Папярэдняя старонка: 2019

№ 20 (1431) 


Дадана: 16-05-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1431), 15 траўня 2019 г.

Упершыню ў гісторыі пастанову ўрада прынялі толькі ў электронным выглядзе - ды яшчэ і па-беларуску

Пастанова Савета міністраў упершыню прынята з дапамогай новага механізму падрыхтоўкі і ўзгаднення рашэнняў урада ў электронным выглядзе, паведамілі БелТА ў Савеце міністраў.

Гаворка вядзецца пра беларускамоўную пастанову "Аб змяненні складу калегіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці".

Мяркуецца, што на працягу 2019 года рэспубліканскія органы дзяржкіравання цалкам адмовяцца ад службовай перапіскі на паперы.

NN.by.

Улады заблакавалі законапраект аб падтрымцы беларускай мовы

На імя дэпутата Палаты прадстаўнікоў, старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім прыйшлі лісты з Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў і Міністэрства юстыцыі наконт ейнага законапраекту аб падтрымцы беларускай мовы.

Дырэктар Цэнтра Вадзім Іпатаў паведамляе, што праект закону "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які прапаноўвае спадарыня Анісім, не ўключаецца ў план падрыхтоўкі законапраектаў для абмеркавання дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у 2020 годзе. Такое рашэнне спадар Іпатаў абгрунтаваў тым, што зацікаўленыя дзяржаўныя органы лічаць "пытанні ўжывання беларускай мовы ўрэгуляваныя дзейным заканадаўствам у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь".

Міністар юстыцыі Алег Сліжэўскі лічыць неабгрунтаванай падрыхтоўку такога законапраекту, паколькі "не назіраецца неабходнасці ў змене існага заканадаўства". Чыноўнік таксама адзначыў, што ў законапраекце Анісім ёсць чатыры палажэнні, якія супярэчаць іншым дзейным заканадаўчым актам.

У каментары Свабодзе Алена Анісім заявіла, што ні яна асабіста, ні ТБМ працу над праектам закону "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" не спыняюць.

- Па-першае, мы не маем яшчэ двух адказаў - з прэзідэнцкай Адміністрацыі і ўраду. У сваім адказе Вадзім Іпатаў не назваў канкрэтна, якія дзяржаўныя органы прыйшлі да высновы, што наш закон не патрэбны.

Па-другое, мы ўважліва прааналізуем заўвагі, якія выказаў спадар міністр.

Па-трэцяе, пасля гэтага збяром пасяджэнне рады ТБМ, якая звычайна праходзіць два разы на год, і будзем супольна вырашаць, што рабіць далей.

Алена Анісім лічыць, што найбольш важнае ў законапраекце - гэта захады дзеля таго, каб выраўняць становішча з беларускай мовай, якое склалася ў грамадстве, асабліва ў стасунках з дзяржаўнымі органамі; каб вярнуць ёй статус дзяржаўнай мовы і напоўніць яго адпаведным зместам. З поўным тэкстам дакумента можна будзе азнаёміцца на сайце ТБМ.

Радыё Свабода.

Трэці фестываль беларускамоўнай адукацыі "Мова дзяцей" пройдзе ў Гомелі

Фестываль для дзяцей ад Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і гуртка "Мова дзяцей" пройдзе ў Гомелі 18 траўня. Запрашаюцца да ўдзелу дзеці ад 3 да 12 год разам з бацькамі. У праграме фестывалю спевы, гульні, танцы, фотазона, народныя строі, аквагрым з беларускімі сімваламі, падарункі, дошкі Мантэсоры для самых маленькіх, розныя цікавосткі і сюрпрызы. Пачатак а 12.00, мерапрыемства будзе доўжыцца да 14.00 па адрасе пр-т Леніна, 10 (4 паверх), п. 409. Удзел у мерапрыемстве бясплатны. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375 29 908-91-62 (Алеся).

Заняткі "Мова дзяцей" распачаліся ў Гомелі ў 2016 годзе, праведзена больш за 200 заняткаў, за гэты час праз гурток прайшлі больш за 150 навучэнцаў. Навучанне вылучаецца незвычайнымі творчымі метадычнымі падыходамі, дзе дзеці ў групах розных узростаў у гульнявой форме вывучаюць беларускую мову.

Паводле прэс-рэлізу. Радыё Рацыя.

130 гадоў з часу першай публікацыі паэмы "Тарас на Парнасе"

"Тарас на Парнасе" (у раннім рукапісе загаловак, магчыма, аўтарскі - "Узлезшы на Парнас, што вiдзеў там Тарас", у спісах і публікацыях ёсць і іншыя варыянты назвы), сатырычна-гумарыстычная ананімная паэма Канстанціна Вераніцына, помнік беларускай літаратуры ХІХ ст.

Паэма напісана, найбольш верагодна, у 1850-я г. Доўга распаўсюджвалася ў рукапісах, упершыню апублікавана ў газеце "Минский листок" (№ 37 за 16.5.1889).

Паэма адыграла вялікую ролю ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы, развіцці беларускай літаратуры; перакладзена на многія мовы свету.

Сюжэт твора - прыгоды палясоўшчыка Тараса, які, выправіўся ў пушчу, а трапіў на Парнас - месца, дзе жылі багі і паэты. Вобразы старажытных багоў і герояў у паэме зніжаны, аўтар скептычна ставіцца да эстэтыкі класіцызму. З сімпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса - адзін з першых рэалістычных вобразаў чалавека з народа ў беларускай літаратуры.

Паэма сцвярджала неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства.

Вікіпедыя.

Як з ясляў дзетак вучаць размаўляць па-беларуску

Накідваем чаканыя каментары: "беларуская мова нікому не патрэбная", "дзецям гэта складана", "у рускамоўнай краіне рабіць такое - глупства". У менскім садку № 336 іх разбураць за хвіліну, цягацца не раім. Тут існуе яслі-група, дзе дзеці ў тры гады размаўляюць па-беларуску лепш за шмат каго з дарослых. Вангуем - калі яны вырастуць, то дакладна не стануць пісаць на нашым форуме, што беларуская для іх як замежная. Думаеце, трапіць у такую групу проста? Расчаруем: замест заяўленых 15 дзяцей тут іх ужо 26, і іншыя бацькі забягаюць у садок з надзеяй: "Майго на наступны год возьмеце?" Карацей, пакуль хтосьці ўсё яшчэ заяўляе, што яго дзіцё нічога не зразумее, маладыя бацькі робяць стаўку на беларускасць. Чаму яны ў выніку апынаюцца ў выйгрышы, выхавацелі распавялі Onliner.

Дзіцячы садок № 336 знаходзіцца ў Малінаўцы па праспекце Газеты "Звязда". Зараз тут існуюць дзве групы з беларускай мовай навучання. Адна - малодшая група № 1 для дзетак ад двух да трох год. Другая - група № 11 для дзетак 5-6 год.

- Спачатку ў нас была група з беларускамоўным навучаннем для старэйшых дзетак. Падумалі, можа, з малодшымі таксама атрымаецца. Спыталі ў бацькоў - большасць захацела беларускую мову: ад дзяцей самі нешта пачуць жадаюць, - распавядае выхавацелька Вікторыя Амбражэй, якая для гэтых маленькіх беларусаў тут самая галоўная. - Вельмі цікава, калі бацькі прыходзяць і запытваюць: "А што, дзеці вас разумеюць?" А чаго б ім не разумець? Малыя ўвогуле вельмі лёгка ўсё ідэнтыфікуюць. Кажу Машы, што мы надзяваем сукенку, дык яна ўжо ведае, што "платье" - гэта тое ж самае.

Мы заспелі дзяўчыну за звычайным заняткам: трэба сабраць малых і адвесці ў групу, бо час ужо есці пюрэшку з катлеткамі. Каб прабіцца праз гул адцягнутых ад важнай гульні гадаванцаў, яна вымушана казаць нашмат гучней:

- Бацькі баяцца, што іх дзіцё да мовы не звыкнецца, то даводзіцца супакойваць: у нас не ўніверсітэт, экзаменаў няма, мы проста чытаем казкі і размаўляем. Цяпер у дзяцей ніякай праблемы не існуе: калі я іх раздзяваю перад сном, стараюся даваць назвы адзення. Яны запамінаюць, ужо ведаюць, дзе што паклалі.

Дзень у гэтым месцы пачынаецца звыкла: прыходзяць бацькі, пакідаюць дзяцей, сыходзяць. Далей ідуць кароткія заняткі: 8-10 хвілін - столькі, колькі можа вытрымаць гарэзлівы дзіцячы арганізм. Тут выкладаюць тое ж, што і ў звычайным садку - музыку, маляванне, фізкультуру. Ніякай магіі - звычайныя рэчы. Адрозненне ў тым, што слова "петь" замяняюць на "спяваць", "краски" - на "фарбы", а "карандаш" - на "аловак".

- Вочкі тады ў малых становяцца велічэзнымі: а што гэта, а дзе? А потым паціху запамінаюць. Калі мы вядзём гутарку на дварэ, абмяркоўваем усё вакол: якое блакітнае неба, якія ружовыя кветкі, а вось дзюба ў птушкі чырвоная. І ўсё - цяпер у нас колеры толькі такія. Тут справа не ў дзецях - яны з лёгкасцю ўспрымаюць новае. У дарослых жа ўсё чамусьці інакш. Калі быў бацькоўскі сход, я казала: "Людзі, з вашымі дзецьмі мы размаўляем па-беларуску, а з вамі - па-руску, так не пойдзе". Праўда ж, дысгармонія атрымліваецца. Дык, калі яны самі тэлефануюць, ужо стараюцца сказаць: "Прывітанне". Шмат каму дагэтуль складана, але абсалютна ўсе вельмі стараюцца.

- І большасць бацькоў - рускамоўныя?

- Так. Менавіта таму і палохаюцца, што беларуская мова нешта зробіць з іх дзецьмі. Кажу ім: што вы турбуецеся, дзеці ўжо ведаюць, што такое шафа, коўдра і ложак. А вось вы - не. То ім становіцца нават сорамна крыху. Дзецям у такім узросце нічога не складана - хоць чатыры мовы з імі вучы. Паглядзіце на змешаныя сем'і: мама там гаворыць на адной мове, бацька - на іншай, а дзеці будуць на абедзвюх. Але мы пра будучыню пакуль не думаем, у нашых яслях ёсць маленькія дзеткі, якія яшчэ маўчаць.

Шмат хто з дзяцей тут сапраўды яшчэ не размаўляе. Два-тры чалавекі часам падыходзяць і мякка вымаўляюць: "Да пабачення". Рабіць "ч" цвёрдым ім яшчэ зарана.

- У беларускай мове існуюць гукі, якіх у рускай няма. Трэба, каб дзіцё ўсё пачула, вымавіла і ўспрыняло, - адзначае выхавацелька.

- У нас няма задачы навучыць іх прамаўляць фрыкатыўны "г". Проста важна паказаць, што ў нашай мове ёсць адрозненні ад рускай. А методыка простая: паступова ўводзіць новыя словы. Некаторыя з іх гучаць аднолькава ў абедзвюх мовах, то на іх мы ўвагі не звяртаем. А калі з'яўляецца нешта незнаёмае, абыгрываем: бяром малюнкі, цацкі, дадаём мастацкае апісанне. Калі ўвага дзіцяці прыцягнутая, яно імгненна ўсё запамінае. У старэйшых дзяцей усё больш складана: там яны самі могуць складаць апавяданне, апісваць цацкі, будаваць дыялог. З імі больш інтэрактыву. Такі вось вынік паэтапнага навучання.

- Ёсць нейкая асаблівая методыка навучання беларускамоўных дзетак?

- Усё пачынаецца з малога. Спачатку ўводзіш некалькі слоў - "дзякуй", "прывітанне", "да пабачэння". З часам не заўважаеш, як дзеці самі выпраўляюць бацькоў, якія ў нас па-руску вітаюцца. А потым даецца нешта больш складанае - тыя ж ранішнікі ў нас усе па-беларуску. У старэйшай групе ад дзяцей патрабуецца больш - там іх вучаць складаным задачкам. У малых у нас усё выглядае больш маналагічна - выхавацель толькі чытае пацешкі і паказвае нешта на ляльках, каб дзеці запаміналі. Ну і ўсе забаўляльныя імпрэзы ў нас таксама па-беларуску - на ранішніках героі толькі на гэтай мове гавораць. Вось спяваем мы песні, бацькі вельмі ўважліва слухаюць - палову слоў не разбіраюць, але стараюцца.

- Я разумею, калі да вас прыводзяць дзяцей беларускамоўныя бацькі. А што кіруе астатнімі? Гэта ж звыклае меркаванне: маўляў, навошта гэтаму вучыць, калі дзіцё ўсё роўна трапіць у рускамоўны свет?

- Проста ўсе разумеюць, што мы жывём у Беларусі. Нейкае такое нацыянальнае ўсведамленне. Цяпер новае пакаленне да "свайго" ставіцца зусім інакш: разам з дзецьмі развіваюцца і бацькі. Зразумела, што потым малым будзе лягчэй вучыцца. У нас былі выпадкі, калі ў сям'і два дзіцяці і бацькі прыходзілі і прасілі дапамагчы старэйшаму. Маленькі хлопчык ужо чуе беларускія словы, а старэйшы нічога не вучыў. А яшчэ цікавасць можа быць звязаная з тым, што людзі пачынаюць больш вандраваць. Калі прыязджаеш у любое замежжа, у цябе пытаюць, адкуль ты. І тады мусіш размаўляць па-беларуску, бо яны кажуць: "Ну вы ж з Беларусі". Людзі цяпер разумеюць, што "сваё" - гэта крута і прэстыжна. Раней мы так часта мову не чулі - цяпер жа яна гучыць і ў метро, і ў цягніках, і надпісы на ёй паўсюль.

- А на што робіцца ўпор? Каб дзіцё пайшло ў школу і для яго гэтая мова не была замежнай?

- Так, бо яму ўсё ўжо будзе звыкла. Калі дзеці трапяць у беларускамоўнае асяроддзе, яны ўсё будуць ведаць. Ім застанецца развіць тое, што ёсць. Нават калі ты жывеш у рускамоўным свеце, то краіна ў цябе - Беларусь, і мова твая дзе-небудзь дакладна спатрэбіцца. Як мінімум у дзіцяці не будзе пытанняў, навошта ён вучыць гэтыя словы. Галоўнае - развіваць звычку менавіта ў такім узросце, бо зараз у дзяцей ідзе пачуццёвае ўспрыманне ўсяго наўкол. Далей ім будзе вельмі проста навучацца.

- Дык, можа, грамадства ўжо падрыхтаванае і да зменаў у адукацыі, калі ідэі ідуць, па сутнасці, ад яго самога?

- Магчыма. І мы ў садку спрабуем паспець за запытамі часу. Ёсць агульны попыт, ёсць наша жаданне - чаму б не спалучыць?

- Кажуць, каб навучаць дзяцей па-беларуску, у нас нават у школе няма базы - хто будзе перакладаць тэхнічныя прадметы?

- Гэта няпраўда. База ёсць нават у садочках, і даволі нядрэнная. Калі мы пройдзем па групах, то пабачым, што тут і лялькі беларускія ёсць, і гульні. Хай іх не так шмат, але яны стымулююць нешта прыдумляць далей. Патрошку ўсё астатняе дадаецца.

- Каб стварыць такую групу, патрэбны кадры. Адкуль у вас так добра ведаюць мову?

Да нашай размовы падключаецца Алена Місько. Яна намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.

- Ну глядзіце. У нас шмат у каго вялікі стаж - 20 гадоў, раней мы па мовах здавалі экзамены, - пачынае тлумачыць яна. - Так што супрацоўнікам самім тут не складана, усе толькі "за". У нас увогуле старэйшая група з'явілася толькі з 2015 года. Падштурхнула нас да гэтага беларускамоўная сям'я. Мы спачатку проста шмат выкарыстоўвалі адмысловага матэрыялу, а потым прыйшла выхавацелька, якая вельмі добра размаўляе па-беларуску. Паспрабавалі апытаць бацькоў - можа, хто жадаў бы, каб група з'явілася. І ахвочых было вельмі-вельмі шмат. Паглядзелі, што яны актыўна заявы пішуць, аж чарга пад кабінетам стаіць, то пачалі шукаць кадры. Знайшліся людзі, якія ўзялі на сябе адказнасць за яслі. Цяпер рэзананс пайшоў далей па раёнах.

- А бацькі ў сем'ях не пераходзяць на беларускую?

- Я на сходах пытаюся, хто дома размаўляе, - распавядае Вікторыя. - Адказваюць: мы хочам, але пакуль неяк не атрымліваецца. Ёсць толькі сем'і, дзе чытаюць казкі па-беларуску. Бывае, што нехта нават новае ў садок нясе. Прыходзіць дзяўчынка і кажа, што бачыла ў люстэрку сваё адлюстраванне. Я ж ведаю, што такое складанае слова яшчэ не ўжывала. Пытаю ў мамы - і сапраўды: бацькі разбіралі казку. Паступова ў сям'і гэта перастае быць дзіўным. У нас у калідоры вісіць адмысловы слоўнік для бацькоў - пакуль яны чакаюць дзяцей, чытаюць і разбіраюць словы самі, ніхто гэтага не цураецца. Каб быў нейкі вынік, заўсёды патрэбна супрацоўніцтва абодвух бакоў.

- А паміж супрацоўнікамі садка камунікацыя ідзе па-руску?

- Мы таксама стараемся прытрымлівацца мовы. Калі праводзім педагагічную нараду, усе размаўляюць па-беларуску. Дарослыя нармальна ўсё ўспрымаюць, галоўнае для нас - гэта дзеці. Калі ёсць задача развіць маўленне праз гульню, зразумела, што і сам будзеш размаўляць, - дзеліцца Алена Канстанцінаўна. - А яшчэ мы ўвялі для ўсіх беларускамоўны дзень - гэта чацвер. Тады нават на кухні дзяўчаткі пераходзяць на іншую мову. Ну і, ведаеце, тады гэта ўжо вынік.

Язэп Стэпановіч people.onliner.by.

Прымаўкі і прыказкі Вялейшчыны

(ад бацькоў, землякоў і з кніжак)

1. Абіваць парогі (Хадайнічаць).

2. Абое рабое (Падабенства).

3. Абы дзень да вечара (Гультайства).

4. Абы сумленне чыстае.

5. Абыякі двойчы робіць, а скупы - траціць (плоціць).

6. Абяцанкамі сыты ня будзеш.

7. Агонь - бяда, вада - бяда, але няма горшай бяды, калі ні вагню, ні вады.

8. Ад гарэлкі розум мелкі.

9. Ад дабра не бягуць.

10. Адзін і ў кашы прападзеш (Супольная праца плённей).

11. Адклад ня йдзе на лад.

12. Адкуль дым, адтуль і полымя (Усё абумоўлена).

13. Ад малых дзяцей галава баліць, ад дарослых - сэрца.

14. Адна бяда ня ходзіць (Быць абачлівым і пільным).

15. Адна галава - добра, а дзьве - лепш (Важнасць супольнай думкі).

16. Адным вухам слухае, а другім выпускае (Няўважлівы).

17. Ад Пілата да Філата (Хадзіць, рабіць без відавочных вынікаў).

18. Ад прыбытку галава не баліць.

19. Ад роднага таткі дорагі й латкі.

20. Ад смерці не адкупішся й не адпросішся.

21. Аж шапка паднялася (Спужаўся).

22. Апошняму госьцю лыжка ў качарэжніку.

23. Апошняя кропля (Канец трывання).

24. Апусціцца на дно (Страціць дастойнае становішча).

25. Аўчынка вырабкі ня варта (Марная праца).

26. Баба з калёсаў - каню свята (Пакінуць кампанію).

27. Багатаму ў полі родзіць, а беднаму ў хаце плодзіць.

28. Багаты беднаму не спагадае.

29. Багаты той, хто не марнуе (ні час, ні грошы, ні рэчы).

30. Балі ды гулі ў лапці абулі.

31. Бараду задраць (Памерці).

32. Бачыць вока, ды ляжыць высока (Недасягальнасць).

33. Баяцца ваўкоў - у лес не хадзіць (Няўпэўненасць).

34. Без гаўна дабро ня вырасціць (Пацверджанне каштоўнасці; важна, як гумус у глебе).

35. Без навукі, як бязрукі.

36. Без падмазкі й блін не адстане (Улагода, хабар).

37. Без прычыны смерць не бывае.

38. Беражонага й Бог беражэ (Асцярожнасць, пільнасць).

39. Біцца, як рыба аб лёд (Адчай).

40. Блізка то блізка, але каб не было слізка (Вартасць ацэнкі дзеяння).

41. Бог - бацька (Што будзе, тое будзе).

42. Бог не цяля, бачыць круцяля (Відавочная хібнасць).

43. Боты новыя, а пяты голыя (Паказуха).

44. Брацца з галавой (Апантана працаваць).

45. Будзе й на нашай вуліцы свята (Упэўненасць).

46. Будзе дзень - будзе й страва (Не варта спяшацца).

47. Будзе час - будзе й квас, ня ўсё за раз (Час і мера).

48. Будзе хлеб - будзе й да хлеба.

49. Будзеш лянавацца, будзеш з торбаю цягацца.

50. Бура ў шклянцы (Хваляванне без нагоды).

51. Быў бы хлеб, а нахлебнік знойдзецца.

52. Быць у гуморы (Мець цудоўны настрой).

53. Б'юць сваіх, каб чужыя баяліся.

54. Бяз году тыдзень (Паспешлівасць).

55. Вада да вады цячэ (Ашчаднасць).

56. Вадой не разліць (Моцнае сяброўства).

57. Ваду ў рэшаце насіць (Марная справа).

58. Вазіць ваду (на кімсьці) (Пакладзістасць).

59. Валяць дурака (Ухіляцца ад справы, марудзіць).

60. Варон лічыў (Празяваў).

61. Ваўка ногі кормяць (Руплівасць).

62. Век жыві - век вучыся (Неабходнасць удасканалення).

63. Веру, веру ўсялякаму зверу, аднаму табе ня веру.

64. Вецер у галаве (Легкадумнасць).

65. Відаць птушка па палёце (Вартасць чалавека ў дзеяннях).

66. Вінавата хата, што ўпусьціла Ігната (Пра цяжарнасць).

67. Вольнаму - воля, шалёнаму - поле.

68. Воўк да лесу (Непераканальны чалавек).

69. Вочкі б мае ня бачылі (Агіда).

70. Вочы выеў (Моцна надакучыў).

71. Вочы мазоліць (Непажаданая прысутнасць).

72. Вывесці на чыстую ваду (Выкрыць, надаць галоснасць).

73. Выйсці ў людзі (Заняць прыстойнае месца ў грамадстве).

74. Вырас да неба, а дурань як трэба (Бесталковы чалавек).

75. Вялікае дрэва паволі расце (Не спяшацца).

76. Вялікая сям'я не бяз вырадка.

77. Вясновы дзень год корміць (Руплівасць).

78. Галодны, як воўк.

79. Ганарлівы ды ўпарты - нічога ня варты.

80. Гарбатага труна выпрастае (Безвыніковасць навучання).

81. Гары яно гарам (Самазаспакаенне).

82. Гаспадарку весці - не штанамі трэсці.

83. Гаспадар свайго слова (Слова і справа не разыходзяцца).

84. Гаў-гаў ды ў будку (Сказаў і досыць).

85. Герой бабы старой (Харахорства).

86. Гнілая душа (Непрыстойнасць).

87. Голад ня цётка (Прагаладаешся - усё з'ясі).

88. Гол як кол (Бедны чалавек).

89. Горла дзёрці (Крычаць, лямантаваць).

90. Грош цана (Нікчэмнасць).

91. Грошы, як сліна (Лёгкая трата грошай).

92. Гультай за работу, мазоль - за руку.

93. Гуляць на ўсю іванаўскую (Поўная вольніца, без абмежаванняў).

94. Гэта мне ані баліць, ані смыліць (Не хвалюе).

95. Гэта яшчэ квяткі, а ягадкі будуць (Папярэджанне).

96. Гэтыя парогі не пад мае ногі (Непераадольнасць).

97. Дапаможаш, як хваробе кашаль (Безсэнсоўнасць дапамогі).

98. Датуль маці міла, пакуль какі мыла.

99. Даваць жару (Імпэтна дзейнічаць).

100. Даронаму каню ў рот не глядзяць (Падарунак - не пакупка).

101. Даць маху (Памыліцца, прамінуць).

102. Даць рады (Дапамагчы).

103. Два разы не паміраць (Рашучасць).

104. Двух зайцоў лавіць (Адначасова рабіць розныя справы).

105. Дзе гам (ежа) - і ён там (Прагны аматар чагосьці).

106. Дзе двох сварыцца, там трэці карыстаецца.

107. Дзень да вечара (Марнаваць час).

108. Дзе нянек многа, там дзіця бязнога (Гаспадар рэчы мусіць быць адзін).

109. Дзе п'юць, там і льюць (Непазбежнасць).

110. Дзе тонка, там і рвецца (Дзе недагляд, там і праблемы).

111. Дзеўка без касы ня мае красы (Цэласнасць).

112. "Дзякуем" не адбудзеш (Часцей як жарт).

113. Добраму чалавеку ўсюды добра, а благому - дрэнна.

114. Добра там, дзе нас няма (Незадаволенасць сваім станам).

115. Дождж, як з вядра (Лівень).

116. Долі на рынку ня купіш, а ў судзе праўды ня знойдзеш.

117. Доля шчарбатая (Няладнае жыццё).

118. Дубца даць (Непаслухмянаму).

119. Думай з вечара, а рабі з рання.

120. Дурны як бот.

121. Дурню законы ня пісаны.

122. Душу выняў (Дамогся).

123. Ехаць з печы на пяколак (Недальнабачнасць).

124. Ёсць загана - купіш танна.

125. Ёсць пачатак, будзе й канчатак (Галоўнае пачаць справу).

126. Жарты нічога ня варты, але часам праўдзяцца.

127. Жыць на шырокую нагу (Неашчаднасць).

128. Жыццё пакажа (навучыць) (Неслух).

129. Жыццё пражыць - ня поле перайсці (Быць гатовым для пераадолення цяжкасцяў).

130. Жыць, як набяжыць (Не адчайвацца).

131. Завіхайся, але не спяшайся.

132. За вочы казаць (Абгаворваць).

133. Загляне сонца й у наша ваконца (Надзея).

134. За дурной галавой і нагам неспакой (Нялішне падумаць перад тым, як здзейсніць).

135. За душой ні граша (Бедны ва ўсіх сэнсах).

136. Замест мазгоў апілкі.

137. Запас бяды ня чыніць.

138. За сокалам і варона хараша (З дасціпным, талковым мужам без праблемаў).

139. За хвойкай лесу ня бачыць (Няўважлівасць).

140. З вагнём ня жарты, й вадзе няма веры.

141. З вагню ды ў полымя (Адчай).

142. Звонку клуста, а ў сярэдзіне пуста (Неразумны).

143. З вуснаў мёд, на сэрца лёд (Ліслівасць).

144. Згубіўшы не тужы, знайшоўшы не кажы.

145. Здаецца, як дурной авечцы (Уяўленне).

146. Здароўе ня купіш.

147. З доўгай перабірачкі дастанеш балячкі (Маруднасць выбару).

148. З дурным сварыцца, як з вадою біцца.

149. З камара каня рабіць (Перабольшванне).

150. З капылоў далоў (Моцна спужаўся).

151. З мужыка пан, як з мыла жбан.

152. Знай, каток, свой куток (Павінны быць на належным месцы).

153. З пустога ў парожняе (Разважаць без патрэбы).

154. З табой кашы ня зварыш (Незгаворлівы чалавек).

155. Зуб за зуб (Незгаворлівасць).

156. Зуб на зуб не трапляе (Халадэча).

157. Зь кім павядзешся, таго й набярэшся (Уплывовасць сяброўства).

158. Зяць любіць узяць.

159. І воўк сыты, і козы цэлыя (Пагадненне).

160. І душы няма (Моцны неспакой, хваляванне).

161. І мову адняло (Збянтэжыўся).

162. І ў вус ня дуе (Абыякавы).

163. Індык думаў, ды ў суп трапіў (Недальнабачнасць).

164. Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца.

165. Каб конь добра вёз, давай яму авёс.

166. Каб ня ежка, не адзежка, дык была б грошай поўная дзежка.

167. Каваль бяз кузні, а шавец босы.

168. Кажы: "Стрыжана", а ён: "Голена" (Так, але па-свойму).

169. Калі б ведаў, дзе павалішся, то абыйшоў бы.

170. Калі вераць - не бажыся, калі б'юць - не прасіся.

171. Калі маеш грошы, то й сам харошы (Вартасць заможнасці).

172. Калом стаяць (Непарушна, непатрэбна).

173. Каму што, а пеўню бойка (Задзіра).

174. Каму што баліць, той пра тое й гаманіць.

175. Канцы з канцамі (Знікаць бясследна).

176. Капыты адкінуць (Загінуць непрыстойна).

177. Каса на камень трапіла (Пасварыліся).

178. Касі, каса, пакуль раса, раса далоў - каса дамоў (Рабі своечасова).

179. Кату на пяту наступіць (Рассмяшыць).

180. Кашу маслам не сапсуеш (Карысная прапанова).

181. Кашы ня зварыш (Незгаворлівы).

182. Кішэню падстаўляй (Рыхтуйся атрымаць штосьці).

183. Клін клінам выганяюць (Сувымернае дзеянне).

184. Кожнаму сваё мілей.

185. Колькі ваўка не кармі - у лес глядзіць (Марнае перакананне).

186. Колькі людзей - столькі й падзей.

(Працяг у наст. нумары.)

Лёс і крыжы Маі Кляшторнай

24 снежня 2018 года старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала ўказ аб узнагароджанні 130 грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў медалём да 100-годдзя БНР. 3 траўня 2019 года старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Мікола Пачкаеў уручыў у Менску медаль да стагоддзя БНР Маі Тодараўне Кляшторнай.

Мая Кляшторная - адна з старэйшых актывістак ТБМ, сябра Саюза архітэктараў, дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага, чалавек вялікай сілы духу, любові да волі і да жыцця, поўны спагады да іншых людзей. Мая Тодараўна была адной з заснавальніц "Мартыралогу Беларусі", кіраўніцай навуковага праекта мемарыяла ў Курапатаў. Многія гады яна ішла з кветкамі ў першых шэрагах у святочнай калоне на Курапаты на Дзяды. Гэта яе крыжы першымі паўсталі на беларускай Галгофе.

Яна нарадзілася 31 траўня 1937 года. Калі ёй споўнілася 4 месяцы, бацьку і маці арыштавалі. Тодару Кляшторнаму было ўсяго 34 гады, у яго за спіной была вучоба ў Белдзяржуніверсітэце, праца на радыё, у рэдакцыях газет і часопісаў, сяброўства ў літаратурных аб'яднаннях " Маладняк" і "Узвышша", выпуск чатырох паэтычных зборнікаў. Таленавіты і ўважлівы да пачуццяў, Тодар Кляшторны праяўляў у вершах свае непаўторныя перажыванні. Яму былі блізкімі па духу Сяргей Ясенін, Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка.

Хто над шляхамі

ў сонечнае ранне,

Дзе шапаціць бярозавы абрус

Аддаў душу за вечнае змаганне,

Распяў душу за маці-Беларусь.

Тодара Кляшторнага расстралялі 30 кастрычніка 1937 года. Яго жонку Яніну Германовіч з маленькай Маяй на руках адправілі ў АЛЖІР (Акмолинский лагерь жен изменников Родины) у Казахстан. Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмолінскім лагеры, яшчэ шэсць - у дзіцячым спецпрыёмніку НКВД, і яшчэ сем гадоў - разам з маці ў ссылцы ў Сібіры. Толькі ў 18 гадоў, вярнуўшыся ў Беларусь, Мая Кляшторная адчула, што ёсць іншае, вольнае жыццё.

У дзяцінстве і юнацтве дзяўчынка неаднойчы перамагала цяжкія захворванні: яна перанесла косныя сухоты пазваночніка і вылячылася з дапамогай аперацыі, якую лекары, дасведчаныя ў ваенна-палявой хірургіі, выканалі ў Сібіры. У 1964 годзе ледзь не страціла слых па прычыне запалення сярэдняга вуха, але зноў на дапамогу прыйшлі медыкі.

Мая змагла скончыць Менскі архітэктурны тэхнікум, вучылася ў Маскоўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце і Усесаюзным завочным інжынерным інстытуце, зноў адчувала сябе актыўнай і здаровай, поўнай сіл. Больш за 30 гадоў яна працавала архітэктарам у праектным інстытуце "Белпрампраект", удзельнічала ў распрацоўцы генеральнага плана Менска.

Не аднойчы са смеласцю і рашучасцю ёй прыходзілася развязваць складаныя праблемы. Яе адпраўлялі ў Маскву на важныя нарады ў Саўмін, звязаныя з будаўніцтвам буйных аб'ектаў на Беларусі. Ёй даводзілася ездзіць з наглядам на будаўнічыя пляцоўкі. Аднойчы, калі ішла пракладка магістралі, яна своечасова адхіла адгрузку вагона непатрэбнага гранітнага друзу і пракантралявала пастаўку неабходных будаўнічых матэрыялаў.

У 1988 годзе быў створаны "Мартыралог Беларусі".

- Гэта было абуджэннем народу, - успамінае Мая Тодараўна. - У людзей нібы шоры з вачэй упалі. Ужо тады з'явілася публікацыя "Курапаты - дарога смерці", былі праведзеныя даследаванні, дакументаваліся ўспаміны сведкаў. Сярод ініцыятараў стварэння "Мартыралогу" першым быў Васіль Быкаў. Ён паспрыяў таму, каб артыкул пра масавыя расстрэлы ў Курапатах быў надрукаваны ў тыднёвіку "Літаратура і мастацтва". А першым слова "мартыралог" прамовіў Зянон Пазняк.

Мая Тодараўна Кляшторная працавала ў камісіі, якая збірала звесткі пра рэпрэсаваных. Як у камісію, так і да яе на працу ў "Белпрампраект" ішоў натоўп людзей, якія імкнуліся высвятліць лёс загінуўшых у лагерах родных, якія шукалі і збіралі адпаведныя дакументы. Яна ўзяла ўдзел у другім па ліку шэсці на Курапаты, і з тых часоў заўсёды праходіла гэтую памятную дарогу разам з грамадой.

Менавіта па яе просьбе ў прыватнай рытуальнай майстэрні былі выраблены першыя дубовыя і сасновыя крыжы, а потым і самы вялікі крыж.

- Прынесці іх дадому з майстэрні мне дапамаглі Сяржук Вітушка і Генадзь Сагановіч. Крыжы некалькі дзён стаялі ў нас дома, яны пахлі смалой. А потым з дапамогай іншых людзей былі ўсталяваны на месцы памяці загінулых ахвяр.

Ёй дорагі былі сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі сталага веку, якія ведалі яе бацьку - з Максімам Лужаніным і іншымі. Маці Маі, вярнуўшыся з Сібіры, увесь час хварэла і ў хуткім часе пайшла з жыцця. Мая Тодараўна як родную берагла і даглядала яе сяброўку - паэтэсу Яўгенію Пфляўмбаўм, з якой маці вучылася разам.

Мая Тодараўна падтрымлівала сяброўскія стасункі з многімі дзеячамі культуры, мастакамі: са Стэфаніяй Станютай, з Яўгенам Куліком, Віктарам Маркаўцом, дапамагала матэрыяльна мастакам у часы нястачы. Яна сябравала з многімі праваслаўнымі, уніяцкімі і каталіцкімі святарамі. Сын Васіля Сёмухі перадаваў ёй выданні Бібліі на беларускай мове. Яна дзялілася асобнікамі Святога Пісьма на роднай мове са святарамі і чальцамі грамадскай арганізацыі "Маці супраць наркотыкаў". Яна перанесла шмат гора ў сваім жыцці і сама адгукалася на чужое гора. Сустрэла і шмат добрых людзей - "залатыя зярняткі людскія".

…Для першага пасляваеннага выдання вершаў Тодара Кляшторнага яны з маці збіралі матэрыял у бібліятэках па перыядычным друку і даваенных зборніках. У 60-тым годзе выйшла выбранае з паэзіі Тодара Кляшторнага "Залатое вязьмо", у 1970-ым - выбраныя вершы. Новае выданне рыхтавалася ў "Беллітфондзе" да 100-годдзя паэта ў 2003 годзе і выйшла з прадмовай і каментарамі Алеся Пашкевіча.

"Тодар Кляшторны выявіўся, найперш, паэтам авангарднага мыслення, творцам імажынісцкай школы з яркімі, непаўторнымі перажываннямі, настроямі, пачуццямі, якія ім нібыта не пісаліся, а выспеўваліся, - напісаў Алесь Пашкевіч. - Аднак такія спевы не лашчылі вуха бальшавіцкім ідэолагам. Эстэтычна вытанчаныя вершы Тодара Кляшторнага, у якіх апяваліся чалавечыя пачуцці, гучалі экзістэнцыяльныя роздумы аб жыцці і смерці - такія вершы тагачаснай вульгарызатарскай крытыкай успрымаліся варожа: як упадніцкія, шкодныя."

"Не жнеі ў вязьмы залатыя,

Уплятаюць пражу туманоў,

А ветры буйныя за тынам

Мяцеляць золата кляноў. "

( "Кляновыя завеі")

У 2017 годзе амбасадары еўрапейскіх краін дапамаглі Маі Тодараўне паправіць здароўе, і яна з дапамогай " Белавія" змагла злятаць у Казахстан з унучкай Хрысцінай па запрашэнні Нурсултана Назарбаева.

У 2007 годзе па ініцыятыве Н. Назарбаева і пры падтрымцы ўладаў Казахстана ў пасёлку Акмол быў пабудаваны мемарыяльны комплекс, які так і называецца - АЛЖІР і створаны музей. Работнікі музея па драбніцах збіралі інфармацыю аб вязнях лагера ў архівах НКВД, а частку экспанатаў перадалі сваякі жанчын-зняволеных. Мая Тодараўна наведала музей, перадала туды дакументы сваёй маці і матэрыялы, звязаныя з жонкай Якава Бранштэйна - Марыяй Мінкінай, якая таксама знаходзілася ў АЛЖІРы…

Камяні, усталяваныя па ініцыятыве Маі Кляшторнай у Курапатах у 2013 годзе, стаяць непахісна.

Маю Тодараўну радуюць яе ўнукі - Хрысціна і Ілля, і вельмі чулы і пяшчотны праўнук - Марат. Яны надаюць сілы жыць і клапаціцца пра іх будучыню.

Эла Дзвінская . На фота аўтара: 1. Медаль да 100-годдзя БНР уручаны Маі Кляшторнай; 2. Мая Кляшторная з унукамі: Іллём і Хрысцінай; 3. М. Кляшторная па дарозе ў Курапаты; 4. Тодар Кляшторны; 5. Кніга Т. Кляшторнага; 6. Ахоўныя камяні мемарыяла стаяць непахісна.

Філалагічны факультэт прэзентаваў кнігу пра Алега Лойку

На філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта адбылася прэзентацыя ўнікальнай кнігі пра Алега Лойку "Чалавек з сонечнаю ўсмешкай" - былога дэкана філфака БДУ, прафесара, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук. На прэзентацыю прыехалі былыя выпускнікі факультэта, пісьменнікі, навукоўцы, а таксама выкладчыкі філфака і студэнты. Прэзентацыю адкрыў доктар філалагічных навук, прафесар, укладальнік кнігі Алесь Бельскі, які адзначыў, што мэта кнігі - стварыць цэласны партрэт Алега Лойкі як вучонага, паэта, аўтара раманаў-эсэ, педагога, выхавальніка творчай моладзі, грамадзяніна і патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.

- І гэта нам удалося. Таму спадзяёмся, што выданне стане пачаткам і стымулам для далейшага шматаспектнага асэнсавання жыцця, дзейнасці і творчасці Алега Лойкі - выдатнай асобы, вучонага еўрапейскага ўзроўню, таленавітага майстра слова, - адзначыў Алесь Бельскі.

Пра Алега Лойку шчыра распавядалі дэкан філфака Іван Роўда, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Анатоль Бутэвіч, народны мастак Беларусі Іван Міско, святар Зьніч, былыя сябры ўніверсітэцкага літаб'яднання "Узлёт", якім кіраваў Алег Лойка - Мікола Мятліцкі, Уладзімір Мазго, Кастусь Цыбульскі, Сяргей Чыгрын, Сяргей Украінка і іншыя. Да прэзентацыі кнігі была арганізавана выстава кніг Алега Лойкі, паказаны невялікі фільм. Усе аўтары кнігі пра Алега Лойку атрымалі па асобніку ў падарунак.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск. Фота аўтара.

У Германіі адзначылі 70-годдзе зняцця савецкай блакады Заходняга Берліна

Навіны Германіі

У нядзелю, 12 траўня, жыхары Германіі святкавалі 70-годдзе зняцця савецкай блакады Заходняга Берліна, аднаго з першых крызісаў "халоднай вайны". Канцэрты і дэманстрацыя архіўных кінаматэрыялаў праходзілі ў парку Тэмпельгоф на месцы былога аэрадрома.

Амаль год Савецкі Саюз спрабаваў узяць Заходні Берлін зморам, каб прымусіць заходніх саюзнікаў сысці з сектара. У чэрвені 1948 года былі перакрыты ўсе аўтамабільныя дарогі і чыгункі, што вялі ў заходнюю частку горада, была забаронена пастаўка вугалю, на якім працавалі электрастанцыі, і пастаўка медыкаментаў у шпіталі. Усе гэтыя месяцы забеспячэнне горада цалкам ажыццяўлялася з паветра.

Аўтарам праекту "Паветраны мост" быў генерал-лейтэнант амерыканскай транспартнай авіяцыі Уільям Танер. У Берлін з заходніх зон акупацыі вялі тры паветраныя калідоры: самалёты ўля-талі ў Берлін праз паўднёвы і паўночны калідоры і выляталі праз сярэдні з перапынкам тры хвіліны. Так на працягу года ўдалося арганізаваць забеспячэнне з паветра ўсім неабходным двух з паловай мільёнаў чалавек. Урэшце Сталін вымушаны быў саступіць. У ноч на 12 траўня 1949 года блакада Заходняга Берліна была знята.

Паветраны мост працягваў дзейнічаць да верасня 1949 года, каб стварыць у горадзе неабходныя запасы. Галоўным палітычным вынікам берлінскай блакады стала аб'яднанне заходніх земляў і стварэнне Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, а таксама наданне Заходняму Берліну аўтаномнага статусу. Акрамя таго, пад знакам берлінскай блакады і "паветранага моста" 4 красавіка 1949 года было прынята рашэнне аб стварэнні Арганізацыі Паўночна-атлантычнай дамовы (NATА).

Радыё Свабода.

Фестываль "Гальшанскі замак" пройдзе 18 траўня

Фестываль "Гальшанскі замак" у гэтым годзе запрашае да сабе 18 траўня. Адноўленая паўночная вежа Гальшанскага замка, мясцовыя пернікі і фестываль інструментальнай музыкі. Гэтыя і іншыя разыначкі чакаюць удзельнікаў і гасцей юбілейнага - дзясятага фестывалю сярэднявечнай культуры. Абяцаюць, што замак Сапегаў ажыве, дзякуючы спецыяльным тэхналогіям 3D. Таму і падрыхтаваць да свята старыя сцены трэба асабліва старанна. Тут ужо зроблена металічная лесвіца на вежу, працягваецца рэканструкцыя фрагментаў сцен, плануецца іх падсвятленне. За час, што застаўся да свята, арганізатары і мясцовыя ўлады плануюць навесці парадак не толькі вакол сцен замка, а і ў аграгарадку. Яны вельмі спадзяюцца на дапамогу мясцовых жыхароў. Конныя турніры і баі на мячах. Сярэднявечная музыка ад гурта "Стары Ольса", які ў гэтым годзе, як і ў самы першы год фестывалю, стане хэдлайнерам мерапрыемствы, і фестываль інструментальнай музыкі, які арганізуецца ў мясцовым Доме культуры.

Радыё Рацыя.

У с п а м і н ы

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Да 156-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Прыходзіць з Варшавы інструкцыя ў палове чэрвеня перад зняволеннем Кіраўнічага аддзела:

1) Замест Кіраўнічага аддзела - Выканаўчы аддзел. Старшыня і 4 чальцы для 4 секцый, а таксама камісар з Варшавы з асобнай пячаткай і правамі прызначэння ваяводскіх, павятовых камісараў без ведама Аддзела.

2) Прызначаецца значны пенсіён для ўсіх чыноўнікаў (дагэтуль на Літве чыноўнікі на краёвай службе не атрымоўвалі ніякай аплаты).

Гэтыя пастаянныя змены мучылі наш Край і тармазілі ўсялякую працу, пераконвалі пры тым, што Край знаходзіцца ў руках людзей, якія не маюць разумення пра яго стасункі і інтарэсы.

Можна дапускаць, што ў Каралеўстве не было лепей, і там былі пастаянныя змены, бо наколькі ведаю, там некалькі разоў змяняўся склад чальцоў Нац[ыянальнага] ўр[ада]. Высылалі, мардавалі і няволілі. Кожная змена прыносіла новыя распараджэнні, якія былі вынікам падбору людзей з што раз напэўна меншай падрыхтоўкай і ўменнем дастасавацца да што раз цяжэйшых акалічнасцяў.

Да хвілі пераняцця Каронай кіраўніцтва нашымі справамі, на Літве панавала найпаўнейшая згода як у Камітэце, так пазней і ў Аддзеле і ў стасунках з грамадствам. Усе супольна працавалі і дапамагалі адны адным, нават моладзь з так званай Чырвонай партыі ахвотна падпарадкавалася распараджэнням Аддзела і прыступіла да супольнай працы. Малыя амбіцыйкі і парожнасць некаторых чальцоў з арганізацыі не тармазілі працы.

Асобае распараджэнне, якое надавала камісарам, прыбылым з Каралеўства, невядомым нашаму Краю, правы прызначэння людзей на такія высокія пасады пераважвала лёсы Літвы. Калі бяспека ў руках такога легкадумнага Ду Лаўрэнса.

Увесь Аддзел падаў у адстаўку. Пакуль прыйшоў адказ з Варшавы, 31 траўня зняволілі Аскерку і Антонія Яленскага. Эдвард Пажэрскі, начальнік нашай паліцыі ўцякае за мяжу. На месца Аскеркі выбіраюць Уладзіслава Малахоўскага; а на Яленскага - Вагнера, сакратар К[араль] Ф[алевіч]. Далеўскі лічыў за абавязак перад Краем не перапыняць дзейнасці да прыходу адказу з Варшавы. Па загадзе Мураўёва Вагнер і Лапацінскі выязджаюць на вёску (пастараўся пра гэта Дамейка). Праз10 дзён пасля арышту Аскеркі і Яленскага зняволілі Фр[анцішка] Далеўскага. Афіцэр Гаеўскі (шпіён, засланы заміж плямянніка адной з сясцёр міласэрнасці, якога яна не ведала, дзіцем быў аддадзены ў корпус) прасіў яе выстарацца для яго бланк у лагер. Паверыла яму і выпрасіла ў сястры Францішка паручыцца за яго (Далеўскія не належалі да Камітэта кабет, выконвалі толькі тое, чым братам сваім хоць трохі ўслужыць маглі). Перахоўвалі архіў і іншыя паперы ў бабулек.

Францішак, ідучы ў кватэру Гаеўскага з грашыма ў 500 р[ублёў] і з бланкам, пакінуў дома ўсё, што б яго магло скампраментаваць у выпадку арышту. У Гаеўскага, дзе ўжо чакала паліцыя, сумеў знішчыць бланк, так што Мураўёў не меў доказаў яго віны, а на працягу 2 гадоў зняволення не знайшоўся ні адзін голас, хто б засведчыў супраць яго. Нават такі фатограф К[орзан], які выдаў Аскерку, Яленскага, калі захварэў на тыф у Кунгуры, а сёстры Далеўскага, якія даглядалі хворых у тыфозным шпіталі, наблізіліся да яго (відочна, ведаў іх наглядна), то закрычаў: "Далеўскія! Я подлы, выдаў Аскерку, Яленс[кага], Пажэрскага, але, Божа, ты бачыш, што гэта не я выдаў Францішка!" Літва заплаціла Камісіі (як дапускаю, Мураўёву пры пасярэдніцтве Камісіі 15 тысяч за жыццё Яленскага, Аскеркі і Далеўскага. Ян Завіша даў за 900 рублёў. Завалакіцілі справу да адмены ваеннага становішча, а з ім і смяротных прыгавораў.

Пасля зняволення Францішка Далеўскага прыехаў з Варшавы Юзаф Каліноўскі (кс. Рафал). Прывёз пячатку і мандаты.

Новыя чальцы:

старшыня Гейштар,

горад - Уладзіслаў Малахоўскі,

вайсковыя справы - Юзаф Каліноўскі,

сакратар - К[ароль] Ф[алевіч],

камісар - Ду Лаўрэнс.

Нядоўга гэта ўжо трывала. Замена людзей на ўсіх пасадах (а амаль што не было ўжо з каго выбіраць, лепшая большасць вымардавана або вывезена), пастаянныя арышты, экзекуцыі, праз кожныя колькі дзён множацца здраднікі, шпегі, ссылкі.

У гэты смутны час Нац[ыянальны] ўр[ад] уводзіць:

1) Жандармерыю на Літве з простых, неабучаных людзей, з правам вынясення смяротных прыгавораў нядбайным і здраднікам.

2) Жадае арганізацыі вясковага люду (дзіўнае няведанне нашага краю);

3) Абвясціць на Літве паспалітае рушэнне (з каго?);

4) Распачаць неадкладна паўстанне на Падоллі, Валыні, Украіне, у Віцебскай, Менскай і Магілёўскай губ[ернях].

Смутныя былі вынікі тых спробаў каля Жытоміра, Павалочы, Кіева. Мужыччо, узброенае дубінамі і сякерамі наводзіла маскоўскае войска на партыі моладзі і вымардоўвала без міласэрнасці.

Цэнтральны камітэт выканаў свой абавязак прадстаўляючы на з'ездзе ў Вільні, а потым цераз Яленскага рэальны стан Літвы і чаго ад яе можна спадзявацца. Прыбыльскі, якога Варшава сама сабе выбрала, не пытаючыся Літвы, на яе прадстаўніка, не ўмеў стаць роўна як на абарону Літвы, так і ўсёй супольнай справы.

Усе тыя распараджэнні ў хвілю, калі паўстанне канае. Двары апустошаныя, дабразычлівыя вёскі папалены, зраўняныя з зямлёй або ад жаху гатовыя схіліцца на бок ворага. Паспалітае рушэнне! Арганізацыя люду! Не было ўжо нікога, каб падтрымаць грошам, хлебам і апекай атачыць апошнія жменькі туляўшыхся паўстанцаў. Казалі ім ператрываць да наступнага лета і тады распачаць рух з большай сілай!

Апошнія 4 зімовыя месяцы ў [18]64 годзе былі цяжкімі ў ператрыванні для бедных паўстанцаў, расцярушаных, але не жадаўшых скласці зброю, каб скарыстацца з мураўёўскага маніфесту. У тым ліку былі: кс. Мацкевіч, Канстанцін Далеўскі, Жахоўскі, Штэнгельмееры і шмат іншых, як: Булгароўскі, Ліпінскі.

Зіма была, як ніколі датуль суровая, маразы даходзілі да 25 градусаў. Няма дзе схавацца. Маскоўскае войска ператрасае ковенскія ваколіцы, шукаючы рэшткі туляўшыхся. Ніхто ім не адважваўся даць схованку як у хатах, так і ў дварах, якіх няшмат засталося, бо каго не зняволілі за ўдзел у паўстанні, вывезлі ў Расію за непадпісанне адрасу.

І ў светлы час і ў змроку наш сумлены жмудскі мужычок, праняты літасцю, бег шукаць на[шых] няшчасных у аддаленых глыбінях пушчы, несучы ім сухі кавалак хлеба, спечанага з вотрубаў, ад якога крывавіліся [язы]к і паднябенне спажываўшага, ці кавалак старога елкага сала, але і тут паводле апавяданняў Жахоўскага рабілася ім крыўда. Харч закопвалі ў зямлю (свіран беднякоў). Дзікі ноччу, прывабленыя яго вострым пахам выкрадалі. А яны самі? На марозе, ад якога з гарматным гукам лопаліся старыя дубы, скурчыўшыся, [пры]туліўшыся адзін да аднаго, пад прыкрыццем назбіраных днём сухіх галін, зложаных кучай, праводзілі ночы праз 3 месяцы. Сумленны наш люд, застаючы іх так раніцай, гаварыў з літасцю:

- Пан[ічы]кі - няхай споўніцца Божая воля! Пры[ходзь]це хоць ночку правесці ў хаце.

[Ня]шчасныя не адважваліся скарыстацца, там пад страхой чакала на іх смерць і згуба сумленных людзей.

Пасля апошніх распараджэнняў, прысланых з Варшавы па арганізацыі люду, жандармерыі, паспалітага рушэння, [ру]ху ў красовых губернях, адкуль да гэтага часу прыходзіла падмацаванне ў моладзі і ў грашах, настае ў Выканаўчым аддзеле хвіля бунту, абурэння. Аддзел, не могучы супольна працаваць з Гейштарам, хоча? яго пазбыцца, з гэтай мэтай выязджае Ду Лаўрэнс [у] Варшаву, той з намерам хуткага вяртання пакідае свой паўнамоцны мандат на Літве ў Канстанціна Каліноўскага. Аддзел, карыстаючыся адсутнасцю камісара [?], замененага імгненна памочнікам, [аб']яўляе сваё абурэнне на агульным сходзе вуснамі Ул[адзіслава] Малахоўскага:

- Досыць нам [гэта]й залежнай ролі! Варшава не разумее нашых патрэб. Павінны самі радзіць над дабром Літвы! Мы пастанаўляем ад гэтага часу разарваць гэтую [залеж]насць, якая нас губіць!

Гейштар адзін апелюе разрыву салідарнасці з Каралеўствам.

Таму большасць, нягледзячы на яго апазіцыю, [па]станаўляе выслаць наступныя ўмовы:

- Літоўскі камітэт незалежны ад Кароны.

- Камісар з Варшавы мае толькі дарадчы голас, роўна, як з Літвы ў Варшаве.

Пасля атрымання гэтай пастановы Варшава прысылае ў Вільню Авейду-Шмідта [для] пагаднення Літвы з Каронай. Усё было ўжо запозна!

Праблема адраса Дамейкі

Пасля Біржанскай бітвы Дамейка падтрымлівае планы Мураўёва, агітуючы за паданне адраса, у форме, [ука]занай Мураўёвым.

Адрас не толькі асуджае паўстанне, але і адмяняе ўсю нацыянальную мінуўшчыну, [абвя]шчаючы, што Літва заўсёды была Расіяй і пр[агне] ёй застацца.

Знайходзяцца на Літве такія, якія [яго] падпісваюць з Дамейкам, у вялікай сваёй [ня]долі трацяць галаву і сумленне. Тыя, хто не падпісвае, ідуць на выгнанне. Літва вылюдняе. Народ лічыць Дамейку за здрадніка, адступаецца. Пакуль Дамейка падпі[сваў], Аддзел пастанаўляе не дапусціць яго да гэтага чыну і іншых прыхільнікаў адцягнуць, [ад]пужнуць, каб гэтае паскудства не пашыралася. З гэтай мэтай выносіць смяротны прыгавор Дамейку. Прысланыя жандармы аказаліся няўдалымі. Літва не знайходзіць выканаўцаў прыгавору сярод сваёй супольнасці. Ліцвіны гавораць, што лягчэй сябе пазбавіць жыцця, бо пасля [вы]канання прыгавору жонкі і дочкі адвярнуліся б ад іх, як ад забойцаў. Даставілі з Варшавы Бянькоўскага. Ён наносіць Дамейку ўдар штылетам, але той выжывае і распавядае Мураўёву апісанне, менавіта, што быў бландынам. Стаўленыя перад Дамейкам бландыны ідуць на шыбеніцу, бо Дамейка не ўпэўнены ў ідэнтыфікацыі. Павесілі ў гэты час ? некалькі са Шляхецкага інстытута амаль [дзя]цей, усёй віной якіх былі светлыя валасы. У той час на вуліцах Вільні не было відаць бландынаў. Устрывожаныя маці [фар] бавалі трынаццаці- і дванаццаці-гадовым сынам вала[сы].

Бянькоўскі арыштаваны - павешаны. Малахоўскі, як начальнік горада, найбольш [ад]казны, уцякае. Здановіч, сын прыстойнага чалавека і шанаванага гісторыка, расстраляны. Канстанцін Каліноўскі расстраляны. Ю[заф] Каліноўскі - Сібір. Гейштар зняволены. Захавала яму жыццё тое, што здраднікі, назыв[аючы] яго старшынём у другім складзе, нік[олі] яго не бачылі. Сасланы ў Уфу. Парафіновіч, Кушалеўскі і Дзічкоўскі гавораць пра Гейштара, што не ведаюць яго асабіста та[му], што сам ніколі не дзейнічаў, а засланяўся Цітусам Далеўскім, які звычайна выконваў за [я]го ўсе абавязкі. Цітус ад прыбыцця свай[го] ў Вільню, ад самага пачатку мусіў хавацца пад узятым прозвішчам. У хвілю арышту яго ў Сыраком[ліхі] меў пашпарт на імя Маеўскага. Сыраком[ліха], хоць была пра тое папярэджана, выдала яго [ўлас]нае прозвішча, гэта павяло яго на смерць, бо ад 1 [кастрыч]ніка абвесткі, расклееныя на мурах горада, абвяшчалі прыгавор Мураўёва, які выракаў [яго] завочна на смерць і абяцаў высокую ўзнагароду [?] таму, хто яго выдасць. Цітус Далеўскі расстр[аляны] [?] снежня 1863 года. Выкрытая менская арганізацыя 1 (студзеня) 64 г. [па]казвае на Гейштара, як на старшыню ў другім складзе Аддзела. Дастаўлены з Уфы, пасаджаны ў цытадэлі. Арыштоўваюць Мікалая Гедройця, той выдае Антонія Яленскага, як скарбніка [ў] Аддзеле. Антоні праз увесь доўгі час свайго [зня]волення цвярдзіў адно, што прымаў [у] такія небяспечныя часы вялікія прыватныя сумы для захоўвання, гарантуючы ўласным фундушам.

Пры заснаванні Камітэта пастанавілі, у выпадку арышту, бачачы немагчымасць [вы]круціцца з цяжкага становішча і шматлікіх неабвержных довадаў віны, прымаць адказнасць за дзейнасць датуль пазасталых на свабодзе, каб іх ацаліць і тым самым забяспечыць на будучыню магчымасць далейшай працы.

[І] ніякім чынам не выдаць справы ані шляхоў, якімі край ідзе да мэты.

Яленскі адказваў шляхетна, не выдаў ні справы, ні людзей. Хворы, змучаны двухгадовым вязненнем з-за здрады Гедройця і выдачы яго м[енскай] арганізацыяй, бачачы немагчымасць выкруціцца ад нагрувашчаных супраць яго довадаў, прызнаецца, што быў краёвым скарбнікам.

Гейштар, дастаўлены з Уфы, знаходзіцца ў падобным, што і Яленскі, стане ў выніку прызнанняў Кашыца, менскай арганізацыі і папярэдніх прызнанняў Парафіяновіча, Кушалеўскага і Дзічкоўскага. Прызнанні ўсіх сходзяцца ў тым, што Гейштар быў старшынём ў другім складзе Аддзела.

Становішча абодвух бязвыхаднае. Дазволілі ім пабачыцца. Яленскі незаўважна перадае Гейштару запіску, у якой піша, што для [прыкры]цця датуль не выкрытых чальцоў Аддз[ела] пакажа на яго, як на старшыню, а сябе [як] скарбніка пры Далеўскім Цітусе [?] Каліноўскім, ужо асуджаных і пакар[аных] смерцю. Разлічваў на сілу Гейштара - памыліўся.

Гейштар нейкі час трымаўся добра, але неўзабаве Камісія дакапалася да яго слабых бакоў.

Пачалі яму ліслівіць, расхвальваць яго вялікі розум, справядлівасць, праўдзівасць, якімі [нава]т Мураўёў захапляецца, называючы яго адзіным у Польшчы разумным і справядлівым чалавекам, які не ведае падману. А пры тым усе чальцы Камісіі: Лосеў, Гогель, Юган і Шамшаў так яго любяць, так прагнуць яго выратаваць.

Ах, той Мілтан у сваім "Страчаным раі" як жа вялікую паказвае знаёмасць тайнікоў людской душы, малюючы вобраз шатана з пекла, які шукае шлях да чалавека, жыхара зямлі, створанага Богам. Шатан зму[чаны] доўгімі безвыніковымі пошукамі [расп]ытвае сустрэтага анёла і даведваецца, што най[ш]ырэйшая і найпрасцейшая дарога з усіх напатканых дарог, якая называецца "фанабэрыя", беспамылкова завядзе яго наўпрост да чалавека.

На тым шляху няшчасны Гейштар быў пераможаны панамі з Камісіі, шатанамі з пекла. Пры пастаяннай ліслівасці мучылі абодвух роўна як Яленскага пастаянна паўтаранымі пытаннямі ўдзень і ўначы. Пакідалі ім наледзве пару гадзін спачынку. Чальцы Камісіі змучаныя пакутамі вязняў мяняліся, а гэтыя мусілі ім пастаянна адказваць. Яленскі на думку Камісіі быў вызначаны, як: "Хитрый поле[шук] ничего нам не сказал, чего мы пре[ж]де не знали - ни одной личности нам [не] указал". Ад пачатку да канца трымаўся [пры] тых жа самых сцверджаннях. Няшч[асны] Гейштар пасля змагання з самім сабой - [?]. Піша прызнанне - выдае ўсю наш[у справ]у - увесь ход нацыянальнай працы. В[учыць] Мураўёва, у чым палягае нашая сіла. [Нічога] не мінае. Пачынае ад мірнай працы, якую прыпісвае сабе, выдае арганізацыю колаў і колкаў, тыя ніткі, якія звязваюць увесь край. Піша пра паўстанне, пра першы Аддзел і пра другі (ужо з іх амаль нікога не было ў жывых), што ж да першага, калі б не тыя 15 тысяч, вярнулі б іх і [за]мардавалі б. Іншых, датуль не выкрытых, замоўчвае. Ад гэтага часу ў сетцы арганізаваных кол і колак пачынаюцца масавыя высылкі. [А]дзін чалавек з сям'і правініўся, сылаецца ўся [ся]м'я, яе атачэнне і знаёмыя. Мураўёў цешы[цца]. Ратч піша гісторыю паўстання 1863 года.

[Ге]йштар ад той пары зненавідзеў Яленскага, не мог яму прабачыць, што аказаўся мацнейшым [за] яго. Апраўдваўся перад грамадскасцю, [што] зрабіў прызнанне для ацалення краёвага гонару. (У вачах Камісіі? у вачах Мураўёва? наш гонар?). Забыў пра сваю прысягу: "[Не] вучыць ворага шляхам, якімі мы ідзём да мэты." Думаю, што зрабіў гэта ў нейкім хваравітым [за]пале.

Бо ці ж ёсць мажлівай рэччу, каб паляк у [з]даровым розуме мог на Камісіі сказаць: "Мужыка літоўскага ніколі не будзеце мець на сваім баку.

Калі дасце яму веды, будзе станоўча наш, калі пакінеце яго ў цемры, не будзе [ані] ваш, ані наш".

Натуральна Масква хоча другога.

Якая ж розніца; споведзь перад грамадствам прызнанняў на Камісіі Агрызкі і Гейштара. Першы ў сваёй прастаце і яснасці - вялікі; другі? Абодва засуджаны на Сібір.


Мы закончылі публікаваць пераклад успамінаў Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай. Безумоўна, ёсць прэтэнзіі да якасці, але публікацыя ішла "з калёс". Тым не менш, у бібліяграфіі паўстання 1863 года ўжо ёсць гэтыя ўспаміны на беларускай мове, імі можна карыстацца, на іх можна спасылацца. Як падаецца, белых плямаў у гісторыі паўстання стала трошкі менш.

Пераклаў успаміны Апалоніі Далеўскай Станіслаў Суднік, кніжку з публікацыяй успамінаў па-польску здабыў Леанід Лаўрэш.

Праца над гісторыяй паўстання працягваецца, абяцаем новыя публікацыі.

Наваградскія правінцыі*

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Меч, у сэрца няўдзячна ўторкнуты

Нямногія людзі ведаюць, што ў паўночна-ўсходняй частцы Лідскага павета, у далечыні ад чыгункі, знаходзяцца Геранёны - вельмі старое і памятнае мястэчка, з якім у гісторыі звязана каралева Барбара. Сюды рэдка хто даязджае. Хіба хто выпадкова заблукае, каб парушыць спакой жменькі мясцовых жыхароў.

Ціхае, як вёска, мястэчка з некалькімі беднымі дамкамі. Бачна, што няма тут ніякага гандлёвага руху. У цэнтры Геранёнаў - пляц, на якім скрыжоўваюцца дарогі, і каля гэтага скрыжавання стаіць хата "Таварыства каталіцкіх мужчын" і кааператыў "Гаштольд" - гэтым і вычэрпваюцца патрэбы месцічаў.

Аднак назва "Гаштольд" сведчыць пра тое, што месцічы жывяць традыцыі і паважаюць гісторыю свайго мястэчка. Бо насамрэч Геранёны трэба лічыць сапраўднай перлай гісторыі Лідчыны, скарбніцай недаследаваных таямніц, адказы на якія маглі б добра ўзбагаціць нашы веды пра падзеі і людзей былога Вялікага Княства.

І ёсць тут прыгожы гістарычны помнік. Аднак пра яго не ведаюць нават выбітныя гісторыкі. Некалі я выпадкова праглядаў літаграфічны адбітак Напалеона Орды з выявай замка ў Геранёнах і дзівіўся рэшткам муроў, якія былі намаляваны.

- Ужо тады там не было ніякіх муроў. Гэта толькі фантазія мастака, які намаляваў сцены замка для большага эфекту, - тлумачыў мне гаспадар літаграфіі 10.

Калі, аднак, я аглядаў гэтае месца, дык упэўніўся, што яшчэ не так даўно рэшткі муроў павінны былі стаяць. Але і муры, і тое, што засталося ад вежаў, заўсёды не мелі ніякай апекі. Не ведаў пра іх нават кансерватар 11, які павінен быў падумаць пра захаванне гэтага помніка. Каменныя глыбы накрылі сабою альшыну, што сведчыць пра тое, што муры ўпалі, максімум, некалькі тыдняў таму.

Калі толькі падумаем пра тое, што замак Гаштольдаў у Геранёнах належыць да самых старых, бо пабудаваны, верагодна, у 1431 г. Пятром Гаштольдам 12 - першым з літоўскіх паноў, які прыняў каталіцтва - зразумеем, які цікавы і каштоўны помнік на нашых вачах ператварыўся ў руіны.

Зарослую буйным глогам замкавую гару акаймуе падвойны роў чаго не меў ніводзін з замкаў на Віленшчыне (за выняткам замка ў Троках). Першы роў перад абаронным валам часткова засыпаны друзам і рэшткамі муроў і часткова зарос маладым лесам. Другі, знешні роў, добра захаваўся да нашага часу. Яшчэ выразна бачны сляды развадных мастоў, па якіх уязджалі ў замак.

Над самы ровам … стаіць цалкам акружаны зеленню парафіяльны касцёл. Уласна кажучы - гэта значна перабудаваная даўняя замкавая капліца ў стылі ранняга барока. Пра гэты касцёл, як і пра Наваградскую Фару, ходзяць самы фантастычныя легенды. Кажуць, што ў лёхах касцёла ляжаць парэшткі ўсіх дзедзічаў Геранёнаў - Гаштольдаў, пачынаючы ад Пятра і заканчваючы Станіславам Гаштольдам, які быў мужам Барбары з Радзівілаў - пазнейшай каралевы. Уваход у падзямелле замураваны, і таму цяжка сказаць, ці маецца гістарычная праўда ў гэтых расказах. Адно толькі пэўна - касцёл гэты лічыцца самым старэйшым на Лідчыне.

Гаштольды акрамя замка і капліцы, якая зараз з'яўляецца парафіяльным касцёлам, фундавалі ў Геранёнах яшчэ тры выдатныя святыні. Войцех Гаштольд у 1540 г. адзін з касцёлаў зрабіў біскупскім, яго пробашч па адмысловым дазволе папы меў права ад імя пантыфіка праводзіць абрад набажэнства. Гэты было ў часы найбольшага росквіту мястэчка, у саракавых гадах XVI ст. У той жа час у Геранёнскім замку чатыры гады свайго жыцця правяла каралева Барбара - найпрыгажэйшая постаць нашай гісторыі, у першым шлюбе Гаштольд, у другім - жонка Жыгімонта Аўгуста.

Калі Станіслаў Гаштольд безпатомна памёр, Барбара пакінула асірацелыя вежы Геранёнскага замка, яна была апошнім носьбітам прозвішча вялікага дома Гаштольдаў. З яе ад'ездам пагасла і больш ніколі не ўваскрэсла слава Геранёнаў. Мястэчка па-чарзе пераходзіла з рук у рукі покуль разам з Ліпнішкамі не было аддадзена ў валоданне літоўскай артылерыі. Кароль Аўгуст ІІІ з-за павагі да памяці Барбары надаў Геранёнам годнасць вольнага каралеўскага горада і Магдэбургскае права.

Праз сорак гадоў, у 1792 г. кароль Станіслаў Аўгуст надаў Геранёнам рэнавацыйны прывілей, у якім пацвердзіў Магдэбургскае права, выключыў горад з-пад юрысдыкцыі іншых уладаў, і надаў герб: "Меч, у сэрца няўдзячна ўторкнуты": на зялёным полі сэрца прабітае мячом, атачонае вузкай пляцёнкай, якая ўверсе заканчваецца каралеўскай каронай. Хто ж лепей мог адчуць трагедыю кахання Жыгімонта Аўгуста і Барбары, як не кароль Станіслаў Аўгуст? Кароль-каханак, вялікі знаўца і здабытчык жаночых сэрцаў. Таму і меч, уваткнуты ў сэрца, як знак горада, дзе пачалося няшчаснае каханне. Бо менавіта падчас палявання ў Геранёнскай пушчы кароль пазнаёміўся з Барбарай. …

Аднак прайшло толькі тры гады пасля надання гораду рэнавацыйнага прывілею, і ў 1795 г. маскалі пад камандаваннем графа Безбародкі зрабілі з Геранёнаў руіны - не засталося каменя на камені. Пабурылі фундаменты і зааралі глебу.

І зараз на гэтым месцы шумяць жытнія каласы. На малым пагорку, дзе раней высілася над мястэчкам гаштольдава святыня, сучасны уладальнік Геранён сп. Сымон Мяйштовіч паставіў выкуты з жалеза памятны крыж. Цяжка паверыць, што на гэтым месцы стаяў вялікі мураваны горад з трыма касцёламі і ратушай. Куды не паглядзіш - паўсюдна ўраджайныя палі. Толькі адзін раз араты плугам вывернуў кавалак парцэляны ці іншы артэфакт даўніх часоў, які сведчыў, што некалі тут квітнела жыццё, асвета і культура.

Каля пабудоў прыгожага, узорнага маёнтка, сонечных і прасторных дамоў работнікаў Мяйштовіча ўзносіцца вялікі драўляны гмах сямікласнай публічнай школы імя каралевы Барбары. Гэтую школу фундаваў сп. інжынер Сымон Мяйштовіч, выбітны навуковец, вялікі знаўца і аматар мастацтва, уладальнік багатай галерэі абразоў, якая сёння, каля руін замка, мае нейкую асаблівую вартасць.

Мяйштовіч валодае арыгіналам рэнавацыйнага акту і металічнай пячаткай магістрата каралеўскага вольнага горада Геранёнаў.

* Фрагменты з кнігі: Wladyslaw Abramowicz. Strony Nowogrodzkie. Lida, 1938. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

10 Магчыма, гаспадар літаграфіі - лідскі гісторык Міхал Шымялевіч. Вядома, што ён валодаў гэтакай калекцыяй. - Л. Л.

11 Маецца на ўвазе віленскі кансерватар - асоба якая займала адмысловую пасаду і ў той час адказвала за захаванне помнікаў архітэктуры. - Л. Л.

12 Замак пабудаваны, верагодна, на мяжы XV-XVI ст., калі Геранёнамі валодаў канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Ольбрахт Гаштольд. Геранёны пачынаюць звацца ў дакументах "мураванымі" (murata) не пазней за 1510 год. - Л. Л.

"Вясна-красна на ўвесь свет"

2 красавіка магілёўскі музей В. Бялыніцкага-Бірулі нагадваў канцэртную залу, адкуль гучала і лілася прыемная мелодыя. Адбывалася творчая вечарына "У весніцах вясны". Аматары беларускай абрадавай творчасці сустракаліся з паэткай, этнакультуролагам Антанінай Хатэнка і даследчыкам народнай музычнай культуры, віртуозным выканаўцам на мностве старажытных інструментаў Ярашам Малішэўскім. Прыйшлі яны з калекцыяй беларускіх народных музычных інструментаў і правялі для магілёўцаў цікавае мерапрыемства, якое запомніцца надоўга.

Госці распавялі пра вясновы абрадавы цыкл, пра існасць прыродналюдскую і ўсяго жывога. Пра тое, дзе і ў чым нашы продкі шукалі ратунак ад нядолінястачы фізічнай і духоўнай. Пра каранёвую сістэму самога Быцця на гэтай зямлі. Вясна ў беларускай традыцыі - таемныя весніцы ў новы віток руху сонца, зорак, Зямлі. Весніцы да новай павароткі гадавога кругазвароту. Бо вясна ў беларускай традыцыі багатая на мелодыі, фарбы, гульні, спевы і знакі. Знакі, занатаваныя нашымі продкамі ў абрадавых дзеях і арнаментах. Знакі веснавога абуджэння прыроды і аднаўлення жыццёвых рытмаў пасля зімовага одуму.

І вясну спаконвеку тут, у Краі нашым, адмыслова заклікалі-загукалі, урачыста сустракалі, шчодра нажыўляючы ўсю абуджаную прастору гімнавай радасцю жыць, ствараць, марыць і спаўняць летуценні-мары. Крыляючы на веснавых арэлях часу да новых думак і новых падзей.

З вуснаў паэткі прагучалі вершы, сугучныя задуме гэтай імпрэзы: пра вясну, пра веснавыя абрады і звычаі, пра старадаўні культ роду, пра духоўную спадчыну, перададзеную нам праз вякі папярэднікамі.

Размовы пра вечнае чаргаваліся з цудоўнай музыкай.

Падчас свайго выступлення Яраш расказваў пра гісторыю ўзнікнення і вырабу музычнага інструмента, а потым агучваў гэты інструмент. Яраш Малішэўскі з'яўляецца не толькі таленавітым выканаўцам, ён сапраўдны знаўца, аўтар першага ў краіне сістэматызаванага выдання для дзяцей пра народныя музычныя інструменты.

Малішэўскі пачаў свой выступ чароўнымі гукамі беларускай дуды, якая на Беларусі ўжо даўно паспяхова супернічае з шатландскай валынкай. Хаця раней на нашых землях без гэтага інструмента не абыходзілася амаль ніводнае свята ці значная ў жыцці падзея - народзіны і пахаванні, хрэсьбіны і вяселлі. Працяглыя гукі дуды трапна спалучаліся з жаласлівымі песнямі музыкаў, якія гралі, вандруючы ад вёскі да вёскі. Песні былі разлічаны на тое, каб расчуліць слухачоў, на тое, каб яны не пашкадавалі паболей грошыкаў вандроўным музыкам.

Але, калі дуду ўдала выкарыстоўваюць нашыя фолк-гурты, то колавую ліру пачуць і пабачыць навідавоку - рэдкая і цікавая магчымасць.

Гралі музыкі-валацугі, як вядома, не толькі на дудзе, але і на дудцы, з гэтым цікавым інструментам нас таксама пазнаёміў Яраш Малішэўскі. Інструмент не лёгкі, вагой і выглядам з добрую дубінку, з чаго выступоўца пажартаваў, што ў доўгіх падарожжах дарогамі Беларусі музыкі маглі імі і адбівацца ад разбойнікаў у выпадку нападу, а не толькі граць. Жалейка, ліра, дуда, акарына, варган - усе гэтыя інструменты былі прадстаўлены з душой, ярка і лірычна. Некаторыя з інструментаў слухачы пачулі ўжывую ўпершыню. Свая адмысловая гісторыя музыкі цесна пераплятаецца з гісторыяй той краіны, для якой яна стала блізкай.

Арганізавалі сустрэчу магілёўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны пры падтрымцы мастацкага музея Бялыніцкага-Бірулі і асабіста яго загадчыцы Святланы Строгінай. На імпрэзе прысутнічала каля 40 чалавек.

Наталля Шэмянкова, г. Магілёў.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Сабачая падзяка

Дабрыня ўзвялічвае чалавека, робіць яго ў вачах людзей лепшым, чым ён ёсць. Дабрыня заўжды вартая падзякі. Яе часам хоча зарабіць той, хто здзяйсняе дабрыню. І ў большасці сваёй добрыя ўчынкі здзяйсняюцца чалавекам менавіта дзеля падзякі. І атрымліваюць тую падзяку, якую яны заслужылі.

Кацярына Піліпчык сядзела ў чакальнай зале вакзала і ела канапку. Доўгія зборы ды яшчэ прыспешванні мужа пакінулі яе без абеду. Зараз сухая канапка з вакзальнага буфета была смачней за вясельны каравай. Распакаваць назапашаны ў дарогу правіянт у яе не было ніякага жадання. Прычынай сквапнасці былі і думкі пра мужа: жлукціць піва ў буфеце, ды яму яшчэ хатні бутэрброд падавай.

Не дачакаецца!

Да адыходу цягніка заставалася колькі вольнага часу.

У гэты момант між радамі крэслаў ішоў маленькі сабачка, пушысценькі, з запляменай белай поўсцю. Так хацелася яго ўзяць на рукі, каб не быў такі брудны. Па ўсім бачна, сабачка быў галодны. Ён апетытна абнюхваў валізы пасажыраў, льсціва заглядаў ім у вочы, быццам жаласліва выпрошваў: "Людзі, дайце хоць кавалачак хлеба".

Людзі эгаісты і хцівыя ў сваіх паводзінах не толькі да звяроў, але і свойскіх жывёл. Так было і ў гэты раз. Усе, да каго звяртаўся са сваімі пажаданнямі сабачка, праганялі яго.

Тое самае, пасля ўжывання піва, зрабіў і яе муж, чым яшчэ больш раззалаў жонку. Эгаіст з эгаіста. Пасля гэтага Кацярына пашкадавала сабачку і паклікала яго да сябе.

- Ідзі сюды, мой харошы, - і падала недаедзены кавалак сухой канапкі, які проста не магла адолець.

Сабака спачатку пачастунак абнюхаў і з галадухі ў адно імгненне праглынуў яго. Аблізнуўся і вільнуў хвастом, просячы яшчэ.

"Ой, які цудоўны сабачка! - у душы ўзрадавалася жанчына, адкрыла сумку, дзе ляжалі харчы на дарогу, ды падала новаму знаёмцу бутэрброд з каўбасою. Муж незадаволена прабурчэў:

- А што самі ў дарозе будзем есці?

- Табе заўжды мала, - не зусім пяшчотна адказала жонка. - Нічога з табою не станецца, не пахудзееш.

Брудны пушысцік завіляў хвастом. Ад катлеты сабака ўзрадаваўся яшчэ болей. Зараз гэтае мурзатае стварэнне было даражэйшае і мілейшае за мужа.

Абвестка, што пачынаецца пасадка на цягнік, змусіла ўзяцца за рэчы. Сабачка працягваў падскокваць побач. Мілавацца жанчыне з новым сябрам не выпадала, але яна ў апошні раз хацела перад ім засведчыць сваю дабрыню ды пагладзіць на развітанне. Новы сябра не зразумеў шчырых памкненняў жанчыны з працянутаю пустою рукою, напачатку гыркнуў, затым уцяў зубамі за палец. Людзі, што сядзелі побач і назіралі за ўсім, захіхікалі.

Ужо на пероне жанчына дагнала мужа і гучна пачала выказваць сваё незадавальненне ім: чаму той не абараніў яе ад дурнога сабачкі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX