Вярнуцца: 2019

№ 13 (1424)


Дадана: 28-03-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1424), 27 сакавіка 2019 г.

101-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі

Дзень Волі ў Гародні

23 сакавіка ў Каложскім парку Гародні прайшлі асноўныя святкаванні з нагоды Дня Волі.

Гародня - гэта другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі. І менавіта ў 1919 годзе яна ёй сталася. Таму праз 100 гадоў асноўнае святкаванне адбылося менавіта тут.

Арганізатары свята падрыхтавалі для гасцей вялікі бясплатны канцэрт з удзелам вядомых беларускіх музыкаў. На мерапрыемства з'ехаліся не толькі гарадзенцы, але і госці з розных куткоў Беларусі. Каб даставіць у Гародню многіх ахвочых, кіраўніцтва Беларускай чыгункі выдзеліла дадатковыя вагоны да пасажырскіх цягнікоў.

Святкаванні пачаліся ў 12:00 з набажэнства ў Каложскай царкве і малітвы за Беларусь. Архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій дабраславіў яго правядзенне.

У самім жа парку мерапрыемствы пачаліся ў 13:00 з невялікага мітынгу. Пасля гэтага на сцэну выйшаў магілёўскі гурт Nizkiz - у мінулым годзе музыкі сталі найлепшым гуртом Беларусі згодна з парталам TuzinFM.

Канцэрт сабраў звыш 5 тысяч чалавек. Сотні людзей прыйшлі з нацыянальнай сімволікай. Канцэрт вёў Аляксандр Памідораў.

Святочная атмасфера. Шмат прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Вельмі актыўны незалежны гандаль. Такога гандлю Гародня яшчэ не бачыла. Святу спрыяе цудоўнае надвор'е. Выступілі гурты "Крама", "Дай Дарогу!", спявак Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя выканаўцы. Гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч распавёў, што Гародня - як галоўнае месца святкаванняў - не выпадковая. У горадзе шмат месцаў, звязаных з гісторыяй БНР. Таксама гісторык выказаў надзею, што ў хуткім часе мы зможам паўсюдна і годна адзначаць Дзень Волі.

Завяршыўся святочны канцэрт выступам гурта "Дзецюкі".

У канцы фэсту арганізатары свята падзякавалі ўсім, хто прыехаў ці прыйшоў на Дзень Волі ў Гародні.

Свята скончылася шэсцем гарадзенцаў да цэнтра горада, дзе ў Фарным касцёле адбылася святочная імша.

Паводле СМІ.

Старшыня Рады БНР выступіла са зваротам да 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі

Як паведамляецца на сайце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, яе старшыня Івонка Сурвіла выступіла з традыцыйным зваротам да беларускага народа напярэдадні свята 25 сакавіка.

"Дарагія мае суродзічы-беларусы! - гаворыцца ў звароце. - У гэты першы Дзень Волі другога стагоддзя нашай Рэспублікі хачу падзяліцца з вамі маім захапленнем: нягледзячы на ўсе здзекі, на фізічнае нішчэнне найлепшых сыноў і дачок нашага народа, на прапаганду, якая прадаўжаецца да сёння; нягледзячы на старанне ворагаў, каб сцерці наш край з паверхні Зямлі - мы выжылі!Беларусь - жыве!"

Старшыня Рады БНР адзначае, што "другое стагоддзе нашай сучаснай дзяржавы пачалося, на жаль, узмоцненай прапагандысцкай атакай супраць яе. Але за апошнюю чвэрць стагоддзя беларусы навучыліся разважаць іншымі катэгорыямі і ведаюць розніцу між воляй і рабствам. Многія беларусы, перадусім з маладога пакалення, на свае вочы пабачылі, як заможна жывуць нават маленькія дзяржавы, якія не заўсёды маюць прыродныя багацтвы, але якія маюць таленавітае і працавітае грамадства, якое супольна працуе на дабрабыт свайго народа."

"Беларускай моладзі не трэба даказваць, што супольнасць паспяховых, адукаваных і вольных грамадзянаў - гэта самы важны рэсурс краіны, - перакананая Івонка Сурвіла. - Спатканні мае з маладымі беларусамі напаўняюць сэрца радасцю: гэта золата, якое мы павінны цаніць.

Дык звяртаюся сёння перад усім да Вас, мае дарагія маладыя сябры! Бо Вы здольныя выратаваць наш край ад новай няволі. Вы разумееце пачуццё годнасці вольнага чалавека. Вы ведаеце, хто вы!"

На завяршэнне свайго звароту старшыня Рады БНР піша: "Віншую ўсіх Вас, мае дарагія суродзічы, асабіста і ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з новым, другім стагоддзем ад абвяшчэння незалежнасці Беларусі і жадаю, каб змаганне за волю было плённым і пераможным! Жыве Беларусь!".

Паводле Радыё С вабода.

Дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась: "Мы павінны культываваць беларускую мову, рабіць яе моднай"

Пра гэта дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась сказаў у інтэрв'ю Tut.by.

- Трэба прызнаць, што нацыянальная мова - адна з асноў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі любога народа. Калі мы гаворым аб абароне сваёй ідэнтычнасці, мы павінны культываваць адну з яго асноў - мову. Культываваць, прапагандаваць, ужываць - пра гэта размова ідзе.

Вядома, няправільна весці размову пра тое, што мы цяпер будзем насаджаць беларускую мову. Але рабіць так, каб яна была папулярнай, моднай, асабліва сярод моладзі. Дарэчы, цяпер радасна: наша моладзь пачынае паварочвацца да беларускай мовы і выкарыстоўваць яе ў гутарцы. І гэты шлях трэба прайсці, каб мы ўмацоўваліся як нацыя і як народ.

- Вам могуць запярэчыць, што ва Украіне ўзяліся за развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці, і гэта прывяло да напружанасці як унутры краіны, так і па-за ёй. Пасля ўключэння гэтага ў Канцэпцыю, што беларуская ўлада цяпер не пабаіцца зрабіць у гэтым кірунку?

- Не пабаіцца папулярызаваць сваю мову. Не рэсурсам нейкім адміністрацыйным, абавязваючым, або праціскаючы. Трэба стымуляваць, заахвочваць, ствараць умовы, каб прымяненне мовы пашыралася.

- Нейкія ідэі мер у вас ёсць? Напрыклад, пашырэнне адукацыі на беларускай мове было б правільнай мерай?

- Напэўна, так. Але такія рэчы павінны рабіцца з улікам рэальных патрэб нашых людзей. Калі мы будзем заахвочваць і культываваць моду на беларускую мову, тады і запыт на адукацыю, дзелавыя зносіны будуць.

Tut.by, nn.by, фота Дзмітрыя Брушко.

101-я ўгодкі БНР у Менску

Менгарвыканкам да Дня Волі не дазволіў масавыя акцыі ў цэнтры Менска. Агулам не ўхвалілі ўсе 4 пададзеныя заяўкі: дзве ад "Арт Сядзібы" і Партыі БНФ (кампанія #БНР101) і дзве ад руху "За Свабоду" і БСДП "Грамада". Праводзіць акцыі ўлады прапанавалі ў месцах, вызначаных для мітынгаў паводле заяўнага прынцыпу. У сувязі з гэтым вырашылі 24 сакавіка праводзіць мітынг-канцэрт да Дня Волі ў Кіеўскім скверы. Яго ладзілі Правацэнтрысцкая кааліцыя і БСПД (Грамада). Анансавалі выступы гуртоў "Дай дарогу", N.R.M., "Разбітае сэрца пацана" і іншых.

На пачатку арганізатары канцэрта выступілі з палітычнымі прамовамі. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі ў выступе абвясціў кампанію "Наш сцяг" - за ўшанаванне і абарону законам бел-чырвона-белага сцяга. Кампанію пад такой назвай распачалі арганізатары святкавання ў Гародні, заклікалі вывешваць 25 сакавіка сцягі на вокнах і балконах кватэр, уласных падворках, а затым выкладваць фотаздымкі і распавядаць гісторыю свайго сцяга ў пастах з тэгам #НашСцяг.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што ягоная каманда "бярэ на сябе" арганізацыю мітынгаў-канцэртаў у наступным годзе ў Менску і шасці абласных цэнтрах, бо арганізатары "Свята незалежнасці" перанеслі канцэрт з Менска ў Горадню (яны тлумачылі гэта тым, што не атрымалі дазволу ні на адну "годную пляцоўку"). Паводле Рымашэўскага, грошы на менскую акцыю яшчэ не сабраныя: ёсць каля 4000 рублёў, трэба каля 14 тысяч, збор будзе працягвацца і пасля свята.

Са сцэны выступілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая (АГП) і Алена Анісім, выканавец абавязкаў рэктара будучага беларускамоўнага Універсітэта імя Гілевіча Алег Трусаў. Канапацкая ў выступе згадвала законапраект аб абароне бел-чырвона-белага сцяга, а таксама казала, што Палата прадстаўнікоў "можа быць тым дзяржаўным органам, які прапануе рэферэндум" аб скасаванні дамовы аб "Саюзнай дзяржаве".

Дэпутат Алена Анісім сказала пра актуальнасць свята:

- Свята Дзень Волі дэманструе тое, што яно пашыраецца. І геаграфічна, і ў часе. Як у добрай заможнай хаце, свята ідзе тры дні. Святкавалі ў суботу, святкуем сёння і святкаваць будзем заўтра. Але за святкаваннямі важна, каб мы не ўпусцілі такі момант: свята святам, але і ў будні не трэба забывацца пра ідэалы БНР. Не трэба забывацца пра тое, што мы можам кожны дзень штосьці зрабіць для пашырэння беларускай мовы.

Пазней у каментары Свабодзе Анісім адзначыла: на ейную думку, многія дэпутаты гатовыя прагаласаваць за закон аб абароне сцяга.

Адзін з лідараў АГП Анатоль Лябедзька так ахарактарызаваў Дзень Волі:

- Святы розныя, іх багата ў календары - адны, якія чахнуць, прыкладам угодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая з кожным годам губляе сваіх прыхільнікаў, ёсць тыя, якія стабільныя - скажам Новы год, а вось Дзень Волі - гэта тое свята, якое з кожным годам набірае людзей. Для іх Дзень Волі - гэта нешта надзвычай важнае. Гэта адметнасць гэтага свята, якое з кожным годам будзе ўсё больш набіраць.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец са сцэны нагадаў пра змаганне за Курапаты. Ён заклікаў далучацца да пікету каля рэстарацыі "Поедем поедим", які трывае ўжо 10 месяцаў. Рэстарацыя, якую Севярынец называе "ганебным кабаком", збудаваная пад самым мемарыялам, будоўля пачалася незаконна (але затым была "легалізаваная"), у рэстарацыі ладзяць святы з феерверкамі. Ён таксама нагадаў пра тое, што ў турмах сядзяць краязнавец Алесь Юркойць, Святаслаў Барановіч, Міхаіл Жамчужны, Зміцер Паліенка, Тарас Аватараў - Севярынец заклікаў патрабаваць свабоды для палітычных зняволеных (большасць праваабаронцаў цяпер прызнаюць палітвязнем толькі Жамчужнага). Актывіст Зміцер Дашкевіч зачытаў імёны заснавальнікаў БНР, забітых бальшавікамі, і таксама заклікаў прыйсці ў Курапаты, згадаўшы дзеянні вандалаў у мемарыяле. Следам за Дашкевічам ад імя руху "За свабоду" выступіў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч - ён выказаў спадзеў, што бел-чырвона-белы сцяг зноў стане дзяржаўным.

Апошнім выступіў гурт N.R.M. Музыкі выканалі вядомыя хіты. Пад кіраўніцтвам Піта Паўлава прысутныя, пакуль не працаваў генератар, усе разам выканалі славутыя "Тры чарапахі".

Напрыканцы на сцэну выйшлі арганізатары святочнага мерапрыемства. Ігар Барысаў, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова зачыталі рэзалюцыю-адозву да ўладаў і грамадзян Рэспублікі Беларусь. У ёй заклікаецца да выканання заканадаўства, адраджэння беларускай мовы і абароны суверэнітэту. Уладзе агучаны патрабаванні грамадзянскіх свабодаў.

Удзельнікі святочнага мітынгу-канцэрту выканалі гімн "Магутны Божа". На гэтым адзначэнне Дня Волі ў Менску скончылася.

Паводле СМІ.

Беларусы ў Варшаве адзначылі Дзень Волі разам з Касцюшкам і Міцкевічам

У Варшаве ў суботу 23 сакавіка прайшла традыцыйная імпрэза з нагоды абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Імпрэза распачалася з мітынгу каля помніка Тадэвушу Касцюшку - герою паўстання 1794-га года. Пасля гэтага ўдзельнікі імпрэзы - а іх сабралася больш за 100 чалавек - прайшлі шэсцем праз цэнтар Варшавы да помніка Адаму Міцкевічу.

- Вельмі годна беларусы ішлі цэнтральнымі вуліцамі Варшавы, вельмі прыемна было, што нас падтрымлівалі варшавякі ды госці польскай сталіцы. Салідарнасць суседняга польскага народа была вельмі адчувальная і адчувальная цяпер, - падзяліўся ўражаннямі Алесь Зарэмбюк, сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве. Святочныя імпрэзы з нагоды Дня Незалежнасці БНР ладзяцца тут ад 2012 года.

Радыё Свабода. Фота: Васіль Васкабовіч.

Беларусы ЗША адзначылі Дзень Волі

Каля беларускага кансулату на Манхэтане ў Нью-Ёрку 23 сакавіка сабраліся беларусы ЗША, каб адзначыць 101-я ўгодкі БНР.

Удзельнікі акцыі выказалі падзяку ўраду БНР, які "захоўвае і ўвасабляе ідэалы беларускай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы", за салідарнасць з беларускімі незалежнымі палітыкамі, СМІ, актывістамі і простымі грамадзянамі, якія змагаюцца супраць антыдэмакратычных законаў і сістэм у Беларусі.

На мітынгу выступілі старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк, намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, грамадскі актывіст Валер Мінец, старшыня Беларуска-Амерыканскага Згуртавання "Пагоня" Віталь Зайка.

"Новы час".Фота з фейсбука Вадзіма Васільева.

Дзень Волі ў Беластоку

Беларусы Беласточчыны адзначаюць Дзень Волі. Прадстаўнік арганізацыйнага камітэту святкаванняў Яўген Вапа прыгадвае, што Дзень Волі беларусы Падляшша адзначаюць на працягу 30-ці гадоў. Свята застаецца важным як для старэйшага, так і для маладзейшага пакалення:

- Для нас важна тое, што беларусы Беласточчыны былі сярод тых, хто будаваў гэтую дзяржаву. Першы прэм'ер Язэп Варонка з Кузніцы Беластоцкай, які потым эміграваў у Амерыку, дзе таксама займаўся беларускімі справамі. Акт 25-га сакавіка дае менавіта тое эмацыйна-псіхалагічнае пачуццё, што мы не горшыя.

Традыцыйна ўрачыстыя мерапрыемствы пачаліся з набажэнства, якое прайшло ў царкве святога Яна Тэолага, падчас якога маліліся за беларускі народ. Святочную багаслужбу і малебен за беларускі народ правёў айцец Андрэй Кузьма:

- Святкаванне звязана з нашай культурай - духоўнай, а таксама свецкай. Гэта вывучэнне мовы, гісторыі, жыцця беларусаў на Падляшшы. Я думаю, што мы перш за ўсё глядзім на сябе, на наш падворак, на наша Падляшша, дзе жылі нашы дзяды.

Падчас урачыстай часткі адбылося ўручэнне бел-чырвона-белых букетаў тром асобам, якія, паводле аргкамітэту, найбольш адзначыліся за мінулы год на ніве беларушчыны.

Галоўная частка мерапрыемства пачалася а 15-ай гадзіне ў клубе "Zmiana Klimatu", дзе выступіў беларускі творца Андрэй Мельнікаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

У Гародні прэзентавалі "Новы замак" і кнігу Самсона Пярловіча

У Гарадзенскім цэнтры гарадскога жыцця 23 сакавіка адбыліся прэзентацыі двух выданняў - літаратурнага альманаха "Новы замак" Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў і кнігі вершаў наваградскага паэта Самсона Пярловіча (1923-2001). На сустрэчу прыехалі пісьменнікі з Гародні, Наваградка, Ліды, Слоніма, Шчучына, Баранавіч і іншых гарадоў. Найперш тыя творчыя асобы, чые творы надрукаваны ў альманаху "Новы замак", які пабачыў свет сёлета ў менскім выдавецтве "Кнігазбор". Прэзентацыю распачаў кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, які адзначыў, што на апошнім пасяджэнні Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў выданне "Новы замак" атрымала станоўчыя водгукі ад кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў.

- І ў гэтым вялікая заслуга і пісьменнікаў Гарадзеншчыны і рэдактара альманаха Янкі Трацяка, які складаў выданне і рэдагаваў, - сказаў Валянцін Дубатоўка.

Янка Трацяк спыніўся на працы над альманахам, адзначыўшы, што ў альманах у два разы больш даслалі сваіх твораў пісьменнікі, чым раней, таму быў выбар.

Прафесар Аляксей Пяткевіч, як заўсёды, паспрабаваў даць крытычную адзнаку асобным творам "Новага замка".

Свае творы і думкі пра "Новы замак" выказалі пісьменнікі Альжбета Кеда, Іван Буднік, Сяргей Чыгрын, Мечыслаў Курыловіч, Галіна Самойла, Святлана Адамовіч, Мікола Канановіч, Таццяна Яцук, Раіса Раманчук, Рычард Бялячыц, Міхась Зізюк і іншыя літаратары.

Станіслаў Суднік з Ліды ў сваім выступленні распавёў пра рэгіянальныя літаратурныя выданні Ліды, Наваградка і Нясвіжа. А Міхась Зізюк прачытаў гумарыстычны твор пра аўтараў альманаха.

Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў распачало выданне сваіх уласных кніг. Адна з такіх - зборнік твораў Самсона Пярловіча "Такі непаўторны сусвет". Гэты зборнік рыхтаваў Янка Трацяк. Пра трагічны лёс Самсона Пярловіча, які быў рэпрэсаваны і жыў у Наваградку, расказала паэтка Святлана Абдулаева. У гэты дзень гучалі беларускія песні і мелодыі, прысутныя атрымалі аўтографы ад літаратараў і змаглі набыць кнігі любімых аўтараў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара.

25 сакавіка на Лідчыне

25 сакавіка сёлета на Лідчыне адзначалася па кароткай праграме. Было вырашана даць магчымасць актывістам нацыянальных арганізацый наведаць святкаванні Дня Волі ў іншых месцах.

У выніку лідзяне ўзялі ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Гародні, Менску і Нью Ёрку, удзельнічалі ў шэсці памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні, а таксама ў Круглым стале там жа.

На самой Лідчыне па нядаўняй традыцыі былі запалены знічы перад усімі "ефрасіннеўскімі" крыжамі Лідскага раёна. Сёлета іх на адзін больш. У канцы мінулага года такі крыж, ужо 9-ты, быў пастаўлены перад царквой у в. Дакудава. Лідчына становіцца краем Святой Ефрасінні.

25 сакавіка зноў жа па традыцыі, але ўжо старой, актывісты з Ліды, Бярозаўкі і Пескаў наведалі магілы дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Саковіча і Маракова ў Лідзе, а таксама магілу міністра БНР, генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве. Тут да іх дадаліся патрыёты з Воранава, Радуні і Беняконяў. Упершыню каля магілы генерала сабраліся людзі з шасці населеных пунктаў. Былі ўскладзены кветкі, запалены знічы.

Завяршыўся рэйд каля каменя "100 год БНР" на вуліцы К. Каліноўскага ў Лідзе. Тут таксама быў запалены зніч у памяць усіх палеглых і пацярпелых за незалежнасць. Слава героям Беларусі. Беларусь - навечна!

Я. Грынкевіч.

Алена Анісім і Алег Трусаў на лідскіх курсах "Мова нанова"

20 сакавіка па запрашэнні лідскіх курсаў "Мова нанова" Ліду наведалі старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісісм і ганаровы старшыня ТБМ, выканавец абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў.

Гаворка ішла пра лёсы беларускай мовы, беларускай адукацыі і Універсітэта імя Ніла Гілевіча ў прыватнасці.

Алена Анісім распавяла, як узнікала ідэя ўніверсітэта, пачынаючы ад Кангрэса за незалежнасць, у структурах якога і выспела ідэя, і да дазволу сына Ніла Гілевіча выкарыстаць імя Народнага паэта ў назве.

Алег Трусаў заглянуў у гісторыю беларускай мовы і ў гісторыю папярэдніх этапаў змагання за нацыянальны ўніверсітэт. У прыватнасці ён нагадаў, што падчас збору подпісаў за Нацыянальны ўніверсітэт у пачатку 21 стагоддзя з 55 000 подпісаў сабраных па краіне 10 тысяч былі сабраныя ў Лідзе. Мала хто памятае акалічнасці таго збору, а тады ў пачатку нулявых, калі ўся краіна была ў роспачы, лідзяне за Нацыянальны ўніверсітэт пісаліся пагалоўна. З вялікіх дамоў па Машэрава на Слабадзе адмаўляліся падпісацца 1-2 чалавекі на дом. Навучэнцы Лідскага каледжа бралі бланкі і на выхадных, калі ехалі дадому, падпісвалі свае вёскі.

Другі раз Лідскі каледж сабраў тысячы подпісаў супраць адмены курса "Прафесійная лексіка". Тады навучэнцаў цягалі па розных начальніках, але курс выратавалі. Пра гэтую перамогу ўсе таксама забылі.

Слухачы курсаў задавалі самыя розныя пытанні, у тым ліку і адносна выбараў. Алена Анісім і ў Лідзе пацвердзіла гатоўнасць вылучацца кандыдатам у Прэзідэнты на будучых выбарах, што выклікала поўнае разуменне з боку прысутных.

Яраслаў Грынкевіч.

У Гародні зрабілі піцу з Пагоняй

Горадзенскі Pizza Truck зрабіў піцу з Пагоняй да Дня Волі. Аўтар твору піцаёля Павел Максімчык рабіў яе паўтары гадзіны.

Цяпер піца знаходзіцца ў Цэнтры гарадскога жыцця (Кірава, 3). Там з незвычайнай піцай можна было сфатаграфавацца 24 і 25 сакавіка. Ці яе потым з'ядуць, замарозяць або паставяць у рамку, піцаёля яшчэ не вырашыў.

Радыё Свабода.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Ляўшун - 27 р, г. Менск

2. Зносак М.П. - 30 р., г. Менск

3. Кукавенка - 50 р., г. Менск

4. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

5. Бубен Кастусь - 30 р., г. Менск

6. Ралько Леанід - 40 р., г. Баранавічы

7. Вяргейчык В.П - 30 р., г. Барысаў

8. Тамара - 10 р., г. Менск

9. Крачкоўская В.А. - 15 р., г. Магілёў

10. Рысявец Ул. - 20 р., г. Менск

11. Шкірманкоў Ф. - 20 р., г. Слаўгарад

12. Неабыякавы - 10 р., г. Менск

13. Лічык А.А. - 2 р., г. Менск

14. Цівунчык Вячаслаў - 20 р., г. Баранавічы

15. Тутэйшы - 5,98 р.

16. Бойса Іосіф - 25 р., г. Ліда

17. Бамбіза - 60 р., г. Менск

18. ЖСУ - 5 р., г. Менск

19. Рудкоўская - 20 р., г. Менск

20. Вяргей - 16 р., г. Менск

21. Прыгожыны - 20 р., г. Менск

22. Рак П.Ф. - 10 р.

23. Грыбоўскі Васіль - 5 р., в. Чурылавічы

24. gwe -10 р., г. Менск

25. Саротнік А.Я. - 5 р., г. Менск

26. Панасюк А.П. - 20 р. г. Менск

27. Птушка - 5 р., в. Хільчыцы

28. Жыдаль - 20 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скары-ны" па наданні роднай мове рэа-льнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бе-ларусбанк.

У нас Бабіч - у немцаў Грэнал

Навіны Германіі

У нямецкім Бундэстагу патрабуюць абвясціць пасла ЗША персонай нон-грата

Віца-старшыня Бундэстага Вольфганг Кубіцкі патрабуе абвясціць амерыканскага пасла Рычарда Грэнала персонай нон-грата. Палітык ліберальнай партыі FPD лічыць, што дыпламат паводзіць сябе, як прадстаўнік акупацыйнай імперыі. Абурэнне Кубіцкага выклікалі словы пасла наконт змяншэння Берлінам вайсковых выдаткаў. Паводле праекту бюджэту, Германія не выконвае пастулату NATO, каб краіны-чальцы выдаткоўвалі на абарону 2% ВУП. Планы міністра фінансаў прадугледжваюць, што ў наступным годзе гэтая сума складзе 1,37%.

Рычард Грэнал пракаментаваў гэта наступным чынам:

- Змяншэнне і так непрымальных абавязацельстваў на карысць вайсковай гатоўнасці - гэта сігнал для 28 краінаў NATO, саюзнікаў Германіі, які непакоіць.

Паводле віца-старшыні Бундэстага, за такія словы міністр замежных справаў павінен як мага хутчэй абвясціць Грэнала персонай нон-грата.

- Мы суверэнная дзяржава і не можам дапусціць, каб амбасадары іншых краін прымалі рашэнні наконт нашай унутранай палітыкі. Грэнал паводзіць сябе так, нібыта ЗША ўсё яшчэ акупацыйная імперыя, - сказаў Вольфганг Кубіцкі.

Яшчэ больш радыкальную ацэнку паслу агучыў палітык кааліцыйнай партыі SPD Карстэн Шнайдэр. Ён назваў Грэнала "дыпламатычнай паразай".

Амерыканскі пасол прыцягнуў увагу адразу пасля прыезду ў Берлін у траўні мінулага года твітам пра тое, што нямецкія кампаніі, якія працуюць у Іране, павінны абмежаваць там сваю дзейнасць. Таксама летась ён сказаў у адным з інтэрвію, што для яго важна падтрымліваць кансерватараў у Еўропе. Выслаць пасла на радзіму патрабавалі былы сацыял-дэмакратычны кандыдат у канцлеры Марцін Шульц і Сара Вагэнкнухт, сустаршыня партыі "Левыя".

Радыё Свабода.

Новы краязнаўчы часопіс

Нясвіжчына адзначыла Дзень Волі выпускам новага краязнаўчага часопіса. Менавіта 25 сакавіка 2019 года ў інтэрнэце з'явіўся 1-шы нумар краязнаўчага гістарычна-літаратурнага электроннага часопіса "Нясвіжскія каеты". Часопіс анансаваўся з леташняга года і вось выйшаў.

У нумары з вокладкай - 80 старонак.

Адкрывае часопіс уступ доктара гістарычных навук, прафесара Міхаіла Гурына. Ёсць таксама артыкул доктара педагагічных навук, прафесара Людмілы Майсені і артыкул старшага навуковага супрацоўніка ДУ "Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" Андрэя Блінца. У нумары шмат аўтэнтычных і перакладных краязнаўчых матэрыялаў на самыя розныя тэмы, а таксама некалькі літаратурных твораў гістарычнай тэматыкі.

Плануецца, што часопіс будзе выходзіць кожныя тры месяцы. Як сказаў адзін з удзельнікаў часопіса Леанід Лаўрэш, нясвіжскі часопіс можна выдаваць хоць кожны месяц, матэрыялаў хопіць.

Знайсці часопіс можна пакуль што на сайтах nslowa.by і pawet.net. Пазней, пасля заключэння дамоваў часопіс з'явіцца на іншых сайтах.

У добры шлях.

Яраслаў Грынкевіч.

На беларускае шэсце ў гонар Каліноўскага ў Вільні прыйшлі прапраўнук Міцкевіча і першы лідар вольнай Літвы

23 сакавіка цэнтрам Вільні прайшла калона з беларускімі, літоўскімі і ўкраінскімі сцягамі. Акцыю зладзілі з ініцыятывы беларускіх арганізацый Літвы. Удзельнікі шэсця прайшлі з вуліцы Святога Ігната на Лукішскі пляц - менавіта там 155 гадоў таму быў пакараны смерцю нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.

Спачатку ў жалобны дзень планавалася перапахаваць парэшткі, якія выпадкова знайшлі пазалетась на гары Гедыміна. Аднак канчаткова апазнаньне пакуль не завершанае, да таго ж узніклі моўныя спрэчкі вакол мемарыялізацыі - цырымонію адклалі на восень.

Напярэдадні на Лукішскім пляцы званы касцёла Святых апосталаў Піліпа і Якуба 155 разоў прабілі ў гонар Каліноўскага, былі зачытаны імёны паўстанцаў і запалены 26 паходняў - па колькасці гадоў, пражытых Каліноўскім.

У суботу да ўшанаваньня далучыліся некалькі сотняў гасцей зь Беларусі - палітыкі, грамадзкія дзеячы, гісторыкі, літаратары, навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэя. З сабой яны прывезлі бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама жывапісны партрэт Кастуся Каліноўскага работы Алеся Пушкіна - начале працэсіі яго пранёс сын мастака Мікола. Побач быў і найбольш вядомы прыжыццёвы здымак лідара паўстанцаў.

Агульны збор быў прызначаны на цяперашняй вуліцы Святога Ігната, 11 - менавіта тут лідар паўстання ўтрымліваўся ў вязніцы і адсюль пачаўся ягоны шлях на шыбеніцу. Удзельнікі паўтарылі гэты жалобны маршрут да Лукішскага пляца, дзе расейская адміністрацыя прывяла смяротны прысуд у выкананне.

У галаве калоны - сцягі Літвы, Польшчы, Украіны і бел-чырвона-белы беларускі. Яны сімвалізуюць удзел у паўстанні прадстаўнікоў народаў, якія змагаліся супраць расейскай акупацыі.

Калону суправаджала паліцыя, па дарозе гісторык Язэп Янушкевіч называў герояў тагачасных падзеяў, бальшыню якіх напаткаў трагічны лёс, удзельнікі шэсця адказвалі на кожнае прозвішча воклічам "Вечная памяць!". Агулам у дзеі брала ўдзел блізу тысячы чалавек. Таксама з пераносных дынамікаў гучалі спевы з "паўстанцкага цыклу" Сержука Сокалава-Воюша.

Ля крыжа на Лукішскай плошчы прайшоў імправізаваны мітынг. Слова ўзяў першы лідар Літвы Вітаўтас Ландсбергіс. Ён адзначыў, што па сутнасці Каліноўскі стаў правадыром касінераў - людзей, якія былі гатовы змагацца за сваю свабоду літаральна голымі рукамі: з "косамі" ды іншым гаспадарскім інструментам. І гэта стала выдатным прыкладам для тых іх паслядоўнікаў, якія здабывалі незалежнасць ад Расеі ўжо ў канцы ХХ стагоддзя.

Дэпутат літоўскага Сойму Эмануэль Зынгерыс падтрымаў агульную танальнасць прамовы, прысвяціўшы яе Беларусі. Ён наракаў, што, відавочна, не за такую Беларусь змагаўся Кастусь Каліноўскі больш чым 150 гадоў таму. Парламентар выказаў спадзяванне, што раней ці пазней суседняя краіна скажа "так" Еўропе, бо беларусы - еўрапейскі народ.

Гэтаксама ён паведаміў, што Сойм Літвы рыхтуе адмысловы акт пра перазахаванне парэшткаў паўстанцаў, якое папярэдне было прызначана на сёлетнюю восень. Беларускія афіцыйныя асобы пакуль не выявілі цікавасці да падзеі, затое высокую актыўнасць дэманструе грамадзянская супольнасць.

Быў ля крыжа паўстанцам заўважаны і вядомы літоўскі паэт, публіцыст, дысідэнт і праваабаронца Томас Венцлава. Сказаў, што не рыхтаваўся да выступу, але падкрэсліў, што постаць Каліноўскага лішніх словаў і не вымагае.

На Лукішскай плошчы прысутнічалі актывісты і неабыякавыя людзі з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Сярод іх - арганізатары мемарыяльных імпрэзаў з беларускіх нацыянальных суполак Анатоль Міхнавец, Аляксандар Адамковіч, Валянціх Стэх, Людвіка Кардзіс; гісторыкі Алесь Смалянчук, Язэп Янушкевіч, Васіль Герасімчык; палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая, Сяргей Высоцкі; заснавальнікі руху адраджэння "Саюдзіс", прадстаўнікі польскай і ўкраінскай грамады ў Літве.

Намеснік амбасадара Польшчы ў Літве Гжэгаж Пазнаньскі, у прыватнасці сказаў, што свабода і незалежнасць - галоўныя каштоўнасці, за якія паўстанцы былі гатовыя ахвяраваць сваім жыццём. І нагадаў лейтматыў Кастусёвых "Лістоў з-пад шыбеніцы": "Народзе! Тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе".

А Раман Гарэцкі-Міцкевіч, прапраўнук "паэта трох народаў" Адама Міцкевіча, чарговым разам падкрэсліў, як праз лёс славутых асобаў свайго часу шчыльна і назаўсёды пераплёўся лёс беларусаў, палякаў, літоўцаў.

На завяршэнне перад крыжам на Лукішскім пляцы прайшоў малебень па загінулых змагарах з царскім рэжымам.

Ігар Карней, Радыё Свабода.

У рэпартажы "Радыё Свабоды" з шэсця прыведзены спіс герояў 1863 года, чые парэшткі знойдзены на Замкавай гары. Лепшы знаўца паўстання ў Лідзе Леанід Лаўрэш паправіў грубыя памылкі і дадаў геаграфічную, так бы сказаць складовую ў гэты спіс.

Парэшткі герояў з Замкавай гары

Станіслаў Ішора, сын Станіслава, ксёндз, вікарый касцёла ў Жалудку Лідскага павета.

Раймунд Зямацкі, сын Андрэя, ксёндз, пробашч Вявёрскай парафіі Лідскага павета.

Альберт Лясковіч, Лідскі павет. в. Кір'янаўцы.

Баляслаў Колышка, сын Вінцэнта, ф. Карманішкі, Лідскі павет.

Юльян Ляшнеўскі (ці Ляснеўскі), сын Паўла, шляхціц Любельскай губ., эканом у маёнтку гр. Грабоўскага ў Лідскім павеце.

Зыгмунт Серакоўскі, сын Ігната, капітан Генеральнага штаба, са шляхты Валынскай губерні.

Ян Бянькоўскі, сын Тамаша, селянін Варшаўскага павета, фельчар.

Аляксандар Рэўкоўскі, (ці Раўкоўскі) сын Тэафана, шляхіц, жыў у Вільні.

Юзаф Рэўкоўскі, (ці Раўкоўскі) сын Тэафана, шляхіц, жыў у Вільні.

Караль Сіповіч, абывацель.

Юзаф Яблонскі.

Эдвард Чаплінскі, вучань аптэкарскі, са шляхты Панявежскага пав. Ковенскай губ.

Ян Марчэўскі, мешчанін Польскага каралеўства, фельчар.

Генрык Макавецкі, сын Генрыка, выдалены са службы харунжы. Выконваў абавязкі запаснога ляснічага.

Уладзiслаў Нiкалаi, падпаручнiк Нарваўскага палка, шляхцiц Вiленскай губернi.

Мечыслаў Дарманоўскі, прускі падданы.

Ігнат Здановіч, сын Аляксандра, шляхціц Віленскай губ., кандыдат С.-Пецярбургскага ўніверсітэта

Цітус Далеўскі, ф. Кункулка, Лідскі павет.

Якуб Чэхан (ён жа Цехіновіч Якуб або Юзаф), шараговец унутранай аховы Віленскага батальёна.

Кастусь Каліноўскі, в. Мастаўляны, Гарадзенскі павет.

Тры чалавекі з Польшчы, адзін прускі падданы, адзін з Валыні. Астатнія тут на гэтай зямлі нарадзіліся, тут і ляжаць. І пра якое польская паўстанне нам спрабуюць талкаваць? Так, побач з палякамі, недзе разам з палякамі, але на сваёй зямлі і за сваю зямлю. І на гэтай зямлі ім вечная слава.

Рэд.

ПАД ШАТАМІ СПАДЧЫНЫ

Помнікі гісторыі краю

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі пісьменніка, перакладчыка, гісторыка і даследчыка Юрыя Кур'яновіча "Старасвецкая Лошыца", прысвечаная мінуламу і сённяшняму дню аднайменнага маёнтка - помніка сядзібна-паркавага мастацтва XVIII - XIX стагоддзяў. Кіравала мерапрыемствам загадчыца аддзелам маркетынгу культурнай установы Юлія Мікалаеўна Сярмяжка. Яна найперш паведаміла прысутным, што заўважны твор пабачыў свет, дзякуючы старэйшаму айчыннаму выдавецтву "Беларусь", якое распачало серыю кніг, прысвечаных Году малой радзімы.

У зацікаўленай сяброўскай размове прынялі ўдзел вынаходнік, эколаг, паэт, лаўрэат прэміі АН Беларусі Яўген Церахаў, які быў у свой час дырэктарам Лошыцкай садова-паркавай гаспадаркі, мастак і дызайнер Леанід Данэлія, літаратар, кандыдат тэхнічных навук і, дарэчы, адзін з вядомых айчынных футбалістаў (у 1960-х гулец маладзёжнай зборнай Беларусі па футболе) Алесь Клышка, паэт, эсэіст і перакладчык, лаўрэат прэміі "Залатое пяро" БСЖ Алесь Гібок-Гібкоўскі, вядучы майстар сцэны Новага драматычнага тэатра Менска, папулярны кінаартыст Ігар Падлівальчваў, дырэктар Інстытута пладаводства НАН Беларусі Аляксандр Таранаў, вядомы кнігазнавец Валеры Герасімаў, літаратуразнавец Генадзь Кажамякін, гісторык-журналіст Мікола Багадзяж, крытык і перакладчыца Наталля Якавенка, архівіст, даследчыца творчасці свайго дзеда Якуба Коласа Вера Міцкевіч, бібліятэкары, музейшчыкі, журналісты.

АЎТАР вельмі годнай, карыснай, павучальнай і пазнавальнай кнігі зазначыў, што гісторыяй Лошыцкай сядзібы ён займаецца (з некаторымі перапынкамі) ужо амаль чвэрць стагоддзя. Маёнтак з'яўляецца для яго не проста гістарычным аб'ектам, якім ён зацікавіўся, як пісьменнік і гісторык. З гэтым чароўным куточкам, які, убачыўшы адзін раз, хочацца наведаць зноў і зноў, пэўным чынам знітаваны лёс пісьменніка. У ягоным дзяцінстве бацькі атрымалі кватэру ў Серабранцы, побач з якой, на другім беразе Свіслачы, і месціцца Лошыца. Юры вельмі любіў там гуляць, шпацыраваць, адпачываць і размаўляць з даўніной...

Удзельнікі прэзентацыі пачулі ад аўтара, што ў сярэдзіне XX стагоддзя ў наваколлі Менска існавалі дзве Лошыцы: 1-я і 2-я. Апошняй да рэвалюцыі валодалі прадстаўнікі роду Немаршанскіх, якім належалі абшары на тэрыторыі сучаснага Кастрычніцкага раёна. Гэтая "Лошыца Немаршанскага" ўвайшла ў 1973-м у склад Менска. Як напамін пра яе былых гаспадароў, станцыя трэцяй лініі метро на перакрыжаванні Кіжаватава і Асіповіцкай будзе называцца "Немаршанскі сад". Што тычыцца Лошыцы 1-й, якая была "Лошыцай Любанскага", а раней - "Лошыцай Прушынскага", яшчэ раней - "Лошыцай Гарнастаеўскай", то яна стала "мянчанкай" у жніўні 1985-га і займае паўднёвую сталічную ўскраіну ўздоўж вуліцы Чыжэўскіх. Менавіта каля яе, у сутоках рэк Свіслач і Лошыца (выток апошняй пачынаецца ад былой вёскі Сухарава, на месцы якой пабудаваны аднайменны мікрараён), і знаходзіцца славуты сядзібна-паркавы комплекс - адзіная сядзіба, якая захавалася ў Менску да нашых дзён. Гэтае месца, распавядае ў кнізе Юры Кур'яновіч, было вядомае яшчэ з паганскіх часоў, калі прыродную гармонію і свой душэўны камфорт нашыя продкі звязвалі з ласкай Ярылы і Перуна.

У розныя часы існавання ёй валодалі прадстаўнікі вядомых шляхецкіх родаў Друцкіх-Горскіх і Прушынскіх. Першыя ўваходзілі ў даволі сціслае кола вышэйшай арыстакратыі Вялікага Княства Літоўскага, а другія былі ў блізкім атачэнні апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Антонія Аўгуста Панятоўскага. Да іх жаночай галіны належалі князі Любанскія, дзякуючы гаспадарлівасці ды руплівасці якіх Лошыца і набыла сваю чароўна-непаўторную прыгажосць. Найбольшую вядомасць ёй надалі Яўстафій Прушынскі і сын ягонага пляменніка Яна - Яўстафій Любанскі, які разам з Раманам Скірмунтам абіраўся ў склад Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі першага склікання.

ЛЁС Лошыцы з яе былой алтарыяй, унікальным каталіцкім храмам - помнікам позняга беларускага барока - звязаны і са шматлікімі імёнамі славутых дзеячаў культуры і навукі. У іх ліку класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, кампазітар Станіслаў Манюшка, мастакі Ян Дамель і Валенцій Ваньковіч, сусветна вядомы вучоны Мікалай Вавілаў. Мястэчка нельга ўявіць і без паданняў ды легендаў нашай мінуўшчыны. Чаго варты толькі адзін расповед аб прывідзе мясцовага парку - Белай Панны, у вобразе якой паўстае апошняя гаспадыня Лошыцы. " ... пані Ядвіга Любанская апрача знешняй прыгажосці, - чытаем у Юрыя Кур'яновіча, - мела іншую прыродную адметнасць - спагадлівасць, таму і ўтрымлівала за свой кошт у Менску дом для састарэлых і бяздомных людзей, куды што-дзень дастаўлялі з маёнтка свежае малако і прадукты, а таксама лекавыя расліны з панскай дзялянкі. Пані Любанская таксама ўваходзіла ў склад рады Дабрачыннага таварыства Менскай губерні (старшынём якой быў граф Караль Эмерык Чапскі), з'яўлялася дырэктрысай "дамского отделения" губернскага камітэта "Общества по-печительного о тюрьмах".

З Лошыцай звязана, адзначалася на прэзентацыі, стварэнне самай прэстыжнай навучальнай установы нашай краіны - Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У маёнтку планавалася адчыніць агранамічнае аддзяленне сельска-гаспадарчага факультэта, які ў першапачатковым варыянце меў назву "агранамічны факультэт". Падчас архіўных даследаванняў аўтару кнігі пашчасціла знайсці рукапісны тэкст нашага песняра Янкі Купалы. Пры гэтым удалося ідэнтыфікаваць аднаго з яго адрасатаў. Гаворка ідзе пра Яраслава Ясінскага - аднаго з першых кіраўнікоў Лошыцкага маёнтка пасля яго нацыяналізацыі савецкай уладай у 1920-м. Юры Кур'яновіч адшукаў асабістую заяву Ясінскага ад 6 жніўня 1920-га ў Менскі губернскі зямельны аддзел. Яе аўтар просіць "предоставить работу по специальности техника-механика", падмацоўваючы просьбу ўласнаручнымі рукапіснымі рэкамендацыямі, якія далі яму ініцыятар стварэння і першы старшыня Інбелкульта Сцяпан Некрашэвіч і Янка Купала.

Яраслаў Уладзіслававіч Ясінскі кіраваў у першай палове 20-х вучэбнай фермай "Лошыца" Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай гаспадаркі. Пасля загадваў у Лошыцы фермай Беларускага аддзялення Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур. Гэта была першая ў нашай рэспубліцы спецыялізаваная ўстанова ў галіне пладаводства. Да сярэдзіны 80-х у сядзібе працавалі навукоўцы-селекцыянеры. Менавіта тут, адзначае аўтар адзінага ў краіне даследавання лошыцкай спадчыны, пачалася беларуская навуковая селекцыя.

ГЭТАЯ старонка гісторыі сядзібы найперш нагадвае нам імёны дактароў навук Аляксея і Эмы Сюбаравых, якія пражылі, адпаведна, 88 і 86 гадоў. Іхнія дасягненні складаюць гонар беларускай аграрнай навукі. Аляксей Яфімавіч, на рахунку якога 37 гатункаў пладовах культур, і Эма Пятроўна, аўтар каля 16 гатункаў яблык (адзін з іх аўтар кнігі прынёс з сабой на прэзентацыю), 11 гатункаў чарэшні, пяці - вішні і сямі гатункаў слівы, з'яўляюцца заснавальнікамі навуковага пладаводства Беларусі. Гэта, падкрэсліў Юры Кур'яновіч, не толькі адлюстравана ў музейнай экспазіцыі Інстытута пладаводства і ў надпісе на надмагільным помніку вучоным на Чыжоўскіх могілках, а пацвярджаецца нашымі сучаснымі селекцыянерамі. У сваёй даследчай працы, адзначыў Аляксандр Таранаў, паслядоўнікі з поспехам выкарыстоўваюць і развіваюць навуковыя дасягненні Сюбаравых.

Няма, мабыць, такога руплівага дачніка, у якога б не раслі на лецішчы парэчкі. Але мала хто ведае, што адзін з распаўсюджаных у нас гатункаў чорных парэчак называецца "Лошыцкая". Некалі капрызная культура стала непатрабавальнай, дзякуючы намаганням прафесара Анатоля Рыгоравіча Валузнёва, які памёр у 1990-м ва ўзросце 86 гадоў. Ён стварыў у Лошыцы больш за трыста (!) гатункаў парэчак чорных і чырвоных, агрэсту, суніц садовых і малін. Выведзеныя ў 1960-1980-х доктарам біялагічных навук і яго вучнямі селекцыйныя высокапрадукцыйныя гатункі (іх 19) чорных парэчак склалі аснову раянаванага сартыменту гэтай пладовай культуры не толькі ў Беларусі, але і ў Арменіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Эстоніі, Малдове, Расіі і Украіне.

Прадстаўнікі некаторых краін удзельнічалі, між іншым, на пачатку 2000-х у фэстах, імпрэзах і літаратурных вечарынах, якія ладзіліся па ініцыятыве біяфізіка па адукацыі, паэта і пісьменніка Яўгена Церахава разам з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Сам Яўген Георгіевіч паўставаў перад гасцямі ў абліччы станоўчага казачнага героя Лесавіка, выконваючы ролю экскурсавода. Падчас прэзентацыі ён падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт завершанай не вельмі даўно рэстаўрацыі і рэканструкцыі паркавай зоны і сядзібнага дома комплексу. Лошыцкі парк Церахаў разглядаў не толькі як адметны культурна-гістарычны помнік. Энтузіяст пачэснай справы і ахоўнік сядзібы бачыў у пасаджаным гаі з алеямі яшчэ і "эксперыментальную пляцоўку для правядзення заняткаў па экалагічным выхаванні і навучанні школьнікаў у прыродных умовах". Шмат зрабіўшы для аднаўлення ў сядзібе культурнага жыцця, Яўген Георгіевіч "марыў стварыць тут своеасаблівы цэнтр культурна-экалагічнага выхавання". Але бюракратычныя перашкоды не дазволілі здзейсніць задуманае. Шкада, вельмі шкада, бо экалагічныя паводзіны дзяцей, якія стануць дарослымі, маглі б тут "абапірацца на вельмі моцны сімвал, закладзены яшчэ ў маленстве, які выклікае матывацыю да прыродаахоўных паводзін, і ўчынкаў, і дзеянняў". На думку сапраўднага гаспадара і патрыёта, большасць зробленага падчас аднаўлення мясцовасці па апісаннях і рэштках, якія захаваліся, - гэта навабуд. А месцы для пікнікоў і піўных фэстаў зусім не адпавядаюць духу старажытнасці. Парк, па словах Церахава, "гэта тая маляўнічая прастора, якая спрыяе таму, каб чалавек супакоіўся, разняволіўся душой, няспешна паразважаў, натхніўся, адчуў гаючы водар веснавых кветак і невымоўную прыгажосць восеньскіх фарбаў..."

Пасля гэтых слоў цяжка распавядаць пра такую маладаследаваную старонку гісторыі Лошыцы, як дзейнасць менскага антыфашысцкага падполля. Маецца на ўвазе арганізацыя і забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Спробы знішчыць яго, адзначае Юры Кур'яновіч, падпольшчыкі і партызаны рабілі неаднаразова. Адна з аперацый планавалася менавіта ў зацішна-маляўнічай мясціне. Спачатку тут размяшчалася загарадная рэзідэнцыя менскага гебітска-місара Фрыца Бэйзе. Пасля ў Белым доме жыў блізкі сябар гаўляйтэра, начальнік аддзела працы і сацыяльнай палітыкі генкамісарыята Вільгельм Фрайтаг. Адзін з пакояў быў прыстасаваны пад працоўны кабінет самога Кубэ, зрабіўшага стаўку на беларускі нацыяналізм. Афіцыянткай Фрайтага працавала Надзя Майсеева, а перакладчыцай нямецкай гарадской адміністрацыйнай установы - Ліля Чыжэўская. Усім сваім знешнім выглядам і адпаведнымі паводзінамі прыгожыя маладыя дзяўчаты стваралі для акупантаў уражанне вясёлых, лаяльных да новых уладаў беларускіх фройляйн. "Шчыра" працавала ў Белым доме і маці Лілі Марыя Паўлаўна. Насамрэч яны ўваходзілі ў склад спецгрупы НКДБ "Юрый". Яе мэтай спачатку было знішчэнне Кубэ, а пасля яго забойства іншай падпольнай групай - падрыхтоўка да ліквідацыі ягонага пераемніка Курта фон Готберга. Для рэалізацыі планаў з Масквы быў засланы вопытны падпольшчык "Віктар". На канспіратыўнай кватэры па Магілёўскай ён зрабіў з толу, мін і гранат выбуховы зарад і дапамог даставіць яго ў Лошыцу. Мужныя беларускі выбралі зручны момант і паклалі "падарунак" у комін. Аперацыю прызначылі, калі ў канферэнц-зале Белага дома павінна была адбыцца вялікая нарада з удзелам гебітскамісараў і зондэрфюрэраў. Чакалася і прыбыццё міністра акупаваных усходніх абшараў, аднаго з ідэолагаў нацызму Альфрэда Розенберга, смяротны прысуд якому вынес Нюрнбергскі трыбунал. Але напярэдадні зарад выпадкова знайшла апальшчыца і паведаміла ахове. Патрыётак гестапаўцы павесілі. На месцы пакарання ўзнагароджаных пасмяротна ордэнамі дачок роднага краю ўсталяваны помнік, а галоўная вуліца Лошыцы носіць імя Чыжэўскіх.

СЁННЯ ў знакамітым Белым доме - музей "Лошыцкая сядзіба". У ім адноўлены і аформлены ў стылі мадэрну неаракако і гістарызму вялікая і малая гасціныя, бальная зала, кабінет, буфетная, сталовая і канапная. У інтэр'ерах - мэбля, прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапіс і графіка з розных фондаў і збораў калекцыянераў. Ёсць яшчэ Зялёны дом. Гэта драўляны флігель-двухпавярховік, дзе працуе праект "Кола часу". Наведвальнікаў зацікавяць прадметы гарадской і сельскай культуры канца XIX - сярэдзіны XX стагоддзяў: гужавыя транспартныя сродкі, медны посуд, самавары, прасы, швейныя машынкі. Прыцягваюць увагу вырабы ганчарства, салома - і лозапляцення, рамесныя інструменты. У асобным раздзеле - прадметы і прылады апрацоўкі лёну, якія суседнічаюць з посцілкамі, ручнікамі і абрусамі.

Удзельнікі сустрэчы выказалі ўпэўненасць у тым, што толькі агульнымі намаганнямі ўсяго грамадства мы здолеем захаваць для нашчадкаў старасвецкую, кажучы словамі Юрыя Кур'яновіча, Лошыцу з яе багатай гісторыяй і яе таямніцамі, фарміруючы пры гэтым наша ўласнае нацыянальнае аблічча.

Уладзімір Барысенка. Фота аўтара.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

У чаканні смерці

На забытым хутары беларус пражыў сто гадоў. Пра тое даведаліся даследчыкі даўгажыхарства людзей і прыехалі да яго выведаць правілы, згодна якіх ён жыў.

Кіраўнік даследчай групы, сталы навуковец, аўтарытэтна запытаў дзеда:

- Вы пэўна ніколі не ўжывалі алкаголю?

Чалавек адсланіў фіранку на вакне і паказаў пальцам:

- Бачыце тое возера?! Не менш як пяць асушыў. Самаробнай слоік з сабою дам.

Другі даследчык цікавіцца:

- Мяркую, што вы ніколі не палілі.

Стары адсоўвае фіранку другога вакна:

- Бачыш той луг. Ля дзесятка такіх плантацый тытуню спаліў.

Маладая даследчыца задала сваё набалелае пытанне:

- Магчыма, у вас не было стасункаў з кабетамі?

Чалавек паказвае пальцам на кут ля ўваходных дзвярэй.

- Учора смерць прыходзіла, то я яе так зацалаваў, што касу забылася. Чакаю яе зноў, а то з кабетамі тут зараз праблема.

Бацька прымушае

Беларус пражыў болей за сто гадоў. Даследчыкі доўгажыхарства распыталі пра правілы яго жыцця, напрыканцы задаюць традыцыйнае пытанне:

- Вашы планы на будучае?

Стары шчыра адказвае:

- Па вясне жанюся.

- …

- Не! Я то не хачу, але бацька прымушае.

Выказванні

Самы вялікі дэфіцыт - дэфіцыт таленту.

Найразумнейшы чалавек на свеце - ТЫ. Найдурнейшы - начальнік пасля ўласнай жонкі.

Ёсць жа на свеце людзі, якім прыемныя ланцугі Гіменея.

Навошта думаць. Ёсць жонка. Яна - Сакрат. Ой! Як думае!

Як прыемна казаць: "І мы былі маладымі", - калі дачакаліся пенсіі.

У мяне ўсё сур'ёзна, толькі адна бяда - несур'ёзны я.

Зубры бюракратыі.

П'яніца з дзяцінства.

У бюракратаў бюракратычныя метады барацьбы.

Язэп ПАЛУБЯТКА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX