Вярнуцца: 2019

№ 24 (1435)


Дадана: 12-06-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1435), 12 чэрвеня 2019 г.

Флэшмоб будучых фармацэўтаў: "Няхай будзе мова, няхай будзем мы!"

Проста на ганках Віцебскага медычнага ўніверсітэта прайшоў флэшмоб, удзельнікамі якога былі студэнты фармацэўтычнага факультэта разам з выкладчыцай Марынай Каліноўскай. Яны выйшлі з раздрукаванымі выслоўямі, прысвечанымі роднай мове, і сфатаграфаваліся на памяць.

Цэлы год першакурснікі - будучыя фармацэўты вывучалі беларускую мову, прычым, не толькі адмысловую тэрміналогію, але і размоўную лексіку, кажа выкладчыца:

- Спачатку ў нас была прафесійная лексіка і фармацэўтычная тэрміналогія, а потым мы ішлі да паўсядзённай лексікі. І яны паглядзелі, што можна і жартаваць на беларускай мове, а для іх гэта ўвогуле ў навінку было, што можна нешта смешнае сказаць па-беларуску. Асабліва іх уразіла, што ёсць і моладзевы слэнг. Нават як павітацца, акрамя "добры дзень", яны не ведалі. А потым яны ўжо прыходзілі, казалі "прывіты", "вітанкі", як свае!

Паводле Марыны Каліноўскай, заняткі беларускай мовай заўжды праходзілі пад дэвізам: "Няхай будзе мова, няхай будзем мы". Гэтая фраза стала і дэвізам флэшмобу, яе раздрукавалі разам з выслоўямі: "Родная мова не павінна быць замежнай", "Размаўляй са мной па-беларуску!", "Мова ў маім сэрцы" ды іншымі. Іншыя студэнты ды выкладчыкі дзівіліся: такога ў медычным універсітэце раней ніколі не было.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя.

Завяршыўся 19-ты фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна"

У 19-ы раз сабраў гасцей і ўдзельнікаў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна". Лейтматывам фэсту, які праходзіў 7-8 чэрвеня, сталі Год малой радзімы і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў праграме знайшліся імпрэзы на густ аматараў песні і паэзіі, музыкі і тэатру, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Яшчэ ў студзені ва ўсіх абласцях краіны прайшлі папярэднія адборы маладых выканаўцаў. На ІІ і ІІІ туры нацыянальнага конкурсу беларускай эстраднай песні ў Маладзечне адабралі 21 з іх (па тры выканаўцы з кожнага рэгіёна і сталіцы), і ўжо ўвечары 7 чэрвеня стала вядома, што прафесійнае журы палічыла вартай Гран-пры імя Уладзіміра Мулявіна, прадстаўніцу Менской вобласці Яну Мармыш.

24 майстры прыгожага слова, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва сталі ўдзельнікамі шэрагу літаратурных мерапрыемстваў: запісу культуралагічнай аўтарскай праграмы Навума Гальпяровіча "Суразмоўцы", работы паэтычнай пляцоўкі "Мой родны кут, як ты мне мілы" і музычна-паэтычнай гасцёўні "Пад небам Бацькаўшчыны роднай". У апошняй, дарэчы, прагучаць творы, якія трапяць у зборнік паэзіі і прозы "Мая Радзіма", што рыхтуецца да выдання ў Выдавецкім доме "Звязда".

Заўважнай падзеяй фестывалю стала прэм'ера канцэрту "Песні вайны", падрыхтаванага заслужаным калектывам "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі" пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. Гэтую маштабную і разам з тым вельмі асабістую, кранальную музычную праграму госці пачулі і ўбачылі падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця "Маладзечна-2019" на сцэне гарадскога летняга амфітэатра.

У другі дзень фестывалю творчыя калектывы, якія ўваходзяць у склад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, далі канцэрт акадэмічнай музыкі, прысвечаны творчасці Яўгена Глебава, - у Маладзечанскай школе мастацтваў, і джазавай песні - на сцэне Чысцінскага сельскага дома культуры, дзе любяць і заўжды чакаюць высокае мастацтва.

Увагу тэатралаў прыцягнуў спектакль "Янка Купала: жыццё ў свеце маланак", які прадставіў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, і "Не пакідай мяне" Менскага абласнога драмтэатра...

Паводле "Звязды".

Перапіс насельніцтва - 2019

У 2019 годзе ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. Сяродпытанняў (нумар 12 і 13), на якія трэба будзе адказаць падчас перапісу, будзе і пытанне пра Вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам "беларуская" вы станоўча паўплываеце на яе.

Перапосціце сям'і, сябрам, знаёмым… чыноўнікам.

Справаздача па працы падрыхтоўчых курсаў Універсітэта імя Ніла Гілевіча за 2018-2019 н.г.

Курсы распачалі сваю працу з ліпеня 2018 года з адпрацоўкі канцэпцыі курсаў, прызначэння загадчыка, прапрацоўкі варыянтаў вядзення дакументацыі існых дзяржаўных і прыватных падрыхтоўчых курсаў, зацверджання спісу прапанаваных прадметаў: беларуская мова, англійская мова, польская мова, нямецкая мова, матэматыка, фізіка, хімія і гісторыя Беларусі. У жніўні пачалася праца па рэкламе: зроблены абвесткі ў СМІ, надрукаваны ўлёткі; была канчаткова зацверджана форма дакументацыі, пачаўся набор слухачоў і былі падпісаныя дамовы з выкладчыкамі. Было прынята рашэнне, што курс на адзін прадмет будзе складаць 36 астранамічных гадзін і адзін занятак будзе працягвацца 90 хвілін (24 заняткі). Такім чынам, курс быў разлічаны на 6 месяцаў пры наведванні курсаў адзін раз на тыдзень.

Асноўны прынцып і адрозненне падрыхтоўчых курсаў НГУ-выкладанне на беларускай мове, высокая кваліфікацыя выкладчыкаў, выкладанне па аўтарскіх праграмах.

У верасні былі сфармаваныя першыя групы па беларускай і англійскай мовах.

Курсы пачаліся з сустрэч са знакамітымі суайчыннікамі: Уладзімірам Арловым, Андрэем Дынько, Святланай Калінкінай, Андрусём Такіндангам і іншымі.

Першыя заняткі па англійскай мове адбыліся ў верасні. Група была сфармавана з вучняў 6 - 8 класаў па праграме ўдасканальвання ведаў.

З кастрычніка пачалі працаваць групы:

па беларускай мове для вучняў 6-8 класаў - па праграме ўдасканальвання ведаў,

па беларускай мове для вучняў 10-11 класаў - па праграме падрыхтоўкі да ЦТ,

па англійскай мове для вучняў 10-11 класаў - па праграме падрыхтоўкі да ЦТ,

па нямецкай мове - пачатковы курс,

па матэматыцы для вучняў 11 класаў - па праграме падрыхтоўкі да ЦТ + курс матаналізу,

па фізіцы для вучняў 11 класаў - па праграме падрыхтоўкі да ЦТ,

па матэматыцы для вучняў 10 класаў - па праграме падрыхтоўкі да ЦТ,

па хіміі для вучняў 10-11 класаў - па праграме падрыхтоўкі да ЦТ,

па польскай мове - падрыхтоўка на ўзровень А2,

па польскай мове - пачатковы ўзровень,

па хіміі для вучняў 9 класаў - па праграме ўдасканальвання ведаў.

З лістапада пачалі працаваць дзве групы для дарослых людзей, жадаючых удасканаліць свае веды па англійскай і польскай мовах.

Са снежня пачала працаваць група для жадаючых вывучаць гісторыю Беларусі. Большасць слухачоў абралі па два прадметы, некаторыя - тры.

Агульная колькасць слухачоў курсаў - больш за 70 чалавек.

Агульная колькасць выкладчыкаў - 14 чалавек. У складзе выкладчыкаў: доктар навук, прафесар, кандыдаты навук, магістры і выкладчыкі вышэйшай катэгорыі; усе працавалі па сваіх аўтарскіх праграмах. Выкладчык хіміі праводзіла некаторыя заняткі на базе лабараторыі БДУ.

Курсы скончылі сваю працу ў красавіку-траўні. Па выніках навучання былі падрыхтаваны сертыфікаты для слухачоў, якія здалі выпускныя тэсты на адпаведны ўзровень, для астатніх падрыхтаваны пасведчанні аб праслуханым курсе. Падрыхтаваны акты прыёму выкананай працы.

Частка слухачоў пакінула курсы на працягу года, што было выклікана рознымі прычынамі (высокім узроўнем курсу, зменай прыярытэтаў, адсутнасцю часу). Агулам скончылі курсы больш за 50 чалавек.

Праблемныя моманты: наяўнасць толькі аднаго памяшкання і адсюль магчымасць правядзення заняткаў толькі тры дні на тыдзень (субота, нядзеля, панядзелак); адсутнасць падручнікаў для слухачоў і неабходнасць пастаяннай раздрукоўкі матэрыялаў заняткаў.

Станоўчыя моманты: памяшканне ТБМ знаходзіцца ў самым цэнтры горада і ў непасрэднай блізкасці ад метро; магчымасць выкарыстоўвання падчас заняткаў праектара і кампутара.

Усе групы карысталіся папулярнасцю. Асабліва групы польскай і англійскай моваў і па гісторыі Беларусі. Найменшая колькасць слухачоў была ў групе па хіміі для 11 класа - 4 чалавекі, сыходзячы са спецыфічнасці прадмета і выкладання па-беларуску.

Агульныя вынікі можна разглядаць як станоўчыя. Значная частка слухачоў выказала намер працягнуць навучанне ў наступным годзе і на дадзены момант ужо ёсць некалькі новых чалавек, жадаючых запісацца на курсы на наступны год.

22 траўня 2019 г.

Загадчык падрыхтоўчых курсаў Э. Кажарская.

Пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў і старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка сустрэліся з беларусамі Нью-Ёрка

2 чэрвеня ў беларускім цэнтры пры саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася сустрэча з шаноўнымі гасцямі з Беларусі - Уладзімірам Сіўчыкавым і Лявонам Анацкам.

Уладзімір Сіўчыкаў, беларускі пісьменнік, перакладчык, мастак і выдавец, прэзентаваў сваю новую кнігу вершаў "Багоўка" для дашкольнікаў і школьнікаў малодшых класаў. Акрамя таго, спадар Уладзімір падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт сённяшняга стану беларускай літаратуры, яе выдавецтва і адказаў на ўсе пытанні цікаўных.

Лявон Анацка, старшыня Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, удзельнік міжнародных марафонаў, распавёў пра сваю працы ў ТБМ, любоў да беларускай мовы, жыцця і шлях да ўдзелу ў міжнародных марафонах. Спадар Лявон падзяліўся сваім досведам арганізацыі першага ультрамарафону ў Беларусі.

Наталля Федарэнка. Фота Сяргея Кудзеліча.

У пасольстве Украіны ўручылі сертыфікаты выпускнікам курсаў украінскай мовы

У пачатку года на курсы ўкраінскай мовы запісалася каля 80 чалавек. Мэта, з якой прыходзілі слухачы на курсы, у кожнага свая. Хтосьці прыходзіў, каб падцягнуць узровень сваёй роднай мовы, хтосьці плануе працаваць ва Украіне, для некаторых у прыярытэце было вывучыць мову, каб мець магчымасць на ёй чытаць.

Настаўнік Аляксей Леановіч напалову ўкраінец. Яго мама родам з Харкаўшчыны. На курсы прыйшоў удасканаліць мову, якую чуў у сям'і з дзяцінства.

Аляксей Леановіч лічыць, што цікавасць да беларускай мовы была б большай, каб кнігі каштавалі не так дорага.

- Мне вельмі цікавая гэта мова. Хачу, каб яна жыла не толькі ва Украіне, але і за мяжой, таму страюся ствараць вакол сябе ўкраінскую моўную прастору: гляджу ўкраінскае тэлебачанне, чытаю кнігі па-украінску.

Я сябе злавіў на думцы, што амаль увесь час размаўляю на ўкраінскай або расійскай мове. Таму вырашыў на наступны год пачаць наведваць курсы беларускай мовы.

Ведаеце, я разы чатыры на год бываю ва Украіне і заўсёды прывожу адтуль кнігі. Трэба зрабіць кнігі на беларускай мове больш таннымі. Напрыклад, ва Украіне няма падатку на даданую вартасць на кнігі, якія напісаныя па-ўкраінску.

Таццяна Струк, кіраўніца таварыства ўкраінцаў "Обрій", якая дапамагала на курсах з выкладаннем украінскай мовы, прыйшла на выпускны ў вышыванцы, якой больш за 100 гадоў.

- Мне падарыла яе бабуля маёй сяброўкі. Акрамя гэтай, у маім гардэробе ёсць яшчэ дзесяць старажытных вышыванак. Я нашу іх толькі на ўрачыстасці. Сёння адно з самых вялікіх святаў людзей, якія закаханыя ў мову, - расказвае спадарыня Таццяна.

Таццяна Струк цягам года выкладала ўкраінскую мову і літаратуру. А беларусам, якія хочуць пазнаёміцца з украінскай літаратурай, раіць пачаць з твораў Лесі Украінкі.

- Яна звязана з Беларуссю, жыла тут на вуліцы, якая цяпер называецца Куйбышава, калі прыехала даглядаць свайго хворага сябра Сяргея Мяржынскага. Тут, у Менску, яна напісала выдатную паэму "Апантаная". Таксама раю пачытаць Васіля Стуса, Сяргея Жадана. Ой, што там казаць! Сучасная ўкраінская літаратура - гэта бясконцая прастора для шчасця, медытацыі і закаханасці ва ўкраінскую мову, - падсумавала Таццяна Струк.

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім сустракаў выпускнікоў асабіста.

- Я бачу тут і ўкраінцаў, і беларусаў. І вельмі ўсцешаны такой цікавасцю да нашай роднай мовы! Калі ў 2018 годзе мы пачыналі курсы, рабілі гэта так: "Ну давайце паспрабуем!" І ўсім так спадабалася, што філіялы курсаў сёлета адкрыліся ў Гомелі і Берасці. На наступны год ахопім усю Беларусь, - усміхаецца Ігар Кізім.

- Мяне папракалі, што было мала рэкламы курсаў, але я асцярожны. Што ж мы будзем рабіць, калі на наступны год атрымаем 300, 500 заявак? Зразумейце, курсы цалкам бясплатныя. Выкладчыкі працуюць на добраахвотных пачатак. Таму сёння я абавязкова падзякую не толькі нашым выпускнікам за цікаўнасць да мовы, але і выкладчыкам, за тое, што так аддана працавалі, і, канешне ж, Таварыству беларускай мовы, якое падтрымала нас, - падсумаваў спадар пасол.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан, nn.by.

ПАМЯЦІ АЛЁНЫ ЛАПАЦКАЙ

Страшная, трагічная навіна, што прыйшла 5 чэрвеня 2019 года, проста ўвагнала ў шок! Немагчыма паверыць: у самым росквіце жыцця, у 37 гадоў, не стала Алёны Лапацкай… І не верыцца дагэтуль…

Гэта была сапраўдная Беларуска, Патрыётка, проста Чалавек з вялікай літары! Няшмат, на жаль, знойдзецца людзей, якія б так аддана служылі беларускай справе. Нягледзячы на розныя перашкоды, на прыдзірлівае стаўленне чыноўнікаў, нягледзячы ні на што…

Многае ўспамінаецца… Агучаны па-беларуску разам з вучнямі і сястрой Веранікай вядомы мультфільм, што выклікаў найвялікшую цікавасць у грамадстве… Традыцыйныя літаратурныя чытанні ў Бычках, падчас якіх у нацыянальных беларускіх строях спадарыня Алёна разам з дачушкай Уладай і сястрой Веранікай рыхтавалі прыгожыя букеты, а маленькая беларусачка іх уручала выступоўцам: пісьменнікам, грамадскім дзеячам, музыкам… І заўсёды гэта суправаджалася гучнымі апладысментамі прысутных, бо такія прыгожыя дзяўчаты з прыгожымі кветкамі сапраўды выклікалі захапленне!

А колькі розных беларускіх імпрэзаў адбылося на Шаркаўшчыне дзякуючы руплівасці спадарыні Алёны! А як любілі яе вучні, як паважалі калегі!..

У той чэрвеньскі дзень перастала біцца сэрца не толькі беларускай Патрыёткі, але яшчэ і Дачкі, Маці, Жонкі, Сястры… Немагчыма змірыцца, розум адмаўляецца ўспрымаць рэальнасць…

Нам застаецца з яшчэ большым імпэтам працягваць тую працу, якую рабіла спадарыня Алёна. І гэта будзе найлепшым знакам нашай памяці!

Рада Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алёны Лапацкай. Трымайцеся, дарагія!

Вечная памяць!

Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.

Віртуальная прастора папулярызуе культурныя каштоўнасці

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 6 чэрвеня адбылася VIII Навукова-практычная канферэнцыя "Электронная культура". На ёй абмяркоўваліся сучасныя тэндэнцыі папулярызацыі дзейнасці бібліятэк, музеяў і іншых устаноў культуры ў электроннай медыя-прасторы.

- Усё большую ролю ў працы ўстаноў культуры адыгрываюць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія павышаюць эфектыўнасць іх дзейнасці, і пашыраюць магчымасці папулярызацыіі культурнай спадчыны, - падкрэсліў намеснік міністра культуры Сяргей Іванавіч Шарамеццеў. - Гэта важна для моладзі, якая арыентавана на візуальны лічбавы фармат успрыняцця інфармацыі. Установы культуры выпрацоўваюць сваю стратэгію і праграму інфармацыйнай дзейнасці.

Загадчык упраўлення дыстанцыйных і адукацыйных паслуг навукова-метадычнай установы "Нацыянальны інстытут адукацыі" Гюльнара Юстынская распавяла пра праектную дзейнасць па захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны ў электронным асяроддзі. Яна паведаміла пра паспяховае развіццё Нацыянальнага адукацыйнага партала www. adu.by, які спрыяе адукацыйнаму працэсу, падрыхтоўцы моладзі да экзаменаў, турніраў, алімпіяд і конкурсаў.

- Віртуальная прастора раскрывае новыя магчымасці для працы з кнігамі, - адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша. - Кніжныя помнікі ад моманту стварэння перажываюць час іх выкарыстання, старэння і забыцця. І часам адбываецца іх уваскрасенне. Помнік культуры, які цудам захаваўся, праз стагоддзі пераасэнсоўваецца па-новаму ў сучаснасці, прыходзіць разуменне, што гэты артэфакт з'яўляецца для нас важным, і пачынаецца яго новае жыццё. Так адбылося з кнігамі Францішка Скарыны.

Другое жыццё кнігі набываюць як помнікі кніжнай культуры. Яны выконваюць для нас эстэтычныя, выхаваўчыя і адукацыйныя функцыі. Яны апісваюцца, абмяркоўваюцца і папулярызуюцца. Кніжная спадчына можа быць прадстаўлена тысячам людзей. Электронныя копіі сведчаць пра рэальнае існаванне рэдкіх помнікаў кніжнай культуры. Ці, напрыклад, па іх можна пераканацца, што Статут Вялікага Княства Літоўскага быў напісаны на беларускай мове. Мы ўсведамляем праз дзесяцігоддзі каштоўнасць Берасцейскай Бібліі, самага яркага помніка кніжнай культуры ХVI стагоддзя, і Радзівілаўскай бібліятэкі. Віртуальная прастора дазваляе больш поўна аналізаваць і папулярызаваць кніжныя помнікі.

Вольга Бандарчук распавяла пра тое, што сёння публічныя бібліятэкі краіны шырока прадстаўлены ў віртуальнай прасторы.

Кацярына Навіцкая паведаміла пра цікавыя віртуальныя праекты Беларускага Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Вядучы бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Лаўрык падзялілася аповедам пра папулярызацыю выданняў літаратурнага аб'яднання "Маладняк" у інфармацыйнай прасторы. Аляксей Генадзевіч Бураўкін распавёў пра 3D-мадэляванне помнікаў архітэктуры ў інтэрнет-прасторы.

Вялікую цікавасць выклікала паведамленне Аляксандра Рашэтняка пра стварэнне электроннай шматфункцыянальнай карткі для вучняў. З такой карткай вучань можа плаціць за харчаванне, за паслугі сувязі, можа карыстацца бібліятэкай. На картцы змогуць быць запісаныя дадзеныя медыцынскага агляда і іншыя неабходныя ў практыцы рэчы.

Вячаслаў Брычкоўскі распавёў пра папулярызацыю анлайн-рэсурсаў па культуры і мастацтву на сайце "Беларусь у інфармацыйнай прасторы".

На канферэнцыі таксама вялася гаворка пра навейшыя дасягненні ў сферы інфарматызацыі культуры, пра праектную дзейнасць па захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны ў электронным асяроддзі, пра арганізацыю электронных паслуг, усталяванне сістэм электроннага архівіравання і апрацоўкі дадзеных, пра падрыхтоўку віртуальных выстаў і экспазіцый, стварэнне ўстановамі культуры карпаратыўных рэсурсаў, распрацоўку анлайн-курсаў і пра іншае.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Сяргей Шарамеццеў; 2. Раман Матульскі; 3. Алесь Суша; 4. Кацярына Навіцкая.

Ну і ну!

У выдавецтве А. М. Янушкевіча выйшла кніга Барыса Манцэвіча "Ну і ну! : гумар і сатыра".

Як прызнаецца сам аўтар, ён "упершыню ўсміхнуўся ў 1933 годзе, калі, выбраўшыся з цемры, убачыў, у які цудоўны свет патрапіў". З таго часу смех і гумар суправаджаюць Барыса Манцэвіча ўсё жыццё...

Свае сатырычныя вершы друкаваў у "Вожыку", "Літаратуры і мастацтве", "Звяздзе", "Рэспубліцы" і іншых выданнях. Запісвае народныя паданні, прыказкі і прымаўкі, анекдоты і прыпеўкі, многія з якіх служаць яму крыніцай для паэтычнай творчасці.

СПАРАДЗІЛА ДАЧКА, ДЫ НЕ ТАЯ

Гаруюць стары са старою:

"Даўно Глаша замужам -

Дзетак няма".

Суседка падказвае:

"Вы не сумуйце,

(Хоць, праўда, нішто

Не даецца дарма).

Для бацюшкі добры

Пакет падрыхтуйце,

I з ім няхай маці

Паедзе у храм.


Ад імені Бога

Айцец дасць параду

I ўнучка ці ўнучку

Пашле дочка вам".


Прыняў пачастунак

Айцец і сказаў так:

"Рублёвую свечку

Патрэбна купіць.

Паставіць архангелу

Варахіілу,

I ён можа дзетак

Бясплодным дарыць.

А я адслужу вам

Малебен такі,

Які вы не чулі

Яшчэ ў вякі".


Праз год тое самае

Ўсё паўтарылася,

А шчасце Глафіра

Адчуць не змагла:

Унучка на свет

У старых паявілася,

Ды толькі ад дочкі,

Што ў дзеўках расла.

Барыс Манцэвіч.

Паміж душой і Духам

Яўген Гучок

П-а-э-м-а - э-с-э

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

* * *

Атрасешся ад роднай мовы -

Застанешся з душой

І пустой, і незразумелай.

* * *

Няхай на маршы іншых моў

Нашай пакуль што няма -

Яна прыглядаецца.

* * *

Бывае,

што словы адрынутай мовы

Служаць ратавальнымі кроплямі

Пры хваробе душы яе носьбіта.

* * *

Стаю ў Курапатах

І ў неба гляджу,

А з неба і мова наша

глядзіць на мяне.

* * *

Сляды вынішчэння мовы нашай

Не толькі у Курапатах,

але і на Поўначы,

І ў Сібіры, Далёкім Усходзе,

Бярозе, на Лукішках

і іншых шыротах.

* * *

Калі слова пранікае ў душу,

Гэта зусім не тое,

Калі гэта слова

змясціць у збор твораў.

* * *

Іх кнігі і мова іх

Для тых, хто ніколі чытаць

Іх не будзе.

* * *

Адной рукой ён нібыта

пагладжвае мову,

Другую ж руку ён з горла яе

Не спускае.

* * *

Паскуднікі,

пакіньце ў спакоі мову!

І тыя, хто яе адмаўляе,

І тыя, што яе

ў падман абгортвае.

* * *

Божа! Ды творы такія такіх -

Бы вылегчаныя (і не раз)

Ад грамадзянскасці.

* * *

Мова наша

Не для губашлёпства...

Яна - для розуму і душы.

* * *

Вярнуцца да роднай мовы -

Амаль тое ж самае,

Што з Радзімаю абвянчацца.

* * *

Мова загнаная і цярплівая

З цягам часу

Становіцца Словам.

* * *

І тым, хто ў экстрыме

з моваю не развітаўся,

І тым, хто ад іх эстафету трымае,

Слава!!!

* * *

І як бы і хто б не здзіраў

з нашай мовы скуру,

Дух яе -

Неўміручы ў Сусвеце.

* * *

Для кагось беларуская мова -

Гаротная,

А для кагось яна - і горняя.

* * *

Каб анямелі у роднай мове

Ў Беларусі,

Бальшавікі яе сыноў

фізічна вынішчалі.

* * *

А папярэднікамі тых

вынішчальнікаў былі

Імперскі выкармыш

вешальнік Мураўёў

І да яго падобныя тыпы.

* * *

Як і цнатлівых людзей,

Цнатлівыя мовы

Імкнуцца са свету зжыць.

* * *

І сёння наша мова пад пагрозай,

Як у часы Панамарэнкі,

і Хрушчова, і падобных...

Ды вось нічога ў іх не выйдзе.

* * *

Ёсць мовы, як статкі,

А ёсць і, як зграі...

І гэта залежыць ад носьбітаў іх.

* * *

Мова гарту мангольскага

Вынішчыць пнецца

Мову Творцам дадзеную.

* * *

О колькі іх жукоў -

Жучылаў каларадскіх

На нашу мову скіравана!

* * *

Над нашай мовай пасмяяўся ты,

Ну а цяпер зірні ў люстэрка на сябе

І заадно падумай, хто ты.

* * *

Эй, вынішчальнік мовы нашай,

Стаяць у туалеце граблі -

Ідзі і расчашыся імі.

* * *

Наўрад ці хварэе мова,

Хварэюць часы,

І ў іх жыхары хварэюць.

* * *

Мова не іржавее,

Іржавее нутро

Вычварэнцаў і здраднікаў.

* * *

Мовазнішчальнікі,

Памятайце:

Вы самі сябе у выніку знішчыце.

* * *

Спачатку асіпне,

А потым страціць унутраны голас,

Той, хто абражаць нашу

мову не перастане.

* * *

Ёсць мовы, якія, нібы папугаі...

З чужога складу яны існуюць

І таму першародных зжыць

са свету імкнуцца.

* * *

Тут вякамі рабілася так,

Каб з беларускай душы ў свет

Беларускае слова не мела ходу.

* * *

Гоніце родную мову

З роднага дому...

Але прыйдзе час,

і вас яна не пазнае.

* * *

Калі маці твая не сальфеджыстка

Ў роднай мове,

Дык шкада мне цябе і маці тваю.

* * *

Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду

Ў мове прыроднай нашай -

Феня чужая.

* * *

Адрачэнец і здрайца,

Гэта не толькі дождж веснавы,

Гэта і мова наша

грукае ў вокны твае.

* * *

Гэта яшчэ пытанне:

Ці яны адвярнуліся

ад мовы роднай зямлі,

Ці адвярнулася мова

ад іх - паскуднікаў.

* * *

З мовай усё у парадку,

Ды вось люду ў нас нямала,

Пэль-мэль у каго ў галаве.

* * *

Мове ніякіх датацый не трэба,

Патрэбны датацыі

Абыякавым...

* * *

Адмовіцца ад роднай мовы -

Амаль што зняць

З душы тваёй скальп.

* * *

Адвярнуцца ад роднай мовы

І другою яе замяніць -

Гэта што віно гатунку

вышэйшага памяняць на ваду.

* * *

Родная мова шчэ вылезе

бокам таму,

Хто ахвотна яе на чужую

Мяняе.

* * *

А вынішчаць нашу мову -

Гэта Сізіфава праца

Для агрэсара і вырачэнца.

* * *

Абараняй сваю мову

і перад губашлёпам,

Прыйдзе час - прад Богам цябе

Абароніць яна.

* * *

Для заблуды-душы

Мова роднай зямлі -

Прымочка выратавальная.

* * *

Ні ўладзе,

ні яе ахоўнікам-памагатым,

Як бы яны ні стараліся,

Не дадзена вынішчыць мову нашу.

* * *

Думаць дарэмна,

Што моваадмоўцу-здрадніка

Фантомны боль абміне.

* * *

Хто думае забіць апошні цвік

У нашу мову,

Той рукі сам сабе паадбівае.

* * *

Забойцы мовы!

Ды будзе сон ваш бадзёры,

А бадзёрасць - санлівая.

* * *

Да апошняга слова

Змагаецца мова наша

за свой народ,

А са словам апошнім

рушыць у неба.

* * *

Хай возьме вас одум,

Вас, хто выракаецца мовы,

Мовы беларускай зямлі.

* * *

Калі ты не любіш

мову роднай зямлі,

Сапраўдных сяброў у цябе

Ніколі не будзе.

* * *

Пра існаванне нашай

Беларускай мовы

Запісана і на нябёсах.

* * *

Без мовы роднай зямлі

Няма далейшага ходу

Нікому ў Сусвет.

Навукоўцы Беларусі і Германіі падрыхтавалі план працы ў рамках гістарычнай камісіі

Навіны Германіі

Навукоўцы з Германіі і Беларусі падрыхтавалі план працы ў рамках двухбаковай гістарычнай камісіі, паведаміў амбасадар ФРГ Петэр Дэтмар 15 траўня на сустрэчы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам з нагоды завяршэння сваёй дыпмісіі.

Дэтмар нагадаў, што стварэнне падобнай камісіі абмяркоўвалася ў чэрвені мінулага года падчас візіту ў Менск федэральнага прэзідэнта Германіі Франка-Вальтара Штайнмайера. Экс-кіраўнік германскай дыпламатыі тады прыняў удзел у адкрыцці другой чаргі мемарыяла на месцы канцлагера ў Трасцянцы.

- Я асабліва рады таму, што вынікам рашэння прэзідэнтаў стала супрацоўніцтва паміж гісторыкамі нашых краін. Яны сустракаліся ўжо два разы. Распрацаваны вельмі станоўчы і перспектыўны працоўны план, які адносіцца да сумеснай перапрацоўкі нашага мінулага з навуковага пункта гледжання, - сказаў дыпламат.

Пры гэтым ён нагадаў словы Штайнмайера пра тое, што Беларусь трэба ўспрымаць як "самастойную незалежную дзяржаву".

Пра тое, што Германія і Беларусь маюць намер стварыць агульную гістарычную камісію, Штайнмайер паведаміў на міжнароднай канферэнцыі "Памятаць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні" 29 чэрвеня 2018 года ў Менску. Па яго словах, гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка.

- Спадар Лукашэнка гатовы падумаць пра тое, як выкарыстоўваць сённяшнюю падзею, якая з'яўляецца гістарычнай, - каб у нас была яшчэ не еўрапейская, але ўжо агульная культура памяці, - заявіў прэзідэнт ФРГ. - Стварэнне агульнай камісіі гісторыкаў два-тры гады назад менавіта з Беларуссю мы не маглі сабе ўявіць.

Naviny.by.

Кішэнныя каляндарыкі да Дня беларускага пісьменства

Слонімская друкарня выпусціла тры віды прыгожых кішэнных каляндарыкаў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства і друку, які адбудзецца сёлета 1 верасня ў Слоніме. На каляндарыках адлюстраваны Францішак Скарына, герб Слоніма, фотаздымкі Слоніма і тэкст, які нагадвае, што 1 верасня 2019 года ў Слоніме адбудзецца рэспубліканскае свята. Праўда, з адваротнага боку каляндарыкаў тэкст напісаны па-расейску.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, г. Слонім.

ДАСЯГНЕННЕ НАЙВЫШЭЙШАГА ПАРАДКУ

75 год таму саюзнікі аднавілі ваенныя дзеянні на Заходнім фронце

Сярод мноства ганебных кніг, што выйшлі ў Беларусі, хачу выдзеліць адну. Пад рэдакцыяй Аляксандра Кавалені і Мікалая Сташкевіча яна выйшла ў 2004 г., калі афіцыёз рыхтаваўся да 60-годдзя перамогі над Германіяй. У 2005 г. кнігу выдалі на мелаванай паперы і фаліянтам па-расійску. Мае тая кніга загаловак "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны").

Не верце загалоўку, бо кантэксту ў той кнізе мінімум. Напрыклад, у параграфе 11 апавядаецца аб прыходзе Чырвонай Арміі ва ўсходнія раёны БССР восенню 1943 г. і зімою 1944 г. У гэты параграф устаўлена, я б сказаў, рэпліка "Праблема адкрыцця другога фронту ў Еўропе". Пра тое, што другі фронт у Еўропе адкрыты ў 1943-м, у кнізе ані слова. Далей яшчэ "лепш". Аўтары ўжо напісалі пра аперацыю "Баграціён", расказалі аб гераічнай працы людзей у савецкім тыле і нарэшце між іншым паведамілі: "Толькі 6 чэрвеня 1944 года амерыканскія, англійскія і канадскія войскі... высадзіліся на ўзбярэжжы Паўночнай Францыі ў Нармандыі...".

Цалкам у духу сталінскай гістарыяграфіі. Самае ж прыкрае ў тым, што кніга пад рэдакцыяй А. Кавалені і М. Сташкевіча прызначана вучнёўскай моладзі.

На шчасце, у наш век кніга Кавалені і Сташкевіча не з'яўляецца адзінай крыніцай інфармацыі, а іх інтэпрэтацыя падзей Другой сусветнай вайны, хоць і ўзведзена ў ранг афіцыйнай, - не ісціна ў апошняй інстанцыі.

Мы добра ведаем, што саюзнікі істотна дапамаглі бальшавікам выкараскацца з незайздроснай сітуацыі, у якую паставілі сябе і народы Савецкага Саюза Сталін ды яго атачэнне. Так, непасрэдна перад Сталінградскай аперацыяй саюзнікамі была распачата аперацыя ў Паўночнай Афрыцы. 250 тысяч італьянскіх ды нямецкіх ваякаў, узятых у палон толькі ў Тунісе, - гэта нешта ды значыць. Перад Курскай бітвай саюзнікі пачалі інтэнсіўныя бамбардзіроўкі Сіцыліі і Сардыніі, а на пяты дзень бітвы высадкай дэсанту ў Сіцыліі адкрылі немцам другі фронт у Еўропе. Гэта дало магчымасць савецкаму камандаванню дасягнуць поспеху і разгарнуць наступленне ва Украіне, а некаторым чырвоным военачальнікам - як генералу бранятанкавых войскаў Паўлу Ротмістраву - і ўратаваць жыццё (за няўдачу ў танкавай бітве пад Прохараўкай Сталін ужо занёс быў над ім сваю сякеру).

Гэтак было і ў 1944-м: за 17 дзён да аперацыі "Баграціён" саюзныя войскі высадзіліся ў Нармандыі. Менавіта гэты дэсант сталінская гістарыяграфія лічыць адкрыццём другога фронту ў Еўропе. Насамрэч для Вермахта гэта было аднаўленнем баявых дзеянняў на Заходнім фронце.

ДЗВЕ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ - ДВА СПОСАБЫ ВЯДЗЕННЯ ВАЙНЫ

Савецкая і постсавецкая прапаганда спрабуе прыпісаць сабе перамогу над нямецкім нацызмам на той падставе, што СССР у гэтай вайне панёс найбольшыя страты. Хісткі аргумент. Вялікая частка стратаў выклікана людажэрчай палітыкай Сталіна і яго атачэння (чаго варты для Чырвонай Арміі толькі адзін 1937-мы), спробамі перахітрыць і Гітлера, і лідараў Брытаніі ды Францыі, ваенна-тэхнічнай адсталасцю. Нехта сказаў, што гераізм патрабуецца там, дзе няма кампетэнтнага кіраўніцтва і належных сродкаў вядзення вайны. У першыя тыдні вайны Чырвоная Армія страціла сваю перавагу над Германіяй у гарматах, танках, самалётах. У чым заставалася бясспрэчная перавага СССР над Германіяй, дык у жывой сіле. І там, дзе не хапала вайсковага майстэрства, належнай тэхнікі, - там для выканання пастаўленай задачы не шкадавалі людскіх жыццяў. У літаратуры можна сустрэць адносіну 1:10. Гэта значыць, што да аднаго забітага нямецкага жаўнера прыпадала 10 савецкіх.

Вельмі важна паглядзець, колькі савецкіх салдатаў і матросаў паклалі свае жыцці за адзін квадратны кіламетр вызваленай сушы ды марской прасторы і колькі - амерыканскія, брытанскія, французскія, канадскія...

Такая ўжо прырода еўрапейскай цывілізацыі і дэмакратыі. У Старажытнай Грэцыі стратэгаў каралі за тое, што належным чынам не былі пахаваныя воіны. Еўраатлантычная цывілізацыя і дэмакратыя вядуць свой радавод з Грэцыі. І амерыканскія, і брытанскія, і канадскія ўрады і штабы працавалі пад пільным наглядам сваіх парламентаў і стараліся пазбягаць неапраўдных і празмерных ахвяраў. Генералы змагарнай Францыі, хоць і не мелі над сабою парламенцкага кантролю, былі таксама выхаваныя ў духу павагі да чалавечага жыцця. Заходнюю статыстыку ваенных стратаў у параўнанні з савецкай можна лічыць бездакорнай.

Трэба было б было б супаставіць, колькі незваротных стратаў (у тым ліку палоннымі) панесла Германія ў Атлантычным акіяне, у паўночных морах і ў Заходняй Еўропе і колькі - на Усходнім фронце. Савецкай статыстыцы давяраць нельга. Чаго толькі вартыя лічбы 9, 20, 26 і 30. Столькі мільёнаў людзей, паводле афіцыёзу, страціў СССР у вайне. Лічба ўзрастала па меры таго, як падзеі вайны ўсё далей адыходзілі ў мінулае. Найбольш дакладныя лічбы нямецкіх стратаў ёсць у нямецкіх архівах: мусіць, не трэба казаць, што такое нямецкая дакладнасць.

ПЕРААДОЛЕННЕ

Зноў і зноў трэба казаць, што эканоміка Злучаных Штатаў, Брытаніі, яе дамініёнаў і калоній і блізка не была гэтак мілітарызаваная, як эканомікі СССР, Германіі і Японіі. Пры гэтым трэба адзначыць, што Савецкі Саюз пераўзыходзіў Нямеччыну па ўсіх відах узбраенняў у разы. І што ад савецкай артылерыі, авіяцыі і танкавых войскаў (асабліва пасля бітваў пад Дубнам і Сянном) засталіся вартыя жалю рэшткі, - у тым віна перш за ўсё Сталіна, наркама абароны Сямёна Цімашэнкі і начальніка генеральнага штаба Георгія Жукава. Трэба адзначыць і тое, што ў ЗША былі моцныя ізаляцыянісцкія настроі. І хто ведае, ці ўступілі б Штаты ў вайну, калі б не японцы, не Пёрл-Харбар. А да гэтага Брытаніі трэба было адной адбіваць напады нямецкай авіяцыі і шукаць сродкі супраць нямецкіх і італьянскіх падводных лодак і надводных караблёў.

Уступіўшы ў вайну з Японіяй і стаўшы саюзнікам СССР у антыгітлераўскай кааліцыі, Злучаныя Штаты, а таксама брытанская карона мусілі весці вайну на ўсіх акіянах, а для гэтага патрабаваліся магутны наводны і падводны флот, цяжкая авіяцыя, знішчальнікі, транспартныя самалёты і ўсё, што для іх патрэбна. Для вядзення ваенных дзеянняў на сушы неабходныя былі танкі, аўтамабілі, цягачы, паходныя майстэрні і электрастанцыі, зброя і сродкі абароны для вайскоўцаў. А яшчэ - харчаванне, сродкі гігіены, медыкаменты, палявыя шпіталі і шмат чаго іншага (не забудзьма таксама пра кінаперасоўкі).

Магчыма, заходнія саюзнікі нарасцілі б свой мілітарны патэнцыял хутчэй, калі б не СССР. Краіна, якая мела ў сваіх нетрах усю табліцу Мендзялеева, сярэднеазіяцкія латыфундыі і вялікія сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў Сібіры, Паволжы і інш. рэгіёнах, прасіла ў саюзнікаў не толькі тэхніку - нават медзь і бавоўну, коўдры, абутак і харчы. І ўсё ж да сярэдзіны 1943 г. амерыканцы і брытанская карона ўжо даволі ўпэўнена пачуваліся на моры, у паветры і на сушы.

ПАДРЫХТОЎКА

Нармандская аперацыя саюзнікаў мела кодавую назву "Оверлорд", высадка паветранага і марскога дэсанту - "Няптун".

Своесаблівай рэпетыцыяй аперацыі "Оверлорд" была высадка саюзніцкага дэсанту на Сіцыліі і Апенінскім паўвостраве. Але славутым і паспяховым аперацыям у Міжземным моры папярэднічала бітва за прыморскі французскі горад Дзьеп у жніўні 1942-га. Брытанска-канадскія войскі панеслі тады цяжкія страты. Урокі гэтай драматычнай бітвы не маглі не ўлічвацца пры падрыхтоўцы аперацыі "Овэрлорд". У Вялікабрытанію былі перакінуты дзве амерыканскія паветрана-дэсантныя дывізіі. Тут амерыканцы разам з саюзнікамі адпрацоўвалі тактыку высадкі паветранага дэсанту. Паралельна адпрацоўвалася і тактыка высадкі марскога дэсанту. Інтэнсіўныя вучэнні, якія не абышліся без людскіх ахвяр, доўжыліся тры месяцы.

Нямецкая разведка не змагла даведацца, дзе ж будуць высаджвацца праціўнікі. Па-першае, з 10 раёнаў, у якіх праводзілася навучанне дэсантнікаў, толькі адзін сваім ландшафтам нагадваў нармандскае ўзбярэжжа. Па-другое, высадка паветранага дэсанту планавалася ўначы, таму і вучэнні праводзіліся, як правіла, не ўдзень. Па-трэцяе, саюзнікі запускалі дэзу і налётамі авіяцыі давалі зразумець, што пераправа будзе ажыццяўляцца ў раёне Кале-Булонь. У гэта паверыў адзін са стваральнікаў Атлантычнага валу, "ліс пустыні" фельдмаршал Эрвін Ромель. Яго думку падзяляў галоўнакамандуючы нямецкіх войскаў на Заходнім фронце фельдмаршал Герд фон Рундштэт, бо праліў Па-дэ-Кале значна вузейшы за Ла-Манш. Берлін, хоць і меў на ўвазе нармандскі варыянт, прыняў меркаванне маршалаў да ведама. У Берліне, акрамя таго, лічылі, што заходнія аліянты могуць высадзіцца і ў Нарвегіі. І Гітлер трымаў там 13 дывізій.

ДАТА "R" І D-DAY

У красавіку 1944-га Уінстан Чэрчыль паведамляў Сталіну, што ў адпаведнасці з дамоўленасцю, дасягнутай паміж кіраўнікамі ўрадаў Злучанага Каралеўства, Злучаных Штатаў і Савецкага Саюза ў Тэгеране, пераправа адбудзецца каля даты "R". Гэтак шыфравалася 31 траўня 1944 г. Дапускалася адступленне ад гэтай даты ў сувязі з умовамі надвор'я. Апошняе ж слова належала генералу Дуайту Эйзенхаўэру, на якім ляжала адказнасць за правядзенне аперацыі. 8 траўня, калі ў Італіі яшчэ ішла бітва пад Монтэ-Касіна, роўна за год да капітуляцыі Германіі, ён вызначыў, што высадка паветранага і марскога дэсанту адбудзецца ў дзень D (D-day). Так было зашыфравана 5 чэрвеня. Тым часам саюзнікі, у шэрагах якіх змагаліся і беларускія хлопцы, 4 чэрвеня ўзялі Рым. Сталін віншаваў Франкліна Рузвельта "з вялікай перамогай".

Планы планамі, а мора морам. Мора не дало саюзнікам пачаць аперацыю ў D-day. Яе давялося адкласці на суткі.

Такой аперацыі не ведала гісторыя. З боку саюзнікаў у ёй удзельнічала 150 тыс. чалавек. За 9 гадзін да пачатку аперацыі пачалася інтэнсіўная бамбёжка нямецкіх пазіцый. Затым пасля поўначы ў самалёты пагрузіліся 24 тыс. брытанскіх, амерыканскіх, канадскіх і французскіх парашутыстаў (13100 чалавек былі амерыканцамі). Калі стрэлкі гадзіннікаў паказалі 6:30, пачалася высадка марскога дэсанту, а ўдзень на планерах высадзіліся яшчэ 3937 салдатаў.

Каб уявіць, што ўяўляў сабою флот заходніх аліянтаў, працытую з ліста Чэрчыля да Сталіна ад 14 чэрвеня: "Горад караблёў расцягнуўся ўздоўж узбярэжжа амаль на 50 міль".

Да вечара 6 жніўня саюзнікі захапілі тры плацдармы, на якіх замацаваліся 5 пяхотных і 3 паветрана-дэсантныя дывізіі, а таксама бранятанкавая брыгада. Саюзнікі прайшлі ўглыб французскай тэрыторыі ад 3 да 5 кіламетраў.

Ведама, раптоўнасць заўсёды прыносіць псіхалагічную перавагу нападнікам, але ўсё ж нямецкае войска аказала дастойны супраціў. Быў момант, калі амерыканскі генерал Амар Брэдлі ледзь не даў загад адмяніць высадку дэсанту на тым участку, за які ён адказваў. У першы дзень аперацыі "Оверлорд" немцы вывелі з шыхту 6603 амерыканцаў і каля чатырох тысяч брытанцаў і канадцаў. Быў забіты, паранены ці прапаў без весткі кожны 15-ты ўдзельнік аперацыі. Страты зменшыліся ў наступныя дні.

Што дзіўна, дык тое, што ўсе дзеянні праціўніка ў паветры, на моры, а потым і на сушы маршал Рундштэт успрыняў спачатку як дэманстрацыю з мэтаю адцягнуць увагу немцаў ад раёна Кале-Булонь і таму не дазваляў перакінуць частку войска на нармандскае ўзбярэжжа.

11 чэрвеня Сталін пісаў Чэрчылю: "Як відаць, дэсант, задуманы ў грандыёзных маштабах, удаўся цалкам. Я і мае калегі не можам не прызнаць, што гісторыя не ведае іншага падобнага пачынання з гледзішча яго маштабаў, шырокай задумы і майстэрства выканання. Як вядома, Напалеон у свой час ганебна праваліўся са сваім планам фарсіраваць Ла-Манш. Істэрык Гітлер, які два гады хваліўся, што ён здзейсніць фарсіраванне Ла-Манша, не рашыўся зрабіць нават намёк на спробу ажыццявіць сваю пагрозу. Толькі нашым саюзнікам удалося з гонарам здзейсніць грандыёзны план фарсіравання Ла-Манша. Гісторыя адзначыць гэтую справу як дасягненне найвышэйшага парадку".

* * *

Сталін не быў бы Сталіным, бальшавікі не былі б бальшавікамі, калі б не перакруцілі гісторыю і супольную з саюзнікам перамогу над нацысцкай Германіяй не пачалі амаль цалкам прыпісваць сабе, згадваючы пра заслугі братоў па зброі як пра нешта няважнае. Навучальная кніга "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны") паказвае, што паслядоўнікі Сталіна працягваюць яго справу і ў Рэспубліцы Беларусь.

Мы ж уявіць сабе не можам, як разгорвалася б наступальная аперацыя Чырвонай Арміі ў Беларусі, калі б не высадка саюзнага дэсанту ў Нармандыі, калі б не наступ саюзнікаў (у дадатак да італьянскага тэатра ваенных дзеянняў) на Заходнім фронце. Адно можам сказаць пэўна: Чырвонай Арміі ўдалося дасягнуць поспеху ў Беларусі і таму, што "дасягненне найвышэйшага парадку" было здзейснена ў Нармандыі.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Тэкст, змешчаны вышэй, напісаны пяць гадоў таму і апублікаваны ў газеце "Наша Ніва" (2014. 11 чэрвеня). Гэтае ж пасляслоўе я пішу дзеля таго, каб удакладніць асобныя моманты.

Першае і галоўнае, што выпускалі і выпускаюць з-пад увагі савецкія і постсавецкія людзі: эканоміка ЗША і Вялікабрытаніі ў 1930-х гг. не была мілітарызаваная ў такой меры, як гаспадаркі СССР, Нямеччыны і Японіі. Па стане на 1 верасня 1939 г. ЗША мелі трохі больш за 500 танкаў. Гэтулькі ж танкаў перад пачаткам Другой сусветнай вайны мела ў Еўропе і Вялікабрытанія. Да таго ж па многіх параметрах брытанскія танкі саступалі савецкім, нямецкім і амерыканскім. На пачатку вайны ў Злучаным Каралеўстве налічвалася толькі 488 бамбрардзіроўшчыкаў (у немцаў - 1500 машын). Пасля сутычак з Вермахтам у 1939 г. у Злучаным Каралеўстве, паводле Чэрчыля, засталося 20 тысяч падрыхтаваных жаўнераў, 200 гармат і 50 танкаў. 1939-1941 гг. для ЗША і Злучанага Каралеўства былі гадамі пераводу эканомікі на ваенныя рэйкі, нарошчвання мілітарнага патэнцыялу дзяржаў.

Другое. Калі чытаеш нашы падручнікі, складваецца ўражанне, што пасля французскай кампаніі 1940 г. Заходні фронт для Нямеччыны "зачыніўся". Але ж была берагавая абарона ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, а 26 кастрычніка 1940 г. у Францыі была сфаміравана група армій "D". З 15 красавіка 1941 г. гэтую групу сталі называць Галоўнакамандаваннем "Захад" (Oberbefehlshaber "West"). Нямецкія войскі будавалі Атлантычны вал. У жніўні 1942 г. яны паспяхова адбілі спробу саюзнікаў узяць порт Дзьеп у Нармандыі, а ў лістападзе таго ж года акупавалі вішысцкую частку Францыі, выйшлі на паўднёвае ўзбярэжжа Францыі. Вялі яны таксама аперацыі супраць французскіх партызанаў і засыланых у Францыю дыверсійных груп.

Існавала пасада камандуючага войскамі на Захадзе. 15 сакавіка 1941 г. гэтую пасаду заняў генерал-фельдмаршал Іоў Вільгельм Георг Эрдман фон Віцлебен. У сакавіку 1942 г. камандуючым стаў генерал-фельдмаршал Карл Рудольф Герд фон Рундштэт (Rundstedt). 2 ліпеня 1944 г. - за 4 дні да высадкі дэсанту ў Нармандыі - яго змяніў фельдмаршал Ганс Гюнтэр Адольф Фердынанд фон Клюге (kluger Hans - разумны Ганс, як яго празвалі ў войску). Адначасова з Рундштэтам і Клюге тамсама служыў і "ліс пустыні" - фельдмаршал Эрвін Ойген Яганэс Ромель, які камандаваў групай армій "В" (дзве арміі). А яшчэ там з пачатку 1944 г. былі група армій "G" (дзве арміі) і танкавая група "Захад". Немалая сіла.

І не забывайма пра Бітву за Атлантыку, у якой з верасня 1939 г. германа-італьянскім ваенна-марскімі сілам супрацьстаялі матросы Вялікабрытаніі з Канадай, Францыі, Злучаных Штатаў і Бразіліі. У гэтай бітве ўдзельнічалі таксама палякі, нарвежцы і галандцы.

Адначасова з марской Бітвай за Атлантыку вялася вайна ў паветры. Гэта не толькі налёты Люфтвафэ на Англію, гэта таксама бамбардзіроўкі марскіх караблёў і баявыя сутычкі з самалётамі саюзнікаў.

Усё гэта я пішу для таго, каб яшчэ раз падкрэсліць: 6 чэрвеня 1944 г. не 2-і фронт у Еўропе адкрыўся, а аднавіліся актыўныя наземныя ваенныя дзеянні на Заходнім фронце. І аднаўленне гэтых дзеянняў папярэднічала Беларускай наступальнай аперацыі "Баграціён", а таксама Львоўска-Сандамірскай наступальнай аперацыі. І Гітлер мусіў ваяваць ужо на тры франты, бо другі фронт у Еўропе (а насамрэч ужо трэці пасля Заходняга і Усходняга) саюзнікі адкрылі 10 ліпеня 1943 г., калі іх дэсант высадзіўся на Сіцыліі. Якраз перад танкавай бітвай пад Прохараўкай.

Важна яшчэ раз адзначыць: дамоўленасць аб даце аперацыі "Оверлорд" была дасягнута на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў Злучанага Каралеўства, Злучаных Штатаў і Савецкага Саюза, якая праходзіла 28 лістапада - 1 снежня 1943 г. На падрыхтоўку аперацыі адводзілася 6 месяцаў. І саюзнікі выканалі сваё абяцанне. І гэта пры тым, што Злучаныя Штаты, маючы свой першы фронт у Ціхім акіяне ад Алеуцкіх астравоў да Новай Гвінеі, ведучы ў тыя дні зацятыя баі на Марыянскіх і Каралінскіх астравах, мусілі ваяваць яшчэ на Італьянскім фронце, рыхтаваць дэсантную аперацыю на паўднёвым узбярэжжы Францыі і дапамагаць Брытаніі, Савецкаму Саюзу, Кітаю ды іншым краінам. Пра ўсё гэта ў нашых падручніках можна прачытаць хіба што два-тры сказы.

Анатоль Сідарэвіч.

Бальтазар Калясінскі, лідскі паўстанец і сябар Тараса Шаўчэнкі

Леанід Лаўрэш

Каспер-Мельхіёр-Бальтазар Калясінскі (сын Бальтазара, 30.12.1818 - 30.09.1888) нарадзіўся на Лідчыне.

У 1820 г. маёнткам Сядзеймы валодаў Антон Більдзюкевіч, лідскі гродскі суддзя 1. У 1844 г. гэта маёмасць належала жонцы Бальтазара Калясінскага Марыі-Стэфаніі Калясінскай з Більдзюкевічаў 2, атрымала яна яго ў спадкі, часткова ад свайго дзядзькі Антона, а часткова ад бацькі Яна, які стала жыў у Жытомірскай губерні.

У 1848 г. у маёнтак Сядзеймы ўваходзілі вёскі Яўсеявічы, Навіцкія, Чэрнікі - 1250 дзесяцін, 124 мужчынскія і 104 жаночыя душы. Акрамя гэтага сам Бальтазар Калясінскі валодаў Зарэччам у Лідзе з вёскамі Лайкоўшчына, 40 дзесяцінамі ў ваколіцы Ёдкі, дваром Качанова, маёнткамі Кір'янаўцы, Калясішча, фальваркамі Траццякоўцы, Прыдыбайлы і іншай маёмасцю 3. Сядзеймы знаходзіліся недалёка ад легендарнага двара Востраў, у якім у 1392 г. было заключана Востраўскае пагадненне паміж стрыечнымі братамі Вітаўтам і Ягайлам.


Бальтазар Калясінскі атрымаў хатнюю адукацыю і пасля заканчэння Віленскага высакароднага пансіёна быў прыняты пісарам у камісію, зацверджаную для рэвізіі дзеянняў Гарадзенскага дваранскага дэпутацкага сходу. Потым быў прызначаны ў Гарадзенскую казённую палату, служыў тут памочнікам кантралёра, кантралёрам. У 1841 г. атрымаў чын калежскага рэгістратара і перавод у Лідскую дваранскую апеку - спачатку сакратаром, а пазней быў абраны шляхтай піцейным дэпутатам. З 1846 г . - губернскі сакратар 4.

5 траўня 1843 г. адбыўся шлюб паміж Бальтазарам Калясінскім і Марыяй Стэфаніяй Більдзюкевіч.

У 1840-я гг. з эміграцыі на тэрыторыю Беларусі накіроўваліся эмісары з мэтай арганізацыі паўстання. На Лідчыне ў 1846 г. у якасці эмісара дзейнічаў Ян Рэр. Створаная апошнім у 1846 г. тайная арганізацыя ставіла за мэту падрыхтоўку нацыянальна-вызвольнага паўстання. Царскім уладам удалося выйсці на яго след у Віленскай, Менскай, Гарадзенскай губернях 5. Таксама некаторыя выхадцы з Лідчыны былі чальцамі "дэмакратычнага таварыства" Ф. Савіча. Так, пад псеўданімам "Альфонс" у ім знаходзіўся сын праваслаўнага святара - Яўстафі Вароніч, які пасля заканчэння лідскай прагімназіі працягваў навучанне ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, і некаторыя іншыя.

Бальтазар Калясінскі меў кантакт Янам Рэрам і быў арыштаваны 6. Калясінскага доўга трымалі ў турме і толькі 12 лютага 1848 г. галоўнакамандуючым дзейнай арміі (на нашай тэрыторыі дзейнічала ваеннае становішча) зацвердзіў вырак, згодна з якім Бальтазар Калясінскі "прызнаны вінаватым разам з лекарам Рэніерам у слуханні зламысных настаўленняў супраць урада, у куплі чытанні забароненых твораў, у знаёмстве з эмісарамі якія прыехалі з-за мяжы, у прыняцці аднаго з іх у сябе на кватэры і ў жаданні садзейнічаць паўстанню, калі б яно ўспыхнула ў заходніх губернях, - пазбаўлены чыноў і дваранскага годнасці"7. Вырак мне нагадвае тыповыя, савецкія абвінавачванні - "слухаў заходняе радыё", "сустракаўся з замежнікамі" і г. д. Але менавіта такой была фармулёўка выраку, вынесенага Калясінскаму без суда. Разабрацца ва ўсіх перыпетыях справы не лічылі патрэбным, скаргаў ці касацыяў не прымалі, і лёс чалавека вырашаўся адным росчыркам пяра.

Зоф'я Кавалеўская ў сваёй працы "Гісторыя Лідскага паўстання. Успаміны пра Людвіка Нарбута" прыводзіць шмат цікавых фактаў, якія без яе былі б назаўсёды забытыя. Пра ўжо легендарныя нават для яе часы арышту Калясінскага, яна піша: "Хто ў Лідскім павеце падняў агітацыю і да якой ступені яе распаўсюдзіў сёння даведацца цяжка. Не абышлося, як заўсёды, і без ахвяр, сярод якіх быў лідскі землеўладальнік Бальтазар Калясінскі, які і стаўся адным з галоўных ініцыятараў руху. Гэта быў нязломны дзеяч, чалавек моцнай волі, якіўпарта імкнуўся да сваёй мэты.

Яго арыштавалі ў сваім маёнтку Сядзеймы, дзе ён жыў разам з жонкай, якая паходзіла з дому Більдзюкевічаў. Сваю жонку Бальтазар выкраў ад бацькоў. Маладзіца прынесла ў яго дом абраз Маці Божай Вострабрамскай, які знаходзіўся ў сям'і Більдзюкевічаў з незапамятных часоў і паводле падання ціхім звонам папярэджваў сям'ю пра блізкую бяду.

У хвілю, калі жандары наблізіліся да маёнтка ў Сядзеймах, каб арыштаваць Бальтазара, абраз, які вісеў на сцяне, загучаў сам па сабе. Як быццам маланка ўдарыла ў дом Калясінскага. Яго пасадзілі ў вязніцу і пасля доўгага следства вынеслі вырак: "вечныя салдаты" са скасаваннем усіх правоў і шляхецкіх прывілеяў. Паводле тагачаснага звычаю ўсё адбывалася з пэўным цырыманіялам - Бальтазара ўзвялі на эшафот і над яго галавой зламалі шпагу" 8.


Некалькі слоў трэба сказаць пра лекара Рэніера, які згадваецца ў выраку разам з Калясінскім. У "Маральна-палітычный справаздачы за 1846 год", якую пісалі адмыслова для цара, напісана: (змоўшчыкаў - Л.Л.) асаблівую дзейнасць выказваў лекар Рэніер, які захоўваў у сябе рэвалюцыйную інструкцыю і розныя абуральныя паперы, распаўсюджваў ідэі пра аднаўленне ранейшай Рэчы Паспалітай і прыцягваў да сваіх задумаў іншых. Іншыя маладыя людзі і дробна-маянтковыя дваране толькі мелі спатканні з Рэрам або хавалі яго, але не чакалі поспеху ад яго абуральным задум, і радзілі яму пакінуць Расію."9

А ў справаздачы з 1847 г. занатоўваецца: "Галоўная ўвага (следчай) камісіі была звернута на справу эмісара Рэра ... які на пачатку 1846 года прыязджаў з Познані, каб ўзбуджаць жыхароў Літвы да паўстання, вербаваць незадаволеных і накіроўваць іх за мяжу, дзе рыхтаваўся агульны мяцеж. Камісія адкрыла, што хоць Pэp з-за кароткага часу знаходжання ў Заходнім краі не мог распаўсюдзіць сваіх злачынных намераў, але, тым не менш, аказалася, што да 15 чалавек ведалі што ён хоча. Больш іншых вінаваты па гэтай справе лекар Рэніер, які меў звесткі пра падрыхтоўках да паўстання ў Познані, атрымліваў забароненыя кнігі, распаўсюджваў іх і падбухторваў іншых да ўдзелу ў сваіх задумах. Следчая камісія спачатку падазравала, што Pэp і Рэніер паспелі стварыць у Літве тайнае таварыства, ці, па меншай меры, нейкую змову, але падазрэнне па гэты час не апраўдалася"10.

У 1857 г. паліцыя паведамляла: "Аніценці Рэніер, дваранін і лекар, ураджэнец Віленскай губерні, 49 гадоў. Па канфірмацыі князя Варшаўскага, за палітычнае злачынства быў сасланы на катаржныя работы, ад якіх вызвалены па маніфесце 27 сакавіка 1855 г. і з 15 лютага 1856 года паступіў пад нагляд на пасяленне без тэрміну. Атрымліваў ад казны дапамогі па 57 р. 14 кап. а таксама на паёк і вопратку. Па Усяміласцівым маніфесце ад 26 жніўня 1856 г. яму падаравана дваранства з правам вяртання на радзіму, з Іркуцка у 1857 г. выехаў у Вільню"11.

Вышэй пададзеная інфармацыя цікава тым, што жандармы не спрвабавалі ўводзіць цара Мікалая І у зман і дакладалі, што ніякай арганізацыі (спісу, як тады казалі) ці змовы не было, што не перашкодзіла манарху зламаць жыццё маладым людзям.


Але вернемся да нашай тэмы.

Адразу ж пасля прыбыцця манаршага пацверджання выраку, бліжэй да канца лютага, Бальтазар быў адпраўлены ў пяты лінейны батальён Асобнага Арэнбургскага корпуса і пры канцы сакавіка - у першых днях красавіка прыбыў да месца прызначэння 12.

Калясінскі прывёз у Арэнбургскі край навіны - рэвалюцыі ўжо ахапілі Аўстрыю, Германію, Венгрыю, Італію. Бурліла Польшча. Узмацніліся хваляванні ў Галіцыі. Лідзяін расказваў навіны іншым ссыльным і хутка пасябраваў з вялікім украінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам, які ў 1847 г. ва узросце 33 гады за паэму "Сон" быў сасланы жаўнерам ў Арэнбургскі край пад нагляд начальства з забаронай пісаць і маляваць. Першае знаёмства Шаўчэнкі з Б. Калясінскім адбылося ў Орскай цвердзі - яны служылі у адным батальёне. Больш блізкае знаёмства двух выгнаннікаў адбылося ў Арэнбургскі перыяд іх жыцця (лістапад 1849 - красавік 1850). Сябры усю зіму знаходзіліся Арэнбургу і часта сустракаліся. Такім чынам, сапраўднае сяброўства паміж Тарасам Шаўчэнкам і лідзянінам Калясінскім было працяглым.

Пераканаўчым пацвярджэннем гэтых сустрэч і прыналежнасці да аднаго кола, з'яўляецца малюнак Аляксея Чарнышова, які паказвае Т. Шаўчэнку сярод ссыльных у Арэнбургу 13. На ім намаляваная група арэнбургскіх палітычных ссыльных, сярод іх Тарас Шаўчэнка (другі справа) намаляваны не ў форменным шынялі, як усе астатнія, а ў цёмным цывільным паліто з вялікім каўняром: так ён хадзіў па горадзе. На малюнку, справа, па-за групай захопленых размовай ссыльных, побач з Шаўчэнкам стаіць Бальтазар Калясінскі (першы справа) і Людвік Ліпскі. Ліпскі тут быў ужо ветэранам, хоць меў ўсяго дваццаць шэсць гадоў, але яго судзілі дваццацігадовым. Службоўца-варшавяка абвінавацілі ў "вядзенні размоў супраць урада, чытанне забароненых кніг, якія атрымліваюцца з-за мяжы і раздачу іх іншым для чытання і распаўсюджвання дэмакратычных правілаў"14.

(Працяг у наст. нумары.)

1 Malewski Czeslaw. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmianski i wilenski. Warszawa, 2016. S. 45.

2 Ziemia Lidzka. 2004. № 2 (60).

3 Malewski Czeslaw. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku ... S. 106.

4 Большаков Л. Н. Оренбургская Шевченковская энциклопедия. Тюрьма. Солдатчина. Ссылка. Энциклопедия одиннадцати лет, 1847-1858. Оренбург, 1997. С. 168.

5 Радзюк А. Р. Пад скіпетрам Расейскай імперыі: рэпрэсіўная палітыка царызму на землях Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст. Гродна, 2017. С. 129.

6 Радзюк А. Р. Лідчына ў нацыянальна-вызваленчым руху першай паловы ХІХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук. практ. канф. Ліда, 2008. С. 116.

7 Большаков Леонид. Быль о Тарасе. Кн. 1. Москва - Оренбург, 1993. С. 171.

8 Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 17.

9 Россия под надзором. Отчеты III отделения 1827-1869. Москва, 2006. С. 385-386.

10 Там жа. С. 399-400.

11 Болонев Ф. Ф., Люцидарская А. А., Шинковой А. И. Ссыльные поляки в Сибири: XVII, XIX вв. Исследования и материалы. Новосибирск, 2007. С. 146.

12 Там жа.

13 Большаков Л. Н. Оренбургская Шевченковская энциклопедия. ... С. 168.

14 Большаков Леонид. Быль о Тарасе. Кн. 3. Москва - Оренбург, 1993. С. 118.

ЗРОБІМ РАЗАМ - ЗРОБІМ ДЛЯ СЯБЕ

Існуе ў Верхнядзвінску ў доме № 72 па вуліцы Першамайскай ініцыятыва пад назвай "Добры сусед". Ініцыятыве год, і ёсць падстава для святкавання і не толькі з нагоды маленькага юбілею, а таму, што акцыя працягвае жыць.

У Еўрапейскі дзень суседзяў, які быў заснаваны ў французскай сталіцы больш за 10 год таму, заснавальнік - Атаназ Перыфан (Atanase Perifan), і прыходзіцца на апошні дзень траўня, "Добры сусед" працягваў працу па добраўпарадкаванні свайго двара.

Крыху гісторыі. Удзел і перамога грамадскай ініцыятывы ў конкурсе "Добры сусед", што ладзіўся Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый даў магчымасць на атрыманыя сродкі набыць дрэвы для пасадкі, зрабіць альтанку для адпачынку, прыгожыя дамкі для птушак, якія гняздуюцца на мясцовым вадаёме. Але галоўнае-перамога ў конкурсе дала штуршок месцічам распачаць добраўпарадкаванне тэрыторыі дома, у якім пражывае 60 сем'яў.

Калі напачатку мы, сваім жаночым аргкамітэтам, планавалі правесці некаторыя работы, канешне, з удзелам жыхароў дома, былі вялікія сумневы адносна вялікай актыўнасці. І нават перш сход, які прайшоў у сярэдзіне красавіка, не вельмі абнадзеіў. Але ўжо першая вялікая праца на пасадцы дрэваў зняла ўсе сумненні.У адзін дзень было пасаджана 17 прыгожых туй. Дзякуй жылкамунгасу, які зразумеў нашыя памкненні і на працягу ўсёй акцыі дапамагаў "Добраму суседу". Затым адрамантавалі пляцоўку для кантэйнераў, і зараз самі жыхары кантралююць узнікненне "непажаданых звалак", якія да гэтага часу былі праблемай. Першыя еўракантэйнеры з'явіліся таксама каля дома № 72, затым прыйшла чарга да сметніц. І зноў жа - пры падтрымцы ЖКГ і эколага арганізацыі Алены Карасевай. Прыгажуні вербы атулілі азярцо, абапал тратуара з'явіліся кусты хостаў і дэкаратыўных кустоў, кожны пад'езд упрыгожылі вазоны з кветкамі. "Птушыныя домікі" абжылі качачкі. Дарэчы, апошні домік спускалі на ваду ўсім домам падчас свята, на якое завіталі госці не толькі з суседніх дамоў, а і з горада і нават з суседніх вёсак.

Я казала жыхарам дома: "Пад ляжачы камень вада не пацячэ. Калі самі будзеце сядзець, апусціўшы рукі, нічога не будзе. Трэба варушыцца".

А яшчэ ад імя раённага аддзялення ГА "Беларусская жаночая ліга" мы звярнуліся з хадайніцтвам у раённы Савет дэпутатаў аб узнагароджанні самага актыўнага ўдзельніка, можна казаць, гаспадара дома, Фёдара Андрэевіча Ломача граматай раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада. Грамату райсавета на свяце ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Францаўна Козел. Вось так! Каштоўным падарункам аргкамітэта ўзнагароджаны і яшчэ наш памочнік Аляксей Краўчанка. А граматы аргкамітэта атрымалі аж 15 чалавек! І як казалі потым самі жыхары, што аргкамітэт справядліва адзначыў удзел кожнага жыхара ў акцыі "Добры сусед".

"Добры сусед" двухмесячны марафон па добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі па вул. Першамайскай Верхнядзвінска завяршыў СВЯТАМ ДОМА. Тон у спевах задае Валянціна Мінчук, у кампаніі гасцей з Менска, Андруся Такінданга і Аляксея Шэіна. А на мяне лягла няпростая справа быць вядоўцай свята, якое доўжылася больш за дзве гадзіны. Горад яшчэ не меў досведу правядзення святаў такого кшталту, але першы блін прайшоў лёгенька!

Жаданымі гасцямі "Добрага суседа" былі Андрусь Такінданг і Аляксей Шэін, які прэзентаваў сваю кнігу "Сем камянеў". Наш зямляк Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік, які заглядвае на маю старонку ў Фэйсбуку так напісаў Аляксею: "Аляксей! На Дрысеншчыне сем камянёў пасей!"

Андрусь Такінданг за невялікі прамежак часу стварыў сапраўдны дзіцячы хор чалавек у 25! Як жа хораша спявалі дзеткі разам з ім беларускія песні! А пераможца літаратурнай віктарыны на веданне творчасці У. Караткевіча атрымаў шыкоўны падарунак - два тамы Васіля Быкава! Вось што ўзрадавала: ведаюць дзеткі і пра Караткевіча, і пра Быкава!

І гэтай вясной акцыя мела працяг: пасаджана некальі дрэваў "арэху манчжурскага, "воцатнага дрэва", жыхары працягваюць высаджваць кветкі ў вазонах у кожным пад'ездзе. А позняй восенню беларуская чыгунка прапанавала нам забраць каля 20 сходняў, праўда, цяжкаватых, для ўсталявання мастка да возера. Звярнуліся да дэпутата акругі Зубрыцкага У.В па дапамогу: патрэбен трактар, не адмовіў, і вось масток да возера ўкладзены. А жыхары задумваюцца ўжо пра тое, што трэба было б пачысціць возера, выраўняць тэрыторыю вакол яго, працягваць працу па азеляненні.


Штогадовая майская дата па святкаванні Дня суседзяў знайшла водгук больш, чым у 1200 партнёраў і рэалізуецца ў 30 краінах свету. Дзень суседзяў актуальны і для нашага грамадства, у якім, як і ў іншых краінах, назіраюцца негатыўныя ў сацыяльным плане тэндэнцыі: зніжэнне кантактаў і ўзроўню камунікабельнасці людзей, сыход "у сябе", цяга да адзіноцтва, раз'яднанасць, а агульныя справы яднаюць людзей.

Акцыя "Добры сусед" дае падставы для таго, каб казаць, што з людзьмі трэба працаваць. І ўладам, і грамадскаму сектару.

Валянціна Болбат,Верхнядзвінск, ТБМ.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Дзедава навука

Неяк аднаго разу ўнучак Макс вярнуўся дахаты з невялікім скруткам. Дзед, як звычайна, бавіў час перад тэлевізарам.

- Што прыдбаў? - прашмакаў бяззубым ротам дзед.

- Нагавіцы. Фірма, дзед!

- Пакажы, унучак!

Хлопец прадставіў абнову. Нагавіцы былі вельмі ўжо вузкія, і юнак ганарыўся тым. Дзед нічога не сказаў, а толькі пакруціў галавою.

- Што ты разумееш! - запярэчыў Максім і пачаў надзяваць абнову.

- Нічога не атрымаецца, - упэўнена зазначыў дзед.

- Усё атрымаецца, вось пабачыш.

- Не, - стаяў на сваім стары.

Хлопец соп, крактаў, але нагавіцы вышэй каленяў не лезлі. Змарнаваўшы колькі часу юнак скарыўся і пачаў сцягваць абнову.

- І сапраўды малаватыя.

- У самы раз, Максім. Толькі адзяваць не ўмееш.

- То ж мне ўмека! Адвяжыся, дзед.

- Трэба валасы на нагах збрыць, тады ўсё будзе добра.

Хлопец напачатку ўпарціўся, але дзед настаяў на сваім, і юнак вымушаны быў пагадзіцца. Праз дзесяць хвілін ён выйшаў з ванны і зноў прыняўся за справу. Зараз ён нацягнуў нагавіцы крыху вышэй.

Дзед перастаў глядзець тэлевізар ды пачаў пільна сачыць за кожным рухам унука і даваць парады.

- Не спяшайся, кажу. Не спяшайся. Абнова добрая, але ты не ўмееш ёю карыстацца.

- Скажы яшчэ, - абурыўся юнак.

- Ногі трэба мылам намыліць, - павысіў голас дзед. - Слухайся - і ўсё будзе добра. Некалі мы так рабілі.

Хлопец ужо не ўпарціўся. Хуценька выканаў парады дзеда і ў адно імгненне надзеў нагавіцы. Зараз ён быў задаволены.

- Клёва, дзед! А ты нічога, шурупіш у гэтай справе.

Стары падаў унучку іголкі і ніткі.

- Вазьмі на ўсякі выпадак з сабой. Ды сядай паволі, каб нейкай недарэчнасці не надарылася.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX