Вярнуцца: 2019

№ 51 (1462)


Дадана: 18-12-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 51 (1462), 18 снежня 2019 г.

Першы мемарыяльны знак Янку Маўру за межамі Беларусі

У старажытнай сталіцы Балгарыі горадзе Пліска дзейнічае гістарычна-культурны комплекс "Двор кірыліцы". Яго ініцыятарам і стваральнікам з'яўляецца балгарскі мецэнат Карэн Алексанян. У дворыку ёсць цэлая алея помнікаў пісьменнікам, якія пісалі на кірыліцы, сярод іх - балгарскія аўтары Йордан Йоўкаў, Аляксандр Тэадораў-Балан, Агоп Мелканян, пісьменнік з Арменіі Леанід Гурунц, пісьменнік з Чачэнскай Рэспублікі Абузар Айдаміраў і іншыя. Нядаўна гэтую алею папоўніў бюст Янкі Купалы. Цікава, што Янка Купала не першы беларускі творца, які быў ушанаваны ў гістарычна-культурным комплексе "Двор кірыліцы". Некалькі год назад там з'явілася мемарыяльная дошка беларускаму дзіцячаму пісьменніку Янку Маўру работы скульптара Валерыя Жэлязкова. Гэта першы мемарыяльны знак пачынальніку беларускай дзіцячай літаратуры за межамі Рэспублікі Беларусь. Янка Маўр свае творы прысвячаў розным краінам, якія апісаваў з такой дакладнасцю, што дзівіліся іх карэнныя жыхары і не маглі паверыць, што Маўр там ніколі не быў. Янка Маўр добра валодаў мовай эсперанта, што дазваляла яму атрымліваць цікавыя матэрыялы для сваіх твораў і ліставацца з людзьмі з розных краін свету. Шчырая падзяка спадару Алексаняну ад родных Янкі Маўра за ўшанаванне памяці беларускага дзіцячага пісьменніка.

Васіліна Міцкевіч, праўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа.

У Браціславе адкрылі прыгожую шыльду Янкі Купалы

11 снежня ў сталіцы Славакіі Браціславе адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Янкі Купалы.

Памятны знак размешчаны ў будынку гатэля "Карлтан", у якім паэт спыняўся падчас візіту ў Чэхаславакію ў складзе дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў у кастрычніку 1935 года.

Гэта быў першы прамы і непасрэдны беларуска-славацкі культурны кантакт у навейшай гісторыі.

Праз 80 гадоў новае пакаленне дыпламатаў ад беларускай культуры і навукі выправілася ў падарожжа Купалавым маршрутам па славацкай зямлі, каб прадставіць Беларусь, а таксама даведацца, чым жыве сёння Славакія, адкрыць яе для сваіх суайчыннікаў. Менавіта падчас вандроўкі 2015 года нарадзілася ідэя ўшанаваць памяць беларускага Песняра на славацкай зямлі, якую падтрымалі ў абедзвюх краінах.

Праект, ініцыятарам якога быў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, рэалізаваны ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства на спонсарскія сродкі. Цырымонія адкрыцця прайшла пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Славакіі Ігара Ляшчэні, дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч, а таксама стваральніка мемарыяльнай дошкі скульптара Паўла Вайніцкага, дзякуючы таленту якога класік беларускай літаратуры ўшанаваны ў Латвіі і Фінляндыі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел прадстаўнікі Саюза славацкіх пісьменнікаў, у тым ліку паэты-перакладчыкі Яраслаў Рэзнік і Марыян Серватка, які ў 2008-2013 быў Паслом Славакіі ў Беларусі; партнёры Купалаўскага музея з Літаратурнага і музычнага музея Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі ў Банскай Быстрыцы; уладальнікі гатэля "Карлтан", падтрымаўшыя беларускую культурную ініцыятыву.

kupala-museum.by.

Баранавіцкая арганізацыя ТБМ адзначыла сваё 30-годдзе

Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы адзначылі 30-годдзе стварэння арганізацыі. Каля 70 чалавек сабраліся ў Русінах для таго, каб у святочнай абстаноўцы падвесці вынікі, падзяліцца ўспамінамі, паслухаць вершы і песні. Мерапрыемства пачалося з гімна "Магутны Божа". Затым з уступным словам выступіў госць з Менска - ганаровы старшыня ТБМ, рэктар універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў. Ён нагадаў пра тое, што ад ТБМ у свой час было вылучана 13 дэпутатаў у Вярхоўны савет, адным з іх быў Зянон Пазняк, і сотні - у абласныя, гарадскія і раённыя:

- Ёсць нам чым ганарыцца, ёсць нам што ўспомніць. Мы адзіная грамадская арганізацыя, якая мае сваю газету "Наша слова", свой моладзевы часопіс "Верасень". Маем яшчэ адну газету "Новы час". У нас яшчэ ёсць зборнікі, сайты і г.д.

Стваральнікі ТБМ у Баранавічах настроены больш крытычна. Яны лічаць, што мэта арганізацыі па пашырэнні нацыянальнай самасвядомасці не выканана.

Па словах удзельнікаў свята, Таварыства для іх мае вялікае значэнне. Яно ўмацоўвае нацыянальную самасвядомасць. Ва ўмовах татальнай дзяржаўнай русіфікацыі не дае забыць, адкуль наш род.

Беларускае Радыё Рацыя. (Працяг тэмы на ст. 2.)

Мікалай Падгайскі: Недастаткова ў нас ініцыятыўных людзей

У мінулыя выходныя Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы адзначыла 30 год сваёй дзейнасці. Было шмат удзельнікаў, якія эмацыйна гаварылі пра рост сваёй свядомасці пад уплывам Таварыства, прагучалі і крытычныя заўвагі. Падрабязней Радыё Рацыя пагаварыла з Мікалаем Падгайскім, які раней узначальваў філію:

РР: "Як вы ацэньваеце работу Таварыства беларускай мовы за 30 гадоў?"

Мікалай Падгайскі: "30 гадоў - гэта такі аграмадны тэрмін, гэта так многа зроблена, многа, магчыма, і не зроблена. А ўся праца была на энтузіязме з самага пачатку і да сённяшняга дня. Усё ж такі мова - гэта тое, што найбольш аб'ядноўвае людзей, якія працуюць у гэтай арганізацыі. У цяжкія далёкія, амаль савецкія часы, было не проста людзям працаваць".

РР: "Але, наколькі я пачула з выступаў, таго ж Міхася Берната, што яны хадзілі і на прадпрыемствы і ў школы з лекцыямі, то-бок, свабодна працавалі з насельніцтвам. Я б сказала, што зараз умовы найбольш цяжкія".

Мікалай Падгайскі: "У гэтым сэнсе непараўнальна складаныя. Пасля прыходу Лукашэнкі сітуацыя карэнна змянілася. І не толькі, што потым не маглі хадзіць па прадпрыемствах, а нават памяшканне папрасіць, напрыклад, бібліятэку, для правядзення мерапрыемства, гэта было немагчыма. Не давалі. Не давалі нідзе.

РР: І зараз таксама?

Мікалай Падгайскі: Цяпер амаль таксама. Але зараз у нас ёсць дом, аднавілі, запусцілі яго ў эксплуатацыю. І цяпер нам лягчэй. Мы любое сур'ёзнае мерапрыемства можам правесці ў гэтым доме. Хаця цяпер у нас дружбы з уладай трохі болей. Таварыства цяпер займаецца справай толькі Таварыства. Раней была і некаторая палітычная дзейнасць, некаторых сяброў з кіраўніцтва арганізацыі. Таму там былі свае складанасці, звязаныя ў многім з гэтым. Мне здаецца, каб чыста па пытаннях беларускай мовы, культуры Таварыства працавала, у 2000-ых, пачатак - сярэдзіна 2000-ых, то лягчэй было, быў бы лепшы кантакт з уладамі. Мы цяпер адмовіліся ад чыста палітычнай барацьбы.

РР: "Вы адмовіліся, але не адчуваеце, што гэта ўсё ж такі мінус вашай дзейнасці? Таму што гэта ж адраджэнская праца. Усяроўна, я думаю, улады вам не давяраюць".

Мікалай Падгайскі: "Канешне, улады, па-першае, не давяраюць. Улады насцярожана адносяцца да нас. Але калі мы да іх звяртаемся, то заўсёды з намі паводзяць сябе карэктна чыноўнікі любога ўзроўню".

РР: "Пасля таго, як вы ім "пакляліся", скажам так, што не будзеце лезці ў палітыку?"

Мікалай Падгайскі: "Мы нікому не кляліся. Абсалютна. Проста Сырыца сыйшоў, а Сырыца быў заангажаваны ў палітычнай дзейнасці. Сырыца быў цэнтрам грамадзянскай супольнасці. Ён быў пісьменны, разумны, абаяльны, умеў напісаць пісьмо, умеў стварыць любы дакумент, да яго ішлі ўсе, у тым ліку і гэтыя палітыкі, якія ў нас бываюць часцяком даволі недасведчаныя. Ён смела выступаў. Заўсёды імкнуўся ўдзельнічаць у гэтых выбарчых камісіях. Можа быць з-за таго ён і памёр, быў удзельнікам гарадской выбарчай камісіі і пасля выбараў сказаў праўду, тую праўду, якая была на самой справе, пра тое, што там тварылася.

РР: "Пасля гэтага праз пару дзён ён і памёр?"

Мікалай Падгайскі: "Ён праз некалькі дзён, можа праз тыдзень-два і памёр пасля гэтага. Тут з аднаго боку гэтая смерць выклікае і некаторыя пытанні, а з другога боку яўных прэтэнзіяў да ўлады няма".

РР: "Апошнімі гадамі яны яго не чапалі?"

Мікалай Падгайскі: "Што значыць не чапалі?"

РР: "Так, як калісьці, калі падкінулі патроны".

Мікалай Падгайскі: "Такога яны ўжо больш не рабілі. Гэта не значыць, што яму было намнога лягчэй. Ну ва ўсякім разе нейкі давер можна разглядаць, што яны яго ўзялі ў выбарчую камісію. У гарадскую выбарчую камісію ўключылі старшыню мясцовага Таварыства беларускай мовы. Гэта таксама быў узровень нейкага даверу. Але ён, як сумленны чалавек, сказаў пра тое, што пабачыў. Улада нам на святкаванне 100-годдзя БНР дала памяшканне, далі музыкантаў. Яна нам даволі моцна пайшла насустрач - рэальна і моцна дапамагла ў правядзенні гэтага святкавання. Дастаткова нармальныя ў нас сёння адносіны".

РР: "А якіх вынікаў вы дамагліся адносна пашырэння ўжывання беларускай мовы?"

Мікалай Падгайскі: "Хаця не так гладка, але мы дамагаемся стварэння беларускіх класаў для тых, хто хоча ў гэтых класах вучыцца. Адносна аўтавакзала ўлады пайшлі нам насустрач - аформілі аўтавакзал па-беларуску. Аб'явы ў аўтобусах - мы таксама пра гэта пытанне ставілі".

РР: "А што вы лічыце мінусам у вашай дзейнасці?"

Мікалай Падгайскі: "Асноўны мінус - у нас недахоп людзей, якія праяўляюць ініцыятыву, і якія могуць і хочуць нешта рабіць. Такіх людзей вельмі мала".

Радыё Рацыя.

Жыровіцкаму паэту і манаху - 80

16 снежня беларускаму паэту Зьнічу (Алегу Бембелю), які жыве ў Жыровічах на Слонімшчыне, споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння.

Зьніч - гэта той самы інак Мікалай, а цяпер - манах Іаан. Амаль чвэрць стагоддзя паэт Зьніч жыве ў Жыровічах, пакінуўшы родны Менск, дзе нарадзіўся ў сям'і вядомага беларускага скульптара Андрэя Бембеля. У свой час Алег Бембель атрымаў добрую адукацыю. Скончыў Менскае музычнае вучылішча і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці фартэпіяна. Працаваў выкладчыкам музыкі ў Глыбокім і Менску. Вучыўся ў Інстытуце філасофіі і права АН БССР, працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута. У 1985 годзе ў Лондане Зьніч выдаў кнігу "Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс". За гэта Алега Бембеля звольнілі з Інстытута філасофіі і права. У 1990-х гадах ён становіцца актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, друкуе свае вершы ў ЗША і Польшчы. Становіцца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, працуе ў Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Францыска Скарыны. З 1996 года манах Іаан жыве ў Жыровічах. Па-ранейшаму піша вершы, выдае багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток "Жыровіцкая абіцель", прымае ўдзел у грамадска-культурным жыцці Беларусі. З друку выходзяць яго кнігі вершаў "Саната ростані", "Рэха малітвы", "Малітвы за Беларусь", "Між тэктанічных пліт…", "За мурам", "Крэсіва" і іншыя. Разам з паэтам Алесем Клышкам свет пабачылі кнігі сумоўяў "Жыровіцкія камяні", "Шлях да Жыровічаў", "Жыровіцкая пастараль" і "Званіца", якія былі прысвечаны духоўнаму адраджэнню Беларусі.

Шчыра віншуем паэта Зьніча і манаха Іаана з юбілеем. Жадаем яму здароўя і творчых поспехаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

100 гадоў з дня нараджэння першага старшыні Полацкага ТБМ

Усе ведаюць песню "Ручнікі" ("У суботу Янка ехаў ля ракі..."), хоць многія лічаць яе фальклорным творам. Песня сапраўды стала народнай, настолькі прыжылася яна ў народзе, настолькі аказалася арганічнай і блізкай практычна ў кожнай беларускай сям'і. А між тым напісаў яе полацкі кампазітар Мікалай Пятрэнка на словы Веры Вярбы.

19 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння кампазітара і педагога Мікалая Макаравіча Пятрэнкі. Да гэтай даты Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку рыхтуе адмысловую выставу пад назвай "Па рацэ часу".

Палачане лічаць гэтага чалавека сваім земляком, ганарацца сваім знаёмствам з ім, хоць нарадзіўся ён на Гомельшчыне, у вёсцы Барбароў Мазырскага раёна. Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1940). З 1946 года працаваў у розных установах народнай асветы: інспектарам Палескага аблана, намеснікам дырэктара Петрыкаўскага педвучылішча, выкладчыкам Лепельскага педвучылішча, старшым выхавальнікам Лепельскай школы-інтэрната, намеснікам дырэктара Ветрынскай школы-інтэрната. А з 1960 года Мікалай Пятрэнка звязаў свой лёс з Полацкім педагагічным вучылішчам, у якім і адпрацаваў больш за 30 гадоў, выкладаючы беларускую мову і літаратуру. Пры гэтым ён пераклаў на беларускую мову тры падручнікі для педвучылішчаў, склаў і выдаў дапаможнік па беларускай мове для настаўнікаў "Практыкаванні з выбарачным адказам", з'яўляецца аўтарам шэрагу праграм па беларускай мове для педвучылішчаў. Менавіта Мікалай Макаравіч стаў першым старшынём Полацкай суполкі ТБМ.

Не менш вядомы ён і як самадзейны кампазітар. Першую песню М. Пятрэнка напісаў яшчэ ў 1955 годзе - гэта была "Мяцеліца" на вершы Алеся Ставера. Сапраўднае ж прызнанне прыйшло да маладога кампазітара пасля песні "Ой, старонка мая ты лясная" на словы Анатоля Астрэйкі. Яна загучала па радыё, яе пачалі выконваць мастацкія калектывы. Плённа супрацоўнічаў кампазітар з такімі вядомымі паэтамі, як Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Панізьнік, Навум Гальпяровіч, а таксама пісаў песні на словы полацкіх аўтараў Змітрака Куніцкага, Надзеі Ярмак, Віктара Леанені ды іншых. Усяго за гады творчасці напісаў ён больш за 250 песень. Больш за дваццаць гадоў музычныя фразы з яго твораў былі пазыўнымі Полацкага аб'яднанага радыёвяшчання.

Жыццё гэтага таленавітага чалавека не было простым. Варта ўзгадаць вайну, цяжкае раненне, палон. Але не абыходзілі яго і ўзнагароды. Яшчэ ў 1966 годзе Мікалай Пятрэнка атрымаў званне Заслужанага настаўніка Беларусі, а ў 1995 годзе ён стаў Ганаровым грамадзянінам горада Полацка.

У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка захоўваецца даволі вялікая калекцыя матэрыялаў, звязаных з асобай Мікалая Пятрэнкі - яго рукапісы, дакументы, асабістыя рэчы, а таксама частка кніжнага збору.

Што можа найлепей характарызаваць чалавека - тым больш чалавека творчага - як яго бібліятэка. Сярод выданняў, перададзеных у фонды самім Мікалаем Макаравічам, зборы твораў беларускіх пісьменнікаў (Івана Мележа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі і інш), шматлікія кнігі вершаў і прозы сучасных яму аўтараў, фальклорныя зборнікі, дзіцячая літаратура, а таксама мноства кніг па мовазнаўстве, разнастайныя слоўнікі і даведнікі, музычныя зборнікі. Калекцыя стала каштоўнай часткай нашага кніжнага збору.

На выставе, якая пачынае сваю працу ў дзень нараджэння Мікалая Пятрэнкі - 19 снежня 2019 года, можна будзе паглядзець тыя прадметы, якія найбольш ярка прадстаўляюць асобу таленавітага майстра.

Вера Ашуева, вядучы навуковы супрацоўнік Музея беларуск. кнігадрукавання.

Шаноўныя сябры!

Рэктарат універсітэта імя Ніла Гілевіча выказвае вялікую падзяку сп. Сяргею Мотузу, сп. Д. Леўшуну і сп. Генадзю Лойку з Менска, сп. Леаніду Ралько з Баранавічаў, сп. Паўловіч, спн. В.А. Крачкоўскай, сп. Паўлу Кізіку, якія ў лістападзе і снежні даслалі нам свае ахвяраванні.Таксама выказваем вялікую падзяку грамадзянам, якія ахвяравалі ў нашую бібліятэку разнастайную неабходную для ўніверсітэта літаратуру.

Ахвяраваць на працу ўніверсітэта можна пералічыўшы сродкі на наступныя рахункі:

ААТ "Белінвестбанк" BLBBBY2X (BIC) на Універсітэт імя Ніла Гілевіча УНП: 193050167. Асноўны рахунак: BY49BLBB30150193050167001001. Дабрачынны рахунак для ахвяраванняў: BY56BLBB31350193050167001001.

Таксама падтрымаць універсітэт можна праз сістэмы АРІП (Разлік), інструкцыя ёсць па гэтай спасылцы https://tbm-mova.by/news_2214.html. Любыя пытанні задавайце праз пошту nhuniversitet@gmail.com.

Вашыя грошы, у першую чаргу, пойдуць на аплату арэнды офіса ўніверсітэта і закупку падручнікаў для будучых студэнтаў.

З павагай і ўдзячнасцю, в.а. рэктара Алег Трусаў.

Трыяда Анатоля Белага

П-а-э-м-а - э-с-э

Светлай памяці незабыўнагаАнатоля Яўхімавіча Белага

Яўген Гучок

(Працяг. Пачатак у пап. нумарах.)

* * *

На сядзібе музея - помнікі:

Чарадзею Усяславу, Міндоўгу і Вітаўту,

І Францыску Скарыну,

* * *

Героям Грунвальдскай бітвы,

Сапегу, Касцюшку,

Дзеячам БНР,

* * *

Удзельнікам Слуцкага збройнага чыну,

Наталллі Арсеньевай,

Улашчыку, Ермаловічу,

* * *

Бацьку і сыну Багдановічам,

Паэту-эмігранту Бярозку,

Ларысе Геніюш і самому Беламу.

* * *

На гарадскіх Стара-Дарожскіх могілках

На Белага Анатоля магіле -

Таксама выдатны помнік.

* * *

А па-за межамі музея

На беларускай зямлі

Памяць помнікамі ўшанавана.

* * *

У двары БДУ - помнікі

Еўфрасінні Полацкай

І Францыску Скарыну,

* * *

Міколу Гусоўскаму,

Васілю Цяпінскаму

І Сымону Буднаму.

* * *

Зноў жа помнік Скарыну

Стаіць у вестыбюлі

Дома кнігі ў Менску,

* * *

А Кірылу Тураўскаму -

У епархіяльнай управе -

У Філарэта.

* * *

На камені-валуне

Ушанавана памяць

роднай мовы абаронцаў:

Альгерда Абуховіча,

* * *

Янкі Купалы, Якуба Коласа,

Цёткі, Галубка Уладзіслава,

Быкава Васіля і сучаснікаў

Судніка, Сармант і іншых.

* * *

А ў Зэльве ля царквы,

Супраць дома Ларысы Геніюш

Стаіць асвечаны помнік паэтцы-змагарцы.

* * *

А ў Маладзечне,

Не абміні, беларус,

Помнік незабыўнаму Ермаловічу.

* * *

У Халопенічах пастаўлены помнік

Адаму Багдановічу -

Навукоўцу і бацьку геніяльнага паэта.

* * *

А за межамі Беларусі - у Яраслаўлі

Увекавечана помнікам памяць

Чарадзея беларускай паэзіі - Багдановіча.

* * *

І як тут не ўзгадаць скульптараў

Вакара, Лятуна, Платонава,

Голубева, Інькова, Адашкевіча,

* * *

Панцялеева, Прохарава,

Знакамітага Азгура,

Аляксандра Фінскага.

* * *

Пажыві яшчэ колькі гадоў,

Колькасць помнікаў беларускіх

у Беларусі і за мяжой

Павялічылася б намнога.

* * *

А як жа з помнікамі далей быць?!.

Няхай іх ставяць іншыя,

І Беламу няхай зладзяць які знак памяці!

I V

* * *

Дом Белых калісь быў домам для сваякоў,

Сёння ён, разбудаваны Анатолем Белым -

Увасабленне беларушчыны непаўторнай.

* * *

Дом бацькоўскі ў Старых Дарогах

Ператварыў ён у Луўр -

Музей Беларусі.

* * *

Ён доўга выношваў ідэю

І распачаў стварэнне музея,

Каб пасвяжэла паветра духоўнае Беларусі.

* * *

У холад не прастудзішся ў гэтым музеі,

Наадварот, сагрэешся

І душой, і целам.

* * *

У фарбах, каменнях, метале і інш...

Тут жыццё Беларусі прадстаўлена

На працягу яе гісторыі.

* * *

А табліца Мендзялеева

Не зразу адкрылася,

Так і музей Белага невыбухова паўстаў.

* * *

Тут кожны экспанат -

Нібы крыло,

У палёт запрашае душу наведніка.

* * *

Тут безліч прасторы

Ва ўсе бакі

Беларусі.

* * *

І адначасова гэты музей -

Нібы абарончы рубеж

Беларушчыны.

* * *

Тут яскрава прадстаўлены

Падзеі на нашай зямлі,

І, вядома, асобы выбітныя.

* * *

Для свядомасці затуманенай

Тут кожны экспанат -

Нібы бліскавіца.

* * *

Гэты музей не проста паказвае,

Ён агітуе пераканаўча

За Беларусь.

* * *

Гэты музей - мінуламу помнік

І адначасова - дарога

У будучыню.

* * *

Беларус, хочаш парамантаваць сябе -

Спяшайся ў Старыя Дарогі

У музей Анатоля Белага.

* * *

Ходзіш гэтым музеем -

І чуеш то голас жалейкі,

То голас трубы баявой.

* * *

Так, і музейная старажытнасць

Заўжды - навіна

Для наведніка кожнага.

* * *

Годна трымацца,

Не схіляць галаву пакорліва

І гэты музей навучае наведнікаў.

* * *

Мой дружа, ты ўсё стогнеш,

Перастаў захапляцца ўжо беларушчынай,

Дык з'ездзі ў музей у Старыя Дарогі.

* * *

З'ездзі, з'ездзі - і пераканаешся,

На колькі трэба табе

Яшчэ расці і расці.

* * *

Хочаш душу сваю

Ў беларушчыне загартаваць,

Да ўсяго - з'ездзі ў мастацкі музей

у Старыя Дарогі.

* * *

Хочаш веды паглыбіць пра Бацькаўшчыну,

Едзь у Старыя Дарогі,

Да Белага едзь у музей.

* * *

Сябе адчуваеш ніякавата,

Калі беларус прызнаецца,

Што не пабываў у музеі Белага.

* * *

Жадаеш у беларушчыну адчыніць браму -

Адчыні дзверы ў мастацкі музей

Анатоля Белага.

* * *

Перад гэтай святыняй Бацькаўшчыны

Ніякавеюць сягоння

Непрыяцелі беларушчыны.

* * *

Так, не саступіць

многім музеям дзяржаўным,

Таму гэты музей, безумоўна, мае права

Назвацца музеем народным.

* * *

Некаторыя мастакі

За гонар лічылі

Творы свае музею Белага ахвяраваць.

* * *

Наведаеш гэты музей -

І пыл за тваімі вушамі

Сам сабой пачынае знікаць.

* * *

Не шкада, што музей месціцца ў Дарогах;

Аматары гісторыі і мастацтва

Хай спазнаюць і глыбінку.

* * *

Чалавеча, хочаш сабе

На здзіўленне зрабіць падарунак -

З'ездзі ў Старыя Дарогі ў мастацкі музей!

* * *

Беларус, хочаш дарогу сваю ажывіць -

Наведай Старыя Дарогі -

Мастацкі музей Анатоля Белага.

* * *

Калі параўнасць Парыж і Старыя Дарогі,

Луўр і дзецішча Белага,

Дык нейкая адпаведнасць тут знойдзецца.

* * *

Выйдзеш з музея Белага і задумаешся,

Калі ж рэчаіснасць наша

Бел-чырвона-белаю будзе?!.

* * *

І яшчэ калі выходзіш з музея Белага,

Адчуваеш, што штосьці

Плечы твае ўзрушае.

* * *

Выйдзеш з музея гэтага

І адчуваць пачынаеш, чаму ты такі,

Не такі, як многія героі-экспанаты.

* * *

Часам выйдзеш з музея такога,

І робіцца сумна,

Што люд навакольны

замшэлы абыходзіць яго.

* * *

А Карэн Сцюарт - пасланніца ЗША

З радасцю пасадзіла дрэва

На сядзібе музея Белага.

* * *

Не спяшаюцца многія ў гэты музей,

А той, хто яго наведвае,

Набывае статус асобы.

* * *

Чым болей наведнікаў

Мецьме музей,

Тым большы даход у яго

(бясплатны) будзе духоўны.

* * *

Але, як і ўсё матэрыяльнае,

І гэты музей патрабуе

Матэрыяльных затрат.

* * *

І нат разяваку любому

Заўжды будуць рады

У гэтым музеі.

* * *

Многа кніжак у свеце пра Беларусь,

І сярод іх найвыразнейшая

Кніга водгукаў аб музеі Белага.

* * *

Так, тая кніга водгукаў

Ці не вербальны спачатку помнік

Спадару Анатолю Беламу?!.

(Працяг у наступным нумары.)

На агледзінах творчасці Ілоны Барадулінай (18.07.1962 - 8.12.2019)

Сяргей Панізьнік

У двары дома, дзе жыў Уладзімір Караткевіч, 10 траўня 1968 года сабраліся вясёлыя творцы з многіх пасадаў Еўропы: сярод іх Алесь Барскі з Варшавы, Вацлаў Жыдліцкі з Прагі… Каля яго і прытулілася Ілонка Барадуліна, дачка Валянціны і Рыгора. Трымае ляльку-"беларусачку", якую падарыў мне на дзень нараджэння госць з Прагі, а я, 26-гадовы юнак, перападарыў ляльку ў беларускіх строях 6-гадоваму анёльчыку Ілонцы.

У той дзень і пасля я збіраў фотаздымкі натхнёнага радаводнага твора Барадулінскага Суквецця. Чуў, як ускудлачыныя гады Ілоны скакалі па філалагічных прыступках БДУ, перакульваліся на імператарскіх прыступках Ленінграда-Пецярбурга… Пішуць, што ў 2006 годзе ў Менску адбылася афіцыйная выстава мастачкі Ілоны Барадулінай пад назвай "Плоскасць свабоды". Але - увага! У 2004 годзе выйшаў мой зборнік "Пры сьвячэньні…", дзе апынуўся верш "Зьвеставальная скарбонка" з пазнакай: "На адкрыцьці выставы Івонкі Сурвілы а Ілонкі Барадулінай у Менску. 2004 год". Прысвячэнне далёкім гасцям, іх выставе ў Беларусі заканчваецца радкамі:

Зьвеставальная скарбонка -

з-пад стырна.

Тут Івонка, тут Ілонка,

тут - Вясна.

Беларусь - каля Канады

хараства…

Нам Дзень Волі не для звады, -

для Раства!

Наступная сустрэча з Ілонай Барадулінай была амаль праз паўстагоддзя - у сеціве. У траўні 2017 года яна мне на фэйсбукаўскай старонцы напісала:

"Паважаны спадар Сяргей, шчыра вітаю Вас з народзінамі! Усяго самага найлепшага і добрага Вам у жыцці! Я вельмі рада, што ў дзяцінстве ведала такога іскраметнага і добрага чалавека, як вы. Святла і незамутненага настрою і поспеху ва ўсім!"

Я часта адгукаўся на яе несупынныя ўрокі мастацкага імправізатарства, калі Ілона ўвачавідкі стварала пачатак і працяг штораз новай творчай серыі. Перасылаў ёй і некаторыя фотаздымкі. У студзені 2019 года - здымкі з Дома творчасці "Іслач" (верасень 1987 г.). Выпускніца БДУ наўзамен напісала мне пра Алега Антонавіча Лойку:

"Я яго так памятаю: незвычайнейшы чалавек - шчыры, добры, прыцягальны. А слухаць яго было так, што час ляцеў як хвіліна.

Старабеларускую літаратуру ён выкладаў моцна! Мой бацька яго вельмі любіў, і я. Алег Лойка захопліваў сваёй адданасцю, шчырасцю. 20.01.2019."

І ў лютым месяцы новага года я не быў у спакоі: пазначаў прытульнымі радкамі кожныя новыя выявы нястомнай мастачкі. Доўга чакаць адказу не прыйшлося:

"Мне так прыемна, спадар Сяргей, што вы мяне бачыце ў маёй творчасці. Ілона. 17.02. 2019 г."

А маё "напярэймы" было такім:

Я вельмі-вельмі зычу ўдачы

ў працяг той бацькавай падачы.

Рыгорка НАШ не быў лайдачы:

рашэнні меў на ўсе задачы.

А да перасланага Ілонцы здымка Рыгора Іванавіча далучыў такое прызнанне: "Твой, Ілона, бацька - мой хросны бацька ў паэзіі. 18.05.2019 г.". Яна ведала, хто адрэдагаваў на грамадскіх пачатках мой першы зборнік "Кастры Купалля" (1967). Ілона так адказала на мой пасыл:

"Дзякуй, што Вы, спадар Сяргей - ёсць. Не жартую, калі я чытаю і бачу Вас на фотаздымках - у дзяцінства вяртаюся. Вы былі самым добрым і моцным уражаннем майго дзяцінства".

Перад маім новым Днём нараджэння мастачка Ілона пераўвасобілася ў сапраўднага лірыка:

" А Вы - Сяргей - у маёй дзіцячай памяці былі самым вясёлым, шыкоўным і неверагодна асобным, тонкім з ашалелым гумарам і радасцю жыцця. Вы былі - карацей кажучы - для мяне д'Артаньянам. Насамрэч і жанчыны млелі ад вас, і я таксама, хоць і маленькая была. У маім дзяцінстве Вы - Сяргей - былі самай вясёлай, добрай і адмысловай фарбай маёй памяці сярод сяброў майго бацькі. Так я запомніла".

Адразу вынырнуў экспромт пасля такога ўсплёску слоў.

Пасля малюнкаў калоны

Барадулінай Ілоны:

Каму дваіцца, каму траіцца…

Бо сама Ілона -

арліца!

А 12 верасня 2019 г. свой тэматычны малюнак гэтая пташка вось як падпісала: "Так и мы не знаем лицо следующего дня". Наўздагон праз два дні я пакінуў для Ілоны надпіс:

"На абліччы

творчыя ключы

падлічы, -

і створыцца на плошчы

палац з каланчы!"

Мо і незаслужана атрымаў водгук ад Ілоны, але ж выказванне цікавай Асобы - гэта тасама "дакумент эпохі":

"Дзякуй, спадар Сяргей. Калі вас чытаю - адразу ў дзяцінства: так было добра, і вы былі адным з самых яркіх і цёплых аганькоў маёй памяці. Я нават чую ваш голас і бачу вашу ўсмешку".

Такі сеанс касмічнай сувязі адбыўся ў мяне з далёкім Ізраілем 12 верасня 2019 года. І нечакана напаткала чорная вестка: 8 снежня 2019 года, адолеўшы з анкалагічнай хваробай чуць больш 57-мі гадоў, Ілона - унучка Акуліны Андрэеўны, дачка Валянціны і Рыгора, мама Дамінікі Труцько, жонка Канстанціна Кліміна - перанеслася непамерклай душою ў звеставальную скарбонку Нябёсаў.

Хвалі Памяці

На ўспамін пра Ілону Барадуліну

Маркоціць мяцеліца:

- Лета не вернецца…

А Памяць - мядзведзіца:

ходзіць па лесвіцах…

Знойдзе й сутык.

Вунь і адтуліна…

Планета не дуліна:

ёсць Мацярык!

Там Барадуліна

Ілона - бабуліна,

Рыгора і Валі…

Мой там ускрык:

- Памяці хвалі -

Ілоны каралі!..

Мы доўга гулялі

як дзі-ва-кі...

Памяць не скралі

замкоў кулакі,

вякоў ветракі…

Знойдзе мядзведзіца,

дзе ёй пры-ле-ці-цца.

Мне з ёй прывеціцца

хваляй ракі.

Сяргей Панізьнік. 11.11.2019 г.

"КАЛЯНДАРНЫ" ГОД - якім ён быў для ўдзельнікаў нясвіжскай выдавецкай талакі?

Мінае год, які нясвіжскія талакоўцы пражылі з календаром "Невядомая Нясвіжчына". Гэта пятнаццаты каляндар вядомай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" і пяты - цалкам нясвіжскай тэматыкі. Апошнія два - "Самадзейны мастак Хведар Вініцкі" (2018) і "Невядомая Нясвіжчына" (2019) - выдадзены на замову будучых карыстальнікаў, якія не толькі пажадалі мець каляндар (часам і не адзін), але крэдытавалі яго выданне.

Старонкі своеасаблівага "гадавога гадзінніка" мала што дзень за днём адлічвалі дні, святы і даты - яны шмат каго паклікалі ў вандроўку па яшчэ не пабачанай дагэтуль, незнаёмай Нясвіжчыне: пад маляўнічымі фота, апроч тэксту, падаваліся звесткі, як найлепей праехаць, а калі трэба, - дзе замовіць экскурсію.

Знайшлася сям'я, што цягам года наведала ўсе дванаццаць (!) малавядомых шырокай публіцы мясцін, якія словам і мастацкай фатаграфіяй папулярызавалі і раілі пабачыць стваральнікі выдання. Гэта Адам Скачко з Гарадзеі, яго дачка і зяць Вольга і Уладзімір Пасэнаны, якія жывуць і працуюць у Менску, але шмат падарожнічаюць, аддаючы перавагу далёкім і блізкім ваколіцам Нясвіжа.

Сярод дванаццаці каляндарных цікавостак былі і Свята-Міхальская гара, і забыты старасвецкі парк у Снове, і драўляная царква ў Кунасе, і зорны камень у Лявонавічах, але самым прыцягальным стаўся дуб Якуб каля вёскі Казлы.

"Патрыярхам зялёнай Нясвіжчыны" любавалася актыўная ўдзельніца каляндарнай талакі Алена Харлеман, калі разам з дачкой прыязджала ў летнія дні на радзіму з Германіі. Па яе словах, дрэў, незвычайных, адметных, ёй давялося пабачыць нямала дзе ў свеце, але такога, магутнага і моцнага ў камлі, сустракаць не выпадала.

Валянцін і Марыся Гладкія з Новых Навасёлак наведаліся ў госці да "дзеда Якуба" з унукам Жэнікам. І таксама з каляндарнай падказкі. На развітанне шасцігадовы хлопчык урачыста прамовіў дрэву словы-пажаданні, якія не прыйдуць у галаву і даросламу.

На поплаўцы каля Якуба зладзілі "пікнік па-беларуску" сябры дзвюх суполак ТБМ - Новага Свержаня і Карцэвіч. Краязнаўца Валянціна Холадава цытавала Якуба Коласа (яна бліжэй да радзімы песняра), а Уладзімір Бруй, пісьменнік і перакладчык, калі сабралі "на кружок", захапляўся беларускім салам, прыгадваючы свае замежныя камандзіроўкі, асабліва на Блізкі Усход і ў гарачую Афрыку, дзе ён моцна сумаваў па родных прысмаках. А ўсе разам пад задуменны пошум вячыстага дуба вялі суладную размову пра імгненнае і вечнае, сваё і чужое, захаванае і страчанае.

Станіслава і Уладзімір Вальчыкі прыехалі да дуба з унучкай і не стамляліся паўтараць маленькай гарэзе вечныя словы Кузьмы Чорнага: "Прывыкай да гэтага дрэва…"

"Прывыкайце да роднага, свайго, дзядоўска-бацькоўскага. Спазнавайце па-сыноўняму глыбока і душэўна - ці то матчына мова, ці то нашы хрысціянскія святыні, ці гістарычныя асобы-постаці. Ці то дрэвы, кветкі і камяні, лясы і рачулкі - вечныя знакі Бацькаўшчыны…" - нібы да гэтага і клікала кожнай перагорнутай старонкай маляўнічае выданне.

* * *

А ў бліжэйшую суботу, 21 снежня, у раённым гістарычна-краязнаўчым музеі плануецца прэзентацыя наступнага календара серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" на 2020 год. Новыя старонкі з плёну чарговай талакі прысвечаны маляванкам, сабраным у адметную калекцыю краязнаўцам Наталляй Плаксай, а таксама (у арыгінальным спалучэнні) - 120-годдзю паэта-земляка Уладзіміра Жылкі, яго знакавай паэтычнай спадчыне. У выданні шмат цікавых дат, памятных дзён і падказак месяца. Не кажучы пра галоўнае - чароўна-прыцягальны свет маляваных сюжэтаў. Вядоўцамі сяброўскага сумоўя будуць збіральнік калекцыі Наталля Плакса ды заснавальнік і рэдактар серыі Валер Дранчук. Каму па дарозе, не прамінайце, заходзьце, усім будзем рады. Пачатак аб 11-й.

Наталля Карчэўская, Нясвіж.

Святкаванне Каляд у Германіі - нямецкія традыцыі і звычаі

Навіны Германіі

Як немцы рыхтуюцца да Каляд. Калядныя кірмашы ў Германіі. Калі святкуецца, графік працы.

Каб адчуць сапраўдную калядную атмасферу, адпраўляйцеся ў Германію перад Калядамі! Святкаванні тут праходзяць весела і з размахам. У немцаў адмысловае стаўленне да гэтага свята. Нямецкія калядныя традыцыі гістарычна налічваюць не адну сотню гадоў. Як сёння адзначаюць Каляды ў Германіі?

Працоўны каляндар на Каляды ў Германіі

Пералік устаноўленых святочных непрацоўных дзён у розных землях (рэгіёнах) адрозніваецца. Каляды ў Германіі - агульнанацыянальнае свята. У краіне 25 і 26 снежня з'яўляюцца непрацоўнымі днямі. Многія кампаніі і крамы цалкам спыняюцца і не працуюць з 25 па 31 снежня.

Святкаваць Каляды немцы пачынаюць на Куццю - 24 снежня. Яна не з'яўляецца афіцыйным выходным. Але большасць крам і фірмаў на Куццю працуе да абеду. Гэта апошні шанец дакупіць падарункі блізкім і назапасіцца прадуктамі.

Шкада, але большасць фірмаў паступова прыходзяць да варыянту 24 і 31 снежня адправіць працаўнікоў у прымусовы адпачынак, а офіс зачыніць.

Днём кампаніі, крамы і шапікі зачыняюцца, аўто раз'язджаюцца па дамах, вуліцы пусцеюць, Германія заціхае ў прадчуванні цудаў. Настае Святы Вечар (Heiligabend).

Як немцы ўпрыгожваюць жыллё перад Калядамі

Абмежавацца ўпрыгожваннем ёлкі на Каляды - не пра немцаў. Яны вельмі старанна падыходзяць да дэкарыравання жылля.

Звычайна жыллё ўпрыгожваюць ужо напачатку снежня. Кладуць на стол прыгожы абрус і хваёвы вянок, у вазу ставяць пару яловых галінак. На паліцах расстаўляюць фігуркі і свечкі.

Дамы ператвараюцца ў сапраўдную выставу каляднага дэкору. На дрэвах і дамах з'яўляюцца рознакаляровыя гірлянды, на дзверы навешваюць вянкі, упрыгожаныя яркімі стужкамі. На падаконнікі ставяць хаткі, якія свецяцца, развешваюць драўляныя фігуркі. Шыбы распісваюць сняжынкамі, малюнкамі.

У нямецкіх крамах прадаецца вялікае мноства разнастайных дэкарацый, гірлянд, падвесак, статуэтак і іншых прыгожых штук для ўпрыгожвання вокнаў. Самымі простымі з'яўляюцца розныя аплікацыі, якія трымаюцца і выдаляюцца з шыбы без следу. Такія ўпрыгожванні майструюцца і самастойна, хто ж не ведае, як выразаць сняжынкі? У Германіі да іх дадаюць анёлачкаў, зоркі ці званочкі.

Знадворку падвешваюцца ліхтарыкі ў выглядзе велізарных зорак ці сняжынак. Платы, расліннасць у дварах, а парой і акантоўка дахаў аблытваюцца гірляндамі. На лужках выстаўляюцца папасвіцца аленяў і зайцоў, якія свецяцца. У вокны хат па зіхатлівых усходах лезуць мігатлівыя Дзяды Маразы Weihnachtsmann. Да Каляд усё дасягае апагею.

Біблейскія сюжэты

На гарадскіх пляцах, у дварах хат, вітрынах крам усталёўваюцца маляўнічыя батлейкі - Weih-nachtskrippe. Яны ўзнаўляюць пячору, у якой нарадзіўся Ісус, з яслямі і постацямі некаторых герояў Бібліі. У нямецкім жыллі выстаўленне Weihnachtskrippe - такі ж звычай, як і выстаўленне каляднай ёлкі.

Асноўныя калядныя колеры: чырвоны і зялёны. Такая каляровая гама першапачаткова дыктавалася рэлігійным складнікам імпрэзы. Чырвоны - увасабленне крыві Хрыста, зялёны - веры і надзеі.

Зорка нямецкіх Каляд - Пуансетыя

Незвычайнае каляднае "ўпрыгожванне", якое сустракаецца ў хатах немцаў - кветка Пуансетыя, ці багатка найпрыгажэйшая. Яна не туліцца на падаконніку ці ў куце, а займае самае ганаровае месца, часта - побач з калядным вянком. Пуансетыю завуць "Калядная зорка", за ярка-чырвонае верхняе лісце, якія, нібы кветка, распускаюцца над зялёным ніжнім лісцем. Спалучэнне чырвона-зялёнага і прыгажосць хатняй кветкі зрабілі яго сучасным калядным знакам Германіі, хоць радзімай кветкі з'яўляецца Мексіка.

Калядныя традыцыі, якія захаваліся ў Германіі

Адвэнт паходзіуь ад лацінскага "adventus", што азначае "прышэсце". Гэта назва перыяду перад Калядамі, якое было прынята ў хрысціян Каталіцкай царквы. Нямецкія Каляды сёння не маюць цеснай сувязі з рэлігійнымі канонамі. Але перадкалядны адвэнт захаваўся, і актыўна пераймаецца прадстаўнікамі іншых культур і нацый. Пачынаецца ён 1 снежня і доўжыцца да самых Каляд (25 снежня).

Яркімі атрыбутамі з'яўляюцца хваёвы вянок з 4 свечкамі і адвэнт-каляндар.

Adventskranz - хваёвы вянок

Перадкалядны вянок, упрыгожаны хвояй, шышкамі, кавалачкамі высушанага апельсіна, мішурой і яловымі галінкамі. У першую нядзелю Адвэнта запальваюць адну свечку. У другі тыдзень павінны гарэць ужо дзве, і гэтак далей, да Каляд.

Адвэнт стварае адчуванне свята і дорыць пачуццё чакання каляднага цуду. Таму традыцыя так моцна ўкаранілася ў нямецкай культуры.

Каляндар з ласункамі

Ніводнае нямецкае дзіця не можа ўявіць перыяд да наступлення Каляд без Adventskalender - дзіцячы каляндар з 24 акенцамі, якія трэба адкрываць па адным кожны дзень з 1 да 24 снежня. Калядны каляндар карыстаецца папулярнасцю не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых.

Дзень Святога Нікалаўса

У перадкалядны перыяд немцы адзначаюць свята, якое чакаюць дзеткі, 6 снежня - der Nikolaus ist da. Ад імя святога Нікалаўса дзеці атрымліваюць прэзенты ў дзень шанавання па царкоўным календары. Не трэба атаясамляць Нікалаўса з нямецкім Дзедам Марозам (Weihnachtsmann), які прыходзіць у Каляды. А ўвечар, 5 снежня дзеці каля дзвярэй пакідаюць шкарпэтку, начышчаны чаравік ці невялікі мяшок, каб Нікалаўс паклаў туды цукеркі, мандарыны, слодычы і маленькія прэзенты.

Навагодняя ёлка ў Германіі

Ну і, вядома ж, немагчыма ўявіць Каляды ў Германіі без ялінкі! Калядная ёлка - у некаторых нямецкіх рэгіёнах яшчэ завуць Christbaum ці Tannenbaum - традыцыйны атрыбут святкавання Каляд і Новага года.

Паўстаў ён менавіта ў Германіі. Звычай упрыгожваць вечназялёнае дрэва на Каляды ўзнік у сярэднія вякі. Тады перад дзвярамі хрысціянскіх цэркваў разыгрывалі сцэну грэхападзення Адама і Евы і выгнання з рая на зямлю. Калі памятаеце, людзі паспыталі забароненага плоду і былі за гэта пакараны. Вось у ролі таго самага дрэва, з якога Адам сарваў забаронены плод, і выступала елка, з прывязанымі да галін чырвонымі яблыкамі.

Упрыгожаныя ёлкі ўсталёўваюць падчас правядзення свят не толькі ў нямецкіх хатах, але і на вуліцах, пляцах, у гандлёвых цэнтрах, рэстаранах. Дрэва ўпрыгожваюць разнастайнымі ёлачнымі цацкамі, свечкамі, гірляндамі і лямпачкамі. Верхавіну вянчае Віфліемская зорка ці анёлачак з залатымі крыламі.

А дома можна выкарыстоўваць і ядомыя ўпрыгожванні: хатняе печыва, арэхі і шакаладныя цукеркі. Адмысловым задавальненнем сям'і з'яўляецца рабаванне такой "смачнай" ялінкі пасля свят.

Традыцыйна ёлка ўсталёўваецца ў цэнтры пакоя напярэдадні ці прама ў Куццю. Але штучныя ставяць з пачаткам адвэнту.

Купля ёлкі ў Германіі

Звычайна самыя танныя калядныя хвоі і ёлкі каштуюць 15€ за метр. Кошт залежыць ад якасці ігліцы і ад пароды. Асабліва пухнатыя - куды даражэй.

Прадаюцца ёлкі каля супермаркетаў. Прадавец дапамагае падабраць дрэва па вышыні, узроўню пухнатасці, ну і па кошце, зразумела.

Няма праблем замовіць ёлку і па інтэрнэце. Прыкладна пятая частка калядных дрэў Германіі купляецца менавіта так. Прыгажуня дастаўляецца да дзвярэй па ўказаным адрасе ў зручны пакупніку час.

Важна! Пасля 25 снежня купіць навагоднюю ялінку не атрымаецца. Калі адкласці куплю да 30 снежня, давядзецца ехаць у звычайную краму кветак і купляць жывую ў гаршку.

Прыбіраюць ёлку адразу пасля Новага Года. Звычайна даты выкідвання калядных дрэў прызначаюцца на 2 ці 3 студзеня. Бюргеры выносяць ёлкі на вуліцу напярэдадні ўвечар, а раніцай смецяры прыбіраюць хвою з вуліц. Добрым тонам лічыцца прыматаць скотчам да верхавіны манетку ў 2€ - плата за ўборку!

Святкаванне Каляд

Каляды аддаляюцца ад рэлігійных вытокаў. Прайграванне сцэны нараджэння Хрыста з выкарыстаннем аб'ёмных постацяў - хутчэй даніна традыцыям. Служба ў царкве на Каляды перастала быць абавязковым атрыбутам свята. Апошнія апытанні паказалі - толькі 29% немцаў наведваюць калядныя службы.

Нямецкія Каляды лічаць галоўным святам. Навагодняя ноч для немцаў - нагода для сустрэчы з сябрамі, моладзевых вечарынак, паходу ў клуб ці рэстаран.

Каляды немцы святкуюць даволі ціха, стала. Збіраюцца сем'ямі, доўга сядзяць, ядуць, вядуць мірныя гутаркі, папіваюць віно.

Каляды ў Германіі - свята, якое збірае сям'ю за адным сталом. Нават падлеткі і моладзь адкладаюць справы і прысвячаюць час родным. Дух Каляд ахутвае ўсё вакол.

Святочны стол

Сучасныя немцы не прытрымваюцца старых традыцый адносна каляднага стала. Раней на стол ставілі 7-9 страў, сярод якіх цэнтральнае месца займаў запечаны гусак з яблыкамі. Прысутнічалі тушаная свініна і печаны карп, квашаная капуста, агародніннае рагу і пшанічная каша, прыпраўленая алеем, мёдам і макам.

Сёння меню адвольнае. Кожная нямецкая гаспадыня імкнецца сфармаваць уласную сямейную традыцыю і ўпрыгожваць калядны стол унікальнай фірмовай стравай, якая атрымоўваецца лепш за ўсё.

Часцей смажаць калядных гусакоў і індыкоў. Замарожаныя тушкі птушак к поўдню Куцці адшукаць у супермаркетах немагчыма. На другім месцы па папулярнасці качкі.

На поўначы Германіі бюргеры запякаюць карпаў.

Госці Германіі могуць паспытаць любыя стравы на шматлікіх кірмашах і калядных кірмашах.

На кожным стале ў Германіі ёсць традыцыйная калядная выпечка: штолен (рэзкі пірог з разынкамі, апельсінавай цэдрай, анісам, карыцай, міндалем і ромам), марцыпаны, печыва з каляднымі прадказаннямі.

Соня Шаўчэнка.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ЯНКІ КУПАЛЫ (7.07.1882-28.06.1942)

... Сябе забыць ці быць забытым?

Сябе забіць ці быць забітым

І ў лесвічны ляцець пралёт?

Прыступкі чорныя, як лёд,

Як лёс, які нас напаткаў…

Купала падаў і ўставаў,

І заставаўся, як наш свет,

Як той адвечны наш партрэт,

Які даўно не беражом,

Не разумеючы - жывём

Мы толькі з ім і родны дом

Не будзе знішчаны агнём,

Ні часам, ні якой бядой,

І сум размыецца вадой,

Што з неба весняга пральецца,

І ўжо ніхто не пасмяецца

Ні з нас, ні з мілага нам краю,

Які ў нас быў, які мы маем

І будзем мець, як меў Купала.

Купала ёсць, і нам нямала,

Каб быць, тутэйшае любіць,

Каб падаць і ўставаць, і жыць,

І заставацца, як наш свет,

Як той адвечны наш партрэт,

Які, нібыта Божы Храм,

Што звеку не належыць нам...

12.05.2002 г.

БАЛАДА ЯКУБА КОЛАСА (3.11.1882-13.08.1956)

... Іду ізноў на пляц Якуба Коласа

Да постаці паэтавай, да голаса,

Які мне чуецца ў бярозавым лісці.

Да Коласа, як да Айчыны, мне ісці

І ведаць, што не ўсе шчэ мары ажылі

Пад родным небам на пакутнае зямлі,

Дзе нам з табою выпаў не найлепшы лёс.


Стаю, нібыта ў Храме, у святле бяроз

І слухаю - Сымон-музыка грае нам

Пра Шлях, якім ісці, а мы ідзём да крам

І ўжо не думаем пра нашае жыццё.

Шуміць, як полымя нябеснае, лісцё,

І голас Коласа, нібыта крыж, над ім

І бачыцца, і чуецца, але - не ўсім:

"Мой родны кут, як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы..."


... Ідзеш і ты на пляц Якуба Коласа

Да постаці паэтавай, да голаса,

Які шчэ чуецца ў бярозавым лісці...


Да Коласа, як да Айчыны, нам ісці!

7.01.2002 г.

БАЛАДА СТАНІСЛАВА БУЛАК-БАЛАХОВІЧА (10.02.1883-10.05.1940)

Беларускага войска конніца

І сваім, і чужынцам помніцца.

Кроў пралітая не змываецца,

Ды з крыві выплывае раніца,

Наша раніца, наша вечная,

Што пачата ад Шляху Млечнага,

Па якім зноў прыходзіць конніца,

Па якім і сягоння гоніцца

За чужынцамі, што нязводзяцца

На зямлі, дзе ўсе з намі родняцца,

Хто прыходзіць да нас не біцца…

Пыл за конніцай зноў клубіцца,

І хаваецца ў пыле конніца,

А дарога яе не скончыцца,

Бо наперадзе ты і раніца,

У якой Беларусь прачынаецца…

29.10.2008 г.

БАЛАДА ФРАНЦІШКА АЛЯХНОВІЧА (9.03.1883-3.03.1944)

У Вільні ёсць твая магіла,

Але - у ёй цябе няма.

Айчына, дзе дзіця згубіла?..

... Зноў вінаватая зіма,

Вайны пажар, і мы з табою,

Што ля пустой магілы зноў

Стаім, як свечкі, і журбою,

Нібы агнём, сваю любоў

Высвечваем. Цябе ж няма,

Але ты ёсць, як ёсць магіла,

Як ёсць Айчына, ёсць турма

І воля, што цябе любіла.

І ты любіў, так, як тварыў

Наш свет, дзе нам з табою

Ёсць месца, як траве ў двары

Халоднай, ды сваёй вясною,

Што прыйдзе зноў, як мы прыйшлі

У Вільні да тваёй магілы…

4.08.2005 г.

БАЛАДА ЯЗЭПА ЛЁСІКА (6.11.1883-1.04.1940)

Нявольны зноў. Няма ў цябе краіны,

Бо з воляю краіну адабралі.

І родны край - самотныя руіны,

Што скрозь травой чужой пазарасталі -

Далёка, як далёка наша воля,

Якую сніш ты і жывеш якою…


Чужая мова і чужое поле,

Дзе вецер звар'яцелы прад турмою

Лятае, і табе ў турме здаецца,

Што нават вецер над табой смяецца,

Бо ўсё дарэмна. Толькі ж недарэмна

Усё было, і вольным край наш будзе,

Бо ёсць наш край, і ёсць, і будуць людзі,

Што любяць волю, а яна ўзаемна

Іх любіць, і таму твая краіна

Паўстане, нібы крыж святы, з руінаў,

Бо ты ў ёй жыў, бо ёю жыў і мову

У сэрцы нёс - дзяржаўнасці аснову, -

Каб кожны дзень, які пасля пачнецца,

Быў беларускім, нібы беларуса сэрца...

30.09.2007 г.

БАЛАДА ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА (8.11.1883-23.01.1938)

Дзень адыдзе ў небыццё

Па чырвоных кветках смерці.

Верыць жа табе ў жыццё

І казаць народу: "Верце!"

І на вулках нашай Вільні

Бачыць волю праз гады,

І праз турмы, і клады,

Бачыць залаты наш час,

Дзе наш Бог пачуе нас,

Бо сваё мы скажам слова:

"Мы народ, і ў нас ёсць мова,

Ёсць адвечная Айчына,

А вакол яе - чужына..."

І ляціць у сэрца куля

Па загаду: "Расстраляць!"

І пакуль яна ляціць

Вечнасць будзеш ты збіраць,

Каб радзіным словам жыць,

Каб ісці ў світанне наша

І цяпліць святло для нас.

"Ён - нацдэм!" - бязродны кажа,

"Ён - змагар!" - нам кажа час,

Што пачаўся ў родным краі,

Дзе заўжды чужынцаў зграі,

Дзе заўжды нас вельмі мала.

Толькі годнасць не прапала!

……………………………..

Век адыдзе ў небыццё,

Ды не скончыцца жыццё.

6.10.1993 г.

(Працяг у наступным нумары.)

РАЗВІЦЦЁ ЭТНАТУРЫЗМУ - АСНОВА ЗАХАВАННЯ КУЛЬТУРЫ

Даследуючы пласт культурнай спадчыны свайго народа, сучаснае грамадства не заўсёды вывучае ўздзеянне на чалавека сілы этнічнай спадчыны, якая ўтрымлівае традыцыйныя рэгулятары паводзін людзей, што асабліва важна ў мірным суіснаванні прыгранічных рэгіёнаў. Таму такая з'ява як рэгіянальная этнічная культура ў яе прыродным акружэнні можа стаць невычэрпнай культуралагічнай крыніцай.

Праект "Умацаванне самабытнасці сельскіх раёнаў шляхам развіцця традыцыйных рамёстваў і турызму" ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія - Літва - Беларусь Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гг. пад кароткай назвай "Вёска - крыніца культуры" накіраваны на раскрыццё турыстычнага патэнцыялу сельскіх прыгранічных тэрыторый без меж праз вывучэнне спадчыны, які аб'ядноўвае літоўскі і беларускі народы.

Адным з важных этапаў гэтага праекта з'яўляюцца экспедыцыйныя мерапрыемствы і палявыя этнаграфічныя даследаванні, якія праведзены ў жніўні-верасні 2019 года на тэрыторыі Лідскага і Воранаўскага раёнаў Гарадзенскай вобласці (былы Лідскі павет) Беларусі, у Вільнюскім рэгіёне, Шальчынінкайскім раёне, г. Тракай, в. Рыкантай Тракайскага раёна Літвы. Удзельнікі праекта праводзілі сумесныя палявыя даследаванні па вывучэнні сацыяльных з'яў на прыгранічных тэрыторыях метадам назірання за дзейнасцю людзей у рэальных жыццёвых умовах і сродкам асабістай гутаркі з беларусамі і літоўцамі.

Пошукавыя даследаванні мелі апісальны характар з выкарыстаннем аўдыёвізуальнага раду з мэтай фарміравання базы дадзеных, якая стане асновай агульнадаступнай інфармацыі ў інфакіёску для любога карыстальніка турыстычным прадуктам.

Група спецыялістаў і экспертаў падчас сумеснай працы на мясцовасцях прымяняла маршрутныя "лінейныя" выезды ў прыгранічны Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці, па тэрыторыі Тарноўскага сельскага савета Лідскага раёна, кругавы маршрут па вёсках Ваверскага сельскага савета, куставыя кароткачасовыя выезды ў навакольныя вёскі з вяртаннем на "базы" літоўскіх партнёраў у шматфункцыянальны ўніверсальны цэнтр в. Рыкантай Тракайскага раёна і ў адміністрацыю рэгіянальнага парку Нярыс для рэалізацыі мэт праекта Беларусі і Літвы.

Група спецыялістаў, у складзе якой давялося мне працаваць, займалася комплексным даследаваннем народнага побыту, будовы і ўпрыгожвання традыцыйнай сялянскай і панскай хаты, будовы гаспадарчага двара,вывучала некаторыя віды рамёстваў у тэарэтычным і практычным плане. Праязджаючы па загадзя складзеных маршрутах праз малыя і вялікія вёскі, што раскінуліся па абодва бакі мяжы, удзельнікі экспедыцыі вырашалі наступныя задачы:

- выявіць мастацкія адметнасці і лакальныя своеасаблівасці тканых узораў;

- прасачыць агульную карціну семантычнай дынамікі выявы хаты (сядзібы) ў беларускай і літоўскай побытавай традыцыі;

- вызначыць рэальныя магчымасці і метады працягу традыцый у практыках народных рамёстваў (ткацтва і дрэваапрацоўка) абедзвюх краін;

- намеціць асноўныя шляхі і накірункі развіцця рэгіянальнага турызму без меж.

Аб'ектам даследавання, у адпаведнасці з мэтамі і задачамі праекта "Вёска - крыніца культуры", з'яўляліся вырабы народнага ткацтва і іх аўтары, традыцыйнае рамяство разьбы па дрэве ў мінулыя часы Беларусі і Літвы, а таксама творчасць сучасных майстроў. З захаваных узораў ткацтва, што былі знойдзены спецыялістамі, найбольш раннія адносяцца да пачатку 20-х гадоў XX ст. Асноўная колькасць артэфактаў датуецца сярэдзінай XX ст.

Вядомыя фальклорныя і гістарычныя крыніцы дазваляюць звярнуцца і да больш ранніх перыядаў узнікнення дадзеных відаў народнага мастацтва для выяўлення заканамернасцяў іх развіцця і існавання ў прыгранічных рэгіёнах. Пытанні тэхналогіі, семантыкі арнаменту, матываў дэкору дэталёвага даследавання закранулі толькі ў той ступені, у якой гэта неабходна для рашэння асноўных задач практычнай часткі дадзенага праекта: складанне метадычнага дапаможніка і стварэнне традыцыйнага строя Лідскага рэгіёна.

Этнаграфічныя экспедыцыі на прыгранічных тэрыторыях Беларусі і Літвы выяўляюць адзіныя (па абодва бакі мяжы паміж краінамі) этнічныя аспекты з нацыянальнымі рысамі, асаблівасцямі і навізной.

Канчатковай мэтай праекта з'яўляецца пошук новых спосабаў трансляцыі традыцыйнай культуры для самай шматлікай катэгорыі актыўных турыстаў: уязнога і ўнутранага турыстычных патокаў. Маршруты паломніцкага, настальгічнага, этнічнага і транзітнага пазнавальнага турызму будуць пракладзены па прыгранічных раёнах Беларусі і Літвы.

Зборны партрэт турыста на такім маршруце ўяўляецца наступным чынам: эканамічна актыўныя людзі ва ўзросце 24 - 45 гадоў (магчыма, з дзецьмі), ва ўзросце 45 - 65 гадоў (без дзяцей або з унукамі).

Мяркую, што асаблівую ўвагу варта звярнуць на катэгорыю турыстаў, якая мае на мэце працяг рознабаковага развіцця дадзенага праекта. Гэта катэгорыя навуковага турызму - вельмі папулярнага і прыбытковага ў краінах Еўропы і абсалютна не запатрабаванага, у прыватнасці, у Беларусі. Дадзены від турызму можна класіфікаваць як від, які ажыццяўляецца з пэўнымі мэтамі:

- з мэтай прафесійных даследаванняў, якія будуць цікавымі для навукі. Напрыклад, для вывучэння гістарычнай і культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага ці іншых перыядаў. Падобныя даследаванні ўяўляюць сабою тыя ж экспедыцыі, палявыя практыкі, але ўжо з выкарыстаннем напрацаваных падчас рэалізацыі праекта матэрыялаў. Пры правядзенні розных канферэнцый , семінараў і г.д. Навукова-пазнавальны турызм можна сумясціць з дзелавым турызмам, што прынясе пэўны прыбытак.

- з практычнымі і навучальнымі мэтамі для студэнтаў. Напрыклад, этнаграфічныя, гістарычныя практыкі;

- для шырокага кола людзей з мэтай знаёмства з ужо вядомымі навуковымі даследаваннямі, унікальнасцю і гісторыка-культурнай спадчынай. Напрыклад, вандраванне з мэтай інтэрв'юявання ў этнавёсках Літвы.

У аснове гэтага віду турызму ляжыць багатая экскурсійная праграма, шматварыянтнасць якой у стане прапанаваць дадзены праект. Навукова-пазнавальныя мэты могуць спалучацца з мэтай адпачынку ўдзельнікаў. Напрыклад, маляўнічая тэрыторыя парку Нярыс і парку Дзевянішкясілі, незвычайныя рады ядлоўцаў на беларускім баку р. Нёман у межах в. Дакудава Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, біялагічны заказнік Дакудава.

Для развіцця навукова-пазнавальнага турызму мае вялікае значэнне "куставы" прынцып планавання маршрутаў, які прадугледжвае стварэнне паблізу галоўнага аб'екта (майстэрняў па ткацтве ў вёсцы Ганчары Гарадзенскай вобласці ці майстэрняў па апрацоўцы драўніны ў в. Рыкантай у Літве) турысцкай цікавасці да дадатковых аб'ектаў наведвання. Гэта экспазіцыі цэнтра народнай творчасці ў г. Ліда і Нацыянальнага культурнага цэнтра Літвы ў г. Вільнюсе.

Упрыгожаць і напоўняць маршрут мясцовым каларытам дадатковыя аб'екты для наведвання, якія павінны функцыянальна адпавядаць асноўнаму аб'екту турысцкай цікавасці, быць даступнымі для турыстаў і ў той жа час не парушаць характар гістарычнага асяроддзя.

Прыведзеныя вышэй прыклады аб'ектаў г. Ліды і в. Рыкінтай з'яўляюцца выдатнай ілюстрацыяй беражлівага і прафесійнага стаўлення да этнакультуры. У гістарычных гарадах Ліда і Вільнюс магчыма фарміраванне культурна-турысцкіх зон, якія ўключаюць аб'екты турысцкай цікавасці, прадпрыемствы абслугоўвання, што прадстаўляюць поўны комплекс паслуг як турыстам (пражыванне, сілкаванне, забаўкі, даведкава-інфармацыйнае абслугоўванне і г. д.), так і мясцовым жыхарам.

Мяркую, што ў рамках развіцця дадзенага праекта варта звярнуць увагу на тое, што жыхары адной краіны, як правіла, выяўляюць цікавасць да сістэмы адукацыі іншай краіны. Таму ўстановы адукацыі Гарадзенскай вобласці і рэгіёнаў Літвы таксама могуць стаць істотнымі прывабнымі элементамі культуры ў выніку рэалізацыі дадзенага праекта. Напрыклад, сярэдняя школа з вывучэннем літоўскай мовы ў в. Пеляса Воранаўскага раёна (некалі Лідскага павета).

Не менш важны іншы вопыт еўрапейскіх краін (напрыклад, Польшчы), які ў Гарадзенскай вобласці зусім не выкарыстоўваецца: сумежныя арганізацыі (або арганізацыі-ўдзельнікі дадзенага праекта) могуць аказваць розныя паслугі навуковым таварыствам і аб'яднанням. Правядзенне разавых сустрэч, семінараў, мерапрыемстваў, якія забяспечваюць атрыманне навуковай інфармацыі, наведванне аб'ектаў этнакультуры па маршрутах, распрацаваных падчас рэалізацыі дадзенага праекта.

Дапускаю, што будуць карыстацца попытам, перш за ўсё, спецыялізаваныя паездкі ў далёкія вёскі, якія арганізоўваліся б, напрыклад, для "шукальнікаў прыгод", тых, для каго некранутая прырода - прадмет бясконцай цікавасці; знаўцаў узораў народнай мастацкай творчасці і фальклору. Прырода нашых краін-суседзяў прыгожая і замілавальная. Пушчы змяняюцца бязмежнымі палямі, а люстэркі азёр - бліскучымі стужкамі рэк. Продкі нашы спрадвеку любілі і шанавалі сваю прыроду, таму да нашых часоў дайшла вялікая колькасць абрадаў і традыцый. Практычна ва ўсіх рытуалах прырода паўстае перад намі, як жывая істота.

Напрыклад, вялікае ўражанне зрабіла на мяне наведванне вёсак Лідскага раёна Мігуны, Серафімы, Бабры, якія захавалі сваю першародную цэласнасць.

На тэрыторыі Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці, мяркую, "разыначак" некранутай прыроды і прыгод (у добрым сэнсе гэтага слова) пакуль яшчэ звышдастаткова. Узяць, да прыкладу, пошук тэрыторыі згубленага Дубровенскага палаца Вайдылы ці візіты да легендарных камянёў-шаўцоў, камянёў-краўцоў, камянёў-следавікоў, паездкі да спадчынных ткачых вёскі Збляны, на маралавую ферму ў аддаленай вёсцы Леснікі. Усё гэта патэнцыяльныя аб'екты ў Лідскім раён Гардзенскай вобласці. Падобныя рэсурсы могуць і павінны быць задзейнічаны ў інавацыйных турысцкіх дадатковых маршрутах на аснове праекта "Вёска - крыніца культуры".

Паўтаруся, лічачы, што адмысловую ўвагу варта надаць навуковаму турызму. Паняцце гэта адносна новае. Навізна заключаецца ў тым, што менавіта сёння, на нашых вачах, гэты від турызму можа перастаць быць экзотыкай і стаць прадметам разумнага рынкавага авароту паміж дзвюма краінамі-суседзямі ў рамках бязвізавага знаходжання.

У цэлым, Лідскі раён Гарадзенскай вобласці валодае ўнікальнымі рэсурсамі для навуковага турызму:

- развітай сістэмай навуковых даследаванняў у самых шырокіх абласцях, сканцэнтраваннем якіх з'яўляецца Беларуская акадэмія навук (БАН); знаходжанне на тэрыторыі рэалізацыі праекта дзяржаўнай установы "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" з яго фондамі і базай напрацаванага краязнаўчага матэрыялу.

- маляўнічымі прыроднымі ландшафтамі ;

- адпаведнай колькасцю паэтнаграфічнаму цікавых вялікіх і малых вёсак гістарычнай тэрыторыі Лідскага павета;

- наяўнасцю выдатных помнікаў свецкай і царкоўнай архітэктуры XV-XIX стагоддзяў;

- дзейнасцю каларытных нацыянальных суполак. Да прыкладу, літоўская суполка "Рута" ў г. Лідзе Гарадзенскай вобласці і Таварыства польскай культуры на Лідчыне.

Этнічныя рэсурсы рэгіянальнага значэння практычна засвоены, але мала вядомыя турыстычнаму бізнесу. Яны і могуць рэальна стаць відам дзейнасці ўстаноў, удзельнікаў дадзенага праекта.

Для іх уключэння ў маршруты праекта давядзецца прыкласці яшчэ нямала намаганняў. Патрабуюцца і інвестыцыі, і прадуманы план стварэння канкурэнтаздольных турысцкіх (этнаграфічных) прадуктаў.

Навуковы турызм у прыгранічным рэгіёне можна разглядаць адразу ў двух асноўных кірунках турыстычнай дзейнасці: азнаямленчы і дапаможны. Апошні дасць магчымасць аматарам актыўнага ладу жыцця прымаць удзел у навуковых і спадарожных працах у якасці валанцёраў па "гуманным добраўпарадкаванні" вёсак, якія стануць наведваць турысты. Тым самым, магчыма ўмацаванне пачуцця прыналежнасці да захавання нацыянальнай спадчыны і беражлівага стаўлення да экалогіі пэўных тэрыторый сваёй краіны і краіны-суседкі. Прыгранічным рэгіёнам, якія захавалі традыцыйныя спосабы вядзення гаспадаркі, навукова-пазнавальны турызм паспрыяе захаванню і адраджэнню сапраўдных карэнных нацыянальных традыцый.

Сувенірная прадукцыя, народныя рамёствы мясцовых жыхароў могуць быць прыцягнуты да ўдзелу ў фэстах, народных святах. Важна, што гэта павялічыць інфармаванасць грамадскасці і ўсведамленне нацыянальнай значнасці кожнага чалавека прыгранічнага рэгіёна.У экспедыцыі мы ўбачылі рэальны прыклад яднання нацыянальнай ідэі і рэальнага супрацоўніцтва муніцыпальнага кіравання, спецыялістаў і мясцовага насельніцтва ў вёсцы Грабіёлай рэгіянальнага парку Нярыс у Літве.

Аналізуючы ўбачанае ў экспедыцыях, мяркую, што дадзенаму віду турызму для жыццядзейнасці неабходны не толькі сродкі праектаў трансмежнага супрацоўніцтва, але і дзяржаўных праграм турыстычнага развіцця і стварэнне стройнай, жыццяздольнай рэгіянальнай сістэмы турызму.

Разнастайныя этнакультурныя традыцыі суседніх народаў з'яўляюцца для сучаснага грамадства скарбніцай духоўных каштоўнасцей кожнай нацыі. Народная культура - гэта сплаў мовы і традыцый. Гісторыя мінулых стагоддзяў аб'ядноўвае Беларусь і Літву, культура новага часу робіць цалкам зразумелымі высокія духоўныя каштоўнасці і традыцыі нашых народаў; але, пры гэтым, кожная нацыя захоўвае сваю ўнікальнасць. Прамежкавыя вынікі працы праекта "Вёска - крыніца культуры" гэта пераканаўча даказваюць.

Фінансаванне Еўрапейскага Саюза па праекце складае 270 788,70 еўра (630016,99 беларускіх рублёў).

Гэтая публікацыя была падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Яе змест з'яўляецца выключнай адказнасцю вядучага бенефіцыяра праекта - аддзела культуры Лідскага райвыканкама і не з'яўляецца адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.

Эксперт праекта Нікіфарава Т.М.

Лістападаўская вандроўка на радзіму Адама Міцкевіча

У нашай сям'і з пакалення ў пакаленне, магчыма, на генным узроўні перадаецца цяга да падарожжаў, да краязнаўства. Мой дзед па мацярынскай лініі яшчэ ў 30-х гадах 20-га стагоддзя некалькі разоў сплаўляў плыты па Нёмане ад Любчы аж у Прусію. Так, гэта быў спосаб зарабіць грошы. Але на самай справе - месячнае воднае падарожжа ў спартанскіх умовах. Пазней ужо мой бацька пешшу і на ровары абышоў і аб'ехаў усю Наваградчыну.

Гены вандроўніка перадаліся і мне , а пасля і маім дзецям, якіх мы з жонкай бралі ў водныя паходы з ранняга дзяцінства, у 3-4 гадовым узросце. Цяпер сын штогод летам па некалькі разоў выязджае з сям'ёй у Ліпічанскую пушчу, выбіраючы для бівака прыгожыя, глухія месцы на берагах Шчары ці Нёмана. А там і вогнішча, і рыбалка, і купанне, і радыяльныя пешыя выхады па грыбы і ягады, да месцаў дыслакацыі партызанскіх атрадаў, расказы пра гераічнае мінулае ляснога краю ад старэйшых жыхароў пушчанскіх вёсак.

А вось у канцы кожнага лета наш сямейны маршрут ляжыць на возера Свіцязь. Львіную долю часу ўнукі праводзяць у вадзе. Хто купаецца, хто вудзіць рыбу. Дзясяткі разоў збіраўся пасля водных працэдур звазіць іх у Завоссе, на радзіму Адама Міцкевіча, але ад размораных гаючай свіцязянскай вадой і летняй спякотай унукаў не атрымліваў згоды, таму адкладаў паездку на восень.

І вось 8 лістапада, пачакаўшы, калі рассеецца ранішні туман, на аўтамабілі выехалі ў бок Валеўкі. Паўгадзіны, і мы на беразе дзівоснай Свіцязі. Возера на тым жа месцы, што і летам, але атмасфера зусім іншая. Замест шумлівага шматтысячнага натоўпу - усяго некалькі чалавек. Дубы-волаты, скінуўшы лісце, здаюцца больш магутнымі, азёрная вада, якую не ў стане былі закаламуціць і сотні купальшчыкаў, цяпер яшчэ больш празрыстая. Радкі аднаго з паэтычных твораў Міцкевіча, белай фарбай нанесеныя на вялікі валун пры самым узбярэжжы, успрымаюцца больш узнёсла:

"Калі Наваградскія

ўбачыш прасторы,

Ракітнік разлапісты, нізкі

Каня супыні ля Плужынскага бору,

Каб глянуць на возера зблізку.

Па волі лёсу мне даводзілася глядзець на гэты цуд прыроды ў розныя поры года сотні, можа і тысячу разоў, бо побач, у Валеўцы, прайшлі мае школьныя гады.

Заўсёды на Свіцязі былі людзі. Рыбакі, праезджыя, экскурсанты, у тым ліку і замежныя. Калі-нікалі рабілі прыпынак і рэйсавыя аўтобусы, даючы магчымасць пасажырам падысці да вады і дакрануцца да яе. Так і на гэты раз: маладая пара ў шлюбным уборы праводзіла, як модна зараз гаварыць, фотасесію, а непадалёку купка людзей на раскладным століку падсілкоўвалася бутэрбродамі, ды на воднай гладзі ўдалечыні калыхалася рыбацкая лодка.

Бясспрэчна, Свіцязь робіць чалавека хоць крыху лепшым. Яна міжволі і неўпрыкмет, як кажа мой сябар Уладзімір Хільмановіч, змушае задумацца пра сэнс нашага існавання, пра хараство створанай Богам прыроды, пра тое, што ўсё некалі сыходзіць на дно і адраджаецца ў іншым абліччы. Свіцязь - гэта рэінкарнацыя, гэта сувязь з іншым светам, гэта найвышэйшая прыродная эстэтыка і пошук душэўнай гармоніі.

Вось чаму гэтае возера натхняе на творчасць многіх мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў. Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзімір Калеснік, Уладзімір Караткевіч, Еўтушэнка, Вазнясенскі. Хіба ўсіх пералічыш?

Больш за гадзіну сын з унукам беспаспяхова вудзілі рыбу, а мы з унучкай, якая, памацаўшы ваду, перастала перажываць, што забылася купальнік, зрабілі некалькі фотаздымкаў. Засмуціла толькі тое, што ў параўнанні з летам вады ў возеры значна паменшала, яна адышла ад карэннага берага яшчэ на пару метраў, утварыўшы 8-10 мятровую паласу з чысцюткага дробнага, залацістага пяску. За летне-асенні сезон узровень свіцязянскай вады панізіўся не менш, як на 20 см.

Далей курс узялі ў бок Баранавіч. Па дарозе разгарнулася дыскусія, праз колькі гадоў, калі такімі тэмпамі вада будзе адступаць, у возеры будзе пуста. Пасля ўнукі сказалі, што з'явіцца той старажытны горад, які па легендзе ў старажытнасці пайшоў на дно возера. Праўда, са шкадаваннем прыйшлі да высновы, што гарадоў у Беларусі шмат, а такая непаўторная прыгажосць толькі адна. Як зберагчы яе для нашчадкаў?

Пасёлак Гарадзішча, былы раённы цэнтр, аб'ехалі па аб'язной шашы, што дало магчымасць убачыць зблізку высокі груд правільнай конусападобнай формы з невялікай пляцоўкай на вяршыні. Спрабавалі падняцца наверх, але перашкодзіла высокая і мокрая трава. Перад Калдычэвам, злева, пры самай шашы, мемарыял вязням лагера смерці. У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты замучылі тут 22 тысячы нашых суайчыннікаў. Схілілі галовы, хвіліну памаўчалі.


Пры ўездзе ў Калдычэва трэба павярнуць налева. Арыенцір - крама "Родны кут". Адсюль яшчэ 5 км асфальту да асноўнай мэты нашай паездкі - мемарыяльнай сядзібы. Менавіта тут, у фальварку, побач з Завоссем, у калядную ноч 1798 года нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады вялікі пясняр Адам Міцкевіч. Адбудавана сядзіба да 200-годдзя з дня нараджэння паэта і ў верасні 1998 г. прыняла першых наведвальнікаў. Сёння музей выглядае, як тыповы шляхецкі фальварак 18 стагоддзя з усімі гаспадарчымі пабудовамі: вялікай драўлянай хатай, гумном, адрынай, свірнам, склепам, лазняй. У прасторнай адрыне экспануецца багатая калекцыя прылад сельскагаспадарчай працы, розных прыстасаванняў, якімі карысталіся тагачасныя жыхары сядзібы і навакольных вёсак. Гэта сошкі, плугі, бароны, граблі, цапы, матыгі, веялкі, малатарні, вазы, брычкі, сант, конская вупраж, бандарныя вырабы, сеткі, вершы для лоўлі рыбы, сплеценыя з лазы і саломы кашы, карзінкі, скрыначкі, куфры, начынне для кузні, сталярныя і цяслярныя інструменты і г.д.

Унукі з задавальненнем разглядалі экспанаты, праўда, вызначыць, для чаго была патрэбна тая ці іншая прылада, змаглі толькі часткова, гэтаксама, як і на кухні ў жылой хаце, дзе беспамылкова здагадаліся, для чаго патрэбна былі збаны і маслабойка (бойка). А вось гарчэшнікі (вілкі) і чапялу прынялі за зброю.

За 20 з гакам гадоў Завоссе наведалі тысячы беларусаў, а таксама шматлікія турысты з Польшчы, Літвы, Ізраіля, Швейцарыі, Славакіі, Германіі, Францыі і многіх іншых краін. Летам за дзень, бывала, музей прымаў да 100-120 чалавек. Нам пашанцавала. Мы былі адны, і гэта дазволіла без спеху, грунтоўна ўсё разгледзець, распытаць, памацаць, набыць сувеніры, і ніхто "не наступаў на пяты".

На паўтары гадзіны мы нібы вярнуліся ў 18-19 стст. Было б вельмі добра, тут жа, у невялікім шынку, стылізаваным пад той час, папіць гарачай гарбаткі з лясных траў і з'есці дранік са смажанай каўбаскай, але, нажаль, прыйшлося ў альтанцы на аўтапрыпынку перад сядзібай падсілкавацца ўзятымі бутэрбродамі і кавай ды хутчэй ехаць у бок Туганавіч.

Адна за адной прамільгнулі вёскі Вызарак, Скробава, Кутаўскае вадасховішча на р. Сэрвяч, а за імі і Карчова. Праехаўшы амаль усю вёску, каля ўказальніка "Камень філаматаў" павярнулі налева. Палявой дарогай, каля раскінутых тамсям вясковых хат трапляем у лес. Далей дарога становіцца гразкай і калдобістай. Спыняем аўтамабіль і ідзём метраў 200 пешшу. На левым схіле ляснога яра вачам адкрываецца вялізны шэра-ружовы гранітны валун вышынёй каля чатырох метраў. Сюды ён трапіў з тэрыторыі Скандынаўскай паўвыспы ў час апошняга паазёрскага абледзянення 17-18 тысяч гадоў таму назад. Месца, дзе асеў валун, мясцовыя жыхары называюць "Кут", а камень - "Філарэтавым", бо каля яго два стагоддзі таму назад збіраліся сябры таемнага таварыства філаматаў (сябры навук, 1817 г.) і філарэтаў (сябры дабрачыннасці, 1820 г.), створаных студэнтамі Віленскага ўніверсітэта. На летніх вакацыях Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі часта прыязджалі ў сядзібу ўладароў Туганавіч - Верашчакаў, што красавалася недалёка ў цудоўным пейзажным парку, вызначалася гасціннасцю і прыгожай, дабрадушнай, выхаванай дачкой гаспадароў - Марыляй, якая многім падабалася. Але найбольш чыстае і гарачае каханне ўзнікла ў Марылі з Адамам Міцкевічам. Таму, як толькі з'яўлялася магчымасць бываць на Наваградчыне, Адам у першую чаргу стараўся быць бліжэй да каханай, а вялізны валун у лесе даваў магчымасць беспамылкова тайна сабрацца каля яго і абмеркаваць планы таемнага таварыства, не падстаўляючы пад удар сям'ю каханай. Менавіта каля гэтага каменя маладыя студэнты-патрыёты далі клятву (прысягу) быць вернымі ідэалам свабоды, справядлівасці і братэрства.

Агледзеўшы гранітны валун, які з'яўляецца самым вялікім у Берасцейскай вобласці, і не падазравае, што ён ахоўваецца дзяржавай, варочаемся ў Карчова і галоўнай вуліцай едзем да агароджы Туганавіцкага парку. Падчас Першай сусветнай вайны тут праходзіла лінія фронту, доўгі час вяліся спусташальныя баі, пра што сведчаць пазарасталыя траншэі, акопы, вырвы ад выбухаў, рэшткі дзотаў. У выніку абсалютна ўсе пабудовы сядзібы Верашчакаў былі знішчаны. Але гэта не пазбавіла прыгажосці старажытны парк. Асаблівы настрой узнік, калі мы наблізіліся да векавых ліп, пасаджаных невялікім кругам. Яны ўтварылі знакамітую альтанку, месца сустрэч Адама і Марылі, "калыску шчасця", як называў яе паэт.

Знакаміты беларускі пісьменнік Янка Брыль, з якім мой бацька, Петрыкевіч Міхаіл Фёдаравіч, шчыра сябраваў і неаднойчы быў "экскурсаводам" для яго і "спадарожнікаў", якія з ім прыязджалі, а гэта і ўкраінец Максім Рыльскі, і балгарын Георгій Вылчаў, і беларусы Уладзіміры Калеснік і Караткевіч, Ян Скрыгагн і Фёдар Янкоўскі ды іншыя, хадзілі па сцежках дзяцінства і юнацтва Адама Міцкевіча, у адным з сваіх эсэ піша: "Парк зрыты акопамі. Ці яны скацінай былі вільгельмаўскія салдаты, ці царскім пляваць было на Міцкевіча з яго Марыляй і з яе "альтанкай". Здзек з чужое нацыянальнае святыні ці, наогул, звычайнае варварства вайны?..".

Кароткі асенні дзень быў на зыходзе, туманілася, сонца, якое выглянула ў абед з-за аблокаў, даўно зацягнулі цяжкія, нізкія, шэрыя хмары. Раптам мне прымроілася, нібы воддаль, сярод цёмных голых дрэў, як 200 гадоў таму назад, забялела доўгая сукенка Марылі, і пачуліся ціхія маладыя, усхваляваныя галасы.

Закнчвалася пятая гадзіна падарожжа. Хутчэй да Варончы і Райцы. Праз Мітрапольшчыну, Быкавічы, Церхвічы трапляем у Цырын, дзе паварочваем налева і праз 7 км спыняемся каля белага мураванага прыгожага Варончаўскага касцёла Святой Ганны, пабудову якога фундаваў і ў 1781 годзе завяршыў тагачасны ўладар Варончы, ваявода Наваградскі Юзаф Несялоўскі. У гэтым касцёле быў ахрышчаны блізкі сябар Адама Міцкевіча, паэт, фалькларыст, філамат Ян Чачот. На малебны ў Варончу любілі ездзіць і Верашчакі. Не дзіва, што гэтае мястэчка вабіла і Адама Міцкевіча. Побач з касцёлам - старажытныя каталіцкія могілкі з прыгожымі, велічнымі гранітнымі помнікамі, якія ў свой час вельмі ўразілі Уладзіміра Караткевіча, калі мой бацька знаёміў яго з роднымі мясцінамі вялікага паэта. Пазней у сваім творы "Зямля пад белымі крыламі" Караткевіч напіша: "Варонча - гэта вёска-музей... наводдаль - руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру".

На варончаўскіх могілках пахаваны бацькі Яна Чачота і сваякі Марылі Верашчакі.

Ужо амаль сцямнела, таму прыпыніўшыся перад касцёлам на некалькі хвілін, прыспешылі ў бок Райцы. Асаблівую непаўторнасць, прыгажосць і захапленні ў падарожнікаў выклікае серпантын шашы на выездзе з Варончы. Дарога доўга вужом уецца сярод лесу з густым падлескам арэшніку, на доле пакрытым жоўта-тэракотавым дываном свежа-апалага лісця, паступова падымаецца ўгору, робячы не меш за 8-10 крутых паваротаў, што ідуць адзін за адным. Наш зямляк, вядомы фотамастак Ян Булгак, у сваіх успамінах пра ваколіцы Варончы піша: "... здавалася, прырода зрабіла ўсё, каб сабраць тут пейзажныя элементы, якія складалі адзінае цэлае, поўнае прыгажосці і гармоніі".

У дадатак да ўсяго, на адным з паваротаў мы з замілаваннем глядзелі, як дарогу даволі спакойна перабегла пара плямістых аленяў (даніэляў).

Райцу і Валеўку мінулі без прыпынкаў - канчаткова сцямнела. Але сюды мы абавязкова вернемся, бо плануем паглядзець на Чамброва, на адрэстаўраваную летам гэтага года капліцу апошніх гаспадароў гэтага маёнтка - Карповічаў. У Чамброве калісьці пазнаёміліся бацькі Адама Міцкевіча, адсюль была родам і яго хрышчоная маці Анэля Узлоўская, тут вялікі паэт бываў частым і жаданым госцем. Да таго ж даследванні апошніх гадоў геаграфіі "Пана Тадэвуша" адкрылі з усёй праўдападобнасцю, што апісваючы двор у Сапліцове, Міцкевіч не мог узяць за прыклад нічога іншага, як Чамброў, гэтак жа сама, як замак з гэтага твора павінен быў быць узяты з Міра і перанесены ў Сапліцова.

Некалькі высноў пасля заканчэння падарожжа:

1. Восень - прыдатная пара для аўтападарожжаў сям'ёй.

2. На гэтым маршруце можна атрымаць паралельна з маршрутнымі эстэтычнымі ўражаннямі новыя ці асвяжыць забытыя звесткі пра дзіцячыя і юнацкія гады нашага праслаўленага земляка, кіруючыся правілам: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

3. Вандруйце сем'ямі, спазнавайце свой край не толькі ў аб'яўленыя гады малой радзімы, а зрабіце правілам, бо гэта найлепшы сродак сямейнага яднання і выхавання патрыятызму.

Валерый Петрыкевіч, краязнавец, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX