Вярнуцца: 2020

№ 06 (1469)


Дадана: 06-02-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 6 (1469), 5 лютага 2020 г.

На сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампеа старшыня ТБМ Алена Анісім звязала магчымасць існавання і актыўнай працы грамадзянскай супольнасці з пытаннем незалежнасці Беларусі

Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа 1 лютага падчас свайго візіту ў Менск сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі.

На сустрэчы прысутнічалі Сяргей Драздоўскі з Офіса па правах людзей з інваліднасцю, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак.

Беларускія праваабаронцы паднялі важныя і надзённыя пытанні па правах чалавека ў Беларусі. Так, Сяргей Драздоўскі распавёў пра праблемы, звязаныя з выкананнем сацыяльна-эканамічных правоў, з адсутнасцю антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і парушэннем правоў прафсаюзаў.

Кіраўнік ТБМ Алена Анісім звязала магчымасць існавання і актыўнай працы грамадзянскай супольнасці з пытаннем незалежнасці Беларусі. У сваім кароткім выступе яна адзначыла важную ролю ў гэтым пытанні беларускай мовы і культуры, немагчымасць яе развіцця ў выпадку агрэсіўных захопніцкіх дзеянняў нашай усходняй суседкі. У сувязі з гэтым старшыня ТБМ распавяла пра захады дэмакратычнай супольнасці па захаванні незалежнасці: Усебеларускі сход 2000-га года, Кангрэс - 2014. Яна згадала нядаўнія дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці ў снежні 2019, а таксама пра падрыхтоўку Кангрэса ў сакавіку 2020 г. Старшыня ТБМ выказала спадзеў, што ЗША і надалей будуць прытрымлівацца сваёй пазіцыі па гарантаванні незалежнасці Беларусі.

Алесь Бяляцкі паведаміў пра стабільна кепскую сітуацыю з грамадска-палітычнымі правамі. Адзначыў, што парушаюцца правы на свабоду сходаў і мітынгаў, у якасці прыкладу прывёў апошнія мірныя дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці краіны, за ўдзел у якіх улады пакаралі дзясяткі ўдзельнікаў. Па ацэнцы праваабаронцы, улады не гатовыя супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю нават па такіх жыццёва важных пытаннях для Беларусі, як незалежнасць.

Алег Гулак у сваім выступе адзначыў важнасць амерыканска-беларускага дыялогу па правах чалавека і выказаўся за больш актыўнае прыцягненне грамадзянскай супольнасці ва ўсе перамоўныя працэсы паміж ЗША і Беларуссю.

Майкл Пампеа пракаментаваў выступы беларускіх праваабаронцаў, адзначыў, што ёсць агульнае разуменне праблемаў, што ён падымаў найбольш важныя пытанні па правах чалавека ў Беларусі на сустрэчы з прэзідэнтам А. Лукашэнкам і міністрам замежных спраў У. Макеем. Ён таксама падкрэсліў, што пазіцыя ЗША па падтрымцы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі застаецца нязменнай.

Сустрэча з'яўляецца выразным сігналам урада ЗША ў падтрымку грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных актывістаў у Беларусі.

Паводле СМІ.

Удакладненне

Першая паласа 4-га нумара "Нашага слова" ў 2020 г. была прысвечана 30-гадоваму юбілею Магілёўскай філіі ТБМ (так яна называлася спачатку). Тады, 30 год таму, мы не разбіраліся - гарадская яна ці абласная. Але крыху пазней пачалі стварацца суполкі ТБМ у раёнах, і Магілёўская філія была пераназвана ў Магілёўскую гарадскую арганізацыю. Абласная арганізацыя не стваралася, бо не было ў ёй патрэбы: раённыя суполкі кантактавалі наўпрост з цэнтрам.

Але ў сувязі з выбарамі і дэпутатаў Вярхоўнага Савета, і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія набліжаліся, было вырашана стварыць абласную арганізацыю, бо на той час грамадскія аб'яднанні і іх рэгіянальныя структуры мелі магчымасць вылучаць і кандыдатаў у дэпутаты, і назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

Магілёўская абласная арганізацыя Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (МАА ТБМ) была створана 27 траўня 1993 года на аснове 6 рэгіянальных арганізацый вобласці - Магілёўскай гарадской, Бабруйскай гарадской, Бабруйскай, Бялыніцкай, Круглянскай і Чавускай раённых арганізацый, аб чым маецца інфармацыя на сайце tbm-mova.by. А таму 30-годдзе абласной арганізацыі мы будзем адзначаць толькі праз тры гады.

Міхась Булавацкі, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ.

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Данута

Пачало цямнець. Я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны, развітаўся з цёткай і пакрочыў у адпрасаваным і вычышчаным адзенні на ўмоўленыя кватэры.

Дзесьці ў лясах мерзлі партызаны. На франтах лілася кроў. З голаду, холаду і ад хвароб гінулі тысячы людзей у нямецкіх турмах. Як прысмак грызлі сырую бульбу і варылі суп з рамянёў нашы ваеннапалонныя за калючымі дратамі канцлагераў. У смяртэльнай трывозе чакалі свайго канца даведзеныя да вар'яцтва дзясяткі тысяч яўрэяў гета. Недзе не зляжалася яшчэ зямля, не прамерзла на свежай магіле ў Парубанку. А тут, на віленскай вуліцы, спакойна цякло сабе мірнае жыццё.

Усюды гарэлі электрычныя лямпачкі. Здаецца, нават гарэла цяпер іх больш, чым да вайны, на вуліцах відна - як днём.

Працокаў кованымі капытамі конь вазніцы, правёз у даваенным фаэтоне пышную немку ў футры.

Пранёсся нямецкі матацыкліст з акулярамі на ўвесь лоб, ён нагадаў стварэнне не з гэтага свету - драпежнае, злое.

Праехала грузавая машына з крытым верхам і эмблемай бубновага туза на кабіне. Звычайна ў немцаў ваенныя машыны мелі на кабінах галовы зубраў, аленяў, куніц, зайцаў.

Нібы з зялёнымі тэрмасамі, з прымацаванымі да боку процівагазамі прайшоў узвод салдат. Разгадаваныя і здаволеныя фашысты ў дапасаваных шынялях і начышчаных да бляску ботах маршыравалі зладжана, раўненне трымалі лёгка. Ад іх павеяла чужой і ненавіснай сілай.

Я адчуў у сабе насцярожаную ўзбуджанасць і трывогу - стан, калі ў табе напружана кожная клетка і нерв. Каб не выдаў мяне бязладны крок партызана - прымусіў сябе ногі ставіць цвёрда і ўпэўнена.

Аляксей Карпюк

На Чорных лядах

Не хацелася паміраць Валодзьку Сулашчыку, хацелася жыць. Ды, мусіць, пе выпадала. Як не выпадала жыць ягонаму бацьку, шмат каму з шарагоўцаў ды камандзіраў іхняй Слуцкай брыгады. "Некаторыя, можа, і ўберагуцца, - думаў Валодзька, - асабліва па той бок польскай мяжы, але не ўсе". Валодзька ўжо чуў, што камандзіраў ды кіраўнікоў паўстання палякі выдалі бальшавікам, некаторых парасстралялі ў Слуцку, іншых сем'ямі вывезлі немаведама куды на ўсход.

Яны ведалі, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у строй. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя. Як заўжды, масы засталіся ўбаку, не падтрымала іх Беларусь. Але яны павінны былі пачаць. Для іх было відавочна: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазней. Без таго, без іхняе безагляднае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджана на вялы, задоўжаны скон. Цяпер гэтаму не бываць! Зерне кінута, па вясне ўгрэецца глеба, будуць усходы! Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна! Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэнне, так трэба. Для вольнай радзімы, для гісторыі...

Васіль Быкаў

Беларуская песня

Уладзімір Караткевіч

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.


Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.


Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба - разлівы ільноў.


Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.


Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.


Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якой і тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты - наш край.

Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.


Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

Песня пра зубра

Мікола Гусоўскі

Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх,

Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай.

Лад алфавіту наш прашчур для ўласнай карысці

У грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак

Зладзіўшы з ім, іншаземцам, застаўся сабою.

Звычкі і побыт жывёл разнастайнай пароды,

Як і падзеі, апісаны ў граматах гэтых.

Што ж да зуброў, то такога магутнага звера

Шчасная доля, як дзіва часоў першабытных,

Толькі шчэ ў нас захавала, пад зоркай Палярнай.

Пліній, напрыклад, пісаў пра зубра і пра тура:

"Тур і бізон (па-мясцоваму - зубр) засталіся

Толькі ў лясах першабытных. Вучоныя кажуць, -

Сведчыць гісторык, - што лютасцю, злосцю і сілай

Роўнага звера не знойдзеш лясному асілку,

Што і ў лясах, і на выпасах ляхаў і росаў

Быў і застаўся царом над усімі звярамі".

Значыць, ён ведаў пра тых і другіх, а вось людзі

У нас на радзіме шчэ лічаць, што свет іх не знае.

"Дзікі і люты, іх зубр - падабенства бізона,

Толькі даўжэйшая грыва", - заканчвае Пліній.

Хоць і не многа, ды праўда. Хто ж болей захоча,

Хай пацікавіцца - кнігі і болей раскажуць.

Я ўжо наперад прадбачу - пярэчанні будуць:

Байкі дзіцячыя. Ведаем, чулі, чыталі!..

Хто цаліка не прамераў і нашага звера

У вочы не бачыў, вядома, такі не паверыць.

Сутнасць не ў гэтым. Галоўнае, як ты раскажаш.

Глупства ўсумняецца, мудрасць разумна сцвярджае.

Вам пра зуброў паляўнічы ў нас кожны раскажа,

Толькі спытай - прагаворыць да ранішніх пеўняў.

БІЗНЭС ПАДТРЫМЛІВАЕ МОВУ

Падвойныя пачуцці апаноўваюць мяне, калі праглядваю працы спаборнікаў "Беларускага пяціборства". У большасці гэтыя працы вельмі слабыя: і мова з процьмай памылак (што не дзіўна, бо як той мове вучаць), і ў гістарычных падзеях старшакласнікі амаль не арыентуюцца, і прыродныя з'явы патлумачыць часта не могуць, і, як выяўляецца, літаратурных твораў амаль не чыталі, і з логікай у матэматычных заданнях праблемы. Нават у такіх заданнях, дзе амаль не патрабуецца ніякіх ведаў, толькі праявіць кемлівасць, вынікі мізэрныя. А гаворка ж ідзе пра элітную частку вучнёўскай моладзі, пра тых, хто ўдзельнічае ў алімпіядах рознага профілю і рознага ўзроўню. Міжволі задумаешся: а можа, у школах вучаць не таму і не так?

І ўсё ж на гэтым шэрым фоне раз-пораз выбліскваюць зорачкі. Знаходзяцца калі два, калі чатыры, а калі і адзін спаборнік, які дэманструе выдатныя веды і ўменні, да таго ж актыўны розум. Вось і на гэты раз…

Ён адразу глянуўся адметнасцямі, неўласцівымі большасці школьнікаў: высокі, кучаравы (гэта неістотна, істотнае далей), выява бел-чырвона-белага сцяга на заплечніку, а на грудзях на швэдры выявы рыцараў з крыжамі святой Еўфрасінні. У анкеце напісаў, што матэматыку не ведае, а любіць гісторыю, асабліва гісторыю нашай краіны. Рыхтуецца праз паўгода здаваць ЦТ па гісторыі і з цікавасцю глядзіць розныя гістарычныя перадачы, найперш на "Белсаце", заглядвае на сайты "Свабоды" і "Нашай нівы".

Чальцы журы "Беларускага пяціборства-XVIII", правяраючы працы спаборнікаў, пра такія яго адметнасці не ведалі і адзінагалосна прысудзілі яму першае месца ў намінацыях мова, гісторыя і прыродазнаўства і агульнае першае месца з адрывам ад другога больш, чым на 80 балаў, чаго ніколі не было. Часцей розніца паміж прызёрамі пяціборства складае некалькі балаў, і журы ўважліва пераправярае працы, каб упэўніцца, што памылкі там няма. Тут пераправяраць не патрабавалася.

Павел Ананіч вучыцца ў 11 класе сярэдняй школы № 21 г. Магілёва. За свае веды дзякуе настаўніцы гісторыі Тамары Века і настаўніцы беларускай мовы Галіне Страха, а таксама сваім бацькам, разам з якімі ён ездзіў у Менск на святкаванне 100-гадовага юбілею БНР.

На другім месцы - Іван Стульскі (ІІ курс агра-эканамічнага каледжа, Бабруйск). На трэцім - Мікіта Суботкін (10 клас гімназіі № 3, Бабруйск).

Прызы пераможцам выдзеліла ўнітарнае прадпрыемства сувязі "А1". Яны былі ўручаны пад час правядзення крэатона для старшакласнікаў "Першыя ідэі: інклюзія", на якім больш за сотню навучэнцаў Магілёва раздумвалі і вылучалі ідэі аб тым, як зрабіць горад больш зручным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Варта адзначыць, што ўсё гэта рабілася на цудоўнай беларускай мове з боку арганізатараў і не цудоўнай, але ўсё ж беларускай мове з боку ўдзельнікаў. Нізкі паклон кампаніі "А1" за тое, што яна актыўна спрыяе пашырэнню ўжытку мовы ў публічнай прасторы. І падзяка за тое, што падтрымала наш праект "Беларускае пяціборства", бо годам раней з-за адсутнасці сродкаў пяціборства не адбылося.

Яшчэ адно цікавае назіранне. Перад пачаткам спаборніцтва праводзіцца кніжная латарэя, дзе ў парадку, вызначаным жараб'ёўкай, кожны спаборнік можа выбраць сабе кнігу ці набор паштовых марак або паштовак. Кнігі прапануюцца на беларускай і рускай мовах (зрэдку і на нейкіх іншых мовах). Дык вось, заўважаецца ўжо не першы раз, што спаборнікі з верхняй часткі табліцы часцей выбіраюць сабе кнігі на нашай мове, а спаборнікі з ніжняй часткі, г.зн., з малой колькасцю набраных балаў, - на рускай. Калі гэта тэндэнцыя, то тэндэнцыя вельмі правільная. Моладзевая эліта абірае Беларусь!

Міхась Булавацкі, старшыня журы "Беларускага пяціборства". На фота Алеся Сабалеўскага - узнагароды пераможцу.

ЯЗЫЧА, ЯЗЫЧА, ЯКІ ЧОРТ ЦЯБЕ КЛІЧА?

У снежні 2018 года аўтар гэтай нататкі напісаў ліст кіраўніку дзяржавы пра адсутнасць бланкаў беларускамоўных тыпавых дамоваў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Беларускамоўныя бланкі ўрад не зацвердзіў і па сёння. Але! 1 сакавіка 2019 года дырэктар Слонімскай ЖКГ Алег Конан асабіста заключыў з Міхасём Варанцом дамовы на роднай мове, а міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў у лісце ад 10 траўня 2019 года запэўніў, што перакладзеныя слонімскімі камунальнікамі на беларускую мову дамовы маюць такую ж юрыдычную моц, як і дамовы на рускай мове, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў.

Мая дачка не звярнулася да Прэзідэнта… . 30 ліпеня 2019 года слонімскія камунальнікі адмовілі Кацярыне Варанец у праве падпісаць дамовы на нашай мове.

Пра ўсё гэта падрабязна распаведзена на старонках газеты "Наша слова" - №№ 25, 29, 32, 33 ад 19 чэрвеня, 17 ліпеня, 7 і 14 жніўня 2019 года. А далей - яшчэ цікавей!

Намеснік міністра ЖКГ Віталь Смірноў у лісце ад 16 верасня 2019 года (да адрасата ліст трапіў 13 снежня, але гэта іншая гісторыя) напісаў, на мой погляд, нейкую абракадабру: "Правы чалавека ў галіне забеспячэння роўнага статусу дзвюх дзяржаўных моў не ўшчамляюцца". У адпаведнасці з Законам, пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў варта выключыць "дубляванне" і "множнасць" па адным і тым жа пытанні, таму "адсутнічае мэтазгоднасць зацверджання на беларускай мове тыпавых дагавораў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Аднак калі спажывец жыллёва-камунальных паслуг выказвае жаданне заключыць дагавор на беларускай мове, нішто не перашкаджае падрыхтаваць такі дагавор і заключыць яго са спажыўцом".

Вышэйнапісанае - прыказка. Казка наперадзе!

Савет Міністраў накіраваў мой зварот з нагоды незаключэння з Кацярынай Варанец беларускамоўных дамоваў і ў Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт.

У адказе ад 30 кастрычніка 2019 года начальнік абласнога ўпраўлення ЖКГ Алена Каспяровіч, у адрозенне ад В. Смірнова, напісала канкрэтна і зразумела: "…тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі на рускай мове… не парушаюць Вашых правоў. Калі Вы не разумееце рускую мову, адну з дзвюх дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, то маеце права скарыстацца паслугамі перакладчыка" (тоўстым шрыфтам выдзелена мною - М.В.).

Добра, што ў Гарадзенскім аблвыканкаме працуе Алена Каспяровіч, якая валодае абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Напрыклад, у цэнтральным апараце Міністэрства ЖКГ, мяркуючы па пісьмах адтуль, бракуе такіх работнікаў. У астатнім жа службовая кампетэнтнасць Каспяровіч выклікае сумненні. Ды і не толькі кампетэнтнасць… . Уяўляю, як у падобнай сітуацыі Каспяровіч з такім жа запалам і перакананасцю ў сваёй рацыі гаворыць спажыўцу жыллёва-камунальных паслуг, старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміру Краўцову (рускі, нарадзіўся і вырас у Расіі): "Калі Вы не разумееце беларускую мову…", і далей па тэксту яе пісьма на адрас Варанца!

"Языча, языча, які чорт цябе кліча?" - вучыць беларуская прыказка. Вучыць, ды, як бачым, не ўсе да такой навукі здатныя…

Міхась Варанец, г. Слонім.

Мужнае сведчанне праўды чалавечай існасці

29 студзеня сябры і паплечнікі ўшанавалі памяць вядомага публіцыста, эколага, пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Цімафеевіча Якавенкі. Яго не стала 22 студзеня 2018 года…

Чалавекам дзеяння, добразычлівым, энергічным і тэмпераментным узгадалі Васіля Якавенку яго калегі і сябры, журналісты, пісьменнікі, навукоўцы, творчыя асобы: Валеры Дранчук, Анатоль Астапенка, Аляксей Рагуля, Уладзімір Раманоўскі, Яўген Максімаў, Андрэй Плясанаў і іншыя. Госці вечарыны прагледзелі дакументальную кінастужку і падборку памятных фотаздымкаў пісьменніка.

В. Ц. Якавенка прайшоў свой шлях ад геолага, разведчыка нафты і іншых карысных выкапняў да майстра грунтоўнай, вострай публіцыстыкі і выдатнага празаіка, узняўся да вышынь сацыяльна-філасофскага асэнсавання беларускай гісторыі.

Ён быў працавітатым і ўпартым у дасягненні мэты, любіў родную зямлю і пісаў пра яе з замілаваннем у кнігах экалагічных нарысаў, артыкулаў і эсэ: "Пакуль сонца ў зеніце", "Крушэнне на ростані", "Нячывелле", "Прывід Шанхая над Свіслаччу" і іншых.

В. Ц. Якавенка працаваў у рэдакцыі часопіса "Полымя" і ў Саюзе кінематаграфістаў БССР, быў членам камісіі ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР па экалогіі ў 1989 годзе.

Разам з журналістамі і эколагамі ён выдаваў вострую і актуальную экалагічную газету "Набат" у 1991-96 гадах пры "Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзе Чарнобыль", які ён узначальваў, перадаваў галоснасці матэрыялы, якія раскрывалі радыяцыйную абстаноўку, агучваў рэальныя лічбы забруджання зямель і прадуктаў харчавання, выязджаў у камандыроўкі ў ЗША, Германію, Японію, дапамагаў у аздараўленні дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў за мяжой.

Ён быў старшынём аргкамітэта БНФ. З імпэтам ён здзяйсняў культуралагічныя экспедыцыі, стварыў літаратурныя партрэты Васіля Быкава, Міхася Карпука, Ігната Дуброўскага і іншых пісьменнікаў, мастакоў і грамадскіх дзеячаў. Ён распрацаваў дакументальна-мастацкі метад адлюстравання рэчаіснасці, напісаў гістарычны раман "Надлом", стварыў трылогію "Пакутны век", пакінуў свой запавет у апошнім рамане "Абярэг".

Васіль Цімафеевіч быў арганізатарам паспяховых кампаній у абарону беларускай мовы ў 2009, 2011 гадах, выступаў у абарону роднай мовы, пісаў звароты ў органы заканадаўчай і выканаўчай улады. Папярэджваў, што беларуская мова ўнесена ў Чырвоную кнігу моваў - атлас "Мовы свету ў небяспецы".

Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Анісім распавяла прысутным на вечарыне пра сумесныя дзеянні ў абарону беларускай мовы і навуковыя канферэнцыі па захаванні культурнай спадчыны.

- Васіль Якавенка быў знакавай постаццю ў нашай беларускай рэчаіснасці. Памятаю, як ён ладзіў Кангрэс па лініі ЮНЭСКА, які называўся "Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі". Калі я прачытала раман "Пакутны век", была вельмі ўзрушана гэтай эпахальнай кнігай нацыянальнага маштабу. Калі мы звяртаемся да яго планаў і задумаў, гэта дае нам апору і арыентыр у нашай сёняшняй дзейнасці, дае нам натхненне трымаць Беларусь у сэрцы і бараніць яе як незалежную краіну. Нам сёння не стае Васіля Цімафеевіча з ягонай энергіяй і яго намерамі, яго разнастайнасцю, - адзначыла спадарыня Алена Анісім.

- Асноўнай рысай яго была праўдзівасць і прынцыповасць. Ён заўсёды ішоў да людзей з адкрытай душой. У апошні час мы працавалі над выданнем пяцітомніка філосафа Мікалая Крукоўскага, Васіль быў ініцыятарам гэтай працы, аналагаў якой на Беларусі практычна не было. Унікальнай з'явай стаў выхад спадчыны беларускага філосафа ў Расіі. Ён належаў да кола Дон-Кіхотаў, якія ў наш час ужо знікаюць.

Кандыдат філалагічных навук, прафесар БДУКіМ Аляксей Уладзіміравіч Рагуля адзначыў эпічны характар творчасці Якавенкі.

- Ён уключаўся ў кола праблем, якія ставілі буйнейшыя філосафы і пісьменнікі. Ён абагульняў пад адзіным сэнсам падзеі розных часоў, узгадваў вытокі нашага этнасу і сягаў думкай у будучыню. У яго кнігах галоўным пунктам адліку з'яўляецца мужнае сведчанне праўды чалавечай існасці.

Прывітанне паплечнікам і чытачам ад адной з гераінь "Пакутнага веку" Марыі Дзямковіч з ЗША перадала дачка пісьменніка Алена Васільеўна Якавенка.

"Я заўсёды бачыў Васіля заклапочаным, дзелавітым, - напісаў у лісце да родных спадара Васіля Ягор Фядзюшын. - Стваралася ўражанне, што ідэі кіпелі ў яго галаве, патрабавалі выхаду і рэалізацыі. І ён іх рэалізоўваў: праводзіў канферэнцыі, круглыя сталы, дыскусіі. І пры гэтым ён пісаў раманы, такія, як "Пакутны век", дзе гаворка ішла пра глыбінныя, тэктанічныя змены ў грамадстве і пра лёс народа, пошукаў выйсця з гістарычных калізій.

Узгадваючы яго, заўсёды бачу яго засяроджаным на пошуках новага павароту сюжэту, характару. Ён быццам бы жыў у некалькіх вымярэннях адразу. І пры гэтым заставаўся сканцэнтраваным. Унутрана ён быў мяккім і мог адчуць настрой іншага. Ён рабіў шмат: праводзіў канферэнцыі, круглыя сталы, сустрэчы.

Ён разумеў няпростыя лёсы беларусаў."

Алесь Клышка прысвяціў свайму сябру і паплечніку верш "Васілёва зямля":

Два гады, як няма Васіля.

І колькі яшчэ на вяку нашым міне?

На родных магілах стыне зямля.

І толькі любоў у нашых сэрцах не стыне.


Паблажлівы погляд, вільготныя вочы,

У справах Радзімы прамы і адданы.

Чулае сэрца, да справы ахвочы,

Мужна цярпеў і абразы, і раны.


Гналі ўсе, як Хрыста на Галгофу,

Піналі паўсюль - свае і "тыя"

Кожны забіў свой цвік патроху,

Нахабна, упэўнена, быццам "святыя".


Такі лёс герояў на Беларусі:

Чужыя не знішчаць - заб'юць свае,

Наканавана пражыць у скрусе,

Пакуль Гасподзь не забярэ.


Але за ўсё, што змагаўся Васіль:

Балоты Палесся, шчырасць слоў,

За годную памяць герояў… А цвіль

Згіне навекі, не з'явіцца зноў.


Два гады як няма Васіля.

Што для свету нядоўгі век.

Будзе квітнець Васілёва зямля,

Для нашай Радзімы ёсць "Абярэг".

Эла Дзвінская, Фота Валерыя Філіповіча.

10-годдзе літаратурнага клуба "Экватар" у музеі Максіма Багдановіча

10 студзеня 2020 года ў памяшканні музея Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці беларускай сталіцы сабраліся сябры і госці літаратурнага клуба "Экватар", каб творчым "капуснікам" адзначыць 10-годдзе суполкі - усяго каля шасцідзесяці чалавек.

Вёў вечарыну кіраўнік клуба, паэт Вячаслаў Корбут. Ён павіншаваў усіх, хто сабраўся ва ўтульнай зале музея славутага класіка беларускай літаратуры, з наступіўшым Раством і Калядамі і адзначыў, што свае 10 год творчай працы клуб адзначае ў добры і казачны час святак. Ён падзякаваў усім, хто прыйшоў, каб пабыць у атмасферы клуба, сустрэцца з аўтарамі, пачуць іх творы і прывітаць выпуск 10-га, юбілейнага нумара альманаха "Літаратурны экватар".

З прывітальным словам выступіў загадчык музея Міхась Бараноўскі, які адзначыў плённыя творчыя сувязі з клубам "Экватар" і пазычыў яму поспехаў і натхнення.

Шэф-рэдактар альманаха Інга Вінарская таксама цёпла павіншавала сяброў клуба і гасцей з нагоды юбілею клуба, крыху спынілася на працы над альманахам, таксама прачытала невялікую нізку сваіх вершаў. Яна ўзгадала вядомую расійскую паэтку Рыму Казакову, з якой мела знаёмства, - творы і пераклады якой надрукаваны ў альманаху. Менавіта Рыма Фёдараўна сваёй магутнай паэзіяй і творчасцю дапамагла альманаху настроіцца на новую высокую творчую планку.

З віншавальным словам выступіў паэт і пісьменнік Міхась Башура, які зазначыў вялікую працу, якую клуб робіць на карысць літаратуры і выдавецкай справы. Адзначыў высокі мастацкі і выдавецкі ўзровень альманаха і пажадаў яго аўтарам новых класных твораў.

Далей павіншавала цёплымі словамі і сваімі вершамі ўсіх "экватарцаў" сябра клуба, паэтэса Вольга Любашына. Яна адзначыла цёплую творчую атмасферу ў суполцы, якая дазваляе аўтарам больш раскрывацца і як аўтарам, і як асобам. Сваімі лірычнымі творамі Вольга Любашына надала вечару вельмі прыемны настрой.

З важкім літаратуразнаўчым словам да прысутных звярнулася сябра клуба, паэтка і навукоўца Таццяна Барысюк. У сваім звароце да прысутных яна падкрэсліла своеасаблівасць і моцны патэнцыял клуба, таксама прачытала нізку сваіх лірычных вершаў, што былі надрукаваны ў альманаху. Яна перадала для зачытання прывітальнае слова ўсім прысутным і "экватарцам" ад барда, паэта і перакладчыка Сержа Мінскевіча. Гэты ліст зачытаў Вячаслаў Корбут, які вёў праграму.

Прыгожа і вельмі мілагучна павіншвала прысутных добрымі беларускімі песнямі выканаўца Наталля Хадкевіч. Яе прафесійнае песеннае выкананне надало сустрэчы добры настрой і дапамагло ўзмацніць святочную атмасферу.

Прывёз сваё добрае і ўзнёслае віншаванне з Гарадзеншчыны паэт, сябра клуба Мікалай Іваноўскі, які падзякаваў клубу за магчымасць мець столькі сяброў і добрую творчую атмасферу, а таксама зачытаў свае жартаўлівыя вершы.

Яскрава, па-акторску і песенна-зычна павіншаваў сабраўшыхся оперны бас і пісьменнік Дзмітрый Марозаў. Ягоны каламбурны і вясёлы настрой хутка перадаўся прысутным, а голас сапраўднага майстра опернай сцэны дадаў усім сабраўшымся новых сіл і энергіі. Дзмітрый Максімавіч напрыканцы выступу выканаў вядомае царкоўнае песнапенне "Многае лета!", што было прынята авацыяй.

Горача і па-сямейнаму шчыра павіншавала "экватарцаў" і гасцей сябра клуба, паэтка Наталля Кобзева, яна прычытала свае вершы, распавёўшы пра важкасць патрыятычнай і грамадскай справы, якой займаецца клуб.

Сваімі ўспамінамі пра мужа і былога "экватарца" Уладзіміра Марозава падзялілася ўдава паэта Раіса Пятроўна Марозава. Яна прачытала ягоныя творы, адзначыўшы, наколькі важнай з'яўляецца памяць пра творцаў, якіх з намі ўжо няма.

На вечары выступіла дачка вядомага беларускага пісьменніка, шматгадовага настаўніка творчай моладзі краіны Алеся Масарэнкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Юлія Масарэнка. Яна падзякавала сябрам і рэдкалегіі альманаха за магчымасць надрукаваць творы яе бацькі, што ў мінулым годзе памёр. Яна адзначыла, што клуб "Экватар" працягвае лепшыя традыцыі літаратурнага аб'яднання "Панядзелак", якім шмат год кіраваў Алесь Герасімавіч Масарэнка. Юлія Масарэнка пажадала сябрам і кіраўніцтву клуба плёну, удачы, шмат добрых кніг і альманахаў.

Перад прысутнамі выступіла пісьменніца з Асіповічаў, сябра клуба Вікторыя Бялькевіч. Яна павіншавала сяброў і кіраўніцтва клуба з юбілеем і падзякавала суполцы за магчымасць прафесійна развівацца і як празаіку, і як творчай асобе.

Уразіла прысутных сваімі перакладамі сябра клуба Кацярына Матусевіч. У памяшканні музея ўпершыню прагучалі пераклады твораў Максіма Багдановіча на турэцкую мову. Гэтыя пераклады Кацярына зрабіла ўласнымі намаганнямі, і яны былі надрукаваны на старонках альманаха. Яна пажадала клубу новых поспехаў і шмат выдатных твораў і творцаў.

З добрымі словамі і нізкай вершаў выступіла сябра клуба, паэтка Лера Лявонцьева. Сваімі філасофскімі і ўдумлівымі вершамі яна надала вечару настрой развагі і гармоніі.

Са шчырым добрым словам да прысутных звярнуўся сябра клуба, паэт Вячаслаў Данілаў. Ён пажадаў суполцы шмат новых сутрэч, твораў і альманахаў. Ён выканаў некалькі сваіх лірычных вершаў.

Да прысутных звярнуўся з віншаваннямі сябра клуба, паэт Валянцін Шведаў. Ягонае палымянае слова было прасякнута энергіяй падзякі за ўвагу да творцаў і іх твораў з боку кіраўнікоў клуба. Ён прачытаў некалькі сваіх вершаў і павіншаваў прыстуных з Калядамі.

Пасля сустрэчы госці і "экватарцы" не разыходзіліся яшчэ пэўны час. Усе абменьваліся ўражананнямі, віншавалі адзін аднаго, падпісвалі альманахі, уласныя кнігі, фатаграфаваліся.

Кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар", паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут.

Нам даражэйшая роднасць духоўная

Літаратурнаму клубу "Экватар" - 10 год

Літаратурнаму клубу "Экватар" нядаўна споўнілася 10 гадоў. З гэтай нагоды 10 студзеня 2020 года ў музеі Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці г. Менска сабраліся сябры і госці суполкі на юбілейную вечарыну. Напярэдадні якраз выйшаў 10-ты нумар альманаха "Літаратурны экватар", які штогод выдаецца клубам як падсумаванне творчых вынікаў яго ўдзельнікаў. Звычайна зборнікі складаюцца з паэзіі, прозы, публіцыстыкі і перакладаў. "Экватарцы" выступаюць па ўсёй Беларусі, па воінскіх частках, па бібліятэках і музеях. Суполка дапамагае развіваць літаратурныя здольнасці, шукаць натхненне ў навакольнай рэчаіснасці і ўвасабляць задумы пры дапамозе мастацкіх сродкаў у творах. Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская сваімі мудрымі парадамі дапамагаюць іншым самасцвердзіцца, здзейсніць творчыя парыванні, пакінуць след у літаратуры.

Вёў вечарыну кіраўнік клуба, паэт Вячаслаў Корбут. З прывітальным словам выступіў загадчык музея Міхась Бараноўскі, які адзначыў факт плённага супрацоўніцтва з "Экватарам" і пажадаў яму далейшых поспехаў. Шэф-рэдактар альманаха Інга Вінарская распавяла пра працу над альманахам і прачытала свае вершы. З паэтычнымі творамі выступілі таксама Міхась Башура, Вольга Любашына, Мікалай Іваноўскі, Наталля Кобзева, Лера Лявонцьева, Вячаслаў Данілаў і Валянцін Шведаў. Гучалі песні ў выкананні Наталлі Хадкевіч і Дзмітрыя Марозава. На вечары выступіла дачка Алеся Масарэнкі, галоўнага рэдактара часопіса "Першацвет" і кіраўніка літаратурнага аб'яднання "Панядзелак", пісьменніца і літаратуразнаўца Юлія Масарэнка. Яна падзякавала В. Корбуту і І. Вінарскай за магчымасць надрукаваць творы яе бацькі, які летась памёр. Яна адзначыла, што клуб "Экватар" працягвае лепшыя традыцыі, закладзеныя Алесем Герасімавічам. Усіх уразіла Кацярына Матусевіч сваімі перакладамі твораў Максіма Багдановіча на турэцкую мову. Яны надрукаваны ў альманаху.

На сённяшні дзень клуб ахоплівае каля 50-ці чалавек з усіх абласцей Беларусі. В. Корбут і І. Вінарская дапамаглі экватарцам выдаць каля 50-ці кніг. Творчасць як сэнс жыцця - вось што аб'ядноўвае душэўныя парыванні ўсіх гэтых аўтараў. Вось якія прачулыя словы пра яе напісаў кіраўнік клуба "Экватар" паэт Вячаслаў Корбут:

"Яна - як велічны струмень,

Як дух магутны, як агмень,

Нас абуджае, свеціць знічкай,

І наталяе, як крынічка".

Супрацоўніца Інстытута літаратуры НАН Беларусі

Таццяна Барысюк.

У Шклове ўзгадалі Леаніда Анціпенку - журналіста, літаратара, краязнаўца

Напрыканцы студзеня ў Шклове ў рамках грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" у грамадскім цэнтры "Мост" адбылося паседжанне літаратурнага салона імя Міхася Зарэцкага, прысвечанае памяці актыўнага сябра Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Леаніда Анціпенкі. Нагода паседжання - 85-годдзе з дня яго нараджэння.

Леанід Міхайлавіч нарадзіўся 25 студзеня 1935 года ў вёсцы Цінькаў Крычаўскага раёна. Скончыў Менскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Тры гады працаваў дырэктарам Рэкашыцкай школы Уздзенскага раёна. З 1963 года - літаратурны супрацоўнік раённай газеты "Ударны фронт" Шклоўскага раёна. З 1975 па 1995 - рэдактар гэтага выдання. Сябар Беларускага саюза журналістаў і ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Літаратурную дзейнасць пачаў яшчэ вучнем старэйшых класаў. 20 траўня 1954 г. была надрукавана яго байка "Мядзведзь і самакрытыка". Потым яго байкі, вершы, пародыі, апавяданні друкаваліся ў мясцовых і рэспубліканскіх СМІ. Леанід Міхайлавіч Анціпенка выдаў некалькі зборнікаў вершаў, прозы, эпіграм і пародый. Суаўтар калектыўных зборнікаў. Узнагароджаны медалём "За працоўную доблесць", Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Даклад аб творчай дзейнасці Леаніда Міхайлавіча зрабіла філолаг Людміла Драпеза. Яна распавяла пра асаблівасці творчасці Леаніда Міхайлавіча. Праз яго творы якрава праходзяць тэмы Радзімы, маці, кахання… Сэнс Радзімы знаходзіцца ў непарыўным адзінстве з паняццем Зямлі, на якой ён нарадзіўся, дзе прайшло маленства, юнацтва, але гэта і людзі, якія жылі побач. Яскрава апісаны абрад хрышчэння ("Быў апушчаны я немаўляткам"), яго адносіны да новай радзімы - Шклоўшчыны (Назаўжды я зрадніўся са Шкловам…). Непарыўны з тэмай радзімы і творы аб прыродзе - яго своеасаблівыя эпітэты, метафары ствараюць асаблівае пачуццё блізкасці жыцця на зямлі. У інтымнай лірыцы Леаніда Міхайлавіча жывуць традыцыйныя матывы: сум і смутак, растанне і чаканне, расчараванне і спадзяванкі. 1 ліпеня 2019 года на 85 годзе пасля цяжкай хваробы Леанід Міхайлавіч Анціпенка адышоў у лепшы свет.

Сваімі ўспамінамі пра жыццё і творчасць Леаніда Анціпенкі падзяліліся шклаўчане, якія яго асабіста ведалі: Алесь Грудзіна, Рыгор Кастусёў, Міхаіл Кучарэнка, Уладзімір Алейнікаў. Алесь Грудзіна, таксама зрабіў відэапрэзентацыю жыцця і творчасці Леаніда Міхайлавіча. Наперадзе ў працы літаратурнага салона зварот да творчасці Уладзіміра Шыціка, Яўгена Крупенькі, Івана Шаўцова, Анатоля Сербантовіча і іншых выбітных творцаў са Шклоўшчыны.

Петр Мігурскі, намеснік старшыні Шклоўскай арганізацыі ТБМ.

15 год - "У пошуках Атлантыды"

Далёкі 2005 год. Грамадскі сектар Верхнядзвіншчыны яшчэ адчувае ў сабе сілы рабіць грамадска-карысныя справы і з лёгкай рукі паэткі Леры Сом і мастачкі, дызайнеркі Кацярыны Мясніковай спрычыняецца да арганізацыі і правядзення першага мастацкага арт-плэнеру "У пошуках Атлантыды". Па сённяшнім часе дык практычна немагчымая ідэя, бо шматлікія ўзгадненні ў розных інстанцыях на правядзенне любога мерапрыемства загубілі б яе.

- Каб правесці такое мерапрыемства з удзелам мастакоў з розных рэгіёнаў Беларусі, ды яшчэ ў мясцінах, якія іх найбольш вабілі - Цінкаўцах, Лявонпалі, Асвеі, дарагіх сэрцу куточках нашага славутага земляка Сяргея Сцяпанавіча Панізьніка, які і стаў "хросным бацькам" плэнеру цягам 10 дзён, вымагала пэўных узгадненняў з рознымі службамі-памежнікамі і спеслужбамі, бо уезд у памежную зону патрабаваў папярэдняга прадастўлення ў гэтыя арганізацыі поўных спісаў удзельнікаў і маршрутаў іх прасоўвання па раёне. Наша занепакоенасць была выклікана яшчэ і тым, што ў гэтым спісе быў вядомы мастак, які вызначыўся сваім перфомансам аж ў Менску - Алесь Пушкін. Але, відаць,нам дапамагалі нейкія знешнія сілы, - расказвае адна з арганізатарак Валянціна Болбат, - і мастакі плённа адпрацавалі ўвесь час.

А затым была вялікая прэзентацыя творчых прац мастакоў на офісе Цэнтра падтрымкі недзяржаўных арганізацый "Рубон" у горадзе, на якую завіталі мясцовыя паэты і пісьменнікі, свае віншаванні даслаў і Сяргей Панізьнік. Нажаль, завяршыць плэнер "У пошуках Атлантыды" ў Верхнядзвінску выставай творчых прац мастакоў не ўдалося: мясцовая ўлада чамусьці заўпарцілася, пра што з жалем казаў на творчай вечарыне, з нагоды юбілею пленэра, наш мясцовы мастак Валерый Шчасны. У нашым архіве захаваліся два экзэмпляры афішаў аб пачатку плэнера і выставе прац мастакоў у Полацку, якія мы ўручылі нашым гасцям на юбілейнай вечарыне - Святлане Баранкоўскай, экс-кіраўніку абласнога Саюза мастакоў і ініцыятару пленэра Кацярыне Мясніковай, якая прывезла на гэтую сустрэчу некалькі сваіх апошніх творчых прац.

- Кацярына, чаму "Атлантыда"? Як пачувае сябе плэнер зараз? - задалі пытанне мастачцы.

- Мастацка-краязнаўчыя плэнеры мы праводзім ў розных мясцінах нашай вобласці:кожнае лета збіраюцца мастакі з розных мястэчак Беларусі і выязджаюць на плэнеры ў маленькія, але адметныя сваёй гісторыяй і архітэктурай мястэчкі. Малюем культавыя пабудовы, касцёлы, цэрквы, старыя сядзібы. На адным з пленэраў да мастака падыйшла жанчына і пачала пільна ўглядацца на палатно, а потым адвяла вочы ўбок, агледзела мясціну, дзе працаваў мастак і здзіўлена заўважыла:

- Як жа тут у нас прыгожа!

Дык вось, мы малюем беларускую Атлантыду, якая хутка знікае і руйнуецца, і ўжо зараз мы бачым, што некаторыя аб'екты культурна-гістарычнай спадчыны засталіся толькі на паштоўках і ў мастацкіх творах. За час існавання плэнер праводзіўся ў розных маляўнічых куточках нашага Паазер'я: Лявонпалі і Асвеі на Верхнядзвіншчыне, на Міёршчыне - у Дзісне, Друі і Опсе - на Браслаўшчыне, а таксама на Глыбоччыне, Аршаншчыне. Сёлетні пленэр плануецца правесці на Полаччыне, і мастакі зараз шукаюць мястэчка для яго правядзення.

Святлана Баранкоўская, выстава якой толькі-толькі скончылася ў Полацку і выклікала вялікую цікавасць, змагла таксама завітаць на юбілейную вечарыну на Верхнядзвіншчыну :

- Я не была ўдзельніцай першых пленэраў "У пошуках Атлантыды", - адзначыла мастачка, - але ўдзел ў такіх мастацкіх творчых майстэрнях дае велізарнае пачуццё творчага натхнення: Беларусь жыве! Пра нашу краіну ведаюць у свеце і ў гэтым - вялікая праца беларускіх мастакоў.

Да юбілею арт-праекту была арганізавана і выстава творчых прац Крысціны Шыпіла, якая прадаставіла цэлую калекцыю казачных персанажаў, якія …сплецены кручком. Тут - домік Бабулі Ягі, сімвал гэтага году - Мыша-Абжорка, Змей-Гарыныч, казачныя гномікі і цуда-прыгажуня сава, марскі спрут і іншыя.

Мастакі Валерый Шчасны і Аляксандр Мурзо, якія працуюць з таленавітымі дзеткамі ў Цэнтры дзяцей і моладзі, уручылі нашым гасцям прыгожыя фотаздымкі краявідаў нашага краю, а Павел Івашчанка "…спецыяльна для дзяўчат мастачак" - шклянку мёду з асабістай пасекі.

А мы дзякуем абласной арганізацыі "Самакіраванне і грамадства", якая падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Верхнядзвіншчыны дзеля захавання багатай спадчыны нашай краіны.

А ў гэты час ў Віцебску - чарговая "Атлантыда" экспануе працы мастакоў сёлетняга пленэру.

Валянціна Болбат, Верхнядзвінск, ТБМ.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Рымша Алесь - 20 р.

2. Кунцэвіч Уладзімір - 20 р.

3. Гацкі Уладзімір - 21 р.

4. Кулік Анатоль - 15 р.

5. Паўловіч Віктар - 10 р.

6. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

7. Мудроў Алег - 10 р.

8. Гняткоў Валеры - 10 р.

9. Пісарэнка Алесь - 10 р.

10. Фарнэль Кастусь - 5 р.

11. Мельнікаў Юрась - 10 р.

12. Мельнікаў Алесь - 10 р.

13. Сідараў Сяргей - 5 р.

14. Жукаў Вітаўт - 5 р.

15. Рындзевіч Вячаслаў 10 р.

Усе Наваполацк.

Разам - 231 р.

З іх сяброўскія складкі за 2019 г. - 60 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Віктар Шніп

БАЛАДА МАКСІМА ГАРЭЦКАГА (18.02.1893 - 10.02.1938)

Цёмна, цёмна ў родным краі.

На крыжах вятрыска грае.

Дзе святло? Святла няма.

Доўга цягнецца зіма.


Нібы воўк, завея вые.

Люд маўчыць. Няўжо - нямыя?

Да агню ідзе Максім.

Воўчы цень ідзе за ім.


А наўкол адна бядота,

І жыццё - нібы балота.

Што з таго, што ні граша!

Ёсць галоўнае - душа

У людзей, што ў родным свеце

Патаемна сняць аб леце.


Цёмна, цёмна - хоць ты плач, -

З неба зоры ўкраў крумкач.

Да святла дайсці ўсё ж трэба.

Тут зямля, тут наша неба,

Тут шынок, а тут турма,

Нават нашая зіма.


На крыжах завея грае.

Кожны крыж свой выбірае.

А ў Гарэцкага дарога -

Да вясны, Святла і Бога…


Дойдзе, дойдзе наш Максім.

Нам ісці лягчэй за ім.

18.09.1993 г.

БАЛАДА А. МРЫЯ (1.09.1893 - 8.10.1943)

Ты едзеш на Радзіму паміраць -

Такую радасць даў табе Гулаг.

Наўкол снягі і, нібы кроў, зара

За цягніком па дрэвах, як гарах,

Цячэ і намывае ў сэрца сум

Па тых часах, калі шчаслівым быў.

І не хаваеш ад людзей слязу,

Нібы жыццё, якое ўжо пражыў.

Ты едзеш на Радзіму паміраць.

А на Радзіме трэці год вайна.

І твой вагон - вялізная труна,

І колы ўсю дарогу грукацяць,

Як малаткі грукочуць па цвіках.

Тваё жыццё губляецца ў снягах.

Твая ж душа, як рукапісы кніг,

А рукапісы кніг, нібы душа,

Гараць і застаюцца ля жывых,

Як кветкі палявыя ля крыжа,

Дзе ты забіты нелюдзьмі ляжыш,

І вецер з Беларусі твой цалуе крыж…

20.10.2007 г.

БАЛАДА ПАЎЛІНЫ МЯДЗЁЛКІ (12.09.1893 - 13.02.1974)

"Снілася дзяўчыне..."

Янка Купала.

Снілася дзяўчыне залатое ранне,

Снілася дзяўчыне вечнае каханне.

Ды нічога вечнага не было й не будзе,

Ранне залатое не патрэбна людзям,

Як не трэба воля, як не трэба вецер...

Не засвецяць зоркі, як не прыйдзе вечар,

Як вясна не прыйдзе, сад не закрасуе.

Снілася дзяўчыне, што яе цалуе

Самы найпрыгожы, наймілейшы самы,

І ляціць лістота - пісьмы-тэлеграмы -

З явара сівога да красы-каліны

У чужыну-далеч з любае Айчыны.

Сніліся дзяўчыне часта немаўляты,

Нібы кветкі ў садзе ля бацькоўскай хаты,

І ў слязах дзяўчына сустракала ранне,

І глядзела ў поле, дзе ў густым тумане

Не чужая постаць, як туман, знікала...

Снілася дзяўчыне, што яна сказала,

Што сказаць прад Богам і людзьмі хацела.

І душой у неба, як матыль, ляцела

Ад размоў і чутак, ад усмешак, смеху,

Каб бліжэй да Бога, каб бліжэй да грэху...

Снілася жанчыне, што яна дзяўчына,

Снілася мужчыну Беларусь-краіна...

15.05.2002 г.

БАЛАДА КАСТУСЯ ЕЗАВІТАВА (17.11.1893 - 23.05.1946)

У куце больш не маю бажніц -

Мапа там. А на ёй - Беларусь.

Кастусь Езавітаў.


Не ў кожнага народа ёсць свая краіна,

Ды кожны хоча мець, як сёння маеш ты.

А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна,

Губляючы яшчэ зялёныя лісты.

І разумееш ты, што ўсё не проста ў свеце

І кожны дзень, нібыта ўцёкі з ночы шэрай,

Дзе некаму і поўня, нібы сонца, свеціць

І дзе, як крэпасць, некаму яго кватэра.

А ты не можаш жыць,

схаваўшыся ад свету,

Ты беларусам адкрываеш іх багацце,

Дзе ёсць князі, музыкі, мастакі, паэты

І мова родная, як божы шлях да шчасця,

Да Беларусі той, якая толькі сніцца

Усім, хто моліцца, каб Беларусь была

Краінаю, якою кожны ганарыцца,

І ў ёй жыве, нібыта кропелькі святла,

З якіх сатканы словы Беларусь, Краіна,

Якімі сёння ганарымся я і ты…

А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна,

Губляючы яшчэ зялёныя лісты.

2.10.2008 г.

БАЛАДА ТАМАША ГРЫБА (19.03.1895 - 25.01.1938)

Рыцар беларускае свабоды...

Польскіх турмаў неспакойны вязень...

З Залатою Прагай - назаўсёды,

Хоць не думаў ты памерці ў Празе.

Ты ж хацеў, каб і твая Айчына

Стала еўрапейскаю краінай,

У якую можаш ты вярнуцца

І не знікнуць, як знікае дзень

У нябёсах, быццам у вадзе

Чорнай, дзе русалкі не вядуцца,

А жыве ўсялякая брыдота,

І Айчына, як у дождж балота,

Колькі год табе, нібы чужая,

Ды травінкай кожнаю жывая,

Родная, а родную з балотам

Параўнаць-патрэбна абармотам

Урадзіцца ці зрабіцца ім...


Па-над Прагай хмары, нібы дым,

І глядзіш ты ў хмары, і там бачыш

Беларусь, з якой ты сёння плачыш

Па людзях, якія да свабоды

Не дайшлі, ды з намі назаўсёды

Засталіся, як з табой Айчына

Засталася, каб не стаць чужынай.

8.09.2008 г.

БАЛАДА ІГНАТА ДВАРЧАНІНА (08.06.1895 - 08.12.1937)

Пакуль ёсць школы - мова не загіне

І родны край не згубіцца ў снягах,

А будзе незалежнаю краінай,

Дзе кожны ўспомніць твой да сонца шлях,

Якім ідзеш, настаўнік маладзенькі,

І прад сабой далёка бачыш ты

Наш светлы час, наш Храм,

наш дзень вясенні,

Які ад сонца залатога залаты,

А не ад гільзаў, што пасля расстрэлаў

Валяюцца ў растоптаных снягах,

Дзе кроў цячэ з тваіх грудзей нясмела,

І слёзы, нібы вершы, у вачах

Застылі на хвіліну і расталі,

Нібы ўзляцелі ў неба за душой,

Якую расстраляць не расстралялі,

Як мове нашай, быць ёй тут жывой

У светлых хатах, дзе смяюцца дзеці,

Бо плакаць ім яшчэ прычын няма.


З нябёсаў зоркі абрывае вецер

І, як пажар, праз Беларусь зіма

Паўзе, хаваючы ў сабе былое.

Але твой шлях нікому не схаваць,

Як з неба наша сонца залатое

Ніколі і нікому не сарваць.

29.03.2009 г.

(Працяг у наступным нумары.)

З падзей 2019 года

Склаў Сымон Барыс

На 1 студзеня. Насельніцтва Менска склала 1 992 800 чалавек. Гэта найбольшы паказчык у гісторыі Беларусі. Залаты запас Беларусі за 2018 год вырас на 1 тону і на 1 студзеня 2019 года склаў 41,2 тоны. На 1 студзеня 2019 года доўг Беларусі Кітаю складаў 3,3 млрд. долараў. Кітай на другім месцы сярод нашых крэдытораў. Для параўнання: доўг перад РФ на 1 студзеня 2019 г. складаў 7,9 млрд. долараў.

Смерць малютак у нашай краіне за мінулы год склала 2,4 праміля. Гэта самая нізкая смяротнасць за ўсю гісторыю назірання. Гэта самы нізкі паказчык смяротнасці народжаных сярод краінн ЕС і СНД.

2 студзеня. У Варшаве памёр Юры Туронак, грамадскі дзеяч, беларускі гісторык. Нарадзіўся ў Вільні 26 красавіка 1929 года.

5 студзеня ў Стамбуле Усяленскі патрыярх Варфаламей падпісаў Томас Украінскай праваслаўнай царкве, а 6 верасня ён пасля царкоўнай службы ў царкве Святога Георгія перадаў яго мітрапаліту кіеўскаму Епіфанію. У Томасе згадваецца кіраўнік Украінскай памеснай царквы Епіфаній і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Цяпер у праваславіі існуе 15 аўтакефальных (самастойных) цэркваў.

9 студзеня. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Па выніках 2018 года прысуджаны 4 прэміі "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Высокай узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка, аўтараў музыкі і тэкстаў песень, за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве, стварэнне цыклу высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага напрамку.

Прэмія прысуджана калектывам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што садзейнічае прымнажэнню духоўнай спадчыны.

Калектыў Беларускага дзіцячага хоспіса ўдастоены прэміі "За духоўнае адраджэнне" за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, сцвярджэнне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, значны ўклад у стварэнне нацыянальнай сістэмы дзіцячай паліятыўнай медыцынскай дапамогі, будаўніцтва на дабрачыннай аснове і арганізацыю работы дзіцячага хоспіса ў пасёлку Вопытны Менскага раёна.

Узнагарода таксама ўручана калектыву Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця за значны ўклад у сцвярджэнне маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на сацыялізацыю асоб з абмежаванымі магчымасцямі.

За выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 9 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

Высокай узнагароды ўдастоены заслужаны калектыў Беларусі "Акадэмічны ансамбль песні і танцу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" за выдатныя дасягненні ў галіне музычнага мастацтва, рэалізацыю ў 2017-2018 гадах патрыятычнага творчага праекта "Айчыне служым".

Калектыву Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва спецыяльная прэмія Прэзідэнта прысуджана за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, актыўную гуманітарную і дабрачынную дзейнасць, захаванне рэгіянальных і культурных традыцый.

9 студзеня. Суддзя Ленінскага раёна горада Берасця Дзмітрый Шурын выпісаў незалежным журналістам Аляксандру Леўчуку і Мілану Харытонаву штраф - 100 базавых велічынь, або 2550 рублёў (1200 долараў) за тое, што яны 19 лістапада мінулага года сфатаграфавалі кармленне галубоў на плошчы Берасця, гэта быў пратэст жыхароў горада супраць будаўніцтва акумулятарнага завода). Судзілі іх па артыкуле 22.9 ч. 2 КоАП (незаконны выраб і распаўсюджанне прадукцыі СМІ).

10 студзеня. У Віцебску ўлады даручылі настаўнікам абыходзіць кватэры і збіраць інфармацыю пра "дармаедаў".

12 студзеня. Сойм Партыі БНФ абвясціў 2019 год Годам беларускай мовы і прыняў адпаведную Заяву, у якой звярнуўся да грамадскіх арганізацый і дзяржаўных устаноў падтрымаць ініцыятыву.

15 студзеня. Палешукі выйшлі на мітынг, каб пазмагацца супраць перадачы Нацыянальнаму парку "Прыпяцкі" возера Чырвонага. Трэцяе па велічыні возера ў Беларусі - Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне - улюбёнае месца не толькі мясцовых жыхароў. Для іх Чырвонае возера - гэта не толькі адпачынак, але і ежа.

16 студзеня Міністэрства фінансаў Беларусі змяніла цэны на закупку золата ў насельніцтва: за 1 грам золата з 38,28 да 43,45 рубля за метал пробы 583-й і 585-й, 1 г. плаціны 950-й пробы - з 42,13 да 43,91 рубля. Кошт 1 г. серабра 916-1 і 925-й прбы складае цяпер 0,81 рубля - раней было 0,76 і 0,77 адпаведна.

17 студзеня. У Менску знаходзіўся з афіцыйным візітам прэзідэнт Зімбабве Эмерсон Мнангагва. Яго прыняў на афіцыйным узроўні Прэзідэнт А. Лукашэнка. Разглядаліся праблемы сумеснага эканамічнага супрацоўніцтва.

20 студзеня. У катэджы на вул. Геалагічная ў Менску міліцыянеры затрымалі 37 маладых чалавек, сярод іх былі няпоўнагадовыя. Яны наладзілі вечарынку і мелі намер прыняць наркотыкі.

22 студзеня. Каля амбасады Украіны адбылася акцыя, якая была прымеркавана да гадавіны гібелі на Майдане Міхася Жызнеўскага. У ёй прынялі ўдзел 7 чалавек. Актывісты прынеслі да помніка Тарасу Шаўчэнку фотапартрэт М. Жызнеўскага, запалілі свечкі, а таксама выступілі з кароткімі прамовамі. Пасля акцыі міліцыянты ў цывільным затрымалі Вольгу Нікалайчык і Дзяніса Урбановіча, ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. А назаўтра ў судзе Цэнтральнага раёна далі штраф Вользе Нікалайчык 40 базавых велічынь (1020 рублёў), Дзянісу Урбановічу - 50 базавых велічынь (1275 рублёў).

24 студзеня. Обалонскі раённы суд Кіева завочна прызнаў былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча вінаватым у дзяржаўнай здрадзе, пасобніцтве ў змяненні дзяржаўнай мяжы Украіны і вядзенні агрэсіўнай вайны. Прыгаварыў яго да пакарання на 15 гадоў пазбаўлення волі. В. Януковіч жыве ў Расіі і на суд не прыехаў.

24 студзеня. Савет міністраў Беларусі на чале з Румасам прыняў пастанову № 49, якой устанаўліваецца высокая плата за правядзенне мітынгаў і дэманстрацый для ўплаты за ахову парадку міліцыі і за дзяжурства медыцынскай дапамогі. У выніку ўрад пазбавіў грамадзян права на мітынгі і дэманстрацыі, бо ні адна грамадская арганізацыя такой сумы не мае.

26 студзеня. Сёння дзень народзінаў Міхася Жызнеўскага. У Кіеве звыш 200 беларусаў прайшлі э беларускімі нацыянальнымі сцягамі. Няслі адзін вялікі 6-мятровы бел-чырвона-белы, паяднаны з жоўта-блакітным (украінскім). Цягам шэсця ўдзельнікі скандавалі "Слава Украіне!" і "Жыве Беларусь!", "Героі не паміраюць". На вуліцы Грушэўскага каля памятнага знака Жызнеўскаму ягоную памяць ушанавалі хвілінай маўчання. На гэтым акцыя закончылася.

26 студзеня. У вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна памёр вясковы паэт Люцыян Шчасны, які пражыў 77 гадоў. Нарадзіўся ў в. Хрыстова ў 1942 годзе. Паспеў выдаць саматугам 5 зборнікаў вершаў. Вершы простыя, таленавітыя і шчырыя. Пісаў па-беларуску, але ёсць і рускія вершы. Меў 4 класы адукацыі. Працаваў пастухом. Фактычна стаў народным паэтам, але ў Саюз беларускіх пісьменнікаў яго не прынялі, бо малы наклад яго пяці зборнікаў вершаў.

27 студзеня. Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. У Менску і Гародні рэлігійныя арганізацыі яўрэяў запалілі па 6 свечак, якія сімвалізуюць тое, што падчас Халакосту ў Еўропе загінула 6 мільёнаў яўрэяў. Цяпер у Беларусі вядомы прозвішчы звыш 700 праведнікаў, якія ў час нямецка-нацысцкай акупацыі Беларусі, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэяў.

27 студзеня Рада ТБМ прыняла план дзейнасці сваёй арганізацыі на 2019 год і падтрымала прапанову палітычных партый аб'явіць 2019 год Годам беларускай мовы.

28-29 студзеня. У Санта-Дамінга (сталіца Дамініканскай Рэспублікі на востраве Гаіці ў Карыбскім моры) праходзіла пасяджэнне Рады Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу - Сусветнага аб'яднання больш як 100 сацыял-дэмакратычных партый. Кандыдат у прэзідэнты Беларусі (2010 г.), прадстаўнік ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч выступіў на гэтым пасяджэнні з дакладам.

31 студзеня. 5-метровы снегавік з гістарычнымі беларускімі сцягам і гербам з'явіўся на прыватным падворку ў вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёна. Яго зляпілі хлопцы-школьнікі за тры дні. За гэта іх потым з бацькамі выклікалі ў Лельчыцкае РУУС. Там яны растлумачылі, што гэта нашы гістрычныя сцяг і герб.

Студзень. У Давосе (Швейцарыя) адбыўся Сусветны эканамічны форум. Ні палітыкаў, ні вучоных з Беларусі на гэты раз на ім не было. Запрасілі на гэтую сустрэчу толькі аднаго Станіслава Шушкевіча, які першы раз туды трапіў у 1992 годзе.

Наста Трафімчык, настаўніца пачатковых класаў з Гародні, на марафоне ў Лідзе за 12 гадзін прабегла 62 км.

Следчы Камітэт Беларусі спыніў расследаванне зніклых апанентаў улады Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, якія зніклі 19 гадоў таму.

У Слуцку абанкроціўся завод жалезабетонных вырабаў, і яго закрылі, хоць нядаўна купілі новае італьянскае абсталяванне па выпуску пліт за 800 тысяч еўра. Рабочыя ў пачатку лютага хадзілі са скаргай у Слуцкі райвыканкам.

У Берасці, на рагу вуліцы Куйбышава і праспета Машэрава, дзе пачалося будаўніцтва жыллёвага квартала, знойдзена масавае пахаванне (косці больш за 600 чалавек) часоў Вялікай Айчыннай вайны. На гэтым месцы было гета.

1 лютага. Нацыянальны банк ацаніў золатавалютныя рэзервы Беларусі на гэты дзень. За студзень яны панізіліся амаль на 140 млн. долараў і склалі 7,017 млрд. долараў. За месяц Урад і Нацыянальны банк выканалі абавязацельствы па знешняму доўгу на 650 млн. долараў.

1 лютага. У Курапатах (Менск) вандалы разбілі лаўку Клінтана.

3 лютага. Памёр Васіль Сёмуха, які пражыў 83 гады. За 14 гадоў пераклаў Біблію на сучасную беларускую мову.

3 лютага. Мітынгі і пікеты ў падтрымку пратэсту жыхароў станцыі Шыес Архангельскай вобласці адбыліся ў 70 гарадах і вёсках Расіі. Гэта быў другі Адзіны дзень пратэсту (першы адбыўся 2 студзеня 2018 года). Тамашнія жыхары пратэстуюць супраць будаўніцтва побач на балоце палігона для смецця, якое будуць прывозіць з Масквы. А па начах на будоўлі дзейнічаюць партызаны, якія сразаюць слупы, шкодзяць аўтамабілі і іншую тэхніку на будаўніцтве.

5 лютага. Памёр акадэмік-гісторык Міхаіл Паўлавіч Касцюк, які нарадзіўся ў 1940 г. ў в. Масцішча Наваградскага раёна.

6-10 лютага. У Менску адбыўся ХХVІ Міжнародны кніжны кірмаш. У ім было 300 удзельнікаў з 35 краін свету. Яны паказвалі і прадавалі свае новыя кнігі.

7 лютага. Вярхоўная Рада Украіны запісала ў Канстытуцыю Украіны артыкул аб намеры Украіны ўступіць у ЕС і ў НАТА. 21 лютага Закон набыў юрыдычную сілу.

7 лютага беларуска Аляксандра Раманоўская стала чэмпіёнкай свету, выйграла этап Кубка свету ў лыжнай акрабатыцы ў Маскве. Другой стала аўстралійка Лаўра Піў, тройку замкнула Ментаа Сю з Кітая.

7 лютага. Справу медыкаў разглядаў суд Маскоўскага раёна Менска. Андрэя Каралько прызналі вінаватым на падставе ч. 2 арт. 430 (Атрыманне хабару паўторна або ў значнай суме) і ўзялі пад варту ў зале суда. Пазбаўлены волі на 4 гады. 20 чэрвеня 2018 года галоўнага лекара Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько супрацоўнікі ў цывільным вывелі з працоўнага кабінета, пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі. 3 жніўня яго адпусцілі з СІЗА на свабоду, ён пазбавіўся пасады і ўладкаваўся працаваць хірургам-траўматолагам у прыватны медыцынскі цэнтр, дзе прымаў пацыентаў аж да прысуду.

8 лютага. Менскі гарадскі суд прызнаў фігурантаў гучнай медыцынскай справы вінаватымі ў атрыманні хабараў і прысудзіў былога намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а галоўнага лекара 12-й стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка - да пяці гадоў.

9 лютага. У Менску адбыўся сход дэпутатаў ВС 12-га і 13-га скліканняў. Удзельнічалі каля 50 дэпутатаў. Сяргей Папкоў зачытаў зварот да дэпутатаў - выступленне Зянона Пазьняка, які знаходзіцца ў эміграцыі. Прыняты Зварот дэпутатаў да беларускага народа. Арганізаваны Аргкамітэт дэпутацкага клуба.

Станіслава Шушкевіча на сходзе не было, бо ён быў на канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў па захаванні міру і аб'яднанні Карэі, якая праходзіла ў Сеуле, сталіцы Рэспублікі Карэі. Шушкевіча ўзнагародзілі ордэнам.

9 лютага. У Гародні памёр Сямён Домаш, былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкама.

9 лютага. У Менску А. Лукашэнка арганізаваў спаборніцтвы па лыжах і перамог са сваёй камандай.

10 лютага. У Берасці ў цэнтры горада адбыўся мітынг і шэсце супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Удзельнічалі каля 150 чалавек.

11 лютага. Раніцай у Стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10-га класа Вадзім Мілашэўскі (2003 г. нар.) зарэзаў настаўніцу гісторыі Марыну Міхайлаўну Пархімовіч (мела ўзрост 50 гадоў) і вучня 11-га класа Аляксандра Раманава і яшчэ параніў двух вучняў, якія трапілі ў бальніцу. 11 верасня 2019 г. Менскі абласны суд вынес (прыгавор у г. Стаўбцы) і пакараў падлеттка (яму няма і 16 гадоў) пазбаўленнем волі на 13 гадоў.

13 - 15 лютага. У Сочы вяліся перамовы У. Пуціна і А. Лукашэнкі аб палітычных і эканамічных праблемах паміж дзяржавамі. Пуцін і Лукашэнка наведалі адукацыйны цэнтр "Сірыус", дзе заняткі вядуцца па трох кірунках "Навука", "Спорт", "Мастацтва".

У Белавежскую пушчу прыляцелі птушкі з выраю.

15 лютага. Менскі гарадскі суд пазбавіў волі акадэміка хірурга Аляксадра Бялецкага на 7,5 гадоў за прыём хабару. Суд Цэнтральнага раёна Менска Андрэя Стрыжака, былога начальніка Гарадзенскай абласной управы здароўя, таксама пазбавіў волі на 7,5 гадоў за хабар.

14 лютага. Афіцыйны візіт старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі М. Мясніковіча ў Варшаву. Скарачэнне фінансавання апазіцыйнага сайта "Хартыя-97" у 5 разоў.

16 лютага. У Вільні, на праспекце Гедыміна, запалілі 70 вогнішчаў. Вільня ўрачыста святкуе Дзень аднаўлення дзяржавы (101-ю гадавіну) і 70-годдзе дэкларацыі Рады Саюза барацьбы за свабоду Літвы. Вогнішчы запалілі ўдзельнікі барацьбы за свабоду Літвы або іх родзічы.

(Працяг у наст. нумары.)

Чытаем разам Леаніда Дайнеку

На працягу года ва ўсіх публічных бібліятэках Наваградскага раёна пройдуць мерапрыемствы абласной акцыі "Чытаем разам". Яе мэта - прыцягненне грамадства да чытання беларускай літаратуры. 28 студзеня ў межах акцыі ў Наваградскай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча, прысвечаная творчасці 80-гадовага юбіляра 2020 года - беларускага пісьменніка, паэта, майстра гістарычнай прозы Леаніда Дайнекі, які пайшоў з жыцця ў жніўні мінулага года.

Леанід Дайнека вядомы як аўтар раманаў "Меч князя Вячкі", "След Ваўкалака", "Жалезныя жалуды", "Бацькава крыніца", "Футбол на замініраваным полі", "Чалавек з брыльянтавым сэрцам". Іх героямі былі рэальныя персанажы беларускай гісторыі. Асобныя старонкі і радкі з гэтых твораў прагучалі падчас сустрэчы.

Да ўдзелу ў акцыі былі запрошаны мясцовы пісьменнік Міхась Зізюк і вучні сярэдняй школы № 1 горада Наваградка. З дапамогай чытання асобных старонак кніг можна было не толькі прасачыць за лёсамі герояў, але яшчэ і даведацца аб фактах біяграфіі Леаніда Дайнекі.

Цікавым было выступленне аўтара, у тым ліку і гістарычных кніг, М. Зізюка. Звяртаючыся да маладой аўдыторыі пісьменнік падкрэсліў важнасць гістарычнай памяці ў лёсе беларускага народа, якая служыць сапраўдным падмуркам будучыні краіны. Асаблівая ўвага была засяроджана на кнізе Л. Дайнекі "Назаві сына Канстанцінам". Міхась Зізюк нагадаў, што кніга праўдзіва адлюстроўвае нашу гісторыю, паказвае, як цяжка жылося людзям у мінулыя часы.

Сцэнічным дзеяннем было падмацавана знаёмства з кнігай "Запомнім сябе маладымі". Для інсцэніроўкі быў узяты непасрэдна ўрывак з тэксту, дзе адбываўся абрад сватаўства. У ролі герояў твора выступілі супрацоўнікі бібліятэкі. Каларытныя вобразы свахі Белазорыхі, бацькоў нявесты і самой гераіні сталі сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства.

Урыўкі з кнігі "След ваўкалака" прачытала чытачка бібліятэкі Ала Мікалайчук. Яна яшчэ расказала і аб уласных адносінах да твора беларускай літаратуры, да мовы беларускай.

Добрыя кнігі і добрыя словы здольны, раскрыць таямніцы свету і беларускай гісторыі, дапамагчы чалавеку ў жыцці. Таму - чытаем разам!

Іна Шаўчук, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК "Наваградская раённая бібліятэка".

Мая Радзіма-Беларусь

"Мая Радзіма-Беларусь" - акцыя пад такой назвай, прысвечаная Году малой радзімы, праведзена ў Верхнядзвінскім Цэнтры дзяцей і моладзі пры падтрымцы раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы" і нашага галоўнага апякуна - абласнога грамадскага аб'яднання "Самакіраванне і грамадства". Гэта - не першы супольны праект, зладжаны грамадскім сектарам вобласці і Цэнтрам дзяцей і моладзі нашага раёна.

А падставы для такой ініцыятывы былі самыя грунтоўныя - наш раён, акрамя таго, што мае выключна багатую мінуўшчыну, багаты і на таленавітых людзей. Але мы, як арганізатары, параіўшыся, вырашылі, што героямі нашай сустрэчы стануць таленавітыя дзеці Верхнядзвіншчыны, якія дэманстравалі свае таленты на розных конкурсах і выставах.

Варта ўзгадаць плэнер "На хвалях натхнення", праведзены ў рамках міжнароднага свята "Дзвіна-Двина-Daugava", у якім прымалі ўдзел 5 мастацкіх школ вобласці, а на свяце было прэзентавана больш шасці дзясяткаў палотнаў юных мастакоў. Ці конкурс юных спевакоў "Галасы будучыні", які грамадскі сектар падтрымліваў 5 год і ў якім штогод прымалі ўдзел не менш 40 дзетак і які ладзіўся на базе Запруддзеўскага Дома культуры стараннямі кіраўнічкі дзіцячай студыі і адначасова старшыні ГА "Арганізацыя шматдзетных сямей Верхнядзвінскага раёна" Наталлі Васіленка. Вось гэтым і кіраваліся мы - арганізатары, калі абмяркоўвалі, яшчэ ў мінулым годзе спіс удзельнікаў акцыі "Мая Радзіма-Беларусь". У шорт-лісце для ўзнагароджання пасля дэталёвага аналізу было каля трох дзясяткаў таленавітых дзяцей.

Зразумела, што і падарункі павінны адпавядаць галоўнай ідэі - шанаваць, берагчы і вывучаць гісторыю роднага краю, і таму праграма вечарыны і распрацоўвалася з такім разлікам. На яе мы запрасілі вучняў не толькі гарадскіх школ, настаўнікаў, якіх ведае не толькі наш раён - Галіну Тушкіну, настаўніцу дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі і Бігосаўскай школы, яе калег - Мурзо Марыну, настаўніцу гімназіі, Алену Шчацініну - з СШ № 2, Лілю Гардынскую з Валынецкай школы, а таксама Валерыя Шчаснага і Аляксандра Мурзо, якія працуюць з дзецьмі ў Цэнтры выхаваўчай працы, краязнаўцаў, сяброў грамадскіх арганізацый, настаўнікаў школ.

Да вечарыны была падрыхтавана вялікая выстава творчых прац дзяцей, на якіх-аб'екты культурна-гістарычнай спадчыны раёна, гістарычныя мясціны, каля трох дзесяткаў палотнаў.

Песняй "Гэта - Беларусь мая", якую выканаў Святаслаў Ганчароў, пастаянны ўдзельнік нашых святаў, урачыста адкрыта акцыя "Мая Радзіма - Беларусь".

Загучалі шчырыя і пранікнёныя словы Яўгеніі Янішчыц:

Зямля мая, ты - кніга непрачытана,

дар велічны скарынаўскіх радкоў.

Сялянка мудрая і працавітая

ў кароне з руж і сініх васількоў.

Душа мая крынічная, сунічная,

бярэзінка кужэльная ў гаі,

азёрная, пушчанская, пшанічная,

дзе зубр раве і звоняць салаўі.

Апаясана сінімі палотнамі

сваіх празрыстых

быстрагонных рэк,

узнятая з пабоішча гаротнага,

зямля мая - мой цудатворны лек!

Пра сваю Радзіму - радкамі лірычных вершаў, музычнымі творамі і пэндзлем мастака, творчымі працамі фотамастака, ад прыгажосці якіх зацінае дух! І наш галоўны раённы краязнавец Антон Бубала, з прысутным яму ўменннем і гумарам, пачаў аповед пра такія запаведныя куточкі нашага краю, пра якія дзеці пачулі ўпершыню. І трэба было бачыць, як загараліся іх вочкі з кожным новым слайдам!

А дырэктар Цэнтра выхаваўчай працы Ала Марозава адзначыла, што патрэбна шмат часу, каб расказаць пра шматлікія творчыя конкурсы і ўзнагароды, якія атрымалі нашы таленавітыя дзеці, распавяла пра настаўнікаў, якія працуюць з дзецьмі ў школах, а таксама ў гуртках Цэнтра.

- Добра, што такая сустрэча сёння адбываецца, і дзякуй яе арганізатарам за такую ініцыятыву, - кажа Галіна Іванаўна Ахламенак, былая настаўніца СШ № 2, якую і сёння з цеплыней узгадваюць яе вучні. - А нам такія сустрэчы даюць магчымасць яшчэ і яшчэ раз пераканацца ў тым, што мацнее і багацее наша зямля на таленты і людзей, якія ў глыбіні вякоў адшукваюць тыя багацці, што пакінулі нам продкі. Ды і мы, давайце шанаваць і берагчы гэтыя скарбы!

Сябра клуба "Сучаснік" Ульян Родзік, што ён робіць падчас кожнай нашай вечарыны, напісаў верш пра Радзіму, якія стане, праз пэўны час, архіўным дакументам, бо гэта была першая сустрэча такога кшталту, важкасці якой дадаў удзел ва ўганараванні пераможцаў вядомых мастачак - Святланы Баранкоўскай і Кацярыны Мясніковай.

Кожны з прэтэндэнтаў - канкурсантаў атрымаў адмысловы кубак з выявай гістарычнай мясціны, помніка, аб'екта архітэктуры Верхнядзвіншчыны, а таксама імянны Дыплом. І, канешне, "салодкія пачастункі" ад арганізатараў.

- Наша Радзіма - наш выток і наш пачатак, - сказала на сустрэчы мясцовая паэтка Часлава Петрашкевіч. - Яна заўсёды разам з намі, яна рада нашым дасягненням, смуткуе над нашымі няўдачамі, любіць і чакае нас дадому:

Радзіма.Немаўлятак шчыра

Пялюшкай неба спавіла,

Як маці, да грудзей туліла,

І ў кожным часе берагла.

Слязінку смутку асушала,

Трымаць вучыла годна стаць,

Саломкі мякка падсцілала,

Калі хацелася лятаць.

З удзячнасцю за ўсе, што мела

Я ад цябе ў зямным жыцці,

Радзіма, на тваім узмежку

Дазволь рамонкам прарасці.

У гэтым месяцы святкуем Дзень роднай мовы, які з гэтага году ўнесены ў план мерапрыемстваў аддзела адукацыі райвыканкама!

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX