Папярэдняя старонка: 2019

№ 16 (1427) 


Дадана: 17-04-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1427), 17 красавіка 2019 г.

З Вялікім Днём, шаноўныя беларусы!

ЗНАК БЯДЫ

13 красавіка ў Курапатах знеслі ўсе металічныя крыжы, што стаялі ўздоўж Менскай кальцавой дарогі. На месцы крыжоў высадзілі дрэвы.

Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з новым зносам крыжоў у Курапатах:

- Не мінула і дзесяці дзён пасля таго, як ва ўрочышчы Курапаты, якое з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь, было знесена 70 крыжоў, як сёння зноў працэс зносу галоўнага знака хрысціянства працягваецца. Голас Касцёла і Праваслаўнай Царквы, іншых хрысціянскіх веравызнанняў, а таксама шматлікіх прадстаўнікоў грамадства становіцца голасам таго, хто кліча ў пустыні. Знос крыжоў - гэта вялікая рана на сэрцы веруючага чалавека. І гэта робіцца падчас Вялікага Посту, калі хрысціяне разважаюць пра збаўчую муку Езуса Хрыста, прынятую Ім на дрэве Крыжа. Гэтае святатацтва адбываецца напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую заўтра адзначаюць вернікі Каталіцкага Касцёла. У гэты дзень Евангелле ўзгадвае ўрачысты ўезд Езуса ў Ерусалім, калі людзі Яго віталі воклічамі "Гасанна Сыну Давіда. Дабраслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана", а чытанне Мукі Хрыста распавядае пра цярпенні, укрыжаванне і смерць Езуса на Крыжы. Мы радуемся атрыманай свабодзе веравызнання, аднак яна пазначана крыжом і духоўнымі цярпеннямі, аб чым нагадвае гісторыя Курапатаў, дзе сёння зносяцца крыжы, усталяваныя на месцы пахавання шматлікіх нявінна забітых. Ніхто не ставіць пад пытанне таго, што тэрыторыя Курапатаў павінна быць добраўпарадкавана. Але пры гэтым неабходна ўлічваць меркаванне грамадства і асабліва вернікаў, каб не дапусціць знявагі Крыжа. Яшчэ раз звяртаюся да адказных за знос крыжоў з заклікам: спыніце "крыжалом", каб шляхам дыялогу з грамадствам і рэлігійнымі арганізацыямі вырашыць набалелую праблему і будаваць у нашай Бацькаўшчыне цывілізацыю міру і згоды. У гісторыі чалавецтва многія марна хацелі стаць багамі, але толькі Бог стаў чалавекам, каб на Крыжы даць збаўленне ўсім людзям. Божа, абарані Крыж ад знявагі, бо ў ім - збаўленне!

Арцыбіскуп

Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Менск, 13 красавіка 2019 г. catholic.by.

Крыж на магіле паўстанцаў 1863 года

Гарадзенскія, лідскія і бярозаўскія актывісты ўсталявалі крыж паўстанцам Кастуся Каліноўскага на кургане на Лідчыне 14 красавіка.

Крыж у вышыню сягае 5,5 метраў, паведаміў Свабодзе гарадзенскі актывіст Вадзім Саранчукоў.

- У гэты ўікэнд у Гародні шмат цудоўных імпрэзаў: і фрымаркеты, і прэзентацыі, і канцэрты, і дыскусіі пра рэфармаванне заканадаўства аб партыях. Ці думалі пра такую магчымасць хлопцы, якіх 150 гадоў таму пахавалі вось у гэтым кургане на Лідчыне? Думаю, што не, - адзначыў у сваім допісе на Фэйсбуку Саранчукоў.

Ён кажа, што калі ўсталёўвалі крыж, проста фізічна адчувалася ўдзячнасць паўстанцаў за тое, што не забылі іхнюю ахвяру.

- Так, мы памятаем! І Касцюшку, і Каліноўскага, і случакоў, і Курапаты.

Па факту нічога экстраардынарнага не адбылося. На месцы старога, даўно збуцвелага крыжа пастаўлены новы. Лідскія ўлады пра замену крыжа былі папярэджаны.

На сёння гэта 10-ты ефрасіннеўскі крыж на Лідчыне.

Паводле Радыё Свабода.

СТВАРАЕМ БЕЛАРУСКУЮ МНЕМОНІКУ

У расійскай мове маецца шэраг мнеманічных прыёмаў запамінання асобнай інфармацыі. Напрыклад, каб запомніць парадак колераў спектру святла (у расійскім варыянце: красный, оранжевый, жёлтый, зелёный, голубой, синий, фиолетовый), скарыстоўваюць лёгказапамінальны сказ: "Каждый охотник желает знать, где сидит фазан".

Некалькі год таму "Наша ніва" правяла конкурс мнемонікі на нашай мове. Патрабавалася стварыць сказ для запамінання парадку беларускіх назваў колераў спектру: чырвоны, аранжавы (памаранчавы), зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы. Другое слова сказу павінна было мець два варыянты - з пачаткам на а (аранжавы) і з пачаткам на п (памаранчавы). Сярод пераможцаў апынуліся двое маіх студэнтаў (на жаль, з-за даўнасці падзеі прозвішчы мая памяць не захавала, але іх можна знайсці ў газеце) з такімі сказамі:

філасофскім - "Чалавек абірае (прымае) жыццё, загадзя бачачы свой фінал";

і лірычным - "Чароўныя арыі (песні) жаваронка замінаюць бадзёраму складанню формул".

Магчыма, нехта прапануе яшчэ лепшы варыянт? Можна даслаць у газету ці на e-mail: bulavacki@gmail.com.

А я маю намер абвесціць яшчэ адзін конкурс.

Ёсць у матэматыцы такі цікавы лік П ( пі), які звязвае крывое з прамым. Калі трэба вызначыць даўжыню акружыны ці іншай крывой лініі, без гэтага ліку не абыйсціся. Лік ірацыянальны, г.зн. мае выгляд бясконцага дзесятковага дробу: 3,14159265358… У школе выкарыстоўваюць часцей першыя тры лічбы (3,14), а ў самых дакладных разліках (напрыклад, у касманаўтыцы) скарыстоўваюць 12 лічбаў.

Назву ліку дала першая літара імя Піфагор, які шмат часу патраціў на яго даследаванне, спрабуючы выразіць яго звычайным дробам з цэлымі лічнікам і назоўнікам. Але ў выніку не знайшоўшы такога дробу, абазваў лік "неразумным" (ірацыянальным). Так і сталі называць лікі, якія не выражаюцца звычайнымі дробамі з цэлымі лічнікам і назоўнікам.

Зараз вядома 2 трыльёны лічбаў ліку П, гэтыя веды чалавеку ніякай карысці не нясуць, бо столькі лічбаў ён ніколі скарыстоўваць не будзе. Проста на вылічэнні новых лічбаў знакамітага ліку стваральнікі кампутараў спаборнічаюць у іх магутнасці.

А мы паспаборнічаем хаця б у запамінанні дванаццаці лічбаў. У расійскай мове для гэтага маецца мнеманічны вершык:

"Это я знаю и помню прекрасно,

Но многие цифры мне лишни, напрасны."

У гэтых лёгказапамінальных двух радках словы падабраны так, што колькасць літараў слова адпавядае пэўнай лічбе ліку: это (3) я (1) знаю (4) і г.д.

Я падару пляшку каньяку і зборнік сваіх перакладаў з У. Высоцкага таму, хто найлепшым чынам зробіць нешта адпаведнае ў беларускай мове.

Куды дасылаць? - Адрас вышэй.

Міхась Булавацкі.

Місія даследчыка, папулярызатара кніжных скарбаў і выкладчыка

На ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях у Нацыянальнай бібліятэцы ў цэнтры ўвагі быў Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства, які адзначыў 40-годдзе з дня заснавання.

Мы пагутарылі з загадчыкам аддзела, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Анатолем Мікалаевічам Сцебуракам.

- Як Вы адчуваеце ў Вашай дзейнасці пераемнасць традыцый такіх асобаў, як кнігазнавец, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Іванаўна Рошчына, бібліёграф Галіна Ўладзіміраўна Кірэева, якія раней узначальвалі Ваш аддзел?

- Пераемнасць існуе, бо наша сфера, з аднаго боку патрабуе інавацый, а з другога боку, яна - традыцыяналісцская, бо кнігазнаўства грунтуецца на дэталёвым і шматгадовым вывучэнні старадрукаў, прыватных бібліятэк, экслібрысаў.

Я прыйшоў працаваць у аддзел у 2005 годзе пасля ўніверсітэта. Пяць гадоў маёй кар'еры пасля гістарычнага факультэта БДУ былі прысвечаны Нацыянальнай бібліятэцы. У той час аддзел называўся Аддзелам рукапісаў рэдкай кнігі і старадрукаў. Я працаваў побач з Таццянай Іванаўнай Рошчынай. Яна змагла перадаць шмат ведаў і захапленне кнігай, любоў да старадрукаванай кнігі. Мы так цёпла ўзгадваем Таццяну Іванаўну за тое, што яна яшчэ ў 1990-ыя гады змагла запачаткаваць выданне зборніка "Здабыткі" і матэрыялаў кнігазнаўчых чытанняў. Гэтыя ініцыятывы пачыналіся пры ёй. Калі я быў студэнтам, гістарычны факультэт БДУ знаходзіўся насупраць будынка старой бібліятэкі, і мы туды хадзілі пры першай магчымасці. Дарэчы, Таццяна Іванаўна выкладала ў Беларускім калегіюме, і мне даводзілася яе бачыць і чуць, што пазней паўплывала на мой выбар кірунку даследванняў і месца працы.

- Раскажыце, калі ласка, па якіх кірунках кнігазнаўства сёння працуе аддзел?

- Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства - комплексны па сваёй сутнасці. Тут ёсць сваё вялікае кнігасховішча. Мы захоўваем каштоўныя калекцыі, звяраем і апісваем іх, частка людзей займаецца падрыхтоўкай экспазіцый у Музеі кнігі. Нашы паспяховыя праекты, як гэта было ў юбілей Францішка Скарыны, выйшлі за межы музея. Папулярызацыя кніжнай спадчыны спалучаецца з дзейнасцю Нацыянальнай бібліятэкі. Факсімільныя выданні - адзін з перспектыўных накірункаў, таму што найбольш рарытэтныя асобнікі беларускіх кніг, на жаль, знаходзяцца за межамі Беларусі. Праз факсімільнае ўзнаўленне мы змаглі іх вярнуць на Радзіму і зрабіць дасяжнымі для ўсіх. Таксама бібліятэка робіць разнастайныя віртуальныя праекты. Зараз мы шукаем беларусіку за мяжой і ў адлічбаваным варыянце вяртаем яе. Набыць самім гэтыя кнігі часта проста немагчыма, але спампаваць іх і дадаць у нашу электронную бібліятэку мы можам.

Трэба адзначыць, што Нацыянальная бібліятэка шукае і купляе рэдкія выданні. Напрыклад, зараз нам прапаноўваюць набыць Кітаб - кніжны помнік беларускіх татараў, які паходзіць з вёскі Татарка Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Мы спрабуем сабраць тое, што засталося ў калекцыянераў. Мы супрацоўнічаем з такім вядомым збіральнікам паштовак, як Уладзімір Ліхадзедаў.

У яго ёсць таксама цікавая калекцыя кніг пра Беларусь, розных заходнееўрапейскіх выданняў, шмат архіўных дакументаў. Спадар Уладзімір частку свайго фонда перадаў нам назаўсёды, а ёсць часова перададзеная частка - дэпазіт. Калі ёсць жаданне, чытачы могуць зараз пагартаць граматы ХVI -ХVII стагоддзя, выдадзеныя ў Полацку, метрычныя кнігі з Вілейскага павета, Гродзенскія губернскія ведамасці 1840-ых гадоў і іншыя. Спадзяемся, што праект будзе развівацца.

- Анатоль Мікалаевіч, сферай Вашых інтарэсаў з'яўляюцца Напалеонаўскія войны. Вы адшукалі ўнікальныя французскія рукапісы 1812 года.

- Мае навуковыя інтарэсы супадаюць з задачай вывучэння фондаў бібліятэкі. Апошнія 10 гадоў я прысвячаю свае публікацыі таямнічай гісторыі з'яўлення ў нас дакументаў па напалеонаўскіх войнах: гэта комплекс мемуараў, нататкаў, успамінаў. Гэта вельмі якасныя і інфарматыўныя гістарычныя крыніцы, якія вабяць беларускіх даследчыкаў, бо вайна 1812 года - адна з самых цікавых старонак нашай гісторыі ХІХ стагоддзя.

Мяне захапіў змест дакументаў і паходжанне ўсёй калекцыі. У нас ёсць сотні кніг па напалеаністыцы з бібліятэкі Івана Хрысанфавіча Каладзеева з Барысава. У дарэвалюцыйныя часы ён быў адданым аматарам вайны 1812 года і сабраў буйнейшую тэматычную бібліятэку ва ўсёй Расійскай імперыі. А рукапісы паходзяць з французскіх і бельгійскіх прыватных калекцый. Падчас стажыровак мне давялося папрацаваць у Нацыянальным архіве Францыі ў Парыжы і ў Дыпламатычным архіве, дзе знаходзяцца дакументы, звязаныя з продажам гэтых дакументаў на аўкцыёнах у 1920-30-ыя гады, пошукам страчаных бібліятэк пасля завяршэння Другой сусветнай вайны былымі гаспадарамі. Працуючы з фондамі, я змог упэўніцца, што сляды некаторых з гэтых збораў вядуць у Менск, і частка іх знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

- Ваша кніга "Лісты да Жазэфіны: ваенныя шляхі французскага афіцэра 1805-1812 года" прыцягнула ўвагу спецыялістаў і выклікала зацікаўленасць чытачоў.

- Яна выйшла зусім нядаўна, у 2018 годзе, як вынік даследвання карэспандэнцыі французскага афіцэра Шарля-Піліпа Фіта дэ Сусі, удзельніка шматлікіх ваенных кампаній Напалеона. Ён быў прадстаўніком вядомага дваранскага роду.

Шарль-Піліп пісаў лісты жонцы Жазэфіне, якая жыла ў прадмесці Парыжа, з розных ваенных кампаній. За гады службы ён наведаў тэрыторыю Аўстрыі, Прусіі, Іспаніі, Партугаліі, Германіі, Польшчы, Літвы і Расіі. Адрасы, занатаваныя на палях, дазволілі аднавіць прыгоды афіцэра.

Лісты знаходзіліся ў сям'і, а потым былі прададзеныя на аўкцыёне. У 1940 годзе яны былі канфіскаваныя і праз Германію трапілі ў БССР. Мяне як гісторыка захапілі гэтыя допісы. Высвятлілася, што і ў Францыі ёсць фрагмент гэтага сямейнага архіва. Так я пазнаёміўся з будучым суаўтарам маёй кнігі - Франсуазай Альберцінай Мас, і мы, адшукаўшы яшчэ тузін невядомых лістоў, усё абагульнілі і ў 2015 годзе выдалі ў Парыжы дакументальны зборнік тэкстаў разам з даведачным апаратам. Тое, што я апублікаваў зараз - гісторыя жыцця афіцэра і яго прыгодаў на Беларусі. Адзначу, што ён быў не шараговым салдатам, а ад'ютантам генералаў (М.А. Бамона, Ф.Э. Келермана, П. Вацье і інш.).

Такім чынам, першы том - тэксты лістоў, а другі - праўдзівы аповед пра героя і эпоху. Лёс афіцэра Шарля-Піліпа - драматычны, цікавы, ён адлюстроўвае лёс усяго Вялікага войска ў кампаніі супраць Расіі. Я пакіну інтрыгу для чытачоў і не буду раскрываць усе карты - на апошніх старонках кнігі можна даведацца пра далейшы лёс героя. Каб разблытаць усе таямніцы яго біяграфіі, я добра папрацаваў у архівах Парыжа, дзе знайшліся фрагменты архіва сям'і Сусі. Гэта быў этап у маім прафесійным станаўленні. А архіўныя пошукі заўсёды мяне вабілі як гісторыка-архівіста.

- Вы заахвочваеце да даследчыцкай дзейнасці студэнтаў БДУ, і стваралі для іх інтэрактыўныя праграмы з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Якімі яшчэ формамі пошукаў Вы імкняцеся іх зацікаціць?

- Я вельмі люблю выкладаць ва ўніверсітэце, прысвяціў гэтаму 8 гадоў, але асноўны час цяпер аддаю Навукова-даследчаму аддзелу кнігазнаўства. Найбольш цікава было выкладаць не гісторыкам, а студэнтам іншых спецыяльнасцяў, яны загараліся, даследвалі гісторыю сваіх сямей, стваралі радаводы. Мы рабілі розныя інтэрактыўныя праекты пры дапамозе сацыяльных сетак, вэбінараў, магчымасцяў вучэбнага партала, звязаныя з памяццю нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана, з гісторыяй вуліцы Маскоўскай у Менску, з "сямейным летапісам" Другой сусветнай вайны, з памяццю ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Я спрабаваў абудзіць цікавасць да нашых каранёў, дапамагчы студэнтам зразумець шлях, якім праходзіў наш народ на працягу стагоддзяў. Калі на досведзе свайго роду ты асэнсоўваеш, як розныя гістарычныя падзеі ўплывалі на жыццё пакаленняў, то пачынаеш разумець, наколькі важна праграмаваць нашу будучыню на пазітыўны еўрапейскі шлях, на гуманістычныя дэмакратычныя каштоўнасці, каб наша грамадства паступова змянялася ў лепшы бок.

Выкладчыцкая праца была для мяне важнай місіяй, у перспектыве спадзяюся, што змагу спалучаць больш прапарцыйна кнігазнаўчыя даследванні з выкладаннем.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота Таццяны Сапегі.

Шляхі да кнігі прафесара Кшыштафа Міганя

У ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях сярод сусветна-вядомых аўтарытэтных экспертаў узяў удзел прафесар Уроцлаўскага ўніверсітэта, доктар габілітаваны Кшыштаф Мігань. Імя вядомага польскага навукоўца ўпісана ў гісторыю кнігазнаўства ХХ стагоддзя, дзякуючы яго кнігам "Навука пра кнігу сярод іншых грамадскіх навук", "З гісторыі навукі пра кнігу", "Навука пра кнігу. Нарыс праблематыкі".

Многія беларускія бібліёграфы былі рады сустрэчы з класікам і мэтрам сучаснага кнігазнаўства. Дзякуючы прафесару Кшыштафу Міганю, кнігазнаўчыя даследванні развіваліся ў сучаснай Польшчы. Ён стаў заснавальнікам польскай кнігазнаўчай школы, быў рэктарам аднаго з раздзелаў Польскай энцыклапедыі па кнігазнаўству, выконваў абавязкі загадчыка Аддзела тэорыі і гісторыі кнігі Інстытута навуковай інфармацыі і бібліятэказнаўства Уроцлаўскага ўніверсітэта.

Навуковец не аднойчы выступаў з дакладамі на паседжаннях Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый у Празе, Братыславе, Будапешце, Берліне. Прафесар Кшыштаф Мігань - сябар Міжнароднага бібліялагічнага таварыства ("Аssociation Internationale de Diblioligie"), а таксама - вядомы польскі арыенталіст. Ён вывучае гісторыю кнігі і чытання, польскую нацыянальную культуру, гісторыю навукі, добра ведае замежныя мовы.

- Мяне цікавяць фундаментальныя пытанні рамак і асноваў кнігазнаўчых кампетэнцый, тэорый кнігазнаўства, сродкаў перадачы дадзеных, - падзяліўся думкамі прафесар Мігань. - Мая вузкая спецыяльнасць - тэорыя і метадалогія кнігазнаўства, навука пра кнігу як універсітэцкая дысцыпліна. Я напісаў некалькі манаграфій на гэтую тэму, якія былі выдадзены ў Польшчы, Расіі і Германіі. Гэтыя тэмы былі найбольш важнымі для мяне ў праграме ХV Міжнародных чытанняў, а таксама шляхі гісторыі кніг.

Я распавядаў пра некаторыя новыя даследванні ў гісторыі кніжнай культуры, пра тое, што можна паказаць метадам гістарычнай геаграфіі і картаграфіі.

На секцыі я прапанаваў даклад "Шляхі і падарожжы кніг" і паказаў шляхі гістарычнай картаграфіі. Мы ведаем звесткі, якія дайшлі да нас з ранейшых часоў. Ведаем, што Гутэнберг друкаваў свае кнігі ў Германіі, але якім чынам яны патрапілі ў Польшчу, мы не ведам.

Шляхі некаторых асобнікаў і цэлых збораў назвычай цікавыя! Я прадэманстраваў рабочую майстэрню даследчыка і параіў, што можна зрабіць.

На пытанне пра крыніцы яго любові да кнігі прафесар Мігань адказаў:

- Я нарадзіўся ў 1940 годзе ў мястэчку Багуславіцы паблізу ад Чэнстахова. Мае бацькі Ганна і Станіслаў Мігані былі настаўнікамі, яны выхоўвалі ў мяне любоў да кнігі з дзяцінства, я вырас у асяроддзі кніг, адчуваў цікавасць да гісторыі, літаратуры і ўсходніх моваў, марыў даследваць краіны Усходу.

У 1957 годзе пасля заканчэння ліцэя я паступіў на факультэт бібліятэказнаўства Уроцлаўскага ўніверсітэта, бо верыў, што праз глыбокую цікавасць да кнігі прыйду да арыенталістыкі.Таму цікавіўся вывучэннем замежных моваў, у тым ліку - эсперанта. Мары юнацтва змяніліся пад уплывам часу і абставін, але спраўдзіліся. Таму жадаю поспехаў усім беларускім даследчыкам на абраным ім шляху даследвання гісторыі кнігі!

Гутарыла Эла Оліна, фота аўтара.

Таямніцы старажытных кніг ВКЛ

Навукоўцы з Усходняй Еўропы праяўляюць вялікую цікавасць да выданняў, якія друкаваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сярод іх - прафесар Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне доктар габілітаваны Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў. Амаль кожны год яна прыязджае ў Менск, каб падзяліцца сваімі здабыткамі з беларускімі калегамі. Сёлета яна распавядала пра спробу стварыць рэканструкцыю збору кірылічных кніг Жыровіцкага манастыра. Светлая, імклівая, поўная энергіі, пані прафесар падзялілася ведамі пра тое, якія кніжныя скарбы знаходзіліся ў бібліятэцы беларускай святыні.

Пані Зоя нарадзілася 30 лістапада 1954 года на Падляшшы. У 1979 г. яна скончыла Вышэйшую школу педагогікі ў Ольштыне ў галіне гуманітарных навук. У 1988 годзе яна абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме кніжнай культуры старавераў у Польшчы, у 2004 годзе атрымала дактаранцкую ступень, а ў 2006 г - званне прафесара.

Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў з'яўляецца аўтарам і рэдактарам больш за 50 публікацый па бібліялагічных пытаннях на старонках навуковых часопісаў і рэгіянальных газет. Пані прафесар таксама ўдзельнічае ў дзейнасці папулярызацыі спадчыны рэгіёна Варміі і Мазураў сярод моладзі.

Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў удзельнічае ў Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях з моманту іх заснавання ў 1998 годзе.

- Я была вельмі рада сустрэцца з беларускімі калегамі. Мы пачыналі нашу супрацу з Таццянай Іванаўнай Рошчынай. На Першых кнiгазнаўчых чытанях (Менск, 15 верасня 1998 г.) прагучаў мой даклад: "Дакументальная роля кірылічных кніг, выдадзеных у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI - XVIII стст." На адной з канферэнцый я казала пра даследванні Радзівілаўскай бібліятэкі ў Польшчы.

Пра кірылічныя старадрукі з Вялікага Княства Літоўскага я звычайна распавядаю студэнтам Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта на занятках па гісторіі кнігі. Знаёміла з імі студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэта, калі выступала як прафесар-лектар (profesor wizytujoncy) у 2012 г. Як мне паведаміў Валеры Булгакаў, у гэтым годзе будзе выдадзена мая кніга ў перакладзе на беларускую мову: "Кірылічныя старадрукі з сядзіб Вялікага Княства Літоўскага ХVI-ХVIII cтагоддзяў". ("Druki cyrylickie z oficyn Wielkiego Ksienstwa Litewskiego w XVI-XVIII wieku, Olsztyn").

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.

Мой шлях да мовы

У кожнага свой шлях ў жыцці. Шлях да роднай мовы таксама ў кожнага свой. Мой шлях да яе быў не вельмі хуткі. Час і абставіны наклалі свой адбітак.

А пачыналася ўсё з пачатковых класаў Крывіцкай сярэдняй школы Мядзельскага раёна, дзе адукацыя вялася на беларускай мове. Школа лічылася беларускамоўнай. Але з пераходам у сярэднія класы прыйшлося неяк падладкоўвацца пад патрабаванні настаўнікаў-прадметнікаў, якія ўсе як адзін выкладалі свае пардметы на рускай мове. І іх, дарэчы, можна зразумець: іх так навучалі ў тых педагагічных установах, дзе гэтыя настаўнікі вучыліся. Патрэбна патлумачыць, што яны не патрабавалі, каб вучні адказвалі толькі па-руску, але ж самі настаўнікі тлумачылі новы матэрыял на мове суседняй рэспублікі. Што ж заставалася вучням? Купляць падручнікі на гэтай жа мове, каб не было блытаніны ў галовах (маюцца на ўвазе матэматычныя і іншыя спецыфічныя тэрміны).

Трэба дабавіць, што і з настаўніцай беларускай мовы нам, вучням майго класа, не вельмі пашанцавала. Ліна Пятроўна (так было яе імя), наогул, лічыла свой прадмет другарадным і нават казала аб гэтым услых нам, яе вучням. Гэта гучала прыкладна так: "Вам больш патрэбна руская мова, каб пасля заканчэння школы паступіць ў вышэйшыя навучальныя ўстановы." Вось і лічыце, як мы маглі адносіцца да беларускай мовы. У выніку, рускай мовай мы валодалі знчна лепш, чым беларускай.

Цяпер можна зразумець, чаму пасля заканчэння сярэдняй школы я апынулася на філалагічным факультэце аддзялення рускай мовы і літаратуры БДУ. І вось тут, толькі тут, паступова я змагла не толькі зразумець, але і адчуць, што мая родная мова - беларуская, як ні дзіўна, навучаючыся пры гэтым на аддзяленні рускай філалогіі. Сама атмасфера факультэта спрыяла гэтаму. Ідэя беларускасці так і вітала ў паветры. Асабліва мяне ўразіла асоба Ніла Сымонавіча Гілевіча, які так прыгожа размаўляў на роднай мове, што хацелася і самой размаўляць на ёй. Ды і некаторыя другія выкладчыкі таксама добра размаўлялі па-беларуску.

Я раптам адчула гонар за тое, што ў нас, беларусаў, ёсць свая адметная, такая багатая па сваіх выразных сродках, мова. Я адчула яе смак, смак такіх знаёмых з дзяцінства слоў і выразаў. І гэтае адчуванне засталося ў свядомасці на ўсё жыццё.

Пасля заканчэння вучобы ў БДУ я працавала ў школах Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў, у Пастаўскай школе-інтэрнаце. Выкладаць прыйшлося не толькі рускую, але і беларускую мову. Чаму я змагла гэта? Думаю, што ў пачатковых класах сярэдняй Крывіцкай школы быў закладзены добры фундамент, за што я вельмі ўдзячна сваёй першай настаўніцы Марыі Львоўне Бунімовіч.

Між іншым, на працягу ўсяго жыцця, пачынаючы са школы, я спрабавала пісаць вершы як на рускай, так і на беларускай мовах. З цягам часу, з развіццём самасвядомасці і жыццёвым досведам яны станавіліся ўсё больш дасканалымі. Але паступова на рускай мове пісалася ўсё менш, і ўсё больш на беларускай. Вось такі мой шлях да роднай мовы, які прайшоў канвой па жыцці. У кожнага ён можа быць толькі свой, асабісты.

І хочацца спытаць ў таго, хто прачытае гэтыя радкі: "А які шлях да роднай мовы быў у цябе? А можа, ён пачнецца з гэтай хвіліны?"

Мова

Ад гэтых слоў

Становіцца цяплей.

Яны ўсцешаць у цяжкую гадзіну.

Ад гэтых слоў,

Што ў шчасці і ў журбе,

Дарога да самой сябе.

І словы гэтыя: "радзіма",

"мова","маці".

Не трэба іншых -

Гэта не сакрэт,

Бо з імі мы з табой

Прыйшлі на свет.

Людміла Цыбульская, сябра Пастаўскай суполкі Таварыства беларускай мовы.

100 дубоў для Жылкі

І вось ужо ў дзеях і чынах,

У справах будзённых, людскіх

Я ўзрушаным сэрцам няўпынна

Шукаць хараства не прыціх.

Уладзімір Жылка.

Кожная добрая справа, мабыць, таму і добрая, што заўсёды мае некалькі карысных складнікаў. Вось і тая, што адбылася нядаўна ў Гарадзеі, аб'ядноўвае розныя накірункі - эстэтычны і гаспадарчы, прыродалюбны і экалагічны, выхаваўчы, літаратурны, краязнаўчы… Спытаеце, а што ж за дзея такая? - Адна з тых трох, якія па даўняй народнай завядзёнцы павінен зрабіць кожны чалавек, - пасадзіць дрэва. Ды не абы-якое, а дуб - самае даўгавечнае на нашай зямлі, сімвалічна-сакральнае для беларусаў.

Вялікая сіла грамады ў простай статыстыцы: калі кожны пасадзіць хоць адзін дубок - атрымаецца дуброва. Так і сталася на гарадзейскім беразе нясвіжскай Ушы, непадалёк ад цукровага камбіната. Дзейная нямала гадоў шматфункцыянальная зона адпачынку "Ціхая затока"займела яшчэ адну мясцінку, дзе жыхары пасёлка цукравараў, вакольных вёсак і прыезджыя змогуць у затульнай цішыні бавіць вольны час, любавацца роднымі даляглядамі.

Ініцыятарам і каардынатарам вялікай падрыхтоўчай работы выступіў Леанід Качановіч - гісторык, краязнавец, майстар па добраўпарадкаванні Гарадзейскай філіі ЖКГ, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алены Анісім. Спадар Леанід удзячны кіраўніцтву і рабочым цукровага камбіната за разуменне і неаднаразовую дапамогу. Горача падтрымаў-ухваліў ідэю, актыўна далучыўся да распрацоўкі эстэтычнай часткі праекта журналіст, эколаг, заснавальнік і аўтар шматгадовай каляндарнай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" Валер Дранчук, выканаў нават мастацкі план-накід агляднай пляцоўкі з берага ракі. Ад сяброў ТБМ прагучала прапанова ўшанаваць дубровай імя Уладзіміра Жылкі. 14 ранніх гадоў паэта належаць Нясвіжчыне, маляўнічай вёсачцы Макашы, што ад Гарадзеі за некалькі кіламетраў па цячэнні Ушы. 14 гадоў - гэта амаль палова жыцця нястомнага шукальніка красы і пекнаты, бо зямныя яго дарогі вымяраюцца няпоўнымі 33-ма гадамі.

У прызначаны дзень акцыя "100 дубоў для Жылкі"сабрала больш за паўсотню ўдзельнікаў. Прыйшлі-прыехалі, хто з рыдлёўкай, хто з вядром, адзінаццацікласнікі СШ № 2 г.п. Гарадзея са сваім класным кіраўніком, вучні спецшколы-інтэрната з настаўнікам, сябры Гарадзейскай і Карцэвіцкай суполак ТБМ, работнікі ЖКГ, гарадзейскія спартсмены-футбалісты, рабочыя камбіната, жыхары пасёлка. Прыехала павітаць грамаду і далучыцца да супольнай прыцы старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім.

- Як жа было не падтрымаць разумную і надзённую ініцыятыву, - кажа яна, - як жа не парадавацца стваральнай актыўнасці людзей на карысць свайго краю!

У выніку культурна-экалагічнай, краязнаўча-літаратурнай працоўнай акцыі пасаджана акурат 100 дубоў. Кожны ўдзельнік жадаў ім прыжыцца, каб праз год у маладой дужасці галін, зялёных карунках свежай лістоты сустрэць 120-годдзе паэта-земляка (27 траўня - гэта дзень нараджэння Уладзіміра Жылкі - дубы, хоць і познія дрэвы, але ўжо праступяць лісцем).

Сябры ТБМ заклікаюць далучацца да акцыі "100 дубоў для Жылкі". Беларусы! Суайчыннікі! Саджайце прыгожыя і дужыя дрэвы ў гонар паэта, што спавядаў хараство як магутную ўратавальную сілу.

- - - - - - - - - - - - - - -

З надзеяй на падтрымку ў школе № 2 г. п. Гарадзея парупіліся ўжо закласці гадавальнік маладых дубкоў.

Старшыня Нясіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса. Фота Валерыя Дранчука.

Прэзентацыя электроннага часопіса "Нясвіжскія каеты"

25 сакавіка выйшаў першы нумар электроннага краязнаўчага гістарычна-літаратурнага часопіса "Нясвіжскія каеты". Заснавальнік часопіса Нясвіжская раённая арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". За год да гэтага нясвіжскія ўлады ў асобе начальніка ідэалагічнага аддзела былі папярэджаны пра выхад часопіса, ім было прапанавана супрацоўніцтва. Адказ быў: "Мы зробім самі, мы зробім лепш". Канешне, нічога не зрабілі, а калі ТБМ выпусціла часопіс самастойна, то сустрэлі яго ў штыкі. Не спадабалася ўсё: ад загалоўка да складу рэдкалегіі. Таму, калі старшыня Нясвіжскай арганізацыі ТБМ звярнулася з просьбай дазволіць прэзентацыю ў музеі ці бібліятэцыі, то атрымала адмову. Адмова - узор яшчэ той слоўнай эквілібрыстыкі. Тры разы прачытаеш, а так і не зразумееш, што не так.

Таму 12 красавіка прэзентацыя адбылася ў офісе грамадскіх арганізацый у вузкім коле. Прысутнічалі сябры рэдкалегіі, некаторыя аўтары, краязнаўцы, якія не патрапілі ў першы нумар, але збіраюцца супрацоўнічаць з часопісам. Прысутнічалі, у тым ліку, старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Стаўпецка-Нясвіжскай акрузе Алена Анісім і намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік.

Падчас прэзентацыі былі разгледжаны ўсе рубрыкі часопіса, якія ўзніклі, і ўсе матэрыялы, змешчаныя ў першым нумары. Трэба сказаць, што 80 старонак А-4 для пачатку - у прынцыпе нармальна. Далей будзе чуць менш ці чуць больш, але фармат зададзены, гэта - не 20, і гэта - не 200 старонак, гэта - недзе 60-100.

Былі прапановы дадаць публіцыстыку, але пакуль гэтая прапанова не падтрымана. Падтрымана прапанова праспрабаваць даваць хроніку Нясвіжчыны, падаваць сур'ёзныя падзеі, якія маюць доўгатэрміновую перспектыву (скажам - пабудавалі новую царкву або хоць новую АЗС, але пабудавалі на многія гады).

Былі абазначаны тэмы другога нумара і тэрміны падачы матэрыялаў. Партфель другога нумара павінен быць сфармаваны да 31 траўня. Матэрыялы можна пасылаць на самыя розныя пошты сяброў рэдкалегіі, але адчынена і спецыяльная паштовая скрыня E-mail: kajety@list.ru.

На сёння часопіс можна знайсці на сайтах:

http//nslowa.by http//pawet.net http//belkiosk.by http//kamunikat.org

Такім чынам першы нумар "Нясвіжскіх каетаў" у сусветнай павуціне. Шукайце, чытайце.

Яраслаў Грынкевіч.

У Гародні адкрылі памятную дошку пісьменніку Аляксею Карпюку

Мемарыяльная дошка беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка з'явілася ў Гародні на вуліцы Ажэшкі. Да яе афіцыйнага адкрыцця спрычыніліся дачка пісьменніка Валянціна, гісторык Андрэй Вашкевіч, скульптар Уладзімір Панцялееў. Адкрыццё памятнай шыльды прыпала да 98-х угодкаў з дня народзінаў Аляксея Карпюка. Кажа Вітольд Іваноўскі, у мінулым журналіст газеты "Звязда":

- Ужо даўно тое жыццё, якое ахвяравала савецкая Расея, назаўсёды яму збрыдла. І ён разумеў, што гэтаму прыходзіць канец. І ён працаваў на гэта. Не толькі хацеў, але і працаваў на гэта. Сустракаўся з Салжаніцыным. У яго ў кабінеце стаяў партрэт Салжаніцына, стаяў партрэт Мухтара Аўэзава. Я памятаю, быў такі сярэднеазіяцкі пісьменнік. Неяк прыйшлі вялікія начальнікі з кэгэбістаў і палічылі, што гэта Мао Цзэдун.

Для літаратараў, грамадства Гародні, навіна пра адкрыццё шыльды ў ажыўленай частцы абласнога цэнтра стала вяртаннем справядлівасці, якога даўно чакалі. Кажуць Аляксей Пяткевіч і Данута Бічэль:

- Я перад гэтым прысніла сон. Такі харошы сон пра харошага чалавека, які ўжо там. Ён кажа: я тут чытаю кнігі. Падумала, што гэта харошы сон. Нешта добрае будзе.

- Падзея, канешне, не такая ўжо і маштабная, але вельмі важная. Памяць пра Карпюка - пісьменніка перш за ўсё гарадзенскага, якая гаворыць, што мы нешта ўсё ж такі замацоўваем на афіцыйным узроўні з нашай спадчыны.

Аляксей Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава, цяпер гэта Падляшскае ваяводства Польшчы. Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. За ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны атрымаў шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды. Як адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Беласточчыне, Карпюк быў узнагароджаны вышэйшай вайсковай узнагародай Польскай Народнай Рэспублікі - крыжом "Віртуці Мілітары". Памёр Аляксей Карпюк 14 ліпеня 1992 года. Пахаваны ў Гародні на могілках па праспекце Касманаўтаў. Адна з вуліц горада носіць яго імя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Трэці міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў на Глыбоччыне

З удзелам дудароў з Харвацкага Загор'я (Харватыя), з рэгіёна Радавіш (Македонія), з Вялікапольшчы (Польшча) і з рэгіёна Казла (Польшча), а таксама з дударамі з Паазер'я і іншых дударскіх рэгіёнаў Беларусі

3 траўня/пятніца

12.00 - 14.00. Адкрыццё фэсту. Абыгранне помнікаў дудароў-песняроў. Алея знакамітых землякоў. Плошча 17 верасня. Глыбокае.

17.00 - 19.00. Шэсце дудароў. Гала-канцэрт "Дударскі рэй на Глыбоччыне". Г.п. Падсвілле.

20.00 - 21.00. Канцэрт у санаторна-курортным комплексе "Пліса"

4 траўня/субота

12.00 - 14.00. Прэс-канферэнцыя з удзелам сродкаў масавай інфармацыі, арганізатараў і ўдзельнікаў фэсту. Глыбоцкая цэнтральная раённая бібліятэка. Вул. Энгельса, д. 41а.

17.00 - 19.00. Вечарына "Дуда спеўная" (майстар-класы, танцы). Танцавальная зала Глыбоцкага гарадскога дома культуры. Вул. Камуністычная, д.10

5 траўня/нядзеля

11.00. Урачыстая служба з удзелам дудароў. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Вёска Удзела.

Вялікдзень у Германіі

Навіны Германіі

Ва ўсіх хрысціянскіх краінах, у тым ліку і ў Германіі, Вялікдзень - адно з найважнейшых царкоўных святаў. Але калі некаторыя хрысціянскія рытуалы паступова страцілі сваё першапачатковае значэнне, напрыклад, строгі пост перад Вялікаднем, то цэлы шэраг паганскіх звычаяў захаваўся дагэтуль. Дарослыя і дзеці чакаюць Вялікдзень з аднолькавым нецярпеннем, бо гэта азначае чатыры выходныя дні запар - пачынальна з Жарснай пятніцы і аж да велікоднага панядзелка (Дня Святога Духу). Многія выкарыстоўваюць гэтыя дні для сямейных шпацыраў ці паездак, тым больш, што ў школьнікаў тым часам вакацыі.

Неад'емны элемент велікодных звычаяў - пярэстыя, распісаныя яйкі, знак вясновага адраджэння. Фарбаваныя ці шакаладныя, яны павінны быць на кожным велікодным стале. Напярэдадні свята фарба для яйкаў - самы хадавы тавар у крамах. У каго хопіць чакання і цярпення, можа ўзяцца за справу і па-іншаму: бурак дасць прыгожы чырвоны колер, ад сіняга сандала яйка атрымаецца сакавіта-сінім. З дапамогай парашка куркумы можна дамагчыся сонечна-жоўтага, шпінат афарбуе шкарлупіну ў зялёны, ад ягад бузіны яйка стане фіялетавым. З элементаў, якія фарбуюць, атрымліваюць адвар, у якім вараць яйкі. Малыя ж ахвотней бяруцца за пэндзлік ці фламастар. Яны з любоўю пярэста распісваюць выдзьмутыя курыныя яйкі - лепш за ўсё з белай шкарлупінай - акварэльнымі фарбамі ці фламастарамі, каб затым, прывязаўшы стужачку, упрыгожыць імі хатні велікодны букет.

Да сняданку ў велікодную нядзелю ў многіх сем'ях стол упрыгожваюць фігуркамі зайцаў, куранятаў, баранчыкаў і г.д., а таксама яйкамі з дрэва ці іншага матэрыялу. Часта на стале стаіць і букет нарцысаў, бо па-нямецку гэтыя кветкі завуцца яшчэ і "велікоднымі званкамі".

Раніцай велікоднай нядзелі ў Германіі дзеці і дарослыя шукаюць пярэста размаляваныя велікодныя яйкі, якія напярэдадні ўначы прынёс і схаваў велікодны заяц. Сённяшні асартымент велікодных яйкаў вельмі шырокі - ад звычайных курыных да шакаладных і марцыпанавых. Хаваюць яйкі і слодычы часцей за ўсё ў карзіначках, выкладзеных "травой" - выфарбаванымі ў зялёны колер тонкімі драўнянымі габлюшкамі, ці ў вялікіх, якія складаюцца з дзвюх паловак, кардонных яйках, аблепленых каляровымі малюначкамі.

Але чаму ж яйкі на хрысціянскае свята Вялікадня прыносіць менавіта заяц?

Заяц, як і яйка, спрадвеку лічыўся знакам жыцця і ўрадлівасці. Акрамя таго ў Сярэднявеччы сяляне павінны былі ў чысты чацвер плаціць абшарнікам арэндную плату, якую яны звычайна аддавалі прадуктамі. Паколькі ў сялян з-за папярэдняга паста назапашвалася асабліва шмат яйкаў, яны варылі іх і аддавалі на чынш. З яйкамі сяляне часта прыносілі гаспадарам і мноства забітых зайцаў, падстрэленых імі на сваіх палях.

Так склалася спалучэнне "яйка і зайцы". Дарослыя пачалі распавядаць дзецям, што яйкі прыносіць велікодны заяц. Аднак спрытны звярок доўгі час быў не адзіным, хто нібы прыносіў яйкі. У якасці пастаўшчыкоў яйкаў з ім доўга канкуравалі лісы, буслы і жураўлі. Аднак пасля Другой сусветнай вайны ў іх спрэчцы была пастаўлена кропка, бо вытворцы шакаладу адкрылі для сябе аблавухага звярка і пачалі выпускаць да Вялікадня толькі шакаладных зайцаў - і такім чынам да сённяшняга дня яйка прыносіць менавіта заяц.

Рэгіянальныя велікодныя звычаі

У Веймары існуе звычай, які нагадвае пра вялікага Гётэ, пражыўшага ў гэтым горадзе некалькі дзесяцігоддзяў. Кожны год у чысты чацвер ён запрашаў дзяцей у свой сад, дзе хаваў велікодныя яйкі. Веймар працягвае гэтую традыцыю і запрашае дзяцей на "пошук заячых яйкаў" у парк на рацэ Льм, у якім стаіць садовая хатка Гётэ.

Ніжнесаксонскі Остэрайштад (літар. "Горад велікоднага яйка") стварыў традыцыю на аснове сваёй назвы: тут нібы жыве велікодны заяц Хані Хазе. Штогод тысячы дзяцей пішуць яму ў лістах свае пажаданні да свята. На лісты адказвае супрацоўнік пошты.

Вельмі рэдкім звычаем з'яўляецца хадджэнне па велікодную ваду. Па старым народным павер'і, яна валодае чароўным дзеяннем, падтрымліваючы здароўе і прыгажосць. Для гэтага трэба зачэрпаць з праточнага вадаёма вады і прынесці яе дахаты. Пры гэтым нельга размаўляць.

Да велікодных звычаяў Германіі таксама адносяцца велікодныя вогнішчы. Іх запальваюць, першым чынам, у сельскіх мясцовасцях на поўначы краіны. Традыцыя вядомая з XVI ст., аднак яна ўзыходзіць яшчэ да дахрысціянскіх звычаяў: цяпло і святло павінны былі выгнаць зіму. Акрамя таго, агонь забяспечваў урадлівасць глебе. У хрысціянскай традыцыі велікоднае вогнішча - знак уваскрэсення Хрыста. Іншае ўвасабленне той жа традыцыі - падпаленыя драўляныя колы, якія скочваюць з Велікоднай гары. За імі цягнецца агністы след даўжынёю ў некалькі сот метраў. Лічыцца, што падпаленыя колы, як знак сонца, з'явіліся 2000 гадоў назад.

Свае звычаі ёсць і ў сорбаў (ці лужыцкіх сербаў), якія жывуць у Верхняй Лужынцы (Саксонія), заходнеславянскай нацыянальнай меншасці, што вызнае каталіцызм.

З XV стагоддзя ў іх існуе традыцыя: у велікодную раніцу святочна апранутыя мужчыны скачуць на конях у парадным строі па акрузе, абвяшчаючы вестку пра ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. Тысячы гледачоў штогод назіраюць гэтую маляўнічую цырымонію, стоячы на ўзбочынах вуліц. Мяркуецца, што велікодная верхавая язда ўзыходзіць да дахрысціянскай эпохі: калісьці людзі з прыходам вясны абыходзілі пешшу ці аб'язджалі на конях свае валадарствы, каб абараніць іх ад злога ўплыву.

Іншы велікодны звычай сорбаў, які сёння зноў становіцца ўсё папулярнейшым, завецца па-сорбску walkowanje. Першапачаткова ў яго аснове ляжыць паганская цырымонія ўрадлівасці: лічылася, што качанне яйкаў (знакаў урадлівасці) па сенажацях і палях аказвае станоўчы ўплыў на ўраджай. Ёсць розныя варыянты гэтага звычаю, адзін з іх - калі насустрач адзін аднаму закладваюцца дзве нахільных дарожкі (іх завуць walka) такім чынам, каб каляровыя яйкі, якія скочваюцца па іх, сутыкаліся адзін з адным. Пераможцам лічыцца той гулец, чыё яйка аказалася самым моцным.

Па германскіх крыніцах.

У с п а м і н ы

Да 156-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

Цітус ад прыбыцця ў Вільню (у траўні 1863 года) амаль ад пачатку мусіў хавацца пад узятым прозвішчам. У хвілю арышту яго ў Сыракомліхі меў пашпарт на імя Маеўскага. Сыракомліха, хоць была пра тое папярэджана, выдала ўласнае прозвішча Цітуса, гэта павяло яго на смерць, бо ад 1 кастрычніка 1863 года расклеены быў на мурах горада прыгавор Мураўёва, які выракаў яго завочна на смерць, і абяцаў высокую ўзнагароду таму, хто яго выдасць. Цітус Далеўскі пасля агалошвання выраку заахвочваўся ўсімі да ўцёкаў, з Пецярбурга прыслалі яму пашпарт, грошы і ўказанні па арганізацыі ўцёкаў. Не хацеў скарыстаць - гаварыў: "Калі пасля маіх уцёкаў ніхто ўжо не стане на маё месца - згаджаюся. У супроцьлеглым разе, калі нехта пасля мяне мае загінуць - застаюся, хачу гінуць сам".

Расстраляны 31 снежня 1863 года /11 студзеня 1864 года. Апошняя экзекуцыя ў тым, г. зн сышоўшым годзе. Канстанцін Каліноўскі пачынае праз 10 дзён сваёй смерцю 1864 год.

Выкрытая менская арганізацыя паказвае на Гейштара, як старшыню ў другім складзе сяброў Аддзела. Дастаўлены з Уфы, пасаджаны ў цытадэлі. Арыштоўваюць ваяводскага начальніка Віленскай губерні Мікалая Гядройця (чалавек сумлены, але слабой волі - заміж таго, каб апраўдвацца, сам сябе найстрожай асуджае перад сваёй супольнасцю, якая злітавалася над ім, прабачыла яму). Выдаў ён Камісіі Антонія Яленскага, як скарбніка ў Аддзеле. Антоні доўгі час стаяў на сваім першым прызнанні, што ў такія небяспечныя часы прымаў вялікія прыватныя сумы для захоўвання, гарантуючы ўласным фундушам.

Пры заснаванні Камітэта пастанавілі, у выпадку арышту, бачачы немагчымасць выкруціцца з цяжкага становішча і шматлікіх неабвержных довадаў віны, прымаць адказназнасць за дзейнасць датуль пазасталых на свабодзе, каб ацаліць датуль вольных, а тым самым забяспечыць на будучыню магчымасць далейшай працы, а ніякім чынам не выдаць справы ані шляхоў, якімі край ідзе да мэты.

Яленскі трымаўся шляхетна, не выдаў ні справы, ні людзей. Хворы, змучаны двухгадовым вязненнем пры здрадзе Гядройця і выдачы яго менскай арганізацыяй, бачачы немагчымасць выкруціцца ад нагрувашчаных супраць яго довадаў, прызнаецца, што быў краёвым скарбнікам.

Гейштар, дастаўлены з Уфы, знаходзіцца ў падобным, што і Яленскі, стане ў выніку прызнанняў Кашыца, менскай арганізацыі і папярэдніх прызнанняў Парафіяновіча, Кушалеўскага і Дзічкоўскага. Прызнанні ўсіх сходзяцца ў тым, што Гейштар быў старшынём ў другім складзе Аддзела.

Становішча абодвух бязвыхаднае. Дазволілі ім пабачыцца. Яленскі незаўважна перадае Гейштару запіску, у якой піша, што для прыкрыцця датуль не выкрытых пакажа на яго, як на старшыню, а на сябе, як на скарбніка пры Далеўскім і Каліноўскім, якія былі ўжо мёртвымі. Разлічваў на сілу Гейштара - памыліўся.

Гейштар нейкі час трымаўся добра, неўзабаве, аднак, Камісія дакапалася да яго слабых бакоў. Пачалі яму ліслівіць, расхвальваць яго вялікі розум, справядлівасць, праўдзівасць, якімі нават Мураўёў захапляецца, называючы яго адзіным у Польшчы разумным і справядлівым чалавекам, які не ведае падману. А пры тым усе чальцы Камісіі: Лосеў, Гогель, Юган і Шамшаў так яго любяць, так прагнуць яго выратаваць.

Ах той Мілтан у сваім "Страчаным раі" як жа вялікае паказвае веданне тайнікоў людской душы, малюючы шатана з пекла, які шукае шлях з пекла да чалавека, свежа створанага Богам. Шатан у сваіх пошуках распытвае сустрэтага анёла, ліслівіць яму і даведваецца, што найшырэйшая і найпрасцейшая дарога да чалавека ідзе праз перадпекла, якое называецца фанабэрыя.

На тым шляху няшчасны Гейштар быў пераможаны панамі з Камісіі, шатанамі з пекла. Пры пастаяннай ліслівасці мучылі абодвух, роўна Ялен[скага], як і Гейштара пастаянна паўтаранымі пытаннямі ўдзень і ўначы. Пакідалі ім наледзве пару гадзін спачынку. Чальцы Камісіі змучаныя пакутамі вязняў мяняліся, а гэтыя мусілі ім пастаянна адказваць. Яленскі на думку Камісіі быў вызначаны, як: "Хитрый полешук ничего нам не сказал, чего мы прежде не знали - ни одной личности нам не указал"354. Няшчасны Гейштар паддаўся. Піша прызнанне - выдае ўсю нашу справу - увесь ход нацыянальнай працы. Вучыць Мураўёва, у чым палягае нашая сіла. Нічога не мінае. Пачынае ад мірнай працы, якую прыпісвае сабе, выдае арганізацыю колаў і колкаў, тыя ніткі, якія звязваюць Літву.

Піша пра паўстанне, пра першы Аддзел і пра другі, ужо з іх амаль нікога не было ў жывых, або былі за межамі Краю. Што ж да першых, калі б не тыя 15 тысяч, вярнулі б іх і замардавалі б.

Ад гэтага часу ў сетцы арганізаваных кол і колак пачынаюцца масавыя арышты і высылкі. Адзін чалец правініўся, сылаецца ўся сям'я, яе атачэнне і знаёмыя. Мураўёў цешыцца. Ратч піша гісторыю паўстання 1863 года.

Гейштар ад той пары зненавідзеў Яленскага, не мог яму прабачыць, што той аказаўся мацнейшым за яго. Апрадваўся перад грамадскасцю, што прызнаючыся ацаліў краёвы гонар (у вачах Камісіі? у вачах Мураўёва наш гонар?).

Думаю, што зрабіў гэта ў нейкім хваравітым запале. Бо ці ж ёсць мажлівай рэччу, каб паляк у здаровым розуме мог на Камісіі сказаць: "Мужыка літоўскага ніколі не будзеце мець на сваім баку. Калі дасце яму веды, будзе станоўча наш, калі пакінеце яго ў цемры, не будзе ні ваш, ні наш". Натуральна, у такім разе Масква выбірае цемру, а не сваятло на Літве. Абодва, г.зн. Яленскі і Гейштар, асуджаны на Сібір.

Мураўёў быў ідэолагам, сейбітам анархіі на Літве. Ліцвін, калі стаіць перад задачай выканання свайго абавязку або на абароне сваіх правоў, здольны на вялікія геройскія ўчынкі, але найдакладней няздольны да выбухаў шалёных, раз'юшаных.

Літву доўгія гады крыўдзілі, тапталі. Ліцвін парываўся да сваёй абароны, але тыя навязаныя яму крыўды насілі хоць бачнасць права. Бараніліся ў імя сваіх правоў, бараніліся, каб цярпець, каб жыць. Настала ў канцы хвіля доўгага стрымліванага жалю, абурэння - выбуху пачуццяў цэлага народа! Рвануўся таксама цэлы народ - рвануў кайданы пад гнятлівай пятой ворага. Была гэта роспач. Не было подласці.

Мураўёў разбудзіў іншыя, датуль невядомыя, пачуцці: помсты, адказу, бязмежнай пагарды і нянавісці.

Як прыклад далучу факт, які сведчыць пра вялікую мяккасць у характары ліцвіна. Перад прыбыццём Мураўёва Дамейка браў удзел у палітычнай працы літоўскай шляхты. Ведаў усіх, ведаў пра ўсіх акрамя прозвішчаў людзей, засядаўшых у Камітэце. Відочна, хацеў на Літве адыграць ролю Веляпольскага. Разумеўся з Мураўёвым, даваў яму падказкі па хутчэйшым задушэнні ўсялякага руху. Асуджаны на смерць супляменнікамі. На Літве не знайшлося выканаўца выраку. Трэба было дастаўляць з Каралеўства. А аднак за тую справу павесілі семярых амаль дзяцей без суда і следства.

За пераход аддзелаў на адлегласці 4 вёрст або доказу выкання выракаў шпіёнам або здраднікам на той жа адлегласці палілі і раўнялі з зямлёй вёскі. На азначанай адлегласці ад асады Ібян маскоўскае войска знайшло ў лесе павешанага шпіёна. Асаду спалілі, зааралі, людзей пагналі ў Сібір. Бедныя жмудзіны. Сёстры мае былі сведкамі. Немаўляты паміралі ля грудзей згаладалых маці. Журботная грамадка пабожных жмудзінаў укленчыўшы каля маці малілася, пасля чаго ўкідала цельца ў Каму або Аку ці засыпала жоўтым пяском на Табольскай дарозе.

Пасля зняволення сына маршалка Баэйра, Атона за ўдзел у паўстанні (быў камісарам у Сакольскім павеце) пужалі старых бацькоў спаленнем двара, канфіскацыяй усёй маёмасці (што таксама мела месца, Спасовіч абараніў), павешаннем адзінага сына. Загадалі маршалку прыбыць на афіцэрскі баль у Саколку з дочкамі ў бальных туалетах. Калі бацька з'явіўся адзін, апраўдваючыся хваробай наймалодшай дачкі, Скварцоў загадаў яму неадкладна вяртацца па дачок, дадаючы насмешліва: " Прывезці красавіцу Вольгу хоць бы з ложкам".

Чым паўстанне было бліжэй да канца, тым кіраванне Мураўёва было больш лютым і самавольным. Гавару тут толькі пра тое, што бачыла і пра тых, каго асабіста ведала. Лютасць, знішчэнне, падрыў існавання на цэлыя годы, калі не назаўсёды сеялі зёрны анархіі на Літве. Нішчыць за знішчэнне, забіваць за смерць нявінных, за падкоп пад існаванне Краю падарваць давер і фінансы Расіі.

Пачалі ад таго апошняга, як найпільней патрэбнага ў цалкам зруйнаваным Краі. Паўстала за мяжой Таварыства фальсіфікатараў. Настаўнікамі іхнімі былі анархісты, дакладней нігілісты расійскія, якія жылі ў Лондане. Калі эмігранты ліцвіны (выхаваныя ў Расіі), якія там схаваліся, апавядалі пра страшны стан Краю, пра яго нэндзу, нядолю і поўнае зруйнаванне, адказвалі ім з лёгкасцю: "Какой вы мягкий народ!"355 Сказалі, куды і да каго падацца па інструкцыі, каб адплаціць за зрабаваны, збяднелы Край. Заснавалі фабрыкі, інструктарамі на якіх былі расейцы, найперш у Лондане, потым у Берліне, Парыжы, Швейцарыі, Швецыі, але з-за цяжкасці перавозу фальшыфых грошай у Расію, трапілі яны толькі ў Пецярбург.

Ведаю пра тое, бо было некалькі арыштаваных і асуджаных. Спасовіч бараніў іх, я бывала на судах.

Невыказна смутным, можа, найсмутнейшым з усіх няшчасцяў ёсць прышчапленне ў душах спакойнага люду зёрнаў бандытызму.

У літоўскіх яўрэяў найперш праявілася анархія, бо яны таксама атрымалі найбалеснейшы ўрок жыцця без правоў. Бітыя, прыніжаныя, абрабаваныя. Са спакойных, пакорных сталі і аказаліся здольнымі вучнямі расейцаў і ў канцы сталі бунтаўшчыкамі, анархістамі.

Не трачу надзеі. Літва апамятаецца і зверне з кепскай дарогі.

Дадатак

Кароткія нататкі распараджэнняў Каралеўства на Літве ў 1863 г.356


Ад падзелу Польшчы, намаганні вызваліцца з-пад маскоўскай улады на Літве не спыняліся ніколі, і Братні звяз, запачаткаваны Францішкам і Аляксандрам Далеўскімі ў 1846 г. быў далейшым працягам тых намаганняў, шляхам мірнай працы для пераадолення тых перашкод, якія ў папярэдніх паўстаннях былі прычынамі няўдач.

Праца сяброў Звязу, нягледзячы на вязненні, Сібір і пастаянныя пераследы, не спынілася, наадварот, тая ж самая моладзь праз жыццё і больш цеснае ўнікненне ў патрэбы Краю, яшчэ больш вынікова імкнулася да мэты дарогай справядлівасці, права і няспыннай трывалай працы, пашыраючы шляхетныя прынцыпы і думкі для з'яднання і павышэння маральных устояў усіх пластоў грамадства.

Парушаныя гарачыя патрыятычныя пачуцці не далі ўтрымацца ў акрэсленых межах. Падзеі ў Еўропе ў 1848 годзе страсянулі моладзь, асабліва рамесніцкую, якая нягледзячы на апазіцыю кіраўнікоў, рвалася да зброі. Вызначылі выбух паўстання на дзень Рэзурэкцыі, разлічваючы на тое, што пры натоўпах, якія звыкла заліваюць вуліцы горада, латвей ім будзе выканаць намер захопу зброі з арсенала. Адзін з рамеснікаў здрадзіў. Далеўскія былі арыштаваныя з-за знойдзенага ліста ў М[аўрыцыя] Кл[ячкоўскага], студэнта Харкаўскага ўніверсітэта. Ліст утрымоўваў адказ на пытанне: "Вер мне, скажы што рабіць?". Быў без подпісу.

Многія з сяброў Звязу, якія былі ў стасунках толькі з Далеўскімі, ацалелі і вялі далей распачатую працу. Праз год пасля вывазу Далеўскіх на Сібір іхнія калегі Леапольд Савіцкі і Леапольд Маткевіч засноўваюць студэнцкую арганізацыю (паводле праекту Далеўскіх) у Маскоўскім універсітэце. Студэнты ў довад прызнання заслуг уручаюць Маткевічу пярсцёнак.

Караім з Трокаў Рамуальд Кабецкі апрача ўплыву на сваіх субраццяў пахвальна дзейнічае ў Адэскім ліцэі.

У Пецярбургу Серакоўскі з колам польскай моладзі, якое ўзнікла пад яго ўплывам, мае перад сабой нашмат цяжэйшую задачу, чым у Краі, бо мусіць прыстасоўваць, а потым цалкам замяніць у многіх выпадках прынцыповыя меркаванні, прымяняючыся да ўмоў і мясцовага грамадства, выхаванага пад уплывам нігілізму, пагарды і плявання на сябе і сааё грамадства, дзе здабыццё ведаў ёсць сродкам толькі для здабыцця магчымасці ўжывання жыцця і сілы для ўціску слабейшых. Гэта было пераможана пры што раз павялічваўшымся коле людзей добрай волі з расейцаў і прышчэплены вера, надзея і любоў. Прышчэплены іскры Божыя ў страчаныя душы, вера ў мэту жыцця, надзея на вызваленне ад сіл стрымліваючых рух да свабоды духу і побыту; любоў і справядлівасць адносна слабых і прыгнечаных.

(Працяг у наст. нумары.)

354 Хітры паляшук не сказаў нічога, чаго б мы да таго не ведалі, ні адной асобы нам не ўказаў.

355 Які вы мяккі народ.

356 РГБ, Отдел рукописей, собр. 218, картон 401, № 1, стр. 1-24, 48-100. Копія.

Рыцар крыштальнай душы

Пра удзельніка Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, павятовага начальніка

Гарадзенскага павета Івана Каменскага

Іван Буднік

"Рыцар крыштальнай душы" - так называла былога паўстанца Івана (Яна) Каменскага (Камінскага) вялікая наша суйчынніца Эліза Ажэшка, калі блізка пазнаёмілася з ім пасля вяртання яго з дванаццацігадовай сібірскай катаргі і ссылкі.

Імёны гераічных паўстанцаў з павагай насіла пісьменніца ў сваім сэрцы ўсё жыццё, а жывым аказвала дапамогу. Гэта яна, рызыкуючы ўласнай свабодай і жыццём, выратавала параненага Рамуальда Траўгута і вывезла яго ў Царства Польскае, дзе ён стаў апошнім кіраўніком паўстання. Пастаяннай яе падтрымкай карыстаўся катаржанін Любамір Абрэмскі, які часта бываў у яе доме пасля вяртання з Сібіры. Ён, чыноўнік Гарадзенскай палаты дзяржаўных маёмасцяў, у часы паўстання 1863-1864 г.г. з'яўляўся касірам Гарадзенскай падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыі. Праз рукі гэтага сумленнага чалавека прайшлі тысячы рублёў - ахвяраванняў на паўстанне і не прыліпалі да іх.

Да іх постацяў звярталася яна неаднойчы ў сваёй творчасці. Правобразам былога паўстанца з рамана "Над Нёманам" Анджэя Карчыньскага, пахаванага ў брацкай магіле ў Міневіцкім лесе, з'яўляецца колішні ўладальнік Міневічаў Ян Каменскі, якога трохі ведала пісьменніца з маладосці. Яе бабка Эльжбета Каменская паходзіла з гэтага роду і працяглы час займалася выхаваннем Элізы.

Маёнтак Міневічы, у склад якога ўваходзілі фальваркі Міневічы і Паніжаны ды вёска Дабраўляны, належаў роду Каменскіх яшчэ з канца XVIII ст. Пасля смерці ўладальнікаў маёнтка Іосіфа і Разаліі Каменскіх з-за няпоўналецця іх дзяцей Яна, Разаліі і Юзэфы ён знаходзіўся пад наглядам Гарадзенскай дваранскай апекі ва ўпраўленні апекуна калежскага сакратара Юліяна Мразоўскага. Ян паспеў скончыць Маскоўскі ўніверсітэт і ў 1849 г. у дваццацігадовым узросце стаў уладальнікам маёнтка Міневічы. Ён падтрымліваў добрасуседскія адносіны з засцянковай шляхтай Багатырэвічаў, клапаціўся аб сваіх сялянах: стварыў школу для сялянскіх дзяцей, лячыў, быў міравым пасярэднікам пасля адмены прыгоннага права. У часы паўстання спачатку быў акруговым начальнікам, а потым па распараджэнні Кастуся Каліноўскага ўзначаліў павятовую цывільную адміністрацыю Гарадзенскага павета. Па сведчанні Эразма Заблоцкага, ваяводскага камісара, пасля арышту С. Сільвястровіча абавязкі ваяводскага начальніка па сувязі паветаў з кіраўніцтвам у Вільні выконваў Іван Каменскі. Аб яго адданасці справе вызвалення краю Эліза Ажэшка пісала: "У рэвалюцыйныя часы гэта быў адзін з самых гарачых і ўплывовых змагароў за народную справу на Літве; таму сяляне віталі яго натоўпамі, расчуленыя да глыбіні душы выказваннем знакаў памяці і ўдзячнасці".

У час паўстання ў міневіцкім двары Яна Каменскага збіраліся паўстанцы, кавалі зброю, адлівалі кулі, хавалі боепрыпасы, харчы, адзенне. І сам ён дастаўляў паўстанцам і харчаванне, і вопратку, але ўпарта адмаўмяў такую дапамогу нават на вочных стаўках.

Восенню па даносе аднаго з сялян яго двор як паўстанцкае гняздо, акружаны ротай салдатаў і жандарамі, быў разрабаваны. Былы міравы пасярэднік Ян Каменскі за ліберальныя погляды і спачуванне пакрыўджаным 22 траўня 1863 г. новым генерал-губернатарам М. Мураўёвым быў пазбаўлены пасады і як "недабранадзейны ў палітычных адносінах" у верасні высланы ў Арэнбургскую губерню. Праз некалькі месяцаў Гарадзенская следчая па палітычных справах камісія выявіла яго актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай арганізацыі і паўстанцкім руху ў павеце, вярнула з высылкі і выставіла абвінавачванні. На допытах у час следства як у Гародні, так і ў Вільні ён упарта адмаўляў свой удзел у рэвалюцыйнай арганізацыі, у дапамозе паўстанцам, не назваў ні аднаго прозвішча, ні аднаго факта. Справа цягнулася да восені 1864 г., і ваенна-палявы суд вынес рашэнне: Івана Каменскага і яшчэ некалькіх удзельнікаў арганізацыі "покарать смертью расстрелянием". Усмірыцель краю М. Мураўёў рашэнне ваенна-палявога суда замяніў на 12 гадоў катаргі ў рудніках, улічыўшы невысокую пасаду Каменскага і іншых у рэвалюцыйнай арганізацыі. I адданы патрыёт, мужны паўстанец Іван Каменскі разам з сотнямі такіх жа самаахвярных барацьбітоў пацягнуўся ў кайданах па бязмерных дарогах Расіі ў далёкую Сібір.

На абшарах ад Урала да Амура невялікімі купкамі адпраўлялі іх у капальні, на заводы альбо на солездабычу. Сем гадоў, скуты кайданамі, Іван Каменскі працаваў на здабычы солі, а потым быў накіраваны ўладамі на пасяленне ў Омску. У той час гэта быў невялікі пыльны горад, праз які па Сібірскім тракце цягнуліся этапамі з захаду на ўсход ссыльныя і катаржнікі, а з поўдня, з стэпаў, прыходзілі з вярблюдамі чумазыя, выгаралыя на сонцы кіргізы і казахі. Расійскія прамыслоўцы і купцы бессаромна іх ашуквалі і абіралі. Таму па сваёй даўняй звычцы заступніка пакрыўджаных былы паўстанец часта выступаў ў іх абарону.

А на радзіме яго сям'ю ніхто не мог абараніць ад помслівага пакарання царскай улады, якая загадала секвестраваць усю яго маёмасць і пакінула сям'ю без сродкаў для існавання. Але дапамагалі сябры, міневіцкія сяляне і шляхта Багатырэвічаў.

Праз восем гадоў пасля вымушанага развітання з роднымі Ян Каменскі ізноў сустракаецца з імі: пасля працяглай валакіты з паліцэйскімі чыноўнікамі ў Омск прыязджае яго жонка Лявонія з малодшай дачкой Стасяй. Мы шмат чыталі і ведаем аб высакародстве, вернасці і адданасці высланым дзекабрыстам іх жонак і каханых, якія паехалі за сваімі абранцамі ў іх "катаржныя норы" ў Сібір. Іх ведаюць паіменна ўсіх - мужных, самаадданых жанчын, якія падтрымалі сваіх сяброў у іх цяжкіх выпрабаваннях. А што мы ведаем пра нашых такіх жа гераічных зямлячак, што гэтак жа самаахвярна падзялялі з сваімі мужамі цяжкі лёс катаржніка і ссыльнага?! I было іх не дзясяткі, а сотні, таму што пасля кожнага задушанага вызвольнага паўстання тысячы нашых землякоў цягнуліся пад кайданны звон у далёкую Сібір.

Вызвалены ад катаржных работ, але знаходзячыся ў ссылцы, Ян Каменскі адшуквае розныя спосабы, як дапамагчы старэйшай дачцэ Яніне, якая засталася ў Міневічах. Маёнтак быў ужо вызвалены ад секвестру, але з-за гаспадарчай нявопытнасці дачкі трапіў у вялікія даўгі. Палітычны выгнанец Каменскі дамагаецца ад уладаў дазволу на прыезд у Гарадзенскую губерню на некалькі месяцаў па "маёмасных справах секвестраванага маёнтка". Але чатырохразовы яго прыезд з 1875 г. па 1881 г. не выратаваў гаспадарку ад упадку, і частка маёнтка Міневічы перайшла да нашчадкаў генерал-лейтэнанта Дзяконскага. У канцы 90-х і пачатку 1900-х гадоў Міневічы былі ўладаннем замужняй дачкі Івана Каменскага Станіславы Стржалкоўскай і сталі паспяховай гаспадаркай.

Многім не ўдавалася выжыць у суровых сібірскіх умовах, хтосьці застаўся жыць на новым месцы, а некаторыя вярнуліся на радзіму. Сярод апошніх былі і Каменскія. Калі летам 1887 г. яны вярнуліся ў родныя мясціны, іх з радасцю сустракала Эліза Ажэшка, аб чым паведамляла ў Варшаву свайму шчыраму сябру Леапольду Мейе: "Вітала іх з радасцю, але сапраўднае задавальненне выклікае від гэтага стойкага і адважнага чалавека, сапраўднага пакутніка за высокую ідэю і любоў, вітанага пасля больш чым дваццацігадовай адсутнасці на радзіме, адпачываючага ад кайданаў і падземнай катаргі, ад больш лёгкай, але яшчэ цяжкай долі пасяленца".

У Міневічах пайшлі вечары ўспамінаў аб перажытых падзеях, агульных знаёмых і далёкай суровай Сібіры. Пару тыдняў, праведзеных з Каменскімі, пісьменніца залічыла ў наймілейшыя, а сардэчнае збліжэнне з гэтым паважаным сямействам назвала "шчаслівым падарункам лёсу", бо "яны мілыя, шчырыя, з намі ў сяброўстве". Яну Каменскаму ўдалося вярнуць частку канфіскаванай зямлі, і сям'я стала пасялілася ў Міневічах. Вярнуўшыся да сваіх родных мясцін, ён адыходзіў ад ссыльных выпрабаванняў і адпачываў душой, спакойна і мудра адносіўся да тых, хто не падтрымаў або быў супраць яго ў часы паўстання. Выклікаюць павагу яго высакародныя адносіны да таго селяніна, які данёс у час паўстання карным паліцэйскім уладам, што ў Міневіцкім двары хаваюць і вырабляюць зброю. Нечакана сустрэўшы даносчыка, ён дараваў яму юдзін учынак, убачыўшы, што здрада не прынесла таму карысці і шчасця, ён апусціўся, спіўся з-за людской непрыязні да яго.

Кола сяброў Элізы Ажэшкі павялічылася, а два летнія сезоны яна пражыла побач з Каменскімі. Яна нават планавала пабудаваць уласны летні домік "пасярод старых клёнаў і таполяў на кавалку зямлі, набытым у Каменскіх", але да гэтага справа не дайшла.

На доўгія гады захаваліся ў яе сяброўскія адносіны з усімі членамі сям'і паважанага паўстанца. Яго дочкі Стася і Марыя (апошняя нарадзілася ў Сібіры) былі пад апекай пісьменніцы, жылі і вучыліся працяглы час у яе доме ў Гародні. Яна прыняла чынны ўдзел ва ўладкаванні сямейных справаў сваіх падапечных: іх вяселлі адбываліся з яе ўдзелам і пры яе падтрымцы. Мужны Ян Каменскі застаўся для Элізы Ажэшкі на ўсё жыццё патрыётам, увасабленнем гераічнага паўстання 1863 г., без якога, па яе пазнейшым прызнанні, яна магла не адбыцца як пісьменніца. Хваробу і смерць у 1896 г. гэтага "рыцара крыштальнай душы" яна перажывала як асабістую страту.

"Мы прыгнечаны і глыбока засмучаны смерцю Яна Каменскага. Адыходзяць са свету ветэраны і рыцары нашай векавой барацьбы!" - піша гарадзенскаму прыяцелю Яну Гжэжулку.

Пахаваны ён у Лунне на каталіцкіх могілках. А ў Міневіцкім лесе знайшлі супакой загінуўшыя паплечнікі Яна Каменскага. У пазнейшыя часы тут быў пастаўлены помнік 40 паўстанцам 1863 г., змагарам за волю і незалежнасць краіны. Штогод тут адбываецца ўрачыстая памінальная імша ў гонар ужо не герояў з легенды, а сапраўдных барацьбітоў за вольнасць, ускладаюцца вянкі і кветкі ад удзячных нашчадкаў.

Не зарастае народная сцяжынка не толькі ў Міневіцкім лесе, але і ў нашай памяці.

Міжрэгіянальны фестываль у Карэлічах

Як хутка бяжыць час. Вось і здейснілася тое, што мы планавалі з пачатку года, аб чым марылі, да чаго рыхтаваліся на працягу месяца і вельмі хваляваліся.

13 красавіка ў ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" адбыўся першы міжрэгіянальны фестываль "PROдвижение книги. Библиотечные ступени". На фестываль з'ехаліся (загадзя запрошаныя) бібліятэкі Гарадзеншчыны: Дзятлаўская, Воранаўская, Ваўкавыская, Наваградская раённыя бібліятэкі, а таксама нашы суседзі Стаўбцоўская і Баранавіцкая раённая бібліятэкі. Кніга і толькі кніга была галоўнай гераіняй свята. Цікавыя матэрыяла, якія прадстаўлены на выставах, з густам аформлены, амаль усе падрыхтаваны да самага галоўнага свята краіны 75- годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дасканала адказвалі на пытанні журы і гледачоў (Стаўбцоўская, Карэліцкая, Воранаўская бібліятэкі). Былі выставы, якія прадслаўлялі сваю малую Радзіму і менавіта Гарадзенскую вобласць, 75 - годдзе якой адзначаецца ў верасні бягучага года (Дзятлаўская раённая бібліятэка) і выставы, якія паказалі дзейнасць асабістай бібліятэкі (Баранавіцкая, Ваўкавыская бібліятэкі). Усе выступленні з прэзентацыямі і тэатралізаванымі прадстаўленнямі разам падкрэслілі тое, што бібліятэчная ўстанова працуе толькі для сваіх чытачоў, дорыць ім радасць і цудоўны настрой. Члены журы, якія ацэньвалі конкурс, а гэта быў менавіта конурс-прэзентацыя з намінацыямі: "Бібліятэка новага фармату: праекты і ідэі", "Новыя грані кніжных выстаў", "Маркетынгавы ход", "Добрыя справы для малой радзімы" і "PROдвижение - 2019. Неформат" увесь час падтрымлівалі канкурсантаў, далі ім годную адзнаку.

А якое ж кніжнае свята без выдавецтваў. "Звязда", "Рэгістр", "Мастацкая літаратура" і Кніжны дом ААГ "ЛабрыФАН" прывезлі літаратурныя навінкі як дзіцячыя, так і для дарослых, і цікава прэзентавалі іх. У чытачоў адбылася сустрэча з аўтарамі кніг В. Шніпам, М. Лучыцкім, В. Фаміновай.

Гасцей увесь час віталі навучэнцы ДУА "Карэліцкая дзіцячая школа мастацтва" з дэфіле літаратурных герояў і інструментальнай музыкай з кінафільмаў па матывах кніг, а таксама супрацоўнікі ДУ "Карэліцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", у памяшканні якога адбыўся фестываль вершаў пакладзеных на музыку.

Першы фестываль завяршыўся, і мы ўпэўнены што наступная сустрэча прынясе з сабою нешта новае і цікавае.

Наталля Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

Недзіцячыя жарты

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Зручная скрыпачка

Карэспандэнт вядзе размову з таленавітымі дзецьмі, якія паспяхова асвойваюць музычныя інструменты. Задае пытанні малому Ванюшу:

- Табе падабаецца займацца ў музычнай школе?

- Так. Тут нас вучаць прыгожа іграць на інструментах.

- Чаму ты вырашыў навучыцца іграць менавіта на скрыпцы?

- А яна маленькая і яе ляг-чэй насіць, - з сур'ёзным выглядам знаўцы патлумачыў хлопчык.

Вось дык лужына!

Маці прагульваецца па парку з дачушкай Анечкай. Цікаўная дзяўчынка з захапленнем разглядвае мясцовыя краявіды. Потым, убачыўшы рэчку Нёман, радасна крычыць матулі:

- Мама, мама! Глядзі, якая вялізная лужына.

Пытанне ветэрану

На сустрэчу з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў музеі сабраліся вучні другога класа. Пасля завяршэння афіцыйнай часткі мерапрыемства дзеці акружылі чалавека з ордэнамі і пачалі задаваць пытанні. Праціснуўшыся праз натоўп аднакласнікаў, да яго падскочыла шустрая светлавалосая дзяўчынка і выпаліла:

- Дзядуля, а вы не ўсіх немцаў забілі, трошкі пакінулі?! Мой тата туды на працу з'язджае, каб грошай зарабіць.

* * *

Прыязджае "новы беларус" з Амерыкі. Тутэйшыя браткі абступаюць яго і пытаюць:

- Як там Амерыка?

- А што, Амерыка!? Краіна як краіна. Нават "баксы" такія, як у нас.

* * *

"Новы беларус" прыходзіць у раддом даведацца, каго нарадзіла жонка. Доктар яму паведамляе:

- У вас нарадзіўся хлопчык. Тры шэсцьсот.

- Няма базару, - "новы беларус" дастае партманэ і адлічвае грошы. - Адна, дзве, тры штукі і яшчэ шэцьсот "баксаў". Я разлічваў на болей!

* * *

Коміка Зяленскага абралі прэзідэнтам Украіны. Зяленскі па незразумелых прычынах заплакаў. Выбаршчыкі з тае нагоды зарагаталі так, што пахапаліся за жываты.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX