Папярэдняя старонка: 2019

№ 21 (1432) 


Дадана: 22-05-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1432), 22 траўня 2019 г.

Беларуская мова можа развівацца выключна ва ўмовах нацыянальнай дзяржаўнасці

Таварыства беларускай мовы склала законапраект аб падтрымцы беларускай мовы ды накіравала яго ў адпаведныя структуры, у тым ліку ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

Некаторыя адказы ўжо прыйшлі, але яны адмоўныя. На пытанні Радыё Рацыя адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім:

РР: Вы атрымалі два адказы з Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў і з Міністэрства юстыцыі. Яны трошкі адрозніваюцца, але сэнс адзін.

Алена Анісім: Мы можам сказаць, што ні адно, ні другое ведамства не лічыць неабходным прымаць гэты законапраект. Прытым з неабходнасцю развіцця беларускай мовы яны пагаджаюцца. Але падтрымліваць не жадаюць, спасылаючыся на тое, што ў нас ёсць заканадаўства, і нібыта ў нас усе пытанні ўрэгуляваныя.

РР: Калі вы складалі гэты законапраект, вы абгрунтоўвалі яго неабходнасць між іншым тым, што нават закон аб дзвюхмоўі на практыцы фактычна не выконваецца.

Алена Анісім: Мы ў першую чаргу ў сваім абгрунтаванні зважалі на тое, што ёсць у нас Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь, у якім беларуская мова прызнаецца нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, а таксама нядаўна прынятая Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, у якой беларускай мове адводзіцца належнае месца - а менавіта як вельмі важнаму складніку нацыянальнай бяспекі краіны.

Таксама ў нашым законапраекце ёсць некаторыя заўвагі. Мы бяром пад увагу тое, што беларуская мова мае магчымасць развівацца і зберагацца толькі на тэрыторыі пераважнага рассялення беларускага народа - гэта значыць, у Рэспубліцы Беларусь. Прымаючы пад увагу тое, што ў выніку працяглай адсутнасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, беларуская мова вымагае дадатковай падтрымкі ў параўнанні з мовамі, якія належаць народам з бесперапыннай традыцыяй нацыянальнай дзяржаўнасці і маюць статус міжнародных. Гэта вельмі важныя акцэнты пра тое, што беларуская мова можа развівацца выключна ва ўмовах нацыянальнай дзяржаўнасці, і што яна павінна мець пэўныя перавагі ў дачыненні да тых моў, якія маюць сваю ўласную дзяржаўнасць, а ў нас яны з'яўляюцца, напрыклад, мовамі нацыянальных меншасцяў. Гэта тое, на што зважаюць ва ўсім свеце.

РР: Вы сказалі ў адказах ёсць такое, што падтрымліваць не будуць, але развіваць хочуць. Што маецца на ўвазе? Неяк тлумачыцца, якім чынам?

Алена Анісім: Справа ўся ў тым, што адна рэч прызнаць, што ёсць праблемы, а зусім іншая пачаць іх вырашаць. Тое ж самае і з беларускай мовай. У дадзеным выпадку я сыходжу з таго, што за 25 гадоў ад рэферэндуму, які быў праведзены адносна мовы, у нас шмат што змянілася ў горшы бок нягледзячы на ўсе нашыя высілкі. Тым не менш усё ж мая праца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дае пэўны плён. Як і тое, што ў грамадстве, у грамадзянскай супольнасці зараз таксама трошкі змяніліся настроі. Я спадзяюся, што падчас новых выбараў будуць ісці новыя сілы, прабеларускія сілы, якія будуць на розных узроўнях улады, у розных уладных структурах прасоўваць менавіта беларускасць і падтрымліваць беларускую мову. У зносінах, у сваіх выступах на афіцыйным узроўні, у тэлевізійных шоў і г. д. Практычнае выкарыстанне беларускай мовы ў публічнай прасторы з'яўляецца вельмі важным. Я не збіраюся, як кажуць "складаць лапкі", а калі ёсць магчымасць палепшыць законапраект на падставе канкрэтных заўваг, значыць яго трэба палепшыць і падаць на ўключэнне, калі не ў 2020, то ў 2021 годзе. Але ні ў якім разе не спісваць яго з парадку дня.

РР: Можа не трэба дагаджаць тым жа расейскім турыстам, а наадварот пацешыць іх нейкай адметнасцю і ўводзіць больш беларускай мовы?

Алена Анісім: Безумоўна. Я ўсё ніяк не магу дачакацца адказу ад Савета міністраў. Я накіроўвала нашаму старшыні, прэм'ер-міністру Румасу свой ліст, як старшыня ТБМ, адносна таго, што ў нас ідзе папулярызацыя Еўрапейскіх гульняў, але ўсе матэрыялы толькі на расейскай мове, хоць на самым пачатку - гэта дзесьці месяцы паўтара-два таму, напрыклад, у метро тыдзень ішлі ролікі па-беларуску, тыдзень па-расейску. А потым усё па-беларуску знікла, і ўсе абвесткі, усе налепкі, уся іншая рэкламная прадукцыя па Еўрапейскіх гульнях пайшлі толькі на расейскай мове. Я задала пытанне Румасу, як кіраўніку аргкамітэта, што складваецца ўражанне, што аргкамітэт па Еўрапейскіх гульнях працуе на тое, каб усе наведнікі гэтага мерапрыемства ўспрынялі наш Менск не як сталіцу незалежнай дзяржавы з усімі атрыбутамі ўлады, а проста як правінцыйны горад суседняй краіны. Адказу я пакуль не маю. Спадзяюся, што на гэтым тыдні я ўсё ж атрымаю адказ. Я разумею, што ім складана гэта, але не бачу, каб сітуацыя мянялася. Вырабленая прадукцыя толькі на расейскай мове, нічога па-беларуску няма. Мала таго, што няма ў Менску, няма гэтага і па рэгіёнах.

РР: У гэтым годзе акрамя выбараў таксама будзе праходзіць перапіс насельніцтва. Што б вы хацелі сказаць у сувязі з гэтымі падзеямі?

Алена Анісім: Я б сказала, што гэтыя абедзве падзеі будуць ісці адна за адной і недзе нават перасякацца перапіс і выбары. Таму я б хацела нашым людзям перш за ўсё ўсвядоміць сябе свабоднымі грамадзянамі незалежнай краіны Рэспубліка Беларусь. Дзеля гэтага абавязкова пазначайце, што ваша родная мова беларуская. Гэта надасць вам свабоды, гэта надасць вам упэўненасці, гэта надасць вам рашучасці, і безумоўна гэта надасць адказнасці. Пазначаючы роднай мовай беларускую, мы ўмацоўваем саміх сябе ў сваёй краіне.

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

Перапіс насельніцтва - 2019

У 2019 годзе ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. Сярод пытанняў (нумар 12 і 13), на якія трэба будзе адказаць падчас перапісу, будзе і пытанне пра Вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову роднай, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам "беларуская" вы станоўча паўплываеце на яе.

Радыё Рацыя.

Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі РУП "Белпошта" надрукавала канверт Першага дня з выявай генеалагічнага дрэва роду Манюшкаў і марку з выявай знакамітага кампазітара і педагога. Спецгашэнне канверта з адмысловым штэмпелем адбылося 4 траўня 2019 г. У свой час ТБМ звярталася ў Мінсувязі з прапановай выдаць адпаведныя марку і канверт, за выпуск гэтай паштовай прадукцыі мы вельмі ўдзячныя.

Наш кар.

Cлова да нацыянальна з'арыентаваных колаў беларускага грамадства

Нязменнай, устойлівай традыцыяй для Кіраўніка нашай краіны стала падчас сваіх публічных выступленняў закранаць (толькі глыбока не аналізаваць!) моўную праблему. І, на вялікі жаль, робіцца такое не для таго, каб павысіць яе сацыяльную ролю, а, наадварот, яшчэ далей загнаць у тупік, у непралазную твань.

Беларуская мова - гэта неацэнны народатворчы прадукт многіх пакаленняў нашага народа, але найменш за ўсё сучасных з-за іх страшэннай зрусіфікаванасці. Не даваць беларускай мове належнай законнай прасторы для выкарыстання ва ўсіх сферах афіцыйнага, грамадскага жыцця з'яўляецца найвялікшым злачынствам з боку дзяржавы. Ніводнага добрага слова пра беларускую мову не пачулі мы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пад час яго сёлетняга лютаўскага выступу перад саліднай аўдыторыяй прадстаўнікоў СМІ, палітыкамі, творчай, навуковай інтэлігенцыяй.

Па ініцыятыве самой дзяржавы сацыяльны заняпад беларускай мовы працягваецца і сёння. Галоўная прычына: хітра навязанае краіне ўдушлівае афіцыйнае двухмоўе. Дзеля выратавання роднай беларускай мовы ад немінучага скону, а разам з ім і этнакультурнай самабытнасці беларускага народа, дзяржаўнага суверэнітэту Айчыны настойліва патрабуем ад уладаў тэрміновага правядзення з шырокім удзелам найперш за ўсё навукоўцаў дзяржаўных устаноў навукова-практычнай канферэнцыі па тэме: "Праблемы забеспячэння беларускай мове статусу рэальна дзяржаўнай" з мэтай выпрацоўкі дзейснай канцэпцыі па неадкладным спыненні супярэчнай беларускаму нацыянальнаму інтарэсу дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Сёння для нас такая канферэнцыя ў дзясяткі разоў важней за правядзенне ў Беларусі розных міжнародных спартыўных гульняў, ад якіх лёс яе ні на ёту не залежыць.

Пры наяўнасці ў краіне такой вялізнай арміі палітычнай і інтэлектуальнай эліты, калі толькі правамерна ўжыванне да яе такога слова, проста сорамна і надалей трываць шалёнае разбурэнне ўладамі этнакультурнай самабытнасці беларускага народа. Годзе апраўдваць сваю бяздзейнасць беспадстаўнымі сцвярджэннямі, што ў нас родныя і суседнія руская мова і руская культура. Такога не чуюць палякі, немцы, французы … ад сваіх палітычных і нацыянальных лідараў. Нашым агульнанацыянальным дэвізам павінны стаць заклік: "Прэч з Беларусі гвалтам навязанае ёй царызмам, бальшавізмам і ўласнай вертыкаллю няспынныя русіфікацыі!!!" Гэты гістарычны працэс можа спыніць толькі вяртаннем беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. Беларуская мова - галоўны гарант рэальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Леанід Лыч, прафесар, Мікола Савіцкі, прафесар.

Як беларускую школу пераводзілі на беларускую мову

Гісторыя адной настаўніцы

У Магілёве ў 1993-94 годзе па-беларуску навучаліся блізу 1000 вучняў, у 2019-м - усяго 19. Гэта вынік "моўнага" рэферэндуму, які адбыўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі 14 траўня 1995 года і пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай.

Набіраць беларускія класы ў гарадскіх школах пачалі неўзабаве пасля атрымання Беларуссю незалежнасці. Дагэтуль вучыцца па-беларуску маглі толькі дзеці з вясковых школ. У год правядзення рэферэндуму ў гарадах масава пачалі пераводзіць на расейскую мову беларускія класы. У іх школьнікі паспелі адвучыцца тры гады.

Свабода пагутарыла з магілёўскай настаўніцай Ларысай Унучак, якая ў 1992 годзе працавала ў адным з першых беларускіх класаў. Яна згадвае, як адбывалася беларусізацыя школьнай адукацыі ў Магілёве на пачатку 1990-х, як яе згортвалі, а таксама выказвае свой погляд на цяперашнія спробы аднавіць беларускамоўнае школьніцтва.

Сцісла пра Ларысу Унучак

- 65 год. Мае вышэйшую адукацыю. Скончыла Магілёўскую педагагічную вучэльню, Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт) ды аспірантуру.

- Педагагічную кар'еру пачала з працы ў вясковай школе. Вучыла дзяцей матэматыцы на беларускай мове, хоць мела спецыялізацыю "настаўнік пачатковых класаў".

- Выкладала ў Магілёўскім педагагічным інстытуце (цяпер Дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова).

- У 1992 годзе сумяшчала настаўніцтва ў школе з выкладчыцкай дзейнасьцю ў Магілёўскім педагагічным каледжы. У ім распрацоўвала спецкурсы для будучых настаўнікаў беларускіх класаў.

- Цяпер на пенсіі, але гатовая вярнуцца ў школу, каб вучыць дзяцей на беларускай мове.

Як пачыналася беларусізацыя адукацыі

Прававым падмуркам для беларусізацыі школьнай адукацыі стаў закон "Аб мовах", прыняты 26 студзеня 1990 года Вярхоўным саветам БССР адзінаццатага склікання. Адзінай дзяржаўнай мовай тая рэдакцыя закону абвяшчала беларускую.

Камісія па адукацыі Вярхоўнага Савета 12 склікання на чале з Нілам Гілевічам распрацоўвала рэкамендацыі, якія Міністэрства адукацыі рэалізоўвала на практыцы.

У 1991 годзе прымаецца закон "Аб адукацыі", які яшчэ больш спрыяе беларусізацыі школ. З'яўляюцца класы з беларускай мовай навучання. Настаўнікам, якія працуюць на беларускай мове, выплачваецца 10-працэнтная надбаўка да заробку.

На пачатку 1990-х Ларыса Унучак працавала настаўніцай пачатковых класаў у 18-й школе Магілёва. У 1992-м ёй прапанавалі папрацаваць у класе з беларускай мовай навучання. Адкрыццё такіх класаў падавалася як эксперымент, а ініцыятыва ішла з раённага аддзела адукацыі.

Настаўніца кажа, што вучняў для адзінага ў школе беларускага класа пачалі набіраць 15 жніўня. 1 верасня ў ім было 29 першакласнікаў.

- Тады быў уздым. Усё навокал мянялася, мо не так хутка, але гэта адчувалася. Тая атмасфера натхняла людзей, - адзначае настаўніца.

Былы выкладчык Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Міхась Булавацкі сцвярджае, што ў 1993-94 навучальным годзе на беларускай мове вучыліся 6,6% магілёўскіх школьнікаў - гэта блізу 1000 вучняў. Тады на базе 9-й гарадской школы дзеяла беларуская гімназія. А ў дзясятку школ набралі беларускія класы.

Мясцовая прэса таго часу, спасылаючыся на звесткі гарвыканкама, паведамляла, што ў 1993 годзе больш за 60 працэнтаў першакласнікаў меліся вучыцца на беларускай мове. Па Беларусі гэты працэнт сягаў 76 працэнтаў. Акрамя таго, у 1993 годзе ў мясцовых дзіцячых садках рыхтаваліся набраць больш за 300 беларускіх груп.

Праблемы беларускіх класаў

Па словах Ларысы Унучак, асноўная праблема для педагога беларускага класа палягала ў тым, што вучні з расейскамоўнага асяроддзя не былі падрыхтаваныя да вучобы па-беларуску. Настаўнік меўся сам знайсці спосабы іх адаптацыі. Дапаможнікаў па гэтай праблематыцы не было.

- Трэба было думаць, як найхутчэй узбагаціць слоўнікавы запас вучняў ды як развязаць праблему з маўленнем, - тлумачыць суразмоўніца тагачасныя рэаліі, дадаючы, што такія цяжкасці актуальныя і цяпер.

Яна знайшла выйсце ў складанні дынамічных слоўнікаў з малюнкамі розных прадметаў, якімі карысталіся яе вучні на ўроках. Дзецям не трэба было пастаянна нагадваць, як прадмет гучыць па-беларуску, бо яны маглі адшукаць яго па малюнках. Прыдумляла настаўніца казкі, якімі тлумачыла, чаму беларускія літары адрозніваюцца ад расейскіх і як яны складаюцца ў гукі і словы.

Па яе словах, дзеці не баяліся памыляцца. Самастойная праца спрыяла таму, што за больш паспяховымі цягнуліся тыя, каму веды даваліся цяжэй.

Праца з бацькамі

Суразмоўніца адзначае, што першыя паўгода бацькі былі ў няпэўнасці, ці змогуць іхныя дзеці вучыцца па-беларуску. Яны сумняваліся, што беларускамоўная адукацыя ў расейскамоўным горадзе замацуецца. Некаторыя з іх прыходзілі на ўрокі - і заставаліся задаволеныя ўбачаным. За першыя дзве чвэрці колькасць вучняў у класе не зменшылася.

Ларыса Унучак кажа, што прасіла бацькоў, каб тыя дома гаварылі з дзецьмі па-беларуску. Даводзіла ім, што "для грунтоўнага засваення матэрыялу і ведання мовы замала, каб яна гучала толькі ў клясе".

Тыя дзеці, якія чулі мову ў сям'і, былі на ўроках больш паспяховымі.

Урокі здымалі на відэа

У 1992 годзе Ларысе Унучак прапанавалі месца ў Магілёўскім педагагічным каледжы. У яе абавязкі ўваходзіла і рыхтаваць настаўнікаў для беларускіх класаў. Увесь год яна сумяшчала працу ў школе і каледжы.

- Павучыць дзяцей па-беларуску мне было важна з прафесійнага пункту гледжання, каб якасна рыхтаваць навучэнцаў каледжа, - кажа суразмоўніца.

Ейныя ўрокі ў беларускім класе здымалі на відэа, каб паказваць настаўнікам з іншых гарадоў.

У каледжы Ларыса Унучак выкладала свае дысцыпліны па-беларуску. Праз ейныя спецкурсы прайшлі блізу 1000 навучэнцаў. Цяпер тагачасным выпускнікам 35-45 гадоў.

- Аб'ём беларускай мовы навучэнцам каледжу даваўся дастатковы, каб яны маглі працаваць па-беларуску. Акрамя таго, іх прафесійны абавязак - ведаць беларускую мову і вучыць на ёй дзяцей, - кажа настаўніца.

"Вучні пабачылі, што беларуская мова не патрэбная"

Праз тры гады, у 1995-м, клас Унучак перавялі на расейскую мову навучання. Па яе словах, бацькі былі незадаволеныя зменамі, але "не бунтавалі".

- Вучні пабачылі, што іхняе навучанне на беларускай мове раптам стала нікому не патрэбнае. З гэтым яны жывуць дагэтуль, - лічыць настаўніца.

Суразмоўніца кажа, што стаўленне да беларускамоўнага навучання пачало мяняцца ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Пасля рэферэндуму яе калегі цікавіліся, "што будзе далей з беларусізацыяй у святле ўведзенага дзвюхмоўя.

- Я тады казала, што для беларускай мовы месца не застанецца, бо многім было зручна, каб панавала расейская мова. Беларуская ж засталася б у навучальным працэсе толькі пры ўмове, што яна адзіная дзяржаўная, - кажа Ларыса Унучак.

У каледжы яна працавала да 2004 года, пакуль ён не страціў статусу самастойнай сярэдняй спецыяльнай установы. Апошнія беларускія класы ў Магілёве зніклі ў 2001 годзе.

"Захады чыноўнікаў, каб аднавіць беларускае навучанне, фрагментарныя"

Клас з беларускай мовай навучання з адным вучнем з'явіўся ў Магілёве толькі ў 2010-м. Цяпер у дзвюх школах вучыцца па-беларуску 19 дзяцей. Усе класы малакамплектныя. Найбольшая колькасць вучняў - 8 чалавек. Найменшая - 1 вучаніца.

Захады чыноўнікаў, каб аднавіць беларускае навучанне, Ларыса Унучак называе фрагментарнымі. На яе думку, яны не ствараюць сістэмы навучання па-беларуску і не спрыяюць фармаванню нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў.

Педагог адзначае, што перад настаўнікамі стаіць той жа выклік, што і на пачатку 1990-х гадоў: як адаптоўваць дзяцей з расейскамоўнага асяроддзя да вучобы на беларускай мове.

- Але маім цяперашнім калегам прасцей, бо засталіся нашы напрацоўкі, - заўважае Ларыса Унучак.

Чаму школы не гатовыя да беларускамоўных класаў

Педагог лічыць, што ў вышэйшага начальства няма выразнай пазіцыі наконт навучання па-беларуску. А без гэтага школы не наважацца самастойна набіраць беларускія класы.

Чыноўнікі заяўляюць, што беларускія класы з'явяцца, калі будуць ахвотныя вучыцца ў іх. Але вучняў у такія класы шукаюць толькі актывісты Таварыства беларускай мовы.

- Безумоўна, актывісты ТБМ робяць усё, што ад іх залежыць, каб беларускія класы з'явіліся, але ў іх няма рэсурсаў уплыву на школу, - каментуе сітуацыю Ларыса Унучак.

Суразмоўніца лічыць, што сітуацыю можа пераламаць толькі масавае жаданне бацькоў, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску.

Радыё Свабода.

Прымаўкі і прыказкі Вялейшчыны

(ад бацькоў, землякоў і з кніжак)

Язэп Стэпановіч

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

187. Колькі не красуйся, але туды (у лепшы свет) рыхтуйся.

188. Кот ласы на кілбасы (Спакуслівасць).

189. Кропля камень точыць (Упартасць, настойлівасць).

190. Куды ні кінь - усюды клін (Мноства праблемаў).

191. Кулік сваё балота хваліць (Сваё даражэй).

192. Купацца ў золаце (Быць заможным).

193. Курам на сьмех (Нікчэмна).

194. Курыца ня птушка, гультай не чалавек.

195. Кусаць за локаць (Непапраўна).

196. Кухар сьпіць, а ў гаршчку кіпіць (Справа рухаецца).

197. Лавіць рыбку ў мутнай вадзе (Шукаць асабістай выгоды).

198. Ламанага шэляга (граша) ня варты (Нікчэмны).

199. Лахман не адзежа, зацірка ня ежа.

200. Лацьвей разумнага вучыць, а здаровага - лячыць.

201. Ледзь ногі перастаўляе (Марудна крочыць).

202. Лезці на ражон (Неасцярожны наўмысны ўчынак).

203. Лезці ў бутэльку (Узбуджанасць).

204. Лезці ў душу (Дамагацца).

205. Лепей дадзенае, чымся крадзенае.

206. Лепей мала, чым нічога.

207. Лепей сем разоў змарыцца, як адзін раз пасварыцца.

208. Лёгка сказаць, ды далёка дыбаць.

209. Лёгкі на ўспамін.

210. Лёд крануўся (Зрух у справе).

211. Лішняя дабрата - дурата.

212. Луста хлеба й капуста - у жываце ня будзе пуста.

213. Лынды біць (Абібок, гультай).

214. Любіш каня паганяць, любі яго й гадаваць.

215. Любіш катацца, любі й саначкі цягаць.

216. Мала мелі - смачна елі (Не пераядаць).

217. Маленькі, але ўдаленькі.

218. Малоць языком (Гава-ркі, балбатун).

219. Малы срэбнік, але дарагі (Каштоўнасць).

220. Малыя дзеткі - малыя бедкі.

221. Маслам (салам) кашы не сапсуеш (Вартасць прапановы).

222. Мая хата з краю - нічога ня знаю (Адмова сведчыць).

223. Меней знаеш, лепей спіш (Цікаўнаму).

224. Мігдалы падаваць (Пераборліваму ў ежы).

225. Міла, няміла, еш, калі купіла (Неабдуманая дзея, набытак).

226. Мора па калена (Рашучы, смелы, адчайны).

227. Мора слёзаў (Плакса).

228. Муж і жонка - адна скарбонка.

229. Мужык дзяржыць адзін вугал у хаце, а жонка - тры.

230. "Мусіць" за нос укусіць (Быць перакананым).

231. Муціць ваду (Наўмысна блытаць).

232. Мякка сцеліць - мулка спаць (Ліслівы).

233. На адзін глык (зуб) (Паспрабаваць).

234. На Бога спадзявайся, але сам старайся.

235. На бок, грыбок, баравік едзе (Жарт перавагі).

236. На ваду брахаць (Прагна наталяць смагу).

237. Навуку за плячыма ня носяць (Заклік да навучання).

238. На добрым слове (Заканчэнне гутаркі, падзяка).

239. На Жмудзі й куры людзі (Іншае здаецца лепшым).

240. На каго зуб вострыш? (Да злога, абуранага).

241. На лёгкім хлебе (Не складаная, але прыбытковая праца).

242. На людзкі роцік не накінеш аброцік (Меркаванне людзей не спыніць).

243. На "няма" й суду няма (Завочна не абмяркоўваецца).

244. На пень брахаць (Прамаўляць непрыстойнасці, брыдкасловіць).

245. На пусты канец сысьці (з'ехаць) (Страта ўсяго).

246. На рукі нячысты (Схільны красці, рабаваць).

247. На свае вочы (вушы) (Відавочнік).

248. На сваёй хвалі (Адпаведнасць).

249. На свет пусціць (Нарадзіць дзіця).

250. На свой капыл (Па-свойму).

251. На свой хлеб ісці (Жыць самастойна).

252. На столі спаць (Няздзейсная прапанова).

253. Наступіць на мазоль (Закрануць старую праблему).

254. На свята думай пра будзень, а летам пра зіму.

255. На тым свеце адпачнем (Працаголік).

256. На ўвесь голас (Гучна гаварыць, спяваць).

257. На ўсё свой час.

258. На ціхім кані ваду возяць (Трэба мець гонар).

259. На языку круціцца (Неўзабаве ўспомню).

260. Не адно ліха, дык другое.

261. Не бяры чужога - аддасі сваё (Сквапнасць).

262. Не вучы вучонага (Падказка не патрэбная).

263. Не выходзіць з галавы (Моцнае ўражанне ад кагосьці, чагосьці).

264. Не вялікая штука (Нічога асаблівага, дзіўнага).

265. Не галава, а сойм (Разумны чалавек).

266. Не глядзі што галава авечча, абы душа чалавечча.

267. Недалёкі чалавек (Слабы розумам, неадукаваны).

268. Не за дзень Вільня станавілася (Надзея).

269. Не кажы нікому, што робіцца ў дому.

270. Не капай другому яму, а то сам увалішся.

271. Не наеўся - не наліжашся (Незадаволенасць).

272. Не наракай на люстэрка, калі рожа цабэркам.

273. Не на тую нагу ўстаў (Не ў настроі).

274. Не паможыць Божа, калі сам нягожы.

275. Не радзіся краснай, а радзіся шчаснай.

276. Не сягоння стаў ля лаўкі хадзіць (Мае значны досвед).

277. Не тады карову карміць, калі йдзеш даіць (Своечасовасць).

278. Не хвалі каня запрагаючы, а дзеўку - выбіраючы.

279. Не хвалі сябе, хай людзі пахваляць.

280. Нешта нейкае (Штосьці невядомае, загадкавае).

281. Не шукай дзеўку ў карагодзе, а ў яе гародзе.

282. Ні жывы, ні мёртвы (Аслупянелы, шакаваны).

283. Ні за што, ні пра што (Безпадстаўна).

284. Ні казаць, ні гаварыць (Не паддаецца асэнсаванню).

285. Ні кала, ні вала (Ніякай гаспадаркі).

286. Ні макулінкі (Поўная адсутнасць чагосьці).

287. Ні мычыць, ні целіцца (Не рэагуе, не прызнаецца).

288. Ні піць, ні есці й з хаты ня лезці (Дажджлівае, ветранае надвор'е).

289. Ні роду, ні плоду (Зусім адзінокі).

290. Ні села, ні пала (Знянацку, без папярэджання).

291. Нітка да ніткі - беднаму кашуля.

292. Ні ў зуб нагой, ні ў морду лапцем (Бескарысная справа).

293. Нічога ня знаю - мая хата з краю (Адмова сведчання).

294. Ногі для дарогі (Варта адпачыць).

295. Ногі ў рукі - і цягу! (Уцякаць стрымгалоў, пазбягаць чагосьці).

296. Носам кляваць (Санлівасць).

297. Нос задзіраць (Ганарлівасць).

298. Ня будзе Гіршы, будзе іншы.

299. Ня верыш вачам, вазьмі ды памацай.

300. Ня дай Бог свіньні рог (Нахабнік).

301. Ня знаеш броду, ня суйся ў воду (Быць асцярожным, абачлівым).

302. Ня кіем, дык палкай (Тое самае).

303. Няма дзе яблыку ўпасці (Шматлюдна).

304. Няма лепшай рэчы, як дома на печы (Нежаданне мяняць сваё становішча).

305. Няма дурных (Адмаўленне).

306. Няма той крамкі, дзе купляюцца мамкі.

307. Ня мела баба клопату - купіла парася (Неабдуманы набытак, нясвоечасовая справа).

308. Ня мёд (Цяжка, складана).

309. Ня плюй у крыніцу - прыйдзеш па вадзіцу (Знявага).

310. Ня радуйся чужой бядзе, бо свая ззаду йдзе.

311. Ня сілай, дык спосабам (Кемлівасць).

312. Ня солана хлябаўшы (Не дасягнуўшы мэты).

313. Ня сонца - усіх не сагрэеш (Мяжа шчодрасці).

314. Ня столькі брагі, колькі звягі (Пайшлі чуткі).

315. Ня тры пядзі ў лобе (Чалавек можа памыляцца).

316. Ня тыч носа ў чужое проса (Непажаданая цікаўнасць).

317. Ня ўсё золата, што блішчыць (Цаніць не толькі па знешнім выглядзе).

318. Няхай мужык як лапаць, абы зь ім ня плакаць.

319. Няхай сабе (Згода, дазвол).

320. Ня хочаш у маладосьці працаваць, будзеш на старасці з торбай танцаваць.

321. Нячыстая сіла носіць (Невядома дзе знаходзіцца).

322. Пабыў у вадзе й ня мокры нідзе (Беспакаранасць).

323. Паважаюць таго, хто сябе паважае (шануе).

324. Пад "гарачую" руку (Апынуцца ў стане гневу суразмоўцы, ненастрою).

325. Пад ляжачы камень вада не бяжыць (Трэба варушыцца, дзейнічаць).

326. Пакуль жаніцца - загаіцца (Трыванне, цярпенне).

327. Пакуль пярун ня трэсне, мужык не перахрысціцца (Цяжкаму на пад'ём).

328. Пальцы ў рот не кладзі (Спрытны).

329. Паможа вароне мыла, як мёртваму кадзіла (Марная справа).

330. Парожняя бочка гучыць, а поўная - маўчыць (Пустамеля).

331. Пасля дожджыку ў чацвер (Ніколі).

332. Паспех - людзям на смех (Неабачлівасць).

333. Паставіць на ногі (Вырасціць).

334. Пашлі дурнога, за ім другога (Няўдалае дзеянне).

335. Перабівацца з хлеба на ваду (Недаядаць, галадаць).

336. Пераліваць з пустога ў парожняе (Бавіць марна час).

337. Перш папрацуй, а тады й патанцуй.

338. Першы блін комам (Пачатак справы можа быць небездакорным).

339. Першы шпак (грак) вясны ня робіць (Дбай пра вынік).

340. Пільны як жыд з Вільны (Асцярожны, абачлівы).

341. Пісаць сахаром па вадзе (Бяссэнсоўная праца).

342. Плач, галасі, а рады не дасі (Дамаганне).

343. Плыць па цячэнні (Па волі абставін).

344. Прамок да ніткі (увесь).

345. Пра нябожчыкаў лепей маўчаць.

346. Праўда вочы коліць (Боязь прызнацца ў правіне).

347. Праца гадуе, а лянота марнуе.

348. Прыйдзе каза да ваза (Няўдзячнасць).

349. Прыйшла Ілля - нарабіла гнілля (На свята Іллі звычайна выпадае шмат дажджоў, калі цяжка сушыць сена).

350. Прыйшоў "кітай" - усё кідай (Нашэсце).

351. Пускаць пыл у вочы (Выхваляцца, ствараць патрэбнае ўяўленне, маніць).

352. Пусці сьвінню пад стол, яна й ногі на стол (Нахабства).

353. Рабі пільна - будзе й Вільна (Вартасць справы).

354. Разумныя жарты пахвалы варты.

355. Ранак за вечар мудрэй (Варта падумаць).

356. Раней сядзеш - раней выйдзеш.

357. Ратаваны з вады конь і лужыны баіцца (Рэфлекс асцярогі).

358. Раўня, як свіньня да каня (Ніякага падабенства).

359. Рукі кароткія (Недасягальнасць).

360. Салаўя байкамі ня кормяць (Хутчэй да справы).

361. Сам сабе не ліхадзей.

362. Са свечкай ня знойдзеш (Надзейна схавана).

363. Свайго гарба ніхто ня бачыць (Аматару крытыкаваць).

(Працяг у наст нумары.)

"Перфекцыяніст, моўны фанат, акадэмік"

У Менску ўзгадалі выбітнага лінгвіста Змітра Саўку

У менскім літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла вечарына памяці беларускага мовазнаўца Змітра Саўкі, на якой прэзентавалі ягоную пасмяротна выдадзеную кнігу "Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы" - пра гісторыю Беларуска-амерыканскага задзіночання.

Рэдактарка кнігі, вядомая даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка адзначыла, што пад адной вокладкай змешчаныя фактычна дзве кнігі: першая - гэта гісторыя Беларуска-амерыканскага задзіночання, другая - успаміны, гутаркі, запісаныя Змітром Саўкам падчас сустрэчаў з паваеннымі эмігрантамі.

- Зміцер Саўка прыязджаў у Злучаныя Штаты пры канцы 1990-х на запрашэнне Вітаўта Кіпеля, кіраўніка Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, і прабыў там агулам паўтара гады. Большасці тых, чые ўспаміны ёсць у кнізе, ужо няма на гэтым свеце. І гэта адзіная магчымасць нам даведацца, як яны жылі, пра што марылі, - кажа Наталля Гардзіенка.

Старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская назвала Змітра Саўку перфекцыяністам - ён быў надзвычай працалюбівым, адказным чалавекам.

Школьны сябра Змітра мастак Артур Клінаў узгадвае, як яны сядзелі за адной партай, як разам распаўсюджвалі "самвыдат", які атрымлівалі ад сяброў-студэнтаў, у тым ліку і ад Вінцука Вячоркі.

- Мне шкада адной рэчы - у беларускай культуры няма пераемнасці пакаленняў, беларуская культура - як пясочны гадзіннік. Сітуацыя посткаляніяльнага існавання. Пакуль мы хістаемся невядома дзе, кожнае пакаленне пачынае ўсё спачатку.

Я называў Змітра акадэмікам. Каб ён быў у іншых умовах, яго справа мела б працяг. Каб не пачыналі ўсё з нуля кожныя 20 гадоў, - кажа Артур Клінаў.

Вольга Калацкая ў сярэдзіне 1990-х працавала разам з Саўкам на кафедры беларускай мовы Лінгвістычнага ўніверсітэта. Але калі ён паехаў у Амерыку займацца даследчыцкай працай - яго з Лінгвістычнага "сышлі".

- Зміцер быў не проста адмыслоўцам, не проста "профі" - ён быў моўным фанатыкам, - заўважае Вольга Калацкая.

Лінгвіст Вінцук Вячорка, суаўтар "Беларускага клясычнага правапісу", памятае Саўку яшчэ школьнікам, калі да студэнтаў у моладзевае згуртаванне "Майстроўня" прыйшлі трое школьнікаў - Зміцер, Артур Клінаў, Лявон Юрэвіч. Студэнты іх называлі "малымі з бульвару".

- Калі ён паступіў на філфак, мы зразумелі, што аднадумцаў стала болей. Вельмі шчыльна кантактавалі, калі працавалі над "Беларускім клясычным правапісам" - Юрась Бушлякоў, Зміцер Саўка, Зміцер Санько і я. Саўка заўсёды зацята, апантана адстойваў сваю думку, але пры гэтым шанаваў тых, хто гэтак жа зацята адстойваў сваю, бо яднала галоўнае - мова, - кажа Вінцук Вячорка.

З 1999 па 2002 год Зміцер Саўка працаваў стыль-рэдактарам на Радыё Рацыя, а з 2006 года кіраваў моўнай службай на тэлеканале Белсат. Адзін з кіраўнікоў канала Аляксей Дзікавіцкі пажартаваў:

- Дзякуючы Саўку, у нас ёсць не толькі тарашкевіца і наркамаўка, але і сАўкаўка.

Прыканцы вечарыны старэйшы сын Змітра Саўкі Уладзя абвясціў, што наступнай імпрэзай будзе прэзентацыя дысертацыі ягонага бацькі.

Іна Студзінская, Радыё Свабода.

Зміцер Саўка (1965-2017) - аўтар кніг "Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі. Бібліяграфія" (у суаўтарстве з Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк - Менск, 2002) і "Беларускі клясычны правапіс" (у суаўтарстве з Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня - Менск, 2005). Ён удзельнічаў у моладзевым грамадскім аб'яднанні "Беларуская майстроўня" (1979-1984). Быў стваральнікам і кіраўніком моўнай службы тэлеканала "Белсат", адным з аўтараў тэлепраграмы "Моўнік".

Хросны бацька ў літаратуры

Многія беларускія паэты, педагогі, навукоўцы нясуць праз жыццё светлую памяць пра Алега Лойку. Імя вядомага пісьменніка і літаратуразнаўцы асабліва шануюць на філалагічным факультэце БДУ, дзе Алег Антонавіч працаваў у 1956 - 1999-х гадах. Былыя калегі з кафедры гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі кнігу, дзе сабраны нарысы, эсэ, артыкулы, вершы, успаміны, прысвечаныя Алегу Лойку. У кнізе змешчаны тэксты больш як сямідзесяці аўтараў - і многія з іх прыехалі на прэзентацыю выдання на філфаку БДУ. Удзельнікамі сустрэчы сталі дэкан факультэта Іван Роўда, паэты Васіль Зуёнак і Анатоль Вярцінскі, скульптар Іван Міско, былыя сябры літаб'яднання "Узлёт": Сяргей Кавалёў, Уладзімір Мазго, Канстанцін Цыбульскі і інш.

Выданне мае назву "Чалавек з сонечнаю ўсмешкай" - і выступоўцы не раз падкрэслілі, што гэтыя словы надзвычай трапна вызначаюць і характар, і паэзію галоўнага героя кнігі.

- Алег Антонавіч быў вельмі светлым чалавекам, а галоўнае - выдатным выкладчыкам - адзначае літаратуразнаўца Таццяна Дасаева. - Шчыры, адкрыты, ён вучыў студэнтаў высокаму ва ўсім: чым бы чалавек не займаўся, ён павінны быць узвышаны, натхнёны, таму што жыццё - гэта цуд, трэба захапляцца тым, што ты робіш, і захапляць гэтым іншых.

- Алег Антонавіч быў чалавекам, улюбёным у жыццё і ў сваю працу, - упэўнены пісьменнік Анатоль Бутэвіч. - Сапраўдным яго подзвігам былі кнігі ў серыі "ЖЗЛ" пра Францішка Скарыну і Янку Купалу. Прабіцца ў гэтую серыю з беларускімі асобамі было не так проста - тым больш, Скарына ў 1980-я гады быў амаль невядомы для расійскіх навукоўцаў… Алег Лойка здолеў даказаць высокую вартасць працы гэтых выбітных беларусаў на агульную карысць, і гэта было яго вялікае дасягненне.

Паэт Мікола Мятліцкі падкрэсліў значнасць грамадзянскіх поглядаў Алега Лойкі:

- Дзякуючы свайму выкладчыку, "узлётаўцы" пачалі марыць пра суверэнітэт Беларусі - так, як мы разумеем яго зараз, - дбаць пра вяртанне і захаванне нацыянальнай гістарычнай спадчыны.

Для Васіля Зуёнка Алег Лойка быў адным з найвыбітнейшых прадстаўнікоў філалагічнага пакалення, для Сяргея Кавалёва - хросным бацькам у літаратуры, для многіх студэнтаў - выдатным выкладчыкам, які расказваў пра класікаў тое, што за савецкім часам не магло ўвайсці ў падручнікі ды манаграфіі. Сябры і калегі Алега Лойкі не аднойчы ўспомнілі знакаміты дом у Слоніме на Віленскай вуліцы, дзе часцяком збіраліся літаратары. Дзверы ў падвальчык гэтага дома былі аздоблены безліччу аўтографаў вядомых гасцей.

- Па гэтых дзвярах можна было б вывучаць гісторыю нашага літаратурнага, навуковага жыцця, - упэўнены Іван Роўда.

Слонімскі краязнавец Сяргей Чыгрын адзначыў, што ў гэтым доме варта зрабіць музей Алега Лойкі або музей, прысвечаны літаратурнай Слонімшчыне, - але будынак стаіць зачынены… Памяць пра выбітнага творцу можна было б ушанаваць помнікам ці мемарыяльнай дошкай. І скульптар Іван Міско ўжо гатовы ўзяцца за праект.

- Алег Лойка заўсёды натхняў на творчую працу. Дзякуючы яму, з'явілася ідэя паставіць у Слоніме помнік Льву Сапегу. Рабочая мадэль помніка зацверджана, даўно вызначана пляцоўка, але пакуль помніка ў горадзе няма, увесь час гэта пытанне адкладаецца, - адзначыў Іван Міско.

Кніга "Чалавек з сонечнаю ўсмешкай" стала літаратурным помнікам Алегу Лойку. Найперш - дзякуючы паэтычным прысвячэнням Міколы Арочкі, Ірыны Багдановіч, Віктара Гардзея, Вячаслава Рагойшы, Яўгеніі Янішчыц… Укладальнік Алесь Бельскі падзяліў выданне на чатыры часткі. У першай частцы змешчаны артыкулы і эсэ пра творчасць і навуковую дзейнасці Алега Лойкі, у другой частцы - успаміны пра яго як пра цікавага, адметнага чалавека. Гэты раздзел адкрываюць расповеды сваякоў: сястры, зяця, пляменнікаў. Трэцяя частка - паэтычныя прысвячэнні, а ў заключэнне - апошнія вершы Алега Лойкі: "Беларускае", "Роднай мове", "Сябрам". І назвы гэтых вершаў як найлепш сведчаць пра жыццёвыя прыярытэты творцы…

Алеся ЛАПІЦКАЯ.

Творчы вечар Таццяны Грыневіч-Матафонавай у Слуцку

Творчая сустрэча з спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай адбылася ў Слуцку па ініцыятыве Слуцкага таварыства беларускай мовы 17 траўня.

Слуцк стаў апошнім горадам у цяперашнім музычным падарожжы артысткі. Да гэтага спявачка ўжо выступіла ў Кобрыне, Берасці, Баранавічах, Любліне, Варшаве, Слоніме, Падароску і Салігорску.

- Мне падабаецца прыклад мастака Язэпа Драздовіча, як ён вандраваў па Беларусі, каб даведацца пра жыццё народа і наблізіць сваё мастацтва, - распавядае Таццяна. - Аб'ездзіла ў гэтым навучальным годзе ўсе вобласці Беларусі, вялікія і маленькія гарадкі. З мэтай сустрэцца з людзьмі, даведацца ад іх, як яны жывуць, данесці да іх вынікі сваёй працы. Адбылося шмат сустрэч у школах, бібліятэках і дамах культуры. Цяперашняя вандроўка атрымалася самай вялікай. Людзі ўспрымаюць чулліва мае песні, у многіх на вачах слёзы.

У Берасці прыйшла дзяўчына з вялізным букетам бэзу. Яна чула мой выступ раней у Амерыцы. Патлумачыла, што пасля канцэрту ў Амерыцы яна па-іншаму стала ўспрымаць Беларусь і беларускасць і вярнулася на радзіму.

Па словах спявачкі, сустрэчы з беларусамі натхняюць і даюць далейшы імпульс для працы.

Голас Таццяны нібыта зачараваў случчан, і яны ахвотна дзеляцца сваімі ўражаннямі пасля канцэрта.

- Музычная сустрэча з Грыневіч-Матафонавай - гэта лепшае, што ў мяне адбылося ў жыцці ў гэтым годзе, - прызнаецца пенсіянер Анатоль Болазь. - Слухаў бы і слухаў яе без канца. Падабаецца як прыгожая жанчына і асоба - Бог даў ёй талент і не абдзяліў хараством душу і твар.

Некаторыя з случакоў чулі спявачку ўпершыню і самі здзіўляюцца, што раней яе імя было ім невядома. Мікалай Зыкаў - адзін з такіх ўдзельнікаў канцэрту:

- Спевы Таццяны - гэта як спевы салаўя пра наш чароўны край. Яе песні - гэта аддушына для беларусаў, якія любяць родную песню і мову. Дзяуй Богу за тое, што яна ёсць у Беларусі.

Некаторыя параўноўвалі Таццяну Грыневіч-Матафонаву са "срэбраным голасам Расіі" Алегам Пагудзіным, яны ўпэўнены, што беларуская спявачка таксама збірала б вялізныя дзяржаўныя залы, калі б не абазначала так яўна нацыянальную свядомасць.

Зінаіда Цімошак. Фота аўтаркі.

Паэтычны марафон

У рамках святкавання Дня Вялікай Перамога і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэкары ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" ў рамках культурна - патрыятычнага праекта "Памяць пра войну бяссмертная" правялі паэтычны марафон "Мы пра вайну вершамі гаворым", які ўключыў літаратурны парад ваеннай кнігі "Святая памятная дата", віншаванне на мальберце "Дзякуй за мірнае неба" і акцыю "Ваенна-палявая пошта".

"Святая памятная дата", і яна сапраўды святая і бесмяротная ў літаратурных творах, якія гучалі ўвесь час на працягу ўсяго мерапрыемства. Для прысутных вершы пра вайну, пакуты савецкага народа, неймавернае жаданне жыць гучалі ў выкананні члена Саюза пісьменнікаў Святланы Кошур, мясцовых літаратараў Антаніны Аўчыннікавай, Аляксандра Абадзінскага, Леанілы Дзянькевіч, вучаніц Ганны Кузьміч, Арыны Ханькі, Маргарыты Баярэнкі, Ксеніі Худобы, Софіі Трафімчык, а таксама супрацоўнікаў раённай бібліятэкі.

У рамках культурна - патрыятычнага праекта кожны ахвочы меў магчымасць на мальберце пакінуць словы падзякі за светлы дзень, мірнае неба і шчаслівае дзяцінства, а таксама прыняць удзел у акцыі "Ваенна - палявая пошта" і напісаць пісьмо-віншаванне ветэрану Вялікай Айчыннай вайны.

У завяршэнне прапанавалі кінастужку "Вайна. Застацца чалавекам".

Наталля Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

У Менску паставілі памятны знак Нямецкай слабадзе

Навіны Германіі

У Лютэранскім скверы ў Менску адкрылі памятны знак Нямецкай слабадзе. На адкрыцці прысутнічаў амбасадар Германіі Петар Дэтмар.

Ідэя стварыць памятны знак належыць Вользе Штокман, заснавальніцы лютэранскай грамады "Выратаванне" і грамадкага аб'яднання нямецкай культуры "Масты" ў Менску.

Памятны знак створаны пры фінансавай падтрымцы лютэранскай царквы Германіі.

- Гэта памятны знак, прысвечаны гісторыі Менска. Ён усталяваны ў Лютэранскім скверы. У гэтым раёне калісьці была Нямецкая слабада. І са старых часоў тут жылі людзі нямецкай нацыянальнасьці. Вуліцы мелі назвы - Нямецкая, Лютэранская і Малая Лютэранская. Тут жа былі нямецкія могілкі, закрытыя ў 1978 годзе. Там знаходзілі надмагільныя помнікі на нямецкай мове. Пра гэта сёння згадвалі жыхары навакольных дамоў, якія падыходзілі да памятнага знака, - сказала карэспандэнту Свабоды Вольга Штокман.

На пачатку 20 стагоддзя ў Менску жылі больш за 2 тысячы немцаў.

- І ў мяне з'явілася ідэя згадаць гэтую гісторыю Менска. Гэта быў талерантны горад, дзе жылі людзі розных нацыянальнасцяў, сярод якіх і немцы. Гістарычная памяць павінна жыць. Без мінулага няма будучыні. Гэта трэба для сённяшняга і будучага пакаленняў, - кажа Вольга Штокман.

Вольга Штокман плануе ўсталяваць інфармацыйныя стэнды каля памятнага знака. Падчас адкрыцця таксама выказвалася ідэя зрабіць тут лютэранскую каплічку.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода. Фота Юргена Эбергардта.

25 траўня на аграсядзібе Вайцюшкі адбудзецца фестываль паэзіі і музыкі "Салаўё-2019".

Пачатак ў 14.00. Кошт удзелу 20 рублёў. (Запрашаем усіх: лідскіх, бярозаўскіх і гарадзенскіх!)

Памяці жонкі Наталі

Зміцер Санько

"Заві мяне кветачкай..."

Сказаць, што гэта для мяне вялікая страта, - не сказаць нічога. Знік цэлы свет. Усё было напоўнена ёю: і дом, і праца, і думкі, і мары, і планы, і спадзяванні - уся прастора майго існавання… Застаўся з адчуваннем віны, што не ўсё зрабіў для яе, не ўсе ласкавыя словы сказаў, не спеў самай чуллівай і пяшчотнай песні…

* * *

Перадусім мушу аддаць даніну павагі і ўдзячнасці людзям, што ўзгадавалі Наталю, - узгадавалі такой, якой я пакахаў яе. Менавіта яны выхавалі ў дачкі працавітасць, сціпласць, адказнасць, разуменне сямейных каштоўнасцяў і любоў да радзімы.

Бацька Міхаль Шчука (15.12.1912-21.03.1999) нарадзіўся ў вёсцы Пышна Лепельскага раёна. У юнацтве працаваў кавалём. Любіў майстраваць, яшчэ падлеткам зрабіў сабе драўляны ровар. Скончыўшы Ржэўскую артылерыйскую навучальню, стаў кадравым вайскоўцам, спецыялістам у рамонце артылерыйскай тэхнікі. Аўтар мноства рацыяналізатарскіх прапаноў і вынаходак.

Маці Вольга (у дзявоцтве Дайнека) (07.11.1919-11.06.1994) нарадзілася ў Клічаве. Скончыла Магілёўскі настаўніцкі інстытут з дыпломам выкладчыка беларускай мовы і літаратуры.

Пышнянская радня была даволі шматлікая: Апанас і Марыля (з шляхоцкага роду) мелі апрача Міхаля яшчэ двух сыноў і чатырох дачок (Івана, Пётру, Валянціну, Надзею, Насту і Любу). Бязлітасныя 30-40-я гады пакінулі на ёй крывавы след: Валянціну расстралялі ў 1937 годзе энкавэдысты (на яе данёс родны мужык, Юрчанка); Любу, якую партызаны прымусілі быць сувязной, у 1943 годзе забілі немцы (родзічы казалі, што Наталя вельмі падобная да яе - "голас у голас, волас у волас"); Іван у тым самым годзе загінуў на вайне, а Наста ў траўні 1944 года, падчас вядомага партызанскага "прарыву", згубіла дваіх дзяцей.

Нагаравалася і клічаўская радня. Увосень 1919 года загінуў Наталін дзед Хадот. Тады ў Клічаве гаспадарылі палякі. Запынілі мясцовага папа. Наставіўшы карабін, запатрабавалі паказаць, хто з тутэйшых бальшавікі. А якраз гэтым часам Хадот вяртаўся са свайго поля, пасеяўшы азімку. Перапалоханы поп і паказаў на яго. Палякі тут жа, на месцы, нічога не высвятляючы і не разбіраючыся, застрэлілі Хадота. Ягоная жонка Паліна была тады цяжарная Наталінай мамай, на восьмым месяцы. Сямёра дзяцей - Мар'я, Аўдотка, Хадора, Цімох, Валодзя, Хведар і Волька - засталіся сіротамі. Хведар, якому было ў той час два гады, у 1939 годзе прапаў на вайсковай службе пад Кушкай. Мар'ю і яе мужыка Антона абрабавалі і забілі ў 1941 годзе лясныя бандыты, якія пасля вайны занялі высокія пасады ва ўладзе. Цімох загінуў у 1945 годзе пад Кёнігсбергам, калі немцы разбамбілі штаб генерала Чарняхоўскага. Валодзя таксама ў вайну заўчасна пакінуў гэты свет.

Супольная гісторыя жыцця Наталіных бацькоў пачалася ў 1938 годзе, калі Вольга Дайнека прыехала працаваць настаўніцай у Пышна. Там, пры савецка-польскай мяжы, стаяў гарнізон памежнікаў. Вайскоўцы знаёміліся з мясцовымі дзяўчатамі, запрашалі іх на танцы. А Міхаль Шчука тым часам прыехаў у адпачынак да маці. Так і пазнаёміліся. Неўзабаве пажаніліся, і мужык забраў яе ў Нахічэвань, дзе служыў тады.

У 1941 годзе Наталін бацька паехаў на вучэнні да іранскай мяжы, а маці з двухгадовым сынам Валерам - у Клічаў (туды меўся пасля вучэнняў прыехаць і бацька). Па дарозе, у Растове, яе заспела вестка, што пачалася вайна. Вяртацца ў Нахічэвань і жыць сярод чужых людзей Вольга не хацела. А на захад пасажырскія цягнікі ўжо не ішлі, толькі вайсковыя эшалоны з салдатамі. І трэба ж было такому стацца, што там, на растоўскім вакзале, яна сустрэла афіцэра, які служыў памежнікам у Пышне. Яе пасадзілі ў цягнік, накармілі і яшчэ з сабою далі. Так яна даехала да Бабруйска, а адтуль - дзе пешшу, дзе падвозілі - дабралася да Клічава.

Перабыла там усю вайну. Гадавала разам са старой маткай, якой тады ішоў ужо восьмы дзясятак, чатырох дзяцей - свайго і трох сіротаў Мар'іных. Гаравалі, галадалі. Даводзілася гнаць гарэлку, абы ад паліцаяў адкупіцца. Тыя чапляліся, што мужык у Чырвонай арміі (немцы ж, наадварот, ставіліся да яе, як жонкі афіцэра, паважліва). Гарэлку гналі з паленага збожжа. Энкавэдысты, уцякаючы ў ліпені 1941 года, падпалілі зернясховішча, "чтобы врагу не досталось". А людзі патушылі і разабралі гэтае збожжа. Малоць яго было нельга - смярдзела, дык пакінулі на гарэлку.

Пакуль не было партызанаў, жылі спакойна, з акупантамі ладзілі. Дзяўчаты на танцы хадзілі, танцавалі з нямецкімі хлопцамі. А як пачалася "партызанка", усё перамянілася. Калі немцы ведалі, што нехта з сям'і ў лесе, палілі хаты, нават з дзецьмі. Людзі баяліся, што заб'юць не разбіраючыся, уцякалі ў лес, сядзелі ў балоце. І нашы таксама ратаваліся ўцёкамі. А як бамбілі іх, Вольга закрывала сваім целам малога сына.

У 1944 годзе, адступаючы, немцы папалілі шмат хатаў, і іхнюю таксама спалілі. Забралі карову, каня. Нашыя гаротнікі вярнуліся з лесу, выкапалі зямлянку і так жылі. Неўзабаве знаёмыя падказалі, што ў вёсцы пад Бабруйскам бачылі ў чалавека іхнюю карову. Вольга сабралася і пайшла - нечым жа трэ' было карміць чацвярых дзяцей. Прыйшла туды, пазнала сваю кароўку, і чалавек аддаў. А тады нейкім цудам вярнуўся і конь.

Як прыйшлі саветы, выклікалі Наталіну маці, сказалі арганізоўваць у Клічаве школу. Ведаючы, што немцаў адтуль ужо выгналі, бацька некалькі разоў прысылаў запыт пра жонку. А яму адказвалі, што няма такой. А потым, як стала дырэктарам школы, яе імя ўжо стала вядомым. І нарэшце ў 1946 годзе, пасля чарговага запыту, ён з палёгкай даведаўся, што ягоная Волька жывая. Пачаў слаць пасылкі, у асноўным адзенне, бо ў яе ж нічога не было: у адной сукенцы прыехала, усё засталося ў Нахічэвані.

Пры канцы 1946 года ён забраў жонку з сынам да сябе, паехалі разам у Аўстрыю. Доўга давялося афармляць дакументы, чакаць дазволу. Гарнізон стаяў у нейкім гарадку, здаецца, пад Зальцбургам. Афіцэры часам ездзілі на паляванне, а аўстрыйскія фраў гатавалі ім дзічыну. Для жонак арганізоўваліся розныя заняткі, курсы машыністак, вучылі іх страляць, вазілі на экскурсіі ў Зальцбург, Вену. Паказвалі магілы бацькоў Адольфа Гітлера. Афіцэрскія жонкі былі, вядома, розных нацыянальнасцяў, пераважна расейкі. Згадваючы несамавітыя ўчынкі некаторых з іх, Наталіна маці заўсёды падкрэслівала: "Нашая жанчына ніколі б так не зрабіла".

Праз год, у канцы 1947-га, бацьку паслалі ва Украіну, у Зімну Воду, пад Альбовам (так даўней беларусы называлі Львоў), а ў хуткім часе перакінулі ў Жоўкву. Там 12 красавіка 1948 года ў іх нарадзілася дачушка, якую назвалі Наталькай. Няня Параска паспрыяла таму, што неўзабаве яе таемна ахрысціў мясцовы вуніяцкі святар. У гэтым горадзе амаль штотыдня хавалі кагосьці з савецкіх ці партыйных чыноўнікаў. Наталя ўспамінала пазней, што тыя пампезныя пахаванні з духавым аркестрам былі яе самымі першымі дзіцячымі ўражаннямі.

Па некаторым часе бацьку зноў перакінулі, гэтым разам у Нямеччыну. Жылі ў закрытым вайсковым гарадку. Адмовіўшыся браць удзел у нейкай аферы, Міхаль Шчука трапіў у няласку да начальства і змушаны быў пайсці ў адстаўку. У 1955 годзе вярнуліся на радзіму, у Менск. За два гады бацькі пабудавалі нарэшце ўласны дом, у якім пражылі ўсё астатняе жыццё і які стаў для Наталі родным. У 1966 годзе яна скончыла менскую сярэднюю школу № 37 і паступіла на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

(Працяг у наст. нумары.)

Амброзі Кастравіцкі

Леанід Лаўрэш

Амброзі Самуэль Кастравіцкі, пра якога пойдзе размова, належаў да шляхецкага роду Кастравіцкіх гербу "Байбуза", прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Мінскім ваяводстве ВКЛ і Менскім павеце Менскай губерні. З гэтага роду паходзіць знакаміты французскі паэт Гіём Апалінер.

Бацька братоў Амброзія і Казіміра (Каруся Каганца) Кастравіцкіх, Караль Кастравіцкі прыняў удзел у паўстанні 1863 г. Яго маёнтак Вялікія Навасёлкі на Міншчыне быў канфіскаваны, а сям'я саслана ў Сібір. Караль Кастравіцкі, сын Самуэля (1819-1873), пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску 1. Маці - Гелена са Свентаржэцкіх, дачка Тадэвуша. Па лініі маці Амброзі Кастравіцкі быў блізкім сваяком іншага Баляслава Свентаржэцкага (1831-1888) - кіраўніка паўстання 1863 г. у Ігуменскім павеце Менскай губерні. Акрамя таго, Кастравіцкія мелі блізкія сваяцкія сувязі з многімі шляхецкімі сем'ямі Меншчыны - Ваньковічамі, Вайніловічамі, Прушынскімі, Оштарпамі, Янішэўскімі і іншымі.

Сын Караля Кастравіцкага - Амброзі Самуэль Кастравіцкі, нарадзіўся ў 1871 г. у Цывінску, што ў Сібіры, падчас вяртання сям'і з ссылкі. Скончыў гімназію ў Пецярбургу і ў 1897 г. - медыцынскае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта 2. У канцы 1890-х гг., разам з Амрозіем у Маскве вучыўся Антон Лявіцкі (будучы празаік Ядвігін Ш.) і шмат іншай беларускай моладзі 3.


Малодшы брат жонкі Амброзія Кастравіцкага Марыі з Багушэўскіх, Сцяпан Багушэўскі, вучыўся ў Ягелонскім Кракаўскім універсітэце і часта гасцяваў у сястры і швагра ў Лідзе. Менавіта ў Лідзе, летам 1903 г. Вацлаў Іваноўскі схіліў Багушэўскага да ўдзелу ў новай выдавецкай задуме: выпуску беларускіх кніжак у Кракаве, горадзе, які ў той час знаходзіўся Аўстра-Венгрыі. Багушэўскі ў сваю чаргу прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго сябра з часоў гімназічнага навучання ў Менску Мар'яна Фальскага, студэнта Варшаўскай палітэхнікі 4.

З Амрозіем Кастравіцкім Вацлаў Іваноўскі пазнаёміўся праз яго швагра - Сцяпана Багушэўскага, які разам з Іваноўскім займаўся беларускімі выдавецкімі справамі 5. А з Казімірам Кастравіцкім (Карусь Каганец) Іваноўскі пазнаёміўся ў яго брата, лекара Амброзія, які ў 1901 г. жыў і працаваў у Лідзе. Вацлаў пасябраваў з абодвума і неўзабаве намовіў іх заняцца беларускай выдавецкай дзейнасцю, першага - як аўтара, другога - як фінансавага спонсара. Абодва Кастравіцкія ўваходзілі ў суполку "Круг беларускай народнай прасветы і культуры", створаную Іваноўскім 6.

Сярод іншых выданняў у 1904 г. "Круг ..." выдаў зборнік "Казкі" 7. Гісторык Юры Туронак лічыў, што выданне зборніка "Казкі" было падрыхтавана да друку Казімірам, а фінансавалася яго братам, Амброзіем Кастравіцкім, чые ініцыялы "А. К." апынуліся на тытульным аркушы кніжкі. "Казкі" па сутнасці, былі перадрукоўкай некаторых народных твораў, сабраных расейскім этнографам П. В. Шэйнам 8.

Амброзія Кастравіцкага няма ў адрас-календарах пачатку XX ст. Віленскай губерні, таму можна зрабіць выснову, што ён займаўся ў Лідзе прыватнай лекарскай практыкай.

Акрамя працы цікавіўся ён і грамадскай дзейнасцю. У сувязі з выбарамі ў Дзяржаўную думу Расіі віленская газета "Кур'ер Літоўскі" падрабязна расказвала пра стварэнне "Звязу землеўладальнікаў" Лідскага павета. 15 студзеня адбыўся агульны сход, на які акрамя землеўладальнікаў, з маёнткаў былі запрошаны і прадстаўнікі ад парабкаў "для рашэння пытання пра паляпшэнне побыту сельскіх працаўнікоў з улікам інтарэсаў гаспадароў. Прэзідэнтам камітэта "Звязу землеўладальнікаў" выбраны Вітольд Даўкша, віца-прэзідэнтам Уладзімір Ятаўт, сакратаром А. Кастравіцкі" 9. Як бачым, у 1906 г. Амброзі Кастравіцкі жыў ў Лідзе.

Вядома, што ў перыяд 1901-1920 гг. Амброзі Кастравіцкі акрамя Ліды працаваў лекарам у Мінску і Свянцянах. Менавіта ў Мінску ў 1908 г. нарадзіўся сын Даніэль 10.


Існуе меркаванне, што Амброзі Кастравіцкі ў 1916-1917 удзельнічаў у менскім аддзеле Камітэта дапамогі ахвярам вайны і ў сакавіку 1917 быў старшынём З'езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску. Але насамрэч гаворка ідзе пра яго брата Казіміра 11.

Можна з упэўненасцю цвердзіць, што ў 1918 г. Амброзі Кастравіцкі жыў у Лідзе, бо ў кастрычніку 1918 г. ён разам з сынам Самуэлем з'яўляўся сябрам польскай Самаабароны Лідчыны 12.

Бацька і сын Кастравіцкія вызначыліся падчас падзей вакол Лябёдкі Іваноўскіх. Зімой 1918-1919 гг. у суседнім з Лябёдкай маёнтку Гурнофель была база вайсковых аддзелаў польскай Самаабароны. На пачатку студзеня аддзелы Самаабароны паспрабавалі выбіць з Ліды бальшавікоў, але паход на Ліду не ўдаўся.

Пасля гэтага, 9-ы Лідскі конны аддзел Самаабароны, з мэтай выведкі ў бок Ліды, стала знаходзіўся ў маёнтку Лябёдка. 15 студзеня 1919 г., атрад чырвоных, які налічваў 300 добра ўзброеных людзей і меў некалькі кулямётаў, на вазах накіраваўся ў бок Васілішак. 16 студзеня, ноччу, калі на варце знаходзіўся 16-гадовы гімназіст улан Самуэль Кастравіцкі, а пры канюшні - Лявон арташэвіч, чырвоныя наблізіліся да Лябёдкі. Заўважыўшы бальшавікоў, вартавыя пачалі страляць, але ўвесь Лідскі аддзел спаў у сваёй казарме. Не бачачы супраціву з польскага боку, чырвонаармейцы ўварваліся на падворак, узялі ў палон Барташэвіча і параненага Кастравіцкага і занялі канюшню з коньмі. Пасля блытанага начнога бою, 9-ы конны атрад лідскай Самаабароны быў разбіты - уцяклі олькі 4 чалавекі, 6 уланаў было забіта, 7 узята ў палон, у рукі чырвоных трапілі 19 коней і 5 000 марак.

17 студзеня аддзелы Самаабароны з Гурнофеля адышлі да Шчучына, але яшчэ вечарам 16 студзеня доктар Амброзі Кастравіцкі на двух параконных санях прывёз з Лябёдкі ў Гурнофель целы загінуўшых: харунжага Стэфана Крыдля, капрала Юзафа Мейлуна, капрала Станіслава Шалевіча і ўланаў Юльяна Лібіха, Віктара Шкопа і Станіслава Вайцяхоўскага. Па ўспамінам відавочцаў, знешні выгляд загінуўшых марозіў кроў у жылах. Выкалатыя штыкамі вочы, на грудзях кожнага дзясяткі ран, пакрытых запёкшайся крывёю, усе раздзетыя дагала 13. Аўтар кнігі пра лідскую Самаабарону Дзічканец пісаў, што падчас працы над кнігай, сярод іншых, ён карыстаўся і асабістымі ўспамінамі доктара Амброзія Кастравіцкага 14.

Дзе пры гэтых падзеях хавалася сястра Вацлава Іваноўскага Алена - першая бларуская настаўніца на Лідчыне, якая ў той час заставалася ў Лябёдцы, невядома.

З лета 1920 г. Амброзі Кастравіцкі жыў у Варшаве, у 1925 г., пэўна, як вайсковы асаднік, атрымаў гаспадарку ў Белагрудзе пад Лідай, дзе акрамя яго шмат асаднікаў мела зямельныя надзелы, і ў сувязі з гэтым у верасні 1926 г., тут нават пачаў дзейнічаць чыгуначны прыпынак 15.

Памёр Амброзі Кастравіцкі ў 1937 г. у Белагрудзе 16.


Падчас Другой сусветнай вайны сын Аброзія - Самуэль Кастравіцкі супрацоўнічаў з Вацлавам Іваноўскім у беларускіх справах. Іваноўскі давяраў сыну свайго сябра, бо добра ведаў гэтую сям'ю. Трэба сказаць некалькі слоў і пра гэтага чалавека, тым больш, што 4 снежня 1902 г. ён нарадзіўся ў Лідзе. У 1915-1918 гг. Самуэль Андрэй Кастравіцкі вучыўся ў менскай гімназіі. Як мы бачылі вышэй, удзельнічаў у лідскай Самаабароне і нейкім чынам, паранены, быў выкуплены ў чырвоных з палону. Потым служыў у Войску Польскім, скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у снежні 1921 г. звольнены ў запас. У 1923 г. вывучаў права ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1930-х гг. працаваў у Варшаўскай зямельнай палаце. Перад самай вайной пасяліўся ў Вільні. Пасля вераснёўскай кампаніі 1939 г. нядоўгі час хаваўся ў Вільні, а пад канец 1939 г. прыехаў у Варшаву, супрацоўнічаў з беларускім падполлем і АК. У ліпені 1944 г. атрымаў званне маёра запасу. Пасля Варшаўскага паўстання апынуўся ў лагеры палонных Лямсдорф, затым Волдэнберг. Са жніўня 1945 г. служыў у ахоўных ротах у Германіі. Дэмабілізаваны ў 1948 г., эміграваў у Аргенціну. Памёр 12.08.1953 г. у Буэнас-Айрэсе 17.

Самуэль Кастравіцкі быў жанаты з сястрой слыннага лідскага краязнаўца Антона Прыбыткі Алінай (1913 г. н.). Яе маці Ева Прыбытка (1885 г. н.) з Алінай Кастравіцкай, з сынамі Аліны і Самуэля Крыштафам Нарымундам (1936 г. н.) і Аляксандрам Каралем (1938 г. н.), а таксама разам з малодшай сястрой Аліны Ядвігай (1918 г. н.) і братам Янушам (1923 г.н.), вясной 1940 г. былі высланы ў Казахстан. Вядома, што ў 1941 г. Аліна Кастравіцкая знаходзілася ў шпіталі для нервовахворых на станцыі Аляксееўка, а ў 1942 г. разам з сястрой працавала рабочай у геалагічнай экспедыцыі па пошуку нафты. У 1946 г. яны ўсе выехалі ў Польшчу 18.


1 Сакалоўская А. С. Кальварыя. Мінск, 1997. С. 90.

2 Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2008. С. 253.

3 Там жа. С. 27.

4 Там жа. С. 49.

5 Там жа. С. 20.

6 Там жа. С. 47.

7 Там жа. С. 48.

8 Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006. C. 48-49.

9 Kuryer Litewski №21, 26 stycznia (8 lutego) 1906.

10 Czeslaw Malewski. Rody i herby szlacheckie na Litwie (XV). [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://archiwum2000.tripod.com/522/malew.html - дата доступу: 06.05.2019.

11 Гл: Смалянчук А. Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю. Мінск, 2018. С. 267.; 269.; 273.

12 Дзічканец Юзаф. Самаабарона Лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 24.

13 Там жа. С. 62.; 64-69.

14 Там жа. С. 97.

15 Slowo № 204 (1214), 2 wrzesnia 1926.

16 Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 253.

17 Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. С. 132-133; 141.; 167.

18 Шымялеівіч Міхал. Высяленне ў Казахстан у 1940 г. значнай часткі жыхароў Лідскага павета // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 8. Мінск, 2018. С. 174.

Носьбіты святла ў творах Святланы Раманавай

У межах дзейнасці клуба "Прамова" на сядзібе ТБМ у Менску адбылася творчая вечарына паэткі Святланы Раманавай і адкрыццё выставы яе мастацкіх твораў "Родныя вобразы".

Святлана Дзмітрыеўна Раманава нарадзілася ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна ў 1965 годзе ў шматдзетнай сям'і. Пад уздзеяннем прыгажосці прыроды, душэўнай цяплыні родных у яе пачалі праяўляцца паэтычны і мастацкі талент. Белы аркуш паперы і аловак былі для яе лепшымі сябрамі. Сваю дзіцячую споведь яна давярала ім. Дзяўчыну цікавіла літаратура, свае вершы яна дасылала ў часопіс "Бярозка".У піянерскім лагеры "Зубраня" Святлана пазнаёмілася з Алесем Бадаком і вызначыла свой далейшы шлях.

У час вучобы на журфаку БДУ яна адначасова пачала займацца ў мастацкай студыі Алеся Квяткоўскага. У 1987 годзе Міхал Талочка запрасіў Святлану на вечарыну, і яна далучылася да Таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя", якое адыграла значную ролю ў творчым і дэмакратычным жыцці Беларусі напрыканцы 80-х гадоў.

Ёй запомнілася, як выразна чытаў свае вершы Анатоль Сыс, як збіраліся тады ў студэнцкім інтэрнаце Алесь Бяляцкі, Адам Глобус, Алесь Аркуш, Людміла Сільнова і іншыя. Іх галоўным пакліканнем было пісаць і выступаць па-беларуску.

Пасля заканчэння БДУ Святлана Раманава працавала ў рэдакцыі газеты "Інтэграл", супрацоўнічала з " Краязнаўчай газетай", пісала нарысы пра мастакоў у газету "Культура". Моцна паўплываў на яе імкненне да далейшай працы ў жывапісе мастак і педагог Мікалай Аляксандравіч Шулякоўскі, чалавек добрай і чулай душы, якога вельмі любілі дзеці. На выстаўках у Палацы мастацтваў яе ўражвалі карціны Гаўрыіла Вашчанкі, Леаніда Шчамялёва, яны сфармавалі яе светапогляд і светабачанне. Зацікавілі працы Алены Кіш і Ларысы Журавовіч. Мастацкае спасціжэнне свету праз вобраз стала ёй больш блізкім.

А ў паэзіі надавала імпэту сястра Ларыса Раманава - аўтарка зборнікаў вершаў "Аддай асалоду Богу", "Птушкі і рыбы", "Святая вада".

- Мы з сястрой ўсё жыццё натхняем і дапаўняем адна адну. Ларыса Раманава ўдзельнічала ў Гомельскай "Талацэ" разам з Сяргеем Дубаўцом і Таццянай Сапач. Яна працуе вядучым навуковым супрацоўнікам Веткаўскага музея народнай творчасці, вывучае народныя традыцыі, узнаўляе традыцыйныя абрады, удзельнічае ў канферэнцыях, выдала зборнік этнаграфічных нарысаў "На мяжы межаў". Цяга да прыгожага слова нам перадалася ад бацькі і ад дзеда, - распавяла сп. Святлана.

У 2012 годзе Святлана Раманава скончыла факультэт эстэтычнага выхавання БДПУ імя Танка, у 2013 годзе вучылася ў аспірантуры ў БДАМ і даследвала жанр аўтапартрэта ў беларускім жывапісе. Спадарыню Святлану хвалюе тэма духоўнага самаўдасканалення.

Сярод творчых асобаў - мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў - яна шукае людзей, родных ёй па духу, натхняецца іх дзейнасцю і піша іх выявы. Шэраг яе вершаў маюць прысвячэнні мастакам: Леаніду Шчамялёву, Уладзіміру Сулкоўскаму, Уладзіміру Пракапцову.

"Мастак і вежа, і жыццё,

І вечны снег, бялюткі, першы,

І вечны пошук - адкрыццё

Радзімы духу - смагі сэрца."

На выставе на сядзібе ТБМ Святлана Раманава прадставіла партрэты Людмілы Сільновай, Рыгора Сітніцы, Сяргея Плыткевіча, Уладзіміра Някляева.

Нечаканай і шчырай была сустрэча героя партрэта са сваім мастацкім вобразам. Вядомы фотамайстар Сяргей Плыткевіч, які кожны тыдзень падымаецца на квадракоптары, каб узяць у аб'ектыў рачулкі, выспы, птушак і звяроў, прыйшоў на сустрэчу са сваёй каляжанкай, убачыў на палатне самога сябе і ўсміхнуўся. А потым напісаў у Фэйсбуку: "Вось так жывеш, працуеш і не ведаш, што пра цябе існуе твор народнага мастацтва!"

Усім прысутным было цікава паслухаць пра новы вялікі інтэрнет-праект С. Плыткевіча "Планета Беларусь", які аб'ядноўвае звесткі пра помнікі архітэктуры з іх выявамі, інфармацыю пра каштоўныя турыстычныя аб'екты і маршруты.

Спадарыня Святлана таксама любіць падарожнічаць, маляваць шырокія прасторы і родныя дарогі, сакавітую рунь і букеты кветак, белых лебедзяў і даўганогіх буслоў.

На вечарыне выступілі старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч, вядомы графік Мікола Купава, кіраўніца Цэнтра японскай культуры Масако Тацумі, Святлана Багданкевіч. Масакосан, якой Святлана Раманава прысвяціла свае вершы, распавяла пра пераклады твораў М. Багдановіча і Я. Купалы на японскую мову.

Эла Дзвінская, фота аўтара. вятлана Раманава і Сяргей Плыткевіч; 2. Аляксандр Давідовіч, Святлана Раманава і аўтар артыкула; 3. Паэтка падпісвае сваю кнігу "Смарагдавы рай"; 4. Дыялог вядуць Мікола Купава і Масако Тацумі.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Святочная нечаканка

Уяўляеце такое! Вяртаюся вечарам з працы і толькі пераступіў парог кватэры - людцы мае родныя! Жонкі не пазнаць. Харашуха. Прыбралася - хоць зноў да шлюбу.

"Займела некага!" - сцяў горла жалезнаю лапаю недавер, а язык так і свярбіць, каб сказаць некалькі ласкавых слоў, якія маюць пачатак на літару "бы" і "шы".

Тут жонка пляшку гарэлкі на стол, да яе - талерку з гуркамі, яшчэ таго-сяго. Налівае па поўнай чарцы, а сама плача і блытана - вядома, радасць такая! - тлумачыць усё. Яшчэ ўчора лаялася са мною, а зараз абдымае, цалуе, каханым называе.

О! Гэта сапраўды свята! З такой нагоды не грэх і выпіць.

Выпілі мы тую пляшку гарэлкі і жонка пабегла распавядаць тую радасную навіну да суседзяў, а я схапіў тэлефон і пачаў турбаваць знаёмых. Васілю, Андрэю, Міколу патэлефанаваў. А як жа! Сябры. Колькі разоў выпівалі супольна. Мані, Ганне, Вользе блямкнуў. Працуем разам. Як не падзяліцца такой навіною. І шмат яшчэ каму тэлефанаваў. Нават гэтаму - імя яго не хачу вымаўляць, - што каханку адбіў у мяне. Ён спачатку не паверыў: жартую ці сур'ёзна? Якія тут могуць быць жарты, кажу я. Пасля гэтых слоў ён мне паверыў, узрадаваўся і паабяцаў заўтра паставіць пляшку.

А яшчэ рызыкнуў - патурбаваў свайго начальніка. Праўда, не хацелася рабіць мне гэтага. Вельмі не хацелася, бо Бугор наш на мінулым тыдні гахнуў мне вымову "за благое разуменне сутнасці праблемы". Гэта я, дурань, у галоснасць паверыў. Цягнуў мяне чорт за язык ляпнуць на агульным сходзе: час ўжо зразумець гэтым гультаям, з чыйго муляка яны жывуць…

Цяпер мне ўсё зразумела!

Пятро Іванавіч стрымана павітаўся, выслухаў мяне і павіншаваў з гэтай нагоды.

Ва ўсіх знаёмых свята; і ў гэтага - не хачу вымаўляць яго імя - свята, і ў Пятра Іванавіча - таксама свята.

Усе з гэтай нагоды святочную вячэру ладзяць, і гэты - імя яго не хачу ўспамінаць - піць збіраецца, і Пятро Іванавіч на добрым падпітку. Пэўна, каньяк жлукціць.

Усе мы радуемся такой падзеі. Ураз забыліся пра свае крыўды, спрэчкі, лаянкі, вымовы.

Мы шчыра віншуем адзін аднаго з гэтым Вялікім Днём.

Сябры мае! І я ўсіх вас віншую з гэтым светлым і радасным днём. І з упэўненасцю магу сказаць: прабудова перамагла ў нас канчаткова.

…Сёння ўсе мы атрымлі талоны на шкарпэткі.

1992 г.

* * *

Падаткавы інспектар:

- Вы хацелі схаваць ад дзяржавы большую частку сваіх прыбыткаў.

"Новы беларус":

- Чувак, я не вінаваты, што ў вас графа "прыбыткі" такая маленькая, не ўсе нулі змяшчаюцца.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX