Вярнуцца: 2019

№ 39 (1450)


Дадана: 25-09-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 39 (1450), 25 верасня 2019 г.

Алена Анісім: "Ужо падалі дакументы на атрыманне ліцэнзіі"

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла, як ідзе праца па адкрыцці беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.

Алена Анісім:

- Дакументы на атрыманне ліцэнзіі падалі, і першасны разгляд дакументаў павінен адбыцца ў гэтым месяцы. Трэба сказаць, што напачатку пазіцыя міністра адукацыі Ігара Карпенкі была прыкладна такая: маўляў, не трэба нам новая ўстанова адукацыі, іх ужо дастаткова. Але наша пазіцыя іншая: у Беларусі няма ніводнай установы вышэйшай адукацыі, дзе б навучанне праводзілася на беларускай мове. Таму збіраемся пераканаць і міністра, што такі ўніверсітэт неабходны. Ён будзе рыхтаваць не спецыялістаў учарашніх прафесій, а беларускіх патрыётаў, людзей, арыентаваных на сучасны ўзровень эканомікі і развіцця грамадства. Пры гэтым стаіць задача ведаць некалькі моў, не толькі беларускую.

РР:

- Адным словам, усё будзе залежыць ад Міністэрства адукацыі?

Алена Анісім:

- Скажам так, мы будзем з гэтым ведамствам цесна працаваць, і я думаю, калі на адкрыццё ўніверсітэта будзе палітычная воля, то праблем не ўзнікне. Тым больш, беларускі кіраўнік публічна выказаўся, што, маўляў, людзі самі праявілі ініцыятыву і робяць справу ды пры гэтым не просяць у дзяржавы грошай. Але я заўсёды казала і кажу: ніхто за нас нашу справу не зробіць. Таму зробім усё, каб універсітэт прыняў першы набор студэнтаў ужо ў 2020 годзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя.

Таццяна Малашчанка: "У Баранавічах створаны новы беларускі клас"

У баранавіцкай сярэдняй школе № 9 адкрыўся новы беларускі клас, у які пайшло толькі 5 хлопчыкаў, улічваючы спартыўны ўхіл школы. Зноў шмат высілкаў праявілі энтузіясты-бацькі і баранавіцкае Таварыства беларускай мовы. Улада паставілася да гэтага ліберальна, але асаблівых старанняў не праявіла, - кажа старшыня камісіі па выкарыстанні беларускай мовы, выхаванні і адукацыі Таццяна Малашчанка:

- Гімназічны ўзровень трошкі больш прывабны для людзей у нашых Баранавічах. А 9-ая школа ў нас больш характарызуецца як спартовая. Пяць хлопчыкаў. І гэта таксама паказальна, што менавіта дзяўчынкі пайшлі ў гімназіі, а хлопцы захацелі больш такога спартовага развіцця.

Паводле Таццяны Малашчанкі, у гімназію ў свой час пайшлі больш дзяцей у беларускія класы - 6 дзесяцікласнікаў і 12 другакласнікаў. І хоць гэта кропля ў моры для таго, каб беларуская - першая дзяржаўная мова - заняла перадавыя пазіцыі як мова карэннай нацыі, але кропля камень точыць.

Беларускае Радыё Рацыя.

Навука Хрыстова будзе весціся па-беларуску

Беларуская мова будзе асвячаць працэс навучання дзяцей у нядзельнай школе менскага Чырвонага касцёла. Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк павіншаваў дзяцей, бацькоў і катэхетаў на восеньскай лінейцы і дабраславіў іх у дарозе да навукі Божай падчас святой імшы. Запіс у нядзельную школу адкрыты, набор працягваецца.

Мы пагутарылі з дырэктарам нядзельнай школы Наталляй Уладзіміраўнай Лаўрэнка, маці трох сыноў.

- Заняткі ў нядзельнай школе будуць адбывацца па афіцыйнай праграме, якая прадстаўлена на сайце Чырвонага касцёла, - патлумачыла спадарыня Наталля. Кожная настаўніца дапрацоўвае свой план індывідуальна, у сваёй групе. Ёсць выкладчыцы з досведам працы 20-25 гадоў. Яны выкарыстоўваюць падручнікі і розныя дадатковыя крыніцы.

Выкладанне будзе весціся ў асноўным па-беларуску. Калі камусьці спатрэбяцца індывідуальныя заняткі на рускай мове, то гэта будзе даступна. Кожная з выкладчыц мае катэхетычную, тэалагічную адукацыю, набытую ў Гарадзенскім, у Баранавіцкім ці Менскім катэхетычных каледжах, і таксама педагагічную. Да Святой Камуніі дзеці рыхтуюцца два гады. Навучэнцы дзеляцца па групах: 1-2 клас, 3-4 клас, 5-6 клас, моладзь ад 14 гадоў і вышэй.

- Будзем пазнаваць Бога, маліцца, праводзіць час разам, - прывітала вучняў Марыя Чаславаўна.

- Будзем сустракацца з вамі кожную нядзелю. Будуць у нас экскурсіі, пілігрымкі, сумесныя святы і добрыя вакацыі! - заахвоціла Ірына Адамаўна.

- Дзеці змогуць запісацца на хор, - паведміла арганістка касцёла Марыя Новікава.

- У бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла будуць праходзіць літаратурныя вечарыны, будуць працаваць гурткі выразнага чытання для дзяцей і моладзі,будуць адзначацца касцельныя святы, будуць праходзіць дыктоўкі да Міжнароднага дня роднай мовы. Да Дня горада Менска бібліятэка падрыхтавала выстаўку мастацкай і гістарычнай літаратуры пра нашу сталіцу, - распавяла Галіна Фёдараўна Івуць.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк перад дзецьмі; 2. Наталля Лаўрэнка выступае перад навучэнцамі і бацькамі; 3. Куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Івуць.

26 верасня - Еўрапейскі дзень моў

Юрый Хлапонін

Мова і нацыянальная свядомасць

Як вядома, развіццё чалавецтва трымаецца на яго разнастайнасці. Перш за ўсё, маецца на ўвазе рознасць моваў, культуры, тэрытарыяльных асаблівасцяў, гісторыі. З гэтага складаецца працэс стварэння асобнай нацыі, дзяржавы, асэнсавання кожнага чалавека як яе часткі.

Цікава толькі, з чаго пачынаюцца ўсе гэтыя працэсы. Мне заўсёды падавалася - асноўную ролю ў гэтым адыгрывае мова, такая, здавалася б, звычная сістэма рэчаў у паўсядзённым жыцці. Але гэта, тое што ўласціва толькі людзям, дазваляе нам вызначаць як адну, вялікую (ці не вельмі) групу, адрозніваць сябе ад іншых людзей па іх мове, культуры, ладу жыцця.

Адным словам, пытанне ў тым - ці сапраўды мова вызначае свядомасць чалавека, ці наадварот, свядомасць пад уплывам навакольных умоваў уплывае на фармаванне мовы.

Прыкладамі для гэтага стануць моўныя сітуацыі ў розных рэгіёнах свету, якія адлюстраванні гэта знаходзіла ў жыцці людзей, гісторыі краіны. Чаму тыя ці іншыя народы ці дзяржавы страчвалі сваю ўласную мову, ці наадварот, "адраджалі" яе, і якія прычыны, працэсы стаялі за гэтым.

Спачатку, паясніць уплыў мовы на нацыянальную свядомасць можна, звярнуўшыся да сацыяльнай псіхалогіі: мова дае магчымасць ідэнтыфікаваць сябе з пэўнай групай, якая гэтую самую мову і выкарыстоўвае. Спачатку гэты працэс адбываецца ў малой групе, то бок, сям'і, дзе ты не толькі вучышся авалодваць ёю, але і надаваць пэўны сэнс таму, што ты гаворыш, як ты гаворыш і чаму. Адначасова чалавек уключаецца ў вялізную моўную групу, якая ахоплівае цэлыя рэгіёны, краіны.

Калі адбываецца моўная ідэнтыфікацыя чалавека, ён пачынае супрацьстаўляць сваю мову іншым, асабліва калі ён знаходзіцца ў сітуацыі шматмоўнага асяроддзя.

Далей, вядомы савецкі псіхолаг Леў Выгоцкі паказвае суадносенне мовы і мыслення так: па-першае, яны маюць рознае генетычнае развіццё і таму ідуць па розных шляхах адзін ад аднаго. Да двух гадоў дзіця выкарыстоўвае засвоеныя ім гукі і словы ці як пэўныя сігналы, якія выказваюць яго стан, ці як назвы прадметаў.

Потым, з цягам часу, мысленне "афармляецца" словамі, а мова набывае асэнсаванне, адбываецца яе інтэлектуалізацыя. Пры гэтым, на думку Выгоцкага і яго паслядоўнікаў, крыніцай моўнага развіцця з'яўляецца не прыроджаны характар, а дзейнасць і правілы дзейнасці. Такім чынам, мова - паказчык, які адлюстроўвае аб'ектыўную рэчаіснасць. На ўздзеянне зместу слоў уплывае асяроддзе.

Ёсць яшчэ адна навуковая спроба даказаць уплыў мовы на нашу свядомасць - гіпотэза лінгвістычнай адноснасці. Згодна з ёй - мова вызначае мысленне і пазнанне рэчаіснасці, уплывае на светапогляды. Іншымі словамі, людзі, якія размаўляюць на розных мовах, маюць рознае светаўспрыманне, мысленне.

Адзін з аўтараў гэтай гіпотэзы, Эдуард Сепір, кажа: у мове ўтрымліваюцца ключы для разумення розных нацыянальных светапоглядаў. У граматычных сістэмах у свеце няма двух моў, якія былі б падобныя адна да адной дастаткова, каб забяспечыць ідэальны пераклад. Мова па-рознаму адлюстроўвае рэальнасць, а з гэтага вынікае, што носьбіты розных моў будуць і ўспрымаць яе па-рознаму. Пацвярджэнне гэтаму мы можам знайсці ў некалькіх прыкладах, якія мы адлюструем ніжэй.

Напэўна, першы прыклад, які можа прыйсці адразу - моўнае пытанне ў суседняй Украіне. Як вядома, Украіна ў моўным плане падзяляецца на ўкраінамоўныя заходнія і цэнтральныя вобласці, і на рускамоўны Паўднёвы Усход. Роднай украінскую мову ва Украіне называюць каля 55-65 адсоткаў насельніцтва, расейскую - 30-35%, пры гэтым, рэальная мова камунікацыі адзначаецца на ўзроўні, адпаведна 45 і 35 адсоткаў, астатнія размаўляюць на абедзвюх мовах.

Аднак, на толькі моўных прыкметах дзяльба Украіны не заканчваецца. Захад і Цэнтр маюць традыцыйна больш праеўрапейскую, праўкраінскую арыентаванасць як у культурным жыцці, так і ў палітыцы. У адрозненні ад Паўднёвага Усходу, дзе людзі ў большасці сваёй накіраваныя на прарасейскія пазіцыі.

Гэта адлюстроўваецца шмат у чым, напрыклад, выбары Прэзідэнта Украіны ў 2004 годзе, калі ў другім туры сутыкнуліся два кандыдаты з палярнымі палітычнымі светапоглядамі: прадстаўнік еўрапейска-ўкраінскай лініі Віктар Юшчанка і арыентаваны на расійска-еўразійскі накірунак, Віктар Януковіч. Вынікі галасавання па рэгіёнах адлюстроўваюць агульны выгляд таго, якая мова, і, адпаведна, якія каштоўнасці суадносяцца адна з другой у насельніцтва Украіны.

Моўна-ментальны падзел таксама можна заўважыць і ў тых рэгіёнах, якія зараз з'яўляюцца анэксаванымі Расіяй (Крым), альбо там адбываецца вайсковы канфлікт паміж Украінай і падтрыманымі Расіяй сепаратыстамі (Данецкая і Луганская вобласць). Дастаткова суаднесці карту канфліктных дзеянняў з картай роднай мовы для гэтага рэгіёну: у ім былі дастаткова моцныя сепаратысцкія настроі ў 2014 годзе, застаюцца і зараз.

(Працяг у наступным нумары.)

Вяртанне вобразу старажытнага Менска

У мінулыя выходныя Менск святкаваў 952 гадавіну з дня першага ўспаміну ў летапісе. Сімвалічнай падзеяй у будынку гарадской ратушы стала прэзентацыя кнігі вядомага менскага архітэктара Сяргея Багласава "Адраджэнне гістарычнага цэнтра Мінска. 1980-2016. Навукова-рэстаўрацыйная справаздача навуковага кіраўніка абъекта (дакументальная хроніка)".

На сустрэчы з грамадскасцю Сяргей Георгіевіч Багласаў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2015 года, распавёў пра доўгі шлях аднаўлення старажытнай забудовы па вуліцах Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыянальнай, Ракаўскай, Віцебскай, Зыбіцкай, пра аднаўленне ратушы, плошчы Свабоды, і прадэманстраваў відэа-прэзентацыю розных аўтарскіх аб'ектаў.

Сяргей Багласаў нарадзіўся ў Магілёве ў 1949 годзе. З 1962 года ён жыве ў Менску. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага палітэхнічнага інстытута па спецыяльнасці "Архітэктура" ён працаваў у Сектары звода помнікаў гісторыі і архітэктуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Акадэміі навук БССР. У гэты перыяд яму даводзілася шмат падарожнічаць па краіне, вывучаць старажытнае дойлідства. З 1976 года, працуючы ў "Белрэстаўрацыі", Сяргей Багласаў займаўся рэканструкцыяй Траецкага прадмесця і іншых помнікаў архітэктуры, а з 1980-га - непасрэдна гістарычным цэнтрам Менска.

Сяргей Георгіевіч падзяліўся ўспамінамі пра тое, у якім занядбаным і напаўразбураным стане знаходзіліся будынкі ў канцы 70-ых гадоў мінулага стагоддзя. У 80-я гады беларуская інтэлігенцыя рашуча выступіла ў абарону сваёй гістарычнай спадчыны. Пасля перыяду барацьбы будынкі былі ўзятыя пад ахову дзяржавы, былі праведзены раскопкі, ажыццеўлена навуковая экспертыза, была распрацавана 1-ая канцэпцыя рэканструкцыі, вызначаны яе тэмпы, да працы далучыліся інстытуты "Мінскпраект", "Белжылпраект" і іншыя.

- Верхняга горада ў Менску магло і не быць, - успамінае заслужаны архітэктар.-Абмяркоўваліся варыянты зносу забудовы. Даведаўшыся пра гэта, мы з Алегам Трусавым напісалі ліст Аляксею Касыгіну, які быў старшынём Усесаюзнага таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Ліст патрапіў карэспандэнту " Праўды" ў Беларусі Івану Новікаву, і той выступіў з артыкулам. Гісторыя атрымала галоснасць, і жаданне разбураць будынкі адпала. За рэканструкцыю Верхняга горада выступілі ў друку з артыкуламі Уладзімір Караткевіч і Адам Мальдзіс.

Ідэя аднаўлення ратушы ўзнікла яшчэ ў 1980-тым годзе, але толькі ў 2002-тым пачаліся будаўнічыя работы, якія завершыліся ў 2003 годзе.

У творчай майстэрні Сяргея Багласава былі распрацаваныя праекты аднаўлення былой царквы Святога Духа, будаўніцтва гандлёвага комплекса з паркінгам на вуліцы Няміга, гатэляў "Еўропа" і "Манастырскі", шматлікіх скульптурных кампазіцый і іншых аб'ектаў.

Госці сустрэчы атрымалі кнігі з аўтографам знанага архітэктара і выказалі яму шчырую падзяку. Ганаровы старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў павіншаваў свайго сябра з выхадам грунтоўнага і карыснага выдання, якое адлюстроўвае вехі ў развіцці архітэктурнага вобразу сталіцы.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

АПАШЛЕННЕ НАВУКІ

"Наша Ніва" апублікавала інфармацыю пра артыкул "Да пытання аб гістарычнай палітыцы".

Нічога новага. Палітыкай памяці ў Беларусі кіравала і КП(б)Б/КПБ па кіраўнцтвам ЦК УсеКП(б)/КПСС.

Нагадаю ў прыватнасці "Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР", якія друкаваліся "ў парадку абмеркавання" спачатку ў "Весцях Акадэміі навук БССР" (1948. № 3. С. 89-144) з падзагалоўкам "Матэрыялы для выкладчыкаў, лектараў і дакладчыкаў". Другі раз тэзісы ўбачылі свет ў часопісе "Бальшавік Беларусі" (1948. № 8. С. 38-72) ужо без гэтага падзагалоўка і з пэўнымі рэдакцыйнымі змяненнямі.

Гэтыя тэзісы з пэўнымі карэктывамі сталі догмамі і кіраўніцтвам да дзеяння беларускіх савецкіх гісторыкаў. Адступленне ад іх пераследавалася. Інструментам такога пераследу служылі пёры Лаўрэнція Абэцэдарскага, Адама Залескага ды іншых аўтараў драбнейшага калібру, як, напрыклад, настаўнік Якаў Трашчанок.

Пасля смерці Сталіна гісторыкаў не расстрэльвалі і не адпраўлялі ў лагеры. Замест палітычнага і фізічнага выкарыстоўваўся адміністрацыйны, маральны, псіхалагічны, эканамічны тэрор. Тым, хто адступіў ад Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР, дастаткова было трапіць "на заметку", каб пачаліся праблемы з працай, з публікацыямі, з абаронай дысертацый і да т. п.

Аўтарамі "Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР" былі людзі розных лёсаў. Тут і згвалтаваныя бальшавіцкай уладай выхаванцы старой школы (Мікалай Нікольскі, Канстанцін Палікарповіч ды Уладзімір Перцаў), і ахвяры паваеннага палітычнага тэрору міністр асветы Платон Саевіч і Яфім Шлосберг (арыштаваны ў канцы 1948-га), і "выкрывальнік нацдэмаўшчыны" яшчэ з даваенных часоў Яфрэм Карнейчык, і аўтарка псеўданавуковай кнігі да 40-годдзя БССР Ніна Каменская, і ў рознай меры падобныя да яе Аляксандра Воранава ды Канстанцін Шабуня, і Аляксей П'янкоў, пра якога нічога сказаць не магу, і намеснік начальніка ўпраўлення прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б эканаміст Сяргей Малінін (фактычны кіраўнік аўтарскага калектыву).

Калі выключыць Сяргея Малініна і Платона Саевіча, дык усе астатнія аўтары "Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР" былі гісторыкамі. І нават сур'ёзнымі, як Мікалай Нікольскі, Канстанцін Палікарповіч ды Уладзімір Перцаў. Назваць сур'ёзным гісторыкам Аляксандра Каваленю язык не паварочваецца. Калі паглядзець яго бібліяграфію ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, дык большасць ягоных публікацыяў напісана ў суаўтарстве. Здаецца, я ўважліва сачу за публікацыямі на гістарычныя тэмы ў часопісах. Нейкія даследчыцкія артыкулы і паведамленні Кавалені мне на вочы не трапляліся. Затое Каваленя вядомы сваімі расправамі з навукоўцамі ў Інстытуце гісторыі.

Што тычыцца цяпершняга дырэктара Інстытута гісторыі Вячаслава Даніловіча, дык я шкадую, што свайго часу не напісаў рэцэнзію на ягоную кнігу пра заходне-беларускую арганізацыю "Змаганне". У той рэцэнзіі я хацеў паказаць, як аўтар спрабуе балансаваць паміж вымогамі ў духу тэзісаў 1948 года і патрабаваннямі да навуковай працы. Пісаць рэцэнзію мяне адагаварылі маладыя, асабліва адзін з іх, які таксама вывучае гісторыю Заходняй Беларусі, дзейнасць хадэкаў.

Каго не было ў аўтарскім калектыве "Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР", дык сілавікоў. Гістарычная паўнавука БССР не мела патрэбы ў жандарах, бо жандарам выступала бальшавіцкая партыя. Да таго ж і Платона Саевіча (аднакашнік Макара Краўцова), і асабліва Сяргея Малініна без нацяжак можна назваць бальшавіцкімі інтэлектуаламі. Думаецца, што Аляксандр Каваленя і Вячаслаў Даніловіч вырашылі паклікаць на дапамогу сілавікоў і таму, што не пакладаюцца на свой аўтарытэт як гісторыкаў, і таму, што не знаходзяць на вуліцы Карла Маркса, 38, інтэлектуалаў такога маштабу, як Саевіч ды Малінін. Уступіўшы ў спулку з сілавікамі, яны нават не здагадваюцца, што па-просту апашляюць навуку.

Якія практычныя наступствы мае артыкул "Да пытання аб гістарычнай палітыцы"?

Па-мойму, аўтары гэтага артыкула не паглядзелі, якое стагоддзе цяпер на дварэ.

Успамінаюцца расійскія падзеі нядаўняга часу, калі ультрапатрыёты, адкрытыя і латэнтныя сталіністы патрабавалі суровых караў для тых, хто скажае гісторыю на шкоду Расіі. Ім адказалі жартам: а што, скажаць гісторыю на карысць Расіі можна? Нягледзячы на ўвесь ультрапатрыятычны чад, у Расіі выходзяць проста сенсацыйныя працы з гісторыі СССР, у прыватнасці з гісторыі ваенных падзей 1938-1945 гг. Вельмі важным сродкам распаўсюду новых ведаў пра гісторыю Расіі і СССР сталі электронныя сродкі масавай інфармацыі, у прыватнасці youtube. Тое ж ёсць і будзе і ў нас. Хіба што ў сціплейшых маштабах, бо і матэрыяльныя рэсурсы сціплейшыя, і краіна меншая, і кантраляваць даследчыкаў прасцей, але кантраляваць іх абсалютна ўжо не ўдасца. Нават у савецкі час не заўсёды ўдавалася.

Яшчэ адным наступствам па-ранейшаму будзе адставанне афіцыйнай, казённай гістарычнай паўнавукі ад незалежнай гістарыяграфіі. Асабліва гэта тычыцца асвятлення падзей канца XVIII-ХХ стст. Як ні маракавалі казённыя гісторыкі цягам апошніх 30 гадоў, ім ўсё ж давялося прызнаць тое, пра што ўжо даўно пісалі незалежныя аўтары, а менавіта лагічны ланцужок БНР-ССРБ-БССР-Рэспубліка Беларусь. З такімі апекунамі, як аўтары артыкула "Да пытання аб гістарычнай паліты-цы", казённай гістарыяграфіі яшчэ доўга давядзецца плесціся ў хвасце незалежнай гістарычнай навукі і ў асвятленні іншых пытанняў нашай гісторыі.

Анатоль Сідарэвіч.

Князь Багуслаў - захавальнік бібліятэкі і збораў мастацтва

Пра вядомага вайсковага дзеяча ВКЛ, мецэната вучоных, дзеячаў мастацтва і культуры, фундатара школ і храмаў, князя Багуслава Радзівіла мы маем інфармацыю з его аўтабіяграфіі. Сваім поглядам на гэтую асобу падзялілася менскі гісторык Людміла Васільеўна Санберг.

- У наступным годзе будзе адзначацца 400 гадоў з дня нараджэння Багуслава Радзівіла. Менавіта ў яго кнігазборах у Слуцку захоўвалася Берасцейская Біблія. Потым з разам з іншымі кнігамі ён перавёз яе ў Каралявец.

Багуслаў Радзівіл быў сынам віленскага кашталяна Януша Радзівіла, мужа Сафіі Слуцкай з Алелькавічаў, якая была кананізавана Праваслаўнай Царквой. Пасля смерці праведнай Сафіі, Януш Радзівіл ажаніўся з Альжбэтай Гогенцолерн, дачкой курфюрста і графіняй брандэнбурскай, у іх у 1620 годзе нарадзіўся сын Багуслаў. Бабкай Багуслава Радзівіла была Кацярына Астрожская, унучка пераможца пад Оршай Канстанціна Астрожскага. Да нас дайшла ягоная аўтабіяграфія.

Багуслаў Радзівіл атрымаў бліскучую адукацыю: вучыўся ў Кейданах і Вільні, у галандскіх Гронінгене, Лейдане і Утрэхце, у французскай сталіцы. Дасканала ведаў латынь і некалькі еўрапейскіх моў. Гэта быў сын сваёй эпохі, асоба, рэнесанская, баракальная і рэфармацыйная адначасна. Збіральнік калекцыі твораў мастацтва, а таксама архіва і бібліятэкі, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, сярод якіх быў і знакаміты Радзівілаўскі летапіс. Ён меў выдатныя дыпламатычныя здольнасці, будаваў фартэфікацыйныя збудаванні, сябраваў з многімі заходнеўрапейскімі мастакамі, у прыватнасці, з Рэмбрандтам, прывозіў іх карціны ў Слуцк і захоўваў у сваёй калекцыі, сам ствараў замалёўкі з панарамамі беларускіх гарадоў. Падтрымліваў кальвінісцкія школы і зборы, складаў рэлігійныя гімны. Адважны дуэлянт у маладосці, у сталым веку ён паглыбляўся ў радкі Бібліі, надрукаванай яго дзедам.

Януш Радзівіл, а потым яго сын Багуслаў Радзівіл і яго дачка Людвіка Караліна Радзівіл выканалі запавет праведнай Сафіі Слуцкай аб захаванні прывілеяў для Праваслаўнай Царквы ў Слуцкім краі. Багуслаў быў выхаваны кальвіністам, і яго дачка таксама, але яны захавалі тастамант св. Сафіі аб юрыдычнай абароне Праваслаўнай царквы ў Слуцку. Адукаваная і добра выхаваная Людвіка Караліна Радзівіл жыла ў Нямеччыне. Яна была замужам за нямецкім прынцам і стала мецэнаткай. Яна выдатковала стыпендыі на навучанне ў Еўропе для збяднелых шляхціцаў. Традыцыі пабожнага жыцця і дабрачыннасці засталіся ў нашчадкаў роду, які захоўваў Берасцейскую Біблію.

Запісала Э. Дзвінская. На здымку: 1. Партрэт Багуслава Радзівіла пэндзля А. Пушкіна; 2. Герб Багуслава Радзівіла на старонках Берасцейскай Бібліі; 3. Л. В. Санберг.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства, "Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на чацвёрты квартал 2019 года. Цана не змянілася.

У 2019 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў.

Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Дзень адчыненых дзвярэй у бібліятэцы

Дзень бібліятэк - цудоўнае свята, якое адзначаецца 15 верасня з 2001 года. І кожны год вось ужо на працягу доўгіх 19 гадоў у гэты дзень у Карэліцкай раённай бібліятэцы ладзіцца сапраўднае свята - свята, якое дораць бібліятэкары сваім паважаным чытачам, каб ім было цікава, утульна і займальна. У канун свята, у пятніцу ў сценах бібліятэкі панавала святочная атмасфера, атмасфера радасці, дабразычлівасці і цудоўнага настрою. З самага рання, перад пачаткам рабочага дня праходзіла вулічная акцыя "Радуйцеся разам з намі", дзе бібліятэкары віншавалі вучняў і дарослых са святам, з цудоўным восеньскім днём, зычылі моцнага здароўя, дабрабыту, запрашалі ў бібліятэку, уручалі віншавальныя паштоўкі і святочныя шары. Выстава - загадка "Пазнай бібліятэкара", на якой размясціліся дзіцячыя фатакарткі бібліятэкараў чакала наведвальнікаў у фае бібліятэкі (вось гэта была сапраўдная загадка…), ладзілася літаратурнае кафэ "Чытаць подана", тэматычны прагляд "Літаратурная Гродзеншчына" з лепшай падборкай краязнаўчай літаратуры, кніжная выстава "Калейдаскоп навінак", а таксама фотазона "З Днём бібліятэк" і "Я люблю чытаць", дзе кожны ахвотны мог сфатаграфавацца на памяць.

У дзіцячай бібліятэцы маленькім чытачам прапанавалі квэст - гульню "Таямніца зачараванай кнігі", падарожжа ў гісторыю "Спазнай свой родны край". Але асаблівы настрой выклікала тэатральная пастаноўка казкі "Рэпка на новы лад" (аматарскае аб'яднанне "Васілёк", тэатральнага накірунку), якую выканалі супрацоўнікі бібліятэкі.

Н.У. Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

Тыдні Германіі з 24 верасня па 31 кастрычніка пройдуць у Беларусі

Навіны Германіі

Тыдні Германіі з 24 верасня па 31 кастрычніка пройдуць у Беларусі, паведамілі ў пасольсве ФРГ у Менску.

На працягу 16 гадоў кожную восень пад патранатам пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі праводзяцца Тыдні Германіі. Германская дыпмісія запрашае ўсіх, хто хоча азнаёміцца з нямецкай культурай, мовай і грамадствам, наведаць шматлікія мерапрыемствы ў 12 беларускіх гарадах. Праграма Тыдняў Германіі будзе разнастайнай. Так, у дзень адкрыцця ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт "…Бо моцнае, як смерць, каханне". На ім будуць гучаць музычныя творы эпохі барока на тэксты старазапаветнай кнігі "Песня Песням". Запланаваны кінапаказы сучасных кароткаметражных стужак, мастацкіх фільмаў у арыгінале на нямецкай мове з субтытрамі на рускай. Будзе паказаны дакументальны фільм у Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. Гледачы ўбачаць таксама нямы фільм "Фаўст" (1926) Фрыдрыха Вільгельма Мурнаў, які будзе дэманстравацца ў чатырох гарадах з жывым музычным суправаджэннем у выкананні кампазітара Вольгі Падгайскай і ансамбля Five-storey-ensemble. Для наведвальнікаў Тыдняў Германіі падрыхтаваны чытанні з вядомымі нямецкімі аўтарамі, выстаўкі, майстар-класы і лекцыі, творчыя мерапрыемствы. Будзе магчымасць прыняць удзел у цікавых творчых акцыях у бібліятэках Баранавіч, Барысава і Маладзечна. Тыдні Германіі праводзяцца пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Менску, прадстаўнікамі нямецкіх культурных арганізацый у супрацоўніцтве з беларускімі ўстановамі і партнёрамі.

belta.by.

Прайшла чарговыя лекцыі ў межах "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

У сераду, 18 верасня, прайшлі чарговыя заняткі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. Сустрэча была прысвечана тэме "Сядзіба Альбертын у Слоніме. Леў Сапега", але пагутарыць атрымалася толькі пра асобу Льва Сапегі (і ўсё ж даволі прадуктыўна).

Таксама на лекцыі ладзіўся прагляд дакументальнай стужкі з удзелам вядомага гісторыка Алеся Краўцэвіча пра Льва Сапегу (з серыі "Загадкі беларускай гісторыі: "Леў Сапега""), а сп. Алег Трусаў распавёў пра тое, пра што ў фільме не згадалі.

У пятніцу, 20 верасня, прайшлі новыя заняткі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. Сустрэча была прысвечана тэме "Зэльва. Ларыса Геніюш".

Таксама на лекцыі ладзіўся прагляд дакументальных фільмаў тэлеканала Белсат, адзін з іх з удзелам вядомага гісторыка Алеся Краўцэвіча (з серыі "Загадкі беларускай гісторыі: "Зэльва ад Сапегаў да Геніюшаў"").

tbm-mova.by.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА КАНСТАНЦІНА ТЫЗЕНГАЎЗА (3.06.1786-16.03.1853)

Чырвоная цэгла, нібыта з крыві

Людзей беларускіх, якія Айчыне

Жыццё аддавалі, казалі: "Жыві...

А будзе Айчына, то й нас не пакіне

Жыццё, дзе замешана ўсё на крыві."


Будуеш не замак, будуеш музей,

Дзе тысячам птушак Вялікага Княства

Маўкліва-пытальна глядзець на людзей,

Якія захоплены вечным змагарствам

За грошы, за месца, дзе будзе цяплей.


Малюеш, купляеш карціны і кніг

Навёз ты ў маёнтак з Парыжа, з Варшавы,

Каб кожны, хто хоча чытаць, чытаў іх

І ведаў, што родныя нашы Паставы-

Таксама Еўропа для нас, не чужых...


Хлапчына віхрасты глядзіць праз вакно

На кнігі, на птушак Вялікага Княства.

Ён вырасце хутка, і будзе ізноў

Наш край не балотам, а краем бунтарства,

Дзе нельга панішчыць да краю любоў...

24.06.2010 г.

БАЛАДА ІВАНА НАСОВІЧА (26.09.1788-26.07.1877)

Там Беларусь, дзе беларус жыве.

І не патрэбна Беларусь шукаць,

Бо тут яна, як валуны ў траве,

Як у нябёсах песня жаўрука,

Што над тваёй дарогай, як святло,

Якое ёсць і будзе, і было,

Як пад нагамі родная зямля,

Дзе наша кроў, як іскры - у вуглях,

Не патухае, свеціцца ў вяках

І ў словах, што збіраеш сёння ты,

Каб зберагчы, як зерне для сяўбы,

Бо ўсё-ткі прыйдзе час наш залаты

Пасля стагоддзяў бездарожжа і журбы.


І ты ідзеш, бо ведаеш чаму

І для чаго, няспешліва, ідзеш,

Як снег ідзе, каб ты любіў зіму

І ўспамінаў, калі са стрэх капеж

Пачнецца і рассыплецца святло,

І кветкамі засвеціцца ў траве

Там, дзе даўно нічога не расло.

Дзе беларус, там Беларусь жыве,

І не патрэбна Беларусь шукаць,

Бо тут яна, як ля дарог крыжы,

Як у нябёсах песня жаўрука,

Як Бог у Храме кожным і ў душы…

25.04.2009 г.

БАЛАДА ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА (1790-12.03.1851)

Зноў дождж ідзе, змываючы сцяжыны,

Якімі нам вяртацца ў родны свет,

Дзе беларусы ёсць, а ў іх Айчына -

Як за Хрыстом ёсць жыватворны след.

А Плачка ўсё блукае па Прыдзвінні.

Яна з тваёй шляхецкаю душой.

Магілы ж нашыя не змыюць ліўні,

Што ў хмарах тых, якія над зямлёй

Над нашаю і з захаду, і ўсходу

Плывуць, жадаючы, каб заўтра мы

Забыліся, якога радаводу

Мы тут, дзе нашы Храмы і дамы

Адвечныя і, як зямля, святыя,

Бо нашыя, бо з нашаю крывёй...

Галодны воўк на поўню нема вые,

Туман, як замак белы, над травой

Плыве праз нас, а Плачка ўсё блукае

Па Беларусі, у якой нам вечна жыць,

Нягледзячы на тое, што знікае

Адвечнае і часта дождж імжыць...

16.07.2008 г.

БАЛАДА ЯНА ЧАЧОТА (7.07.1796--11.08.1847)

За вокнамі бібліятэкі

Выходзіць світанне з дажджу.

Зноў кнігі табе, нібы лекі

Ад суму, што поўніць душу,

Бо спевы пра даўніх ліцвінаў

Заснуць хоць на міг - не далі.

Была, нібы песня, краіна,

А людзі жывуць, як жылі,

І ты сярод іх, як світанне,

Якое не кожны чакаў.

Час пройдзе, і сонца загляне

У хату і да мужыка.

І ты сярод кніг - не самотны,

Хоць ты не забыўся свой шлях

Праз турмы, праз вецер галодны,

Праз слёзы і кроў у снягах

Чужыны, якой усё роўна,

Хто ты: ці бандыт, ці паэт,

Які праслаўляе князёўну

Вялікага княства і свет,

Дзе ты нарадзіўся, каб верыць

У родны нявольны народ,

Які тут для некага шэры,

Дурны і сляпы, нібы крот,

Ды гэткі ён не для Чачота,

Бо любіць народ свой Чачот,

І ў спевах пра даўніх ліцвінаў

Жыве залатая краіна

І будзе - пакуль ёсць народ…

16 - 17.10.2007 г.

БАЛАДА ТАМАША ЗАНА (21.12.1796-19.07.1855)

Прысніцца Вільня, нібы сонца ўзыдзе,

І ты зноў прачынаешся ў слязах

Не ад таго, што сумна ці ты ў крыўдзе,

А з гонару, што выбраў цяжкі шлях

Да Беларусі, што далёка сёння,

Як зоркі, што нібы рамонкі ў лёне,

Які цвіце ля вёскі Мясата,

Дзе ўпершыню сказаў ты слова "мама"…

Жыццё цячэ, але не як вада, -

Як кроў цячэ,

як шлях праз твань да Храма.

І ў дзённіку натуеш ты сваім

Пра халады і пра багацце Ўрала.

Ды ўсё чужое тут і толькі дым,

Як родны, абдымае і памалу

Плыве на захад, кліча за сабой.

Ды з высылкі ты не ўцячэш нікуды,

І будзе сэрца поўніцца журбой,

Ну а журба - адвечная атрута

Для сэрца і душы, якія плачуць,

Якія Беларусь праз далячыні бачаць,

Але па-польску шэпчуць да яе,

Да Вільні той, якой для нас не будзе…

Груган ляціць, і салавей пяе,

І да сваіх крыжоў прыходзяць людзі.

5-6.10.2008 г.

БАЛАДА АДАМА МІЦКЕВІЧА (24.12.1798--26.11.1855)

У Завоссі залатая восень,

А халера ў залатым Стамбуле.

І табе ўжо не прыйсці ў Завоссе -

Смерць цябе, паэт, не абмінула

На чужыне, дзе шукаў ты волю,

Нібы рыфмы звонкія ў санеты.

І цябе й тваю аплачуць долю

Філаматы ўсе і філарэты.

І згараць, нібыта грэшнасць, вершы,

Што пісаў на беларускай мове.

І сябе палякам назавеш ты,

Роднасць з Беларуссю не адмовяць

Беларусы, бо ты наш, як неба

І як сонца ў небе над Завоссем,

Што залоціць павуціны срэбра,

Што ляціць, як праз агонь, праз восень

У самотны і вясёлы Кракаў,

Як паэзія - у душу палякаў…

4.10.2007 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Верасень 1939-га ва ўспамінах Ежы Путраманта 1

Дваццаць першага жніўня

... я быў яшчэ ў Баневе2 да 21 жніўня.

Усё лета ў Маскве цягнуліся перамовы штабоў. Нават для нас, трохі падрыхтаваных палітычна, размовы гэтыя былі абсалютна незразумелыя. Чаму зацягваюцца, хто іх зацягвае?

Мы не звярнулі належнай увагі на дзве незвычайна важныя падзеі.

На адно выказванне Сталіна ў яго дакладзе на ХVІІІ з'ездзе УКП(б) у сакавіку гэтага года. Там, дзе гаворыцца пра аматараў выцягвання каштанаў з агню чужымі рукамі. Не прыпамінаю сабе, каб тагачасныя спецыялісты тое выказванне належна ацанілі. Нават тыя, якія пра яго пісалі, не мелі паняцця, які сур'ёзны змест у той фразе.

Ну і на адзін з першых вынікаў таго выказвання, на замену Літвінава на Молатава.

Нашы радзімыя мудрацы - а і палітыканы Захаду - так прызвычаіліся да ролі Савецкага Саюза, як апоры Лігі Нацый, першага ініцыятара ўсякіх блокаў супраць агрэсіі, аўтара лозуну: "Мір непарушны!" і г.д. і да г.п., што па-просту ў сваіх камбінацыях і інтрыгах разлічвалі на абсалютную нязменнасць, стройнасць, пастаяннасць савецкай замежнай палітыкі.

Мы не адрозніваліся ад іх, хоць сыходзілі з дыяметральна адрозных пазіцый. Мы не маглі і падумаць пра хоць бы часовую, тактычную, кан'юктурную дамову з гітлераўскай Германіяй. Пякельна баючыся супольнага фронту капіталістычных дзяржаў супраць адзінокага Савецкага Саюза, мы не бралі пад увагу магчымасць унутрыкапіталістычнага канфлікту - пры часовай хоць бы нейтральнасці СССР.

Смешна: штогод восенню ўсе нашыя К.І., франты, і як там яшчэ называліся тыя арганізацыйныя эфімеры "групы Дамбінскага", арганізоўвалі "ідэалагічную вучобу". Звычайна газу хапала на дзве - тры лекцыі, потым надыходзілі справы больш пільныя, і на наступны год трэба было пачынаць нанава.

І вось заўсёды, штогод, на першай лекцыі была мова пра герархію супярэчнасцяў паміж дзяржавамі зямнога шара. Галоўная: сацыялізм-капіталізм. А потым на чарзе: дзяржавы імперыялістычныя - каланіяльныя, дзяржавы пераможцы - дзяржавы пераможаныя, Амерыка-Англія, Аглія-Германія і г.д. і да г.п.

А як прыйшло да праверкі тэорыі на рэальнай практыцы, мы за тую першую супярэчнасць сягнуць не патрафілі, яна засланіла ўсе астатнія.

Я быў у Дакудаве3. Гарачы спякотны дзень. У гміне забіраю пошту. Рыбентроп ляціць у Маскву!

Як бы ў мяне пярун стрэліў. Рэакцыя падвойная: па-першае - страх, што нешта ўзрушальнае наблізілася, стаіць за дзвярыма. Па-другое - палёгка, што цяпер Польшча не капітулюе, не пойдзе разам з Германіяй. Ведаў, што цяпер ужо сітуацыя неабарачальная.

Сядаю на ровар, лячу галопам па страшных камянюках вёскі Дакудава. У гарачцы думаю: нават каб была вайна, то Польшча, Англія, Францыя супраць Германіі - гэта не так кепска. Насельніцтва маюць у дзесяць раз больш. Расіі з намі не будзе, але і Германія будзе без Аўстра-Венгрыі...

А зрэшты, вайны быць не можа, бо ўжо канец жніўня. Як бы Гітлер звар'яцеў і пачаў, то зараз пачнецца бездараж, фронт стане, да вясны Францыя з Англіяй падрыхтуюць удар...

Добра ведаю гісторыю першай вайны. Падсвядома прыпамінаю сабе тэмп пасоўвання немцаў у Шампані ці Фландрыі: 10 кіламетраў за дзень - гэта ўжо вялікі поспех. А ад Чанстахова да Варшавы...

Так сабе лічу, раптам ззаду брэх, мая лытка ў агні. Дварняк з суседняй хаты такім практычным спосабам сцягвае мяне на зямлю з аблокаў. Аглядаю лытку: крывавыя ранкі. Можа кручаны?

Ганю далей, адразу пра яго забываю. Хутчэй, хутчэй. Шведскі курган, бегавая траса, агароджа. Ускакваю ў кухню, разгарачаны абвяшчаю навіны. Бацька падымае галаву, раптам пастарэлы, кідае:

- Дурань, цяпер праз два тыдні будзе скончана!

Не адразу разумею, што гэта значыць. Потым пачынаю тлумачыць: сакавіцкае наступленне ў Пікардыі... Бацька махае рукой, са злосцю бярэцца за чытанне газет. Ён то ведае немцаў! Не займаецца палітыкай, таму ўжо некалькі гадоў глядзіць на яе зверху. І таму таксама тое абліванне халоднай вадой не пакідае на мне слядоў. Па-просту не ўспрымаю гэта ўсур'ёз.

Праз пару дзён еду зноў роварам у Ліду. Недзе за Мінойтамі4, ужо на шашы, разбітай, вельмі кепскай бачу караваны фурманак. Неўзабаве ўцямліваю, што вазы вайсковыя. Але што ж, да д'ябла, яны вязуць? Зусім гэта неяк не падобна да нармальных вайсковых пакункаў, здалёк ні то сеялкі, ні то нейкія часткі малатарань.

Пад'язджаю, і скура мне свярбіць. Вязуць самалёты. Зялёныя з бурымі плямамі крылы, чырвона-белая шахматная дошка разпазнавальных знакаў польскай авіяцыі. Гэта тыя знакамітыя, тыя цудоўныя RWD, вакол якіх столькі гаварылася ў часы Жвіркі, Вігуры, Баяна! Тыя RWD, якія гаварылі прафанам верыць у прынцыповую роўнасць нашай авіяцыі з найлепшымі паветранымі флатамі свету.

Цяпер, разабраныя на кавалкі, дзіўна безабаронныя, падскакваюць на жудасных выбоінах шашы, паволі сунуцца да нейкіх сховішчаў у той лясістай, кусцістай, поўнай балот ваколіцы.

Вельмі хутка ўсё разумею. За пару кіламетраў ад Ліды, якраз каля гэтай шашы знаходзіцца аэрадром 5 лётнага палка. Гэта адтуль іх вывозяць. Што самалёты на конных фурах, зусім мяне не здзіўляе. Іншай арміі, не на вазах, мы яшчэ не ведалі.

Скрыпучы пацягнуліся далей. Вярнуўся дадому, расказваю. Яшчэ не хацелася мне верыць, што вайна за парогам.

Трыццатага...

Так далёка, што недзе 26 ці 27 жніўня я выехаў з Банева ў Вільню. Як бы нічога, як бы меў быць нармальны год, і пара была заканчваць задоўгія канікулы, збірацца да нармальнай працы.

Адзінае, што здавалася мне ненармальным, - гэта развод з Ірэнай. Прыехаў у Вільню. Жыллё зліквідавалі мы яшчэ ў чэрвені, я скарыстаўся з гасціннасці кузіны мацеры, пасяліўся таксама на Звярынцы. Ірэна спынілася паблізу, таксама ў нейкай сваёй сваячкі. Пару ламачын, якія мы набылі год назад, засталіся ў нашай даўняй гаспадыні ажно да часу, калі мы знойдзем сабе нейкія ўласныя прытулкі.

У літаратурным свеце Вільні я не адчуваў спецыяльных устрэсак. Вялікія катастрафісты сем гадоў назад неяк незвычайна супакоіліся. Маслінскі можа ўжо з год выдаваў досыць гармафрадытнае выданне "Камедыя". І там ад часу да часу траплялася мне пару злотых. Цяпер я прывёз з Банева апавяданнечка на вельмі радыкальную тэму, замаскаваную каскадам досыць дакладных метафар. Маслінскі ўзяў, амаль пахваліў. Абяцаў даць у кастрычніцкі нумар. Ці ж някепскі абяцаўся сезон. Таксама і ва ўніверсітэце, здаецца, былі нейкія магчымасці бадай што асістэнцкага замяшчэння.

Якраз вяртаўся адтуль, была серада, 30 жніўня. Пляцык Напалеона, смешная вежачка даўняй Абсерваторыі, яшчэ з часоў Снядэцкіх.

Расклейшчык аб'яў і групка як бы з-пад зямлі выраслых зявак. Прыткнуў цёмна-ружовы скрутак паперы, мазнуў пару разоў пэндзлем, пачаў разгортваць.

Адкуль зявакі ведалі? З-пад яго рукі выскачылі чорныя літары:

Мабілізацыя.

Стаялі анямелыя. Нават не прачытаў таго, што было ніжэй. Праз некалькі секунд скамянення я кінуўся назад ва ўніверсітэт.

Ускочыў у семінарыю. Геня грэбалася ў кніжках.

- Але ж гэта вайна, - крыкнула, калі ёй паўтарыў.

Я пачаў яе супакойваць. Як распавесці пра свой душэўны стан у тыя дні? Пякельна баяўся, пастаянна баяўся таго самага: дамовы Бека з Германіяй, нейкай яго капітуляцыі. Прыгадаў сабе Чэхаславакію. Тая таксама абвяшчала мабілізацыю, а потым здалася. Неяк здавалася мне, што лёс будзе рабіць мне на злосць. Што залішне гучнае прадказанне будучыні можа перашкодзіць ёй набыць тыя рысы, якія цяпер прадказваў.

Тлумачыў яшчэ Гені, што зусім не абавязкова мусіць быць вайна. Што можа паўтарыцца штука гадавой даўніны. Быў досыць агрэсіўны. Гені не хапіла аргументаў.

- На заклад! - крыкнула ў роспачы - На заклад, што будзе вайна!

Я прыняў заклад. Яна ставіла мне вячэру ў найдарожшым рэстаране Вільні, калі вайны не будзе. Я дастаўляў ёй мяшок мукі, калі вайна выбухне.

Хачу адразу зазначыць: не даставіў. У час, калі тое было патрэбна, я не меў той мукі. А калі мог мець, ужо ёй не было патрэбна...

Пятніца

Не памятаю з тых дзён нікога з групы. Напэўна, яшчэ не паз'язджаліся ці не прыйшлі да сябе ў што раз больш гвалтоўных хістаннях таго нерэальнага часу.

Не памятаю нічога з чацвярга. У пятніцу я паснедаў адзін, цётка некуды выйшла. Сядзеў у маленькай, чысцюткай кухні, еў хлеб з маслам, запіваючы кавай.

На стале стаяла звычайнае дэтэктарнае радыё. Раптам яно загаварыла. Дзіўна, бо па-англійску. Я слухаў яго, не разумеючы ані слова. Але занепакоены быў інтанацыяй. Уцяміў у плыні белькату пару ясных слоў, уражліва зразумелых: Варшава, Кракаў, Хойніца, Гдыня, Беласток, Гародня... І зноў бэлькат.

Хлеб мне стаў косткай у горле. Я выскачыў з дому, пабег шукаць каго-небудзь знаёмага. Нікога паблізу не было. Але вуліца выглядала нармальна, у агародах цвілі кветкі, аўтобусы хісталіся на паваротах.

Ускочыў у аўтобус. Людзі стаялі спакойныя, маўклівыя. Ніхто ні з кім словам не абмяняўся. Улез, увесь разнерваваны ад таго бэлькату. І той спакой мяне астудзіў, абнясмеліў, я баяўся спытаць першага лепшага, падзяліцца з ім той незразумелай навіной. Баяўся. Пэўна таго, каб не заслужыць сабе абвінавачванне ў панікёрстве. Але таксама нечага іншага.

Якраз у тую хвілю, я амаль пэўны, што распачалася вайна, ці ўжо вызвалены ад кашмару капітуляцыі перад Гітлерам, усвядоміў сабе, што той другі кашмар не меншы. Стаяў у аўтобусе і ўжо ў тую першую гадзіну без голасу паўтараў сам сабе: а можа, яшчэ нічога? А можа...

Ад прыпынка бег да рэдакцыі "Курвеля". Мабыць, недзе па дарозе ўбачыў расклеены на мурах зварот, падпісаны Масціцкім.

Наступілі два дзіўныя тыдні. Вайна адразу не зачапіла Вільню. Ішла недзе далёка, і мы мусілі аж напружваць усю нашую энергію, каб яе, тую вайну, пачуць.

Бо гэта было першае яе праяўленне: край страціў сваю нармальную акустыку. Недзе там грымелі бітвы, палалі пажары, людзі падалі покатам - а тут было ціха, асенняе сонца, буйныя кветкі і амаль нічога адтуль.

Сядзелі пры радыёпрыёмніках. Але ў першы дзень толькі фанабэрыстыя дэкларацыі і музыка. У некалькіх асяродках - у Рудніцкага, у "Курвелі" - спрабаваў папоўніць адсутнасць ваеннай інфармацыі, пускаўся ў аналізы, абапёртыя на прачытанныя ўспаміны Жафрэя, Фоха, Лойд Джорджа. Сябры слухалі, нават маё гледжанне падавалася ім лепшым за афіцыйнае маўчанне.

Акрамя гаварыльні хацеў рабіць. Не прызвалі ў войска: меў катэгорыю "с" і ніякіх ілюзій, што мяне паклічуць пад зброю. Вырашыў змабілізавацца як пісьменнік. Пайшоў у "Слова". Прынялі мяне там адразу. Нагадаў ім, што 6 верасня - гэта чвэрць стагоддзя Марны, ахвяраваў артыкульчык.

Вечарам - а можа, наступнай раніцай? - было першае штабное камюніке. Кінуліся на яго, сядзелі, ківалі галовамі. Акруглыя фразы, спецыфічны "эвазійны" - сказалі б сёння - стыль.

Можна яго было чытаць так і гэтак, на карысць і не на карысць, у залежнасці ад тэмпераменту. Намагаўся рабіць да яго "стратэгічны" каментар, але за разважанні над вялікай лічбай знішчаных пад Чанстаховым танкаў не выйшаў.

Як выкласці, як падзяліць на этапы сыход на дно Дваццацігоддзя, бачанне з боку Вільні? Можа, удасца адрозніць у ім тры фазы.

Фаза першая: прыйманне вайны праз тое, што мы ведалі пра папярэднія войны. У той час у разважаннях разлічвалі на "польскія дарогі", на разводдзі, на "абы да вясны". Песімісты гаварылі: каб Віслы і Нарвы не аддаць. Аптымісты абураліся: як гэта, хочаце аддаць усю Польшчу? А?

(Працяг у наст. нумары.)

1 Ежы Путрамант (Jerzy Putrament) - польскі пісьменнік левых поглядаў, нарадзіўся ў Менску, закончыў Лідскую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Чытачам прапануюцца раздзелы з яго тэтралогіі "Паўвеку". Том І "Маладосць", том ІІ "Вайна". Czytelnik, 1962. Пераклад Станіслава Судніка.

2 Банева - асада каля Дакудава Лідскага раёна, якую атрымаў бацька Путраманта, палкоўнік польскага войска, былы начальнік (па нашай тэрміналогіі) ваенкамата ў Лідзе, а потым на пенсіі яшчэ і войт Дакудаўскай гміны.

3 Дакудава - вёска і мястэчка ў Лідскім павеце.

4 Мінойты - вёска і чыгуначная станцыя, першая ад Ліды ў бок Баранавічаў.

Як працуюць Мінойты

У студзені я наведаў знаёмага ў Лідзе і меў магчымасць паехаць у Мінойты, якія ляжаць ад Ліды за некалькі кіламетраў. Жадаў дапоўніць і скарэктаваць свае ўражанні праз непасрэдны кантакт з мясцовымі людзьмі.

Як вядома, касцёл у Мінойтах, зараз філія, хутка павінен стаць парафіяй. Цяпер тут маецца драўляны касцёл Сэрца Езуса і блажэннага Андрэя Баболі. Парафія паўстала некалькі гадоў таму па ініцыятыве ксяндза-каноніка Караля Любянца і да гэтага часу мае заданне каардынаваць высілкі кліру Віленскай архідыяцэзіі па навяртанні праваслаўных у лацінскі абрад. Адсюль бачна, што лацінскія Мінойты з'яўляюцца адпаведнікам усходняга Альберціна а. езуітаў.

Некалькі гадоў тут жыў у двары і рупліва працаваў ксёндз-канонік Любянец. Зараз тут яшчэ ўсё дыхае яго духам, прынцыпамі і метадамі. У гэтым годзе яго замяняе адухоўлены і поўны запалу кс. Ал. Зон, які не толькі служыць у касцёле, але выконвае абавязкі катэхеты ў народных школах. Мае шмат працы і можа цалкам аддацца місіянерскай дзейнасці. У гэтым яму дапамагаюць некалькі місіянерак-катэхетак. Гэта тыповыя некваліфікаваныя настаўніцы, якія працуюць у нас ад Польскай школьнай мацеры і з'яўляюцца прадстаўнікамі ад эндэкаў у адукацыі. Думаў, ці варта ўступаць з імі ў размову і якую інфармацыю яны могуць даць. Звяртаюся да катэхеткі, якая выглядае вельмі інтэлігентна. Паненка нудзіцца на вёсцы, таму не можа стрымацца перад незнаёмым прыбышам з горада і расказвае мне, што за нудная старая пані і панны ў двары, якія, уласна, і далі пляцоўку ў Мінойтах і ствараюць матэрыяльныя ўмовы для побыту. (Маёнткам Мінойты ў 1930-я гг. валодалі Зоф'я і Анеля Гадачэўскія. - Л. Л.) Далей даведаўся, што "фундатаркі" здымаюць, аднак, з абдораных даніну праз працяглае, непатрэбнае і надакучлівае ўмяшанне не толькі ў побыт катэхетак, але нават і ў касцельную працу ксяндза. Як мог, супакоіў маладую дзяўчыну надзеяй на змены да лепшага. Ад размовы пра дзедзічак і дабрадзеек Мінойтаў перайшоў да таго, што мне найбольш цікава. Спытаў пра ўмовы, мэты, метады, поспехі і няўдачы. Размаўляем далей, а час ідзе хутка. Пераконваюся, што мая суразмоўца - насамрэч шляхетная па сутнасці дзяўчына, толькі, згодна з модным зараз вызначэннем "з туманам", думаю, што, каб не гэты туман у галаве ...

А зімовы поўдзень хутка пераходзіць у вечар. Снег пачынае мець фіялетавае адценне. Над комінамі з'яўляецца дым, нагадваючы пра вялікую каштоўнасць агню для чалавека ў гэтую пару года. У гэты час вяртаецца невядомы мне да гэтага часу ксёндз філіяльнага касцёла Зон. Вяртаецца задыханы ад хады па вясковых школах, добра адлеглых адна ад другой. Здымае з сябе неверагодную колькасць швэдраў і кажухоў, і бачна, што гэта вельмі худы і кволы чалавек. Ад ранішняга сняданку нічога не меў у роце і такі бледны! Задаю яму толькі некалькі пытанняў пра місійную пляцоўку ў Мінойтах. Проста не маю адвагі даўжэй яго затрымліваць і, падзякаваўшы ксяндзу за размову, спяшаюся на цягнік да Вільні. Па дарозе запісваю ў блакнот уражанні і інфармацыю.

Падмуркам, на якім з'явілася гэтая пляцоўка ў Мінойтах, з'яўляецца думка, што толькі лацінскі і польскі каталіцызм ёсць у нас сапраўдным і грунтоўным. Адсюль і мэта, якой прысвячаюць сваю працу ксяндзы і катэхеткі ў Мінойтах і гэтым практычна супрацьстаўляюць сябе ўсходняй пляцоўцы ў Альберціне, і памылковаму, па іх меркаванні, плану тамтэйшых езуітаў, даказваючы слушнасць сваіх падыходаў па старых рэцэптах эндэкаў.

Прыгледзімся бліжэй да іхніх метадаў. Пляцоўка ў Мінойтах з'яўлялася б малаактыўнай, каб была накіравана толькі на беларусаў, якія жывуць побач. Прысылаюць ім вернікаў з іншых парафій у якіх сядзяць пробашчы-аднадумцы па непрыняцці ўсходняга абраду. А якія відавочныя вынікі мае гэтая праца? Пад ультра-лацінскім і паланізатарскім уздзеяннем кяндза-каноніка Любянца, насельніцтва яшчэ больш усвядоміла сваю прыналежнасць да свайго веравызнання і нацыянальнасці, і гэтае адчуванне ўзмацнілася і нават фанатызавалася. Каб нешта змяніць патрэбна праца шматлікіх місій і доўгі час. Калі справа ідзе аб праваслаўных, Мінойты працуюць зараз "на экспарт". Прысланага з далёкай стараны праваслаўнага (ці праваслаўную) адразу накіроўваць да ксяндза. Адбыўшы з ім размову, ён пераходзіць пад апеку катэхетак. Таксама, як бонус, атрымлівае гарачы абед. Падрыхтоўка да прыняцця лацінскага абраду не доўжыцца доўга, толькі 1 - 3 дні. Зразумела, гэта залежыць ад кандыдата, але шмат часу не трацяць, і таму хутка наступае прыняцце веры.

Сярод асоб, якія пераходзяць у лона каталіцызму, найбольш тых, хто робіць гэты крок з-за матэрыяльных, службовых, матрыманіяльных і іншых падобных чыннікаў. Такі празелітызм найменей дбае аб хоць мінімальным пазнанні каталіцкай веры. Катэхізацыя ў такім выпадку ператвараецца ў нэндзу і фарс, які добра адчуваюць абодва бакі. Такі ўшчэнт зматэрылізаваны катэхізуемы, можа без розніцы прыняць любую веру, будзе абыякава ставіцца да ўсялякіх цырымоній любога культу, падпіша любую форму, якую яму прапануе каплан. Кіраўніцтва духоўнай пляцоўкі ў Мінойтах скардзіцца, што "навёрнуты" такім чынам вернік ці хутка знікае праз натуральнае вяртанне дахаты ў стан прымака да жонкі і далейшы выезд альбо дае пра сябе знаць праз нейкі час, калі выказвае незадавальненне зробленым крокам - у іх тады ўжо маецца нейкі стаж. Але гэта не незадавальненне верай, а крыўда пасля атрымання пасагу, не выплачанай цалкам абяцанай грашовай сумы ці не атрыманне нейкіх рэчаў, хтосьці памыліўся з жонкай, іншая незадаволена мужам. Таго ўсё ж не прынялі ў паліцэйскую школу, гэты не стаў вознікам ці наглядчыкам у турме. Хто пералічыць прычыны ўсіх гэтых крыўдаў. Прыкра слухаць скаргі гэтых людзей, а тым больш чытаць іх поўныя незадавальнення і жалю лісты.

- Ці бываюць адпадзенні і вяртанне ў праваслаўе? - пытаюся.

- Такіх выпадкаў мы не ведаем.

- ?!

- Упэўнена кажу, што тыя, хто перайшоў у каталіцтва, ніколі ўжо не будуць хадзіць у царкву - з апломбам, і нават не задумаўшыся, адказалі мне.

Падумаў тады. Можа быць гэтыя людзі і насамрэч больш ніколі не будуць хадзіць у царкву, але ці будуць яны хадзіць у касцёл на лацінскую імшу з польскім казаннем? That is question. Пасля перапынку ў хвілю, размова на гэтую тэму прадоўжылася.

- Ну, добра! Але ці маеце для навёрнутых такім чынам нейкую літаратуру. Словам, што ім даеце на дарогу? - пытаю

- Відочна, з гэтым ёсць праблемы. Да гэтага часу Мінойты не займаліся ніякай выдавецкай дзейнасцю. Бракуе сродкаў.

- А які попыт мае ў Мінойтах выдаваны па-беларуску ўніяцкі часопіс альберцінскіх езуітаў "Да злучэння"? Ці "К соединению"? - працягваю далей.

- Што за ідэі? З таго часу як існуе наша пляцоўка ў Мінойтах, мы не далі ў рукі мясцоваму люду аніводнага выдання па-беларуску. Бо на што? Праца місіі павінна адбывацца на па-сапраўднаму культурнай мове, такой мовай, без сумнення, ёсць польская мова. Некультурных гаворак, як беларуская - ніколі і нідзе ўжываць у сваёй працы не будзем. Дарэчы, народ гэтага не хоча, мы паўсюдна бачым жыватворчае вяртанне да польскасці.

Паварочваю гаворку на іншую тэму і праз хвіліну пытаюся:

- Існуюе шмат кніжак для праваслаўных на рускай мове, яны раней ці зараз былі выдадзены ў Кракаве руплівымі польскімі езуітамі. Езуітам ніхто не можа адмовіць ні ў польскім патрыятызме, ні ў каталіцкай прававернасці. Як быць з гэтым?

- Рускі язык сапраўдны належыць да культурных, але карыстацца такой літаратурай у Мінойтах мы не плануем. Чым хутчэй той, хто прыняў лацінскі абрад, забудзе сваю беларускую ці рускую мовы і стане палякам, тым лепей будзе як з духоўнага боку, гэтак і з матэрыяльнага. Трэба прыспешваць гэты працэс. Гэта будзе карысным для касцёла, народа і дзяржавы.

- А як бачыцца справа ў лічбах? - пытаюся ў адной з паннаў-катэхетак.

- Наогул мы перабольшваем лічбу навяртаных, перабольшваем яе. Насамрэч у нас яшчэ не так усё добра. Праца ідзе вельмі павольна і неахвотна, але маем надзею на лепшае, - дадае ў канцы.

- Дазволіць мне пані ў канцы задаць ёй апошняе пытанне: чаму канонік Любянец у мінулым годзе пакінуў Мінойты і прыняў абавязкі інспектара ў Віленскай духоўнай семінарыі?

- Пэўна, будзе вучыць студэнтаў, як эфектыўна навяртаць праваслаўных беларусаў у лацінскі абрад, каб былі добрымі палякамі. Гэта ў нас, перад усім, зараз самая галоўная духоўная мэта ...

Нажаль!

Przejezdny. (Henryk Konarski.) Jak pracujе Minojty? // Preglаd Wilenski. № 3-4, 17 lutego 1935. S. 9-10.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Агонь душы нязгасны

16 верасня ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка вершаў мясцовай жыхаркі Леанілы Васільеўны Дзянькевіч "Агонь душы нязгасны". Творы прысвечаны светазорнай прыгажосці роднай Карэліччыны, высанароднасці землякоў, чысціні іх мар і пачуццяў. Павіншаваць аўтарку прыйшлі сябры літаратурнага аб'яднання "Рэчанька", якое працуе пры раённай газеце "Полымя": Г.П. Калтунова, А.І. Панасенка, М.У. Палуян, А.М.Аўчыннікава. Словы ўдзячнасці выказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РСУП "Племзавод - Карэлічы" А.М. Клінцэвіч, дзе амаль 40 год адпрацавала аўтарка бухгалтарам і дырэктар ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" Л.К. Арцюх. Сама ж Леаніла Васільеўна рассказала ўдзельнікам мерапрыемства аб сваім маленстве, юнацтве (менавіта яна з маленькай вёсачкі Г. Руткавічы. Карэліцкага раёна) і сваім паэтычным натхненні, аб цудоўных людзях, якія сустракаліся ёй на доўгім жыццёвым шляху. У час сустрэчы гучалі цудоўныя музычныя нумары ў выкананні настаўнікаў ДУА "Карэліцкая дзіцячая школа мастацтва" і лірычныя словы вядоўцы, бібліятэкара В.І. Кошур. Пахучы водар кветак, цудоўны настрой, прыгажосць і душэўнасць панавалі ў бібіятэцы на працягу ўсяго мерапрыемства.

Н.У. Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX