Вярнуцца: 2019

№ 30 (1441)


Дадана: 24-07-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1441), 24 ліпеня 2019 г.

Навіны Універсітэта імя Ніла Гілевіча: пададзены пакет дакументаў для атрымання ліцэнзіі

У пятніцу, 19 ліпеня, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім (ТБМ з'яўляецца заснавальнікам універсітэта) падала падрыхтаваны рэктаратам Універсітэта імя Ніла Гілевіча першы неабходны пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год, прынамсі, на гэта вялікі спадзеў.

Нагадаем, што ў аўторак, 2 ліпеня, адбылося паседжанне рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча, на якім былі падведзены вынікі дзейнасці за час атрымання рэгістрацыі і было вырашана ў гэтым месяцы цалкам падрыхтаваць і падаць пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год па 4-х спецыяльнасцях. Акрамя іншага, сярод дакументаў і 18 вучэбна-метадычных комплексаў, падрыхтаваных нашымі выкладчыкамі. Таксама кіраўніцтва Універсітэта імя Ніла Гілевіча ўдзячнае за фінансавую падтрымку. У першую чаргу, выказваем падзяку спн. Мотуз і спн. Мікульскай.

Калі маеце магчымасць падтрымаць універсітэт, то па спасылцы на сайтах ёсць інструкцыя. Любыя пытанні задавайце праз пошту nhuniversitet@gmail. com.

tbm-mova.by.

Перапіс насельніцтва - 2019

У 2019 годзе ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. Сярод пытанняў (нумар 12 і 13), на якія трэба будзе адказаць падчас перапісу, будзе і пытанне пра Вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову роднай, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам "беларуская" вы станоўча паўплываеце на яе.

Радыё Рацыя.

СЛОЎКА ДА СЛОЎКА, ЯК НІТКА ДА НІТКІ

У нясвіжскім дзіцячым садку "Караблік дзяцінства" запрацаваў міні-музей ткацтва. Гэта азначае, што ў дадатак да беларускамоўнай групы і гуртка "Роднае слоўка" тут з'явіўся яшчэ адзін асяродак выхавання на роднай мове. "НС" разам з сябрамі мясцовай арганізацыі ТБМ шчыра вітае пачынанне і мае намер інфармаваць, як добрая ідэя "працуе" на карысць дзяцей і іх бацькоў, а найперш - роднага слова ды прафесійна натхняее супрацоўнікаў установы.

Акуратная, выкладзеная пліткай дарожка вядзе выхаванцаў і гасцей садка да невялічкага доміка, дзе размясціўся музей "Сінявокі лянок". Злева пры дарожцы - льняныя міні-палеткі. Сінявокі даўгунец ужо адцвіў, і зялёныя галоўкі прыветна схіляюцца перад наведвальнікамі музея, гасцінна запрашаючы дакрануцца да матэрыяльнай і духоўнай культуры продкаў. У цэнтры музея, заняўшы сваё пачэснае месца, стаяць кросны - ткацкі станок, тое, без чаго не маглі з'явіцца ручнікі і посцілкі, спадніцы і кашулі, абрусы і коўдры ды іншыя рэчы з ільну. Утульна размясціўшыся на крэселцах, выхаванцы адразу здагадаліся, што размова пойдзе пра ручнікі і фартушкі, бо гэтыя рэчы размяшчаліся на куфры і прыцягвалі іх позіркі яркімі фарбамі вышыванак.

Пераканаўшыся, што ўсім гледачам зручна і ўтульна, Станіслава Георгіеўна Вальчык - кіраўнік гуртка "Роднае слоўка" і экскурсавод музея - з вялікай пашанай па чарзе брала ў рукі ручнікі і расказвала пра іх гісторыю. Вёўся аповед пра ролю ручніка ў жыцці чалавека ад яго нараджэння і да апошняга дня. Дакрануўшыся тварыкамі да ручніка, дзеці змаглі адчуць цеплыню і мяккасць тканіны, якою ўхутвала бабка-павітуха народжанае немаўлятка, даведаліся, што ручнік вымяраўся не ў метрах, а ў локцях і павінен быць даўжынёй 3-4 локці. Цікаўныя паспрабавалі нават памераць яго даўжыню.

Ручнік дапамагаў гадаванцу рабіць першыя крокі, а свавольнік, пасля пакарання мокрым ручніком доўга пачухваў задняе месца.

Маладыя дзяўчаты рыхтавалі сабе пасаг, не менш як дваццаць сатканых і вышытых ручнікоў. Калі дзяўчына не жадала выходзіць замуж за хлопца, які прыслаў сватоў, то давала адмову схітрыўшы, што яшчэ не нарыхтавала 20 ручнікоў. Адзін з выхаванцаў выканаў ролю жаніха: яму павязалі ручнік - знак згоды дзяўчыны стаць ягонай жонкай.

Апошні жыццёвы шлях чалавека таксама не абыходзіўся без ручніка: праз акно дома ён апавяшчаў, што ў хаце памерлы, ручнік абавязкова клалі ў труну, на ручніках апускалі дамавіну ў магілу.

Не менш цікавай была гісторыя пра святочны фартушок, якому, па словах Станіславы Георгіеўны, сто гадоў. Гэта сапраўдны шэдэўр! Яркія ўзоры так зачарвалі сваёй прыгажосцю дзяцей, што ім захацелася дакрануцца да чырвоных руж і спелых вішанькаў. Яшчэ з большай пашанай і замілаваннем дзеці разглядалі той фартушок, калі даведаліся, што гаспадыня вышывала яго ў перапынках паміж работай па гаспадарцы ці ў полі, а найчасцей вечарамі, пры святле газоўкі, ціхенька спяваючы калыханку маленькай дачушцы.

Экскурсія завяршаецца. А колькі яшчэ трэба расказаць гэтым маленькім уважлівым экскурсантам, колькі слоў прыгадаць, каб памяталі, шанавалі, ганарыліся!

Анюта Юрэвіч. Нясвіж.

Моладзь хоча пачуць харызматычных цікавых выступоўцаў

Да 30-годдзя ТБМ

На апытанне "Нашага слова" да 30-годдзя ТБМ адказаў старшыня Магілёўскай філіі арганізацыі Алег Дзьячкоў.

- Вельмі шкада, што нашы менчукі заселі ў горадзе, як у Берасцейскай цвердзі, і не імкнуцца ехаць у рэгіёны. Тоны літаратуры выдаюцца ў сталіцы, яна ляжыць на паліцах, а ў рэгіёнах аўтараў не ведаюць і не чытаюць! Трэба ісці ў народ, ехаць самім да дзяцей і да шкаляроў!

Мы пастаянна запрашаем у Магілёў выбітных гісторыкаў і літаратараў. Такія людзі, як Ада Райчонак,Фелікс Шкірманкоў - прыклад таго, што калі чалавек хоча рабіць справу - ён будзе рабіць яе незалежна ад узросту, стану здароўя, сродкаў. На такіх людзей трэба арыентавацца! Не мае рацыі той, хто ные, што замінаюць і не дазваляюць. Нам ніхто не замінае, акрамя нашай ляноты і неарганізаванасці.

Ладзім імпрэзы, сустрэчы, вандроўкі, лекцыі. Нас запрашаюць шматлікія ўстановы горада Магілёва. Мы, па-магчымасці, знаходзім агульную мову і з чыноўнікамі, і з грамадскасцю.

Моладзь хоча, каб прыязджалі цікавыя і харызматычныя выступоўцы-гісторыкі, пісьменнікі і паэты. І такія ў нас ёсць: Віктар Жыбуль, Андрэй Хадановіч, Юры Жыгамонт. Са старэйшых асобаў: Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Уладзімір Арлоў, Марыя Міцкевіч. Калі гэтыя асобы прыязджаюць, яны трымаюць увагу цэлай залы. Усе вельмі рады іх пачуць і пабачыць!

Трэба ўмець прэзентаваць творы Беларушчыны, якімі мы багатыя.

У нас не хапае харызматычных цікавых выступоўцаў - папулярызатараў Беларушчыны.

Мы запісалі нашу размову з Алегам Дзьячковым падчас вандроўкі магілёўцаў у Купалаўскія мясціны. У гэты дзень аптымістычны і натхнёны спадар Алег і яго сябры наведалі Радашковічы і Вязынку, даведаліся шмат новага пра творчасць Янкі Купалы і Ядвігіна Ш, пра дзейнасць А. Уласава і Я. Лёсіка, пабывалі на мемарыяле ў Курапатах у Менску і наведалі Ірыну Міхайлаўну Быкаву. Вандроўніцы з яго каманды ўсклалі да помнікаў кветкі, якія прывезлі са сваіх лецішчаў.

Запісала Эла Дзвінская, фота аўтара.

Алена Анісім накіравала ўладам праект Закона аб прыпыненні выканання смяротнай кары

18 ліпеня, Старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў спн. Алена Анісім накіравала праект Закона аб прыпыненні выканання смяротнай кары ў Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў (для іх заўваг і прапаноў, праект дасланы на дзвюх дзяржаўных мовах).

ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Праект

Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары

Прыняты Палатай прадстаўнікоў

Ухвалены Саветам Рэспублікі

Артыкул 1. Прыпыніць дзеянне артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь да адмены смяротнай кары.

Артыкул 2. Асобы, у адносінах да якіх ёсць прысуд да смяротнай кары, які ўступіў у сілу, накіроўваюцца ў папраўчыя калоніі ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 65 і 70 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, для іх утрымання на ўмовах, прадугледжаных у адносінах да асобаў, якія адбываюць пажыццёвае зняволенне.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Слова да Заявы Сойму Партыі БНФ

Вельмі добра, што рэдакцыя газеты "Наша слова" паведаміла сваім, і не толькі, чытачам аб Заяве Сойму Партыі БНФ з заклікам называць беларускую мову роднай пад час перапісу. У гэтым жа нумары газеты ў якасці "перадавіцы" змешчана афіцыйная справаздача аб выніках падпіскі на ліпень. Абнародавана лічба 498 асобнікаў. У 25 раёнах няма ні аднаго падпісчыка!? І гэта пры тым, калі верыць ганароваму старшыні ТБМ (НС, № 26, 26 чэрвеня 2019), што "зараз мы маем 6,5 тысяч чалавек - столькі, колькі ва ўсіх палітычных арганізацыях разам узятых". Віншую амалоджаную на апошнім з'ездзе Рэспубліканскую Раду ТБМ! На з'ездзе гучала лічба 6 тысяч.

Да ведама чытачам нашай газеты: у Вікіпедыі змешчаны статут БНФ на рускай мове і ў раздзеле ідэалогія партыі запісана: "…за возрождения белорусского языка и культуры", "…за лишение русского языка статуса второго государственного языка Беларуси". Прыемна, што БНФ - за адзіную дзяржаўную беларускую мову.

Пазіцыя БНФ у часы рэальнай пагрозы незалежнасці і рэальнаму суверэнітэту дзяржавы Рэспубліка Беларусь дае надзеі на іх захаванне. Мяркую, што ў нашых рэальных абставінах у тэксце Заявы неабходна называць рэчы словамі, якія адлюстроўваюць існую трагічную сітуацыю, а менавіта:

У трэцім абзацы, гаворачы аб доўгатэрміновай русіфікацыі, называючы Расейскую імперыю і савецкі рэжым, прапаную замест "і ў пэўнай ступені працягваецца цяперашнімі ўладамі…" смела і дакладна акрэсліць сваю пазіцыю. Над Рэспублікай Беларусь навісла нацыянальна-дзяржаўная катастрофа са станам беларускай мовы і рэальным суверэнітэтам. Беларуская вертыкаль дэ-факта прадаўжае палітыку рускага царызму і сучаснага неаімперыялізму Расейскай Федэрацыі, якая сфармуляваная ва ўказе аж у 1796 годзе імператрыцай Кацярынай II. Вось квінтэсэнцыя гэтай палітыкі:

"…Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ её белорусами, чем на века привяжем её к России. Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя."

Таму канстатацыя ў Заяве, што "станоўчыя вынікі перапісу, якія пакажуць рост ужывання беларускай мовы, могуць быць скарыстаны (выдзелена мной. - М.С.) для карэкціроўкі дзяржаўнай палітыкі на карысць беларускай мовы" патрабуе больш дакладнага выслоўя. Сцверджанне "могуць быць" не адпаведна рэальнай палітыцы. Уладнай вертыкаллю перапіс запланаваны ў поўнай адпаведнасці з палітыкай і практыкай поўнай асіміляцыі беларусаў і паглынанне іх ў якасці інтэлектуальнага насельніцтва ў складзе Расейскай неаімперыі.

Заява Сойму БНФ заканчваецца Купалаўскім клічам: "Жыве Беларусь!". Прапаную перад агульнанацыянальным клічам змясціць дадаткова такі тэкст. Нашым агульнанацыянальным дэвізам павінны стаць заклік: "Прэч з Беларусі гвалтам навязанае ёй царызмам, бальшавізмам і ўласнай уладнай вертыкаллю русіфікацыю"!!! Спынім лінгвацыд у Беларусі! Няма жывога носьбіта мовы - няма самабытнага народа, няма нацыі, няма годных патрыётаў дабудаваць і абараніць рэальны суверэнітэт роднай нам Беларусі! Толькі пры канстытуцыйным адзінстве беларускай мовы - будзе жыць незалежная Рэспубліка Беларусь у рэальным еўрапейскім суверэнітэце, а не ў пашчы Расейскай неаімперыі 21 стагоддзя ў якасці шасці вобласцяў ці адной, як Татарстан і Башкірстан без пасад прэзідэнтаў сваіх народаў і стабільным прыглушэннем родных моў і культур.

Мікола Савіцкі, прафесар, удзельнік устаноўчага з'езду БНФ у Вільні.

Да 30-годдзя ТБМ

Да 30-годдзя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўправа Таварыства падрыхтавала падарункавыя асадкі.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІV

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Гавін (Тадэвуш) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Г ава і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гавін. ФП: гава (укр. 'варона', польск. gawa 'казка') - Гава (мянушка, затым прозвішча) - Гавін. Можна разглядаць і як варыянт імя Гавіній (< лац. 'жыхар з Габіі, той, хто паходзіць з Габіі'), які набыў ролю прозвішча.

Гадун (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва гадун 'падгадаванае дзіця', 'маладая жывёліна, якая корміцца малаком маткі' (Нас., КСЧ).

Галавачоў (Павел) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Галавач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Галавачоў. ФП: галавач ('тое, што і галавень - прэснаводная рыба сямейства карпавых з тоўстай і шырокай галавой') - Галавач (мянушка, пазней прозвішча) - Галавачоў.

Галькевіч (Ларыса) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Галька і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Галькевіч. Утваральнае слова ад апелятыва галька (устар.) 'сподняя спадніца з карункамі ўнізе; носяць толькі на свята' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" Сцяцко П., с. 32).

Гарачка (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва гарачка 'ліхаманка' (разм.), (перан.) 'моцнае ўзбуджэнне, азарт, захапленне або спешка ў якой-н. рабоце'.

Гарвацэвіч (Алег) - другасная форма ад Гарбацэвіч (змененая дзеля сакрэтнасці [Дубатоўка Валянціна "Сімвал веры" (Мінск, 2018, с. 19)] - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -эвіч (-евіч) ад антрапоніма Гарбач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гарбачэвіч - Гарбацэвіч (спалучэнне зычных чч змянілася на чц у выніку дысіміляцыі (распадабнення). Утваральнае слова Гарбач - ад апелятыва гарбач 'тое, што і гарбун (гарбаты чалавек; гарбатая жывёліна (ТСБМ, т. 2, с. 30).

Гарманенка (Аляксандр, Галіна) - другасная форма ад Гурманенка - вытвор з суфіксам - енка ад антрапоніма Гурман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гурманенка. ФП: гурман 'аматар і знаток вытанчаных страў' - Гурман (празванне, потым прозвішча) - Гурманенка.

Гарошчык (Кацярына) - вытвор з суфіксам -ік(-ык) ад антрапоніма Гарошка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гарошч(к/ш)ык - Гарошчык. Утваральнае слова ад апелятыва гарошак ( гарошка) - утварэння ад гарох 'расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках, а таксама само круглае насенне гэтай расліны'. ФП: гарох ('расліна і яе насенне') - гарошак (памянш. утварэнне з суфіксам -ак) - Гарошак і Гарошка (мянушка, потым прозвішча) - Гарошчык.

Гарцуеў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам - еў ад антрапоніма Гарцуй і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гарцуеў. ФП: гарцаваць ('па-маладзецку ездзіць верхам, красуючыся спрытнай пасадкай'; 'гулліва бегчы або тупаць, падскокваючы на месцы (пра каня)'; 'бегаць, скакаць' (< польск. harcowaс з венг.) - гарцуй ('той, хто гарцуе') - Гарцуй (мянушка, потым прозвішча') - Гарцуеў.

Гірнік (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва гірнік (укр.) ' гарняк (горнарабочы; горны інжынер або студэнт горнай навучальнай установы)'.

Гладкіх (Яўген) - форма роднага склону множнага ліку ад антрапоніма Гладкі - семантычнага вытвору ад апелятыва гладкі 'роўны, без упадзін і выступаў'; 'просты, лёгкі для разумення (пра мову, верш. думкі і пад.)'; 'сыты, адкормлены (разм.)'.

Глухоўская (Вольга) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Глухава і значэннем 'нараджэнка (жыхарка) названага паселішча': Глухавская - Глухоўская 'з Глухава'.

Голда (Рыма) - семантычны вытвор ад апелятыва голда (рэг.) 'полба' (асобны від пшаніцы з ломкім коласам) ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 238).

Голдзіна (Лора) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Голда і семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Голдіна - Голдзіна. Утваральнае слова ад апе-лятыва голда (рэг.) 'полба' (асобны від пшаніцы з ломкім коласам).

Грос (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва грос 'адзінка падліку, роўная 144 прадметам'.

Грыбко (Віктар) - другасная форма ад Грыбок - семантычны вытвор ад апелятыва грыбок 'памянш. ад грыб (суф. -ок) - асаблівы арганізм, які спалучае прыкметы раслін і жывёл, звычайна размнажаецца спорамі'.

Грымак (Адольф) - акцэнтаваны семантычны вытвор ад апелятыва грымак 'удар кулаком, кухталь'.

Дадалка (Марыя) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) дадалка 'той, хто адказвае на пытанне "да-да" (замест "тактак")'; утварэнне з фармантам -лка (як і гадалка 'варажбітка'): дадалка. Або семантычны вытвор ад апелятыва дадалка - утварэння з фармантам -лка ад дадаць ('даць, зрабіць, сказаць і пад. у дадатак да чаго-н.'; 'сказаць або напісаць у дадатак да чаго-н.; прыкласці, далучыць', 'скласці лікі'): дадалка 'той (тая) хто дадае' - Дадалка.

Дамброўская (Сафія) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Дамброва і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Дамбровская - Дамброўская. Утваральнае слова ад апелятыва (польск.) dаbrowa 'дуброва' ('від лесу, з дубам').

Дарыенка (Яўген) - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Дарый і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дарыйенка - Дарыенка. Адымёнавае прозвішча: ад Дарый - перс. 'цар, які валодае чым-н., уладар'.

Дастанка (Андрэй) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам - анка ад антрапоніма Доста і значэннем 'нашчадак названай асобы': Достанка - Дастанка. Утваральнае слова ад апелятыва доста < укр. доста 'досыць, даволі' (Гынч.).

Дварковіч (Аркадзь) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Дворак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дворак - Дварак - Дварковіч. Утваральнае слова ад апелятыва дварак 'шляхціц' (Бяльк.), руск. дворяк 'дваровы чалавек' (Дабр.), укр. дворак 'тое ж' (Грынч.), польск. dworak 'прыдворны', 'слуга, парабак у панскім двары' (Карл.).

Дзірко (Міхаіл) - другасная форма ад Дзірка - семантыны вытвор ад апелятыва дзірка 'невялікая адтуліна, шчыліна, праём у чым-н.' Форма Дзірко для адмежавання ад апелятыва з фінальным а (дзірка).

Дзяшчэня (Валянціна) - вытвор з суфіксам -эня (-еня) ад антрапоніма Дзяшко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзяшкеня - Дзяшч(к/ч)эня. Адымёнавае прозвішча: ад Дамецій < лац. 'утаймоўшчык'. Зафіксавана: Дешко (1590).

Драгуленка (Анатоль) - другасная форма ад Дарагуленка - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Дарагуля і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дарагуленка - Дарагуленка. Утваральнае слова ад апелятыва дарагуля - суфіксавы вытвор (з -уля) ад прыметніка дарагі 'які каштуе многа грошай, высока цэніцца', 'такі, якім даражаць, якога шануюць', 'ласкавы, мілы, любімы'. Або ад польск. drogi 'дарагі' - ашляхетненая форма прозвішча, або для адмежавання ад апелятыва ( дарагі - драгі).

Дубейка (Васіль) - вытвор з суфіксам -ейка ад антрапоніма Дуб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дубейка: як і Адамейка. ФП: дуб ('буйное лісцевае дрэва сямейства букавых з цвёрдай драўнінай і пладамі-жалудамі, а таксама (перан.) 'пра высокага, моцнага чалавека або пра неразумнага чалавека (разм.)). - Дуб (мянушка, потым прозвішча) - Дубейка.

Дуленя (Ігар) - вытвор з суфіксам -еня ад антрапоніма Дула і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дуленя - Дуленя. Адымёнавае прозвішча: ад Дула - грэч. 'раб, слуга'.

Дыгун (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва дыгун 'даўганогі' (Нас.).

Дыніч (Валянціна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Дыня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дыніч. Утваральнае слова ад апелятыва дыня 'травяністая расліна сямейства гарбузовых з паўзучым сцяблом, а таксама яе круглы або авальны салодкі плод'.

Еўдачэнка (Антон) - вытвор з суфіксам -энка (-енка) ад антрапоніма Еўдак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Еўдакенка - Еўдач(ч/к)энка. Утваральнае слова Еўдак - варыянт імя Еўдакім (< грэч. 'слаўны, акружаны гонарам').

Жучэнка (Алена) - вытвор з суфіксам -энка (-енка) ад антрапоніма Жук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жукенка - Жуч(к/ч)энка. Утваральнае слова ад апелятыва жук 'насякомае з жорсткім надкрыллем' і перан. 'пра хітрага, пранырлівага чалавека' (разм., неадабр.).

Жыцін (Ігар) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Жыта і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жытін - Жыцін. Утваральнае слова ад апелятыва жыта 'аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба'; 'зерне гэтай расліны'. Або ад Жыцень (палявік) рэг. 'вобраз старажытнай беларускай міфалогіі, "гаспадар поля" (БелСЭ, т. 4, с. 451).

Забаўская (Ірына) - вытвор з прэстыжным суфіксам -ская ад антрапоніма Забава і значэннем 'нашчадак названай асобы': Забаўская. Утваральнае слова ад апелятыва забава 'гульня, пацеха або тое, што забаўляе, весяліць'.

Забруцкі (Мікалай) - вытвор з суфіксам -цкі(-скі) ад тапоніма Забруды і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Забрудскі - Забруц(дс= ц)кі.

Зась (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва зась - укр. выкл.: 1. (пры выражэння пярэчання, адмаўлення) прэч, не смець; прастам. дудкі; 2. прэдык. нельга (Лемцюгова В.П. Украінска-беларускі слоўнік. Мн., 1980, с. 224).

Злабенка (Галіна) - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Злоба і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Злобенка - Злабенка. Утваральнае слова ад апелятыва злоба 'тое, што і злосць' ('пачуццё варожасці, жаданне прычыніць зло', 'пачуццё гневу, раздражнення'.

Зоцік (Казімір) - імя Зоцік (< грэч. Зот, Зоцік 'жыццёвы, жыватворны, поўны жыцця') набыло ролю прозвішча.

Зуднік (Станіслаў) - другасная форма (змененая дзеля сакрэтнасці - Дубатоўка Валянцін "Сімвал веры" (Мінск, 2018)) ад Суднік - семантычны вытвор ад апелятыва суднік 'шафа для посуду' (ТСБЛМ, 2016, с. 796).

Зуева (Надзея) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ев-а ад антрапоніма Зуй і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Зуйева - Зуева. ФП: зуй ('ачоскі шэрсці'; 'недарэка', 'рослы хлопец з паводзінамі дзіцяці' (Лемцюгова В.); 'агульная назва невялікіх кулікоў' (Даль) - Зуй (мянушка, потым прозвішча) - Зуеў.

Зуёнак (Васіль) - вытвор з суфіксам -ёнак (-онак) ад антрапоніма Зуй і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зуйонак - Зуёнак. Утваральнае слова ад апелятыва зуй (рэг.) 'рослы хлопец з паводзінамі дзіцяці, недарэка' (Лемцюгова В.); руск. 'агульная назва невялікіх кулікоў ('невялікая балотная птушка з доўгімі нагамі і доўгай дзюбай').

Зыкава (Людміла) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Зык і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Зыкава - Зыкава. Утваральнае слова ад апелятыва зык 'гук, крык, шум (БРС, Нас.), 'гудзенне, гуд' (Дабр.).

Зямцоў (Юрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Зямец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зямецоў - Зямцоў. ФП: зямец (слова падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова (с. 386), але без тлумачэння, паводле кантэксту, 'земляроб') - Зямец (мя-нушка, пазней прозвішча) - Зямцоў. "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (т.2, с. 523) падае: Зямец абл. 'пчаляр'. Тэкст газеты "Звязда" не пацвярджае гэтага. Хутчэй гэта варыянт (рэг.) слоўнікавага зямляк ці селянін ('хто працуе на зямлі').

Ізотавіч (Якуб) - вытвор з суфіксам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Ізот і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ізотавіч. ФП: Ізот (імя < грэч. 'жыццёвы') - Ізот (празванне, потым прозвішча) - Ізотавіч.

Кабакоў (Ігнат) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Кабак і знач эннем 'нашчадак названай асобы': Кабакоў. Утваральнае слова ад апелятыва кабак (рэг.) 'гарбуз'. ФП: кабак ('гарбуз') - Кабак (празванне, потым прозвішча) - Кабакоў.

Кальчугін (Ягор) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Кальчуга і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кальчугін. Утваральнае слова ад апелятыва кальчуга (гіст.) 'даўнейшы воінскі даспех у выглядзе кашулі з металічных кольцаў'.

(Працяг у наступным нумары.)

Пашанотны юбілей і дзяржаўны фармалізм

"Нікому нічога не будзьце віннымі

Апроч узаемнай любові" ,

"Ксты" Р.Б.

9 ліпеня адзначыла 80-годдзе ўдава народнага паэта Рыгора Іванавіча Барадуліна - Валянціна Міхайлаўна. Калегі, родныя і сябры сардэчна павіншавалі яе з юбілеем. Ціхі лагодны вечар яна правяла разам з унучкай Дамінікай, яе мужам Аляксеем і праўнукам Раманам і пачула словы ўдзячнасці, пажаданні здароўя і доўгіх гадоў. Пасля вячэры госці разам праглядалі сямейныя фотаздымкі, размешчаныя на сайце www. baradulin.by. А назаўтра службовы выканаўца энергазбыту адключыў у яе кватэры электрычнасць, а ў паштовай скрынцы яна знайшла паведамленне аб вялікай запазычанасці за святло…

Яе фота ўвайшлі ва ўсе зборы твораў народнага паэта. Яна натхняла яго на стварэнне жаночых вобразаў у лірыцы, сімвалаў кахання і мацярынства.

" Мне б вякоў не хапіла

Слухаць вочы твае",-

пісаў паэт у адным з вершаў.

53 гады спадарыня Валянціна падтрымлівала класіка беларускай літаратуры, клапацілася пра яго, гатавала яму супы і смачныя піражкі, без якіх не нараджаліся б геніяльныя вершы. Даглядала ў лякарнях, падстаўляла плячо і была апорай у апошнія гады жыцця. Яна загортвала яго ў кодру і цягнула, каб аддаць дактарам адвезці ў рэанімацыю…

У 2014 годзе, калі Рыгора Іванавіча не стала, у яе апусціліся рукі. Ёй не хацелася нават гатаваць ежу, бо не было для каго. Замест таго, каб падтрымаць пажылую жанчыну ў яе смутку, так званая лечкамісія, дзе яна раней магла паправіць здароўе, адмовіла ёй у паслугах і выкрасліла са сваіх спісаў. Ісці да незнаёмага лекара і сядзець у чарзе ў паліклініцы не было сіл. Яна засталася адна ў яго кабінеце з успамінамі, думкамі, смуткам. Лавіла сябе на думцы, што хоча яму нешта сказаць, падзяліцца, а яго няма…

Яе маці Таццяна Харламп'еўна была жанчынай з далікатнай фігурай і выдатным голасам, яна іграла на фартэпіяна і спявала ў хоры, а бацька Міхаіл Манасзон быў скрыпачом. Яны разам выступалі ў Гарадзенскім тэатры, і на пачатку вайны знаходзіліся на гастролях у Берасці. Бацька загінуў у першыя дні фашысцкай навалы. Валя запомніла артылерыйскі абстрэл і кавалкі тынкоўкі, якія падалі на чырвоную дзіцячую коўдру. Малодшая сястрычка Валянціны не перажыла першага года вайны.

- Мама доўга спадзявалася, што бацька жывы, і чакала яго, - успамінала Валянціна Міхайлаўна. - Адна жанчына сказала, што бачыла ў Адэсе падобнага чалавека ў аркестры. Мама сабрала ўсе фотаздымкі і адаслала ў Адэсу. Ніхто не адказаў, але канешне, гэта была памылка, падобны чалавек. У 1941 годзе габрэю цяжка было выжыць. Таму мама гадавала мяне на свае сціплыя капейкі, і пенсію за бацьку ніколі не атрымлівала. Яны выдатна шыла і вязала, сваімі рукамі вымоджвала для мяне сукенкі. Калі мама з хорам Рыгора Шырмы ездзіла на гастролі, я заставалася ў чужых людзей. Часам гэта дрэнна адбівалася на вучобе. Я вельмі любіла музыку, а паэзіяй захапілася толькі ў 8 класе. Слухаючы музыку, магла плакаць, але не цярпела фальшывых гукаў. Наведвала музычную школу і грала на скрыпцы. Прафесар Іван Матвеевіч Сагайдачны ўгаворваў працягваць займацца музыкай у Менску.

Праз прозвішча бацькі ў мяне былі непрыемнасці ў школе і пры паступленні. Я атрымала сярэбраны мядаль. На экзамене ва ўніверсітэт задавалі шмат дадатковых пытанняў, дапытваліся датошна. Адзін з экзаменатараў спытаў: Чаму паэма Якуба Коласа называецца "Рыбакова хата?"

На першым курсе ўсе паехалі на бульбу, а мяне запісалі ў аркестр народных інструментаў, і мы засталіся рыхтаваць канцэрт для старшакурснікаў. Кіраўнік аркестра народных інструментаў пазнаёміў з Рыгорам. Ён мне спачатку не падабаўся. Але я яму прыглянулася, і ён мяне ахоўваў. Толькі на 4 курсе згадзілася за яго пайсці. Мама перажывала, каб я не кінула вучобу.

Наша вяселле адбывался больш паўвека таму, гэта было 23 лютага 1961 года, на мае імяніны, ў дзень святой Валянціны. На вяселле прыехалі нашыя матулі, Акуліна Андрэеўна і мая маці, гасцей было вельмі шмат, выпускнікі і студэнты філфаку БДУ, сябры па вучобе. Рыгор Іванавіч у той час ужо зарабляў, таму застолле было значнае, пачастунку шмат…

Аднойчы я вырашыла даказаць свякрыві, што ўмею шыць, і пашыла сукенку з каўнерам… Я ўдзячная ёй, што яна не адставіла мяне ад печы.

"Як добрая вестка-

у хату нявестка,

Ёй маці павінна

аддаць свайго сына",

- пісаў паэт.

Валянціна Міхайлаўна доўгі час працавала ў рэдакцыі Беларускай энцыклапедыі разам з гісторыкамі і этнографамі, сярод якіх быў навуковец Анатоль Валахановіч, адзін з сяброў сям'і. Даводзілася збіраць інфармацыю пра герояў Савецкага Саюза, якія праявілі сябе пры вызваленні Беларусі. Даследчыкі пісалі лісты ў розныя гарады Савецкага Саюза, і адшуквалі герояў. Адзін з такіх лістоў патрапіў у Адэсу, герой і яго сям'я былі ўдзячныя, што пра іх не забылі на Беларусі.

…І вось давялося першы дзень дзевятага дзесятка сустрэць без святла. І не толькі дзень, а і тыдзень. Маўчыць тэлевізар, чытаць ужо не дазваляе зрок, увечары прыходзіцца запальваць свечку. Стары руды коцік Рысік ласціцца пад рукой.

Спрацоўніца энергазбыта Савецкага раёна старанна выконвае інструкцыі па забеспячэнні ўнясення грамадзянамі аплаты за электрычнасць. Яе не цікавіць беларуская літаратура і вершы нацыянальнага генія, які чэрпаў натхненне з Бібліі і быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію. Яго жонка, імя якой засталося назаўсёды ў вершах і прысвячэннях паэта, значыцца ў яе як Абанент № 451…

Яна не ведае пра тое, што вельмі рэдка спадарыня Валянціна выходзіць на вуліцу, а прадукты прыносіць ёй спагадлівая жанчына альбо замаўляе ў Еўраопце ўнучка. Ёй няма справы да пашанотнага юбілею ўдавы паэта.

- У нашай базе няма датаў нараджэння абанентаў, - холадна адказвае супрацоўніца.

І не прабачыць яна таго, што маладзенькая нявопытная мама Дамініка, якая клапоціцца найперш пра свайго малога, забылася чарговы раз унесці аплату. (Не ўсе дзяўчаты, якія развіваюцца ў моладзевай субкультуры, своечасова адчуваюць сваю адказнасць.) Пры жыцці Рыгор Іванавіч займаўся такімі пытаннямі сам, і не прымушаў турбавацца пра камунальныя паслугі жанчын у сваёй сям'і.

Наша дзяржава нічога нікому не прабачае і не даруе. Не цэніць заслуг і дасягненняў, абыякава выкрэслівае і адключае…

Але тое, што робіць грамадскасць па ўшанаванні памяці народнага паэта, трымаецца на вышэйшым узроўні. На мемарыяльнай шыльдзе на доме па вул. Мележа, 4 квітнеюць ружы і развіваецца бела-чырвоная стужачка. Ля помніка ў Вушачах ўрачыста, як у храме, гараць знічы, стаяць кветкі. Прыйшоў час грамадскасці падтрымаць Валянціну Міхайлаўну, не пакідаць яе ў самоце.

І беларусы падтрымалі. Пасля размяшчэння постаў у Фэйсбуку сябры адгукнуліся, і за 2 дні было пералічана на рахунак 1004 рублі, якія пакрылі запазычанасць.

Дзякуем усім за падтрымку! Валянціне Міхайлаўне яшчэ спатрэбіцца дапамога, і мы пра гэта паведамім.

Эла Дзвінская. Фота з архіва сям'і Барадуліных і Глеба Лабадзенкі.

Творчая вечарына Міколы Канановіча ў роднай вёсцы

У Слонімскім і Дзятлаўскім ТБМ

У роднай вёсцы Вострава Слонімскага раёна адбылася творчая вечарына сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, намесніка галоўнага рэдактара "Газеты Слонімскай" Міколы Канановіча. Вечарыну арганізавалі Святлана Адамовіч - кіраўнік Слонімскай суполкі ТБМ і вясковыя культасветработнікі. Святлана Адамовіч была вядоўцай гэтай творчай імпрэзы. Літаратурна-музычная вечарына не была прымеркавана ні да якой даты. Ды і не так часта сёння вяскоўцы наладжваюць творчыя вечары сваім знакамітым землякам. А вельмі шкада. Прыклад гэтаму паказала вечарына Міколы Канановіча ў Востраўскім сельскім клубе, якая адбылася даволі цікава і шчыра. Шмат вершаў са свайго зборніка "І доўжыцца ноч…" і з літаратурнага альманаха "Новы замак" прачытаў сам Мікола Канановіч, а таксама артыст Слонімскага драмтэатра Ціхан Канановіч. Былы старшыня праўлення грамадскага аб'яднання "Воля да развіцця" Міхась Варанец прыгадаў той час, калі, дзякуючы яму, свет пабачыў першы зборнік вершаў Міколы Канановіча "І доўжыцца ноч…". Пра творчасць і сяброўскія адносіны, пра месца Міколы Канановіча ў літаратурнай Беларусі распавядалі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Таццяна Яцук з Баранавіч і Сяргей Чыгрын са Слоніма, сябар Саюза беларускіх мастакоў Мікола Бушчык, вяскоўцы і сваякі паэта. Слонімец Уладзімір Лабко прачытаў некалькі літаратурных пародый на вершы Міколы Канановіча, а спявачка з Баранавіч Рэгіна Скіпар парадавала ўсіх добрымі песнямі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён. Фота аўтара.

У "Сонейку" слухалі вершы, песні і танчылі народныя танцы

Школьны летнік "Сонейка" СШ № 3 г. Дзятлава шчыра вітаў гасцей - мясцовага краязнаўцу і грамадскага дзеяча, старшыню Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Валера Петрыкевіча, спявачку з Менску Таццяну Грыневіч і пісьменніка, намесніка старшыні Слонімскай арганізацыі ТБМ Сяргея Чыгрына.

Валер Петрыкевіч распавёў прысутным пра гісторыю горада, дзе дзеці жывуць, пра тое, што ў Дзятлаве ў бліжэйшы годдва будзе ўстаноўлены помнік альбо мемарыяльны знак, прысвечаны заснавальніку Дзятлава Канстанціну Астрожскаму. Сяргей Чыгрын правёў з дзецьці некалькі конкурсаў на веданне імі творчасці беларускіх пісьменнікаў, геаграфіі і гісторыі Беларусі. А таксама прачытаў некалькі новых вершаў, прысвечаных Дзятлаву. Цікава выступіла Таццяна Грыневіч, якая весяліла дзяцей і дарослых не толькі ігрой на гітары і скрыпцы, выкананнем песень, але і парадавала ўсіх беларускімі народнымі танцамі. Разам з артысткай дзеці развучылі некалькі танцаў і танчылі іх пад вясёлыя мелодыі скрыпкі. У знак падзякі, дзеці вывучылі шмат вершаў беларускіх паэтаў і расказалі іх гасцям і ўсім прысутным.

Барыс Баль,Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава. Фота аўтара.

Урсуля фон дэр Ляен заняла пасаду старшыні Еўрапейскай Камісіі

Навіны Германіі

Міністр абароны Германіі Урсуля фон дэр Ляен, першая жанчына на гэтай пасадзе, стала старшынёй Еўрапейскай Камісіі.

Гэтая прапанова была падтрыманая Еўрапейскім парламентам, і Урсуля фон дэр Ляен стала не толькі першай жанчынай на самай высокай пасадзе Еўрапейскага Звязу, але і першай, з часоў Вальтэра Гальштайна (першы старшыня Еўрапейскай Камісіі ў 1958-1967 гадах) грамадзянкай Германіі на кіруючай пасадзе.

Што такое Еўрапейская Камісія і чым яна займаецца?

Еўрапейская Камісія гэта адзін з самых важных інстытутаў Еўрапейскага Звязу, які мае выключнае права падрыхтоўваць і забяспечваць выкананне заканадаўчых актаў, прапанаваных Еўрапейскай Радай ці Еўрапейскім парламентам, а таксама прадстаўляе Еўразвяз у міжнароднай супольнасці - на самітах кшталту G7 ці G20. Еўрапейскую Камісію складаюць 28 еўракамісараў з так званай калегіі камісараў - кожны з іх прадстаўляе адну з краін Еўрапейскага Звязу.

Як адбываюцца выбары на пасаду старшыні Еўрапейскай Камісіі?

2 ліпеня Еўрапейская Рада намінавала Урсулю фон дэр Ляен на пасаду старшыні Еўрапейскай Камісіі. Падчас цяперашняй сесіі фон дэр Ляен прадставіла свае планы ды мэты на пасадзе старшыні, пасля чаго адбылося абмеркаванне паміж еўрадэпутатамі. Каб паспяхова атрымаць гэтую пасаду, Урсулі фон дэр Ляен патрэбна было набраць абсалютную перавагу ў галасах сярод 374 еўрапейскіх парламентарыяў. Галасаванне звычайна адбываецца таемна і немагчыма высветліць, як кожны асобны дэпутат прагаласаваў.

Хто такая Урсуля фон дэр Ляен і што пра яе вядома?

Урсуля фон дэр Ляен - міністр абароны ФРГ, ураджэнка Бруселя. Вольна валодае нямецкай, французскай ды ангельскай мовамі. Яна год вывучала эканоміку ў Лонданскай школе эканомікі, але вышэйшую адукацыю атрымала ў галіне медыцыны ў Гановеры. У 1990-м годзе далучылася да кіраўнічай партыі Германіі - Хрысціянска-дэмакратычнага Саюзу (ХДС). У 2005-2009-х гадах займала пасаду міністра па справах сям'і, пенсіянераў, жанчын ды моладзі. Ад 2009 па 2013 - міністр працы і грамадскіх спраў. 17 снежня 2013 году стала федэральным міністрам абароны (і першай жанчынай на гэтай пасадзе).

Некаторыя прыярытэты, агучаныя Урсуляй фон дэр Ляен

- Да 2030 года краіны Еўразвязу павінны будуць скараціць выкіды СО 2 на 50%. План па дасягненні гэтай мэты павінен будзе з'явіцца да 2021 года.

- Падтрымлівае далучэнне Паўночнай Македоніі ды Албаніі да Еўразвязу.

- Падтрымлівае магчымасць запаволіць працэс Брэксіту.

- У адносінах да міграцыі, прапануе "перазапусціць" Дублінскую сістэму і зноў пераразмеркаваць абавязкі па прыёму ўцекачоў.

Радыё Свабода.

Уладыка Іяакім (Якім, Яўхім)

Ад перакладчыка.Пра ўніяцкага епіскапа Іяакіма Цеханавецкага (ці Цехановіча вядома не шмат. Пасля складання вечных абетаў, у 1710-1711 гг. ён вучыўся ў Віленскім езуіцкім калегіюме. У 1716 г. быў прызначаны Пінска-Тураўскім епіскапам. 15 верасня 1717 г. напісаў ліст літоўскаму канцлеру Каралю Станіславу Радзівілу з прапановай ад звальненні духавенства яго епархіі ад абавязку ваеннай кантрыбуцыі. Епіскапам быў 3.5 гады. Памёр 4 красавіка 1719 г. у Пінску1.

На тле нястомных і дзіўных атак у прэсе і ў вусных выступах нашай моцна русіфікаванай праваслаўнай царквы на ўсё, што хоць трошкі можна нагадаць пра унію, ці дазваляе дапусціць што унія не была гэткая ўжо і нядобрая, здзіўляе тое, што праваслаўны народ разам з духавенствам у такім важным асяродку як Жыровічы, здаўна шануе святыя мошчы грэка-каталіцкага пінскага і тураўскага епіскапа Яхіма Цеханавецкага (ці Цехановіча), які памёр "in odore sanctitatis" у Пінску 04.04. 1719 г. і, згодна з сваёй воляй, як базыльянін, быў пахаваны ў агульнай пахавальні ў Жыровічах.

Асаблівасцю гэтага культу ёсць тое, што ні аўтар (архіярэй Паісій?) апошняй брашуры пра цудоўным абраз Маці Божай Жыровіцкай і кляштар, ні жыровіцкія прапаведнікі ніводным словам не згадваюць, што святы ўладыка Іяакім быў самым прававерным грэка-каталіцкім епіскапам. Па-праўдзе, спасылаюцца часам на класічнага ў гэтай галіне аўтара Сцябельскага 2, але не называюць нават імя епіскапа Іяакіма каб прадухіліць любую цікаўнасць праваслаўных вернікаў да прадмету культу. Выглядае гэта так, як быццам яны жадаюць сказаць праваслаўным беларусам, якія цягнуцца да Жыровічаў: дазваляем вам толькі маліцца да "святителя Божего" Іяакіма, але не дазваляем вам ведаць ні кім ён быў, ні ў што верыў, пра што думаў і што любіў, дзе і як працаваў … Усё гэта "од лукавого" і таму - "не рассуждать" і баста.

Адзін мясцовы турыст у 1936 г. наведаў Жыровічы і сам асабіста, упершыню, зрабіў шэраг здымкаў парэшткаў уладыкі Іяакіма, якія даказваюць, што ў самай вялікай царкве Успення ў Жыровічах маем парэшткі грэка-каталіцкага епіскапа Пінскай і Тураўскай епархіі.

Уладыка Іяакім, як пісаў Сцябельскі, вызначаўся вялікай богабаязню і святасцю жыцця. Епіскапам быў толькі тры з паловай гады, аднак у вачах людзей і Бога стаў святым. Не будзем тут расказваць пра ўсялякія надпрыродныя феномены якія пацвердзілі і ўгрунтавалі веру ў яго святасць, але не можам не сказаць, што калі праз пэўны час адкапалі і адчынілі яго труну, вачам прысутных прадставіўся ўражлівы від: цела ўладыкі Іяакіма не падвяргалася разлажэнню, што, аднак, не з'яўляецца яшчэ доказам святасці, але прымушае царкву вывучыць справу бліжэй.

Ад галоўнага ўвахода ва Успенскі сабор у Жыровічах, знутры з правага боку, ёсць каплічка, у якой пад харамі ў склепе знаходзяцца парэшткі ўладыкі Іяакіма. Цяжка даведацца, ці ўладкавалі яго сюды базыльяне, ці ўжо праваслаўныя. У манастыры жыве паданне, што гэта зрабілі праваслаўныя ў 1870-я калі ачышчалі склепы пад царквой ад пахаваных там законнікаў-базыльянаў і свецкіх людзей. Знойдзеныя ў непарушным стане парэшткі грэка-каталіцкага епіскапа Іяакіма, былі перанесеныя ў царкву Успення. Цікава, што грэка-каталіцкаму епіскапу да нашага часу, праваслаўныя адпраўляюць паніхіду: штогод па два раза - 4 красавіка (дзень смерці епіскапа) і 9 верасня (дзень імянін). З якой мэтай гэта робіцца? Не хочацца верыць, што тут прысутнічаюць выключана ўтылітарныя моманты.

Парэшткі маюць колер цёмнага воску. Працэс муміфікацыі іх насамрэч вельмі цікавы. Як мне непасрэдна ўдалося устанавіць, час пашкодзіў парэшткі нязначна. Ногі высахлыя, аднак рукой прамацваюцца закамянелыя цягліцы і лыткі, якія маюць таўшчыню сустава рукі чалавека. Жывот нават ад лёгкай пстрычкі выдае рэха. Немагчыма даведацца, ці былі парэшткі набальзаміраваны, але, здаецца, не былі. Каб катэгарычна адказаць на гэтае пытанне, трэба было б вывучыць унутранасці, што не хацелася рабіць з-за павагі да памерлага, тым больш, што для гэтага трэба было б рэзаць епіскапскія шаты. Галава не злучана з тулавам, што трэба аднесці да часоў нямецкай акупацыі, калі немцы абшуквалі жыровіцкія цэрквы. Скура на галаве захавалася толькі ў некалькіх месцах але твар, вушы, шыя ў добрым стане. Відавочна, што, як і заўсёды бывае, у носе выкрышыліся берагі ноздраў. Захаваліся вокавыя яблыкі. Вусны высахлі і агалілі вельмі здаровыя зубы. Захаваліся губы, яны нават маюць кармінавае адценне. Шыя выглядае так, што магла б дапамагаць пры вывучэнні анатоміі. Часткова захаваліся нават павекі вачэй.

Не бяруся судзіць, ці гэта прыродная з'ява, ці надпрыродная?

Добра, каб агульны культ святога епіскапа грэка-каталіцкай царквы яднаў два веравызнанні беларусаў. Аднак дарога да гэтага вядзе праз замоўчванне праўды, і хоць праўда ў кароткатэрміновым плане не патрэбная, але з-за інфармавання народа стане актуальнай.

Ad. Soloduch (псеўданім кс. Уладзіслава Талочкі). Аўтар мае здымкі труны і самых парэшткаў уладыкі Іяакіма.

Preglаd Wilenski. № 6, czerwca 1937. S. 6-7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Некалькі заўвагаў

Так сталася, што грэка-каталіцкі епіскап пінскі Якім (Цеханавецкі ці Цехановіч) увайшоў у беларускамоўную прастору пад не сваім імем Яўхіма. Трэба помніць, што Грэка-каталіцкая царква ў Беларусі правіла сваё набажэнства на царкоўнаславянскай мове (не блытаць з стараславянскай - этапам развіцця царкоўнаславянскай да XI ст.). Хрысціянскія імёны, большасць з якіх былі грэцкімі па сваім паходжанні, мелі адрозную ад народнай мовы форму. Праблема ўскладняецца тым, што значная частка тых самых імёнаў бытавала сярод беларусаў рымска-каталіцкага вызнання ў польскай форме, а польская мова ў XVIII ст. ужо панавала ў нашым справаводстве. Ахвярай такой разнастайнасці стала імя пінскага епіскапа, якое ў дакументах дайшло ў сваёй польскай форме Joachim (Ёахім), а ў цэрквах гучала па-царкоўнаславянску - Іаакім (Іоакім). У новы час, калі адбылася масавая секулярызацыя народнай свядомасці, сувязь народных імённых формаў з сваімі славянскімі і польскімі адпаведнікамі часта пераставала быць відавочнай. Так, у выпадку пінскага епіскапа, Іаакім (Joachim, Якім) пераўтварыўся ў Евфімія (Яўфімія, Яўхіма).

Царкоўнаславянская форма імя Іаакім калькуе грэцкую. Яе польскі адпаведнік Joachim зарыентаваны на лаціну - Ioachim. Грэцкі і лацінскі варыянты перадаюць габрэйскую першаформу Yеhоyаqіm (Йегоакім). Ва ўсходне-славянскай моўнай прасторы, для якой не характэрны збег галосных, гэтае імя займела зручную форму Якім. У слоўніку М. В. Бірылы (Беларуская антрапанімія. Мн., 1966. С. 83) фіксуецца 32 выпадкі з 39 ужывання менавіта такой формы ў XVI - XVIII стст., і па адным разе формы Іоакім, Екім, Акім (мы адразу ўспамінаем караткевічавага пана Акіма Загорскага з "Каласоў пад сярпом тваім"). Польская форма таксама асімілявалася беларусамі ў зручныя для іх Ехім і Яхім (першае сустракаецца 1 раз, другое 3 разы ў 39 выпадках згодна з слоўнікам Бірылы). Яўхім жа ёсць формай славянскага імя Евфимий (успомнім нашага выбітнага славіста Яўхіма (Евфимия Фёдоровича) Карскага), якое паходзіць ад грэцкага адпаведніка Эвфіміос і праз лаціну мае польскую форму Eutymiusz (Эўтыміуш).

Такім чынам два розных імені Іаакім і Евфимий праз падобнае гучанне сваіх польскай і беларускай формаў Joachim (Ёахім, Яхім) і Яўхім у наш час аказаліся пераблытанымі, што патрабауе тэрміновага выпраўлення.

Па Якіму Цехановічу служыліся паніхіды, як па спачылым, а не малебны, як належала б святому. Таму, казаць пра існаванне нейкага культу яшчэ не выпадае, бо ніякім іншым чынам ён не выяўляўся, але, паколькі прыватным чынам мошчы шанаваліся як святыя, то можна гаварыць пра перадумовы для зараджэння культу, які мог сфармавацца канчаткова ў больш спрыяльных гістарычных абставінах.

Труну епіскапа не маглі выкапаць, бо труны жыровіцкіх базыльянаў проста ставіліся ў нішы каменных скляпенняў, дзе яны тлелі і ў будучым на спарахнелыя парэшткі маглі паставіць новую труну.

Каплічка, дзе захоўваюцца мошчы, знаходзіцца з правага боку ад галоўнага ўваходу ў сабор, але не пад хорамі - яны знаходзяцца проста над уваходам. Дасталі яго яшчэ базыльяне (гэта было абгрунтавана тым, што ён нібыта сам загадаў так зрабіць у сне). Раней у гэтай капліцы пэўны час перахоўваліся мошчы Язафата Кунцэвіча.

Многія з простага люду, напэўна як і з манастырскага, не ведалі пра ўніяцтва епіскапа Якіма, але кіраўніцтва манастыра ведаць мусіла. У 1964 г. намеснік манастыра архімандрыт Антоні (Мельнікаў; у будучым мітрапаліт Менскі, а пасля Ленінградскі - папярэднік на гэтай катэдры будучага патрыярха Аляксія ІІ) у сваёй магістарскай дысертацыі "Жировицкий монастырь в истории западных русских епархий" прыводзіў гістарычныя звесткі пра еп. Якіма і яго шанаванне.

Паніхіды па Якіму служыліся да пачатку 1990-х гг., калі, як засведчылі тагачасныя студэнты духовай семінарыі, здарыўся прыкры выпадак. У 1991 г. у новаадкрытую (у 1989 г.) Менскую духовую семінарыю з Маскоўскай быў прысланы выкладнік царкоўных спеваў у сане дыякана. Ён быў вельмі абураны фактам знаходжання мошчаў уніяцкага епіскапа ў саборы праваслаўнага манастыра і надумаў іх скрасці, каб выкінуць у возера. Трапіць у капліцу пры зачыненых дзвярах можна было толькі праз праход з боку хораў, дзе даволі высока. Кажуць, што няўдалы злодзей зламаў сабе нагу, пасля чаго вольны прыступ да мошчаў быў зачынены, і паніхіды па Якіму перасталі служыцца. Сам успамін пра гэтыя мошчы з тае пары сцёрся з памяці вернікаў, але мясцовае шанаванне мошчаў працягваецца ў асяродку манахаў і студэнтаў, якія маюць паслушэнства несці дзяжурствы ў храме. Сярод шанавальнікаў мошчаў называюць архімандрыта Мітрафана (Ільіна), які меў рэпутацыю празарлівага старца (зараз, пасля смерці, пачынае складвацца ягоны культ як святога), і цяперашняга архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стафана (Карзуна), які ў канцы 1980-х гг. быў намеснікам манастыра і першым рэктарам семінарыі. Студэнты сведчылі, што архім. Мітрафан перыядычна арганізоўваў прыкладванне да мошчаў - цалаванне панагіі (абраза Божае Маці на грудзях).

Шанаванне мошчаў уніяцкага епіскапа адукаванымі вернікамі РПЦ МП дзіўным чынам лёгка сумяшчаецца з іх асабістымі рэзкімі антыунійнымі перакананнямі пры афіцыйнай экуменічнай пазіцыі кіраўніцтва іх арганізацыі.

А. Каламыцкі.

1 WeredaDorota. Biskupi unickiej metropolii kijowskiej w XVIII wieku. Siedlce-Lublin, 2013. S. 43., 44.,63., 339.

2 Ігнат Сцябельскі (Ignacy Stebelski; каля 1748- пасля 1805) - базыльянін і царкоўны гісторык.

Як Жана д'Арк...

Яўген Гучок

п а э м а - э с э

Алене Анісім - старшыні

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

прысвячаецца.

Каб быць добрым настаўнікам,

трэба любіць тое, чаму вучыш,

і любіць тых, каго вучыш.

В. Ключэўскі.

* * *

Сапраўдная навука і высокая мараль -

Вось арыенціры

Для настаўніка.

* * *

Сапраўдны настаўнік

Шырэй, даўжэй, глыбей і вышэй

Любых стандартаў.

* * *

Сапраўдны настаўнік - яшчэ і сведка,

І пракурор, і суддзя

Таму, што наўкол адбываецца.

* * *

Сапраўдны настаўнік ніколі не здраджвае,

А вось бацькі яго вучняў

Яму, здараецца, здраджваюць.

* * *

У сапраўднага настаўніка не росчырк,

У яго абаяльна-прыгожы

Почырк.

* * *

Сапраўднага настаўніка

ўяўляю нават у лапцях,

Але ніколі не ў кованых ботах

Фельдфебеля.

* * *

Настаўнік, калі ён ад Бога,

Паслугаваць не стане

Шаленству.

* * *

Каму не далі на зямлі раскрыцца,

Той будзе раскрылены

У Сусвеце.

* * *

Так мала настаўнікі аб'ядноўваюцца,

А каб аб'ядналіся, -

Меней прахіндзеяў і дурняў

было б на зямлі.

* * *

Сапраўдных настаўнікаў

З зоркамі ў небе начным

Параўнаць не грэх.

* * *

Настаўнік

З ашыйнікам на шыі -

Не настаўнік.

* * *

Сапраўдны настаўнік - то знак жывы,

Што Айчына - свабодна і вечна

І на зямлі, і ў Сусвеце.

* * *

Чым не правобраз здаровага мітынгу,

Калі выкладае настаўнік,

А вучні ўважліва слухаюць.

* * *

Настаўнік сярод усіх педыятраў -

Найгалоўнейшы

Педыятр.

* * *

У плане людскім

Сапраўдны настаўнік

Ёсць Творцы чаляднік.

* * *

Пачаткі душы і розуму

У бок святла

Развівае сапраўдны настаўнік у вучняў сваіх.

* * *

Пры пэўных канкрэтных абставінах

Сапраўдны настаўнік - роўня

Як акадэміку, так і вучню.

* * *

На вечным дрэве беларушчыны

Мова і літаратура - галінкі,

што імкнуцца ў неба,

А настаўнік там - галоўны садоўнік.

* * *

Не толькі веды свае

Аддае сапраўдны настаўнік;

Ён дзеліцца чыстым сэрцам

і розумам з намі.

* * *

Настаўнік, які свой прадмет

Дасканала не ведае,

З запацелым акном параўнальны.

* * *

Сёння - адно, а заўтра - другое...

Не павінен настаўнік

Флюгаркай быць.

* * *

Настаўнік-флюгарка

Прадасць сваіх вучняў лёгка

І хутка грошыкі пералічыць.

* * *

Каб вучня душа гатовай была,

нібы чыставік,

Настаўнік у ёй павінен

На перспектыву запачаткаваць чарнавік.

* * *

Калі ў настаўніка не настырнасць,

а настойлівасць,

Дух яго светлы -

І ветразь, і кіль, і стырно.

* * *

Каб настаўнік не вельмі

Жыў ідэалам,

Ад дзяржавы яму - безліч розных нагрузак.

* * *

Інтэгрыраваць беларушчыну

У беларускую юную душу -

Галоўны кірунак настаўніка-беларуса.

* * *

Калі сустракаю шчырага

настаўніка-беларуса,

Міжвольна душа мая

Абадзёрваецца.

* * *

Нібы князёўна ў выгнанні,

Беларуская мова -

І сёння.

* * *

"Моўная хвілінка" не для яго...

Для яго, настаўніка-беларуса,

Мова - без берагоў.

* * *

Ну што такое "Моўная хвілінка"

У параўнанні са стагоддзямі

Крынічнай беларускай мовы?!.

* * *

Ніякі настаўнік-прадметнік

Не можа быць абыякавым

да прадмету свайго,

А тым болей настаўнік беларускай

гісторыі, мовы і літаратуры.

* * *

Якія б не былі рэферэндумы,

Беларуская мова з яе прыхільнікамі

Самі сабе рэферы.

* * *

Хто талдычыць,

што няма беларускай мовы,

Хай разбярэцца ў тым,

А ці сам ён ёсць.

* * *

Ты ў палоне роднага слова, -

Ты на верным шляху,

Мой дружа.

* * *

Часам люд бывае ў бяспамяцтве,

Але не мова, не гісторыя,

Не літаратура.

* * *

Папаярэдніца літаратуры - мова,

І разам яны

Патрабуюць аховы.

* * *

І сёння настаўнік беларускай мовы

І літаратуры

У пэўным сэнсе - і помнік жывы.

* * *

Чым больш прыгнечваюць нашу мову,

Тым болей яна завастраецца,

А з ёй - і яе сімпатыкі.

* * *

І беларуская мова, і літаратура -

Неад'емная частка

Сусвету.

* * *

І беларуская мова і літаратура -

Спавівальныя бабкі

Беларускай душы.

* * *

Беларуская мова, і літаратура

Таксама глыбокую памяць

Маюць.

* * *

Мова сее літаратуру,

А настаўнік разам з вучнямі,

Збірай ураджай.

* * *

Мова і яе абаронцы

Маюць бясконцы

Узаемапрацяг.

* * *

Калі я чую якіясь стогны,

Мне здаецца, што працягваюцца катаванні

Над беларускім настаўнікам.

* * *

Курапаты, Лукішкі, Бяроза...

І многа беларускіх настаўнікаў

Там ахвярна прыпісана.

* * *

Сярод авантур разнастайных

Адна з іх: імкненне не заўважаць

Настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

* * *

Духоўны нямко

Заўжды петушыцца супраць

Настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

* * *

Трэба д'яблаву мець душу,

Каб атручваць жыццё

Настаўніку беларускаму.

* * *

Беларускі настаўнік

Прасіць можа толькі

У Творцы.

* * *

І сёння беларуская мова -

Нібы хлопчык

Для патурання і для біцця.

* * *

Беларуская мова і літаратура

Упрыгожваюць беларускія душы

І іншыя мовы і літаратуры.

* * *

Іншыя даўно б ужо азвярэлі

Ад стаўлення да іх розных структур;

А настаўнікі-беларусы цярпліва працуюць.

* * *

Ацяпляе вучнёўскія беларускія душы

Настаўнік беларускай мовы

І літаратуры.

* * *

Парады адмовіцца ад сваёй місіі

Беларускі сапраўдны настаўнік

Не прымае, ён адпрэчвае іх.

* * *

Як распальваць сырыя дровы,

Так настаўніку-беларусу

Часам даводзіцца з вучнямі працаваць.

* * *

Дзе подых і пах цемрашальства,

Настаўнік-патрыёт там -

Ахвяра.

* * *

Лепш памаўчаць,

Калі амаль ніхто цябе не слухае,

Калі амаль усе нікчэмнасць хваляць.

* * *

Сапраўдны беларускі настаўнік

Не вучыць такой талерантнасці -

Талеркі лізаць за паскуднікам.

* * *

Лёгкадумец, ты пагуляцца можаш

З мовай беларускай, літаратурай...

А далей што?!.

* * *

І гэта таксама злачынства -

Атручваць жыццё

Настаўніку-беларусу.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Народныя танцы ў Магілёве

А вы любіце танчыць беларускія народныя танцы?

Паспрабуйце - і дакладна палюбіце! Зусім не ўмееце танцаваць? Нават калі вы не ўмееце танцаваць - не бойцеся! Бо галоўнае ў танцы - гэта задавальненне. Бо танцы - гэта не толькі сродак выявіць сябе, а ў першую чаргу - канал камунікацыі, магчымасць падзяліцца эмоцыямі, пазнаёміцца бліжэй адно з адным.

Суполка аматараў народных танцаў у Магілёве з надыходам лета ладзіць танцы на пешаходнай вуліцы каля аднаго з самых прыгожых і старажытных будынкаў горада, які з'яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры 17 ст. - музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Запрашаюць усіх, хто любіць танчыць. Танчаць пад электрапатэфон, іншым разам завітае і мясцовы гарманіст з дударом. Рыхтавацца да танцаў не складана, патрэбны толькі зручны абутак і адзенне, а таксама добры настрой. Кіраўнік музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі Святлана Строгіна з задавальненнем дае дазвол на пляцоўку і танчыць разам з усімі.

Праграма танцавальных вечароў складаецца з дзясятка простых танцаў: першы раз танчаць-паказваюць, другі раз вучаць. А ў другім аддзяленні танчаць тое, што хочуць - трохі складаней.

Праект "Беларускія народныя танцы ў Магілёве" распачыналі Воля Чапіга з Наташай Родзькінай, а зараз арганізацыяй займаецца Волечка Семчанка.

Танцпляцоўка народных беларускіх танцаў у Магілёве павыджыгала на Вялікім гарадскім пікніку: усе ўдзельнікі суполкі не толькі танчылі, але і вельмі актыўна вучылі людзей засвойваць базавыя рэчы традыцыйнага танцу, найперш асноўны крок (трохкрок) ды іншыя рухі.

3 ліпеня на Дзень Незалежнасці Беларусі ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва далучылася да грамады: танчыла разам з мінакамі на пляцоўцы "Пешаходка".

Народныя танцы - не проста забаўка і актыўнасць, гэта канцэнтрацыя народнага досведу і культуры для найлепшага трэнінгу, фізічнага, маральнага, нават разумовага. Танчыць пад простыя рытмічныя мелодыі, здаецца, проста, але кожны танец складаецца з некалькіх рухаў, нескладаных, але прадуманых, за якімі трэба паспяваць, падтрымліваць добрую каардынацыю, не губляць сувязь з партнёрам. Гэтыя рухі і мелодыі ўдасканальваліся на працягу стагоддзяў, а можа, і болей, таму ніякія сучасныя фітнесы і трэнінгі не дадуць большага эфекту ў аздараўленні арганізму. Больш таго - нацыянальныя танцы ўласцівыя пэўнай мясцовасці, генатыпу мясцовых жыхароў, іхняму ладу жыцця, яны ўваходзяць у рэзананс з целам і душой, трапляюць у самыя глыбіні падсвядомасці, вяртаюць да спрадвечных каштоўнасцяў і ўяўленняў.

Наталля Шамянкова, Магілёў. Фота: Алесь Сабалеўскі.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Вылечыла

Сцяпан Кулік працаваў простым слесарам на дзяржаўным прадпрыемстве і быў майстрам залатыя рукі. Нават замежную машыну мог зрабіць як "ляльку". Грошай за такія паслугі не браў. Той тлумачыў так: "На працы добра плацяць". Таму кліенты разлічваліся цвёрдай валютай савецкіх часоў - гарэлкай.

Сцяпан той "валютай" дзяліўся з сябрамі, лішняга не ўжываў, дамоў ідучы плечуком плот не падпіраў, лужыны туфлямі не мераў, але, як казала жонка, заўжды быў пад "мухаю".

Задумала яна пазбавіць мужа ад такой заразы. Жанчына яна з характарам, ад задуманага ніколі не адступала. Праз колькі часу ўгаварыла мужа звярнуцца да знакамітага доктара, які прыехаў у іх горад, каб адвучыць усіх ад гарэлкі ды прыдбаць грошай на новую машыну.

Дапамагло. Сцяпан Кулік перастаў выпіваць пасля першага сеансу.

Болей за тое, нават павёў з гэтай чалавечай заганай актыўную барацьбу - на наступны дзень адмовіўся ад прапанаванай пляшкі, нават разбіў яе. Напарнікі страшна пакрыўдзіліся.

З таго часу ў яго з таварышамі па працы выйшла непаразуменне. З-за гэтага праз месяц Сцяпан вымушаны быў перайсці працаваць у прыватную фірму. Грошай пачаў зарабляць болей, што неймаверна ўзрадавала жонку. Вера казала шмат разоў пра тое сваім знаёмым, не прамінула перад начальства пахваліцца: які ж гэта цуд - мець такога мужа.

Дома Кулік таксама быў увесь у працы. І ў выходныя дні, і ў святы знаходзіў сабе занятак. Сам не сядзеў склаўшы рукі і жонцы прысесці не даваў.

Неяк аднаго разу сяброўка запрасіла Веру паглядзець абнову і з гэтай нагоды, каб рэч доўга насілася, выпілі па келіху шампанскага.

Увечары муж знюхаў, што ад жонкі пахне алкаголем, ды строга запытаў:

- Брагу піла?

- Ды не, што ты, - залямантавала ў апраўданне кабета. - Кропельку шампанскага.

- Які жах! Маці маіх дзяцей - алкагалічка, - грозна сказаў муж, узяў падушку і пайшоў спаць у суседні пакой.

Праз некалькі дзён у начальніка быў пяцідзесяцігадовы юбілей, і ён запрасіў саслужыўцаў у кавярню. На той бяседзе Вера сказала тост і выпіла за здароўе Пятра Іванавіча келіх віна.

Дома муж прачытаў жоцы "лекцыю" пра шкоду алкаголю, яго разбуральны ўплыў на жаночы арганізм і закончыў словамі:

- Калі падобнае яшчэ паўторыцца - паедзеш на прымусовае лячэнне.

З тае пары Вера перастала сустракацца з сяброўкамі, каб вольна правесці час, і болей не прымала ўдзел у застоллях на працы. Напачатку яе запрашалі, а поты не сталі рабіць гэта ўвогуле.

Неяк на Новы год да Кулікоў завіталі Верыны бацькі. Стол поўніўся розным стравамі. Не было толькі гарэлкі. Бацька Веры, чалавек кампанейскі, які жыццё ўспрымаў, як яно ёсць, у адно імгненне дастаў з кішэні паліто пляшку каньяку і па-святочнаму ўрачыста паставіў на стол.

Дачка ў немай роспачы перавяла позірк з таты на мужа.

Зяць тактоўна зрабіў заўвагу цесцю:

- У нашай сям'і не п'юць.

- Ха-а! - толькі паспеў выдыхнуць цесць.

- А вам, старому чалавеку, мусіць быць сорамна займацца такою справаю. Лічу, ганьба рабіць такое глупства. Як прышлі ў госці, дык будзьце людзьмі.

- Але, што мы такога кепскага зрабілі, сынок? - паспешліва пралепятала цешча.

- Самі труціцеся і падаеце кепскі прыклад астатнім. Такому пачастунку месца на сметніку.

Цесць хуценька прыбраў пляшку са стала.

Пасля колькіх глыткоў гарбаты госці паспяшаліся дамоў.

На развітанне маці паспачувала дачцы:

- Божачкі! Як ты жывеш з гэтым дурнем!

- Вылечыла на сваю галаву, - толькі і змагла сказаць Вера.

На наступны дзень Вера завітала да таго ж знакамітага доктара.

- Пэўна, ваш муж зноў пачаў выпіваць? - запытаў ён.

- Не! - са слязьмі на вачах адказала жанчына.

- Значыць, усё добра і прышлі выказаць мне падзяку. Не хвалюйцеся так, калі ласка!

- У вас да мяне просьба…

- Слухаю ўважліва.

- Зрабіце так, каб ён крышку выпіваў…

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX