хто вінаваты? Я, як і адпачыванцы, даследаваў дасканала домік, лазню, нават клазет - безвынікова. Ад адчаю пайшоў у лазню і пачаў развешваць скарыстаныя прасціны для прасушкі. Дзвюх не хапае. Скрасці не маглі, бо не з'ехалі. Заўважаю з-пад лаўкі тырчыць белы ражок. Просціна. Выцягнуў не больш як дзесяць сантыметраў і адразу пачуў рычанне ільва, якога пабудзілі пасля з'яданне антылопы ў саване: "Не турбуй …". Аб тым паведаміў заклапочанаму жаніху і прапанаў месца адпачынку пад лаўкай з нявестаю. Удзячнасці жаніха і кампаніі не было мяжы. Узяўшы падушку і плед, пасля ўжывання шклянкі гарэлкі, ён пайшоў да нявесты ў лазню. Адпачынак прадоўжыўся яшчэ з большым размахам.

Язэп ПАЛУБЯТКА.

"Па зямлі шыбуе люты !"

Па гарызанталі: 1. Так некалі на Беларусі называлі ў народзе месяц люты. 4. Звесткі аб чым - небудзь. 10. "Бы свавольны, грозны цар, //Па зямлі шыбуе ...". З верша Т. Дзям'янавай "Сёння - ух - які мароз!". 11. Была б свінка, будзе … і шчацінка (прык.). Паводле ўсходнеазіяцкага каляндара, з 5-га лютага пачынаецца год Зямляной Свінні ; у год Свінні нарадзіліся Р. Бараввікова, Р. Барадулін, В. Зуёнак, А. Разанаў, С. Маршак, Д. Лондан, Э. Хэмінгуэй, А. Моцарт, М. Мусаргскі, С. Ратару, А. Райкін. 12. Старажытнае свята, якое беларусы-католікі адзначалі 2 лютага, а беларусы - праваслаўныя - 15 лютага ("А ў нас сёння …, …,\\Зіма з летам стрэлася, стрэлася"). З валачобнай песні. 14. Харч для жывёлы. 15. Сезон масавай лоўлі рыбы. 16. … - Вяснаўка-зальнік. Прысвятак, які адзначалі 1 лютага ("Якое надвор'е 1 лютага, такое будзе і ўвесь месяц" (прыкм.). 19. Тое, што і чапяла. 20. Той, хто імкнецца атрымаць незаробленыя грошы (разм.). 21. Прыстасаванне для лоўлі птушак. 22. Высокая гліняная пасудзіна. 25. Прысвятак, які адзначаўся ў той жа самы дзень, што і Масленіца - 18 лютага. 26. Запасы, крыніцы чаго-небудзь. 29. Мяса вышэйшага гатунку. 32. Час, які папярэднічае вясне. 33. Лютаўскі … вясною пахне (прык.). 34. Зярністы снег, які ўтвараецца ў гарах. 36. Каштоўны камень, талісман лютага. 37. Вялікі прастор, шыр.

Па вертыкалі: 2. Руханне ў паветры. 3. Тое, што і наступленне. 5. На Трыфана (14 лютага) зорна - … позняя (прыкм.). 6. Заклік да чаго-небудзь. 7. Тоўстыя бліны; іх на Улассе (24 лютага) падавала гаспадыня на сняданне, каб былі тлустыя цяляты. 8…. бушуюць - вясну чуюць (прык.). 9. Воўчая … - у лес цягне (прык.). 13. Назва свечкі, якая вельмі шанавалася ў людзей; яе бралі з сабой у поле на першае ворыва, вешалі ля ўвахода ў хлеў. 16. Студзяню - бацюхне - …, лютаму - мяцеліцы (прык.). 17. Люты багаты снегам, а … - вадою(прык.). 18. Свята беларусаў - католікаў, якое адзначалася 6 лютага ("Па … высахнуць кусты на плоце" (прык.). 23. Люты месяц не дае доўга спаць: трэба плугі ладзіць, і … папраўляць (прык.). 24. Як на Грамніцы (15 лютага) нап'ецца … вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы (прык.). 27. Халодны паўночны вецер. 28. Калі … раніцай спявае, то зіма яшчэ не ўцякае (прык.). 30. Лютуй, люты, не лютуй, а на вясну … не хмур (прык.). 31. Назва парламента ў некаторых дзяржавах. 35. Рэпутацыя, асабістая вядомасць.

Склаў Лявон Целеш.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX