Вярнуцца: 2019

№ 15 (1426)


Дадана: 10-04-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 15 (1426), 10 красавіка 2019 г.

ЗНАК БЯДЫ

4 красавіка зранку ў Курапатах знеслі 70 крыжоў і пачалі ўсталёўваць плот. Улады сцвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Крыжалом, учынены ў Вялікі пост для ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, выклікаў шырокі пратэст грамадскасці краіны.

"Дурасцю і злачынствам перад памяццю продкаў" назвала гэты акт вандалізму дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім

- Я не ведаю і не магу дазнацца, ці гэта хто з самага верху падаў такі загад, ці гэта проста ініцыятыва дробных чыноўнікаў, якія хочуць выслужыцца. Лепш бы праявілі ініцыятыву, каб абараніць інтарэсы людзей, каб апублікаваць спісы людзей, якія там ляжаць у Курапатах, спісы тых, хто дагэтуль не рэабілітаваны.

Гэта дурасць, а па вялікім рахунку - гэта злачынства перад памяццю нашых продкаў, - сказала Свабодзе Алена Анісім.

Алена Анісім паскардзілася, што на прыём да міністра культуры Юрыя Бондара не можа трапіць нават дэпутат.

- Раяць звяртацца да дробных чыноўнікаў, у вас, маўляў, няма прычыны звяртацца да міністра. Уяўляеце сабе?

Як сказаў некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка, "у нас пачынаецца вакханалія". Дык вось вакханалія пачынаецца з дзяржаўных структураў, - кажа Алена Анісім.

Сітуацыя вакол Курапатаў, на яе думку, нарастала цягам не аднаго года. Міністэрства культуры, прымаючы розныя рашэнні аб межах ахоўных зонаў, брала на сябе пэўныя абавязкі і ў той жа час не выконвала іх.

- Агарадзіць тэрыторыю - гэта можна было зрабіць даўным-даўно. Аднак зроблена не было. І праблема ў тым, што робіцца гэта не разам з грамадствам, а насуперак тым актыўным грамадзянам, якія ўвесь час бароняць Курапаты, звяртаюць увагу на сітуацыю вакол мемарыялу.

Самае лепшае, што магла зрабіць дзяржава - агарадзіць невысокім плотам тэрыторыю, пакінуць у спакоі тыя крыжы, якія ўжо стаяць, - лічыць дэпутат.

Паводле Радыё Свабода.

Даруй ім, Божа, духоўнае калецтва - таксама хвароба

Дэпутат Варанецкі:"Чаму ў расійскіх школах не вывучаюць беларускую гісторыю і літаратуру?"

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, кандыдат эканамічных навук Валерый Варанецкі даў інтэрв'ю выданню "Саюз-Еўразія" пра саюзную дзяржаву, беларуска-расійскія ўзаемаадносіны. Закранутыя былі ў інтэрв'ю і праблемныя моманты.

Дэпутат адказаў на закіды ў расійскіх СМІ на так званае ўзнікненне нацыяналістычнай рыторыкі і "мяккую беларусізацыю".

- Крытыкуюць за тое, што ў Беларусі больш увагі стала надавацца беларускай мове. Паказальнікі, маўляў, і шыльды на вуліцах, у метро і на вакзалах на ёй з'явіліся…

Слухайце, ну як да гэтага можна ставіцца? Было б смешна, калі б не было так сумна.

Уявіце, калі б у нас у Беларусі пачалі крытыкаваць расіянаў за ўмацаванне ролі рускай мовы ў Расіі. У тым жа ключы, у якім яны крытыкуюць нас … Што б яны пра нас сказалі ці падумалі? І што сказалі б пра нас у іншых краінах?

Я асабіста задумваюся: а што ў галаве ў гэтых людзей, якія асуджаюць беларусаў за тое, што мы хочам размаўляць на сваёй роднай мове, на мове сваіх продкаў, імкнемся захоўваць і развіваць звычаі і традыцыі свайго народа, - пярэчыць дэпутат Варанецкі. - Мы вельмі добра ведаем гісторыю і культуру Расіі. Рускія мова і літаратура сур'ёзна вывучаюцца ў нашых школах. Стаўленне да іх - як да родных. А як з вывучэннем беларускай гісторыі і літаратуры ідуць справы ў расійскіх школах? Ці нашы расійскія браты могуць пахваліцца тым, што гэтак жа валодаюць беларускай мовай, як мы - рускай? Тыя эксперты з акадэмічных інстытутаў, якія абвінавачваюць беларускія ўлады ў "нацыяналістычнай рыторыцы", змогуць адказаць на ўсе вышэй пастаўленыя пытанні?

Нагадаў спадар Варанецкі і пра неабходнасць захавання культурнай спадчыны і неабходнасці вяртання яе часткі на радзіму.

- Значная частка нашай культурнай спадчыны, нашых найбагацейшых архіваў, бібліятэк, калекцый воляй лёсу апынулася ў музеях і бібліятэках нашых суседзяў, у тым ліку і ў Расіі. Шмат што з таго, што было вывезена з БССР у пачатку Вялікай Айчыннай вайны на часовае захоўванне, таксама да гэтага часу не вярнулася ў Беларусь, - адзначае ён і рэзюмуе. - Мы хочам, каб у Расіі з разуменнем і павагай ставіліся да нас, сваіх суседзяў.

nn.by, фота Сяргея Гудзіліна.

Музей этнаграфіі ў Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

У Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце гасцінна адчыніў дзверы Музей беларускай этнаграфіі. У экспазіцыі 273 экспанаты, якія адлюстроўваюць жыццё і побыт беларусаў. Тут прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку, сельскагаспадарчыя прылады, адзенне і інш. Ёсць і эксклюзіўныя рэчы: сякеры каменнага веку; грошы, што былі ва ўжытку на Беларусі з 16 стагоддзя да пачатку 20-га; вэксалі "польскіх часоў", падаткавая ведамасць 1943 года і інш. Экспанаты сабраны студэнтамі ГрДМУ пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка ўніверсітэта Варанца Віктара Іванавіча.

Наш кар.

Чалавек, які вяртае зніклыя мовы да жыцця

Гіляд Цукерман высветліў, што вяртанне да жыцця страчаных моў можа прынесці шмат карысці карэнным насельнікам, уплываючы ўскосна і на іхняе здароўе і на адчуваннне шчасця.

Алекс Ролінгс, 22 сакавіка 2019 г.

Як багата хто ў Аўстраліі прафесар Гіляд Цукерман рэгулярна робіць унёсак у фонд выратавання тасманскага д'ябла. Тасманскі д'ябал, на думку Цукермана "агідная жывёла", знаходзіцца пад пагрозай знікнення, як і многія ўнікальныя і прыгожыя віды дзікай прыроды, што робіць Аўстралію такім незвычайным і таямнічым месцам. Але жывыя жывёлы не адзінае, што працівіцца, імкнецца не паддацца націску сучаснага жыцця.

І хоць Аўстралія можа быць вядомай усяму свету сваёй біяразнастайнасцю для прафесара лінгвістыкі, такога як Цукерман, гэтая краіна мае яшчэ адну чароўнасць: ейныя мовы. Да прыходу еўрапейскіх каланізатараў Аўстралія была адным з найбольш моўна разнастайных абшараў свету, маючы прыкладна 250 розных моў. Часткова з-за працяглай геаграфічнай ізаляцыі Аўстраліі многія з іх выпрацавалі унікальныя граматычныя структуры і паняткі, невядомыя мовам у іншых частках свету.

Адна з іх - гэта мова, якая называецца "гуугу іміфір", ужываная ў паўночным Квінслендзе, яна дала свету слова "кенгуру". Яна таксама адметная тым, што адрозна ад моў, такіх як англійская, яна не карыстаецца я-цэнтрычнай сістэмай пазіцыявання, такой дзе ёсць "правы" і "левы". Замест гэтага ўсе, хто гавораць на "гуугу іміфір" маюць у мазгах убудаваны компас, які заўсёды дазваляе ім ведаць дзе поўнач, поўдзень, усход і захад. Таму ім няма патрэбы казаць пра "левы кран" ці "правы кран". Гэтак яны кажуць проста пра "паўночны кран" ці "паўднёвы кран".

Аднак паводле аўстралійскага перапісу 2016 года сёння на "гуугу іміфір" размаўляюць толькі 775 носьбітаў мовы, і іх колькасць менее. З 250 жывых моў, што былі да прыходу еўрапейцаў, на сёння ўсе, акрамя 13 лічацца "пад пагрозай вымірання", факт, на які часта не зважаюць.

- Мне падаецца, што большасць людзей дбаюць болей пра жывёл, якім пагражае выміранне, чым пра мовы, якім пагражае выміранне, - кажа Цукерман. - Прычына ў тым, што жывёлы матэрыяльныя. Можна памацаць каалу, хоць у прыродзе вы былі б вар'ятам, каб зрабіць такое, бо яна можа забіць вас сваімі кіпцюрамі. Але каалы сімпатычныя. А вось мовы нельга памацаць. Яны абстрактныя. Людзі нашмат болей разумеюць важнасць біяразнастайнасці за важнасць моўнай разнастайнасці.

Што да Цукермана, то захаванне лінгвістычнай разнастайнасці страшэнна важна. Для карэнных грамад у Аўстраліі і па ўсім свеце, якія ўсё яшчэ пераадольваюць спадчыну каланізацыі, магчымасць размаўляць на сваёй спрадвечнай мове - гэта набыццё ўнутранай моцы і вяртанне да сваёй ідэнтычнасці. Гэта можа нават мець важныя вынікі для іхняга псіхічнага здароўя.

Аўстралію Гіляд Цукерман упершыню наведаў у 2004 годзе. Ён адчуў, як яго ахапіла любасць да таго, пра што ён піша, як пра самую прыгожую краіну, якую яму толькі даводзілася бачыць і што ён падумаў, што хоча нешта зрабіць, каб дапамагчы ёй. І як прафесар лінгвістыкі з Ізраіля, сын чалавека, што перажыў халакост і адмысловец у аналізе адраджэння іўрыту ён хутка вызначыўся з дзялянкаю, дзе ён здольны дасягнуць значнага: адраджэнне і ўмацаванне ўплыву моў і культуры карэнных аўстралійцаў.

Спярша Цукерман вызначыў міждысцыплінарнае поле даследвання, іменаванае па-англійску "рэвайвелістыка" - "адраджэнцтва", якое засяроджана на падтрыманні выжывання, узнаўлення і ўмацавання моў пад пагрозай і нежывых моў па ўсім свеце. А яны ўключаюць у сябе такія мовы як іўрыт, валійская, карнуэльская і ірландская ды гавайская, паўно-чнаамерыканскія мовы як вампанааг, м'яам'я ды шмат якія іншыя.

Ізраілец Цукерман вырас як карэнны носьбіт сучаснага іўрыту, на сённяшні дзень, бадай, найпаспяховейшы ў свеце прыклад адраджэння мовы. Стараяўрэйская мова была мёртвай цягам амаль 2.000 год пакуль сіянісцкія адраджэнцы мовы не пачалі вяртаць яе да ўжытку ў канцы 19 стагоддзя. Яны дамагліся таго, дастасоўваючы старадаўнюю мову Торы так, каб яна была прыдатная ў сучасным жыцці. Урэшце, яна стала роднай мовай усіх яўрэяў новай дзяржавы Ізраіля, заснаванай у 1948 годзе.

Кампетэнтнасць Цукермана і ягоны ўласны досвед сучаснага іўрыту зараз надзвычай спрыяе ягонай дзейнасці ў Аўстраліі менавіта таму, што ён крытычна ставіцца да гэтага [працэсу]. Ён даводзіць, што мова, якою, як роднаю, кажуць сёння мільёны людзей у Ізраілі і якую яны называюць іўрыт, не можа быць і не з'яўляецца тоеснай мове Бібліі.

- Яўрэі не падолелі ажывіць мовы [прарока] Ісаі. Папросту немагчыма вярнуць да жыцця мову, якой яна была колісь.

Наадварот, Цукерман тлумачыць, што сучасны іўрыт, які ён не без нацяжак называе "ізраілітам", - гэта гібрыдная мова, што чэрпае з уплываў, якія яўрэйскія мігранты прывезлі з сабой у Ізраіль з сваімі роднымі мовамі, такімі як ідыш, польская, расейская ці арабская. Цягам пакаленняў яны спалучыліся ў выглядзе мовы ў сучаснай форме. На меркаванне Цукермана не трэба рабіць з гэтага праблему. Гэтыя змены - натуральная і неабходная частка працэсу вяртання мовы да жыцця.

- Я бяру пад увагу размоўцу болей, чым мову. Ідышамоўны не здольны пазбыцца свайго ідышавага Weltanschauung, то бо светапогляду, нават калі б ён не любіў ідыш і хацеў бы размаўляць на іўрыце. Але ў тое імгненне, калі чалавек разумее большую важнасць карэннага носьбіта, чым лінгвістычны пурызм і аўтэнтычнасць мовы - гэты чалавек робіцца добрым адраджэнцам.

Дрымотныя прыгажуні

Цяжар цукерманавай працы ў Аўстраліі засяроджаны на барнгарла, вымерлай мове - Цукерман лічыць лепшым тэрмін "дрымотная прыгажуня" - на якой казалі ў сельскім наваколлі паўдзённай Аўстраліі паміж гарадамі Порт Аўгуста, Порт Лінкалн і Ваяла. Астатні носьбіт мовы Муні Дэвіс адышоў з жыцця ў 1960 годзе. Але калі Цукерман прыехаў у грамаду барнгарла і прапанаваў дапамагчы вярнуць да жыцця іхнюю мову і іхнюю культуру, пачуты адказ здзівіў яго. Яму сказалі: "Мы чакаем Вас ужо 50 гадоў".

Зыходным пунктам Цукермана быў слоўнік, складзены лютаранскім місіянерам па імені Роберт Шурман (Robert Schаrmann) у 1844 годзе. Цукерман пачаў рэгулярна ездзіць у Барнгарларыю, каб ладзіць там калектыўныя заняткі па ўзнаўленні мовы. Супольна і з дапамогаю, і пад кіраваннем Цукермана склалася барнгарларная грамада, абапіраючыся на веды, узятыя з слоўніка Шурмана 1844 года. Яны сабралі тыя з слоў, якія яны здолелі ўспомніць пачутымі з вуснаў сваіх бацькоў і дзядоў.

Яны гэтаксама абмяркоўвалі як прыдумаць адэкватнае слова да рэалій сучаснага жыцця. Ці павінны барнгарлы пераймаць англійскія ўзоры і называць кампутар ужываючы аналогію з "лічыць" што-небудзь? Або лепей ім звярнуцца да кітайскай мандарынскай мовы, у якой слова diаnnаo літаральна значыць "электрычныя мазгі"?

Вынікам ёсць сённяшняя барнгарла, адроджаная ў форме як мага найбліжай да барнгарлы на якой казалі да таго, як памёр апошні носьбіт мовы. Непазбежна, як і ў выпадку з сучасным іўрытам, яна ніколі не будзе той самай. Мінула зашмат часу і з боку каланіяльнай мовы, гэтым разам англійскай, было зашмат уплыву, каб сённяшняя барнгарла была дакладным адбіткам мінулай. Яна таксама гібрыдная мова і ўсё ж такая, размаўляючы на якой грамада барнгарлаў можа ганарыцца. Для Цукермана тут няма нічога незвычайнага. Насамрэч зусім наадварот. "Гібрыднасць пераходзіць у новую лінгвістычную разнастайнасць".

Лінгвацыд

"Лінгвацыд" - забойства мовы - фігуруе між 10 іншых форм генацыду, якія прызнаныя Аб'яднанымі Нацыямі. Мова барнгарла вымерла ў 1960 годзе не толькі з натуральных прычын. Падобна іншым абарыгенным мовам на пачатку сярэдзіны 20 стагоддзя яе актыўна нішчыў і падвяргаў жорсткай імперыялістычнай палітыцы тагачасны аўстралійскі ўрад, забіраючы дзяцей ад мацярок і пасылаючы іх удалеч за тысячы кіламетраў у школы-інтэрнаты. Там яны навучаліся англійскай мове і як бачыш забывалі родную мову. Калі яны ўсё ж вярталіся на бацькаўшчыну выяўлялася, што яны не могуць камунікаваць з уласнымі сем'ямі, бо не маюць агульнае мовы.

Лавінія Рычардс - адна з "крадзенага пакалення". Яна памятае траўму гвалтоўнага адрыву ад маці, учыненага аўстралійскай уладаю і прынуцы гаварыць на чужой англійскай мове. Калі ў чэрвені 2018 года барнгарларская грамада выпусціла кампакт-дыск з апавяданнямі і песнямі барнгарлаў "крадзенага пакалення", яна змясціла на ім верш пра ўбачаную кветку, якая нагадала ёй пра маму, як напамінак пра жыццё, якое забралі ў яе, бо яна нарадзілася, каб гаварыць на няправільнай мове.

Цукерман бачыць тры падставы, чаму людзі мусяць падтрымліваць моўнае адраджэнне.

Першая - гэта проста этычны бок выпраўлення несправядлівасцяў каланіяльнага лінгвістычнага дамінавання. Цукерман сцвярджае, што сам факт таго, што аўстралійскі ўрад у той час зацята імкнуўся нішчыць унікальную аўстралійскую моўную разнастайнасць, магчыма пад уздзеяннем расісцкіх уяўленняў палітыкаў, такіх як Энтані Форстэр, які ў 1843 годзе заявіў: "Тубыльцы цывілізуюцца хутчэй, калі знікне іхняя мова". І гэта для Цукермана вельмі пераканаўча.

Другая падстава па Цукерману - гэта утылітарная. Адраджэнне мовы - гэта куды важней за простае камунікаванне. Ён сцвярджае, што ідзецца пра "культуру, культурную аўтаномію, інтэлектуальны суверэнітэт, духовасць, дабрабыт і душу".

- Губляючы сваю мову вы губляеце сваю душу. Адраджаючы сваю мову вы не толькі ажыўляеце ейныя гукі, ейныя словы, марфемы і фанемы. Вы ажыўляеце ўвесь антураж.

Цягам многіх год працы па адраджэнні моў Цукерман усё выразней назірае яўную тэндэнцыю. Ён мяркуе, што між абарыгенных супольнасцей, якія вярнулі свае спрадвечныя мовы, ён бачыць моцнае палепшанне фізічнага і псіхічнага здароўя. Ён назірае рэзкі спад выпадкаў самагубства, алкагалізму, наркаманіі і дыябету - пошасцяў, якія, нажаль, распаўсюджаны між карэнных жыхароў па ўсёй Аўстраліі.

Гэта толькі ўрыўкавыя назіранні, але ў 2017 годзе ён пачаў пяцігадовае даследванне, каб пабачыць, ці знойдуцца важкія сведчанні ў падтрымку ягонай тэорыі. Калі высветліцца, што ён мае рацыю ён спадзяецца, што гэта дасць аўстралійскаму ўраду дастаткова падстаў для падтрымкі праграм адраджэння моў у краіне праз фонды аховы здароўя з грошай падаткаплатнікаў.

Адно з даследванняў у Канадзе выявіла, што грамады, якія захавалі свае спрадвечныя мовы маюць меншы ровень самагубстваў.

Папярэдняе даследванне 2007 года праведзенае Оксфардскім універсітэтам, універсітэтам Брытанскай Калумбіі і ўніверсітэтам Вікторыі ў Канадзе як быццам падтрымлівае сцверджанні Цукермана. Аналізуючы дадзеныя канадскага перапісу насельніцтва даследчыкі выявілі, што ровень самагубства між моладзі "сапраўды апусціўся да нуля ў некалькіх грамадах, дзе прынамсі палова людзей паведаміла што валодае на побытавым роўні сваёй "карэннай" мовай".

- Я перакананы, што мільярды даляраў ў Аўстраліі былі змарнаваныя на бязглуздыя, медычна ўхваленыя праграмы. Я магу даказаць з лічбамі і на фактах, што адраджэнне мовы станоўча ўплывае на здароўе, - кажа Цукерман. - Калі вы забіваеце мову карэннай грамады вы правакуеце прыгнечанасць. Выклікаючы прыгнечанасць вы пазбаўляеце людзей волі дбаць пра сваё цела.

Трэці і апошні довад які падае Цукерман у падтрымку моўнага адраджэння - гэта эстэтычны. Іншымі словамі суіснаванне мноства розных і ўнікальных моў - гэта прыгожа. Аўстралійская шматмоўнасць - гэта як адбітак людской біяразнастайнасці, якой так вядомая гэтая краіна. І ўсё ж Цукерман усведамляе, што з усіх ягоных аргументаў гэты можа быць найменш прымальны між шыршай грамады.

Для Кэндэйс Калеймамувахінекапу Гала, гавайкі і дацэнта ва ўніверсітэце Брытанскай Калумбіі размаўляць на сваёй роднай мове і спрыяць ейнаму ўжытку між землякоўгавайцаў - гэта штосьці простае, але грунтоўнае. Гэта гонар.

- Але не самалюбаванне, - борздзенька тлумачыць яна. "Гэта гонар прызнанай павагі. Гэта пра доступ да дакументаў, газет ці гісторый з 1800-х гадоў і разуменне іх на іншым роўні, а не проста прачытанне праз англійскі пераклад.

Гала вызначае гавайскую мову як падмурак усяго адметнага што ёсць у гавайскай культуры. Ёй падаецца, што нават слынны танец хула, які ўзняўся да статусу чагосьці падобнага да сусветнай з'явы, немагчыма правільна выконваць, не разумеючы гавайскай мовы, слоў і рухаў, што стаяць за словамі. Без правільнага ўспрымання гэтага вы "проста развучваеце харэаграфію", мяркуе Гала. "Хула і гавайская мова непадзельныя. Вы можаце скакаць, але гэта не хула."

Зазіраючы ў будучыню Цукерман ладзіць значныя планы. Вырашыўшы заснаваць "рывайвелістыку" - адраджэнцтва і працаваць з барнгарласкай грамадой ён кажа, што наступным крокам будзе пашырэнне, дзе толькі можна гэтых ідэй.

З моманту арганізацыі свайго першага агульнадасяжнага анлайнавага курсу па адраджэнні мовы ў 2014 годзе да яго далучыліся болей за 11.000 удзельнікаў з 188 краін, між якіх Афганістан, Сірыя і краіны, дзе генацыд і лінгвацыд - звычайныя з'явы.

- Я хачу дайсці да людзей без акадэмічнай адукацыі. Да людзей, моўных актывістаў, але якія не наведваюць універсітэт і не маюць грошай, каб нешта зрабіць. Да людзей, якія прагнуць вярнуць да жыцця сваю мову.

Алекс Ролінгс, паліглот і пісьменнік, які ў 2012 годзе быў названы Самым Шматмоўным Студэнтам Брытаніі, пасля выпрабавання на беглае валоданне 11 мовамі. Ягоная апошняя кніга "From Amourette to zal: Bizarre and Beautiful Words from Around Europe" ("Ад амурэт да жаль - дзіўныя і прыгожыя словы з усяе Еўропы"). Тэкст узяты з сайта БіБіСі. Пераклаў з англійскй Мікалай Бусел 04.04.2019.

Эмануіл Іофэ: "Мяне цікавяць малавядомыя старонкі гісторыі"

Доктару гістарычных навук, выкладчыку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Танка, прафесару Эмануілу Рыгоравічу Іофэ 20 сакавіка споўнілася 80 гадоў. За плячыма ў яго - адукацыя гісторыка, палітолага і сацыёлага, ён - аўтар 49 манаграфій і 2050 публікацый пра знаных асобаў гісторыі і культуры Беларусі, дзяржаўных кіраўнікоў, сусветнавядомых навукоўцаў, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, выхадцаў з Беларусі.

Э.Р. Іофэ з'яўляецца чальцом Беларускага саюза журналістаў і Міжнароднай арганізацыі беларусістаў, ён - акадэмік і член прэзідыюма Міжнароднай акадэміі вывучэння праблем нацыянальных меншасцяў. Энцыклапедыст, эрудыт, чалавек, поўны жыццёвай энергіі, дабразычлівасці і гумару, шчыра дзеліцца сваімі ведамі і навуковымі здабыткамі. У 2018 годзе прафесар Іофэ выступіў з дакладамі на 24 рэспубліканскіх канферэнцыях па пытаннях гісторыі, культуры, літаратуры. Яго артыкулы пра Алеся Чарвякова, Алеся Бачылу, Рыгора Бярозкіна, Адама Кіркора, Рыгора Рэлеса, Міхася Няхая друкаваліся ў часопісах "Полымя", "Роднае слова", "Беларуская думка", "Дзеяслоў", "Архэ".

Шчаслівы бацька дзвюх дачок і дзядуля шасці ўнукаў радуецца іх жыццёвым крокам. Роднаму мястэчку Беразіно даследчык прысвяціў кнігу і цыкл нататкаў "Культурная Бярэзеншчына".

- Эмануіл Рыгоравіч, Вы нагадалі чытачам пра кампазітара Міколу Равенскага і мастакоў Іпаліта, Гілярыя і Апалінарыя Гараўскіх, якія нарадзіліся паблізу ад Вашай роднай мясціны. А што запомнілася Вам з дзяцінства?

- На беразе ракі Беразіны стаяў палац графа Патоцкага, знаходзіўся касцёл 1641 года. У будынку графскага палаца як раз знаходзілася школа. Я пайшоў у 1-шы клас 1 верасня 1946 года. Нарадзіўся я ў 1939 годзе. Калі пачалася вайна бацька знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Маскве. Маці была цяжарная трэццім дзіцём. Натоўп бежанцаў быў вялікі, нас з маці падабралі на машыну, і мы засталіся жыць. Мы былі ў эвакуацыі ў Тамбоўскай вобласці і ў Казахстане. Малодшы брат нарадзіўся 12 студзеня 1942 года.

З дзяцінства я любіў гістарычную літаратуру. Таму пасля заканчэння школы ў 1956 годзе я паступіў на гістарычны факультэт БДУ. У 1957 годзе ўдзельнічаў у асваенні Цаліны.

Адзін з маіх братоў Саул (Сева) стаў ганаровым дарожнікам Беларусі, ён - аўтар 8 паэтычных зборнікаў і гімна дарожнікаў, быў стваральнікам і дырэктарам музея дарог. Другі брат Навум быў памочнікам механіка ваенна-будаўнічага завода, унёс дзясяткі рацыяналізатарскіх прапановаў і быў узнагароджаны прэміямі.

- У Вас біблейскае імя. "Эмануіл" азначае "З намі Бог". Ваш дзед ці тата знаёміў Вас з Бібліяй?

- Мой тата Рыгор Саулавіч быў вернікам, ён хадзіў у малітвенны дом, чытаў кадыш. Ён атрымліваў адукацыю ў хэдэры. Тата ваяваў у 1-ай коннай арміі ў часы Грамадзянскай вайны, а потым быў першым міліцыянерам у мястэчку Сяліба Бярэзінскага раёна (раней - Ігуменскага павета).

- Сёлета, калі мы адзначаем 100-годдзе БССР, актуальна Ваша кніга "От Мясникова до Малофеева. Кто руководил БССР" і артыкул "Забытыя імёны кіраўнікоў БССР." Вы пацвердзілі, што з 19 старшынь урада БССР у час палітычных рэпрэсій пяцёра загінулі (Жылуновіч, Чарвякоў, Адамовіч, Галадзед, Валковіч), з 23 адказных сакратароў ЦК КПБ трагічна загінулі 11 (Кнорын, Гамарнік, Гікала, Шаранговіч і іншыя).

- На канферэнцыі да 100-годдзя БССР я выступаў з дакладам: "Палітычная і дзяржаўная эліта БССР з 1919 па 1991 год". Я знайшоў новыя матэрыялы пра Галадзеда, быў знаёмы з яго жонкай Верай Сцяпанаўнай Амельянчык і ўнучкай, па крупіцах збіраў матэрыял у архівах.

Мяне цікавілі малавядомыя старонкі жыцця Алеся Чарвякова, найперш, яго роля ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, прапагандзе беларускай мовы і літаратуры. З усіх кіраўнікоў Савецкай Беларусі даваеннага перыяду толькі Алесь Чарвякоў і Вільгельм Кнорын былі па прафесіі настаўнікамі. Чарвякоў стаў камісарам асветы ССРБ, намеснікам камісара асветы Літоўска-Беларускай ССР і быў ініцыятарам разгортвання культурна-адраджэнцкіх працэсаў, маторам беларусізацыі.

Згортаванне беларусізацыі ў 1929 годзе стала вынікам прамых і ўскосных сілавых дзеянняў звышінтэрнацыяналісцкай часткі партыі, якая ператварылася ў пануючую.

- Ваша вялікая заслуга - даследванне гісторыі яўрэйскага народа, якой Вы прысвяцілі шмат старонак. Да перабудовы гэтая тэма была закрытай, савецкая прапаганда палохала словам "сіянізм".

- Гісторыя яўрэйскага народа налічвае больш чатырох тысячагоддзяў. Яна цяжкая: народ, які страціў дзяржаўнасць, быў расселены па свеце і пражыў больш двух тысячагодзяў удалечыні ад гістарычнай радзімы, праз дваццаць стагоддзяў захаваў індывідуальнасць і аднавіў сваю дзяржаву на старажытнай зямлі. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя, пакуль не прыйшлі гітлераўскія орды і не ператварылі Усходнюю Еўропу ў крэматорый для яўрэяў і іншых нацый, яна была ўнікальнай творчай пляцоўкай для многіх яўрэйскіх пісьменнікаў, артыстаў, філосафаў, вучоных, якія заслужылі сусветнай прызнанне. Я быў прарэктарам яўрэйскага ўніверсітэта і напісаў ў 1996 годзе першы падручнік па гісторыі беларускіх яўрэяў. Цяпер да мене звярнуліся з просьбай яго перавыдаць.

- У кнізе "Белорусские евреи, трагедия и героизм" Вы паказалі не толькі пакуты і знішчэнне Вашых суродзічаў падчас Халакосту, але і распавялі пра тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на франтах вайны. У кнізе ёсць звесткі пра тое, што 50 сыноў яўрэйскага народа праяўлялі гераізм і мужнасць пры абароне Берасцейскай цвердзі, а 23 беларускія яўрэі атрымалі званні герояў Савецкага Саюза.

- У час вайны загінулі каля 20 маіх сваякоў. Я запісаў 100 інтэрв'ю з вязнямі гета, 55 з іх надрукаваў. Большасць вязняў, якія вырваліся на волю, прынялі актыўны ўдзел у партызанскім руху. Партызанскі атрад Фрыдмана, створаны на Гомельшчыне налічваў 360 чалавек. Ураджэнец Менска, тройчы Герой Сацыялістычнай працы Якаў Зяльдовіч у гады вайны працаваў над стварэннем супрацьтанкавых гранат, развіваў тэорыю гарэння пораху ў рэактыўных снарадах, што адыграла ролю ў стварэнні " Кацюшы".

Ураджэнец Магілёва інжынер-палкоўнік Якаў Шыфрын быў дырэктарам падмаскоўнага завода абароннай прамысловасці № 4 па вытворчасці зянітных пушак.

- Выхадцы з Беларусі былі прэзідэнтамі і прэм'ер-міністрамі дзяржавы Ізраль, лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру. У сваёй сумеснай кнізе з Вашай дачкой Вы напісалі пра Шымона Перэса, Менахіма Бегіна, Іцхака Рабіна.

- Я працаваў у архіве-музеі Яд-Вашэме ў Ерусаліме, у Нью Ёрку, Вашынгтоне, Кіеве, Вільні, Варшаве і іншых гарадах. Зараз я пішу кнігу пра гісторыю яўрэяў на Беларусі з Х стагоддзя па 2018 год.

- Якое з Вашых даследванняў прынесла Вам найбольшае задавальненне?

- Самай каштоўнай сваёй кнігай я лічу "Абвер. Полиция безопасности и СД, тайная полевая полиция, отдел " Иностранные армии - Восток" в западных областях СССР ", якая выходзіла ў 2007 годзе ў выдавецтве "Харвест". Гэта першае выданне ў свеце аб нямецкай разведцы на тэрыторіі Беларусі з 1939 па 1945 гады. Кніга стваралася на падставе архіўных і музейных матэрыялаў Расіі і Беларусі, мемуараў кіраўнікоў нямецкіх і савецкіх спецслужбаў, разведчыкаў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны разведка Трэццяга рэйха была самай моцнай і эфектыўнай. Кніга захоўвае інфармацыю пра дзейнасць нямецкіх спецслужбаў на тэрыторыі Беларусі ў 1939-1945 гадах супраць Чырвонай Арміі, мірнага насельніцтва, партызанаў і падпольшчыкаў. Абвер засылаў у Менскае антыфашыстскае падполле сваіх агентаў, якія накіроўвалі сваю дзейнасць на знішчэнне падпольных груп. Нацысцкія спецслужбы наносілі цяжкія ўдары канспірацыйным групам.

- Над якімі тэмамі Вы працуеце зараз?

- Мяне цікавяць невядомыя і малавядомыя старонкі нашай гісторыі. У мінулым годзе у мяне выйшла кніга "Шеф МГБ БССР Лаврентий Цанава, известный и неизвестный". Я напісаў успаміны пра Веру Палтаран, лаўрэата дзяржаўнай прэміі, майстра нарыса. У Цэнтры беларускай культуры, мовы і літаратуры я выступаў з дакладам пра ўклад яўрэяў у развіццё беларускага літаратуразнаўства, напісаў пра пісьменнікаў і крытыкаў, даю рэцэнзіі на многія кнігі. Я сябраваў з Янкам Брылём, сустракаўся з Янкам Запруднікам і Зорай Кіпель на навуковых канферэнцыях.

- У супрацоўніцтве з Рыгом Рэлесам Вы выдалі ў 2000 годзе кнігу "Лэхаім!", у якую сабралі казкі, песні, прымаўкі, анекдоты сваіх суродзічаў з Усходняй Еўропы.

- Аднойчы Хрушчоў выклікаў галоўнага равіна. Ён параіў яму напісаць ліст у Амерыку і паведаміць, што ў СССР яўрэі жывуць добра. Равін зрабіў, як патрабаваў Хрушчоў, але дапісаў, што ў нас не хапае свечак і цукру. У ЗША прачыталі ліст і здагадаліся: "Напэўна, яны жывуць не светла і не салодка!"

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара і з архіва Э.Р. Іофэ.

Сведчанне сталасці беларускага кнігазнаўства

4-5 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзілі ХV юбілейныя Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. У нашу краіну прыбылі сусветнавядомыя літаратуразнаўцы і кнігаведы - прафесар Арнольд Мак-Мілін з Вялікабрытаніі, доктар габілітаваны Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, прафесар Крыштаф Мігань і Томаш Шваціньскі з Польшчы. На працягу двух дзён адбываліся пленарнае пасяджэнне, сем секцый і адкрыццё выставы "Захавальнікі рарытэтаў".

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Партнёрамі навуковага мерапрыемства сталі праект Еўрапейскага саюза MOST і Польскі інстытут у Менску.

Мэтай мерапрыемства, якое ладзілася 15-ты раз за 21 год, з'яўляецца кансалідацыя навуковай супольнасці для абмеркавання актуальных пытанняў па вывучэнні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, стымуляванні міжнароднага супрацоўніцтва паміж даследчыкамі кніжнай культуры.

- ХV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні сведчаць пра поспех Нацыянальнай бібліятэкі ў вывучэнні гісторыі беларускай кнігі, - адзначыў намеснік старшыні Беларускага фонда культуры Анатоль Іванавіч Бутэвіч. - Мы зразумелі, што еўрапейскі "Буквар" - гэта беларускі набытак. Кніжнымі зборамі займаліся магнацкія роды Радзівілаў, Храбтовічаў, Сапегаў і іншых. Паступова мы асэнсоўваем, якая значная роля ў беларускай культуры належала кнігам, у тым ліку, Радзівілаўскай і Астрожскай Бібліі.

І сёння беларускай кнізе належыць галоўная роля ў захаванні гістарычнай памяці і фарміраванні пачуццяў нацыянальнай годнасці і свядомасці, - адзначыў першы міністр культуры незалежнай Беларусі.

Кнігазнаўчыя чытанні - гэта свята кнігазнаўцаў, самаахвярных прадстаўнікоў інтэлігенцыі з чыстай і святой душой, якія гадамі рупяцца над захаваннем, сістэматызацыяй і вывучэннем каштоўных кніг, большасць з якіх захоўваюць летапісныя старонкі сівой даўніны, нясуць праўды веры.

Менавіта таму знакавай вехай ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў стаў 40-гадовы юбілей навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. Створаны ў 1979 годзе, ён называўся аддзелам рэдкай старадрукаванай кнігі. На святкаванне гэтай падзеі прыбылі ветэраны бібліятэкі, якія займаліся даследваннямі ў 60-70-тыя гады: заслужаны дзеяч культуры, бібліёграф Таццяна Іванаўна Рошчына, узнагарожданая медалём Ф. Скарыны, доктар гістарычный навук Георгій Якаўлевіч Галенчанка і іншыя.

Трапяткое і ўважлівае стаўленне да кніг адзначала першага дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна - Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага. Даваенныя і пасляваенныя фонды галоўнага кнігасховішча краіны захоўвалі каштоўныя старадрукі. Паступова прыходзіла навуковае асэнсаванне іх значэння для ўсёй беларускай культуры.

Пра гісторыю дзейнасці аддзела рэдкай старадрукавай кнігі распавяла ў сваім выступленні галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Галіна Уладзіміраўна Кірэева. Надзвычай руплівай была ў 1979 годзе праца першай загадчыцы адзелам Гелі Аронаўны Анціпавай. Важную ролю ў па фарміраванні калекцыі фондаў бібліятэкі адыграў у 80-тыя гады Ігар Валянцінавіч Жолудзеў.

Г.У. Кірэева паведаміла, што нядаўна супраўнікамі бібліятэкі створаны Рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь. Праблемнае поле канферэнцыі ўключала пытанні гісторыі рукапіснай і друкаванай кніжнай культуры ад старажытнасці да сучасных тэндэнцый развіцця.

Навуковае мерапрыемства аб'яднала кнігазнаўцаў, лінгвістаў, культуролагаў, гісторыкаў і філосафаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Цягам двух дзён працавалі 7 секцый, прысвечаных тэорыі і метадалогіі кніжнай культуры, гістарычным кнігазборам, рукапісным помнікам і архіўным дакументам, друкаваным кнігам ХV-ХVІІІ стагоддзя, традыцыям беларускай кніжнай культуры.

Пан Томаш Шваціньскі выконвае абавязкі кіраўніка Інстытута кнігі і чытання ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

- Чытанне з'яўляецца важным фактарам нацыянальнага самавызначэння, - падкрэсліў ён, выступаючы на канферэнцыі, і падзяліўся інфармацыяй пра Нацыянальную праграму развіцця чытання, якая існавала ў Польшчы.

Брытанскі славіст прафесар Арнольд Мак-Мілін распавёў пра сваю цікавасць да сучаснай беларускай літаратуры. Пан Крыштаф Мігань вывучае гістарычныя шляхі кніг у Еўропе. Пані Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў займаецца кірылічнымі старадрукамі і даследвала спіс скарбаў бібліятэкі Жыровіцкага манастыра.

Зацікаўленая дыскусія ішла ў секцыі "Роля і месца кнігі ў сучасным інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі", дзе мадэратарам выступала загадчыца сектарам навукова-праектнай працы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Таццяна Сапега. Тут гаворка ішла пра дызайн сучасных кніг, маркетынг і прасоўванне новых выданняў на рынку, пра ролю электронных кніг у жыцці грамадства. Абмяркоўваліся пытанні мастацкага афармлення кніг. Удзельнікі працы ў секцыях канстатавалі факт пераемнасці вопыту ад сталых спецыялістаў да моладзі - студэнтаў і аспірантаў.

- Важнай была магчымасць сустрэцца і пакамунікаваць з тымі, хто дзесяцігоддзямі працуе ў галіне кнігазнаўства і з тымі, хто нядаўна прыйшоў да кнігі як да аб'екта навуковага даследвання, - адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі на навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці спадар Алесь Суша.

За актыўны ўдзел у Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях і асабісты ўклад у даследванне беларускай кніжнай культуры былі ўзнагароджаны: кнігазнавец Таццяна Іванаўна Рошчына, галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Галіна Кірэева, бібліёграф Людміла Сільнова, прафесар кафедры бібліятэчнай дзейнасці БДУ Ларыса Доўнар, адказны сакратар выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы Тамара Андрэеўна Самайлюк і іншыя аўтарытэтныя спецыялісты.

Юбілейныя кнігазнаўчыя чытанні праходзілі на высокім навуковым і арганізацыйным узроўні, на іх прагучалі даклады як навуковай супольнасці, так калекцыянераў кніжных рарытэтаў з розных краін.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Арнольд Макмілін і Генадзь Кажамякін; 2. Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, Галіна Кірэева і Таццяна Рошчына; 3-5. Беларускія навукоўцы на канферэнцыі.

Праца над кнігай - гэта "раскопкі" ў архівах

Мінулы год для вядомага краязнаўца на Віцебшчыне Міхася Баўтовіча быў годам завяршэння і выхаду на чытацкую аўдыторыю кнігі "Кнігадрук Полацка".

- Больш дзесятка гадоў я працаваў над матэрыяламі і па драбніцах збіраў звесткі пра кніжную спадчыну полацкіх езуітаў, якія і склалі аснову гэтага выдання. Па водгуках навукоўцаў гэта, бадай, першае выданне такога кшталту, а тое, што кніга выйшла ў такім выглядзе, я, найперш, абвязаны Алесю Аркушу, выдаўцу "Полацкага ляда", якое дало жыццё не толькі маёй працы. Калі археоалагам, для іх адкрыццяў, трэба перакапаць тоны зямлі, я шмат "капаў" архівы для таго, каб як найбольш дэталёва ўнікнуць ў тое, чым вызначалася выдавецкая дзейнасць ордэна езуітаў у Беларусі XVIII - пач. ХІХ ст.

Міхася Баўтовіча на сустрэчу ў Верхнядзвінск запрасіла мясцовая суполка ТБМ, а да арганізацыі сустрэчы спрычыніўся і Цэнтр дзяцей і моладзі у памяшканні якога і прайшла творчая вечарына з удзелам настаўнікаў і вучняў гарадскіх школ, а таксама грамадскіх актывістаў, мясцовых краязнаўцаў.

На пачатку вечарыны арганізатары сустрэчы падзякавалі настаўнікам, якія 21 лютага зрабілі цудоўнае Свята роднай мовы: ім былі ўручаны падзякі ад ТБМ і Цэнтра дзяцей і моладзі, паэтычны зборнік вершаў К. Севярынца з асабістым аўтографам, які да гэтай падзеі даслаў адмысловы верш:

ХТО Ў ХАЦЕ ГАСПАДАР

Ману за праўду сеюць фарысеі,

Пра "ущемление" крычыць імперскі дух.

У рускай мовы ёсць свой дом - Расея,

У беларускай - толькі Беларусь.

У нас народ гасцінны, як вядома,

Ды рускай мове скажам так, як ёсць,

Няхай тут пачуваецца, як дома.

Але не забывае, што ўсё ж тут - госць.

- Кнігадрук у Полацку ў часы, калі тут існаваў езуіцкі калегіюм, які пазней быў перайменаваны ў акадэмію, - кажа М. Баўтовіч, быў вельмі багатым.

Больш дзесятка гадоў аўтар "Кнігадрук Полацка" шукаў звесткі аб кнігах, якімі езуіты карысталіся пры выкладанні ў калегіюме і акадэміі і высветліў, што навучанне ў Полацку вялося, збольшага, па еўрапейскіх выданнях, якія адаптоўваліся да мясцовых ўмоваў.

У кнізе "Кнігадрук у Полацку" апісана амаль 500 выданняў, якія выйшлі ў Полацку ў другой палове XVIII - першай палове XIX стагоддзя. Толькі ўжо лічбы гавораць пра тое, якая вялікая праца была праведзена даследчыкам. Сваю размову аб выданні Міхась Баўтовіч суправаджаў мультыпрэзентацыяй з выявамі выданняў полацкіх езуітаў таго часу.

Аўтар распавядае пра тое, што :

- Кніга змяшчае апісанне выданняў, што выйшлі з-пад варштата полацкай друкарні. Вопіс храналагічна падзелены на дзве часткі. У першай частцы апісаныя кнігі, што выдалі сябры Таварыства Ісуса (1774-1820), у другой - выданні манахаў ордэна Божай Маці школаў пабожных (1824-1829). Колькасць згадак, сабраных у працэсе пошуку, для аднога запісу вагалася ад адной да адзінаццаці (у сярэднім 3-4). Змясціць усе згадкі пасля кожнага апісання не ўяўлялася магчымым, бо гэта надзвычай пашырыла б аб'ём кнігі. Таму крыніцы, дзе згадвалася канкрэтнае полацкае выданне, абіраліся паводле прыярытэту.

Кніга Міхася Баўтовіча можа быць цікавай не толькі даследчыкам, але і шырокаму колу аматараў гісторыі Беларусі, і каторы раз усім нам нагадвае пра багатую гісторыю нашай Радзімы.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

Зімовы семестр у Германіі

Навіны Германіі

Аб'яднанне студэнцкіх абменаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (GFPS) сумесна з фундацыяй польска-нямецкай супрацы прапануе стыпендыі для беларускіх студэнтаў/к і магістрантаў/к для навучання ў нямецкім універсітэце на працягу зімовага семестра 2019 года (кастрычнік 2019 - люты 2020 года). Стыпендыя ўключае падтрымку і ментарства, дапамогу з пошукам інтэрната, афармленнем дакументаў у нямецкім універсітэце, поўнае фінансаванне жыцця ў Германіі, аплату візавых і ўніверсітэцкіх збораў, страхоўку. Дэдлайн - 26 красавіка 2019 года.

Патрабаванні да кандыдатаў і кандыдатак:

- валоданне нямецкай мовай на добрым узроўні (B2);

- актыўны ўдзел у грамадскім і/альбо культурным жыцці Беларусі;

- паспяховае навучанне ва ўніверсітэце;

- жаданне бліжэй пазнаёміцца з нямецкім грамадствам, гаспадаркай, палітычнымі працэсамі, навукай і культурай.

Абавязковыя ўмовы для падачы заяўкі:

- беларускае грамадзянства;

- статус навучэнца адной з беларускіх ВНУ (мінімальна 3 курс).

Крыніца: gfps.org.

Семінар па праектаванні касмічных станцый (Германія)

Удзел у семінары бясплатны, усім удзельнікам і ўдзельніцам прадастаўляецца месца жыхарства. Семінар адбудзецца 21-27 ліпеня 2019 г. у Штутгарце. Таксама прадастаўляецца грант на частковую кампенсацыю транспартных выдаткаў (500 €). Міждысцыплінарнае супрацоўніцтва вітаецца, таму прымаюцца заяўкі ад прадстаўнікоў/ц усіх дысцыплін. Дакументы неабходна адправіць на ssdw@irs.uni-stuttgart.de, тэма ліста: "SSDW 2019 Application" да 30 красавіка 2019.

На семінары ўдзельнікі і ўдзельніцы змогуць:

- даведацца падрабязна аб распрацоўцы пілатаванай касмічнай сістэмы;

- стаць часткай міжнароднай каманды маладых спецыялістаў і вучоных;

- атрымаць вопыт праектавання сістэм, кіравання праектамі і арганізацыі каманд;

- выкарыстоўваць канцэптуальную дызайнерскую метадалогію і індывідуальныя інструменты.

Патрабаванні да кандыдатаў і кандыдатак:

- неабходна валодаць англійскай мовай;

- праяўляць цікавасць да палётаў чалавека ў космас;

- уменне працаваць у міжнароднай і міждысцыплінарнай камандзе.

Як падаць заяўку? Жадаючым неабходна падрыхтаваць такія дакументы:

- заяўка;

- форма пацверджання;

- рэзюмэ;

- апошняя ведамасць з адзнакамі;

- фатаграфія (калі няма фатаграфіі ў заяўцы)

Крыніца: irs.uni-stuttgart.de. ODB Brussels.

Трылогія кантрабандыста

У адной з кніжных крамаў набыў твор "Ніхто дабром не дасць збаўлення" - трэццюю кнігу з менскай трылогіі Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка чытачу запомнілася першая кніга "Яблычак". Мы працягваем сачыць за лёсамі ўжо знаёмых нам герояў - менскіх злыдняў Аліка Барана, Яся Нацэвіча і Філіпа Лысага. У апошнім рамане трылогіі апісваюцца падзеі 1919 года, калі з Менска сышлі германскія войскі і пачалі гаспадарыць бальшавіцкія камісары. Якія змены наступілі для фраераў і блатных? Што прынеслі з сабою новыя ўлады? І чым тады праславілася Камароўка?

"Ніхто дабром не дасць збаўлення"- кніга, у якой пульсуе жыццё і віруюць жарсці. Аўтар захапляльна распавядае пра таямнічы і закрыты свет ліхадзеяў, поўны прыгод і авантур, небяспекі, трагічных і камічных неспадзяванак, а таксама моцных пачуццяў ды шчырага кахання.

З польскай мовы твор пераклаў Віктар Шукяловіч. Рэдактарка твора - Марына Казлоўская, а карэктарка - Ліда Наліўка. У афармленні вокладкі выкарыстана дызайнерская паштоўка з серыі "Прывітанне з Менска" славутага Уладзіміра Цеслера.

Кніга пабачыла свет ў выдавецтве "Логвінаў".

Трэба адзначыць, што кніга добра распрадеецца ў крамах. Яна зацікавіць шырокае кола чытачоў. Спадзяюся, што твор будзе перавыдадзены.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 156-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

Можна дапускаць, што ў Каралеўстве не было лепей, і там былі пастаянныя змены. Высылалі, няволілі і мардавалі. Кожная змена прыносіла новыя распараджэнні, якія былі вынікам падбору людзей з што раз напэўна меншай падрыхтоўкай і ўменнем дастасавацца да што раз цяжэйшых акалічнасцяў.

Да хвілі пераняцця Каронай кіраўніцтва нашымі справамі на Літве панавала найпаўнейшая згода як у Камітэце, так пазней і ў Аддзеле, пасля арышту чальцоў якіх на іх месца ставалі іхнія былыя памочнікі, ужо абазнаныя са справай і яе ходам. Усе супольна працавалі і дапамагалі адны адным, нават моладзь з так званай Чырвонай партыі ахвотна падпарадкавалася распараджэнням Аддзела і прыступіла да супольнай працы. Малыя амбіцыйкі і парожнасць некаторых чальцоў з арганізацыі не тармазілі працы.

Асобае распараджэнне, якое надавала камісарам, прыбылым з Каралеўства, невядомым нашаму Краю, правы прызначэння людзей на такія высокія пасады, уражвала грамадскасць. Лёсы Літвы, яе бяспека ў руках такога легкадумнага Ду Лаўрэнса.

Увесь Аддзел падаў у адстаўку 350 - было гэта за пяць дзён да смерці Зыгмунта. Пакуль прыйшоў адказ з Варшавы 10/22 чэрвеня, зняволілі Аскерку і Яленскага. Эдвард Пажэрскі, начальнік нашай паліцыі ўцякае ў Парыж. На месца Аскеркі выбіраюць Уладзіслава Малахоўскага; Вагнера - на месца Яленскага, сакратаром К[араля] Ф[алевіча]. Далеўскі лічыў за абавязак перад Краем не перапыняць дзейнасці да прыходу адказу з Варшавы.

Дамейка, абазнаны са справамі, вучыць і падказвае Мураўёву, каго прыбіраць. І таму сказалі Вагнеру і Лапацінскаму выехаць з Вільні. У той жа час на месца Вагнера выбралі Марыконі.

10 ліпеня новага стылю зняволены Францішак Далеўскі. На працягу двух гадоў зняволення не знайшлося нікога, хто б засведчыў супраць яго, нават фатограф К[орзан], які выдаў Аскерку, Яленскага і іншых. Калі захварэў на тыф у Кунгуры, дзе сёстры Далеўскага, даглядаючы хворых у тыфозным шпіталі, наблізіліся да яго (відочна, ведаў іх наглядна), то закрычаў: "Панны Далеўскія! Я подлы, выдаў Аскерку, Яленс[кага], але, Божа, ты бачыш, што гэта не я выдаў Францішка!"

Літва заплаціла Камісіі (а хутчэй пры пасярэдніцтве Камісіі - Мураўёву) за жыццё Далеў [скага], Аскеркі і Яленскага 15 тысяч. Ян Завіша за Гейштара - 900 рублёў. Завалакіцілі справу да адмены ваеннага становішча, а з ім і смяротных прыгавораў.

Пасля зняволення Далеўскага прыбыў у Вільню як пасланец з Варшавы Юзаф Каліноўскі (кс. Рафал), прывёз пячатку і мандаты. Новыя чальцы:

Гейштар - старшыня;

Малахоўскі - начальнік горада;

Юзаф Каліноўскі - вайсковыя справы, памочнік Цітус Далеўскі;

Канст[анцін] Каліноўскі - унутраныя справы;

К[ароль] Ф[алевіч] - сакратар;

Ду Лаўрэнс - камісар.

Нядоўга гэта ўжо трывала. Замена людзей на ўсіх пасадах, даўняя арганізацыя рассыпалася. Амаль што не было з каго выбіраць, лепшая большасць вымардавана або вывезена, пастаянныя арышты, экзекуцыі, множацца здраднікі, шпегі, ссылкі.

У гэты смутны час Нац[ыянальны] ўр[ад] уводзіць:

1) Жандармерыю на Літве з простых, неабучаных людзей, з правам вынясення смяротных прыгавораў нядбайным і здраднікам.

2) Жадае арганізацыі вясковага люду (дзіўнае няведанне нашага краю);

3) Абвясціць на Літве паспалітае рушэнне (з каго?).

4) Распачаць неадкладна паўстанне на Падоллі, Валыні, Украіне, у Віцебскай, Менскай і Магілёўс[кай] губернях.

Смутныя былі вынікі тых спробаў. Каля Жытоміра, Павалочы, Кіева мужыччо, узброенае дубінамі і сякерамі наводзіла маскоўскае войска і вымардоўвала без міласэрнасці нашую моладзь 351. Тэрор, скіраваны на нашых бяздзейных мужычкоў, быў повадам для іх аддацца пад апеку Мураўёва.

Цэнтр[альны] камітэт выканаў свой абавязак прадстаўляючы на з'ездзе ў Варшаве, а потым цераз Яленскага рэальны стан Літвы і чаго ад яе ў дадзеную хвілю Каралеўства магло спадзявацца. Усе тыя распараджэнні ў хвілю, калі паўстанне канае. Двары апустошаныя, дабразычлівыя вёскі папалены, зраўняныя з зямлёй або ад жаху гатовыя схіліцца на бок ворага. Паспалітае рушэнне! Арганізацыя люду! Не было ўжо нікога, каб падтрымаць грошам, хлебам і апекай атачыць апошнія жменькі туляўшыхся паўстанцаў, казалі ім ператрываць да наступнага лета і тады распачаць рух з большай сілай!

Край цярпеў, збіраў на ахвяру рэшту сваіх сіл, каб датрываць да гэтай абяцанай хвілі. Інтэрвенцыя - верыў, верне нам права, магчымасць жыцця.

З тых часоў атрыманы ліст сёстрам, сасланым у Кунгур ад Цітуса з Вільні пад прынятым імем Тарэсы выражае сваю надзею ў наступных словах:


27 лістапада/9 снежня.

Адрывак з ліста: "Што да мяне асабіста, вяду жыццё, як звыкла свабоднае, вясёлае, на колькі акалічнасці, якія мяне атачаюць, гэта дазваляюць. Займаюся тымі самымі абавязкамі, што перад вашым выездам, хоць цяпер маю шмат больш клопатаў. Але ж што яны значаць пры вытрымцы і добрым гуморы, і гавару вам праўду, я сёння такая шчаслівая, такая вясёлая, як уся навакольная прырода. А прырода мусіць адчуваць шчасце і весялосць, калі мае даць такія багатыя плады, якія нам перадаюць нашыя гаспадары. Паводле іх пасеенае жыта ў гэтым годзе дасць ураджай, які забяспечыць нам хлеб, патрэбны для падтрымкі нашага жыцця. А таму: няхай жыве жыта! якое мае даць нам шчасце - падтрымаць нашае існаванне.

Ураджаі гэтага года былі някепскія, аднак у параўнанні з абяцанымі - нічым. Гаспадары вераць і нас запэўніваюць, што з часам будзем купацца ў дастатку - што дай, Божа!"


Апошнія чатыры зімовыя месяцы ў 1864 годзе якімі ж былі цяжкімі для бедных паўстанцаў, расцярушаных, але не жадаўшых скласці зброю, каб скарыстацца з мураўёўскага маніфесту 352. У тым ліку былі: Ляскоўскі, кс. Мацкевіч, Канстанцін Далеўскі, Ян Жахоўскі, Ст[аніслаў] Булгароўскі і шмат іншых. Цэнтр[альны] камітэт выканаў свой абавязак, прадстаўляючы на з'ездзе ў Варшаве, а потым праз Яленскага сапраўдны стан Літвы і чаго ад яе можна спадзявацца. Пшыбыльскі, якога Варшава сама сабе выбрала, не пытаючы Літвы, на яе прадстаўніка, не ўмеў стаць на абарону як інтарэсаў Літвы, так і ўсёй справы.

Усе тыя распараджэнні ў хвілю, калі паўстанне канае. Двары апустошаныя, дабразычлівыя вёскі папалены, зраўняныя з зямлёй або ад жаху гатовыя схіліцца на бок ворага. Паспалітае рушэнне! Арганізацыя люду! Не было ўжо нікога, каб падтрымаць грошам, хлебам і апекай атачыць апошнія жменькі туляўшыхся паўстанцаў. казалі ім ператрываць да наступнага лета і тады распачаць рух з большай сілай!

Апошнія 4-ы зімовыя месяцы ў 1864 годзе якімі ж былі цяжкімі для бедных паўстанцаў, расцярушаных, але не жадаўшых скласці зброю, каб скарыстацца з мураўёўскага маніфесту 352. У тым ліку былі: кс. Мацкевіч, Канстанцін Далеўскі, Жахоўскі, Штэнгельмееры і шмат іншых, як Булгароўскі, Ліпінскі.

Зіма была, як ніколі датуль суровая. Марозы даходзілі да 25-30 градусаў. Няма дзе схавацца. Маскоўскае войска ператрасае ковенскія ваколіцы, шукаючы рэшткі туляўшыхся паўстанцаў. Ніхто ім не адважваўся даць схованку як у хатах, так і ў дварах, якіх няшмат засталося, бо каго не зняволілі за ўдзел у паўстанні, вывезлі ў Расію за непадпісанне адраса.

І ў светлы час, і ў змроку наш сумлены жмудскі мужычок, праняты літасцю, бег шукаць нашых няшчасных у аддаленых глыбінях пушчы, несучы ім сухі кавалак хлеба, спечанага з вотрубаў, ад якога крывавіліся язык і паднябенне спажываўшага, ці кавалак старога елкага сала, але і тут паводле апавяданняў Жахоўскага рабілася ім крыўда. Сала закопвалі ў зямлю (свіран беднякоў). Дзікі ноччу, прывабленыя яго вострым пахам, выкрадалі. А яны самі? На марозе ад якога з гарматным гукам лопаліся старыя дубы, скурчыўшыся, прытуліўшыся адзін да аднаго, пад прыкрыццем назбіраных днём сухіх галін, зложаных кучай, праводзілі ночы тры месяцы. Сумленны наш люд, застаючы іх так раніцай, гаварыў з літасцю:

- Панічыкі - няхай споўніцца Божая воля! Прыходзьце хоць ночку правесці ў хаце.

Няшчасныя не адважваліся скарыстацца. Там пад страхой чакала на іх смерць і згуба сумленных людзей.

Пасля апошніх распараджэнняў, прысланых з Варшавы па арганізацыі люду, жандармерыі, паспалітага рушэння, руху ў красовых губернях, адкуль да гэтага часу прыходзіла падмацаванне ў моладзі і ў грашах, настае ў Выканаўчым аддзеле хвіля бунту, абурэння. Аддзел пад выглядам, што не можа супольна працаваць з Гейштарам, высылае з мэтай адхілення яго Ду Лаўрэнса ў Варшаву, той з намерам хуткага вяртання пакідае свой паўнамоцны мандат на Літве ў Канстанціна Каліноўскага, карыстаючыся з чаго, Аддзел аб'яўляе сваё абурэнне на агульным сходзе вуснамі Уладзіслава Малахоўскага:

- Досыць нам гэтай залежнай ролі! Варшава не разумее нашых патрэб. Павінны самі радзіць над дабром Літвы! Мы пастанаўляем ад гэтага часу разарваць гэтую залежнасць, якая нас губіць!

Гейштар адзін апелюе разрыву салідарнасці з Каралеўствам. Ніхто яго не слухае, а потым большасць пастанаўляе выслаць наступныя ўмовы: Літоўскі камітэт незалежны ад Кароны, камісар з Варшавы мае толькі дарадчы голас, роўна, як з Літвы ў Варшаве.

Пасля атрымання гэтай пастановы Варшава прысылае ў Вільню Авейду-Шмідта для пагаднення Літвы з Каронай. Усё было ўжо запозна.

Праблема адраса Дамейкі

Пасля Біржанскай бітвы Дамейка падтрымлівае планы Мураўёва, агітуючы за паданне адраса 353, у форме ўказанй Мур[аўёвым]. Адрас не толькі асуджае паўстанне, але і адмяняе ўсю нацыянальную мінуўшчыну, абвяшчаючы, што Літва заўсёды была Расіяй і прагне ёй застацца.

Знайходзяцца на Літве такія, якія яго падпісваюць з Дамейкам, у вялікай сваёй нядолі трацяць галаву і сумленне. Тыя, хто не падпісвае, ідуць на выгнанне. Літва вылюдняе. Народ лічыць Дамейку за здрадніка, адступаецца. Пакуль Дамейка не падпісаў Аддзел пастанаўляе не дапусціць яго да гэтага чыну і іншых прыхільнікаў адцягнуць, адпужнуць, каб гэтае паскудства не пашыралася. З гэтай мэтай выносіць смяротны прыгавор Дамейку. Прысланыя жандармы аказаліся няўдалымі. Літва не знаходзіць выканаўцаў прыгавору сярод сваёй супольнасці. Ліцвіны гавораць, што лягчэй сябе пазбавіць жыцця, бо пасля выканання прыгавору жонкі, дочкі і нарачоныя адвярнуліся б ад іх, як ад забойцаў. Даставілі з Варшавы Бянькоўскага. Той наносіць Дамейку ўдар штылетам, але Дамейка выжывае і распавядае Мураўёву апісанне штылетніка, менавіта, што быў бландынам. Стаўленыя перад Дамейкам бландыны ідуць на шыбеніцу, бо Дамейка не ўпоўнены ў ідэнтыфікацыі. Павесілі ў гэты час семярых, некалькі са Шляхецкага інстытута, амаль дзяцей, усёй віной якіх былі светлыя валасы. У той час на вуліцах Вільні не было відаць бландынаў. Устрывожаныя маці фарбавалі трынаццаці- і дванаццацігадовым сынам валасы.

Бянькоўскі зняволены, павешаны. Малахоўскі, як начальнік горада найбольш адказны, уцякае. Здановіч, сын прыстойнага чалавека і шанаванага педагога, здраджаны калегам (Купсцем), расстраляны. Канстанцін Каліноўскі расстраляны 22 студзеня 1864 года новага стылю. Юзаф Каліноўскі асуджаны на цяжкія работы. Гейштар зняволены. Захавала яму жыццё тое, што здраднікі, называючы яго старшынём у другім складзе чальцоў Аддзела, ніколі яго не бачылі. Сасланы ў Уфу. Парафіновіч, Кушалеўскі і д-р Дзічкоўскі гаварылі пра Гейштара, што яго не ведаюць асабіста таму, што сам ніколі не дзейнічаў, а засланяўся Цітусам Далеўскім, які выконваў за яго абавязкі.

(Працяг у наст. нумары.)

350 Было гэта выражэннем пратэсту Правінцыйнага кіраўнічага аддзела Літвы ў сувязі з рэарганізацыяй правінцыйных аддзелаў. Аднак 26.VI ён выдаў дэкрэт у справе перайменавання на Выканаўчы аддзел на Літве.

351 9.V.1863 г. у Салаўёўцы Радамскага пав. на групу з 21 маладых змоўшчыкаў, якія чыталі "Залатую грамату" напалі мужыкі. 12 чалавек загінула. Падобныя выпадкі мелі месца ў губернях Кіеўскай і Валынскай.

352 Імператарскі маніфест ад 31.ІІІ.1863 г., які абвяшчаў дараванне тым, хто складзе зброю да 1.V.1863 г.

353 Мураўёў папярэдзіў губернскіх маршалкаў шляхты, што ад кары і рэпрэсій землеўладальнікаў могуць абараніць толькі подпісы пад адрасамі да цара, якія асуджаюць паўстанне і прызнаюць Літву за частку Расійскай імперыі. Віленскі губернскі маршалак Аляксандр Дамейка і больш дзясятка землеўладальнікаў падпісалі адрас 27.VII/8.VIII.1863 г.

НЕ ТОЛЬКІ ДЛЯ ПРЫЕМНАГА ЧЫТАННЯ

Пад канец мінуўшага года атрымаў ад гарадзенца Аркадзя Жукоўскага (Ліцьвіна) кнігу "Прастрэлены талер" з дарчым надпісам: "Шаноўнаму спадару ... для прыемнага, спадзяюся, чытання". Прачытаўшы гэты раман у трох кнігах, разумееш, што аўтар ставіў больш сур'ёзныя задачы, чым пазабавіць чытача прыгодніцкімі падзеямі з гісторыі Беларусі. Раман заслугоўвае таго, каб выказаць думкі і разважанні наконт узнятых у ім праблем, бо аўтар глыбока пагрузіўся ў гісторыю Беларусі і паказаў сябе добрым знаўцам як яе, так і тагачасных міжнародных адносін, хаця і не з'яўляецца гісторыкам па адукацыі.

У аснове сюжэту рамана - нярэдкая ў 17 стагоддзі з'ява: захоп чужога маёнтка і няўдалы наезд на другі ў перыяд, калі доўга адсутнічалі іх гаспадары; доўгае і драматычнае змаганне за іх вяртанне пасля з'яўлення уладальнікаў. Гэтыя мясцовыя падзеі адбываюцца у час бескаралеўя, калі на ўсіх узроўнях урадоўцы займаюцца не разборам мясцовых здарэнняў, а падрыхтоўкай да выбару караля і пошукам кандыдатуры на трон. Аўтар удала выбраў такі перыяд у гісторыі Рэчы Паспалітай, каб паказаць крызіс дзяржаўнай улады ў краіне, выявіць ролю ў гэтым працэсе неабмежаванай шляхецкай дэмакратыі і самой шляхты - ад дробнай засцянковай да магнатаў.

Аўтара найперш цікавілі лёс Беларускай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, роля ў гэтым яе правіцеляў - вялікіх князёў, і пануючых колаў - шляхты. Калі ў сучаснай Беларусі аб вялікіх князях ВКЛ з'явілася багатая навуковая і мастацкая літаратура, то аб пануючым класе дзяржавы, шматлікай шляхце, якая складала шасціну насельніцтва краіны, існуе зусім мала выданняў. І трэба аддаць належнае аўтару "Прастрэленага талера" за тое, што ўзяўся за складаную і цяжкую справу - усебакова паказаць беларускую (ліцвінскую) шляхту: яе зацікаўленні, маральныя якасці, адносіны да сваіх абавязкаў перад Бацькаўшчынай. Паўней паводзіны і характэрныя рысы шляхты праяўляліся не ў спакойны час штодзённых хатніх клопатаў і заняткаў, а ў пераломныя часы грамадскіх перамен у дзяржаве. Таму і звярнуўся сп. Жукоўскі да перыяду з канца 17 ст., часоў бескаралеўя пасля смерці Яна Сабескага (1696 г.) і выбараў новага караля, да пачатку Паўночнай вайны (1700 г.).

Ён паказвае шляхту не аднароднай масай, а вельмі рознай, з рознымі інтарэсамі, паводзінамі, маёмасцю. Вельмі добра для гэтага выкарыстаў правядзенне павятовага сойміка: "Першыя лавы па іерархіі займалі раўнейшыя з роўных, мясцовыя ўрадоўцы, заможныя, бясспрэчна гярбовыя", "далей углыб стаяла значнаякупка сярэднезаможных", "за імі калыхалася шматлікае засцянковае брацтва, уладальнікі і арандатары невялічкіх маёнткаў, фальваркаў". Калі першыя "былі здольныя дапяць сваіх мэтаў у кожным выпадку, то другія марылі аб сваім месцы сярод пярэдніх і былі гатовы іх падтрымаць", а трэція толькі ў "сумятні сойміка ... адчувалі сваю значнасць, сваё права схіліцца туды ці сюды", "крыўдзіць гэтых людзей абыякавасцю было небяспечна". Усіх іх яднае "горкая праўда шляхоцкіх груповак - прадажнасць, і чым вышэй - тым верагодней."

Розніцца шляхта і сваімі жыццёвымі планамі і намерамі. Прага нажывы штурхае адну частку (Бурскі, махляр-падсудак Пуцята) на гвалтоўны захоп чужога маёнтка (Крушні) і другая частка - магнаты - стварае канфедэрацыі (Людвік Пацей, Рыгор Агінскі), вядзе барацьбу з ненавіснымі ўсім Сапегамі, якія ўсталявалі манаполію на дзяржаўную ўладу. І тыя, і другія імкнуцца выкарыстаць законы і ўладу ў асабістых інтарэсах для атрымання новых багаццяў, пасад, прывілеяў. Іх турбуюць не інарэсы Княства, а захаванне існай неабмежаванай шляхецкай дэмакратыі. Людвік Пацей беспрынцыпна лічыў, што калі "карысна пахіліцца - ён пахіліцца. Варта стаць на калені - стане. Запатрабуюць прысягі - дамо. А як выпадуць карты іначай, то і адмовімся". Беды і разарэнне нясуць краіне і яе жыхарам міжусобныя войны магнацкіх груповак. У спыненні магнацкіх міжусобіц бяссільна і каралеўская ўлада з абмежаванымі правамі, якая для захавання сваёй улады ў краіне падтрымвае суперніцтва магнатаў. Тым болей не паратункам для краіны з'яўляецца запрашэнне на трон караля замежніка, які не пранікся праблемамі краіны, не ведае ні яе мовы, ні традыцый, ні законаў.

Аднак сярод шматаблічнай шляхты былі і тыя, хто жыў інтарэсамі Княства, балюча перажываў бязладдзе і братазабойчыя войны ў краі, падпарадкаванне дзяржаўнай улады сямейнаму клану. Тут і дробная шляхта тыпу арандатара Лявона Шарэвіча і яго таварыша па вайсковых паходах Севярына Мяжэвіча, і моцныя гаспадары сярэдняй рукі як Кузьма Вароніч і Мацей Крыжэвіч, і прадстаўнік магнацкага роду суддзя Літоўскага Трыбуналу Максім Сапега, і кашталян Храптовіч. Усе яны асуджаюць магнацкія міжусобіцы, якія абяссільваюць дзяржаву, нясуць разарэнне. Максім Сапега перакананы, што магнаты "вызнаюць толькі тое, што нясе карысць найперш ім асабіста, Калі траціць Рэч Паспалітая, траціць у рэшце рэшт кожны. Калі не сам і не сёння, то сын ці ўнук заўтра". Патрыятычна настроеная шляхта разважае, як паправіць становішча, дзе выйсце: у абсалютызме караля ці ў неабмежаванай вольнасці "ліберум вета". І тое, і другое не прынясе дабра. Шляхціц Вароніч выказвае думку і аўтара рамана: "За моцную ўладу стаю, пане-браце. За згодную працу караля і Сойму. Гэта ж здзек над каралём, калі самі абранцы пазбаўляюць яго належных манарху правоў: уладар над намі, але выконваць мы будзем толькі тое, што не патрабуе нашых высілкаў і грошай". Гэтая выснова, выспеўшая ў канцы 17 ст., актуальна і для нашага часу.

На фоне дробнашляхецкіх і магнацкіх звадак, змоваў, сутычак і войнаў сп. Жукоўскі праследжвае жыццёвыя шляхі-пуцявіны двух шляхціцаў - спаткаемцаў: захопленага маёнтка Крушня Багдана Хмялеўскага і нашчадка маёнтка Клінок Андрэя Забелы, іх змаганне за вяртанне часова страчанага. Аўтар рамана ўмела падае іх вандраванні ў драматычна-прыгодніцкім плане, трымаючы чытача ў напружаным зацікаўленні. Героі праходзяць праз шэраг складаных, небяспечных выпрабаванняў, дзе выяўляецца іх вынаходлівасць, адвага, вытрымка, чым заслугоўваюць яны павагу атачэння і каханне прыгожых шляхцянак.

Раман раскрывае сацыяльна - палітычныя праблемы краіны, а элементы прыгодніцтва, з імі звязаныя, прыдаюць яму цікавасць, займальнасць. "Прастрэлены талер" не навукова-папулярнае даследаванне, а мастацкі твор, з'ява грамадска-культурнага жыцця, якая заслугоўвае і грамадскай ацэнкі. Аўтар выявіў сябе майстрам займальнага сюжэту, чым прываблівае чытача, паказаў уменне весці дыялог розных сацыяльных груп, уменне стварыць запамінальны партрэт героя, даць вобразнае апісанне прыроды. Вось уявіце сабе каларытную фігуру чалавека: "Аднаго росту з Чыжом чалавек здаваўся вышэйшым з-за сваёй хударлявасці. Тулава на танклявых нагах схілялася наперад, нібы збіраўся падаць ці дзеўбануць нешта вострым носам. Чыжа ўразіла гэтае птушынае падабенства.... Пан Антон ледзьве стрымаўся ад смеху. Але ж і пашанцавала чалавеку на такое бусляное прозвішча (Шторх)."

Або гэтае ёмістае апісанне гарадзенскага надвор'я: "Цяжкія, набрынялыя дажджом хмары зачапіліся за званіцы цэркваў і касцёлаў і віселі ў бязветранай прасторы, збіраючыся выліцца ў абмялелы за лета Нёман."

А. Жукоўскі знаходзіць мастацкія і лексічныя сродкі, каб паказаць характэрныя рысы розных груп шляхты. Тут і даверліва-сяброўская размова кашталяна Храптовіча і маршалка Тура, і асцярожна - дыпламатычныя перамовы вялікага гетмана Сапегі і французскага пасланніка Паліньяка, і хітравата-здрадніцкая гутарка канфедэратаў Пацея і Агінскага, і віціеватыя з лацінкай прамовы падсудка Пуцяты, і прамалінейныя заявы засцянковага "палітыка" Жабы, заўсёды гатовага сарваць паседжанні соймікаў, і разважлівы дыялог патрыятычна настроенай шляхты.

Прывабнасць твору надае яго мова: вобразная, жывая, дакладная, з трапнымі народнымі выразамі, прымаўкамі, з трапнымі параўнаннямі, з гумарам. Аўтарскую мову і герояў рамана абагачаюць выразы: са свечкай шукаць, гоіцца як на сабаку; Сапега і Паліньяк, нібы рыцары на рысталішчы, прыглядаліся адзін да аднаго і г.д. Або прымаўкі:

Як кажуць людзі, абое - рабое. (Максім Сапега)

Жывы грош заўсёды знойдзе ўдзячную кішэню. (Аўтар.)

Ваша лякарства горш хваробы.

Да пары збан воду носіць.

Толькі мех падстаў - жыццё насыпле (Аўтар.)

Пан - зух, калі на аднаго - удвух, а супраць зуха - здохлая муха.

Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць і інш.

Разам з тым, з пахвалой адгукаючыся аб рамане, нельга прайсці міма некаторых яго хібаў, якія, аднак, не зніжаюць яго каштоўнасць. Тут маецца на ўвазе выкарыстанне састарэлай лексікі для характарыстыкі эпохі. У рамане прыкладзены слоўнік састарэлых словаў і паняццяў, які даецца аж на 10 лістах, гэта часам выклікае ў чытача незадаволенасць частым зваротам да слоўніка.

Сустракаюцца ў творы і залішне расцягнутыя сцэны, размовы (напр., размова Забелы з атрадам пана Мацея і інш.) або развіццё падзей адбываецца не па логіцы іх, не па намерах герояў, а выпадкова (напр., сустрэча Багдана з Варонічам на раздарожжы).

Маюцца выпадкі ігнаравання прынятых граматычных нормаў.

Тым не менш адзначаныя заўвагі не зніжаюць той мастацкі унёсак, які зрабіў сп. А. Жукоўскі сваім раманам у разуменне гісторыі і лёсу нашай дзяржавы ў 17 - 18 ст., ролі ў гэтым беларускай шляхты, якая з-за сваіх карысных інтарэсаў не здолела падняцца да ўсведамлення агульнанацыянальных інтарэсаў. "Прастрэлены талер" - кніга не толькі для прыемнага чытання, але і для роздуму і дзеяння.

Іван Буднік.

Спевы гучалі над шырокім Дняпром

На тыдні, калі ў краіне праходзіла масавае святкаванне Дня Волі, адзін з найлепшых музыкаў Зміцер Вайцюшкевіч амаль кожны дзень удзельнічаў у святочных канцэртах. 23 сакавіка артыст спяваў для грамады ў Гародні, 25 - у Менску.

29 сакавіка артыст выступіў ва ўтульнай зале абласнога Палаца культуры Магілёва і распачаў свой канцэрт з "Беларускай песні" на словы Уладзіміра Караткевіча. На вечарыну прыйшла дружная грамада сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны на чале з Алегам Дзьячковым.

У гэтым месяцы па запрашэнні Згуртавання беларусаў Вялікабрытанні музыка наведваў Лондан. Ён меў магчымасць пазнаёміцца са скарбамі Скарынаўскай бібліятэкі, якую засноўвалі ў канцы 60-тых гадоў біскуп Чэслаў Сіповіч, а. Леў Гарошка і а. Аляксандр Надсан. Спявак памятае сустрэчу з айцом Аляксандрам Надсанам у 1998 годзе.

Артыст бліжэй пазнаёміўся з гісторыяй брытанскай сталіцы. Яго ўразіла, які быў моцны патрыятычны дух у англічан падчас бамбардзіровак гітлераўскай авіяцыі ў 1940-41 гадах. Артыст наведаў Брытанскі музей, беларускую грэка-каталіцкую царкву, агледзеў Букінгемскі палац, Трафальгардскую плошчу і іншыя помнікі гісторыі і архітэктуры.

Музыка падтрымлівае сувязі з беларускімі суполкамі ў Лондане, Празе, Беластоку, Цюрыху і перыядычна ладзіць ў гэтых гарадах канцэрты.

Магілёўскія сябры ТБМ былі ўзрадаваны душэўнымі спевамі і запрасілі артыста пасля канцэрту ў кавярню " Шпаркі Лось", дзе ўдзельнікам прапануецца беларускамоўнае меню і экзатычныя стравы, і ў нефармальнай абстаноўцы пагутарылі з са спеваком на тэмы культуры, мастацтва і гісторыі.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: З. Вайцюшкевіч і магілёўскія сябры ТБМ імя Ф. Скарыны.

Батлейка з дэбютам у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні

Прадстаўленне ўнікальнай батлейкі з аграсядзібы Гасціна Лідскага раёна адбылося ў гаразенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Пра адметнасць гэтай батлейкі кажа мастачка і дызайнерка Алена Ткачова:

- Дзякуй Богу, на Беларусі пра батлейку ўжо ведаюць усе. І вельмі шмат прыгожых батлеек, самабытных і копій з сялянскіх батлеек. Нарэшце можна сказаць, што культура батлейкі ў нашай краіне адрадзілася. Яна жывая і вельмі цікавая. Мы паспрабавалі зрабіць батлейку, якой яна магла быць у горадзе, калі б не былі перарваныя традыцыі.

На думку Сяргея Чарняка, удзельніка батлейкі, дэбют у Гародні вельмі спадабаўся жыхарам горада:

- Мы вельмі радыя пабываць у нашай любімай Гародні. Дзякуем за запрашэнне. Гэта наша першае падарожжа з батлейкай. Мы купаліся ў апладысментах. Так цёпла нас сустрэлі. Казалі, што ў нас атрымалася. П'еса Сяргея Кавалёва надзвычай цікавая. Мы самі атрымалі асалоду, пазнаёміўшыся з ёю. Бо шмат вельмі смешных месцаў, яркія ролі. Я іграў чарнакніжніка, які ператвараўся ў ваўка.

Паглядзець батлейку ў Цэнтр гарадскога жыцця Гародні прыйшло шмат гарадзенцаў з дзецьмі, а апроч самога прадстаўлення можна было паслухаць беларускія народныя песні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Выказванні

Жыццё - агонь, які тушыць кожны з нас.

Жыццё - праблемнае пытанне, якое ты вырашаеш увесь час, і смерць падводзіць пад усім рысу.

Беззаконне выпраўляюць беззаконнем.

Шлях пазнання самога сябе вельмі складаная штука.

Выратаванне ад тлуму - адзінота

Скажы жанчыне, што яна нічога не робіць - бяды не абярэшся.

Дзе б не быў, што б не рабіў, збірайся паміраць ды вярніся, дзе нарадзіўся.

Ён быў сур'ёзны, нават калі жартаваў.

План па кампасіраванні мазгоў выкананы датэрмінова.

Яны кахалі адзін аднаго так моцна, што баяліся каб дзеці і ЗАГС не разбурылі кахання.

Мужчына і жанчына дзве ўзаемнавыключныя і дапаўняючыя супрацьлегласці.

Валасатая лапа Аладзіна.

Выміраючая вёска: прыемна мяняецца аблічча нашых населеных пунктаў за апошні час.

А пенсіі растуць, растуць, растуць. Дзе шыбануць бы цыгарэту, купіць няма за што.

Усе карыстаюцца ўладаю: хто крадзе, хто просіць.

У Ссудны дзень адвакатаў няма.

Жыццё даецца адзін раз, выбірай: Канары, нары ці грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

"Рэч, якая заўжды можа спатрэбіцца", - прамовоў мужчына і купіў пляшку гарэлкі.

Закладнік уласнай жонкі.

Удала пераблытаў: каханцы аддаў заробак, жонцы падарыў кветкі. Абедзве задаволены.

Каб ты з'еў тое, аб чым думаеш.

Язэп ПАЛУБЯТКА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX