Папярэдняя старонка: 2019

№ 34 (1445) 


Дадана: 21-08-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 34 (1445), 21 жніўня 2019 г.

Алена Анісім: "Буду вылучацца на прэзідэнта як кандыдат ад патрыятычных сілаў"

У Беларусі пачалася перадвыбарчая кампанія. З дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, старшынёй ТБМ Аленай Анісім пагутарыў карэспандэнт Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

- Што вам далі 4 гады ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў? Не шкадуеце, што пайшлі ў Палату? Які досвед вы там здабылі, што ўспамінаецца самае важнае і яркае?

- Я не шкадую, што зрабіла такі крок і трапіла ў склад Палаты. Пераканалася, што гэта было правільна. Але яшчэ больш пераканалася, што калі б нас такіх у Палаце было болей - то можна было б зрабіць больш у прасоўванні беларускай мовы, у дэмакратычным развіцці нашага грамадства. Я пераканалася, што, калі чалавек мае лідарскія якасці, павінен заяўляць пра сваё месца ў прыняцці рашэнняў, у тым ліку праз удзел у парламенце.

- Што ўзгадваецца як самыя галоўныя паразы і перамогі? Вы казалі, што бывалі расчараваныя, калі дэпутаты не адгукаліся на вашыя ідэі і прапановы. На што разлічвалі, што не спраўдзілася?

- Магчыма, параза ў тым, што не ўдалося сходу прабіць прыняцце законаў на дзвюх дзяржаўных мовах. Але пачала працаваць экспертная рада, якая гэтую справу давядзе да лагічнага канца. Гэта значыць, што законапраекты на беларускай мове будуць распрацоўвацца і падавацца. Будзе распрацаваны ўвесь пакет ужо прынятых законаў на беларускай мове.

Мне не ўдалося дамагчыся для маіх землякоў чыгуначнага прыпынку. Але затое яны атрымалі рэгулярныя аўтобусныя маршруты тры разы на дзень у раённы цэнтар. Гэта невялічкая, але перамога.

- Вы ўжо прынялі рашэнне наконт таго, ці будзеце яшчэ раз балатавацца ў Палату прадстаўнікоў? Як ацэньваеце свае шанцы?

- Маё рашэнне зноў вылучацца ў Палату знаходзіць падтрымку ў многіх людзей, у тым ліку з недзяржаўнага грамадскага сектару. Бо яны хацелі б мець свайго прадстаўніка ў Палаце, каб прасоўваць свае законапраекты і каб уплываць на прыняцце новых законаў у палепшаным выглядзе. Я спадзяюся, што мая кандыдатура будзе падтрымана і маімі выбарнікамі, а таксама сябрамі ТБМ.

На колькі я ацэньваю свае шанцы? Я чалавек сціплы, таму кажу - 50 на 50. Я разумею, што калі збяру актыўную каманду, якая будзе актыўна дзейнічаць, сучаснымі метадамі, то шанцы павялічацца.

- Вы ўзгадалі выбарнікаў, грамадскія аб'яднанні. Але ёсць яшчэ адна сіла - улада, якая грае вызначальную ролю ў тым, хто можа стаць дэпутатам. Ці ёсць у вас нейкія сведчанні, "сігналы" наконт таго, як ва ўладзе могуць паставіцца да вашага намеру зноў ісці ў дэпутаты?

- Я так мяркую, што ва ўладзе ёсць розныя людзі з рознымі прыхільнасцямі. Зацятых ворагаў я, спадзяюся, не нажыла - не ставіла сабе такой задачы. Многія, думаю, звыклі да таго, што я маю выразна акрэсленую пазіцыю, я ад яе не адступаю. Пры гэтым я не хлушу і не збіраюся мець нейкія асабістыя выгады ад Палаты прадстаўнікоў.

Таму я думаю, што вялікага супрацьдзеяння з боку ўладаў мне чакаць не даводзіцца. Але, магчыма, недзе ёсць і мае таемныя ворагі, гэта не выключана.

- Што за эпізод з выбачэннямі ў ваш бок ад Лукашэнкі?

- Калі падчас апошняга паслання Аляксандар Рыгоравіч агаварыўся. Першы раз я не заўважыла, бо думала, што гэта адносіцца не да мяне. Але потым ён зноў зрабіў агаворку, назваўшы мяне Таццянай. Пасля таго як размова ўжо скончылася, ён вяртаўся і, праходзячы міма мяне, падышоў і кажа: "Я памылкова назваў цябе Таняй, я ж ведаю, што цябе завуць Лена. Прабач". Паціскае мне руку, кажа: у мяне была дзяўчына ў маладосці, таму я і агаварыўся. На што я кажу жартоўна: "Дык гэта што, я трапіла ў разрад вашых любімчыкаў?" - "Ну не ворагаў жа".

Такі быў момант, у нейкай ступені паказальны. Аляксандар Рыгоравіч паказаў, што ён здольны прызнаваць нейкія свае хібы, калі на іх тактоўна ўказаць, здольны папрасіць прабачэння.

- Што скажаце тым праціўнікам удзелу ў выбарах, якія лічаць, што любы ўдзел - гэта гульня па правілах улады і што ён нічога не прыносіць?

- На гэта я адказала б так. Можам не ўдзельнічаць, можам не браць на сябе адказнасць на такім высокім узроўні. Ну, не было б мяне ў Палаце прадстаўнікоў. Не было б таго, што ў парламенце ўвесь час хаця б адзін чалавек выступае па-беларуску. Не было б маіх выступаў у Радзе Еўропы адносна таго, што Беларусь увесь час знаходзіцца не ў фокусе еўрапейскіх палітыкаў.

Не ведаю, ці здолелі б мы ўвасабляць у жыццё ідэю Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Напэўна, не была б створана экспертная рада па заканадаўстве на беларускай мове. Не кажучы пра тыя "дробныя" справы, калі я як дэпутат спрыяла людзям у вырашэньні іхніх праблемаў.

Па-другое, пайшоў працэс разумення таго, што можна не пагаджацца з уладай, але не быць унутры краіны ворагамі. Бо, калі мы становімся ворагамі, мы пачынаем паміж сабой ваяваць - і ў выніку можам згубіць краіну.

- З некаторых вашых ранейшых інтэрв'ю можна зрабіць высновы, што вашыя палітычныя планы і амбіцыі прасціраюцца далей за Палату прадстаўнікоў. Што вы задумваецеся і пра прэзідэнцкія выбары. Ці можаце вы тут сёння дакладна і напэўна сказаць, што вы збіраецеся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата?

- Апетыт прыходзіць падчас яды. Мая дзейнасць у Палаце прадстаўнікоў пераканала мяне ў тым, што трэба, каб патрыятычныя сілы абавязкова мелі свайго прадстаўніка ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Бо калі няма такога прадстаўніка, такога голасу - то гэтая частка грамадства не прэтэндуе на самы высокі пост. Гэта азначае, што грамадства не мае патрэбы, каб ажыццяўляць уладу на самым высокім узроўні.

- Дык які ваш адказ на маё канкрэтнае пытанне?

- І таму я збіраюся і ўжо пачынаю працаваць на тое, каб вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У Оршы прайшоў першы рэгіянальны Фэст грамадскай актыўнасці

На імпрэзе, падрыхтаванай аршанскім моладзевым аб'яднаннем "Звяз", пра сваю дзейнасць распавялі прадстаўнікі розных гарадскіх суполак і грамадскіх ініцыятываў. Яны падрыхтавалі прэзентацыі, фотавыставы, падзяліліся аповедамі пра свае дасягненні з гасцямі фэсту. А журы вызначыла пераможцаў. Вартых уганаравання аказалася шмат, і традыцыйных трох прызавых месцаў проста не хапіла, распавёў кіраўнік "Звязу" Ігар Казмярчак:

- З дзесяці арганізацыяў павінны былі быць вызначаны тры найбольш актыўныя. А вызначылася пяць. Мы так не прадугледжвалі, але журы вырашыла, што другая і трэцяя прэміі павінны быць падзеленыя. Першае месца атрымала аршанская суполка Таварыства беларускай мовы, яны вельмі актыўна працавалі ў гэтым годзе.

Трэцяе месца падзялілі аршанская суполка прафсаюзу РЭП і экалагічна-культурніцкая ініцыятыва "Чысты свет". Другое месца было прысуджана вядомай ініцыятыве "Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы", якая аб'ядноўвае нашчадкаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, і зусім маладая ініцыятыва "Хвосцікі", удзельнікі якой дапамагаюць беспрытульным жывёлам. Тое, што ў ліку пераможцаў апынуліся прадстаўнікі абсалютна розных накірункаў грамадскай дзейнасці, павінна пайсці на карысць далейшаму развіццю, лічыць кіраўнік суполкі Таварыства беларускай мовы Юры Нагорны:

- Заўсёды нармальна, калі ёсць канкурэнцыя. Было вельмі прыемна паглядзець, як арганізацыі стараліся, рыхтаваліся, колькі тут стэндаў, колькі людзей перазнаёмілася! Усё гэта спрыяе нашай актыўнасці, нашай культуры, агульначалавечай. І прыемна, што далучаецца моладзь, бо за ёй - будучыня. Фэст грамадскай актыўнасці прайшоў на аграсядзібе "Пуцяціна" ў вёсцы Стаўры Аршанскага раёна. Такая імпрэза адбылася ўпершыню, але цалкам верагодна, што яна стане традыцыйнай.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя.

ДАРОГУ АДОЛЕЕ ТОЙ, ХТО ІДЗЕ

Да 30-годдзя ТБМ

Галіна Варатынская

ГАЗЕТУ "НАША СЛОВА" ЧЫТАЮ ПАСТАЯННА. А ВОСЬ НАПІСАЦЬ, ПАДЗЯЛІЦЦА ІНФАРМАЦЫЯЙ ПРА ДЗЕЙНАСЦЬ НАШАЙ, УШАЦКАЙ РАЁННАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ, ВЫРАШЫЛА ТОЛЬКІ ЦЯПЕР. ДАТА Ж САПРАЎДЫ АДМЕТНАЯ -30 ГОД.

Яшчэ, калі ў 70-х гадах пачала працаваць ва Ушацкай раённай газеце, узяла сабе за правіла кожны матэрыял пісаць толькі па-беларуску, хаця на старонках нашага "Патрыёта" ў той час вольна гулялі рускамоўныя лозунгавыя артыкулы і пастановы, а напалову і карэспандэнцыі. Мае калегі Пётр Пратасевіч і Мікалай Лісічонак, якія прыстойна пісалі па-беларуску, у хуткім часе памянялі месца жыхарства. Прыходзілі новыя супрацоўнікі, якія таксама паступова пераходзілі на родную мову. А з-за таго, што ў нас у далейшым, як нідзе, рэдактары мяняліся кожныя пяць гадоў, то ім не выпадала ўводзіць свае парадкі, перацягваць крэн у бок рускай мовы. Так і атрымлівалася развіццё роднага слова: пакрокава, паслоўна.

З утварэннем нашай Ушацкай раённай арганізацыі ГА "ТБМ" на самым пачатку дзейнасці мне прыйшлося ўзначаліць яе. У склад таго спісу ўдзельнікаў увайшлі, канешне, перш за ўсё настаўнікі роднай мовы, а таксама культработнікі, з якімі ў мяне былі ўжо знаёмствы. Як і ўсюды, у той час, адчувалася дапамога работнікаў райвыканкама. Асабліва з боку кіраўніка справамі выканаўчага камітэта з дыпломам настаўніка нямецкай мовы Яўгена Гарановіча ды інспектара РАНА, па адукацыі - настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, Галіны Басак…

Я вяла тады ў рэдакцыі аддзел пісьмаў і работы з аўтарскім актывам. Калі наладжвала пасяджэнні грамадскіх карэспандэнтаў, то прыцягвала і актыўных аматараў роднай мовы. Таму такія нашы сустрэчы ператвараліся ў размову як пра селькораўскі рух, так і пра развіццё роднага слова ў друку…

Свой глыбінны ўнёсак у справу адраджэння нацыянальнай самасвядомасці зрабілі раённыя, а часам і абласныя святы літаратуры і мастацтва, якія доўгі час штогод наладжваліся ва Ушачах. Як толькі наступала лета, дык загадчыца аддзела культуры райвыканкама Таццяна Малак тэлефанавала са словамі:

- Давай сустрэнемся, абмяркуем сцэнар і дамовімся, каго будзеш запрашаць з пісьменнікаў.

Запрашала перш за ўсё сваіх сяброў-літаратараў з суседніх раёнаў. Спачатку іх прыязджала больш, а потым пачалі гаварыць прама: маўляў, няма за што і ехаць. Але хто гарэў жаданнем данесці да слухачоў роднае слова, сваю паэзію, той знаходзіў магчымасць. Як, напрыклад, Алесь Жыгуноў з Глыбокага. Транспартныя зносіны паміж нашымі раёнамі былі такімі, што даводзілася дабірацца праз Полацк. Дык вось мой тадышні сябрук (датуль, пакуль нас не раз'яднаў невядома каму патрэбны падзел пісьменніцкага Саюза), ён прызвычаіўся прыязджаць на сваім ровары. Апранае спартыўны касцюм - і дзясяткі кіламетраў па пыльнай дарозе. У нас пераапранецца - і на імправізаваную сцэну ў скверы. Яго і праз гады прыгадваюць ушачане як годнага паэта. Памятаю, як на такое свята трапіў мой брат, вайсковы падпалкоўнік, які шмат гадоў жыве ўдалечыні ад Радзімы, а час ад часу наведваецца дадому. Калі Алесь чытаў верш пра Беларусь, - заўважыла, як Дзмітры змахнуў скупую мужчынскую слязу: зашчыміла сэрца…

НАШЫ "РАДАЎЦЫ"

Памятаю, як жыла сваім прадметам настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жарскай васьмігодкі, сябра нашай раённай рады Вольга Маёрга. І вельмі шкада было пазней, што яна ад'язджала на Радзіму мужа: яе чакала незнаёмае Коста-Рыка. Праўда, калі наведвалася раз-пораз летам на Ушаччыну, то заходзіла ў рэдакцыю, расказвала, як уладкавалася. І мне прыемна было паведамляць нашым актывістам ТБМ аб усім гэтым. А, між іншым, там, у чужым краі, дзе, па яе словах, у грамадскім транспарце нават невядомаму ўсміхаюцца проста так, каб стварыць яму настрой, дзе ў дамах няма ніякіх дываноў на сценах (а ў нас тады яны былі галоўнай прыкметай дабрабыту), дзе за малым выключэннем жанчыны займаліся адно толькі выхаваннем дзяцей і стварэннем атмасферы ўтульнасці ў доме, а мужчыны дбалі пра матэрыяльнае… У тым краі, дзе дыплом настаўніцы беларускай мовы і літаратуры быў, канешне, незапатрабаваны, наша зямлячка ўсё роўна была шчаслівая ад сваёй прыналежнасці да кагорты заўзятых беларусістаў, да любай Радзімы.

Галоўны аграном саўгаса "Глыбачаны" Яўген Аксяновіч быў тады таксама сябрам раённай рады. Бывала, зробіць немагчымае: прыедзе нават і ў разгар сельгасработ на наша паседжанне за сорак кіламетраў, каб пабыць у атмасферы нацыянальнага духу, роднага слова. І на доўгія гады захоўвае прагу "чыркануць" нешта ў газету. Не толькі аб сельскагаспадарчым, але і літаратурным: то пра новую кнігу знаёмага беларускага літаратара, то нават пра канкрэтны цікавы верш вядомага пісьменніка. І заўсёды - на сакавітай роднай мове.

Настаўніца, а пазней намесніца дырэктара Ільюшынскай школы Ірына Казачонак таксама актыўна далучылася да нашай ТБМ-аўскай суполкі, была абрана ў раённую раду. А пазней - і дэлегатам 2-га з'езда ТБМ. Перада мной - пажоўклая "Выпіска з пратакола рэгіянальнай канферэнцыі Таварыства беларускай мовы" ад 4 чэрвеня 1991 года, якая сведчыць аб гэтым. Тады мы і накіраваліся з Ірынай Сяргееўнай у Менск. Колькі ў яе было ўражанняў ад той паездкі, колькі прагі яшчэ лепш служыць роднаму беларускаму слову. А пазней яна прымала ў сябе ў школе на мерапрыемстве да дня нараджэння Е. Лось нас з дачкой, якая спявала беларускія песні, а я расказвала пра тое цікавае, што ведала аб вядомай паэтэсе ад яе родных. І гэта была не апошняя такая сустрэча.

Немалую лепту ў адраджэнцкую дзейнасць унеслі культработніцы Ірына Урбан, Зінаіда Жарнасек, Соф'я Тарасеня, Галіна Жаланкоўская, Людміла Прасвет.

ІНФАРМАВАННЕ - ВАЖНЫ АСПЕКТ

Яшчэ калі не ўтваралася ТБМ, мне даводзілася наладжваць выпускі літаратурнага аб'яднання пры нашай "раёнцы". Перыядычна старонка "Неруш" змяшчала навіны пра поспехі творцаў-землякоў, а таксама спробы пяра жыхароў раёна, якія такім чынам удасканальваліся ў сваім захапленні прыгожым пісьменствам. Гэтыя літаратурныя выпускі карысталіся (карыстаюцца і цяпер) папулярнасцю ў жыхароў нашага раёна. Са стварэннем раённай арганізацыі ТБМ падалося мэтазгодным "Неруш" назваць старонкай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы і літаратурнага аб'яднання. Я тут змяшчала інфармацыю аб дзейнасці грамадскага аб'яднання ў Менску, Віцебску (была тады сябрам абласной рады ТБМ) і, канешне, нашага раёна. А больш за ўсё ўдзяляла ўвагу жывым матэрыялам з месцаў, якія ўзвышалі роднае слова, пераконвалі ў неабходнасці не губляць гэты нацыянальны скарб.

Захаваліся некалькі экзэмпляраў газеты 1999 года з выпускам "Нерушы". На красавіцкай старонцы інфармуецца, што ў Менску ў Доме літаратара адбыўся 6-ы з'езд ТБМ. "Вялася зацікаўленая размова пра тое, што наша родная беларуская мова нават ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя знаходзіцца ў загоне ў параўнанні з рускай". Тэзісна прыводзіцца сутнасць прынятай на з'ездзе Заявы "Аб адносінах ТБМ да выканання "Закона аб мовах".

Тут жа ў матэрыяле "…І на роднай мове" - пра паседжанне дзіцячай літаратурнай гасцёўні "Крынічка" раённага аб'яднання пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі, весці якую на грамадскай аснове мяне тады папрасілі. Цікава самой чытаць некалі напісанае:

"Люда Свідзінская са Старасельскай СШ раней пісала на рускай мове. Цяпер у яе атрымаўся шчыры верш на беларускай і пра беларускую мову… Аня Выдрына ўсяго чатыры гады як вучыцца ў Глыбачанскай СШ, прыехала з Расіі. Але яна прачытала свой вершык на беларускай мове. Вельмі добра… Так. Трэба любіць Пушкіна. Але несці з сабой і павагу да мовы сваёй зямлі, свайго краю".

На гэтай жа старонцы - здымак прыгожай дзяўчыны Рыты Сляпухі з сельскай школы і подпіс пра тое, што яна любіць розныя прадметы, у тым ліку і беларускую мову, якую выкладае Тамара Чумакова. Дарэчы, былая школьніца пазней стала афіцэрам міліцэйскай сферы, а любоў да роднага слова нясе па жыцці і сёння.

Лістападаўскі выпуск "Нерушы" таго ж, 1999 года, пачынаецца матэрыялам "Жыццё трагічнае, кароткае" пра паэта Сяргея Ракіту, дзядзьку С. Законнікава. Не памятаю ўжо, адкуль набыла столькі падрабязных звестак пра героя свайго аповеду…

Прыгадваю ў выпусках старонкі "Нерушы" тых гадоў карэспандэнцыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, а таксама аповеды пра іх. Памятаю сваю замалёўку на паўстаронкі пра яркую выканаўцу беларускіх прыпевак Варвару Бучынскую, карэспандэнцыі пра дзейнасць выкладчыцы курсаў роднай мовы ў міліцыі Наталлі Корань, кіраўніка літаратурна-краязнаўчага гуртка "Дэбют" у Касарскай школе Алену Тарасевіч. Некалькі разоў акцэнтавала ўвагу на Зінаідзе Гуськовай з Дубраўскай школы, якая вяла ў сябе літаратурны гурток на роднай мове. У хуткім часе яна стала дырэктарам гэтай установы, працягвала прывозіць на абласныя і раённыя літаратурныя святы ва Ушачы дзяцей, аўтараў вершаў.

У 2004-м нашы чытачы даведаліся пра 15-годдзе ТБМ, выхад газеты "Новы час", выдадзены "Вушацкі словазбор" Р. Барадуліна, шырокае святкаванне 80-годдзя В. Быкава, новыя вершы паэтаў-землякоў Міхася Мірановіча і Генадзя Аўласенкі, пра дзейнасць філіяла Літаратурнага музея П. Броўкі ў Пуцілкавічах…

У 2008 годзе старонка "Неруш" у нашай газеце была яшчэ сумеснай: ТБМ і літаратурнага аб'яднання, а ў наступным - ужо толькі літаратурнай…

Але дзейнасць раённай арганізацыі ТБМ працягвалася. Кожны з актывістаў настойліва і пераканана нёс па жыцці, перадаваў маладзейшым гарачую прыхільнасць да роднага слова. Сваю лепту ўносілі педагогі. І літаратурная творчасць ушачынцаў развівалася ў беларускім напрамку. Раённая газета па-ранейшаму высока несла, нясе і цяпер хараство роднага слова нашым чытачам.

Сёлета, як і раней, Віцебская абласная арганізацыя ТБМ, на гэты раз - праз грунтоўны, на высокім прафесійным узроўні разгляд пытання яе кіраўніком, педагогам і навукоўцам Юрасём Бабічам, - падвяла вынікі агляду-конкурсу мясцовага парыядычнага друку адносна ўжывання беларускай мовы. У ліку трох раённых рэдакцый - наша ўшацкая заняла першае месца, бо амаль стопрацэнтна - беларускамоўная. Роскід выкарыстання роднага слова ў перыёдыцы, аказваецца, значны. І гэта праблема, лічу, можа быць папраўлена як ідэалагічнымі службамі, так і канкрэтнымі журналістамі ў кожнай канкрэтнай газеце, сапраўднымі аматарамі беларускасці. Калі такія, канешне, знойдуцца. Абыякавасць "знізу" нічога не зрушыць з месца. І наадварот.

Прывяду такі прыклад. Некалькі гадоў назад да нас у рэдакцыйны калектыў прыйшоў працаваць Дзмітры Раманоўскі - пасля скарачэння штату ў райвыканкаме. І адразу стаў пісаць карэспандэнцыі на добрым узроўні, прычым, толькі на роднай мове. Пазней быў прызначаны галоўным рэдактарам нашай раённай газеты. Мы, вопытныя, не нарадуемся. Годны пераемнік…

А што некаторыя рэдактары раённых і абласных газет больш хінуцца да рускай мовы - гэта таму, што лічаць: такім чынам прыцягваюць чытача. Але ж наш "Патрыёт"на працягу доўгіх гадоў - адзін з лепшых у краіне па падпісцы.

НОВЫМ СКЛАДАМ

Час ідзе, усё мяняецца. Наспела неабходнасць у нашай раённай арганізацыі ТБМ перагледзець спіс. І якраз год назад, у ліпені 2018-га гэта адбылося. На сходзе пераабралі кіраўнічы склад. Касцяком сталі даўнія сябры-аматары літаратурнай творчасці, людзі розных прафесій. А галоўнае - аўтарытэтныя ва Ушачах людзі. Мне зноў даверылі кіраўніцтва раённай арганізацыі. У дапамогу намеснікам старшыні была абрана Ніна Цімафеева, урач па прафесіі, даўняя аматарка роднага слова. Пра многія навінкі беларускай літаратуры даведваемся ад яе. Калі бывае ў Менску, то не абыходзіцца без наведання кніжных магазінаў. І тады чытаем набытыя ёю навінкі, абмяркоўваем, узбагачаемся. Ніна Фёўдараўна - чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Яшчэ сябрам рады стаў Сяргей Каранеўскі, спецыяліст па тэхніцы бяспекі, аматар паэзіі.

На працягу многіх год без яго беларускіх экспромт-пасвячэнняў не абыходзілася ні адно свята, ні адзін юбілей хлебаробаў сельгаспрадпрыемства "Ільюшынскае". А як ведае літаратуру старшыня рэвізійнай камісіі нашай раённай арганізацыі Генадзь Ларчанка! Праблема са зрокам не перашкаджае яму шмат чытаць, аналізаваць, дзяліцца не толькі развагамі пра творы, але і наконт нашага паўсядзённага жыцця.

У свае шэрагі прынялі і ўрача Аляксандра Праніка, які некаторы час працаваў ва Ушачах, а цяпер раз-пораз наведваецца, каб аднавіць бацькоўскую хату. Як ён спявае беларускія песні пад гітару! Радаваў ушачан на маёй вечарыне, на літаратурнай імпрэзе Міхася Мірановіча, на малой радзіме фізіка і лірыка Генадзя Броўкі ў пасёлку Мірны…

Больш за дваццаць гадоў, пакуль я працавала (спачатку - па сумяшчальніцтву) кіраўніком народнага клуба творчых сустрэч "Муза", які стварыла пры РДК (пазней - раённы цэнтр культуры і народнай творчасці), гэтыя мае сябры ўдзельнічалі ў самых розных мерапрыемствах. Неслі ўшачанам і жыхарам іншых месцаў любоў да ўсяго роднага, непахіснага, вечнага. А найпершда беларускага слова. Менавіта на сваёй мове пісаліся сцэнарыі, гучалі вершы і песні.

І цяпер гэтую справу працягваем.

Нядаўна наша раённая арганізацыя ТБМ наладзіла сустрэчу з земляком, кіраўніком грамадскага аб'яднання "Садружнасць ветэранаў-ракетчыкаў" са Слуцка - Паўлам Пугачом. Ён - даўні аўтар раённай газеты, піша пра цікавыя аспекты сваёй былой ваеннай службы, удзел ва ўвекавечанні яркіх прадстаўнікоў касманаўтыкі, якія жылі ў іх горадзе, пра сваю любоў да малой радзімы. І сустрэча была цікавай ды пазнавальнай. Пасля гэтага наш госць заспяшаўся разам з сынам па родных месцах, перш за ўсё - па вёсках Рагазіна, Адворыца, Капцы. А мне замовіў тры экзэмпляры новай кнігі "Тапчу зямное каблучком". Раней набыў пяць зборнікаў "Не спужайце снегіра…" Калі спытала, навошта, адказаў: "Буду дарыць сваім сябрам-ракетчыкам. Хоць яны ў асноўным служылі ў Расіі, але няхай прывучаюцца да беларускай літаратуры"…

У лютым мы правялі конкурс вершаў і кароткай прозы да Міжнароднага дня роднай мовы. Адзначылі перш за ўсё свайго сябра Пятра Гарадзецкага, слесара па прафесіі, за абразок, які хочацца прывесці на заканчэнне:

"ЧАЛАВЕЧАЕ - ПРАЗ МОВУ

Пасля таго як мая маці пайшла з жыцця, доўгі час адчуваў, што нечага мне не хапае. Аднойчы на прыпынку аўтобуса я пачуў выраз:"Чаго глядзіш, нібы сабака на пасеі?"Маё сэрца страпянулася, бо гэты выраз я неаднойчы чуў ад мамы, яна ж растлумачыла мне яго сэнс. Маўляў, гэта азначае: ой, колькі яшчэ чакаць, столькі часу пройдзе, і то яшчэ можа нічога не будзе, чаго чакаеш… Я гатовы быў кінуцца з пацалункамі да бабулі, якая гэта вымавіла, бо ў імгненне зразумеў, што мне не хапае матулінай мовы. Не хапае срэбразвоннай крынічкі, якую я чуў з маленства, праз якую знаёміўся са светам, у якім з'явіўся.

Да мяне раптам прыйшло разуменне, што ўсё чалавечае, што ёсць у кожным, з'яўляецца да нас праз мову.

Пётр Гарадзецкі, аграгарадок Арэхаўна".

Прозвішчы Беларусі

Новая серыя. Частка ІV

Павел Сцяцко

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Смеяновіч (Арнольд) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Смяян і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смяянавіч - Смеяновіч. Утваральнае слова ад апелятыва смяян 'той, хто смяецца з каго-н., высмейвае яго' ("Беларускае народнае словўтварэнне" П. Сцяцко, с. 26).

Сосік (Уладзімір) - варыянт імя Сосій (< грэч. 'здаровы') набыў ролю прозвішча. Або ад апелятыва сос, сосік 'нікацінавая смала'.

Старычонак (Васіль) - вытвор з суфіксам -онак (-ёнак) ад антрапоніма Старык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Старыкёнак - Старыч(к/ч)онак. Утваральнае слова Старык - семантычны вытвор ад апелятыва старык 'старое рэчышча; старыца' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 946) або ад рус. старик 'стары чалавек'. ФП: стары ('які дасягнуў старасці; які даўно ўзнік, існуе доўгі час; вопытны, бывалы') - Старык ('нашчадак') - Старычонак.

Стрэж (Алена) - семантычны вытвор ад пелятыва стрэж < руск. стреж 'самае глыбокае месца рэчкі з хуткай плынню' (Даль).

Сукманаў (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сукман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сукманаў. ФП: сукман 'від вопраткі' (ад сукно з суфіксам -ман ( сук(н)ман), "Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 161) - Сукман (мянушка, потым прозвішча) - Сукманаў.

Сумараў (Васіль) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Сумар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сумараў. Утваральнае слова ад апелятыва руск. суморь 'хлеб', сумарь 'жабрак з сумою' (Даль).

Суравіцкая (Кацярына) - вытвоор з суфіксам -ск-ая ад тапоніма Суравічы і значэннем 'нараджэнка (жыхарка) названага паселішча': Суравічская - Суравіцкая.

Суравы і Сураў (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва суравы ('аб палатне, нітках) нябелены, натуральнага колеру, грубы' (ТСБЛМ - 2016, с. 799).

Сухавей (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва сухавей 'сухі гарачы вецер, які нясе з сабой працяглую засуху'.

Сяляўка (Павел) - семантычны вытвор ад апелятыва сяляўка (памянш. ад сялява (суфікс -к-а) 'рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская'.

Сямчонак (Лізавета) - вытвор з суфіксам -онак(ёнак) ад антрапоніма Сёмка, Сямко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сямкёнак - Сямч(к/ч)онак. Адымёнавае прозвішча: ад Сімяон, Сямён < грэч., яўр. 'пачуты Богам, якога Бог выслухаў'. Зафіксавана Сёмка (1746).

Талмачова (Святлана) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ов-а ад антрапоніма Талмач і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Талмачова. Утваральнае слова ад апелятыва талмач (бел. устар.) 'тлумач, перакладчык', руск. толмач 'тое ж' (Даль).

Тананушка (Наталля) - вытвор з суфіксам -ушка ад антрапоніма Танана і значэннем 'нашчадак (дачка) названа асобы': Тананушка. ФП: танана ('той, хто тананы водзіць - ходзіць без работы' (Даль) - Танана (мянушка, потым прозвішча) - Тананушка.

Толкіна (Вольга) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Толк і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Толкіна - Толкіна. Утваральнае слова ад апелятыва толк 'сэнс, сутнасць, разумнае меркаванне аб чым-небудзь'; 'карысць, добры вынік'.

Тоўсцік (Марына) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Тоўсты і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тоўстік - Тоўсцік. Параўн.: Валасацік, Зубасцік, Аброслік ("Беларускае народнае словаўтварэнне"). Утваральнае слова ад апелятыва тоўсты 'вялікі, значны ў аб'ёме, у абхваце, папярочным сячэнні'; 'які мае мажную, паўнацелую фігуру'; (пра голас, гук) 'нізкі, густы'.

Туміловіч (Наталля) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Туміла і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Туміловіч. ФП: Таміла (імя <ст. рус. 'мучыць') - Туміла (разм. форма з зменай о>у ( Мікола>Мікула)) - Туміла (мянушка) - Туміла (прозвішча) - Туміловіч. Або: Томаш - Тумаш - Туміла - Туміловіч.

Урбанскі (Усевалад) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Урбаны і значэннем 'нараджэнец ці жыхар названай мясцовасці': Урбанскі - Урбанскі. Або ад антрапоніма Урбан з значэннем 'нашчадак названай асобы': Урбанскі. ФП: Урбан (імя < лац. 'гарадскі, ветлівы') - Урбаны ('паселішча з прозвішчамі Урбан') - Урбанскі.

Філосаф (Вера) - імя (< грэч. 'мудры, аматар мудрасці') набыло функцыю прозвішча.

Фурманец (Ірына) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Фурман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Фурманец; параўн. Адамец. Утваральнае слова ад апелятыва фурман 'чалавек, які кіруе коньмі ў запэжанай павозцы; вазак'.

Фурцава (Кацярына) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Фурэц і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Фурэцава - Фурцава. ФП: фура ('вялікія, звычайна крытыя калёсы, машына і пад. для перавозкі грузаў') - фурэц (фурац) 'вазак') - Фурэц (мянушка, пазней прозвішча) - Фурцава.

Халяўкін (Дзмітрый) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Халяўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Халяўкін. Утваральнае слова ад апелятыва халяўка памянш. ад халява 'частка ботаў, яка закрывае нагу ад ступні да калена'.

Харлап (Ала) - варыянт імя Харлампій (грэч. 'які ззяе ад радасці') набыў ролю прозвішча. Фіксуюцца варыянты Харлам, Харламп, Харлап.

Хмяльніцкі (Багдан) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Хмельнікі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Хмельнікскі - Хмельніцкі - Хмяльніцкі .

Холад (Алена) - семантычны вытвор ад апелятыва холад 'нізкая тэмпература паветра'; 'надвор'е з нізкай тэмпературай паветра'; 'адчуванне дрыжыкаў (ад хвалявання, страху і пад.)'; перан. 'раўнадушныя, стрыманыя адносіны да каго-н., чаго-н.'.

Хрыпач (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва хрыпач 'чалавек з хрыплым голасам'.

Цабрук (Анатоль) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -ук ад антрапоніма Цэбар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цэбарук - Цабрук. ФП: цэбар ('шырокая круглая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі') - Цэбар (мянушка, пазней прозвішча) - Цабрук.

Царыковіч (Артур) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Царык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Царыковіч. ФП: цар ('тытул манарха у некаторых краіна, а таксама асоба, якая мае гэты тытул', (перан.) 'першы, лепшы ў якіх-н. адносінах') - Цар (празванне, потым прозвішча) - Царык ('нашчадак Цара', суфікс -ык(-ік)) - Царык (мянушка, потым прозвішча) - Царыкаў - Царыковіч.

Цуран (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва цуран - утварэнне ад цурацца 'адракацца, выракацца' (Нас.), укр. цурати, цуратися (Грынч.) 'той, хто цураецца, адракаецца': цуран.

Цылько (Алег) - вытвор з суфіксам -ко ад антрапоніма Цыля і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цылько - Цылько. Утваральнае слова ад імя Цыля (разм. ад Цыліна <лац. 'неба'.

Чарнагор (Святлана) - вытвор ад геаграфічнай назвы Чарнагорыя (Рэспубліка Чарнагорыя). "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1084: чарнагорац < чарнагор.

Чкалаў (Валерый) - відаць, другасная форма ад Чакалаў - утварэнне ад чакаць 'знаходзіцца, заставацца дзе-н., разлічваючы на чый-н. прыход, з'яўленне і пад. каго-н., чаго-н. ці здзяйсненне чаго-н.'; 'спадзявацца, прадбачваць што-н., разлічваць на што-н.'. ФП: чакаць - чакала ('той, хто чакае') - Чакала (мянушка, потым прозвішча) - Чакалаў - Чкалаў (спрашчэнне структуры слова).

Чуйкоў (Васіль) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Чуйка / Чуйко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чуйкоў. Утваральнае слова ад апелятыва чуйка 'той, хто (добра) чуе, адчувае'. ФП: чуць ('успрымаць што-н. на слых пры дапамозе органаў слыху'; 'успрымаць, пазнаваць шляхам адчування; адчуваць') - чуйка ('той, хто ўспрымае, пазнае'; чуй-ка) - Чуйка (мянушка, пазней прозвішча) - Чуйкоў. Слова падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1088: чуйка (чуццё).

Чышчэня (Ігар) - вытвор з суфіксам -эня(еня) ад антрапоніма Чышка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чышкеня - Чышч(к/ч)эня - Чышчэня. Утваральнае слова Чышка ад апелятыва укр. чишка 'цэшка' 'кукарда - знак устаноўленага ўзору на форменнай фуражцы'; а таксама 'кончык пальца' (Грынч.).

Шаброў (Міхаіл) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Шабар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шабароў - Шаброў. Утваральнае слова Шабар ад апелятыва шабар < руск. шабёр, шабр 'сябра, сусед, таварыш, удзельнік у агульнай справе' (Даль).

Шам (Дзмітрый) - семантычны вытвор ад апелятыва шам 'шум, шолах' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1093).

Шарох (Ягор) - акцэнтаваны варыянт антрапоніма Шорах (гл.) з галосным о на канцавым складзе для адмежавання ад апелятыва шорах.

Шаўчэня (Марыя) - вытвор з суфіксам -эня (-еня) ад антрапоніма Шавец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шавеценя - Шаўч(ц/ч)эня. Утваральнае слова ад апелятыва шавец 'майстар па шыцці і рамонце абутку'.

Шкрэд (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва шкрэд (рэг.) 'задзіра, упарты чалавек' (Юрч.); 'малы, нізкарослы' (Бяльк.).

Шкуран (Аркадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва шкуран - утварэння з суфіксам -ан ад назоўніка шкура і значэннем 'зроблены з шкуры' (ёмістасць) або як скарочаная форма ад шкураны (субстантываваны прыметнік) ("Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 147).

Шкут (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва шкут 'невялікі кусок матэрыялу' (Бяльк.), укр. 'няздатны чалавек, слабасільная жывёліна' (Грынч.).

Шорах (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва шорах 'глухі гук ад трэння, лёгкага дакранання да чаго-н.'.

Шрубок (Аліна) - семантычны вытвор ад апелятыва шрубок ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1105) - памянш. ад шруба 'шпень са спіральнай нарэзкай'.

Шульган (Канстанцін) - семантычны вытвор ад апелятыва шульган 'ляўша' (ад шульга 'левая рука') (Даль).

Шумчэня (Наталля) - вытвор з суфіксам -эня(-еня) ад антрапоніма Шумок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шумокеня - Шумч(к/ч)эня. Утваральнае слова ад апелятыва шумок - памяншальнае ад шум (суфікс -ок) 'гукі, якія зліліся ў нязладжанае гучанне ', 'сварка, крыкі незадавальнення' або (разм.) 'пеністы налёт на паверхні супу і пад. пры кіпенні, а таксама пена на сырадоі'.

Шчэціна (Вераніка) - семантычны акцэнтаваны вытвор ад апелятыва шчаціна 'шчацінне' ('жорсткая прамая шэрсць у некаторых жывёл', 'кароткія жорсткія валасы на няголеным твары' (разм.).

Шымялевіч (Міхаіл) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Шымель і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шымелевіч - Шымялевіч. Адымёнавае прозвішча: ад Шымель - варыянт імя Шыман (Сіман) < грэч. 'пачуты Богам'; яўр. 'паслухмяны'.

Шышло (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва шышла / шышло - нульсуфіксавага ўтварэння ад руск. шишлять 'марудна што-н. рабіць, пэцкацца' - 'капун, маруда' (Даль).

Узноўлена найпрыгажэйшае і найдаражэйшае выданне ў айчыннай гісторыі

Да 1000-годдзя Берасця, якое будзе святкавацца ў верасні, завяршаецца выданне факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі.

Самая вялікая і багата аформленая беларуская друкаваная кніга XVI стагоддзя была выдадзена на старапольскай мове на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе і стала адным з першых поўных перакладаў новага часу з моваў арыгіналу: іўрыту і грэчаскай мовы.

Факсімільнае ўзнаўленне знакамітай Берасцейскай Бібліі 1563 года завяршаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Вядуцца працы па аздабленні аправаў адразу 8 асобнікаў. Фундатарам праекту выступіла кампанія "Белнафтастрах". Па інфармацыі Krynica.info, сабекошт аднаго асобніка ў самым каштоўным аздабленні перавысіць 1000 еўра. Кніга прызначана для прэзентацыйных мэтаў, але выдаўцы абяцаюць і працяг.

Новае выданне з яўляецца дакладнай копіяй арыгінала з паўтарэннем асаблівасцей не толькі друку, але і паперы, пазнейшых пазнак і інш. Апроч таго, частка выдання зроблена на беларускай мове.

- Мы завяршаем працу над факсімільным узнаўленнем ці не самага загадкавага, найпрыгажэйшага і найдаражэйшага выдання ў айчыннай гісторыі - знакамітай Берасцейскай Бібліі 1563 года, - распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат культуралогіі А.А. Суша.

Для ўзнаўлення нацыянальнай святыні была выкарыстана практыка дзяржаўна-прыватнага партнёрства. А.А. Суша паведаміў, што пры рэалізацыі гэтага знакавага праекту свае сілы аб'ядналі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і кампаніі "Белнафтастрах".

- Да факсіміле Бібліі мы далучылі новае даследаванне пра Берасцейскую Біблію на беларускай мове. Вокладка агульная, з пазнавальнай назвай - "Берасцейская Біблія", - патлумачыў спадар Алесь Суша.

Навукова-даследчыя, дызайнерскія і ўласна выдавецкія работы па падрыхтоўцы факсімільнага ўзнаўлення працягваліся больш за год. Алесь Суша адказваў за ідэйна-арганізацыйны і навуковы блокі. У групе таксама былі прафесійныя дызайнеры, рэдактары, выдаўцы, паліграфісты, майстры пераплётнай справы.

Нягледзячы на больш, чым дзесяцігадовы досвед працы па факсімільным узнаўленні нацыянальных кніжных скарбаў, група па перавыданні Берасцейскай Бібліі сутыкнулася з многімі новымі цяжкасцямі. Гэта было звязана з выключна вялікім памерам выдання і неабходнасцю ўручную рэканструяваць пераплёт фаліянта XVI ст.

Намеснік дырэктара бібліятэкі распавёў, што галоўныя цяжкасці былі пераадолены і праца па падрыхтоўцы факсімільнага ўзнаўлення падыходзіць да свайго завяршэння. Ужо зусім хутка выйдзе першы наклад выдання, прызначаны для прэзентацыйных мэтаў. Усе асобнікі факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі робяцца ўручную. Зараз завяршаецца праца над 8 фаліянтамі.

- Ідэя факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі ўзнікла каля васьмі гадоў таму пры падрыхтоўцы да святкавання яе 450-годдзя ў час правядзення вялікага міжнароднага круглага стала. Гэта было ўнікальнае выданне, якое істотна паўплывала на эпоху.

Мы прааналізавалі вядомыя асобнікі Берасцейскай Бібліі, вывучылі, у якім стане яны захаваліся, і выбралі найлепшы, які захоўваецца ў Торуньскім універсітэце. Ён належаў Багуславу Радзівілу, вядомаму вайсковаму і культурнаму дзеячу ВКЛ. Багуслаў Радзівіл стварыў у Слуцку багатую бібліятэку, дзе захоўвалася і Берасцейская Біблія разам з Радзівілаўскім летапісам. Гэты асобнік быў пакладзены ў аснову факсіміле, таму што для нас важна пераемнасць, а Радзівілы захоўвалі гэту Біблію як святыню, - адзначыў спадар Алесь Суша. - Факсіміле атрымалася яркім, яно адлюстроўвае дух эпохі і дакладна перадае арыгінальны памер. Вага фаліянта, 15 кілаграмаў, пакідае вялікае ўражанне пасля таго, як возьмеш яго ў рукі.

Факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі будзе прэзентавана ў час святкавання тысячагоддзя Берасця 7-8 верасня, а таксама на Дні беларускага пісьменства 1 верасня ў Слоніме.

Перавыданне кніжных скарбаў ажыццяўляецца ў працэсе спасціжэння велічы гісторыі Беларусі, яе слаўнай мінуўшчыны, і служыць уздыму патрыятычных пачуццяў.

Падрыхтвала Э. Дзвінская. Фота з сайта Krynica.info. На здымках: 1. Вокладка факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі, 2019 год. 2. А.А. Суша з фаліянтам Берасцейскай Бібліі ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Свята мовы і паэзіі ў Зачэпічах

Трэцяе абласное свята мовы і паэзіі вітала аматараў беларускага слова на Дзятлаўскай зямлі. У вёсцы Зачэпічы некалькі дзясяткаў гасцей з Гарадзенскіх рэгіёнаў, а таксама мясцовыя жыхары адзначылі памяць трох заходнебеларускіх паэтаў, якія паходзілі з гэтай мясцовасці: Пятруся Граніта, Васіля Струменя ды Герасіма Праменя. Кажа адзін з ініцыятараў традыцыйнага свята, старшыня дзятлаўскай раённай суполкі Таварыства беларускай мовы Валеры Петрыкевіч:

- У гэтым годзе на мерапрыемства з'ехаліся людзі з Гарадзеншчыны. Не было прадстаўнікоў Менска, але тым не менш прайшло свята вельмі цудоўна. Было шмат людзей, па маіх падліках, - чалавек 80, а мо і 90. Амаль усе жыхары вёскі Зачэпічы і Каршакоў: старыя, малыя, нямоглыя, усе прыйшлі. У гэтым годзе да нас далучыліся супрацоўнікі бібліятэкі, і яны былі вядоўцамі. Гэта вельмі цудоўна, калі мы супрацоўнічаем разам.

Паэзія, якая прагучала на імпрэзе пад памятным каменем, была пераважна пад акампанемент гітары. Гучалі гітары музыкаў Алеся Закрэўскага, Міхася Зізюка, Святланы Абдулаевай, Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Чарняка. Апошні выканаў песню пра Зачэпічы на словы беларускага літаратара Сяргея Чыгрына. Кажа Сяргей Чыгрын:

- Я не такі ўжо і вялікі паэт, я больш займаюся літаратуразнаўствам, гісторыяй, краязнаўствам. Але тым не менш час ад часу бывае, што натхненне нахлыне і нешта напішацца такое, што дарагое сэрцу. Таму што вёску Зачэпічы я ведаю яшчэ са школы, цікаўлюся гэтым. І Калеснік назваў, і тут называлі вёску "гняздом паэтаў", дзе нарадзіліся тры заходнебеларускіх паэты. І вось пра гэтую вёску і гэтых паэтаў напісалася некалькі вершаў.

На свяце мовы і паэзіі выступалі таксама са сваімі вершамі перад прысутнымі Раіса Лакіза, Станіслаў Суднік, Сяргей Чыгрын, Ала Петрушкевіч, Мячыслаў Курыловіч.

Навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзялення Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун распавёў, што ў лідскім музеі сабраны вялікі матэрыял пра Васілям Струменя і на наступны год музей плануе тут у Зачэпічах прэзентаваць кнігу паэта.

Прывіталі ўдзельнікаў свята асноўны арганізатар фэсту, старшыня абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка і прадстаўнікі мясцовых уладаў.

Удзельнікі свята наведалі дом Пятруся Граніта і мясцовыя могілкі, дзе пахаваны паэт.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Здымкі С. Судніка.

Іркуцкі беларускі клуб "Крывічы" ў Магілёве

Цудоўная вечарына пры чынным удзеле Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ прайшла ў магілёўскім мастацкім музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі 31 ліпеня. Беларусы з Іркуцка - Алег Рудакоў і Вольга Галанава з этнаклуба "Крывічы" прадставілі праграму "Песні і танцы беларусаў Іркуцкай вобласці".

Унікальны творчы калектыў, гурт аўтэнтычнага спеву "Крывічы", заснаваны ў 2009 годзе з ініцыятывы вядомага лідара беларусаў Іркуцкай вобласці Алега Рудакова і Вольгі Галанавай, якая і стала натхняльніцай і кіраўніком гурта.

Раней у Прыбайкаллі беларуская песня гучала ў шматлікіх вёсках, заснаваных перасяленцамі. Цяпер "старую" песню пачуць можна толькі зрэдку. Удзельнікі гурта вырашалі даць другое жыццё традыцыйным абрадавым і пазаабрадавым спевам, якія выконваюць у старажытнай манеры спеву продкаў-беларусаў. Матэрыял быў запісаны падчас этнаграфічных вандровак па вёсках Прыбайкалля, заснаваных беларускімі перасяленцамі ў пачатку ХХ стагоддзя (1902-1912 гг.).

Усе дзяўчаты - удзельніцы гурта "Крывічы" нарадзіліся ў Сібіры, але з задавальненнем вывучаюць мову сваіх продкаў і спяваюць родныя песні. Гурт неаднаразова выступаў у Беларусі, у тым ліку на фестывалі мастацтваў беларусаў свету.

Алег вельмі цікава і падрабязна распавёў гісторыю свайго шляху да беларускасці, пра стварэнне суполкі беларусаў у Іркуцку, пра этнаграфічныя экспедыцыі па ўнікальных беларускіх вёсках Сібіры. Аказваецца, у сібірскіх вёсках дасюль гавораць на добрай беларускай трасянцы і захоўваюць у куфрах традыцыйныя строі.

Дзякуючы дзейнасці гэтага чалавека беларускае жыццё ў далёкім Прыбайкальскім краі віруе напоўніцу. Іркуцкае таварыства беларускай культуры існуе ўжо болей за 13 год. Арганізацыя працуе па 20-ці розных напрамках, у тым ліку займаецца правядзеннем нацыянальных абрадавых святаў, рэканструкцыяй нацыянальных старажытных беларускіх строяў, адраджэннем беларускіх рамёстваў, вывучэннем беларускіх бытавых танцаў, праводзіць этнаграфічныя вандроўкі па прыбайкальскіх вёсках. Таварыствам створана 11 аддзяленняў па розных гарадах Іркуцкай вобласці. Нездарма ў мясцовых сродках масавай інфармацыі пачалі гаварыць пра тое, што ў Іркуцку вядзецца нейкая "экспансія" беларускай культуры.

Ну а майстар-клас па танцах увогуле быў неверагодны - магілёўскія аматары патанчыць развучылі некалькі новых вясёлых танцаў, якія захавалі беларусы за шэсць тысяч кіламетраў ад сваёй Радзімы.

Вялікі дзякуй музею Бялыніцкага-Бірулі і асабіста яго дырэктарцы Святлане Строгінай за цёплы прыём і дапамогу ў правядзенні вечарыны!

Н.М. Шэмянкова, г. Магілёў. Фота: Алесь Сабалеўскі.

Новая кніга Сяргея Чыгрына пра Слонімшчыну

Менскае дзяржаўнае выдавецтва "Беларусь" выпусціла кнігу Сяргея Чыгрына "Слонімшчына. Гістарычныя нататкі". Па словах аўтара кнігі, у ёй адлюстравана гісторыя Слонімшчыны ў невялікіх тэкстах, шматлікіх фотаздымках і малюнках. Тэксты і здымкі ў кнізе дапаўняюць адзін аднаго, каб праўдзіва паказаць гісторыю слонімскай зямлі, лёсы людзей, помнікі, падзеі, факты. Ад першабытных людзей да сучасных падзей на Слонімшчыне - гэта падарожжа ў часе. Таму тых, хто захоплена ўглядаецца ў сівую мінуўшчыну Слонімшчыны і ў яе сучаснасць, чакаюць цікавыя адкрыцці і сустрэчы на старонках новай кнігі Сяргея Чыгрына. Выданне арыгінальнае сваім дызайнам, паліграфічным аздабленнем і задумкай выдаўцоў і аўтара. Кнігу з цікавасцю пагартаюць і пачытаюць тыя, хто любіць і захапляецца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя.

А. Меркель: "Германія гатова да выхаду Вялікабрытаніі з ЕЗ без дамовы"

Навіны Германіі

Для ўраду Германіі выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу без дамовы не стане нечаканасцю, - заявіла ў нядзелю, 18 жніўня, нямецкая канцлерка Ангела Меркель. Яна выступіла ў Берліне перад публікай, якая сабралася каля будынка ўраду з нагоды традыцыйнага Дня адчыненых дзвярэй.

Было б лепш, каб Вялікабрытанія выйшла з Еўразвязу паводле дамовы аб выхадзе, але калі гэтага не ўдасца дамагчыся, то Германія гатовая "і да іншых варыянтаў", цытуе Меркель "Нямецкая хваля".

Раней прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан неаднаразова заяўляў, што ў любым выпадку мае намер вывесці краіну з ЕЗ да 31 кастрычніка, нават калі давядзецца накінуць Еўразвяз без дамовы.

Лідар брытанскай апазіцыйнай партыі лейбарыстаў Джэрамі Корбін мяркуе, што ўрад краіны не мае паўнамоцтваў на "Брэксіт" без пагаднення з Бруселем. Пра гэта Корбін напісаў 14 жніўня ў лісце да лідараў апазіцыйных палітычных партый і дэпутатаў брытанскага парламенту. Палітык мае намер прадухіліць развіццё падзей па такім сцэнары, у прыватнасці, ініцыяваўшы галасаванне аб даверы Борысу Джонсану.

Радыё Свабода.

Паважаныя сябры!

28 жніўня (серада) і 30 жніўня (пятніца) з 18:20 запрашаем на чарговыя заняткі новага сезону "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, вядомым археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, грамадскім дзеячом.

Тэма сустрэчы "Старажытны Мсціслаў у часы ВКЛ", тэма другой - "Помнікі архітэктуры старажытнага Слоніма". Таксама будуць ладзіцца прагляды гістарычных фільмаў і іх абмеркаванне. Чакаем у офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13) 28 жніўня і 30 жніўня ў 18:20. Уваход вольны.

Да Дня беларускага пісьменства ў Слоніме "Белпошта" выпусціла мастацкую марку.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Мотус С. - 30 р., г. Менск

2. Баброўнічы Н. - 15 р., г. Менск

3. Рыбачонак А.М. - 20 р., Міханавічы

4. Птушка С. - 10 р., в. Хільчыцы

5. Рабека Мікола - 40 р., г. Менск

6. Вяргейчык - 30 р., г. Барысаў

7. Крыўко - 7 р., г. Наваполацк

8. Ляўшун Д. - 15 р., г. Менск

9. Невядомы - 40 р., г. Менск

10. Кітайкіна Галіна - 5 р., г Менск

11. Барыс Сымон - 5 р., г. Менск

12. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

13. Ралько Леанід - 20 р., г. Баранавічы

14. Панасюк - 20 р., г. Менск

15. Лічык А.А. - 1 р., г. Менск

16. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

17. Шкірманкоў 20 р., г. Шаркаўшчына

18. Жыдаль Дзяніс - 10 р., г. Менск

19. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск

20. Кукавенка Іван - 25 р., г. Менск

21. Галай Аркадзь - 20 р., г. Менск

22. Копыл Ілля - 50 р., г. Меск

23. Каржанеўская Марыя - 20 р., г. Заслаўе

24. Стрыгельская Наталля - 50 р.

25. Сівы Сяргей - 7 р., г. Валожын

26. Неабыякавы - 20 р., Беларусь

27. Сямашка У. - 95 р., г. Берасце

28. Бойса Іосіф - 30 р., г. Ліда

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

БАЛАДА КАНСТАНЦІНА АСТРОЖСКАГА (1460-11.09.1530)

У волавам залітых кайданах

Цябе паўмёртвага ў палон вязуць.

Пылае злосць у ворага ў вачах -

Не дачакацца ім тваю слязу.


Каля Вядрошы пралілася кроў,

І хоць ты ўчора там не перамог,

Але табой не згублена любоў

Да родных ніў, да вёсак і дарог.


І не прымусіць аніхто павек

Цябе служыць чужынцам, у якіх

Галовы парассыпаны ў траве

І валуны ад замкаў межавых.


Ты - князь Астрожскі, хоць нявольны ты,

І будзеш князем, уцячэш дамоў,

І вораг азвярэе на гады -

Яму тваю не зразумець любоў.


І прыйдзе час, і вораг прыйдзе зноў

І ты ля Воршы волю адстаіш.

З мяча свайго ў Крапіўне змыеш кроў,

І меч падымеш над зямлёй, як крыж…

7.06.2019 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА (1470(?) - 1533(?))

Не спіш. На паперу кладзецца лаціна,

Густая, прыгожая, як павуціна,

Што жнівеньскі вецер нясе над табою

І па-над Дняпроваю стромай крутою,

Дзе сосны стаяць, як у Рыме калоны.


Ты песню пра зубра складаеш для Боны,

Для цэлай Еўропы, якая ваюе

І родныя хаты, і замкі руйнуе,

Нібыта ў знішчэнні ратунак народам,

Якія ў няволі, як рыба пад лёдам.


Ты песню складаеш пра веліч Радзімы,

Дзе леты кароткія, снежныя зімы,

Дзе ранак збуджаюць зубрыныя рыкі,

Дзе мужныя людзі і Вітаўт Вялікі,

Дзе ў кожнай расінцы паэзія днее,

Дзе родная мова, як сонейка, грэе.

І ты ўсё не спіш і ўсё вяжаш лаціну,

Нібы ўратаваць песняй зможаш краіну,

Што Княствам Вялікім завецца стагоддзі

І сёння, як лета, паціху сыходзіць,

І сыдзе не хутка, але - немінуча.

Ад гэтага сэрцу балюча-балюча.

І кожнае слова тваё, як слязіна,

І ў кожнай слязіне - жывая Айчына.

1.04.2009 г.

БАЛАДНЫ МАНАЛОГ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ (каля 1490-каля 1551)

Я спытаў у людзей: "Як жывеце, браткі?"

"Слава Богу, яшчэ мы жывём…", -

адказалі мне ўсе.

І ў пустыя кішэні схавалі глыбей кулакі.

Як цярпліва мой люд

да магілы нядолю нясе.


Я спытаў у царквы:

"Што стаіш без крыжоў, без званоў?"

І ўздыхнула царква,

і ўзляцелі вароны з царквы.

Праз асфальт з небыцця

праступіла нявінная кроў

І згарэла праз міг у зялёным агмені травы.


Я спытаў у забытых магіл:

"Хто вас так патаптаў?"

Толькі глуха магілы без слоў

прастагналі ў адказ.

А над горадам шэрым

анёлак самотны лятаў,

Нёс у белай руцэ

распатрошаны процівагаз.


Я ў Айчыны спытаў:

"Ці чытаюцца кнігі мае?"

Завішчэў-закрычаў ля карыта

раскормлены Хам:

"Што нам кнігі твае,

кніга есці людзям не дае!"

Сапраўды не да кніг,

калі свінні забраліся ў Храм!


Час не той, век не той,

толькі ўсё як было, так і ёсць:

Адны ў поце гібеюць,

другія спраўляюць гульбу,

Гаспадар-беларус

на Айчыне жыве, нібы госць,

І бясконца за волю,

за мову вядзе барацьбу.

І хацеў я праклясці сябе

і вярнуцца ў Нябыт,

Але вецер залётны мне з пляца,

як з неба, прынёс

Галасы маладых,

што казалі ўсю праўду пра быт

І пра кнігі мае, і народа чарнобыльскі лёс.


І пайшоў я на пляц,

і пабачыў "Пагоню", сцягі,

І пачуў сваю мову

і песень прывольны разліў,

І адчуў: родны край

не заменіш ніякім другім

Аніколі,

Ніколі,

Нідзе

І нічым на зямлі!

1991 г.

БАЛАДА БОНЫ СФОРЦА (2.02.1494-1557)

За карэтай, як самота, шэры пыл

З ветрам асядае на траву сівую.

У Італію да замкаў і магіл,

Нібы ў маладосць сваю даўно былую,

Уцякае Бона Сфорца ад сябе,

Ад кахання, ад князёў, ад шляхты п'янай,

Што ў маёнтках, вар'яцеючы ў журбе,

Могуць пасмяяцца з пасівелай панны,

Што была красуняй, за якую біцца

Кожны быў гатовы, хто з ёй побач быў.

А цяпер жа следам толькі пыл клубіцца,

Пыл сівы, як тыя, хто яе любіў...

У карэце каралевы Боны многа

Дыяментаў, залатое драбязы,

І яны грукочуцца на ўсю дарогу,

Быццам брама ў Беларусь на ўсе часы

Забіваецца цвікамі залатымі…

25.08.2005 г.

БАЛАДА ПЯТРА МСЦІСЛАЎЦА (16 стагоддзе)

Друкуеш кнігі, ну а іх баяцца

Царкоўнікі, якім асвета - зло,

А не жывое Божае святло,

Якому быць не толькі ж у палацах.


І ты з Масквы ў Заблудаў уцякаеш,

У родны край, дзе твой народ жыве

І не губляецца, нібы ў траве,

У шэрым свеце, што не стане раем,


Хоць райскага жыцця ўсе тут жадаюць,

Тут, на зямлі, дзе Храмы, дзе турма,

Дзе ты друкар і лепшага няма,

Чым ты, і ўжо не ў госці запрашаюць

Мамонічы цябе, а каб у Вільні

Ты кнігі друкаваў для ўсіх людзей,

Якім за родны край краёў мілей

Няма й не будзе, і не ўзыдзе быльнік


На курганах, дзе Беларусь святая,

Бо кніга кожная твая святлом,

Нібы анёлак незямным крылом,

Нас ад цямнечы злой аберагае...

8.06.2010 г.

БАЛАДА АРШАНСКАЙ БІТВЫ (8.09.1514)

Не вясна, ды Крапіўна ля Воршы,

Як з палону, ідзе з берагоў.

І крыляе над ёй чорны коршак,

Бо не рэчка цячэ, цячэ кроў,

Кроў маскальская, нашая кроў.

І ты сёння не прыйдзеш дамоў,

Бо ляжыш, як на пласе, на полі,

Дзе не ўстануць ніколі, ніколі

Ні чужынцы, ні нашыя воі,

Пра якіх дома скажуць: "Героі!",

Ну а потым забудуць, каб зноў

Праліваць звадзянелую кроў.

І цябе не пакліча Астрожскі,

Бо цябе ўжо на свеце няма,

Ты душою ляціш у Храм боскі,

Белы-белы, нібыта зіма,

І чырвоны, як нашая кроў,

Як віно, як і кроў маскалёў,

Што хацелі наш край зваяваць,

А цяпер у Крапіўне ляжаць

І не ўстаць ім ніколі, ніколі,

Як ніколі ад нас нашай волі

Анікому, нікому забраць

Не дадзім мы, бо сёння на полі

Ты ляжыш, як прад Богам наш шлях,

Ты ляжыш, нібы меч на руках

У Айчыны, якой ты не знаеш,

За якую душой адлятаеш...

22.08.2005 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Лета - пара падарожжаў

З 23 па 25 ліпеня 2019 года група ў складзе дзятлаўчан: трох Петрыкевічаў - Валерыя, Аляксея, Міхася і Дзмітрыя Ёды ды двух гарадзенцаў - Уладзіміра Хільмановіча і Віктара Парфёненкі на байдарках прайшлі па правым прытоку р. Нёман рацэ Бярэзіне. Падарожжа пачалі ад вёскі Бакшты, што ў Іўеўскім раёне. Тут на ўскрайку Налібоцкай пушчы кучна размясціліся вёскі: Барысаўка, Астраўцы, Пацавічы, Забярэзь, Ягадзень і непасрэдна Бакшты, нібыта сталіца гэтага краю. У Бакштах некалькі вуліц, звыш 500 жыхароў, сельсавет, лясніцтва, ФАП, школа, магазін. Берагі Берэзіны тут балоцістыя, парослыя чаротам і кустоўем, толькі там-сям да вады вядуць вузенькія сцежкі з масткамі, на 2-3 метры ўторкнутымі ў раку. Найлепшае і амаль адзінае месца для спуску сродкаў сплаву на ваду гэта на ўчастку "Лазня". Праўда, уваход на яго тэрыторыю - толькі з дазволу гаспадара. Трава тут пакошаная, берагія тупкія, каля будынка стол, на якім можна з камфортам перакусіць перад сплавам. Шырыня ракі - 12-15 м, глыбі-ня каля - 1 м, вада вельмі чыстая.

З канца 19-га і да сярэдзіны 20-га стагоддзя ў Бакштах была прыстань. Па Бярэзіне ў высокую ваду невялікія буксіры цягнулі павязаныя ў плыты хвойкі з навакольных лясоў. Шлях быў да Нёмана і далей па ім у г. Гародню, Літву і Прусію. Сёння пра карабляходства памятаюць лічаныя старажылы, а калісьці ў лесанарыхтоўцы, тралёўцы да вады, вязанні плытоў, былі занятыя амаль усе дарослыя мужчыны навакольных вёсак.

На загрузку байдарак і перакус затрацілі гадзіну часу. Плынь ракі даволі хуткая, у русле ніякіх перашкод, толькі дзе-нідзе ў прыбярэжным чароце то з'яўляліся, то знікалі "масткі" і прышвартаваныя лодкі жыхароў Заберазі, Бакштаў, Ягадзеня. За апошняй вёскай Бярэзіна прымае воды свайго найвялікшага і вельмі папулярнага ў турыстаў-воднікаў левага прытока р. Іслач. Яна бярэ пачатак на схілах Менскага ўзвышша, побач са сталіцай Беларусі і вызначаецца крынічнай халоднай і вельмі чыстай вадой. Да сённяшняга дня ў Іслачы водзіцца чырвонакніжная стронга.

Злучыўшыся з Іслаччу Бярэзіна становіцца значна шырэйшай і глыбейшай. Неўзабаве можна ўбачыць пару хатаў хутара Пятухова, а прыкладна праз гадзіну ходу вясковыя пабудовы віднеюцца на абодвух берагах ракі. Назва гэтага ўрочышча і пасялення - Паташня.

Паташ (па-галандску - potasch, гаршчковы попел) - шчолачная соль (вуглекіслы калій К2СО3), атрыманая з расліннага попелу. Выкарыстоўваўся для вырабу шкла, мыла, фаянсавай палівы, мыцця воўны, ачысткі сукна, адбельвання і фарбавання тканінаў, у кандытарскай вытворчасці, фармацэўтычнай справе і інш.

Паводле гістарычных крыніц вытворчасць паташу ў Еўропе пачалася ў 12-13 стагоддзях, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі на пару стагоддзяў пазней. На заходніх рынках беларускі паташ лічыўся адным з лепшых па якасці і карыстаўся вялікім попытам. Свайго росквіту паташныя промыслы дасягнулі ў 18 стагоддзі.

Паташні (буды) дзейнічалі пераважна ў Магілёўскай і Менскай губернях і належалі князям Радзівілам, Любамірскім, графам Патоцкаму і Салагубу, абшарнікам Горвату і Славінскаму ды многім іншым.

На пачатку 19 стагоддзя толькі ў Менскай губерні штогод выраблялася 50-60 тысяч пудоў паташу. Пра геаграфічнае пашырэнне паташнага промыслу сведчылі звесткі тапанімікі: шэраг вёсак меў назвы Буда, Буда Паташовая ці проста Паташня, як на нёманскай Бярэзіне. Сыравінай для вытворчасці паташу служыў драўляны попел хваёвых і лісцевых пародаў дрэваў, зрэдку травяны (з папаратніку, асакі). Усяго гэтага хапала на берагах Бярэзіны. Пасля некалькіх стагоддзяў вытворчасці ў раёне сучаснай Паташні лес "адышоў" ад берагоў ракі на значныя адлегласці.

Таварны паташ быў вельмі гіграскапічны, таму яго зашпунтоўвалі і перавозілі ў бочках. Па якасці быў двух гатункаў: лепшы - ардаш, перлаш і горшы - вайдаш, смальчуг.

З развіццём фабрычнай вытворчасці і змяншэння колькасці лясоў, паташная вытворчасць паступова заняпала. У Беларусі, у прыватнасці на Бярэзіне, паташны промысел знік толькі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Рабочыя на паташнях падзяляліся на некалькі прафесіяў, з іх асноная папеляры (выпальвалі попел у ямах, кучах), клёпачнікі - нарыхтоўвалі клёпкі для бочак, карытнікі (вышчалочвалі попел у карытах, чанах), палівачы (выпарвалі шчолач (луг) у печы-гарцы) і дапаможныя - возчыкі, конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі. Існавала і агульная назва рабочых на паташнях - буднікі. Для некаторых беларусаў гэтая назва ператварылася ў прозвішчы.

Гатовую прадукцыю з бярэзінскай Паташні зручна было дастаўляць па Бярэзіне і Нёмане ў Прусію, дзе яе ахвотна скуплялі еўрапейскія купцы.

Хутка за Паташняй лес шчыльнай сцяной падступае да самай вады. Амаль на 90 адсоткаў гэта дрэвы лісцевых пародаў. Векавыя клёны, ліпы, бярозы, вязы, ясчені, вольхі месцамі схіляюцца да самай вады. Мы толькі шкадавалі, што ліпа тыдні тры як адцвіла, а так мелі б асалоду дыхаць водарам ліпавага цвету, фантазіравалі, як прыгожа будзе выглядаць рака ў кастрычніку, "залатой" восенню, нават марылі пра падарожжа ў гэтую пару года.

Задумаўшыся, амаль не праскочылі пратоку, якая злучае левы бераг ракі са старыцай. Яна называецца Чорным возерам. Даўжыня яго звыш кіламетра, шырыня - 40-50 метраў, даволі глыбокае з чыстай вадой, багатае рыбай, сухія, высокія берагі, калісьці аблюбаваныя партызанамі, а ў наш час рыбакамі і турыстамі воднікамі. Яшчэ адна адметнасць возера - гэта сотні найпрыгажэйшых, беласнежных, вялікіх чырвонакніжных гарлачыкаў. Нажаль, усе лепшыя месцы для бівака былі ўжо занятыя, і мы, налюбаваўшыся дзівоснымі белымі кветкамі, сплавіліся яшчэ на некалькі кіламетраў ніжэй. Спыніліся на высокім левым беразе каля часовай турысцкай лазні. Гэта канструкцыя з арэшын, выгнутых дугой, абцягнутых поліэтыленавай плёнкай. Месца прыгожае, абжытае, прасторнае, з абсталяваным вогнішчам і вялікім запасам дроў. Лазняй мы не карысталіся. Пасля вячэры, пры вогнішчы абмяркоўвалі вынікі першага дня, слухалі і спявалі песні пад гітару. Тон задавалі Зміцер Ёда і Уладзімір Хільмановіч. Спаць леглі позна, але сон быў валатоўскі.

Другі дзень сплаву пачаўся з водных працэдураў і сняданку. Рака прадоўжыла радаваць найцудоўнейшымі краявідамі, якія непаўторна мяняліся за кожным паваротам. Дзень выдаўся цёплы і сонечны. Пасля вусця правага прытока р. Чапунькі Бярэзіна робіць дзве вялізныя пятлі. Праплыўшы 2-3 км вярталіся туды, дзе былі паўгадзіны таму назад. Такую пятлю можна абмінуць, калі прайсці пешшу і перанесці байдаркі праз лес метраў 100, але ж мы - турысты-воднікі, і навошта нам той "волак".

Населеных пунктаў на рацэ мала, але калі на берагах з'яўляюцца прывязаныя лодкі, то гэта значыць, што за дрэвамі прытаіліся хаты невялікіх вёсачак: спачатку Малой Чапунькі, а пасля - Мільвы-Бярэзіны. За мостам у гэтай Мільве, на правым беразе, віднеецца аграсядзіба, ад яе да возера пабудаваны драўляны памост-прыстань, напагатове на стэлажах захоўваюцца каякі і байдаркі, якія, напэўна, можна арандаваць.

Апошняя вёска на маршруце - Наберажная, на левым беразе ракі прыкладна 3 км да яе вусця. Гэта ўжо Наваградскі раён. У вёсцы шмат дачнікаў. Два разы на тыдзень ходзіць аўталаўка.

На другі начлег спыніліся на высокім правым беразе, перад самым упадзеннем Бярэзіны ў Нёман, каля навеса са сталом і лаўкамі, вогнішчам і прыбіральняй. Дзякуй леснікам! Тут раздолле і для рыбакоў. Нашы "штатныя" аматары гэтай справы Зміцер Ёда і юны Міхась Петрыкевіч амаль голымі рукамі злавілі пару дзясяткаў язёў, плотак, акунёў, забяспечыўшы наварыстую юшку. Пры вогнішчы зноў спявалі песні, дзяліліся ўражаннямі, будавалі планы.

У апошні, трэці дзень, спалі доўга, але не ўсе. Рыбакоў пацягнула да сваёй справы і зноў паспяхова. Позна паснедаўшы і ўдоваль накупаўшыся, выправіліся ў апошні кароткі пераход, але ўжо па Нёмане і супраць плыні. Сутока Бярэзіны і Нёмана - месца вельмі прыгожае, абедзве ракі амаль аднолькавай шырыні, толькі нёманская вада значна мутнейшая. Адразу паварочваем налева і прыціскаемся да берага. Тут плынь слабейшая. Да канцавога пункта нашага маршруту, в. Дзяляцічы, прыкладна 4 км. Працуем вёсламі актыўна, "сушыць" іх не выпадае. Каб перадыхнуць, трэба абавязкова зачальвацца да берага. Праўда, любавацца асабліва няма чым. Лес адступіў на пару кіламетраў ад ракі. Нёман нясе свае воды па шырокай лугавой пойме, па берагах чарот, асака, кустоўе, зрэдку дзе-нідзе купка алешніку. Больш за гадзіну актыўнай працы, і мы ў Дзяляцічах. Гэта вёска вялікая, калісьці была шматлюдная, мае некалькі вуліц, царкву, магазіны, летам у ёй шмат дачнікаў.

Прасушылі рыштунак, зрабілі экскурсію ў цэнтр Дзяляціч, пагутарылі з вяскоўцамі і дачнікамі і на падышоўшым аўтатранспарце рушылі ў старажытную Любчу, былы раённы цэнтр. У сярэднявеччы Любча мела Магдэбургскае права, свой герб, мураваны замак, які цяпер аднаўляецца нараджэнцам гэтых мясцін спадаром Пячынскім.

Менавіта каля сцен гэтай цытадэлі мы і спыніліся, агледзелі яе, палюбаваліся краявідамі, якія адкрываюцца з замкавай гары на р. Нёман і Налібоцкую пушчу.

У Любчанскай школе ёсць і цудоўны краязнаўчы музей, створаны апантаным краязнаўцам Міхаілам Карповічам, які па колькасці і вартасці экспанатаў не ўступае многім раённым музеям Беларусі, экспазіцыя яго займае некалькі пакояў. У нас, нажаль, не хапіла на яго часу.

Тры дні на маршруце праляцелі імгненна, палюбаваліся прыгажосцю родных краявідаў, паглыбілі веды па гісторыі і тапаніміцы, убачылі расліны з Чырвонай кнігі, пераканаліся, што ў нашых рэках ёсць яшчэ рыба і што ўсё гэта трэба берагчы для нашчадкаў, загартаваліся фізічна, прыйшлі да высновы: каб адпачыць, зусім не абавязковы той бераг турэцкі ці Канары.

Валеры Петрыкевіч, турыст-воднік з паўвекавым стажам, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ. P.S. З шасці ўдзельнікаў вандроўкі чацвёра - сябры ТБМ. Паход прысвяцілі Дню беларускага пісьменства ў г. Слоніме.

Будзь воля Твая!

Маленькая вёсачка Расіца, на самым беларуска-латышскім памежжы, стала сімвалам мужнасці і непахіснасці веры, куды вось ўжо не адзін дзясятак год ідуць-едуць пілігрымы не толькі з ўсіх канцоў Беларусі, а і з далёкага замежжа.

Прайшлі два дзясяткі год, як ў Варшаве Папа Ян Павел ІІ у 1999 годзе абвясціў аб беатыфікацыі расіцкіх святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры - ахвяраў Другой сусветнай вайны. Святароў, якія ў час жудаснай карніцкай аперацыі нямецкіх захопнікаў "Зімовыя чары" ў лютым 1943 года, разам са сваімі вернікамі, пайшлі з жыцця. Як пайшлі з жыцця яшчэ амаль дзве тысячы чалавек, жыхароў мястэчка. Больш за месяц цягнулая карная аперацыя, якая забрала жыцці 6000 мірных жыхароў толькі на Асвейшчыне, дзве трэці з якіх былі дзеці, больш за 3000 чалавек адправілі ў канцлагеры.

Апошнімі словамі Юры Кашыры былі: "Дзе мае браты будуць памiраць, там i я".

Верхнядзвіншчына, адзін з самых пакутных і апаленых вайной куточкаў Беларусі: 426 вёсак згарэлі ў полымі Другой сусветнай вайны, з больш, чым 60 тысячамі жыхароў, ацалела трэць: загінуў кожны трэці, а ў былым Асвейскім раёне - кожны другі яе жыхар. Памяць пра подзвіг аб гэтым захоўваюць каля паўтысячы помнікаў і абеліскаў:

Помнікі, помнікі... Вечна ў маленні.

Не разрываецца іх абарона:

кожная строма і кожная крона

з чорнай непамяццю ў супраціўленні.

Гэтыя радкі і сведчанні Сяргея Панізніка ў кнігах: "Пасля вогненных вёсак", 1980 г., "Браніслава", 1985 г.,"Освейская трагедия: Книга народной памяти",1992, 2013 гг.

Ірына Жарнасек, пісьменніца, аўтарка кнігі пра Дабраславёных Юры і Антонія "Будзь воля Твая" - штогод ў пілігрымцы ў Расіцу. Вось і ў гэты раз яна напісала:

"Ну што... выходзім у дарагую нашу пакутніцу Расіцу... чарговы раз. Не лічыла, колькі разоў я ў яе ездзіла, колькі хадзіла. Сталася яна ўжо часткай майго жыцця. І не толькі таму, што напісала я пра трагедыю Расіцы кнігу. А можа і таму... Не, немагчыма вытлумачыць, чым яна так прыцягвае да сябе. Не хочацца казаць пафасных словаў, яны фальшывяць. А Расіца - гэта праўда пра нас і нашу зямлю. Пра яе трагічнае мінулае і пра такую супярэчлівую нашу сучаснасць.

Можна ж, вядома, ездзіць, не абавязкова ж хадзіць штогод. Але... калі ідзеш - маеш шанец зразумець штосьці вельмі істотнае… пра час і пра сябе ... словам, выходзім".

Нямала для ўшанавання ахвяраў Расіцы зрабіў адзін са святароў - Вячаслаў Пялінак, якому давялося падымаць з руінаў і сам храм. А сёння-няўрымслівы, шчыры і клапатлівы гаспадар адроджанай святыні айцец Часлаў Курэчка, які ўганараваны за духоўнае адраджэнне, не першы год гасцінна сустракае высокіх гасцей і пілігрымаў. Яго добразычлівасці і цеплыні хапае на ўсіх, хто ў чарговы раз завітаў у Расіцу, каб пакланіцца подзвігу яго папярэднікаў.

Удзел у расіцкіх урачыстасцях прымалі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, правінцыял ордэна айцоў-марыянаў правінцыі Божага провіду ў Варшаве айцец Тамаш Навачык, Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і кансэкраваныя асобы.

Старшыня выканкама І.І. Марковіч, які прысутнічаў у Расіцы, уручыў медаль "75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" ксяндзу Чаславу Курэчку.

Генеральны вікарый ксёндз Францішак Кісель зачытаў Дэкрэт біскупа Віцеб-скага аб устанаўленні ў парафіі Найсвяцейшай Троіцы ў Расіцы Дыяцэзіяльнага Санктуарыя расіцкіх пакутнікаў. Гэта азначае, што Расіцкі касцёл стаў месцам наймацнейшай сілы заступнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. А пасля Імшы людская рака прайшла пакутніцкім шляхам да Крыжа, які стаў для Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры брамай у неба.

Пасля завяршэння духоўных мерапрыемстваў айцец Часлаў Курэчка гасцінна запрасіў гасцей на душэўную размову ў імправізаваную кавярню "У бусла", якая мае таксама сваю гісторыю.

Воляй пакутнікаў Расіцы і Воляй Усявышняга гэта вёсачка стала месцам наталення фізічнай і духоўнай моцы, апірышчам таго, дзе сцвярджаецца жыццё ва ўсіх яго праявах.

Антон Бубала прысвяціў Расіцы такія словы:

Расіца!

У табе - наша памяць і нашыя лёсы.

Прысніцца твой чырвоны касцёл,

твае сінія плёсы

І дзень той, калі

люд твой ішоў прычасціцца

На вечнасць да ахвярных тваіх алтароў,

о, Расіца!

Расіца!

Твае сцены святыя ад гора стагналі.

Насіцца будзе чайкаю вечна

яно над азёрнаю хваляй

І біцца,

каб у сэрцы людскія маглі ўмясціцца

Твой боль, і пакуты і веліч твая, о, Расіца!

Расіца! Прад табою дазволь

нам паўстаць на калені.

Прасіцца станем мы,

каб пачуліся нашы маленні

Ў нябёсах,

дзе надзеяй апошняю зорка свяціцца,

Што крыж твой -

не дарэмнай ахвярай узнёсся, Расіца!

Валянціна Болбат, Верхнядзвінск, ТБМ

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

ВЫКАЗВАННІ

Начальнік напачатку мацюкаўся, а пасля ветліва вітаўся.

Хуткая прыехала так хутка, што чалавека пахавалі.

Без страху толькі ідыёты.

З заявы ў міліцыю.

Прашу забяспечыць адсутнасць прысутнасці жонкі, калі я з сябрамі ў пад'ездзе адпачываю.

Маламоўны маўчыць, гаваркі словы сыпле.

Схуднелы да непазнання - скура ды косці.

На прадвесні паміраць не з рукі.

Спляжаная калгасам зямля просіць аддыхі.

Набыткі ў вярэньцы не ломяць плечы.

Сляпая бяздумная выпадковасць спраўдзіла сябе.

Неспраўджанае каханне - не бяда, бяда, калі яно спраўджанае, але недарэчнае.

Мазгаўнёй не дакумкаеш, калі мазгаўні няма.

Напрасткі - заўжды далей дадому.

Невылечна хварэў на жанчын і гарэлку.

Што папяровая, што электронная дэкларацыя - усё роўна абдзіралаўка.

Хлебчучы напоўніцу піва, не забывай пра яго кошт.

Добры рэй ён заўжды вёў з трыбуны.

Збайдарыў за капейку, каб толькі гаспадарцы не замінала.

Умеў хаваць, каб крадзенае не было навідавоку.

Чалавек праракуе, Бог выракуе, а нам якая карысць з таго.

Боўдзіла - боўдзілам, а і яму крэсла далі.

Пафасная мана смачней за манну нябесную.

Знайшоў прытулак, як муха на зіму.

Чыноўнікаў плойма, і ўсе яны хочуць смачна есці.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX