Вярнуцца: 2019

№ 29 (1440)


Дадана: 17-07-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1440), 17 ліпеня 2019 г.

Творчасць Купалы - аснова нацыянальнай свядомасці

14 ліпеня ў касцёле Святой Тройцы ў Радашковічах урачыста адбыўся Купалаў фэст-19. Ён праходзіў пад дэвізам: "Беларусь - маё сэрца, залатая краіна." Арганізатарам яго выступіла мясцовая каталіцкая парафія сумесна з Дзяржаўным музеем Я. Купалы ў Менску, які прадстаўляла спадарыня Марыя Барткова.

Кожны раз удзел у свяце дае выдатную магчымасць пераасэнсаваць творчасць песняра беларускай зямлі, па-новаму перачытаць яго вершы, спасцігнуць веліч яго паэтычнага дару. Погляд на жыццё і творчасць паэта з боку касцёла, у якім ён прымаў сакрамант хросту, дае больш глыбокае разуменне яго паэзіі. Імпрэза, якую ладзіць ксёндз-пробашч Юры Быкаў, высвечвае новыя грані асобы песняра і яго творчасці.

- Зараз у летні час праходзіць шмат фэстаў, - адзначыў падчас цэлебравання святой імшы біскуп Юры Касабуцкі. - Мы прыехалі з розных куткоў, з Гудагая, з Тракеляў, каб яшчэ раз дакрануцца да нашай духоўнай спадчыны, перачытаць вершы Янкі Купалы і перадаць любоў да іх наступным пакаленням.

Творчасць Купалы - гэта спадчына, якая закладае фундамент нашай нацыянальнай свядомасці. Культура і вера - гэта аснова, на якой мы павінны будаваць наша жыццё. Хочацца пажадаць усім нам, каб мы чэрпалі сілы з гэтай крыніцы, чыталі, ведалі і любілі нашых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, - прамовіў біскуп Юры Касабуцкі.

З чытаннем вершаў выступілі святары, парафіяне, вучні Радашковіцкай школы. Прагучалі творы "Хрыстос уваскрос!", "Свайму народу", "Мая навука", "А хто там ідзе?", "Летняя раса" і іншыя. Унучка Якуба Коласа спадарыня Марыя Міцкевіч прачытала яго твор.

- Сёлетні фэст па змесце больш звязаны з краінай. Залатой краіну робяць душы людзей, а не толькі эканоміка, таму мы павінны быць людзьмі моцнай веры і моцнай духоўнасці, - адзначыў ксёндз Юры Быкаў. - Янка Купала паказвае нам шлях, які спалучае з яго творы з Бібліяй.

З лірычнай канцэртнай праграмай выступілі Алесь Камоцкі і Алеся Сівохіна. Мясцовыя гаспадыні прапанавалі смачны салодкі пачастунак. А пасля адбыўся невялічкі спартовы турнір па гульні мёлькю. Усе госці былі вельмі задаволеныя цёплым прыёмам радашкавічан.

Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў прапанаваў сваім сябрам змястоўную вандроўку па ваколіцах Радашковічаў. Бо нямала вядомых імёнаў звязана з гэтым багатым на гістарычныя падзеі куточкам Меншчыны, дзе зліваюцца ў адну плынь рачулкі: Вязынка, Гуйка і Рыбчанка.

У міжваеннай Польшчы населены пункт выконваў ролю памежнага горада і быў трэцім па значэнні пасля Вільні і Менска цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння. Тут у 1921-1928 гадах пры падтрымцы вядомага палітычнага дзеяча і літаратара Аляксандра Уласава працавала беларуская гімназія імя Францішка Скарыны, у якой вучыўся будучы народны паэт Беларусі Максім Танк і некаторы час выкладаў мастак Язэп Драздовіч.

У Радашковічах у 1991-1897 гадах жыў і працаваў памочнікам аптэкара адзін з пачынальнікаў мастацкай прозы - Ядвігін Ш. Тут Антон Іванавіч Лявіцкі стаў сябрам гуртка мясцовай інтэлігенцыі, браў удзел у літаратурных вечарынах. А пазней у мястэчку працаваў пісарам у судовага следчага і Янка Купала.

Сябры ТБМ наведалі дом-музей Янкі Купалы ў Вязынцы, палюбаваліся маляўнічымі краявідамі і працягнулі сваю вандроўку ў Менск.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

У Кітаі адкрылі помнік Янку Купалу

У горадзе Сіань правінцыі Шэньсі (Кітай) 25 чэрвеня ўрачыста адкрылі помнік класіку беларускай літаратуры, паведаміла "Мінск-Навінам" дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Бюст паэта з'явіўся ў мясцовым універсітэце замежных моў.

Бюст з бронзы, а на гранітнай стэле па-беларуску і па-кітайску напісана: "Народны паэт Беларусi Янка Купала", пазначаны даты жыцця.

Бюст Янкі Купалы стварыў мянчук - скульптар Віктар Копач. Член Беларускага саюза мастакоў, ён добра вядомы ў Кітаі: не раз удзельнічаў у пленэрах і сімпозіумах па скульптуры, якія тут праводзіліся. У кітайскіх правінцыях устаноўлены 10 работ В. Копача, у тым ліку кампазіцыя "Раўнавага" ва ўніверсітэце Цінхуа.

zviazda.by.

Беларусь мае патрэбу ў кожнай асобе, якая стаіць на нацыянальных пазіцыях

Да 30-годдзя ТБМ

Мы працягваем апытанне ганаровых сяброў ТБМ у сувязі з 30-годдзем арганізацыі. Доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч падзяліўся сваімі думкамі і заклапочанасцю.

- Я вельмі паважаю ТБМ, быў сябрам Рады арганізацыі да 2003 года. І мне вельмі шкада, што некаторыя высокаадукаваныя людзі не разумеюць вялікай ролі нашай мовы. Будучае беларускай нацыянальнай культуры напрамую залежыць ад беларускамоўнай адукацыі. Па віне верхняга эшалону прэзідэнцкай вертыкалі беларускую мову вывелі з усіх відаў службовага справаводства. Дзяржава нічога не зрабіла па наданні нацыянальнага характару народнай адукацыі, асабліва такім важным яе звёнам, як вышэйшая і сярэдняя спецыяльная школа. Нічога не зроблена па павышэнні сацыяльнай ролі беларускай мовы.

Я застаюся верным "Нашаму слову", газета цікавая зместам, уздымае нацыянальныя патрыятычныя пачуцці. Але мяне ўразіла скарачэнне колькасці падпісчыкаў газеты. Тут праяўляецца пэўны застой у думках і дзеях некаторых нашых сяброў. Я лічу, што варта было б сабрацца актыўным прадстаўнікам нацыянальнай інтэлігенцыі, каб пагаварыць глыбока і шчыра пра ўсе недахопы, якія ёсць у нашай дзейнасці. Аб'явіць SOS, сабрацца і абмеркаваць стан спраў.

Нашым людзям не хапае рызыкі і адвагі, каб ахвяраваць свае сродкі на важныя выдавецкія і іншыя праекты.

Сёння я бачу пагрозу для існавання беларускамоўнай прэсы. "Краязнаўчая газета" апынулася ў праблемнай сітуацыі ў трэцім квартале. З маёй пенсіі і 1/4 стаўкі, на якую я працую ў Інстытуце гісторыі, я асігнаваў 500 рублёў, каб можна было зрабіць выпуск двух нумароў.

Для "Нашага слова" я рэкамендаваў бы друкаваць больш глыбінна-тэарэтычных матэрыялаў, якія б уздымалі праблемы этнічнага выжывання нацыі і прымушалі б чытачоў задумвацца.

Што датычыцца маладых людзей, я хацеў бы пажадаць, каб яны былі актыўнымі носьбітамі беларускай мовы. Мне не хацелася б, каб яны пакідалі краіну цяпер, калі яе эканоміка ў цяжкім занядбаным стане. Радзіму можна пакінуць толькі тады, калі яна ў росквіце. Хто моцна інтэграваны ў родную моўна-культурную стыхію Бацькаўшчыны, застаецца дома і тады, калі знаходжанне ў ім звязана з неверагоднымі цяжкасцямі. Сёння Беларусь мае патрэбу ў кожнай асобе, якая стаіць на нацыянальных пазіцыях.

З апошніх назіранняў мяне ўразіла тое, што адказную функцыю развітання з удзельнікамі ІІ Еўрапейскіх гульняў даверылі Зубру, а не рэальным дзяржаўным асобам. І толькі адзін з прадстаўнікоў кіраўніцтва гаварыў па-беларуску. Яго варта было б зрабіць ганаровым сябрам ТБМ!

Запісала Эла Дзвінская, фота аўтара.

Міністр ЖКГ Аляксандр ЦЕРАХАЎ дэкларуе світанне для беларускай мовы! А ці развіднее?

У мінулым месяцы "Наша слова" ў матэрыяле "Пераклады дакументаў на беларускую мову маюць тую ж юрыдычную сілу, што і дакументы на рускай мове" ("НС" № 25, 19.06.2019) надрукавала пісьмо МІНЖЫЛКАМГАС-а слонімцу Міхасю ВАРАНЦУ. Пра гісторыю з'яўлення пісьма і пра тое, ці сапраўды кожны спажывец жыллёва-камунальных паслуг нашай краіны цяпер мае магчымасць падпісаць тыпавыя дамовы на беларускай мове, распавядае сябар ТБМ, маёр запасу Міхась ВАРАНЕЦ.

26 кастрычніка 2018 года газета "Народная Воля"надрукавала матэрыял пра тое, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага РУУС Менска не паставіў у пашпарт кіраўніка грамадскай дырэкцыі мемарыяла "Курапаты", адказнага сакратара ўправы сойму КХП-БНФ Алеся Чахольскага штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства. Прычына - няма штампа на беларускай мове. Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў штамп зацверджаны толькі на рускай мове. Ад рускамоўнага штампа Чахольскі адмовіўся.

5 лістапада 2018 года Слонімскае гарадское ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі адмовіла мне ў праве падпісаць беларускамоўныя тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Прычына тая ж самая - няма бланкаў на нашай мове. Пастановай Урада бланкі зацверджаны толькі на рускай мове. Шчыра кажучы, ужо аскома ад такога назойлівага сэрвісу. Здаецца, нашы міністры гатовы не толькі ў пашпарт, а і ў пасцель да чалавека залезці з пастановай, каб і там беларусы карысталіся толькі рускай мовай. Абрыдла ўсё гэта, што называецца, "перакармілі", перабор! Па прыкладзе Алеся Чахольскага, я адмовіўся падпісаць рускамоўныя тыпавыя дамовы і пачаў патрабаваць, каб Урад зацвердзіў беларускамоўныя бланкі.

Праз тры месяцы Слонімскае ГУП ЖКГ, па даручэнні Міністэрства ЖКГ, пераклала тыпавыя дамовы на беларускую мову, і 1 сакавіка 2019 года я падпісаў іх з агаворкай, што яны не зацверджаны ўрадам, а ў лісце на адрас Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Румаса назваў гэтыя слонімскія саматужныя дамовы "фількавымі граматамі", падрыхтаванымі ў адным экзэмпляры эксклюзіўна для Міхася Варанца.

Ва ўрадзе не пагадзіліся з такою маёй ацэнкай "нарматыўнай прававой" дзейнасці слонімскіх камунальнікаў і іхніх начальнікаў з Мінжылкамгаса.

Па даручэнні намесніка прэм'ер-міністра, міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў у пісьме ад 10 траўня 2019 года паведаміў мне наступнае:

"Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.01. 2009 № 99 "Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг (далей - пастанова № 99) зацверджаны на рускай мове тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі…

Разам з тым, пераклад дагавора на адну з дзяржаўных моў не можа разглядацца як змяненне істотных умоў дагавора, змешчаных у зацверджанай тыпавой форме. Такое ж меркаванне таксама было выказана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь…

У сувязі з гэтым, перакладзеныя Слонімскім гарадскім унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, якія аказваюцца гэтым прадпрыемствам, без змянення істотных умоў гэтых дагавораў, маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджаныя на рускай мове пастановай № 99".

Цікавая навіна! З пісьма Церахава лагічна вынікае, што мясцовыя дзяржаўныя органы смела могуць саматужна перакладаць на беларускую мову нарматыўныя прававыя акты, зацверджаныя ўрадам і міністэрствамі! Карыстаючыся магчымасцю, праз газету "Наша слова" перадаю гэтую радасную вестку шаноўнаму Алесю Чахольскаму:

- Спадар Алесь, пэўна, у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага РУУС Менска ўжо ведаюць такую пазіцыю нашага ўрада (і "такое ж меркаванне" Міністэрства юстыцыі) і борздзенька пераклалі тыпавы штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства на беларускую мову! А калі яшчэ не пераклалі, то хай шыбуюць у Слонім, да мясцовых спецыялістаў. Так больш надзейна! Штамп, перакладзены ў Слоніме, дакладна будзе мець такую ж юрыдычную моц, як і рускамоўны арыгінал… .

Без аніякай іроніі адзначаю, што пісьмо А. Церахава сапраўды і цікавае і аптымістычнае, бо раней было па-іншаму:

- яшчэ зусім нядаўна (5 лістапада 2018 года) слонімскія камунальнікі на поўным сур'ёзе сказалі мне, што могуць падаць на мяне ў суд за адмову падпісаць рускамоўную тыпавую дамову, праўда, агаварыліся, што, хутчэй за ўсё не будуць рабіць гэтага, маўляў, вы, Міхась Адамавіч, і без дамовы добрасумленны плацельшчык.

- і заўжды было па-іншаму. Неяк гамяльчанін Сяргей Сямёнаў на беларуска-ўкраінскай мяжы адмовіўся запоўніць рускамоўную дэкларацыю. Нават не зусім адмовіўся. Гэты Сямёнаў пагаджаўся запоўніць рускамоўную дэкларацыю праз перакладчыка. Але, замест дэкларацыі на роднай мове ці перакладчыка, атрымаў позву ў суд і штраф у памеры 30 базавых велічыняў.

І вось цяпер замест суда і штрафу - беларускамоўны штамп табе ў пашпарт і беларускамоўную дамову ў рукі, здранцвелыя ад такога раптоўнага шчасця!

Хочацца верыць міністру Церахаву, што пытанне з беларускамоўнымі бланкамі тыпавых дамоваў вырашаецца так проста і лёгка! Але! Ёсць пытанні, адказаў на якія ў пісьме няма.

Ажно 27 студзеня 2009 года ўрад Сяргея Сідорскага пастановай № 99 зацвердзіў на рускай мове тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі! Але ў пісьме Церахава не сказана, чаму ўрад і па сягоння не зацвердзіў беларускамоўныя бланкі тыпавых дамоваў, хоць, відавочна, гэта прасцей і лягчэй, чым даваць "філалагічныя" даручэнні мясцовым прадпрыемствам ЖКГ. Хай, урад не зацвердзіў! А чаму само міністэрства тады ж, у 2009 годзе, не пераклала тыпавыя дамовы на беларускую мову і не даслала іх кожнаму прадпрыемству ЖКГ Беларусі з растлумачэннем, што гэтыя дамовы "маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, зацверджаныя на рускай мове пастановай № 99"? Чаму толькі ў лютым 2019 года, праз 10 год і 1 месяц пасля зацвярджэння ўрадам бланкаў тыпавых дамоваў, слонімскі дырэктар ЖКГ Алег Конан даведаўся, што мае права і мусіць саматужна перакладаць на беларускую мову гэтыя дамовы і забяспечваць імі сваіх кліентаў, спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг?

Сваё пісьмо міністр ЖКГ скончыў фразай: "Мінжылкамгасам падрыхтаваны змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг", якімі прадугледжана магчымасць спажыўцом самастойна выбраць, на якой мове заключаць дагавор".

Добра! Названыя змяненні мо і зробяцца нормай закона… некалі, потым… .

Галоўнае, калі верыць папярэднім фразам з пісьма А. Церахава, ужо цяпер кожны спажывец жыллёва-камунальных паслуг нашай краіны мае магчымасць выбраць, якія тыпавыя дамовы яму падпісваць - альбо на рускай мове, зацверджаныя пастановай № 99, альбо на беларускай, у перакладзе мясцовага прадпрыемства ЖКГ!

На жаль, А. Церахаў не раскрыў механізм рэалізацыі вышэйназванага выбару. Мо спажыўцу Брагінскага раёна (там я нарадзіўся і вырас), які хоча падпісаць тыпавыя дамовы на беларускай мове, давядзецца паўтарыць мой шлях - напісаць кіраўніку дзяржавы, каб ён прапанаваў Канстытуцыйнаму Суду даць заключэнне аб адпаведнасці Канстытуцыі пастановы № 99, потым месяцамі перапісвацца з урадам, каб урэшце Мінжылкамгас дало даручэнне брагінскаму прадпрыемству ЖКГ саматужна перакласці гэтыя дамовы на беларускую мову?

Зазначу, у 2017-ым годзе жыхар Баранавічаў Сяргей Гоўша таксама дабіўся падпісання саматужных беларускамоўных дамоваў на беларускай мове. Але і па сягоння ў Баранавічах, як і ў Слоніме і ва ўсёй Беларусі, прадпрыемства ЖКГ не сустракае спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг пытаннем: "Вам бланк якой дамовы? Тыпавой па-руску ці саматужнай па-беларуску?".

Аднак жа, рэагуючы на звароты, урад Беларусі пісьмом А. Церахава нібыта дэкларуе надыход світання. А ці развіднее?

Я, Міхась Варанец, упэўнены - развіднее! Развіднее, дзякуючы намаганням кожнага з нас. Хтосьці, хто мае час і дастатковыя юрыдычныя веды, пісьмова запатрабуе ад урада ці міністэрства адмяніць пастанову, якая дыскрэдытуе беларускую мову, хтосьці ў якасьці аргументу спашлецца на пісьмо Церахава, хтосьці проста не дазволіць паставіць у свой пашпарт рускамоўны штамп альбо адмовіцца падпісаць рускамоўную дамову.

Разам нас багата! Разам мы прымусім і ўрад, і міністэрствы забяспечыць нам магчымасць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права карыстацца роднай мовай!

Міхась ВАРАНЕЦ.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІV

Адоньеў (Анатоль) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Адоній і значэннем 'нашчадак названай асобы': Адонійеў - Адоньеў. Адымёнавае прозвішча: ад Адон, Адоніс (< ст-яўр. 'пан, уладар'). Або ад апелятыва адонье (рэг.) ( адонак 'падсціл з галля, жэрдак, на які кладуць стог; стажар'е'), які стаў мянушкай чалавека, а потым прозвішчам. ФП: дно ('грунтавая паверхня пад вадой', 'ніжняя частка паглыблення, катлавана, рова і пад.', 'ніз пасудзіны, скрынкі, карабля') - Адонье (прозвішча) - Адоньеў.

Аксяновіч (Аляксандр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Аксён і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аксёновіч - Аксяновіч. Адымёнавае прозвішча: Аксён, Аўксенцій - грэч. 'той, хто ўзрастае'. Зафіксавана Аксён (1647).

Алісевіч (Іна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Аліса і значэннем 'нашчадак названай асобы': Алісевіч - Алісевіч. Адымёнавае прозвішча: Аліцыя, Аліса - грэч. 'ісціна'.

Аніковіч (Наталля) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Анік і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Аніковіч. Адымёнавае прозвішча: ад Анікей - яўр. 'Божая перамога'. Зафіксаваны Онико (1593).

Анісенка (Валерый) - вывор з суфіксам -енка ад антрапоніма Анісь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анісенка - Анісенка. Адымёнавае прозвішча: ад Анісій - грэч. 'карысць'.

Армонік (Сяргей) - другасная форма ад Гармонік - семантычны вытвор ад апелятыва гармонік 'музычны інструмент, які складаецца з дзвюх дэк з клавіятурай, злучаных паміж сабой расцяжнымі мяхамі'; рэгіянальны варыянт з адпадзеннем пачатковага г, справакаванага формамі гэта - эта; параўн. арабей - рэг. гарабей 'верабей'.

Асадчы (Пятро) - семантычны вытвор ад апелятыва асадчы < укр. осадчий 'асаднік, першапасяленец, заснавальнік паселішча' (Грынч.).

Асіпцова (Яніна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ова ад антрапоніма Асіпец і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Асіпецова - Асіпцова. Адымёнавае прозвішча: ад Іосіф, Восіп < яўр. 'памножаны, няхай Бог памножыць'; зафіксавана Иосиф (1465), Осип (1699) - празванне, потым прозвішча - Осіпец ('нашчадак Осіпа'), суфікс -ец) - Асіпец (фанетычны варыянт) - Асіпцова.

Аспадар (Леанід) - другасная форма ад Гаспадар - семантычны вытвор ад апелятыва гаспадар 'уласнік, уладальнік каго-, чаго-н.'; 'той, хто вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі'; 'галава дома, сям'і'; рэгіянальная форма з адпадзеннем пачатковага г; параўн. Армонік - Гармонік (гл. вышэй).

Астрамовіч (Аляксандр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Астрам і значэннем 'нашчадак названай асобы': Астрамавіч - Астрамовіч. Адымёнавае прозвішча: ад Астрамір (< слав. 'востры; нетрывалы мір'); Астрам (скарочаны варыянт, празванне, пазней прозвішча) - Астрамовіч.

Бабачонак (Ірына) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -онак (-ёнак) ад антрапоніма Бабок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бабакёнак - Бабач(к/ч)онак - Бабачонак. Утваральнае слова ад апелятыва бабок 'тое, што і бабоўнік - балотная травяністая расліна з сакавітым лісцем, якая ідзе на корм жывёле'; зб. 'сцябло бобу'.

Багдусевіч (Ганна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Багдус і значэннем 'нашчадак названай асобы': Багдусевіч. Адымёнавае прозвішча: ад Багдан (< слав. 'Богам дадзены' < пераклад грэч. Феадосій). Зафіксавана Богдан (1528), Богдзя, Богдус.

Бако (Кацярына) - другасная форма (з фінальным о) ад Бака руск. 'страказа' (Мельн.), 'гаварун' (Даль); 'пустаслоў' (Нас.).

Бакулеў (Аляксандр) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Бакула і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бакулеў. ФП: руск. бакулить ('гаварыць' (Даль), 'пустасловіць' (Мельн.)) - бакула 'гаварун' - Бакула (мянушка, пазней прозвішча) - Бакулеў.

Барадоўская (Сафія) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Барадоўка і значэннем 'нараджэнка (жыхарка) названай мясціны, паселішча': Барадоўкская - Барадоўская. Або шляхетная форма ад прозвішча Бародаўка - семантычнага вытвора ад апелятыва бародаўка 'невялікая цвёрдая нарасць на скуры чалавека, на кары дрэў і інш.'

Барай (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва барай < руск. борай 'кучаравы чалавек' (СРНГ, 3).

Баронін (Яўгеній) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Барон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баронін. Утваральнае слова ад апелятыва барон 'дваранскі тытул, ніжэйшы за графскі, а таксама асоба, якая мае такі тытул'. Або ад апелятыва барана 'сельскагаспадарчая землеапрацоўчая прылада для рыхлення глебы'.

Барычэўская (Яніна) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Барычэва і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясцовасці': Барычэвская - Барычэўская.

Барэль (Васіль) - семантычны дэрыват ад апелятыва барэль (рэг.) 'той (тая), хто борацца (карова, бык, баран)'; утварэнне з суфіксам -эль ад бароцца 'бадацца'. Параўн. круцель 'ашуканец', раўгель 'плакса' ("Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 38).

Басалыга (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва басалыга (руск.) 'франт, фарсун' (Даль), 'свавольнік, гарэза' (Мельн.).

Баскін (Яўген) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Басок(Баско) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баскін - Баскін. Утваральнае слова ад апелятыва басок - памянш. -ласк. ад бас 'самы нізкі мужчынскі голас і спявак з такім голасам'.

Бахонка (Паліна) - акцэнтаваны семантычны вытвор ад апелятыва баханка 'адна штука печанага хлеба, бохан (невялікі)'.

Бекарэвіч (Зміцер) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Бекар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бекарэвіч. Утваральнае слова ад апелятыва бекар < ст.-рус. бекаръ 'мера вагі ці аб'ёму' (Ср.), узб. бекар 'які не мае работы, бяздзейны' (УРС).

Брузга (Максім) - семантычны вытвор ад апелятыва брузга (рэг.) 'бурклівы чалавек', руск. 'тое самае' (СРНГ, 3).

Бруханава (Галіна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Брухан і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Бруханава. ФП: руск. брюхан (праст.) 'пузан, пузач' - Брюхан (мянушка, потым прозвішча - Брюханова - Бруханава.

Брынза (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва брынза 'сыр з авечага малака' (< рум. brinze).

Брыш (Арнольд) - другасная форма (вымаўленчая) ад першаснай Брыж (рэг.) - семантычны вытвор ад брыж 'востры край' (Нас.), брыжы 'вузкая, сабраная ў зборачкі палоска тканіны, якой аздабляюць адзенне і інш.' (ТСБЛМ - 2016, с. 120).

Будай (Ігнат) - імя Будай (- слав. 'які рана ўстае і ўсіх будзіць') набыло ролю прозвішча. Або семантычны дэрыват ад апелятыва будай - утварэння з суфіксам -ай ад будаваць (будай) з семантыкай 'будаўнік'; параўн. ваджай 'канавод'. ФП: будаваць - будай - Будай. Або як варыянт ад слова буда 'шалаш, будан'.

Бурко (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва бурко - руск. 'конь бурай масці' (Мельн., СРНГ, 3). Параўн. сіўко 'конь сівай масці'.

Бутараў (Кірыл) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Бутар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бутараў - Бутараў. Утваральнае слова ад апелятыва бутар 'трызненне', 'крык, шум, гам' (Даль).

Бутрамееў (Уладзімір) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Бутрамей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бутрамейеў - Бутрамееў. Адымёнавае прозвішча: ад Барталамей, Варфаламей < яўр. 'сын Фаламея', 'сын радасці'. Зафіксавана Бартоламей (1585), Бутрим (1528), Бутрамей, Бутрамееў.

Бычэнка (Аляксей) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Бык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Быкенка - Быч (к/ч)энка. ФП: бык ('самец буйной рагатай жывёлы, дзікай і свойскай': 'прамежкавая апора моста') - Бык (празванне, потым прозвішча) - Бычэнка.

Вага (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва вага 'цяжар каго-н., чаго-н., які вызначаецца ўзважваннем', 'тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў'.

Валяшка (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва валяшка (руск.) 'гультай, лежабока' (Даль).

Варакса (Анатоль) - семантычны вытвор ад апелятыва варакса (руск.) 'пэцкаль, халтуршчык' (Фасм.).

Варапаеў (Андрэй) - вытвор з прыналежныі суфіксам -еў(-эў) ад антрапоніма Варапай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Варапайэў. Утваральнае слова ад апелятыва варапай (рэг.) 'сляпы чалавек' (Нас.).

Вараціла (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва вараціла (разм.) 'чалавек, які варочае вялікімі справамі','дзялок' (ТСБЛМ, 2016, с. 135).

Вархол (Казімір) - семантычны вытвор ад апелятыва вархол < польск. warchol 'сварка, калатня, неспакой'; 'бунтаўшчык, сварлівы чалавек' (Карл.).

Вата (Ірэна) - пераход імя Вата (< грэч. 'купіна') у прозвішча. Або ад апелятыва вата 'валакністы матэрыял з бавоўны, шэрсці або сінтэтычны для медыцынскіх і бытавых мэт'.

Ватуцін (Мікалай) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Ватута і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ватутін - Ватуцін. ФП: Вата (імя < грэч. 'купіна') - Ватута (вытвор з суфіксам -ута (экспрэс.) ад Вата і значэннем 'сын Ваты') - Ватуцін.

Вашчыла (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва вашчыла - утварэння з суфіксам - л-а ад вашчыць 'пакрываць воскам'; 'вашчыльнік'. ФП: воск ('мяккае пластычнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы для будовы сотаў') - вашчыць ('націраць або насычаць воскам; васкаваць') - вашчыла ('той, хто васкуе, вашчыць') - Вашчыла (празванне, пазней прозвішча).

Вевер (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва вевер < польск. wiewiоr 'вавёрка' (Карл.).

Векшын (Уладзімір) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Векша і значэннем 'нашчадак названай асобы': Векшын. Утваральнае слова ад апелятыва векша (рэг.) 'белка, вавёрка', руск. 'сарока', 'блок' (Даль).

Велігаеў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам - еў ад антрапоніма Велігай і значэннем 'нашадак названай асобы': Велігайеў - Велігаеў. Утваральнае слова ад апелятыва велігай 'велікан' (Бір.). Або, магчыма, ад складання вялікі гай > велігай 'малады вялікі лес' (рэг.).

Велігура (Сцяпан) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) велігура, велегура, велегур 'велікан, вялікі чалавек' (Нас.), вілігур 'самаўпэўнены чалавек' (Бяльк.). Або скарот ад вялікая гура 'вялікая гурба (снегу і пад.)' (рэг.).

Велічава (Алена) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Веліч і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Велічава. Утваральнае слова ад апелятыва веліч 'што-н. надзвычай вялікіх памераў, гмах'; 'грандыёзнасць, незвычайная сіла праяўлення чаго-н., што выклікае вялікую павагу'.

Віргей (Станіслаў) - семантычны вытвор ад апелятыва віргей 'той, хто віргаецца 'брыкаецца' (пра коней)' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" Сцяцко П., с. 24).

Вірла (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва вірла 'тое, што і вірлач (абразл.) - 'вірлавокі' (з вялікімі выпучанымі вачыма) (СНМЗ, с. 24-25).

Вронская (Анжаліка) - вытвор з суфіксам -ская ад антрапоніма Врона і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Вронская. Або ад тапоніма Вроны і значэннем 'нараджэнка ці жыхарка названай мясцовасці': Вронская. Утваральнае слова ад апелятыва врона < польск. wrona 'варона'.

Вуейк (Генадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва вуейк (рэг.) - утварэння ад вуейкаць 'здзіўляцца, прыгаворваючы: "Ву-ей-вуей!" (СНМЗ, с. 25).

Вярэніч (Васіль) - дэрыват з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Вярэня і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вярэніч. ФП: Вера (імя < грэч. pistis 'вера') - Вярэня (вытвор з акцэнтаваным суфіксам -эня(-еня) ад антрапоніма Вера і значэннем 'нашчадак названай асобы': Верэня - Вярэня (параўн. Адаменя < Адам) - Вярэніч. Або: вярэня (вярэнька) ('сплецены з бяросты кошык з накрыўкай') - Вярэня (мянушка, а затым прозвішча) - Вярэніч. Або: вера ('упэўненасць у кім-, чым-н.'; перакананне ў існаванні звышна-туральных сіл') - Вера (мянушка, потым прозвішча) - Вярэня ('нашчадак Веры') - Вярэніч.

(Працяг у наступным нумары.)

Пленэр, прысвечаны 215-годдзю Рафала Ратшы Слізня

29 чэрвеня Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы і Дзіцячая мастацкая школа сумесна з Вольнаўскім сельсаветам правялі выязны пленэр, прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння беларускага мастацтвазнаўца, скульптара, жывапісца і майстра барэльефаў Рафала Ратшы Слізня (27/06/1804).

Мастачка і выкладчыца Анжаліка Вакуліч са сваімі навучэнцамі ўжо не ўпершыню прымае ўдзел у мастацкіх пленэрах рознага ўзроўню:

- З задавальненнем адправіліся ў творчую вандроўку на радзіму вядомага ў XIX стагоддзі земляка. У ліку беларусаў нямала тых, хто вызначыўся выдатнымі здольнасцямі і ўражлівымі дасягненнямі, якія ўвайшлі ў гісторыю дзякуючы сваім справам і ўчынкам. Нядаўна мы пабывалі на пленэры ў Польшчы і Літве, прытрымліваючыся слядоў годных прадстаўнікоў нашай нацыі: Кастуся Каліноўскага, Адама Міцкевіча, Францішка Скарыны, Максіма Гарэцкага, Станіслава Манюшкі, Уладзіслава Сыракомлі, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Вацлава Ластоўскага, кс. Адама Станкевіча, мастака Язэпа Драздовіча ды іншых беларускіх дзеячоў. Рабілі замалёўкі месцаў, прасякнутых духам гісторыі. Працавалі таксама на радзіме паэта А. Міцкевіча ў Завоссі. Цяпер вось адправіліся ў родныя мясціны Рафала Слізеня. Гэта быў не толькі вельмі таленавіты скульптар, але і надзвычай таленавіты архітэктар, які будаваў у правінцыі невялікія сядзібы і іншыя будынкі, займаўся планаваннем сядзібных паркаў. Рафал Слізень быў папулярнай і прывабнай асобай, з пачуццём гумару, празарлівы і дапытлівы…

Такія паездкі насычаюць ведамі і ўражаннямі.

Вучні зрабілі выдатныя скетчы Свята-Траецкай царквы у Вольна, з цікавасцю вывучаючы асаблівасці архітэктуры "віленскага" барока, малявалі на беразе пакручастай ракі Змейкі.

У пленэры таксама ўдзельнічалі баранавіцкі мастак Юры Лешык і літаратуразнавец ды журналіст Аляксей Белы.

- Мне было вельмі прыемна паўдзельнічаць у пленэры, - распавядае Юры Лешык. - У мяне засталіся вельмі добрыя ўражанні. Мы, беларусы, жывём на такой зямлі, якая мае мноства гістарычных мясцін, мноства архітэктурных помнікаў, звязаных са значнымі гістарычнымі асобамі. Але шкада, што мы жывём і не ведаем пра гэта.

Крыўдна, што большасць гістарычных помнікаў знаходзіцца ў разбураным і занядбаным стане. Нажаль, у дзяржавы няма грошай, каб аднавіць, захаваць ці падтрымаць у належным стане, тое, што мы маем.

Хочацца, каб ў нашых жыхароў было больш інфармацыі пра свой край, каб ездзілі не толькі ў іншыя землі, у Турцыю ці да Парыжа, а каб ганарыліся сваімі цікавымі мясцінамі і велічнымі асобамі роднай зямлі. Да гэтага павінен быць нейкі штуршок.

Я лічу, што трэба праз творчасць ісці да людзей, арганізоўваць выставы, пленэры, канцэрты, іншыя мерапрыемствы, звязаныя з мастацтвам.

І я з задавальненнем яшчэ паўдзельнічаю ў мерапрыемствах такога кшталту, калі яны будуць арганізоўвацца.

Удзельнікі пленэру наведалі вёску Бартнікі, дзе нарадзіўся Рафал Слізень. Там захаваўся панскі дом роду Слізняў. У гэтым доме ў 1841 годзе пасля вяртання са ссылкі з Уфы жыў Ян Чачот, сябар Адама Міцкевіча і пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры. Сюды ж прыязджаў пагасціць і Ігнат Дамейка, калі ў жніўні 1884 года прыехаў у Беларусь з Чылі. Там яго сустракаў Отта Слізень, родны брат Рафала.

Сам пленэр праходзіў у в. Вольна, дзе Рафал Слізень атрымаў пачатковую адукацыю ў базыльянскай школе, а затым пасля вяртання з Пецярбурга ў 1830 годзе і працаваў.

Айцец Мікалай распавёў удзельнікам пленэру пра царкву Святой Тройцы, першапачаткова пабудаваную ў 1768 годзе, якая на той момант была ўніяцкай. Царква мае нетрадыцайную для храмаў ляпніну з ваеннай тэматыкай і з'яўляецца гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасццю вёскі Вольна.

Вольнаўскі сельсавет падрыхтаваў пачастунак для ўдзельнікаў пленэру. А бібліятэкар Таццяна Аляксандраўна Яроцкая расказала пра старадаўнія беларускія лялькі ручнога вырабу, якія сама і стварае.

Мы выказваем падзяку Ібрагімавай Наталлі Пятроўне, старшыні Вольнаўскага сельсавета, за падтрымку ідэі пленэру і дапамогу ў яе рэалізацыі.

Таццяна Кісель, Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

З прачытанага ў чэрвені

З цікавасцю прачытаў раман "Пазл" славутага літаратара В. Гапеева.

Пачытаць гэтага аўтара яшчэ некалькі год таму раіла сп. Раіса Баравікова...

Валер Гапееў нарадзіўся ў 1963 годзе на Рагачоўшчыне. Аўтар шэрагу кніг для падлеткаў, раманаў "Праклён", "Ноч цмока". Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Калесніка, прэміі часопіса "Дзеяслоў", "Залаты апостраф", прэміі Цёткі. Раманы Валера Гапеева - мікс дэтэктыва і эротыкі, містыкі і ідэі нацыянальнага адраджэння, рамантычных мрояў і жорсткага рэалізму.

Рэдактар кнігі - Андрэй Федарэнка. Дызайн вокладкі зрабіў сп. Адам Глобус. Наклад рамана 500 асобнікаў. Раю чытачам газеты "Наша слова" прачытаць гэты цікавы твор.

У чэрвені таксама прачытаў дзённікі сп. Віктара Шніпа "Пугачоўскі цырульнік", якія ахопліваюць перыяд з 27 снежня 2012 года - 27 снежня 2012 года. Кнігу аўтар падараваў і падпісаў 21 лістапада 2018 года падчас сустрэчы з ім у офісе ТБМ. Наклад кнігі 2000 асобнікаў. Шкадую што не прачытаў літаратурна - мастацкае выданне адразу пры набыцці ў лістападзе 2018 года. Кніга яшчэ ёсць у продажы.

А вось дзякуючы бук-кросінгу да мяне трапіла кніга пра Сяргея Палуяна "След вечна жывы: Творы. Успаміны, Прысвячэнні. Даследаванні." Аснову выдання складае творчая спадчына самабытнага публіцыста, крытыка, празаіка і паэта Сяргея Палуяна (1891-1910), рупліва адшуканая даследчыкамі ва ўкраінскай і беларускай перыёдыцы. У кнізе ўпершыню найбольш поўна прадстаўлены ўспаміны пра пісьменніка, яго родных і знаёмых, мастацкія творы, прысвечаныя яму, матэрыялы пра радаслоўе Палуянаў.

Укладальнікі кнігі Таццяна Кабржыцкая і Вячаслаў Рагойша ставяць Сяргея Палуяна поруч з Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Вацлавам Ластоўскім. Рашуча і доказна ўпісваюць яго асобу у панараму гісторыка - філасофскіх, эстэтыка культурных характарыстык Адраджэння пачатку XX стагоддзя.

Кніга мае наклад 250 асобнікаў і з'явілася ў выдавецтве "Кнігазбор". Адказны за выпуск Генадзь Вінярскі. Пры афармленні вокладкі выкарыстана рэпрадукцыя карціны Міхася Будавея "Сяргей Палуян"...

Кніга зацікавіць як моладзь, так і старэйшыя пакаленні чытачоў.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Вобраз Манюшкі дапоўнілі жывапісцы і скульптары

У краіне працягваюцца культурныя мерапрыемствы да юбілею родапачынальніка беларускай і польскай опер Станіслава Манюшкі.

У мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва па вул. Рэвалюцыйнай, 10 у Менску адбылася выстава твораў жывапісу, графікі і скульптуры, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння слыннага кампазітара .

Уражваюць велічныя алейныя партрэты кампазітара, выкананыя Святланай Урублеўскай і Віктарам Варанкевічам, графічны партрэт класіка, створаны Алесем Марай, трыпціх Рыгора Таболіча.

Разнастайнаць экспазіцыі дадаюць акварэльныя выявы сядзібы сям'і кампазітара ў Убелі пэндзля Міколы Купавы, графічная выява касцёла святой Ганны ў Вільні, створаная Рыгорам Сітніцам, інсталяцыя Аляксея Фралова "Смілавічы. Камяні, якія гучаць". Свае працы прадставілі Марта Шматава і Валянціна Шоба, Кацярына Сумарава і іншыя.

Нечаканай і прыемнай стала сустрэча на выставе з вядомым скульптарам Львом Мікалаевічам Гумілеўскім, лаўрэатам дзяржаўнай прэміі БССР, аўтарам бронзавага бюста Станіслава Манюшкі.

Леў Мікалаевіч - аўтар шматлікіх помнікаў дзеячам культуры Беларусі. Некалькі гадоў таму Леў Гумілеўскі і яго сын Сяргей выйгралі конкурс на права стварэння помніка Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Верхнім горадзе, і ён быў адкрыты ў 2016 годзе. Помнік сёння карыстаецца вялікай пашанай мянчукоў.

- Помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу быў пастаўлены побач з ратушай, - распавёў Леў Гумілеўскі. - Ён жыў з сям'ёй непадалёку ад плошчы Свабоды, а ў будынку ратушы знаходзілася музычная школа, якую ён наведваў.

Я ўжо шмат гадоў працую над вобразамі нашых вядомых літаратараў, класікаў. У 1972 годзе па нашым сумесным з Анатолем Анікейчыкам праекце быў створаны помнік Янку Купалу ў скверы ля яго дома-музея. Працаваў я над вобразам Кірылы Тураўскага, які паўстаў у Гомелі.

Шмат маіх скульптур упрыгожваюць Нясвіж - выявы Юрыя Нясвіжскага, Мікалая Радзівіла Сіроткі, Яна Марыі Бернардоні і іншых. Справа ў тым, што пасля вайны мне з бацькамі давялося жыць у замку ў Нясвіжы. Міхась Канстанцінавіч Сеўрук, у якога я займаўся ў студыі, далучыў мяне да мастацтва на ўсё жыццё!

Па маёй задуме і з дапамогай майго сына Сяргея Францішак Багушэвіч паўстаў у Смаргоні, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - у Бабруйску, Вацлаў Ластоўскі - у Глыбокім, кампазіцыя "Балет" з'явілася паблізу Вялікага опернага тэатра ў Менску. Для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі я выканаў трыпціх "Сказанне пра Нясвіж". Зараз працую над вобразам Ларысы Геніюш.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Статс-сакратар МУС Германіі выказаўся пра Беларусь

Навіны Германіі

Пра неабходнасць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі заявіў парламенцкі статс-сакратар міністра ўнутраных спраў, будаўніцтва і радзімы Штэфан Майер у Менску на сустрэчы з намеснікам міністра спорту і турызму Аляксандрам Баравулем.

Перамовы адбыліся 29 чэрвеня, за дзень да завяршэння ў беларускай сталіцы II Еўрапейскіх гульняў, аднак пра іх стала вядома пасля заканчэння спаборніцтваў з выніковай справаздачы Нямецкага алімпійскага спартовага саюза (НАСС).

"Такія спартовыя спаборніцтвы, як Еўрапейскія гульні, з'яўляюцца важным спосабам прадставіць краіну ў садружнасці еўрапейскіх краін, у сусветнай супольнасці. Спартовыя падзеі ўмацоўваюць паразуменне паміж народамі", - цытуе НАСС Штэфана Майера. Ён падзякаваў беларускаму боку за "пышную арганізацыю" Еўрапейскіх гульняў, "годную буйнай спартовай падзеі".

У той жа час службовец "не хаваў, што ў Беларусі ўсё яшчэ неабходны паляпшэнні ў сферы вяршэнства права, выкананні правоў чалавека, асабліва меншасцяў, а таксама свабоды выказванняў і сходаў". Майер адзначыў, што Беларусь - адзіная краіна кантынента, якая не ўваходзіць ў Раду Еўропы, і выказаў надзею, што ў хуткай будучыні яна стане чальцом гэтай арганізацыі, "для чаго неабходна адмяніць смяротнае пакаранне". Прывядзенне ў выкананне напярэдадні Еўрапейскіх гульняў чарговага смяротнага прысуду прадстаўнік Германіі назваў "вельмі няўдалым сігналам".

Па словах Майера, Беларусь знаходзіцца ў працэсе трансфармацыі, змяняецца не толькі грамадства, але і палітыка. "Толькі дыялог збліжае людзей і ўрады. Адсутнасць дыялогу - найгоршая альтэрнатыва", - падкрэсліў статс-сакратар.

Гутарку з беларускім службоўцам Майер назваў "вельмі грунтоўнай, канструктыўнай і добрай".

У Міністэрстве спорту і турызму БЕЛАПАН пацвердзілі факт сустрэчы Баравулі і Майера. "Нямецкі бок хваліў арганізацыю гульняў, Менск і Беларусь. Майер назваў беларусаў спартовай нацыяй, заявіў, што дэлегацыя ўсім задаволена, казаў пра значнасць спорту ў жыцці грамадства, у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пра чысціню спорту, барацьбе з допінгам. Германія лічыць Беларусь у гэтым пытанні сваім надзейным саюзнікам", - паведаміў БЕЛА-ПАН прэс-сакратар Мінспорту Уладзімір Несцяровіч.

Штэфан Майер знаходзіўся ў Менску з 28 чэрвеня па 1 ліпеня. Ён наведаў размяшчэнне нямецкай дэлегацыі ў вёсцы для спартоўцаў і цырымонію закрыцця гульняў.

На адкрыцці спаборніцтваў 21 чэрвеня прысутнічаў намеснік старшыні камітэта па спорце бундэстага Дытар Штыр. Ён таксама сустрэўся з прадстаўнікамі Мінспорту, а разам з нямецкай спартовай дэлегацыяй наведаў мемарыяльны комплекс "Хатынь".

26 чэрвеня камітэт па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе бундэстага прыняў заяву, у якой раскрытыкаваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Правядзенне ў Менску Еўрапейскіх гульняў парламентарыі назвалі нагодай "акцэнтаваць увагу на вельмі крытычным становішчы з правамі чалавека і ўжыванні смяротнага пакарання ў Беларусі", а таксама "настойваць на адчувальным і хуткім паляпшэнні" ў гэтай сферы.

Камітэт нагадаў, што прапановы БДІПЧ АБСЕ пра змену выбарчага заканадаўства, уключаючы празрысты падлік галасоў і ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій, не былі рэалізаваны беларускімі ўладамі.

Урад Германіі, Рада Еўропы і Еўрапарламент "рэгулярна нагадваюць пра неабходнасць выканання правоў чалавека - але дагэтуль без дастатковага поспеху".

"Тым не менш высілкі павінны працягвацца, напрыклад, у рамках дыялогу пра правы чалавека паміж ЕС і Беларуссю <…> і ў рамках паездкі прадстаўніка федэральнага ўрада на Еўрапейскія гульні ў Менск", - адзначалася ў заяве.

Дэпутаты раскрытыкавалі абмежаванне свабоды СМІ, сходаў і аб'яднанняў у Беларусі. Апазіцыі "ўвесь час ствараюць перашкоды ў яе палітычнай працы". Дзяржаўныя рэпрэсіі накіраваны на "праваабаронцаў, апазіцыйных палітыкаў, журналістаў і блогераў, адвакатаў і прафсаюзных дзеячаў". Дзейнасць незалежных няўрадавых арганізацый "па-ранейшаму моцна абмежавана".

Як раней паведамляў БЕЛАПАН, шэф нямецкай дэлегацыі на Еўрапейскіх гульнях віца-прэзідэнт НАСС Ушы Шмітц падчас знаходжання ў Менску сустрэлася са старшынём Беларускага Хельсінкскага камітэта Алегам Гулаком, які распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Навіны Германіі.

ЛІСТЫ ДА ГАРБАЧОВА

З гісторыі суполкі "НА ПАДДАШКУ"

Зміцер Санько

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Прамінула два тыдні. Выступленне новага кіраўніка Кампартыі Беларусі Я. Я. Сакалова на пленуме ЦК КПБ 25 сакавіка 1987 года было фактычна адказам аўтарам "Ліста 28-мі". У сваім дакладзе ён заявіў, што ніякіх падстаў для сцверджання "аб няправільных адносінах да культурна-моўнай спадчыны беларускага народа", якое паспяшаўся зрабіць сёй-той з творчых і навуковых работнікаў, няма. "Некаторае звужэнне прымянення беларускай мовы", якое намецілася, паводле ягоных слоў, у апошнія гады, сталася вынікам "свабоднага волевыяўлення працоўных рэспублікі"10.

А каб гэтая цынічная прапагандысцкая заява прагучала больш пераканаўча, Яфрэм Сакалоў падмацаваў яе фальшывымі звесткамі, нібыта 80 % жыхароў БССР назвалі расейскую мову сваёй роднай або другой роднай мовай, спаслаўшыся пры гэтым на дадзеныя Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1979 года 11.

"Ліст 134-х"

Тупая ўпартасць камуністычнай улады, яе няздольнасць пайсці хоць на якія саступкі выклікалі гнеў і абурэнне ўсіх неабыякавых да нацыянальных каштоўнасцяў людзей. Вынікам было напісанне на той самы адрас яшчэ аднаго ліста. Цяпер акцэнт зрабілі на тым, каб выйсці з ім у шырокія колы грамадства, не абмяжоўваючыся асяроддзем гуманітарнай навукі, літаратуры і мастацтва. Ліст падпісалі не толькі мовазнаўцы, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, пісьменнікі, мастакі, артысты, кампазітары, але і хімікі, фізікі, архітэктары, інжынеры, канструктары, зваршчыкі, слесары, сталяры, грузчыкі, бухгалтары, маляры, фрэзероўшчыкі - усяго 134 чалавекі.

"Ліст 134-х", як яго звычайна называюць, змяшчае жорсткую крытыку нацыянальнай палітыкі, якую ажыццяўляла камуністычнае чынавенства ў Беларусі. "Рэчаіснасць сённяшняга дня, - гаворыцца ў ім, - паказвае,што ў Беларускай ССР "развітое двухмоўе" існуе толькі на паперы, што беларуская мова ўшчамляецца і даўно не мае дэклараванага ёй вольнага развіцця". У гарадах не засталося ніводнай беларускай школы, дый у вёсках яны такія часцей за ўсё толькі на шыльдах. Беларускай мовы няма і ва ўніверсітэтах, інстытутах, тэхнікумах, навучальнях. Нават проста за паслядоўнае і сведамае карыстанне беларускай мовай (не кажучы пра супрацьдзеянне такой палітыцы) чалавека часта зневажаюць, абвінавачваюць у нацыяналізме.

Аўтары пераканаўча даводзяць, "што "свабоднае волевыяўленне" ў выбары мовы, на якое спасылаецца т. Я. Я. Сакалоў, часцей за ўсё абарочваецца свабодным прымусам да расейскай. Бо праўдзівае свабоднае волевыяўленне мае на ўвазе магчымасць свабоднага выбару. А пра які выбар можа ісці гаворка, калі выбіраць, уласна кажучы, няма з чаго: хочаш, напрыклад, вучыць дзіця на беларускай мове, а школы ў горадзе расейскія, хочаш паглядзець новы мастацкі фільм на роднай мове, але і гэта практычна немагчыма". Аўтары гэтага ліста выказалі сваю поўную падтрымку прапаноў па карэнным паляпшэнні становішча роднай мовы, выкладзеных у дадатку да "Ліста 28-мі".

Важны крок у гуртаванні

Не варта думаць, што арганізатары тых акцый былі нагэтулькі наіўнымі людзьмі, што насамрэч спадзяваліся, што ў Маскве развяжуць усе нашыя праблемы. Гэтыя дакументы патрэбны былі перш за ўсё самым беларусам як праграма дзеяння. Патрэбны быў розгалас, патрэбнае было абуджэнне, разняволенне, патрэбнае было гуртаванне патрыятычных сілаў. Гісторык Яўген Мірановіч слушна адзначае, што, нягледзячы на адсутнасць бачных вынікаў, "Ліст 28-мі" быў важным крокам, які адкрыў магчымасць шырэйшай дыскусіі аб становішчы беларускай культуры і мовы ў БССР. "І хоць з партыйных трыбунаў на адрас аўтараў ліста гучалі розныя абвінавачанні, якія пасля распаўсюджваліся некаторымі сродкамі масавай інфармацыі, аднак справу ўжо нельга было пакінуць на роўні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Аўтары ліста ўжо не баяліся ні КДБ, ні грамадскага астракізму"12. Нягледзячы на ціск і запалохванні, ніхто з дваццаці васьмі ад свайго подпісу не адмовіўся. Янка Запруднік у кнізе "Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях" прысвячае гэтаму дакументу асобны параграф і разглядае яго як праграму адраджэння беларускай нацыі. "Тое, што адбывалася далей, - піша гісторык, - публікацыя шматлікіх артыкулаў, дэманстрацыі, прыманне законаў - сталася выкананнем гэтай праграмы"13.

Розгалас у свеце

На пачатку 1987 года, неўзабаве пасля з'яўлення, "Ліст 28-мі" трапіў на той бок ад "жалезнай заслоны". З Польшчы яго вывез Юрка Туронак, які працаваў тады ў адным з гандлёвых прадстаўніцтваў. У Жэневе ён перадаў пакет Аляксандру Надсану, які спецыяльна прыязджаў туды з Лондана. Ліст вельмі хутка пераклалі на ангельскую мову і апублікавалі ў выданні "Лісты да Гарбачова" 14. Як згадваў у прыватнай гутарцы айцец Аляксандр, наклад рабілі на даволі старым капіявальным апараце. Прадукцыйнасць яго была невысокая - шэсць адбіткаў за хвіліну, таму друкаваць даводзілася і ўначы.

"Лісты да Гарбачова" 15 выйшлі пад грыфам Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі накладам блізу 200 паасобнікаў. Гэтае выданне разаслалі буйным бібліятэкам і зацікаўленым арганізацыям Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі, Канады, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Аргенціны ды шмат якіх іншых краін дзеля інфармавання сусветнай супольнасці.

У траўні-чэрвені 1987 года амерыканскія беларусы апублікавалі "Ліст 28-мі" ў перакладзе на нашу мову ў газеце "Беларус" 16. Пазней, ужо на пачатку XXI стагоддзя, гэты дакумент быў выдрукаваны ў часопісе "Гістарычны архіў" 17, які выпускае расейскае выдавецтва "РОССПЭН". У Беларусі ўпершыню апублікаваны ў 2005 годзе ў бюлетэні Беларускага грамадскага аб'яднання "Ветэраны Адраджэньня" 18.

"Ліст 134-х" асобнай брашурай на расейскай і ангельскай мовах выпусціла ў жніўні 1987 года Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі 19. А крыху пазней у тым самым месяцы на другім беразе Атлантыкі ён быў надрукаваны на беларускай мове 20.

10 Звязда, 27 сакавіка 1987 г.

11 У сапраўднасці расейскую мову ў Беларусі назвалі роднай толькі 28,2 % усіх жыхароў і блізу 16,5 % жыхароў беларускай нацыянальнасці. А 83,3 % беларусаў назвалі сваёй роднай мовай беларускую. (Численность и состав населения СССР: По данным Всесоюзной переписи населения в СССР 1979 года. - М., 1985. С. 108-109). Графы ж "другая родная мова" ў матэрыялах перапісу ўвогуле не было.

12 Мірановіч Яўген. Найноўшая гісторыя Беларусі. СПб., 2003. С. 201-202.

13 Запруднік Янка. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях: Пер. з анг. Мінск, 1996. С. 136.

14 Генеральному секретарю ЦК КПСС, товарищу Горбачеву // Лісты да Гарбачова = Letters to Gorbachev: New documents from Soviet Byelorussia. London: The Association of Byelorussians in Grait Britain, 1987. P. 1-10, 19-31. Для бібліёграфаў адзначу, што змешчаная на тытульным аркушы інфармацыя "Выданне другое, з перакладам на ангельскую мову" не азначае, што існавала папярэдняе лонданскае выданне. Першым выдаўцы лічылі памножаны ў шматлікіх копіях арыгінал, які нелегальна распаўсюджваўся ў Беларусі.

15 Акрамя разгледжанага калектыўнага ліста ў гэтым выданні змешчаны адкрыты ліст Алега Бембеля пад назовам "Некалькі словаў пра гуманітарныя канфлікты". Ён напісаны ў сувязі з рэпрэсіямі, прычынай якіх была публікацыя за мяжой ягонай кнігі "Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс" (Лондан, 1985).

16 Беларус = Bielarus: Byelorussian newpaper in Free World (New York). 1987. N 335, 336.

17 "Требуются решительные меры по спасению родного языка, родной культуры…": Письма белорусских писателей, артистов и ученых М. С. Горбачеву. 1986-1987 гг. / Т. М. Кузьмичева // Исторический архив. М.: Российская политическая энциклопедия, 2004. № 6. С. 11-20.

18 Санько Зьміцер. "Ліст 28-мі" // Veritas: Бюл. БГА "Ветэраны Адраджэньня". 2005. № 1 (3). С. 6-11.

19 Лісты да Гарбачова = Letters to Gorbachev: New documents from Soviet Byelorussia. London, 1987. Issue 2. 26 p.

20 Беларус = Bielarus: Byelorussian newpaper in Free World (New York). 1987. N 338.

Апярэтачны манархізм

Антон Луцкевіч

Для народаў якія знаходзяцца пад ярмом, але якія раней жылі дзяржаўным незалежным жыццём, асоба манарха часта з'яўляецца ўвасабленнем дзяржаўнасці. Адсюль у такіх народаў бярэ пачатак манархічны рух.

Украінцы адносна нядаўна мелі сваіх собскіх суверэнаў - гетманаў. Народ захаваў пра іх памяць у песнях і легендах. Украінская паэзія абсалютызавала сваіх гістарычных суверэнаў і ідэалізавала гетманшчыну. Таму і сёння, нават сярод украінскіх эмігрантаў у Канадзе ці Злучаных Штатах Амерыкі, украінскія манархісты маюць пэўную колькасць прыхільнікаў.

Украінскі рух дыскрэдытуе асоба патэнцыйнага суверэна - гетмана Скарападскага. Былы рускі генерал, накінуты ўкраінцам нямецкімі акупантамі праз разгон ваеннай сілай Вялікай Украінскай Рады, якая будавалася на прынцыпах парламентарызму, гэты "суверэн з чужой ласкі" не змог атрымаць сімпатыю ні сярод украінскай інтэлігенцыі, ні сярод украінскага народа. Меў выразныя прарасійскія сімпатыі і разам з Красновым праектаваў паход на Маскву для вяртання манархіі. Калі немцы, якія яго трымалі пасля выбуху рэвалюцыі ў Германіі, пакінулі сваю крэатуру без ваеннай дапамогі, украінцы, выгналі гетмана з сваёй сталіцы і вярнуліся да дэмакратычнага ладу.

Нічога дзіўнага, што асоба Скарападскага не можа аб'яднаць украінскую эміграцыю. Бо там існуе эміграцыйны урад Украінскай Народнай Рэспублікі, які прадстаўляе тую сілу, штоскінула Скарападскага. Былы гетман зараз жыве ў Берліне, не можа пахваліцца значанай колькасцю прыхільнікаў у Еўропе і шукае іх за акіянам і, як нас інфармуюць, з большым эфектам, чым у Еўропе. Вядома, што ў Канадзе жыве сын Скарападскага.

У сувязі з украінскім манархічным рухам паўстае і беларускі манархічны рух. Манархічная ідэя ў Беларусі мела яшчэ слабейшы грунт, чым на Украіне, бо ідэя суверэна адсунута ў нас на яшчэ больш старыя часы. Не ведаю ніводнай беларускай грамадскай групы ці нават групкі, якая за праграмную мэту мела б манархію. Калі перад выбухам рэвалюцыі ў Германіі нямецкія палітыкі высунулі канцэпцыю ўтварэння з Літвы і часткі Заходняй Беларусі манархіі з баварскім князем Урахам на троне 1, беларускае грамадства аднеслася да гэтага негатыўна.

Канцэпцыя ўвядзення манархічнага ладу на Беларусі ўсплыла ў Кіеве. У атачэнні Скарападскага ўзнікла думка, каб з незалежнай украінскай манархіяй звязаць беларускія землі, на якія нават быў вызначаны намеснік гетмана. Гэта быў адзін з "маладых" рускіх генералаў, нейкі Дашкевіч-Гарбацкі, які браў чынны ўдзел у прызначэнні на ўкраінскі трон Скарападскага, але з-за сваёй бездапаможнасці не змог знайсці на Украіне месца, адпаведнае сваім "заслугам".

Уласна, з восені 1918 г. у Кіеве знаходзілася дэлегацыя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Неяк, у адзін з дзён дэлегацыю наведаў праваслаўны духоўны а. Разумовіч, беларус, які перад сусветнай вайной быў настаяцелям у Казянах Дзісненскага павета і сваёй дзейнасцю наклікаў незадавальненне і рэпрэсіі з боку царскіх уладаў. Ён паведаміў, што генерал Дашкевіч-Гарбацкі прагне знайсці кантакт з дэлегацыяй. Дэлегацыя згадзілася на спатканне з ім і падчас размовы выяснілася, якія планы наконт Беларусі мае гетман Скарападскі: з Беларусі ён жадаў пачаць збіранне "рускай зямлі" вакол Кіева.

Беларусы, якія ў Кіеў прыехалі з Менска, трактавалі гэты праект, як гумарыстычны. Яны давялі свайму неадбыўшамуся Вялікаму пану, што ён, як народны суверэн, павінен сам падумаць пра сваю самадзяржаўную ўладу. Гэта думка, выказаная жартам, надта падабалася Дашкевічу-Гарбацкаму. Ён нагадаў сваім суразмоўцам Любамірскага - у хвіліну, калі над ім пажартаваў пан Заглоба ...

Трэба мімаходам зазначыць, што на гэтыя перамовы беларускай дэлегацыі з будучым дырэктарам Украіны, які пад бокам у Скарападскага дамаўляўся пра канцэпцыю федэрацыі, па згодзе абодвух бакоў, былі цалкам скасаваны 2.

Падчас нямецкай акупацыі існаваў яшчэ адзін прэтэндэнт на трон незалежнай Беларусі, яшчэ больш гумарыстычны за папярэдняга руска-украінскага генерала. У нямецкай авіяцыі служыў нейкі "князь Станіслаў Сапега-Вой", які як лётчык нямецкай арміі, выказаў вялікую адвагу і ўменне трымаць сябе ў руках. Неяк падчас палёту на чужой тэрыторыі ён нават застаўся без кроплі бензіну, але шчасліва выйшаў з гэтай сітуацыі, і на вачах у непрыяцельскага войска, прызямліўся на сваёй тэрыторыі. Кім быў гэты ўзор нізкага інтэлекту, як патрапіў у нямецкае войска - невядома. Казалі, што ён паходзіў з Менска і меў там мянушку "Стары Вой". У выніку нейкай авантуры, маладым уцёк з роднага горада за мяжу, дзе ў выніку стаў нямецкім лётчыкам.

Гэты кандыдат на беларускі трон засыпаў сваімі лістамі беларускіх дзеячаў у Вільні, але не знайшоў аніводнага паплечніка. Немцы яго яўна не падтрымлівалі, але тым не менш патроху стараліся навязаць беларусам думку аб выкарыстанні асобы "князя" ў палітычных мэтах. Гэта не мела ніякага выніку, а выбух рэвалюцыі ў Германіі паклаў крыж на амбітныя мары Воя. Калі на пачатку 1919 г. у Берлін прыбыла дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі, "князь" дазволіў ёй пазнаёміцца з сабой асабіста і залатвіў дробныя патрэбы місіі пры пошуках адпаведнага жытла, набыцці неабходных рэчаў і г. д. Відочны брак інтэлекту зрабіў немажлівай справу выкарыстаць "князя" ў палітычных мэтах.

Некалькі гадоў таму адзін украінскі палітычны дзеяч, які вёў манархічную дзейнасць у Злучаных Штатах на карысць былога гетмана Скарападскага, завязаў кантакт з эміграцыйнымі беларускімі дзеячамі. Яны ў той жа час паінфармавалі пра гэта беларускі палітычны асяродак у Вільні папрасілі дырэктывы, як адносіцца да гэтай справы. Адказ Вільні выключыў мажлівасць якой-небудзь беларускай палітычнай дзейнасці пад манархічным штандарам.

А. L. (псеўданім Антона Луцкевіча).

Monarcizm operetkowy // Preglad Wilenski. № 1, 18 lutego 1938. S. 2 - 4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

(Гэты тэкст Антона Луцкевіча па-беларуску друкуецца ўпершыню.)

1 Вільгельм Карл фон Урах (1864 - 1928) нямецкі прынц з роду фон Урах, у 1918 г. быў абвешчаны каралём Літоўскага каралеўства пад імём Міндоўга ІІ. - Л. Л.

2 У 1921 г. Антон Луцкевіч пісаў: "З благаслаўленьня ліхой памяці гэтмана Скорападзкага - напярэдадні яго палітычнае сьмерці - згуртавалася ў Кіеве цэлая грамада беларускіх паноў-абшарнікаў з Магілеўшчыны з баронам Розэнам на чале. Гэтая група, разам з гэтманам Скорападзкім, манілася далучыць да Украіны тую часьць Беларусі, якая аставалася на ўсходзе ад лініі Берасьцейскага міру. Быў намечаны ў гэтмана ўжо і "намесьнік" для Беларусі - бяздарны, пусты генарал Дашкевіч-Гарбацкі.

Украінскі народ выгнаў вон Скорападзкага, а разам з тым разьбіліся і ўсе пляны магілеўскіх паноў, памыкаўшыхся "спэкульнуць" на беларушчыне." - Гл: Луцкевіч А. Самазванцы // Наша Думка. 1921. №2. - Л. Л.

Прайшлі другія заняткі новага сезону "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

4 ліпеня, прайшлі другія заняткі новага сезону "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук.

На сустрэчы ладзіўся прагляд гістарычных фільмаў выбітнага гісторыка Алеся Краўцэвіча пра Мсціслаў "Старажытны Мсціслаў: на крывіцка-радзіміцкай мяжы" і адной серыі праекту Край.BY "Мсціслаў: мясцінамі залатой моладзі ХІ стагоддзя" з вядоўцам Паўлам Харланчуком-Южаковым, а Алег Трусаў распавёў пра тое, што засталося за кадрам.

Штомесяц будзе праведзена па 1-2 лекцыі, у якіх сп. Трусаў будзе распавядаць пра гісторыю розных гарадоў Беларусі, сярод якіх яшчэ Мсціслаў, Слонім, Валожын і мястэчка Івянец. Тэма трэцяй сустрэчы - "Сярэднявечны Мсціслаў". Сустрэча будзе ладзіцца ў жніўні, пра дату будзе паведамлена пазней.

Наш кар.

Выстава

4 ліпеня 2019 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва) адкрылася выстава жывапісу і графікі беларускага мастака Аляксандра Пашкевіча. Яна арганізавана ГА "Беларускі саюз мастакоў". У экспазіцыю увайшлі больш за 50 твораў, якія працягваюць як традыцыі рэалістычнага мастацтва ў жанры пейзажу і нацюрморту, так і маюць накірунак сучаснага выяўленчага мастацтва. У новых творчых працах, створаных на працягу апошніх 5 гадоў, мастак працягвае шукаць сваю мову, ідзе праз складаную форму - метафарычнасць і асацыятыўнасць. На персанальнай выставе твораў А. Пашкевіча глядач адразу патрапляе на танальнасць мелодыі душы аўтара і нібы рушыць за яго думкамі да духоўнага выратавання.

Аляксандр Пашкевіч нарадзіўся 6 кастрычніка 1946 года ў Мар'інай Горцы Менскай вобласці. З 1963 па 1965 г. вучыўся ў выяўленчай студыі пры тэатральна-мастацкім інстытуце ў Менску. З 1966 па 1969 гг. вучыўся ў Менскім мастацкім вучылішчы імя Глебава.

У мастацкіх выставах удзельнічае з 1970 года. З 1979 па 1981 гг. - стыпендыят саюза мастакоў (г. Масква. Расійская Федэрацыя).

Сябар Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь. Сябра суполкі "Пагоня". Жыве ў г. Маладзечна. Доўгі час працаваў выкладчыкам у дзіцячай мастацкай школе. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у мастацкіх фондах Беларускага саюза мастакоў, дырэкцыі мастацкіх выставак Міністэрства культуры Расіі, у мастацкай галерэі г. Мар'іна Горка, у Краязнаўчым музеі г. Маладзечна, у прыватных зборах краін Еўропы.

Выстава працуе па 14 ліпеня 2019 года. Рэкамендую наведаць яе менчукам і гасцям сталіцы.

Аляксей Шалахоўскі гісторык культуры.

На Купалле беларушчыны большае

Раённае абрадавае свята "Купалле" адзначылі ў Лідзе

Шматлюдна было 6 ліпеня каля Лідскага замка, дзе ладзілася раённае абрадавае свята "Купалле". Жыхарам Лідчыны даспадобы гэтае мерапрыемства, пра што сведчыць колькасць гледачоў, якіх прыбывае з кожным годам.

Святочную дзею на сцэне адкрыў лірнік і пад музыку сапраўднай ліры пачаў аповед пра святкаванне Купалля нашымі продкамі. Затым эстафету перанялі спадарыня Купаліна і спадар Купала, якія запрашалі карагодзіць, гуляць у народныя гульні. Спадарыня Зельніца дапамагала праводзіць варажбу на вяночках і правесці конкурс на самы прыгожы вянок на свяце. А вянкоў, трэба сказаць, было багата! Іх плялі і давалі майстар-клас па пляценні работнікі Крупаўскага, Дварышчанскага, Беліцкага дамоў культуры, Ходараўскага сельскага клуба-бібліятэкі. Вялікая чарга за вянкамі стаяла каля прадстаўнікоў Бердаўскага культурна-дасугавы цэнтра. І не дзіўна! Бо тут завіхаліся хлопцы: Мікалай Сакалоўскі і Дзмітры Сакалоў.

Воклічамі і вясёлымі выкрыкамі прысутныя сустракалі Вадзяніка разам з яго світай, прыплыўшых на лодках. Праводзілася квэст-гульня "У пошуках папараць-кветкі". Ласавальня з дэгустацыяй травяных напояў частавала гасцей свята духмянай гарбатай. Гучна прайшоў канцэрт калектыва "Забабоны" з горада Менска.

Але кульмінацыйным момантам свята, як і заўжды, стала купальскае вогнішча, да якога ўдала прыпісалася фольк-фаер-шоу ад тэатра агню "ZHARA" з горада Ліды.

Лідскі РЦКНТ.

Філіжанка кавы

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

У адным з аддзелаў НДІ нечакана скончылася кава. Бяда вялікая - схадзі купі. Першай узняла лямант лабарантка Галя, якая два месяцы таму назад выйшла замуж і з гэтай нагоды не паспявала нават паснедаць. Яе падтрымалі іншыя жанчыны. Праз пяць хвілін увесь аддзел абмяркоўваў гэтую важную "навуковую" праблему і хутка прыйшоў да аднадумнай высновы: трэба ісці ў краму. Звычайна ахвотных ісці у краму хоць адбаўляй, але сёння на вуліцы быў дождж, таму дабраахвотнікаў у вандроўку па каву не знайшлося. Ніна Іванаўна, пажыццёвы малодшы навуковы супрацоўнік сілай свайго перадпенсійнага аўтарытэту, распачала пошукі "ахвотнага". Адны кабеты адмаўляліся, што лёгка апрануты, іншыя ківалі на адсутнасць парасона. Мужчыны, усе як адзін, казалі, што "завалены па вушы" працаю, ды паспяшалі ў курылку. Ніна Іванаўна доўга прыставала да калегаў пакуль не спыніла свой выбар на Юры, маладым спецыялісце.

- Юрка! - як да хлапчука звярнулася кабета ды загадала. - Збегай па каву.

- Не пайду, - у яго голасе адчувалася крыўда за знявагу перад дзяўчатамі, што прысутнічалі тут. - Знайшлі пасыльнага.

Ніна Іванаўна зразумела сваю памылку і пачала гаварыць лагодна:

- Выбачай, Юры Мікалаевіч! Як можаш, адлучыся на пару хвілін і купі для аддзела каву.

- Не пайду, - сказаў, як адрэзаў, Юра.

Увесь жаночы калектыў, які падтрымаў прапанову пажыццёвага малодшага навуковага супрацоўніка, у адзін голас запытаў:

- Чаму?

- Я кавы не п'ю!

- А ўчора ты піў яе! - гучней за іншых залямантавала Галя, бо надта хацелася ўзбадзёрыць сябе гэтым напоем, каб прагнаць рэшткі сну і стому бурнай ночы.

- Гэта мая часовая слабасць, - цвёрда запэўніў усіх прысутных малады спецыяліст. - А ўвогуле, я кавы не п'ю і вам не раю. Кава, - постаць маладога спецыяліста набыла неабходную самаўпэўненасць, голас стаў адпавядаць постаці, - наркотык. Пры ўжыванні адной філіжанкі кавы, нават разбаўленай, у чалавека павышаецца ціск. Пер-шапачаткова чалавек мае бадзёры настрой, але гэта вынік уздзеяння на арганізм кафеіну…

Жанчыны напачатку хіхікалі - плявузгае абы-што маладзён, - але Юра гаварыў сур'ёзна Сур'ёзна ды так пранікнёна, што не верыць яму было грэх.

- Кафеін - гэта моцны наркотык, і таму яго ўжыванне прыводзіць да разбурэння імунасістэмы. Той хто ўжывае каву, заўчасна старэе. Кава пагубна дзейнічае і на мужчынаў, асабліва ў…

І тут мужчынская палова аддзела стала ўважліва слухаць маладога лектара. Праз пятнаццаць хвілін несупыннай гаварыльні прамоўца стаміўся, але гэтага часу хапіла, каб ён пераканаў слухачоў.

- Вось таму я не п'ю каву, закончыў свой выступ маладзён, сеў за стол і пачаў клеіць маркі.

Калектыў аддзела пачаў далей абмяркоўваць кававую праблему.

- Праўда, - першай заляпятала Галя. - Як толькі вып'еш кавы ды адразу адчуваеш сябе бадзёра, а потым зноў прыходзіць яшчэ большая млявасць.

Ніна Іванаўна выказала сваё:

- Як вып'ю кавы - пачынае дрыжэць сэрца. Раней не задумвалася, чаму?

З кожным імгненнем праціўнікаў кавы ў аддзеле большала. Кожны знаходзіў свой аргумент, што падцверджвалі выказаныя Юрам меркаванні.

Калі ўсе аднадушна пагадзіліся болей не ўжываць гэты злачынны напой, дзверы пакоя адчыніліся і ў праёме з'явілася галава лабаранткі з суседняга аддзела.

- Юра, пайшлі хутчэй, кава стыне!

- Бягу, Валечка!

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX