Вярнуцца: 2019

№ 52 (1463)


Дадана: 26-12-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 52 (1463), 25 снежня 2019 г.

З Калядамі і Новым 2020 годам!

Самая папулярная кніга 2019 года - "Каласы пад сярпом тваім"

13 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло падвядзенне вынікаў года ў прафесійным асяроддзі выдаўцоў, паліграфістаў і распаўсюджвальнікаў.

Арганізатарамі яго выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Нацыянальная кніжная палата.

Упершыню ў Нацыянальнай бібліятэцы на выставе " Кнігі года" прадстаўлена ўся палітра беларускага кнігавыдання за 2019 год. У Беларусі выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 суб'ектаў гаспадарання, дзякуючы якім у гэтым годзе было выдадзена больш за 9 000 кніг агульным накладам больш за 20 мільёнаў асобнікаў.

Самай папулярнай кнігай 2019 года стаў раман "Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча, перавыдадзены выдавецтвам "Папуры".

Цырымонія ўзнагароджання калектываў і супрацоўнікаў галіны, а таксама партнёраў кнігавыдавецкай сферы па выніках года сімвалічна прайшла ў сценах "алмаза ведаў". Адзначылі лепшых намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" арганізатары мерапрыемства і айчынныя выдавецтвы падрыхтавалі падарунак для выхаванцаў Бялыніцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі - лепшыя беларускія дзіцячыя кнігі 2019 года.

Прыемным сюрпрызам для гасцей стаў спектакль "Пясняр", прысвечаны народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, у выкананні акцёраў Беларускага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На выставе "Кнігі года".

Жыццё, прысвечанае беларускай кніжнасці і культуры

Даследчык кірылічнага кнігадрукавання Беларусі і дзейнасці беларускага першадрукара Францішка Скарыны, вядучы медыявіст, доктар гістарычных навук Георгій Якаўлевіч Галенчанка, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН, пачынаў свой працоўны шлях у аддзеле рэдкай кнігі Ленінскай бібліятэкі. Вучоны, які не мае этнічных беларускіх каранёў, зрабіў істотны ўнёсак ў развіццё беларускай навукі. Дакрананне да старадрукаў на ўсё жыццё абудзіла ў ім прагу да вывучэння беларускіх кніжных здабыткаў. Працу студэнту чацвёртага курса гістфака БДУ прапанаваў дырэктар бібліятэкі Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі. Мы звярнуліся да вядомага гісторыка, які з 82 гадоў 60 прысвяціў навуцы, з просьбай узгадаць пачатак яго працоўнай біяграфіі.

- Георгій Якаўлевіч, нагадайце, калі ласка, як гэта адбылося?

- Ад самага пачатку я вывучаў кірылічныя і лацінамоўныя кнігі вельмі сур'ёзна. Прыходзіў у бібліятэку, заказваў літаратуру, ставіў дзве планкі, на іх - фотаапарат ФЭД даваеннай вытворчасці, наводзіў на рэзкасць і здымаў. Дома друкаваў і ствараў адпаведныя картатэкі. Іосіф Бенцыянавіч быў выдатным, сімпатычным чалавекам, добра ведаў замежныя мовы. Ён спрычыніўся да вяртання кніг Скарыны. Пасля вайны каля Дома ўраду выкладвалі з цягнікоў кнігі, якія былі раней вывезены з Беларусі. Іосіф Бенцыянавіч абшукваў усе вагоны. Горы кніг ляжалі на асфальце і дзяўчаты-бібліёграфы разбіралі іх. Так знайшлі і кнігі Францішка Скарыны. Іосіф Бенцыянавіч вельмі ўзрадваўся і абяцаў дзяўчатам павысіць зарплату!

У бібліятэцы ён, убачыўшы маю цікавасць, не зрабіў заўвагу, што робяцца здымкі без дазволу дырэктара, але распытаў, чым я займаюся і запрасіў прыйсці на працу пасля заканчэння ўніверсітэта. Так я паступіў у аддзел беларускай літаратуры, дзе сустрэў вопытнага бібліёграфа, даследчыцу і літаратуразнаўцу Ніну Барысаўну Ватацы. Мы абмяркоўвалі з ёй розныя пытанні. Потым вызвалілася месца ў аддзеле рэдкай кнігі, я перайшоў туды супрацоўнікам і быў прызначаны загадчыкам аддзела. Так я працаваў у Ленінскай бібліятэцы на працягу 1960-1962 гадоў і займаўся апісаннем кніг.

- Вы прайшлі шлях ад дыплома, прысвечанага кірылічнаму кнігадрукаванню, да доктарскай дысертацыі "Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар", якая была абаронена ў Інстытуце гісторыі НАН у 1999 годзе.

- Шлях гэты быў доўгім. У 1962 годзе, атрымаўшы мэтавае накіраванне ў аспірантуру ў Маскоўскі гістарычна-архіўны інстытут, я працягваў вывучаць кірылічныя выданні, надрукаваныя на беларускіх землях.

У Маскве я меў магчымасць карыстацца бібліятэчнымі фондамі і сустракацца з такімі дасведчанымі навукоўцамі, як Антаніна Зёрнава, Яўген Неміроўскі. Антаніна Зёрнава паказвала мне многія рэдкія выданні. Я пазнаёміўся з літаратурай, датычнай Расіі, Украіны, Польшчы, дзе захаваліся кірылічныя выданні, падрыхтаваў працу ў трох тамах.

Спачатку працаваў на друкарскай машынцы, выпушчанай яшчэ да Першай сусветнай вайны, а потым у Маскве набыў новую.

У 1965 годзе пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН СССР, доктара мастацтвазнаўства, прафесара А.А. Сідарава я абараніў кандыдацкую дысертацыю "История белорусского книгопечатания ХVI -ХVIII веков".

Па заканчэнні аспірантуры і па вяртанні ў Менск мне прапанавалі выкладаць навуковы камунізм, бо тады быў попыт на яго. На кафедры ў БДУ працавалі вельмі інтэлігентныя і адукаваныя асобы, але яны былі вымушаны ўкладвацца ў адпаведныя рамкі.

У той час я ажаніўся з Людмілай Івановай. Зараз яна працуе ў Нацыянальным дзяржаўным архіве. Пасля трох гадоў выкладання навуковага камунізму я перайшоў у Інстытут гісторыі АН БССР, дзе працягнуў займацца кнігазнаўчай тэматыкай.

- Ваш бацька Якаў Пракопавіч, кандыдат філасофскіх навук, быў выкладчыкам Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, пазней працаваў у БДУ. Яго педагагічны і навуковы досвед дапамагаў Вам?

- Так. Бацькі мае, перш за ўсё, былі людзі чалавечныя і гуманныя, сям'я наша была кніжнай. Бацька паходзіў з украінамоўнага бранскага казацтва. У Маскве ён заканчваў Інстытут чырвонай прафесуры. У 1931 годзе ён быў накіраваны на працу ў Петразаводскі Карэла-Фінскі ўніверсітэт, дзе выкладаў дыялектычны матэрыялізм. Я нарадзіўся ў Петразаводску ў 1937 годзе.

У 1939 годзе студэнты курса, дзе бацька выкладаў, дабраахвотнікамі пайшлі на савецка-фінскую вайну. Сам бацька, хаця і меў бронь, мог пазбегнуць удзелу ў ваенных дзеяннях, але таксама ў 1940 годзе добраахвотнікам пайшоў на фронт. Маці атрымала паведамленне, што ён загінуў. Яго частка трапіла ў акружэнне, але ён здолеў выратавацца. Перад наступленнем фінаў мы з маці і дзвюмя сёстрамі перабраліся з Петразаводска на баржы ў Сыктыўкар, дзе і пражылі да канца вайны. Суседнія баржы побач з намі былі затоплены.

Пасля вайны ў Менску выдзялялі кватэры, і бацька аддаў адзін наш пакой сям'і афіцэра. Калі мы прыехалі з Сыктыўкара ў Менск, я паступіў вучыцца ў 8-ую школу. З хлопцамі мы забіраліся на разваліны дамоў, знаходзілі розныя рэчы. На першых занятках мы пісалі тэксты на беларускай мове. Я атрымаў двойку, бо прыехаў з поўначы і выхоўваўся на рускай мове і культуры. З таго часу я сур'ёзна пачаў займацца беларускай мовай і стаў выдатнікам, заканчваў сярэднюю школу № 42. Мой дыпломны праект на Усесаюзным аглядзе-конкурсе студэнцкіх прац атрымаў залаты медаль.

Маці Бэці Генрыхаўна была эканамістам і ў 50-тыя гады выкладала ў тэхналагічным універсітэце імя Сталіна гісторыю эканомікі. У часы сталінскіх рэпрэсій бацькі не ўсведамлялі маштабаў усяго, што адбывалася ў краіне. Пры дзецях яны пазбягалі размоваў пра гэта.

- Ваша кніга "Францыск Скарына", напісаная ў суаўтарстве з В. Чамярыцкім і В. Шматавым, атрымала прэмію ЮНЭСКА ў канцы 70-тых гадоў.

- Яна была перакладзена і выдадзена для замежнікаў на англійскай і французскай мовах. Кніжка была невялікай, сапраўды, добра чыталася, распаўсюджвалася па арганізацыях, якія цікавіліся старажытнай пісьменнасцю, і атрымала прэмію. Гэтыя, выдадзеныя на замежных мовах кнігі, дазволілі значна пашырыць вядомасць Беларусі ў свеце і паказаць самабытнасць і высокую ступень культурнага развіцця беларускіх зямель на розных этапах гісторыі.

- У 1990 годзе, калі святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Францішка Скарыны, Вы былі ініцыятарам, навуковым кансультантам і аўтарам археаграфічнага каментара да трохтомніка факсімільнага выдання скарынаўскай Бібліі.

- Каб выдаць Біблію Скарыны, спатрэбілася знайсці найлепшы захаваны экзэмпляр і дапоўніць яго аркушамі з розных выданняў. Для гэтага прыйшлося аб'ездзіць бібліятэкі розных краінаў. У падарожжах мяне суправаджаў фатограф Менскай фабрыкі каляровага друку, які здымаў выяўленыя асобнікі ці аркушы. Я апісаў, у якіх краінах і бібліятэках захоўваюцца кнігі.

- Аб'яднаўшы даследванні ХVIII-ХХ стагоддзяў, працы савецкага перыяду, замежныя публікацыі, агляды Скарыніяны ў сваёй дысертацыі, абароненай у 1999 годзе, Вы падрабязна апісалі розныя бакі кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці Скарыны.

- Мною выкарыстоўвалася гістарычна-рэтраспектыўная бібліяграфія, апісанні кніжных фондаў, непасрэдная эўрыстыка ў айчынных і замежных архівах, бібліятэках, музеях і прыватных зборах, прымяняліся метады структурна-аналітычнага, апісальнага і гістарыка-параўнальнага даследвання.

Важным напрамкам скарыназнаўства 60-90-тых гадоў былі даследванні філасофскіх, грамадска-палітычных, этычных, эстэтычных поглядаў Скарыны, рэнесансна-гуманістычных тэндэнцый у яго творчасці. Акрамя мяне, асаблівасці выдавецкай і літаратурнай дзейнасці Скарыны вывучалі У.М. Конан, Ю.А. Лабынцаў, В.А. Чамярыцкі, М.М. Грынчык і іншыя. Відавочны прарыў у беларускай Скарыніяне, узняццё яе на новы ўзровень у канцы 80-90-х гадах было звязана з дзейнасцю дзяржаўных і навуковых устаноў Беларусі. Пасля ўтварэння Навукова-асветніцкага цэнтра імя Скарыны ў 1991 годзе пад кіраўніцтвам А. Мальдзіса, у цэнтры былі сканцэнтраваны скарынаўскія даследванні.

У той перыяд вялікі абагульняльны матэрыял быў сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным выданні "Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік". Поспехі былі дасягнуты ў бібліяграфічных, кнігазнаўчых, крыніцазнаўчых і мовазнаўчых даследваннях. Апісана была большасць экзэмпляраў кніг Скарыны, выяўлены і ўведзены ў навуковы ўжытак амаль усе актавыя дакументы, якія датычаць Скарыны.

- Нацыянальная бібліятэка, калі ініцыявала навукова-даследчую праграму да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, змагла абаперціся на Вашы даследванні і ажыццявіць поўнае ўзнаўленне скарынаўскай спадчыны ў 20-ці тамах.

- Гэта, безумоўна, прыносіць вялікае задавальненне! Скарынаўская спадчына застанецца бясцэнным скарбам для нашчадкаў.

Зараз я працую над спадчынай Радзівілаў, кнігазборамі, якія захаваліся ў канцы ХVIII стагоддзя. Поўнасцю апісваюцца тамы, якія засталіся. Бібліятэка Радзівілаў патрапіла спачатку ў Дом ураду, потым - у акадэмічную бібліятэку.

У Празе ў юбілейным 2017 годзе я набыў прыладу для лепшай працы над тэкстамі і рукапісамі - павелічальнае шкло з падсветкай. Хочацца яшчэ папрацаваць і апублікаваць добрае і істотнае.

- Жадаем Вам добрага здароўя і плёну ў даследваннях!

Гутарыла Э. Дзвінская, фота з архіва Г. Я. Галенчанкі.

ПАСТАНОВА

Віцебскай абласной рады ТБМ

14 снежня ў Віцебску адбылося чарговае пасяджэнне Віцебскай абласной рады ТБМ. Сярод пытанняў, якія былі разгледжаны, абмяркоўвалася і правядзенне чарговай справаздачна-выбарнай канферэнцыі абласной арганізацыі. Ніжэй мы прапануем пастанову, прынятую на пасяджэнні рады.

ПАСТАНОВА

Віцебскай абласной рады

ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны" аб правядзенні

ХІІ справаздачна-выбарнай канферэнцыі Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ

Віцебск, 14 снежня 2019 года

Віцебская абласная рада ГА "Тава-рыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" пастанавіла:

1. Правесці ХІІ справаздачна-выбарную канферэнцыю Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ 15 сакавіка 2020 года ў Віцебску.

2. Зацвердзіць наступнае прадстаўніцтва гарадскіх і раённых суполак: 1 дэлегат ад 20 сяброў ТБМ. Дэлегаты выбіраюцца на раённых і гарадскіх сходах і канферэнцыях. Пратаколы сходаў і канферэнцый даслаць у абласную раду да 1 сакавіка 2020 года. Сябры рэспубліканскай і абласной рады і рэвізійнай камісіі з'яўляюцца дэлегатамі канферэнцыі.

3. Прапанаваць канферэнцыі разгледзець наступныя пытанні:

- Справаздача рады Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ;

- Справаздача рэвізійнай камісіі;

- Выбары новага складу рады;

- Выбары кіраўніцтва рады і рэвізійнай камісіі;

- Зацвярджэнне плану дзейнасці рады на 2018 - 2020 гг.

Старшыня рады - Юрась Бабіч.

Яшчэ адзін каляндарык ад ТБМ

ТБМ выпусціла яшчэ адзін каляндарык на 2020 год.

Мастак М. Купава. Укладальнік Ул. Азёма.

Наш кар.

Трыяда Анатоля Белага

П-а-э-м-а - э-с-э

Яўген Гучок

Светлай памяці незабыўнага

Анатоля Яўхімавіча Белага

(Заканчэнне. Пачатак у пап. нумарах.)

* * *

А што сёння музей?

Ён працуе, ім апякуюцца

Жонка, дачка, зяць і ўнук Анатоля Белага.

* * *

І іх памочнікі высокародныя -

Стрыечны брат Анатоля -

Белы Міша з жонкаю Алай.

* * *

Так, і гэты прыватны музей -

Складовая частка

Беларусі, прыгожай і неўміручай.

* * *

І рознародныя густы

У гэтым музеі

Могуць паразумецца.

* * *

Хай гэты музей не дзяржаўны,

Але па змесце і форме

Ён не саступіць многім дзяржаўным.

* * *

Так, гэты музей не дзяржаўны,

Але дзяржаве чаму б

Не падтрымаць яго.

* * *

Час назваць і некаторых творцаў,

Чые творы музей упрыгожваюць

І робяць гонар яму.

* * *

Гэта сям'я Ціхановічаў:

Бацька, сын

І ўнук.

* * *

Захапляюць і здзіўляюць

Партрэты людзей беларускай мінуўшчыны,

Мастака Крывенкі.

* * *

Прыязна і інтэлігентна

Глядзяцца работы

Абаяльнага Мелехава, Будавея.

* * *

Годна прадстаўлены слуцакі-землякі

Браты Басалыгі, Скрыпнічэнка,

І Берасцейшчыны сын Карпук.

* * *

Радуюць, цешаць вока

Творы Зіменкі, Несцярэўскага,

Марачкіна, Шатэрніка і Сурвілы.

* * *

Амаль цэлую залу займаюць

Работы светлай памяці

Мастака Пятрухны.

* * *

Неабходна ўзгадаць

мастакоў-папярэднікаў:

Драздовіча, Сергіевіча, Філіповіча, Цвірку,

Працы чые таксама музей упрыгожваюць.

* * *

Астатніх і іншых творцаў прыгожага

Сам сабе назаве

Наведнік.

* * *

Колькасць экспанатаў музейных -

Каля 1700 адзінак:

Жывапіс, графіка, скульптура і інш.

* * *

А яшчэ сваімі здабыткамі

Анатоль Яўхімавіч падзяліўся з БДУ,

Гомельскім унніверсітэтам і бібліятэкай Старых Дарог.

* * *

І яшчэ ў музеі ёсць пакой,

Прысвечаны народнаму

пісьменніку Быкаву -

Яго жыццю і творчасці;

* * *

І пакой сяброў "Спадчыны",

Дзе месцяцца творы іх:

Паэзія, проза, драматургія і інш.

V

* * *

Думаецца мне, што

Анатоль Яўхімавіч Белы

Нябеснаю Беларуссю пакліканы быў.

* * *

Ён бараніў на зямлі беларушчыну,

А яна бараніла

Яго.

* * *

Скраплялі, умацоўвалі Белых сям'ю

І клуб, і музей, і помнікі -

Анатоля трыяда.

* * *

Без "Спадчыны", такіх музеяў і помнікаў

Ці далёка зойдзеш,

Айчына?!.

* * *

А ці мела трыяда Белага

Ад дзяржавы падтрымку?!

Добра, што не вельмі перашкаджалі!

* * *

Адкуль дапамога, ад каго дапамога?!

Галоўнае -

Не перашкаджайце!

* * *

Не было сінекур у Белага,

А што было -

Другі знеякаваў бы.

* * *

Пытанне: хто спонсарам Белага быў.

Адказ: будзеш такім, як Белы, -

І спонсар табе не спатрэбіцца.

* * *

Ён - сабе спонсар,

А ў дапамогу сям'я:

Жонка Ала, дачка Святлана і зяць Віталь.

* * *

Каб хоць дзясятая частка нас

Была, як ён, беларушчынай апантана,

Дык была б Беларусь беларускай.

* * *

Не крыўдлівага нораву Белы быў,

Калі ж крыўдаваў, дык больш на сябе,

Што часам кагось

у беларушчыне не пераканаў.

* * *

Белы быў не масавік,

Быў ён народны

Беларусавік.

* * *

Не адыйдзі так рана з жыцця зямнога,

Многа помнікаў тут і за мяжой

Паўстала б з яго старанняў.

* * *

Ці многа ў нас такіх,

Хто і сваю малую Радзіму

Далучыў да беларускага космасу?!.

* * *

Многія сябры "Спадчыны"

У іншы свет адыйшлі,

Хто да Белага, а хто і пасля.

* * *

Так многа каго і чаго

Не хапае для Беларусі,

Не хапае Белага і да яго падобных.

* * *

Ні сям'і, ні сябрам, ні Айчыне

Не хапае сягоння яго -

Гарачага прыхільніка беларушчыны.

* * *

Пажыві яшчэ трохі болей,

Многа, многа б яшчэ зрабіў

Для Беларусі Белы.

* * *

Столькі баксёр не трымаў удараў

За прызавое месца,

Колькі Белы трымаў за Беларусь.

* * *

Нібы лямпку з патрона,

Не выкруціш Белага Анатоля

З беларускай культурнай прасторы.

* * *

Белага "Спадчына", помнікі і музей -

І гэта трыяда - сведчанне таму,

Што "Жыве Беларусь!"

* * *

Каб такія музеі і клубы былі,

Трэба каб людзі такія, як Белы,

Былі.

* * *

Тая ж "Спадчына", музей і помнікі -

Усё гэта і многае іншае -

Праўдатэрапія для беларускай душы.

* * *

І "Спадчына", і музей -

Яны, несумненна, указальнік

Да беларускае Беларусі.

* * *

Садовая вуліца ў Старых Дарогах...

А чаму б ёй не быць

Вуліцай імя Анатоля Белага.

* * *

Тым больш, што пра "Спадчыну"

І мастацкі музей у Старых Дарогах

Ведаюць далёка і за межамі Беларусі.

* * *

P.S. Хто аўтар гэтай паэмы-эсэ?!.

Таксама ён, спадчынец,

І мае ад "Спадчыны" ўзнагароды.

Лідскаму ТБМ - 30 гадоў

У аўторак, 17 снежня, Лідскія арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны амаль на агульнабеларускім роўні адзначылі 30-годдзе дзейнасці ТБМ у Лідзе.

16 снежня 1989 года прайшоў устаноўчы сход Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ. Старшынём быў абраны Міхась Мельнік, які ўзначальваў арганізацыю з 1989 г. па 1995 г.

У 1995 годзе ўтворана Лідская (раённая) арганізацыя ТБМ, у якую ўвайшлі Лідская гарадская арганізацыя і суполкі Лідскага раёна. Паспяхова былі зарэгістраваны Бердаўская і Ёдкаўская суполкі. З 1995 г. па сённяшні дзень узначальвае Лідскую арганізацыю ТБМ Лявон Анацка.

У 1998 г. ізноў актывізавалі Лідскую гарадскую арганізацыю, узначаліла яе Лілея Сазанавец. А з 1999 г. і па цяперашні час пераняў абавязкі старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Станіслаў Суднік.

На Лідчыне дзейнічаюць чатыры зарэгістраваныя структуры ТБМ і каля дзясятка незарэгістраваных. Тым не менш, адлік Лідскае ТБМ вядзе ад 16 снежня 1989 года.

Юбілейная вечарына адбылася на сцэне Лідскай дзіцячай школы мастацтваў. Дзве гадзіны гледачоў, якія завіталі на юбілейнае мерапрыемства, радавалі мясцовыя калектывы: знакамітая "Лідчанка" з Палаца культуры - прызёр конкурсу "Песні маёй краіны" , "Вербіца" - калектыў Лідскага музычнага каледжа, у складзе якога на сцэну выйшла і "Міс Лідчыны - 2019" Настасся Дамуць, украінскі народны гурт "Смірычка" і найлепшы фальклорны калектыў рэгіёна "Талер" Лідскага Дома рамёстваў. Песні, прысвечаныя роднай мове і Беларусі, спявалі Сяржук Чарняк, Уладзімір Хільмановіч, Алесь Мацкевіч. Найвыдатнейшы дэкламатар паэтычных твораў, сапраўдны артыст Алег Лазоўскі чытаў творы Багушэвіча і Купалы.

Ад ветэранаў Лідскага ТБМ слова мела Марыя Іосіфаўна Ганчар, першы адказны сакратар Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ у тыя далёкія гады. Тады яна загадвала дзіцячым садком, які першым у Лідзе стаў цалкам беларускамоўным, а зараз кіруе лідскімі курсамі "Мова нанова". Безумона, меў бы слова і Лявон Анацка, але ён у гэты час пад сімволікай ТБМ недзе ў Іспаніі бег чарговы супермарафон. Ад сучаснага кіраўніцтва Лідскага ТБМ прамаўляў Станіслаў Суднік.

Шчырыя словы ў адрас Лідскай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны казалі шматлікія госці: намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела Лідскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Кенць, дырэктар Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Вольга Раманаўна Троцкая, старшыня рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Алена Анісім, намеснік старшыні Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ Сяргей Чыгрын, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Валерый Петрыкевіч, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ Зінаіда Цімошык, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ, прафесар Аляксей Пяткевіч.

Віталі лідскіх ТБМ-аўцаў таксама прадстаўніца Таварыства польскай культуры на Лідчыне Ганна Комінч і кіраўнік Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы разгарнула перасоўную выставу ТБМ-аўскай тэматыкі, а Слонімская раённая арганізацыя ТБМ узнагародзіла ветэранаў Лідскага ТБМ юбілейнымі керамічнымі медалямі

Вялі імпрэзу бібліятэкар СШ № 11 г. Ліды Тамара Зенюкевіч і прадавец крамы "Віцебскія дываны" Алесь Юшкевіч, які толькі-толькі ўступіў у ТБМ і якому Алена Анісім прама на сцэне ўручыла пасведчанне сябра Таварыства.

Такім чынам пад 30-годдзем дзейнасці Лідскага ТБМ рыса падведзена. Наперадзе наступныя гады і дзесяцігоддзі.

Барыс Баль, Яраслаў Грынкевіч. Фота Сяргея Чарняка і Сяргея Чыгрына.

Галерэя выбітных асобаў, сабраная Аляксандрам Тамковічам

19 снежня ў Green City Hotel ў Менску была презентавана віртуальная галерэя Александра Тамковіча, створаная на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў. Мерапрыемства з удзелам шматлікіх гасцей вёў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Лёсы больш за 300 выбітных асобаў (палітыкаў, дзеячаў культуры, праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў) ахапіў журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч у сваіх кнігах "Асобы", "Лёсы", "Найноўшая гісторыя ў асобах", "Будзіцелі", "Жыццё пасля кратаў", "Жанчыны", "Няскораны Марыніч" і іншых. Пра герояў 19 снежня 2010 года ён напісаў з салідарнасцю, любоўю і спачуваннем.

Аляксандр Леанідавіч Тамковіч нарадзіўся 9 лістапада 1963 года ў горадзе Ашмяны Гарадзенскай вобласці.

У 1987 годзе ён скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Працаваў карэспандэнтам газеты "Во славу Родины", намеснікам галоўнага рэдактара газеты "Свободные новости". У 2001-м ён стварыў і ўзначаліў газету "День".

Мужны чалавек пераадолеў цяжкія нягоды, каб пасля хваробы вярнуцца да актыўнай журналістыкі і грамадскага жыцця і стварыць аб'ектыўны летапіс сучаснасці.

З 2000 года Аляксандр Тамковіч - сябар кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў. З 2009 года ён - сябар беларускага ПЭН-цэнтра. З 2012 года - сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аляксандр Леанідавіч быў узнагароджаны рознымі прэміямі, у тым ліку - дыпломам імя Ю. Захаранкі "З паднятым забралам" і прэміяй ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча.

Прысутная на прэзентацыі старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Мікалаеўна Анісім выказала падзяку пісьменніку за актыўную грамадскую пазіцыю і прамоцыю беларускай мовы.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Вуліца жыцця

У нашым Магілёве жыве і працуе вельмі цікавы чалавек - фотамастак і гісторык, сябра нашай арганізацыі Алесь Ліцін. На працягу лістапада гэтага года ў музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі працавала выстава "Вуліца жыцця", і 1 снежня ТБМ-аўцы наведалі экспазіцыю з уласным экскурсам самога творцы Аляксандра Ліціна. Фотавыстава прысвечана толькі адной вуліцы Магілёва, якая знаходзіцца ў самім гістарычным цэнтры - вуліцы Віленскай, як яе называюць старажылы, а сучасная яе назва - вуліца Лазарэнкі. Як адзначыў падчас свайго расповеду спадар Алесь, гэтая вуліца перажыла за сваю гісторыю некалькі перыядаў уздыму і заняпаду. У часы Вялікага Княства Літоўскага яна была цэнтральнай вуліцай, якая вяла да сталіцы нашай краіны Вільні. Напрыканцы 19 - пачатку 20 стагоддзя на Віленскай вуліцы было пабудавана шмат прыгожых мураваных будынкаў з адмысловым дэкорам, каванымі казыркамі. У некаторых будынках на падмурках і на фасадах былі пазначаны даты часу пабудовы гэтых дыхтоўных дамоў. За ракой Дубравенкай была прыгожая мураваная сінагога, знішчаная павадкам вясной 1942 года.

Некалькі год таму, на вялікі жаль, быў пабудаваны новы мост, які зруйнаваў гістарычны ландшафт, і сама вуліца страціла сваю былую веліч і прыгажосць. Алесь Ліцін нарадзіўся недалёка ад Віленскай на Дубравенцы. Тут прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Калі стаў прафесійным фатографам, то шмат фатаграфаваў вуліцу Віленскую-Лазарэнкі. Да сённяшняга часу засталося на вуліцы ўсяго некалькі старажытных будынкаў, ды і тыя або знаходзяцца ў аварыйным стане, або вельмі занядбаныя. Спадар Алесь спадзяецца, што праз фотамастацтва здолее прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем помнікаў архітэктуры Магілёва і выратаваць адну з самых старажытных вуліц горада ад поўнага знішчэння.

Дзьячкоў Алег. Магілёў.

Радавод нямецкага Дзеда Мароза

Навіны Германіі

Калядныя і навагоднія святы немагчыма ўявіць без Дзеда Мароза, які прыносіць падарункі. Праўда, радавод нямецкага Дзеда Мароза дагэтуль выклікае спрэчкі.

Нямецкі Дзед Мароз прыходзіць не пад Новы год, як у нас, а напярэдадні Каляд. Клічуць яго Санкт-Нікалаўс - Святы Мікалай, і 6 снежня адзначаецца яго свята. Ёсць адно толькі "але": у Германіі ніхто дагэтуль толкам не ведае, як выглядае Санкт-Нікалаўс (Sankt Nikolaus). То ён - добры белабароды дзед у касматым футры і чырвоным каптуры, то - каталіцкі біскуп у сутане з тыярай на галаве і жазлом у руцэ.

Пачалася гэтая блытаніна яшчэ ў старадаўнія часы. Пачнём хоць бы з таго, што пад імем Святога Мікалая шануюць адразу двух святых. Адзін з іх, біскуп Нікалаўс з Міры, жыў у IV стагоддзі н.э., а другі, яго цёзка, біскуп Нікалаўс Сіёнскі - у V стагоддзі. Пазней Св. Мікалай шанаваўся ў Германіі як заступнік мараходаў, купцоў, пекараў і школьнікаў. А ў XIV стагоддзі ў школах пры каталіцкіх манастырах кожны год пачалі адзначаць 6 снежня Дзень святога Мікалая Мірлікійскага. Свята суправаджалася пышнымі працэсіямі, у якіх удзельнічалі манахі, дзеці і дарослыя вернікі. Ужо тады ў гэты дзень раздавалі падарункі.

Але ў вёсках сярэднявечнай Германіі просты люд аддаваў перавагу таму, каб падарункі дзецям прыносіў не каталіцкі біскуп, а легендарны парабак Рупрэхт, які вонкава вельмі моцна паходзіць на нашага Дзеда Мароза. Гэты звычай пераняла і перайначыла на свой лад пратэстанцкая царква, якая з'явілася ў выніку царкоўнай рэфармацыі. Таму ў каталіцкіх рэгіёнах ФРГ Санкт-Нікалаўс дагэтуль часта паўстае перад дзятвой у сутане біскупа, а ў пратэстанцкіх - у сялянскім кажусе.

З плынню стагоддзяў парабак Рупрэхт трансфармаваўся ў памочніка Нікалаўса (замест Снягуркі, якая нямецкага Дзеда Мароза не суправаджае). Зараз Рупрэхт носіць за гаспадаром мяшок з падарункамі для паслухмяных дзяцей і пучок дубцоў для гультаёў і хуліганаў.

Але на гэтым блытаніна з Санкт-Нікалаўсам у Германіі не заканчаецца. Да пачатку XX стагоддзя ў Германіі ў яго быў яшчэ адзін моцны канкурэнт - Weihnachtsmann (Калядны дзед), дакладная копія Дзеда Мароза. Ён таксама прыносіў дзецям падарункі, але рабіў гэта не ў першай палове снежня, а пад самыя Каляды. З гадамі постаці гэтых чараўнікоў зліліся ў адну. Зараз Weihnachtsmann - своеасаблівы "псеўданім" Санкт-Нікалаўса. Ці наадварот? Увогуле, гэта адзін і той жа сівабароды дзед, які суправаджае святы ўвесь снежань. Зрэшты, каталіцкія святары не стамляюцца казаць пра тое, што Святы Мікалай - біскуп, а Калядны дзед - незразумела хто.

Ухіліць гэта раздвойванне асобы шмат у чым дапамаглі амерыканцы, якія прыдумалі ўласнага Дзеда Мароза і назвалі яго Санта-Клаўсам. Кажуць, што ўпершыню яго апісаў у 1822 годзе амерыканскі прафесар грэцкай літаратуры Клемент Кларк Мур. У вершы, які ён склаў да Каляд для сваіх дочак, навуковец сцвярджаў, што Санта-Клаўс - гэта гладкі, вясёлы, сівабароды стары, што прыязджае на санках, якія цягне за сабой васьмёрка хуткіх паўночных аленяў.

Сугучча імёнаў Санта-Клаўса (якое амерыканцы перанялі ў галандскіх імігрантаў) і Санкт-Нікалаўса, а таксама ўплыў амерыканскай культуры, які ўзрастаў на працягу ўсяго XX стагоддзя, спрыялі таму, што за некалькі дзесяцігоддзяў памяць пра хрысціянскага біскупа IV стагоддзя ў Германіі прыкметна сцерлася, і Святы Мікалай усё часцей змяняе сутану на вясёлы ўбор Каляднага дзеда.

Сёння беласнежная барада і чырвонае футра нямецкага Дзеда Мароза ўвесь час мільгаюць на калядных кірмашах і ў таўкучцы перадсвяточнага распродажу ў нямецкіх крамах. У Германіі няма, мабыць, ніводнага буйнога ўнівермага, які паважае сябе, дзе свой, "фірмовы" Санкт-Нікалаўс не частаваў бы дзяцей ласункамі і садавіной.

Ну, а ў Каляды ён кладзе для іх падарункі пад ёлку. Праўда, і тут не абыходзіцца без канкурэнцыі. Многія дзеці ў Германіі лічаць, што падарункі пад ёлку кладзе не Санкт-Нікалаўс і не Калядны дзед, а Christkind, якога, у сваю чаргу, хтосьці лічыць Немаўлём Ісусам, хтосьці - анёлам. Зрэшты, ні таго, ні другога пакуль нікому не ўдалося ўбачыць...

Паводле СМІ.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Вайдзялевіч А.С. - 10 р., г. Менск

2. Хвастоў Данііл - 5 р., г. Жодзіна

3. Дзегцярова К. - 10 р., г. Менск

4. Жыдаль Дзяніс - 40 р., г. Менск

5. Бубен Кастусь - 30 р., г. Менск

6. Кукавенка Іван - 65 р., г. Менск

7. Чыгір Яўген - 20 р., г. Менск

8. Грыбоўскі Васіль - 5 р., в. Чурылавічы

9. Ралько Леанід - 40 р., г. Баранавічы

10. Крачкоўская Валянц. - 10 р., г. Магілёў

11. Ляўшун - 16 р., г. Менск

12. Чаркасаў Сяргей - 10 р., г. Менск

13. Качаноўская Наталля - 10 р., г. Менск

14. Мотуз Сяргей - 20 р., г. Менск

15. Рамановіч Р.К. - 10 р., г. Менск

16. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

17. Міхейчык Вольга - 15 р., г. Менск

18. Птушка - 5 р., в. Хільчыцы

19. Вяргейчык В. - 15 р., г. Барысаў

20. Паўловіч - 50 р., г. Менск

21. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

22. Шышко І.В. - 10 р. г. Менск

23. Панасюк А.Б. - 30 р., г. Менск

24. Шкут Яўген - 2,5 р., г. Менск

25. Казаковіч Макар - 5 р., г. Менск

26. Сармант Сяргей - 10 р., г. Менск

27. Сармант Н.С. - 20 р., г. Менск

28. Літвінава Л.С. - 10 р., г. Менск

29. Бойса Іосіф - 30 р., г. Ліда

30. Гарановіч Анатоль -50 р., Ждановічы

31. Фурс Антось - 50 р., г. Паставы

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА (29.01.1884 - 23.03.1942)

У вечнасці не губіцца нічога.

І кожны крок твой, як у вечнасць крок,

Каб Беларусь была, нібы да Бога

Дарога, а-не на вятрах лісток,

Які ляціць туды куды вятры

Яго нясуць пакуль ён не загіне.

І Вільня наша, наша да пары,

Пакуль у сэрцах, сэрцы ж у краіне,

Што ў вечнасці не губіцца зямной,

Дзе ты - змагар і сын паўстанца годны,

Каб слова роднае жывой вадой

Было і не знікала ў краі родным,

Дзе людзі найпрыгожыя жывуць,

Што беларусамі даўно завуцца,

Бо беларусы, і яны ідуць

У вечнасць за табою, каб вярнуцца

У вершах, у карцінах, у святле,

Што ў сэрцах беларускіх, як святыя,

Як Беларусь, якая ў нас жыве

І без якой мы будзем нежывыя…

23.10.2008 г.

БАЛАДА ФЛАРЫЯНА ЖДАНОВІЧА (28.10.1884 - 22.10.1937)

Выходзіш на сцэну, як на эшафот,

І роднае слова, як зерне ў раллю,

Ты сееш у сэрцы, каб заўтра народ

Сказаў свайму роднаму слову люблю,

Як кажа люблю камяням і крыжам,

Якія на могілках і ля дарог,

Як кажа люблю і палям, і лясам,

І рэкам, азёрам і небу, дзе Бог

Спакойна глядзіць на цябе і твой шлях,

Дзе ты ўсё на сцэну выводзіш сяброў

І верыш, што будзе, як слёзы ў вачах,

Тэатр беларускі, бо ў сэрцы любоў

Да роднай зямлі аніколі ніхто

Не знішчыць, бо гэта - наш лёс.

Тэатр беларускі - жывое святло

Ад замкаў і храмаў, ад рэк і бяроз,

Што ёсць і век будуць для нас, як былі,

Як мы беларусы ад роднай зямлі

Век не адрачомся - хоць нас расстраляй,

Мы ляжам у родную нашу зямлю,

Бо тут эшафот наш і вечны наш рай,

Якому ты горача кажаш люблю

Не толькі са сцэны ці ў час, як вясна,

Але і цяпер, калі куля ляціць…

І нельга Айчыну сваю не любіць,

Без нашай любові загіне яна

І нас без Айчыны праз год, не праз сто

Не ўгледзіць на роднай зямлі аніхто…

2 - 21.03.2009 г.

БАЛАДА ПАЛУТЫ БАДУНОВАЙ (1885 - 29.11.1938)

"Прыгожай і слабой

павінна быць жанчына…" -

Прывыклі так мужчыны гаварыць даўно.

Яна слабая, як з мужчынам п'е віно,

Прыгожая і моцная, калі з Айчынай,

Што хоча вольнай быць, жанчына заадно.

І ты была прыгожай, нібы кветка ў маі,

І моцнай беларускаю душой была.

І ты трывала здзек,

не кожны здзек стрывае

У часе, што шкадуе для людзей цяпла.

І ты на шыбу дыхала, каб сонца бачыць,

І доўга тонкі лёд крывава раставаў.

І тое, што было, ніхто ўжо не зыначыць,

Турмой не стануць ні касцёл і ні царква,

Яны - святыя, як і нашая Айчына,

Што вольнай будзе, а інакш і не павінна

Быць у Еўропе, бо і Беларусь - жанчына,

Прыгожая і моцная, як ты была

У час свайго імкнення да Святла…

9.09.2008 г.

БАЛАДА СЫМОНА РАК-МІХАЙЛОЎСКАГА(2.04.1885 - 27.11.1938)

…Жыццё - не каляровы сон,

кроў - не вада,

І гэта сёння добра разумееш ты.

Як пальцы ў кулаку, людская грамада,

Калі адна ёсць мэта ў цэлай грамады.


А мэта - жыць у беларускай грамадзе

На роднае зямлі, якую даў нам Бог.

Тут зоры, як у небе, у рачной вадзе,

Тут вечна студні і крыжы каля дарог.


"Што заслужылі, тое атрымалі мы…" -

Гаворыш ты і чуюць Салаўкі твой крок,

І сочыць за табою вартавы, як воўк,

Каб ты не ўцёк у белы акіян зімы.


Ты не ўцячэш,

ты вернешся ў радзімы край,

Ужо там кулю для цябе рыхтуе кат.

Радзіма - сонца вечнае і вечны рай,

Калі глядзіш ты на Радзіму не з-за крат.


Ты ў грамадзе. І голас з неба чуеш ты:

"Хто з вас гатоў

агонь зімы стушыць крывёй?.."

І першым выйшаў ты спакойна з грамады,

І, выйшаўшы, застаўся з грамадой.

18.08.07 г.

БАЛАДА ЗМІТРАКА БЯДУЛІ (23.04.1886 - 3.11.1941)

Вайна за спінаю і прад табою.

Цягнік сівы ў зіме, як кол, стаіць.

І ўсім жыццё жыццём, вайна вайною,

І, быццам пахаронкі, снег ляціць

І на зямлю, і на цябе слабога,

І ты нясеш, нібы жыццё, ваду,

Што замярзае, нібы ў нежывога -

Яшчэ жывыя вочы, што бяду

Краіны, у якой ты быў не лішні

Усё яшчэ не выпілі да дна,

А дна не знае нават і Ўсявышні,

І ты не будзеш знаць, бо ўжо вайна

Цябе дагнала і спыніла сэрца,

Дзе беларускае жыло святло.

І ўпала на зямлю з вадой вядзерца,

І ў снег тваё жыццё з вадой сцякло,

І лёдам стала, па якім спяшацца

Жывым далей ад чарнаты вайны.

Табе ж застацца тут, душы вяртацца

У родны карай, дзе продкаў валуны,

Дзе кожную вясну буслы гняздзяцца,

Нібы ў табе аб Беларусі сны…

11.07.2008 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ РАВЕНСКАГА (17.12.1886 - 9.03.1953)

Шумяць знаёма ясень і каліна.

Але не родны край тут, тут - чужына.

І ты не вернешся дамоў ніколі,

Як ліст з бярозы, што ляціць над полем

Ніколі ўжо не вернецца на голле…


І плача скрыпка, і душа галосіць,

Анёлы песню аж да зор узносяць,

І чуе песню наш Магутны Божа.

І не знайсці краіны больш прыгожай,

Чым Беларусь, якая добра помніць

І востры чорны штык, і сонца промні,

І кожнага, хто нарадзіўся тут

І зразумеў, што гэта родны кут,

Адзін, як крыж, што на магіле будзе…

Струна ірвецца. Нібы мора, людзі

Бясконца б'юцца душамі аб неба,

Дзе воблакі, нібы сумётаў срэбра,

Што музыкай навеяны тваёю

Зямной, як мы, як зоры, незямною

У гэтым свеце, дзе трава пад снегам

Не памірае, а вясну чакае,

Дзе Беларусь - і Альфа, і Амега,

І ўсім, яе хто любіць - не чужая…

25.04.2009 г.

БАЛАДА КСЯНДЗА УЛАДЗІСЛАВА ТАЛОЧКІ (6.02.1887 - 13.11.1942)

У Вільні вецер, дождж і лістапад

Засыпаў вуліцу тваю да Храма,

Але не азіраешся назад,

Бо ў Храм ідзеш, нібы да Бога прама,

Каб зноў сказаць, што Беларусь жыве

І будзе жыць у гэтым злосным свеце,

Дзе росы цёпла свецяцца ў траве,

А золата не грэе і не свеціць.

І вернікі вітаюцца з табой

І вецер прыціхае, і лістота

Ляціць над Вільняй роднай і чужой,

Нібы лістоўкі ўночы з самалёта.

У Храм заходзіш, быццам бы ў каўчэг,

І застаешся назаўсёды ў Храме,

Дзе для цябе спыніўся часу бег

На міг, на век, як ты прад абразамі.

19-20.05.2018 г.

(Працяг у наступным годзе.)

Урокі мужнасці Людмілы і Алеся Савіцкіх

"Жыў вераю, што пераадолею цяжкасці."

А. Савіцкі.

У Менску на вуліцы Янкі Купалы жыве адна з старэйшых супрацоўніц Цэнтра дзіцячай хірургіі, былы таракальны хірург Людміла Барысаўна Савіцкая. З нагоды 50-годдзя Цэнтра мы перагортваем з ёй старонкі альбомаў, праглядаем вытрымкі з газет і ўзгадваем пра яе калегаў і сяброў, пашанотных лекараў, і вядомых літаратараў, сяброў яе мужа.

- Нас не шмат засталося з тых, хто пяцьдзесят гадоў таму ў снежні 1969 года прыйшоў працаваць у новы корпус створанага прафесарам Алегам Мішаравым Дзіцячага хірургічнага цэнтра пры першай клінічнай бальніцы, - узгадвае яна.

За сорак гадоў працы самаадданай і сціплай доктарцы не часта даводзілася распавядаць пра сябе, бо асноўным быў клопат пра дзяцей з парокамі сэрца і іншымі захворваннямі. 54 гады Людміла Барысаўна прайшла поруч з вядомым беларускім пісьменнікам Алесем Ануфрыевічам Савіцкім, ганаровым грамадзянінам Полацка, кавалерам ордэнаў Славы і Чырвонай Зоркі. Лёс звёў разам дзве выключна мужныя асобы.

Людміла Барысаўна, у дзявоцтве Сакалова, нарадзілася ў Маскве ў 1934 годзе. Бацька яе служыў у войску, да вайны сям'я жыла ў Чыце, Нерчынску. У 1941 годзе Людачка пайшла ў 1-шы клас, а ў 1952-ім паступіла ў 1-шы Маскоўскі медыцынскі інстытут імя Сечанава на лячэбны факультэт.

Адначасова з ёй на вучобу патрапілі 1000 чалавек, з іх дыпломы дактароў атрымалі толькі 800. На лячэбным патоку лекцыі студэнтам чытаў прафесар Барыс Барысавіч Коган, якога аб'явілі ворагам народа ў 1953 годзе па справе ўрачоў.

Разам з Людмілай вучылася дачка акадэміка Каралёва - Наташа. Настойлівую студэнтку захапіла хірургія. З тых часоў захавалася запісаная яе рукой гісторыя хваробы.

Па заканчэнні інстытута ў 1958 годзе шасцёра смелых дзяўчат папрасілі накіраванне на працу ў Сібір. Пачыналася будаўніцтва Брацкай ГЭС, маладых захапляла рамантыка…Людміла з сяброўкай Нэлі прыняла адважнае рашэнне паехаць у Тайшэт, які належыў да Краснаярскай чыгункі.

Чацвёра сутак дзяўчаты дабіраліся да месца прызначэння на цягніку Масква-Пекін. Ва ўпраўленні чыгункі Люміла Сакалова атрымала накіраванне на станцыю Іланская, а Нэлі - у Абакан.

Прадуктаў не хапала, і Людміла зразумела, што раней у гэты край адпраўлялі ў высылку, а яна паехала па сваім жаданні. Праз год, перавучыўшыся ў Краснаярску, настойлівая доктарка пачала займацца не толькі хірургіяй, але яшчэ і лор-практыкай.

У 1959 годзе ў Маскве на вяселлі сяброў яна пазнаёмілася з маладым аспірантам Маскоўскага літаратурнага інстытута Алесем Савіцкім.

Партызан, былы камандзір падрыўной групы атрада "Бальшавік", франтавік, журналіст меў ужо вялікі жыццёвы досвед.

У 1942 годзе 16-гадовы Шурка прыпісаў сябе адзін год, каб камандзір залічыў яго ў партызанскі атрад "Смерць фашызму", бо хлопец горача імкнуўся адпомсціць акупантам. Яго атрад падрываў чыгуначныя масты, пускаў пад адхон цягнікі, знішчаў тэхніку ворага. Тады Алеся ўпершыню параніла, ён атрымаў кантузію з разрывам барабаннай перапонкі. Другое раненне здарылася ў 1942 годзе пры прарыве партызанамі блакады. Потым у баі пад Шаўляем ён быў зноў паранены. Снарад разарваўся аб камень, асколак патрапіў у нагу і шыю. Байца падхапілі на студэбекер, раніцай перанеслі ў санітарную машыну і адвезлі ў армейскі шпіталь, які быў разгорнуты ў густым алешніку, дзе зрабілі яму аперацыю.

Алесь Савіцкі ўдзельнічаў у баях за вызваленне Гдыні, Варшавы, за ўзяцце Берліна, распісаўся на Рэйхстагу. Ён быў абпаленым вайной чалавекам, перажыўшым горыч страт. (Лічыў, што яго куля дасталася маладому сябру Мікалаю, які пайшоў на заданне пад вёскай Загацце). Быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медалём "За ўзяцце Берліна", Знакам пашаны.

Друкавацца ён пачаў у ветрынскай падпольнай газеце "Чырвоная звязда" ў 1943 годзе. Пасля дэмабілізацыі Алесь Савіцкі працаваў у полацкай абласной газеце, дзе змяшчаў свае апавяданні, быў сябрам літаратурнага аб'яднання "Наддзвінне".

Да моманту сустрэчы з Людмілай, Алесь Ануфрыевіч напісаў свае першыя аповесці, скончыў літаратурны інстытут. Яны абодва ведалі кошт жыцця, якой нялёгкай барацьбой яго трэба адстойваць. Каб прыехаць да каханай у Сібір, ён здабыў камандыроўку ад газеты "Труд".

Пасля вяселля Людміла Барысаўна перавялася на працу ў пас. Ажарэлье бліжэй да Масквы, у чыгуначную бальніцу на 100 ложкаў. Муж праводзіў яе і ўладкаваў на кватэру. Там доктар працавала год у чаканні нараджэння дзіцяці. Муж і жонка пераехалі ў Менск ужо з дачкой Наташай.

У Менску маладога літаратара Алеся Савіцкага прынялі на працу ў выдавецтва "Ураджай". А знайсці кватэру ў сталіцы дапамог ім Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, які параіў знаёмую гаспадыню. Калісьці юны Генадзь вучыўся ў школе з братам Алеся Савіцкага Віктарам і не забыў сяброўства.

Людміла Барысаўна імкнулася патрапіць у клініку, каб працаваць па пакліканні душы і па спецыяльнасці. На дошцы ўбачыла аб'яву, што ў 2-гі гарадскі шпіталь патрабуюцца хірургі-дзежуранты. Ёй параілі звярнуцца да прафесара Сяргея Леанідавіча Лібава. Былы франтавік, Сяргей Лібаў да гэтага выкладаў у Ваенна-медыцынскай акадэміі.

У ардынатарскай прафесар Лібаў пачаў распытваць, дзе Людміла вучылася, і хто чытаў ёй лекцыі. "Прыязны і даступны ў зносінах, прафесар ніколі не паказваў ані ценю перавагі над калегамі", - успамінае Л.Б. Савіцкая.

Паўгода яна была дзежурантам. Неўзабаве была арганізавана кафедра таракальнай хірургіі і анестэзіялогіі. Доктар Ракіцкі прапанаваў Людміле Барысаўне пайсці ў аддзяленне грудной хірургіі. Прафесар Лібаў пачынаў тады рабіць першыя аперацыі на сэрцы ў дзяцей у нашай рэспубліцы, і Людмілу Барысаўну захапілі новыя задачы, пастаўленыя перад дактарамі. За дачкой прыглядалі добрыя людзі. Потым, калі ўдалося ўладкаваць Наташу ў дзіцячы садок, Людміла Барысаўна цалкам прысвяціла сябе медыцыне.

Аддзяленнем грудной хірургіі загадвала Лізавета Данілаўна Валковіч. Выбітны таракальны хірург Лізавета Валковіч была дачкой рэпрэсаванага савецкага і партыйнага дзеяча Данілы Іванавіча Валковіча, расстралянага ў 1937 годзе. Пасля арышту маці Лізу прытулілі блізкія людзі, а потым дзяўчынка жыла і вучылася ў Іванаўскім дзіцячым доме ворагаў народа. Пасля заканчэння школы Лізавета Данілаўна паступіла ў медінстытут і яе размеркавалі ў Менск, дзе ёй дапамаглі ўладкавацца на працу ў 2-ую бальніцу.

А ў снежні 1969 года калегі і сяброўкі Людміла Барысаўна, Лізавета Данілаўна і Тамара Дзмітрыеўна перайшлі разам у Цэнтр дзіцячай хірургіі і працавалі ў таракальным аддзяленні Цэнтра трыццаць гадоў (да 1999 года). Л.Д. Валковіч узначальвала таракальнай аддзяленне.

Тады дактары карысталіся толькі простымі сродкамі дыягностыкі: рэнтгенам, ЭКГ, фонакардыёграфіяй. Пад кіраўніцтвам прафесараў С.Л. Лібава і О.С. Мішарава паступова была ўдасканалена методыка аперацый на сэрцы і лёгкіх у дзяцей.

Лёс хірурга-ардынатара таракальнага аддзялення і жонкі пісьменніка Людмілы Барысаўны Савіцкай склаўся ўдала. У 1969-1973 гадах Алесь Савіцкі загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. Ён выдаў аповесці: "Кедры глядзяць на мора", "Пасля паводкі", "Самы высокі паверх", дакументальную кнігу "След пракладае першы", раман "Жанчына". Алесь Ануфрыевіч пісаў пра партызанскі рух на Віцебшчыне, удзельнікам якога быў, распавядаў пра маладых будаўнікоў Брацкай ГЭС, закранаў сэрцы сваіх чытачоў праўдзівымі гісторыямі пра каханне ў ваенны і мірны час, узбагачаў іх скарбамі беларускай мовы.

- Алесь любіў працаваць у Полацку ў доме яго бацькоў на трэццім Стралецкім завулку, які захаваўся пасля вайны. Сад фруктовых дрэваў выходзіў да Дзвіны, - успамінае Люміла Барысаўна. - Не аднойчы ў чароўную летнюю пару ён прыязджаў з сябрамі ў Полацк, хадзіў уздоўж берага Дзвіны, падымаўся да Сафійкі, піў ваду з крынічкі, прыкладваў далоні да Барысавага каменя. Добрыя думкі навяваў яму лагодны плёскат хваляў сціплай Палаты, якая ўпадае ў шырокую, паўнаводную Дзвіну.

"А на плыні Дзвіны, насупраць спавітага лазнякамі ўзвала, трымцела сонца, не парэзанае на кавалкі, і яго вялізнае роўнае кола, абціснутае бэзавымі абручамі, імкліва і дзіўна змяняла колеры", - так апісваў пісьменнік раку.

- У сваёй апошняй кнізе "Пісьмо ў рай", прысвечанай бацьку, ён узгадваў, як пасля вайны прыехаў паступаць у літаратурны інстытут у Маскву, - успамінае Людміла Барысаўна. - Прынялі яго без стыпендыі, без інтэрната, бо не было школьнага атэстата, і ён паабяцаў атэстат здабыць. Днём вучыўся ў інстытуце, а ўвечары заканчваў вячэрнюю школу.

Пісьменнік і публіцыст стаў кавалерам ордэна Францыска Скарыны, ганаровым грамадзянінам Полацка. Адна з баявых узнагарод, салдацкі ордэн Славы, знайшла яго праз 55 гадоў. У 2016 годзе імя А. Савіцкага было прысвоена 9-ай Полацкай бібліятэцы.

Людміла Барысаўна і Алесь Ануфрыевіч вельмі любілі дзяцей і прысвячалі ім шмат часу. Прыгодніцкая дзіцячая трылогія А. Савіцкага "Дзівосы Лысай гары" ў 2002 годзе была ўганаравана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Назіраючы за ўнукам Жэнем, ён выдатна перадаў дзіцячыя пачуцці ў казцы "Яўгенка, Лінда і Рык", апісаўшы сяброўства хлопца і малога шчанюка. А ў аповесці-казцы, "Радасці і нягоды Залацістага Карасіка", прысвечанай малым, апісаў прыгоды мудрага і знаходлівага Карасіка Бубліка.

Апошняе эсэ Алеся Савіцкага, напісанае ў жніўні 2015 года называлася: "Сонца, што створана тваімі рукамі". У 2015 была заснавана літаратурная прэмія імя А. Савіцкага. Ён пайшоў з жыцця ва ўзросце 91 года 5 кастрычніка 2015 года.

…На іх лецішчы засталіся дрэвы і кусты гартэнзіі, якія садзіў пісьменнік. Зрэзаныя суквецці стаяць усю зіму ў вазе. Калі яна глядзіць на яго партрэт, ей падаецца, што ён пільна сочыць за кожным, хто ўваходзіць, уважлівым позіркам. А побач з фотаздымкаў глядзяць усмешлівыя праўнукі!

Нашчадкі сям'і Савіцкіх выраслі адважнымі і здольнымі, і жывуць зараз у Амерыцы. Унучка Людмілы і Алеся Савіцкіх Аляксандра па заканчэнні факультэта міжнародных адносін БДУ пабралася шлюбам з Юрыем. Праз некаторы час па выніку суразмоўяў маладога спецыяліста прынялі працаваць у кампанію Біла Гейтса. У сужанцаў, якія жывуць у Сіэтле, нарадзілася трое сыноў - Міхась, Рыгор і Стась.

Прадзядулю добра памятае праўнучка Сцеша, дачка ўнука Жэні. У перадапошні дзень дзядулевага жыцця яны гулялі разам у яго прасторнай кватэры…

Эла Дзвінская, фота з архіва сям'і Савіцкіх. 1. Людміла Барысаўна і Алесь Ануфрыевіч Савіцкія; 2. Людміла Савіцкая ў маладосці; 3. Алесь Савіцкі ў маладосці; 4. Унучка з мужам і праўнукі.

З роднай мовай - у год наступны!

У Нясвіжы прэзентавалі каляндар "Маляванкі ў Ваш дом!"

Гэта ўжо сямнаццатае выданне з каляндарнай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" і шостае з тых, што маюць нясвіжскую тэматыку.

Месца прэзентацыі - раённы гістарычна-краязнаўчы музей - надзвычай пасавала тэме і зместу календара, які на гэты раз прысвячаецца "песнярам красы", што спавядалі прыгажосць, хараство, пекнату як сродак для ўратавання свету і Беларусі, - вандроўным мастакам-самавукам з іх маляванкамі і паэту Уладзіміру Жылку, ураджэнцу нясвіжскіх Макашоў. Як вядома, у наступным 2020 годзе 27 траўня "паэту красы" спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Падчас экспедыцый у вёскі раёна ды шматгадовага краязнаўчага даследвання сябрамі ТБМ выяўлена за паўсотню маляванак, засведчана аўтарства большасці з іх, занатаваны біяграфічныя звесткі. Дванаццаць найбольш адметных і разам з тым характэрных для Нясвіжчыны работ размясціліся на старонках выдання ў фармаце А-3. Макет і структура кожнага месяца ўключае радкі з вершаў Уладзіміра Жылкі, літаратурна-краязнаўчыя занатоўкі, эколага-псіхалагічныя падказкі месяца, напаміны пра вартыя памяці святы і дні.

Да некаторых датаў пададзены актуальны каментар, як, напрыклад, да Дня роднай мовы 21 лютага: у 2020 годзе спаўняецца 25 гадоў, калі адбыўся рэферэндум, які скасаваў статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай… Або на 1 верасня як Дзень ведаў: 86 адсоткаў беларускіх школьнікаў і 99,9 - студэнтаў атрымліваюць веды на… расейскай мове.

А ў "Падказках месяца" на снежань чытаем: "Да запавету паэта ("Не запамятай ніколі...") на ўсіх падставах далучым і нашу святую родную мову - гаварыць і думаць па-свойму, быць нацыянальна ідэнтыфікаванай, адметнай асобай навокал і ў свеце. Гэта першае, што дае нам мова. Таму навучаймася замаўляць і сваё бескампраміснае права на самае ганаровае месца роднай мовы ў сваёй краіне. Ніякае "дзвюхмоўе" не павінна парушыць гэтае права, змяніць яго. Родная мова адна, і яна заўсёды з намі. З роднай мовай - у год наступны!"

Супрацоўнікі музея прапанавалі для агляду сваю выставу маляванак. Госці прэзентацыі чыталі вершы Жылкі - своеасаблівыя маляванкі ў слове. Гучалі слушныя прапановы па ўшанаванні памяці паэта. 2020 год нясвіжскія сябры ТБМ аб'явілі ГОДАМ ЖЫЛКІ. Каляндар стаў своеасаблівымі ўводзінамі ў яго.

Вольга Карчэўская, Нясвіж. На фота. 1. Падчас прэзентацыі; 2. Пра каляндарную серыю "Маляўнічая Бацькаўшчына" расказвае заснавальнік, мастак і рэдактар серыі Валер Дранчук; 3. Ян Мысліцкі, сын сейлаўскага мастака Юзіка Мысліцкага распавядае пра бацьку і яго маляванкі; 4. Кіраўнік дзіцячай мастацкай студыі Марына Канавалава і яе выхаванцы прэзентуюць выставу "Прыляцелі павы".

ЛЮДЗІ ЗЯМЛІ ГАРАДЗЕНСКАЙ

18 снежня 2019 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыліся літаратурна-музычныя зазімкі "Людзі зямлі Гарадзенскай", прымеркаваныя да Года малой радзімы.

Лідчына - наша малая Радзіма, край багатай гісторыі і культуры, самабытных песень і народных абрадаў. Сёння Лідскі раён - рэгіён, які гарманічна спалучае традыцыі і сучаснасць.

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы 18 снежня адбыліся літаратурна-музычныя зазімкі "Людзі зямлі Гродзенскай", прысвечаныя да Года малой радзімы. Мэтай дадзенага мерапрыемства стала актывізацыя масавай работы бібліятэк па краязнаўстве, а сярод асноўных задач: выхаванне любові да сваёй малой радзімы - вёскі, горада, раёна; папулярызацыя творчасці пісьменнікаў-землякоў; захаванне гістарычнай сувязі і пераемнасці пакаленняў.

Гэты год, як і папярэдні - Год малой радзімы - вельмі важны для нашай сучаснасці, бо ён дае магчымасць кожнаму зразумець для сябе, што ёсць малая радзіма і дзе знаходзіцца тое месца. Рана ці позна, усе таленавітыя людзі заўсёды звярталіся ў сваёй творчасці да тэмы малой радзімы, яны дапамагаюць усім ацаніць, убачыць прыгажосць і непаўторнасць роднага краю.

У праграму літаратурна-музычных зазімак былі ўключаны выступленні пісьменнікаў, літаратурна-музычныя нумары. Сярод удзельнікаў мерапрыемства - сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Да ўвагі слухачоў свае творы прадставілі І. Маркевіч (верш "Зазімкі"), І. Сліўко (верш "Бацькоўская хата"), Т. Чарнаўс (твор "Дарога ў вёску Рылаўцы"), С. Белагаловая (вершы "Мой родны куточак", "Абяздоленая бярозка"), У. Янцэвіч (серыя вершаў да паштовак "Пра Ліду"), А. Мацулевіч (верш "Бронзавы Гедымін"), У. Дронаў (верш "Помнік на дарозе"), Т. Сямёнава (верш "Дажынкі"), В. Мацулевіч (верш "Успамін пра свята"), А. Юшко (замалёўка "Зіма"). З музычным нумарам перад гасцямі выступіла Л. Краснадубская з песняй "Журавы".

Знаёмства з творамі пісьменнікаў прылучыла прысутных да маральнага і эстэтычнага багацця беларускай літаратуры, пазнаёміла з гісторыяй, культурай, з асаблівасцямі нацыянальнага характару беларускага народа, выхавала павагу да іх, дапамагло фармаванню пачуцця патрыятызму.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX