Папярэдняя старонка: 2019

№ 9 (1420) 


Дадана: 27-02-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 9 (1420), 27 лютага 2019 г.

Дзень роднай мовы ў Беларусі і свеце

Уладзімір Макей: "Родная мова з'яўляецца падмуркам дзяржаўнасці"

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на мерапрыемстве з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і 25-годдзя Канстытуцыі Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы, адзначыў каласальную значнасць беларускай мовы, перадае БелТА.

- Для мяне вялікі гонар і задавальненне святкаваць разам з вамі Міжнародны дзень роднай мовы, які ў гэтым годзе мы прысвяцілі 25-годдзю Канстытуцыі Беларусі, - адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. - Канстытуцыя Беларусі ўключыла ў сябе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху краіны і абапіраецца на неад'емнае права беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць. Яна гарантуе кожнаму грамадзяніну краіны свабоду і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця, гарманічнага развіцця асобы і іх рэалізацыю.

Уладзімір Макей звярнуў увагу, што артыкул 17 Канстытуцыі Беларусі замацоўвае беларускую мову ў якасці дзяржаўнай разам з рускай.

- Наша мова шчыра характарызуе нас як сталую нацыю са сваім светапоглядам і менталітэтам, адлюстроўвае досвед, каштоўнасці, традыцыі беларускага народа. Яна з'яўляецца важнай прыметай этнічнай самасвядомасці беларусаў і істотным падмуркам дзяржаўнасці, - падкрэсліў міністр.

БелТА.

Валерый Варанецкі: "Нам патрэбны ўніверсітэты з беларускай мовай выкладання"

Былы намеснік міністра замежныў спраў і пасол Беларусі ў Аўстрыі, а цяпер старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі падзяліўся ў сваім фэйсбуку паведамленнем Акадэміі навук пра тое, што ў іх праходзіць "Тыдзень роднай мовы".

Пад допісам разгарнулася дыскусія і, у адказ на адно з паведамленняў Варанецкі выказаў упэўненасць, што "нам патрэбны таксама ўніверсітэты з беларускай мовай выкладання".

"Наша Ніва" папрасіла дэпутата і дыпламата патлумачыць, чаму гэта здаецца яму важным.

- Зразумела, што гэта звязана з месцам і роляй мовы ў грамадстве, - сказаў Варанецкі. - Сёння яна, мы бачым, недастаткова запатрабавана як сродак зносін і, зразумела, мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Канешне, важна фармаваць у грамадскай свядомасці стаўленне да беларускай мовы як да неад'емнага і найважнейшага складніка самабытнай культуры, самабытнасці нашага народа, павышаць яе грамадскі прэстыж.

Гэта найважнейшы атрыбут нашай дзяржаўнасці, мова мае вялізнае значэнне ў справе захавання нашага культурнага кода і перадачы яго нашчадкам, гэта наша неаспрэчная спадчына. Адсюль і разважанні, і разуменне таго, што калі мы глядзім у будучыню нашай дзяржавы, у будучыню нашай адукацыі, у тым ліку, то павінен абавязкова быць беларускі ўніверсітэт з беларускай мовай выкладання, - падсумаваў ён.

nn.by.

Дыктоўка на сядзібе ТБМ у Менску

21 лютага, у офісе ТБМ прайшоў першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Дыктоўку пісалі і школьнікі, і пенсіянеры, і людзі рознага ўзросту. А чытала тэкст паводле Уладзімbра Арлова былая настаўніца 50-й гімназіі г. Менска (цяпер на пенсіі) спн. Валянціна Драгун.

Распавядае старшыня менскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч.

- Канешне, асабліва цікава пісаць дарослым. Дзеці ўжо неяк у гэтым на штодзень, для іх гэта нейкія там будні, а дарослыя зараз нават асадку рэдка бяруць. Напісаць дыктоўку - гэта цэлая прыгода. А пасля яшчэ пачынаеш памылкі шукаць, хоць, падаецца, у школе без памылак пісаў, але тут дзесьці якая-небудзь ды праскочыць. Таму гэта даволі цікавая з'ява, і таму людзі прыходзяць год за годам пісаць гэтыя дыктоўкі. Гэта нейкая такая прыгода для дарослага чалавека нават зараз.

Памятнымі прызамі за ўдзел у штогадовай акцыі былі ўзнагароджаны некаторыя ўдзельнікі і спн. Валянціна Драгун.

Наш кар.

Калекцыя, прысвечаная беларускай мове

21 лютага мы ўсе святкуем радасны дзень - Дзень роднай мовы. Да гэтай падзеі "Луч" выпусціў асаблівую лімітаваную калекцыю мужчынскіх і жаночых гадзіннікаў - "Мова" з вядомым выслоўем Францішка Багушэвіча " Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!" на заднім вечку.

Вось, як кампанія прэзентуе новую серыю: "Цяпер усё больш прагрэсіўных маладых людзей выкарыстоўваюць беларускую мову ў штодзённым жыцці. Гэтая калекцыя пра тых, хто на пытанне, адкуль яны, з гонарам адказваюць: "Я з Беларусі".

Класічны корпус новых гадзіннікаў і строгае спалучэнне чорнага раменьчыка і белага цыферблата - гэта працяг новай "беларускасці". Ілюстрацыя таго, што наша мова - гэта не толькі зварот да традыцый і гісторыі, але што гэта модна і сучасна".

nn.by.

Стан беларускай мовы катастрафічны ці ёсць чым цешыцца?

Абмеркаванне на круглым стале ў "Рэгіянальнай газеце"

Круглы стол па тэме "Мова - канстытуцыйнае права" прайшоў у рэдакцыі "Рэгіянальнай газеты" ў Маладзечне 1 лютага. Да абмеркавання мы запрасілі прадстаўнікоў розных галін і з розных гарадоў. Аб'ядноўвае іх адно - важнае месца ў іх жыцці займаюць канкрэтныя дзеянні, якімі спрабуюць палепшыць стан беларускай мовы.

У абмеркаванні праблемы ўдзельнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, былы дэпутат Чысцінскага сельскага савета Алесь Раткевіч, былы партыйны работнік і былы кіраўнік спраў Маладзечанскага райвыканкама Валяр'ян Кавалевіч, выхавальнік беларускамоўнай групы смаргонскага садка №8 Эдзіта Бранцэвіч, а таксама прадпрымальнік і бард з Вілейкі Алесь Наркевіч. Мадэратарам сустрэчы быў галоўны рэдактар "Рэгіянальнай газеты" Аляксандр Манцэвіч.

Паводле апошняга статыстычнага зборніка "Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь у лічбах", з агульнай колькасці школьнікаў усіх тыпаў устаноў адукацыі 1-11 класаў у краіне 12,2% вучацца на беларускай мове. Гэта 119,9 тысячы вучняў.

Раткевіч:

- Нават пры савецкай уладзе сітуацыя была не такая катастрафічная. Мову знішчалі павольна. Тымі самымі насмешкамі - калі гаворыш па-беларуску, то "калхознік", "бульбаш".

Манцэвіч:

- Ну, гэта ж мы самі дазволілі. Літоўцы ж не дазволілі.

Раткевіч:

- Іншы раз і злосць бярэ, што мы такія ціхенькія, але як распаліць, не супакоімся. Такая наша гісторыя, што ўсе да нас ішлі з "вызваленнем". І захад, і ўсход. "Вызвалялі" і лупцавалі.

"Рэгіянальная газета" пісала пра абуральную сітуацыю, што здарылася са мной у маі. На пошце паштальён адмовілася прымаць аформленую па-беларуску бандэроль. Ёй было незразумела, што значыць "Вуліца Пераможцаў". У адказ на скаргу Мінпрацы выдала недарэчную пастанову, што дзяржаўныя службоўца не абавязаны ведаць беларускую мову.

Манцэвіч:

- І гэта супярэчыць закону аб мовах.

Раткевіч:

- Безумоўна! Пасля звярнуўся да Алены Анісім. Яна дала запыт у Мінюст і Мінпрацы. На такім узроўні адмовіць ёй не маглі. Што ёй адказалі, таксама публікавала "РГ". У прыватнасці, што праграмнае забеспячэнне будзе з падтрымкай беларускай мовы.

Манцэвіч:

- Ці часта звяртаюцца да вас з падобнымі пытаннямі? І ці цяжка працаваць у парламенце, адстойваючы сваю пазіцыю?

Анісім:

- Звароты тычацца розных сфераў жыцця, таму што беларускую мову мала дзе падтрымліваюць. Прыйшоў у банк, аформіў заяву па-беларуску, і тут жа табе па-беларуску адказалі? Такое звычайна не здараецца. У лепшым выпадку заяву прымуць, але адкажуць ужо па-руску.

Звяртаюцца з пытаннямі пра тое ж банкаўскае абслугоўванне. Калі на сайце некаторая інфармацыя ёсць і па-беларуску, то афармленне - ужо не. Цяпер займаемся пытаннем чалавека з Гародні, які хацеў бы заключыць дамову ў жыллёва-камунальнай сферы па-беларуску.

Здаецца, ну што там скласці адну тыповую дамову, хіба праблема?

Нехта звяртаецца, што па-беларуску адмаўляюць выступаць у судзе, прапануюць перакладчыка. Які перакладчык можа быць, калі дзве дзяржаўныя мовы? Многія бацькі, якія хочуць даць дзеткам беларускамоўнае выхаванне, сутыкаюцца з праблемамі. Чыноўнікі не хочуць адкрываць групы ў садках і класы ў школах. Так адбываецца не ва ўсіх раёнах.

Манцэвіч:

- Ці цяжка працаваць у парламенце, адстойваючы сваю пазіцыю?

Анісім:

- Сваёй пазіцыі ніколі не хавала. Я з усімі размаўляю па-беларуску. Таму людзі ўжо прызвычаіліся. Аднойчы ў нефармальнай абстаноўцы адзін з калег сказаў: "Вось цяпер, праз год, я зразумеў, чаму вас адносяць да апазіцыі. Вы ў апазіцыі да тых, хто не шануе беларускую мову".

Манцэвіч:

- Адчування белай вароны не было?

Анісім:

- Не было, няма і не будзе. Таму што я ў сваёй краіне, на сваёй роднай зямлі і размаўляю на сваёй мове. Хай сябе адчуваюць белымі варонамі тыя, хто робіць не так. Я жыву сярод сваіх людзей. Нават калі нехта размаўляе па-руску, мы з гэтымі людзьмі сутыкаемся з аднымі і тымі ж праблемамі. Нам няма што дзяліць, трэба навучыцца разам вырашаць пытанні.

Многія разумеюць абсурднасць цяперашняй сітуацыі. Іншая справа, што не заўсёды ім хапае смеласці ці прынцыповай пазіцыі.

Многія з іх былі ўбудаваныя ў гэтую сістэму. І, з аднаго боку, спрабуюць адстойваць інтарэсы людзей, а з іншага, трошкі боязна. У час выбараў ім спрыялі, таму адчуваюць сябе ў няпростай сітуацыі. Я сябе ім ніколі не супрацьпастаўляла. Абазначыць сваю пазіцыю - не значыць быць у варожых адносінах да таго, хто мае процілеглыя погляды.

Манцэвіч:

- Але адну з вашых прапаноў не падтрымалі.

(Маецца на ўвазе гісторыя, калі праект закона "Аб нарматыўна-прававых актах" зрабілі ў беларускім і рускім варыянтах. Але старшыня парламенцкай камісіі па заканадаўстве адмовіла адсылаць дакументы ў Нацыянальны цэнтр заканадаўчых і прававых даследаванняў (НЦЗПД) для атрымання юрыдычнага заключэння - заўвага аўтара.)

Анісім:

- Але гэта не дэпутаты не падтрымалі. Супраціўленне было з НЦЗПД.

У ТБМ у нас быў падрыхтаваны законапраект "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы". У 2014 годзе яго падавалі ў палату, але адхілілі. Мой намеснік Дзяніс Тушынскі цягам года адшліфоўваў дакумент. Восенню 2017 года выстаўлялі яго да абмеркавання ў інтэрнэце. Сёлета мы перадалі тэкст законапраекта кожнаму дэпутату.

Манцэвіч:

- Алесь Наркевіч мае некалькі магазінаў у Вілейцы і справы вядзе па-беларуску. На вашу думку, для прадпрымальніка беларуская мова - плюс ці мінус?

Наркевіч:

- На працы па-беларуску размаўляю толькі я. Калі нехта прыходзіць уладкоўвацца, здзіўляюцца, што нехта яшчэ размаўляе па-беларуску. Прыходзіць дзяўчына пасля вучэльні ўладкоўвацца прадаўцом, слова вымавіць па-беларуску не можа.

Калі прыязджаюць вяскоўцы, то шмат выпадкаў бывала, казалі: "А дзе той, што па-беларуску гаворыць, хачу ў яго спытацца".

Калі нас так мала і становіцца ўсё менш, нам трэба быць больш радыкальнымі і патрабавальнымі.

Некалькі год таму папрасіў у кнігарні каляндар па-беларуску. Глянулі вось так: "Нету у нас". Нібы першы раз чуюць. І другі раз прыходжу - адзін толькі ад "Будзьмы", усё астатняе завешана расійскім. Не можаш зрабіць такую простую рэч, як павесіць дзецям каляндар у пакой.

Анісім:

- У такіх выпадках трэба рабіць запыт, чаму няма календароў на беларускай мове.

Манцэвіч:

- А ці можна манетызаваць беларускую мову ў бізнесе? Бывае, банкі выкарыстоўваюць мову ў рэкламе. Гэта проста імідж ці тое, што пасля прынясе грошы?

Наркевіч:

- Думаю, там проста ёсць беларускія людзі, вось і ўсё. Па факце наўрад ці яны заробяць на беларускай мове.

Бранцэвіч:

- Ну, чаму. У Гародні ёсць этнакрама "Цудоўня", гаспадар Андрэй Несцяровіч. Ён некалі зацікавіўся фальклорам, аўтэнтычнымі рэчамі і зрабіў на гэтым бізнес.

Ладзяць розныя мерапрыемствы - выставы, танцы. Спачатку ўсе спецыялісты казалі, што ён не будзе прыбытковым. Але ў яго столькі ідэй, і шмат год яны працуюць.

Манцэвіч:

- Тут аб'ектам продажу з'яўляецца мова, а Алесь Наркевіч прадае будаўнічыя матэрыялы.

Бранцэвіч:

- Калі я штосьці купляю для сябе і мне ў адказ на замову тэлефануе прадавец і размаўляе па-беларуску, я так цешуся.

Наркевіч:

- На жаль, на гэтым узроўні пакуль што мова і існуе.

Толькі на ўзроўні "вось мы пацешымся і, можа, нешта ў нас некалі атрымаецца". Калі дзяржава не зацікаўленая ў мове, то толькі на актывістах мове ў краіне не застацца і самой краіне не быць.

Бранцэвіч:

- Але ж дзяржава - гэта людзі.

Наркевіч:

- Я назіраю катастрофу, што мы паціху сыходзім.

Раткевіч:

- Ужо не паціху.

Бранцэвіч:

- Нязгодная з вамі.

Наркевіч:

- Я ў гэтым плане песіміст. Адно пытанне гуляць у мову, гэта цяпер трэндава і модна. А другое - тыя актывісты, якіх вельмі мала, фактычна супрацьстаяць дзяржаве і дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі. Так званая мяккая беларусізацыя не будзе адбывацца, пакуль не будзе садкоў, школ і ВНУ, гэта ўсё бессэнсоўна.

Калі мы палайкаем у інтэрнэце "Мове нанова", гэта файна, але гэта не выратуе краіну ад татальнай русіфікацыі. І нават роўных умоў з расійскай мовай нам, напэўна, будзе ўжо замала.

Цяпер і ў вёску, калі прыязджаю і размаўляю па-беларуску, чую ў адказ "Колхозник какой-то приехал". Дзеці, якія не глядзяць мульцікі па-беларуску, беларусамі не стануць. Мы гуляем і ствараем выгляд, што ўсё наладзіцца.

Манцэвіч:

- А тое, што ў Смаргоні ёсць беларускамоўная група ў садку, дзе Эдзіта Эдуардаўна выхоўвае дзетак па беларуску, - гэта выпадковасць?

Наркевіч:

- Гэта цуд, таму што ў Вілейцы такога няма. Хутчэй за ўсё, гэта настальгія.

Бранцэвіч:

- У нашым садку не адна беларускамоўная група, а тры. Дзетак набіраюць штогод, выбіраюць, на якой мове будуць навучаць. І згодна з гэтым фарміруюць групу. Пасля выбіраюць беларускамоўнага выхавальніка, які добра валодае мовай, мае адпаведную кваліфікацыю. Калі такую групу стварылі, я пачала ў ёй працаваць.

Я маю вышэйшую адукацыю як настаўнік пачатковых класаў і беларускі філолаг.

Манцэвіч:

- З такімі маленькімі дзеткамі цяжэй працаваць, чым са старэйшымі вучнямі?

Бранцэвіч:

- Мне лягчэй, цікавей працаваць з такімі дзеткамі. Гэта чысты ліст. Яны пазітыўныя, вельмі цікавыя, ёсць месца для творчасці. У школе гэта крыху цяжэй зрабіць, ёсць пэўныя строгія межы.

Калі бацькі самі абралі беларускую мову, то разумелі, што ўся адукацыя будзе па-беларуску. Канешне, у іх былі сумненні - а як будзе далей. Усе бацькі хвалююцца за сваіх дзяцей. Ці будзе пераемнасць у школе? Але ўсе гэтыя сумненні развеялі цягам першага года.

Людзі пачынаюць баяцца, калі маюць недастаткова інфармацыі. Калі кожны дзень лаяльна размаўляеш, прыводзіш прыклады, як гэта дзіцяці падабаецца. Канешне, многія баяліся - яшчэ і па-руску не вельмі добра размаўляюць, як будуць беларускую вучыць? Крок за крокам усё гэта ўладжвала.

Калі вы едзеце адпачываць з дзецьмі, на беразе мора ўсе і па-французску, і па-англійску гавораць, і адзін аднаго разумеюць. Яны больш увагі звяртаюць на жэсты, міміку.

Мае выхаванцы ў школе будуць вывучаць беларускую мову і літаратуру. І ім будзе нашмат лягчэй, чым тым дзеткам, што навучаюцца ў рускамоўных групах. Яны будуць ведаць значэнне ўсіх слоў, валодаць гукамі, у іх добра развіты фанетычны слых.

Манцэвіч:

- Білінгвамі яны сталі?

Бранцэвіч:

- Яны сталі. Тры гады - унікальны ўзрост, яны схопліваюць усё. Дзве мовы вывучыць ім зусім проста. Была б трэцяя - лічу, і з ёй справіліся б.

Раткевіч:

- У групе 21 дзіця, груп тры. 60 дзетак выхоўваюць па-беларуску - вы толькі нікому не кажыце.

Бранцэвіч:

- Усе бацькі зацікаўленыя ў добрай адукацыі дзяцей. Яны бачаць, якое ў іх ідзе развіццё.

Ім жа трэба перакласці, што я сказала, на рускую, свой адказ сфармуляваць па-беларуску - гэта які працэс мыслення! Дзеці аж млеюць, каб у садок прыйсці, у мяне наведванне амаль 100%. Баяцца прапускаць, бо там абавязкова будзе нешта цікавае.

Яны пойдуць у розныя школы і класы, у іх будзе новае атачэнне. Але ў іх будзе свая пазіцыя наконт мовы.

Манцэвіч:

- Кажуць, Маладзечна было больш беларускамоўным у 60-я і 70-я, чым цяпер. Ці праўда гэта? І ці мы больш страцілі або набылі з незалежнасцю?

Кавалевіч:

- Я паступаў 1971 годзе ў політэхнічны тэхнікум, здаваў матэматыку па-беларуску. Выкладчыца, што прымала экзамен, сказала: "Я ничего не поняла, но ставлю вам 4". Хаця адказваў я "на выдатна". Пасля мяне дражнілі. Ну, і я такі: "Давайце ўжо вывучу вашу рускую мову". А з прадметаў па-беларуску - толькі мова і літаратура. Але большасць была з вёскі, і беларускамоўнае асяроддзе было.

У партыйных і камсамольскіх работнікаў пытанне мовы нават не ставілася. Раз прыехаў з вёскі працаваць у горад - павінны размаўляць па-руску ў афіцыйнай сферы.

У канцы 80-х на "Спадарожніку" пачалі з'яўляцца розныя культурніцкія аб'яднанні, і я ім з партыйнага і чалавечага пункту гледжання спрыяў. Як так - гэта родная мова, і паўсюль павінна гучаць.

Грамадства лічыць, што мова - не самае галоўнае. А дзяржава не лічыць гэта пытаннем. Думаю, змяніць сітуацыю можна толькі тактоўным валявым метадам.

Калі працаваў кіраўніком спраў у гарвыканкаме, парадак дня пісаў па-беларуску. Аддзел архітэктуры і будаўніцтва ўсё пісаў па-беларуску. Залажыў гэта Карпенка і яго штат, а потым усё працягнулі мы. Усе афіцыйныя звароты, віншаванні і выступленні з боку старшыні і іншых былі па-беларуску.

Мае падначаленыя рабілі замаскіраваны сабатаж мне, начальніку - "Нашто нам эта беларуская мова, давайте всё на русском языке". Пасля прыйшлі іншыя старшыні, і ім даводзілася перакладаць.

Таму ў канцы дзейнасці рабіў дакументы ў двух варыянтах.

Калі на "Спадарожніку" быў, аплотам беларускага была Баранава - жонка афіцэра нашай часці.

Анісім:

- Што ў Палаце прадстаўнікоў, што начальнікі на мясцовым узроўні - заўсёды ёсць такія, што для сваіх жыхароў за час працы не так шмат і зрабілі. А вось Юры Горлаў, цяперашні старшыня Маладзечанскага райвыканкама, раней кіраваў Стаўбцоўскім раёнам, з якога паходзіць Якуб Колас.

Размаўляў па-руску, але за яго кіраванне стварылі мурал на дзіцячым садку з выявай, што тычыцца гісторыі горада. Да юбілею горада распісалі сцены чатырох 9-павярховікаў з чатырохрадкоўямі з Якуба Коласа. І іншыя рэчы - гэта зрабіў чалавек, які не адсюль родам.

Манцэвіч:

- Калі Маладзечна рыхтавалі да "Дажынак", горад у многім змяніўся да лепшага, але мы страцілі сваю "Радзіму". (Маецца на ўвазе гісторыя, калі на кінатэатры шыльду "Радзіма" замянілі на "Родина" - аўтар). На запыты з просьбай змяніць адказалі, што гэта каштуе грошай. А на "Родину" хіба не каштавала.

Наркевіч:

- У Вілейцы быў канцэрт. За дзве гадзіны па-беларуску з вітальным словам выступіў начальнік аддзела культуры Сяргей Паўлоўскі і госць з Маладзечна. Усе дзеці спявалі расійскія песні, аб'яўлялі выступоўцаў па-руску: "А сейчас дети станцуют "Русский самовар". Дзе 50 на 50, калі дзве дзяржаўныя мовы?

Анісім:

- Трэба памятаць, што мы ў сваёй краіне гаспадары. І падчас перапісу заклікаем сярод родных моў абавязкова пазначаць беларускую.

Мы можам колькі заўгодна прасіць дзяржаву з гэтым нешта зрабіць, але яна не робіць. І не будзе, пакуль мы, грамадства, не будзем уплываць.

Універсітэт імя Ніла Гілевіча - справа, якую мы робім, каб дзеці, якія вучацца па-беларуску, бачылі перспектыву. Атрымліваецца ў бізнесоўцаў прасоўваць беларускую мову - нам трэба спрыяць. Ёсць ініцыятыва - мы павінны падтрымаць.

Раткевіч:

- Яшчэ Мураўёў-вешальнік казаў: "Что не сделал русский штык, доделает русская школа". І з таго часу так і ідзе.

І калі школы адразу не перавядзеш, то можна пачаць з шыльдаў, каб вакол сябе бачыць мову.

Бранцэвіч:

- Для мовы трэба рабіць тое, што ты можаш. Тут найперш персанальная адказнасць.

Наркевіч:

- Галоўныя праблемы - адсутнасць беларускай адукацыі, тэлебачання, радыё. Мова - гэта душа народа, і цяпер Беларусь без душы. Жыць чужой мовай - тое самае, што жыць чужым розумам. І жывём дзеля некага, хто нам не дапамагае.

Анісім:

- Пытанні беларускай мовы я падымала на ўсіх узроўнях. У тым ліку падчас паслання [Прэзідэнта]. Я мела магчымасць задаць пытанне. І звярнулася да прысутных. Спыталася, калі беларус у Беларусі будзе жыць як італьянец у Італіі і паляк у Польшчы? Размова не толькі пра якасць жыцця, але і пра мову.

Казала пра інфармацыю, заканадаўства і адукацыю. Для чалавека важна, каб было асяроддзе, каб падтрымліваць мову. Педагагічныя класы ці працуюць па-беларуску? Калі там няма мовы, ва ўніверсітэце няма, то хто будзе вучыць дзяцей?

Наша задача - усё рабіць па-беларуску. Мы перакладалі афіцыйныя дакументы, напрыклад, Правілы дарожнага руху. Мы павінны быць гатовыя, што, калі ўлада будзе больш прыхільнай да беларускасці, у нас многае ўжо будзе напрацаванае.

Кавалевіч:

- Трэба адчуць сябе беларусам, і адчуць праз мову. І тады ўсе ўстановы стануць даступнымі па-беларуску, гэта не будзе ніякай праблемай.

Зоя Хруцкая. Фота Ігара Палынскага. "Рэгіянальная газета".

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак. у папяр. нумары.)

505. Тарарушка (Ангеліна) - семантычны вытвор ад тарарушка (ст.-бел.) 'бразгулька' (ПГССЛ).

506. Татка (Зінаіда) - семантычны вытвор ад апелятыва татка, тата 'тое, што і бацька' (мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей) або народны варыянт імя Таццяна. Гл. Татуля. Ці жаночае ад таты 'народнасць іранскай моўнай групы, якая жыве ў прыкаспійскай частцы Азербайджана і на поўдні Дагестана' (ТСБМ - 2016, 819).

507. Татуля (Ганна) - народная форма імя Таццяна (<грэч. Tatiana 'заснавальніца, кіраўніца'; ад імя легендарнага сабінскага цара Таціа (лац.)). Або ад апелятыва татуля <тата 'тое, што і бацька - мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей'; 'ветлівы зварот да старога чалавека' (вытвор з суфіксам -ул-я, як і матуля, дзядуля).

508. Тодрык (Аляксей) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Тодар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тодарык - Тодрык. ФП: Фёдар (<Фяодар) <грэч. 'Божы дар, падараваны Богам'); Тэадор - Тодар (народны варыянт) - Тодар (празванне, потым прозвішча) - Тодрык.

509. Торап (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва торап - дэрывата ад таропкі 'схільны спяшацца; хуткі, паспешлівы' (ТСБЛМ, 2016, с. 818).

510. Торбіна (Антаніна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Торба і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Торбіна. ФП: торба ('невялікі мяшок звычайна з даматканай тканіны') - Торба (мянушка, потым прозвішча) - Торбіна.

511. Трапачова (Наталля) - вытвор з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Трапач і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Трапачова. ФП: трапач (адэкват слоўнікавага трапло) ('той, хто трэпле (ачышчае) лён, валакно (трапачом (траплом), абіваючы кастрыцу)') - Трапач (мянушка, потым прозвішча) - Трапачоў (Трапачова).

512. Трасцянка (Юрый) - семантычны вытвор ад апелятыва трасцянка - рус. тростянка 'дудка з чароту' (Даль), укр. тростянка 'назва птушкі' (Грынч.).

513. Траўнік (Нічыпар) - семантычны вытвор ад апелятыва (ст.-бел.) травник 'знахар' (ПГССЛ).

514. Трахімёнак (Сяргей) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Трахім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Трахімёнак. ФП: Трафім (імя <грэч. 'выхаванец, гатаванец') - Трохим (1564 г.) - Трахім (празванне, потым прозвішча) - Трахімёнак.

515. Траян (Юрый) - ролю прозвішча набыло асабовае ўласнае імя (<балг. Троянтройні, каб доўга жыў'). Імя зафіксавана ў 17 ст.: Троян (1665), мае свае вытворы: Траянаў (Іван), Траяноўскі (Алесь), Траянчык і інш.

516. Троцкая (Вольга) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Трокі і значэннем 'народжанка, жыхарка названага паселішча': Трокская - Троцкая.

517. Трубіла (Генадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва трубіла 'той, хто трубіць' ( трубіла). Або (рэг.) трубіла 'надаедлівы гаварун', 'абжора' (Нас.).

518. Трыбунал (Галіна) - семантычны вытвор ад апелятыва трыбунал 'надзвычайны судовы орган'.

519. Трыпуць (Ганна) - семантычны вытвор апелятыва (рэг.) трыпуць 'трыпутнік' (травяністая расліна з шырокім лісцем і дробнымі кветкамі ў коласападобным суквецці, якая расце абапал дарог, на лугах).

520. Туравец (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Тураў і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Туравец.

521. Тураўскі (Сяргей) - семантычны вытвор ад прыметніка-тапоніма тураўскі 'жыхар з паселішча Тураў' ( Тураўскі).

522. Турко (Тамара) - другасная форма ад рус. Турок - семантычны вытвор ад апелятыва (рус.) турок 'турак' (ад Турцыя) дзеля адмежавання ад апелятыва. Пашыраная мадэль у антрапаніміі Беларусі: Бажко (<Бажок), Дамко (Дамок), Кійко (Кіёк) на ўзор браток > братко (як зваротак).

523. Турок (Анна) - семантычны вытвор ад апелятыва (рус.) турок 'турак' (мн. туркі). У маўленні носьбітаў прозвішча гучыць [ турок] - відаць, для адмежавання ад апелятыва турак.

524. Турчын (Андрэй) - вытвор з суфіксам -ын (-ін) ад антрапоніма Турак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Туракін - Турач(к/ч)ын - Турчын. Або ад старабеларускага апелятыва турчин 'турак' ("Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі" (скарот. ПГССЛ) пад рэдакцыяй А.М. Булыкі. - Мінск, 2013. Том 1,2).

525. Турэйка (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -эйка ад антрапоніма Тур і значэннем 'нашчадак названай асобы': Турэйка; параўн. Адамейка. Утваральнае слова ад апелятыва тур, які мае некалькі семантычных варыянтаў: тур1 'адзін круг танца; асобны этап якога-н. спаборніцтва', 'этап, частка якога-н. мерапрыемства'; тур2 'вымерлы дзікі бык, продак буйной рагатай жывёлы; горны каўказкі казёл'; тур3 'падарожжа, турыстычная паездка, гастрольная паездка артыста ці музычнага калектыву'. ФП: тур ('дзікі бык, каўказкі казёл') - Тур (мянушка, потым прозвішча) - Турэйка.

526. Тхір (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва тхір (укр. 'тхор' - драпежная млекакормячая жывёліна сямейства куніцавых з каштоўным футрам; футра гэтай жывёліны).

527. Тэжык (Ірына) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Тэж і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Тэжык. Утваральнае слова - семантычны вытвор ад апелятыва тэж (рэг.) 'таксама' <польск. tez, takze.

528. Уласік (Сяргей) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Улас і значэннем 'нашчадак (дзіця) названай асобы': Уласік. ФП: Улас (імя <грэч. 'невук, просты, вялы') - Улас (1580) - празванне, потым прозвішча - Уласік.

529. Урбан (Ігар) - імя (ад лац. urbanus 'гарадскі' ці 'ветлівы') набыло ролю прозвішча. Ад яго і суфіксавыя вытворы Урбанік, Урбанчык, Урбановіч.

530. Файкоў (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Файка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Файкоў. Утваральнае слова ад апелятыва файка (рэг.) 'люлька' (Даль), польск. fajka 'тое сама'.

531. Фролкіна (Юлія) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Фролка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Фролкіна. ФП: Фларэнцій (імя <лац. 'кветка') - Хрол (1577) - Фрол (народнае імя) - Фролка (эмац. варыянт, суфікс -к-а, празванне, потым прозвішча) - Фролкіна.

532. Фядэцкі (Замавіт) - вытвор з суфіксам -скі (-цкі) ад антрапоніма Фядэц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Фядэцскі - Фядэцкі. ФП: Феадор (1599), Федор (1528), Фёдар (1746) (<грэч. 'Божы дар, падараваны Богам') - празванне, потым прозвішча - Федец (1528 г.) - Фядэцкі.

533. Хадоркін (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Хадорка і значэннем 'нашчадак гэтай асобы: Хадоркін' (ФП: <Фёдар>Ходар <грэч. 'Божы падарунак') - Хадорак (народны варыянт, імя, потым прозвішча) - Хадоркін.

534. Хадоська (Алег) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Хадос і значэннем 'жанчына названай асобы (жонка ці дачка)': Хадоська. ФП: Феадосій (грэч. 'Богам дадзены') - Ходос ((1588) імя, потым прозвішча) - Хадоська.

535. Ханеня (Сцяпан) - вытвор з суфіксам -еня ад антрапоніма Хан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ханеня. ФП: хан ('тытул манарха, феадальнага правіцеля ў некаторых цюркскіх і мангольскіх народаў, а таксама асоба, якая мае гэты тытул') -Хан (мянушка, пазней прозвішча) - Ханеня. Такая ж утваральная аснова і ў прозвішча Ханок (Эдуард).

536. Хацулёў (Васіль) - другасная форма ад Хатулёў - вытвор з прыналежным суфіксам -ёў ад антрапоніма Хатуль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хатулёў. ФП: хатуль ('вялікі клунак рэчаў, звязаных у хустку, посцілку і пад., які звычайна носяць за плячамі') - Хатуль (мянушка, потым прозвішча) - Хатулёў - Хацулёў.

537. Хвасцюк (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Хвост і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хвостюк - Хвасцюк. ФП: хвост ('у жывёл: звычайна рухомы прыдатак на задняй частцы цела або значна звужаная задняя частка цела'; а таксама семантычныя варыянты яго - задняя частка самалёта, адзежы, доўгая звілістая паласа (дыму, пылу і пад.)) - Хвост (мянушка, потым прозвішча) - Хвасцюк.

538. Хвацік (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Хват і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хватік - Хвацік. ФП: хват ('бойкі, спрытны чалавек' (разм.)) - Хват (мянушка, потым прозвішча) - Хвацік. Параўн. Сідорык (<Сідар), Лукашык і пад.

539. Хвір (Раіса) - (укр.): хвір (род. хворы) - семантычны вытвор ад апелятыва хвір 'хвароба, хворасць'.

(Працяг у наступным нумары.)

Дыктоўка, песні, інсцэніроўкі - Дзень роднай мовы ў Слуцку

У Слуцкім ТБМ адзначылі Дзень роднай мовы дыктоўкай, песнямі і інсцэніроўкамі.

У параўнанні з мнагалюднымі імпрэзамі ў абласных гарадах, Дзень роднай мовы ў Слуцку прайшоў больш сціпла, але таксама цікава.

Актывісты ТБМ распачалі святкаваць яшчэ з самага ранку і скончылі мерапрыемствы познім вечарам. Пасля ўручэння віншаванняў ад "Новага Часу" і ТБМ, гараджане прынялі ўдзел у святочнай імпрэзе, якую падрыхтавала Слуцкая гарадская бібліятэка.

Увечары случакі паслухалі патрыятычныя вершы і песні "Люблю мой край" у выкананні Таццяны Матафановай (у запісе) і 15 чалавек напісалі беларускую дыктоўку.

Паколькі ў асноўным у імпрэзе ўдзельнічалі людзі сталага веку, сябры ТБМ падрыхтавалі дыктоўку з цікавым і простым зместам. Дыктоўка пісалася паводле тэксту Янкі Скрыгана "Ведаць мову", у якім аўтар распавёў кур'ёзную гісторыю - быліцу пра абвестку аб продажы шлюбнага шкла. Аўтар абвесткі быў упэўнены, што ён напісаў па-беларуску, паколькі ў слоўніку супраць рускага слова "брак" стаяла адно слова з азначэннем "шлюб". Вось такім чынам і з'явілася абвестка, у якой паведамлялася, што замест бракаванага прадаецца шлюбнае шкло.

Апрача нетрадыцыйнага тэксту дыктоўкі, удзельнікі гуртка пенсіянераў пры ТБМ "Размаўляем па-беларуску" падрыхтавалі канцэрт мастацкай самадзейнасці, інсцэніроўкі з сучаснага жыцця беларусаў і развіццёвыя творчыя заданні.

У выкананні гуртка прагучалі песні "Лісоўчыкам", "Простыя словы", "Не шукай ты мяне" і іншыя. Нягледзячы на нескладаны тэкст песні "Простыя словы" на словы Міхала Амнепадыстава, праспяваць яе так, як гэта ўдаецца Лявону Вольскаму, немагчыма. Тым не менш, удзельнікі гуртка і ўсе прысутныя з задавальненнем спявалі цудоўныя радкі. Сябра ТБМ Сяргей Кульбіцкі праспяваў пад акампанемент гітары песні з рэпертуару Данчыка, Сяржука Сокалава-Воюша.

Усе прысутныя актыўна ўдзельнічалі ў выкананні развіццёвых творчых заданняў: рабілі пераклады сказаў з рускай мовы на беларускую, інсцэніравалі розныя жыццёвыя сітуацыі.

Асаблівую цікавасць выклікала інсцэніроўкі на тэму "Выхад у народ кіраўніка краіны" і "Бясплатна наш народ ездзіць у транспарце не прывык", якія падрыхтавалі ўдзельнікі гуртка.

У апошняй сцэнцы распавядаецца пра тое, як пасажыры цягніка "Слуцк - Старыя Дарогі" спрабуюць заплаціць кантралёру за праезд прадукцыяй, якую яны атрымалі ў якасці заробка на сваіх прадпрыемствах.

Случчанка Тамара Мікалаеўна прыйшла на імпрэзу ТБМ упершыню. Яна засталася задаволенай усім, што ўбачыла і пачула.

- Было вельмі цікава, узнёсла і проста, сур'ёзна і смешна - у залежнасці ад тэмы, - сказала жанчына наконт святочнай праграмы. - Я вырашыла таксама стаць сябрам ТБМ і ўдзельнічаць у занятках гуртка "Размаўляем па-беларуску".

Зінаіда Цімошак, г. Слуцк.

Случчына - край нябесны

У гонар "Года малой Радзімы"

Яўген Гучок

П-а-э-м-а - э-с-э

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

* * *

Паведаў свету напоўніцу

Аб прыгажосці духоўнай

і матэрыяльнай Случчыны

Сержпутоўскі - таксама слуцак.

* * *

Вядома, што слуцкая "Папараць-кветка"

Клікала і прыводзіла ў Слуцак

І Купалу, і Коласа.

* * *

І тую "Папараць-кветку" -

Цэнтр культуры і духу

беларускае Случчыны

Пры адступленні ў мінулым стагоддзі

падпалілі панове.

* * *

А чаму б вось слуцкім уладам

За патрыятычную "Папараць-кветку"

Ды рахунак сёння не прад'явіць суседу?!.

* * *

А ў Слуцкай гімназіі

для настаўнікаў Случчыны

Колас публічна ўпершыню

Прачытаў сваё дзецішча - "Новую зямлю".

* * *

Святых мясцін у Слуцку шмат,

І з іх адна -

Магіла Абуховіча Альгерда.

* * *

Дарэчы, цэнтральную частку Слуцка

Альгерд Абуховіч у сваіх "Мемуарах"

З Крэшчатыкам Кіева параўноўваў.

* * *

З нядаўніх легендаў Слуцка

Не назваць немагчыма Родчанку...

Светлая памяць

аб гарачым патрыёце і краязнаўцы!

* * *

Каб жа ўсё захавалася ў Слуцку,

Што вякамі стваралася патрыётамі,

Быў бы Слуцак беларускай Мекай.

* * *

І не Мекай, што месціцца ў Азіі,

Месцам паломніцтва мусульман,

А месцам-асяродкам

еўрапейскай культуры.

* * *

А цябе, мая Случчына, ва ўсе вякі

Рабавалі з усіх чатырох бакоў

І таксама свае звышнягоднікі.

* * *

Так падчас вайны 1205 года

Захад абрабаваў Слуцкі

Троіцкі манастыр і астатнія ўсе святыні.

* * *

Глабалізацыя не сёння пачалася,

Не сёння пушча Слуцкая і іншае

Беспаваротна зніклі.

* * *

Не надта "апякайце" Случчыну,

Каб не была яна

Абпаленай, абсмаленай, замшэлай.

* * *

Шкада! Як шкада,

Што ў Слуцку па волі мясцовых уладаў

Знішчаюць сляды старасветчыны -

бураць старыя дамы!

* * *

Ды не толькі дом Вайніловіча!

А будынак земскай бальніцы,

А гатэль "Брыстоль",

а капліца на Кладбішчанскай вуліцы...

* * *

Не менш прыгожы, чым Чырвоны касцёл

Сымона і Алены ў Менску

Стаяў на Сенатарскай

у Слуцку дом Вайніловіча.

* * *

І засядала ў тым доме

Рада Случчыны беларускай,

І збройнага чыну месціўся штаб.

* * *

"Ні варшаўскіх паноў,

Ні камісараў маскоўскіх

Беларусам не трэба!" -

вось лозунг паўстання.

* * *

Ды адразу зламалі той дом

І пабудавалі на месцы яго электроўню

Пасля задушэння паўстання Слуцкага.

* * *

І гэта на тое,

Каб памяці не было ў людцаў,

Але памяць для патрыётаў і ў паветры жыве.

* * *

І на малой Радзіме

Вырастаюць і вялікія здраднікі...

Ды барані, Божа, ад гэтага Случчыну!

* * *

А нелюдзі ў Слуцку і на Случчыне ёсць...

Без іх, сумневу няма,

Слуцк і Случчына болей квітнелі б.

* * *

І ў Случчыны ёсць "патрыёты",

Вельмі да молі падобныя,

Молі ў шафе адзежнай.

* * *

Часта сняцца Случчыне тыя,

Што душы свае і таленты

Аддавалі ці Захаду, ці Усходу.

* * *

А ці сніцца Случчына ім

Дзесь у глыбінях Сусвету?

Калі ж сніцца - дык хай з дакорам.

* * *

Як і неба, малая Радзіма,

Для тутакоў-манкрутаў

Сплывае ў нябыт без звароту.

* * *

Як і паўсюдна, і тут не ўсё справядліва,

Але несправядлівасць для ўсіх вялікую

Могуць тут і агнём накрыць.

* * *

І колькі б тут ні было негатыву,

Усё роўна ён пазітывам

Абавязкова пераможаны будзе.

(Заканч. у наступным нумары.)

Святло, якое свеціць нам

Сонейка купалася ў блакіце, Нёман нёс свае велічныя воды ўздоўж берага з замкамі, гадзіннік на вежы фарнага касцёла Ф. Ксаверыя мерна адбіваў гадзіны.

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага праходзіла ў Гародні ў культурным цэнтры гарадскога жыцця па вул. Кірава, 3. Яно распачалося напісаннем Нацыянальнай дыктоўкі па тэксце эсэ Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта…". Паненкі сталага веку і вяльможныя спадары, моладзь і дзеці на прыгожых аркушах з гербам Пагоняй уважліва запісвалі тэкст эсэ, які гучаў з вуснаў Івана Будніка.

"Незалежнасць - гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі". Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі прафесар Аляксей Пяткевіч і грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот.

Святочную вечарыну працягнуў вядомы артыст Зміцер Вайцюшкевіч, які любіць і апявае родную зямлю, сам паходзіць з Гарадзеншчыны. Свае выступленне ён адкрыў песняй на словы У. Караткевіча "Дзе мой край", а затым разам са слухачамі заспяваў "Жыве Беларусь!" на вершы Уладзіміра Някляева. Артыст пажадаў, каб у кожнага чалавека ў душы было святло, якое б свяціла яму: Пан Бог, Бацькаўшчына, родная мова, мама і тата. "Сто год! Хай любіць вас жыццё!" - прамовіў спявак. Госці, сагрэтыя яго душэўным цяплом і пазітыўным мэсыджам, настроіліся на аптымістычны лад.

А яшчэ артыст разважаў са слухачамі над парадоксамі: чаму ў Менску ёсць рэстарацыя пад назвай "Заслонаў", а ў ёй няма ніводнай стравы з беларускай назвай?!

З. Вайцюшкевіч выканаў песні на вершы А. Ліпая, Ул. Някляева, Р. Барадуліна. Госці вечарыны пазнаёміліся з новым дыскам артыста "Зорка Дзіва" і змаглі атрымаць музычную біяграфію спевака пад назвай "Беларускае слова ад спеву" з яго аўтографам. У другі Год малой радзімы кніга паступіла ў аддзел мастацтваў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага па вул. Савецкай, 2, дзе з ёй змогуць пазнаёміцца чытачы.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

ЛІСТ АД РАДЗІВІЛА

Агульнанацыянальная дыктоўка -- гэта не праверка на ПРАВАпіс,

а наша самаправерка на ПРАВА жыць з роднай мовай

і карыстацца ёю штодня.

Валер Дранчук.

Вечарам 21 лютага электронная пошта высвеціла новы адрас: Мікалай Радзівіл. Здзіўленне і здагадка былі амаль адначасовыя - так і ёсць: гэта яны, маладыя, і, як цяпер любяць казаць, крэатыўныя супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" даслалі сваё вітанне і фотаздымкі з ранішняй сустрэчы.

На пачатку святочнага дня старадаўні нясвіжскі будынак стаў першым месцам, дзе жыхары горада і раёна сабраліся дружнай грамадой, каб ушанаваць як найвялікшую святыню родную мову. Да іх далучыліся і гаспадары - навуковыя супрацоўнікі музея-запаведніка. Сяргей Клімаў, дырэктар установы, прапанаваў прасторную і зручную залу.

Асноўная ўрачыстая дзея - напісанне Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Дык, дзякуючы ёй, завіталі яшчэ сюды са сваімі мудрымі думкамі, слушнымі парадамі Францішак Скарына і Леў Сапега, Цётка і Вацлаў Ластоўскі, Ніл Гілевіч і Алесь Разанаў, Леанід Лыч і Мікола Савіцкі. Сярод іншых прамовіў і Якуб Колас: "Не трэба рабіць так, каб наша роднае слова не мела сабе прытулку ў сваёй роднай краіне". Не лішнім было б запісаць, як параіла пасля ў прыватнай гаворцы адна з удзельніц, павучальны і такі надзённы ўспамін Эльжбеты Радзівіл, што яе бацька "заўсёды гаварыў з нясвіжцамі па-беларуску".

Музычны камертон сустрэчы ў Дзень роднай мовы - вечныя "Зорачкі" Сяргея Новіка-Пеюна. Гэты гукавы покліч нясвіжскіх дыктовак зноў спявалі ўсе разам. І ўдалае выслоўе-матыватар Валера Дранчука, як і ў мінулагоднюю дыктоўку, было навідавоку. Выдатна пасавала месцу і часу, настрою і думкам выступленне старшага навуковага супрацоўніка музея-запаведніка "Нясвіж" Андрэя Блінца. Ён пазнаёміў удзельнікаў дыктоўкі са сваім грунтоўным даследаваннем пра ўраджэнца Нясвіжчыны, "беларускага школазбіральніка" Язэпа Шнаркевіча. Ахвярная праца нашага земляка дзеля навучання на роднай мове - пакуль што недасяжны ўзор для сённяшняга настаўніцтва, духоўны прыклад для кожнага беларуса.

Адным словам, усё было прасякнута клопатам пра родную мову і шчырым жаданнем, каб мела яна ў краіне свой пачэсны пасад. Дык ці трэба дзівіцца, што адгукнуўся нават "Мікалай Радзівіл" .

Наталля Плакса. Нясвіж.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Анікееў Міхаіл - 10 р., г. Менск

2. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

3. Чыгір Яўген 10 р., г. Менск

4. Жыдаль Дзяніс - 50 р., г. Менск

5. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

6. Лічык А.А. - 3 р., г. Менск

7. ZBSU - 5 р., г. Менск

8. Крыўко - 5 р., г. Наваполацк

9. Сівы Сяргей - 7 р., г. Валожын

10. Неабыякавы - 10 р.

11. Пятроўскі - 15 р., г. Менск

12. Рабека Мікалай - 30 р., г. Менск

13. Вяргейчык В.П. - 15 р., г. Барысаў

14. Нагорны Юрась - 15р., г. Орша

15. Наваполацк - 180 р.

16. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

17. Цівунчык Вячаслаў - 20 р., г. Баранавічы

18. Ляскоўскі - 100 р., г. Шаркаўшчына

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Роднаму слову гучаць вечна!

Да Міжнароднага дня роднай мовы Палацам культуры горада Ліды была прымеркавана комплексная праграма "Роднаму слову гучаць вечна!".

Кожны, хто наведаў у той дзень Палац культуры (а гэта былі пераважна навучэнцы школ горада і Лідскага каледжа), меў магчымасць ужо ў фае ўстановы стаць удзельнікам гульнёвай праграмы на аснове беларускага фальклору "Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся" народнага тэатра гульні "100 сяброў". Удзельнікі тэатра гульні прапаноўвалі наведвальнікам праверыць сваё веданне беларускай мовы, зрабіўшы пераклад рускамоўных сказаў.

Ля ўвахода ў малую залу юныя ўдзельнікі народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" правялі тэматычную хвіліну "Імгненні творчасці", у час якой дэкламавалі беларускамоўныя вершы лідскіх паэтаў.

Уласна ў малой зале адбылася канцэртная праграма "Малая радзіма ў сэрцы маім", у якой прынялі ўдзел ансамбль беларускай музыкі "Бравэрка" Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, маладыя чытальнікі навучальных устаноў Ліды і Бярозаўкі, салісты эстраднай студыі "Акцэнт" Палаца культуры горада Ліды, практыканты з Гарадзенскага каледжа мастацтваў. Гучалі вершы і празаічныя творы беларускіх класікаў (Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Змітрака Бядулі) і лідскіх аўтараў (Алеся Хітруна, Ганны Рэлікоўскай, Людмілы Краснадубскай, Ірыны Вашкевіч, Ксеніі Бароўскай і іншых), песні на беларускай мове. Кожны слухач змог адчуць мілагучнасць і сілу роднай мовы, упэўніцца ў яе здольнасці перадаць самыя розныя з'явы, пачуцці і вобразы.

Вядоўцы канцэрту падкрэслівалі, што мова - частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны, душа народа. "Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі, - казалі яны. - Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб'яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання".

Наш кар.

Лідскія курсы "Мова нанова" пісалі дыктоўку па "Мужыцкай праўдзе"

Лідскія курсы "Мова нанова" заснаваны толькі летась, таму ў Агульнанацыянальнай дыктоўцы ўдзельнічалі першы раз.

20 лютага чытала дыктоўку кіраўнік курсаў Марыя Ганчар.

Марыя Іосіфаўна распавяла гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы, зачытала тэкст Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта...", але прапранавала напісаць дыктоўку па тэксту "Мужыцкай праўды" № 2, напісаным і надрукаваным у 1862 годзе.

Пасля напісання быў арганізаваны калектыўны разбор кожнага сказа з акцэнтаваннем увагі на цяжкіх месцах. У гэтым выпадку павучальнымі былі не толькі асаблівасці арфаграфіі, а і змест твора.

Наш кар.

Пераступіўшы парог доміка В. Таўлая

20 лютага Агульнанацыянальная дыктоўка адбылася таксама ў "доміку Таўлая" (літаратурная філія Лідскага музея) па вуліцы Замкавай, 7, дзе яе пісалі сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Тут для напісання быў узяты тэкст "Пераступіўшы парог", урывак з успамінаў Валянціна Таўлая (105-годдзе з дня нараджэння якога нядаўна адзначылі ў гэтым жа доме). Тэкст, дарэчы, не з лёгкіх, асабліва ў плане пунктуацыі. Дыктаваў былы выкладчык беларускай мовы і літаратуры Лідскага каледжа, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхась Мельнік.

Найбольш бездакорна напісалі прапанаваны тэкст рэдактар газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік, супрацоўнік рэдакцыі "Лідскай газеты" Алесь Мацулевіч і навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" Алесь Хітрун.

Наш кар.

"Вы паслухайце, мова якая!

Нібы рэчанька ціха журчыць"

У чытальнай зале раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Міжнародны дзень роднай мовы прайшла Агульнанацыянальная дыктоўка "Вы паслухайце, мова якая! Нібы рэчанька ціха журчыць". Удзел у ёй прынялі наведвальнікі і работнікі бібліятэкі. Дыктоўка была прымеркавана таксама да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і тэкст для яе быў выбраны адпаведны - "Хлеб-соль" (аўтар - Міхась Даніленка, аб'ём тэксту - 144 словы). Дыктавала тэкст намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Алена Быстрыцкая. Тэкст быў нескладаны, і ўдзельнікі дыктоўкі напісалі яго на выдатна. Найлепшы вынік паказаў карэспандэнт "Лідскай газеты" Алесь Мацулевіч.

Дыктоўка ў гэтай бібліятэцы пісалася ў 11-ты раз, пачынаючы з 2-й. І калі на першыя дыктоўкі бібліятэка толькі выдзяляла памяшканне, а напісанне арганізоўвала ТБМ, то ўжо чацвёрты год запар дыктоўку арганізуе сама бібліятэка, тэкст чытаюць або дырэктар, або намеснік, у чым відзён нармальны дзяржаўны падыход да дзяржаўнай справы адраджэння беларускай мовы ў нашай незалежнай краіне.

Наш кар.

Дзень роднай мовы ў Бярозаўскім доме культуры

У Міжнародны дзень роднай мовы ў Доме культуры горада Бярозаўкі быў праведзены бліц-турнір на веданне беларускай мовы. У турніры бралі ўдзел дзве каманды Нёманскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя "Васількі" і "Будаўнікі". Зместам турніру былі пяць тэмаў, сярод якіх - фразеалогія, пераклад і інш. Наперад выходзіла то адна, то другая каманда, пакуль на фінішы абедзве не аказаліся з роўнай колькасцю балаў.

Турнір аздаблялі выступленні мастацкіх калектываў Дома культуры, выстава клуба "Сваякі", кніжная выстава мясцовай бібліятэкі.

Прыгожыя беларускія строі, беларускія песні і танцы, і над усім гэтым такая прывычная, такая родная беларуская мова.

А вечарам у Доме культуры пісалі 12-ю Агульнанацыянальную дыктоўку сябры мясцовай арганізацыіТБМ. Дыктоўку ў Бярозаўцы, у гэтых сценах пісалі ўжо ў 11-ты раз.

Сёлета пісалі тэкст "Хлеб-соль", прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэкст чытаў намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік.

Найлепшы вынік паказалі Наталля Скобля і Вітольд Ашурак.

Наш кар.

З падзей 2018 года

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

13 снежня. У Берасці адбылося пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі пад старшынствам прэм'ер-міністраў краін Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Абмяркоўваліся пытанні фінансавага разліку паміж саюзнымі дзяржавамі. Расія ўвяла падатак на здабычу нафты. У выніку гэтага манёўру Беларусь згубіла 3,6 млрд. даляраў ЗША за год. Беларусь хацела, каб гэтыя страты Расія кампенсавала. А для таго Д. Мядзведзеў прапанаваў для Саюза стварыць адзіныя валюту (адзіны эмісійны цэнтр), суд, падліковую палату і мытню, інакш кажучы, Беларусь павінна адмовіцца ад свайго суверэнітэту, сваёй дзяржаўнасці і стаць часткай Расійскай Федэрацыі. Такая заява шырока абмярковалася ў сродках масавай інфармацыі.

14 снежня. У Гародні, у падворку гімназіі № 6 (дырэктар Тамара Махнач), адкрыты помнік Ф. Э. Дзяржынскаму. Урачыстае адкрыццё адбылося з удзелам кіраўнікоў Гарадзенскага абласнога выканкама і абласнога ўпраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласці.

15 снежня. Адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя грамадскага руху "За свабоду". Перавыбраны на новы тэрмін старшыня руху Юрый Губарэвіч.

15 снежня. У Кіеве на Устаноўчым саборы Украінскай праваслаўнай царквы выбраны глава памеснай праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Епіфаній (Думенка), кандыдат багаслоўя, журналіст. Томас Украінскай аўтакефальнай царквы Канстанцінопальскага патрыярхату Епіфаній атрымаў 6 студзеня 2019 года ў Стамбуле ад Сусветнага (Канстанцінопальскага) патрыярха Варфаламея.

20 снежня. Памёр кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Кім Змітравіч Цесакоў, аўтар сімфоніі "Курапаты". Нарадзіўся 20 лютага 1936 года ў чэрвені.

20 снежня. Вярхоўная Рада Украіны прыняла Закон аб назве Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Такую назву будзе насіць тая праваслаўная царква на Украіне, якая не хоча быць аўтакефальнай.

21 снежня ў Палацы Незалежнасці ў Менску дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі работнікі розных сфераў дзейнасці "за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў". Прэзідэнт А. Лукашэнка ўзнагародзіў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ордэнам Айчыны, галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірыну Абельскую ордэнам Пашаны. На гэтай пасадзе яна працуе з 2001 года.

24 снежня. Мядовая прэмія пчаляра з Пружаншчыны Міколы Папекі прысуджана за 2018 год лепшаму літаратару Берасцейшчыны Міколу Пракаповічу. Яму ўручаны лаўрэацкі дыплом і пуд мёду ад пчаляра. Мядовая прэмія з'явілася ў 2001 годзе, калі мясцовыя ўлады Берасцейскай вобласці перасталі адзначаць творчасць берасцейскіх пісьменнікаў.

24 снежня. Памёр заслужаны артыст Беларусі Анатоль Міхайлавіч Кашталапаў, мастацкі кіраўнік дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята".

25 і 29 снежня. А. Лукашэнка і У. Пуцін вялі перамовы аб цэнах на нафту на наступны год. Створана рабочая група, якая будзе займацца пытаннямі інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. У апошні прыезд Лукашэнка падарыў У. Пуціну кавалак беларускага сала і 4 мяшкі розных гатункаў бульбы. Перамовы закончыліся безвынікова. Беларусь кампенсацыі за падатак на нафтаздабычу не атрымае.

26 снежня. 33-гадовы амерыканец Колін О Брэйдзі з Портленда ў адзіночку без дапамогі за 54 дні прайшоў на лыжах праз Антарктыду амаль 1500 км. Пачаў паход ён 3 лістапада і цягнуў з сабой 170 кг грузу на санках.

28 снежня. У Палацы Незалежнасці ў Менску ўпершыню адбыўся Навагодні баль моладзі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі.

28 і 30 снежня. Жыхарка Менска Ніна Багінская ад Чырвонага касцёла Св. Сымона і Св. Алены прыйшла да помніка Ф. Э. Дзяржынскаму (каля будынка КДБ) з плакатам "Свабоду палітвязням". Яе затрымалі і склалі пратаколы за недазволенае мерапрыемства.

31 снежня. ЗША выйшлі са складу сяброў ЮНЕСКА (засталіся толькі як назіральнікі).

Золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 7,16 мільярдаў долараў на канец 2018 года.

Снежань. Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча прысуджана за 2018 год Леаніду Кулакову, Сяргею Пятрухіну, Аляксандру Кабанаву, Святлане Коржыч і Сцяпану Святлову. Гэтая прэмія была заснавана ў 1998 годзе рэдакцыяй сайта "Хартыя-97".

У 2018 годзе

Гэты год аб'яўлены Годам малой радзімы.

Насельніцтва Беларусі на канец 2018 года налічвалася 9 476 млн. чалавек. Нарадзілася за год меней за 95 тысяч дяцей, што на 8% меней, чым у 2017 г. Памерлі амаль 200 тысяч чалавек, што на 600 чалавек болей, чым у 2017 г. У выніку натуральнае памяншэнне насельніцтва склала болей за 25 тысяч чалавек, павялічыўшыся за год на 9 тысяч чалавек.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі склаў каля 60 млрд. долараў (121,568 млрд. беларускіх рублёў, што складае 59,7 млрд. долараў) і павялічыўся на 3 % у параўнанні з мінулым годам.

Выпадкаў хабарніцтва за год было 1999. Рост такіх злачынстваў - 4%. Гэта рэкордны паказнік у гісторыі Беларусі з 2007 года.

Дэкрэтам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ўзнагароджаны асобы памятнымі медалямі "100 гадоў БНР" "за заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка". Сярод узнагароджаных Радзім Гарэцкі, Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Аляксей Марачкін і іншыя. Агулам узнагароджаны больш за 130 асобаў з Беларусі і замежжа.

Паводле паведамлення БЕЛТА, вядзецца змаганне з карупцыяй: "Так, у бягучым годзе раскрыта злачынная дзейнасць дзяржаўных асоб у сістэме Мінтранса, Мінэнерга, Мінздрава, у Менгарвыканкаме. На жаль, і ў Адміністрацыі Прэзідэнта быў выяўлены такі факт - спынена злоўжыванне службовым становішчам з боку начальніка аддзела", - заявіла Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава.

Сірыйскія курды вялі барацьбу супраць дыктатарскага кіраўніцтва Сірыі і за сваю самастойнасць. Ім дапамагалі войскі ЗША. Курды не маюць сваёй дзяржавы і жывуць у Турцыі (18 млн.), Іраку (6 млн.), Іране (5 млн.) і Сірыі (4 млн). Пачалася гонка ўзбраенняў дзяржаў ЗША, Расіі і ЕС. Зноў ідзе "халодная вайна" ў свеце. Абвастрыліся адносіны паміж Вялікабрытаніяй, ЗША - з аднаго боку і з Расіяй і Сірыяй - з другога боку. Гандлёвыя супярэчнасці ўзніклі паміж ЗША і Кітаем (КНР). Пачаўся дыялог паміж Карэйскай НДР (Паўночная Карэя) і Рэспублікай Карэя (РК).

Паводле паведамлення Белгідраметастанцыі, сярэднегадавая норма тэмпературы за 2018 год у Беларусі склала 7,9 градусаў цяпла, што на 1,2 градусы вышэй нормы. Лета доўжылася 4 месяцы (з 29-30 красавіка па 22-23 верасня).

Паводле назіранняў у Менску на вуліцах мала п'яных (гэта заслуга і міліцыі), але на прыпынках транспарту шмат курцоў. Маладыя жанчыны і дзяўчаты кураць нават часцей, чым мужчыны. Шмат маладых мужчын носяць бародкі, як папы.

Беларускія патрыёты, нягледзячы на розныя пакаранні, болей за 200 дзён стаялі ў пікеце каля рэстарана "Поедем поедим", што каля Курапатаў.

(Заканч. у наст нумары.)

Квэст у гонар Міжнароднага дня роднай мовы ў Лідзе

У Лідзе прайшоў першы квэст. Ён быў створаны адмыслова да Дня роднай мовы - 2019.

Квэст пачаўся 23-га лютага (субота) з моманту адкрыцця першай кавярні, якая ў ім удзельнічала, і ішоў да канца дня.

Каб удзельнічаць, трэба было:

усталяваць мабільны дадатак SAY.BY say.by/app (для Android ці iPhone) або проста знайсці ў Google Play і App store адпаведна дадатак з назвай SAY.BY;

знайсці ў кавярні адмысловыя SAY.BY коды, што нагадваюць беларускі арнамент;

Дадатак дазваляў іх прасканаваць і атрымаць заданне, адказаўшы на якое, гулец набліжаўся да прыза!

Налепкі з кодамі знаходзіліся ў кавярнях "Добрая кава", "Central Coffee", "CNTRL Coffee", "Тутака".

Нягледзячы на навізну справы лідзяне прынялі ўдзел у квэсце. Вызначыліся і пераможцы.

Урачыстае ўзнагароджанне адбылося ў нядзелю ў 15:00 на другім паверсе кавярні "Тутака" ў банкетнай зале

Першае месца заняў Ілля Маскаленка, атрымаў флэшку і кубак з лагатыпам Say.by і сэртыфікат пачаставацца каваю ў Central Coffee

Другое месца - Юліяна Роўбель майка і кубак з лагатыпам Say.by

Трэцяе месца - Валерыя Шынкевіч атрымала майку і кубак з лагатыпам Say.by.

Да ўсяго ўдзельніцы квэсту, заняўшыя другое і трэцяе месцы, за тое, што яны адгадалі заданні амаль ва ўсіх пунктах першымі ад гаспадароў кавярняў атрымалі стос сэртыфікатаў.

Яшчэ дзвюх дзяўчынак Кацярыну Барко і Аляксандру Супрун, якія таксама завяршылі квэст, але ў якіх не атрымалася прыйсці на цырымонію, таксама чакаюць кубкі з лагатыпам Say.by.

Сп. Кацярына (не назвала прозвішча) першая справілася з заданнем ў "Тутака" і атрымала сэртыфікат і кубак з лагатыпам Say.bу.

Гаспадыні спн. Наталля Язэпава ("Добрая кава", дарэчы адкрытая 21 лютага 2018 года ў Дзень роднай мовы) і спн. Вікторыя Турбай ("Тутака"), а яшчэ гаспадар кавярні Central Coffee сп. Кірыл Нежывой таксама не засталіся без падарункаў. Кіраўнік платформы Say.by сп. Аляксандр Шастаковіч у знак шчырай падзякі за патрымку беларускай мовы на добрую памяць уручыў сімвалічныя прыгожыя кубачкі "Беларус(ка) моўны".

Падсумоўваючы вынікі квэсту можна сказаць, што дадатак для тэлефона распрацаваны платформай Say.by у г. Ліда працаваў годна. На працягу ўсяго квэсту ён быў карысны ўсім ўдзельнікам у якасці дапаможніка ў арыеантаванні, дапамагаў рухацца у прасторы горада ад адной кавярні і знайсці другую, патлумачыўшы карацейшую дарогу на карце. І што галоўныя звязвае ўсе гэтыя пункты (кавярні) квэсту - гэта тое, што яны ўсе падтрымліваюць беларускую мову ў абслугоўванні.

Алег Лазоўскі.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Ці варона дурная?

У беларусаў імем гэтай птушкі звязана трывалае выказванне: "Дурная (дурны), як варона". Вось толькі пасля аднаго выпадку я перастаў лічыць іх такімі.

Днямі іду прыватным сектарам горада. У садах апала лісце. Сярод вішняў, яблынь і іншых дрэў заўважаю грэцкі арэх. Таксама голы. Тут аднекуль з'яўляецца варона. Сядае пад дрэва, разграбае нагамі лісце ды знаходзіць там арэх, бярэ яго кіпцюрамі і ўзлятае. Гаспадарскі сабака заўважыў зладзейку позна. Надалей птушка проста перада мною ўздымаецца ў гару і кідае арэх на бетон ходніка. Той разбіваецца і яна ў імгненне вока спускаецца з вышыні і выдзёўбвае зерне. Прахожу побач. На мяне не звяртае ніякай ўвагі. Закончыўшы ўжыванне смакалыку імгненна ўздымаецца ўвышыню. Зацікавіла. Што будзе далей? А далей вось што. Круты віраж пілатажу вышэйшага класу з экстрэмальнай пасадкай пад дрэвам арэха. Сабака госцю таксама чакаў, толькі яна сыграла на апярэджанне. У імгненне пад лісцем знайшла арэх ды пачала ўздым, толькі зрабіла дзіўны флінт. Тузік паверыў, што яна накіроўваецца ляцець у адзін бок, і рынуўся туды, а варона паляцела ў іншы. Перакуліўшыся цераз галаву сабака, сумна глядзеў ёй услед.

Цяпер, як у першы раз, разбіць арэх аб бетон ходніка вароне не ўдалося. Ён падскочыў, як мячык і застаўся цэлым. Яна хутка падхапіла здабычу і ўзнялася вышэй ды яшчэ раз кінула. Арэшак быў моцны і застаўся цэлым.

Птушка зноў імгненна схапіла арэх і завісла над праезджай часткай дарогі. Кружыла так з паўхвіліны. Мяне ахапіла поўнае зацікаўленне: што будзе далей? Набліжаецца машына. Варона кідае здабычу перад аўто. Арэшак моцны - не б'ецца. Птушка падбірае арэх і ўзлятае. Кідае яго перад наступным аўтамабілем.

Стаю ў неадуме. Што ўрэшце адбываецца? Варона зноў хапае кіпцюрамі арэх і ўзлятае ды кідае яго перад чарговым аўто. І толькі тады, калі арэх патрапіў пад кола аўто ды быў раструшчаны, а варона ў імгненне вока пачала дзяўбці яго парэшткі, зразумеў, дзеля чаго ўсё гэта птушка рабіла.

У пэўных выпадках тое самае робім і мы, але, бывае, спантанна, а тут варона дзейнічала разлікова.

Ну, вось табе і дурная варона! З якой нагоды беларусы так яе ахрысцілі?

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX