Вярнуцца: 2019

№ 41 (1452)


Дадана: 09-10-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 41 (1452), 9 кастрычніка 2019 г.

Каб не быць "рускімі са знакам якасці". Наш адказ інтэграцыі

Адказ "беларуская" на пытанне пра родную мову падчас перапісу насельніцтва - гэта цяпер тое, што можа зрабіць абсалютна кожны чалавек для падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Раз на дзесяць гадоў у краіне адбываецца цікавае мерапрыемства - перапіс насельніцтва. Гэтым разам беларусаў палічаць, памацаюць і паглядзяць на іх з 4 па 30 кастрычніка. І цяпер пытанні перапісу - надзвычай важныя.

Перапіс важны таму, што менавіта ад яго вынікаў адштурхоўваюцца нашыя статыстыкі, і, адпаведна, улады ў вызначэнні далейшага шляху развіцця дзяржавы і дзяржаўнай палітыкі. Напрыклад, ад сёлетніх вынікаў маштабнай апытанкі, па словах сацыялагіні, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алены Арцёменкі, будзе залежаць рэформа адміністрацыйнага падзелу краіны. Па меркаванні адмыслоўцы, у некаторых раёнах колькасць насельніцтва можа аказацца каля 5-7 тысяч чалавек, і, адпаведна, там нерацыянальна ўтрымліваць адміністрацыю.

Але найважнейшыя пытанні - гэта пытанні 12 і 13 у перапісным лісце. Яны будуць гучаць так: "Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)?" і "На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?"

Пытанні сфармуляваныя так, бо гэта - рэкамендацыі "Канферэнцыі еўрапейскіх статыстыкаў". Аднак паняцце "роднай мовы" і "першай засвоенай" усё ж не перашкаджаюць назваць любому чалавеку роднай мовай беларускую.

І гэта, насамрэч, не будзе хлуснёй. Нават калі ад пачатку вы размаўляеце на рускай мове - вы ж у дзяцінстве засвоілі "Калыханку"? Ведаеце, хто такі Дзед-Барадзед? А значыць, засвоілі і беларускую мову.

Вынікі перапісу будуць апрацоўвацца даволі доўга, і не ўсе з гэтых вынікаў нам пакажуць. Бо там ёсць "слізкія" пытанні наконт працоўнай міграцыі і жадання з'ехаць з краіны. Але сапраўдныя лічбы гарантавана давядуць да тых, хто прымае палітычныя і эканамічныя рашэнні наконт будучыні краіны.

Цяпер наша будучыня даволі цьмяная. Да нас цягнуць свае рукі розныя "рускія міры" ды "паглыбленыя інтэграцыі". Шмат хто занепакоена кажа, што існаванне Беларусі як самастойнай дзяржавы ўжо пад вялікай пагрозай, і трэба кансалідавацца ўсім, каб надалей жыць у сваім доме. І адказ "беларуская" на пытанне пра родную мову - гэта цяпер тое, што можа зрабіць абсалютна кожны чалавек для падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Такім чынам мы даводзім важную рэч: беларусы - гэта не "рускі мір". Не "апалячаныя рускія" і нават не "рускія са знакам якасці", не "малодшая славянская сястра". Гэта асобны і асаблівы народ, у якога ёсць свая мова, культура, традыцыі, зямля і краіна.

Беларуская мова - гэта і абарона ад усялякіх "глыбокіх", "паглыбленых" і іншых схаваных, прыкапаных ды замаскіраваных інтэграцый. Гэта маркёр: што беларусы - супраць паглынання сваёй краіны нейкімі "вялікімі суседзямі". Прынамсі, гэта азнака таго, што "лёгкіх інтэграцый" не будзе. І папярэджанне тым, хто на такія "інтэграцыі" спадзяецца, - найперш, з нашага боку. Прызнаемся: у Беларусі хапала не толькі партызанаў, але і калабарантаў.

Руская мова ў нас не мае патрэбы ў падтрымцы. Беларуская ж фактычна выключаная з ужытку ў адукацыі, СМІ, заканадаўстве, рэальным жыцці. Той, хто спрабаваў уладкаваць дзіця ў беларускамоўную групу дзіцячага садка альбо дамагчыся беларускамоўнага навучання ў пачатковай школе, выдатна пра гэта ведае. Хаця такога быць не павінна - каб тыя, хто жадае навучаць дзяцей на мове тытульнай нацыі, дамагаліся б гэтага ледзьве не з боем.

Чым больш адказаў у перапісе пра "родную беларускую" - тым больш шанцаў на з'яўленне навучання па-беларуску, беларускіх садкоў і школьных класаў.

Часцяком сустракаюцца нараканні, што зварот да чыноўніка на беларускай мове выклікае адказ ці на рускай, ці з памылкамі. Вялікая колькасць людзей, якія ў час перапісу заявяць пра родную беларускую, будзе вымушаць чыноўнікаў не адварочвацца ад беларускамоўных зваротаў (за апошнія гады, адзначым дзеля справядлівасці, беларускую мову яны вывучылі няблага).

Сацыёлагі ў гэтым пытанні папярэджваюць пра "спіраль маўчання". Гэта калі ўсе звыкліся, што, нібыта, "большасць адкажа пра родную мову - руская, дык я адкажу таксама гэтак". Насамрэч, усё якраз наадварот. Гэта беларуская мова трапіла ў "спіраль маўчання". Насамрэч, мова - папулярная. Быць беларускамоўным - азначае быць "у трэндзе". Уважаць беларускую мову за родную - гэта быць адукаваным, прынамсі, ведаць больш за адну мову. Проста нашая мова "не раскручаная" так, як належыць, а яе сапраўдная папулярнасць - замоўчваецца.

Не верыце? Паводле перапісу 2009 года роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва Беларусі. У час перапісу 1999 года роднай мовай беларускую назвалі 73,6%!

Дык якая ваша родная мова?

Сяргей Пульша "Новы час".

Першай сталіцы ВКЛ - 975 гадоў

Адзін са старажытных гарадоў Гарадзеншчыны - Наваградак - адзначыў 975-годдзе. Урачыстае адкрыццё адбылося ў цэнтры горада, яно мела назоў "Сіла мінулага - у гісторыі, сіла будучага - у нас". Суправаджалася адкрыццё тэатралізаваным пралогам "Слаўны горад Наваградак у легендах і гісторыях".

Парадавалі наваградчан і гасцей горада фестываль гістарычнай рэканструкцыі і ўрачыстае адкрыццё памятнага знака "Уязная брама", а таксама сквера на вуліцы Адама Міцкевіча і новага будынку Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў сваю новую фотакнігу "Наваградак. Падарожжа ў часе". А мастакі здзіўлялі прысутных вернісажам "Наваградскі Манмартр". Юбілейнае свята ў Наваградку аздаблялася рознымі конкурсамі, выставамі, выступленнем пісьменнікаў, песнямі, гандлем і салютам.

Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак.Фота novgazeta.by, Facebook,Twitter.

Мова і нацыянальная свядомасць

26 верасня - Еўрапейскі дзень моў

Юрый Хлапонін

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Калі параўноваць вышэй апісанае са шляхам развіцця польскай мовы, тут патрэбна адзначыць свае асаблівасці. Таксама, як і ўкраінская, і ўсе іншыя мовы народаў Расійскай імперыі, яна знаходзілася пад уціскам з боку ўладаў, адпаведна, яе ўжыванне знізілася ў часы панавання расейскай улады ў Польшчы. Адметнасці ж - як і чаму палякі змаглі зберагчы сваю мову, на маю думку, такія:

1. Польская мова была дзяржаўнай у Рэчы Паспалітай (аж да прыпынення яе існавання ў канцы 18 стагоддзя), а дагэтуль - у Польскім каралеўстве, таму за шматвекавы прамежак яна мела магчымасць умацавацца ў граматычным, літаратурным культурным планах.

2. Пад уладай Расеі знаходзілася не ўся тэрыторыя сучаснай Польшчы (як, дарэчы, і Украіны), таму можна меркаваць пра адрозненні ў абставінах развіцця польскай мовы на той перыяд.

3. Носьбітамі польскай мовы, яе так бы мовіць "аплотам", заўсёды былі польскае дваранства, вайскоўцы, культурны клас, эміграцыя, менавіта яны, нягледзячы на іх апальнае становішча, асабліва пасля шматлікіх паўстанняў супраць расейскай улады, змаглі пасля стаць ля кіравання Польшчай пасля аднаўлення яе незалежнасці ў 1918 годзе.

4. Як вынік, польская мова мела зусім іншы, аднаўленчы шлях развіцця, адбыліся яе граматычныя змены, адбіўся ўплыў ангельскай, французскай моваў.

Можна зрабіць выснову: адраджэнне ці заняпад мовы часта залежыць ад таго, хто пры ўладных структурах з'яўляецца рэгулятарам моўных адносін у краіне. Падобнае датычыцца і аднаўлення фактычна "з нуля" моваў іўрыту, каталонскай мовы.

Калі казаць пра іўрыт - яго аднаўленне ажыццяўлялася на працягу мінулага стагоддзя, калі ён быў часткай руху сіянізму - ідэалогіі, мэтай якога з'яўляецца аб'яднанне і адраджэнне яўрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме, у Ізраілі. Пачалося гэта з заснаванняў школ для выкладчыкаў іўрыту, адкрыццё моўных курсаў у кібуцах, яўрэйскіх супольнасцях. Гэта потым знайшло сваё адлюстраванне ў хвалях вяртання яўрэяў у Ізраіль. Важны фактар - іўрыт як мова штодзённай камунікацыі часта абіраўся на дабраахвотнай аснове. Хаця, працэс усталявання іўрыту ў Ізраілі меў таксама і свае, прымусовыя, меры. Так, напрыклад, у Тэль-Авіве быў створаны Легіён Абаронцаў Мовы, які служыў для абароны камунікацыі на іўрыце. Габрэі, якія былі падслуханыя размаўляючымі на іншых мовах на вуліцы, папярэджваліся: "Габрэй, гавары на іўрыце".

Пасля іўрыт стаў адзінай дзяржаўнай мовай маладой краіны Ізраіль, ён з цягам часу выцесніў іншыя яўрэйскія мовы. Да таго часу, калі Ізраіль атрымаў незалежнасць у 1948 годзе, 80,9% габрэяў, якія нарадзіліся ў Палестыне, размаўлялі на іўрыце як адзінай мове ў паўсядзённым жыцці, і яшчэ 14,2% габрэяў, народжаных у Палестыне, выкарыстоўвалі яго ў якасці першай сярод дзвюх ці больш моваў.

Прыклад Каталоніі вельмі добра апісаны ў матэрыяле Нашай Нівы, таму менавіта ён і тут. Няглядзячы на страту гэтым паўночна-ўсходнім рэгіёнам Пірэнейскага паўвострава незалежнасці яшчэ ў Сярэднявеччы, каталонскую мову ўдалося захаваць аж да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі з прыходам фашысцкага рэжыму Франсіска Франка мова фактычна знікла з ужытку. На дадзены момант, паволі адбываецца адраджэнне каталонскай мовы - так, на ёй ужо камунікуюць каля траціны насельніцтва. Цікавы факт - паралельна з гэтым адраджаецца рух каталонцаў за незалежнасць ад Іспаніі.

Аўтары артыкула адзначаюць: каталонская мова зберагла сябе, дзякуючы такім чыннікам:

1. Сярод каталонцаў былі тыя, хто размаўляў на каталонскай дома ці на публіцы, зацята, нягледзячы на забарону.

2. Падпольны распаўсюд улётак і кніг па-каталонску.

3. Узаемная цярпімасць паміж каталонцамі і прыезджымі ў рэгіёне.

Пасля смерці дыктатара Франка ў Іспаніі аднавілася дэмакратыя, а разам з тым аўтаномія Каталоніі, і, адпаведна, падтрымка ідэі адраджэння каталонскай мовы. Як вынік - у 90-я гады амаль 100% насельніцтва аўтаноміі разумела каталонскую мову.

Аднак разам з ростам іміграцыі ў Каталонію з краін Афрыкі, Усходняй Еўропы пачала ажыццяўляцца праграма адраджэння каталонскай мовы ў наступным:

1. Пачатковае і сярэдняе навучанне ў Каталоніі вядзецца толькі па-каталонску. Ужо ва ўніверсітэтах кожны выкладчык сам для сябе абірае мову навучання.

2. Працоўная мова, мова дакументацыі ў мясцовых адміністрацыях - каталонская. Але па законе з наведнікамі там гавораць на той мове, на якой яны звяртаюцца. Калі чыноўнік звяртаецца да незнаёмага чалавека, ён павінен гэта рабіць па-каталонску. Але калі чалавек яму адказвае па-іспанску, чыноўнік абавязаны перайсці на іспанскую мову.

3. Каталонскія грамадскія СМІ вяшчаюць па-каталонску.

4. Дэбаты ў каталонскім парламенце адбываюцца выключна па-каталонску. Агулам, ад пачатку працы аўтаномнага каталонскага парламента ў 1979 было вырашана, што ён будзе працаваць па-каталонску.

5. Усе вывескі, шыльды павінны быць прынамсі на каталонскай. Па жаданні, можна і варыянт па-іспанску. Але каталонскі павінны быць абавязкова. Уведзены мінімальныя, сімвалічныя штрафы за парушэнне гэтага правіла.

6. Каталонская паліцыя працуе па-каталонску. Агульнаіспанская паліцыя займаецца пытаннямі межаў, барацьбы з наркатрафікам, тэрарызмам. Яна працуе на іспанскай мове, большасць яе супрацоўнікаў прыехалі з іншых рэгіёнаў Іспаніі. Армія - толькі на іспанскай мове.

7. Палова кінасеансаў у Каталоніі павінна быць па-каталонску (але пакуль гэтае правіла практыкай не стала).

Такім чынам, гледзячы на прыклады захавання народамі сваёй роднай мовы, па-першае, мы пачнем з псіхалагічнай спробы тлумачэння гэтым феноменам: мова - гэта свайго роду "афармленне" свядомасці, якое ўплывае на нацыянальную самаідэнтыфікацыю чалавека. У цэлым, мы можам казаць пра існаванне пэўнага генетычнага коду нацыі, у які ўваходзіць, акрамя мовы, гісторыя развіцця этнасу, традыцыі, адным словам, тое, што дазваляе аб'ядноўваць людзей у народы і нацыі. Другі фактар - адраджэнне мовы кіравалася нацыянальнымі элітамі, якія мелі сваёй мэтай аднавіць нацыянальную дзяржаву менавіта на такіх складніках, як, у тым ліку, і мова.

У такім выпадку мы можам задаць пытанне: у першай палове 1990-х гадоў у Беларусі адзінай дзяржаўнай мовай была беларуская, адбывалася беларусізацыя адукацыі, войска. Аднак вынікам гэтага стаў беларускі выбар 1995 года перайсці на двухмоўе, тым самым адмаўляючыся ад адной мовы. Чаму так сталася? Першая прычына - паступовае знікненне старабеларускай мовы з ужытку яшчэ пры Рэчы Паспалітай (!) зрабіла з беларускай мовы "сялянскую", малаўжывальную, што ў далейшым таксама стала элементам маніпуляцыі тых, хто прасоўваў ідэі станаўлення чужой мовы на беларускіх землях. Такім чынам, беларуская мова, так бы мовіць, страціла свае карані. Па сутнасці сваёй, беларуская мова ў апошнія некалькі стагоддзяў была ў становішчы мовы меншасці, якая не мае пэўнага афіцыйнага літаратурна-граматычнага ўладкавання.

Замест высновы хацелася б адказаць на пытанне, з якой мэтай быў напісаны гэты тэкст? Напэўна, каб паказаць, наколькі важнай з'яўляецца камунікацыя на мове той краіны, у якой ты жывеш. Магчыма, тэма мовы часта з'яўляецца прадметам правакацый, канфліктаў паміж людзьмі, этнічнымі групамі, тым не менш, мова - адзін з галоўных паказчыкаў, ідэнтыфікатараў народа, нацыі, тое, што дазваляе захаваць як суверэнітэт краіны, так і яе культурную разнастайнасць.

Наконт пытання - усё ж такі, ці ўплывае мова на фарміраванне свядомасці, магу адзначыць: мова - як мы ўжо казалі, гэта безумоўна важны фактар, які дазваляе фарміраваць нацыянальную свядомасць чалавека. Аднак не трэба забываць: акрамя мовы, уплыў таксама маюць традыцыі, гістарычны шлях развіцця этнасу. Наколькі свядомасць іграе ролю ў мове камунікацыі, можна меркаваць з феноменаў яе адраджэння ў свеце. У такіх выпадках мова мела складнік цэлага ідэалагічнага кірунку, свядомага выбару людзей, на якой мове ім размаўляць. Такім чынам, працэсы звонку дазвалялі замацаваць моўны стрыжань знутры.

Памёр Андрэй Вашкевіч

"Гады чатыры кожны нумар "Нашага слова" быў складзены рукамі яго і ягонай мамы"

На 49-м годзе жыцця памёр былы супрацоўнік газет "Культура", "Імя", "БДГ", "Народная Воля" Андрэй Вашкевіч.

Вось што ўспамінае пра яго паэт Віктар Шніп: "Мы з ім былі знаёмымі з пачатку 90-х. Я тады працаваў адказным сакратаром газеты "Наша слова". Наклад дасягаў да дзесяці тысяч. Газета выходзіла на васьмі старонках. Друкавалася ў "Чырвонай зорцы", а там не было прыстасавання, каб чатыры сярэднія старонкі выдання ўкладваліся ў сярэдзіну газеты. Трэба было ўкладаць рукамі. Паспрабавалі рабіць гэта ўсёй рэдакцыяй. Зрабілі раз-другі і, убачыўшы, што з-за гэтага застаецца мала часу саму газету рыхтаваць да друку, пачалі шукаць ахвочых падпрацаваць па дамове. Даўгавата шукалі, і здавалася, што ніколі нікога не знойдзем. А тут неяк, ідучы з друкарні, сустрэў Андрэя Вашкевіча. Яму было за дваццаць. Прапанаваў падпрацаваць. Андрэй не адмовіўся, сказаўшы, што аднаму будзе цяжкавата, а вось, калі яго мама пагодзіцца, то возьмецца за працу. Мама не адмовілася. І потым гады чатыры, а мо і болей, кожны нумар "Нашага слова" быў складзены рукамі Андрэя Вашкевіча і яго мамы".

Прычынаю смерці стала анкалогія.

nn.by.

Перапіс ужо выклікаў хвалю абурэння

Першыя дні Агульнанацыянальнага перапісу насельніцтва выклікалі хвалю абурэння сярод беларусаў, якія хацелі прайсці гэтую працэдуру праз Інтэрнэт. Сайт не працаваў і быў аформлены на расейскай мове. Падчас перасылкі тэкставых паведамленняў Нацыянальны статыстычны камітэт карыстаўся выключна расейскай мовай. Кажуць гарадзенцы:

- Падчас мінулага перапісу большасць беларусаў назвала сваёй мовай беларускую. Таму я лічу, што гэтыя СМСкі павінны быць на дзвюх мовах.

- Канешне, гэта жах - удзельнічаць у перапісе я буду толькі з адной мэтай, каб пазначыць сваёй мовай беларускую.

- Для мяне самае зручнае - гэта ў Інтэрнэце.

- Буду ўдзельнічаць у перапісе, калі ўсё ж такі атрымаецца зайсці на сайт і прайсці гэта праз Інтэрнэт, то канешне, натуральна.

Частка грамадзян мяркуе, што ўдзел у перапісе толькі на руку аўтарытарнай уладзе. Бо вынікі могуць быць фальсіфікаваныя, мяркуе гарадзенец Дзяніс:

- Мая сям'я вырашыла не ўдзельнічаць у перапісе, бо няма даверу да вынікаў гэтай перапісной кампаніі, як у прынцыпе да любых дзяржаўных ініцыятываў. За чвэрць стагоддзя ўжо сфармавана і ўдасканалена сістэма маштабных фальсіфікацый. Дзяржаўныя органы будуць выкарыстоўваць вынікі гэтага так званага перапісу ў сваіх мэтах.

Агульнанацыянальны перапіс насельніцтва Беларусі будзе праходзіць да 30-га кастрычніка. Ён ажыццяўляецца праз інтэрнэт, перапісчыкамі і ў адмысловых пунктах.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.

Выйшаў "Іспанска-беларускі слоўнік для школьнікаў"

Аўтары "Іспанска-беларускага слоўніка" Мікола Бусел і Якуб Лапатка - настаўнікі вышэйшай катэгорыі, з вялікім стажам працы на ніве выкладання іспанскай мовы. Абапіраючся на свой досвед, яны і склалі гэты слоўнік менавіта для школьнікаў. Апрача таго, яны ўважліва вывучалі падручнікі і праграмы розных краін і моў. I складалі адпаведны рэестр слоў менавіта для школьнага ўжывання. Абодва аўтары - выпускнікі іспанскага факультэта Менскага дзяржаўнага інстытута замежных моў (зараз Менскі лінгвістычны ўніверсітэт).

Слоўнік змяшчае каля 4000 слоў. Слоўнік можна спампаваць на сайце tbm-mova.by/publication1.

tbm-mova.by.

Моўныя курсы "Мова нанова - Ліда" распачалі новы навучальны год

Бясплатныя курсы беларускай мовы "Мова нанова - Ліда" пасля доўгіх летніх вакацый 2-га кастрычніка распачалі свой новы навучальны год. Да таго ж моўныя курсы прывіталі сваіх слухачоў не толькі ў новым сезоне, але і ў новым памяшканні, па новым адрасе: у банкетнай зале кавярні хуткага харчавання "Тутака" па вуліцы Ленінская, 22а.

Заняткі прайшлі ў цёплай сяброўскай атмасферы, на іх завітаў вельмі цікавы госць - беларускі спявак, музыкант мультыінстру-менталіст і этнограф Сяржук Доўгушаў.

У граматычнай частцы заняткаў, якую правяла вядоўца курсаў Наталля Тананушка, слухачам было прапанавана прыгадаць пройдзены матэрыял за мінулы вучэбны год, адказваючы на пытанні моўнага тэсту "Тэорыя і практыка мовы". Пытанні, якіх было дванаццаць, і для падрыхтаванага вучня былі далёка як няпростыя. Але ўсе справіліся добра.

Другая частка заняткаў пазнаёміла слухачоў курсаў з шаноўным госцем. Спадар Сяржук распавёў слухачам пра цікавыя музычныя інструменты беларускага фальклору, іхнюю гісторыю, прадэманстраваў гучанне і пазнаёміў з этнічнымі спевамі беларусаў. Таксама не менш цікавымі былі інструменты фальклору з іншых краін - этнічных народаў Чэхіі і Амерыкі. Разам з шаноўным госцем слухачы з задавальненнем хорам спявалі старадаўнія народныя беларускія спевы і пляскалі ў такт.

Акрамя гэтага шаноўны госць вельмі цікава распавёў пра свае выступленні ў ЗША, адкуль не так даўно вярнуўся. Было вельмі цікава пачуць пра існаванне музеяў прысвечаных культуры карэнных народаў Амерыкі, пра лад і жыццё сучасных амерыканцаў, а таксама пра жыццё беларусаў, якія з'ехалі ў ЗША.

Напрыканцы Сяржук Доўгушаў прэзентаваў курсам "Мова нанова - Ліда" цудоўны скарб - зборнік фальклорнай спадчыны беларусаў "Бяседныя песні". У гэтым выдатным зборніку зафіксавана песня, якая патрапіла нават з нашых мясцінаў - в. Феліксава Лідскага р-на, запіс быў зроблены ў 1992 годзе, яе праспявала жыхарка вёскі Марыя Іванаўна Дула: "Я выпіла, выхіліла…"

Я выпіла - выхіліла,

сама сябе пахваліла,

што я добрага роду -

п'ю гарэлачку як воду,

захілілася ў куток,

по сем чарак у раток.

Таксама шаноўным госцем былі зроблены падарункі, якія маглі атрымаць слухачы за правільныя адказы на яго пытанні. А таксама кожны ахвочы мог патрымаць у сваіх руках музычныя інструменты і зрабіць фота на памяць.

Са свайго боку моўныя курсы "Мова нанова - Ліда" таксама не пакінулі шаноўнага госця без падарунка.

"Мова нанова - Ліда" запрашае ўсіх жадаючых на свае заняткі бясплатных курсаў беларускай мовы ў канцэпцыі якіх - неакадэмічнае вывучэнне мовы.

Кожны тыдзень у сераду ўсе ахвочыя могуць далучыцца да беларускамоўнага асяроддзя, падцягнуць свае веды роднай мовы, каб карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці.

Шануйма родную мову, вучымся і размаўляем!

Алег Лазоўскі, сябар Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Выстава праектаў сучасных касцёлаў і сацыяльных цэнтраў

У белай зале Чырвонага касцёла ў Менску дзейнічае выстава творчых праектаў архітэктара Аляксандра Базевіча. Жыхары сталіцы змаглі пазнаёміцца з самім аўтарам і яго мілай жонкай Марыяй на адкрыцці экспазіцыі.

Прысутных дабраславіў на добры прагляд ксёндз Кірыл Бардонаў:

- Аляксандр Базевіч стварае аб'екты, якія служаць малітве, дарозе да Бога, асвячэнню чалавека: гэта каталіцкія і праваслаўныя храмы, аб'екты, якія служаць выхаванню дзяцей і моладзі, тым, каму патрэбна дапамога. Няхай праца архітэктараў і будаўнікоў спрыяе людзям на доўгія гады! - пажадаў святар.

Прыхаджане касцёла з цікавасцю выслухалі выступленні аўтара праектаў і пазнаёміліся з яго працамі. Наведаць мерапрыемства прыйшлі калегі і сябры творцы.

Аляксандр Францавіч Базевіч нарадзіўся ў Жодзішках у 1962 годзе. Смаргонскі край паўплываў на станаўленне яго светапогляду. Старадаўні "Віленскі край", як яго называюць мясцовыя жыхары, дзе захавалася шмат помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны, паўздзейнічаў на выспяванне светапогляду будучага дойліда. Срэбная прыгажуня Вілія, 400-гадовы касцёл у Жодзішках, сядзіба Міхала Казіміра Агінскага вышэй па плыні ракі, рэшткі Крэўскага замка - усе навакольныя мясціны стваралі непаўторную атмасферу, якая спрыяла развіццю таленту і здольнасцяў.

Будучы архітэктар з дзяцінства быў зачараваны моцай і прыгажосцю храмаў, якія лучаць моцную энергію Святога Духа і Творчасці. Ён вывучаў таксама рысы народнага дойлідства, якія адбіліся ў маёнтках, броварах, корчмах, сядзібнай архітэктуры, і накіроўвалі да выбару прафесіі. У 1990 годзе Аляксандр Францавіч скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Ён набыў значны досвед і выпрацаваў творчы почырк пры стварэнні праектаў забудоў сацыяльнага прызначэння.

- У другой палове 80-тых гадоў перад праекціроўшчыкамі паўстала шмат пытанняў, бо многія заказчыкі зніклі, трэба было вызначыць, што будаваць, як жыць далей, - патлумачыў доктар архітэктуры прафесар БНТУ, Сяргей Аляксеевіч Сергачоў. - Аляксандр Базевіч не пакінуў архітэктуру, працягваў праектаваць катэджы, школы, але сэрца паклікала яго да стварэння культавых аб'ектаў. Трэба сказаць, што ў тыя часы яшчэ не было распрацавана нарматыўнай дакументацыі на такія сучасныя забудовы, тэма была новай. Касцёлы ў майго калегі атрымліваюцца вельмі добрыя, у іх праяўляюцца рысы беларускай архітэктуры!

Аўтарству А. Базевіча належыць шэраг культавых забудоў (з іх - 27 касцёлаў). На выставе прадстаўлены праекты касцёлаў, якія ўпрыгожылі Беларусь у апошнія дзесяцігоддзі: касцёл св. Казіміра ў Стоўбцах, каталіцкі цэнтр св. Арханёла Міхаіла ў Смаргоні, касцёл Маці Божай Ружанцовай у Менску і іншыя.

Самым вялікім і складаным праектам А. Базевіча з'яўляецца цэнтр у Смаргоні, які выконвае адукацыйную, выхаваўчую і камунікатыўную функцыю. Ён атрымаў дыплом Беларускага саюза архітэктараў на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе архітэктурных твораў у 2001 годзе. Паспяхова былі выкананы архітэктарам праекты грамадскага прызначэння, такія, як бізнэс-цэнтр "Падол" у Гародні (1994-95), цэнтр фірмы " Грэйп" у Салігорску, гандлёвы цэнтр "Сафія" ў Бабруйску (2008 ), шэраг аб'ектаў агратурызму: сямейны турыстычны комплекс у Заслаўі, турыстычная база на Браслаўскіх азёрах, экасядзіба "Налібоцкая пушча", комплекс "Крэўскі маёнтак" на трасе Менск-Вільня, фальварак "Вяча" ў в. Дафарэнцыя Менскага раёна і іншыя.

- Аляксандр Базевіч належыць да тых сапраўдных майстроў, якія ствараюць гарманічнае навакольнае асяроддзе, якое спрыяе чалавечай душы,- адзначыў сябар Беларускага саюза архітэктараў Дзяніс Олін.

Спадар Аляксандр знаходзіць падтрымку ў сваёй сям'і: яго жонка Марыя - архітэктар, яна піша выдатныя вершы на беларускай мове, у сужанцаў - дзве дачкі.

"Удзячна лёсу, што са мной ты побач,

Табе ўдзячна за душы цяпло,

Што здольны падзяліць са мною радасць,

Што сэнс жыцця - Спагада і Дабро!" -

напісала спадарыня Марыя.

Выстава будзе доўжыцца і прыцягне ўвагу наведвальнікаў.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1-2. На адкрыцці выставы; 3. Праекты А.Ф. Базевіча.

Талент

Талент як сонца!

Яго не схаваеш нідзе…

Ён не згарыць,

Не патоне ў шумлівай вадзе…

Нельга яго падарыць, ні скарыць, ні прадаць…

Грэшна, таксама, у сэрцы закрытым трымаць…

Плённым хай будзе ў гэтый віхуры падзей,

Хай акрыляе і цешыць надзеяй людзей,

Крочыць уперад, змагацца з нягодай, каб жыць,

Верыць і марыць, і толькі як можна - тварыць!

Бо толькі сам Чалавек здольны вызначыць лёс,

Каб яго талент узнёсся да самых нябёс.

Марыя Базевіч.

Вайна - гэта масавы тэрор

Сымон Барыс

Нядаўна ў штотыднёвіку "Наша слова" быў надрукаваны невялікі артыкул пра Францішка Аляхновіча. І там сказана, што невядома хто забіў праслаўленага драматурга: чырвоныя партызаны, акаўцы, а можа і немцы. Вось так прыкладна напісана і ў Вікіпедыі. Пара пра гэта напісаць праўду. Хто забіў яго?

Так ужо здарылася, што я будучы настаўнікам як краязнавец у 1970-х гадах збіраў успаміны партызанаў і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі ў Менскім, Заслаўскім і Вілейскіх раёнах. Гэтыя ўспаміны надрукаваны ў маёй кнізе "Бліскавіцы над Заслаўем" у 2015 годзе. Аднак у кнігу трапіла не ўсё, што я пачуў. Напрыклад, я дакладна памятаю, як адзін з партызанаў распавядаў мне, як ён спецыяльна хадзіў з-пад Іллі ці з-пад Лагойска аж у Вільню, каб забіць рэдактара газеты "Беларускі голас" Ф . Аляхновіча. Было такое заданне ад камандавання. Хто даваў заданне - я, безумоўна, не памятаю. Два партызаны прыйшлі ў Вільню днём па падробленых дакументах. Адрас жыхарства Ф. Аляхновіча ім далі, выпраўляючы на гэта заданне. Увечары падыйшлі да дома, дзе ён жыў. Гарэла святло, і ён нешта каля акна пісаў. Мне памятаецца, што быццам яго забілі праз акно. Але Вікіпедыя, паводле слоў жонкі, піша, што ў дзверы пастукалі і ён выйшаў, і тады яго застрэлілі. Цяпер ужо не так важныя тыя падрабязнасці забойства, як хто гэта зрабіў. У сваёй кнізе я гэтага не надрукаваў, але памятаю, як мне гэта распавядалі. У маім архіве магчыма і запісана пра гэта, а можа нават і няма такога запісу. Ды хто ж хадзіў у Вільню? Сёння я не магу цвёрда назваць прозвішча забойцы, але гэта быў адзін з трох - Цімчук, Фралоў або Адамчык. Усе гэтыя асобы хадзілі па розных заданнях пад Вільню. І вось адзін з іх мне і сказаў, як ён застрэліў рэдактара газеты "Беларускі голас". Застрэлілі яго за тое, што той выдаваў нацысцкую газету. Гэта былі савецкія партызаны. Так што акаўцы тут не вінаватыя. Савецкія партызаны таксама забілі і рэдактара менскай "Беларускай газеты" Уладзіслава Казлоўскага. Як мне помніцца, таксама мне нехта з маіх суразмоўцаў распавядаў мне пра гэта. Аднак чамусьці Вікіпедыя называе там нейкія два прозвішчы тэрарыстаў, якія нагадваюць яўрэйскія. Я ж сустракаўся толькі з беларусамі і рускімі партызанамі, якія падпарадкоўваліся толькі Маскве. А вось, хто забіў Вацлава Іваноўскага, застаецца загадкай. На мой погляд, гэта зрабілі савецкія партызаны, але ў гэтым былі зацікаўлены і эсэсаўцы.

Што датычыцца рэдактараў беларускіх газет, дык тут хоць нейкую віну можна прыпісаць рэдактарам. Але возьмем беларускую школу. Увосень 1941 года амаль усе школы, якія былі ў Беларусі да вайны, былі адкрыты, і настаўнікам прапанавалі вярнуцца ў школу, і ім плацілі зарплату. У так званых "народных школах" было 7 класаў, у якіх дзеці вучыліся ад 7 да 14 гадоў. Заняткі праводзіліся на беларускай мове. У класе была нацыянальная сіволіка (бела-чырвона-белы сцяг, герб "Пагоня" і кліч "Жыве Беларусь!"). Калі ў 1942 годзе пачаўся партызанскі рух, дык партызаны школы палілі. А калі не палілі, дык забаранялі дырэктару або настаўніку школы праводзіць заняткі ў школе. Загад давалі толькі адзін раз настаўніку ці дырэктару школы, а калі ён не выконваў яго, дык у другі прыход партызаны расстрэльвалі непаслухмянага. І здаралася часта нават так, што партызаны школу закрылі, яна не дзейнічала, а настаўнікі атрымоўвалі зарплату за сваю работу, бо лічылася, што школа працуе.

Усё гэта вайна. Вось я сёння адкрыў сваю кнігу "Бліскавіцы над Заслаўем" і чытаю. Калі адступалі чырвонаармейцы з Беласточчыны ў чэрвені 1941 года, заходзілі ў вёскі і прасілі паесці, дык недзе кармілі іх, а ў іншых вёсках есці не давалі. Вось звесткі пра гэта з успамінаў Уладзіміра Абрамчыка: "На территории Западной Белоруссии в польских деревнях кто давал поесть, а кто и нет. Некоторые поляки прямо нам отказвали в пище: "Пусть вас Сталин кормит". Мы такие семьи расстреливали. Когда мы отступали, мы уже знали, что немцы делают с военопленными". Звярніце ўвагу на сказанае, што расстрэльвалі не толькі таго, хто такое сказаў, а сем'і. А гэта і ёсць масавы тэрарызм вайны. Забівалі ні за што зусім невінаватых людзей. Вайна не выбірае ахвяры - знішчае ўсіх, хто знаходзіцца на шляху баёў.

Ушанаванне памяці шляхетнага фатографа і літаратара Яна Булгака

У апошнія гады апантаныя людзі і даследчыкі ўшаноўваюць памяць такіх знакамітых асобаў, як М. Агінскі, С. Манюшка, і зараз да іх можна далучыць Яна Булгака. Шмат зрабіў для адраджэння памяці пра яго Францішак Баляслававіч Жылка, прадпрымальнік, дырэктар ТАА "Фра-Міл", шчыры католік. У супрацоўніцтве з Міханавіцкім сельскім саветам ён ініцыяваў усталяванне памятнага каменя з мемарыяльнай дошкай. Аўтарам выявы на дошцы з'яўляецца скульптар Валеры Калясінскі.

Ян Булгак быў вядомым у Еўропе фотамастаком, тэарэтыкам фотасправы, публіцыстам. Ён нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 года ў вёсцы Асташын на Наваградчыне. Пасля заканчэння гімназіі ён вучыўся на філасофскім факультэце ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце. У 1899 годзе ён з прычыны фінансавых цяжкасцяў перасяліўся ў маёнтак, атрыманы ў спадчыну ад стрыечнага дзеда Адама Грынеўскага. Тут ён непасрэдна заняўся фатаграфіяй і стаў сапраўдным майстрам. У 1910 годзе Я. Булгак упершыню ўдзельнічаў у сусветнай фотавыстаўцы ў Бруселі. У 1915 годзе выйшаў альбом у 6 тамах "Літва ў здымках Яна Булгака". Ён вельмі выразна здымаў Наваградак, Мір, Нясвіж, Свіцязь, Крэва, Вілейку, Трокі, Вільню.

Памятны камень Яну Булгаку быў ўсталяваны ў вёсцы Пярэсека пад Менскам. Урачыстая падзея адкрыцця мемарыяльнай дошкі адбылася 6 кастрычніка на месцы былой сядзібы Я. Булгака ў прысутнасці прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, мастацкіх калектываў, прадстаўнікоў Згуртавання беларускай шляхты.

У халодны ветраны дзень на пачатку імпрэзы гасцей сагравалі спевамі і заахвочвалі да танцаў "Крупіцкія музыкі". Адкрыў мерапрыемства кранальнымі словамі Мікола Котаў, а працягнуў сваім выступленнем фальклорны тэатр "Матуліна хата".

Да прысутных з прывітальнымі словамі звярнулася старшыня Міханавіцкага сельскага савета Святлана Уладзіміраўна Давальцова. Яна падзякавала за карысную ініцыятыву, якая зацікавіла мясцовых жыхароў.

- Ідэя ўшанаваць памяць Яна Булгака з'явілася ў мяне тры гады таму, - падзяліўся з прысутнымі сп.Францішак Жылка. - Я хацеў расказаць пра тых таленавітых людзей, якія нарадзіліся і жылі на нашай зямлі і вядомыя ва ўсім свеце. Дзякуючы падтрымцы старшыні сельсавета, я змог адрадзіць гэту мясціну, ачысціць і аднавіць. Камень давялося прывезці з Менскага раёна з дапамогай суседзяў - Ірыны і Дзмітрыя. Вядомы беларускі скульптар Валеры Калясінскі пагадзіўся пасупрацоўнічаць.

Пасля адкрыцця ганаровай дошкі дыпломамі былі ўзнагароджаны скульптар Валеры Калясінскі і спадар Францішак Жылка. Прадстаўнік Згуртавання беларускай шляхты Ігар Шакалаў-Шыдлоўскі ўручыў Ф. Жылку памятны знак. Прагучала пяцікратнае "Віват!". "Служу Айчыне! Адкажу перад Богам!" - прамовіў спадар Францішак Жылка.

- Добра, што мы ўспомнілі пра такога выбітнага чалавека праз 70 гадоў пасля яго смерці, - адзначыў доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч. - "Краязнаўчая газета" друкавала на сваіх старонках шмат артыкулаў пра яго. Ён заслугоўвае, каб пра яго з'явілася кніга.

Пра літаратурную дзейнасць Яна Булгака распавяла даследчыца і перакладчыца, дацэнт БДУ Ірына Багдановіч:

- Я займалася перакладам на беларускую мову паэмы Яна Булгака "Мая Зямля". На яе старонках я знайшла радкі пра страчаны рай: пра маляўнічыя куткі прыроды, шляхецкія фальваркі з партрэтамі продкаў і гадзіннікамі. Ян Булгак праявіў сябе таленавітым літаратарам.

На імпрэзе прысутнічала маладая даследчыца Маргарыта Петухова. Яна распавяла:

- Ян Булгак пачаў рабіць першыя фотаздымкі фотаапаратам сваёй жонкі Ганны. Гэты былі выявы навакольных двароў, здымкі блізкіх людзей. У яго аб'ектыў патрапілі і мясцовыя жыхары. Потым ён адчыніў тут, у Пярэсецы, мастацкую фотастудыю.

- Сёння мы бачым прыклад таго, як можна быць удзячным сваёй радзіме. Францішак Баляслававіч Жылка адрамантаваў млын у Жодзішках, паставіў капліцу ў роднай вёсцы - адрадзіў зямлю, дзе жыў Ян Булгак, і ўшанаваў яго памяць. Пярэсека, якая была закінутай многія гады, можа стаць цікавым турыстычным аб'ектам, дзе ёсць пра што распавесці нашым людзям і шматлікім турыстам з іншых краін. Няхай гэта места вабіць нас усіх, каб мы яшчэ прыязджалі сюды! - адзначыў старшыня Беларускага Фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Камень з мемарыяльнай дошкай Яну Булгаку; 2. Францішак Баляслававіч Жылка і госці імпрэзы; 3. Ян Булгак.

Беларускія ўлады спадзяюцца на падтрымку Германіі ў пасоўванні адносін Менска і ЕС

Навіны Германіі

Як заявіў кіраўнік урада Сяргей Румас на сустрэчы з амбасадарам ФРГ у Беларусі Манфрэдам Хутарэрам, у апошні час паміж Менскам і Бруселем усталяваліся больш цёплыя адносіны.

Прэм'ер падкрэсліў, што Германія з'яўляецца ключавым гульцом у ЕС, а таму ад пазіцыі афіцыйнага Берліна па тым ці іншым пытанні залежыць палітыка Еўрасаюза.

Па словах Румаса, эканамічны складнік "будзе прыярытэтам у працы новага амбасадара Германіі". Ён нагадаў, што ў нашай краіне працуе больш трохсот фірмаў з удзелам нямецкага капіталу, а ФРГ "традыцыйна з'яўляецца буйным гандлёвым партнёрам Беларусі".

Частка ўрада бачыць патэнцыял у гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных адносін дзвюх краін.

- Мы вельмі здаволены тым, як працуе беларуска-германская працоўная група па гандлі і інвестыцыях і жадалі б, каб гэты дадатны досвед узяла працоўная група па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, мы чакаем аднаўлення яе працы, - сказаў Румас.

Беларускі бок таксама зацікаўлена ў больш актыўнай працы Рады дзелавога супрацоўніцтва, якая ў ранейшыя гады вельмі прадуктыўна дзейнічала ў пасоўванні інтарэсаў беларускага і нямецкага бізнэсу.

Naviny.by.

Кангрэс Міжнароднага ПЭН-клуба занепакоены працяглай стыгматызацыяй беларускай мовы

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба на 85-м штогадовым кангрэсе, які адбываўся ў Маніле (Філіпіны) 1-5 кастрычніка, выказала занепакоенасць працяглай стыгматызацыяй беларускай мовы ў Беларусі, дзе ўлады ўжо амаль тры дзесяцігоддзі імкнуцца замацаваць дамінаванне рускай мовы.

- Некалькі гадзін таму 85-ты кангрэс Міжнароднага ПЭНа прыняў прапанаваную Беларускім ПЭНам рэзалюцыю адносна беларускай мовы. Мы вельмі добра разумеем: на рэзалюцыі праца не заканчваецца, а толькі пачынаецца. Беларускі ПЭН у кансорцыюме з іншымі беларускімі арганізацыямі працуе над супольнай кампаніяй па адвакатаванні беларускай мовы. І тут такая падтрымка [кангрэса] нязвыкла істотная, бо часта менавіта знешні інтарэс дазваляе заставацца ў тонусе інтарэсу ўнутранаму - на ўсіх узроўнях. А перадусім мы вельмі ўдзячныя ПЭНам Амерыкі, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Санкт-Пецярбурга, якія падтрымалі нашу рэзалюцыю на самым пачатку (для вылучэння на галасаванне кангрэса). Таксама дзякуй вялікі тэлеканалу "Белсат" і ўсяму кансорцыюму арганізацый кампаніі "Беларускамоўныя" за супрацу і дапамогу ў рабоце над рэзалюцыяй, - пракаментавала падзею старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.

У закліку Беларускага ПЭН-цэнтра адзначаецца, што ўлады цураюцца беларускай мовы. На афіцыйным узроўні ўсе законы напісаныя па-руску. Абмяжоўваецца доступ да адукацыі на беларускай мове: толькі 13% вучняў навучаюцца па-беларуску, а ў краіне няма ніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай выкладання. У Беларусі 85% кніг выдаюцца па-руску. У той жа час тэлеканал "Белсат" не можа платна прасоўваць уласны відэакантэнт на сваіх жа YouTube-каналах, бо Google Ads не падтрымлівае беларускай мовы. Гэта сур'ёзна ўплывае на эфектыўнасць спробаў пашырэння глядацкай аўдыторыі ды распаўсюду пэўнай і спраўджанай інфармацыі, адзначаюць аўтары рэзалюцыі. Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба заклікае беларускія ўлады дзейнічаць згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай, а Google ды іншыя інтэрнэт-платформы прызнаць беларускую мову і забяспечыць беларусам магчымасць выказвацца і свабодна камунікаваць з прадстаўнікамі ўласных супольнасцяў ды іншымі людзьмі на беларускай мове.

Поўны тэкст рэзалюцыі змешчаны на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра.

belapan.by.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА НАПАЛЕОНА ОРДЫ (11.02.1807 - 26.04.1883)

Ніколі не позна вярнуцца з чужыны

Да любае сэрцу самотнай Айчыны

І стаць яе славай, якая з гадамі

Вышэй і вышэй, нібы зоры над намі.

Вярнуцца і помніць Парыжскія драмы,

Паэзію, музыку, фарбы і Храмы,

І неба Італіі, што як віно

У тым вінаградзе, які ўжо даўно

Антычны і спелы, як жніўнае лета,

Што ў фарбах застыне і ў словах паэтаў,

З якімі ты марыш аб вольнай краіне.

І шмат хто за волю краіны загіне,

Бо волі падмурку не быць без крыві.

А волі не хочаш - па-рабску жыві!

І ты інсургент, але болей - мастак,

Што ведае волі сапраўднае смак

І сёння малюе сядзібы і Храмы,

Каб заўтра, як ён, мы сказалі таксама,

Што тут Беларусь і была, і век будзе,

І мы еўрапейскія людзі…

18.07.2008 г.

БАЛАДА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА (4.02.1808 - 17.12.1884)

Не трэба чужога, не трэба чужога!

Ні грошай, ні мовы, ні Бога, -

Нічога не трэба чужога!

Мужык беларускі - мужык,

Ён слухацца пана прывык.

Ён з панам разумным - разумны,

Ды толькі вось пан нешта сумны.

І царскія ўлады - не рады,

Шпікі, як сабакі, ля хаты.

Якую ён школку трымае?

Няўжо ён законаў не знае?

А пану шчэ сніцца паўстанне

І верыцца ў светлае ранне,

Ды толькі не трэба чужога:

Ні праўды, ні волі, нічога,

Нічога не трэба чужога!


… Вятры за вакном завываюць,

Снягамі агонь засыпаюць,

Дзе чуюцца крыкі і смех.

І сыплецца, сыплецца снег

На ліпу, на хату, на долю.

І свечка асвечвае волю,

Якой не было і ці будзе.

За вокнамі мроі і людзі,

Надзеі, бяда, спадзяванні

І белая, сумная пані,

Якая сустрэчы чакае,

Якая адна і святая,

І ёй не патрэбна чужога

Ні сына, ні мовы, ні Бога,

Нічога чужога, нічога!

23.01.1993 г.

БАЛАДА СЫМОНА КАНАРСКАГА (17.03.1808 - 11.03.1839)

Сонца сакавіцкае крывава

З вечаровых выплыла снягоў.

Ранішняя Вільня пахне кавай,

Як паненка, што ідзе дамоў

З вечарынкі, што гула да рання.

І паненцы тут не зразумець,

Для чаго патрэбнае паўстанне.

За паўстанне ты ідзеш на смерць,

Малады, прыгожы і разумны,

З прагаю да волі і жыцця.

Звон звініць на Храме сумна-сумна,

І галосіць на руках дзіця

У жанчыны, што цябе cпаткала.

Ты ўсміхнуўся і далей пайшоў

Па дарозе, што ўжо вузкай стала

І апошняй, дзе пральецца кроў

Вінная твая, бо тут віною

Прад чужынцам ёсць і будзе тут -

Родны кут любіць усёй душою,

Не здаваць чужынцам родны кут...


...І паболее крыві на сонцы,

І растануць у крыві снягі,

Дзе твой шлях змагарны не бясконцы

І не бачны шлях пакуль другі...

9.06.2010 г.

БАЛАДА АЛЯКСАНДРА РЫПІНСКАГА (каля 1810 - 1900)

Праз трыццаць год вяртаешся дахаты,

Рамантык, інсургент, мастак, паэт,

І прад табою край твой - не пракляты,

А любы, нібы з васількоў букет,


Што ты паклаў на сцежку інсургентаў,

З якімі волю для людзей шукаў.

Крывёй за волю плацяць - добра ведаў

І ты сваёй крыві не шкадаваў.


І хоць было разгромлена паўстанне

Ты не адрокся ад былых дарог,

Бо Беларусь - не кветка, што век вяне,

А Храм любові, дзе жыве Пан-Бог,


Дзе ўсё сваё: і песні, і легенды,

І мова, без якой загінем мы,

Як без людской спагады інсургенты

Сярод завейнай лютае зімы.


І будзеш сніць Парыж і Лондан шэры,

Дзе ты і сёння мог спакойна жыць

І не палохацца ад стуку ў дзверы,

Бо за дзвярамі, як ваўкі, віжы.


Напішаш ты пра родны край балады,

Дзе пра любоў сваю не прамаўчыш.

Праз трыццаць год вяртаешся дахаты,

Нібыта ўчора з'ехаўшы ў Парыж…

10.02.2009 г.

БАЛАДА ІВАНА ХРУЦКАГА (8.02.1810 - 13.01.1885)

Ты з ланцужком прыгожым, залатым

Ад імператара гадзіннік маеш.

Але ланцуг ніякі не ўтрымае

Цябе, каб на радзіму заўтра ты

Вярнуўся і застаўся ля крыжоў

Бацькоўскіх, і ля Полацка свой дом

Пабудаваў, каб полацкім святлом

Жывіць сваю душу і маляваць ізноў

Партрэты, нацюрморты, на якіх

Наш родны свет багаты і святы,

І сумны, як пражытыя гады,

Што праляцелі, як адзіны міг…


І ўжо - сям'я,маёнтак і спакой,

І ты нікога бачыць не жадаеш.

І, як валун травою зарастае,

Цяжэеш ты самотай незямной,

Але не ад таго, што ўсё міне

І не паўторыцца ўжо больш ніколі,

А ад таго, што прычакацца волі

Усе не змогуць, воля - не ў віне,

Яна ў крыві павінна быць і з ёй

У сэрцах кроў становіцца жывой.


І ланцужок прыгожы, залаты

У прыдарожны пыл кідаеш ты…

7.02.2009 г.

БАЛАДА ГЕНРЫКА ДМАХОЎСКАГА (14.10.1810 - 14.05.1863)

Палын... Пажарышчы...

Магілы... Груганнё...

Але жыве твой край!

Ён па сцяжынках слёз

Прыйшоў у сэрца, у якім цвіце агнём

Твая любоў да васількоў і да бяроз,

І да людзей, якія марамі жывуць

Аб волі, да якой вядзеш іх сёння ты

Праз кроў паўстання і астрожную траву,

Вядзеш да Беларусі, нібы да вады

Жывой, не забываючы ў краях чужых

Ні таленту свайго, ні цёплых родных слоў,

Якімі саграваў і саграеш усіх,

Каму вышэй за ўсё да родных ніў любоў.

І, памяняўшы прозвішча, ты не змяніў

Сваіх вачэй, што бачылі і бачаць свет,

І край азёр, і пастушкоў агні,

Што нібы кроплі сонца, дзе вясна жыве...


...Ізноў паўстанне,

і ты першым рвешся ў бой,

І першым падаеш на рукі маладых,

Якім ісці было не страшна за табой,

Якім стаў першым твой апошні ўздых.

17.02.2009 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Верасень 1939-га ва ўспамінах Ежы Путраманта

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Справа ў тым, што ў 1938 годзе разам з КПП былі распушчаны КПЗБ і КПЗУ. Іхнія даўнія члены, якім удалося пазбегнуць, канешне, нярэдкіх правакацый, правалаў, Бярозы, вязніцы, цяпер звярталіся да савецкіх уладаў, гатовыя да працы. Прымаў іх усеагульны недавер. У выніку празмернага абагульнення выпадкаў правакацый, кожны, хто прызнаваўся ў прыналежнасці да КПП, аўтаматычна станавіўся падазроным. Кушаль (ці Кісель, як здаецца ён называўся сапраўды) мусіў гэта ў той час адчуваць з нарастаўшай сілай.

У суме я зразумеў адно: трэба ў Вільню, спаткацца са сваімі, разгледзецца, нарэшце дзейнічаць. Якраз адходзілі першыя цягнікі, таварныя. Ніто на платформе, ніто ў перапоўненым вагоне я даехаў да Вільні.

Тут панаваў нечуваны бардэль. Горад заліты быў дзвюмя хвалямі - бежанцаў і Чырвонай Арміі. Бежанцы апанавалі тратуары, кавярні, лесвічныя клеткі. Пераважна ў вятроўках, з заплечнікамі, жанчыны ў портках, з хустачкамі, завязанымі пад барадой, хадзілі натоўпамі з аднаго месца да другога, падганятыя павевамі пагалосак, што тут нешта даюць, што там можна ўрваць. Праезды заняла Чырвоная Армія, гэта значыць калоны аўтамабіляў, гармат з трактарамі, здвоеных і зчацвяроных кулямётаў на грузавіках.

На момант майго прыезду з'явіліся ўжо першыя цывільныя. Найактыўнейшым у "нашым" рэсурсе быў нейкі Клімаў, дэлегаваны для арганізацыі школьніцтва. На пытанне, дзе можна спаткаць "нашых", гучаў адказ: у "аблана", у Клімава.

Канешне, застаў там вялікую групку; Генрыка, Казіка, нашых настаўніц - Ганначку і Лільку, Данка Скаржынскага, Кекштаса-Адамовіча. Там таксама натрапіў на першых "чырвоных" варшавякаў.

Паміж іншымі - на Ірэну Вішнеўскую. Хто яе сёння памятае? Апошняя жонка Францішка Парэскага, невысокая плацінавая бландынка, зеленавокая, з вельмі прыгожым тварам. Неяк так склалася, што мы цэлы дзень блыталіся па горадзе разам.

Гэты горад! Гэты прыгожы, сонны, знаёмы горад! Усё дагары нагамі! У рэстаранах нічога. У цукерні Рудніцкага вялікі цымус: збожавая кава і тарцінкі з чорнага хлеба з сырам. Гатэлі перапоўненыя.

Па горадзе ішлі магутныя хвалі плётак. Гаварылі, што саветы адходзяць, што аддаюць Вільню: Германіі, Літве, Бог ведае, каму яшчэ. Я смяяўся: як гэта, каб народная ўлада аддавала горад буржуям? Смяяцца прыходзілася без цяжкасці: плёткі ствараліся пякельна дурнавата.

"Аблана" зрабіла нараду настаўнікаў. Памятаю вялікую тэатральную залу, поўную. Як свежа прыцягнутыя працаўнікі "аблана", мы стваралі там масавасць. У ходзе дыскусіі я выступіў таксама, востра ацэньваючы фашыстоўскія тэндэнцыі санацыі.

Пасля нарады падышоў да мяне Клімаў. Быў гэта першы бальшавік, першы з герояў Шолахава, з якім я меў дачыненні. Высокі, каратканосы, у акулярах, з валасамі, зачэсанымі назад. Разгаварыўся са мой і раптам паведаміў: праз гадзіну я маю ехаць у Беласток.

Чаму, для чаго? Там даведаюся. З'явіўся аўтамабіль, быў нехта яшчэ, але не памятаю, хто. Я першы раз у жыцці так далёка ехаў аўтамабілем. Было гэта не латва: дарогі былі забіты войскам. Тут цяпер былі відны расцягнутыя на дзесяткі кіламетраў матарызаваныя калоны, танкі, гарматы, амаль зусім нашыя фурманкі.

У Беластоку мы заехалі ў прыгожы палац, яшчэ памаляваны ў абстрактныя плямы. Быў там вялікі рух. Мы чакалі доўга, амаль цэлую ноч, пераспаную на крэсле. Потым з нашай кампаніі некага затрымалі, мне і яшчэ аднаму сказалі вяртацца. Мы ўжо ведалі, у чым справа: у Беластоку адбывалася нарада прадстаўнікоў Заходняй Беларусі. Было дзіўна, чаму не ў Вільні?

Вяртаюся, даведваюся, што плёткі былі слушныя: Вільню аддалі сметанаўскай Літве. Трэба было бачыць, як вокамгненна змяніліся паводзіны шэрагу людзей, як з пакорных і ўсмешлівых сталі зласлівымі і затоенымі! Для мяне ўдар быў вельмі цяжкім. Ні за якія скарбы я не хацеў вяртацца ў буржуазную дзяржаву. Усе нашыя працаўнікі "аблана" таксама вырашылі эвакуявацца з Вільні.

Апошняя ноч. Ледзве знайшоў пакой у яўрэйскім гатэліку каля Вастрабрамскай. Мармуровая пліта ўмывальніка, парцалянавы (фарфоравы) збанок пад ваду, камфорт стогадовай даўніны.

Перад вакзалам таўкатня. Савецкія войскі адступаюць. Адначасова ўразлівы натоўп бежанцаў. Едзем групай, Вішнеўская - у Львоў, дзе, падобна на тое, з'явіўся Парэцкі. Яшчэ пару чалавек з далёкай групавой перыферыі. Тлум на пероне. З тым вобразам Вільні, узбударажанай, але яшчэ Вільні, выязджаю.

Банева ў апошні раз

У Мінойтах ноч. Вішнеўская і рэшта кампаніі махаюць мне рукамі. Цягнік рушыць, караван яскравых акон. Тут цёмна. Яшчэ марш цераз лес, цераз Пескі, "нямецкай шашой". Я мог бы тут ісці з завязанымі вачыма.

Банева мяне спатыкае неспакоем яшчэ ўзмоцненым. Аказваецца, што бацьку арыштавалі. Быў у лесе, па дарозе ішоў нейкі аддзельчык. Спыталі, хто ён. Хапіла звання, хапіла асадніцтва. Здаецца, што нехта тых салдатаў нацкаваў: пашукайце, там такі палкоўнік.

Суседзі адразу данеслі: салдаты павялі некуды палкоўніка. Ірэна з Маняй рушылі на ратунак. Было ўжо позна, у паўзмроку паехалі раварамі ў кірунку Мінойтаў. Усюды было поўна жаўнераў. Затрымалі іх каля шашы. Следу бацькі не знайшлі. Не было рады, вярнуліся.

Былі ўжо каля дзялкі, калі ў цемры ўзнікла чорная постаць. Нават перапужаліся. Гэта быў бацька.

Аказалася, давялі яго аж пад Беліцу, гэта значыць некалькі дзясяткаў кіламетраў на поўдзень. У Беліцы ўбачылі, што ён арыштаваны. Выскачылі яго знаёмыя, мужыкі, яўрэі, пачалі тлумачыць, што такі добры чалавек. Яго адпусцілі.

Нягледзячы на гэта неспакой застаўся. Кружылі чуткі, што ўсе асаднікі будуць выселены. Былі таксама спробы заспакаення. Кожнае слоўца, якое пярэчыла тым чуткам, паўтаралі ў Баневе, як пацеры.

Восень стала глыбокай, разлезлай. Уся сям'я, закрытая ў доме, перапоўнена неспакоем. Да мяне, як галоўнага "бальшавіка", скіроўваліся прэтэнзіі, не выказваныя, адчувальныя толькі, за той увесь неспакой.

Я ведаў адно: павінен адтуль выехаць. Уся абаяльнасць Банева зрабілася ў той сітуацыі анахранізмам. Трэба нешта рабіць! Тут ніякай работы не было.

З газет даведаўся, што ў Вільню ўвайшлі сметанаўцы. Невядома было, дзе размясцілася "аблана". Не вытрымаў нарэшце, зноў рушыў "у свет".

З тога выезду не памятаю нічога. А між іншым гэта быў апошні раз, калі я бачыў Банева. Вялікія пачуцці, пасля якіх у памяці не засталося ані фатаграфіі таго апошняга віду.

Пагалоскі гаварылі, што "вобласць" з Вільні перанеслі недзе ў Маладзечна. Сеў на цягнік. У Маладзечне "вобласці" не знайшоў. Паехаў у Глыбокае. Не спадзяваўся, што тут будзе сталіца акругі, ведаў толькі, што там Ганка Згерская.

Сама назва "Глыбокае"! Гэта была найглыбейшая правінцыя, блізка ад вяршыні Віленскага паўвострава. Малое мястэчка на невялікіх пагорках, вялікія таполі, пасяродку вялікае, зграбнае возера. Нейкі шматок таго дзіўнага пейзажу яшчэ цэлага ў маёй памяці: чорнае асенняе возера, і з усіх бакоў над ім чорныя, драўляныя домікі.

Ганку знайшоў лёгка. Пасля заканчэння ўнівера атрымала тут працу як паланістка. Жыла недалёка ад возера. Усё мястэчка, зрэшты, было недалёка ад таго возера. Увесь дзень патрацілі на гаворку, на прыпамін сабе васьмі гадоў знаёмства. Было трохі страшна: ужо восем гадоў! Як звыкла, закідвала мне, што я неўраўнаважаны, несур'ёзны, гавару, Бог ведае што, ніколі нельга мне давяраць. Тое апошняе было лёгкім перабольшваннем, рэшта, што ж, нажаль...

Вечарам паехаў назад. Ганка гаварыла, што "аблана" ў Вілейцы. У той старой, павятовай. Здаецца, дала нават адрас Генрыка.

"Аблана" ў Вілейцы

Вілейка была з раніцы. Мабыць, яшчэ больш, чым Глыбокае, пахла "тутэйшасцю". Велізарная вуліца з драўлянымі дамамі, якія часта выходзілі на вуліцу шырокай сцяной. Па-просту некалькі Дакудавых, пастаўленых адно пры другім. З тым, што тут яшчэ смутней, бо без дрэў.

У "цэнтры" - царква і касцёл. Апошні мураваны. Пра царкву не гавару. Нават яўрэйскія крамкі - амаль усе.

Ішоў з клункам у руках па страшнай вуліцы. Лужыны ад дома да дома. Белыя фіранкі на вокнах. Высокія брамы, такія ж платы.

Пасля некалькіх няўдач знайшоў нарэшце і "аблана", і нашых. Быў перадусім Генрык, быў Казік, Кекштас-Адамовіч, здаецца, яшчэ пару. Прынялі мяне досыць радасна: усе пачуваліся чужымі, і кожны "адтуль" трохі раз'ясняў пейзаж.

Ах, той пейзаж! Ліда тут здавалася Варшавай! Тыя страшныя, чорныя дамы, чорныя платы, слупы, брамы! Якраз пачаліся дажджы, пра якія маліліся ў верасні. Чорныя платы і лужыны.

Весткі былі наогул нецікавыя. Як аказалася, у Вільні арыштавалі Данка Скаржынскага. Родны брат Казіка, вельмі актыўны моладзевы дзеяч - малодшы на некалькі гадоў за нас, аднак працаваў ва ўніверсітэце, калі ўсе былі ўжо магістрамі, ён быў правадыром як бы другой генерацыі групы. У астатні год у Вільні пачалі выдаваць мясцовую мутацыю "Работніка". Данак яе рэдагаваў. Якраз гэта сталася перадумовай арышту.

Аднак не здавалася гэта важным. Спрабавалі ўмяшацца. Лічылі гэта непаразуменнем, што яго праз колькі дзён выпусцяць. Нічога з гэтага не выйшла. Хлопец згінуў без следу. Можа ў час эвакуацыі ў 1941 годзе, а можа калі ў іншы час.

Ужо пасля майго выезду з Вілейкі цяжкія выпрабаванні чакалі Кекштаса. Як літовец ён быў прымацаваны ў якасці інспектара асветы да Ашмян, таму што там было трохі літоўскіх вёсак. Мясцовы кааператыў атрымаў перад святамі вялікую партыю паркалю. Але "ўлады" не пусцілі яго на рынак, раскупіўшы ўсё самі. Кекштас падняў гвалт. У выніку яго хуценька заарыштавалі па абыякой прычыне. Пра далейшыя яго лёсы я пісаў раней.

Той факт нас узрушыў. Быў гэта першы доказ існавання яскравай несправядлівасці ў новым ладзе. Тут не магло быць непаразумення, як з Данкам. Праўдападобна, гэта якраз і згубіла Кекштаса. Быў лішне прынцыпіяльны, лішне абураны, каб дзейнічаць талкова. Пэўна, загучна абураўся. Даў зачэпку малой правінцыйнай кліцы, смяртэльна ўражанай, што была злоўлена на гарачым учынку, і таму д'ябальскі небяспечнай.

Не хацеў верыць, калі мне гэта апавядалі. На столькі гэта не адпавядала таму, што мы чыталі.

Наогул, было нялёгкім тое прыціранне дзвюх рэчаіснасцяў: той з кніжак і гэтай штодзённай. Мы сядзелі ў "аблана", гэта значыць у некалькіх драўляных хатах. Нічога не памятаю з нашай работы. Генрык, здаецца, укладаў нейкія метадалагічныя праекты. Казік ездзіў на інспекцыі. Я нікуды не ездзіў. Сустракаліся тры разы на дзень пры сілкаванні. Вечарамі страшная нуда.

У Вілейцы было яшчэ трохі бежанцаў. М. ін. сустрэлі тут вядомую перад вайной у Лодзі пару скульптараў: Уладзіслава Страмінскага і яго жонку Катажыну Кобру. Выдавалі яны нейкае авангарднае мастацкае выданне АР, што, здаецца, абазначала "Авангард рэвалюцыі" ці нешта ў гэтым родзе. Страмінскі быў калекам. Нягледзячы на гэта, яны былі сціплыя, гарушчыя, вельмі мілыя.

Набліжалася 7 лістапада, першае ў новых умовах. Я тлумачыў Клімаву, якія гэта выдатныя мастакі. Асабліва падкрэсліваў іхнюю фармальную рэвалюцыйнасць. Здаецца, дастаткова яго пераканаў. Калі наблізілася гадавіна рэвалюцыі. Клімаў выклікаў Страмінскага і даручыў яму аздабленне Вілейкі.

Страмінскі з запалам згадзіўся. Назаўтра прынёс праект. Быў ён у сваім родзе геніяльны. Цэнтральную плошчу Вілейкі, небрукаваную гразкую прастору ў выглядзе неправільнага трохкутніка, акружаную тымі самымі счарнелымі дамкамі, ён прапанаваў заставіць некалькімі дзесяткамі 6-8-мятровых шчытоў авангарднай формы, абцягнутымі чырвоным палатном.

Разумееце галоўную думку? Вельмі простая: схаваць тыя дамкі, тую гразь, тэлеграфныя слупы. Уцячы ад іх, схавацца паміж тых чырвоных матылёў...

Клімаў доўга аглядаў эскіз. Мне вельмі падабалася, усім нашым - таксама. Нават Клімаў вагаўся: тады яшчэ дастаткова жывыя былі традыцыі Меерхольда і "рэвалюцыйнага мастацтва".

Вырашыла аднак проза: праект Страмінскага быў за дарагі. У канцы зарэзалі 95 працэнтаў праекту, пакідаючы некалькі шчытоў. Не засланіла гэта драўлянай беднасці, але захавала штосьсі з адважных уяўленняў Страмінскага.

На ўрачыстым паседжанні Генрык зачытаў даклад. Гаварыў слаба, заікаўся. Аж страх: апошні раз яго чуў...

Выезд у Львоў

У той час адбылося нешта новае і са мной. Нашыя супольныя ўцёкі з Вільні не былі пагадненнем з Ірэнай, былі толькі перамір'ем. Я быў ужо пару тыдняў у Вілейцы, калі атрымаў ад яе ліст з Банева.

Быў той ліст вельмі роспачны. Восень, няпэўная, цяжкая атмасфера вакол Банева, натуральна кепскія стасункі з маці. У суме Ірэна ўгаворвала мяне забраць яе адтуль, ахвяруючы поўным забыццём гісторыі з лета. Зрабілася мне яе шкада. З другога боку я жыў пад моцным уражаннем ад зеленавокай Вішнеўскай. Нарэшце я выслаў ліст, якім выклікаў Ірэну з Евай у Вілейку.

Прыехалі яны вельмі хутка. Некалькі тыдняў мы жылі ва ўласным пакойчыку, адгароджаным фанерай ад астатняй хаты. Было цесна і галаднавата. Не без задавальненне расказаў Ірэне пра зеленавокую. Пісаў лісты ў Львоў. Адказу не было.

Не ўтрымаўся, выбраўся сам. Гэта значыць, не толькі з той нагоды. У Вілейцы я пачуваўся вельмі згубленым. У "аблана" для мяне ніякай работы не было. Без літаратурнага асяроддзя не быў здольны зляпіць двух слоў. А тут якраз прыйшла першая вестка, што менавіта там сабралася найболей польскіх пісьменнікаў, галоўным чынам з Варшавы.

Доўгае падарожжа цераз Палессе. У Львове вялікі рух. У гэты раз яшчэ мацней, чым у першую бытнасць, адчуў перавагу Львова над Вільняй у катэгорыі "вялікага горада". Патрапіў у якраз узнікалы клуб літаратараў на Каперніка. Цэлы графскі палац новыя ўлады ахвяравалі пісьменнікам. Сам выгляд тых апартаментаў ужо быў сатысфакцыяй. Салоны, салонікі, клідоры, зусім прыстойная сталоўка. Натоўпы людзей.

Спаткаў, канешне, шмат знаёмых. М. ін. Пастарнака, які ў той час рабіў нешта ў родзе гонару дому: і львовец і камуніст. Прыняў мяне вельмі добра. Ці пераехалі сюды? Так, канешне!

Спаткаў і Вішнеўскую. Нажаль, муж яе знайшоўся, здавалася, была тым вельмі задаволена. Наогул, не мог яе пазнаць, такая стала сухая, пагардлівая. Нават яе прыгожы тварык набраўся нейкай зусім велічнай строгасці. Я хутка зразумеў, што віленскі эпізод быў выпадковасцю. Неяк не вельмі я тым праняўся. Сухасць, як аказалася была больш для яе тыповая, чым віленская сардэчнасць.

Вырашыў: пераязджаю сюды, але з Ірэнай. Недзе за горадам знайшоў пакой. Даў задатак. Яшчэ раз цераз Палессе. У Вілейцы Ірэна шчаслівая, рэшта таварышаў паволі ўцягваецца ў тую нялёгкую працу. Прынялі маё рашэнне з ухвалай. Клімаў таксама не быў супраць...

(Далей ідуць падзеі на Украіне.)

У паўночную сталіцу Расійскай імперыі

У нашай арганізацыі ёсць даўняя традыцыя падарожнічаць па Беларусі і дальніх краях. Але куды б нас, сапраўдных валацугаў, не занесла прага да вандраванняў, мы заўсёды шукаем Беларусь. Так і ў гэтым верасні акрамя вандроўкі на Аршанскае поле мы на тры дні накіраваліся ў сталіцу Расійскай імперыі. З 19 па 22 верасня мы наведалі Пецяргоф, Пецярбург і Царскае сяло. Зразумела, што трох дзён занадта мала, каб усё пабачыць у Піцеры і ваколіцах, але наша праграма нам дазволіла наведаць і пабачыць самыя цікавыя закуткі паўночнай сталіцы Расіі.

І, зразумела, мы знайшлі і "беларускі след". Пры наведванні Аляксандра-Неўскай лаўры звярнулі ўвагу, што ў Дабравешчанскай царкве пахаваныя Скаўронскія, сваякі імператрыцы Кацярыны I, якая паходзіць з віцебскай шляхты. Тут жа пры лаўры ёсць Мікольскія могілкі, дзе пахаваны выбітны скульптар і мастак Міхаіл Мікешын, які называў сябе беларусам і нават пісаў вершы на беларускай мове. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо Мікешын паходзіць родам са Смаленшчыны і яго родная вёска знаходзіцца недалёка ад беларускай мяжы паміж Крычавам і Рослаўлем.

Пры наведванні царквы "Спас на крыві" звярнулі ўвагу мясцовага гіда, што "паляк" Ігнат Грынявіцкі, які смяротна параніў імператара Аляксандра II, нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці ў Клічаўскім раёне ў мястэчку Басін. У дадзеным выпадку наўрад ці ёсць чым ганарыцца, але гісторыю варта ведаць! І некалькі год таму мы з паплечнікамі наведалі Басін, дзе вяскоўцы з гонарам паведамілі, што Грынявіцкі іх зямляк, а ад яго маёнтка яшчэ засталася "ліпавая прысада". І цвіком "беларускай" праграмы стала наведванне "Могилёвского моста" на Грыбаедаўскім канале недалёка ад Мікольскай царквы. Калі яшчэ распрацоўвалася праграма, то першапачаткова прадугледжвалася і сустрэча з беларускай дыяспарай на чале з Міколам Нікалаевым. Але, на вялікі жаль, за некалькі дзён да вандроўкі спадар Мікола паведаміў, што ў гэты дні ён будзе ў… Менску. Таму сустрэчу перанеслі на наступны раз. Дарэчы, усім раю пачытаць кнігу "Беларускі Пецярбург" і вам будзе зусім не чужы гэты паўночны і вялізны горад!.

Алег Дзьячкоў.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Здагадайцеся, дзеткі

Як пачуеш вокліч жураўліны,

Хуценька ідзі па … (журавіны)


Да балота ён прывык,

А завецца птах … (кулік)


З хвойкі на хвойку

Скача вяртлявая … (сойка)


Па-над берагам ракі

Важна крочылі … (гракі)


Ля шпакоўні сядзіць … (шпак)

У рэчцы плюскае … (шчупак)


Мышы ловіць … (кот)

Землю рые … (крот)


Узімку к нам ляціць … (сініца)

У нары жыве … (лісіца)


Шчабятуха, белабока,

Хутка лётая …(сарока)


Белы падае пушок,

Называецца … (сняжок)


Снег сышоў і на ўзлеску,

Як заўжды цвітуць … (пралескі)


Пойдзеш у лес, маркотны бор,

Там сустрэнеш … (мухамор)

Анекдоты

Школьнікі сустракаюць п'янага чалавека і пытаюць:

- Дзядзенька, скажыце, калі ласка, якая зараз гадзіна?

- Пры чым тут гэтая гадзіна, галоўнае, каб вы, дзетачкі, добра вучыліся!

* * *

- Паліш? - пытаецца бацька ў сына. - Як ставяцца да гэтага настаўнікі?

- Адныя прапануюць самі, іншыя страляюць.

* * *

- Оля! Як табе падабаецца новы настаўнік? Ён прыгожы, культурны…

- Скажа тое мамка. Толькі Віця-двоечнік з паралельнага класа цалуецца лепш яго.

* * *

"Новы беларус" прыязджае з Парыжу. Жонка пытае:

- Што цікавага ў Парыжы?

- Ды нічога. Бачыла ў кораша Вавана ў туалеце "Джаконда" залітая лакам вісела. Дык яна цяпер у Луўры, толькі без лаку. Навошта яны яго садралі. З лакам прыгажэй.

Язэп ПАЛУБЯТКА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX