Вярнуцца: 2020

№ 03 (1466)


Дадана: 16-01-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 3 (1466), 15 студзеня 2020 г.

Паважаныя сябры Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны!

Распачаўся новы 2020 год. Традыцыйна напачатку года мы праводзім паседжанне Рады.

Сёлета мы прызначылі яго на 26 студзеня. Падчас паседжання мы абмяркуем і зацвердзім план нашай дзейнасці на 2020 г., а таксама пагутарым аб чарговым з'ездзе нашай арганізацыі.

Для таго, каб да з'езда мы падышлі арганізавана, неабходна правесці ў нашых структурах справаздачна-выбарныя сходы, вызначыць прадстаўнікоў на з'езд, а таксама выказацца па кандыдатуры будучага кіраўніка ТБМ і складзе нашай Рады.

Некаторыя з кіраўнікоў абласных структур і асобных суполак ужо пачалі рабіць гэтую справу. Таму ў "Нашым слове" друкаваліся адпаведныя справаздачы. Папрашу ўсіх актывізаваць гэтую дзейнасць.

Акрамя таго, звяртаю вашу ўвагу на той факт, што з 2020 г. змяніўся памер сяброўскіх складак. Для працоўных ён складае 20 руб. у год (у 2019 г. было 15).

Было б добра, каб усе нашы арганізацыі не ўпусцілі гэты момант нашай дзейнасці. Бо хачу нагадаць, што ўсе нашы мерапрыемствы, у тым ліку літаратурныя сустрэчы, а таксама курсы праводзяцца ў нашай сядзібе, аплату за якую мы праводзім дзякуючы сяброўскім складкам і ахвяраванням. Спісы ахвярадаўцаў мы рэгулярна друкуем у "Нашым слове" і размяшчаем на партале ТБМ.

Мы атрымліваем шмат прапаноў і ідэй для будучай дзейнасці. Спадзяюся, што нам удасца шмат што зрабіць і ў гэтым годзе.

Старшыня ТБМ Алена Анісім.

Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2020 год

У канцы 2019 года выйшаў з друку "Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2020 год (па матэрыяле Гарадзеншчыны)

Гэты каляндар - адзінаццаты выпуск Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

Новы выпуск календара праілюстраваны выявамі помнікаў гістарычным дзеячам Беларусі, пастаўленых на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці, пачынаючы ад помніка Францішку Скарыну ў Лідзе на тытульным аркушы. Як ні як, выданне ТБМ. Укладальнік старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік.

Карыстайцеся.

Наш кар.

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2020 Пастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, скіроўвае Пастырскае пасланне на 2020 Пастырскі год, які ў Касцёле на Беларусі прысвечаны святому Яну Паўла ІІ з нагоды 100-годдзя з дня яго нараджэння і праходзіць пад дэвізам "Адчыніце дзверы Хрысту".

У Пасланні ў прыватнасці гаворыцца:

"1. Год 2020, які мы нядаўна распачалі, з'яўляецца выключным не толькі таму, што ён высакосны і алімпійскі, але таксама і таму, што сёлета мы адзначаем юбілей 100-годдзя з дня нараджэння аднаго з самых вядомых людзей нашага часу - святога Яна Паўла ІІ.

Будучы Пантыфік нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Польшчы, у горадзе Вадавіцы непадалёк ад Кракава ў сям'і глыбока рэлігійных бацькоў: афіцэра Караля і гаспадыні дому Эміліі Вайтылаў. У 1928 годзе памерла яго мама, а тры гады пазней брат Эдмунд, які быў доктарам і, лечачы інфекцыйна хворых, сам заразіўся...

2. Пантыфікат Яна Паўла ІІ стаў трэцім па працягласці ў гісторыі Касцёла. Папа Вайтыла спрыяў падзенню атэістычнага рэжыму ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, шмат намаганняў прыклаў у справе захавання міру, бараніў Богам устаноўлены інстытут сям'і, народжанае і ненароджанае жыццё, клапаціўся пра ўбогіх і хворых, ініцыяваў Сусветныя дні моладзі, абвясціў новы Кодэкс Кананічнага Права і новы Катехізіс Каталіцкага Касцёла..."

Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам у нядзелю 19 студзеня 2020 г.

Поўны тэкст на Catholic.by.

Кангрэс за незалежнасць Беларусі прызначылі на 15 сакавіка

Усебеларускі кангрэс за незалежнасць плануецца правесці 15 сакавіка 2020 года, у дзень прыняцця Канстытуцыі 1994 года, паведамляецца ў прэсрэлізе аргкамітэта.

"Арганізатары бачаць Кангрэс сапраўды ўсебеларускім форумам, які прадставіць інтарэсы дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці. Таму гэта будзе не столькі з'езд палітычных партый, колькі вялікі сход прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народа", - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле арганізатараў, на кангрэсе не плануецца намінацыя прэтэндэнтаў на ўдзел у "прэзідэнцкай кампаніі". Аднак прапануецца выказаць на ім стаўленне да выбарчага заканадаўства і "выбараў" у Беларусі.

На пленарным паседжанні плануюцца выступы экс-старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба, былога суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова і іншых вядомых спікераў.

Пад час працы тэматычных секцый будуць абмеркаваныя розныя аспекты абароны незалежнасці. Таксама плануецца абраць новы склад рады кангрэсу, у які ўвойдуць каля 30 вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў. Паводле арганізатараў, агульная колькасць удзельнікаў будзе большай, чым на папярэднім кангрэсе ў 2014 годзе - тады ўзялі ўдзел 63 дэлегаты.

У сувязі з працягам рэпрэсій супраць абаронцаў незалежнасці вырашана выбраць пяць сустаршыняў аргкамітэта. Сярод іх Алена Анісім, Міхаіл Пастухоў, Ігар Рынкевіч і Павел Севярынец. Пятую пасаду пакінулі вакантнай, бо чакаецца далучэнне яшчэ некалькіх партый і буйных грамадскіх арганізацый, і ад адной з іх будзе абраны яшчэ адзін сустаршыня аргкамітэта.

Міжнародным сакратаром аргкамітэта кангрэсу абрана Алена Крушэўская.

Акрамя ўдзелу ў кангрэсе прадстаўнікоў беларускай дыяспары з шэрагу краін, будуць запрошаны замежныя партнёры з Расеі, Украіны, іншых краін-суседзяў. Прысутнічаць на кангрэсе "выказалі цікавасць амбасадары розных краін, у тым ліку з краін Еўразвязу і краін-гарантаў беларускага суверэнітэту па Будапешцкім мемарандуме".

Аргкамітэт правядзе сваё наступнае паседжанне 17 студзеня.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода.

Добры падарунак да юбілею ТБМ

У 2019 годзе ТБМ імя Францішка Скарыны годна адзначала свой 30-гадовы юбілей. Своеасаблівым падарункам да яго з'яўляецца кніга ксяндза-каноніка Уладзіслава Завальнюка, сябра Рады ТБМ "Да Бога - на роднай мове".

У гэтай кнізе аўтар разглядае тысячагадовую гісторыю беларускай мовы і яе прыход ў каталіцкую царкву як мову набажэнстваў, мову святароў і вернікаў, што звяртаюцца да Бога на роднай мове ў сваіх святынях.

Не адразу нацыянальныя мовы атрымалі такія правы ў каталіцкай царкве, як афіцыйная мова набажэнстваў латынь. Канчаткова гэтае пытанне вырашыў Другі Ватыканскі Сабор, які праходзіў з кастрычніка 1962 г. па 7 снежня 1965 г. Было канчаткова вырашана, што ў набажэнствах могуць выкарыстоўвацца акрамя латыні і нацыянальныя мовы, у тым ліку і беларуская.

Вытокі сучаснай беларускай мовы, на думку аўтара кнігі, сягаюць у 7 ст. н.э., калі праславянская мова існавала як асобнае моўнае адзінства са сваімі дыялектамі.

У час вялікага перасялення народаў славяне занялі значную частку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і таму ў 7-8 стст. н.э. праславянская мова распадаецца на блізкія, але самастойныя славянскія мовы. Вялікую ролю ў жыцці ўсходніх славян, у тым ліку і беларусаў, адыграў водны шлях "з варагаў у грэкі", які паскорыў стварэнне першай беларускай дзяржавы Полацкага княства, што мела складаныя дачыненні са сваім супернікам і канкурэнтам Кіеўскай дзяржавай, якая канчаткова распалася на асобныя дзяржавы-княствы ў пачатку ХІІ ст.

Аўтар слушна адмаўляе існаванне ў ІХ-ХІІ ст. агульнай для усходніх славянаў старажытна-рускай народнасці, якую прыдумалі з палітычнымі мэтамі сталінскія гісторыкі ў сярэдзіне ХХ ст. Вядома, што і адзінай "старажытнарускай мовы" таксама не было.

Аднак славянскае пісьменства існавала задоўга да Кіеўскай дзяржавы і ўзнікла ў 863 г. н.э., дзякуючы Кірылу і Мефодзію, якія стварылі славянскую азбуку. Першымі яе засвоілі заходнія славяне - маравы, а потым і паўднёвыя - балгары. Рымскі папа Андрыян ІІ у 868 г. дазволіў карыстацца славенскай мовай у храмах падчас набажэнства разам з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай. Таму Кірыл і Мяфодзій пераклалі грэчаскія богаслужэбныя кнігі на стараславянскую або старабалгарскую мову, якая, як і латынь - мёртвая мова, але мова, якая ўжываецца ў праваслаўных храмах.

Ва ўсходніх славян гэтая мова стала царкоўнаславянскай мовай, альбо ўсходнім варыянтам стараславянскай мовы.

Каштоўным помнікам усходнеславянскага пісьменства з'яўляецца Крыж Ефрасінні Полацкай, які па стылістыцы ёсць помнікам побытавай мовы палачанаў ХІІ ст. з асобнымі беларускімі словамі, што ўвасоблена ў надпісах на яго пазалочаных пласцінах. Акрамя Ефрасінні Полацкай другім знаным старажытнабеларускім дзеячом Хрысціянскай царквы з'яўляецца Кірыла Тураўскі, які стварыў самабытны стыль урачыстага царкоўнага красамоўства на царкоўнаславянскай мове, што легла ў аснову сучаснай беларускай мовы.

У выглядзе старабеларускай мовы існавала дзяржаўная мова новай беларускай дзяржавы ВКЛ на працягу ХІV-XVІІ стст. У канцы ХV ст. адбылося размежаваннне заходнерускай дзелавой мовы (старабеларускай, русінскай) і вялікарускай (маскоўскай) мовы.

Асобны варыянт (беларускі звод) царкоўна-славянскай мовы распрацаваў у ХVІ ст. Францішак Скарына. Пра гэта сведчаць яго выданні, насычаныя беларусізмамі. Аўтар кнігі лічыць, што ўвядзенне Скарынам у Святое Пісанне элементаў і формаў жывой беларускай мовы вельмі паўплывала на далейшы лёс рэлігійнай літаратуры ў Беларусі. Усё гэта праявілася ў творах Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Дзякуючы Скарыну беларусы сталі другім (пасля чэхаў) славянскім народам, які атрымаў друкаваную Біблію на роднай мове.

Вялікую ролю ў развіцці беларускай мовы ў ХVІ ст. адыгралі тры Статуты ВКЛ. Былі распрацаваны, дзякуючы ім, юрыдычная лексіка, тэрміналогія і адпаведны літаратурны стыль.

У ХVІ ст. амаль усе вышэйшыя пасады ў Каталіцкім касцёле ВКЛ займалі пераважна беларусы і літоўцы. З ХІV да ХVІІ стст. усіх каталіцкіх біскупаў у ВКЛ было 18 чалавек, з іх толькі 3 палякі, а астатнія - беларусы і літоўцы. Таму каталіцкае духавенства, якое праводзіла набажэнствы на латыні, ва ўрадавай і прыватнай перапісцы актыўна карысталася беларускай мовай. Пра гэта сведчыць і каралеўскі прывілей 1567 г. дадзены па-беларуску Віленскай Капітуле.

У другой палове ХVІ ст. шмат кніжак на беларускай мове выдалі пратэстанты, асабліва кальвіністы. Беларускую мову разам з царкоўнаславянскай вывучалі ў ХVІ-ХVІІ стст. у праваслаўных брацкіх школах. Пасля Уніі 1596 г. каталіцкі касцёл станавіўся польскім, а праваслаўная царква расейскай. Аднак менавіта ўніяты захавалі беларускую мову ў сваіх школах і гаварылі казанні ў цэрквах па-беларуску.

Пад уплывам спаланізаванай шляхты ў 1696 г. дзяржаўнай мовай у ВКЛ стала польская і з гэтага часу да 30-х гадоў ХІХ ст., як слушна піша аўтар, польская мова стала асноўнай у грамадскім і культурным жыцці ў Беларусі. У 1839 г. паўтара мільёны беларусаў-уніятаў запісалі ў рускае праваслаўе, прычым усе запісы ў Касцёле пачалі весці толькі на рускай мове. Расійскі ўрад каля мільёна беларусаў католікаў запісаў у палякі, што яшчэ больш пашырала выкарыстанне ў Касцёле польскай мовы.

Пасля паўстання Каліноўскага ў 1869 урад дазволіў карыстацца ў касцёле рускай мовай і, здавалася, для беларускай мовы паратунку няма.

Аднак з 30-х гадоў ХІХ ст. пачала фармавацца новая беларуская літаратурная мова на базе сялянскіх гаворак і дыялектаў. Кастусь Каліноўскі пачаў выдаваць нелегальную беларускую газету "Мужыцкая праўда". Яго справу ў канцы ХІХ ст. прадоўжыў Францішак Багушэвіч, і пачалося беларускае адраджэнне, якое ўзмацнілася пасля расійскай рэвалюцыі 1905 г. З'явіліся каталіцкія святары, якія пачалі спрыяць вяртанню беларускай мовы ў Касцёл. Гэта біскуп Стэфан Дзенісевіч з Магілёўшчыны, ксёндз Францішак Будзька, ксёндз і беларускі паэт Аляксандр Абрамовіч (А. Зязюля), біскуп Эдвард Роп, біскуп Юры Матулевіч, Казімір Сваяк і іншыя.

Пасля раздзелу Беларусі ў Рызе ў 1921 г. на польскую і савецкую часткі сітуацыя ў Касцёле кардынальна змянілася.

У другой Рэчы Паспалітай, дзе фармальна ўсе канфесіі былі роўныя, ролю дзяржаўнай рэлігіі адыгрываў польскі Касцёл, менавіта польскі, а не беларускі. Але ў Вільні і іншых мясцовасцях Заходняй Беларусі існавала беларуская мова ў рэлігійным жыцці беларусаў. Адным з лідараў у пашырэнні беларускай мовы сярод католікаў быў Адам Станкевіч (1892-1949). Ён з 1919 г. вёў у Вільні душпастарскую дзейнасць і ўзначальваў партыю "Беларуская Хрысціянская дэмакратыя". З 1922 па 1928 г. быў паслом польскага Сейма, выдаваў газету "Беларуская крыніца", часопіс "Хрысціянская думка", напісаў шмат кніг і навуковых артыкулаў, быў перш-наперш беларускім святаром.

Таксама ў кнізе Завальнюка ёсць падрабязныя звесткі пра дзейнасць на беларускай глебе Фабіяна Абрантовіча, Андрэя Цікоты і айцоў-марыянаў.

У БССР дзейнасць каталіцкага касцёла адразу была абмежавана, а ў 30-х гадах ХХ ст. практычна забаронена. Тым не менш да 1932 г. дзейнічаў Чырвоны касцёл, касцёл на Залатой горцы і іншыя храмы, былі і беларускамоўныя святары. Так, адзін з іх Адам Пучкар-Хмялеўскі ў 1926 г. на з'ездзе каталіцкіх святароў прапанаваў стварыць у Беларусі каталіцкую дыяцэзію на чале з беларускім біскупам, падпарадкаванай непасрэдна Ватыкану. Але гэтую ідэю не падтрымалі. Большасць святароў былі рэпрэсіраваны і загінулі ў канцы 30-х гадоў ХХ стст.

Шмат выпрабаванняў вытрымаў беларускі касцёл у гады Другой сусветнай вайны. Да верасня 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі было 617 ксяндзоў, 606 праваслаўных святароў і 293 равіны. Пасля 17 верасня і да чэрвеня 1941 г. новая савецкая ўлада пачала іх арыштоўваць і зачыняць храмы.

Нямецкія акупанты спачатку прыхільна ставіліся да каталіцкага духавенства і дазвалялі яго дзейнасць. Але ў 1942 г. адносіны да Касцёла, які падтрымліваў дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі змяніліся. Усіх ксяндзоў узялі на ўлік і нават забаранілі казанні на польскай мове. Таксама акупанты не ўхвалялі аднаўленне дзейнасці Касцёла і ва Усходняй Беларусі. Ксяндзоў арыштоўвалі і шмат каго расстралялі. Трагічны лёс напаткаў і ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які адседзеў два гады ў польскай турме (1927-1929) у Варшаве за сваю беларускую дзейнасць. У 1941 г. ён з Вільні прыехаў у Менск, дзе з верасня стаў галоўным школьным інспектарам у генеральным камісарыяце і адначасова служыў у Чырвоным касцёле, а таксама ў Кафедральным касцёле Менска. У снежні 1942 года ён быў арыштаваны фашыстамі і 24 снежня забіты ў Трасцянцы.

Пасля выгнання фашыстаў з Менска касцёлы некаторы час там дзейнічалі, але неўзабаве былі зачынены, а святары альбо арыштаваны, альбо пакінулі Беларусь.

Аднак беларускі касцёл не загінуў і пачаў актыўна дзейнічаць у эміграцыі, найперш у Лондане і Ватыкане.

Асобны раздзел кнігі (16) прысвечаны дзейнасці беларускіх айцоў-марыянаў у Лондане. Гэта Язэп Германовіч, Леў Гарошка, Часлаў Сіновіч і Аляксандр Надсан. Менавіта айцец Надсан стварыў у Лондане беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны, Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі і Англа-беларускае навуковае таварыства. Менавіта ён фактычна адрадзіў беларускую ўніяцкую царкву і пераклаў на родную мову больш за 40 літургічных службаў. У 1989 г. у Чырвоным касцёле ён адправіў святую Літургію за Беларусь, першую ў Менску каталіцкую службу ўсходняга абраду на беларускай мове.

Акрамя таго на тэрыторыі БССР жыў і дзейнічаў беларускамоўны святар, адзін з заснавальнікаў ТБМ айцец Уладзіслаў Чарняўскі, які з кастрычніка 1953 г. стаў пробашчам парафіі ў в. Вішнева Валожынскага раёна. Шмат год, пачынаючы з 1968 г., ён перакладаў на беларускую мову Біблію і зрабіў касцёл у Вішневе асяродкам беларушчыны.

У канцы 1980 г. у Менску адкрыўся першы касцёл Узвышэння Святога Храма на Кальварыйскіх могілках. Першае набажэнства адбылося тут 25 снежня.

У 1988 г. у СССР змянілася рэлігійная палітыка і змаганне з рэлігіяй скончылася. Вернікам пачалі вяртаць забраныя храмы і дазволілі будаваць новыя. Так, у 1990 г. вернікам спачатку ў Менску вярнулі Чырвоны касцёл, а ў 1993 г. - Кафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1990 г. у Гродне адкрылі каталіцкую семінарыю, а ў 1994 г. усталявалі дыпламатычныя зносіны з Ватыканам.

Зараз каталіцкі касцёл адыгрывае істотную ролю ў рэлігійным жыцці Беларусі і з'яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй. Таксама ў нашай краіне дзейнічае і грэка-каталіцкая царква, якая ўсе набажэнствы вядзе на беларускай мове.

Пра сучасную дзейнасць каталіцкага касцёла на Беларусі распавядаюць апошнія раздзелы кнігі айца Завальнюка, якую я раю прачытаць усім прыхільнікам беларушчыны ў нашай краіне і за яе межамі.

Алег Трусаў, канд. гіст. навук, ганаровы старшыня ТБМ.

Артыст нагадаў пра юбілейны год Уладзіміра Караткевіча

Святочны калядны канцэрт паспяхова адыграў 7 студзеня ў менскім Палацы Культуры імя Шарко Зміцер Вайцюшкевіч.

Неверагодна моцнай энергетыкай спявак і яго "WZ-Orkiestra" натхнілі сваіх слухачоў на цэлы год! У праграме прагучалі папулярныя хіты на словы А. Камоцкага, Р. Барадуліна, У. Някляева.

Дзеці, якім было дазволена апынуцца ў цэнтры аркестра, у моры гукаў і светлавых эфектаў, патрымаць у руках мікрафон, пераканаліся, што "на Каляды дзіва спраўдзіцца любое"! Яны запомнілі акрамя калядных спеваў важныя словы: "Моцны той, хто сябра мае!"

Зміцер Вайцюшкевіч завершыў канцэрт песняй "Дзе мой край", нагадваючы пра 90-гадовы юбілей з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча, які будзе адзначацца ў гэтым годзе.

Напярэдадні артыст выпусціў новы дыск "На каляды", у які ўвайшлі новыя кампазіцыі "Валёначак", "Калядка", і ўжо вядомыя традыцыйныя спевы "Шчодры вечар", "Добрым людзям".

Гастрольная дзейнасць артыста была ў мінулым годзе вельмі насычанай і паспяховай. Канец года быў адметны вялікім канцэртам у менскім Палацы культуры МАЗа, прысвечаным У. Караткевічу. Выступленні артыста прайшлі ў Берасцейскай філармоніі, у Віцебску, у Менску, у Лондане і Кракаве. Улетку, падчас выступлення на Купалле ў Вялікабрытаніі, артыст быў узнагароджаны медалём да 100-годдзя БНР.

У снежні спявак выступіў перад дзіцячай аўдыторыяй у Клубе кніжных прафесараў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Ён распавядаў юным наведвальнікам бібліятэкі пра прыгоды дзяцінства, любімыя кніжкі, захапленні духавымі інструментамі, расказваў пра тое, як святкаваў Божае Нараджэнне разам з бабуляй у Бярозаўцы, пра макелкі, якія гатавалі на свята, развучваў з дзецьмі песні "Ямін, яміна", "На Каляды", "Я нарадзіўся тут". Ягоныя дзеці Язэп і Стэфанія змаглі пазнаёміцца з цікавымі кнігамі і энцыклапедыямі ў музее кнігі.

Жонка артыста Галіна Казіміроўская таксама развівала сваю музычную дзейнасць, праводзячы ў снежні спеўную праграму "Абуджэнне" ў культурнай прасторы ОК-16, выступала са сваім калектывам "Сoncordia-Chor" у менскім Чырвоным касцёле.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Аліна Нагорная і Ігар Случак падаравалі слуцкім дзецям "Кошык вожыка"

300 экзэмпляраў цудоўных беларускамоўных кніжак "Кошык Вожыка" з вершамі і малюнкамі Лізы Шмідт занялі сваё месца на кніжных палічках слуцкіх дзіцячых садкоў, а таксама сацыяльнага цэнтра і дома дзіцяці.

Карэспандэнт НЧ разам з папулярызатарамі беларускай мовы Алінай Нагорнай і Ігарам Случаком 9 студзеня паўдзельнічала ў перадачы кніг кіраўнікам дзіцячых устаноў. Прыемна было назіраць, як кіраўнікі садкоў ахвотна прымалі прыгожа аздобленыя беларускамоўныя кніжкі і дзякавалі за падарункі.

Пасля ўручэння Аліна Нагорная распавяла НЧ, якім чынам ёй і Ігару Случаку ўдалося ажыццявіць выданне такіх запатрабаваных беларускамоўных дзіцячых кніг.

- Дзеці - будучыня Беларусі. А якая можа быць Беларусь без беларускай мовы? - кажа Аліна. - Падчас навучання ва ўніверсітэце я праходзіла практыку ў дзіцячых садках і заўважыла, што там не хапае беларускамоўнай літаратуры. Разам з Лізай Шмідт (маёй маці) вырашылі выдаць яе кнігу на беларускай мове і падараваць дзіцячым установам Случчыны.

- Хто прафінансаваў выданне?

- Сродкі на выданне кнігі збіраліся праз пляцоўку ахвяраванняў "Талака". Удзел у яе фінансаванні прынялі каля 200 чалавек. Гэта былі людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з ЗША, Канады, Нямеччыны, Украіны, Расіі. Кожны, хто падтрымаў праект, атрымаў асобнік. Астатні наклад распаўсюджваецца ў Слуцку і Слуцкім раёне.

- Чаму для распаўсюду быў абраны менавіта горад Слуцк?

- Слуцк - радзіма аўтара Лізы Шмідт, з гэтым горадам звязаны яе дзіцячыя ўспаміны.

- Я пачытала вершы і мне яны вельмі спадабаліся, нягледзячы на тое, што я дарослы чалавек. Думаю, што любое дзіця не было б супраць іх паслухаць і пагартаць цудоўна аформленыя старонкі з улюбёнымі героямі. А ці можна іх дзе-небудзь набыць?

- Не. Але магчымасць пагартаць кнігу будзе ў кожнага слуцкага дзіцяці, бо мы перадалі некалькі асобнікаў таксама і ў дзіцячую бібліятэку. Кнігу можна будзе знайсці на палічках буккросінгу - у Слуцку іх некалькі. У бліжэйшай будучыні збіраемся прадоўжыць распаўсюд дзіцячай кніжкі ў 30 вясковых садках Слуцкага раёна.

Зінаіда Цімошак, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ.

Міхась Варанец: Было ўзрушэнне - не на нас напалі, а мы…

Да 40-годдзя ўводу савецкіх войскаў у Афганістан

і з нагоды пратэстаў супраць інтэграцыі

29 снежня 2019 года - 40 год з дня ўводу Савецкай Арміі ў Афганістан. Рэдакцыя "Нашага слова" звярнулася да ўдзельніка вайны ў Афганістане Міхася Варанца з просьбай распавесці, як гэтая навіна была ўспрынята савецкімі вайскоўцамі, увогуле пра атмасферу тых часоў у Савецкім Саюзе.

Даведка:Міхась Варанец нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Мікулічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1979 годзе закончыў Данецкае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войскаў. У 1982-1984 гадах служыў у Афганістане намеснікам камандзіра мотастралковай роты па палітычнай частцы. Узнагароджаны медалём "За адвагу". Маёр запасу. З 1993 года, пасля выхаду на пенсію, жыве ў Слоніме.

- Цяпер агульнавядома, што 27 снежня 1979 года савецкія вайсковыя спецгрупы штурмам захапілі ўрадавую рэзідэнцыю Тадж-Бек у Кабуле і забілі кіраўніка Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан Хафізулу Аміна. Рашэнне пра ўвод савецкіх войскаў у ДРА Палітбюро ЦК КПСС прыняло яшчэ раней - 12 снежня.

Я ж, як і ўсе савецкія людзі, даведаўся пра ўвод 29 снежня. Не скажу, што шок, але гэта была нечаканасць для мяне і, думаю, для пераважнай большасці савецкіх грамадзянаў. СССР жа за мір ва ўсім свеце! Савецкі Саюз - аплот міру і сацыялізму! І песні былі адпаведныя, кшталту, "хотят ли русские войны, спросите вы у тишины…". А тут ўвялі войскі ў суседнюю дзяржаву, з якой мы былі ў сяброўскіх адносінах і якую прылічалі да "краінаў сацыялістычнай арыентацыі"?! Потым радыё, тэлебачанне, газеты, партыйныя лектары растлумачылі, што да чаго, і ўсё тая ж пераважная большасць савецкіх грамадзянаў, у тым ліку і я, паверылі, што ў Афганістане мы "абараняем паўднёвыя рубяжы нашай Радзімы". Але напачатку было ўзрушэнне, гэта была незвычайная падзея - не на нас напалі, а мы… .

- Што ведаў пра падзеі ў Афганістане да таго, як сам туды трапіў?

- Роўна праз год пасля ўваходу Савецкай Арміі ў Афганістан, мяне перавялі з Байканура, дзе пачынаў афіцэрскую службу, у горад Ашхабад Туркестанскай вайсковай акругі, намеснікам камандзіра вучэбнай мотастралковай роты па палітычнай частцы. Рота рыхтавала сяржантаў - камандзіраў аддзяленняў для службы ў складзе АКСВА (Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў у Афганістане - рэд.). У акружной газеце ўжо тады былі публікацыі пра баявую падрыхтоўку, вучэнні ў падраздзяленнях АКСВ. У гэтых публікацыях слова "бой" бралася ў двукоссе, маўляў, вучэбны бой. А з расказаў афіцэраў, якія там пабывалі, было вядома, што ў Афганістане пакрысе разгортваецца сапраўдная вайна.

Найбольш уразіла наступнае. У студзені 1982 года мяне адкамандзіравалі ў ашхабадскі вайсковы шпіталь. Там ляжалі сотні хворых на гепатыт (па-простаму - жаўтуха) салдат і сяржантаў з Афганістана, якіх адправілі сюды на лячэнне. Месцаў не хапала, і яны жылі ў палатках у спартанскіх умовах. Лячэнне абыякое, кантролю амаль аніякага, бо вайсковыя медыкі былі перагружаны сваімі непасрэднымі абавязкамі. І народ пачаў разбягацца. Хтосьці па дзеўках, хтосьці тут жа, у Ашхабадзе, уладкаваўся працаваць на нейкае прадпрыемства ці на шабашку. Самыя смелыя паехалі на пабыўку дахаты. Гэта ў асноўным выхадцы з Сярэдняй Азіі і Каўказа. Той жа беларус так не зробіць, бо што ён дома скажа?! Гэта ж фактычна дызертырства. Вышэйшае начальства адкамандзіравала ў шпіталь некалькі афіцэраў, каб элементарна палічыць гэтых хворых, сабраць паразбягаўшыхся. Устаноўка была такая: хто вяртаецца ў шпіталь, таму нічога не будзе. Так яно і было.

- Пэўна, такія праблемы былі звязаны з тым, што нехта там наверсе нешта не дадумаў, не прадбачыў такую колькасць хворых?

- З аднаго боку, так. Але і пазней было тое самае. Падчас службы ў Афганістане салдаты і сяржанты маёй роты лячыліся ад гэтай жа жаўтухі ва ўзбекскім горадзе Тэрмезе, што ля самай савецка-афганскай мяжы, таксама у палатках, і там было тое самае - бардак і абы-якое лячэнне. Ужо пазней я зразумеў, што гэта такая савецкая рэчаіснасць, а не аб'ектыўныя цяжкасці на шляху пабудовы камуністычнага грамадства. Ну, напрыклад, 1979 год, мірны час, Байканур. Космас - самае перадавое ў Савецкім Саюзе!

"Зато мы делаем ракеты

И перекрыли Енисей,

А также в области балета

Мы впереди планеты всей".

Па праўдзе, тады не ведаў гэтую песню, хоць напісана яна ў 1964 годзе. І вось у 1979-1980 гадах у сталіцы Байканура горадзе Ленінску (70 тысяч жыхароў на той час) увесь гарадскі стадыён быў радамі-вуліцамі застаўлены жалезнымі вагончыкамі на дзве сям'і без аніякіх бытавых зручнасцяў. Жыхары Ленінска (вайскоўцы і іх сем'і, службоўцы Савецкай Арміі) стадыён называлі "Санцьяга" - па аналогіі са стадыёнам у сталіцы Чылі, дзе ў 1973 годзе цягам двух месяцаў быў канцлагер для інтэрніраваных праціўнікаў ваеннага рэжыму Аугуста Піначэта. Зімой яшчэ так-сяк. А летам! Вагончыкі былі аднаслойныя. Жалеза так награвалася, што ўнутры была проста душагубка, у малых дзетак скура на твары лопалася ад перагравання. Такая была завядзёнка ў СССР. Найперш дбалі пра ракеты, а потым пра людзей.

- Ты трапіў у Афганістан добраахвотна, па ўласным жаданні?

- Мне сказалі, што адпраўляюць у Афганістан. Загад ёсць загад. Атрымаў абхадны лісток, разлічыўся з усімі службамі, і тады намеснік камандзіра палка па палітычнай частцы папрасіў напісаць рапарт, што я хачу служыць ў Афганістане. Мне гэта не спадабалася. Нейкая няшчырасць, двудушнасць. Служыць там, куды пашлюць, гэта абавязак афіцэра, урэшце, работа наша такая. Навошта рапарт?! Ну, і жыцейскае разважанне было, забабон такі. Вернешся калекам? І што! Сваёй рукой на сябе бяду наклікаў… . Спачатку адмовіўся. Потым напісаў рапарт, бо нампаліт палка пажаліўся на сваю цяжкую долю, маўляў, напішаш рапарт ці не, усяроўна паедзеш у Афганістан, а мне непрыемнасці з-за цябе будуць.

Безумоўна, былі і тыя, хто па ўласнай ініцыятыве пісаў рапарты аб накіраванні ў Афганістан. Нехта з-за складу характару, а большасць такіх добраахвотнікаў былі сапраўдныя савецкія патрыёты ў харошым значэнні гэтага паняцця.

- Ці можна сказаць, што ты ўжо быў не зусім савецкім…?

- Не. На той час я быў савецкі чалавек і прававерны камуніст. Свядомым антысаветчыкам, назавём гэта так, я стаў пазней. Нагледзеўся так шмат адмоўнага ў Савецкай Арміі, ды і ўвогуле ў грамадстве, што ўрэшце да мяне дайшло: убачанае зло ёсць сутнасцю першай у свеце краіны Саветаў, сутнасцю ленінскай камуністычнай партыі, а не асобныя недахопы савецкага сацыялістычнага ладу жыцця. Прывяду прыклад якраз па тэме нашай гутаркі. У другой палове 1981 года 14 чалавек з маёй роты ўвесь навучальны перыяд працавалі ў Ашхабадзе на фабрыцы замест таго, каб у адпаведнасці з самым папулярным у Савецкай Арміі лозунгам У.І. Леніна "учиться военному делу настоящим образом". Гэта дзікунства, злачынства - адпраўляць на вайну непадрыхтаваных юнакоў. Мне гэта вярэдзіла душу, псіхалагічна прыгнятала. Разумеў, што гэты бізнес "крышуе" камандаванне палка. У канцы навучальнага перыяду камандзір роты вылічыў з месячнага грашовага забеспячэння курсантаў і сяржантаў пэўную суму на бытавыя прыналежнасці, а закупіў на меншую суму, прысабечыў 130 рублёў. Тут ужо я не вагаўся, што і як рабіць. Але "крыша" злачыннага бізнэсу была яшчэ вышэй. Замест разбору са злачынцамі і злодзеямі, мяне адкамандзіравалі ў шпіталь, а праз два месяцы я быў у Афганістане.

30 год мне было, калі я, вобразна кажучы, за дрэвамі ўбачыў лес, уцяміў, што гэта сістэма такая, што сама савецкая ўлада злачынная.

- Якія клопаты і якія радасці жыцця сёння ў вайсковага пенсіянера, "афганца" Міхася Варанца?

- Турбуе сацыяльная і прававая неабароненасць нашых людзей...

- Радуе, што сёння Беларусь незалежная дзяржава?

- Абодва мае дзяды ў складзе Рускай імператарскай арміі ваявалі ў Першую сусветную вайну "за Веру, Царя и Отечество". Тата ў складзе Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ваяваў у Другую сусветную вайну. Я ў складзе Савецкай Арміі выконваў "інтэрнацыянальны" абавязак у Афганістане, а ў 1989 годзе адмовіўся атрымліваць медаль "Ад удзячнага Афганскага народа".

У 1991 годзе здзейснілася мара-заклік Максіма Багдановіча (1915 год):

"Досі ўжо, браты,

чужынцам мы служылі,

Досі ўжо пашаны ім прыдбалі;

Не сваю - чужую долю баранілі,

Пад чужымі сцягамі ўміралі."

Ужо 28 год Беларусь - незалежная дзяржава. Дзякуючы гэтаму мой сын быў прызваны на тэрміновую службу ў беларускую армію, прысягнуў на вернасць беларускаму народу і служыў у Беларусі! Так мусіць быць і надалей. Таму 7 снежня мінулага года ў Менску я пратэставаў супраць аб'яднання Беларусі і Расіі ў адну краіну.

Гутарыў Станіслаў Суднік.

Вечарына Міколы Аўрамчыка ў Брылях

У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла літаратурная гадзіна "Саюз часу, мудрасці і майстэрства", прысвечаная вядомаму беларускаму паэту і пісьменніку Міколу Аўрамчыку. Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра яго жыццёвы шлях, які пачаўся 14 студзеня 1920 года ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне. Мікола Аўрамчык пражыў доўгае жыццё, у якім былі і знаёмства з Янкам Купалам, і ваеннае ліхалецце, і пасляваеннае ўзнаўленне роднай краіны, і вялікая праца ў літаратуры. На працягу амаль трыццаці гадоў Мікола Якаўлевіч загадваў аддзелам паэзіі часопіса "Маладосць" - і шмат пакаленняў маладых пісьменнікаў увайшлі ў беларускую літаратуру пад ягонай бацькоўскай апекай. Прысутныя пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, якую ўпрыгожыў часопіс "Маладосць" за 1954 год з нізкай вершаў Міколы Аўрамчыка. У выкананні чытачоў бібліятэкі Аліны Кавал ёвай, Валерыі Мураўёвай, Данііла Зайцава, Вікторыі Крэсавай і Андрэя Шыпіцына прагучалі вершы юбіляра. Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры пісьменнік Мікалай Яцкоў распавёў пра даваенны перыяд жыцця Міколы Аўрамчыка, калі ён толькі рабіў першыя крокі ў літаратуры. Напрыканцы сустрэчы адбыўся прагляд дакументальных відэафільмаў, прысвечаных творчасці патрыярха беларускай літаратуры, які, на жаль, не дажыў да свайго 100-годдзя толькі 2 гады, 8 месяцаў і 6 дзён.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён. Фота аўтара.

"Кніга могілак" і "Кніга некралогаў"

Пад патранатам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) рыхтуецца да выдання ўнікальны двухтомнік, прысвечаны мемарыяльна культуры беларусаў на Захадзе.

Першы том будзе ўяўляць сабою альбом-даведнік "Кніга могілак: Беларускія магілы на Захадзе", у якім будуць утрымлівацца звесткі пра беларускія могільнікі і паасобныя пахаванні ў 12 краінах свету (Аўстралія, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Чэхія, Швецыя). У альбоме будуць прадстаўлены вядомыя сёння месцы пахавання беларускіх эмігрантаў ад пачатку ХХ ст., пададзены звесткі як пра цэлыя беларускія могільнікі, гэтак і пра раскіданыя па агульных могільніках беларускія магілы. Выданне будзе складацца з больш як тысячы фотаздымкаў пахаванняў і выяваў асобаў, а таксама біяграфічных звестак пра пахаваных.

Другі том "Кніга некралогаў" будзе складацца з публікацый з нагоды смерці розных асобаў, што з'яўляліся на старонках двух найбольш значных беларускіх газет на Захадзе: "Бацькаўшчына" (Мюнхен, 1947-1966) і "Беларус" (Нью-Ёрк, ад 1950 г.). У выданні будуць пададзеныя некралогі як суродзічаў-эмігрантаў, гэтак і вядомых культурных ці палітычных дзеячаў метраполіі, а таксама знакавых для беларусаў замежнікаў. Гэтыя тэксты адлюстроўваюць своеасаблівую сістэму каштоўнасцяў беларусаў на Захадзе, іх ўяўленняў пра "сваіх" і "чужых". Асобны раздзел кнігі будзе прысвечаны таксама памятным карткам - спецыфічнаму элементу пахавальнай культуры беларускіх эмігрантаў.

Планаванае выданне з'яўляецца плёнам некалькіх дзесяцігоддзяў збіральніцкай працы розных асобаў. Укладальнікамі двухтомніка выступаюць даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Плануецца, што абодва тамы пабачаць свет у 2021 годзе. Больш падрабязную інфармацыю пра выданні можна атрымаць праз электронную пошту: nhardzijenka@gmail.com.

Наш кар.

На полацкім вакзале не павесілі беларускую шыльду, каб "не крыўдзіць замежнікаў"

На полацкім чыгуначным вакзале адмовіліся мяняць шыльду на беларускамоўную - каб усё было зразумела замежным турыстам, піша "Еўрарадыё".

Пра гэта гаворыцца ў адказе кіраўніцтва Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі ў адказ на зварот Зоі Долі. Жанчына апублікавала афіцыйны адказ у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

"Я дасылала зварот у Віцебскае аддзяленне БЧ, каб змянілі шыльду Полацкага чыгуначнага вакзала на беларускамоўную, вось пачытайце, які даслалі адказ, нешта наплялі пра турызм, каб шыльду не мяняць", - пракаментавала яна.

У адказе чыноўнікі традыцыйна спасылаюцца на тое, што дзяржаўнымі ў нашай краіне з'яўляюцца дзве мовы. Пасля гэтага дадаюць: "Безумоўна, беларуская мова з'яўляецца для жыхароў нашай краіны роднай мовай, аднак у сувязі з актыўным развіццём у Рэспубліцы Беларусь турызму і наведваннем краіны і горада Полацка вялікім лікам замежных грамадзян уся інфармацыя на вакзале павінна быць зразумелая і даступная дадзенай катэгорыі грамадзян, незалежна ад ведання беларускай мовы".

Пры гэтым падкрэсліваецца, што аўдыяінфармацыя на вакзале даецца па-беларуску і па-руску, а стэнды і паказальнікі зробленыя пабеларуску з піктаграмамі.

Прапанову Зоі Долі пра беларускамоўную шыльду абяцаюць улічыць "пры правядзенні капітальнага рамонту будынка вакзала альбо ў рамках яго рэканструкцыі ў далейшым".

"Новы час".

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДНЫ МАНАЛОГ АЛЕСЯ ГАРУНА (11.03.1887-28.07.1920)

Пэўна ў гэтай краіне памру, як сабака,

Толькі гэта краіна адвеку мая,

І век буду я з ёю смяяцца і плакаць,

І зраблюся сабакам, як здраджу ёй я.


Пэўна ў гэтай краіне мне славы не ведаць.

Але што тая слава? Узвеяны пыл!

І я буду да скону тутэйшым паэтам

Старасвецкіх дарог і забытых магіл…


Толькі ў гэтай краіне, у роднай краіне

Я памру, як сабака, спазнаўшы нястачу,

Ды й прад смерцю мяне

тут любоў не пакіне

Да краіны, дзе я весялюся і плачу…

19.10.1996 г.

БАЛАДА МАРКА ШАГАЛА (7.07.1887-28.03.1985)

Табе прысніўся бэзавы Парыж,

Дзе Нотэрдама адзінокі крыж

У небе веснавым свяціўся сумна.


Быў крыж вялікім, як у Віцебск шлях

І ў неба, і на ім сівы манах,

Нібы крумкач стары, сядзеў задумна.


І ты прачнуўся. За вакном Парыж

І Нотэрдам без крыжа. Чорны крыж

Ляжаў, нібыта меч, на Млечным шляху.


А па-над горадам матыль ляцеў

І ты за ім, як цень, ляцець хацеў,

І сеў матыль на поўню, як на плаху.

12.03.2017 г.

БАЛАДА ЦІШКІ ГАРТНАГА (4.11.1887--11.04.1937)

Усё ў былым - і слава, і пашана,

І ўжо дарогі больш няма назад.

Ды выбар ёсць яшчэ -

быць расстраляным

Ці раптам звар'яцець… І ты - вар'ят,

Але і ў гэтым доме ў вокнах краты,

Як павукі, што ткуць самоту й смерць.

І лекары крычаць, крычаць вар'яты

І можна тут сапраўдна звар'яцець.

А за сцяной вясна ды жыць не хочаш,

Бо немагчыма ў вар'ятоўні жыць,

І ўжо не поўню ў небе бачаць вочы,

Пятлю, якая кліча і гарыць,

Як бальшавіцкі сцяг служыў якому

І пад якім людзей катуе кат.

Не здрадзіў ты Айчыне і нікому

Не здрадзіш. Ты - змагар, а не вар'ят.

І заўтра, як сабаку, закапаюць

Цябе на ўскрайку парку, ды і там

Твой чэрап беларускі адшукаем,

Нібы ў начы - бялюткі Храм…

26.12.2007 г.

БАЛАДА ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА (13.10.1888-15.08.1954)

Па Беларусі ў світцы белай,

У пыле зорак і дарог

Ідзе, задумны, пасівелы,

Вандроўнік-мудрых фарбаў Бог.

Чароўны кій вядзе па свеце.

А родны край як родны дом.


- Дзівак! - з яго смяецца вецер. -

Усё што зробіш - стане тлом!

Сядзеў бы дома і партрэты

Жанкам вясковым маляваў,

Меў торбу б грошай ты за гэта,

І не балела б галава

За мову мужыкоў тутэйшых.

Дзівак! Ты верыш у Сусвет!

Хапала ў свеце разумнейшых.

Ды дзе яны? Усе ў траве.

Чужых дзяцей любіць - прыгожа.

А дзе свае? Маўчыш, стары?

Павалішся - а хто ж паможа

Устаць? Загінеш без пары!

Не слухаеш - то не разумна!

Хаця ідзі, раз выбраў шлях.

Твой шлях зямны - цяжкі і сумны,

Твой лёс - як поле ў камянях…


А ён, рукой махнуўшы, смела

Свой кінуў цень на крыж дарог

І ў люд пайшоў па Русі Белай,

Вястун, паэт, мастацтва Бог.

21.11.1988 г.

БАЛАДА КСЯНДЗА ВІНЦЭНТА ГАДЛЕЎСКАГА (16.11.1888-24.12.1942)

Менску не спіцца -

у ім акупанты-фашысты.

Горад патрэбен ім ціхі, як мёртвы, і чысты

Ад бальшавіцкай заразы, якая жывая,

Тая, якая й сваіх кожны дзень забівае.

Сыплецца снег,

як парваныя пісьмы да Бога.

Сыплецца снег на цябе, канваіраў, дарогу.

І аніколі, ніколі

не вернешся ты ўжо дадому,

І ўжо грахоў

не адпусціш ты болей нікому,

І ўжо не скажаш,

што вораг не злым не бывае,

Вораг заўсёды чужы, і чужых ён знішчае,

Хоць ён з усходу

ці з захаду прыйдзе і скажа,

Што ён прыйшоў,

каб Айчына зрабілася наша

Вольнай і самай багатай краінай у свеце.

Штык у спіну табе коле,

а ў грудзі б'е вецер.

І ўжо малітва твая, нібы сцяг, над табою

І па-над Менскам

і над Беларуссю жывою,

Што не здаецца чужынцам,

не здасца ніколі,

Бо Беларусь -

гэта шлях наш да Бога і волі...

12.06.2010 г.

БАЛАДА КСЯНДЗА КАЗІМІРА СВАЯКА (12.02.1890- 6.05.1926)

Да родных ніў, да роднага касцёла

Вяртаешся, самотны, з Закапанэ.

Грукочуць цягнікі, і плачуць колы,

І прыбліжаюць твой апошні ранак

І Вільню, у якой у цішы Росаў

Ты назаўсёды застанешся сэрцам,

Дзе нашыя крыжы і ў травах слёзы,

Куды з нас кожны, як у Рым, імкнецца.


І, быццам маладыя пчолы, вершы,

Што ты стварыў, лятаюць над табою.

І ты ў народ свой, як і ў Бога, верыш,

Жагнаешся, нібы крылом, рукою

І аддаешся найвышэйшай волі,

Як быў адданы кожную хвіліну

Касцёлу й Слову, каб яны ніколі

Не зніклі, бераглі, як Бог, Айчыну.

27.01.2018 г.

БАЛАДА ЯНКІ НЁМАНСКАГА (31.03.1890-30.10.1937)

Вясной святло рассыпанае ў полі,

Якое стала кветкамі ў траве,

Ты не стушыў і пра цябе ніколі

Ніхто не скажа больш: "Не так жыве,

Як трэба жыць у гэтым сумным свеце…"

А гэты свет не створаны, каб мы

Ляцелі праз яго, як весні вецер

Ляціць, нібыта ўцёкшы з Калымы.

І знаеш ты цяпер, што ўсе дарогі

Вядуць у неба, дзе жыве святло,

Якое праліваецца не многім

У сэрца, каб жыццё жыццём было.

І новы дзень глядзіць у нашы вочы,

І мы глядзім спакойна ў новы дзень.

Ад суму хочацца завыць па-воўчы,

Але смяешся ты, бо ты ўжо цень,

Якому не баліць цяпер нічога.

І ты ідзеш па восеньскай траве,

І свеціцца ў табе ўвесь шлях да Бога,

Нібыта зорка, куля ў галаве…

1.05.2016 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Справы іосіфінізму ў Літве

Іосіфінізм быў адным з накірункаў навуковай думкі ў нашым краі. Але ці наогул існаваў іосіфінізм? Перш чым адказаць на гэтае пытанне, трэба паведаміць чытачам, што азначае гэты тэрмін. Тэрмін утвораны ад імя імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Іосіфа II (1765-1790) і азначае царкоўна-палітычную сістэму, якая зрабіла залежным каталіцкі касцёл ад дзяржавы 1. Сэнсам іосіфінізму было ўмяшанне дзяржавы ў чыста касцельныя справы, іх бюракратычнае трактаванне і выкарыстанне свецкай улады для аслаблення манархічнага падмурка касцёла - улады папы Рымскага.

Свае паўнамоцтвы Іосіф II прасунуў гэтак далёка, што браўся вырашаць, напрыклад, тое, колькі свечак павінна гарэць на алтары ў касцёле падчас набажэнства і г. д. Таму імператар застаўся ў памяці нашчадкаў пад мянушкай брат-сакрыстыян (bruder-sakristian), якую накінуў на яго Фрыдрых Вялікі.

Бадай першым напісаў аб прадмеце нашага артыкула Бялінскі ў 3-м томе свайго "Віленскага ўніверсітэта". Падаючы жыццяпіс прафесара Клангевіча 2, які выкладаў маральную тэалогію, гісторык асветы піша пра яго наступнае (на с. 222-223):

"Трэба праясніць адну акалічнасць - ці праўда тое, пра што пішуць Сямашка, Плацыд Янкоўскі, Галубовіч, Малішэўскі і іншыя выхаванцы Галоўнай семінарыі, а потым вучні Клангевіча, ці праўда, што гэта ён сваім выкладаннем схіліў іх да скасавання уніі і прыняцця праваслаўя. Што Клангевіч выступаў супраць злоўжыванняў папскай улады і рабіў гэта свядома і рупліва, працуючы з крыніцамі, каб на падставе новых дадзеных дапоўніць Клюпфеля (Engelbert Klupfel, тэолаг - Л.Л.), які як іосіфініст, не прызнаваў вяршэнства папы. Часткова гэта павінна быць праўдай, бо біскупы Лікоўскі і Сымон цытавалі ў сваіх працах адпаведныя кавалкі з тэкстаў Сямашкі і Зубко, ніяк іх не каментавалі, што азначае згоду з тым, што Клангевіч у сваіх меркаваннях пра ўладу папыпайшоў далей нават за іосіфіністаў. Асабіста для мяне меркаванне біскупа Сымона з'яўляецца вельмі важкім, бо архіў былога тэалагічнага факультэта знаходзіўся ў Пецярбургу, у духоўнай рыма-каталіцкай акадэміі, і біскуп пісаў свае каштоўныя манаграфіі, грунтуючыся на гэтых архівах. Таму ён мусіў мець ясныя довады аб тым, што Клангевіч вінаваты, а вышэй названыя паны - Сямашка і Зубко пісалі пра свайго прафесара праўду. Не спыняючыся на вядомым, звернемся з катэгарычным пытаннем да вучняў Клангевіча - неўніятаў. Нядаўна памёршы ў Вільні біскуп Людвік Здановіч, запэўніў мяне, што ўсё, што пішуць пра Клангевіча, ёсць абсалютнай фальшу, насамрэч Клангевіч, маючы таго жа Клюпфеля і Даненмайра (Dannemayer, тэолаг - Л. Л.) за настаўнікаў, не толькі не шукаў новых аргументаў, каб пацвердзіць антыкаталіцкія думкі Клюпфеля, а наадварот, звяртаў увагу сваіх вучняў на вынікі, да якіх можа давесці гэтае вучэнне, калі ў Божую навуку ўводзяць свецкія думкі і часовыя інтарэсы. Біскуп Здановіч, якога нельга абвінаваціць у тым, што ён забыўся аб тым, што ўсялякая ўлада ад Бога, цвердзіў - Клангевіч быў сапраўдным католікам, а ўсялякія ўспаміны пра яго лекцыі з'явіліся пасля смерці прафесара. Пры тым мемуарысты, абапіраючыся на сваё становішча, былі ўпэўненыя ў тым, што ніхто не адважыцца крытыкаваць іхнія погляды, бо ведалі, што гэткая крытыка будзе лічыцца дзяржаўным злачынствам".

Далей, на старонках 224-225 працы Бялінскага чытаем: "Візітатары … вельмі паважалі Клангевіча, і таму ён не мог быць нават патаемным іосіфіністам і паціху, на-вуха, выкладаць уніятам, будучым архірэям-мемуарыстам, асновы іосіфінізму, а ўголас для большасці студэнтаў казаць іншае і лічыцца ультрамантаністам3. Бо мэтай візітатараў было сачэнне за тым, каб тэалогія выкладалася ў поўнай чысціні. Адзінае, што кажа супраць Клангевіча, гэта падручнікі, якія ён выкарыстоўваў. Клюпфель, напрыклад, ставіць новых тэарэтыкаў-тэолагаў другой паловы XVIII ст. вышэй, чым Альберта Вялікага, Тамаша Аквінскага ці Банаветуру - гэтых Клюпфель не лічыць паважанымі крыніцамі, адкуль малады тэолаг можа чэрпаць сваю навуку. У Даненмайра, напрыклад, знаходзім тэксты па гісторыі касцёла ў Сярэднявеччы і гісторыі папства, якія цалкам ідэнтычныя з поглядамі пратэстантаў і таму не могуць знаходзіцца ў каталіцкіх падручніках. Для гісторыка, які вывучае віленскі тэалагічны факультэт, наяўнасць гэтакіх падручнікаў з'яўлялася абуральным. Не будзе ён разбірацца ў тым, што пісаў Сямашка, а што казаў біскуп Здановіч, але зробіць адпаведныя высновы супраць Клангевіча. Для гісторыка гэтых фактаў дастаткова - гэткія падручнікі не маглі выкарыстоўвацца ў справе выхавання сапраўдных каталіцкіх перакананняў у студэнцкай моладзі і таму Клангевіч вінаваты. Так вырашыць гісторык. Я не гісторык і таму магу мець іншыя меркаванні. Па-першае, чаму лекцыі Клангевіча звялі з прамой дарогі толькі некалькі ўніятаў, а пераважная рэшта слухачоў засталася вернай касцёлу? Натуральна, што выкладчык, маючы ў сябе агідныя падручнікі, звяртаў ўвагу студэнтаў на гэтыя памылкі ў іх, пра што і казаў біскуп Здановіч, а ўвесь курс лекцый, які склаў сам і які потым перайшоў да наступнага выкладчыка з яго кафедры Фялкоўскага, быў цалкам каталіцкім. Дастаткова гэты курс прачытаць (пэўна захоўваецца ён у Пецярбургскай духоўнай акадэміі), і праўдзівасць маіх вывадаў будзе пацверджана".

Адначасова з Клангевічам выкладаў Капэлі (Capelli, юрыст, тэолаг - Л. Л.), юрыст родам з Фларэнцыі. Бялінскі пісаў пра яго на старонцы 130: "Універсітэцкай моладзі падабаўся ліберальны накірунак яго лекцый. Адзін з яго вучняў, Сямашка, захапляўся прафесарам, бо той саркастычна расказваў пра злоўжыванні рымскага духавенства. Пра гэтыя злоўжыванні ён расказваў не пабожна, а саркастычна ці з абурэннем. Таму не зразумела, чым захапляўся Сямашка. Архіепіскап Зубко, таксама вучань Капэлі, быў упэўнены, што адкрыў Амерыку, калі пішучы пра гэтага выкладчыка ў сваіх успамінах (Русский Вестник, 1864. С. 300.), паведаміў, што Капэлі першым растлумачыў справу фальшавання дэкрэтаў Ісідора. Але сам Капелі, публічна перад вялікай колькасцю прафесараў расказваў пра гэтую справу на сваёй першай лекцыі - пачынаючы з XV ст. ні для каго не было таямніцай фальшаванне некаторых з дэкрэтаў Ісідора" 4.

Прафесар Галанскі, згодна з Бялінскім (с. 180.) "не дазваляў біскупам умешвацца ў справы Галоўнай семінарыі, бо лічыў, што тэалагічны факультэт карыстаецца прывілеямі папы Рыгора XIII, які не дазваляе біскупам рабіць гэта. Такое тлумачэнне з'яўляецца сілком прыцягнутае да справы, бо віленскі тэалагічны факультэт ніколі не быў незалежным і першыя дзвесце гадоў наўпрост залежаў ад генерала ордэна езуітаў".

Пра прафесара Гусарэўскага (с. 202.) ведаем тое, што ён быў ворагам метадаў схаластыкі што ў той час лічылася вялікім лібералізмам. Гэты прафесар напісаў шэраг крытычных прац, якія спаліў за некалькі гадзін да смерці. Студэнтаў прыахвочваў да самастойных даследаванняў, і гэта можа быць зразумела і так, і гэтак.

З вышэй пададзеных цытат бачна, што Бялінскі не толькі падае крыніцы, але таксама спрабуе зрабіць высновы, датычныя іосіфінізму. Вартай справай з'яўляецца супастаўленне меркаванняў нашага гісторыка навукі з высновамі кс. Курчэўскага, які пісаў свае апошнія гістарычныя працы пазней і таму мог ахапіць больш інфармацыі для сінтэзу. Ён непрафесійны гісторык і вельмі паблажлівы суддзя гістарычных постацяў, але ў гэтай справе, як убачым, выказваўся дакладна і востра.

У кнізе "Віленскае біскупства" на старонках 350 і 352 ён наступнымі словамі характарызуе тэалагічны факультэт віленскага ўніверсітэта:

"Акрамя прыродных здольнасцяў, таленту і ведаў, на тэалагічным факультэце ў выбітных прафесараў універсітэта з'явіўся ліберальны дух і накірунак супрацьлеглы асновам і дагматам каталіцкага касцёла. Міхал Баброўскі, як прафесар св. пісання больш дбаў пра літару тэксту і этымалагічнае тлумачэнне, чым пра дух і меркаванні айцоў і экзэгетаў касцёла. Клангевіч, як прафесар дагматыкі, тлумачыў Клюпфеля, які быў пранікнуты духам рацыянальна-іосіфініскім і лічыў св. Тамаша, Альберта Вялікага і іншых схаластаў, аўтарамі варварскай тэалогіі5. У сваіх лекцыях сцісла падаваў асновы каталіцызму і больш увагі прысвячаў агульнахрысціянскай тэалогіі. Як гісторык, трымаўся яшчэ горшага накірунку Даненмайра, які нападаў на адвечныя асновы касцёла, адкідваў павагу да айцоў касцёла і аспрэчваў прымат папы. Хоць Клангевіч і стараўся прыбраць крайнія высновы сваіх папярэднікаў, аднак вучні, пранікнутыя вальтэрыянска-іосіфініскім духам, у сваім разуменні прасоўваліся яшчэ далей, чым таго жадаў сам прафесар. Таксама звернем увагу на прафесара кананічнага і цывільнага права Капэлі, чалавека свецкага, здольнага, знаўцу моваў і добрага юрыста, але наскрозь пранікнутага гальскім духам вольнасці і іосіфінізму. Калі звернем увагу на тое, як гэты чалавек вострымі выразамі высмейваў павагу да папы, біскупаў і сабораў, паўтараў трызненні ворагаў касцёла і пры гэтым вучыў духавенства, дык зразумеем, што факультэт тэалогіі зрабіў фатальны ўплыў на сваіх студэнтаў: не будзе нас дзівіць гісторыя Сямашкі і Зубко6, уніяцкіх епіскапаў, якія адпалі ад сваёй царквы. Капэлі атачала захапленне, і ён пасля трыццацігадовай працы, ушанаваны ордэнамі і з поўнымі кішэнямі грошай, вярнуўся ў Італію. На яго партрэце слухачы напісалі: "Viro eximio, praece-ptori optimo!" ( лац. "Чалавек незвычайных дасягненняў, лепшы настаўнік". - Л. Л.)

Прафесараў гэтых слухалі не толькі студэнты тэалагічнага факультэта, але і галоўнай семінарыі. Мы разумеем вынікі гэтай працы, але для ўсіх яны сталі відочнымі пазней.

Пад канец дзейнасці тэалагічнага факультэта паміж факультэтам і міністрам з'явілася праблема ў справе падручнікаў для катэхізацыі. Факультэт, як найвышэйшая інстытуцыя ў краі, павінен быў назіраць за выкладаннем рэлігіі ва ўсіх школах, але выкладанне рэлігіі вялося без ніякіх праграм. Сестранцэвіч 7 разам з міністрам прапанавалі ўніверсітэту скласці падручнікі на ўзор аўстрыйскіх. Складанне дагматычнага катэхізіса было даручана прафесару Баброўскаму, а звычайнага (аскетычнага) катэхізіса - Скідэлю. Катэхізіс Скідэля ў 1829 г. быў зацверджаны, а падручнік Баброўскага міністр адхіліў, бо той утрымліваў небяспечныя ці непатрэбныя, па яго разуменні, дагматы, напрыклад: аб паданні, аб папе, аб клятвах, аб ерэтыках, аб параўнанні блюзнераў з яўрэямі, што ўкрыжавалі Хрыста і г.д. Было загадана падручнік скараціць, і Баброўскі скараціў, на колькі мог, сваю працу, пакінуўшы ў ёй толькі шкілет і ў такім выглядзе прадставіў для апрабацыі … Аднак усё скончылася нічым, бо ў 1832 г. універсітэт быў зачынены".

Пасля скасавання віленскага ўніверсітэта месца тэалагічнага факультэта заняла Духоўная акадэмія, дзе працягваў выкладаць іосіфініст Капэлі і яго калегі. Кс. Курчэўскі піша пра гэта: "Змена назвы і часткова асобаў, не памяняла ліберальны дух і накірунак, які дажыў ажно да закрыцця Акадэміі". У жніўні 1842 г. Акадэмія была перанесеная ў Пецярбург.

Уплыў іосіфінізму на погляды Клангевіча адчуваўся і потым, калі былы прафесар заняў біскупскую кафедру. Пра яго кіраванне Курчэўскі з асцярогай піша на старонцы 67: "Калі ў некаторых адозвах бачым разыходжанне з фундаментальнымі прынцыпамі кананічнага права, дык гэта часткова можна растлумачыць пануючымі ў той час акалічнасцямі, часткова, ратаваннем таго, што яшчэ можна было ўратаваць".

Курчэўскі меў на руках акт аб перадачы рускім уладам касцёла св. Казіміра ў Вільні 8. Цяжка сабе ўявіць, што адчуваў Клангевіч, падпісваючы гэты акт, але прыкра бачыць што ў допісе біскупа на акце, адсутнічае нават самы малы пратэст.

Кс. Курчэўскі пра абаронцу Клангевіча, яго вучня біскупа Здановіча кажа, што "быў гэта шырока вядомы муж вялікага розуму і сапраўднай цноты, але няўстойлівага характару. Гэта няўстойлівасць у рашучыя хвіліны, памяншала яго постаць у шэрагу заслужаных мужоў" (с. 74.)

Аўтар вельмі цікавых нататак пра віленскую дыяцэзію пасля 1863 г., якія яшчэ знаходзяцца ў рукапісе, цвердзіць, што сучасная капітула ў Вільні, за выняткам пралата Казлоўскага (пазнейшага арцыбіскупа), складалася з людзей вучоных, шляхетных і добрай волі, але на жаль, выхаваных у іосіфінізме. З гэтай жа крыніцы даведваемся, што Здановіч, як прафесар семінарыі, без ахвоты, але выконваў пажаданні ўрада.

Іосіфінізм, які панаваў у першай палове XIX ст. на ўніверсітэцкай кафедры, а потым у Духоўнай акадэміі, з'яўляецца тым гістарычным чыннікам, без якога нельга зразумець сумныя падзеі мінулага стагоддзя, якія як ў лацінскім гэтак і ва ўніяцкім абрадах адбываліся ў каталіцкай царкве Літвы і Беларусі. …

Апошнія іосіфіністы Літвы і Беларусі пайшлі з гэтага свету ў апошнія дзесяць гадоў 9.

Latovicus. (Міхал Ромер).

Z dziejów józefinizmu w Litwie // Pregląd Wileński. № 5-6, 11 lutego 1922. S. 7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Іосіфінізм - гэтак называлася ўнутраная палітыка, якая праводзілася імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Іосіфам II у дачыненні да Рымска-каталіцкай царквы і яе ўплыву ў аўстра-венгерскім грамадстве. Іосіф II, праводзячы пэўныя рэформы, выдаваў адмысловыя заканадаўчыя акты, якія падпарадкоўвалі Рымска-Каталіцкую царкву свецкім уладам і вызначалі царкоўную структуру Каталіцкай царквы як адзін з элементаў дзяржавы. Паводле гэтых законаў каталіцкія святары рабіліся дзяржаўнымі службоўцамі і былі абавязаны цалкам падпарадкоўвацца заканадаўству дзяржавы. - Л. Л.

2 Андрэй Клангевіч (1767-1841), прафесар універсітэта а потым віленскі і берасцейскі біскуп.

3 Ультрамантанства (ад выраза іт. Papa ultramontano - "папа з-за гор") - у XIX ст. плынь у рымска-каталіцкай царкве, прадстаўнікі якой выступалі за падпарадкаванне нацыянальных каталіцкіх цэркваў папе рымскаму, а таксама баранілі вярхоўную свецкую ўладу папы ад свецкіх гаспадароў Еўропы. Пазней гэтым словам як мянушкай, пачалі абзываць практычна ўсіх нармальных католікаў. - Л. Л.

4 Ісідор Севільскі (лац.: Isidorus Hispalensis, каля 560, Новы Карфаген, Візантыйская Іспанія - 4 красавіка 636, Севілья) - архібіскуп Севільі ў вестготскай Іспаніі, апошні лацінскі айцец Царквы і заснавальнік сярэднявечнага энцыклапедызму. Кампілятар масарабскага богаслужбовага абраду. У 1598 г. быў кананізаваны Рымскай каталіцкай царквой. Ісідар часта не зусім дакладна выкарыстоўваў урыўкі з Бібліі, але яго велізарны аўтарытэт пазней зрабіў магчымай для іншых неакуратна выкарыстоўваць Пісанне ва ўласных мэтах, што адыграла негатыўную ролю ў гісторыі сярэднявечнай царквы. Сфабрыкаваныя ў IX стагоддзі "дэкрэталіі" былі таксама прыпісаны Ісідору Севільскаму. - Л. Л.

5 Новае адкрыццё і прачытанне св. Тамаша Аквінскага і іншых вялікіх сярэднявечных тэолагаў адбылося ў XX ст. - Л. Л.

6 Думаю, што тэарэтычныя меркаванні для гэтых людзей былі другаснымі, неабходнымі толькі, каб схаваць і прыхарошыць сваю прагу да ўлады. - Л. Л.

7 Каталіцкі біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцевіч (1731-1826). - Л. Л.

8 У 1832 г. гэты касцёл быў зачынены і перароблены пад праваслаўную царкву. - Л. Л.

9 Маецца на ўвазе у 1910-20-я гг. - Л. Л.

"НЕ МАЙ СТО РУБЛЁЎ, А МАЙ СТО СЯБРОЎ" -

і тады тваё жыццё будзе напоўнна багатым і насычаным зместам, цікавымі сустрэчамі, важнымі падзеямі грамадскага і асабістага жыцця, да якіх ты маеш магчымасць спрычыніцца праз сяброўства з аднадумцамі.

Кіраўнічка "народнага" клуба "Сучаснік" Зінаіда Уладзіміраўна Жырава, каб разнастаіць жыццё клуба, пазнаёміцца з тымі, хто не хоча "закісаць" на пенсіі ў чатырох сценах, прапанавала паехаць да бліжэйшых суседзяў - у жаночы клуб "Бажэна", які з 2002 года існуе пры Міёрскай раённай бібліятэцы.

- Як гэта так? Жывём побач, а ні разу так і не сустрэліся? Едзем? - пыталася яна ў нас.

Ідэя нам прыйшлася па душы. Ды і цікава ж паглядзець і параўнаць: а што там, у іх?

"Бабушкі-старушкі" з "Бажэны", як гулліва назвалі сябе сяброўкі клуба, адразу здзвівілі сваім вітаннем: аднекуль з-за бібліятэчных сцелажоў, пад гукі вышэй названай песні, высыпала дзесяткі два прыгожых жанчын з вясёлымі прыпеўкамі, што адразу ўзнялі настрой на самую высокую ноту якую трымалі ўсе дзве гадзіны сустрэчы.

Ірына Гушча, кіраўнічка клуба "Бажэна", прызнаны майстра незвычайных тэатралізаваных цікавінак, знайшла дарогу да сэрца кожнага госця. Нязмушанасць і сардэчнасць, цікавыя аповеды пра працу клуба і сустрэчы, удзел ў розных раённых мерапрыемствах, і нават у святах у суседзяў у Латвіі, конкурсах і віктарынах, спартовых спаборніцтвах, народных святах - жанчыны клуба "Бажэна" вышэй усялякіх пахвал. А вядоўца мультымедыйнай прэзентацыі пра дзейнасць клуба апранулася ў адмысловы народны строй, каб падкрэсліць багацце роднага куточка.

А калі ў залу зайшоў "дуэт" - "бабуля-траўніца" і яе сяброўка з "лекавым" напоем "Бажэнаўка", ды і з вершаванымі лекавымі прыгаворамі-замовамі ў адрас кожнага госця, то гэтая частка сустрэчы прайшла, як цудоўнае тэатралізаванае прадстаўленне. Ну, а мы ж госці таксама, як кажуць, не белымі ніткамі шыты: Антон Бубала, сябра ТБМ, уручыў гасцям дзве свае кніжкі і прачытаў гумарэску "Дзед і інтэрнэт", якая прыйшлася даспадобы міёрцам.

Жанчынкі з "Бажэны", а гэта настаўнікі, урачы, выхавацелькі дзіцячых садкоў, чыталі вершы, расказвалі пра цікавыя гісторыі свайго жыцця, пра мерапрыемствы, якія ладзіць клуб, пра сваіх знакамітых землякоў, праспявалі гімн Міёрам, які напісаў іх зямляк М. Даргель, дэманстравалі сваё "хобі" - вязаныя карункі, торбачкі, пашытыя з разламаных парасонаў, якія хоць у буцікі выстаўляй, з такім густам і майстэрствам яны зроблены, дэкаратыўныя шары, вытанчана аплеценыя рознакаляровымі ніткамі з такім складаным узорам, што цяжка ўцяміць, як гэта магла майстрыца зрабіць.

І ледзь не парваў мяхі гармоніка Міхайлавіч, музыка-самавучка, калі пачалася музычная частка імпрэзы.

Усё падчас гэтай сустрэчы было да месца: і творыя справаздачы для сяброў і вітанні-віншаванні, калі узгадалі пра юбіляраў і імяніннікаў з абодвух клубаў, падарункі на памяць і абмен думкамі, што могуць зрабіць людзі нават у такім шаноўным ўзросце не толькі для сябе, але і для мясцовай супольнасці.

Развітваліся з цвёрдым намерам сустракацца часцей, дзяліцца набыткамі, і першае, што зрабіць на наступны дзень - знайсці сябе на старонках Аднакласнікаў.

А мы, канешне, запрасілі "бажэнавак" да сябе ў госці.

Вам цікава, што азначае назва клуба "Бажэна"? І мне было цікава, і, крыху апярэдзіўшы вядоўцу, я запытала пра гэта.

- У назве "БАЖЭНА" два складнікі, "БА",- першы склад ад слова "бабуля", другі склад - "ЖЭНА", тут ўсе зразумела, - тлумачыць Ірына Гушча.

Вось так аб'ядналі два важкія словы ў адной назве: бабулі і жонкі.

Валянціна Болбат, Верхнядзвінск.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX