Вярнуцца: 2019

№ 10 (1421)


Дадана: 06-03-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 10 (1421), 6 сакавіка 2019 г.

Са святам вясны, дарагія беларусачкі!

"Паразмаўляй са мной па-беларуску…":

ХІІ Агульнанацыянальная дыктоўка ў Віцебску

У Віцебскай абласной бібліятэцы 21 лютага адбылася літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Кожны ахвотны мог прыняць удзел у агульнай дыктоўцы, арганізаванай сумесна Таварыствам беларускай мовы і абласной бібліятэкай.

Мерапрыемства адкрылі студэнты педагагічнага факультэта ВДУ імя Машэрава - фальклорны калектыў "Вясёлка". Вядоўца Ларыса Рагачова - загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі - нагадала прысутным гісторыю абвяшчэння на 30-ай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1999 годзе свята роднай мовы. Пасля выступілі са сваімі вершам паэты Міхась Мірановіч, Людміла Сіманёнак, Анастасія Лазебная. Таксама яны распавялі пра стан беларускай мовы на сённяшні дзень. Працягнулі святочную імпрэзу вершамі беларускіх паэтаў студэнткі другога курса філалагічнага факультэта ВДУ імя Машэрава: Анастасія Марозава, Лізавета Сямчонак і Наталля Ермакова.

Пасля літаратурна-музычнай часткі было прапанавана далучыцца да напісання агульнай дыктоўкі, якую па традыцыі прадыктаваў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Юрый Бабіч. Прысутным быў прапанаваны тэкст паводле эсэ Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта…" Каля сямідзесяці чалавек прынялі ўдзел у гэтай акцыі.

Пасля праверкі тэксту былі вылучаны працы з найменшай колькасцю памылак. Іх аўтары атрымалі падарункі ад пісьменніцы Анастасіі Лазебнай.

Можна адзначыць, што ў гэтым годзе колькасць ахвотных далучыцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы праз напісанне дыктоўкі павялічылася. Прысутныя, без сумневу, атрымалі асалоду ад гучання беларускага слова, што было добра бачна па аптымістычным настроі ў зале.

Наталля Ермакова, Анастасія Марозава, Лізавета Сямчонак- сябры ТБМ, студэнткі 2 курса філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава.

Дарагія жанчыны, матулі, нястомныя працаўніцы!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" сардэчна віншуе вас з Міжнародным днём 8-га Сакавіка!

Гэта традыцыйнае веснавое свята было заснавана, каб падкрэсліць важную ролю жанчын у жыцці грамадства. Ваш заўсёдны клопат - ствараць у сям'і атмасферу дабрыні, цеплыні, атуляць і выхоўваць дзетак у роднай мове, перадаючы наступным пакаленням найбагацейшыя скарбы беларускай культуры.

У гэтыя вясновыя, сонцам і аптымізмам напоўненыя дні, ад усёй душы жадаем вам добрага здароўя, выдатнага настрою, шчырай сардэчнай увагі з боку блізкіх і родных вам людзей, дабрабыту і аптымізму.

Сакратарыят ТБМ.

МОВЕ БЕЛАРУСКАЙ ЖЫЦЬ!

24 лютага ў Валожыне аматары роднай мовы па традыцыі напісалі рэспубліканскую агульнабеларускую дыктоўку.

Дванаццатая акцыя, як і папярэднія, была прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаецца 21 лютага. Ініцыятары і арганізатары мерапрыемства - сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Утульная чытальная зала райбібліятэкі на гэты раз сабрала ў асноўным настаўнікаў. Што ж, каму, як не прадстаўнікам гэтай інтэлігентнай прафесіі, працаваць над тым, каб колькасць носьбітаў адной з самых мілагучных еўрапейскіх моў з кожным годам павялічвалася.

Людвіка Станіславаўна Таўгень - старшыня раённай суполкі, вядомы на Валожыншчыне філолаг - выбрала для дыктоўкі ўрывак з трылогіі "На ростанях" Якуба Коласа. Прысутныя ацанілі жаданне настаўніцы стварыць падчас акцыі добры настрой праз выразную, багатую лексіку класіка. Удзельнікі атрымалі асалоду ад апісання маляўнічых абшараў роднага краю.

"Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губерні і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях!" - роўна і нетаропка гучаў голас прафесіянала. Дыктоўка пісалася лёгка, ніводзін момант не выклікаў у часовых "вучняў" цяжкасцей ці пытанняў. І вынік аказаўся добрым - у спецыяльных бланках вопытнай рукой прастаўлены толькі станоўчыя адзнакі. Тыя, хто ў гэты дзень вырашыў успомніць былое і адчуць сябе школьнікамі, пагадзіліся, што ўсё гэта - дзякуючы аўтару, які разам са сваім сябрам і аднадумцам Янкам Купалам стаяў ля вытокаў фарміравання новай беларускай мовы.

Бягучы год - асаблівы для ТБМ імя Францішка Скарыны. У кастрычніку будзе адзначацца 30-годдзе з дня яго заснавання. Таму валожынскія актывісты заклікаюць жыхароў раёна актыўна далучацца да мерапрыемстваў у рамках святкавання юбілею. Разам мы абавязкова захаваем нашу мову!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Гарадзеі

22 лютага Гарадзейская арганізацыя ТБМ адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы.

Святкаванне праходзіла ў школе № 2 г.п. Гарадзея. На ўрачыстасць сабралася больш за сотню вучняў выпускных класаў. На імпрэзе прысутнічалі загадчык упраўлення адукацыі Нясвіжскага раёна А.У. Клішэвіч, дырэктар Т.М. Кашэйка, старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, памочнік дэпутата Л.П. Качановіч, сябры Гарадзейскага ТБМ, настаўнікі школы.

Уступнае слова мела старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. У сваёй прамове яна засяродзілася на тым, што роднае слова заўсёды спрыяе жыццёваму поспеху і пажадала вучням выпускных класаў паспяхова пераадолець першы жыццёвы іспыт - экзамены. Затым яна ўручыла падзяку кіраўніку Гарадзейскага ТБМ А.У. Гунько, а таксама прачытала падрыхтаваны тэкст з выказваннямі беларускіх пісьменнікаў пра родную мову.

Дыктоўку далей праводзіла настаўніца беларускай мовы школы № 2 г.п. Гарадзея Ч.Б. Сцефановіч. Праверыць напісанне ўдзельнікі маглі ў канцы па падрыхтаваным на маніторы тэксце.

Наш кар.

У абласным палацы культуры Магілёва правялі беларускую дыктоўку, усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад cukerki.by

Штогод Таварыства беларускай мовы Магілёва да Дня роднай мовы ладзіць некалькі імпрэз, асноўнай з якіх з'яўляецца напісанне дыктоўкі. Як правіла, дыктоўку мы пішам у Палацы культуры вобласці. І сёлета адміністрацыя ўстановы пайшла нам насустрач і з задавальненнем пагадзілася правесці сумеснае мерапрыемства.

24 лютага ў "Белай зале" Палаца культуры Магілёўскай вобласці сабралася 120 чалавек, каб праверыць свае веды па беларускай мове і адчуць еднасць паплечнікаў і сяброў у Дзень роднай мовы.

Тэкст чытаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Цітоў.

У магілёўцаў існуе такая традыцыя, што мы абіраем для напісання творы нашых знакамітых землякоў: летась быў Максім Гарэцкі, два гады таму Міхась Стральцоў. У гэтым годзе 85-годдзе Народнага пісьменніка Івана Чыгрынава, і таму прагучалі словы з яго апавядання "Шчаслівае месца".

Пасля дыктоўкі ўсе ахвотныя перайшлі ў кіназалу, дзе пабачылі спектакль "Старажытная гравюра" рэжысёра Алы Кусковай і пачулі некалькі выступаў шкаляроў. Арцём Новікаў прачытаў верш Якуба Коласа "Адлёт жураўлёў".

Ад гарадскога літаратурнага клуба "Святліца", кіруе якім паэтка Тамара Аўсянікава, былі два выступоўцы: Ната Драздова прачытала ўласныя вершы, а Мілада Паўлава прачытала верш Яўгеніі Янішчыц "Непрыручаная птушка". Напрыканцы свята прагучала песня "Родны мой горад" у выкананні вучняў СШ № 34 пад кіраўніцтвам настаўніцы Вольгі Шыцкаравай. Усе выступоўцы атрымалі смачныя падарункі ад кампаніі cukerki.by.

І яшчэ была адна вельмі прыгожая рэч, якая аздобіла памяшканне на час дыктоўкі. Справа ў тым, што летась жаночы клуб "Яселка" падараваў нашай арганізацыі пано пад назвай "Салют перамогі". Пано было зроблена некалькі год таму да свята горада Магілёва і мае памеры немалыя - 10 метраў удоўжкі і два метры з гакам у вышыню.

Вельмі дзякуем адміністрацыі і супрацоўнікам Палаца культуры вобласці і актыву ТБМ імя Ф. Скарыны Магілёва.

Дзьячкоў Алег, фота - Алесь Ліцін і Алеся Новікава.

НЯСВІЖСКАЯ ТЫСЯЧА

Я - беларус.

Мая родная мова - беларуская.

Васіль Быкаў.

28 - 360 - 984 (амаль тысяча) - такія вынікі колькаснага ўдзелу ў Агульнанацыянальнай дыктоўцы на Нясвіжчыне за апошнія гады.

Першыя 28 сабраліся ў Нясвіжскай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў Дзень роднай мовы два гады таму.

- І пісаць, і дыктаваць было вельмі хвалююча, - кажа Наталля Богдан, якая тады дыктавала.- Вельмі ж непрывычнае мерапрыемства. Зазвычай у нас у бібліятэцы чытаюць, слухаюць, часам спяваюць, а тут пішы, як школьнік. Але спадабалася. Здаецца, што кожны крышку аж памаладзеў. Людзі былі больш сталага веку, правілы тыя школьныя ўжо пазабываліся, дык і пытанні задавалі. А чаму патрэбна коска? А чаму тут няма мяккага знака?

У мінулым годзе асноўнай пляцоўкай таксама была раённая бібліятэка, але добры прыклад на карысць роднай мовы актыўна падтрымалі яшчэ ў чатырох установах горада - педкаледжы імя Якуба Коласа, гімназіі, СШ №4, дзіцячым садку "Караблік дзяцінства" - і дзвюх вясковых школах. Разам атрымалася 360 удзельнікаў.

І сёлета яны, надзейныя сябры Агульнанацыянальнай дыктоўкі, вялі рэй, ператвараючы будзённа-прывычнае для школы (не ў навіну ж тут пісаць пад дыктоўку) ва ўрачыстую, глыбока сімвалічную дзею. У СШ № 4 пісалі не толькі старшакласнікі, але і вучні сярэдніх класаў, для якіх адаптавалі прапанаваныя тэксты. У педкаледжы палічылі, што "Беларуская песня" больш пасуе навучэнцам, а "Думкі пра мову" - выкладчыкам. Кіраўнікі і супрацоўнікі садка "Караблік дзяцінства" пісалі разам з бацькамі выхаванцаў. У гімназіі, апрабаваная летась методыка арганізацыі дыктовак дала рэкордную лічбу - 205 удзельнікаў!

Да іх далучыліся новыя - з шырокіх нясвіжскіх ваколіц. У Карцэвічах дыктоўку пісалі ў школе і мясцовым клубе.

- Ды не толькі пісалі, - удакладняе Станіслава Вальчык, - з душэўным клопатам гаварылі пра мову, яе сённяшні стан, давалі парады, выказвалі прапановы.

Старанна выводзілі слоўка за слоўкам вучні Лысіцкай школы, а таксама Грыцкавіцкай, Ланскай, Пагарэльцаўскай, Навасёлкаўскай... У Гарадзеі актавісты ТБМ і кіраўнікі дзвюх мясцовых школ вырашылі: разам і дыктоўку пісаць лягчэй. Каля сотні ўдзельнікаў змясціла прасторная зала школы № 2 г.п.Гарадзея. Поплеч, рука ў руку занатоўвалі "Думкі пра мову…" вучань і настаўнік, рабочы цукровага завода і гарадзейскі пенсіянер. Падзяліць радасць супольнай дзеі прыехалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алена Клішэвіч.

Да ліку нясвіжскай тысячы далучыліся навукавыя супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" , сябры Дома польскага, а падчас хатніх дыктовак - людзі сталага веку, жыхары аддаленых вёсак. Лік удзельнікаў асабліва цешыць, бо словы сёлетняй дыктоўкі "Думкі пра мову: ад Скарыны да Разанава" заклікаюць жыць з роднай мовай, карыстацца ёю штодня, заставацца беларусамі, каб і падчас перапісу словы Васіля Быкава з любоўю і гонарам прамовіў кожны.

Наталля Плакса, Нясвіж.

Дзень роднай мовы ў Верхнядзвінску

"Нібы ЗАМОВУ - моц і пяшчоту бацькавай мовы помні заўсёды"

Другі год запар мы адзначаем у нашым горадзе Дзень роднай мовы на такім ўзроўні: у мінулым годзе гэта быў конкурс чытальнікаў, які мы арганізавалі разам з СШ № 2, а гэтым годам фармат пашырыўся, дзякуючы падтрымцы з боку аддзела адукацыі выканкама і самай актыўнай супольнай працы з Цэнтрам для дзяцей і моладзі.

Разам з раённай суполкай ТБМ распрацавалі Палажэнне аб Дні роднай мовы, утварылі Аргкамітэт у складзе вядомых у раёне людзей, і, акрамя чытальнікаў, запрасілі для удзелу ў свяце салістаў і юных мастакоў. А прысвяцілі Дзень роднай мовы 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы: 11 чытальнікаў, 9 салістаў і 6 юных мастакоў склалі святочную праграму. Арганізацыйны камітэт, абласное грамадскае аб'яднанне "Самакіраванне і грамадства", мясцовыя актывісты займаліся пошукам сродкаў, каб уганараваць маленькіх артыстаў і мастакоў.

На сабраныя сродкі набылі кнігі П. Севярынца "Я люблю Беларусь" і "Хрысціянская азбука", а вядомы паэт, перакладчык Уладзімір Антонавіч Папковіч ахвяраваў нам 8 экзэмпляраў сваёй кнігі вершаў "Начныя летуценні", якая толькі-толькі выйшла з-пад друкарскага станка.Усе кнігі - з аўтарскімі пажаданнямі ўдзельнікам Дня роднай мовы, ганаровыя граматы Цэнтра дзяцей і моладзі. Акрамя таго, усе атрымалі "салодкія падарункі", альбомы і наборы пэндзляў для малявання, мяккія цацкі, а таксама кнігі вядомага краязнаўца з Мёраў Вітаўта Антонавіча Ермалёнка, які прыехаў у наш горад на Дзень роднай мовы і презэнтаваў некалькі сваіх кніг, а таксама змястоўную мультыпрэзентацыю аб вядомых земляках, цікавых падарожжах па родным краі і незвычайных знаходках, якія занялі сваё месца ў музеі. Калі сп. Вітаўт распавядаў аб тым, як і дзе ён змог адшукаць некаторыя экспанаты, якія б склалі гонар любой музейнай установе, міжволі думалася: "Толькі ўлюбёным у сваю зямлю яна аддае свае скарбы".

У праграме мерапрыемства прагучалі вершы Н. Гілевіча, Я. Коласа, У. Карызны, А. Грачанікава, І. Пракаповіча, Э. Зубрыцкага, музычныя творы Л. Гоман, Е. Завацкага, Л. Вольскага, Б. Васільева і інш.

Самая маленькая ўдзельніца - 6-гадовая Нэля Праскурка праспявала песню Л. Гоман "Дзяўчынка-беларусачка". У конкурсе малюнкаў і паштовак прымалі ўдзел вучні ад 1да 8 класа.

У гэты дзень Таварыства беларускай мовы вырашыла не пісаць традыцыйную дыктоўку, а правесці конкурс ведання роднай мовы для вучняў-удзельнікаў канцэртнай праграмы, а таксама для тых, хто прысутнічаў у зале, якая сабрала больш шасці дзясяткаў чалавек. Было створана дзве каманды, абраны капітаны і кожная каманда атрымала заданне: перакласці на беларускую мову рускія словы, не вельмі лёгкія для перакладу на родную мову. Экспертамі выступалі настаўнікі гарадскіх школ, якія і рыхтавалі вучняў для конкурснай праграмы Дня роднай мовы, і словы падзякі хочацца выказаць Т.М. Рыжай, М.П. Вашкель, Л.А. Латышонак, С.Т. Антановіч, А.С. Драздовай, Н.А. Васіленка, Н.П. Невяроўскай, Фаміной А.А., а таксама А.М. Салаўёву, Т.Ф. Кецкінай, П.Я. Івашчанка, А.Р. Шулью, Г.І. Ахламенак, Н.У. Вырлан, А.А. Карасёвай. А.Ф. Бубала, Л.Я. Самадумскай, В.А. Усовічу за ахвяраванні для правядзення мерапрыемства.

У гэты ж дзень у нас адбылася і яшчэ адна творчая сустрэча Вітаўта Антонавіча Ермалёнка з вучнямі СШ № 2, якую мы зрабілі па замове настаўніцы школы, кіраўніцы школьнага краязнаўчага музея Л.І. Дзявяковіч, дзе таксама прайшла прэзентацыя творчых прац вядомага краязнаўца.

Нечаканым вынікам сёлетняга Дня роднай мовы стала тое, што Дзень роднай мовы будзе ўключаны ў праграму працы Цэнтра дзяцей і моладзі, пра што паведаміла дырэктар Цэнтра А.Б. Марозава, і набудзе статус раённага конкурсу, прысвечанага мове нашага народа:

Г. Каржанеўская

Прачнуўся травень на двары,

Шуміць, як бор сасновы.

Ці можна мне не гаварыць

Пра край мой роднай мовай?

А мова - гэта, як раўчук

Прыглушаны і звонкі,

А мова - гэта, як цяпло

Рабінавае гронкі.

А мова гэта - роздум мой,

Маё натхненне-шчасце,

І гэту мову ў мяне

Вякамі не ўкрасці.

А засмучае тое, што ў той час, калі ідзе другі год, прысвечаны малой Радзіме, прапанова ТБМ аб наданні году бягучаму статусу Года беларускай мовы, чамусьці напалохала народных абраннікаў.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пач. у папяр. нум.)

540. Хількевіч (Уладзімір) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Хілько і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хількевіч. Утваральнае слова Хілько - семантычны вытвор ад апелятыва хілько 'хілы, слабы, хваравіты'.

541. Хільцоў (Фёдар) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Хілец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хілецоў - Хільцоў. Утваральнае слова Хілец - ад апелятыва хілец 'хілы, слабы, хваравіты' ( хіл-ец). Гл. Хількевіч.

542. Хлябцоўскі (Ігнат) - вытвор з суфіксам -оўскі ад антрапоніма Хлябец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хлябецоўскі - Хлябцоўскі. ФП: хлябец (мн. хлябцы 'кулінарны выраб') - Хлябец (мянушка, потым прозвішча) - Хлябцоўскі.

543. Хобаль (Аліна) - семантычны вытвор ад апелятыва хобаль (ст.-бел.) 'палюбоўнік' (ПГССЛ).

544. Ходас (Андрэй) - варыянт імя Фадзей (<яўр. 'пахвала, падзяка, прывабнасць, хараство') набыў ролю прозвішча.

545. Хралоўскі (Алег) - вытвор з суфіксам -оўскі ад тапоніма Хралы і значэннем 'нараджэнец названага паселішча': Хралоўскі. ФП: Фрол (імя <лац. 'які квітнее, кветка') - Хрол (1577), Хрол (празванне, потым прозвішча) - Хралы ('мясцовасць з прозвшчамі Хрол') - Хралоўскі.

546. Храпуцкі (Аляксандр) - гумарыстычнае найменне чалавека-храпуна (хто храпе ў сне).

547. Царанкова (Ганна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Царанок з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Царанокова - Царанкова. ФП: цар ('тытул манарха ў некаторых краінах, а таксама асоба, якая мае гэты тытул'; (перан.) 'першы, лепшы ў якіх-н. адносінах сярод сабе роўных' - Цар (мянушка, пазней прозвішча) - Царанок ('спадчыннік Цара', суфікс -онак) - Царанкова.

548. Цвіковіч (Аляксандр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Цвік з значэннем 'нашчадак названай асобы': Цвікевіч. ФП: цвік ('металічны або драўляны стрыжань, завостраны на канцы, прызначаны для змацоўвання чаго-н.', перан. 'самае значнае, галоўнае' (разм.)) - Цвік (мянушка, потым прозвішча) - Цвікевіч.

549. Целяшук (Вікторыя) - вытвор з суфіксам -ук ад тапоніма Целеш з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Целешук - Целяшук. ФП: целеш ('кавалак дрэва, кругляк цэлы (непаколаты)') - Целеш (мянушка, пазней прозвішча) - Целяшук.

550. Цікота (Каця) - семантычны вытвор ад апелятыва цікота - утварэння з суфіксам -от-а ад цік (спец.) 'нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мускулаў твару, галавы, плячэй'; параўн.: дрыгаць - дрыг - дрыгота.

551. Цупрык (Леанід) - народная форма канан. імя Купрыян/ Кіпрыян (<араб. 'спелы плод') - Циприан (1693 г.) - Цупрык (<грэч. 'жыхар Кіпра, Кіпрскі').

552. Цывілька (Алена) - семантычны вытвор ад апелятыва цывілька - утварэнне ад цывільны 'неваенны, невайсковы, грамадзянскі' з суфіксацыяй -ка ('апрадмечанае дзеянне', напрыкл. 'куртка', 'адзенне').

553. Цэйка (Анатоль) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Цэй і значэннем 'жанчына названай асобы (жонка, дачка)': Цэйка. ФП: (укр. цей 'гэты') - Цэй (мянушка, потым прозвішча) - Цэйка (В.П. Лемцюгова. Украінска-беларускі слоўнік, с. 652). Або празванне чалавека, які карыстаўся словам "цэй" ( цэйкацьцэйка) набыло функцыю прозвішча. ФП: цэй - цэйкаць - Цэйка.

554. Цюлькіна (Жанна) - вытвор з прыналежным суфіксам -іна ад антрапоніма Цюлька з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Цюлькіна. ФП: цюлька (заал. - падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1079) - рус. тюлька 'дробная марская прамысловая рыба сямейства селядцовых'; сардэлька - "Словарь русского языка". - Москва, 1984, т. 4, с. 434 - Цюлька (мянушка, потым прозвішча) - Цюлькіна.

555. Цялкова (Наталля) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Цялко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цялкова. ФП: рус. тёлка ('цялушка') - Тёлка (мянушка, пазней прозвішча) - Тёлкова - Цялкова.

556. Чабоцька (Наталля) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Чобат і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Чобатка - Чабоцька. ФП: чобат ((рэг.) 'бот') - Чобат (мянушка, пазней прозвішча) - Чабоцька.

557. Чайчыц (Віктар) - другасная форма ад Чайчыч - форма бацькаймення з суфіксам -ыч (-іч) ад антрапоніма Чайка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чайкіч - Чайч(к/ч)ыч, форма з канцавым - ыц - Чайчыц - вынік дысіміляцыі чч>чц.

558. Чалей (Кася) - семантычны вытвор ад апелятыва чалей (кірг.) 'тоўсты, поўны' (Бірыла). Або вытвор з суфіксам -ей ад чалы ( чалей) 'пра каня шэрай масці, дэраш' (Даль).

559. Чапелін (Уладзімір) - акцэнтаваная форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Чапяла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чапялін - Чапелін. Утваральнае слова ад апелятыва чапяла 'спецыяльна загнутая на канцы лапатачка з ручкай для захоплівання гарачай скварады'. ФП: чапяла ('лапатачка з ручкай') - Чапяла ('мянушка чалавека, які меў дачыненне да чапялы' - празванне, потым прозвішча) - Чапелін.

560. Чапяльнік (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва чапяльнік 'ручка чапялы'.

561. Чарнілоўская (Ірына) - адтапанімічны вытвор з суфіксам -ск-ая ад акцэнтаванай геаграфічнай назвы Чарнілаўка і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названага паселішча': Чарнілаў(ка)ская - Чарнілоўская.

562. Чарнышэўскі (Мікалай) - вытвор з суфіксам -эўскі ад антрапоніма Чарныш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чарнышэўскі. Або прэстыжная форма з суфіксам - эўскі ад антрапоніма Чарныш - семантычны вытвор ад апелятыва чарныш 'рус. черныш 'смуглы, чарнявы чалавек'' (Даль).

563. Чарнюк (Марыя) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -юк ад антрапоніма Чорны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чорнюк - Чарнюк. ФП: чорны (колер, 'брудны', 'смуглы', 'цыган') - Чорны (мянушка, потым прозвішча) - Чарнюк.

564. Чарткова (Аляксандра) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Чартко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чарткова. Утваральнае слова ад апелятыва чартко - першаснага чарток 'памянш. ад чорт': па рэлігійных уяўленнях: злы дух як увасабленне адмоўнага пачатку ў чалавеку; мае выгляд істоты, пакрытай чорнай шэрсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д'ябал'. Ужываецца як лаянкавае слова (разм.). ФП: чорт ('д'ябал') - Чартко (мянушка, потым прозвішча) - Чарткова.

565. Чваркоў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Чварко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чваркоў. ФП: чвара / чвэра (рэг.) нульсуфіксавы вытвор ад чвэрыць 'гаварыць (многа, лішне)', 'гаварун' (экспрэс.) ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" П. Сцяцко, с. 136) - Чварко (пра гаварлівага чалавека, суфікс -ко) - Чварко (мянушка, потым прозвішча) - Чваркова.

566. Чупрына (Валерый) - семантычны вытвор ад апелятыва чупрына 'пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом'; 'чуб', а таксама 'валасы наогул' (ТСБМ - 2016, с. 927).

(Працяг у наст. нум.)

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку

Адаміна Алена Адамовіч Славамір Генрыхавіч Азарчык Раман Уладзіміравіч Анацка Ганна Андрэас Анатоль Аніскевіч Алег Аноп Віталь Аляксандравіч Антонава Алена Аляксеўна Арочка Ларыса Іванаўна Асіпчук Аксана Мікалаеўна Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Канстанцін. Астроўскі Аляксандр Алякс. Аўсяннікава Тамара Алякс. Баброўская Людміла Бажыцка Алег Аляксандравіч Бандарэнка Юлія Дзмітрыеўна Бараноўскі Сяргей Бародзіч Ганна Стафанаўна Баршчэўскі Лявон Пятровіч Барэль Таццяна Уладзіміраўна Баўсюк Мікола Бахцізіна Кацярына Георгіеўна Белякоў Аляксандр Бермант Раіса Барысаўна Богдан Вадзім Бойка Сяргей Васільевіч Бохан Уладзіслаў Сяргеевіч Бубула Вольга Бугай Казімір Іосіфавіч Бугук Яўгенія Якаўлеўна Бука Таццяна Леанідаўна Булак Аляксандр Бураўкін Арсень Аляксеевіч Бутылін Міхась Уладзіміравіч Бяляева Наталля Уладзімір. Васільчанка Мікола Рыгоравіч Вашкевіч Андрэй Фрыдрых. Вашкевіч Ігар Пятровіч Віцько Дзмітры Вячаслававіч Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Вулхайзер Курт Фрэдрык Вянгура Ніна Фёдараўна Вярбіцкая Ядвіга Станіслав. Вячорка Францішак Валянцін. Галец Вольга Георгіеўна Гапеенка Анатоль Мікалаевіч Гарасюк Аляксандр Гардзей Н. М. Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Эдуардаўна Герасімовіч Валянцін Іванавіч Гіль Лілея Эдмундаўна Гоўша Сяргей Канстанцінавіч Грамыка Валянціна Васільеўна Грыгаровіч Радаслаў Іванавіч Грыгор'еў Аляксандр Віктар. Грынь Наталля Станіславаўна Грышкевіч Юры Генадзевіч Гуркоў Канстанцін Уладзімір. Дабратвор Ілля Мікалаевіч Давыдоўская Алена Сяргееўна Дайлідка Юры Далудзенка Анастасія Дзмітр. Дамасевіч Віталь Уладзімір. Дапкюнас Жанна Казіміраўна Дарашкоў Сяргей Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Другакова Марына Мікал. Дрык Людміла Дубіцкі Уладзімір Пятровіч Дыдышка Ніна Дэц Алена Георгіеўна Жылко Антон Мікалаевіч Забалотная Леакадзія Віктар. Завацкі Яўген Ігаравіч Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Згірскі Міхаіл Францавіч Здзітавец Алена Уладзіміраўна Зінавенка Сяргей Леанідавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Іванова Бярнарда Пятроўна Ішчанка Галіна Мікалаеўна Кавальчук Дамініка Сяргееўна Кавальчук Дзмітры Леанідавіч Кадушка Вера Уладзіміраўна Казлова Аляксандра Віктар. Каліновік Вольга Фёдараўна Калоша Аляксандр Аляксанд. Кандраццева Зінаіда Міхайл. Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Іванаўна Карась Ганна Аляксандраўна Караткевіч Таццяна Мікал. Карлінскі Віктар Адамавіч Карпіцкі Максім Юр'евіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Кечанкоў Мікалай Мікалаевіч Кірылаў Герман Іларыёнавіч Кіслая Вольга Юр'еўна Клімавец Яўгенія Антонаўна Клімус Андрэй Клінава Дарыя Коваль Ірына Віктараўна Козел Ларыса Міхайлаўна Конічава Галіна Корань Вольга Кохан Павел Сяргеевіч Крапоціна Вольга Іванаўна Красніцкі Віктар Яўгенавіч Крол Цімур Аляксандравіч Крук Ларыса Васільеўна Крукоўскі Уладзімір Крывенькая Марына Расцісл. Кулеўскі Уладзіслаў Ігаравіч Кулішча Эдуард Францавіч Кунцэвіч Уладзімір Генадз. Курбацкі Аляксандр Міхайл. Кухаронак Валянціна Іванаўна Кухто Васіль Іванавіч Лазіцкі Дзяніс Андрэевіч Лазоўскі Алег Алегавіч Лапенка Аляксей Купрыянавіч Лапіцкі Аляксей Іванавіч Латушка Ірына Латыш Аліна Лявонаўна Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Міхайлавіч Лісоўскі Тарас Станіслававіч Ліцвінчук Наталля Лойка Ганна Станіславаўна Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Луханіна Алена Альбінаўна Ляўковіч Міхась Васільевіч Мазанік Аляксандр Віктаравіч Макар Юры Уладзіміравіч Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Малахава Людміла Віктараўна Малашанка Зміцер Васільевіч Малашчанка Ядвіга Алегаўна Малышчыц Мікалай Васіл. Мамонька Алена Мамчыц Эдуард Іосіфавіч Марачкін Аляксей Антонавіч Марус Алена Маханько Алена Валер'еўна Махвіц Аляксей Яўгенавіч Мацвееў Ігар Аляксеевіч Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мерцалава Надзея Фёдараўна Мінава Вера Місевіч Мар'ян Міхалькевіч Віталь Генрых. Міхалькевіч Віталь Паўлавіч Міхалькевіч Уладзіслаў Генр. Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Мухіна Надзея Аляксандраўна Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Насовіч Эдуард Піліпавіч Несмяянава Людміла Данілаўна Носава Галіна Падгайскі Мікалай Вячаслав. Пазднякова Анастасія Дзмітр. Пазняк Марыя Пальчэўскі Юры Леанідавіч Паляк Надзея Васільеўна Панкевіч Аляксандр Папковіч Уладзімір Антонавіч Паўлавец Зміцер Змітравіч Паўлюковіч Ніна Пералайка Мікалай Уладзім. Перападзя Ліна Фёдараўна Праконіна Вера Уладзіміраўна Прыбыш Ірына Мікалаеўна Прыгодзіч Фёдар Уладзімір. Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч Пятручык Уладзіслаў Анатол. Рабчынская Лідзія Аляксееўна Раманоўская Ганна Леанідаўна Раманоўская Яніна Рамашэўская Людміла Алякс. Родзік Анатоль Леанідавіч Рулевіч Алена Валер'янаўна Русан Сяргей Іванавіч Рыбакова Ірына Алегаўна Рыбакоў Яўген Юр'евіч Рыбачонак Аляксандр Міхайл. Рымша Ангеліна Алегаўна Сабалеўская Вольга Аляксан. Савіцкі Максім Савіцкі Павел Уладзіміравіч Садоўская Алена Станіслав. Садоўскі Раман Салдаценка Ігар Пятровіч Санько Зміцер Хведаравіч Саракавік Анатоль Вячаслав. Сарнацкі Аляксандр Балясл. Саўчанка Марыя Уладзімір. Севасцьянава Ганна Сяргееўна Сідаровіч Ала Рамуальдаўна Сідарэвіч Святлана Рыгораўна Сідарэнка Сяргей Уладзімір. Сінькевіч Сяргей Алегавіч Сіняўская Вера Васільеўна Смаль Вячаслаў Мікалаевіч Смірнова Рэната Юр'еўна Старавойт Наталля Юр'еўна Стаўбун Ірына Іванаўна Стахоўскі Станіслаў Аляксан. Стаціўка Мікалай Страха Соф'я Валянцінаўна Стэпусь Васіль Суравіцкі Віталь Анатольевіч Сурскі Ягор Дзмітрыевіч Сухарава Любоў Васільеўна Сушко Вера Іванаўна Сцямпкоўскі Сяргей Сцяцко Павел Уладзіміравіч Сянкевіч Васіль Іванавіч Табушава Ірма Алегаўна Тамулёнак Мікалай Іванавіч Тацянкоў Генадзь Максімавіч Толсцік Вольга Точка Людміла Браніславаўна Трайнель Віктар Траццякова Алена Уладзімір. Трацяк Іван Іванавіч Трашчанка Уладзімір Яўхім. Турок Марыя Аляксандраўна Уазіз Амін Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валерый Васільевіч Філіпаў Мікалай Альбертавіч Фірысюк Таццяна Мікалаеўна Хабян Вольга Хамрэнка Ірына Алегаўна Харашылава Тамара Пятроўна Хацятоўскі Аляксей Аляксан. Храпавіцкі Васіль Сяргеевіч Цвяткова (Русак) Надзея Іван. Цыркуноў Аляксандр Іванавіч Чакур Анатоль Мміхайлавіч Чаляпін Аляксей Чапля Аляксей Генрыкавіч Чарняўская Святлана Чашчына Наталля Мікалаеўна Чэчат Сяргей Аляксандравіч Шавель Яўгеній Іванавіч Шагулін Алег Іванавіч Шадыра Вадзім Іосіфавіч Шарах Генадзь Мікалаевіч Шаргаева Святлана Міхайл. Шарэйка Вольга Шахоўская Святлана Уладзім. Шыпіла Вераніка Уладзімір. Шышкіна Лена Сяргееўна Шышук Андрэй Іванавіч Шэметава Алеся Аляксандр. Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Раманаўна Яноўская Марыя Януковіч Вікторыя Эдуард. Янчанка Алена Рыгораўна Яўдошына Ларыса Іванаўна Яцына Яна Мікалаеўна

Случчына - край нябесны

У гонар "Года малой Радзімы"

Яўген Гучок

П-а-э-м-а - э-с-э

(Заканчэнне. Пач. у папярэднім нумары.)

* * *

Сумневу няма: прыйдзе час

І Слуцкім поясам

Уся Беларусь навякі апаяшацца.

* * *

Час ідзе - сваю справу робіць,

І пазнікалі магнаты і сакратары,

А Слуцк і Случчына - навідавоку.

* * *

А як з дзяржбюджэтам на Случчыне?

Як і на ўсё Беларусі!

Цікаўцеся!

* * *

Якая Случчына сягоння, -

Хай жыхары яе ў люстру неба

Паглядзяцца.

* * *

У гітары сябра майго дарагога

Струна галоўнейшая і любімая -

Наша Случчына зіхатлівая.

* * *

На Случчыне сонца

Узыходзіць, і тут жа яно садзіцца,

І тут жа зноў нязменна яно ў зеніце.

* * *

І варта са Слуцка зазірнуць у Старыя Дарогі

І наведаць там беларускі Луўр -

Мастацкі музей Анатоля Белага.

* * *

Калі не здзейснілася штосьці годнае сягоння

Пад бессмяротным Слуцкім небам,

Яно на небе ўвасобіцца абавязкова.

* * *

Сумневу няма,

Што і Случчына

Кожны дзень прэзентуе сябе Сусвету.

* * *

Мой дружа, зямляча,

Больш усміхайся сонцу - Ярыле,

І будзе Случчыне весялей.

* * *

Слуцак! Случчына!..

Для кагось вы - малая Радзіма,

Для мяне ж вы - цэлы Сусвет.

IV

Яшчэ ты быццам ў забыцці, нібыта ў цені,

Калі ж цябе ўзняць з натхненнем,

Свет прывітае з захапленнем,

Бо маеш што сказаць.

Віктар Гамуліцкі.

* * *

І бульба, і сала - таксама малая Радзіма,

Але калі жыць толькі імі,

Дык можна пазбавіцца і вялікай Радзімы.

* * *

А чыя любоў прапала-перарасла

Да сваёй Радзімы малой,

Той і вялікай Радзімы не мецьме.

* * *

Як будзе Радзіма твая

На каленях стаяць,

Дык на жываце ляжаць табе прыйдзецца.

* * *

Радзіме, якая па-за любоўю сыноў і дачок,

Абавязкова ператвараецца

Ў абыякавую тэрыторыю.

* * *

Ты нібыта Радзіму любіш,

А ці варты любові яе

Ты сам?!.

* * *

Чужой Радзімы не прыніжай,

Каб потым не прынізілі моцна

Тваю.

* * *

Не будзь, не будзь рэзідэнтам

Для краю чужога

І на Радзіме сваёй малой.

* * *

Ды не будзем прышчанкамі

На твары прыгожым

І малой Радзімы сваёй.

* * *

Ад здрады пакутваць будзе Айчына,

Але ў адрозненне ад здрайца

Будзе жыць яна ў вяках.

* * *

Радзімай малою маёй і тваёй

Беларусь наша мілая

Будзе квітнець.

* * *

Якія б контры-канторы ў свеце ні былі,

Іх Бацькаўшчына светлая,

Няхай сабе ў небе, ды перажыве.

Уважлівы погляд фотамайстра

У Нацыянальным гістарычным музеі ў Менску працуе выстава вядомага журналіста і фатографа, турыстычнага менеджара Сяргея Плыткевіча "Планета Беларусь. Касцёлы".

На ёй можна ўбачыць чорна-белыя хранікальныя кадры парафіяльнага жыцця, хвалюючыя моманты з жыцця вернікаў, будні і ўрачыстасці, убачаныя праз аб'ектыў уважлівага назіральніка, зацікаўленага рэпарцёра.

Вядомы фатограф заўсёды радуе гледачоў позіркам на Беларусь з вышыні птушынага палёту. З такой кропкі наша зямля і яе святыні па-сапраўднаму велічныя і прыгожыя. Яны з'яўляюцца архітэктурнымі дамінантамі гарадоў і паселішчаў, цэнтрамі культуры і духоўнасці, прывабліваюць турыстаў.

У выходны дзень давялося бачыць шмат маладых наведвальнікаў выставы, якія, разглядаючы здымкі Траецкага касцёла ў Глыбокім, храма Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, дзяліліся сваімі ўспамінамі пра летнія вандроўкі і пілігрымкі, і марылі адправіцца ў іх зноў.

Сяргей Плыткевіч нястомна працуе, аб'язджаючы і аблятаючы Беларусь кожныя выходныя ў любую паравіну года. Яго цудоўныя фотарэпартажы з маляўнічымі краявідамі штодня з'яўляюцца ў Фэйсбуку і на сайце www. planetabelarus.

Э. Дзвінская, Фота Віктара Ведзеня.

ДЫКТОЎКА Ў БІБЛІЯТЭЦЫ ІМЯ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА

21 лютага ў бібліятэцы імя Францішка Багушэвіча ў Менску прайшла беларуская дыктоўка з нагоды Міжнароднага дня матчынай мовы. Дыктоўку правяла Фрунзенская арганізацыя ТБМ г. Менска разам з бібліятэкай №14 імя Францішка Багушэвіча. Перад пачаткам дыктоўкі з прывітальным словам да ўдзельнікаў выступіла загадчыца бібліятэкі Наталля Стрыгельская, зазначыўшы, што напісанне дыктоўкі ў гэты дзень сталася ўжо традыцыяй. У дыктоўцы бралі ўдзел навучэнцы лінгвагуманітарнага каледжа і сябры ТБМ г. Менска. Вёў дыктоўку дасведчаны выкладчык беларускай мовы Алесь Чэчат. Па заканчэнні перад удзельнікамі выступіла выканаўца песень Ала Бяляўская, акампануючы сабе на класічнай гітары. Прагучалі песні "О Беларусь, мая шыпшына" (на верш Уладзіміра Дубоўкі) і "Белавежская пушча" ў перакладзе на беларускую Наталлі Арсенневай. Дыктоўка прайшла ў святочным настроі.

Павел Чайкоўскі, г. Менск.

О, Беларусь - мая шыпшына…

На Слонімшчыне Дзень роднай мовы ператварыўся ў шырокае тыднёвае свята роднай мовы. Навучэнцы Слонімскага каледжа прынялі ўдзел у віктарыне па беларускай мове "Беларуская скарбонка". У Слонімскай гарадской бібліятэцы № 4 адбылося гістарычнае паведамленне "Родная мова - крыніца празрыстая", у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа прысутныя пабывалі на гадзіне беларусазнаўства "Душа адклікнецца на роднае слова", а ў сярэдняй школе № 5 г. Слоніма адбыўся літаратурны подыум "Мова наша напеўная, беларусы спеўныя!". У Дзеравянчыцкай сельскай бібліятэцы гучалі вершы беларускіх паэтаў, якія прачыталі работнікі культуры і вяскоўцы. Парадаваў прысутных Жыровіцкі цэнтр культуры, дзе адбылося свята роднай мовы "О, Беларусь - мая шыпшына…", якое арганізавала кіраўнік Слонімскай арганізацыі ТБМ Святлана Бушчык разам са школьнікамі і настаўнікамі мясцовай школы. Гасцямі мерапрыемства былі пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын, мастачка і спявачка Надзея Салейка, мясцовая паэтка Зінаіда Русак. У гэты вечар у Жыровічах гучала беларуская паэзія, песні на роднай мове, розныя конкурсы і віктарыны.

* * *

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл 21 лютага пісалі дыктоўку па вядомым вершы "Хто адрокся сваіх" беларускага паэта-земляка Гальяша Леўчыка (1880-1944). Хрэстаматыйны верш быў апублікаваны ў зборніку Гальяша Леўчыка "Чыжык беларускі" (Вільня, 1912). Але ён вельмі актуальны і сёння. Вось некалькі строф з верша:

"Хто адрокся сваіх,

Хто стыдацца нас стаў

І прыліп да чужых, -

Каб ён свету не знаў!

Мову родную хто

Пазабыў, асмяяў,

Загубіў за нішто, -

Каб ён свету не знаў!.."

Дыктоўку чытаў слонімскі грамадскі актывіст Уладзімір Ліцвін. Спадар Уладзімір павіншаваў усіх з Днём роднай мовы і пажадаў, каб такі дзень у нашым жыцці быў заўсёды.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.

СВЯТА РОДНАЙ МОВЫ Ў ПРУЖАНАХ

22 ЛЮТАГА ў Пружанскім палацыку па ініцыятыве Пружанскай арганізацыі ТБМ адбылося Свята роднай мовы. У нашай вечарыне ўзялі ўдзел вучні Пружанскай школы № 5, хор ветэранаў "Чырвоныя гваздзікі", валанцёры арганізацыі Чырвонага крыжа, сябры ТБМ і мясцовыя нашы паэты Мікола Антаноўскі і Мікола Папека.

Вечарына пачалася з прывітальнага слова дырэктара Палацыка Зялевіча Юрася і старшыні рады ТБМ Жэгалавай Тарэсы, у якім прагучала і віншаванне ўсіх прысутных на свяце з Міжнародным днём роднай мовы. Затым вучні 5-9 класаў СШ №5 прадэманстравалі арыгінальны абрад квашання капусты. З вясёлымі песнямі, вершамі і прымаўкамі ў жартоўнай форме дзеці распавялі, як калісьці ў вёсках на квашанне капусты збіраліся лепшыя гаспадыні і дзяліліся перанятымі ў бабуль і матуль старажытнымі рэцэптамі прыгатавання карыснай стравы. Гэты касцюміраваны выступ вельмі спадабаўся ўсім прысутным, і атмасфера прыўзнятага настрою панавала на працягу ўсёй вечарыны.

А пасля быў выступ са сваімі вершаванымі творамі пружанскіх паэтаў: члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міколы Антаноўскага і паэта-пчаляра, чалавека з нестардартным светаўспрыманнем, своеасаблівым стаўленнем да навакольнага асяроддзя, аўтара "Мядовай прэміі" для паэтаў і пісьменнікаў Берасцейшчыны Міколы Папекі. Цікавым было выступленне хору ветэранаў "Чырвоныя гваздзікі", якім кіруе Святлана Машкала. Пад акампанемент баяніста Алега Марданя яны выканалі творы на вершы беларускіх паэтаў. Валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа пад кіраўніцтвам Людмілы Новік выканалі беларускія народныя песні. Адна з выкананых імі песень пад назвай "Родны край"(на словы Алеся Бялевіча і на музыку Надзеі Новік, дачкі кіраўніцы хору) у 2015 годзе ў Менску на рэгіанальным аглядзе-конкурсе беларускіх патрыятычных песень узяла Гранпры. І вельмі прыемна, што зараз гэтая песня ўпрыгожвае рэпертуар пружанскіх спевакоў.

Сапраўднай любоўю да роднай мовы была прасякнута ўся імпрэза. Яна, наша любоў да роднай мовы, сведчыць пра спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі: дзяды і прадзеды нямала зрабілі дзеля таго, каб беларускую мову прызналі роўнай сярод іншых моў свету. Як жыта, спрадвечная наша родная беларуская мова…

Тарэса Жэгалава, старшыня рады Пружанскай арганізацыі ТБМ.

На Лідчыне 12-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі каля 9700 чалавек, у мерапрыемствах да Міжнароднага дня роднай мовы ўдзел бралі каля 12000 чалавек

Установы культуры

Тыдзень беларускай мовы "Роднаму слову прызнанне ў любові"

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды публічныя бібліятэкі Лідскага раёна ладзілі тыдзень беларускай мовы "Роднаму слову прызнанне ў любові".

Эрудытаў і знатакоў беларускай мовы сабраў конкурс "Слова роднае - вечнасці след" (філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка").

Паэтычную мазаіку "Мілагучнае, звонкае, роднае слова" падрыхтаваў філіял "Дзітвянская сельская бібліятэка".

Для аматараў беларускай мовы ладзілі літаратурны вечар "У мовы роднай - роднае карэнне" (філіял "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Бердаўка").

З мэтай папулярызацыі i падтрымкі беларускай мовы філіялы ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" правялі дыктоўкі на беларускай мове па тэкстах, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дыктоўкі пісалі: Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы; філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6" (падчас літаратурна-музычнай гасцінай "Святло роднага слова"); філіял "Дварышчанская сельская бібліятэка" (падчас літаратурнай гульні-віктарыны "Захіну свой край ад нягод песняй матчыных простых слоў"); філіял "Мінойтаўская сельская бібліятэка" (падчас турніру эрудытаў "Таямніцы роднай мовы").

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" (падчас гадзіны роднай мовы "Каб бацькоўская мова непаўторнаю кветкай цвіла") прайшлі дзве дыктоўкі: для дзяцей і для дарослых. Сярод дзяцей (СШ № 13) без памылак напісалі: Леўчанка Аліна, Адамовіч Васіліса, Вільчэўскі Павел; з адной памылкай напісалі: Кізік Аляксей, Бародзіч Святаслаў, Албавічус Радзівон, Васора Патрык, Крахмальчык Карына, Гардзей Мікіта, Шэстайла Ілья. Сярод дарослых найлепш напісала Дашкевіч Марта.

Наш кар.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, прайшлі ў Лідскім цэнтры культуры

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У кожнай клубнай установе Лідскага раёна былі праведзены мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага дня.

Літаратурны вечар "У мовы роднай - роднае карэнне" правялі супрацоўнікі Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра сумесна з Бердаўскай школай. Усе прысутныя даведаліся пра тое, як родная мова "прабівала" сабе дарогу, нагадалі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія з любоўю і павагай пісалі пра беларускаю мову. Для прысутных прагучалі вершы знакамітых беларускіх песняроў Юрася Свіркі, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Дубоўкі.

Віктарыну "Знаўцы роднай мовы" правёў Ходараўскі сельскі клуб-бібліятэка, на працягу якой удзельнікі шукалі адказы на пытанні, перакладалі словы і словазлучэнні з рускай на беларускую мову, тлумачылі сэнс беларускіх слоў, спрабавалі правільна ўжываць фразеалагізмы, працягвалі фразу з вядомых вершаў.

Паэтычны вечар "Літаратурная мазаіка" адбыўся ў Дзітвянскім доме культуры. Школьнікі даведаліся аб гісторыі станаўлення і развіцця роднай мовы, чыталі беларускія вершы і байкі.

У Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу правялі конкурсную праграму "Знаўцы роднай мовы", дзе была праведзена гульня, у якой трэба было знайсці працяг беларускіх прыказак і прымавак, перакласці словы з рускай мовы на беларускую.

У Ваверскім доме культуры правялі пазанавальна-гульнёвую праграму "Мову родную і край свой любіце". Удзельнікі даведаліся пра асаблівасці беларускага народнага аддзення, разглядалі гісторыю беларускіх гарадоў, вёсак і іх моўныя асаблівасці.

Родная мова - чыстая крыніца, якая дадзена кожнаму народу, каб жыць, тварыць і адчуваць сябе сапраўдным грамадзянінам свайго народа. Трэба берагчы і ахоўваць яе, каб не страціць сваю самабытнасць.

Наш кар.

Родная мова - наш неацэнны скарб

Каледжы і ліцэі

Кожны год 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Навучэнцы і выкладчыкі Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных дадзенаму святу. Навучэнкі гуманітарнага аддзялення 20 лютага наведалі вечарыну, якая адбылася ў раённым Палацы культуры. Раніца 21 лютага ў каледжы пачалася з акцыі "Мова родная - мова модная", якую правялі навучэнкі групы 97па. Выкладчыкам і навучэнцам каледжа ў гэты дзень была прапанавана магчымасць прыняць удзел у напісанні Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Гэтую магчымасць скарыстала дзвесце семдзясят чалавек - навучэнцы груп першакурснікаў, выкладчыкі гуманітарнага аддзялення.

Усе ўдзельнікі без выключэння прадэманстравалі добрае веданне роднага слова. Адзін з лепшых вынікаў, дзесяць балаў, у выкладчыка педагогікі і псіхалогіі Наталлі Леанідаўны Будзішкі.

Напрыканцы многія ўдзельнікі дзяліліся думкамі, выказваліся, што Агульнанацыянальная дыктоўка па беларускай мове - гэта не толькі справа абавязку кожнага грамадзяніна, колькі маральная патрэба, і што дзень, праведзены пад гучанне беларускага слова, прынёс усім вялікае задавальненне.

Яхантава Аліна, навучэнка 96па групы гуманітарнага аддзялення.

* * *

У Лідскім дзяржаўным прафесійным політэхнічным ліцэі дыктоўку пісалі 86 чалавек. Пісалі гр. 372 (электраманцёры, слесары-сантэхнікі), гр. 373 (муляры, тынкоўшчыкі), гр. 374 (афіцыянты, кантралёры-касіры) - усе 1 курс, гр. 369 (электраманцёры, слесары-сантэхнікі), гр. 370 (токары, слесары па рамонце аўтамабіляў) - усе 2 курс.

10 балаў атрымалі: Паўловіч Зміцер, Петрашэвіч Максім, Дзярызямля Ірына, Крыпец Валерыя.

9 балаў атрымалі: Масла Уладзімір, Шостак Арцём, Грыгель Уладзіслаў, Рубель Дзіяна, Каско Кацярына, Ус Андрэй.

Дыктоўку ў ліцэі пісалі ў 2-гі раз.

Наш кар.

* * *

У Лідскім дзяржаўным прафесійным ліцэі меліярацыі дыктоўку пісалі 20 чалавек (спецыяльнасць "Грамадскае харчаванне").

9 балаў атрымалі: Мурачынская У., Мельнікава Д., Бурнос А.

8 балаў атрымалі: Панімач У., Емяльянчык В.

Дыктоўку ў ліцэі пісалі ў 2-гі раз.

Наш кар.

* * *

21 лютага "Міжнародны Дзень роднай мовы".

У гэты дзень увесь свет адзначае міжнародны Дзень роднай мовы. У Нёманскім ДПЛ г. Бярозаўкі таксама адзначылі гэтае свята.

Беларусам многія народы могуць пайзайдросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова. Таму мы не маглі застацца ўбаку і правялі мерапрыемства "Гучы, наша родная мова, часцей". Удзел у мерапрыемстве прынялі ўсе навучэнцы ліцэя. Дыктоўку пісалі 160 чалавек.

Наш кар.

* * *

Лідскі музычны каледж быў грунтоўна задзейнічаны ў канцэрце 21 лютага ў Лідскім палацы культуры. Дыктоўку сёлета тут чамусьці не пісалі, хаця ў папярэднія гады праблем не было.

Наш кар.

Установы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Лідскага раёна

21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі ўсе 34 школы і 50 садкоў Лідскага раёна - асноўная ўдарная сіла.

12-я Агульнанацыянальная дыктоўка сёлета была прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Тэкты дыктовак для класаў ад 3-га да 11-га распрацавалі ва ўпраўленні адукацыі раёна, але ў школах у асноўным пісалі дыктоўкі, пачынаючы з 2-га класа. Акрамя дыктовак, школы ладзілі сапраўдныя святы беларускасці.

Усяго ў школах дыктоўкі пісалі 8978 чалавек. Калі ў бібліятэках і клубах у асаблівыя падлікі не ўдараюцца, то ў школах традыцыйна палічана ўсё.

Найбольшую колькасць удзельнікаў дыктоўкі далі вялікія лідскія школы: СШ № 17 - 887 чалавек, СШ № 8 - 845 чалавек, СШ № 15 - 801 чалавек, СШ № 12 - 671 чалавек і так на памяншэнне да невялікіх вясковых школ.

Наш кар.

І што мы маем у выніку?

У выніку мы маем дзяржаўную, узважаную пазіцыю лідскіх уладаў у пытанні стаўлення да беларускай мовы. Тут не паўтараюць абсалютна правільную мантру: "Калі мы страцім беларускую мову, мы перастанем быць беларусамі". Тут хоць нешта робяць, каб гэтага не адбылося. Сёлета ў Лідскім раёне дыктоўку пісалі каля 9700 чалавек. Усяго ў свяце роднай мовы ўзялі ўдзел каля 12 тысяч чалавек.

Знойдуцца скептыкі, якія скажуць: "Ну і што тут такога? Падумаеш, 12 тысяч чалавек адзін дзень, і той не цэлы, пагаварылі па-беларуску ў адным раёне Беларусі".

Канешне, нічога экстаардынарнага, але на Лідчыне ўжо ёсць гэты дзень і гэтыя 12 тысяч. Ён ёсць ужо чатыры гады. Там было 5000, 6000, 5500 удзельнікаў дыктоўкі, сёння маем 9700. І ёсць ужо іншыя раёны, якія рухаюцца ў тым жа кірунку. І ёсць вакол "песні жальбы", што ўсё прапала.

Яраслаў Грынкевіч.

З падзей 2018 года

Сымон Барыс

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Доля сельскагаспадарчай вытворчасці складае каля 6-7 % аб'ёму ВВП. У сельскагаспадарчым сектары працуе каля 9 % ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы краіны (паведамленне Нац. статкамітэта).

У структуры пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых арганізацый збожжавыя і зернебабовыя культуры займалі 43,5%, тэхнічныя культуры (лён, цукровыя буракі і рапс) - каля 10%, бульба і гародніна - 0,6%, кармавыя культуры - 46,4%. На 1 кастрычніка 2018 г. колькасць буйной рагатай жывёлы склала 4,3 млн. галоў (100 % да мінулага года, у тым ліку кароў 1,4 млн. галоў), свіней - 2,6 млн. галоў (90%), птушкі - 46,8 млн. галоў (101%). На 1 студзеня 2018 г. у Беларусі налічвалася 989 тыс. асабістых падсобных гаспадарак, у іх землекарыстанні знаходзілася 782 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў.

У краіне налічваецца каля 56 тысяч коней, з іх у сельскагаспадарчых прадпрыемствах - 22 тысячы, у фермерскіх гаспадарках - 700, у гаспадарках насельніцтва - 33 100 галоў.

Знешні дзяржаўны доўг на 1 снежня 2018 года склаў 16,8 млрд. долараў ЗША, павялічыўся з пачатку года на 70,3 млн долараў ЗША (з улікам курсавых розніц), або на 0,4%. Выплата замежнай дзяржаўнай запазычанасці з пачатку 2018 года склала 1 883,1 млн. долараў ЗША.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 снежня 2018 года склаў 9,7 млрд. рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 489,5 млн рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 5,3%.

Ураджай у Беларусі ў 2018 годзе

Беларусь у 2018 годзе ў гаспадарках усіх катэгорый сабрала збожжа (у вазе пасля дапрацоўкі) 6,2 млн тон, - гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага статыстычнага камітэта (Белстат). Зыходзячы са звестак Камітэта, у параўнанні з 2017 годам валавы збор збожжа (у вазе пасля дапрацоўкі) знізіўся на 22,5%. Па аб'ёмах вытворчасці збожжа больш за ўсё было сабрана ў Менскай вобласці - 1,5 млн тон, або 24,2% ад агульнага аб'ёму вытворчасці ў Рэспубліцы. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у 2018 годзе склала 26,7 ц / га (супраць 33,2 ц / га ў 2017 годзе).

У гаспадарках усіх катэгорый бульбы накапалі 5,9 млн. тон (у 2017 годзе - 6,4 млн. тон). З аднаго гектара прыбранай плошчы было атрымана 216 ц бульбы (у 2017 годзе - 232 ц).

Валавы збор цукровых буракоў у 2018 годзе склаў 4,8 млн тон супраць 4,9 млн тон у 2017 годзе, пры сярэдняй іх ураджайнасці 476 ц / га (у 2017 годзе - 493 ц/га).

Вытворчасць гародніны знізілася да 1,7 млн тон (у 2017 годзе - 2 млн тон) пры сярэдняй ураджайнасці 265 ц/га (у 2017 годзе - 296 ц/га).

У абароненым грунце вырашчана 125,1 тыс. тон гародніны, або 7,2% ад агульнага аб'ёму. У структуры вытворчасці агародніны ў абароненым грунце доля памідораў склала 58,5%, агуркоў - 40,1%, іншай гародніны - 1,4%.

Вытворчасць ільновалакна ў параўнанні з 2017 годам скарацілася на 6,6% і склала 39,5 тыс. тон.

Агульная пасяўная плошча сельгаскультур у 2018 годзе ў гаспадарках усіх катэгорый склала 5 млн. 814,5 тыс. га. на долю сельгасарганізацый прыходзілася 90,8% ад агульнай пасяўной плошчы, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак - 2,1%, гаспадарак насельніцтва - 7,1%.

Паведамленне ад 14.01. 2019 г. - Рознае / Інтэрфакс.

Беларусь заняла першае месца ў Еўропе па ўжыванні моцнага алкаголю (6 літраў на кожнага чалавека, уключаючы немаўлят), на другім месцы - Літва, а Расія - нават на пятым месцы.

Сярэдняя месячная заработная плата за лістапад склала 994 рублі.

Сярэдняя працоўная пенсія ў снежні (апрача пенсіянераў ваенных, КДБ, МНС і органаў МУС) - 388 рублёў.

Базавая велічыня ў канцы 2018 года была 24,5 беларускія рублі. Тарыфная стаўка 35,5 рубля з 1 кастрычніка 2018 года.

У абменных пунктах у канцы снежня ў Менску 1 долар можна было купіць за 2,18 бел. руб., 1 еўра - за 2,50 бел. руб., 100 рас. руб. - за 3,150 бел. руб.

За снежань месяц у Менску плата за камунальныя паслугі (апрача элекраэнергіі і тэлефона) прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м., у якой пражывае адзін чалавек, склала 41,52 руб.

У снежні кошт электраэнергіі за адну кВт/гадзіну для гараджан, якія карыстаюцца газавай плітой, да 150 кВт/гадзін - па 0,1433 руб., ад 150 да 300 кВт/гадзін - па 0,1841 руб., вышэй 300 кВт/гадзін - 0,1841 руб. і для гараджан, якія карыстаюцца электраплітой, да 250 кВт/гадзін - па 0,1218 руб., пасля 250 да 400 кВт/гадзін - па 0,1583 руб., вышэй 400 кВт/гадзін - 0,1840 руб.

У снежні праезд у гарадскім транспарце Менска каштаваў у тралебусе, аўтобусе і трамваі адна паездка 0,60 рубля, у метро - 0, 65 рубля, у аўтобусе-экспрэс - 0,75 руб.

У канцы снежня цэны тавараў у менскіх магазінах былі наступныя:

Хлеб "Нарачанскі" (1,2 кг) - 2,20 руб.

Хлеб "Водар" (410 г) - 0,79 руб.

Хлеб белы "Аўсяннік" (0,5 кг) - 1,45 руб.

Батон "Сталіца" (400 г) - 1,29 руб.

Смятана 26 % (400 г) - 2р,30 руб.

Смятана 20 % (300 г) - 1, 67 руб.

Малако 3,2% (0,9 л) - 1,39 руб.

Сыр "Расійскі" 50 % (1 кг) - 10,95 руб.

Тварог 10 % (200 г) - 1,15 - 1,20 руб.

Масла сметанковае "Сялян-скае" 72,5 % (180 г) - 2,40 руб.

Кефір 3,2 % (1 л) - 1,29 руб.

Кефір 2.5 % (0,9 л) - 1,15 руб.

Алей сланечнікавы (1 л) - 2,39 - 2,55 руб.

Свініна (1 кг) 2-й кат. І гат. - 7,44 руб.

Свіная грудзінка (1кг) - 13,90 - 15 ,70 руб.

Мяса свіное (1кг) - 10,71 руб.

Паляндвіца (1 кг) - 20,47 - 29,56 руб.

Каўбаса вараная "Руская" (1 кг) - 6,99 руб.

Селядцы антлантычныя (1 кг) - 3,99 руб.

Бульба (1кг) - 0,69 руб.

Капуста (1кг) - 0,99 руб.

Буракі (1 кг) - 0,99 руб.

Морква (1 кг) - 0,72 - 0,89 руб.

Мука пшанічная (1кг) - 1,30 руб.

Крупы грэцкія (0,8 кг) - 0,89 руб.

Крупы ячменныя (1 кг) - 1,06 руб.

Крупы рысавыя (800 г) - 1,75 - 1,89 руб.

Аўсяныя шматкі (500 г) - 0,89 руб.

Аўсяная мука (700 г) - 2,59 руб.

Фасоля (800 г) - 4,18 руб.

Гарох (800 г) - 1,19 руб.

Гарэлка 40 % (0,5 л) - 7,30 - 7,48 руб.

Гарэлка "Брэст-Літоўск" 40% (0,5 л) - 7,43 руб.

Віно "Кагор 10 --11 %" (0,75 л) - 5,15 руб. і 7,19 руб.

Піва "Жыгулёўскае" (0,5 л) - 1,88 руб.

Віно пладова-ягаднае 17 % (0,5 л.) - 3,09 руб.

Каньяк "Арыян", армянскі (0,5 л) - 12,98 руб.

Селядцы атлантычныя-філе (1кг) - 7,01 руб.

Салака салёная (1кг) - 4 ,49 руб.

Цукар (1кг) - 1,50 руб.

Яйкі (10 штук) - 1,99 руб.

Цыбуля (1кг) - 0,99 руб.

Соль харчовая (1 кг) - 0,65 руб.

Запалкі (1 пачак) - 0,06 руб.

Мыла гаспадарчае 72 % (200 г) - 0,69 руб.

Яблыкі (1 кг) - 1, 29 - 1,49 руб.

Пазнаваць глыбей асобу дарагога сэрцу паэта

24 лютага споўнілася 84 гады з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна, а 2 сакавіка - пяць гадоў з дня яго смерці.

Мы сустрэліся з укладальніцай шматтомнага выдання "Дзённікаў і запісаў", літаратурнай даследчыцай Наталляй Давыдзенка, якая склала шматфарматны калейдаскоп грамадскага, побытавага, творчага і асабістага жыцця паэта. Тамы выходзілі ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі". Пяты выпуск "Дзённікаў і запісаў" паступіў у бібліятэкі і кнігарні краіны. Спадарыня Наталля працуе над шостым томам запісаў народнага паэта.

Дзённікі, лісты, зацемкі, накіды, чарнавікі - невычэрпная крыніца для больш глыбокага спазнання і разумення чалавека, а тым больш, творцы такога маштабу, як народны паэт Рыгор Барадулін. Галоўнай мэтай складальніка было поўна сабраць, расшыфраваць, спарадкаваць дзённікі і шматлікія раскіданыя "пункцірныя" запісы на хаду.

- Я спадзявалася, - распавяла Наталля Аляксееўна, - што праз гэтыя запісы чытачы будуць пазнаваць шматгранную асобу крыштальна-нацыянальнага паэта, знаёмага і незнаёмага, шчыра любімага і дарагога сэрцу кожнага беларуса.

Мне дапамагала ў падборы каментароў Ірына Якаўлеўна Сляповіч, з якой мы разам працавалі ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". У афармленні вокладак дапамог Яраслаў Мальдзіс, які выбіраў і размяшчаў адпаведныя гадам фотаздымкі.

Складзеная картатэка вершаў дазволіла мне адшукаць у дзённікавых запісах творы, якія ніколі раней не друкаваліся, і ўключыць іх у выданне.

У чарнавых блакнотах было шмат запісаных фразаў, рыфмаў, вершаў. Рыгор Іванавіч гартаў свае запісы, вяртаўся да іх праз гады, імкнуўся падмеціць сакавітае беларускае слова. Ён быў вельмі цікаўным, у падарожжах запісваў усе свае ўражанні. У Азіі ён заўважаў адценні пустыні і колер кветак, як звісае вінаград з дахаў у дварах.

- Які перыяд ахоплівае пяты том "Дзённікаў і запісаў"?

- Падзеі 1989-91, занатаваныя ў 5-тым томе - гэта пярэдадзень знікнення СССР і з'яўлення новых ці адрожданых дзяржаў. На слуху перабудова, дэмакратыя, галоснасць, мітынгі і шэсці на Курапаты, на гадавіну Чарнобыля. 1 з'езд народных дэпутатаў у Маскве.

У Беларусі ўтвараецца падраздзяленне Міжнароднага аб'яднання пісьменнікаў ПЭН- клуба - ПЭН - цэнтр, і Рыгор Барадулін становіцца яго першым прэзідэнтам. Ён - сябра Беларускага Народнага Фронту і яго соймаў. Камуністы пачынаюць здаваць партбілеты. У Менску збіраецца першы кангрэс беларусістаў.

19 жніўня 1991 года адбылася спроба дзяржаўнага перавароту ў Маскве ГКЧП. 25 жніўня аб'яўляецца незалежнасць БССР, 8 снежня 1991 кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісваюць у Белавежскай пушчы пагадненне аб утварэнні СНД. Адначасова імкліва скачуць цэны, танеюць грошы, апустошваюцца паліцы крамаў. У гэты час Рыгор Іванавіч атрымлівае навіну аб нараджэнні ўнучкі.

У 90-тыя гады паэт наведваў Талін, Кіеў, Ташкент, Пскоў, Маскву, Ашхабад.

Не спынялася яго выдавецкая праца. Ён рупіўся пра 6-томны збор твораў Васіля Быкава, выбранае Язэпа Пушчы. У выдавецкім калідоры чуўся яго вясёлы голас, шмат якім супрацоўнікам трэба было пастарацца адлавіць усеагульнага ўлюбёнца, каб нешта ўдакладніць, паправіць, падпісаць. Чакалі і маладыя паэты і паэткі, каб уручыць свае сціплыя опусы, пачуць водгук і падказку. Яго часу, увагі, спагады і душы хапала на ўсіх.

Рыгор Іванавіч ездзіў па Беларусі па справах прапаганды беларускай літаратуры ў Віцебск, Оршу на вечарыны, на Шагалаўскія чытанні і наведваў іншыя мерапрыемствы. На адпачынак ён ездзіў у Дамы творчасці літоўскай Ніды, Кішынёва і латышскіх Дубултаў. Адпачынак быў працягам напружанай працы: з'яўляліся новыя вершы і безліч перакладаў: Пастарнак, Мандэльштам, Пушкін, Эмінеску, Райніс, Вальеха.

Перабудова прынесла душэўны сум і смутак, адчуванне ўзросту, амаль безвыходнасці і агульнай галечы. Рыгор Іванавіч ратаваў душу Ушачамі, едзіў удыхуць роднага паветра, наслухацца сакавітай мовы ў радні.

У 90-я гады Рыгора Іванавіча пачалі турбаваць думкі аб смерці.У цяжкія часы ён ніколі не жаліўся, не скардзіўся. Знешне ён быў з людзьмі, якія яго акружалі, а ўнутры самнасам са сваімі думкамі. Душа яго балела, і нараджаліся вершы пра канец жыцця. Беларус стрыманы ў эмацыйных праявах, больш затоены ў самім сабе.Такі менталітэт беларуса: каб захаваць адчуванне прыстойнасці, трэба ўсё хаваць у сябе. Таму Рыгор Іванавіч выказваўся ў дзённіку, выліваў свае перажыванні ў вершах.

- У гэты перыяд Рыгор Барадулін пачаў больш ствараць вершаў на духоўныя тэмы?

- Да Бібліі Рыгор Іванавіч звярнуўся ў 90-тыя гады, калі Васіль Сёмуха ўзяўся перакладаць Біблію. Ён быў яго дарадчыкам. У кнігу "Евангелле ад мамы" ўвайшло шмат вершаў на спрадвечныя тэмы. Цяпер я дзіўлюся, колькі духоўных вершаў, перакладаў малітваў, псальмаў і прыпавесцяў, тэкстаў на сюжэты Старога і Новага Запаветаў, прысвячэнняў духоўным асобам Рыгор Іванавіч паспеў стварыць! За адзін вечар (а гэта пацвярджаюць даты пад вершамі), у яго нараджалася па некалькі геніяльных твораў на біблейскія тэмы! Наўрад ці ёсць у сусветнай літаратуры такі геній, які змог

- З Вашай дапамогай ён працаваў над апошнімі кнігамі?

- Кніга "Толькі б яўрэі былі" выйшла ў 2011 годзе і была для яго вельмі дарагой! Яўрэі, якія здаўна жылі з беларусамі ў духоўна-побытавым яднанні, былі яго блізкімі сябрамі, і яму хацелася асэнсаваць узоры беларуска-яўрэйскага сугучча. У кнігу ўвайшлі пераклады вершаў яўрэйскіх паэтаў, нарысы пра Марка Шагала, Заіра Азгура, Хайма Мальцінскага.

"Вушацкі словазбор" быў для яго таксама доўгачаканай кнігай. Задума напісаць "Вушацкі слоўнік" у яго прысутнічала з восьмага класа, і здзейснілася ў апошнія гады жыцця.

Я прапанавала яму структуру, каб лепш усё захаваць.У раздзеле "Гаваркое слова" Рыгор Іванавіч падаў як плынь свядомасці аповеды Акуліны Андрэеўны Барадулінай і яе вушацкіх землякоў, Ганны Рыгораўны і Валянціны Уладзіміраўны Быкавай. Ён паспеў усе прачытаць, калі "Вушацкі словазбор" рыхтаваўся, мы змаглі ўдакладніць і дадаць усё, што ён хацеў. Кніга выйшла ў 2013 годзе.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымку: Наталля Давыдзенка.

* * *

1 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя пяцітомнага збору "Дзённікаў і запісаў" народнага паэта Рыгора Барадуліна.

На вечарыне выступіла складальніца пяці тамоў "Дзённікаў і запісаў" Наталля Давыдзенка, старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" кнігазнаўца Валер Герасімаў. Слова ўзялі кіраўнік Беларускага саюза мастакоў, паэт, мастак Рыгор Сітніца, паэт, эсэіст, былы калега Рыгора Барадуліна па працы ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" Леанід Дранько-Майсюк і найбліжэйшы сябра апошніх гадоў жыцця Рыгора Барадуліна музыка Алесь Камоцкі.

Эла Дзвінская.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Выхаванне

- Вы, Мікалай Мікалаевіч, не можаце наладзіць у нашай школе дысцыпліну…

Дырэктар школы з жахам глядзеў на акуляры настаўніцы, якія шалёна скакалі на пераносіцы. Ён не слухаў яе, а пакутліва чакаў таго моманту, калі будзе названа імя таго разгільдзяя.

- Вучань чацвёртага класа Буйко… мовіла настаўніца і, заплакаўшы, выбегла з кабінета.

Віця Буйко, якога ўсе ў школе звалі проста Буйвал, стаяў за будынкам школы і нярвова зацягваўся цыгарэтай.

- Чым ты тут займаешся? - стрымліваючы злосць, педагагічна запытаў дырэктар вучня.

- І вас яна дапякла, - спачувальна мовіў шкаляр і дадаў, - ох, гэтая Марыя Іванаўна!

Дырэктар разгубіўся, не ведаючы, што сказаць.

- Закурыце, - Буйвал працягнуў Мікалаю Мікалаевічу пачак цыгарэт. - Гэта супакойвае.

Дырэктар трохі падумаў, потым узяў цыгарэту, зацягнуўся і пачаў выпускаць дым колцамі.

- Нармалёва, - пахваліў яго вучань. - У якім класе пачалі курыць?

- У першым, - ужо спакойна адказаў Мікалай Мікалевіч.

- Я толькі ў другім…

Пасля трэцяй зацяжкі злосць дырэктара прайшла канчаткова.

- Марыя Іванаўна! Марыя Іванаўна!, - стагнаў надалей шкаляр. - Здаецца, і не благі чалавек, а няма ў яе асабістага жыцця, і вось у каго яна ператварылася. Сама заўжды надзьмутая, як той чмель, і іншым настрой псуе.

- Ну ты даеш! - заўважыў Мікалай Мікалаевіч.

- Сабе яна нішто, а мужчыны не мае…, - працягваў Буйвал.

Дырэктар кінуў на зямлю акурак і гучна плюнуў.

- Ты, Буйвал, не загінай. Кракадзіл яна! Які мужчына захоча жыць з кракадзілам? - схапіў Буйко за вуха пацягнуў ўверх.

- Непедагагічна, - застагнаў хлапчук.

- Невук, - спакойна сказаў Мікалай Мікалаевіч і пацягнуў вышэй. - У тваім узросце я ўжо ведаў, якая жанчына прыгожая, якая - не.

- Разумею! Разумею!

Дырэктар адпусціў Буйко, даўшы напаследак добрага кухталя і строга папярэдзіў:

- Глядзі мне, болей не памыляйся!

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX