Вярнуцца: 2019

№ 11 (1422)


Дадана: 13-03-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 11 (1422), 13 сакавіка 2019 г.

У Беластоку ўзнагародзілі пераможцаў беларускай дыктоўкі

21 лютага ўжо сёмы раз запар прайшла беларуская дыктоўка ў Беластоку, прымеркаваная да Дня роднай мовы. Сёмага сакавіка ў Праваслаўнай школе імя св.св. Кірыла і Мяфодзія адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў:

- Першае месца ў катэгорыі малодшых вучняў атрымаў Мікола Абрамюк.

- Мне спадабалася. Вельмі цешуся. Пакажу свайму брату, бацькам. І бабулі, і дзядулі, і другой бабулі.

Рэдактар "Зоркі" Ганна Кандрацюк-Свярубская:

- Тое, што вы пішаце дыктоўку, ёсць вельмі пазітыўным прыкладам у іншых школах. Калі я спатыкаюся з дзецьмі ў Гайнаўцы, у Бельску ці ў Новым Корніне, яны ўсе здзіўляюцца, што тут так любяць граматыку.

- У гэтым нашым Свяце роднай мовы не ідзе пра тое, каб атрымаць як мага больш узнагародаў, не пра тое, каб беспамылкова напісаць, але ўвогуле, самае важнае - каб гэтае свята рабіць, - сказала ў час уручэння дыпломаў і ўзнагарод арганізатарка беларускай дыкоўкі Яанна Марко.

Пераможцам у старэйшай групе ўдзельнікаў стаў вучань школы ў Нарве Уладзіслаў Кутузаў, які напісаў амаль беспамылкова. Прозвішчы ўсіх пераможцаў і вылучаных вучняў -

Старэйшая група:

1 месца - Уладзіслаў Кутузаў (школа ў Нарве);

2 месца - Юстына Бакуменка (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку);

2 месца - Іван Карсунскі (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку);

3 месца - Вікторыя Пякарская (гімназія);

3 месца - Алеся Буткевіч (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку).

Вылучэнні: Марко Кутузаў (Нарва), Аляксандра Паўлючук (Беласток).

Малодшая група:

1 месца - Мікола Абрамюк (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку);

2 месца - Анна Іванюк (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку);

3 месца - Марыня Місяюк (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку).

Вылучэнні:

Габрэля Крупіч (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку);

Марта Васькоўская (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку);

Аляксандра Кузьма (Праваслаўная школа імя свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку).

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя.

Язэпу Янушкевічу - 60

Беларускаму пісьменніку, архівісту-археографу, тэкстолагу-крыніцазнаўцу Язэпу Янушкевічу 7 сакавіка споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння. Родам Язэп Янушкевіч з мястэчка Ракаў. Скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Усё жыццё займаецца пошукамі звестак пра беларускіх пісьменнікаў, пра старыя выданні і паўстанцаў 1863 года. Апублікаваў каля 500 артыкулаў, выдаў шэраг кніг, у тым ліку - "У прадчуванні знаходак", "За архіўным парогам", "Святыня над Іслачай", "Дыярыюш з XIX стагоддзя", "Зямля кенатафаў" і іншыя. Гэта, дзякуючы Язэпу Янушкевічу, упершыню быў апублікаваны арыгінал "Пінскай шляхты" В. Дуніна-Марцінкевіча. Даследчык у архівах знайшоў і апублікаваў шмат новых звестак пра Кастуся Каліноўскага, Уладзіміра Караткевіча, Адама Кіркора, Янку Купалу, Францішка Багушэвіча, Паўліну Мядзёлку, Вацлава Ластоўскага, Паўлюка Багрыма.

У 2015 годзе Язэп Янушкевіч разам з дачкой Камілай падрыхтаваў і выдаў арыгінальнае даследаванне ў фотаздымках "Партрэты паўстаньня 1863-1865", дзе пададзена каля 250 фотапартрэтаў удзельнікаў паўстання, сярод якіх не толькі ліцвіны, палякі, але і людзі іншых народаў: Венгрыі, Італіі, Латвіі, Летувы, Украіны. У 2007 годзе Язэп Янушкевіч быў узнагароджаны ў Варшаве прэміяй імя Льва Сапегі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

АДФУТБОЛЕНЫ ДЫЯЛОГ

Гэты год для прафесараў, доктара гістарычных навук Леаніда Лыча і Міколы Савіцкага, пачаўся радаснай і прыемнай навіной. У абодвух юбілейныя даты з дня народзінаў: Леаніду - 90 год, Міколу - 85. Выйшла з друку кніжка, аўтарамі якой яны з'яўляюцца, "Улады дыялог праігнаравалі (2015 - 2018 гг.)". Гэтая кніга ёсць зборнік дакументаў пра моўную абыякавасць надзеленых уладай чыноўнікаў. У анатацыі да кнігі адзначана: "Свядома выключаная ўладамі з афіцыйнага жыцця беларуская мова ўжо амаль чвэртку стагоддзя знаходзіцца ў заняпадзе, што выклікае вялікую заклапочанасць ва ўсіх нацыянальнай арыентацыі грамадзян краіны. Аўтары знаёмяць чытачоў са сваімі спробамі ўступіць у кантакт з дзяржаўным чыноўніцкім апаратам з мэтай выратавання беларускай мовы ад рэальнай пагібелі, якая немінуча прывядзе наш народ да этнічнай смерці і поўнай страты суверэнітэту яго краіны. Разлічана на самае шырокае кола чытачоў, асабліва на палітычную і інтэлектуальную эліту, ад якой у найбольшай ступені залежыць лёс любога народа, у тым ліку і беларускага."

Ад сябе дадам: ёсць чаму хвалявацца - за чвэрць стагоддзя выхавана абсалютная большасць дэнацыяналізаванага пакалення.Толькі з-за таго, што была гвалтоўна спынена пакрокавая беларусізацыя і павернута назад русіфікацыя. Як гэта назваць адным словам, няхай падумае чытач.

Кніга змяшчае 174 старонкі. Да зместу дапасоўваюць змешчаныя вершы П. Панчанкі, Л, Геніюш, У. Караткевіча, Г. Леўчыка, а таксама аўтабіяграфічныя звесткі пра аўтараў кнігі.

Мікола Лавіцкі. На здымках: аўтары кнігі і выгляд самой кнігі.

З беларускім словам

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ падвяла вынікі чарговага агляду-конкурсу мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы

Згодна з планам дзейнасці, Віцебская абласная арганізацыя ТБМ правяла чарговы агляд-конкурс мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы "З беларускім словам". Вынікі зацверджаны на паседжанні рады 17 лютага 2019 года.

Нагадаем, што мэтай агляду-конкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет; папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці. Згаданы агляд-конкурс праводзіцца абласной арганізацыяй ТБМ на Віцебшчыне рэгулярна і ў некалькіх катэгорыях:

- абласныя, гарадскія газеты;

- раённыя газеты;

- недзяржаўныя выданні;

- ведамасныя выданні.

Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы ў ходзе падрыхтоўкі матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асоб на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, спачуванняў, рэкламы і аб'яў.

У склад журы агляду-конкурсу ўваходзілі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прафесійныя журналісты - сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі абласной арганізацыі ТБМ.

Была прароблена вялікая праца па вывучэнні і аналізе мовы друкаваных выданняў Віцебшчыны за чацвёрты квартал, гэта значыць, за перыяд з 1-га кастрычніка па 31-га снежня 2018 г. Тут нялішнім будзе прыгадаць, што абласная арганізацыя ТБМ праводзіла аналагічныя агляды-конкурсы ў папярэднія гады. Таму несумненную цікавасць уяўляла пытанне: што змянілася ў плане выкарыстання беларускай мовы ў рэгіянальных медыях за апошні час? Ці паболела беларускага слова на старонках мясцовых выданняў і наколькі якасна наша мова выкарыстоўваецца ў друку?

Нагадаем, што падчас правядзення папярэдняга агляду-конкурсу журы прысудзіла адразу чатыры першыя месцы ў намінацыі "Раённыя газеты": "Браслаўскай звяздзе", шумілінскай раёнцы "Герой працы", ушацкаму "Патрыёту" і "Міёрскім навінам". Тады другое месца было ў докшыцкай раёнкі "Родныя вытокі", а трэцяе падзялілі шаркаўшчынская газета "Кліч Радзімы" і "Пастаўскі край".

У намінацыі "Абласныя і гарадскія газеты" падчас папярэдняга агляду-конкурсу журы не аб'яўляла пераможцаў, паколькі выданні, што трапляюць у гэтую катэгорыю, напрыклад, "Витебские вести" і "Віцьбічы", беларускую мову амаль не выкарыстоўвалі, хіба што толькі ў некаторых асобных публікацыях.

У намінацыі "Недзяржаўныя выданні" пераможцамі тады былі прызнаныя дзве газеты: "Вольнае Глыбокае" і "Каталіцкі веснік".

Думаецца, што пададзеная вышэй інфармацыя будзе карыснай для лепшага разумення сітуацыі з ужываннем беларускай мовы рэгіянальнымі СМІ Віцебшчыны ў цяперашні час. І дазволіць параўнаць, як і што змянілася ў гэтым сэнсе і ў які бок.

Скрупулёзна, самым уважлівым чынам прааналізаваўшы ўсе перыядычныя выданні Віцебшчыны, журы прыйшло да наступных высноў.

Першае месца ў намінацыі "Раённыя газеты" прысуджана адразу тром выданням: шумілінскай раёнцы "Герой працы" (галоўны рэдактар - Сяргей Ермалаеў), ушацкаму "Патрыёту" (галоўны рэдактар - Дзмітрый Раманоўскі) і докшыцкім "Родным вытокам" (галоўны рэдактар - Аляксандр Варанковіч). Прыемна адзначыць, што раённыя выданні Шуміліншчыны, Ушаччыны і Докшыччыны зноў пацвердзілі сваю прыхільнасць да беларускага слова, а газета "Родныя вытокі" нават узнялася з папярэдняга другога месца на вяршыню. Матэрыялы ў названых СМІ больш як на 90% падаюцца на беларускай мове, прычым мова гэта насамрэч якасная. Журналісты працуюць творча, шукаючы новыя формы і падыходы ў выкарыстанні мовы. Прыгадаем, да прыкладу, пару паказальных загалоўкаў з "Родных вытокаў": "Жыровічы - праваслаўная перліна Беларусі" (7.11. 2018); "Выбітны барабаншчык" (10.11.2018). Па-беларуску прапануюцца і анекдоты, а таксама рубрыка для аўтааматараў "Чатыры колы". З задавальненнем канстатуем, што за апошнія тры гады газета стала яшчэ больш якаснай у моўным плане.

Другое месца сярод раённых газет журы прысудзіла "Міёрскім навінам" (галоўны рэдактар - Наталля Станкевіч) і "Пастаўскаму краю" (галоўны рэдактар - Людміла Зелянкевіч). Адзначым, што традыцыйна па-беларуску друкуюцца ў названых выданнях віншаванні кіраўнікоў раёна, ёсць літаратурныя старонкі. Журналісты дэманструюць якаснае валоданне беларускай мовай.

Паводле рашэння журы трэцяе месца сярод раённых газет прысуджана "Лепельскаму краю" (галоўны рэдактар - Святлана Вазняк). Прыгадаем, што падчас правядзення папярэдняга агляду-конкурсу лепельская раёнка не ўваходзіла ў лік пераможцаў. Значыць, прагрэс у плане выкарыстання беларускай мовы ёсць, ён відавочны. Так, напрыклад, практычна заўсёды матэрыялы першай старонкі падаюцца тут па-беларуску. І гэта паказальна. Увогуле газета пераважна беларускамоўная, чаго, скажам яшчэ раз, не назіралася некалькі гадоў таму.

У намінацыі "Абласныя і гарадскія газеты" журы, як і падчас правядзення папярэдніх аглядаў-конкурсаў, не знайшло падстаў для вызначэння пераможцы. Бо абласная газета "Витебские вести" (галоўны рэдактар - Аляксандр Кліцуноў), гарадскія газеты, уключаючы "Віцьбічы" (галоўны рэдактар - Ніна Тулінава), не адпавядаюць і мінімальным крытэрыям у плане выкарыстання беларускай мовы. Што праўда, неабходна адзначыць працу ў газеце "Витебские вести" журналіста Тамары Пашкевіч, якая амаль заўсёды піша па-беларуску. І робіць гэта якасна!

Некаторыя нататкі і артыкулы падаюць па-беларуску ў "Віцьбічах" журналісты Наталля Чарнічэнка, Святлана Любачка. Але ў цэлым гэта не змяняе агульнай карціны, бо выданне на 90% рускамоўнае. Крыўдна, але за апошнія некалькі гадоў моўная сітуацыя ў "Віцьбічах" па вялікім рахунку не змянілася да лепшага.

Таксама журы не выявіла прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі "Ведамасныя газеты", бо наша беларуская мова выкарыстоўваецца там вельмі абмежавана або адсутнічае зусім, як, напрыклад, у "Вестнику Нафтана" (галоўны рэдактар - Таццяна Зянько).

У намінацыі "Недзяржаўныя выданні" журы прысудзіла перамогу, як і папярэдні раз, адразу дзвюм газетам: "Каталіцкаму весніку" (галоўны рэдактар - Віктар Місевіч) і "Вольнаму Глыбокаму" - (галоўны рэдактар - Уладзімір Скрабатун).

Падсумоўваючы вынікі праведзенага агляду-конкурсу, заўважым, што ў цэлым сітуацыя з беларускай мовай на старонках рэгіянальных выданняў Віцебшчыны застаецца трывожнай. Так, газеты, што прызнаныя пераможцамі, дэманструюць добры ўзровень выкарыстання беларускай мовы, не змяншаецца ў іх і частотнасць беларускамоўных публікацый. Сярод тых выданняў, што не трапілі ў лік пераможцаў, але былі блізкія да гэтага, - шаркаўшчынскі "Кліч Радзімы" (галоўны рэдактар - Аляксандр Барыла). Беларускай мовы стала менш на старонках названай газеты за апошнія тры гады, але яна прысутнічае. Астатнія ж раённыя газеты выходзяць пераважна па-руску або амаль цалкам па-руску, як, напрыклад, лёзненскі "Сцяг Перамогі" (галоўны рэдактар - Алена Ратнёва), дубровенская "Дняпроўская праўда" (галоўны рэдактар - Святлана Шурпакова), "Аршанская газета" (галоўны рэдактар - Анастасія Турок), чашніцкі "Чырвоны прамень" (галоўны рэдактар - Міхаіл Дзеравяга) і некаторыя іншыя. Тут, так бы мовіць, "лепшая сярод горшых" - "Наша Талачыншчына" (галоўны рэдактар - Віктар Бірукоў). Сам спадар Бірукоў піша пераважна па-беларуску, спачуванні ў газеце традыцыйна падаюцца на беларускай мове. Спадзяёмся, што паступова беларускай мовы на старонках выдання будзе ўсё больш.

Асабліва непрыемна ўразіла журы моўная сітуацыя ў газеце "Браслаўская звязда" (галоўны рэдактар - Вячаслаў Каладынскі). Выданне заўсёды было ў пераможцах падчас правядзення папярэдніх аглядаў-конкурсаў. Цяпер жа становішча кардынальна змянілася: працэнтаў на семдзесят раёнка стала рускамоўнай (?!) Цяжка сказаць, у чым прычына. Магчыма, гэта звязана з прыходам новага галоўнага рэдактара.

Колькі слоў пра тыповыя памылкі. Тут мы не будзем пазначаць, у якіх канкрэтна выданнях выяўлены тыя ці іншыя моўныя недахопы. Бо наша задача - не крытыкаваць, а дапамагчы пазбегнуць памылак у газетах у будучым, падказаць, нешта параіць. Таму пададзім у сістэматызаваным выглядзе найбольш распаўсюджаныя ў рэгіянальных выданнях Віцебшчыны недахопы.

На жаль, аднолькавыя памылкі часта паўтараюцца з году ў год. Гэта значыць, што журналісты і карэктары або недастаткова прафесійна ставяцца да сваіх абавязкаў, або проста ім не стае прафесіяналізму, лінгвістычнай падрыхтоўкі. Так, зафіксавана дастаткова шмат памылак пры ўжыванні канчаткаў назоўнікаў другога скланення мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным і месным склонах. У родным склоне не заўсёды размяжоўваюцца флексіі а(я), у(ю). Трэба: ветру, менеджменту, прагрэсу, холаду, цукру, але хакея, спектакля, горада, Віцебска. У месным склоне неабходна размяжоўваць асабовыя назоўнікі і неасабовыя. Асабовыя маюць канчатак у(ю), неасабовыя - е, і, ы. Павінна быць: пры дырэктару, пры чытачу, пры Васілю, пры Міхасю; але: на кані, на аўтамабілі, у Гомелі, у продажы.

Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема выкарыстання дзеепрыметнікаў. Намі зафіксаваная вялікая колькасць памылкова ўжытых формаў, якія дублююць рускамоўныя варыянты: выступаючыя гаварылі, старэючыя вёскі, пустуючае памяшканне, прынімаемае рашэнне, паступаючыя ў ВНУ і інш. Правільна павінна быць адпаведна: выступоўцы гаварылі; вёскі, якія старэюць; пустое памяшканне; рашэнне, якое прымаецца; выпускнікі, што паступаюць у ВНУ. І не варта баяцца таго, што канструкцыя будзе больш доўгай, можа, часам падасца грувасткай. Гэта не мае прынцыповага значэння, калі гаворка ідзе пра захаванне літаратурных нормаў.

Шэраг тыповых памылак выяўлены намі на сінтаксічным узроўні, калі тое ці іншае словазлучэнне будуецца няправільна, звычайна на расійскі манер. Нельга па-беларуску сказаць смяяцца над няўдачай, здзекавацца над чалавекам, жаніцца на аднакласніцы, хварэць грыпам, пайсці за хлебам. Правільна будзе смяяцца з няўдачы, здзекавацца з чалавека, жаніцца з аднакласніцай, хварэць на грып, пайсці па хлеб. Яшчэ адной тыповай памылкай з'яўляецца няправільнае выкарыстанне ступеняў параўнання прыметнікаў ці прыслоўяў: яна старэй мужа на восем гадоў; ён маладзей мяне; больш дваццаці метраў; зрабіў менш усіх; а таксама спалучэнняў кшталту: ў дзесяці кіламетрах ад горада; у двух кроках ад дома; згодна ўказа; адпаведна заданню. У беларускай мове ў падобных выпадках не можа быць беспрыназоўнікавай ці бяззлучнікавай канструкцыі. Таму прыведзеныя спалучэнні варта падаць наступным чынам: яна старэйшая за мужа на восем гадоў, ён маладзейшы за мяне, больш за дваццаць метраў, зрабіў менш за ўсіх, за дзесяць кіламетраў ад горада, за два крокі ад дома, згодна з указам, у адпаведнасці з заданнем. Нярэдкія выпадкі і няправільнага выкарыстання канструкцый з назоўнікам догляд ці дзеясловам даглядаць. Па-беларуску мы кажам: догляд каго (чаго) або даглядаць каго (што), а не догляд (даглядаць) за чым, за кім. Таму і з'яўляюцца памылковымі шматлікія ўжыванні кшталту догляд за старымі; адпачынак па доглядзе за дзіцём; даглядаць за статкам. Павінна быць адпаведна: догляд старых; адпачынак па доглядзе дзіцяці; даглядаць статак. Таксама неабходна імкнуцца пазбягаць выкарыстання канструкцыі прыназоўнік аб + месны склон. Гэта значыць, непажадана ўжываць спалучэнні, напрыклад, расказаць аб сабе; паведаміць аб здарэнні; гаварыць аб гэтым. Для нашай мовы ўласціва схема прыназоўнік пра + вінавальны склон. Таму павінна быць: расказаць пра сябе; паведаміць пра здарэнне; гаварыць пра гэта. Прыназоўнік аб з месным склонам ужываецца хіба што ў афіцыйна-справавым і навуковым стылях. Таму мы і кажам, напрыклад, "Закон аб мовах", "Кодэкс аб адукацыі".

З году ў год паўтараюцца, на жаль, аднолькавыя лексічныя памылкі, калі замест нарматыўнага беларускага слова выкарыстоўваюцца калькі з рускай мовы. Напрыклад, рэзультат, рабяты, свяшчэннік, веруючыя, харошы, дастойны, малышы, адпачываючыя, здорава і г.д. Зразумела, што па-беларуску павінна быць вынік, дзеці ( хлопцы, дзяўчаты, моладзь - у залежнасці ад сітуацыі), святар, вернікі, добры, годны (варты), малыя, адпачывальнікі, цудоўна (выдатна). Памылковыя ўжыванні лексікі сведчаць не толькі пра непрафісіяналізм аўтараў, але і пра элементарную ляноту ці проста нежаданне паглядзець у слоўнік, выбраць патрэбную лексему. Да таго ж для абсалютнай большасці журналістаў працоўнай, штодзённай мовай з'яўляецца руская, а думаючы па-руску, далёка не заўсёды можна правільна пабудаваць сказ на беларускай мове.

На такім фоне пакуль цалкам неверагодна ўявіць, што з мэтай актуалізацыі нацыянальнай адметнасці мовы газеты маглі б карыстацца сапраўды паказальнымі беларускімі назоўнікамі кшталту: летнік, лецішча, мінак, уцякач, закладнік, сеціва, месціч і г.д., як гэта практыкуецца і ў дзяржаўнай газеце "Звязда", і ў недзяржаўных "Народнай волі", "Каталіцкім весніку", "Вольным Глыбокім" ды ў іншых медыях.

Прывядзём яшчэ колькі паказальных кантэкстаў. Так, напрыклад, многія журналісты не ведаюць, як перадаць па-беларуску сэнс рускай лексемы "изюминка" са значэннем "штосьці адметнае, незвычайнае". Таму і чытаем у газетах сказы кшталту: Шэсця жыхароў вуліц - несумненна, "изюминки" свята, - магло і не быць; Сапраўднай "изюминкай" стала выступленне запрошаных артыстаў з Віцебска. Узятае ў двукоссе рускамоўнае напісанне нібыта выйсце з сітуацыі. Але ж не зусім. У нашай мове ўжываюцца з гэтым значэннем ажно два назоўнікі: разынка і цікавінка. Выбірай любы! І такое напісанне рускага слова ў двукоссі - з'ява нярэдкая. Журналісты проста не клапоцяцца пра пошук нармальнага, літаратурнага беларускага слова ў тым ці іншым кантэксце, а выбіраюць шлях "найменшага супраціву". І гэта таксама сведчанне непрафесіяналізму: "На гражданке" ён - вадзіцель у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; Вайсковыя зборы для любога ваеннаабавязанага - гэта выдатная магчымасць удасканаліць крыху прызабытую на "гражданке" армейскую навуку. Чаму б не выкарыстаць словазлучэнне "ў цывільным жыцці"? Напэўна, таму, што трэба думаць, шукаць. А так напісаў рускае слова ў двукоссі, падкрэсліўшы тым самым не толькі ўласную камунікацыйную бездапаможнасць, але і нібыта абмежаваныя магчымасці беларускай мовы, і быццам усё добра. Але ж не!.. А наколькі абсурдна, можна сказаць, зневажальна для нацыянальных пачуццяў беларусаў гучыць сказ, зафіксаваны ў адной з нашых раённых газет: У танцы, гульні нашыя клічуць усіх "Бульбашыкі" (???) Тут без далейшых каментароў, бо яны без патрэбы!

Няма ніякіх падстаў ужываць у нашай мове назоўнік малыш. Гэта калька з рускай мовы, якая парушае культуру беларускага маўлення. Тым не менш бачым на старонках нашых раённых газет наступныя мікракантэксты: Якраз 13 лістапада нарадзілася адразу чатыры малышы… Ёсць і трыа малышоў, народжаных у адзін дзень…; Святочныя малышы (Загаловак )… А вось малышка з'явілася на свет ужо пад знакам Вадалея, 26 студзеня; 21 малыша зарэгістравалі ў аддзеле ЗАГС райвыканкама… Дзве сям'і па сваім жаданні зарэгістравалі малышоў ва ўрачыстай абстаноўцы. Асабліва іранічна, на наш погляд, глядзіцца ў кантэксце слова малышка, што выклікае самыя розныя асацыяцыі, і не заўсёды толькі з людзьмі…

Адно раённае выданне Віцебшчыны ўжо каторы год не можа пазбегнуць выкарыстання вельмі дзіўных для беларускай мовы формаў Ражджаство і Ражджэственскі. І датычыць гэта менавіта пэўнай, канкрэтнай газеты, бо ў іншых такой праблемы, на шчасце, няма. Нягледзячы на неаднаразова выказаныя рэкамендацыі, журналісты (ці карэктары?) і надалей трымаюцца такіх бязглуздых з пункту гледжання культуры маўлення лексем. Працытуем пару кантэкстаў: У рамках дабрачыннай акцыі ладзяцца шматлікія навагоднія і ражджэственскія мерапрыемствы… Роўна за месяц да Новага года аб'явілі аб правядзенні акцыі "Ражджэственскія сюрпрызы"… Сустракаць Ражджаство, Новы год трэба добрымі ўчынкамі і добрымі справамі; Ражджаство і Новы год - зімовыя святы; З кожным днём усё больш адчуваецца набліжэнне Новага года і Ражджаства. Думаецца, не трэба быць адмыслоўцам у культуры беларускага маўлення, каб зразумець усю ненатуральнасць падобных словаўжыванняў.

Такім чынам, падсумоўваючы сказанае вышэй, канстатуем, што шэраг раённых выданняў Віцебшчыны выкарыстоўвае на сваіх старонках у асноўным беларускую мову. Гэта, у першую чаргу, датычыць паўночна-заходніх рэгіёнаў, дзе заўсёды адзначаўся больш высокі ўзровень валодання мовай насельніцтвам (Докшыцы, Мёры, Паставы), а таксама друкаваных органаў Шумілінскага і Ушацкага раёнаў, а яшчэ Лепельшчыны. На жаль, застаецца мінімальнай прысутнасць нашай роднай мовы на старонках большасці раённых выданняў, гарадскіх і абласной газет. І з вялікім задавальненнем яшчэ раз скажам, што амаль цалкам па-беларуску выходзяць папулярнае незалежнае выданне "Вольнае Глыбокае" і газета "Каталіцкі веснік".

На нашу думку, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама магло б зацікавіцца па сутнасці катастрафічнай сітуацыяй, якая склалася ў многіх раённых і практычна ва ўсіх гарадскіх і абласной дзяржаўных газетах у плане выкарыстання беларускай мовы. Традыцыйна ўсе выданні пазіцыянуюць сябе як двухмоўныя, але на практыцы там дамінуе руская мова. І такое становішча непрымальнае.

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ шчыра віншуе рэдакцыйныя калектывы, якія сталі пераможцамі падчас сёлетняга агляду-конкурсу рэгіянальнага друку Віцебшчыны! Мы жадаем і надалей трымацца беларускага слова, зычым новых крэатыўных падыходаў да падачы інфармацыі па-беларуску, новых падпісчыкаў і новых удзячных чытачоў.

Юрась Бабіч, старшыня журы агляду-конкурсу, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічных навук.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пач. у папяр. нум.)

567. Чурлоўская (Алена) - другасная форма, першасная Чурылоўская - вытвор з суфіксам -оўская ад антрапоніма Чурыла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чурылоўская. ФП: Кірыла (імя <перс. 'сонца'; грэч. 'які мае сілу, пан, уладар, гаспадар') - Кирило (1567, Курыло (1556), Чурыла (варыянты імені)), Чурыла (празванне, пазней прозвішча) - Чурылоўская - Чурлоўская.

568. Чыгрын (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Чыгра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чыгрын. ФП: Тыгрый, Цігрый (імя <грэч., лац. 'тыгровы') - Тыгра і Цігра (народныя варыянты) - Цігра - семантычны дэрыват ад апелятыва цігра 'самка тыгра') - Цігрын > Чыгрын з зменай ц/ч на ўзор рэгіянальных (Гродзеншчына) ціжык < чыжык, цярэшня < чарэшня. "Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" П. Сцяцко, "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча", т. 5, с. 359: Цігра, ж. перан. лаянк. Хто злы, робіць шкоду. Такім чынам: цігр - цігра - Цігра - Цігрын - Чыгрын.

569. Чырвонец (Наталля) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Чырвонае і значэнем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Чырвонец.

570. Чэкман (Казімір) - семантычны вытвор ад апелятыва чэкман <польск. czekman 'чэкмень, кунтуш татарскага фасону' (старадаўняя польская і ўкраінская адзежына ў выглядзе каптана з шырокімі адкіднымі рукавамі) (Гарб.).

571. Чэнчык (Арнольд) - семантычны вытвор ад апелятыва чэнчык 'бел. рэг. памянш. ад чарнец 'манах' (Нас.), укр. ченчик 'тое самае' (Грынч.).

572. Чэрнік (Васіль) - вытвор з суфксам -ік ад антрапоніма Чэрны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чэрнік. Параўн. Белік (белы). Або ад апелятыва чэрнік 'той, хто чэрніць, фарбуе ў чорны колер тканіну'. Мажліва Чэрнік ад апелятыва чэрнік 'чарнявы чалавек'.

573. Шайко (Іван) - мажлівы акцэнтаваны семантычны вытвор ад апелятыва шайка 'група людзей, аб'яднаных якой-н. злачыннай дзейнасцю (разм.)'.

574. Шаламай (Адам) - семантычны вытвор ад апелятыва шаламай (ст.-бел.) 'дудка' (ПГССЛ).

575. Шандроха (Нона) - семантычны вытвор з экспрэсіўным фармантам -оха ад шандра ('від расліны' - А.И. Киселевский. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. Минск, 1967, с. 81; рус. шандра, бел. шандра, шанта) - Шандра (мянушка) - Шандроха. Параўн.: лоб (частка твару зверху) - Лоб - Лабоха.

576. Шаровіч (Марыя) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Шар і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шарова. ФП: шар ('у матэматыцы: частка прасторы, абмежаваная сферай'; 'прадмет такой формы') - Шар (мянушка, пазней прозвішча) - Шаровіч. Або ад прыметніка шары (рэг.) 'шэры' ці польск. szary 'шэры'; 'недасведчаны', 'звычайны', што набылі значэнне мянушкі, а пазней прозвішча. ФП: шары (колер) - Шары (мянушка, пазней прозвішча) - Шаровіч.

577. Шаройкін (Аляксандр) - вытвор з прынлежным суфіксам -ін ад антрапоніма Шаройка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шаройкін. ФП: шаройка ('абдзіркі з грэчкі' (Бяльк.); 'мякіна, шкалупінне з грэчкі' (Даль)) - Шаройка (мянушка, потым прозвішча) - Шаройкін.

578. Шатун (Юлія) - семантычны вытвор ад апелятыва шатун: 1) (спец.) 'рухомая дэталь, якая злучае поршань з валам рухавіка'; 2) (разм.) 'мядзведзь, які блукае зімой па лесе, а не спіць у берлагу' (ТСБМ - 2016).

579. Шатыка (Вольга) - семантычны вытвор з старадаўнім суфіксам -ык-а ад апелятыва шаты 'пышнае дарагое адзенне', а таксама 'покрыва; тое, што пакрывае, укрывае каго-што небудзь'; параўн. уладыка: улада + -ыка.

580. Шафранскі (Алег) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Шафраны і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Шафранскі.

581. Шаціна (Еўдакія) - семантычны вытвор ад апелятыва шатина 'адзежына' (ПГССЛ). Параўн. шата 'рыза на абразе', 'багатае адзенне' (Нас.), укр. 'тое самае' (Грынч.).

582. Шкадарэвіч (Аляксей) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Шкадар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шкадарэвіч. ФП: шкадаваць ('адчуваць жаль, спагаду да каго-н.', 'берагчы, ашчаджаць, скупіцца, не даваць', 'смуткаваць, бедаваць з прычыны чаго-н.', 'не адважвацца што-н. зрабіць') - шкадар (рэг.) 'той хто шкадуе' - Шкадар (мянушка, потым прозвішча) - Шкадарэвіч.

583. Шкель (Ульяна) - семантычны вытвор ад апелятыва шкель (рэг.) 'насмешнік' (Нас.) - утварэння ад шкельнічаць 'кпіць, насміхацца' (Бяльк).

584. Шкілёнак (Віталь) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Шкіль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шкілёнак. Утваральнае слова ад апелятыва шкіль - рус. устар. шкиль 'замежная манета, шылінг (Даль)'; укр. 'узор, форма, фасон' (Грынч.).

585. Шкірмянкоў (Фелікс) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Шкірмянок з значэннем 'нашчадак названай асобы': Шкірмянок (род. Шкірмянка) - Шкірмянкоў. ФП: шкіріміт (укр. ' скураміт - заменнік шкуры') - шкірмен (рэг. 'скураміт') - Шкірмен (мянушка, потым прозвішча) - Шкірменок (памянш.-ласк. ад Шкірмен, суфікс -ок або 'нашчадак Шкірмена') - Шкірменкоў - Шкірмянкоў.

586. Шкірэнка (Аляксей) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Шкіра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шкірэнка. ФП: шкіра (укр. шкіра 'скура') - Шкіра (мянушка, потым прозвішча) - Шкірэнка.

587. Шкляннік (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) шкляннік 'шкляная пасудзіна'; 'той, хто вырабляе шкляны посуд ( шкляннік)'.

588. Шлапакова (Дар'я) - вытвор з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Шлапак і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шлапакова. ФП: шлапак (звычайна ў мн. л. 'шлёпанцы' (БРС)), рэг. 'старыя чаравікі, туфлі', 'апоркі не па назе (КСЧ)' - Шлапак (мянушка, потым прозвішча) - Шлапакова.

589. Шманай (Валерый) - вытвор ад дзеяслова шманаць ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1101) у форме цяперашняга часу: шманай(-уць) набыў ролю асабовага назоўніка шманай 'той, хто звяртае ўвагу, рэагуе, поўны спакою, упэўненасці ў сваіх сілах' і шляхам семантычнай дэрывацыі ператварыўся ў сямейнае найменне-прозвішча. ФП: шманаць ('рэагаваць') - шманай ('той, хто рэагуе') - Шманай (празванне, а пазней прозвішча).

590. Шмоткіна (Таццяна) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Шматок з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы' - Шмоткіна. ФП: шматок ('абрэзак, абрывак скуры, тканіны і пад.', 'жмутак чаго-н.', 'невялікі кавалак, камяк чаго-н., нязначная колькасць чаго-н.') - Шматок (мянушка, пазней прозвішча) - Шматокіна - Шмоткіна.

591. Шмыгун (Аркадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва шмыгун (рус.) 'бадзяга, шатун' (Даль). Або вытвор ад (белар.) шмыгаць 'хутка хадзіць, рухацца каля чаго-н.'; 'праходзіць, выходзіць хутка', з суфіксам -ун: шмыгун 'той хто шмыгае' - 'хуткі хадок'.

592. Шубіч (Алена) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Шуба і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шубіч. Утваральнае слова ад апелятыва шуба 'зімовае верхняе адзенне з футра', а таксама 'поўсцевае покрыва некаторых жывёл' (ТСБЛМ - 2016).

593. Шукеловіч (Віктар) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Шукель/Шукела (дэфектнае вымаўленне) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шукеловіч. ФП: шукаць ('старацца знайсці або выявіць', 'старацца атрымаць', 'імкнуцца да новага') - шукель ('той, хто шукае' "Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 38) - Шукель, Шукела (празванне, потым прозвішча) - Шукеловіч.

594. Шульган (Канстанцін) - семантычны вытвор ад апелятыва шульган 'ляўша' ( шульга 'левая рука' (рус.)+ -ан) (Даль).

595. Шуронак (Ірына) - вытвор з суфіксам -онак ад антрапоніма Шур і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шуронак. ФП: шур (гіст. 'швагер' (ад яго шурин (рус. укр.))) - Шур (празванне, потым прозвішча) - Шуронак.

596. Шчарбун (Валерый) - семантычны вытвор ад апелятыва шчарбун (рэг.) 'шчарбаты чалавек' (падаецца ў кнізе "Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 123, а таксама ў кнізе "Беларуская антрапанімія" М. Бірылы 1969, с. 483).

597. Шчаўлінскі (Мікалай) - вытвор з тапанімічным суфіксам -скі ад Шчаўлін і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Шчаўлінскі.

(Працяг у наступным нумары.)

Беларуская мова не прадугледжана

Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Бываюць такія моманты ў жыцці, калі ёсць нясцерпнае жаданне падзяліцца з кімсьці асабістымі думкамі. Здзейсніш гэта - і на душы становіцца лягчэй, як пасля споведзі. Заўсёды, калі мне даводзіцца кантактаваць з нашымі чыноўнікамі, не магу заставацца абыякавым, гледзячы, як яны ганебна ставяцца да беларускай мовы. Яны - амаль усе беларусы, тут нарадзіліся, у школах вывучалі беларускую мову, лічаць сябе патрыётамі Бацькаўшчыны, шануюць бацькоўскія традыцыі, жывуць у беларускім культурным асяроддзі, але мову беларускую не любяць, не паважаюць яе, не хочуць на ёй размаўляць, нават выконваючы службовыя абавязкі, учыняюць перашкоды грамадзянам, якія размаўляюць па-беларуску.

Не так даўно я рэгістраваўся па месцы жыхарства ў Валожынскім раёне. Супрацоўнікі Івянецкага пасялковага выканаўчага камітэта адмовілі мне ў просьбе аформіць рэгістрацыю па-беларуску. Яны спаслаліся на тое, што штампаў аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства на беларускай мове ўвогуле няма нідзе ў Рэспубліцы Беларусь. З такім тлумачэннем я пагадзіцца не мог і звярнуўся ў Валожынскі РАУС з просьбай, каб райаддзел міліцыі забяспечыў Івянецкі пасялковы выканаўчы камітэт штампам аб рэгістрацыі на беларускай мове. Атрымаўшы ўжо пісьмовы адказ-адпіску, вымушаны быў звярнуцца да начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Менаблвыканкама з гэтай жа просьбай. Адказ, безумоўна, атрымаў, аж на трох старонках, але ж, як гаворыцца, "воз з месца не зрушыўся". У адказе з УУС Менаблвыканкама гаворыцца, што ўзоры штампаў аб рэгістрацыі па месцы жыхарства зацверджаны пастановай МУС Рэспублікі Беларусь ад 15.11.2010 г. і штамп на беларускай мове гэтай пастановай не прадугледжаны. З усіх гэтых адказаў я зрабіў для сябе выснову, што нашы чыноўнікі тлумачаць патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ад 13.07.1998 г. № 187-3 так, як ім хочацца. У артыкуле 8 гэтага Закона запісана, што тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных органаў, арганізацый мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі Закона на ўсіх афіцыйных бланках, як вядома, ставіцца штамп з тэкстам на абедзвюх дзяржаўных мовах. А чаму ж на штампе аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства тэкст зацверджаны толькі на рускай мове? Таму, што так захацелася чыноўнікам з Міністэрства ўнутраных спраў?

Вельмі ўразіла мяне наступнае тлумачэнне з абласнога УУС: "Разам з тым, пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з'яўляецца дакументам для выезду за межы Рэспублікі Беларусь. Каб пазбегнуць пераадолення моўных бар'ераў у дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за яе межамі, запісы ў пашпарце вырабляюцца пераважна на рускай мове". А як жа тады выязджаюць за межы сваіх краін палякі, літоўцы, латышы? Як у іх выпадку пераадольваюцца моўныя праблемы?

Артыкул 6 Закона аб мовах патрабуе недапушчальнасць абмежавання асобы па моўных прыкметах. У маім выпадку я адчуваю гэта абмежаванне і з боку супрацоўнікаў Івянецкага пасялковага выканаўчага камітэта, і з боку супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Але ж звяртацца ў МУС Рэспублікі Беларусь я не хачу. Бессэнсоўна. Хіба ж у гэтай установе могуць зрабіць крок да беларускасці, калі яе супрацоўнікі адкрыта дэманструюць сваю адданасць русіфікацыі? Яскравыя прыклады гэтай адданасці - усталяванне і ахова помніка расійскага гарадавога часоў царызму, пераслед грамадзян за нацыянальную сімволіку, за ўшанаванне памяці нацыянальных дзеячоў, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, пераслед абаронцаў Курапат, за... Яшчэ многа можна пералічваць гэтых прыкладаў цынічнага стаўлення чыноўнікаў да беларускасці. Не хочуць чыноўнікі вывучыць беларускую мову - Бог з імі, гэта, у рэшце рэшт, іх права. Ва ўсім свеце менеджэры (чыноўнікі) імкнуцца авалодаць некалькімі мовамі, і гэтым яны ганарацца, лічаць гэта прэстыжным у сваёй працы. А нашы хай застаюцца недастаткова адукаванымі, толькі б не ўтыкалі палкі ў колы тым людзям, якія імкнуцца да беларускасці. Дык не, ім трэба знішчаць усё нацыянальнае ў самым зародку.

Часам у думках пытаўся сам у сябе: "Няўжо нашы чыноўнікі ў недалёкай перспектыве здолеюць забіць апошні цвік у сэрца беларускай мовы? Якое неймавернае намаганне трэба зрабіць беларусам, каб не дапусціць такое злачынства?"... Пачуўшы адказы Прэзідэнта падчас "Вялікай размовы" на пытанні аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, аб прыняцці законаў на дзвюх дзяржаўных мовах, - аптымізму ў мяне не прыбавілася. Пазіцыя чыноўнікаў-русіфікатараў яшчэ больш узмоцніцца.

Міхась Спірыдовіч, сябар Івянецкай суполкі ТБМ.

Абрысы Айчыны Міколы Лінніка

Ёсць людзі, якія не перастаюць здзіўляць разнастайнасцю сваіх зацікаўленняў. Маючы ў сэрцы вялікую любоў да роднай зямлі, сваё захапленне яны накіроўваюць на тое, каб паказаць нам усім непараўнальную прыгажосць родных мясцінаў. Захапіўшыся гісторыяй, яны не толькі многа часу праводзяць у архівах і бібліятэках, але і шчодра дзеляцца сваімі адкрыццямі, новым досведам гістарычных падзей. І не дзіва, што каля такіх асоб утвараецца кола такіх жа аматараў і аднадумцаў, завязваецца шчырае сяброўства. Менавіта такім чалавекам з'яўляецца Мікола Ліннік, якому 3 сакавіка спаўнілася 65 гадоў.

Мікола (Мікалай Міхайлавіч) Ліннік нарадзіўся 3 сакавіка 1954 г. у вёсцы Порычы Валожынскага раёна Менскай вобласці. Закончыў сярэднюю школу № 1 г. Валожына, Менскі радыётэхнічны інстытут. Радыёінжынер. Амаль сорак гадоў адпрацаваў у філіяле "Міжгародняя сувязь" РУП "Белтэлекам". Пенсіянер.

Сябар Беларускага Саюза журналістаў.

Больш за пяцьдзясят гадоў займаецца фатаграфіяй і журналістыкай. Сваімі ведамі ў галіне фатаграфіі ён шчодра дзеліцца з удзельнікамі аматарскага фотааб'яднання "Пазітыў" пры Цэнтральнай публічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Менска, з'яўляючыся амаль на працягу чатырох гадоў яго нязменным кіраўніком. Вынікам гэтай працы сталі традыцыйныя калектыўныя фотавыставы ўдзельнікаў аб'яднання ў памяшканні бібліятэкі.

Мікалай Міхайлавіч удзельнік літатаратурна-музычнага аб'яднання "Акорд", літаратурнага аб'яднання "ЛітЭра". На працягу многіх гадоў з'яўляецца таксама ўдзельнікам паэтычнага тэатра "Арт-С", галоўнай пляцоўкай якога стала сталічная бібліятэка №15 імя Цёткі.

Інфармацыйныя, публіцыстычныя і гістарычныя матэрыялы і фота Міколы Лінніка друкаваліся ў розных рэспубліканскіх і мясцовых газетах і часопісах Беларусі, часопісах "Военна історія" (Кіеў, Украіна), "Каталог индустрии развлечений" (Расія). Апавяданні надрукаваны ў зборніку "Чистая правда и фантазия" і альманаху літаб'яднання "ЛітЭра".

Мікола Ліннік - пераможца і двойчы дыпламант літаратурных конкурсаў "Дэбют" Першамайскага раёна г. Менска, пераможца фотаконкурсу "Мой Первомайский - 2014", шматразовы дыпламант рэспубліканскіх фотаконкурсаў "На связи с миром", лаўрэат ХІІ, ХІІІ Менскіх гарадскіх фестываляў нацыянальных культур "Яднанне", удзельнік Х і дыпламант ХІ Рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур у Гародні.

Захапленне гісторыяй дало магчымасць стаць паўнавартасным удзельнікам навуковых канферэнцый, прысвечаных перамозе войскаў Вялікага Княства Літоўскага над татарамі восенню 1362 года, якія прайшлі у Вінніцы, Кіеве, Хмельніку (Украіна) і Менску.

Фатаграфіі Міколы Лінніка выкарыстаны для ілюстравання паэтычных зборнікаў "О себе и о тебе", "Гасцінец" Івана Пыкі, "Романса трепетные звуки" Уладзіміра Самуйліка, кніг "Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу", "Дыханне цішыні", "Ціхая радасць" Ядзвігі Рай, "Комбатанты или Отребье" Юрася Нератка, паэтычнага зборніка "Заблытаўся сярод навін…", альманаха літаб'яднання "ЛітЭра", буклетаў Інстытута беларускай гісторыі і культуры і юбілейных буклетаў філіяла "Міжгародняя сувязь" РУП "Белтэлекам".

Фатаграфічныя працы Міколы Міхайлавіча таксама змяшчаюцца на шматлікіх сайтах: Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, аб'яднання ўкраінцаў у Беларусі "Ватра", Свята-Троіцкага храма ў Менску, паэтычнага тэатра "Арт-С" і шмат інш.

Мікола Ліннік удзельнічаў у калектыўных фотавыставах у Багданаве, Валожыне, Маладзечне, Менску (Палац мастацтва, Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы, бібліятэка № 15 імя Цёткі, дзіцячая бібліятэка № 2, Менскі радыётэхнічны інстытут), Разані.

На персанальным ліку майстра мастацкага фота 41 персанальная фотавыстава. Яны адбыліся ў Нацыянальным культурным цэнтры Украіны ў Маскве, Палацы Рэспублікі, Пасольстве Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, галерэі "Вільнюс", Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, дзіцячай бібліятэцы № 2, Цэнтральнай публічнай бібліятэцы імя Я. Купалы, бібліятэках №№ 7, 9, 10 імя М.Мінковіча, 12, 15 імя Цёткі, 20, Таварыстве беларускай мовы імя Ф. Скарыны, філіяле "Міжгародняя сувязь" РУП "Белтэлекам" ў Менску, Генеральным консульстве Украіны ў Берасці, Ганаровым консульстве Украіны ў Гродне, Міжгародным вузле электрасувязі № 2 у Гомелі, Валожынскім раённым краязнаўчым музеі, сярэдняй школе № 1 у Валожыне, Цэнтры традыцыйнай беларускай культуры і побыту ў в. Плябань Маладзечанскага раёна, Доўскай сельскай бібліятэцы, на свяце ўкраінскай культуры ў Верхнім горадзе ў Менску, свяце горада ў Радашковічах.

І свой юбілей ён адзначыў чарговай выставай "Абрысы Айчыны" ў галерэі "Вільнюс" бібліятэкі № 18 г. Менска, адкрыццё якой адбылося 5 сакавіка 2019 года. Адкрыццё прайшло ў цёплай, сардэчнай абстаноўцы. Прысутныя, а іх сабралася каля 50 чалавек, убачылі здымкі Міколы на славу прыгажосці яго роднай Валожыншчыны і ўсёй Беларусі.

Трэба зазначыць, што Мікола Ліннік пры стварэнні сваіх фотаработ ніколі не карыстаецца фоташопам і ўсе цудоўныя моманты, злоўленыя яго аб'ектывам, прыгожыя яшчэ і сваёй натуральнасцю.

Творчасці Міколы Лінніка былі прысвечаны праграмы на тэлеканале "Беларусь-1", радыёканалах "Культура", "Радыё Рацыя". Артыкулы пра гэтага цікавага і таленавітага творцу друкаваліся ў газетах "Белтелеком. Всё о нас", "Вечерний Брест", "Голас Радзімы", "Краязнаўчая газета", "Літаратура і мастацтва", "Маладзечанская газета", "Наша слова", "Новы час", "Працоўная слава", "Рэгіянальная газета".

У сувязі з юбілеем вельмі хочацца пажадаць Мікалаю Міхайлавічу Лінніку новых адкрыццяў і творчых цудоўных здзяйсненняў. Будзем з нецярпеннем чакаць новых праектаў і цікавых сустрэч.

Сафія Дамброўская.

Тыдзень роднай мовы на Наваградчыне

У Наваградскім раёне 12-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі каля 2200 чалавек

Установы агульнай сярэдняй адукацыі

У Наваградскім раёне ўсе мерапрыемствы, прымеркаваныя да Тыдня роднай мовы, праводзіліся з 13 па 21 люгага ў адпаведнасці з планамі, зацверджанымі кіраўнікамі ўстаноў адукацыі. Удзел у мерапрыемствах прымалі вучні 3-11 класаў. Настаўнікамі пачатковых класаў з актыўным удзелам вучняў 3-4 класаў былі падрыхтаваны і праведзены цікавыя конкурсы, віктарыны, гульні-турніры знаўцаў роднай мовы "Па краіне гукаў і літар", гульні-віктарыны "Што я ведаю пра Беларусь", конкурсы знаўцаў беларускай мовы, віктарыны"Беларускія загадкі", конкурсы "Моўныя скарбы роднага краю".

Традыцыйнымі мерапрыемствамі, прымеркаванымі да Міжнароднага дня роднай мовы, сталі: акцыя "Размаўляй са мной па-беларуску", выставы кніг у кабінетах беларускай мовы і літаратуры "Мова родная мая", вясёлыя гульні беларусаў, удзел у рэспубліканскім дыстанцыйным конкурсе "Бусляня", конкурсах газет "Радзіма любая, што маці родная", конкурсах на лепшага чытальніка, выданне тэматычных выпускаў газет.

Трэба адзначыць, што ў мерапрыемствах актыўны ўдзел прымалі інфармацыйна-бібліятэчныя цэнтры: акцыі "У дарунак бібліятэцы", выставы кніг і перыядычных выданняў "Чытаем па-беларуску", "Родная мова - крыніца празрыстая", конкурсна-забаўляльныя праграмы.

Настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры падрыхтаваны і праведзены конкурсна-забаўляльныя праграмы, літаратурныя гульні.

Ва ўсіх вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі была магчымасць удзелу ў акцыі "Напісанае застанецца", у межах якой дзеці павінны былі адшукаць, прыгожа аформіць і размясціць на спецыяльных стэндах выказванні вядомых людзей аб мове.

Несумненна, адным з цікавых момантаў правядзення Тыдня роднай мовы была 12-я Агульнанацыянальная дыктоўка паводле беларускамоўных твораў, якая прайшла ва ўстановах 21 лютага 2019 г. Тэксты былі звязаны з Наваградкам і ваколіцамі, а таксама наогул з краінай. Дыктоўку пісалі вучні з 5 па 11 клас. Усяго - 2189 чалавек. Летась дыктоўку пісалі 2800 чалавек. Вельмі важна, што Агульнанацыянальная дыктоўка стала ўжо традыцыяй.

Па звестках Наваградскага райвыканкама.

І па моўным акіяне ўздоўж і поперак гуляць…

У Наваградскую раённую бібліятэку да Міжнароднага дня роднай мовы на сустрэчу была запрошана мясцовая пісьменніца, празаік і эсэіст Крывальцэвіч Раіса Яўгенаўна. Ёй была падрыхтавана цікавая пазнавальная праграма "І па моўным акіяне ўздоўж і поперак гуляць…" (душэўная функцыя мовы). Усе прысутныя былі задзейнічаны ў актыўнай дыскусіі па вызначэнні адпаведнасці слоў. Пры гэтым асобныя словы аднаго з заданняў былі ўзяты, напрыклад, з "Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка" 1924 года выдання Вацлава Ластоўскага. Пэўная колькасць цікавых літаратурных крыніц і беларускіх прыказак ды прымавак прадстаўлялася на выставе. Была акцэнтавана ўвага на незвычайнай сакавітасці і адметнасці беларускай мовы. Можна было адчуць мілагучнасць свету беларускай мовы, прасякнутай пачуццямі герояў шматлікіх літаратурных твораў экспазіцыі літаратуры, разгарнуўшы і прачытаўшы нават асобныя радкі кожнай з кніг беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

21 лютага да Міждароднага дня роднай мовы ў гарадской бібліятэцы прайшла акцыя: "Слова роднае, жывое, гаваркое". Бібліятэкары размаўлялі з чытачамі на роднай мове. Чытачам было прапанавана перакласці цікавыя словы з рускай мовы на беларускую. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава: "На мове, сэрцу зразумелай". На выставе прадстаўлены сучасныя кнігі розных жанраў. Чытачы бібліятэкі змаглі выбраць сабе кнігі па сваім гусце і жаданні.

У Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэцы да Міжнароднага дня роднай мовы прайшоў конкурс "Самая непаўторная родная мова". Дзеці спаборнічалі ў чытанні вершаў беларускіх аўтараў: Максіма Танка, Уладзіміра Мазго, Эдзі Агняцвет, Міколы Чарняўскага і іншых. Пераможцы атрымалі невялікія прызы.

Прайшлі цікавыя мерапрыемствы і ў іншых бібліятэках раёна.

Сайт раённай бібліятэкі.

У Наваградскай суполцы ТБМ "Узвышша" новы кіраўнік

15 студзеня 2019 года ў Наваградку адбыўся сход сяброў Наваградскай суполкі ТБМ "Узвышша".

Новым старшынём суполкі абраны Солтан Дзмітрый Мікалаевіч.

Выпіска з пратакола ад 15.01.2019 г.

Дзіцячы садок № 6 г. Наваградка

Ужо больш за 20 гадоў ва ўсім свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Даўно вядома, што наяўнасць сваёй мовы, а тым больш валоданне ёю - гэта адна з прыкмет незалежнасці. Таму адна з галоўных задач дашкольнай адукацыі - далучаць выхаванцаў да багацця беларускай мовы, пашыраць слоўнікавы запас, фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе.

Вось і выхаванцы дзіцячага сада № 6 г. Наваградка таксама святкавалі Дзень роднай мовы. Падчас правядзення тэматычнага дня была арганізавана выстаўка кніг беларускіх пісьменнікаў для дзяцей у кніжным кутку кожнай узроставай групы. Для дзяцей першых малодшых груп была праведзена акцыя "Чытаем беларускія казкі". Выхаванцы іншых малодшых груп разам з педагогамі адправіліся ў завочнае падарожжа пад назвай "Беларускі краявід".

Для выхаванцаў сярэдніх і старэйшых груп было праведзена народнае свята "Беларускі кірмаш", падчас якога дзеці гулялі ў віктарыну "Гучы, слова, па-беларуску", танцавалі беларускія танцы "Бульба", "Крыжачок", вадзілі карагод "Мішанька", спявалі песні "Выхавацелька", "Дзедава кароўка", а самае цікавае - гулялі ў народныя гульні "Жабка", "Грушка". Па завяршэнні дня дзеці ўсіх узроставых груп прадставілі малюнкі "Мой родны кут".

Дзень выдаўся цікавым і запомніцца выхаванцам сада надоўга.

Ірына Машчонская, намеснік загадчыка ясляў-сада № 6 г. Наваградка.

Родная беларуская мова заўсёды гучыць у Нягневіцкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці

Кожную раніцу мы чуем прыгожыя і ласкавыя словы "Добры дзень!", "Прывітанне!", "Добрага ранку!" - так вітаюцца выхаванцы нашага Нягневіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, а ўвечары чуем радаснае "Да пабачэння!", "Да сустрэчы!", "Да заўтра!", "Дабранач".

21 лютага - асаблівы дзень, Дзень роднай мовы. Мамы і таты, бабулі і дзядулі таксама імкнуцца чыста размаўляць па-беларуску. "Калі ласка", "Будзьце ласкавы", "Прабачце!", "Дзякуй!" і іншыя прыгожыя і мілагучныя беларускія словы мы часта чуем ад дарослых.

Вельмі важна навучыць сённяшніх дзяцей чуць родную мову, разумець яе, з павагай ставіцца да яе і з лёгкасцю размаўляць на ёй. Наша ўстанова дашкольнай адукацыі з'яўляецца беларускамоўнай, і мы шмат увагi надаём беларускаму маўленню дзяцей. Калі дзеці будуць шмат чуць слоў на роднай мове, то будуць мець і багаты слоўнікавы запас. У групавых пакоях створаны куточкі для азнаямлення дзяцей з нацыянальным адзеннем беларусаў, арнаментам, зроблены выстаўкі кніг, часопісаў беларускіх пісьменнікаў. Усім гэтым дзеці карыстаюцца ў свабодным доступе. Таксама ў нашай дашкольнай установе адукацыі ёсць куточак беларускай хаткі, дзе ўсе экзэмпляры сабраны агульнымі намаганнямі выхавальнікаў і бацькоў. Тут ёсць шмат розных экспанатаў, прадметаў побыту, якімі карысталіся продкі, а таксама рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вышыванкі, сурвэткі, вырабы з дрэва, саломкі і гліны). Дзеці вельмі любяць заходзіць у гэты куточак, каб пасядзець за сялянскім сталом, пакалыхаць люльку, паставіць чыгунок у печ…

Дзень роднай мовы, які прайшоў у нашай установе, быў насычаны мілагучнымі песнямі, прыгожымі вершамі, якія гучалі ў нашай зале на роднай беларускай мове, а таксама цікавымі народнымі гульнямі. А выхаванцы разам з бацькамі падрыхтавалі прыгожыя і крэатыўныя малюнкі па беларускіх народных казках і казках беларускіх пісьменнікаў.

Цікавай была сустрэча з узорным тэатрам лялек "Шчарсунок". Ён прадставіў пастаноўку "Кот Васька і яго сябры". Тэатр, дарэчы, выступае заўсёды на беларускай мове, а касцюмы і маскі зроблены рукамі маленькіх артыстаў і кіраўніка.

У чарговы раз юныя акцёры парадавалі нас сваім выступленнем і пакінулі прыемнае ўражанне ад убачай казкі, стварылі цудоўны настрой.

Няхай гучыць беларуская мова вечна! Яна наша багацце, сапраўдны скарб і спадчына, якую можа перадаць бацька - сыну, а маці - дачцэ.

Вольга Война,настаўнік-дэфектолаг Нягневіцкага ДЦРД.

Выхаванцы Пятрэвіцкага дзіцячага сада адсвяткавалі Міжнародны дзень роднай мовы

Традыцыйна Міжнародны дзень роднай мовы па ўсім свеце святкуецца 21 лютага. Да гэтага дня ў нашай установе прайшлі мерапрыемствы.

Была праведзена акцыя "Гавары са мной па-беларуску…", мэта гэтай акцыі - выхоўваць у вучняў любоў і павагу да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа.

Таксама прайшло свята "Не пакідайце ж мовы роднай…".

Была арганізавана фотазона "У сялянскай хаце…"

Наталля Юшкевіч, бібліятэкар Пятрэвіцкага дзіцячага сада - сярэдняй школы.

У с п а м і н ы

Да 156-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Адгэтуль выплывае таксама і яго адказ пры выбарах у Варшаве на пасаду ў Дабрачыннасці 335, калі грамада чыніла прычэпкі і закіды: "Не ведае левая рука, што робіць правая".

Нямала пацярпела сям'я Тышкевічаў за адкупленыя маёнткі на Літве з маскоўскіх рук, а стараліся толькі выканаць чэсна і сумленна ўскладзены на сябе абавязак.

Першая адозва Аддзела "Да зброі!" выйшла 19/31 сакавіка 336, пасля яе наступіла чытанне маніфесту па касцёлах аб вызваленні сялян (у Ковенскай губерні дадалі і "аб ушляхценні". Памятаю тую хвілю - быў гэта праект Гейштара, таварышы жартавалі з яго: "Што ж ты, Якубе, хочаш нашага непісьменнага, босага мужычка прыбраць у тогу, якая сёння ў нас з плячэй спадае?" Упіраўся ў выраз "ушляхцення" заміж "надання грамадзянскіх правоў". Згадзіліся, каб часу не траціць).

Спачатку разаслалі даручэнне ў фармаваўшыеся аддзелы, каб устрымаліся з уступленнем у бой да прачытання ва ўсім Краі маніфесту ў прысутнасці люду і шляхты адначасова па касцёлах.

Паўстанне на Жмудзі трывала найдаўжэй і найвыніковей вялося. Тамтэйшы люд браў у ім удзел, асабліва пасля выступлення Серакоўскага. Спачатку толькі ў аддзеле кс. Мацкевіча былі сяляне з Ляўды яго парафіі. Длускі верыў у народ, але (як чула) зняверыўся пасля першых сутычак, калі пераканаўся, што ён разбягаецца пры першым залпе.

У Віленскай, у Менскай і ў Магілёўскай губернях аддзелы фармаваліся пераважна з інтэлігентнай моладзі. І на Жмудзі люд павялічваў колькасць аддзелаў, але ахвярнасць, баявітасць, геройскія высілкі былі справай нашай інтэлігентнай моладзі. Гаварыць іначай - азначала б ілгаць.

Наогул народ паводзіў сябе спачувальна, але бяздзейна. Яўрэі ўсюды дапамагалі. Не было з іх ані здраднікаў, ані даносчыкаў. Так прынамсі было ў 1863 годзе.

Выклік Серакоўскага наступіў пасля доўгіх ваганняў і нарадаў. Фр[анцішак] Далеўскі быў супраць гэтага, даводзіў, што выклік Серакоўскага ёсць не толькі памылкай і грахом, бо пазбаўляе Край чалавека патрэбнага, неабходнага, смерць якога будзе стратай агульначалавечай, але ёсць яшчэ крокам вельмі непалітычным. У выпадку перамогі Серакоўскі пры сваім вялікім уплыве на ўрад можа аб'яднаць і адсачыць найкарыснейшыя ўмовы; у выпадку ж паразы (а пра тое не павінны забываць, бо гэта ў сучасным нашым становішчы ёсць наўпрападобнейшы канец) ён адзін ёсць у стане згладзіць няшчасці Краю, якія стануць наступствам паразы. Калі цяпер ён пакіне сваю пасаду паслушны закліку Бацькаўшчыны, будзе лічыцца ўрадам за здрадніка і прыцягне на тую Бацькаўшчыну, якой сябе пасвяціў, тым большую помсту і здзекі ворага над пераможанымі.

Толькі Антоні Яленскі падтрымліваў Францішка. Але ж большасць галасоў, якія прадстаўлялі ўвесь Край, вырашылі пра неабходнасць гэтай ахвяры, лічачы Серакоўскага за адзінага чалавека, які быў у стане з'яднаць аддзелы, што дзейнічалі самастойна пад рознымі лозунгамі, часта сеялі нянавісць сялян да шляхты, апрача таго мужыкаманскія, літваманскія і г.д. Прозвішча, пасада і заслугі Серакоўскага мелі ўжо вялікі розгалас не толькі на Літве і ў Расіі, але і за мяжой, а таму выклік Серакоўскага і прызначэнне яго правадыром Літвы быў адзіным сродкам разбуджэння духу і веры ў выніковасць паўстання.

На самай справе была гэта хвіля, калі найвялікшыя эгаісты гатовы былі далучыцца да агульнай справы, разумеючы: "Відавочна, настала хвіля шчаслівага развязання нашай справы, калі такі Серакоўскі кідае такую высокую, такую перспектыўную для яго пасаду, каб пайсці ў бой як паўстанец".

Нават Тызенгаўз, на выгляд такі халодны, які пралічваў усе шанцы, на вестку пра выступленне Серакоўс[кага] абвяшчае гатоўнасць выдаць любую жаданую суму на зброю; і плача на вестку пра біржанскую паразу і арышт Зыгмунта.

У той якраз час ўвайшло ў дзеянне распараджэнне ашчаджаць вялікія маёнткі па паразуменні з Зыгмунтам. (Ён ашчаджаў няшчасны Край, не думаў пра выгадныя адпачынкі для сябе, ішоў гасцінцам або лясамі).

Пасля прыбыцця Серакоўскага ў Вільню сабраўся Аддзел у поўным камплекце пры ўдзеле многіх вайскоўцаў, якія належалі да арганізацыі. Гейштар, як прадстаўнік вайсковасці ў Аддзеле і як той, хто найлепей ведаў Ковенскую губерню, апісвае яе ўжо зарганізаванай, гатовай да бою і чакаўшай на прыбыццё камандзіра для злучэння ўсіх аддзелаў і захопу зброі ў Лібаўскім порце, на якую сам выслаў з цэнтральнай касы 75 тысяч у трох сумах па 25 тысяч праз Кяневіча, праз Нелавіцкую і праз Сівіцкую ў Парыж. (Літва ні адной штукі зброі за тыя грошы не атрымала, і па сённяшні дзень няма разумення, што з тымі грашыма стала).

Серакоўскі, слухаючы тыя справаздачы, улічваючы іх, складае план пачатку барацьбы, які атрымаў прызнанне сабранай дэлегацыі і вайскоўцаў. У кожным павеце арганізаваць мясцовае паўстанне, захапіць як найхутчэй зброю, пасля чаго пакінуць усюды ў паветах малыя аддзельчыкі і на чале, што найменей, пяці тысяч увайсці ў Віленскую губерню, каб і тут разгарнуць паўстанне на больш высокім узроўні. Стасуючыся да гэтага плана іншыя ваяводствы, на колькі можна, мусілі б падтрымаць у сябе паўстанне, пакуль Серакоўскі збярэ больш сур'ёзныя сілы.

(У сакавіку месяцы Гейштар выехаў з Вільні ў Ковенскую губерню для яе арганізацыі, але, як гаварылі, больш часу траціў у коле шатлікай сабранай шляхты на апавяданні пра свае дзельныя выступы ў Варшаве, чым на арганізацыю губерні. Прызначыў Аляксандра Хмялеўскага ваяводскім цывільным камісарам Ковенскай губерні і забыў пра тое папярэдзіць Длускага, які дагэтуль кіраваў, выбраны партыяй Руху.

Таму, калі Серакоўскі прыбыў у Коўню, першым з'явіўся Длускі, як камісар, яны доўга да світання размаўлялі паміж сабой. Пасля адходу Длускага Зыгмунт увайшоў у пакой жонкі са словамі:

- Ашукалі - ніхто і нішто мяне тут не чакае, апрача смерці! Вярнуцца? Распавесці гэта і чакаць, аж пакуль Край збярэ больш сур'ёзныя сілы пад маё кіраўніцтва? Ты маўчыш? - Ах як добра, як разумна робіш, што ў гэтую хвілю нічога мне не гаворыш! Калі б сказала: "Ідзі - ісці трэба!", балела б гэта мне, думаў бы, яна не дбае пра мяне, пра маё жыццё. Калі б закрычала: "Вяртаймася, кідай усё, маеш права пасля ілжывых прадстаўленняў Гейштара, што аддзелы і зброя чакаюць", - не паслухаў бы цябе, а як жа мне балела б, што ты не здольная да вялікай ахвяры - для Бацькаўшчыны! Не! - я не адступлю, буду дзейнічаць, як бы мяне атачалі найлепшыя ўмовы. Пераадолею цяжкасці! Калі маё жыццё патрэбна Бацькаўшчыне, буду рады найперш змагацца з цяжкасцямі, потым з ворагам і жыць для яе, калі смерць мая неабходная, з радасцю для яе шчасця прыму яе на шыбеніцы!

Аддзелы ў Ковенскай губерні, апавешчаныя камісарамі пра прызначэнне Даленгі (без высвятлення на нейкі час, кім ён быў у рэальнасці, каб не ўзбудзіць большую пільнасць і энергію расійскіх уладаў), адмовіліся падпарадкоўвацца роўна як Нац[ыянальнаму] ў[раду] ў Варшаве, так і літоўскаму.

(Адстаўкі Зыгмунт не прасіў, ліст да Мілюціна выслаў з Вільні, змест яго пан Дыбоўскі прыводзіць у сваіх успамінах пра Зыгмунта).

З выразу твару, з тых вачэй хутка скіраваных у даль, я ведала, што паўстаў новы план, ужо ні на кога не разлічваць, толькі на сябе. Пры расставанні Францішак казаў яму: "Памятай, у любую цяжкую хвілю звяртайся да Фларыяна Даноўскага, на гэтага чалавека можаш заўсёды разлічваць". Таму Зыгмунт найперш падаўся ў Шаты да Даноўскага і ехаў з цяжкім сэрцам - ані людзей, ані зброі, ані ладу, ані арганізацыі, на дапамогу якой маглі б разлічваць, пры непрыязна настроеных аддзелах. Адно яго толькі пачуццё вяло і стрымлівала ад адступлення - выканаць абавязак перад Бацькаўшчынай!

Паводле ўспамінаў кс. Яна Жахоўскага: "У першыя дні Велікодных святаў шырыцца па Ковенскіх пушчах пагалоска аб прызначэнні ваяводам нейкага Даленгі, якога ніхто не ведаў". Жахоўскі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, адзін з першых пакінуў яго і далучыўся да жменькі моладзі, каб распачаць партызанку. Бачыў Серакоўскага ў Пецярбургу ў супольна знаёмых сем'ях. Чуючы вестку аб прыбыцці правадыра ў Коўню, вырашыў там яго шукаць. На трэці дзень святаў, 6 красавіка, на шырокім Ковенскім гасцінцы бачыць экіпаж, а ў ім вайскоўца пры поўнай форме, у таварыстве двух іншых. Калі экіпаж наблізіўся, пазнае са здзіўленнем бачанага ў Пецяр[бургу] палкоўніка Серакоўскага. Кідаецца да яго. Экіпаж затрымліваецца. Серакоўскі пазнае яго, хапае за плечы, абдымае, цалуе, гукаючы: "Жахоўскі! Жахоўскі, ты тут!" (Жахоўскі - сёння ксёндз, доктар - успамінаў тыя хвілі са слязамі.)

Суправаджалі Зыгмунта д-р Траскоўскі і Ігнацы Ляскоўскі.

Зыгмунт даручыў Жахоўскаму прывесці свой малы аддзел (16 чалавек) у Шаты да Фл[арыяна] Даноўскага, былога сібірака, калегі Далеўскіх. Адтуль рушылі ў Пашумер да Вялічкі (камісара), дзе Зыгмунт затрымаўся, а Жахоўскага выслаў у княжацкі фальварак Кнебе (Тарэсбор) у Вількамірскім павеце для заснавання лагера. Праз тыдзень Серакоўскі налічваў у сваім аддзеле 400 дабраахвотнікаў, была гэта моладзь з універсітэтаў, якая цярпліва чакала закліку Літоўскага аддзела. Пасля выхаду з Пашумера спецыяльна апавешчаныя большыя аддзелы сабраліся ў азначаным Даленгам пункце ў Трускоўскіх лясах у Крамянцінскай пушчы, меншыя мелі застацца па паветах, але прыбыць найперш у Кнебе. Колышка, рухаючыся ў Трускоўскія лясы на пункт збору, увёў у зман непрыяцеля дэманстрацыйным маршам, пасля чаго злучыўся з Даленгам, за што атрымаў пахвалу перад усім войскам.

Паводле слоў навочных сведкаў, якія прыбывалі з рапартамі ў Вільню, узрушальны быў від спаткання тых двух камандзіраў і жменек моладзі ў глыбокай пушчы, сярод голых яшчэ бязлісых дрэў, на зямлі, снегам пакрытай, а месцамі гразкай тванню. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя камандзіры сталі адзін перад адным. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі, пры абвяшчэнні прысягі ісці з ім на жыццё або смерць за Бацькаўшчыну. Гарачыя словы Даленгі, іхнія сардэчныя, братэрскія абдымкі наэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, паціскала рукі адны адным.

(Колышка - вучань Уладзіслава Касоўскага ў Кунеў 337 - ведаў Зыгмунта.)

Пасля выхаду з Трускоўскіх лясоў пад Генетамі недалёка ад Рогава Даленга даў першую ўдалую бітву, сам амаль не панёс стратаў, а пераважныя сілы непрыяцеля прымусіў да адвароту пры вялікай колькасці стратаў. Бітва выйграна, а што было найважнейшай рэччу ў смутных умовах нашага войска забралі абозы і маскоўскую амуніцыю. Колькасць дабраахвотнікаў хутка павялічвалася. Пасля той бітвы прыбыў у Вільню з рапартам і апавядаў дэталі вышэй апісаныя Баляслаў Гейштар з заклікамі аб спешным прысыланні зброі. Вяртаючыся, пераследваны маскоўскім аддзелам, схаваўся ў сялянскай хаце. Знойдзены, загінуў жудаснай, пакутніцкай смерцю, прабіты пікай праз вушы навылет. Сканаў у муках, не выдаўшы ні мэты свайго падарожжа, ані месца знаходжання аддзела.

Праз некалькі дзён Даленга быў зноў атакаваны ў Карсакінскіх лясах, дзе прывітаў непрыяцеля трапнымі стрэламі з засады і прымусіў адступіць.

Адтуль рушыў у Вількамірскі павет у фальварак Кнебе, дзе яго чакаў Жахоўскі, Малецкі, Касакоўскі і некалькі іншых з меншымі аддзеламі. Правёў тут цэлы тыдзень за навучаннем моладзі вайсковым навыкам, сігналам, адліву куль, асаджэнню кос, чыстцы зброі і г.д.

Не буду апісваць далейшых лёсаў кампаніі, іншыя, лепей за мяне абазнаныя, гэта зробяць; дадам толькі тое, што мне вядома з лістоў брата Канстанціна Далеўскага. Даленга не прымаў у вачах моладзі позы непераканальнага рыгарыста. Калі шмат поглядаў адрознівала яго ад атачэння і прымушала выконваць яго волю і загады, то адно супольнае вялікае пачуццё аб'ядноўвала іх раўняла, ведучы на верную смерць, за малым выключэннем ацалелых.

(Працяг у наст. нумары.)

335 Таварыства дабрачыннасці ў Варшаве.

336 Гл. раней.

337 Кунеў - мястэчка ў Італіі, у П'емонце. У 1861-1862 гг. размяшчалася тут польская вайсковая школа. перанесеная з Генуі, якая рыхтавала камандзіраў для будучага паўстання.

Роздум, навеяны азнаямленнем з выдатным творам-успамінам пра геніяльную беларускую паэтэсу - "Яўгенія Янішчыц. Творы, жыццяпіс, каментарыі".

Дзякуючы выдатнай працы аўтараў-укладальнікаў Святланы Калядкі і Тамары Аўсяннікавай, пазнаёміўся з паэзіяй геніяльнай паэткі Палесся - Яўгеніі Янішчыц. Гэтая цудоўная з'ява на паэтычным небасхіле нашай Беларусі з'явілася як новая яркая зорка, азарыўшы святлом сваёй творчасці, цеплынёй, шчырасцю нашу паўсядзённасць. Думаю, ніколькі не памылюся, калі скажу - Яўгенія Янішчыц раўназначная Максіму Багдановічу па сваёй геніяльнай творчасці.

Іх раздзяляе толькі час. Калі ў Багдановіча бацькі былі інтэлігенты, то ў Янішчыц - вясковыя працаўнікі. Аўтары спрабуюць знайсці вытокі яе геніяльнасці, нават прыводзяць развагі самой паэтэсы. Але гэта вялікая боская таямніца. І адказу на пастаўленае пытанне пакуль няма.

На вялікі жаль, першыя два тамы выдадзены невялікім тыражом - усяго 500 асобнікаў, таму паспрабую каротка пераказаць іх змест.

Жэні пашанцавала з настаўнікамі, яны першымі адкрылі ў няўрымслівай вясковай дзяўчынцы геніяльны талент і, як толькі маглі, пеставалі, вырошчвалі, развівалі яго. Азначаецца найперш Ф.Ф. Цудзіла - настаўнік рускай мовы, ён стаў першым крытыкам і рэцэнзентам першых вершаў Жэні. У вершы "Пісьмо да настаўніцы" Жэня абяцае:

"Абяцаю, што ўсё асілю я,

з непрыкметным не выйду ў свет, верце мне

Кацярына Васільеўна"…

І яна навекі праславіць сваіх дарагіх настаўнікаў. Добрую падтрымку і парады яна атрымала ад раённай газеты "Палеская праўда", часопіса "Бярозка", "Чырвонай змены". Падтрымаў юны талент знакаміты Генадзь Бураўкін, які разгледзеў у ёй "боскую іскру" і пажадаў, што "трэба яе не загубіць, а развіваць". Але ж яна і сама, нават дапамагаючы па гаспадарцы бацькам, па-майстэрску сплятала ў сваёй галоўцы простыя слоўцы ў першыя непаўторныя шчырыя дзявочыя вершыкі, якія ў яе як бы прасіліся самі. Ёй яшчэ дапамагло знаёмства з Сяргеем Панізнікам, які ў школьніцы Жэні адкрыў задаткі геніяльнай паэтэсы (яе вершы мелі "паэтычнае дыханне, павеўнасць і лёгкакрыласць радка, нязмушанасць пачуццяў"), прывёз ды перадаў падборку ў рэдакцыю газеты "Літаратура і мастацтва", і 21 верасня 1965 г. шэсць вершаў былі там змешчаны з прадмовай Г. Бураўкіна.

У 1966 г. Жэня закончыла сярэднюю школу і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. Выкладчыкамі ў яе былі А. Адамовіч, Н. Гілевіч, А. Лойка і іншыя знакамітыя літаратары і выдатныя знаўцы роднай мовы. Тут палеская знакамітасць была цёпла прынята і ўключылася не толькі ў кіпучае студэнцкае жыццё, але і лёгка ўвайшла ў вялікую літаратуру. У 1970 выйшла яе першая кніжка вершаў "Снежныя грамніцы". Твор у рэцэнзіях ухвалілі Н. Гілевіч і іншыя літаратары, Жэня стала дыпламантам Усесаюзнага фестывалю творчасці маладых, прыняла ўдзел у паездцы ў Іенскі ўніверсітэт імя Ф. Шылера. Неўзабаве ў 1971 г. Жэня выйшла замуж за С. Панізніка, які ў той час працаваў ваенным карэспандэнтам у групе Савецкіх войск у Чэхаславакіі. Пасля пераезду туды паэтэса пазнаёмілася з многімі замежнымі рэчаіснасцямі, якія ўспрыняла не адназначна.

У наступным 1972 г. у іх нарадзіўся сын Андрэй. Муж перавёўся ў Беларускую вайсковую акругу, Жэня ўладкавалася ў армейскую бібліятэку. Неўзабаве ў сям'і пачаліся непаразуменні, і яна ў 1976 г. распалася. Усе гэтыя бытавыя адносіны негатыўна адбіліся на другім зборніку яе паэзіі "Дзень вечаровы"( выйшаў у 1974 г.) і не далі ёй раскрыцца на ўсю моц свайго таленту. (Але ж потым - у 1978 г. - за гэты твор была ўзнагароджана прэміяй ЦК ЛКСМ Беларусі. З гэтага моманту лёс пачаў выпрабоўваць паэтэсу. Не было спачатку кватэры, хварэў сын, потым трагічна загінуў бацька.

Да гэтага ж здарылася трагедыя з ёй самой - у лютым 1976 г. патрапіла пад колы машыны ў Магілёве, трапіла ў рэанімацыю, затым да восені далечвалася ў вёсцы, у маці. У кастрычніку 1976 г. уладкавалася на працу літкансультантам у "Сельскую газету". Нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці Я. Янішчыц натхнёна працуе над новай кнігай "Ясельда". Тут паэтэса паўстае як сапраўдны лірык, сталы пранікнёна-трапяткі, івалга любага ёй Палескага краю, шчырая пяснярка роднай Беларусі, прадаўжальніца Багдановіча, Цёткі, Канстанцыі Буйлы і інш. Як чалец Саюза пісьменнікаў БССР вядзе актыўную грамадскую дзейнасць: выступае у працоўных, студэнцкіх калектывах, сярод вайскоўцаў. Але ж, як у кожнага таленту, і ў яе знайшліся нядобразычліўцы, завіснікі, якія не маглі дараваць ёй такі хуткі ўзлёт на "Парнас". Але былі ў яе і магутныя абаронцы. Першы - Ніл Гілевіч, у сваёй паэме "Сказ пра Лысую гару" сказаў шчырыя цёплыя словы:

"З глыбінь народнага жыцця

ўвысь ірвалася Янішчыц -

Палесся мілае дзіця".

Былі і іншыя абаронцы геніяльнай паэткі Беларусі. Яна ж была сціплай, не "багемнай", сама пісала: "Не шукаю гаманлівай славы, вучуся сціпласці ў кабет". І на самой справе "хацела кожнаму дапамагчы, прыносіла добрую аўру ў калектыў рэдакцыі" (У. Андрыевіч). Паэтэса натхнёна працуе. За невялікі перыяд выходзяць новыя цудоўныя кніжкі паэзіі: "На беразе пляча" - 1980 г. і "Пара любові і жалю" - 1983 г., а ў 1987 г. - "Каліна зімы" і апошняя ў кастрычніку 1988 г. кніга выбранага "У шуме жытняга святла". Яе паэзія - новая ступень у беларускай літаратуры: тонкі, ахапляючы ўсе старонкі жыцця лірызм, поўны філасофскай развагі, аптымізму, надзеі на лепшую будучыню сваёй Радзімы і ўсяго чалавецтва.

Апроч літаратуры, Янішчыц актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці: у Саюзе пісьменнікаў БССР, у складзе беларускай дэлегацыі прымала ўдзел у XXXVI Генеральнай Асамблеі ААН, выступала на старонках перыядычных выданняў. Што яе прывяло да трагедыі - неразгаданая тайна, можа нават тое, што першай разгледзела тую скрынку Пандоры - негатыўны бок перабудовы, несправядлівасць, хлусню з усіх бакоў, з якімі сама рашуча змагалася?

Уклад Я. Янішчыц у беларускую літаратуру, думаю, да канца не ацэнены і не вычарпаны. Па-гэтаму раю ўсім, хто хоча пазнаць яе творчасць, пазнаёміцца з гэтым своечасовым выданнем. Яно ж яшчэ каштоўнае і тым, што тут ўпершыню побач з кожным творам паэткі ідзе навуковы каментар аб ім, дзе аргументавана, даходліва зроблена яго ацэнка, як па самой тэхніцы напісання так і па грамадскай каштоўнасці. І трэба шчыра падзякаваць аўтарам-укладальнікам і выдавецтву. А яшчэ хацеў бы звярнуцца да Міністэства адукацыіі выдаць большую колькасць асобнікаў, каб з гэтай кніжкай-падручнікам мог пазнаёміцца не толькі выкладчык-літаратуразнавец, але і студэнт, а кожны малады паэт, настаўнік роднай мовы меў бы яе ў сябе на стале.

Мар'ян Даргель.

Рэцэнзія пасля прачытання

У канцы мінулага года ў Менску надрукавана навукова-папулярная кніга нарысаў "Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да сучаснасці". Укладальнік кнігі - Лявон Баршчэўскі. Аўтарскі калектыў - кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў, кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксей Хадыка. Рэцэнзентамі кнігі былі гісторыкі - прафесар Аляксандр Краўцэвіч і дацэнт Павел Церашковіч. Да выхаду гэтай кнігі можна было паставіцца скептычна: што яшчэ могуць напісаць менскія беларусы, хай сабе і кандыдаты навук, пра гісторыю Расіі, калі пра яе ўжо напісана столькі ўсяго шмат на любы густ: і па-савецку, і па-ліберальнаму, і па-якому хочаш. Прыкладна і я так скептычна паставіўся да гэтай кнігі і таму не спяшаўся яе купляць. Нарэшце, 9 лютага, купіў і чытаў яе нават у тралебусе. На наступны дзень падзяліўся навіной з настаўнікам гісторыі ў школе і вырашыў напісаць кароткую рэцэнзію.

Я не збіраюся тут разглядаць падрабязна сутнасць усёй кнігі, але хачу выказаць агульнае ўражанне. Кніга аўтарам удалася. Любы чытач будзе задаволены, бо прачытае нешта пра тое, чаго ён не ведаў раней. У чым поспех кнігі? Аўтары крытычна паставіліся да расійскіх выданняў і выказалі свой погляд на гісторыю Расіі. Можна сказаць, што гэта гісторыя Расіі вачыма беларусаў. Але і гэта не зусім так, бо аўтары зрабілі агаворку, што яны самі з рускімі каранямі, хоць і лічаць сябе беларусамі.

Аб'ём кнігі 536 старонак у мяккай вокладцы. У кнізе дастаткова чорна-белых і каляровых фотаздымкаў. Кніга складаецца з 13 невялікіх раздзелаў (разам з уступам і пасляслоўем) і яшчэ даецца "Храналогія найважнейшых падзей ў гісторыі Расіі". "Пачатак расійскай гістрыі" - гэта прадмова. "Замест заключэння: куды ідзе Расія?" - гэта пасляслоўе, падвядзенне вынікаў. Па ўсёй кнізе - гэта не пераказ вядомага, а імкненне аўтараў даць нешта новае. Пасля кожнага з 11-і раздзелаў даюцца асноўныя тэрміны і літаратура да гэтага раздзела. Напісана кніга простай мовай і лёгка чытаецца.

Што разглядаюць аўтары? На першым месцы палітычная гісторыя, потым удзяляецца ўвага развіццю гаспадаркі і культуры. Вельмі шырока паказана расійская культура як шматнацыянальная. Савецкая культура таксама дастаткова раскрыта як шматнацыянальная. І вось тут, на мой погляд, у аўтараў нават ужо перабор. Сярод мноства гэтых розных нацыянальных культур руская культура губляецца і ніяк не вылучаецца. І атрымліваецца расійская і савецкая шматнацыянальная культура, а руская так, сярод усіх. Ёсць у кнізе і дакументы, хоць іх няшмат. Назаву два з іх: "Адзін з расстрэльных спісаў з прозвішчам Ісака Бабеля, уласнаручна завізаваны Сталіным" (на с. 363) і табліца "Пастаўкі ЗША ў СССР (1941-1945)" (на с. 394). У чым каштоўнасць кнігі? Выказаны свежы погляд на падзеі расійскай гісторыі. Пра іх расказана праўдзіва і аргументавана, так, як бачаць іх беларускія гісторыкі. Ніхто не абмяжоўваў і не навязаваў аўтарам нейкі афіцыйны погляд.

Хоць гэта кніга мае для Беларусі і нават Расіі вялікае значэнне, але выдадзена яна прыватным выдаўцом Зміцерам Коласам накладам усяго 300 асобнікаў. Не сумяняваюся, што і звыш тысячы асобнікаў будзе лёгка распрадана па 30 рублёў за кнігу. Такая кніга патрэбна ў кожную школу, спатрэбіцца кожнаму настаўніку гісторыі. Яе з радасцю прачытаюць і вучні старэйшых класаў.

Ёсць у кнізе і істотныя недахопы. Спачатку па змесце. Перагружана прозвішчамі дзеячаў нацыянальнях культур народаў Расіі і СССР. Зусім коратка, схематычна сказана двума сказамі пра значныя падзеі, як напрыклад, пра вызваленне Балгарыі ад прыгнёту Асманскай імперыі ў 1877 -1878 гадах. Нават не згадана, што там ваявалі болей за 10 генералаў з Беларусі. Таксама і пра паўстанне дзекабрыстаў 1825 года, у якім удзельнічалі беларусы. І фактычна разграміў гэта паўстанне (расстраляў з гармат) наш зямляк Іван Ануфрыевіч Сухазанет. Варта было б у гэтай кнізе напісаць яшчэ адзін раздзел "Уклад беларусаў у рускую навуку і культуру". Таксама патрэбна шырэй паказаць ролю нашых землякоў у развіцці гістарычных падзей у Расіі і СССР. Ні словам не сказана ў кнізе пра нашага земляка з вёскі Каловічы Вілейскага раёна маскоўскага пісьменніка канца ХІХ стагоддзя Івана Кандраццева. Можна было надрукаваць і яго партрэт. А тут надрукавалі партрэт маладога Янкі Купалы (на с. 257), які сюды так пасуе, як сядло карове. Тут Купала зусім лішні. А партрэтаў Сяргея Ясеніна і Валерыя Брусава зусім не змясцілі. Афармленне кнігі месцамі зусім кепскае. Ілюстрацыі маленькія, невыразныя. Горш за тое, некаторыя партрэты абмяжоўваюцца адной галавой, і тая абрэзана (на с. 306 - князь Георгій Львоў, і на 476 - Віктар Чарнамырдзін). Пазнаць можна і толькі. Але ж гэта непавага і да таго, каго змясцілі, і да чытача. Раней бы цэнзура такія фотаздымкі забараніла б друкаваць. Згаданыя недахопы можна хутка і лёгка выправіць.

Дзякую аўтарам за добрую кнігу.

Сымон Барыс.

У Шклове створаны "Літаратурны салон"

У Шклове 16 лютага ў грамадскім цэнтры "Мост" адбылося сумеснае пасяджэнне грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" і мясцовых структур: раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", партыі БНФ, Руху "За Свабоду".

На пачатку пасяджэння адбыўся прагляд фільма "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", які прэзентавалі Паліна Сцепаненка, літаратар і актывіст кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" ды рэжысёр фільма Віктар Траццякоў. Пасля прагляду фільма прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні аўтарам прэзентацыі фільма. Адбылася дыскусія, абмен думкамі і меркаваннямі.

Другім пытаннем, якое было абмеркавана на пасяджэнні, была стварэнне пры раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" аматарскага "Літаратурнага салона". З паведамленнямі выступілі Аляксандр Грудзіна, старшыня Шклоўскай суполкі ТБМ і грамадскія актывісты, аматары літаратурнай творчасці Пётр Мігурскі і Аляксандр Новікаў.

Таксама з паведамленнямі выступілі прысутныя госці: Юры Нагорны, старшыня Аршанскай арганізацыі ТБМ, Леанід Падбярэцкі, сябар Руху "За Свабоду", Вольга Быкоўская, сябра Рады Руху "За свабоду", Людміла Драпеза, філолаг.

Удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі. Вырашана стварыць аматарскі "Літаратурны салон" пры Шклоўскай арганізацыі ТБМ, які павінен насіць імя Міхася Зарэцкага, беларускага пісьменніка, чыё дзяцінства прайшло ў Зарэчным Шклове.

Вёў сумеснае пасяджэнне і падвеў вынікі Пётр Мігурсі, сябр ТБМ, намеснік грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" і каардынатар Руху "За Свабоду" ад Магілёўскай вобласці.

Алесь Грудзіна.

Зміцер Вайцюшкевіч выступіў з канцэртам у Лідзе

Зміцер Вайцюшкевіч выступіў з канцэртам у Лідзе. У гэтым горадзе музыка на працягу 4-х гадоў навучаўся ў музычнай вучэльні, таму ў поўнай залі Палаца культуры сярод прыхільнікаў яго творчасці былі былыя аднагрупнікі і выкладчыкі. Па словах Змітра, гэтая акалічнасць выступу ў Лідзе яго вельмі расхвалявала і ўзрушыла. Апошні раз музыка выступаў перад сваімі сябрамі і выкладчыкамі 8 гадоў таму:

- Самае неверагоднае і пазітыўнае ў тым, што Ліда - усё ж такі месца, дзе я стаў беларусам у нейкім сэнсе. Тут былі канцэрты "Песняроў" у свой час. Я хадзіў у Дом афіцэраў яшчэ тады, слухаў, быў пад вельмі моцным уражаннем. Вельмі рады, што поўная зала, бо, шчыра кажучы, перажываў, што мяне тут забыліся. Доўга не бачыліся.

Зміцер Вайцюшкевіч з 1986 па 1990 год навучаўся ў Лідскай музычнай вучэльні па класе кларнета. У гэтым горадзе ён рабіў свае першыя крокі, як прафесійны музыка.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Дзедаў пачастунак

Неяк вясковыя хлопцы Іван, Міхась і Шурык сабраліся ў нядзелю адпачыць. Купілі пару пляшак самагонкі і завіталі да Міхася ў хату. Засталі суседа дзеда Нічыпара, які, ад няма чаго рабіць, прыплёўся "пакалякаць" да Міхасёвага бацькі. Хлопцы наладзілі стол і запрасілі мужчын. Дзед напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але яго ўгаварылі. Іван наліў старому, як усім, поўную шклянку, а хлопцы пачалі падбадзёрваць дзеда.

- Вы яшчэ моцны чалавек! Пару чарак можаце пацягнуць. Можа нават нас перап'яце.

- Раней мог за вас болей выпіць, - хваліўся дзед.

Нічыпар выпіў.

Пасля першай чаркі ён пачаў адмаўляцца, але хлоцы ўлагодзілі.

Дзед выпіў другую, пад прымусам - трэцюю.

Хлопцы жартам да апошняй кроплі дзяліліся са старым чалавекам.

Маладзёны былі на добрым падпітку, а дзед зусім п'яны. Разважаў сур'ёзна, а ісці не мог. Таму хлопцы пагадзіліся адвесці яго дамоў.

Па дарозе яны кпілі са старога.

- Дзед, ты ўсю ночку будзеш кахаць бабку.

- А як жа! - адказваў п'яны Нічыпар.

Ля брамкі дзед запрасіў хлопцаў да сябе. Яны болей піць не хацелі, але ён настаяў на сваім, і тыя ўрэшце пагадзіліся на тым, што сто грам лішнімі не будуць.

Зайшлі ў хату. Гаспадар паставіў на стол трохлітровы слоік самаробнай, нарэзаў кумпяка, паклаў колца каўбасы пальцам пханай ды дастаў з кадушкі салёных гуркоў. Госці горача прыняліся за справу. Тым часам Нічыпар употай зняў ся сцяны дубальтоўку, заклаў у рулю набой, узвёў куркі, сеў на парозе і кажа:

- Частавалі вы мяне, дзякуй. А цяпер я буду частаваць вас. Вып'еце ўсё да дна - і пойдзеце.

Збянтэжыліся хлопцы і пачалі піць праз сілу, пакуль не заснулі за сталом.

Апошнім заснуў на парозе Нічыпар.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX