Вярнуцца: 2020

№ 01 (1464)


Дадана: 03-01-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1464), 3 студзеня 2020 г.

З Калядамі, шаноўныя беларусы!

Выйшаў "Верасень" № 21

Выйшаў з друку чарговы, 21 па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень".

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Яўгеніі Кабяк, Насты Дадонавай, Бажэны Мацюк, Рагнеда Малахоўскага, Людмілы Сіманёнак, Паўла Змітрука і Уладзіміра Някляева.

Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Ульяны Зяткінай, Вольгі Ліхадзіеўскай, Надзеі Філон, Наталлі Саўрыцкай, Ганны Навасельцавай і Міколы Адама.

У раздзеле "Пераклады" друкуюцца вершы маладой нямецкай паэткі Андры Шварц і фантастычнае апавяданне амерыканскага празаіка Айзека Азімава.

Раздзел крытыка пачынаецца артыкулам Аляксея Марачкіна "…А жыта сей..", прысвечаным 60-годдзю паэта Анатоля Сыса. Аб ролі паэзіі ў жыцці мастака, а таксама аб сяброўстве з Анатолем Сысом - гутарка Эдуарда Акуліна з мастаком Алесем Квяткоўскім. Пра "залатыя дні" двух класікаў беларускай паэзіі - публікацыя Алеся Бяляцкага. "Штатнымі нататкамі" аб сваёй паездцы ў Новы свет працягвае дзяліцца з чытачамі Уладзімір Сіўчыкаў. "Мае дні" пад такой назвай друкуюцца дзённікавыя запісы Раісы Крывальцэвіч. Аб ролі жанчын у творчым і жыццёвым лёсе Тодара Лебяды - артыкул Сяргея Чыгрына. У рэцэнзіі на сенсацыйную кнігу "Берагі майго юнацтва" Эдуард Дубянецкі прасочвае паэтычную эвалюцыю Анатоля Сыса. Заканчваецца часопіс рэцэнзіяй Анатоля Трафімчыка на кнігу Вадзіма Салеева "Нобель для Беларусі"…

Мастацкае афармленне нумара падрыхтавалі Дар'я Бунеева і Валерыя Праслава. Ілюстрацыі Алеся Квяткоўскага з жывапіснага цыклу "Ён вярнуўся!"

Пытайце "Верасень" № 21 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas@gmail.com

На вігілію Божага Нараджэння - да Адама Міцкевіча

Па традыцыі 24 снежня, святары і вернікі касцёла св. Сымона і Алены прадстаўнікі літаратурнай супольнасці, супрацоўнікі Інстытута польскага ў Менску, прадстаўнікі еўрапейскіх амбасад сабраліся на імпрэзу, прысвечаную памяці вялікага беларускага польскамоўнага паэта-рамантыка Адама Міцкевіча ля помніка яму.

- У вігілійны дзень мы яднаемся з Адамам Міцкевічам, які святкаваў свой дзень народзінаў разам з усім касцёлам перад Божым Нараджэннем, iшоў разам з бацькамі на пастэрку - святую імшу пастыраў, - прамовіў кс. Уладзіслаў Завальнюк. - Ён натхняўся велічным духам Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, яго паэмы называлі энцыклапедыямі шляхецкага ладу жыцця. Няхай яго паэзія і духоўная культура таксама абуджае наш народ, каб і мы праз паэтаў і духоўных лідараў станавіліся народам веры і культуры, каб людзі святлелі душой! Няхай добры Бог дабраславіць наш народ, кожны дом, кожную сям'ю, асабліва церпячых і цяжка хворых. Няхай любоў дакранецца да іх! - пажадаў ксёндз-пробашч.

"З'яві свой цуд,

каб зноў сустрэцца з родным краем,

Дазволь душы маёй, ахопленай адчаем,

Пераляцець туды, дзе поясам блакіту,

Над Нёманам лясныя ўзгоркі апавіты,

Дзе прозеленню жыта ў поле серабрыцца,

І залаціцца поўным коласам пшаніца...,

- пісаў Адам Міцкевіч ў паэме "Пан Тадэвуш".


Ля помніка выступілі з чытаннем вершаў і баладаў Адама Міцкевіча вучні катэхетычнай школы Чырвонага касцёла і навучэнцы сярэдняй школы пры польскай амбасадзе ў Менску. Прагучалі творы на польскай і беларускай мовах. Для гасцей заспяваў калядкі хор "Голас душы".

На пярэдадні свята ў Чырвоны касцёл даставілі Віфлеемскі агонь беларускія скаўты, якія дзейнічаюць пры парафіях. Такая традыцыя была запачаткавана ў 1982 годзе. Цяпер ліхтар са святлом скаўты завозяць ў 112 парафій краіны. Моладзь праехала больш 6000 кіламетраў, развозячы святы агонь па ўсіх кутках Беларусі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Помняць у Лідзе Адама...

24 снежня ў 29-ты раз сабралася грамадскасць Ліды на аплатку да помніка Адаму Міцкевічу на вуліцы Адама Міцкевіча. У асноўным гэта былі сябры Таварыства польскай культуры на Лідчыне на чале з Аляксандрам Колышкам, але на гэты раз прысутнічаў і старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, і ксёндз, таксама Станіслаў.

Прагучалі цёплыя словы пра Адама Міцкевіча. Ксенія Райко прачытала па-польску адрывак з "Пана Тадэвуша", а Станіслаў Суднік па-беларуску - свой верш "Заполле" пра наведванне Адамам Міцкевічам свайго сябра Ігната Дамейкі ў Заполлі на Лідчыне.

Пасля паэтычнай часткі ўсе дваццаць чалавек падзяліліся паміж сабой каляднымі аплаткамі і выказалі добрыя пажаданні.

Яраслаў Грынкевіч.

Культывуючы любасць…

Невялікі водгук на вялікую кнігу

Раіса Крывальцэвіч

Пачаць свае нататкі мне хацелася б са звароту да аўтараў.

"Даражэнькія Зміцер і Юрась! Кожны знаходзіць сваё ў кнізе ўспамінаў іншага. Адгукаецца сэрца. Я вам удзячная за любоў, за шчырасць, за цяпло душы, якімі праменіцца вашая кніга. За слёзы… Вашыя - ад азярыцкіх песняў, і свае.

Прысвяціла вечар яе чытанню - чытала "Азярыцкую гаворку". Назаўтра мелася ехаць у свае Слухавічы. Адарвалася ад кнігі - думка мільганула: "Гэто ж бацьке ўдома чакаюць!" І заплакала, бо - падалося!

Вярнулі Вы мне дзівоснае адчуванне, што бацьке мае - тут… Няхай на момант. Але ён памятаецца як рэакцыя на вашую кнігу…"

* * *

Калі б мы сустрэліся са спадаром Змітром у дзяцінстве, я б яго падражніла: "Цабуля!" А ён мяне за гэта, можа, "райдункай" назваў бы. Некультурнай, значыць. І меў бы рацыю. Бо хіба смяюцца з мовы? У разнастайнасці яе гучання - багацце нашае.

Але мы хутка пасябравалі б. Аднолькава ж кажам - што ў маіх Слухавічах пад Наваградкам, што ў Азярычыне пад Рудзенскам: "братэ, катэ, нажэ…" І мая слухавіцкая баба Аўдоля казала гэдак жа, як азярыке (так называюць сябе жыхары вёскі Азярычына): "проўда", а не "праўда", "броў", а не "браў", "настоўнік", а не "настаўнік"

Некалькі гадоў таму Зміцер Санько рэдагаваў маю кнігу "Блізкі свет. Хатні слоўнік-успамін". Супольная праца з рукапісам гэтай кнігі, як і наша пазнейшая супраца, стала для мяне радасным урокам - моўным, і не толькі. Надта хораша пачувалася - як гэта можа быць ля цярплівага, разважлівага, мудрага настаўніка, якога хочацца слухаць і слухаць…

"Бацьке, рукавэ, сьлядэ"… Была моцна ўражаная, калі мой рэдактар, чытаючы "Блізкі свет", сказаў прыблізна так: "Няхай бы гэтае "э" было ў нашай літаратурнай мове. Дадало б ёй адметнасці…"

Няўжо нехта больш за мяне любіць мне дарагое?

Ды нездарма кажуць: каб любіць - трэба добра ведаць. Разгадка была ў тым, што для спадара Змітра маё "кустэ, сватэ" такое ж роднае, як і для мяне. Толькі даведалася гэта праз некалькі гадоў, з выхадам кнігі: Зьміцер Санько, Юрась Санько. Слаўнае сяло Азярычына: Свет нашых продкаў (Мінск, "Тэхналогія", 2019. - 352 с., [16] арк. іл.)

Кніга пра Азярычына ўражвае - і вонкава, і зместам. Яна сапраўды ўзорная - аўтары не хаваюць, што хацелі зрабіць яе такою. І зрабілі! Ці шмат у нас апісанняў роднай вёскі, якія змяшчалі б і археалогію, і гісторыю, і "рэвізскія сказкі" XIX стагоддзя, дзе можна прасачыць многія пакаленні свайго роду, і даўнейшыя песні з нотамі, і мікратапанімію з падрабязнай картай-схемай, і выдатна распрацаваны слоўнік мясцовай гаворкі, і мартыралог - спіс ахвяраў таталітарных рэжымаў XX стагоддзя, і "жывую гісторыю" - запісы людскіх успамінаў, і асабістыя ўспаміны пра дзяцінства, і здымак вёскі з космасу, і паўтары сотні фотаздымкаў аднавяскоўцаў? І нават багаты слоўнік даўнейшых жаночых і мужчынскіх імёнаў - бярыце, называйце сваіх дзетак, працягвайце традыцыю!

У кнізе знайшлося месца і для фотаздымкаў надмагілляў з азярыцкага кладоўніка як сведчанне вернасці беларушчыне. Аўтары заклікаюць тых, хто ў жыцці не мог карыстацца роднай мовай, хоць пад канец жыцця вярнуцца да свайго страчанага: папрасіць дзяцей аб апошнім надпісе на магільным камені па-беларуску. "Ніхто за гэта смяяцца з вас не будзе. Будуць толькі паважаць, што вы, як і ўсе людзі ў свеце, шануеце мову сваіх продкаў - сваю родную мову".

Тое, што аўтары не разглядаюць сваю кнігу адно як помнік роднай вёсцы, таксама ўражвае. Гэтая кніга заклікае да дзеяння! Аўтары хацелі б, каб яна ўдыхнула новае жыццё ў родныя мясціны, каб вёска стала месцам паломніцтва для шматлікіх турыстаў. І для гэтага прапануюць план аднаўлення і стварэння аб'ектаў, якія будуць мець турыстычную цікавасць. Першы пункт плана ўжо выконваецца: Азярычына, упершыню згаданае ў пісьмовых крыніцах у 1447 годзе, будзе мець памятны камень з традыцыйным чатырохканцовым крыжам і адпаведным надпісам.

Аўтары падкрэсліваюць, што, ствараючы сваю кнігу, думалі не толькі пра аднавяскоўцаў, але і пра тых шматлікіх нашых суайчыннікаў, хто шчыра жадае паслужыць Бацькаўшчыне, але не ведае, як гэта зрабіць. "Вось той абсяг, дзе можна прыкласці сілы, розум і веды!" І заклікаюць іншых пайсці гэтай сцежкаю - збіраць сваё. Напрыклад, назвы мясцін - палёў, паплавоў, крыніц, лясоў, балот, пашаў, ручаёў, пагоркаў - усё тое, што завецца мікратапаніміяй. І сваім прыкладам паказваюць, што гэта яшчэ не позна… Нашая ж зямелька ўся была абазначаная людскою, сялянскай працаю. Няхай бы жылі гэтыя назвы зямлі. Каб не стала яна безыменнай. Дзеля наступных пакаленняў.

У кнізе пра Азярычына столькі светлага, як і ў азёрнай назве самой вёскі. Адчуваеш тут душу аўтараў на кожным кроку. І, на жаль, як і пра кожную вёску на нашай зямлі - шмат балючага. Але ж гісторыю не перайначыш… Уразіў лёс Вольгі Лук'янчык (Андрэйчыкавай), пакутніцы за веру, расстралянай у 1937-м. Як небяспечна было адкрыта, не хаваючыся, любіць Бога! Жанчына заплаціла за гэта жыццём, пакінуўшы сіротамі трох малых сыночкаў. "Сонца і там сьвеціць!" - смела адказала яна мясцоваму камуністу, што пагражаў ёй караю.

Азярычына - вёска, якую спалілі ў вайну, а перад тым сем разоў бамбілі… "Дзеці крычалі: "Рама! Рама ляціць!" Разьбягаліся, хаваліся хто дзе - у бульбу, у кустэ. Етых самалётаў я вельма баялася. Так баялася! Спачатку бомбы кідая, а тады крыло апусьціць і с кулямёта пачыная страчыць. Дзе ні схаваясься, здаецца, што ён цібе бачыць! Закрыяш твар рукамі і калоцісься" (Вольга Балуненка, 1930 г. н.). Гэтыя ўспаміны старых людзей, якія тады былі дзецьмі, выклікаюць у сэрцы адно: "Хай Бог сцеражэ!" "Хай Бог абносіць!" Мама некалі так казала…

Ёсць у кнізе згадкі азярыкоў і пра больш даўнія падзеі: пра паход Напалеона (дагэтуль колішняя дарога з Дудзічаў, па якой ішоў 5-ты корпус Язэпа Панятоўскага, завецца Французскай грэбелькай); пра Першую сусветную вайну (як немцы частавалі азярыцкіх дзяўчат каваю). Ёсць легенды і паданні. Два з іх прапаную ўвазе чытачоў, бо гэта і выдатныя ўзоры традыцыйнай азярыцкай гаворкі:

"А як грошай шмат прысьніцца чалавеку: ідзі там і там, бяры. Прыйдзя ён, калі ні пабайіцца, там будзя хоць зьвер які, хоць што будзя, але ні грошы будуць ляжаць. Ськідай усё сь сібе - і церазь яго… Быў тут, мама казала, у Яўсея ці ў каго, стары сьляпы дзет. І яму колькі разоў сьнілася: ідзі там і там, ідзі бяры. Ён, кажа, папросіць, кап хто яго павёў - там ужо німа. А каб ён, кажа, сам туды пайшоў…" (Марына Моўчан, 1911 г.н.)

"Адзін чалавек, ета старыя казалі, прыпілнавоў у лесі воўчы вывадак. І ўзёў аттуль ваўчанё, прынёс дамоў. Ну й выгадаваў ек сабаку. А ета была ваўчыца. Падрасла яна і аннаго разу на міжыкалядзь зьбегла ў лес. Німа яе й німа. А тады бачыць гаспадар: прывяла с сабой цэлаю гайню. Забеглі яны ў хлеў ці куды там ішчэ, а ён рас - і зашчапіў дзьверы. Тады ўзёў стрэльбу, палес на вышкі і аттуль пабіў усіх. Анно гадаванку сваю пакінаў. Дак етая ваўчыца, ек выпусьціў яе, дак і ўцякла. Колькі там дзён прамінула, знайшлі таго гаспадара сь перагрызяным горлам. Во як было, старыя казалі" (Вольга Ганчарык, 1933 г.н.)

Фотаздымкі з мінулага стагоддзя. Гэтыя жанчыны ў хустачках… Змучаныя, дачасна састарэлыя твары… Беларусь нашая, пакутная і цярплівая… Надта ж шмат лягло на жаночыя плечы… Тварыкі вясковых дзетак на здымку з далёкіх 30-х... А вось Змітрок і Юрка з бабуляй Ганнаю ў 1951 годзе. Гэта ж будучыя аўтары нашай кнігі! Толькі яшчэ ніхто пра гэта не ведае - нават яны самі…

Маладыя мужчыны на агульным здымку… Адзін з іх да бацькі майго падобны - у такой самай шапцы-вушанцы; тата зімою ў войску гэтак быў сфатаграфаваны. Ізноў баліць - сваё…

Картачка вучняў 6-га класа. Дзяўчаткі ў стракатых летніх сукеначках - справілі мацярке, хлопцы апранутыя строга, у цёмных касцюміках. Малады настаўнік у модным па тым часе гарнітуры з шырокімі кляпамі. На бярвенні нешаляванай сцяны выведзена - 1960. Год майго нараджэння…

Вёска таго часу знаёмая мне па стуку брыгадзіркі ў вакно: "Цётко Марылё!" - і баба бяжыць на 16-капейкавы працоўны дзень; па "нагрузцы" ў вясковым магазіне: хочаш хлеба - купі разлезлай камсы ў газетным мяшэчку; па "марозіку" - прыгожай, быццам зімовы ўзор на вакне, тканіне на сукенку: "Марозіку набрала!" А яшчэ - дзед Юзік кідае кату на цагляную падлогу кухні лусту хлеба і злуецца: "Але й катэ ціпер пашлі - хлеба ні ядуць!"

Дзе ты, Час?..

Слоўнік азярыцкай гаворкі, або Смак мовы

…Гэта як ты нясеш суседцы свае грушы - вялікія, салодкія, духмяныя, а яна табе наўзамен, у падзяку - свой вінаград - таксама салодкі, духмяны…

Так і са словамі. Розныя яны на рознай зямлі. Але цешаць і свае, і суседскія. Калі любіш…

Азярыцкая гаворка вельмі адметная! Ну, дзе вы знойдзеце, каб на тварог атварох казалі? А гэтае азярыцкае паўсюднае "ек", "еґ" (як)! "Ек была яшчэ тая вайна…" "Да тады еґ завінуліся, ек усхадзіліся, да ўжо пелі-пелі, пелі-пелі!"

Словы ў кнізе пададзеныя так, як яны гучаць у людскіх вуснах - нават часам не адразу пазнаеш па напісанні: ньні (дні), ронны (родны), ранно (радно), рэцька (рэдзька). Аўтары-ўкладальнікі тлумачаць, што гэта зроблена "каб той, хто будзе чытаць, напоўніцу адчуў смак мовы… Вядомы ўсім прынцып "як чуецца, так і пішацца" даведзены тут да свайго абсалюту". І сапраўды - боп (боб), адж жывата (ад жывата) - быццам чуем…

Адзначу вельмі ўважлівае, чуйнае стаўленне да мовы. Здаецца, ніводнае слоўца тут не прапушчанае - толькі на першы пагляд яно выглядае звычайным, але ж да яго прыклады - ці то з гаворкі, ці то з прыказкі-прыгаворкі, ці то з песні азярыцкай узятыя, што з'яўляецца прыгожай адметнасцю слоўніка - цудоўныя, жывыя, самабытныя.

Дзевачка ж. Памянш. да дзеўка. Не жаніся ў бунны дзень, да ў нядзелячку, не бяры ўдавы, бяры дзевачку (з песні). Дзевачкі-бялявачкі, дзе вы пабяліліся? - Мы каровачку даілі, малачком памыліся (прыпеўка).

Скрыня ж. 1. Вялікая драўляная прастакутная пасудзіна для захоўвання сыпкіх прадуктаў. Ек мукі скрыня, то й сьвіньня - гаспадыня (прыказка). 2. Куфар. Ой, пайшоў наш Сямёнка да дубовае скрыні - німа срэбра, німа злота, німа жонкі Кацярыны (з песні). 3. Аўтамабільны кузаў. Мой швагір, Валодзя Казімірскі, дайшоў да Берліна. І там, як ехалі на машыні ў скрыні, ек паварочвалі з-за дома, йіх зьнялі [на кінакамеру] (В.Р.). А во нейкі дзяцька [на фотаздымку] сядзіць у скрыні, і за рулём во нейкі (В.Р.).

Чытаючы, часта лавіла сябе на думцы: і ў нас так кажуць, а вось жа прапусціла, не ацаніла - звычайнымі словы здаваліся… А хіба не Любоў знаходзіць, бачыць незвычайнае ў звычайным?

Знойдзем у слоўніку нават, як да малога дзіцяці казалі (кажуць): вова - на ваўка, зюзя - на холад, мароз; жыжа - на агонь; буба - на што-небудзь кругленькае, хоць на якую ягаду; кока - на яйка; папа - на хлеб. "Даць табе папы?" Ну, як я магла забыцца! Гэта ж ад мамы чула гэтае слоўца, калі гадавала сваіх дзяцей, яе ўнучкаў. Але ўжо не прымала, пасміхалася - толькі дзівілася са слова…

А цяпер мне як бабулі малога ўнука найбліжэй, мусіць, дзіцячая прыгаворка-лічылка: "Раз, два - булава; тры, чатыры - прычапілі; пяць, шэсьць - кашу есьць; сем, восім - сена косім; дзевяць, дзесяць - торбы вешаць".

Ведаеце, што такое імпат (у слоўніку дакладна перададзена гучанне - йімпат), крышанэ, крэсла (не, не з мэблі), пайма, пароцька, селядоршы і, урэшце, суравешка?! А мы з аўтарамі кнігі дык ведаем. Ніяк не надзіўлюся: гэта ж якая адлегласць раздзяляе нашыя вёскі! Адна - на Меншчыне, другая - на Гарадзеншчыне. А такія блізкія моўна…

Імпат - мама адчувала яго, калі на свінарніку працавала, нам пра гэта казала. І пра крышанэ ад яе чула, калі яна крышыла бульбу ў суп. Пра крэсла казала, бялізну, адзенне мыючы. І пра пайму, валасы заплятаючы, - у мяне ад нараджэння адна сівая была. Ну, а ўжо пароцькам - сама хуткая ў рухах - бацьку магла ўпікнуць (па-азярыцку - вайцяць). Тата ў даўгу не заставаўся. Ад яго можна было пачуць: "Зьбіраецца, як маладая да вянца" або "Зьбіраецца, як з козамі на торг". Суравешкі - грыбы, што ў лесе растуць (мы і праўда спрабавалі іх есці сырымі), - мама прынесла ў наш хатні слоўнік са свае грыбное вёскі…

У дзяцінстве бывала, што мы аб'ядноўвалі на нейкі час свае калекцыі - каштоўныя зборы з каляровых бутэлькавых і небутэлькавых шкельцаў. Сядалі і глядзелі праз іх на сонца. Перадавалі з рук у рукі. Як прыгожа глядзіцца Сонейко праз сіняе шкло! А праз чырвонае! І праз цёмна-зялёнае - таксама…

Мы з аўтарамі кнігі маглі б і цяпер так абменьвацца, толькі ўжо па-даросламу - сабранымі скарбамі слоў. Сядзелі б і цешыліся, дастаючы са скарбонкі кожны сваё. Давалі б адно аднаму - на сонейка праз яго паглядзець. На сонейка мовы нашай… Здзіўляліся б - надта шмат новых слоў, непрывычных, нячутых…

Размаўлялі б пра падабенства і рознасць гучання, адрозненне ў значэнні адных і тых жа словаў… О, гэтае шчаслівае ўспамінанне Свайго!

Сп. Зміцер згадвае ў прадмове, як яшчэ дзіцем пачуў у пераказе нейкай гутаркі аднаго з бацькавых пацыентаў надзіва кароткія формы: "Ён мне ка (г. зн. кажа)… А я яму ку (г. зн. кажу)…" А мне ўспомнілася, як дзед Язэп, гасцюючы ў нас, казаў свайму зяцю, тату майму, за бяседным сталом: "До-до, Генічак, до…"Досыць, значыць. І памятаю дзедава працяглае сцвярджальнае: "Та - а (так)…"

Некаторыя словы з азярыцкай гаворкі падказвалі мне разгадку свайго. Напрыклад, абапнуцца (захінуцца). Адразу ўспомнілася нашае слухавіцкае абапеняц (кароткае, не па росце адзенне). Або - абячайка (брыво). Цяпер зразумела, чаму тата сценкі рэшата абечкам называў - закругленыя, як бровы.

Люблю словы з сялянскай гаспадаркі - прывыкла чуць ад бацькоў. Прачытаеш, і неяк лягчэй дыхаецца - сыходзіш з шэрага гарадскога асфальту на зялёную траву, вяртаешся ў маленства, у якім бацькі - маладыя і заклапочаныя - як птушкі, што гадуюць увесну сваіх птушанят…

Цікава было даведацца, што за гаспадарчая лексіка ў Азярычыне гучала. Цалкам нешта новае! Ну, напрыклад, аблетак - дровы, што высахлі за лета; акалот - абмалочаныя снапы жыта; апоўзліны - звязаныя канцамі лазовыя галіны на верхаўі стога… Або выпустак - цяля, якое перазімавала. Цікава: грыжан - недавараная сярэдзіна ў бульбе. Бяры і грызі?

Валодаючы слоўнікамі - кожны сваім - маглі б перакідвацца з аўтарамі гэтай кнігі словамі, як мячыкам - без яго не ўяўляю свайго дзяцінства… Лавіце!

На ставэ (прыстасова для пілавання дроў) адказала б сталюгамі, на смаголь (галавешка) - кудлавешкаю, на патапцы (страва, прыгатаваная з кавалачкаў хлеба на малацэ) - кармушкаю, на павідлівы (прагны да ежы) - лапшывы, на пупок (лучок на кассі) - кулька.

У кнізе шмат блізкага, пазнавальнага. Драпачык - драпцы, дромны - мамінае дромненькі прыгадваецца, дыба - бацькавае дыбака. Праўда, у азярыкоў жмінда - пляткар, а ў нас жмінда - скупеча. У азярыцкай гаворцы зьмітрэжыцца - падысці да апошняй мяжы, безнадзейна заняпасці, а ў нас мітрэжыцца - хвалявацца, мяняцца (пра чалавека і пра надвор'е).

Багата цікавых дзеясловаў. Напрыклад, аслупець - знерухомець ад нечаканасці, аслупянець; зіпаць - бліскаць, мігцець; уробіцца - забрудзіцца, замазацца; разьмяняцца - скасаваць абмен; правашчыць - змарнаваць (пра час); прыдзіраць - дадаваць што-н. у цеста, здрабняючы на тарцы; патталаніцца - пашанцаваць; зьбізаваць - моцна адхвастаць, адлупцаваць.

Захацелася запомніць дзеясловы жураць (цямнець ад гарачыні) і жжураць (пажоўкнуць, зрыжэць каля агню). Бо бывае ў мяне гэта з адзеннем, калі прыеду ў сваю родную хату і моцна печ напалю…

І зноў кліча слоўная гульня. Ізноў "адбіваю мячык": драбіна - драбіны; днушка - днюшчо; букі (лёгкае сутыкненне лбамі, у гаворцы з дзіцем) - букіш; збаёдаць (згубіць, запраторыць) - зьбіёдаць; дзыгаты (даўганогі, цыбаты) - дзыгало; брыжэ (фальбоны) - брыжы; буцяць (падгніваць) - бутляць (парахнець); закажанелы (недагледжаны, закарэлы, пра жывёлу) - закажэняны (і пра дзетак малых). У Азярычыне "картопля ўжо храстке пусьціла", а ў нас вясною "картошка хросьлі пускае". Азярыкі божую кароўку андрэйкай клічуць, а ў Слухавічах яна ядзерка. У Азярычыне гляўкач - недапечаны, глёўкі хлеб, а ў нас сказалі б ацьцесліваты. Дзюжок там - палоска зямлі, а ў нас невялікі кавалак зямлі з краю завецца канчар.

Звычайныя словы ў Азярычыне не абавязкова маюць звыклае для мяне значэнне. Напрыклад, гушкалкі - гэта па-азярыцку дрыгва. А гук - галіна дрэва (у нас жа, у Слухавічах, гук - гэта кныр).

А ёсць такія словы, што, калі не жыў у гэтай вёсцы, дык, можа, ніколі і не пачуеш. Адно палюбуешся на іх здалёк. Напрыклад: аброжа - твар, быток - невялікая мясціна пры лузе; буй - адкрытае ўзвышанае месца, якое прадзімаецца ветрам; вішар - старая няскошаная трава; лгіня - ашуканка; паманка - мянушка; браніцы - мужчынскія асобіны канапель; гурбячок - выступ на якой-н. паверхні, бугарок.

Сустракаюцца сярод словаў і паэтычныя, прыўкрасныя. Іх хочацца мець хоць у "пасіўным слоўніку" - занатаваць. Усцешылі мяне тут бялазоры (светлавокі); зарэць (світаць, займацца на зару); шарэш (замерзлы пасля адлігі снег, шарпак). А як хораша гучыць міжыкалядзь - прамежак часу ад свята Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча…

Вось так і грэлася душою, чытаючы старонкі азярыцкай гаворкі. Згадвалася сваё. Адчувала замілаванне і хваляванне - ад сустрэчы з далёкім, але блізкім і дарагім.

А наагул кніга "Слаўнае сяло Азярычына" стала для мяне працягам шчаслівага знаёмства са сп. Змітром (і завочным знаёмствам з Юрасём). Заўсёды хочацца ведаць, адкуль бяруцца людзі цудоўныя… Скуль яны тут? Знайшла - няхай сабе просты - адказ на сваё пытанне ў іх гутарцы з азярыкамі: "Чые вы? Дохтаравы? О-о-о, ета быў дохтар!"

Сваю працу браты Зміцер і Юрась прысвяцілі сваім дарагім, незабыўным бацькам - Зоні Кіршчэні і Хведару Санько.

А мне падалося, што і маім бацькам - таксама. І ўсёй Беларусі…

На фота:1. Вокладка кнігі. 2. Каменныя сякеры з ваколіц Азярычына. Захоўваюцца ў Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве. 3. Азярыцкая царква-капліца св. Кузьмы і Дзям'яна, пабудаваная ў 1813 годзе. Фота 1910 года. 4. Азярыкі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Канец 1910-х - пачатак 1920-х гадоў. 5. Вучні Азярыцкай пачатковай школы з сваёй настаўніцай Лідзіяй Рабцэвіч. Пачатак 1930-х гадоў. 6. У сібірскім выгнанні. Азярыцкі настаўнік Аляксандр Кучынскі (злева) і паэт Юлі Таўбін. Цюмень, 18 сакавіка 1935 года. 7. Адзін з першых паваенных здымкаў. Сярэдзіна 1940-х гадоў. 8. Азярыцкія жанчыны. 1960-я гады. 9. Праект помніка, прысвечанага першаму згадванню Азярычына ў пісьмовых крыніцах.

Справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" ў 2019 годзе

У 2019 годзе праведзена наступная работа:

1. 23 студзеня ў грамадскім цэнтры "Мост" адбылося сумеснае пасяджэнне раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" і грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат". На пачатку пасяджэння адбылася справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ за 2018 год, з якой выступіў старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ Аляксандр Грудзіна. Таксама перад удзельнікамі пасяджэння выступіў старшыня Магілёўскай абласной рады Таварыства беларускай мовы, пісьменнік Міхась Булавацкі. Прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні выступоўцам. Потым удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі па дзейнасці мясцовага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" і Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў". На пасяджэнні таксама адбылося абмеркаванне далейшых планаў дзейнасці арганізацыі ў новым 2019 годзе. Сярод іншых накірункаў працы вырашана зноў вярнуцца да пытання ўвекавечання ў горадзе Шклове памяці пісьменніка Міхася Зарэцкага.

2. 16 лютага ў грамадскім цэнтры "Мост" адбылося сумеснае пасяджэнне грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" і мясцовых структур: раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", партыі БНФ, Руху "За Свабоду". На пачатку пасяджэння адбыўся прагляд фільма "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", які прэзентавалі Паліна Сцепаненка, літаратар і актывіст кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" і рэжысёр фільма Віктар Траццякоў. Пасля прагляду фільма прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні аўтарм прэзентацыі фільма. Адбылася дыскусія, абмен думкамі і меркаваннямі. Другім пытаннем, якое было абмеркавана на пасяджэнні, стала стварэнне пры пры раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" аматарскага "Літаратурнага салона". З паведамленнямі выступілі Аляксандр Грудзіна, старшыня Шклоўскай суполкі ТБМ і грамадскія актывісты, аматары літаратурнай творчасці Пётр Мігурскі і Аляксандр Новікаў. Таксама з паведамленнямі выступілі прысутныя госці: Юры Нагорны, старшыня Аршанскай арганізацыі ТБМ, Леанід Падбярэцкі, сябар Руху "За Свабоду", Вольга Быкоўская, сябра Рады Руху "За свабоду", Людміла Драпеза, філолаг. Удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі. Вырашана стварыць аматарскі "Літаратурны салон" пры Шклоўскай арганізацыі ТБМ, які павінен насіць імя Міхася Зарэцкага, беларускага пісьменніка, чыё дзяцінства прайшло ў Зарэчным Шклове.

3. 20 сакавіка сябар Таварыства Аляксандр Грудзіна прыняў удзел у раённых "Краязнаўчых чытаннях імя Міхаіла Ільюшэнкі", якія мелі назву "Памяць мацней часу" і былі прысвечаны 75-годдзю вызвалення Шклоўскага раёна, дзе выступіў з паведамленнем "Халакост Шклова".

4. 18 красавіка сябар Таварыства Аляксандр Грудзіна прыняў удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Куляшоўскія чытанні", дзе выступіў з паведамленнем "Зарэчны Шклоў (погляд ў мінулае)".

5. 24 сакавіка сябры Таварыства прынялі ўдзел у святкаванні Дня Волі. Была зроблена экскурсія па знакавых для Шклова мясцінах. Потым у грамадскім цэнтры "Мост" на гістарычныя тэмы і пра сучасныя падзеі выступілі грамадскія і палітычныя актывісты.

6. 23 траўня дэлегацыя Шклоўскай ТБМ наведала горад Оршу, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

7. 22 чэрвеня дэлегацыя Шклоўскай ТБМ здзейсніла вандроўку на радзіму пісьменніка Васіля Быкава ў вёску Бычкі на Віцебшчыне.

8. 28 жніўня дэлегацыя Шклоўскай ТБМ здзейсніла вандроўку ў вёску Пагосцішчы Лёзненскага раёна на Віцебшчыне, дзе прыняла ўдзел у адкрыцці помніка Ігнату Будзіловічу, удзельніку паўстання 1863 года.

9. 30 кастрычніка сябар Таварыства Аляксандр Грудзіна прыняў удзел у раённых "Краязнаўчых чытаннях імя Міхаіла Ільюшэнкі", дзе выступіў з паведамленнем "З гісторыі каталіцкіх святынь Шклова".

10. 8 снежня ў грамадскім цэнтры "Мост" адбылося пасяджэнне літаратурна-мастацкага салона імя Міхася Зарэцкага. З паведамленнямі і асабістымі літаратурна-мастацкімі творамі выступілі Рыгор Кастусёў, Пётр Мігурскі, Аляксандр Грудзіна, Леанід Осіпаў, Міхаіл Кучарэнка, Аляксандр Новікаў, Людміла Азарэвіч. Таксама на пасяджэнні выступілі госці з Менска, Магілёва і Оршы. Кульмінацыяй літаратурнага свята стаў выступ Сяржука Доўгушава - спевака, папулярызатара беларускага фальклору, лідара этна-гурта Vuraj. Ён праспяваў песні на вершы Уладзіміра Караткевіча. Граў на гітары, дудцы, ліры.

11. Сябрамі таварыства праведзены некалькі экскурсій і сустрэч з навучэнцамі школ раёна, вернікамі касцёла Пятра і Паўла і гасцямі горада па гістарычна-краязнаўчай тэматыцы.

12. Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, П. Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага накірункаў друкаваліся ў газеце ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" "Наша слова", а таксама ў выданнях: раённай газеце "Ударны фронт", часопісе "Наша гісторыя", рэгіянальным інтэрнэт-партале www.6tv.by "Магілёўскі рэгіён" і іншых беларускіх інтэрнэт-выданнях.

13. Сабраны і пералічаны фінансавыя ахвяраванні на дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

14. У бягучым годзе раённая арганізацыя ТБМ панесла страты. У лютым гэтага года адышоў у іншы свет сябар Таварыства з моманту ўтварэння адпаведнай структуры ў Шклоўскім раёне журналіст, літаратар, краязнаўца Лявон Міхайлавіч Анціпенка. Літаратурную дзейнасць ён пачаў яшчэ вучнем школы. Яго байкі, вершы, пародыі, апавяданні друкаваліся ў газетах "Магілёўская праўда", "Звязда", "ЛіМ", "Чырвоная змена", у часопісах "Вожык", "Полымя" і іншых выданнях. Лявон Міхайлавіч выдаў некалькі зборнікаў вершаў, прозы, эпіграм і пародый. Гэты быў цікавы і добразычлівы чалавек, які валодаў вельмі глыбокімі і разнастайнымі ведамі. Быў ён заўсёды неабыякавы да шматлікіх падзей, якія адбываліся ў жыцці сучанага грамадства. Яго ведалі і паважалі многія жыхары Шклова.

Старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ А. Грудзіна.

ТБМ - у школу

Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва - гэта праца з навучальнымі ўстановамі. Бо, як вядома, дзеці - наша будучыня, а таму сябры нашай арганізацыі частыя госці ў школах, садках і ВНУ. Вось і мне 9 снежня прыйшлося наведаць Камінтэрнаўскую сярэднюю школу ў мястэчку Палыкавічы Магілёўскага раёна. Распавёў вучням спачатку пра цікавосткі менавіта іх мястэчка Палыкавічы, пра старажытнае гарадзішча Барсукова горка, якое даследаваў археолаг Васіль Тарасенка ў 1930-х гадах, пра князёў Ладамірскіх, маёнтак якіх быў яшчэ на пачатку 20-га стагоддзя, пра Палыкавіцкую крыніцу і старажытны дуб, у дупло якога памяшчалася 6 дарослых чалавек! Шкада, але дуб спілавалі пры "добраўпарадкаванні" на пачатку 2000-х, зруйнавалі старажытную капліцу ад дарэвалюцыйнага манастыра…

Пасля кароткага экскурсу па гісторыі малой радзімы шкалярам з дапамогай фотапрэзентацыі распавёў гісторыю роднага горада Магілёва. Калісьці наш горад быў самым заможным на тэрыторыі Беларусі, і мне заўсёды ёсць пра што весці размову. Калі паказваў фотаздымкі велічных храмаў і палацаў, распавядаў пра знакамітых магілёўскіх дзеячаў, то вучні дужа здзіўляліся таму, што наш горад быў калісьці такі незвычайны і прыгожы.

… Напрыканцы нашай сустрэчы паказаў гістарычны мультфільм "Аповесць мінулых часоў" пра паходжанне гербаў абласных гарадоў нашай краіны.

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

"Купалаўскі"

У снежні пазнаёміўся з першым нумарам тэатральнага часопіса з такой назвай. Яго наклад 100 асобнікаў. Асабіста мяне ўразіла маштабная пяшчотная панарама дынастыі, а таксама смелая гісторыя выбару свайго шляху, якая паўстае з аповяду зоркі Купалаўскага тэатра сп. Зоі Белахвосцік. Цікава было пачытаць байку славутага народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава... Загадчыца літаратурна-драматычнай часткі сп. Вольга Бабкова распавядае пра гісторыю тэатра і будынка, а вось генеральны дырэктар тэатра сп. Павел Латушка расказвае пра тое, як кіраваць такой махінай і як яму працуецца з шалёнымі купалаўцамі...

Захавальніца архіва сп Ірына Сцяклова дастала з тэчак далікатныя і вінтажныя эскізы дэкарацый і касцюмаў...

Абавязкова раю праглядваць неверагодныя здымкі з прэм'еры спектакля "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Каб зразумець, адкуль уся фантастычнасць бярэцца, аўтары пагутарылі з пастановачнай камандай, якая з радасцю прадставіла плён сваёй працы і яго закуліссе.

Алена Ганум кажа слова пра долю рэжысёра, Сяргей Кавалёў распавёў пра суплёт кодаў Яна Баршчэўскага і працу над інсцэніроўкай, а мастакі Кацярана Шамановіч і Сяргей Ашука адказваюць за візуальны бок спектакля, а ў фінальным супрацьстаянні зышліся выканаўцы галоўных роляў Іван Кушнярук і Іван Трус.

Кіраўніком праекта "Купалаўскі" з'яўляецца Вольга Кулікоўская, а аглядальнікамі працуюць наступныя асобы: Надзея Аўхукова, Вольга Бабкова, Валерыя Міхалевіч, Вераніка Молакава, Марыя Пушкіна, Ірына Сцяклова...

Вёрстку і ілюстрацыі таленавіта зрабілі: Наста Камінская і Арцём Цімашэнка. Часопіс зроблены з вялікім густам і каштуе 5 рублёў. Яго мажліва набыць у касе тэатра.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

"БЕЛЫЯ ВАРОНЫ" з Каханавічаў

"БЕЛЫЯ ВАРОНЫ" гняздуюцца ў Каханавічах ужо больш за 30 гадоў і юбілейнай даце была прысвечана ўрачыстая вечарыны ў мясцовым клубе, на якую сабралася не толькі "вараннё", але і "сарокі" з "верабейкамі". Бо за столькі год свайго існавання клуб "Белыя вароны" папоўніў сваю птушыную зграю "бабулькамі-сарокамі" і "птушанятамі-верабейкамі", якія і зляцеліся на віншавальную сустрэчу, запрасіўшы на яе месцічаў, сяброў з Верхнядзвінска, кіраўніцтва аддзела культуры і раённай бібліятэкі, мясцовую ўладу.

- А пачыналася ўсё нават крыху раней, чым 30 год назад, --кажа кіраўнік клуба Пётра Квяцінскі, і сам здзіўляецца таму, колькі год праляцела. - На самай справе я займаюся гэтым ўжо 40 год: спачатку быў "вузкі профіль" - ровар, потым з'яілася цікавасць да краязнаўства.

Мы "круцілі педалі" не толькі па Беларусі, даехалі да Адэсы і Карпатаў, былі ў многіх куточках Расіі і Прыбалтыкі, наведвалі нават Польшчу. Аб'ехалі амаль ўсе каталіцкія і праваслаўныя храмы Віцебшчыны.

Галоўная місія нашага клуба - здаровы лад, і таму праз некаторы час мы, першыя ў раёне, распачалі маржаванне ў мясцовай сажалцы, і да нас пачалі з'язджацца нашы прыхільнікі нават з горада і многія зараз з'яўляюцца ганаровымі сябрамі клуба, нават пакінуўшы межы нашага раёна. Але гэта не замінае нам сустракацца, - распавядаў на вечарыне Пётра Квяцінскі.

Краязнаўчы накірунак ў працы клуба даў магчымасць больш даведацца пра знакамітага земляка, паходжаннем з Каханавіч, вядомага паэта, этнографа Ігната Храпавіцкага, якому была прысвечана адна з міжнародных канферэнцый, што прайшла на яго радзіме яшчэ ў савецкія часы, і зараз гэта традыцыя адноўлена, калі вядомыя навукоўцы з Полацка, Віцебска і Менска прыязджаюць у Каханавічы. Мясцовая ўлада распачала добраўпарадкаванне парку, якому нададзена імя Храпавіцкага, працу ў якім грамадскія актывісты раёна распачыналі яшчэ тады, каля Пётра Квяцінскі быў дэпутатам мясцовага Савета і нарадзілася ідэя стварэння Камітэта грамадскага самакіравання пад патранажам абласной філіі "Фонду імя Л. Сапегі". Пра што сведчыць адзін з архіўных бюлетэняў філіі.

Клуб стаў месцам сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі, а С. Панізнік прысвяціў клубу такія радкі:

Людзі тут жывуць

Нябедныя,

Бо й вароны нашы -

Белыя.

Для прыдзвінскае кароны

Перлы - "Белыя вароны"

і падарыў клубу адмысловую шыльду для клубнага музея, па якой можна зразумець, што "вароны" сталі на крыло, і што надалей яны застануцца "ненажэрнымі" ў добрых справах і пачынаннях.

Так "нарадзіўся" клуб "Сарокі", што сабраў мясцовых актыўных жанчынак, якія не толькі бавяць час у клубе з "варонамі", але далучаюцца да агульных добрых справаў. Варта ўзгадаць "Вечары на балконе", калі не толькі мясцовыя артысты, але і грамадскія актывісты з Цэнтра падтрымкі грамадскіх арганізацый "Рубон" прыязджалі з канцэртамі ў Каханавічы. Але спачатку - нейкая добрая справа, як напрыклад, добраўпарадкаванне мясцовага парку, які зараз набывает абрысы ўтульнага куточка для адпачынку сяльчан, а потым - канцэртная праграма.

Далучэнне моладзі да здаровага ладу жыцця пра карысныя справы і інфармацыйную працу пра шкоду алкаголю і курэння, і вось нараджаецца новая ініцыятыва - праехаць па найбольш буйных населеных пунктах раёна з асобнай праграмай, у якой - спартыўныя спаборніцтвы, ровара-заезды, віктарыны. Так "нарадзіліся "Верабейчыкі" - клуб для падлеткаў. Праўда, такія мерапрыемствы зараз ўжо ў архіве "Белых варон" і цэнтра "Рубон". Шкада.

На святочнай вечарыне гучалі словы віншаванняў ад раённай і мясцовай улады, сяброў па клубе, а таксама гасцей, якія прыехалі з Дрысы з пажаданнямі клубу, яго кіраўніку Пятру Квяцінскаму папаўнення ў шэрагах "птушынай зграі" і плёну ў карысных справах для грамадскасці.

Валянціна Болбат, Верхнядзвінск, ТБМ.

Ад Лідскага ТБМ - Слуцкаму ТБМ

23 снежня ў Слуцкім таварыстве беларускай мовы выступіў бард з Ліды, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Чарняк.

Мерапрыемства было прысвечана 30-годдзю заснавання ТБМ імя Ф. Скарыны. У пачатку імпрэзы старшыня Слуцкага ТБМ Зінаіда Цімошак выступіла з уступным словам, у якім распавяла пра нялёгкія ўмовы, у якіх прыходзіцца займацца папулярызацыяй беларускай мовы ў Слуцку.

На вечарыне прысутнічаў 21 чалавек. Случчанам вельмі спадабаўся выступ лідскага барда Сяргея Чарняка, які валодае выдатным голасам. Да таго ж ён вельмі пазітыўны выступоўца і ўмее развесяліць публіку. Сваімі чароўнымі песнямі і жартамі Сяргей Чарняк стварыў атмасферу свята і падняў настрой перад Калядамі і Новым годам.

Лічу, што цудоўнае выкананне сваіх песень Сяргеем Чарняком, песень на словы Багдановіча, з рэпертуару Лявона Вольскага і Вайцюшкевіча надоўга запомніцца жыхарам Слуцка. Сапраўдны артыст, ён добра ўмее заводзіць аўдыторыю. Случакі спявалі разам з ім і калядныя песні, і Пагоню. "Пагоню" спявалі стоячы.

Удзельнікі гумарыстычнага гуртка пры Слуцкім ТБМ паказалі сцэнкі пра адпачынак даяркі і "выхад кіраўніка краіны ў народ". Случчане разышліся ў добрым настроі пасля агульнага здымка.

Зінаіда Цімошак, старшыня Слуцкага ТБМ.

Вечарына памяці Анатоля Белага

10 - га снежня 2019 года Анатолю Беламу, беларускаму грамадска-культурнаму дзеячу, вучонаму, мастацтвазнаўцу споўнiлася б 80 гадоў. Ён нарадзiўcя ў 1939 годзе ў Старых Дарогах Менскай вобласцi. Як бачым, яго дзяцiнства з дня нараджэння прыпадае на Другую сусветную вайну. Магчыма, яго першымi цацкамi былi cтрэляныя гiльзы вiнтовачных патронаў. Пасля вайны з 1947 па 1957 год вучыўся ў школе. Пасля школы паступiў y Выбаргскае авiяцыйна-тэхнiчнае вучылiшча. Пасля вучобы лёс закiнуў яго на службу ў далёкую Якуцiю. Вiдаць, ён не збipaўcя свой лёс надоўга звязваць з авiяцыяй, таму змянiў вiд сваёй дзейнасцi i паступiў y Якуцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт. Праз нейкi час вярнуўся ў Менск i прадоўжыў вучобу ў БДУ, якi закончыў у 1967 годзе. З гэтага моманту пачала стварацца, выбудоўвацца яго багатая, адметная, насычаная бiяграфiя.

Кола яго дзейнасцi acэнсаваць немагчыма. Пасля заканчэння БДУ Анатоль Белы працаваў вучоным сакратаром музея Вялiкaй Айчыннай вайны, быў першым дырэктарам мемарыяла Хатынь i Курган Славы. Акрамя асноўнай працы ён займаўся калекцыянaваннем мастацкix вырабаў i гiстарычных экспанатаў, датычных да гicторыi Беларусi. Яго калекцыя была даступна для ўсix людзей. Сам ён ладзiў тэматычныя выставы, прысвечаныя гiстарычным падзеям у Беларусi. Шмат экспанатаў сваёй калекцыi ён перадаў iншым музеям Беларусi. У яго калекцыi назапасiлася больш за тры тысячы мастацкix эартэфактаў, таму прышлося ставараць музей. На яго стварэнне патрабавалася некалькi гадоў. Урачыстае адкрыццё музея ў Старых Дарогах адбылося ў лicтападзе 1999 года.

Анатоль Белы з'яўляецца iнiцыятарам i заснавальнiкaм шэрагу часопicaў, адзiн з ix беларуска-амерыканскi часопic "Полацак", ганаровым сябрам рэдакцыi якога ён з'яўляўся. З удзелам Анатоля Белага i па яго iнiцыятыве выдавалicя гiстарычныя альманахi, тэматычныя календары, прысвечаныя Беларусi. Ён аўтар звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва i яго гiсторыю.

Анатоль Белы браўся за любую справу, яго не палохалi цяжкасцi. Ён з'яўляецца iнiцыятарам i арганiзатарам усталявання помнiкa Maкciму Багдановiчу ў расiйскiм горадзе Яраслаўлi. У горадзе Зэльва Гарадзенскай вобласцi ўсталяваны помнiк Ларысе Генiюш. У знакамiтым дворыку БДУ я ўпершыню пабываў у снежнi 2014 года. Мы, некалькi cяброў клуба Спадчына наведалicя туды ў дзень 75-годдзя Анатоля Белага. Тое, што я там убачыў, мяне вельмi ўразiла. Гэтыя помнiкi, якiя там устаноўлены намаганнямi Анатоля Белага, могуць увекавечыць, ды яны i ўвекавечылi яго iмя. У помнiкax тут сабраны разам шэраг знакамiтых гiстарычных асоб Беларусi. Перш-наперш кiдаецца ў вочы велiчны помнiк Eфрасiннi Полацкай. Тут жа помнiкi Kipылу Тураўскаму, Францішку Скарыну, Мiкoлу Гусоўскаму, групавы помнiк C. Буднаму i В. Цяпiнскаму. Анатоль Белы датычны i да ўсталявання помнiкaў y iншых гарадах i мясцiнах Беларусi. Вялiкi дзякуй усiм тым скульптарам, якiя стварылi гэтыя шэдэўры.

Галоўным для яго тварэннем, на маю думку, быў грамадска-асветнiцкi клуб "Спадчына". Ён быў заснавальнiкaм клуба (1984) i яго старшынём. Анатоль Белы карыстаўся вялiкiм аўтарытэтам i даверам. Сябрамi клуба "Спадчына" былi знакамiтыя асобы Беларусi, такiя як Анатоль Грыцкевiч, Адам Мальдзic, Васiль Быкаў, Рыгор Барадулiн, Мiкoла Савiцкi, Георг Штыхаў, Мixacь Карпук, Леанiд Лыч, Аляксей Саламонаў, Мiкoла Ермаловiч, Мiкaлай Несцярэўскi, Уладзiмip Coдаль, Анатоль Валахановiч, Яўген Гучок, Надзея Сармант ды iншыя. Cябрамi клуба з'яўляюцца жонка Анатоля Белага Ала Белая i дачка Святлана Белая. Гэта гаворыць аб тым, што сям'я падтрымлiвала яго i працягвае яго справу.

Ён з'яўляўся сябрам Саюза мастакоў з 1995 г. i сябрам Саюза беларускix пicьменнiкaў з 1999 г.

Гэта далёка не поўны пералiк таго, што паспеў зрабiць Анатоль Белы.

6-га снежня 2019 года сваякi i cябры Анатоля Белага, сябры клуба "Спадчына" сабралicя ў сядзiбе ТБМ iмя Францiшка Скарыны, каб адзначыць яго 80-годдзе з Дня народзiнаў. Сярод прысутных былi Леанiд Лыч, Мiкoла Савiцкi, Cымон Барыс, Вiктар Хурсiк, Алесь Цыркуноў, Надзея Сармант, Яўген Гучок, Мiкoла Лавiцкi, Уладзiмip Paманоўскi, Аляксей Будзянок ды iншыя. З уступным словам выступiла Алена Анiciм, старшыня ТБМ iмя Францiшка Скарыны. Кожнаму з прысутных хацелася выступiць, штосцi ўспомнiць, сказаць добрыя словы пра Анатоля Белага. Мiкoла Лавiцкi i Уладзiмip Paманоўскi паказалi пра яго вiдэафiльмы са сваix apxiваў. Яўген Гучок выдаў кнiгу "Трыяда Анатоля Белага", якую атрымалi ўce пpысутныя.

Вечарыну, прысвечаную Анатолю Беламу, падрыхтавалi Ала Белая i Святлана Белая.

Матэрыял падрыхтаваў Iлля Копыл, сябар клуба "Спадчына", сталы падпicчыкгазеты "Наша слова".

Беларускі народны каляндар на 2020 год

Народны каляндар - гэта фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

У народным календары на 2020 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.

У наступным, 2021, годзе па каталіцкай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) 4 красавіка і па праваслаўнай - 2 мая.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашых кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002) і інш.

Студзень

1. с. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.

6. п. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз'яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".

7. а. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд."Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

9. ч. Сцяпан. Дзень найму слуг, батракоў у мінулым. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана".

13. п. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня."Мароз, хадзі куццю есці".

14. а. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

18. сб. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".

19. н. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".

20. п. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. пт. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце".Фядос."На Фядоса цёпла".

25. сб. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел."Вее вецер - будзе вайна".

31. пт. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".

Люты

1. сб. Ігнат. "На Святога Ігната зіма багата".

2. н. Грамніцы, Стрэчанне."Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца".

5. с. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты".

6. ч. Дарота."Па Дароце высахнуць хусты на плоце". Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце".

10. п. Пачатак Памінальнага, Дзедавага тыдня.

11. а. Ігнат."Ігнат Грамніцам рад".

14. пт. * Дзедава пятніца.Валянцін. Свята закаханых. Трыфан."На Трыфана зорна - вясна позняя".

15. сб. * Стрэчаньскія Дзяды. Грамніцы, Стрэчанне."Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася". "На Грамніцы палавіна зіміцы".

18. а. Агата. Каровіна свята.

15. сб. * Памінальніца . Канец Памінальнага тыдня. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".

24. п. * Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны, Масленічны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам. * Дзень сустрэчы на Масленым тыдні. Мацей."На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз". Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас".

25. а. * Заляцанне на Масленым тыдні.

26. с. * Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў, да 11.04). * Лысая серада. Праталіны-залысіны. Фаціння. Заступніца ад хвароб (ліхаманак, трасцы і інш.).

27. ч. * Блакітны чацвер.Тумановы дзень. * Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".

28. пт. * Цешчыны вечары.

29. сб. * Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі". * Залвіцыны вячоркі.

Сакавік

1. н. * Масленіца."Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". * Развітальны, або Дараваны дзень. * Гуканне вясны. "Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці". На Палессі вадзілі карагоды, "спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком.

2. п. * Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту (да 18.04). Паласкалі зубы гарэлкаю.

4. с. * Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень. Казімір."Святы Казімір дровы сякець і ў клад кладзець".

7. сб. * Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі".

8. н. * Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. "Святы Ізбор упярод ступіць". Пачатак збору ў поле.

9. п. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. ч.Рыгор."На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".

13. пт. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. сб. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі". (1.03 Новы год (Новае лета) у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). "Святы Еўдакей … пераступ года".

15. н. Хвядот."На Хвядота занос - усё сена знясе".

17. а. Герасім Гракоўнік."Герасім гракоў прыгнаў".

19. ч. Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту" (забарона на шлюб). "На Язэпа пагода - год ураджайны".

20. пт.Веснавое раўнадзенства ў 03.50 г.

22. н.Саракі. Было Новым годам/летам. Свята вясновага раўнадзенства. "Дзень з ноччу мераецца". "Святыя Саракі наперад пайшлі". Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Пліска."На святога Пліска праб'ець лёд і пліска".

23. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна".

25. с. * Серадапосце. Выпякалі "храстцы". Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам/летам. "Перша свята - нова летца, Благавешчан зямлю сушыць". Рыгор."На Рыгора зіма ідзе ў мора".

26. ч.Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.

30. п. Пачатак * Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца". Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".

Красавік

1. с. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

3. пт. * Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

4. сб. * Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

5. н. * Пальмова нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю".Арына."На Арыну сей капусту ў расадніках".

6. п. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".

7. а. Дабравешчанне."Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "Страла".

8. с. Благуста."На Благусту сей капусту".

9. ч. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".

12. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ у католікаў. * Вербніца.

13. п. Пачатак * Белага, Вялікага, тыдня. * Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

14. а. * Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер". Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. с. * Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае. Палікарп. "Пачатак бясхлебіцы".

16. ч. * Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця дзежкі. Мікіта."Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".

17. пт. * Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох.

18. сб. * Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

19. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ."Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!". Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня".

20. п. Працяг * Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць".

21. а. Руф. Руф рушыць снягі.

22. с. * Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень."Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".

23. ч. * Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. * Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою. Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я", "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла". Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. пт. * Прашчэнне. Абліваліся вадою. Анціп - ахоўнік зубоў.

25. сб.Марк."Дождж на Марка, дык зямля як шкварка".

26. н. * Праводная нядзеля."Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".

27. п. * Радаўнічныя Дзяды.

28. а. * Радаўніца."На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць".Пуд."Пуд снег пугне".

29. с. Арына."На Арыну сей капусту на расаду".

30. ч. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Травень

1. пт. Кузьма."Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".

3. н. * Міраносцы."На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця".

4. п. Пачатак * Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.

5. а. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады. "Благаславі, маці,/ Ой, Лада, маці!/Вясну заклікаці".

6. с. * Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "Страла".

7. ч. Алісей."Прыйшоў Алісей - авёс пасей". Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. пт. Станіслаў."Сей лён на Станіслава - вырасце як лава". Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як шкварка". Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. с. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. ч. Макарэй. Абрады ля вады.

15. пт. * Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.). Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. п. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. с. Антоній."На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".

21. ч. * Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".

22. пт. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна."Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".

23. сб. Зілот."Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".

24. н. Макей."Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры, і лета будзе мокра.

25. п. Епіфан."На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".

27. с. Сідары."Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. ч. * Ушэсце. Абрад "Страла". Пахом."Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29. пт. Магдалена."Зязюльку прысылае".

31. н. * Сёмуха, Зялёныя святкі, Святы Дух. Свята зелені. "На Духа будзе цёпла і суха". Шэсць дзеў."Лён сей позні". Канапелька Матруна."У зямлю махнула". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка".

Чэрвень

2. а. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".

3. с. * Градавая серада. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. ч. Васіліск."Ад Васіліска і салавей блізка".

5. пт. * Сёмушныя Дзяды. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

6. сб. * Духавая субота, Зялёная субота.

7. н. * Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". Ян."Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".

8. п. * Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...".

9. а. * Конскі Вялікдзень. Свята коней.

10. с. * Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.

11. ч. * Божае цела. * Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.

13. сб. Ерамей.Антоні."Антоні, аддай коні".

14. н. * Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. * Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

15. п. * Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліп. "Пятроўка-галадоўка".

16. а. Лук'ян. Паўднёвы ве-цер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.

18. ч. *Дз явятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеўяць ягодзін на ветцы".

19. пт. * Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы.

20. сб.Летняе сонцастаянне ў 21.44 г.

21. н. Тодар."На Тодара раса - канапель паласа".

22. п. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. а. Купала. У старажытн. - Новы год/лета.

24. с. Ян Купальны."Сонца грае".

25. ч. * Дзясятнік. "Дзесятнік гнаі возіць". Анапрэй."Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".

26. пт. * Дзясятка."Косы точыць". "Жыта паспявае". Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост. Каровы "зыкуюць".

28. н. Амос."Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".

29. п. Ціхан."Пеўчыя птушкі заціхаюць". Пятрок."Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

Ліпень

6. п. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне".

7. а. Іван Купала."Учора была Купала, а сёння Іван".

8. с. Данат. "Святы Данат коскі точыць".

10. пт. Самсон."На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". Сем братоў."Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

12. н. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. п. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда."На Сымана й Юды конь баіцца груды".

14. а. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".

17. пт. Андрэй."Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. сб. Свята Месяца. " Месяц гуляе".

21. а. Казанская, Градавы дзень. Засцераганне ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп."Пракоп бок прыпёк".

25. сб. Якуб."На Якуба хлеба поўна губа".Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос.

26. н.Ганна. Снапы кладзе. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду.

29. с. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

31. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў перад жнівом.

Жнівень

1. сб. Макрыны."Глядзі восень па Макрыні".

2. н. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля". "Укінуў у ваду кусок ільду".

4. а. Мар'я."Магдалена - вады па калена".

6. ч. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".

7. пт. Ганны."Святы Ганны бабкі стаўляюць".

9. н. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

10. п. Лаўрын."На Лаўрына спяшай да млына".

12. с. Сіла. Жыта сей.

14. пт. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.

15. сб. Прачыстая, Зельная."Прыйшла Прачыста - стала поле чыста". Базыль."Базыль авечкам воўну дае".

16. н. Антоны Віхравеі. Рох."Кірмаш на паненак" - дзень выглядання нявест.

17. п. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. с. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. н. Лаўрэн - свята млынара. "Баўтрамей і Лаўрын паказваюць, якая прыйдзе восень".

24. п. Баўтрамей."Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. ч. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. пт. Прачыстая, Зельная. Свята ўраджаю.

29. сб. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".

30. н. Міроны Ветрагоны."Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".

31. п. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. Сухая навальніца, або дождж.

Верасень

5. сб. Лупа."Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. п. Баўтрамей."Жыта на зіму сей".

8. а. Другая Прачыстая."Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. ч. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. пт. Калінавік, Іван Крываўнік."Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й сам упрашу".

13. н. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. п.Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Бабіна лета.

19. сб. Цуды, Міхал."Міхал з поля спіхаў".

21. п. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

22. а. Асенняе раўнадзенства ў 13.31г.

24. ч. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

26. сб. Стаўроўскія Дзяды.

27. н. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі - у кучу.

29. а. Міхал."Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў".

Кастрычнік

2. пт. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.

3. сб. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветру.

4. н. Пранцішак, Францішак."На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. ч. Сяргей."З Сяргея пачынаецца зіма". Жалезны тыдзень. Чысцілі жалезныя рэчы.

9. пт. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест. "Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова".

14. с. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.

21. с. Трыфан, Палагея."Золкім ветрам вее".Зміцер. "Да Змітра баба хітра".

25. н. Марцін - свята млынароў. Частаваліся гусяцінай на млынавым крузе. "Марцін святы - любіцель гагаты".

28. с. Сымон і Юда."Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. ч. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. пт. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. сб. Лука."Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. н. Усе святыя.

2. п.Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень.

4. с. Казанская."Да Казанскай - не зіма, а пасля - не восень; зранку дождж, з вечара - снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі".

7. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды."Святыя дзяды, завём вас...".

8. н. Зміцер."Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. п. Тодар."На Тадора поўна камора".

10. а. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. с. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".

12. ч. Артошка. Пачатак прадзення.

14. сб. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. сб. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. н. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".

24. а. Хвёдар Студзянец."Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. с. Кацярыны."Кацярына забрала лета".Іван Міласцівы. Дзень падарункаў.

27. пт. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. сб. Піліпаўка - перадкалядны пост (да 06.01).

29. н. Адвент. Перадкалядны пост. Мацей. "На Мацея зіма пацее".

30. п. Андрэйкі. Дзявочае свята.

Снежань

4. пт. Барбара."Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла".Увядзенне. Водзяцца ваўкі.

5. сб. Пракоп.Савы."Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. н.Мікола. " Хвалі зіму па Міколе". Матрыхваны. Не пралі.

7. п. Кацярыны."Забрала край лета".

9. с. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны."Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні".

13. н. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. п. Навум."Наставіць на вум". Пачыналі вучыць дзяцей грамаце.

17. ч. Варвары."Мікола і Варвара ноч урвалі".

18. пт. Савы, Міколін бацька."Сава мосце, а Мікола гвоздзе".

19. сб. Мікола Зімовы."Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".

21. п. Зімовае сонцастаянне ў 10.02 г.

22. а. Ганны. " Ганны - прыбавіцца багата дня". "Ганкі - палічаны дзянькі".

24. ч.Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. пт.Божае Нараджэнне. Было Новым годам. "Свята Ражаство упярод пашло, новы гадок павёў радок". Спірыдон Сонцаварот.

26. сб. Сцяпан. Дзень найму парабкоў у мінулым. "Кожны сабе пан".

31. ч.Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты. Марк."Марка да Варка - няхай будзе парка".

Алесь ЛОЗКА, фалькларыст.

Светлыя краявіды тонкага і інтэлігентнага мастака

Творчасць свайго бацькі, выдатнага майстра краявідаў, беларускага жывапісца другой паловы ХХ стагоддзя Пятра Пятровіча Шарыпы (1942-2013) папулярызуе яго дачка Алена Шарыпа. Тыя, хто прыйшоў на яго выставу "Святло і паветра" ў галерэю "Атрыўм", адразу ўзгадалі лепшыя моманты дзяцінства: далягляды, якія напаўнялі душу радасцю, блуканні па лясных сцяжынках з кошыкам, незабыўны блакіт азёр і рэчак.

На працягу амаль саракагадовага творчага шляху Пётр Шарыпа стварыў шэраг палотнаў у розных жанрах жывапісу: партрэт, тэматычная карціна, нацюрморт, пейзаж, але самымі эмацыянальнымі і запамінальнымі яго палотнамі сталі менавіта пейзажы.

Рамантычны краявід - найбольш выразны накірунак у творчасці Пятра Шарыпы. Ён працягваў традыцыі беларускіх пейзажыстаў, якія развівалі Фердынад Рушчыц, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі.

Дзіця вайны, якое маці хавала ў лесе ад карнікаў, прыкрываючы кустамі, зведала жыццё ў зямлянцы і голад, узрасло ўражлівым, прагным да ведаў. Вучань Арашкаўскай школы Віцебскай вобласці сямігадовы Пятрок захапіўся каляровымі рэпрадукцыямі Куінджы і Левітана на вокладках першых пасляваенных падручнікаў і імкнуўся навучыцца маляваць.

У 1960-тым годзе ў Віцебску ён паступіў на мастацка-графічны факультэт педынстытута, некаторы час працаваў настаўнікам на вёсцы. Працягнуўшы навучанне ў Менску ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў такіх настаўнікаў, як Хаім Ліўшыц, Май Данцыг, Натан Воранаў, ён вывучаў сродкі выразнасці і выпрацоўваў свой жывапісны стыль.

Выезды на пленэры ў розныя куткі Беларусі, шматгадзінныя назіранні за зменамі ў прыродзе - за свячэннем паверхні возера і дыханнем паветра, за фарбамі і пахам кветак - наталялі душу і прыносілі авалоданне сакрэтамі майстэрства.

Чулы педагог, Пётр Пятровіч Шарыпа шмат гадоў выкладаў у Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка і далучаў сваіх выхаванцаў да рэалістычных традыцый мастакоў мінулага, такіх, як І. Шышкін, І. Левітан, К. Каровін. Шмат таленавітых дзяцей прайшло праз яго майстэрню, сваю манеру пісьма і свой шлях знайшлі яго вучні Алесь Пушкін, Ларыса Журавовіч, Аляксандр Сільвановіч і іншыя.

У галерэі "Атрыўм" у Нацыянальнай бібліятэцы мы сустрэліся з дачкой мастака Аленай Пятроўнай Шарыпай. Спадарыня Алена - таксама жывапісец. Свае першыя малюнкі яна пачала рабіць, назіраючы за татам на вёсцы ў бабулі на Віцебшчыне. З 14-ці гадоў сумесныя падарожжы на Аршаншчыну, у Крэва, Браслаў, Слабодку прывілі ёй любоў да беларускага архітэктурнага краявіду, таму яе дыпломная праца па заканчэнні Беларускай акадэміі мастацтваў была прысвечана архітэктуры старажытнага мястэчка Гальшаны.

Выстава "Святло і паветра", прысвечаная Году малой радзімы, была арганізавана праз супрацоўніцтва Алены Шарыпы з выставачным аддзелам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і будзе доўжыцца да лютага 2020 года.

- Спадарыня Алена, ці не ўзгадаеце, хто надаў Пятру Пятровічу імпульс як будучаму мастаку?

- У дзяцінстве тата жыў у цётцы Матроны і дзядзькі Віктара ў Арэхаўску і вучыўся ў сярэдняй школе. Яго настаўніца па маляванні Ніна Дзям'янаўна Афанассева, якая паходзіла са старажытнага дваранскага роду, пазнаёміла з дарэвалюцыйнымі кнігамі з рэпрадукцыямі мастакоў.

- Каго з жывапісцаў ён больш любіў?

- Карціны Ісака Левітана "Залатая восень" і Архіпа Куінджы "Бярозавы гай" выклікалі ў яго неверагоднае захапленне! У старэйшых класах разам са сваім сябрам Васілём Аланццевым ён заняўся капіраваннем алейнымі фарбамі рэпрадукцый з часопіса "Огонёк". Выпускнік Віцебскага мастацкага вучылішча Мікалай Кісялёў параіў яму паступіць на мастацка-графічны факультэт у педынстытут у Віцебск. Там ён пачаў пісаць першыя акварэльныя працы. Жывапісная культура сфарміравалася ў яго дзякуючы Пятру Крохалеву, Натану Воранаву і Маю Данцыгу ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Кожны мастак - непаўторная індывідуальнасць, цэлы свет.

- Якія карціны Вам найбольш дарагія?

- Яго ранейшыя працы стылёва адрозніваюцца. Ім характэрны шырокі пастозны мазок як у Канстанціна Каровіна і Ленарда Туржанскага.

З ранейшых мае любімыя карціны - "Вясновае срэбра", "У блакіце", "Адліга". Потым ён пачаў пісаць больш тонкіх эцюдаў.

Пазнейшыя яго працы, такія, як "Касцёл францысканцаў", больш дэталёва прапісаныя. Былі ў яго кампазіцыі на тэму вайны, такія, як "Вяртанне з роднай вёскі".

- На палотнах мы бачым выявы Вашай матулі, жонкі мастака Людмілы. Дзе тата сустрэў сваю абранніцу?

- У менскім тралейбусе. Ёй быў 21, а яму - каля трыццаці. Увечары яна вярталася з курсаў машыністак, а ён - з заняткаў у інстытуце. Яе вельмі ўразіла, што ён жыве светам мастацтва.

Хаця яна паходзіла з простай сям'і, сярод яе сваякоў па дзеду быў выкладчык беларускай мовы і літаратуры, у далейшым - прафесар і акадэмік Міхась Лазарук.

- Пётр Пятровіч удзяляў шмат часу сваім выхаванцам?

- Яны з вучнямі часта ездзілі ў Полацк, Кіеў, Маскву. У праграму навучання ўключаліся экскурсійныя праграмы, вывучэнне архітэктуры, наведванне музеяў.

Калі мне споўнілася 13 гадоў, пасля летніх вакацый, ён заўважыў, што ў мяне пачалі атрымлівацца ўдалыя працы. Я вучылася ў мастацкай школе, потым - у Рэспубліканскім каледжы па музыцы і выяўленчым мастацтве, дзе выкладаў тата, і ў Акадэміі мастацтваў.

- Пётр Пятровіч Шарыпа быў вельмі сціплым, інтэлігентным і не эпатажным мастаком, чалавекам высокай культуры і светлай душы.

- Ён вельмі любіў прыроду Аршаншчыны. Часта хадзіў у лес на дзялянку з эцюднікам, перадольваючы пешшу многія кіламетры. У прыродзе ён знаходзіў спакой і суцяшэнне ад многіх турботаў і хваляванняў.

- Ці знайшоў ён сапраўднае шчасце ў жыцці?

- У творчасці ён быў шчаслівым! Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, гістарычна-культурным запаведніку "Заслаўе", Аршанскай карціннай галерэі В. Грамыкі, музеі Вялікай Айчыннай вайны і ў яго майстэрні. Мне хацелася б зрабіць вялікую выставу да яго 80-годдзя ў 2022 годзе, каб творы яго былі годна ацэнены.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX