Вярнуцца: 2019

№ 18 (1429)


Дадана: 01-05-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 18 (1429), 2 траўня 2019 г.

Культурнай сталіцай Беларусі ў 2020 годзе стане Ліда

Рэспубліканская акцыя "Культурная сталіца года" праводзіцца Міністэрствам культуры і іншымі структурамі з 2010 года. У кожным з гарадоў, якія былі абвешчаны культурнай сталіцай, рэалізуюцца інавацыйныя праекты па прэзентацыі культурнай самабытнасці гэтых гарадоў, развіцці і папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчай ініцыятывы, павышэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў. Галоўная мэта - пазнаёміць жыхароў краіны з лепшымі дасягненнямі нацыянальнай культуры, прыцягнуць айчынных і замежных турыстаў у рэгіёны. Першым статус культурнай сталіцы Беларусі ў 2010 годзе атрымаў горад Полацк. У 2011 годзе эстафету прыняў Гомель, затым Нясвіж (2012), Магілёў (2013), Гародня (2014), Берасце (2015). У 2016 годзе тытул "Культурнай сталіцы Беларусі" насіў Маладэчна, у 2017 годзе - Бабруйск, у 2018 - Наваполацк. Носьбітам ганаровага статусу 2019 года з'яўляецца Пінск. Калегіяй Міністэрства культуры 25 красавіка 2019 года прынята рашэнне аб наданні статусу "Культурная сталіца года" ў 2020 годзе гораду Лідзе Гарадзенскай вобласці. Ліда - культурны і прамысловы цэнтр Беларусі, другі па велічыні горад у Гарадзенскай вобласці. Візітнай карткай горада з'яўляецца Лідскі замак, помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя.

Сферу культуры горада прадстаўляюць 7 дзяржаўных устаноў, дзейнічае 36 непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з найменнямі "народны", "узорны", два маюць ганаровае званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь". Штогод у горадзе праводзіцца звыш за 3 000 творчых мерапрыемстваў. Сярод раённых і гарадскіх святаў, фестываляў і конкурсаў добравядомымі сталі "Калядны фэст у Лідскім замку", фестываль сярэднявечнай культуры "Меч Лідскага замка", рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва "ЛьВёнок", фестываль песеннага фальклору імя Земавіта Фядэцкага, конкурс літаратуры для дзяцей імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", пленэры і конкурсы юных мастакоў "Старадаўніх муроў адраджэнне", адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай вакальна-эстраднай творчасці "Зорны дождж", абрадавае свята "Каля замка на Купалле", найбуйнейшы піўны фестываль краіны "Lidbeer".

Установамі культуры горада надаецца вялікая ўвага захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры ў рамках праекта па адраджэнні беларускіх абрадаў і свят: "Гукі Бацькаўшчыны", праект "Кола часу" з дэманстрацыяй анімацыйных праграм ("Калядная зорка", "Гуканне вясны", "Спеў вясны", "Нашых святаў карагод", "Жніўны вянок", "Піліпаўскія вечары"). У 2017 годзе стартаваў раённы культурна-асветніцкі праект "Беларусь - мая мова і песня" па папулярызацыі беларускай мовы і беларускай культуры, два гады працуе культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец". У 2018 годзе элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння" ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На працягу года ў рамках акцыі ў Лідзе будуць рэалізаваны шматлікія праекты, сярод якіх музейна-асветніцкі праект "Замак Гедыміна - сведка мінуўшчыны", маладзёжны фестываль андэграўнднага мастацтва "Нетыповы PARADIS" і інш.

grodnonews.by.

Пакінуў песні, оперы, кантаты

Да 200-годдзя Станіслава Манюшкі

У Менску працягваецца шэраг культурных падзей, звязаных з 200-годдзем з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі. Яго юбілей уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2019 год.

У рамках Міжнароднага музычнага фестывалю 11 красавіка ў Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт з твораў слыннага беларускага і польскага кампазітара. Святочныя мерапрыемствы праходзяць у гарадах, звязаных з яго жыццём і творчасцю: у Варшаве, Вільні, Бярліне, Санкт-Пецярбургу.

24 красавіка ў Менску адбылася презентацыя новага віртуальнага праекту "Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны", створанага ў межах рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара.

Створаны Нацыянальнай бібліятэкай рэсурс будзе агульнадаступным і бясплатным, прыдатным для выкарыстання ў музеях, школах, мастацкіх вучэльнях, ВНУ, установах адукацыі, навукі і культуры, а таксама для асабістага ўжытку. Карыстальнікі змогуць азнаёміцца з адлічбаванымі рукапісамі і выданнямі нотных дакументаў другой паловы XIX - пачатку XX стагоддзя, аўдыязапісамі фрагментаў з твораў кампазітара.

На прэзентацыі рэсурсу прагучала музыка Станіслава Манюшкі. Канцэртны паланэз перадае віртуозны ўзлёт гукаў скрыпкі, урачысты, хвалюючы тэпм танцаў у парах.

Станіслаў Манюшка - вядомы кампазітар, дырыжор, педагог, стваральнік нацыянальнай класічнай оперы, класік беларускай і польскай вакальнай лірыкі, які пісаў песні, аперэты, балеты, оперы. Ён нарадзіўся 5 траўня 1819 года ў фальварку Убель, які цяпер належыць да Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці. Першыя ўрокі музыкі ён атрымаў ад маці, якая была піяністкай. Пазней ён навучаўся ў Менскай музычнай школе Дамініка Стэфановіча, дырыжора Менскага сімфанічнага аркестра. Затым - у Бярлінскай пеўчай акадэміі. 18 гадоў (з 1840 да 1858) Станіслаў Манюшка працаваў арганістам і дырыжорам у Вільні, а з 1858 года і да канца жыцця - дырыжорам опернага тэатра ў Варшаве, з 1864 года быў прафесарам Музычнага інстытута.

У Варшаве сёлета ў чарговы раз аб'яўлены Міжнародны конкурс імя С. Манюшкі. Нацыянальны оперны тэатр, галоўным дырыжорам якога да апошніх дзён быў Станіслаў Манюшка, трымае ў залатым фондзе оперу "Страшны двор". Кветкі ля помніка кампазітару перад кляштарам святой Кацярыны не паспяваюць завянуць.

У Бярліне дагэтуль захоўваюцца гістарычныя падрабязнасці з жыцця хударлявага студэнта былой акадэміі Карла Фрыдэрыка Рунхенгагена. Дынамічнае гарадское жыццё давала юнаку магчымасць быць далучаным да тагачаснай музычнай культуры Еўропы.

Маладзенькі С. Манюшка, набыўшы веды па кампазіцыі, аркестроўцы, гармоніі і інструментоўцы, напісаўшы месу і два смычковыя квартэты, здолеў займець падарунак ад горада: трымаць у руках першы надрукаваны музычны опус - "Тры песні" на вершы Адама Міцкевіча. Міцкевіч быў любімым паэтам кампазітара. У Санкт-Пецярбургу Манюшка пазнаёміўся з М. Глінкам, А. Даргамыжскім (яму прысвечана ўверцюра "Казка"), А. Сяровым.

Вільня захоўвае памяць старога аргана касцёла святых Янаў. "Малады арганіст С. Манюшка сваім магутным граннем мог, здавалася, пашыраць сцены касцёла, - напісала Ларыса Сімаковіч. - Узнесеныямаленні завісалі і доўжыліся ў сонечных промнях, якія працялі, нібы струны, касцельную прастору ад стромаў да чорных халодных плітаў. Разам з каскаднымі арпеджыа аргана яны ўтваралі фантастычныя паралелі светлавога і гукавога ззяння".

Менску Станіслаў Манюшка пакінуў больш, чым каму. Сваё музычнае юнацтва. Вулкі, па якіх хадзіў да настаўніка Дамініка Стэфановіча - Валоцкую і Дамініканскую…

Пражыўшы ў Менску 30 гадоў, Манюшка пакінуў гораду вадэвілі, камічныя оперы і музычныя камедыі. Пакінуў разважанні-назіранні, што нараджаліся пад старымі ліпамі і пераменлівым небам губернскага горада. Тут ён стварыў першую нацыянальную оперу "Сялянка" ("Ідылія"), прэм'ера якой адбылася ў 1852 годзе ў Менскім гарадскім тэатры.

Упершыню з беларускай тэатральнай сцэны загучалі нацыянальныя мелодыі, прымаўкі і прыказкі. Гэта была не проста творчая смеласць драматурга і кампазітара, які адважыўся ва ўмовах знявагі да ўсяго беларускага адкрыта заявіць пра свае сімпатыі, а глыбока прадуманая і свядомая акцыя, што адлюстроўвала творчыя, грамадзянскія і ідэйныя пазіцыі аўтараў. Трэба было мець немалую мужнасць, каб у часы Мікалая I так гаварыць пра прыгонніцтва, як у "Ідыліі" В. Дуніна-Марцінкевіча і С. Манюшкі. Музычны крытык Ю. Сікорскі неаднойчы дакараў С. Манюшку за сацыяльна завостраныя сюжэты, якія надавалі яго музыцы "непажаданы характар". У 2016 годзе ў Менску быў адкрыты помнік С. Манюшку і В. Дуніну-Марцінкевічу.

16 траўня ў 19.00 адбудзецца святочны юбілейны канцэрт у Дзяржаўным вялікім тэатры оперы і балета ў Менску, прысвечаны юбілею славутага кампазітара.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Праз крыж - да Уваскрашэння

Кожнае пакаленне па-свойму асэнсоўвае падзеі евангельскай гісторыі і імкнецца ўвасобіць іх у творах жывапісу такімі выразнымі мастацкімі сродкамі, якія будуць блізкія ўспрыняццю сучаснікаў.

Новы касцёл Божага Цела ў пасёлку Беразінскім, які быў збудаваны ў 2010-13 гадах, аздобіў маштабным роспісам мастак-манументаліст Алесь Пушкін. Два гады доўжылася яго праца над "Пасхальнай Містэрыяй Пана Ісуса Хрыста".

Роспіс ахоплівае дзве сцяны, складаецца з 8 частак, якія маюць памеры 202 на 150 см. Гэта вялікая праца сучаснага творцы па асэнсаванні і ўвасабленні ў фарбах пакутаў, цярпенняў на крыжы, ахвярнай смерці і таямніцы Уваскрашэння Пана.

Да гэтай тэмы на працягу стагоддзяў звярталіся вялікія жывапісцы венецыянскай і фламадскай школы, іспанскія майстры: Рафаэль, Веранэзе, Гарафала, Ціцыян, Пітар Брэйгель Старэйшы, Эль Грэка, Себасццяна дэль П'ёмба і іншыя. І ўсё ж для кожнага мастака - гэта асабістае перажыванне і выпрабаванне, глыбокі роздум, увасабленне асабістага досведу.

Перад тым, як выбраць сучаснага аўтара, які б мог пісаць на такую хвалюючую і адказную тэму, ксёндз - пробашч Сяргей Бараўнёў малітоўна разважаў і вырашыў даверыць роспіс касцёла сябру Беларускага саюза мастакоў Алесю Пушкіну.

- Парафія ў Беразінскім маладая, але вытокі яе вельмі глыбокія, - распавёў ксёндз-канонік Сяргей Бараўнёў. - Раней мястэчка мела назву Гарадзілава. Сюды прыязджала паэтка графіня Габрыэля Пузыня, якая пісала пад псеўданімам "У імя Божае", тут бывалі Станіслаў Манюшка і Тамаш Зан, гасцявалі князі Агінскія і графы Тышкевічы. Ян Чачот і Уладыслаў Сыракомля, Ігнат Дамейка праводзілі салонныя вечарыны. Сёняшняя наша дзейнасць - працяг мінулага. Мне хацелася б, каб літаратары, музыканты, мастакі, прыязджалі сюды і каб збіраліся тут праславіць Бога.

Габрыэля Пузыня імкнулася захаваць, развіць сваю веру і перадаць яе будучым пакаленням. І вось цяпер мы адраджаем даўно забытае. У 2016 годзе ў Беразінскім нарадзіўся музычны фестываль, а з 2018 года ён стаў фестывалем хрысціянскай культуры з удзелам кінарэжысёраў і мастакоў.

Маладая мастачка Валерыя Сарнаўская намалявала цэнтральныя абразы для касцёла. З іх цячэ ручай веры, надзеі і любові, чысціні і радасці, і людзі акунаюцца ў цеплыню гэтых абразоў.

Перад тым як выбраць мастака, здольнага ўвасобіць Пасхальную Таямніцу, я паставіў шэраг крытэрыяў. Па-першае, гэта павінен быць мастак беларускай жывапіснай школы, па-другое - чалавек з вялікім жыццёвым досведам. Гэтым патрабаванням адпавядаў Алесь Пушкін. Ён прайшоў шмат цяжкіх сітуацый у жыцці, быў на афганскай вайне, зведаў пакуты і цярпенні. Пушкін выразна паказаў увесь драматызм крыжовага шляху Хрыста, перадаў усю паўнату яго фізічных пачуццяў і перажыванняў.

Па-трэццяе, я не хацеў, каб гэта быў чыста каталіцкі роспіс, але каб ён яднаў каталіцкія і праваслаўныя традыцыі, якія існуюць у нашай краіне. Мне імпануе, што Алесь - не стацыянарны мастак, ён увесь - у творчым руху наперад. Ён здольны не капіяваць майстроў мінулага, а ствараць сваю ўласную кампазіцыю. Першы прапанаваны эскіз роспісу быў класічна каталіцкі, другі - ўяўляў сабой спалучэнне праваслаўных і каталіцкіх рысаў, і быў прыняты. Роспіс выкананы ў адной колеравай гаме з усім касцёлам, - падзяліўся думкамі ксёндз-пробашч касцёла Божага Цела Сяргей Бараўнёў.


Алесь Пушкін працаваў над дэталямі роспісу ў майстэрні Беларускага саюза мастакоў у Менску. Творца распрацаваў некалькі эскізаў, выбраны пробашчам эскіз быў узгоднены з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Пушкін наведваў лекцыі па гісторыі касцёла, дэтальна вывучаў вопратку рымскіх легіянераў часоў Ісуса Хрыста і адзенне Понція Пілата дзеля гістарычнай праўды карціны.

Для мастака крыніцай перажыванняў акрамя гэтага паслужыў фільм амерыканскага рэжысёра і актора Мэла Гібсана "Пакуты Хрыстовы" (The Passion of the Christ, 2004) пра падзеі апошніх гадзін зямнога жыцця Ісуса Хрыста. Да здымак гэтай карціны, Мэл Гібсан, які быў 13 дзіцём ў каталіцкай сям'і, выхаваным на Евангеллі, рыхтаваўся больш за дзесяцігоддзе. Ён вывучаў шэдэўры сусветнага жывапісу, чытаў творы гісторыкаў і багасловаў, знаёміўся з даследваннямі Турынскай Плашчаніцы, размаўляў са святарамі.

Ён імкнуўся паказаць праўдзівы вобраз Хрыста на экране і тлумачыў актору Джыму Кэвізэлу, абранаму на галоўную ролю, што прыдзецца шмат чаго перанесці фізічна, і што крыж будзе сапраўдным, а не бутафорскім, і будзе важыць 70 кілаграмаў. Так і адбылося на здымках. А калі фільм прайшоў упершыню на экране - уся зала галасіла…

Праца над роспісам для сучаснага мастака таксама нялёгкі выбар, бо патрабуе вялікіх высілкаў, самаахвярнасці, засяроджанасці на духоўных і філасофскіх пытаннях.

Жывапісец выконваў роспіс на палатне тэмперай і алеем. За гэты перыяд ён сам адпакутваў ад уласнага болю, патрапіў у шпіталь, перанёс аперацыю.

Перад гледачом разгортваецца вялікая панарама падзей. Дзеянне пачынаецца з малення ў Гефсіманскім садзе. За ім ідзе шэраг сцэн, на якіх можна ўбачыць Понція Пілата і Кайяфу, легіянераў, сотнікаў, катаў з бічамі, Сімона Кірынеяніна, які дапамагае несці крыж. Тут прысутнічае Панна Марыя ў барвовай вопратцы, якая абдымае і падтрымлівае свайго сына, і іншыя жанчыны, якія яе суправаджаюць. Сцэны перадаюць ўвесь драматызм, душэўныя і цялесныя пакуты Хрыста. Роспіс быў ажыццяўлены ў стылі сучаснага экспрэсіўнага сакральнага жывапісу.

Залаты німб вакол галавы Хрыста, светлае дрэва крыжа кантрастуюць з цёмнымі фігурамі людзей з натоўпу, з адзеннем катаў. У правай частцы неба напісана светлым блакітам, у левай - яно цёмнае, бо надышла трагічная гадзіна ўкрыжавання Пана.

Зладзейства і крывадушша юдэйскіх першасвятароў, апанаваных бояззю і кансерватызмам, адбіваецца ў іх на тварах. Вялізныя цвікі, бічы, суровыя фігуры тых, хто здзейсняе ўкрыжаванне, прыносяць напамін пра жорсткасць нораваў старажытнага Рыма.

Ім супрацьпастаўлены фігуры святых жанчын і дзяцей, якія следуюць за Хрыстом, постаць святой Веранікі, якая, згодна з паданнем, выцерла твар Пана палатном, і захавала Яго аблічча.

"Амаль два гады я, па задуме і даверы пробашча парафіі, ксяндза-каноніка Сяргея Бараўнёва, аздабляў інтэр'ер новапаўсталага касцёла Божага Цела ў пасёлку Беразінскае творам, у якім спалучыліся сюжэты падзей астатніх дзён прабывання Пана нашага Езуса Хрыста з намі, людзьмі…, - напісаў Алесь Пушкін. - Ад "Малення ў садзе Гефсіманскім" да "Светлага Хрыстовага Уваскрашэння" - найважнейшыя і найтрагічнейшыя падзеі для нас, хрысціян. Задума спалучыць на адным палатне - і "Крыжовы шлях" з ХІV стацыямі, што абавязковыя для кожнага касцёла, і вялікія містычныя сюжэты "Малення ў садзе" і "Уваскрашэння" належыць ксяндзу-пробашчу.

Зімой 2015 года пачаліся працы над эскізамі. Я быў пад уплывам розных крыніц, найперш Евангелляў, Блаславёнай сястры Катарыны Эмерліх і яе твора "Пасія", фільма Мэла Гібсана, маіх ўлюбёных іспанскіх і беларускіх мастакоў, стварыў ула сную кампазіцыю твора, які будзе мець працяг і на сценах прасвітэрыя касцёла, урэшце, дасць ключ да мастацка-вобразнага сакральнага рашэння інтэр'еру сучаснага новапаўсталага касцёла на Маладзечаншчыне ў нашыя дні, дасць нам сведчанне, што Касцёл на Беларусі жывы, ён развіваецца і мы не толькі будзем ганарыцца і шанаваць нашы даўнія сівыя каталіцкія бажніцы і абразы, а і новапаўсталыя касцёлы з сучаснымі творамі сакральнага жывапісу будзем рабіць адметнымі, са сваёй гісторыяй і арыгінальнасцю!

Бо заўтрашні дзень хрысціянства на Беларусі залежыць і ад нашай любові, гарачыні і моцы веры ў Збаўцу, нашых шчырых спраў дзеля Яго Хвалы, сведчання, што і ў нашыя дні мы з можам рабіць адметнымі і прыгожымі нашыя новапаўсталыя, пасля амаль стагоддзя занядбання і паругання веры, касцёлы…"

У траўні 2017 года часткі роспісу былі зманціраваны і замацаваны на сценах касцёла Божага Цела. Калі праца была скончана, прамень сонца з процілеглага акна асвятліў фігуру распятага Хрыста.

Падзеі ўсёй Містэрыі завяршаюцца сцэнай Уваскрашэння Пана. Апошняя сцэна выканана ў белых, жоўтых, залатых і чырвоных колерах. Анёлы з белымі лілеямі вітаюць уваскрослага Хрыста, аблічча Яго дорыць святло і радасць, веру ў перамогу любові над нянавісцю, жыцця над смерцю.

У 2017 годзе ў святочны дзень пасля літургіі роспіс быў асвечаны Мітрапалітам Менскім і Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.

Касцёл Божага Цела наведваюць мясцовыя жыхары сталага веку. У нядзелю і на святы прыязджаюць госці з суседніх мястэчак Палачаны і Літва. Кампазітары, артысты, спевакі гасцююць у Беразінскім падчас правядзення фестывалю хрысціянскай культуры. Беларуская мова павольна і ўрачыста гучыць тут падчас набажэнстваў.

Пані Наталля ўспамінае:

- Пакуль мастак працаваў, мы чакалі, маліліся, суперажывалі. Спачатку бачылі эскіз, потым - усю працу ў колеры. У нас складваецца ўражанне, быццам мы там прысутнічаем.

Пані Ганна 35 гадоў пражыла ў Беразінскім, працавала на мясцовым камбінаце. Цяпер яна вельмі задаволена, што ў пасёлку пабудаваны і ўпрыгожаны касцёл.

- Я адчуваю, быццам уся Містэрыя разгортваецца на маіх вачах! Мяне вельмі хвалюе роспіс!

"Дзякуем Пану Богу за такія таленты! - напісаў у кнізе водгукаў саліст гурта "Laudans" Андрэй Лугін. - Вельмі ўражвае! Не нам Пане, але Твайму імені на хвалу!"

"Няхай гэта Пасхальная Містэрыя праслаўляе Пана Бога і служыць збавенню душ людскіх, усіх хто прыходзіць у гэтую святыню," - пакінуў запіс у кнізе водгукаў адзін са святароў.

Эла Дзвінская, фота аўтара і з архіва Алеся Пушкіна.

ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР У МАКАШАХ

Літаратурна-экалагічная акцыя "100 дубоў для Жылкі", што ўзяла пачатак на гарадзейскім беразе Ушы, прадоўжылася праз тыдзень у прырэчнай вёсцы Макашы, нібыта прыплыла сюды па цячэнні ракі. Добрую справу ахвотна падтрымалі менавіта тут: Макашы - радзіма Уладзіміра Жылкі, тая вёска, што чатырнаццаць першых гадоў жыцця песціла яго, наталяла хараством роднага краявіду, гадавала "песняра змагання і красы".

Захавалася дасёння і хата, у якой ён нарадзіўся. Але агульны збор удзельнікі акцыі прызначылі не каля яе, а ў цэнтры вёскі, каля помніка паэту-земляку. Сардэчныя вітанні гучалі ад старшыні Гарадзейскага сельскага савета Наталлі Цвіркі і кіраўніка гаспадаркі "Нясвіжскія Астроўкі" Васіля Халопіцы. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім гаварыла пра важнасць грамадскіх ініцыятыў на захаванне нацыянальнай памяці і добраўпарадкаванне бацькоўскіх мясцін. Вядомыя ў Беларусі ўраджэнцы Макашоў прызнаваліся ў сыноўняй любові да роднай вёскі; Часлаў Бука прапанаваў да 120-годдзя здзейсніць паездку ў горад Уржум, да магілы Жылкі. Вучні Астроўскай школы (яны завіталі на чысты чацвер ў Макашы вялікай грамадой са сваім дырэктарам і настаўнікамі) дэкламавалі вершы. Старшыня раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса заклікала пашыраць межы акцыі, апавяшчаць пра яе не толькі праз друк, але і шляхам "прыватнай дыпламатыі". Прапанавала яна таксама прыняць-зацвердзіць пазнавальны знак Жылкі-паэта - белую лілею. Гэты трапны сімвал пададзены ў адным з яго вершаў:

Душа мая тужлівая -

Лілея між балот.

Яна ўзрасла, маўклівая,

Між багны сонных вод.

Галоўны распарадчык акцыі Леанід Качановіч размеркаваў і скаардынаваў работу без малога паўсотні ўдзельнікаў-энтузіястаў. Працоўных аб'ектаў набралася некалькі - гэта вольнае месца-трохкутнік каля хаты паэта, тэрыторыя ля помніка, пустка за могілкамі, вялікі масіў за вёскай у бок Ушы. Як і ў Гарадзеі, так і ў Макашах спадар Леанід папярэдне правёў вялікую падрыхтоўчую работу; арганізоўваў для яе калі рабочых ЖКГ, калі працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, калі сяброў Гарадзейскай суполкі, калі мясцовых жыхароў.

- Сёння пасаджана яшчэ сто дубкоў, - усцешана падсумоўвае Леанід Качановіч, - але праца не скончана. Трэба клапаціцца пра дрэўцы, высыпаць аглядную дарожку, зрабіць лаўкі і альтанку, адрамантаваць студню, усталяваць камяні з радкамі вершаў. Але гэтыя клопаты не палохаюць і не засмучаюць - робім жа дзеля прыгажосці і памяці. Думаю, да Жылкавага юбілею акурат паспеем.

Вольга Карчэўская, Нясвіж. На фота аўтара: 1) Агульны збор; 2) Сябры ТБМ каля хаты Уладзіміра Жылкі; 3) Дубок ад Алены Анісім; 4) Сябры Гарадзейскай суполкі: праца не скончана.

Летапіс Гарадзеншчыны працягваецца

Да 75-годдзя ўтварэння Гарадзенскай вобласці

Днямі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася навукова-практычная канферэнцыя "VII лідскія чытанні. Гарадзеншчына: летапіс працягваецца", прымеркаваная да 75-годдзя ўтварэння Гарадзенскай вобласці. На канферэнцыю былі запрошаны работнікі бібліятэк, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея, краязнаўцы, настаўнікі і вучні школ Лідчыны. Дарэчы, большасць дакладчыкаў сёлетніх лідскіх чытанняў складалі менавіта вучні школ.

Адкрыла мерапрыемства галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Вайцюкевіч, якая ў сваім выступленні адзначыла, што ў апошні час цікавасць да краязнаўчай інфармацыі, вывучэння рэгіёнаў і асобных мясцовасцей значна ўзрасла. Дзякуючы краязнаўству мы знаходзім магчымасць праявіць сваю любоў да малой радзімы. Вяла канферэнцыю загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Касіцына.

Агульныя звесткі аб Гарадзенскай вобласці, якая ў верасні бягучага года адзначыць свой 75-гадовы юбілей, паведаміў прысутным старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Мікалай Іода. Дакладчык падкрэсліў, што на тэрыторыі вобласці налічваецца больш за паўтары тысячы помнікаў гісторыі і культуры, а гэта вельмі значная лічба. На Гарадзеншчыне маецца шмат культавых будынкаў і нацыянальных аб'яднанняў.

З турысцка-экскурсійным маршрутам "Славутасці Лідскага краю" азнаёміла прысутных вучаніца сярэдняй школы № 11 Ксенія Краснадубская. У спіс маршруту ўвайшлі дзесяць населеных пунктаў Лідскага раёна (вёскі і аграгарадкі), гісторыя якіх налічвае не адну сотню гадоў, дзе захаваліся помнікі гістарычна-культурнай спадчыны.

З дакладам па тэме "Брэндынг асабліва ахоўваных прыродных тэрыторый Гарадзенскай вобласці" выступіла вучаніца Ёдкаўскай сярэдняй школы Ксенія Сідаровіч. Прысутныя даведаліся аб тым, што такое брэндынг, як ён садзейнічае развіццю экатурызму, фарміраванню пастаяннай плыні турыстаў у той ці іншы заказнік.

Вучаніца сярэдняй школы № 1 горада Ліды Ульяна Жоль расказала аб лідскай падпольшчыцы Матроне Наказных, чыё імя носяць адна з вуліц горада і піянерская дружына згаданай школы. Вучаніца Ваверскага ВПК дзіцячы сад - сярэдняя школа Валерыя Бартось у сваім выступленні закранула малавядомыя гістарычныя факты, якія датычацца вызвалення Ваверкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Аб станаўленні і развіцці чыгуначнай станцыі Ліда распавяла вучаніца сярэдняй школы № 8 Анжаліка Богуш.

На заканчэнне з дакладам па тэме "З гісторыі публічных бібліятэк Лідчыны" выступіла галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка. Галіна Раманаўна адзначыла, што ў ліпені бягучага года споўніцца дзесяць год з таго моманту, як раённая бібліятэка перамясцілася ў прасторны трохпавярховы будынак былой трыкатажнай фабрыкі па вуліцы Ленінскай, у якім яна знаходзіцца і цяпер. Тое "перасяленне" стала залатой падзеяй у гісторыі бібліятэкі, адкрыла для яе новыя магчымасці.

У дзень правядзення VII лідскіх чытанняў у канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала кніжная мінівыстава, прысвечаная 75-годдзю ўтварэння Гарадзенскай вобласці.

Матэрыялы дакладаў, якія прагучалі ў ходзе чытанняў, у перспектыве складуць кнігу, з якой зможа азнаёміцца любы наведвальнік у чытальнай зале раённай бібліятэкі.

Наш кар.Здымкі Лідскай раён. бібліятэкі.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні

Абрамовіч Маргарыта Паўл. Абухоўскі Юры Адамковіч Аляксандр Эдмун. Азарка Вольга Уадзіміраўна Акуленка Міхаіл Александровіч Разалія Адам. Алесіна Таццяна Міхайлаўна Аляшчэня Мікалай Мікал. Анапрыенка Ірына Анішчык Барыс Вітальевіч Апалька Жанна Віктараўна Арлоў Валянцін Мікалаевіч Аскерка Зміцер Астахновіч Андрэй Казіміравіч Астроўская Аксана Барысаўна Аўсейка Канстанцін Бабіч Юры Міхайлавіч Багданчык Зміцер Віктаравіч Бакшун Валянціна Баланчук Эдуард Мікалаевіч Баранік Міхась Антонавіч Баркун Юры Васільевіч Бародзіч Сямён Дзмітрыевіч Баронік Міхал Антонавіч Бароўскі Анатоль Мікалаевіч Барыс Сымон Вікенцевіч Бахун Сяргей Пятровіч Белавокая Наталля Бельскі Аляксандр Міхайлавіч Богуш Святлана Яўгенаўна Бордак Уладзімір Адамавіч Боўжык Аляксандр Сцяпан. Брыцько Уладзімір Бубен Канстанцін Канстанцін. Буднік Янка Фёдаравіч Буз Андрэй Віктаравіч Буката Людміла Аляксандр. Буката Надзея Эдвардаўна Бурдыка Дзмітры Анатольевіч Бутэнка Зміцер Сямёнавіч Быкава Надзея Мартынаўна Быстранкова Таіса Вікенцеўна Бяйдук Наталля Вайцэховіч А.Р. Валіцкая Іна Валошчык Мікола Антонавіч Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Варонін Улас Канстанцінавіч Васілеўская Кацярына Васільева Кацярына Васільчук Іван Дзмітрыевіч Ваўчок Крысціна Ваўчок Ліля Вішнеўская Дар'я Дзмітрыеўна Галубовіч Вольга Галустаў Эдуард Ганчарык Марыя Яраславаўна Гарбачэўскі Васіль Гаўрыленка Юлія Міхайлаўна Гладкі Леанід Анатольевіч Глямбоцкая Рэната Аляксанд. Гнеўка Анатоль Лявонавіч Гоўша Уладзімір Міхайлавіч Грудзіна Аляксандр Пятровіч Грумо Зміцер Грышкевіч Кірыла Уладзімір. Гундар Уладзімір Тадэвуш. Гуркоў Ігнат Дамінік Алякс. Гусак Станіслаў Рыгоравіч Давыдзік Кацярына Канстанц. Дайлідзёнак Крысціна Васіл. Даніловіч Раіса Дзмітрыеў Андрэй Уладзімір. Дзяконскі Аляксандр Алякс. Драўніцкая К.М. Дрозд Галіна Дубейка Ірына Восіпаўна Дубовік Іосіф Вацлававіч Думанскі Аляксандр Жабінская Марыя Пятроўна Жолуд Эдуард Васільевіч Жукава Вікторыя Паўлаўна Жукоўская Таццяна Яўгенаўна Жураўлёва Таццяна Сяргеўна Жураўскі Уладзімір Мікал. Жылач Таццяна Міхайлаўна Зайцаў Андрэй Мікалаевіч Іванова Анфіса Міхайлаўна Іода Тамара Мікалаеўна Ісайкіна Вольга Юр'еўна Кабылка Віталь Кавалавіч Мікалай Антонавіч Кавалёў Станіслаў Аляксанд. Кавальчук Галіна Тадэвуш. Кавальчук Ігар Аляксандравіч Кавальчук Часлаў Францавіч Казакевіч Юры Іосіфавіч Калакольцава Аліна Калацкая Вольга Калеснікава Алена Уладзімір. Калінін Вальдэмар Каляда Ніна Фёдараўна Камандзірчык Алесь Аляксан. Камко Наталля Юр'еўна Кампанеец Святлана Юр'еўна Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Кандратовіч Ігар Кандратовіч Ян Янавіч Кандраццеў Андрэй Васільевіч Карабач Алег Віктаравіч Карнееў Віктар Васільевіч Карнілава Наталля Яўгенаўна Кароль Маргарыта Міхайл. Карповіч Андрэй Іванавіч Карцель Настасся Касавец Іван Язэпавіч Касцюк Георгі Васільевіч Касцюкевіч Зміцер Станіслав. Каўлярова Т. М. Кірыловіч Кацярына Паўл. Клуйша Яніна Іосіфаўна Кляшторная Майя Тодараўна Корзан Сцяпан Уладзіміравіч Корзан Уладзімір Сцяпанавіч Корзан Яніна Браніславаўна Кот Алена Коўган Сяргей Яўгенавіч Кравец Дзмітры Юр'евіч Красоўская Ганна Казіміраўна Крук Віктар Фёдаравіч Круцікаў Уладзімір Уладзім. Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Кудзякін Віталь Пятровіч Кудрашоў Віктар Кузьміч Таццяна Адамаўна Кульбянкова Іна Кучынская Ангеліна Аляксан. Лабачоў Яўген Дзмітрыевіч Лагун Вольга Эдвардаўна Лапо Аляксандр Іванавіч Латоцін Лявон Алякандравіч Лаўранцова Алена Уладзімір. Лебедзева Наталля Мікалаеўна Леўчанкаў Васіль Мікалаевіч Леўшык Станіслаў Станіслав. Лук'янцаў Кірыла Лытнёў Міхаіл Люмарова Галіна Сяргееўна Ляскоўская Зоя Нікіфараўна Майсеня Людміла Іосіфаўна Макарскі Андрэй Георгіевіч Макарчык Уладзімір Макрыцкая Таццяна Міхайл. Максімчук Раман Уладзімір. Малашчанка Таццяна Сярг. Маліноўскі Яўген Лявонцьевіч Малышава Галіна Малько Пётр Іванавіч Мальцава Ганна Валянцінаўна Марцінкевіч Яўгенія Мацвеева Тацяна Генадзеўна Мацвееў Максім Іванавіч Мекшыла Мікалай Мех Аляксандр Васільевіч Міхно Міхаіл Васільевіч Міхноўскі Мікалай Уладзімір. Міцкевіч Кастусь Міцкевіч Яўген Фаміч Моніч Алесь Мурашка Людміла Мікал. Муха Валянцін Станіслававіч Мяснянкіна Ала Міхайлаўна Навасельская Таццяна Уладз. Нагорная Тамара Іванаўна Нароўская Ала Мікалаеўна Нарушэвіч Міхаіл Алегавіч Натынчык Уладзімір Алякс. Ніжанкоўская Ірына Уладзіс. Нікіпорчык Віктар Новікаў Аляксандр Сяргеевіч Отчык Андрэй Падгайская Людміла Лаўрэнц. Палітава Дзіяна Паўлаўна Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч Паплаўская Ірына Станіслав. Паўлініч Валеры Валерыевіч Паўловіч Віктар Сяргеевіч Паўтаржыцкі Канстанцін Бран. Пашкевіч Ігар Пералыгін Алесь Пожанька Ігар Леанідавіч Пратасавіцкая Марыя Георг. Праташчык Людміла Віктар. Праўдзін Віктар Аляксандр. Пуцікаў Ілля Пушкін Ігар Аляксандравіч Пыжык Аляксей Пясецкая Таццяна Уладзімір. Пяткевіч Таццяна Віктараўна Пятрашка Майя Пятроўскі Віктар Вячаслав. Рагачоў Юры Усеваладавіч Радзюк Алена Іванаўна Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Разумейчык Юры Васільевіч Рачэўскі Станіслаў Рыгоравіч Рубанік Таццяна Руды Аляксей Уладзіміравіч Руткевіч Вераніка Антонаўна Рухлова Тамара Рымша Фаіна Ціханаўна Сабуць Галіна Эдмундаўна Савук Аляксандр Юр'евіч Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Салговіч Вольга Віктараўны Салодкі Юры Часлававіч Самасюк Ганна Самойленка Арцём Сяргеевіч Серакова Вольга Канстанцін. Сердзюкова Марыя Васіл. Сідар Маргарыта Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Сілкова Раіса Іванаўна Сільвановіч Станіслаў Алёйз. Сіўко Франц Іванавіч Смалянчук Аляксандр Фёдар. Снітко Вольга Уладзіміраўна Снітко Галіна Мікалаеўна Станевіч Тамара Іосіфаўна Станевіч Юры Сташэўскі Яўген Адамавіч Строкач Аляксандр Пятровіч Стукаў Віктар Якаўлевіч Сцефановіч Рамуальд Сяліцкая Рыта Талкачыкава Кацярына Аляк. Таневіч Галіна Янаўна Тарасенка Уладзімір Мікал. Трахімчык Уладзімір Іванавіч Тырсін Васіль Анатольевіч Тышкевіч Галіна Францаўна Фадзеева Таццяна Мікалаеўна Харанека Святлана Станіслав. Харланчук Аляксандр Анат. Хатара Мацвей Леанідавіч Хвайніцкі Часлаў Сіманавіч Хітрун Ілья Андрэевіч Холеў Станіслаў Браніслававіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Храмлюк Марыя Іосіфаўна Цаўлоўскі Канстанцін Дзмітр. Церпугова Алена Фёдараўна Цітоў Леанід Сцяпанавіч Цюрын Аляксей Сяргеевіч Цялюк Мікалай Алегавіч Чарнышова Алена Аляксанд. Чухліб Наталля Чучвага Наталля Мікалаеўна Чхаідзэ Георгі Чэчат Віктар Аляксандравіч Шабуня Ніна Шавель Вольга Мікалаеўна Шантар Дзіяна Георгіеўна Шапуцька Віктар Аляксандр. Шарах Мікола Аркадзевіч Шароў Георгій Іванавіч Шарыпкін Генадзь Леанідавіч Шаўкера Алег Шахаб Дар'ян Шахмуць Ніна Іванаўна Шашытайшвілі Марыя Уладз. Шкірманкоў Фелікс Уладзімір. Шошын Руслан Алегавіч Шупенька Ірына Аляксандр. Шуткін Сяргей Сяргеевіч Шчарбіна Святлана Шчэрба Святлана Мікалаеўна Шык Кірыл Іванавіч Шыла Уладзімір Аляксандр. Шыманіца Ала Іванаўна Шышкавец Ала Аркадзеўна Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Язвінскі Артур Аляксандр. Якубчык Генрых Яніцкая Мая Міхайлаўна Ярмалінская Ніна Адамаўна Ярохаў Уладзімір Пятровіч Яфімчык Генадзь Генадзевіч Яцыновіч Святлана

"Бібліяноч - 2019" у бібліятэках Карэліччыны

Упершыню у гэтым годзе бібліятэкі ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" далучыліся да акцыі "Бібліяноч - 2019" і правялі для сваіх чытачоў шэраг цікавых і змястоўных мерапрыемстваў. Менавіта хочацца адзначыць, што ўсе мерапрыемствы пачаліся ў 17.00 гадзін.

У Карэліцкай раённай бібліятэцы чытачоў чакаў адпачынак на "Прывале каля вогнішча", песні пад караоке ваенных гадоў, "Сцяна памяці" з фотаздымкамі помнікаў і абяліскаў Карэліцкага раёна, а таксама салдацкая каша.

У дзіцячай бібліятэцы вучні мясцовых школ змаглі паўдзельнічаць у акцыі "Чытаем кнігі аб вайне", пазнаёміцца з ваенна-палявой поштай і напісаць пісьмо-пажаданне ветэранам Вялікай Айчынная вайны. Але самым галоўным ўражаннем для дзяцей стала салдацкая каша, якую кожны змог пакаштаваць.

Мірская гарпасялковая бібліятэка арганізавала літаратурна-музычную гасцёўню "У тым краі, дзе жывеш". Прысутныя на мерапрыемстве даведаліся пра гісторыю родных мясцін, культурныя традыцыі свайго краю, вядомых землякоў-продкаў і суайчыннікаў, якія шмат зрабілі дзеля Бацькаўшчыны, дабра і хараства на Зямлі.

У Райцаўскай сельскай бібліятэцы ўвесь вечар гаворка вялася пра звычаі і абрады нашага народа - Вербніцу і Вялікдзень.

Хочацца дадаць, што ўсе мерапрыемствы прысвячаліся самым галоўным святам гэтага года: 75 - годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю ўтварэння Гарадзенскай вобласці.

Цікава і змястоўна правесці зорны вясенні вечар побач з літаратурнымі героямі, музыкай і мастацтвам змаглі ўсе ахвочыя.

Наталля Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

У Германіі заклікалі прыпужнуць Расію з-за Данбаса

Навіны Германіі

Парламенцкая фракцыя бундэстага Свабоднай дэмакратычнай партыі Германіі прыняла стратэгію. Заяўленая мэта дакумента: урэгуляванне сітуацыі на ўсходзе Украіны. Пра гэта паведаміў нямецкі таблоід Bild.

Дакумент завецца "Міру на Украіне патрэбен новы імпульс". Расія ў ім названа "знешнім агрэсарам". І матывам для дакумента стала перамога Уладзіміра Зяленскага на мінулых выбарах прэзідэнта Украіны.

- Выбары новага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і нямецкага штаб-кватэры ААН з'яўляюцца цэнтральнымі момантамі для таго, каб надаць новы імпульс мірным перамовам, - заявіла дэпутат фракцыі Свабоднай дэмакратычнай партыі Рэната Альт, яна была аўтарам праекту дакумента, - Пуцін у сераду падпісаў указ, які дазваляе ўкраінцам у "народных рэспубліках" у Данецкай і Луганскай абласцях у далейшым атрымліваць расійскія пашпарты ў спрошчаным парадку. Такім чынам, кіраўнік Крамля пацвердзіў сваю пагарду да мірнага ўрэгулявання канфлікту.

Новая стратэгія прапануе нямецкаму парламенту "папужаць" Расію. Нямецкія парламентарыі прапануюць прыцягнуць місію ААН ці дадатковыя сілы цывільнай паліцыі.

Фракцыя Свабоднай дэмакратычнай партыі з'яўляецца апазіцыйнай у Германіі. Аўтар публікацыі ўдакладняе, што кіраўнічыя партыі ў бундэстагу не галасуюць за прапановы апазіцыі. Рэнату Альт гэта не бянтэжыць. Яна свеціцца аптымізмам і абяцае актыўна прасоўваць свой праект у рамках дэбатаў з калегамі па іншых фракцыях. Пра гэта паведамляе Рамблер.

Аргументы Тыдня. Фота: Аргументы Тыдня.

Ва Украіне знайшлі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага

У Чуднаве, што ў Жытомірскай вобласці, знайшлі надмагільную пліту класіка беларускай і польскай літаратуры ХІХ ст. Яна Баршчэўскага, паведамляе сайт chudnivnews. in.ua. Знайшлася пліта на прыватным падворку аднаго з гараджан. Мужчына распавёў, што яшчэ ў 2002 ці 2003 годзе капаў траншэю для газавай трубы і натыкнуўся на чыгунную пліту. Яна ляжала ў зямлі на глыбіні 50 сантыметраў. Важыла каля 300-350 кг. 10 гадоў пліта проста стаяла пад хлявом, а потым гаспадар цэментаваў двор і частку тэрыторыі вырашыў прыкрыць плітой. З часам іржа з пліты сцёрлася, і стаў бачны надпіс. Гаспадары лічылі, што ён зроблены па-нямецку. Аднак іх дачка чацвертакласніца Алена вырашыла пашукаць у інтэрнэце, каму належыць пахаванне. Хутчэй за ўсё, гэта пліта менавіта з магілы беларуска-польскага пісьменніка Яна Баршчэўскага: свае апошнія гады ён правёў у Чуднаве, дзе ў 1851 годзе памёр. На пліце змешчаны такі надпіс: "Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў цнатліва 70 год. Памёр 28 лютага 1851 года".chudnivnews.in.ua.

У с п а м і н ы

Да 156-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

У яго не ведалі гарэлкі. Ва ўсе тыя паляпшэнні ўкладваецца гміна, але, аднак, нягледзячы на тыя выдаткі, Рэтаўшчына славіцца ладам, багаццем і спакоем, роўна як гміна, так і сам князь, які, калі засядаў ва ўправе як войт, заўсёды ўбіраўся ў самаробную сукману (праўда, што тая сукмана мела атласную падшэўку). Ірэні не меў міру са шляхтай, не імкнуўся да папулярнасці, шляхта не раз рабіла яму паскудствы і псавала работу.

Быў патрыётам - умеў ашчаслівіць люд, быў для яго добрым кіраўніком і апекуном, меў абазначаную мэту жыцця і дасягнуў той мэты.

Восенню 1862 года склікалі вялікі з'езд у Вільні з усіх губерняў. Прыбылі: з Гарадзенскай Станіслаў Солтан, Юзаф Замойскі і маршалак Старэнскі (Стажэнскі). З Менскай: Ельскі, Магільніцкі і маршалак Лапа. З Магілёўскай: Ігнацы Брастоўскі (Бжастоўскі), Акушка і марш[алак] князь Стэфан Любамірскі. З Ковенскай: Жылінскі, марш[алак] Мядэкша, Коньча і інш. З Віленскай: Лапацінскі, Вагнер, марш[алак] Дамейка, Тызенгаўз. Дамейка старшынствуе.

На тым з'ездзе былі прадстаўлены два мемарыялы.

1) Старэнскага (Стажэнскага), які дамагаўся шанавання нацыі пры разумным довадзе немагчымасці выкаранення палякаў.

2) Адрэдагаваны Крывіцкім і прадстаўлены Дамейкам з просьбай пра ўніверсітэт.

На тым з'ездзе па жаданні ўсёй Літвы выбіраюць пастаянны Камітэт у Вільні з наступных чальцоў: Фр[анцішак] Далеўскі, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі, Ігнацы Лапацінскі, Аскар Вагнер і дэлегаваныя з губерній з боку шляхты: Старэнскі (Стажэнскі), Зыберг-Плятар, а таксама з кожнай губерні ад моладзі па адным негаспадары (якія не мелі нерухомай маёмасці). З Ковенскай губерні большасцю галасоў быў абраны Конрад Хмялеўскі, але Гейштар так зручна пакіраваў справай, што заняў яго месца.

На тым з'ездзе зацвердзілі яшчэ пры адсутнасці Крэдытнага і Земляробчага таварыстваў, адкінутых урадам, прымяніць да земляробчых гаспадарак сістэму колаў і колкаў... 357


Калі б шчаслівы вынік завершыў дзейнасць, дакладней паўстанне, Тызенгаўз выступіў бы як дыктатар, а Гейштар адсунуўся б. У выпадку няўдачы Гейштар застаўся б у ролі дыктатара. Тызенгаўз, забаўлены наіўнасцю гэтага праекту, на наступны дзень перадаў яго Аддзелу.

Як жа часта Гейштар пустымі прапановамі ўводзіў у вялікі клопат Урад Літвы.

Пасля абвяшчэння дыктатуры Лянгевіча прыйшлі новыя распараджэнні з Варшавы:

1) Каб палякі сыйшлі з пасад маршалкаў, пасярэднікаў і іншых. Праз маршалкаў і пасярэднікаў Аддзел звязваўся з Краем. Гэтым распараджэннем насаджвалі на гэтыя вызваленыя пасады расейцаў, як навочных сведкаў усёй дзейнасці ў само сэрца Краю і гэта ў дзень паўстання.

2) Нацыянальны ўрад прызначыў у Варшаве Вацлава Пшыбыльскага, без паведамлення, а, дакладней, без паразумення з Літвой, пасярэднікам паміж Вільняй, Пецярбургам і Варшавай.

Аддзел прыняў тыя весткі са здзіўленнем, бо Вацлаў быў так неадпаведны на той пасадзе ў Варшаве, як Ду Лаўрэнс у Вільні. Не ведаў ні Краю, ні яго патрэб.

Неўзабаве прыбывае гр. Замойскі з дзвюма новымі прапановамі:

1) Выслаць да Лянгевіча прадстаўніка Літвы.

2) Каб шляхта, г.зн. сельскія жыхары не бралі ўдзелу ў паўстанні для захавання зямель ад канфіскацыі.

Хто ж у такім разе рабіў бы ў нас паўстанне? Забылі пра тую вялікую розніцу, што ў Кароне народ ідзе ў паўстанне без шляхты, а на Літве - шляхта без народа.

Аддзел толькі часткова падтрымаў тое апошняе распараджэнне пасля паразумення з галоўнымі кіраўнікамі (захоўваючы як наймацней сакарэтнасць). Не ўсе нават чальцы Аддзела былі пасвечаны ў таямніцу.

Найбуйнейшыя ўладальнікі зямель на Літве, як: Тызенгаўз, Горват, Тышкевічы, Яленскі, Радзівіл і інш. не будуць браць ні яны, ні іхнія сыны чыннага ўдзелу ў паўстанні, г.зн. не далучацца да баявых аддзелаў. Паўстанцкія аддзелы будуць абмінаць іхнія маёнткі, але яны, уладальнікі, абавязваюцца:

1) уносіць павялічаны падатак (не ў рукі зборшчыкаў, а непасрэдна ў цэнтральную касу ў Яленскага).

Гэтыя ж самыя ўладальнікі ашчаджаных маёнткаў:

2) не будуць ухіляцца ад пасад у таемнай арганізацыі;

3) будуць ратаваць пакрыўджаную люднасць;

4) падтрымліваць і апекавацца вязнямі;

5) а пасля прадбачанага ўпадку паўстання ўжывуць захаваную маёмасць на выкуп сканфіскаваных зямель меншай уласнасці;

6) у выпадку арышту не выдадуць ані людзей, ані справы, а ўжывуць усякія сумленныя дыпламатычныя сродкі для ацалення сваёй зямлі.

Адсюль выплываюць дзіўныя тлумачэнні многіх з наймажнейшых паноў на Камісіі, а менавіта беднага Міхала Радзівіла 358, так асуджанага недасведчанымі.

Ён займаў месца акруговага паўстанцкага начальніка.

Арыштаваны тлумачыў: "Бацька вучыў нас шанаваць уладу, цаніць парадак і спакой у Краі. Паўсталыя забурэнні мярцвілі нас. Мы цешыліся. калі настаў час заспакаення (Камісія дадала ад сябе, "калі прыбыў Мураўёў"). Прыняў месца акруговага кіраўніка, калі разышлася па Краі пагалоска пра інтэрвенцыю, калі б гэтага не зрабіў, увесь Край асудзіў бы мяне".

Адгэтуль выплывае таксама і яго адказ пры выбарах у Варшаве на пасаду ў Дабрачыннасці, калі грамада чыніла прычэпкі і закіды: "Не ведае левая рука, што робіць правая".

Нямала пацярпелі Тышкевічы за адкупленне маёнткаў на Літве з рук расейцаў, а яны толькі чэсна і сумленна выканалі ўскладзены на сябе абавязак.

Першая адозва Аддзела "Да зброі!" выйшла 19/31 сакавіка, пасля яе наступіла чытанне маніфесту па касцёлах аб вызваленні і ўшляхценні сялян (у Ковенскай губерні дадалі і ўшляхценне). Памятаю тую хвілю - быў гэта праект Гейштара, таварышы жартавалі з яго: "Што ж ты, Якубе, хочаш нашага непісьменнага, босага мужычка прыбраць у тогу, якая сёння ў нас з плячэй спадае?" Упіраўся ў выраз "ушляхцення" заміж "надання грамадзянскіх правоў". Згадзіліся, каб часу не траціць.

Спачатку разаслалі даручэнне ў фармаваўшыеся аддзелы, каб устрымаліся з уступленнем у бой для прачытання ва ўсім Краі маніфесту ў прысутнасці люду і шляхты адначасова.

Паўстанне на Жмудзі трывала найдаўжэй і найвыніковей вялося. Люд, асабліва пасля выступлення Серакоўскага, браў у ім удзел. Спачатку толькі ў аддзеле кс. Мацкевіча былі сяляне з Ляўды яго парафіі. Длускі верыў у народ, але зняверыўся пасля першых сутычак, калі пераканаўся, што ён разбягаецца пры першым залпе. У Віленскай, у Менскай і ў Магілёўскай губернях аддзелы фармаваліся пераважна з інтэлігентнай моладзі. Люд паводзіў сябе абыякава. Яўрэі ўсюды дапамагалі. Не было з іх ані здраднікаў, ані даносчыкаў.

Выклік Серакоўскага наступіў пасля доўгіх ваганняў і нарадаў. Фр[анцішак] Далеўскі быў супраць гэтага, даводзіў, што выклік Серакоўскага ёсць не толькі памылкай і грахом, бо пазбаўляе Край чалавека патрэбнага, неабходнага, смерць якога будзе стратай агульначалавечай, але ёсць яшчэ крокам вельмі непалітычным. У выпадку перамогі Серакоўскі пры сваім вялікім уплыве на ўрад можа аб'яднаць і адсачыць найкарыснейшыя ўмовы; у выпадку ж паразы (а пра тое не павінны забываць, бо гэта ў сучасным нашым становішчы ёсць найпраўдападобнейшы канец) ён адзін ёсць у стане згладзіць няшчасці Краю, якія стануць наступствам паразы. Калі цяпер пакіне сваю пасаду паслушны закліку Бацькаўшчыны, будзе лічыцца ўрадам за здрадніка і прыцягне на тую Бацькаўшчыну, якой сябе пасвяціў, тым большую помсту і здзекі ворага над пераможанымі.

Толькі Антоні Яленскі падтрымліваў Францішка. Але ж большасць галасоў, якія прадстаўлялі ўвесь Край, вырашылі пра неабходнасць гэтай ахвяры, лічачы Серакоўскага за адзінага чалавека, які быў у стане з'яднаць аддзелы, што дзейнічалі самастойна пад рознымі лозунгамі, якія часта сеялі нянавісць сялян да шляхты, апрача таго мужыкаманскія, літваманскія і г.д. Прозвішча, пасада і заслугі Серакоўскага мелі ўжо вялікі розгалас не толькі на Літве і ў Расіі, але як правадыра Літвы былі адзіным сродкам разбуджэння духу і веры ў поспех паўстання.

На самай справе была гэта хвіля, калі найвялікшыя эгаісты гатовы былі далучыцца да агульнай справы, разумеючы: "Відавочна, настала хвіля шчаслівага развязання нашай справы, калі такі Серакоўскі кідае такую высокую, такую перспектыўную для яго пасаду, каб пайсці ў бой як паўстанец".

Нават Тызенгаўз, на выгляд такі халодны, які пралічваў усе шанцы, на вестку пра выступленне Серакоўс[кага] абвяшчае гатоўнасць выдаць любую жаданую суму на зброю; і плача на вестку пра Біржанскую паразу і арышт Зыгмунта.

У той якраз час увайшло ў дзеянне распараджэнне ашчаджаць вялікія маёнткі па паразуменні з Серакоўскім. (Ён ашчаджаў усіх, мінаў вёскі, ішоў гасцінцам або лясамі).

Пасля прыбыцця Серакоўскага ў Вільню сабраўся Аддзел ў поўным камплекце пры ўдзеле многіх вайскоўцаў, якія належалі да арганізацыі. Гейштар, як прадстаўнік вайсковасці ў Аддзеле і як той, хто найлепей ведае стан Ковенскай губерні, прадставіў яе ўжо зарганізаванай, гатовай да бою і чакаўшай на прыбыццё камандзіра для злучэння ўсіх аддзелаў і захопу зброі, якая чакае ў Лібаўскім порце, на якую сам выслаў з цэнтральнай касы 75 тысяч у трох траншах па 25 тысяч праз Кяневіча ў Парыж.

(Літва ні адной штукі зброі за тыя грошы не атрымала, і па сённяшні дзень няма разумення, што з тымі грашыма стала.)

Серакоўскі, слухаючы тыя справаздачы, улічваючы іх, складае план пачатку барацьбы, які атрымаў прызнанне сабранай дэлегацыі і вайскоўцаў.

У кожным павеце арганізаваць мясцовае паўстанне, захапіць як найхутчэй зброю, пасля чаго пакінуць усюды ў паветах малыя аддзельчыкі, на чале што найменей пяці тысяч увайсці ў Віленскую губерню, каб тут разгарнуць паўстанне на больш высокім узроўні. Стасуючыся да гэтага плана, іншыя ваяводствы, на колькі можна, мусілі б падтрымаць у сябе паўстанне, пакуль Серакоўскі збярэ больш сур'ёзныя сілы.

Пасля прыбыцця Серакоўскага ў Коўню першым з'явіўся Длускі (як камісар). Доўга да світання размаўлялі паміж сабой абодва нахіленыя над картай Краю Генеральнага штаба. Пасля адходу Длускага Зыгмунт увайшоў у пакой жонкі са словамі:

- Ашукалі - ніхто і нішто мяне тут не чакае апрача смерці! Вярнуцца? Распавесці гэта? Адступіць да часу падрыхтоўкі Краем большых сілаў у маё распараджэнне? Ты маўчыш? - Ах як добра, як разумна робіш, што ў гэтую хвілю нічога мне не гаворыш! Калі б сказала: "Ідзі - ісці трэба!" - балела б гэта мне, думаў бы, яна не дбае пра мяне, пра маё жыццё. Калі б закрычала: "Вяртаймася, кідай усё, маеш права пасля ілжывых прадстаўленняў Гейштара, што аддзелы і зброя чакаюць", - не паслухаў бы цябе, а як жа мне балела б, што ты не здольная да вялікай ахвяры - для Бацькаўшчыны! Не! - я не адступлю, буду дзейнічаць, як бы мяне атачалі налепшыя ўмовы. Пераадолею цяжкасці! Калі маё жыццё патрэбна Бацькаўшчыне, буду рады найперш змагацца з цяжкасцямі, потым з ворагам і жыць для яе, калі смерць мая неабходная, з радасцю для яе шчасця прыму яе на шыбеніцы!

Аддзелы ў Ковенскай губерні, апавешчаныя камісарамі пра прызначэнне Даленгі (без высвятлення на нейкі час, кім ён быў у рэальнасці, каб не ўзбудзіць большую пільнасць і энергію расійскіх уладаў), адмовіліся падпарадкоўвацца роўна як Нац[ыянальнаму] ў[раду] ў Варшаве, так і літоўскаму.

З выразу твару, з тых вачэй хутка скіраваных у даль, я ведала, што паўстаў новы план, ужо ні на кога не разлічваць, толькі на сябе.

Францішак пры выездзе, пры развітанні казаў яму:

- Памятай, у складаную, цяжкую хвілю звяртайся да Фларыяна Даноўскага, на яго можаш заўсёды разлічваць.

Зыгмунт верыў Францішку, бо заміж Пашумера найперш падаўся ў Шаты да Даноўскага, і ехаў з цяжкім настроем - ані зброі (бо Длускі спраўдзіў, не было яе ў Лібаве), ані людзей, пры непрыязна настроеных аддзелах. Адно яго толькі пачуццё вяло і стрымлівала ад адступлення - выканаць абавязак перад Бацькаўшчынай!

(Працяг у наст. нумары.)

357 Тут заканчваецца тэкст на ст. 24, далей вырваныя лісты. Тэкст зноў пачынаецца са ст. 49.

358 Гаворка пра Мацея, а не Міхала Радзівіла.

Наваградскія правінцыі*

Уладзіслаў Абрамовіч - лідскі краязнавец, паэт, перакладчык, гісторык культуры, бібліёграф, архівіст. Нарадзіўся 9 траўня 1909 г. у Новым Двары каля Трокаў і лічыў сябе літоўцам (у анкетах пісаў: бацька - літовец, маці - беларуска). У 1933 г. скончыў Віленскую гімназію. Жыў у Лідзе з 1936 па 1939 г., узначальваў карэспандэнцкі пункт "Кур'ера Віленскага" і адначасова быў галоўным рэдактарам газеты "Лідская зямля" (Ziemia Lidzka). У 1938 г. як аўтар выдаў кнігу пра Наваградчыну (Strony Nowogrоdzkiе. Skirce krajoznawcze. Lida, 1938). Пасля 1945 г. і да канца жыцця працаваў кіраўніком аддзела рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. У 1951 г. атрымаў гістарычную адукацыю ў Віленскім універсітэце.

Шмат займаўся перакладамі літоўскіх паэтаў на польскую мову. Выкладаў на кафедры бібліятэказнаўства Віленскага ўніверсітэта, таксама выкладаў польскую мову аспірантам універсітэта. Кіраваў літаратурным гуртком, які склаўся вакол польскамоўнай газеты "Czerwony Sztandar", быў сябрам Саюза пісьменнікаў.

Напісаў некалькі кніг на летувіскай мове: пра Валерыя Урублеўскага (1958 г.), Тадэвуша Урублеўскага (1960), пра Шаўчэнку ў Вільні (1964). Па-польску выдаў кнігі пра кнігадрукаванне ў Літве (1957) і пра Міцкевіча ў Коўні (1956).

Беларускім гісторыкам добра вядомы па кнізе: Абрамавичюс, В. Библиография белорусских периодических изданий, 1861-1944 / В. Абрамавичюс; Библиотека Академии наук Литовской ССР. - Вильнюс, 1949.

Памёр 16 лістапада 1965 г., пахаваны на Росах.

Леанід Лаўрэш

Багданава - скарбніца нашых традыцый

Нізінная частка Налібоцкай пушчы заканчваецца каля Рудні. Стары пясчаны гасцінец ідзе праз малады лес. Дзе-нідзе сярод лесу бачым меланхалічны пагорак з густымі пнямі. Часта каля падножжа гэтых голых узвышшаў блісне безыменны струменьчык, у якім спрытны налібачанін вудай ловіць рыбу.

Але вось ужо і Камень - памятнае месца, слаўнае тым, што калісьці, у 1262 г., літоўскі князь Міндоўг учыніў тут бітву з Васількам 1. Гэта мясцовасць мусіць нам нагадаць і часы нядаўніх баёў з бальшавікамі. Тут гераічна загінуў капітан Пётр Мяніцкі, камандзір 1-га батальёна Лідскага палка які ствараў войска разам з маёрам Дамброўскім.

Далёкая ад чыгункі і гандлю гэтая мясціна аднак абуджаецца да жыцця. Пра гэта сведчаць нядаўна тут пабудаваныя новыя дамы - і не абы якія, а пераважна з бетону. Неяк, не гледзячы на блізкую пушчу і таннае дрэва, мястэчка Камень апраўдвае сваю назву, якая падобна, паходзіць ад вялізнага валуна ў форме хаты, валун тут жа і ляжыць.

Легенда кажа, што гэты камень - хата заклятага шаўца, які не прыняў пад дах змучанага дарогай вандроўніка. Бо вандроўнікам быў Хрыстос і хата шаўца разам з ім абярнулася ў камень. Гэты закляты бядак пакутуе і чакае да нашага часу. Калі б нехта адважыўся ў поўнач прыйсці сюды і пакінуць на камяні свае боты - на раніцы меў бы іх адрамантаванымі а заклятага шаўца звольнілі б ад кары. Аднак ніхто не спяшаецца яму дапамагчы 2.

Маёнтак Камень некалі быў уласнасцю Забярэзінскіх, у 1522 г. яны фундавалі тут фарны касцёл. Праз час Камень перайшоў да Сайкоўскіх. Эльжбета Белазор з Сайкоўскіх у 1679 г. аднавіла парафіяльны фундуш. Потым, калі маёмасць перайшла да Юдыцкіх пабудаваны наступны драўляны касцёл Св. Пятра і Паўла 3, які захаваўся да нашых часоў. Пасля паўстання 1863 г., калі касцёлы перараблялі на цэрквы, касцёл у Камені застаўся адзіным у акрузе.


Не можам патрапіць у Багданава, бо павінны яшчэ наведаць Івянец, які прыгожа раскінуўся на абодвух берагах ракі Волмы. Пра пачаткі мястэчка і яго назву існуе паэтычная легенда. Барбара Радзівіл неяк ехала ў Нясвіж у адведзіны да брата. Было гэта вясной і на размоклай дарозе карэта княжны ўгразла. Высілкі служкаў не дапамаглі. Усхваляваныя прыдворныя панны разам з княжной пачалі горача маліцца аб паратунку да Маці Божай. І ўбачылі перад сабою постаць Найсвяцейшай Панны якая з палявых кветак віла вянок. Коні лёгка зрушыліся з месца і карэта імгненна аказалася на сухім месцы. У памяць гэтай цудоўнай візіі, княжна загадала пабудаваць тут касцёл і заснаваць мястэчка 4. … Але гэта толькі легенда.

Некалі гэта мястэчка належала Салагубам, а пасля 1810 г. - Плявакам. Мястэчка мела два прыгожыя касцёлы. Фарны, пабудаваны ў 1606 г., пасля 1863 г. быў перароблены пад царкву і потым згарэў.

Другі касцёл ў барочным стылі захаваўся да нашага часу. Некалі ён належаў франіцішканам, якіх на напачатку XVIII ст. пасяліў тут менскі стольнік Тэадор Ваньковіч. Падчас няволі гэта святыня таксама мела цяжкія часы, але да католікаў вярнулася ў 1918 г.

У 1907 г. у Івянцы, супрацай усіх парафіян пры дапамозе генерала Эдварда Каверскага, пабудаваны другі касцёл у неагатычным стылі. І таму сёння Івянец мае дзве прыгожыя каталіцкія святыні.

Мястэчка гэтае слаўнае ганчарствам і керамікай. У ваколіцах Івянца знаходзяць лепшыя гатункі гліны. Месцічы, спрактыкаваныя ў рамястве керамікі пастаўляюць свае вырабы на ўсе ваколічныя кірмашы. Гэта не толькі збаны для малака неабходныя кожнай гаспадарцы, але і па-майстэрску выкананыя сталовыя сярвізы, якія сваёй арыгінальнасцю і якасцю могуць захапіць любога эстэта - знаўцу стылю і керамічнага мастацтва.


Пакінем Івянец і паедзем да павятовага Валожына. Сядзіба павятовых уладаў ледзь мае тут некалькі гадоў. Павет вельмі малады, але горад мае вялікую гісторыю.

Назва Валожын, падобна, паходзіць ад прозвішча князёў, дзедзічаў гэтай воласці. Князі Валожынскія - заснавальнікі мястэчка. Надаў ім гэту маёмасць Вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч. Янкоўскі падае пра іх прыгожую легенду. Пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча 19 сакавіка 1440 г. у Троцкім замку, князі Валожынскія разам з сынам забітага арганізаваліся супраць Казіміра Ягелончыка, каб падчас палявання забіць яго. Замах, аднак, не ўдаўся, змову выкрылі і ўсіх пяць братоў Валожынскіх пакаралі смерцю у Троках 5.

Пасля іх па-чарзе Валожынам валодалі: Манвіды, князі Вярэйскія, Гаштольды, Радзівілы, Слушкі, Даенхофы, князі Чартарыйскія і нарэшце графы Тышкевічы.

Першы каталіцкі касцёл у Валожыне фундаваў у 1500 г. Альбрыхт Гаштольд. Быў тут таксама і кляштар бернардынаў. Граф Юзаф Тышкевіч на месцы даўняй гаштольдавай святыні пабудаваў новы касцёл пад тым жа вызваннем Св. Юзафа. У часы народнай няволі, як і шмат якія святыні на нашай зямлі, валожынскі касцёл быў пераведзены ў царкву. Было адчынена падзямелле з парэшткамі дзедзічаў Валожына, расцярушаны труны і разбураны мураваныя надмагіллі.

Сёння ў Валожыне няма ніякай старызны. Само мястэчка да нядаўняга часу было брудным і занядбаным. Мелася нават спецыфічнае прыслоўе (з-за ўладальніка гатэля па прозвішчы Брудны, яўрэя-лекара з прозвішчам Паляк і бурмістра з прозвішчам Швед), казалі, што ў Валожыне ёсць толькі адзін гатэль - Брудны, адзін Паляк, і той - яўрэй і адзін бурмістр, і той - Швед.


А зараз едзем у Багданава, у маёнтак знакамітага сына нашай зямлі Фердынанда Рушчыца. "Няма тут нічога зіхатлівага, ніякіх разлічаных на знешні эфект дробязей, ёсць прастата буйных штрыхоў, суровая павага да адвечнага існавання - тыя самыя рысы, якія знаходзім у пейзажах Рушчыца, бо за ўзоры для іх узяты менавіта тутэйшыя мясціны. Стары, нізкі драўляны дом урос у зямлю, як сівое дрэва. Дом памятае некалькі стагоддзяў (пабудаваны ў 1690 г.) і гісторыя патыхае ад кожнай яго бэлькі"6.

Двор Рушчыца - скарбніца нашых самых дарагіх традыцый. Да дома вядзе шырокая, гасцінная дарога з векапомнымі дрэвамі, якія зліваюцца з садам, поўным розных дрэў і кветак. У густых зараслях старых дрэў тонуць два дамы - адзін драўляны, стары, другі з цэглы і значна навейшы. Тут жыў у свае лепшыя гады Фердынанд Рушчыц, "геній - рэфарматар духу мастацтва і прарок будучыні народа, ён атаясаміў прыгажосць з праўдай і дабром, вучыў шанаваць стагоддзі нашай культуры, пільнаваў, каб людзі самі ў сябе не скралі магчымасці годнага і прыгожага жыцця"7.

У багданаўскім двары Рушчыц сабраў багаты музей старажытнасці. Кожны пакой меў экспанаты і дакументы датычныя культуры Вільні. Усё гэта захоўваецца на фотаздымках, эскізах ці ў сапраўдных экзэмплярах - уся шматгадовая дзейнасць Рушчыца. Выданні, памятныя альбомы, брашуры, віленскія тканіны і касцельныя вербы - скарбы народных рамёстваў. Трэба нагадаць, што слынныя зараз на ўвесь край віленскія вербы першым ацаніў менавіта Рушчыц і лічыў іх адным з самых прыгожых рэгіянальных рамёстваў Віленшчыны.

Пасля самога дома ў Багданаве з яго мэбліроўкай, музеем, бібліятэкай і творамі мастацтва Рушчыца, наступнай каштоўнасцю з'яўляецца парк. Гэткія простыя, урачыстыя і годныя павагі вялікія дрэвы сёння не часта растуць нават на Наваградчыне, якая мае шмат векавых дрэваў з часоў Літвы. Ідзём у сад.

"Я ведаю, што куды не пайду, убачу тое ж самае: на уязной бярозавай алеі ўбачу фантастычную "Баладу" і сасцябаных дажджом "Эмігрантаў", недалёка, на полі ўбачу "У свет" - шкадоба раставання з роднай глебай, якая раскінулася пад сівым небам. Над рэчкай Гальшанкай знайду "Стары млын", які ведае таямніцу зерня і хлеба, на краі двара ўбачу містычныя "Дажынкі" … а за дваром - у гэтым вядомым сакральным месцы ўбачу "Зямлю" - гімн прастаты і вялікасці …"8.

На дубе ў канцы парка, пад буйнымі галінамі нехта замацаваў абраз Маці Божай. Пад уплывам ападкаў абраз пачарнеў і ўрос ў кару, прыкрыўся лісцем і з зямлі ён дрэнна бачны. У глыбіню парку ідзём алеяй каля зарослага ставу. У гэтым урачыстым пакоі адчуваем жывую традыцыю - уладную і паважную тут. Сад такі ж, як і сам двор - заве да вечнасці і сапраўднай, праўдзівай прастаты. Тут захаваліся дрэвы, пасаджаныя ў першай палове XVI стагоддзя.

Яшчэ не так даўно, на парозе гэтага Багданаўскага двара можна было пабачыць дабрадушную ўсмешку гасціннага мастака, які праводзіў тут кароткія хвіліны адпачынку пасля працы. Сёння тут жыве толькі яго дух. У шэры лістападаўскі дзень 1936 года Рушчыц спачыў на сасновых, пагоркавых вясковых могілках, сярод магіл сваіх продкаў. Багданава пасля страты свайго вялікага кусташа, здаецца, не змянілася. Усё засталося, як раней, на сваім месцы, непарушна, на вякі …

(Працяг у наст. нумары.)

* Фрагменты з кнігі: Wladyslaw Abramowicz. Strony Nowogrodzkie. Lida, 1938. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 У 1262 годзе войскі Міндоўга ў адказ за напад валынянаў пад кіраўніцтвам Васілька Раманавіча, пустошылі іх землі каля Каменя. Але ці гэтага каменя? - Л. Л.

2 Wanda Achremowiczowa. Kurier Wilеnski. 21.08.1936.

3 Slownik Geograficzny. S. 733.

4 Wanda Achremowiczowa. Kurier Wilеnski. 24.08.1936.

5 Cz. Jankowski. Pow. Oszmianski. T. 2. S. 81-95.

6 J. Bulchak. Ruszczycowskie dozynki. Wilno, 1933.

7 J. Bulchak. Dlaczego Ruszczyc przestal malowac. Wilno, 1936.

8 Там жа.

Прыкмета і прырода - сябры назаўсёды

У менскім выдавецтве МАЭН выйшла кніга Валера Санько "Прыкмета і прырода - сябры назаўсёды".

У кнізе найболей поўна прадстаўлена тая багатая плынь беларускага фальклору, якую многія людзі ўжываюць паўсядзённа - прыкметы.

Прыкметы падзелены на 88 груп і падгруп. Дарослыя і моладзь даведаюцца, як прадбачыць, а значыць і прадказаць надвор'е, ураджай і г.д. па зменах неба, ветру, паводзінах жывёл, птушак, насякомых, жаб, рыб, чарвякоў, вужоў, раслін. Для масавага чытача.

У прадмове да кнігі аўтар піша:

"Жыць - прыкмету вучыць

Прырода акружае кожнага з нас. Яна аздараўляе і лечыць усё жывое. Болей таго, мы ўсе - часцінкі яе вялікасці Прыроды.

Яна навучае чалавека прадбачыць будучыню, ведаць заўтрашні дзень ужо сёння. Дасягаецца гэта ўменнем разбірацца ў прыкметах.

Неба, воблакі, вецер, ягады, грыбы, травы, рыбы, звяры, птушкі, паўзуны - добрыя арыенціры. Яны прадказваюць надвор'е на бліжэйшыя дні, праз месяц, квартал. Цікавіць гэта селяніна і рабочага, вучня і настаўніка, садавода, турыста, паляўнічага, грыбніка, ягадніка, вайскоўца.

Без прыкметы не дойдзеш да мэты, гаворыць вядомая беларуская прымаўка. Асабліва важна ведаць і карыстацца прыкметамі школьнікам.

Аўтар многія прыкметы і прымаўкі запісаў у розных раёнах Беларусі, многія вычытаў у даўнейшых і цяперашніх рукапісах.

Лёгка заўважыць, што воблакі на небе, захад сонца, паводзіны звяроў, птушак, раслін розныя ўзімку і ўвесну, улетку і ўвосень. Таму кожны раздзел з прыкметамі падзелены на поры года.

Беларускі народ у сваіх трапных і мудрых прыкметах даўно заўважыў, што яны бываюць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя. Доўгатэрміновыя (Д) прыкметы тыя, якія ўзімку або ўвесну прадказваюць, якое будзе лета ці восень. Кароткатэрміновыя (К) тыя, якія вяшчуюць, якія змены ў зіме, напрыклад, будуць праз дзень, два, тыдзень.

Многія чытачы справядліва заўважаюць, улічвалі 2-3 прыкметы, а прагноз так і не спраўдзіўся. Калі ўзбунтаванае дымам заводаў, самалётаў, узрывамі снарадаў і ракетаў надвор'е яшчэ больш не будзе спраўджваць надзеі, чалавек зусім заблытаецца. З пенаю памылковых і няўдалых прыкметаў адрыне і найвялікшай каштоўнасці ракі багатага метэаралагічнага народнага календара.

Назапашанае сотнямі пакаленняў продкаў не адкінь нашчадак! Бо яны, мёртвыя толькі для глухіх і сляпых, адчуюць тваю няўвагу і не памогуць табе ў радасці, тым болей у бядзегоры. Праблема не ўсвядоміць вартасць паняццяў і веры, звычаяў і прымхаў, а своечасова іх усвядоміць. Калі ты пры розуме, сіле і жаданнях. Няшчасце многіх старых людзей у тым, што яны позна вучыліся. Спазнавалі ісціны продкаў няўмела і несвоечасова. Такія веды для іх бескарысныя.

Вучыце прыкметы своечасова!

Усе прыведзеныя прыкметы важныя і каштоўныя з матэрыяльнага боку, прыкметавага, але не ўсе групы аднолькавыя з колькаснага боку (аднолькавыя па колькасці). Да прыкладу, паўзуны і ракі прадстаўлены зусім слаба. Гэта тлумачыцца тым, што вывучыць паводзіны ракаў надзвычай цяжка. Тое ж тычыцца і паўзуноў. Назіраць за імі ўзімку зусім немагчыма.

Змены ў ваколлі нельга дакладна прадказаць па адной ці дзвюх прыкметах. Пры карыстанні імі важна ўлічваць комплекс прыкметаў.

Трэба заўважыць, што ў асобных "ячэйках" прыкметаў мала ці зусім няма. Напрыклад, няма прыкметаў аб паводзінах рыбаў ці чарвякоў, каб устанавіць, якой будзе бліжэйшая пара года ці надвор'е на бліжэйшыя дні.

Асобныя прыкметы паўтараюцца. Без гэтага не абысціся. Адна прыкмета ( дым ідзе ўгору з коміна, кошка ліжа лапы) дзейнічае ў розныя поры года.

Прыведзеныя прымаўкі, прыказкі, выслоўі, максімы запісаны аўтарам у розныя гады ў Слуцкім раёне з 1955 года да сённяшняга дня. Многія, асабліва максімы, дасюль амаль нідзе не друкаваліся.

Аўтар доўга працаваў у рэспубліканскіх газетах і часопісах, быў загадчыкам рэдакцый у розных выдавецтвах. Сам выдаў ці мала кніжкаў, у якіх пісаў "кніг, ступеней, прыкмет", а не "кніжкаў, ступеняў, прыкметаў" і г.д.

Чаму ж цяпер, насуперак школьнай граматыцы і ўласнай практыцы (творам), ён часам піша ненармаванаю моваю? Чаму супярэчыць тэарэтыкам, рэцэнзентам, рэдакцыйным супрацоўнікам?

Прыкмета і прырода - сябры назаўсёды

Адказ просты, як усход Сонца. Усё жыццё я не прызнаваў глумлення над роднаю моваю. У "Чырвонцы" і "Звяздзе" пісаў згодна са школьнай паваеннай граматыкай, па якой вучыўся на радзімай Случчыне. Што пры партыйна-шавіністычным дабраслаўленні і прымусе беларускія мовазнаўцы здрадзілі мове народа, змянілі правапіс - не віна аўтара.

Нарэшце, пішу вольна і незалежна, некалькавана, пішу так, наколькі моцы і змогі даў Бог.

Безумоўна, дасціпны чытач заўважыць недахопы, промахі, а то і проста пропускі. У іхняй вёсцы і горадзе існуе такая прыкмета, а тут не падаецца. Просьба пра гэта паведаміць. За ўсе крытычныя заўвагі і парады аўтар зараней удзячны.

Народ пра прыкметы:

Алкаголік і лайдак з прыкметаю пакутуюць, без прыкметы - таксама.

Без прыкметы ні ў чым удачы не бывае.

Без прыкметы, як без крэўных (родных), не пражывеш.

Дзецям пакідай не грошы, а любасць да прыкметы, шкадобу да лесу і ракі, добры характар.

Дзяржава - спярша прыкмета і народ, а тады - звычай і закон.

Жыць - прыкмету вучыць.

Звычай - хата, прыкмета - памяць.

I добры без прыкметы неразумны.

Лайдак прыкмету ўчуе і не працуе, бедаком памірае.

Мудраца без прыкметаў, селяніна без недахопаў, а паляўнічага без промахаў не бывае.

На прыкмеце і звычаі народ жыве.

Народ свой звычай і прыкмету, а сабака будку і гаспадара ведаюць.

Настаўнік без прыкметы, як вучань без настаўніка, дзіця без маці.

На тое Бог і галаву даў, каб прыкмету ты засвоіў.

На тое і гаспадар, каб з прыкметаю жыць (прыкметаю біць).

Не ведаеш прыкметы і свайго лесу - не можаш быць паляўнічым.

Не верыш прыкметам, не будзе і абеду.

Пакуль прыкметы не засвоіш, шчасця не займееш.

Прыкмета і звычай старэй за закон.

Народнымі прыкметамі кіравацца проста і няпроста. Прыкметы стварае пані Прырода, а ўбачыць, правільна растлумачыць і выкарыстаць іх на сваю карысць - справа Homo Sapiens." (З кнігі.)

Апошнія паўгода Валер Санько быў цяжка хворы, але пісьменнік ёсць пісьменнік - хворы, а выдаў сваю 22-ю кнігу.

Дай жа, Божа, яму здароўя і натхнення на новыя кнігі.

Яраслаў Грынкевіч.

Чаму ў зайца доўгія вушы і кароткі хвост

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Жыў-быў на свеце адзін стары чалавек. Меў невялікую хацінку, кавалак зямлі ды яблыньку, што расла на ўзмежку. Болей у чалавека нічога не было, і таму ён больш за ўсё любіў яблыньну. Даглядаў, паліваў у спёку ды затуляў ад калючых вятроў у сцюжу і ад лютых маразоў ядлаўцом.

Жыў у тым краі гарэзлівы зайчык. Па палях і далінах скакаў, траву ды кветкі шчыпаў. Меў ён кароткія вушы і доўгі хвост.

Аднойчы зімою прыскакаў зайчык да хацінкі і пачаў сваімі вострымі зубамі кару на яблыньцы шчыпаць. Пабачыў тое чалавек, даў зайчыку наганяй.

- Ідзі прэч адсюль! Мала табе дрэў у лесе. Не чапай яблынькі болей.

Зайчык-свавольнік не паслухаў чалавека, а прыскакаў да дрэва зноў.

Як толькі свавольнік пачаў грызці яблыньку, зноў чалавек пакрыўдзіўся на яго ды схапіў за вушы. Зайчык пачаў вырывацца, але чалавек трымаў яго моцна. Доўга тузаўся свавольнік пакуль яго вушы не сталі доўгія.

Трымаў чалавек за вушы і казаў:

- Чаму такі непаслухмяны?! Чаму не хочаш зразумець маёй просьбы?!

Выказаў чалавек тую крыўду і папярэдзіў:

- Не хадзі болей сюды. Будзеш ты кеп-ска рабіць, і я тым жа адплачу.

- Не буду. Не буду, - залямантаваў заяц і папрасіў літасці.

Але хутка ён забыўся пра свае абяцанні ды яшчэ больш смелым стаў, бо доўгімі вушамі стаў чуць яшчэ лепш.

У трэці раз прыйшоў заяц да яблынькі. Пабычыў такую справу чалавек, схапіў сякеру і кінуўся на нягодніка. Заяц давай уцякаць. Як зразумеў чалавек, што не дагнаць яму шкодніка, шпурнуў у яго сякеру. Яна адсекла яму доўгі хвост.

І з таго часу у нашых лясах вядуцца даўгавухія і кароткахвостыя зайцы.

Воўчыя грыбы

Сустрэў воўк чалавека ў сваіх абшарах ды грозна пытае:

- Што ты робіш у маім лесе?

- Грыбы збіраю, - аказаў чалавек.

- А навошта?

- Як навошта?! Я іх ем.

Воўк ніколі не еў грыбоў, але быў сквапны і таму запярэчыў:

- Лес мой, таму ўсё, што расце ў ім, таксама маё. Я забараняю табе збіраць мае грыбы.

- Добра, - пагадзіўся чалавек. - Толькі дазволь мне ўзяць тыя грыбы, якія я ўжо назбіраў.

- Бяры, - палагоднеўшы, сказаў воўк і дадаў, - ды ідзі прэч з майго лесу. Яшчэ не забудзь сказаць людзям, што ўсе грыбы, што засталіся ў лесе - воўчыя.

Чалавек так і зрабіў

З таго часу ўсе грыбы, якія не збірае чалавек, называюцца воўчыя.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX