Вярнуцца: 2019

№ 48 (1459)


Дадана: 27-11-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 48 (1459), 27 лістапада 2019 г.

22 лістапада - перапахаванне паўстанцаў 1863 года ў Вільні

Годны фінал 150-гадовай трагедыі. Як у Вільні развіталіся з Каліноўскім і яго паплечнікамі

Развітанне з Кастусём Каліноўскім і яшчэ 19 паўстанцамі, арганізаванае ўладамі Літвы, атрымала найвышэйшыя адзнакі тысяч прысутных на ўрачыстасці.

У 8.30 салдаты ротаў ганаровай варты Арміі Літвы і Войска Польскага вынеслі два дзясяткі невялікіх драўляных трунаў з унутранага двара Палаца валадароў Вялікага Княства Літоўскага.

Дзве першыя труны накрытыя чырвоным штандарам з паўстанцкім гербам - літоўскай "Пагоняй", польскім арлом і нябесным заступнікам арханёлам Міхаілам. У іх тое, што засталося ад камандзіраў - Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.

Парэшткі ўсіх удзельнікаў народнага паўстання супраць расейскага царызму даставілі ў Кафедра-льны сабор-базіліку Святых Станіслава і Уладзіслава.

На плошчы тым часам сабраліся сотні ахвотных стаць сведкамі гістарычнай падзеі. Найбольш, як выглядала, было беларусаў, якіх лёгка было пазнаць па бел-чырвона-белых сцягах, партрэтах Каліноўскага і самаробных плакатах з ягонымі цытатамі. З прыбыццём на вакзал кожнага новага цягніка ці аўтобуса людзей прыбывала, і ўрэшце беларусы, на вока, склалі 2/3 ад усіх прысутных.

Некаторыя прызнаваліся, што ніводнага разу не былі ў Менску, але не маглі прапусьціць такую падзею ў гістарычнай сталіцы. Арганізавана дабраліся выкладчыкі і навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэя - адразу паўсотні чалавек.

Да неабыякавых людзей далучыліся палітыкі, грамадскія і культурныя дзеячы: Станіслаў Шушкевіч, персанальна запрошаны як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, а таксама Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Лявон Баршчэўскі, Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Алена Анісім, Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, Уладзімір Някляеў, Іосіф Сярэдзіч, Павел Жук, Генік Лойка, Зміцер Дашкевіч, Павел Белавус, Эдуард Пальчыс ды многія іншыя.

Адмыслова прыехалі ў Вільню кіраўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Івонкай Сурвілай.

На развітанне ў саборы адвялі дзве гадзіны. Пасля прыбыцця афіцыйных асобаў і кіраўнікоў замежных дэлегацый доступ у храм часова прыпынілі. Але за тым, што адбываецца ўнутры, можна было назіраць на вялікіх экранах.

Літва і Польшча былі прадстаўленыя на найвышэйшым узроўні - прэзідэнтамі Гітанасам Наўседам і Анджэем Дудам. У ганаровым шэрагу і былыя літоўскія кіраўнікі - Вітаўтас Ландсбергіс, Валдас Адамкус, Даля Грыбаўскайце. Беларусь, Украіна і Латвія абмежаваліся чыноўнікамі менш высокага рангу.

Святую імшу служылі арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас і біскупы ды вайсковыя капеланы з Літвы, Польшчы і Беларусі. У прыватнасці, слова пра Кастуся Каліноўскага прамаўляў каталіцкі арцыбіскуп мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Тым часам да сярэдзіны дня на Кафедральнай плошчы заўважна паболела літоўскіх, польскіх, украінскіх палотнішчаў. Прадстаўнікі гэтых краін воплескамі рэагавалі на выступы сваіх лідэраў, трансляваныя на экраны - тыя адзначалі неацэнны ўнёсак удзельнікаў вызвольнага руху, які праз паўтара стагоддзя прывёў да дэмакратычных працэсаў ва Усходняй Еўропе.

І вось настаў час для жалобнай працэсіі. На тэрыторыі зноў з'явіліся людзі ў парадных мундзірах, на дарозе выстраіўся ганаровы эскорт: лафет, прычэплены да вайсковага пазадарожніка, і дзясятак катафалкаў. На першым - дзве труны з парэшткамі Каліноўскага і Серакоўскага, накрытыя сцягам паўстанцаў. Паперадзе рушылі барабаншчыкі і святары. За імі - вышэйшыя асобы і святары.

У чорных легкавіках - астатнія паўстанцы. Следам стала доўгая калона пад нацыянальнымі сімваламі сваіх краінаў. Працэсія рушыла на могілкі Росы.

Непрацяглы прыпынак быў зроблены каля Вострай Брамы: вернікі памаліліся за душы забітых герояў, вышэйшыя асобы пераселі ў свае аўтамабілі і чакалі ўжо на месцы пахавання.

Пасля развітальных прамоваў труны ўклалі ў адмысловыя нішы, абсталяваныя ў капліцы-некропалі на Росах. Сцяг з труны Зыгмунта Серакоўскага атрымаў у памяць пра падзею Анджэй Дуда, з імем Каліноўскага - Гітанас Наўседа.

З усіх відаў зброі прагрымеў памятны салют у гонар кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання - усіх, хто змагаўся і загінуў за свабоду.

У капліцы устаноўлены вянкі ад урадаў пяці краін, але беларускіх там два: ад урада і ад народа. Годна.

Ад вечара 22 лістапада пантэон герояў быў адкрыты для грамадскага наведвання.

У Вільні ўшанаванне памяці Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863-1864 гадоў працягнулася 23 лістапада. "Каго любіш? Беларусь!" - гэты і шэраг іншых патрыятычных лозунгаў гучалі на вуліцах Вільні.

Памінальная літургія за супакой душаў паўстанцаў 1863-64 гадоў і асобна Кастуся Каліноўскага прайшла ў святыні Вільні, грэка-каталіцкай царкве Святой Тройцы, дзе пачынаў сваю рэлігійную дзейнасць Язафат Кунцэвіч, а насупраць, у базыльянскіх мурах, дзейнічала Віленская беларуская гімназія. На службе былі святары і вернікі з розных гарадоў Беларусі, вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі з розных краін свету. Айцец Яўген Усошын сказаў:

- Мы ўзгадвалі ўсіх паўстанцаў, якія былі пахаваны ўчора - Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Адбываецца гэткае выпраўленне крыўдаў, што былі зроблены людзям, якія маюць права на годнае пахаванне і належнае ўшанаванне. Тым больш, што гэтыя людзі не толькі для беларускага народа, але і для іншых народаў маюць вялікае значэнне. Гэта тым больш надае вялікую вагу гэтаму ўсяму.

Мірон Крывіч прамовіў:

- Кастусь Каліноўскі і іншыя паўстанцы сказалі - мы павінны навучыцца любіць. І гэта было іх галоўным паролем - любіць Беларусь! Гэта значыць - любіць і Бога, бо Бог даў нам гэтую зямлю, Бог даў нам нашу мову, і мы павіны гэта любіць. І тое, што адбылося зараз у Вільні, гэта вялікая падзея ў жыцці беларускага народа.

А вечарам у "Паўстанцкім ланцугу" жалобным шэсцем ад Вострай брамы да могілак Росы прайшло некалькі соцень беларусаў. Усё адбывалася пры ўзнятым настроі са сцягамі, знічамі і патрыятычнымі спевамі:

- Слава героям! Героям слава! - Сёння ў нас чыста беларускі марш, каб паказаць, хто наш герой, як адносяцца нашыя землякі, усе беларусы да нашага нацыянальнага героя.

- Для нас ён вельмі значная постаць. А што зараз навязваюць нашым дзецям? Хто яго ведае, як яно будзе далей. Для гэтага і трэба прыязджаць, каб бачна было, што гэта для нас не пусты гук.

- Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!

- Нам, нашчадкам тых змагароў, дастаткова перайсці гэтую мяжу да Вільні, а гісторыя сведчыць, што ўсе межы часовыя. І трапіўшы сюды, мы можам дыхаць тым паветрам змагання, якім дыхалі нашы папярэднікі. - Каго любіш? Беларусь!

Ігар Карней, Радыё Свабода. Беларускае Радыё Рацыя. Фота: Андрэй Шаўлюга (RFE/RL, Надзеі Бужан, nn.by; Якуба Сушчынскага і Ладзіка Майніча (Беларускае Радыё Рацыя).

Што віцэ-прэм'ер Беларусі сказаў пра Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні

Асоба Каліноўскага назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі, але не варта выкарыстоўваць яе ў палітычных мэтах, заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка ў сваім выступе па-беларуску пасля імшы ў віленскім Кафедральным саборы з нагоды перапахавання паўстанцаў 1865-64 гадоў. Ён назваў цырымонію "сапраўды гістарычным момантам, аднолькава важным для беларускага, літоўскага, польскага, украінскага і латышскага народаў".

"Падзеі 1863-64 гадоў, якія закранулі тэрыторыі адразу некалькіх дзяржаваў Усходняй Еўропы, адбываліся і на нашых землях. Большасць асобаў, якім мы сёння аддаём даніну памяці, з'яўляюцца сынамі беларускай зямлі, звязанымі з ёй агульным лёсам. Для беларусаў гэта не толькі ўспамін мінулага, але і што нават больш важна, магчымасць аддаць належную пашану нашым продкам, спачыўшым у гэтай зямлі", - сказаў Петрышэнка.

Прадстаўнік афіцыйнага Менска адзначыў, што дзейнасць Кастуся Каліноўскага "звязана з перарастаннем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасць у форме народа-ўладдзя".

"Ужо ў той час дэкларавалася ідэя аб палітычнай суб'ектнасці Беларусі ў адносінах з краінамі-суседзямі. Знакава, што паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з'яўляліся словы "Каго любіш? - Люблю Беларусь". Запаветы змагароў не страцілі актуальнасці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны "За моцную і квітнеючую Беларусь", у нашай працы па стварэнні дзяржавы для народа", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што асоба Каліноўскага назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі, як і падзеі паўстання XIX стагоддзя.

"Памяць аб ім увекавечана ў нашай краіне: у Свіслачы, дзе ён вучыўся, у творах беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, у назвах вуліц беларускіх гарадоў, школаў, а таксама ў мастацкіх стужках, паштовых марках і нават у партызанскай брыгадзе, якая вызваляла беларускі край падчас нацысцкага нашэсця".

Паводле Петрышэнкі, калі літоўскія навукоўцы яшчэ ў 2017 годзе выказалі здагадку пра тое, што знойдзеныя парэшткі могуць належыць удзельнікам паўстання, Беларусь уключылася ў працэс іх ідэнтыфікацыі "па дыпламатычнай, навуковай, гістарычнай і следчай лініях".

"Беларусь і Літва абмяняліся адмысловымі візітамі працоўных і экспертных групаў. Беларуская мова прысутнічае ў афармленні мемарыяла, дзе будуць пакоіцца паўстанцы. Мы ўдзячныя літоўскаму боку за праведзеную працу і плённую супрацу. І, безумоўна, за магчымасць усім разам быць тут у Вільні дзеля ўшанавання нашых землякоў".

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі выказаў перакананне, што капліца на могілках Росы "стане тым месцам, куды будуць прыходзіць беларусы, літоўцы, палякі, латышы і ўкраінцы, каб аддаць даніну памяці сваім землякам".

Ён дадаў, што "для кожнай краіны ёсць свой вобраз Кастуся Каліноўскага, але ён не павінен стаць той гістарычнай постаццю, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах".

"Наадварот, гэта тая старонка нашага сумеснага мінулага, якую мы павінны шанаваць, і якая нас аб'ядноўвае зараз і ў будучыні".

Радыё Свабода.

Імёны паўстанцаў, якіх 22 лістапада пахавалі на віленскіх могілках Росу

Раймунд Зямацкі, 53 гады, пробашч касцёла ў Ваверцы Лідскага павета;

Баляслаў Колышка, 25 гадоў, нарадзіўся ў Карманішках Лідскага павета;

Юльян Ляснеўскі, 31 год, эканом у Вялікім Мажэйкаве Лідскага павета, нарадзіўся ў Варшаве;

Зыгмунт Серакоўскі, 36 гадоў, нарадзіўся на Валыні;

Аляксандр Раўкоўскі, 27 гадоў, з Мілюнцаў Ашмянскага павета;

Юзаф Раўкоўскі, 36 гадоў, з Мілюнцаў Ашмянскага павета;

Кароль Сіповіч, 19 гадоў, месца нараджэння - Валынь;

Юзаф Яблонскі, 20 гадоў, месца нараджэння - Ломжа;

Ян Бянькоўскі, 26 гадоў, фельчар, месца нараджэння - Варшава;

Генрык Макавецкі, 27 гадоў, харунжы корпуса ляснічых, месца нараджэння - Магілёўская губерня;

Уладзіслаў Мікалаі, 26 гадоў, паручнік, з лютаранскай шляхты Віленскай губерні, ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута ў Лідскім павеце;

Альберт Лясковіч, 23 гады, з Кір'янаўцаў Лідскага павета;

Казімір Сычук, 26 гадоў, Вільня;

Мечыслаў Дарманоўскі, 27 гадоў, Варшава;

Ігнат Здановіч, 23 гады, Вільня;

Цітус Далеўскі, 23 гады, месца нараджэння - Кункулка Лідскага павета;

Якуб Чэхан, 40 гадоў, Вільня;

Эдвард Чаплінскі, вучань аптэкара, з Панявежскага павета;

Ян Марчэўскі, 24 гады, вучань фельчара, месца нараджэння - мястэчка Рава, Каралеўства Польскае;

Канстанцін Вінцэнт Каліноўскі, 26 гадоў, месца нараджэння - Мастаўляны Ваўкавыскага павета.

У спісе не хапае жалудоцкага вікарыя Станіслава Ішоры (Лідскі павет), які дакладна быў расстраляны там жа, але цела якога не знойдзена. Гэта значыць, што або ён пахаваны чамусьці ў баку ад іншых, або гараджане выкупілі цела ксяндза ў варты і пахавалі на іншых могілках, што пры вядомай прадажнасці расейскіх чыноўнікаў зусім верагодна.

Магчыма, калі-небудзь і гэта праясніцца.

А зараз, калі глянуць на спіс, то зусім зразумела, чаму перапахаванне паўстанцаў абходзіла беларусам больш за іншых.

Паводле tut.by.

Дыктатар Літвы

У шасцідзясятую гадавіну пакарання смерцю

10 сакавіка (старога стылю) 1864 г., ці акурат 60 гадоў таму, быў павешаны на шыбеніцы самы дзейны і самы легендарны чалец паўстанцкай арганізацыі ў Вільні, празваны "дыктатарам Літвы" - Вінцэнт Канстанты Каліноўскі.

Мы маем мала біяграфічных дадзеных пра яго 1. Сын уладальніка фальварка Якушоўка каля Свіслачы нарадзіўся 21 студзеня 1838 г. у Мастаўлянах Ваўкавыскага павета, пачатковую адукацыю атрымаў у Свіслацкай прагімназіі, потым у Маскоўскім універсітэце, дзе прабыў паўтара года. Разам са старэйшым братам Віктарам пераехаў з Масквы ў Пецярбург і там у 1860 г. закончыў юрыдычны факультэт са ступенню кандыдата (не трэба блытаць з сучаснай ступенню кандыдата навук - Л. Л.)

У Пецярбургу Каліноўскі блізка пазнаёміўся з рускімі рэвалюцыянерамі і стаў гарачым прыхільнікам Герцэна, які, як вядома, у сваёй газеце "Колокол" прама выказваў сімпатыі польскай эміграцыі.

Без сумнення, Каліноўскі знаходзіўся таксама і пад уплывам Бакуніна, які быў гарачым прыхільнікам незалежнасці Польшчы, але выразна выступаў супраць імперыялістычных тэндэнцый польскіх патрыётаў і, бадай, першым, выступіў у абарону права Літвы, Беларусі і Украіны на самастойнасць.

Дзякуючы гэтым уплывам, ідэалогія Каліноўскага значна адрознівалася як ад поглядаў "белых" у Літве, гэтак і "чырвоных" у Варшаве. З другімі яго злучала супольнае перакананне ў неабходнасці паўстання народных мас, нявер'е і дрэнныя адносіны да шляхты, спадзяванне на выніковасць энергічных метадаў. Не мог ён пагадзіцца з цэнтралізмам і павярхоўным стаўленнем Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта да справы, якое паходзіла з няведання Літвы і Беларусі. На гэта няведанне таксама ўказвалі і "белыя" віленцы, але з-за ўласцівай ім адсутнасці паслядоўнасці і з-за нерашучасці яны не ішлі гэтак далёка, як Каліноўскі.

Па меркаванні Гейштара, Каліноўскі быў "літоўскім сепаратыстам", гэта пацвярджаў таксама і камісар Нацыянальнага Камітэта ў Вільні Ляранс (du Laurans).

Аднак, калі, няглядзячы на такую пазіцыю, Каліноўскі займаў такое значнае месца ў кіраўніцтве паўстаннем, дык толькі дзякуючы сваёй жалезнай энергіі, нязломнаму характару і адданасці справе. Па гэтых якасцях з ім параўняцца ніхто не мог.

У сваіх успамінах Якуб Гейштар дастаткова падрабязна апісвае падзенне Літоўскага Камітэта, душой якога быў Каліноўскі і ўтварэнне па камандзе з Варшавы "Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы", а таксама пратэст Каліноўскага супраць перадачы справы паўстання ў рукі шляхты, прымусовага падпарадкавання яго новай уладзе і ссылцы на пасаду камісара ў Гародню. Нарэшце піша ён і пра замах на такі стан рэчаў - аб'яўленне незалежнага ад Варшавы "Выканаўчага аддзела Літвы".

Ва ўсіх гэтых справах Каліноўскі выступае як паслядоўны дзеяч з акрэсленымі мэтамі і шляхамі, дзеяч, які разумее, што поспех руху ў Літве і Беларусі залежыць ад таго, ці знойдуць ідэі паўстанцаў падтрымку сярод народных мас. Пры гэтым ён быў чалавекам з характарам крыштальнай чысціні, любіў свой край больш, чым сваё жыццё і верыў у трыумф ідэалаў палітычнай свабоды і грамадскай справядлівасці. Гейштару не да спадобы радыкалізм і "сепаратызм" Каліноўскага, але ён заўсёды выразна піша пра Каліноўскага з глыбокай павагай і прызнаннем яго ахвярнасці і арганізацыйных здольнасцяў.

Найменей мы ведаем пра дзейнасць Каліноўскага на Гарадзеншчыне, хаця менавіта гэтая дзейнасць сярод народных мас з'яўляецца найбольш цікавай для нас. Тут ён непасрэдна сутыкнуўся з рэальным жыццём і тут, у тайнай друкарні, выдаваў сваю беларускую газету "Мужыцкая Праўда" і адозвы на беларускай мове, з якіх захавалася толькі адно "Пісьмо ад Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай" 2.

Няма дакладнай інфармацыі і пра дзейнасць Каліноўскага ў Вільні ў часы, калі паўстанне пачало затухаць і калі ўсе самыя актыўныя паўстанцы былі арыштаваны, высланы ці пакараны смерцю, калі Каліноўскі застаўся адзіным прадстаўніком цэнтральнай улады ў Літве і слушна мог называцца дыктатарам Літвы. Вядома толькі, што ён жыў у Святаянскіх мурах пад імем Вітольда Вітажэнца і сваёй неаслабнай энергіяй падтрымліваў энергію грамадства, будзіў яе сваёй адвагай і прысутнічаў на кожнай экзэкуцыі ў Вільні.

У выніку здрады Парфяновіча, у студзені 1864 г. улады даведаліся пра месца яго жыхарства і канспіратыўнае прозвішча і арыштавалі. Арышт маляўніча апісаны ва ўспамінах Масолава (1898). Як сведчыць Масолаў, на следстве Каліноўскі паводзіў сябе з вялікай годнасцю, заўсёды быў стрыманым у сваіх паказаннях.

Палявы суд пад старшынством палкоўніка Гленінга прыгаварыў Каліноўскага да смяротнага пакарання праз расстрэл. Але Мураўёў змяніў расстрэл на павешанне. Экзекуцыя выканана 10 (22) сакавіка 1864 г. а 10-й з паловай гадзіне на Лукішскім пляцы. Пад шыбеніцай падчас чытання выраку, калі яго назвалі шляхціцам, голасна сказаў: "У нас няма шляхты, усе роўныя!"

Перад смерцю, у турме, Каліноўскі напісаў дзве адозвы да беларускага народа - адну прозай, другую вершам. Першая адозва добра вядомая, бо патрапіла ў шматлікія тэксты пра паўстанне, другая, бадай, першы раз была надрукавана Вацлавам Ластоўскім у беларускім календары за 1919 г. З абедзвюх б'е гарачая любоў да Бацькаўшчыны і туга па свабодзе.

Моцны, суровы кантраст бачым паміж постаццю нязломнага волата-паўстанца, шчырага народніка і краёўца і сучаснымі дзеячамі …

L. A. (Людвіг Абрамовіч).

Dyktator Litwy // Preglad Wilenski. 1924, № 6. S. 3-4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Ю. Трызна, аўтар вялікай біяграфіі Каліноўскага ў месячніку "Беларускі Шлях" (Коўня, 1922, № 4) не карыстаецца такой першаснай крыніцай, як успаміны Гейштара (Вільня, 1913), але падае цікавую інфармацыю аб тым, што быццам бы ў Кракаўскай (Ягелонскай ) бібліятэцы захоўваюцца рукапісы з багатымі матэрыяламі да біяграфіі Каліноўскага. Але гэтую інфармацыю трэба ўдакладняць.

2 Генадзь Кісялёў лічыў, што гэты тэкст пісаў не Каліноўскі - Л. Л.

Усёй грамадой ратуйма беларускую мову і з ёю дзяржаву Беларусь!

Перыядычны друк, асабліва неафіцыйны, надаваў і надае вялікае значэнне асвятленню такой для нас лёсавызначальнай, але мэтанакіравана занядбанай уладамі праблемы, як моўная. Найчасцей за ўсё такія публікацыі сустракаюцца на старонках любімай вялікай арміяй чытачоў газеты "Народная Воля". З афіцыйных перыядычных выданняў можна адзначыць толькі "Звязду". У пераважнай большасці аўтары такіх матэрыялаў льюць свае горкія слёзы з прычыны амаль абсалютнай адсутнасці беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, беспамылкова абвінавачваючы ў гэтай нацыянальнай здрадзе яе дзяржаўны чыноўніцкі апарат, у складзе якога чвэртку стагоддзя таму пачаў закладвацца "русский мир". А вось рэальных шляхоў выратавання беларускай мовы, на вялікі жаль, не знаходзім у тых публікацыях, на што ёсць важкія прычыны. І такое лёгка зразумець.

Дадзеная праблема ў нас ва ўсе часы насіла архіскладаны характар, была як след наўмысна заблытана зацікаўленымі ў гэтым асобамі. Але такой, як сёння, мы яе яшчэ ніколі не бачылі, бо справа ж датычыць не пашырэння сферы сацыяльнага выкарыстання беларускай мовы, хаця і гэтага дамагчыся складана, а пра выратаванне яе ад так рэальнага адмірання. Па волі не народа, а саміх уладаў яна практычна цалкам адсутнічае ў афіцыйным жыцці, што не дае ёй магчымасці быць і сродкам камунікатыўных зносін паміж людзьмі. Яна ледзь чутна гучыць толькі з вуснаў мізэрнай колькасці сапраўдных нацыянальных патрыётаў, якіх, на вялікую бяду, з году ў год становіцца ўсё менш і менш з прычыны інтэнсіўнага пашырэння ў Рэспубліцы Беларусь рускай культуры, што прывяло наш народ да татальнай русіфікацыі.

Здзіўляе, што гэта ніколькі не хвалюе надзеленых высокай уладай палітыкаў, шматлікага дзяржаўнага корпусу ідэолагаў. Беручы прыклад з іх, чвэртку стагоддзя маўчаць, нічога не кажуць пра безнадзейны стан роднай мовы тытульнага этнасу калектывы дзяржаўных гуманітарных навуковых устаноў, філалагічных, філасофскіх, гістарычных факультэтаў дзяржаўных універсітэтаў, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Рознага роду лінгвістычныя праблемы яны спраўна даследуюць, а вось як забяспечыць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай - ні слова. А гэта ж для нас галоўнае.

Дзесяцігоддзямі адварочваецца ад асвятлення набалелых пытанняў моўнай праблемы афіцыйны перыядычны друк. Ствараецца ўражанне, што гэтыя ў найбольшай ступені адказныя за лёс беларускай мовы аўтарытэтныя, уплывовыя структуры цалкам пагадзіліся са сконам беларускай мовы, хаця і добра ведаюць, што такое немінуча прывядзе да страты нацыянальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, які за 25 гадоў функцыянавання прэзідэнцкай сістэмы так і не набыў рэальнага статусу. Іх ніколькі не хвалюе, што з канчатковым адміраннем беларускай мовы краіна немінуча пазбаўляецца сваёй этнакультурнай самабытнасці, становіцца спакуслівай прынадай для той дзяржавы, чыімі духоўнымі каштоўнасцямі яна задавальняе свае патрэбы. Разбурыць уласную нацыянальную ідэнтычнасць і захаваць не на словах, а на справе дзяржаўны суверэнітэт - гэта дзве зусім несумяшчальныя паміж сабою рэчы.

Хоць сёння беларусы з неразмытай, здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, на вялікую бяду, знаходзяцца ў мізэрнай колькасці, ім ніяк нельга пасіўнічаць, бяздзейнічаць. Неабходна ўсімі сіламі і сродкамі настойліва патрабаваць ад дзяржавы правядзення толькі такой моўнай палітыкі, якая адпавядала б карэнным стратэгічным інтарэсам Бацькаўшчыны, не вяла б яе базавы этнас да загубы. Да якога ж часу наш край будзе заставацца з чужой мовай, навязанай яму царызмам жорсткімі каланізатарскімі метадамі?! Прэзідэнцкая вертыкаль Рэспублікі Беларусь не павінна заставацца спадкаемцам іх, а, наадварот, праводзіць моўную палітыку ў інтарэсах свайго дзяржаўнага народа, каб не даць яму загінуць ад русіфікацыі.

З улікам сказанага вышэй мы прапануем уладам, шырокім колам грамадскасці неадкладна правесці на самым высокім тэарэтычным узроўні з удзелам палітыкаў і адмыслоўцаў навукова-практычную канферэнцыю па тэме: "Праблемы забеспячэння беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай." З прычыны незвычайнай складанасці праблемы лічым мэтазгодным запрасіць да ўдзелу ў ёй навукоўцаў з краін, улады якіх пасля распаду поліэтнічных дзяржаў навучыліся і беспраблемна, бесканфліктна абслугоўваюць усе сферы грамадскай жыццядзейнасці чалавека толькі адной сваёй роднай мовай. Не верыцца, што такое адзінаразумнае развязванне моўнай праблемы застаецца непадуладнай толькі адным беларусам. Пажаданы ўдзел у такой канферэнцыі і прадстаўнікоў ад адпаведных структур ЮНЭСКА, Еўразіі, бо з-за няспыннага паглыблення працэсаў глабалізацыі моўная праблема не збіраецца пакідаць сваёй вастрыні. А вось мо пасля такой канферэнцыі Беларусь, парваўшы ланцугі ўласнай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, стане, чаго добрага, Міжнародным Цэнтрам даследавання шляхоў забеспячэння кожнай мове тытульнай нацыі краіны статусу адзінай дзяржаўнай, заслужана здабудзе сабе гэтым сусветны аўтарытэт. Пакінуць жа страшэнна сацыяльна занядбаную ўладамі беларускую мову сам-насам з імперскай ідэалагічнай машынай і толькі глядзець, як яна, гаротная, канае, пазбавіць усялякага гонару, аўтарытэту і народжаную на нашай зямлі сучасную дзяржаву, і этнічна абакрадзены, у тым ліку і ёю (дзяржавай), народ.

Па віне чужынцаў і ўласных здраднікаў у нашай няпростай гісторыі не раз ставілася рубам пытанне: "Быць ці не быць беларусам самабытнай нацыяй?" І калі-нікалі даваўся правільны адказ на яго. Вядомы такі незвычайны, павучальны і на сёння факт, калі Кастрычніцкі 1926 года Пленум ЦК КП(б)Б у прынятую Рэзалюцыю ўнёс прапанову: "Уся Кампартыя Беларусі павінна гаварыць на беларускай мове!" І яна, на вялікую радасць беларусам, загаварыла. Ці не прабіў час і сёння выступіць з такім патрыятычным, выратавальным заклікам: "Уся Прэзідэнцкая вертыкаль Беларусі павінна гаварыць на беларускай мове!" Не верыцца, што сучасныя дзяржаўныя чыноўнікі па ўзроўні свайго інтэлекту, ступені нацыянальнай свядомасці, прысутнасці асабістай самапавагі, здаровага гонару, адказнасці за лёс нацыі так моцна, недасягальна ўступаюць камуністам 1920-х гадоў, і таму не знойдуць у сябе розуму, сілы волі, каб адважыцца паўтарыць іх па-сапраўднаму нацыянальна-патрыятычны вычын.

Заўвага: Калі на надрукаваны ў газеце "Наша слова" наш матэрыял не будзе пазітыўнай рэакцыі з боку ўладаў, прапанаваную намі навукова-практычную канферэнцыю неабходна любой цаной правесці сіламі нашых партый і нацыянальных рухаў, каб вызначыць не толькі рэальныя шляхі выратавання беларускай мовы, а праз складзены адпаведны мартыралог паказаць усяму цывілізаванаму свету, хто яе сапраўдны забойца. У нас зусім няма часу марудзіць! Беларуская мова, а разам з ёю сам беларускі народ, яго дарагая, родная Бацькаўшчына ў нечуванай небяспецы! Не чакайма таго дня, калі па беларускай мове трэба будзе складаць некралог!

Прафесары Леанід Лыч, Мікола Савіцкі, 23.11.19 г.

Ці лёгка было Кузьму Чорнаму ўсхваляць калгаснае жыццё сялян у той час, калі самі сяляне знішчаліся?

Случчане наведалі музей Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, усклалі кветкі ля помніка расстраляным сялянам.

Сябры Слуцкага ТБМ прадоўжылі ў лістападзе знаёмства з жыццём і творчасцю расстраляных і рэпрэсаваных літаратараў. 20 лістапада 2019 года яны наведалі дзяржаўны музей беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага, які некаторы час таксама меў статус "ворага народа", сядзеў у турме і перанёс допыты і здзекі катаў з НКУС. Дырэктар установы Людміла Ніжэвіч распавяла, што шлях школьнага музея, які ўзнік у 1962 годзе, да дзяржаўнага быў нялёгкім. Чыноўнікі на розных узроўнях не спяшаліся спрыяць увекавечванню памяці слыннага пісьменніка на дзяржаўным узроўні. Гэта стала магчымым толькі ў пачатку 90-х гадоў, што, дарэчы, здзівіла наведвальнікаў музея, паколькі ўжо ў 50-я гады мінулага стагоддзя мноства рэпрэсаваных грамадзянаў было рэабілітавана. Застаецца толькі гадаць, чым так насаліў былы кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Узвышша" партыйнай наменклатуры. Тым, што пісаў пра сялян і не гэтак адназначна славіў калгасны лад, як хацелася б апалагетам прынцыпу сацыялістычнага рэалізму?

Зараз музейная экспазіцыя размешчана ў пяці залах, якія прадвызначаны ўсебакова раскрыць жыццё і творчасць знакамітага пісьменніка. А яго творчасць сапраўды была рознабаковай: проза, публіцыстыка, драматургія.

Каб паказаць, адкуль у пісьменніка Мікалая Раманоўскага любоў да прыроды, сцены музея аздоблены цудоўнымі фотаздымкамі цімкавіцкіх лясоў, лугоў, рэчкі Мажа.

- Кузьма Чорны рос, гадаваўся сярод простых людзей фізічнай працы, для якіх кавалак хлеба і палатняная кашуля адна ў год лічыліся вялікім шчасцем. З гэтымі людзьмі ён быў звязаны ўсім сваім жыццём і творчасцю, - канстатуе Людміла Іосіфаўна. - У Цімкавічы сям'я пераехала, калі хлопчыку ужо было 8 гадоў, тут ён вучыўся ў двухкласным вучылішчы і правёў дзяцінства. Дзе б ён не быў, душой цягнуўся да краявідаў гэтай вёскі.

У музеі ёсць асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі сяброў-літаратараў, здымкі з сямейнага альбома. Можна пачытаць дзённік пісьменніка і праслухаць яго палымяны выступ па радыё ў гады вайны.

Каб яшчэ больш зацікавіць чытачоў літаратурнай спадчынай і постаццю самога пісьменніка, пры музеі існуе тэатральная студыя. Удзельнікі гэтай студыі пад кіраўніцтвам дырэктаркі музея прадставілі случакам тэатралізаваную версію аўтабіяграфічнага апавядання "Родныя мясціны".

Парадавала случчан і тое, што дырэктар музея правяла экскурсію на выдатнай беларускай мове.

- У музеі Кузьмы Чорнага павінны пабываць усе беларусы, - гаворыць жыхар Слуцка Анатоль Болазь. - Тут на кожным кроку адчуваецца любоў і павага да пісьменніка, да роднага беларускага краю, адлюстравана супярэчнасць эпохі.

Мужчыну ўразіў малюнак гаротнай беларускай долі, якую пісьменнік паказаў у выглядзе спустошанага высахшага дрэва.

- У тыя часы пісьменніку можна было б загінуць нават з-за такога малюнка няшчаснай Беларусі, - гаворыць Анатоль. - З аднаго боку вось такі сімвал Беларусі, а другога боку - подпіс пад хвалебным пісьмом Сталіну і патрабаванне жорстка расправіцца з ворагамі сацыялізму. Можна толькі ўявіць сабе, колькі каштавала пісьменніку знішчэнне сваёй душы ва ўмовах таго тэрарыстычнага антыбеларускага і антычалавечага рэжыму.

У гэты ж дзень сябры ТБМ усклалі кветкі каля помніка расстраляным і замучаным сялянам у суседняй вёсцы Чарнагубава. Ужо позна вечарам схілілі галовы падчас хвіліны маўчання каля крыжа ў гонар Грозаўскага палка ў аграгарадку Грозаў. Грозаўскі полк, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне, паклаў свае жыцці ў лістападзе-снежні 1920 года ў змаганні супраць той навалы, якая пасля загубіла жыхароў Чарнагубава, скараціла жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага. Дарэчы, баі з Чырвонай арміяй паўстанцы вялі ў 1920-м годзе таксама непадалёку ад вёсак Чарнагубава і Цімкавіч.

Зінаіда Цімошык.

Кніга ўпамінаў Уладзіміра Содаля

12 лістапада 2019 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Содаля (1937-2015) "Буйніцы і драбніцы." (моўныя абразкі, артыкулы, лісты, успаміны пра вядомага літаратара), якая выйшла ў выдавецтве "Лімарыус". Большасць тэкстаў друкуецца ўпершыню. Камп'ютарную вёрстку, апрацоўку ілюстрацый і вокладку зрабіў Алесь Жынкін.

Сям'я Уладзіміра Содаля выказвае шчырую ўдзячнасць Алесю Жынкіну, Міколу Купаве, Міколу Лавіцкаму і Генаддзю Тумасу за ўсебаковае спрыянне пры падрыхтоўцы кнігі...

На мерапрыемстве перад прысутнымі выступалі: Светлана Багданкевіч, Уладзімір Ліпскі, Мікола Купава, Сяргей Давідовіч, Леанід Акаловіч, Пятро Садоўскі , Аляксей Шалахоўскі і ўдава даследчыка Клара Барысаўна Содаль. Пра працу над кнігай падрабязна распавёў вядомы журналіст Міхась Скобла. На мерапрыемстве прысутнічала каля 70 чалавек.

Было вельмі цікава. Трэба адзначыць, што ўспаміны пра Уладзіміра Содаля ў кнізе пакінулі: Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Варава, Сяргей Давідовіч, Эла Дзвінская, Алесь Жамойцін, Васіль Жуковіч, Анатоль Каляда, Ігар Карабанаў, Ілля Копыл, Аляксей Каўка, Мікола Купава, Мікола Лавіцкі, Людміла Літвінава, Уладзімір Ліпскі, Леанід Лыч, Лілея Матусевіч, Ірына Ніжанкоўская, Яўген Сахута, Алесь Содаль, Таццяна Трубач, Маргарыта Хадановіч, Максім Чылікін, Сяргей Чылікін, Аксана Чылікіна, Аляксей Шалахоўскі, Мікалай Шуканаў... На сённяшні дзень два аўтары ўспамінаў (Анатоль Валахановіч і Анатоль Каляда ) таксама памерлі.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з матэрыяламі (кнігі, фотаздымкі) з сямейнага архіва Содаляў.

Трэба адзначыць што кніга зацікавіць шырокае кола чытачоў.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Габрыэля Пузыня. Вяртанне на Радзіму

Таленавітая беларуская польскамоўная пісьменніца ХІХ стагоддзя Габрыэля Пузыня вяртаецца на Радзіму. Летась намаганнямі паэткі, літаратуразнаўцы і перакладчыцы Ірыны Багдановіч выйшаў першы яе зборнік вершаў у беларускіх перакладах "Струмень любові". А сёлета ў лістападзе на касцёле Божага Цела ў мястэчку Беразінскае з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніцы. У адкрыцці дошкі ўдзельнічала і Ірына Багдановіч:

- Чым больш яе чытаю, тым больш хочацца, каб мае сучаснікі гэта пачыталі. Кніжачку вершаў удалося выдаць, 25 вершаў. Але яе літаратурная спадчына, канешне, значна большая. І проза, апавяданні. Яны напоўнены святлом вялікай любові.

Графіня Габрыэля з Гюнтэраў Пузыня нарадзілася ў Вільні, жыла ў бацькоўскім маёнтку Дабраўляны былога Смаргонскага павета. З 1851 года, выйшаўшы замуж за князя Тадэвуша Пузыню, Габрыэля жыла ў ягоным маёнтку Гарадзілава (цяпер гэта мястэчка Беразінскае Маладзечанскага раёна), дзе памерла ў 1869 годзе і была пахавана. На жаль, яе магіла не захавалася.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота catholic.by.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2020 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 62. Цана змянілася нязначна. У 2020 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Нямецкі міністар заклікаў прызнаць доступ да інтэрнэту асноўным правам чалавека

Навіны Германіі

Свабодны доступ да інтэрнэту павінен стаць адным з асноўных правоў чалавека. Такое меркаванне выказаў у нядзелю, 24 лістапада, міністр эканомікі і энэргетыкі Германіі Петэр Альтмайер, паведамляе Deutsche Welle.

Свабодны доступ да інтэрнэту "павінен быць фундаментальным правам, што тычацца людзей ва ўсім свеце", - падкрэсліў Альтмайер. Ён прыраўняў права на вольны доступ да інтэрнэту з правамі на адукацыю і медыцынскае абслугоўваньне. На думку Альтмайера, інтэрнэт павінен заставацца "глабальным і свабодным" у тым ліку і для развіваных краінаў, і гэта тычыцца не толькі ўраду, але і няўрадавага сектару. У Берліне 25 лістапада адкрыецца форум па кіраванні інтэрнэтам.

Беларусь знаходзіцца ў спісе краінаў "з несвабодным інтэрнэтам" паводле рэйтынгу "Свабода ў сетках - 2019" праваабарончай арганізацыі Freedom House. Кыргызстан і Украіна прызнаны "часткова свабоднымі", цалкам "свабоднымі" - Арменія і Грузія, у той жа час Азербайджан, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Расея былі прызнаныя "несвабоднымі".

Радыё Свабода.

Праводзіцца набор на падрыхтоўчыя курсы пры "Універсітэце імя Ніла Гілевіча"

Праводзіцца набор на падрыхтоўчыя курсы пры "Універсітэце імя Ніла Гілевіча". Запрашаюцца вучні 8-11 класаў, якія жадаюць падрыхтавацца да ЦТ і паступлення ў ВНУ, а таксама людзі сталага ўзросту і ўсе, хто хоча ўдасканаліць свае веды па наступных прадметах:

- беларуская мова

- англійская мова

- нямецкая мова

- польская мова

- матэматыка

- фізіка

- хімія

- біялогія

- гісторыя Беларусі

Выкладанне вядзецца па-беларуску!

Заняткі праводзяцца па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст. м. "Плошча Перамогі") у сядзібе "Таварыства беларускай мовы", адзін раз на тыдзень у панядзелак, суботу ці нядзелю.

Працягласць занятка - 80 хвілін, працягласць курса - 36 гадзін, кошт - 150 рублёў.

Даведкі і запіс на курсы па тэлефоне:

+375296383359.

ЗАПРАШАЕМ!

Прадаюцца кнігі Алеся Зайкі

Паважаныя чытачы, тыя, хто любіць родную мову, шануе яе. Звяртаюся да вас з прапановай набыць кнігі майго нябожчыка-мужа Зайкі Алеся Фаміча.

Яшчэ пры яго жыцці ўбачылі свет "Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе караваю, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны" (кароткая назва - "Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны"), "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны", кніга прозы "Чысты чацвер". Ужо пасля яго раптоўнай смерці выйшла кніга "Мікратапаніміка Івацэвіччыны".

Кнігі Аляксандр Фаміч выдаваў за свой кошт. Іх няма ў сельскіх і школьных бібіліятэках, у бібліятэках педагагічных універсітэтаў. Кожны год студэнты філалагічных факультэтаў запісваюць па вёсках дыялектныя словы, узоры гаворак. Але няма ўжо людзей, якія ведалі многа гэтых слоў, правільна гаварылі. Цяпер размаўляюць у вёсках на трасянцы. Аляксандр Фаміч сабраў усю народную мудрасць раней, калі былі жывыя носьбіты чыстай беларускай мовы, ад іх былі запісаны і дыялектныя словы, і фразеалагізмы, і ўсё, вышэй пералічанае. Яго кнігі атрымалі высокую ацэнку вучоных-мовазнаўцаў.

Падтрымайце шчырага беларуса, які ўсё жыццё прысвяціў вывучэнню багацця роднай мовы, сабраў унікальны матэрыял, аддаў усе сілы і здароўе вывучэнню і захаванню скарбаў народнай культуры, каб нашчадкі мелі багатую спадчыну.

Кнігі выдадзены, але з распаўсюджаннем іх я засталася сама. Хочацца, каб шматгадовая праца не прапала дарэмна.

Хто жадае набыць кігі А.Ф. Зайкі, тэлефануйце Антаніне Іванаўне Зайка +375 29 203-56-20; 8(01645) 43-2-35.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ЯЎХІМА КАРСКАГА (20.12.1860-29.04.1931)

У словах беларускіх Беларусь жыве,

Як у жывой крыві -

спрадвечны шлях людскі.

Па ім жыццё, як сонца праз сусвет, плыве,

Сабой хвіліны шчасця, горычы вякі

Нітуючы ў адзіны шлях, дзе нават Бог

Не здольны анічога ўжо змяніць, бо шлях -

Мінулае, і тое, што ты не збярог

Ніхто не верне са слязамі на вачах

Ад радасці, што ён жыццё вяртае нам…

І не самотны ты, бо Беларусь з табой

У кожным беларускім слове,

што, як Храм,

Напоўнена святлом, малітваю святой

За Беларусь, за беларусаў, для якіх

Ты хочаш вольнага жыцця, бо мы - народ,

Бо беларусы мы і нас мільёны ўсіх,

І нашая зямля - не ў акіяне лёд,

Які расстане і змяшаецца з вадой.

Зямля - не лёд, і ёй не быць для нас чужой

Пакуль тут мова наша родная жыве,

Як і ў людской крыві -

спрадвечны шлях людскі,

Дзе Беларусь, як белы карабель, плыве

Праз хвалі дзён і туманоў вякі…

6.02.2009 г.

БАЛАДА МАГДАЛЕНЫ РАДЗІВІЛ (8.07.1861-6.01.1945)

Праз сотню год вярнулася дахаты,

У родны край, які любіла ты,

Які не стаў чужым, не стаў багатым,

Ды не збяднеў на рэкі і сады,

На сцежкі, на дарогі палявыя,

На дабрыню людскую і святло

Крыжоў сівых, і на лясы, дзе вые

Зімою воўк, бы плача, што прайшло

Тваё жыццё і ўжо яно ніколі

Больш не паўторыцца. Дваццаты век

Чырвонаю пчалою знікне ў полі

І пылам застанецца на траве

І ў вершах, як у вечнасці, паэтаў,

Якіх цаніла, як свой родны край,

Дзе сонца не заўсёды грэе летам,

Дзе для Паэзіі сапраўдны рай,

Але не для паэтаў...


І ты вярнулася, каб быць з людзямі,

Што не забыліся, што ты была,

Нібы анёл над крыўскімі шляхамі,

Дзе да Свабоды Беларусь ішла…

19.07.2017 г.

БАЛАДА ІГНАТА БУЙНІЦКАГА (22.08.1861--22.09.1917)

Ад роднай вёскі ў Вільню доўгая дарога,

Але дарога гэта - быццам бы да Бога,

І ты па ёй ідзеш з акторамі няспешна.

Для вас сур'ёзна ўсё,

камусьці гэта смешна,

Што мова родная для нас усіх святая

І што нідзе без мовы роднай не бывае

Народ народам, бо душа народа - мова…


І ўжо са сцэны роднае жывое слова

Гучыць, нібы званы з высокае званіцы

Штодня звіняць аб тым,

што толькі чужаніцы

На нашае зямлі нас пазбаўляюць права,

Каб, нібы Бог, былі ў нас гонар,

годнасць, слава…

І ружы падаюць на шлях акторскі ў Вільні,

І ты ідзеш з сябрамі па дарогах пыльных

Айчыны, і па Пецярбургу, і Варшаве.

Але не золата і срэбра ў вашай славе,

А наша годнасць беларуская, якая

І праз стагоддзі вынішчэння не знікае.

І верыш ты,

што ёй не знікнуць з нас ніколі,

Як камяням і васількам на жытнім полі…

25.07.2008 г.

БАЛАДА МІТРАФАНА ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКАГА (14.06.1867-30.09.1934)

Народ, які меў сваю дзяржаўнасць,

мусіць мець яе зноў…

М. Доўнар-Запольскі.

Крыжамі нашых продкаў нашы землі

Пазначаны і гэта - назаўжды.

У курганах былое наша дрэмле

Так, як у Храмах дух жыве святы.

І іншае зямлі для нас не трэба,

І тут нам жыць, і тут нам паміраць,

І ў мора беларускае - у неба

Глядзець, паліць касцёр і сумаваць

Па тым, што ўжо не вернецца нічога

З таго, што страчана, не збераглі.


І ты ідзеш і прад табой дарога

Да могілак, нібы на край зямлі,

Які пазначаны крыжамі продкаў

І пройдзе час - пазначыцца й тваім.


Цячэ рака, плыве па хвалях лодка

Праз туманы, як праз стагоддзяў дым,

З якога бачыцца краіна-маці

Прыгожая, бы ў Храме абразы.

І ты шчаслівы, бо ты бачыш шчасце

У Беларусі праз агонь слязы…

8.11.2008 г.

БАЛАДА КАРУСЯ КАГАНЦА (10.02.1868 - 20.05.1918)

За родную краіну, звычай і мову,

за гонар груддзю ўставайце.

К. Каганец.

…Зноў ты пішаш пра волю,

нібыта гарыш,

І малюеш, нібыта да сонца ляціш

І вяртаешся, светлы, назад на раллю,

Каб шаптаць, як малітву:

"Айчыну люблю..."


Хто пачуе цябе - той убачыць вясну,

Як ты бачыш цяпер прад сабою сцяну,

На якой, як на лёдзе, расколін галлё

Разрастаецца...

І ўжо не стане быллём

Васілёк, што самоціцца ў жыце тваім

Без цябе, без тваёй маладой грамады,

Для якой родны край - гэта Дом, а не дым,

Не туман над прасторам балот і вады.


І ты выйдзеш на волю, нібыта згарыш

І нібыта да сонца адзін даляціш,

І ўпадзеш, і падымешся ў вершах сваіх

За Айчыну, якую любіў кожны міг

І за доўгія зімы, дзе снег, як патоп,

І за песні, і плач, за ўтравелы акоп,

Дзе змяшалася кроў і сваіх, і чужых...

14.04.2009 г.

БАЛАДА РАМАНА СКІРМУНТА (7.05.1868-7.10.1939)

…У Парэчча не сонца з усходу прыйшло,

У Парэчча з усходу прыйшлі камісары

І сказалі: "Забудзьце пра ўсё, што цвіло,

Хто забыцца не зможа,

той пойдзе на нары!"


Не спалохаўся люд, не аддаўся журбе,

Але знойдуцца ў роднае вёсцы нялюдзі,

Што заб'юць камянямі, старога, цябе,

А пасля і саміх тут на свеце не будзе.


Ты ўсім волі хацеў і казаў, што наш Край -

Гэта самы найлепшы дарунак ад Бога.

Для Радзімы жыві, за яе памірай

І не бойся на роднай зямлі анікога,

А тым болей чужынцаў, якія ідуць

Не ў любові да скону людзям

прызнавацца…


Сонца ўсходзіць над Краем

і птушкі пяюць

Над табой, а табе ўжо

з травы не падняцца,

Бо ў Парэчча з усходу не сонца прыйшло,

У Парэчча з усходу прыйшлі камісары

І прынеслі з сабою пажары і тло,

Галадранства, забойствы і нары…

26.03.2013 г.

(Працяг у нас тупным нумары.)

Астраномія ў Лукішскай турме

Леанід Лаўрэш

Некалькі крэсак жа біяграфіі Радаслава Астроўскага

Дырэктар Віленскай беларускай гімназіі ў 1924 - 1936 гг., старшыня Таварыства беларускай школы, сябар кіраўніцтва Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і ў 1925-1926 гг. дырэктар Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні, цераз які праходзілі грошы з СССР, прызначаныя на падтрымку дзейнасці БСРГ, а з 1926 г. член КПЗБ Радаслаў Астроўскі, быў вялікім аматарам астраноміі. У заходнебеларускай прэсе можна прачытаць яго артыкулы, у якіх ён папулярызаваў астранамічная веды (пісаў пра сонечныя і месяцавая зацьменні, вывучэнне планет і г. д.). Яго артыкулы былі накіраваны на падвышэнне адукацыйнага ўзроўню беларускага народа.

Беларуская прэса паведаміла, што 14-15 студзеня польскія ўлады правялі арышты "павадыроў Беларускай Работніцка-Сялянскай Грамады і асоб вінавачаных у камунізме ... Адначасна адбывалася рэвізыя ў паслоў і беларускіх дзеячоў Грамады. Рэвізыя адбылася таксама ў Беларускім Банку. Паслоў арыштавалі пры такіх абставінах: пас. Тарашкевіча паліцыя знайшла ў Калёніі (пад Вільняй) у доме Астроўскага. Пры арышце, як пішуць польскія газэты, у Тарашкевіча знойдзена вялікая сума ў далярах і інструкцыя, як тварыць арганізацыі камуністычнай партыі. Пас. Валошына арыштавалі ў кватэры, а п. Рак-Міхайлоўскага на вакзале, у часе калі меўся садзіцца на цягнік. Сярод дзеячаў Грамады ў Вільні арыштавалі: гр. Астроўскага ..."1.

2 лютага 1927 г. віленская газета "Слова" ў артыкуле пад назвай "Дырэктар Астроўскі цікавіцца палітыкай", паведаміла, што "Дырэктар беларускага банка Астроўскі, увязнёны ў Лукішках па справе Грамады, пісьмова звярнуўся да пана пракурора пры Акруговым судзе з просьбай аб дазволе атрымліваць па падпісцы газеты "Слова", "Кур'ер Віленскі", "Газету Варшаўскую", "Голас Праўды" і "Варшавянку". Пры гэтым, адначасова, ён адмовіўся ад турэмнага рацыёну харчавання.

Адначасова з гэтым Астроўскі папрасіў аб дазволе прывезці яму з дому астранамічныя і матэматычныя прылады для напісання навуковых прац.

Пан пракурор дазволіў Астроўскаму падпісацца на пералічаныя газеты і даў дазвол перадаць вязню патрэбныя навуковыя прылады"2.

Цікава, што праз некалькі дзён, верагодна, прачытаўшы артыкул у "Слове" і здзівіўшыся надзвычайнай дабрыні пракурора, да жонкі Астроўскага прыйшоў нейкі авантурнік, які прадставіўся менавіта тым пракурорам і патрабаваў за свае паслугі 50 злотых. Астроўская выклікала паліцыю і адмовілася даць грошы 3.

А 25 лютага беларуская газета "Маланка" паведаміла пра "астраномію на Лукішках", надрукавала з гэтай нагоды цікавы малюнак і верш 4. Дарэчы, падчас суда над БСРГ, выдавец газеты "Маланкі" Янка Маразовіч сказаў, што падсуднаму Астроўскаму вельмі падабалася яго газета 5. На судовым працэсе супраць Грамады Радаслаў Астроўскі быў апраўданы 6.

У "Маланцы" былі надрукаваны наступныя малюнак і верш:

Вось дык штука" Вось дык дзіва!

Хоць пражыў я з пару коп!

Ці з вас калі хто бачыў

На Лукішках тэлескоп?


Хто там, хто парой начною

Глядзіць з-за кратаў у Сусвет.

Чаго хоча? Што шукае

Сярод чысьленных планет?


Мо глядзіць, ці там на Марсе,

На Сатурне, ці Луне

Арыштуюць "на ўчынку"

Таго, хто сьпіць салодка ў сьне.


І ці брэшуць там газеты,

Як тут польскія якраз?

Не! Бо бачыш, Obst'аў7, Cat'аў8, Bor'аў

Няма болей, - толькі ў нас!

Я. М.

Яшчэ ў вязніцы Астроўскі мяняе свае палітычныя погляды і робіцца прыхільнікам супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Нешта падобнае на выпадак Астроўскага (астраномія і тэлескоп у Лукішках) адбылося з нарадавольцам Мікалаем Марозавым, які быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення і адбываў свой тэрмін у Петрапаўлаўскай і Шлісербургскай цвердзях. Ён таксама меў тэлескоп і дазвол весці назіранні з даха равелінаў цвердзяў, дзе адбываў тэрмін. За час зняволення ён вывучыў адзінаццаць моў, напісаў мноства навуковых прац па хіміі, фізіцы, матэматыцы, астраноміі, філасофіі, авіяцыі, палітэканоміі і цалкам прысвяціў сябе навуцы. Выйшаў на волю па амністыі 1905 г. Іншых выпадкаў знаходжання "тэлескопа ў турме" я прыгадаць не магу.

1 Сялянская Ніва. № 6 (57), 19 студзеня 1927.

2 Slowo. № 26 (1339). 2 lutego 1927.

3 Slowo. № 35 (1348). 13 lutego 1927.

4 Маланка. № 2. 25 лютага 1927.

5 Воля Працы. №5, 28 сакавіка 1928.

6 Голас Працы. №13, 26 траўня 1928.

7 Обст Ян Конрад (Obst, Jan Konrad), віленскі публіцыст, выдавец і гісторык.

8 Станіслаў Мацкевіч (Stanislaw Mackiewicz), тагачасны рэдактар газеты "Слова", меў псеўданім "Cat".

У Воршы прайшлі краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу

Знакаміты пісьменнік нарадзіўся ў Воршы 26-га лістапада 1930 г., і краязнаўцы Аршаншчыны па драбніцах збіраюць звесткі пра сям'ю Уладзіміра Караткевіча і пра мясціны горада, звязаныя з ягоным імем. На краязнаўчых чытаннях выступілі краязнаўцы з Воршы, Віцебска, Менска. Імпрэза, арганізаваная Аршанскай радай Таварыства беларускай мовы і музеязнаўцай Таццянай Варонінай, стала працягам буйных прэзентацый даследчыцкай працы, якія даўней адбываліся ў памяць пра знакамітага пісьменніка, згадвае краязнавец Віктар Лютынскі:

- Калісьці ў Воршы была добрая традыцыя - у канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў - калі ў Воршы праходзілі не проста гарадскія, а міжнародныя канферэнцыі. Краязнаўства - гэта вельмі важная справа, для таго, каб гараджане ганарыліся сваёй малой радзімай.

У тыя часы было зроблены вельмі шмат, каб захаваць у Воршы памяць пра Уладзіміра Караткевіча: у ягоны гонар была перайменавана вуліца, пастаўлены помнік, пачалося стварэнне мемарыяльнага музея. Але цяперашнія ўлады мала дбаюць пра тое, каб гэтая справа працягвалася. Таму ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў прынялі рэзалюцыю - зварот да старшыні райвыканкама, дзе выказаны пажаданні, што да ўшанавання памяці пісьменніка. У наступным годзе мае адбыцца 90-гадовы юбілей Уладзіміра Караткевіча, і таму гэта надзвычай важна, кажа Юрый Нагорны, старшыня Аршанскай рады ТБМ:

- Да 90-годдзя пазначыць усе месцы, звязаныя з імем Уладзіміра Караткевіча ў Воршы. Указаць дамы, дзе калісьці жыла сям'я, усталяваць шыльды на школах, дзе ён вучыўся, дзе працаваў. Зрабіць указальнікі на дзвюх дзяржаўных мовах да памятных мясцін, звязаных з імем Караткевіча - музей, бацькоўская хата, вуліца, помнік, школы.

Краязнаўчымі чытаннямі распачаўся цэлы цыкл імпрэзаў, запланаваных да сёлетніх угодкаў пісьменніка грамадскімі актывістамі. 26-га лістапада, у дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча, адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка пісьменніку, пройдуць літаратурныя чытанні і выктарына. А 30-га лістапада ўпершыню пройдзе Караткевіцкі фэст, арганізаваны супольна актывістамі Таварыства беларускай мовы і сябрамі беларускага ПЭН-цэнтра.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя.

Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі

Кнігу з такой назвай днямі набыў у краме "Акадэмкніга". Яе аўтар - Святлана Казлова (Бялоцкая), кандыдат гістарычных навук. Даследчыца нарадзілася ў 1978 г. у Берасці. У 1995-2000 гг. навучалася на гістарычным факультэце Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

У 2001 г. паспяхова скончыла магістратуру ўніверсітэта ў Беластоку, у 2005 г. - аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі. У 2004 г. праходзіла навуковую стажыроўку ў свабодным універсітэце Берліна.

У 2006 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 2006-2014 гг. працавала навуковым супрацоўнікам аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дацэнтам ў менскім інстытуце кіравання.

З 2014 г. жыве і працуе ў Швецыі. Аўтар больш за 60 навуковых артыкулаў. Даследуе эканамічную палітыку нацыстаў у акупаванай Беларусі (1941-1944), пытанні ўдзелу беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў ваенных дзеяннях супраць Японіі ў 1945 г. і ў ваенных канфліктах Кітая і Карэі (1950-1953 гг.), а таксама оўруцкую шляхту ў XV-XIX стст.

У манаграфіі на падставе багатага корпуса архіўных крыніц, якія ўпершыню ўводзяцца ў навуковае абарачэнне, усебакова прааналізавана аграрная палітыка нацыстаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1941-1944 гг.

Асаблівая ўвага нададзена пытанням планавання, забеспячэння і ажыццяўлення на практыцы аграрных мерапрыемстваў, прадугледжаных акупацыйнай палітыкай фашысцкай Германіі.

Навуковым рэдактарам манаграфіі з'яўляецца доктар гістарычных навук, прафесар Аляксей Літвін.

Кнігу выдаў знакаміты А.М. Янушкевіч. Наклад 500 асобнікаў. Рэдактар Антон Рудак. Карэктар Віктар Лупасін, а дызайн вокладкі зрабіла Дар'я Зайцава. У манаграфіі размешчаны фатакопіі архіўных дакументаў, а таксама дадаткі.

Кніга зацікавіць ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны. Манаграфія мне вельмі спадабалася. Кніга яшчэ ёсць у продажы. Кошт 27 рублёў.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Дзяліцца музыкай, дзяліцца любоўю i вераю

Яркай падзеяй у культурным жыццi стаў грандыёзны сумесны канцэрт госпэл-хораў з Беларусі, Расіі, Даніі, якi адбыўся 23 лiстапада. У малой зале Белдзяржфілармоніі выступілі хор "Імправізацыя" пад кіраўніцтвам Паўла Шведава, хор "Open Door" з Санкт- Пецярбурга на чале з Нінай Елішавай і шматлікі ды шматнацыянальны калектыў "Revelation" з Капегагена, якім кіруе Сафі Херлінг.

- Менскі госпэл хор быў створаны ў студзені 2013 года, - распавёу яго кіраўнік Павел Шведаў. - Наша мэта - распаўсюджваць госпэл-музыку на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Гэта глыбока духоўная і эмацыйна яркая музыка радасці і свабоды. Мы адчуваем сябе пакліканымі натхняць людзей духоўна расці, шукаць Бога і ствараць свае госпэл хоры. Нашы песні нясуць добрую энергетыку, мы напаўняем музыку моцай Святога Духа і Божай прысутнасцю, - падкрэсліў выканаўца. - Мы выступаем ва ўніверсітэтах, цэрквах, на дабрачынных канцэртах, у клубах, парках, на фестывалях, - паўсюль, дзе людзі гатовы слухаць хрысціянскую музыку.

- Каб загучалі яркія фарбы кожнай асобы, трэба заспяваць разам, - прамовіў Павел Шведаў, прадстаўляючы песню "Ttue colours".

Разам з менскім госпэл-хорам выступіла салістка Валерыя Дэле i Дмiтрый Ярмузевiч.

У выкананні хору "Revelation" прагучалі папулярныя кампазіцыі "O, happy day", "Spiritual", "Encouraged", "I give myself away".

Гімн "Аleluja,Emanuel" моцна ўзрушыў беларускіх слухачоў. Ускалыхнуліся хвалі рук.

Энергетычна насычаная музыка падбадзёрыла публіку, ускалыхнуліся хвалі рук,загучалi апладысменты. Танцы, авацыі напоўнілі залу.

- Мы славім Госпада праз музыку і танец, - падзялілася Сафі Херлінг. - Госпэл-музыка насычае душу і цела. Песні перадаюць словы любові, надзеі, адзінства. Кожны голас у хоры з'яўляецца асаблівым, а разам мы ствараем адзіную сям'ю.

Сафі Херлінг - прафесійная спявачка, у яе трое дзяцей, хор належыць да cупольнасцi Gospel Fellowship. За клавішнымі быў у гэты вечар тэмпераментны Міхаэль Рокпсторф, які быў рады сустрэцца з менскай публікай.

Пасля завяршэннея сумеснага выступлення Павел Шведаў падзякаваў пастару царквы "Святло ісціны" Дзмітрыю Лазуту, які спрыяў прыезду дацкіх гасцей і арганізацыі канцэрту.

- Нядаўна ў нас у гасцях быў хор з Швецыі, зараз знаходзiцца - хор з Даніі. Нам падабаецца сустракацца, абменьвацца досведам, для нашых сяброў гэта цікавыя гастролі, знаёмства з нашай культурай. Мы кантактуем, спяваем разам, дзелімся досведам, уражаннямі і пачуццямі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

"Аўтар за кадрам": сустрэча з фотамастаком Уладзімірам Янцэвічам

У кастрычніку 2019 года ў Доме В. Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея па вуліцы Замкавая, 7 адкрылася фотавыстаўка "Жыццё ў кадры", прысвечаная фотамастаку Яўгену Сяргеевічу Пятакіну, былому супрацоўніку "Лідскай газеты".

20 лістапада яе наведалі вучні 7 "Б" класа СШ №11 г. Ліды, якія акунуліся ў сапраўдны свет фотамастацтва. Іх увагу прыцягнулі не толькі фотаздымкі мінулых гадоў, але і імправізаваная фоталабараторыя, дзе прадстаўлены сапраўдныя рэчы, з дапамогай якіх у мінулым фотамастакі маглі вырабляць фотаздымкі. Сёння, канешне, зрабіць фатаграфію значна лягчэй, і маладыя людзі ў большасці нават не задаюцца пытаннем: а як гэта было раней?

Сапраўдным падарункам для школьнікаў стала сустрэча пад назвай "Аўтар за кадрам" з лідскім фотамастаком і паэтам Уладзімірам Сяргеевічам Янцэвічам.

Лідскі фотамастак у выставачным пакоі арганізаваў для юных наведвальнікаў музея прагляд слайдаў на тэму малой радзімы, дякуючы якім вучні змаглі дазнацца пра гісторыю ўзнікнення фотаздымкаў, якія, між іншым, былі зроблены на тэрыторыі Ліды і за яе межамі. Пад ціхую лірычную мелодыю і аўтарскае чытанне вершаў, якія былі ўласна напісаны лідскім паэтам, вучні акунуліся ў свет прыроды і здзейснілі падарожжа па ўсіх порах года, якія і былі прадстаўлены на слайдах фотамастака. Усё гэта нагадала дзецям казку "Дванаццаць месяцаў": снежныя гурбы, іскрысты іней, хуткі ручай, пралескі, прыгожыя птушкі і кветкі, рознакаляровая лісце дрэў….

З задавальненнем Уладзімір Сяргеевіч адказаў і на пытаннні вучняў. Таксама ўсе дазналіся і аб тым, што госць сустрэчы - аўтар фотапаштовак і фотакарцін, з якімі знаёмы многія лідчане.

Хочацца падзякаваць Уладзіміру Сяргеевічу Янцэвічу і куратару мерапрыемства Алесю Часлававічу Хітруну за цікавую і пазнавальную сустрэчу пад таямнічай назвай "Аўтар за кадрам". Гэтыя кадры мы, вучні сярэдняй школы № 11, раім убачыць усім жыхарам і гасцям нашага горада. Фотавыстава "Жыццё ў кадры" і сустрэча пад назвай "Аўтар за кадрам" чакаюць вас!"

Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ № 11 г. Ліды.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX