Вярнуцца: 2019

№ 27 (1438)


Дадана: 04-07-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1438), 4 ліпеня 2019 г.

75-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў

Зубр на закрыцці Еўрапейскіх гульняў прамаўляў па-беларуску

Падчас цырымоніі закрыцця Еўрапейскіх гульняў на стадыёне "Дынама" з'явіўся велізарны Зубр, які нагадаў прысутным, у якой краіне яны знаходзяцца. Выступаў сімвал Беларусі на роднай мове:

- Я быў тут адвеку. Я бачыў, як адступае мора і растаюць ледавікі. Я бачыў, як кволы парастак робіцца магутным дрэвам. Я голас гэтай зямлі. Я - яе моц, яе душа. Мой дружа, памятай сваю гісторыю. Без мінулага няма будучыні. Гэта твой час. Я - беларус. Мы - беларусы, - сказаў ён.

nn.by. Фота Уладзя Грыдзіна, Радыё Свабода.

ТБМ 30 гадоў працуе і натхняе грамадства

27 чэрвеня на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны ў Менску адбылася сустрэча кіраўнікоў арганізацыі з журналістамі, прысвечаная 30-годдзю ТБМ. Прысутныя ўшанавалі памяць былых старшынь арганізацыі - Ніла Сымонавіча Гілевіча і Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна.

Сённяшняя старшыня Алена Мікалаеўна Анісім, якая 20 гадоў займаецца актыўнай дзейнасцю ў ТБМ, нагадала пра дасягненні ТБМ у розных галінах.

Таварыства пастаянна ладзіць навуковыя мовазнаўчыя і праваабарончыя канферэнцыі. Адна з іх праходзіла ў 2015 годзе пад назвай "Моўныя правы і іх абарона". ТБМ арганізавала пераклад "Правілаў дарожнага руху" на беларускую мову.

Падрыхтавана 6 дапаможнікаў па тэстах для ацэнкі ўзроўню ведання мовы, якімі карыстаюцца тыя, хто выкладае беларускую мову як замежную.

Высокі рэйтынг па грамадскай накіраванасці і змястоўнасці маюць перыядычныя выданні, заснаваныя ТБМ: газеты "Наша слова" і "Новы час". Створаны электронны сайт газеты "Наша слова" nslowa.by. Паспяхова выдае часопіс " Верасень" паэт і бард Эдурад Акулін. Зарэгістраваны ў Лідзе "Лідскі летапісец" шмат увагі надае мясцовай гісторыі і краязнаўству. Вядзецца праца над перакладам на беларускую мову "Грамадзянскага кодэкса", якім змогуць карыстацца ва ўсіх судах.

Актыўна ідзе супрацоўніцтва ТБМ з каталіцкімі і ўніяцкімі святарамі, далучаюцца і праваслаўныя. ТБМ плённа супрацоўнічае з амбасадарамі еўрапейскіх краін. Яны штогод удзельнічаюць у напісанні нацыянальнай дыктоўкі. Па іх ініцыятывах былі выдадзены кнігі на беларускай мове пра Швецыю, Фінляндыю, Румынію і іншыя краіны. Выдадзены беларуска-англійскі і беларуска-шведскі размоўнікі.

Намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі распавёў пра працу над "Законапраектам аб падтрымцы беларускай мовы". Доўгі перыяд працавала рабочая група, Законапраект прайшоў пэўныя стадыі, былі ўнесены карэкціроўкі. Алена Мікалеўна Анісім прапанавала гэты дакумент у Палату Прадстаўнікоў, у міністэрствы і арганізацыі. Былі атрыманы адмоўныя адказы на гэтыя прапановы. Міністэрства юстыцыі зрабіла свае заўвагі.

Новая рабочая група ў хуткім часе зробіць адаптацыю Законапраекта да тых патрабаванняў, якія прад'яўляе Міністэрства юстыцыі.

- Мы спадзяёмся, што далей Законапраект пойдзе на разгляд Палаты Прадстаўнікоў, - сказаў Дзяніс Тушынскі.

- Мы разумеем важнасць гэтага Законапраекту і важнасць яго прыняцця, таму выконваем працэдуру па прасоўванні яго. Адмоўныя адказы не перашкаджаюць нам перадаць яго ў Палату Прадстаўнікоў. Большасць дэпутатаў тэкст Законапраекту ўжо мае, - адзначыла Алена Анісім.

Аляксандр Давідовіч, які ўжо пяць гадоў узначальвае Менскую гарадскую арганізацыю ТБМ, распавёў пра мерапрыемствы на сядзібе ТБМ і дзейнасць клуба "Прамова".

6 верасня ТБМ будзе ладзіць канферэнцыю па пытаннях захавання гістарычнай і культурнай спадчыны ў гатэлі "Манастырскі".

Э. Дзвінская, фота аўтара На здымках: 1. Алена Анісім; 2. Старшыня арганізацыі ўручае пасведчанне 16-гадоваму Дзянісу Куршуку; 3. Алена Анісім і Дзяніс Тушынскі; 4. Выданні ТБМ.

Мова спрыяе згуртаванню беларусаў

Да 30-годдзя ТБМ

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і ветэрану ТБМ Феліксу Уладзіміравічу Шкірманкову 27 траўня споўнілася 93 гады. У гэты дзень нашаму шаноўнаму актывісту ўручылі медаль да 100-годдзя БНР. Шчыра віншуем спадара Фелікса!

- З пачаткам вайны я пакінуў родны край. Доўгі час я жыў у Расіі, удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях, працаваў сярод рускамоўнага асяроддзя. Калі я чуў роднае слова, душа мая пачынала трапятаць ад радасці! У сталым веку, калі прыехаў на Радзіму, даведаўся аб стварэнні ТБМ.

Дзякуючы Нілу Гілевічу я вярнуўся ў беларускамоўнае асяроддзе, таму з удзячнасцю захоўваю яго кнігі з аўтографамі, лісты. Я адразу пачаў думаць, як дапамагчы ТБМ. Калі я выступаю на любых мерапрыемствах у Слаўгарадзе, то заўсёды гавару па-беларуску. Родная мова для народа - тая цагліна, з якой будуецца дзяржава. Мы павінны ведаць свой радавод, сваю гісторыю. Родная мова служыць згуртаванню беларусаў. Наша гістарычная спадчына - у роднай мове!

Запісала Э. Оліна, фота аўтара

Я адчула абуджэнне духоўных сіл

Мы працягваем апытанне старэйшых сяброў арганізацыі пра тое, што ў іх жыцці значыць сяброўства ў ТБМ. Гаворыць паэтка Святлана Багданкевіч, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў:

- У ТБМ я знайшла магчымасць рэалізаваць свае ідэі і сваё пакліканне. У 1989 годзе я трапіла на ўстаноўчы з'езд ТБМ, бо мне было вельмі цікава, што там адбываецца. Потым стала сябрам арганізацыі і ў далейшым увайшла ў склад Сакратарыяту.

Вялікую работу я праводзіла ў сваім каледжы, дзе былі створаныя суполкі ТБМ. Ужо дзесяць гадоў з'яўляюся сябрам Рады і Сакратарыяту ТБМ, нязменным сакратаром яго паседжанняў. Працавала ў Адукацыйнай камісіі, нейкі час яе ўзначальвала. Нямала парупілася для арганізацыі курсаў па вывучэнні беларускай мовы і па культуры мовы пры ТБМ. З'яўляюся таксама аўтарам шэрагу публікацый у "Нашым слове", у "Літаратуры і мастацтве".

У Менскім дзяржаўны педагагічным каледжы № 2 імя Максіма Танка я выкладала музычныя дысцыпліны, гісторыю музыкі і беларускую музычную літаратуру.

Мяне цікавілі рускія і заходнія ўплывы ў беларускай музыцы 18-19 стагоддзяў, гісторыя оперных тэатраў на Беларусі, я пазнаёмілася з Віктарам Скарабагатавым і Вольгай Дадзіёмавай, з іх кнігамі.

Маімі сяброўкамі і паплечніцамі ў ТБМ былі Людміла Дзіцэвіч і Людміла Майсеня. На пачатку 2000 гадоў важным для мяне і маіх сяброў была дзейнасць клуба " Спаемства" пры ТБМ, якім кіраваў псіхолаг Сяргей Язерскі.

Я сустрэла мноства выдатных людзей, знаёмствам з якімі можна ганарыцца! Нас аб'ядноўвае наша любоў да роднай мовы, вера, агульныя высілкі, пачуццё салідарнасці. Гэта наша мова, наша краіна. Мы гэтага не аддамо нікому, не здрадзім ніколі! Такое пачуццё еднасці, салідарнасці дае ні з чым не параўнальнае адчуванне. Разумееш, што не дарма жывеш, што жыццё тваё мае сэнс.

З вяртаннем да роднай мовы я адчула ў сабе надзвычайнае абуджэнне духоўных сілаў, прыліў энергіі. Нібыта адкрыліся нейкія таямнічыя яе каналы! А я па-ранейшаму маладая душой. Родная мова дала мне праяўленне здольнасцяў, асабліва літаратурных, паэтычных.

Я падрыхтавала шмат публікацый, выдала кнігу вершаў "Напрадвесні", увайшла ў склад Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мне даручылі скласці "Летапіс ТБМ" за 2009-2014 гады. Зараз мы з сястрой працуем над десяццю паэмамі пра гісторыю нашай сям'і, збіраем цікавыя моманты, успаміны.

Запісала Эла Дзвінская, фота аўтара.

Cайт tvory.by - на варце беларушчыны

Баранавіцкая гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы можа ганарыцца не толькі тым, што мае свой дом-сядзібу, але і сваім сайтам tvory.by - "ТВОРЫ". Гэта ключавое слова сведчыць аб тым, што на варце беларушчыны стаяць творы нашых землякоў у розных галінах мастацтва. Найперш - напісаныя на роднай мове творы літаратурныя. Раздзел сайта "Беларуская літаратура" ахоплівае перыяд развіцця пісьменства Баранавіцкага краю ад 1996 года, калі пабачыла свет першая кніга нашага паэта Міколы Бусько "У Нёмна на плячах". Каштоўна тое, што сайт падае не толькі творчыя біяграфіі літаратараў і выявы іх кніг, але таксама вершы і прозу шэрагу аўтараў, гэткіх як Венанцы Бутрым, Іван Лагвіновіч, Аляксей Белы, Алесь Корнеў, Ян Збажына, Анатоль Станкевіч. У гэтым жа раздзеле можна знайсці і змест трох нумароў літаратурнага альманаха "Святліца", што выйшлі ў Баранавічах у 1997, 2000 і 2006 гадах. Цалкам, нават з малюнкамі, прадстаўлена і кніга выбранай беларускай паэзіі перыяду 1980-1995 гадоў "Агледзіны". Варта адзначыць, што восем са ста сямідзесяці трох аўтараў гэтай кнігі - з Баранавічаў. У падраздзеле "Аўдыёкнігі" змешчаны дыск з вершамі Алеся Корнева "Услед за ластаўкай" і дыск Алеся Бакача "Ну-ля-Вы-я". Дзеля аказання дапамогі маладым паэтам існуе падраздзел "Тэорыя вершаскладання".

У раздзеле "Дзецям" ёсць сапраўдны падарунак - амаль 500 выбраных вершаў беларускіх паэтаў усіх часоў, напісаных для дзяцей. Яны змешчаны пад вокладкай першага тома "Добрыя вершы", які мае назву "Побач з намі на зямлі" (укладальнік Алег Мінкін). З гэтай нагоды прыгадаем важную народную справу будучыні: чакае свайго арганізатара і мецэната выданне другога і трэцяга тамоў кнігі.

Асабліва пачэснае месца займае на сайце Слова з вялікай літары - слова Божае: у раздзеле "Новы Запавет" знаходзіцца адпаведная аўдыёкніга, выдадзеная "Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь" у 2010 годзе.

Біяграфіі і творы больш як дваццаці мастакоў нашага горада вы знойдзеце ў раздзеле "Выяўленчае мастацтва". А які россып талентаў можна пабачыць у "Дэкаратыўна-прыкладным мастацтве"! Гэта кавальства, разбярства па дрэве, саломапляценне, вышыўка, бісерапляценне, бацік, лялька, лясная скульптура, кераміка… Заўважу, што наш славуты Алесь Фалей прадстаўлены ў двух вышэй названых раздзелах творамі жывапісу і кавальства.

Імгненні прыгажосці нашай зямлі, "злоўленыя" ў аб'ектыў, дораць гледачам чатыры майстры кадра ў раздзеле "Фотамастацтва".

Песні сапраўды народнага і любімага ў Баранавічах гурта вандроўных музыкаў "Фэст" можна паслухаць у раздзеле "Беларуская песенная творчасць". А яшчэ у гэтым раздзеле чакаюць свайго слухача два дыскі з песнямі нашай Галіны Ярашэвіч: "Ларысіна танга" і "Цябе спяваю". Песні напісаны і праспяваны спадарыняй Галінай на вершы Ларысы Геніюш і іншых беларускіх паэтаў, у тым ліку Алеся Корнева і Аляксея Белага з Баранавічаў.

У раздзеле "Класічная музыка" пакуль што ёсць толькі творы сябра двух кампазітарскіх саюзаў Юрыя Вальмуса.

Раздзел "Краязнаўства" павядзе наведвальніка сайта ў віртуальную вандроўку па ваколіцах Баранавічаў і па іншых мясцінах краю. Усе артыкулы раздзела напісаны журналістам Алесем Гізуном і змешчаны на сайце з дазволу рэдакцыі газеты "Інтэкс-прэс", якая іх некалі друкавала.

Напэўна таго, хто ўпершыню наведае сайт, адразу ж зацікавіць раздзел "Відэа". Клікнуўшы па гэтым слове вы патрапіце на відэаканал Таварыства беларускай мовы з горада Баранавічы ў "Ютубе". На сёння на канале знаходзяцца 64 дакументальныя відэасюжэты пра беларускае культурнае жыццё Баранавічаў. Гэта запісы выступленняў мясцовых паэтаў і бардаў, запісы з прэзентацый кніг, творчых вечарын, сустрэчаў з аўтарамі часопіса "Дзеяслоў, запісы з выступленняў у цэнтральнай бібліятэцы знаных паэтаў Алеся Разанава, Міхася Скоблы, Андрэя Хадановіча, спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай, запісы выступлення лялечнага тэатра ТБМ, калядавання сяброў ТБМ, запісы з мерапрыемстваў, праведзеных у доме-сядзібе ТБМ і іншае.

Што датычыць асвятлення дзейнасці Таварыства, то на галоўнай старонцы сайта вы знойдзеце актуальную навіну і фотаздымкі да яе. У раздзеле "Пра ТБМ" знаходзіцца летапіс Таварыства, Пасведчанне аб яго рэгістрацыі, Статут і рэквізіты, а таксама парады пра тое, як стаць нашым сябрам. У раздзеле "Фота ТБМ" адлюстравана фотахроніка дзейнасці арганізацыі па гадах, пачынаючы з 2006 года.

І, нарэшце, раздзел "Праблемы" нагадвае пра галоўную праблему нашага грамадства - пагрозу знікнення беларускай мовы, а значыць народа і незалежнай дзяржавы. Таму сімвалічна, што ў афармленні галоўнай старонкі сайта выкарыстаны радкі верша Венанцы Бутрыма:

"Прыдзе час - усё патоне ў начы. Данясці. Не згубіць. Зберагчы!"

Алесь Бакач.

"Круты маршрут" Алеся Бяляцкага

Калі ўважліва адсочваць некаторыя падзеі ці біяграфіі людзей, заўважаеш іх нейкую паралельную падобнасць.

Кніга Я. Гінзбург, назва якой вынесена ў загаловак, нашым вядомым пісьменнікам Васілём Быкавым, які напісаў уступ да яе вызначана так - "Гэта не раман і не нейкі з распаўсюджаных жанраў літаратуры, гэта - насычанае болем рэха нашага мінулага, якое тым не менш, не можа не адазвацца ў чалавечай душы паўзабытым страхам.."

Вось гэтак жа ў і лёсе Алеся Бяляцкага, падзеі жыцця якога - гэта падзеі жыцця нашай краіны, груп людзей, якія спрычыніліся да лесавызначальных гадоў станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Карл Гершман, прэзідэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі з ЗША ў кнізе В. Каліноўскага "Справа Бяляцкага" так напісаў пра яго: "У шырокіх рухах за дэмакратыю і свабоду чалавека заўсёды бывае так, што пэўныя асобы становяцца лідарамі пераменаў…Бяляцкі - дзеяч па-рэнесанснаму рознабаковы: ён служыў справе свабоды як палітычны дысідэнт і культурнік, як навуковец, пісьменнік і інтэлектуал, як лідар палітычнай партыі і абраны дэпутат Менскага гарсавета, і, перадусім, як прызнаны ва ўсім свеце абаронца правоў чалавека".

На крутых жыццёвых маршрутах Алеся Бяляцкага арыштоўвалі больш за 20 разоў. Апошні раз - 4 жніўня 2011 года, калі ён быў асуджаны на чатыры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яшчэ на пачатку 80-х А. Бяляцкі прымае ўдзел у моладзевых суполках, якія ставілі мэтай змаганне за незалежнасць Беларусі, затым быў збор подпісаў супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС ў 1987 годзе.Тады гэта праблема закранала і інтарэсы нашага горада. Вучоба ва ўвніверсітэце была звязана з грамадскай і літаратуразнаўчай дзейнасцю і менавіта ў маладыя гады А. Бяляцкі шмат пісаў пра тых, хто прайшоў праз рэпрасаванне і зняволенне, ён першым распавёў пра Ф. Аляхновіча, пісьменніка, які расказаў усю праўду пра савецкія канцлагеры. І адзін з самых масавых мітынгаў адбыўся ў памінальны дзень продкаў на "Дзяды" ў 1988 годзе, арганізатарам якога стала Таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя", старшынём якога з'яўляўся А. Бяляцкі, ён быў затрыманы і атрымаў штраф у 200 рублёў, які, дарэчы, дапамаглі аплаціць сябры-студэнты і нават выкладчыкі.

- Ці можа быць такое зараз? - задаём пытанне Алесю, якога ўжо амаль гадзіну зацікаўлена слухаюць удзельнікі сустрэчы, што арганізавала Верхнядзвінская суполка ТБМ. І самі ведаем адказ.

За амаль 10 год кіраўніцтва Літаратурным музеем Максіма Багдановіча А. Бяляцкі не толькі імкнуўся захоўваць мінулае, багатую спадчыну, але і ствараць новае: за гэты час паўсталі новыя філіі музея, а ў Менску з'явілася вуліца імя М. Багдановіча.

У сваей кнізе "Асвечаны беларушчынай", якую сп.Алесь прэзентаваў на сустрэчы ў Верхнядзвінску, ён напісаў: "У снежні 1993 года … правялі канферэнцыю "Лёс нацыянальнай культуры на паваротах гісторыі", назва якой аказалася прарочай".

Як і лёс самаго сп. Бяляцкага на чарговым крутым жыццёвым павароце: у Беларусі ўсталяваўся аўтарытарны рэжым, з'явіліся палітзняволеныя, якіх А. Бяляцкі абараняў з вясны 1996 года, а праз дваццаць з лішнім гадоў і сам апынуўся за кратамі.

На сустрэчы з актывістамі Алесь Бяляцкі распавёў пра сваю крымінальную справу, пра знаходжанне ў турме, пра тое, наколькі важнай была для яго падтрымка з боку беларусаў:

- Мне аднаму прыходзіла больш пісьмаў, чым ўсім зняволеным. Канешне, каб напісаў просьбу аб памілаванні, выйшаў бы з-за кратаў значна раней. Але я вінаватым сябе не лічыў. Пасадзілі па сваёй волі, па сваёй волі і выпусцілі.

Паліна Сцепаненка, укладальніца кнігі "Асвечаны беларушчынай" узгадвае словы Віктара Сазонава, праваабаронцы, пісьменніка, які так дакладна вызначыў тое, што рабіў і робіць Алесь Бяляцкі: "Запаліўшы свечку, як напісана ў Бібліі, не хаваюць ў шуфлядку, а ставяць на высокае месца, каб агонь ад гэтай свечкі быў бачны. Дзейнасць Алеся Бяляцкага з'яўляецца такой свечкай!"

Валянціна Болбат. ТБМ, Верхнядзвінск.

Пра "Голага караля"…

Свабодная энцыклапедыя "Wikipediа" вызначае рускую літаратуру як сукупнасць літаратурных твораў, напісаных на старажытнарускай і рускай мовах, і як адзін з важнейшых складнікаў культуры Расіі.

А колькі ў сучаснай Расіі пісьменнікаў? Галоўны рэдактар часопіса "Знамя" і прафесар Літаратурнага інстытута Сяргей Чупрынін склаў, па яго словах, самы поўны спіс расійскіх літаратараў. У ім - каля 120 тысяч чалавек, якія пішуць на рускай мове і якія выпусцілі хаця б адну кнігу вершаў, прозы ці публіцыстыкі. І яшчэ некалькі лічбаў: на 31 траўня 2019 года расійскі літаратурны партал "stihi.ru" апублікаваў 45 540 360 вершаў 820 929 аўтараў, партал "proza.ru" - 8 248 503 тэксты 295 245 аўтараў.

Колькасць напісанага і аўтараў тэкстаў уражвае. Асабліва калі ўлічыць, напамінае С. Чупрынін, што ў СССР было 10 тысяч членаў Саюза пісьменнікаў, і гэта здавалася вельмі многа. Наўрад ці хто калі падлічыць усе творы рускай літаратуры за час яе існавання (на думку многіх даследчыкаў - з другой паловы Х стагоддзя). Відавочна, што гэта - велізарны літаратурны пласт, аднак вельмі ўжо неаднародны па якасці. Толькі Яго Вялікасць Час засведчыць, што з напісанага можна будзе аднесці да мастацкага слова, да літаратуры, стане набыткам будучых пакаленняў, а што застанецца ўсяго толькі як прыхамаць, забаўка аўтара. Відаць, нездарма на прасторах Інтэрнэту можна сустрэць пытанне: "Вялікая руская літаратура - міф ці рэальнасць?".

Вышэйсказанае я ўзгадаў пасля прачытання кнігі паэта і публіцыста Яўгена Гучка "Голы кароль", якую сёлета накладам 50 асобнікаў выпусціў у свет Інстытут беларускай гісторыі і культуры. Аўтар вызначыў жанр свайго твора як эсэ-паэма і адным з эпіграфаў да яго ўзяў выказванне нямецкага філосафа ХІХ стагоддзя Людвіга Фейербаха: "Сапраўдныя пісьменнікі - сумленне чалавецтва". Праз гэтую прызму аўтар звярнуў свой погляд на рускую літаратуру (пераважна паэзію) пушкінскага і дапушкінскага часу (у асноўным ХVIII-XIX стагоддзяў).

На аснове шматлікіх фактаў, з якімі знаёміць чытача, Я. Гучок зрабіў вывад, што "руская паэзія (і не толькі паэзія) таго перыяду мала жывілася зместам расійскага жыцця. Рэдка якія вартыя ўвагі нібыта арыгінальныя творы рускіх паэтаў тых часоў не зведалі ўплыву іншаземных паэтаў розных часоў". Напрыклад, Іван Крылоў нямала сваіх баек пабудаваў на сюжэтах Федра, Бабрыя, Ж. Лафантэна. А Васіль Жукоўскі шчыра прызнаваўся: "У меня почти всё или чужое, или по поводу чужого, ивсё, однако, моё". Тагачасную рускую літаратурную ніву Аляксандр Пушкін характарызаваў як "вшивый рынок", а Мікалай Гогаль быў не менш катэгарычны: "конвульсивно-скаредная литература наша".

У "Голым каралі" аўтар вядзе размову аб "перафасоньванні, аб у пэўнай ступені мяккім плагіяце, якія той-сёй інтэлігентна называе літаратурным запазычваннем. Можна назваць гэтую акцыю літаратурнай халявай, але гэта гучала б неяк грубавата, не вельмі далікатна, не зусім велікадушна". (Будзем мець на ўвазе, што слова запазычанне азначае тое, што перанята, узята адкуль-небудзь, а запазычванне - гэта дзеянне, працэс.) Стаўшы на пазіцыю далікатную, інтэлігентную, Я. Гучок раскрывае з'яву запазычвання ў рускай літаратуры праз такія яе элементы, як наследаванне, пародыя, стылізацыя, рэмінісцэнцыі, знаёмячы чытача з уласным разуменнем гэтых паняццяў.

Пры гэтым ён называе шэраг старадаўніх крыніц для літаратурных запазычанняў. На трох старонках прыведзены назвы твораў, якія можна "аднесці да сапраўднай, бессмяротнай літаратуры". Праўда, з агаворкай, што спіс складзены "з улікам аб'ёму гэтага эсэ, густу аўтара і, вядома, розных іншых чыннікаў". Не ведаю пра "іншыя чыннікі", а вось густу аўтара асабіста я цалкам давяраю.

Літаратурныя запазычанні Я. Гучок паказвае пры характарыстыцы не толькі рускай літаратуры ў цэлым, але і творчасці асобных паэтаў і празаікаў - сучаснікаў А. Пушкіна і яго папярэднікаў: Анціоха Кантэміра, Мікалая Карамзіна, Гаўрылы Дзяржавіна, Аляксандра Радзішчава, Канстанціна Бацюшкава, Кандрація Рылеева і некаторых іншых. Аўтар запрашае чытача паразважаць над пытаннямі сувязі літаратуры і рэчаіснасці і іх узаемаўплыву, праяўлення (ці не праяўлення) пісьменнікам грамадзянскай пазіцыі ў розных гістарычных умовах, адносін улады (уладара) і пісьменніка.

Нямала старонак "Голага караля" прысвечана пытанням фарміравання і развіцця мовы таго ці іншага народа як з'явы сусветнай культуры і яе значэння для літаратурнага працэсу. Наконт беларускай мовы аўтар зазначыў, што яна - "падарунак Творцы і гісторыі беларусам". Мала хто, напэўна, ведае, што рускі гісторык і перакладчык, член Расійскай акадэміі навук, прэзідэнт Вольнага таварыства аматараў славеснасці, навук і мастацтваў Дзмітрый Языкаў (1773-1845) у свой час назваў беларускую мову "отцом великорусского наречия". Ці не таму, задаецца пытаннем аўтар, у сучасных расійскіх энцыклапедыях і даведніках (акрамя Інтэрнэту) не знайсці інфармацыі пра Дз. Языкава?

Дарэчы, Я. Гучок заўважыў, што некаторыя спецыялізаваныя энцыклапедычныя выданні ў Маскве ўсё менш і менш змяшчаюць артыкулы беларускай тэматыкі. На практыцы праяўляецца адмаўленне існавання беларускага народа, самабытнай беларускай мовы, беларускай культуры, беларускай гісторыі. А прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сёлетнім Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме заявіў аб сваёй глыбокай упэўненасці ў тым, што рускія і беларусы - адзін народ. І што добрае можна чакаць ад гэтага, калі з такім сцвярджэннем згодны і "адзіны палітык" у Беларусі?

Шэраг падобных абставін і падштурхнуў Яўгена Гучка да стварэння "Голага караля". Але праца яшчэ не закончана, аўтар працягвае сваё даследаванне. У наступных выпусках ён мяркуе разгледзець і падзяліцца з чытачамі сваімі разважаннямі пра драматургію, прозу, дзіцячую літаратуру, філасофію, хрысціянства ў рускай літаратуры. Не застануцца па-за ўвагай даследчыка факты таго, як і што запазычвалі ў рускіх паэтаў і празаікаў замежныя аўтары. Думаецца, многіх чытачоў зацікавяць сацыяльнае і этнічнае паходжанне рускіх пісьменнікаў, становішча Беларусі паміж палякамі і рускімі і некаторыя іншыя тэмы, якія распрацоўвае Яўген Гучок.

А пра тое, што азначае словазлучэнне "Голы кароль", можна прачытаць у адпаведных даведніках, а яшчэ прасцей - у Інтэрнэце.

Анатоль Жук, жыхар г. Слуцка.

Удзельная вага "Дзеяслова" ў літаратурным працэсе важкая

Выпуск 100-га нумара часопіса "Дзеяслоў" быў адзначаны вечарынай у менскай кавярні "Грай". З прамовамі выступілі Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Алесь Пашкевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Леанід Галубовіч і іншыя пісьменнікі, паэты і літаратурныя крытыкі.

"Часопіс "Дзеяслоў" паўстаў 17 год таму як адказ на ўмяшальніцтва дзяржавы ў літаратурны працэс. Вясной 2002 года Міністэрства інфармацыі Беларусі правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданняў, у выніку якой усе літаратурныя часопісы былі пазбаўленыя права на юрыдычную, эканамічную і творчую самастойнасць і аб'яднаныя ў гэтак званы холдынг "Литература и искусство". Галоўнай мэтай стварэння холдынгу было ўстанаўленне дзяржаўнага кантролю над літаратурным працэсам у краіне. На месца звольненых галоўных рэдактараў часопісаў былі прызначаны лаяльныя ўладам кіраўнікі. На знак пратэсту многія пісьменнікі - супрацоўнікі калектываў - звольніліся з рэдакцыяў…", - паведаміў сайт СБП.

Вядоўца імпрэзы Усевалад Сцебурака ўзгадаў пра паездкі па рэгіёнах з прэзентацымі нумароў часопіса, запамінальныя сустрэчы ў бібліятэках, універсітэтах, школах. Госці імпрэзы павіншавалі таленавітых аўтараў і руплівых супрацоўнікаў, якія ствараюць выданне.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч распавёў, як 17 гадоў таму ў 2002 годзе нарадзіўся новы часопіс. У першы яго нумар прапанавалі свае творы Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў і іншыя літаратары. Часопіс быў прэзентаваны на з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў 23 верасня 2002 года. Над укладаннем і аздабленнем часопіса, як і тады, сёння рупяцца Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Федарэнка, Анатоль Івашчанка і Генадзь Мацур.

- 17 гадоў успрымаюцца як цэлае стагоддзе! - адначыў Міхась Скобла. - Столькі выдатных твораў надрукавана ў гэтым часопісе, што можна безперапынна даваць Нобелеўскую прэмію! Пакуль далі толькі адну, але я ўспрымаю яе як Нобелеўскую прэмію часопісу "Дзеяслоў", бо Святлана Алексіевіч - аўтарка таксама і 100-га нумара часопіса.

- Літаратурны твор - маральны дакумент, які дапамагае жыць, - прызнаўся Леанід Дранько-Майсюк. - Такія тэксты ёсць у кожным нумары часопіса " Дзеяслоў". Тут ёсць прастора для творчага эксперыменту, пошуку. Усё гэта ўзбагачае нашу жыццёвую прастору. 100 нумароў "Дзеяслова" - вельмі значная падзея!

- Удзельная вага "Дзеяслова" ў літаратурным працэсе важкая, - падкрэсліў паэт Алесь Разанаў. - Я б назваў 100-ты нумар словам - "цэнтурыя" - войска са 100 чалавек, якое змагаецца за беларускае слова і за статус творчасці. " Дзеяслоў" - магніт, які прыцягвае творцаў, стрыжань на якім трымаецца літаратурнае жыццё.

- Дзеяслоў змог з'яднаць літаратурныя традыцыі і інавацыі, займеў свой непаўторны стыль і твар, - адзначыў спадар Алесь Пашкевіч. - Праз 17 гадоў - гэта не толькі выдавецкі праект, гэта своеасаблівая незалежная літаратурная акадэмія, тысячы вечарын з прэзентацыямі кніг па краіне, дзясяткі канферэнцый, прэмія "Залаты апостраф", сайт часопіса.

На вечарыне ў кавярні " Грай" са спевамі выступілі Алесь Камоцкі і Алег Хаменка з гуртом "Палац".

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал. Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатол. Аніскевіч Ганна Уладзіміраўна Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўласевіч Алеся Дзянісаўна Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Бабчанок Марына Сяргееўна Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Бацілава Надзея Мікалаеўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Белы Іван Юр'евіч Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Аляксан. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бразгуноў Алесь Уладзімір. Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Буцко Павел Анісімавіч Быстрык Арцём Аляксандр. Бязрукая Маргарыта Юр'еўна Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Верамоўскі Аляксей Мікал. Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галавань Алесь Галай Аркадзь Апанасавіч Гаўрыленка Вольга Герасімовіч Казімір Станісл. Гікс Станіслаў Анатольевіч Гіркін Сяргей Уладзіміравіч Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Сяргеевіч Гоўша Ларыса Аляксандраўна Грузноў Валерый Іосіфавіч Грынько М.У. Гулевіч Пётр Фёдаравіч Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Данілаў Павел Фёдаравіч Даніловіч Мар'яна Даўмантовіч Іван Уладзімір. Дзергачоў Аляксандр Март. Дзянісаў Галляш Дзяржаўцаў Ян Аляксеевіч Дзяшук Юры Віктаравіч Догіль Андрэй Алегавіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сяргееўна Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вікт. Жук Марына Мікалаеўна Жыгальская Вольга Анатол. Завальнюк Уладыслаў Мацв. Залацілін Аляксандр Валер'ев. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зылева Святлана Васільеўна Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казак Алеся Дзмітрыеўна Казакоў Ігар Яўгенавіч Казлова Алена Казлова Святлана Мікалаеўна Казляк Любоў Калеева Вераніка Уладзімір. Кальцова Зінаіда Іванаўна Камароў Васіль Васільевіч Карабач Віталь Віктаравіч Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятроўна Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Сяргеевіч Кобер Таіса Копаць Алег Міхайлавіч Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Красноўскі Аляксандр Віктар. Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крукоўскі Вадзім Віктаравіч Крываручанка Ігар Мікалаев. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Крэнт Зміцер Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузняцоў Ігар Мікалаевіч Кузьміч Алег Андрэевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сяргеевіч Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лява Арцём Лявіцкі Антон Мікалаевіч Ляўчук Вольга Васільеўна Ляўчук Леанід Аляксандравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Паўлаўна Максімава Кацярына Максуць Надзея Віктараўна Маліцкая Кацярына Сяргееўна Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванавіч Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місарэвіч Таццяна Іванаўна Місцюкевіч Аляксандр Іван. Місько Алег Пятровіч Міхалевіч Аляксандр Анатол. Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Муржак Эвеліна Ігараўна Мядзведзеў Кірыл Наварай Уладзімір Ціханавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Нагдаляп Андрэй Мікалаевіч Назаранка Людміла Станіслав. Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкоў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Някляеў Уладзімір Пракопавіч Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер'еўна Піліпішын Павел Барысавіч Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзімір. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксанд. Радзіонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамановіч Станіслаў Канстанц. Рамашкевіч Кацярына Уладз. Рамук Алена Расказава Лізавета Пятроўна Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Савіч Дзмітры Уладзіміравіч Савянкова Таццяна Анатол. Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Саўчанка Андрэй Віктаравіч Сахно Таццяна Анатольеўна Сватко Павел Аляксандравіч Семчык Ганна Аляксандраўна Семяненка Максім Уладзімір. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леанід. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыраваткаў Аляксандр Васіл. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сюбарава Серафіма Іванаўна Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Танкевіч Аляксандр Яўгенавіч Ткачова Вольга Ткачэнка Антон Алегавіч Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Турчак Наталля Уладзіміраўна Уласава Руслана Ігараўна Усцінава Людміла Нікіфараўна Філіповіч Валер Аляксеевіч Хаданёнак Віктар Мамертавіч Хасанаў Ігар З. Храпавіцкая Тамара Аркадз. Хрол Часлаў Часлававіч Цімохін Ілья Вітальевіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзіміравіч Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюшкевіч Сяргей Анатол. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чувахова Алена Уладзіміраўна Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзімір. Шалупенка Васіль Іванавіч Шапуцька Ганна Віктараўна Шарашовец Аляксандр Мік. Шафаловіч Аляксандр Пятр. Шкутко Анастасія Эдуардаўна Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктаравіч Шымірка Анатоль Шынкевіч Уладзімір Мікал. Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Святлана Вячаслав. Шэмет Антон Аляксандравіч Шэравера Руслан Уладзімір. Юран Антон Ярмац Аляксандр Аляксанд. Яскін Андрэй Алегавіч Яўмен Настасся Мікалаеўна Яўцюшкіна Таццяна Аляксан. Ячычка Віктар

Не стала рэдактара "Газеты Слонімскай" Віктара Валадашчука

Пасля цяжкай хваробы ў Слоніме памёр заснавальнік і галоўны рэдактар недзяржаўнай "Газеты Слонімскай" Віктар Валадашчук. Журналіст Віктар Валадашчук з'яўляўся адным з лідараў рэгіянальнага грамадска-палітычнага друку ў Беларусі. За гады незалежнасці Беларусі яму ўдалося ўтрымаць і захаваць на Гарадзеншчыне адно з самых папулярных выданняў і на працягу 22 гадоў яго ўзначальваць. Віктар Валадашчук з'яўляўся вопытным журналістам, чалавекам сваёй справы, які любіў сваю Бацькаўшчыну, перажываў за яе, і шматлікія праблемы, падзеі, радасці, поспехі адлюстроўваў на старонках незалежнага выдання. Віктару у чэрвені споўніўся толькі 61 год.

Беларускае Радыё Рацыя.

Ягоная газета варушыла Слонім

Успамін пра рэдактара В. Валадашчука

Трапіць на працу ў "Газету Слонімскую" Віктара Валадашчука ў пачатку 2000-х для мяне было як сёння атрымаць запрашэнне ў New York Times.

Памёр рэдактар першай газеты, дзе я пачаў працаваць, калі яшчэ вучыўся ў 9 класе. У 1997 годзе былы карэспандэнт дзяржаўнай раёнкі Віктар Валадашчук адкрыў "Газету Слонімскую". У канцы 1990-х і пачатку 2000-х яна не давала спакою нікому. Яе баяліся чыноўнікі ад Слоніма да Менска, бо гэта было самае ўплывовае выданне ў рэгіёне. Газету шчыра любілі людзі, бо яна была пра людзей. Выданне задавала рытм гораду, варушыла Слонім.

Я памятаю часы, калі яе наклад даходзіў да 12 тысяч асобнікаў. І гэта ў 50-тысячным Слоніме. Улады доўга спрабавалі разабрацца з газетай, бо Слонім быў сярод рэдкіх гарадоў, дзе раёнка мела мізэрны наклад у параўнанні з незалежнымі газетамі.

Трапіць туды на працу было чыстай марай. Быць журналістам "Слонімскай", як кажуць у нас, было больш чым прэстыжна. Віталіка Гіля пазнавалі здалёк па фотаапараце. Ягоную бараду ведаў увесь горад. Самыя стылёвыя матэрыялы Волі Шынкевіч абмяркоўвалі ў школах і вучаніцы, і настаўніцы. Кожны артыкул Сяргея Чыгрына быў як гістарычнае расследаванне. Потым тыя артыкулы развіваліся ў кнігі. Парадак дня вызначаў астраўскі аднакласнік майго бацькі, а тады адказны сакратар Мікола Канановіч. Адзін Валера Каваленка, а потым Саша Захаранка замянялі слонімцам цэлы "Прэсбол". Яны былі першымі спартовымі журналістамі, каго я рэгулярна чытаў. Хоць і бачыў усе матчы нашай "Камуны", на якія таксама хадзіў.

Усё гэта стваралася на цесным другім паверсе быткамбіната на Камсамольскай, дзе доўгі час месцілася рэдакцыя. І калі пасля "Школы маладога журналіста" ў 9-м класе мне сказалі: "Прыходзь да нас працаваць", я не мог паверыць у прапанову. Працаваць у "Слонімскай" на той час для мяне - гэта як зараз атрымаць запрашэнне ў New York Times. Не менш.

Толькі дзякуючы працы ў газеце я змог паступіць на журфак. Вусны іспыт завальваў, але Барыс Васільевіч Стральцоў, паглядзеўшы на тэчку з сотняй публікацый, сказаў: "Раз чалавек працуе, яму месца на журфаку". І паставіў 5 з 5. Роўна столькі мне трэба было набраць, каб паступіць на бюджэт у той год.

Ужо на журфаку я зразумеў, якую крутую школу журналістыкі дала "Слонімская". Пакуль мае аднакурсьнікі пісалі сачыненні ў "Переходный возраст" і чакалі месяцамі апублікавання, мае навіны і рэпартажы штотыдзень праходзілі праз тэкстадрабільных Сяргея Чыгрына і Віктара Валадашчука. І пасля двух гадоў у газеце ўжо не было чаму вучыцца на журфаку.

Дзякуй за ўсё, спадар Віктар.

Антон Трафімовіч. Радыё Свабода.

Калектыў газеты "Наша слова" шчыра спачувае ўсім родным і блізкім людзям, сябрам і калегам па пяру ў сувязі са смерцю Віктара Валадашчука.

Віктар цесна супрацоўнічаў з "Нашым словам" у рамках Асацыяцыі рэгіянальнай прэсы і на асабістым узроўні. Ён заўсёды падтрымліваў "Наша слова"ў розных сітуацыях, нягледзячы ні на якія варункі. Падтрымліваў па азначэнні, проста і заўсёды.

Страціўшы Віктара, давялося адчуць тое, што адчувалі салдаты, якія ішлі ў атаку, а побач то справа, то злева падалі сябры. Не спынішся, не падымеш.

Няхай жа слонімская зямля будзе яму мяккай, а памяць пра яго застанецца светлай.

Гамбург зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю

Навіны Германіі

Гамбург зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў транспартна-лагістычнай сферы. Пра гэта ішла гаворка 14 чэрвеня ў Менску на сустрэчы намесніка міністра транспарту і камунікацый Андрэя Іванова з дэлегацыяй на чале са статс-сакратаром Міністэрства эканомікі, транспарту і інавацый Гамбурга Торстэнам Зевеке.

Як паведамляе прэс-служба Мінтрансу, на сустрэчы таксама прысутнічалі з беларускага боку прадстаўнікі кіраванняў аўтамабільнага, чыгуначнага, воднага транспарту і міжнароднага супрацоўніцтва. З нямецкага - прадстаўнікі транспартных кампаній.

- Праца па развіцці транспартна-лагістычнай сістэмы праводзіцца Міністэрствам у цесным узаемадзеянні з транспартнымі міністэрствамі сумежных краін і інтэграцыі нашай краіны ў Еўраазіяцкую транспартна-лагістычную сістэму, - падкрэсліў Андрэй Іваноў.

У сваю чаргу Торстэн Зевеке звярнуў увагу на тое, што порт Гамбурга з'яўляецца трэцім па велічыні ў Еўропе. Ёсць вялікая зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю з мэтай стварэння сумеснай лагістычнай канцэпцыі.

Таксама ён падкрэсліў, што ў Еўропе больш няма порта, які б меў такую развітую чыгуначную інфраструктуру - больш за 40% перавозак грузаў, якія загружаюцца і разгружаюцца ў гамбургскім порце, ажыццяўляюцца па чыгунцы. Менавіта таму многія прадстаўнікі нямецкай дэлегацыі прадстаўляюць гэтую сферу перавозак.

- Важным рэгіёнам, з якім працуе наш порт сёння, з'яўляецца Азія, а менавіта - Кітай. У сувязі з гэтым Беларусь іграе цэнтральную ролю ў ажыццяўленні кантынентальных перавозак паміж Еўропай і Кітаем. Таксама Гамбург - гэта не толькі буйны лагістычны хаб, але і вельмі важны прамысловы цэнтр, таму і з гэтага пункта гледжання мы з вялікай цікавасцю разглядаем Беларусь, - адзначыў Зевеке.

Нямецкая дэлегацыя выказала зацікаўленасць удзельнічаць у рэалізацыі праектаў "Адзін пояс - адзін шлях" і індустрыяльнага парку "Вялікі камень".

Бакі дамовіліся развіваць супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы.

Навіны Германіі. Гамбург.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Рабека Мікалай - 60 р., г. Менск

2. Ляўшун - 31 р., г. Менск

3. Салавей Алесь - 10 р., г. Менск

4. Птушка - 5 р., в. Хільчыцы

5. Асташынскі Валянцін - 10 р., г. Менск

6. Кавалюк А.М. - 10 р., г. Менск

7. Чыгір Яўген - 20 р., г. Менск

8. Кукавенка Іван - 45 р., г. Менск

9. БТВ - 25 р., г. Магілёў

10. Панасюк А. - 50 р., г. Менск

11. ЖСВ - 10 р., г. Менск

12. Лічык А. - 2 р., г. Менск

13. Бубен Кастусь - 30 р., г. Менск

14. Ралько Леанід - 40 р., г. Баранавічы

15. Мікола - 10 р., г. Менск

16. Галаўнёў Мікола - 25 р., г. Менск

17. Вяргейчык - 15 р., г. Барысаў

18. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

19. Сівы Сяргей - 5 р., г. Валожын

20. Ляскоўскі Уладзіслаў - 110 р., г. Шаркаўшчына

21. Арсенаў Віталь - 5 р., г. Менск

22. Васілевіч Базыль - 20 р., г. Менск

23. Грыбоўскі Васіль - 5 р., в. Чурылавічы

24. Бусел Мікола - 15 р., в. Пружынішчы

25. Фурс Антон - 10 р., г. Паставы

26. Прылішч Ірына - 10 р.

27. Пільнік - 5 р., г. Менск

28. Бойса Іосіф - 30 р., г. Ліда

29. Жыдаль Дзяніс - 20 р., г. Менск

30. Ерашэня Раман - 20 р., г. Салігорск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэа-льнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

ЛІСТЫ ДА ГАРБАЧОВА

З гісторыі суполкі "НА ПАДДАШКУ"

Зміцер Санько

Канец 1986 - першая палова 1987 года пазначаныя абуджэннем грамадскай актыўнасці інтэлектуальнай эліты беларускага грамадства. Усё больш смелымі і рашучымі станавіліся патрабаванні спыніць русіфікацыю Беларусі і занядбанне айчыннай гісторыі і культуры. Найбольш яркімі акцыямі таго часу, якія зрабілі моцны ўплыў на грамадскі настрой, былі арганізацыя і распаўсюджанне гэтак званых "Лістоў да Гарбачова".

Аднаго дня ўвосень 1986 года сустрэліся мы з Яўгенам Куліком на былым праспекце Машэрава. Спыніліся, пагаварылі. Дзень быў шэры, і настрой у нас абодвух - гэтакі ж. Задушлівая атмасфера, якая панавала тады ў Беларусі, рэзка кантраставала з тым, што адбывалася ў суседзяў - у Летуве, Латвіі, Эстоніі, Украіне. Тутэйшыя ўлады груба ўціскалі найменшыя праявы нацыянальнай грамадскай актыўнасці. Бесцырымонна ігнаравалі просьбы і патрабаванні змяніць стаўленне да беларускае мовы і культуры. Таму апеляваць да іх не выпадала. Але ж нешта трэба было рабіць. Памеркаваўшы, пастанавілі, што варта звярнуцца з калектыўным лістом да новага савецкага генсека М. Гарбачова. Яўген папрасіў мяне скласці праект (як ён казаў, "балванку") гэтага ліста. Пасля тыдняў трох працы праект быў падрыхтаваны і перададзены на абмеркаванне. Асноўны клопат па рэдагаванні ўзяў на сябе Яўген Кулік.

У кароткім уступе быў акрэслены галоўны аб'ект нашай занепакоенасці: "Мова - душа народа, найвышэйшая праява яго культурнай самабытнасці, аснова паўнацэннага духоўнага існавання. Пакуль жыве родная мова, жыве, мае гістарычную перспектыву і народ. З заняпадам мовы чэзне, дэградуе культура, народ перастае існаваць як нацыянальны і гістарычны арганізм, як неацэнная складовая часціна зямной цывілізацыі". Было адзначана, што мова нашага народа прайшла доўгі і складаны шлях развіцця - былі ў яе перыяды і росквіту, і заняпаду. У Сярэднявеччы яна мела статус дзяржаўнай мовы, годна прагучала са старонак першай ва Усходняй Еўропе друкаванай кнігі, дала свету выдатныя ўзоры літаратуры. А ў ліхія часіны забаранялася, бэсцілася прыгнятальнікамі - паланізатарамі і русіфікатарамі ўсіх масцей.

Далей характарызаваўся катастрафічны стан беларускай мовы ў БССР, дзе яна была выціснутая амаль з усіх сфераў жыцця грамадства. Падкрэслівалася неабходнасць рашучых захадаў па выратаванні роднай мовы, роднай культуры, а значыцца, беларускага народа ад духоўнага вымірання. У якасці першачарговых прапаноўвалася ажыццявіць наступныя мерапрыемствы:

а) распачаць увядзенне беларускай мовы ў якасці рабочай у партыйныя, дзяржаўныя (перш за ўсё гэта датычыць міністэрстваў асветы, культуры, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сувязі, дзяржаўных камітэтаў па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, па кінематаграфіі, па тэлебачанні і радыёвяшчанні, Акадэміі навук) і савецкія органы і ўстановы рэспублікі;

б) устанавіць абавязковы выпускны экзамен па беларускай мове і літаратуры ў сярэдняй школе і па беларускай мове ў васьмігадовай школе, незалежна ад таго, на якой мове вядзецца там навучанне;

в) устанавіць абавязковы для ўсіх абітурыентаў (акрамя тых, хто прыехаў з-за межаў БССР і СССР) уступны экзамен па беларускай мове і літаратуры ва ўсіх вышэйшых навучальных установах і па беларускай мове ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах рэспублікі.

Ліст суправаджаўся дадаткам на сямі старонках, які змяшчаў дэталёвы комплекс прапаноў дзеля карэннага паляпшэння становішча роднай мовы, культуры і патрыятычнага выхавання ў Беларускай ССР. Ён абымаў усе галіны - адукацыю, навуку, кнігавыданне, культуру, мастацтва, сродкі масавай інфармацыі.

Як сабраць подпісы?

Намнога складанейшае і небяспечнейшае было збіранне подпісаў. Мы выдатна разумелі, што калі пра запланаваную намі грамадскую акцыю даведаюцца спецслужбы, ажыццявіць яе будзе немагчыма ці прынамсі вельмі цяжка. Таму патрабаванні канспірацыі былі жорсткія. Адкрытыя тэлефонныя размовы забараняліся. Колькасць абазнаных абмяжоўвалася: гэтай справай, акрамя нас з Яўгенам, займалася вузкае кола сяброў з "Паддашка" - Віктар Маркавец, Аляксей Марачкін, Мікола Купава.

Вызначылі спіс дзеячоў культуры, навукі, мастацтва, да каго меркавалі звярнуцца з прапановай паставіць подпіс, а таксама - у агульных рысах - паслядоўнасць збору подпісаў. Зразумелая наша зацікаўленасць, каб перадусім гэта былі людзі заслужаныя, дыпламаваныя, вядомыя, якія мелі высокі аўтарытэт у грамадстве. Адначасова рыхтавалі беларускамоўную версію для магчымай публікацыі ў тыднёвіку "Літаратура і мастацтва", а калі не ўдасца - для як мага шырэйшага інфармавання грамадскасці праз распаўсюджванне машынапісных копій.

27 лістапада 1986 года беларуская версія ліста пад назовам "Лёс роднай мовы. Трывогі і надзеі" з першымі васьмю подпісамі (Уладзіміра Содаля, Льва Мірачыцкага, Віктара Маркаўца, Генадзя Каханоўскага, Яўгена Куліка, Яўгена Лецкі, Алеся Рашчынскага і Яўгена Лаўрэля) была перададзеная праз Алеся Разанава галоўнаму рэдактару ЛіМа. Анатоль Вярцінскі ўважліва прачытаў, быў вельмі ўзрушаны. "Гэта сапраўдная Хартыя Вольнасцяў!" - вымавіў з захапленнем. У публікацыі мы былі надзвычай зацікаўленыя, бо хацелі, каб ліст быў адкрытым. Тыднёвік, хоць намінальна і з'яўляўся яшчэ органам Міністэрства культуры і праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дзякуючы асобе галоўнага рэдактара адышоў ад афіцыёзу і фактычна стаў у авангардзе працэсаў абнаўлення. Іншай магчымасці шырокага абнародавання ліста на той час не было.

Збор подпісаў працягваўся, і праз дзесяць дзён пад лістом ужо стаялі аўтографы Леаніда Лыча, Эдварда Зайкоўскага, Вячаслава Вярэніча, Васіля Талстога, Міколы Арочкі, Алеся Разанава, Леаніда Шчамялёва, Уладзіміра Конана, Рыгора Барадуліна.

Важнай уяўлялася нам прысутнасць у гэтым шэрагу народных пісьменнікаў. І першай кандыдатурай быў Пімен Панчанка. Доўга шукалі магчымасцяў сустрэцца з ім, але безвынікова. Ён якраз хварэў, і сямейнікі клапатліва аберагалі яго ад лішніх перажыванняў і стрэсаў. І вось нарэшце 11 снежня, дзякуючы Ірыне Марачкінай, дамовіліся: спадар Пімен сказаў, што хоць яму і нядобрыцца, але ў пільнай патрэбе прыняць можа. Як занатаваў у дзённіку адзін з арганізатараў, "Панчанка ўспрыняў ліст вельмі добра. Пачуваўся ён блага. Як сам казаў, "аніяк не мог выкараскацца з хваробы". Але нягледзячы на свой стан, вельмі цёпла размаўляў, падарыў Яўгену сваю кніжачку. Яўген яму - вымпялок "Першая граматыка"1, што выпадкова і вельмі дарэчы агледзеў у сваёй торбе. Яшчэ П. П. падарыў свой уласны ліст, які здзівіў падабенствам да нашага, дзе шмат якія пункты вельмі выразна перагукаліся. Таму і ўспрымаў добра, бо сам толькі што думаў і рабіў гэтаксама. Але на ягоны крык - поўная цішыня. Натуральна, стары быў узрушаны, што ёсць людзі, якія і думаюць, і дзейнічаюць. Таму з ягонага боку ва ўсім адчувалася ўдзячнасць за ўвагу да яго, за давер і г. д."2

"Снегавы камяк" - на вяршыні

З вялікім хваляваннем увечары таго самага дня чакалі вынікаў сустрэчы з Васілём Быкавым. Гэтую місію ўзялі на сябе Яўген Кулік, майстэрня якога была ў тым пад'ездзе, дзе жыў пісьменнік, і Аляксей Марачкін. Каб не ствараць чалавеку побытавых нязручнасцяў, запрасілі яго ў майстэрню. Сёння некаму гэта можа падацца дзіўным, але тады мы не былі ўпэўненыя ў поспеху нашай задумы. І якія ж былі шчаслівыя, калі ўсё атрымалася! Васіль Быкаў падпісаў, хоць перспектывы акцыі ацэньваў даволі стрымана. Пасля гэтага кроку настрой у нас змяніўся кардынальна. Вобразна кажучы, снегавы камяк, які дагэтуль кацілі ўгару, нарэшце апынуўся на вяршыні. З палёгкай уздыхнулі, спадзеючыся, што справа цяпер пойдзе жвавей.

І сапраўды, у наступныя чатыры дні ліст падпісалі Аляксей Дудараў, Вячаслаў Адамчык, Васіль Вітка, Стэфанія Станюта, Максім Лужанін, Эдуард Агуновіч, Валянціна Пархоменка, Анатоль Кудравец, Янка Брыль - вядомыя на ўсю краіну паважаныя і аўтарытэтныя асобы. Шчыра кажучы, не ўсюды нас чакала ўдача, але мы не крыўдавалі, бо ведалі, што тым людзям давялося ператрываць на сваім вяку...

Пра атмасферу, якая панавала ў тагачаснай Беларусі, яскрава сведчаць перасцярогі, што выказвалі людзі, падпісваючы ліст: "каб хоць не трапіў да мясцовых уладаў" (Максім Лужанін), "каб не папаў у рукі нашых чыноўнікаў" (Валянціна Пархоменка), "каб не дужа зацягвалі, бо прыйдуць і забяруць" (Вячаслаў Адамчык), "каб была надзейная дастаўка" (Васіль Вітка).

(Працяг у наст. нумары.)

1 Календары, выяўленчыя і тэкставыя матэрыялы да розных юбілеяў (Ф. Скарыны, Ф. Багушэвіча, У. Караткевіча, А. Гаруна ды інш.) у форме вымпелаў, зробленых мастаком Віктарам Асташонкам спосабам шаўкаграфіі, былі ў 1986-1990 гадах вельмі папулярныя. Вымпел, пра які ідзе тут гаворка, прысвечаны 400-годдзю выдання першай у Беларусі граматыкі, выдрукаванай у Вільні братамі Мамонічамі.

2 Маркавец Віктар. Дзёньнікавыя нататкі 1986-1987 гг. // Veritas: Бюл. БГА "Ветэраны Адраджэньня". 2006. № 1 (4). С. 25.

Ваколіца Ліды Вісманты

Леанід Лаўрэш

Раён горада Ліда па Наваградскім тракце меў, сёння цалкам забытую, гістарычную назву Вісманты. Ваколіца Вісманты раней зваліся Кузьмішкамі ад імя "мысліўца" Захарыяша Кузьміча, якому ў 1507 г. вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам І тут было нададзена 6 валок зямлі. У 1668 г. Кузьмішкі ўжо ў Давіда Гаеўскага набыў Аляксандр Вісмант. Маёмасць была раздробненая яго спадчыннікамі і ператварылася ў так званую ваколіцу Вісманты.

Немагчыма прасачыць маёмасныя справы Вісмантаў на працягу стагоддзяў, таму адразу пяройдзем у канец XIX - першую палову XX ст. Пра вывучэнне родавых папераў аднаго з старажылаў Вісмантаў - Казіміра Вісманта і працяглыя размовы з ім пісаў Міхал Шымялевіч ва ўспамінах: "Хто ў Лiдзе не знаў старога Казіміра Вісманта? 50 гадоў таму (успаміны надрукаваныя ў 1937 г. - Л. Л.)быў гэты чалавек у росквіце сіл, трохі сіваваты, трохі лысаваты, але шыракаплечы, румяны і да жанчын цікаўны. Яго белая хатка пад саламяным дахам, стаяла на Вісмантах пад Лідай, пры абсажаным бярозамі наваградскім гасцінцы… У старога ў хатцы пад столлю стаяла скрынка, поўная старых пажоўклых папер, пісаных і па-славянску, і па-польску, памятаючых часы караля Аляксандра Ягелончыка… Стары Вісмант ведаў на памяць свой вялікі шматаркушовы радавод з усімі датамі і ведаў шмат цікавых гісторый". Казімір Вісмант меў сына, якога ён вучыў на арганіста і ажно чатыры дачкі. "Да пана Казіміра вечарамі хадзіла на пасядзелкі і размовы лідская прыгарадная моладзь, вядома, у доме тры дарослыя дачкі і чацвёртая, Броня, ужо ўбіваецца ў пёры". Моладзь гуляла ў гульні, часам распавядала ўсялякія цікавыя гісторыі, анекдоты, байкі, жахі альбо пра чары і незвычайныя з'явы, часам дэкламавалі розныя польскія вершы "… альбо такія вершы, як "Панскае ігрышча" ці "Aдказ на панскае ігрышча" і іншыя, якія праз нейкі час былі надрукаваныя ў Кракаве ў кніжачках Мацея Бурачка". З радкоў Шымялевіча бачна, што вершы Францішка Багушэвіча на Лідчыне і канкрэтна на Вісмантах, мелі папулярнасць, перапісваліся і чыталіся падчас вячорак, яшчэ да выдання кніжак.

Каля пляца Казіміра Вісманта знаходзіўся ўчастак яго сваяка Яна Вісманта, сына Рафала. Рафал сын Юзафа быў жанаты з Мальвінай з Болтуцяў. Калі яго сын Ян вырас, Рафал перадаў яму гаспадарку на Вісмантах, а сам перасяліўся ў ваколіцу Даліна пад Лідай. Ян Вісмант (1872-1900) быў жанаты з Ізабэлай з Багдановічаў, сужэнцы мелі дачку Зоф'ю (1897-1957) (выйшла замуж за прыехаўшага з этнічнай Польшчы чыноўніка Станіслаўскага) і сына Антона (1898-1902).

Унук Яна Вісманта Ян Станіслаўскі, па дакументах, якія ў яго захаваліся, апісаў сядзібу свайго дзеда. Паглядзім як выглядаў гарадскі маёнтак дастаткова багатага лідзяніна на пачатку XX ст.

Зямельны пляц уздоўж вуліцы (сучасны праспект Перамогі) меў шырыню 100 і глыбіню каля 450 аршынаў (да рэчкі Лідзейкі). Участак быў агароджаны шчыльным плотам з дошак. Адразу ад вуліцы стаяла гумно памерам 20 х 13 х 4 аршыны вартасцю 600 царскіх рублёў. Гэта гумно з'яўлялася візітоўкай усёй маёмасці Яна Вісманта, і тое, што яно месцілася каля дарогі, дазваляла вельмі проста прывозіць і вывозіць грузы з гэтай гаспадарчай пабудовы. Каля гумна стаяла абора з хлявом памерам 18 х 8 х 2,5 аршына коштам 200 рублёў. Таксама мелася спіжарня памерам 8 х 6 х 4 аршыны коштам 150 рублёў. Усе будынкі былі пабудаваны з тоўстага прасмоленага бярвення і пакрыты саломай.

За гаспадарчымі пабудовамі рос вялікі сад, потым раслі кветкі і бліжэй да рэчкі стаяў жылы дом памерам 12 х 6 х 2,5 аршына вартасцю 500 рублёў. У садзе раслі яблыні, грушы, вішні, слівы, роўнымі радамі кусты чорных і чырвоных парэчак і агрэсту. Маліна была пасаджана асобнай паласой.

Дом складаўся з трох пакояў, кухні і гаспадарчых памяшканняў. Электрычнасць тут з'явілася ў 1928 г. Дэтэктарнае радыё на пачатку 1930-х гг. замянілася на лямпавае. Калі вуліца мела назву Вісманты, стары дом Яна Вісманта меў № 30, калі каля 1930-га года яе пераназвалі ў вуліцу Гражыны, дом атрымаў № 65.

У 1920-я гг. участак Яна Вісманта на поўдні межаваў з участкам Францішка Вісманта, сына таго самага Казіміра пра якога пісаў Шымялевіч, далей на поўдзень ляжаў участак Насевіча, дачка якога Яніна ў 1930-я гг. лічылася самай прыгожай дзяўчынай на Вісмантах. Яшчэ далей на поўдзень знаходзіўся участак, на якім раней стаяў дом заснавальніка роду Вісмантаў у Лідзе, Аляксандра Вісманта (бліжэй да сучаснай нафтабазы). Гэты ўчастак у 1920-я гг. быў прададзены нейкаму Казлоўскаму, і мае сэнс трошкі расказаць пра бізнес гэтага чалавека.

Казлоўскі займаўся справай, якая прынесла дурную славу Вісмантам. Казалі, што калі б заснавальнік роду Аляксандр Вісмант даведаўся пра ўстанову, якая месцілася на яго пляцы, дык перавярнуўся б у труне. Ваколічныя людзі лічылі, што Казлоўскі зганьбіў дом продка ўсіх Вісмантаў, і таму пісалі бясконцыя скаргі на Казлоўскага. Сюды, да "вясёлых" жанчын вядомай прафесіі часта прыязджалі дрожкі з паднятым верхам - гэтак наведвальнікі хаваліся ад цікаўных вачэй. Падчас рэгулярных маршаў жаўнераў лідскага лётнага палка з Паўночнага гарадка ў касцёл і вяртання ў казармы, ці маршу на ўсялякія святочныя парады, работніцы ўстановы ўсе разам заўсёды выходзілі да плоту ці сядзелі ў вокнах дома і спаборнічалі паміж сабой ў мастацтве эратычнага распранання. Расшпіленымі сукнямі і тым што пад сукнямі, яны заваблівалі вайскоўцаў, забяспечваючы сабе кліентаў і сталую працу. Афіцэры, якія вялі жаўнераў у горад ці вярталі ў казармы, заўсёды аддавалі каманды "налева раўнуй" ці "направа раўнуй" - адмыслова гэтак, каб жаўнеры бачылі мілых іх сэрцу дам. І правільна рабілі - такім чынам падтрымлівалася бачнасць дысцыпліны. Бо і без каманды афіцэра, жаўнеры ў шыхце ўсяроўна круцілі б галовамі і глядзелі б толькі на жанчын, што з'яўлялася б яўным парушэннем дысцыпліны.

Недзе пры канцы 1930-х гг. грамадскае абурэнне перамагло і пляц заснавальніка лідскіх Вісмантаў быў прададзены ў "добрыя рукі".

Далей на поўдзень за былым пляцам Аляксандра Вісманта стаяў дом чарговага кузэна маці Яна Станіслаўскага - Браніслава Вісманта, бацькі двух сыноў - Аляксандра і Вільгельма. За домам Браніслава знаходзіліся два дамы братоў Нікалаевых. Адзін з братоў працаваў у той час інжынерам і разам са сваімі сынамі жыў іх бацька - генерал царскай арміі. Стары генерал застаўся ў памяці лідзян як заўзяты калекцыянер паштовых марак.

Зноў вяртаемся на ўчастак Яна Вісманта. Суседам яго ў бок горада (на поўнач) быў нейкі Уткевіч. Разам з бацькамі, у розных кватэрах вялікага дома, жылі дзве дачкі з сем'ямі. Малодшая дачка была замужам за службоўцам польскай тайнай паліцыі Фідэлісам. Стары Уткевіч атрымаў вядомасць на ўсе Вісманты праз свае дзівацтвы. Напрыклад, выходзячы з хаты, ён замыкаў знутры ўваходныя дзверы сваёй кватэры на ланцугі, скобкі і вялікую колькасць замкоў. Пры гэтым сам вылазіў пра акно і толькі трошкі яго прычыняў пасля сябе. Як толькі стары сыходзіў з двара, мясцовыя хлопцы разам з яго унучкай Ясяй залазілі праз акно ў кватэру і раскідвалі рэчы. Уткевіч не раз мяняў замкі, але гэта не дапамагала, і стары упэўніўся, што злодзеі нейкім чынам заўсёды маюць ключы, і паратунку ад іх няма і не будзе.

Далей на поўнач стаялі дзве халупкі ў якіх жылі бедныя сем'і. Пасля гэтых дамкоў, бліжэй да горада, вялікі ўчастак зямлі і добры дом меў Шлёма Рубінштэйн - уладальнік крамы спажывецкіх тавараў. Шлёма гадаваў чатырох сыноў і дзвюх дачок. Адзін з сыноў Шлёмы - Рубін (1920 г.н.) уратаваўся з лідскага гета і падчас Другой сусветнай вайны ваяваў у партызанскім атрадзе "Іскра".

На поўнач ад маёмасці Рубінштэйна знаходзіўся выган - нічыя тэрыторыя, на якой людзі прызначалі сустрэчы, а хлопцы гулялі ў футбол.

За выганам ляжала маёмасць Бузара, у 1930-я гг. гэта быў ужо немалады чалавек з дагледжанай барадой. Дачка Бузара працавала настаўніцай польскай мовы ў Гандлёвай гімназіі. Трэба сказаць, што пасля заканчэння маім татам гарадзенскай трохгадовай школы машыністаў па размеркаванні ён патрапіў ў Ліду. Менавіта ў Бузара тата і мама здымалі пакой, і ў 1957 г. у яго хаце нарадзіўся мой старэйшы брат Юра (1957-1996). Памятаю, як маці неаднаразова добрым словам згадвала "дзеда Бузара" і ведаю, што мой тата любіў паразмаўляць са старым лідзянінам пра жыццё.

За поўнач ад Бузара, праз два пляцы, месцілася чыгуначная вадакачка і вуліцу перакрочвала чыгунка, па якой на вадакачку хадзіў цягнік, зараз гэтай чыгуначнай лініі няма. У дзяцінстве я неаднаразова бываў тут, бо ў вялікім і старым памяшканні вадакачкі мелася кватэра майстра водазабеспячэння, які кіраваў справай падачы вады на чугунку. З сярэдзіны 1950-х гг. майстрам тут працаваў Уладзімір Нядзведскі. Ён быў жанаты з сяброўкай маёй маці - цёцяй Надзеяй і менавіта Нядзведскія дапамаглі маім бацькам зняць кватэру ў Бузара. Добра памятаю, што за вадакачкай, на беразе Лідзейкі мелася выдатнае месца для пікнікоў.

Зноў вяртаемся да ўчастка Яна Вісманта. Насупраць яго, праз вуліцу домам валодаў чыгуначны машыніст Кулеш. Тут жа на заходнім баку вуліцы, на поўдзень ад дома Куляшоў, нашчадкі Яна Вісманта мелі вялікую незабудаваную дзялку на якой вырошчвалі бульбу і нават збожжа. Праз адзін дом ад Куляшоў у бок горада, знаходзіўся дом Лохача, які трымаў краму і канкурыраваў з Рубінштэйнам.

Каля Вісмантаў, па вуліцы Легіяновай, 6 (зараз вул. Клімко) жылі сыны Леона-Пятра Вісманта, у 1906 - 1914 гг. ён займаў пасаду бурмістра горада. Старэйшы сын былога бурмістра Францішак Вісмант быў вядомым у горадзе адвакатам, а другі сын Часлаў служыў у лідскім авіяцыйным палку. У верасні 1932 г. прэса паведаміла пра катастрофу лідскага самалёта каля Маладзечна. Самалёт, які пілатаваўся паручнікам-пілотам Рудовічам і назіральнікам, сяржантам-пілотам Вісмантам, упаў з вялікай вышыні, але на шчасце, лётчыкі ўцалелі, Вісмант патрапіў у маладзечанскі шпіталь, а Рудовіч адразу вярнуўся ў Ліду.

Ну і пры канцы самае цікавае, у 1920 г. Беларускі нацыянальны камітэт у Лідзе - орган, які каардынаваў і прадстаўляў дзейнасць беларускіх партый і арганізацый, месціўся па адрасе: Вісманты, 48.

Еўрапейскае прызнанне беларускага артыста

21-23 чэрвеня вядомы беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч знаходзіўся ў Лондане. Ён выступіў у Беларускім доме Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Спадар Мікола Пачкаеў уручыў Змітру Вайцюшкевічу ад імя Рады БНР медаль да 100- годдзя БНР.

- Лонданскія беларусы прыўкрасныя, было шмат дзетак, як ні дзіва англамоўных, - падзяліўся ўражаннямі спявак па вяртанні на Беларусь. - Я шчыра ўдзячны за прыём і ўзнагароду! Мне было вельмі прыемна! Хутка будуць новыя сустрэчы са слухачамі!

- Супраца з беларусамі ўсяго свету і з музыкамі іншых краін узбагачае, - сказаў спадар Зміцер. - Для мяне важна падтрымліваць свой прафесіяналізм і прапаноўваць новыя ідэі.

Так апошні дыск "Зорка Дзіва" быў запісаны з польскім струнным квартэтам пад кіраўніцтвам Хадрыяна Табэцкага. У партыі гітары і мандаліны браў удзел Віктар Цісла.

На працягу дзесяці гадоў я працаваў у Варшаве ў студіі "Буфа" разам з Янушам Юзафовічам і Янушам Стаклосам - найлепшымі сучаснымі польскімі кампазітарамі, раз на месяц выступаю ў спяктаклі, раней разам з польскімі музыкамі, з гуртам "Чарамшынай" мы запісалі дыск "Што на сэрцы". Яны жывуць на самай мяжы з Беларуссю, у мясцовасці Чарэмха. Раз на год у іх адбываецца фальклорны фестываль, з усяго свету прыязджаюць госці, і яны праслаўляюць свой рэгіён.

У студыі польскага радыё ў зале Вітольда Лютаслаўскага мы рабілі акампанемент польскаму гурту "Верхавіна", які дзейнічаў пры Варшаўскім універсітэце, але спяваў украінскія і лэмкаўскія песні. На польскім тэлебачанні я ўдзельнічаў у запісе праграмы " Тylko w Lwowe" з аркестрам студыі "Буфа".

29 чэрвеня артыст накіраваўся ў Антверпен.

"Ад шчырага сэрца віншуем, улюбёны пясняр нашай сям'i!" - адгукнуліся на ўзнагароду карыстальнікі Фэйсбуку.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

ШЭПЧУЦЦА ЯВАР З КАЛІНАЮ

Тут купалаўскі дух не патух,

Тут купальскі агніска палае.

Іван Івашка.

А яны і сапраўды шэпчуцца, тыя явар і каліна, толькі не з верша Янкі Купалы, а рэальныя, пасаджаныя ў невялікім прыватным парку паэта Івана Івашкі са стаўпецкага Вязаўца.

Паэт ёсць паэт: на дзялянцы бацькоўскай зямлі, што праз дарогу ад спадчыннай хаты, не хацелася яму карпець над градамі капусты, гуркоў ды памідораў - разгадаваў ён парк. Да састарэлых дзядоўскіх яблынь падсадзіў елку ды ліпы, арэшнік і бярозы, граб і акацыю. Расстараўся і на явар, каб было з кім шаптацца калінцы. Штолета даглядаў і падкошваў. Свой парк так і назваў: "Явар і каліна". Не было ў ім дарожак і лавак - блукай, як у лесе, ад дрэва да дрэва, сядзі пад таполяй або прыхініся да клёна… Думай, разважай сам з сабою, складай вершы.

Два гады таму паэта не стала. А парк застаўся. Засталіся прыхільныя аднавяскоўцы, шматгадовыя сябры, аматары добрага беларускага верша. Яны і сабраліся ў гэтыя Купалава-купальскія дні, каб усталяваць адмысловую шыльду, якая пазначыла б Іванаў парк. Аўтар ідэі і праекту Валер Дранчук, майстар-выканаўца памятнага знака Іван Дзявойна з родзічам Тадэвушам, аднавяскоўцы Алена Гарановіч і Зінаіда Чалых з унучкай, сябры Нясвіжскай арганізацыі ТБМ Ала Шчука з дачкой і Наталля Плакса - усе пагаджаліся на тым, што памяць працягвае жыццё і таго, хто адышоў, і тых, хто застаўся, сучаснікаў.

Асобная частка ўшанавальнай дзеі - успаміны. Тадэвуш Дзявойна прыгадаў першыя публікацыі школьніка-пачаткоўца Івана Івашкі ў раённай газеце, якая тады называлася "Голас селяніна". Літаратурнай узнагародай паэту была пуцёўка ў Артэк. Валер Дранчук адзначыў шматгадовы няўрымслівы імпэт Івана да вандровак па Беларусі: Іван наведаў ці не ўсе літаратурныя гнёзды - месцы нараджэння беларускіх пісьменнікаў. І не толькі класікаў, але і сучасных. Пра свае падарожжы нярэдка распавядаў на сустрэчах з юнымі землякамі ў мясцовай Вішнявецкай школе. Зведаў радасць ад публікацыі трох зборнікаў сваіх вершаў. Усе яны выйшлі ў выдавецтве "Кнігазбор". Ягонае сяброўства ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў доўжылася каля дзесяці гадоў.

Іван Дзявойна, знаўца-захавальнік вязавецкай даўніны, гаспадар сядзібы-музея "Родны кут" кароткімі штрыхамі-згадкамі ўвёў прысутных у той беларускі вясковы свет, што гадаваў паэта. Як капалі калодзежы. Рабілі ветракі. Ткалі кросны.

Знак удзячнай памяці каля хаты паэта, адзначылі ўдзельнікі акцыі, - гэта і своеасаблівы ўнёсак у мясцовы агратурызм і папулярызацыю роднага слова.

Старшыня Нясвіжскай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX