Вярнуцца: 2020

№ 07 (1470)


Дадана: 14-02-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1470), 12 лютага 2020 г.

Дэманстрацыя лепшых новых выданняў Беларусі і замежжа

З 5 па 9 лютага 2020 года ў Менску прайшла XXVII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая традыцыйна адкрывае міжнародны каляндар кніжных выстаў і з'яўляецца своеасаблівай справаздачай працы кнігавыдаўцоў Беларусі за мінулы год. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 386 экспанентаў з 30 краін, цэнтральным экспанентам сталі Злучаныя Штаты Амерыкі.

На пляцоўцы ЗША адбылася сустрэча з амерыканскім пісьменнікам Дугласам Макам, які піша пра падарожжы, культуру і гісторыю. Яго апавяданні друкаваліся на страронках New York Times, National Geographic Traveler і іншых выданняў.

Мерапрыемствы прайшлі на пляцоўках Нацыянальнага выставачнага комплексу "БелЭкспа", а таксама - у кнігарнях, бібліятэках, музеях: былі арганізаваны прэзентацыі, аўтографсесіі, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і іншыя падзеі.

У першы дзень працы былі прадстаўлены паспяховыя выдавецкія праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у тым ліку факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі і навуковая манаграфія Алеся Сушы "Асэнсаванне шэдэўра".

- У апошнія 10 гадоў Нацыянальная бібліятэка стала буйнешым культурным і адукацыйным цэнтрам Беларусі, - адзначыў рэктар Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. - У бібліятэцы захоўваюцца ўзоры высокага мастацтва і мастацтва кнігі. Для сучаснага дызайнера, мастака, гісторыка, крытыка ў бібліятэцы знаходзіцца безліч цікавых артэфактаў.

Вельмі паспяховым было ўзнаўленне гравюр Францішка Скарыны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сёння мы бачым, як цудоўна выканана работа дызайнераў пры падрыхтоўцы факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі.

На Нацыянальным конкурсе мастацтва кнігі факсімільныя ўзнаўленні Нацыянальнай бібліятэкі атрымліваюць вельмі высокія ўзнагароды.Унікальныя ўзоры былых эпох з'яўляюцца арыенцірам для сучаснага мастака. Конкурс мастацтва кнігі будзе развівацца на такіх узорах. Вялікі дзякуй аўтарам, выдаўцам і дызайнерам за іх плённую дзейнасць!

Ларыса Эдуардаўна Верамчук, намеснік дырэктара Берасцейскай абласной бібліятэкі па сацыяльнай і інфармацыйнай працы распавяла:

- Берасцейская абласная бібліятэка імя Горкага рэалізавала ў партнёрстве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі шэраг праектаў. Сярод іх - рэспубліканскі круглы стол: "Брэст. 1000 гадоў гісторыі ў матэрыялах і дакументах". У нас у Берасці адбыліся чатыры канферэнцыі па Берасцейскай Бібліі. Арганізатарам іх выступала Ала Міхайлаўна Мяснянкіна. Мы вельмі рады, што працу па вывучэнні Берасцейскай Бібліі падсумавала выданне даследвання Алеся Сушы "Асэнсаванне шэдэўра".

9 лютага, у нядзелю, у апошні выставачны дзень XXVII Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша, адбыўся круглы стол "Праблемы гісторыі на старонках сучаснасці". Мерапрыемства было абвешчана часопісам "Маладосць".

Праграму яго склалі выступленні на тэмы вуснай і лакальнай гісторыі, гістарычнай фікцыі і гістарычнай прозы, у актуальным кантэксце былі закрануты вобразы Рагнеды, Льва Сапегі і Уладзіслава Сыракомлі. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў "круглага стала" звярнуліся вядомыя гісторыкі і літаратары.

Як заўсёды, на кірмашы было прадстаўлена шмат новых дзіцячых выданняў. Пра сваю кнігу "Закаханы трэццякласнік" распавёў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі:

- Казачнік садзіць у сваю крылатую машыну хлопчыка і дзяўчынку, і яны ляцяць па Беларусі. Гэта кніжка, па сутнасці, пра нашу Беларусь. Не трэба ехаць за мора і высокія горы, казкі - побач з намі! Першую казку яны бачаць, калі падняліся ўверх, бачаць свой горад, потым знаёмяцца з Зубром у Белавежскай пушчы, з Каралём вугроў на Нарачы. Іншая аповесць-казка прысвечана правам дзіцяці. Сонечны промень спускаецца на зямлю, каб дапамагчы дзецям ва ўсіх сітуацыях, пры іх хваробах, праблемах. Зубр таксама арганізаваў лясную школу, каб вучыць сваіх братоў-звяроў не крыўдзіць адзін аднаго, дапамагаць.

8 лютага пры падвядзенні вынікаў Нацыянальнага конкурсу мастацтва кнігі факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі было ўганаравана Дыпломам пераможцы і ганаровым знакам-сімвалам "Залаты фаліянт" "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны".

Падрыхтавала Эла Дзвінская, фота аўтара.

На здымках: 1. Алесь Суша і факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі; 2. Узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу мастацтва кнігі; 3. Пётр Краўчанка ля польскага стэнда; 4. Уладзімір Ліпскі і Аксана Спрынчан; 5. Дыялог украінскіх, беларускіх і польскіх літаратараў.

План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2020 год

№ Назва мерапрыемства

1. Асветніцкая і педагагічна-псіхалагічная праца

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2020-2021 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства;

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў:

збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, у тым ліку

- з мэтай захавання і пашырэння беларускай тапанімікі,

- з Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

4. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5. Супрацоўніцтва з БГТРК па пытанні беларусізацыі беларускага тэлебачання.

6. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

7. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час ", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

8. Правядзенне літаратурных сустрэч.

9. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне сустрэчаў з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі).

Першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага, 2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап - 25 сакавіка.

10. Адзначыць 75-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

11. Правесці фестываль беларускай мовы

12. Забеспячэнне дзейнасці інтэрнэт-партала ТБМ.

13. Правядзенне курсаў для школьнікаў па гісторыі, беларускай, украінскай, польскай мовах

14. Прыняць удзел у Дні беларускага пісьменства.

15. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

16. Правядзенне чарговага ХІV з'езда ТБМ

17. Адзначыць Дзень беларускай школы.

18. Адзначыць 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну

19. Выданне паштоўкі да 100-годдзя Слуцкага збройнага чыну

20. Адзначыць наступныя даты:

400-годдзе Яна Ужэвіча

30-годдзе газеты "Наша слова"

125-годдзе Тамаша Грыба

180-годдзе Францішка Багушэвіча

120-годдзе Гаўрылы Гарэцкага

100-годдзе Аляксея Карпюка

90-годдзе Алеся Петрашкевіча

550-годдзе Міколы Гусоўскага

120-годдзе Уладзіміра Жылкі

125-годдзе Ігната Дварчаніна

120-годдзе Кузьмы Чорнага

110-годдзе Ларысы Геніюш

100-годдзе Андрэя Макаёнка

90-годдзе Уладзіміра Караткевіча

Вялікі тэатр запрашае адзначыць Дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Напярэдадні гэтай падзеі - 18 лютага - гледачоў запрашаюць прыйсці ў Вялікі тэатр Беларусі: у 18:15 пачнецца імпрэза "Чытаем разам", у якой прымуць удзел вядомыя беларускія паэты, зоркі сталічных тэатраў, кіно, тэлебачання.

Народныя артысткі Беларусі Ядвіга Паплаўская і Настасся Масквіна, зорка беларускага тэлебачання актрыса Святлана Бароўская, паэт Андрэй Хадановіч, спявачка Вялікага тэатра Ірына Кучынская, карэспандэнт тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс - вядомыя людзі краіны абавязкова прыйдуць на вечар, каб падарыць гледачам часцінку сваёй любові да нашай зямлі, да нашай роднай мовы. Усе яны прачытаюць улюбёныя радкі з твораў беларускіх аўтараў. Безумоўна, калі разам на пляцоўцы сустракаюцца таленавітыя людзі, без сюрпрызаў не абыйдзецца.

Гэта імпрэза стане сапраўдным падарункам для тых, хто набыў квіткі на оперу Дз. Смольскага "Сівая легенда", лібрэта да якой напісаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. У пастаноўцы М. Панджавідзэ 18 лютага галоўныя партыі выканаюць зоркі беларускай оперы: народная артыстка Настасся Масквіна (Ірына), заслужаныя артысты рэспублікі Аксана Якушэвіч (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Мікуцель (Раман). За дырыжорскім пультам - Алег Лясун.

Гледачы таксама змогуць на некаторы час прымерыць на сябе новую ролю: выйсці на сцэну малой залы, адчуць святло сафітаў - і прачытаць свае любімыя творы беларускіх паэтаў. У вас, дарэчы, ёсць шанец падрыхтавацца загадзя: павыкладваць у любую сацсетку відэазапіс таго, як вы чытаеце творы беларускіх аўтараў, з абавязковымі хэштэгамі: "Чытаем разам", "Мой тэатр, мая сцэна", "Матчына мова", "Мая мова". Гледачы, якія праявяць сябе найбольш крэатыўна, атрымаюць падарунак - запрашальны квіток на вечар, прысвечаны Дню матчынай мовы.

Імпрэза адбудзецца ў тэатры 18 лютага ў 18:15 у Камернай зале. Цэнтральныя дзверы будуць адчынены з 17:45!

Паводле прэс-рэлізу

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве

23 лютага 2020 года ў дзяржаўнай установе культуры "Палац культуры вобласці" адбудзецца "Беларуская дыктоўка - 2020 у Магілёве", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Пачатак дыктоўкі ў 13.00.

Сябры Баранавіцкага ТБМ наведалі Мілавіды

Дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага сябры Баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы адзначылі тым, што наведалі месцы дыслакацыі і баёў касінераў Каліноўскага пад мястэчкам Мілавіды. Мілавідская бітва - найбуйнейшая паміж паўстанцамі і расейскімі карнікамі. У выніку рэгулярнае царскае войска вымушана было адступіць, запрасіўшы дапамогу, кажа арганізатар паездкі, намеснік старшыні Таварыства Мікалай Падгайскі:

- Спачатку заехалі на месца паштовай станцыі, будынак якой і сёння стаіць пры дарозе. Касінеры захапілі гэтую паштовую станцыю, затым заехалі ў мілавідскі храм, у храме яны прымалі прысягу. Затым паехалі да мемарыяла, там усклалі вянкі, усклалі кветкі. І далей - на само месца бітвы.

Паводле Мікалая Падгайскага, мілавідскай школе ў 1993 годзе было прысвоена імя Лянкевіча - аднаго з кіраўнікоў паўстання. Цяпер шыльды пра гэта няма, і не ўдалося дамагчыся, каб яе ўзнавілі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Галіна Загурская: "У кожнага ёсць месца на зямлі Куточак самы любы, самы мілы …"

Менавіта так можна сказаць у адносінах на Галіны Пятроўны Загурскай, па адукацыі - настаўніцы фізікі і матэматыкі, але менавіта літаратурная творчасць прынесла ёй найбольшую вядомасць. І, магчыма, славуты Лявонпаль, які даў нашай краіне не аднаго вядомага творцу, падзяліўся з ёю сваімі схаванымі скарбамі. Наш славуты Сяргей Панізьнік, які таксама з Лявонпаля, не абмінуў цёплымі словамі Галіну Пятроўну, даслаўшы на яе адрас віншавальны верш з нагоды творчай сустрэчы паэткі, мастачкі, якая прайшла ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы Верхнядзвінска.

Часта прыгадваюцца словы Сяргея Сцяпанавіча пра тое, што " Наш край - донар Сусвету", ну, а Лявонпаль тады - мясціна, якая нарадзіла і выхавала сапраўдных творцаў, а лявонпальская зямля і да гэтага часу - невычэрпная крыніца натхнення.

У творчай біяграфіі для Галіны Пятроўны 2000 год стаў пачаткам пачатку, калі з-пад пяра выйшлі першыя радкі, а ў 2005 годзе выйшла яе кніга "З далоняў сэрца", двума гадамі пазней - "Да зямлі прытуліцца". На сустрэчу Галіна Пятроўна прывезла шчымлівы відэааповед пра свой родны куточак, у якім гучалі яе вершы на фоне прыгожых краявідаў маленькай радзімы:

У кожнага ёсць месца на зямлі -

Куточак самы любы, самы мілы,

Дзе дні шчаслівыя

дзяцінства адгулі,

І дзе мацнелі для палёту крылы.

Такі куточак ёсць і ў мяне -

Лявонпаль, маё любае мястэчка.

І колькі год яшчэ ні праміне,

Імкнуцца буду да яго на стрэчу.

Яе вершы хутка пачалі з'яў-ляцца на старонках беларускіх творчых выданняў - часопісе "Маладосць", "Краязнаўчай газеце" і ў 2005 годзе яна становіцца сябрам народнага літаратурнага аб'яднання "Наддзвінне", якое рэдагавала больш за 10 год, а ў 2015 годзе яна прызнаецца лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.

Займаецца перакладамі на беларускую мову паэтаў з Расіі, і ў 2017 годзе яна - у ліку пераможцаў міжнароднага перакладчыцкага праекта "Берагі сяброўства: Беларусь - Расія", і ў гэтым жа годзе свет пабачыла яе новая кніга вершаў "У месяцовым перламутры". На яе вершы мясцовыя аўтары напісалі песні.

Некалькі гадоў Галіна Пятроўна - творчы натхняльнік паэтычнага конкурсу сярод школьнікаў Полацкага раёна, які праводзіла народнае літаратурнае аб'яднання "Наддзвінне".

Але, як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. І гэта зноў пра Галіну Пятроўну Загурскую. Яна - аўтар цудоўных пейзажаў. У яе карцінах - дарагія сэрцу краявіды роднай прыроды, дарагой сэрцу Міёршчыны, Полаччыны.

Малюе Галіна Пятроўна з дзяцінства і падчас вучобы ў школе яна была галоўным мастаком школьнай насценгазеты. А калі ўжо з'явіўся вольны час ад асноўнай працы, яна занялася мастацтвам, і яе першую мастацкую выставу акварэлі ацэньвалі калегі і навучэнцы ліцэя будаўнікоў у 2005 годзе. У наступны год адбылася выстава ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур Полацка, у 2007-м - у Цэнтральнай бібліятэцы Наваполацка, у 2009-м - у Літаратурным музеі імя У. Караткевіча ў Віцебску. Яе малюнкі "Колеры жыцця" ацэньваў Полацк, карціны выстаўляліся на сумеснай выставе "Інсіта-2012" у Віцебску да 100-годдзя Марка Шагала, затым "Трапяткія імгненні" ў Полацку. Школай для Галіны Пятроўны стаў яе ўдзел ў дзейнасці народнага клуба самадзейных мастакоў "Белае палатно" Полацкага гарадскога палаца культуры. Прафесіяналы адзначаюць "…гарманічны каларыт яе карцін, шчырасць, душэўнасць".

На сустрэчу з Галінай Пятроўнай ў раённую бібліятэку прыйшлі яе аднакласнікі, якія зараз жывуць ў Верхнядзвінску, каб успомніць пра агульных сябраў, школьныя гады і павіншаваць яе.

Галіна Пятроўна ўручыла зборнік сваіх вершаў цэнтральнай раённай бібліятэцы з абяцаннем зрабіць выставу сваіх пейзажаў ў нашым горадзе. Чакаем наступнай сустрэчы з цікавым чалавекам, чакаем новых вершаў і новых мастацкіх твораў!

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

Прывітанне ад Таццян для "Беларускай хаткі"

Доўгі час філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры - "Беларуская хатка" - быў зачынены на рамонт і не працаваў. Нядаўна гэты філіял зноў адчыніўся, і адным з першых тут праведзеных мерапрыемстваў стала святочная вечарына, прысвечаная Таццянінаму дню. Імпрэза прайшла напярэдадні - увечары 24 студзеня.

Ні з чым не параўнальная атмасфера панавала тады ў "Беларускай хатцы": сцэна з каляднай батлейкай, святочныя рознакаляровыя агеньчыкі, навагодняя ялінка, чароўны паўзмрок, вядоўца мерапрыемства Таццяна Барысюк у вечаровай сукенцы, паэтка і навукоўца, але ў той вечар - проста прыгажуня з доўгімі светлымі валасамі.

Госці свята і выступоўцы размясціліся ў зале на старажытных лавах, і імпрэза пачалася. Вядоўца канцэрту нагадала прысутным пра гісторыю свята Таццянінага дня, які пачалі адзначаць у Расіі ў 1755 годзе, калі імператрыца Елізавета Пятроўна падпісала ўказ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта. Так што, Таццянін дзень 25 студзеня - гэта і студэнцкае свята, а не толькі свята ўсіх Таццян - у гонар Святой пакутніцы Таццяны Рымскай.

Як вядома, у Максіма Багдановіча была бабуля з імем Таццяна - Таццяна Восіпаўна Мякота. Сувязь з Таццяніным днём увачавідкі, таму штогод паэтычны тэатр "Арт.С." праводзіць вечарыны "Таццянін дзень", як правіла, у музеі Максіма Багдановіча.

Сёлета ж адзінаццатая такая імпрэза прайшла ў былым філіяле гэтага музея - у "Беларускай хатцы". Дарэчы, загадчыцу гэтага філіяла таксама завуць Таццяна - Таццяна Лабада. У той вечар спадарыня загадчыца шчыра прывітала прысутных і пажадала ўсім добрага настрою.

Нібыта два маладзенькія птушаняткі, прашчабяталі, выступаючы са сваімі вершамі, дзве прывабныя дзяўчыны: студэнтка журфака БДУ Кацярына Тарасава, а потым вучаніца 11-га класа Любоў Раманава.

Таццяна Барысюк нагадала ўсім, што ў Беларусі шмат Таццян - навукоўцаў: Шамякіна, Аўтуховіч, Кабржыцкая, Казакова, Камароўская, Алешка, Вабішчэвіч, Мацюхіна і іншыя. Таксама вядоўца зазначыла, што і сама мае дачыненне і да беларускай навукі, і да беларускай паэзіі, а потым прачытала свае вершы з нізкі "Платанічнае каханне", што нядаўна была надрукавана ў альманаху "Літаратурны экватар" № 10.

Таленавіты журналіст, паэт і рамантык у душы Алег Грушэцкі адразу захапіў сэрцы жаночай паловы аўдыторыі сваім чароўным голасам і вершамі. А калі ён прачытаў твор пра начныя пацалункі, то ўсе прысутныя жанчыны і дзяўчаты прыйшлі ў замілаванне.

З літаратурным клубам "Экватар" у паэтычнага тэатра "Арт.С." даўнія сяброўскія адносіны. Ад імя клуба на вечарыне выступіла ягоны шэф-рэдактар, паэтка, перакладчыца і празаік Інга Вінарская. Яна зачытала верш кіраўніка "Экватара" Вячаслава Корбута пад назвай "Таццяна", напісаны спецыяльна да свята Таццянін дзень, а таксама яшчэ некалькі яго вершаў з кнігі "Бераг лепшых надзей".

Наступным выступаў паэт-астролаг Мікола Кандратаў, які змог спалучыць у сваім жыцці дзве, на першы погляд несумяшчальныя сферы - паэзію і астралогію.

Напрыканцы імпрэзы вершы чытала паэтка Таццяна Пратасевіч, якая таксама мае схільнасць да містычнасці ў сваёй творчасці, а таксама да прыгожай вобразнасці і мелодыкі.

Падчас вечарыны яе вядоўца Т. Барысюк праводзіла віктарыну з прызамі на веданне народжаных 25 студзеня асоб і тэкстаў Таццян-паэтэс і творцаў, прысвяціўшых вершы Таццянам.

Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў каля святочнай батлейкі пад чароўнымі студзеньскімі агеньчыкамі.

Безумоўна, падобныя вечарыны надоўга застаюцца ў памяці, і ўспаміны гэтыя цудоўныя і натхняльныя. І хацелася б напрыканцы пажадаць паэтычнаму тэатру "Арт.С.", каб такіх мерапрыемстваў было болей.

Інга Вінарская, г. Менск.

Іспанская ластаўка зноў завітала на Беларусь

У Менск 6 лютага прыехала адзначыць свой дзень народзінаў іспанская паэтка і даследчыца беларускай літаратуры Анхела Эспіноса Руіс. Яна выступіла перад дзецьмі і іх бацькамі з чытаннем сваіх вершаў і перакладаў у Нацыянальнай бібліятэцы.

Усмешлівая, шчырая, пяшчотная, яна падзялілася ўспамінамі пра пачатак сваёй цікавасці да беларускай мовы.

Анхела скончыла ў 2011 г. школу з гуманітарным профілем (з лацінскай і старагрэцкай мовамі) і музычную школу. Пазней яна скончыла славянскую філалогію ў Гранадскім універсітэце ў 2015 годзе. У 2017 атрымала ступень магістра на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, вучылася ў аспірантуры на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсе ў Мадрыдзе.

На стажыроўцы ва ўніверсітэце ў Паўночнай Караліне Анхела пазнаёмілася з беларускімі студэнтамі, пачала цікавіцца мовай, збіраць кнігі пра нашу краіну. Каб лепш адчуць мову, яна пачала ствараць на ёй лірычныя тэксты і вершы, што ёй добра ўдалося.

Таленавітая дзяўчына стала лаўрэатам журналісцкай прэміі "Беларусь у фокусе" (2011), фіналісткай паэтычнага конкурсу "Экслібрыс" імя Рыгора Барадуліна 2015 года. У тым самым годзе апублікавала зборнік вершаў "Раяль ля мора" ў Менску і электронны зборнік "Памяць пра будучыню". У сакавіку 2016 года паэтэса стала ганаровым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Вершы Анхелы друкаваліся ў часопісах "Маладосць", "Дзеяслоў", "Полымя", газеце "Наша Ніва".

У 2017 годзе яна зрабіла пераклад на іспанскую мову вершаў Максіма Багдановіча. У гэтым жа годзе быў выдадзены Саюзам беларускіх пісьменнікаў яе трэці зборнік вершаў "Pomme de ciel".

4 верасня 2019 года ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсэ Анхела паспяховая абараніла доктарскую дысертацыю "Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера".

Анхела часта прыязджае ў нашу краіну, сустракаецца з пісьменнікамі, паэтамі, музыкамі. Яны выступала на курсах "Мова нанова" і ўдзельнічала ў іншых культурных імпрэзах.

На сустрэчы з іспанскай паэткай юныя чытачы прачыталі яе беларускія вершы "Клічнік", "Зброя", " Шлях", "Сакавік", а сама Анхела прачытала пераклад верша Максіма Багдановіча "Пагоня".

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Па Карэліччыне паўстанцкай

У пачатку лютага Карэліцкі раён наведалі сябры Баранавіцкай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны. Мэтай іх вандроўкі было наведаць мясціны, звязаныя з удзельнікамі паўстання на тэрыторыі былога Наваградскага павета. У Карэлічах да іх далучыліся тутэйшыя аматары гісторыі. Маршрут вандроўкі, які паўтараў шлях двух паўстанцкіх аддзелаў на чале з Каралем Шалевічам і Адамам Пуслоўскім пралягаў праз Турэц, Кашчыцаў двор, Сіняўскую Слабаду, Налібоцкую пушчу, Шчорсы, Сенна. Баранавіцкім гасцям спадабаўся аповед карэліцкага краязнаўца Алеся Самца пра ўдзельнікаў паўстання: доктара Барзабагатага, Адама Пуслоўскага, Канстанціна Кашчыца (у іншым напісанні Канстанцін Кашыц, цывільны начальнік Наваградскага павета падчас паўстання 1863 г., рэд.), Караля Шалевіча, Андрэя Жылку.

Адначасова была аддадзена даніна памяці ў Турцы - мясцовым 463-м яўрэям, загінуўшым ад рук нацыстаў і ў вёсцы Сіняўская Слабада - усім загінуўшым у Другую сусветную вайну.

Мікола Чачотка.

Новая кніга пра Жыткаўшчыну

"Птушкі ляцяць на Палессе" - так называецца кніга, якую напрыканцы мінулага 2019 года накладам у 300 асобнікаў выпусціла ў свет друкарня "Калор" горада Мазыра. Аўтары - Сяргей Кулакевіч і яго дачка Насця, былыя супрацоўнікі жыткавіцкай раённай газеты "Новае Палессе". Зараз Сяргей Адамавіч знаходзіцца на заслужаным пенсійным адпачынку, Анастасія жыве і працуе ў беларускай сталіцы.

У 2016 годзе выйшла з друку кніга нарысаў С. Кулакевіча "Вільча, Случ, радзіма", а літаральна праз год пабачыла свет кніга вершаў Анастасіі Кулаковіч "Не спутаться с тенью прохожих...". І вось яны выступаюць з новымі вершамі і нарысамі ўжо творчым дуэтам. Выданне прысвечана 95-годдзю ўтварэння Жыткавіцкага раёна.

Кніга распачынаецца лірычна філасофскімі нататкамі, замалёўкамі і вершамі Анастасіі Сяргееўны. Затым ідуць нарысы Сяргея Кулакевіча. Думаецца, што нікога з чытачоў не пакінуць абыякавымі такія, напрыклад, публікацыі, як "Нашая паважаная Жыткаўшчына", "Была ў Вільчы застава", "Малешаваў два, а каханне адно", "Крах коленскай банды Юхневіча" і многія іншыя.

Вельмі ўпрыгожваюць, аздабляюць новае выданне каляровыя пейзажныя фотаздымкі. Да таго ж да кожнага са сваіх фотаздымкаў Анастасія падабрала трапнае лірычнае слова - як у прозе, так і ў паэзіі. Углядаешся ў гэтыя ілюстрацыі і яшчэ раз пераконваешся: якая ўсё ж прыгожая, непаўторная наша палеская Жыткаўшчына...

У сваёй новай кнізе журналісты не абмяжоўваюцца толькі межамі свайго раёна. Гучаць водгукі на творчасць такіх пісьменнікаў, як Віктар Казько, Андрэй Федарэнка, Рыгор Барадулін, паўстаюць з мінуўшчыны такія беларускія волаты, як Францішак Скарына, Кастусь Каліноўскі.

Прэзентацыя кнігі паспяхова прайшла ў цэнтральнай бібліятэцы райцэнтра, дзе, дарэчы, аднаму з першых слова было дадзена старшыні мясцовай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны Васілю Нікановічу. Сустрэчы з чытачамі адбыліся таксама ў дзіцячым садку № 3 горада Жыткавічы, у Верасніцкай сярэдняй школе.

Новая кніга, вобразна кажучы, шырока пакрочыла па планеце. Яе чытаюць як у роднай Беларусі, так і ў Маскве, на Чарнігаўшчыне ў суседняй Украіне. А напярэдадні новага 2020 года аўтары па электроннай пошце атрымалі шырокае падзячнае пасланне ад Янкі Запрудніка са Злучаных Штатаў Амерыкі, які таксама атрымаў адзін з асобнікаў новага выдання.

Алесь Палескі.

Тыдзень роднай мовы ад Акадэміі навук

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа

Тыдзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы - штогадовае свята, заснаванае ў 2000 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная мэта гэтага свята - захаванне моўнай і культурнай шматстайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

13 лютага

10.00 . Афіцыйнае адкрыццё ў Інстытуце мовазнаўства "Школы юнага мовазнаўца" (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

10.15. Сустрэча са школьнікамі-пераможцамі абласных алімпіяд па беларускай мове і гісторыі (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

15.00. Круглы стол "Беларуская мова ў кантэксце развіцця інфармацыйных тэхналогій", арганізаваны сумесна з газетай "Звязда" (г. Менск, вул. Багдана Хмяльніцкага, 10 а).

У круглым стале прымуць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі, выкладчыкі ВНУ, спецыялісты Парка высокіх тэхналогій, бізнесмены.

14 лютага

14.00. Прэзентацыя першага ў гісторыі лексікаграфіі "Французска-беларускага слоўніка прававой лексікі", падрыхтаванага супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і выкладчыкамі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 15).

17 лютага

14.00. Круглы стол "Праблемы ўпарадкавання камп'ютарнай тэрміналогіі" (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

Камп'ютарныя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць ў наша жыццё. Камп'ютары прыйшлі практычна ў кожны дом і перасталі быць нечым незвычайным, прызначаным выключна для спецыялістаў. І каб ісці ў нагу з часам, трэба валодаць асноўнымі паняццямі пра камп'ютар і ўсё, што з ім звязана. Пэўныя намаганні па распрацоўцы камп'ютарнай тэрміналогіі на беларускай мове рабіліся і робяцца, але ці дастаткова іх для таго, каб беларуская мова паўнавартасна выкарыстоўвалася ў сферы інфармацыйных тэхналогій? На гэтае пытанне і паспрабуюць адказаць удзельнікі круглага стала "Праблемы ўпарадкавання камп'ютарнай тэрміналогіі".

18 лютага

15.00. Творчая сустрэча з пісьменнікамі "Жыватворная крыніца натхнення" (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

Гутарка пойдзе аб дыялектных, гістарычных і іншых вобразатворчых рэсурсах беларускай мовы, якія могуць выкарыстоўвацца айчыннымі пісьменнікамі і паэтамі ў якасці сродкаў стварэння вобразнага свету мастацкага твора.

19 лютага

12.00. Сустрэча з навучэнцамі школы-інтэрната горада Маладзечна (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

15.00. Круглы стол "Роля мастацкага перакладу ў міжкультуным дыялогу" (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

У рамках круглага стала адбудзецца прэзентацыя кнігі на беларускай мове "Update" (аўтары: Сафія Ворса (Беларусь), Лара Продан (ЗША), Зоя Падліпская (Беларусь) і Вікторыя Левіна (Ізраіль)).

Кожная асобная літаратура - цэлы свет, шматаблічны і непаўторны, з багаццем талентаў і творчых асоб. Пісьменнік - медыятар у дыялогу літаратур, сувязны ў культурнай прасторы між краінамі і народамі.

Зборнік прозы "Update" - міжнародны кніжны праект, які супольна рэалізуюць пісьменніцы Беларусі, ЗША і Ізраіля. Пісьменніцы замежжа Вікторыя Левіна і Лара Продан атрымалі магчымасць упершыню быць пачутымі беларускамоўным чытачом, а нашы сучасныя аўтары з Мінска Зоя Падліпская і Сафія Ворса - далучыцца да гэтага сумоўя.

Няхай гэты творчы праект разам з іншымі шматлікімі набыткамі ў сферы перакладу паспрыяе росту прэстыжу беларускай мовы на міжнароднай арэне.

20 лютага

14.30. Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнай навуковай установай "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" (Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа) і дзяржаўнай ўстановай адукацыі "Гімназія № 25 горада Менска".

У Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа склаліся трывалыя традыцыі супрацоўніцтва з установамі адукацыі нашай краіны. У рамках дадзенага пагаднення кожны з бакоў пагаджаецца ўносіць уклад у агульныя намаганні па вывучэнні і захаванні гісторыка-культурнай і моўнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, абменьвацца ідэямі ў рамках сумесных мерапрыемстваў і публікацый; садзейнічаць у правядзенні сумесных даследаванняў па праблемах беларускай культуры, мовы і літаратуры, вывучэнні шматвяковай гісторыі і духоўных традыцый беларускага народа, арганізацыі сумесных семінараў, канферэнцый "Моладзь - навуцы", круглых сталоў, адукацыйных, культурных і іншых мерапрыемстваў.

14.40. Прэзентацыя тэматычнага слоўніка "Плытніцтва" , створанага супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 15).

Слоўнік адлюстроўвае абазначальныя сродкі, звязаныя з такім адметным старажытным заняткам беларусаў, як плытніцтва.

18.30. Сустрэча з членамі аўтарскага калектыву "Гістарычны слоўнік беларускай мовы" (у 37 выпусках), вылучанага да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (магазін "Акадэмкніга", праспект Незалежнасці, 72).

21 лютага

13.00. Прэс-канферэнцыя ў Доме прэсы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы (прымаюць удзел дырэкцыя і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства).

Інтэрв'ю супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выступленні на цэнтральных каналах радыё і тэлебачання.

Знойдзены барэльф Адама Міцкевіча ўстанавілі ў Наваградку

У Наваградку на будынку былой дамініканскай гімназіі, дзе вучыўся вялікі паэт Адам Міцкевіч, урачыста адкрылі барэльеф Адама Міцкевіча. Урачыстае адкрыццё адбылося 8 лютага на тэрыторыі касцёла Святога Арханёла Міхаіла.

Барэльеф Адама Міцкевіча мог пайсці на металалом, але яго адшукалі наваградчане мінулай восенню і перадалі касцёлу, дзе яго аднавілі і ўстанавілі на будынку былой дамініканскай гімназіі. Аўтар барэльефа - невядомы, а быў зроблены ён напачатку ХХ стагоддзя. Падчас адкрыцця барэльефа Адаму Міцкевічу консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні Яраслаў Ксенжак сказаў, што адкрыццё памятнага знака Адаму Міцкевічу - важная падзея для нашай агульнай гісторыі. Спадчына Адама Міцкевіча належыць усяму свету, але пачалося ўсё менавіта тут, у Наваградку. У мерапрыемстве прынялі ўдзел жыхары Наваградчыны, а таксама госці з іншых рэгіёнаў Беларусі і Польшчы. А таксама епіскап Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч і епіскап Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям'янка.

Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак. Фота novgazeta.by.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Рымша Алесь - 20 р.

2. Кунцэвіч Уладзімір - 20 р.

3. Гацкі Уладзімір - 20 р.

4. Кулік Анатоль - 10 р.

5. Паўловіч Віктар - 10 р.

6. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

7. Мудроў Алег - 10 р.

8. Гняткоў Валеры - 5 р.

9. Пісарэнка Алесь - 10 р.

10. Фарнэль Кастусь - 5 р.

11. Мельнікаў Юрась - 10 р.

12. Мельнікаў Алесь - 10 р.

13. Сідараў Сяргей - 5 р.

14. Жукаў Вітаўт - 5 р.

15. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.

16. Недзянкоў Яраслаў - 10 р.

17. Рымша Ангяліна - 10 р.

Усе Наваполацк.

З іх сяброўскія складкі за 2019 г. - 50 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ВАНДЫ ЛЯВІЦКАЙ (25.09.1895 - 8.12.1968)

Далёка Беларусь - і ўсё далёка,

Што сэрцу міла і душы было.

Па снезе скача за табой сарока,

Збіраючы ў слядах тваіх святло,

З якім прыехала ў Сібір за мужам,

Якога выслалі, бо любіць ён

Радзіму, над якой вароны кружаць,

Аж сонца пачарнела ад варон,

І кроў людская, як вада, ільецца.

Ды кроў людская - не вада, і ты

Любоў трымаеш, як агонь, у сэрцы,

Якую не загубяць халады

Ні душ варожых, ні сібірскіх зімаў.

Па снезе, як па воблаках, ідзеш.

Заходзіць сонца, свеціцца Радзіма,

Як сонца, што не згасне анідзе…

13.07.2011 г.

БАЛАДА АЛЕНЫ КІШ (1896 - 1949)

У раўчуку вада халодная, як неба,

З якога дождж ішоў, а заўтра пойдзе снег

Бялюткі, сумны, нібы восеньскае срэбра,

Дзе слёзы ёсць твае і ёсць чужацкі смех

З таго, што босая ідзеш ад вёскі ў вёску

І дываны малюеш гожыя, як рай,

Які адной табе прысніўся з ласкі боскай,

Каб дыванамі прыгажэўся родны край…


Ты прад вадой,

нібы прад будучай карцінай,

Стаіш і бачыш як цячэ тваё жыццё

Вадою праз трыснёг пад сумнаю рабінай,

Што з адзіноты пагубляла ўсё лісцё,

Як ты надзеі пагубляла, каб з нягоды,

Як з ямы чорнай, выбрацца на белы свет,

Каб райскі сад на дыване стаў назаўсёды

Жывым і райскім,

як цяпер снег на траве…


І ты, нібы пісьмо каханаму, у неба

Ляціш і падаеш у белую ваду,

Нібы ў халоднае расплаўленае срэбра,

З якога кветкі райскія ўзрастуць…

14.12.2008 г.

БАЛАДА ІЗІ ХАРЫКА (6.03.1896 - 29.10.1937)

Як ліст асенні ў небе, жоўты маладзік.

Ты на яго глядзіш праз павуціну кратаў.

Жыццё паэта - верша геніяльны чыставік

І скрыпкі голас,

што ў вандроўных музыкантаў.


Цяпер тваё жыццё ў скляпенні - гэта пыл

На кірзачах стаптаных канваіраў сонных,

Якім сцяна, што ў рабацінні куляў -

небасхіл,

Куды вядуць шляхі

чужых людзей і родных.


Шаўцом патрэбна стаць было,

як бацька быў,

Або ў аптэцы гандляваць, не ведаў б гора,

І па рацэ б жыццёвай сторублёўкай плыў

У залатое, што калісьці сніў ты, мора.


Ізноў заснуць не можаш. Рыфмы ў галаве

Крывавяцца і ўсё баліць, і чуеш крокі

У калідоры, дзе заўсёды хтось раве,

І маладзік, як кот, хаваецца ў аблокі.


І ўжо апошні дзень твайго жыцця мінуў,

Але пакуль пра гэта ты яшчэ не знаеш

І сябраў верш пра волю, шчасце і вясну,

Нібы апошнюю малітву ты чытаеш…

1.11.2017 г.

БАЛАДА МАЙСЕЯ КУЛЬБАКІ (20.03.1896 - 29.10.1937)

Ад выстралаў бясконцых

глухнуць Курапаты

І неба слепне ад турэмных ліхтароў.

І ў змроку з зоркамі чырвонымі салдаты

Усе падобныя на босхаўскіх звяроў.

Глядзіш на смерць сваю

і не баішся смерці,

Што прад табою

ў шынялі стаіць з ружжом.

І кроў тваю не змыць нікому і не сцерці,

Ніколі не засыпаць глінай і пяском.


У яму падаеш і за табою следам

Хтось падае прастрэлены і малады.

Але ж усіх за ноч не пастраляць паэтаў,

Не ачарніць іх божы талент залаты.


І вырастуць па-над табой трава і сосны,

І, як усе, травою станеш і сасной,

І будуць ноч растрэльная і вецер слёзны

Навекі вечныя пазначаны крывёй…

28.10.2018 г.

БАЛАДА МІХАСЯ ЧАРОТА (7.11.1896 - 29.10.1937)

На турэмнай сцяне

ты прысягу рыфмуеш,

А прысяга твая не патрэбна нікому.

Табе хочацца жыць і ты ў думках дадому

Зноў бяжыш і зямлі пад нагамі не чуеш,

Той зямлі, на якой сёння слёзы і гора,

На якой людзі ёсць,

што ўсё бачаць і чуюць,

І на вогнішчах босымі сёння начуюць,

І на мове тутэйшае з Богам гавораць.

І не хочыцца верыць табе, што былое

Стала сном, у якім ты паэт пашанотны,

А цяпер, як Айчына твая, ты гаротны

І навокал усё не тваё, а чужое.

Нават гэта прысяга, якую рыфмуеш

Не твая, бо ад страху яна і ты верыш,

Што яна адамкне ўсе турэмныя дзверы

І сябе, і сяброў ты ад смерці ўратуеш.

Толькі ты не ўратуеш нікога ў краіне,

У якой кожны міг нехта плача і гіне.

І цябе расстраляюць, і будзе прысяга

Напаўняцца, як сэнсам, крывёю і жахам…

27.10.2007 г.

БАЛАДА ФАБІЯНА ШАНТЫРА (23.01.1897 - 29.05.1920)

Па дарогах бясконцых Айчыны,

Дзе растоптана сонца і гразь,

Люд ішоў, як на бойню скаціна,

Ты ішоў, як апошні наш князь.

І ў нябёсах плыло над табою,

Нібы кроплі крыві па вадзе,

Чырванёвае лісце сляпое,

Што пад ногі з дажджом упадзе

І счарнее ў дарозе Айчыны,

Ператворыцца ў смутак і гразь,

Каб не йшоў, як на бойню скаціна,

Каб ты йшоў, як апошні наш князь…

9.04.2012 г.

БАЛАДА ЮРКІ ЛІСТАПАДА (красавік 1897 - 5.06.1938)

Улюбёны, прыгожы, як мары аб волі…

Але волю табе не падораць за тое,

Што ты любіш Айчыну і вецер у полі,

І лісцё беларускіх бяроз залатое,

Што пад ногі ляціць і ў калюгах знікае

І становіцца смеццем, якога хапае

І без лісця, якое ў пару лістападу

Тут не кожнаму сэрца святлом напаўняе,

Як бакалы віном пад час шумнага свята

Гаспадарскай рукой

напаўняюцца гойна…

Ты на неба глядзіш і на сэрцы спакойна

Ад таго, што спакойныя зоры над светам,

У якім расстраляюць цябе маладога

І тваёю крывёй афарбуецца лета

І на волю, дахаты з Сібіры дарога,

Ля якой безымянных магіл незлічона.

Ты спакойна глядзіш

ды глядзіш не скарона,

Бо скараецца той, хто выношвае здраду,

Хто ляціць, як матыль на агонь,

на багацце,

Што, як лісце жаўцюткае ў час лістападу,

Залатое ў сваім залатым лістападзе…

20 - 23.10.2008 г.

(Працяг у наступным нумары.)

З падзей 2019 года

Склаў Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

З 30.01 і да 20.02. тэмпература паветра трымалася блізка каля 0 (ад -3 да +3). Затым пахаладала.

17 лютага. Беларусы Маямі (штат Фларыда, ЗША) правялі акцыю ў памяць пра зніклых беларускіх палітыкаў і ў падтрымку "Хартыі-97".

У Берасці адбылося невялікае шэсце-пратэст супроць будаўніцтва акумулятарнага завода.

17 лютага. Лёгкаатлетка Вольга Мазуронак заняла першае месца ў марафонскім бегу на 42 км ў Ганконгу. Беларуска прабегла дыстанцыю за 2 гадзіны 26 хвілін і 13 секунд і ўстанавіла новы рэкорд трасы. Для Вольгі Мазуронак старт у Ганконгу стаў першым пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне ў жніўні мінулага года.

18 лютага надрукавны Указ Прэзідэнта аб стварэнні Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД), якім ліквідуецца Інфармацыйна-аналітычны цэнтр. Дырэктарам новай установы прызначаны Алег Макараў.

19 лютага ў Варшаве галоўная рэдактарка сайта Charter-97.org Наталля Радзіна была ўзнагароджана медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Узнагароду ўручыў прадстаўнік Рады БНР, намеснік дырэктара тэлеканала "Белсат" Аляксей Дзікавіцкі.

23-24 лютага. Інспектары ДПС затрымалі ў краіне за 2 дні 155 п'яных кіроўцаў аўтамабіляў.

25 лютага ў Гародні, у Доме сувязі, адкрылі Музей пошты.

Люты. У базе дадзеных не занятых працай у Беларусі налічваецца 425 тысяч чалавек.

1 сакавіка. А. Лукашэнка правёў гутарку з журналістамі і грамадскасцю. Яна вялася 7 гадзін з гакам.

1 сакавіка. У Санкт-Пецярбургу памёр Жарэс Алфёраў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы, расійскі вучоны ў галіне электронікі, дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ. Нарадзіўся ў Віцебску 15 сакавіка 1930 года.Пахавалі 5 сакавіка на Камароўскіх могілках.

3 сакавіка. У Новабеліцкім раёне Гомеля адбыўся стыхійны бунт жыхароў, якія жывуць каля фабрыкі шпалераў. Пасля мадэрнізацыі яна выпускае вінілавыя шпалеры. Каля фабрыкі цяпер - вялікі смурод і павышаны шум. З рабочымі прыйшлі на сустрэчу галоўны санітарны ўрач горада, кіраўнікі фабрыкі і раёна.

4 сакавіка. Журналістаў тэлеканала "Белсат" Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву судзілі ў судзе г. Берасця. Іх учора затрымала міліцыя, калі яны адпраўляліся на пл. Леніна, дзе збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. У мінулым годзе іх судзілі 6 разоў (агульны штраф склаў 10 тысяч рублёў) і сёлета - 9 і 30 студзеня. Сёлета пакаралі кожны раз штрафам па 50 базавых велічынь (1275 рублёў).

4 сакавіка. Суд Ленінскага раёна г. Менска, які пачаўся 22 студзеня, прыгаварыў былога начальніка Менскага гарадскога патолагаанатамічнага бюро і галоўнага патолагаанатама Міністэрства аховы здароўя Аркадзя Пучкова да 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за атрыманне хабару. Яму плацілі нават супрацоўнікі морга на працягу 13 гадоў.

4 сакавіка ў судзе Завадского раёна Менска аштрафавалі галоўнага рэдакітара партала TUT.BY Марыну Золатаву па "справе БЕЛТА" на 300 базавых велічынь (7650 рубёў).

5 сакавіка. У Беларусі зацвердзілі базавую стаўку і тарыфную сетку для бюджэтнікаў у памеры 180 рублёў. Па новай сістэме зарплаты пачнуць налічваць з 1 студзеня 2020 года.

6 сакавіка. Павел Латушка прызначаны дырэктарам Купалаўскага тэатра.

8 сакавіка, пятніца. У Менску паветра прагрэлася да 12,9 градуса вышэй нуля. Папярэдні тэмпературны максімум на гэты дзень у сталіцы быў зафіксаваны ў 1990 годзе: ён склаў 9,8 градуса цяпла.

9 сакавіка. У Менску памёр беларускі скульптар Андрэй Міхайлавіч Заспіцкі, які нарадзіўся 16 лютага 1924 года ў г. Мазавец (Польшча). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977 г.). Яго скульптуры стаяць на "Варотах Менска". Ён удзельнічаў у стварэнні скульптур на будынку Сувораўскай вучэльні ў Менску, помніка Янку Купалу на Вайсковых могілках у Менску, Адаму Міцкевічу на Гарадскім Вале ў Менску, Францішку Скарыну ў Полацку.

12 сакавіка Менскі абласны суд абвясціў прысуд аб карупцыі ў Менскім гарвыканкаме. Былому начальніку Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынка, які "збіраў даніну" з кіраўнікоў школьных сталовых Менска наўзамен спакойнай працы, прызначылі 14 гадоў пазбаўлення воли у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён быў арыштаваны ў 2017 годзе. Акрамя былога экс-начальніка, у справе яшчэ 12 абвінавачаных, большасць з іх - супрацоўнікі камбінатаў школьнага харчавання. Пад вартай знаходзяцца 5 чалавек. Яшчэ дваіх абвінавачаных прысудзілі да пазбаўлення волі: Марыне Марозавай з Камбіната школьнага харчавання Заводскага раёна прызначылі 10 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, былому тэхнолагу МТЗ Святлане Карконіцы - 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

13 сакавіка, серада. Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая прызнае Расею галоўнай крыніцай дэзінфармацыі ў Еўропе, разам з Кітаем, Іранам і Паўночнай Карэяй.

15 сакавіка. 25 гадоў дзеяння Канстытуцыі Беларусі. У Палацы Незалежнасці А. Лукашэнка ўручыў 25 падлеткам, якім стукнула 14 гадоў, пашпарты грамадзініна Беларусі.

15 сакавіка. Дзяржаўны дэпартамент ЗША падрыхтваў даклад аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі ў 2018 годзе.

16 сакавіка. У Светлагорскім раёне выставілі на продаж аэрадром для малой авіяцыі за 25, 5 рублёў (адна базавая велічыня). З гэтага аэрадрома да пачатку гэтага стагоддзя лёталі самалёты ў Гомель і Менск.

20 сакавіка. Касым-Жамарт Такаеў прыняў прысягу прэзідэнта Казахстана, бо ўчора Нурсултан Назарбаеў адмовіўся ад пасады прэзідэнта Казахстана, якую ён займаў з 1990 года. Парламент Казахстана па прапанове Такаева перайменаваў сталіцу дзяржавы Астану ў Нурсултан.

21 сакавіка. У Менску ўручылі Нацыянальную прэмію "Хартыі-97" за абарону правоў чалавека. Лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2018 год сталі берасцейскія блогеры і лідары пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, маці загінулага салдата Аляксандра Коржыча Святлана Коржыч, актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Леанід Кулакоў і відэаблогер Сцяпан Святлоў, вядомы як NEXTA.

22 сакавіка У Беларускай дзяржаўнай філармонніі адбылася вечарына "Спатканне сяброў". Выступілі з Менска - ансамблі " Свята", "Гуляй, казак", "Харошкі", з Беласточчыны - "Калінка", "Чырвоныя шпількі" , "Клякасякі".

22 сакавіка. Праваслаўныя святкуюць Саракі. А ў Казахстане - афіцыйнае дзяржаўнае свята Наўрыз, што на іранскай мове азначае новы дзень. Усходнія масульманскія і цюрскія народы адзначаюць свята Новага года. У Астане і Алма-Аце адбыліся затрыманні тых, хто пратэставаў супроць перйменавання Астаны ў Нур-Султан.

23 сакавіка ў Вільні было шэсце памяці Кастуся Каліноўскага. Дэпутат Сейму Эмануэліс Зінгерыс афіцыйна звярнуўся да беларускага грамадства: калі будзе перапахаванне Каліноўскага, прыязджайце ў Вільню. У шэсці ўдзельнічаў літаратар Лявон Баршчэўскі.

24 сакавіка. У Кіеўскім скверы ў Менску адбыліся ўрачыстасці (мітынг і канцэрт) з нагоды Дня волі (у гонар абвяшчэння БНР у 1918 г.). Арганізавалі гэтую акцыю палітыкі Ігар Барысаў, Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова і Юрый Губарэвіч. За ахову правапарадку арганізатараў абавязалі заплаціць міліцыі значную суму грошай. Яны адмовіліся плаціць міліцыі. З арганізатараў свята спагналі грошы ў суме са штрафам 8 413 рублёў (больш за 4 000 долараў) аж праз суд у пачатку лістапада 2019 г.

25 сакавіка. Журналіст "Белсата" і радыё "Рацыя" Вітаўт Сіўчык вывесіў у сябе ў акне насупраць плошчы Перамогі ў Менску бел-чырвона-белы сцяг. Ён правісеў тры гадзіны, перш чым да дома прыехаў пад'ёмны кран, людзі на якім спрабавалі зняць або спілаваць дрэўка са сцягам. Вітаўт Сіўчык вёў пры гэтым рэпартаж.

25 сакавіка. Сёння ўвечары на Цэнтральнай плошчы ў Менску міліцыяй былі затрыманы музыканты Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч і Зміцер Вайцюшкевіч і Павел Аракелян, якія збіраліся даць бясплатны канцэрт у цэнтры Менска.

Як патлумачыла 50-гадовая Алена Талстая, яна прыкавала сябе кайданкамі да слупа, бо "Дзень Волі праходзіць у няволі". Актывістка выказала свой пратэст супраць затрыманняў, якія прайшлі 24 сакавіка. Да актывісткі падышлі міліцыянты, праверылі дакументы, перакусілі ланцуг наручнікаў адмысловай прыладай і затрымалі яе праз 10 хвілін пасля пачатку акцыі

26 сакавіка. У час паездкі ў Магілёў і Шклоў Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага.

26 сакавіка. Затрыманага на Дзень Волі Зм. Дашкевіча аштрафавалі на 1100 рублёў. У яго 2 дзяцей і жонка цяжарная.

27 сакавіка. Лукашэнка звольніў віцэ-прэм'ера ўраду Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

27 сакавіка. Віленскі акруговы суд вынес прыгаворы фігурантам падзей 13 студзеня 1991 года ў сталіцы Літвы, калі адбыліся сутыкненні паміж мітынгоўцамі і савецкімі вайскоцамі каля тэлецэнтра Вільні. Беларускі генерал Уладзімір Усхопчык завочна прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі.

28 сакавіка. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Аўстрыйскай Рэспублікі Себасцьян Курц у мемарыяльным комплексе "Трасцянец" ля Менска ўсталявалі запаленыя лампады ля манумента"Брама памяці". У Шабанах памяткі мемарыяльнага комплексу збудаваны на нямецкія і аўстрыйскія грошы на ўшанаванне знішчаных фашыстамі. Пасля выступлення перад прысутнымі Прэзідэнт Беларусі і федэральны канцлер Аўстрыі пад гукі жалобнай музыкі ўсклалі кветкі да помніка "Масіў імёнаў" і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых.

29 сакавіка. Прэзідэнт А. Лукашэнка прыняў Федэральнага канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца, які запрасіў Лукашэнку наведаць Аўстрыю.

25-31 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу адбыўся адкрыты турнір юных матэматыкаў, у ім нацыянальная каманда менскіх гімназій заняла трэцяе месца. Хлопцы выйшлі на ўзнагароджанне з бел-чырвона-белым сцягам. Капітан каманды студэнт БДУ Антон Палюховіч.

31 сакавіка. Днём у Менску паветра нагрэлася да 16 градусаў цяпла.

1 красавіка. Прэзідэнт Лукашэнка прызначыў Леаніда Зайца на пасаду старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, а Міхаіла Русага - на пасаду памочніка Лукашэнкі, інспектара Магілёўскай вобласці.

1 красавіка. Расейскі амбасадар Міхаіл Бабіч, інспектуючы беларускія прадпрыемствы, аднымі з першых наведаў такія знакавыя прадпрыемствы абаронна-прамысловага комплексу, як МЗКЦ, "Пеленг" і "Інтэграл". Эксперты адразу ж адзначылі, што такая цікавасць спецпрадстаўніка расейскага прэзідэнта ў Беларусі азначае адно - цікавасць расейскага боку да актываў гэтых прадпрыемстваў.

1 красавіка. Паводле звестак ААН, насельніцтва свету дасягнула лічбы 7,7 млрд. чалавек.

Карту паляка можа атрымаць любы паляк, які жыве за межамі Польшчы. Раней яе выдавалі толькі тым, хто жыве у былым СССР

3 красавіка. Начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Беларусі Аляксей Яськоў прызнаны вінаватым у атрыманні хабараў і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Арыштаваны летась. Прысуд суда - дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, пазбаўленне звання палкоўніка медслужбы, штраф 12 750 рублёў і канфіскацыя маёмасці.

4 красавіка.У Курапатах зразаюць крыжы. Зразаюць у вялікі пост, на крыжапаклонным тыдні. Было знішчана болей за 70 крыжоў. Супроць такой акцыі выступілі арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Сятлана Алексіевіч, палітык Мікола Статкевіч, Рада БНР, Зянон Пазьняк. Сёння міліцыянеры затрымалі абаронцаў Курапатаў: аднаго з лідараў БХД Паўла Севярынца і лідара "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча, грамадскіх актывістаў Змітра Дашкевіча і Піліпа Шарова. Таксама пяцёра міліцыянтаў і людзей у цывільным брутальна затрымалі актывістку Ніну Багінскую.Усяго затрымана 15 чалавек. У вечары ў Курапатах сабралося каля сотні чалавек на малітву. Сярод тых, хто прыйшоў быў дарадца пасла Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, палітыкі Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Януковіч.

5 красавіка. У Менску А. Лукашэнка і Валянцін Сукала (Старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі) адкрылі новы будынак Вярхоўнага Суда Беларусі, пабудаванага насупроць Палаца Незалежнасці, на пр. Пераможцаў. На першым паверсе пяціпавярховага будынка размешчаны актавая зала на 374 месцы, зала пленума на 110 месцаў, зала Прэзідыума на 43 месцы, кабінеты. На другім - пятым паверхах размешчаны кабінеты, 16 залаў судовых пасяджэнняў са спадарожнымі памяшканнямі, зала прыёму дэлегацый, тэхналагічныя і інжынерныя памяшканні, бібліятэка.

У новым будынку адбылася сустрэча Прэзідэнта з суддзямі, на якую былі запрошаны 350 чалавек.

7 красавіка.У Берасці адбыўся мітынг і шэсце па горадзе праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

У Менску адбыўся малебен каля Духавага сабора і ў Курапатах. На малебене каля сабора былі Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Савіцкі і абодва святары Беларускай аўтакефвльнай царквы Леанід Акудовіч і а. Вікенцій.

8 красавіка. Паўла Севярынца за Курапаты асудзілі на 15 сутак. Ніну Багінскую, якая з 5 красавіка аб'явіла галадоўку і сказала, што не прызнае гэты суд, выпусцілі з ізалятара, але аштрафавалі на 50 базавых велічынь. Мікола Статкевіч - у турме з учарашняга дня. Сёння Вольгу Hікалайчык аштрафавалі на 35 базавых велічыняў - амаль 900 рублёў "за заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства на малебен" у сацсецях.

Гісторык Ігар Марзалюк апраўдываў дзеянні ўлады па зносу крыжоў. "Гэта навядзенне парадку перад Пасхай", - сказаў ён.

У карэспандэнцкім пункце "Белсат" абыўся ператрус, які доўжыўся 4 гадзіны. Забралі камп'ютары.

9 красавіка. Максіма Вінярскага арыштавалі ў судзе на 13 сутак, а Міколу Статкевіча ў судзе Цэнтральнага раёна г. Менска - на 15 сутак за заклік прыйсці на малебен. Аказваецца, і на малітву патрэбны дазвол, бо могуць палічыць за несанкцыянаваную акцыю.

Болей за 16 тысяч мінчанаў атрымалі паведамленні за аплату поўнага кошту падагрэтай вады, бо яны нідзе не працуюць.

10 красавіка. Прэзідэнт А. Лукашэнка прыняў Прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона і правёў з ім перамовы аб узаемаадносінах дзвюх краін і падзеях на Украіне.

10 красавіка. У Чэрыкаве пасля пажару ў доме было знойдзена цела 47-гадовай жанчыны са шматлікімі нажавымі раненнямі. Загінулай апынулася настаўніца-дэфектолаг мясцовай школы Наталля Кастрыца. Забойцамі - браты , былыя вучні гэтай настаўніцы 21-гадовы Ілля і 19-гадовы Станіслаў Касцевы. 10 студзеня 2020 г. іх прыгаварылі да смяротнага пакарання. Настаўніца перад імі ніякай віны не мела.

(Працяг у наступ. нумары.)

Рашэнні XXII з'езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза ажыццёўлены… у Каралеўстве Нідэрланды

"У найбліжэйшае дзесяцігоддзе (1961-1970 гады) Савецкі Саюз… перасягне па вытворчасці прадукцыі на душу насельніцтва найбольш магутную і багатую краіну капіталізму - ЗША. Па выніках другога дзесяцігоддзя (1971-1980 гады)… у СССР будзе ў асноўным пабудавана камуністычнае грамадства".

Праграма КПСС. Матэрыялы XXII з'езда КПСС. Масква. Дзяржаўнае выдавецтва палітычнай літаратуры. 1961, стар. 368. - Тыраж 1 млн. экз. Цана 90 кап.

Бывае, наведаеш нейкае месца, горад ці краіну, і табе спадабалася там. Калі ж другі раз прыязджаеш туды, пачынаеш заўважаць і недахопы. Але! І ў другі свой прыезд у Нідэрланды не ўбачыў я недахопаў. Пажыўшы леташняй вясной месяц у вёсцы Форхаўт, якая налічвае 15 тысяч жыхароў, і павандраваўшы па Нідэрландах, мне - як вяскоўцу 1958 года нараджэння, які з дзіцячых гадоў памятае і крытыя саломай хаты з прызбамі, і лозунг, што ў 1980 годзе ў нашай савецкай краіне надыдзе камунізм і будзе сцёрта мяжа між горадам і вёскай - захацелася падзяліцца з чытачамі "Нашага слова" сваімі назіраннямі пра гэтую надзвычай прыгожую і заможную краіну, захацелася распавесці, што ў Нідэрландах вышэйназваная мяжа ліквідавана і ў гэтым плане там пабудаваны камунізм!

Аднак, як заўжды, прынамсі ў мяне, скора слова кажацца, ды марудна справа робіцца. Дапамог выпадак. Надоечы трапілася інфармацыя, што, па звестках міністэрства сельскай гаспадаркі і статыстычнага ўпраўлення Нідэрландаў за 2018 год, Нідэрланды знаходзяцца на другім месцы ў свеце па аб'ёму экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі! Вышэй паказчык толькі ў Злучаных Штатаў Амерыкі. Са свайго боку заўважым - зямля ў Нідэрландах не самая ўрадлівая, не чарназём.

Інфармацыя пра аб'ёмы аграрнай прадукцыі ў Нідэрландах вельмі ўразіла і прымусіла неадкладна сесці за пісьмовы стол. Вынік даследавання.

Плошча Нідэрландаў - 41 543 кв. км, насельніцтва - 17,3 млн. чалавек. Параўнаем. У сама вялікай вобласці Беларусі, Гомельскай, тэрыторыя 40 372 кв. км і 1,4 млн. жыхароў. Яшчэ болей уражваюць лічбы шчыльнасці насельніцтва: Нідэрланды - 417 чалавек на квадратны кіламетр, Польшча - 123, Украіна - 72, Беларусь - 45, Летува - 43, Латвія - 30, Расія - 8. Калі ўсіх жыхароў Беларусі перасяліць у самую маленькую нашу вобласць, Гродзенскую (25 000 кв. км), дык і тады шчыльнасць беларусаў будзе меншая - 377 чал. на кв. км. Каб шчыльнасць насельніцтва ў нас была такая ж, як у Нідэрландах, у Беларусі мусіць жыць 86 млн. чалавек. І мала радуе, што ў суседняй Расіі ў гэтым плане справы зусім швах. Пры нідэрландскай шчыльнасці насельніцтва цяперашнія 140 мільёнаў расіян памясціліся б на тэрыторыі Маскоўскай і сумежных з ёю абласцях ці, другі варыянт, на тэрыторыі Рэспублікі Бурація, а на ўсёй тэрыторыі Расіі памясціліся б 7,1 мільярдаў чалавек.

І яшчэ адно параўнанне. У Беларусі шчыльнасць насельніцтва ў 9 разоў меншая, чым у Нідэрландах, але ў Менску жыве 20% насельніцтва нашай краіны. У Амстэрдаме, самым вялікім горадзе Нідэрландаў, 860 тысяч жыхароў - 5% насельніцтва краіны, разам з прыгарадамі - 2,3 млн., альбо 13%. Заўважым, у Нідэрландах, у адрозненні ад Беларусі, мала так званых "свечак" - 20-павярховых жылых дамоў.

У тамтэйшых вяскоўцаў перад домам гародчык, а з тыльнага боку невялікі ўнутраны дворык, прыкладна чацвёртую частку якога займае гараж для аўтамабіля. Прысядзібнай гаспадаркі няма і, такім чынам, у гэтай краіне выканана яшчэ адно патрабаванне трэцяй Праграмы КПСС, зацверджанай XXII з'ездам партыі: "На пэўным этапе грамадская гаспадарка калгасаў дасягне такога ўзроўню развіцця, калі зробіцца магчымым за кошт яе рэсурсаў поўнасцю задаволіць патрэбы калгаснікаў. На гэтай аснове асабістая дапаможная гаспадарка паступова зжыве сябе эканамічна".

У Нідэрландах 47% працаздольнага насельніцтва працуе не поўны рабочы тыдзень. Напрыклад, знаёмая маладзіца з Малдовы, якая ўжо 7 год жыве ў Нідэрландах і мае дваіх дзяцей, працуе тры дні на тыдзень. Яе муж, нідэрляндэц, працуе медбратам. Ім хапае. Як тут у чарговы раз не згадаць Праграму КПСС, паводле якой к 1970 году "СССР стане краінай самага кароткага працоўнага дня".

Можна пакорпацца ў кніжках, у інтэрнэце і даведацца дакладныя лічбы што да ўзроўню жыцця ў гэтай краіне. Але і так бачна, што людзі ў Нідэрландах жывуць у разы лепей за беларусаў і агулам у плане чалавечнасці, культуры яны на парадак вышэй за нас, што ў Нідэрландах збылося тое, што запланавала савецкаму народу ленінская партыя ў 1961 годзе - там у асноўным пабудавана камуністычнае грамадства; там зніклі сацыяльна-эканамічныя і культурна-бытавыя адрозненні паміж горадам і вёскай, і ў гэтым плане ў Нідэрландах поўнасцю пабудаваны камунізм.

Зразумела, высокі ўзровень жыцця ў Нідэрландах аніяк не звязаны з рашэннямі з'ездаў савецкіх камуністаў. Нідэрландцы на сваім лапіку зямлі ўжо сотні гадоў ідуць шляхам інтэнсіўнага развіцця. Адсюль і вынік. Расейская ж дзяржава з часоў маскоўскага княства і па сёння развіваецца экстэнсіўным шляхам, а добрыя намеры што да інтэнсіфікацыі сельскай гападаркі ў СССР, зафіксаваныя ў трэцяй Праграме КПСС - "Галоўны кірунак пад'ёму сельскай гаспадаркі і задавальнення ўсё большых і большых патрэбаў краіны ў сельскагаспадарчай прадукцыі - усебаковая механізацыя і паслядоўная інтэнсіфікацыя", - так і засталіся нерэалізаванымі. Такая ж доля і Беларусі, як самага прасавецкага асклепка СССР і найбліжэйшага эканамічнага і вайсковага саюзніка цяперашняй Расійскай Федэрацыі.

Многа і доўга можна гаварыць пра поспехі Нідэрландаў і пра саміх нідэрландцаў, якія пабудавалі краіну-казку, краіну для жыцця, краіну для людзей. Але так зрабілася не раптам, не за два дзесяцігоддзі. Рускі паэт Мікалай Някрасаў у 1873 годзе напісаў верш-экспромт сваёй знаёмай, у якім паказана розніца паміж тагачаснымі заходнееўрапейскімі краінамі і Расейскай імперыяй, у склад якой уваходзілі і беларускія землі:

Уезжая в страну равноправную,

Где живут без чиновной амбиции

И почти без надзора полиции,-

Там найдете природу вы славную.


А поживши там время недолгое,

Вы вернетесь в отчизну прекрасную,

Где имеют правительство строгое

И природу несчастную.


Там Швейцарию, верно, вспомяните

И, как солнышко ярко засветится,

Собираться опять туда станете.

Дай бог всем нам там

весело встретиться.

З часоў Някрасава і швейцарцы, і нідэрландцы, і агулам краіны Заходняй Еўропы дабіліся яшчэ большага раўнапраўя. А мы, беларусы…?!

Можна зразумець пасляваеннае пакаленне беларусаў, якія жылі ў таталітарнай савецкай дзяржаве і праз адпаведную ідэалагічную машыну атрымлівалі аднабаковую інфармацыю пра жыццё за межамі СССР. Яны жылі ў вясковых хатах, што абаграваліся дрывамі, вада была ў калодзежы, а прыбіральня на дварэ і пры гэтым былі перакананыя, што савецкі народ паспяхова будуе камунізм, былі перакананыя ў тым ліку і таму, што бачылі поспехі.

Бачыў гэтыя поспехі і верыў савецкай прапагандзе і аўтар гэтай нататкі. На маёй памяці ў бацькоўскай хаце загучала радыё, а замест лучыны і газавай лямпы з'явілася электрычнае святло - спачатку толькі вечарам, ад калгаснага генератара, а потым ужо і пастаянна, ад электрычнай падстанцыі. Калі быў у пятым класе, тата зімой на дзіцячых санках прывёз радыёлу - радыёвяшчальны прыёмнік з электрапрайгравальнікам грампласцінак. Неўзабаве з'явіліся халадзільнік і газавая пліта з газам у балоне. Вяршыняй гэтага савецкага сацыялістычнага дабрабыту стала пакупка тэлевізара зімой 1972/73 года, калі вучыўся ў восьмым класе. Пральнай машыны ў вёсцы у 1970-х гадах яшчэ ні ў кога не было. Усё было проста і зразумела. Наша пакаленне ведала, што працоўны люд капіталістычных краін жыве горш за нас, асабліва негры ў ЗША, па сёння помню апавяданне, якое прачытаў у другім класе, пра чарнаскурага хлопчыка-бедака, якога звалі Нор, і я радаваўся, што нарадзіўся і жыву ў Савецкім Саюзе. Мне і ў галаве не было, што ў той час, калі ў 1930-х гадах мая бабуля Ганна жыла ў зямлянцы з трымя дзецьмі (дзеда, які не ўступіў у калгас, забралі ў турму, а хату забралі пад сельсавет), у ЗША і ў тых жа Нідэрландах ужо 20 год як былі пральныя машыны з электрычным прывадам.

Гэтыя разважанні - не нараканне на лёс, а жаданне разабрацца, чаму ў нідэрландскай вёсцы Форхаўт бытавыя ўмовы такія ж, як і ў горадзе, і ў гэтым сэнсе там пабудаваны камунізм, а ў большасці нашых беларускіх вёсак не пабудаваны.

Лічу, прычына, вытокі поспехаў Нідэрландаў - у саміх нідэрландцах. Аснова асноў Каралеўства Нідэрланды - свабода і дэмакратыя. У 1568 годзе нідэрландцы паўсталі супраць іспанскага панавання. У 1581 годзе была створана незалежная дзяржава - Рэспубліка Сямі Аб'яднаных Земляў - у якой вышэйшая заканадаўчая ўлада належала Генеральным Штатам*, саслоўна-прадстаўнічаму выбарнаму органу. У савецкай сярэдняй школе вайна за незалежнасць ад Іспаніі і ўсталяванне рэспублікі трактаваліся як нідэрландская буржуазная рэвалюцыя. Нідэрландцы недарэмна змагаліся. Дзе свая краіна і дэмакратычнае дзяржаўнае ўладкаванне, там інтэнсіўнае развіццё, там заможнае жыццё. Дзе няма свабоды і дэмакратыі, там вядомая беларусам чарка і скварка. Але! Радзіму не выбіраюць…

Люблю наш край - старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.


Люблю народ наш беларускі,

Хаціны ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў.

Канстанцыя Буйло, 1910 г.

* Генеральныя штаты на тэрыторыі цяперашніх Нідэрландаў існуюць з 1463, а ў 1581 годзе сталі найвышэйшым заканадаўчым органам.

Міхась Варанец, г. Слонім.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX