Вярнуцца: 2019

№ 26 (1437)


Дадана: 26-06-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 26 (1437), 26 чэрвеня 2019 г.

30 гадоў назад прайшоў Устаноўчы з'езд ТБМ імя Ф. Скарыны

Арганізацыя сыграла важную ролю ў нацыянальным Адраджэнні

Пра запачаткаванне ТБМ гаворыць акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі:

- У 1989 годзе адбыўся I устаноўчы з'езд ТБМ. У той час мы з бацькам толькі нядаўна вярнуліся на Радзіму, з якой былі разлучаныя на 40 гадоў. У маім жыцці так адбылося, што я ніколі не вучыўся беларускай мове, 40 гадоў пражыў у Расіі і толькі пад уплывам свайго бацькі пачаў пісаць і размаўляць па-беларуску. Вярнуўшыся ў Беларусь, я з вялікім задавальненнем пачаў карыстацца роднай мовай. Таму я быў рады працэсам нацыянальнага адраджэння і беларусізацыі. Ніл Гілевіч запрасіў мяне ўвайсці ў склад Рады ТБМ.

Ганаруся тым, што з самага пачатку стварэння арганізацыі я стаў сябрам Рады. Па просьбе Ніла Гілевіча я напісаў артыкул, які быў надрукаваны ў першым нумары "Нашага слова". Ад самага пачатку ўсе ставіліся да ўдзелу вельмі прыхільна, упарта і мэтанакіравана працавалі. Справа была распачата цудоўная і высокая! Была пастаўлена задача па адраджэнні беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці народа, каб садзейнічаць зберажэнню і развіццю нацыянальнай культуры і народных традыцый, гістарычнай памяці і фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.

Арганізацыя сыграла важную ролю ў нацыянальным Адраджэнні.

Жадаю далейшых поспехаў ТБМ як найважнейшай арганізацыі ў шанаванні і папулярызацыі беларускай мовы!

Сёлета мне ідзе ўжо 91 год, але ў мяне ёсць вялікая цікавасць да жыцця і імкненне працаваць!

Запісала Э. Дзвінская.

Апостал праўды глядзіць на нас з неба

Такія пранізлівыя вершаваныя радкі прагучалі 22 чэрвеня на традыцыйным літаратурным свяце ў Бычках, арганізаваным Рухам " За свабоду" на чале з Юрасём Губарэвічам, Віцебскай філіяй ТБМ і культурна-асветніцкім Цэнтрам імя Язэпа Драздовіча пад кіраўніцтвам Ады Райчонак. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за сотню гасцей.

Сёлета прэмія "За свабоду думкі" не ўручалася, вырашана змяніць яе фармат, але традыцыя праводзіць мерапрыемства будзе працягвацца.

З прамовамі выступілі старшыня Руху " За Свабоду" Юрась Губарэвіч, Кірыл Стаселька, Хрыстафор Жаляпаў.

- Сёлета ўшаноўваюцца 95-тыя угодкі з дня народзінаў Васіля Быкава, - адзначыў Юрась Губарэвіч, - але дзяржава не паставіла яму ніводнага помніка. Словы Васіля Быкава датычыліся важных грамадскіх праблемаў, і яны сёння з'яўляюцца кіраўніцтвам для нас.

Урыўкі з апавяданняў Васіля Быкава прагучалі з вуснаў Крысціны Бандурынай, маладой паэткі з Мазыра, аўтаркі некалькіх зборнікаў вершаў, а таксама ў выкананні Ніны Філіпавай. Таццяна Севярынец прачытала верш Кастуся Севярынца "Бычкі".

Ада Элеўна Райчонак узгадала пра незабыўныя сустрэчы на Вушацкай зямлі з паэтамі, пісьменнікамі і грамадскімі дзеячамі, распавяла пра 26 мастацкіх пленэраў, прысвечаных выбітным сынам Беларусі - Яну Баршчэўскаму, Пётру Сергіевічу, Язэпу Драздовічу, Рыгору Барадуліну, якія тут праходзілі.

Андрусь Такінданг пад акампанемент домры выканаў для грамады сучасныя папулярныя песні ўласнага аўтарства. Для ўдзельнікаў свята выступіла са спевамі сям'я Бартосікаў. Бард Зміцер Бартосік, яго жонка Таццяна, музыкант, і дзеці Юстына і Геральд, якія навучаюцца ў 23 менскай беларускамоўнай гімназіі, пранікнёна выканалі песню на вершы Міхася Кавыля "Ой, ты край мой залаты".

Мастакі разгарнулі невялічкую экспазіцыю з партрэтаў і габеленаў з выявамі Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Пятруся Броўкі. Святлана Баранкоўская з Віцебска распавяла пра свае працы. Госці з Дрысы павіншавалі Хрыстафора Жаляпава з 70-годдзем.

- Мы з паплечнікамі імкнемся, каб Беларусь стала сапраўды незалежнай і дэмакратычнай і еўрапейскай! Васіль Быкаў заўсёды мяне натхняў, я быў знаёмы з ім з 1975 года. Ужо 16 гадоў мы праводзім тут Быкаўскія фэсты, - адзначыў Хрыстафор Жаляпаў.

Свята было шчырым і душэўным, з пачастункам, кветкамі і сяброўскімі абдымкамі. Сонейка свяціла пяшчотна, белыя пухнатыя аблокі няспешна плылі над зямлёй. Буслы з задавальненнем пазіралі на людзей са свайго гнязда. Бульба, прыгатаваная на вогнішчы, атрымалася разварыстай і смачнай, густая трава пад нагамі здавалася надзвычай шаўкавістай і духмянай.

На зваротным шляху група падарожнікаў з Руху "За свабоду" наведала Вушацкія могілкі, каб пакланіцца з удзячнасцю народнаму паэту Беларусі Рыгору Іванавічу Барадуліну і яго маці Акуліне Андрэеўне Барадулінай.

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Ада Райчонак і мясцовая дзяўчынка; 2. Юрась Губарэвіч; 3. Спявае Андрусь Танкінданг; 4. Выступае сям'я Бартосікаў; 5. Выступае Х. Жаляпаў.

Багаты плён дзейнасці ТБМ

Да 30-годдзя ТБМ

Выданне газет і часопісаў, прэзентацыі кніг і мастацкія выставы на сядзібе, удзел у Парламенцкай дзейнасці, стварэнне "Белсата" і запачаткаванне Нацыянальнага Універсітэта, досвед доўгажыхарства, - такі плён 30-гадовай дзейнасці ТБМ імя Ф. Скарыны, якое хутка адзначыць свой юбілей.

27 чэрвеня 1989 года ў Доме літаратара ў Менску адбыўся ўстаноўчы з'езд ТБМ, які прыняў з невялікі папраўкамі і дапаўненнямі Статут. На з'ездзе прысутнічала каля 300 чалавека самых розных прафесійных статусаў.

Пра поспехі ТБМ распавёў Ганаровы старшыня арганізацыі, кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў.

- ТБМ працягвае існаваць і дзейнічаць, мы здолелі захаваць свае шэрагі і свой офіс, а шмат якіх арганізацый, якія ствараліся разам з намі, спынілі сваё існаванне. За 30 гадоў у нас былі поспехі і падзенні, быў росквіт і заняпад, але мы ўпэнена крочым наперад разам з беларускай мовай, якая жыве і развіваецца, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы пасля рэферэндуму 1995 года. Наша мова квітнее ў інтэрнеце, выходзіць шмат вершаў, песень, кніг.

Я кіраваў ТБМ з 1999 па 2017 год. Ад пачатку я быў адным з заснавальнікаў арганізацыі, сем гадоў кіраваў раённай структурай ТБМ Савецкага раёна. Потым быў першым намеснікам старшыні, калі старшынём быў Генадзь Бураўкін, змяніў яго на пасадзе. К канцу 1989 года суполкі ТБМ былі створаны ў большасці раёнаў нашай краіны, але не паўсюль. У гэты перыяд ішла перабудова, мянялася заканадаўства, і зарэгістраваныя арганізацыі, такія, як Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз мастакоў і ТБМ атрымалі права вылучаць дэпутатаў ва ўсе ўзроўні Саветаў - у раённыя і абласныя Саветы народных дэпутатаў. У Вярхоўны Савет БССР ад ТБМ прайшло 13 дэпутатаў - у тым ліку і Зянон Пазняк. Праз ТБМ стаў дэпутатам народны паэт Ніл Гілевіч. Такім чынам, у ТБМ ёсць грунтоўны досвед працы ў Парламенце.

Не вельмі проста было Алене Мікалаеўне Анісім патрапіць у сёняшні Парламент і праводзіць там актыўную беларускамоўную палітыку. Яна, бадай, адзіны чалавек, які прынцыпова гаворыць у Палаце Прадстаўнікоў па-беларуску.

ТБМ выдае 2 газеты, 2 часопісы. На днях выйшаў 20-ты нумар "Верасня", які рэдагуе вядомы паэт і бард Эдуард Акулін. 1 ліпеня пройдзе прэзентацыя гэтага выдання на сядзібе ТБМ. А колькі мы выдалі брашураў, канвертаў, календароў! Нават выйшла паштовая марка Рэспублікі Беларусь з сімволікай ТБМ.

Асноўная маса сяброў ТБМ - простыя грамадзяне, людзі рознага узросту: ад настаўнікаў да прафесароў універсітэтаў з розных гарадоў, абласных і раённых цэнтраў. У часы росквіту ў арганізацыі было ад 30 да 40 тысяч чалавек. Зараз мы маем 6,5 тысяч чалавек - столькі, колькі ва ўсіх палітычных арганізацыях разам узятых. Ёсць сябры ТБМ - грамадзяне іншых краін - грамадзяне Расіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Аўстраліі, Ізраіля. Уступаюць у ТБМ не толькі беларусы, але і людзі розных нацыянальнасцяў, якія любяць беларускую мову.

Мы выдалі "Летапіс ТБМ" за 25 гадоў, а зараз да юбілею будзем прэзентаваць дзейнасць ТБМ за апошнія 5 гадоў. Спадар Суднік рыхтуе чарговую кнігу, дзе па днях будзе апісана наша дзейнасць за апошнія 5 гадоў на Беларусі і за яе межамі.

Мы запачаткавалі першы беларускамоўны замежны канал "Белсат". Ідэя заснавання Нацыянальнага Універсітэта развіваецца з 1998 года. Ініцыятарам яго стварэння быў прафесар Юрась Хадыка. Праекту Універсітэта ўжо 20 гадоў, і толькі год таму мы яго зарэгістравалі, сабраўшы 55 тысяч подпісаў грамадзянаў. Зараз мы займаемся работай па атрыманні ліцэнзіі.

Доўгі час самым галоўным доўгажыхаром, сябрам ТБМ быў Барыс Кіт - 107 гадоў, а зараз - Фелікс Шкірманкоў, Радзім Гарэцкі і Леанід Лыч. У Барыса Кіта сімволіка ТБМ вісела ў пакоі. Уступіць у ТБМ можна з 14 гадоў, але часцей моладзь уступае з 16-ці.

Спадар Алег па сціпласці назваў далёка не ўсе формы дзейнасці ТБМ за мінулыя гады. А такімі былі захапляльныя гістарычныя школы з яго ўдзелам, лекцыі і семінары па тапаніміцы, краязнаўчыя вандроўкі, сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі.

Асобна ад грамадскай працы ў Таварыстве, Алег Анатольевіч Трусаў за гэтыя гады выдаў кнігі: "Нарысы гісторыі беларускай архітэктуры"(2015), "Гісторыя Сярэднявечнай Еўропы" (2016)," Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да Сучаснасці", якія інтэлектуальна і духоўна ўзбагацілі сяброў ТБМ.

Гутарыла

Эла Дзвінская.

Гомельскае ТБМ запрашае запісацца ў беларускамоўную групу ці клас

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" займаецца тэмай беларускамоўнай адукацыі ў Гомелі больш за 6 гадоў. У выніку агульных высілкаў разам з установай "Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ" быў уведзены асобны ўлік для жадаючых навучацца па-беларуску.

- Два гады існавання чаргі паказалі, што аднаго толькі ўліку не дастаткова, чарга не рэкламуецца, звесткі чаргі грамадскасці не прадастаўляюцца, таму Гомельскае ТБМ вырашыла арганізаваць свой ўлік і заклікае запоўніць анкету.

Вынікі разнастайных апытанняў праведзенных і араганізацыяй, і ў навучальных установах з падачы ТБМ паказваюць, што існуе попыт на беларускамоўную адукацыю, але не заўсёды права навучацца па-беларуску рэалізуецца.

Бацькам кажуць пра мінімальную колькасць дзяцей, якая павінна быць у такіх групах ці класах, але гэта нельга пацвердзіць дакументамі, таму што ў іх напісана толькі пра максімальную колькасць дзяцей. Для школы гэта 25 чалавек, а для гімназіі 20.

Практыка паказвае, што больш эфектыўнымі з'яўляюцца скаардынаваныя дзеянні групы людзей, чым высілкі адзінак. Мы запрашаем далучыцца да нас хаця бы дэклараваннем таго, што вы ёсць. Запоўніце анкету, па выніках анкетавання мы прааналізуем размеркаванне анкет па раёнах горада, збярэмся разам і распрацуем далейшыя крокі. Проста ўявіце, што французы ў Францыі патрабуюць навучанне па-французку! Неверагодна, але для беларусаў гэта рэальнасць, - кажа старшыня Гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч.

У 2018/2019 навучальным годзе ў Гомелі беларускамоўнае навучанне было арганізавана ў трох дзяржаўных установах: яслі-сад № 160 і № 161 і ў гімназіі № 36 імя Мележа. Агулам колькасць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску 105 чалавек. Запаўняйце анкету і далучайцеся.

Даведка: +375299089162 (Алеся), gomeltbm@gmail.com

Гасцям Еўрагульняў раздаюць 30 тысяч ангельска-беларускіх размоўнікаў

Каманда сайта Say.by паведаміла ў прэс-рэлізе пра планы раздаць 30 тысяч папяровых буклетаў з ангельска-беларускім размоўнікам гасцям Еўрапейскіх гульняў у Менску. 10 тысяч хочуць раздаць у гатэлях і кавярнях, 20 тысяч - у аэрапорце, на вакзале і ў спартовай вёсцы.

Перш за ўсё размоўнік вучыць вітацца: на вокладцы заклікае "Say Hi in BY". Але ў ім ёсць не толькі вітанні або словы падзякі, а і просьбы дапамагчы і падказаць. Фразы падаюцца на ангельскай мове, пераклад на беларускую - кірыліцай і транслітарацыяй (паводле савецкіх правілаў, якімі карыстаюцца, напрыклад, пры перадачы імёнаў у пашпартах).

Размоўнікі можна таксама бясплатна ўсталяваць на смартфоны - ёсць версіі для Android і iOS. У праграме 500 выразаў, агучаных мужчынскім і жаночым галасамі. Say.by дазваляе праз сайт або мабільную праграму (Android, iOS) знайсці крамы, кавярні і запраўкі, якія прапануюць абслугоўванне па-беларуску.

Над размоўнікам працавала студыя Gavarun.by, якая звычайна агучвае фільмы і серыялы (спраўджваў пераклад супрацоўнік дзяржаўнага Інстытута мовазнаўства) - цяпер яны збіраюць грошы на агучванне па-беларуску дзіцячага мультсерыялу, які хочуць бясплатна апублікаваць на Youtube.

Радыё Свабода.

"Я перад вамі з памяццю сваёй…"

У Віцебскай абласной бібліятэцы 19 чэрвеня адбылася літаратурна-мастацкая імпрэза, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Свята арганізавалі Віцебская абласная арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" сумесна з абласной бібліятэкай.

Спачатку вядоўцы - старшыня абласной арганізацыі ТБМ Юры Бабіч і загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова - расказалі пра значнасць творчасці народнага пісьменніка для беларускай і сусветнай літаратуры. Пасля дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Нікалаенка падзяліўся сваім досведам знаёмства з творчасцю пісьменніка, падкрэсліўшы неацэнны ўнёсак Васіля Быкава ў нацыянальную літаратуру.

Старшыня Віцебскага абласнога аддзяленя Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская распавяла пра мастацкія пленэры, што ладзяцца ў Бычках, на малой радзіме класіка, пра сваю працу з габеленам з выявай Васіля Быкава і прачытала верш Кастуся Севярынца "Васілёк. Бычкі. Дарога".

Вядомы віцебскі краязнавец Аркадзь Падліпскі ў сваім выступленні нагадаў, пра вялікую ролю Васіля Быкава ў стварэнні музея Марка Шагала ў Віцебску, распавёў пра час навучання Васіля Уладзіміравіча ў мастацкім і ў будаўнічым вучылішчах.

Літаратурны рэдактар тэатра імя Якуба Коласа Юры Іваноўскі асвятліў тэму тэатральных пастановак паводле твораў пісьменніка, якія ладзіліся на сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатра Якуба Коласа. Былы загадчык музея Святлана Казлова нагадала пра экспазіцыі, якія былі прысвечаны Васілю Быкаву і наладжваліся ў свой час у літаратурным музеі.

Пра сваё асабістае знаёмства з пісьменнікам расказаў Ганаровы старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Іосіф Навумчык. Ён адзначыў грамадзянскую пазіцыю і клопат Васіля Быкава за незалежную Беларусь. Іосіф Адамавіч заўважыў, што Васіль Уладзіміравіч быў вельмі сціплым чалавекам.

Мастак Фелікс Гумен прачытаў верш-прысвячэння Васілю Быкаву "Прарок" Уладзіміра Папковіча. Міхась Мірановіч, які распавёў пра родныя мясціны Васіля Быкава, парадаваў прысутных сваімі знакамітымі фрашкамі, напісанымі на Ушаччыне. Уласны верш-прысвячэнне Васілю Быкаву "Урок сумлення" прадэкламаваў віцебскі паэт Мар'ян Даргель.

Актыўны ўдзел у імпрэзе прынялі студэнты філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава - сябры ТБМ. Наталля Ермакова і Анастасія Марозава прачыталі ўрыўкі з кнігі Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Дзесяць цікавых фактаў пра жыццё і творчасць пісьменніка і віктарыну для ўдзельнікаў імпрэзы падрыхтавалі Марына Сазонава і Кацярына Міхаль. Таксама Кацярына прачыла верш Георгія Ліхтаровіча "Памяці Быкава".

Песня" Забытая магіла" прагучала ў выкананні Арцёма Лонскага - студэнта першага курса. На працягу імпрэзы гучалі песні ў шыкоўным выкананні паэта і барда Георгія Станкевіча.

Быкаўскае свята атрымалася надзвычай цёплым, сардэчным, нефармальным. Зала не шкадавала далоняў, дзякуючы выступоўцам з мастацкімі нумарамі. І дзве гадзіны праляцелі, як імгненне!

Пасля заканчэння асноўнай часткі імпрэзы доўга яшчэ не разыходзіліся прысутныя, абменьваючыся думкамі, складаючы планы на будучае. І, безумоўна, зноў і зноў згадваючы імя нашага славутага земляка, якім кожны ганарыцца!

Наталля Ермакова, Анастасія Марозава, сябры ТБМ, студэнткі 2 курса філалагічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава.

УРОК СУМЛЕННЯ

Калі сумленым хочаш стаць,

Калі душа да праўды мкнецца,

Брат, трэба Быкава пазнаць -

Праўдзівей за яго няма,

здаецца.


Напісаны крывёй лісты,

Ды так, што прабірае дрыжык.

Не! Не баявік пусты,

Праўда, мужнасць вее

з яго кніжак.


У нябыт сыдуць

ліхвярскія гады,

Узыдзе сонца праўды Божай,

Нашчадкі скажуць:

"Быкаў ёсць святы!", -

І храм збудуюць яму гожы.

Мар'ян Даргель.

"Васільком у жыце Беларусі назаўсёды застанецца Быкаў"

23 чэрвеня дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея, што па вуліцы Замкавая, 7 зноў запрасіў прыхільнікаў прыгожага пісьменства на чарговы літаратурны куфэрак "Любі, браток, родны куток! ", які праходзіць у рамках культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцiнец". На гэты раз мерапрыемства змяніла сваю форму. Дзеля гэтага была важкая нагода. Для прыхільнікаў беларускай літаратуры, а менавіта творчай спадчыны народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава разгарнулася выстава аднаго дня "Васільком у жыце Беларусі назаўсёды застанецца Быкаў", якая прымеркавана да 95-годдзя з дня нараджэння класіка і 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба зазначыць, што ўсё мерапрыемства было арганізавана на пляцоўцы ля дома-музея В. Таўлая.

Так, пад адкрытым блакітным небам лідскія прыхільнікі творчай спадчыны класіка маглі пабачыць асабістыя рэчы Васіля Уладзіміравіча Быкава, якія захоўваліся ў хатнім архіве Быкава, а менавіта сына пісьменніка таксама Васіля (Васільевіча). Яны былі перададзены падчас сустрэчы на яго кватэры яшчэ студэнту, але ўжо супрацоўніку лідскага музея Алесю Хітруну, які вучыўся ў Гарадзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы. У той дзень было ўзята інтэрв'ю ў сына знакамітага пісьменніка, якое было змешчана ў матэрыялах "Быкава трэба чытаць" (газета "Наша слова", № 25 (1124) за 19 чэрвеня 2013 г.) і "Дар бацькі нікому не перадаўся" (газета "Звязда", № 208 (27573) за 2 лістапада 2013 г.). І вось надышоў момант пазнаёміцца з арыгіналамі, тымі рэчамі, якімі ў свой час карыстаўся народны пісьменнік Беларусі. А гэта запісныя кніжкі В. Быкава з чарнавымі рукапіснымі накідамі да твораў, якія нідзе не друкаваліся (да рамана "Лесвіца" і інш.), рэдакцыйныя лісты-адказы Васілю Быкаву, ручка, якой карыстаўся пісьменнік, яго пасведчанне - дэпутата Гародзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных БССР ад выбарчай акругі № 225, запрашальны білет на вечар, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.

Таксама можна было ўбачыць шэраг фотаздымкаў, на якіх засведчаны сустрэчы В. Быкава разам з дэлегацыяй у 1975 годзе, сярод якіх Р. Барадулін і кіраўніцтва саўгаса Тарнова Лідскага раёна; у Лідзе на сустрэчы з вучнямі СШ № 8 ў лютым 1976 года, у тым ліку і ў Лідскім краязнаўчым музеі ў 1973 годзе. Ёсць і фотаздымак, на якім адлюстравана сустрэча з пісьменнікамі ў Гудзевічах (Мастоўскі раён) у траўні 1967 года, арганізаваная Алесем Белакозам і рэдакцыяй раённай газеты "Зара над Нёманам", дзе прысутнічаюць Валянціна Жалкоўская, Вольга Іпатава, Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль, Вера Белакоз, Аляксандр Жалкоўскі, Васіль Быкаў, Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз.

Для ўвагі былі прадастаўлены стосы матэрыялаў і кніг, якія былі падпісаны куратару выстаўкі Алесю Хітруну, напрыклад, былым дырэктарам музея В. Быкава ў Гародні Мікалаем Мельнікавым, лідскім журналістам Аляксандрам Жалкоўскім (які меў шчырыя адносіны з Быкавым), сынам пісьменніка, і серыя кніг, укладальнікам якіх з'яўляецца Сяргей Шапран. Іх можна было пагартаць, не выходзячы з імправізаванай пляцоўкі.

Так, сярод прыхільнікаў мерапрыемства былі і тыя, хто меў магчымасць сустракацца з класікам. Яшчэ ў студэнцкія гады кансультаваўся ў яго лідскі пісьменнік Уладзімір Васько. Ён і распавёў перад прысутнымі пра тыя шчаслівыя моманты. Дарэчы, лідскі творца неаднаразова дзяліўся гэтымі ўспамінамі ў мясцовай прэсе і ў сваіх кнігах. Захавалася ў яго і перапіска з В. Быкавым, а менавіта пісьмы, якія датуюцца 20.01.1966 г. і 18.09.1973 г. Іх, між іншым, У. Васько і перадаў у фонды музея. Так, доказ таго, што ў свой час адбываліся паміж імі сустрэчы, прысутныя пачулі ў аўдыё-кнізе ўспамінаў "Доўгая дарога дадому" ў выкананні самога Васіля Быкава.

Вядома, што В. Быкаў - майстар празаічных твораў, ён вершаў не пісаў. Але ж даследчыкам Сяргеем Шапранам быў знойдзены яго віншавальны ліст на Каляды, які адрасоўваўся Рыгору Барадуліну, Уладзіміру Караткевічу і Нілу Гілевічу. Агучыць гэты твор і іншыя, прысвечаныя народнаму пісьменніку, пад акампанемант гітары атрымалася ў лідскага барда Сяргея Чарняка.

Поглядам на грамадскія справы, якімі займаўся ў свой час знакаміты пісьменнік, і пра тое, як сёння з пашанай увекавечваецца дзяржавай яго імя падзяліўся лідскі краязнавец, галоўны рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік.

Па просьбе прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава, дзейнасць выставы "Васільком у жыце Беларусі назаўсёды застанецца Быкаў" будзе працягнута да 8 ліпеня, менавіта да дня вызваленя Лідчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гайда, у дом Таўлая. Васілёк Беларушчыны вас чакае!

Алесь Крупскі, прыхільнік нязгаснай творчасці Васіля Быкава.

У Верхнядзвінскім раёне прайшла Другая міжнародная канферэнцыя "Праблемы гісторыі і культуры памежжа"

У ёй у навукоўцы і краязнаўцы абмяркоўвалі праблемы гісторыі і культуры памежжа.

Канферэнцыю адкрыў Уладзімір Ганскі, кандыдат эканамічных навук, дацэнт кафедры кіравання, дырэктар навукова-практычнага цэнтра даследаванняў турызму Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці, які сказаў, што "…сёлетняя канферэнцыя прымеркавана да 200-гадова юбілею Свята-Мікалаеўскай царквы. А першая канферэнцыя такога кшталту была прысвечана паэту, этнографу, фалькларысту, грамадскаму дзеячу Ігнату Храпавіцкаму, які нарадзіўся ў в. Каханавічы Верхнядзінскага раёна".

Асоба гэтага чалавека да гэтага часу ўражвае тым, якім колам праблемаў займаўся Ігнат Храпавіцкі. Яго магілу адшукалі і апякуюць сябры клуба "Белыя вароны" якія "гняздуюцца" ў Каханавічах, на чале з Пятром Квяцінскім.

"І.Храпавіцкі ў 1850 г. …распрацаваў праект скасавання паншчыны і правёў яго на сходзе дваран Віцебскай губерні, але адміністрацыя знайшла зачэпку, каб праект не набыў сілу закону. Пасля доўгі час не прымаў удзел у грамадскім жыцці. Служыў наглядчыкам ссыпных магазінаў Дрысенскага павета, быў абраны ў 1859 г. дрысенскім павятовым маршалкам. Правадзейны член Віцебскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, член статыстычнага камітэта. Калі ў 1861 г. выйшаў указ аб скасаванні прыгону і пачалася вялікая сялянская рэформа, Ігнат Храпавіцкі ўзяўся за яе правядзенне, за што ён быў узнагароджаны срэбным медалём на Аляксееўскай стужцы і бронзавым медалём "За труды по освобождению крестьян".

Чарговая канферэнцыя сабрала навукоўцаў з розных вышэйшых установаў Беларусі - Полацкага і Віцебскага ўніверсітэтаў, навуковых супрацоўнікаў мясцовага музея, быў запрошаны для ўдзелу ў канферэнцыі вядомы краязнавец з Мёраў Вітольд Антонавіч Ермалёнак, які распавёў аб магічных лекавых сродках, што прадстаўлены ў музеі Мёрскай СШ № 3.

На пачатку канферэнцыі слова меў протаіярэй Валянцін Вабішчэвіч, дабрачынны раёна, які сказаў, што "сёняшняя сустрэча - гэта пошук праўды і калі гэты пошук атрымаў Божае дабраславенне, ён будзе мець поспех".

Натхняльнік гэтай канферэнцыі У.А. Ганскі перадаў у падарунак раённаму краязнаўчаму музею кнігу, узрост якой 200 год!, а раённай бібліятэцы - зборнік артыкулаў па тэме канферэнцыі.

Дырэктарка раённага краязначага музея Л. Харашэўская распавяла пра тое, якая праца вядзецца ў раёне па захаванні культурна-гістарычнай спадыны

- У дзяржаўным спісе помнікаў гісторыі і культуры раёна - 43 аб'екты, якія ахоўваюцца дзяржавай. З іх: 19 - помнікаў археалогіі, 8 - архітэктуры і 16 - помнікаў гісторыі. Найбольш вядомыя - гэта чыгуначны вакзал ў Бігосава, Сар'янскі храм, былы манастырскі шпіталь ў Асвеі і сядзібна-паркавы комплекс ў в. Вопытная, і ён адзін з найбольш пацярпелых помнікаў архітэктуры раёна. За кожным помнікам замацаваны шэфы, рэгулярна вядзеццца маніторынг стану помнікаў гісторыі і культуры, якія, пры ўсім пры гэтым, патрабуюць вялікіх укладанняў для ўтрымання іх у належным стане.

У свой час мне амаль тры гады давялося займацца справай захавання культурна -гістарычнай спадчыны раёна, і тады ж быў створаны Кардынацыйны савет, які якраз і меў сваёй галоўнай справай займацца праблемамі захавання нашай спадчыны. Праўда, як сябра савета, за апошнія тры гады я ніводнага разу не была запрошана на яго пасяджэнні.

Старшы навуковы супрацоўнік музея Антон Бубала ў сваім выступе спыніўся на стасунках паміж жыхарамі памежжа ў пасляваенны час і зазначыў, што - гэты перыяд характарызаваўся, уласцівай народам-суседзям узаемадапамогай. Ён, характарызуючы сёняшнія стасункі паміж суседзямі, выказаў думку аб стварэнні курсаў вывучэння латышскай мовы. Праўда, улічваючы адсутнасць на канферэнцыі прадстаўнікоў улады, пытанне павісла ў паветры, і я мусіла паразважаць на тэму: "Што рабіць, калі мы і сваёй мовы добра не ведаем?" Але пытанне слушнае, і той жа Антон Бубала, які некалі заканчваў Даўгаўпілскі інстытут і добра ведае мову сеседняга народа, мог бы даць штуршок для стварэння пры раённым музеі адпаведных курсаў. Але, падаецца, прапанова выказана заўчасна.

Пра "Пасляваенную рэчаіснасць Верхнядзвіншчыны (1944-пачатак 1950 гг.) па матэрыялах вуснай гісторыі" гаварыла на канферэнцыі Алена Вячаславаўна Смуко, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Яе калега, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі і турызму гэтай жа навучальнай установы Уладзімір Аляксандравіч Лобач адразу заўважыў, што яго карані - з Верхнядзвіншчыны, і спыніўся на тэме "Аб'екты сакральнай геаграфіі Верхнядзвіншчыны: сімвалічны статус і рытуальныя функцыі" і нагадаў пра тое, што нашы продкі надавалі культавы статус крыніцам і выкарыстоўвалі іх у абрадавых практыках. Заўважу, што апошнімі гадамі ў нашым раёне распачалі добрую справу па добраўпарадкаванні крынічак, да чаго спрычыніліся мясцовыя святары, насельніцтва, сельскія выканкамы, дэпутаты. Так адрадзілі крынічкі ў Шайцерава, Каханавічах, Сар'і, Бароўцы. Праўда, варта, дзеля аб'ектыўнасці сказаць пра тое, што "..мода на адкрыццё і асвячэнне новых крыніц не заўсёды азначае, што вада ў такіх крыніцах адпавядае належным пітным якасцям", і большасць крынічак знаходзіцца ў заняпадзе, а месцазнахожанне некаторых нават вызначыць цяжка. А раней крынічку мела амаль кожная вёска і яны вельмі шанаваліся жыхарамі. Прыкладам ён распавёў пра крынічку Пяценка ў Расіцы, па сведчаннях старажылаў на месцы якой быццам з'явіўся абраз Божай Маці. А калі святыню занеслі ў Расіцкі храм, яна зноў вярнулася на сваё месца, і тады на гэтым месца выкапалі калодзеж і пабудавалі невялікую царкву, а вада лічылася святой, якая мае гаючыя ўласцівасці.

Цікавы выступ чакаў удзельнікаў канферэнцыі ад Мішынай Веры Іванаўны, старэйшай выкладчыцы кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта - "Вайна ў лёсе сялянскай сям'і (паводле ўспамінаў жыхароў Віцебшчыны і Пскоўшчыны)".

Яшчэ і сёння сярод жыхароў раёна можна знайсці шмат сведкаў тых шматпакутных часоў, калі вайны пляжыла мясцовыя вёскі. А Верхнядзвіншчына страціла больш за палову сваіх насельнікаў, былы Асвейскі раён увогуле знік з твару зямлі. А карная аперацыя ворагаў "Зімовае хараство" ў 1942 годзе ў Расіцы стала сімвалам няскоранасці і мужнасці людзей, і таму кожны год расіцкая зямля сустракае шматлікія пілігрымкі, якія ідуць, каб ушанаваць подзвіг простых святароў і іх паствы.

"Міфалагема "гаспадар ваўкоў" у фальклоры і магіі розных народаў" - тэма выступу захавальніка фондаў музея навукі і асветы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Паўла Іванавіча Мішына, якая дала для прысутных шмат цікавых і некалькі нават нечаканых фактаў.

Малодшы навуковы супрацоўнік раённага музея А.Л. Вашкель расказаў прысутным аб ролі раёна ў культурным абмене паміж дзяржавамі-суседзямі. Можна да гэтага дадаць, што, дзякуючы дэпутацкаму корпусу раёна, жыхары Верхнядзвіншчыны маюць магчымасць акунуцца ў культурнае жыццё Дагдскага раёна, з якім падпісаны дамова аб супрацоўніцтве, а ў раённай бібліятэцы імя Т. Хадкевіча знаёміццца з творчасцю мастакоў, народных майстроў з суседняй краіны.

Госцем канферэнцыі быў Віктар Калныньш, які цікава гаварыў пра гісторыю Краславы, пра сёняшняе жыццё раёна, з якім у мяне асабіста звязаны цікавыя і цёплыя ўспаміны пра агульныя святы на Кургане Дружбы і святы ў Краславе, а таксама пра турыстычную прывабнасць, пра помнікі гісторыі і культуры рэгіёна.

У гэты ж дзень праца канферэнцыі працягнулася ў раённым краязнаўчым музеі.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

Пагоня, Вітаўт, Шагал, Быкаў - усё гэта было на адкрыцці Еўрапейскіх гульняў

На стадыёне "Дынама" ў Менску прайшло афіцыйнае адкрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Маштабнае шоу было пакліканае адлюстраваць беларускія традыцыі, каштоўнасці і гісторыю.

Таму на сцэну выходзілі танцоры, стылізаваныя пад персанажаў батлейкі. Ажылі касцюмы Бакста і карціны Шагала - усе гэтыя мілыя закаханыя і казлы. Была свая цэльнасць у гэтай эклектыцы: усё пачалося з песні Пахмутавай "Молодость моя, Белоруссія", а пасля былі і беларускія этнаспевы, і Ганна Нятрэбка з Ігарам Крутым.

Жарэс Алфёраў змяняў Вітаўта і рыцараў Вялікага Княства з калюмнамі і Пагонямі.

У тэлевізійнай версіі Пагоня засталася амаль незаўважнай.

Былі Усяслаў Полацкі і праслаўленыя нядаўняй знаходкай шлемы, Леў Сапега са Статутам ВКЛ і інжынер Казімір Семяновіч, Ефрасіння Полацкая і авіяканструктар Сухі. Усё гэта суправаджалася дэкламацыяй складаных вершаў - у тым ліку "Спадчыны" Купалы, "Усе мы разам ляцім да зор" Багдановіча, а таксама Адама Міцкевіча.

Адным з рэжысёраў цырымоніі адкрыцця стаў беларус Аляксандр Вавілаў. Ён падрыхтаваў аснову, з якой пазней працавалі расіяне з кампаніі кампазітара Ігара Крутога, якая выйграла тэндар. Цырымонія складалася з сямі эпізодаў, кожны з якіх быў прысвечаны сюжэту з гісторыі і культуры Беларусі: Купаллю, Сярэднявеччу, сучаснасці і гэтак далей.

А тэлевядоўца з гонарам расказаў, што ў часы Вітаўта наша дзяржава прасціралася ад мора да мора і ад Буга да Угры.

Спявалі беларускія музычныя зоркі - ад "Тройцы" да оперных зорак Сільчукова і Ляўчук.

Варта адзначыць, што ўвогуле адкрыццё атрымалася вельмі беларусацэнтрычным, разлічаным на ўзмацненне гонару за Беларусь.

Нібы фінальнай кропкай стала ўвасобленае на ручніку выказванне Васіля Быкава з "Сотнікава": "Адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце - яго жыццё".

З гэтым гуманістычным матывам перагукаліся словы Аляксандра Лукашэнкі ў ягоным выступе перад тым як запалілі Агонь гульняў. Ён заклікаў, каб дзяржавы вызначылі самую магутную выключна на спартовых арэнах.

Прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч выступіў па-беларуску, чым сарваў авацыю трыбун. А вынеслі алімпійскі сцяг і запалілі агонь - у выглядзе Папараць-кветкі - вялікія беларускія спартоўцы мінулых гадоў.

nn.by.

Spiegel Online выявіў, што Пентагон фінансуе праекты нямецкіх ВНУ

Навіны Германіі

Міністэрства абароны ЗША фінансуе розныя праекты нямецкіх універсітэтаў - з 2008 года Пентагон выдзеліў 21,7 мільёна даляраў ВНУ і даследчым цэнтрам у Германіі, піша Spiegel Online ў суботу, 22 чэрвеня, са спасылкай на базу дадзеных ЗША пра выдаткоўванне бюджэтных сродкаў з 2008 па 2019 год.

Гаворка ў агульнай суме ідзе пра 260 грантаў. Некаторыя ВНУ за гэты перыяд атрымалі толькі адзін грант, у іншых выпадках прасочваецца рэгулярная выдача грантаў Пентагонам. Найбуйным атрымальнікам грошай амерыканскага Мінабароны ў нямецкім навуковым асяроддзі стаў Універсітэт Людвіга Максіміліяна ў Мюнхене, які прыняў ад ваеннага ведамства ЗША 23 гранты на суму ў амаль 3,7 мільёна даляраў, паказвае далей выданне. Пры гэтым 1,72 мільёна было выдзелена на праект па даследаванні хімікатаў, якія б маглі замяніць выкарыстоўванае амерыканскімі вайскоўцамі выбуховае рэчыва гексаген.

Як адзначае далей Spiegel Online, асабліва праблематычна пры гэтым прыняцце грантаў ад ваеннага ведамства ВНУ Паўночнага Рэйна - Вестфаліі. У гэтай федэральнай зямлі з 2014 года ў законе пра вышэйшую адукацыю дзейнічае так званы "цывільны артыкул", у якім гаворыцца пра абавязак ВНУ адпавядааць мірным мэтам і які можна тлумачыць як забарону на фінансаванне даследаванняў для вайсковых установаў.

У адказ на запыт Spiegel Online кіраўніцтва ўніверсітэтаў у Бохуме і Падэрборне адмовілася ад каментароў пра гранты Пентагона. Прэс-служба Рэйнска-Вестфальскай вышэйшай тэхнічнай школы ў Ахене паведаміла, што ВНУ не вядзе даследаванняў у вайсковай сферы і не распрацоўвае вайсковыя тэхналогіі.

Spiegel Online.

XXVII Гарэцкія чытанні

14 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыліся XXVII Гарэцкія чытанні. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя прысвечана 100-годдзю выхаду ў свет аповесці "Дзве душы" і 90-годдзю афіцыйнага надання Гаўрыілу Гарэцкаму звання акадэміка Беларускай Акадэміі навук.

У чытаннях прынялі ўдзел даследчыкі з ЗША, Ізраіля, Расіі, а таксама з беларускіх гарадоў: Полацка, Гомеля, Баранавіч і Віцебска.

Распаліліся чытанні з уступнага слова дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіла Рыбакова. Потым канферэнцыю прывітаў пісьменнік, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Анатоль Бутэвіч.

Шмат добрых слоў пра чытанні казала загадчык літаратурнай часткі ўстановы "Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы" спадарыня Вольга Бабкова.

Потым адбылося мастацкае чытанне ўрыўка з аповесці Максіма Гарэцкага "Дзве душы" рэжысёрам, артыстам Беларускага радыё сп. Алегам Вінярскім.

На пленарным пасяджэнні з цікавым дакладам "Тыпалогія ваеннай прозы" М. Гарэцкага" выступала кандыдат філалагічных навук Зоя Траццяк (Полацк)

Далеёй 30 дакладчыкаў падзяліліся на секцыі. Першай секцыяй, на якой прысутнічаў я, кіравалі кандыдаты філалагічных навук Вольга Губская і Алена Гурская.

Асабіста мне вельмі спадабаўся даклад сп. Ганны Запартыкі, які меў назву "Віленская газета "Незалежная думка" ў бібліяграфіі Максіма Гарэцкага".

Цікавымі былі таксама даклады Антона Дзянісава, Юліі Масарэнкі, Таццяны Ганчаровай-Цынкевіч, Святланы Сычовай, Алены Ярмоленкі, Алены Белай, Вольгі Губскай, Алены Гурскай.

На заключным пленарным паседжанні дзейнасць секцыйнай працы абагульніла доктар філалагічных навук Тамара Тарасава. Пасля закрыцця канферэнцыі ўсе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка Максіму Гарэцкаму. Матэрыялы чытанняў выйдуць асобнай кнігай, якую можна будзе набыць ў музеі.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

КРАЯЗНАЎСТВА, МІКРАГІСТОРЫЯ І ГІСТОРЫЯ ПАЎСЯДЗЁННАСЦІ БЕЛАРУСКА-ЛАТВІЙСКАГА ПАМЕЖЖА ПАСЛЯВАЕННАГА ЧАСУ

Гісторыя беларуска-латыскіх, крывіцка-балцкіх узаемаадносін сягае ў дагістарычныя часы. Яна пакінула шматлікія археалагічныя памяткі ў выглядзе курганоў ды гарадзішчаў, уразліва праявілася ў тапонімах і гідронімах, увекавечана запазычанымі ў суседзяў элементамі ў мове, этнаграфіі і культуры.

Гісторыя Полацкай зямлі, ВКЛ і Рэчы Паспалітай не заплямлена варожымі дзеямі супраць суседзяў балцкай крыві на ўсіх этапах нараджэння, умацавання і росквіту іх дзяржаўнасці, яна, наадварот, поўніцца прыкладамі ўзаемадапамогі ў цяжкія перыяды сумеснага змагання з агульнымі ворагамі, што дазваляе прызнаць і ўхваліць напрамак навуковых даследаванняў гэтых адносін пад брэндам дзейснага праекту "Латышы і беларусы: разам праз стагоддзі".

Мне, як нараджэнцу і жыхару названага памежжа, агульная карціна і асобныя праявы суседскіх стасункаў двух народаў бачныя "знутры" на працягу пасляваеннага часу.

У сваім вясковым дзяцінстве мы не чулі такіх мудрагелістых слоў, як пралетарскі інтэрнацыяналізм; ведаю, што на гэтым паняцці не зацыкліваліся мужыкі ды кабеты як у нашай Пятроўшчыне, так і ў латышскім Ворзаве, што ані не замінала ладзіць іх жыхарам узаемапаважлівыя і ўзаемавыгадныя стасункі.

Усе памежныя вёскі Асвейшчыны пасля вайны паўставалі на папялішчах. І амаль усе іх ацалелыя жыхары прыйшлі адбудоўваць жыццё з Латвіі, дзе яны годдва пасля вызвалення жылі на хутарах і фермах, зарабляючы "стартавы капітал" у выглядзе цяслярскага і сталярнага інструменту, калаўротаў, збожжа на першую сяўбу; той-сёй прыводзіў адтуль цялушку, авечку, шмат хто - курыцу, пеўня, ката ды сабаку. Вопраткай ды абуткам як работнікаў, так і іх дзяцей латышскія гаспадары надзялялі "ад добрай душы".

Будзённае і святочнае жыццё нашай вёскі было цясней звязана шматлікімі повязямі з латышскімі Ворзавам, Сункавам, Міснікавам, чым з беларускімі залеснымі паселішчамі. Нашы мацяркі і дзяўчаты хадзілі да латышак снаваць кросны, беручы ў тых цікавыя ўзоры ткацтва, абменьваліся з імі сваімі матывамі. Узаемаабмен выяўляўся ў шматлікіх дробязях побыту: у фасонах вопраткі і прычосак, у рэцэптах броварства, у кветкавым аздабленні палісаднікаў і інш. Фрэнчы і галіфэ, кажухі і паўкажушкі, боты і туфлі шыліся ў латышскіх Тукішах; сукенкі, кашулі ды кофты шыла запрошаная з нашага Зашчырына Франя; ісподкі, панчохі, швэдары вязалі самастойна на свой густ.

Калі ў нас узяліся за аднаўленне цэнтральных паселішчаў і калгасаў, з Латвіі (мо, па прынцыпу "пралетарскага інтэрнацыяналізму") пачалі завозіць цэглу, шкло і цэмент, плугі і бароны, прыгналі статкі кароў. Трафейныя пярэстыя нямецкія рагулі неяк не прыжыліся, пастушкі іх абзывалі "гітлерамі" і нядобра да іх ставіліся. З часам у раёне склаліся статкі бурай латвійскай пароды. На адну Буроньку меліся дзве Лаймы, Аўсмы, Гіта, Бруна і іншыя носьбіткі латышскіх мянушак, звыклымі сталі і Эрта, Гаўя, Зэнта між коней. Пра "латышскасць" авечак сведчылі знешнія прыкметы: вялікія і даўгахвостыя бялянкі называліся зэлькамі, былі ў статку і латышскія цёмнагаловыя.

З першымі калгаснымі ўраджаямі паўстала і праблема іх уборкі. У нашай памежнай вёсачцы яна зноў-такі вырашалася па-суседску. Хутка грукат цапоў замяніўся гулам ды вухканнем коннай малатарні, якую прыцягвалі з Латвіі. Працаваць даводзілася ўначы, бо ўдзень суседзі малацілі сваё па хутарах.

Недзе ў 1947-м з-за мяжы пачуліся галашэнні - і да суседзяў прыйшлі калгасы. Рызыкуючы, нашы вяскоўцы бралі ў свае хлявы на час абагульнення латгальскіх гаспадарак хто парася, хто цяля з латышскага боку, стараючыся не пакідаць слядоў-капыткоў праз памежную Акціцу, абмінаючы брады ды масткі. Гэткі прыём па ўтойванні "лішняй" жывёлы выкарыстоўваўся і падчас перапісу ды "кантрактацыі" цялят на нашым баку, толькі слядкі-капыткі вялі ў іншы бок.

Залечваліся раны вайны, у падвешаных да маціц люльках загукалі немаўляты, моладзь пачала наладжваць вячоркі. На першую нашы дзяўчаты ў суправаджэнні хлапчукоў-падшыванцаў пайшлі ў былы кардон у Ворзава. З той першай вячоркі мы рэгулярна пераймалі ў латышскіх хлопцаў не толькі ўзоры "шляхетных" паводзін, але і самі танцы. "Судмаліняс" яшчэ добрыя чвэрць стагоддзя мы ахвотна танцавалі і ў сваіх хатах, калі падраслі нашыя музыканты-самавукі; потым гэты танец ішоў за свайго і ў новых клубах у Мотужах, Савейках, Сенькаве. Латышскія ж кавалеры, якія напачатку сумесных скокаў не маглі спаборнічаць з нашымі ў польцы, з часам набылі неабходную для яе жарснасць. Не перанялі нашы хлопцы ў латышоў толькі прычоскі: латышскія пуйшы зачэсвалі напамаджаныя валасы назад пад жаночы грабянец, а нам зачэсваць не было чаго, хавалі пад кепкі фрызуры "пад барана".

Як бы цяжка ні працавалася, люд цягнуўся да прыемных узаемін. Раз-пораз вячоркі замянялі вяселлі, хрэсьбіны, а потым і "балы". Яны гуляліся з танцамі, спевамі ды сталамі - сумеснымі, як у беларусаў, так і ў латышоў. Нам было цікава назіраць за імі, бо на гэтых "балах" можна было ўбачыць здаўнелыя танцы: мазурку, суботу, нешта латышскае, а таксама пачуць розныя спевы. Да нашых гульняў з латышскімі моўнымі фрагментамі дадаліся цэлыя куплеты песень, напрыклад "Tik pіе Gaujas" - своеасаблівы гімн латышоў.

Асабліва шырока гулялася Купалле - Ліго. Янісы ды Яны былі пажаданымі гасцямі ў любой хаце як за Акціцай, так і на нашым баку. Эпіцэнтр святкавання быў у той хаце, дзе Ян і Яніс вырашалі пагуляць разам. Іх усаджвалі побач за стол, надзявалі на галовы дубовыя вянкі і пачыналі застолле. У моладзі і дзяцей было шмат сваіх клопатаў каля рэчкі, каля вогнішча ды ў росных лугах аж да таго часу, пакуль заграе сонца, таму, нажаль, з усяго спеўнага ліго-купальскага збору ў памяці толькі і ўсплывае "Лейго-о - Лейго-о!" (латг.). Зараз я мог бы тое-сёе дадаць з латышскіх дайнаў, але не буду займацца плагіятам, ды і запомнілася, зноў жа, не надта літаратурнае, чым дужа багаты латышскі фальклёр.

Разглядаючы тэму паўсядзённасці беларуска-латышскага памежжа, нельга абысці ўвагай рэлігійны аспект. Ва ўмовах фактычна ўзаконенага бязбожжа беларусы былі прымусам адлучаныя ад магчымасці спавядаць свае душы перад Богам. Да смерці не забуду тое змешанае пачуццё крыўды, прыніжэння і жалю да матулі і іншых вясковых жанок, калі на святочныя Траецкія спевы ў светлай хаце на краі вёскі ўварваўся з пугаю ў руцэ старшыня сельсавета і з мацюкамі пагнаў усіх растрасаць гной на калгасным полі.

Ратавала нашыя душы магчымасць хадзіць у бліжнія (кожны за 17 км) латышскія касцёлы - у Асуна, Пустыню, Берасні або Палішчына (Шкяўнэ). Нашы змучаныя працай матулі , раней звычайнага справіўшыся ў хлявах ды ля печы, ураз маладзелі і, перахрысціўшыся, вялі нашу басаногую, з чаравікамі цераз плячо, гурму ў адзін з гэтых храмаў, дзе мы далучаліся да высокага і вечнага і, пабыўшы ў споведзі, адбыўшы Імшу і нават Нешпар, вярталіся дадому акрыленыя, чыстыя і шчаслівыя. Мы больш любілі хадзіць у Пустыню колішняга Дрысенскага павета, бо там маліліся па-польску, ды і дарога то ішла, перасякаючы рэчкі, лесам, то мякка вілася каля азярын ды ўзгоркаў. Па-латгальску і па-латышску мы таксама ведалі асноўныя малітвы ды спевы.

Зараз з вышыні гадоў магу сцвярджаць, што магчымасць выхоўваць дзяцей у лучнасці з Богам стакроць павышае шанец вырасціць іх годнымі людзьмі. З дзевяці двароў нашай вёсачкі выйшлі ў людзі каля трох дзясяткаў дзяцей - і ніводзін не спіўся, не трапіў у турму, не стаў злачынцам. Вёска З., дзе касцёлы былі бліжэй, але бліжэй было і начальства, што паспяхова кіравала масавай свядомасцю, адлучаючы моладзь ад Бога, мае на сваім рахунку тузін забойстваў і самазабойстваў, турэмных зняволенняў і нераскрытых злачынстваў.

Жыццё ва ўмовах памежжа, узаемапавага і давер, узаемная цікавасць паміж суседзямі выручала ў розных абставінах. Калі ў Пятроўшчыне, а пасля і ў Зашчырыне засталося мала дзяцей школьнага ўзросту, яны пайшлі ў бліжнія латышскія сямігодкі - у Апалі і ў Парэчча. Латышскую мову нашы дзеці вывучалі са смакам, нібы гуляючы, і зараз ужо ссівелымі дзецюкамі могуць выдаць вывучаны шасцю дзесяцігоддзямі таму вершык:

Es pa prieksu, suns pa prieksu,

Zakis pa prieksu, krumos ieksa -

Spurks!

Не было праблем і ў шматдзетнай сям'і Лаўрыновічаў з латышскага Ворзава, якія пераехалі ў Сар'ю і чые дзеці працягвалі навучанне ў нашай школе.

Светапоглядная, ментальная і пэўная моўная падрыхтаванасць паспрыялі ў выбары месца набыцця вышэйшай адукацыі. Маёй першай вышэйшай вучэльняй стаў фізмат Даўгаўпілскага педінстытута. "Едзь, дзетка, у Дзвінск, - параіла маці. - Усё там уладкавана, і аўтобус блізка да нас пад'язджае." Выявілася, што акрамя агульнай уладкаванасці ў Дзвінску чакала яшчэ адна прыеміна: там набывалі адукацыю шматлікія беларусы. Яны прыязджалі сюды з Друі і Мёраў, Пастаў і Германавічаў, Шаркаўшчыны, Казянаў і Лужкоў, Асвеі і Дрысы, асабліва шмат з Браслава - ва ўсе гэтыя мясціны курсіравалі аўтобусы-"пазікі" Даўгаўпілскага аўтапарка.

У ДПІ мы пяць год вывучалі латышскую мову, здавалі экзамены. У выніку я, напрыклад, мог чытаць раман па-латышску, спрабаваў складаць вершы. Нават тыя з нашых, у каго адсутнічаў талент да чужых моў, ставіліся да справы адказна. У хуткім часе мы ўжо ведалі латышскую лепш, чым тамтэйшыя рускія. Нас непрыемна ўразілі расказы такіх аднакурснікаў пра тое, як яны канфліктавалі з латышскімі аднагодкамі ў сумесных школах. Адчувалася пагардлівае стаўленне карэнных рускіх да тытульнага этнасу Латвіі. У нас такіх праблем не было. Як у інстытуце, так і пасля, падчас службы разам з латышамі ў арміі, між намі панавалі добрыя таварыскія, а то і сяброўскія адносіны.

Гэтыя адносіны, падтрыманыя і па афіцыйных каналах, выліліся ў 1970-х гг. у змястоўныя сумесныя моладзевыя мерапрыемствы. На Верхнядзвіншчыне мо з дзясятак гадоў запар праводзіліся "інтэрзлёты", у якіх удзельнічалі па дзесяць адборных каманд з нашага, латышскага і расійскага боку. Моладзевы прыклад быў падхоплены нават на больш высокім узроўні - на Кургане Дружбы пачалі ладзіцца "інтэрзлёты" суседніх райкамаў партыі.

Цудоўныя рэкрэацыйныя магчымасці памежжа выкарыстоўваліся ў актыўным засваенні воднага маршруту 2-й катэгорыі складанасці з латвійскай турбазы "Эзэрніекі" да Браслава. З часам ён дапоўніўся самадзейнымі варыянтамі сумесных водных паходаў па Асуніцы і Сар'янцы з Дагды і Рунданаў да Верхнядзвінска, па латышскіх Дубне і Гаўі; ужо на пераломе часу быў асвоены маршрут на плытах па Дзвіне ад нашых Балінаў да старога Дынабурга. Штуршок да засваення байдарак нам далі менавіта латышскія сябры.

Не пасіўнічалі і турысты-пешаходнікі, раварысты, лыжнікі. Школьнікі ладзілі цікавае падарожжа "За тры дні па трох рэспубліках" вакол Кургана Дружбы. У моцныя маразы быў здзейснены экстрэмальны лыжны зорны паход з фінішам на Кургане, дзе тады існавала гасцініца.

Пасля ўсталявання сучасных дзяржаўных межаў неафіцыйныя зносіны паміж суседзямі відавочна скараціліся, а разам з адтокам насельніцтва з абодвух бакоў сцішыўся і ўзаемаўплыў этнасаў у побытавай і этнакультурнай сферах. Пагранічча абязлюдзела, тамсям яшчэ жывуць тыя, хто ведае хаця б асобныя латышскія моўныя фрагменты, пакажа перанятыя ўзоры ткацтва ці ўспомніць, як танцуюць судмаліняс. Тыя афіцыйныя кантакты і сумесныя акцыі, пра якія паведамляе прэса, не могуць замяніць былой паўсядзённай лучнасці этнасаў з іх глыбінным узаемаабагачэннем. Праекты тыпу "Белла-Двіна" і інш. больш прыкметна праяўляюцца ў сустрэчах функцыянераў, выпусках альбомаў ды бюлетэняў, радзей - у турысцкіх злётах, за выключэннем хіба моладзевага лагера "Бе - La - Русь". Пры ўсёй прадстаўнічасці афіцыйных сустрэч іх плён у практычным ажыццяўленні цікавых ідэй не назавеш багатым. Мне, як турысту са стажам, недаспадобы абыякавасць бакоў да пытання аб рэанімацыі колішняга ўнікальнага байдарачнага маршруту "Эзэрніекі - Браслаўскія азёры". Ён скукожыўся да адрэзка ад Зашчырына да Лявонпаля працягласцю ў нейкіх 45 кіламетраў, страціўшы для нас вельмі цікавую латышскую частку. Ужо сёлета дзеля кароткай "прабежкі" па Сар'янцы і трохі па Дзвіне дабіраліся да нас двойчы турысты з Менска, прыязджалі глыбачане і віцябчане. Няўжо вырашыць пытанне аб трансгранічным водным маршруце так складана? Ці нельга вывучыць, як вырашалася пытанне з вяртаннем у турысцкую сферу Аўгустоўскага канала?

І зусім незразумела, чаму ў ніводнай беларускай школе не вывучаецца латышская мова. Вывучаем нямецкую, ангельскую, іспанскую, кітайскую. А мне падаецца, у Бігосаўскай СШ было б разумна арганізаваць вывучэнне латышскай. Тут жа рукой падаць да пагранічнага перахода, за якім - суседка Латвія.

Цешыць аднак, што беларуска-латышскія стасункі выйшлі на больш высокі палітычны і інтэлектуальны ўзровень. У нашым памежжы гэта праяўляецца ў сяброўстве і актыўным супрацоўніцтве мясцовых краязнаўцаў з аўтарытэтнымі навукоўцамі Латвійскай акадэміі культуры - акадэмікамі Янінай Курсітэ і Юрысам Уртанам, краслаўскім краязнаўцам Віктарам Калнішам. Як знак удзячнасці і дапаможнік у вывучэнні мясцовай археалогіі і этнаграфіі мы атрымалі ад паважаных навукоўцаў кнігі "Нарысы пра латышскія гарадзішчы" Ю. Уртана на латышскай мове і "Вяселлі ў Латгаліі" Я. Курсітэ - на латгальскай. У музейным карыстанні ёсць латышска-рускі і руска-латышскі слоўнікі, розныя альбомы, буклеты, картаграфічны матэрыял, якія дапамагаюць бліжэй пазнаць сучасную Латвію. Электронная пошта час ад часу прыносіць паэтычныя творы нашых суседзяў, якія спакушаюць да перакладу на беларускую. Пераклады з латышскай у маім аўтарстве друкаваліся на старонках нашай раённай газеты, а песня "Ой, сівы конь бяжыць" разышлася немалым тыражом у зборніку "Бяроза над затокай" на некалькіх мовах, у тым ліку, вядома ж, і на латышскай.

Старонкі сумеснай гісторыі беларусаў і латышоў памежжа ўвайшлі ў навукова-папулярнае выданне "Пуцявінамі роднага краю. Прырода і гісторыя Верхнядзвіншчыны", яны ўключаны і ў экспазіцыі музеяў у Верхнядзвінску і Краславе. Руплівец літаратурнай нівы і даследчык гісторыі Падзвіння і Асвейшчыны, ганаровы грамадзянін Асвеі, беларускі пісьменнік Сяргей Панізьнік за ўнёскі ў справу даследавання беларуска-латышскіх стасункаў і іх умацавання ў бягучым часе ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай Латвіі - ордэнам Трох Зорак.

Латышы і беларусы разам праз вякі.

Бубала А.Ф. ст. навуковы супрацоўнік Верхнядзвінскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея, ТБМ.

Славутасці Гарадзеншчыны чакаюць вас! Альбо Вандроўка па маршруце "Ад Ліды да Гярвятаў"

Чарговыя летнія канікулы вучні СШ № 11 г. Ліды пачалі па традыцыі з вандроўкі. На гэты раз наш турыстычны маршрут прайшоў па Гарадзенскай вобласці. І гэта не выпадкова. Нас натхняла жаданне пазнаёміцца з гістарычна-культурнай спадчынай нашага краю менавіта ў год святкавання 75-годдзя заснавання Гарадзенскай вобласці. Маршрут вандроўкі пралёг па тэрыторыі Лідскага, Іўеўскага, Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. У спіс маршруту мы ўключылі аб'екты самыя розныя па значнасці і характары: помнікі выдатным людзям і цікавыя скульптуры, таямнічыя руіны замкаў і велічныя храмы, старажытнае гарадзішча і мемарыял Першай Сусветнай вайны…

"Беларускі Ерусалім"

Першы прыпынак мы зрабілі ў горадзе Іўе, дзе здзейснілі пешаходную прагулку па цэнтральнай плошчы горада. Вялікую цікавасці ў вучняў выклікаў помнік Сяброўства чатырох канфесій. Як вядома, гэта адзіны помнік у Беларусі. Менавіта ў гэтым горадзе на працягу пяці соцень гадоў мірна ўжываюцца католікі, мусульмане, праваслаўныя і іўдзеі. У гонар гэтага тут быў усталяваны велічны манумент, які прысвечаны сяброўству і адзінству чатырох канфесій. Людзі і сёння гэтае ўтульнае мястэчка завуць "беларускім Ерусалімам". А ўяўляе сабой помнік наступнае: чатыры высокія стэлы з аркамі, кожная прысвечана асобнай рэлігіі. Устаноўлены помнік на пастаменце з прыступкамі. Кожная стэла паказвае напрамак да храма адпаведнай рэлігіі. Турыст, як мы пераканаліся, без цяжкасцяў зможа знайсці дарогу да каталіцкага касцёла, праваслаўнай царквы, мусульманскай мячэці і яўрэйскай сінагогі. Самым велічным помнікам Іўя з'яўляецца касцёл Пятра і Паўла, пабудаваны ў стылі барока ў 1787 годзе. Нашу ўвагу прыцягнула на гэты раз статуя Хрыста, якая нагадвае падобную, толькі буйнейшую і ўсталяваную ў Рыа-дэ-Жанейра. Дзякуючы гэтаму падабенству, Іўе, як мы даведаліся, яшчэ называюць "беларускім Рыа".

Таямніцы Гальшанскай зямлі

Другім прыпынкам маршруту стаў аграгарадок Гальшаны Ашмянскага раёна. На працягу свайго існавання гэты населены пункт быў акутаны таямніцамі і легендамі. Сёння турысты, і мы ў тым ліку, у першую чаргу наведваюць руіны Гальшанскага замка, які быў перабудаваны ў апошні раз магнатамі з роду Сапегаў у пачатку ХVІI стагоддзя. А першы ўспамін аб Гальшанах адносіцца да 1280 года. На жаль, велічны і магутны замак не захаваўся да нашага часу. Падчас знаёмства з гэтым аб'ектам гісторыка-культурная спадчыны мы ўбачылі цэглу-пальчатку, з якой пабудваны замак. Не змаглі не звярнуць увагу мы і на цудам захаваныя цагляныя аркі. Сёння замак знаходзіцца на рэстаўрацыі: адбудоўваецца вежа і часткова аднаўляюцца сцены правага крыла.

Знаёмячыся з гісторыяй Гальшан, нам пашанцавала ўдвая. Акрамя таго, што мы ўбачылі руіны замка і дакрануліся да яго старажытных сценаў, яшчэ ўласнымі вачыма мы змаглі падзівіцца на вадзяны млын на рацэ Гальшанка, на касцёл святога Іаана Хрысціцеля, пабудаваны ў 1618 годзе, на праваслаўную царкву Святога Георгія Пераможца, дзе сёння захоўваюцца мясцовыя святыні: абразы святой праведнай Юльяніі, князёўны Альшанскай і прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай з часціцамі мошчаў. Шануюць і ганарацца мясцовыя жыхары славутай зямлячкай Соф'яй Гальшанскай, каралевай Польшчы, заснавальніцай вядомай дынастыі Ягелонаў. Менавіта ёй у 2006 годзе ў цэнтры аграгарадка быў устаноўлены помнік.

Наведваючы Гальшаны, мы заглянулі ў школьны гістарычна-краязнаўчы музей імя Эдуарда Корзуна (заснавальнік музея). Музей сёння мае статус народнага. І сапраўды, у гэтым мы пераканаліся падчас экскурсіі, якую нам правяла кіраўнік музея Яніна Іванаўна Корзун, жонка заснавальніка музея. Мы ўбачылі незвычайныя і рэдкія экспанаты, багатыя экспазіцыі, разнастайныя знаходкі, пачулі цікавыя паданні пра гарадзішча і князя Гольшу, Чорнага манаха і Белую Даму.

Пры выездзе з Гальшан мы спыніліся, каб наведаць гарадзішча. Такія аб'екты сёння не вельмі прыкметныя, але дзецям трэба ведаць і разумець іх значнасць для нашай гісторыі.

Славутасці Баруноў

Наступным, трэцім прыпынкам стала вёска Баруны, якая знаходзіцца за 13 кіламетраў ад Гальшан. Пры ўездзе ў вёску мы спыніліся каля помніка падбітаму пад Барунамі ў гады Першай сусветнай вайны самалёту "Ілля Мурамец". Помнік устаноўлены ў 2009 годзе, а падзеі, якім ён прысвечаны, адбыліся больш за 100 гадоў назад, у 1916 годзе. Візітнай карткай не толькі вёскі Баруны, але і ўсяго Ашмянскага раёна з'яўляецца касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі віленскага барока. З 1780 года ў храме захоўваецца мясцовашанаваны абраз Маці Божай Барунскай.

Крэва ў гісторыі краіны

Чацвёртым населеным пунктам маршрута стаў аграгародок Крэва Смаргонскага раёна. Знаёмства з ім мы пачалі з наведвання школьнага народнага гісторыка-краязнаўчага музея. Экскурсаводы, вучаніцы 10 класа, цікава расказалі нам аб гісторыі населенага пункта, яго святынях і, канешне, пра таямнічы і добра вядомы ў гісторыі Крэўскі замаку які быў калісьці вельмі падобны да нашага Лідскага замка ў плане забудовы, а яшчэ ў часе заснавання князем Гедымінам. Пасля захапляльнай экскурсіі ў музеі мы наведалі руіны замка. Нажаль, становішча яго сёння не вельмі прывабнае, але ж, як мы пераканаліся, рэканструкцыя пачалася. І заходняя сцяна ўжо часткова адноўлена.

Населены пункт Крэва ўвайшоў і ў гісторыю Першай сусветнай вайны. Менавіта тут у 1915 годзе расійская армія змагла спыніць наступленне немцаў і замацавацца. Тры гады праз мястэчка праходзіла лінія фронту. Само ж Крэва было падзелена на дзве часткі рэчкай Крыўлянкай. Крэўскі замак аказаўся на нямецкім баку. Яго старажытныя сцены былі ўбудаваны ў першую лінію германскай абароны.

"Смаргонская мядзведжая акадэмія" і не толькі

Раённы цэнтр Смаргонь, які мы наведалі пятым, таксама ўвайшоў у гісторыю часоў Першай сусветнай вайны. З верасня 1915 па люты 1918 года праз Смаргонь праходзіла лінія руска-германскага фронту. У выніку баёў 16-тысячны горад ператварыўся ў руіны. Пасля 810-дзённай абароны ён практычна перастаў існаваць. Газеты таго часу называлі яго "мёртвым горадам". На смаргонскай зямлі засталося нямала напамінкаў аб тым страшным часе (доты, бліндажы, могілкі). У сучаснай Смаргоні ў 2014 годзе адкрыты мемарыяльны комплекс памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Мы наведалі мемарыяльны комплес, і адчулі сапраўдны жах падзей таго часу.

Але нас цікавілі і іншыя факты і славутасці горада. Па-першае, мы пачулі гісторыю заснавання ў XVII стагоддзі знакамітай "Смаргонскай мядзведжай акадэміі" і ўбачылі скульптурную кампазіцыю "Мядзвежая акадэмія", якая размешчана на цэнтральнай алеі парку. Аўтар праекту - заслужаны дзеяч мастацтваў, майстар Уладзімір Церабун, чые работы добра вядомы сёння ва ўсёй Беларусі, менавіта ён з'яўляецца аўтарам праекту мемарыяльнага комплекса памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Пасля знаёмства з гісторыяй "мядзвежай акадэміі" ўсім нам адразу стала зразумела, чаму на гербе горада намаляваны чорны мядзведзь з радзівілаўскім гербам "Трубы", які стаіць на задніх лапах.

Па-другое, мы пазнаёміся ўласна з візітнымі карткамі горада: касцёлам Святога Міхаіла Арханёла, які быў пабудаваны ў XVI стагоддзі як кальвінскі збор, з царквой Праабражэння Гасподняга, асвечанай 6 верасня 2009 года на рэспубліканскае свята Дзень пісьменства. У гэты ж дзень у Смаргоні быў адкрыты помнік Францішку Багушэвічу, знакамітаму беларускаму пісьменніку. Сёння гэты помнік таксама стаў візітнай карткай горада.

Па-трэцяе, як не дзіўна, але Смаргонь лічыцца радзімай абаранкаў. Мяркуюць, што першапачаткова абаранкі прызначаліся для навучэнцаў-мядзведзяў, але з часам яны распаўсюдзіліся па ўсёй Беларусі і за яе межамі.

Самы незвычайны касцёл Беларусі

Апошнім і адначасова доўгачаканым стала для ўсіх вучняў знаёмства з касцёлам Святой Троіцы ў вёсцы Гярвяты Астравецкага раёна. Велічны, прыгожы храм, размешчаны ў цэнтры сада-дэндрарыя, здаецца сапраўдным караблём, які трымае шлях у вечнасць. Упрыгожваюць сад фігуры апосталаў. Таму тэрыторую перад касцёлам людзі называюць "Плошча дванаццаці апосталаў". Дэндрарый абгароджана ажурным кованым плотам. Вакол газонная траўка, незвычайныя дэкаратыўныя кусты і кветкі… Касцёл Святой Троіцы па шчаслівым збегу абставінаў ні разу не быў разбураны. Таму нам, як і ўсім, хто прыязжае ў Гярвяты, пашчасціла ўбачыць сапраўдную архітэктурную прыгажосць, а не рэканструяваную. Нездарма сёння гэтае ўтульнае места завуць "Беларускай Швейцарыяй"!

Апошнім нашым аб'ектам, які мы змаглі ўбачыць хаця б здалёк, стала будоўля Беларускай АЭС на тэрыторыі Астравецкага раёна. Не спыніцца, каб не зрабіць яшчэ адзін здымак у наш фотаархіў, мы не змаглі. Нячаста людзям даводзіцца бачыць уласна будоўлі рэспубліканскага маштабу.

* * *

Вяртаючыся дадому пасля доўгага падарожжа па суседніх раёнах, вучні доўга абмяркоўвалі, каму што спадабалася, што найбольш ўразіла. Адказы былі самыя разнастайныя: ад экскурсій у школьныя музеі да агляду аб'ектаў. І галоўнае, нішто не засталося без увагі дзяцей. Упэўнена, падарожжа па Гарадзеншчыне надоўга запомніцца кожнаму вучню. А тых, хто яшчэ не вандраваў па маршруце "Ад Ліды да Гярвят", запрашаем здзейсніць падарожжа. Славутасці і тямніцы Гарадзенскага краю чакаюць вас!

Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ № 11 г. Ліды.

Купалле зайграла над Дзітвой

У суботу 22 чэрвеня аграсядзіба "Гасьціна" прымала ахвочых адсвяткаваць Купалле пад жывую музыку. З розных куткоў Беларусі адгукнуліся аматары старажытных абрадаў. Батлейка, абрадавыя спевы, народныя танцы, спевы вядомай Таццяны Матафонавай і маладых выканаўцаў пад гітару, вогненнае шоў, скокі цераз вогнішча, сустрэчы сяброў і новыя знаёмствы - усё гэта было ў Купальскую ноч на аграсядзібе "Гасьціна" в. Пескі Лідскага раёна.

Дзяржаўныя ўстановы на Лідчыне пакуль вагаюцца, а прыватныя паціху пераходзяць да адзначэння Купалля ў час летняга сонцастаяння, як яно і павінна быць. Няхай там недзе ў Аляксандрыі адзначаюць сабе Купалле ў ліпені, а мы тут усё-такі бліжэй да Еўропы і ў календары трохі разбіраемся.

Сяргей Чарняк, фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX